НАША СЛОВА №21 (1016) 25 траўня 2011 г.
І ўсяроўна беларускай ДАІ ад паўнавартаснага ўжывання беларускай мовы нікуды не дзецца Грамадскае аб'яднанне "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" У кіраванні ГАІ МУС Рэспублікі Беларусь разгледжаны зварот па пытанні выдачы пасведчання аб рэгістрацыі транспартнага сродку, запоўненага на беларускай мове, а таксама аб выданні Правілаў дарожнага руху на беларускай мове. Паведамляем, што для арганізацыі выдачы ў масавым парадку пасведчання аб рэгістрацыі транспартнага сродку на беларускай мове неабходна зрабіць мадэрнізацыю ўсяго праграмнага забеспячэння, што запатрабуе значных фінансавых выдаткаў. На сённяшні дзень гэта нямэтазгодна, паколькі назіраюцца толькі адзінкавыя выпадкі зваротаў грамадзян з просьбай аб выдачы пасведчання аб рэгістрацыі на беларускай мове. Разам з тым, пры падрыхтоўцы чарговага тэхнічнага задання на дапрацоўку наяўнага праграмнага забеспячэння Дзяржаўтаінспекцыяй будуць унесеныя прапановы аб неабходнасці рэалізацыі магчымасці аўтаматычнага запаўнення пасведчання аб рэгістрацыі транспартнага сродку на беларускай мове па жаданні грамадзяніна. У частцы выдання Правілаў дарожнага руху на беларускай мове лічым неабходным адзначыць, што ў адпаведнасці з артыкулам 62 Закона Рэспублікі Беларусь "Аб нарматыўных прававых актах Рэспублікі Беларусь" ад 10 студзеня 2000 г. № 361-3 афіцыйнае апублікаванне нарматыўных прававых актаў ажыццяўляецца на той дзяржаўнай мове, на якой яны прынятыя (выдадзеныя). Апублікаванне нарматыўнага прававога акту на іншых мовах дапускаецца толькі пры наяўнасці яго афіцыйнага перакладу на адпаведную мову, зацверджанага адпаведным дзяржаўным органам (службовай асобай) у парадку, устаноўленым для прыняцця (выдання) гэтага акту. Начальнік Ю.А. Літвін. (Пераклад з рускай.)Сп. У.У. Макею, Кіраўніку Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. 220016, г. Мінск. вул. К. Маркса, 38 Шаноўны Уладзімір Уладзіміравіч! У сувязі з пераходам на міжнародныя пасведчанні кіроўцаў аўтатранспарту зноў узнікла праблема з выкарыстаннем беларускай мовы супрацоўнікамі ДАІ. Калі пытанне з атрыманнем беларускамоўнага пасведчання кіроўцы практычна вырашана, і кожны жадаючы можа хутка яго атрымаць, то беларускамоўны тэхнічны пашпарт атрымаць амаль немагчыма. Пра гэта, напрыклад, сведчыць артыкул Глеба Лабадзенкі ў газеце "Звязда" (№58 ад 30.03.2011 г.). Як выстветлілася, у ДАІ адсутнічае беларускамоўная праграма ў кампутарах і набываць яе ДАІ не збіраецца. Таксама ў нашай краіне адсутнічаюць беларускамоўныя правілы дарожнага руху. У сувязі з вышэйзгаданым просім Вас зрабіць усё магчымае, каб забяспечыць грамадзян Беларусі беларускімі тэхнічнымі пашпартамі і беларускамоўнымі правіламі дарожнага руху. Гэта цалкам будзе адпавядаць выказванню кіраўніка дзяржавы на апошнім усебеларускім сходзе: "Беларуская мова з'яўляецца важнейшым нацыянальным культурным здабыткам". З павагай, Старшыня ТБМ Алег Трусаў.
175 гадоў з дня нараджэння Яна Карловіча
КАРЛОВІЧ Ян Аляк- сандр (28.5.1836, в. Субар- тоніс Алітускага пав., Літва - 14.6.1903), лінгвіст, этнограф, фалькларыст, музыказнавец. Акадэмік Акадэміі ведаў у Кракаве (1887, член-карэспан- дэнт 1877). Скончыў Маскоўскі ўніверсітэт (1857). Вучыўся ў Парыжы і Гайдэльбергу (1857-59), у Брусельскай кан- серваторыі (1859-60). У 1871-82 жыў і працаваў на Беларусі ў маёнтках Подзітва (Воранаўскі раён) і Вішнеў (Смаргонскі раён). 3 1882 у Гайдэльбергу, Дрэздане, Пра- зе, з 1887 у Варшаве. Аўтар фундаментальных лінгвістыч- ных прац, найперш слоўнікаў. Сярод важнейшых прац гіста- рычна-філасофскія і музыка- знаўчыя даследаванні: «Нарыс жыцця і творчасці Станіслава Манюшкі» (1884-85), «Мі- фалогія і філасофія» (1899). Жывучы ў бел. асяроддзі, грунтоўна ведаў нар. вусна- паэтычную творчасць, казкі, легенды, паданні народа, яго вераванні і забабоны, абрады і звычаі, прыказкі і прымаўкі і г.д. Пранікся павагай да ду- хоўных скарбаў бел. сялян, разумеў іх высокія мастацкія вартасці, заўсёды цаніў іх уз- ровень. 3 1868 запісваў бел. нар. казкі, легенды, паданні, прыказкі і прымаўкі, выслоўі і інш. фалькл.-этнаграфічныя матэрыялы. Распрацаваў «Да- паможнік для збіральнікаў народных твораў» (1871). Аўтар тэарэтычных прац «Най- ноўшыя даследаванні паданняў і іх зборы» (1883), «Сістэма- тыка песень польскага народа» (1889-95), якія зрабілі моцны ўплыў на дзейнасць многіх фалькларыстаў. У кнізе «На- родныя паданні і казкі, сабра- ныя ў Літве» (т. 1-2, 1887-88) змясціў у перакладзе на поль- скую мову больш за 80 бел. легенд, паданняў і казак, якія запісаў у Свянцянскім, Лідскім і Наваградскім паветах. У 1889 і 1891 запісаў для М. Феда- роўскага ў Ваўкавыскім павеце больш за 500 мелодый бел. нар. песень (больш за 300 апуб- лікавана ў працы М. Феда- роўскага «Люд беларускі», т. 5-6, 1958-60). Падрыхтаваў да друку (не апублікаваны, ру- капіс зберагаецца ў Дзяржаў- ным гістарычным архіве Літ- вы, Вільня) зборнік з 400 бел. нар. абрадавых песень (вясно- вых, валачобных, жніўных, талочных, радзінных, лірыч- ных і інш.), 50 мелодый, шмат казак, легенд, паданняў, пры- казак і прымавак, выслоўяў і інш. Заснавальнік (1887) і рэда- ктар (1888-99) часопіса «Віс- ла», у якім друкаваў бел. фалькл.-этнаграфічныя ма- тэрыялы, запісаныя ў розных рэгіёнах Беларусі. Прызнаваў за беларусамі права на сама- стойнае развіццё навукі і куль- туры, заклікаў вучоных дасле- даваць бел. мову, фальклор, нар. побыт, звычаі і абрады на- рода. У прадмове да зборніка «Беларускія паданні» У. Вя- рыгі (Львоў, 1889) і інш. працах станоўча пісаў пра бел. народ, яго вусна-паэтычную творчасць, падкрэсліваў самастойнасць і самабытнасць беларускай. мовы.
Генрыху Далідовічу - 60
ДАЛІДОВІЧ Генрых Вацлававіч нарадзіўся 01.06.1946 г. у вёсцы Янкавічы Стаўпецкага раёна Менскай вобласці ў сям'і каваля. Да пятнаццаці год жыў на хутары, у "бяскрайным полі, дзе ўзім- ку снег, белізна, улетку - поле, мора зеляніны…". Да пяці год бацькі навучылі чытаць па- польску, у першым класе спазнаў беларускую мову. З роднай вёскі пасля заканчэння Дзераўнянскай дзесяцігодкі юнак падаўся па веды ў "вялікі" свет. Дарога прывяла ў сцены Белдзяржуніверсітэта, на філ- фак, які ён закончыў у 1968 г. Выкладаў беларускую мову і літаратуру ў Шабыньскай ня- поўнай сярэдняй школе Бары- саўскага раёна. Служыў у Са- вецкай Арміі (1969-1970). Зноў працаваў настаўнікам, а з 1971 г. - завучам у Шабыньскай шко- ле. У 1968 г. часопіс "Мала- досць" змясціў апавяданне "Ліст да Олі", якое стала важ- кай заяўкай маладога празаіка, засведчыла пра несумненны псіхалагічна-даследчыцкі па- тэнцыял яго таленту. Жыццёвы выбар быў перадвызначаны: апантанасць мастацкім словам не давала спакою, клікала да актыўнай творчай працы. І таму Г. Далідовіч развітаўся са школай, настаўніцтвам і пера- ехаў у Менск. Тут, у літаратур- ным цэнтры Беларусі, ён знай- шоў сябе. З 1973 г. - супра- цоўнік аддзела прозы часопіса «Полымя», з 1979 г. - намеснік галоўнага рэдактара часопіса «Маладосць». Сябар СП СССР з 1974 г. Дыяпазон выяўлення творчай асобы пісьменніка шматгранны: яму падуладныя навелістычны жанр і раманны эпас, ён выдатны стыліст, май- стар літаратурнага пейзажу. На сённяшні дзень колькасць кніг, выдадзеных ім, набліжаецца да дваццаці, а першай стала "Даж- джы над вёскай", якая ўбачыла свет у 1974 г. Потым былі зборнікі апавяданняў і апове- сцей "Цяпло на першацвет" (1976), "Маладыя гады" (1979), "На новы парог" (1983), "Станаўленне" (1985), "Міг маладосці" (выбранае, 1987), "Жывы покліч" (1995). Амаль дзесяць год было адда- дзена стварэнню цыкла гіста- рычных раманаў "Гаспадар- камень" (1986; Літаратурная прэмія СП БССР імя І. Мележа 1987), "Пабуджаныя" (1988), "Свой дом" (1992; часопісны варыянт, 1989). Сапраўдны літаратур- ны поспех і вядомасць Г. Далі- довічу прынёс цыкл аповесцей пра вясковых настаўнікаў: "Усё яшчэ наперадзе", "Міланькі", "Завуч", "Дырэктар". Гэтыя творы склалі тэтралогію, пер- шы твор якой пазначаны 1972 г., а заключны - 1979 г. Заход- небеларускай рэчаіснасці пра- заік прысвяціў раман "За- ходнікі" (1994; Дзяржаўная прэмія Беларусі імя Я. Коласа 1996).
ХІМІЧНЫЯ ТЭРМІНЫ НА МОВАХ УСХОДНІХ СЛАВЯН
Большасць тэрмінаў у сучас- най навуцы мае грэцкае і лацінскае паходжанне. Але ў любой мове ёсць пэўная колькасць сваіх непаўторных слоў, якімі карыстаецца навука. Іх напісанне і гучанне адрозніваецца нават у блізкіх мовах. Ніжэй прыводзяцца некато- рыя хімічныя тэрміны на беларускай, рускай і ўкраінскай мовах. Параўнаць іх даволі цікава. Адносная атамная маса / Относи- тельная атомная масса / Відносна атомна маса Аднаўленне / Восстановление / Від- новлення Акісленне / Окисление / Окиснення Алей / Растительное масло / Олія Асвяжальнік паветра / Освежитель воздуха / Освіжувач повітря Аснова / Основание / Основа Атамная адзінка масы / Атомная единица массы / Атомна одинка маси Бляск / Блеск / Блиск Браджэнне / Брожение / Бродіння Бурштын, янтар / Янтарь / Бурштин Бялок / Белок / Білок Вагі / Весы / Ваги Вадарод / Водород / Водень Вадкасць / Жидкость / Рідина Вапна / Известь / Вапно Вапняк / Известняк / Вапняк Весяляльны газ / Веселящий газ / Звеселяючий газ Вільготнасць, валогасць / Влаж- ность / Вологість Волава / Олово / Олово, цина Воск / Воск / Віск Воцат / Уксус, оцет (састар.) / Оцет Вугаль, вуголле / Уголь / Вугілля Вуглевадарод / Углеводород / Вогле- водень Вуглявод / Углевод / Вуглевод Вуглякіслы газ / Углекислый газ / Вуглекислий газ Вуглярод / Углерод / Вуглець Выпарванне / Выпаривание / Випа- рювання Газа / Керосин / Гас Глей / Ил / Мул Гліцэрына / Глицерин / Гліцерин Гума, рызіна / Резина / Гума Дзменне / Дутьё, дмение (састар.) / Дуття Драўніна / Древесина / Деревина Жалеза / Железо / Залізо Жорсткасць вады, цвёрдасць вады / Жёсткость воды, твёрдость воды / Жорсткість води, твердість води Забруджанне навакольнага асярод- дзя / Загрязнение окружающей среды / Забруднення навколишнього сере- довища Загушчальнік / Загуститель / Загу- щувач, загусник Злучэнне / Соединение / Сполука Змазка / Смазка / Мастило Іржа / Ржавчина / Іржа Каменны вугаль / Каменный уголь / Кам'яне вугілля Колькасць рэчыва / Количество вещества / Кількість речовини Кропля / Капля / Крапля Крохкасць / Хрупкость / Крихкість Крухмал / Крахмал / Крохмаль Крышталічная рашотка / Кристал- лическая решётка / Кристалічна гратка Крышталь / Кристалл / Кристал Крэйда / Мел / Крейда Купарвас / Купорос / Купорос Кухонная соль / Поваренная соль / Кухонна сіль Лейка / Воронка / Лійка Луджэнне / Лужение / Лудіння Мармур / Мрамор / Мармур Масавая доля / Массовая доля / Масова частка Мурашыная кіслата / Муравьиная кислота / Мурашина кислота Нафта / Нефть / Нафта Паветра / Воздух / Повітря Падагрэў / Подогрев / Підігрів Паліва / Топливо / Паливо Папера / Бумага / Папір Пенаўтваральнік / Пенообразова- тель / Піноутворювач Плеўка / Плёнка / Плівка Полымя / Пламя, полымя (састар.) / Полум'я Попел / Пепел / Попел Разкрохвальнік / Разрыхлитель / Розпущувач Рад напружанняў металаў / Ряд напряжений металлов / Ряд напруг металів Растваральнік / Растворитель / Роз- чинник Раствор / Раствор / Розчин Рэчыва / Вещество / Речовина Салетра / Селитра / Селітра Сера / Сера / Сірка Серавадарод / Сероводород / Сірко- водень Серная кіслата / Серная кислота / Сірчана кислота Смарагд / Изумруд, смарагд (састар.) / Смарагд Соль / Соль / Сіль Срэбра / Серебро / Срібло Сумесь / Смесь / Суміш Сыравіна / Сырьё / Сировина Сярністая кіслата / Сернистая кислота / Сірчиста кислота Таўкачык / Пестик / Товкачик Тлушч / Жир / Жир Угнаенне / Удобрение / Добриво Узаемадзеянне / Взаимодействие / Взаємодія Узважванне / Взвешивание / Зважу- вання Уласцівасць / Свойство / Властивість Ураўненне рэакцыі / Уравнение реакции / Рівняння реакції Фарбавальнік, фарбнік / Краситель / Барвник Хімічная раўнавага / Химическое равновесие / Хімічна рівновага Хімічная сувязь / Химическая связь / Хімічний зв'язок Хуткасць рэакцыі / Скорость реак- ции / Швидкість реакції Цвёрдасць / Твёрдость / Твердість Ціск / Давление / Тиск Цукар / Сахар / Цукор Цукроза, сахароза / Сахароза / Сахароза Цукразамяняльнік / Сахарозаме- нитель / Цукрозамінник Чадны газ / Угарный газ, чадный газ (састар.) / Чадний газ Часцінка / Частица / Частинка Чыгун / Чугун / Чавун Шкло / Стекло / Скло Шчолач / Щёлочь / Луг Шчолачны метал / Щелочной ме- талл / Лужний метал Шчыльнасць / Плотность / Щiль- нiсть, густина Электраадмоўнасць / Электроот- рицательность / Електронегативність Электрычны ток / Электрический ток / Електричний струм Яблычная кіслата / Яблочная кис- лота / Яблучна кислота Уладзіслаў ЛУПАКОЎ, настаўнік хіміі СШ № 10 г. Берасця.
«Захацелася кабыле воцату» і іншае
У маім артыкуле «З дыялект- ных слоўнікаў - у літаратурную мову» (Наша слова. 2011. № 14) гаварылася пра больш за 70 выразаў, якімі папоўнілася наша літаратурная мова ў апошнія дзесяцігоддзі. Тут жа размова пойдзе пра некалькі выразаў, яшчэ пакуль не ўключаных у нар- матыўныя фразеалагічныя слоўнікі, але апісаных у дыялектных даведніках. Заслугоўвае ўвагі найперш выраз як бэля, варты ўключэння ў слоўнікі літаратурнай мовы. Па-пер- шае, яго ўжыванне ў беларускай літа- ратуры можна пацвердзіць, скажам, такімі прыкладамі (а выкарыстоўва- ецца ён са значэннем 'вельмі моцна' пры дзеяслове напіцца ці пры- метніку п'яны): «Янка напіўся як бэля, спіць як мёртвы дый годзе!» (Я. Купала); «Я… разламаў на ягоных [бацькавых] вачах на трэскі скрыпку. Ён маўчаў, глядзеў. Назаўтра быў п'яны як бэля» (Л. Рублеўская). Па- другое, як паказана ў «Слоўніку дыялектнай фразеалогіі Гродзенш- чыны» (2000) М.А. Даніловіча і ў некаторых іншых яго працах, гэта шырокаўжывальны ў народнай мове фразеалагізм: яго ведаюць ва ўсіх сямнаццаці адміністрацыйна-тэрыта- рыяльных раёнах Гарадзеншчыны, запісаны ён і ў некаторых гаворках Берасцейскай, Менскай і Віцебскай абласцей. Гэты фразеалагізм з тым жа значэннем ёсць і ў польскай мове, фіксуецца ў слоўніках (jak bela). Адносна таго, як ён склаўся, хто такі ці што такое «бэля», М.А. Даніловіч піша, што першапачаткова ў струк- туры фразеалагізма фігуравала, ві- даць, уласнае імя (Бэля) і што ён узнік, хутчэй за ўсё, у яўрэйскай мове, «з якой пранік у іншыя мовы. З цягам часу адбыліся забыццё першапачат- ковай вобразнасці фразеалагізма і апелятывізацыя ўласнага назоўніка, які ў польска-беларуска-ўкраінскім моўным арэале ўспрымаецца як агу- льная семантычна цьмяная назва». У памянёным слоўніку М.А. Даніловіча ёсць і фразеалагізм з дуба ўпаў. Ён ужываецца ў дачыненні да чалавека і абазначае 'тупаваты, не разумее таго, што відавочна ўсім'. Можна лічыць, што ён зрабіў крок па дарозе ў літаратурную мову, бо сустрэўся ў часопісе «Маладосць» (2010. № 11. С. 54): «Ты што, цётка, з дуба ўпала? Хто ж гэта «чарніла» ставіць з нагоды гістарычнага пры- езду любімага пляменніка?.. Белую давай!» Дарэчы, у «Слоўніку фра- зеалагізмаў» (2008. Т. 2. С. 569) апісваецца сэнсава тоесны з гэтым вы- раз - з іншым назоўнікавым кампа- нентам: з быка ўпасці (відаць, запазы- чанне з польскай мовы: z byka spadl). На с. 245 у тым жа слоўніку М.А. Даніловіча ўпершыню апісваец- ца фразеалагізм як сабака да году (ужываецца пры слове «дурны» ці «неразумны») і абазначае 'вельмі, надзвычай'. Прыводзіцца ён і ў «Слоўніку фразеалагізмаў» (т. 2, с. 351), але без пацвярджальных цытат, бо яны (ці аўтары гэтых цытат) не спадабаліся рэдактарам выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя». Вось гэтыя прыклады-цытаты: «Я стаў угаворваць Ларысу Пампееўну, каб засведчыць імя [забойцы] на папе- ры… Быў пачатак сямідзясятых - і жанчына сталінскіх часоў паглядзе- ла на мяне, як пазіраюць на тых, пра каго кажуць: дурны як сабака да году» (У. Някляеў); « - Я ваш даўжнік. Такога сабаку вы далі. Такі разумны… - Як пасталее, дык яшчэ паразумнее. На чалавека-небараку кажуць: дурны як сабака да года» (Л.Левановіч). У маім дыферэнцыяльным слоўніку «З народнай фразеалогіі» (Мінск: Выш. шк., 1991) падаецца запісаны на Гарадзеншчыне выкліч- нікавы выраз захацелася кабыле воцату (с. 34), які ўжываецца як насмешлівае асуджэнне чыйго-не- будзь нечаканага жадання. Ёсць (пакуль што адзінкавае) пацвярджэн- не выкарыстання гэтага выразу ў мас- тацкай літаратуры: «[Тэкля:] Пусці мяне сюды, я ля Кастуся хачу. [Ля- вон:] Захацелася кабыле воцату. Сюды хадзі, да мяне» (М. Ільінскі). Амаль тое самае можна ска- заць і пра фразеалагізм, змешчаны ў гэтым жа слоўніку (с. 43), - кот за ноч з'есць каго (абазначае 'хто-не- будзь вельмі мізэрны, невялікі, мала- рослы ці слабы, схуднелы'). Ён таксама прэтэндуе на тое, каб быць у фразе- алагічным слоўніку літаратурнай мовы. Вось прыклад яго ўжывання: «Зінка, гледзячы ёй услед, падумала: «Шанцуе ж некаторым! Якая там Верка: кот за ноч з'есць. Ды і рабая, і далей кулінарнага вучылішча нікуды не паступіла… Але ж, бач ты, недзе алігарха захамутала…» (Л. Юргі- левіч). Заадно адзначым адну неда- кладнасць, выяўленую ў названым вышэй «Слоўніку фразеалагізмаў» (т. 1, с. 336), пры апісанні выразу не да- браць да ладу. Ён чамусьці растлу- мачаны няправільна: «разабрацца ў чым-н., зразумець што-н., здагадац- ца». Гэты выраз заўсёды ўжываецца з адмоўем «не», якое выступае яго арганічным структурным элементам. Адмоўе «не» (і ў шэрагу іншых - больш як 350 выразах) часцей ужы- ваецца пры дзеяслоўным кампаненце (з калена не выламіш), радзей пры назоўнікавым (не кампанія), займен- нікавым (не нашага бога), пры- слоўным (не туды хата), прыметні- кавым (рад не рад), лічэбнікавым (не першай маладосці). Гэтыя і падобныя выразы, як і «не дабраць да ладу», з'яўляюцца адмоўнымі і па форме, і па змесце. У іх кампанент «не» не страчвае сваёй адмоўнай мадаль- насці. Інакш кажучы, сэнс фразеа- лагізма «не дабраць да ладу» - гэта «не разабрацца ў чым-н., не зразу- мець чаго-н., не здагадацца». І гэта азначэнне пацвярджаецца і тымі трыма ілюстрацыйнымі прыкладамі, што прыводзяцца ў слоўніку, і ўсімі іншымі, скажам, такім урыўкам з эпапеі М. Лынькова «Векапомныя дні»: «Што ты галаву мне дурыш усякім тут глупствам?.. Ніяк да ладу не дабяру, што да чаго».
Іван ЛЕПЕШАЎ.
Уфалогія па-беларуску...
Днямі атрымаў па пошце кнігу "Неверагоднасці свету. Непазна- нанае"... Яе аўтар краязнавец - да- следчык, кінадакументаліст, гісторыё- раф, культуралог, публіцыст. Яго пяру належыць больш за 300 публі- кацый.
Чалавек ён вельмі сурьёзны. Летась стаў Ганаровым грамадзянінам Талачынскага раёна... Але тое, што Анатоль Анто- навіч Шнэйдар напіша кнігу наконт уфалогіі я не чакаў! У кнізе ідзе раз- мова пра розныя загадкавыя з'явы, якія адбываюцца ў свеце і не пад- даюцца разуменню чалавека: фено- мен НЛА, палтэргейст, які ў асабліва жорсткай форме назіраўся ў Барысаве Талачыне. У 1991 годзе раённая га- ета расказала аб неверагодным, што адбывалася ў сям'і жыхаркі Талачына настаўніцы В.М. Капышкі. Адвольна расчыняліся дзверы. Рухаліся рэчы, ляталі падушкі, сумкі, абутак, бутэль- кі... Нябачная сіла задзірала дываны на падлозе, сцягвала коўдру са старога бацькі Валянціны Міхайлаўны... Анатоль Шнэйдар прысвячае кнігу 90-годдзю Фелікса Зігеля - вы- данага матэматыка, астранома, пер- шага савецкага ўфолага, які пачаў сур'ёзнае - вывучэнне неапазнаных лётных аб'ектаў без містыкі і падману! У кнізе прыводзяцца паказан- ні відавочцаў: ваенных і грамадзянскіх асоб, паліцэйскіх "пілотаў, маракоў, касманаўтаў... Так у творы ідзе гавор- ка пра тое, што ўсесаюзная ўфала- гічная асацыяцыя была афіцыяльна загэгістравана ў міністэрстве юсты- цыі СССР! Яе старшынём быў абра- ны паважаны ў краіне чалавек лётчык - касманаўт П. Паповіч, у многіх рэгі- ёнах былі створаны і ўключыліся ў актыўную працу аддзяленні асацы- яцыі, у тым ліку і ў Беларусі. На адным з семінараў па ана- мальных з'явах, які праходзіў у Ма- скве, разглядаліся таямніцы тунгуска- га метэарыта, кантакты з прадстаўні- камі незямных цывілізацый і палтэр- гейст, снежны чалавек... Удзельнічалі ў ім больш за сто вучоных... У выданні выкарыстаны матэ- рыялы друку айчынных, замежных СМІ і асабістых расследаванняў! Наклад кнігі толькі 180 асобнікаў... Яна разлічана на масавага чытача і з'яўляецца навукова-папулярным выданнем!
І сёння мы вымушаны сказаць, што навука павінна не замоўчваць неверагодныя з'явы, не адмаўляць іх, а сур'ёзна іх вывучаць. Іншага не дадзена.
Пра аўтара. Нарадзіўся Анатоль Анто- навіч Шнэйдар 13 кастрычніка 1930 года ў вёсцы Парэчча Талачынскага раёна Віцебскай вобласці ў сям'і сельскіх інтэлігентаў. У 1951 годзе Анатоль закон- чыў Аршанскі тэхнікум чыгуначнага транспарту, атрымаў спецыяльнасць тэхніка руху і званне тэхніка-лейтэ- нанта. Пяць год працаваў на Пермскай чыгунцы. Потым, з сям'ёй ужо, вяр- нуўся на радзіму. У 1963 годзе скон- чыў аддзяленне журналістыкі Мен- скай вышэйшай партыйнай школы. Працаваў працяглы час у райкаме партыі, раённай газеце "Сцяг Ільіча", на раённым радыё. 3 1991 года член Саюза журналістаў СССР. У 1983 годзе ў выдавецтве "Беларусь" выйшла яго кніга "Талачын. Гісто- рыка-эканамічны нарыс". Шнэйдар з'яўляўся членам камісіі па стварэнні кнігі "Памяць. Гісторыка-дакумен- тальная хроніка Талачынскага раёна".
Аляксей Шалахоўскі, гісторык, журналіст.
Памяці Ірэны Стасевіч-Ясюковай
21 сакавіка 2011 года памерла доктар габілітаваны, прафесар Варшаўскага ўнівер- сітэта, кіраўнік Камітэта гісторыі навук і тэхнікі Польскай акадэміі навук, аўтарка шматлікіх публікацый Ірэна Стасевіч-Ясюкова. Нарадзілася ў Лідзе (1929?), адукацыю даатрымала ў Беластоку. Як прафесар Поль- скай акадэміі навук і Варшаўскага ўніверсітэта ўсё навуковае і даследчае жыццё звязала з Вар- шавай. Была ганаровым амбасадарам Падлесся ў Польшчы і за мяжой. Як гісторык навукі займалася пераважна 18-м стагоддзем. Пад яе рэдакцыяй выйшла манументальная праца "Уклад піяраў у навуку і культуру ў Польшчы XVII-ХІХ ст." Прафесар Ірэна Стасевіч-Ясюкова з мужам Ежы Ясюком (Ежы Ясюк працаваў дырэктарам Музея тэхнікі ў Варшаве) сабрала найвялікшую ў Польшчы праз многія гады калекцыю пісанак (каля 2000 штук). Пра пісанкі, фарбаванкі, крашанкі, накляянкі, авяянкі, накрапянкі ведала, здаецца, усё. Калекцыя пачалася ад пісанкі, якую падарыў будучы муж, а зараз 1200 штук экспанатаў калекцыі вы- стаўлены ў асобным будынку ў Цеханаўцы. Выдала шэсць томікаў кніжак пра пісанкі, падрыхтавала сёмы, прысвечаны найрадчэйшым экзэмплярам. Заразіла ахвотай да збірання пісанак многіх сваіх дактарантаў. Ірэна Стасевіч-Ясюкова была шчырым сябрам Беларусі, пачынаючы з 1992 года пастаянна наведвала Ліду і Беларусь. Супра- цоўнічала з мясцовымі грамадскімі арганіза- цыямі, у першую чаргу з Таварыствам поль- скай культуры на Лідчыне, а таксама з ТБМ. Заснавала гістарычна-біяграфічную серыю "Знакамітыя палякі Лідчыны", але кнігі, якія выходзілі ў гэтай серыі былі пра ўраджэнцаў Лідчыны і Беларусі. Пачынаючы з 3-й кнігі пані Ірэна пастанавіла, каб кніжкі выходзілі на польскай і беларускай мовах, дзякуючы чаму шырокаму беларускаму чытачу сталі даступ- ныя біяграфіі многіх выбітных лідзян. "Наша слова" друкавала (цалкам ці часткова) творы з гэтай серыі пра Станіслава Баніфацыя Юндзіла, пра гербарыі Элізы Ажэшкі, пра Мацея Догеля, Казіміра Нарбута і інш.
Пахавалі Ірэну Стасевіч-Ясюкову 30 сакавіка ў Варшаве.
Вечная памяць слаўнай лідзянцы.
У Вільні ўсталявана шыльда ў гонар кс. Адама Станкевіча
Намаганнямі старшыні Таварыства беларускай культуры ў Літве Хведара Нюнькі ў суботу 14 траўня на будынку былой Віленскай беларускай гімназіі была ўсталявана мема- рыяльная шыльда ў гонар святара і пакутніка ксяндза Адама Станкевіча. Гэта па ліку 10-я шыльда з тых, якія ў Вільні ўсталяваны дзякуючы Таварыству беларускай культуры Адам СТАНКЕВІЧ (22 снежня 1891/6 студзеня 1892, в. Арляняты, Ашмянскі павет, цяпер Смаргонскі раён - 29 лістапада 1949, Тайшэцкі р-н, Іркуцкай вобл.) - беларускі гра- мадска-палітычны дзеяч, выдавец, гісторык, публіцыст, літаратуразнавец, каталіцкі святар. Вучыўся ў Ашмянскай гарадской вучылішчы, скончыў духоўную семінарыю ў Вільні (1914), рымска-каталіцкую духоўную акадэмію ў Петраградзе (1918). Пасвечаны ў святары ў 1914. Адзін з заснавальнікаў і лідараў Хры- сціянскай дэмакратычнай злучнасці. 7.12.1944 быў арыштаваны савецкімі органамі НКУС (неўзабаве адпушчаны). 13.4.1949 арыштаваны другі раз, абвінавачаны ў антысавецкай дзейнасці. 31.8.1949 Асобай нарадай пры МДБ СССР асуджаны на 25 гадоў пазбаўлення волі.
Шаноўныя сябры, ідзе падпіска на другое паўгоддзе 2011 года. У каталогу інфармацыя пра газету знаходзіцца на ст. 88. Цана не вырасла. Газета мае добры рэдакцыйны партфель і плануе для друку тэксты самых розных матэрыялаў, з рознымі поглядамі і падыходамі, у тым ліку і адрознымі ад пазіцыі рэдакцыі. Мы будзем працягваць друк мовазнаўчых і гістарычных матэрыялаў у выкладанні тых аўтараў, якіх вы не знойдзеце на старонках іншых выданняў. Кожны нумар "Нашага слова" - гэта далікатны і свежы зрэз сучаснасці і мінуўшчыны, а ў некаторых выпадках спроба заглянуць у будучыню. Мы не стараемся навязваць чытачу сваю думку ці погляды. Мы падаём факты. Чытайце, даведвайцеся, думайце. Будзьце з намі, і вы будзеце з усёй Беларуссю.
Мая любімая газета
Я люблю газеты. Не столькі іх чытаць, як праглядаць фотаздымкі і знаёміцца з матэрыяламі, якія там ёсць. З 2010 года штотыднёвым гос- цем у маёй паштовай скрын- цы стала "Наша слова", і я вельмі яе палюбіла: за цікавыя матэрыялы, а асабліва за тое, што яна ад пачатку да канца на беларускай мове. Калі я бяру ў рукі газету "Наша сло- ва", то адчуваю хваляванне: якія ж цікавыя весткі яна прынесла мне сёння? А весткі і праўда цікавыя. З газеты я даведалася, што гучыць у сельскім храме беларуская мова. І пра новы асяродак беларускай культуры ў Лідзе. І як адзначалі на Лідчыне юбі- лей Грунвальда. А яшчэ - пра юбілеі славутых людзей Бела- русі, пра цікавыя кнігі і да- следаванні. Цікавая для мяне таксама і перапіска ТБМ з рознымі ўстановамі і аргані- зацыямі. Столькі ў ёй заклапо- чанасці станам роднай мовы і жадання, каб яна жыла і рас- паўсюджвалася! А яшчэ я заўжды з цікавасцю перачыт- ваю спіс сяброў ТБМ, якіх віншуюць з днём народзінаў, шукаю там знаёмыя прозві- шчы і ў думках таксама жадаю гэтым цудоўным людзям зда- роўя і поспехаў. З абвестак я давед- ваюся пра імпрэзы ў Менску і крыху зайздрошчу тым вуч- ням, якія могуць іх наведаць і, напэўна, наведваюць. Калі б такія імпрэзы наладжваліся, напрыклад, у суботу або ня- дзельку каля поўдня, то і мы змаглі б наведаць. Але такога не бывае. Я з цікавасцю чытаю амаль штодня і беларускі на- родны каляндар, які быў зме- шчаны ў першым нумары за гэты год. Я думаю, вельмі лёг- ка і карысна даведвацца з яго пра народныя традыцыі і прыкметы. Для мяне ён на сёння - адзіны падручнік, па якім вывучаю досвед мінулых пакаленняў, даведваюся пра іх паўсядзённы клопат, пра іх спадзяванні і веру ў прыхіль- насць Бога і прыроды да іх працы. І Бог ім дапамагаў, і прырода ацаляла іх фізічныя сілы. Я веру ў гэта таксама, бо калі б было іначай, хіба выстаялі б яны ў часы прыгнёту, у часы варожых навалаў? Дапамога прыходзіла, бо не пакідалі верыць. Бо не адракліся ад найвялікшага скарбу - роднай мовы! Збераглі яе ад хцівых здрайцаў і хіжых захопнікаў. Аб гэтым варта паразважаць кож- наму з нас сёння. А больш за ўсё мяне радуе, калі я чытаю вінша- ванні, што дасылаюць у адрас любімай газеты і ТБМ сябры і прыхільнікі. А ўжо як рада- сна бывае пабачыць у газеце артыкулы маіх сяброў! Вельмі хацелася шчы- ра пажадаць любай газеце, каб яна жыла заўсёды, а кола яе чытачоў і прыхільнікаў толькі пашыралася! Каб нарэшце колькасць падпісчыкаў пера- сягнула тысячную адзнаку.
Лашкоўская Алена, сябра гісторычна- патрыятычнага клуба "Спадчына" м. Дварэц Дзятлаўскага раёна, вучаніца 5 класа.
Песні філаматаў і філарэтаў у Лідзе
28 траўня 2011 г. у 12.00 у Лідскім гістарычна-мастацкім музеі адбудзецца музычна- гістарычная імпрэза "Хай радасць з вачэй нашых блісне..." Песні філаматаў і філарэтаў". У праграме імпрэзы: песні, што спявалі віленскія студэнты амаль 200 гадоў таму; жывыя галасы А. Міцкевіча, Я. Чачота, І. Дамейкі і іншых філаматаў з іх лістоў, вершаў і ўспамінаў; кранальная гісторыя сяброўства, творчасці, кахання, выгнання і бессмяротнасці; актыўны дыялог музыкаў і ўдзельнікаў; прыемныя неспадзяванкі.
Шчыра запрашаем!
(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)
Леанід Лаўрэш
Паўстанне 1830 - 1831 гг. Да 180-х угодкаў
Далейшае развіццё паўстання на Літве
Асноўнае харчовае забеспячэнне рускай дзейнай арміі ішло з Літвы і таму паўстанне ў Літве моцна ўплывала на поспех баявых дзеянняў у Польшчы. З ліку 11 паветаў Віленскай губерні 9 кантралявалася інсургентамі, а праз нейкі час пад іх кантроль перайшлі і астатнія Свянцянскі і Брацлаўскі паветы. Пад поўным кантролем рускіх заставалася толькі 3 гарады - Вільня, Коўня і Відзы (тут аддзел палкоўніка Кахоўскага перашкаджаў пераходу горада інсургентам), але менавіта ў гэтых гарадах знаходзіліся галоўныя дзеячы паўстання.
У Менскай губерні паўстанне пачалося пазней чым у Віленскай - на пачатку красавіка з Дзісненскага і Вілейскага паветаў. Аднак пры набліжэнні 2-га Тэпцярскага казацкага палка, вілейскія інсургенты пад камандаваннем былога палкоўніка французскай арміі Радзішэўскага адышлі да Мядзеля, дзе занялі зручную пазіцыю ў лясістай і балоцістай мясцовасці. Аддзел папоўніўся і дасягнуў колькасці ў 3 000 чалавек пяхоты і 300 вершнікаў. Радзішэўскі меў нават артылерыю - адна шляхетная дама падарыла яму дзве 4-х фунтовых гарматы, якія былі закапаныя ў зямлі і чакалі сваёй пары з часоў апошняга падзелу Рэчы Паспалітай.
З трох гарадоў, якія кантраляваліся расейцамі найбольшае значэнне мела Вільня. Вызваленне Вільні, акрамя сімвалічнага, мела і вялікае практычнае значэнне: у горадзе былі сканцэнтраваны вялікія запасы зброі, амуніцыі, прадуктаў харчавання. Аднак штурм горада быў вельмі складанай справай бо залога Вільні складалася з 3 000 салдат рэгулярнай арміі і тым не менш інсургенты вырашылі штурмаваць горад. Аб'яднаныя сілы ўзначаліў камандзір упіцкіх паўстанцаў Караль Залускі - чалавек, які карыстаўся усеагульнай павагай і даверам, але не меў ваеннага досведу і неабходных ведаў. Быў выпрацаваны план, згодна з якім Залускі зрабіў наступныя распараджэнні: Віленскі павет павінен засяродзіць свае ўзброеныя сілы на вількамірскай дарозе, каля Мейшаголы, у адным пераходзе ад Вільні, Свянцянскі і Брацлаўскі паветы - на такой жа адлегласці ад горада, каля Няменчына, па дынабургскай дарозе, Ашмянскі павет - па менскай дарозе, нарэшце ўзброеныя сілы Трокскага, Вількамірскага і Панявежскага паветаў павінны былі засяродзіцца каля Еўя на ковенскай дарозе. Такім чынам спадзяваліся сабраць 16-20 тысяч чалавек на адлегласці 20-30 вёрст вакол Вільні а потым дзейнічаць па абставінах. Каб засцерагчы сябе звонку, ковенскім інсургентам пад камандай Прозара было даручана назіраць за расейцамі з боку Коўні і ахоўваць рачныя пераправы, вількамірцы павінны былі ўтрымліваць расейцаў з боку Дынабурга, а паўстанцы Жамойціі - з боку Курляндыі. Кожны аддзел зрабіў запас харчавання на 14 дзён і арганізоўваў забеспячэнне ўсім неабходным.
16 красавіка Залускі з аддзеламі з Трок і Панявежы, якімі камандавалі Агінскі, Матусевіч і Білевіч, пераправіўся цераз Вілію каля Чабішак і да вечара заняў пазіцыю недалёка ад Еўя. Тут сабралася да 3000 чалавек, з іх 150 вершнікаў, аднак толькі 1 000 была ўзброена стрэльбамі а 2 000 былі касінерамі. Расейскі камандуючы Храпавіцкі, атрымаў звесткі пра тое, што вялікая колькасць інсургентаў збіраецца на левым беразе Віліі і 18 красавіка выслаў туды толькі што вярнуўшагася з Ашмянаў палкоўніка Вярзіліна з 300 казакамі, дзвюмя ротамі Белазерскага палка і дзвюмя гарматамі. Інсургенты, даведаўшыся пра набліжэнне расейцаў, вырашылі атакаваць першымі. Залускі рушыў наперад з конніцай, а Білевіч ішоў за ім з пяхотай. Казакі заўважылі кавалерыю інсургентаў і імітавалі адступленне, прывёўшы такім чынам паўстанцаў да сваёй пяхоты і артылерыі. Сустрэтыя кулямі і карцеччу інсургенты адступілі. Білевіч паспешна заняў абарону каля паселішча Аўсянішкі і адкрыў моцны ружэйны агонь па расейцах. Вярзілін, пазбягаючы страт, загадаў запаліць паселішча, пасля чаго пяхота Білевіча адступіла з селішча ў лес. Казакі пераследавалі інсургентаў да лесу, пасля чаго вярнуліся ў Вільню. Пасля падыходу некалькіх свежых аддзелаў, інсургенты вырашылі ўмацавацца каля Аўсянішак, але ў гэты час ім стала вядома аб падзенні Ашмян і разгроме расейцамі паўстанцаў Прозара каля Коўні. Гэта інфармацыя прымусіла інсургентаў 24 красавіка адысці за Вілію.
У красавіку да Вільні падышлі рускія падмацаванні: 1-шы егерскі полк, 1-я і 2-я брыгады 1-шай уланскай дывізіі, Ладажскі полк. Для дзеянняў супраць інсургентаў з Пецярбурга даслалі план, сэнс якога быў у тым, каб выкарыстоўваць Вільню ў якасці базы, і дзейнічаць «як для ачышчэння найважнейшых шляхоў, так і для пераследу інсургентаў невялікімі рухомымі калонамі». Частка войскаў пад камандаваннем генерала Атрошчанкі павінна была ахоўваць Ашмянскі павет і дарогу на Менск і Гародню, іншая частка пад камандаваннем генерала Хілкова павінна была ўзяць пад кантроль дарогу на Пецярбург праз Відзы і Дынабург, а генерал Суліма са сваімі войскам павінен быў заняцца пацыфікацыяй Жамойці. Невялікія аддзелы планавалася выкарыстаць для "ачышчэння" наваколляў Вільні.
20-га красавіка з Вільні выступіў Атрошчанка з паўтара батальёнамі 11-га егерскага палка, эскадронам гусарскага эрц-герцага Фердынанда палка і 6-ю гарматамі, трохі пазней выйшаў генерал Шырман з аддзелам складзеным з 7-га і 8-га егерскага палка і 4 гарматамі. У кожным з гэтых аддзелаў было каля 1200 чалавек. Атрымаўшы звесткі, што інсургенты Пшаздецкага збіраюцца ў Вішнеўскіх лясах, Атрошчанка рушыў туды і 24 красавіка інсургенты не прымаючы бой адступілі ў густыя лясы да Рума. Аддзел Атрошчанкі, узмоцнены ўланскім Вялікага князя Міхаіла Паўлавіча палком, вырашыў дзейнічаць супраць паўстанцаў ў двух кірунках: з Бакштаў і з Валожына. Для гэтага ён рушыў палкоўніка Севасцьянава з 2-мя ротамі, эскадронам уланаў і 2-мя гарматамі праз Валожын, а частка уланаў і казакоў заступілі дарогу інсургентам на Бакшты. Севасцьянаў напаў каля вёскі Рум на інсургентаў (каля 2 000 чалавек). Пасля бою, страціўшы да 100 чалавек, інсургенты рассеяліся. Пузырэўскі пісаў: "галоўныя дзеячы паўстання ў Ашмянах альбо былі ўзятыя ў палон, або збеглі. Паўстанню ў Ашмянах быў нанесены рашучы ўдар".
Генерал Шырман, сустракаючы па шляху толькі невялікія аддзелы паўстанцаў, перш рушыў на Панявежу, адкуль, аднаўляючы па дарозе рускую адміністрацыю, пайшоў на Шаўлі, каб злучыцца там з войскамі генерал-губернатара Палена, якія ішлі туды з Мітавы. Залускі спрабаваў заступіць Шырману шлях на Шаўлі, але не змог гэтага зрабіць. Барон Пален выступіў з Мітавы з войскамі складзенымі з палкоў 4-й рэзервовай дывізіі (Неўскі, Сафійскім, Нараўскі, Капорскі, 2 эскадроны і 6 гармат) ў колькасці 2 000 чалавек. Разбіўшы паўстанцаў Тышкевіча і пад Янішкамі, паўстанцаў Херубовіча і Шаміёта, Пален 8 траўня злучыўся з Шырманам ў Шаўлях.
Войскі князя Хілкова (12-ы егерскі полк, і Сібірскі ўланскі полк з 8 гарматамі) выступілі 29 красавіка з Вільні да Вількаміра, дзе 30 красавіка разбілі інсургентаў каля Мейшаголы. Пасля гэтага ён рушыў да Свянцянаў але паўстанцы Барткевіча загадзя сышлі з горада і 7 траўня рускія войскі увайшлі у Свянцяны.
29 красавіка рускія войскі (Ладажскі пяхотны і два уланскія палкі) выйшлі з Вільні на Кейданы. На наступны дзень інсургенты Прозара разабралі мост цераз раку Нявяжу і спрабавалі не прапусціць войскі, але да вечара расейцы пераправіліся на другі бераг.
Генерал Суліма таксама выправіўся да Шаўлёў, каб прыняць у Шырмана вялікі транспарт з боепрыпасамі, прыведзенымі з Дынабурга. Залускі, дазнаўшыся пра набліжэнне рускіх, загадаў Прозару адысці да Бейсаголы і назіраць за рухамі непрыяцеля, сам жа сабраў злучаныя сілы і падышоў да Панявежы. 5 траўня сутыкнуліся з расейскімі войскамі і атрымалі паразу.
Пасля гэтага паўстанцы адмовіліся ад вялікіх бітваў з рускімі войскамі, было вырашана разысціся і падобна іспанскім гверыльясам, кожнаму весці на сваёй малой радзіме, цяжкую для расейцаў партызанскую вайну. Аднак сур'ёзныя сутыкненні не спыніліся.
Палкоўнік А. Пузырэўскі так апісаў сітуацыю якая склалася ў той час у нашым краі: «Падчас гэтых падзей у заходняй частцы краіны, г.зн. Жамойці, справы інсургентаў ва ўсходняй яе частцы, г.зн. ўласна ў Літве, былі не ў лепшым становішчы. Залускі, пасля вяртання…, знайшоў ва Ўпіцкім павеце поўную анархію і павінен быў заняцца перш за ўсё ўсталяваннем там хоць якога парадку. Тое самае было і ў Вількамірскім павеце... у Віленскім, Трокскім паветах засталіся ранейшыя камандзіры, якія працягвалі весці дробную партызанскую вайну. Ашмянскі, Свянцянскі і Барацлаўскі паветы ўтрымлівалі (расейцы - Л. Л.) Атрошчанка, Хілкоў і Кахоўскі. У Трокскім і Вількамірскім паветах захаванню парадку садзейнічалі калоніі рускіх раскольнікаў, філіпаўцаў… якія пасяліліся ў краіне яшчэ пры Жыгімонце Аўгусту».
У гэты час найбольшую ваенную моц мелі інсургенты Віленскага, Свянцянскага і Дзісненскага паветаў. Віленскія паўстанцы, пад кіраўніцтвам Радзішэўскага, базаваліся каля Мядзеля. Калі да іх далучыліся рэшткі ашмянцаў, раней разбітых каля Рума было вырашана зрабіць напад на Вілейку. 5 траўня інсургенты ўварваліся ў горад з двух бакоў, але там у гэты час знаходзіўся генерал Саф'янаў з двума рэзервовымі батальёнамі. Пасля бою паўстанцы адступілі да Глыбокага, каб злучыцца з паўстанцамі Дзісненскага павету.
9 траўня дзісненскія паўстанцы напалі на свой павятовы горад, руская залога пасля некалькіх стрэлаў адступіла, але праз тры дні падышоў палкоўнік Маркаў з 3-ма батальёнамі пры 2-х гарматах і зноў авалодаў Дзісной. Інсургенты вярнуліся ў Лужкі, дзе і злучыліся з Радзішэўскім. Такім чынам у гэтым месцы сканцэнтравалася каля 5-6 тыс. інсургентаў.
Між тым генерал Саф'янаў атрымаў падмацаванне - два эскадроны ўланаў, і 16 траўня яму ўдалося разбіць паўстанцаў Радзішэўскага. З-за наступу рускіх войскаў і набліжэння рэзервовай арміі графа Талстога, інсургенты вырашылі адыходзіць у Вількамірскі павет, каб быць бліжэй да мяжы. Каб падмануць рускіх, адна, лепш ўзброеная частка інсургентаў павінна была рушыць ў абраным кірунку, а другая, для дэманстрацыі - у Віцебскі павет. 19-га траўня абедзве калоны выступілі з Лужкоў. Меншая частка інсургентаў напала на Лепель, выцесніла адтуль залогу і паспрабавала падняць паўстанне ў Віцебскай губерні, але ўжо праз некалькі дзён была акружаная брыгадай 4-й гусарскай дывізіі генерала Каблукова і разбіта. Другая частка (2 500 чалавек)
24 траўня падышла да Віжунаў і ўз'ядналася з вількамірскімі інсургентамі. У гэтым раёне знаходзілася мноства дробных, добра ўзброеных і самастойна дзеючых аддзелаў паўстанцаў, але аб'яднацца пад агульным камандаваннем яны не змаглі. Вілейцамі працягваў камандаваць Радзішэўскі, у свянцянцаў і дзісненцаў Брахоцкі камандаваў пяхотай а Барткевіч кавалерыяй. Паўстанцы падзяліліся: 25 траўня Брохоцкі і Барткевіч рушылі насустрач польскаму генералу Гелгуду, і злучыліся з ім 12 чэрвеня. Паўстанцы Радзішэўскага некаторы час пераследаваліся расейцамі, але здолелі злучыцца з польскімі войскамі генерала Хлапоўскага каля Чабішак. З пяхоты Радзішэўскага былі сфармаваны 26 пяхотны, а з конніцы 12 уланскі палкі, пяхота двух іншых паветаў была далучаная да 19 пяхотнага палка, а з конніцы сфармаваны 10 і 11 уланскі палкі. Так сама трокцы, вількамірцы, упітцы і іншыя былі далучаны да войскаў Гелгуда. Усе гэтыя інсургенты павялічылі рэгулярныя войскі на 10-12 тысяч чалавек.
Сярод вількамірскіх інсургентаў да войскаў генерала Хлапоўскага далучыўся і аддзел знакамітай Эміліі Плятар - Жанны д'Арк паўстання 1831 г. Менавіта ёй Адам Міцкевіч прысвяціў верш «Смерць палкоўніка».
(Працяг у наст. нумары.)