Папярэдняя старонка: 2010

№ 46 (989) 


Дадана: 19-03-2020,
Крыніца: pawet.net.



№ 46 (989) 17 ЛІСТАПАДА 2010 г.

90 гадоў назад пачаўся Слуцкі збройны чын

85 гадоў з дня нараджэння Кастуся Акулы

Кастусь АКУЛА - адзін з самых вядомых беларускіх эмігранцкіх пісьменнікаў і грамадскіх дзеячоў. Сапраўднае імя Кастуся Акулы - Аляксандр Ігнатавіч Качан. Нарадзіўся ён 16 лістапада 1925 у даволі вялікай тады вёсцы Верацеі тагачаснай Глыбоцкай гміны Дзіснескага павету, а зараз Крулеўшчынскага сельсавета Докшыцкага раёна. Апроч Алеся, бацькі - Ігнат і Паўліна, мелі яшчэ восем дзяцей ды дванаццаць гектараў зямлі. Маці пісьменніка цяжка захварэла і памерла напрыканцы жніўня 1939 года, пахавана на цвінтары Росы ў Вільні. Бацька пасля вайны быў рэпрэсаваны па 58 артыкуле крымінальнага кодэксу СССР і загінуў у 1951 годзе ў канцлагеры каля Барысава.

Кастусь Акула (тады яшчэ Качан) скончыў напачатку польскую чатырохкласную школу ў Верацеях, пазней вучыўся ў савецкай сямігодцы ў Крулеўшчыне. У час нямецкай акупацыі ён скончыў кароткачасовыя настаўніцкія курсы ў Глыбокім і некалькі месяцаў працаваў у Порплішчанскай сямігодцы. Пасля ён пакінуў працу і паступіў у восьмы, апошні клас Віленскай Беларускай гімназіі.

Аднак яму так і не давялося скончыць гімназію. Перашкодзіла гэтаму тое, што ў часе адной з паездак у Менск ён быў схоплены і правёў тры месяцы ў канцлагеры на Камароўцы. Пасля вызвалення ён вярнуўся дамоў і ў чэрвені 1944 года паступіў дабраахвотнікам у школу камандзіраў Беларускае Краёвае абароны. У хуткім часе школа была эвакуявана на захад. Спачатку былі баі ў Эльзасе, потым французскае Супраціўленне, затым 2гі польскі корпус генерала Андэрса 8-й Брытанскай арміі. За баявыя подзвігі ў змаганні з фашызмам Кастусь Акула ўзнагароджаны медалём "За вайну", "Залатой Зоркай Італіі". У 1946-м годзе скончыў Брытанскую афіцэрскую школу і ў чыне капрала зноў вярнуўся ў Італію. Пасля дэмабілізацыі эміграваў у Канаду, дзе працаваў па кантракце на фермах.

Першай кнігай стала дакументальная аповесць "Змагарныя дарогі", у якой расказваецца пра баявы шлях навучэнцаў школы афіцэраў Беларускай Краёвай абароны ад эвакуацыі з Менску да сканчэння вайны. Другім творам пісьменніка стала кніга на англійскай мове "Tomorrow is yesterday", якая так і не была перакладзена на родную мову. Трэці твор - раман у трох кнігах "Гараватка", які быў напісаны ў 1965 - 1981 гг. Памёр К. Акула 29.01.2008 г.


Беларусізацыя пачынаецца з Гародні?

Як паведаміў прэсавы сакратар Гарадзенскага аблвыканкаму Віктар Жалез-няковіч, старшыня выканкаму Сямён Шапіра прапанаваў калегам выкарыстоўваць у працы беларускую мову. Гэта была вусная прапанова, зазначыў спадар Жалезняковіч. Афіцыйнага рашэння пра "беларусізацыю" няма.

Прэсавы сакратар таксама кажа, што дакументы ў выканкаме прымаюцца на беларускай і на расейскай мовах.

Сам Сямён Шапіра вядзе цяпер нарады на беларускай мове, паведаміў Віктар Жалезняковіч.

Радыё Свабода.


Свята беларускай мовы ў Магілёве

2 лістападаЎ Магілёве ў Доме дзіцячай і юнацкай творчасці «Эверэст» (праспект Дзімітрава, 65) адбылося мерапрыемства пад назвай «Дзень беларускай мовы і культуры». У гэты дзень установа адукацыі прыняла вучняў агульнаадукацыйных школ у лагер, які доўжыўся цягам тыдня асенніх канікул. Менавіта для школьнікаў і было зладжана свята беларускага слова. На сцэне залы свае здольнасці паказалі педагогі і выхаванцы «Эверэста».

Сыночку маленькі, ты ручку мне дай,

Цябе павяду я ў нязведаны край.

Мы пойдзем вузенькай мяжой удваіх:

Так мякка, нат крокаў не ўчуем сваіх,

Так мякка прыгожа, пахуча... аж рай!

Сыночку маленькі, ты ручку мне дай...

Такімі словамі вядоўцы Юлія Зубрыцкая і Уладзімір Бутраменка, апранутыя ў нацыянальныя строі, распачалі мерапрыемства. Яны сардэчна павіталі прысутных і далі магчымасць прадэманстраваць вучням Дома дзіцячай творчасці тое, што яны любяць і робяць з вялікім задавальненнем. Выхаванец студыі класічнай гітары «Рэнесанс» Віталь Куліш выканаў цудоўную песню на сваёй сяміструннай «сяброўцы».

26 студзеня 1990 года Вярхоўны Савет БССР прыняў закон "Аб мовах", паводле якога беларуская мова стала дзяржаўнай», - паведамілі вядоўцы факт з айчыннай гісторыі.

Выхаванкі студыі сучаснага эстраднага мастацтва «Стэп бай стэп» Валянціна Стральцова ды Вераніка Мазанік шыкоўным танцам пад беларускамоўную кампазіцыю прымусілі залу гучна пляскаць, не шкадуючы далоняў. Наступнымі былі нумары кіраўніка эстраднай студыі «Эрыдан» Сяргея Палікоты і яго выхаванца Яўгена Нікіфарава. Іх галасы не маглі не ўразіць наведвальнікаў лагера «Эверэст».

Далей Уладзімір Бутраменка прадставіў Наталлю Пратасаву - загадчыцу мастацкага аддзела ўстановы, якая на фартэпіяна выканала сусветна вядомы «Паланез» Міхала Клеафанса Агінскага.

Песня «Сэрца зямлі маёй» расейскага кампазітара Кіма Брэйтбурга напісана на рускай мове, аднак у кантэкст праграмы свята яна ўвайшла гарманічна. Калі да патрыятызму, якім пранізана кампазіцыя, былі дададзены вакальныя здольнасці С. Палікота ды Ю. Зубрыцкай, атрымалася цудоўна. Асабліва зыходзячы з кантэксту і мэты мерапрыемства.

Мова продкаў нашых і нашчадкаў -

Шэпт дубровы і пчаліны звон, -

Нам цябе ласкава і ашчадна

Спазнаваць ажно да скону дзён.

Па чужых краях не пабірацца,

Не аддаць цябе на забыццё,

Наша невычэрпнае багацце,

Наша несмяротнае жыццё!

Гэтымі словамі з верша паэта Генадзя Бураўкіна было скончана мерапрыемства.

Сапраўды, мову тытульнай нацыі трэба берагчы кожнай краіне, «як першабытныя людзі бераглі вогнішча, бо ведалі, што з яго знікненнем далейшае жыццё немагчыма» - менавіта такія словы прамовілі вядучыя падчас мерапрыемства.

- Мне падабаецца беларуская мова! Яе трэба абавязкова паважаць, бо гэта наша родная мова, - адзначыў наведвальнік лагера дзесяцікласнік Андрэй Башкееў. - Ужываю яе не толькі ў школе на занятках па беларускай мове і літаратуры. Таксама люблю чытаць вершы беларускіх паэтаў і слухаю беларускамоўныя песні.

Андрэй Ільеня


Увага! Конкурс!

ГА "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" абвяшчае Рэспубліканскі конкурс "Ведаем свой край!"

Мэта конкурсу: сабраць адметныя назвы, якія бытуюць у кожнай мясцовасці. Гэта могуць быць узгоркі, мясціны ў лесе, паплавы, балоты і інш.

Чаму мы хочам гэта зрабіць?

Сёння наша беларуская вёска трансфармуецца, змяняюцца людзі, адыходзяць тыя, хто памятае назвы мясцовых ручаёў, крыніц, лугоў. Таму вельмі важна зафіксаваць беларускую мікратапанімію як мага больш па тэрыторыі нашай краіны. Так, як гэта ўжо зроблена ў іншых краінах свету.

Што будзе далей з гэтымі звесткамі?

Сабраныя назвы будуць абагулены ў банк дадзеных. Іх можна будзе выкарыстаць пры найменні аграгарадкоў. Гэтыя назвы таксама могуць стаць назвамі новых брэндаў, фірмаў, прыватных сядзібаў і паселішчаў.

Акрамя таго, яны паслужаць асновай для навуковых даследаванняў.

Як збіраць назвы?

Трэба падысці да старэйшых карэнных жыхароў і запісаць іх аповеды пра мясцовыя назвы. Калі яны ведаюць, чаму так назвалі раўчук ці балота, таксама трэба гэта запісаць.

Дасылаючы нам матэрыялы на конкурс, пазначайце, у якім раёне, якім сельскім савеце, у ваколіцах якой вёскі, мястэчка ці горада існуюць запісаныя Вамі назвы. Указвайце, калі ласка, таксама прозвішчы, імёны і ўзрост людзей, ад якіх Вы запісалі інфармацыю.

Сабраныя матэрыялы разам з пазначэннем сваіх дадзеных просім дасылаць на адрас нашай арганізацыі з пазнакай: На конкурс.

Матэрыялы прымаем ад 1 снежня 2010 г. да чэрвеня 2011 г.

Падвядзенне вынікаў конкурсу і ўзнагароджанне пераможцаў (па выніках працы кампетэнтнага журы) мы правядзём у канцы верасня 2011 г.

Прыняць удзел у конкурсе можа кожны зацікаўлены чалавек, незалежна ад узросту і адукацыі.

Чакаем вашых лістоў на наш адрас: вул. Румянцава, 13, г. Мінск. 220034.


Віцебская абласная арганізацыя ТБМ падвяла вынікі агляду-конкурсу перыядычнага друку па ўжыванні беларускай мовы "З беларускім словам у жыцці"

Згодна з пастановай сакратарыяту ТБМ ад 9 лютага 2010 г. (гл.: "Наша слова", 17 лютага 2010 г.) Віцебская абласная арганізацыя правяла аглядконкурс перыядычнага друку па ўжыванні беларускай мовы " З беларускім словам у жыцці". Вынікі зацверджаны на пасяджэнні рады 30 кастрычніка.

Нагадаем, што мэтай аглядуконкурсу было заахвочванне рэдакцый да паўнавартаснага выкарыстання дзяржаўнай беларускай мовы на старонках газет, папулярызацыя беларускай культуры і гісторыі Беларусі; інфармаванне органаў улады, грамадскасці аб стане ўжывання беларускай мовы ў сродках масавай інфармацыі вобласці.

Аглядконкурс праводзіўся па трох катэгорыях:

абласныя, гарадскія газеты;

раённыя газеты;

недзяржаўныя выданні.

Пры падвядзенні вынікаў аглядуконкурсу ўлічвалася выкарыстанне беларускай мовы пры падрыхтоўцы матэрыялаў супрацоўнікамі рэдакцый, наяўнасць беларускамоўных публікацый творчага характару і літаратурных старонак, культура мовы, выступленні афіцыйных асоб на старонках газет пабеларуску, ужыванне беларускай мовы ў выступах у друку святароў, а таксама беларуская мова ў тэкстах віншаванняў, рэкламы і аб'яў.

У склад журы аглядуконкурсу ўваходзілі выкладчыкі ВНУ, настаўнікі беларускай мовы і літаратуры, прафесійныя журналісты, пісьменнікі, грамадскія дзеячы, кіраўнікі абласной арганізацыі ТБМ.

Была прароблена вялікая праца па вывучэнні і аналізе мовы друкаваных выданняў Віцебшчыны за перыяд з 1га красавіка па 1га кастрычніка 2010 г. Тут нялішнім будзе прыгадаць, што абласная арганізацыя ўжо праводзіла аналагічны аглядконкурс у 2009 годзе. Таму несумненную цікавасць уяўляла пытанне: што змянілася ў плане выкарыстання беларускай мовы ў рэгіянальных медыях за апошнія паўтара гады?

З прыемнасцю можна канстатаваць, што ў цэлым найлепшыя паводле моўных якасцяў газеты мінулага года пацвердзілі свае пазіцыі і зараз. Першае месца сярод раённых выданняў прысуджана "Браслаўскай звяздзе" (галоўны рэдактар - Казімір Пятушка) і Шумілінскай раёнцы "Герой працы" (галоўны рэдактар - Аліна Пятрова ). Не менш за 90% інфармацыі ў названых выданнях даецца пабеларуску. Адзначым адначасова, што, напрыклад, у "Браслаўскай звяздзе" на роднай мове пададзена рубрыка "Суботнім вечарам", афіцыйная інфармацыя раённага Савета дэпутатаў таксама пабеларуску. І, зразумела, сам сп. Казімір Пятушка друкуе ўласныя матэрыялы на мове тытульнай нацыі. Заўважым, што прафесійна валодаюць мовай і іншыя журналісты, у прыватнасці, В. Буланава, А. Набіева, З. Палулех. Газета часта выкарыстоўвае адметныя беларускія словы: Дзяўчаты … змаглі пазнаёміцца з маладымі вернікамі з іншых краін (7 жніўня).

У афіцыйным выданні Шумілінскага раёна таксама на высокім прафесійным узроўні выкарыстоўваецца беларуская мова. Звароты афіцыйных асобаў, святароў (у тым ліку і праваслаўных) падаюцца пабеларуску. І з пункту гледжання культуры мовы выданне адпавядае дастаткова высокім крытэрыям.

Другое месца прысуджана газетам "Родныя вытокі" (Докшыцкі раён, за рэдактара - Нэлі Бяляўская) і "Міёрскія навіны" (галоўны рэдактар - Леанід Матэленак). Важна, што тут выступы кіраўніцтва раёна, іншых афіцыйных асоб падаюцца, як правіла, таксама пабеларуску.

Трэцяе месца падзялілі шаркаўшчынская газета "Кліч Радзімы" (галоўны рэдактар - Эдуард Корсак) і "Пастаўскі край" (галоўны рэдактар - Фаіна Касаткіна). Усе выданніпрызёры карыстаюцца пераважна беларускай мовай. Паруску змяшчаюцца хіба толькі звесткі з банкаў, падатковых органаў, частка віншаванняў і рэкламных аб'яў.

Журы адзначае дастаткова высокі ўзровень ужывання беларускай мовы "Веснікам Глыбоччыны" (галоўны рэдактар - Ганна Капшуль) і "Дняпроўскай праўдай" (Дубровенскі раён, галоўны рэдактар - Лідзія Чапялова).У параўнанні з мінулым годам палепшылася сітуацыя з мовай у "Гарадоцкім весніку" (галоўны рэдактар - Андрэй Захараў). Прычым не толькі вырасла колькасць беларускамоўных публікацый, але і змянілася ў лепшы бок і іх якасць. Магчыма, гэта звязана з прыходам на працу ў газету маладых спецыялістаў Наталлі Балсуноўскай і Любові Шляйко (Сіманавай). Такая тэндэнцыя дазваляе спадзявацца на яшчэ большае пашырэнне роднай мовы на старонках выдання. У гэтым жа кантэксце адзначым і газету "Лепельскі край" (галоўны рэдактар - Уладзімір Шаўчэнка), дзе каля 60% публікацый беларускамоўныя. Асабліва хацелася б звярнуць увагу на працу журналістаў Васіля Матыркі і Святланы Сільвановіч.

На жаль, журы мусіць канстатаваць, што ў некаторых выданнях дзяржаўная беларуская мова прысутнічае ў мінімальным аб'ёме. Найгоршая сітуацыя ў лёзненскай раёнцы "Сцяг Перамогі" (галоўны рэдактар - Алена Ратнёва),чашніцкай "Чырвоны прамень" (галоўны рэдактар - Міхась Дзеравяга) і віцебскім раённым выданні "Жыццё Прыдзвіння" (галоўны рэдактар - Мікалай Кахно).

Разам з тым варта заўважыць, што па сутнасці ў кожнай газеце ёсць журналісты, якія прафесійна валодаюць беларускай мовай і пераважна падаюць свой матэрыял пабеларуску. Гэта, у прыватнасці, Анатоль Зінкевіч, Галіна Сутула, Алесь Жыгуноў з "Весніка Глыбоччыны", Фёдар Кулакоў з "Дняпроўскай праўды", Вольга Бандарэвіч з "Голаса Сенненшчыны", Сяргей Абрамовіч з "Нашай Талачыншчыны", некаторыя іншыя аўтары.

У намінацыі "абласныя і гарадскія газеты" было прынятае рашэнне пераможцаў не аб'яўляць, бо ніводнае выданне не вытрымлівае хаця б мінімальных патрабаванняў. Усе газеты, што выдаюцца, напрыклад, у Віцебску, карыстаюцца, за рэдкім выключэннем, рускай мовай, хоць фармальна лічацца двухмоўнымі. Тым не менш сярод гэтай катэгорыі выданняў вылучаецца ў лепшы бок "Полацкі веснік" (галоўны рэдактар - Вольга Часнавіцкая). Можна сказаць, што каля дваццаці працэнтаў інфармацыі тут падаецца пабеларуску. І выразна вылучаюцца прафесійным валоданнем мовай журналісты Аляксандр Замкоўскі і Вольга Гавяйновіч.

У апошняй намінацыі, сярод недзяржаўных выданняў, паза канкурэнцыяй зноў "Вольнае Глыбокае" (галоўны рэдактар - Уладзімір Скрабатун). Тут не толькі ўласныя матэрыялы, аналітыка даюцца пабеларуску. Але і рэклама, прыватныя абвесткі, віншаванні. Можа, таму і карыстаецца газета вялікай папулярнасцю, бо набыць яе не заўсёды проста. На жаль, паменела роднага слова на старонках іншага недзяржаўнага выдання - газеты "Віцебскі праспект" (галоўны рэдактар - Георгій Капылоў). Яшчэ год таму сітуацыя была іншай, а зараз нават матэрыялы на тэмы культуры часцей падаюцца паруску. "Вяршыняй" можна лічыць нумар ад 23 верасня 2010 года, у якім няма ніводнай (!!!) нататкі пабеларуску. І гэта пры тым, што ў нумары ёсць вялікі матэрыял пра абласную бібліятэку (!?). Магчыма, у рэдакцыі змяніліся моўныя прыярытэты.

І яшчэ адно важнае пытанне. Усе, без выключэння, газеты прапануюць праграму тэлебачання паруску. І гэта якраз той выпадак, калі цяжка выказаць нейкія прэтэнзіі да рэдакцыйных калектываў. Справа ў тым, што праграма перадаецца ў сродкі масавай інфармацыі ўнітарным прадпрыемствам "БелТА" толькі паруску. Віцебская абласная рада ТБМ звярталася да кіраўніка агенцтва сп. Дз. Жука з просьбай разгледзець магчымасць рассылкі ў рэдакцыі газет беларускамоўнага варыянту тэлепраграмы. Але ў атрыманым за подпісам першага намесніка генеральнага дырэктара УП "БелТА" сп. Луцкага адказе гаворыцца, што "аператыўнасць рассылкі тэлепраграм з'яўляецца галоўным фактарам, а пераклад патрабуе дадатковага часу, што непрымальна для большасці газет. Акрамя таго, затраты па перакладзе прывядуць да павелічэння кошту праграмы тэлеперадач…". Прымаючы пад увагу сказанае, Віцебская абласная арганізацыя разам з тым звяртаецца да кіраўніцтва цэнтральных органаў ТБМ з прапановай пасадзейнічаць са свайго боку ў пошуку магчымых шляхоў вырашэння названай праблемы. Бо адсутнасць беларускамоўных тэлепраграм ёсць прамое парушэнне правоў чытача на атрыманне інфармацыі на роднай мове.

Колькі слоў пра тыповыя памылкі. Зразумела, што выклікаюць цяжкасці канчаткі назоўнікаў другога скланення мужчынскага роду адзіночнага ліку ў родным і месным склонах. У родным склоне не заўсёды размяжоўваецца ўжыванне флексій а(я), у(ю) . Трэба: менеджмент у , прагрэс у , ветр у , торф у і з горад а , з Віцебск а , паводле падпісанага акт а . У месным склоне неабходна размяжоўваць асабовыя назоўнікі і неасабовыя. Асабовыя маюць канчатак у(ю), неасабовыя - е, і, ы : пры рэвізор у , пры чытач у , пры Андрэ ю , пры Міхас ю ; на дуб е , на аўтамабіл і , у продаж ы . Апошні прыклад выклікае ці не найбольшыя праблемы, бо ўжываецца назоўнік продаж бадай што часцей з канчаткам у , што зусім няправільна.

Таксама звяртае на сябе ўвагу выкарыстанне дзеепрыметнікаў. Намі зафіксаваная вялікая колькасць памылкова ўжытых формаў, якія дублююць рускамоўныя варыянты: падпісаўшыеся, пастарэўшыя, думаючы вучань, ідучы аўтобус і г.д. Правільна павінна быць адпаведна: якія падпісаліся; пастарэлыя, вучань, які думае; аўтобус, які ідзе . І не варта баяцца таго, што канструкцыя будзе больш доўгай, можа, часам падасца грувасткай. Гэта не мае ніякага значэння, калі гаворка ідзе пра захаванне літаратурных нормаў.

Тыповым недахопам на сінтаксічным узроўні з'яўляецца няправільная будова дастаткова распаўсюджаных словазлучэнняў. Так, пабеларуску нельга сказаць смяяцца над жартам, здзекавацца над чалавекам, жаніцца на аднакурсніцы, хварэць грыпам, пайсці за хлебам. Правільна будзе смяяцца з жарту, здзекавацца з чалавека, жаніцца з аднакурсніцай, хварэць на грып, пайсці па хлеб . Яшчэ адной тыповай памылкай з'яўляецца няправільнае выкарыстанне ступеняў параўнання прыметнікаў ці прыслоўяў: ён старэй жонкі на пяць гадоў, маладзей сястры на некалькі гадзін, больш дваццаці чалавек, зрабіў менш усіх . У беларускай мове ў падобных выпадках не можа быць беспрыназоўнікавай ці бяззлучнікавай канструкцыі. Таму ў прыведзеных спалучэннях павінна быць адпаведна: ён старэйшы за жонку на пяць гадоў, маладзейшы за сястру на некалькі гадзін, больш за дваццаць чалавек, зрабіў менш за ўсіх.

Узнікаюць пэўныя пытанні і адносна выкарыстання асобных лексічных адзінак. Так, намі зафіксаваны лексемы рэзультат, рабяты, свяшчэннік, веруючыя, харошы, выхавацель, дварэц культуры і г.д. Зразумела, што пабеларуску павінна быць вынік, дзеці ( хлопцы, дзяўчаты - у залежнасці ад сітуацыі), святар, вернікі, добры, выхавальнік, палац культуры . Памылковыя ўжыванні лексікі сведчаць не толькі пра непрафісіяналізм аўтараў, але і пра элементарную ляноту ці проста нежаданне паглядзець у слоўнік, выбраць патрэбную лексему. На гэтым фоне пакуль цалкам неверагодна ўявіць, што з мэтай захавання нацыянальнай адметнасці мовы газеты маглі б карыстацца сапраўды паказальнымі беларускімі назоўнікамі кшталту летнік, лецішча, мінак, уцякач, закладнік, сеціва, месціч і г.д.

Такім чынам, можна канстатаваць, што многія раённыя выданні Віцебшчыны выкарыстоўваюць на сваіх старонках у асноўным беларускую мову. Гэта, у першую чаргу, датычыць паўночназаходніх рэгіёнаў, дзе заўсёды адзначаўся больш высокі ўзровень валодання мовай насельніцтвам, а таксама друкаванага органа Шумілінскага раёна. На жаль, застаецца мінімальнай прысутнасць нашай роднай мовы на старонках гарадскіх і абласных газет (пэўнае выключэнне - "Полацкі веснік"). І з вялікім задавальненнем яшчэ раз канстатуем, што пабеларуску выходзіць папулярнае незалежнае выданне "Вольнае Глыбокае" , якое і карыстаецца заслужаным аўтарытэтам у чытачоў.

Мы шчыра віншуем пераможцаў, жадаем і надалей трымацца беларускага слова. Са свайго боку абяцаем безумоўную падтрымку кансультацыйнага характару.

Старшыня журы аглядуконкурсу,намеснік старшыні Віцебскай абласной арганізацыі ТБМ імя Ф. Скарыны

Юрась Бабіч.


Мовазнаўчы досвед

Шчыпай . " Нос і ву - шы заходзяцца ад калючых шчыпаёў . З вачэй слёзы вы-сякаюцца". (Полымя. 2010. №5. С. 75). Слова шчыпай не фіксуюць слоўнікі. Утврэнне ад слоўнікавага шчыпаць 'вы-клікаць адчуванне рэзкага калючага болю, свербу, спяко-ты і пад.' З выкарыстаннем суфікса -ай : шчып-ай . Параў-найце аднатыпныя ўтварэнні: звыкацца - звыч-ай (з чарга-ваннем к/ч ), урадзіцца > урадж-ай . (Падрабязней гл.: П.У. Сцяцко. Беларускае народнае словаўтварэнне. Мінск, 1977. С. 23) Вытворныя з фінальнай частакай -ай нярэдкія ў прозвішчах - беларускіх і іншых славянскіх: Папіхай, Нячай (ад не чаяти ), Ляжай, Чапай (ад яго - Чапаеў ) і пад.

Квятасты, квяцісты . "Квятасты касцюмчык на ім, кофтачка з кароткімі рука-вамі, шорцікі". (Полымя. 2010. №5. С. 80) Слоўнікі фіксуюць толькі другое слова - квяці-сты 'з узорам у кветкі' . На-ватвор квятасты ў творы знанага беларускага пісьмен-ніка Уладзіміра Ліпскага "Па-кланіся любові" мае анала-гічнае значэнне з слоўнікавым квяцісты , толькі словаўтваральны сродак тут іншы - суфікс -аст (квятасты) . Вытворных з -аст у мове шмат: вушасты, галінасты, грывасты, губа-сты, дзюбасты, лычасты, языкасты… Як бачым, пісьменнікавы наватвор квята-сты - натуральны дэрыват ад асновы квет- (квят-) , ён зда-тны папоўніць сінаніміку род-най мовы.

Руль, стырно . "Муж-чына сеў за стырно і паехаў па кальцавой дарозе". (Мала-досць. 2010. №8. С. 12). У "Тлумачальным слоўніку бе-ларускай літаратурнай мовы" (1996 г. і яго перавыданнях) другое слова загалоўнага шэ-рагу зусім не фіксуецца, а толькі руль . Між тым пяці-тамовы яго папярэднік (Том 5. Кн. 2. С. 360) засведчыў слова з двума значэннямі: "Стырно, -а. н. 1. Руль. 2. (перан.) Кніжн. Тое, пры дапамозе чаго кіру-юць. Наша партыя… узяла дзяржаўнае стырно ў свае рукі. Колас".

Да таго ж, стырно мае шэраг вытворных слоў: стыр-наваць ('кіраваць стырном') , стырнавы і стырнік ( 'чала-век, які кіруе стырном на караблі і пад.' ).

Не выпадкова лексема стырно набывае актыўнасць у сённяшнім нацыянальным друку. Словы стырно, стырнаваць, стырнавы, стырнік зафіксаваныя і ў нарматыўным даведніку "Слоўнік беларус-кай мовы. Арфаграфія. Арфа-эпія. Акцэнтуацыя. Словазмяненне". Пад рэдакцыяй акадэ-міка АН БССР М.В. Бірылы. - Мінск, 1987. С. 769.

Павел Сцяцко


Юрка Луцкевіч

Усім беларусам добра вядомы імёны братоў Луцкевічаў - Івана і Антона, заснавальнікаў адраджэнцкага руху за незалежнасць Бацькаўш-чыны, ініцыятараў абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. Гэтыя грамадскія і палітычныя дзеячы з'яўляюцца заснавальнікамі Беларускай Сацыялістычнай Грамады, Таварыства беларускай школы, а Антон - і аўтар Трэцяй устаўной граматы Беларускай Народнай Рэспублікі. Яны ж заснавалі і першую легальную беларускую газету "Наша доля", а потым і "Нашу ніву". Па іх ініцыятыве 1 студзеня 1919 года адкрылася Віленская бе-ларуская гімназія беларускі музей у Вільні. Іван Луцкевіч памёр рана, у 38 год. Антон Луцкевіч аддана працаваў да 1939 года, калі яго арыштавалі органы НКУС БССР. Пасля здзекаў і пакутаў Антон памёр у сакавіку 1942 года на перасы-льным пункце Аткарск Саратаўскай вобласці.

Справу дзядзькі і бацькі ўзялі ў свае рукі сыны Анто-на - Юрка (22.Х.1920-1992), і Лявон (17.Ш.1922-1997). Юрка і Лявон скончылі беларускую Віленскую гімназію і яшчэ ў маладым узросце ўключы-ліся ў беларускі незалежніцкі рух. І вось сёння 22 кастрычніка 2010 года таварыства палітвязняў і ссыльных г. Вільні на сваёй штомесячнай сустрэчы адзначала 90 гадавіну з дня нараджэння Юркі Луцкевіча.

Сябры Таварыства, а таксама родныя і блізкія Юркі Луцкевіча ўсклалі кветкі і паставілі свечкі на яго магіле, а потым сабраліся ў кватэры с-ні Анішчык, дзе распавядалі пра жыццё і дзейнасць, пра пакутны шлях беларускага змагара. Дачка Юркі распавядала пра малавядомыя старонкі жыцця бацькі часоў маладосці і ссылкі.

Юрка Луцкевіч нарадзіўся ў 1920 годзе ў сям'і палітычнага і дзяржаўнага дзеяча Антона Луцкевіча, які разам з жонкай - выпускніцай Сарбоны шмат увагі ўдзеляў выхаванню дзяцей. Юрка, як і малодшы Лявон, скончыў беларускую Віленскую гімназію, потым працягваў вучобу ў Віленскай тэхнічнай школе і ў Варшаўскай палітэхніцы. У канцы 30-х гадоў быў узяты ў польскую афіцэрскую школу. У верасні 1939 года трапіў у нямецкі палон.

Пад час Другой Сусветнай вайны Юрка працаваў на ніве адукацыі - быў дырэктарам беларускай школы ў Радашковічах, выкладчыкам беларускай мовы ў Баранавічах. Браў удзел у нацыянальным падпольным руху. Быў сябрам беларускай незалежніцкай партыі, а з 1944 года - афіцэр Беларускай Краёвай Абароны, удзельнічаў у падрыхтоўцы антынямецкага паўстання ў Менску ў канцы 1944 года, якое не адбылося. Пасля трапіў у Беларускі дэсантны батальён "Дальвіц" - войсковае фармаванне, створанае беларускімі нацыяналістамі Батальён быў арганізаваны ў ліпені 1944 г. у мястэчку Дальвіц ва Ўсходняй Прусіі пры нямецкай дыверсійна-выведвальнай школе. Батальён камплектаваўся з афіцэраў і жаўнераў Беларускай Краёвай Абароны пера-важна з сяброў Беларускай Незалежніцкай Партыі. У батальёне налічвалася болей за 200 чалавек. Беларускія вайскоўцы вывучалі падрыўную і сапёрную справы, тапаграфію, тактыку вядзення партызанскага бою, тыпы зброі.

Батальён рыхтаваў людзей для барацьбы з савецкай уладай на Беларусі, за стварэнне незалежнай Рэспублікі Беларусь. Ужо ў другой палове 1944 года на Беларусь было скінута з нямецкіх самалётаў некалькі атрадаў, груп і асобных дэсантнікаў "Дальвіца". Частка з іх была ліквідавана савецкай дзяржбяспекай, але частка перайшла да партызанскай дзейнасці. Гэтыя дэсантнікі атрымалі заданне ад кіраўнікоў БНП узняць у Беларусі антысавецкі партызанскі рух. У Белавежскай і Налібоцкай пушчах былі створаны партызанскія аддзелы, якімі кіравалі генерал Міхал Вітушка і Аўген Жыхар.

Вясной 1945 года Юрка Луцкевіч разам з намеснікам дэсантнага батальёна "Дальвіц" перабраўся ў Польшчу, дзе ў канцы таго ж года быў арыштаваны і асуджаны на 25 гадоў лагяроў "за здраду і супрацоўніцтва з ворагам". Зняволенне адбываў на Калыме. У 1957 годзе вярнуўся з лагяроў у Вільню, дзе жыў і памёр. Такі ж лёс напаткаў і брата Лявона.

Сябры і родныя Юркі ўспаміналі яго як добрага сябра, адважнага чуллівага чалавека. Апошнія гады Юрка браў актыўны ўдзел у беларускім жыцці Вільні, наведваў паседжанні, імпрэзы.

Памёр Юрка ў 1992 годзе.

Павел Саўчанка,

сябар Рады беларускага таварыства палітвязняў і ссыльных г. Вільні.


Чарговы нумар "Скарыніча"

У Маскве выйшаў чарговы нумар беларускага навукова-літаратурнага штогодніка "Скарыніч".Вып. 8-9. М.: Советскнй пнсатель, 2010.-287 с. Укладальнік Аляксей Каўка, каардынагар праекта Віктар Чайчыц.

Выпуск прысвечаны 1000-м угодкам летапіснае Літвы-Беларусі, а таксама беларускай прысутнасці ў маскоўскай (расійскай) прасторы, малазнаным старонкам з гісторыі нацыяна-льнага адраджэння.

Штогоднік выдаецца ўжо амаль двац-цаць гадоў, практычна з часу стварэння першага беларускага зямляцтва ў Маскве - Таварыства беларускай культуры імя Ф. Скарыны. Ён выходзіць на беларускай і рускай мовах і, як адлюстравана ў яго назве, працягвае справу вялікага беларускага першадрукара і асветніка Ф. Скарыны.

Цяперашні выпуск пацешыць новымі матэрыяламі ўсіх, хто цікавіцца гісторыяй і культурай Беларусі, расейска-беларускімі сувязямі.

Як падкрэсліваюць стваральнікі, клопат штогодніка - традыцыйны, скарынаўскі: каб чытач не стамляўся спасцігаць адвечны сэнс духоўнага прасвятлення - свайго асабістага і ўсёй маці-Беларусі.

Меркаваннем пераемнаспі ў дзеях народу абумоўлена падборка матэрыялаў у чарго-вым выпуску гадавіка. пад воклалкай якога суседнічаюць князі і людзі паспалітыя, каталікі і праваслаўныя, камуністы і нацыяналісты. Сло-вам, уяўляе нацыянальнае адзінства ў асобах Ягайлы і Вітаўта, Скарыны і Сапегі, Луцкевіча Ант. і Булата, Панамарэнкі, Машэрана і Пазь-няка. Не выпадала абмінунь зварот V з'езду Згуртавання беларусаў свету "Бацькаўшчына", дзеля нашага спаконвечнага "каб не ўмёрлі".

"Скарыніч" доўжыць тэму бсларускае пакутнае сваболы тэкстамі Фр. Аляхновіча ў рускім перакладзе (заахвочваючы расейскіх сяброў да цалкавітага перакладу "Кіпцюроў"), паказаннямі ў справе "Саюза вызвалення Беларусі", вершамі на Свабоду. Прысутнасць нашага чалавека ў маскоўскай прасторы, беларуска-літоўска-расейска-украінскія ўзаеміны ўвасоблены імёнамі В. Дуніна-Марцінкевіча, І. Насовіча. А. Твардоўскага - да сотых угодкаў паэта, П. Алейнікава, Ул. Сасюры, Г. Кісялёва, А. Вярцінскага, а раней Д. Дзябольскага, пля-мянніпы гімназійнага сябра Максіма Багдановіча Ніны Дзябольскай, перакладчыцы беларускіх паэтаў на рускую, французскую мовы.


Беларусам - беларускае, па-беларуску

Такую формулу рэалізуюць на Менскім хлебазаводзе №4 пры ўпакоўцы сваёй прадукцыі. На ўпакоўцы хлеба "Гальшанскі" гэтага завода няма ні аднаго небеларускага слова. Не толькі назва, а і ўсе тэхнічныя і тэхналагічныя назвы выканананы па-беларуску. І тэрміналогіі хапае, і ні адной арфаграфічнай памылкі. Усё ўмеем, усё можам, было б жаданне. На заводзе №4 жаданне ёсць, за што ім вялікая падзяка і павага.


Слуцкі збройны чын 1920 года

(Да 90-годдзя гераічнай старонкі беларускай гісторыі)

1. Значэнне Слуцкага збройнага чыну ў гісторыі станаўлення незалежнай Беларускай дзяржавы.

У гэтым годзе спаўняецца 90 год падзеям на Случчыне, якія ўвайшлі ў гісторыю Беларусі пад назвай Слуцкі збройны чын. Да апошніх дваццаці гадоў чытачы не ведалі пра падзеі 1920 года, яны замоўчваліся савецкімі гісторыкамі, бо выступ за незалежнасць насельніцтва Случчыны не ўкла-дваўся ў міфы аб усеагульнай падтрымцы савецкай улады насельнітвам ад самага пачатку рэвалюцыі і ўсеагульнай адмо-ве ад незалежнасці народаў дзеля стварэння суверэннай (фармальна федэратыўнай) савецкай рэспублікі. Савецкая цэнзура пільна сачыла за гэтым і выкрэслівала ўсё, ёй непатрэбнае. Таму і гістарычная навука выдавала кнігі ў неабходным у савецкай навуцы фарамаце, не згадваючы пра Слуцкі збройны чын.

Так, у савецкіх навуковых выданнях гісторыкі абапіраліся не ўспамінаць пра паўстанне на Случчыне ў 1920 годзе. так, у 3-м томе пяцітомавай гісторыі Беларусі, выдадзенай інстытутам гісторыі Акадэміі навук БССР (1973 г.) няма ніводнага радка пра Слуцкі збройны чын. Нават у "Нарысах гісторыі Беларусі" (1995 г., ч. 2) гаворыцца (па старых пазіцыях савецкіх гісторыкаў), што "ніякога паўстання ў Слуцку не было".

Разам з гэтай пазіцыяй, у нацыянальнай літаратуры ўпершыню ў кнізе А. Найдзюка "Беларусь учора і сяньня" (Менск, 1944) быў апісаны агульны ход падзей (на чатырох старонках), без дакладнасцяў і датаў. Аднак гэтая кніга была надзейна схаваная ад чытачоў (у Дзяржаўнай бібліятэцы БССР, у зачыненым фондзе і на рукі не выдавалася). Першым сярод беларускіх гісторыкаў пачаў даследаваць Слуцкі збройны чын быў аўтар гэтых радкоў, які яшчэ ў 1966 годзе ў апублікаваным дакла-дзе ўпершыню апісаў Слуцкі збройны чын. У 2005 г. ён выпучціў брашуру "Слуцкае паўстанне 1920 г. кнігу "Заходні фронт РСФСР. 1918-1920 г." на рускай мове, у якой цэлы раздзел прысвечаны Слуцкаму збройнаму чыну. Іншыя публікацыі, у тым ліку ў энцыклапедыях, коратка паўтара-юць гэтыя працы. Трэба так-сама адзначыць і зборнікі гістарычных дакументаў, у якіх апублікаваныя матэрыялы па Слуцкаму збройнаму чыну ў 2001 г. (перавыдадзены ў 2006 г.). У Расіі пра Слуцкі збройны чын увогуле не ведаюць, і толькі два месяцы таму назад наша апошняя кніга пра савецка-польскую вайну 1919-1920 гг. была накіравана ў Расію.

Частка накладу кнігі захавалася ў кнігарнях Беларусі. У кнізе сабраныя асноўныя звесткі пра Слуцкі зброй-ны чын 1920 года.

Слуцкі збройны чын (ці Слуцкае паўстанне) мела значны ўплыў у развіцці беларускай дзяржаўнасці. Бо на-род паказаў перш за ўсё неаб-ходнасць стварэння сваёй нацыянальнай дзяржавы, самастойнай і непадпарадкаванай сваім суседзям. Таму Слуцкае паў-станне 1920 г. з'яўляецца адной з галоўных падзей пачатку ХХ ст., так яно і разглядаецца ў беларускай нацыянальнай літа-ратуры. Нагадваць пра яго трэба, бо яно мала разгляда-лася ў газетах і кнігах.

2. Слуцкі павет у канцы расейска-польскай вайны 1919-1920 гг.

Слуцкі павет Менскай губерні быў адным з найбольш багатых паветаў. Ён адрозніваўся ўраджайнымі глебамі. У павеце пашыраўся нацыянальны рух, асабліва пасля 1917 г. і ў перыяд існавання Бела-рускай Народнай Рэспублікі ад сакавіка 1918 года.

Падчас расійска-польскай вайны 1919 1920 гг. Слуцк і павет былі занятыя польскім войскам, у жніўні 1919 года і да ліпеня 1920 года. Гэты пе-рыяд называўся перыядам "першай польскай акупацыі". У ліпені 1920 г., падчас наступу савецкіх войск на Варшаву, Слуцк заняты Чырвонай Ар-міяй.

У выніку разгрому савецкага войска пад Варша-вай польскімі войскамі ў жніўні 1920 года войскі Чырвонай Арміі адступалі назад, у Беларусь. У верасні - пачатку кастрычніка савецкія войскі, хаця і больш павольна, чым у жніўні, працягвалі адступаць.

Яшчэ ў лістападзе 1919 г. у Слуцку працаваў Беларускі Нацыянальны Камітэт (БНК) начале з сябрамі партыі беларускіх сацыялістаў-рэвалюцыянераў (эсэраў). Партыя беларускіх эсэраў была саюзніцай бальшавікоў у савецка-польскай вайне і стварыла свае партызанскія сялянскія атрады, якіх было болей, чым "чырвоных" партызанаў. Пасля ўступлення ў Слуцк частак Чырвонай Арміі ў ліпені 1920 года БНК быў зачынены бальшавікамі. Але ад лета 1920 года ў горадзе і павеце легальна працаваў камітэт партыі БПС-Р, бо партыя была саюзніцай бальшавікоў.

У перыяд заканчэння ваенных дзеянняў у пачатку кастрычніка 1920 года ўся тэрыторыя Слуцкага павету была знята польскай арміяй (да 18 кастрычніка), хаця паволе дагавора аб перамір'і і папярэдніх умовах міру (ад 12 кастрычніка) да Польшчы адыходзіла паўднёвая і заходняя часткі Слуцкага павету. У павеце размяшчаліся 11-я і 16-я польскія пяхотныя дывізіі. Такім чынам, у перыяд "другой польскай акупацыі" у Слуцкім павеце не было ні органаў савецкай улады, ні падпольнай бальшавіцкай арганізацыі, ні "чырвоных" партызанаў. Слуцкі рэўкам пераехаў у суседні Бабруйскі павет, у мястэчка Старыя Дарогі (50 кіламетраў ад Слуцка), каб адтуль вярнуцца ў Слуцк пасля адыходу польскіх войскаў, бо Слуцк знаходзіўся на тэрыторыі Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі паводле дагмовы ад 12 кастрычніка 1920 года.

А ў сталіцы Латвіі Рызе ўжо ішлі мірныя перамовы паміж урадавымі дэлегацыямі Савецкай Расіі і Савецкай Украіны. Дарэчы "ўрада-дэлегаты" ад УССР не ведалі ўкраінскай мовы, і ім дапамагаў складаць дакументы па-ўкраінску сябр польскай партыі сацыялістаў сябар польскай дэлегацыі Леан Васілеўскі (бацька пісьменніцы Ванды Васілеўскай).

Кіраўнік агульнай савецкай дэлегацыі Адольф Аб-рамавіч Ёфэ не дапусціў да перамоваў кіраўніка БССР Аляксандра Рыгоравіча Чар-вякова, сказаўшы яму, што калі савецкаму ўраду ў Маскве спатрэбіцца, дык савецкі бок перадасць усю "незалежную" Беларусь Польшчы, а таму А. Чарвякову няма чаго рабіць афіцыйна, а вось радцам савецкай дэлегацыі ён будзе. Такім чынам, падзел беларускай тэрыторыі і ўтварэнне Заходняй Беларусі ўскладзе Польшчы адбыліся без удзелу беларусаў.

Пачалася падрыхтоўка да вываду польскіх войскаў з тэрыторыі БССР. Польскія вайсковыя ўлады перадалі цывільную ўладу ў Слуцку і павеце Беларускаму Нацыянальнаму Камітэту, у якім значную ролю адыгравалі прыхільнікі генерала Булак-Балаховіча, цесна звазаныя з палякамі, на чале з лекарам Уладзімірам Пракулявічам, прыхільнікам саюзу з Польшчай супраць наступу бальшавікоў.

Была арганізавана беларуская міліцыя ў горадзе і вёсках з добраахвотнікаў для падтрымкі парадку ў колькасці (разам з рэзервам)" 5000 чала-век. На чале яе стаяў Янка Мацэлі з Беларускага Менскага рэзерву. А ў гэты час войска Булак-Балаховіча вяло баі ў Палессі з Чырвонай Арміяй.

Пасля ратыфікацыі па-пярэдняй мірнай дамовы савецкія і польсскія войскі павінны былі адыйсці да лініі новай мяжы і заняць пазіцыі на сваім баку, за 15 кіламетраў ад мяжы. Стваралася 30-ці кіламетровая нейтральная зона, куды войскі абодвух бакоў заходзіць не мелі права, або зрэдку заходзілі з дазволу другога (польскага ці расейскага) кіраўніцтва.

У валасцях Слуцкага павету замест прызначаных польскімі ўлададмі войскаў былі створаны Беларускія Нацыянальныя Камітэты. Такія ж камітэты былі створаныя і ў вёсках. У гэтых камітэтах вялікую ролю адыгравалі бела-рускія эсэры.

Былі праведзены выбары на з'езд Случчыны: па 5 прадстаўнікоў ад кожнай вола-сці і па 1 дэлегату ад беларускіх культурна-асветніцкіх гур-ткоў.

3. З'езд Случчыны і Рада Случчыны.

А на Заходнім фронце Чырвонай Арміі польскія войскі працягвалі наступ у цэнтр Беларуі. У Рызе ішлі перамовы аб заключэнні кан-чатковага мірнага дагавору паміж Польшчай і савецкімі Расіяй і Украінай. Савецкі ўрад у Маскве намагаўся хутчэй даключыць мір, бо Чырвонай Арміі была пастаўлена задача да пачатку зімы разграміць белую армію генерала Ўрангеля і заняць Крым. А для гэтага былы патрэбныя дадатковыя войскі. Польскі ўрад таксама імкнуўся да заключэння міру, бо вайна выклікала напружанасць у краіне, ды і страты ў людзях адчуваліся.

Прадстаўнікі беларускіх эсэраў у Слуцку і на Случчыне займалі незалежніцкія пазіцыі ў дачыненні, як да Польшчы, так і да Расіі. Яны вырашылі склікаць з'езд Случ-чыны, каб усталяваць беларускую легальную ўладу. Былі праведзены выбары на з'езд.

Першы беларускі з'езд Случчыны адбыўся 14 лістапада 1920 года а 12-й гадзіне дня у багата прыбранай зале дома Эдварда Вайніловіча (фундатара Чырвонага касцёла ў Менску). На з'езд сабраліся 107 дэлегатаў ад Слуцка, 15 валасцей Слуцкага павету і беларускіх культурна-асветніцкіх гурткоў з правам пастанаўляючага голасу і 10 дэле-гатаў з правам дараднага голасу. З'езд працягваўся да 10 гадзін вечара 15 лістапада. Пана-ваў святочны, прыўзняты і ўсхваляваны настрой. У зале віселі беларускія нацыянальныя і дзяржаўныя бел-чырвона-белыя сцягі.

Кіравалі з'ездам беларускія эсэры-інтэлігенты сацыялістычнага кірунку, якія абапіраліся на беларускае сялянства. Старшынём з'езду быў абраны Васіль Русак, а віца-старшынём Уладзімір Пракулевіч. Выступіў Павел Жаўрыд, які прачытаў дэкрэт эміграцыйнага ўраду БНР аб прызначэнні яго камісарам Случчыны.

На з'ездзе выступілі дэлегаты ад дзвюх груповак - прыхільднікаў генерала Булак - Балаховіча, якія прапанавалі далучыцца да арміі генерала, што ваявала ў Палессі. Аднак прыхільнікі генерала былі ў меншасці: значна больш было прыхільнікаў эсэраў, якія патрабавалі выступіць самастой-на пад сцягамі БНР. Як сведчыць газета "Беларускае слова" (Гародня) ад 30 лістапада 1920 г. з'езд Случчыны прыняў рэзалюцыю аб мабілізацыі для самаабароны ад бальшавікоў і аб пачатку збройнай барацьбы.

14 лістапада 1920 г. з'езд Случчыны выбраў Раду Случчыны Беларускай Народнай Рэспублікі (інакш Беларус-кую раду Случчыны) у складзе 17 чалавек. Яна лічылася паўнамоцным часовым урадавым органам Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР) на тэрыторыі Слуцкага павету да выбараў беларускага Устаноўчага сойму. Яна і стала палітычным органам кіраўніцтва Слуцкім збройным чынам. У склад Рады Случчыны бло абрана 17 сяброў на чале са старшынём Уладзімірам Пракулевічам. Кандыдатамі ў сябры Рады былі абраны 5 чалавек.

У скаладзе Рады Случчыны было 8 беларускіх эсэраў на чале з У. Пракулевічам. Былі і прыхільнікі Булак-Балаховіча, а таксама нейтральных груп.

У наступны дзень пасля закрыцця з'езду - 16 лістапада - Рада Случчыны прыняла рашэнне аб пачатку паўстання. Дэлегаты з'езду раз'е-халіся, каб рыхтаваць узброены выступ і збіраць атрады: сябры Рады займаліся арганізацыяй розных цывільных устаноў.

21 лістапада Слуцкая Рада выдала дэкларацыю, якая заклікала сялянства на барацьбу "за незалежную Беларусь у яе этнаграфічных межах" і за "інтарэсы сялянства".

Пазней, у мястэчку Семежава, гэтая дэкларацыя была пашырана.

4. Слуцкая брыгада.

Пры актыўнай патрыятычнай пазіцыі і падтрымцы сялянства і гараджан Слуцка "вайсковая тройка", вылуча-ная Радай Случчыны (Жаў-рыд, Анцыловіч, Мацэлі) здолела за тры дні сфармаваць з добраахвотнікаў ў Слуцку і павеце 1-ю Слуцкую брыгаду стральцоў войскаў Беларускай Народнай Рэспублікі. У 1-ы стралковы полк Слуцкай бры-гады ўступілі не толькі жыха-ры Слуцкага павету, а таксама партызаны і дэзерціры-чырво-наармейцы з Бабруйскага павету.

Камандзірам 1-га палка Рада прызначыла былога капітана расійскай арміі Паўла Чайку, эсэра, які з 31 ліпеня да 11 кастрычніка 1920 г. (пры бальшавіках) быў памочнікам начальніка Слуцкага павятовага ваенкамата. Гэтую пасаду камандзіра палка ён атрымаў, дзякуючы падтрымцы групы эсэраў у Радзе Случчыны. Прыхільнікі генерала Булак-Балаховіча прапанавалі канды-датуру капітана Антона Самусевіча, прысланага Балаховічам у Слуцк.

2-гі Грозаўскі полк брыгады пачаў фармавацца ў мястэчку Грозаве, а потым у мястэчку Семежаве. Камандзірам 2-га палка быў прызна-чаны капітан Лукаш Семянюк. Былі створаныя штабы палкавыя абозы, шпіталь, ваенны суд і падафіцэрская школа. Такім чынам, за некалькі дзён было разгорнута вайсковае аб'яд-нанне войска БНР. У Слоніме,а потым у Клецку выходзіла газета паўстанцаў.

У кіраўніцтве Слуцкай Рады ўзмацнілася барацьба паміж беларускімі эсэрамі і прыхільнікамі генерала Булак-Балаховіча.

У канцы лістапада 1920 г. беларускія вайсковыя часткі занялі пазіцыі за 35-40 кіламетраў на захад ад Слуцка. 1-ы Слуцкі полк заняў участак ад Семежава да Вызны (цяпер назва Чырвоная Слабада), 2-і Грозаўскі полк заняў пазіцыі на поўнач ад 1-га палка - у раёне Капыль - Цімкавічы - на поўнач ад Семежава.

Ваенныя дзеянні пачаліся 27 лістапада 1920 г., калі пачалі дзейнічаць падразделені 1-га палка, а потым і 2-га палка Слуцкай брыгады. Гэты дзень 27 лістапада пасля адзначаўся як Дзень Герояў.

Спачатку савецкае камандаванне не мела дастаткова сілаў, каб нанесці удар па паўстанцкіх аддзелах. Тут трэба ўзгадаць непрадбачаны ўдар польскіх войскаў на Менск, сталіцу адмоўленай БССР.

Анатоль Грыцкевіч

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX