НАША СЛОВА №19 (1014) 11 траўня 2011 г.
І ВЫ АДКАЖАЦЕ ЗА ГЭТА
Дзятву прымалі ў піянеры,
Старэйшых - у БРСМ,
Урачыста ўсё без меры,
Прыгожы знешне быў тандэм.
Было ўсё гэтае на свята.
Чаму ж трывогу я адчуў,
І мне было ніякавата?
Бо слова роднага не чуў.
Ўся цырымонія на рускай,
Хоць блізкай нам, ды не сваёй,
Не нашай роднай, беларускай,
Як быццам недзе за мяжой.
Каго выхоўваць узяліся,
Адняўшы мову ад дзятвы?
Ці разумееце, што гэтым
Злачынны крок зрабілі вы?
Няма ў мяне вам апраўдання,
Яго для вас няма нідзе.
І вы адкажаце за гэта
На Божым праведным судзе!
ДЫК ЗА ГЭТА ВОРАГ Я?
Я жадаю ўдзячным быць,
Ды не выпадае,
Бо чыноўнік ува мне
Ворага шукае.
Ўсё за тое, што хачу
Чалавекам звацца,
І пра гэта не маўчу,
А каго ж баяцца?
Я ж - не набрыдзь - беларус,
На сваёй Радзіме,
І ў мяне яе ніхто
Гвалтам не адыме.
Гэта ж рэкі і лясы,
Ворныя палеткі,
І мінуўшчыны часы,
І на лузе кветкі.
Гэта нашы гарады,
Гэта нашы вёскі,
Нашы прадзеды, дзяды,
Дзён тых адгалоскі.
Дык за гэта вораг я?
Для каго? - пытанне.
Беларусь - мая сям'я,
І маё каханне.
Ну а тыя, што ўва мне
Ворага шукаюць...
Мне шкада іх, бо яны
Прышласці не маюць.
Фелікс Шкірманкоў,
ветэран Вялікай Айчыннай вайны, г. Слаўгарад.
У ліпені пройдзе I фестываль мастацтваў беларусаў свету
На 8-9 ліпеня заплана-ваны I фестываль мастацтваў беларусаў свету. Аб падрыхтоўцы да гэтай творчай акцыі былі паінфармаваныя кіраўнікі грамадскіх арганізацый беларусаў Грузіі, Польшчы, Літвы, Украіны і Эстоніі, а таксама прадстаўнікі беларускамоўных СМІ дыяспары на сустрэчы ў Міністэрстве культуры 5 траўня ў Менску, паведаміла БелаПАН прэссакратар Мінкультуры Ганна Смольская.
Па яе словах, падчас гутаркі былі абмеркаваныя актуальныя пытанні развіцця супрацоўніцтва з беларусамі замежжа ў сферы культуры. Галаканцэрт I фестывалю мастацтваў беларусаў свету запланаваны на 9 ліпеня ў рамках XX Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску". Адбудзецца таксама шэраг мерапрыемстваў фестывалю ў Менску, у тым ліку выставы мастакоў і фатографаў, сустрэчы з літаратарамі беларускай дыяспары.
Як адзначыла прэссакратар, дасягнута дамоўленасць аб развіцці супрацоўніцтва з беларусамі замежжа па падрыхтоўцы і арганізацыі фестывалю, аб пашырэнні ўдзелу прадстаўнікоў дыяспары ў культурным жыцці Беларусі. Гэтае пытанне плануецца абгаварыць на другім паседжанні Кансультатыўнай рады па справах беларусаў замежжа пры Міністэрстве культуры, якое адбудзецца падчас фестывалю, паведаміла Смольская.
У Менску завяршылі рэстаўрацыю кнігі "Апостал", надрукаванай у канцы XVI стагоддзя
У Нацыянальным гістарычным музеі завяршылі рэстаўрацыю кнігі "Апостал", надрукаванай пасля 1595 года ў віленскай друкарні Мамонічаў, паведаміў БелаПАН вядучы навуковы супрацоўнік музея Юры Лаўрык. Па яго словах, фаліянт памерам 29,5 см на 18,5 см адрэстаўраваны на сродкі ААТ "Белзнешэканомбанк", які закупіў неабходныя матэрыялы для аднаўлення выдання, у тым ліку адмысловую каштоўную паперу для запаўнення страт і скуру для пакрыцця аправы. Больш за год рэстаўрацыю ажыццяўляў майстар Андрэй Крапіўка з дапамогай жонкі Ірыны ЗялёнайКрапіўкі. Музей купіў кнігу ў прыватнай асобы ў 2001 годзе. У зборах музея гэта адзіны асобнік.
80 гадоў з дня нараджэння Сцяпана Гаўрусёва
ГАЎРУСЁЎ Сцяпан Захаравіч (10.5.1931, в. Новааляксандраўка Дрыбінскага рна Магілёўскай вобл. 12.3.1988), бел. паэт, крытык, перакладчык. Скончыў Магілёўскую педвучэльню (1951). Працаваў у прэсе. Друкаваўся з 1947. Аўтар збкаў паэзіі «Паходныя кастры» (1955), «На грэбнях хваль» (1959), «Шчодрасць» (1962), «Ураган» (1966), «Кляновыя лісты» (1971), «Клопат» (1976), «Водсветы» (1978), «Крона» (1981), «Пладаноснасць» (1986, Літ. прэмія імя А. Куляшова 1987). Скразны матыў, які прагучаў у паэзіі Г. ўзбуйнена і драматычна, як біяграфія цэлага пакалення, памяць аб вайне («Я вырас пад гарматнымі стваламі»). Трывога за мір на свеце, адказнасць за ўсё жывое на зямлі ў паэме «Профіль веку» (1967), вершах. Сярод інш. тэм услаўленне ратнага і працоўнага вычыну народа, стваральная місія сучасніка, апяванне хараства роднай прыроды (паэма «Штодзённы лістапад», 1959). Паэт адухоўлівае, паэтызуе працу, сілу і прыгажосць чалавека. У яго многа любоўных вершаў, каханне ў якіх наіўнае, пакутнае, цнатлівае і далікатнае, але яно ўзвышае чалавека. Аўтар умее ўздымаць лірычную споведзь ад інтымных пачуццяў да сац. пафасу, ад канкрэтнага, рэальнага вобраза ўзвышацца да рамантычнага, метафарычнага. У душы рамант. героя паэзіі Г., «сонцапаклонніка», які жыве ў касмічнаўзбуйненых маштабах, няспыннае змаганне дабра са злом. Але пры ўсёй манументальнасці ён жывы, зямны чалавек. Характэрныя рысы паэзіі Г. прадметнасць, канкрэтная, пачуццёвая вобразнасць, гіпербалізаванасць, экспрэсіўнасць пачуццяў, спалучэнне жарснай публіцыстыкі з лірычнай задушэўнасцю, інтанац. разнастайнасць, гарманічная традыц. форма верша. На бел. мову пераклаў паэму «Ануш» А.Туманяна, «Маабіцкі сшытак» М. Джаліля (1975, з А. Пысіным), паасобныя творы Я. Райніса, С. Капуцікян, Э. Межэлайціса і інш. Выступаў як крытык і публіцыст.
75 гадоў з дня нараджэння Барыса Сачанкі
САЧАНКА Барыс Іванавіч (15.5. 1936, в. Вялікі Бор Хойніцкага рна Гомельскай вобл. 5.7.1995), бел. пісьменнік. У 1943 з бацькамі вывезены ў Германію. Скончыў БДУ (1960). Працаваў у час. «Полымя», сакратаром Саюза бел. пісьменнікаў, у выдве «Мастацкая літаратура». У 199395 гал. рэдактар выдва «Беларуская Энцыклапедыя». Друкаваўся з 1956. Першы зб. прозы «Дарога ішла праз лес» (1960). Чалавек на вайне, жыццё вёскі, маральнаэтычныя дачынненні людзей тэмы ранняй творчасці. Гіст. мінулае палескага краю раскрыта ў аповесцях «Варэйка Золата» [1964), «Англіцкая сталь» (1966), «Дыярыуш Мацея Белановіча» (1976). Пра Вял. Айч. вайну аповесці «Палон» (1962), «Пакуль не развіднела» (1965), «Апошнія і першыя» (1966), «Аксана» (1968), раман «Чужое неба» (1975). У трылогіі «Вялікі лес» (197983) асэнсаванне прац. і ратнага вычыну народа ва ўмовах акупацыі. Тэма Чарнобыля ў «Запісках аб радыяцыі» (нап. 1986 90), аповесцях «Родны кут» і «Еўка» (1987). У творах "Не на той вуліцы" (1974) і «Запіскі Занядбайлы» (1977), «Без пяці мінут «прахвесар» (1983) выкрываў мяшчанства, прыстасавальніцтва, графаманства, розныя аспекты побыту гараджан. Дзярж. прэмія Беларусі імя Я. Коласа 1982 за кн. прозы «Ваўчыца з Чортавай Ямы» (1978), Літ. прэмія імя І.П.Мележа 1991 за кн. крытыкі і публіцыстыкі «Сняцца сны аб Беларусі...» (1990). Апублікаваў са сваімі каментарамі малавядомыя або невядомыя творы Я. Купалы, Я. Коласа, В. Ластоўскага, К. Сваяка, Л. Геніюш, У. Жылкі, А. Салаўя і інш. Склаў зб. паэзіі бел. эміграцыі "Туга па Радзіме" (1992), кн. ўспамінаў "На суд гісторыі" (1994) і інш. На бел. мову пераклаў аповесць Я. Гуцалы "Школьны хлеб", П. Андрэева (П. Абрасімава) "Аповесць пра майго сябра", кн. апавяданняў і аповесцяў І. Андрыча "Трывожны год", п'есы А. Салынскага, А. Галіна і інш.
Адзін з заснавальнікаў ТБМ.
Неацэнны і важкі ўклад у даследаванне роднай мовы
(да 70годдзя прафесара М.В. Абабуркі)
Мікалай Васільевіч Абабурка нарадзіўся 15 траўня 1941 года ў вёсцы Морач Клецкага раёна Менскай вобласці.
У 1966 годзе закончыў беларускае аддзяленне філалагічнага факультэта БДУ. Прапрацаваўшы некалькі месяцаў настаўнікам у адной са школ Чэрваньскага раёна Менскай вобласці, М.В. Абабурка паступіў у аспірантуру пры БДУ. Навуковым кіраўніком кандыдацкай дысертацыі, якая была на тэму "Дыялектная лексіка ў беларускай савецкай мастацкай прозе", стала заслужаны дзеяч навукі Беларусі прафесар Марыя Андрэеўна Жыдовіч. Дысертацыя была паспяхова абаронена 28 красавіка 1971 года.
З чэрвеня 1970 года Мікалай Абабурка старшы выкладчык кафедры беларускай мовы Магілёўскага педагагічнага інстытута. У 1973 годзе ён узначаліў гэту кафедру, якой кіраваў доўгі час. У 1976 годзе М.В. Абабурка стаў дацэтнам. За вялікія заслугі ў развіцці беларускай лінгвістычнай навукі і ў падрыхтоўцы настаўніцкіх і навуковых кадраў у 1996 годе Мікалай Васільевіч атрымаў вучонае званне прафесара. У 2001 годзе М.В. Абабурка абараніў доктарскую дысертацыю на тэму "Станаўленне і развіццё мовы беларускай мастацкай літаратуры"
Навуковы ўклад у беларускае мовазнаўства Мікалая Васільевіча Абабуркі з'яўляецца надзвычай вялікім і плённым. Важна зазначыць, што прафесар М.В. Абабурка абсалютна ўсе свае навуковыя і навуковаметадычныя працы прысвяціў даследаванню пытанняў беларускай мовы, роднага слова.
Першай значнай працай М.В. Абабуркі была брашура "Метадычныя ўказанні па збору і сістэматызацыі дыялектнага матэрыялу для студэнтаў курсавой (дыпломнай) працы на беларускім аддзяленні філалагічнага факультэта" (Магілёў, 1978).
Другой кнігай даследчыка была кніга "Дыялектызмы ў творах беларускіх савецкіх пісьменнікаў. Кароткі слоўнікдаведнік" (Мінск, 1979). Кніга з'яўляецца першай спробай выяўлення і сістэматызацыі дыялектных слоў, якія праніклі ў творы беларускіх празаікаў ХХ стагодзя.
Трэцяй кнігай М.В. Абабуркі з'яўляецца метадычная праца "Пытанні і заданні па курсе "Лінгвістычны аналіз тэксту" для спецыяльнасці № 2102 "Беларуская мова і літаратура" (Магілёў, 1980). У працы падаюцца прыблізныя схемы разбору паэтычных, празаічных і драматургічных тэкстаў, самі тэксты ці ўрыўкі з іх, а таксама пытанні і заданні для самападрыхтоўкі і самакантролю студэнтаў.
Чацвёртая кніга Мікалая Абабуркі манаграфія "Стылістычна абмежаваныя словы ў мове беларускай мастацкай літаратуры" (Мінск. 1981). У працы даследуюцца ў стылістычным і этымалагічнасемантычным аспетах рэгіяналізмы, што праніклі ў мову беларускай мастацкай літаратуры.
У 1981 годзе ў кадэмічным выдавецтве "Навука і тэхніка" выйшлі "Матэрыялы для абласнога слоўніка Магілёўшчыны". Адным з аўтараў гэтай працы з'яўляецца М.В. Абабурка. У склад слоўніка ўвайшлі дыялектныя словы, сабраныя ў розных раёнах Магілёўскай вобласці. Растлумачаныя значэнні слоў пацвярджаюцца прыкладаміілюстрацыямі жывога маўлення.
У 1983 годзе ў Менску выйшла падрыхтаваная М.В. Абабуркам метадычная брашура "Параўнальная граматыка беларускай і рускай моў. Праграма для педагагічных інстытутаў (па спецыяльнасці № 2102 "Беларуская мова і літаратура"). У 1991 годзе выйшла і другое выданне гэтай працы.
Наступнай значнай працай Мікалая Абабуркі з'яўляецца башура "Кароткая гісторыя беларускага мовазнаўства. Праграма спецкурса" (Магілёў, 1984). Названая праграма арыентуе студэнтаў на падзел беларускага мовазнаўства на дакастрычніцае і паслякастрычніцкае. Адзначаныя перыяды класіфікуюцца ў адпаведнасці з тэматыкай і праблематыкай навукі.
У 1986 годзе ў Менску выйшла манаграфія М.В. Абабуркі "Беларускае слова і яго вывучэнне". Кніга прысвечана пытанням беларускай лексікалогіі і методыцы выкладання лексікалогіі ў сярэдняй агульнаадукацыйнай школе.
У наступным годзе ў менскім акадэмічным выдавецтве выйшла манаграфія Абабуркі "Развіццё мовы беларускай мастацкай літаратуры". У рабоце паказаны шляхі фармавання беларускай вершаванай і празаічнай мовы. Шмат увагі ўдзяляецца ўзаемадзеянню вуснагутарковага і кніжнапісьмовага маўлення ў мове літаратурнамастацкіх тэкстаў беларускіх, як старажытных, так і савецкіх пісьменнікаў.
М. В. Абабурка падрыхтаваў і ў 1991 годзе ў менскім выдавецтве "Вышэйшая школа" апублікаваў метадычную праграму "Асновы культуры мовы. Праграма для педінтытутаў (па спецыяльнасці 02.19. "Беларуская мова і літаратура"). Тыпавая праграма складаецца з трох раздзелаў: тлумачальная запіска, уласна праграма і рэкамендаваная літаратура (асноўная і дадатковая).
У наступным, 1992, годзе выйшла з друку ў выдавецтве "Вышэйшая школа" салідная праца Мікалая Абабуркі "Параўнальная граматыка беларускай і рускай моў" (224 старонкі). У навучальным дапаможніку праводзіцца параўнальны і супастаўляльны аналіз беларускай і рускай моў як у дыяхранічным, так і ў сінхранічным планах.
У 1994 годзе выйшла ў свет кніга М.В. Абабуркі "Культура беларускай мовы" (Менск, "Вышэйшая школа"). У працы разглядаюцца ў навуковапапулярнай форме пытанні правільнасці, дакладнасці, лагічнасці, дарэчнасці, чысціні, выразнасці і багацця сучаснага беларускага маўлення. Асобныя параграфы прысвечаны культуры дыялагічнага і маналагічнага маўлення пісьменнікаў, журналістаў, лектараў, настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры.
У 1997 годзе выйшла кніга Мікалая Абабуркі "Асновы лінгвістыкі літаратурнамастацкага тэксту. Матэрыялы да спецкурса" (Магілёў). У дапаможніку змешчаны тэарэтычныя і метадычныя рэкамендацыі, узоры аналізу паэтычных, празаічных і драматургічных тэкстаў ці ўрыўкаў з іх, а таксама схемы такога аналізу.
У 1997 годзе М. В. Абабурка выдаў таксама і дзве брашуры. Першая называецца "Асновы лінгвістыкі мастацкага тэксту. Праграма спецкурса". У традыцыйным плане падаюцца тлумачальная запіска, тэматыка і праблематыка лекцый, а таксама асноўная і дадатковая тэарэтычная і практычная літаратура. Другая брашура называецца "Асновы лінгвістыкі літаратурнамастацкага тэксту. Матэрыялы да спецкурса". "Матэрыялы..." ўключаюць методыку спецкурса і літаратуру да кожнага раздзела.
М. В. Абабурка падрыхтаваў і ў чатырох частках выдаў "Слоўнікдаведнік асноўных лінгвістычных і тэсталагічных тэрмінаў" (частка 1 1998; частка 2 2003; частка 3 2008 і частка 4 2010). У слоўніку растлумачваюцца "хадавыя" тэрміны сучаснай беларускай лінгвістычнай стылістыкі і тэксталогіі. У 2011 годзе прафесар плануе выдаць і больш поўнае выданне слоўніка, дзе будзе пададзена і растлумачана 800 тэрмінаў.
У 1999 годзе пабачыла свет кніга Мікалая Абабуркі "Асаблівасці перакладу тэкстаў на беларускую мову. Дапаможнік для студэнтаў філалагічнага факультэта" (Магілёў). Праца прысвечана асвятленню праблем адэкватнага, максімальна блізкага да арыгіналу і мастацкага перакладаў.
М.В. Абабурка ў 2000 годзе ў Магілёве выдаў салідную манаграфію "Станаўленне і развіццё мовы беларускай мастацкай літаратуры". У 2000 годзе выйшла з друку і кніга Абабуркі "Пытанні і заданні для самападрыхтоўкі студэнтаў па дысцыпліне "Сучасная беларуская літаратурная мова". Частка 1" (Магілёў). У працы акцэнтуецца ўвага студэнтаў на вузлавыя пытанні, размеркаваныя паводле 16 тэм. Прапануецца асноўная і дадатковая літаратура.
У 2001 годзе ў Магілёве пабачыў свет "Дапаможнік для СРС па спецкурсе "Пераклад рускамоўных тэкстаў на беларускую мову". Гэта праца прафесара М.В. Абабуркі складаецца з 4 частак: агульных і метадычных заўваг, праграмы спецкурса з указаннем асноўных тэм і вузлавых пытанняў, асноўнай і дадатковай літаратуры, а таксама тэкстаў для перакладу з рускай мовы на беларускую.
У 2002 годзе М.В. Абабурка выдаў брашуру "Асновы стылістычнага аналізу літаратурнамастацкага тэксту. Метадычныя рэкамендацыі". У працы інтэрпрэтуецца стылістычны падыход да звязнага, літаратурнамастацкага маўлення, падаюцца розныя дэфініцыі тэрмінаў "тэкст", "стыль", "аналіз тэксту", "стылістычныя памылкі" і інш. асноўная ўвага ўдзяляецца методыцы стылістычнага аналізу разнастайных літаратурнамастацкіх тэкстаў.
У 2003 годзе выйшлі з друку дзве кнігі прафесара М.В. Абабуркі. Першая з іх "Тэарэтычныя асновы беларускай лінгвістычнай тэрміналогіі" (Магілёў). У навучальным дапаможніку манаграфічнага тыпу акрэсліваюцца прадмет, змест і задачы беларускай лінгвістычнай тэксталогіі, як тэарэтычнай так і практычнай (прыкладной) навучальнай дысцыпліны. Другая кніга (брашура) аўтара называецца "Практычныя асновы беларускай лінгвістычнай паэтыкі і тэксталогіі. Дапаможнік для студэнтаўжурналістаў". Праца прысвечана разгляду мовы беларускай мастацкай літаратуры як месца скрыжавання паэтыкі і тэксталогіі пры выкарыстанні аднолькавых метадаў і прыёмаў аналізу вершаванапаэтычных, апавядальнапразаічных і дыялагічнадраматургічных тэкстаў. У канцы працы прапануюцца тэксты паводле некаторых твораў Я. Купалы. Я. Коласа і М. Танка.
У 2004 годзе ў Магілёве выйшла ў свет кніга "Адметнасці ў стылі і мове твораў В. Быкава", напісаная М.В. Абабуркам у сааўтарстве з Т.І. Тарасенка. Выданне прысвечана аналізу і ідыястылю аднаго з вядомых беларускіх празаікаў. Мова твораў В. Быкава разглядаецца як аўтарская і мова герояў (персанажаў, дзейных асоб).
У 2005 годзе ў Магілёве пабачылі свет "Матэрыялы да абласнога слоўніка Магілёўшчыны. Выпуск 2", укладзеныя М.В. Абабуркам з іншымі аўтарамі. У слоўнік уключана дыялектная лексіка, сабраная ў розных раёнах Магілёўшчыны. Акрамя гэтага, у канцы выдання змешчаны выслоўі і звязныя тэксты з асаблівасцямі мясцовага маўлення.
У 2005 годзе ў Магілёве выйшла з друку кніга "Ад гутарковай мовы да літаратурнамастацкага тэксту. На матэрыяле твораў М. Зарэцкага", падрыхтаваная М.В. Абабуркам у суаўтарстве з І.М. Ячмянёвай. У навучальным дапаможніку манаграфічнага тыпу даследуюцца элементы вуснагутарковага маўлення беларусаў і паказваецца іх роля ва ўтварэнні літаратурнамастацкага выказвання (тэксту).
У гэты ж час выйшла і калектыўная манаграфія (248 старонак), адным з аўтараў якой з'яўляецца і прафесар М.В. Абабурка, "Мова сучаснай беларускай мастацкай літаратуры". У манаграфіі разглядаюцца тэарэтычныя пытанні мастацкасці тэксту. Структура мікра і макравобразаў, спецыфікі і дыястылю А. Макаёнка і В. Быкава".
У 2006 годзе М.В. Абабурка выдаў брашуру "Лінгвістыка тэксту як спецдысцыпліна. Метадычныя рэкамендацыі" (Магілёў). У выданні раскрываецца змест, прадмет і пералічваюцца задачы лінгвістыкі тэксту як навукі і навучальнай дысцыпліны, паказваецца сувязь яе з іншымі навукамі і навуковымі дысцыплінамі, падаюцца звесткі з гісторыі станаўлення і развіцца дадзенай дысцыпліны.
У 2007 годзе ў Магілёве выйшла з друку кніга М.В. Абабуркі "Тэорыя і практыка перакладу. Дапаможнік". У дапаможніку па спецдысцыпліне разглядаюцца агульныя і прыватныя пытанні перакладазнаўства як навукі, тыпы і разнавіднасці перакладу, спецыфікі перакладу рускамоўных тэкстаў на беларускую мову і беларускамоўных тэкстаў на рускую мову.
Прафесар М.В. Абабурка ў 2008 годзе выдаў дзве салідныя кнігі (абедзве ў Магілёве). Першая з іх "Лінгвістыка тэксту". У выданні раскрываюцца прадмет, змест і задачы спецдысцыпліны, паказваецца сувязь яе з іншымі навучальнымі дысцыплінамі, падаюцца звесткі з гісторыі станаўлення і развіцця лінгвістыкі розных тэкстаў у старажытнай і сучаснай Беларусі. Другая кніга (манаграфія ў 272 старонкі) "Беларуская лінгвістычная паэтыка і тэксталогія". У працы разглядаюцца беларуская лінгвістычная паэтыка і лінгвістычная тэксталогія як самастойныя адгалінаванні беларускай філалогіі.
У 2010 годзе выйшлі з друку дзве салідныя кнігі М.В. Абабуркі. Першай кнігай (яе аб'ём 212 старонак) з'яўляецца праца "Рознастылёвыя тэксты і іх аналіз" (Магілёў). У вучэбнаметадычным дапаможніку для студэнтаў ВНУ Беларусі паказваецца сутнасць тэкстазнаўства як навучальнай дысцыпліны, раскрываецца яе прадмет, задачы і змест, падаюцца тэксты розных стыляў і жанраў сучаснай беларускай літаратурнай мовы разам з метадычнымі парадамі і заданнямі для самастойнай работы студэнтаў. Другая кніга прафесара М.В. Абабуркі называецца "Стылізаваныя і сінтэзаваныя тэксты. Кантэксталагічны аналіз " (Магілёў 64 старонкі. У працы паказваецца сутнасць сінтэзавання і стылізацыі тэкстаў пад вуснае ці пісьмовае маўленне пераважна ў літаратурнамастацкіх творах. Вызначаюцца шляхі, метады і прыёмы аналізу стылізаваных і сінтэзаваных тэкстаў на занятках па лінгвістыцы тэксту.
Плённа пачаў і свой юбілейны год прафесар М.В. Абабурка: ужо выйшла з друку ў выдавецтве пры Магілёўскім універсітэце імя Аркадзя Куляшова яго салідная кніга "Паэтыка беларускай літаратуры ХVІ ХІХ стст." Манаграфія прысвечана апісанню моўнавыяўленчых і стылістычных сродкаў старой і новай беларускай мовы.
Як бачым, Мікалай Васільевіч Абабурка падрыхтаваў і выдаў 36 кніг і брашур. Акрамя гэтага, вучоны апублікаваў звыш 200 навуковых артыкулаў і рэцэнцій. Такім салідным творчым навуковым набыткам можа пахваліцца мала хто з беларускіх спецыялістаў, хто прысвяціў сваю дзейнасць даследаванню пытанняў роднага слова.
Мікалай Васільевіч Абабурка, акрамя такога свайго вялізнага чыста навуковага плёну, амаль 50 гадоў жыцця аддаў падрыхтоўцы педагагічных і навуковых кадраў. Тысячы і тысячы яго былых студэнтаў сталі настаўнікамі роднай мовы і літаратуры, многія з яго аспірантаў сталі кандыдатамі філалагічных навук.
Лічу, што прафесар М.В. Абабурка даўно заслугоўвае прысваення яму ганаровых званняў, такіх, як заслужаны дзеяч навукі або заслужаны работнік вышэйшай школы Рэспублікі Беларусь, іншых высокіх узнагарод дзяржавы.
Трэба яшчэ адзначыць, што Мікалай Васільевіч Абабурка вядомы чытачам і як майстар мастацкага слова. Тут ён выступае пад літаратурным псеўданімам Мікола Бабраўнічы. Яго мастацкія творы публікаваліся і публікуюцца ў шматлікіх беларускіх часопісах і газетах, а гэта ў асноўным апавяданні, мініяцюрныя замалёўкі, эсэ і інш.
Навуковая грамадскасць, беларускае настаўніцтва некалькіх пакаленняў, выкладчыкі ВНУ дзяржавы, супрацоўнікі Міністэрства адукацыі, чытачы яго мастацкіх твораў віншуюць вядомага беларускага мовазнаўца доктара філалагічных навук, прафесара, шаноўнага Мікалая Васільевіча Абабурку з 70 годдзем з дня яго нараджэння і жадаюць яму моцнага здароўя, доўгага зямнога жыцця і ажыццяўлення яго навуковых і творчых планаў і задум.
Мікалай Крыўко, вядучы навуковы супрацоўнік Інстытута мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы НАН Беларусі.
Сяргей Панізьнік ужо ў Еўропе
У Менску ў выдавецтве Віктара Хурсіка выйшаў зборнік вершаў Сяргея Панізьніка "На ўсе вякі" на беларускай мове і ў перакладзе на англійскую і французскую мовы. Пераклады зробленыя Д.Т. Уолкат, А.У. Таболіч, Н.С. Дзябольскай.
У прадмове да кнігі Міхась Скобла піша: "Сяргей Панізьнік аднолькава жаданы госць у Празе, Рызе, Вільні, Львове... Пералік замежных сталіц і гарадоў можна было працягваць: беларускі паэт нястомна ўмацоўвае культурныя повязі з краінамі блізкага і далёкага замежжа. Рэдкі выпадак ён адначасова з'яўляецца старшынёй Таварыства Беларусь Латвія і намеснікам старшыні таварыства Беларусь Чэхія. Памятаю нашу сумесную вандроўку ў Прагу, Браціславу і Кракаў паўсюль у С. Панізьніка былі сябры; ём ведаў што з беларускіх старадрукаў знаходзіцца ў пражскай Нацыянальнай бібліятэцы, дзе ў хітраспляценнях браціслаўскіх вулачак адшукаць дом сяброўкі У. Жылкі дзевяностагадовай Людмілы Краскоўскай, у якім сектары кракаўскіх Ракавіцкіх могілак пахаваны Алесь Гарун... Вынікам параднёнасці С. Панізьніка з рознымі народамі стала кніга «Сустрэча роднасных сусветаў» (1997), дзезмешчаны перастварэнні паэта з пятнаццаці моваў і пераклады яго вершаў на сем моваў свету..."
Сяргей Панізьнік быў знаёмы з чэшскімі вольнадумцамі В. Жыдліцкім і М. Зімай, сустракаўся са славутым беларускім спеваком пражанінам М. ЗабэйдамСуміцкім, за што быў звольнены з войска. Узнагароджаны латвійскім ордэнам Трох зорак. І вось новая кніга. Адзін з вершаў:
ПАЛЕТАК ПАМЯЦІ
Жытні голас вякоў
нас вядзе па жыцці,
каб і ў следзе падкоў
запаветы знайсці.
У завеях зімы
не заблудзіцца час:
будзем памятаць мы,
будуць помніць і нас.
На айчыннай зямлі
не ўзрасце забыццё:
ажылі кавалі,
заіскрыла жыццё.
Шлях надзеі прамы,
ёсць падковаў запас.
Будзем памятаць мы,
будуць помніць і нас.
10 траўня Сяргею Панізьніку, сябру Рады ТБМ, споўнілася 69 гадоў, дата можа не круглая, але паважная, таму Сакратарыят ТБМ, рэдакцы газеты "Наша слова" шчыра віншуюць Сяргея Сцяпанавіча з днём народзінаў і зычаць яму, прычакаць тога часу, калі ў Еўропе акажуцца не толькі яго вершы, а і ўся Беларусь.
З раскопкаў у Лідскім замку
4 траўня ў адным з памяшканняў "Вежы Вітаўта" ў Лідскім замку сіламі Лідскага гістарычнамастацкага музея адкрыта фотавыстава, якая прадстаўляе артэфакты з раскопак, праведзеных у Лідскім замку ў розныя гады. Арыгіналы знаходак знаходзяцца ў Лідскім музеі, паколькі вежа пакуль што не абсталяваная сістэмай сігналізацыі, але на фатаграфіях, выкананых у галаграфічнай тэхніцы, экспанаты глядзяцца, як прыклееныя.
Куратар выставы Ганна Некрашэвіч і дырэктар музея Ганна Драб правялі адкрыццё выставы на добрай беларускай мове. Пабеларуску будуць праходзіць тут і экскурсіі.
Падчас адкрыцця выставы адбылася прэзентацыя "Спеву пра Міхайлу Гілігінавіча" Станіслава Судніка. Спеў быў напісаны да 600годдзя Грунвальдскай бітвы, быў апублікаваны ў часопісе "Лідскі летапісец", і вось наведвальнікам выставы надарылася нагода паслухаць яго ў аўтарскім выкананні.
Памяшканне за памяшканнем Лідскі замак абжываецца.
Наш кар.
ІМПРЭЗА Ў ТБК ЛІТВЫ
30 красавіка ў памяшканні Таварыства беларускай культуры Літвы мастак Алег Аблажэй прачытаў лекцыю "Труба", у якой былі закрануты пытанні ўзнікненя, сутнасці і будучыні так званага "сучаснага мастацтва". На думку аўтара, і гэта мастацтва, (якое тады называла сябе "авангардам"), і рэвалюцыйныя бальшавіцкія ідэі аб'ядноўвала на пачатку ХХ ст. тая самая мэта разбурэнне старога і стварэнне новага свету. Аднак праз пэўны час адбылося іх размежаванне бальшавікам патрэбны былі паслухмяныя выканаўцы, агітатары, якія б выказваліся на мове, зразумелай "працоўным масам". Авангардысты ж не збіраліся нікому падпарадкоўвацца, а хацелі самі дыктаваць культурную палітыку. У выніку гэты мастацкі рух у СССР быў пастаўлены паза законам. А Захад, не звяртаючы ўвагу на траскучыя антыбуржуазныя лозунгі, проста ўключыў "авангардыстаў" у сваю рынкавую сістэму, у рамках якой такое мастацтва існуе дагэтуль. Пасля краху камуністычнай ідэалогіі "сучаснае мастацтва" пачало паспяховую культурную агрэсію на краіны былога савецкага блоку, дзе мастакі "авангардысты" ганарыліся сваім "цярновым" вянком і статусам ахвяры бальшавізму, не ўзгадваючы, вядома, пра агульныя карані і колішняе сяброўства. На працягу ХХст. і сярод камуністаў, і сярод "сучасных" мастакоў адбывалася несупынная негатыўная селекцыя, і калі напачатку і адны, і другія верылі ў свае ўтапічныя ідэалы як Ленін, Дзяржынскі, Чычэрын, а ў мастакоў Кандзінскі, Малевіч, Філонаў, то пад канец стагоддзя адзіным " ідэалам" у абодвух выпадках стала прага нажывы.
"Сучаснае мастацтва" адкінула не толькі традыцыі, але і ўвогуле ўсё тое, на чым грунтавалася мастацтва ўсіх часоў і народаў эстэтыку, прыгажосць, майстэрства.
І гэта не дазволіць яму мець якую б там ні было перспектыву ў новым стагоддзі. "Сучаснае мастацтва" па сутнасці сваёй даўно стала (чаго, зрэшты, і не хавае), антымастацтвам, і яно рана ці позна накіруецца ўслед за сваім духоўным братам камунізмам на сметнік гісторыі.
Ахвотныя могуць пазнаёміцца з фрагментамі лекцыі ў беларускай праграме "Тутэўшы час", якая выходзіць на 2й праграме Літоўскага радыё "Класіка" кожны аўторак а 15 гадзіне.
К. Барсучок,
Вільня.
І зоркі зышліся на Лідскай зямлі
27 красавіка ў вялікай зале Лідскага раённага палаца культуры адбыўся дабрачынны канцэрт для ветэранаў і пажылых людзей "І зоркі зышліся на Лідскай зямлі". Асновай канцэртнай праграмы сталі песні, створаныя лідскімі, і не толькі, кампазітарамі на вершы лідскага мастака, скульптара і паэтапесенніка Рычарда Грушы.
Вялі канцэрт саліст ансамбля "Свята" Белдзяржфілармоніі Вячаслаў Статкевіч і яго зямлячка Святлана Ермаковіч, з якой, як паведаміў Вячаслаў, яны некалі ігралі ў спектаклі "Паўлінка" ў Тарноўскай сярэдняй школе Лідскага раёна.
Канцэрт з песняй "Беларуская зорка" распачаў ансамбль яўрэйскай песні "Шалом", што даўно стала добрай традыцыяй на канцэртах Рычарда Грушы. Абсалютная большасць нумароў у самым розным выкананні гучала пабеларуску. На завяршэнне пабеларуску з песняй на словы Р. Грушы выступіў хор ветэранаў.
У фае палаца была разгорнута выстава карцін Рычарда Грушы.
Актывісткі "Чырвонага крыжа" (у асноўным студэнткі групы 5 дак Лідскага каледжа) збіралі ахвяраванні на дзейнасць арганізацыі.
Наш кар.
Леанід Лаўрэш
Паўстанне 1830 1831 гг.
Да 180х угодкаў
Паводле рашэння Венскага кангрэсу, частка Варшаўскага княства, якое стварыў Напалеон, ўвайшла ў склад Расійскай імперыі і атрымала назву Царства Польскае. Гэтая дзяржава ўяўляла сабой канстытуцыйную манархію і кіравалася двухгадовым соймам ды царом, якога ў Варшаве прадстаўляў намеснік. Пасаду намесніка заняў паплечнік Касцюшкі генерал Заёнчак, а галоўнакамандуючым польскім войскам напачатку стаў брат цара вялікі князь Канстанцін Паўлавіч. Пасля смерці Заёнчка ў 1826 г. Канстанцін Паўлавіч стаў таксама і намеснікам. Царству Польскаму была нададзена канстытуцыя, якая, аднак, неаднаразова парушалася расійскімі ўладамі. Так, другі сойм ў 1820 г. адхіліў законапраект, які скасоўваў уведзены яшчэ Напалеонам ў Польшчы суд прысяжных. На гэта Аляксандар заявіў, што ён, як аўтар канстытуцыі, мае права быць яе адзіным тлумачальнікам. У 1819 г. была ўведзена папярэдняя цэнзура, якой да гэтага часу тут не ведалі. Скліканне трэцяга сойму доўгі час адцягвалася абраны ў 1822 г., ён быў скліканы толькі ў пачатку 1825 г. Выбары адмяняліся, калі ў сойм праходзілі непажаданыя людзі, напрыклад, пасля таго, як у Калішскім ваяводстве быў абраны Вінцэнт Немаеўскі, выбары былі касіраваны і прызначаныя новыя, калі ж Каліш зноў выбраў Немаеўскага, ён быў наогул пазбаўлены права абірацца, а калі ён усё ж прыехаў у сойм, каб заняць сваё месца, дык быў арыштаваны на варшаўскай заставе. Царскім указам скасавана публічнасць пасяджэнняў сойму, і ў такой сітуацыі трэці сойм прыняў ўсе законы, прадстаўленыя ў яго царом. Неабходна дадаць, што іншыя тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай, гэта значыць Літва, Беларусь і Украіна (так званыя «восем ваяводстваў»), не мелі ніякіх канстытуцыйных правоў і гарантый.
У 1819 г. маёр Валяр'ян Лукасінскі, князь Ябланоўскі, палкоўнікі Кржыжаноўскі і Прондзінскі заснавалі Нацыянальнае масонскае таварыства, сябрамі якога стала каля 200 чалавек, у асноўным афіцэры. Пасля забароны масонскіх ложаў ў 1820 г. яно было пераўтворана ў глыбока заканспіраванае Патрыятычнае таварыства. Адначасова існавалі таемныя таварыства і за межамі "канграсовай" Польшчы: патрыётаў, сяброў, філаматаў (у Вільні), тампліераў (на Валыні) і інш. Рух быў неаднастайным па сваіх сацыяльных мэтам і падзяляўся на дзве варожыя партыі: арыстакратычную (белыя) з князем Чартарыйскім на чале і дэмакратычную (чырвоныя), кіраўніком якой лічыўся прафесар Лелявель лідар і кумір універсітэцкай моладзі. Вайсковае крыло ўзначаліў падпаручнік гвардзейскіх грэнадзёраў Высоцкі, інструктар школы падхарунжых, які стварыў заканспіраваную вайсковую арганізацыю ўнутры самога нацыянальнага руху. Гэтыя дзве партыі раздзялялі толькі планы на будучыню Польшчы, але ўсе яны мелі адзіныя ўяўленні пра паўстанне і пра будучыя межы (1772 г.).
Надзеі палякаў ажывіліся пасля аб'яўлення Расіяй вайны Турцыі ў 1828 г. Ліпеньская рэвалюцыя 1830 г. ў Францыі адрадзіла надзеі ў польскіх патрыётаў. 12 жніўня адбыўся сход, на якім абмяркоўвалася пытанне аб неадкладным паўстанні, аднак было вырашана чакаць, бо трэба было схіліць на свой бок высокапастаўленых вайскоўцаў. Удалося дамовіцца з генераламі Хлапіцкім, Станіславам Патоцкім, Крукавецкім і інш. Рух ахапіў амаль усіх афіцэраў, шляхту, жанчын, рамесныя цэхі, студэнцтва. Быў прыняты план Высоцкага, па якім сігналам для паўстання павінна было паслужыць забойства Канстанціна Паўлавіча і захоп казармаў рускіх войскаў. Выступленне прызначылі на 26 кастрычніка. У першых днях кастрычніка на вуліцах былі расклееныя пракламацыі, з'явілася нават аб'ява, што Бельвядэрскі палац у Варшаве (месцазнаходжанне вялікага князя Канстанціна Паўлавіча) з новага года будзе вольным і здаецца ў наём. Вялікі князь перастаў выходзіць з Бельвядэра.
Апошняй кропляй з'явіўся маніфест цара Мікалая з нагоды бельгійскай рэвалюцыі, з якога палякі дазналіся, што іх войска прызначана стаць авангардам у паходзе супраць паўстаўшых бельгійцаў. Пасля гэтага паўстанне было канчаткова прызначана на 29 лістапада.
З надыходам вечара 29 лістапада ўзброеныя студэнты сабраліся ў Лазянкоўскім лесе, а ў казармах войскі ўзяліся за зброю. У 6 гадзін вечара Пётр Высоцкі увайшоў у казарму падхарунжых і сказаў: «Браты, гадзіна свабоды надышла!», яму адказвалі крыкамі: «Жыве Польшча!».
Напад на Бельвядэрскі палац быў даручаны Людвіку Набяляку з курсантамі школы падхарунжых. Высоцкаму і Урбінскаму было даручана арыштаваць рускіх генералаў і афіцэраў, ксяндзу Бранікоўскаму звярнуцца да народа ў горадзе.
29 лістапада каля 8 гадзін вечара Набяляк разам з 5ю падхарунжымі і 8ю выкладчыкамі адправіўся ў Бельвядэр. Не сустракаючы супрацьдзеяння, змоўшчыкі праніклі ў палац і кінуліся ва ўнутраныя пакоі шукаць вялікага князя Канстанціна Паўлавіча. Вялікі князь у гэты час знаходзіўся ў сваім кабінеце разам з віца прэзідэнтам Варшавы Любавіцкім і генералам Жандрам. Калі раздаўся шум у суседнім пакоі, Любавіцкі і генерал Жандр выбеглі з кабінета, каб даведацца, з якой нагоды шум, і былі забітыя паўстанцамі, але Любамірскі паспеў крыкнуць: «Князь, ратуйцеся, дрэнная справа». Стары камердынер князя вывеў яго ў суседнія пакоі і зачыніў за сабой масіўныя дзверы на засаўку, але, зрэшты, змоўшчыкі і не думалі шукаць вялікага князя, прыняўшы за яго генерала Жандра. Між тым вялікі князь выйшаў чорным ходам і ўцёк пад ахову рускага коннагвардзейскага палка.
Паўстанцы адразу захапілі 40 000 патронаў і выдалі іх сваім войскам, а потым без бою авалодалі самай важнай цвердзю ў Польшчы Модлінам, пра якую Напалеон казаў: «Хто валодае цвердзю Модлін, той будзе валодаць і ўсёй Польшчай». У цвердзі паўстанцы знайшлі 5 000 000 патронаў і 60 гармат. Аднак становішча паўстанцаў не было устойлівым. Большая частка польскага войска не спяшалася далучыцца да іх, і яны не мелі агульнага кіраўніка. Таму многія сучаснікі лічылі, што калі б вялікі князь Канстанцін Паўлавіч адразу скарыстаўся вернымі яму войскамі і энергічна прыступіў да задушэння паўстання, то з вялікай верагоднасцю выйграў бы. Тым больш, што сярод кіраўнікоў паўстання пачаўся разлад. Але вялікі князь Канстанцін на наступны дзень, 30 лістапада, разам з усімі рускімі войскамі пакінуў Варшаву, стаў лагерам за тры вярсты ад сталіцы, у мястэчку Вержб і пачаў чакаць далейшага развіцця падзей.
Пасля сыходу расейцаў з горада ўзмацнілася арыстакратычная партыя, якая спадзявалася ўступіць у перамовы з урадам імперыі і мірным шляхам дасягнуць жаданага выніку стварэння незалежнай дзяржавы ў межах 1772 г. пад пратэктаратам Расіі. 4 снежня была сфармавана Адміністрацыйная рада з 7 чальцоў, уключаючы Яўхіма Лелявеля, Юльяна Нямцэвіча і генерала Хлапіцкага, які стаў галоўнакамандуючым польскіх войскаў. Узначаліў раду князь Адам Чартарыйскі. Найбольш актыўных левых лідараў, Заліўскага і Высоцкага выдалілі з Варшавы, першага для арганізацыі паўстання ў Літве, другога капітанам ў войска. Узяўшы ўладу ў свае рукі, Адміністрацыйная рада адправіла дэпутацыю да вялікага князя з тлумачэннем прычын, выклікаўшых хваляванні, і умоў, на якіх паўстаўшыя гатовыя іх спыніць. Аднак вялікі князь лічыў, што палякі павінны быць удзячныя расейцам за тое, што для іх зроблена, таму ў перамовы ўступаць адмовіўся і разам з войскамі пакінуў тэрыторыю Царства Польскага.
18 снежня Адміністрацыйная рада была распушчана і замест яе створаны часовы ўрад на чале з Адамам Чартарыйскім, у гэтым урадзе міністрам народнай асветы стаў Лелявель. Быў скліканы сойм, на якім не ўдалося выпрацаваць агульную палітыку дзяржавы на будучыню, і ў сувязі з гэтым генерал Хлапіцкі абвясціў сябе дыктатарам. Генералу Хлапіцкаму ў час паўстання было 60 гадоў. Ён лічыўся адным з самых выдатных людзей свайго часу меў велічную знешнасць сапраўднага генерала, быў сумленным, адкрытым і прамым чалавекам, меў харызму лідара, яго любілі жаўнеры. З ранніх гадоў Хлапіцкі служыў у войску, пры Напалеоне ён удзельнічаў у вайне ў Іспаніі, і французскі імператар цаніў яго таленты і зрабіў генералам. Шанаваў яго і рускі ўрад, пры імператары Аляксандры I ён працягваў служыць, пры Мікалаі I выйшаў у адстаўку і жыў у Варшаве як прыватная асоба, атрымліваючы ад французскага ўраду 6 000 франкаў пенсіі.
Стаўшы дыктатарам, Хлапіцкі паспрабаваў ўступіць у перамовы з рускім імператарам і з еўрапейскімі ўрадамі. Але Мікалай I адмовіўся ад перамоваў з польскім пасольствам і сустрэўся толькі з яго кіраўніком князем Любецкім, як з міністрам фінансаў Царства Польскага. Праз яго цар перадаў палякам, каб яны неадкладна здавалі зброю і прасілі яго літасці. З гэтым адказам 25 студзеня 1831 г. дэпутацыя вярнулася ў Варшаву.
Хлапіцкі сабраў сойм і паведаміў аб рашэнні рускага цара, пасля чаго прапанаваў сойму пайсці на кампраміс, бо разумеў што ў выпадку поўнамаштабнай вайны ў Польшчы шанцаў не будзе. Але «чырвоныя» ў сойме асвісталі дыктатара і запатрабавалі канчатковага разрыву з імперыяй, «што будзе, тое будзе» крычалі дэпутаты. Па парадзе графа Рамана Солтыка, сойм пастанавіў пазбавіць рускую імператарскую фамілію права на польскую карону. Таму Хлапіцкі, склаў з сябе званне дыктатара і камандуючага войскамі. Камандуючым арміяй сойм прызначыў Міхала Радзівіла чалавека добрага, сумленнага, але мяккага і падатлівага і зусім не палкаводца. Таму польскае кіраўніцтва ўпрасіла Хлапіцкага заўсёды быць пры Радзівілу і дапамагаць яму ва ўсім.
Расійскі імператар ўспрыняў рашэння сойму як асабістую абразу. 24 студзеня стотысячная руская армія з 336 гарматамі, пад камандаваннем фельдмаршала Дыбіча Забалканскага, уступіла на тэрыторыю Польшчы. Акрамя гэтых войскаў, да межаў Польшчы рухаліся 13 казацкіх палкоў з Дону і такім чынам усё рускае войска налічвала каля 180 000 чалавек. З супрацьлеглага боку было выстаўлена 140 000 чалавек і 146 гармат.
Паўстаўшымі быў прыняты план, паводле якога галоўныя польскія сілы (каля 70000 чалавек) размяшчаліся на поўнач ад Варшавы, кантралюючы дзве дарогі Ковенскую і Берасцейскую. Пры набліжэнні непрыяцеля польскае войска павінна было, не дапусціўшы ворага да Варшавы, уступіць у генеральную бітву.
1 лютага рускае войска першы раз сустрэлася з польскім, пасля гэтага невялікія сутычкі адбываліся штодня, пакуль нарэшце 19 лютага каля Ваўра (у XIX ст. ў гэтым месцы была карчма на дарозе Менск Варшава, за 7 вёрст ад тагачаснага прыгарада Варшавы Прагі) не адбылася першая значная бітва якая працягвалася 7 гадзін, расейцы ў гэтай бітве страцілі каля 4 000 чалавек. 25 лютага рускае войска ў 76 000 чалавек пры 250 гарматах падышла да паселішча Грохаў (каля Варшавы), дзе па раней прынятым плане іх ужо чакала польская армія ў 60 000 чалавек. Адбылася знакамітая Грохаўская бітва. Яна пачалася ў 9 гадзін раніцы і працягвалася да 5 гадзін вечара. Палякі зноў біліся мужна і стойка, але ўсё ж у выніку адступілі да Варшавы. У бітве быў паранены генерал Хлапіцкі. Рускі галоўнакамандуючы тры дні прастаяў на поле бітвы, чакаючы здачы Варшавы, але на чацвёрты дзень ён даведаўся, што палякі ўмацоўваюць сваю сталіцу і здавацца не думаюць. Пасля гэтага рускае войска адступіла на поўдзень ад Варшавы і пачало чакаць прыбыцця асаднага парку, каб прыступіць да аблогі горада.
(Працяг у наст. нум.)