Папярэдняя старонка: 2010

№ 33 (976) 


Дадана: 19-03-2020,
Крыніца: pawet.net.



№ 33 (976) 18 ЖНІЎНЯ 2010 г.


230 гадоў з дня нараджэння Ігната Анацэвіча

АНАЦЭВІЧ Ігнат Сымонавіч (псеўд. Жэгота з Малой Бераставіцы; 15.08.1780-18.2.1845), гісторык, археограф і архівіст. Нарадзіўся ў сям'і ўніяцкага святара ў в. Малая Бераставіца (цяпер Бераставіцкі р-н). Вучыўся ў Ваўкавыскай і Гарадзенскай школах, Беластоцкай гімназіі. Займаўся гувернёрствам. Скончыў настаўніцкі інстытут у Прусіі, потым Кёнігсбергскі ўніверсітэт, у якім застаўся выкладаць рускую і польскую мову. Пазней у час напалео-наўскіх войнаў А. пазнаёміўся з вядомым мецэнатам графам М.П. Румянцавым, які запрасіў маладога вучонага ў свой гомельскі маёнтак, дзе меліся багатая бібліятэка і архіў. Год, праведзены ў Гомелі, А. прысвяціў дэталёваму вывучэнню гісторыі Расіі і Вялікага Княства Літоўскага, рабіў выпіскі, даследаваў помнікі і граматы. У 1809 А. паступіў у Віленскі універсітэт, дзе атрымаў званне магістра навук і з 1811 чытаў там лекцыі па ўсеагульнай гісторыі. Нашэсце Напалеона вымусіла А. пакінуць Вільню. Перабраўшыся ў Беласток, ён выкладаў там у мясцовай гімназіі. У 1818 А. выбраны ад'юнктам кафедры гісторыі і статыстыкі Віленскага універсітэта, а з 1821, калі кафедру заняў I. Лялевель, застаўся прафесарам кафедры рускай статыстыкі і дыпламатыі. Западозраны ў паланафільстве, вальнадумстве і рэвалюцыйнай прапагандзе, ён быў адхілены ад выкладчыцкай дзейнасці і высланы ў адну з вёсак Ваўкавыскага павета. Дзякуючы заступніцтву Румянцава падазрэнне з яго было знята, але ў Віленскі ўніверсітэт ён не вярнуўся. Пасяліўшыся ў Пецярбургу, цалкам прысвяціў сябе навуковай дзейнасці. Працаваў памочнікам бібліятэкара Румянцаўскага музея і быў членам археаграфічнай камісіі. Шмат працаваў у архівах, рабіў археаграфічныя паездкі па Беларусі і Літве. Аўтар артыкулаў на польскай мове «Накід першабытнай гісторыі Літвы» (1846) і «Накід гісторыі Вялікага княства Літоўскага» (1849-50) і інш. Выдаў некалькі твораў польскага гісторыка Альбетрандзі. Галоўная праца, якой А. займаўся ўсё сваё жыццё, - гісторыя Літвы - засталася ненадрукаванай. Велізарная калекцыя рукапісаў і рэдкіх кніг пасля смерці А. дасталася калекцыянеру К. Свідзінскаму.


Беларускамоўны сайт Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь будзе

А.А. Трусаву,

Старшыні грамадскага аб'яднання

«Таварыства беларускай мовы

імя Францішка Скарыны»

Паважаны Алег Анатольевіч!

На Ваш паўторны зварот у Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь даводзім да Вашага ведама, што ў цяперашні час праводзяцца мерапрыемствы па стварэнню беларускамоўнай версіі сайта Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь распрацоўваецца тэхнічнае заданне, робіцца пераклад тэкстаў.

Адказнай за выкананне гэтага даручэння з'яўляецца прэс-сакратар Мінсувязі Чазава Э.М.

Міністр М.П. Панцялей.


Беларуская мова закацілася ў падпраграму

Таварыства беларускай мовы

імя Францішка Скарыны

Трусаву А.А.

Паважаны Алег Анатольевіч!

Інфармуем, што ў сувязі з агульным скарачэннем колькасці праграм навуковых даследаванняў з 40, якія выконваліся ў 2006-2010 гг., да 16, якія запланаваны да выканання ў 2011-2015 гг., не ўсе напрамкі даследаванняў знайшлі сваё адлюстраванне ў назвах гэтых праграм. Такім чынам, адсутнасць асобнай праграмы па беларускай мове і літаратуры не азначае, што гэты напрамак закрываецца. Пералікам прыярытэтных напрамкаў фундаментальных і прыкладных навуковых даследаванняў Рэспублікі Беларусь на 2011-2015 гады, які зацверджаны пастановай Савета Міні-страў Рэспублікі Беларусь ад 19.04.2010 № 585, прадугледжаны два адпаведныя напрамкі прыя-рытэтных даследаванняў: 11.9 "Гістарычнае развіццё беларускай мовы, яе сучасны стан. функцы-янаванне і сувязі з іншымі мовамі свету" і 11.10 "Беларуская літаратура і літаратуразнаўства ў кантэксце духоўна-маральнага развіцця грамадства і сусветнага мастацкага працэсу".

У гэтай сувязі паведамляем, што даследаванне беларускай мовы і літаратуры будзе працягнута ў рамках падпраграмы "Беларуская мова і літаратура" дзяржаўнай праграмы навуко-вых даследаванняў "Гісторыя, культура, грамадства, дзяржава" на 2011-2015 гг., якая зацверджана пастаповай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 09.06.2010 № 886.

Першы намеснік Старшыні Прэзідыума

Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі П.А. Віцязь.



Паважаныя сябры і прыхільнікі ТБМ,

у межах кампаніі "Будзьма" 25 жніўня (серада) адбудзецца сустрэча з Аленай Анісім "Уступленне ў сілу Закона "Аб правапісе беларускай мовы".

Пачатак сустрэчы ў 18.30 , УВАХОД ВОЛЬНЫ.

АДРАС: вул. Румянцава, 13.


Прэзентацыя часопіса "Верасень"

Паважаныя сябры і прыхільнікі ТБМ, у межах кампаніі "Будзьма" 30 жніўня (панядзелак) адбудзецца прэзентацыя 2 нумара часопіса "Верасень".

Прэзентацыю праводзіць рэдактар часопіса Эдуард Акулін

Пачатак сустрэчы ў 18.00 ,

УВАХОД ВОЛЬНЫ. АДРАС: вул. Румянцава, 13.


Ірландскі досвед

У ліпені гэтага года місія АБСЕ ў нашай краіне арганізавала і прафінансавала паездку групы беларускіх службоўцаў у Ірландыю з мэтай вывучэння стану распаўсюджвання і ўжывання ірландскай мовы ў гэтай краіне. Галоўная мэта паездкі - дапамагчы беларускім заканадаўцам і распрацоўнікам законаў зрабіць новую, больш дасканалую і адпаведную дзейнай Канстытуцыі версію Закона "Аб мовах" у Беларусі. Справа ў тым, што пасля рэферэндумаў 1995 і 1996 гадоў Закон у 1998 годзе падправілі так, што ён не ў стане забяспечыць роўнасць дзвюх дзяржаўных моў у краіне і поўная перавага, дзякуючы папраўкам 1998 года, аддаецца рускай мове. Дарэчы, гэта і пацвердзіў Канстытуцыйны суд Беларусі ў 2003 годзе. Пачынаючы з 2003 года кіраўнікі Палаты прадстаўнікоў абяцаюць ТБМ унесці адпаведныя праўкі ў вышэйзгаданы закон, але сітуацыя стаіць нерухома на адным месцы.

Трэба сказаць, што ў беларускую дэлегацыю, накіраваную ў Ірландыю, увайшлі некалькі прадстаўнікоў дзяржаўных устаноў, якія рыхтуюць праекты законаў, прадстаўнік Міністэрства адукацыі, Адміністрацыі Прэзідэнта, Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі, місіі АБСЕ ў Менску. Місія АБСЕ прапанавала ўвайсці ў склад дэлегацыі і мне, як кіраўніку ТБМ, грамадскай незалежнай арганізацыі, якая ўжо 20 год бароніць правы беларускамоўных грамадзян нашай краіны.

Пасля афармлення ірландскай візы праз Маскву, збору шматлікіх даведак, неабходных для яе атрымання, 19 ліпеня 2010 года мы вылецелі нямецкім самалётам кампаніі "Люфтганза" з Менску ў Дублін з перасадкай у ФранкфурценаМайне.

Трэба сказаць, што ў нямецкім самалёце, які вылятаў з Менску, інфармацыя акрамя нямецкай і англійскай моваў гучала і пабеларуску, у адрозненні ад нашага самалёта кампаніі "Белавія", якім мы вярталіся з Франкфурта ў Менск. І вось, пасля доўгіх гадзін, праведзеных у аэрапорце Франкфурта наш самалёт прызямліўся ў сталіцы Ірландыі - Дубліне.

Крыху з гісторыі Ірландыі

Продкі сучасных ірландцаў, кельцкія плямёны, пачалі засяляць Ірландыю ў 4 ст. да н. э. і хутка асімілявалі абарыгенаў. Кельты падзяліліся на роды (кланы) і плямёны, якія ў 34 ст. н. э. ўтваралі 5 племянных саюзаўфедэрацый начале з вярхоўным каралём (ардрыягам). Вельмі рана, у V ст. н. э. ірландцы прынялі хрысціянства. Краіна мела шмат кляштараў, асяродкаў культуры, мастацтва і літаратуры, дзе ўжываліся старажытнаірландская і лацінская мовы.

Адзін з такіх кляштараў у цэнтры Ірландыі пад назвай "Clonmacnoise" (Клонмакнойз) мы наведалі.

Гэтае мястэчка і кляштар былі заснаваныя Святым Кіранам у сярэдзіне 6 ст. н. э. на ўсходнім беразе р. Шанон. Тут захаваліся руіны вялікага каталіцкага сабора і сямі меншых мураваных храмаў ХХІІІ стст., дзве круглыя абарончыя вежыданжоны, тры каменныя крыжы з унікальнымі барэльефамі на біблейскія тэмы і старажытны хрысціянскі могільнік з унікальнымі плітамінадмагіллямі. Гэта места нават наведаў рымскі папа Ян Павел ІІ, і ірландцы гэтым вельмі ганарацца.

Аднак пачынаючы з 795 і па 1014 на Ірландыю сталі нападаць нарманы, якія і заснавалі да Х ст. сённяшнія буйныя ірландскія гарады Дублін і Лімерык. Дарэчы Дублін заснавалі нарвежцы і назвалі яго ў гонар мясцовай рэчкі. У 1014 годзе ірландцы перамаглі прыхадняў у бітве пры Клонтарфе і адстаялі сваю незалежнасць.

Аднак у 1169 г. Ірландыю пачалі заваёўваць англанармандскія рыцары, якія спачатку захапілі паўднёваўсходняе ўзбярэжжа вострава і ўтварылі тут сваю калонію. Новая хваля экспансіі англічан пачалася з канца ХV ст. пры дынастыі Цюдораў. Кароль Генрых VIII прымусіў ірландцаў прызнаць яго кіраўніком царквы ў Ірландыі, а ў 1541 годзе прыняў тытул караля Ірландыі. З гэтага часу нацыянальны рух ірландцаў за незалежнасць набыў і рэлігійную афарбоўку, бо большасць ірландцаў засталіся каталікамі і выступалі супраць пратэстантаў.

Некалькі паўстанняў у 16 і 17 стст. былі залітыя крывёю паўстанцаў, некаторыя мясцовыя жыхары мусілі стаць эмігрантамі, асабліва падчас Вялікага голаду 18451849 гадоў. Краіна прыйшла ў поўны заняпад. Так перад голадам у 1841 г. у Ірландыі жылі 8,2 мільёна чалавек, а ў 1911 - толькі 4,4 мільёна.

У 19 ст. Ірландыя стала аграрным прыдаткам метраполіі. Аднак паўстанні адбываліся і ў 19 ст. Прадстаўнікі ірландскай інтэлігенцыі пачалі барацьбу за захаванне роднай (гэльскай) мовы і культуры. Была створана патрыятычная арганізацыя "Гэльская ліга".

У 1914 годзе брытанскі парламент прыняў закон аб аўтаноміі Ірландыі, але пачалася І Сусветная вайна і закон не набыў юрыдычнай сілы. Ірландцы адказалі ў 1916 годзе чарговым паўстаннем, якое англічане жорстка задушылі.

Незалежніцкі рух у краіне ўзначаліла партыя Шын фейн. Яе 73 дэпутаты на выбарах у 1918 годзе ў брытанскі парламент на тэрыторыі Ірландыі перамаглі, абвясцілі сябе першым ірландскім урадам, а ў студзені 1919 года заявілі пра незалежнасць, абралі прэзідэнта і стварылі ірландскую рэспубліканскую армію. Пачалася вайна за незалежнасць. У 1921 годзе падпісана мірная англаірландская дамова.

Краіну падзялілі. Паўночная Ірландыя (Ольстэр, галоўны горад Белфаст) засталася ў складзе Брытанскай імперыі. Паўднёвая Ірландыя атрымала права брытанскага дамініёна з захаваннем на сваёй тэрыторыі англійскіх ваенных базаў. Гэта прывяло да грамадзянскай вайны (192223) паміж прыхільнікамі і праціўнікамі вышэйзгаданай дамовы. Прыхільнікі поўнай незалежнасці вайну прайгралі, але атрымалі перамогу на выбарах у парламент у 1932 г. і сфармавалі свой урад.

У 1937 годзе прынялі новую канстытуцыю, адмянілі статус брытанскага дамініёна і абвясцілі незалежную дзяржаву Эйрэ (назва краіны на ірландскай мове).

У 1949 годзе Ірландыя была канчаткова абвешчана рэспублікай і выйшла са складу Брытанскай садружнасці нацый. Назва краіны "Эйрэ" прысутнічае на паштовых марках і грошах, аднак большасць ірландцаў называе сваю краіну на англійскі манер. Як тут не прыгадаць спрэчку паміж "Беларуссю" і "Белоруссией». Слава Богу, што з 19 верасня 1991 года "Беларусь" перамагла.

Аднак праблема Ольстэра засталася, а ў 196869 гадах ірландскі канфлікт найбольш абвастрыўся. На шчасце, у 1991 годзе ўзброеная барацьба ў Ольстэры спынілася, але сітуацыя вырашана далёка не поўнасцю.

У гады Другой Сусветнай вайны Ірландыя абвясціла нейтралітэт, у 1955 годзе ўступіла ў ААН, а ў 1973 годзе - у Еўрапейскі Звяз. У красавіку 1992 года усталявала дыпламатычныя адносіны з Рэспублікай Беларусь. Аднак Ірландскай амбасады ў Менску няма, і ўсе кантакты ідуць праз Маскву, тым больш, што Ірландыя не ўваходзіць у зону "Шэнген", і візу туды можна атрымаць толькі ў Маскве.

З грашыма прасцей, бо Ірландыя ўваходзіць у зону "Еўра". Нядаўні крызіс істотна падарваў ірландскую эканоміку, што адчуваецца асабліва ў сталіцы.

Сучасны стан ірландскай мовы

Ірландская мова ўваходзіць у групу кельцкіх моваў і распаўсюджана, акрамя Ірландыі, у ЗША і Канадзе (востраў Ньюфаундленд), дзе жывуць выхадцы з Ірландыі.. Колькасць носьбітаў, паводле розных даследчыкаў, вагаецца ад 100 тысяч да 2 мільёнаў. Мае пяць дыялектаў, адзін з іх - ольстэрскі. Першыя надпісы на ірландскай мове з'явіліся ў V стагоддзі. У канцы V стагоддзя быў разам з хрысціянствам прыняты лацінскі алфавіт.

Першы ўдар ірландскай мове і культуры нанеслі вікінгі, якія знішчылі старажытныя рукапісы ў ІХ стагоддзі. Вялікая англійская каланізацыя XVI - XVII стагоддзяў вельмі аслабіла ірландскую мову і культуру. У 1610 годзе з Ольстэра былі выгнаныя мясцовыя кланы, і там з'явіліся каланісты з Шатландыі. У канцы XVIІI стагоддзя каталіцкая царква, апошняе апірышча ірландскай мовы, перайшла на англійскую. У XVIІI - ХІХ стагоддзях адукаванасць насельніцтва заняпала, мова становіцца прымітыўнай. Яна губляе абстрактныя назоўнікі, тэрміны і г. д.

У выніку голаду 18461850 гг. памерла каля 1мільёна чалавек і эмігравала ў ЗША больш за 500 тысяч чалавек. Колькасць носьбітаў мовы значна паменшылася з 3,5 мільёнаў да 550 тысяч у канцы ХІХ ст. З таго часу колькасць носьбітаў ірландскай мовы ўвесь час памяншалася. І гэта нягледзячы на тое, што пасля 1921 года ірландскі ўрад прыняў меры па захаванні роднай мовы свайго народа, мову пачалі вучыць ва ўсіх школах і ВНУ, яе абвясцілі дзяржаўнай і прынялі шэраг іншых мер.

А цяпер крыху афіцыйнай інфармацыі пра стан ірландскай мовы, якую мы атрымалі ад ірландскіх чыноўнікаў…

У Рэспубліцы Эйрэ сёння пражывае больш за 4 мільёны чалавек. Падчас апошняга перапісу 1,66 мільёна чалавек заявілі, што ведаюць ірландскую мову.

Паўмільёна штодзённа карыстаецца мовай у сістэме адукацыі (настаўнікі, вучні, выкладчыкі ВНУ, студэнты), але не за яе межамі. 72 тысячы гавораць паірландску кожны дзень, з іх 20 тысяч жыве ў Гэлтахце (тэрыторыі краіны, дзе мова найбольш захавалася).

Урад Ірландыі распрацаваў праграму адраджэння роднай мовы (тэрмін 20 год) і плануе да 2030 года павялічыць колькасць людзей, якія штодзень будуць размаўляць паірландску, да 250 тысяч.

Зараз ірландскую мову вывучаюць вучні ва ўзросце ад 5 да 18 гадоў (1500 вучэбных гадзін за 13 год), а таксама студэнты як у мясцовых ВНУ, так і за межамі краіны. З 2007 года ірландская мова атрымала статус афіцыйнай мовы Еўразвязу, яе можна выкарыстоўваць у парламенце, судах усіх узроўняў, ёсць спецыяльнае моўнае заканадаўства і моўная камісія. Маюцца дзяржаўныя тэле і радыёстанцыі, выдаюцца дзве штотыднёвыя газеты. Існуюць дзяржаўныя моўныя арганізацыі, якія спрыяюць развіццю ірландскай мовы.

У 2006 годзе Урад Ірландыі выступіў з заявай аб распрацоўцы і ўвасабленні ў жыццё 20гадовай паэтапнай стратэгіі, якая зараз існуе на стадыі праекту і прадугледжвае наступныя змены праз 20 гадоў:

Ірландская мова выкарыстоўваецца больш шырока, стала больш вядомай і ёй ганарацца ва ўсім грамадстве.

Мова часцей выкарыстоўваецца ў грамадскім жыцці, для яе створаныя сферы ўжывання.

Ірландская мова робіць багацейшым жыццё ўсіх людзей; гэта жывая мова, не абмежаваная толькі школьным асяродкам.

Мы з'яўляемся прыкладам для іншых народаў і краін, якія імкнуцца абараніць свае мовы, што мала выкарыстоўваюцца.

Распрацоўшчыкі стратэгіі лічаць, што "заканадаўства не ёсць сродак выратавання мовы. Мову не можа выратаваць урад, міністэрства, альбо іншая дзяржаўная ўстанова. Выратаваць мову могуць толькі людзі. Але ўрад і дзяржаўныя ўстановы, безумоўна, са свайго боку павінны падтрымліваць і заахвочваць, ствараць месца і прастору для мовы ў грамадскай дзейнасці, каб яна не знаходзілася паза грамадствам, а належала масавай культуры.

Нам неабходна дасягаць лепшых вынікаў, выкарыстоўваючы для сваіх распрацовак тэарэтычную базу.

Стратэгія жыццёва неабходная. Дамоўленасць - усяго толькі першы крок. Галоўнае увасабленне ў жыццё.

У 2008 годзе прэм'ерміністр Ірландыі абвясціў па моўным пытанні наступнае:

"Культурная і моўная спадчына свету дакладна так знаходзіцца пад пагрозай, як і некаторыя іншыя складовыя часткі сусветнай экасістэмы.

Мы прынялі на сябе выключны абавязак: абараняць ірландскую мову, якая з'яўляецца часткай сусветнай спадчыны. Ніводная суверэнная дзяржава ніколі добраахвотна не адмаўлялася ад мовы продкаў, і мы таксама не маем намер гэта рабіць".

(Працяг у наступным нумары.)

Алег Трусаў


Пад "Дажынкі" беларускай мовы ў Лідзе становіцца больш

Пры падрыхтоўцы горада Ліды да рэспубліканскага фестывалюкірмашу "Дажынкі2010" паслядоўна ўжываецца беларуская мова. На ўездах у горад з'яўляюцца беларускамоўныя банэры. У горадзе ўстаноўлена вялікая колькасць лёгкіх аўтобусных прыпынкаў. Усе яны аформлены па-беларуску (за выключэннем тэхналагічных надпісаў). Гандлёвая фірма "Ліда" і гандлёвы цэнтр "Патсдам" выпусцілі пакеты з сімволікай "Дажынак". Пакеты цалкам аформлены пабеларуску, у тым ліку і тэхналагічныя надпісы (адрас і г.д.).

Будзем спадзявацца, што ўзяты кірунак будзе вытрыманы, і афармленне горада і далей будзе ісці пабеларуску, бо дажынкі пройдуць, а беларуская атмасфера, беларускае асяроддзе мусяць застацца.

Наш кар.


Паважаная рэдакцыя, добры дзень.

Шлю Вам сваю шчырую ўдзячнасць: паважаны Алег, паштоўка з Вашым аўтографам папоўніць мой творчы архіў.

Я, Роза Рымар, закончыла ў 1958 г. Гарадзенскі педінстытут. Павел Сцяцко чытаў у нас беларускую мову.

Я выкладчык рускай мовы і літаратуры, пасля намеснік дырэктара па вучэбнавыхаваўчай справе ў сярэдняй школе. Дэлегат настаўніцкага з'езду ў 1968 г. Апошнія 15 гадоў працавала ў "Гродзенскай праўдзе" і на абласным радыё. У 1990 г. атрымала ўзнагароду медаль за добрасумленную працу па лініі Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР.

У мяне ёсць кнігі з аўтографамі беларускіх і савецкіх паэтаў, а таксама палітычных дзеячоў: А. Салжаніцына, Б. Ельцына, М. Гарбачова, З. Пазьняка і інш.

Памятаю тыя дні, калі на мітынгах, што праходзілі на плошчы Тызенгаўза, мы спадзяваліся на новае жыццё, радасна скандзіравалі: "Жыве Беларусь!" З намі заўсёды быў А. Пяткевіч.

З нагоды 70годдзя Гарадзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта я была запрошана на ўрачыстасць. Я атрымала пунсовыя ружы, якія паклала да помніка Янку Купалу. А кнігіпадарунак мяне вельмі парадавалі. А яшчэ, я і не думала запрасілі маю фатаграфію, дзе я студэнтка, для ўніверсітэцкага музея.

Прабачце, калі ласка, адняла ў Вас многа часу. Чаму напісала? Не ведаю.

Заўвага: у № 29 ад 21 ліпеня ў рубрыцы "Ахвяраванні на ТБМ" памылка ў маім прозвішчы. Я Рымар, а не Рынар. І не з Менску, а з Гародні.

А ў № 31 у рубрыцы "Віншуем сяброў ТБМ, якія нарадзіліся ў жніўні" я, не падумаўшы, шукала сваё прозвішча

Што азначае "сябра"? Хіба той, хто многа гадоў робіць патрэбнае важнае для ТБМ

Я ў гэтай справе мала што раблю: падпіску на газету аформіла, паставіла свой аўтограф пад зваротам да прэзідэнта, пералічваю невялічкія ахвяраванні.

Шчыра дзякую, што прачыталі.

Поспехаў Вам! Жыве Беларусь!

Роза Рымар, член Саюза журналістаў, ветэран працы, г Гародня.

Ад рэдакцыі: Спісы ахвярадаўцаў фармуюцца ў рукапісным варыянце, і, калі напісана неразборліва, то здагадацца як гучыць, а, тым больш, як пішацца нашае беларускае прозвішча, практычна немагчыма, тым не менш мы прыносім спадарыні Рымар свае прабачэнні.

Што тычыццца штомесячных віншаванняў. Спіс фармуецца і перадаецца ў рэдакцыю Сакратарыятам ТБМ. І калі чалавек самым актыўным чынам працуе ў ТБМ, але пры гэтым ніколі не запаўняў анкету на ўступленне, не атрымоўваў пасведчання, то найбольш верагодна, што яго няма ў базе дадзеных Сакратарыяту, і ён не трапіць у спіс. Такіх людзей у нас шмат, як і тых, хто піша ў анкеце толькі год нараджэння. Сакратарыят з гэтай нагоды яшчэ раз просіць усіх сяброў ТБМ атрымаць пасведчанні і запоўніць анкеты, або хоць пераслаць свае поўныя дадзеныя.


У родным краю ёсць крыніца жывой вады...

Прывет табе, жыццё на волі!

Над галавой дубоў павець,

Віднеюць неба, горы, поле

Праз лісцяў сець...

Гэтыя радкі Максіма Багдановіча вельмі лёгка дапасуюцца да цудоўных ракуцёўскіх краявідаў. Для нас, сённяшняй моладзі, мясціны гэтыя ёсць прыцягальнай сілай, якой нельга не падпарадкавацца хоць бы раз на год - у час "Ракуцёўскага лета". Доўжыцца гэтае лета адзін дзень, але так напаўняе сэрца натхненнем і цяплом на ўсе астатнія дні халоднага, беднага на падзеі бясконцага года. Бясконцага - у чаканні наступнага "Ракуцёўскага лета".

Эмацыйную напоўненасць гэтай падзеі значна ўзмацняе панаванне тут роднай мовы. І можа гэта і ёсць вырашальным аргументам дзеля наведвання намі гэтага свята. Нашага калектыўнага рашэння. І нішто не можа болей узмацніць уражанні, як адчуванне прысутнасці побач сяброў-аднадумцаў.

На жаль, "Ракуцёўскае лета" з кожным годам усё болей ігнаруюць выбітныя мінчукі: пісьменнікі, барды, гісторыкі, грамадскія дзеячы, творчыя асобы, для якіх, напэўна, няіснае пачуццё паяднанасці на глебе нашых агульных каштоўнасцей. А між тым, нязмушаная атмасфера гэтага свята дала б магчымасць нават і тым, хто лічыць сябе знаным палітыкам, судакрануцца сэрцам з цудам, якім ёсць раку-цёўская зямля. І не абавязкова прамаўляць са сцэны. Можна проста прайсціся затравелай сцежкай, зірнуць у шчырыя вочы аднадумцаў. І тады ясна пабачыцца шлях да сэрцаў мільёнаў. Бо тут - святая зямля Максіма, вечнага вершніка на чале несмяротнай Пагоні за мову, за Бе-ларусь.

І тым болей прыемна было для нас упэўніцца, што ўсё ж ёсць адданыя прыхільнікі Максіма між творцаў! Гэта паэты Віктар Шніп і Вікторыя Трэнас. Яны з тых, хто не здрадзіў ракуцёўскаму святу. Мы былі шчаслівыя, што яны побач, што мы зноўку атрымалі магчымасць чуць іх родныя беларускія галасы. А яшчэ мы мелі за шчасце пазнаёміцца з паэтамі Навумам Гальпяровічам і Анатолем Зэкавым.

Голас Навума Гальпяровіча - чысты, сакавіты, сапраўды беларускі - пазнае кожны з нас, бо з цікавасцю слухаем перадачу "Зямля, што нам дадзена лёсам" на беларускім радыё. А яшчэ мы заўжды чытаем ля помніка Максіму Багдановіча радкі з верша Навума Гальпяровіча:

Калі да помніка Максіму

Палягуць кветкі па вясне,

Што поўняцца гаючай сілай,

Дык будзе хораша і мне...

Марылі пазнаёміцца з аўтарам, бо ўяўлялі яго шчырым беларусам. Нездарма ж яму належаць такія прачулыя радкі:

...Калі мы ўсе - адна радзіна,

І ў нашай любай старане

Шануюць маці і Радзіму,

Дык, значыць, хораша і мне.

Нашыя мары спраўдзіліся. Успамін аб сустрэчы са сціплым, прыязным чалавекам, таленавітым паэтам Навумам Гальпяровічам будзе саграваць нашыя сэрцы ўсё жыццё.

Надзвычай прыемна было слухаць, як прамаўляў са сцэны Анатоль Зэкаў. Абавязкова пазнаёмімся з яго творчасцю.

І быццам усё было цудоўна і прывабна: вельмі прыязныя, усмешлівыя, такія мілыя прадстаўніцы Літаратурнага музея Максіма Багдановіча Таццяна Эдуардаўна і Ірына Вітальеўна. Але не было Андрэя Мікалаевіча...

Прыветна сустракала ў двары ракуцёўскага фальварка гасцей свята з караваем дырэктар музея Таццяна Эдуардаўна. І шчыра запрашала ўсіх частавацца. Але не гучаў, як у мінулым годзе, самы беларускі ў свеце голас спевака Данчыка...

Ля доміка арандатара з партрэта на сваіх гасцей пазіраў такі рамантычны Максім Багда-новіч. І на сцэне, дзе праходзіла святочная імпрэза, быў партрэт: Максім на ім выглядаў пажылым чалавекам, якім пры жыцці ніколі не быў...

А ўжо нават і непрыемна ўразіла, што са сцэны ўперамешку з беларускімі гучалі рускамоўныя песні. Быццам мала іх створана на роднай мове...

Вось вам і выклік, паэты-барды! Не прэстыжнае для вас свята? Але хто ж яго зробіць прэстыжным, як не самі беларусы, што любяць Беларусь не толькі на словах?

Кожны з нас імкнуўся сказаць з ракуцёўскай сцэны самае запаветнае, што вынасіў у сэрцы. Крысціна прамаўляла свае шчырыя словы пра любімага паэта, чытала радкі з верша Эдуарда Акуліна; Кірыл і Яна чыталі вершы Максіма Багдановіча, Святлана - верш Сяргея Законнікава "Вочы Мак-сіма", Алена - свой уласны верш. І разам з кіраўніком Навуковай рады нашага клуба Аляксеем Галічам праспявалі Максімаву "Пагоню".

Быў спякотны дзень, шчодра зямлю сагравала сонейка. І кожнага вабіла Максімава крыніца. Глыток сцюдзёнай вады з яе праганяў не толькі знямогу ад спёкі, але і ад раз'яднанасці, непаразумення, наталяў душу незвычайнай прагай дзейнасці. Можа тыя, хто спалохаліся спёкі і не прыехалі на свята, забыліся, што ёсць тая цудатворная крыніца?!

...У родным краю ёсць крыніца

Жывой вады.

Там толькі я змагу пазбыцца

Сваей нуды...

Кожны, хто хоча штосьці вялікае здзейс-ніць для гэтай зямлі, павінен хоць бы час-ад-часу наталяць смагу перамогі з гэтага вытоку. Інакш нічога ў яго не атрымаецца. І спрабаваць не варта. Атрымаецца хіба што няшчырасць, фальш, а ў выніку - параза.

Каб асэнсаваць такую значную падзею, як сустрэча з Максімам Багдановічам на ракуцёўскай зямлі, патрэбен час. Кожны з нас, гледзячы з акна цягніка на хуткаплынныя краявіды, паўтараў у думках: "Бывай, Раку-цёўшчына, да наступнага "Ракуцёўскага лета" - кароткага і яркага, як бліскавіца на тле шэрай будзённасці."

У руках у нас - каштоўныя падарункі: новыя зборнікі твораў Навума Гальпяровіча і Віктара Шніпа. Кнігі, што яшчэ помняць цяпло рук аўтараў, святло іх вачэй. Са шчырымі над-пісамі - прысвячэннямі. Кнігі двух цудоўных беларусаў, дзякуючы якім знайшлі падмацаванне нашая ўпэўненасць у правільнасці абранага шляху і надзея дайсці да Беларусі. Гэтыя кнігі нясуць у сабе і цяпло незабыўнага "Ракуцёў-скага лета".

Скончыць свае нататкі хацелася б словамі выдатнага паэта Эдуарда Акуліна, як малітвай за ўсіх нас на нашым агульным шляху:

Столькі вёсен і зім адзін,

Ты даруй нам усім, Максім,

Без'языкім, сляпым, глухім,

І душою парожнім.

Столькі вёсен і зім адзін,

Ты вышэй ад усіх, Страцім,

Да цябе мы ўсе ляцім, як можам.

Да цябе даляцець нам сіл

Дай, Божа...

Жукоўская Святлана, 13 гадоў, сябра гісторычна-патрыятычнага клуба "Спадчына".


Памёр Вячаслаў Дубінка

10 жніўня раптоўна памёр Вячаслаў Дубінка. Знанаму фотамастаку, пісьменніку і народнаму майстру ішоў 69-ты год.

Ён нарадзіўся ў Слуцку. Вальналюбны дух горада спрычыніўся да фармавання асобы няўрымслівай і неўтаймоўнай. Ужо пасля сёмага класа ён вырашыў паглядзець на мора і без грошай даехаў да Адэсы. Вандраваць ён будзе ўсё жыццё і пакладзе потым свае дарожныя ўражанні ў аснову празаічных твораў.

Слуцкі гумар і сакавітая тамтэйшая гаворка засталіся ў кнігах "Паплач ля роднае крынічкі", "Ня плач, душа мая", "Ой, зялёны дубочак" (1983), "Браты святой ночы" (1986), "Развітальная песня" (1989) і ў шматлікіх апа-вяданнях на старонках беларускай перыёдыкі.

Сябрам Вячаслава Дубінкі быў гісторык і грамадскі дзеяч Алег Трусаў :

- Ён напісаў шмат цікавых раманаў з добрым гумарам слуцкім. Быў аптымістам, чалавекам надзвычай бадзёрым, які не сумаваў ні ў якой сітуацыі. І таму, канешне, Беларусі будзе не ставаць гэтага чалавека вельмі моцна.

Спадара Дубінку можна было сустрэць з фотаапаратам у руках на ўсіх акцыях дэмакратычнай грамадскасці. Пачынаючы ў 23 гады самавукам у "раёнках", ён хутка стаў адным з самых вядомых беларускіх фотамастакоў. Гэты бок ягонага таленту зблізіў яго з фотамастаком Георгіем Ліхтаровічам .

- У яго былі шчырыя дзіцячыя вочы, і ён гэтымі вачыма здзіўлена глядзеў на свет і прымушаў здзіўляцца гэтаму свету іншых. І вось зараз, калі ўзгадваю яго, то сьлёзы на вачах, але разам з тым і ўсмешка на вуснах, бо яго без усмешкі амаль немагчыма ўявіць. Ён быў і добрым фотамастаком, і тое, што ён рабіў з паліграфіяй - гэта таксама цуд. Ён фактычна ўласнымі рукамі рабіў тое, ад чаго адмаўляліся вялікія паліграфічныя прадпрыемствы".

Вынікам гэтай працы сталі фотаальбомы "Бабруйск", "Нясвіж", "Магілёў", "Брэст" і ба-гаты архіў, у якім амаль уся найноўшая гісторыя краіны. А яшчэ - тысячы арыгінальных са-маробных штодзённікаў, візітовак, нататнікаў, паштовак, асновай аздобы якіх стала фактычна адроджанае ім народнае мастацтва выцінанкі. Неаднаразовы пераможца міжнародных конкурсаў пакінуў па сабе тысячы карцін, выразаных нажніцамі з паперы. Гэты бок ягонай багата адоранай натуры выявіўся ў фільмах рэжысёра-мультыплікатара Міхася Тумелі .

- Для мяне было сапраўднае адкрыц- цё - знаёмства са спадаром Вячаславам, бо я, пакуль не пачаў рабіць цыкл "Беларускія пры-маўкі", амаль што не ведаў пра выцінанку. І калі Валодзя Цэслер пазнаёміў мяне з ім (ён зямляк Дубінкі), то ў мяне была мара, каб ён быў мастаком-пастаноўшчыкам на маіх выцінанкавых фільмах. І роля Дубінкі ў іх стварэнні была, на мой погляд, самая важная, бо ён натхняў. У нас у групе віселі амаль што ўвесь час яго працы. І гэта вялікая страта для беларускай культуры.

Валянціна Аксак.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX