Папярэдняя старонка: 2010

№ 48 (991) 


Дадана: 19-03-2020,
Крыніца: pawet.net.



№ 48 (991) 1 СНЕЖНЯ 2010 г.


Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына" адзначыла 20-годдзе

27 лістапада на святкаванні ў Менску сабаралася больш за сотню прадстаўнікоў беларускай дыяспары, а таксама беларускія грамадскія дзеячы і прадстаўнікі ўлады, сярод якіх быў міністр культуры Беларусі Павел Латушка.

Гасцей сустракала старшыня згуртавання Алена Макоўская:

- Мы тут сабраліся, бо сёння адбываецца святкаванне юбтлею 20годдзя Згуртавання беларусаў свету "Бацькаўшчына". Сюды запрошаныя людзі, якія ўдзельнічалі ў заснаванні аб'яднання - сябры малых і вялікіх радаў "Бацькаўшчыны" розных часоў і розных скліканняў. Прыехалі таксама нашы госці з замежжа. Пакуль што, з бліжэйшага замежжа, бо з далёкага - гэта вельмі цяжка.

Акадэмік Радзім Гарэцкі, які стаяў на чале Згуртавання беларусаў свету "Бацькаўшчына" ў самыя няпростыя часы - з 1993 па 2001 год - падзяліўся сваім спадзяваннямі. Падчас свайго выступу на святкаванні 20годдзя "Бацькаўшчыны" ён заявіў, што Беларусі патрэбна беларускамоўны прэзідэнт, беларускамоўны парламент і беларускамоўныя міністры.

Акадэмік Радзім Гарэцкі адзначыў, што галоўнай мэтай дзейнасці аб'яднання "Бацькаўшчына" ён бачыць аднаўленне беларускага адраджэння, а падчас сваёй прамовы на імпрэзе выказаў пажаданне, што краінай будзе кіраваць беларускамоўны прэзідэнт.

Адзін і пакуль адзіны з беларускамоўных міністраў - Павел Латушка якраз сядзеў у зале і таксама выйшаў на сцэну для віншаванняў.

Падтрымка беларусаў замежжа з боку беларускай улады будзе ўзмацняцца. Такое абяцанне даў міністр культуры Павал Латушка падчас свайго выступу на святкаванні 20годдзя згуртавання беларусаў свету "Бацькаўшчына".

Міністр адзначыў, што дзейнасць арганізацыі паспрыяла пашырэнню прысутнасці беларускай культуры паза межамі краіны, і падкрэсліў, што ўрад надзяляе гэтаму пытанню вялікую ролю:

Павел Латушка таксама паведаміў, што да канца гэтага года будзе зацверджана дзяржаўная праграма "Культура Беларусі", разлічаная на чатыры гады. Яна прадугледжвае пашырэнне сеткі беларускіх культурных цэнтраў за мяжой.


СВЯТЫНІ ЕЎРОПЫ

Пабачыў свет насценны каляндар "Святыні Еўропы". Акрамя Чырвонага касцёла, які змешчаны на вокладцы календара, у ім яшчэ 12 здымкаў найпрыгажэйшых і найважнейшых каталіцкіх храмаў Еўропы.

Пачынаецца каляндар з базылікі Святога Пятра ў Ватыкане, затым ідзе базыліка Беззаганнага зачацця ў Люрдзе (Францыя). Ёсць у календары катэдра Святога Стэфана ў Вене, катэдра НотрДам у Парыжы, базыліка Святога Крыжа і нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Чэнстахове і інш.

З беларускіх храмаў паказаны базыліка Ўнебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Будславе і касцёл Святога Язафата Кунцэвіча ў Расонах.

Каляндар выдадзены цалкам на беларускай мове з прымяненнем ангельскай мовы.

Пададзены і асноўныя правасаўныя святы.


Рада ТБМ

28 лістапада 2010 года ў Менску адбылося чарговае паседжанне Рады ГА ТБМ імя Ф. Скарыны. На павестку дня рады былі вынесены наступныя пытанні:

1. Справаздачны даклад Старшыні ТБМ Алега Трусава за 2010 год.

2. Даклад намесніка Старшыні ТБМ Алены Анісім аб выкананні праекта "Дыялог".

3. Абмеркаванне плана работы ТБМ на 2011 год.

4. Аб зменах у складзе Сакратарыяту ТБМ і рэдкалегіі газеты "Наша слова".

5. Зварот Рады ТБМ да ўдзельнікаў IV Усебеларускага народнага сходу.

6. Аб памерах сяброўскіх складак сяброў ТБМ у 2011 годзе

7. Аб аднаўленні дзейнасці Тапанімічнай камісіі ТБМ.

Па выніках Рады прынятыя да ведама даклады А. Трусава і Алены Анісім, прыняты зварот Рады ТБМ да ўдзельнікаў IV Усебеларускага народнага сходу, змены ў памеры складак, разгледжаны план дзейнасці ТБМ на 2011 год, унесены змены ў склад Сакратарыяту, рэдкалегіі "Нашага слова". У склад рэдкалегіі ўвайшлі Юрась Бабіч і Юрась Каласоўскі. Старшынём Тапанімічнай камісіі ТБМ абраны Вінцук Вячорка. Дакументы Рады паступова будуць друкавацца ў "Нашым слове".


Зварот Рады ТБМ

да ўдзельнікаў IV Усебеларускага народнага сходу

Шаноўнае спадарства!

Ужо чацвёрты раз у нашай краіне праводзіцца шматлюднае мерапрыемства, удзельнікамі якога вы з'яўляецеся. Нягледзячы на тое, што фармат Усебеларускага сходу не прапісаны ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, яму фактычна нададзеная вызначальная роля ў вырашэнні далейшага шляху развіцця краіны. Але ні на адным з гэтых сходаў практычна не было выступоўцаў, якія прамаўлялі на дзяржаўнай беларускай мове. Не ўздымаліся на іх і пытанні сучаснага стану беларускай мовы як галоўнай каштоўнасці, што вызначае еднасць беларусаў як народа.

У выніку дзяржаўнай палітыкі, якая праводзілася на працягу апошніх 16 год, беларуская мова выцесненая з афіцыйнай сферы ўжытку, крытычна зменшылася колькасць беларускіх школаў, яна так і не з'явілася ў сістэме вышэйшай адукацыі, колькасць актыўных носьбітаў мовы ў Беларусі зменшылася, згодна дадзеных перапісу 2009 г., на 1 мільён чалавек.

Усё гэта ставіць пад пагрозу незалежнасць нашай краіны. Наш усходні сусед працягвае актыўна дэманстраваць свае намеры далучыць Беларусь "шасцю губерніямі" да сваёй велізарнай краіны, таму пытанне захавання і развіцця беларускай мовы - гэта пытанне захавання беларускай дзяржаўнасці.

Мы звяртаемся да вас з прапановай аб'ектыўна і строга прааналізаваць нацыянальную палітыку ў Рэспубліцы Беларусь і неадкладна прыняць практычныя захады па забеспячэнні беларускай мове яе статусу дзяржаўнай мовы тытульнай нацыі. Для гэтага лічым неабходным тэрмінова прыняць закон аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы і аб'явіць наступны год Годам беларускай мовы.

Прыняты на пасяджэнні Рады ТБМ

28 лістапада 2010 года.


Прапановы старшыні ТБМ Алега Трусава, выказаныя еўракамісару Штэфану Фюле падчас сустрэчы 15 лістапада 2010 года

12 лістапада 2010 года беларускі парламент прыняў першым чытанні папраўкі ў Закон аб музеях і музейным фондзе Беларусі Гэтыя папраўкі дазваляюць палепшыць культурны абмен паміж краінамі ЕС і нашай краінай. Значная роля надаецца таксама захаванню культурай і гістарычнай спадчыны Беларусі складовай частткі агульнаеўрапейскай спадчыны і гісторыі. Разлік рабіцца не толькі на сродкі рэспубліканскага бюджэту, але і на фінансаванне на лініі Усходняга партнёрства.

У сувязі з гэтым я прапаную выдзеліць сродкі на рэстаўрацыю і прыстасаванне Крэўскага замка, знакавага помніка гісторыі Беларусі, Літвы, Польшчы і Украіны. Было б добра, каб былі запрошаны польскія і літоўскія рэстаўратары, якія маюць лепшы дасвед у сваёй працы ў межах Еўропы.

Таксама я прапаную стварыць у межах Усходняга партнёрства групу на перакладу на беларускую мову нацыянальных версій гісторыі краін ЕС і агульнай гісторыі стварэння ЕС, напрыклад выдаць беларускую версію гісторыі Славакіі, славацкабеларускі слоўнік і размоўнік.

Прапаную таксама спадару Стэфану наведаць Курапаты, каб зразумець у якую краіну ён прыехаў, чаму б еўракамісарам не ўзяць прыклад з Біла Клінтана які наведаў Курапаты яшчэ у 1994 годзе і пакінуў там мемарыяльны знак ад амерыканскага народа.


Справаздача

старшыні ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" Алега Трусава аб дзейнасці арганізацыі за 2010 год

Шаноўныя спадарыні і спадары! У гэтым годзе мы сабраліся крыху раней, улічваючы, што снежань - гэта пік прэзідэнцкай выбарчай кампаніі.

Гэты год быў для нас годам цяжкай але стваральнай працы, як у Менску, так і ў рэгіёнах нашай краіны. Найбольш актыўна працавалі рэгіянальныя актывісты Магілёва, Віцебска, Гародні, Ліды, Наваполацка, Баранавічаў, Гомеля, Пружанаў, Фрунзенскага раёна горада Менска, мястэчка Падсвілле Глыбоцкага рна і іншых. У нашы шэрагі актыўна ўступала моладзь, асабліва ў Менску. Пра гэта рэгулярна пісала "Наша слова", "Новы час" і іншыя сродкі масавай інфармацыі. Добра дзейнасць ТБМ асвятляў тэлеканал Белсат, радыё "...", радыё "..." і іншыя радыёстанцыі. Таму я спынюся толькі на найбольш важных момантах.

Пачнём з супрацоўніцтва з рознымі дзяржаўнымі арганізацыямі. Дзякуючы намаганням ТБМ, 600годдзе перамогі пад Грунвальдам упершыню было адсвяткавана на дзяржаўным узроўні. З'явіліся памятныя манеты, маркі, памятныя знакі, у тым ліку і два календары ТБМ. Вуліцы ў некаторых гарадах былі названыя ў гонар гэтай падзеі. На БТ быў паказаны пяцісерыйны фільм, прысвечаны Вялікай вайне з крыжакамі, зняты на беларускай мове.

Дзякуючы намаганням маладых супрацоўнікаў БТ, была створана рэгулярная перадача, прысвечаная гісторыі беларускіх слоў і выразаў (выходзіць штоаўторак і чацвер на АНТ). Беларуская мова паступова вяртаецца ў выпускі навінаў, асабліва на мясцовым БТ.

З кастрычніка 2009 г. дзейнічаў праект "Дыялог", у якім удзельнічаюць сотні сяброў ТБМ з Менска і рэгіёнаў. Пра гэта падрабязна раскажа кіраўнік праекту А. Анісім.

У лютымсакавіку мінулага года на тэрыторыі Беларусі і за яе межамі адбылася ІІІ Агульнанацыянальная дыктоўка. У акцыі ўзялі ўдзел амбасадары розных замежных краін, журналісты, навукоўцы, выкладчыкі ВНУ, студэнты і вучні. Тэкст дыктоўкі быў зроблены паводле Уладзіміра Караткевіча.

У студзені гэтага года адбылася прэзентацыя часопіса "Верасень" (галоўны рэдактар Эдуард Акулін), улетку выйшаў другі нумар. а неўзабаве пабачыць свет і трэці.

Актывізавалася праца курсаў па вывучэнні беларускай мовы для розных групаў насельніцтва. Увесну праходзілі заняткі па беларускай мове, гісторыі і літаратуры для вучняў 7 - 11 класаў пад кіраўніцтвам Лявона Баршчэўскага. У траўні - чэрвені і кастрычніку - лістападзе адбыліся курсы па вывучэнні гутарковай беларускай мовы для дарослых пад кіраўніцтвам Аляксея Шэіна. Зараз моўныя заняткі для беларускай моладзі праводзіць Вінцук Вячорка.

Разам з іншымі грамадскімі арганізацыямі ТБМ актыўна ўдзельнічае ў праекце "Будзьма беларусамі". У Менску і ў іншых гарадах адбылося больш за 50 розных мерапрыемстваў. Сярод актыўных арганізатараў і выступоўцаў трэба адзначыць Алену Анісім. Эдуарда Акуліна, Юрыя Малаша і Станіслава Судніка.

Найлепшымі нашымі партнёрамі ў змаганні за Беларушчыну з'яўляюцца ЗБС "Бацькаўшчына", Саюз беларускіх пісьменнікаў, БАЖ, ТБШ, Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры.

У сакавіку мы ўрачыста адзначылі 20я ўгодкі нашай газеты "Наша слова": выдалі прыгожы юбілейны нумар, правялі ўрачыстае мерапрыемства. На жаль, сітуацыя з падпіскай жадае быць лепшай. Колькасць падпісчыкаў не дасягае нават тысячы чалавек, а каб газета нармальна існавала, іх павінна быць каля пяці тысяч. Таму я звяртаюся да прысутных. Сябры! Неабходна ўсім разам узяцца за пашырэнне кола падпісчыкаў. З гэтай нагоды хачу выказаць словы падзякі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, якая ў гэтым годзе выдзеліла каля 2 мільёнаў рублёў на падпіску школьных бібліятэк і музеяў краіны на беларускамоўныя выданні.

Значна пашырыліся нашы міжнародныя кантакты. Дзякуючы офісу АБСЕ ў Менску і яго амбасадару Бенедыкту Халлеру, ТБМ, разам з дзяржаўнымі структурамі, прыняла актыўны ўдзел у праекце па перайманні досведу суіснавання розных дзяржаўных моў у краінах ЕС. Прадстаўнікі ТБМ наведалі Ірландыю і Фінляндыю, прынялі ўдзел у міжнародным семінары на гэту тэму 15 лістапада ў Менску. Усталяваліся добрыя кантакты з амбасадамі ЗША, Швецыі, Украіны, Польшчы, Літвы, Чэхіі, Славакіі, Ізраіля, Вялікабрытаніі і Германіі.

У кастрычніку на апошнім пасяджэнні Кансультацыйнакаардынацыйнай рады пры Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь быў разгледжаны стан беларускай адукацыі на розных узроўнях. Давялося выступіць з адпаведным дакладам і мне. Асноўныя тэзісы выступу адлюстраваны на старонках "Народнай волі", цалкам даклад надрукаваны ў "Нашым слове".

Дзякуючы вялікім намаганням бацькоў і грамадскасці, з'явіліся першыя вучні, якія навучаюцца пабеларуску ў Магілёве, Гародні і Баранавічах. Аднак сітуацыя вельмі цяжкая, бо сённяшняе кіраўніцтва Міністэрства адукацыі не жадае займацца пашырэннем беларускамоўнай адукацыі.. Таму нашу дзейнасць у гэтым кірунку неабходна актывізаваць.

У гэтым годзе нарэшце выйшлі з друку беларускамоўныя статуты Ўзброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. У гэтым вялікая заслуга маладых хлопцаў, сяброў ТБМ, якіх без іх волі забралі ў войска. Асабліва трэба адзначыць Франака Вячорку.

Разам з ЗБС "Бацькаўшчына" і Саюзам беларускіх пісьменнікаў ТБМ годна адзначыла сотыя ўгодкі Ларысы Геніюш. Да юбілею мы выдалі прыгожы кішэнны каляндарык.

На працягу ўсяго перыяду на рахунак паступiла 12 900 928 рублi. З iх ахвяраваннi склалi 7 236 205руб., складкi - 5 664 723 руб. Значную суму склалі сродкі, выдзеленыя ТБМ для ажыцяўлення праекта "Дыялог".

З гэтых сродкаў былi зроблены розныя выплаты на агульную суму 40 748 808 руб.

Аналіз фінансавай дзейнасці паказвае, што неабходна павялічыць памер сяброўскіх складак і актывізаваць збор ахвяраванняў на дзейнасць ТБМ.

Дзякуй за ўвагу.

Старшыня ТБМ А. Трусаў.


Віншуем сяброў ТБМ, якія нарадзіліся ў снежні

Асіповіч Анані Канстанц. Ляшковіч Дзмітры Іосіфавіч Каласоўскі Юрась Уладзімір. Кавалевіч Аляксандр Алякс. Андрэенка Яўген Барысавіч Туліжанава Марыся Алякс. Пракопчык Ірына Міхайл. Груздзеў Аляксандр Ігаравіч Букачова Алена Уладзімір. Гацкі Уладзімір Венядзімавіч Лук'янцаў Алег Шымук Марыя Дзмітраўна Семяненка Таццяна Леанід. Садовіч Юрый Аляксандр. Плакса Ўладзімір Панцялей Аляксандр Уладз. Ільініч Дар'я Сяргееўна Супаненка Павел Ігаравіч Захарэвіч Андрэй Леанідавіч Фунт Аляксандра Халезіна Дзіяна Аношка Любоў Іосіфаўна Водзіч Наталля Бурносаў Раман Генадзевіч Камароўскі Андрэй Уладзім. Буданаў Зміцер Львовіч Стралко Валер Васільевіч Донаў Павел Пяіровіч Егіпцава Таццяна Уладзім. Багінская Аўгіння Ніна Макарэвіч Нікадзім Алякс. Станкевіч Наталля Алякс. Раеўскі Аляксандр Аляксан. Падгол Уладзімір Гарэцкі Радзім Гаўрылавіч Сакалоў Багдан Анатольевіч Дамарацкі Аляксандр Уладз. Бацяноўскі Аляксандр Рыг. Грыцаў Тарас Еўдакіменка Святлана Клімковіч Ірына Яўгенаўна Шушкевіч Станіслаў Станіс. Лемцюгова Валянціна Пятр. Берняковіч Іна Сныткіна Вольга Анатол. Курчынскі Браніслаў Браніс. Поцька Віталь Станіслававіч Цівончык Мікалай Канстанц. Урублеўская Лізавета Мікал. Новік Мікалай Аляксандр. Гракун Валянціна Іосіфаўна Бартошык Наталля Пятроўна Пантус Сяргей Іванавіч Бацян Валянціна Сівы Сяргей Міткавец Аляксандр Мядзюта Аляксандр Пішчулёнак Марына Гук Уладзімір Пятровіч Кутырло Віталь Эдуардавіч Афанасенка Кацярына Уладз. Зелянко Вольга Уладзімір. Лявіцкі Ягор Вацлававіч Мядзведзева Валянціна Папека Мікалай Талерчык Аляксандр Сямён. Рыжая Аляксандра Васіл. Шалахоўскі Аляксей Леанід. Грэйт Таццяна Міхайлаўна Пархімовіч Сяргей Аляксан. Шаршун Алена Сяргееўна Логвінава Вольга Іванаўна Гарох Мікалай Пека Зоя Пятроўна Курыльчык Мікалай Пятр. Дашкевіч Г. С. Дзем'яновіч Т. А. Арцюшэнка Вікторыя Уладз. Скуратовіч Аляксей Анатол. Мамай Часлава Чаславаўна Шышко Іван Валянцінавіч Савіцкая Тэрэза Міраслав. Галкоўскі Аляксандр Алякс. Гром Ігар Віктаравіч Вабішчэвіч Аляксандр Мік. Кастанаў Аляксандр Цыва Андрэй Вітальевіч Конан Генадзь Кардаш Глеб Лабковіч Мікалай Мікалаевіч Андрасовіч Таццяна Валянц. Трушко Уладзімір Дабрынец Аляксей Васіл. Малахаў Зміцер Гайдаровіч Анжэліка Станішэўскі Віталь Валянц. Дучыц Людміла Алейнік Віталь Вайдашэвіч Жанна Пятроўна Цыцыліна Таццяна Міхайл. Каваленка Святлана Пятр. Дземідовіч Ігар Славаміравіч Давідовіч Дзмітрый Гінько Марыя Уладзімераўна Ціханчук Алена Ігараўна Швед Аляксандр Аляксанд. Юшкевіч Міхаіл Валянцін. Шэпетаў Мікалай Васільевіч Казачок Ларыса Грэская Браніслава Бандарчык Вікторыя Ігар. Аксючыц Галіна Уладзімір. Аксючыц Ганна Аляксандр. Багнюк Любоў Кашчэеў Аляксандр Марговіч Людміла Васіл. Кажан Анатоль Лазаравіч Краўчук Сяргей Каркота Анэліка Адамоніс Валянцін Канстанц. Мікалаеў Андрусь Васіл. Шчэрбік Зміцер Васільевіч Трафімчык Таццяна Уладзім. Бедка Іван Каржэўскі Віктар Мікалаевіч Бусловіч Святлана Анатол. Лашук Міхаіл Шалкоўская Людміла Віктар. Юданаў Віктар Канстанцін. Піменава Алена Анатольеўна Грыневіч Ганна Каляда Ірына Атрахімовіч Вячаслаў Жаўнярчук Ларыса Васіл. Свідуновіч Галіна Антаноўская Людміла Харак Анастасія Уладзімір. Новік Таццяна Хальпукова Вольга Гнятуля Алег Аляксандравіч Баярчук Алена Слінько Аляксандр Віктар. Шаравар Мікалай Лазаравіч Русецкая Ала Жучкова Наталля Яўгенаўна Лозка Алесь Юр'евіч Анцыповіч Мікалай Севярынец Павел Канстанц. Галіноўская Ніна Васільеўна Чуйко Аляўціна Аляксееўна Кавалеўскі Сяргей Лукашэвіч Алена Худанёнак Ірына Прыбыльская Наталля Калыска Ірына Даманава Лідзія Дзмітрыеўна Матчэня Алег Клок Валянціна Ніканаровіч Генрых Двілянская Бэла Яўменаў Альберт Піліпавіч Шыцёнак Наталля Аўласка Ала Зімніцкая Ірына Грамыка Алена Віктараўна Палешчук Наталля Нікіціна Зінаіда Дрозд Юля Бурак Жанна Генадзеўна Мішкевіч Інэса Вітольдаўна Дзяменцева Ірына Ермалёнак Марыя Георгіеўна Курневіч Лізавета Васільеўна Волкава Ала Пятроўская Алена Аляксан. Баеў Канстанцін Генадзевіч Доўжык Андрэй Ігаравіч Абдулаева Святлана Іосіф. Шыманец Віржыня Бойка Валянцін Юр'евіч Хітыкава Галіна Уладзімір. Верабей Янка Міхайлавіч Гурыновіч Генадзь Аркадз. Дунецкі Тадэвуш Віктаравіч Мілаш Валеры Уладзіслав. Паўлавіцкі Станіслаў


Мовазнаўчы досвед

Кухня, варэльня. "Зайшла жанчына ў варэльню, а там пагром. Посуд пабіты, крупы парассыпаныя, лядоўня стаіць наросхрыст, лужына каля яе вялізная". (Маладосць. 2010. №8. С. 18). Слоўнікі не фіксуюць другога слова, а толькі першае. Але ў народнай мове і яно бытуе. Гэта - утварэнне ад варыць , з выкарыстаннем суфікса -эльн-я (вар-эльня). Суфіксы -эльн-я, -ільн-я/-эльн-я прымаюць удзел пры ўтварэнні многіх слоў з значэннем 'памяшканне для выканання пэўнага дзеяння': кава-льня (кузня), ткальня, радзільня, спальня, раздзявальня, сушыльня, прадзільня і пад.

Слова варэльня мае шэраг сваіх родзічаў з коранем вар- : варыва, варыўня, варэйка ('гаршчок для варэння стра-вы'), варэнікі, варэнне … Таму і ўзнікла сваё дублетнае най-менне варэльня да пазычанага кухня .

Прадавачка, прыбірачка і прадаўшчыка, прыбіральшчыца . "Яна стала працаваць прадавачкай у краме гатовага адзення… А раніцай нейкая прыбірачка сказала, што вядзьмарка начапіла хлопцу ашыйнік". (Маладосць. 2010. №8. С. 36, 15).

У слоўніках падаюцца толькі другія словы з загалоў-нага шэрагу: прадаўшчыца (продавщица), прыбіраль-шчыца (уборщица) . Гэта - пазычанні з расійскай мовы. Беларускай мове ўтварэнні з суфіксамі -шчык/-льшчык//-шчыца/-льшчыца неўласцівыя.

Словы прадавачка і прыбірачка маюць суфікс -ач-к-а (прадаваць > прадавачка) . Ён актыўна выкарыстоўваецца ў беларускай мове пры ўтварэнні аддзеяслоўных назоўнікаў - назваў асоб па іх занятку, прафесіі: трапачка (слоўніка-вае трапальшчыца ), ткачка (ткачыха), мячка (мяльшчы-ца), капачка (капальшчыца) ... (больш падрабязна ў кнізе: П.У. Сцяцко. Беларускае народнае словаўтварэнне. Афіксальныя назоўнікі. Мінск. 1977. С. 32).

Павел Сцяцко


Алесь Бяляцкі: "Вельмі важна, каб прэзідэнтам стаў сумленны чалавек"

Напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі большасць экспертаў прагназавалі, што яны пройдуць па традыцыйнай схеме. Не выключалі гэтага і беларускія праваабаронцы. Апошнія пятнаццаць год міжнародная супольнасць не прызнавала вынікі выбараў у Беларусі, бо мелі месца фальсіфікацыі.

Сёлета Захад праяўляе вялікую ўвагу да прэзідэнцкіх выбараў, што мусяць адбыцца 19 снежня, і звязана гэта найперш з перспектывамі геапалітычнага супрацоўніцтва. Востры канфлікт з Расеяй прывёў да таго, што беларускаму кіраўніцтву цяпер, як ніколі раней, патрэбна міжнародная легітымнасьць, прызнанне вынікаў выбараў з боку сусветнай супольнасці і, перш за ўсё, Захаду. Таму сцэнар цяперашняй выбарчай кампаніі істотна змяніўся: ЦВК зарэгістравала ўсе ініцыятыўныя групы, якія задавальнялі мінімальным патрабаванням заканадаўства, пікеты па зборы подпісаў свабодна стаялі ў цэнтры сталіцы пад белчырвонабелымі сцягамі і сцягамі ЕС, і нават сам А. Лукашэнка праз сродкі масавай інфармацыі заклікаў грамадзянаў Беларусі падпісвацца за вылучэнне альтэрнатыўных кандыдатаў.

Ці значыцца гэта, што ў краіне наступіў сапраўдны росквіт дэмакратыі? За каментаром мы звярнуліся да віцэпрэзідэнта Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека Алеся Бяляцкага, прадстаўніка грамадзянскай ініцыятывы "Праваабаронцы за свабодныя выбары", сябра ТБМ.

- Хто прымае ўдзел у грамадзянскай ініцыятыве " Праваабаронцы за свабодныя выбары ", якая яе асноўная мэта ?

- Асноўная мэта - гэта незалежны маніторынг выбарчай кампаніі, і праводзіцца ён сумесна сябрамі дзвюх беларускіх праваабарончых арганізацый - Праваабарончага цэнтру "Вясна" і Беларускага Хельсінкскага Камітэту (БХК). Паколькі выбары з'яўляюцца значнай падзеяй у грамадскапалітычным жыцці краіны, безумоўна, яны не могуць заставацца паза ўвагай з боку прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці. Цікавасць жа праваабаронцаў абумоўлена таксама тым, каб выбары праходзілі без парушэнняў, каб кожны грамадзянін краіны мог рэалізаваць сваё права на ўдзел у кіраванні дзяржавай. Акрамя таго, выбары Прэзідэнта заўсёды з'яўляюцца значным экзаменам па дэмакратыі для ўладаў Беларусі, уплываюць на імідж нашай краіны ў свеце.

Мы пачалі назіранне 16 верасня пасля таго, як Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь вызначыла дату правядзення чарговых выбараў Прэзідэнта. З першага дня да працы прыступілі каля 100 доўгатэрміновых назіральнікаў літаральна ва ўсіх рэгіёнах краіны. Многія з іх бралі ўдзел у міжнародным назіранні ў іншых краінах, такіх як Украіна, Польшча, Літва, Азербайджан, Кіргізія, Албанія, Сербія, Швецыя ды інш. У Менску працуе аналітычны аддзел, які аналізуе справаздачы назіральнікаў і рыхтуе штотыднёвыя і этапныя справаздачы. Іх можна знайсці на сайце www.spring96. org. Гэтыя справаздачы рассылаюцца па ўсім свеце. Таксама сур'ёзнай крыніцай інфармацыі па выбарах з'яўляецца інфармацыйны аддзел, які ў штодзённым рэжыме паведамляе пра ход выбарчай кампаніі ва ўсіх рэгіёнах краіны. На гэтую інфармацыю, на памылкі і недахопы падчас правядзення выбарчай кампаніі вымушаны звяртаць увагу як кандыдаты ў прэзідэнты і іх каманды, так і выбарчыя камісіі розных узроўняў.

Акрамя таго ў маніторынгу будуць задзейнічаны яшчэ 600 кароткатэрміновых назіральнікаў, якія будуць непасрэдна сачыць за ходам галасавання на 300 выбарчых участках ва ўсіх рэгіёнах краіны, пачынаючы з дня папярэдняга галасавання і заканчваючы падлікам галасоў. Асаблівую ўвагу назіральнікі будуць удзяляць яўцы выбаршчыкаў.

- Якія ключавыя моманты для празрыстасці правядзення выбараў у беларускіх умовах вы б назвалі ?

- Першы ключавы момант мы ўжо прапусцілі - рознабаковы склад выбарчых камісіяў, калі сябрамі камісіяў становяцца прадстаўнікі розных партыяў і рухаў. З аднаго боку, у складзе камісій вытрымана патрабаванне аб наяўнасці 30 працэнтаў прадстаўнікоў розных грамадскіх аб'яднанняў. Іншая справа, што гэта саюзы ветэранаў, жанчын, "Белая Русь", БРСМ - так званыя праўрадавыя няўрадавыя арганізацыі. У той жа час палітычныя партыі - рэальныя суб'екты палітыкі - адхіленыя ад гэтага працэсу. Толькі 183 прадстаўнікі дэмакратычных партый ва ўсёй краіне патрапілі ва ўчастковыя выбарчыя камісіі з 70 815 членаў камісій. Гэта складае ўсяго 0,25 працэнта.

Я не магу сказаць дзе яшчэ такое ёсць. Напрыклад, у іншых краінах менавіта прадстаўнікі розных палітычных партый у большасці сваёй уваходзяць у выбарчыя камісіі, што стварае сітуацыю ўзаемнага кантролю і пазбаўляе магчымасці фальсіфікаваць і маніпуліраваць вынікамі выбараў.

Калі б нашы камісіі былі сфармаваныя з удзелам прадстаўнікоў палітычных сіл, давер да іх працы павялічыўся б. Атрымліваецца, што міна пад прызнанне выбараў ужо падкладзеная, бо створаныя цалкам падкантрольныя выканаўчым уладам выбарчыя камісіі.

Другі момант - папярэдняе галасаваньне, падчас якога не забяспечваецца захаванне білютэняў. Выканаўчыя ўлады праз адміністрацыю дзяржаўных прадпрыемстваў, навучальных устаноў штурхаюць людзей да датэрміновага галасавання, таму працэнт датэрмінова прагаласаваўшых атрымліваецца высокі - да траціны ад агульнай колькасці прагаласаваўшых. А ўпэўненасці, што ўначы скрынкі для галасавання ніхто не адчыняе і не падмяняе бюлетэні, няма. У празрыстых скрынях аднаразовы механізм закрыцця, звычайныя ж - на шрубах, іх можна зашрубоўваць і разбіраць колькі заўгодна. На ноч каля памяшкання са скрынкамі з бюлетэнямі застаецца міліцыянт, які для нас таксама не з'яўляецца гарантам захавання бюлетэняў. І ўжо былі прызнанні аб неправамерных таемных дзеяннях на выбарчых участках падчас датэрміновага галасавання.

Трэці момант - абмежаваныя паўнамоцтвы назіральнікаў падчас падліку галасоў. Гэтая працэдура не прапісаная заканадаўча, хаця мы колькі гадоў просімпатрабуем і закандаўцаў і ЦВК прапісаць працэдуру падліку галасоў, каб усё было празрыста, бачна і зразумела. А ў нашых умовах кожная камісія можа рабіць усё на свой манер. Таксама трэба сказаць пра бюлетэні - яны не маюць асобных ідэнтыфікацыйных знакаў, таму іх можна надрукаваць колькі заўгодна і ледзь не дома.

- Калі казаць пра этап збору подпісаў за кандыдатаў, то ў параўнанні з папярэднімі прэзідэнцкімі выбарамі 2006 году ён праходзіў у больш спакойнай абстаноўцы, выпадкаў жорсткага пераследу актывістаў дэмакратычных кандыдатаў у прэзідэнты адзначана не было?

- Сапраўды, гэта трэба запісаць у плюсы сёлетняй выбарчай кампаніі: узровень рэпрэсій супраць актыўных удзельнікаў кампаніі ніжэйшы ў параўнанні з мінулымі выбарамі. Хаця ў нас этап збору подпісаў выклікае заклапочанасць з іншай прычыны. Напрыклад, нечуванае выкарыстанне адміністрацыйнага рэсурсу падчас збору подпісаў за А.Лукашэнку з боку раённых адміністрацый. Хто за яго толькі подпісы не збіраў! І настаўнікі, і дактары, і выкладчыкі ва ўніверсітэтах, і большасць - з парушэннем выбарчага заканадаўства, і большасць - пад прымусам.

Да таго ж пры падтрымцы ЦВК у зборы подпісаў за А.Лукашэнку масава бралі ўдзел асобы, якія не з'яўляліся членамі ягонай ініцыятыўнай групы. Узнікла дзіўная пасада "памочнік члена ініцыятыўнай групы", што фактычна зрабіла бессэнсоўным стварэнне і рэгістрацыю ініцыятыўных груп кандыдатаў.

- Ёсць меркаванне, што і апазіцыя ў гэтых выбарах не надта чыстая на руку, і калі б ЦВК была больш прынцыповай, то колькасць зарэгістраваных альтэрнатыўных кандыдатаў была б меншая. Як бы вы пракаментавалі гэта?

- Цяжка каментаваць такую інфармацыю, бо этап праверкі сапраўднасці подпісаў адбываўся ў закрытым рэжыме, нягледзячы на тое, што нашы назіральнікі дабіваліся, каб гэтая працэдура праходзіла адкрыта. На жаль, усюды яны не былі дапушчаны да назірання за гэтай праверкай, што супярэчыць выбарчаму кодэксу. Ідуць розныя сігналы ад членаў камісій, асабліва ў Менску, старшыня ЦВК Л. Ярмошына сама казала, што ў прэтэндэнтаў стаць кандыдатамі ў Прэзідэнты былі ксеракопіі падпісных лістоў. Таму, натуральна, можна меркаваць, што колькасць кандыдатаў, калі б праверка подпісаў праходзіла празрыста, была б меншай чым ёсць, але іх зарэгістравалі, каб стварыць бачнасць дэмакратычнасці выбарчага працэсу.

- Якія вашы прагнозы наконт апошняга этапу выбарчай кампаніі - падліку галасоў?

- Шмат нараканняў у назіральнікаў выклікае папярэдняе галасаванне, якое доўжыцца пяць дзён і падчас якога існуе верагоднасць падмены бюлетэняў у скрынях для галасавання. Таму мы заклікаем выбаршчыкаў галасаваць у апошні дзень выбараў - 19 снежня. Так больш надзейна. Будзем спадзявацца, што працэдура падліку галасоў пройдзе дэмакратычна і празрыста і што назіральнікаў не будуць адганяць ад сталоў, дзе падлічваюцца бюлетэні.

Але і гэта яшчэ не ўсё. Праваабаронцы шматразова заяўлялі пра вельмі істотны недахоп выбарчага заканадаўства - працэдура падліку галасоў не прапісана ні ў Метадычных рэкамендацыях, ні ў пастановах ЦВК, ні ў Выбарчым кодэксе Рэспублікі Беларусь. Так, у Пастанове ЦВК № 99 ад 5 лістапада 2010 г. "Аб правядзенні трэнінга для сябраў участковых камісій па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у 2010 годзе" проста напісана, што старшыня камісіі абвяшчае пра заканчэнне галасавання і камісія прыступае да падліку галасоў. Аднак як яна гэта будзе рабіць - не зразумела. У выпадку, калі бюлетэні раздаюцца сябрам камісіі і кожны з іх адначасова лічыць свой стос (так, прынамсі, рабілася раней), мы не зможам убачыць празрыстасць працэдуры падліку галасоў. Выбарчае заканадаўства, на жаль, дагэтуль мае шмат недасканаласцяў, і змены, унесеныя напачатку 2010 года, істотным чынам яго не палепшылі. Існуючыя нормы і працэдуры выбараў паранейшаму дазваляюць уладам пры жаданні маніпуляваць выбарчым працэсам і вынікамі выбараў.

- Чыноўнікі Еўрасаюза, гавораць, што на прызнанне выбараў паўплывае "набліжанасць да дэмакратычных стандартаў". Калі раней казалі пра правядзенне свабодных і дэмакратычных выбараў, то цяпер толькі пра прагрэс у параўнанні з папярэднімі кампаніямі. Ваш прагноз - Захад гатовы прызнаць вынікі выбараў?

- Я сумняюся ў гэтым. Прычыны назваў вышэй, яшчэ паглядзім як будзе адбывацца падлік галасоў. Іншая справа, што і непрызнанне бывае таксама розным. Яно можа быць больш катэгарычнае, а можа і больш лагоднае, з заўвагамі пра "працэс і прагрэс". Думаю, што вакол гэтых нюансаў і ходзяць улады. Любой уладзе залежыць, каб выбары прызнаваліся ўласным народам, каб народ верыў у іхнюю справядлівасць. Тады ствараецца запас даверу і ўлады могуць больш смела паводзіцца ў эканамічных ды палітычных рэформах. Гэтаксама прызнанне выбараў важнае для міжнароднага іміджу ўладаў, бо гэта і ўпэўненасць партнёраў у стабільнасці такой улады, і мера даверу міжнароднай супольнасці ў эканамічным супрацоўніцтве. Таму, перакананы, што гэтыя выбары паўплываюць на жыццё кожнага з выбаршчыкаў, а не толькі на стан апазіцыі і ўлады.

У любым выпадку місія незалежных назіральнікаў заключаецца ў тым, каб даць праўдзівую ацэнку выбарчаму працэсу, і мы гэта зробім, каб беларускія выбаршчыкі ведалі, што ж сапраўды адбывалася падчас сёлетняй выбарчай кампаніі. Ад справядлівасці выбараў залежыць узровень даверу людзей да будучага прэзідэнта. На наш погляд, для беларускай грамадскасці вельмі важна, каб прэзідэнтам стаў сумленны чалавек, які прыйшоў да ўлады ў выніку дэмакратычных і празрыстых выбараў. Гэта забяспечыла б стабільнасць беларускай улады і палепшыла б палітычныя і эканамічныя адносіны Беларусі з іншымі краінамі свету. І ў выніку палепшыўся б дабрабыт беларускага народа.

Яніна Стэфанчук


Чатырохмоўнае выданне «Дзікага палявання караля Стаха»

«Дзікае паляванне караля Стаха» выйшла на беларускай, расійскай, украінскай і англійскай мовах пад адной вокладкай. Яго прэзентацыя прайшла 25 лістапада ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

З ідэяй выдання выступіў міністр культуры Павел Латушка. Ён і звярнуўся з прапановай да старшыні Беларускага фонду культуры Уладзіміра Гілепа два месяцы назад. У Беларусі, праўда, за выданне фаліянта не ўзялася ніводная друкарня. Ніхто не мог выпусціць кнігу у такі кароткі тэрмін.

Кніга выйшла накладам 3000 асобнікаў у Польшчы. Для выдання знайшоўся спонсар, імя якога вырашылі не агучваць.

Выдаючы менавіта «Дзікае паляванне караля Стаха», выстралілі ў дзясятку, - адзначыў прафесар Адам Мальдзіс. - Найлепшым творам Уладзіміра Караткевіча лічыцца «Хрыстос прызямліўся ў Гародні». Безумоўна, знакавы твор для беларускай літаратуры - «Каласы пад сярпом тваім». Але ж ён не закончаны. «Дзікае паляванне караля Стаха» - найбольш рамантычны твор у Караткевіча».

Міністр культуры паведаміў, што першы асобнік гэтага выдання быў перададзены Аляксандру Лукашэнку. Таксама кнігу атрымалі Сяргей Сідорскі, Уладзімір Макей, Сяргей Мартынаў, Сяргей Лаўроў.

Павел Латушка сказаў, што выхад такой кнігі стаў адным з мерапрыемстваў па святкаванні юбілею пісьменніка. Па яго словах, ужо адліта бронзавая скульптура Уладзіміра Караткевіча, якую ўсталююць ва ўкраінскай сталіцы. «Засталіся толькі тэхнічныя моманты з мэрыяй Кіева, каб упарадкаваць месца, дзе гэта адбудзецца. Але гэта ўжо адбудзецца. І я ў гэтым перакананы».

Чакаецца, што праз пасрэдніцтва Міністэрства замежных спраў Беларусі «Дзікае паляванне караля Стаха» на чатырох мовах прэзентуюць у Вільні, Маскве, Лондане і іншых сталіцах.

Наш кар.


Слуцкі збройны чын 1920 года

(Да 90-годдзя гераічнай старонкі беларускай гісторыі)

(Заканчэнне. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

Штаб Слуцкай брыгады быў вымушаны перабрацца ў вёску Заастравечча (цяпер Клецкі раён), каля ракі Лань, за якой стаялі польскія войскі. У гэтую вёску збіраліся паўстанцы з разбітых аддзелаў. Рада Случчыны прыняла рашэнне аб пераходзе ракі, бо ужо не хапала ні боепрыпасаў, ні харчавання. Перад самым адыходам за Лань 1-шы Слуцкі полк за ўдзел у баях атрымаў у знак узнагароды ад Рады палкавы сцяг залацістага колеру, 2 метры даўжынёю і метр шырынёю. Пасярэдзіне сцяга быў вышыты дзяржаўны герб ПАГОНЯ дыяметрам 34 сантыметраў, а навокал Пагоні надпіс "Першы Слуцкі полк Беларускай Народнай Рэспублікі".

28 снежня 1920 г. Слуцкая брыгада перайшла раку Лань. 31 снежня на тэтыторыю, кантраляваную Польшчай, перайшоў апошні аддзел слуцкіх жаўнераў. Аднак днём заканчэння Слуцкага збройнага чыну лічыцца 28 снежня. Такім чынам, ваенныя дзеянні Слуцкай брыгады доўжыліся месяц.

Са складу брыгады адзін батальён (каля 400 чалавек) на чале са сваімі афіцэрамі не згадзіўся адысці на польскую тэрыторыю і застаўся ў нейтральнай зоне, каб працягваць ваенны дзеянні, але ўжо партызанскага характару. У асноўным гэта былі прыхільнікі генерала С. Булак-Балаховіча. Гэты батальён падзяліўся на некалькі груп, і яго жаўнеры партызанілі яшчэ некалькі гадоў на савецкай тэрыторыі.

7. Лёс удзельнікаў Слуцкага збройнага чыну.

На польскай тэрыторыі афіцэры і жаўнеры Слуц-кай брыгады былі раззброены і інтэрніраваны да афіцыйнага заканчэння савецка-польскай вайны, спачатку ў часовым лагеры ў мястэчку Сіняўка (цяпер у Клецкім раёне), недалёка ад савецка-польскай мяжы. Потым іх перавялі ў лагер у Беластоку. А ў пачатку сакавіка 1921 года - у Дарогуск (на рацэ Заходні Буг ля Хелму). Яны былі вызвалены з лагеру толькі ў траўні 1921 г. пасля ратыфікацыі РСФСР, УССР і Польшчай мірнага дагавору, падпісанага ў Рызе 18 сакавіка 1921 года. Пасля вызвалення з лагера жаўнеры і афіцэры Слуцкай брыгады раз'ехаліся па розных месцах Заходняй Беларусі.

Аднак не ўсе жаўнеры згадзіліся інтэрнавацца і пайсці ў польскія лагеры. Каля 2500 жаўнераў засталося каля Нясвіжа (уся ўсходняя частка Нясвіжскага раёна да рэвалюцыі - гэта таксама Слуцкі павет). Да іх далучыліся і некаторыя жаўнеры з былой арміі С. Булак-Балаховіча, а таксама дэзерціры з Чырвонай Арміі.

Тут сабралася ў пачатку 1921 года каля 4 тысячаў чалавек. Шмат хто з іх пакінуў сабе вінтоўкі і патроны. Уся гэтая маса магла быць выкарыстана як рэзерв для хуткага разгортвання беларускага войска ў выпадку правалу мірных перамоў у Рызе.

Частка з гэтых жаўнераў арганізавалася ў партызанскія атрады і начале са сваімі камандзірамі пераходзіла на тэрыторыю ССРБ (Беларускай ССР) для барацьбы супраць бальшавікоў. Многія з іх пасля спынення ўзброенай барацьбы рассяліліся па Нясвіжчыне, але ў 1939-41 гадах былі выяўлены, арыштаваныя і асуджаныя бальшавікамі. Па ўсёй Нясвіжчыне мэтанакіравана вышукваліся ўраджэнцы Капыльскага і Слуцкага раёнаў, і часта месца нараджэння было дастатковай падставай для арышту.

Так у засценку Ліпніцкія быў арыштаваны парабак родам з Капыльскага раёна, які працаваў у кулака, а сам "кулак" арыштаваны не быў

Шмат слуцкіх паўстанцаў засталіся ў іншых раёнах Заходняй Беларусі. Частка вярнулася ў БССР пасля амністыі, абвешчанай Савецкай уладай у сувязі з заканчэннем грамадзянскай вайны ў Расіі. Амністыя была пашырана і на Беларусь. Але нягледзячы на амністыю, шмат шарагоўцаў, якія ўдзельнічалі ў Слуцкім збройным чыне, атрымала прысуды на 1 год зняволення. Пасля яны працавалі, галоўным чынам, у калгасах. Аднак у 1937-1938 гг. удзельнікі паўстання зноў былі арыштаваны і зніклі бяследна.

Палітычныя і вайсковыя кіраўнікі паўстання ў большасці былі рэпрэсаваны савецкімі карнымі органамі, калі траплялі ім у рукі.

Архіў Слуцкай брыгады ў ліпені 1921 г. капітан А. Сокал-Кутылоўкі адвёз у Вільню і перадаў Браніславу Тарашкевічу.

7. Вынікі Слуцкага збройнага чыну.

Ацэнку Слуцкаму збройнаму чыну дала Першая агульнанацыянальная палітычная канферэнцыя прадстаўнікоў беларускіх нацыянальных арганізацый з шасці краін, якая адбылася ў Празе 25-28 верас-ня 1921 года. Сярод пытанняў, якія абмяркоўваліся, было пытанне і пра Слуцкі збройны чын. Рэзалюцыя аб Слуцкім паўстанні, прынятая на канфе-рэнцыі, была апублікавана беларускімі газетамі у Літве, Заходняй Беларусі, Чэхаславакіі. У ёй было адзначана:

"Найяскраўшым момантам у гэтым гераічным змаганні, апрача паўстанняў у Віленшчыне. Віцебшчыне. Ашмяншчыне і г.д., з'яўляецца паўстанне на Случчыне. Калі сам сярмяжны народ, стыхійна паўстаўшы з аружжам у руках за незалежнасць і непадзельнасць сваёй Бацькаўшчыны, напісаў на сваім штандары: ні польскіх паноў, ні маскоўскіх камуністаў.

Беларуская нацыянальна-палітычная канферэнцыя канстатуе, што гэтае паўстанне было задушана пераважаючымі сіламі абодвух бакоў."

Слуцкія паўстанцы 1920 г. за кароткі тэрмін змаглі ўтварыць баяздольныя адзінкі беларускага нацыянальнага войска, якія здолелі ў неспрыяльных умовах на працягу месца весці цяжкую барацьбу супраць значна больш мацнейшага праціўніка. Слуцкі збройны чын увайшоў у гісторыю Беларусі як адна са слаўных старонак беларускага нацыянальнага вызвольнага руху ХХ стагоддзя. Штогод беларускія нацыянальныя арганізацыі ў розных краінах свету адзначаюць 27 лістапада як Дзень Герояў (Дзень Слуцкага збройнага чыну). З 1992 г. гэты дзень святкуецца і нацыяналь-на свядомымі беларусамі на Бацькаўшчыне. У наш час, для ўмацавання суверэнітэту Беларусі, святкаванне гэтага дня набывае вялікую актуальнасць.

Анатоль Грыцкевіч


80-годдзе Уладзіміра Караткевіча ў Ходараўцах

Зусім нечакана цэнтрам святкавання 80х угодкаў з дня нараджэння Ўладзіміра Караткевіча на Лідчыне стала вёска Ходараўцы, самая далёкая вёска ад раённага цэнтра (прыблізна 47 км). 24 лістапада сюды па запрашэнні дырэкцыі мясцовай школы, а ў першую чаргу настаўніцаў беларускай мовы і літаратуры Фаіны Антонаўны Роўбуць і Алены Мікалаеўны Юшкевіч прыехалі з горада Ліды паэт Станіслаў Суднік, старшыня Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ імя Ф. Скарыны, паэт Міхпсь Мельнік, намеснік старшыні Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ імя Ф. Скарыны, які некалі працаваў у суседняй Голдаўскай школе, паэт Іван Гушчынскі, які нарадзіўся ў в. Лайкоўшчына за сем кіламетраў ад Ходараўцаў і, нарэшце, бард Сяржук Чарняк, які ў свой час працаваў у Ходараўцах намеснікам дырэктара па выхаваўчай працы.

Сустрэча праходзіла ў рамках Усебеларускага тыдня Ўладзіміра Караткевіча і была прысвечана ў першую чаргу асобе і творчасці вялікага беларуса. Госці з Ліды распавялі пра жыццёвы і творчы шлях Уладзіміра Караткевіча, чыталі вершы Караткевіча і ўласныя творы.

Станіслаў Суднік прачытаў верш Уладзіміра Караткевіча "Дзяўчына пад дажджом"

ДЗЯЎЧЫНА ПАД ДАЖДЖОМ

Над лесам, над садам дзікім

Дожджык эабалбатаў,

I ўспыхнулі раптам гваздзікі Ў нетрах абмытых траў. Цёплыя кроплі скачуць

Па залацістай лазе;

Дожджык -

«царэўна плача»,

Сонца ў кожнай слязе.

3 нізкай цёплай адрыны, Учуўшы ласкавы капёж,

У лёгкай сукенцы дзяўчына Выбегла проста пад дождж. Кроплі яе цалавалі

Палка, пяшчотна, да слёз, Вусны дзяўчыны хапалі Срэбра з ясных нябёс. Дожджык зрабіў сваё цуда, Ён абляпіў, як мог,

Плечы, маленькія грудзі, Гнуткія лініі ног.

Бэзам з садоў павявала,

Вечна хацелася жыць. Дзяўчына ад шчасця спявала.

................................................

Стронцый быў у дажджы.


і запытаў дзяцей, пра што гэты верш. Дзеці дружна адказалі: пра Чарнобыль. А верш надрукаваны ў кнізе "Мая Іліяда", якая выйшла ў 1969 годзе, за 17 гадоў да Чарнобыля.

Сяржук Чарняк пачаў свой выступ з песні на словы Ларысы Геніюш "Куфар", а пасля перайшоў да гімна Ўладзіміра Караткевіча "Сплятайма рукі". Дзеці ахвотна падпявалі барду і гэтую песню і наступныя пра тры чарапахі, і пра паўстанцкага каня. І "Цокцокцок, вершнікі на конях..." доўга гучала ў калідорах школы пасля заканчэння імпрэзы, трэба спадзявацца нешта тут ад гэтага прыезду лідскіх паэтаў застанецца, мо на дзень, мо на трохі болей.

Няма звестак пра тое, што Караткевіч быў на Лідчыне, і тым больш няма звестак пра тое, што ён хоць калі небудзь чуў пра Ходараўцы, а вось жа праз многія гады пасля смерці паэта ў яго 80годдзе ў гэтай звыклай беларускай вёсцы не раптам і не выпадкова, а з пачуцця глыбокай павагі і ўдзячнасці за ўсё, зробленае ім для Беларусі, згадваюць пра вялікага пісьменніка, бо, мабыць, тут, як і на ўсёй Беларусі, Бог жыве.

Наш кар.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX