НАША СЛОВА №15 (1010) 13 красавіка 2011 г
Дарагія сябры "Нашага слова"!
У гэтым квартале адбылося значнае павелічэнне колькасці падпісчыкаў, і гэта ў першую чаргу заслуга гарадоў Менска і Касцюковічаў. Тым не менш трэба адзначыць, што падпіска вырасла таксама ў Бярэсці і Маладзечне, у Жыткавічах і Дзятлаве, у Лагойску і Слоніме, у Наваградку і Гомелі, у Гародні і Карэлічах. Разам падпіска павялічылася на гэты раз у Гомельскай і Гарадзенскай абласцях.
Студзень Красавік
Берасцейская вобласць:
Баранавічы р.в. 19 15
Бяроза р.в. 7 7
Белаазёрск р.в. 1 2
Бярэсце гор. 22 24
Ганцавічы р.в. - -
Драгічын р.в. 1 1
Жабінка р.в. - -
Іванава р.в 3 3
Івацэвічы р. в. 8 8
Камянец р.в. 9 7
Кобрын гор. 2 2
Лунінец гор. 2 3
Ляхавічы р.в. 2 2
Маларыта р.в. 2 2
Пінск гор. 13 12
Пружаны р.в. 7 7
Столін р.в. 1 1
Усяго: 99 96
Віцебская вобласць:
Бешанковічы р.в. 1 1
Браслаў р.в. 1 1
Віцебск гор. 24 24
Віцебск РВПС 1 2
Верхнедзвінск р.в. 5 5
Глыбокае р.в. 7 8
Гарадок р.в. 4 4
Докшыцы р.в. 1 1
Дуброўня р.в. 1 -
Лёзна р.в. 1 1
Лепель р. в. 3 3
Міёры р.в. 2 3
Новаполацк гор. 23 20
Орша гор. 2 2
Полацк гор. 9 10
Паставы р.в. 8 7
Расоны р.в. 1 1
Сянно р.в. 2 1
Талочын р.в. 1 1
Ушачы р.в. 2 2
Чашнікі р.в. 2 2
Шаркоўшчына р.в. 7 7
Шуміліна р.в. 1 1
Усяго: 109 107
Менская вобласць:
Беразіно р.в. 3 2
Барысаў гор. 2 4
Вілейка гор. 1 1
Валожын гор. 13 9
Дзяржынск р.в. 5 5
Жодзіна гор. 3 4
Клецк р.в. 1 1
Крупкі р.в. 3 4
Капыль р.в. - -
Лагойск 2 4
Любань р.в. 1 1
Менск гор. 291 330
Менск РВПС 10 13
Маладзечна гор. 16 18
Мядзель р.в. 3 2
Пухавічы РВПС 6 5
Нясвіж р.в. 1 2
Смалявічы р.в. 2 2
Слуцк гор. 7 5
Салігорск гор. 8 7
Ст. Дарогі р.в. 1 1
Стоўбцы р.в. 2 2
Узда р.в. 2 2
Чэрвень р.в. 4 4
Усяго: 387 428
Гомельская вобласць:
Буда-Кашалёва 2 2
Брагін р.в. 2 1
Ветка р.в. 1 1
Гомель гор. 36 41
Гомель РВПС 1 1
Добруш р.в. 1 1
Ельск р.в. 1 1
Жыткавічы р.в. 6 12
Жлобін гор. 1 1
Калінкавічы гор. - -
Карма р.в. 2 2
Лельчыцы р.в. 2 2
Лоеў р.в. 2 2
Мазыр гор. 3 4
Акцябарскі р.в. 1 1
Нароўля р.в. 1 1
Петрыкаў р.в. 1 -
Рэчыцца гор. 1 1
Рагачоў гор. 2 1
Светлагорск гор. 3 4
Хойнікі р.в. 1 1
Чачэрск р.в. 1 1
Усяго: 72 81
Гарадзенская вобласць:
Бераставіца 5 5
Ваўкавыск гор. 9 9
Воранава р.в. 5 5
Гародня гор. 33 37
Гародня РВПС 9 10
Дзятлава р.в. 13 17
Зэльва р.в. 5 5
Іўе р.в. 3 2
Карэлічы р.в. 7 10
Масты р.в. 5 5
Наваградак гор. 5 9
Астравец р.в. 7 5
Ашмяны р.в. 7 6
Смаргонь гор. 6 6
Слонім гор. 7 9
Свіслач р.в. 5 5
Шчучын р.в. 3 3
Ліда 13 12
Усяго: 147 160
Магілёўская вобласць:
Бабруйск гор. 2 3
Бялынічы р.в. - -
Быхаў р.в. 1 1
Глуск р.в. - -
Горкі гор. 2 2
Дрыбін р.в. 1 1
Кіраўск р.в. 1 1
Клічаў р.в. 1 1
Клімавічы р.в. 1 1
Касцюковічы р.в. 1 21
Краснаполле р.в. 1 1
Крычаў р.в. 1 1
Круглае р.в. 1 1
Мсціслаў р.в. 2 2
Магілёў гор. 109 73
Магілёў РВПС - -
Асіповічы гор. 11 9
Слаўгарад р.в. 1 1
Хоцімск р.в. - -
Чэрыкаў р.в. - -
Чавусы р.в. 1 1
Шклоў р.в. 2 1
Усяго 139 121
Усяго на краіне 953 993
Беларускі ліцэй у Гданьску
У польскім Гданьску рыхтуецца да адкрыцця ліцэй, дзе ўсе прадметы будуць вы-кладацца па-беларуску. Класы з беларускай мовай навучання, якія адпавядаюць 8-11 класам беларускай сярэдняй школы, пачнуць працу з 1 верасня гэ-тага года. Ліцэй будзе існаваць за кошт польскага бюджэту.
На пытанні адносна новага ліцэя адказвае Уладзімір Колас, заснавальнік Нацыянальнага гуманітарнага ліцэя імя Якуба Коласа, які быў закрыты ў 2003м годзе і фактычна апынуўся ў падполлі.
На каго найперш разлічаны ліцэй ў Гданьску на беларусаў, што жывуць у Польшчы, ці на дзяцей з Беларусі?
Ён адначасова разлічаны і на палякаў, і на беларусаў, і на ўсіх, хто жадае навучацца на беларускай мове. Безумоўна, гэта перад усім беларусы, потым польскія беларусы.
Але юрыдычна для беларускіх грамадзян ёсць магчымасць прыехаць і вучыцца ў гэтым ліцэі, так?
Безумоўна. Паколькі польскае заканадаўства дазваляе грамадзянам замежных краін атрымліваць сярэднюю адукацыю і нават атрымліваць датацыі той навучальнай установе, дзе вучацца гэтыя грамадзяне.
Ці можна сказаць, што новы ліцэй будзе фактычна базаю для Коласаўскага ліцэя, закрытага ўладамі ў Менску?
Я думаю, можна так казаць. Хаця гэта будзе не тое самае, што Беларускі гуманітарны ліцэй.
На колькі месцаў будзе ўвесь ліцэй, колькі месцаў у інтэрнаце?
Ад 80 да 100 вучняў.
Чаму гэты ліцэй будзе менавіта ў Гданьску, там найбольшая колькасць беларускай меншасці ў Польшчы?
Беларуская дыяспара ў Гданьску існуе і ў апошнія гады яна нават і пашыраецца за кошт прытоку новай хвалі эмігрантаў з Беларусі. Там даволі моцнае ёсць грамадскакультурнае таварыства "Хатка". Віцамэр Гданьска Мацей Лісіцкі мае беларускія карані і нават мэр Гданьска Павел Адамовіч мае беларускія карані.
Паводле СМІ.
Зорны шлях Барыса Кіта
У сядзібе ТБМ адбылася ўрачыстая імпрэза, прысвечаная 101й гадавіне Барыса Уладзіміравіча Кіта. Яе адкрыў уступным словам пісьменнік Васіль Якавенка, у чыім творы "Пакутны век" Б. Кіт адзін з найбольш каларытных персанажаў.
З грунтоўным і палымяным аповедам пра жыццёвы шлях і дасягненні імянінніка выступіла прафесар філалогіі Лідзія Савік. Менавіта яна ў свой час знайшла за мяжой і адкрыла Кіта для Бацькаўшчыны. Іх сяброўства працягваецца, і Б. Кіт нездарма, жартуючы, называе Л. Савік сваім амбасадарам. Савік прадставіла прысутным таксама новую кнігу "Зорны шлях", прысвечаную Б. Кіту, сігнальныя асобнікі якой, толькі што выйшлі з друку. Апроч традыцыйных літаратурных артыкулаў і здымкаў, у зборнік уключаны каталог матэрыялаў з архіву Б. Кіта, што знаходзіцца ў фондах Наваградскага краязнаўчага музея.
Размову падоўжыў Уладзімір Азёма, актывіст ТБМ, які прадэманстраваў на экране запіс гутаркі з імяніннікам, такім жывым, рухавым, дасціпным, экспрэсіўным чалавекам.
Кіт жыве! І жыве Бацькаўшчына!Удзельнікі вечарыны разыходзіліся з прыўзнятым настроем.
Алесь Цыркуноў.
120 гадоў з дня нараджэння Язэпа Варонкі
Паэт, журналіст, беларускі палітычны дзеяч Язэп ВАРОНКА (Іосіф Якаўлевіч Варанкоў; псеўд. Юры Вегаў) нарадзіўся 4 (17) красавіка 1891 г. у Сакольскім павеце.
Быў вольным слухачом юрыдычнага факультэта СанктПецярбургскага ўніверсітэта, выключаны зза неаплаты (1914). Удзельнічаў у другім «Усерасійскім студэнцкім зборніку» (1911). Быў супрацоўнікам пецярбургскай газеты «Воскресная вечерняя газета», часопісаў «Зритель», «Театральное обозрение», быў сакратаром рэдакцыі газеты «Столичные вести»
У 1917 стаў сябрам ЦК Беларускай сацыялістычнай грамады, прадстаўляў беларускія інтарэсы ў Дзяржаўнай нарадзе, уваходзіў у Часовую раду Расійскай рэспублікі (Прадпарламент), затым быў камісарам юстыцыі і ўнутраных спраў Вялікай беларускай рады (1917), старшынём і міністрам замежных спраў Народнага сакратарыяту БНР (1918); адзін з ініцыятараў абвяшчэння БНР.
Быў рэдактарам часопіса «Варта», газеты «Беларускі народ».
З 1918 жыў у Коўні. Стаў міністрам беларускіх спраў ва ўрадзе Літоўскай Рэспублікі (19181920), з вясны 1921 старшыня беларускага Чырвонага Крыжа, з восені 1922 старшыня Беларускай грамады ў Коўні. Адначасова рэдактар беларускага часопіса «Часопісь» (Коўня, 19191920) і рэдактарвыдавец рускамоўнай штодзённай газеты «Вольная Литва» (чэрвень 1921 люты 1922, з перапынкамі) і яе дадатка часопіса «Зеркало» (1921). Свае вершы ў рускамоўных выданнях падпісваў псеўданімам Юрий Вегов.
Аўтар брашур «Белорусский вопрос к моменту Версальской мирной конференции. Историкополитический очерк» (Коўня, 1919), «Беларускi рух ад 1917 да 1920 году. Кароткi агляд. 2 выд.» (Коўня, 1920), «Gudu klausimas».
У 1923 з'ехаў у ЗША, жыў у Чыкага. Узначальваў Беларускаамерыканскую нацыянальную асацыяцыю, быў адным з кіраўнікоў Беларускаамерыканскай нацыянальнай рады, выдаваў газету «Беларуская трыбуна», вёў беларускія і рускія праграмы на радыё.
Памёр 4 чэрвеня 1952 г. у ЗША.
Запрашаем да супрацоўніцтва
8 красавіка 2011 г. у сядзібе ТБМ адбылося паседжнне па стварэнні Менскага гарадскога бацькоўскага камітэта ТБМ. Мэта камітэта аб'яднанне бацькоў, якія жадаюць, каб іх дзеці выхоўваліся і навучаліся пабеларуску ў дзіцячых садках, школах і ў перспектыве ў ВНУ.
У склад камітэта ўвайшлі 15 чалавек. Наступнае паседжанне адбудзецца ў першай палове траўня.
Калі Вы жадаеце далучыцца да працы камітэта, скантактуйцеся з намі на электронным адрасе siadziba@gmail.com.
Старшыня ТБМ Алег Трусаў.
Як утварыліся назвы кіслот?
Кіслотамі ў хіміі называюцца рэчывы, у якіх атамы вадароду звязаны з так званымі кіслотнымі астаткамі. Атрымалі назву за кіслы смак. Некаторыя аўтары ў дачыненні кіслот выкарыстоўваюць састарэлае слова "квасы", але ў навуковай і вучэбнай літаратуры яно распаўсюджання не мае. А як утвораны назвы некаторых кіслот?
Адыпінавая < грэц. "адыпіс" тлушч.
Азелаінавая ад назвы азотнай кіслаты + грэц. "алеум" алей (бо атрымліваецца дзеяннем азотнай кіслаты на касторавы алей).
Аканітавая ад назвы расліны аканіту, сям'я казяльцовых (люцікавых).
Акрылавая < лац. "акрыс" едкі, востры.
Алеінавая < грэц. "алеум" алей.
Ангелікавая < лац. "ангеліка" дзягіль, расліна сям'і парасонавых.Анісавая вылучана з анісавага алею.
Антранілавая < грэц. "антракс" вугаль + санскр. "нілі" сіні.
Альгінавыя < лац. "альга" водарасць.
Арахінавая ад назвы арахісу, або землянога арэху, расліны сям'і бабовых.
Аскарбінавая < лац. "а" не + "скорбус" хвароба цынга. Дадзеная кіслата (вітамін С) папярэджвае захворванне на цынгу.
Бегенавая ад назвы расліны бегены, сям'я марангавых.
Бензойная < араб. "бензоа" ладан.Брасілавая, брасідынавая < лац. "брасіка" капуста.
Бурштынавая (янтарная) утрымліваецца ў бурштыне.
Валяр'янавая утрымліваецца ў каранях валяр'яны, расліны сям'і парасонавых.
Вінаградная упершыню была выдзелена з вінаграднага соку.
Вінная атрымліваецца з віннага каменю (апошні выпадае ў ападак пры апрацоўцы віна або спіртавым браджэнні вінаграднага сусла).
Воцатная < лац. "ацід" кіслата.
Гілавая < лац. "гіла" чарнільны арэшак.
Галактаравая, галактонавая < грэц. "гала" малочны напой.
Гліколевая < лац. "глікіс" салодкі.
Глутаконавая, глутаравая < лац. "глютэн" клей (утрымліваюцца ў клейкавіне пшаніцы).
Жоўчныя утрымліваюцца ў жоўці.
Капронавая, капрылавая, капрынавая < лац. "капер" казёл (утрымліваюцца ў малочным тлушчы, прычым не толькі ў казіным, але і ў каровіным і іншых).
Карболавая, карбонавая < лац. "карбон" вугаль.
Камфарная утрымліваецца ў камфары, г.зн. эфірным алеі камфарнага лаўра і іншых раслін.
Коркавая утрымліваецца ў кары коркавага дуба, сям'я букавых.
Корычная упершыню знойдзена ў карыцы, сям'я лаўравых.
Кратонавая ад назвы расліны кратон, сям'я малачайных.
Лігнацэрынавая < лац. "лігнум" дрэва + "цэра" воск.
Лімонная упершыню была знойдзена ў пладах лімонаў.
Ліналенавая, лінолевая < лац. "лінум" лён + "алеум" алей.
Малонавая < лац. "малум" яблык.
Малочная упершыню была адкрыта як прадукт малочнакіслага браджэння (пры скісанні малака, квашэнні капусты, саленні гародніны, сіласаванні кармоў).
Мантанавая < лац. "мантана" гара (знойдзена ў горным воску).
Маргарынавая < грэц. "маргарон" перлы (за бляск у цвёрдым выглядзе; утрымліваецца ў тлушчах, якія прымяняюцца ў вытворчасці маргарыну).
Масляная упершыню знойдзена ў каровіным масле.
Міндальная выдзелена з міндальнага алею.
Мелісінавая < грэц. "меліса" пчала. У грэцкай міфалогіі імя Меліса (Меліта) маюць тры персанажы, звязаныя з пчоламі і мёдам: 1) дачка крыцкага цара Мялесія (Мялеція), якая ўскарміла немаўля Зеўса мёдам; 2) німфа, прамаці пчол; 3) жрыца Дэметры, у рэштках якой пасля гібелі завяліся пчолы.
Муконавая < лац. "мукус" насавая слізь.
Мурашыная упершыню знойдзена ў выдзяленнях мурашоў.
Нафтэнавыя утрымліваюцца ў нафце.
Нуклеінавыя < лац. "нуклеус" ядро (упершыню былі знойдзены ў ядрах клетак жывых арганізмаў).
Пальмітынавая < грэц. "пальмес", "пальміціс" пальма.
Пангамавая < грэц. "пан" усюды + "гамас" насенне (бо ўтрымліваецца ў насенні многіх раслін).
Пантатэнавая < грэц. "пантатэн" паўсюдны (сінтэзуецца ўсімі зялёнымі раслінамі).
Пеларгонавая утрымліваецца ў эфірным алеі пеларгоніі (герані), расліны сям'і пеларгоневых (гераневых).
Пікрынавая < грэц. "пікрас" горкі.
Пімелінавая < грэц. "пімелас" тлушч.
Пірувінавая < грэц. "пір" агонь + "ува" вінаград (атрымліваецца пры моцным награванні вінаграднай кіслаты).
Плавікавая здольная "плавіць" (раствараць) шкло.
Прапіёнавая < грэц. "протас" першы + "піён" тлушч (гэта першы прадстаўнік гамалагічнага шэрагу карбонавых кіслот, рэшткі малекул якога ўваходзяць у склад тлушчаў).
Рыцынавая, рыцыналенавая < лац. "рыцына" клешчавіна, або кастор, расліна сям'і малачайныя, з насення якога атрымліваюць касторавы алей.
Саліцылавая < лац. "салікс" вярба.
Саляная ад слова "соль" (лабараторны спосаб яе атрымання дзеянне канцэнтраванай сернай кіслаты на цвёрдую кухонную соль).
Сарбінавая < лац. "сорбус" рабіна, расліна сям'і ружакветных.
Себацынавая < лац. "себум" сала.
Сінільная < лац. "цыян" < грэц. "кіянас" сіні.
Смаляныя утрымліваюцца ў смале хвойных дрэў.
Стэарынавая < грэц. "стэар" тлушч.
Тапсінавая ад назвы расліны тапсія з грэцкага вострава Тапсас.
Фоліевая < лац. "фоліум" ліст.
Фтыёнавая < грэц. "фтызіс" чахотка, туберкулёз (знойдзена ў абалонцы клеткі туберкулёзнай палачкі).
Фумаравая < лац. "фумус" дым; утрымліваецца ў расліне дымніцы, сям'я макавых, выкарыстоўвалася для акурвання памяшканняў пры ўрачыстасцях.
Хрызантэмавая утрымліваецца ў кветках хрызантэмы, сям'я астракветных.
Цэратынавая < грэц. "цэратас", "кератас" рог.
Цукровая атрымліваецца пры дзеянні канцэнтраванай азотнай кіслаты на цукрозу.
Шчаўевая упершыню знойдзена ў лісці шчаўя.
Эрукавая ад назвы расліны эрукі, сям'я крыжакветных.
Энантавая < грэц. "ойнэ" віно + "антас" кветка (некалі лічылася, што гэтая кіслата вызначае пах віна).
Яблычная утрымліваецца ў яблыках і іншых пладах.
Уладзіслаў ЛУПАКОЎ,
настаўнік хіміі
СШ № 10 г. Берасця.
Акрамя прыведзеных ёсць цэлы шэраг кіслот, назвы якіх утвораны ад асноўнага маркернага элемента: Азоцістая, Азотная, Борная, Бромавадародная, Ёдавадародная, Ёднаватая, Ёдная, Серная, Артафосфарная, Артакарбонавая, Сярністая, Серавадародная, Фторавадародная, Хлорнавацістая, Хлорнаватая, Хлорыстая, Хлорная, Крэмніевая, Марганцавая, Вугальная, Раданіставадародная, Тыясерная, Мыш'яковая, Малібдэнавая, Тэхнецыевая (Пертэхнецыевая), Палоніевая, Плутоніевая (H2PuO4), Метафосфарная, Хромавая і г.д. кіслоты.
Павел Сцяцко
Мовазнаўчы досвед
Наступнік.
"Гэты матэрыял творчы, рознажанравы (вершы, эсэ, лірычныя мініяцюры), які, спадзяюся, стане добрым прыкладам для творчасці наступнікаў" (А.М. Петрушкевіч. Літаратурная Гарадзеншчына ў постацях і лёсах. Гродна, ГрДУ імя Я. Купалы. 2010. С. 3).
Слова падавалася беларускімі слоўнікамі 20х гадоў ХХ ст. як літаратурнае, стылёва неабмежаванае: "Наступнік м. наследник, преемник" (М. Байкоў і С. Некрашэвіч. Беларускарасійскі слоўнік. Менск, 1925, с. 187). І ў "Беларускарускім слоўніку пад рэдакцыяй акадэміка АН БССР К. Крапівы (М., 1962, с. 499): "Наступнік, м. Преемник, наследник". А вось у двухтамовым яго перавыданні зусім іншая стылёвая кваліфікацыя: "Наступнік, м. уст. Преемник, наследник" (Т. 1. Мінск, 1988, с. 759). "Тлумачальны слоўнік беларускай мовы" пад агульнай рэдакцыяй К. Крапівы (Мінск, 1979, т. 3, с. 317) ужо падае гэтае слова як стылёва абмежаванае (яно мае маркер "размоўнае" з двума значэннямі: 1) Прадаўжальнік дзейнасці кагон.; пераемнік. 2. Той, хто заняў месца або пасаду. "Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы" (1996) зусім не змяшчае слова наступнік.
На наш погляд, слова наступнік натуральная літаратурная лексема (без аніякіх там маркераў). Гэта пацвярджаюць тэксты знаных майстроў слова. Напрыклад, у П. Макаля чытаем: "Мы сагрэем планету Сваімі рукамі, Каб наступнікам нашым Паднесці, як дар". Або натуральнае яго выкарыстанне ў навукованавучальных выданнях (прыклад у пачатку артыкула з кнігі А.М. Петрушкевіч).
Зусім абгрунтавана кваліфікуецца гэтае слова як стылёва нейтральнае у трохтомавым "Рускабеларускім слоўніку" 1993 года: "Наследник (преемник) наступнік, пераемнік (Том 3. С. 154).
Страўня, кавярня, харчэўня, сталовая
. "Кавярня, аказваецца, засталася такой самай. Гэта была адна з тых страўняў, што імкнуцца прынесці дух глухіх закуткоў парыжскага кварталу Марэ на галоўнае вуліцы Лондану". (Дзеяслоў. 2010. № 3. С. 161).
Сучасныя слоўнікі падаюць толькі апошняе слова. "Тлумачальны слоўнік беларускай мовы" (Т. 2, с. 572) фіксуе яе як застарэлае да кафэ, чайная слова кавярня. Аднакнігавы "Тлумачальны слоўнік" (1996) яго зусім не змяшчае. Перакладныя фіксуюць кавярня яе адпаведнік рас. кофейная, кофейня з паметай "устар." (РБС93, т. 1, с. 677). Між тым у "Беларускарасійскім слоўніку" (1925, с. 138) М. Байкова і С. Некрашэвіча яно не мае стылёвых абмежаванняў: "Кавярня ж. кофейня, ная". Пацверджана гэта і аўтарытэтным даведнікам "Слоўнік беларускай мовы. Арфаграфія. Арфаэпія. Акцэнтуацыя. Словазмяненне". Пад рэдакцыяй акадэміка АН БССР М.В. Бірылы: "кавярня, рні, рань і рняў" (с. 315). "Беларускаруска слоўнік" 2003 года неабгрунтавана падае: "Кавярня, см. кафейня". Але ж сучасны нацыянальны друк на месцы савецкага "кофе" стала выкарыстоўвае "кава". Адсюль і натуральнае вытворнае кавярня (замест ранейшага кафейня).
У жывой народнай мове бытуе і сінонім гэтага слова страўня. Яно ад страва: страўня. Як і кафейня ад кафей (варыянт ад кофе). Слова сталовая паходзіць з расійскай мовы сцягнутае найменне ад столовая комната. Таму ў мове беларусаў чуем сталоўка. Украінцы замацавалі ў слоўніках як адэкват рас. столовая сваё выразнае структурай і семантыкай найменне ідальня утварэнне ад іда: ідальня. І ў іншых славянскіх мовах бытуюць такія матываваныя намінацыі сталоўкі. Напрыклад, польск. jadalnia. У гэтых найменнях выразна бачыцца "прызначана для таго, што названа ўтваральным словам": страўня (памяшканне) для стравы, стрававання; ядальня для яды, кавярня для кавы. Як і ранейшае, вядомае ў многіх славянскіх мовах, харчэўня для харчу (харчавання).
Дык ці трэба збядняць мову, адкідваючы багатую сінаніміку народнага маўлення!
Званне "культурнай сталіцы" трэба апраўдваць
На базе Лідскага цэнтра рамёстваў і традыцыйнай культуры "Спадчына" не так даўно праходзіў абласны семінар кіраўнікоў дамоў рамёстваў Гарадзенскай вобласці. У якасці паказальнай пляцоўкі лідская ўстанова была абрана нездарма.
Міністр культуры Павел Латушка тройчы прыязджаў у Ліду падчас падрыхтоўкі горада да дажынак і кожны раз, аглядаючы будучы цэнтр рамёстваў, казаў: "Няўжо паспееце?" Паспелі. І праца ўстановы не проста пацвердзіла чаканні, але і пераўзышла іх. Тут удалося стварыць каманду творчых работнікаў пад умелым кіраўніцтвам. Такі штат, які дазваляе рашаць любыя пастаўленыя задачы.
Сёння ў цэнтры рамёстваў сапраўды ёсць што расказаць і што паказаць. І ў гэтым упэўніліся госці з усіх куткоў Гарадзеншчыны. На іх суд былі вынесены фрагменты новай вясновай праграмы "Спеў вясны" ў рамках праекта "Кола часу". Нават на тварах самых дасведчаных у гэтай справе людзей міжволі з'яўляліся ўсмешкі і бляск у вачах.
Усе сказаныя добрыя словы ў адрас цэнтра рамёстваў і традыцыйнай культуры "Спадчына" гэта, я б сказала, вельмі нават сціпла, адзначыла галоўны спецыяліст упраўлення культуры Гарадзенскага аблвыканкаму Людміла Лебедзь. Так, дажынкі вам вельмі дапамаглі… Але, калі Гародня сталіца адміністрацыйная, то Ліда, я ўпэўнена, заўсёды была і ёсць сталіца культурная. Я ў захапленні ад вас, ад таго, што вы робіце, і як вы валодаеце сваім майстэрствам.
Мы працуем з настолькі цікавым матэрыялам, дзялілася дырэктар цэнтра рамёстваў і традыцыйнай культуры "Спадчына" Алена Шчэліна, што і праца аказваецца ўдзячнай нам. Выставы, гурткі, даследаванні, зараз прадстаўляем увазе гледача вясновую праграму "Спеў вясны" і рыхтуем праграму летнюю. Вельмі багата новых задумак на будучае: вячоркі, танцы і шмат чаго яшчэ.
Усе праграмы Лідскага цэнтра рамёстваў і традыцыйнай культуры "Спадчына" рыхтуюцца на беларускай мове.
Паводле Вольгі ЯХАНТАВАЙ.
Пухавіцкі суд на баку пухавіцкіх уладаў
Старшыні грамадскага аб'яднання
"Таварыства беларускай мовы
імя Францішка Скарыны"
Трусаву А.А.
Паважаны Алег Анатольевіч!
Упраўленне адукацыі Мінскага аблвыканкама разгледзела ваш зварот па пытанні звальнення настаўніка ўстановы адукацыі "Талькаўская дзяржаўная агульнаадукацыйная сярэдняя школа" Пухавіцкага раёна Ільініч Наталлі Валянцінаўны.
У сістэме адукацыі Пухавіцкага раёна дзейнічае кантрактная форма найму работнікаў. Ільініч Н.В. працавала настаўнікам гісторыі на ўмовах заключанага кантракта, тэрмін дзеяння якога заканчваўся 27.01.2011 г.
Наймальнік, у дадзеным выпадку дырэктар установы, у парадку і згодна з падставамі, якія ўстаноўлены Працоўным кодэксам Рэспублікі Беларусь і згодна з закадаўчымі актамі, прыняў рашэнне аб непрацягу кантракта з работнікам.
Наталля Валянцінаўна 11 студзеня 2011 года атрымала папярэджанне аб непрацягу працоўнага кантракта і яго спыненні ў сувязі са сканчэннем тэрміну яго дзеяння.
Згодна з загадам дырэктара Талькаўскай агульнаадукацыйнай сярэдняй школы ад 24.01.2011 г. № 9к Ільініч Н.В. была звольнена 27.01.2011 г. у сувязі з заканчэннем тэрміну дзеяння кантракта, бугалтэрыя зрабіла канчатковы разлік па заработнай плаце і іншых выплатах, усе сумы пералічаны на асабісты картрахунак.
У адпаведнасці з артыкулам 241 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь працоўныя спрэчкі па заявах працаўнікоў па вяртанні на работу незалежна ад падстаў скасавання працоўнага дагавору разглядаюцца непасрэдна ў судзе.
Ільініч Н.В. звярнулася ў суд Пухавіцкага раёна з іскавай заявай аб аднаўленні на рабоце.
Суд 910 сакавіка 2011 г. разгледзеў іск Ільініч Н.В. і адмовіў у яго задавальненні. Па дадзеных, якія мы маем, Наталля Валянцінаўна падала касацыйную скаргу ў Мінскі абласны суд.
Звяртаем Вашу ўвагу, што ў 20092010 г.г. Ільініч Н.В. некалькі разоў прыцягвалася да дысцыплінарнай адказнасці: загадам па школе ад 15.11.2010 г. № 88 настаўніку была аб'яўлена вымова за выкарыстапнс школьнага сайта ў асабістых мэтах; загадам па школе ад 14.06.2010 г. № 39 вынесена папярэджанне за недобрасумленнае вядзенне школьнай дакументацыі, загадам па школе ад 21.10.2010 г. №8 аб'яўлена вымова за невыкананне абавязкаў па праверцы дзённікаў вучняў.
Ільініч Н.В. 09.11.2007 года была асуджана судом Пухавіцкага раёна па арт. 427 ч. 1 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь да 18 месяцаў выпраўленчых работ з утрыманнем заробку ў памеры 20% (за падбухторванне службовай асобы да складання і выдачы заведама несапраўных дакументаў).
Начальнік упраўлення Т.І. Данілевіч.
«Requiem па непатрэбных рэчах»
Вечарам 2 красавіка у Палацы культуры Менскага аўтазавода пры падтрымцы Польскага інстытута прайшоў канцэртпрэзентацыя першай кнігі прозы беларускага барда і актора Віктара Шалкевіча.
Дэбютная кніга Шалкевіча атрымала назву «Requiem па непатрэбных рэчах». Гэта кніга ўспамінаў, ілюстраваная здымкамі з прыватнага архіву аўтара. Кніга складаецца з 22 невялікіх эсэ, прысвечаных непатрэбным рэчам, якія знаходзяцца побач, але развітвацца з імі шкада, таму што яны занадта шмат значаць. Гэта эсэ пра рэчы радыёлу «Урал57», матацыкл «Усход2 М», гітару, падараваную бацькамі, хлеў на роднай сядзібе і бацькоўскую папругу, якія сфармавалі аўтара як асобу.
Сваё выступленне бард назваў «Урал57». Канцэрт складаўся з кампазіцый, якія аўтар чуў у дзяцінстве і якія перадаюць атмасферу 1960х 1970х гадоў. У праграму ўвайшлі як польскія, расійскія кампазіцыі таго часу, так і аўтарскія песні Шалкевіча.
Пасля канцэрту Шалкевіч адказаў на пытанні карэспандэнта БелаПАН.
З чым звязана, што у праграме прагучала шмат польскіх песень?
Калі ў нас у сям'і з'явілася радыё "Урал57", тлумачыць бард, мы шмат слухалі першую праграму "Радыё Варшавы". Я аднаго не разумею: калі чалавек есць адну бульбу, з яго вырасце нармальная асоба? Таму, на мой погляд, трэба слухаць рознае, але заставацца самім сабой гэта самае галоўнае».
Шалкевіч мае намер і надалей цвёрда трымацца правіла: адзін канцэрт за год у Менску?
Калі ў нас і надалей будзе так весела народ стаіць у чэргах у абменнікі і мацюкаецца, я не ведаю, колькі атрымаецца канцэртаў, адказвае Віктар. З іншага боку, арганізаваць канцэрт гэта складаная рэч: трэба ж усё рабіць самому, што адбірае вельмі многа высілкаў.
Кніжку добрую напісаць прасцей.
Чаму, на яго погляд, яго абышлі цэнзары пры складанні так званага "чорнага спісу"?
У нас усіх свае дарогі, і кожны выбірае, кажа Шалкевіч. Я чалавек не медыйны, лічу, што нармальныя рэчы павінны даспяваць у цішыні. Не ведаю, што там робіцца з забаронамі. Забаранілі, значыць, забаранілі, такая іх воля. Такая ў нас краіна.
Афіша "Менск культурны"
13.04 (ср), 18.45клуб красамоўства "Прамова" запрашае! (вул. Румянцава, 13 сядзіба ТБМ).
13.04 (ср) "Дударскі клуб"(19.00 22.00), Клуб "Сфера", вул. Сямашкі, 7000 BYR.
14.04 (чц) Беларускія танцы (19.3022.30), Кавярня "ЖарПтушка", ст. м. Пл. Перамогі, парк М. Горкага, 7000 BYR.
20.04 (ср), 18.45 клуб красамоўства "Прамова" запрашае! (вул. Румянцава, 13 сядзіба ТБМ).
21.04 (чц) Беларускія танцы (19.3022.30), Кавярня "ЖарПтушка", ст. м. Пл. Перамогі, парк М. Горкага, 7000 BYR.
22.04, 17.30 Вечарына "Невядомая Беларусь". ТБМ імя Ф. Скарыны ў межах кампаніі "Будзьма беларусамі!" запрашае ўсіх на вечарыну "Невядомая Беларусь" (вул. Румянцава, 13, сядзіба ТБМ, тэл. 80291813008).
22.04, 19.00 этнасустрэчы з Антанінай Хатэнка на сядзібе ТБМ, прысвечаная светаўспрыманню беларусаў, вул. Румянцава, 13.
Ахвяраванні на ТБМ
1. Шкірманкоў Фелікс 25000 р., г. Слаўгарад
2. Гануза Рыгор 27000 р., г. Менск
3. Янучок Мікалай 50000 р., г. Менск
4. Манарэвіч Віталь 12000 р., г. Менск
5. Руткоўская Я. 20000 р., г. Менск
6. Разін Зміцер 60000 р., г. Менск
7. Кароль Аляксей 9000 р., г. Менск
8. Прылішч Зміцер 30000 р., г. Менск
9. Рогач Пётра 5000 р., г. Менск
10. Хадоркін Мікола 25000 р., г. Гомель
11. Рудзёнак Алег 20000 р., г. Новаполацк
12. Вайніловіч Анат. 20000 р., г. Новаполацк
13. Іваніцкі Л.Я. 20000 р., г. Менск
14. Цынгалёў Васіль 10000 р., г. Жлобін
15. Ільюкевіч Сяргей 10000 р., г. Менск
16. Талерчык Тамара 50000 р., г. Гродна
17. Гвара Віктар 3000 р., г. Лельчыца
18. Марозаў В.В. 15000 р., г. Менск
19. Лішкевіч Аляксан. 30000 р., г. Івацэвічы
20. Новік М. 20000 р., г. Гомель
21. Ждановіч Міхась 10000 р., г. Менск
22. Рымач Мікола 30000 р., г. Івацэвічы
23. Зімін Мікола 100000 р., г. Салігорск
24. Кукавенка Іван 10000 р., г. Менск
25. Лазарук Тамара 15000 р., г. Менск
26. Бандарчык Уладзімір 12000 р., г. Менск
27. Варанцоў Міхал 7000 р., г. Менск
28. Вашкевіч Ігар 20000 р., г. Менск
29. Камлюк Алесь 7000 р., г. Менск
30. Мартынаў Мікола 2000 р., г. Менск
31. Сабаленка Алесь 2000 р., г. Менск
32. Цярохін Уладзімір 12000 р., г. Менск
33. Левіт Зміцер 35 дол.ЗША, г. Менск
Дзейнасць ГА "ТБМ імя Францішка Скарыны" па наданні роднай мове рэальнага статуса дзяржаўнай вымагае вялікіх выдаткаў. Падтрымаць ТБМ справа гонару кожнага грамадзяніна краіны.
Просім Вашыя ахвяраванні дасылаць на адрас, вул. Румянцава, 13, г. Мінск, 220034, альбо пералічыць на разліковы рахунак ТБМ №3015741233011 у Аддзяленні № 539 ААТ "Беінвестбанка" код 739 (УНП 100129705) праз любое аддзяленне ашчадбанка Беларусбанк.
Рамантык плянэраў і рыцар мовы
Генадзь Лойка нацыянальны скульптар, генератар цікавых ідэй, заснавальнік непаўторнага праекту пясчаных скульптур "Lehiendy z piasku" (Легенды з пяску). Мы сустрэліся са спадаром Генадзем падчас правядзення выставы, прысвечанай К. Каліноўскаму. На ёй была прадстаўлена кампазіцыя Г. Лойкі "Час жніва".
Спадар Генадзь выкладчык, ён выпускнік скульптурнага аддзялення Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, працуе з моладдзю.
З яго натхнення вялікія постаці беларускай гісторыі, не знайшоўшы свайго ўвасаблення ў помнікавай бронзе, пакуль што ўвасабляюцца ў нетрывалым матэрыяле пяску.
Мы пачалі рабіць нашы плянэры пясчанай скульптуры з 2000 года, распавёў Генадзь Лойка. Такіх плянэраў ужо адбылося дзесяць: у Заслаўі, Магілёве, Наваградку (двойчы) і ў Крэве, Гародні, Менску.
Першай паўстала з небыцця Рагнеда, самая вялікая скульптура, даўжынёй 25 метраў. Ідэя ўзнікла, калі ў вучняў, якім я выкладаў скульптуру ў мастацкай школе, была практыка на пяску. Гэта добры матэрыял з яго можна рабіць вялікія скульптуры. Тварыць з пяску так натуральна! Хоць пясок вельмі свавольны матэрыял, ён рассыпаецца, трэба з вадой перамешваць. Трэба рабіць асцярожна. Калі глядзець зверху на выяву, тады яна ўспрымаецца ва ўсёй велічы.
Спачатку я хацеў вывезці дзяцей на якінебудзь пляж у ваколіцах Менска. І тут раптам успомніў, што ў Заслаўі цэлыя кар'еры пяску. А ў 2000 годзе якраз спаўнялася тысяча гадоў, як Рагнеда сышла ў вечнасць. І вось мы яе абуджаем, вяртаем на зямлю, складаем легенду.
Удзельнічала ў рознай меры 25 юных мастакоў (векам ад 14 да 22 гадоў), 10 артыстаў. Некалькі арганізацыйфундатараў дапамаглі інструментамі, харчаваннем, тканінай для аздаблення фэсту. Фэст распачаў дудар. Плянэр доўжыўся 3 дні. Мы жылі ў намётах на беразе вадасховішча, непадалёк ад месца "раскопак".
Наш агульны праект называецца "Lehienda z piasku". Кожны плянэр мае сваю назву, эскізы звычайна выпрацоўваю сам. Мы задумалі выляпіць партрэты гістарычных персанажаў, князёў, герояў. Для ўдзельнікаў нашых плянэраў мы прымаем адзіную абавязковую ўмову кожны ўдзельнік размаўляе толькі пабеларуску. У нас будзе моўная паліцыя, якая ў форме гульні будзе сачыць за выкананнем правілаў. Маўленне на беларускай мове з'яўляецца найважнейшым чыннікам у патрыятычным выхаванні .
Сам я выйшаў з Майстроўні. Мова вельмі важная для мяне.
Дэвіз нашых праектаў: "ARENA VOLAT MYTUS MANET" Пясок злятае, легенды застаюцца. Людзі назіраючы за нашай працай кажуць: "Как жалко, что такая красота рассыплется!" А я ў іх заўсёды перапытваю: "Гляньце пад ногі. Што вы топчаце?! Вы мову беларускую топчаце! І вам не шкада? Беларусь рассыпаецца, як пясок між пальцаў". Мы імкнемся адраджаць мінуўшчыну.
Паказ скульптуры мы імкнемся аздобіць тэатралізаваным фэстам. Гэта дазваляе згуртаваць вялікую колькасць сузіральнікаў. Супольная масавая творчасць навучае моладзь прынцыпам адкрытага грамадства, якія вымагаюць ад мастакоў з рознымі поглядамі талерантных стасункаў, сучаснага асэнсавання здабыткаў мінуўшчыны.
Вашыя плянэры адбываліся ў розных месцах і прыцягвалі шмат гледачоў ?
Другі плянэр "Магіла льва"легенда горада Магілёва. На беразе Святога возера мы паказалі народу Машэку, ягоную Натальку і крылатага льва, што ахоўвае іх сон.
У 2002 годзе трэці плянэр меў назву "Карона Міндоўга" і праходзіў у першай сталіцы Вялікага Княства Літоўскагау Наваградку. У ім удзельнічала 30 чалавек. Прывозілі пясок на 23 машынах.
У 2004 зноў у Наваградку з'явілася Гражына з легенды А. Міцкевіча. Каб заахвоціць большую колькаць гледачоў мы лепім нашых герояў падчас рыцарскіх турніраў. Пазней, у Крэве пад замкавай сцяной вырас зпад зямлі "Скуты Кейстут".
У 2006 годзе адбыліся два плянэры. На пачатку з Сожу выпаўз на пляж Гомельскі "Цмок". Арганізатарам Гомельскага плянэру выступіў мясцовы гісторык Яўген Малікаў. Ён дамовіўся з мясцовай уладай наконт мерапрыемства, арганізаваў валанцёраў і зладзіў невялічкую культурную праграму. Менчукі працавалі разам з валанцёрамі Малікава.
На другі дзень высветлілася, што цмок выходзіць вышэйшы за азначаны раней памер не ў адзін чалавечы рост, а ўдвая вышэйшы. На прэзэнтацыі кіраўнік праекту будзе «зайздросціць» гамельчукам: «Прыехалі сюды рабіць цмока, а ён у вас ужо ёсць сам расце з пяску».
А пасля ў Заслаўі ў тым жа годзе ў кар'еры паўсталі ў рост "12 залатых апосталаў", што зніклі з Радзівілаўскай калекцыі ў Нясвіжы. У менскім фальварку "Добрыя мыслі" у 2006 годзе праходзіла фотавыстава, прысвечаная плянэрам "Lehienda z piasku"
У 2007, у той час, калі ішла кампанія па абароне гістарычнай забудовы Гародні, Хрыстос меўся прызямліцца на схіле пад Каложай. Пясчаная постаць Хрыста першапачаткова павінна была з'явіцца пад Каложаю на тым адхоне, што колісь абрынуўся ў Нёман, каб з царквойпомнікам больш ніколі ня здарылася бяды.
Вобраз Хрыста ў сем чалавечых ростаў, які ляжыць, распластаўшы рукі, і абдымае гарадзенскую зямлю, стварылі на выратавальнай станцыі "Ласосна". Тэма плянэра была названая ў гонар аднайменнага рамана класіка беларускай літаратуры Уладзіміра Караткевіча "Хрыстос прызямліўся ў Гародні" .
Міжнародны дзень роднай мовы адзначылі ў Менску мясцовай легендай "Менеск пад млыном ". Гэты дзень святкуецца ў самы люты мароз. Адпаведна скульптура была з лёду ды снегу.
Ці шмат тых, хто разам з Вамі рэалізуюць задуманае? Як прадстаўнікі мясцовай інтэлігенцыі дапамагаюць ажыўляць герояў.
На плянэрах са мной зазвычай працавалі Віктар Старухін, Андрусь Такінданг, Уладзімір Ануфрыеў, Зміцер Захарэвіч, Максім Шняк, Валя Лойка (мая сястра), Яраш Лойка (мой сын). Ён, дарэчы, з шасці гадоў ездзіць па плянэрах.
На першым плянэры дзяўчаты з "Госціцы" паказалі Рагнедзе свой балет на эксклюзіўную музыку Ларысы Сімаковіч. Вёў рэй артыст Юрась Жыгімонт. Каля ўказальнага пальца Рагнеды ён знайшоў у пяску "скарб": збан з пасланнем да нашчадкаў, якое захоўваецца цяпер ў музеізапаведніку "Заслаўе" (тэкст склаў пісьменнік Уладзімір Арлоў, напісаў залатым пяром Генадзь Мацур). У Наваградку мы супрацоўнічалі з удзельнікамі фэста сярэднявечнай культуры. У Магілёве да плянэру падключаўся гарвыканкам, "Скутага Кейстута", да прыкладу, "адкопвалі" ў Крэве з дапамогай моладзевай суполкі "Этна".
Якія мары, планы па ўвасабленні легендаў?
Хочацца зрабіць шлях з варагаў у грэкі, шлях у вырай, ці шлях з выраю. Мы запросім па тры прадстаўнікі з дзесяці краінаў з поўначы і з поўдня ад Беларусі са Скандынавіі, з Прыбалтыкі, з Украіны, з Малдовы, з Грэцыі. Кожная брыгада злепіць сваю легенду, і такі ланцужок пясчаных легендаў будзе называцца "Шляхам з варагаў у грэкі". Ёсць блакітная мара калінебудзь паехаць у Афрыку і зладзіць праект "Сінясіняя".
Здзейсніць цікавыя праекты лягчэй, калі ёсць іх прыхільнікі ў сям'і, сярод сяброў. У рэчышчы творчага нацыянальнага адраджэння працуе сямейны асяродак скульптара. Сястра сп. Генадзя Валянціна Лойка кіруе мастацкім гуртком па вырабах з саломкі. У яе смелы, неардынарны для жанчыны погляд на традыцыйнае рамяство, а сам гурток нагадвае закуток цёплай сонечнай саламянай радасці. На плянэрах сястра даглядае гаспадарчую частку.
Жонка сп. Генадзя, Алена Каравай, выдатная мастачка, у іх трое дзяцей.
Старэйшы сын з захапленнем лепіць разам з татам з пяску на плянэрах. Зараз Генадзь Лойка працуе ў цэнтры дзіцячай творчасці " Эўрыка". Выхаванне дзяцей і далучэнне іх да творчасці спрыяе выспяванню свядомай грунтоўнай пазіцыі.
Генадзь Лойка вельмі апантаны мастацтвам чалавек, кажа музыка і ўдзельнік плянэраў Андрусь Такінданг. Гэта рыцаррамантык нашага часу. Такіх людзей цяпер вельмі рэдка сустрэнеш. Каб такіх людзей было больш, то і краіна наша была б іншай, лепшай.
Э. Дзвінская.
На здымку: 1.Генадзь Лойка і яго кампазіцыя " Час жніва" 2.Выява Хрыста на беразе Нёмана.
Памёр Мікола Бірукоў
ПАМЯЦІ ТАВАРЫША
З глыбокім смуткам паведамляем, што сёння (9 красавіка 2011 г.) на 55м годзе жыцця пасля працяглай хваробы памёр падпалкоўнік запасу, кандыдат тэхнічных навук Мікалай Бірукоў.
Старшы выкладчык Менскага вышэйшага інжынернага зенітнаракетнага вучылішча Мікалай Мікалаевіч Бірукоў быў у ліку тых афіцэраў, якія ў 1980х гадах далучыліся да руху за дзяржаўную незалежнасць Беларусі. Ён быў адным з заснавальнікаў і актыўных сябраў Беларускага згуртавання вайскоўцаў грамадскай арганізацыі, якая выступала за стварэнне самастойнага беларускага войска.
8 верасня 1992 г. у Дзень вайсковай славы Мікалай Бірукоў быў у ліку вайскоўцаў, якія першыя прысягнулі на вернасць Беларусі.
З пачатку 1990х гадоў Мікалай Бірукоў далучыўся да беларускага сацыялдэмакратычнага руху, стаў сябрам Беларускай сацыялдэмакратычнай Грамады. Быў міжнародным сакратаром Беларускай сацыялдэмакратычнай партыі (Народнай Грамады).
За сваю патрыятычную дзейнасць Мікалай Бірукоў зведаў рэпрэсіі з боку генералітэту, вымушаны быў пакінуць вайсковую службу.
Выказваем глыбокае спачуванне родным і блізкім Мікалая Мікалаевіча, усім яго сябрам.
У нашай памяці Мікалай Бірукоў назаўсёды застанецца як надзейны і шчыры таварыш, які да канца свайго жыцця захаваў вернасць Бацькаўшчыне і ідэалам дэмакратыі.
Уладзімір Барадач, Леанід Дзейка,
Анатоль Гурыновіч, Валер Костка,
Віталь Малашка, Язэп Палубятка,
Анатоль Сідарэвіч, Алесь Станкевіч,
Мікалай Статкевіч, Станіслаў Суднік, Алег Трусаў, Сяргей Чыслаў.
Не стала Івана Лагвіновіча
На 72ім годзе жыцця памёр сябар СБП паэт Іван Лагвіновіч, які нарадзіўся на хутары Запрапасць Ганцавіцкага раёна. Сямнаццацігадовым юнаком паехаў у Данбас. Скончыў прамысловае вучылішча, працаваў на вугальных шахтах, у 1990 годзе выйшаў на пенсію, а ў наступным вярнуўся на радзіму. Жыў у Баранавічах. Выдаў чатыры паэтычныя зборнікі.
Аляксей Шалахоўскі.