Папярэдняя старонка: 2010

№ 51 (994) 


Дадана: 19-03-2020,
Крыніца: pawet.net.



№ 51 (994) 22 СНЕЖНЯ 2010 г.

З КАЛЯДАМІ І БОЖЫМ НАРАДЖЭННЕМ

ЖЫВАПІСЕЦ ПАГАНСКАЙ ЛІТВЫ

170 гадоў з дня нараджэння Казіміра Альхімовіча

АЛЬХІМОВІЧ Казімір нарадзіўся перад самымі калядамі - 20 снежня 1840 года ў вёсцы Дубраве (Дэмбраве) былога Лідскага павету (цяпер Шчучынскі раён).

Казік паходзіў з небагатай сям'і. Але грошы на навучанне ў ёй не шкадавалі (яго брат Гіцыянт таксама стаў мастаком). Падрослага Казіка, бацька аддаў у Віленскую гімназію. Яго талент памножаны на працавітасць даў плён у яго самым галоўным захапленні жыцця - маляванні. Вось чаму вучоба ў гімназіі стала штуршком для развіцця творчага дару. Пасля заканчэння гімназіі ён непрацяглы час працаваў эканомам у адным з маёнткаў пад Кіевам.

У 1863 годзе К. Альхі-мовіч сярод удзельнікаў вызвольнага паўстання. Па прыгавору суда быў высланы ў Сібір. Давялося жыць на Урале: у Кунгуры і Верхатур'і. У ссылцы мастак шмат маляваў з натуры, занатоўваючы падзеі з цяжкага жыцця сасланых, пісаў рэлігійныя кампазіцыі, з продажу якіх жыў.

Вярнуўшыся з ссылкі, Альхімовіч пасяліўся ў Варшаве, дзе ў 1871 - 1973 г.г. наведваў рысавальную школу, якой кіраваў выпускнік Пецярбургскай Акадэміі мастацтваў Войцах Герсан. Гэта была прыватная навучальная ўстанова, над якой брала шэфства Пецярбургская Акадэмія мастацтваў. Упершыню давялося Альхімовічу выстаўляцца. Двойчы ён быў узнагароджаны срэбным медалём за карціны "Смерць у выгнанні" і "Пахаванне на Урале".

Мастак едзе ў Мюнхен, дзе ўдасканальвае сваё майстэрства з 1873 па 1875 год у Мюнхенскай Акадэміі мастацтваў пад кіраўніцтвам прафесара Вагнера. З 1875 па 1878 год працаваў ў Парыжы. Жыў ў Авоне і ў Фантэнбло, дзе кіраваў мастацкай майстэрняй.

Гады, праведзеныя ў школе Герсана, вызначылі творчае аблічча мастака, канчатковы кірунак яго дзейнасці-гісторыя роднай зямлі. Сапраўдны поспех і сусветная вядомасць прыйшлі да Альхімовіча з карцінай "Пахаванне Гедзіміна", завершанай у 1883 годзе. Цікавасцю да гісторыі сваёй Радзімы выклікана стварэнне шэрагу гістарычных кампазіцый, дзе перад гледачом паўстаюць тыя часы, калі на тэрыторыі Беларусі панавала паганская вера. Палотны "Паганскія вешчуны", "Малітвы жарсцецерпных", "Багіня кахання Мільда", "Смерць Маргера", "Ліздзейка з дачкой на крушнях храма Перуна", "Апошні вяшчун Літвы з дач-кой Плёнтай", "Адпачынак Кейстута" "Вітаўт на магіле Кейстута" з гэтага шэрагу.

К. Альхімовіч аўтар яшчэ многіх гістарычных і этна-графічных палотнаў.


100 гадоў з дня нараджэння Вітаўта Тумаша

ТУМАШ Вітаўт нарадзіўся 20 снежня 1910 года ў вёсцы Спягліца, на Вялейшчыне. Сям'я была каталіцкага веравызнання, сялянская. У часе ваеннае завірухі 1914-18 гадоў Тумашы былі ў бежанстве на захадзе, на тэрыторыі Літвы. Там Вітаўт Тумаш пачаў вучыцца ў літоўскай школе, дзе і вывучыў літоўскую мову. У пачатку дваццатых гадоў Вітаўт Тумаш - вучань Віленскай беларускай гімназіі, а па сканчэнні гімназіі - студэнт медыцыны Ўніверсітэта Сцяпана Батуры ў Вільні, які Вітаўт Тумаш заканчвае незадоўга перад 2-й Сусветнай вайной з тытулам доктара медыцыны. Медычную практыку, разам з доктарам Міколам Шчорсам, адбываў на Валыні, дзе іх абодвух застала вайна. Не жадаючы трапіць да Саветаў, на ровары рухаецца на Захад. Затрымваецца коратка ў Заходняй Беласточчыне, потым у Лодзі. Наязджае ў Берлін. Супрацоўнічае з шмат якімі беларускімі арганізацыямі, друкуецца. Рэдагуе беларускую газету «Раніца» ў Берліне. З пачаткам нямецка - савецкай вайны доктар Тумаш аказваецца на Радзіме. Тады ж, у 1941 г. Вітаўт Тумаш узначальвае менскую гарадскую адміністрацыю і вызначаецца на гэтай пасадзе тым, што апрача разбудовы нацыянальнага жыцця рашучымі дзеяннямі спыняе пашырэнне эпідэміі па Менску.

Па Другой Сусветнай вайне доктар Тумаш працаваў недалёка ад Беларускага лагера Ватэнштэт. У Нямеччыне зарадзілася ў яго і думка закласці Беларускую навукова-даследчую арганізацыю, што пазней здзейснілася ў форме Беларускага інстытута навукі і мастацтва, рухавіком якога доктар Тумаш і быў доўгі час.

Як старшыня Беларускага інстытута навукі і мас-тацтва, доктар Вітаўт Тумаш выдаваў, быў галоўным рэдактарам навуковага часапісу «Запісы» і літаратурнага «Конадні». На працягу свайго жыцця быў ён рэдактарам розных беларускіх выданняў улучна з газетаю «Беларус».

Навуковую, выдавецкую, арганізацыйную і ўсякую іншую дзейнасць доктара Вітаўта Тумаша раптоўна абарвала хвароба - выліванне крыві ў мазгі. Памёр ён 27 красавіка 1998 года, пахаваны на беларускіх могілках у Нью-Джэрсі, ЗША.


Заява Сакратарыяту ТБМ

"Тры гады адзінаму беларускамоўнаму тэлеканалу"

Узімку 2007 году распачаў сваю працу адзіны ў свеце беларускамоўны тэлеканал БЕЛСАТ.

Ідэя стварэння спадарожнікавага беларускамоўнага тэлеканала ад пачатку 2000 гадоў, ва ўмовах татальнай русіфікацыі БТ, была агучана ў Стратэгіі развіцця беларускай мовы ў ХХІ стагоддзі Таварыствам беларускай мовы. Гэтая ідэя змагла рэалізавацца дзякуючы намаганням сяброў ТБМ, польскіх і беларускіх журналістаў, падтрымцы польскай дзяржавы і міжнародных фундатараў.

За гэтыя тры гады кола гледачоў тэлеканала перавысіла 700.000 і працягвае павялічвацца. Напоўніцу загучала сакавітае беларускае слова ў тэлевізійнай прасторы, разрываючы інфармацыйную блакаду, створаную прапагандыстамі ад улады.

Таварыства беларускай мовы сардэчна віншуе шматлікі калектыў тэлеканала БЕЛСАТ і зычыць плёну ў іх няпростай працы.

17 снежня 2010 года.

Сакратарыят ТБМ.


Пастанова Рады ТБМ

ад 28 лістапада 2010 года

"Аб памеры ўплаты складак сяброў ТБМ"

Рада ТБМ пастанаўляе: устанавіць з 1 студзеня 2011 года наступныя памеры сяброўскіх складак:

1. Працоўныя грамадзяне Рэспублікі Беларусь - 18.000 рублёў у год.

2. Беспрацоўныя грамадзяне - 6.000 рублёў угод.

3. Пенсіянеры - 9.000 рублёў у год.

4. Студэнты - 4.000 рублёў у год.

5. Школьнікі - 2.000 рублёў у год.

6. Грамадзяне Расійскай Федэрацыі - 200 расійскіх рублёў у год.

7. Грамадзяне іншых краін - 5 $ ЗША у год.


З юбілеем Валянціна Пятроўна

19 снежня спаўнілася 75 гадоў вядомаму навукоўцу, доктару філалагічных навук Валянціне Пятроўне Лемцюговай. У навуковых колах Валянціну Пятроўну ведаюць і як аўтара першага і пакуль што адзінага "Украінскабеларускага слоўніка", і як спецыяліста ў галіне тапаніміі, і як выключна дабразычлівага настаўніка, які шчодра дзеліцца сваім досведам з маладымі. Беларусы, якія цікавяцца сваімі каранямі, вось ужо другі год задаюць ёй пытанні пра паходжанне сваіх прозвішчаў, на якія яна адказвае са старонак "СБ".

Валянціна Пятроўна ва ўсе часы - лёгкія і нялёгкія - застаецца шчырым сябрам нашага "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны", пастаянным падпісчыкам "Нашага слова", апантаным абаронцам роднага беларускага слова.

Мы віншуем Валянціну Пятроўну Лемцюгову з юбілеем. Жадаем ёй добрага здароўя, аптымістычнага настрою, цёплых сардэчных адносін з боку блізкіх і родных людзей, сяброў і аднадумцаў.

Сакратарыят ТБМ.


Дзяржаўная бяспека і беларуская мова

На самым высокім узроўні нашай улады прынята абноўленая канцэпцыя дзяржаўнай бяспекі. Трэба адзначыць, што праблема бяспекі дзяржавы пастаянна знаходзіцца пад увагай нашых самых высокіх інстанцый. Надзейна ахоўваецца дзяржаўная граніца на Захадзе і Поўначы. Капітальна вырашаецца цяжкая складаная праблема харчовай бяспекі, у што мала хто верыў з нашых суседзяў. Дзяржава забяспечвае сябе прадуктамі харчавання і мае магчымасці іх экспарту за мяжу. Нягледзячы на ўсе цяжкасці і нягоды забяспечваецца бяспека энергетычная мы з электраэнергіяй, нафтай і газам. Прымаюцца эфектыўныя меры дзеля падтрымкі экалагічнай бяспекі, у тым ліку вырашаюцца праблемы, звязаныя з вынікамі аварыі на ЧАЭС. Краіна, якая не горш за многія іншыя перажывала эканамічны крызіс, забяспечвае пастаянны рост вытворчасці.

Усё гэта добра зразумела для большасці грамадзян.

Не ведаю, ці ёсць у прынятай канцэпцыі бяспекі самае важнае, самае неабходнае для паўнакроўнага і ўстойлівага развіцця любой суверэннай дзяржавы, а менавіта, падтрымка і выхаванне нацыянальнай свядомасці, гонару за свой народ, за сваю дзяржаву, павагі да сваёй роднай мовы, культуры, да сваёй гісторыі і спадчыны, памяці пра нашых вялікіх продкаў, тых, хто аддаў жыццё за свабоду і незалежнасць сваёй Радзімы. Як бачыце, гаворка ідзе менавіта аб нацыянальнай свядомасці, аб патрыятызме.

Фармальна робіцца вельмі многа дзеля выхавання ў грамадзян, і асабліва ў моладзі, самых лепшых грамадзянскіх якасцяў. Задзейнічаны тэлебачанне, радыё, газеты, непасрэдна кіраўнікі дзяржаўных структур. Цянер па ТБ ідзе серыя канцэртаў пад назваю "Беларусь гэта мы", а таксама фестывалі, конкурсы і многае іншае. Аднак, трэба паразважаць: што мы маем на самай справе ў выхаванні нацыянальнай свядомасці асновы існавання нацыі і суверэннай дзяржавы Беларусі. Давайце супаставім, які стан нацыянальнай свядомасці ў іншых краінах - Полыпчы, Літве, Латвіі, Чэхіі, якія доўгі час былі пад пагрозай поўнай русіфікацыі, ці германізацыі.

Хачу нагадаць усім вядомыя факты нашага духоўнага грамадскага жыцця, нашага разумення патрыятызму і што "Мы беларусы".

Насуперак канстытуцыі і законам у Беларусі ўсталявалася адзіная дзяржаўная мова - руская, якую павінны ведаць і карыстацца ёю ўсе органы ўлады, кіраўнікі і спецыялісты ў прамысловасці, сельскай гаспадарцы, арміі, праваахоўных органаў, усіх іншых дзяржаўных структур. Другая фармальна дзяржаўная мова нідзе не абавязковая.

Рускамоўнымі з'яўляюцца ўсе вышэйшыя, сярэднеадукацыйныя, базавыя навучальныя ўстановы і дзіцячыя садкі ў гарадах і пасёлках. Для прыкладу, у адным абласным цэнтры ў адной сярэдняй школе адкрыты адзін беларускамоўны клас з адным вучнем. У іншым абластным цэнтры ў адным з садкоў арганізавана беларускамоўная група з адным выхаванцам (гэта па жаданні бацькоў). Чаму? Большасць з нас згодна з уладай у тым, што беларуская мова не абавязковая. Нават прыхільнікі беларусізацыі не вырашаюць запісваць сваіх дзяцей у беларускамоўныя школы, класы, групы ў дашкольных установах, ведаючы пазіцыю ўлад, каб не ўзніклі непатрэбныя праблемы цяпер у бацькоў, а потым і ў дзяцей, калі моўная палітыка не зменіцца. А людзі вераць у стабільнасць сучаснага дзяржаўнага ладу.

Дарэчы, бачым у газетах занепакоенасць станам беларускамоўнага навучання ў Польшчы, аб праявах беларускасці (у т.л. мовы) у Сібіры, захапляемся адкрыццём беларускай школы ў Латвіі, нават аб зацікаўленасці беларускай мовай у Кембрыжскім універсітэце. Толькі большасць беларусаў, у т.л. і чыноўнікаў ад асветы, абыякавыя да сваёй роднай мовы.

У абсалютнай большасці рускамоўныя СМІ газеты, часопісы, радыё, тэлебачанне. Пераведзены на рускую мову на 7080% раённыя газеты, якія ў савецкі час былі беларускімі.

Імпартаванай з Расіі друкаванай прадукцыяй не заўсёды добрай якасці перагружаны кніжныя магазіны, кіёскі, разам з тым, цяжка знайсці творы беларускіх класікаў і сучасных нашых аўтараў. Усюды рускамоўныя шыльды, рэклама, назвы фірм, магазінаў.

Не прышлося мне чуць па радыё ці тэлебачанні беларускае слова з вуснаў кіраўнікоў ураду, парламенту, відных вучоных, кіраўнікоў буйных прадпрыемстваў, генералаў, знакамітых спартсменаў, і нават многіх народных і заслужаных артыстаў, зорак і зорачак эстрады (выказацца на роднай мове адны не ўмеюць, іншыя не хочуць). У мінулым годзе ў дзяржаўнай газеце сенсацыя: у адным абласным цэнтры прайшла цэрымонія рэгістрацыі шлюбу на беларускай мове.

На розпых тэлешоў, тэлегульнях чуем: "Дамы и господа!", "Господин ведущий!"

На нашых выдатных сельгасмашынах брэндах беларускай прамысловасці назвы марак на рускай мове: "Лида", "Полесье", "Хозяин", не гаворачы ўжо аб рускамоўных этыкетках на нашых іншых таварах і прадуктах. Дарэчы, яшчэ ў савецкі час, калі саюзныя рэспублікі былі толькі адміністрацыйнымі адзінкамі СССР, рыжскія аўтамабілі называліся "RАF", а львоўскія аўтобусы "Львів"

На тэлешоў "Один против всех" адносна нядаўна палова ўдзельнікаў гульні не магла назваць аўтара паэмы "Новая зямля" з трох варыянтаў Танк, Колас, Броўка (і гэта сталічныя знатакі).

З мовай павольна вымірае нацыянальная культура, а яе месца займае руская літаратура, рускія песні, рускі тэатр, кіно, рускамоўная эстрада і ўсё іншае - байкі, пагаворкі, анекдоты, мацяршчына.

Вось такія мы беларусы, такі ў нас патрыятызм, гонар за сваё беларускае. Чаму? Наш беларускі менталітэт? На мой погляд, ён мала адрозніваецца ад менталітэту суседніх славян рускіх, палякаў, украінцаў.

Прычына адна. На працягу жыцця некалькіх пакаленняў мы, беларусы,знаходзіліся пад пастаянным уплывам (ціскам?) расійскіх улад, расійскай культуры, рускай праваслаўнай царквы, расійскай гегемоніі ў перыяд СССР.

3 аптымізмам трэба адзначыць, што ў Беларусі ёсць астраўкі беларускасці (беларушчыны). Між іншымі, гэта газета "Звязда" з накладам 33000 экз., ТБМ з газетай "Наша слова" з накладам 2000 экз. і з пастаянным бракам сродкаў, каб разлічыцца за арэнду офіса ў Менску, гэта значная частка літаратараў, журналістаў, работнікаў культуры, гэта святары каталіцкага касцёла, гэта частка працоўнай інтэлігенцыі. Шчыра, прыгожа гаворыць з людзьмі на беларускай мове міністр культуры П.Латушка. Загаварылі пабеларуку некаторыя губернатары. Уладамі прымаюцца магчымыя намаганні дзеля захавання і рэстаўрацыі помнікаў пашай даўніны. Ёсць надзея, што астраўкі беларушчыны будуць пашырацца.

Але ўсёж гэта, як кажуць, кропля ў моры.

Працягваецца русіфікацыя, ігнаруюцца працэсы адраджэння нацыянальнай духоўнасці, а гэта раўназначна самагубству нацыі і незалежнасці дзяржавы.

Часам чуем ад палітыкаў Масквы і Менска: "Рускія і беларусы адзін народ, адна мова, адна культура, адна рэлігія". Калі так лічыць, значыць, мы рускі народ, ніякіх беларусаў няма. Лагічна, што калі адзін народ, то павінна быць і адна дзяржава. Яшчэ некалькі гадоў таму назад У. Пуцін прапанаваў уключыць Беларусь у Расійскую федэрацыю шасцю абласцямі, пэўна, каб не было назвы Беларусь і размовы пра аўтаномію. Усходнія суседзі лічаць, што русіфікацыя Беларусі ў такой стадыі, што нам ужо не патрэбны ні незалежнасць, ні нават аўтаномія.

Я быў сведкам размовы на аўтобусным прыпынку групы пасажыраў рознага ўзросту. Гаворка ішла аб кошце прадуктаў на рынку, аб жыцці блізкіх людзей у Расіі, а затым аб магчымым далучэнні Беларусі да Расіі. Адзін з размоўцаў выказаўся прыкладна так:

Можна і трэба аб'ядноўвацца. Расія багатая. Усё сваё - нафта, газ, вугаль, руды ўсякія. Зямля ўраджайная, а лесу колькі, а рыбы ў морах, азёрах і рэках. I сіла якая. Усе яе баяцца.

Гэта праўда, але патрэбна гарантыя, што і заробкі, і пенсіі павінны быць не ніжэйшыя, як у нас цяпер, і яшчэ каб пе прызывалі нашых хлопцаў служыць у арміі недзе надта далёка на Далёкім Усходзе, у Сібіры, на Поўначы ў тундры, на Каўказе ці яшчэ недзе ў чорта на кулічках сказаў другі.

Яшчэ адна жанчына пажылога ўзросту выказалася:

Ой, трэба жыць, як ёсць. А калі мы жылі лепш? У нас някепскі прэзідэнт. Нашто нам тая Расія.

Вось такая ў нас нацыянальная духоўнасць. Такія мы, беларусы.

Магчыма, у сярэдзіне 90х гадоў не трэба было б так рэзка адступаць ад "Закона аб мовах", прынятага Вярхоўным Саветам БССР. Наступіў час выпраўляць памылкі, пакуль не позна. Разумею, не проста і не рэальна ў кароткі час фактычна аднавіць статус беларускай мовы ў дзяржаве разам з другой дзяржаўнай мовай рускай (фармальна гэты статус і цяпер ёсць).

Гэтага не зможа зрабіць ні малалікае ТБМ, ні адзіная беларускамоўная дзяржаўная газета "Звязда", ні такія ж малалікія палітычныя партыі, ні прыхільнікі беларушчыны сярод творчай і нрацоўнай інтэлігенцыі.

Гэта можа зрабіць толькі ўлада, аўтарытэтная і рашучая начале з прэзідэнтам, якога большасць грамадзян падтрымлівае і якому верыць.

Сёлета, як і ў мінулым годзе, у друку з'яўляюцца прапановы, каб наступны год быў аб'яўлены годам роднай мовы. Старшыня ТБМ А. Трусаў выказаў прадбачанне, што, калі б наш прэзідэнт загаварыў на роднай беларускай мове, гэта прынцыпова дапамагло б беларускай мове заняць сваё законнае месца ў дзяржаве і грамадстве, нават без асаблівых арганізацыйных мерапрыемстваў і фінансавых затрат у першы перыяд. Спадзяюся, калі б гэта здарылася:

узніклі б новыя першасныя арганізацыі ТБМ;

навучальныя ўстановы знайшлі б нейкія гадзіны на карысць беларускай мовы, літаратуры;

чыноўнікі ад адукацыі зрабілі б усё магчымае, каб у беларускамоўных школах кіраўнікамі былі педагогі, якія ведаюць беларускую мову і могуць ёй свабодна карыстацца;

больш было б беларускамоўных праграм на ТБ;

магчыма, загаварылі б пабеларуску перад камерамі ТБ не толькі а М. Фінберг ды А. Ярмоленка, але і А. Ціхановіч, А.Саладуха, і многія іншыя народныя і заслужаныя майстры мастацтваў, зоркі і зорачкі эстрады, іншыя знакамітасці;

больш было б беларускамоўнага рэпертуару на телешоў, самых розных канцэртах, больш гучалі б беларускія народныя песні, беларускія песні савецкіх часоў і сучасных таленавітых беларускіх кампазітараў;

многія гаспадары крам, кавярняў, бараў, рэстаранаў пры магчымасці замянілі б шыльды на беларускамоўныя (напрыклад "Надежда" на "Надзея", "Дарья" на "Адарка" і г.д.). Гэта тычыцца рэкламы, тэатральных афішаў;

кіраўнікі самых розных рангаў хоць калінекалі загаварылі б на роднай мове, асабліва з сялянамі.

Гэта быў бы першы крок да адраджэння сваёй роднай мовы, нашай нацыянальнай каштоўнасці, нашага гонару.

З цягам часу вярхоўныя ўлады маглі б прыняць узважаныя прававыя акты аб рэальным двухмоўі ў нашай дзяржаве.

Мы, беларусы, немалы еўрапейскі народ з багатай гістарычнай спадчынай. Мы маем незалежную суверэнную дзяржаву. Мы працавітыя, адукаваныя, арганізаваныя, законапаслухмяныя. Гэта наша багацце. Атрымаўшы незалежнасць, мы паспяхова вырашаем свае праблемы, нават значна лепш, чым большасць краін былога СССР, ды і не апошнія ў Еўропе.

Так гістарычна склалася, што нам не хапае нацыянальнай свядомасці, патрыятызму, павагі да роднай мовы, нацыянальнай культуры, нашай гістарычнай спадчыны. А гэта аснова, фундамент існавання нацыі і дзяржавы (дзяржаўнай бяспекі) і на выпраўленне гэтага становішча павінны быць скіраваны высілкі ўсяго народа, ад прэзідэнта пачынаючы.

Эдуард Арочка , в. Міжэвічы Слонімскага раёна.

Вечарына ў гонар У. Караткевіча ў бібліятэцы імя Ф. Багушэвіча

Па ўсёй Беларусі шырока адзначаліся 80ыя ўгодкі з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры, паэта, празаіка і драматурга Уладзіміра Караткевіча.

Не абышлі гэту дату і супрацоўнікі бібліятэкі імя Францішка Багушэвіча, якая размяшчаецца на вуліцы Прытыцкага ў Менску. Сіламі невялікага калектыву гэтай установы культуры Фрунзенскага раёна была падрыхтавана і праведзена вечарына, прысвечаная памяці Уладзіміра Караткевіча. На ўрачыстасць былі запрошаны сябры ТБМ раёна, навучэнцы лінгвагуманітарнага каледжа - будучыя настаўнікі англійскай мовы. Вялі вечарыну дырэктар бібліятэкі Наталля Стрыгельская і былая дырэктар Валянціна Коршыкава.

Супрацоўніца Музеяархіва гісторыі беларускай літаратуры Кацярына Унучак, выкарыстаўшы ўнікальныя матэрыялы з фондаў музея, правяла слухачоў сцежкамі жыцця і творчасці Уладзіміра Караткевіча. На маляўніча аформленых стэндах "Дарога, якую прайшоў", "Пад ветразем паэзіі", "Мастацкія старонкі гісторыі", "З любоўю да зямлі і людзей", "Супрацоўніцтва з тэатрам і кінематографам" знайшоў адлюстраванне цікавы матэрыял, звязаны з асобай класіка. Нашы навучэнцы даведаліся шмат новага пра творцу. Гучаў яго голас, дзе Караткевіч спяваў народную баладу, дэманстраваліся графічныя малюнкі пісьменніка да твораў.

Выступіў даследчык творчасці Уладзіміра Караткевіча, кандыдат філалагічных навук Пётр Жаўняровіч, выкладчык БДУ, які ў Менскім каледжы электронікі стварыў музей пісьменніка. Навуковец азнаёміў з некаторымі рукапісамі, пісьмамі, фотаздымкамі і намаляванымі Караткевічам паштоўкамі, перададзенымі ў музей яго пляменніцай, расказаў, што рыхтуецца 25томны збор твораў класіка.

У запісе гучалі цудоўныя песні Алеся Камоцкага "Расплата за ўсё", "Як сканаю, душа застанецца" і іншыя.

Захапляльным і кранаючым было выступленне вядомага артыста Алега Вінярскага, супрацоўніка Беларускага радыё. Ён памайстэрску чытаў многія вершы Уладзіміра Караткевіча, сярод іх "Гусі-лебедзі ў лугах зялёных", "Дні пяшчотнай вясны ўспамінаю", "Позняй ноччу".

Пасля сустрэчы яе ўдзельнікі і госці доўга не разыходзіліся. Знаёміліся з матэрыяламі экспазіцыі пра Караткевіча, дзяліліся ўражаннямі.

Вялікі дзякуй калектыву бібліятэкі, які рэгулярна ладзіць сустрэчы з пісьменнікамі, музыкантамі, навукоўцамі і артыстамі і запрашае на іх нашых навучэнцаў і сяброў ТБМ Фрунзенскага раёна.

Алесь Чэчат , старшыня Фрунзенскай арганізацыі ТБМ.

Нестар нашага часу

Імя гэтага чалавека павінна быць упісана залатымі літарамі ў скрыжалі гонару і славы нашай дзяржавы. Бо зробленага ім у драматургіі, у даведачнаэнцыклапедычнай літаратуры і грамадскім жыцці хапіла б на некалькі адораных талентам, руплівых і дзейных асоб. Менавіта яму, Алесю Лявонавічу Петрашкевічу, з нагоды яго 80годдзя, была прысвечана вечарына, падрыхтаваная Партызанскай радай ТБМ імя Ф.Скарыны. Яе адкрыў старшыня гэтага шырокага грамадскага аб'яднання Алег Трусаў. Перад зацікаўленай грамадой прысутных зрабіў кароткі, але ёмісты даклад пра жыццё і творчасць юбіляра рэктар Белдзяржуніверсітэта культуры і мастацтва Барыс Святлоў. Менавіта А. Петрашкевіч адкрываў у 1975 годзе гэту культуралагічную навучальную і ў пэўнай меры даследчую ўстанову і быў яе першым рэктарам.

На вечарыне з пранікнёнай прамовай выступіла даследчыца беларускай літаратуры, прафесар гэтага ж універсітэта культуры Лідзія Савік. З яе аповеду - юбіляр А. Петрашкевіч, як той айсберг, што не ўвесь бачны, - не ўвесь выйшаў на паверхню, і ў ліку напісанага ім ёсць п'есы, для пастаноўкі якіх яшчэ не прыспеў час. Але і ў надрукаваных ім 20 п'есах гісторыя Беларусі раскрываецца ад Рагвалода і Ефрасінні Полацкай аж да нашых дзён.

Пісьменнік Васіль Якавенка спыніўся на апошняй кнізе А. Петрашкевіча "Крыніцы і каламуць". Яе аўтар з гэтай кнігі "ўспамінальнага аповеду" і іншых твораў паўстае знакавай постаццю і ўзвышаецца над крыніцамі і, тым больш, каламуццю як апостал нацыянальнага духу і духоўнай культуры народа. У кнізе, казаў прамоўца, ёсць старонкі, якія без слёз чытаць няможна. А ўвогуле гэта гістарычная рэч, у якой шмат чаго расказана, зроблены абагульненні. Воддаль кніга беларуса, пра якую у нас пакуль мала хто ведае, нагадвае "Былое і думы" А. Герцана.

Паэт і літаратуразнаўца Яўген Гучок спыніўся на вытрыманым і спаважным характары Алеся Петрашкевіча, адзначыў яго добрае таварыскае стаўленне да ўсіх пісьменнікаў, нават калі нехта яго недаацэньваў, кпіў з яго і ён ведаў пра гэта.

На імпрэзе гучала музыка беларускіх дудароў у выкананні ўніверсітэцкага калектыву "Гуды" пад кіраўніцтвам Ігара Мангушава, а таксама адрывак з п'есы "Напісанае застаецца" пра Ф. Скарыну ў выкананні загадчыка кафедры тэатральнага мастацтва Расціслава Бузука і студэнтаў.

На жаль, самога аўтара на вечарыне не было. Па прычыне нездавальняючага стану здароўя. Адно прысутнічалі яго дачка Таццяна і ўнукі.

Алесь Цыркуноў , мастак, сябра рады ТБМ.


УНІВЕРСІТЭТ АД ПЕТРАШКЕВІЧА

Імя Алеся Лявонцьевіча Петрашкевіча (нарадзіўся 1 траўня 1930 г.) добра вядома ў Беларусі як выдатнага драматурга, празаіка, публіцыста, кінадраматурга і сцэнарыста, члена Саюза пісьменнікаў і Саюза журналістаў Беларусі, грамадскага дзеяча, які шмат чаго зрабіў для шанавання нацыянальнай культуры. Ён - заслужаны работнік культуры (1975), Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1976) за ўдзел у выданні Беларускай Савецкай Энцыклапедыі, Старшыня Беларускага фонду славянскага пісьменства і славянскіх культур (з 1991), кіраўнік арганізацыйнаметадычнага цэнтра па выданні гісторыкадакументальных хронік Памяці - серыі свайго роду энцыклапедый пра кожны горад і раён Беларусі - пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь.

Дыяпазон творчасці Петрашкевічадраматурга незвычайна шырокі. Ён пачынаў як драматургсатырык - з сатырычнага апавядання "Кары егіпецкія" нарадзілася камедыя "Адкуль грэх" (1970, трохі пазней з'явіліся "Злыдзень" (1974) і "Укралі кодэкс" (1976).

Значную частку драматургічнай спадчыны А. Петрашкевіча складаюць гістарычныя п'есы. На працягу 1970 - 1980х гг. іх напісана цэлая серыя: "Рыцар Свабоды" (пра К. Каліноўскага), "Наканавана быць прарокам" (прысвечана лёсу Я. Купалы), "Меч Рагвалода" (пра знакамітага полацкага князя Усяслава Чарадзея), "Крыж святой Еўфрасінні" (пра унучку Усяслава Чарадзея, вялікую асветніцу Е. Полацкую), "Напісанае застаецца" ("Я - Францыск Скарына"), "Прарок для Айчыны" (пра Ф. Скарыну), "Русь Кіеўская" ("Гора і слава") (пра перыяд хрышчэння Русі), "Крыжовы шлях на Грунвальд" (уваскрашэнне драматычнатрагічнай гістарычнай падзеі), а таксама шэраг п'ес і сцэнарыяў, прысвечаных тэме Вялікай Айчыннай вайны і партызанскаму руху на Беларусі ("Злавеснае рэха", "У спадчыну - жыццё", "Нас выбраў час" ("Чырвоная завіруха")) і інш. Гістарычная трагедыя паПетрашкевічу - гэта заўсёды ўваскрашэнне яркага і жывога аблічча пэўнай эпохі.

Драматург - адзін з буйнейшых айчынных майстроў сцэны - шырока вядомы і як летапісец сучаснасці, які бязлітасна ўскрывае "праблемы веку" - алкагалізм, разбурэнне прыроды, эрозію маральных устояў грамадства. Яго п'есам аб сённяшніх рэаліях уласцівы эпічная маштабнасць, філасафічнасць. Сімвалічны і назвы п'ес - "Трывога" (1974), "Соль", "Дагарэла свечачка…" (1993) - трывога за чалавека, яго духоўны і маральны свет, за яго ўчынкі, дзеянні, у тым ліку і падчас жудасных выпрабаванняў мінулага стагоддзя - Чарнобыльскай катастрофы.

У Петрашкевіча былі тры стасункі з універсітэтам, - два рэальныя, калі ён працаваў тут, і адзін віртуальны, калі ставіў п'есу. Алесь Лявонцьевіч знаходзіўся ля вытокаў новай навучальнай установы, якім быў універсітэт - тады яшчэ Мінскі інстытут культуры - у год адкрыцця (1975), менавіта ён быў яго першым рэктарам (верасень 1975 - май 1976). А потым на доўгія гады пакінуў установу, заняты іншымі важнымі справамі. Але вяртанне было немінучым: назапашаны за доўгія гады грамадскі і творчы досвед неабходна было перадаць маладому пакаленню, студэнтам.

П'еса "Дагарэла свечачка" стала тым сувязным звяном, якое зноў звязала лёс драматурга з універсітэтам культуры і мастацтва.

Па гэтым творы А. Петрашкевіча "Дагарэла свечачка…", услед за пастаноўкай 1993 года ў Гомельскім абласным тэатры, з'явіўся сумесны праект кафедры тэатральнай творчасці БДУКМ і заслужанай артысткі Беларусі Галіны Бальчэўскай. П'еса была пастаўлена рэжысёрампедагогам Р. Баравіком са студэнтамі 4га курса ўніверсітэта і атрымала вялікі грамадскі рэзананс: гастролі па Гомельскай вобласці ў рамках Чарнобыльскай праграмы, выступленні на пляцоўках Мінска, майстарклас ва Украінскім тэатральным універсітэце імя КарпенкіКарага ў Кіеве. Пазней - у 1998 годзе - пастаноўка была перанесена на Купалаўскую сцэну.

У свой трэці прыход ва ўніверсітэт (1999 - 2002 гг.), ужо ў якасці пісьменнікапедагога, прафесара, мастацкага кіраўніка курса, А. Петрашкевіч пачаў працаваць з юнымі студэнтамідраматургамі, падрыхтоўка якіх пачалася з 1994 года па профілю "Літаратурная работа (творчасць)" па спецыялізацыі "Драматургія" пры кафедры тэатральнай творчасці (дарэчы гэту кафедру скончыў вядомы сёння драматург Мікалай Рудкоўскі).

Займаючыся з "драматургамі", А. Петрашкевіч як сапраўдны педагог шукаў магчымыя сувязі тэорыі (якую ён з бляскам выкладаў) з практыкай. І стаў ініцыятарам стварэння менавіта для студэнтаўлітаратараў эксперыментальнай педагагічнавыдавецкай пляцоўкі, дзе б юныя таленты маглі адточваць сваё майстэрства будучых драматургаў, празаікаў, паэтаў, публіцыстаў: ён прапанаваў выдаваць студэнцкі літаратурнамастацкі альманах, які - як заўсёды сімвалічна - назваў "Альфабэт".

Збор матэрыялаў і падрыхтоўка да друку доўжыліся даволі працяглы час. Але ўсё ж такі дзецішча А. Петрашкевіча ўбачыла свет. У 2004 - 2008 гадах выйшлі два зборнікі "Альфабэта".

У альманаху прадстаўлены фактычна ўсе роды літаратуры - як фактычна ўсе яны прадстаўлены ў творчасці ініцыятара выдання А. Петрашкевіча: паэзія, проза, драматургія, публіцыстыка, крытыка і нават (у другім выпуску) навуковыя даследаванні студэнтаў.

На творчай спадчыне А. Петрашкевіча навучаецца не адно пакаленне студэнтаў універсітэта. Творчымі нашчадкамі драматурга, яго "духоўнымі вучнямі" можна назваць аўтараў "Альфабэта" Янку Лайкова, стыпендыята Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы адоранай моладзі, члена Саюза беларускіх пісьменнікаў; Таццяну Ламонаву, лаўрэата Рэспубліканскага конкурсу на лепшы твор для ТЮГа (2003), таксама ж стыпендыята Спецыяльнага фонду Прэзідэнта; Марыю Мажар, літаратаратэлерадыёдраматурга, вядомага кінарэжысёра і шмат іншых.

Такім чынам, творчы фундамент, які быў калісьці закладзены А. Петрашкевічам у падмурак педагагічнай працы са студэнтамі ўніверсітэта, і сёння дае плённыя вынікі. Узоры яго літаратурнай спадчыны з'яўляюцца выдатным "вучэбным матэрыялам" для будучых драматургаў, а драматургічныя творы арганічна ўваходзяць у вучэбную праграму па падрыхтоўцы будучых рэжысёраў, якія і сёння навучаюцца ва ўніверсітэце.

Барыс Святлоў, рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтва.

На здымку: А Трусаў і Б. Святлоў.


Другое выданне "Беларуска-англійскага размоўніка"

Нядаўна наша арганізацыя атрымала дадатковае выданне "Беларускаанглійскага і англійскабеларускага размоўніка". Неабходнасць другога выдання была абумоўлена некалькімі прычынамі.

Найперш, безумоўна, тым, што выхад размоўніка выклікаў вялікі рэзананс і першага выдання аказалася замала, каб задаволіць патрэбу ў ім. Падругое, нягледзячы на ўсе намаганні рэдактараў і карэктараў, у першае выданне трапілі тэкставыя недарэчнасці, звязаныя з тэхнічнымі прычынамі. Таму ў другім выданні былі выпраўленыя ўсе гэтыя хібы, што зацягнула перавыданне ў часе.

На сёння палепшаны размоўнік перададзены ў Міністэрства замежных спраў, Камітэт па справах ЮНЕСКА, а таксама ў амбасады Вялікабрытаніі, Швецыі, Фінляндыі, яго атрымаюць вядучыя бібліятэкі нашай краіны і зацікаўленыя выкладчыкі.

Намеснік старшыні ТБМ Алена Анісім.


КУФАР ЗАСТАЎСЯ НЯПОЎНЫМ...

Сёлета Беларусь адзначыла 100 годдзе з дня нараджэння вялікай дачкі беларускага народа , шчырай патрыёткі Беларусі , сімвала нескаронасці беларускага духу Ларысы Геніюш . Да 100 годдзя быў выдадзены біяграфічны альманах " Асоба і час ", у якім былі змешчаны ўспаміны Здзіслава Сіцькі з Баранавічаў , які пяць разоў быў у Ларысы Геніюш , прысутнічаў на пахаванні і зрабіў шмат здымкаў . Некалькі здымкаў былі надрукаваны ў альманаху , але ў пісьменніка засталася значная колькасць здымкаў з пахавання Ларысы Геніюш , якія нідзе , у тым ліку і ў альманаху " Асоба і час ", надрукаваны не былі . Здзіслаў Сіцька ласкава прапанаваў іх газеце " Наша слова ". Разам са здымкамі мы друкуем фрагмент успамінаў пісьменніка , які непасрэдна тычыцца пахавання вялікай беларускі . Куфар нашых ведаў пра Ларысу Геніюш заўсёды будзе няпоўным , хай жа гэтыя здымкі крышку яго папоўняць .

... I вось надышоў гэты чорны дзень - 7 красавіка 1983 года. Ларыса Антонаўна памерла. 9 красавіка я паехаў у Зэльву на развітанне. У хаце Геніюшаў застаў сына Юрку з жонкай Валяй, некалькіх сяброў з Менску. Ужо ў той дзень прыходзіла шмат людзей, але ніхто і не ўяўляў, што сапраўдныя пачуцці зэльвенцаў праявяцца заўтра. Тады, дамовіўшыся з сябрамі, што я буду здымаць пахаванне Ларысы Геніюш, мусіў паехаць дадому, каб захапіць яшчэ адзін фотаапарат: трэба было падстрахавацца перад такімі адказнымі здымкамі. 10 красавіка я прымчаўся ў Зэльву, калі труну ўжо выносілі з царквы.

Мяне ўразіла, што сабралася столькі людзей: была запруджана натоўпам уся шырокая вуліца - ад плоту да плоту. Я пачаў шукаць вачыма знаёмых, але каго там можна было ўгледзець.

Вось натоўп расступіўся і наперад вынеслі века труны, а пасля і дамавіну. Труну з целам паэткі няслі на плячах маладыя незнаёмыя мужчыны. Тут жа бачу мужчынаў сталага веку - даўніх сяброў сям'і Геніюшаў, з якімі яны здружыліся за гады ГУЛАГу. А з царквы ўсё яшчэ выходзяць людзі: старыя і маладыя, жанчыны і мужчыны, дзеці.

Я і цяпер не пытаюся ў сябе: чаму на пахаванне апальнай паэткі сабралася столькі людзей? Як пазней казалі: у Зэльве яшчэ не было такіх пахаванняў. Тады я не думаў пра гэта. Трэба было фатаграфаваць, каб захаваць для родных і сяброў гэтае сведчанне выразнай пашаны і любові зэльвенцаў да Ларысы Антонаўны. А колькі б яшчэ людзей пайшло за труною паэткі, каб не было некалькіх іншых фатографаў, што здымалі жалобную працэсію...

Так, жыццё ў Зэльве было працягам ссылкі Геніюшаў, але гэтае выгнанне на Бацькаўшчыну наблізіла іх да роднага народа. Геніюшы былі необходныя найперш зэльвенцам, і тыя былі ўдзячны гэтай сям'і. Так думаю я цяпер, разглядаючы старыя фатаграфіі - сведчанне пашаны і любові.

Вось мужчыны з труной спыніліся каля хаты Геніюшаў, асірацелай хаты. Тут пісаліся вершы, лісты сябрам, чытачам... Кароткая хвіліна... Міжволі гляджу на пусты панадворак: гаспадыня выбралася ў сваю апошнюю дарогу...

Аддаць апошнюю пашану можна было і ў царкве, і каля царквы. Але зэльвенцы паказалі, што Ларыса Геніюш не была ім чужою, што яна стала ім роднай, роднай паводле духу.

Сям'я Геніюшаў зраднілася са шмат якімі сем'ямі местачкоўцаў, з Зэльвы нявестка Валя. За труною ідуць крэўныя і сваякі па мужу. Ідуць і параднёныя: колькіх зэльвенскіх жанчынаў лячыў Іван Пятровіч, доктар Геніюш. Я быў на пахаванні Івана Пятровіча і бачыў, колькі кветак прынеслі зэльвенскія жанчыны, удзячныя яму за тое, што вылечыў іх, што праз добрыя рукі Івана Пятровіча прыйшлі ў іх хаты самыя жаданыя кветкі - дзеткі. Упэўнены, што сярод тых дзяўчатак, што ішлі наперадзе. былі і тыя «хросніцы» Івана Пятровіча.

Жалобная працэсія выходзіць з мястэчка і кіруецца да могілак. Там, на высокай гары, побач з магілай Івана Пятровіча ўжо выкапаны дол. Каторы раз разлучаныя, там яны будуць разам, поруч, як і ў апошнія гады зямнога жыцця.

Вось яна, гэтая гара, дзе пахавана столькі надзей, няспраўджаных мараў, талентаў, дабрыні. У той дзень сюды прынеслі жанчыну, якой трэба было яшчэ доўга прасці і ткаць, каб напаўняць куфар, які цяпер застанецца няпоўным...

Мужчыны з труной ужо каля магілы, а далёка ўнізе ідуць і ідуць людзі, каб кінуць тры жменькі жвіру, калі гара прыме яшчэ адну дачку Беларусі. Што ж, дзякуй Богу, яна не легла ў чужую, вечна мёрзлую зямлю. Не мела б тады наша Радзіма вялікай паэткі. Божай воляй яна выжыла ў жудасных умовах, нават мужчыны бралі з яе прыклад, вучыліся нязломнасці духу, вернасці Беларусі, за дарагое імя якой шмат хто «захлынуўся крывёю».

Апошнія хвіліны развітання. Хрысціянскі абрад спаўняе айцец Васіль, спаведнік Ларысы Антонаўны. Апошні раз цалуе матчыны рукі сын Юрка...

Бывай, дарагая Ларыса Антонаўна! Цябе не забудуць тыя, хто цяпер кідае ў дол тры жменькі жвіру, і тыя, хто, не могучы прыехаць, заплакаў удалечыні, і тыя, хто яшчэ не ведаў, што цяпер у Зэльве хаваюць Ларысу Геніюш.

Ужо насыпаны грудок. Жанчыны ставяць вазоны, слоікі з кветкамі. Прыстаўляюць да крыжа, да грудка вянкі. Вока выхопвае надпіс на адным: «Ад Уладзіміра Караткевіча».

Не забудзем! Не забылі. Узняўся над магіламі Геніюшаў агульны помнік: супольна ж яны служылі людзям і Радзіме. Штогод, ужо не ў гасцінную хату і яшчэ не ў музей, а толькі да магілы Геніюшаў прыязжаюць сябры і аматары паэзіі.

1983. 2010.

Альманах "Асоба і час".

Здзіслаў СІЦЬКА

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX