Папярэдняя старонка: 2011

№ 08 (1003) 


Дадана: 19-03-2020,
Крыніца: pawet.net.



№ 8 (1003) 23 ЛЮТАГА 2011 г.


Заява Сакратарыяту ТБМ з нагоды Міжнароднага дня роднай мовы

Дарагія сябры!

21 лютага міжнародная супольнасць штогод адзначае дзень Роднай мовы. Мы звяртаемся да ўсіх грамадзян Беларусі, а таксама прыхільнікаў Беларушчыны за мяжой з просьбай выказаць у гэты дзень сваю падтрымку жывому беларускаму слову.

Давайце ў гэты дзень публічна праявім сваё шанаванне да старажытнай, тысячагадовай беларускай мовы, дзяржаўнай мовы Вялікага Княства Літоўскага, мовы трох Статутаў ВКЛ, мовы Максіма Багдановіча, Янкі Купалы, Якуба Коласа, Уладзіміра Караткевіча і Васіля Быкава.

Мы заклікаем Вас прыняць удзел у IV Усебеларускай дыктоўцы, хораша, з усмешкай на вуснах прамаўляць па-беларуску ў сям'і, на працы, у дзяржаўным транспарце, у крамах і навучальных установах. Запаўняйце па-беларуску розныя бланкі, квіткі, афіцыйныя паперы, анкеты і апытальныя лісты. Дашліце знаёмым і сваякам напісаныя па-беларуску ліст, паштоўку, тэлеграму, смс ці паведамленне па электроннай пошце.

Любіце родную мову - яна дасканалая і прыгожая!

Прынята на паседжанні Сакратарыята ТБМ 17 лютага 2011 года.


Свята роднай мовы ў Берасці

Сёлета, з 19-га па 21-га лютага, у Берасці ўпершыню адзначаўся Міжнародны дзень роднай мовы.

Святкаванні ладзіла грамадская кампанія «Будзьма беларусамі» разам з Абласным грамадска-культурным цэнтрам.

Першы дзень святкавання, які адбыўся ў суботу, 19 лютага быў цалкам музыч-ны. Перад берасцейцамі выступіў гарадскі ансамбль народнай песні "КупАвушка" і фольк-гурт "Ветах".

Арганізатар мерапрыемстваў, Зміцер Назараў, паведаміў, што цалкам задаволены:

- Мерапрыемства атрымалася проста выдатнае. Лепей чым я ўяўляў сябе. Людзі адгукнуліся, людзі прыйшлі. Мне вельмі прыемна, што ў Берасці свядомае грамадства існуе і будзе множыцца. Я буду рабіць усялякія цікавыя імпрэзы, каб гэтае грамадства выходзіла з цемры, каб людзі яго бачылі. Мэта гэтага мерапрыемства - звярнуць увагу на тое, што беларускасць можа быць моднай, і гэта прыгожа.

20 лютага перад берасцейцамі выступілі паэты Зінаіда Дудзюк, Мікола Пракаповіч, Віталь Рыжкоў, пасля чаго адбылася канцэрт-прэзентацыя новага альбома "Ніткі" Таццяны Беланогай.

Зміцер Кісель,

Радыё Рацыя


З юбілеем, Лідзія Сымонаўна

Лідзія Сымонаўна (Сямёнаўна) САВІК (нар. 1 сакавіка 1936, в. Камуна Любанскага р-на Слуцкай акругі, цяпер Менская вобл.) - беларускі літаратуразнавец, крытык. Кандыдат філалагічных навук (1977).

Нарадзілася ў сялянскай сям'і. Бацькі Адам Васілевіч і Алена Піліпаўна Адзярыхі, разам з Эмануілам Модзіным, Цімафеем Смірновым і інш., былі арганізатарамі камуны (в. Камуна) на Мар'інскім балоце над р. Арэсай. У першыя дні Вялікай Айчыннай вайны бацька пайшоў на фронт, загінуў у 1941 г. пад Масквой. Камуну спалілі немцы, маці з двума дзецьмі, Лідай і Ірынай, знаходзілася ў партызанскім атрадзе «Камсамолец» брыгады імя Панамарэнкі, была сувязной, потым - у гаспадарчым звязе. Пасля вызвалення Беларусі жылі ў Любані. Потым, у сувязі з пераводам айчыма Сымона Шыкунова па працы і пераездам сям'і,Ліда жыла ў Барысаве, Заслаўі, Дзяржынску.

Працавала піянерважатай у Вязанскай школе Дзяржынскага раёна (1954-1955), у Дзяржынскай школе № 1 (1955-1959), у 1959 пераехала ў Менск, працавала ў Менскай школе № 62. Скончыла філалагічны факультэт БДУ (1962), Інстытут удасканалення настаўнікаў (1964), аспірантуру. Працавала ў Цэнтральнай бібліятэцы імя Я. Коласа АН БССР (1966-1978). У 1977 абараніла кандыдацкую дысертацыю па праблемах сучас-най беларускай літаратуры. 3 1978 працуе ў Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР, малодшым, затым старшым навуковым супрацоўнікам, адначасова з 1982 у Беларускім універсітэце культуры. Выкладала ў ВНУ беларускую літаратуру, чытала спецкурсы пра творчасць рэпрэсаваных і эмігранцкіх пісьменнікаў. 3 1992 - дацэнт Беларускага ўніверсітэта культуры, чытае курс лекцый па сучаснай беларускай літаратуры. Сябар Саюза беларускіх пісьменнікаў (з 1992). Адна з арганізатараў і сакратар Рады Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына», член Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў. Сакратар секцыі крытыкі Саюза беларускіх пісьменнікаў, старшыня камісіі па вяртанні спадчыны беларускіх пісьменнікаў.

Муж - М. П. Савік, навуковец-кібернетык.

Літаратурнай дзейнасцю займаецца з 1970-х г. Дэбютавала ў друку артыкулам «Сучасная беларуская проза» (1974). Кірунак навуковай дзейнасці - праблемы развіцця беларускай літаратуры 20 ст. Атрымала дазвол на працу ў архівах КДБ, сабрала дакладныя звесткі пра лёс рэпрэсаваных беларускіх паэтаў і празаікаў. Даследуе эмі-гранцкую беларускую літаратуру, збірала матэрыялы пра жыццё і дзейнасць вядомых беларусаў у Францыі, Гер-маніі і ЗША.

Выдала творы рэпрэсаваных пісьменнікаў Я. Нёманскага «Творы» (1984), С. Баранавых «Новая дарога» (1989), Б. Мікуліча «Аповесць для сябе» (1993) і інш. Даследуе таксама эмігранцкую беларускую літаратуру. Апублікавала нарысы жыцця і творчасці Н. Арсенневай, М. Сяднёва, У. Дудзіцкага, Хв. Ільяшэвіча, У. Случанскага. Аўтар шматлікіх артыкулаў і рэцэнзій пра творчасць сучасных аўтараў В. Быкава, Я. Брыля, І. Шамякіна, С. Грахоўскага, А. Марціновіча, А. Кудраўца, Я. Сіпакова, В. Карамазава, А. Жука, В. Іпатавай, М. Гіля, а таксама пайшоўшых з жыцця - І. Мележа, У. Караткевіча, А. Асіпенкі, Б. Сачанкі, Я. Скрыгана, Л. Геніюш.

Аўтар манаграфій «Адчуванне часу», «Пад мірным небам Бацькаўшчыны», «Каб не астыла цяпло зямлі», суаўтар кніг «Беларускія пісьменнікі і літаратурны працэс 20-30-х гадоў» (1985), «Сыны і пасынкі Беларусі» (1996), «Гістарычны шлях беларускай нацыі і дзяржавы» (2001), «Культура беларускага замежжа» і інш. Выдала кнігу "Кос-мас беларуса": жыццяпіс Б. У. Кіта, асветніка, вучонага, патрыёта» пра Б. Кіта - акадэміка Міжнароднай акадэміі астранаўтыкі. Аўтар шэрагу даследаванняў пра творчасць беларускіх пісьменнікаў-эмігрантаў, напр. «Пакліканыя: літаратура беларускага замежжа» (2001). Аўтар звыш 100 артыкулаў і рэцэнзій, 230 энцыклапедычных артыкулаў. Друкуецца на старонках рэспубліканскіх перыядычных выданняў.

Актыўны сябар ТБМ.

Выбраныя творы:

Праблемы сучаснай беларускай «вясковай» прозы. (Агульны агляд мастацкай і крытычнай літаратуры) // Кніга, библиотечное дело и библиография в Белоруссии. - Минск. 1974. С. 179-194;

Проблемы современной белорусской «деревенской» прозы. (10.01.03) Автореферат диссертации на соискание ученой степени канди-дата филологических наук /АН БССР Институт литературы им. Янки Купалы/. - Минск. 1977. 21 с.;

Адчуванне часу. Тэма вёскі ў сучаснай беларускай прозе. - Мінск. 1981;

Каб не астыла цяпло зямлі. Беларуская проза 70 - пачатку 80-х гг.). - Мінск. 1984;

Пад мірным небам Бацькаўшчыны. Нарыс творчасці Барыса Сачанкі. - Мінск. 1986. 120 с.

Вяртанне. Жыццяпіс Барыса Уладзіміравіча Кіта. - Мінск. 1993. 75 с.;

Космас беларуса. Жыццяпіс Барыса Уладзіміравіча Кіта, асветніка, вучонага, патрыёта. - Мінск. 1996. 381 с; 2 выд. - Мн., 1998. 449 с.;

Пакліканыя. Літаратура беларускага замежжа. - Мінск. 2001. 478 с.;

Адна між замкаў: Літаратурны партрэт Вольгі Іпатавай. - Мінск. 2003. 165 с.


4-я Агульнанацыянальная дыктоўка ў Магілёве

Больш за семдзесят магілёўцаў 20 лютага ўзялі ўдзел у напісанні агульнабеларускай дыктоўкі, прымерка-ванай да Міжнароднага дня роднай мовы.

У чацвёрты раз яе арганізавала гарадская суполка Таварыства беларускай мовы і клуб "Натхненне". Эсэ Максіма Багдановіча "Хто мы такія?" рупліўцы беларукай мовы пісалі ў Палацы культуры вобласці. Тэкс начытвала настаўніца магілёўскай гімназіі №1 Ганна Бандарэнка.

Беларускую дыктоўку разам пісалі дзеці малодшых класаў і пенсіянеры. Шмат моладзі. Актывісты палітычных партыяў, грамадскіх арганізацыяў і проста неабыякавыя да стану мовы людзі.

- Дыктоўка збірае неабыякавых людзей да беларушчыны. Усіх іх аб'ядноўвае пашана да роднай мовы. Дыктоўка - гэта безумоўна падзея. Яе напісанне для Магілёва ўжо традыцыя. Людзям сталага веку хочацца ўзнавіць у памяці свае школьныя, студэнцкія гады, а малым дзецям даведацца, што ж гэта такое - пісаць тэксты па беларуску, - адзначае старшыня суполкі ТБМ Алег Дзячкоў.

Сёлетняя дыктоўку шырока анансавалася ў дзяржаўных СМІ. Напярэдадні старшыня Магілёўскага гар-выканкаму Станіслаў Барадаўка павіншаваў па-беларуску магілёўцаў з Днём роднай мовы. Віншаванне кіраўнік гарадской вертыкалі скончыў словамі "Са святам!".

Ці ёсць святам у Беларусі ўсясветны Дзень роднай мовы? Руплівец беларушчыны, удзельнік дыктоўкі Міхась Булавацкі не адразу дказвае - задумваецца:

- Калі гэты дзень яшчэ ня стаў святам то ён абавязкова ім стане. Цяпер гэта крыху сумнае свята. Калі з мовай усё ў парадку, мы гэты дзень не заўважаем. Калі ж не ўсё ў парадку, то мы адзначаем гэтае свята мовы. Таму яно і сумнае.

Пісаў дыктоўку і былы кандыдат на прэзідэнцтва ад партыі БНФ Рыгор Кастусёў. Для яго Дзень роднай мовы - свята.

- Для ўсяе Беларусі гэты дзень пакуль не з'яўляецца святам - да жалю. Кожны з нас, хто напрыклад сёння прыйшоў на дыктоўку, рабіць свой унёсак, каб сітуацыя з мовай палепшала. Я веру, што леп-шыя часы для беларускай мовы прыйдуць. Лепшыя часы абавязкова надыдуць.

Дыктоўку пісалі больш за гадзіну. Амаль усе ўдзельнікі здалі яе на праверку. Вынікі, паабяцалі арганізатары, стануць вядомымі цягам тыдня.

Наш кар.

На здымках: 1. Дыктоўку чытае Ганна Бандарэнка; 2. Дыктоўку пішуць старыя і малыя.


Абараніць Скарыну ад Курэйчыка

Сп. П. П. Латушку,

Міністру культуры Рэспублікі Беларусь

220004, г. Мінск,

пр. Пераможцаў, 11

Шаноўны Павел Паўлавіч!

Паводле беларускіх СМІ ў Міністэрства культуры пададзены сцэнар фільма Андрэя Курэйчыка пра Францішка Скарыну, у якім адзін з сімвалаў беларускай нацыі можа быць паказаны п'яніцам, бабнікам і хапугам. Мы ўжо праходзілі гэта ў савецкія часы, калі першую святую Беларускай зямлі Ефрасінню Полацкую паказвалі вельмі адмоўна.

Курэйчык з радасцю паведамляе, што хоча зляпіць пад імем Скарыны, нешта падобнае на Марка Цукенберга (заснавальніка Facebook) ці Стыва Джобса (кіраўніка Аррlе). Можа гэта і добрыя людзі, але пры чым тут Скарына?

Нідзе ў гістарычных крыніцах няма ні слова пра заганы Скарыны, затое ёсць мноства сведчанняў пра складаны лёс першадрукара і складаную эпоху, дзе хопіць сюжэтаў не на адну серыю і не на адзін серыял.

Дарэчы, цікава, з якім акцэнтам будзе размаўляць Скарына, з маскоўскім ці ніжагародскім? Мяркуючы па інтэрв'ю, спадар Курэйчык не абцяжараны клопатам пра беларускую мову, і хутчэй за ўсё сцэнар расейскамоўны.

Прашу звярнуць увагу на гэты "твор" і падумаць, ці варта ўкладваць дзяржаўныя грошы ў дыскрэдытацыю нашага нацыянальнага генія. Магчыма, гэта той выпадак, дзе маральная цэнзура да месца.

Старшыня ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" А. Трусаў.


Дадатак.

Скорина Курейчика любит «бухнуть»

Аўтар: Мария МАЛЕВИЧ I 25 студзеня 2011 г. 12:52 I Каментарыі (0). Сайт "Народнай волі".

Драматург Андрей Курейчик передал сценарий национального кинопроекта «Скорина» министру культуры. В интерпретации нашего современника образ белорусского первопечатника вышел далеко не ангельским.

Прогноз относительно судьбы сценария делать пока трудно. Сценарий «Скорина» - художественное исследование творческого и жизненного пути основателя восточнославянского книгопечатания, ученого, гуманиста, просветителя, уроженца Полоцка Франциска Скорины. Это современная историко-биографическая драма.

Не смотря на легендарное прошлое, Скорина в сценарии Курейчика не совсем похож на привычного персонажа из школьных учебников.

«Я терпеть не могу «сладенькие», «ура-патриотичные» фильмы про известных людей, где они святее ангелов. У меня Скорина не абстрактный «просветитель», а человек, раздираемый противоречиями, - делится задумкой драматург. - Он может и «бухнуть», и ругнуться, и совершить ошибки. Любит женщин. Ищет больших денег. Он человек во всех его красивых и некрасивых поступках. Но человек с принципами и глубокой любовью к своей родине. Это Марк Цукенберг (основатель Facebook) или Стив Джобс (глава Apple) своего времени. Человек, который пытается внедрить ноу-хау в стране со средневековой логикой. Естественно, это вызывает конфликт с обществом. И Скорина вынужден эмигрировать и умереть на чужбине - в Праге, работая придворным садовником».

Старшыні грамадскага аб'яднання

«Таварыства беларускай мовы

імя Францішка Скарыны»

Трусаву А.А.


Аб разглядзе просьбы

Паважаны Алег Анатольевіч!

У адказ на Ваш ліст ад 31.01.2011 г. № 7 паведамляем наступнае.

Безумоўна, Францыск Скарына сапраўды з'яўляецца адным з сімвалаў беларускай нацыі. Да яго неабходна ставіцца з вялікай павагай, памяць аб ім павінна захоўвацца ў стагоддзях.

Таксама інфармуем пра тое, што ў Міністэрства культуры ўказаны Вамі сцэнарый А. Курэйчыка не паступаў. У выпадку прыняцця рашэння аб пастаноўцы дадзенага праекта сцэнарый будзе разгледжаны Экспертным саветам па кінематаграфіі. Пры неабходнасці магчыма правядзенне навуковай экспертызы.

Дзякуем Вам за клопат і павагу да нашай беларускай спадчыны.

З павагай,

Першы намеснік Міністра У.М. Карачэўскі.


4-я Агульнанацыянальная дыктоўка стартавала на Гарадзеншчыне

19-20 лютага стартавала 4-я Агульнанацыянальная дыктоўка на Гарадзеншчыне.

19 лютага дыктоўка прайшла ў чытальнай зале гарадской бібліятэкі г. Бярозаўкі Лідскага раёна. На дыктоўку сабралася 10 чалавек. Пісалі празаічны тэкст паводле У. Караткевіча "Беларусы - гэта мы" і верш М. Багдановіча. Празаічны тэкст быў падабраны і рэкамендаваны аддзелам адукацыі Лідскага райвыканкаму. Лепшыя вынікі паказаў старшыня Бярозаўскай гарадской арганізацыі ТБМ Сяргей Дычок. На другім месцы Дамініка Трафімчык і Рэгіна Дычок.

19 лютага дыктоўку пісалі і ў в. Дварэц Дзятлаўскага р-на. Тут таксама сабралася 10 чалавек, у асноўным вучні мясцовай школы. Малодшыя дзеці пісалі празаічны тэкст паводле М. Багдановіча, старэйшыя - і празаічны тэкст, і верш. Дыктоўкі перададзены для праверкі ў Ліду.

20 лютага для напісання 4-й Агульнанацыянальнай дыктоўкі людзі сабраліся ў чытальнай зале Цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы горада Ліды. Прыйшло 15 чалавек. Пісалі, як і ў Бярозаўцы, празаічны тэкст па У. Караткевічу і верш М. Багдановіча. Найлепшыя вынікі паказала Наталля Ляўкевіч з Дварца і студэнткі Лідскага каледжа Надзея Анацкая, Вольга Урбановіч і Івона Тарасюк. Але прайграўшых не было, а было адчуванне нацыянальнай еднасці, хоць на сёння.

Бацькі прыводзілі на дыктоўку і дзяцей-дашкольнікаў. Пяцігадовы хлопчык Дзяніс адалеў напісаць "Максім Багдановіч" і яшчэ колькі слоў, а потым намаляваў машынкі пад бел-чырвона-белым сцягам. Адзнака "выдатна".

Наш кар.

На здымках: падчас дыктоўкі ў Бярозаўцы, Дварцы і Лідзе.


Адновім касцёл Святога Ксаверыя!

У гістарычным цэнтры Магілёва не будзе ўзводзіцца офісны будынак, што пакіне магчымасць аднаўлення касцёла Св. Ксаверыя. Магілёўскае ТБМ адстаяла магчымасць рэгенерацыі помніка архітэктуры 18 стагоддзя.

16 лютага Магілёўскі гарадскі выканаўчы камітэт прыняў рашэнне адмовіць СЗАТ "Сервалюкс" у правядзенні праектна-вышукальніцкіх работ па аб'екце "Адміністрацыйны цэнтр у раёне Музея дзекабрыстаў па вуліцы Першамайскай". Падставай для такога рашэння паслужыў Пратакол паседжання працоўнай групы па падвядзенні вынікаў грамадскага абмеркавання.

Грамадскае абмеркаванне будаўніцтва офіса СЗАТ "Сервалюкс" у гістарычным цэнтры, праведзенае напрыканцы 2010 г., дазволіла далучыцца да вырашэння гэтага важнага горадабудаўнічага пытання шырокім колам грамадства: дзяржаўным службоўцам, прафесійным архітэктарам, гісторыкам, дзеячам культурнай сферы, журналістам і шараговым магілёўцам.

У грамадзян была магчымасць выказаць свае меркаванні на старонках мясцовай прэсы, на гарадскім інтэрнэт-партале mycity.by, а таксама ў пісьмовым выглядзе пакінуць іх у гарвыканкаме ці даслаць ва ўпраўленне архітэктуры.

Вынік абмеркавання быў адназначным: неабходна адмовіць любым ініцыятывам па новым будаўніцтве на раз-гляданай пляцоўцы на карысць аднаўлення помніка архітэктуры - касцёла езуітаў.

14 снежня 2010 г. адбылося выніковае пасяджэнне рабочай групы па правядзенні грамадскага абмеркавання ініцыятывы СЗАТ "Серва-люкс" па ўзвядзенні адміністрацыйнага будынка ў гістарычнай частцы горада Магілёва. Пазіцыю Магілёўскага ТБМ прадстаўляў яго старшыня Алег Дзячкоў.

Паводле А. Дзячкова, ансабль сённяшняй Тэатральнай плошчы можа быць аргнанічна дапоўнены толькі пры аднаўленні касцёла Св. Ксаверыя (з выкарыстаннем гэтага збудавання пад канцэртную залу і музейную экспазіцыю ў сутарэннях) і будынка былой гасцініцы "Францыя", які таксама павінен выконваць культурна-асветніцкія функцыі. Пабудова адміністрацыйнага будынка на згаданай тэрыторыі недапушчальная, таму што яна парушыць ансамбль Тэатральнай плошчы як па знешнім выглядзе, так і па функцыянальным прызначэнні. Калі ж на аднаўленне помнікаў архітэктурнай спадчыны Магілёва пакуль няма сродкаў, найлепшым варыянтам застаецца захаваць статус-кво і пакінуць гэтае пытанне наступным пакаленням магілёўцаў.

Па выніках пасяджэння рабочай групы быў складзены пратакол, які ўтрымліваў меркаванні як асобных сябраў рабочай групы, так і вынікі грамадскага апытання.

Дарэчы, у снежні 2010 г., у актавай зале Магілёўскаага абласнога краязнаўчага музея адбылася сустрэча з старшынём ГА "Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры" Антонам Астаповічам, які адзначыў, што "гістарычны цэнтр горада Магілёва - гэта комплексная гісторыка-культурная матэрыяльная нерухомая каштоўнасць, на якой заканадаўствам у сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны не прадугледжваецца ўзвядзенне новых будынкаў".

Таварыствам аховы помнікаў распрацоўваецца праект па аднаўленні касцёла Св. Ксаверыя, які ў хуткім часе будзе прадстаўлены ў Магілёўскі гарвыканкам.

Юрась Каласоўскі.

На здымках: 1. Алег Дзячкоў выступае на паседжанні рабочай групы. 2. Колішні касцёл Святога Ксаверыя ў Магілёве.


Да 120-годдзя Фабіяна Ярэміча

Фабіян Ярэмііч адзін з самых вядомых беларускіх грамадскіх і палітычных дзеячоў міжваеннага часу ў Заходняй Беларусі. Нарадзіўся ён у сялянскай сям'і 20 студзеня 1891 года ў вёсцы Дуляўцы каля Ваўкавыска. Скончыў мясцовую царкоўна-прыходскую школу і пайшоў шукаць працу. Маці памерла, а бацька ажаніўся другі раз і меў вялікую сям'ю.

Фабіян апынуўся ў Гародні, дзе знайшоў працу па ўсталяванні тэлефоннай сувязі і электрычнага абсталявання. Атрымаўшы добрыя навыкі па прафесіі ён пераехаў у Пецярбург, дзе здаў экзамены за 4 класы і паступіў вучыцца ў электратэхнічную вучэльню, якую закончыў у 1912 годзе і атрымаў працу на піцерскай тэлефоннай станцыі ў якасці старэйшага назіральніка. Там і працаваў да 1917 года, а пад час рэвалюцыі пераехаў у Вільню, адкуль была яго жонка.

У Вільні працаваў па спецыяльнасці - займеў пасаду начальніка тэлефонна-тэлеграфнай станцыі. Там жа, у Вільні, уключыўся ў беларускі нацыянальны рух, які тут бурліў. У снежні 1917 г. Фабіян удзельнічаў у І Усебеларускім з'ездзе ў Менску, у 1918-1921 г. дзейнічаў у Радзе БНР, а ў 1919 г. яго абралі старшынём Беларускага нацыянальнага камітэта. Ён удзельнічаў у Беларускім з'ездзе Віленшчыны і Гарадзеншчыны ў чэрвені 1919 г., увайшоў у Цэнтральную Беларускую раду Вілен-шчыны і Гарадзеншчыны. Быў сябрам Таварыства беларускай школы.

У 1922 годзе аднавіў дзейнасць Беларускі грамадзянскі сход (БГС), ён увайшоў у часовы ўрад, які падрыхтаваў агульны сход БГС 16 ліпеня 1922 года. На гэтым сходзе была выбрана Рада старшынь, куды ўвайшоў Фабіян Ярэміч, Браніслаў Тарашкевіч, Уладзі-слаў Самойла, Гасан Канапацкі і інш.

У сувязі з выбарамі ў сойм у 1922 годзе Беларускі цэнтральны выбарчы камітэт прапанаваў кандыдатамі ў Польскі сойм са спіска нацыянальных меншасцяў Ф. Ярэміча і іншых. Па выніках выбараў у Польскі парламент трапілі 11 беларускіх паслоў і 3 сенатары. Яны стварылі ў парламенце Беларускі клуб, якім кіраваў Браніслаў Тарашкевіч. Праўда, тое, што чакалі беларускія прадстаўнікі ад польскага ўраду, не здзейснілася, але Ярэміч, Васіль Рагуля і іншыя рашуча сталі на незалежніцкі грунт, адстойвалі правы беларусаў на адукацыю, развіццё сваёй культуры, адстойвалі правы чалавека.

Ярэміч пастаянна выступаў у камісіях ды пленарных паседжаннях сойму, дзе гаварыў аб злоўжываннях польскай адміністрацыі на ўсходніх крэсах, адстойваў беларускае школьніцтва, патрабаванні сялян, выступаў супраць паланізацыі насельніцтва, касцёлаў, дабіваўся дазволу на беларускі друк.

Так ён працаваў у Польскім сойме 3 кадэнцыі з 1922 па 1935 г. У гады працы у сойме ён пачаў выдаваць "Сялянскую ніву" (2 разы на тыдзень), разам з кс. Адамам Станкевічам заснаваў у Вільні ў 1926 годзе Беларускі інстытут гаспадаркі і культуры, быў адным з заснавальнікаў беларускай друкарні імя Францішка Скарыны. Да гэтай працы далучыліся кс. Адам Станкевіч, кс. Вінцук Гадлеўскі - змагар за беларускую мову ў каталіцкім касцёле на Беларусі, кс. Андрэй Цікота і інш.

Асабліва шмат было зроблена Фабіянам Ярэмічам у 30-я гады, калі пасля дзяржаўнага перавароту да ўлады прыйшоў Пільсудскі і калі пачаўся шырокамасштабны пераслед беларускіх арганізацыі, школьнцтва, інтэлегенцыі і г.д. Ярэміч, як мог, адстойваў правы беларускага насельніцтва, ён смела гаварыў пра здзекі ўладаў, якія давялі да ліквідацыі беларускія арганізацыі, праводзяць рэпрэсіі супраць беларускай інтэлегенцыі.

У 1935 годзе пасля выбараў у польскім парламенце ўжо не было ніводнага беларуса, арганізацыі беларускія амаль не існавалі, дзейнічаў толькі адзіны Беларускі студэнцкі саюз як аўтаномнае ўніверсітэцкае аб'яднанне. Усе школы былі зачынены, некаторыя беларускія дзеячы аказаліся ў Лукішкскай турме, у Бярозе Картузскай ці былі выселены ў глыбіню Польшчы.

У гэты час Ярэміч прыдбаў сядзібу недалёка ад Вільні ў Павільні, дапамагаў сваімі сродкамі будаваць там касцёл, займаўся агародам, а вось чым яшчэ - не вядома. Пасля верасня 1939 апынуўся ў Францыі, а, калі пачалася вайна з немцамі, вярнуўся ў Вільню. У час вайны працаваў у адміністрацыі Менска і Барысава, дзе быў бурмістрам, удзельнічаў у ІІ Усебеларускім кангрэсе ў чэрвені 1944 г. у Менску.

Пасля заканчэння вайны вярнуўся ў Вільню, дзе і быў арыштаваны і сасланы ў Мардовію, жонка з дачкой у гэты час выехалі ў Польшчу. У ссылцы Ярэміч правёў 10 год, у 1956 годзе вярнуўся ў бацькаў дом у Дуляўцы, але праз 1 год пераехаў у Вільню, дзе яму ўдалося вярнуць нацыяналізаваны дом у Павільні у якім ён і жыў да канца свайго жыцця. Памёр Ярэліч на 67 годзе жыцця і пахаваны на могілках каля касцёла ў Павільні.

Так сталася, што Фабіян Ярэміч - ведамы ў свой час прадстаўнік беларускага народу, змагар за яго правы і годнасць, пакутнік і верны сын Беларусі, цяпер малавядомы і мала звестак пра яго дзейнасць захавалася. Сябры і паплечнікі даўно адыйшлі, і толькі на старонках газет у архівах можна сустрэць ягоныя выступленні і прамовы.

Віленскае таварыства палітвязняў і ссыльных ужо даўно збірае звесткі пра беларускіх герояў і змагароў, дзеячоў, якія жылі і дзейнічалі на Віленшчыне і знаёміць з імі беларускую грамадскасць.

Павел Саўчанка,

г. Вільня.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX