Папярэдняя старонка: 2010

№ 42 (985) 


Дадана: 19-03-2020,
Крыніца: pawet.net.



№ 42 (985) 20 КАСТРЫЧНІКА 2010 г.


125 гадоў з дня нараджэння Алеся Бурбіса

БУРБІС Алесь (Аляксандр) Лаўрэнцьевіч - псеўданім Стары Піліп (20.10.1885, Вільня - 20.03.1922), палітычны дзеяч Бела-рускага нацыянальна-дэмакратычнага Адраджэння і тэатральны дзеяч. Адзін са стваральнікаў Беларускай сацыялістычнай грамады(1903), "Мейшагольскай рэспублікі" (1905), вязень Віленскай турмы (1914 - 1917), кіраўнік Маскоўскай арганізацыі Беларускай сацыялістычнай грамады (1917), консул Беларускай Народнай Рэспублікі ў Маскве (1918), (захаваўся дыпламатычны пашпарт А.Бурбіса ў архіве). Сябар першага ўраду Беларускай Народнай Рэспублікі (1918). Намеснік наркама замежных спраў БССР (1921). Стваральнік газеты "Савецкая Беларусь" (1920). Заснавальнік Таварыства Чырвонага Крыжа ў Беларусі. Актыўны ўдзельнік трупы тэатра І. Буйніцкага. Член ЦВК (1921 - 1922). Меў навуковыя працы, якія вызначылі дзяржаўную палітыку БССР у 20-я гады ХХ ст.


Алесю Шатэрніку - 70

16 кастрычніка свой сямідзясяты дзень народзінаў адсвяткаваў скульптар, жывапісец, сябра мастакоўскай суполкі "Пагоня" Алесь ШАТЭРНІК. Нарадзіўся ў г. Іванава (Расія). Скончыў Менскую мастацкую вучэльню ў 1964 годзе, у 1967-м - Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут. Працуе ў галіне станкавай і манументальна-дэкаратыўнай скульптуры і ў жывапісе. Сябра Беларускага саюза мастакоў з 1975 года. Творы знаходзяцца ў музеях краіны, Траццякоўскай галерэі ў Маскве, у Белым Доме (Вашынгтон, ЗША), арт-музеі "Цымерлі" (Нью-Джэрсі, ЗША) і ў прыватных зборах Італіі, Польшчы, Францыі.

Ён адзін з нямногіх беларускіх творцаў, якія на працягу свайго жыцця ніколі і ніяк ня здраджвалі беларускасці. Ён не проста ствараў вобразы беларускіх выдатных асобаў, гістарычных і сучасных дзеячаў культуры, а ён заўжды кожным сваім вобразам гарэў, калі ствараў яго. Таму яго творы заўжды кранаюць сэрца, кранаюць душу. Актыўны сябар ТБМ.

Аўтар помнікаў Рагнедзе, Усяславу Чарадзею, Тадэвушу Касцюшку ды многім іншым выбітным беларускім асобам, мемары-яльных шыльдаў для будынкаў, дзе была абвешчана Беларуская Народная Рэспубліка і дзе працавала першая навуковая ўстанова краіны - Інбелкульт, звона Свабоды марыць убачыць у цэнтры сталіцы галоўны твор свайго жыцця - скульптурную кампазіцыю, якая адлюструе шлях народа да сваёй незалежнасці.

Сакратарыят ТБМ, рэдакцыя газеты "Наша слова" шчыра віншуюць спадара Алеся з 70-годдзем і зычаць яму доўгіх гадоў і многіх твораў дзеля славы і велічы нашай Бацькаўшчыны - Беларусі.


55 гадоў Язэпу Палубятку

ПАЛУБЯТКА Язэп , беларускі грамадскі і палітычны дзеяч. Нарадзіўся 14 кастрычніка 1955 г. на хутары Боркі каля в. Дашкаўцы Мастоўскага раёна. Закончыў факультэт радыёфізікі і электронікі Белдзяржуніверсітэта. Працаваў на Мастоўскім раённым вузле сувязі, звольнены за палітычную дзейнасць. Пайшоў у незалежную журналістыку. Сябар БАЖ. Доўгі час выдаваў незарэгістраваныя газеты "Мастоўскі веснік" і "Мастоўскія навіны", восем месяцаў выдаваў тыднёвік "Тэлескоп", супрацоўнічаў з газетамі "Пагоня", "Наша слова", з "Газетай Слонімскай". Зараз працуе ў газеце ТБМ "Новы час". Пісьменнік. Піша ў асноўным прозу. Друкаваўся ў газетах "Літаратура і мастацтва", "Наша слова" часопісах "Маладосць", "Першацвет", "Вожык", "Родная прырода", "Крыніца", літаратурных альманахах. Актыўны сябар ТБМ.

Сакратарыят ТБМ, рэдакцыя газеты "Наша слова" шчыра віншуюць спадара Язэпа з 55-годдзем і зычаць яму плёну ды імпэту на ніве служэння беларушчыне.


Лічбы афіцыйныя і дакладныя

Старшыні

Грамадскага аб'яднання

"Таварыства беларускай

мовы імя Ф. Скарыны"

Трусаву А.

Аб выніках перапісу насельніцтва

Паважаны спадар Трусаў.

У адпаведнасці з Вашым пісьмом ад 3 верасня 2010 г. № 139 Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь паведамляе наступнае.

Па выніках перапісу насельніцтва Рэспублікі Беларусь 2009 года ў агульнай колькасці насельніцтва колькасць асоб, якія назвалі сваёй роднай мовай беларускую, складае 5058402 чалавекі. Колькасць асоб, якія размаўляюць па-беларуску штодзённа - 2227175 чалавек.

3 павагай,

намеснік Старшыні Е.І. Кухарэвіч.


АБ'ЯВА: ПАХОДЖАННЕ БЕЛАРУСАЎ І БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ

Рэдакцыя альманаха «Дзяды» праводзіць навукова-практычную канферэнцыю па пытаннях этнагенезу беларусаў і паходжання беларускай мовы.

Падстава канферэнцыі - абмеркаванне зборніка артыкулаў «Предыстория беларусов с древнейших времен до XIII века» (выдадзены ў Менску ў верасні 2010 г. на рускай мове, 544 стар., наклад 2 тыс.).

Запрашаем да ўдзелу навукоўцаў (гісторыкаў, культуролагаў, лінгвістаў, этнографаў і т.д.), а таксама іншых зацікаўленых асоб.

Артыкулы і тэзісы (артыкулы 10 - 20 старонак па 2000 знакаў, тэзісы 4 - 5 старонак), на рускай ці беларускай мове, дасылаць на адрас:

Менск-131, а/я-137, Тарас А.Е.

Галоўныя пытанні для абмеркавання:

- Якія этнасы былі продкамі беларусаў?

- Хто такія старажытныя ліцвіны і русіны?

- Калі і як паўстала Вялікае Княства Літоўскае?

- Як і калі паўстала беларуская мова?

Базавая гіпотэза.

Славянскі праэтнас ніколі не існаваў. «Славянства» - з'ява культурна-лінгвістычная, а не антрапалога-генетычная.

Беларусы - нашчадкі балцкіх плямёнаў (яцвягаў, дайнавы, прусаў, крывічоў, радзімічаў, дрыгавічоў і інш.), якія прынялі славянскую граматыку, а таксама хрысціянства славянскага абраду.

х х х

Дата канферэнцыі - 28-29 студзеня 2011 г.

Запрашэнні будуць пасланыя пасля знаёмства з тэкстамі. Заяўкі без тэкстаў не прымаюцца.

Удзел у канферэнцыі - за ўласны кошт удзельнікаў.

Артыкулы і тэзісы будуць надрукаваныя ў зборніку за кошт арганізатараў.


МОЎНАЯ СІТУАЦЫЯ Ў КРАІНАХ ЕС. ФІНСКІ ДОСВЕД

У канцы верасня 2010 г. я як намеснік старшыні ТБМ была ўключана ў групу ўдзельнікаў паездкі ў Фінляндыю, якая была арганізавана пад эгідай АБСЕ. У нашу дэле-гацыю ўваходзілі прадстаўнікі міністэрстваў юстыцыі, культуры і адукацыі, чыноўнікі з Цэнтра заканадаўчай дзейнасці і прававых даследаванняў, а таксама з Палаты прадстаўнікоў Рэспублікі Беларусь. Паездка ладзілася дзеля азнаямлення беларускай грамадскасці з моўнай сітуацыяй у краінах ЕС, дзе функцыянуе некалькі дзяржаўных моў.

Некаторыя звесткі з гісторыі і сучаснасці пра Фінляндыю

Фінляндыя - краіна, у якой заканадаўча замацавана дзве нацыянальныя мовы: фінская і шведская. 93 % насельніцтва складаюць фіны, каля 6% шведы, якія пражываюць большай часткай на паўднёвым захадзе краіны. Шведы пачалі заваяванне Фінляндыі ў 12 ст. У выніку 3-х крыжовых паходаў (1157, 1249-50, 1293-1300) яны заваявалі адпаведна паўднёва-заходнія, паўднёвыя і ўсходнія раёны краіны, дзе будавалі свае цвердзі. Пры пранікненні на Усходнюю Прыбалтыку шведам давялося супернічаць з наўгародцамі, якія таксама прэтэндавалі на гэты рэгіён. У 1323 г. паводле Арэхаўскага міру ўпершыню была вызначаная мяжа паміж Швецыяй і Ноўгарадам.

З сярэдзіны 17 ст. уз-мацнілася палітыка шведыза-цыі Фінляндыі, якая падчас кіравання караля Карла ХІ (1660-97) стала фактычна пра-вінцыяй Швецыі. У выніку ваенных падзей 1808-09 г. уся Фінляндыя была далучана да Расійскай імперыі як княства з саслоўным сеймам. Расійскі Часовы ўрад адразу пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 г. аднавіў аўтаномію Фінляндыі, страчаную пасля рэвалюцыі 1905-07 гг. Як вядома, спатрэбілася яшчэ колькі часу, каб краіна стала цалкам незалежнай і самастойнай.

Два дні незабыўных уражанняў

У Фінляндыю мы прыляцелі ўвечары ў аўторак 21 верасня. А назаўтра зранку ўжо былі запланаваныя розныя сустрэчы. Першай адбылася сустрэча ў Міністэрстве юстыцыі. Чыноўніца, якая курыруе пытанні афіцыйнага двухмоўя і займаецца іх юрыдычным упарадкаваннем, падрабязна расказала пра распрацоўку законаў, датычных моўнай сітуацыі, адказала на нашы пытанні.

У Фінляндыі за выкананнем Закона аб мовах (новы закон быў прыняты ў 2004 г.) абавязана сачыць Міністэрства юстыцыі. Дзеянне Закона распаўсюджваецца на ўсе сферы грамадскага жыцця: адміністрацыйную, ахову здароўя, адукацыю і г.д. Інфармацыйнае забеспячэнне таксама застаецца за Міністэрствам юстыцыі, яно ладзіць семінары і вучобы, абавязвае, каб сайты ўстаноў дзейнічалі на абедзвюх мовах. З мэтай дакладнага валодання сітуацыяй адзін раз за перыяд дзейнасці аднаго кабінета міністраў рыхтуецца справаздача пра прымяненне і выкананне моўнага заканадаўства. Гэта служыць інструментам парламенцкага кантролю, які са свайго боку кантралюе выкананне моўнага заканадаўства. Гэту справаздачу на сваім паседжанні разглядае канстытуцыйны камітэт парламента. На аснове такога разгляду могуць быць падрыхтаваны і ўнесены адпаведныя змены ў закон. Справаздача падаецца адзін раз у чатыры гады. Як правіла, шмат месца у ёй займаюць факты невыканання закона, але без канкрэтызацыі. Час ад часу пытанні ўзаемадзеяння афіцыйных моў набываюць значную палітычную вастрыню.

У самім Міністэрстве юстыцыі працуюць 3 чалавекі, чыімі непасрэднымі абавязкамі з'яўляецца кантроль за выкананнем моўнага заканадаўства. У дапамогу ім працуе дэлегацыя па моўных пытаннях. Такая камісія ствараецца ўрадам краіны і дзейнічае пры Міністэрстве юстыцыі як экспертная і кансультатыўная група. У яе працы бяруць удзел прадстаўнікі высокага ўзроўню з розных сфер грамадства: спецыялісты юрыспрудэнцыі, судовай сістэмы, мясцовага самакіравання, па міграцыі, грамадскіх арганізацый. Гэта дэлегацыя, як выказалася чыноўніца, з'яўляецца "дэмакратычнай рукой у грамадстве". Але гэта дэлегацыя не мае права рабіць некаторыя рэчы: не можа інтэрпрэтаваць законы; не можа быць апеляцыйнай (не прымае скаргаў); не можа брацца за справу аднаго грамадзяніна; не праводзіць расследаванне справы.

На якой мове рыхтуюцца і прымаюцца законы ў Фінляндыі? На стадыі праекта закон перакладаецца на другую мову і паступае ў парламент для разгляду і зацвярджэння. Як правіла, пераклад робіцца з фінскай мовы на шведскую.

Як праяўляецца двухмоўе ў адукацыйнай сферы? У пачатковай школе навучанне праводзіцца на роднай мове з абавязковым курсам другой мовы. Існуюць школы з навучаннем на фінскай і шведскай мовах. Дапускаецца меншая колькасць вучняў у шведскіх школах. Шведскія школы дзейнічаюць на поўдні і на захадзе краіны, у некаторых рэгіёнах іх няма. Таму ў такіх месцах бацькі загадзя вымушаныя выбіраць: ці яны пераязджаюць у рэгіён, дзе дзейнічае школа на шведскай мове, ці застаюцца на месцы і аддаюць сваё дзіця ў школу з фінскай мовай навучання (дзе абавязкова выкладаецца курс шведскай мовы).

Атрымаўшы адказы на найбольш хвалюючыя пытанні і задаволіўшы сваю цікаўнасць у Міністэрстве юстыцыі, наша група накіравалася на сустрэчу ў Шведскую асамблею Фінляндыі, грамадскую арганізацыю, партнёра па арганізацыі нашага візіту. Мы пазнаёміліся з дзейнасцю асамблеі, прадукцыяй, якую выпускае гэта арганізацыя. У штаце працуе 9 чалавек. Іх бюджэт напалову фінансуе дзяржава, частку сродкаў пакрываюць органы мясцовага самакіравання (як правіла, гэта добраахвотныя складкі з тых рэгіёнаў, дзе кампактна пражывае шведскае насельніцтва), а таксама дапамагаюць партнёры - фінляндскашведскія фонды і інш. Зараз Шведская асамблея працуе сумесна з дзяржаўнымі органамі над стварэннем праграмы развіцця двухмоўя ў Фінляндыі. Асноўная мэта такой праграмы - прапагандысцкая. Мяне асабіста ўразіў планавы бюджэт гэтай праграмы - 1,5 млн. еўра ў год. На нашай сустрэчы ў асамблеі прымаў удзел яе старшыня Генрык Лакс, які з'яўляецца дэпутатам Еўрапарламента і начальнікам кіравання даследчага інстытута Расіі і Усходняй Еўропы. Пасля мы хуценька наведалі дзяржаўную тэлерадыёкампанію. Тут нам паведамілі, што ў Фінляндыі дзейнічае дзяржаўны тэлеканал з вяшчаннем на шведскай мове па ўсёй краіне, а таксама пра тое, што існуе некалькі шведскамоўных радыёканалаў (у тым ліку і маладзёвы), дыяпазон вяшчання якіх ахоплівае тэрыторыю кампактнага пражывання шведскага насельніцтва.

Затым мы пабывалі ў адным з універсітэтаў Фінляндыі, дзе даведаліся пра тое, як на практыцы ажыццяўляецца двухмоўе ў ВНУ. У Фінляндыі функцыянуе 16 універсітэтаў, з іх тры - на шведскай мове, шэсць - двухмоўныя. З 1.01. 2010 г. дзейнічае Закон пра ВНУ. Фактычна кожны грамадзянін Фінляндыі можа цалкам скарыстацца сваім правам атрымаць вышэйшую адукацыю на нацыянальнай мове (фінскай або шведскай). Пры паступленні на працу і запаўненні вакансіі неабходна здаць экзамен на веданне нацыянальнай мовы. Чым вышэйшая пасада, тым лепшае веданне патрабуецца. Экзамен праводзіцца штомесяц Цэнтрам нацыянальных моў.

У гэты ж дзень нам удалося наведаць цвердзь Свеабарг (пашведску) ці Суоменліна (пафінску). (Дарэчы, наш перакладчык, які стала жыве ў краіне 20 гадоў, пераехаўшы з Расіі, падкрэсліваў, што лепш ужываць менавіта фінскую назву.) Цвердзь знаходзіцца на востраве, днём сюды наведваюцца турысты. А ўвогуле гэта жылы квартал, даволі прывабны для арэнды жылля, асабліва ўлетку. Параходзік з цэнтра Хельсінкі да цвердзі плыве 10 хвілін.

Назаўтра нас чакалі ў так званым малым парламенце, сучасным будынку, абсталяваным для працы камісій. На гэтай сустрэчы мы шмат што пачулі ўжо вядомае. Але была і новая інфармацыя. Так, мы даведаліся, што пры парламенце існуе спецыяльная група для афармлення розных дакументаў на шведскай мове. Візіт наш быў кароткі, бо далей шлях ляжаў у гарадок Расэборг, размешчаны прыблізна за 80 кіламетраў ад Хельсінкі. Нас прымалі мэр горада - у мінулым выкладчык - і яго памочніца. Нам расказалі, як на ўзроўні мясцовага самакіравання дзейнічае афіцыйнае двухмоўе. На практыцы атрымліваецца так, што, як адзначыў гарадскі кіраўнік, памочніца мусіць ведаць шведскую мову на больш высокім узроўні, чым ён. Бо менавіта ў яе абавязкі ўваходзіць афармленне ўсіх звестак для прэсы. Усе дакументы публікуюцца на абедзвюх мовах, а таксама размяшчаюцца на сайце мэрыі. На зваротным шляху мы наведалі Нацыянальны шведскі культурны цэнтр, а ўвечары нас чакала відовішча, а дакладней канцэрт папулярнай шведскай групы, дзе было жывое выкананне, відэакліпы і феерверк.

Кароткае падсумаванне

У пятніцу ў абед мы ўжо пакідалі Фінляндыю. Паездка атрымалася надзвычай насычанай у плане інфармацыі. Не буду казаць за ўсіх удзельнікаў, але для мяне асабіста стала больш відавочным наша адставанне ад Еўропы, у тым ліку і ў плане моўнага стандарту. Для нас засталося за кадрам, як змаглі фіны пасля некалькіх стагоддзяў моўнай шведскай экспансіі распаўсюдзіць сваю мову ва ўсе сферы грамадскага жыцця. А яшчэ, я падобраму пазайздросціла шведам: яны маюць у Фінляндыі такія магчымасці для развіцця сваёй мовы і культуры, якіх мы, беларусы, не маем у Беларусі. Наогул, я спадзяюся, што такія паездкі і азнаямленне з еўрапейскім досведам пабудовы сучаснага грамадства паспрыяюць таму, што і наш народ падыме сваю родную мову на належны, сапраўдны дзяржаўны ўзровень. І тады мы станем роўнымі з усімі еўрапейскімі краінамі.

Алена Анісім.


Выстава памяці Уладзіміра Кузьменкі

Беларускае таварыства палітвязняў і ссыльных г. Вільні арганізавала ў зале нацыянальных меншасцяў выставу працаў вядомага віленскага мастака Уладзіміра Кузьменкі, які памёр пяць под таму.

Уладзімір Міхайлавіч нарадзіўся 13 жніўня 1935 г. на Магілёўшчыне. Пад час Другой Сусветнай вайны ён разам з маці, сястрой і братам быў вывезены мемцамі ў канцэнтрацыйны лагер смерці Майданак, дзе вельмі пакутавалі ад нечалавечых здзекаў, голаду і холаду. Праз некаторы час немцы адправілі іх на прымусовыя працы ў Аўстрыю. Там таксама працягваліся здзекі, пакуты і цяжкая невыносная праца. Але ўжо набліжаўся Другі фронт з Захаду, і сям'я Кузьменкі была вызвалена амерыканскімі жаўнерамі. Праз некаторы час яны вярнуліся ў Савецкі Саюз, але не на радзіму, а на Украіну. Там яны пражылі 3 гады, адкуль падаліся ў Літву. Уладзімір трапіў у дзіцячы дом у Паброддзе, бо сям'я вельмі бедавала. Уладзімір скончыў школу ў Паброддзі і паступіў 18 гадовым юнаком у Менскую мастацкую навучальню, бо мастацтва яго цікавіла з дзяцінства, ён бачыў сябе ў будучым толькі мастаком. Навучальня закончана ў 1958 годзе, пачалася праца, але адчуўшы недахоп ведаў, Уладзімір паступае ў Беларускі дзяржаўны тэатральнамастацкі інстытут, які скончыў у 1965 годзе. Зноў працаваў у Беларусі, а потым вярнуўся ў Літву. У Літве Уладзімір раскрыўся як рознапланавы мастак, пачаў працаваць у розных жанрах. Яму лёгка даваліся партрэты і краявіды, нацюрморты і замалёўкі з паўсядзённага жыцця. Вельмі шмат увагі Уладзімір аддаваў старой Вільні і яе ваколіцам. Сёння толькі ў працах Кузьменкі можна ўбачыць зніклую і знікаючую Вільню. Пісаў Уладзімір алеем, алоўкам, акварэляй. Яго творы экспанаваліся на шматлікіх мастацкіх выставах у Літве і ў Беларусі, у іншых краінах. Шмат яго твораў сёння знаходзіцца ў музеях і ў прыватных калекцыях у Літве, Беларусі, Швецыі, Расіі, ЗША, Польшчы.

Творы на выставе ў Доме нацыянальнх меншасцяў выстаўлены з прыватных калекцый віленчукоў.

Уладзімір Кузьменка шмат часу аддаваў грамадскаму жыццю, ён афармляў беларускія святы, выступаў на імпрэзах, многа падарожнічаў. На адкрыццё выставы прыйшлі беларусы Вільні, літоўцы, сябры і знаёмыя мастака, прыехала са Швецыі знакамітая пісьменніца Інга Лундсквіст - дачка Уладзіміра, сястра.

Выставу адкрыў Валянцін Стэх, выступілі родныя, сябры. усе адзначалі яго талент, добрыя чалавечыя рысы, увагу да чалавека. Прысутныя агледзелі выставу і доўга яшчэ ішлі гутаркі каля карцін мастака.

Уладзімір Кузьменка памёр 19 чэрвеня 2005 года і пахаваны на Ліпоўскіх могілках Вільні, дзе на пярэдадні адкрыцця выставы сябры Віленскага таварыства палітвязняў і ссыльных усклалі кветкі на яго магілу, прамаўлялі пра яго жыццёвы і творчы шлях, пра дзейнасць мастака, а потым усе пайшлі ў Дом нацыянальных меншасцяў.

Выстава будзе дзейнічаць увесь кастрычнік месяц.

Павел Саўчанка, г. Вільня.



Літаратурны музей Максіма Багдановіча прапа-нуе новы праект: конкурс акравершаў "Зорка Венера ўзышла над зямлёю...", прысвечаны 120-годдзю з дня нараджэння Ганны Рафаілаўны Какуевай.

На конкурс прымаюцца літаратурныя творы, напісаныя ў тэхніцы акраверша і дасланыя на адрас музея да 16 студзеня 2011.

Намінацыі: "Лірыка кахання", "Натхнёныя Паэтам…"

Падвядзенне вынікаў і ўзнагароджванне пераможцаў - 16 лютага 2011 года, у дзень святой Ганны ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча (г. Мінск, вул. М. Багдановіча, 7а)

Адрас: 220029, г. Мінск, вул. М. Багдановіча, 7а, Літаратурны музей М. Багдановіча. Каардынатар праекта: Юлія Мацук


Вайцюшкевіч не абмінуў Магілёў

14 кастрычніка ў Белай зале Палаца культуры вобласці аматары беларускай музыкі і спеваў шчыра віталі Зміцера Вайцюшкевіча. Музыка быў запрошаны ў Магілёў клубам «Натхненне» і Магілёўскай гарадской арганізацыяй ТБМ.

Нягледзячы на пераезд з Мсціслава, дзе ў той дзень таксама адбылося выступленне, Зміцер не выглядаў стомленым - і як заўсёды пранікнёна і эмацыйна выконваў свае песні. Карэспандэнт Андрэй Ільеня падпяваў Вайцюшкевічу разам з магілёўцамі.

Праграма канцэрта «Беларуская песня», прысвечаная 80-годдзю славутага беларускага пісьменніка Ула-дзіміра Караткевіча, не магла не ўразіць. Зразумела, што ў гэты вечар гучалі кампазіцыі на вершы Уладзіміра Сямёна-віча. «Корчмы», «Архангелы», «Сніў я сон», «У жніўны дзень» - да меладычнай паэзіі Караткевіча музыка Вайцюшкевіча не толькі хораша дапасуецца, але і выдатна яе дапаўняе. Калі дадаць да гэтага чароўную экспрэсію выканаўцы, то застацца абыякавым амаль немагчыма.

Цягам дзвюх гадзін менскі музыка, малой радзімай якога, дарэчы, з'яўляецца Лідчына (горад Бярозаўка на Нёмане), спяваў не толькі песні, якія змясціліся на аўтарскай плытцы «Беларуская песня», - выдатна гучалі і добра знаёмыя кампазіцыі, напрыклад, «Танга з ружай». Нейкія вершы Зміцер проста чытаў. А яшчэ даваў магчымасць магілёўскай грамадзе адчуць сябе сапраўдным хорам, за што сам жа ёй і падзякаваў.

Не забыўся Вайцюшкевіч і пра Дзень маці. «Чалавек, які страчвае маці, змяняецца, ён не той, хто быў дагэтуль», - выказаў думку музыка, у якога ўжо год няма мамы. Пасля выканання песні пра самага роднага чалавека для кожнага, Зміцер толькі правёў пальцамі пад вачыма...

Але ўсё ж на канцэрце пераважалі жарты, усмешкі ды весялосць. Фінальнай песняй стала шырокавядомая «Бывай-це здаровы» на вершы Адама Русака. «Бывайце, сябры, - прамовіў на развітанне Зміцер Вайцюшкевіч, - усяго вам самага добрага!».

Андрэй Ільеня


Водгук на "Польскага кавалера" Аляксея Шалахоўскага

Слынны краязнаўца, літаратуразнаўца, гісторык культуры Беларусі, самаахвярны рушэнец Уладзімір Содаль усе свае кніжкі і вялікія памерам, і малыя, але заўсёды змястоўназахапляльныя, звычайна называе кніжачкамі. Вось жа, зыходзячы з такога дыскурсу, неабходна колькі ўхвальных слоў сказаць на адрас кніжачкі (20 старонак) "Польскі кавалер" менскага інтэлектуала, гісторыка, краязнаўцы, журналіста Аляксея Шалахоўскага, выдадзенай у гэтым годзе незалежнай выдавецкай суполкай "Шахплюс".

Як і ўсе кніжачкі Ул. Содаля, "Польскі кавалер" А. Шалахоўскага вызначаецца сваёй цэльнасцю і закончанасцю, але, чытаючы яго, бачыш яшчэ і перспектыву амаль на кожнай яго старонцы, бачыш заяўку, планпраспект на дыхтоўны цікавы том успамінаў і разваг. Тут кожная старонка настройвае на раскрыццё, на развіццё, тым больш, што на ёй змешчана многа цікавага матэрыялу пра запамінальныя падзеі і аб неардынарных людзях, да прыкладу, пра таго ж самага Уладзіміра Содаля. І няма сумневу, што такі том у недалёкім часе можа з'явіцца і мы, як кажуць, у поўны рост і ва ўвесь голас пабачым і пачуем літаратурна таленавітага, назіральнага, патрыятычна настроенага, сур'ёзнага, а часам і добра ўсмешлівага "Польскага кавалера" А. Шалахоўскага, якога сёння віншуем з ягоным 35ці годдзем з дня народзін і якому жадаем усяго самага найлепшага на ўсіх яго пуцявінах жыцця!

Паэт, публіцыст - Яўген Гучок

г. Менск


Летапіс эпохі ў "Лёсах"

Аляксандр Тамковіч - пра жыццё і сакрэты майстэрства

Кнігі Аляксандра Тамковіча - аповеды пра сучаснасць, запіс гісторыяў лёсаў сёняшнега дня, адбітак пульсу бягучага часу. Яго героі ўвойдуць ў падручнікі па найноўшай гісторыі Беларусі. Гутаркам уласціва адкрытасць і даверлівасць.

Асобы. Жанчыны. Будзіцелі. Інтэрвію, якіх не было (Журналісты). Лёсы. Лаканізм назваў сведчыць пра простае і адкрытае ўспрыняцце рэчаіснасці, выклікае давер.

Аляксандр Тамковіч даўно праявіў сябе выдатным майстрам палітычных партрэтаў. Яго нарысы былі з найлепшых матэрыялаў у газеце «Новы час».

Мужны аўтар, які па гарачых слядах, запісваў успрыняцце людзьмі такіх важных падзей як выбары 2006 года, Плошча. У шэрагах будзіцеляў аказалася моладзь, іх маці. З падачы Аляксандра Тамковіча яны выклікалі вялікую павагу і суперажыванне.

Зборнік "Жанчыны» склалі інтэрвію з нашымі слыннымі суайчынніцамі - жанчынамі, вядомымі ў Беларусі і за яе межамі. Яго суразмоўніцамі былі Святлана Алексіевіч, Наталля Гайда, Людміла Карпенка, Вольга Іпатава, Вера Страмкоўская, Ніна Стужынская, Кася Камоцкая - больш за два дзесяткі жыццёвых гісторый сабраў аўтар на працягу некалькіх гадоў працы над кнігай. Суразмоўцы распавялі Аляксандру Тамковічу пра свае захапленні, дасягненні, мужчын, дзяцей, пра ўласнае разуменне шчасця.. У новую кнігу "Лёсы" ўвайшлі партрэты Аляксандра Вайтовіча, Валерыя Фралова, Алега Трусава, Станіслава Шушкевіча, Аляксандра Мілінкевіча, Радзіма Гарэцкага, Алеся Бяляцкага і іншых.

"Як журналіст Тамковіч пісаў яркія і дакладныя каментары і браў захапляльныя інтэрвію, - піша ў прадмове да новага выдання А. Фя-дута,- у якіх вядомы людзі паўставалі з нечаканага боку. Магчыма, таму што Тамковіч бачыў у іх перш за ўсё людзей, потым - літаратараў, палітыкаў, артыстаў і музыкаў. А можа і таму, што для сваіх суразмоўцаў ён сам быў найперш чалавекам, і толькі потым - істотай, якая задае пытанні, узброіўшыся дыктафонам."

- Спадар Аляксандр, падзяліцеся, калі ласка сакрэтам, як Вам удалося заахвоціць суразмоўцаў на шчыры аповяд пра сябе?

- Сакрэт вельмі просты. Трэба паважаць і ўмець слухаць чалавека. Я запрашаю людзей у госці да мяне на канапу і распытваю іх проста пра жыццё. Потым я заўсёды пасылаю тэкст гутаркі маім героям. Экспромт ёсць экспромт, а чалавек можа і памыліцца. Палітыкі заўсёды разважаюць над сэнсам сказанага, бо хочуць быць грунтоўнымі і сур'ёзнымі. Безумоўна, мае нарысы суб'ектыўныя.

- І потым яны становяцца Вашымі блізкімі сябрамі і паплечнікамі?

- Так, сапраўднымі сябрамі. Гісторыя маіх кніг пачалася з таго, што аднойчы мы сядзелі на канапе з народнай артысткай Зінаідай Бандарэнка і я запытаў яе: " Зінаіда Аляксандраўна, пры Вашых талентах Вы моглі б заўсёды мець цёплае месца пры ўладзе і не турбавацца." Яна адказала: "Я не хачу пра палітыку, давай лепш я раскажу цябе пра жыццё." Яна і падала мне думку запісаць простыя чалавечыя гутаркі з вядомымі людзьмі. Ігар Лучанок, якой бы неадна-значнай асобай ён не быў, (у яго ёсць творы на вершы Карла Маркса і Зянона Пазняка) заслугоўвае пашаны хаця б за тое, што напісаў "Мой родны кут", які гучыць у метро.

Калі я пачынаў шукаць крыніцы, то мне іх не хапала. Артыкулы ў пазнейшай Энцыклапедыі Беларусі траплялі пад строгую цэнзуру. Там няма, напрыклад, інфармацыі пра тое, што Міхаіл Чыгір быў прэмьер-міністрам, Віктар Ганчар узначальваў ЦВК, а Уладзімір Ганчарык - прафсаюзы. Дапамог Алег Манаеў, які захоўваў газетны архіў 90-тых гадоў са звесткамі пра дзеячоў і палітыкаў найноўшай гісторыі Беларусі. Там я знайшоў і свае кароткія нататкі.

- Як Вы прымусілі працаваць калегаў-журналістаў?

- Я паслаў ім пытанні па электроннай пошце,фотакораў папрасіў даслаць фотаздымкі канткрэтнага памеру. Яны згадзіліся і прыслалі свае нататкі і здымкі. Некаторыя з інтэрвію не ўвайшлі ў кнігу, хаця насамрэч, журналісты добрыя і прафесійныя.

Журналісту не трэба паказваць, які ён круты, сур'ёзны, афіцыйны, напружаны, спяшаецца на "прэсухі". Гэта стварае бар'ер, які перашкаджае суразмоўцу гаварыць шчыра. Патрэбна зацікаўленасць, прыязнасць, усмешка, гумар. За мяжой людзі больш раскаваныя, часцей усміхаюцца адзін аднаму.

Мяне прыцягвае такі суразмоўца, як Радзім Гарэцкі. Але калі б я прасіў яго стазаць нешта важкае, напрыклад, пра ролю беларускай мовы, то не даведаўся б пра безліч захапляльных абставінаў вандраванняў яго сям'і, экспедыцый

- У многіх з Вашых герояў было цяжкое дзяцінства, але яны здолелі многага дамагчыся.

- Сапраўды, прадстаўнікі тых пакаленняў перажылі цяжкія выпрабаванні. Праз мяне прайшлі гісторыі 150 чалавек, усяго яны дамагліся сваёй працай, ніхто нічога не атрымаў на халяву. Прэмьер-міністр Міхаіл Чыгір быў выхадцам з хутара, Станіслаў Шушкевіч быў таксама простым хлопцам, а стаў спікерам.

-А якія ўспаміны з Вашага дзяцінства засталіся?

- Такія яскравыя мо-манты запамінаюцца на ўсё жыццё.

Юнацтва мае прайшло ў Ашмянах. Памятаю, як увечары ў парку разгортвалі белае палатно і глядзелі фільм "Неуловимые мстители". Мы і сябе адчувалі такімі авантурнымі героямі.

Яшчэ да гэтага часу ходзіць у горадзе гісторыя аб тым, як мяне пазбавілі залатога медаля. У школе я вучыўся добра, вучоба мне лёгка да-валася, па ўсіх прадметах былі пяцёркі, я мог паслухаць на ўроку настаўніка і ўсё запомніць з першага разу. Прачы-таў 12 тамоў Дзюма, любіў Вальтара Скота. Пісаў вершы і быў такім вясёлым паэтам. Але паводзіны былі незадавальняльныя. Я любіў хадзіць у клуб на танцы, часам пабіцца. Настаўнікі ў горадзе потым прыводзілі мяне як адмоўны прыклад, (такі быў прэцэдэнт): вось не будзеце спакойна сябе паводзіць, будзеце як Тамковіч, не атрымаеце свой медаль. Потым гэту гісторыю расказвалі маёй жонцы, яна таксама з Ашмянаў, залатая медалістка.

- Раскажыце, калі ласка, яшчэ пра сябе.

- Спачатку я хацеў быць гісторыкам, каб можна было шукаць, распытваць людзей. У 10-тым класе прызнаўся настаўніцы ангельскай мовы, што хачу стаць журналістам. Яна мне адказала: "Тады табе ўсё жыццё прыдзецца пісаць не тое, што ты думаеш." Пасля школы паступіў у інстытут халадзільнай прамысловасці ў Ленінградзе. Адтуль мяне ў 1982 годдзе забрылі ў войска. Служыў ў Запаляр'і, ў Севераморску.

Малодшы сяржант Та-мковіч напісаў палымяны верш пра прысягу. Мяне і старшага матроса Алега Лур'е, (потым - вядомы расійскі журналіст) запрасілі ў рэдакцыю. Мне параілі паступіць ў Львоўскае вышэйшае ваеннае вучылішча на факультэт журналістыкі.

Конкурс туды быў не-верагодны, бо ўдзельнічалі ў ім прадстаўнікі 22 вайсковых акругаў і 4-ох флатоў, была вялікая фільтрацыя, у выніку засталося 15 чалавек на месца.

Так я стаў вайсковым карэспандэнтам. У 1987 годзе ў званні лейтэнанта я прыехаў у Менск працаваць ў у газету "Во славу Родины".

У 1991 годзе адбыўся путч. Трох маладых карэспандэнтаў папрасілі напісаць кароткія нататкі ў падтрымку ГКЧП. Мы з сябрамі адмовіліся, і наадварот пайшлі ў кавярню і пілі піва за супакой душы ГКЧП. Праз тры дні путчыстам прыйшоў канец. Сакратар парткаму паклаў свой партбілет. Я гэтага не стаў рабіць, пакінуў на памяць.

У снежні 1991 мы з таварышамі звольніліся з войска і выйшлі са складу рэдакцыі.

У 1991 годзе я пайшоў працаваць ў газету "Свободныя новости". Васіль Зданюк быў камандзіраваны ў Польшчу, а я стаў адказным скаратаром. Час тады быў цікавы, ішло шмат разнастайнай і гарачай інфармацыі, людзі стаялі ў чэргах па газеты ля шапікаў.

У 2000 годзе стварыў газету "Дзень", потым вярнуўся ў " Свободные новости".

Выпаў з абоймы па прычыне хваробы. Зараз, дзякуй Богу, усё добра, зноў вярнуўся да працы. Жонка Ірына, хаця яна і тэхнар па адукацыі, працуе ў газеце "Звязда", робіць сайт, рэдагуе навіны.

- Дзе Вы сустрэлі сваю родненькую?

- У сваіх жа Ашмянах. Да яе прыехала сястра, і яна павяла яе паглядзець культурныя месцы, а потым - на ды-скатэку, там мы і пазнаёміліся. Гэта было ў 1987 годзе, у 1988 годзе мы ўзялі шлюб. Удзячны лёсу, што менавіта такая жанчына мне сустрэлася. Не кож-ная паводзіла б сябе так кла-патліва і самаахвярна, калі муж стаў інвалідам. Толькі праз паўтары гады пасля інсульту я змог выходзіць на вуліцу і ездзіць на працэдуры. Дапамог кітайскі лекар з іголкаўколваннем, яго методыка аказалася для мяне самай эфектыўнай.

Дачка пачала пісаць у 8-9 класе. Штуршком стала тое, што газета "Звязда" арганізавала рубрыку "Салон прыгажосці". Каця пачала для яе пісаць, я цікавіўся, - яна брала фактуру і апрацоўвала, такім чынам пачала зарабляць невялікія ганарары. Яна хацела стаць філосафам. Калі ў калі-ноўцаў 2006 года запытвалі, па якіх спецыяльнасцях яны хочуць вучыцца, то яна сказала, што яе цікавіць паліталогія і крышачку пісаць.Такім чынам яна патрапіла ў Варшаўскі ўніверсітэт на журналістыку. Каця працавала на Еўрапейскім радыё для Беларусі, потым перайшла на Белсат. У яе шырокі досвед, яна ведае інтэрнэт, радыё і тэлежурналістыку.

- Ці не шкада Вам Вашых герояў? Частка з іх пайшла ў палітыку і ахвяравала прафесійнымі інтарэсамі.

- Так. Але калі б не яны, то хто б уплываў на грамад-ства? Большасц з іх, якімі б пакручастымі не былі іх лёсы, ішлі на мужны ўчынак, рабілі свой выбар.

- Пра каго б Вы хацелі яшчэ напісаць?

- Працую над трыма праектамі. Працягваю пісаць нарысы для "Новага часу" пра актывістаў трэццява сектара. Хачу дадаць іх да "Асобаў" і выдаць у бібліятэчцы "Новага часу".У аснову другой кнігі лягуць размовы з дыпламатамі пра кар'еру, сям'ю, супрацоўніцтва, увойдуць каляровыя фотаздымкі з альбомаў. Важныя не толькі гутаркі без пратакола з самімі амбасадарамі , але і з іншымі прадстаўнікамі дыпламатычных місій ў Менску - консуламі, аташэ, дарадцамі. Два гады я працую над ёй, ужо зроблена 80% аб'ёму.

Трэццяя кніга будзе прысвечана хобі вядомых асобаў, што дапаможа паказаць іх у іншым ракурсе і прыцягнуць іншых прыхільнікаў аналагічных захапленняў. Мне цікава паказаць Мілінкевіча як моцнага гульца ў баскетбол, выклікае цікавасць, як Юрась Меляшкевіч гуляе на більярдзе, а Юрась Губарэвіч прафесійна робіць густоўныя кактэйлі.

А калі пра самае галоўнае, важна запісаць прадстаўнікоў старога пакалення, сведкаў гісторыі, бо час няўмольна ляціць наперад і трэба не згубіць каштоўныя успаміны, абрысы мінулага.

- Колькі часу траціцца на стварэнне кнігі? Ці лёгка даецца пошук сродкаў на выданне?

- Я ўпэўнены, хто апантана імгнецца ажыццявіць сваю задуму, шукае, запытвае, таму і Бог дапамагае, бо пад ляжачы камень вада не цячэ.

Гутарыла Э. Оліна

На здымках : А. Тамковіч і Іна Кулей, А. Тамковіч і У. Арлоў.

Прэзентацыя кнігі "Лёсы" адбудзецца 22 кастрычніка ў Менску на сядзібе БНФ у 17.00.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX