Папярэдняя старонка: 2010

№ 40 (983) 


Дадана: 19-03-2020,
Крыніца: pawet.net.



№ 40 (983) 6 КАСТРЫЧНІКА 2010 г.


70 гадоў з дня нараджэння Кастуся Тарасава

Кастусь Тарасаў нарадзіўся 10 кастрычніка 1940 года ў Менску. Пасля заканчэння сярэдняй школы (1957) на працягу трох гадоў працаваў слесарам-зборшчыкам на Менскім механічным заводзе, калектарам у Паўночна-Заходняй геолага-разведачнай экспедыцыі, слесарам-мантажнікам у арганізацыі «Спецэлеватармельбуд». Вучыўся на хімічным факультэце Беларускага палітэхнічнага інстытута (1960-1965). Па заканчэнні інстытута працаваў майстрам шкловарэння на шклозаводзе «Нёман», тэхнолагам на віцебскім заводзе «Маналіт». Быў рэдактарам, загадчыкам рэдакцыі ў выдавецтве «Вышэйшая школа» (1967-1975), журналістам па дамове і загадчыкам аддзелу прапаганды і агітацыі газеты «Знамя юности» (1975-1977), рэдактарам аддзела мастацтва і крытыкі часопіса «Неман» (1977-1983), спецы-яльным карэспандэнтам газеты «Літаратура і мастацтва» (1986-1988). З 1990 года - адказны сакратар часопіса «Спадчына». Працаваў на кінастудыі «Беларусьфільм», у газетах «Свабода» і "Новы час". Друкаваўся з 1965 года.

Адным з першых сярод беларускіх пісьменнікаў узняў тэму гістарычна-культурнай спадчыны. З мастацкім творам выступіў упершыню ў 1976 годзе (аповесць «Следственный эксперимент», часопіс «Неман»). Пісаў на рускай і беларускай мовах. Аўтар кніг аповесцяў «День рассеяния», «Странствие в тесном кругу», «Погоня на Грунвальд», «Апошняе каханне князя Міндоўга», «Адзіны сведка - бог», рамана «Тры жыцці княгіні Рагнеды», літаратурна-гістарычных эсэ «Памяць пра легенды: Постаці беларускай мінуўшчыны», а таксама зборнікаў гістарычных дэтэктываў «У час Стральца» і «Залатая Горка». Напісаў аповесць "На вайне".

Лаўрэат прэміі «Залаты апостраф» за лепшую публікацыю ў прозе (2008 г.) часопіса «Дзеяслоў».

Памёр 22 сакавіка 2010 года.


Да пытання аднаўлення музея імя Івана Луцкевіча ў Вільні

Міністр культуры Літвы Арунас Гелунас асабіста зоймецца праблемай аднаўлення Віленскага беларускага гістарычнаэтнаграфічнага музея імя Івана Луцкевіча. Аб гэтым ён заявіў 28 верасня ў Менску журналістам пасля завяршэння свайго аднадзённага візіту ў Беларусь.

Паколькі я ўсяго тры месяцы займаю пасаду міністра, мне цяжка гаварыць аб дэталях, але вяліся перамовы з прэм'ерміністрам і міністрам фінансаў аб стварэнні фонду культуры па падтрымцы нацыянальных меншасцей, сказаў Гелунас.

Як адзначыў у сваю чаргу беларускі міністр культуры Павел Латушка, літоўскаму боку прапанавана вырабіць за кошт Беларусі лічбавыя копіі тых матэрыялаў музея імя Луцкевіча, якія захоўваюцца ў розных установах культуры Літвы.

Музей існаваў у 1921 1945 гадах на аснове прыватнай калекцыі беларускага этнографа і археолага Івана Луцкевіча і іншых матэрыялаў. Размяшчаўся ў будынку былога базыльянскага кляштара, належаў Беларускаму навуковаму таварыству. Уключаў пяць экспазіцыйных залаў, архіў і бібліятэку больш чым з 14 тыс. тамоў.

Марат Гаравы, БелаПАН.


Прэзентацыя выданняў ТБМ

28 верасня ў дольнай зале Чырвонага касцёла ў Менску ў рамках праграмы "Дыялог" пры паўнюткай зале адбылася прэзентацыя выданняў ТБМ і выданняў беларускай культурніцкай тэматыкі. Прысутным былі прадстаўлены "Беларускаанглійскі ды англійскабеларускі размоўнік", "Матэрыялы канферэнцыі "Сучасны стан беларускай мовы і дзейнасць грамадскіх аб'яднанняў па яго паляпшэнні", газеты "Наша слова" ды "Новы час", часопіс "Верасень" , календары і каляндарыкі, у тым ліку да 80годдзя Уладзіміра Караткевіча, а таксама дыскі беларускіх выканаўцаў, у тым ліку анансаваны нядаўна "Дзіцячы альбом" з песнямі ў выкананні Адася Матафонава ды Тамаша Сідаровіча.

Маладыя спевакі Адась і Тамаш самі прыйшлі на прэзентацыю і ўразілі ўсіх сваім талентам, пасялілі надзею ў сэрцах прысутных, што пакуль у нас ёсць такія дзеці, то нічога не станецца з нашай Беларуссю.

Падчас прэзентацыі былі разабраныя ўсе размоўнікі і ўсе матэрыялы канферэнцыі. Наконт размоўнікаў можна суцешыць тых, каму не хапіла, што рыхтуецца 2е папраўленае выданне.

Матэрыялы канферэнцыі можна яшчэ знайсці ў сядзібе ТБМ. Календары а таксама дыскі з можна знайсці ў сядзібах ТБМ і БНФ. У сядзібе ТБМ заўсёды ёсць і газеты ТБМ.

Наш кар.


Прэзідэнт Беларусі павінен прамаўляць па-беларуску

Зварот Сакратарыяту ТБМ

Напярэдадні сёлетніх прэзідэнцкіх выбараў былі агучаны вынікі апошняга перапісу насельніцтва, што адбыўся ў кастрычніку 2009 года. У выніку татальнай русіфікацыі, якую мэтанакіравана праводзіла кіраўніцтва нашай краіны (асабліва Міністэрства адукацыі), значна зменшылася колькасць грамадзян Беларусі, якія назвалі роднай мовай беларускую.

Тым не менш, больш за палову грамадзян Беларусі - 5 058 402, у тым ліку палякі, рускія, украінцы, прадстаўнікі іншых нацыянальнасцяў лічаць беларускую мову роднай. З іх 2 227 175 штодзённа размаўляе па-беларуску.

Таму мы звяртаемся да ўсіх удзельнікаў выбарчай кампаніі, асабліва да кандыдатаў у прэзідэнты: улічыце гэтыя лічбы пад час выбараў!

Мы прапануем ім уключыць у свае перадвыбарчыя праграмы канкрэтны механізм вяртання дзяржаўнай беларускай мовы ва ўсе сферы нашага жыцця, а таксама адкрыццё Нацыянальнага ўніверсітэта, дзе ўсе прадметы без выключэння будуць выкладацца па-беларуску.

Сакратарыят ТБМ . 27 верасня 2010 г.


Вярніце беларускую мову ва ўстановы адукацыі

Зварот Сакратарыяту ТБМ да Ўраду Рэспублікі Беларусь

Сакратарыят ТБМ адзначае, што на працягу апошніх 16 гадоў:

1. Ажыццяўляецца планамернае змяншэнне дашкольных і сярэдніх навучальных устаноў з беларускай мовай навучання. Так, на пачатак 2010 навучальнага году толькі 18 % школьнікаў змаглі пачаць навучанне па-беларуску.

2. Не прымаюцца захады па стварэнні ўмоваў для навучання ў вышэйшых навучальных установах на мове карэннага этнасу Рэспублікі Беларусь.

Такім чынам, урад краіны фактычна стварыў непераадольныя цяжкасці для атрымання адукацыі на дзяржаўнай беларускай мове і тым самым парушыў узятыя на сябе абавязацельствы па забеспячэнні роўнага доступу да атрымання адукацыі ўсім грамадзянам Рэспублікі Беларусь.

Патрабуем:

1. З 2011 навучальнага году стварыць магчымасці весці выхаванне на беларускай мове ў кожнай дашкольнай дзіцячай установе шляхам абавязковага стварэння беларускіх груп.

2. З 2011 навучальнага году ўзнавіць дзейнасць не менш як па адной школе з беларускай мовай навучання ў кожным гарадскім населеным пункце краіны.

3. Прыняць захады па стварэнні беларускамоўных груп і плыняў ва ўсіх вышэйшых навучальных установах Беларусі.

4. Заканадаўча замацаваць, што выбар мовы выхавання і навучання забяспечваецца дзяржавай шляхам стварэння і існавання ва ўсіх гарадскіх населеных пунктах беларускамоўных выхаваўчых навучальных устаноў.

Сакратарыят ТБМ.

27 верасня 2010 г.


Гарадзенскі краязнаўчы каляндар

Падрыхтаваны да выпуску "Беларускі настольны перакідны календар на 2011 год (на матэрыяле Гродзеншчыны)". Гэты каляндар - другі выпуск Гарадзенскага абласнога краязнаўчага календара. У календары пададзена каля паўтысячы важных і цікавых датаў з гісторыі Гарадзеншчыны, што яшчэ раз пацвярджае яе багацце і напоўненасць падзеямі і асобамі праз гады і стагоддзі. Укладальнік Аляксей Пяткевіч.

Каляндар на 2010 год меў значны поспех і выклікаў вялікую зацікаўленасць на Гарадзеншчыне, у Менску і ў іншых мясцінах, куды трапіў, што і з'явілася асноўным стымулам для выдання каляндара на 2011 год.

Праз тыдзень - другі календары можна будзе знайсці ў арганізацыях ТБМ Гародні, Менска, Ліды і інш.

Наш кар.


БЕЛАРУС - 2010

У Нью - Ёрку ў выда - вецтве газеты " Беларус " вы - йшаў чацвёрты выпуск літара - турнага альманаха беларускіх пісьменнікаў замежжа " БЕ - ЛАРУС - 2010". У альманах уключаны творы 24 аўтараў. 282 старонкі.Заснавальнік выдання Марат Клакоцкі.

Прадмову да выдання напісаў доктар Вітаўт Кіпель. Тэкст яе прапануем нашым чытачам.

"Пішучы прадмову да першага выпуску "Беларуса"', літаратурнага альманаха беларускіх пісьменнікаў замежжа (2007 г.), я зазначыў, што гэтая новая публікацыя мае каля дзясятка папярэднікаў - альманахаў, якія выходзілі паза Беларуссю, пачынаючы ад пачатку XX стагоддзя.

У прадмове да другога выпуску альманаха "Беларус" (2008 г.) сп. Лявон Юрэвіч, маючьі добрае дасведчанне з эмігранцкай перыёдыкай у кнігазборах Нью-Ёркскай публічнай бібліятэкі, налічыў чараду беларускіх перыядычных эміграцыйных выданняў, якія спыніліся пасля першага выпуску, і таму, зусім слушна, аўтар прадмовы прывітаў выхад другога выпуску альманаха "Беларус".

Цяпер перад чытачом з'явіўся чацвёрты выпуск "Беларуса"- альманаха - 2010. Дасягненне? Бясспрэчна! На прапанову рэдактара, сп. Ма-рата Клакоцкага, напісаць да чацвёртага выпуску невялічкую прадмову-разважанне я з прыемнасцю згадзіўся і дзя-люся тут думкамі.

Альманах трэба вітаць ды пахваліць і за рэгулярнасць выхаду, і за павелічэнне колькасці аўтараў-удзельнікаў, і за пашырэнне жанравасці, як зазначалася ўжо ў прадмове да выпуску 2008 года. Як выглядае, на беларускай выдавецкай ніве творыцца "тоўсты журнал".

Як даследнік эміграцыйнага жыцця, хацеў 6ы падкрэсліць гэткі, на мой погляд, важны аспект: альманах імкнецца ахапіць усё беларускае замежжа: Расею, ЗША, Аўстралію і г. д., ды, спадзяюся, з'явяцца з часам супрацоўнікі і з Афрыкі, а магчыма, і Антарктыды. Гэта з'ява новая для развіцця і гісторыі беларускай культуры. Вельмі важна, што ў супрацоўніцтва з альманахам прыходзяць новыя і маладыя аўтары. Новыя кадры твораць новае. 3 гісторыі іншых эміграцыяў ведама таксама, што ў замежных часопісах публікаваліся выдатныя класічныя творы, за якія даваліся высокія літаратурныя ўзнагароды. Хто ведае, можа, і альманаху-"Беларусу" ў гэтым сэнсе пашчасціць?

Наступная мая заўвага, дый не толькі мая (часта аб гэтым я размаўляў з маім шматгадовым сябрам Янкам Запруднікам), датычыць наступнай з'явы: значнае павелічэнне новага англамоўнага матэрыялу пра Беларусь. Апошнімі гадамі Беларускі інстытут Навукі і Мастацтва атрымаў не толькі дзясяткі даследніцкіх англамоўных працаў пра Беларусь, але і новыя літаратурныя творы, напісаныя амерыканцамі беларускага паходжання. По-бач з чыста літаратурнымі творамі (такімі, прыкладам, як паэзія Вальжыны Морт) пішуцца таксама ўспаміны пра бацькоў-дзядоў у эміграцыі, уражанні амерыканскіх турыстаў ад наведання Беларусі ды іншае. Бальшыня гэткай літаратуры пакуль што рукапісная.

Але, магчыма, "Беларусу" - альманаху ўдасца распачаць і новую плынь у беларускай культуры - англамоўнае літаратурапісьменства. Хоць, як кажуць, гэта пакуль што думка ўслых.

Выдатная адзнака альманаха - класічны правапіс. Я, як і шмат маіх сяброў - рэаліст. Наркамаўка сёння пераважае. Гэта - дзяржава, школы, набы-тыя навыкі. Аднак ніяк нельга спісваць класічны правапіс у расход. У выніку ён будзе, павінен, дамінаваць у нацыянальнай дзяржаве. А таму заха-ванне тарашкевіцы - патрэбная і пахвальная з'ява.

Хачу выказаць і яшчэ адную заўвагу. Другі выпуск альманаха быў прысвечаны 90-м угодкам БНР. Можа, варта было б кожны выпуск прысвячаць нейкаму значнаму юбілею - як прыкладам, сёлетняму 100-годдзю нараджэння Ларысы Геніюш?

На заканчэнне гэтых разважанняў падзялюся такім успамінам. Бываючы ў Менску ў тую добрую пару першай паловы 1990-х, калі выходзілі энцыклапедыі і даведнікі тыпу "Беларускія пісьменнікі. Біябібліяграфічны слоўнік", седзячы ў кабінеце галоўнага рэдактара выдання др. Адама Мальдзіса, з якім мы блізка супрацоўнічалі і сябравалі, я пачуў выказванне некага з прысутных: "Ну, мінулае мы ўсё ўлічылі, а новае будуць тварыць-улічваць маладзейшыя". Вось жа гледзячы на біябібліяграфічныя дадзеныя супрацоўнікаў "Беларуса"- альманаха, можна спадзявацца, што яны возьмуць на сябе абавязак стварыць і новыя творы, і новыя слоўнікі-даведнікі ды энцыклапедыі.

А цяпер, як кажуць, з лёгкім ветрам і рэдактару, і "Беларусу" - альманаху."



Паважаныя сябры і прыхільнікі ТБМ

у межах кампаніі " Будзьма "

8 кастрычніка (пятніца)

адбудзецца пасяджэнне дыскусійнага клуба ТБМ на тэму "Беларуская мова і сучасная моладзь"

Вядоўца Алена Анісім

Пачатак сустрэчы ў 18.00 , УВАХОД ВОЛЬНЫ

АДРАС: вул. Румянцава, 13


Мовазнаўчы досвед

Стабалавік - стабальнік. «Сярод стабальнікаў няма выпадковых людзей» (Звязда. 2010. 9 чэрвеня. С. 12). Цяжкае для ўспрымання сэнсу і формы слова стабальнік . Натуральнае найменне ўдзельніка тэставання, які набраў сто балаў, - стабалавік ('мае стабалавае дасягненне').

Утваральнае слова бал дае ў беларускай мове нарма-ваную форму прыметніка ба-лавы , а форма бальны - гэта вытворнае ад назоўніка баль . Значэнне іх рознае, што засвед-чана тлумачальнымі слоўнікамі: «Балавы, -ая, -ае. Які вызначаецца з дапамогаю балаў. Балавая сістэма ацэнкі. Бальны, -ая, -ае. Які мае дачыненні да балю. Бальныя танцы» (Тлумачальны слоўнік беларускай мовы, т. 1, с. 330, 335).

Нарматыўныя і адпаведныя формы складаных слоў: пяцібалавая (раней) і дзесяцібалавая (цяпер) сістэмы ацэньвання ведаў навучэн-цаў. «Былая пяцібалавая сістэма ацэнкі ведаў навучэнцаў цяпер ужо заменена на чатырохбалавую» (Настаўніцкая газета. 21.07.1997).

Такім чынам, натуральнай для беларускай мовы ёсць форма балавы і стабала-вік ('які мае сто балаў').

У расійскай мове беларускім розным словам - ба-лавы (паказальнік) і бальны (танец) адпавядаюць аманімічныя гукавыя формы, якія адрозніваюцца толькі графічна (напісаннем): 1) балльный (ба-лавы) і 2) бальный (бальны).

Дык ці ёсць падставы зліваць у адну форму два розныя сваім значэннем і графічным афармленнем словы, кіруючыся «ўсесаюзным» стандартам?

Рукамый - рукамый-ніца - рукамыйнік. «Лёкай у правай руцэ трымаў медны нямецкі рукамый» (Дзеяслоў. 2010. № 2. С. 5) . Рукамый - натуральнае ўтварэнне ад словаспалучэння «рукі мые»: складананульсуфіксавы назоўнік: рук-а-мый . Параўнайце аднатыпныя рукапіс, рукатвор, руказбор .

У сучасных беларускіх слоўніках занатавана «ўсесаюз-нае» рукамыйнік (< рас. ру-комойник ). У «Тлумачальным слоўніку беларускай літара-турнай мовы» (1996) скапіявана і дэфініцыя (тлумачэнне) гэтага слова. На с. 567 чытаем: «Рукамыйнік, м. Невялікі вісячы ўмывальнік» - копія з кнігі: С.И. Ожегов. Словарь русского языка. М., 1982, с. 612: «Рукомойник, -а, м. Небольшой висячий умывальник». Між тым, у «Беларуска-расійскім слоўніку» М. Байкова і С. Некрашэвіча (1925, с. 280) падаецца беларускае ру-камыйніца (утварэнне з суфіксам -іц-а ад прыметніка рукамыйны ('рукамыйнае прыстасаванне')). Гэта больш натуральнае слова, якое мае і сваямоўную частку -мыйніца (выкарыстоўваецца як асобнае слова).

Такім чынам, у нашай мове ёсць сваямоўныя найменні судзіны для мыцця рук - рукамый, рукамыйніца.

Спявачка - спявуха - пяюха , а не пявуння. «І адкуль ты, пастава зуха! Ноч праходзіла, А не да сну, Над ракой тальянка-спявуха Угаворвала не адну» (Полымя. 2010. № 6. С. 121). Слоўнікі (тлумачаль-ныя і перакладныя) падаюць усе згаданыя ў загалоўным шэрагу словы, акрамя спявуха , хоць яно - тыповае, заканамернае ўтварэнне (з семантыкай асобы жаночага полу) з суфіксам - ух(а) ад дзеяслова спяваць ( спявуха ). Гэтай жа мадэлі і слова пяюха - ад пяяць : пяй-уха . А вось форма пявуння - небеларуская; гэта рас. певунья , толькі падагнанае пад беларускую фанетычную сістэму, дзе суфікс -j-(а) ( певу-н'jа ) асіміляваўся і даў падаў-жэнне канцавой зычнай у аснове: певун'jа > пявуння .

Зазначым: у расійскай мове аддзеяслоўныя найменні асобы жаночага полу ўтвараюцца ад асновы назоўніка муж-чынскага роду пры дапамозе суфікса -j-а : певун > певун-jа > певунья, хохотун > хохо-тунья…

У беларускай мове на-йменні асобы і жаночага, і мужчынскага полу ўтвараюцца непесрэдна ад асновы дзея-слова, толькі з выкарыстаннем адметных суфіксаў: -ун - для назоўнікаў мужчынскага і -ух-а - для назоўнікаў жаночага роду: рагат-(аць) > рагат-ун і рагат-уха; спяваць > спявун і спявуха .

Павел Сцяцко


Водгук на публікатку Івана Лепешава "Як Сора казала"

У "Нашым слове" за сёмага ліпеня 2010 года была апублікавана філалагічная нататка прафесара Івана Лепешава "Як Сора казала".

...Сора, Сара!.. Гэтае загадкавае імя было мне знаёмае, вядомае з маленства, і чуў я яго на Жлобіншчыне (Злобіншчыне) у маім родным мястэчку Мормаль. Як толькі што, мне мая матулька казала: "Пра цябе Сора ў лазні шаптала!" Казала загадкава, таямніча. І мне заўсёды было цікава, што гэта за Сора такая, што пра мяне ў лазні шаптала. І чаму ў лазні?

З маленства да мяне прыйшла пра Сору і такая помаўка:"Наша Сора сама шые і сама пора." Гэта помаўка звычайна гаварылася пра гаспадыню, якая неабдумана бралася за шытво, таму ёй даводзілася і самой шыць, і ўжо пашытае пароць. Вось гэтак біблейская Сора ўваходзіла ў наша жыццё. Загадкава ў маленстве ў наша духоўнае жыццё уваходзіла і помаўка: "Загано цябе ў Егіпет", і гэта ці не біблейскае выслоўе?

Уладзя Содаль - Садэльскі.


А была на Ўрэччы беларуская школа - ўзорная

Вестка аб тым, што ў мястэчку Ўрэчча Любанскага (да 50х гадоў - Слуцкага) раёна абедзве школы сталі рускамоўнымі, здзівіла і засмуціла тых, хто не абыякавы да лёсу роднай мовы. Па сёняшніх мерках Урэчча вялікая вёска, у пачатку 30х гадоў там вучылася пісьменніца, ураджэнка вёскі Ліпнішкі Алена Сямёнаўна Васілевіч, аўтар цудоўнай аповесці "Пачакай, затрымайся" і шматлікіх апавяданняў. Я патэлефанаваў у Менск Алене Сямёнаўне, з якой у нас даўняе знаёмства, і паведаміў пра русіфікацыю той беларускай школы, дзе яна вучылася ў старэйшых класах. Вось што яна адказала не без жалю:

У 30я гады на Ўрэччы былі тры школы. Беларуская, куды я хадзіла, яна ўжо тады лічылася другой узорнай у БССР, дырэктарам яе быў цудоўны чалавек і дасведчаны педагог Канстанцін Коршак. У вайсковым гарадку, які збудавалі на ускраіне мястэчка для дзяцей ваеначальнікаў, пераважна расейцаў, адкрылі рускую школысямідодку. А яшчэ працавала такая ж яўрэйская школа бо ў мястэчку болей за палову жыхароў былі яўрэі. Іх школу у 1934 годзе, як і паўсюль у БССР, закрылі, беларуская засталася. Таму матывы начальніка аддзела адукацыі Любанскага райвыканкаму Таццяны Камароўскай па якой прычыне беларуская школа пераведзена ў рускамоўную, мне здаюцца не пераканаўчымі. Яна спасылаецца ў інтэрвію адной з рэгіянальных газет на тое, што на Ўрэччы шмат прыезджых (няўжо ўсе яны з Расеі?), а таксама дзяцей тых вайскоўцаў, што выехалі з гарадка пасля распаду у 1991 годзе СССР за межы Беларусі. Але ж большасць жыхароў мястэчка сёння беларусы, роднасныя карані якіх з навакольных і дальніх вёсак (яўрэі, а іх пражывала да вайны каля 700 чалавек, былі расстраляны немцамі ў 1942 годзе). Шкада, што ўлады раёна не ўлічылі той факт, што ўзорнай у пачатку 30х гадоў беларуская школа стала нездарма, не па жаданні нейкага раённага чыноўніка, а за напрацоўкі педагагічнага калектыву, які следам за К. Коршакам некальні гадоў пасля вайны ўзначальваў заслужаны настаўнік БССР Іван Сцяпанавіч Русаковіч. Ці не час вярнуць старэйшай школе тытул беларускамоўнай?

Міхась Тычына, жыхар г. Слуцка.


Яшчэ паўслова пра Ларысу Геніюш

Згадкі пра вядомых людзей заўсёды маюць пэўную долю суб'ектыўнасці: падводзіць памяць. Але справа не толькі ў гэтым. Мы даём волю ўласнаму ўяўленню і таму, што падсвядома стараемся выставіць сябе ў найлепшым святле. Побач з выбітнай постаццю, пра якую ўспамінаем, наша асоба глядзіцца як вельмі значная. А калі яшчэ зрушыць крыху акцэнты, нешта апусціць, а штосьці дадаць, зрабіць нязначную карэкціроўку фактаў...? Атрымаецца жаданае фасад свой мы падфарбавалі.

Толькі не заўважаем, што такі ўспамін наносіць шкоду чалавеку, вартаму добрай памяці. Бо нейкія грані яго "я" ў нашай "трактоўцы" істотна змяняюцца, і мы дэзарыентуем чытача.

Вось свежы прыклад. Нядаўна ў газетах "Наша слова" (№38) і "Народная воля" (№152 153) змешчаны матэрыял Міколы Мельнікава пра ўрачыстасць з нагоды 100-годдзя Ларысы Геніюш у музеі Васіля Быкава ў Гродне. Гаворачы пра высокую каштоўнасць творчасці выдатнай паэткі, аўтар між іншым паведаміў: "'Некалькі разоў з жонкай Клаўдзіяй Мікалаеўнай і паэткай Данутай Бічэль мы пабывалі ў Зэльве." "Вось які гэты Мельнікаў, - уразіцца маладасведчаны чытач, вось так проста ўзялі і "пабывалі". Яшчэ вядомую гродзенскую паэтку прыхоплівалі з сабою. А яшчэ кажуць, што Л. Геніюш не пускала абыкаго на свой парог, насцярожана ставілася да незнаёмых людзей". Што ж, правільна кажуць. Выпадковы для яе дацэнт кафедры рускай і замежнай літаратуры, які да таго ж не ўмеў гаварыць пабеларуску, хаця гэта яго родная мова, наўрад ці меў шанец быць прынятым Ларысай Антонаўнай у яе хаце. Таму напісанае М. Мельнікавым пра візіты да Геніюшаў патрабуе істотнай папраўкі. Папершае, ён вельмі настойліва прасіў мяне быць тым чалавекам, які зможа яго прадставіць Ларысе Геніюш. І калі я нарэшце згадзіўся, то мы вырашылі зняць у такой сустрэчы ўсякую афіцыйнасць і зрабіць прыезд сямейнахатнім. Таму паехалі (на яго машыне) не ўдваіх, а ўчацвярых, узяўшы з сабой жонак, якія, дарэчы, сумесна набылі мілы дарунак у зэльвенскую хагу. Ларыса Антонаўна, як сведчаць яе шматлікія лісты, адрасаваныя нашай сям'і (гл. Л.Геніюш. Збор творў у 2-х тамах. 1.2. Мінск. 2010), давярала мне ва ўсім. Таму не было праблем з "акрэдытацыяй" М. Мельнікава. I за сталом у той гасціннай беларускай хаце была, як заўсёды, самая цёплая атмасфера. Больш за гое, Ларыса Антонаўна ласкава папрасіла нас застацца нанач. Мы не адмовіліся, аб чым, вядома, ме пашкадавалі. Пазней я даведаўся, што М. Мельнікаў распавёў тады гаспадыні пра савецкія рэпрэсіі, якім падвяргалася яго сям'я ў 30я гады, чым выклікаў шчырую прыхільнайсць Л. Геніюш.

1 была яшчэ адна, досыць кароткая паездка ў Зэльву, гэтаксама ўчацвярых. У хаце Ларысы Антонаўны мы тады засталі Дануту Бічэль, якая як свой чалавек гасцявала ўжо колькі дзён. У Гродна яна вярталася разам з намі, і толькі тады (як сказала пазней сама) яна пазнаёмілася з Мельнікавымі. Тое вяртанне дадому запомнілася яшчэ жураўлямі ўзбоч дарогі, якія марудна, нібы ў запаволенай здымцы, праходжваліся па вялікай і роўнай балоцістай лугавіне. Мая жонка папрасіла Д. Бічэль напісаць нешта пра гэты краявід, на што наша паэтка пазней адгукнулася, стварыўшы прыгожую лірычную медытацыю.

Вось так яно ўсё было. Думаю, што згаданыя ўдакладненні патрэбны. Для таго, каб Л. Гепіюш не выглядала прастачкаю, у хаце якой можна было кожнаму "пабываць" неаднойчы і затым абвяшчаць пра гтга ў друку. Я таксама ўпершыню трапіў да Геніюшаў, дзякуючы пратэкцыі А. Белакоза, і не баюся ў гэтым прызнацца. У дачыненні да вялікай беларускай паэткі не павінна быць прыдумак ды дробязных інсінуацый. Яна гэга заслужыла лёсам і творча.

Аляксей Пяткевіч.


"Свята вялікіх дажджоў"

29 верасня ў Наваполацкую бібліятэку імя Я. Коласа завітаў вядомы беларускі блюзмэн Юры Несцярэнка. Гэтай сустрэчай суполка "Рубон" Наваполацкай гарадской арганізацыі Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны распачала новы сезон творчых сустрэч і прэзентацый творцаў беларускай культуры, літаратараў музыкаў.

На сустрэчу прыйшло больш за 50 аматараў беларускага блюзу. Для іх знаны выканаўца зрабіў невялікі акустычны канцэрт, прадставіўшы лепшыя творы з свайго апошняга альбома "Свята вялікіх дажджоў".

Зміцер Шчэрбік


"Зноў зацвіў прадзедаўскі сад"

У Пінскім касцёле Карла Барамеўша адбываецца мастацкая выстава " Спадчына мястэчка Дубае " , прысвечаная творчасці Напалеона Орды.

Малады менскі мастакманументаліст, сябра Саюза мастакоў Беларусі, Аляксей Навуменка стварыў серыю жывапісных палотнаў, якія былі навеяны наведваннем родных мясцін. Сам аўтар нарадзіўся ў Пінску, закончыў у сталіцы Дзяржаўную Акадэмію мастацтваў, аздабляў вітражамі навучальныя ўстановы і будынкі, паспяхова працуе над выкананнем мазаікі, насценнага роспісу; праектаванні мэблі ў розных стылях, робіць эскізы для мастацкай коўкі.

З юнацтва Аляксею былі вядомы аповеды пра перыяд, у які жыў і тварыў у Дубае Напалеон Орда. Валодаючы выдатнымi якасцясмi музыканта, кампазітара і педагога, Орда аддаваў перавагу выяўленчаму мастацтву і застаўся верны аднойчы абранай тэме, менавіта архітэктурнаму пейзажу. Ён пакінуў больш за тысячу акварэляў і графічных працаў з выявамі архітэктурных ансамбляў і сядзіб выдатных людзей Беларусі, Украіны, Літвы, Польшчы, Алжыра, Германіі, Францыі, Партугаліі і іншых краін Еўропы.

Ад тых часоў захаваўся парк з воднай сістэмай, капліца і брама. Яшчэ не страчаныя помнікі архітэктуры і ландшафту натхнілі нашага сучасніка на напісанне 13 палотнаў. Над імі праца доўжылася два гады. Адна з карцін называецца "Зноў зацвіў прадзедаўскі сад".

На адкрыцці выставы прысутнічалі прадстаўнікі мясцовай інтэлігенцыі.

З Менска прыехалі, каб надаць грамадскае гучанне тэме захавання спадчыны Напалеона Орды прафесар Анатоль Тарасавіч Федарук, пісьменнік Васіль Якавенка, журналіст і эколаг Валеры Дранчук, а таксама дырэктар музея Напалеона Орды ў Варацэвічах. Невялічкая, камерная выстава стварыла прыемную атмасферу замілавання мастацтвам і старажытнасцю.

Уладальнікі сядзіб імкнуліся перанесці ў свае маёнткі еўрапейскі дух і менталітэт тых часоў, заўважыў эколаг В. Дранчук. Аляксей знайшоў выдатную тэму Дубае, ён перадаў дух тых мясцін праз назіранне за ландшафтамі, краявідамі, мясцовымі жыхарамі. Паглыбленне ў гэтую тэму падаецца мне важным, і на гэтым шляху яго чакае скарб. Выдатнае спалучэнне мэнеджарскіх і мастакоўскіх намаганняў прывяло да пяспяховай рэалізацыі ідэі. Першыя пленэры Аляксея на сваёй малой "гістарычнай радзіме" надзвычай абнадзейваюць і падаюць прыклад пасіянарнага мастацтва.

Парк захоўвае асаблівы дух тых часов, непаўторныя абрысы, якія надалі яму нашы продкі, гаворыць Лілія Навуменка, маці мастака. Мы павінны зберагчы гэтую спадчыну, зацікавіць мясцовыя аддзелы культуры правесці работы па захаванні помнікаў архітэктуры і прыроды, прыцягнуць энтузіястаў. У еўрапейскіх краінах мясцовыя ўлады зацікаўліваюць творцаў, каб яны папулярызавалі прыгожыя эпізоды мінуўшчыны.

Мастакам важна пісаць карціны аб родным краі, услаўляць яго былое, рабіць выставы з мэтай адраджэння гістарычных мясцінаў, каб спадчына выбітных асобаў захоўвалася.

Напалеон Орда абудзіў глыбокую цікавасць да мінуўшчыны і атрымаў удзячную памяць нашчадкаў. Захаванне і добраўпарадкаванне месца, якое калісьці належала мастаку ў Дубае, стала б нашым ганаровым абавязкам, упэўнена Лілія Навуменка.

Мяркуецца потым паказаць выставу ў Менску ў адной з мастацкіх галерэй.

Э. Оліна.

На здымках Валерыя Дранчука:

1.На выставе ў Пінскім касцёле Карла Барамеўша.

2, 3.Ваколіцы Дубае.


Вераснёвы збор лідскага "Суквецця"

22 верасня ў Лідскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы адбылося чарговае паседжанне літаб'яднання "Суквецце" пры Лідскай газеце, якое ўзначальвае намеснік старшыні Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ імя Ф. Скарыны Міхась Мельнік. Гэтае першае восеньскае паседжанне як бы падсумоў-вала творчы даробак лідскіх літаратараў за лета. А ён аказаўся немалы.

У часопісе "Лідскі летапісец" № 1(49) выйшла аповесць лідскага пісьменніка гістарычна-прыгодніцкага жанру Алеся Нічыпара "Цмокава скура". Гэта ўжо трэцяя аповесць маладога лідскага пісьменніка.

Выйшла пасмяротная кніга лідскага рускамоўнага паэта Віктара Бачарова "Птица из Персидского залива". Кніга сабрана з чарнавікоў вершаў сваякамі і сябрамі паэта.

Выйшла першая кніга лідскага паэта Івана Гушчынскага. Іван Гушчынскі піша даўно, але на кнігу наважыўся толькі зараз.

Да творчага даробку адносяцца таксама і шматлікія публікацыі лідскіх аўтараў у перыядычным друку і літаратурных выданнях, і творы, напісаныя, але яшчэ не апублікаваныя.

У прэзентацыі браў удзел тэатр песні "Ліда-мюзікл", кіраўнік якога кампазітар Вячаслаў Пыпець напісаў шмат песень на вершы Віктара Ба-чарова.

Па-за кадрам пакуль кніга паэзіі Алеся Стадуба, якая таксама выйшла гэтым летам.

Наш кар.

На здымках: 1. Гучыць песня на вершы Віктара Бачарова. 2. Слова мае Іван Гушчынскі. 3. У чаканні верша.


Крокі ў затаемнасць з выйсцем у прастору жыццёва-бурлівага свету Івана Гушчынскага

Пазнаёміцца з Іванам Гушчынскім мне давялося ў самым канцы 90-х гадоў, калі я час ад часу наведваўся да паэта Віктара Бачарова, які працаваў на пасадзе дырэктара 13-ай школы г. Ліды. У той час тут працаваў і Іван Сцяпанавіч. Прызнаюся: я не ведаў, што паважаны І. Гушчынскі таксама лідскі творца. Пра тоё, што ён з'яўляецца паэтам, я дазнаўся ў кнізе Бачарова "Дембель неизбежен", дзе ў нізцы сяброўскіх шаржаў змешчаны верш "Мастацтва патрабуе ахвяр". Адступлюся і скажу, што гэта адзіны беларускамоўны вершаваны твор Віктара Міхайлавіча (у той час так казаў мне ён сам) напісаны як пародыя на верш "Толькі не будзі яе ты ранак..." Івана Гушчынскага. Далей маё знаёмства з паэзіяй Івана Гушчынскага прадоўжылася ў альманасе "Ад лідскіх муроў", у падборках твораў літаратурнага аб'яднання "Суквецце" пры "Лідскай газеце". Аднойчы я звярнуўся да Івана Сцяпанавіча з вершаваным пытаннем:

Ляцяць кудысьці мае словы

Вятрыскам разагнаныя,

Я без іх, як без падковы,

Конь не падкаваны.

Як злавіць іх, падкажыце,

Мае сябры - паэты,

Як усцішыць гэты вецер,

Адкрыйе мне сакрэты!

Ён усміхнуўшыся, мне адказаў: "Паспрабуй адчуць у паэзіі рытм і рыфму, вось тады гэты вятрыска і ўсцішыцца". Для мяне, паэтапачаткоўца, гэтая парада мела важнае значэнне.

Успамінаю цікавы момант. Аднойчы ў госці "Літаратурна-музычнай гасцёўні" Лідскага радыё быў запрошаны Іван Гушчынскі. А паколькі па ўстаноўленай традыцыі, радыёпраграма праходзіла ў жывым эфіры, і любы слухач мог задаць пытанне выступоўцу па тэлефоне. Гэты шанец выпаў мне: я спытаў у госця, калі ўбачыць свет яго паэтычны зборнік. Мяне Іван Сцяпанавіч заўпэўніў: зборнік выйдзе, ва ўсякім разе рыхтуецца і з кожным новым творам паўнее... Гэтае пытанне я яму напамінаў пры сустрэчах пасля неаднаразова на якое атрымліваў: "Павінен восьвось выйсці..."

І нарэшце наступіў доўгачаканы час. У чэрвені гэтага года паэт мне паведамляе прыемную навіну: на Купалле паінна выйсці ягоная кніжка. Чаму менаіта на Купалле? Урэшцерэшт раскрылася гэтая затаемнасць: 7 ліпеня - дзень яго нараджэня. Узгаданая дата яшчэ больш усхвалявала: гэты ж дзень - дзень народзінаў беларускага нацыянальнага паэта - прарока Янкі Купалы" незвычайнае супадзенне! У гэты дзень, калі расцвітае папарацькветка, нованароджанаму даецца шчасце, якое ўсміхнулася імяніннікам Янкам (Іванам): усясветнаму Янку Купалу і лідзяніну Івану Гушчынскаму. Ну чым не шчасце быць паэтам?! А які ж ты паэт, калі не маеш сваёй кніжкі?! І. Гушчынскі яшчэ раз даказаў сваё прызванне ў сваім томіку вершаў "Ідзі і вяртайся", які падпісаў мне так: "Сябрук Алесь! Каб я не так доўга чакаў тваёй кніжкі, як ты маёй". Гэты подпіс быццам уваходзіць у вызначэнне "ты - мне, я - табе". Ну што ж, калі так, то кніга ўтара артыкула рыхтуецца і з кожным новым творам папаўняецца.

Лідчына і сапраўды багатая на таленты, якія ўпрыгожваюць і ўзводзяць горад на паэтычную прыступку.

Томік І. Гушчынскага, які лёгка можа схавацца ў кішэні ўвабраў цэлы душэўны збор паэтычнай шматграннасці. Паэзія, яна і "нябесная госця", завітала да паэта ажно ў 1974 годзе (з гэтых пор ідзе адлік друкаванага слова І. Гушчынскага). Зборнік "Ідзі і вяртайся", прысвечаны аўтарам сваёй маме, змяшчае ў сабе вершы напісаныя ў розныя гады. Сябар Саюза беларускіх пісьменнікаў Уладзімір Васько ў прадмове пазначае: "У сваёй творчасці Іван Гушчынскі ідзе ад жыцця да паэзіі, а да жыцця - праз паэзію. Карціць сказаць, што тэмы для сваіх вершай ён не высмоктвае з пальца, а шукае іх у роднай вёсцы, на прасторах дарагіх яго сэрцу палеткаў, на дарогах Лідчыны і вуліцах горада, у асяроддзі сяброў і людзей, знаёмых і незнаёмых, ва ўсмешках дзяўчат, мігценні зорак і г. д.".

Паэзія тут рознатэмавая: з грамадзянскім чуццём, філасофскім разважаннем, гумарыстычным поглядам. Зборнік кранае чытача душэўнасцю, сваеасаблівай эмацыянальнай прачуласцю, глыбінёй думак. Не забывае паэтычная душа і тое, што звязвае паэта, гэта жыццёвыя карані родных мясцін (родам паэт з вёскі Парэчча). У адным з вершаў "Мая прыстань" аўтар прызнаецца:

Упэўнены ў адным:

ёсць месца, дзе

Я захаваў стары,

надзейны якар.

...А пірс пусты

даўно пільнуе мама,

Бліжэе далеч ад яе вачэй.

У такім тэмавым кірунку ёсць і вершы "Малюнак дзяцінства", "Гармонік грае", "Дома", "Вяртанне ў любы сэрцу край"; не забывае і свой горад у вершы "Я - лучнік твой":

З даўніны, як здалёку, рэкі

Ў заўтра,

як у мора, усе цякуць.

А горад мой

над ціхаю Лідзейкай

Вякі дзявоцкім іменем завуць.

Задумваеццца аўтар і пра свой незвычайны дзень нараджэння:

Кукавала зязюля ў бары:

Кукураз,

Куку - два,

Кукутры.

Можа ёю імя мне абрана

Рана - раненька на Івана...

...Кукавала зязюля ў бары,

як сказаць,

ці то многа,

ці мала?

Скукаванае шчыра пражыў?

Што ж зязюля не скукавала?

Прысвячае паэт і верш свайму аднадзённаму імянінніку Янку Купалу ("Песні Купалы"):

Кветкай шчасця цяжкога

Зорка з неба ўпала

У лес дрымучы і цёмны,

У лёс нядолі людской.

Дзеўкі й хлопцы ў Купалле

Дарма шчасце гукалі -

На якой яно сцежцы.

У старонцы якой?

Назва зборніка Івана Гушчынскага нясе рэфрэнаўскі вокліч - загад: "Ідзі і вяртайся", верш які прысвечаны аднаму са сваіх сяброў - паэтаў - В. Бачарову. Героя верша вучаць бацькі, сястра. Сябры, даюць яму жыццёвыя парады перад нязведанай дарогай: " ад зла не хавайся", "будзь моцным, сынуля", "зграшыў, дык пакайся", "з сябрамі не цесна на шумным Парнасе". Але да ўсяго гэтага герою напамінаюць: "Ідзі і вяртайся".

Прысвяціў аўтар свайму сябру і іншыя вершы: "Падаюць яблыкі, падаюць яблыкі", "Пастух". Ёсць прысвячэнні М. Мельніку ("Сярэбраныя пеўнікі", "Наша слова"), "Л. Вінніку ("Патухлая зорка"), У. Мельнікаву ("Мастацтва і жыццё"), У. Васько ("Грузчык"), Г. Зубрыцкаму ("Праўда і страх"), С. Сліўко ("Смарагд - не камень") і інш.

Пра тое, што І. Гушчынскі з'яўляецца ў нейкім сэнсе гумарыстам, я ўпэўніўся чытаючы радкі ў вышэй названым зборніку. Умее Іван Сцяпанавіч убачыць незвычайнае хараство жыцця ў жанры гумару. Верш "Як свата стрыглі" высмейвае цырульніка, які добра падпіты падстрыг свата так, што "валасы зпад тае меркі каб былі, то ўсталі б", а ўсё зза таго, што "ты ж (жонка) паставіла, скупая, малую пасуду". І дадае аўтар, што "як цябе, ці ты стрыжэш - не забудзь пра дзверы". Гумарыстычным пяром напісаны "Тост", "Чый дзед большы", "Цёшчына загадка", "Пекла", "Кум" і іншыя.

Напэўна, няма паэта які б не пісаў вершы на інтымную тэматыку. Іван Сцяпанавіч адзін з іх. У яго багаты арсенал такой лірыкі ("Зорка мая", "Ягадамаліна", "Для цябе, для цябе, для цябе", "Вальс", "Да цябе"). У адным з іх ён пасвойму разважае так:

Зорка мая!

У вечар позняга лета

Ты й на зямлі,

Хоць далёка, а ёсць.


... А ці будуць шчаслівымі

нашы ў выраі сэрцы,

між планетаў адзіныя,

між людзей - адзінокія?

У вобразе каханага ён прызнаецца што "аб спакоі не зведае многа той, хто думае пра цябе", "і цябе не забудзе ніколі той, хто бачыць і чуе цябе", "за спіною адчуе крылы, хто ідзе ўсё жыццё да цябе", "у забытай тузе і знямозе, хто абняў і цалуе цябе."

Як і сказана вышэй, зборнік невялікага памеру і з невялікім накладам асобнікаў. Але знайсці ў гэтым выданні можна вялікія каштоўнасці як мастацкіх сродкаў (што вельмі важна для паэта), так і жыццёвых разваг і парад. Пад выказваннем "Малы залатнік ды дарагі" падразумець можна і кніжку лідскага творцы Івана Гушчынскага. Яна, як і люстэрка бачання адваротных з'яў жыцця, прапануе прайсці ў яго адчуць лёсавызначальныя затаемнасці, але і напамінае чытачу што неабходна адтуль і вярнуцца ў гэты жыццёвабурлівы свет: "Ідзі і вяртайся!"

Алесь Хітрун, сябар літаратурнага аб'яднання "Суквецце", студэнт Гарадзенскага купалаўскага ўніверсітэта.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX