Папярэдняя старонка: 2010

№ 27 (970) 


Дадана: 19-03-2020,
Крыніца: pawet.net.



№ 27 (970) 7 ЛІПЕНЯ 2010 г.


ЧЭСЛАВУ СЕНЮХУ - 80

СЕНЮХ Чэслаў (9.7. 1930, мяст. Любча, цяпер Наваградскі р-н Гарадзенскай вобл.), перакладчык, паэт, публіцыст. Нарадзіўся ў беларускай сям'і. Яго бацькі добра ведалі польскую, украінскую і беларускую мовы, выхоўвалі любоў да іх у сына. Будучы паэт вучыўся ў Любчанскай сямігадовай беларускай школе (1941-1944), дзе авалодаў беларускай і рускай мовамі. Пасля рэпатрыяцыі ў 1950 г. здаў экзамены на атэстат сталасці ў гімназіі № 1 імя Жыгімонта Аўгуста ў Беластоку. Вучыўся ў Варшаўскім універсітэце на рускім аддзяленні філфака (1950-1954).

З 1951 да 1972 г. Ч. Сенюх працаваў дыктарам і рэдактарам на Польскім радыё. У час работы ў польскай рэдакцыі радыё «Масква» (1965-1969) займаўся перакладамі з усходнеславянскіх моваў. У 1972-1974 гг. рэдагаваў руска-моўны дадатак да польскага штотыднёвіка «Przyjazn» з урокамі польскай мовы для рускіх чытачоў. У 1975-1988 гг. працаваў у рэдакцыі Варшаўскай кінастудыі дакументальных фільмаў. На працягу 1988-1989 гг. Ч. Сенюх быў ініцыятарам і галоўным рэдактарам часопіса «Tlumacz» пры Таварыстве польскіх перакладчыкаў, сябрам якога з'яўляецца з 1983 г. На журналісцкай пенсіі з 1996 г.

Беларускай культурай Ч. Сенюх пачаў актыўна займацца ў 70-я гг. - працаваў над перакладамі беларускай паэзіі і прозы для часопіса «Literatura radziecka», які выдаваўся ў Маскве. Сярод яго першых перакладаў - верш Я. Купалы «Прарок» (1982), апавяданне Я. Брыля «Хуткі Нёман» (1989). На творчым рахунку Ч. Сенюха пераклады рамана У. Караткевіча «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» (1989), аповесці В. Быкава «Аблава» (1991), паэм С. Законнікава (1996), а таксама вершаў М. Танка, В. Зуёнка, У. Арлова, С. Адамовіча. Дасканалае валоданне беларускай мовай і здольнасць перакладчыка захаваць дакладнасць арыгінала без парушэння вершаванага рытму падштурхнулі Ч. Сенюха да перакладу эпічнай паэмы Я. Коласа «Новая зямля», над якім ён працаваў з 1991 г. Выступае з вострымі публіцыстычнымі артыкуламі на беларускія тэмы на старонках перы-ядычных выданняў «Gazeta Polska», «Obуz», «Czasopis», «Magazyn Literacki», «Наша слова», «Ніва», «Літаратура і мастацтва» і інш.

З 1995 г. Ч. Сенюх з'яў-ляецца членам замежнага беларускага ПЭН-клуба. У 1996 г. узнагароджаны прэміяй POLCUL (Аўстралія) за ўклад у развіццё беларускай куль-туры ў Польшчы. Жыве ў Варшаве. Часта наведвае Беларусь. Актыўна ўдзельнічае ў рабоце Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў.

Юры Вашкевіч, Варшава.


Да 600-годдзя Грунвальдскай перамогі

На падставе "Закона аб адміністрацыйна-тэратэрыяльным дзяленні і парадку рашэння пытанняў адміністрацыйна-тэратэрыяльнага ўладкавання Рэспублікі Беларусь" Лідскі раённы савет дэпутатаў 25 чэрвеня 2010 года на нечарговай сесіі прыняў рашэнне аб перайменавыанні некаторых адрэзкаў вуліц горада Ліды.

Як падкрэсліў у сваім інтэрвію Лідскаму тэлебачанню Антон Глаўніцкі, намеснік старшыні Лідскага выканкаму, гэтае перайменаванне адбылося дзякуючы зваротам у мясцовыя органы ўлады ад грамадскіх арганізацыяў і партый. Прапанова аб перайменаванні ўзгоднена з Міністэрствам культуры і аблвыканкамам.

Вуліца Грунвальдская з'явілася на ўчастку былой вуліцы Энгельса, ад Савецкай ля Фарнага касцёла да перасячэння з вуліцай Радзюка каля старых каталіцкіх могілак.

Вуліца Замкавая змяніла сваё размяшчэнне. Дамы адной з самых старых вуліцаў Замкавай зносяць і вуліца фактычна знікае, каб вызваліць месца для новага возера. Цяпер у Замкавую вуліцу перайменавалі частку вуліцы Камсамольскай ад Фарнага касцёла, які на вуліцы Савецкай, да вуліцы Перамогі.

Пешаходная вуліца ад аўтавакзала да замка, якую ў народзе называлі бульвар Чапаева, перайменавана ў бульвар князя Гедзіміна.

Вуліцы Навапрудская, Энгельса ад канца да перася-чэння з вул. Радзюка, новая дарога, якая будуецца за замкам, вуліца Перамогі і Ламаносава да перакрыжавання з вуліцай 8 сакавіка сталі праспектам Перамогі.

З 1 жніўня ў Лідзе пачнуць мяняць шыльды, каб жыхары і госці горада маглі прагуляцца па Грунвальдскай, Замкавай ці бульвары Гедзіміна.

Наш кар.


Маладыя лідзяне выбіраюць беларускую мову

На мінулым тыдні навучэнцы групаў 65 да, 6с, 7ск, 5 дак, 89 па, 84 т Лідскага каледжа здавалі экзамены за курс сярэдняй школы. Дзеці мусілі пісаць пераказ на выбар па-беларуску або па-руску. І звыш 90% выбралі беларускую мову. Канкрэтна ў групе 65 да (дашкольная адукацыя) усе 27 чалавек пісалі пераказ па-беларуску, у групе 6 с (будаўнікі) па-беларуску пісалі 21 чалавек з 24, у групе 7 ск (будаўнікі) беларускую мову для экзамена выбралі 24 ча-лавекі з 27. Выкладалі беларускую мову ў гэтых групах выкладчыкі Анаровіч Т.І. і Мельнік М.І.

Наш кар.


Купале

Купалле пад рознымі назвамі вядома ўсім індаеўрапейскім народам. У старажытнасці Купалле было прымеркавана да летняга сонцастаяння, святкавалася ў гонар сонца, якое ў гэты час дасягала свайго апагею. Адзначалася як свята найвышэйшага росквіту жыватворных сіл зямлі, у першую чаргу расліннасці, збажыны.

Днём дзяўчаты на лузе збіралі купальскія (святаянскія) зёлкі багаткі, руту, браткі, папараць, васількі, купену і інш. Лічылася, што зёлкі, сабраныя на Купалле, маюць асаблівую лекавую сілу.

Купальскае вогнішча займала цэнтральнае месца увасабляла сонца. Для яго збіралі старыя рэчы, паношаную вопратку, атопкі, старыя колы, клёпкі ад бочак, леташнюю кудзелю і вывозілі на пэўнае месца узлесак, выган, паляну, высокі рачны бераг і інш. Пры агні гатавалі абрадавую вячэру, яечню, верашчаку, кулагу (з мукі), варэнікі. Варажылі на вянках, што плывуць па рацэ. Нанач пад падушку клалі трыпутнік, сарваны на растайных дарогах, у надзеі прысніць суджанага.

У народзе верылі, што раз у год на Купалле а 12й гадзіне ночы ў гушчары лесу зацвітае кветка папараці, здольная даць чалавеку, які яе сарве, празарлівасць. Паводле народных павер'яў рэкі ў Купальскую ноч свецяцца асаблівым, прывідным святлом, дрэвы атрымліваюць дар мовы і нават могуць пераходзіць з месца на месца. Разам з тым Купалле час разгулу змрочных сіл прыроды. Ведзьмы, ведзьмакі нібыта імкнуцца адабраць у кароў малако, зрабіць заломы, шкоду ў жыце. Таму ў Купальскую ноч рабілі розныя засцярогі, выкарыстоўвалі ахоўную магію утыкалі сцены хлява святаянскімі зёлкамі і інш.

Алена Анісім.


Не трэба цурацца роднай мовы

Зварот Сакратарыяту ТБМ

У хуткім часе ў нашай краіне пачнецца чарговая выбарчая прэзідэнцкая кампанія. Розныя партыі і рухі пачалі вылучаць сваіх прэтэндэнтаў для ўдзелу ў будучых прэзідэнцкіх выбарах. Пры гэтым ствараюцца розныя ініцыятывы, групоўкі і альянсы, друкуюцца і агучваюцца палітычныя і эканамічныя праграмы, з'яўляюцца заказныя інтэрвію і публікацыі, асабліва ў апошнія часы.

Усе выступоўцы называюць сябе дэмакратамі, змагарамі за правы чалавека, з розных бакоў крытыкуюць дзейную ўладу.

Аднак пры гэтым назіраецца вельмі небяспечныя тэндэнцыя. Гэта поўнае, альбо значнае ігнараванне дзяржаўнай беларускай мовы пры агучванні ў СМІ сваіх праграмаў, заяў і платформаў. Прытым значная частка магчымых кандыдатаў добра ведае беларускую мову, можа вольна ёй карыстацца, але яны не робяць гэтага.

І гэта адбываецца ў той час, калі ўвесь народ Беларусі разумее па-беларуску, а больш паловы ставіцца да ўжывання беларускай мовы ва ўсіх сферах грамадскага жыцця станоўча. Самае цікавае, што амаль усе вылучэнцы цудоўна разумеюць, што сапраўднымі кандыдатамі яны не стануць і сто тысяч подпісаў грамадзян Беларусі ў сваю падтрымку не збяруць. Руская мова тут ім толькі перашкодзіць, бо сапраўдныя патрыёты іх не падтрымаюць, а прыхільнікі ўлады іх улёткі проста не будуць чытаць.

Значыць, яны хочуць спадабацца тым палітычным і фінансавым групоўкам на Усходзе і на Захадзе, якія ў сваіх інтарэсах падтрымліваюць русіфікацыю Беларусі. Таму ці варта верыць такім дэмакратам? З беларускім народам трэба гаварыць па-беларуску.

Сакратарыят ТБМ, 29 чэрвеня 2010 г.


Беларусы на Смаленшчыне яшчэ не перавяліся

Усім вядома, як беларусы адстаюць ад сваіх суседзяў у пытаннях абароны роднай мовы, захавання гістарычнакультурнай спадчыны і нацыянальнай тоеснасці. Беларусы надзвычай асцярожныя, бо інакш нам нельга: кожны раз узнімаючы ці то моўнае, ці то тэрытарыяльнаэтнаграфічнае пытанне, мы думаем пра магчымыя наступствы.

У "Нашым слове" ад 19 траўня 2010 г. размешчаны адказ прафесара Івана Лепешава спадару Сяргею Арцюху, які пісаў пра неабходнасць беларускай адукацыі на Смаленшчыне, Браншчыне і Пскоўшчыне. З высновамі прафесара Лепешава цяжка не пагадзіцца: зрусіфікаванае насельніцтва наўрад ці ўхваліць гвалтоўную ці добраахвотную "беларусізацыю", якая і ў Беларусі мала каму патрэбная. Масавы беларускі рух на Смаленшчыне, Браншчыне і Пскоўшчыне не існуе і, бадай, ніколі там не ўзнікне, хоць яшчэ доўга тубыльцы будуць адчуваць сваю адрознасць ад вялікарусаў, а некаторыя з іх можа і ўсядомяць сябе беларусамі.

Пра тое як захоўваецца беларуская свядомасць Смаленшчыны, чым жыве беларускі культурніцка-асветны рух заходніх частак Расіі мы вырашылі даведацца ў цвярскога беларуса Аляксея Верамоўскага, аднаго з укладальнікаў інтэрнэт-старонкі "Беларуская Смаленшчына".

Аляксей, распавядзіце, калі ласка, як вы сталі беларусам? Адкуль такая цяга да каранёў?

Беларусам я стаў 29 ліпеня 1978 года, калі нарадзіўся ў сям'і выхадцаў з Беларускай Смаленшчыны. Мае бацькі прыехалі ў Цвер з Краснінскага раёна Смаленскай вобласці, таму ў дзяцінстве я праводзіў на Смаленшчыне амаль кожнае лета. Хоць я тады яшчэ мала чаго разумеў, але знешнасць і гаворка маіх землякоў падказвалі мне, што па паходжанні я з'яўляюся беларусам. Да таго ж, захапленне гісторыяй сыграла сваю ролю. Дзед мне шмат распавядаў пра крывіцкую даўніну, а да таго ж і пра Вялікае Княства Літоўскае. Тады пра гэта інфармацыі не было зусім!

Дзед аднойчы распавядаў і такое: у 30я вясковыя дзеці спявалі такую прыпеўку:

Хай дождзік ідзе,

Па дарозе склізка,

Уцякай, буржуй Дзянікін,

Ужо Ленін блізка.

Настаўнік пачуў і сказаў: "Что это за дрянной язык? Вы русские ребята, говорите порусски". Якія ўжо там беларускія школы! Палітыка зразумелая загасіць зародкі беларускага сепаратызму. Знішчэнне вёскі калектывізацыяй і індустрыялізацыяй тут таксама сыграла сваю ролю. Многія беларускія смаляне раскіданы па бязмежных абшарах Расіі і пра сваё беларускае паходжанне рэдка ўспамінаюць.

Ці шмат свядомых беларусаў вы ведаеце ў Цвяры і на Смаленшчыне?

Такіх асобаў мала: галоўным чынам гэта людзі з вышэйшай адукацыяй, якія цікавяцца гісторыяй. Вясковы жыхар часцей назаве сябе рускім ці крывічом, чым беларусам. Гэтая з'ява, можа быць, існуе таксама і зза таго, што ў смаленскіх беларусаў да сваіх заходніх суседзяў існуе негатыўны стэрэатып - беларусы лічацца людзьмі шкоднымі і грубіянскімі. З іншага боку, у Расеі адсутнічае аб'ектыўная інфармацыя пра беларусаў і Беларусь.

Як мясцовая моладзь ставіцца да сваіх беларускіх каранёў?

Цвярская ў большасці сваёй нічога пра іх не ведае, але на Смаленшчыне моладзь больш дасведчаная ў гэтым пытанні. Тут відавочна адчуваецца блізкасць мяжы.

Што з сябе ўяўляюць мясцовыя беларускія арганізацыі?

Пра Смаленшчыну сказаць я не магу, але вось у Цвяры летась была зарэгістравана беларуская нацыянальнакультурная аўтаномія. Дарэчы, кіраўнік Аленінскага раёна, дзе яшчэ жывуць нашчадкі цвярскіх беларусаўтудаўлян, Алег Дубаў усталяваў пабрацімскія сувязі са Шклоўскім раёнам. Нават было заяўлена пра неабходнасць выкладання беларускай мовы ў мясцовых навучальных установах.

Аднак уяўленні пра беларускую культуру і гісторыю ў некаторых чальцоў нашай аўтаноміі нейкія зусім дзікія. Адзін лічыць Караткевіча "польскім пісьменнікам", іншы думае, што бульбашы ад Тараса Бульбы, трэці думае, што да 1917 года на тэрыторыі Беларусі было суцэльнае балота, а потым прыехалі камсамольцы і пабудавалі гарады. Хоць гэта разумныя і адукаваныя людзі, якія ў Беларусь часта ездзяць.

У 90я гады ў нас на базе адной з нядзельных школаў быў таксама беларускі курс. Цяпер, на вялікі жаль, яго няма.

Ці ўтрымліваюць праграмы сярэдніх школ і універсітэтаў матэрыялы пра беларускае мінулае? Хтонебудзь з навукоўцаў займаецца беларускай праблематыкай?

У Цвяры няма такога, а на Смаленшчыне, я ведаю, нейкая праца вядзецца.

Як расейская грамадскасць, навуковыя колы ставяцца да беларусаў і нашага нацыянальнага праекту?

Пра нейкае адзінае меркаванне казаць складана. Усё, зноў жа, залежыць ад пэўнага чалавека, яго поглядаў і перакананняў. Нацыяналпатрыёты адмаўляюць само існаванне беларускага народа, нацыяналдэмакраты, наадварот, вітаюць беларускія праекты, камуністы і пенсіянеры любяць Беларусь за чырвоны сцяг і сацыялізм. Лібералы Беларусь за гэта ненавідзяць. Наогул у рускага чалавека даўно склалася ўяўленне пра беларусаў, як пра адсталых вяскоўцаў. Калі я быў у турыстычнай паездцы па Беларусі, у многіх расейцаў, якія ехалі са мной, быў проста шок. Адна жанчына сказала экскурсаводу: "Я не магу паверыць, бо раней я думала, што ў вас адны вёскі, а тут еўрапейская краіна, еўрапейская культура, архітэктура як у Францыі".

Распавядзіце, калі ласка, пра беларусаўтудаўлян. Ці захоўваюць яны дагэтуль сваю беларускасць?

Ахвотна. Тудаўляне - гэта такая этнаграфічная група беларусаў на захадзе ранейшага Ржэўскага павету Цвярской губерні. У вузкім сэнсе - жыхары старадаўніх воласцяў Стары Туд, Малады Туд і ТудСкаваратынь паабапал аднаіменнай ракі, правага прытоку Волгі. У шырокім жа сэнсе назва "тудаўляне" ўжывалася этнографамі XIX стагоддзя для пазначэння ўсяго беларускамоўнага насельніцтва Верхняй Волгі. У VII IX стагоддзях гэты рэгіён, вядомы з "Аповесці мінулых гадоў" як Акоўскі лес, быў заселены смаленскімі крывічамі, у XIII XIV стагоддзях уваходзіў ў склад Таропецкага і Ржэўскага княстваў. З першай траціны XIV стагоддзя тут праходзіла мяжа Вялікага Княства Літоўскага з Маскоўскім і Цвярскім княствамі, былі пабудаваны "грады литовстии: Селук, Осенеч, Горышин, Багатая, Сижка, Туд", якія часта пераходзілі з рук у рукі.

Тудаўляне канчаткова засталіся за межамі Вялікага Княства Літоўскага пасля ўдакладнення мяжы паводле Палянаўскага міру 1634 года, але ў выніку адноснай ізаляванасці краю доўгі час захоўвалі выразныя беларускія рысы: мова, абрады ("бабіна каша" і іншыя), гульні ("каралле", "проса"). Адрозніваліся яны ад суседняга рускага насельніцтва характэрнай верхняй вопраткай з белага даматканага палатна, адкуль і пайшла мянушка "белокафтанщина". Ужываліся і іншыя мянушкі "Польшча", "шапляки" (паколькі беларускія гукі "дз", "ц", мяккі "с" здаваліся рускаму насельніцтву шапялявымі). У тудаўлянаў не існавала аніякіх саманазваў, хоць яны і ўсведамлялі свае адрозненне ад уласна расейцаў.

У 1903 годзе тудаўлян вывучаў вядомы беларускі этнограф Яўхім Карскі, які вызначыў іх колькасць у 45 тысяч, у 19251926 гадах яны дэталёва даследаваліся Н. Грынковай. У XX стагоддзі адрозненні паміж тудаўлянамі і мясцовым рускім насельніцтвам практычна сцерліся, хоць асобныя моўныя і іншыя рысы, уласцівыя беларусам, адзначаліся ржэўскімі краязнаўцам І. Вішняковым яшчэ ў сярэдзіне 1960х гадоў.

Нядаўна выйшла цікавая кніга цвярскога краязнаўцы Юрыя Смірнова "В краю тудовлян". Усім рэкамендую. Пра будучыню цяпер меркаваць складана, але студэнтам я бываў у тых месцах у археалагічнай экспедыцыі і скажу, што беларуская гаворка мясцовых жыхароў дагэтуль захавалася.

Ці наладжаны якіянебудзь сувязі паміж тубыльцамі і Беларуссю?

Многія мае знаёмыя беларусы рэгулярна ездзяць на радзіму, прывозяць цікавую літаратуру, так што паволі беларуская асвета ідзе.

У такім выпадку, хто з прадстаўнікоў масавай культуры папулярны сярод мясцовых беларусаў?

З музыкі ў старэйшага пакалення ў пашане "Песняры", "Сябры", "Верасы", сярод жа моладзі вядомыя "Ляпіс Трубяцкі", "Стары Ольса", "Крывакрыж". У DVD салонах сустракаюцца экранізацыі Караткевіча, "Акупацыя", "Анастасія Слуцкая", у кнігарнях можна купіць зборы твораў Васіля Быкава самы папулярны беларускі пісьменнік у расейцаў. Сучасныя беларускія аўтары ў Расіі практычна невядомыя.

Пра беларускі кінематограф хацелася б асобна некалькі слоў сказаць. Па маім меркаванні, яму заўсёды не хапала рамантычнай жылкі. Мяне неяк адна спадарычня з маскоўскіх кінематаграфічных колаў пытае:

Аляксей, у беларусаў былі свае мушкецёры ?

Былі, - адказваю я, і гусары, і ўланы, і полацкія мушкецёры, якія дапамаглі Сувораву Ізмаіл узяць, і менскія мушкецёры, якія ў Барадзінскай бітве вызначыліся.

Чаму ж у Беларусі няма сваіх шэдэўраў на тэму "плашча і шпагі": у румынаў ёсць, у расейцаў, нават у латышоў з эстонцамі, а ў беларусаў няма?

Я тады падумаў: і сапраўды, чаму ў беларусаў амаль няма яскравых гістарычных фільмаў. Бо аніякі камуністычны рэжым не замінаў палякам і румынам у свой час здымаць прыгожыя карціны гістарычнай тэматыкі. Прайграе Беларусь на прапагандысцкім фронце.

Распавядзіце, калі ласка, пра Цвер. Чым жыве горад і вёска?

Калісьці сталіца магутнага Цвярскога Княства, суперніка Княства Маскоўскага і Наўгародскай рэспублікі, Цвер сёння - невялікае мястэчка паміж дзвюма расійскімі сталіцамі. Дарэчы, беларусы могуць убачыць партрэт апошняга цвярскога князя Міхаіла Барысавіча ў Нацыянальным музеі мастацтваў. Пасля падзення Цверы ён сышоў у Вялікае Княства Літоўскае. Але што цікава, партрэт быў знойдзены ў Нясвіжскім замку князем Радзівілам пры дапамозе заснавальніка цвярскога музея Аўгуста Казіміравіча Жызнеўскага (18191896), нашчадка беларускага шляхоцкага роду БялыняўЖызнеўскіх. У гісторыі Цвярскога краю пакінулі след многія дзеячы беларускага паходжання: баярын Юры Лазыніч, прабацька роду Бараздзіных, паэтдзекабрыст Фёдар Мікалаевіч Глінка, герой рускатурэцкай вайны 187778 гадоў Іосіф Уладзіміравіч Рамейка-Гурка.

У 2003 годзе на выбарах губернатара сваю кандыдатуру высунуў старшыня камітэта дзяржзамовы беларус Аляксандр Валяр'янавіч Анжыноўскі. Што тычыцца палітыкі, то на апошніх выбарах камуністы ў нас выдатна пацяснілі партыю ўлады. Па маіх назіраннях насельніцтва тут кансерватыўнае, падчас рэвалюцыі падтрымлівалі цара, у часы антыкамуністычныя - камуністаў. Як, адзначу, і на Смаленшчыне з Браншчынай. З іншага боку гэта і нядзіўна. Вытворчасць у крызісе, вёска вымірае, злачыннасць расце. Шмат разоў даводзілася чуць: "А вось у Лукашэнкі там парадак, там сапраўдны сацыялізм!". Толькі от чаму беларусы на заробкі ў Расію прыязджаюць? Гэтае пытанне людзі сабе не задаюць. Праўда тралейбусны парк Цвяры збіраліся абнавіць беларускімі тралейбусамі. Так што ў Цвяры і Беларусі даўнія цесныя сувязі. Ну што ж, будзем развіваць і ўмацоўваць!

Кажучы шчыра, я вельмі здзіўлены, што смаляне-беларусы яшчэ не вывеліся!

А што нам зробіцца! Халеру перажылі, вайну перачакалі.


Няхай будзе ЯК СОРА (САРА) КАЗАЛА

У нашай літаратурнай мове (і ў шмат якіх народных гаворках) ёсць фразеалагізм як Сора (Сара) казала . Ён звычайна ўжываецца ў спалучэнні з папярэднім суправаджальнікам-словазлучэннем няхай будзе і абазначае «(няхай будзе) так, як каму-небудзь хочацца; па-твойму, па-вашаму» . Напрыклад, у камедыі Янкі Купалы «Паўлінка» ёсць такі дыялог: «[Якім:] Я ўсё акуратна прыгатую, ты паназавяжаш у клунак што патрэбнейшае, а там праз момант - і ты мая на векі вечныя. [Паўлінка:] Не я твая, а ты мой на векі вечныя! [Якім:] Ну, хай будзе як Сора казала» . Адзна-чым, дарэчы, што спачатку ў абодвух аўто-графах камедыі было: «Ну, хай будзе па-твойму» . Пасля і ў чарнавым, і ў белавым аўтографах слова па-твойму заменена выразам як Cора казала .

Прывядзём яшчэ два прыклады з выкарыстаннем гэтага выразу ў літаратурна-мастацкіх творах: 1) - А хто адказнасць будзе несці за гэты твой манеўр? Сувораў? - Я! На мне адказнасць!.. - А няхай будзе як Сора сказала...(А. Савіцкі); 2) - Не распачынай дыскусіі, пайшлі! - настойвала Рагнеда. - Хай будзе як Сара казала, скончыў «дыскусію» Янка вядомым у яго мясцінах прыслоўем (У. Дамашэвіч).

У слоўніках іншых моў (украінскай, польскай, рускай) гэты выраз не фіксуецца. Яго занатаваў толькі Міхал Федароўскі ў гаворках Гарадзеншчыны і змясціў у 4-м томе «Люду беларускага на Русі Літоўскай» (пад нумарам 7543): Няхай так будзе, як Сора сказала . Даецца і спасылка на адзін польскі фальклорны зборнік ХІХ ст., дзе таксама змяшчаецца суад-носны адпаведнік гэтага выразу; у сучасных жа польскіх даведніках ён не падаецца.

У маім «Этымалагічным слоўніку фразеалагізмаў» (Мінск: БелЭн, 2004) раскрываецца гісторыя і паходжанне каля 1750 фра-зеалагічных адзінак сучаснай беларускай літаратурнай мовы. Да апошняга часу я не ведаў, якім жа чынам узнік выраз «як Сора казала» . Але нядаўна адзін з калегаў выказаў здагадку: ці не склаўся гэты выраз пад уплывам Бібліі?

Я і раней чытаў гэту самую вядомую, самую папулярную кнігу ў свеце. Яна займае першае месца па колькасці перакладаў на розныя мовы. А перакладзена яна на 1250 моў і дыя-лектаў. Ніякая іншая кніга не аказала такога вялікага ўздзеяння на развіццё сусветнай культуры, як Біблія. У нашай мове ёсць 116 фразеалагізмаў і 19 прыказак, якія сваім жыццём абавязаны Бібліі.

Цяпер, звярнуўшыся да біблейскай кнігі Старога запавету (Быціе, 16, 2, 5; 21, 9-10), я знайшоў неаднойчы паўторанае спалучэнне Сара сказала . Ёсць тут і словы Бога да праайца Абрама (Аўраама): «... ва ўсім, што скажа Сара, слухайся голасу яе» (Быціе, 21, 12).

У аснове ж выразу, хутчэй за ўсё, - аповед з главы 16-й (Быціе, 16, 1-16). Сара, жонка Абрама, была бясплодная, а яны абое хацелі мець дзяцей. Аднойчы Сара сказала мужу, каб ён узяў сабе ў жонкі яе служанку Агару. Муж зрабіў так, як Сара сказала. Калі Агара зацяжарала, Сара прагнала яе, пасля ж, як у тае нарадзіўся сын, Абрам і Сара назвалі яго - Ізмаіл. А яшчэ праз некалькі гадоў, з Божае ласкі, і Сара, хоць была ўжо вельмі старая, нарадзіла сына Ісака (Быціе, 21, 1-3).

Між іншым, у паэме К. Крапівы «Біблія» (1926) пра гэтыя радзіны ёсць радкі:

Меў Абрам ужо са сто,

Дзевяноста было Сары,

І вы ведаеце што? -

У паважнай гэтай пары

Нарадзіўся сын Ісак.

Разважайце так і сяк,

Ці то дзіва, ці не дзіва,

Толькі Сара нарадзіла...

Зразумела, сёння гэта паэма К. Крапівы стала анахранізмам. Але яна - факт беларускай літаратуры, таму, як кажуць, з песні слова не выкінеш.

Іван Лепешаў.


Працаўнік на ніве дзвюх культур

Пра беларускага пісьменніка і перакладчыка Уладзіміра Сакалоўскага прафесар Адам Мальдзіс неяк сказаў: "Я не ўяўляю сабе беларусканямецкія грамадскакультурныя, асабліва літаратурныя сувязі без прац Уладзіміра Сакалоўскага. Ён адкрыў многія іх факты, сістэматызаваў і абагульніў". Да гэтых слоў я хачу яшчэ дадаць, што я, як зямляк Уладзіміра Лявонцьевіча, не ўяўляю Слонімшчыну без яго. Хаця асоба Уладзіміра Сакалоўскага даволі значная не толькі ў маштабах сваёй маленькай радзімы, але і ў маштабах усёй Бацькаўшчыны.

Здаецца, пазнаёміўся я з Уладзімірам Лявонцьевічам Сакалоўскім дзесьці ў сярэдзіне 1980х гадоў. Тады якраз з друку выйшлі дзве яго арыгінальныя кнігі, якія адразу зрабілі даследчыка літаратуры вядомым і кампетэнтным знаўцам у галіне перакладу і нямецкабеларускіх сувязяў. Гэта былі кнігі "Пара станаўлення" і "Беларуская літаратура ў ГДР". Гэтыя кнігі літаратуразнавец мне даслаў у Слонім, і я пра іх напісаў добрыя словы ў мясцовым друку. Так мы пасябравалі. І хоць зрэдчасу ён цяпер бывае на роднай Слонімшчыне, але не мінае маёй хаты, бо нам заўсёды было і ёсць аб чым пагутарыць.

4 ліпеня Уладзіміру Сакалоўскаму споўнілася 80 гадоў. Калі б я не ведаў гадоў яго нараджэння, то ніколі б не паверыў, што гэтаму рухаваму, рупліваму, таленавітаму і няўрымсліваму творцу ўжо 80. Для мяне гады майго земляка спыніліся дзесьці на лічбе 60, не болей. Магчыма, дзякуючы яго шчырай сяброўцы Галіне Антонаўне, з якой Уладзімір Лявонцьевіч па жыцці разам ідзе ўжо 54 гады, мой зямляк штодня сядае за камп'ютар і піша тое, што жадаюць яго душа і сэрца.

Родам Уладзімір Сакалоўскі са слонімскай вёскі Мяльканавічы. Бацька яго Лявонцій Аляксеевіч на вёсцы быў даволі адукаваным чалавекам. Ён у свой час скончыў гімназію і некалькі курсаў Варшаўскага універсітэта. Добра валодаў беларускай, польскай, рускай і нямецкай мовамі, ведаў таксама лацінскую і старажытнагрэцкую мовы, прымаў актыўны ўдзел у мясцовай філіі Таварыства беларускай школы (ТБШ). Так што прыклад Уладзіміру было з каго браць. Таму юнак з далёкай слонімскай вёскі таксама пайшоў у навуку, бо меў талент да замежных моў, да вучобы.

Пасля заканчэння факультэта замежных моў Гарадзенскага універсітэта Уладзімір Сакалоўскі працаваў перакладчыкам ва Усходняй Германіі, потым выкладаў нямецкую мову ў Латвіі, працаваў у Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы, пасля - у Бонскім універсітэце. Побач з беларускай мовай у яго заўсёды была нямецкая. А асноўнай тэматыкай даследаванняў стала гісторыя развіцця і ўзаемадзеяння беларускай і нямецкай культур.

Ведаў даўно, што ў 1961 годзе ў Боне на нямецкай мове выйшла кніга Анджэя Цеханавецкага "Michal Kazimierz Oginski und sein Musenhof zu Slonim". Кніга гэта ўнікальная, яна з'яўляецца адным з першых спецыяльных даследаванняў па гісторыі прыдворнага тэатра Беларусі, да таго ж напісаная аўтарам на невядомых раней архіўных матэрыялах. Доўгі час гэтае выданне было недаступным беларускім даследчыкам і простым чытачам. І толькі дзякуючы Уладзіміру Сакалоўскаму кніга Анджэя Цеханавецкага пабачыла свет і ў Беларусі. Першае выданне пабеларуску выйшла ў 1993 годзе і адразу хутка разышлося. Другое выданне з больш дапоўненымі каментарыямі ў перакладзе Уладзіміра Сакалоўскага з'явілася чатыры гады таму.

У апошні час беларускі вучоны і перакладчык вялікую ўвагу аддае даследаванню Беларусі ў перыяд Першай Сусветнай вайны, а таксама Надзвычайнай місіі БНР у Нямеччыне. Справа ў тым, што адну з важных роляў у знешнепалітычнай дзейнасці Беларускай Народнай Рэспублікі адыграла Надзвычайная місія рэспублікі ў Берліне, якая на працягу амаль сямі гадоў (1919-1925) у цяжкіх і складаных умовах годна прэзентавала Беларусь у Нямеччыне і доўгі час з'яўлялася адным з галоўных цэнтраў БНР па каардынацыі дзейнасці беларускіх дыпламатычных прадстаўніцтваў за мяжой. Вось гэты перыяд актыўна і грунтоўна даследуе Уладзімір Сакалоўскі. Вялікі артыкул на гэтую тэму ён апублікаваў летась у часопісе "Arche".

Усе кнігі, артыкулы, выступленні юбіляра немагчыма пералічыць. Ды і няма сэнсу. Усё зробленае Уладзімірам Сакалоўскім трэба чытаць, даследаваць, аналізаваць. Працы яго - сур'ёзны ўклад у нашу айчынную гісторыю. Таму найперш у гэтыя дні хочацца павіншаваць высокароднага юбіляра з 80годдзем. І далучыць словы Алега Лойкі: "Табе, працаўнік бескарыслівы, нізкі, сардэчны паклон!".

Сяргей ЧЫГРЫН


Вярнуцца на Грунвальдскае поле праз 600 гадоў

Першы канал прэзен-туе прэм'еру дакументальнага серыялу пра Грунвальскую бітву

Беларускамоўны дакументальны серыял пад назвай «Grunwald» верне гледачоў у XV стагоддзе. Праект распавядзе пра тэрыторыю Вялікага Княства Літоўскага таго часу, становішча Каралеўства Польскага і Тэўтонскі ордэн. Серыял раскажа аб прычынах вайны, самой Грунвапьскай бітве, апіша становішча бакоў, якія ўдзельнічалі ў канфлікце, і дасць характарыстыкі гістарычных асобаў.

Як патлумачыў карэспандэнту «Звязды» аўтар сцэнарыя аглядальнік Агенцтва тэленавін Белтэлерадыёкампаніі Максім КАРОТКІН, здымкі дакументальнага цыкла доўжыліся больш за год.

- Ідэя здымак лятала ў паветры - яшчэ год таму было зразумела, што 600годдзе Грунвальскай бітвы будзе вялікай падзеяй. Таму здымаць пачалі яшчэ летась: аб'ехалі амаль усю Заходнюю Беларусь. Здымкі праходзілі таксама на Грунвапьскім полі. Атрымаўся 5серыйны цыкл, кожная серыя па 26 хвілін. Мова серыялу - беларуская.

Кансультантамі праекта выступілі вядучыя гісторыкі Беларусі Аляксандр Груша, Аляксандр Шаланда, Георгі Галенчанка і Юры Бохан.

- Мы наўмысна не прыцягвалі да здымак польскіх і нямецкіх гісторыкаў, - працягвае Максім Кароткін. - Апошнім часам гісторыя Грунвальскай бітвы становіцца ўсё больш міфалагізаванай, а паколькі мы робім фільм пра Беларусь, то больш мэтазгодным мы палічылі дапамогу беларускіх гісторыкаў, а не замежных.

Рэжысёр фільма - Настасся Кужоўнік. Прэм'ера дакументальнага серыялу запланавана на 12 ліпеня. У дзённым эфіры Першага канала фільм будзе ісці да 18 ліпеня.

Ілья ЛАПАТО.


Палонкаўскі фэст на Баранавіцкай зямлі

28 чэрвеня 2010 года баранавіцкія сябры ТБМ прынялі ўдзел у святочным фэсце, прысвечаным 350 угодкам Палонкаўскай бітве 1660 года.

Агульнавядома, што 28 чэрвеня 1660 года каля вёскі Палонка (Баранавіцкі раён) аб'яднанае беларускаукраінскапольскае войска пад кіраўніцтвам гетманаў Паўла Сапегі і Стафана Чарнецкага разбіла маскоўскага ваяводу Івана Хаванскага. Гэтая перамога стала пачаткам пераможнага завяршэння вайны 1654-1667 гадоў паміж Расеяй і Рэччу Паспалітай.

У Палонкаўскай святочнай імпрэзе прынялі ўдзел не толькі прадстаўнікі баранавіцкай грамадскасці, але і мясцовыя прыхільнікі роднай гісторыі. Напачатку ўдзельнікі фэста прыбралі тэрыторыю ад смецця і скасілі траву ля камнявалуна. Затым краязнаўцы Віктар Сырыца і Міхась Бернат расказалі пра гісторыю гэтай слаўнай бітвы, а баранавіцкія паэты Алесь Корнеў, Янка Збажына і Іван Лагіновіч прачыталі свае вершы, прысвечаныя нашым ваярам і касінерам. Вялікае ўражанне на прысутных зрабіла выступленне баранавіцкіх аматараў сярэднявечча з рыцарскага клубу "Шляхецкая застава", якія прадэманстравалі сваё вайсковае майстэрства.

На заканчэнні мерапрыемства патрыятычныя песні спявалі Галіна Ярашэвіч і Алесь Грыцавец, а саксафаніст Валер Шыла падараваў прысутным чароўныя гукі паланэза "Развітанне з радзімай" Міхала Клеафаса Агінскага. Удзельнікі гістарычнай імпрэзы ўсклалі кветкі і запалілі знічкі ля камнявалуна на Палонкаўскім полі.

Па дарозе дадому прадстаўнікі грамадскасці заехалі ў мястэчка Новая Мыш, дзе ўсталяваны помнік пачынальніку новай беларускай літаратуры Яну Чачоту. Тутака выступілі Міхась Бернат, Здзіслаў Сіцька, Валер Палікарпаў. Яны расказалі не толькі пра жыццё і творчасць аўтара 6 збронікаў "Вясковых песень", але і пра дзейнасць мясцовых філаматаў і філарэтаў.

Віктар Сырыца, старшыня Баранавіцкай Рады ТБМ імя Ф.Скарыны


Запрашаем у падарожжа "Гарадзенскія матывы"

Магілёўская гарадская арганізацыя ГА "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" 17-18 ліпеня 2010 г. ладзіць двухдзённую вандроўку "Гарадзенскія матывы". Падчас падарожжа мы наведаем шклозавод у Бярозаўцы, музей Алеся Белакоза ў Гудзевічах, адзін з самых старажытных і прыгожых гарадоў Беларусі - Гародню, пабачым непаўторныя краявіды Панямоння, шмат помнікаў архітэктуры і іншых цікавейшых мясцін.

Падчас падарожжа, якое пройдзе на камфартабельным аўтобусе па маршруце Магілёў - Менск - Уселюб - Бярозаўка - Жалудок - Масты - Лунна - Гудзевічы - Індура - Гародня - Менск - Магілёў, вас чакаюць:

· змястоўныя экскурсіі

· добрая і шчырая кампанія

· беларускамоўнае асяроддзе

· вясёлыя спевы і забавы

· палаткавы лагер на беразе возера ці рачулкі

· трохразовае харчаванне паходнай кухняй

· смачныя гарбата і крупнік увечары

Калі вы цікавіцеся гісторыяй роднага краю, калі неабыякавыя да беларушчыны - далучайцеся!

Кантактныя тэлефоны: Алег - 388-35-61 (Velcom); Юрась - 627-19-52 (МТС);

Сяргей - 25-23-53.


Грунвальд за смугою часу

Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь

Літаратурны музей Максіма Багдановіча

Суполка "Пагоня" Беларускага саюза мастакоў

прадстаўляюць мастацкую выставу

"Грунвальд за смугою часу",

прысвечаную 660-годдзю Вітаўта Вялікага і 600-годдзю Вялікай Перамогі пад Грунвальдам (пад Дуброўнай згодна з беларускімі летапісамі)

Бітва адбылася 15 ліпеня 1410 года каля паселішчаў Грунвальд і Таненберг і з'явілася галоўным этапам вайны, план якой быў распрацаваны на Берасцейскай нарадзе 1409 г. каралём польскім Ягайлам і Вялікім Князем ВКЛ Вітаўтам.

Войска крыжакоў, у якое ўваходзілі рыцары, як з Нямеччыны, так і з Англіі, Францыі, Швейцарыі, Чэхіі і іншых заходнееўрапейскіх краін, складала каля 20 тыс. чалавек. Саюзныя войскі Польшчы і Вялікага Княства Літоўскага з падтрымкай татарскіх коннікаў хана Джалал-ад-Дзіна, мараўскія і малдаўскія аддзелы разам складалі 90 харугваў. 40 палкоў належалі ВКЛ і 30 з іх былі з тэрыторыі Беларусі - гэта Аршанская, Ашмянская, Берасцейская, Віцебская, Ваўкавыская, Віленская, Гарадзенская, Полацкая, Пінская, Лідская, Смаленская, Мсціслаўская і іншыя харугвы. Перамога саюзных войскаў на доўгія часы спыніла нямецкую агрэсію на тэрыторыі ВКЛ і Беларусі - аж да 1914 года.

Беларускія мастакі адзначаюць дзве знамя-нальныя даты сваімі красамоўнымі творамі.

Вобраз Вітаўта Вялікага ў беларускім выяў-ленчым мастацтве распрацаваны даволі грунтоўна. У розныя гады вобраз Вітаўта стваралі мастакі Арлен Кашкурэвіч, Яўген Кулік, Алесь Мара, Мікола Купава, Алесь Шатэрнік, Анатоль Концуб, пазней да гэтай тэмы звярнуліся і іншыя мастакі.

З вобразам Вітаўта Вялікага непарыўна звязана тэма непасрэдна Грунвальдскай бітвы. Аўтар значнай маштабнай кампазіцыі Гаўрыла Вашчанка. Шмат тэма Грунвальда ўвасоблена ў станковай і кніжнай графіцы, у скульптуры. Значнае месца займаюць творы Паўла Татарнікава.

600-гадовы юбілей Вялікай Перамогі прынёс новыя творы і новае таленавітае прачытанне дзвюх важных тэм у нашай айчыннай гісторыі.

9 ліпеня 2010 года ў 18.00 у дворыку Літаратурнага музея М.Багдановіча адбудзецца музычны фэст, у 19.00 - урачыстае адкрыццё выставы.

Выстава будзе экспанавацца да 1 жніўня 2010 года.

Вул. М.Багдановіча, 7а (Траецкае прадмесце)


Кастусь Каліноўскі. Энцыклапедычны даведнік

На партале "Spadchyna.org" сфармаваны новы сайт прысвечаны Кастусю Каліноўскаму. Гэта сваеасаблівы энцыклапедычны даведнік пра нашага рэвалюцыйнага змагара "дзіця сусветнай рэвалюцыі" і яго паплечнікаў, якія прысвяцілі сваё жыццё змаганню за незалежнасць Беларусі. Іх лёс - гэта гісторыя гераічнага мінулага патрыётаў Айчыны. Дзякуючы барацьбе каліноўцаў мы можам лічыць сябе іх нашчадкамі. У нашага народа ёсць выдатнейшы прыклад рэвалюцыйнай барацьбы за незалежнасць. Вычын К. Каліноўскага натхняе нас на працяг змагання, якое яшчэ не завершана.

На першых старонках у "Дакументах" змешчаны факсімільныя тэксты сямі нумароў "Мужыцкай праўды", а таксама "Пісьмы зпад шыбеніцы", знакаміты верш Кастуся Каліноўскага да Марыські. Матэрыял пададзены на латыні і адаптаваны кірылічным шрыфтам двух варыянтаў, што дае магчымасць лепшага ўспрымання тэкстаў. Такое зроблена ўпершыню.

У наступным раздзеле "Вакол постаці Кастуся Каліноўскага. Як гэта было" раскрываецца гісторыя паседжанняў клуба "Спадчына" і яго сяброў пра напісанне калектыўнага пісьма ў ЦК КПБ, Савет Міністраў Беларусі, грамадскія арганізацыі і творчыя аб'яднанні наконт ушанавання памяці Кастуся Каліноўскага ў сувязі з набліжэнем 150годдзя з дня нараджэння К. Каліноўскага і 125годдзя студзеньскага паўстання 1863 года на Беларусі.

У раздзеле "Пісьмо Першаму сакратару ЦК" падаецца сам тэкст і абгрунтаванне ўшанавання падзей паўстаня, арганізацыю шэрагу мерапрыемстваў прымеркаваных да дня нараджэння К. Каліноўскага.

Цікавым для даследчыкаў з'яўляецца раздзел "Творы па ўвасабленню вобраза Кастуся Каліноўскага", дзе падаюцца публіцыстычныя матэрыялы з 1986 па 2008 гады, якія раскрываюць падзеі з нагоды святкавання юбілеяў К.Каліноўскага.

Адным з цікавейшых раздзелаў "Кастусь Каліноўскі. Энцыклапедычны даведнік". У ім даецца матэрыял Зміцера Кузменкі "Чарнавы алфавітны спіс артыкулаў" для будучага энцыклапедычнага даведніка. Змешчаны каля 250 ключавых слоў, якія павінны перарасці ў артыкулы.

Наступны раздзел прадстаўлены Каталогам "Кастусь Каліноўскі і студзеньскае паўстанне 1863 года на Беларусі". Прадстаўлены поўны макет каталога. Пададзены звыш 125 мастацкіх твораў. На сённяшні дзень неабходна падаць вялікую колькасць фотапартрэтаў паплечнікаў К.Каліноўскага, іх біяграфіі, сабраць усе матэрыялы паўстання ў электроннай версіі.

Гісторыя нашага рэвалюцыйнага руху і змагання без энцыклапедычнага даведніка пра К.Каліноўскага не можа быць поўнай.

Пётра Русаў, краязнавец, гісторык.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX