Папярэдняя старонка: 2010

№ 25 (968) 


Дадана: 19-03-2020,
Крыніца: pawet.net.



№ 25 (968) 23 ЧЭРВЕНЯ 2010 г.


ВАЛЯНЦІНУ АКУДОВІЧУ - 60

АКУДОВІЧ Валянцін, філосаф і культуролаг нарадзіўся 18 чэрвеня 1950 года у гарпасёлку Свіслач Гарадзенскай вобласці, скончыў Маскоўскі літаратурны інстытут імя Максіма Горкага, служыў ў войску, працаваў экспедытарам, токарам, слесарам, інжынерам, кіраўніком турыстычнага гуртка, вартаўніком, лодачнікам, намеснікам дырэктара Менскай школы турызму, старшым выкладчыкам беларускага філіяла Інстытута турызму, выкладчыкам і куратарам аддзялення філасофіі і літаратуры Беларускага калегіюма, рэдактарам газеты «Культура», часопісаў «Крыніца», «Фрагменты», «Перекрестки». Майстар спорту СССР па турызму, лаўрэат шматлікіх прэмій, у тым ліку імя Алеся Адамовіча Беларускага ПЭН-цэнтру і «Гліняны Вялес». Узнагароджаны медалём «За воінскую доблесць». Актыўны сябар ТБМ

Творы Акудовіча, у тым ліку «Мяне няма. Роздумы на руінах чалавека», «Разбурыць Парыж», «Дыялогі з Богам» і «Код адсутнасці», якія вызначаюцца арыгінальнасцю канцэпцый, глыбінёй, яднаннем думкі і пачуцця, духоўнымі пошукамі, публікаваліся ў шэрагу краін свету.

Філосаф Аляксандр Грыцанаў называе Акудовіча «чалавекам еўрапейскага маштабу і геніяльным сучаснікам», які стаў мостам паміж нацыянальным адраджэннем XX стагоддзя і новай Беларуссю XXI стагоддзя.

18 чэрвеня ў сталічнай галерэі сучаснага мастацтва «Ў» прайшла вечарына, прысвечаная 60-годдзю Валянціна Акудовіча. Вечарына адбылася ў лепшых традыцыях мысляра, якога за шматразовае прыгадванне адсутнасці ў тэкстах часта асацыююць з выразам назвы адной з яго кніг - «Мяне няма...».Акудовіча і сапраўды на імпрэзе не было.

З гэтай нагоды філосаф Уладзімір Мацкевіч сказаў: "Спадзяемся, што ў будучай Беларусі будзе месца і для Акудовіча, якога няма..."


60 гадоў Валеру Барташу

24 чэрвеня святкуе 60-гадовы юбілей старшыня Севастопальскага таварыства бела-русаў імя М. Багдановіча "Пагоня", сябра Вялікай Рады "Бацькаўшчыны" Валер БАРТАШ.

Валер Барташ нарадзіўся ў вёсцы Каскевічы Круглянскага раёна Магілёўскай вобласці. Калі Валеру было тры гады, сям'я пераехала на Ўкраіну ў горад Севастопаль. Валерыя Міхайлавіча заўсёды хвалявала тое, у якім становішчы апынулася беларуская мова і культура, і здзіўляла абыякавасць беларусаў, іх нежаданне змагацца за адраджэнне роднай мовы і культуры. Аднак, калі ў ліпені 1997 года ён патрапіў на Другі з'езд беларусаў свету, то зразумеў, што ёсць у Беларусі і па-за яе межамі вельмі шмат неабыякавых людзей, якія прысвяцілі сваё жыццё адраджэнню Беларусі як суверэннай дзяржавы, развіццю беларускай культуры. З гэтага моманту і пачалася актыўная дзейнасць Валерыя Барташа на ніве беларушчыны. У 1997 годзе ён стварыў Севастопальскае таварыства беларусаў імя М. Багдановіча "Пагоня" і з тае пары вось ужо 12 год з'яўляецца яе нязменным кіраўніком. Таварыства "Пагоня" займаецца даследчыцкай, асветніцкай дзей-насцю, а таксама праводзіць працу, якая дапамагае аб'ядноўваць людзей. Па словах Валерыя Барташа, мэта іх дзейнасці "кансалідацыя людзей на пазітыўных гістарычных прыкладах. Такіх Чарнаморскі флот і Севастопаль даюць сотні і нават тысячы".

Валеры Барташ шмат год даследуе тэму ўдзелу беларусаў у абароне і будаўніцтве Севастопаля. Цікавасць да гэтай тэмы ў яго невыпадковая. Валер Міхайлавіч - былы матрос Чарнаморскага флоту, служыў у мінна-тарпедным арсенале, удзельнічаў у баявых дзеяннях. У яго хатнім музеі шмат экспанатаў на флотскую тэматыку: кулі, сцягі, спражкі, гербы, знакі, абразы, вышыўкі, сувеніры, карціны, фотаздымкі. Частка экспазіцыі прысвечана творчасці славутага беларускага паэта Максіма Багдановіча.

Валер Барташ актыўны сябар ТБМ, як і іншыя сябры суполкі "Пагоня".


На Слонімшчыне ўшанавалі памяць паўстанцаў 1831-1834 гадоў

19 чэрвеня традыцыйна побач з крыжом у гонар паўстанцаў 1831-34 гадоў, што ў вёсцы Парэчча Слонімскага раёна, мясцовыя актывісты і іх сябры з Гародні, Менска, Кобрына ўсклалі кветкі, прамаўлялі, ўзгадвалі тых, хто паклаў свае жыцці за свабоду Беларусі, спявалі "Магутны Божа". Наогул, ушанаванне паўстанцкай магілы адбывалася, як заўсёды, эмацыйна. Выступоўцы ўзгадвалі, што менавіта 18 чэрвеня нарадзіўся Міхал Валовіч, узгадалі і аб тым, што і жыццё сваё ён склаў на шыбеніцы ў Гародні, яго пакаралі па загаду губернатара Мураўёва-вешальніка 2 жніўня 1833 года.

Яму было ўсяго 26 гадоў і ён не мог жыць спакойна ў Парыжы, калі яго радзіма была акупавана чужынцамі.

Дагэтуль невядома дзе ягоная магіла. Па адной з версій яго пахавалі паўстанцы, па другой - цела выкупіла маці і пахавала побач з уніяцкай царквой у Парэччы, якую збудавалі Валовічы. На тым месцы, дзе яшчэ да 2003 года стаяў крыж. У 2003 годзе праваслаўны святар, які прыехаў у прыход з Прыднястроўя, загадаў выкапаць крыж. Пазней яго адшукалі побач са Шчарай і паставілі на могілках. Над магілай паўстанцаў сёння лунаў бел-чырвона-белы сцяг.

Міхал Карневіч.


Першыя вынікі тэставання па беларускай мове

14 чэрвеня 2010 прайшло Цэнтралізаванае тэставанне па беларускай мове. Са спасылкай на кіраўніка РІКВ Мікалая Фяськова, беларускія СМІ паведамляюць наступнае:

- усяго тэставанне па беларускай мове 14 чэрвеня прайшлі 66 тыс. 154 абітурыенты;

- адсотак нез'яўлення склаў 2% або 1 тыс. 321 чалавек ад агульнага ліку зарэгістраваных на ЦТ (у мінулыя гады гэтая лічба складала 7-10% у залежнасці ад выпрабавання);

- два абітурыенты пакінулі аўдыторыі з-за мабільных тэлефонаў, якія забаронена прыносіць на тэставанне;

- вынікі ЦТ па беларускай мове будуць вядомыя праз 10-12 дзён з моманту праходжання выпрабавання.


Аспіранты павінны валодаць беларускай мовай

Пры здачы кандыдацкага экзамену па спецыяльнай дысцыпліне будзе ацэньвацца таксама веданне беларускамоўнай прафесійнай лексікі.

Такое рашэнне ў мэтах папулярызацыі і пашырэння ўжытку беларускай мовы прынялі Вышэйшая атэстацыйная камісія, Мінадукацыі і Нацыянальная акадэмія навук Беларусі.

Для гэтага ў якасці дадатковага пытання экзаменуемы павінен будзе перакласці спецыяльны тэкст з рускай на беларускую.

Новаўвядзенне пачне дзейнічаць ужо падчас сесіі ў кастрычніку-снежні 2010 года.



29 чэрвеня 2010 года на сядзібе ТБМ імя Ф. Скарыны у межах праекта "ДЫЯЛОГ" адбудзецца сустрэча з Аляксеем Галічам на тэму: Купалле і Хрысціянства
Час сустрэчы - 19.00. Уваход вольны.


Пад аўрай Васіля Быкава

Васіль Уладзіміравіч, дарагі і незабыўны, няўжо цябе зараз няма сярод нас, няўжо зараз не гучыць над планетай твой роўны, пранікнёны голас, часам напоўнены шчырым, здаровым гумарам, часам трывогай і неспакоем за лёс нашай Айчыны, за лёс нашай зямелькі роднай, якая дала табе спачын пасля доўгіх і нялёгкіх дарог?

Не, Васіль Быкаў з на-мі. Такое адчуванне ніколі не пакідае мяне. Я шчаслівы, што набыў усё, што ён напісаў, яго неўміручую спадчыну, якой няма цаны. I ўсё, што ён напісаў, я прачытаў. А многія творы не па адным, а па два, па тры і па чатыры разы ("Сотнікаў"). I кожны раз знаходжу ў іх што-сьці новае для сябе, няўлоўнае з першага разу. Вобраз Васіля Уладзіміравіча ва ўсю веліч паўстае са старонак яго твораў, ён жыве ў іх, а значыць, жыве і ў нас.

Васіль Быкаў - мая студэнцкая маладосць, мае светлыя гады. 3 1960 года па 1965 год я займаўся ў Гарадзенскім дзяржаўным педагагічным інстытуце імя Янкі Купалы і ўвесь гэты час даволі часта сустракаўся з Васілём Уладзіміравічам.

Зараз, калі я пішу гэтыя радкі, перада мною раскрытаю ляжыць кніга "Гродна", выдадзеная выдавецтвам "Беларусь" у 1975 годзе. А ў ёй на цэлую старонку буйным планам - партрэт Васіля Быкава. Добра прыкметны ўсе рыскі яго мужнага адкрытага твару, а засяроджаны пранікнёны позірк яго ясных, праўдзівых вачэй гаворыць: не адступіся ад ісціны, усё перажыві - і ты пераможаш. Менавіта такім, і нават намнога маладзейшым, Васіль Уладзіміравіч запом-ніўся мне.

Першы раз мне пашча-сціла сустрэцца з Васілём Уладзіміравічам на занятках літаратурнага аб'яднання пры рэдакцыі газеты "Гродзенская праўда". Гэта было восенню 1960 года. Васілю Быкаву ў той час было трыццаць шэсць гадоў, а мне - дваццаць тры.

Заняткі праходзілі ў Доме Элізы Ажэшкі. Вёў іх Аляксей Карпюк. Сабралася чалавек пятнаццаць. З педінстытута прыйшлі разам са мною Уладзімір Шурпа, Сяр-гей Габрусевіч, Марк Віленскі, Аляксей Дземідовіч і Канстанцін Станкевіч. Паэты чыталі свае вершы, а пасля амаль усе прысутныя іх абмяркоў-валі. Дайшла чарга і да мяне. Я прачытаў каля дзесяці вершаў. Некалькі чалавек падзяліліся сваімі ўражаннямі ад іх. Калі ахвочых выступіць больш не знайшлося, Аляксей Карпюк прамовіў:

- Васіль Уладзіміравіч, што вы скажаце?

З-за століка падняўся стройны, русавалосы, з чыстым, свежым тварам чалавек, які сядзеў між намі ў невялікай чытальнай зале, і які, як мне падалося, не намнога старэйшы за нас, студэнтаў. Ён адзначыў, што з прачытанага мною найбольш уражвае пейзажная лірыка, што ў вершах гэтага кшталту адчуваецца натуральнасць дэталей і непасрэднасць аўтара, ёсць запамінальныя радкі. Вершы ж грамадскага характару маюць патрэбу у дапрацоўцы, у іх не адчуваецца асобы аўтара, яны ў некаторай ступені дэкларатыўныя.

У той час я не ведаў, што гэта быў Быкаў і паціхеньку, каб ніхто не пачуў, запы-таў у Шурпы, які сядзеў побач са мною, і які на два курсы ішоў раней за мяне, (я быў на першым).

- Быкаў,- адказаў ён. - У рэдакцыі "Гродзенскай праўды" працуе.

Ад першага разу і ён сам, і словы вымаўленыя ім, неяк натуральна запалі мне ў душу і ў памяць. Я прыйшоў вечарам у свой студэнцкі ін-тэрнат і яшчэ раз удумліва, не спяшаючыся, прачытаў тыя вершы, якія выносіў на суд літаб'яднання, і сам для сябе зрабіў вывад: Быкаў сказаў праўду. Вершы грамадскага гучання падаліся мне нязграбнымі, чужымі, а ў пейзажнай лірыцы было сёе-тое ад свайго "я".

Літкансультантам на той час у "Гродзенскай праўдзе" працаваў Міхась Васілёк, а Васіль Быкаў, мабыць, - у сакратарыяце.

Неўзабаве, той жа восенню, Міхась Васілёк памёр, а рэдакцыя "Гродзенскай праўды" пераехала ў новы будынак. Літкансультантам стаў Васіль Быкаў. Неяк я сабраў свае вершы і панёс у рэдакцыю. У калідоры сустрэў незнаёмую жанчыну і спытаў:

- Каму можна паказаць свае вершы?

- Быкаву, - адказала яна. - Ідзіце па калідоры і пасля направа. У аддзеле культуры ён.

Гэта, як аказалася пазней, была Ірына Міхайлаўна Суворына - загадчыца ўпамянёнага аддзела, якая пасля стала жонкай Васіля Быкава.

Я зайшоў. Васіль Уладзіміравіч падняўся з-за стала і першым падаў мне руку. У яго была такая звычка - заўж-ды вітацца першым - гэта, ві-даць, каб мы, студэнты, былыя вяскоўцы, не так губляліся. Праўда, гэта падбадзёрвала нас, прыдавала духу.

Ён адабраў тое-сёе з прынесенага і паабяцаў, што прапануе ў літстаронку. Пазней вершы былі надрукаваны. А я ўсё часцей пачаў заглядваць у рэдакцыю "Гродзенскай праўды" - калі адзін, а калі разам з сябрамі. Ні разу не прапусціў заняткаў у літаб'яднанні. Пра гэта Васіль Уладзіміравіч успамінае ў сваёй кнізе "Доўгая дарога дадому", дзе згадвае прозвішчы Уладзіміра Шурпы і маё.

Іншы раз я заходзіў у рэдакцыю і без вершаў. Бадзяюся, бадзяюся па горадзе - і раптам падумаю: давай загляну да Васіля Быкава - хоць розуму набяруся. Ішоў я да яго, як на споведзь, а выходзіў з кабінета, як з чысцілішча. Так ён уздзейнічаў не на аднаго мяне, а на ўсіх маіх сяброў, як яны ў размове прызнаваліся. Пасля сустрэчы з Быкавым, сапраўды, неяк станавілася лёгка і светла на душы, у ёй усталёўвалася святая, нерастлумачальная гармонія. Сваімі наведваннямі рэдакцыі я, магчы-ма, і назаляў Васілю Уладзіміравічу, але выгляду ён не паказваў. Наадварот, пры маім з'яўленні ў яго кабінеце, ён як быццам ажыўляўся і з зацікаўленасцю слухаў мае вершы. Праўда, любіў тонка і востра прыпусціць толіку гумару ў мой адрас, што Ірыну Міхайлаўну Суворыну, якая сядзела з ім у адным кабінеце, і мяне здорава смяшыла (за гумар я не крыўдаваў). Аднойчы, напрыклад, ён сказаў:

- Ты, Васько, пішаш, як ідзе па вуліцы салдат, у якога на адной назе бот, а на другой - лапаць: то грукне ботам, то шлёпне лапцем. А патрэбна што-небудзь адно: ці грукаць, ці шлёпаць. Патрэбна гармонія ў творах. Разумееш?

Сам жа Васіль Уладзіміравіч усміхаўся стрымана, з характэрнай для яго цёплай хітрынкай у вачах. Трэба сказаць, што заўвагі яго падштур-хоўвалі зусім па-іншаму глядзець на свае творы.

Адчуваючы высокі інтэлект і глыбіню думкі Васіля Быкава, часам я звяртаўся да яго па параду чыста жыцейскага характару. Было такое: аднойчы, знаходзячыся ў Доме адпачынку "Рось" Ваўкавыскага раёна і скачучы з трампліна на лыжах, я падкруціў сабе нагу - і яна перастала выпрост-вацца ў калене. Адправілі мяне ў Гародню, у гарадскую бальніцу. Прафесар пры аглядзе сказаў, што прыйдзецца рабіць аперацыю, і даў мне суткі на роздум. Засмучаны, я пасядзеў крыху ў палаце, пагараваў, а пасля падумаў: "Ці не патэлефанаваць Васілю Быкаву, усё ж ён - удзельнік вайны, сам не раз быў паранены. Можа ён дасць якую параду". Я проста з бальніцы, з паста, патэлефанаваў яму.

- Ведаеш, што, Валодзя,- прамовіў ён,- на калене даволі складаная аперацыя. Там сухажыллі. Глядзі, каб яны цябе зусім не зрабілі інвалідам. Няхай пашукаюць якія іншыя сродкі: праграванні ці гразь.

Я адмовіўся ад аперацыі і лячыўся амбулаторна: на каленны сустаў накладвалі гразь, прыкладвалі нейкія металічныя пласцінкі. Разам з тым, не прапускаў заняткаў. Клыпаючы, хадзіў у інстытут. Праўда, тут мяне маральна падтрымлівалі хлопцы з майго пакоя. Каб не выдаць сапраўд-нага клыпатага, і яны пачалі кульгаць. Прычым кожны з іх прыдумаў сваю арыгінальую манеру накульгвання. Асаб-ліва "па-мастацку" рабіў гэта Ваня Лашко. Ён неяк нязграбна выкідваў правую нагу ў бок, а на левую рэзка прысядаў. Пры падыходзе да інстытута, у калідоры і ў кабінетах мае сябры браліся за сваё штукарства. Не забываліся яны рабіць гэта і на перапынках. Студэнты смяяліся, асабліва дзяўчаты. I ўсе казалі:

- Як гэта раптам вы ўсе заклыпалі?

У нядзелю я паехаў на аўтобусе ў лясны масіў Пышкі, што туліўся да самага горада. Ішоў па вузкай, пратаптанай у снезе сцяжынцы, пазіраў на калматыя ад снегу галінкі соснаў - і раптам у калене маім штосьці пстрыкнула, і нага выпрасталася. Далей я пакрочыў нармальна, як хадзіў раней. Можаце сабе ўявіць маю радасць! "Я не інвалід" - вырва-лася ў мяне з грудзей. - Я не інвалід!"

А ў панядзелак я ўжо быў у кабінеце Васіля Быкава. Удзячнасці маёй у яго адрас не было мяжы!

- Я ж табе казаў, - прамовіў Васіль Уладзіміравіч. - Аперацыя на калене - штука сур'ёзная. Гэта не тое, што вы-разаць апендыцыт.

Помню, мы ехалі вступаць у вайсковую часць, якая размяшчалася ў лесе, далека-вата ад горада. У грузавой вайсковай машыне, крытай брызентам, па адзін бок на лаўцы сядзелі Васіль Быкаў, Марк Віленскі і Уладзімір Шурпа, па другі - Данута Бічэль, Сяргей Габрусевіч і я. Была позняя халодная восень. Машыну трэсла на калдобінах і гразевых мерзляках, на каранях дрэў, якія пераразалі дарогу. У кузаве завіхурваўся сцюдзёны вецер. Быкаў шмат жартаваў, казаў:

- Ну, усе позіркі салдатаў будуць скіраваны на Дануту.

- Так ужо, - адказвала яна і рассыпала па кузаве чаромхава-бэзавыя смяшынкі.

- Адна ўсяго дзяўчына між нас. Я ведаю рэакцыю салдат.

Маладая, прыгожая, чарнавокая Данута Бічэль усё адбівалася словамі ад быкаўскіх кампліментаў і вельмі прывабна паружавела.

Пасля Васіль Уладзімі-равіч засунуў руку за пазуху і выняў з унутранай кішэні дэмісезоннага паліто нейкую кніжку.

- Во кнігу выдалі, - прамовіў ён,- "Жураўліны крык".

Мы ўсе ахнулі. Ні ў кога з нас яшчэ не было кнігі. А тут побач сядзіць аўтар, наш старэйшы сябра. Мы па-шчыраму пазайздросцілі яму, парада-валіся такой важнай падзеі ў яго жыцці. I глядзець на Быкава сталі ўжо, як на Бога. Гэта была яго першая кніга. Ну, а ў салдацкім клубе ўсё было так, як Васіль Уладзіміравіч напрарочыў. Але ж і аўтара "Жураўлінага крыку" афіцэры і шара-гоўцы слухалі з затоеным дыханнем.

Пасля першай кнігі Васіль Уладзіміравіч. узлятаў у зеніт сваёй славы вертыкальна. У Маскве адна за другой друкаваліся яго аповесці. Найчасцей у часопісе "Новый мнр", рэдактарам якога быў Аляксандр Твардоўскі. У той час казалі, што менавіта Твардоўскі першым убачыў у асобе Васіля Быкава таленавітага празаіка і прадказаў яму зайздросную літаратурную будучыню. Так і сталася.

А ў нашым інстытуце і выкладчыкі, і студэнты адно толькі і гаварылі, што Васіля Быкава вынесла на літаратурную арбіту "Трэцяя ракета". Яго запрашалі на сустрэчы ў вышэйшыя навучальныя ўстановы, у школы, у тэхнікумы, па яго прысылалі машыны з раённых цэнтраў. Хоць, я добра ведаю, што выступаць ён не любіў і казаў:

- Няхай чытаюць творы. Навошта яшчэ сябе выстаўляць на паказ як экспанат.

I яшчэ адзін цікавы эпізод. (Я думаў, прыгадваць яго тут ці не - і рашыўся). Сакратар абкама партыі па ідэалогіі Еўдакія Емяльянава, даволі інтэлігентная і разумная жанчына, у мінулым выкладчык ВНУ, запрасіла нас на гутарку з нагоды свята Кастрычніка. Яна гаварыла, каб мы штонебудзь з твораў прысвяцілі гэтай даце. I згодна са спісам, які ляжаў перад ёю, персанальна апытвала кожнага.

Карпюк сказаў, што піша аповесць, але тэматыка ў ёй зусім не звязана з Кастрычнікам, і што ён не ведае, ці разумным было б ставіць над ёй такое прысвячэнне.

- А новую я ўжо не паспею напісаць,- расчаравана закругліў ён. Быкаў жа прамовіў:

- У мяне ўсе аповесці ваеннага зместу. Таксама з прысвячэннем атрымліваецца пэўная нестасоўка. Але, калі нават я і напісаў бы новую аповесць адпаведнага зместу, то пакуль яна будзе ўключана ў план, пакуль будзе праходзіць усе інстанцыі, пакуль яе надрукуюць, дык і Кастрычнік пройдзе.

Дайшла чарга і да нас, літаратурнай галоты. Што мы маглі сказаць? Абяцалі, што будзем старацца, будзем пісаць, а атрымаецца што-небудзь з нашых патугаў ці не - не ведаем. Летуценнае расчара-ванне адбілася на твары сакратара па ідэалогіі, аднак яна развіталася з намі даволі так-тоўна і шчыра.

Мы выйшлі на вуліцу. Быў цёплы, бязхмарны верас-нёўскі дзянёк. На плошчы Савецкай «віравала» моладзь. Усё радавала нас. Ля скверыка Ка-рпюк развітаўся з кожным за руку і пакіраваў дадому. А мы пайшлі ўніз па Савецкай і дабраліся да вуліцы Ажэшкі, запруджанай звычайна ў пачатку навучальнага года студэнтамі. Васіль Уладзіміравіч жартаваў, пасмейваўся, і пабочнаму ча-лавеку лёгка можна было прыняць яго за студэнта - такім ён быў маладым і вонкавым выглядам і настроем і, здавалася, нічым не адрозніваўся ад нас.

Насупраць педінстытута, на рагу вуліц Леніна і Ажэшкі, стаяла кавярня ці закусачная, з дахам накшталт каляровага (у палоску) пара-сона. Мы заглянулі туды. Як-раз нікога не было. Васіль Уладзіміравіч прапанаваў апробаваць сухое малдаўскае віно. Мы тут жа ўвішна пасу-нулі рукі ў свае кішэні.

- Супакойцеся, - спыніў нашы памкненні Быкаў. - Студэнты. Бедната. Няма чаго ў вас там трэсці.

Ён замовіў тры бутэль-кі і паўкілі цукерак. Пакуль ён разлічваўся, мы паставілі ўсё гэта на стол.

- Авансам адзначым Кастрычнік, - прамовіў Васіль Уладзіміравіч. I мы ўсе па старой завядзёнцы дружна чокнуліся. У нас на сэрцах ста-ла ўтульна і цёпла, весела і сонечна. Ах, маладосць, маладосць, чаму ты так хутка збегла ад нас і ад нашага літаратурнага настаўніка?!

Цікава праходзілі заняткі літаб'яднання пры рэдакцыі «Гродзенскай праўды». Пры абмеркаванні твораў выказваліся амаль усе, крытыкавалі адзін аднаго, спрачаліся, кожны даводзіў свае думкі, як хацеў. Помню абмяркоўвалі адзін раз мае вершы. У калідоры, перад гэтым, мяне сустрэла Ірына Суворына і падбадзёрыла:

- Сёння ты імяніннік. Трымайся.

Даклад рабіў пажылы паэт, падпалкоўнік у адстаўцы, Яўген Яўсцігнееў, які часта пісаў скаргі ў ЦК КПБ, чаму нідзе не друкуюць яго вершы. Найболып ён прычапіўся да ўрыўка з маёй паэмы «Цаліна», які я даслаў з цаліны, будучы там са студэнцкім будаўнічым атрадам, і які ўжо быў надрука-ваны ў «Гродзенскай праўдзе».

Васіль Быкаў не ўтрываў пасля яго крытыкі. Ён пад-няўся і зазначыў:

- Якраз тыя месцы, якія вы крытыкуеце, самыя моцныя ў паэме. А дэталі не прыдуманыя, не штучныя, як вы кажаце, а натуральныя, дакладныя і даюць магчымасць убачыць каларыт той мясцовасці, якую аўтар апісвае, адчуць тую абстаноўку, у якой апынуліся студэнты. Мне, напрыклад, спадабаўся ўрывак.

Падтрымалі мяне рэда-ктар газеты Андрэй Колас і загадчык аддзела Барыс Папоў, якія засталіся пасля работы і прысутнічалі на літаб'я-днанні, а таксама мае інстыту-цкія сябры. Карта Яўсцігнеева была бітай.

У 1965 годзе я скончыў інстытут і паехаў настаўнічаць на Дзятлаўшчыну. Пасля пера-йшоў на працу ў рэдакцыю мясцовай газеты «Перамога», затым пераехаў у Ліду, дзе таксама ўладкаваўся на працу ў рэдакцыю аб'яднанай газеты «Уперад». I з Васілём Уладзіміравічам бачыўся ўсё радзей і радзей. Уласна кажучы, адбыліся ўсяго чатыры сустрэчы: адна на Свіцязі, другая ў Лідскім Доме афіцэраў, дзе ён выступаў з Генадзем Бураўкіным, Рыгорам Барадуліным і Васілём Зуёнкам (на сцэну запрасілі і мяне), трэцяя - на пленуме Саюза пісьменнікаў Беларусі ў Доме літаратараў, чацвёртая - у фае гасцініцы «Ліда», дзе ён жыў падчас чарговага прыезду ў горад з Генадзем Бураўкіным і Алесем Разанавым. Гэта, аднак, былі кароткія сустрэчы і мінутныя гутаркі. Пасля я бачыў толькі фотаздымкі Васіля Быкава ў часопісах, газетах і ў яго кнігах, а самога - у тэлеперадачах.

Аднойчы я паслаў яму паштоўку, у якой павіншаваў з 60-годдзем з дня нараджэння і пажадаў напісаць звяз баявых аповесцей. Не падлічваў, сабраўся з іх звяз ці не, але перакананы: колькі іх ні ёсць - праўдай сваёй і сілай мастацкай вартасці яны паспяхова зава-ёўваюць сэрцы мільёнаў людзей.

Уладзімір Васько


Лаўрэатам прэміі «За свабоду думкі» стала Ада Райчонак

У дзень народзінаў Васіля Быкава на яго радзіме, у вёсцы Бычкі Ушацкага раёна Віцебскай вобласці, адбылося ўручэнне прэміі «За свабоду думкі» імя Васіля Быкава, заснаванай рухам «За Свабоду».

Лаўрэатам сёлета стала Ада Райчонак, заснавальніца недзяржаўнага мастацкага музея ў родным мястэчку Германавічы (Шаркоўшчынскі раён), арганізатарка шматлікіх мастацкіх плянэраў, старшыня мясцовай суполкі ТБМ, сапраўдны рухавік незалежнай культурнай дзейнасці на Віцебшчыне.

Раней яна працавала настаўніцай. У 1995 годзе заснавала культурнаадукацыйны цэнтр імя Драздовіча, якім кіруе і цяпер. Стварыла Музей мастацтва і этнаграфіі імя Язэпа Драздовіча і недзяржаўны літаратурнамастацкі музей імя свайго заўчасна памерлага сына, пісьменніка і грамадскага дзеяча Міхася Райчонка.

На імпрэзу да роднай хаты Васіля Быкава сабралася больш за сто чалавек. Большая частка - «менскі дэсант». У тым ліку - паэт Генадзь Бураўкін, мастак Алесь Марачкін, кіраўнік Руху «За Свабоду» Аляксандр Мілінкевіч і яго намеснік Віктар Карняенка. Прыйшлі на свята і жыхары Бычкоў, сярод іх - родная сястра Быкава Валянціна Уладзіміраўна.

Пасля ўручэння прэміі ўдзельнікі напісалі нацыянальную дыктоўку, прысвечаную Васілю Быкаву, а завяршыў імпрэзу канцэрт гурта «Рэха».

Наш кар.


Жыў роднай песняй

У менскім выдавецтве "Кнігазбор" выйшла кніга Сяргея Чыгрына "Жыў роднай песняй: нарыс пра беларускага харавога дырыжора, кампазітара і педагога Антона Валынчыка.

Ён быў шчыра і самаахвярна закаханы ў справу свайго жыцця, у родную беларускую песню. у музыку і ў свой народ. Імя гэтага чала-века сёння амаль забыта. Гэта Антон Міхайлавіч Валынчык (1896-1985) - беларускі кампазітар, харавы дырыжор, музычны дзеяч, педагог, заслужаны работнік культуры Беларусі.

Сяргей Чыгрын у сваёй кнізе распавядае пра жыццёвы і творчы шлях Антона Валын-чыка, вяртаючы з небыцця гэтае імя, падае шмат фатаграфій і некалькі песень А. Валынчыка.

"На Беларусі няма ніводнага такога кутка, які б не меў сваіх слаўных сыноў ці дачок, імёны якіх навечна звязаны са сваёй маленькай радзімай. Сярод вядомых людзей Слонімшчыны пачэснае месца займае беларускі кампазітар, музыкант, харавы дырыжор, педагог, заслужаны работнік культуры Беларусі Антон Валынчык.

Антон Валынчык (1896-1985) нарадзіўся ў вёсцы Мяльканавічы. Сама вёска знаходзіц-ца недалёка ад Слоніма. Упершыню яна ўпамінаецца ў XVI стагоддзі як сяло, цэнтр Мяльканавіцкага войтаўства, дзяржаўная ўласнасць у Слонімскім старостве Вялікага Княства Літоўскага. У 1852 годзе ў Мяльканавічах было адкрыта народнае вучылішча, якое скончыў бацька Антона Міхась Валынчык.

У сям'і Валынчыкаў было некалькі сыноў. Адзін з іх у 1920-1930-х гадах займаўся палітыкай. Польскія ўлады яго арыштавалі і трымалі за кратамі. А калі юнак моцна захварэў на сухоты, выпусцілі на волю, дзе праз некалькі месяцаў ён памёр. Аб гэтым казаў на мітынгу ў Мяльканавічах у верасні 1939 года сам Міхась Валынчык. «Мне было 9 гадоў. Але я памятаю той мітынг і бацьку Антона Валынчыка-высокага, худога. I памятаю таксама ягоныя словы пра сына», - сказаў неяк пры сустрэчы мне кандыдат філалагічных навук, перакладчык Уладзімір Сакалоўскі, які таксама родам з Мяльканавіч.

Другі сын Міхася Валынчыка, Антон, нарадзіўся 23 ліпеня 1896 года ў Мяльканавічах. У 1910 годзе хлопчык скончыў Жыровіцкае духоўнае вучылішча. Гэтае вучылішча рыхтавала хлопцаў на дзякаў, кіраўнікоў царкоўных хораў і настаўнікаў парафіяльных школ. Спевы і ігра на музычных інструментах былі там на першым месцы. Менавіта ў вучылішчы Антон Валынчык навучыўся добра іграць на скрыпцы.

Пасля заканчэння вучылішча займаўся на двухгадовых настаўніцкіх курсах у Гродне. Там, у горадзе над Нёманам, ён таксама браў урокі музыкі - у кампазітара Банькоўскага.

Калі пачалася Першая Сусветная вайна, Антон Валынчык быў мабілізаваны. У войску малады салдат уладкаваўся яшчэ рэгентам вялікага салдацкага хору рускай арміі..."


Знойдзена каля Лідскага замка

Падчас расчысткі балота каля сцен Лідскага замка і ператварэння яго ў прыгожае возера здараюцца і цікавыя знаходкі. Адна з іх - баявы клінок у дастаткова добрым стане. Клінок мае даўжыню каля 90 см, шырыню каля эфесу - 3 см. Па асноўнай даўжыні ляза шырыня - 2 см. Клінок на канцы звужаецца на востра. Лязо вострае з аднаго боку. Эфес выкананы са сплаву медзі, блізкага па складу (колеру) да латуні. Паводле папярэдняй ідэнтыфікацыі гэта руская, кавалерыйская, адналязовая, салдацкая шпага 18-га стагоддзя. Падобныя шпагі пачалі масава паступаць на ўзбраенне рускага войска пасля 1720 года. Найбольш верагодна, што шпага трапіла ў Ліду падчас паўстання Тадэвуша Касцюшкі, калі 6 ліпеня 1794 года рускія войскі генерала Кнорынга штурмам узялі горад, хаця магла трапіць і пры іншых абставінах.

Шпага перададзена ў Лідскі гістарычна-мастацкі музей.

Наш кар.


Радуньскі замак

Самы таямнічы аб'ект для мяне на Лідчыне - Радуньскі замак. Да нашага часу захаваліся велічныя валы зам-ка, якія робяць вялікае ўра-жанне і прымушаюць да пошукаў інфармацыі аб ім.

Першым пра Радуньскі замак напісаў Міхал Балінскі. Трошкі інфармацыі можна знайсці ў працах дырэктара Віленскага музея старажыт-насцяў пры канцы ХІХ - на пачатку ХХ ст. Пакроўскага Ф.В. Пісаў пра замак Вандалін Шукевіч, пісалі гісторыкі ХХ ст. Гурэвіч Ф.Д., Штыхаў Г.В., Пабаль Л.Д. і іншыя. Інфармацыя пра замак ёсць ў 2-м томе энцыклапедыі "Вялікае Княства Літоўскае". Аднак інфармацыі надзіва няшмат, і ў гэтым невялічкім артыкуле будзе выкарыстана практычна ўсе, што ўдалося знайсці.

Балінскі ў 3-м томе сваёй "Старажытнай Польшчы" піша: "За чвэрць мілі (2 км - Л.Л.) ад мястэчка (Радунь - Л.Л.) , на разлеглым пляцы, каля вёскі Гарадзішча ляжыць вялікі вал, і хаця месцічы называюць яго шведскім, ягоны выгляд і назва вёскі каля яго, падказваюць, што гэта ста-ражытнае гарадзішча з часоў да уніі (Люблінскай - Л.Л.) ".

Заснавальнік археалогіі нашага краю Вандалін Шукевіч пісаў пра Радуньскае замчышча, як пра адно са старажытных гарадзішчаў паўночнай Лідчыны ў кнізе "Труды Виленского отделения Московского предварительного комитета по устройству в Вильне IX Археологического съезда" у 1893 г.: "У апісваным кутку Лідскага павету ёсць некалькі мясцовасцяў, званых народам: маякі, шведскія акопы, замчышчы і замкі каралевы Боны. Так, напрыклад, каля мястэчка Эйшышкі ёсць гарадзішча, вядомае пад назвай Маяк, другое, званае шведскімі акопамі ляжыць у наваколлі мястэчка Радунь, пры вёсцы Гарадзішча, трэцяе на беразе возера Пеляса, пры вёсцы Дубічы носіць назву замка каралевы Боны. Чацвёртае, якое знаходзіцца на палях маёнтка Ча-пялюны (Каняўской воласці) і пятае паблізу фальварка Каняўка (той жа воласці), назы-ваюць пілекальніс (гарадзішча)". Шостае гарадзішча паўночнай Лідчыны па Шукевічу - «замак каралевы Боны» на беразе возера Ула паблізу вёскі Рудня.

"Гарадзішча каля Эшышак ляжыць пры зліцці дзвюх рэчак, на паўночным беразе шырокіх балотаў. Валы яго, насыпаныя на раўніне, уяўляюць амаль правільны чатырохкутнік ... вышыні валоў 5 сажняў ... роў вакол валоў, мае 8 сажняў шырыні і 5 глыбіні .... Гарадзішча каля мястэчка Радунь ляжыць ... на беразе шырокага балота, акружанага многімі рэчкамі. Валы насыпаны на раўніне ў чатырохвугольнік. Больш дакладных звестак пра гэта гарадзішча не маецца. ... «Пілекальніс» (замчышча) паблізу фальварка Чапялюны, ляжыць на правым беразе рэчкі Асупка. Само гарадзішча, г.зн. сляды валоў, знаходзіцца на версе натуральнай горкі, да 18 сажняў вышынёй. Валы насыпаны ў два канцэнтрычныя кругі, з якіх ўнутраны мае 20, а знешні 22 сажні у дыяметры". У 1890 г. Шукевіч праводзіў пробныя раскопкі паблізу фальварка Чапялюны. Ён знайшоў абгарэлыя камяні, пабітыя косткі жывёл, аскепкі глінянага посуду грубай якас-ці, бронзавы кельт (сякеру) выдатна адпаліраваны. Археолаг прыйшоў да высновы, што «прымаючы пад увагу малы памер ... гэтага гарадзішча, сляды агню ... рэшткі жывёл ... гара гэтая была месцам, дзе прыносіліся крывавыя ахвяры».

Такім чынам, верагодна, Радуньскі замак не быў адзінокі - ён адзін з многіх старажытных гарадзішчаў.

Зараз я падсумую ўсю інфармацыю, якая ёсць пра Радуньскі замак.

Рэшткі замка знаходзяцца на ўзвышшы сярод забалочанай мясцовасці на беразе ракі Радунька каля вёскі Гарадзішча сучаснага Воранаўскага раёна. Валы чатырохвугольная, памерам 85 х 60 м, пляцоўка замка паднятая на вышыню да 8 м над далінай ракі, валы маюць вышыню 3-5 м. Валы абкружаная ровам глыбінёй 2,5-3 м і шырынёй 6-8 м., памеры рова, верагодна, вызначаны пад час раскопак, бо ўжо ў ХІХ стагоддзі роў быў практычна засыпаны. У паўднёва - ўсходнім вугле валоў да нашага часу бачны ўваход, там месцілася ўязная вежа - брама з пад'ёмным мастом. Гісторыкі лічылі, што аснову замкавай абароны складаў комплекс драўляна - земляных умацаванняў: вал, сцены - агароджа, вежы. Раскопкі па-казваць, што замак мае культурны пласт у 0,4-0,5 м. Пакроўскі Ф. у кнізе "Археологическая карта Виленской губернии", Вільня, 1893., пісаў, што "унутры вала, па кутах гарадзішча маюцца невысокія ўзвышэнні, відаць, - рэшткі былых пабудоваў, што пацвярджаецца таксама багаццем тут цагляных і кафляных абломкаў. Падчас нядаўняга разворвання гарадзішча былі знойдзены, згубленыя цяпер старадаўнія манеты, піка і асаблівай формы жалезная сякера, якая знаходзіцца да гэтага часу ў вёсцы Юцюны". Энцыклапедыя ВКЛ уда-кладняе, што археолагамі была знойдзена кераміка 14-17 ст., паліваная і тэракотавая кафля, жалезныя наканечнікі дзідаў, сякера, манеты 15-17 ст. і інш.

У XIV - XVII ст. замак быў велікакняскай маёмасцю. Пакроўскі піша, што паводле народнага падання, пераказа-нага тутэйшым настаўнікам, перад тым як з'ехаць у Белавежскую пушчу, у Радуньскім замку нейкі час жыла каралева Бона. Як было напісана вышэй, на поўначы Лідскага павету было некалькі "замкаў каралевы Боны". Вандалін Шукевіч пісаў: "Замак каралевы Боны" ў Дубічах зараз невялікі ўзгорак, акружаны валам. Ён ўзвы-шаецца на паўднёва-заходнім беразе возера і ракі Пеляса. Нарбут ў сваёй "Гісторыі літоўскага народа" выказвае меркаванне, што ў гэтым месцы стаяў паляўнічы палац вялікага князя Вітаўта. Сапраўды, пры праведзеных мною тут раскопках, знайшліся перагарэўшыя бэлькі, цэгла старадаўняй формы, шмат смецця, вугалю і попелу. Усё дно ракі ў гэтым месцы таксама засыпана смеццем. Кажуць, што нават ляжыць там гармата, якую быццам бы ў ясныя дні рыбаловы бачылі некалькі разоў. Каля «замка» праходзіла дарога - здаецца з Гародні ў Вільню - і на рацэ быў мост на дубовых палях, сляды якіх існуюць дагэтуль. ... пра «замак каралевы Боны», на беразе возера Ула, паблізу вёскі Рудня - ... дакладных звестак не маю."

Можна выказаць здагадку, што гэтыя замкі ў народнай памяці лічыліся "замкамі каралевы Боны" да пачатку XVIII стагоддзя, пасля ж Паўночнай вайны сталі шведскімі валамі (акопамі). А да сярэдзіны ХІХ стагоддзя ў людской прамяці захоўваліся абедзве назвы. З усяго комплексу гарадзішчаў на поўначы былога Лідскага павету на сучаснай тэрыторыі Беларусі знаходзіцца толькі Радунскі замак. Тым большую гістарычную каштоўнасць ён мае.

Лявон Лаўрэш.

Здымак аўтара.


ПАВАЖАНЫЯ СЯБРЫ! АМАТАРЫ ПРЫГОЖАГА ПІСЬМЕНСТВА І МАСТАЦТВА!

Супрацоўнікі Літаратурнага музея Максіма Багдановіча запрашаюць да ўдзелу ў першым музейным hand-made фестывалі "Поруч…", які адбудзецца 30 чэрвеня 2010 года, з 14.00 да 21.00 (г. Менск, Траецкае прадмесце, вул. М.Багдановіча, 7а)

Апошнім часам усё большую папулярнасць сярод моладзі набывае культура hand-made. Шматлікія фабрыкі і камбінаты ў неабмежаванай колькасці штампуюць луску, якой напаўняецца нашае жыццё, але так хочацца мець нешта асаблівае, непаўторнае, цёплае, зробленае сваімі рукамі.

Беларусь мае свае традыцыі hand-made: даматканыя рушнікі, паясы, вырабы з саломы, жаночыя ўпрыгожванні. Адкрытая для іншых культур, яна на свой лад пераймае модныя накірункі аматарскага мастацтва, захоўваючы сваю непаўтор-насць і самабытнасць. Цікавая мешаніна культур, тэхнік і аўтарскіх рашэнняў дазволіла майстрам ствараць па-сапраўднаму цікавыя рэчы.

Спачатку хочацца проста выдзеліцца з натоўпу, паказаць сваю адметнасць. Чалавек пачынае тварыць… Потым узнікае жаданне зрабіць што-небудзь не толькі для сябе, але і для сваіх родных, сяброў, блізкіх. Часам жаданне ўпрыгожыць свой свет перарастае ў большае: імкненне падзяліцца сваім майстэрствам з тым, хто побач, хто яшчэ не знаёмы з асалодай творчасці, але хто ўжо гатовы да сустрэчы з ёй.

На першым музейным hand-made фестывалі "Поруч…" у Літаратурным музеі Максіма Багдановіча вы зможаце не толькі ўбачыць, як ствараюцца прыгожыя рэчы, але і сваімі ўласнымі рукамі паспрабаваць зрабіць што-небудзь незвычайнае. І, хто ведае, праз колькі год, магчыма, менавіта Вы будзеце прадстаўляць Беларусь на якім-небудзь міжнародным форуме.

Праграма першага музейнага hand-made фестывалю "Поруч…":

14.00 - 14.15 - "Поруч з гісторыяй…" - прэзентацыя выставы музейных прадметаў hand-made з фондаў Літаратурнага музея М.Багдановіча (шафа, зробленая рукамі А.Я.Багдановіча, бацькі паэта, саматканыя, вышытыя ручнікі і інш. рэчы, якія належылі продкам М.Багдановіча).

14.00 - 17.00 - "Поруч з натхненнем…" - выстава аўтарскіх работ, майстар-класы па hand-made (навучанне розным відам творчасці: выраб упрагожванняў з поўсці, бісеру, вышыўка, пляценне, пластыка, арыгамі і г.д.).

17.00 - 18.00 - выстава аўтарскіх работ, кірмаш.

18.30 - 21.00 - "Музыка поруч…" - музычная імпрэза, у якой прымуць удзел гурты "Handmade", "Shepot Serebra", "ZnaRock", "Людзі Х" і інш. Пад час канцэрту адбудзецца прэзентацыя самаробных музычных інструментаў.

Уваход: 2.500 руб.

Фэст адбываецца пры падтрымцы галерэі "Славутыя майстры".

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX