Папярэдняя старонка: 2010

№ 21 (964) 


Дадана: 19-03-2020,
Крыніца: pawet.net.



№ 21 (964) 26 ТРАЎНЯ 2010 г.


280 гадоў з дня нараджэння Міхала Казіміра Агінскага

АГІНСКІ Міхал Казімір (31.05.1730- 31.1.1800), дзяржаўны і ваенны дзеяч ВКЛ, кампазітар, паэт. 3 роду князёў Агінскіх. Чашнік ВКЛ у 1744-48, пісар польны ВКЛ у 1748-64, ген.-маёр войска ВКЛ (1748), ваявода віленскі ў 1764- 68, гетман вялікі ВКЛ у 1768-93. У 1754-61 знаходзіўся ў Францыі, служыў у войску. Ажаніўшыся ў 1761 з Аляксандраю, дачкою М.Чартарыйскага, атрымаў Слонімскае староства. Жыў у Пецярбургу, ад імператрыцы Кацярыны ІІ атрымаў ордэн св. Андрэя Першазванага, быў адным з кандыдатаў Каця-рыны II на трон Рэчы Паспалітай. У1771 перайшоў на бок Барскай канфедэрацыі, але не здолеў са сваім войскам заняць Нясвіж і Слуцк. Разбіты ў Сталовіцкай бітве 1771 А. Суворавым, пасля чаго эміграваў, а яго маёнткі ва ўсх. Беларусі, ужо далучанай да Рас. імперыі, былі канфіс-каваны. Атрымаўшы амністыю і секвестраваныя маёнткі, у 1775 вярнуўся ў Слонім, дзе заснаваў Слонімскія мануфактуры, Слонімскую друкарню, Слонімскі тэатр Агінскага, Слонімскую капэлу Агінскага, Слонімскую балетную школу. Па яго ініцыятыве і на яго сродкі быў пабудаваны Агінскі канал. Выявіў здольнасці музыканта-віртуоза. Аўтар паланэзаў, опер, песень на ўласныя вершы. Выдаў паэтычныя зборнікі «Кніжка ў вялікую актаву» (Львоў, 1781), «Гістарычныя і маральныя аповесці» (Варшава, 1782), «Байкі і небайкі» (Т. 1-2. Варшава, 1788). У 1791 амаль усе свае маёнткі перадаў далёкаму сваякуМіхалу Клеафасу Агінскаму з умоваю, што той заплаціць за яго больш за 8 млн. злотых доўгу, і адышоў ад паліт. дзейнасці. Пасля перамогі Таргавіцкай канфедэрацыі ў 1793 адмовіўся ад урада вял. гетмана. Прынёс прысягу Кацярыне II у 1795 і вярнуў ад Міхала Клеафаса свае маёнткі. Апошнія гады жыцця правёў у Варшаве, дзе і памёр.


110 гадоў назад нарадзіўся Уладзімір Жылка

ЖЫЛКА Уладзімір Адамавіч. Беларускі паэт, перакладчык, публіцыст, крытык. Нарадзіўся 27.5.1900 г. ў в. Макашы, якая размяшчаецца ў прыгожым кутку Нясвіжчыны на беразе р. Уша. Вучыўся спачатку дома, потым у царкоўнапрыходскай школе ў Гарадзеі. Скончыў гарадское вучылішча ў Міры. У 1916-17 гг. з сям'ёй у бежанстве ў Тульскай губ. Скончыў 3 класы Багародзіцкай агранамічнай навучальні, у сакавіку 1917 г. вярнуўся разам з бацькам у Менск, вучыўся ў сельскагаспадарчай школе. У 1918 г. напісаў свой першы беларускі верш «Покліч». У кастрычніку 1919 г. - сакавіку 1920 г. працаваў настаўнікам у 21-й Менскай беларускай пачатковай школе. Захварэўшы ў галодным Менску на сухоты, вясной 1920 г., прайшоў курс лячэння ў Менску, пасля чаго бацькі паслалі яго далечвацца ў Клецішча да стрыечнага брата Волеся, які гаспадарыў у хаце дзеда Восіпа. Рыжская мяжа аддзяліла яго ад Менска, і ў Падлессі У. Жылка затрымаўся на болей. Адчуваў тут сябе як дома, прымкнуў да мясцовай падпольнай групы, якая арганізавалася для змагання з польскай уладай. У. Жылка складаў для падпольшчыкаў улёткі, адозвы, напісаў вершы «Каваль», «Дзед», а таксама прысвячэнні свайму першаму юнацкаму захапленню - мясцовай дзяўчыне Ганне Яцэвіч -верш «Скажы» і санет «Каханне».

Калі паэт жыў у Вільні выйшлі яго паэма «Уяўленне» (1923), зборнік вершаў «На ростані» (1924).

У лютым 1923 г. выехаў на вучобу ў Чэхію, дзе быў залічаны на філалагічнае аддзяленне філасофскага факультэта Карлавага універсітэта. Быў ініцыятарам стварэння Арганізацыі беларускага прагрэсіўнага студэнцтва, разам з Ігнатам Дварчаніным займаўся выданнем часопіса «Перавясла», рэдагаваў часопіс «Прамень» (пазней «Новы прамень»). Але ў Празе яго даймала настальгія.

У 1926 г. Уладзімір Жылка быў запрошаны ў Менск для ўдзелу ў навуковай канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу і застаўся тут жыць і працаваць, стаў літаратурным супрацоўнікам газеты «Звязда». У 1927 г. ў Менску быў выдадзены зборнік вершаў «3 палёў Заходняй Беларусі». У 1930 г. паэт быў беспадстаўна арыштаваны, 10.4.1931 г. асуджаны на 5 гадоў ссылкі ў г. Уржум Кіраўскай вобласці. Памёр У.А. Жылка 1.3.1933 г. ад сухотаў, пахаваны на уржумскіх могілках. Рэабілітаваны ў 1960 г.


Кожны грамадзянін можа атрымаць пасведчанне кіроўцы, запоўненае па-беларуску

Сп. У.У. Макею,

Кіраўніку Адміністрацыі

Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь

220016, г. Мінск,

вул. К. Маркса, 38

Паважаны Уладзімір Уладзіміравіч!

3 ліпеня 2010 года ў Беларусі пачнуць выдаваць правы кіроўцы новага ўзору. Пры гэтым, у адрозненне ад пасведчанняў папярэдняга ўзору, на новых правах амаль адсутнічае тэкст на беларускай мове. Па-беларуску засталіся ўсяго дзве фразы: «Рэспубліка Беларусь» і «Вадзіцельскае пасведчанне».

Раней назвы граф «Прозвішча», «Імя», «Месца жыхарства» былі напісаны па-беларуску, а іх змест - па-руску і па-англійску. Акрамя таго, па жаданні кіроўцы рускамоўная частка магла быць перакладзеная на беларускую мову. Адваротная частка пасведчання з тлумачэннем катэгорый транспартных сродкаў была цалкам аформлена па-беларуску. У новых правах і назвы графаў, і дадзеныя ў іх прадстаўленыя толькі па-руску і па-англійску.

Просім Вас паспрыяць таму, каб дзяржаўная беларуская мова на новых міжнародных правах кіроўцы аўтамабіля заняла такое ж месца, як і англійская, бо непаважлівае стаўленне да мовы тытульнай нацыі зноў можа выклікаць непаразуменне і нават кпіны з боку насельнікаў краін Еўразвязу. На жаль, такія факты нам вядомы.

3 павагай,

Старшыня ТБМ Алег Трусаў.



Трусаву А.А.

вул. Румянцава, 13

220034, г. Мінск

Кіраваннем ДАІ МУС Рэспублікі Беларусь разгледжаны Ваш зварот, накіраваны ў Адміністрацыю Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па пытанні ўвядзення ў дзеянне новага вадзіцельскага пасведчання Рэспублікі Беларусь.

Паведамляю, што ўсе надпісы бланка новага вадзіцельскага пасведчання выкананы на трох мовах - беларускай, рускай і ангельскай.

Персанальныя дадзеныя ўладальніка пасведчання (прозвішча, імя, імя па бацьку, месца жыхарства і месца выдачы пасведчання) па яго жаданні будуць друкавацца на адной з нацыянальных моў Рэспублікі Беларусь і дублявацца літарамі лацінскага алфавіту.

Начальнік кіравання Ю.А. Літвін.

(Пераклад з рускай.)


Рускія беларусы

Ці задумваліся вы калі- небудзь, чаму значная частка насельніцтва Беларусі размаўляе не на роднай, а на рускай мове? Дарэмна, бо сёння гэта праблема вельмі актуальная і абмяркоўваецца ўсё часцей і часцей.

І сапраўды, чаму беларусы не жадаюць мець зносінаў на роднай мове? Напэўна, на гэта ўплывае шэраг прычын. Нехта саромеецца гэ-тай "мужыцкай" мовы, некаму яна проста не падабаецца. Аёсцья шчэ такая катэгорыя людзей, якія лянуюцца вучыць родную мову. I ўсе яны глыбока памыляюцца.

Мова - гэта сродак зносін паміж людзьмі, без яе наша існаванне проста немаг-чыма. Кожны паэт Беларусі прысвяціў хаця б адзін верш роднай мове, у якім услаўляе яе і захапляецца ёй.

Валоданне роднай мовай, веданне яе - гэта яшчэ і сродак пазнання культуры, гісторыі, традыцый і асаблівасцей сваёй краіны.

Безумоўна, кожны чалавек мае права выбару, сваё меркаванне, пункт погляду. Але ж родная мова - гэта мова нашых продкаў, бацькоў, землякоў. I калі людзі перастаюць размаўляць на ёй, карыстацца ёй, забудуць яе, мова стане мёртвай. Менавіта мёртвай. А без мовы нацыя не здольна на далейшае развіццё.

Кожны дзень мы маем стасункі з многімі людзьмі: сябрамі, прыяцелямі, калегамі па рабоце, знаёмымі і г. д. I магчымы яны дзяку-ючы існаванню мовы. Зыходзячы з гэтага, можна не задумваючыся сцвярджаць, што мова - гэта неад'емная частка нашай нацыі: набор слоў, тэрмінаў і сказаў, аперуючы якімі мы маем магчымасць абменьвацца інфармацыяй. выказ-ваць свае думкі, пачуцці і дабівацца пастаў-леных мэт і задач.

У Беларусі дзве дзяржаўныя мовы: руская і беларуская. Яны раўнапраўныя. Дык чаму тады беларусы аддаюць перавагу рускай мове? Можа яна лягчэй даецца? Не магу з гэтым пагадзіцца. Можа яна прыгажэйшая? Не буду спрачацца. Руская мова вельмі багатая, але не настолькі, каб адмаўляцца ад сваёй, роднай, беларускай. Дык у чым жа справа? У чым прычына такіх паводзін людзей? Канкрэтнага адказу на гэтыя пытанні няма.

Вядомы беларускі пісьменнік і паэт пісаў: "Родная мова, цудоўная мова! Ты нашых думак... аснова...". Гэтыя словы прасякнуты глыбокай, шчырай, чыстай любоўю да роднай мовы, на якой на працягу многіх гадоў рос і развіваўся беларускі народ.

Яўгенія БЯРДЗЮГІНА, вучаніца

10 "Б" класа гімназіі № 1 г. п. Карэлічы.

(Газета "Полымя", г.п. Карэлічы.)


Прычын вядомыя, а выйсце шукайце самі

Каб даць канкрэтны адказ аўтарцы ліста Яўгеніі Бардзюжынай пад загалоўкам "Рускія беларусы" трэба крыху зазірнуць у гісторыю Беларусі, папярэднікамі якой былі не толькі БССР але і БНР, і Вялікае Княства Літоўскае са сталіцай ў Наваградку а затым у Вільні. Дзяржаўнай моваю ў ВКЛ, якое існавала з сярэдзіны ХІІІ стагоддзя, была беларуская. Яна была не толькі дзяржаўнай, але і сродкам міжэтнічных дачыненняў паміж летувісамі (жамойтамі), яўрэямі, татарамі якія тады жылі на тэрыторыі нашай старажытнай дзяржавы.

Ведалі беларускую мову людзі з Маскоўскага пасольскага прыказа, службоўцы канцылярыі Вялікага магістра з Рыгі. Вядомы той факт, што польская і расійская сталіцы вялі перапіску між сабой па-беларуску, калі ў 1646 г. польскія дыпламаты накіравалі маскоўскім ліст папольску, тыя рашуча запатрабавалі пісаць, як "издавна повелось" па-беларуску. Такім чынам беларуская мова была моваю міждзяржаўных дачыненняў. На беларускай мове пісаліся ўсе зводы законаў нашай старажытнай дзяржавы: Вісліцкі статут 14231438 гадоў, судзебнік Казіміра Ягелончыка 1468 года, Статуты 1529, 1566, 1588 гадоў, Трыбунал 1586 года, а таксама вялікая колькасць дакументаў, метрыкі Вялікага Княства архіву, які налічвае не адну сотню тамоў.

На беларускай мове наш славуты суайчыннік Францішак Скарына друкаваў Біблію. Сваім прыкладам ён паказаў, як трэба любіць свой народ і шанаваць матчыну мову. Беларуская дзяржава была зліквідавана ў канцы ХVІІІ стагоддзz. Да гэтага спрычыніліся як заходнія, гэтык і ўсходнія суседзі. Польшча і Расія. Часовае аднаўленне беларускай дзяржаўнасці адбылося ў 1794 г. у перыяд антырасійскага паўстання пад кіраўніцтвам Якуба Ясінскага. Але створаная тады Найвышэйшая Літоўская Рада праіснавала толькі некалькі месяцаў: паўстанне было жарстка задушана войскам А. Суворава. Наш народ трапіў у шматгадовую расійскую няволю. Тэрыторыя нашай дзяржавы пачала называцца "СевероЗападный край". Вядомы словы расійскага губернатара Мураўёва, якога за задушэнне паўстання пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага празвалі вешальнікам: "То, что не доделал русский штык, долелает русская школа". І "доделывает" па сённяшні дзень. Самых адукаваных нацыянальна свядомых беларусаў вешалі, расстрэльвалі, гнаілі ў турмах.

Замест іх прысылалі з Расіі настаўнікаў, святароў, чынавенства, якія павінны былі рабіць брудную справу русіфікацыі. Нічога не змянілася пасля прыходу да ўлады ў 1917 г. бальшавікоў. Пра што толькі гаварыць той факт, што за адзін кастрычнік 1937 г. былі расстраляныя больш за сотню беларускіх пісьменнікаў і паэтаў носьбітаў беларускай мовы. Ведалі ў каго страляць. А колькі іх загінула на лесапавалах тайгі, шахтах Варкуты, у Магадане? У рамках ажыццяўлення ідэі стварэння імыперыі, у якой усё было б аднолькавае, ў тым ліку і мова, вядома ж расійская, бальшавікі чатыры разы рэфармавалі беларускую мову, стараючыся пазбавіць яе непаўторнага аблічча, ліквідаваць "штучны бар'ер паміж беларускай і рускай мовамі". Скасавалі мяккі знак (песьняпесня, насеньненасенне), пачалі пісаць не, як чуецца, а на расейскі лад ( чэскічэшскі, ня быў не быў). Запазычаныя словы павінны былі пісацца не на заходнееўрапейскі, а на расейскі ўзор ( газэтагазета, Амэрыка - Амерыка). На загад з партыйных кабінетаў зрусіфікавалі расійскабеларускі слоўнік 1953 г. да беларускіх словаў дапісвалі расійскія сінонімы, ставячы іх часта нават на першае месца: рас. батракбел. батрак, парабак; поездпоезд, цягнік; мінута - мінута, хвіліна. Усе гэтыя рэформы служаць для шавіністаў падставаю зневажаць беларускую мову, называць яе "испорченным русским языком, грубым диалектом русского языка", заяўляць пра яе неразвітасць.

Парадоксам з'яўляецца тое, што сёння ў незалежнай Беларусі няма ніводнай вышэйшай навучальнай установы з беларускай моваю навучання.

Дзіцячыя садкі і сярэднія школы пасля рэферэндуму 1995 г. русіфікаваліся небывалымі тэмпамі. Усё менш праграмаў вы бачылі на БТ на беларускай мове. Паступова русіфікаваліся газеты, у тым ліку і наша раёнка.

Як відаць, намаганні русіфікатараў пакуль што мелі пэўны поспех. Але я веру, што рана ці позна Беларусь устане з калень, і на поўны голас загучыць беларуская мова.

Кепска, што ў школе настаўнікі не тлумачаць дзет-кам, чаму беларусы цураюцца беларускай мовы.

Няхай гэты допіс будзе спробай адказаць Яўгеніі і ўсім тым, каго хвалюе гэтае пытан-не: чаму беларусы не размаўляюць на беларускай мове.

Заканчваю словамі народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна:

"Досыць сніць чужыя сны

з ласымі спакусамі,

пачынаючы з вясны,

будзьма БЕЛАРУСАМІ!"

Кастусь Рутка, г. п. Карэлічы


Рэха рэферэндуму 1995 года

Якія наступствы меў рэферэндум 1995 году па мове і сімволіцы? У якой ступені цяперашняя моўная палітыка ў Беларусі з'яўляецца платай Расеі за асаблівыя адносіны? Якім чынам працягвалася фармаванне нацыянальнай ідэнтычнасці беларусаў ва ўмовах двухмоўя і падноўленай савецкай дзяржаўнай сімволікі? Якімі будуць статус моваў і дзяржаўная сімволіка ў будучыні? Над гэтымі пытаннямі ў «Праскім акцэнце» 17 траўня 2010 г. разважалі: кіраўнік вэб-рэсурсу Іmperiya.by Юры Баранчык, кіраўнік дэпартаменту паліталогіі Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта Віктар Марціновіч і старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў. Задаваў пытанні Юры Дракахруст. Прапануем найбольш цікавыя моманты размовы.

Дракахруст: 15 гадоў таму ў Беларусі адбыўся рэферэндум, па выніках якога расейская мова атрымала статус дзяржаўнай, роўны з беларускай, а дзяржаўныя сімвалы - белчырвонабелы сцяг і герб «Пагоня» былі змененыя на крыху мадэрнізаваныя сімвалы БССР. Гледзячы на доўгатэрміновыя вынікі, як бы вы ацанілі тое рашэнне наконт статусу моваў: гэта быў гвалт над нацыянальнымі каштоўнасцямі, пагроза нацыянальнай ідэнтычнасці, раздзіманне моўнага канфлікту ці аднаўленне справядлівасці, юрыдычнае афармленне рэальнай моўнай сітуацыі, гарантыя грамадзянскага міру?

Трусаў: Я лічу, што тое, што вы называлі, цалкам не падыходзіць. На маю думку гэта абмен нашай мовы на танныя расейскія нафту і газ.

Дракахруст: Магчыма, гэта і так, але для самой Беларусі - ну абмянялі, дык можа нічога страшнага ў гэтым няма. Дык гэта добра ці кепска?

Трусаў: У далёкай перспектыве нічога страшнага і няма. А ў блізкай вельмі кепска. Калі мова стала дзяржаўнай, яна не паспела замацавацца. Хаця яна на паперы і была адзінай дзяржаўнай, але і тады ніякай роўнасці не было. Усё роўна расейская мова панавала ў грамадстве амаль ва ўсіх сферах. Пераходны перыяд павінен быў скончыцца праз 10 гадоў. А абрубілі праз 5 гадоў. Закон аб мовах быў вельмі лагодны, адзіны ў СССР, які даваў не 3 гады пераходу, не 5, а 10, быў выкінуты на сметнік гісторыі.

Дракахруст: Віктар Марціновіч, а якая ваша ацэнка тых рашэнняў, якія былі прынятыя ў 1995 годзе?

Марціновіч: Я лічу, што тое, што адбылося ў 1995 годзе, было ў пэўнай ступені адлюстраваннем настрояў, якія панавалі тады ў грамадскасці. Але 15-гадовы прамежак часу запэўніў нас, што гэты рэферэндум быў памылкай. Ён вынікаў не з жадання ўлады юрыдычна замацаваць грамадскія настроі да моўнага пытання, бо стаўленне грамадства да моўнага пытання ў посткаланіяльнай краіне з'яўляецца канструктарам, яго трэба канструяваць. І яно было сканструяванае па шляху найменшага супраціву. Асноўнай мэтай, з якой гэтае пытанне выносілася на рэферэндум, было пхнуць Пазьняка. Пытанне нацыянальнай ідэнтычнасці вырашалася ў гэтыя гады кан'юнктурна. Учора нам трэба было пхнуць Пазьняка - мы правялі рэферэндум і ўраўнялі расейскую мову ў правах з беларускай. Сёння нам трэба адмежавацца ад Расеі - будзем адкрываць беларускамоўныя школы, будзем пераводзіць тэлебачанне на беларускую мову і міністрам загадваць, каб яны справаздачы ў парламенце рабілі пабеларуску. І тады была кан'юнктура - барацьба з Пазьняком, і сёння кан'юнктура - барацьба з Крамлём.
Мова, ідэнтычнасць, нацыя - усё гэта ляжыць на ўзбочыне, на другім ці трэцім узроўні публічнай дыскусіі. Гэта вельмі прыкра.

Нельга ставіцца да мовы, як да сродку ў змаганні са сваімі ўнутрыпалітычнымі ці геапалітычнымі апанентамі. Гісторыя ставіць цябе твар у твар з тымі посткаляніяльнымі наступствамі, з якімі б мова прымірыла цябе вельмі хутка.

Дракахруст: Віктар, вы ўжо пачалі размову пра ідэнтычнасьць. Ці адбылося за гэтыя гады станаўленне беларускай, так бы мовіць, «чырвоназялёнай», у пераважнай ступені расейскамоўнай, нацыянальнай ідэнтычнасьці? І калі так, то ці гэта ўстойлівае ўтварэнне ці пераходны этап альбо да агульнарасейскай ідэнтычнасці («русского мира») альбо да традыцыйнай монакультурнай і монамоўнай нацыянальнай ідэнтычнасці?

Марціновіч: На мой погляд не адбылося паўставанне «чырвоназялёнай» ідэнтычнасці, бо пытанні, звязаныя з ідэнтычнасьцю, з мовай, з культурай, якія заўсёды ляжаць у аснове існавання дзяржавы, у нас - не мэты, а інструменты ў кан'юнктурнай барацьбе. Няма сёння ідэі, якая б ляжала ў падмурку гэтай «чырвоназялёнай» ідэнтычнасці...

Трусаў: Я згодны з Марціновічам, што ніякай, як вы казалі, «чырвоназялёнай» супольнасці, дзякаваць Богу, не сфармавалася. Ды ва ўлады не было і мэты яе фармаваць. Бо нельга ўступіць двойчы ў адну і тую ж раку. Былі людзі, якія сумавалі па СССР, былі людзі разгубленыя, але яны былі сталага веку, і зараз іх няма ў жывых - большасці тых, якія беглі на рэферэндум 15 год таму.

... Калі верыць «Комсомольской правде», на літаратурнай расейскай мове ў нас размаўляе 1% насельніцтва. Па маіх падліках 5%. Астатнія ў той жа краме... гавораць на розных варыянтах трасянкі...

Дракахруст: Алег, вы на самым пачатку нашай размовы сказалі, што галоўны сэнс моўнай палітыкі ў Беларусі - абмен мовы на расейскія эканамічныя даброты. А як вы можаце гэта даказаць, вы ведаеце, што ў мазгах у Пуціна ці Мядзьведзева?

Трусаў: Я рэгулярна слухаю маскоўскую радыёстанцыю, якая вяшчае на замежжа. Там выступаюць усе расейскія палітыкі і аналітыкі. І там шмат перадач па моўным пытанні, асабліва наконт Эстоніі, Латвіі, Кіргізстану, Казахстану. З другога боку раю вам пачытаць кнігу Назарбаева, ён, дарэчы, выдаў яе на расейскай і беларускай мовах. І мне казахі падарылі. Назарбаеў дакладна апісвае, што такое мова ў руках расейскіх імперыялістаў.

Што казаў Мураўёў, які заліў крывёй Беларусь? Што не зрабіў расейскі штык, зробіць расейскі поп і расейскі настаўнік. А зараз Мураўёву помнік хочуць паставіць, маўляў, быў добры адміністратар. І нічога ў расейскай палітыцы не памянялася, паверце мне. Я добра ведаю Расею, я часта там бываю, ведаю многіх расейскіх палітыкаў. Спачатку ідзе мова, а за мовай ідзе экспансія - расейскі бізнэс, расейскі салдат і расейскі святар. Даказаць гэта элементарна. Слухайце расейскае радыё, там усё кажуць проста і прамым тэкстам.

Дракахруст: Ці будуць у будучыні перагледжаныя вынікі рэфэрэндуму 1995 года - ці страціць руская мова статус дзяржаўнай, ці будуць вернутыя ў якасці дзяржаўных сімвалаў «Пагоня» і белчырвонабелы сцяг?

Трусаў: Ну пачнём з сімволікі, бо гэта прасцей. Тым больш, што за змену сімволікі тады нават па афіцыйных дадзеных выказалася толькі 48% ад усяго насельніцтва - не большасць. Любілі ўсё ж людзі сваю сімволіку.

Я вам назаву толькі адну дату: Савет міністраў сваім рашэннем ад 14.05.2007 надаў гербу «Пагоня» статус нематэрыяльнай гістарычнакультурнай каштоўнасці, і ён унесены ў спіс гістарычнакультурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь. Не выключана, што гэтая ўлада і сцяг унясе туды ж. Так што мы нават ад гэтай улады можам дачакацца, калі не вяртання сімволікі, то надання ёй роўных правоў з той сімволікай, якая ёсць. «Пагоня» ўжо рэабілітаваная.

Я лічу, што вельмі добра, што гэтая ўлада мае свае сімвалі. Было б значна горш, калі б яна была з нашымі сімваламі - паверце мне як гісторыку. Зменіцца ўлада - аўтаматам зменяцца і сімвалы, як заўжды было ў гісторыі. Як толькі гэтая ўлада зменіцца, вяртанне белчырвонабелага сцяга адбудзецца ў той самы дзень ці назаўтра.

З мовай пытанне больш складанае. Зараз мы патрабуем ад улады выканаць рашэнне рэферэндуму. Роўнасць моваў - дык давайце мы гэтую роўнасць забяспечым. Чаму я не магу на пошце атрымаць беларускамоўны бланк, чаму не магу атрымаць падаткавую ведамасьць пабеларуску і г.д.? Дзе ж роўнасць...?


Завяршыўся V Міжнародны кангрэс беларусістаў

У Менску завяршыўся V Міжнародны кангрэс беларусістаў. Паўтары сотні даследчыкаў беларускай мовы, літаратуры, этнаграфіі, культуры, гісторыі з Польшчы, Нямеччыны, Украіны, Літвы, Расеі, ЗША, Аўстрыі, Швейцарыі, Ізраіля, Вялікабрытаніі і іншых краін свету працавалі амаль у сарака тэматычных секцыях.

На кангрэсе абраны новы старшыня Міжнароднай Асацыяцыі Беларусістаў. Ім стаў акадэмік Міхаіл Паўлавіч Касцюк.

Карэспандэнт Валер Каліноўскі пагутарыў з некаторымі замежнымі дэлегатамі кангрэсу пра іхнія даклады і навуковыя знаходкі.

Дэлегаты кангрэсу беларусістаў выступалі перад калегамі з вынікамі сваіх апошніх даследаванняў, а некаторыя прадставілі і новыя публікацыі.

Амерыканскі гісторык Тымаці Снайдэр правёў у рамках кангрэсу прэзентацыю перакладу на беларускую мову сваёй кнігі «Рэканструкцыя нацыяў: Польшча, Украіна, Літва, Беларусь. 15691999». Гаворыць аўтар: «Цягам 19га стагоддзя на тэрыторыі даўняй польскалітоўскай Рэчы Паспалітай само паняцце нацыі змянілася. Нацыя стала ўжо не элітарнай, а масавай. Калі зазірнуць глыбей, то мы пабачым не працяг існавання адзінай старой польскай нацыі, але, хутчэй, паўставанне некалькіх новых нацыяў, у тым ліку і польскай нацыі, якая тварылася нанава і паўставалі новыя нацыі: беларуская, літоўская, украінская».

Ангельскі даследчык літаратуры Арнольд Макмілін рэкламаваў на кангрэсе свой фундаментальны том па гісторыі беларускай літаратуры ад 1970х гадоў да сучаснасці. Том мае 1100 старонак, выйшаў накладам 500 экзэмпляраў, у Англіі ён каштуе 75 фунтаў. Спадар Макмілін назваў кнігу даробкам усяго свайго жыцця.

Найбольшая дэлегацыя беларусістаў на кангрэсе прадстаўляла Польшчу. Адзін з дэлегатаў, філолаг з Варшавы Аляксандар Баршчэўскі кажа, што ў Польшчы зьяўляюцца і маладыя навукоўцы, якія цікавяцца беларушчынай, выходзяць кнігі: «Вельмі многія асяродкі, між іншым і кафедра беларускай мовы Варшаўскага ўніверсітэта, сістэматычна выдаюць зборнік «Acta Albaruthenica», вось выйшаў дзесяты том. Выдаюць такую літаратуру таксама Ольштын, Люблін, так што беларусазнаўчыя навуковыя кнігі ў Польшчы выходзяць. У нас існуюць кафедры беларускай філалогіі або беларусазнаўства і ў Варшаве, ужо больш як 54 гады, і ў Беластоку, і ў Любліне. Цяпер на кафедры беларускай мовы прыходзяць палякі, карэнныя, якія раней увогуле не чулі беларускай мовы».

Літоўская даследчыца Альма Лапінскене ўзначальвае літоўскую асацыяцыю беларусістаў ад пачатку 90х гадоў. «У 199091 годзе беларусістыка ў Літве была на ўздыме, як і ўсюды, было шмат энтузіязму. Зараз ужо цяжкавата. Я ўжо столькі гадоў старшыня, і я так хачу перадаць камунебудзь гэтую пасаду - і няма каму перадаць. Таму што ўсе вельмі занятыя, ва ўсіх таксама шмат пасад і працы. Але мы стараемся, збіраемся хаця б два разы на год, нешта робім, арганізуем канферэнцыі, адзначаем юбілеі. Ёсць гэтая праца, але таго энтузіязму, які быў напачатку, ужо я не бачу. На жаль».

Кіеўскі гісторык Юры Мыцык год таму выдаў зборнік прац па гісторыі Беларусі з 15 па 20 стагоддзе, сярод іншага ён публікаваў лісты Вацлава Ластоўскага да Міхайлы Грушэўскага. Прафесар Мыцык рыхтуе яшчэ адзін том такіх прац: «Украінскую гісторыю вельмі цяжка пазнаць без беларускай, а беларускую - без украінскай. Нас гэта стымулюе, і вам гэта патрэбна...». Ва Ўкраіне з'яўляецца ўсё больш беларусістаў, у тым ліку сярод філолагаў і гісторыкаў, сведчыць спадар Мыцык.

Філолаг Клаўдзія Гуртых з Ляйпцыга ў суаўтарстве з Тацянай Рамзай апублікавала граматыку беларускай мовы для нямецкіх студэнтаў. «Я сама выкладаю ў Ляйпцыгу беларускую мову, у нас ёсць аддзяленне ўсходнеславянскіх моваў, і там трэба ўсім студэнтам вывучаць і ўкраінскую, і расейскую, і беларускую мовы. На беларускую мову пакуль меней ахвотных, але кожны семестар ёсць 56 чалавек, якія цікавяцца і з задавальненнем ходзяць на заняткі».

Гісторык з Расеі Мікола Нікалаеў рэгулярна выдае «Беларускі зборнік» і ўзначальвае СанктПецярбурскую асацыяцыю беларусістаў:

Некаторыя навукоўцы свой прыезд на кангрэс у Беларусь выкарысталі не толькі для кантактаў з калегамі, але і для экспедыцыі. У Лідскім раёне перад кангрэсам папрацавала этнограф з Варшавы Анна Энгелькінг. «Я там бывала і раней, і 15 гадоў таму, і 10. Што я там бачу? Бачу працэс пераменаў. У беларускую вёску прыходзяць розныя цікавыя навацыі, ужо ўсе бабулькі гавораць па мабільных тэлефонах, а пакаленне 3040гадовых мае кампутары і доступ у інтэрнэт.».

Паводле Анны Энгелькінг з Інстытуту славістыкі Польскай акадэміі навук, у лідскіх вёсках беларускія гаворкі захоўваюцца, яны не выцясняюцца расейскай мовай. Спадарыня Энгелькінг цяпер працуе над кнігай з рабочай назвай: «Калхознікі. Антрапалогія тоеснасці беларускай вёскі на пераломе 20 і 21 стагоддзяў».


18 траўня студэнты БДУКіМ адсвяткавалі Міжнародны дзень музеяў

18 траўня - вельмі важны дзень у жыцці кожнага музея ў любым кутку планеты. Штогод у гэты дзень святкуецца Міжнародны дзень музеяў. Ідэя правядзення гэтага вельмі незвычайнага свята ўпершыню нарадзілася ў Маскве 18 траўня 1977 года на XI Генеральнай канферэнцыі Міжнароднай рады музеяў (ІСОМ Іnternational Couneil of Museums). Пачынаючы з 1992 года, у кожнага Міжнароднага дня музеяў ёсць свая тэма, якая штогод зацвярджаецца Кансультатыўным камітэтам Міжнароднай рады музеяў. Тэмы датычацца розных праблем, напрыклад: адказнасць музеяў перад грамадствам, незаконны вываз культурных каштоўнасцяў, музеі за мірнае і гарманічнае жыццё ў грамадстве і іншыя. На 2010 год для Міжнароднага дня музеяў абраная тэма "Музеі для сацыяльнай гармоніі".

Больш, чым у 150 краінах у гэты дзень можна было наведаць розныя выставы і экспазіцыі, прымеркаваныя да свята. У музеях Беларусі 18 траўня былі арганізаваны дні адчыненых дзвярэй, экскурсіі, прэзентацыі, навуковыя чытанні, праводзіліся адмысловыя святочныя семінары, адкрываліся новыя выставы і фэсты. На сённяшні дзень у Беларусі налічаецца парадку 143 дзяржаўных музеяў і каля 300 недзяржаўных. I практычна кожны з іх распрацаваў сваю індывідуальную праграму правядзення Міжнароднага дня музеяў.

Менавіта таму студэнты Ўніверсітэта культуры і мастацтваў, пад кіраўніцтвам кандыдата гістарычных навук, дацэнта Трусава А.А., вырашылі пазнаёміць грамадскасць з гэтымі праграмамі. А заадно і распавесці пра найбольш цікавыя музеі Беларусі.

Кожны з студэнтаў кафедры гісторыі Беларусі і музеязнаўства напярэдадні свята атрымаў заданне сабраць інфармацыю аб музеі сваёй Малой радзімы. Моладзь з натхненне прынялася выконваць творчае заданне. А паколькі ва ўніверсітэце вучацца хлопцы і дзяўчаты з усіх куткоў Беларусі, вынікі атрымаліся проста ашаламляльныя. Студэнты паспрабавалі ахапіць усе вядомыя беларускія музеі Баранавіцкі краязнаўчы музей, Жодзінскі доммузей Пятра Іванавіча Купрыянава, Віцебскі абласны краязнаўчы музей, Германавіцкі музей культуры і побыту, Смаргонскі гістарычнакраязнаўчы музей, Барысаўскі дзяржаўны аб'яднаны музей, Чачэрскі гістарычнаэтнаграфічны музей, Вілейскі гістарычнакраязнаўчы музей, Менская галерэя Ласандр і многія іншыя.

Вынікі іх карпатлівай працы можна ўбачыць на стэндах, якія знаходзяцца на другім паверсе галоўнага корпуса БДУКіМ. Там вы зможаце знайсці велізарную колькасць разнастайных музеяў і галерэй, унікальных па сваім профілі і тэматыцы, пазнаёміцца з інфармацыяй аб сталых экспазіцыях і часовых выставах, а таксама даведацца шмат цікавых звестак аб гэтых музеях.

А да самога Міжнароднага дня музеяў ва Ўніверсітэце культуры і мастацтваў студэнтамі кафедры гісторыі і музеязнаўства была падрыхтаваная адмысловая выстава

А. Паўловіч, г. Менск.


"І веру, веру без сумнення, што будзе жыць і мой народ"

20 траўня ў Доме ветэранаў адбыўся канцэрт Зміцера Вайцюшкевіча, на якім была прэзентавана новая праграма спевака на вершы класіка беларускай літаратуры Уладзіміра Караткевіча. Большасць песень былі напісаны 8 - 9 гадоў таму пры падтрымцы Алеся Сушы. Песні пакладзены на вершы з кнігі " Быў. Ёсць. Буду".

Як і раней, Вайцюшкевіч нагадвае пра гадавіны пісьменнікаў і паэтаў, збірае публіку на важныя падзеі, прыцягвае ўвагу да творчасці класікаў, упарта ідзе сваім шляхам.

На канцэрце прысутнічалі лепшыя сябры і паплечнікі У. Караткевіча - Рыгор Барадулін і Генадзь Бураўкін.

- Уладзімір Караткевіч насамрэч быў адкрытым, непасрэдным. Ён вяртаў беларусаў да беларускасці, да нашай гісторыі, - сказаў, выйшаўшы на сцэну, народ-ны паэт Рыгор Барадулін.- Гэта быў князь крывіцкага духу."

- Караткевіча проста немагчыма не любіць, - адзначыў выканаўца музычных твораў - Ён розны: і патрыятычны, і лірычны, і хітраваты, і вясёлы, і жартаўлівы.

Я б хацеў, каб людзі ішлі па адказы на пытанне - што такое Беларусь? Караткевіч адказвае, што па-беларуску можна паказваць самыя высокія і глыбокія пачуцці і расказваць пра гэта. І няма розніцы паміж вялікімі мовамі свету і беларускай мовай дзякуючы таксама Уладзіміру Караткевічу.

Вайцюшкевіч добра адчуў і ўвасобіў караткевічаўскую "упартасць хваль" і "мовы залатую сталь".

Тон спеваў ад пачатку праграмы смутны, змрочны. Нават праз спробу імправізацыі гучыць напружаная думка пра лёс зямлі і людзей. Выклікае роздум балада Караткевіча пра конных архангелаў.

"Конныя скачуць архангелы

Па дарогах планеты маёй."

Верш быў створаны ў 60-тыя гады. Аўтар тэксту ўзгадваў у перашпачатковым варыянце Сталіна і Гітлера, потым словы былі замененыя. Паэты - заўсёды правідцы, бачаць на дзесяцігоддзі наперад. Песня гучыць акту-альна і напружана. Архангелы - вобраз вярхоўнай духоўнай улады. Зноў паўстае актуальнае пытанне: ці будзе зло вяршынстваваць?

"Бяздушныя, падшыя, светлыя,

поўсць на німбах расце,

замест сумлення - дубінка,

i замест сэрца - касцет.

... Уссядае мана на правым,

здрада - на левым крыле."

Рэдактарам кнігі"Быў. Ёсць. Буду" пазначаны Рыгор Барадулін. Была гаворка, што хацелі адтуль нешта зняць, але мастак П. Драчоў зрабіў такі макет, што нічога не выкінеш; так і надрукавалі - на мяжы дазволенага.

Спявак бярэ на сябе вялікі цяжар. Ён намагаецца ўзняць дух народа, раскатурхаць бязвольную санлівую свядомасць, абудзіць гонар і годнасць.

Гэта не проста - стаяць на баку праўды. Зразумела, што cпявак, як ніколі раней, адчувае боль за Айчыну.

Адзін з галоўных вершаў Караткевіча "Дзе мой край"дае адказ: "Там, дзе людзі ніколі не будуць рабамі." Аптымізму надае габрэйскі матыў: "І веру, веру без сумнення, што будзе жыць і мой народ".

Як мае быць, у праграме - багата лірыкі. Рамантычна і задумліва гучыць раманс "У круг месяца туманнае гало". Звыштонкая мелодыя "Мора гранітныя хвалі" пераносіць слухачоў у светлыя месцы і выклікае моцныя аладысменты.

Раней складзеная песня пра Венеру нагадвае пра спрад-вечны кодэкс гонару беларускага шляхціца.

"Адзінае, што ёсць на свеце:

Сумленне,

братэрства, каханне."

Э. Дзвінская.

На здымках: 1. Р.І. Барадулін на праграме па вершах сябра 2. З. Вайцюшкевіч. Фота аўтара.


Забыты Грунвальд

У Нацыянальным гістарычным музеі Беларусі адбыўся "круглы стол", прысвечаны 600-гадоваму юбілею Грунвальдскай бітвы. Удзел у ім бралі гісторыкі з розных рэгіёнаў Беларусі. Навукоўцы заяўляюць, што значнасць Грунвальдскай бітвы ў гісторыі краіны незаслужана забыта.

"Сімволіка харугваў войскаў ВКЛ у бітве пад Грунвальдам", "Выкладанне падзеяў Грунвальдскай бітвы ў гісторыі Беларусі", "Рэканструкцыя бітвы ў дэкаратыўна-ўжытковым мастацтве" - гэтыя ды іншыя тэмы навуковых паведамленняў сталіся падставай для дыскусіі ўдзельнікаў круглага стала. Пра мэту яго гаворыць намеснік дырэктара па наву-ковай працы Нацыянальтнага гістарычнага музея Ніна Калымага:

- Перадусім мы хацелі прыцягнуць увагу грамадскасці да гэтай тэмы, бо на сёння Грунвальдская бітва, магчыма, незаслужана забыта. Таксама напярэдадні Міжнароднага дня музеяў і ночы музеяў мы адкрылі выставу, якая прысвечана юбілею гэтай падзеі. На выставе можна пабачыць карціны, на якіх выяўленыя фрагменты бітвы, а таксама партрэты выдатных палкаводцаў таго часу.

Грунвальдская бітва - вырашальная бітва Вялікай вайны 1409-1411 гадоў паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Польшчай з аднога боку і Тэўтонскім ордэнам з другога. Войскі саюзнікаў, якія ўзначальвалі Вітаўт і Ягайла, ушчэнт разбілі крыжакоў. Аднак сёння роля беларускіх войскаў у пераможнай бітве незаслужана забыта і задача навуковай супольнасці выправіць гэтую гістарычную несправядлівасць, мяркуе яшчэ адзін удзельнік круглага стала, кандыдат гістарычных навук Алег Трусаў:

- Наша задача - вярнуць прысутнасць беларусаў на Грунвальдскім полі ў еўрапейскі кантэкст. Бо ні ў якіх падручніках суседніх дзяржаў вы не знойдзеце, што беларусы ваявалі пад Грунвальдам. Там будуць рускія, будуць тата-ры, нават чэхі і маравы, літоўцы і палякі, а беларусаў там, нібыта, і не было. У свае падручнікі мы вярнулі гэтую праўду, але ж наша задача вярнуць таксама ў еўрапейскі кантэкст.

У Польшчы, на месцы гістарычнай падзеі 15 ліпеня адбудуцца ўрачыстасці дзяржаўнага ўзроўню з маштабнай рэканструкцыяй Грун-вальдзкай бітвы. У Беларусі 600-гадовы юбілей будзе адзначаны ў Наваградку тэатралізаваным шэсцем і рыцарскімі турнірамі. У Менску створаны грамадскі аргкамітэт, які рыхтуе паездку беларусаў на Грунвальдскае поле з 15 да 18 ліпеня. Мяркуецца, што ад Беларусі на Грунвальд паедуць некалькі дзесяткаў груп з гарадоў і мястэчак, якія прымалі ўдзел у Грунвальдскай бітве.

Галіна Абакунчык.


Знакаміты беларускі ваяр

З дакладу на "круглым стале"

Князь Лугвен (ён жа Лугвень, Лінгвен, Лангвен, а ў праваслаўі Сямён, ці Сімеон) легендарная постаць беларус-кай гісторыі XIV-XV стст. Сын вялікага князя Альгерда і цвярской княжны Ульяны, брат знакамітага Ягайлы, нарадзіўся прыкладна ў 1355 годзе, пражыў доўгае і цікавае жыццё (памёр у 1431 г.) Гэта быў мужны воін і дасведчаны дыпламат.

Упершыню ён згадваецца сярод знакамітых людзей ВКЛ, якія 29 верасня 1379 года падпісалі ў Троках мір з Тэўтонскім ордэнам. Пазней ён паставіў свой подпіс пад гістарычнай Крэўскай уніяй 1385 года. У 1386 годзе прыняў удзел у Мсціслаўскай бітве са смаленскім князем Святаславам, які хацеў вярнуць г. Мсціслаў, захоплены князем Альгердам у 1359 годзе. У гэтай бітве смаленскія палкі былі разбітыя, а пасля смерці свайго брата, які быў намеснікам князя Альгерда ў Мсціславе, Лугвен у 1392 годзе становіцца мсціслаўскім удзельным князем і засноўвае новую дынастыю мсціслаўскіх князёў.

У 1389 годзе Лугвен упершыню становіцца служылым князем у Ноўгарадзе і камандуе наўгародскай дружынай. У 1390 годзе ён хацеў зноў далучыць да Ноўгарада Пскоў, але беспаспяхова.

У 1392 г. Ягайла аднаўляе ўдзельнае мсціслаўскае княства ў складзе ВКЛ і перадае яго свайму брату Лугвену. З гэтага часу ён вядзе паспяховыя ваенныя дзеянні на Усходзе. У 1402 г. разбіў войска разанскага князя Алега, у 1403 г. захапіў і далучыў да ВКЛ г. Вязьму, а ў 1404 і Смаленск. У 1407 годзе яго атрады занялі г. Варатынск, які таксама прызнаў уладу ВКЛ. У гэтым жа 1407 г. ён зноў становіцца служылым князем у Ноўгарадзе і займае гэтую пасаду да 1412 года. Адначасова з 1408 па 1411 гг. з'яўляецца намеснікам вялікага князя Вітаўта ў Смаленску.

Лугвен браў актыўны ўдзел у Вялікай вайне з Тэўтонскім ордэнам. Асабліва яго вайсковы талент праявіўся на Грунвальдскім полі, калі ён, будучы намеснікам Вітаўта, непасрэдна кіраваў трыма "рускімі палкамі", альбо харугвамі. Гэта былі смаленская і мсціслаўская харугвы. Прыналежнасць трэцяй харугвы крыху нявызначаная. Адны гісторыкі вызначаюць яе як аршанскую, іншыя гэта аспрэчваюць, але іншую назву не прапаноўваюць. Магчыма, што гэта ваяры наўгародскай дружыны, бо ёсць звесткі, што Лугвен прыводзіць атрады наўгародцаў на вайну з ордэнам, тым больш, што тады Орша не ўваходзіла ў склад Мсціслаўскага ці Смаленскага княстваў і была далучана да ВКЛ князем Альгердам, разам з Віцебскам.

Калі пачалася Грунвальдская бітва, пад ударамі крыжакоў палегла першая лінія войскаў ВКЛ, аднак тры харугвы начале з князем Лугвенам выстаялі, панеслі вялікія страты, але выратавалі сітуацыю. Калі лічыць, што колькасць харугвы налічвала ад 100 да 200 чалавек, пад кіраўніцтвам Лугвена было не меньш чым 500 цяжкаўзброеных воінаў, якія вырашылі лёс знакамітай бітвы XV ст.

У 1411 годзе Лугвен адбіў ад Ноўгарада шведскія атрады і браў удзел у падпісанні Торуньскага міра з Ордэнам.

У 1412 годзе ён канчаткова вяртаецца з Ноўгарада ў Мсціслаў, дзе і памірае ў 1431 годзе. Будучы актыўным праваслаўным вернікам і маючы другое праваслаўнае імя Сімяон, ён, у 1407 годзе засноўвае ў ваколіцах Мсціслава славуты Ануфрыеўскі манастыр. Народнае паданне лічыць, што Сімяон заснаваў і знакаміты Пустынскі манастыр, але навуковага абгрунтавання гэтай падзеі няма.

Такім чынам, постаць мсціслаўскага князя Лугвена мае ў нашай гісторыі такое ж значэнне, як і асоба Александра Неўскага ў гісторыі Расіі. Цікава, што яны далёкія сваякі па мацярынскай лініі, і абодва былі служылымі князямі ў Ноўгарадзе. Невыпадкова, што на адной з пячатак Лугвена мы бачым выяву "Пагоні".

Неабходна належным чынам ушанаваць памяць мсціслаўскага князя, надаць імя вуліцам і плошчам, паставіць помнікі ў г. Менску і г. Мсціславе, надаць яго імя адной з вайсковых адзінак беларускага войска, зрабіць у яго гонар вайсковы медаль.

Алег Трусаў , кандыдат гістарычных навук, дацэнт.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX