Папярэдняя старонка: 2011

№ 24 (1019) 


Дадана: 27-06-2011,
Крыніца: pawet.net.



НАША СЛОВА № 24 (1019) 15 ЧЭРВЕНЯ 2011 г.



Асноўныя знатакі беларускай лацінкі - у міліцыі

Сп. У.У. Макею,

Кіраўніку Адміністрацыі

Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь,

220016, г.Мінск,

вул. К. Маркса, 38

Шаноўны Уладзімір Уладзіміравіч!

У ГА "Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны" прайшло грамадскае абмеркаванне актуальнага пытання "Беларускія прозвішчы лацінкай". Падчас гэтага абмеркавання высветлілася, што ў нашай краіне адсутнічае нарматыўны стандарт па перадачы беларускіх прозвішчаў сродкамі лацінскай графікі.

Між тым, у Беларусі ўжо ёсць досвед афармлення ўласных геаграфічных назваў лацінкай, што замацавана ў Інструкцыі па транслітарацыі геаграфічных назваў Рэспублікі Беларусь літарамі лацінскага алфавіту (зарэгістравана ў Нацыянальным рэестры прававых актаў Рэспублікі Беларусь 30.11.2000 № 8\4488).

Беларуская лацінка была зацверджана ў жніўні 2007 года на 9-й канферэнцыі ААН у Нью-Ёрку, у якасці міжнароднага стандарту для беларускіх геаграфічных назваў.

Прапануем пашырыць гэты досвед для афармлення беларускіх прозвішчаў лацінскімі літарамі ў пашпартах і іншых дакументах. Гэта спыніць разнабой у напісанні прозвішчаў і паспрыяе юрыдычнаму замацаванню і ўніфікацыі, а таксама падвысіць міжнародны прэстыж нашай краіны.

Табліца прапануемай транслітарацыі дадаецца.

З павагай,

Старшыня ТБМ Алег Трусаў.

Грамадскае аб'яднанне

"Таварыства беларускай мовы

імя Францішка Скарыны"

Аб транслітарацыі

У Міністэрстве ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь разгледжаны ў межах кампетэнцыі зварот адносна транслітарацыі імёнаў і прозвішчаў з выкарыстаннем літар лацінскага алфавіту.

Паведамляем, што напісанне ўстановачных дадзеных у пашпарце грамадзяніна Рэспублікі Беларусь (у тым ліку, у машынасчытванай зоне на 3-й старонцы вокладкі пашпарта) ажыццяўляецца ў адпаведнасці з міжнароднымі патрабаваннямі да машынасчытваных дакументаў.

Паводле раздзелу III Дакумента ICAO 9303 "Машынасчытваныя праязныя дакументы" запаўненне пашпартоў праводзіцца з выкарыстаннем шрыфтоў OCR-B стандарту ICO 1073-2.

Дадзеным стандартам прадугледжваецца выкарыстанне выключна 26 літар ангельскага алфавіту ад А да Z і 10 лічбаў ад 0 да 9. Выкарыстанне іншых сімвалаў (напрыклад, "С", "S", "U", "Z") не дапуcrаецца.

Іншыя дакументы, якія выдаюцца органамі ўнутраных спраў (пасведчанні кіроўцаў, пасведчанні аб рэгістрацыі транспартнага сродку і іншыя), запаўняюцца на падставе пашпарта грамадзяніна Рэспублікі Беларусь.

Начальнік Дэпартамента А.Ю. Бягун.

(Пераклад з рускай.)


Канферэнцыя "Упарадкаванне ўрбананімічнай прасторы Беларусі", якая была спланавана на 11 чэрвеня адбудзецца 17 чэрвеня, у пятніцу , з 11.00 па 17.00 па адрасе: Менск, вул. Румянцава, 13, сядзіба ТБМ (метро Пл. Перамогі).


Ford павярнуўся да беларускай мовы

Кампанія Ford паінфармавала аб рэалізацыі спецыяльнай канцэпцыі прамоцыі сваіх прадуктаў і сэрвісных паслуг у Беларусі. Канцэпцыя прадугледжвае выкарыстанне новых камунікацыйных інструментаў, уключаючы практычнае выкарыстанне беларускай мовы.

Паведамляецца, што тэмаю першай рэкламнай кампаніі Ford'у на беларускай мове стане якасць абслугоўвання ў фірмавым сэрвісным цэнтры. Кампанія заяўляе, што выкарыстанне беларускай мовы не абмяжуецца толькі рэкламнымі слоганамі, плакатамі і шчытамі - Ford дакляруе практыкаваць беларускую мову нароўні з расейскай у вусных кантактах са сваімі кліентамі.

Наш кар.


АТРЫМАНА ПАСВЕДЧАННЕ АБ СМЕРЦІ АНТОНА ЛУЦКЕВІЧА

Гэтымі днямі Маргарыта Пярова, унучатая пляменніца Старшыні Рады Міністраў і міністра замежных спраў Беларускай Народнай Рэспублікі Антона Луцкевіча, атрымала з аддзела запісу актаў грамадзянскага стану па г. Аткарску і Аткарскім раёне Саратаўскай вобласці пасведчанне аб смерці свайго знакамітага родзіча 23 сакавіка 1943 года.

У свой час у часопісе ARCHE былі надрукаваныя дакументы аб смерці Антона Луцкевіча на перасыльным пункце ў г. Аткарск, а ў кнізе яго твораў "Барацьба за вызваленне" (2009) - фотакопіі рапарту начальніка санітарнай часткі начальніку Аткарскага перасыльнага пункта аб смерці А. Луцкевіча і акт аб яго пахаванні. Аднак у некаторых даведніках да гэтага часу пішуць, што А. Луцкевіч памёр "каля 1946 г.". З дакумента, атрыманага Маргарытай Пяровай, вынікае, што запіс акту аб смерці Антона Луцкевіча за нумарам 390 ўчынены яшчэ 30 лістапада 1943 года. Гэты дакумент яшчэ раз сведчыць, што сынам Антона Луцкевіча (абодва ўжо не жывуць) у адпаведнасці з тагачаснымі інструкцыямі было выдадзена фальшывае пасведчанне аб смерці іх бацькі.

Трэба спадзявацца, што цяпер у даведачнай літаратуры і ў электронным каталогу Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі ў прыватнасці будуць паведамляць праўдзівую дату смерці аўтара акту 25 сакавіка.

Анатоль Сідарэвіч.


Падыход да 600-годдзя Грунвальда па-літоўску

Цяпер пасажыры самалётаў, якія падлятаюць да Вільні, змогуць з вышыні птушынага палёту прачытаць надпіс «Жальгірыс-600», які ўтвараецца са спецыяльна пасаджаных дрэў. Пасадкай 14 тыс. саджанцаў бярозы завяршылася акцыя, якая пачалася ў кастрычніку мінулага года пад Вільняй, калі школьнікі Літвы і суседніх дзяржаў у гонар 600-годдзя бітвы пад Грунвальдам (Жальгірысам) на плошчы 6 га высадзілі 7 тыс. елак. Дрэвы ўтварылі надпіс «Жальгірыс-600», даўжыня якога складае 551 м, а шырыня - 60 м.


УТВАРЭННЕ НАЗОЎНІКАВЫХ ВЫРАЗАЎ АД ДЗЕЯСЛОЎНЫХ

У нашай мове, як і ў іншых мовах, ёсць нямала выразаў, якія ўзніклі на аснове ўнутраных фразеалагічных рэсурсаў, склаліся на базе ўжо існых фразеалагічных адзінак. У такім разе можна і трэба асобна гаварыць пра ўнутры-фразеалагічны спосаб і яго шматлікія і разнастайныя працэсы ўтварэння новых фразеалагізмаў. Адзін з такіх працэсаў - утварэнне ад выразаў дзеяслоўнага тыпу суадносных з імі назоўнікавых фразеалагізмаў. Ён у пэўнай ступені збліжаецца з марфалагічным спосабам лексічнай дэрывацыі - самым прадуктыўным спосабам словаўтварэння. Так, у чатырох тамах ТСБМ пададзена каля 2000 назоўнікаў, утвораных ад дзеясловаў пры дапамозе суфіксаў ці нулявой суфіксацыі (валодаць - валоданне, аглядаць - агляд).

Падобную з'яву можна назіраць і сярод фразеалагізмаў. Тут таксама нярэдка новы выраз (назоўнікавы) фармуецца на аснове дзеяслоўнага ў выніку ўтварэння аддзеяслоўнага кампанента-назоўніка ад граматычна галоўнага слова; пры неабходнасці замяняецца і склонавая форма залежнага слова-кампанента: абіваць парогі - абіванне парогаў, зрываць маску - зрыванне масак, замятаць сляды - замятанне слядоў.

Супаставім ужыванне апошняй пары суадносных выразаў у межах двух суседніх сказаў: «Гэта ўжо было падобна на замятанне слядоў. А калі замятаюць сляды, тады, зразумела, пачынаюць нечага баяцца» (М. Лынькоў). Тут назоўнікавы дэрыват (замятанне слядоў) мае ўжо не дзеяслоўнае, працэсуальнае значэнне, уласцівае выразу замятаць сляды, а назоўнікавае, прадметнае, у сказе выступае не як выказнік, а як дзейнік ці дапаўненне, валодае не дзеяслоўнымі катэгорыямі трывання, часу, асобы і ладу, а назоўнікавымі - роду, ліку, склону, не спрагаецца, а скланяецца, - інакш кажучы, паводзіць сябе як звычайныя назоўнікавыя фразеалагізмы.

У двухтомавым «Слоўніку фразеалагізмаў» (2008) такіх назоўнікавых утварэнняў каля 90. Дадаткова два выразы, утвораныя гэтакім жа шляхам, былі апісаны ў «Нашым слове» (2010, 1 верасня): кіданне ценю (на каго, на што) , захворванне на пана. Пададзім яшчэ некалькі выразаў, узніклых у выніку аналагічнага працэсу.

Ператварэнне Саўла ў Паўла. Утвораны ад суадноснага дзеяслоўнага выразу і абазначае «рэзкая, дыяметральна супрацьлеглая перамена перакананняў, поглядаў, рашэнняў». «Я не веру ў ператварэнне Саўла ў Паўла, у тое, што выпрашаныя ва ўлады моўна-культурныя падачкі нешта зменяць» (В. Вячорка).

Спачыванне на лаўрах. Вытворны ад дзеяслоўнага «спачываць на лаўрах», мае значэнне «задавальненне дасягнутым і бесклапотнае правядзенне часу». «Пасля вайны герою-ветэрану было не да спачывання на лаўрах: трэба было адраджаць разбуранае ліхалеццем, вучыцца далей» (С. Кліменценка).

Станаўленне на ногі. Утвораны ад суадноснага дзеяслоўнага выразу і абазначае «пачатак вядзення самастойнага жыцця». « Ранейшыя пятнаццаць гадоў былі першым этапам у развіцці беларускай савецкай літаратуры, перыядам яе зараджэння, маленства, станаўлення на ногі» (М. Лынькоў).

Набіванне кішэняў. Вытворны ад дзеяслоўнага « набіваць кішэні», мае значэнне «абагачэнне (звычайна несумленным шляхам)». «... а атрымалі цара, які турбуецца пра свах сыноў і набіванне кішэняў сваім чыноўнікам» (В. Рымашэўскі).

Прывядзём яшчэ тры назоўнікавыя дэрываты, якія хоць і апісаны ў «Слоўніку фразеалагізмаў», але (па незалежных ад аўтара прычынах) пададзены або без апраўдальных ілюстрацыйных прыкладаў, або толькі з адной цытатай-прыкладам.

Адыход у лепшы свет каго, чый. Абазначае «смерць каго-небудзь», паходзіць з дзеяслоўнага выразу «адыходзіць у лепшы свет». «Адыход Антося Іосіфавіча ў лепшы свет з жалем успрынялі ўсе, хто яго ведаў і хто яшчэ пакуль застаўся на гэтым свеце» (В. Рагойша). «Сам ён [Алесь Емяльянаў] амаль не лекаваўся. Рыхтаваўся да адыходу ў лепшы свет не з-за таго, што там лепей, - проста ён не мог болей тут. Паэт, відаць, адчуваў, што смерць - гэта не канец, а пачатак» («Дзеяслоў»).

Навешванне лапшы на вушы каму, каго. Абазначае «імкненне падмануць каго-небудзь, падман», паходзіць з дзеяслоўнага выразу «навешваць лапшу на вушы (каму)». «За навешванне лапшы на вушы гледачоў панясуць адказнасць вельмі хутка ўсе, у тым ліку - і выканаўцы гэтай «брыдоты», і яе кіраўнікі» («ЛіМ»). «Каму ж патрэбна гэта хлусня, навешванне лапшы на вушы простым людзям?» («Нар. воля»).

Падзел (дзяльба) шкуры (скуры) незабітага мядзведзя. Абазначае «заўчаснае размеркаванне прыбытку ў яшчэ не зробленай справе», паходзіць з дзеяслоўнага выразу «дзяліць шкуру (скуру) незабітага мядзведзя». «Склалася ўражанне, што некаторых «апазіцыянераў» больш хвалюе падзел скуры незабітага мядзведзя» (Ю. Хадыка). «Без надзеі, без веры і нават спадзяванняў - атрымалі ўсё, што хацелі. Зараз жа - надзеі, спадзяванні, планы. Дзяльба шкуры незабітага мядзведзя» (С. Астравец).

Іван ЛЕПЕШАЎ.


На "капыльскіх пацехах" сумна не будзе

25 чэрвеня бягучага года вось ужо ў чацвёрты раз у Капылі пройдзе абласны фестываль гульні і гумару "Капыльскія пацехі". Асноўнымі арганізатарамі яго выступілі Менскі абласны выканаучы камітэт, Капыльскі райвыканкам і раённы аддзел культуры.

Арганізатары плануюць ажыццявіць асноўныя задачы гумарыстычнага свята: паказаць вялікую гульнёвую разнастайнасць, дзе кожны удзельнік свята абавязкова прыме ўдзел у розных гульнёвых праграмах і атракцыёнах.

На цэнтральнай пляцоўцы каля РЦК будуць выступаць болей за 20 калектываў і індывідуальных выканаўцаў гумарыстычных твораў з усёй Менскай вобласці. Акрамя гэтага, запрошаны і гасцявы калектыў з вёскі Спорава Бярозаўскага раёна Берасцейскай вобласці - тэатр народнага гумару "Спораўскі акалот".

Народны тэатр гульні і гумару "Капыльскія пацехі" рыхтуецца прадставіць сваю тэатралізаваную гульнёвую праграму "На гарышчы ў Агаты", на аснове баек К. Крапівы, прысвечаную 115-й гадавіне яго нараджэння. І ўвогуле ўвесь фестываль прысвечаны гэтай памятнай даце. Гонар Капыльшчыны будзе таксама абараняць гумарыстычны дуэт з Лоцвінскага СДК на чале з В. Шыманскай і С. Цвіркам, іншыя самадзейныя калектывы раёна.

У горадзе майстроў разгорнецца шырокая выстава сялянскага побыту і выстава - продаж ганчарных, драўляных, саламяных і іншых вырабаў і сувеніраў. Насупраць цэнтральнай пляцоўкі будзе працаваць так званы "пацешны шпіталь", дзе ўдзельнікі і госці свята змогуць паласавацца стравамі беларускай кухні і адначасова "палячыцца ад суму і дрэннага настро

Мікалай Малышчыц.


Першы анімацыйны фільм па гісторыі Беларусі - у тoп-10 на Youtube і топ-3 на Yandex!

Анімацыйны фільм "Будзьма беларусамі!" увайшоў у Toп-10 праглядаў на Youtube і топ-3 на Yandex. Фільм быў выкладзены ў адкрыты доступ адразу пасля прэс-прэзентацыі ў суботу, 28 траўня, на партале TUT.By. Цягам тыдня відэа стала хітом нумар адзін у байнэце.

Мяжа ў 100 тысяч праглядаў за месяц, прагназаваная пасля закрытага прагляду скептычнымі блогерамі, была пераадоленая ўсяго за 4 дні. Так першая прафесіянальная гістарычная анімацыя з цэнтральнай падзеі праекту БудзьмаTUT ператварылася ў адлюстраванне высокай патрэбы беларусаў у сучасных відах мастацтва на глебе нацыянальнай культуры.

Поспех відэа не абмежаваўся Беларуссю. На мінулым тыдні анімаваны ролік "Будзьма беларусамі!" працягваў трыумфальнае шэсце па прасторах глабальнага сеціва. На Youtube ролік увайшоў у топ-10 відэа, што абмяркоўваліся ў свеце найбольш, і ў рэгіянальныя топ-100 самых прагляданых, напрыклад, у Чэхіі і Польшчы. У тройку найлепшых на Яндэкс-відэа ролік трапіў ужо ў першыя дні пасля з'яўлення. Ролік "Будзьма беларусамі!" - цэнтральная падзея праекту БудзьмаTUT, але далёка не фінал. Працяг кампанія "Будзьма беларусамі!" абяцае зусім хутка!

Алесь Плотка, прэс-сакратар грамадскай культурніцкай кампаніі «Будзьма беларусамі!»


Тэкст, які гучыць па ходу фільма

Не было раней нічога, а цяпер усяго многа.

За гэта мы мусім падзякаваць Богу,

Ён ствараў наш свет у жанры фрыстайлу,

Прамовіў "Будзьма!", і Беларусь паўстала.

Іхтыязаўры і іншыя цмокі…

Мы напачатку ў акіяне моклі,

А потым пакінулі водныя нетры

І займелі мы назву "неўры".

Неўры здавён, ад першых вякоў

Пераўтвараліся ў ваўкоў -

Такая вось звычка была ў народа…

Жыцень, Пярун, Дажджбог і Кола Сварога -

У паганскіх багоў продкі нашыя верылі,

Але ўжо хрысціянства грукае ў дзверы ім.

Будзьма ведаць свой род,

шалёны народ, беларускі народ!


Год 862 ад нараджэння Хрыстова -

Пра Полацак першыя летапісныя словы.

Ў тым Полацку збудуюць сабор Святой Сафіі

(У свеце былі толькі тры такія).

Тамтэйшы князь Усяслаў Чарадзей

Быў чоткі персанаж, але слухай далей!

У Полацку жыла Еўфрасіння Святая,

Памяць пра яе ў стагоддзях не тае.

Для яе зрабілі знакаміты крыж

(Не проста супер, а супер-звыш),

Але ў апошнюю вайну артэфакт прапаў.

Такі вось, прабачце, мясцовы грааль.

Ідзем далей, не марудзім доўга.

Час надышоў князя Міндоўга.

І тут мы зацяміць мусім з табой -

Тады Беларусь называлі Літвой,

А дакладней - Вялікім Княствам Літоўскім

З гербам "Пагоня" і суперскім войскам.

Пакрочым далей сваім шляхам пыльным.

Князь Гедымін засноўвае Вільню.

Сон легендарны - ваўчара ў латах…

На Вікіпедыі пра гэта багата.

Будзьма ведаць свой род,

шалёны народ, беларускі народ!


Год 1362-гі.

Шчэрацца дзіды. Лунаюць сцягі.

Нашыя войскі ля Сіняй Вады

Разбілі трох ханаў Залатое Арды,

І Княства Літоўскае раптам - о-па! -

Зрабілася буйнейшай дзяржавай Еўропы.

Давайце далей разгортваць світак.

У Княстве Літоўскім княжыць Вітаўт.

Тэўтонскі Ордэн нам пагражае.

Пад Грунвальдам бітва ўсё вырашае.

Вітаўт з Ягайлам, польскім каралём,

Крыжакоў адправілі ў металалом.


Францішак Скарына - канкрэтны мажор.

Вучыўся не ў Полацку, а за мяжой.

І з гэтай навукай ён добра парадзіў -

Беларускую Біблію выдаў у Празе.

Вайскоўцы былі ў форме не горшай -

Паклалі маскоўскае войска пад Оршай

У 1514-м годзе,

Але годзе пра гэта, наперад мы пойдзем!

Хвілінны прыпынак - зараз і тут

Зацверджаны Трэці Літоўскі статут,

А пад Кіргхольмам разбілі шведаў,

Відаць, ты пра гэта раней не ведаў.

Будзьма ведаць свой род!


У Магілёве ў бітве апантанай

Сем тысячаў палегла акупантаў.

Якіх акупантаў? Ну, гэтых… З Усходу -

Прадстаўнікоў братняга расейскага народу.

Іх называлі яшчэ "маскавіты",

А мы ўжо ў Рэчы жылі Паспалітай -

Беларуска-літоўска-польскай дзяржаве -

І чамусьці суседзяў усіх раздражнялі.

Тры падзелы Рэчы Паспалітай -

Вось так - узялі нас і падзялілі.

Найбольшую частку з'ела Расея…

Сярод шляхты незадаволенасць спее.

На сцэне з'явіўся Тадэвуш Касцюшка.

Запомніць імя гэта трэба. Таму што

Тадэвуш канкрэтным быў рэвалюцыянерам -

У свабоду, роўнасць, братэрства верыў,

Змагаўся за гэта нават у Штатах,

Але рускі царызм яго кінуў за краты.

Будзьма ведаць свой род,

шалёны народ, беларускі народ!


Падчас напалеонаўскага землятрусу

З беларусамі біліся беларусы,

А ў 1863-м

Паўстанне ізноў пажарышчам свеціць.

Кастусь Каліноўскі, сын Беларусі

Ў роспачы быў, у гаркоце, у скрусе,

Падняў касінераў, смела біўся ў палях,

Але ў пятлі на Лукішках скончыў свой шлях.


Свет на мяжы ХХ стагоддзя.

Трэба падымаць культуру ў народзе!

Багушэвіч, Багдановіч, Купала і Колас,

Ластоўскі, Луцкевіч… Багата было вас!

Дзясяткі й дзясяткі выбітных імёнаў…

Але ўжо рэвалюцыя палае чырвоным.


Ну вось. У рэвалюцыйных жахах

З'яўляецца новая дзяржава.

Завецца прыгожа яна: БНР.

Яе ўтварэнне святкуем і цяпер.

Але раптам аднекуль - з дзіркі ад бубліка -

З'яўляецца іншая на табе рэспубліка.

Завецца ўжо не рамантычна яна -

Савецкая сацыялістычная.

20-я гады. Векапомны час.

Беларусізацыя пануе ў нас.

Пісьменнікі пішуць выдатныя творы,

Мастакі ў Віцебску заўсёды ў гуморы…

І гэтак было, пакуль не прыйшоў

Год 37-мы, крывавае шоў.

Але то шчэ была апраметная.

І вось пекла - Другая Сусветная.

Былі акупанты, былі партызаны,

Краіну ізноў на шматкі разгрызалі…

Ізноў беларусы з абодвух бакоў…

Ліецца кроў родных братоў.


Канец вайне! Здавай аўтамат!

І вось ужо ў небе ляціць касманаўт.

Машэраў, прамову сваю гавары!

Спявайце пра Яся гучней, "Песняры"!

Барыс Кіт, рабі вынаходкі ў НАСА,

А мы застанемся з краінай сам-насам.

Рэспубліка Беларусь - яе назва цяпер.

Прыняты сцяг, зацверджаны герб.

Спяваюцца песні, чытаюцца вершы…

Год 1991-шы…

Будзьма ведаць свой род!

Шалёны народ, беларускі народ…


На гэтым шматкроп'е. У рукі вам сцяг.

Хай кожны напіша ўласны працяг…

Будзьма

Ведаць свой род!

Шалёны народ, беларускі народ…

Будзьма ведаць свой род!

Шалёны народ, шалёны народ…


Аўтар словаў - Лявон Вольскі.


Духоўны ўзаемаабмен краінаў

Дні культуры Швецыі на Беларусі былі ў гэтым годзе насычанымі разнастайнымі падзеямі і ахапілі Менск, Полацк, Пінск і Берасце.

Пачаліся яны з удзелу шведскага этна-фольк гурта "Хэнінгарна" ў праграме Дударскага фэсту і сольнага выступлення калектыву ў Менску на сцэне Дома ветэранаў. Ён захапіў слухачоў вясёлымі бадзёрымі мелодыямі, пры слуханні якіх добра ўяўляліся шведскія прасторы і супольныя святы.

Выстава карыкатуры ў менскім Музеі сучаснага мастацтва "Сам-насам з Сусветам" была вельмі актуальнай, вобразы мастакоў адзначаліся вастрынёй думкі і клопатам пра стан прыроды. Падчас першага ў Беларусі круглага стала "Клімат і мастацтва", арганізаванага сумесна з каардынацыйным цэнтрам "Адукацыя для ўстойлівага развіцця" Міжнароднага дзяржаўнага экалагічнага ўніверсітэта імя А.Д. Сахарава, сваё бачанне праблемаў клімату прадставілі спецыялісты розных галін: экалогіі, адукацыі, мастацтва.

Яркім працягам выставы "Сам-насам з кліматам" сталі творчыя майстар-класы. Майстар-клас па карыкатуры пад кіраўніцтвам шведскай мастачкі Карын Сунвісан прайшоў ў Акадэміі мастацтваў. Мэтавай групай другога майстар-класа "Карыкатура. Комікс. Клімат" былі навучэнцы мастацкіх каледжаў. Падчас майстар-класа юныя творцы больш даведаліся пра змены клімату, пазнаёміліся з новымі цікавымі тэхнікамі малявання.

Новы музычны праект на вершы шведскіх паэтаў Кэнэта Клемеца, Крыстафера Леандаэра і Катарыны Фростэнсан пад назвай «Чара» прадставіў Зміцер Вайцюшкевіч і « WZ-Orkiestra". Акрамя пастаянных удзельнікаў аркестра ў выкананні песняў прынялі ўдзел Таццяна Грыцук (цымбалы) і курд Масуд Талібані, што надало новае гучанне музыцы. На прэм'еры прысутнічалі беларускія творцы - Генадзь Бураўкін, Уладзімір Някляеў, Андрэй Хадановіч, Алесь Пушкін і іншыя. Дзве песні праекта прысвечаны шведскім і беларускім мужчынам. "Шведскія мужчыны любяць бываць на прыродзе і лічаць за важнае клапаціцца пра экалогію",-сцвярджае ў вершах К.Леандаэр. "Адзін з такіх ідэальных мужчынаў-сп. Стэфан Эрыксан, які дапамагае будаваць культурныя масты музыкам і паэтам, сябраваць народам",- гаворыць з удзячнасцю Зм. Вайцюшкевіч. Другая, традыцыйная частка канцэрта « WZ-Orkiestra" была як заўсёды шчыра беларускай і сардэчнай.

Сёлета шведска-беларускія літаратурныя чытанні адзначылі свой юбілей - 10 гадоў. Яны прайшлі на філфаку БДУ. Каб прыняць удзел у юбілейнай імпрэзе, са Швецыі прыехалі вядомыя літаратары: Катарына Фростэнсан, Ула Лашму і Ульф Старк. Катарына Фростэнсан, сябра Шведскай Акадэміі з'яўляецца членам Нобелеўскага камітэта па літаратуры, адна з тых, хто вылучае кандыдатаў на Нобілеўскую прэмію. З беларускага боку свае творы прэзентавалі Алесь Пашкевіч, Аксана Спрынчан, Усевалад Сцебурака і Віктар Шалкевіч.

3 чэрвеня літаратурная вечарына адбылася ў Пінску ў Палесскім драматычным тэатры, а 4 чэрвеня ў Берасцейскім дзяржаўным абласным цэнтры юнацкай творчасці .

Эмацыйна узрушыў публіку выступленнем 3 чэрвеня ў малой зале Белдзяржфілармоніі Камерны хор Cвятога Юханэса. Удзельнікі шведскага хору жывуць у прыходзе Святога Юханэса ў Стакгольме. Калектыў быў заснаваны Карын Олдгрэн у 2002 годзе. У хоры спяваюць студэнты, юрысты, службоўцы, большая частка з іх мае высокую музычную адукацыю.

Па майстэрску віртуозна кіруе спевамі сп.Карын Олдгрэн. Яна навучалася ў Каралеўскім музычным каледжы па спецыяльнасці «Царкоўная музыка і арган», пасля 4 гады студыявала харавое і аркестравае дырыжыраванне. Таму за шэсць гадоў існавання хор адзначаны даволі шырокім і разнастайным спектрам выканання, пачынаючы з класічных араторыяў і традыцыйнай акапэльнай музыкі і да перформансаў і сцэнічных пастановак. Сярод тых, з кім супрацоўнічаў хор, можна ўзгадаць арт-дуэт Лісэ і Гетруда, саксафаніста Андэша Паўлсана, Готландскую школу кампазітараў, сімфанічны аркестр Про Музыка, Драматычны інстытут, а таксама спевакоў Еспера Тоба, Мікаэля Беліні і Маргарэту Бенгтсан.

На сцэне ў пастаноўцы сцэнічнай араторыі Карла Унандэр-Шарына "Дзея апостала" хор Святога Юханэса супрацоўнічаў з оперным рэжысёрам Хеленай Рор і харэографам Кларай Ніл'ін. У 2008 годзе хор узяў удзел у першым для сябе спаборніцтве - Міжнародным конкурсе імя Флейшмана, які адбыўся ў Корку (Ірландыя).

Хор выканаў духоўныя спевы «Sanktus», «Ойча наш», «Радуйся, святая царыца Марыя», мелодыі шведскіх і амерыканскіх кампазітараў В. Стэнхамара, О. Ліндберга, А. Раульсана, Г. Вільчкоўскага, Д. Лэнга. Публіка тройчы выклікала спевакоў на «біс». Па просьбе слухачоў 5 чэрвеня адбыўся дадатковы канцэрт шведскага хору ў Чырвоным касцёле.

Прыезд калектыву ў Менск стаў магчымы дзякуючы клопату сп. Стэфана Эрыксана і сяброўству хора з калегамі з творчага калектыву «Сonkordia".

Э. Дзвінская,

фота аўтара

На здымках:

1.Выступае хор Св. Юханеса (Швецыя);

2. Сп. С. Эрыксан і Г. Казіміроўская ( "Сonkordia");

3. На прэзентацыі супольнага праекта "Чара".


Калі за адраджэнне мовы, падтрымаем "Наша слова"!

Кожны нумар нашай газеты ў часы падпісной камісіі сустракае нас амаль такім жа заклікам. Але мы застаемся глухімі, рэакцыі амаль ніякай. Хутчэй, яна нават адмоўная. Прыкра і сорамна чытаць штоквартальныя справаздачы аб выніках падпіскі на "НС". Яны не цешаць. Колькасць падпісчыкаў вагаецца каля лічбы 1000 і ніяк не можа надзейна яе пераступіць. А быў жа час калі яна дасягала і 2000 экз. Да чаго ж мы дакаціліся, што рэдакцыя непрыхавана радуецца кожнаму асобніку газеты падчас сезоннага асенне-зімовага невялічкага павелічэння падпіскі?

Няўжо нас, сяброў ТБМ не хвалюе перспекты-ва страты нашай арганізацыяй такога важнага і так цяжка здабытага органа, нашага арганізатара. Страта газеты можа прывесці нават да спынення дзейнасці самога таварыства, асабліва яе регіянальных суполак. Яна ж мабілізуе, цэмантуе арганізацыю, інфармуе аб нашых справах у іншых суполках, падказвае і напамінае што рабіць на месцах. У рэшце рэшт не дае забыцца некаторым нашым сябрам, хто яны ёсць, што яны сябры ТБМ.

У чым прычына такога становішча? Можа, ужо колькасць сяброў нашага Таварыства рэзка зменшылася? Але ж, калі лічыць па віншавальных спісах з днём народзінаў сяброў ТБМ, то іх колькасць ці не ўдвая большая за колькасць падпісчыкаў. Ці можа гэта сябры "ліпавыя"?

Некаторыя скардзяцца, што выданне наша не вельмі цікавае і да т.п. Магчыма і так. Але у любым выпадку яно карыснае для нас, для настаўнікаў мовы, літаратуры, гісторыі, для краязнаўцаў.

Нельга тут не ўлічваць таксама вельмі сціплыя магчымасці рэдакцыі газеты, што не можа мець штат сталых супрацоўнікаў і матэрыяльных сродкаў. Нават дзіву даешся, як яна яшчэ і так існуе. Многія грамадскія аб'яднанні ўвогуле не маюць сваіх выданняў ці страцілі іх.

А зрабіць газету цікавейшай мы можам самі, калі пачнём у яе зацікаўлена пісаць. А пішам мы ў сваю газету мала. А маглі б абменьвацца інфармацыяй аб цікавых і карысных справах у сваіх раёнах.

Мяне вельмі здзіўляе тое, што ў 5-ці раёнах Магілёўскай вобласці увогуле няма падпіскі і ў 11-ці па краіне. І што нават у такіх буйных гарадах як Бабруйск, Слуцк, Салігорск, Светлагорск, Рэчыца, Жлобін, Орша, Барысаў выпісваюць ад 1 да 6-7 экз.

Лічу, што ў раённых арганізацыях ТБМ дрэнна мы прапагандуем нашу газету, альбо зусім аб гэтым не клапоцімся.

Па сваёй арганізацыі меркую. Калі зробіш напамін аб падпісцы, то колькасць падпісчыкаў узрастае ўдвая. Многія проста забываюць падпісацца.

Дарагія сябры ТБМ і іншыя неабыякавыя да роднай мовы! Вельмі спадзяюся што мы ўсё ж не дапусцім спаду падпіскі, а потым і даведзём яе да 4-х значнай лічбы, бо газета "Наша слова" была і застаеццца нашым найлепшым арганізатарам.

Сямён Бародзіч , старшыня Асіповіцкай раённай рады ТА "ТБМ

імя Ф. Скарыны".

Асэнсаванне Мірскага замка як своеасаблівага нацыянальнага сімвала беларускай дзяржавы

Мірскі замак ужо даўно ўспрымаецца як нашымі суайчыннікамі, так і нашымі суседзямі як своеасаблівы нацыянальны сімвал Беларусі. Аднак, адказ на пытанне аб тым, чым выклікана такая яго роля ў поўнай меры нельга атрымаць карыстаючыся толькі традыцыйнымі метадамі даследаванняў, якія цалкам знаходзяцца ў плоскасці рацыянальных падыходаў.

Зразумела, што аб'ект, які становіцца своеасаблівым нацыянальным сімвалам краіны павінен валодаць пэўным наборам якасцей, якія вылучаюць яго сярод астатніх аналагічных або падобных аб'ектаў. Таму, каб вызначыць якасці Мірскага замка як аб'екта - сімвала неабходна першапачаткова разгледзець гісторыю яго ўзнікнення, фармавання і пераўтварэнняў, вынікам якіх магло стаць яго сённяшнее значэнне.

За кропку адліку гісторыі Мірскага замка будзем браць 1522 - 1527 гг., абапіраючыся тым самым на грунтоўнае даследаванне В.В. Калніна і звесткі з афіцыйнага сайта разгляданага аб'екта.

У архітэктуры Мірскага замка і ў яго гісторыі знайшлі адлюстраваннс шматлікія архітэктурныя стылі: готыка (пачатак будаўніцтва замка), рэнесанс (мураваны замак быў ператвораны ў шыкоўны палац, да яго абарончых сцен былі прыбудаваны жылыя карпусы, якія набылі воблік класічных узораў італьянскага рэнесансу), барока (асноўная ўвага пры правядзенні работ надавалася інтэр'ерам).

З вышэй адзначанага выцякае, што для з'яўлення Мірскага замка неабходны былі як палітычныя, так і эканамічныя ўмовы. Для фармавання і развіцця дастаткова было толькі эканамічных складальнікаў. Надалей яго росквіт, або занядбанне не супадае з перыядамі эканамічнай стабільнасці, або нестабільнасці грамадства і прыктычна не залежыць ад знешніх умоў.

Да пачатку XIX ст. валарызацыя Мірскага замка насіла выключпа ўтылітарны характар: замак разглядаўся, выкарыстоўваўся і аднаўляўся толькі як аб'ект, які выконваў утылітарную фунцкцыю (абарончае збудаванне, прадмет гонару ўладальнікаў, іх рэзідэнцыя і г.д.).

З эпохі рамантызму пачынаецца каштоўнасная валарызацыя Мірскага замка. I бярэ яна свой пачатак са з'яўлення першай вядомай нам выявы аб'екта, выкананай Кануцыям Іванавічам Русецкім ў 1853 г. як загалоўнай ілюстрацыі да кнігі У. Сыракомлі "Вандроўкі па маіх былых ваколіцах" (дарэчы, цэлая частка згаданага выдання прысвечана і гісторыі мястэчка, і гісторыі ды лёсу Мірскага замка). Наступным праяўленнем каштоўнаснай валарызацыі аб'екта з'яўляецца артыкул У. Сыракомлі ў газеце "Kurier Wilenski" (№ 72 за 1860 г.) аб факце вандалізму ў дачыненні да Мірскага замка. Менавіта дзякуючы гэтаму артыкулу і намаганням паэта была спынена разборка барбакана на цэглу і яе продаж. Але ж захаваць барбакан так і не ўдалося, на сённяшні дзень ён прадстаўлены толькі рэшткамі фундаменту.

Наступны этап каштоўнаснай валарызацыі аб'екта звязаны з імем Напалеона Орды, беларускага кампазітара і мастака другой паловы XIX ст. 3 рамантычнай настальгіяй ён адлюстроўвае замкавую рэзідэнцыю Іллінічаў у Міры, дакладна прапісвае выгляд замка, былых гаспадарчых набудоў і былога саду.

У 1908 г. з'яўляецца першая польская паштоўка з выявай Мірскага замка і надпісам на польскай мове.

Далейшы лёс замка ўвогуле пакручасты. Замест канчатковага яго запусцення і разбурэння, пачынаецца паступовае аднаўленне аб'екта. Князі Святаполк-Мірскія паставілі ў замку ахову, каб прыпыніць разбор помніка на цэглу, а ў 1920-1930-я гады пачалі рэстаўрацыю вежаў замка і адбудавалі палову паўночнага корпуса, аднавіўшы інтэр'еры ў стылі 1930-х гадоў, аднаўленчыя работы на замку праводзіліся аж да смерці Міхаіла Святаполк-Мірскага ў 1938 г. Такім чынам, эпоха рамантызму зрабіла немагчымае - паклала пачатак аднаўленню Мірскага замка.

З эпохай рамантызму таксама звязана далейшае развіццё каштоўнаснай валарызацыі замка. У 1920-1930-я гг. XX ст. Мірскі замак фатаграфуе вядомы фатограф Ян Булгак. У 1927 г. з'яўляецца некалькі графічных лістоў работы Язэпа Нарцысавіча Драздовіча, беларускага мастака, скульптара, прысвечаных Мірскаму замку. Перыяд пачатку XX ст. звязаны таксама з правядзеннем першых даследаванняў на замку. Яшчэ ў 1912 г. маладым археолагам Юзафам Ядкоўскім было зроблена падрабязнае гістарычна-архітэктурнае апісанне, планы, фотаздымкі і замалёўкі замка.

Аднак канец рамантызму і гістарызму паклала Другая Сусветная вайна, якая абярнулася катастрофай і асабіста для гаспадароў Мірскага замка, і для краіны ў цэлым. У 1942-1944 гг. нямецкія ўлады арганізоўваюць у замку яўрэйскае гета.

У савецкі час у дачыненні да Мірскага замка назіраўся працэс эскалацыі яго паступовага разбурэння і раскрадання. Першыя эпізоды з шэрагу такіх падзей, як бы варварскі яны не выглядалі, можна, калі не апраўдаць, то хаця б зразумець. Рабаўніцтва рухомай маёмасці ў 1939 г. можна аднесці да катастрофы Другой Сусветнай вайны. Цяжка вінаваціць людзей, якія, знайшоўшы ў замаку часовы прытулак пасля знішчэння ў 1944 г. драўлянай забудовы Міра, адбудоўваліся як маглі і скарыстоўвалі на гэтыя патрэбы некаторыя матэрыялы і вырабы з замка.

Аднак, нягледзечы на складаны савецкі перыяд у гісторыі Мірскага замка, ён таксама адзначаны працягам каштоўнаснай валарызацыі аб'екта: упершыню з'яўляецца грунтоўнае апісанне Мірскага замка, якое ажыццявіў архітэктар Анатоль Міцянін у 1948-1954 гг. Ён у далейшым абараніў кандыдацкую дысертацыю па архітэктуры разгляданага аб'екта.

Пачынаючы з 1970-х гг. каштоўнасная валарызацыя помніка значна ўзрастае, на замку праводзіцца шэраг археалагічных даследаванняў.

У 1987 г. аб'ект быў перададзены на баланс Дзяржаўнага мастацкага музея БССР (зараз Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь), пачынаецца яго рэстаўрацыя і аднаўленне.

З перыядам станаўлення Рэспублікі Беларусь як незалежнай краіны, звязана ўзнікненне цікавасці да папулярызацыі Мірскага замка, як аднаго з сімвалаў беларускай дзяржавы і гісторыі беларускага народа. У 1992 г. з'яўляецца першая беларуская марка з выявай разгляданага аб'екта, у далейшым ён знаходзіць адлюстраванне і на іншых відах філатэлістычнай і філакартычнай прадукцыі. У тым жа 1992 г. у адноўленай паўднёва-заходняй вежы была адкрыта музейная экспазіцыя, што дазволіла Мірскаму замку прыняць першых турыстычных наведвальнікаў.

Па выніках рэстаўрацыйных работ 1993 г. Мірскі замак быў узнагароджаны дыпломам заслугі "EUROPA NOSTRA", што дало яму магчымасць атрымаць вядомасць за межамі краіны ў якасці аднаго з лепшых архітэктурных аб'ектаў Еўропы.

У 2000 г. названы аб'ект уключаны ў Спіс сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны ЮНЭСКА.

З вышэй адзначанага выцякае, што стылістычныя плыні і кірункі, успрынятыя нашым народам, яго менталітэтам, пакінулі на Мірскім замку максімальна выразны след. Тыя ж тэндэнцыі, што былі для беларусаў чужымі, не адлюстроўваліся на названым аб'екце наогул.

На думку аўтара, асэнсаванне Мірскага замка як аднаго з сімвалаў беларускай дзяржавы, адбылося дзякуючы інфармацыйнай і гістарычнай вартасці аб'екта для беларускага народа, наяўнасці ў яго адметных архітэктурных, мастацкіх, гістарычных, дакументальных вартасцей, выбітнага рэпрэзентатыўнага вобліку, які выклікае ў замежнікаў і суайчыннікаў асацыяцыі з нашай краінай, з'яўляючыся аданачасова яе візітовай карткай у свеце. I, як аб'ект - сімвал дзяржавы, Мірскі замак валодае пэўным наборам уласцівасцей: інфарматыўнасцю, атрактыўнасцю, экспрэсіўнасцю, рэпрэзентатыўнасцю.

Такім чынам, характэрнай асаблівасцю Мірскага замка як своеасаблівага сімвала беларускай дзяржавы, з'яўляецца не функцыянальнае прызначэнне аб'екта, а яго грамадская значнасць як помніка гісторыі і культуры, дакументальнага сведкі, знака, сімвала пэўнага факту, падзеі, з'явы ці працэса.

Алена Крэнь,

550 група ФІДК.


Не стала Ўладзіміра Конана

Выбітны філосаф і літаратуразнаўца, доктар навук Уладзімір Конан, прафесар пакінуў гэты свет у ноч на 6 чэрвеня. Ад 23 красавіка яму ішоў 78-ы год.

Уладзімір Конан - аўтар тысяч артыкулаў, дзясяткаў манаграфій, укладальнік некалькіх збораў беларускай літаратурнай і фальклорнай спадчыны, адзін з самых актыўных удзельнікаў нацыянальнага адраджэння краіны, актыўны сябар ГА "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны".

У 1987 Уладзімір Конан стаў удзельнікам першага "круглага стала" пра сталінізм у беларускім дзяржаўным друку ("Звязда", 12 снежня 1987). Ягонае значэнне бачыцца ў тым, што гэта адна з тых інтэлектуальных асобаў, якія фактычна звязалі час. Гэта была тая асоба, якая фактычна злучыла нас з такімі постацямі, як Абдзіраловіч і Суліма. Да Ўладзіміра Конана былі выдатныя літаратары, для якіх Беларусь была безумоўна важнай, Беларусь для іх была не толькі месцам жыцця, але і тым, што яны бязмерна любілі. Але для філосафа Конана, як потым для шмат каго з нас, Беларусь зноў ператварылася ў аб'ект мыслення, у праблему. Яна стала не толькі тым, што мы любім, але таксама тым, што падлягае асэнсаванню, што падлягае інтэрпрэтацыі, што ёсць важнай праблемай для ўсіх нас.


Памёр пісьменнік Павел Місько

На 81-м годзе жыцця памёр беларускі пісьменнік Павел Місько.

Павел Місько нарадзіўся 14 сакавіка 1931 года ў вёсцы Старцавічы (цяпер Знамя) Слуцкага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Скончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1955). Працаваў адказным сакратаром, намеснікам рэдактара давыд-гарадоцкай раённай газеты «Сцяг Леніна». У 1959-1964 гг. - уласны карэспандэнт газеты «Звязда» па Гарадзенскай вобласці, у 1964-1967 гг. - літсупрацоўнік «Сельскай газеты», у 1967-1971 гг. - загадчык аддзела культуры рэдакцыі штотыднёвіка «Літаратура і мастацтва», у 1971-1972 гг. - загадчык аддзела навукі і мастацтва часопіса «Полымя». З 1972 г. - загадчык рэдакцыі прозы, у 1976-1980 гг. - намеснік галоўнага рэдактара выдавецтва «Мастацкая літаратура». Сябар СП СССР з 1968 г.

Першае апавяданне апублікаваў у 1958 г. (альманах «Брэст»). Першы зборнік апавяданняў ("Калодзеж") выдаў у 1967 г. Аўтар раманаў "Мора Герадота", "Градабой", "Хлопцы, чые вы будзеце...". Шырокую вядомасць здабыў як аўтар дзіцячых кніг "Навасёлы", "Прыгоды Бульбобаў", "Грот Афаліны", "Прыйдзі, дзень-залацень" і інш.).

Пераклаў на беларускую мову паэму М. Гогаля «Мёртвыя душы», паасобныя творы У. Цендракова, У. Лічуціна, Я. Носава, В. Бялова, перакладаў таксама з украінскай, польскай і балгарскай моваў.


Пайшоў Віталь Сіліцкі

11 чэрвеня на 39-м годзе жыцця ад цяжкай хваробы памёр палітолаг Віталь Сіліцкі.

За некалькі гадзін да смерці яго наведаў святар.

Віталь Сіліцкі нарадзіўся 25 снежня 1972 года. Ён доўгі час узначальваў Беларускі інстытут стратэгічных даследаванняў (BISS).

Быў паслядоўным змагаром за беларускую мову.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX