Папярэдняя старонка: 2010

№ 36 (979) 


Дадана: 19-03-2020,
Крыніца: pawet.net.



№ 36 (979) 8 ВЕРАСНЯ 2010 г.


220 гадоў з дня нараджэння Івана Грыгаровіча

ГРЫГАРОВІЧ Іван Іванавіч [1 (12). 9.1790, паводле інш. звестак 26.8(6.9).1792, г. Прапойск Старабыхаўскага пав. Магілёўсай губ., цяпер г. Слаўгарад - 1(13). 11.1862], бел. археограф, гісторык, краязнавец, пісьменнік. Нарадзіўся ў сям'і святара. Скончыў Магілёўскую духоўную семінарыю (1811), Пецярбургскую духоўную акадэмію (1819). У 1811-15 выкладчык Магілёўскай духоўнай навучальні. 3 1820 саборны протаіярэй, рэктар Гомельскай духоўнай навучальні, з 1829 саборны протаіярэй у Віцебску, з 1831 служыў у Пецярбургу. Навук. дзейнасць Г. пачалася ў час навучання ў Пецярбургскай духоўнай акадэміі: рабіў пераклады лацінамоўных лістоў, апісваў рукапісныя кнігі з Румянцаўскай бібліятэкі. У Гомелі падрыхтаваў да выдання дысертацыю пра наўгародскіх пасаднікаў, збіраў матэрыялы ў архівах Мсціслава і Магілёва для напісання паліт. і царк. гісторыі Беларусі. Збіраў і рыхтаваў да друку першы бел. археаграфічны зб. "Беларускі архіў старажытных грамат" (на сродкі графа Румянцава выдадзена ч. 1, 1824). Напісаў гіст. дослед. «Беларуская іерархія» (1824). Пасля пераезду ў Пецярбург падрыхтаваў і выдаў зб. дакументаў пра ўзаемаадносіны расійскіх самадзержцаў і рымскіх пап, у 1835 - збор твораў у 2-х т. бел. архіепіскапа Г. Каніскага са сваёй прадмовай. Гэту працу высока ацаніў А.Пушкін. 3 1837 чл. Археаграфічнай камісіі, з 1838 гал. рэдактар яе выдання "Акты гістарычныя", прымаў удзел у падрыхтоўцы да выдання "Актаў Заходняй Расіі". У апошнія гады жыцця па прапанове міністра нар. асветы П.А.Шырынскага-Шахматава займаўся складаннем слоўніка бел. мовы. Пахаваны на Волкавых могілках у Пецярбургу. Магіла не збераглася.


Дзень беларускага пісьменства і друку

5 верасня ў Беларусі адзначылі Дзень беларускай пісьменнасці. Ужо стала добрай традыцыяй адзначаць гэтае свята ў першую нядзелю верасня. Сёлетняе свята стала 17м па ліку і прайшло ў горадзе Хойнікі Гомельскай вобласці.

Дзень беларускай пісьменнасці гэта свята тых, хто захоўвае духоўную спадчыну нашага народа, узбагачае нацыянальную культуру, беражліва ставіцца да роднай мовы. Праводзіцца ён з мэтай прапаганды лепшых традыцый беларускай культуры, друкаванага слова і духоўнасці беларускага народа.

Правядзенне Дня беларускай пісьменнасці ў Хойніках не выпадковае гэта старажытны горад Беларусі. Ён вядомы з 1512 года як вёска так званага Брагінскага графства ў Вялікім Княстве Літоўскам. Сучасны горад Хойнікі адзін з буйных прамысловых і культурных цэнтраў Беларусі.

З Хойніцкім раёнам звязаны лёс многіх выдатных людзей. Тут нарадзіліся: народны пісьменнік Беларусі Іван Мележ, вядомы пісьменнік, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі Барыс Сачанка, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі Віктар Дашук і інш.

Асаблівасцю свята стала адкрыццё ў гарадскім парку адноўленага помніка архітэктуры неакласіцызму XIX пачатку XX стагоддзяў комплексу "Сядзібны дом", дзе размесціцца экспазіцыя Хойніцкага краязнаўчага музея. Зараз у сядзібе экспануюцца працы маладых мастакоў, удзельнікаў пленэра "Хойникшчына сучасная". Акрамя таго, 5 верасня ў гарадскім парку адкрылася скульптурная кампазіцыя "Па старонках твораў Івана Мележа".

У праграме дня фэст кнігі і прэсы, узнагароджанне пераможцаў нацыянальнага конкурсу "Мастацтва кнігі" і рэспубліканскага конкурсу на лепшы літаратурны твор, святы народнага мастацтва, спорту і беларускага кіно, кірмаш "Сельскія сядзібы" і канцэрты.

Старшыня гомельскага аблвыканкаму Аляксандр Якабсон назваў свята "вялікай нацыянальнай падзеяй". Па яго словах, "пісьменнасць з'яўляецца сімвалам духоўнасці нацыі і падмуркам яе культуры". "Таму наша задача, як удзячных спадчыннікаў і патрыётаў Айчыны, захаваць мову , гэтую моцую нітку, якая звязвае часы, пакаленні і братэрскія народы" , заявіў Якабсон.

У завяршэнне свята яго гасцям была прадстаўлена абноўленая версія рокоперы "Курган", пастаўленай на музыку народнага артыста Беларусі Ігара Лучанка па матывах паэмы народнага паэта Беларусі Янкі Купалы. Спектакль прысвечаны 100годдзю стварэння і першай публікацыі паэмы (1910 і 1912 гады адпаведна).

На здымках: скульптурная група па творах І. Мележа; адноўлены сядзібны дом.


Заява Сакратарыяту ТБМ

Родная мова не павінна стаць для беларусаў замежнай

З 1 верасня ўступае ў сілу Закон "Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі". Адначасова павялічваецца колькасць гадзін на навучанне замежнай мове. Здаецца, тое ж трэба зрабіць і з беларускай мовай, дадаць колькасць гадзін, вярнуць выкладанне гісторыі і геаграфіі Беларусі ва ўсіх школах на родную мову, а таксама экзамен па беларускай літаратуры. Але міністэрства адукацыі пра беларускую мову дбаць не збіраецца і таму колькасць вучняў, якія навучаюцца па-беларуску скарацілася да 18%. Зараз у першы клас ідуць дзеці, якія ніколі не чулі дома беларускай мовы, бо іхнія бацькі і дзяды, што жывуць у вялікіх і малых гарадах, згубілі повязь з родным беларускамоўным асяродкам, гавораць дома ў асноўным на "трасянцы".

Таму Сакратарыят ТБМ патрабуе ад уладаў распрацаваць і ў бліжэйшы час прыняць закон аб абароне і дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы, як гэта зроблена ў многіх краінах, што дбаюць пра захаванне і развіццё культуры свайго народу.

Прынята на паседжанні Сакратарыяту ТБМ 31 жніўня 2010 года.


З адукацыяй трэба нешта рабіць

У Магілёве будзе беларускамоўны клас. У класе - адна вучаніца.

Клас адчынілі на базе першай магілёўскай школы, якая знаходзіцца ў цэнтры горада, непадалёк ад гарвыканкаму. Адзіная вучаніца ў класе - Ялінка Салаўёва. Акрамя сям'і Салаўёвых ахвотнікаў атрымліваць веды па-беларуску ў малакамплектным класе не знайшлося. У аддзеле адукацыі гарвыканкаму стрымана каментуюць адкрыццё класа.

Ялінка Салаўёва наведвала адзіную беларускамоўную групу ў садку № 81 Магілёва. Разам з ёй туды хадзілі яшчэ чацвёра дзетак. Адкрыцця групы некалі дамагліся бацькі.

На здымку Ялінка Салаўёва.

Сямейны пікет за беларускую школу

Прафесар Алесь Астроўскі, ягоная жонка Аксана і іх дзеці 2 верасня ў 16:20 выйшлі на плошчу Леніна г. Гародні, разгарнуўшы плакаты тэкстам да вокнаў гарвыканкаму.

Дзеці, Янка і Света, трымалі плакат «Хочам вучыцца па-беларуску», а сам спадар Астроўскі - «Этнацыд - ціхае забойства народу». Да іх таксама далучыўся журналіст Уладзімір Хільмановіч, які паведамляў: «У Горадні ў школах няма ніводнага беларускага класа! У якой краіне мы жывём?»

Алесь Астроўскі патлумачыў, што яны напісалі заяву ў 32-ю школу, каб дачка Света навучалася ў першым класе на беларускай мове. Аднак заява была праігнараваная, таму сям'я Астроўскіх выйшла пратэставаць. Сама Света сказала: «Я люблю беларускую мову і хачу на ёй вучыцца».

Праз пэўны час прафесар Алесь Астроўскі і журналіст Уладзімір Хільмановіч былі затрыманы і завезены ў пастарунак на вуліцы Гараднічанскай. Там у іх узялі тлумачэнні і склалі пратакол канфіскацыі плакатаў. Затым, асобна, у пастарунак даставілі жонку спадара Астроўскага Аксану зь дзецьмі - Светай, Янкам і Васілём, якому два гады.

Алесь Астроўскі зазначае, што спачатку іх запрасілі ў гарвыканкам да намесніцы старшыні Ірыны Сенчанкавай, і размова адбылася ў канструктыўным рэчышчы - наконт магчымасці адкрыцця аднаго першага класа з беларускай мовай навучання. Праўда, ён сказаў, што калі гэта не будзе выканана, ён забярэ дачку са школы і будзе наймаць рэпетытараў. Яго тым больш здзівіла, што пасля такой размовы іх чакалі чалавек пяць міліцыянтаў.

Спадар Астроўскі кажа, што міліцыянт пытаўся: чаму яны не падалі заяву на пікет за пятнаццаць дзён? Але ж у бацькоў было спадзяванне, што іхняй дачцэ Святлане забяспечаць навучанне на беларускай мове. Аднак 1 верасня яны пераканаліся, што надзеі былі марныя. Паводле яго, міліцыянт сказаў: вы парушылі закон і вам могуць прыслаць позву ў суд.


Два розныя рэпартажы , якія яднае адно - і ў Магілёве , і ў Гародні гаворка ідзе пра адзінкавыя праявы жадання вучыцца па-беларуску . Відавочна , што міністэрства адукацыі дагулялася з сваёй дрымучай антыбеларускасцю . Сітуацыя ў краіне і грамадстве змянілася , улады ў многіх гарадах гатовы пры наяўнасці заяў ад бацькоў адчыняць беларускамоўныя класы . Але ж менавіта гэтых самых заяў і няма . Не за гарамі той час , калі дзяржава вымушана будзе ўкладваць немалыя сродкі і намаганні дзеля адраджэння беларускамоўнай адукацыі . Цікава , якую кампенсацыю можна будзе спагнаць з тых , хто гэтую сістэму нішчыў і па інерцыі прадаўжае нішчыць далей ?


Падпольны Беларускі ліцэй распачаў новы навучальны год

1 верасня 2010 перад будынкам суда на вуліцы Кірава, дзе калісьці знаходзіўся ліцэй імя Якуба Коласа, сабраліся ліцэісты, бацькі і выпускнікі гэтай установы.

- Сабраліся ліцэісты, бацькі, прыйшло шмат выпускнікоў, некаторыя з іх вучацца ў замежных краінах, некаторыя ўжо скончылі ўніверсітэты. Вельмі прыемна было ўсіх убачыць. Сабраліся каля будынка, дзе часова размяшчаецца Цэнтральны суд. Дарэчы, у гэтым судзе судзілі некаторых з выпускнікоў. Вось гэта з'яўляецца сімвалам нашай сітуацыі: судзілі па надуманых прычынах, напрыклад Франка Вячорку, які таксама прыйшоў. Выступілі нашыя ліцэісты, спявалі гімн. Прысутнічаў і АМАП. Аднак, свята адбылося. Зараз мы займаемся падрыхтоўкай да новага навучальнага года. Адзначу, што прыйшлі і абітурыенты. Будзем спадзявацца, што і надалей будзем трымацца разам і займацца гэтай справай, - распавёў дырэктар ліцэя Уладзімір Колас.

Як адзначыў Уладзімір Колас, сённяшняе мерапрыемства было сімвалічным пачаткам новага навучальнага года.

Беларускі Гуманітарны ліцэй распачаў навучальны год у канцы чэрвеня ў Польшчы, дзе ліцэісты мелі магчымасць займацца ў Варшаве, Гданьску, а таксама на Падляшшы ў нармальных класах.

Наш кар.


Мовазнаўчы досвед

Агаляж . « Пад небам прамяністым Суцэльны ага-ляж : Нудзісты - натурысты Запаланілі пляж » ( Маладосць . 2010. № 5. С . 65). Пісьменнік Уладзімір Мазго вельмі выразна перадаў малюнак летняга пляжа падчас спякотнага сонца: адпачывальнікі ўсёю натурай ловяць лекавыя прамяні сонца, агаляючы сваё цела. Выразнасць малюнку надаюць наватворы пісьменніка агаляж , нудзісты-натурысты .

Лексема агаляж - вытворнае з суфіксам -яж , які звычайна далучаецца да інша-моўнае асновы і ўтварае тэрміналагічныя адзінкі з адцягненай працэсавай прыметай: дубляж, інструктаж, мантаж, масаж, трэнаж і пад. Адмысловасць паэтавага слова ў тым, што фармант -яж спалучаецца з сваямоўнай асновай дзяслова агаліцца (агаляцца) і мае значэнне не толькі працэсавасці, а і выніку дзеяння - 'аголеная грамада адпачывальнікаў' .

Лексема натурысты - утварэнне з суфіксам -іст ад назоўніка натура 'натруальныя абставіны, тое, што ёсць у рэчаіснасці' . Нудзісты пераклікаецца з словам нудыст 'прыхільнік нудызму - грамадскага руху, які вызнае культ аголенага цела' . Разам з гэтым слова матывуецца дзея-словам нудзіцца 'адчуваць нуду, сум, тугу' ; утварэнне з суфіксам -іст : нудз-іст .

Такім чынам, у паэта-вай скарбонцы - незафіксаваныя слоўнікамі наватворы агаляж, нудзісты, натуры-сты . Яны здатныя ўзбагаціць лексікон літаратурнай мовы, асабліва яго экспрэсіўную частку.

Пятлёвік - пятлёў-шчык - пяцельшчык. У «Тлу-мачальным слоўніку беларускай мовы» (Т.4, с. 541) чытаем: «Пяцельшчык, м. Кравец, які спецыяльна займаецца абкід-ваннем петляў» . Як вынікае з дэфініцыі, натуральнай намі-нацыяй такога краўца ёсць пятлёвік ці пятлёўшчык : прыметнікавае ўтварэнне ад асновы словаформы петл-(яў) - пятлёвы (майстар) + суфікс -ік ці -шчык : пятлёв-ік, пят-лёў-шчык. Форма «пяцельш-чык» - утварэнне ад асновы словаформы (Р. склон) пяцель. Гэта норма не беларускай (дзе маем петляў ), а расійскай мовы ( петель ). Да таго ж, форма «пя-цельшчык» усведамляецца як вытворнае ад пяцелька (саматычная лексема - найменне часткі арганізма (у самак)). Складальнікі савецкіх слоўні-каў не парупіліся пра сваё тэр-міналагічнае ўтварэнне - адпаведнік расійскага петельщик - ці ім не дазволілі, а ў выніку механічна перанесена ў беларускую мову расійская лек-сема петельщик , толькі напісаная па-беларуску - пяцель-шчык . Такім чынам беларусы пазбавіліся свайго бачання свету і яго адлюстравання ў родным слове. Дарэчы, рас. петля ў беларускай мове мае шмат розных адпаведнікаў. «Русско-белорусский словарь» 1993 (т. 2, с. 534) (і 2005 года адпаведна) падае наступ-ныя адметныя беларускія адэ-кваты: «Петля - (затяжная) зашмарга, (дверная, оконная) завеса, (для пуговицы) прарэшак, (для крючка) гафтачка, (в вязании) вочка» . Дык ці маем мы права нівеліяваць слоўнае багацце роднай мовы?!

Скарочаны - падця-ты - усечаны. У слоўніках падаецца: усечаны - усечённый ( усечаная аснова слова і інш.). Аднак натуральнымі адпаведнікамі рас. усечённый у беларускай мове выступаюць словы падцяты, падсечаны, падкарочаны, скарочаны . У мовазнаўстве найбольш прыдатны ў гэтым выпадку тэрмін «скарочаная аснова» . Напрыклад, назоўнік касьба ўтвораны з дапамогаю фарманта - ба ад скарочанае асновы дзеяслова касі-ць : кась-ба ; у дзеяслове касі-(ць) падцята за кошт -і- аснова, словаўтваральнаю стала яе частка кас' -, да якое далучыўся суфікс -б- і канчатак (ён аформіў гэтае слова як назоўнік жаночага роду).

Павел Сцяцко


Граматыкі моў блізкіх і далёкіх

Доў-жыцца серыя "Беларускія ЕўраГраматыкі" выдавецтва "Радыёла-плюс". Найперш апекваюцца ёю дырэктар выдавецтва пісьменнік Уладзімір Сіўчыкаў і навуковы рэдактар, вядомы паліглот і педагог Лявон Баршчэўскі. Апошнімі тыднямі да граматык польскай, лацінскай, шведскай, латышскай і англійскай моў дадаліся граматыкі славацкай і нідэрландскай моў. Беларусы атрымліваюць маг-чымасць вывучаць мовы блізкія і далёкія без дапамогі рускай мовы як мовы пасярэдніцы.

Алеся Сіўчыкава.

На фота: Пісьменнік Уладзімір Сіўчыкаў ды Надзвычайны і паўнамоцны Пасол Славацкай Рэспублікі Мар'ян Сэрватка.


Віншуем сяброў ТБМ, якія нарадзіліся ў верасні

Белакоз Алесь Гілевіч Ніл Сымонавіч Станкевіч Вячка Станілевіч Б.А. Васілючак М. В. Васілючак Міхаіл Вікенц. Трапашка Аляксей Даўгашэй Франц Шпірыч Раіса Сяргееўна Габрусевіч Сяргей Пяткевіч Тамара Сымонаўна Мандрык Канстанцін Алякс. Содаль Уладзімір Ілліч Карповіч Сямён Іванавіч Навумік Зінаіда Купчык Мікола Дзягілеў Лявон Жукоўскі Барыс Чаркасаў Л.І. Бубновіч Ніна Казлоўская Іна Іосіфаўна Дзмітрыева Зося Рамашэўскі Барыс Іванавіч Вяргей Валянціна Пузанкевіч Вікенці Сухаверхая Кацярына Мін. Мацулёў Мікалай Пракоп. Кузьміна Галіна Карэнька Зінаіда Іванаўна Петрыкевіч Валеры Міх. Лапцік Валянціна Пранікава Тамара Лапухова Часлава Чаславаўна Васільева Галіна Іванаўна Колас Уладзімір Георгіевіч Кіенка Генадзь Еўстратоўскі Уладзімір Пар. Жолудзеў Анатоль Пятровіч Баран Павал Мудроў Вінцэсь Леанідавіч Зайка Антаніна Іванаўна Лісай Уладзімер Аляксеевіч Міхалькова Алена Ісмаілава Тамара Якаўлеўна Маркелаў Валер Анатольевіч Сарока Надзея Мельнікава Зоя Пятроўна Гідлеўская Людміла Мудрова Таццяна Булатава Зоя Міхайлаўна Лазко Любоў Іванаўна Дзям'яненка Ванда Баляслав. Лагун Таццяна Чэчат Лілія Пятроўна Багдановіч Алена Іванаўна Сідар Павел Новік Марыя Іванаўна Краўчанка Ала Мельнікаў Мікалай Алякс. Масла Марыя Анішчанка М.І. Ярмушчык Антаніна Сідарэвіч Сяргей Паўлавіч Асіпенка Аляксандр Георг. Жук Мікалай Мікалаевіч Ліцьвінчук Алена Сяльверстава Святлана Яўг. Сметаненка Александр Іванова Вольга Аляксандр. Кашчэеў Алесь Дземянцей Наталля Ермал. Котчанка Уладзімір Анацка Лявон Яўгенавіч Сенчанка Наталля Мусік Святлана Валянцін. Барада Людміла Рабкоўскі Валянцін Анісім Алена Мікалаеўна Хляба Ігар Вітальевіч Жытко Канстанцін Іванавіч Ехілеўская Кацярына Леанід. Калбасіна Ірына Баршчун Валянціна Дзмітр. Дранец Алена Піваварчык Ірына Вайцех. Барэйка Юры Мікалаевіч Гуркоў Алесь Уладзіміравіч Шаміёнка Сяргей Эдуардавіч Разжалавец Ніна Дуганаў Алег Міхайлавіч Літвін Уладзімір Мурашка Надзея Фёдарава Ірына Пятроўна Жышкевіч Людміла Марзалюк Ігар Аляксандр. Збірэнка Алена Яфрэмаў Алег Анатольевіч Піткевіч Алесь Шульчанка Вольга Анатол. Птушка Алена Міхайлаўна Лукашэнка Любоў Яўгенаўна Мацкевіч Васіль Васільевіч Булаўская Марына Штанюк Наталля Аляксанд. Кошчанка Уладзімір Алякс. Васілеўскі Валянцін Бізгень Людміла Яшкін Уладзімір Уладзім. Квандзель Таццяна Уладзім. Дрык Юлія Марцінкевіч Ганна Ляшкевіч Сяргей Іосіфавіч Ліхашэрст Макар Васільевіч Вочко Ірына Пятроўна Войніч Вікторыя Іосіфаўна Каладынская Вольга Эдвард. Лызо Дмітры Сяргеевіч Карценька Алена Высоцкая Таццяна Валянцін. Малочка Таццяна Дробыш Алёна Сяргееўна Суднік Алена Вячаславаўна Корбут Віктар Андрэевіч Суднік Арцём Станіслававіч Лунёва Настасся Краснагір Аляксей Рыгор. Янкоў Дзмітры Уладзіслав. Данілюк Алег Іванавіч Гадзюка Юрась Аляксандр. Шэметава Вікторыя Пацялежка Андрэй Сідарчук Яўгенія Барысенка Аляксандр Анат. Канановіч Алена Краўцоў Андрэй Коўзель Ян Уладзіміравіч Сусла Мікалай Валянцінавіч Паўловіч Наталля Юр'еўна Міхайлоўская Вікторыя Люд. Казак Мікалай Мікалаевіч Дземідовіч Андрэй Грынько Вольга Ігараўна Марук Мікалай Анатольевіч Кануннікаў Дзмітрый Сярг. Смольнік Вольга Георгіеўна Батура Людміла Віктараўна Ткачоў Максім Савостава Наталля Юр'еўна Дэц Аксана Аляксандраўна Ваніслаўчык Дзмітры Зяновіч Ганна Аляксандраўна Пабірушка Таццяна Валер. Усеня Уладзімір Мікалаевіч Ісенава Марыя Курдзя Антаніна Юр'еўна Ісаевіч Наталля Анатольеўна Круглік Юлія Віктараўна Лужкоўская Юлія Юр'еўна Дубоўская Кацярына Пінчук Мікалай Фёдаравіч Вінакурава Кацярына Галянкова Альбіна Валер. Занкевіч Зміцер Сяргеевіч Булыга Анастасія Пятроў Дзяніс Валер'евіч Гайдучэнка Алег Сяргеевіч Свяколкін Антон Віктаравіч Флярко Сяргей Аляксандр. Саламевіч Кацярына Алякс. Паўлоўская Марыя Ігараўна Пянкрат Пётр Аляксеевіч Баярэвіч Ксенія Аляксандр. Марозаў Валеры Галубовіч Зміцер Бондар Юлія Сяргееўна Паўлініч Ліза Карпека Андрэй Валер'евіч Варановіч Крысціна Сцяжко Канстанцін Ігаравіч Якавец Т. Я. Прыстаўка Яніна Ігараўна Кузьміч Вольга Аляксандр. Прасольная Вольга Анатол.


Канверт да 150-годдзя з дня нараджэння графа Чапскага

"Белпошта" выпусціла маркаваны мастацкі канверт да 150-годдзя з дня нараджэння графа Чапскага. На адваротным баку напісана: "Граф Караль фон Гутэн-Чапскі (15.08.1860, Станькава - 30.01. 1904, Франкфурт-на-Майне) - дзяржаўны і грамадскі дзеяч Беларусі, мецэнат. У1890-1901 гг. быў гарадскім галавой Мінска. Яго намаганнямі ў горадзе была пракладзена конка, заснаваны электрастанцыя, тэлефонная станцыя, ламбард, амбулаторыі, адкрыліся тэатр, бібліятэка, была пашырана тэрыторыя Мінска і зроблены план яго забудовы і інш."

Падаецца, што такая анатацыя зроблена ўпершыні.


Восень пачалася з "Верасня"

Дзвюмя прэзентацыямі другога нумара часопіса "Верасень" закончылася лета і пачалася восень для галоўнага рэдактара выдання Эдуарда Акуліна. " Прыемна, што першая прэзентацыя другога нумара "Верасня" адбылася 30 жніўня на сядзібе ТБМ. А гэта значыць - у родных сценах выдання. Бо, як вядома, менавіта Таварыстава беларускай мовы імя Ф. Скарыны і выступіла з ініцыятывай заснавання новага перыёдыка для моладзі. Таму імпрэза атрымалася па-сямейнаму цёплай і нязмушанай. Акрамя чытачоў часопіса ў ёй прымалі ўдзел і непасрэдныя аўтары другога нумара: Алесь Емяльянаў, Марыся Суша, Мікола Бакас, Алеся Сівохіна, Раман Абрамчук, Аксана Данільчык, Сяржук Сыс. Раздзяліць радасць аўтараў і рэдакцыі на імпрэзу завіталі два"хросныя бацькі" выдання Алег Трусаў і Анатоль Вярцінскі.

2 верасня часопіс "Верасень" стаў госцем менскай СШ №32. І таксама не выпад-кова. Справа ў тым, што адна з дэбютантак часопіса - сёлетняя выпускніца СШ №32 Кацярына Глухоўская. Вучні старэйшых класаў з вялікай цікавасцю ўспрынялі факт з'яўлення новага выдання. Асабліва ўразіла ўсіх выступленне Кацярыны , якая прачытала свае новыя творы і заклікала прысутных жыць і тварыць па-беларуску.

Абедзве сустрэчы прайшлі ў межах кампаніі "Будзьма беларусамі!"

Наш кар.


Беларус прыстасаваў Google Chrome да беларускай мовы

Праверка беларускага правапісу ў гэтым браўзеры цяпер не праблема. У распрацоўцы праграміст Аляксей Сакалоў абапіраўся на слоўнікі, што выкарыстоўваюцца ў браўзеры Mozilla Firefox. Сакалоў працуе сістэмным адміністратарам. Дадатак да браўзера рабіў па ўласнай ініцыятыве.

Раней Аляксей дапамагаў у перакладзе інтэрфэйса сэрвісаў Google на беларускую мову. Ён бярэ таксама ўдзел у стандартызацыі беларускай кампутарнай тэрміналогіі і з'яўляецца галоўным распрацоўшчыкам беларускай аперацыйнай сістэмы TrueBSD, развіццё якой у апошні час трохі прыпынена. Для браўзера Google Chrome спампаваць слоўнік з класічным правапісам можна на сайце truebsd.org.

Юльян Місюкевіч.



Грамадскае аб'яднанне "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны"

і Культурна-асветніцкая ўстанова "Новае грамадства" прадстаўляюць

Курсы гутарковай мовы для тых, хто хоча пачаць размаўляць на роднай мове

10 крокаў, каб загаварыць па-беларуску

Калі вас цікавіць, што яднае беларускую мову і заходнееўрапейскія; калі вы хочаце даведацца, што такое "благо" і што такое "блага"; як вітаюцца і развітваюцца беларусы, ды шмат чаго іншага - ласкава просім на курсы.

Калі вы - малады чалавек, які цікавіцца беларускай мовай, але пакуль не адважыўся пачаць гаварыць у паўсядзённым жыцці па-беларуску, - запрашаем вас зрабіць разам з намі 10 крокаў для таго, каб пераканацца, што гэта магчыма !

Цікавыя тэсты, пераадоленне бар'ераў, вучоба і практыка - за 10 заняткаў.

Гэтыя бясплатныя курсы праходзяць штотыдня ў "Таварыстве беларускай мовы" (вул. Румянцава, 13). Першы занятак - серада, 8 верасня, а 18.30. Выкладчык - Аляксей Шэін.


Шведская літаратура, кіно і музыка ўзбагачаюць беларусаў

Культурнае супрацоўніцтва паміж Швецыяй і Беларуссю развіваецца з кожным годам. У вялікай ступені гэта звязана са шчыраваннем кіраўніка амбасады спадара Стэфана Эрыксана, яго павагай і цікавасцю да беларушчыны. У спякотны дзень мы гутарылі са спадаром Эрыксанам на балконе, што выходзіць ва ўтульны дворык у Верхнім горадзе, недалёка ад ратушы. Унізе ціха цурчэў фантан. Побач з намі на балконе вольна вы-цягнуўся вялікі руды сабака.

- Спадар Эрыксан, Вы шчыра цікавіцеся беларускай культурай, кожны год бераце ўдзел у беларускай нацыянальнай дыктоўцы. А цяпер яшчэ і стварылі ды ўзначалілі клуб амбасадараў-прыхільнікаў беларускай мовы. Ці вялікі гэта клуб і хто ў яго ўваходзіць?

- Ідэю стварэння такога клуба падаў нам міністр культуры Павел Латушка. Ён быў актыўным членам падобнага клуба падчас сваёй дыпла-матычнай працы ў Польшчы. У наш беларускамоўны клуб, акрамя мяне, уваходзілі паслы Літвы, Украіны і Польшчы. На жаль, паслы Польшчы і Украіны пакінулі краіну ў сувязі з заканчэннем тэрміну дыпламатычнай службы. Мяркую, што хутка мы даведаемся, хто з новапрыбылых дыпламатаў будзе гатовы далучыцца да гэтай ініцыятывы.

- Як Вы ацэньваеце вынікі Дзён культуры Швецыі ў гэтым годзе?

- Шэраг цікавых мерапрыемстваў прайшоў сёлета ў рамках нашых традыцыйных дзён шведскай культуры. Беларусь наведалі шведскія літаратары, якія сустрэліся тут са сваімі беларускімі калегамі і разам з імі ўзялі ўдзел у літаратурных чытаннях, што праводзіліся ў Менску, Салігорску і Пінску. Сярод гасцей са Швецыі была Агнета Плеель, вядомая пісьменніца, прафесар, драматург і літаратурны крытык, аўтар шэрагу артыкулаў, прысвечаных пытанням культуры. Спадарыня Плеель была надзвычай задаволена ўсталяваннем новых кантактаў з беларускімі пісьменнікамі.

Яшчэ адной цікавай падзеяй стала прэзентацыя манаграфіі Андрэя Катлярчука "У ценю Польшчы і Расеі. Вялікае Княства Літоўскае і Швецыя ў часе еўрапейскага крызісу сярэдзіны ХVII ст". Доктар гістарычных навук, даследчык шведска-беларускіх гістарычных стасункаў Андрэй Катлярчук, які доўгі час жыў у Беларусі, цяпер выкладае ва ўніверсітэце шведскага горада Умеа.

Мы пастараліся таксама пазнаёміць менскага і гомельскага гледача з сучасным шведскім кіно. Так ужо здарылася, што ўсе фільмы як на падбор аказаліся дастаткова жорсткімі. Але што рабіць, ёсць у жыцця і такія бакі...

Рэалізавалі мы сёлета ў Гомелі і Менску яшчэ адзін надзвычай ці-кавы праект - выставу "Жанчыны-вынаходніцы са Швецыі", на якой у якасці экспанатаў было прадстаўлена каля 50-ці сучасных жаночых вынаходніцтваў. Выстава сапраўды ўнікальная і выклікала даволі шырокі рэзананс. Тым больш што падчас яе дэманстрацыі праводзіліся майстар-класы для студэнтаў і школьнікаў, а таксама сустрэчы, семінары і круглыя сталы з удзелам беларускіх і шведскіх жанчын-прадпрымальніц, вучоных і вынаходніц.

-У рамках дзён культуры Швецыі некалькі год таму нашу краіну наведвала дачка Астрыд Ліндгрэн - Карын Нюман. Якімі былі яе ўражанні?

- Ёй спадабалася ў сталіцы Беларусі. Калісьці менавіта яна прыдумала імёны для герояў кнігі сваёй маці. І ў беларускім перакладзе "Піпі Доўгая панчоха" Змітра Плакса, які, дарэчы, стаў 64-ым перакладам твора Астрыд Ліндгрэн, гучыць менавіта арыгінальнае імя галоўнай гераіні - Піпі. Увогуле, гэты пераклад надзвычай блізкі да шведскага арыгіналу. У беларускім выданні кнігі нават захаваныя ілюстрацыі датчанкі Інгрыд Ванг Нюман.

- Раскажыце, калі ласка, як розныя пакаленні шведаў успрымаюць прыгоды Карлсана, які жыве на даху?

- Кнігі Астрыд Ліндгрэн мелі вялікі ўплыў на дарослых і дзяцей як у Швецыі, так і па ўсім свеце. Яны па-бачылі свет напрыканцы 40-х гадоў, а найбольшы поспех атрымалі ў 50-60-ых гадах. Астрыд Ліндгрэн пісала зусім па-новаму. Яна нібыта глядзела на свет вачыма дзіцяці, гаварыла вуснамі дзіцяці. Яна цудоўна ведала, як знайсці агульную мову з такімі няўрымслівымі непаседамі, як Піпі ці Эміль. Дарэчы, у Менску ёсць куто-чак Карлсана, экспанаты для якога падарыў Цэнтральнай дзіцячай бібліятэцы сталіцы музей Астрыд Лінд-грэн - Юнібакен. Там ёсць і домік Карлсана, у які малыя могуць сва-бодна залазіць і з цікавасцю бавіць час.

Творчасць Ліндгрэн дала штуршок бурліваму развіццю шведскай дзіцячай літаратуры. З'явіўся цэлы шэраг новых пісьменнікаў, якія пачалі пісаць пра дзяцей і для дзяцей.

Вось і ў гэтым годзе ў Беларусь прыязджала шырока вядомая дзіцячая пісьменніца Юя Вісландэр, аўтарка казак пра Маму Му, Крумкача і Малога. Юя Вісландэр узяла ўдзел у прэзентацыі беларускага перакладу сваёй кнігі "Малы і Мядзведзік", што адбылася ў траўні ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

- Паказ сучасных шведскіх кінастужак для дарослых і дзяцей - адзін з яркіх момантаў культуранага абмену.

- Мы спецыяльна зрабiлi ўпор на кiно. Пасля поспеху стужкі вядомага шведскага рэжысёра Кая Полака "Як на нябёсах" на кiнафестывалi "Лiстапад" у 2006 годзе мы вырашылi працягнуць працу ў гэтым кiрунку. За ўвесь гэты перыяд мы паказалі беларускаму гледачу шмат цікавых фільмаў, сярод якіх была і праніклівая "Калядная казка" для дзетак. Фiльм распавядае пра незвычайную калядную гiсторыю, якая адбылася з маленькай дзяўчынкай Iнай. Iдучы з мамай у метро, дзяўчынка губляе любiмую цацку - мядзведзiка Ну-Ну. Але напярэдаднi Калядаў брат дзяўчынкi выпадкова набывае гэтую цацку ў антыкварнай краме. Стужка была дубляваная на мову кампаніяй "Бела-рускi гальфстрым" у 2007 годзе. Цікавым, на маю думку, быў таксама рэтраспектыўны паказ фільмаў мэтра шведскага кіно Інгмара Бергмана.

- Цікава было б даведацца, чым цяпер займаюцца сябры знанага калектыву АВВА?

- Спевакі працуюць асобна, пішуць музыку. Бені Андэрсан стварыў мюзікл, а потым музыкі знялі фільм " Мама Мія", ён вельмі папулярны ва ўсім свеце. Здымкі фільма праходзілі ў Лондане і Грэцыі. Сцэнар карціны напісала Катрын Джонсан, адна з стваральніц арыгінальнага мюзікла. На прэмьеры фільма ў Стакгольме ўпершыню за амаль 20 гадоў усе чацвёра ўдзельнікаў леген-дарнага квартэта Анні-Фрыд Лінгстад, Агнета Фальтског, Бенні Андэр-сан і Б'ёрн Ульвеўс сабраліся разам. Былі зняты дзве версіі фільма, адна з іх з акцёрамі пастаноўкі, а другая - з зоркамі кіно. У мюзікле гучыць 22 песні АВВА, у фільме - іх 19. Па словах адной з выканаўцаў галоўных роляў у фільме Мэрыл Стрып, для яе паглыбіцца ў атмасферу песень гурта было як "вярнуцца ў стары любімы дом".

- Мы ведаем пра выступленні беларускіх спевакоў ў Стакгольме. А якія шведскія гурты наведвалі апошнім часам Беларусь?

- У Менскай філармоніі вельмі ўдала выступіў гурт "Flesh-quartet", перад тым прыязджаў вядомы выканаўца фры-джазу Матс Густаўсан.

Нас вельмі радуе, што Зміцер Вайцюшкевіч працуе зараз над шведскім альбомам, у які ўвойдуць песні на вершы Кенета Клемеца, Крыстофера Леандаера, Катарыны Фростэнсан і іншых аўтараў, якія ў нас добра вядомы.

Гутарыла Э. Дзвінская.

На здымку : Стэфан Эрыксан


Камяні-следавікі Лідчыны

(Заканчэнне. Пачатак у папярэднім нумары.)

У чэрвені 2010 г. у мяне адбы-лася такая размова з чатырмя мясцо-вымі вельмі пажылым людзьмі ў в. Мэйры. Я запытаўся ў першага дзеда на "паўднёвым ўсходзе вёскі":

- А дзе ў вас тут камень знаходзіцца, са следам нагі, такі...

- Дык няма яго, даўно ўжо няма

- Не можа быць, а дзе ж ён знаходзіцца?

- Там, вось тамака ляжаў, на горцы... і праехаць на аўтамабілі можна прама да яго...

Еду на ўзгорак, нічога не знаходжу, вяртаюся, сустракаю гэтага ж дзеда і трох бабулек з ім, пытаюся:

- Дык дзе ж камень?

- Ужо гадоў з 10 як звезлі яго, і ты не першы, хто за гэтыя гады яго шукае.

- А хто ж яго прыбраў? Калгас?

- Не, не калгас, у калгасе ўсе ж тутэйшыя, разумеюць...

- Дык хто ж?

- Дык гадоў ужо з 10, нейкія маладзёны з горада, прыехалі, пагрузілі ў машыну і павезлі...

- А што за машына? Як яны выглядалі?

- Не памятаем ужо ніякіх падрабязнасцей, даўно гэта ўжо было.

- Як выглядаў камень, што пра яго памятаеце?

- Камень такі вось быў (малюе на зямлі авал з вялікай воссю каля 50 см ), яго не цяжка было пагрузіць... Памятаю мы яшчэ малыя былі, калі дарослыя у касцёл хадзілі, мы, дзеці, каля гэтага каменя маліліся. Там быў след ногі Божай Маці і выява Ружанца... я яшчэ, малой была, мая ножка як раз у той след на камені патрапляла... Ружанец на камені - гэта такія паглыбленні па крузе..., і нават там ,дзе крыж павінен быць, там таксама адмысловая ямка была... .

Ад каменя застаўся толькі фотаздымак Э. Зайкоўскага (з артыкула: Э. Ляўкоў, А. Карабанаў, Л. Дучыц, Э. Зайкоўскі, В. Вінакураў. Культавыя камяні Беларусі // Studia Mythologica slavica № 3. 2000. C. 43-56.)

Некалькі цытатаў пра Мэйрскі камень:

"У двары Юзэфова, у полі, пры в. Мэйры Лідскага павету на ... камені відаць адбітак чалавечае нагі". Киркор Этнографический взгляд на Виленскую губернию // Вестник Императорского Русского Географического общества. Ч. 20, 21. СПб. 1857-1858. С. 180.

"Пры вёсцы Мэйры, Мытлянскай воласці, ёсць вялікі камень з выявай на ім чалавечай ступні, як бы адбітай на мяккім воску. Мясцовыя жыхары лічаць адбітак следам Маці Божай." Biblioteka Warszawska. 1855. CLXXIV. S. 452.

"Каля в. Мэйры Лідскага раёна знаходзіцца валун, апісаны яшчэ ў XIX ст. На валуне ёсць паглыбленне. вельмі падобнае на след чалавечай нагі (прытым не з пляскатай, а з "пад'ёмістай" ступнёй). Паглыбленне называюць "След Маткі Боскай". Побач з ім - падабенства меншага следу. Яшчэ адзін камень са "Следам Маткі Боскай" раней ляжаў і каля в. Дылева". Дучыц Л., Зайкоўскі Э. Пра некаторыя вясковыя святыні Віленшчыны // Куфэрак Віленшчыны, №1(3). 2001. С. 23.

Той жа лёс мае і камень-следавік ў в. Красулі (Шчучынскі р-н, камень таксама знаходзіцца пад абаронай дзяржавы). Следавік ляжаў за заходняй ваколіцай вёскі. У ліпені 2010 г. жыхары вёскі расказалі, што добра яго памятаюць, але ўжо гадоў з 20 каменя няма. Людзі расказалі, што камень быў вялікі, меў памеры, прыкладна 120х80 см, быў цалкам урослы ў зямлю, і меў на сабе два адбіткі, адзін, вялікі лічыўся следам дарослага і быў прыкладна мужчынскага 41-42 памеру (расказаў мужчына, які сам ставіў сваю нагу на след) і другі - меншага памеру, лічыўся следам дзіцяці.

На царкоўным двары ў в. Бабры (Лідскага р-на) на поўнач ад храма знаходзіцца камень-следавік вышынёю 0,5 м. з адбіткам жаночай ступні прыкладна 34 памеру. Па мясцовавых паданнях гэта "След Маці Божай". Гэты камень раней знаходзіўся на лузе за царкоўнымі могілкамі. У 20-х гадах нашага стагоддзя следавік быў прывезены да храму і асвечаны праваслаўным святаром. Камень быў знойдзены ў 1999 г. У. Круцікавым і Л. Лаўрэшам і ўпершыню апісаны ў "Лiдскiм летапiсцы" № 9 за 1999 г. У 2009 г. ён, агароджаны невялікім плотам, ляжаў на цвінтары пры Баброўскай царкве.

Усяго на тэрыторыі Гарадзенскай вобласці вядома 15 камянёў-следавікоў.

Пакуль зніклі не ўсе камяні, каб захаваць іх для нашчадкаў, самы час зрабіць недзе ў адным месцы Гарадзеншчыны музей камянёў.

Леанід Лаўрэш

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX