Папярэдняя старонка: 2010

№ 23 (966) 


Дадана: 19-03-2020,
Крыніца: pawet.net.



№ 23 (966) 9 ЧЭРВЕНЯ 2010 г.


30 гадоў з дня нараджэння Вацлава Іваноўскага

ІВАНОЎСКІ Вацлаў Леанардавіч (07.06.1880, б. фальварак Лябёдка Лідскага п-ту - 07.12.1943), беларускі палітычны і грамадскі дзеяч. Доктар тэхнічных навук (1909). Скончыў Пецярбургскі тэхналагічны інстытут (1904). Да 1913 г. на навуковай і выкладчыцкай рабоце ў Пецярбургу. Вацлаў Іваноўскі - адзін з заснавальнікаў беларускага нацыянальнага руху. Вызначыўшы сябе, як беларуса, ён зрабіў беларускае адраджэнне мэтай свайго жыцця.

Ужо падчас вучобы ў Пецярбургу ён здолеў згуртаваць вакол сябе студэнтаў-беларусаў, якія ўзімку 1901-1902 гадоў утварылі нелегальную Беларускую рэвалюцыйную партыю. Стаў яе лідарам. У 1903 годзе В. Іваноўскі разам з А. Пашкевіч (Цёткай), і братамі Луцкевічамі выдае ў Лябёдцы першы нумар нелегальнага часопіса "Свабода". (Увесь наклад, каб пазбегнуць арышту, вымушаныя былі знішчыць самі выдаўцы). Да 1904 года намаганнямі Іваноўскага ў Пецярбургу і Кра-каве выйшлі 8 друкаваных выданняў. Пасля расколу БРП узначаліў "Круг беларускай народнай прасветы і культуры". Член ЦК Беларускай сацыялістычнай грамады (1904 - 1905). Адначасова пад псеўданімам Вацюк Тройка супрацоўнічаў з газэтамі "Наша доля" і "Наша ніва". Адзін з арганізатараў створанай у 1906 годзе ў Пецярбургу выдавецкай суполкі "Загляне сонца і ў наша ваконца". Укладальнік першага беларускага лемантара, выдадзенага лацінкай і кірыліцай. Зрабіў апрацоўку першага буквара сучаснай беларускай мовы з асноўнымі мовазнаўчымі тэрмінамі. Быў ініцыятарам увядзеньня знакаў "ч", "ш", "ж" у беларускай лацініцы па чэшскім варыянце.

Выкладаў у Менскім настаўніцкім інстытуце (1918), загадчык аддзела Менскага губернскага камісарыяту асветы ў Літоўска-Беларускай ССР (пачатак 1919). У лютым-сакавіку 1920 г. як упаўнаважаны Найвышэйшай Радай БНР удзельнічаў у беларуска-польскіх перамовах, імкнуўся прадухіліць падзел Беларусі. Займаўся пашырэннем сеткі беларускіх школ на Меншчыне, кіраваў Менскім беларускім педагагічным інстытутам. У пачатку вайны кіраваў адноўленым Беларускім нацыянальным камітэтам. У 1942 г. прызначаны нямецкімі акупацыйнымі ўладамі на пасаду бургамістра Менска. У 1943 г. старшыня Беларускай Рады даверу пры генеральным камісары Беларусі В. Кубэ, адначасова намеснік старшыні Беларускага навуковага таварыства. Забіты 7 снежня 1943 г. ў Менску у выніку тэрарыстычнага акту.


Еўрасаюз гатовы падтрымаць беларускую мову

Еўрасаюз гатовы падтрымаць ініцыятывы датычныя развіцця беларускай мовы. Пра гэта ў інтэрвію Рацыі заявіў кіраўнік прадстаўніцтва ЕС у Беларусі ЖанЭрык Хольцапфель:

- Беларуская мова звязана з іншымі еўрапейскімі мовамі. У ЕС існуе ініцыятыва, якая тычыцца развіцця еўрапейскіх моваў. Таму мы вырашылі надзяліць увагу мове краіны, якая знаходзіцца ў самым сэрцы Еўропы. Мяркую, што ў гэтым кірунку можна працаваць і надалей. Напрыклад, адна з платформаў праграмы "Усходняе партнёрства" тычыцца якраз пытанняў культуры. Канешне, гэта залежыць непасрэдна ад ініцыятыўнасці саміх беларусаў, наколькі яны актыўна будуць выступаць з праектнымі прапановамі. Калі яны будуць, то магчыма знайсці спосаб іх падтрымкі, як у межах "Усходняга партнёрства", так і ў праграмах памежнага супрацоўніцтва.

Прадстаўніцтва ЕС у Беларусі выступіла адным з арганізатараў Дня славянскага пісьменства і культуры, што прайшоў у Дзяржаўным гістарычным музеі.


Стэфан Эрыксан правёў прэсавую канферэнцыю цалкам па-беларуску

3 чэрвеня прэсавую канферэнцыю з нагоды нацыянальнага свята Швецыі правёў амбасадар гэтай краіны ў Беларусі Стэфан Эрыксан. Адметна, што журналісты задавалі амбасадару пытанні па-беларуску і па-руску, а ён усе адказы даваў выключна на беларускай мове.

Журналістаў зацікавіла, як ставіцца да беларускай мовы амбасадара насельніцтва, асабліва калі ён выяжджае ў рэгіёны, і ці ведае хто-небудзь яшчэ з замежных дыпламатаў беларускую мову:

Ёсць і іншыя амбасадары. Напрыклад, мой літоўскі калега таксама нядрэнна размаўляе. Узімку мы нават стварылі нефармальны клуб беларускамоўных амбасадараў. Туды ўваходзілі таксама польскі амбасадар Літвін і ўкраінскі - Ліхавы. Абодва яны, на вялікі жаль, ужо пакінулі Беларусь. Але прыехаў новы ўкраінскі амбасадар спадар Бяссмертны, і ён, між іншым, вельмі добра размаўляе пабеларуску. А я ніколі не шкадаваў, што пачаў займацца беларускай мовай.

Адносіны да маёй беларускай мовы выключна станоўчыя. І ў рэгіёнах - таксама. Бывае, канешне, што даводзіцца размаўляць з людзьмі, якія аддаюць перавагу расейскай мове, але яны ўсе разумеюць пабеларуску.

Амбасадар Эрыксан заявіў, што, на ягоную думку, праграма «Ўсходняга партнёрства» мае добрыя перспектывы. Што тычыцца фармавання складу беларускай дэлегацыі ў Парламенцкую асамблею праграмы «Ўсходняе партнёрства», то амбасадар Швецыі сказаў: з боку Еўрапарламенту беларускім уладам зрабілі некалькі прапаноў. У гэтым пытанні патрэбна шукаць кампраміс - падсумаваў Стэфан Эрыксан.

Уладзімір Глод.


100 гадоў назад нарадзіўся Аляксандр Твардоўскі

ТВАРДОЎСКІ Аляксандар Трыфанавіч нарадзіўся 8 (21) чэрвеня 1910 года на хутары Загор'е, зараз Смаленскай вобласці. Паходзіць з беларускай шляхты гербу "Драгастаў", расейскамоўны савецкі паэт, аўтар славутай паэмы "Василий Тёркин" і многіх іншых твораў.

У 1941 - 1942 гадах працаваў у Варонежы ў рэдакцыі газеты Паўднёва-Заходняга фронту «Красная Армия». Галоўны рэдактар часопіса «Новый мир» (1950 - 1954, 1958 - 1970). Лаўрэат Сталінскай (1941, 1946, 1947), Ленінскай (1961, за паэму «За далью - даль» ), Дзяржаўнай (1971) прэміяў.

Памёр 18 снежня 1971 года ў дачным пасёлку ля Краснай Пахры Маскоўскай вобласці. Пахаваны ў Маскве. У Варонежы імем паэта названая вуліца.

"У жыцці нашай сям'і бывалі зрэдку прасветы адносна дастатку, але наогул жылося бедна і цяжка і, можа быць, тым цяжэй, што наша прозвішча ў звычайным ужытку забяспечвалася яшчэ жартаўліва-добразычлівым або іранічным дадаткам "пан", як бы абавязваючы бацьку цягнуцца з усіх сіл, каб хоць колькі-небудзь апраўдаць яго. Між іншым, ён хадзіў у капялюшы, што ў нашай мясцовасці было дзівацтвам і нават некаторым выклікам, і нам, дзецям, не дазваляў насіць лапцяў, хоць з-за гэтага здаралася бегаць басанож да глыбокай восені. Наогул многае ў нашым побыце было "не як у людзей".

(З аўтабіяграфіі А. Твардоўскага.)


Маўклівае згасанне моваў

Праблема знікнення моваў, мабыць, ніколі раней не была такой вострай як цяпер: з больш чым 6700 моваў на свеце палове пагражае згасанне да канца гэтага стагоддзя.

Адна з моваў, якія паміраюць, называецца кецкай . У гэтай мовы засталося менш чым 200 носьбітаў. Сёння кецкую мову можна пачуць толькі ў некаторых вёсках, якія ляжаць ва ўдоллі ў верхнім цячэнні Енісея ў Сібіры. На гэтай мове гаворыць так мала людзей, што яе смерць можа падацца зусім няважнай. Але, як і ўсе іншыя, кецкая мова - унікальная. Граматыка гэтай мовы - неверагодна складаная, у ёй існуе багацце дзеяслоўных формаў. А для тых, хто размаўляе на гэтай мове, яна з'яўляецца жывой вяззю, якая злучае іх з іхнімі продкамі, мінулым і традыцыямі.

Амерыканскі лінгвіст Грэгары Андэрсан займаецца запісамі моваў, якім пагражае знікненне. Андэрсан апісвае маўчанне, звязанае са смерцю мовы, наступным чынам: "Для людзей, якія трацяць сваю мову, адлучэнне ад сваёй гісторыі з'яўляецца нечым вельмі сапраўдным і адчувальным. Такое ніколі не здараецца з людзьмі, якія гавораць на дамінуючых мовах, такіх як ангельская, іспанская або расейская".

Аргумент Андэрсэна асабліва дарэчны ў адносінах да кецкай мовы. Гэтая мова з'яўляецца мастом не толькі паміж яе носьбітамі і іхнімі продкамі, але, магчыма, і паміж нечым значна большым у гісторыі чалавецтва.

Новыя даследванні даказваюць, што кецкая мова можа быць пародненая з мовамі амерыканскіх індзейцаў, такімі, напрыклад, як мова наваха. Калі гэта так, дык гэтая сувязь можа мець істотныя наступствы для антрапалогіі - яна можа дапамагчы ў абгрунтаванні тэорыі аб міграцыі дагістарычнага чалавека праз лядовы мост паміж Азіяй і абедзвюмя Амерыкамі. А паколькі на кецкай мове размаўляюць унутры Расіі, за тысячы кіламетраў ад яе ўсходняга ўзбярэжжа, гэтая сувязь можа таксама паўплываць на нашы ацэнкі маштабаў той міграцыі. Вось таму мовазнаўцы з жахам назіраюць, як мовы накшталт кецкай набліжаюцца да знікнення ў штораз больш глабалізаваным свеце. Паводле Нацыянальнага геаграфічнага таварыства (National Geographic Society), праз кожныя два тыдні памірае адна мова. Пры такой хуткасці да 2100 года памрэ прыблізна 3500 моваў, на якіх людзі сёння яшчэ размаўляюць. Асаблівы ўдар адчуюць рэгіёны з найбольшай на нашай планеце моўнай разнастайнасьцю: Новая Гвінея, Каўказ, Сібір.

У свеце існуе невялікая група мовазнаўцаў, якія стараюцца запісаць мовы, што апынуліся пад пагрозай знікнення, ды, калі гэта магчыма, ажывіць іх, пакуль іхнія носьбіты не пераключыліся на іншыя, больш пашыраныя мовы.

Але гэта вельмі цяжкая задача. Паводле Марка Турына, моўнага антраполага з Кэмбрыджа, цяжкасць палягае ў наступным: "Я сказаў бы, што мы нешта ведаем ўсяго пра пяцьдзесяць адсоткаў моваў на свеце. Выразная, трывалая і дакладная навуковая дакументацыя сусветных моваў, да таго з аўдыё і відэазапісамі, вельмі нязначная і рэдкая. Трагедыя ў тым, што ўсяго каля 5 адсоткаў сусветных моваў маюць сваю навуковую дакументацыю, а 95 адсоткаў - не" . Турын дадае, што ўсе лінгвісты, якія шукаюць разгадкі, як чалавек набывае мову і як ёю карыстаецца, вымушаны карыстацца пераважна матэрыяламі пра эвалюцыю заходнееўрапейскіх моваў ды жменькі іншых. Наогул правіла такое, што чым менш носьбітаў мовы, тым меней яна вядомая. Каля 28 адсоткаў усіх моваў на свеце маюць па менш чым 1000 носьбітаў. Гэта ім у першую чаргу пагражае смерць. Напрыклад, у Афганістане на мове цірахі гаворыць меней, чым 100 чалавек. На мове ламаўрэн у Арменіі гаворыць толькі 50 чалавек. Навукоўцы часта адкрывалі, што малыя мовы з'яўляюцца скарбніцамі мясцовых ведаў пра лекавыя расліны і ахову навакольнага асяроддзя. Калі знікнуць гэтыя мовы, знікнуць і веды, якія ў іх заключаюцца. Прычыны, чаму нейкай мовай перастаюць карыстацца, або чаму нейкая моўная грамада пераключаецца на іншую мову - складаныя. Але, паводле Грэгары Андэрсана, гэтая з'ява часта мае адну галоўную прычыну: "Эканамічная дзейнасьць наогул адбываецца пад дамінацыяй мовы большасці. Таму зусім лагічна, што група, якая карыстаецца мовай большасці, асацыюецца з поспехам, сацыяльным і эканамічным развіццём ды большым багаццем. Людзі вельмі чуйна ставяцца да эканамічнай герархіі, і калі можна прасунуцца ў гэтай герархіі, пакідаючы адну мову на карысць іншай, шмат людзей выбірае гэты шлях". Часам такі выбар робіцца несвядома, часам да яго змушае грамадскі ціск. Палітыка таксама адыгрывае ў гэтым істотную ролю.

Пануючая дзяржаўная мова можа быць выкарыстаная для выцяснення малых моваў, якія разглядаюцца як расаднікі палітычнага супраціву або як прыкметы цывілізацыйнай адсталасці. У Сібіры палітыка насаджэння расійскай мовы як адзінай, паводле Андэрсана, давяла да сітуацыі, якую можна назваць катастрофай. У Сярэдняй Азіі, аднак, моўная палітыка дала дваістыя вынікі. Калі колішнія савецкія рэспублікі сталі незалежнымі, рэгіянальныя мовы, такія як таджыкская, кіргізская і ўзбекская, былі ўзмоцненыя статусам дзяржаўнай мовы. Але меншыя мовы ў гэтым рэгіёне - напрыклад, памірскія мовы ў Таджыкістане - былі наогул выцесненыя са школаў, дзе яны да пэўнай ступені вывучаліся за савецкім часам.

Рычард Солаш .


НЕ СТАЕ ці НЕСТАЕ?

Амаль усе мы прывы-клі ставіцца з вялікай пашанай да філалагічных слоўнікаў - нашых сяброў і надзейных памочнікаў. Але часам можа надарыцца, што яны не садзей-нічаюць культуры маўлення, а аказваюць мядзведжую паслугу. Яшчэ горш атрымліваецца, калі ў розных слоўніках арфаграфічная норма для пэў-най моўнай адзінкі даецца неаднолькава.

Так, у «Руска-бела-рускім слоўніку» (1953) (да-лей РБС) і ў яго наступных выданнях (напрыклад, 1982, т. 1, с. 519) рускі дзеяслоў недоставать перакладаецца беларускім неставаць . «Беларуска-рускі слоўнік» (1988, т. 1, с. 794) (далей БРС) падае на сваім алфавітным месцы беларускі дзеяслоў неставаць з перакладам на рускую мову: недоставать , але ў 2-м томе на с. 505 змяшчае і ставаць . Адпаведна з гэтым у «Слоўніку беларускай мовы» (1987) (далей СБМ) на с. 450 падаецца неставаць з яго формамі не-стае , неставала , а на с. 760 бачым: ставаць і формы стае , ставала . Паводле гэтых давед-нікаў выходзіць, што ў нашай мове ёсць дзеясловы ставаць і неставаць . Звернемся да ін-шых слоўнікаў, аўтары якіх ад падобнай трактоўкі адмовіліся адназначна.

Безасабовы дзеяслоў ставаць мае канструктыўна абмежаванае значэнне, якое рэалізуецца толькі ў строга акрэсленай канструкцыі (« ста-ваць + чаго»), і належыць да дзеясловаў з няпоўнай пара-дыгмай: ужываецца толькі ў інфінітыве ( ставаць ), у 3-й асобе адзіночнага ліку ( стае ) і ў форме прошлага часу ( ста-вала ). Ён мае, як засведчана ў «Тлумачальным слоўніку беларускай мовы» (т. 5, кн. 1, с. 294) (далей ТСБМ), два зна-чэнні: 1) хапаць чаго-н. для каго-, чаго-н.: Усяго ставала (В. Дубінка); 2) мець магчымасці, сілы, здольнасці рабіць што-н.: І чарцяжы чытаць сваёй галавы ставала (В. Мыслівец). Гэты дзеяслоў часцей ужываецца з адмоўем «не» ( не ста-ваць, не стае, не ставала ), і, зразумела, у такіх выпадках часціца «не» пішацца асобна.

Яшчэ ў 1978 г. М.П. Лобан і М.Р. Суднік - складальнікі «Арфаграфічнага слоўніка» - падалі як норму напісанне не ставаць у два словы. Гэты слоўнік перавыдаваўся некалькі разоў і кожны раз з той самай нормай не ставаць . Але паколькі ў трох іншых, названых вышэй даведніках змяшчаюцца ставаць і неставаць , разнабой у напісан-ні мае месца і сёння. Прывядзём толькі па чатыры прыклады - спачатку правільнага напісання гэтага дзеяслова з адмоўем «не» , а пасля - памылковага:

1) Якой жа выгоды яшчэ не ставала?! (Я. Купала); 2) У яе ў галаве не стае трохі клёпак (Ц. Гартны); 3) Кніг не ставала, беларускія трапляліся мала калі (М. Лужанін); 4) Да чаго змаглі дажыцца - верыць сілы не стае… (Г. Бураўкін); 5) На гэта проста фізічна нестае часу (У. Арлоў); 6) Размова зайшла пра тое, што нестае піяру (А. Паплаўская); 7) Усё нібы ёсць у маёй Беларусі: і белая лебедзь, і шэрыя гусі, а нечага ўсё ж нестае (У. Сцебурака); 8) Зараз нестае ў казны валюты - таварамі забіты ўсе склады (Алесь Няўвесь).

Заадно спынімся на разнабоі ў напісанні яшчэ некалькіх моўных адзінак.

Ёсць значная група фразеалагізмаў, структурна арганізаваных як прыназоў-нікава-назоўнікавае спалучэн-не, якія, паводле А.Н. Ціхана-ва, па волі чарадзейкі-арфаграфіі паводзяць сябе, як пярэва-ратні: у адных слоўніках высту-паюць прыслоўямі, у іншых - фразеалагічнымі адзінкамі. Так, у ТСБМ вынесены за ромб як фразеалагізмы на віду (т. І, с. 487), на воку (т. І, с. 502), а на відавоку (т. 3, с. 217) падаецца як прыслоўе ( наві-давоку ), пры гэтым на воку тлумачыцца так: «пад нагля-дам, на відавоку». Гэтак жа, як адно слова-прыслоўе ( навіда-воку ), даюць СБМ (с. 401), БРС (т. І, с. 715).

А між тым у даведніках па арфаграфіі, у тым ліку і ў новых «Правілах арфаграфіі і пунктуацыі» (2008, с. 60, 61), адзначана, што выразы, блізкія па значэнні да прыслоўяў, пішуцца асобна, у два словы, «калі паміж прыназоўнікам і назоўнікам можна паставіць азначэнне». Выраз на відавоку звычайна ўжываюць у літаратуры як двухэлементны: 1) Зямля, бы ў мацеры калыска, на відавоку, пад рукамі... (Я. Колас); 2) Вось вёска ўся на відавоку, сям-там дымяцца каміны (К. Крапіва); 3) Толькі рабі ўсё ціхом, на відавоку і повідна не рабі, каб палякі не заўважылі (К. Чорны).

Гэты выраз вельмі час-та выкарыстоўваецца са стру-ктурнай пранікальнасцю, з уключэннем паміж яго кампанентамі займенніка самым , што можна было б праілюстраваць дванаццаццю прыкладамі - з твораў А. Асіпенкі, Я. Васілёнка, М. Воранава, Р. Сабаленкі, У. Дамашэвіча і іншых пісьменнікаў. Вось толькі тры прыклады: 1) Сотнікаў упаў тады непадалёк ад насыпу, якраз на самым відавоку, і немцы пачалі біць па ім ледзь не ва ўпор (В. Быкаў); 2) У нас першы рад, першыя крэслы. Мы на самым відавоку (А. Васілевіч); 3) Тое, што бацька, навучаны ўжо гадамі і жыццём, стараўся трохі прыхаваць і не вельмі паказваць, у сына заўсёды было на самым відавоку (Я. Сіпакоў).

Таму ў загалоўку слоўнікавага артыкула гэты выраз павінен афармляцца толькі такім чынам: на <самым> відавоку.

Мнагазначны фразеалагізм на дзіва , агульны для ўсходнеславянскіх моў (руск. на диво , укр. на диво ), па-рознаму фіксуецца ў ТСБМ: то як адназначнае прыслоўе надзіва (т. 3, с. 237), то як фразеалагізм на дзіва (т. 2, с. 172). Параўн. таксама: надзіва (СБМ, с. 407) і на дзіва (РБС, т. І, с. 209). Нельга згадзіцца са злітным напісаннем і яшчэ некаторых фразеалагізмаў, зафіксаваных у слоўніках апош-ніх гадоў у якасці прыслоўя: на ліха (параўн. аналагічныя выразы з сінанімічнага рада: на д'ябла, на халеру, на хваробу, на чорта ); ні за што (параўн.: ні за што на свеце, ні за што ні пра што ) і інш.

Пабочнае спалучэнне на жаль ужываецца, каб выка-заць суб'ектыўныя адносіны таго, хто гаворыць, да зместу выказвання, а менавіта адно-сіны шкадавання з прычыны чаго-небудзь. Гэта спалучэнне знаходзіцца ў адным шэрагу, напрыклад, з такімі: на шчасце, на радасць, на бяду, на думку, на погляд . Яно можа разры-вацца ўстаўкай слова вялікі : на вялікі жаль.

Гэта спалучэнне назоў-ніка з прыназоўнікам ( на жаль ) ва ўсіх нашых слоўніках заў-сёды падавалася і падаецца ў два словы. Але апошнім часам у некаторых перыядычных вы-даннях, на вялікі жаль, сустракаюцца і памылковыя напісанні, тым самым спараджа-ючы разнабой і непісьменнасць. Напрыклад, у «Нашым слове»: 1) У слоўніках, нажаль, бачым толькі штучную форму «пазбегнуць» (28.04.2010); 2) Вучоны-асветнік і паэт-лацініст Саламон Рысінскі - ураджэнец вёскі Рысін на Полаччыне, нажаль, Масква забрала яе ў Себежскі раён Пскоўскай вобласці (5.05.2010); 3) Нажаль, сродкі на паездку за мяжу не былі знойдзеныя (12.05.2010).

Іван Лепешаў.


Калі мова на ўсіх адна

У невялікай зале Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы адбылася значная падзея, маю на ўвазе прэзентацыю літоўскай літаратуры і ў прыватнасці кнігі Казіміраса Гаршвы аб асаблівасцях літоўскай мовы ў памежных раёнах. На жаль, аўтар зза хваробы не змог прыехаць у Ліду. Але яго арыгінальную працу усебакова прадставілі віленскія калегі пісьменніка - даследчыка. Дарэчы, з названай і іншымі кнігамі выдавецтваў суседняй краіны, у тым ліку і з альбомам "Вялікая Літва", які толькі што выйшаў, прысутныя ў час прэзентацыяі маглі пазнаёміцца і атрымаць адказы на свае пытанні.

На сустрэчы выступілі старшыня аб'яднання лідскіх літоўцаў "Рута" Марына Міцюкевіч, дэпутат сейма Літвы Гінтарыс Сангайла, кіраўнік Дэпартамента літоўцаў замежжа Міністэрства замежных спраў Літоўскай Рэспублікі Арвідас Даўнаравічус, супрацоўніца Генеральнага консульства Літвы з Гародні Даля Міцкене, намеснік старшыні грамадскага аб'яднання "Вільніе" Ніёле Бальчунене і іншыя. Яны гаварылі пра шматвяковую дружбу народаў Літвы і Беларусі, аб прыязных адносінах паміж імі, і кожны з гасцей падарыў нашай бібліятэцы нямала кніг на літоўскай мове. А гэта дазволіць, як сказала на меснік дырэктара бібліятэкі Тамара Зенікевіч, сфармаваць для тутэйшых літоўцаў неблагі фонд літаратуры на іх роднай мове, каб літоўцы Ліды мову сваю, літоўскую, не забывалі.

Добрая справа зроблена ў Лідзе. Да месца будзе сказаць, што падобны фонд нашы суседзі мяркуюць займець і ў мястэчку Радунь Воранаўскага раёна.

Цікава, ці ёсць кнігі на беларускай мове ў бібліятэках памежных з намі гарадоў і мястэчкаў Літвы: Свянцяны, Сланечнікі, Эйшышкі, Друскенікі... Калі няма, то беларусам Беларусі і Літвы варта парупіцца і пераняць добры досвед.

Алесь Жалкоўскі, г. Ліда.


"Жыццё адточвае адвагі вастрыё"

Рух "За свабоду", Таварыства беларускай мовы і іншыя грамадскія арганізацыі, а таксама родныя, суседзі і сваякі павіншавалі слаўгарадскага грамадскага актывіста, паэта і пісьменніка Фелікса Шкірманкова з 65годдзем Вялікай Перамогі над фашызмам і 84-ай гадавінай ад Дня народзінаў.

"Добры, мужны, сяброўскі зубр жыве на Слаўгарадчыне, да якога можна звярнуцца па слова мудрай парады " нагадалі сябры.

"Фелікс Уладзіміравіч як маяк, які свеціць нам, на які мы павінны арыентавацца," зазначыў сябар БНФ Рыгор Костусеў.

У цёплай сардэчнай атмасферы вечарыны словы пашаны і ўдзячнасці выказалі дырэктар гарадской школы №1 і загадчыца раённай бібліятэкі, сябры мясцовага клуба "Ветэран".

За мінулыя гады Фелікс Уладзіміравіч, у якога за плячыма багаты падзеямі жыццёвы шлях, выдаў 14 кніг паэзіі і прозы: "Беларусь любы край", "Папараць кветка", "С нами вера и надежда", "Так вижу ", надрукаваныя ў Менскім выдавецтве "Четыре четверти". Апошняя яго кніга называецца: "Захоўваць вечна", дзе радкі вершаў свецяцца дабрынёй і аптымізмам .

Цярплівасць,

міласэрнасць, спачуванне,

Уменнне зло,

няўдзячнасць прабачаць,

Святло і радасць

перашага кахання

На ўсё жыццё

патрэбна захаваць.

Фелікс Уладзіміравіч нарадзіўся 27 траўня 1926 года. У 15 гадовым узросце юнак марыў стаць геолагам, прайсці няходжанымі сцежкамі па горных хрыбтах і тайзе ў пошуках скарбаў зямлі, паступіць у Алабаеўскі геалагічны тэхнікум. Але выбухнуў фашысцкі гром, змятаючы палову свету, пачалася Вялікая Айчынная вайна.

Малады Фелікс Шкірманкоў спазнаў прымудрасці партызанскай школы і варожага тылу. У 19421943 малады герой змагаўся ў партызанскай брыгадзе "Чэкіст" на Магілёўшчыне", а пасля ў брыгадзе Ф. Шляхтунова на Вілейшчыне. У выпрабаваннях на ўсё жыццё загартаваўся яго дух і вытрымка.

Нягледзячы на чатыры раненні, інваліднасць атрыманую на вайне, Фелікс Уладзіміравіч здзейсніў юначую мару і стаў геолагам. Ён скончыў Палітэхнічны горны інстытут ў Маскве. Яго экспедыцыі і падарожжы ахоплівалі Далёкі Усход, Чукотку, Калыму, Ахоцкае ўзбярэжжа. На сваім жыццёвым досведзе, спрактыкаваны даследчык нетраў стварыў захапляльную кнігу аповесцяў і апавяданняў "Тропой мамонтов". Ключавыя моманты з яе вартыя лепшых прыгодніцкіх апавяданняў Джэка Лондана.

За свае доўгае жыццё Ф.У. Шкірманкоў здабыў сапраўдны духоўны скарб - адчуў радасць Перамогі і вызвалення роднай зямлі, паспытаў моцнае маральнае задавальненне, працуючы на разведцы і распрацоўцы горных нетраў, назапасіў досвед працы, сустрэў безліч добрых і надзейных сяброў, выпрацаваў цвёрдыя маральныя прынцыпы, знайшоў трываласць у веры ў Бога.

Вярнуўшыся жыць на Беларусь у сталым веку, Фелікс Уладзіміравіч наталіў душу спасціжэннем новых звестак пра гісторыю нашай краіны, адчуў вялікую каштоўнасць роднай мовы. Гэтымі думкамі ён дзеліцца са сваім сучаснікамі, з маладым пакаленнем, выступае ў школах, бібліятэках.

У 90ыя гады ХХ стагоддзя Фелікс Шкірманкоў быў абраны старшынём гарадскога савета народных дэпутатаў Слаўгарада і працаваў на гэтай пасадзе 4 гады. З вернай спадарожніцай жыццяй, з якой ён з'яднаўся ў адно душой і сэрцам, Фелікс Уладзіміравіч узгадаваў сына і дачку, мае ўнукаў і праўнукаў. Фелікс Шкірманкоў шчыры і самаадданы сябар Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны, сябар Саюза беларускіх пісьменнікаў.

Вершы былога франтавіка, мужнага чалавека, вызначаюцца высокай грамадзянскасцю, адказнасцю за лёс Беларусі ў сучаснасці, цвёрдай маральнай пазіцыяй, у іх высвечваюцца галоўныя крытэры чалавечай годнасці і сумленнасці.

Геолаг, франтавік, паэт упэўнены:

"Жыццё адточвае

адвагі вастрыё

Яно ад многага залежыць,

Калі сумленне

нападкупнае тваё

Тады душы яно належыць."

Прыгожыя краявіды на берагах Сожа і Проні ўлагоджваюць яго душу, захаляе рыбалка, садаводства.

А разам з тым у душы расце трывога за лёс прыроды і навакольнага асяродзя, якое бяздумна забруджваецца. Паэт - заўсёды адзін з тых, хто беражэ красу і чысціню роднага краю.

Віншуем шаноўнага франтавіка з 65годдзем Вялікай Перамогі, жадаем яму магутнага здароўя, доўгіх гадоў жыцця і творчага плёну!

Э. Оліна

На здымках : 1. Ф. Шкірманкоў чытае вершы. 2 . Фелікс Шкірманкоў і яго жонка Вера Васільеўна з сябрамі.


"Грунвальд" ад Анатоля Тараса

Прэзентацыя кнігі пад назвай «Грунвальд. 15 ліпеня 1410 года», напісанай Анатолем Тарасам на расейскай мове, прайшла ў сядзібе Таварыства беларускай мовы. Гісторык Анатоль Тарас на 160 старонках сваёй кнігі дэталёва вывучае падрабязнасці бітвы і палітычны аспект гэтай важнай для ўсёй гісторыі Ўсходняй Еўропы падзеі.

Не было б Грунвальда - мы б зараз з вамі размаўлялі на добрай нямецкай мове. І нашая правінцыя называлася б "Вайсрутэнія", а можа быць і неяк паіншаму - больш мудрагеліста, кажа А. Тарас.

Аўтар, працуючы над кнігай, у асноўным карыстаўся польскімі крыніцамі, робячы, аднак, папраўку на адмысловае польскае бачанне гісторыі.

Анатоль Тарас лічыць, што беларусаў трэба выхоўваць пазітыўнымі прыкладамі з гісторыі. Падчас прэзентацыі кнігі «Грунвальд» даследчык сказаў, што плануе дэталёва вывучыць іншыя слаўныя для беларусаў бітвы - пад Воршай, Клецкам ды Кірхгольмам - а таксама пачаць пісаць пабеларуску.

600я ўгодкі Грунвальдскай бітвы адзначаюцца сёлета. У 1410 годзе аб'яднанае войска Вялікага княства Літоўскага і Польскай Кароны разбіла армію Тэўтонскага ордэна, фактычна спыніўшы на некалькі стагоддзяў нямецкую агрэсію на ўсход.

Наш кар


Да 50-годдзя з часу ўтварэння Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва

9 чэрвеня 1960 г., 50 гадоў таму, быў створаны Беларускі дзяржаўны архіўмузей літаратуры і мастацтва. Сёння БДАМЛМ з'яўляецца адным з найбуйнейшых сховішчаў дакументальных крыніц па гісторыі літаратуры, выяўленчага мастацтва, тэатра і музыкі Беларусі ад пачатку ХІХ ст. і да нашых дзён. БДАМЛМ налічвае 472 фонды і калекцыі, створаныя на аснове асабістых архіваў дзеячаў літаратуры і мастацтва, а таксама дакументаў творчых саюзаў, выдавецтваў, тэатраў, рэдакцый часопісаў і газет, Беларускага музея імя І.Луцкевіча ў Вільні, кінастудыі "Беларусьфільм", Белдзяржфілармоніі, Беларускай акадэміі музыкі і інш. Усяго каля 100.000 адзінак захоўвання.

Адну з самых каштоўных частак Нацыянальнага архіўнага фонду Рэспублікі Беларусь складаюць асабістыя архівы пісьменнікаў А. Адамовіча, М. Багдановіча, Я. Брыля, М. Гарэцкага, В. Быкава, К.Каганца, А.Куляшова, Я. Купалы, Я. Коласа, М. Лынькова, І. Мележа, Я. Пушчы, М. Танка, І. Шамякіна; кампазітараў А. Багатырова, Г. Вагнера, Я. Глебава, В. Залатарова, Ю. Семянякі; Я. Цікоцкага, М. Чуркіна; акцёраў і рэжысёраў Г. Абуховіч, А. Кістава, А. Клімавай, Г. Макаравай, П. Малчанава, Б. Платонава, К. Саннікава, С. Станюты, У. Уладамірскага, Р. Янкоўскага; спевакоў Л. Александроўскай, І. Балоціна, С. Друкер, М. ЗабэйдыСуміцкага, Р. Млодак; мастакоў і скульптараў І. Ахрэмчыка, В. Волкава, А. Глебава, А. Грубэ, А. Кашкурэвіча, А. Марыкса, С. Селіханава, А. Тычыны і многіх іншых.

У два апошнія дзесяцігоддзі фонды архівамузея актыўна папаўняюцца дакументамі дзеячаў беларускай культуры, якія жылі і жывуць у далёкім замежжы: А. Алехніка (Аўстралія), Н. Арсенневай, Я. Запрудніка, В. і З. Кіпеляў (ЗША), С. Яновіча, Б. Белаказовіча, А. НекандыТрэпкі, Ю. Туронка (Польшча), Я. Шведзюка (Вялікабрытанія) і інш. Працягваецца праца па камплектаванні архівамі з Расіі, Украіны, Латвіі: сярод атрыманых - дакументы А. Бабарэкі, М. Гарэцкага і Л. Чарняўскай (Гарэцкай), А. Кавалюк, А. Каўкі, У. Кіркевіча, І. Ласкова, В. Целеша і інш.

Акрамя дакументаў, якія адлюстроўваюць сучасны стан беларускай культуры, архіў мае рарытэты, датаваныя ХІХ - пачаткам ХХ ст. Гэта рукапіс другой часткі "Беларускага архіва старажытных грамат", падрыхтаваны І. Грыгаровічам (1825); "Беларуская хрэстаматыя", якую сабраў і запісаў на працягу 1889-1931 гг. Б. ЭпімахШыпіла; запісная кніжка сям'і Кастравіцкіх з аўтографамі паўстанцаў 1863-1864 гг.; мастацкія работы Каруся Каганца; біяграфічныя дакументы Цёткі; рукапісны часопіс беларускіх студэнтаўнародавольцаў "Гоман" (1884); ліст М. Шагала свайму настаўніку Ю. Пэну з Парыжа (1927-1928) і іншыя дакументы.

З часу свайго заснавання архіў-музей ствараў навуковую бібліятэку. На сённяшні дзень яна налічвае звыш 30.000 кніг і каля 36.000 часопісаў і газет. Сярод многіх унікальных кніг і выданняў - газеты "Наша доля", "Наша ніва", "Вольная Беларусь", "Звон"; часопісы "Маладняк", "Узвышша"; стараверная перадрукоўка Псалтыра 1645 г., выкананая ў 1849 г., восем выданняў (пачынаючы з 1898 г.) паэмы "Тарас на Парнасе", першыя выданні твораў М. Багдановіча, Я. Купалы, Я. Коласа, кнігі В. Ластоўскага, Я. Лёсіка, асабістыя бібліятэкі пісьменнікаў і вучоных і інш.

Музейная частка архіва пачала фармавацца з 1976 г. і налічвае каля 600 прадметаў, у якой пераважае фалерыстыка (ордэны, медалі, памятныя знакі, значкі), значная калекцыя выяўленчых крыніц, прадстаўленая жывапісам, графікай, габеленамі, скульптурай і інш.

БДАМЛМ здзяйсняе шырокую прапаганду сваіх фондаў: арганізуе вечарыны, прэзентацыі, стварае тэматычныя і персанальныя выстаўкі, выдае дакументальныя зборнікі, рыхтуе археаграфічныя публікацыі, удзельнічае ў міжнародных і рэспубліканскіх канферэнцыях, цесна супрацоўнічае з беларускімі архівамі і музеямі. Сумесна з Інстытутам літаратуры НАН Беларусі з 2001 г. ладзяцца Узвышаўскія чытанні, прысвечаныя гісторыі беларускай літаратуры 2030х гадоў. З 2003 г. архіў запрашае да ўдзелу ў Архіўных чытаннях, якія разглядаюць тэарэтычныя і практычныя праблемы архіўнай справы.

Для карыстальнікаў дакументаў БДАМЛМ штодзённа (акрамя суботы і нядзелі) з 9.00 да 17.00 працуе чытальная зала, у якой для аператыўнага пошуку матэрыялаў маюцца каталогі, вопісы, даведнікі і інш.

Кантактныя тэлефоны: 227-47-81 - дырэктар Запартыка Ганна Вячаславаўна і нам. дырэктара - Кулажанка Уладзімір Генадзевіч; 227-11-88 - заг. аддзела інфармацыі, публікацыі і навуковага выкарыстання дакументаў Кекелева Таццяна Віктараўна.


У Баку загавораць па-беларуску

Цэнтр беларускай мовы і культуры адкрыўся 4 чэрвеня ў Бакінскім славянскім ўніверсітэце. Удзел у цырымоніі ўзяў кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка, паведамляе агенцтва БелТА.

Таксама дасягнута дамоўленасць аб адкрыцці азербайджанскага цэнтра ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка.


Юбілеі ў ТБК

У суботу, 1 траўня, у Таварыстве беларускай культуры ў Літве адзначалася два прыгожыя юбілеі сяброў ТБК: 90годдзе паважанай спадарыні Ніны Брылеўскай і 30-годдзе Юрася Юркевіча.

Гэтыя дзве даты: 30 і 90, сведчаць аб пераемнасці пакаленняў, перадусім пераемнасці віленскага беларускага космасу, калі старыя беларусывіленчукі змаглі перадаць сваю эстафету маладому пакаленню. Такім чынам можна з упэўненасцю сказаць, што пераемнасць пакаленняў адбылася, што яна не перарвалася і беларускае жыццё гэтага Вечнага Горада працягваецца і на далей.

Спадарыня Ніна Брылеўская была адной з самых адданых беларусак Таварыства. Нягледзячы на свае 90 год застаецца бадёрай, поўнай жыцця, спадзяванняў і веры ў вольную Беларусь. Нарадзілася яна 5 траўня 1920 г. у в. Лоска. Гэта недалёка ад Залесся, таго самага, дзе жыў Агінскі. Пра сябе шаноўная спадарыня расказала наступнае:

У часе вайны, пад нямецкай акупацыяй, я працавала настаўніцай пачатковых класаў у Лебедзеве, у Смургонях, у Жодзішках і ў Залессі. Школы былі беларускія. У школы хадзіла шмат дзяцей, пасутнасці, хадзілі ўсе вясковыя дзеці. У Залессі, напрыклад, было 7 класаў. Калі прыйшлі бальшавікі, у Залессі зрабілі дзве школы: беларускую і рускую.

Пасля таго, як прыйшлі бальшавікі, я зноў працавала настаўніцай, у сваёй вёсцы, у Лоску, але нядоўга. Спачатку ў пачатковых класах выкладала расейскую мову, пасля ў старшых.

Мой бацька лічыўся вораг народу, а я была член сям'і врага народу. І ў родным раёне пасля я не магла знайсці сабе працу, таму вырашыла прыехаць сюды, у Вільню. Тут уладкавалася на працу бібліятэкарам у Ерусалімцы (раён Вільні - аўт.), а затым настаўніцай у польскіх класах. Пасля я захварэла і зусім не працавала, паехала лячыцца на Каўказ. Калі выздаравела, працавала ўжо бібліятэкарам у гэтай самай чатырнаццатай школе. Класы ў гэтай школе былі на польскай, рускай і літоўскай мовах. Калі хварэлі настаўнікі пачатковых класаў, я іх замяняла. Акрамя таго, я яшчэ працавала сакратаром школы. І так да пенсіі.

У нас у бацькі была зямля свая. Мелі сваю гаспадарку. У 1939 г. у нас згарэла хата, і мы тады пераехалі ў Залессе. Мая маці памерла ў 1929 г., калі мне было 9 гадоў. А бацька атрымаў 10 гадоў лагераў у Карагандзе (Казахстан), пасля вярнуўся. А пасля дабрачынны ўзяў яго працаваць дзяком, і ён працаваў яшчэ некалькі гадоў. Памёр у 1974 г. ва ўзросце 91 года і 8 месяцаў.

З даваеннага часу мне запомніўся такі эпізод. Старшыня сельсавета засек сякерай дачку таго гаспадара, дзе ён жыў. І ніхто яго за гэта не караў. Вось такі час тады быў.

У Вільні апынулася дзякуючы Лявону Луцкевічу, ён мяне запрасіў, каб я памагла там у бібліятэцы. Паколькі я заканчвала бібліятэкарскія курсы і мела пасведчанне, мяне і ўзялі.

З Луцкевічам я пазнаёмілася дзякуючы майму брату ў часе вайны. Луцкевічы ехалі ў Берасце, каб уладкавацца на працу і начавалі ў майго брата ў Лебедзеве, там і пазнаёміліся.

Была знаёмая і з кс. Гадлеўскім, з якім я спатыкалася ў Смургонях. Ён там начаваў. Мой брат пры немцах быў старшынём Смургонскага раёна (бурмістрам). І Гадлеўскі ў нас начаваў. А пасля яшчэ Гадлеўскі прыязджаў у Жодзішкі. Там у касцёле сабралася вельмі шмат народу, і ён маліўся пабеларуску. Народ ведаў пра гэта заранне, таму і прыйшло шмат людзей. Пасля яшчэ прыехалі з Менска артысты і там спявалі "Мы выйдзем шчыльнымі радамі". Гэтым хорам кіраваў арганісты Трызна, але тады забілі яго польскія партызаны.

Акрамя Гадлеўскага, памятаю, што бацька Зоі Коўш быў бацюшкам і прыязджаў у Залессе і пабеларуску казаў казанне і маліўся. Яго забілі пасля. Невядома, хто яго там расстраляў.

У нас у Лебедзеве начаваў Іваноўскі. І я яго нават частавала аладкамі. І ён спяваў: "Кожны дзень бліны, а ў нядзелю таюны". А што гэта за таюны, я і не знаю. Размаўляў ён пабеларуску ў нас. Ехаў у Менск на машыне і ў нас пераначаваў. Высокі такі быў, прыгожы. Машынай сам не кіраваў, быў у яго шафёр.

Як тут стварылася Таварыства беларускай культуры, я далучылася да яго працы. Увесь час цікавілася беларускім жыццём.

Мне самой вельмі прыемна, што я магу нешта зрабіць для бібліятэкі Таварыства беларускай культуры і самой арганізацыі. Я старалася і зрабіла картатэку, кожная кніжка там запісана была.

Шкода, што адышлі многія сябры Таварыства, лепшыя людзі, беларусы. 15 асобаў налічыла. Цяпер спадзявацца трэба на маладых".

Павіншаваць спадарыню Ніну Брылеўскую прыйшло шмат сяброў Таварыства. Важна зазначыць, што гэтым разам былі і старэйшыя беларусывіленчукі, тыя, хто стаяў ля вытокаў ТБК: Леакадзія Шышэя, Зінаіда Кароль і інш. На жаль, іх засталося не шмат. Але зараз, нягледзячы на свой узрост, на розныя недамаганні, яны змаглі прыйсці, павіншаваць юбіляраў і перадаць свой Віленскі Космас маладому пакаленню, якое прысутнічала на ўрачыстасці.

Зінаіда Кароль парадавала прысутных прыгожым выкананнем беларускіх песен, якія спяваліся ў розны час, у тым ліку і ў ТБК.

Другі юбіляр - гэта Юрась Юркевіч , новы сябра ТБК, які ўліўся ў гэтую арганізацыю зусім недаўна, але ўжо паспеў сябе зарэкамендаваць. Актыўна ўдзельнічае ў жыцці Таварыства, выступае на шматлікіх імпрэзах з грунтоўнымі і змястоўнымі дакладамі. Варта дадаць, што пасля смерці Юрыя Гіля ён пераняў на сябе кіраўніцтва Таварыствам беларускай мовы Віленскага краю. Хацелася б яму пажадаць плённай працы на карысць беларушчыны Віленскага краю.

І, думаю, не поўным будзе аповяд пра святкаванне двух юбілеяў, калі не дадаць, што шыкоўны стол, за якім яны адзначаліся, быў арганізаваны за кошт Юрася Юркевіча.

І напрыканцы хочацца пажадаць паважаным юбілярам доўгага і плённага служэння на карысць дарагой нам усім Бацькаўшчыны. Пакуль ёсць мы - ёсць яна. І важна яшчэ - захаваць пераемнасць пакаленняў, якая тут, у Вільні, адбылася.

Алесь Адамковіч.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX