Папярэдняя старонка: 2010

№ 38 (981) 


Дадана: 19-03-2020,
Крыніца: pawet.net.



№ 38 (981) 22 ВЕРАСНЯ 2010 г.


ЛІДА ЗАПРАШАЕ

Практычна ўсе аб'екты г. Ліды гатовы да правядзення кірмашу-свята "Дажынкі-2010" і ў першую чаргу замак.

Свята пачынаецца 24 верасня. Праграма свята размешчана на беларускай мове на афіцыйным сайце Лідскага райвыканкаму lida.by.

Наогул беларускай мовы ў візуальным афармленні горада дастаткова. Большасць інфармацыйных святочных расцяжак і банэраў выканана па-беларуску. Выключэнне складаюць рэкламныя шчыты прамысловых прадпрыемстваў. Пакуль што толькі пано Ашмянскага мясакамбіната аформлены на мове тытульнай нацыі. На астатніх прадпрыемствах, як бы і не беларусы працуюць.

Хапае ў горадзе нацыянальнай і гарадской сімволікі. Велічна ўзняўся над горадам Крыж Святой Ефрасінні Полацкай, як сімвал яднання ўсіх хрысціян Лідчыны. Пад крыжам у арках праваслаўнай капліцы на вул. Камуністычнай размешчаны постаці чатырох евангелістаў Матфея, Іаана, Лукі і Марка. Праўда, надпісы зроблены па-расейску. Гербы ж горада - ледзь не на кожным вугле, асабліва каля замка.

Шаноўныя сябры, горад Ліда чакае гасцей. Месца, пачастункаў і відовішчаў хопіць усім.

Наш кар.


У Лідзе адкрываецца літаратурны музей

На 16 гадзін 22 верасня ў Лідзе спланавана адкрыццё Лідскага літаратурнага музея.

Музей адкрываецца ў доміку каля замка, дзе ў 1939 - 1941 гадах жыў беларускі паэт Валянцін Таўлай, які працаваў ў гэты час у лідскай газеце "Уперад".

Да адкрыцця ў музеі падрыхтаваны мемарыяльны пакой Валянціна Таўлая, экспазіцыя, прысвечаная сучаснай лідскай літаратуры, выстава кніг беларускіх пісьменнікаў - юбіляраў 2010 года, выстава карцін паэта і мастака Міколы Лазоўскага. Праз некаторы час адкрыецца экспазіцыя "Гісторыя выдавецкай справы на Лідчыне" і інш.

Наш кар.


Беларускай асацыяцыі журналістаў - 15

У чацвер 16 верасня ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" адзначыла 15 гадоў са дня свайго стварэння, калі былыя савецкія журналісты вырашылі стварыць арганізацыю, аб'яднаўшую першых незалежных журналістаў Беларусі.

- У 1995 годзе ў нас за плячамі былі пяць гадоў незалежнасці, "бум" нараджэння і развіцця недзяржаўных СМІ - абсалютна новай з'явы для нашай дзяржавы… Можна сказаць, што стварэнне БАЖ было прадыктавана, з аднаго боку, імкненнем абараніцца ад знешніх пагроз, а з другога - адчуваннем уласнай сілы, здольнасцяў, імкненнем да перамен, - успомніла кіраўнік арганізацыі Жана Літвіна.

Паводле паведамленню ГА "БАЖ", сёння арганізацыя налічае больш за тысячу чальцоў, якія працуюць у розных перыядычных выданнях, на радыё і тэлебачанні, у выдавецкіх кампаніях.

Павіншаваць ГА "БАЖ" прыйшлі вядомыя палітыкі, а таксама прадстаўнікі дыпламатычнага корпусу, які працуе ў Менску.

Сакратарыят ТБМ рэдакцыя газеты "Наша слова" далучаюцца да віншаванняў ГА "БАЖ" з юбілеем і жадаюць арганізацыі і далей усімі даступнымі спосабамі садзейнічаць развіццю ў краіне незалежнай журналістыкі. Трымайцеся праўды і беларускасці!


Пачаліся Дні беларускай культуры ў Літве

У Вільні, на тым месцы, дзе на былой вуліцы Конскай жыў у першай палове ХІХ ст. Францішак Багушэвіч, з'явілася бронзавая мемарыяльная шыльда беларускаму паэту, пісьменніку і адвакату.

Таварыства беларускай мовы Віленскага краю імкнулася ўшанаваць памяць бацькі беларускай літаратуры ў Вільні і Віленшчыне цягам апошніх дзесяці гадоў, на радзіме паэта пад Вільняй у Свіранах і побач у Савічунах (вёсцы, найбліжэйшай да фальварка Свіраны) ужо ёсць дзве мемарыяльныя шыльдачкі, імя Багушэвіча мае вуліца і бібліятэка ў Савічунах.

Цяпер, у год 170-годдзя Багушэвіча, бронзавая шыльда вагой 300 кг умацаваная ў цэнтры Вільні.

Таго будынка, дзе жыў паэт, ужо не існуе, таму памятны знак размясціўся прыкладна на тым месцы - на сцяне адной з віленскіх навучальных устаноў (на адрасе Arkliu, 18c), як патлумачыў цяперашні кіраўнік ТБМ Віленшчыны, сябра рады БНР Юрась Юркевіч, які ачоліў арганізацыю год таму пасля смерці першага старшыні Юрася Гіля.

Вельмі прыемна адзначыць, што гэтым разам беларуская дзяржава падтрымала грамадскую ініцыятыву, кажа Юрась Юркевіч.

Мемарыяльная шыльда Ф. Багушэвічу ў Вільні - першы выпадак супрацоўніцтва ТБМ Віленшчыны з беларускімі ўладамі. Шыльда з'явілася ў Вільні дзякуючы падтрымцы Віленскай і Менскай мэрыяў і амбасады РБ у Літве, яна зробленая ў Беларусі (скульптар Леў Гумілеўскі, архітэктар Аляксандр Корбут) пры фінансавай падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.

Міністар культуры РБ Павел Латушка сказаў у часе адкрыцця:

Сапраўды, гэта гістарычная падзея для нашых краін. Я думаю, Францішак Багушэвіч узрадаваўся б таму, што тут, на гэтых вуліцах гучыць беларуская мова, як узрадаваліся б гэтаму Францішак Скарына, і Кастусь Каліноўскі, і Янка Купала, і Уладзімір Караткевіч, і Рыгор Шырма, і шмат-шмат іншых выбітных асоб і постацяў нашай культуры, якія хадзілі вуліцамі гэтага славутага горада.

Так годна пачаліся дні беларускай культуры ў Літве.

Тацяна Поклад.


МОВА

Далей - прорва

Кожны навучальны год пачынаецца з dйjа vu. Малодшае дзіця прыносіць са школы некароткі спіс дадатковых матэрыялаў, працоўных сшыткаў, дапаможнікаў, атласаў, якіх вучням не выдае (за грошы!) школьная бібліятэка ды якія трэба самому купіць.

І пачынаецца штодзённае гайсанне: "Адукацыя" на Хмяльніцкага - "Акадэмкніга" - Цэнтральная кнігарня - і г.д. Мінае другі тыдзень вучобы, а я знайшоў толькі адзін патрэбны працоўны сшытак: "Хімію" для 7 класа. Іншых - для геаграфіі, фізікі, ангельскай мовы - знайсці не магу.

Бо я і мае дзеці нясем на сабе крыж беларускамоўнасці.

Версіі гэтых дапаможнікаў для расейскіх школаў - ёсць, ляжаць стосікамі на паліцах. На пытанне, ці ёсць яны пабеларуску хаця дзенебудзь, спадар афіцыйнага выгляду ў кнігарні Нацыянальнага інстытута адукацыі на Хмяльніцкага (пэўна, ейны дырэктар) кажа, што геаграфічнага сшытка няма наагул, а магчыма, і ангельскага таксама. Маўляў, выдавецтва "А." (якое ведаюць усе, звязаныя са школай) - прыватнае, камерцыйнае, друкуе толькі тое, што прыносіць прыбытак.

Я спачатку нямею, а потым кажу: дык жа вы - частка сістэмы міністэрства адукацыі, абавязанага даць майму дзіцяці магчымасць паўнавартасна вучыцца пабеларуску, вытрымліваючы адзіны моўны рэжым!

Няма адказу.

І ўжо сам сабе разважаю: праз датацыі прыватнай фірме, праз дзяржаўныя выдавецтвы, як заўгодна. Бо гэта беларуская дзяржава ці куды? Або прызнайце сябе не здольнымі забяспечыць нашае права і зачыняйце дэкрэтам і так нешматлікія беларускія школы, як калісьці гвалтам зачынілі Гуманітарны ліцэй.

Я загартаваны барацьбой за беларускі садок і школу для двух старэйшых дзяцей, і, натуральна, мы пройдзем праз гэтыя параўнальна невялікія перашкоды. Добра, што хаця школа ў цэнтры горада ёсць, у першыя класы якой сёлета быў аншлагавы набор - а значыць, кола людзей, гатовых адольваць выпрабаванні дзеля гарманічнага развіцця сваіх дзяцей, не змяншаецца. Але ж абсалютная бальшыня любога грамадства ўнікае выпрабаванняў… Вось доказ.

Усе пачулі першыя вынікі перапісу насельніцтва 2009 года. Ягоны моўны аспект - на дыяграме.

Яшчэ калі перапіс планаваўся, мы з калегамі пачалі біць у званы з прычыны змены традыцыйных дэфініцыяў. Так, "родная мова" ў перапісным бланку тлумачылася як "мова, засвоеная першаю ў раннім дзяцінстве" . У нашай жа традыцыі родная мова - тая, якую чалавек успрымае як каштоўнасць. Апытальнікаў не інструктавалі, як пазначаць варыянты беларускае мовы ў вуснах грамадзянаў: дыялектныя формы, гарадскія кайнэ, беларускарасейскія піджыны і крэольскія варыянты. Таму перапіс 2009 года не можа адлюстроўваць роўню актыўнага і пасіўнага (на роўні разумення) валодання беларускаю моваю ва ўсіх яе варыянтах, у тым ліку змешаных. Відаць, паводле задумы арганізатараў, ён меў паказаць, у якой ступені людзі атаесамляюць сябе з беларускаю моваю незалежна ад цяперашняга валодання яе літаратурнаю формаю.

І паказаў. Усяго за 10 гадоў працэнт насельніцтва, якое лічыць беларускую мову роднаю, упаў з 73,7% да 53%. Адсотак жа беларусаў, якія лічаць роднаю мову свайго народу, абваліўся з 85,6% да 60%.

Такая радыкальная і хуткая (паўтарадва працэнты ў год) змена моўных каштоўнасцяў - беспрэцэдэнтная для моўных сітуацыяў у свеце. Пагатоў калі йдзецца пра маладую незалежную краіну, якая, здавалася б, мусіць умацоўваць уласную нацыянальнакультурную ідэнтычнасць.

Беларусь - адзіная з постсавецкіх краінаў з дзвюмя дзяржаўнымі мовамі (хаця даволі было паглядзець на сумны прыклад Ірландыі). Адзіная, кіраўнік якой непаважліва выказваўся ў адрас мовы свайго народу. Адзіная, дзе колькасць садкоўшколаўгрупаў з выкладаннем на мове народу не расла, а скарачалася. Адпаведна - адзіная, дзе колькасць людзей, якія лічаць роднаю мову дзяржаваўтваральнага народу, не вырасла, а зменшылася.

Дыяграма атрымалася вусцішная. Маем наглядныя вынікі жорсткай русіфікацыі - горшыя, чым за цара і за Сталіна. Савецкая русіфікацыя была павольная і, здавалася, няўхільная, але глыток свабоды і надзеі ў канцы 80х - пачатку 90х прывёў да цуду. Беларусы пачалі вяртацца да мовы - і ў душы, і папраўдзе. Перапіс 1999 года паказаў, што па інэрцыі моўнае адраджэнне ў свядомасці суграмадзянаў працягвалася нават пасля прынцыповага для цяперашняга кіраўніка рэфэрэндуму 1995 году пра мову і сімволіку. Але ўрэшце паслядоўная лінія на маргіналізацыю беларускае мовы, яе выкіданне з адукацыі, інфармацыйнага поля, дзяржаўнага кіравання дала свой чорны плён. Гару падрылі, яна пачала абвальвацца.

Таму я не веру ў ператварэнне Саўла ў Паўла, у тое, што выпрашаныя ва ўлады моўнакультурныя падачкі нешта зменяць. Спыніць спаўзанне ў прорву толькі свабодны народ.

Вінцук Вячорка.


Мовазнаўчы досвед

Штучныя, перанесеныя без патрэбы з іншай мовы, формы: гісторыка-культурныя (каштоўнасці), гісторыка-культурная (спадчына), гісторыка-дакументальная (хроніка), гісторыка-філалагічны (факультэт). ( Полымя . 2010. №8. С . 5, 55).

" Гомельскаму палацава - паркаваму ансамблю нада - дзены статус гісторыка - культурнай каштоўнасці вы - шэйшай катэгорыі ; гісторы - какультурная спадчына краю , скончыў гісторыка - філалагічны факультэт , займаўся выданнем гісторыка - дакументальных хронік ..."

У публікацыі часопіса "Духоўныя далягляды Гомельшчыны" распавядаецца пра гістарычныя постаці дзеячаў (Кірылу Тураўскага, Ірыну Паскевіч), пра гістарычную і культурную спадчыну гэтага рэгіёна Беларусі, а не пра якіхсьці гісторыкаў, таму на-туральнымі тут маюць быць формы складаных прыметнікаў з першаю часткай гістарычна- : гістарычна-культурныя каштоўнасці, гістарычна-даку-ментальная хроніка, гіста-рычна-філалагічны факультэт.

Такія натуральныя для беларускай мовы формы - з першаю часткаю гістарычна- - выкарыстоўваюцца дасведчанымі і ў пытаннях культуры мовы аўтарамі і ў гэтым нумары часопіса "Полымя". Напрыклад, Мікола Мятліцкі (рэдактар часопіса) піша: "Багата гістарычна-помлівых старонак перагарнулі Хойнікі за часы свайго існавання. Хойніцкі раённы краязнаўчы музей створаны руплівым даследчыкам гістарычнай мінуўшчыны Зелянкоўскім" (с. 172).

У "Полымі" №6 за 1998 год (с. 309) таксама чытаем: "На вялікім гістарычна-культурным матэрыяле ўпер-шыню ў айчыннай славістыцы Г. Тарановіч разглядае літаратурныя ўзаемасувязі беларусаў і сербаў, славенцаў, харватаў ад самых славянскіх вытокаў да канца ХІХ стагоддзя".

Дый ва ўсіх беларускіх слоўніках засведчаны згаданыя складаныя прыметнікі з першаю часткаю гістарычна- (на месцы расійскай историко- ). Пачынаючы ад першага акадэ-мічнага - "Русско-белорусский словарь". Под редакцией действительных членов АН БССР Я. Коласа, К. Крапивы и члена-корреспондента АН БССР П. Глебки (Москва, 1953, с. 187): историко-лите-ратурный - гістарычна-літаратурны, историко-революционный - гістарычна-рэвалюцыйны, историко-филологический - гістарычна-філалагічны, историко-философский - гістарычна-філасофскі . І ў самым новым даведніку: І.Л. Капылоў, Т.М. Маркуліна. "Арфаграфічны слоўнік беларускай мовы для школьнікаў". "Новыя правілы беларускага правапісу". - Мінск: Современная школа. 2010. на с. 52 чытаем: гістарычна-літаратуразнаўчы, гістарычна-рэвалюцыйны, гістарычна-філалагічны, гістарычна-філасофскі . У "Слоўніку беларускай мовы. Арфаграфія. Арфаэпія. Акцэнтуацыя. Словазмяненне". Пад рэдакцыяй акадэміка АН БССР М.В. Бірылы. - Мінск: Выдавецтва "Беларуская Савецкая энцыклапедыя" імя Петруся Броўкі. 1987 г. на с. 181 таксама падаецца: гіста-рычна-літаратурны, гістарычна-матэрыялістычны, гістарычна-рэвалюцыйны, гістарычна-філалагічны, гіс-тарычна-філасофскі. І нідзе не бачым гэтага штукарства з першаю часткаю " гісторыка- ". "Русско-белорусский словарь" 1993 года (т. 1, с. 591) змяшчае і наступную форму: историко-документальный - гістарычна-дакументальны.

Дык ці маем мы права парушаць усталяваныя пісьмовай практыкай, замацаваныя арфаграфічнымі даведнікамі, усхваленыя аўтарытэтнымі навукоўцамі, народнымі пісьменнікамі Беларусі нормы!!!

Павел Сцяцко


Пра сучасны стан беларускай мовы

У 2009 годзе Грамадскае аб'яднанне "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" адзначыла 20годдзе сваёй дзейнасці. За гэты час у грамадстве адбыліся шматлікія змены. З 1995 года пасля рэферэндума змяніўся статус беларускай мовы ў нашай краіне. Яна стала адной з дзвюх дзяржаўных моў у Рэспубліцы Беларусь. Але фактычнай роўнасці не назіраецца ні на адным узроўні, што выклікае занепакоенасць грамадзян і з'яўляецца пастаянным клопатам ТБМ. Змены, унесеныя ў 1998 годзе ў Закон "Аб мовах", пярэчаць дзейнай Канстытуцыі, паколькі дазваляюць у пэўных абставінах зусім не карыстацца дзяржаўнай беларускай мовай. Сённяшнія заканадаўцы яшчэ больш заблыталі сітуацыю. Яны не выканалі рашэнне Канстытуцыйнага Суда, не ўнеслі папраўкі ў Закон "Аб мовах", каб ураўняць у правах беларускую і рускую мовы, а насуперак пярэчанням грамадскасці, выказаным у тым ліку і падчас паседжання круглага стала 28 верасня 2007 года на сядзібе ТБМ, прынялі новы Закон "Аб арфаграфіі і правапісе", які ўступіў у сілу з 1 верасня 2010 года. У такой сітуацыі сябры арганізацыі пачалі ажыццяўляць праект "Дыялог", мэтай якога з'яўляецца папулярызацыя беларускай мовы і пашырэнне сферы яе ўжывання ў грамадстве.

Адным з важных кірункаў працы арганізацыі заўсёды былі канферэнцыі. Таму і была задумана і праведзена ў студзені 2010 года навуковая канферэнцыя "Сучасны стан беларускай мовы і дзейнасць грамадскіх аб'яднанняў па яго паляпшэнні". На канферэнцыі прысутнічалі навукоўцы, пісьменнікі, журналісты, святары, прадстаўнікі міністэрстваў культуры і адукацыі, а таксама актывісты ТБМ з розных рэгіёнаў Беларусі. Ішла грунтоўная зацікаўленая размова па розных кірунках. Найбольш выступаў было прысвечана менавіта навуковаму аналізу сучаснага стану беларускай мовы і пытанням беларускага маўлення. Абмеркаванне ролі беларукай мовы ў духоўным жыцці народа заняло належнае месца падчас канферэнцыі. Прыцягнула ўвагу навукоўцаў і актульнае пытанне нашай гістарычнай спадчыны - тапаніміі. А сябры ТБМ з розных рэгіёнаў Беларусі звярнулі ўвагу на канкрэтныя пытанні функцыянавання дзяржаўнай беларускай мовы на месцах. Івось выйшаў зборнік матэрыялаў канферэнцыі. Папярэдняя прэзентацыя адбылася 20 верасня ў Кніжным салоне, а асноўная пройдзе 28 верасня ў 18.00 у Дольнай зале Чырвонага касцёла . Удзельнікі прэзентацыі змогуць атрымаць кнігу бясплатна .

Мы спадзяёмся, што матэрыялы канферэнцыі зацікавяць навукоўцаў, грамадскіх дзеячаў і дапамогуць кожнаму чытачу скласці дастаткова поўнае ўяўленне як пра розныя аспекты функцыянавання беларускай мовы ў нашым грамадстве, так і пра дзейнасць Грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" .

Наш кар.


Юбілей Ларысы Геніюш у музеі Васіля Быкава

Гарадзенскі музей Васіля Быкава адзначыў сто гадоў з дня нараджэння Ларысы Геніюш. Адбылося гэта шостага жніўня 2010 г., за дзень да святкавання ў Зэльве.

Думка правесці такое мерапрыемства ўзнікла ў мяне. Далучыўся Алесь Дземідовіч. Запрасілі ўсіх, хто актыўна дапамагае нашаму музею. Сабралася болей за дзесяць чалавек. Прыйшоў супрацоўнік радыё "Свабода" Сяргей Астраўцоў.

Пасля ўступнага слова Алеся Дземідовіча я, як кіраўнік музея Васіля Быкава, адзначыў, што музей, які створаны ў 2003 годзе ўдзельнікамі Вялікай Айчыннай вайны, стаў утульнай хатай вялікага пісьменніка, змагара за праўду і вольную Беларусь. Прагучаў верш Рыгора Барадуліна:

"Жыве ў вяках

Вялікі Быкаў,

А значыць -

Беларусь жыве".

Нястомным абаронцам шматпакутнай Беларусі была паэтка Ларыса Геніюш. Яе збліжае з Быкавым адданасць Айчыне, ва ўсім еднасць учынкаў і дзеянняў. Гэта адчуваў Васіль Быкаў: "Ларыса Геніюш вытрымала ўсё, прайшла ўсе шляхі фашыстоўскабальшавіцкага пекла. Напакутвалася дарэшты, але не ў чым не саступіла катам. Што ёй дало да таго сілы, бачна з яе ўспамінаў. Гэта ўсё тое, чым жывы чалавек, што для кожнага павінна быць даражэй за жыццё. Гэта адданасць Радзіме, вернасць хрысціянскім ісцінам, высокае пачуццё чалавечай годнасці. І яшчэ для Ларысы Геніюш нямала значыла паэзія…" (Васіль Быкаў, "Крыжовы шлях", Мінск, 1998).

"Адзінай мэты не зракуся,

І сэрца мае задрыжыць;

Як жыць -

дык жыць для Беларусі.

А без яе - зусім не жыць!" -

Так дэкларавала Ларыса Геніюш сваю праграму ў жыцці. Беларусь прысутнічае нават у кожным вершы, пачынаючы з "Родных ніў".

"Вершы ў лагеры яна складала употайкі, завучвала на памяць, чытала толькі сваім блізкім сябрам" (В, Быкаў, "Крыжовы шлях", стар. 134).

Праз вершы Ларысы Антонаўны і я шчыльней спрычыніўся да Беларусі. Мяне ўражввае … кожнае яе слова, кожны радок паэтычны, набрынялы крывёю і потам непасільнай гулагаўскай лямкі працы…

Некалькі разоў з жонкай Клаўдзіяй Мікалаеўнай і сумесна з Данутай Бічэль пабывалі ў Зэльве. Сустрэча з паэткай ускал ыхнула душу … Здарыўся такі выпадак: у маёй аўта зэльвянцы пракалолі ўсе чатыры шыны. Прышлось Ларысе Геніюш паклапаціцца: узнавіць.

А зусім нядаўна прывітаў я і пакланіўся тым прыступкам, па якім я ўваходзіў калісьці ў хату Ларысы Геніюш і сфатаграфаваўся з адным з сваіх сяброў Рыгорам Фурманянам.

Ларыса Антонаўна ў час адной з сустрэч падаравала мне верш "Братам у няволі", напісаны ў 1949 годдзе ў Комі АССР, якім я адкрыў сваю кнігу "Радавод. Хроніка жыцця беларускай сялянскай сям'і". Атрымаў я і зборнік вершаў "На чабары настоена".


Братам у няволі .

Я з Вамі ў няволі,

і з Вамі усцяж

У смелых сваіх летуценнях

Я в Вамі у кожнай

гадзіне жыцця,

У кожнай мінуце цярпення.

Пяцёрачным строем

я з вамі іду,

Хоць штык

нада мнолю узняты,

Я шлю вам прылівы

хвалюючых дум,

Апершысь аб чоран лапаты.

Я з вамі у шахтах,

пры працы цяжкой,

Калі чало потам абліта.

Тужу і сумую збалелай душой,

Калі хоць адзін з вас не сыты.

Я з вамі ў надзеі,

раз'іскраны час,

Усёй сілай сваёй адзіноты.

Нічога, браты,

што дарога да вас

Калючым заплецена дротам.


1949 год. Інта, Комі АССР

Ларыса Гнеіюш.


У выніку ўрачыстага паседжання сябраў музея Васіля Быкава ў Гродне прыйшоў да высновы і неабходнасці стварыць у нашым музеі невялікі куток Ларысы Геніюш: "Салдат і вязень - два пісьменнікі". Дарэчы было б там змясціць цудоўныя фатаздымкі Дубейкі з "Народнай волі" за 69 жніўня 2010 г. Пажадана таксама аформіць альбом, прысвечаны жыццю і творчасці Л. А. Геніюш.

Няхай Ларыса Геніюш будзе ў адным пакоі з В. Быкавым. Як і пры жыцці яны былі, так і зараз застаюцца аднадумцамі і змагарамі …

На маю думку трэба было б абвясціць увесь 2010 год годам Геніюш, адной з самых вялікіх беларускіх паэтак.

Пажадана было б ведаць, і абвесціць праз эфір, як святкавалі стагоддзе ў Ваўкавыску, у Зэльве, паведаміць, што з Польшчы прыязджаў унук Міхась.

Напрыканцы свайго расповеду вяртаюся да нашай музейнай імпрэзы - святкавання 100годдзя Л. Геніюш, дзе мяне, як і ўсіх прысутных, да глыбіні душы ўсхвалявала шчырае слова пра Ларысу Геніюш паэткі Дануты Бічэль.

Сваім выступам, такім змястоўным, эмацыйным, ад сэрца, яна парадавала і ўзрушыла ўсіх. Так прамовіць магла толькі яна: " Ларыса Геніюш - духоўная маці беларускай нацыянальнай свядомай інтэлігенцыі. Калі б у Ларысы Геніюш было жыццё людскае, такое, якое павінна было быць, у бацьковай хаце, сярод людзей, якіх яна любіла, і якія яе любілі, у дабрыні і спакоі, яна магла б горы перанесці сваім магутным талентам і працавітасцю, яна абняла б свет сваім гарачым сэрцам. Але Бог прыслаў яе на такі шлях і даў на яе плечы такі крыж, які другі не прайшоў бы і не падняў бы. Яна не пісала вершы, яна выконвала місію - прайсці праз д'ябальскія пякельныя ГУЛАГі і застацца чалавекам, захаваць усё боскае і людскае, быць прыкладам, быць "глюкозай", лекам, даваць усім сілы.

І пасля лагераў у няволі дома яна ўсім уздымала галовы, лячыла сэрцы, давала сілы, і не забывала пра слова. Стварыла моцную сям'ю ва ўмовах, калі сямейнасць разбуралася, каб чалавек быў адзін - слабы, без падтрымкі і слухаў партыю. Такіх людзей - без плячэй і каханых рук лёгка зневажаць.

Бог паслаў нам магутнага чалавека, каб ён мог вытрымаць такія выпрабаванні ….І яна прайшла гэты лёс, яна вытрымала ... І яна паказала нам, як трэба жыць, як трэба быць чалавекам".

Потым з успамінамі пра сваю слынную зямлячку выступіў кіраўнік Гарадзенскага абласнога аддзялення Саюза Беларускіх пісьменнікаў, паэт Юрка Голуб, які перадаў музею падпісаныя рукой Геніюш творы і лісты ў арыгінальных канвертах …

« Ларыса Геніюш была асобай выключнай, надзеленай трывушчым характарам, светлай душой і глыбокім карэнным талентам … Яе творы - гэта пранікнённая споведзь мужнага чалавека, яго захапленне духоўнымі здабыткамі і неацэннай спадчынай свайго народа, вера ў заўтрашні дзень і маладыя сілы роднай зямлі ", - такімі словамі завяршыў свой выступ Юрка Голуб.

Удзельнікі імпрэзы пакідалі музей прысутныя з паразуменнем і цяплом у душы.

Мікола Мельнікаў, ветэран ВАВ, кіраўнік музея Васіля Быкава ў Гародні.


Магілёўскае ТБМ віншуе з юбілеем Алеся Агеева

12 верасня 2010 г . сваё 50-годдзе адзначыў сябар Магілёўскага ТБМ Алесь Агееў. Шчыра віншуем з юбілеем !

Спадар Аляксандр Агееў добра вядомы магілёўцам. Кандыдат гістарычных навук, дацэнт кафедры археалогіі і спецыяльных гіста-рычных дысцыплін МДУ імя А. А. Куляшова, аўтар больш за 100 навуковых і навукова-папулярных работ, старшыня клуба аматараў вандровак "Чароўны ўспамін" пры Магілёўскім ТБМ, грамадскі дзеяч - усё гэта толькі сціслы пералік асноўных відаў дзейнасці гэтага шчыра адданага справе адраджэння Беларушчыны чалавека.

Адзначым таксама, што ў 2008 г. у суаўтарстве з старшынём ТБМ імя Францішка Скарыны А. Трусавым Алесь Агееў выдаў кнігу "Магілёўская ратуша. Гістарычны лёс і адраджэнне", якая адразу зрабілася бібліяграфічнай рэдкасцю. Сёлета свет пабачыла другое выданне гэтай унікальнай кнігі.

Магілёўская гарадская арганізацыя ТБМ імя Францішка Скарыны шчыра віншуе юбіляра са святам!

Няхай Ваша жыццё будзе напоўнена дабрынёй і падтрымкай родных і сяброў, няхай на душы ў Вас будуць радасць і спакой, у працы - поспех і павага, а ў сям'і - дабрабыт і ўзаемаразуменне.

Моцнага Вам здароўя, міру і згоды, веры ў свае сілы і здзяйснення ўсіх жаданняў!

Няхай кожны дзень прыносіць Вам і Вашым родным радасць і шчырасць, вялікі плён і задавальненне ад стваральнай працы на сваю і грамадскую карысць.

Вялікага Вам натхнення і новых здзяйс-ненняў у нястомнай працы на карысць Беларусі!!!


Магілёўскае ТБМ віншуе Сяргея Дымкова з днём народзінаў

Сяргей - вельмі надзейны і адказны ў справах чалавек, шчыра адданы Беларушчыне. Ён выдатны сябар, цудоўны паплечнік, цікавы суразмоўца. Дзякуючы штодзённай руплівай працы Сержука Магілёўскае ТБМ мае цудоў-ныя буклеты і плакаты да кожнага мерапрыемства, змястоўныя прыгожыя банэры для вандровак, шмат іншай паліграфічнай прадук-цыі. А яшчэ наш сябар вядзе "Летапіс Магілёўскага ТБМ", старанна збіраючы ўсе матэрыялы пра дзейнасць таварыства. Сёння Магілёўскае ТБМ немагчыма ўявіць без гэтага светлага душой і розумам чалавека. 6 верасня Сяргей Дымкоў адзначыў 30-годдзе.

Дарагі Сяржук!

Шчыра віншуем з Днём народзінаў!!!

Няхай Цябе заўсёды акружае веліка-душнасць родных і блізкіх людзей!

Няхай кожны дзень будзе напоўнены дабрынёй, падтрымкай родных і сяброў, а трывог і клопатаў стане як мага менш!

Няхай заўжды Цябе саграваюць усмешкі блізкіх і пяшчота сэрцаў, якія б'юцца побач з Табой і дзеля Цябе!

Няхай на душы ў Цябе будуць радасць і спакой, у працы - поспех і павага, а ў сям'і - дабрабыт і ўзаемаразуменне.

Добрага здароўя, дабрабыту, міру і згоды, веры ў свае сілы і здзяйснення ўсіх жаданняў!

Няхай кожны дзень прыносіць Табе і тваім родным моцнае здароўе, аптымізм і дабрабыт, радасць і шчырасць, вялікі плён і задавальненне ад стваральнай працы на сваю і грамадскую карысць.

Вялікага Табе натхнення, любові і здзяйсненняў у тваёй нястомнай працы на карысць Беларушчыны!!!

Мы вельмі моцна любім і паважаем Цябе!!!

Са святам!

Сябры і паплечнікі.


7 верасня 1939 года: з асабістага досведу

(Заканчэнне. Пачатак у папярэднім нумары.)

Прыватныя ж паездкі на тэрыторыю давераснёўскай савецкай Беларусі з мэтай наведвання родных, сваякоў і сяброў не дапускаліся. Ніякіх перамен да лепшага не адбылося і пасля правядзення ў канцы кастрычніка 1939 года ў Беластоку Народнага сходу Заходняй Беларусі і прынятай на ім дэкларацыі аб уваходжанні апошняй у склад БССР. Дэпутатаў цвёрдай нацыянальнай арыентацыі - а іх было нямала на гэтым форуме - моцна ўстрывожыла, што галоўны лозунг у зале пасяджэнняў быў напісаны па-руску, чаму не знаходзілі ніякага апраўдання. Міжволі магло падумацца, што і на далучанай тэрыторыі будуць праводзіць дзяржаўную палітыку русіфікацыі, як такое апошнімі гадамі ў адкрытую рабілася ў БССР. Замены паланізацыі русіфікацыяй не жадаў аніводзін дэпутат са здаровай беларускай нацыянальнай самасвядомасцю, бо ні першая, ні другая не адпавядала карэнным інтарэсам тытульнага народа рэспублікі.

Як вядома, у прынятай на тым сходзе Дэкларацыі вы-казвалася пажаданне дэпутатаў "пакласці… канец раз'яднанню беларускага народа". Аднак ён працягваў заставацца раз'яднаным захаванай давераснёўскай савецка-польскай дзяржаўнай мяжой. Былі аб'яд-наны толькі беларускія землі ў адну дзяржаву, усталяваны адзіны палітычны рэжым з моцна ўласцівай яму таталітарнай сістэмай кіравання грамад-ствам.

Не падымаецца рука напісаць, а язык не паварочваецца сказаць такое, але мушу: гэтыя дзве часткі беларускага народа фактычна аб'яднала праклятая фашысцкая акупацыя. У першыя ж дні, як толькі савецкія памежнікі пакінулі сваю службу на давераснёўскай савецка-польскай мяжы, праз яе ў сустрэчным кірунку спачатку невялікімі групамі, а затым цэлымі натоўпамі рушылі людзі, не чакаючы прыходу ў іх край няпрошанага "новага гаспадара". Ніхто не кіраваў такімі "міграцыйнымі" патокамі. Усё адбывалася само-сабой, стыхійна. Якіх-небудзь эксцэсаў не назіралася, чаго і не павінна было быць паміж людзьмі аднаго этнічнага кораня, хаця ім каля двух дзесяткаў гадоў даводзілася жыць у дыяметральна працілеглых сацыяльна-эканамічных, палітыка-ідэалагічных умовах.

Асабліва радасны настрой панаваў, калі сустрэчы адбываліся паміж роднымі людзьмі. Сведкам такіх трохдзённых сустрэч давялося быць і аўтару гэтых радкоў. Старэйшая сястра нашай суседкі цёткі Параскі Гэлька пасля выхаду замуж жыла ў Мікалаеўшчыне. Яны не бачыліся ад 1921 года, калі гэтая вёска апынулася на польскім баку. І вось у канцы чэрвеня 1941 года пашчасціла сустрэцца. Тры дні весяліліся ў суседняй з намі хатцы. Якімі толькі ласункамі не частавалі і нас! Мне нават тайком ад бацькоў далі пакаштаваць і самагонкі. За колькі гадоў да вайны ў Магільным яе ўжо ніхто не вырабляў, прычым не толькі з-за забароны, але і з-за нястачы адпаведнага матэрыялу.

Хутка зачасцілі ў Магільнае і маладыя хлопцы з былой закардоннай тэрыторыі. Дачыненні з местачковай молад-дзю вызначаліся сваёй зайздроснай прыязнасцю, нібы сустрэчы адбываліся паміж узгадаванымі ў адным і тым жа населенным пункце людзьмі. Некаторыя з моладзі прыязджалі на веласіпедах, называючы іх нязвыклым для нашай мясцовасці словам "ровары". У адрозненне ад нашых іх шыны мелі аранжавую афарбоўку і былі значна большымі ў дыяметры, што дазваляла без асаблівых цяжкасцей рухацца і па пясчаных дарогах, якіх так шмат у нашай мясцовасці. Айчынныя ж веласіпеды ў такіх умовах даводзілася папіхаць рукамі.

Незабыўнае ўражанне засталося ў жыхароў Магільнага ад прыезду ў ліпені 1941 года папа з Мікалаеўшчыны. За год да вераснёўскіх падзей у нас па ўказцы бальшавіцкага ідэалагічнага апарату зруйнавалі даволі прыгожую у архітэктурным плане драўляную царкву. Але яшчэ і да гэтага многія людзі пад уплывам атэістычнай прапаганды, а то і строгай забароны не хрысцілі дзяцей. У нашай сям'і такіх было двое: Геня і Толя адпа-ведна 1935 і 1938 гадоў нараджэння. Масавае хрышчэнне дзяцей мікалаеўскі поп разам са сваімі служкамі правёў на мясцовых могілках, дзе заха-валася капліца. Прывялі сваіх дзяцей на хрышчэнне нават усе магільнянскія камуністы. Хры-шчэнню не працівіўся аніводны з піянераў-актывістаў (камсамольцы, як больш старэйшыя па ўзросце, раней былі ахрышчаны), хаця ў школе іх выхоўвалі ў поўным адрыве ад рэлігійных традыцый бацькоў, абавязвалі ўдзельнічаць у шматлікіх атэістычных мерапрыемствах.

Любая вайна мае сваім вынікам сур'ёзнае пагаршэнне матэрыяльнага становішча людзей, асабліва на занятай ворагам тэрыторыі. Гэта добра ўсведамлялі сабе магільняне і таму, як толькі ў лясах з'явіліся першыя ягады і грыбы, дзятва не сядзела дома, а займалася збіральніцкім промыслам. Вялікую цягу да яго меў і аўтар гэтых радкоў. Любіў займацца ім як мага далей ад Магільнага, таму амаль кожны раз даводзі-лася сустракацца ў лесе з аднагодкамі і дарослымі людзьмі з былой Заходняй Беларусі. Гэтыя сустрэчы заўжды суправаджаліся працяглымі раз-мовамі, насілі самы прыязны характар, бо і адным, і другім хацелася ведаць, хто як жыў да верасня 1939 года. Аднойчы паклікаў мяне да сябе чалавек прыкладна 40-50-гадовага ўзросту з тым, каб даведацца, чаму і як вучылі дзяцей у савецкіх школах. Расказаў, нічога не ўтойваючы. І вось гэты незнаёмец дастае з кішэні скрыначку запалак з надпісам на ёй "СССР". На яго просьбу перадаць значэнне кожнай літары гэтай абрэвіятуры словамі я адказаў: "Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік". Ён не пагадзіўся з маім адказам і даў такое тлумачэнне: "Смерць Сталіна спасе Расію". Я прамаўчаў, бо школа выхавала ў мяне вялікую павагу да правадыра.

Не пагадзіўся той незнаёмец і з маім перакладам РСФСР: "Расійская Савецкая Федэратыўная Сацыялістычная Рэспубліка" і паправіў мой адказ такімі словамі: "Руская свіня фарсіць сваім рылам". Я яму не пярэчыў, але калі мы развіталіся і рушылі ў розных кірунках, палічыў, што гэта вораг СССР і не паважлівы да рускіх чалавек. Нас жа ў школе вучылі любіць СССР і паважаць рускіх.

Пачутым у лесе я не мог не падзяліцца з татам (слова "бацька" адсутнічала ў нашым сямейным абыходку). З перакладам СССР для іх (да таты і мамы мы звярталіся на "вы") не з'яўлялася навіной, а вось пра РСФСР даведаліся ад мяне ўпершыню, пры гэтым заўважаўшы:

- Хоць я і не веру ў вяртанне назад савецкіх парадкаў, але ты нікому не кажы пра такі пераклад і СССР, і РСФСР.

І я паслухаўся, бо аўтарытэт таты быў заўжды выключна вялікім, бясспрэчным для мяне.

Не мінула і двух месяцаў пасля 22 чэрвеня, як маладыя людзі, так надоўга адарваныя адзін ад аднаго савецка-польскай дзяржаўнай мяжой пачалі намацваць глебу для стварэння сем'яў. Найбольшую актыўнасць праяўлялі хутаранскія хлопцы -"заходнікі". Праўда, ніводнаму з іх не ўдалося пабрацца шлюбам з магільнянскай дзяўчынай. Відаць, тыя не жадалі прамяняць местачковае жыццё на хутарское. А вось у невялікіх вёсках, размешчаных ва ўсходнім кірунку ад Магільнага, "заходнікам" удавалася адшукаць сабе пару. Калі ехалі ў сваты, ці везлі маладую дамоў, адбывалася гэта ў найвышэйшай ступені ўрачыста. Коні падбіраліся такія, што калгасныя зусім не пасавалі ім. Павешаныя на грывы коней званочкі былі чутны мо за паўкіламетра. А як прыгожа, па-святочнаму былі аформлены брычкі, у якіх ехалі малады з маладой! Часам нас, дзяцей, яны адорвалі і рознымі ласункамі, чаго заўжды нам не ставала.

Вось так без удзелу якіх-небудзь уладаў, грамадскіх арганізацый адбывалася на адным з неспакойных да вера-сня 1939 года ўчастках савецка-польскай мяжы аб'яднанне ўсходніх і заходніх беларусаў, чаго нават не маглі стрымаць да канца невядомыя сваімі намерамі нямецкія акупацый-ныя парадкі. Усведамленне беларусамі сваёй этнічнай роднасці сталася мацней за іх. І як шмат страціла савецкая ўлада, што не выкарыстала такога ма-гутнага фактару адразу ж пасля ўваходу Чырвонай Арміі ва "ўсходнія крэсы", а замест гэтага супрацоўнікі спецслужбаў, у якіх яшчэ не высахлі рукі ад крыві пасля правядзення масавых фізічных рэпрэсій у 1937-1938 гадах, сталі так актыўна шукаць чарговых ворагаў. У шэрагу месцаў за бязвінна пралітую кроў давялося заплаціць немалую цану чырвонаармейцам, адступаючы пад ударамі нямецкіх войскаў. Замест так неабходнай у той час падтрымкі ад мясцовага насельніцтва савецкі воін часта сустракаў непрыхільнае, варожае стаўленне да сябе.

Якімі б антыцывілізаванымі спосабамі ні былі аб'яднаны БССР з Заходняй Беларуссю, якімі б варварскімі метадамі савецкія рэпрэсіўныя службы ні абыходзіліся са значнай колькасцю жыхароў апошняй, верасень 1939 года - гэта падзея выключна важная ў айчыннай гісторыі. Ад гэтага часу БССР перастала быць адной з самых малых у Саюзе рэспублік. Цяпер з ёю куды больш лічыліся ў Маскоўскім Крамлі. Ведаючы, як самааддана, самаахвярна змагаліся польскія беларусы за свае нацыянальныя правы, ён ужо не мог так адкрыта ігнараваць імі, як гэта мела месца ў БССР у другой палове 30-х гадоў. Масква адважылася нават даць задні ход сваёй папярэдняй палітыцы русіфікацыі Беларусі. Сказанае добра пацвярджае змест прынятай у пачатку снежня 1939 года пастановы ЦК КП(б)Б "Аб мерапрыемствах па арганізацыі народнай адукацыі ў заходніх абласцях БССР", якая (пастанова) магла з'явіцца на свет толькі з дазволу агульнасаюзнага цэнтра. У ёй зроблены вялікі крэн у бок беларускага нацыянальнага інтарэсу пры заснаванні школ на далучанай тэрыторыі, хаця сярод пэўных станаў тамтэйшага грамадства, у т.л. і саміх педагогаў, мелася нямала праціўнікаў такога узважанага курсу.

Галоўнае патрабаванне пастановы: асноўная маса школ павінна быць беларускай - няўхільна праводзілася ў жыццё. На пачатку 1940/41 навучальнага года з агульнай колькасці 5633 школ беларускіх было 4268 (усе арганізаваны нанова, бо ў Другой Рэчы Паспалітай іх зусім не існавала). У іх навучалася абсалютная бальшыня школьнікаў. Сёння ж, як вядома, на кантынгенты беларускіх школ не даводзіцца і 20 % іх агульнай колькасці.

Поспехі беларусізацыі народнай адукацыі на далучанай тэрыторыі не з'яўляліся сакрэтам для Масквы, што вымушала яе перагледзець сваю палітыку ў гэтай сферы ў цэлым па БССР, дзе пасля масавых фізічных рэпрэсій 1937-1938 гадоў так маштабна ажыццяўлялася русіфікацыя партыйнымі і савецкімі органамі. Каб не запужаць ёю за-ходніх беларусаў, 25 студзеня 1941 года Бюро ЦК КП(б)Б прымае пастанову "Аб вывучэнні беларускай мовы ў ВНУ, тэхнікумах і школах БССР". У ёй адкрыта заяўлялася, што чытанне лекцый, вядзенне дакументацыі, размова з навучэнцамі пераважна на рускай мове ёсць "грубейшая палітычная памылка ў справе падрыхтоўкі і выхавання беларускіх кадраў". Вось бы сёння нам адважыцца на прыняцце такой пастановы! Згаданай пастановай прапаноўвалася абкамам, гаркамам і райкамам КП(б)Б ужо да лютага 1941 года "правесці нарады сакратароў партарганізацый, дырэктараў ВНУ, тэхнікумаў і сярэдніх школ па пытанні выкладання ў беларускіх наву-чальных установах на беларускай мове" (падкрэслена мною. - Л. Л. ). Нічога ж па-добнага ў іншых саюзных рэспубліках па пытаннях мовы ў галіне народнай адукацыі не прымалася. Не пайшлі б у той час на такі важны крок і ў БССР, калі б да яе ў верасні 1939 года не далучылі Заходняй Беларусі.

Сёлета ў сродках масавай інфармацыі, пры арганізацыі "Круглых сталоў" і правядзенні іншых мерапрыемстваў ідэалагічнага характару выказана шмат крытычных заўваг датычна заключанага паміж Германіяй і СССР дагавору аб ненападзе, пакта Рыбентропа - Молатава, якімі быў прадвызначаны лёс Польшчы, забяспечана ўз'яднанне беларускіх земляў. На мой погляд і дагавор, і пакт можна разглядаць у якасці юрыдычнага абгрунтавання развязвання Другой Сусветнай вайны. Толькі вось пачаткам яе больш лагічным было б лічыць не 1 верасня 1939 года, калі бойню вялі фактычна дзве дзяржавы - Германія і Польшча, а 17 верасня таго ж года, калі ў ваенны канфлікт увязаўся СССР. Як-ніяк апошні ж займаў адну шостую частку сушы планеты Зямля.

Леанід ЛЫЧ, доктар гістарычных навук, прафесар

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX