№ 49 (992) 8 СНЕЖНЯ 2010 г.
490 гадоў з дня нараджэння Барбары Радзівіл
Барбара Радзівіл (6 снежня 1520, Вільня - 8 траўня 1551, Кракаў) - другая жонка вялікага князя літоўскага і караля польскага Жыгімонта Аўгуста, вялікая княгіня літоўская нарадзілася ў сям'і гетмана і віленскага кашталяна Юрыя Радзівіла. Атрымаўшы выдатную адукацыю, Барбара была вельмі прыгожай і разумнай дзяўчынай. 15 траўня 1537 года, у 17цігадовым узросце, яе выдалі замуж за троцкага ваяводу Станіслава Гаштольда. Муж не змог ацаніць прыгажосць і розум жонкі, ён не кахаў і не паважаў яе. У 1539 годзе памёр яе свёкар, а хутка пасля яго і свякроў. На працягу трох гадоў паміраюць бацька і муж. Барбара разам з маці зноў перасялілася ў Вільню да свайго брата Радзівіла Рудога.
У гэты час у Вільні знаходзілася рэзідэнцыя Жыгімонта Аўгуста, які яшчэ пры жыцці бацькі, Жыгімонта Старога, быў каранаваны на караля Польшчы і вялікага князя Літвы. Пазнаёміўшыся з Барбарай, малады князь пачаў з ёй сустракацца, нават зрабіў яе фрэйлінай сваёй жонкі Эльжбеты з роду Габсбургаў, якая была хваравітай жанчынай, невялікага розуму і невыразнай знешнасці. У 1545 годзе Эльжбета памерла, і Жыгімонт пачаў сустракацца з Барбарай адкрыта.
Інтрыгі польскай шляхты, дрэннае стаўленне каралевымаці да Радзівілаў, а таксама заява братоў Барбары аб тым, што Жыгімонт абражае гонар іх сястры, вымусілі Жыгімонта даць слова, што ён пакіне Барбару. Але Жыгімонт і Барбара ў хуткім часе (у 1547 годзе) патаемна ажаніліся.
У 1548 годзе памёр Жыгімонт Стары, каралевіч быў тэрмінова выкліканы ў Кракаў, а яго маці Бона Сфорца пачала шукаць жонку для будучага ўладара. Аднак нечакана стала вядома, што кароль ужо жанаты. Каралевамаці прыкладала намаганьні, каб не дапусціць каранацыі Барбары. Але нягледзячы на гэта, Жыгімонт Аўгуст дабіўся ўрачыстай каранацыі жонкі ў 1550 годзе. У знак пратэсту Бона Сфорца выехала з Кракава на радзіму ў Італію. Аднак у траўні 1551 году каралева памерла. Паводле некаторых звестак, Барбара была атручаная агентамі Боны Сфорцы, згодна з іншымі - памерла пасля доўгай хваробы.
Юбілей Галіны Булыкі
БУЛЫКА Галіна , нарадзілася 6 снежня ў вёсцы Осава Воранаўскага раёна Гарадзенскай вобласці ў сям'і настаўнікаў.
У 1966 г. сям'я пераехала ў Менск. Скончыла хімічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1983). Працавала стажорам-даследчыкам у Інстытуце фізіка-арганічнай хіміі АН БССР, выхавальнікам у рабочым інтэрнаце Менскага матацыклет-нага і роварнага завода, інжынерам-наладчыкам Упраўлення пусканаладачных работ трэста «Аўтарэмбудмантаж» Мінаўтапрома СССР. У 1989 г. скончыла Вышэйшыя літаратурныя курсы ў Маскве. Сябра СП СССР з 1987 г.
З вершамі ўпершыню выступіла ў друку ў 1975 г. (часопіс «Бярозка»). Аўтар падборкі вершаў «Дзень нараджэння снежня» ў калектыўным зборніку «Сцяжына» (1983), зборніка паэзіі «Сінтэз» (1986).
НА ЗАВЯРШЭННЕ ГРУНВАЛЬСКАГА ГОДА
Падчас святкаванняў 600-годдзя Грунвальдскай перамогі ў Беларусі было праведзена шмат розных мерапрыемстваў, імпрэзаў, выставаў, акцый. Былі выпушчаны маркі, манеты. У некалькіх гарадах вуліцы атрымалі назвы Грунвальдскіх. А ў горадзе Мсціславе быў устаноўлены памятны знак князю Сямёну Лугвену, намесніку Вялікага князя Вітаўта на Грунвальдскім полі, начальніку левага фланга войска ВКЛ.
Устаноўка памятнга знака ажыццяўлялася мсціслаўскімі ўладамі з ініцыятывы кіраўніцтва рэспубліканскага і магілёўскага ТБМ і насіла надзвычай заблытаны характар. Мяняліся ідэі і месцы ўстаноўкі. Урэшце памятны знак апынуўся на замчышчы і няблага там выглядае. Рэдакцыя "Нашага слова", якое пісала пра ўсе падзеі, звязаныя з юбілеем Грунвальда, не забывала пра мсціслаўскі знак, але ніяк не магла атрымаць здымкі. І вось з вялікай ласкі мсціслаўскага музея здымкі нарэшце аказаліся ў рэдакцыі, і мы, хоць пад канец года іх публікуем.
Сямён-Лугвен Альгердавіч, (1355-1431) - чацвёрты сын Альгерда ад другога шлюбу з Ульянай Цвярской (агульным лікам дзевяты), князь мсціслаўскі (1392-1431).
Пабудаваў Пустынскі (1380 г.) і Ануфрыеўскі (1407 г.) манастыры, якія славіліся перапісчыкамі кніг і летапісаў
У 1389-1392 - князь у Вялікім Ноўгарадзе, атрымаў у кармленне Ладагу, Арэшак, Карэлу і палову Капор'я. Склаў васальную прысягу Ягайлу як сюзерэну Ноўгарада (у тайне ад саміх наўгародцаў).
Ад першай жонкі Марыі (пам. 1399), дачкі вял. кн. маскоўскага Дзмітрыя Іванавіча (шлюб заключаны ў Маскве 14.6.1394), меў сына Юрыя. Ад другой (з восені 1406/1407, імя і паходжанне невядомыя) сына Яраслава-Фёдара.
Вядомая пячатка Лугвена (1389) з выявай "Пагоні", якая захоўваецца ў Львоўскім гістарычным музеі.
Як у нас клічуць?
Калі свяржэнскія кабеты
Капэляй прыйдуць у лес гэты,
Ды з іх кабеціна якая
Капэлю згубіць і гукае
І па імёнах называе:
Каруся, Палуся,
Цацэля, Марцэля,
Алена, Магдалена,
Зося, Антося,
Анэта, Праксэта,
Цётка Югася,
Бабка Кася! Гу-у-у!»
Якуб Колас. "Новая зямля".
З такога эпіграфа пачынаецца кніга Сымона Барыса "Як у нас клічуць? Беларускія імёны ", якая выйшла ў выдавецтве "Медысонт" у Менску.
Гэтая кніжка складаецца з двух слоўнікаў. У першым з іх - «Асабовыя імёны» - змешчаны асабовыя імёны, якія бытавалі і бытуюць у розных жыхароў сучаснай Беларусі. Тут даюцца паходжанне і сэнсавае значэнне кожнага імені, вытворныя экспрэсіўнаэмацыянальныя словы ад яго, дні імянін па праваслаўным і каталіцкім календарах і імёны па бацьку. У другім слоўніку - «Беларускія імёны» - друкуюцца тыя традыцыйныя мужчынскія і жаночыя імёны беларусаў, што бытавалі ў розны час. Яны прапануюцца маладым бацькам, калі яны хочуць, каб іх дзеці заставаліся ў гэтым свеце беларусамі.
Потым асобна даецца спіс імянін па праваслаўным і каталіцкім календарах. У канцы кніжкі змешчаны спіс літаратуры, якой карыстаўся аўтар і складальнік гэтага выдання.
Кніга разлічана на маладых бацькоў, работнікаў ЗАГСаў, пашпартных сталоў, святароў, настаўнікаў і выкладчыкаў беларускай мовы і ўсіх тых, хто цікавіцца беларускімі імёнамі.
НАДЗЁННАЕ
Пад загалоўкам «Літаратура, мова, гісторыя: Надзённае» Гродзенскае ПВУП выдавецтва «Ламарк» толькі што апублікавала кнігу прафесара І.Я. Лепешава (172 старонкі; цвёрдая, каляровая вокладка).
На творчым рахунку аўтара 560 публікацый. Сярод іх 42 кнігі. Чытачам «Нашага слова» гэта імя добра знаёмае, яно нярэдка сустракаецца на старонках штотыднёвіка.
Большасць артыкулаў, нарысаў, нататак, змешчаных у кнізе, - мовазнаўчай тэматыкі (напрыклад, пра недакладнасці ў некаторых слоўніках, новыя выразы, майстэрства і... памылкі). Аўтар не абмяжоўваецца толькі лінгвістычнай тэматыкай. Ёсць у яго цудоўныя, пазнавальныя літаратуразнаўчыя, гістарычныя артыкулы. Некаторыя з іх, надзённыя, цікавыя, бескампрамісныя, з відавочнай грамадзянскай пазіцыяй іх аўтара, напісаныя ў два апошнія гады, змешчаны і ў гэтай кнізе - у раздзелах «Літаратура» (невядомае ці малавядомае пра Я. Купалу, К. Чорнага, праўда пра Пушкіна і г.д.), «Гісторыя» (напрыклад, пра назву нашай краіны, таямніцы нашай гісторыі і інш.). На некаторых старонках чытач сустрэне матэрыял, які друкаваўся ў «Нашым слове».
Кніга будзе прадавацца ў менскай «Акадэмкнізе», у гарадзенскіх кнігарнях. Яна каштуе 24 тысячы рублёў. Для тых, хто хоча атрымаць гэтую кнігу накладной платай, паведамляем адрас: 230029, г. Гродна, вуліца Горкага, д. 62, кв. 20. Якалцэвіч Марыі Антонаўне.
Наш кар.
Спытай мяне па-беларуску!
Ёсць такая народная гульня "Што? Дзе? Калі?". Не, гэта не зусім тая гульня, у якой так заўзята змагаюцца Друзь з Паташовым недзе за блакітным экранам. Гэта сапраўдная народная забава, якая збірае поўныя залы не, не гледачоў, а ўдзельнікаў. Якая прымушае і школьнікаў, і студэнтаў, і паважных дарослых людзей зрывацца з месца і натоўпамі вандраваць па краіне. Якая вядзе свой род з сівых часоў ад тых загадак, што загадвалі адзін аднаму нашы продкі, збіраючыся ля агню. I ўсё гэта ад турніру ў вясковай школцы да Чэмпіянату свету ў далёкім ізраільскім Эйлаце усё гэта робяць тры словы: "Што? Дзе? Калі?". Так склалася, што гэта інтэлектуальная гульня пераважна рускамоўная. На рускай мове гуляюць у Германіі, Балгарыі, нават Чэмпіянат свету праходзіць на рускай мове. Справа тут у тым, што гэта справа найперш папулярная сярод выхадцаў з СССР і постсавецкіх краін. Але як і ўсе станоўчыя запазычанні, яно прыжываецца і "асімілюецца" на нацыянальных глебах. Так, у Беларусі бывалыя гульцы з тугою ўспамінаюць "Велікодны вожык" самы знакаміты турнір на беларускай мове, які ў 2007 годзе спыніў сваё існаванне. Але ідэя беларускага ШДК ніколі не знікала.
Гістарычны факультэт БДУ слаўны многімі сваімі традыцыямі, сярод якіх можна адзначыць тое, што нямала выдатных гульцоў прайшло праз яго сцены. Апошнія некалькі гадоў праводзіўся і ўласны "Кубак Гістфака", які адбываецца двойчы на год. Восенню 2009 года арганізатары, сярод якіх, дарэчы, пераважалі сябры гістфакаўскай суполкі моладзі ТБМ, пайшлі на эксперымент: адзін з тураў складалі пытанні пра Беларусь і на беларускай мове. Пераможцаў гэтага туру ТБМ і кампанія "Будзьма" адзначылі памятнымі падарункамі. Новаўвядзенне спадабалася і арганізатарам, і ўдзельнікам, таму вясной 2010 года "Кубак Гістфака" адбыўся пры актыўным удзеле сяброў моладзі ТБМ цалкам пабеларуску, што таксама было добра сустрэта студэнтамі.
I гэта прыжылося! 4 лістапада 2010 года актавая зала старога будынку на Чырвонаармейскай, 6 зноў напоўнілася моладдзю. Прыйшлі згуляць не толькі студэнты розных курсаў, але і выпускнікі, а таксама "браты па розуму" з філалагічнага, хімічнага і нават тэалагічнага факультэтаў. Нават некаторыя выкладчыкі, адклаўшы свае навуковыя пошукі зазірнулі паслухаць і паглядзець. У спрэчках нараджалася ісціна і правільныя рашэнні, мілыя дзяўчаткі"ластаўкі" збіралі адказы, гульцы смехам, гоманам і апладысментамі віталі прыгожыя пытанні і досціпы вядоўцы... Урэшце, калі 15 каманд пераадолелі ўсе 36 пытанняў, аўтарытэтнае журы падлічыла вынікі і вынесла свой вердыкт: трэцяе месца дасталося камандзе магістрантаў "Вясёлыя біхейвіярысты", другое занялі ветэранывыпускнікі, а абсалютную перамогу і Кубак заваялі "Сталевары з Пітсбурга", хлопцы з чацвёртага курса, якія здолелі гэтым замацаваць сай мінулы поспех. Акрамя прызоў ад факультэцкай газеты "Nika", пераможцаў павіншавала ТБМ і ўзнагародзіла невялікімі, але прыемнымі падарункамі: кнігамі, дыскамі, плакатамі, значкамі... Такім чынам, з'явілася новая адметная традыцыя, новая "фішка" гістфака БДУбеларускамоўны турнір па ІІІДК. Відаць, на сённяшні дзень адзіны у краіне... Адзіны? У буйных галовах сябраў моладзі ТБМ зараз выспявае новы план: чаму б тое, што атрымалася на адным асобным факультэце, не паўтарыць на больш значным узроўні? Чаму б не адрадзіцьтрадыцыю ШДК пабеларуску? Чаму б не разнесці гэта насенне са сталіцы па ўсёй краіне? Чаму не? Гульня толькі пачынаецца!
Віталь Быль.
Паважаныя сябры і прыхільнікі ТБМ ,
10 снежня адбудзецца сустрэча з вядомай беларускай перакладчыцай і паэтэсай Аленай Таболіч з нагоды яе юбілею Запрашаюцца ўсе , каго цікавіць беларуская і англамоўная паэзія
Пачатак у 18.00 АДРАС: вул. Румянцава, 13
Фінляндыя, Беларусь і Еўрапейскі саюз
Артыкул міністра замежных спраў Фінляндыі Аляксандра Стуба для беларускай прэсы 6 снежня 2010 года
Фінляндыя адзначае сёння 93ыя ўгодкі сваёй дзяржаўнай незалежнасці. Мы ганарымся сваёй паўночнай дзяржавай, якая ў 1917 годзе ў адгалоссі Кастрычніцкай рэвалюцыі ў Расіі здабыла незалежнасць, змагалася за яе ў гады Другой Сусветнай вайны і развілася з беднай сельскагаспадарчай краіны ў адну з найбольш заможных краінаў свету. Сёння мы шануем памяць тых, хто загінуў у войнах, і выказваем падзяку тым ветэранам, якія яшчэ жывуць.
Што тычыцца Фінляндыі і Бедарусі, мы часцяком заўважаем, што гісторыя нашых краін мае цікавыя паралелі. Бо абедзве яны ў мінулым уваходзілі ў склад магутных заходніх дзяржаваў: Беларусь - у склад Вялікага Княства Літоўскага, а Фінляндыя - у склад Швецыі на працягу амаль 700 гадоў. Па меры паслаблення гэтых заходніх дзяржаваў нашы краіны патрапілы пад уплыў магутнай дзяржавы, якая зараджалася на ўсходзе, г. зн. Расіі: у 1795 годзе - Беларусь, а ў 1809 годзе - Фінляндыя. Падчас рэвалюцыйных падзеяў у Расіі ў 19171918 гг. абедзве краіны дамагаліся незалежнасці. Фінляндыя дасягнула незалежнасці ў 1917 годзе і здолела яе захаваць. Лёс Беларусі складаўся паіншаму, пакуль распад Савецкага Саюза ў 1991 годзе не змяніў сусветны парадак.
Беларусь еўрапейская дзяржава, якая мае права на еўрапейскую будучыню. Беларусь частка Еўропы як дзякучы свайму геаграфічнаму размяшчэнню, сваёй гісторыі і культуры, так і - што яшчэ больша важна - таксама дзякуючы сваёй асабістай волі. Спадзяёмся, што Беларусь будзе эфектыўна праводзіць рэформы для забеспячэння больш шчыльнага супрацоўніцтва з Еўрапейскім Саюзам. Прыклад Фінляндыі мог бы служыць свайго кшталту арыенцірам, бо інтэграцыя Фінляндыі ў еўрапейскія структуры праходзіла паступова і стала часткай доўгатэрміновага працэсу.
Прамежак паміж удзелам Фінляндыі ў ГПТГ (Генеральнае пагадненне па тарыфах і гандлі - анг. GATT ) і ўдзелам у Еўрапейскім Саюзе склаў 39 гадоў. У 1956 годзе Фінляндыя зрабілася сябрам ГПТГ, арганізацыіпапярэдніцы Сусветнай гандлёвай арганізацыі (анг. WTO ). Інтэграцыя Фінляндыі ў Еўропу пачалася ў 1961 годзе, калі Фінляндыя зрабілася асацыяваным сябрам Еўрапейскай асацыяцыі свабоднага гандлю (анг. EFTA ). У 1972 годзе было падпісана пагадненне аб свабодным гандлі з Еўрапейскай эканамічнай супольнасцю (анг. EEC ) і адначасова з ім пагадненне аб супрацоўніцтве з Саветам эканамічнай узаемадапамогі (анг. CMEA ). У 1986 годзе Фінляндыя зрабілася паўнавартым сябрам Еўрапейскай асацыяцыі свабоднага гандлю. У 1992 годзе Фінляндыя падала сваю заяву на сяброўства ў Еўрапейскім Саюзе - і ў 1995 годзе ўвайшла ў склад ЕС.
Інтэграцыйны шлях Фінляндыі был доўгім і часам складаным у сувязі з тым, што яшчэ з часоў Савецкага Саюза стаўленне да вольнага гандлю ў межах ЕЭС было негатыўным. Фінляндыя здолела дзякуючы свабоднаму гандлю і інтэграцыі мадэрнізаваць сваю эканоміку і выйсці шырокім фронтам на еўрапейскія рынкі. З прычыны працяглага падрыхтоўчага перыяду сам працэс атрымання статусу сябра ў ЕС у 1990я гады прайшоў хутка і адносна бязбольна. Тут можна адзначыць, што інтэграцыя Фінляндыі ў еўрапейскія структуры праходзіла з адначасовым захаваннем добрых стасункаў з Савецкім Саюзам, а потым - з Расіяй. Гандаль з усходнім суседам заўсёды быў надзвычай істотным для Фінляндыі. Расія і сёння з'яўляецца адным з найбуйнейшых гандлёвых партнёраў Фінляндыі.
На падставе фінскага досведу магу з перакананасцю рэкамендаваць Беларусі сур'ёзна абмеркаваць прапановы Еўрапейскага Cаюза, максімальна выкарыстоўваючы ўсе наяўныя магчымасці, здзяйсняючы рэформы хуткімі тэмпамі і выконваючы неабходныя патрабаванні. Гэта магло б шматкроць павялічыць аб'ёмы гандлю і інвестыцый паміж Беларуссю і краінамі ЕС.
Фінляндыя выступае прыхільніцай вольнага перамяшчэння грамадзянаў і спадзяецца, што Беларусь можа рухацца ў бок увядзення бязвізавага рэжыму. Вольнае перамяшчэнне людзей уваходзіць у лік базавых прынцыпаў Еўрапейскага Саюза.
У межах Еўрапейскага Саюза Фінляндыя актыўна падтрымлівае праграму Усходняга партнёрства. Мы жадаем зрабіць свой унёсак у працэс, які спрыяе збліжэнню Украіны, Малдовы і Беларусі, а таксама Арменіі, Азербайджана і Грузіі з Еўрапейскім Cаюзам. Фінляндыя прытрымліваецца таго пункту гледжання, што Еўрапейскі Cаюз мусіць надалей даваць больш адчувальную падтрымку рэформам краінаўпартнёрак. Рэформы адпавядаюць інтарэсам як вышэй азначаных краінаў, такі і краінаў Еўрапейскага Саюза. Мы падтрымліваем бягучыя перамовы аб заключэнні пагадненняў аб асацыяцыі. Лічым, што бязвізавы рэжым з'яўляецца мэтай доўгатэрміновай перспектывы ў дачыненні кожнай з шасці краінпартнёрак.
На падставе сваёй уласнай гісторыі мы, фіны, непарушна верым у прынцыпы дэмакратыі, вяршэнства закону і грамадзянскай супольнасці. Мы высока ацэньваем грамадскую ролю няўрадавых арганізацый і СМІ. Мы спадзяемся, што няўрадавыя арганізацыі будуць шырока далучаныя да сферы дзейнасці Усходняга партнёрства.
Гэтымі словамі я хацеў бы заахвоціць Беларусь да далейшых рэформаў. Беларусь мае ўсе падставы, каб ганарыцца сваімі дасягненнямі. Беларусы, якія прайшлі праз цяжкую гісторыю, зарабілі свае дасягненні, на фундаменце якіх краіна можа будаваць стабільную еўрапейскую будучыню. Мы, фіны, жадаем і надалей заставацца сябрамі Беларусі як у межах Еўрапейскага Саюза, так і праз нашыя прамыя кантакты.
Паважаныя сябры і прыхільнікі ТБМ ,
11 снежня адбудзецца вечарына з нагоды 80-га юбілею адметнага дзеяча беларускай культуры Алеся Петрашкевіча
Запрашаюцца ўсе цікаўныя да айчыннай гісторыі і яе інтэрпрэтацыі ў сучаснай творчасці
Пачатак у 17.00 АДРАС: вул. Румянцава, 13
Уладзімір Арлоў "Ля дзікага поля"
У Наваполацку адбылася арганізаваная суполкай "Рубон" Наваполацкай гарадской арганізацыі Таварыства беларускай мовы Ф. Скарыны творчая сустрэча з Уладзімірам Арловым.
На сустрэчы адбылася прэзентацыя зборніка «Ля дзікага поля». "Дзікае поле" - гэта не проста цывілізацыйная пустка, каторай былі калісьці землі Беларусі, потым Масковіі. "Дзікае поле" - гэта субстанцыянальны элемент душы кожнага чалавека. Яго праявам на геаграфічнай акраіне цывілізацыі і прысвечана кніга знанага аўтара.
Наш кар.
Пётр Бяссонаў і Беларусь
У кнігарні "Акадэмкніга" заўважыў цікавую кнігу "Бяссонаў і Беларусь. Пошукі і знаходкі", якую напісаў даследчык беларускай фальклорнай спадчыны Васіль Скідан.. Кніга прысвечана творчасці таленавітага, усебакова адукаванага фалькларыста і этнографа Пятра Аляксеевіча Бяссонава (18271898). Зімою 1864 года П.А Бяссонаў прыехаў у Вільню. 18 сакавіка 1865 г. у Вільню па запрашэнні Карнілава прыязджае П. А. Гільтэбрант. Тут упершыню на службе і сустрэліся два булучыя беларускія фалькларысты! Таксама ў кнізе ідзе гаворка аб зносінах са знакамітымі рускімі даследчыкамі славянства П.В. Кірэеўскім і П.І. Якушкіным.
Аўтар расказвае аб працах Бяссонава па вывучэнні беларускай песеннай спадчыны, абрадаў, паданняў.
У 1879-1898 гады Бяссонаў - прафесар, жыве ў Харкаве, працуе ва ўніверсітэце. Нарыс П.А. Бяссонава "Пра Беларусь" не закончаны. Ён таксама застаўся ў рукапісе. Не менш цікавы накід рукапіснага артыкула "Пра Дунай". Беларускія і рускія песні, у якіх хоць штонебудзь гаварылася пра Дунай, цікавілі гісторыка здаўна і да апошніх дзён. У зборніку П.А. Бяссонава "Беларускія песні" (1871) таксама ёсць песні пра Дунай.
20 гадоў Бяссонаў прысвяціў вывучэнню жыцця і побыту розных народаў - вывучаў славянскія мовы (сучасныя і старажытныя) гісторыю, літаратуру, супастаўляў і параўноўваў народныя абрады песні, звычкі. Досвед у даследчыка быў вялікі і ён, гэты досвед, з усімі падрабязнасцямі быў выкарыставаны пры выданні зборніка "Беларускія песні" (1871).
Кніга зацікавіць шырокае кола чытачоў! Яе наклад 300 асобнікаў.
Аляксей Шалахоўскі, гісторык, журналіст.
"Вечны вандроўнік" у Берліне
Калі б мне сказалі што такое можа здарыцца то я б не паверыў. Але час вымагае неверагоднага. Таму 14 кастрычніка 2010 ў Берліне адкрылася выстава "Вечны вандроўнік Язэп Драздовіч і ягоныя сябры" галоўным "завадатарам" гэтага праекта быў беларускі мастак Алесь Родзін, які доўгі час працуе ў Берліне на "ахелесе" (дом мастака).
На працягу некалькіх дзён па вялікай выставачнай плошчы была падрыхтавана экспазіцыя, у якой прымалі ўдзел, разам з А. Родзічым вядомы ўдзельнік перфомапсаў Зміцер Юркевіч і ст. навуковы супрацоўнік музеязапаведніка "Заслаўе" Юрась Малаш, сябра і некалькі дабраахвотнікаў. Частка матэрыялаў для выставы была загадзя падрыхтавана ў Менску. Гэта друкавванне рэпрадукцый з твораў Я. Драздовіча вялікіх памераў і выраб буклетаў на англійскай мове . акрамя таго былі выраблены фотакалажы дзе адлюстраваны беларусы, якія ў сваей творчасці звяртаюцца да ўнікальнай спадчыны "вечнага вандроўніка" (Арсень Ліс, Алесь Марачкін, Віктар Маркавец, Мікола Купава, Ада Райчонак, Алег Трусаў, іншыя). На вялікіх аркушах фотакалажы былі дапоўнены рукапіснымі тэкстамі на англійскай мове пра жыццё і творчасць Я. Драздовіча. Адкрывала экспазіцыю копія маляванага дывапа Язэпа Нарцызавіча, які быў размешчаны паміж "каланад" з рэпрадукцыямі мастака і тэкставымі фотаілюстрацыямі. Акрамя гэтага на чорным фоне сцен і падлогі былі намаляваны сімвалічныя знакі астралагічнага зместу, праведзены шлях "вечнага вандроўніка" ад родных мясцін (Пунькі) да Вільні, Менска, Наваградка, намаляваны накід "касмічнай тарпеды" паводле той, што пакінуў у запісах Я. Драздовіч у кожным закутку экспазіцыі былі размешчаны цікавыя інсталяцыі ці артаб'екты. Як размаляваны драўляны ідал пакладзены на дзіцячыя вагі. Альбо незвычайная канструкцыя тэлескопа за якім сядзіць манекен чалавека з павялічанным шклом углядаецца ў зорнае неба... А на небе раскідана вялізарная сетка, дзе побач вісяць, вялізныя і незвычайныя па афармленні шары, якія сімвалізавалі планеты... Беларускі "небазнаўца" ператварыўся у сучасны мастацкі твор, на які глядзелі сотні гледачоў з усяго свету.
І гэтак бясконца можна казаць пра дзівосы выставы, падобнай да якой не было яшчэ ў свеце. А калі ўзгадаць яшчэ і перфоманс, які адбыўся перад пачаткам адкрыцця выстаўкі на вуліцы, то перадаць яго не магчыма, але адзначым тэатралізаваную ахвяру, якую прынеслі беларускія мастакі Усявышняму. Адзначым, што беларускія жанчыны і мастакі ( І. Кашкурэвіч. І. Грамакоў), якія трапілі на адкрыццё - з захапленнем казалі, што падобнага тэатральнага дзейства яны не бачылі ды выказвалі свае шчырыя падзякі ўдзельнікам перфомансу... Толькі Алесь ды Зміцер доўга яшчэ размаўлялі з гасцямі з моцна пафарбаванымі ў аранжавы колер тварамі...
На адкрыцці выставы Юрась Малаш на англійскай мове паведаміў гасцям пра велізарную калекцыю маляваных дываноў якая захоўваецца ў музеізапаведніку "Заслаўе", адзначыў, што Я. Драздовіч быў першым мастаком у свеце, які ў 1930я гады маляваў разумнае жыццё ў космасе, па планетах сонечнай сыстэмы, як Месяц, Марс. Сатурн і ствварыў сваю касмалагічную тэорыю паходжання планет з парназоркавыз сістэм..
Літаральна ў хвіліны пазнікалі дзесякті буклетаў, але ж засталіся шчырыя, хвалюючыя словы ўдзячнасці арганізатарам выставы ад шматлікіх гасцей, якія да 2 гадзін ночы заходзілі ў выставачную залу, каб падзівіцца на скарбы "вечнага вандроўніка" з Беларусі.
Ужо праз тыдзень 22 кастрычніка на сядзібе ТБМ у Менску адбылася лекцыя старшыні ТБМ па Менскай вобласці Юрася Малаша "Невядомыя лісты Я. Драздовіча" дзе акрамя спадчыны "вечнага вандроўніка" гучалі і аповяды пра Берлінскую экспазіцыю.
Магчыма патрэбен час, каб асэнсаваць падзею, якая выходзіць за межы звычайнай выставы, бо набліжае беларускае мастацтва да жыхароў Германіі, Італіі, Англіі, Галандзіі, Польшы, Расіі, бо Берлін гэта сапраўды цэнтр еўрапейскага мастацтва, у які завітаў "вечны вандроўнік" з Беларусі.
Лявон Дубрава. На здымку: Юрась Малаш.
ГАРАДЗЕНСКІ ВЕЧАР У ЧАС КАНІКУЛАЎ
У мінулыя асеннія канікулы нам з сябрамі моцна пашчасціла: мы наведалі Гародню. Крочылі яе старадаўнімі вуліцамі, любаваліся на храмы і паркі. Ужо добра змяркалася, калі падняліся да старадаўняй Каложы. З высокага, стромага берага Нёмана, на якім утульна прымасціўся старажытны храм, нашым вачам адкрылася захапляльная карціна вячэрняй Гародні. Ёсць штосьці таямнічае ў вячэрнім горадзе, калі ранняе восеньскае сутонне паступова наплывае, і абрысы дамоў, вуліц бы раствараюцца ў гусцелым змроку. Менавіта так намаляваў гэтую карціну ў рамане "Хрыстос прызямліўся ў Гародні" Уладзімір Караткевіч: "Зямля ўся была залітая аліўкавазялёным месячным святлом. Рэзкія чорныя цені ляглі за дамамі, у нетрах дрэў, у байніцах вежаў… І было гэта так высока і чыста, што захапленне перапаўняла грудзі і хацелася ляцець насустрач гэтаму зіхоткаму срэбнаму шчыту, гэтаму акенцу ў другі свет…" Можа і Караткевіч стаяў на гэтым жа месцы і таксама любаваўся вячэрняй Гародняй, каб потым увекавечыць гэтую незямную прыгажосць у сваіх творах. І мы стаялі ў захапленні: больш цудоўнага відовішча немагчыма ўявіць. На нашых вачах каляровыя агеньчыкі успыхвалі над вуліцамі і выразна было відаць, як горад падзелены на дзве часткі: векавечную старадаўнюю, што рассцілалася побач, проста ля падножжа ўзвышша, на якім мы стаялі, і крыху далей - новую, сучасную. І раптам успыхнула падсветка адначасова на ўсіх храмах. Ніжняя іх частка танула ва ўсё больш густым змроку, а верхняя з высокімі купаламі і крыжамі, падсвечаная ліхтарамі, бы лунала лёгка і бязважка над вуліцамі, цёмнымі сілуэтамі дрэў. Гэта непаўторны краявід! Сэрцам адчуваеш, дзе жыве душа горада! Мы лёгка пазнавалі між начнога краявіду велічныя гарадзенскія храмы: наўпрост перад намі беласнежным святлом ззяў касцёл св. Францішка Ксаверыя, і напэўна там ішло вячэрняе богаслужэнне і, можа, ўзнёсла гучаў арган. Велічна ўзнёсся панад зямлёю Фарны касцёл.
А зусім побач, крыху злева, на цёмных купалах жаночага манастыра ярка і выразна мяккім залатым святлом свяціліся зоркі, быццам нябесны зарапад асыпаў святыню, што пасля многіх гадоў заняпаду зноўку вабіць гарадзенцаў сваёй сціплай і нават суровай прыгажосцю.
Душа спявала ад радасці і ўдзячнасці лёсу, што падарыў мне шчасце жыць на гэтай цудоўнай зямлі, што завецца Беларуссю. І што ёсць у нас такі цудоўны горад наша Гародня.
Гародня здавён была і сталіцай князёў і каралёў, культурнай сталіцай. Ды і сёння ёй часта даюць такую характарыстыку: культурная сталіца. Таму чароўнасць гэтага ранняга восеньскага вечара мы з сябрамі марылі паглыбіць наведваннем гродзенскіх тэатраў. Задоўга да вандроўкі мы ўяўлялі, як зойдзем у залітае яркім святлом фае. Будзе гучаць музыка, а ў руках у нас будуць квіткі на беларускі спектакль: па Караткевічу. Ці Купалу. Але ўжо за тыдзень да вандроўкі мы, на свой вялікі жаль, ведалі: у Гародні тэатры ў час восеньскіх канікулаў не працуюць! Толькі ў лялечным тэатры ў суботу зранку давалі адзіную пастаноўку "Чароўны пярсцёнак", адрасаваную дашкольнікам. Вядома квіткоў нават і на яе было не здабыць. Калі мы пацікавіліся, чаму тэатры не з'арыентаваныя, каб зацікавіць мастацтвам школьную моладзь, то пачулі адказ, што няхай школьнікі на канікулах едуць у вёску. А куды ж тады ехаць нам? Цэлы тыдзень у Гародні не тое што беларускага, а наогул ніякага спектакля пабачыць было немагчыма. Для каго ж тады збудаваны такі прыгожы і велічны тэатр? Гэта цікава. Каб знайсці адказ на гэтае пытанне, проста ад Каложы мы накіраваліся да драматычнага тэатра. Нас вітаў ля ўваходу крылаты Пегас. Было нават страшнавата стаяць унізе і бачыць яго магутныя ногі з каванымі капытамі ў сябе над галавой. Здавалася, ён зараз сарвецца з наканаванага месца і паімчыць у таямнічыя далі.
Вокны тэатра былі асветленыя, у фае шпацыравалі мужчыны ў гарнітурах. Мы адважыліся зайсці, каб, можа, пабачыць плакатыанонсы, хоць крыху наталіцца высокай тэатральнай атмасферай. Але варта было толькі зайсці і зрабіць пару крокаў, як на нас, як каршуны, наляцелі з усіх бакоў і мужчыны ў гарнітурах, што перад тым стаялі непадалёк, ля буфету з пітвом, і вахцёрка. Усе яны абурана нам даводзілі, што ў тэатр заходзіць нельга. А было ўсяго 18 гадзінаў.
Просіцца выснова: тэатр не для нас. Не для школьнікаў. Не для беларусаў. Яны там не пажаданыя. Больш таго, нават шкодныя. Для каго ж тады? Дзе выставы для вучняў, сустрэчы з акцёрамі ў час канікулаў? Вядома, мы маем магчымасць лётаць, раззявіўшы рот, па стадыёнах, але ці атрымаем там спажытак для інтэлектуальнага развіцця, ці навучымся цаніць нашу культурную спадчыну?
У Гародні ёсць тое, што пакінулі нам продкі спакон вякоў. Наша каштоўная спадчына. І няма тых каштоўнасцей, якія магла б падарыць сучаснасць. Але можна проста прайсціся па захаваных для нас старадаўніх вулках, ціхенька мроіць аб мінулым, што нябачна крочыць побач, слухаць гулкія свае крокі, слухаць біццё сэрца, што заходзіцца ад радасці:мы ў Гародні! Зусім невядома, калі зноўку пройдземся гэтым шляхам. Але сёння мы тут. І гэта наша агульнае, трапяткое, такое няўлоўнае, але ШЧАСЦЕ.
Лашкоўская Алена, сябра гісторыкапатрыятычнага клуба "Спадчына", м. Дварэц.
На здымку: Надвячорак над Нёманам.