Папярэдняя старонка: 2010

№ 43 (986) 


Дадана: 19-03-2020,
Крыніца: pawet.net.



№ 43 (986) 27 КАСТРЫЧНІКА 2010 г.


200 гадоў з дня нараджэння Генрыка Дмахоўскага

ДМАХОЎСКІ Генрык Міхайлавіч (26.10.1810-26.05.1863), скульптар, дзеяч рэвалюцыйнага руху. Нарадзіўся ў шляхецкай сям'і ў Вільні. Іншыя крыніцы месцам народзінаў Дмахоўскага называюць маёнткі Забалацце Дзісненскага павету або Заблуддзе Браслаўскага павету. У 1828 г. скончыў прыродазнаўчы факультэт Віленскага ўніверсітэта. Удзельнічаў у вызвольным паўстанні 1830-1831 гг. Пасля задушэння супраціву эміграваў у Францыю, дзе браў удзел у падрыхтоўцы новага ўзброенага выступлення (партызанскай экспедыцыі Заліўскага). У межах згаданай экспедыцыі здзейсніў у 1833 г. няўдалую спробу прабіцца з аддзелам на Беларусь і аднавіць барацьбу з імперскімі ўладамі. Пазней пасяліўся пад імем Эмерыка Сандэрса ў Аўстра-Венгрыі, але быў арыштаваны за рэвалюцыйную дзейнасць і цягам 1834-1841 гг. знаходзіўся ў зняволенні. Пасля вызвалення выехаў у Парыж, дзе ўдасканальваў сваё майстэрства скульптара. У 1851-1861 гг. жыў у ЗША, пад псеўданімам Генры Д. Сандэрса набыў сабе славу выдатнага скульптара. Выканаў па замове адмыслова для будынка Кангрэса бюсты Дж. Вашынгтона, Т. Джэферсана, Б. Франкліна, Т. Касцюшкі. З 1861 г. на Радзіме. Займаўся скульптурным мастацтвам (найбольш значныя творы - помнікі Ул. Сыракомлю, Б. Радзівіл).

Удзельнічаў у падрыхтоўцы паўстання 1863 г. Калі яно пачалося, быў прызначаны камісарам Дзісненскага павету, неўзабаве стаў камандзірам аддзела інсургентаў. Загінуў у баі з карнікамі ля в. Парэчча Барысаўскага павету. Нягледзячы на нечаканы напад і гібель кіраўніка, большасць воінаў Дмахоўскага здолела прарвацца і з лясоў наводзіла жах на царскія ўлады.

Архіўныя дакументы дазволілі лакалізаваць месца пахавання нашага славутага земляка. Вядома, што фальварак Парэчча быў спалены ў вайну фашыстамі, і нават старажылы суседняй вёскі Бірулі не ведалі, дзе пахаваны Г. Дмахоўскі, таму што яны жылі ў савецкай Беларусі. Дапамагла праўнучка генерала Юзафовіча, што жыла ў вёсцы Несцяроўшчына. Юстына Пятроўна нагадала, што яна ў міжваенны час вучылася ў Докшыцкай гімназіі, адкуль штогод у траўні вучні з настаўнікамі рабілі пешыя вандроўкі і ўскладвалі на магілу кветкі. Пахаванне паўстанца знаходзіцца на поўнач ад вёскі Бірулі Тумілавіцкага сельсавета Докшыцкага раёна ў бярозавым гаі. На ім устаноўлены каменны крыж з выявай лучніка.

Магілу Г. Дмахоўскага можна пабачыць на карціне мастака Віктара Маркаўца, ураджэнца Докшыцаў.


125 гадоў з дня нараджэння Альбрэхта Антонія Радзівіла

РАДЗІВІЛ Альбрэхт (Антоні Альбрэхт Вільгельм Радзівіл; 30.10.1885, Берлін - 18.12.1935), палітычны дзеяч. Сын Ежы Фрыдэрыка Радзівіла (1860-1914), ардыната нясвіжскага і клецкага.

У 1906 скончыў Пажскі корпус у Пецярбургу. У 1914 атрымаў ва ўласнасць Нясвіжскую і Клецкую ардынацыі. Фінансаваў стварэнне польскіх вайсковых частак расійскай арміі, у 1917 - 1-ы польскі корпус Ю. Доўбар-Мусніцкага. Пасля абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі ездзіў у лістападзе 1918 разам з Р. Скірмунтам у Берлін і Швейцарыю забяспечыць ёй падтрымку. У лютым-кастрычніку 1919 падхарунжы 12-га палка польскіх уланаў. Пазней стаў адным з лідараў кансерватыўнага лагера красовых землеўладальнікаў, віца-прэзідэнтам Саюза абаронцаў «крэсаў усходніх». 3 1922 фінансаваў віленскую газ. «Slowo» («Слова»), дзе публікаваліся матэрыялы па гісторыі і сучасным стане Нясвіжа.

Англійскія газеты пісалі, што падчас з'езду ў Нясвіжы "красовых зуброў" з удзелам Юзафа Пілсудскага кандыдатура Альбрэхта Радзівіла разглядалася на пасад караля Польшчы. Альбрэхт Радзівіл памёр у Варшаве, пахаваны ў Нясвіжы.

Яго малодшы брат Леан Уладзіслаў (22.12.1886 - 8.4.1959) у 1935-39 быў апошнім ардынатам нясвіжскім і клецкім.


Дзень памяці Вялікага князя ВКЛ Вітаўта Вялікага

Вітаўт Вялікі (па-літ.: Vytautas Didysis; на латыні: Alexander Vitoldus; у хрыш-чэнні Аляксандар, нар. 1350, памёр 27 кастрычніка 1430 г.), папольску таксама вядомы як Witold, адзін з найславуцейшых кіраўнікоў сярэднявечнае Літвы. Князь Вялікага Княства Літоўскага ў 13921430 г. Сын князя Кейстута. Напачатку быў князем гарадзенскім, потым князем трокскім.

Калі польскія феадалы, выкарыстоўваючы Крэўскую унію 1387 г. і каранацыю вялікага князя Ягайлы на польскі трон, наважыліся падпарадкаваць сабе літоўскія землі, Вітаўт узначаліў супраць іх барацьбу патрыятычных сіл БеларускаЛітоўскай дзяржавы. З дапамогай рыцараў Лівонскага ордэна ён скінуў намесніка Ягайлы на літоўскі трон свайго дваюраднага брата Скіргайлу і пачаў кіраваць дзяржавай незалежна ад польскага караля. У выніку ўзброенай барацьбы, а потым кампраміснага пагаднення 1392 г. з Ягайлам літоўскія феадалы адстаялі сваю самастойнасць, а Вітаўт пажыццёва прызначаны гаспадаром (вялікім князем) ВКЛ.

Вітаўт праводзіў палітыку цэнтралізацыі дзяржавы і ўмацавання вялікакняскай улады. Да дзяржаўнага кіравання (удзел у соймах і радзе) ён далучаў вайсковаслужылы стан, за службу раздаваў шляхце землі. Вёў актыўную знешнюю палітыку.

Вёў пастаянную барацьбу супраць татараў, ачысціў ад іх усю тэрыторыю паміж Дняпром і Азоўскім морам і адтуль некалькі тысяч татараў перасяліў у Літву. У 1399 пацярпеў паразу ад Эдыґея на р. Ворскле, у выніку праваліліся яго планы панавання над усімі землямі Русі і Залатой Арды. Нягледзячы на гэта, Вітаўт захаваў кантроль БеларускаЛітоўскай дзяржавы над Паўночным Прычарнамор'ем.

Падпісаўшы пад націскам польскага кліру ў 1401 г. ВіленскаРадамскую, а ў 1413 г. Гарадзельскую уніі, Вітаўт фактычна даў католікам перавагі ў дзяржаўным жыцці краіны. Для раўнавагі ён заснаваў у Вялікім Княстве Літоўскім пасаду мітрапаліта незалежна ад Маскоўскай дзяржавы. Першым мітрапалітам праваслаўнай царквы Княства на Новагародскім саборы быў выбраны былы кіеўскі мітрапаліт Рыгор Цамблак.

Вітаўт значна пашырыў тэрытарыяльныя межы дзяржавы. У 1395 г. ён уключыў у склад сваей дзяржавы г. Смаленск.

У час Ґрунвальдскай бітвы 1410 г. Вітаўт узначальваў літоўскабеларускія войскі, якія былі асноўнай сілай у разгроме крыжакоў. Пасля гэтай перамогі паводле Мельнскай дамовы 1422 г. Вялікаму Княству Літоўскаму вернутая Жмудзь. За Вітаўтам БеларускаЛітоўская дзяржава дасягнула найбольшай магутнасці і памераў: ад Пскоўскай мяжы да Чорнага мора і ад Акі і Курска да Галіцыі.


Легенды Вялікага Княства

30 кастрычніка

Палац культуры ветэранаў (Я. Купалы, 21) 19.00

канцэрт-прэзентацыя дыска "Легенды Вялікага Княства" Прысвечаны: Дню памяці Вітаўта Вялікага! 600 - годдзю Грунвальдскай бітвы!

Удзельнічаюць:

TESTAMENTUM TERRAE, CORNUCOPIA, ЯВАРЫНА, Тэатр ДыГрыза, ГІСТРЫЁН, Кацярына Радзівілава і Алесь Чумакоў і іншыя.

Выступы рыцараў, сярэднявечныя танцы, конкурсы і шмат іншых цікавостак! Запрашаем на добры вечар сярэднявечнай музыкі і танцаў напярэдадні Дня ўсіх святых!

Даведкі: 6490888. Квіткі ад 15 000 да 25 000.

Кропкі продажу: пераход Я. Коласа, пераход ГУМ, Кастрычніцкая, Iron Dream і інш.


Прафсаюзы і беларуская адукацыя

Старшыні грамадскага аб'яднання

"Таварыства беларускай мовы

імя Францішка Скарыны"

Трусаву А.А.

Аб праблемах беларускай адукацыі

Паважаны Алег Анатольевіч!*

Па даручэнні Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Цэнт-ральным камітэтам Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, Установай адукацыі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі "Міжнародны інстытут працоўных і сацыяльных адносін" разгледжаны Ваш ліст аб праблемах беларускай адукацыі. Менавіта ў кампетэнцыю гэтых структурных падраздзяленняў ФПБ уваходзяць пытанні, якія ўзняты ў звароце.

Некаторыя выказаныя Вамі прапановы заслугоўваюць увагі і падтрымкі.

Накіроўваем адказы старшыні ЦК Беларускага праф-саюза работнікаў адукацыі і навукі Бойкі А.А. і першага пра-рэктара УА ФПБ "МІПСА" Сергіенкі Ю.П. на закранутыя Вамі праблемы.

Дадатак: на 3 л. у 1 экз.

Намеснік Старшыні

Федэрацыі прафсаюзаў А.С.Мікша.



Галоўнае ўпраўленне па грамадскай

рабоце апарату Савета Федэрацыі

прафсаюзаў Беларусі

Аб звароце А.А. Трусава

Цэнтральны камітэт Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі разгледзеў накіраваны на адрас Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі зварот старшыні Грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" А.А. Трусава.

Некаторыя з выказаных у дадзеным звароце прапаноў, безумоўна, заслугоўваюць увагі. А.А. Трусаў заклікае да структурнай перабудовы сістэмы адукацыі ў адпаведнасці з вопытам еўрапейскіх дзяржаў. Тым не менш, гэты вопыт грунтуецца на паступовым фармаванні ў гістарычнай пер-спектыве. Ва ўмовах асобнай дзяржавы нават да самых прагрэсіўных і бясспрэчных рэформ у адукацыі трэба ставіцца адказна, улічваючы падрыхтаванасць да змен усіх узроўняў нацыянальнай сістэмы адукацыі.

Галіновы прафсаюз падтрымлівае захады Міністэрства адукацыі па далучэнні нашай дзяржавы да Балонскага працэсу, што павысіць канкурэнтаздольнасць нацыянальнай сістэмы прафесійнай адукацыі на еўрапейскім рынку адукацыйных паслуг. Пазіцыя галіновага прафсаюза ў гэтым пытанні заўсёды грунтавалася на імкненні ўлічваць вопыт еўрапескіх дзяржаў дзеля рэалізацыі пераваг і мінімізацыі адмоўных з'яў Балонскага працэсу. На дадзеным этапе ў рамках Турынскага працэсу галіновы прафсаюз прымае ўдзел у маніторынгу развіцця палітыкі ў галіне прафесійнай адукацыі.

Прапановы адносна статусу педагагічных работнікаў, арганізацыі і аплаты іх працы, гендэрных праблемах сістэмы адукацыі, нягледзячы на суб'ектыўнасць выкладу, у большасці супадаюць з пазіцыяй галіновага прафсаюза, якая сістэматычна даводзіцца адпаведным органам дзяржаўнага кіравання, профільным парламенцкім камісіям.

У частцы пашырэння акадэмічных свабод у сістэме вышэйшай адукацыі галіновы прафсаюз уносіў свае прапановы пры распрацоўцы праекту Закона Рэспублікі Беларусь "Аб вышэйшай адукацыі", Кодэкса аб адукацыі. Праца ў гэтым кірунку працягваецца пры ўнясенні прапаноў у падзаконныя нарматыўныя прававыя акты.

Старшыня Цэнтральнага камітэта

галіновага прафсаюза А.А. Бойка.



15 верасня ў газеце " Наша слова " быў апублікаваны артыкул старшыні ТБМ імя Ф . Скарыны А . Трусава , да паседжання Кансультатыўна - каардынацыйнай рады пры Адміністрацыі Прэзідэнта па праблемах адукацыі ў Беларусі . Алег Трусаў вынесс на абмеркаванне рады шэраг прапаноў . Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі палічыла патрэбным адрэ - агаваць на выказаныя прапановы .



У Федэрацыю прафсаюзаў

Беларусі

Установа адукацыі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі "Міжнародны інстытут працоўных і сацыяльных адносін" актыўна выступае за стварэнне ў Рэспубліцы Беларусь эфектыўнай сістэмы забеспячэння якасці вучэбнага працэсу, дасягненне міжнароднага стандарту ў прафесійнай падрыхтоўцы спецыялістаў.

Міжнародны інстытут працоўных і сацыяльных адносін мае міжнародны сертыфікат сістэмы мэнэджменту якасці. Сертыфікат сведчыць, што нашая ВНУ адпавядае міжнародным стан-дартам якасці ISO 9001:2008. Міжнародны сертыфікат якасці прызнаецца ва ўсіх еўрапейскіх краінах і дае перавагу выпускнікам інстытута для далейшай працы за мяжой.

Інстытут выступае за далучэнне Рэспублікі Беларусь да Балонскага працэсу і падтрымлівае прынцыпы, выкладзеныя ў Балонскай дэкларацыі 1999 года, а менавіта, пераход на двухступеневую сістэму вышэйшай адукацыі (бакалаўрыят, магістратура), павышэнне акадэмічнай мабільнасці студэнтаў, выкладчыкаў і адміністрацыйна-кіраўнічага персаналу, забеспячэнне неабходнай якасці вышэйшай адукацыі, узаемнае прызнанне ква-ліфікацый і адпаведных дакументаў у вобласці вышэйшай аду-кацыі, рэалізацыя сацыяльнай ролі вышэйшай адукацыі, яго даступнасць, развіццё сістэмы дадатковай адукацыі, пераход да агульнаеўрапейскай адукацыйнай і даследчай прасторы і г.д.

Міжнародная дзейнасць інстытута праводзіцца ў на-ступных кірунках: арганізацыя навучання студэнтаў і аспірантаў, стажыровак супрацоўнікаў МІПСА за мяжой, прыцягненне міжнародных інвестыцый у развіццё інстытута, развіццё супра-цоўніцтва з Міжнароднай арганізацыяй працы, іншымі спецыялі-заванымі ўстановамі ААН і іншымі міжнароднымі арганізацыямі, правядзенне міжнародных навуковых канферэнцый і семінараў.

Інстытут актыўна развівае дзелавое супрацоўніцтва з замежнымі ВНУ, найболей паспяхова з вучэбнымі ўстановамі прафсаюзаў краін СНД (Масквы, Санкт-Пецярбурга, Кіева, Харкава). Інстытут з'яўляецца чальцом Міжнароднай асацыя-цыі вучэбных і навуковых устаноў па падрыхтоўцы кадраў для сферы сацыяльна-працоўных адносін, у якую ўваходзяць вучэбныя ўстановы Азербайджана, Арменіі, Грузіі, Малдовы, Расіі, Украіны, якія з'яўляюцца ўдзельнікамі Балонскага працэсу і дэкларацыі "Зона еўрапейскай вышэйшай адукацыі".

За межы Рэспублікі Беларусь для ўдзелу ў міжнародных мерапрыемствах выязджалі ў 2009/2010 вучэбным годзе больш за 80 студэнтаў. Каманды студэнтаў традыцыйна прадстаўляюць інстытут на самых прэстыжных-міжнародных конкурсах.

Інстытут актыўна вывучае досвед арганізацыі самастой-най працы ў ВНУ Эстоніі, Швецыі, Кіева, Санкт-Пецярбурга і актыўна выступае за павелічэнне долі самастойнай кіраванай пра-цы студэнтаў у ВНУ Рэспублікі Беларусь з мэтай павышэння якасці падрыхтоўкі будучых спецыялістаў. Таксама студэнты павінны мець магчымасць самастойна выбіраць набор дысцыплін і вызначаць іх змест.

У вучэбным працэсе выкарыстоўваюцца перадавыя мультымедыйныя тэхналогіі, маюцца кампутарныя класы (парадку 160 кампутараў) з выхадам у Інтэрнэт, лінгафонныя кабінеты з аўдыё- і відэатэхнікай. У бліжэйшай будучыні будуць укарэненыя відэалекцыі, якія звяжуць галаўны ВНУ з філіяламі ў Гомелі і Віцебску.

Інстытут актыўна падтрымлівае імкненні студэнтаў вывучаць замежныя мовы. Акрамя абавязковых заняткаў сту-дэнты маюць магчымасць наведваць факультатывы па замежных мовах. Студэнты, якія навучаюцца па спецыяльнасці "Міжна-роднае права", вывучаюць замежную мову на працягу 5 гадоў і атрымліваюць дыпломы з прысваеннем кваліфікацыі "юрыст-міжнароднік з веданнем замежнай мовы".

Тэндэрная праблема, закранутая аўтарам ліста, на наш погляд, таксама заслугоўвае ўвагі і моцны "перакос" у бок жанчын выкладчыкаў не ідзе на карысць любому калектыву ў т.л. і ВНУ. У нашым інстытуце працуе, да прыкладу, 64% жанчын выкладчыкаў і 36% мужчын.

Інстытут не з'яўляецца дзяржаўнай ВНУ, таму абавязковага размеркавання ў нас няма. Аднак мы падтрымліваем ідэю аўтара ліста аб абавязковым размеркаванні на прэстыжныя прадпрыемствы, арганізацыі толькі лепшых студэнтаў, і ўжо ўкаранілі гэтую ідэю ў сябе. Па выніках 2009-2010 вуч. года 5-ці лепшым студэнтам-выпускнікам выдатнікам мы прапанавалі для працаўладкавання шэраг прадпрыемстваў і арганізацый горада Менска ў т.л. апарат ФПБ. Некаторыя з іх былі працаўладкаваны. Гэтая ідэя выклікала і выклікае ў студэнтаў ажыўленую цікавасць.

Першы прарэктар Ю.П. Сергіенка.

(Пераклад з рускай мовы.)


Да еднасці хрысціянства

Хрысціянства - найвялікшая рэлігія свету. Ужо два тысячагоддзі святло хрысціянскай веры шырацца на Зямлі. Усе хрысціяне звяртаюцца да Святога Пісання, але прадстаўляюць яны розныя канфесіі католікаў, праваслаўных, пратэстантаў, уніятаў, старавераў.

Беларусь знаходзіцца на мяжы двух вялікіх хрысціянска-культурных рэгіёнаў - заходняга каталіцка-пратэстанцкага і ўсходняга праваслаўя візантыйскага тыпу. Таму ў нас і такая рэлігійная разнастайнасць і магчымасць плённага супрацоўніцтва ўсіх хрысціян Беларусі.

Так ужо за стагоддзі склалася, што хрысціянства мае шмат кірункаў, і амаль усе яны ў большай ці меншай меры прадстаўлены на Беларусі. Але мова ў нас адна - беларуская! І пытанне: як узносіць хвалу Богу - ці на сваёй роднай мове, ці на рускай, царкоўнаславянскай, польскай, лацінскай. Сумнення няма: трэба маліцца пабеларуску! Бог разумее ўсе мовы. То чаму рускі, паляк, немец, француз моляцца на сваёй мове, а мы часцей, па-руску ў царкве, па-польску (да нядаўняга часу у касцёле?).

У апошнія два дзесяцігоддзі, калі на Беларусі пачалося адраджэнне духоўнасці, каталіцкі касцёл шмат робіць для таго, каб у набажэнстве выкарыстоўвалася беларуская мова. Беларуская мова гучыць у кацёлах! Гэтага нельга сказаць пра царкву праваслаўную: там чуваць спрэс руская мова. Некалькі святароў, якія вядуць службу ў царкве па-беларуску, надвор'я ў Беларусі не робяць.

І яшчэ адна праблема - праблема ўніфікацыі тэкстаў Бібліі для хрысціянскіх канфесій Беларусі. Што нам дзяліць? Адзін Бог, адна вера. Зразумела, уніфікаваць тэксты Святога Пісання няпроста - дабіцца каб пераклад быў дакладны з тэалагічнага боку і гучаў пабеларуску. Не ўсё адразу. Не можа быць ілюзій, што будзе хутка дасягнута поўнае адзінства кананічных тэкстаў. Патрэбна цярпенне і ўзаемаразуменне, але да збліжэння ісці неабходна. Нам патрэбна на Беларусі Божае Слова неспаланізаванае і незрусіфікаванае. Няўжо не можам абысціся тут, на Беларусі, сваім, беларускім?

Вельмі шмат розначытанняў у католікаў і праваслаўных: Пан Бог - Гасподзь Бог, Троіца - Тройца, Езус - Ісус, Божае Нараджэнне - Ражджаство Хрыстова (а яшчэ язычніцкія Каляды) Ерузалім - Ерусалім, Камунія - Прычасце, пілігрым - паломнік і многія многія іншыя.

І ўсё ж шмат што робіцца. Вялікай ухвалы заслугоўвае праца каталіцкага святара Уладзіслава Завальнюка і невялікага калектыву выдавецкага цэнтра пры касцёле Св. Сымона і Св. Алены. За некалькі гадоў тут было выдадзена каля 50 выданняў рэлігійнага зместу у большасці на беларускай мове.

У пачатку ХУІ стагоддзя вялікі беларус Францішак Скарына сярод першых у свеце даў свой пераклад Бібліі на зразумелую народу мову. Ён творча падыходзіў да перакладаў: добра валодаючы мовамі, перакладаў царкоўнаславянскія, грэцкія, іудзейскія тэксты - з усіх тэкстаў ён браў тое, што яму найбольш падыходзіла, імкнучыся, каб "людемъ посполітымъ" было ўсё зразумела і даступна. Ён карыстаўся тэкстамі, як каталіцкімі, так і праваслаўнымі. Скарына ў свой час вырашаў тыя праблемы, якія сёння вырашаюць пановаму нашы тэолагі, мовазнаўцы, гісторыкі. Ва ўніфікаваным выданні Бібліі і іншых рэлігійных выданнях, хочацца верыць, павінна быць выкарыстанне сучасная беларуская літаратурная мова "без ніякіх напластаванняў з рэгіянальных дыялектаў" (А. Мальдзіс). Гэта мы ўжо і бачым, чытаючы пераклад Евангеля пад рэдакцыяй Уладзіслава Завальнюка. Захапляе і цешыць тая скрупулёзная і тытанічная праца, якую здзяйснае ксёндз Уладзіслаў Завальнюк. Каментуючы пераклад Евангелля на беларускую мову ў кнізе "Родная мова ў духоўным жыцці Беларусі", ён адказна і доказна аргументуе свой выбар на карысць таго ці іншага тэрміна, акуратны і абачлівы са словам. Вялікі яму дзякуй за духоўнае пастырскае служэнне беларусам, за кнігі хрысціянскай мудрасці, якія ён шчодра ахвяруе беларускім вернікам.

Я - настаўнік з вялікім педагагічным стажам, выкладчык беларускай мовы і літаратуры і магу адказна сказаць: выданні Святога Пісання патрэбны школе, патрэбны ў першую чаргу на ўроках гісторыі, літаратуры, мовы, а таксама ў пазакласнай выхаваўчай працы з вучнямі. Кніга Бібліі незаменны дапаможнік для настаўнікаў нядзельных школ пры храмах, і важна, каб гэтыя выданні былі на беларускай мове. Дзеці, якія веруюць, не зробяць зла іншым, яны адухоўленыя, маральныя, больш выхаваныя. Яны жывуць па Божых запаведзях, яны наша будучыня!

АлесьЧэчат, выкладчык беларускай мовы і літаратуры лінгвагуманітарнага каледжа УА МДЛК.


Уладыкоўская, Л. Як захаваць культурную самабытнасць?: Сучасныя нарысы да некаторых аспектаў праблемы

Кніга Любові Уладыкоўскай пад такой назвай прысвечана надзвычай важнай праблеме - як беларусам не згубіць свае нацыянальнакультурныя каштоўнасці ў сучасным свеце глабальнага размывання нацыянальных адметнасцяў, у беларускай сітуацыі ўзмоцненага працяглымі перыядамі гвалтоўных іншаземных уплываў і нацыянальнага заняпаду. На падставе міждысцыплінарнага навуковага аналізу культурнага развіцця многіх краін, а таксама практычнага матэрыялу, вывучанага аўтаркай падчас мэтавых вандровак па Еўропе і ЗША, уздымаецца актуальнейшая тэма мэтазгоднасці і шляхоў захавання культурнай самабытнасці беларусаў у сённяшніх умовах.

Кніга складаецца з некалькіх раздзелаў: "Ці актуальная самабытнасць у эпоху глабалізацыі?", "Вытокі і сутнасць беларускай культурнай самабытнасці", "Некаторыя пытанні культурнай палітыкі ў сферы захавання культурнай самабытнасці: унутраныя і знешнія аспекты", "З польскага вопыту культурнай палітыкі: стратэгія культурнага развіцця", "З амерыканскага вопыту культурнай палітыкі: захаванне культурнай спадчыны ў ЗША", "Некалькі слоў пра Вялікабрытанію".

У прадмове Любоў Уладыкоўская тлумачыць, чаму культурная самабытнасць выступае ядром сутнасці нацыі, абумоўлівае лад існавання ўсяго грамадства. Аўтарка звяртае ўвагу чытача на тое, што беларусам не трэба саромецца вучыцца і ўрэшце так арганізаваць сацыяльнае жыццё, як гэта робяць прадказальныя немцы, пабудаваць сістэму беларускага асветніцтва (і адукацыі ў прыватнасці) з такой павагай да творчага патэнцыялу асобы і трапяткой аховай усялякай культурнай традыцыі, як гэта ўмеюць і практыкуюць брытанцы (англічане, шатландцы, жыхары Уэльса і Паўночнай Ірландыі), шанаваць нацыянальную годнасць і ганарыцца сваёй культурай так, як гэта дэманструюць палякі.

Як піша Любоў Уладыкоўская, "Беларусь - не культурны мост паміж Захадам і Усходам, а тыпалагічна еўрапейская краіна з уласцівай ёй культурай, гісторыяй, ментальнасцю і іншымі асаблівасцямі, - і гэта пры тым, што адзінства Еўропы выцякае не так з інстытуцый еўрапейскіх, як са спосабу мыслення, сістэмы каштоўнасцей. Беларусам неабходна, папершае, жыць і працаваць у беларускім культурным кантэксце і ўсяляк супрацьстаяць нацыянальнаму нігілізму, падругое, не замыкацца на местачковай правінцыйнасці і адсталай замшэласці, як мага пашыраць свой кругагляд, знаёміцца з іншымі культурамі, сучасным светам. Неабходна не толькі вывучаць і адлюстроўваць гістарычнаэтнаграфічныя асаблівасці беларускай культуры, што было асабліва актуальным і апраўданым у X1X стагоддзі, але больш актыўна аналізаваць і сучасныя тэндэнцыі ў культурнай сферы, надзённыя працэсы міжкультурнага ўзаемадзеяння - з выхадам на практыку і перспектыву."

Любоў Уладыкоўская аналізуе некалькі асноўных сучасных канцэпцый нацый, асабліва засяроджваючыся на персаналістычнай, дзе нацыя параўноўваецца з асобай чалавека і павінна мець такія ж правы, слушна аргументуе перспектыўнасць у глабальным свеце нацыянальных культур і нацыянальнай ідэнтычнасці. Нельга не пагадзіцца з аўтаркай у тым, што " як бясспрэчная ўнікальнасць любой асобы , так бясспрэчнай з ' яўляецца і ўнікальнасць любой культуры . Культурная самабытнасць - гэта не што іншае , як назапашаная гістарычнатворчым досведам народа цэласная , гарманічная сістэма пэўных пазітыўных ведаў і вобразаў , дзякуючы якім пазнаецца ( і пераўтвараецца ) свет . Невыкарыстанне гэтай сістэмы, а тым больш - яе знішчэнне, дэманструе негатыўную, разбуральную, забойчую тэндэнцыю (зла). Культурная самабытнасць, выяўляючы сілу народнага патэнцыялу ў сацыяльнатворчай сферы, стварае магчымасць для гістарычнакультурнага разгортвання ўсёй панарамы нацыянальнага быцця, забяспечваючы фактычна не толькі сацыяльнакультурны прагрэс, але і само існаванне народу."

Пры самых розных падыходах да падтрымкі культуры ўсе развітыя краіны свету дэманструюць прадуманы, мэтанакіраваны клопат пра яе развіццё, уключаючы сістэму падатковых ільготаў для тых кампаній, якія ажыццяўляюць або фінансуюць культурныя праекты (асабліва што датычыць высокіх, элітарных пластоў культуры), актыўнасць грамадзянскай супольнасці, адказнасць дзяржавы за захаванне культурных здабыткаў і каштоўнасцяў.

Што датычыць знешняй і ўнутранай культурнай палітыкі Рэспублікі Беларусь, то тут Любоў Уладыкоўская выказвае цэлы шэраг канкрэтных канструктыўных прапаноў. Агульная ж канцэпцыя аўтаркі зводзіцца да таго, што ў сувязі са слабасцю грамадскага сектара ў эпоху рынкавай татальнасці і глабальнай уніфікацыі асноўны клопат пра захаванне культурнай самабытнасці, якая вызначаецца высокай духоўнасцю, і культурнай спадчыны беларускага народа мусіць узяць на сябе дзяржава. Яна павінна рэалізоўваць такую нацыянальную культурную палітыку, якая б грунтавалася на беларускай моўнай аснове і фундаменце глыбокіх народных традыцый, беларускай ментальнасці, узмацняла нацыянальную ідэнтычнасць. Дзяржава павінна ўсяляк садзейнічаць і заахвочваць развіццё творчых здольнасцяў асобы, дапамагаць творцам эканамічнымі і інтэлектуальнымі рэсурсамі.

Логікай сваіх разваг аўтарка даводзіць, што без стварэння натуральнага культурнамоўнага кантэксту і задзейнічання глыбіннага духоўнага пласта народнага патэнцыялу на фоне глабальнага сацыякультурнага ўзаемадзеяння беларуская нацыя можа трапіць у стан абсалютнай неканкурэнтаздольнасці і ніякі плённы міжкультурны дыялог на ўсіх узроўнях для яе стане немагчымым. У сённяшніх умовах гэтаксама небяспечным выступае і ўсялякае штучнае абмежаванне ў сферы сацыякультурнага абмену, міжкультурных камунікацый і т.п., бо яно пагражае звесці беларускі народ да ўзроўню адсталага, правінцыйнаместачковага, дапатопнага, выміраючага этнасу. Таму самае эфектыўнае рашэнне прадугледжвае гарманічнае ўзаемадапаўненне, з аднаго боку, стабільнага нацыянальнага ядра ў выглядзе беларускай мовы і беларускай культуры (наколькі магчыма, аўтэнтычнай, прафесійнамастацкай, духоўных традыцый і інш. - усяго, што ўваходзіць у сферу беларускай нацыянальнай культуры), з іншага боку, актыўны міжкультурны дыялог, у тым ліку развіццё беларускай гуманітарнай навукі і філасофіі ў кантэксце еўрапейскіх здабыткаў і сусветнага досведу, адкрытасць да засваення лепшага, павага да іншых культур, валоданне замежнымі мовамі і інш.

На думку даследчыцы, да распрацоўкі стратэгіі нацыянальнакультурнага і духоўнага развіцця Беларусі на бліжэйшыя гады неабходна далучыць прафесіяналаў розных галін гуманітарных ведаў, прадстаўнікоў грамадскіх і дзяржаўных структур, абавязкова выкарыстаць міждысцыплінарныя, сістэмныя падыходы, метады форсайту і інш. Выключна важным з'яўляецца дасканалае вывучэнне досведу іншых краін, найперш еўрапейскіх, бо беларуская культура з'яўляецца часткаю еўрапейскай хрысціянскай цывілізацыі. Паспяховым і магчымым для нашай акцэптацыі з'яўляецца ў першую чаргу польскі досвед (маецца на ўвазе як захаванне культурных здабыткаў, так і рэалізацыя стратэгіі далейшага культурнага развіцця). Велізарнае значэнне мае і выкарыстанне досведу брытанскага (невыпадкова інтэлектуальны патэнцыял становіцца самым магутным фактарам нацыянальнага развіцця), нямецкага і нават амерыканскага - апошні асабліва карысны сваёй полікультурнасцю, дынамічнасцю, інавацыямі.

Актыўнае ж далучэнне Беларусі да разнастайных культурных праграм Еўрасаюзу дазволіць ёй скарыстаць з досведу краінчальцоў, у якіх ужо даўно культура развіваецца ва ўмовах рынку, у адкрытым грамадстве. Мадэлі культурнай палітыкі там вызначаюцца пагадненнем запатрабаванняў рынку з удзелам высокай культуры, аховай нацыянальнай тоеснасці, а таксама - што ва ўмовах глабалізацыі вельмі істотна - аховай уласных рынкаў культуры.

Любоў Уладыкоўская прыходзіць да высновы, што пошук "залатой сярэдзіны" паміж поўнай адкрытасцю і некаторай нацыянальналакальнай замкнутасцю ў культурнай сферы ёсць ідэальным шляхам пры вырашэнні пытання культурнага развіцця, у тым ліку захавання культурнай самабытнасці.

Навуковымі рэцэнзентамі кнігі выступілі вядомыя беларускія філосафы Мікалай Крукоўскі і Уладзімір Конан, навуковым рэдакта рам - ксёндздэкан, пробашч Менскага касцёла Святога Сымона і Святой Алены Уладзіслаў Завальнюк. Кніга адрасавана выкладчыкам, навукоўцам, студэнтам, асветнікам, чыноўнікам і інш. - усім тым, хто любіць сваю зямлю, цікавіцца сучаснымі культурнымі працэсамі або па абавязку службы павінны дбаць пра культурнае развіццё сучаснага беларускага грамадства і нацыі ў цэлым.

Кнігу Любові Уладыкоўскай "Як захаваць культурную самабытнасць?" можна набыць у Чырвоным касцёле.

Наш кар.


Памяшканне для музея Васіля Быкава

22 кастрычніка ў Гарадзенскім гарвыканкаме выдадзены ордэр на памяшканне для грамадскага музея Васіля Быкава. Музей створаны мясцовай ветэранскай арганізацыяй, бухгалтарка якой Яўгенія Багданава атрымала ордэр разам з захавальнікам музейнага фонду Аляксеем Дземідовічам.

Паводле спадара Дземідовіча, пакой мае плошчу 25 квадратных метраў і знаходзіцца на адным калідоры з пакоем ветэранскай арганізацыі, дзе цяпер месціцца музейны збор. Зараз трэба вырашыць пытанне з арэнднай платай за новую плошчу - каб яна не была завысокая, і ветэраны маглі б яе плаціць, кажа ён.

Грамадскі музей Васіля Быкава знаходзіцца ў камяніцы пачатку ХХ стагоддзя на пешаходнай вуліцы Савецкай, 31. Пісьменнік пражыў у Гародні чвэрць стагоддзя, пасля чаго пераехаў у сталіцу. У горадзе над Нёманам ён напісаў "Жураўліны крык", "Трэцюю ракету", "Альпійскую баляду", "Мёртвым не баліць" ды іншыя свае вядомыя творы. Музей быў створаны пасля смерці Васіля Быкава ўлетку 2003 года.


У Белаазёрску ўшанавалі памяць Ніны Мацяш

На Берасцейшчыне ў горадзе Белаазёрску прайшлі першыя літаратурныя чытанні "Бабіна лета 2010" у памяць знакамітай паэткі Ніны Мацяш, зямное жыццё якой перапынілася два гады таму.

Вялікая зала гарадскога Дома культуры была амаль поўная. На імпрэзе прысутнічалі знакамітыя паэты з Менску і Берасцейскай вобласці, прыйшлі настаўнікі, вучні, землякі паэткі.

Яе шанавалі і любілі, ёю ганарыліся,- гаворыць кіраўнік Берасцейскага аддзялення беларускіх пісьменнікаў Іван Мельнічук, - Гэта дарагі нам чалавек, мы проста ганарымся тым, што ў нас былі такія людзі. Я б сказаў, што гэта ў міжнародным плане вядомы чалавек, яна шмат зрабіла перакладаў, 15 кніжак, каля 20 кніжак перакладаў пісьменнікаў розных краін. Гэта славутасць, якую нельга забываць.

Гучалі ўспаміны і вершы сяброў па пяру Ніны Мацяш: Анатоля Вярцінскага, Сяргея Панізніка, Алеся Разанава, Міхася Скоблы і іншых. Гучаў голас самой Ніны. Імпрэза доўжылася 3 гадзіны.

Ганна Васілевіч.



22 кастрычніка 2010 г. на 53-м годзе жыцця памёр гісторык Павел Лойка . Апошнія дні жыцця Павел Алегавіч знаходзіўся ў коме.

Павел Лойка нарадзіўся 12 ліпеня 1958 года ў Слоніме ў сям'і паэта, пісьменніка Алега Лойкі. Гісторык, кандыдат гістарычных навук. Працаваў у Інстытуце гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. З 1994 года - загадчык кафедры гісторыі Беларусі старажытнага часу і сярэдніх вякоў БДУ. Адзін з аўтараў, рэдактараў і складальнікаў школьных падручнікаў, навуковых зборнікаў і манаграфій па гісторыі.


Да 420-годдзя герба Ліды

За гармідарам "Дажынак" у Лідзе малазаўважанай аказалася яшчэ адна знакавая дата ў гісторыі горада. 17 верасня споўнілася 420 гадоў з дня атрымання Лідай Магдэбургскага права, а разам і гарадскога герба. З нагоды гэтага юбілею ў вежы Вітаўта ў Лідскім замку разгорнута выстава, прысвечаная павятовай геральдыцы і носьбітам яе шляхце Лідскага павету.

Сёння нам вядома больш за тысячу шляхочых родаў Лідскага павету, якія карысталіся больш, чым 110 гербамі. Нажаль, зза абмежаванняў матэрыяльнага плану выстаўлены пакуль 20 гербаў (плюс пяць на сценах замка) і 18 планшэтаў, прысвечаных найбольш выбітным родам, якія карысталіся гэтымі гербамі.

Пачынаецца экспазіцыя родаў з князёў Глінскіх, графаў Ільінічаў і князёў Радзівілаў. Асаблівая ўвага ўдзелена Алене Іванаўне Глінскай, дачцэ васілішскага старасты Івана Глінскага, вялікай княгіні маскоўскай, маці Івана Жахлівага.

Не абыдзены ўвагай роды Нарбутаў, Горскіх, Кастравіцкіх, Іваноўскіх, Пілецкіх, Урублеўскіх, Дамбавецкіх, Макрэцкіх, Догеляў, Ямантаў, князёў Друцкіх-Любэцкіх, графаў Тызенгаўзаў.

А колькі іх яшчэ засталося за кадрам. Князі Жыжамскія, якія па герархіі павінны ісці першымі Рурыкавічы, якніяк, князі Палубенскія Гедзімінавічы. Праўда і Глінскія Чынгізіды, калі верыць радаводам. Чакаюць свайго часу Белапятровічы, Шукевічы, Брахоцкія і многія іншыя.

Лідская шляхта складала 14 адсоткаў насельніцтва Лідскага павету, але населеных пунктаў, дзе яна жыла: двароў, засценкаў, ваколіц, асадаў і інш. на Лідчыне было больш, чым сялянскіх вёсак.

Падчас экскурсіі для міліцыі адзін з афіцэраў сказаў: "Ну, нарэшце, мы пазбаўляемся лапцяў і пачынаем паказваць сваю гісторыю такой, што і сабе ганарова, і перад дзецьмі не сорамна." Не паспрачаешся, нацыянальны гонар адна з умоваў паўнавартаснага існавання народа.

Наш кар.


Калі ты ў Наваградак трапіш...

(А. Міцкевіч)

Кожны, у чыёй душы жыве рамантыка, не праміне ў Наваградку зайсці ў дом Адама Міцкевіча. Уся яго творчасць прысвечана роднай беларускай зямлі, а вобразы яго паэзіі ўзяты з Наваградчыны ды іншых непаўторных у сваёй красе нашых краявідаў. У творах Адама Міцкевіча я пазнаю і вобразы нашых мясцінаў, людзей, іх тагачаснае жыццё. Сёння мы маем за гонар звацца землякамі наваградцаў, бо здавён наша мястэчка належала да Наваградскага ваяводства. І мы праз сваіх прашчураў далучаныя да славутай спадчыны, бо родам "зпад сэрца" Літвы. "Літвой" Адама Міцкевіча была Беларусь, а вузей - яго родная Наваградчына. Мы нашчадкі слаўных ліцьвінаў і Адама Міцкевіча.

Паэзія Адама Міцкевіча - загадка для нас, сёняшніх вучняў, бо ў школе з ёю амаль не знаёмяць. Упершыню я зацікавілася яго творчасцю, калі наш калектыў ад перакладчыка Сержа Мінскевіча атрымаў у падарунак "Крымскія санэты". А пасля мы захапіліся гісторыяй згуртавання філаматаў ды філарэтаў. І тут асоба Адама Міцкевіча вызначаецца асабліва яскрава і прывабна.

...Увосень 1817 года два студэнты Віленскага ўніверсітэта, Тамаш Зан і Адам Міцкевіч, якія ўжо рабілі свае першыя спробы пяра на літаратурнай ніве, надумалі заснаваць таемнае студэнцкае таварыства, каб аб'яднаць найбольш блізкіх сяброў па вучобе, што захапляліся літаратурай, філасофіяй, іншымі навукамі і ўвогуле праяўлялі ў нечым свае здольнасці. Мэтай згуртавання была ўзаемадапамога ў паглыбленні адукацыі, у творчым удасканаленні, грамадская праца для дабра зняволенай Айчыны. Такім чынам узнікла Таварыства філаматаў. А для таго, каб прывабіць моладзь, Зан арганізаваў згуртаванне, мэтай якога хаця б напачатку было толькі адно маральнае ўдасканаленне, не абцяжаранае навуковымі задачамі. Задуманую арганізацыю Тамаш Зан назваў - Таварыства прамяністых...

Хаця філаматы і філарэты даўно ўжо сталі легендай, наша цікавасць да іх значная і сёння. Іх дзейнасць - адна з найважнейшых і цікавейшых старонак гісторыі Радзімы. Каб лепш зразумець падзеі таго часу, мы з сябрамі і вырашылі наведаць Доммузей Адама Міцкевіча ў Наваградку. Бо жыццёвы шлях паэта - яскравае адлюстраванне лёсаў шмат каго з выбітных прадстаўнікоў беларускай шляхты.

Музей у Наваградку - гэта такое ўтульнае месца, што, здаецца трапляеш у быццам бы даўно забытае мінулае. Першае ўражанне, калі ступаеш на брукаванку двара - быццам ты быў тут калісьці, а потым у далечыні згубіў успаміны, і вось яны ажываюць, набываюць афарбоўку. І ты ўжо зліваешся з часам і сам Адам Міцкевіч нябачна крочыць побач, гасцінна расчыняючы дзверы пакояў.

Найбольш цікавыя экспазіцыі першых трох пакояў музея. Яны апавядаюць пра жыццёвы і творчы шлях паэта. Плаўна ліецца голас экскурсавода, а з партрэтаў пазіраюць вочы тых, хто быў побач з паэтам, падзяляў яго ідэі, яго захапленні. І сам паэт - на розных этапах жыцця. Аповед пра сяброў філаматаў значна пашырыў наша ўяўленне аб асобах, чые душы балелі за лёс Айчыны.

Між экспанатаў былі і такія, што прымусілі спыніцца, затрымацца. Побач з імі так хвалюецца сэрца, а душа напаўняецца надзеяй і разам з тым - светлым смуткам. Найперш, гэта абраз Божай Маці Вострабрамскай. І цудоўны партрэт Тадэвуша Касцюшкі. Знакаміты кіраўнік паўстання на ім такі малады, такі дзейсны. Ад яго зыходзіць такая энергетычная сіла, і разам з тым ён рамантычны, прыгожы, яркі! Мяркую, што гэта адзін з лепшых экспанатаў музея.

Вядома ж, у музеі ёсць і асабістыя рэчы Адама Міцкевіча, а таксама мэбля, што дае ўяўленне аб убранні шляхецкага дома ў ХІХ ст.

Асаблівую цікавасць выклікаюць і рукапісы паэта, старадрукі. Асаблівае месца ў музеі займае бронзавая копія помніка А.Міцкевічу, што ўстаноўлены ў Парыжы.

Хацелася б пажадаць гэтаму цудоўнаму музею шчаслівага лёсу . Бо гэта астравок нашай гісторыі, асвечанай цудоўнымі імёнамі землякоў, што жылі дзеля таго, каб жыла іх Радзіма. Гэта іх палкае жаданне непазбежна запаліць ў душы кожнага беларуса нязгасны зніч веры, што Беларусь будзе жыць. І каб гэты зніч не згас, трэба зусім нямнога: пачувацца ў любых жыццёвых абставінах беларусам! Гэта часам бывае няпроста! Але ж у цяжкія хвіліны роспачы можна зрабіць крок на вось такі астравок жывой беларускай гісторыі. І душа ізноўку ўстрапянецца і зацепліцца ў ёй агеньчык надзеі.

Кажуць, што музей - гэта застыўшая гісторыя. Мы з сябрамі лічым інакш: музей - гэта жывая гісторыя! І варта вывучаць яе і ў музейных сценах.

Мы зайзросцім тым вучням, што маюць магчымасць часцей наведваць музеі. Мы адарваныя адлегласцю ад многіхмногіх незвычайна цікавых мясцінаў нашай Беларусі. Мы імкнемся да іх, марым пабачыць на свае вочы. Для нас неабходна жывое, непасрэднае судакрананне з гісторыяй. Мы хочам ведаць усё аб сваёй Радзіме, каб давесці ўсяму свету, што быць беларусам - гэта вялікі гонар. І вялікая адказнасць: не запляміць здрадаю, няўдзячнасцю яе белага белага сумлення, на якім чырвоным полымем гарыць любоў да кожнага са сваіх дзяцей. Да кожнага з нас!

Крысціна Баравік, старшыня рады Гістарычна-патрыятычнага клуба "Спадчына", м. Дварэц Дзятлаўскага раёна.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX