№ 41 (984) 13 КАСТРЫЧНІКА 2010 г.
300 гадоў Менскай архікатэдры
У менскім архікатэдральным касцёле Найсвяцейшай Панны Марыі адбылася юбілейная ўрачыстасць - 300годдзе асвячэння касцёла. Урачыстасць была пазначаная дэвізам «Радасць і надзея». Святочную Імшу ўзначаліў легат папы Рымскага Бенедыкта XVІ кардынал Юзаф Томка.
Адсвяткаваць 300годдзе першага асвячэння менскай архікатэдры сабралася найвышэйшае каталіцкае духавенства, і не толькі Беларусі: біскупы з Літвы, Польшчы, Украіны, Расеі, прадстаўнікі Мальтыйскага ордэна, а таксама прадстаўнікі беларускай грэкакаталіцкай і праваслаўнай царквы. Усіх іх, а таксама шматлікіх вернікаў, вітаў папа Рымскі Бенедыкт XVІ у сваім адмысловым лісце, які зачытаў ксёндз Эдмунд Даўгіловіч: «9 кастрычніка гэтага году з нагоды шчаслівага юбілею ў катэдральным касцёле адбудзецца ўрачыстая цэлебрацыя , як выраз удзячнасці пастыраў і вернікаў усёмагутнаму Богу за шматлікія ягоныя дабрадзействы ».
Урачыстая святая імша праходзіла на беларускай, лацінскай, польскай, італьянскай і ангельскай мовах. А ўзначаліў яе папскі пасланец Юзаф Томка, які да беларускіх вернікаў прамаўляў на іх роднай беларускай мове, узгадаўшы часы пераследу веры, заняпаду святыні і яе адраджэнне: «Сёння мы сустракаемся ў гэтым месцы з гісторыяй, якая можа здавацца раманам. Трыста год таму касцёл быў асвечаны, і за гэтыя тры стагоддзі архідыяцэзія неаднаразова скасоўвалася, ізноў адраджалася. Касцёл працягваў існаваць і пасля Другой Усясветнай вайны, як сімвал надзеі».
Акрамя духоўных герархаў удзел у юбілейным святкаванні прынялі таксама высокія дзяржаўныя асобы, у прыватнасці, кіраўнік Камітэта ў справах рэлігій і нацыянальнасцяў пры Савеце міністраў Леанід Гуляка, намесніца кіраўніка прэзідэнцкай адміністрацыі Наталля Пяткевіч, якая зачытала віншавальны ліста ад кіраўніка краіны таксама пабеларуску.
Прадстаўнік праваслаўнай царквы ў Беларусі а. Аляксандр Шымбалёў павіншаваў вернікаў і прывітаў папскага легата ад імя мітрапаліта Філарэта і перадаў у падарунак абраз усіх беларускіх святых, а таксама кнігу аб праваслаўнай царкве ў Беларусі. Асаблівую падзяку папскаму легату і ўсім прысутным за ўдзел у святкаваннях выказаў мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, шчэ раз запрасіўшы Бенедыкта XVІ у Беларусь: «Дзякуй Вашай іменэнцыі за прыезд, за цэлебрацыю святой Імшы і скіраванае да нас слова на беларускай мове. Гэта сведчыць пра тое, што і святы айцец, і вы як ягоны спецыяльны пасланнік шануеце беларускі народ, ягоную культуру і касцёл, які тут ёсць. Перакажыце Святому айцу, што касцёл у Беларусі, не зважаючы на дзесяцігоддзі ганенняў, сёння адраджаецца, моліцца за папу і вельмі, вельмі, вельмі яго чакае».
Сакратарыят ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" шчыра віншуе ўсіх католікаў Беларусі ў цэлым і мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча асабіста з 300годдзем асвячэння Менскага архікатэдральнага касцёла Найсвяцейшай Панны Марыі.
Мы выказваем глыбокую падзяку Святому Айцу папу Бенедыкту ХVI, яго пасланніку кардыналу Юзафу Томку, усім епіскапам і святарам каталіцкага касцёла Беларусі за ўвагу і павагу да беларускай мовы, як формы духоўнага жыцця нашага народа.
120 гадоў з дня нараджэння Сяргея Палуяна
ПАЛУЯН Сяргей Епіфанавіч (псеўд. С. Ясяновіч, С.П., П. Ян; 19.10. 1890, м. Брагін Рэчы-цкага пав. Менскай губ. - 20. 04.1910), публіцыст, празаік, літаратуразнаўца, крытык дэмакратычнай накіраванасці. Вучыўся ў Мазырскай прагімназіі, Літоўскай гімназіі (цяпер г. Елгава, Латвія). Удзельнік рэвалю-цыйнага руху ў Літве, Кіеве. Супрацоў-нічаў у беларускай газеце "Наша ніва" і ў украінскіх перыядычных выданнях. Аўтар празаічных твораў, артыкула "Аб нацыянальнай школе ў Беларусі", рэцэнзіі на кнігу "Другое чытанне для дзетак беларусаў" Якуба Коласа. Падтрымліваў творчыя пошукі Янкі Купалы, Якуба Коласа, М.Багдановіча, Цішкі Гартнага і інш. Адстойваў правы беларусаў на развіццё сваёй мовы, культуры; падтрымліваў духоўнае адраджэнне іншых нацый - чувашоў, якутаў, украінцаў. Скончыў жыццё самагубствам. Янка Купала прысвяціў памяці С.Е.Палуяна паэму "Курган" і верш "Памяці С.Палуяна", М.Багдановіч - вершы "С. Палуяну", Ядвігін Ш. - верш у прозе "Раны".
МОЛАДЗЬ НЕ САРОМЕЕЦЦА РАЗМАЎЛЯЦЬ ПА-БЕЛАРУСКУ
«Працэс укаранення беларускай мовы ў моладзевымі асяроддзі не будзе адбывацца наскокам», - такую думку выказала рэктар Менскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта Наталля Баранава, адказваючы на пытанні журналістаў наконт перспектыў беларускай мовы ў нашым грамадстве... У прадстаўнікоў СМІ склалася ўражанне, што апошнім часам вывучэнню замежных моў у школе надаецца больш увагі і значэння, чым вывучэнню беларускай.
- Я з'яўляюся рэктарам ужо шаснаццаты год, і кожны год мы праводзім ва ўніверсітэце розныя маніторынгі. Гэта дае нам падставы меркаваць, што мы дастаткова добра ведаем думкі нашых студэнтаў па тым ці іншым пытанні, па той ці іншай праблемв,- падкрэсліла Наталля Баранава. - Рызыкну сцвярджаць, што за апошнія 15 гадоў стаўленне да беларускай мовы з боку студэнцтва моцна змянілася. Сёння маладыя людзі вельмі любяць песні на роднай мове, і самі з задавальненнем іх спяваюць. А калі ім прапаноўваеш запоўніць форму на выбар на беларускай ці рускай мове, то нашы студэнты ахвотна выбіраюць менавіта беларускую мову. Мяркую, што ўсё залежыць ад моўнага атачэння: пераважная частка нашых студэнтаў выхоўвалася ў рускамоўных сем'ях, таму менавіта руская мова і стала для іх мовай штодзённых зносінаў. Але і беларускую мову нашы студэнты любяць і з задавальненнем ёй карыстаюцца. Ніхто нв саромеецца сёння размаўляць на роднай мове так, як гэта было яшчэ 15 гадоў таму. Фактычна мы назіраем змяненні ў свядомасці маладых людзей, у падмурку якіх ляжыць паважлівае стаўленне да нацыянальнай культуры. Лічу, што ў беларускай мовы - цудоўная будучыня, яе ўкараненне будзе адбывацца хоць і марудна, затое - надзейна. Я, напрыклад, вывучыла. беларускую мову ў 40 гадоў і вельмі рада, што цяпер магу на ёй свабодна размаўляць. Беларуская мова будзе жыць, але і мы ўсе павінны прыкласці для гэтага намаганні...
Надзея НІКАЛАЕВА.
ПАХОДЖАННЕ НАЗВАЎ ХІМІЧНЫХ ЭЛЕМЕНТАЎ
Азот ( 7 N) < грэц. "азоас" - безжыццёвы.
Актыній ( 89 Ac) < грэц. «актынас» - прамень.
Алюміній ( 13 Al) < лац. «алюмен» - галун.
Амерыцый ( 95 Am) - ад назвы Амерыкі.
Аргон ( 18 Ar) < грэц. "аргонас" - нядзейсны.
Астат ( 85 At) < грэц. "астатас" - нястойкі.
Барый ( 56 Ba) < грэц. «барыс» - цяжкі.
Берклій ( 97 Bk) - ад назвы г. Берклі ў ЗША, прыга-раду г. Сан-Францыска (штат Каліфорнія).
Берылій ( 4 Be) < грэц. «берылас» - назва мінералу берылу (або са стар. славян. вірылу).
Бор ( 5 B) < араб. "бу-рак" - бура.
Борый ( 107 Bh) - ад прозвішча дацкага навукоўца Нільса Бора (гл. таксама нільс-борый).
Бром ( 35 Br) < грэц. "бромас" - смурод.
Вадарод ( 1 H) - спалу-чэнне вада+род(зіць).
Вальфрам ( 74 W) < ням. "вольф" - воўк + "рам" - вяршкі (некаторыя пераклада-юць як "воўчая пена").
Ванадый ( 23 V) - ад назвы Ванадыі , багіні прыга-жосці ў скандынаўскай міфа-логіі.
Вісмут ( 83 Bi) < ням. «вайсмант» - белая маса.
Волава ( 50 Sn) < славян. "олава" - свінец, паколькі ў старажытнасці гэтыя два металы не адрозніваліся. Дарэчы, алей (лац. "олеум") і віно (у т.л. старажытнаславянскі хмяльны напой алявіна) раней захоўваліся ў свінцовых пасудзінах.
Вуглярод ( 6 C) - спа-лучэнне вуг(а)л(ь)+род(зіць)
Гадаліній ( 64 Gd) - ад прозвішча фінскага хіміка Юхана Гадаліна.
Галій ( 31 Ga) < лац. «Галія» - старажытная назва Францыі.
Гафній ( 72 Hf) - ад назвы г. Гафнія, як у стара-жытнасці называлася сучасная сталіца Даніі г. Капенгаген.
Гелій ( 2 He) < грэц. "геліён" - сонца.
Германій ( 32 Ge) - ад назвы Германіі.
Гольмій ( 67 Ho) < лац. «Гольм» - старажытная назва г. Стакгольм, сталіцы сучаснай Швецыі.
Дармштадтый ( 110 Ds) - па назве г. Дармштадт у Германіі.
Дубній ( 105 Db) - ад назвы г. Дубна ў Расіі (Цэнтральная федэральная акруга), дзе знаходзіцца Аб'яднаны інстытут ядзерных даследа-ванняў.
Дыспрозій ( 66 Dy) < грэч. «дыспразітас» - цяжка-даступны.
Еўропій ( 63 Eu) - ад назвы Еўропы. Карані гэтага слова ў старажытнай міфалогіі, што бытавала на грэцкім востраве Крыт у Міжземным моры. Там Еўропа лічылася заступніцай земляробства. У больш розніх міфах яе ўяўлялі як дачку Фенікса або фінікійскага цара Агенора, жонку крыцкага цара Астэрыёна.
Ёд ( 53 І) < грэц. "ёдас" - фіялетавы.
Жалеза ( 26 Fe) < санск-рыт. «жэль» - руда.
Золата ( 79 Au) - ад сло-ва "сонца", агульнага для многіх славянскіх моў.
Індый ( 49 In) - ад назвы Індыі, а таксама па сіняй (колеру індыга) афарбоўцы металу.
Ірыдый ( 77 Ir) < грэц. «ірыс» - вясёлка.
Ітрый ( 39 Y), ітэрбій ( 70 Yb) - па назве мінералу ітэрбіту, якая сама паходзіць ад назвы мястэчка Ітэрбю ў Швецыі (гл. таксама тэрбій і эрбій).
Кадмій ( 48 Cd) < грэц. «кадмея» - цынкавая руда.
Калій ( 19 K) < араб. «ал-калі» - шчолач, паташ.
Каліфорній ( 98 Cf) - ад назвы штата Каліфорнія ў ЗША.
Кальцый ( 20 Ca) < лац. «калькс» - вапна.
Кісларод ( 8 O) - спалу-чэнне кісла(та)+род(зіць).
Кобальт ( 27 Co) - у скандынаўскай міфалогіі кобальтамі называлі гномаў.
Крыптон ( 36 Kr) < грэц. "крыптас" - схаваны.
Крэмній ( 14 Si) < грэц. "крэмнас" - скала, камень.
Ксенон ( 54 Хе) < грэц. "ксенас" - чужы
Курчатавій ( 104 Ku) - у гонар рускага навукоўца Ігара Курчатава. Гэтая назва выкарыстоўвалася ў асноўным у савецкай літаратуры. Апошнім часам элемент называецца рэзерфордыем.
Кюрый ( 96 Cm) - ад прозвішчаў даследчыкаў П'ера Кюры (Францыя) і Марыі Складоўскай-Кюры (нарадзілася ў Польшчы, навуковая дзейнасць праходзіла ў Фран-цыі).
Лантан ( 57 La) < грэц. «лантана» - хаваюся.
Лаўрэнсій ( 103 Lr) - ад прозвішча амерыканскага навукоўца Эрнеста Лоўрэнса, вынаходцы цыклатрону.
Літый ( 3 Li) < грэц. «літас» - камень.
Лютэцый ( 71 Lu) < лац. Лютэцыя - назва старажытнага паселішча на месцы сучаснага г. Парыжа, сталіцы Францыі.
Магній ( 12 Mg) - ад назвы мінералу магнезіі.
Малібдэн ( 42 Mo) < грэц. «малібдас» - свінец.
Марганец ( 25 Mn) < лац. «ляпіс манганэнсіс» - састарэлая назва мінералу піралюзіту.
Медзь ( 29 Cu) < славян. «сміда» - так называлі ўвогуле любы метал.
Мейнтэрый ( 109 Mt) - у гонар нямецкага навукоўца Л. Мейнтэра (Майнтэра).
Мендзялевій ( 101 Md) - ад прозвішча рускага наву-коўца Дзмітрыя Мензялеева, адкрывальніка перыядычнага закону хімічных элементаў.
Мыш'як ( 33 As) < рус. "мышыны яд".
Натрый ( 11 Na) < ста-ражытнаяўр. «нетэр» - бурліць або араб. «натрум» - сода.
Неодым ( 60 Nd) < грэц. «неас» - новы + «дымідас» - двайны, блізнюк
Неон ( 10 Ne) < грэц. «неас» - новы.
Нептуній ( 93 Np) - ад назвы планеты Няптун; карані ў грэчаскай міфалогіі дзе Няптун лічыўся ўладаром марской стыхіі.
Нікель ( 28 Ni) < ням. «купфернікель» - нягодная медзь.
Нільсборый ( 105 Ns) - у гонар дацкага навукоўца Нільса Бора, які даследаваў ядзернае ядро і ядзерныя рэакцыі (гл. таксама борый). З 1997 носіць назву дубній.
Ніобій (41 Nb) - у грэц-кай міфалогіі Ніоба, або Ніабея - сястра Пелопа, жонка цара Фіваў Амфілона, дачка Тантала (апошнім хімікамі падкрэслена блізкасць уласцівасцяў ніобію і танталу).
Нобелій ( 102 No) - ад прозвішча шведскага інжыне-ра-хіміка Альфрэда Нобеля, заснавальніка Нобелеўскай прэміі за выдатныя дасягненні ў галінах хіміі, фізікі, меды-цыны і фізіялогіі, эканомікі, літаратуры, за дзейнасць па ўмацаванні міру.
Осмій ( 76 Os) < грэц. «осме» - пах.
Паладый ( 46 Pd) - ад назвы астэроіду (малой планеты) Палады, адкрытай незадоўга да адкрыцця згаданага элемента. (Нагадаем, што арбіты большасці малых планет знаходзяцца паміж арбітамі Марса і Юпітэра, у т.зв. поясе астэроідаў, іх сумарная маса складае ўсяго 10 -3 масы Зямлі; дыяметр Палады 583 км). Карані назвы ў грэцкай міфалогіі, дзе Палада лічылася за-ступніцай цвердзяў і гарадоў, у далейшым яе культ зліўся з культам Афіны.
Палоній ( 84 Po) - лац. «Палонія» - Польшча.
Плаціна ( 78 Pt) < іспан. «плацінас» - падобная на срэбра.
Плутоній ( 94 Pu) - ад назвы планеты Плутон; у ан-тычнай міфалогіі Плутон - адно з імёнаў Аіда, які лічыўся ўладаром падземнага свету і царства памерлых.
Празеодым ( 59 Pr) < грэц. «празінас» - зялёны.
Праметый ( 61 Pm) - у грэцкай міфалогіі Праметэй - тытан, сын Іапета і Азіі, брат Атланта, Эпіметэя і Мінетэя, бацька Дэўкаліёна. Згодна з міфам, Праметэй украў з Алімпа агонь і прынёс яго людзям у трыснягу, навучыў іх дойлідству, мараплаванню, пісьменству, медыцыне.
Пратактыній ( 91 Pa) < грэц. «протас» - першы + «актывус» - дзейсны.
Радон ( 86 Rn), радый ( 88 Ra) < лац. «радыус» - прамень.
Родый ( 45 Rh) < грэц. «радон» - ружа.
Ртуць ( 80 Hg) < літоў. "рыту" - качаю або санскр. "рэт" - бегчы, каціцца.
Рубідый ( 37 Rb) лац. «рубідус» - чырвоны.
Рутэній ( 44 Ru) < лац. «Рутэнія» - Расія.
Рэзерфордый ( 104 Rf) - ад прозвішча англійскага навукоўца Эрнеста Рэзерфорда, стваральніка ядзернай (планетарнай) мадэлі будовы атама. Раней гэты элемент называўся курчатавіем (Ku).
Рэнтгеній ( 111 Rg) - у гонар нямецкага навукоўца Вільгельма Рэнтгена.
Рэній ( 75 Re) - па назве ракі Рэйн у Германіі.
Самарый ( 62 Sm) - ад прозвішча рускага горнага інжынера палкоўніка Васілія Самарскага. Ён адкрыў мінерал, які ў далейшым атрымаў назву самарскіт. У гэтым міне-рале ўтрымліваўся невядомы на той час элемент, і яму была дадзена назва самарый.
Свінец ( 82 Pb)- падобна ён называўся і на санскрыце. Па-латышску дагэтуль называецца "свінс". Цікава, што на чэшскай, польскай, сербскай, балгарскай мовах свінец называецца "олава".
Cелен ( 34 Se) < лац. "Селена" - Месяц.
Сера ( 16 S ) < санскр. "сіра" - светла-жоўты.
Серабро, срэбра ( 47 Ag) < асірый. «серну» - назва дадзенага металу або дыялект лац. «субаура» - бліскучы.
Сібаргій ( 106 Sg) - ад прозвішча амерыканскага навукоўца Г. Сібарга, які ў ходзе ядзернай рэакцыі атрымаў гэты элемент.
Скандый ( 21 Sc) - ад назвы Скандынаўскага паўвострава на поўначы Еўропы.
Стронцый ( 38 Sr) - ад назвы вёскі Строшн у Шатлан-дыі (Вялікабрытанія).
Сурма ( 51 Sb) < турэц. «сюрмё» - націранне броваў, грым, мазь.
Талій ( 81 Tl) < грэц. «талас» - маладая зялёная галінка.
Тантал ( 73 Ta) - у грэц-кай міфалогіі Тантал - цар Сапіла, горада ў Фрыгіі (або Лідзіі), сын Зеўса, бацька Пі-лопа і Ніобы (Ніабеі), дзед Атрэя і Фіеста .
Торый ( 90 Th) - ад назвы старажытнаскандынаўскага боства Тора .
Тулій ( 69 Tm) < лац. Туле - старажытная назва Скандынавіі (паўвострава на поўначы Еўропы).
Тытан ( 22 Ti) - у грэц-кай міфалогіі Тытан - нашчадак Урана (Неба) і Геі (Зямлі).
Тэлур ( 52 Те) < грэц. "тэлус" - зямля
Тэрбій ( 65 Tb) - ад назвы мінералу ітэрбіту, якое само паходзіць ад назвы мястэчка Ітэрбю ў Швецыі (гл. таксама ітэрбій, ітрый, эрбій).
Тэхнецый ( 43 Tc) < грэц. «тэхне» - мастацтва, рамяство.
Уран ( 92 U) - ад назвы планеты Уран; у грэцкай міфалогіі Уран увасабляў неба, якое спалучылася шлюбам з Геяй - зямлёй.
Фермій ( 100 Fm) - ад прозвішча італьянскага навукоўца Энрыка Фермн, аднаго з стваральнікаў ядзернай і нейтроннай фізікі.
Фосфар ( 15 P) < грэц. "фосфарас" - светланосец.
Францый ( 87 Fr) - ад назвы Францыі.
Фтор ( 9 F) < грэц. "фторас" - разбурэнне, пагібель.
Хасій ( 108 Hs) - па назве зямлі (адміністратыўна-тэрытарыяльнай адзінкі) Хесэн (Гесэн) у Германіі.
Хлор ( 17 Cl) < грэц. "хлорас" - зялёны.
Хром ( 24 Cr) < грэц. «хрома» - колер.
Цынк ( 30 Zn) < лац. «цынкум» - бяльмо.
Цырконій ( 40 Zr) < персід. «цагрум» - залацісты.
Цэзій ( 55 Cs) < грэц. «цэзас» - блакітны.
Цэрый ( 58 Ce) - ад назвы малой планеты (гл. тлумачэнне ў звестках пра Pd) Цэрэры (дыяметр каля 1000 км); у старажытнаіталійскай міфалогіі Цэрэра лічылася заступніцай земляробства, у далейшым яна была атаясамленая з грэцкай багіняй Дэметрай.
Эйнштэйній ( 99 Es) - ад прозвішча навукоўца Альберта Эйнштэйна (працаваў у Германіі і ЗША), стваральніка тэорыі адноснасці.
Эрбій ( 68 Er) - па назве мінералу ітэрбіту, якая сама паходзіць ад назвы мястэчка Ітэрбю ў Швецыі (гл. таксама ітэрый, ітэрбій, тэрбій).
Уладзіслаў ЛУПАКОЎ, настаўнік хіміі СШ № 10 г. Берасця.
Не дайся!
Калі чалавека прыніжаюць, дык людскую душу абкрадаюць. На беларускую мову нападалі паланізатары, а цяпер узяліся русіфікатары. Каб абараніцца ад прыніжэння, людзі казалі: "Хоць гаршчком называй, толькі ў печ не саджай". Але калі чалавек згодзіцца з прыніжэннем, з духоўнай дэградацыяй, ён ужо не абароніцца, стане нявартасным. Гэта добра вывучылі нашыя непрыяцелі: калі будуць беларускую мову прыніжаць, то ўсе перакінуцца ў расейскамоўных. Але не ўсё так, як яны думаюць, выходзіць. Пакаленне, якое яны так упарта русіфікуюць, адыходзіць, а зямля беларуская новых людзей родзіць. І гэтак ідзе гэтае практыкаванне.
Я заўважыў, што ў мову беларускую ўводзяць змены: то мяккі знак ім замінае, то слова архаічнае не да спадобы, бо яго ў рускай мове няма. Мова беларуская павінна сама па сабе развівацца. Маладое пакаленне павінна ўносіць у яе новыя словы, але не тыя, якія з Масквы падкажуць, а тыя, якія для паўнавартаснага функцыявання яе ў новым, зменлівым свеце патрэбныя. Іначай мы ад каланіялізму не пазбавімся.
Кастусь Верабей , ЗША.
З клопатам пра спадчыну
Сп. У. У. Макею ,
Кіраўніку Адміністрацыі
Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь
220016, г. Мінск,
вул. К. Маркса, 38
Шаноўны Уладзімір Уладзіміравіч !
Аматараў беларускай культуры і гісторыі вельмі непакоіць лёс замка Сапегаў XVII ст. у г. Быхаве, а таксама адзінай на Беларусі абарончай сінагогі пачатку XVII ст., што знаходзіцца на тэрыторыі вышэйзгаданага замка.
Зараз гэтыя помнікі беларускага мураванага дойлідства знаходзяцца ў занядбаным стане і імкліва разбураюцца.
У сувязі з тым, што ў бліжэйшы час будзе скончана рэстаўрацыя і прыстасаванне Мірскага і Нясвіжскага замкаў, просім Вас тэрмінова разгледзець пытанне аб кансервацыі, рэстаўрацыі і прыстасаванні пад патрэбы міжнароднага турызму адзінага мураванага замка на тэрыторыі Магілёўскай вобласці, замка Сапегаў у г. Быхаве.
Дадатак (копія артыкула з газеты "Звязда" Глеба Лабадзенкі "Таямніцы Быхаўскіх цытадэляў".
3 павагай,
Старшыня ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" А. Трусаў.
Старшыні ГА "Таварыства беларускай
мовы імя Францішка Скарыны"
Трусаву А.А.
Аб прадстаўленні інфармацыі
Міністэрства культуры ў адпаведнасці з даручэннем Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па пытанні правядзення работ на замку ў г. Быхаве інфармуе.
Гісторыка-культурная каштоўнасць "Фрагменты замка" ў г. Быхаве Магілёўскай вобласці знаходзіцца ў камунальнай форме ўласнасці. Абавязацельства па захаванні дадзенага аб'екта ўзяты аддзелам культуры Быхаўскага райвыканкама, якім на падставе артыкула 44 Закона Рэспублікі Беларусь "Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь" падпісана ахоўнае абавязацельства ад 12.02.2010 № 11-02-07/84.
Правядзенне рамонтна-рэстаўрацыйных работ і кансервацыі фрагментаў замка ў г. Быхаве ўключана ў падпраграму 2 "Захаванне і развіццё культурнай спадчыны" праекта Дзяржаўнай праграмы "Культура Беларусі" на 2011-2015 гг. Работы на аб'екце плануецца ажыццяўляць за кошт сродкаў долевага ўдзелу рэспубліканскага і абласнога бюджэтаў пачынаючы з 2012 года.
Намеснік Міністра В.І. Кураш.
З друкарні ветлівай Яраслава
26 верасня ў мясцовай Падсвільскай бібліятэцы, прайшла прэзентацыя маіх паэтычных кніг: "На вас глядзіць мая душа" і "Зорка гасцюе ў месяца". Гэта духоўнашчырая сустрэча з чытачамі. I незвычайна радасная для мяне, ад падзеі выхаду ў свет маіх новых кніг, праз пятнаццаць гадоў пасля паэтычнага зборніка "Вір пяшчоты і журбы".
Я адчула свята душы, якое стварыла для мяне рэдакцыя Глыбоцкай рэкламнай газеты "Прэфектінфо" (выдавец Яраслаў Берніковіч). Яна рэкламавала маю прысутнасць у літаратурным свеце. Гэтае пачуццё, у светлых танах, усмешліваславесных і музычных. было перададзена на вечарыне бардам Марыяй Новікавай.Сапраўды - непадробнае маё адчуванне дзейснай дапамогі Яраслава Берніковіча і Зміцера Лупача (вярстальшчыка кніг). Шкада, што Зміцер не прысутнічаў на вечарыне. А ў песні гучала захапленне ад выхаду кніг:
Паэт не знік. Але без кніг,
Без беласнежных крылаў іх,
Паэт на моры без вясла.
Ты дух узняў мне, Яраслаў...
...О, чытачы, душой зірніце
Яе сшываў старанна Зміцер...
Кнігі яркія. Да вокладкі, выяўнай і бліскучай, люба дакрануцца. Можна сказаць, ўпершыню мае радкі завыразніліся на дабротнай, беласнежнай паперы. .
Дзякуй Богу за добрых, здагадлівых людзей, кажу я на заканчэнні вечарыны, віншую стваральнікаў маіх кніг Яраслава і Таццяну, якія тут прысутнічаюць, з гадавым юбілеем іх газеты "Прэфектінфо". Дачка Марыя Новікава спявае новыя нашы творы "З'яднай нас, Неба, Словам" і "О, БАЖ! Нестраявая БАЖ!" (гімн, прысвечаны пятнаццацігоддзю БАЖ).
Бард Яўген Генеральчык, мой юны сябар па дзіцячай бібліятэцы, цяпер высокі і прыгожы юнак, прэзентуе мой пераклад на беларускую мову песні Міцяева "Як здорава, што сёння тут сабраліся мы ўсе!".
I я зноў згадваю радкі Максіма Багдановіча: "Я несамотны, я кнігу маю...".
Марыя Баравік , м. Падсвілле.
Ля Гальшанскіх муроў
Днямі чытала ў "Краязнаўчай газеце" артыкул пра Гальшанскі фестываль. А яшчэ і "Наша слова" у апошнім нумары змясціла цікавы матэрыял аб той жа падзеі. Цікава чытаць, але ўсё ж на душы сумна. Бо мы з сябрамі былі ў Гальшанах за два дні да фестывалю. І не пабачылі гэтай знакавай падзеі. Для нас было немагчыма выбіраць патрэбную нам дату вандроўкі.І ў нас няма сяброў, якія прапанавалі б далучыцца да іх.
Даўно марылі пабываць ля сценаў нашых слаўных старадаўніх замкаў. А Гальшанскі замак ён такі таямнічазманлівы, бо ўсе мы захопленыя раманам У. Караткевіча. Зараз набліжаецца юбілей пісьменніка, і так патрэбна найглыбей прасякнуцца вобразамі і падзеямі з яго твораў. Бо яго творы - гэта гісторыя Радзімы, выкладзеная сапраўдным мастаком слова, да таго ж замілаванага ў гэтую гаротную зямлю. Ён напісаў іх для сучаснікаў, ён напісаў іх для будучых пакаленняў. Калі чытаеш Караткевіча, дык верыш: ён відавочца, ён удзельнік усіх падзеяў. Творы яго вельмі праўдзівыя. А героі моцныя духам, нязломныя ў веры ў будучае свайго народа. З сучаснікаў я ведаю толькі аднаго такога чалавека, нашага сябра, што не ўяўляе сябе без Радзімы, што гатовы ўсё жыццё жыць, а калі трэба - то і змагацца за мову, веру, за народ. Ён - непахісны ў сваёй упэўненасці ў тым, што будзе жыць Беларусь. І разам з тым - ён прыгожы, выхаваны, мяккі па натуры. Ён - СВОЙ. З яго бярэм прыклад, на яго раўняемся. Ён здольны павесці за сабой. Як найлепшыя героі Караткевіча. На жаль, яго не было з намі ў дзень нашай першай сустрэчы з таямнічым Гальшанскім замкам. Думаю, яго постаць вельмі дапасавала б да гэтых муроў. Постаць сучасніка на тле нашай слаўнай і трагічнай гісторыі. Постаць адданага сына гэтай зямлі, годнага яе гісторыі. Думаю, будуць іншыя сустрэчы, але першае ўражанне - гэта самае помнае і святое.
Мы ўжо пазнаёміліся з замкамі нашай мясцовасці. Пабывалі ля сценаў Лідскага і Мірскага замкаў, дакрануліся да рэшткаў Наваградскага замка, агледзелі велічныя і магутныя вежы замка ў Любчы, хадзілі між гурбаў друзу і будаўнічых матэрыялаў па двары Нясвіжскага палацазамка. Але тое, што пабачылі і адчулі ў Гальшанах, непараўнальнае ні з чым.
Падарожнічаць любім разам, толькі нашай дружнай суполкай, бо мы аднадумцы. Мы першаадкрывальнікі, мы дакранаемся сэрцамі да вялікай таямніцы - вечнай крыніцы сілы і мужнасці - неспатольнай прагі нашага народа да жыцця, да вольнасці.
І ў гэты раз мы ў Гальшанах кіраваліся шляхам, падказаным самім Караткевічам: " Бліснула наперадзе яшчэ чыстая, непазелянелая вада... рэчка не рэчка, а хутчэй рукаў рэчкі, ператвораны калісьці ў роў. Лядашчы мосцік ляжаў над вадой. І тут я спыніўся, нібы мяне нехта ўдарыў.
Вачам адкрылася нешта такое, што не да веры, чаго не бывае, не павінна быць сярод гэтай разнежанай весняй прыроды, сярод гэтых ласкавых дрэў і зялёнай травы.
На тым баку ўзвышаўся мур і вежа (астатняе хавалі дрэвы), крыху толькі ў пражоўць, цёмнасвінцовага, амаль чорнага колеру.
Замак. І які пагрозны, пачварны замак!.."
Вуліца, ручаіна, масток, дрэвы старога парку, сцежкі, усыпаныя дробненькім гравіем. І між высокіх разложыстых дрэваў вежа замка: велічнавысокая, пазалочаная промнямі сонца, што сама аж быццам ззяе здалёк між цёмных дрэваў. Замак - ён светлы, у паўразбураных мурах адчуваецца і грозная сіла, і пяшчотная безабароннасць зза занядбанасці, што дае волю разбуральным сілам стыхіяў і рук чалавечых. Мы проста страцілі мову і зніякавелі перад тымі сценамі настолькі моцнае было ўражанне. Вось так стаяць ля муроў, глядзець угору і бачыць блакітнае неба ў пустых вачніцах замка - што можа быць больш сумным і, разам з тым, радасным? Так, я ў адчувала ў сэрцы гэтыя два супярэчлівыя пачуцці. Сум ад таго, што людзі так занядбалі гэты цуд, гэты гонар зямлі нашай. І радасць, што лёс усё ж падараваў мне шчасце сустрэчы, што дажыў замак, насуперак бязлітаснаму да яго лёсу, да нашых дзён. Да тых дзён, калі ўжо не складае для чалавека. асаблівых цяжкасцяў захаваць яго, бо ёсць і тэхніка, ёсць уменне. Але няма ні трапяткога пачуцця ўдзячнасці таму самаму лёсу, ні гонару за сваю спадчыну, ні годнасці...
Мы агледзелі тут усё: унутраны двор і былыя пакоі, галярэі, вежы. Зазірнулі ў таямнічую цемру падземных хадоў. Уражанне незвычайнае: замак зусім іншы, не такі, як на здымках у турыстычных даведніках. Калі я цяпер гляджу на такія здымкі, мне здаецца, што здымалі замак так, каб прынізіць яго, паказаць, што ён не варты ўвагі. Ад яго захавалася шмат. І тое, што не спыняюць яго разбурэння, я думаю, падобна да злачынства.
Ёсць і рамантыка ў вобразе гэтага замка. Бо, ён, хоць і занядбаны, але і не сапсаваны няўмелай рэстаўрацыяй. Кранаешся рукою гэтых сценаў, праходзіш вежаваю аркаю і адчуваеш, што гісторыя - не кніжная навука, яна жывая, яна ўвесь час побач і голас яе гучыць у душы кожнага неабыякавага беларуса. Каб хоць адзін раз на год урок гісторыі праходзіў вось у такіх мясцінах, як бы разумелі мы яе, як бы адчувалі, як бы мы ганарыліся ёю, нашай гісторыяй! Бо вось гэтыя нашыя замкі, што непадступнай перашкодаю паўставалі на шляху шматлікіх хцівых заваёўнікаў, захоўваюць дух нязломнасці нашых продкаў. Як у вершы Віктара Шалкевіча:
...Рвуцца і хрыпяць
Стомленыя коні,
То імчыць шалёная
Княская Пагоня...
...Як маглі, мы біліся
За яе, гаротніцу,
За яе, пакутную,
Лілі святую кроў.
Баранілі веру мы
Зямелькі свабоднае.
Пад нагамі задрыжаў
Бальшак стары ізноў...
Немагчыма не ўспомніць гэтыя радкі, стоячы ля муроў Гальшанскага замка. І потым, слухаючы гэту песню "Стары бальшак", заўжды будзем успамінаць самотна кранальную аздобу зямлі нашай - Гальшанскі замак. Мужнага абаронцу, што сёння церпіць паразу ад абыякавасці нашчадкаў тых слаўных ваяроў, што палеглі, абараняючы гэтыя муры.
Мы вярталіся па Замкавай вуліцы да касцёла св. Яна Хрысціцеля, а на невялікай адлегласці ззаду, як перад тым і да замка, нас суправаджаў крыху дзіўнаваты дзяцюк. Мова яго невыразная, але са слоў, якія мы зразумелі, было відаць, як ганарыцца ён замкам, як хоча яго ўсім паказаць... А побач з ім, апусціўшы долу галовы, маўкліва рушылі два рудыя сабакі. Гэта была праўдзівая замалёўка з рамана Караткевіча, гэта быў праўдзівы Караткевічаў персанаж.
Я зразумела, чаму Уладзімір Караткевіч так праўдзіва апісаў у сваім творы Гальшаны. Гэта такая цікавая, незвычайная мясціна, са сваімі паданнямі, з сапраўдным старабеларускім каларытам. Караткевічу нічога не спатрэбілася прыхарошваць, падцягваць да сюжэту. Ён апісваў усё, як ёсць. І гэта надае яшчэ большую каштоўнасць твору.
Скончыць хацелася б радкамі Караткевіча: "Я вельмі люблю дарогі і думаю, што калі прыйдзе час, і я не здолею ездзіць, то ці варта тады ўвогуле жыць. Дарога сама, як песня, і таму я часта маўчу, перапоўнены дарогай даверху... Маўчаў я і тут. Хораша маўчыцца над бэзаваліловымі палямі канюшыны... І разгортвалі, разгортвалі вакол лясы свае чароўныя глыбіні..."
А яшчэ хацелася б пажадаць усім неабыякавым: хай клічуць вас дарогі і вядуць у святыя і велічныя ў сваёй непаўторнасці куточкі зямлі нашай. І тады будзе і ваша дарога, як песня. І няхай будуць побач сябрыаднадумцы, што маўчаць з вамі разам аб адным і тым жа.І чуюць адну і тую ж маўклівую песню...
Станцаль Алена, 12 гадоў, стараста гістарычна - краязнаўчага гуртка, што працуе пры патрыятычным клубе "Спадчына", м. Дварэц, Дзятлаўскі раён.
Жывуць вольныя шахматы
Развагі пра мінулае і будучыню шахматнай гульні ды кампазыцыі ў Беларусі ад былога рэдактара часопісаў « Шахматы » і « Шахматы - плюс », аўтара кнігі « На шахматныя тэмы » ( Менск , 2007). Для шырокага кола аматараў шахмат і гісторыі культуры
З прадмовы памяркоўнага аптымістага
Улетку 2007 г. выйшла мая першая кніжачка - кангламерат артыкулаў, згуртаваных пераважна ў храна-лагічным парадку. Адзін э чытачоў па-раіў мне надалей весці хроніку «беларускага шахматнага жыцдя». Парада была спакуслівая, але не практычная, бо ад каляшахматнага чынавенства цяжка дабіцца эмя-стоўнай інфармацыі пра бягучыя падзеі, а пагатоў чапавеку, які не займае высокіх пасадаў. Тым, хто шукае сякіхтакіх навінаў з жыцця беларускіх гульцоў, лепш зазірнуць на адмысловыя сайты, колькасць якіх расце, здаецца, у адваротнай прапорцыі да ліку гульцоў. Гэтым разам я засяродзіўся на асвятленні старонак гісторыі «шахматнага руху» ў кантэксце гісторыі культуры. Спадзяюся, што мае нарысы будуць цікавыя не адно фанатам шахаўматаў.
Зразумела, і ў гэтай кніжцы ставіцца больш пытанняў, чым вырашаецца: мо яна падштурхне кагосьці да глыбейшых доследаў і смелых крокаў. Тым не менш, лічу, што новыя казачныя фігуры маглі б ужо заўтра плённа выкарыстоўвацца ў шахматнай кампазіцыі, а «вольныя шахматы» - перспектыўны шлях для тутэйшых гульцоў і трэнераў. Таму і называю сябе аптымістам, хоць падставаў для аптымізму не багата. За апошнія тры гады шахматысты Беларусі, нягледзячы на бадзёрыя дэкларацыі дзяржаўных, грамадскіх і «дзяржаўна-грамадскіх» суполак, так і не здолелі даць рады з падзеннем папулярнасці «ўлюбёнай» гульні. Без сістэмнай працы пераадолець негатыўныя тэндэнцыі не мажліва, а сістэмнасць, перадумовай якой ёсць уменне прыслухоўвацца да альтэрнатыўных думак, - не блізкае паняцце для супрацоўнікаў мінспорту і мінадукацыі, што курыруюць шахматы.
Ад восені 2007 г. ладзяцца нефармапьныя чэмпіяна-ты Саюза беларускіх пісьменнікаў па шахматах (дзякуючы высілкам паэта і праблемістага Васіля Жуковіча). У 2008-2009 гг. пад сцягам незарэгістраванага лунінецкага бюлетэня «Альбіна» ў сталіцы адбыліся два Кубкі па рашэнні задач і эцюдаў. Летась прайшоў масавы «народны турнір» пад Менскам (дырэктарстваваў Уладзіслаў Каташук з Берасця). З'явілася міжнародная інтэрнэт-суполка шахматных кампазітараў, дзе адным з арганізатараў - беларус Зміцер Жылка. Усе названыя ініцыятывы паказваюць на тое, што самаарганізацыя аматараў інтэлектуальных заняткаў магчы-мая нават у сучаснай Рэспубліцы Беларусь: абы ставала імпэту. «Вольны дух лунае, дзе хоча»... Дапьбог, з цягам часу зменяць стаўленне да нашых патрэбаў і дырэкцыя Беларускага радыё, якая ў траўні 2010 г. заявіла, што асобнай перада-чы пра шахматы ўводзіць не збіраецца, і розныя «саюзы» ды «асацыяцыі» журналістаў, якія наплявалі былі на ліквідацыю ў 2009 г. адэінага на Беларусі шахматнага часопіса.
Дзякуй за выхад гэтай кніжкі мушу адрасаваць выдаўцу «Альбіна» і «Альбіна плюс» Вадзіму Жылку (у 2007-2010 гг. ён друкаваў матэр'ялы, што склалі яе аснову, у сваіх выданнях), admin'у сайту bychess.com Паўлу Макевічу, які знаёміў інтэрнаўтаў з некаторымі маімі ідэямі, і сваёй жонцы Святлане - за цярплівасьць і ўдэел у фінансаванні «праэкту». Розныя людзі з Беларусі і Расеі ласкава кансультавалі мяне ў розных пытаннях на розных этапах. Падзякі ім змешчаныя ў ад-паведных тэкстах. Даруйце, калі на кагосьці забыўся.
Вольф Рубінчык.
Капліца на Лідскім чыгуначным вакзале
План будаўніцтва чыгунак ў Палессі быў зацверджаны 14 лютага 1883 г. Аляксандрам III. 12 траўня прыступілі да ажыццяўлення гэтага плана. Участак Вільня - Лунінец (з адгалінаваннем Лунінец - Пінск, усяго 353 вярсты) адкрыўся для рэгулярнага руху 30 снежня 1884 г. У гэты дзень па мосце з боку Вільні цераз Ліду на Баранавічы прайшоў першы цягнік. Тады ж уведзена ў эксплуатацыю чыгуначная станцыя Ліда на плошчы 6,83 га. і было пабудавана паравознае дэпо з бутавага каменю на два паравозы серыі "Чн".
У тым жа годзе ў Лiдзе быў пабудаваны першы драўляны вакзал які добра бачны на фотаздымку. На фотаздымку каля драўлянага вакзала знаходзіцца праваслаўная капліца, пабудаваная ў 1897 г. Вось пра гісторыю гэтай капліцы і напісаны артыкул.
Малюнак і праект капліцы зрабіў студэнт, будучы архітэктар і інжынер Катовіч М. І. Праект быў зацверджаны начальнікам тэхнічнага аддзялення ўправы Палескіх дарог. Капліца пабудавана ў гатычным стылі з расшыўкай шэрай цэглай і мела калоны. Знаходзілася з паўдзённага боку вакзала каля кратаў платформы, на штучным узгорку, у садку, сярод кветнікаў. Дзякуючы загадчыку участкам дарогі Лунскаму, які кіраваў работамі, капліца пабудавана на працягу аднаго месяца. Матэрыялы на капліцу абышліся ў 250 рублёў, рабочыя збудавалі яе бясаплатна. Абраз Св. Мікалая выпісалі з Масквы, ён каштаваў 125 рублёў. Абраз змяшчаўся ў глыбіні нішы капліцы, за шклом, і перад ім быў размешчаны вялікі ліхтар-лямпа з рознакаляровым шклом. Капліца ў вячэрні і начны час асвятлялася звонку двума ліхтарамі, пастаўленымі па абодва бакі. Пад абразом была дошка з белага мармуру з залатым надпісам «Збудаваная стараннасцю службоўцаў палескіх чыгунак на станцыі «Ліда» у памяць Святой каранацыі 14 траўня 1896 года гасудара Імператара Мікалая II і гасударыні Імператрыцы Аляксандры Фёдараўны. Асвечана 30 жніўні 1897 года».
Для асвячэння прыбыў спецыяльны вагон-царква. Боская літургія ў вагоне-царкве пачалася ў 9-00 раніцы 30 жніўня 1897 г. Літоўскія епа-рхіяльныя Ведамасці пісалі: "Настаяцель вагона-царквы а. Шырынскі прамовіў павучальнае слова, прысвечанае ўшанаванню і памяці князя Св. Аляксандра Неўскага а так-сама свяціцеля Мікалая. Пры гэтым а. Шырынскі падкрэсліў глыбокае рэлігійнае значэнне будынка капліцы ў імя гэтага свяціцеля каля чыгункі, пры станцыі, дзе заўсёды спыняюцца цягнікі і дзе, такім чынам, людзі ўсіх веравызнанняў якія вандруюць, могуць узнесці свае малітвы да Св. абраза свайго апекуна і абаронцы ў дарозе. Па заканчэнні літургіі адбыўся хрэсны ход з вагона-царквы да збудаванай капліцы з абразом Божай маці і мясцовымі абразамі і толькі што напярэдадні асвечаным вялікім абразом для капліцы - пры спеве малітваў Св. Аляксандру Неўскаму і свяціцелю Мікалаю. Абразы неслі чыгуначныя службоўцы станцыі Ліда. Каля самой капліцы, упрыгожанай зелянінай і гірляндамі кветак, было здзейс-нена воднае асвячэнне з чытаннем малітваў на асвячэнне капліцы і крыжа, які потым быў ўзняты на капліцы, былі абвешчаны "многія лета" Гасудару Імператару і царственнаму дому, Св. Сіноду, Архіепіскапу Ераніму, урадаваму сінкліту, воінству, стваральнікам капліцы, начальству Палескіх чыгунак, службоўцам станцыі Ліда, і ўсіх ліній гэтай дарогі і ўсім праваслаўным хрысціянам. Урачыстасць скончылася хросным ходам назад у вагон-царкву. Паўнаце ўрачыстага набажэнства ў гэты дзень шмат садзейнічаў выдатна складзены канторшчыкам станцыі сп. Шаршнёвым хор аматараў з службоўцаў станцыі, які зладжана выконваў спевы на ўсіх набажэнствах".
Спраектаваў капліцу на лідскім вакзале Мікалай Іванавіч Катовіч - другі сын вядомага святара, настаяцеля Віленскага Прачысценскага сабора, рэдактара (з 1869 г.) "Літоўскіх епархіяльных Ведамасцяў" протаіерэя Іаана Антонавіча Катовіча (1839-1911). Мікалай Іванавіч Катовіч - архітэктар і вядомы дзеяч рускага руху ў Польшчы. Нарадзіўся 25 лістапада 1875 г. ў Вільні. У 1894 годзе скончыў Віленскую гімназію, дзе вучыўся разам з Васілём Шверубовічам - будучым знакамітым мхатаўскім акцёрам Качалавым. Далей абодва вучыліся ў Пецярбургу. У 1899 годзе Мікалай Катовіч скончыў Пецярбургскі інстытут цывільных інжынераў, атрымаў дыплом інжынера з правам правядзення будаўнічых, дарожных і землямерных работ. Ён пабудаваў у Пецярбургу 14 даходных дамоў, драўляную царкву ў дачным пасёлку Вырыца і сяле Карташэўскім. Да 1922 г. жыў у Расіі. У 1922 г. эміграваў у Польшчу, кіраваў будаўнічым і землямерным бюро ў Пінскім і Драгічынскім паветах. У 1927 г. пераехаў у Берасце, дзе нейкі час займаў пасаду гарадскога архітэктара, а потым кіраваў будаўнічым і землямерным бюро, займаўся прыватнай архітэктурнай практыкай. 8 траўня 1934 года Мікалай Катовіч нечакана памёр. Яго пахавалі на Трышынскіх могілках у Берасці, магіла не захавалася.
Быў непрыхаваным манархістаў, у бюро, якім кіраваў, прымаў выключна аднадумцаў. З'яўляўся актыўным дзеячам Рускага дабрачыннага таварыства і Рускага нацыянальнага аб'яднання. Жывучы ў Пінску, вёў шырокую і заканспіраваную дзейнасць, узначальваў таемную манархічную арганізацыю, якая была тады ў горадзе і кіравалася з Парыжа генералам Куцепавым. Пасля пераезду ў Берасце Катовіч спыніў актыўную палітычную дзейнасць, займаючыся вы-ключна сваім бізнэсам. Быў архітэктарам і будаўніком будынка рускай гімназіі ў Берасці.
Цяжка і небяспечна быць рускім манархістам у Расеі, а ўтульна ў Еўропе, напрыклад, у Польшчы…
У 1906 г. было пабудавана новае цаглянае дэпо на 4 паравозы і адміністрацыйны двухпавярховы будынак. На пачатку студзеня 1907 г. новая чыгуначная лінія Полацк - Сядлец здаецца ў пастаянную эксплуатацыю. Новы цагляны вакзал ў Лідзе пабудаваны да 1910 г. па тыповаму праекту. У Першую Сусветную вайну будынак лідскага вакзала згарэў, верагодна, разам з капліцай.
Фотаздымак Давіда Візуна з альбома "Вильно, Лида. 1891 и 1900 г."
Леанід Лаўрэш