Папярэдняя старонка: 2010

№ 34 (977) 


Дадана: 19-03-2020,
Крыніца: pawet.net.



№ 34 (977) 25 ЖНІЎНЯ 2010 г.


100 гадоў з дня нараджэння Ўладзіміра Корбана

КОРБАН Уладзімір Іванавіч [12 (25) .8.1910, г. Барань Аршанскага р-на - 30.11. 1971], беларускі сатырык, байкапісец. Засл. дз. культ, БССР (1970). Удзельнік Айч. вайны. Працаваў на заводах у Барані, Ленінградзе, Лідзе, Оршы, у 1952-71 у рэдакцыі час. «Вожык» (з 1967 гал. рэдактар). Друкаваўся з 1945. Аўтар баек, сатыр. і гумарыст. вершаў, вершаваных фельетонаў (зб. «Мы іх ведаем», 1950, «Байкі», 1953, «3 вецярком», 1957, «Не на сваім месцы», 1965, «Свінні ў рэпе», 1968, і інш.). Байкі і вершы К., арганічна звязаныя з нар. сатырай, вызначаюцца актуальнай тэматыкай, трапнасцю і вастрынёй, маст. прастатой. Пісаў гумарыст. апавяданні (зб. «Да цешчы на бліны», 1963), вершы і байкі для дзяцей (зборнікі «Янка і санкі», 1957, «Пра жывёл і пра звяроў» і «Учора, сёння і заўжды», 1963, «Суседні двор», 1967). На бел. мову перакладаў творы I. Крылова, Л. Украінкі, С. Алейніка, Т. Масэнкі, Мірмухсіна, А. Юшчанкі і інш. Асобныя яго творы перакладзены на рус, укр. і інш. мовы.


ПЯТРУ КРАЎЧАНКУ - 60

КРАЎЧАНКА Пётр Кузьміч (н. 13.8.1950, г. Смалявічы Менскай вобл.), дзяржаўны дзеяч Беларусі, гісторык, дыпламат. Канд. гіст. н. (1976). Скончыў БДУ (1972). 3 1975 выкладчык у БДУ, адначасова на парт. рабоце. 3 1985 сакратар Менскага гаркаму КПБ. У 1990-94 міністр замежных спраў Рэспублікі Беларусь. Мае дыпламатычны ранг надзвычайнага і паўнамоцнага пасла СССР (1990). Кіраўнік дэлегацыі Беларусі на 45-48-й сесіях Ген. Асамблеі ААН. 3 1998 надзвычайны і паўнамоцны пасол Рэспублікі Беларусь у Японіі. Дэпутат Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь у 1990 і 1995-96, старшыня камісіі па міжнародных справах Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь (1996). Сустаршыня аргкамітэту па стварэнні ТБМ (1989). Садзейнічаў ТБМ у атрыманні сядзібы на вул. Румянцава, 13 у Менску. Сябар рады ТБМ. Аўтар кніг "Абраннікі вечнасці", Мн., 1999; "Беларусь на ростанях, або Праўда аб Белавежскай дамове: запіскі дыпламата і палітыка", 2006; "Беларусь на пераломе: дыпламатычны прарыў у свет: выступы, артыкулы, інтэрв'ю, гутаркі, дыпламатычныя дакументы і перапіска", 2009.


Беларуская школа ў Рызе атрымае грунтоўную дапамогу

Прэзідэнт Беларусі распарадзіўся аказаць падтрымку беларускай школе ў Рызе. Гэта адзіная навучальная установа ў Латвіі, дзе навучанне вядзецца па-беларуску і па-латышску. Як зазначае дырэктар школы Ганна Іванэ, за 15 гадоў існавання не было такой грунтоўнай дапамогі з боку беларускай дзяржавы.

Сёння ў школе 120 вучняў, а прыняць школа можа ў 2-2,5 разы больш. Спатрэбіцца нейкі час на новую рэкламу, паколькі школа пераехала ў новае месца.

- Настрой у нас добры. Калі ўсё будзе так, як заяўлена, то гэта будзе грунтоўная падтрымка. Мы і хвалюемся, і радуемся, таму што мы пераехалі ў новы будынак, заканчваецца там рамонт, і будзе многа ўсяго патрэбна. З боку Беларусі павярнуліся да нас тварам. Мы былі, напэўна, адзінай школай у такой нішчымніцы, таму што і ўкраінцы, і літоўцы, яны ў лепшым стане. Урэшце-рэшт мы дастукаліся да беларусаў, - гаворыць Ганна Іванэ.

Школа пакуль 9-цікласная, дае базавую адукацыю. Да гэтага часу не было магчымасці развіцця. Зараз такія магчымасці будуць, таму кіраўніцтва і калектыў школы пачалі думаць пра напісанне і ліцэнзаванне праграмы сярэдняй школы. Нарэшце ў беларусаў становіцца нешта, як у людзей, і метраполія пачынае дбаць пра дыяспары.

Наш кар.


З 1-га верасня ўступаюць у сілу новыя правілы беларускай арфаграфіі і пунктуацыі

Яшчэ ў 2008 годзе быў прыняты закон " Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі ". Але дзейнічаць новая рэдакцыя правіл беларускай арфаграфіі пачынае толькі з 1 верасня гэтага года . Падчас прэсавай канферэнцыі дырэктара Інстытута беларускай мовы і літаратуры імя Я . Купалы і Я . Коласа Аляксандра ЛУКАШАНЦА , карэспандэнты паспрабавалі высветліць , якія змены гэты закон прынясе ў пісьмовую беларускую мову .

- Растлумачце адпачатку , што гэта за закон і што ён уводзіць у дзеянне : новыя правілы ці ўдакладненні старых правілаў ?

- Гэтым законам "Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі", які быў прыняты ў 2008 годзе, фактычна прыводзіцца ў дзеянне новая рэдакцыя правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі, выдання 1959 года. Гэта перш за ўсё азначае, што гэтым законам не ўносяцца істотныя і радыкальныя змены, а толькі карэктуюцца ці ўдакладняюцца некаторыя моманты таго правапісу, які быў прыняты ў 1959м годзе і, у прынцыпе, дзейнічае яшчэ да сённяшняга дня. Будзе дзейнічаць да 1 верасня. А з гэтага дня мы павінны будзем карыстацца пры пісьме гэтымі новымі правіламі.

- Гэта патрабаванне карыстацца новымі правіламі распаўсюджваецца на ўсе сферы жыцця?

- Гэта датычыцца, перш за ўсё, афіцыйнага выкарыстання беларускай пісьмовай мовы. У прыватнай перапісцы і ў нейкіх сваіх дзённікавых запісах любы грамадзянім мае права карыстацца любым правапісам. Ці, нават, не карыстацца ніякім правапісам - як яму зручна, так ён і піша. Хаця, часта такое напісанне назіраецца і ў тэкстах, адрасаваных шырокаму колу чытачоў. Гэта можна бычыць на розных сайтах, на форумах, дзе часам прытрымліваюцца пэўных правілаў, а часам - не прытрымліваюцца ніякіх. І не вядома, па якіх прычынах.

- Якая, усё ж, неабходнасць была ў тым, каб уводзіць новыя правілы напісання?

- Гэтыя змены накіраваныя на змяншэнне колькасці выключэнняў з правілаў і на прывядзенне напісання слоў ці груп слоў у адпаведнасць з ужо існай моўнай практыкай. Асноўныя ж правапісныя правілы застаюцца нязменнымі. Да прыкладу, па новых правілах, словы "адажыо" і "трыо" будуць пісацца з "а" на канцы. Становіцца менш выключэнняў у напісанні "ў" у словах іншамоўнага паходжання. Унесены пэўныя змены ў правапіс складаскарочаных слоў. Калі правапіс 1959 года патрабаваў напісання "гарвыканком", то пісаць зараз будуць так, як і належна - "гарвыканкам". І ўпарадкавалі напісанне літар "э" і "е" ў словах іншамоўнага паходжання. Такі чынам, правільна будзе - "рэзюмэ". А ў межах зменаў напісання слова з малой ці з вялікай літары навукоўцы прыйшлі да высновы, што "Бог" трэба пісаць з вялікай, а не так, як раіў стары правапіс. І гэтак далей.

- Наколькі школа гатовая да таго, каб навучаць дзяцей у адпаведансці з гэтай новай рэдакцыяй правапісу?

- Што датычыцца вучэбнай літаратуры, то Міністэрствам адукацыі выкананы вялікі план мерапрыемстваў па падрыхтоўцы да ўводу ў дзеянне навучання па новых правілах. Некаторыя падручнікі ўжо перавыдадзены ў адпаведнасці з новымі правіламі. Некаторыя падручнікі на беларускай мове будуць перавыдадзеныя ў бліжэйшыя дватры гады, замененыя ў працэсе іх натуральнага абнаўлення. Бо тыя змены, якія ўводзяцца не патрабуюць тэрміновага перавыдання ўсёй навучальнай літаратуры. Я яшчэ раз паўтару: фактычна, школьнікі вывучаюць тыя ж самыя правілы, але вывучаюць значна меншую колькасць выключэнняў з гэтых правілаў. Падрыхтавана і даведачная літаратура: "Арфаграфічны слоўнік", які выдадзены ўжо ў адпаведнасці з новымі правіламі. І выдадзены сучасны "Беларускарускі слоўнік для школьнакаў", дзе беларускамоўная частка выканана ў адпаведнасці з новымі правіламі арфаграфіі і пунктуацыі. Да таго ж, Міністэрствам адукацыі прадугледжаны трохгадовы пераходны перыяд. Змены ў правапісе не будуць уключацца ў экзаменацыйныя ці тэставыя заданні па беларускай мове, а рознае напісанне не будзе залічвацца як памылкі.

- А ці распаўсюджваецца гэты трохгадовы пераходны перыяд на журналістаў друкаваных СМІ і інтэрнэтвыданняў? І хто будзе адсочваць выкананне гэтых новых нормаў?

- Не. Вам давядзецца пісаць у адпаведнасці з новымі правіламі ўжо з 1 верасня. А хто будзе адсочваць? Ну, хто і заўсёды адсочваў: галоўныя рэдактары, карэктары. Такім чынам, перш за ўсё - самакантроль за ўзроўнем уласнай адукацыі. Мова сродкаў масавай інфармацыі павінна строга прытрымлівацца адзіных устаноўленых нормаў. Бо мы прывыклі да таго, што мова СМІ - узорная мова, яна такім чынам і ўспрымаецца.

Васіль СЛУШНЫ. Euramost.org


Беларускай мовы на канале АНТ пабольшала

З пачатку жніўня на канале АНТ у два разы павялічылася колькасць тэлеперадач, якія вядуць Андрусь Такінданг і намесніца старшыні ТБМ Алена Анісім. Цяпер гэтыя перадачы можна бачыць каля васьмі гадзін раніцы ў аўторак ды чацвер і даведацца шмат цікавага пра паходжанне і значэнне беларускіх словаў

Перадача займела свой сайт, цераз які можна прапанаваць для разгляду сваё цікавае слова, або задаць вядоўцам адпаведнае моўнае пытанне.

Наш кар.


Ірландскі досвед

(Заканчэнне. Пачатак у папярэднім нумары.)

Нашы сустрэчы

20 ліпеня з ранку да вечара мы працавалі ў Дубліне. Нас ласкава прыняў і апекаваў ўвесь час Дэпартамент па пытаннях грамадаў, роўнасці і Гэлтахта. Гэта вядучая дзяржаўная ўстанова краіны, якая займаецца моўнымі праблемамі. Пад час агляднай лекцыі мы даведаліся, што першая рукапісная кніга на ірландскай мове з'явілася ў 860 годзе. Сёння з большага ведаюць родную мову толькі 42% насельніцтва краіны, толькі 85 тысяч чалавек гавораць на ёй штодня, а 97 тысяч - не радзей чым адзін раз на тыдзень.

Актыўнымі носьбітамі мовы з'яўляюцца 64 тысячы чалавек, з іх асноўная маса жыве ў Гэлтахце. У Канстытуцыі Ірландыі. прынятай у 1937 годзе, у артыкуле 8 запісана, што першая дзяржаўная мова - ірландская, а другая - англійская. У 2003 годзе быў прыняты закон аб афіцыйных мовах у краіне, які ўзяў за аснову моўнае заканадаўства Канады. У адпаведнасці з законам на першым месцы кліент, менавіта ён выбірае мову зносін.

З 1 студзеня 2005 года ірландская мова з'яўляецца адной з афіцыйных моў Еўразвязу, і таму на яе перакладаюць афіцыйныя дакументы, а таксама выдзяляюць грошы на навучанне роднай мове ў ВНУ, каб у першую чаргу рыхтаваць лінгвістаў, юрыстаў і перакладчыкаў. У 50 універсітэтах за межамі Ірландыі, нават у Оксфардзе. вывучаюць ірландскую мову. Дапамаглі ў захаванні ірландскай мовы нямецкія навукоўцы, якія ў канцы ХІХ стагоддзя звярнулі на яе пільную ўвагу, як на элемент старажытнай кельцкай культуры. Існуе тэлеканал, дзе ўсе перадачы ідуць паірландску, часам гэта мова гучыць на іншых каналах ТБ. Выходзяць дзве агульнанацыянальныя газеты, адна з іх - як ірландскамоўны дадатак да папулярнай англамоўнай газеты. Праект 20гадовага плана падтрымкі ірландскай мовы надрукаваны ў лістападзе 2009 г. Паколькі толькі 9% ірландцаў могуць гаварыць на роднай мове, некаторыя грамадзяне, нават палітыкі, варожа ставяцца да тых міністраў, хто афіцыйна выступае паірландску. Аднак ірландская версія Канстытуцыі мае перавагу і сілу закона. Дэпутаты ірландскага парламента могуць не ведаць ірландскай мовы, але маюць у парламенце сінхронны пераклад з яе.

Усё гэта паведаміў кіраўнік Дэпартамента Дэклан О'Брайен (Deaglain O'Brian), які суправаджаў нас на працягу ўсёй паездкі.

Потым нас пазнаёмілі з Актам аб афіцыйных мовах, прынятым у 2003 годзе, а раней у краіне моўнай заканадаўчай базы не было. Мэта гэтага закона - даць магчымасць аказваць людзям паслугі на ірландскай мове. Існуюць розныя трохгадовыя праграмы па развіцці ірландскай мовы. Яны ахопліваюць больш за сотню розных дзяржаўных устаноў і ВНУ. У 2004 годзе ў краіне ўведзена пасада моўнага камісара, які прызначаецца непасрэдна прэзідэнтам краіны. Камісар разглядае скаргі грамадзян па моўных пытаннях і дае рэкамендацыі па іх вырашэнні. У штаце камісіі 8 супрацоўнікаў. У год паступае прыкладна 700 скаргаў.

Да 1933 года ўсе службоўцы былі павінны ведаць ірландскую мову, але потым гэта правіла адмянілі, і зараз толькі 3% афіцыйных асобаў могуць аказваць паслугі на ірландскай мове. У краіне створана незалежная сетка перакладчыкаў на ірландскую мову, якія маюць афіцыйную акрэдытацыю. Зараз іх 145 чалавек.

У краіне дзейнічаюць два тэрміналагічныя камітэты, адзін з іх юрыдычны, створаны ў 1945 годзе.

Ёсць праблема з падручнікамі і слоўнікамі ірландскай мовы. Апошні правапіс быў зацверджаны ў 1958 годзе, ірландскаанглійскі і англійскаірландскі слоўнікі створаны, адпаведна, у 1959 і 1977 гадах.

Зараз рыхтуюцца да выдання новыя слоўнікі аб'ёмам прыкладна 50000 слоў. Апошні падручнік ірландскай мовы выйшаў у 1959 годзе.

Потым адзін з адвакатаў расказаў нам аб мовах у ірландскіх судах. У судах разглядаюцца грамадзянскія і крымінальныя справы, а таксама справы супраць дзяржавы і наадварот, супраць асобы.

У адпаведнасці з законам 1924 г. усе суддзі на тэрыторыі Гэлтахта павінны ведаць ірландскую мову, але гэты закон не працуе. Толькі два суддзі у Вярхоўным Судзе краіны ведаюць ірландскую мову, але ў судах ёсць сінхронны пераклад, і 70% моўных спрэчак у судах разглядаюцца паірландску. Суда прысяжных на ірландскай мове ў краіне няма.

Прадстаўнік Камітэта, адказны за тапаніміку, расказаў пра геаграфічныя назвы і абазначэнне тапонімаў.

Большасць геаграфічных пунктаў у краіне склалася да XVII стагоддзя, але потым англічане іх у асноўным пераназвалі або перапісалі назвы на англійскі манер. Да пачатку ХІХ стагоддзя англійскія назвы сталі стандартнымі. У 1830я - 40я гады была зроблена геадэзічная мапа краіны. Пасля 1922 года і асабліва пасля прыняцця Канстытуцыі 1937 года ўзнікла неабходнасць вяртання ірландскіх назваў. У кельцкіх раёнах дарожныя знакі пачалі рабіцца толькі на ірландскай, а ў іншых месцах - на дзвюх мовах, прычым ірландская - першая, і тэкст на ёй вылучаны асобным шрыфтам і колерам. У 1946 годзе стварылі Камісію па геаграфічных назвах. Яна падрыхтавала на ірландскай мове спіс дзвюх з паловай тысяч паштовых гарадоў і вёсак.

Новыя назвы - гэта кампетэнцыя графстваў. Звычайна новыя назвы ствараюцца на англійскай мове, а потым перакладаюцца на ірландскую. Вельмі цікавяцца геаграфічнымі назвамі ірландскія эмігранты.

Аб ужыванні ірландскай мовы ў сістэме адукацыі нам распавяла чыноўніца з Дэпартамента адукацыі.

У 1831 годзе англічане зрабілі нацыянальную школу з мэтай пашырэння англійскай мовы. Выкладанне на ірландскай было забаронена. Аднак пад ціскам грамадскасці ў 1879 годзе акупанты дазволілі нядзельныя школы на ірландскай мове, у 1883 годзе дазволілі выкладаць яе ў кельцкіх рэгіёнах, а ў 1900 дазволілі выкладанне ірландскай як дадатковай ва ўсіх школах краіны.

17 сакавіка 1922 года ірландская мова стала абавязковым прадметам школьнай праграмы. У 1932 годзе стварылі каледжы для настаўнікаў, якія былі вельмі папулярнымі.

Аднак у 1937 годзе прафсаюз настаўнікаў выступіў супраць навучання малых дзяцей з 4 да 6 год толькі паірландску, і пачаўся заняпад. У 1961 годзе падрыхтоўчыя каледжы для настаўнікаў ірландскай мовы зачынілі.

Сёння большасць ірландскіх настаўнікаў кепска валодае ірландскай мовай і не хоча на ёй размаўляць за межамі школы. Тым не менш, з 1934 года неабходна здаваць абавязковы іспыт па ірландскай мове каб атрымаць атэстат. У 1998 годзе прынята новая адукацыйная праграма. У адпаведнасці з ёй вучні старэйшых класаў (15 - 18 гадоў) здаюць абавязковыя іспыты па пяці прадметах, і адзін з іх - па ірландскай мове. Тым не менш. у 2010 годзе толькі 82% дзяцей здавалі іспыт па ірландскай мове, хоць ён і абавязковы. Астатнія былі вызвалены як дзеці замежных грамадзян ці хворыя.

Большасць ірландскамоўных школ дзейнічае ў Гэлтахце. Гэта 136 пачатковых і 137 маленькіх сярэдніх школаў. Існуе таксама 28 пачатковых і 39 сярэдніх школ з ірландскай мовай навучання ў іншых раёнах Ірландыі. З іх - 12 сярэдніх школ у Дубліне. На жаль, толькі адзін вучань з трынаццаці вучыцца сёння на роднай мове. Англійскую мову, як і ірландскую, вывучаюць тры гадзіны на тыдзень.

Выкладчыца Ірландскага нацыянальнага універсітэта, сп. Ганна распавяла нам пра ўзровень валодання мовамі, неабходны для паступлення на дзяржаўную службу, а таксама пры вызначэнні ўзроўню валодання ірландскай мовай.

Да 1974 года службоўцы ў Ірландыі мелі даплату да 10% за валоданне роднай мовай і 5% за слабое валоданне ёю. Потым надбаўкі адмянілі, а ў 1990 г. іх вярнулі, але ў меншых памерах: 6% даплаты за валоданне ірландскай мовай і 4% за частковае валоданне ёю.

У 2007 годзе толькі 3% чыноўнікаў адукацыі вольна карысталіся кельцкай мовай. так што, наш міністр адукацыі пакуль можа ганарыцца сваімі падначаленымі.

У 2001 г. у Еўразвязе было вызначана 6 узроўняў ведання кожнай афіцыйнай мовы звязу. На гэтым грунце ў 2005 годзе быў распрацаваны еўрапейскі сертыфікат ведання ірландскай мовы (4 узроўні). Сярод славянскіх універсітэтаў вылучаецца пражскі, дзе болей за 100 студэнтаў вывучаюць ірландскую мову. У ірландскіх школах у якасці замежных моваў вывучаюць французскую, нямецкую і іспанскую мовы. Мецэнатаў і прыватных спонсараў, якія згодны даваць грошы на развіццё ірландскай мовы няма, як у Ірландыі, так і за яе межамі.

Вечарам нас чакала культурная праграма. Мы наведалі ўстанову, падобную на наш вясковы ці раённы Дом культуры. Асабліва падобнымі да нашай былі: сцэна і глядзельная зала, аздобленыя дзяржаўным ірландскім сцягам.

Людзей было шмат, большасць моладзі, дзяцей і пенсіянераў сталага веку. Выступіў фальклорны гурт, які спяваў, граў на народных інструментах (у тым ліку на дудзе і скрыпцы) і танчыў народныя танцы, якія крыху нагадвалі "чачотку". Танцоры мелі спецыяльны абутак, якім і адбівалі пэўны рытм. Цікава, што артысты запрашалі з залы ўсіх ахвотных і вучылі іх танчыць пад музыку. Потым была гарбата і кава, людзі доўга не разыходзіліся, гутарылі з артыстамі, набывалі дыскі з запісамі іх твораў.

Раніцай 21 ліпеня мы сустрэліся з прадстаўнікамі дублінскага гарадскога ўніверсітэта, якія расказалі пра працу тэрміналагічнага камітэта, што з'яўляецца структурнай часткай універсітэта. Яго супрацоўнікі працуюць на кантрактнай аснове. Паседжанні камітэта адбываюцца раз на месяц, ён мае пастаяннага сакратара. Да 2005 г. было створана 50 галіновых слоўнікаў. Зроблена база дадзеных, якая налічвае 150 000 слоў і выстаўлена на спецыяльным сайце. У месяц гэты сайт мае прыкладна 6000 наведвальнікаў. Тэмпы працы камітэта павялічыліся з 2008 года, калі трэба было ў месяц падаваць 13 тысяч слоў.

Потым мы наведалі Інстытут ірландскай мовы, які быў створаны ў 1999 годзе, як урадавая установа. Ён мае фінансаванне 20 млн. еўра ў год. Усяго краіна выдзяляе на развіццё і захаванне ірландскай мовы 70 млн. еўра ў год. Самая вялікая праца, гэта праца з моладдзю, якая не хоча размаўляць паірландску, гэта дзеці ва ўзросце ад 8 да 16 гадоў. Дзейнічаюць дзіцячыя летнікі на ірландскай мове, дзейнічае сістэма грантаў для выкладчыкаў ВНУ.

На жаль курсаў па гісторыі Ірландыі на ірландскай мове няма. Няма і нацыянальнай энцыклапедыі на роднай мове. Але большасць дзяржаўных сайтаў маюць ірландскую версію.

Потым мы паехалі ў г. Галуэй - сталіцу ірландскай часткі краіны.

Ехалі мы па мясцовых, вясковых дарогах таму, што заязджалі наведаць нацыянальны помнік Ірландыі Клонмакнойз. Дарогі вельмі вузкія, але вельмі якасныя, калюгаў на асфальце няма. Ірландцы не жывуць вёскамі, бо кожны мае свой падворак, бліжэй, ці далей да дарогі, што падобна на нашыя былыя хутары. Палеткаў амаль не бачылі, толькі мясціны, дзе здабываюць торф і выпасы для хатняй жывёлы (у асноўным авечкі і каровы, але сустракаліся і коні).

Вечарам паехалі ў Галуэй і пасяліліся ў гатэлі на беразе акіяна. Увесь бераг быў завалены вялікімі і маленькімі камянямі, таму да вады прайсці цяжка. Далей расце дзікая ажына і крапіва, як на нашым балоце, нават ёсць бадзякі.

Раніцай, у чацвер 22 ліпеня мы наведалі Нацыянальны ірландскі універсітэт у Галуэі.

Пры ўніверсітэце існуюць акадэмічныя курсы, размоўныя курсы і моўныя цэнтры. Дзейнічае факультэт вывучэння кельцкай культуры. З 2000 года асобныя прадметы пачалі выкладацца паірландску. Але гэта толькі некаторыя часткі вялікіх курсаў. Напрыклад, матэматыка на першым курсе выкладаецца на роднай мове, а потым паангельску. У Галуэі існуе акадэмія вышэйшай адукацыі на ірландскай мове. Яна мае 4 філіялы ў розных населеных пунктах Гэлтахта. У першую чаргу тут рыхтуюць школьных настаўнікаў. Студэнтамі становяцца вясковыя мясцовыя дзеці, якія потым застаюцца ў вясковай мясцовасці, каб вучыць паірландску наступнае пакаленне моладзі. Чацвёрты нацыянальны канал дзяржаўнага ірландскага тэлебачання працуе цалкам на ірландскай мове. Яго стала глядзяць ад 4 да 6% жыхароў краіны.

Далей мы сустрэліся з кіраўніком грамадскай недзяржаўнай арганізацыі па захаванні ірландскай мовы, якая называецца "Гэльская ліга" і была створана ў 1983 годзе. Яна налічвае каля 200 суполак у тым ліку і за межамі Ірландыі. Ёсць таксама і індывідуальныя сябры, але персанальнага ўліку ўсіх сяброў няма. Асноўныя кірункі дзейнасці - гэта прапаганда ірландскай мовы: арганізацыя спаборніцтва ў веданні ірландскай мовы, прычым пераможца атрымлівае прыз у памеры 40 тысяч еўра; падтрымка ірландскамоўных сем'яў; стварэнне ірландскамоўных маладзёвых структураў клубаў; развіццё традыцыйнага мастацтва і літаратуры.

Вельмі цікавая ініцыятыва існуе ў гарадах. Людзі збіраюцца выпіць разам кубак кавы, каб раз пагутарыць на роднай мове. Такая суполка ёсць нават у ірландскім парламенце. Існуюць спецыяльныя моўныя летнікі (трохтыднёвыя), дзе збіраюцца людзі, які жадаюць пад час адпачынку гаварыць між сабой паірландску.

У свой час "Гэльская ліга" вывела на вуліцы Дубліна 5 тысяч ірландцаў, каб пераканаць парламент зрабіць ірландскую мову афіцыйнай мовай Еўразвязу.

Апошняя наша сустрэча адбылася ў Галуэі са спадаром Шонам (Seбn у Cuirreбin) камісарам Ірландыі па пытаннях моваў у яго офісе. Яго выступ меў назву "Перспектывы і выклікі: план развіцця ірландскай мовы і стратэгія ў адносінах да яе на будучыя 20 гадоў".

Камісар, акрамя агульных лічбаў, якія мы ўжо ведалі, паведаміў, што галоўная мэта 20ці гадовай праграмы - каб кожны ірландзец ганарыўся сваёй мовай. Гэта ў першую чаргу залежыць ад нацыянальнай эліты, і яна зараз у краіне ёсць. Прэзідэнт і міністры ведаюць сваю родную мову, а таксама палова дэпутатаў парламента, якія могуць карыстацца ірландскай мовай.

Камісар паведаміў, што ўсе яго рэкамендацыі па спрэчных пытаннях у адносінах да выкарыстання ірландскай мовы выконваюцца, і справы пакуль ніколі не даходзілі да суда.

Затым мы вярнуліся ў Дублін і ранкам адляцелі на Радзіму.

У Дубліне ірландскі бок запрасіў у якасці перакладчыцы беларускую дзяўчыну з Менска, Таццяну Каваленку, якая скончыла наш Лінгвістычны ўніверсітэт і з 2000 года жыве ў Дубліне. Таму і ў Дубліне я мог гаварыць з ірландцамі пабеларуску, бо Таня не забылася родную мову.

У Галуэі перакладчыкам быў украінец, спадар Зміцер з Львова, які з задавальненнем размаўляў са мною паукраінску і ўсё разумеў пабеларуску. Тыя ірландскія чыноўнікі , якія ведалі рускую мову, глядзелі на мяне з вялікай павагай, калі я пераходзіў на беларускую мову, а Таня адразу перакладала з яе на англійскую.

26 ліпеня я атрымаў ад яе па электроннай пошце лісты аб тым, што яна арганізавала ў Дубліне курсы па вывучэнні беларускай мовы, і ёсць ахвотныя яе вывучаць. Таня прасіла знайсці ёй у ТБМ памочніка. Дапамагаць ёй згадзіўся мой намеснік Дзяніс Тушынскі і справа пайшла.

Дзякуючы місіі АБСЕ у Менску, у Дубліне неўзабаве пачнуць размаўляць па-беларуску.

Алег Трусаў


Ірландскі досвед абмеркаваны ў Магілёве

20 жніўня ў гарадской бібліятэцы горада Магілёва адбылася сустрэча старшыні ТБМ Алега Трусава з сябрамі Магілёўскай абласной арга-нізацыі ТБМ і гараджанамі. Сустрэча была прысвечана абмеркаванню вынікаў паездкі ў Ірландыю, моўнай сітуацыі ў гэтай краіне і метадам дзейнасці дзяржавы і грамадскай аргані-зацыі "Гэльская ліга" па аба-роне і адраджэнні гэльскай мовы. Былі скарыстаны відэа-матэрыялы, прывезеныя з паездкі. Другая частка сустрэ-чы была прысвечана 600-м угодкам Грунвальдскай бітвы. Сустрэча прайшла ў рамках праекту "Дыялог".

Наш кар.


Крылы будучыні

У 2010-тым годзе павялічана кольскасць месцаў для аспірантаў у адукацыйнай праграме імя К. Каліноўскага для рэпрэсаванай моладзі. У папярэднія гады грунтоўна паглыбіліся ў вывучэнне і развіццё сваіх тэм выкладчык з Воранаўшчыны Віталь Куплевіч, які стварае сучасны нацыянальны падручнік па геаграфіі і хімік Аляксей Матусевіч, што працуе ў лабараторыях Варшаўскага ўніверсітэта.

Аспіранты людзі з багатым жыццёвым досведам і трывалымі поглядамі. Іх мэта працягуць даследванні, пачатыя на Радзіме ў галінах эканомікі, грамадскага кіравання, міжнародных адносін, біялогіі і экалогіі. 20 жніўня 2010 года беларускія студэнты і аспіранты ў Польшчы прыступаюць да падрыхтоўчых курсаў польскай мовы, а ў кастрычніку яны працягнуць студыі ва універсітэтах.

Развіваць мясцовае самакіраванне

Дваццацішасцігадовы Віталь Каратыш вырас у Лунінецкім раёне. Ён цікавіўся гісторыяй, геаграфіяй, удзельнічаў у краязнаўчых вандроўках.

У хуткім часе ён пачаў працаваць на пасадзе загадчыка клуба ў вёсцы Дрэбск паблізу ад Кажангарадка, ладзіў беларускамоўныя дыскатэкі. Адначасова Віталь вучыўся ў Менску на завочным аддзяленні ў Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэце па спецыяльнасці "Дзяржаўнае кіраванне". Абараніў дыплом па тэме "Супрацоўніцтва грамадскага сектара і бізнэсу на рэгіянальным узроўні" на добра і выдатна.

Восенню 2009 года Віталь вылучыў стваю кандыдатуру на выбары ў Палату Прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу, але ў хуткім часе быў пакліканы служыць ў войска. Але ўсё ж, неўзабаве, кіраўніцтва часткі дало актывісту камандзіроўку на выбары. Віталь Каратыш нёс службу ў ракетнай брыгадзе ў Асіповіцкім раёне, выдаваў вайсковую газету "Цель".

Там, у войску, з цягам часу ён стаў адчуваць сябе крыху вальней, таму што меў магчымасць займацца любімай справай. "Мне далі магчымасць займацца культурніцкай і асветніцкай працай. Удавалася паказваць фільмы ў клубе на кінапраектары, сярод іх былі цікавыя, пачалавечы цёплыя стужкі. Акрамя таго, салдацікі прыносілі свае добрыя фільмы і іх можна было праглядзець. Праз занятак амаль не адчуваў пакінутасці і адзіноты. Аднойчы з акопа па тэлефоне даваў інтэрв'ю Радыё "Свабодзе," успамінаў Віталь Каратыш. Пасля заканчэння службы ў войску Віталь 9 месяцаў займаўся на Праграме Кіркланда ў Польшчы. Яго мэта вывучаць польскі досвед мясцовага самакіравання і развіваць грамадскія ініцыятывы на Беларусі.

Птушкі Берасцейшчыны

Кацярына Бельская па адукацыі біёлаг. Светлае і ўзнёслае юнае стварэнне атрымала адукацыю настаўніка біялогіі ў Берасцейскім універсітэце імя Пушкіна. Менавіта тут дзяўчына ўсвядоміла сябе асобай ў беларускамоўным інтэлігентным асяродку. Каця з ахвотай удзельнічала ў культурніцкіх імпрэзах, флэшмобах, прыродаахоўным руху, далучалася да некаторых акцый "Маладога фронту."

Летнікі таварыства "Аховы птушак Бацькаўшчыны" абудзілі ў Кацярыны цікавасць да арніталогіі. Гэтую ж зацікаўленасць дзяўчына імкнулася перадаць сваім вучням пад час выкладання ў беларускамоўнай школе ў Маларыцкім раёне. Год працы з вучнямі пашырыў яе досвед.

Бачу, як на маіх вачах пачала фармавацца ў вучняў экалагічная і палітычныя культура, заўважае Кацярына Бельская. Яны пасталелі, атрымалі неабходныя веды, спадзяюся, што праз некалькі год яны будуць добрымі навукоўцамі ў галіне экалогіі і біялогіі, будуць прадстаўляць Беларусь на замежных канферэнцыях і форумах.

Мне не падабаецца меркантыльнае стаўленне да прыродных рэсурсаў у нашай краіне, гаворыць Кацярына.Я спрабавала ўладкавацца на працу ў Камітэт па ахове прыроды, але там патрэбны інжынеры і эканамісты, праца заключаецца большай часткай у спагнанні штрафаў, барацьбе з браканьерамі. Мне хочацца прайсці навучанне ў аспірантуры ў адным з польскіх універсітэтаў, пашыраць свой досвед у галіне біялогіі і экалогіі.

Станаўленне голасу

Яўген Фурс атрымаў бліскучую адукацыю на факультэце міжнародных адносін БДУ, авалодаў ангельскай, японскай, нямецкай і французскай мовамі . Яўген праходзіў стажыроўку ў газеце " Голас Радзімы", дзе рыхтаваў шэраг матэрыялаў пра замежныя краіны і пранікся вылікай павагай да Адама Мальдзіса.

Ва ўніверсітэце ў нас была вельмі моцная група. Сяржук Богдан, у далейшым супрацоўнік "Нашай Нівы", вёў беларускамоўны гурток. Большасць аднакашнікаў зараз працуе ў Міністрэстве замежных спраў, частка у структурах СНД. гаворыць Яўген.

Як асоба незалежных поглядаў Яўген Фурс выбраў шлях выкладчыка эканамічных дысцыплін у прыватным інстытуце, дзе скончыў з адзнакай магістратуру па эканоміцы і кіраванні на прадпрыемстве. Пасля ўдзелу ў Плошчы ў 2006 годдзе ён быў прымушаны звольніцца з інстытута і пачаў працаваць у няўрадавай сферы.

Паралельна з гэтым пачало імкліва развівацца і другое яго памкненне музычнае. Спеўны голас, як малое дзіця, нібы гадаваўся ўнутры, прасіў выхаду і прасторы, падсілкоўваўся эпічнымі крыніцамі.

Падрыхтаваўшыся ў лепшых выкладчыкаў класічнага вакалу ў Беларусі, у 2008 годзе ён паступіў на факультэт класічных спеваў Беларускай Дзяржаўнай Акадэміі музыкі, але быў адлічаны ў 2009 годзе за актыўную грамадскую пазіцыю.

Яўген мае запатрабаваны тып голаса басбарытон, салідны адукацыйны фундамент. Ён згодны з думкай, што музыка і спевы валодаюць вялізарнай сілай уздзеяння на грамадства.

Вельмі многія класічныя спевакі атрымлівалі музычную адукацыю другой. Як зазначаў знакаміты спявак Ц. Гобі: "Калі вы цвёрда вырашылі стаць спеваком, у вас павінна ўжо быць адна адукацыя". МіхалКлеафанс Агінскі, які быў дыпламатам, палітыкам і кампапазітарам, аўтарам маршаў і паланезаў, быў асабіста знаёмы з Моцартам і Гайднам", такія думкі падтрымліваюць маладога выкладчыка.

Музычная адукацыя ў Польшчы з'яўляецца адной з наймацнейшых у Еўропе, прынцыповая пазіцыя ў змаганні за дэмакратыю, а таксама самаадданая дапамога Польшчы дэмакратычным працэсам у Беларусі выклікаюць вялізарную павагу і жаданне вучыцца ў гэтай вялікай нацыі, адзначыў Яўген Фурс.

Э. Оліна. Фота аўтара.


Старадубскі беларус

(аповед пра Валера Слюнчанку)

Часам, калі я ўспамінаю часы юнацтва і сталення, часы сваёй працы ў сістэме беларускай рэстаўрацыі, я згадваю ўсмешку высокага танклявага мужчыны з чорнай як смоль барадой. Гэта быў Валер Слюнчанка. Нарадзіўся ён у 1945 годзе ў г. Старадубе на Браншчыне, але потым пераехаў на вучобу і сталае жыхарства ў Менск.

Пазнаёміліся мы з ім у 1976 годзе. У гэтым годзе я скончыў кафедру археалогіі гістарычнага факультэта БДУ, атрымліваў Ленінскую стыпендыю ў сто савецкіх рублёў і меў першае месца на размеркаванні. Спачатку спадзяваўся застацца на роднай кафедры, але перад маім размеркаваннем гэта месца заняла адна прывабная жанчына, і мой лёс павярнуў мяне ў іншы бок. Паколькі я добра вучыўся, былі розныя цікавыя прапановы, напрыклад кафедра (і аспірантура) навуковага камунізму, школа КДБ і бліскучая кар'ера ў спецслужбе, а таксама праца археолагам у Спецыяльных навукова рэстаўрацыйных майстэрнях Міністэрства культуры БССР.

Паколькі я з дзяцінства марыў стаць археолагам і меў адпаведную падрыхтоўку, то без ваганняў выбраў апошняе. З першага ліпеня 1976 г., адмовіўшыся ад адпачынку, я быў залічаны ў штат навуковага праектнага бюро СНРПМ МК БССР на пасаду навуковага супрацоўніка з акладам 135 рублёў. Тады я пазнаёміўся з адным з самых лепшых тагачасных архітэктараўрэстаўратараў Беларусі Валерам Слюнчанкам.

Нашаму блізкаму знаёмству паспрыяла і маё мсціслаўскае паходжанне, бо Слюнчанка меў у маім родным горадзе аб'ект рэстаўрацыі - будынак былога кармеліцкага касцёла XVII - XVIII ст. ст. з унікальнымі фрэскамі.

Але галоўным аб'ектам рэстаўрацыі, у які Валер уклаў шмат гадоў працы, была Полацкая Сафія. Гэты аб'ект патрабаваў вялікіх археалагічных даследаванняў, але на той час у Беларусі быў толькі адзін чалавек, дасведчаны ў галіне мураванага дойлідства - даследчыкархеолаг Міхась Ткачоў. Аднак тэмай яго даследаванняў была ваенная архітэктура, а Полацкую Сафію ён вывучаў толькі як храм, прыстасаваны да абароны ў XV - XVII ст.ст.

Слюнчанку ж цікавіла ранняя гісторыя Сафіі, Сафія XI - XII стст. І таму для яе вывучэння ў 1975 годзе быў запрошаны ленінградскі археолаг архітэктуры Валянцін Булкін.

Прыйшоўшы на працу ў майстэрні, я зразумеў, што ў галіне архітэктуры я нічога не ведаю і не магу нават адрозніць фасад ад партала. У БДУ я вывучаў лацінскую мову і антычную Грэцыю, гісторыю Японіі і Егіпта, але гісторыю архітэктуры Беларусі нам ніхто не выкладаў, а археалогія Беларусі сягала да так званага дамангольскага перыяду, гэта значыць да сярэдзіны XIII ст. Культурны пласт часоў ВКЛ і Рэчы Паспалітай ніхто тады не вывучаў, і яго даволі часта зразалі бульдозерам, каб хутчэй выйсці да эпохі славутай "Старажытнарускай дзяржавы".

Высветліўшы, якога археолага атрымалі пасля размеркавання, кіраўнікі майстэрняў разам з Валерам Слюнчанкам камандзіравалі мяне на два месяцы ў Полацк, у экспедыцыю Булкіна з адной мэтай - навучыцца праводзіць раскопкі помнікаў архітэктуры.

Раскопкі Полацкай Сафіі праводзіліся, як вакол помніка, так і ўнутры будынка пад падлогай XVIІI - XIХ ст.

Было высветлена, што таўшчыня культурнага пласта вакол храма сягала на глыбіню 2,4 м, пачынаючы з ХІ ст. Гэтыя дадзеныя дазволілі Валеру зрабіць унікальны праект - Дзве Сафіі. Уверсе Сафія XVIІI ст. - помнік Віленскага барока з арганам, як зала арганнай музыкі. Унізе, пад падлогай - Сафія ХІ ст. - археалагічны музей, дзе можна пабачыць першапачатковыя муры і фрэскі. Дарэчы, мая першая справаздача пра раскопкі Сафіі, у якіх я браў непасрэдны ўдзел як памочнік Валянціна Булкіна, Слюнчанку спадабалася, і нашы стасункі сталі больш прыязнымі.

Трэба сказаць, што ўпершыню жывую беларускую мову, літаратурную і прыгожую, я пачуў менавіта на працы ў рэстаўрацыйных майстэрнях. Пабеларуску размаўлялі кіраўнік майстэрняў, галоўны архітэктар Сяргей Друшчыц, архітэктары Валянцін Калінін і Аляксандр Канаваленка, гісторык Людміла Трэпет, мастацтвазнаўца Элеанора Вецер і, вядома, Валер Слюнчанка.

Часта гучала беларуская мова на семінарах, якія ладзіў для архітэктараў і рэстаўратараў Алег Хадыка. Валер Слюнчанка быў актыўным удзельнікам гэтых семінараў і часта выступаў апанентам Алега Хадыкі. Да Элеаноры Вецер у госці часта хадзіў Зянон Пазняк. Потым на працу прыйшоў фатограф Вячаслаў Дубінка, а хімічную лабараторыю ўзначаліў сын Максіма Танка. Такім чынам. у сямідзесятых гадах мінулага стагоддзя рэстаўрацыйныя майстэрні сталі трывалым беларускім асяродкам ад пачатку іх стварэння ў 1968 - 69 гадах.

Яны перанеслі пагром 1973 года, калі ў Менску пачалі актыўны пераслед і звальненне з працы беларускамоўных патрыётаў, хіба крыху спынілася культурніцкая праца. Але ў 1976 годзе яна зноў актыўна разгарнулася і асабліва пашырылася ў пачатку 80х гадоў.

Менавіта ў 80я гады па просьбе Валера я і пачаў археалагічныя даследаванні Кармяліцкага касцёла ў маім родным Мсціславе. Трэба сказаць, што касцёл збудаваны ў гістарычнай частцы горада насупраць Замкавай гары, дзе спачатку быў умацаваны дзядзінец, а потым вялікі драўляны замак.

Здагадкі Слюнчанкі аб унікальнасці культурнага пласта на касцельным падворку цалкам пацвердзіліся. Былі знойдзены рэшткі старажытнага пасада XІI - XVIІI стст., асабліва кафля і шкляны посуд, залаты галандскі гульдэн XVIІ ст. (проста каля сцяны касцёла), брацкія магілы абаронцаў Мсціслава, якія загінулі ад рук маскоўскіх нападнікаў летам 1654 г.

Паралельна з раскопкамі ў касцёле працавала група мастакоўрэстаўратараў пад кіраўніцтвам Уладзіміра Ракіцкага, прычым усе яны гаварылі пабеларуску.

Цікава, што летам 1971 года я паехаў на вучобу ў Менск цалкам зрусіфікаваным падлеткам, а праз дзесяць гадоў вярнуўся ў родны горад у якасці загадчыка аддзела археалогіі СНРПМ, які з 1980 г. пачаў усю працоўную дакументацыю весці пабеларуску.

Калі ў канцы 80х гадоў пачалося беларускае адраджэнне, рэстаўратары былі ў першых яго шэрагах. Яны бралі актыўны ўдзел у палітычным жыцці краіны, у выбарах у ВС СССР (1989), ВС БССР (1990) і мясцовыя саветы. Сярод іх быў і Валер Слюнчанка, старадубскі беларус, таленавіты архітэктар і мастацтвазнаўца. Ён напісаў некалькі грунтоўных артыкулаў па гісторыі беларускай архітэктуры, брашур па гісторыі Полацкай Сафіі і Барысаглебскай (Каложскай) царквы ў Гародні.

На жаль, гэты працавіты чалавек меў слабое сэрца, якое зусім не шкадаваў. Ён мог тыднямі займацца архітэктурнымі абмерамі, лазіць па рыштаваннях і шурфах, цягаць цяжкія насілкі з друзам на суботніках у сутарэннях Полацкай Сафіі, з раніцы да позняга вечара сядзець за планшэтам з архітэктурнымі праектамі і рэканструкцыямі. Ён перанёс цяжкую аперацыю на сэрцы, якую зрабілі ў Вільні, крыху ачуняў і зноў узяўся за працу. Аднак сэрца не вытрымала, і Валер летам 1992 года адышоў у лепшы свет, не маючы і пяцідзесяці год. Але памяць пра яго, увасобленая ў адноўленым Полацкім Сафійскім Саборы, застанецца назаўжды.

Алег Трусаў.


Грамадскасць Мсціслава выказалася за увекавечванне памяці герояў Грунвальда ў гарадской тапаніміцы

Грамадскасць Мсціслава (Магілёўская вобласць) выказалася за увекавечванне памяці герояў Грунвальда ў гарадской тапаніміцы, паведаміў БелаПАН гісторык і грамадскапалітычны дзеяч, старшыня Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны Алег Трусаў.

Паводле яго слоў, 20 жніўня ён сустрэўся са сваімі землякамі ў Мсціслаўскім доме культуры У сустрэчы, якая праводзілася ў межах праекта ТБМ "Дыялог", ўдзельнічалі каля 80 мясцовых настаўнікаў, краязнаўцаў, журналістаў і аматараў старадаўняў гісторыі, сказаў Трусаў. Паводле яго слоў, нядаўна ў горадзе адбыўся шэраг падзей, звязаных з 600годдзем перамогі пад Грунвальдам: I Мсціслаўскі рыцарскі фэст (24-25 ліпеня) на мясцовым замчышчы, у якім удзельнічалі больш за 20 рыцарскіх клубаў з многіх регіёнаў краіны, а таксама спецгашэнне канверта першага дня на гарадскім паштамце, праведзенае па ініцыятыве ТБМ.

Сваё выступленне Трусаў прысвяціў лёсу героя бітвы пад Грунвальдам легендарнага князя Лугвена (Сямёна) Мсціслаўскага (1356-1431). Пад Грунвальдам ён быў намеснікам Вітаўта і кіраваў трыма славутымі харугвамі - Смаленскай, Мсціслаўскай і, магчыма, Наўгародскай, альбо Аршанскай, якія на самым пачатку бітвы стрымалі націск крыжакоў падчас наступлення войск Тэўтонскага ордэна на першую лінію палкоў ВКЛ. "Смаленскі і Мсціслаўскі палкі амаль усе палеглі на полі бітвы, але не прапусцілі крыжакоў", - сказаў гісторык. На яго думку, князь Лугвен займае ў беларускай гісторыі такое ж месца, як князь Аляксандр Неўскі - у расійскай, тым больш што па мацярынскай лініі абодва паходзілі з аднаго роду.

Трусаў прапанаваў назваць імем князя Лугвена вуліцу горада і ўстанавіць яму ў Мсціславе помнік. Дарэчы, у верасні да Дня горада мясцовыя ўлады мяркуюць адкрыць у Мсціславе памятную шыльду ў гонар Лугвена, сказаў Трусаў. Паводле яго слоў, удзельнікі сустрэчы падтрымалі ініцытыву гісторыка і прапанавалі назваць Грунвальдскай адну з вуліц горада, а таксама паведамілі, што чыноўнікі ўхвалілі прапанову грамадскасці аб наданні цэнтральнай плошчы Мсціслава імя беларускага друкара Пятра Мсціслаўца.

Марат Гаравы, БелаПАН.


Да 80-годдзя Уладзіміра Караткевіча

Новы насценны каляндар, прысвечаны 80-годдзю Уладзіміра Караткевіча - добры падарунак да пачатку новага навучальнага года. Зрабі прыемнае сябрам, настаўнікам, знаёмым! Каляндар пытайцеся ў кнігарнях г. Менска, у ТБМ.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX