Папярэдняя старонка: 2011

№ 06 (1001) 


Дадана: 19-03-2020,
Крыніца: pawet.net.



№ 6 (1001) 9 ЛЮТАГА 2011 г.


Старшыні Грамадскага аб'яднання

"Таварыства беларускай мовы

імя Францішка Скарыны"

Трусаву А.А.

вул. Румянцава,13,

220034, г. Мінск

Аб выпуску паштовай маркі і

мастацкага канверта

Паважаны Алег Анатольевіч!

Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь паведамляе, што Вашы прапановы аб выпуску паштовай маркі і мастацкага канверта з выявамі Святых Кірыла і Мяфодзія будуць разгледжаны пры фарміраванні тэматычнага плана выдання дзяржаўных знакаў паштовай аплаты на 2013 год.

Аб прынятым рашэнні Вы будзеце праінфармаваны дадаткова.

З павагай,

Намеснік Міністра М.М. Струкаў.


БЕЛАРУСКІ ДЗЯРЖАЎНЫ УНІВЕРСІТЭТ КУЛЬТУРЫ I МАСТАЦТВАЎ
КАФЕДРА ГІСТОРЫІ БЕЛАРУСІ І МУЗЕЯЗНАЎСТВА

ПАВАЖАНЫЯ КАЛЕГІ !

Кафедра гісторыі Беларусі і музеязнаўства паведамляе, што ў красавіку 2011 года адбудзецца размеркаванне студэнтаў-выпускнікоў у музеі Рэспублікі Беларусь

Маладыя спецыялісты валодаюць не толькі грунтоўнымі тэарэтычнымі ведамі, але і маюць практычныя навыкі ў галіне камплектавання, навуковай каталагізацыі і ўліку фондаў, праектавання музейных выстаў і экспазіцый, ведаюць разнастайныя віды і формы навукова-асветніцкай работы з наведвальнікамі розных катэгорый насельніцтва.

Калі Вашаму музею патрэбны спецыялісты высокай кваліфікацыі просім даслаць заяўкі-запыты на адрас: 220001, Мінск, вул. Рабкораўская, 17, на імя рэктара Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Святлова Барыса Уладзіміравіча.


Кафедра гісторыі Беларусі і музеязнаўства даводзіць да Вашага ведама інфармацыю аб прыёме студэнтаў на 2011-2012 навучальны год на спецыяльнасць "музеязнаўства і ахова гістарычна-культурнай спадчыны" з адрывам ад вытворчасці (дзённая форма). Тэрмін навучання чатыры гады.

ФАКУЛЬТЭТ ІНФАРМАЦЫЙНА - ДАКУМЕНТНЫХ КАМУНІКАЦЫЙ

Спецыяльнасць : Музейная справа і ахова гістарычна - культурнай спадчыны ( спецыялізацыя - музеязнаўства )

Студэнты здаюць тры ўступныя іспыты ў форме цэнтралізаванага тэставання па наступных дысцыплінах: беларуская ці руская мова, гісторыя Беларусі, Сусветная гісторыя найноўшага часу. На кафедры працуюць высокакваліфікаваныя спецыялісты сярод якіх два доктары навук, пяць дацэнтаў, а таксама выкладчыкі, якія выкладаюць цікавыя тэарэтычныя курсы і праводзяць практычныя заняткі ў вядучых музеях Рэспублікі Беларусь. Усе выкладчыкі кафедры чытаюць свае прадметы па - беларуску .

Кафедра гісторыі Беларусі і музеязнаўства рыхтуе выдатных спецыялістаў, якія валодаюць, як тэарэтычнымі пытаннямі ў галіне музеязнаўства (фарміраванне музеязнаўства як навукі, аб'ект і прадмет даследавання, асаблівасці існавання музея як сацыяльнага інстытута і музейнага прадмета як феномена гістарычнай памяці), так і практычнымі ўменнямі і навыкамі - гэта праектаванне выстаў і экспазіцый; арганізацыя камплектавання, улік, вывучэнне і захаванне музейных прадметаў, стварэнне сістэмы работы музея з рознымі катэгорыямі наведвальнікаў.

Студэнты вывучаюць такія дысцыпліны, як гісторыя Беларусі, сусветная гісторыя найноўшага часу, тэорыя і гісторыя музейнай справы, ахова гістарычна-культурнай спадчыны, асновы кансервацыі і рэстаўрацыі, праектаванне музейных выстаў і экспазіцый, археалогія, архітэктура. Знаёмяцца з цікавымі спецкурсамі, такімі як нумізматыка, сфрагістыка, філатэлія, гісторыя беларускага турызму і інш.

Тэрміны прыёму на дзённую форму навучання: прыём дакументаў - з 9 па 13 ліпеня ; уступныя іспыты - з 14 па 23 ліпеня ; залічэнне на месцы, якія вызначаны кантрольнымі лічбамі прыёму - па 24 ліпеня ; залічэнне на атрыманне адукацыі на ўмовах аплаты - па 28 ліпеня .


Паважаныя сябры і прыхільнікі ТБМ у межах кампаніі "Будзьма"

11 лютага (пятніца) адбудзецца Дыскусійны клуб ТБМ на тэму: "Сусветнае кінамастацтва па-беларуску" Адказная - Алена Анісім пачатак сустрэчы ў 19.30, УВАХОД ВОЛЬНЫ

АДРАС: вул. Румянцава, 13


90 гадоў з дня нараджэння Івана Мележа

Іван МЕЛЕЖ нарадзіўся 8 лютага 1921г. у вёскы Глінішча Хойніцкага раёна Гомельскай вобласці ў сялянскай сям'і. Скончыў сярэднюю школу (1938), працаваў у Хойніцкім райкаме камсамолу. У 1939 паступіў у Маскоўскі інстытут гісторыі, філасофіі і літаратуры і з 1-га курса быў прызваны ў Чырвоную Армію. Летам 1940 удзельнічаў у далучэнні Паўночнай Букавіны да СССР. З першых дзён Вялікай Айчыннай вайны на фронце. У чэрвені 1942 пад Растовам цяжка паранены і пасля лячэння ў тбіліскім шпіталі адпраўлены ў тыл. Жыў у Бугуруслане, потым выкладаў вайсковую пад-рыхтоўку ў Малдаўскім педагагічным інстытуце, а з 1943 - у БДУ, які знаходзіўся тады на станцыі Сходня ў Падмаскоўі, дзе вучыўся спачатку завочна на філалагічным факультэце, а затым перайшоў на стацыянар (скончыў у 1945 ужо ў Менску). Пасля вучыўся ў аспірантуры, выкладаў беларускую літаратуру ва ўніверсітэце, працаваў у рэдакцыі часопіса «Полымя», у апараце ЦК КПБ. Член СП СССР з 1945, з 1966 - сакратар, а ў 1971-1974 - намеснік старшыні праўлення СП БССР.

Выбіраўся дэпутатам ВС БССР (1967-1976). Іван Мележ быў старшынём праўлення Беларускага аддзялення таварыства «СССР - Францыя», старшынём Беларускага камітэту абароны міру, членам Сусветнага савета міру.

Узнагароджаны двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэнамі Чырвонай Зоркі, «Знак Пашаны» і медалямі. Народны пісьменнік БССР (1972). Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Якуба Коласа (1962) за раман «Людзі на балоце», Ленінскай прэміі (1972) за раманы «Людзі на балоце» і «Подых навальніцы», Дзяржаўнай прэміі БССР (1976) за кнігу крытычных нарысаў, артыкулаў «Жыццёвыя клопаты» (пасмяротна).

Дэбютаваў у 1939 вершамі. Першае апавяданне на беларускай мове «Сустрэча ў шпіталі» (1944). Адно з ранніх апавяданняў - «У завіруху» - высока ацаніў Кузьма Чорны. У 1946 яно дало назву зборніку. Аловесць «Гарачы жнівень» (1946) пра цяжкасці аднаў-ленчага перыяду. Выдаў зборнікі аповесцей і апавяданняў «Гарачы жнівень» (1948), «Заўсёды наперадзе» (нарыс, 1948), «Блізкае і далёкае» (1954), «У гарах дажджы» (1957), «Што ён за чалавек» (апавяданні, аповесці, нарысы, 1961). Першы раман «Мінскі напрамак» (1952).

Статус беларускага эпасу атрымаў цыкл раманаў Івана Мележа «Палеская хроніка»: «Людзі на балоце» (1962), «Подых навальніцы» (1966) і «Завеі, снежань» (1978).

Напісаў п'есы «Пакуль вы маладыя» (1956, асобнае выданне ў 1958, пастаўлена ў 1957), «Дні нашага нараджэння» (апублікавана і пастаўлена ў 1958), аднаактоўку «Хто прыйшоў уночы» (1959, асобнае выданне ў 1966). Па раманах «Людзі на балоце» і «Подых навальніцы» Беларускім тэлебачаннем створаны ў 1966 г. спектакль. Беларускім тэатрам імя Янкі Купалы пастаўлены ў 1966 г. спекталь «Людзі на балоце», Гомельскім абласным тэатрам - «Подых навальніцы» (1977), у 1989 г. - «Страсці эпохі» (паводле рамана «Завеі, снежань»).

Памёр 09.08.1976 г.


Міхасю Міцкевічу споўнілася 85

31 студзеня споўнілася 85 гадоў Міхасю Канстанцінавічу Міцкевічу , сыну Якуба Коласа.

Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі, доктар тэхнічных навук, майстар спорту па стэндавай стральбе і фатограф з 70-гадовым стажам. Колас насіў яго на руках, а Купала задорваў цукеркамі.

Міхась Канстанцінавіч сёння супрацоўнік мемарыяльнага музея свайго бацькі. Але ў штат прыйшоў толькі пасля таго, як выйшаў на пенсію. Паўстагоддзя ён аддаў фізіка-тэхнічнаму інстытуту Акадэміі навук. Аўтар шматлікіх распрацовак і вынаходніцтваў. За развіццё навукі ў галіне электра-эразійнай апрацоўкі металу атрымаў Дзяржпрэмію. Бацька трох дзяцей, дзядуля чатырох унукаў і дваіх праўнукаў.

З 7 класа ён не расстаецца з аб'ектывам. Яшчэ да вайны ў палацы дзяцей стаў займацца фотасправай. У старэйшых братоў "канфіскаваў" камеру, якую Колас прывёз з Парыжа. Сам праяўляў і друкаваў здымкі.

У музеі разгорнута фотавыстава. Усе фотаздымкі з архіву юбіляра. Так жа, як і асабістыя рэчы. Кнігі - таксама з хатняй бібліятэкі Міхася Канстанцінавіча. Усе з дароўнымі подпісамі аўтараў - навуковай і пісьменніцкай эліты Беларусі. Афармляла экспазіцыю фотаработ Міхася Міцкевіча ўнучка. Гэта выстава - першая, якую Васіліна рыхтавала ў якасці супрацоўніка музея.

Яшчэ Міхась Міцкевіч сам піша вершы і эпіграмы. Але не друкуецца, каб не параўноўвалі з бацькам.


Маё знаёмства з ТБМ

Палося пад час падрыхтоўкі да ЦТ па беларускай мове. Рэпетытар прызначала сустрэчы ў гэтым памяшканні. Памятаю, як першы раз зайшоў на сядзібу (вул. Румянцава, 13), па шчырасці, адчуў куточкам сэрца сапраўдны беларускі дух, там ён чамусьці падаўся асабліва адчувальным нейк падсвядомасна, бо іншых падобных мейсцаў я яшчэ не ведаў.

Асабліва доўга там не празаймаўся, потым патрэбна было ездзіць у іншы куток Менска, але прыходзіў туды на выставу, набываў розныя кніжкі, дыскі, а самае галоўнае пашыраў кола беларускамоўных знаёмых. Потым я дамовіўся на друк сваіх вершаў у "Нашым слове", але асабліва і не спадзяваўся што ён адбудзецца. Вельмі позна дазнаўся пра яго, складана было дастаць газету.

Праз некаторы час у Кантакце віртуальна пазнаёміўся з паэтам Алесем Вярцейкам. Мне ён падаўся там хлопчыкам, але калі пабачыліся ўжывую (прэзэнтацыя кнігі Зм. Вішнёва "Замак пабудаваны з крапівы") мяне ён здзівіў сваёй дарослай незвычайнасцю.

Дзякуючы яму ў канцы мінулага года былі праведзеныя сустрэчы з Адамам Глёбусам (літаратурная сустрэча); Вінцуком Вячоркам (лекцыі па беларускай мове): Пётрам Садоўскім (лекцыя па ўжыванні фразеалагізмаў ды крылатых выразаў):

Віталь Быль, з якім я потым пазнаёміўся, узяў на свае плечы працу па арганізацыі беларускага інтэлектуальнага спаборніцтва.

Ідэя нацыянальнага адраджэння, якой займаецца ТБМ, аб'ядноўвае даволі вялікую колькасць моладзі, і яна не сядзіць на месцы. Асабіста мне вельмі цікава прысутнічаць на розных сходах, абмеркаваннях якія таксама накіраваныя на канкрэтныя справы. Над намі лунае годнасць, павага, вольнасць, еднасць. Мы адкрытыя да новых людзей і цікавых прапаноў.

Базыль Мялешка.


Сёе-тое для душы ў сухім жанры граматыкі

Упершыню за гіст-рыю беларуска-літоўскага суседства выйшла граматыка літоўскай мовы па-беларуску. Гэта чарговае выданне серыі "ЕўраГраматыкі", дзе ўжо пабачылі свет граматыкі пол-скай, лацінскай, ангельскай, шведскай, латышскай, славацкай і нідэрландскай моваў, пад агульнай рэдакцыяй Л. Барчэўскага.

Аўтар "Кароткай граматыкі літоўскай мовы" 1 лінгвіст Вінцук Вячорка адказаў на пытанні карэспандэнта nastaunik.info.

- Навошта граматыка літоўскай мовы па-беларуску?

- Мы суседзім прынамсі тысячу гадоў, з іх бальшыню часу пражылі ў супольнай - не самай кепскай - дзяржаве. Але цягам апошніх двух стагоддзяў, калі абодва народы былі пад расейскай і савецкай акупацыяй, нашыя веды адзін пра аднаго змізарнелі. Літоўцы пра нас думалі ў катэгорыях "усходняга славянства", а звычайныя беларусы запазычылі ў "старэйшага брата" крыўдны для любога ўнікальнага народу выраз "прыбалты" (якім азначалі зусім розныя народы: балтаў літоўцаў і латышоў ды фіна-вуграў эстонцаў). Дык жа настала пара зноў знаёміцца даўно знаёмым, асабліва праз мовы.

- Для каго вы ўкладалі кнігу?

- Для тых, хто бярэцца вывучаць сучасную літоўскую літаратурную мову. Нягледзячы на навукова-папулярны жанр, я спыняўся на спрэчных момантах упарадкавання літоўскай граматыкі; на працэсах у жывой літаратурнай мове. Але кніга і для тых, хто цікавіцца месцам беларускае мовы ў свеце. Хаця асноўны аб'ём кнігі, як і папярэдніх выданняў серыі "ЕўраГраматыкі", займаюць граматычныя выклады і табліцы, я паказаў нямала ўнікальных беларуска-літоўскіх паралеляў.

- У якой ступені блізкія беларуская і літоўская мовы?

- Літоўская мова, якая належыць да балцкай групы індаэўрапейскай сям'і, надзвычай багатая граматычна і лексічна, знакамітая блізкасцю гукавога складу да моваў-продкаў. І яна сярод усіх неславянскіх найбліжэйшая да беларускай. Гэта вынік не то-лькі пазнейшых узаемаўплываў (як беларусізмы kvietka, cibule ў літоўскай ці літуанізмы дзірван, кумпяк у беларускай). Паходжанне беларускай мовы як асобнай непарыўна звязанае з прысутнасцю балцкага кам-паненту. Тое сведчаць назвы нашых рэк: Нача, Лоша, Менка, Шчара, Дрыса… Літоўская мова зберагла старажытныя граматычныя рысы, якія мова нашых продкаў таксама некалі мела (часам мае рэшткі). Гэта парны лік у дадатак да адзіночнага і множнага, будучы час дзеепрыметнікаў ды інш. А вось канчаткі -as, -is (якія ўспрымаюцца пабочным назі-ральнікам як індыкатар літоўскае мовы) дадаюцца да асновы іменных часцінаў мовы толькі ў назоўным склоне, у іншых склонах яны змяняюцца.

- Што канкрэтна знойдзе ў кнізе чалавек, які цікавіцца беларускаю моваю ў шырэйшым кантэксце?

- Я падкрэсліваў паралельныя граматычныя з'явы літоўскай і беларускай мовы, якія часам не маюць адпаведнікаў у расейскай ці польскай. У літоўскай клічная форма назоўнікаў (як нашыя Божа! браце! ) лічыцца паўнавартасным склонам. Тлумачачы літоўскія лічэбнікі для абазначэння цэлага ліку з паловаю, я з задавальненьнем нагадваю нашыя спрадвечныя - у дадатак да паўтара - паўтраця (2,5), паўчварта (3,5) і г.д. У літоўскай проціпастаўляюцца паводле блізкасці да моўцы тры паказальныя займеннікі, якія адпавядацьмуць нашым гэты - гэны - той. Літоўскі дзеяслоўны чыннік - адна з трох нязменных формаў дзеяслова - блізкі нашым утварэнням на -ма : бегма бяжыць, варма варыць.

- А наколькі для вас гэта была новая тэма?

- Уласна кажучы, літуаністыкай я цікаўлюся з маладых гадоў, нават універсітэцкі дыплом абараняў на тэмы балта-беларускіх моўных сувязяў; адзін час чытаў беларусазнаўства для літоўцаў у Віленскім універсітэце.

- Ці штосьці не ўвайшло ў кніжку?

- Літоўцы штогод ладзяць агульнанацыянальную дыктоўку (гэта ў іх запазычыў ідэю наш Уладзімір Падгол), і спалучаюць з ёю іншыя цікавыя моўныя конкурсы. Так, у літоўскай граматыцы вылучаецца як асобная часціна мовы istiktukas - форма імгненнага дзеяння, накшталт нашых зірк ці кульгець, але непараўнальна больш сістэмная і шматлікая. Дык вось падчас нацыянальнае дыктоўкі 2010 года літоўцы галасавалі за самы папулярны istiktukas - і выбралі такі патройны triokst pokst kebe-riokst, які абазначае гучнае падзенне. Бязлітасная выдавецкая рука, уціскаючы мяне ў адведзены аб'ём, скрэсліла гэты і шэраг іншых цікавых экстралінгвістычных момантаў, але сёе-тое для душы ў сухім таблічным жанры граматыкі засталося. І падкрэслю, што належыць вялікая падзяка Амбасадзе Літоўскай Рэспублікі ў Менску, асабіста амбаса-дару Эдмінасу Багдонасу і да нядаўняга часу супрацоўніку Амбасады Дарусу Віткаўскасу, якія падтрымалі ініцыятыву.

Гутарыла Алена Свержань, Настаўнік.info.

1. Вячорка В. Кароткая граматыка літоўскай мовы. - Мн.: Радыёла-плюс, 2010. - 116 с. - (Серыя "Беларускія ЕўраГраматыкі").


СЯДЗІБА ТБМ ЗАПРАШАЕ

18 лютага 2011 (пятніца)

АДБУДЗЕЦЦА літаратурная сустрэча "Шляхам любові" з Алесем Бразгунавым , літаратуразнаўцам, паэтам, і прэзентацыя зборніка паэзіі "Ізмарагд"

18.00 , УВАХОД ВОЛЬНЫ АДРАС: вул. Румянцава, 13


Памёр беларускі эміграцыйны гісторык Павал Урбан

У Мюнхене на 87-м годзе жыцця памёр беларускі гісторык, актыўны дзяяч эмі-грацыі, колішні супрацоўнік Радыё Свабода Павал Урбан.

Павал Урбан нарадзіўся 27 сакавіка 1924 г. у вёсцы Закаліўе на Лепельшчыне ў шматдзетнай сялянскай сям'і. Ягоны бацька як хутаранін і гаспадар на 9 гектарах зямлі ў пэрыяд калектывізацыі быў залічаны ў катэгорыю "кулакоў" і арыштаваны для вывазу.

Пасля вайны Урбан апынуўся ў лагерах для перамешчаных асобаў у Нямеччы-не, там скончыў беларускую гімназію, у 1948 годзе разам з сябрамі з легендарнай "Дванаццаткі" выехаў у Вялікабры-танію, дзе працаваў у вугальных капальнях.

У 1950 г. ён паступіў у Лювэнскі ўніверсітэт у Бельгіі, які закончыў у кастрычніку 1954 г. з дыпломам кандыдата гістарычных навук на падставе дысертацыі "Вялікае Княства Літоўскае за часы вялікага князя Аляксандра". Ад 1956 года працаваў у Інстытуце вывучэння СССР у Мюнхене. Ад 1974 да 1989 г. працаваў у беларускай рэдакцыі Радыё Свабода, адкуль выйшаў на пенсію.

У 1972 выдаў кнігу «У святле гістарычных фактаў», якая сталася адказам на брашуру Л. Абэцэдарскага «У святле неабвержных фактаў» (1969). У гэтай працы П. Урбан палемізаваў з афіцыйнай савецкай гістарыяграфіяй Беларусі.

У 2001 годзе ў Менску выйшла праца П. Урбана «Старажытныя ліцьвіны: Мова. Паходжаньне. Этнічная прыналежнасьць» (2-е выданне - 2003), прысвечаная даследаванню этнічнай прыналежнасці старажытных ліцьвінаў і гістарычнага тэрміну «Літва».


Ахвяраванні на ТБМ

Бабраўнічы Мікола - 30000 р., г. Менск

2. Міцкевіч Яўген - 10000 р., г. Менск

3. Шкірманкоў Ф. - 25000 р., г. Слаўгарад

4. Невядомы - 50000 р., г. Менск

5. Хацкевіч Анатоль - 11000 р., г. Менск

6. Саўліч Мікола - 32000 р., м. Падсвілле Глыб. р-н.

7. Раманцэвіч Валянц. - 24000 г., г. Менск

8. Чэчат Алесь - 50000 р., г. Менск

9. Гарэцкі Радзім - 41000 р., г. Менск

10. Кунцэвіч Уладз. - 20000 р., г. Н-полацк

11. Фарнэль Кастусь - 6000 р., г. Н-полацк

12. Кулік Анатоль - 14000 р., г. Наваполацк

13. Новікаў Андрэй - 5000 р., г. Н-полацк

14. Рымша Алесь - 20000 р., г. Наваполацк

15. Пісарэнка Алесь - 10000 р., г. Н-полацк

16. Гняткоў Валеры - 10000 р., г. Н-полацк

17. Марцінкевіч Ан. - 5000 р., г. Н-полацк

18. Паўловіч Віктар - 10000 р., г. Н-полацк

19. Мудроў Алег - 10000 р., г. Новаполацк

20. Рымар Роза - 10000 р., г. Гародня

21. Некраш Л.У. - 10000 р., г. Гародня

22. Цынгалёў Васіль - 10000 р., г. Жлобін

23. Руткевіч Вераніка - 20000 р., г. Менск

24. Стома Ларыса - 5000 р., г. Менск

25. Рогач Пётр - 5000 р., г. Менск

26. Краўцоў Мікола - 80000 р., г. Гомель

27. Гвара Віктар - 3000 р., г. Лельчыцы

28. Талерчык Там. - 50000 р., г. Гародня

29. Лазарук Т.К. - 15000 р., г. Менск

30. Ліцвінава Людміла - 10000 р., г. Менск

31. Кукавенка Іван - 10000 р., г. Менск

32. Давідоўскі Ігар - 25000 р., г. Менск

33. Раманік Т.К. - 50000 р., г. Менск

34. Катлярова Р.М. - 20000 р., г. Магілёў


Дзейнасць ГА "ТБМ імя Францішка Скарыны" па наданні роднай мове рэальнага статуса дзяржаўнай вымагае вялікіх выдаткаў. Падтрымаць ТБМ - справа гонару кожнага грамадзяніна краіны.

Просім Вашыя ахвяраванні дасылаць на адрас, вул. Румянцава, 13, г. Мінск, 220034, альбо пералічыць на разліковы рахунак ТБМ №3015741233011 у Аддзяленні № 539 ААТ "Беінвестбанка" код 739 (УНП 100129705) праз любое аддзяленне ашчадбанка Беларусбанк.


Шчырая праўдзівасць

Да 55-годдзя з дня нараджэння беларускага пісьменніка Уладзіміра Ягоўдзіка

Пачну з прозы: "Вяртаюся са школы. Адзін. Хлопцы ўжо разбегліся па хатах. Мне - ісці далей, ледзь не ў самы канец вуліцы. Сунуся памалу, нехаця, знарок спыняюся, пільна азіраюся вакол сябе. Нізкае, сівое неба маўкліва туліцца да сіратліва застылых садоў і адразу за хлявамі непрыкметна зліваецца з пакатымі пагоркамі, што падступаюць да самай вёскі. На рыжай, уезджанай дарозе - ні душы, і ад таго, мусіць, яна выдае чужою і няўтульнаю. Калючы пранізлівы вецер, што раптам дзьме ў твар і кусае шчокі, пахне едкім гаркавым попелам, высыпаным у гародчык. Хачу і не магу паверыць, што заўтра - вясна. Так пазначана ў календары. Не скажу, што вельмі абрыдла зіма, і ўсё ж міжволі і нецярпліва шукаю першыя веснавыя прыкметы…". Гэтымі цудоўнымі, трохі тужлівымі радкамі пачынаецца аповесць "Вочы начніцы" (Мн., 1989) майго цудоўнага земляка і сябра, пісьменніка Уладзіміра Ягоўдзіка. Перачытваю аповесць зноў і зноў, хоць яна напісана 25 гадоў таму, бо гэты твор мяне, як і аўтара, вяртае заўсёды на Слонімшчыну да гадоў маленства. І неяк страшна становіцца, і неяк не верыцца, што нам, дарагі Валодзя, ужо за 50. Я, праўда, цешуся тым, што мала-дзей за цябе на пару гадоў, але чым тут цешыцца. Хутчэй за ўсё мне не верыцца, што табе 14 лютага намяце ўжо 55. І за гэты час, як ты і пісаў, жыццёвая завіруха з ветрам пякла цябе калюча і пранізліва. Але ты не спыняўся і не спыняешся на паўдарозе, а заўсёды лечышся літаратурай, творчым і жыццёвым цярпеннем, маральнай чысцінёй і характарам.

На Слонімшчыне ад маёй роднай вёскі да Валодзевых Кастровічаў напрамкі зусім недалёка. Але ён мала жыў і вучыўся ў Кастровічах, бо вельмі рана застаўся без бацькоў. Яго домам былі Дзятлаўская, Зэльвенская і Слонімская школы-інтэрнаты. Неяк даўно пры сустрэчы былы дырэктар Слонімскай школы-інтэрната Будзіловіч сказаў: "Не вельмі проста было з гэтым хлопцам, уцякаў з інтэрната, не слухаўся нікога". Але ад лёсу, як кажуць у народзе, не ўцячэш. І хоць жыццёвы лёс не вельмі песціў майго земляка, творчы лёс яму ўсё ж спрыяў. Я яшчэ быў студэнтам-філолагам, а Уладзімір Ягоўдзік ужо трымаў у руках сваю першую кнігу апавяданняў і аповесці "Стронга" (Мн., 1984) з прадмовай Яўгена Лецкі. "Яго першай кнізе ўласцівы праўдзівасць, шчырасць і пошукавасць адначасо-ва", - пісаў аўтар прадмовы. Гэта было так. Праўдзівасць - балючая і шчырая, вяскова-юнацкая і непаўторна-запамінальная прымушала чытаць прозу Уладзіміра Ягоўдзіка, чытаць ад пачатку да канца, чытаць і думаць, чытаць і бачыць перад вачыма тое, што апісваў твой равеснік, твой зямляк, тое, што было побач.

Праз тры гады пасля беларускага выдання першага зборніка Уладзіміра Ягоўдзіка, ягоная "Стронга" выходзіць у Маскве на рускай мове ў перакладзе Валянціны Шчадрыной з прадмовай Уладзіміра Калесніка. "Галоўнае для пісьменніка - тэма чалавека, пошукі сэнсу і сутнасці жыцця ў нашым складаным свеце", - пісаў у прадмове Уладзімір Калеснік. Пісаў і зычыў маладому тады празаіку быць і заставацца сабой. І ён застаўся і застаецца сабой.

Услед за "Стронгай" выходзяць дзесяткі новых кніг Уладзіміра Ягоўдзіка. Гэта кнігі аповесцяў, апавяданняў, дзіцячых казак, сур'ёзных нарысаў, рэцэнзій, партрэтаў пісьменнікаў і мастакоў, кнігі аб прыродзе, зборнікі гістарычных твораў і дзіцячых п'ес і г.д. І ўсё, як сказаў некалі Янка Брыль, "мне прыемна засведчыць, з цікавасцю перачытваецца, хораша гаворачы гэтым пра сваю таленавітасць".

Уладзімір Ягоўдзік - сапраўды таленавіты і дасведчаны літаратар. Некалькі гадоў таму ён стварыў серыю "Скарбы Беларусі" і ў гэтай серыі выдае цудоўныя кніжкі для юных і дарослых чытачоў. Свет пабачылі ўжо выданні, прысвечаныя нацыянальным паркам "Прыпяцкі", "Браслаўскія азёры", Бярэзінскаму біясфернаму запаведніку, азёрам Беларусі, матылькам, ваўкам, камяням, дзятлам, зубрам і г.д. Пісьменнік піша кнігі, сам выдае і сам распаўсюджвае па садках, школах, бібліятэках Беларусі. Нехта неяк сказаў: вучыцеся ў Ягоўдзіка Уладзіміра, які не спадзяецца ні на кога, а сам піша добрыя творы і прапагандуе іх па ўсёй Беларусі. А як жа інакш? З 1995 года выдаваў Уладзімір Ягоўдзік і свой прыватны цудоўны часопіс сяброў прыроды "Лесавік". Летась "Лесавік" закрылі, бо тыя ўмовы, якія выдаўцу прапанавалі ў міністэрстве друку, паставілі выданне проста на калені, таму выдаваць часопіс ужо не было сэнсу.

Але Уладзімір не спыняецца - ён па-ранейшаму працуе над родным словам, лечыцца родным словам, нясе яго ў людзі. Далёкі продак пісьменніка - класік французскай літаратуры Гіём Апалінэр (Вільгельм Кастравіцкі) пісаў: "Мой скарб - маё слова… Мелодыя слова - цана не малая!". Чаму я тут прыгадаў Гіёма Апалінэра, продкі якога маюць непасрэднае дачыненне і да роднай вёскі Уладзіміра Ягоўдзіка - Кастровічы. Дзед паэта Гіёма Апалінэра - Міхал Апалінарый Кастравіцкі быў чалавекам дэмакратычных поглядаў. Разам са сваімі братамі Юзафам і Адамам прымаў удзел у паўстанні 1863 года. Адзін брат быў высланы царскімі ўладамі ў Сібір, другі - у Арэнбург, Міхалу Апалінарыю ўдалося ўцячы разам з сям'ёй у Італію. У Рыме і нарадзіўся вялікі паэт Францыі. Ён быў пазашлюбным сынам Ангелікі Кастравіцкай. Дзякуючы сваёй маці, Апалінэр назаўсёды захаваў любоў да Літвы. Магчыма, маці ці бабуля Кастравіцкія распавядалі Гіёму і пра Наваградчыну і пра мястэчка Кастровічы на Слонімшчыне, дзе праз 76 гадоў народзіцца наш беларускі Кастравіцкі (адзін з псеўданімаў Ягоўдзіка) - Уладзімір Ягоўдзік. І я тут не перабольшыў, бо, насамрэч, пісьменнікам напісана і зроблена для гісторыі беларускай культуры і літаратуры даволі шмат.

А цяпер слова пра юбіляра завяршу таксама прозай: "Суха пазвоньвае каля плота вецер, раптам узвейвае і цярусіць шчодраю жменяю проста ў твар дробнае калючае сяйво. Я не адварочваюся і нават не заплюшчваю вачэй. Праз якое імгненне лёгка змахваю са шчок буйныя кроплі і пераконваю, запэўніваю сам сябе, што гэта ніякія не слёзы, а снегавая расталая вада, што плакаць мне, шасцікласніку, брыдка…". А мне бачацца ў дзённіку шасцікласніка Валодзі Ягоўдзіка дзве пяцёркі - тыя найвышэйшыя адзнакі, якія ў свой час мы атрымлівалі ў школе. Дык з 55-годдзем цябе, дарагі мой сябра!

Сяргей ЧЫГРЫН.


Хвіліны натхнення і святла...

Парафія св. Кірылы Тураўскага правяла сустрэчу з пісьменніцай, ганаровым сябрам Згуртавання беларусаў Канады Вольгай Іпатавай.

Вольга Іпатава, аўтар некалькіх зборнікаў вершаў, пачала свой цыкл гістарычных раманаў у маладосці, напісаўшы першую ў беларускай прозе аповесць пра славутую святую асветніцу Ефрасінню Полацкую. Аднак у савецкія часы яна атрымала шэраг разгромных артыкулаў у прэсе, пачынаючы з "Советской Белоруссии". Затое ў першыя перабудовачныя часы гэтая аповесць была ўключаная ў школьную праграму. Раман "Апошнія ахвяры свяшчэннага дуба" пра Святых Віленскіх Пакутнікаў быў ганараваны прэміяй часопіса "Дзеяслоў" у 2006 годзе.

Слова пра творчасць Вольгі Іпатавай і яе высокую грамадзянскую пазіцыю трымалі прафесар Галіна Сяргеева, пісьменніца і майстар мастацкага вышывання Ірына Верабей, а таксама сябар Галоўнай Управы ЗБК Алесь Кот.

Цудоўны пачастунак у гонар пісьменніцы зрабіла сп. Марыя Ганько. Вяла сустрэчу старшыня парафіі св. К. Тураўскага Надзея Дробіна.

Здымак і тэкст Юркі Трубца.


ЧУЖЫЯ СЯРОД СВАІХ

28 студзеня 2011 года адбыдося мерапрыемства ў Таварыстве Беларускай Культуры ў Літве - першае мерапрыемства ў гэтым годзе. Яно было прысвечана абмеркаванню падзей 19 снежня, якое адбылося ў Менску і ўскалыхнула сусветную грамадскасць. Першым выступіў мастак Алег Аблажэй, ён па запрашэнні беларусаў ЗША два тыдні гасцяваў за акіянам. Распавядаў вельмі цікава, адбылася сустрэча не толькі з суайчыннікамі, а і з аднакурснікамі. якія даўно жывуць у ЗША, наведаў каля дзесяці вернісажаў сучаснага мастацтва. Мэта паездкі - пазнаёміць беларусаў Амерыкі з мастацкімі працамі беларускага мастака з Вільні. Вандроўка адбылася дзякуючы намаганням Зянона Пазьняка.

Другім выступіў старшыня таварыства сп. Хведар Нюнька. Яго прамова прысве-чана незаслужана забытаму дзеячу Язэпу Малецкаму. Нарадзіўся ён у 1906 годзе каля Друі, актыўна ўключыўся ў беларускую грамадскую дзейнасць, змагаўся супроць паланізацыі беларусаў, за што пераследваўся польскімі ўладамі. У часе Другой Сусветнай вайны займаў адказныя пасады ў акупаванай Вільні і Беларусі, спрычыніўся да вызвалення з лагераў многіх ваеннапалонных і арыштаваных па ілжывых даносах беларусаў. Паспяхова праводзіў, ва ўмовах акупацыі, палітыку беларусізацыі ў Баранавічах і Вілейцы. Да канца заставаўся верным ідэі незалежнасці і адданым сынам беларускага народа. Пасля вайны апынуўся за мяжой, напачатку ў Еўропе, а пасля і ў Аўстраліі. У Канадзе выдаў кнігу "Пад знакам пагоні". Прысутныя атрымалі шмат цікавай інфармацыі, упершыню адкрылі для сябе гэтую цікавую постаць.

Наступны прамоўца - даследчык жыцця і дзейнасці беларускіх святароў у міжваенны перыяд. Даклад быў прысвечаны ксяндзу Уладзіславу Чарняўскаму, якому ў гэтым годзе споўнілася б 95 год з дня нараджэння. Нарадзіўся свя-тар у вёсцы каля Гародні, служыў у розных прыходах у Вільні і на Віленшчыне, а з 1954 года і да апошніх дзён - у Вішневе, каля Валожына. Ён быў адзіным святаром, які праводзіў службы па-беларуску. Ён быў чужым сярод сваіх. У 1987 годзе група беларусаў - віленчукоў наведала святара. За кіроўцу Хведар Нюнька, Людвіка Кардзіс, Аляксей Анішчык і я. Жыў святар вельмі сьціпла, тады працаваў над перакладам Бібліі на беларускую мову. І сёння ёсць малітоўнікі, тэксты рэлігійных песень, апрацаваные святаром Уладзіславам Чарняўскім. Пазней адбылося яшчэ некалькі сустрэч у Вільні, пры адкрыцці табліцы Фр. Скарыну, яе асвяціў Ул. Чарняўскі. Памёр свя-тар таксама ў Вільні. Прамоўца яго параўнаў з паэткай Лары-сай Геніюш, ён быў у Беларусі такім дысідэнтам - чужым, незразумелым, сярод сваіх.

На мерапрыемстве выступілі і госці з Менску: праваабронца Галіна Сіўчык, Андрэй Лары, Кастусь Манкус. Яны расказалі пра падзеі ў Менску, удзельнікамі якіх былі і пра прадаўжэнне палітычных рэпрэсіяў у Беларусі.

Студэнт ЕГУ Кірыл Атаманчык прэзентаваў свае кнігі пра Вільню, для тых, хто цікавіцца, яна стане бліжэй. Кнігі багата ілюстраваныя, можна вандраваць па вулачках беларускай Вільні. Свае кнігі падараваў таварысту і народны пісьменнік Беларусі Ніл Гілевіч.

На наступны дзень яшчэ адна цікавая сустрэча за філіжанкай гарбаты ў Хведара Нюнькі з Мацеем Канапацкім. Асабліва цікавымі яго ўспаміны пра вучобу ў Віленскай Беларускай Гімназіі, захаваліся фотаздымкі гзтых далёкіх часоў нашай гісторыі. Частку гістарычных дакументаў і здымкаў М. Канапацкі ахвяраваў ТБК. 1 лютага кожны год у Вільні адзначаецца, як Дзень гімназіі. Такія сустрэчы ўзбагачаюць каштоўнымі звесткамі пра нашу гісторыю, адкрываюць новыя яе старонкі.

Леакадзія Мілаш, Вільня, 1 лютага 2011 г.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX