№ 50 (993) 15 СНЕЖНЯ 2010 г.
60 гадоў з дня нараджэння Мікалая Судзілоўскага
СУДЗІЛОЎСКІ Мікалай Канстанцінавіч (псеўданім Ніколас Русель; 15 снежня 1850, Магілёў - 30 красавіка 1930) - філосаф, прыродазнавец, рэвалюцыянер, удзельнік грамадска-палітычных рухаў Беларусі, Расеі, Швейцарыі, Румыніі, Англіі, Францыі, ЗША, Японіі, Кітая і інш. краін. Прэзідэнт Сената Гавайскіх астравоў.
Падарожнік-географ, аўтар публіцыстычных твораў, спецыяліст у галіне этнаграфіі, энтамалогіі, хіміі, біялогіі, аграноміі. Адкрыў шэраг астравоў цэнтральнай часткі Ціхага акіяна, пакінуў каштоўныя геаграфічныя апісанні Гаваяў і Філіпінаў. Доктар, з імем якога звязаныя пэўныя дасягненні ў хірургіі, тэорыі туберкулёзу і іншых хваробаў. Яму належаць некалькі важных працаў па медыцыне.
Быў таксама членам Амерыканскага таварыства генетыкаў, некалькіх навуковых таварыстваў Японіі і Кітая. Валодаў васьмю еўрапейскімі мовамі, а таксама японскай і кітайскай.
Пасля выхаду ў адстаўку з паста сенатара Гавайскага парламента Судзілоўскі пераехаў у Шанхай (Кітай). У траўні 1905 года ён ужо знаходзіўся ў Японіі, дзе арганізаваў камітэт дапамогі расейскім ваеннапалонным расейска-японскай вайны, стварыў для непісьменных салдат школы. З яго дапамогай у Нагасакі сацыялісты пачалі выпускаць рэвалюцыйную газету «Воля». У Токіё Судзілоўскі выпускаў газету «Усходні агляд», дапамагаў японскім дэмакратам выпускаць часопіс «Рэвалюцыйны веснік», актыўна праводзіў прапаганду сацыялістычных ідэяў. Па патрабаванні Расейскага міністэрства замежных справаў урад ЗША ануляваў ягонае амерыканскае грамадзянства.
У 1912 годзе нястомны Судзілоўскі пераехаў на Філіпіны. Потым ён вярнуўся ў Японію.
Лютаўскую рэвалюцыю, якая адбылася ў Расеі, Судзілоўскі сустрэў з радасцю, але Кастрычніцкая была ўспрынятая ім як «зігзаг гісторыі». Марксізм ён лічыў дактрынёрствам і разгладаў яго толькі, як адно з многіх сацы-ялістычных вучэнняў. У 1921 годзе Мікалай Канстанцінавіч пасяліўся з сям'ёй у кітайскім горадзе Цяньцзынь, дзе працаваў лекарам. Ён арганізаваў першы ў Азіі «Камітэт дапамогі галадаючым Расеі».Мікалай Судзілоўскі памёр 30 красавіка 1930 года ва ўзросьце 80 гадоў. Цела яго паводле ўсходняй традыцыі было спаленае. Пахаваны ў Японіі.
Судзілоўскага называюць «першым і апошнім энцыклапедыстам XX стагоддзя».
140 гадоў з дня нараджэння Фердынанда Рушчыца
РУШЧЫЦ Фердынанд (10 снежня 1870, маёнтак Багданава Ашмянскага павету, зараз Валожынскі р-н - 29 кастрычніка 1936, маёнтак Багданава) - беларускі мастак, графік, тэатральны дэкаратар і педагог.
Дзяцінства і юнацтва мастака прайшлі ў Менску, дзе бацька працаваў чыноўнікам на Лібава-Роменскай чыгунцы. У 1883 г. 13-гадовы Фердынанд паступае у менскую класічную гімназію, якую заканчвае ў 1890 г. з залатым медалём. Тут жа ён сустракае выкладчыка Кузьму Якаўлевіча Ермакова, выхаванца Пецярбургскай Акадэміі Мастацтваў, у якога і атрымоўвае першыя навыкі ў выяўленчым мастацтве і пра якога пасля будзе успамінаць удзячна праз усё жыццё. У 1891 г. ён падаў прашэнне ў Пецярбургскую акадэмію мастацтваў аб залічэнні яго вольнаслухачом на аддзяленне жывапісу. 4 лістапада 1897 г. Рушчыц скончыў акадэмію і атрымаў званне мастака.
У 1904 г. Ф. Рушчыц быў запрошаны на пасаду прафесара жывапісу ў Варшаўскую школу мастацтваў, дзе працаваў да 1906 г. У 1907 пераехаў у Кракаў, а ў 1908 у Вільню.
На пачатку 1920-х гадоў адрадзіў мастацкі факультэт Віленскага ўніверсітэта імя Стэфана Баторыя. У 1935 ён атрымаў тытул ганаровага прафесара гэтага ўніверсітэта. Узнагароджаны ганаровым ордэнам Францыі.
Пахаваны на могілках у Багданаве.
Праз 50 год пасля смерці мастака быў выдадзены яго "Дзённік" на польскай мове, які захавала дачка мастака Яніна Рушчыц. Творы мастака захоўваюцца ў музеях Беларусі, Літвы, Польшчы і ў прыватных калекцыях.
БЕЛСАТУ - 3 гады
10 снежня 2007 года пачаў вяшчаць спадарожнікавы тэлеканал "Белсат". Ідэя стварэння канала належыць ТБМ. Рэалізавана ідэя Міністэрствам замежных спраў Польшчы і польскім тэлебачаннем. Канал працуе на беларускай мове і ўжо вызначыўся прыхільнасцю да дэмакратычных каштоўнасцяў і да беларускасці, прапагандуе беларускую мову.
СВЕТЛАСКОП ВАСІЛЯ ЯКАВЕНКІ
Трылогія "Пакутны век" - твор настолькі адметны і па многіх варунках знакавы для нашай беларускай літаратуры, што ігнараванне яго беларускім літаратуразнаўствам выклікае неспакой і дзіваванне. У 2003 годзе на свет з'явіўся аўтарскі "першынец" - раман "Надлом", пра які С. Явар зазначыла ў кароткім прадстаўленні ў штотыднёвіку "ЛіМ", працытуем: "Раманэпапея В.Якавенкі, падобных якому даўно не было ў беларускай літаратуры, напісаны надзвычай грунтоўна… Вобразы дзейных асоб атрымаліся псіхалагічна дакладнымі, праўдзівымі. Раман мае рысы прыгодніцкага і гістарычнага адначасова. Чытаецца ён цікава. Твор глыбокі і, можна сказаць, нават эпахальны".
А ў 2006 годзе гэты твор выйшаў з друку ўжо ў выглядзе трылогіі "Пакутны век". У першым жа водгуку на яго ў газеце "Народная воля" П. Васілеўскі зазначыў, цытуем: "Гэта манументальны аповед пра Беларусь у ХХ стагоддзі, аб ператварэнні "тутэйшых" у нацыю. Назвы трох частак - "Кабала", "Надлом", "Гульня на згубу". Так, гэта драма, трагедыя. Але ўдакладню - гераічная драма, гераічная трагедыя".
Нарэшце, у 2009 годзе выйшла 2е выданне "Пакутнага веку", яшчэ раз паглыбленае і дапоўненае аўтарам. Аднак у беларускіх літаратуразнаўцаў і пасля гэтага, як кажуць, ні адзін мускул не ўздрыгнуў.
У другой палове ХХ стагоддзя дух нацыі быў сканцэнтраваны ў формах раманахронікі і лакальнай аповесці. Прарыў да праўды пра калектывізацыю і вайну быў здзейснены ў творах Івана Мележа і Васіля Быкава. Гэтым самым быў ажыццёўлены пераход ад філасофскага раманаалюзіі да лакальнай сацыяльнапсіхалагічнай аповесці, у якой акцэнт перанесены на сімволіку тупіковай сітуацыі.
Васіль Якавенка вельмі своечасова адчуў неабходнасць сцверджання ўласнай эстэтычнай праграмы. На пачатку ХХ стагоддзя літаратура звярталася да "душою чулых", да "душаў жывых". У эпічнай паэзіі Якуба Коласа граюць "струны прастору". "Музыка перад усім!" - такім быў дэвіз неарамантыкаў. У другой палове ХХ стагоддзя ўзнікла праблема пераадолення блізарукасці ў поглядах на сацыяльную рэальнасць. Васіль Якавенка ў літаратурнай казцы "Жылабыла Мудрасць" (1996) стварыў вобраз садоўніка Сцяпана, які з вялікага, бы аглобля, агурка і чыстай расы стварыў светласкоптамограф. Гэты своеасаблівы "прыбор начнога бачання" дазволіў садоўніку ўратаваць свет ад нашэсця пачвар.
У трылогіі "Пакутны век" аўтар, узброены ўласным, нябачным для іншых светласкопам, паказаў маштабную панараму гістарычнага быцця мястэчка Моталь і прылеглых да яго ваколіц, пачынаючы з ХVI стагоддзя. Трылогію аднак нельга трактаваць як хроніку: логіка яе структуры вызначана задачай мабілізацыі духоўных рэсурсаў беларускай нацыі, яе самасцвярджэння ў чалавечым свеце сёння. Не зважаючы на модныя патрабаванні дэканструкцыі і разбурэння логацэнтрызму, аўтар выразна акрэсліў арганізуючы матыў трылогіі. Яго можна ахарактарызаваць словамі заснавальніка беларускай філасофскай прозы Кузьмы Чорнага, які таксама ставіў перад сабой задачу стварыць панарамную карціну гістарычнага быцця нацыі: пошукі будучыні.
Гэты матыў патрабаваў ад В. Якавенкі вялікіх высілкаў духу. У трылогіі ён разгортваецца найбольш поўна і паслядоўна і памастацку найбольш пераканаўча.
В. Якавенка ўпершыню ў беларускай прозе паказаў ролю культурных кланаў у гісторыі беларускага адраджэння. У стварэнні беларускай суверэннай дзяржавы былі зацікаўлены прадстаўнікі магнацкіх колаў. Храптовічы, Тышкевічы, Радзівілы, Манюшкі ўжо ў ХІХ стагоддзі зрабілі свой унёсак у развіццё навукі і культуры. У пачатку ХХ стагоддзя ў Беларусі да актуальнага творчага жыцця далучаецца сялянская інтэлігенцыя. Яе намаганнямі створана сучасная беларуская культура. Нацыя, такім чынам, заявіла пра сваё існаванне ў свеце сваім уласным голасам. Натуральнае права "людзьмі звацца" (Я. Купала) трэба было, аднак, адстаяць у змаганні, мабілізуючы на гэта ўвесь патэнцыял нацыянальнай культуры. Светласкоп В. Якавенкі выхоплівае з цемры вякоў падзеі і абліччы ўплывовых асобаў, высвечвае знутры іх сутнасць. Вяршэнне спраў уласнымі Статутамі з 1522 па 1841 год, ліквідацыя халопства, дзеянне прынятай у 1557 годзе Уставы на валокі спрыялі фармаванню гаспадарскіх адносін да рэчаіснасці ва ўсіх сацыяльных слаях беларускага грамадства. Моц беларускай шляхецкай рэспублікі была забяспечана ўласнай культурай, уласнай ідэалогіяй, якую можна азначыць як ліцвінізм. У аснову гэтай ідэалогіі закладзены культ гаспадарскай і рыцарскай годнасці чалавека. Пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай чатыры з паловай мільёны свабодных сялян Беларусі і Украіны былі пераведзены ў стан прыгонных рабоў. Адказам на падобныя захады царызму сталі нацыянальнавызвольныя рухі ў 1794, 1831 і 1863 гадах. Паўстанні былі задушаны, Віленскі універсітэт ліквідаваны ў 1832 годзе, але толькі ліцвінская ідэя свабоднага культурнага гаспадарства засталася неўміручай. У трылогіі "Пакутны век" паказана, як гаспадарскі клопат пра лёс радзіны і Бацькаўшчыны яднае жыццёвыя інтарэсы селяніна Пятра Рамановіча і грамадскага дзеяча з магнацкага роду Рамана Скірмунта.
Менавіта на шляху пераадолення рэшткаў саслоўных забабонаў адкрываліся перспектывы нацыянальнага самасцвярджэння. На мотальскім Палессі ў пачатку ХІХ стагоддзя абшарнік Аляксандр Скірмунт, падобна І. Храптовічу на Наваградчыне, безаглядна парваў з сарматызмам, які быў ідэалагічным апраўданнем мультытыраніі. Прадпрыймальніцкая і мецэнацкая дзейнасць Скірмунтаў адыграла вялікую ролю ў мабілізацыі творчага патэнцыялу сацыяльных нізоў. В. Якавенка пераадолеў інерцыю схематызму і ідэалізацыі ў паказе вяртання асвечаных абшарнікаў да агульнанацыянальных інтарэсаў. З трох братоў Скірмунтаў толькі Раман стаў свядомым дзеячам беларускага адраджэння. Канстанцін (Канстант) Скірмунт быў польскім дыпламатам у час варожага Беларусі рэжыму Пілсудсага, а таленавіты кампазітар і музыкант Генрык застаўся пакутаваць "на ростанях". Не маючы магчымасці паказаць духоўныя працэсы ва ўсёй іх паўнаце, В.Якавенка часам разгортвае асобныя эпізоды ў шматфігурную кампазіцыю, сэнс якой высвечвае далягляды мінуўшчыны і будучыні. Сустрэчы Скірмунтаў з Пятром Рамановічам і яго сынам Барысам здзіўляюць эканомнасцю выяўленчых сродкаў, дакладнасцю сацыяльнапсіхалагічнага малюнка і настраёвасці, якая звычайна з'яўляецца вынікам сацыяльнафіласофскага абагульнення катастрафічнай сутнасці эпохі: "Светлы сум, непакой і горыч за нешта супольнае, блізкае, што было і не атрымала далейшага свайго развіцця або зусім страчана, напоўнілі сэрца Пятра.
Яны выйшлі ў сенцы, калі музычны матыў, што мякка сачыўся з кабінета Генрыка, змяніўся, ператвараючыся ў наплыў ціхай журбы і пяшчоты, стаў мілажальным ды загучаў адкрыта, моцна і чыста. Генрык выконваў паланез Агінскага".
Так падводзяцца ў маёнтку Скірмунтаў вынікі мастацкафіласофскага аналізу сітуацыі на самым пачатку Другой Сусветнай вайны. Рыжская змова супраць Беларусі і Украіны, чалавеканенавісніцкія планы Троцкага, Гітлера, Сталіна, успамін пра трагічны лёс гнанага Напалеона Орды, які меў прытулак у моладаўскім маёнтку, народныя легенды і паданні пра змагароў за справядлівасць, паэзія Янкі Купалы на старонках "Нашай нівы" і журботнасцвярджальны кліч апрацаванага М. Агінскім беларускага меласу - усё гэта стварае настраёвасць пабуджальную. "Не ўсё яшчэ скончана", - гэты лейтматыў прозы І. Мележа мае свой працяг не толькі ў творчасці В. Якавенкі, але і ў сучаснай гістарыяграфіі. Паняволеныя народы не хочуць і не могуць заставацца "на ростанях" гісторыі. Пазіцыя В. Якавенкі адносна Беларусі ў трылогіі выказана акрэслена і пераканаўча: запаволенасць гістарычнакультурнага працэсу тут ёсць вынік вынішчэння нацыянальнай інтэлігенцыі, беларускай мовы і культуры.
Пісьменнік паказаў цану страты для будучых пакаленняў. Забойства бандытамі Плюнгера Рамана Скірмунта, Пятра Рамановіча і яго сына Паўлюка, вымушаная эміграцыя рэшткаў радзіны за акіян з'яўляецца адным з фактаў у сістэме ліквідацыі лепшых людзей нацыі, яе архетыпнай субстанцыі. Аснову беларускай ментальнасці складае гаспадарская парадыгма: дбайнаму гаспадару, гаспадыні, іхнім дзецям, нібы багам ці святым, нясуць свой хваласпеў калядоўшчыкі і валачобнікі. Ва ўмовах аграрнай рэвалюцыі неаліту склалася крэатыўная эстэтыка ўзаемаадносін чалавека са стыхіямі, натурфіласофскі светапогляд, крытэрый людскасці ў маралі і этыцы грамады. У доме Пятра Рамановіча дзеці і ўнукі растуць дасціпнымі, ініцыятыўнымі і чулымі, а ўся сістэма народнай педагогікі застаецца нябачнай для пабочнага вока, дзейнічае бездакорна, нібы інстынкт у пчаліным вуллі.
Свет "людскасці ды мастацтва" у ХХ стагоддзі апынуўся пад пагрозай. Усё жыццё беларуса Пятра Рамановіча прасякнута прадчуваннем катастрофы. Бежанства падчас Першай Сусветнай вайны, голад ужо ў савецкім Паволжы, вяртанне ў родны край, здадзены бальшавікамі паводле Рыжскай змовы панам з Варшавы, чаканне раскулачвання і высылкі пасля 17 верасня 1939 года і нарэшце - гібель ад рукі бандытаў у рэвалюцыйным законе.
В. Якавенка стварыў бязлітасна праўдзівую мадэль існавання беларускага культурнага гаспадара ў дваццатым стагоддзі. Талент публіцыста паставіў празаіка перад неабходнасцю пазнаёміць чытача з Барысам Кітам. Выхадзец з сялянскай сям'і ў вёсцы на Наваградчыне, Барыс Кіт з маладых год актыўна ўключыўся ў асветніцкую працу і зведаў смак жыцця ў польскіх і нямецкіх турмах. У час знаходжання ў ЗША стаў буйным вучонымтэхнолагам. Ён з'яўляецца стваральнікам плыўкага вадароду - паліва для касмічных караблёў, з якім звязаны важнейшыя дасягненні амерыканскай астранаўтыкі. У свядомасці беларускага чытача вобраз Барыса Кіта стаіць поплеч з такімі вядомымі ў свеце беларусамі, як Язэп Тышкевіч, Мікалай Судзілоўскі, Андрэй Тадэвуш Касцюшка, Ігнат Дамейка.
Шмат увагі ў трылогіі В. Якавенкі аддаецца і лёсу беларускай палітычнай інтэлігенцыі. Паказваючы недарэчнасць расколу паміж прыхільнікамі БНР і БЦР, пісьменнік вылучае тых дзеячаў, якія ва ўмовах фашысцкай акупацыі клапаціліся пра развіццё беларускай культуры. Асаблівай увагі заслугоўваюць адмыслоўцы, якія адкрывалі і падтрымлівалі беларускія школы. Вінцэнт Гадлеўскі здолеў у Баранавічскай акрузе зрабіць усе школы беларускамоўнымі. Значэнне такой працы вырысоўваецца пановаму, калі ўлічваецца варожая Беларусі дзейнасць Арміі Краёвай у час нямецкай акупацыі. Трэба было змагацца супраць апалячвання беларускіх дзяцей. У гэтым змаганні за поспехі даводзілася таксама расплачвацца галавой. Ксёндз Вінцэнт Гадлеўскі быў расстраляны фашыстамі.
У трылогіі В.Якавенкі адлюстраваны працэс абуджэння народнай думкі. Пазітывісцкая філасофія ў Еўропе не змагла ацаніць пагрозу нігілізму. Арыентаваны на індывідуальнасць хайдэгераўскі экзістэнцыялізм не паспеў перарасці ў практыку сацыяльнага дзеяння. Масавае грамадства апынулася ў паласе часу, вызваленага ад чалавечага быцця. Таталітарныя рэжымы свядома навязвалі грамадзе культ "полага" чалавека, вызваленага ад усяго "празмерна чалавечага".
Трылогія "Пакутны век" прапануе чытачу абагульніць вынікі пошукаў філасофскага "кораня рэчаў". Дыялогі ў палацы Скірмунтаў, за шчодрым сталом у гаспадара Рамановіча, даклады на Усебеларускім кангрэсе палітычнай інтэлігенцыі, тэксты праграмных выказванняў Троцкага, Луначарскага, Гітлера, Сталіна ацэньваюцца ў творы з пункту гледжання іх адпаведнасці норме людскасці ў яе традыцыйным, крэатыўным разуменні. У трылогіі В. Якавенкі дзейнічае логіка мастацкай рэдукцыі, наогул характэрная беларускай прозе. У рамане Кузьмы Чорнага "Пошукі будучыні" сукупны вобраз Вялікага інквізітара ўсіх часоў рэдуцыраваны да ўзроўню вялікага злодзея, які жывіцца крадзяжом і разбоем. Сутнасць усіх чалавеканенавісніцкіх "тэорый" у трылогіі В. Якавенкі ўвасобленая ў вобразе маленькага чалавека, вызваленага жорсткім часам ад пачуцця якой бы то ні было зроднасці (Г. Скаварада).
Камуністычная ідэалогія класавай нянавісці вызваліла Даніка Плюнгера з маральнага падполля. Зброя ў руках забяспечыла пачуццё сваёй вышэйшасці. Пачуццё крыўды перарасло ў пачуццё помсты. Ён не меў патрэбы ў якойнебудзь сістэматызацыі каштоўнасцяў. Пазітывістэкстраверт, адзначаў К.Г. Юнг, "змяншае ўсе каштоўнасці, зводзячы іх да элементаў, што стаяць ніжэй". Данік Плюнгер, гаротнае дзіця вясковага галетніка ў часы санацыі, малады камісар, а потым і камандзір атрада ў гады вайны, кіраўнічы функцыянер абласнога маштабу пасля вайны, абапіраючыся на ідэалогію класавай нянавісці, усю сістэму каштоўнасцяў звёў да тэхналогіі помсты і забойства. У спісе яго ахвяраў ёсць нават яго крэўныя. Так у трылогіі прасочваецца эвалюцыя тыпа, які ў прозе В. Быкава названы "сваім" чалавекам.
Мастацкая рэдукцыя В. Якавенкі не пакідае бездапаможнага чытача на дне гістарычнай звалкі, як гэта робяць апалагеты дэканструктывізму. Пісьменнік прапануе вынікі свайго даследавання - выразна абазначаную лінію параноі крызіснай эпохі: Ленін - Троцкі - Гітлер - Сталін - Вайцман - Плюнгер. Аднак гэтымі персаналіямі не вычэрпваюцца магчымасці сучаснага быцця. Акрамя клінічнай рэдукцыі, ёсць у арсенале празаіка і канструктыўная аналітыка, арыентаваная на скарынаўскае паспалітае добрае, на зроднасць. Трылогія невыпадкова заканчваецца карцінай сучаснага адраджэння. У Моталі, Наваградку і Менску людзі беларускай эміграцыі ўбачылі жыццё новага пакалення беларусаў, працаўнікоў і кіраўнікоў, якія з пачуццём гаспадарскай адказнасці ствараюць заўтрашні дзень. Вобраз музея ў некалі напалову спаленым Моталі паўстае як сімвал вяртання праўды веку.
Было б памылкай бачыць у гэтым нейкую ідылію. Псіхалагізаваныя сцэны вяртання ў фінале сугучныя філасофскай настраёвасці "Пралогу": "хацелася жыць!". Як і ў трагічных фіналах драматычных аповесцяў М. Гарэцкага: "Жыцьмем!".
На працягу ўсёй трылогіі чытач адчувае асаблівасць аўтарскага стылю В. Якавенкі. Аўтар стварае псіхалагічную прастору, атмасферу, аўру, блізкую і роднасную чытачу. У творы пульсуе метасацыяльная рэальнасць. Душою чулыя Пятро Рамановіч і яго ўнучка Маня ў словах улоўліваюць "тое, што дае магчымасць разумець большае". Гэтае большае ёсць не што іншае, як псіхалагічна абумоўленая рэчаіснасць, наяўнасць якой сёння прызнае аналітычная, ці, больш дакладна, архетыпальная псіхалогія. Калі на кон пастаўлена праблема выжывання чалавецтва, заканамерна ўзнікае пытанне пра навуковы і мастацкі пошук архетыпа супольнасці, архетыпа народа. Такі пошук у "Пралогу" пачынае "святая тройца" - алюзія на трохаблічны "Аўтапартрэт" Я. Драздовіча і трымурці Брахмы. Галерэю разнавіднасцяў гіганцкага касмічнага першапачынальніка - Брахмы, Гайамарта, Адама - можна дапоўніць вобразам Сварога. Імя Парыпы, адшуканага В. Якавенкам у глыбі Палесся, сугучна з імем індаеўрапейскага першапродка Пурушы. Наказы Парыпы памятае і перадае ўнучцы гаспадар Пятро Рамановіч, дух якога Маня Раманавічанка адчувае заўсёды побач. Гэта і ёсць беларускі гаспадарскі архетып. Новае пакаленне Беларусі сёння мае ўзоры на выбар: Гаспадар у сапраўдным сэнсе слова ці, наадварот, Плюнгер, магільшчык "казкі жыцця". Ганебны канец Плюнгерамалодшага з'яўляецца заканамерным фіналам плюнгераўшчыны.
Трылогія В.Якавенкі "Пакутны век" з'яўляецца яркім прыкладам вырашэння актуальнай задачы вялікага грамадзянскага і творчага значэння. Характэрны для беларускай літаратуры канструктыўны метад мастацкай тыпізацыі - "у нязмерных глыбінях нязмерныя высі" (У. Дубоўка) - тут насычаны дакладным сацыялагічным і псіхалагічным аналізам. У творы паказаны працэс пераплаўкі беларускага духу на вялікім гістарычным перавале сучаснага чалавецтва. Аўтарскі досвед інтэграцыі ў вялікай мастацкай структуры формаў аповесці, відзяжу, гістарычнага дакументу, філасофскага дыялогу адкрывае новыя магчымасці ў развіцці мастацкай прозы.
Аляксей РАГУЛЯ, прафесар культуралогіі.
Помнік Эдварду Вайніловічу можна ўстанаўліваць
Грамадская арганізацыя
"Таварыства беларускай мовы
імя Ф. Скарыны"
Аб увекавечанні памяці Э. Вайніловіча
Па даручэнні Мінгарвыканкама зварот аб прысваенні імя Э. Вайніловіча скверу, што побач з касцёлам св. Сымона і св. Алены і ўстанаўленні там бюста Э. Вайніловіча разгледжаны ва ўпраўленні культуры і камітэце архітэктуры і горадабудаўніцтва Мінгарвыканкама.
На тэрыторыі сквера, што побач з касцёлам, пабудаваным ў пачатку XX сгагоддзя на сродкі Э. Вайніловіча, размешчаны фантан, які носіць найменаванне "Юнацтва". Лічым, што прапанаваная назва сквера не будзе адпавядаць тэме скульптурнага афармлення фантана і стылістыцы сквера.
У сувязі са 100-годдзем з дня асвячэння і адкрыцця ў Мінску касцёла, лічым магчымым ўстанаўленне бюста Э. Вайніловіча на тэрыторыі, якая прымыкае да касцёла пры ўмове вызначэння крыніц фінансавання і атрымання неабходных узгадненняў.
Начальнік упраўлення В.У. Рудзікава.
Старшыні Грамадскага аб'яднання
"Таварыства беларускай мовы
імя Францішка Скарыны"
Трусаву А.А.
Аб выпуску паштовых марак, мастацкага канверта і паштоўкі
Паважаны Алег Анатольевіч!
Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь разгледзела Вашы прапановы аб выпуску паштовай маркі і мастацкага канверта, прысвечаных 120-годдзю з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Максіма Багдановіча, і паштовай маркі, прысвечанай Эдварду Вайніловічу.
Паведамляецца, што Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь падрыхтаваны праект Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і план мерапрыемстваў, прысвечаных 120-годдзю з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Максіма Багдановіча. Планам мерапрыемстваў прадугледжаны выпуск канверта з арыгінальнай маркай і правядзенне памятнага гашэння, прысвечаных юбілею паэта. Што датычыцца Вашых прапаноў, то яны будуць разгледжаны пры падрыхтоўцы арыгінал-макета канверта.
Што датычыцца выпуска паштовай маркі з адлюстраваннем партрэта Эдварда Вайніловіча і паштоўкі з выявай касцёла святых Сымона і Алены, то ажыццявіць гэтыя праекты за кароткі тэрмін не прадстаўляецца магчымым. Акрамя таго, згодна з Інструкцыяй аб парадку вырабу і распаўсюджвання дзяржаўных і іншых знакаў паштовай аплаты, спецыяльных паштовых штэмпеляў Рэспублікі Беларусь, зацверджанай пастановой Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь ад 16.09.08 г. № 38, выдатныя дзяржаўныя і палітычныя дзеячы, дзеячы навукі, культуры і мастацтва могуць быць адлюстраваны на дзяржаўных знаках паштовай аплаты да юбілеяў з дня нараджэння, кратных 25.
Адначасова паведамляем, што РУП "Белпошта" выраблены ў 2010 годзе два віды паштовак з выявай касцёла святых Сымона і Алены. Гэтыя паштоўкі маюцца ў продажы ў цяперашні час.
3 павагай,
Намеснік Міністра М.М. Струкаў.
Беларусы замежжа за беларускую мову
На Ўсебеларускім народным сходзе амаль не гучала беларуская мова.
На сходзе выступілі каля 30 дэлегатаў, двойчы кіраўнік краіны Аляксандар Лукашэнка, але на беларускай мове прамаўлялі толькі настаўніца беларускай мовы Алеся Зяневіч, дэпутат Генадзь Давыдзька і старшыня згуртавання беларусаў Эстоніі Ніна Савінава. Эстонская беларуска Ніна Савінава, якая брала слова апошняй, выступіла ў абарону беларускай мовы:
- Але, каб ужо беларускі народ на Ўсебеларускім народным сходзе так мала размаўляў на роднай, прыгожай беларускай мове! Ведаеце, хочацца, каб на пятым Ўсебеларускім народным сходзе мы з вамі размаўлялі ўсё ж больш па-беларуску. Аляксандар Рыгоравіч, я ведаю, вы выда-тна валодаеце беларускай мовай, бо на першых сустрэчах нашых вы звярталіся да нас на беларускай мове.
Паводле спадарыні Савінавай, беларусы замежжа чакаюць, што будзе выкарыстаны іх патэнцыял і прыняты закон аб суайчынніках.
- Таму, калі ласка, да-маўляемся: вы размаўляеце на беларускай мове - а мы прыязджаем да вас.
Кіраўнік беларускай дзяржавы адказаў на гэта па-беларуску:
- Дзякуй вялікае, Ніна. Ты казала, што вас, беларусаў, - тры мільёны па-за межамі ў свеце. Мы вас так чакаем, нам так не хапае вас тут. Прыязджайце да нас. І калі вы хочаце, каб мы размаўлялі на беларускай мове больш, мы аба-вязкова гэта зробім, можа, заўтра, можа, сёння, як вам будзе лепш. Не хвалюйцеся.
Наш кар.
Дзякуем Федэрацыі Прафсаюзаў Беларусі
Сакратарыят ТБМ імя Ф. Скарыны выказвае шчырую падзяку Федэрацыі Прафсаюзаў Беларусі за аказанне спонсарскай дапамогі для падпіскі на беларускамоўныя выданні і ў першую чаргу на газету "Наша слова".
На падставе дагавора дабрачыннай (спонсарскай) дапамогі №65 ад 11 кастрычніка 2010 г. грамадскае аб'яднанне "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" атрымала ад Федэрацыі Прафсаюзаў Беларусі грашовыя сродкі ў памеры 950 000 (девяцьсот пяцьдзесят тысяч) беларускіх рублёў.
У адпаведнасці з пунктам 3 дагавора грашовыя сродкі былі выкарыстаныя на падпіску шэрагу цэнтральных раённых бібліятэк краіны, школ, а таксама бібліятэк гімназій г. Менска і г. Заслаўе, бібліятэкі ГА "Таварытсва беларускай мовы імя Ф. Скарыны" на беларускамоўныя перыядычныя выданні Рэспублікі Беларусь. Агульная сума падпіскі - 952 380 (дзевяцьсот пяцьдзесят дзе тысячы трыста восемдзесят) беларускіх рублёў.
На "Наша слова" падпісаны: цэнтральныя раённыя бібліятэкі г. Мсціслаў, г\п. Клічаў, г. Драгічын, г. Ляхавічы, г. Буда-Кашалёва, г. Дрыбін, г. Хойнікі, г. Краснаполле, г. Кобрын, г. Нароўля, г. Любань, г. Нясвіж, г. Шуміліна, г. Брагін, г. Іванава, г. Крычаў, г. Лоеў, г. Столін, г. Чавусы, г. Клімавічы, г. Добруш, г. Клецк, г. Старыя Дарогі, г. Ельск, г. Чачэрск, г. Маларыта; гімназіі г. Менска № 28, № 23, № 9, № 4, № 14; СШ № 60 г. Менска, Нацыянальны гістарычны музей гісторыі і культуры, Лельчыцкі краязнаўчы музей, Цэнтр гісторыі і культуры г\п Акцябрскі, бібліятэка Заслаўскай гімназіі, Мсціслаўскі гістарычна-археалагічны музей, бібліятэка СШ №1 г. Заслаўе, сядзіба ТБМ.
Алесю Корневу - 75 гадоў
За ластаўкай - у вышыню!
Бліжэй к адвечнаму агню!
Туды, дзе хмаркі талакой,
Дзе рух няспынны і спакой.
Алесь Корнеў "Услед за ластаўкай"
3 лістапада 2010 года баранавіцкая грамадскасць адзначыла 75-ці годдзе з дня народзінаў мясцовага паэта Алеся Корнева. 33 гады ён самааддана лячыў людзей, натхнённа займаўся лясной скульптурай і мастацтвам, але найбольш сябе праявіў у паэзіі, напісаўшы 14 зборнікаў вершаў. У Баранавічах Алесь Корнеў пакуль самы стваральны паэт і творца. Ён пачаў пісаць першыя вершы яшчэ ў школе, затым у інстытуце. Яго першы зборнік вершаў называецца "Услед за ластаўкай", а самы патрыятычны - "Крыжы зямелькі нашай", у якім аўтар паказвае ў вершаванай форме трагічна-гераічную гісторыю нашай зямлі ад Рагнеды да першага героя Беларусі Уладзіміра Карвата. Гэты зборнік вершаў паэт падараваў айцу Аляксанду Надсану - стваральніку Лонданскай бібліятэкі імя Францішка Скарыны.
Але найбольш паэт Ко-рнеў праславіўся любоўнай лірыкай, раскрыццём інтымных адносінаў паміж мужчынам і жанчынай. Тэме кахання прысвечаны такія збонікі вершаў як "Жаночыя напевы", "Пад зоркай Мілавіцай", "Неўтаймоўны сэксафон". Менавіта за зборнік вершаў "Неўтаймоўны сэксафон" Алесь Корнеў атрымаў берасцейскую мядовую літаратурную прэмію (пуд мёду і дыплом), якую заснаваў з 2001 года пружанскі прадпрымальнік Мікалай Папека.
Алеся Корнева віншавалі мясцовыя паэты Алесь Белы, Іван Лагвіновіч, Анастасія Жук, Людміла Шувалава, Раіса Раманчук, Мікалай Зай-цаў, а таксама каляжанка па былой працы Браніслава Салаўёва. Сябры ТБМ падара-валі каляровае фота паэта каля абраза Madonna del Paskolo, калі ўрачыста адзначаліся 280-я ўгодкі каранацыі абраза Маці Божай Жыровіцкай 19 верасня 2010 года. Вельмі цёпла віншавала паэта кіраўніца народнага музея імя Валянціна Таўлая Ніна Шавель і яе навучэнцы, якія чыталі любімыя вершы Корнева. А Наталля Врублеўская прэзентавала апошнія кнігі Алеся Корнева "Мядовы полюс" і "Як песня, год мінае". Але найбольш уразілі ўсіх прысутных навучэнцы і настаўнікі СШ № 4 і № 17, якія заспявалі мноства песняў на вершы Алеся Корнева.
Старшыня Баранавіцкай Рады ТБМ Віктар Сырыца.
"Спадчына" № 158
Нарэшце пайшоў у распаўсюд 158мы нумар "Спадчыны". У ім два тэматычныя акцэнты.
Папершае - беларуская архітэктура ў кантэксце ўсясветнай эвалюцыі стыляў. Уводзіны ў тэму дае Сяргей Харэўскі ("Паспець убачыць") - б'ючы ў званы, бо руйнуюць горш, як за камуністамі. Ганна Андрэйчык ("Паладыянства ў беларускай архітэктуры класіцызму") дае мноства сведчанняў, як увасабляліся ў нас ідэі Андрэа Паладыё, упарадніка мовы класічнага дойлідства. Эдзіта Баруцкая піша пра "Дом Бэйлі Скота ў Лясковічах паблізу Віцебска" (не блытаць з праславутымі Ляскавічамі ў Прыпяцкім запаведніку!) - аўтарства знакамітага брытанца, аднаго з лідараў руху "Arts&Crafts", які ў канцы ХІХ стагоддзя сцвярджаў рэгіянальныя традыцыі ў піку віктарыянству.
Падругое, асобным сшыткам упершыню тэма "Альтэрнатыўная культура". Гісторыя экспансіі беларускай рокмузыкі за межы - натуральна, пяра Вітаўта Мартыненкі; тэкст Рыгора Дамінюка "Каму выгоднае вынішчэнне маскульту" (пра якасны беларускі прадукт, а не папсу); эксклюзіўныя фатаграфіі.
Акрамя таго:
Алена Пітацелева. Два абразы "Раства Багародзіцы" з калекцыі Кіева-Пячорскага запаведніка: кампазіцыйныя ды пластычныя рэмінісцэнцыі.
Аляксей Хадыка. Мальтыйскія рыцары і Беларусь (повязі з Мальтыйскім ордэнам - з часоў візыту Жыгімонта Караля Радзівіла на Мальту ў 1608 годзе).
Ганна Несцерава. Ці спявалі мы "Багародзіцу" (наш першы свецкі гімн; тэкст, ноты).
Аўгустын Ратундус. Ліст да Андрэя Воляна (узор каталіцка-рэфармацкай палемікі XVI ст.).
Анатоль Гладышчук. Дзе магла быць першая друкарня на тэрыторыі сучаснай Беларусі (аўтар мяркуе, што ў Берасці, на Рынкавым пляцы знішчаным расейцамі падчас будаўніцтва вядомай фартэцыі Старога места).
Уладзімір Ляхоўскі. Беларускі моладзевы рух у пачатку ХХ ст. (як заўжды ў Ляхоўскага, грунтоўны энцыклапедычны тэкст, добра ілюстраваны).
* * *
Дзе здабыць? Ува ўсіх вядомых здабывальных мясцінах, у "Акадэмкнізе".
Што далей? Наступны нумар - пра 20-годдзе паўстання новага нацыянальнага руху. Спадзеў на рэгулярнасць выхаду.
Дарэчы, "Спадчына" калісьці першая сярод "тоўстых" часопісаў адмовілася ад прыдзяржаўнага статусу - і, як бачым, не знікла.
Вінцук Вячорка.
"Беларуская зорка" Рычарда Грушы
27 лістапада ў малой зале Лідскага палаца культуры прайшла прэзентацыя альбома Рычарда Грушы "Беларуская зорка". У альбоме сабраны песні, напісаныя на вершы вядомага лідскага мастака і скульптара Рычарда Грушы.
На 146 старонках фармату А4 змешчаны ноты і словы 37 песень. 15 з іх беларускамоўныя, 22 рускамоўныя. Песні напісаны васьмю самымі рознымі кампазітарамі, але ўсе іх яднае постаць аўтара вершаў. Дык які ж ён мастак і скульптар Рычард Груша у паэзіі? Івось што тут можна заўважыць: калі мы ўнікнем у беларускамоўныя песні, то мы нечакана для сябе ўбачым усё таго ж Рычарда Грушу, якога бачым і ў жывапісе, і ў скульптуры. Роднасць пейзажаў і вобразаў, яснасць іх выражэння, якую многія блытаюць з прастатой, не разумеючы таго, што, каб стварыць простую і дасканалую рэч, трэба большае майстэрства, чым для стварэння вычурнай кампазіцыі. Таму карціны Рычарда Грушы могуць быць ілюстрацыямі да песень на яго вершы, а песні могуць суправаджаць выставы жывапісу, што і мае месца ў рэчаіснасці.
Рускамоўныя песні інакшыя. Яны вядуць у свет эмоцый і перажыванняў, у свет пачуццяў, надзеяў, клопатаў, расчараванняў і глыбокай журбы. На іх не прастаўлены прысвячэнні, але многія з іх прысвечаны зместам і аўрай Ірыне, жонцы Рычарда Грушы, якая доўгі час была безнадзейна хворай, і Рычард адчуваў, як яна павольна, але няўхільна і непазбежна пакідае яго і гэты свет. Многія песні пранізаны трагізмам гэтай сітуацыі, але гэта разумееш, калі ведаеш усе абставіны. У вершах Рычарда няма праяваў натуралізму, і калі слухач нічога пра аўтара не ведае, ён будзе чуць у песнях і журбу, і трагізм, і радасць, і захапленне чыста як праяву эмоцый, як раскрыццё духоўнага свету аўтара. І ў гэтым ёсць свая асаблівасць і свая сіла вершаў Рычарда Грушы і песняў на гэтыя вершы.
Укладальнік і музычны рэдактар зборніка лідскі кампазітар Вячаслаў Пыпець.
На прэзентацыю прыйшлі прадстаўнікі ўлады, грамадскасці, СМІ, прадстаўнікі Гарадзенскіх абласных аддзяленняў Саюза мастакоў і Саюза кампазітараў, сябры і проста аматары песні. Перад пачаткам быў паказаны відэафільм пра Р. Грушу мастака і скульптара, а пасля гучалі песні на вершы Р. Грушы ў выкананні саміх кампазітараў, а таксама ансамбля "Лідамюзікл".
Альбом выдадзены пры падтрымцы Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ імя Ф. Скарыны.
Наш кар.
На здымках: 1. Фільм пра Р. Грушу; 2. Р. Грушу віншуе дырэктар лідскай тэлерадыёкампаніі Ніна Пазняк; 3. На сцэне кампазітары і ўдзельнікі канцэрта.