№ 26 (969) 30 ЧЭРВЕНЯ 2010 г.
110 гадоў з дня нараджэння Кузьмы Чорнага
ЧОРНЫ Кузьма (сапраўднае імя - Раманоўскі Мікалай Карлавіч; псеўданімы - Максім Алешнік, М. Біруля, Ігнат Булава з-пад Турава, Игнат Булава из-под Турова, Вясёлы, М. Сідарэўскі, сусед Вясёлы, Раман Талапіла, Арцём Чамярыца, Сымон Чарапкевіч, А. Чорны). Нарадзіўся 11(24).06.1900 года, паблізу ад маёнтка Боркі ў фальварку Лапацічы (зараз в. Жабчава Капыльскага раёна Менскай вобласці). Памёр 22.11.1944 года ў Менску, пахаваны на вайсковых могілках. Празаік, драматург, публіцыст. Член Саюза пісьменнікаў Беларусі з 1934 года.
Бацькі Кузьмы Чорнага служылі парабкамі ў пана Эдварда Вайніловіча, якому належаў маёнтак Боркі. Калі хлопчыку споўнілася 8 гадоў, пераехалі ў мястэчка Цімкавічы на Капыльшчыне, каб даць яму пачатковую адукацыю. Бацька тут зарабляў на жыццё цяслярствам. Маці была хатняй гаспадыняй, выхоўвала пяцёра дзяцей. Закончыўшы Цімкавіцкую народную навучальню, у 1916 годзе будучы пісьменнік паступіў у Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю. Закончыць яе не ўдалося, бо ў 1919 годзе польскія ўлады закрылі семінарыю. Летам 1920 года з прыходам Чырвонай Арміі сям'я Раманоўскіх атрымала зямлю "паводле колькасці душ". Тады ж будучы пісьменнік пайшоў працаваць у вайсковы аддзел Цімкавіцкага валаснога рэўкаму. Пасля быў пераведзены на канцылярскую работу ў Слуцкі павятовы вайсковы камісарыят. Звольніўшыся адтуль, увосень 1923 года паступіў на літаратурнае аддзяленне педагагічнага факультэта БДУ, дзе правучыўся два курсы. Быў членам літаратурнага аб'яднання "Маладняк" з 1923 года. Яшчэ студэнтам, у 1924 годзе, пачаў працаваць у газеце "Беларуская вёска". У 1928 годзе пайшоў адтуль на літаратурную працу. У1926-1931 гг. Кузьма Чорны быў старшынём літаратурнага аб'яднання "Узвышша", з 1932-га па 1937-ы - галоўным літаратурным кансультантам кабінета маладога аўтара пры Саюзе пісьменнікаў БССР. Быў безпадстаўна арыштаваны 14.10. 1938, прасядзеў у менскай турме амаль 8 месяцаў (з іх 6 - у камеры-"адзіночцы"). Паколькі абвінавачванні не былі абгрунтаваны, 8.06.1939 года выпушчаны на волю. У 1941 - 44 гг. знаходзіўся ў эвакуацыі (пераважна ў Маскве), удзельнічаў у выданні газеты-плаката "Раздавім фашысцкую гадзіну". Летам 1944 года вярнуўся ў Менск, працаваў у рэдакцыі часопіса 'Беларусь". У апошнія месяцы жыцця хварэў - адбіліся ранейшыя хваробы (сухоты), катаванні ў турме, недаяданне ў эвакуацыі.
Першыя артыкулы і вершы Кузьма Чорны апублікаваў у 1920 годзе (пад уласным прозвішчам, рознымі псеўданімамі). У 1921 годзе друкаваўся ў дзіцячым часопісе "Зоркі". У 1925 годзе выйшлі першыя яго кнігі - "Апавяданні" і "Срэбра жыцця". Раннія апавяданні Кузьмы Чорнага па форме набліжаюцца да імпрэсій, нагадваюць навелы. Напісаны яны на матэрыяле з жыцця сацыяльных нізоў вёскі і горада. Спустошанаму індывідуалісту пісьменнік супрацьпаставіў занядбанага, але шчодрага душой чалавека з "дна беларускага жыцця". У сярэдзіне 20-х гадоў адбываюцца прыкметныя змены ў стылі Кузьмы Чорнага. У зборніках "Па дарозе", "Пачуцці", "Хвоі гавораць", "Вераснёвыя ночы" ўзмацняецца псіхалагічны аналіз. Адводзячы літаратуры вялікую місію ў нацыянальным адраджэнні, Кузьма Чорны гаварыў пра яе, як пра "наймагутнейшую з'яву жыцця краіны, адзін са сродкаў творчасці гэтага жыцця". Першапачатковы досвед паказу дэградацыі і станаўлення асобы Кузьма Чорны абагульняў у творах вялікай эпічнай формы - раманах "Сястра" і "Зямля", аповесці "Лявон Бушмар", дзе ён ішоў шляхам сінтэзу.
Напісаў раманы "Ідзі, ідзі" (няскончаны, 1930), "Бацькаўшчына" (1931).
Выйшаўшы з турмы, Кузьма Чорны ў 1941-м напісаў п'есу "Ірынка", якая ў тым жа годзе была пастаўлена ў Беларускім драматычным тэатры. У гады вайны працаваў з асаблівай самаахвярнасцю і напружаннем: тады ім былі напісаны дзесяткі публіцыстычных артыкулаў, апа-вяданні, якія ўвайшлі ў зборнік "Вялікае сэрца" (выйшаў пасмяротна ў 1945 годзе).
Да 21-х угодкаў ТБМ
У нядзелю, 27 чэрвеня, у кавярні "Фальварак "Добрыя Мыслі" г. Менска моладзь наладзіла электраакустычны канцэрт "Свае песні на беларускай мове", прымеркаваны да 21х угодкаў існавання ТБМ.
У канцэрце прынялі ўдзел Алесь Камоцкі, Вольга Акуліч, Дар'я Каданская, дуэт Раман Яраш і Андрусь Касценя ды іншыя. Арганізатары запрасілі аднаго з заснавальнікаў і першага старшыню ТБМ Ніла Гілевіча. Паэт ухваліў правядзенне канцэрта.
Выдатная ідэя, сказаў Ніл Гілевіч, уратуе нас толькі нацыянальная ідэя, нацыянальная культура, нацыянальная свядомасць. Але ўсё гэта пусты гук без нацыянальнай мовы.
На пачатку канцэрта прысутных прывітаў дзейны старшыня ТБМ Алег Трусаў. Ён адзначыў, што 30 год назад стварылася "Беларуская майстроўня", якая пачала спяваць народныя песні ў гарадскіх аўдыторыях, а перад гэтым заснавальнікамі беларускага року былі "Песняры" і гурт "Сузор'е". Старшыня ТБМ выказаў пажаданне, каб кожны з прысутных кожны дзень размаўляў пабеларуску.
Адным з арганізатараў імпрэзы быў Юльян Місюкевіч - сябар аб'яднанай суполкі ТБМ Кастрычніцкага раёна г. Менска, а таксама Каця Далідовіч - студэнтка БДУКіМ.
Наш кар.
Да 600-годдзя Грунвальдскай перамогі
Фэст у Наваградку
25-27 чэрвеня ў Наваградку прайшоў фэст сярэднявечнай культуры «Наваградскі замак - 2010». Сёлета свята прысвечана 600годдзю Грунвальдскай бітвы.
У пятніцу прайшла навуковапрактычная канферэнцыя. А на ранішняй прэсканферэнцыі ў суботу арганізатары заявілі, што на фэст зарэгістраваліся каля 400 удзельнікаў рыцарскіх клубаў з Беларусі, Украіны, Літвы, Чэхіі, Расіі і Польшчы, якіх размясцілі ў Сяльцы пад горадам у рыцарскім табары. На фэст запрасілі калектывы народнай музыкі, аматараў сярэднявечнай кухні.
На адкрыцці фестывалю прысутнічаў прадстаўнічы дэсант чыноўнікаў і дыпламатаў. У Наваградак прыехалі міністр культура Павел Латушка, кіраўнік Гарадзенскага аблвыканкаму Сямён Шапіра, старшыня Гарадзенскага абласнога савету дэпутатаў Андрэй Навумовіч. Літву на Грунвальдскім фэсце прадстаўляў пасол Літвы ў Беларусі Эдмінас Багдонас, Польшчу - часовы павераны польскага дыппрадстаўніцтва Вітольд Юраш. Былі таксама прадстаўнікі міністэрстваў культуры Латвіі і Расіі.
Адкрываючы фэст, Сямён Шапіра адзначыў, што 600 год таму беларусы супольна з суседзямі «надоўга адвучылі крыжакоў рабіць наезды на нашыя землі». Павел Латушка прыгадаў прарочыя словы пра тое, што народ. які не памятае сваю гісторыю, не мае будучыні. Міністр падкрэсліў, што беларусы памятаюць усе свае перамогі: і 600гадовай даўніны, і 65-гадовай.
Фэст у Камянцы
У Камянцы каля Белай Вежы 26 і 27 чэрвеня таксама разгарнуліся рыцарскія баі. Адкрыццё фестывалю «Камянецкая Вежа 2010» адбылося ў 12 гадзін адразу пасля тэатралізаванага шэсця ўдзельнікаў фэсту да брацкай магілы воінаў, загінулых у гады Другой Сусветнай вайны. Удзел у фэсце ўзялі болей за дзве сотні рыцараў. Акрамя беларусаў прыехалі прадстаўнікі з Масквы.
У Камянцы таксама прайшоў турнір лучнікаў, захоп адмыслова пабудаванай цвердзі, жыхары і госці горада мелі магчымасць насалодзіцца сярэднявечнай музыкай, у прыватнасці ў выкананні гурта Стары Ольса.
Удзельнікі фэсту і тут жылі пасярэднявечнаму, яны размясціліся на гарадскім стадыёне ў намётах.
Фэст у Камянцы таксама прымеркаваны да 600-годдзя Грунвальдскай бітвы.
КАМПЕНДЫЙ КАТЭХІЗІСА КАТАЛІЦКАГА КАСЦЁЛА па-беларуску
У Менску ў выдавецтве "Про Хрысто" выдадзены Кампендый Катэхізіса Каталіцкага Касцёла. Прадмову да беларускага выдання напісаў Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Глыбокапаважаныя вернікі і ўсе, хто зацікаўлены пытаннем веры ў сучасным свеце!
Вы трымаецс ў руках упершыню выдадзены на беларускай мове Кампендый Катэхізіса Каталіцкага Касцёла - кнігу веры, якая ў сціслай форме перадае змест каталіцкага веравучэння.
Пераклад Кампендыя здзейсніла Секцыя па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Бсларусі. Стараннямі МінскаМагілёўскай архідыяцэзіі і дзякуючы падтрымпы фонду "Bradley fundacion" выдавецтва "Pro Christo" падрыхтавала яго выданне.
У Каталіцкім Касцёле здаўна існавалі катэхізісы, якія прадстаўлялі афіцыйнае вучэнне каталіцкай веры. Найбольш вядомым быў гэтак званы Рымскі Катэхізіс, выдадзены ў 1566 г., у якім знайшлі адлюстраванне ідэі Трыдэнцкага Сабору. Рымскі Катэхізіс, як і многія іншыя нацыянальныя і дыяцэзіяльныя катэхізісы, а таксама катэхізісы для спецыяльных груп вернікаў адыгралі вялікую ролю ў працзсе катэхізацыі на працягу многіх вякоў.
Пасля Другога Ватыканскага Сабору (19631965) спецыяльная сесія Сіноду Біскупаў у 1985 г. прыняла рашэнне, згодна з навучаннем Сабору і патрабаваннямі часу, апрацаваць новы Катэхізіс Каталіцкага Касцёла. Тэкст гэтага Катэхізіса быў афіцыйна прадстаўлены 11 кастрычніка 1992 г. папам Янам Паўлам II як узорны для абноўленай катэхізацыі.
Міжнародны Катэхстычпы Камгрэс у 2002 г. прапанаваў, каб на базе Катэхізіса быў падрыхтаваны яго Кампендый, які б больш коратка, у традыцыйнай форме пытанняў і адказаў выкладаў праўды каталіцкай веры і маральнасці. Гэты Кампендый быў абнародаваны 28 чэрвеня 2005 г. папам Бэнэдыктам XVI.
Кампендый, па сваёй сутнасці, з'яўляецца простым і адначасова поўным прадстаўленнем каталіцкай веры і маральнасці ў форме дыялогу паміж катэхетам і катэхізуемым. Пры гэтым трэба падкрэсліць, што пытанні і адказы падабраны так, каб канцэнтраваць увагу чытача на матэрыяле і такім чынам пабуджаць яго да адкрыцця новых аспектаў веры і маральнасці.
Прынятая ў Кампендыі форма дыялогу не азначае, што толькі так можна ім карыстацца. Ён будзе прыдатны і тым, хто сам цікавіцца пытаннем веры і маральнасці і хоча самастойна іх пазнаць.
Вельмі важным з'яўляецца тое, што ў Кампендыі ёсць шмат ілюстрацый, якія дапамагаюць перадаць і замацаваць прапанаваны чытачам матэрыял. Касцёл на працягу ўсёй сваёй багатай гісторыі вельмі шырока выкарыстоўваў іканаграфію для евангелізацыі і катэхізацыі. Сучасная культура характарызуецца большай увагай да вобразу. Таму выкарыстанне ілюстрацый з'яўляецца эфектыўным сродкам у дынамічным выражэнні і пераказе праўдаў веры.
Кампендый сцісла звязаны з самім Катэхізісам і складзены паводле яго структуры. Ён мае тыя самыя, што і Катэхізіс, лагічна звязаныя паміж сабой часткі.
Першая частка - «Вызнанне веры» - змяшчае сінтэз каталіцкага веравучэння, а таксама Апостальскі і НікейскаКанстанцінопальскі сімвалы веры, якія абвяшчаюць галоўныя праўды веры.
Другая частка - «Цэлебрацыя хрысціянскай таямніцы» - прадстаўляе нязменнае значэнне літургіі ў жыцці Касцёла. Пры гэтым маецца на ўвазе тое, што абвяшчэнне Евангелля і навучанне праўдам веры знаходзіць сваю реалізацыю ў сакрамэнтальным жыцці вернікаў, у якім ажыццяўляецца збаўчая Пасхальная таямніца Хрыста.
Трэцяя частка - «Жыццё ў Хрысце» - навучае аб абавязках хрысціянаў жыць паводле прынцыпаў хрысціянскай веры, быць заўсёды вернымі збаўчаму духу Евангелля і яго сведкамі.
I, нарэшце, чацвёртая частка - «Хрысціянская малітва» - прадстаўляе малітоўнае жыццё веруючых, якія па прыкладзе Хрыста пакліканы да размовы з Богам на малітве. Хрысціянін - гэта чалавек малітвы.
Такім чынам Кампендый уводзіць у таямніцу Бога і збаўлення чалавека, цэнтральнае месца ў якой займае асоба Езуса Хрыста, які праз Духа Святога дзейнічае ў Касцёле.
Секулярналіберальныя выклікі нашага часу патрабуюць адраджэння і аднаўлення працэсу катэхізацыі, каб кожпы чалавек меў магчымасць пазнаць праўды веры і маральныя нормы, дадзеныя яму дзеля яго дабра і збаўлення, каб ён, жывучы паводле іх, будаваў Божае Валадарства: валадарства праўды і жыцця, валадарства святасці і ласкі, валадарства справядлівасці, любові і спакою.
Спадзяюся, што Кампендый стане новай дзейснай прыладай катэхізацыі, а таксама паспрыяе ўмацаванню хрысціянскай веры і маральнасці, як саміх веруючых, так і тых, хто сумняваецца і знаходзіцца ў пошуку. Няхай яго змест і ідэі моцным рэхам адгукнуцца ў сэрцах людзей і фарміруюць іх жыццё у сучасным свеце, які патрабуе духоўнага абнаўлення.
Спадзяюся таксама, што ён будзе садзейнічаць далейшаму развіццю адносін з іншымі хрысціянскімі веравызнаннямі, асабліва з Праваслаўнай Царквой, у справе абвяшчэння праўдаў хрысціянскай веры, супольнай абароны хрысціянскіх каштоўнасцяў і сведчання пра іх.
Выданне Кампендыя - кнігі веры - на беларускай мове з'яўляецца таксама ўкладам Каталіцкага Касцёла ў развіццё беларускай культуры і абагачэнне яе новым рэлігійным зместам і тэрміналогіяй.
Дзякую перакладчыкам, спонсарам і выдаўцам Кампендыя і ўсіх іх, а таксама тых, хто будзе ім карыстацца, давяраю Марыі, Маці Касцёла, і ад усяго сэрца благаслаўляю.
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі.
Мінск, 25 сакавіка 2010 г.
Урачыстасць Звеставання Пана.
Міністэрства адукацыі не спяшаецца
Старшыні Грамадскага аб'яднання
"Таварыства беларускай мовы
і.мя Францішка Скарыны"
А.А.Трусаву.
Паважаны Алег Анатольевіч!
У адпаведнасці з даручэннем намесніка Прэм'ер-міністра Рэспублікі Беларусь У.М. Патупчыка ад 3 чэрвеня 2010 г. № 05/209-210, 209-219, 535-94, 105-524 Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь разгледзела Ваш зварот ад 25 мая 2010 № 90 і паведамляе наступнае.
У дадзены час вядзецца праца па перакладзе афіцыйнага інтэрнэт-сайта Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь на беларускую мову. Яе завяршэнне запланавана да канца бягучага года.
Першы намеснік Міністра А.І. Жук.
На шляху да Беларусі
Мы, сябры клуба "Спадчына", лічым за гонар крочыць шляхам Максіма Багдановіча да вяршыняў беларускасці. На гэтым шляху ёсць неабходны для сэрца абавязак - ушанаванне памяці любімага паэта. У нашым калектыве ўжо сталася традыцыяй наведванне Траецкага ў Менску 25 траўня штогод у Дзень памяці паэта. Гэты год быў яшчэ асаблівы тым, што мы выпадкова далучыліся да музейнага конкурсу мультымедыйных прэзентацыяў "LOGIN Максім". Сябра нашага клуба Баравік Крысціна выконвала гэтую працу, а мы так жадалі ёй поспеху. Бо гэта такая рэдкая магчымасць для нас - выказаць свае пачуцці да нашага Максіма! Вядома ж, мы не былі адзначаныя ў гэтым конкурсе, таму што надзвычай цяжка спаборнічаць з улюбёнцамі лёсу менчукамі. Але, спадзяемся, прыйдзе час і нашых перамогаў. Бо шчырасць, непасрэднасць і адданасць не могуць знікнуць бясследна. І тое, што мы адарваныя адлегласцю і нястачай сродкаў ад дарагіх сэрцу мясцінаў, і тая, пагарда і грэблівасць, якую часам адчуваем падсвядома ад тых, хто мае магчымасць жыць між таго, аб чым мы толькі марым усё гэта можна змагчы толькі праз далучанасць да высокага, несмяротнага. Да паэзіі Максіма Багдановіча. Гэтага нас не пазбавіць ніхто.
Увесь доўгі шлях ад нашага мястэчка мы з нецярпеннем чакалі сустрэчы з любай сталіцай. Найперш, як заўжды, мы наведалі Літаратурны музей Максіма Багдановіча. Ужо шмат разоў мы тут былі, але кожны раз адкрываем для сябе нешта новае і цікавае.
Гэты музей асаблівае месца, бо тут жыве Памяць пра Багдановіча. Сімвалічнае аздабленне залаў, рэчы, дакументы, фотаздымкі - усё гэта нясе на сабе адбітак цяжкага, складанага часу для нашай Радзімы. І разам з тым шчаслівага часу, калі на гэтай зямлі з'явіўся на свет найвялікшы з яе сыноў.
У гэты раз мы падарожнічалі па залах музея разам з экскурсаводам Міхасём Аляксандравічам. Мы ўпэўніліся, што ён, як і мы, таксама захоплены асобаю Максіма Багдановіча. Ён з павагаю паставіўся да нашай зацікаўленасці, размаўляў з намі, як з беларусамі. Таму мы адчулі да Міхася Аляксандравіча шчырую прыязнасць і з задавальненнем сустрэнемся яшчэ не раз.
Затым мы накіраваліся да помніка Максіму Багдановічу, каб ускласці кветкі. Тут супрацоўнікі музея наладзілі невялікі мітынг у памяць паэта. Прысутнічалі самыя адданыя прыхільнікі творчасці Максіма Багдановіча. Гучалі прамовы, вершы. Нам таксама пашчасціла выказаць свае пачуцці, што збераглі мы ў сваёй душы адмыслова да гэтага дня. Адно толькі сумна было ад таго, што няшмат народу сабралася ў гэты дзень ля помніка. Не прыйшлі шмат хто з нашых сяброў, каго мы так спадзяваліся тут сустрэць. І не было з кім праспяваць любімыя "Зорку Венеру" і "Пагоню".
Ад гэтага ў душы з'явілася пачуццё нейкай незавершанасці. Але яно адразу ж знікла, калі мы патрапілі ў царкву Св. Пятра і Паўла. Кранальнае памінальнае богаслужэнне на роднай мове абудзіла самыя светлыя пачуцці: сум ад непапраўнай згубы, надзею на спатканне ў вечнасці. І пасля доўга жыла ў душы радасць ад супольнай малітвы, ад паяднанасці нас, сённяшніх, з тымі, за каго мы шчыра маліліся.
Я веру, што гэтая радасць не згасне, бо яна будзе зноў і зноў падсілкоўвацца новымі ўражаннямі на нашым шляху да Максіма Багдановіча. Мы крочым ад Максіма Багдановіча і да Максіма Багдановіча. І просім у Бога, каб даў нам сілаў выстаяць і не збочыць з гэтага шляху. Бо толькі на гэтым шляху можна пачувацца годным беларусам!
Паліна Лашкоўская , навучэнка гуртка "Юны журналіст", сябра гістарычна-патрыятычнага клуба "Спадчына" з в. Дварэц Дзятлаўскага р-на.
18 чэрвеня на 74 годзе жыцця памёр сп. Сяргей Андрэевіч Язерскі, выдатны доктор-псіхатэрапеўт, сябар БНФ"Адраджэньне", сябар Таварыства беларускай мовы, выкладчык "легальнага" Беларускага гуманітарнага ліцэя, стваральнік клуба "Спаемства", сапраўдны грамадзянін краіны, добры, шчыры і зычлівы чалавек.
Гэта вялікая страта для нас - сяброў, ягоных блізкіх, для усёй беларускай грамады краіны.
Віншуем сяброў ТБМ, якія нарадзіліся ў ліпені
Кульбіцкі Пятро С. Сакалоўскі Уладзімір Талерчык Тамара Васільеўна Крывёнак Міхаіл Фадзеевіч Зуёнак Васіль Васільевіч Бельская Святлана Бацян Пётр Дзмітрыевіч Савік Мікола Пятровіч Шусціцкі Тадэвуш Віктар. Арбузаў Анатоль Цімафеевіч Тумаш Генадзь Коцікаў Ян Барболін Васіль Васільевіч Трапашка Марыя Грузноў Валер Іосіфавіч Місцюкевіч Аляксандр Іван. Кароткі Мікалай Мікітавіч Карчэўскі Анатоль Пастарнак Барыс Натанавіч Місцюк Уладзімір Мікал. Русаў Пятро Аляксандравіч Чыгір Клаўдзія Сцяпанаўна Звераў Юры Сухаверхі Міхаіл Пятровіч Данілава Таццяна Каракін Андрэй Анатольевіч Галай Аркадзь Апанасавіч Марчанка Пётр Георгіевіч Млынарчык Марыя Трацяк Вера Нікановіч Васіль Васільевіч Кухарчык Пётр Андрэевіч Муха Анатоль Міхайлавіч Кобер Таіса Усцінава Людміла Нікіфар. Прыбыткова Святлана Рымша Алесь Георгіевіч Радчук Віталь Дзмітрыевіч Казлова Святлана Мікал. Ермалёнак Вітольд Антонавіч Ліннік Міхаіл Аляксандравіч Бубешка Уладзімір Кардаш Наталля Аляксандр. Корзун Валянціна Кузяцоў Ігар Мікалаевіч Молчан Барыс Валянцінавіч Бумажэнка Я. М. Балашка Алег Даўматовіч Іван Уладзімір. Сыч Ніна Лявонцьеўна Пашкевіч Мікалай Іванавіч Шалупенка Васіль Іванавіч Картавенкава Галіна Пятр. Амбразевіч Людміла Мікал. Навіцкі Пётр Лявонавіч Кавалёнак Л. П. Гняткоў Валеры Дабравольская Наталля Міх. Голышаў Павел Кулак Жанна Язэпаўна Чапля Данута Рамук Алена Вячорка Вінцук Рыгоравіч Ільініч Наталля Валянцінаўна Скупановіч Уладзімір Леан. Ляцяга Ігар Шымірка Анатоль Літвіненка Аляксандр Буцко Павел Анісімавіч Дрожынава Іна Аркадзеўна Цыганкоў Генадзь Васільевіч Казляк Любоў Хасанаў Ігар Герасімовіч Казімір Станісл. Жыгальская Вольга Анатол. Машанскі Аляксандр Іван. Адамчык Надзея Іванаўна Панізнік Алена Іванаўна Баброўская Марына Вітал. Стрыгельская Наталля Анат. Знавец Павел Кірылавіч Хрол Часлаў Часлававіч Чарткоў Мікола Алегавіч Бараноўскі Ігар Віктаравіч Ячычка Віктар Шычко Валянціна Пузанкевіч Сяргей Уладзім. Пазняк Жанна Лапкоўскі Алег Мікалаевіч Баран Аляксандр Смола Таццяна Макоўская Алена Машынская Ірына Антонаўна Бармута Юлія Уладзіміраўна Зелянкевіч Наталля Смаль Валянцін Мікалаевіч Найдзёнава Вера Ермаловіч Святлана Лапановіч Андрэй Васільевіч Лаўнікевіч Дзяніс Эдуардавіч Блізнюк Аляксандр Алякс. Гуркоў Сяргей Мікалаевіч Лажкова Наталля Шычко Святлана Вячаслав. Пашкевіч Таццяна Валер. Піскун Андрэй Анатольевіч Ермакова Святлана Сярг. Розін Дзмітры Барысавіч Крываручанка Ігар Мікал. Казлова Алена Шэравера Руслан Уладзімір. Залацілін Аляксандр Валер. Цішкевіч Вольга Іосіфаўна Новікава Марыя Сяргееўна Цюшкевіч Сяргей Анатол. Пашкевіч Алег Эдуардавіч Сарокін Арцём Адамавіч Сінцова Таццяна Амяльковіч Віталь Леанідавіч Грынько М.У. Савіна Анастасія Амяльковіч Павел Анатол. Недзялкаў Яраслаў Гайко Сяржук Анатольевіч Талапіла Алесь Львовіч Богдан Вадзім Міхайлавіч Пятроў Аляксандр Аляксан. Краснеўскі Віталь Сяргеевіч Ціцянкова Галіна Сяркоў Андрусь Бабенка Сяргей Ліннік Сяргей Мікалаевіч Згурская Ганна Глазко Дзмітры Мікалаевіч Лесавы Кірыл Белан Наталля Семяненка Максім Уладзімір. Яўцюшкіна Таццяна Алякс. Ксянзоў Кірыл Уладзіміравіч Шумскі Ягор Аляксандравіч Васечка Іван Уладзіміравіч Жмачынскі Аляксандр Вікт. Нікалаеўская Вольга Ігараўна Ткачова Вольга Кундас Ганна Калеева Вераніка Уладзімір. Самасюк Аляксандр Міхайл. Сяменчык Настасся Мікал. Крывашэеў Зміцер Сяргеевіч Аўсей Аляксандр Лукін Ілля Міхайлавіч Лабадзенка Глеб Паўлавіч Шыпай Аляксандра Генадз. Мікалаеўская Анастасія Іван. Танкевіч Аляксандр Яўген. Радзівонава Ірына Яўгенаўна Парда Аліна Іванаўна Паплыка Аляксандра Сярг. Пракоф'ева Юлія Чысцякоў Аляксей Уладзім. Ішчанка Кацярына Сяргееўна Варачаева Анастасія Андр. Звонік Святлана Карп Алена Аляксандраўна Ваўчок Аляксандр Ярмац Аляксандр Аляксанд. Шарашовец Аляксандр Мік. Максімава Кацярына Касяк Кастусь Аўдзейчык Ілля Анатольевіч Рудовіч Мікалай Паўлоўская Ганна Валер'еўна Талатай Святлана Дзянісаў Гальляш Краўчанка Сяргей Канстанц. Чарнышоў Алесь Ігаравіч Кульбеда Дзмітры Сярг. Сяткоўская Вераніка Уладз. Цішко Валянцін Уладзімір. Пяткоўская Алена Іосіфаўна Тупік Кацярына Віктараўна Краўчук Маргарыта Дзмітр. Даніловіч Мар'яна Мулашкіна Лізавета Дзмітр. Лагутаў Віталь Сагалец Ілля Фёдаравіч Макарыч Максім Міхайлавіч Рашчэўскі Віталь Часлававіч Бязрукая Маргарыта Юр. Арэшка Вераніка Вечаслав. Мароз Наталля Алегаўна Здановіч Іван Юльянавіч Жукоўскі Ігар
На вольным паветры
Рэха разносіць прасторам хвалю гукаў, то грозна, то жартаўліва паўтарае заклікі, перапевы, шчабятанні і трэлі. Як перадатчык гукаў пушчаў і дуброваў, нясецца рэха ад краю поля да вялікага шляху. "Рэха" так называецца гурт маладых выканаўцаў з Менску, які ўжо заявіў пра сябе на такіх фестывалях як "Басовішча", " Бардаўская восень".
Менавіта гэтыя хлопцы парадавалі грамаду лірычнажартаўлівымі спевамі на Быкаўскім свяце. Пад іх спевы госці сябдзібы не ўтрымаліся і пусціліся ў скокі. Пазней па нашай просьбе кіраўнік гурта цёмнаскуры беларус Андрэй Такінданг распавёў пра гісторыю стварэння музычнага калектыва.
Мы граем ужо сем гадоў разам, выконваем аўтарскую музыку. У склад "Рэха" ўваходзяць шэсць чалавек, а ў песнях гучыць гітара, бас, скрыпка, домра і тамтамы. Мікіта Кішаў і Кастусь Лісецкі граюць на гітары і басгатары, Віктар Паўлючэня - на акардэоне, Леанід Паўлёнак прадстаўляе ўдарныя, я выконваю партыю на домры. Сам пішу вершы і кладу на музыку.
Усе будучыя ўдзельнікі "Рэха" спачатку былі мастакамі. Мы тады вучыліся ў мастацкім каледжы. А мастакі часам зайздросцяць музыкам. Бо што робіць мастак? Сядзіць у зацішку, піша сваю карціну. А музыку ўвесь час суправаджаюць воплескі... Таму мы неяк сабраліся і вырашылі паспрабаваць сябе ў музычным рэчышчы. Паступова да ідэі далучаліся патрэбныя людзі, і стварыўся наш гурт.
Андрэй мае афрыканскія карані, але нарадзіўся на Беларусі. Яго прозвішча Такінданг перакладаецца як «замова супраць смерці дзіцяці». Яго маці паходзіць з Лепельшчыны, там ён наведваў пачатковую школу ў вёсцы Чэрцы.
Пазней Андрэй скончыў Ліцэй мастацтваў імя Ахрэмчыка ў Менску, а потым Беларускі Дзяржаўны Універсітэт Культуры па спецыяльнасці мастакарэстаўратара. Андрэй займаецца жывапісам, вядзе музычны гурток для падлеткаў у Менскім палацы моладзі, вядзе разам з Аленай Анісім беларускамоўныя сюжэты на АНТ (ёсць інфармацыя, што яны хутка будуць выходзіць два разы на тыдзень у аўторак і чацвер).
Мы рады граць на вуліцах у клубах, на святах, супрацоўнічаем з калектывамі "Гаротніца","Нагуаль"і іншымі. У нас ёсць запісы для розных праектаў, - распавёў Андрэй.
Э. Оліна
На здымку: Спявае гурт «Рэха», фота Арцёма Лявы.
БЫКАЎСКАЕ СВЯТА Ў БЫЧКАХ
19 чэрвеня, у суботу, у Дзень нараджэння Васіля Быкава на яго радзіме, у вёсцы Бычкі Ушацкага раёна, адбыліся Літаратурныя чытанні, прысвечаныя вялікаму пісьменніку. Імпрэза ладзілася Віцебскай абласной арганізацыяй ГА "ТБМ імя Францішка Скарыны " пры актыўным удзеле абласной філіі Саюза беларускіх пісьменнікаў. Стала ўжо добрай традыцыяй праводзіць у гэты дзень і ў гэтым месцы літаратурныя сустрэчы, чытанні, канферэнцыі з удзелам пісьменнікаў, навукоўцаў, настаўнікаў, прадстаўнікоў грамадскасці.
А пачалося свята яшчэ ў Віцебску. А дзевятай гадзіне актывісты ТБМ, прыхільнікі творчасці Васіля Уладзіміравіча ўсклалі кветкі да Мемарыяльнай дошкі на будынку мастацкай школы, дзе ў свой час вучыўся будучы пісьменнік. А ўжо а дванаццатай, якраз апоўдні, распачалася імпрэза ў Бычках. Столькі людзей - прыхільнікаў таленту Быкава - яшчэ, бадай, яго родная вёска не бачыла. І сапраўды, удзельнікаў чытанняў сабралася шмат як ніколі. Тут былі прадстаўлены Менск і Барысаў, Баранавічы і Слаўгарад, і, зразумела, практычна ўсе куточкі Віцебшчыны. Акрамя арганізатараў з абласнога цэнтра, у чытаннях бралі ўдзел сябры таварыства з Полацка і Наваполацка, Оршы і Барані, Глыбокага і Паставаў, Шаркаўшчыны і Верхнядзвінска, Гарадка і Бешанковічаў, з іншых месцаў вобласці.
Адкрыў свята старшыня Віцебскай абласной арганізацыі ТБМ І.А. Навумчык. Ён падкрэсліў надзвычай важную ролю такіх сустрэч, дзе аднадумцы яшчэ раз могуць пагаварыць пра літаратурную спадчыну вялікага пісьменніка, паслухаць фрагменты яго і прысвечаных яму твораў, сустрэцца з роднымі і землякамі Быкава.
З вялікай увагай шматлікія прысутныя слухалі выступы вядомых у краіне людзей, паэтаў, грамадскіх дзеячаў, простых прыхільнікаў творчасці класіка нашай літаратуры. Так, Генадзь Бураўкін сказаў кранальныя словы пра свайго сябра - Васіля Уладзіміравіча - не толькі як пра таленавітага творцу, але і як пра Грамадзяніна і Беларуса, найвялікшага маральнага аўтарытэта. Пра Майстра слова і Чалавека гаварылі чальцы Віцебскай абласной філіі Саюза беларускіх пісьменнікаў - Уладзімір Папковіч, Міхась Мірановіч, Людміла Сіманёнак, народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка, вядомы грамадскі дзеяч, ветэран Вялікай Айчыннай вайны Фелікс Шкірманкоў, мастак Алесь Марачкін. Пра сваё захапленне творчасцю Быкава, асобай гэтага чалавека распавёў выпускнік адной з віцебскіх гімназій Антон Арцямёнак. Госці чытанняў былі ўражаныя пранікнёнасцю і шчырасцю выступу юнака, яго беларускасцю.
Усе ахвотныя маглі прыняць удзел у напісанні дыктоўкі паводле кнігі ўспамінаў Васіля Быкава "Доўгая дарога дадому". Тэкст чытала Зінаіда Бандарэнка.
Напрыканцы мерапрыемства слова ўзяла родная сястра пісьменніка Валянціна Уладзіміраўна. Не хаваючы хвалявання і ўзрушанасці, яна выказала сардэчную падзяку арганізатарам мерапрыемства, гасцям, усім прысутным за памяць пра свайго брата, за вернасць Быкаву. "Мы чакаем гэтага дня цэлы год",- заўважыла спня Валянціна. Варта адзначыць, што на свяце прысутнічалі і прадстаўнікі ўлады, у прыватнасці, намеснік старшыні Ушацкага райвыканкама спня В. Карчэўская.
Надвор'е не асабліва спрыяла імпрэзе, але, здаецца, на гэта ніхто не зважаў. Людзі з захапленнем слухалі цымбалы. Разгорнутая мастацкая выстава па выніках традыцыйных пленэраў, якія штогод ладзяцца Адай Райчонак, таксама ўвесь час прыцягвала да сябе ўвагу. Як і вялікая чарга з ахвотных атрымаць з рук Генадзя Бураўкіна яго новую кнігу "Лісты да запатрабавання" і аўтограф аўтара. Генадзь Мікалаевіч з нязменнай добразычлівасцю і ўсмешкай вітаў усіх сваіх прыхільнікаў, падпісваў кнігі, фатаграфаваўся з чытачамі.
Сапраўдны фурор зрабіў выступ менскага гурта "Рэха", які адмыслова прыехаў у Бычкі, каб упрыгожыць імпрэзу і пазнаёміць удзельнікаў чытанняў са сваёй творчасцю. Прысутныя ўжо з першых акордаў захапіліся майстэрствам музыкаў, іх песнямі, чысцюткай, проста ўзорнай беларускай мовай. Многія не ўтрымаліся і пусціліся ў скокі, іншыя падхоплівалі песню, не шкадавалі далоняў. Атрымалася сапраўды эфектнае заканчэнне свята.
Удзельнікі чытанняў і госці, што прыехалі з розных куточкаў Беларусі, адзінагалосна выказвалі сваё захапленне ўбачаным і пачутым, арганізацыяй і правядзеннем літаратурнай сустрэчы. Развітваліся з цвёрдай упэўненасцю, што роўна праз год, 19 чэрвеня, мы зноў сустрэнемся ў Бычках, каб яшчэ раз пагаварыць пра быкаўскую спадчыну, прыгадаць быкаўскія маральныя прынцыпы, падыхаць родным быкаўскім паветрам. Сапраўды, месца сустрэчы змяніць нельга!
Юрась Бабіч, намеснік старшыні Віцебскай абласной арганізацыі ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны". Фота Э. Олінай.
Слаўнай Палонкаўскай бітве - 350 гадоў
Беларускі гісторык Генадзь Сагановіч, вывучаючы падзеі 1654-1667 гадоў, назваў сваю кнігу "Невядомая вайна". Для беларускага народа самая жудасная вайна ў яго гісторыі і сёння застаецца невядомай.
Пачатак вайны 1654-1667 гг.
Казацка-сялянская антыфеадальная вайна 1648-1651 гг. стала пачаткам разбуральнага веку ў гісторыі Беларусі. За ёй пачалася яшчэ больш страшная вайна 1654-1667 гг., у якой загінула больш за палову тагачаснага насельніцтва Беларусі. У 1654 г. вайну з Рэччу Паспалітай распачаў маскоўскі цар Аляксей Міхайлавіч, які хацеў далучыць беларускія і ўкраінскія землі да сваёй дзяржавы і атрымаць выйсце да Балтыйскага мора. Царскаму войску ўдалося захапіць амаль усё Вялікае Княства Літоўскае. Не паддаліся толькі Стары Быхаў, Слуцк, Ляхавічы, Нясвіж. Марш царскіх арміяў быў прыпынены толькі ўваходам улетку 1655 г. у польскія межы шведаў, чыёю мэтай, сярод іншага, было - загарадзіць Маскве дарогу да балтыйскага ўзбярэжжа. Шведскае нашэсце прывяло да спынення ваенных дзеянняў Рэчы Паспалітай з Масквою. У лістападдзе 1656 года ў Нямежы пад Вільняю было заключана замірэнне. Рэч Паспалітая пагаджалася на вельмі цяжкія ўмовы: прызнавала за царом тытул Вялікага князя літоўскага, пагаджалася з ягонаю ўладай над украінскімі і беларускімі землямі, абавязвалася абраць цара на найбліжэйшым сойме каралём польскім. Масква за тое спыняла ваенныя дзеянні супраць Рэчы Паспалітай і распачынала ў Прыбалтыцы вайну са шведамі.
Рэч Паспалітая пагадзілася на такія цяжкія ўмовы толькі з прычыны шведскай пагрозы. Калі гэтая пагроза аддалілася, Рэч Паспалітая пачала рабіць захады дзеля пераможнага заканчэння вайны з Масквою. Варшаве ўдалося перацягнуць на свой бок казакоў. Казацкі палкоўнік Іван Нячай пачаў вайну з маскоўскімі войскамі ў Беларусі. Сітуацыя ў беларускіх землях для маскоўскага войска значна пагоршылася. Таму над маскоўскім войскам быў пастаўлены дасведчаны ваявода Іван Хаванскі. Ён захапіў Гародню, а затым Берасце. Апошні горад быў "да найменшага будынка... разбураны, спалены і ў нішто ператвораны". 20 сакавіка 1660 года 30тысячная маскоўская раць падышла да Ляхавіцкага замка, каб захапіць гэтую магутную фартэцыю і апошнюю цытадэль беларускага супраціву. Але чатырохтысячная залога на чале з камендантам Станіславам Юдзіцкім, маючы моцную артылерыю, мужна баранілася.
У траўні 1660 года, пасля шэрагу перамог над Карлам Густавам, паміж Варшавай і Стакгольмам быў нарэшце падпісаны мірны трактат. I цяпер Польшча магла вылучыць частку сілаў для дапамогі скрываўленаму Вялікаму Княству. На Берасцейшчыну, дзе змагалася войска гетмана Паўла Сапегі (каля 8 тысяч ваяроў) быў накіраваны ўкраінскі ваявода Стэфан Чарнецкі з 4тысячнай дывізіяй.
Палонкаўская бітва 28 чэрвеня 1660 года
Спачатку была выбіта маскоўскіая залога са Слоніма. Павел Сапега зпад Жыровічаў паслаў некалькі загонаў ў кірунку Ляхавічаў, каб адцягнуць на сябе хоць частку абложнікаў ляхавіцкага замка. Першая сустрэча з раз'ездам (пошукавым аддзелам) праціўніка закончылася паразай расейцаў. Ацалелыя рэшткі ўцяклі ў свой лагер пад Ляхавічамі. I тут царскі ваявода Хаванскі выступіў насустрач аб'яднанаму беларускапольскаму войску.
З вечара 27 чэрвеня дывізіі Сапегі і Чарнецкага сталі ў баявыя шыхты. Цэнтр заняло войска Чарнецкага. На крылах пазіцыі размясціліся сапегаўцы: на правым - жаўнеры пад камандай Вайніловіча, на левым - на чале з Палубінскім. Маскоўскі ж ваявода ў цэнтры свайго войска паставіў пяхотнікаў і вершнікаўрэйтараў, на левым крыле - конніцу князя Шчарбатага, а вершнікаў правага крыла ўзначаліў сам.
А 8 гадзіне раніцы 28 чэрвеня 1660 года Іван Хаванскі, які меў войска больш як 20 тысяч чалавек, распачаў бітву. Першай пайшла ў атаку конніца той беларускай шляхты, якая яшчэ раней была змушаная прысягнуць на вернасць маскоўскаму цару. У часе пераправы цераз балоцістую рэчку яна трапіла пад моцны агонь рушніц, а затым была разбітая контратакай ваяроў Чарнецкага. На дапамогу маскоўцы паслалі 6 тысяч пяхотнікаў. Ды на пераправе цераз тую ж рэчку яны былі заатакаваныя беларускімі і польскімі гусарамі. Вершнікі ў вадзе і на прыбярэжжы секлі ратнікаў Хаванскага. Пад агнём маскоўскай артылерыі пайшло ў наступ левае крыло беларускага войска. Грузнучы ў балоце, коштам вялікіх стратаў гусары Палубінскага прарваліся на сухазем'е. Прарваліся наперад таксама войскі цэнтра і правага крыла.
Хаванскі кінуў на дапамогу ратнікам рэшту сваіх сілаў - найлепшыя баярскія палкі і нямецкіх рэйтараў. Пакінуўшы ўжо за спіной нялёгкую пераправу, беларускапольскалітоўскае войска мела толькі выбар: перамагчы або памерці. Жаўнерам трэба было вытрымаць і пераламаць ход змагання. I яны выстаялі.
Маскоўцы напачатку таксама націскалі з вялікім імпэтам. Але нашая зацятасць і рашучасць адпомсціць за знішчаную, высечаную Бацькаўшчыну, за былыя няўдачы і прыніжэнні былі мацнейшыя. Вось ужо маскоўскі ваявода Хаванскі паранены шабляй у галаву. Вось ужо радзеюць варожыя шыхты. Гасне бляск у баярскіх вачах, з'явілася разгубленасць на іх тварах. А тут харугвы Вайніловіча зайшлі збоку і імкліва выцялі ў фланг, потым зайшлі з тылу. I, нарэшце, праціўнік асаджвае разгарачаных коней, паварочвае назад. Жаўнеры Вайніловіча пры атацы натрапілі на маскоўскую пяхоту з артылерыяй, што замацавалася ў фальварку. Удзельнік бітвы пад Палонкай пазней успамінаў: "Ваяры Вайніловіча лезлі ў агонь, у самае пекла бою, ды так і змяшаліся з маскоўцамі, як зерне з мякінай". Выбітых з такой цяжкасцю з фальварка маскоўскіх пяхотнікаў дабівала ў чыстым полі конніца. Трапіў у палон Шчарбаты, загінуў другі маскоўскі ваявода - Змееў, які зпад Нясвіжа прыйшоў на дапамогу Хаванскаму.
Пасля вырашальнай бітвы 1660 года пад Палонкай
З дзвюма шабельнымі ранамі галавы сам Хаванскі панічна пабег пад Ляхавічы. Ён хацеў прыхапіць рэшту ацалелага войска і пад яго аслонай уратавацца. Наступнай ночы ён быў ужо ў Менску.
У кінутым уцекачамі лагеры пад Ляхавічамі пераможцам дасталіся вялізныя трафеі. Асабліва радаваўся Павел Сапега шматлікай артылерыі, запасам пораху. Паводле сведчання Шчарбатага, пад Палонкай загінула 10 тысяч маскоўцаў. Гэта быў поўны разгром галоўнай царскай арміі, якая тады дзейнічала ў Беларусі, і карэнны пералом у ходзе вайны 1654-1667 гг. Ад Палонкі пачалося выгнанне маскавітаў з нашай зямлі. На Падняпроўі і Падзвінні пад акупацыяй яшчэ заставаліся некаторыя абшары і такія гарады, як Полацк і Віцебск, але вайна ўжо хілілася да свайго канца. I нарэшце ў 1667 годзе ў вёсцы Андросаве пад Смаленскам паміж Рэччу Паспалітай і Маскоўскай дзяржавай было падпісана замірэнне. Беларускія землі засталіся ў складзе Рычы Паспалітай. Маскоўскаму цару не ўдалося здзейсніць свой асноўны намер - захапіць усю Беларусь і дабіцца выйсця да Балтыйскага мора.
Мінула 350 гадоў з дня слаўнай Палонкаўскай бітвы, але цяперашнія людзі амаль нічога не ведаюць ні пра вайну 1654-1667 гадоў, ні пра Палонкаўскую бітву. Таму баранавіцкая грамадскасць робіць шмат, каб людзі ведалі і ганарыліся сваёй гісторыяй. Баранавіцкі паэт Алесь Корнеў напісаў вершы "Арыя 1655 года" і "О, Рэч Паспалітая!" у сваім зборніку "Крыжы зямелькі нашае", прысвечаныя падзеям гэтай вайны.
2 лістапада 1994 года на ўзгорку ля вёскі Палонка адбылося ўрачыстае адкрыццё памятнага знака ў сувязі з Палонкаўскай бітвай 1660 года. Пры вялікай колькасці мясцовых людзей і гараджан праваслаўны і каталіцкі святары асвяцілі гэты знак і святое для ўсіх нас месца. Аб адкрыцці памятнага знака каля вёскі Палонка паведаміла беларускае тэлебачанне з ініцыятывы карэспандэнта БТ па Берасцейскай вобласці Міхаіла Шубіча. Гэты рэпартаж на БТ адбыўся ў дзень прыезду з Масквы ў Менск намесніка старшыні парламенту Расеі Уладзіміра Шумейкі. Баючыся гневу цэнтральных уладаў, мясцовае раённае кіраўніцтва падняло сапраўдны лямант і істэрыю. Найбольш "стараўся" кіраўнік справамі райвыканкаму, які дагаварыўся да таго, што ўсталяванне памятнага знака ў Палонцы прывядзе да разрыву беларускарасійскіх адносінаў. Прыгожае культурніцкае мерапрыемства было пераўтворана ў "антыдзяржаўніцкі акт", які, па словах кіраўніка справамі райвыканкаму, прывядзе да таго, што Расея адмовіцца пастаўляць Беларусі нафту і газ. Прадстаўнікі мясцовай улады моцна папсавалі нервы і пакаралі галоўнага ініцыятара гэтай падзеі Міхася Берната, але не адважыліся адразу зруйнаваць помнік, які быў асвечаны царквою і касцёлам. Гэта было зроблена пазней невядомымі асобамі.
На месцы зруйнаванага вандаламі памятнага знака, у 2000 годзе сябры Баранавіцкай Рады ТБМ аднавілі драўляную шыльду ў гонар Палонкаўскай бітвы. Аднак і гэты памятны знак зноў быў знішчаны невядомымі "патрыётамі" праз 2 месяцы. Цяпер, на месцы слаўнай і бліскучай перамогі 1660 года, пустэча, зелле і смецце. І толькі душы нашых гераічных і мужных продкаў крыляюць над гэтым гістарычным Палонкаўскім полем, чакаючы ад нас чалавечай пашаны, каб навечна адысці ў бязмежны і спакойны свет.
Раней падзеі, звязаныя з гэтай бітвай, не толькі замоўчваліся, але і катэгарычна забаранялася гаварыць і пісаць пра перамогі над рускім царом. Сёння, дзякуй Богу, наша дзяржава пазбаўляецца плебейства і комплексаў "малодшага брата" не толькі ў сацыяльнаэканамічнай, палітычнай сферах, але і ў ацэнках сваіх гістарычных падзей.
"І няма ў людзей больш простага спосабу ўдасканалення, як праз веданне дзеяў мінулых," казаў знакаміты Палібій.
Віктар Сырыца, старшыня Баранавіцкай Рады ТБМ