НАША СЛОВА №28 (1023) 13 ліпеня 2011 г.
Зварот Таварыства беларускай мовы да маладых спецыялістаў
Паважаныя выпускнікі ВНУ і сярэдніх спецыяльных устаноў!
Сёлета, калі наша краіна адзначае 20я ўгодкі Незалежнасці, вы становіцеся на самастойны шлях у сваім прафесійным жыцці. Многія з Вас заканчвалі беларускамоўныя класы і школы, многія адстойвалі сваё канстытуцыйнае права навучацца на беларускай мове ў ВНУ і іншых вучэльнях.
Зараз мы звяртаемся да Вас: не цурайцеся роднай мовы Вашых продкаў, карыстайцеся словам Янкі Купалы і Якуба Коласа, Уладзіміра Караткевіча і Васіля Быкава ў сваёй прафесійнай дзейнасці. Ведайце: беларуская мова здольная паспрыяць дасягненню поспеху ў любой сферы. Кожны еўрапейскі бізнесовец ці навуковец не цураецца сваёй роднай мовы і штодня ёю карыстаецца.
Дык будзем жа годнымі еўрапейцамі ў сваім стаўленні да тысячагадовай мовы нашых продкаў!
6 ліпеня 2011 г.
Смакі Падляшша
У Беластоцкім музеі вёскі прайшоў вялікі фэст "Смакі Падляшша", на якім была прадстаўлена рэгіянальная кухня. Гасцей імпрэзы сваімі выступамі радавалі народныя калектывы не толькі Падляшша, але і Украіны.
Як адзначае кіраўнік Музея Артур Гавел, "Смакі Падляшша" гэта не толькі магчымасць пазнаёміцца з рэгіянальнай кухняй:
Гэта вельмі добрае месца для прэзентацыі рэгіянальнай кухні. Тут ёсць магчымасць не толькі выставіцца і прадаваць каўбасы, як гэта звычайна бывае ў горадзе на кірмашы, але ёсць магчымасць паказаць як гэтыя каўбасы вэндзяцца. У нас стаіць вандзарня, можна падысці і паглядзець, панюхаць. Гэта зусім іншая справа.
Падчас імпрэзы была магчымасць наведаць і сам Музей вёскі. Асаблівую цікавасць гасцей выклікала экспазіцыя, якая паказвала лясную фабрыку самагонкі. Кожны ахвотны мог пакаштаваць гатовы напой і паглядзець, як адбываўся працэс яго стварэння.
Кулінарная імпрэза адбылася ў Музеі вёскі ўжо ў трэці раз.
Наш кар.
150 гадоў з дня нараджэння Магдалены Радзівіл
«Лічу сябе беларускай, паходжання літоўскага,
як і муж мой, за польку сябе не прызнаю.»
Магдалена Радзівіл.
Княгіня РАДЗІВІЛ Магдалена (Марыя Ева МагдаленаЮзэфа Эльжбета Апалонія Кацярына, 8.07. 1861 - 1945), дзяячка беларускага культурнага руху, мецэнатка. Дачка Яна Казіміра ЗавішыКіжгайлы (1820 - 1887). Граф ЗавішаКіжгайла, які паходзіў са старадаўняга беларускага роду, вызначаўся патрыятызмам. Быў шырока вядомы як археолаг і этнограф. Імкнуўся прывіць дочкам любоў да роднай зямлі і сам з'яўляўся для іх прыкладам у гэтай справе. Неаднойчы браў з сабою Марыю Магдалену і яе старэйшую сястру Марыю Еву падчас наведвання вёсак, што размяшчаліся на яго землях. З жыхарамі гэтых вёсак (як, дарэчы, даволі часта і дома) размаўляў пабеларуску.
Пад уплывам бацькі Марыя Магдалена з маленства навучылася любіць свой народ і адчуваць сябе беларускай. Пасля смерці бацькі - спадчынніца яго маёнткаў у Беларусі і Вялікай Польшчы. Фінансавала беларускія выдавецтвы, у т. л. выдавецкае таварыства "Загляне сонца і ў наша ваконца", таварыствы цвярозасці, шпіталі, школы, вясковыя крамы, дапамагала М. Багдановічу выдаць першы зборнік вершаў "Вянок" і інш. Адкрыла беларускія школы ў Кухцічах (цяпер пас. Першамайск Уздзенскага рна), Уздзе, Каменцы. Пасля абвяшчэння беларускай мовы дзяржаўнай і абавязковай (12 красавіка 1918 г.) у Беларусі, за 2 месяцы ў яе 18 маёнтках справаводства перайшло на дзяржаўную мову. Яе маёнтак наведвалі В. Іваноўскі, І. і А. Луцкевічы, Р. Скірмунт, А. Уласаў і інш. Пасля 1917 г. у эміграцыі: Польшча, Літва, Германія, з 1932 г. у Швейцарыі, дзе і памерла. Напачатку эміграцыі спрабавала вярнуцца на Радзіму, але беларускія ўлады ёй не дазволілі. Расейцы шчыра не разумелі яе памкненняў, летувісы паважалі і нават узнагародзілі ордэнам «Вялікі крыж Гедзіміна». Еўрапейская арыстакратыя лічыла яе дзівачкай, што аддалася справе беларускіх мужыкоў, але Магдалена Радзівіл з годнасцю заяўляла: "Я - беларуска".
Беларусы ж заслужана лічаць і шануюць княгінюасветніцу Марыю Магдалену Радзівіл, якая верыла ў Беларусь як у Бога, адной з тых, хто складае гонар іх нацыі.
135 гадоў з дня нараджэння Алаізы Пашкевіч (Цёткі)
ПАШКЕВІЧ Алаіза Сцяпанаўна (15 ліпеня 1876, фальв. Пешчын пад Лідай, цяпер Шчучынскі раён - 5 лістапада 1916; Псеўданімы: Цётка; Крапівіха) - беларуская паэтка, грамадскі дзеяч, публіцыст.
Нарадзілася ў шляхецкай сям'і. Скончыла Віленскую прыватную сямікласную навучальню В. Прозаравай. Настаўнічала ў вёсцы. У 1902-1904 вучылася на вышэйшых адукацыйных курсах П. Лесгафта ў Пецярбургу, атрыманыя веды па медыцыне, гігіене, педагогіцы, батаніцы пасля паспяхова выкарыстоўваліся Алаізай у жыцці. У час вучобы А. Пашкевіч у Пецярбургу аформіўся і дзейнічаў гурток студэнтаўбеларусаў «Круг беларускай народнай прасветы», А. Пашкевіч была адной з яго ўдзельнікаў.
Тады ж пачалася і літаратурная творчасць А. Пашкевіч. У нелегальных выданнях гуртка - «Каляднай пісанцы» і «Велікоднай пісанцы» - былі змешчаны яе вершы «Мужык не змяніўся», «Музыкант беларускі», «Нямаш, але будзе». Курсаў П. Лесгафта А. Пашкевіч не скончыла, але здала экстэрнам экзамен за поўны курс пецярбургскай Аляксандраўскай жаночай гімназіі.
У 1904 А. Пашкевіч пераехала ў Вільню, дзе распачала актыўную прапагандысцкую работу, адначасова працавала фельчаркай у НоваВіленскай бальніцы. У 1904-1905 - дзеячка БСГ (Беларускай Сацыялістычнай Грамады).
У 1908-1909 А. Пашкевіч жыве ў Кракаве, вучыцца ў Ягелонскім універсітэце (да 1911). У эміграцыі выходзіць замуж за літоўскага інжынера С. Кайрыса. Прозвішча мужа дазволіла ёй зноў вярнуцца ў Беларусь, дзе ў 1914 яна пачынае выдаваць у Менску часопіс для моладзі «Лучынка».
У 1916 памёр бацька, і Алаіза паехала на яго пахаванне. У Лідскім павеце лютавала эпідэмія тыфу. А. Пашевіч засталася, каб дапамагчы хворым, але сама заразілася і памерла. Пахаваная ў Старым Двары пад Лідай.
Трэці погляд
У "Нашым слове" за 8 чэрвеня г.г. былі выказаны процілеглыя меркаванні пра стан беларускай мовы. Аптымістычны належаў ідэолагам з Піншчыны, песімістычны - прадстаўніку ТБМ. Дазвольце выказаць на гэты конт трэці погляд, з боку расіяніна, які даўно жыве ў вашай краіне, свабодна карыстаецца яе тытульнай мовай, асабіста знаёмы з яе носьбітамі, з любоўю і пяшчотай ставіцца да мовы сваёй нацыі, нядрэнна валодае ўкраінскай мовай.
Успрыняцце моў можа быць дваякім. Мова як сродак зносін прадугледжвае яе актыўнае выкарыстоўванне як у асабістым жыцці (у сям'і, сяброўскіх кампаніях і г.д.), так і ў грамадскім. Мовасувенір можа выкарыстоўвацца, а можа і не, у вузкіх мэтах, часам чыста дэкаратыўных. Увогуле, у чым прызначэнне любога сувеніра? Стаяць на месцы і не перашкаджаць. Калі на яго звернуць увагу добра, калі не - таксама нічога страшнага. Яскравым прыкладам мовысувеніра з'яўляецца латынь.
Як сувенір беларуская мова, можа, насамрэч, жыве і квітнее, як і сцвярджаюць пінскія ідэолагі, бо на ёй пішуць вершы і спяваюць. (Падобна "жыве і квітнее" лацінская мова: на ёй выпісваюць рацэпты.) Але як у сродка зносін яе становішча кастастрафічнае. Шкада, што многія гэтага не хочуць заўважаць.
Кожная мова - здабытак усяго чалавецтва, без любой з іх чалавецтва бяднее. Захаванне моў - не толькі суверэннае права народаў, але і іх АБАВЯЗАК перад цывілізацыяй. У Беларусі дзве дзяржаўныя мовы - значыць яе абавязак падвоены. У нас у Расіі карэнных моў больш за сотню - у столькі разоў адказнасць павялічваецца. Мовасувенір і мова як сродак зносін - не раўнацэнныя ўнёскі ў скарбонку сусветных здабыткаў.
Для захавання беларускай мовы як сувеніра ў апошні час многае робіцца, і гэта заслугоўвае ўхвалення. Але неабходна правесці кампанію па пашырэнні яе ролі і як сродка зносін. Варта мноства разоў нагадваць, што вусна можна размаўляць і пабеларуску (не толькі на літаратурнай мове, але і на дыялектах), на ёй можна пісаць і афіцыйныя заявы, і любоўныя пісьмы, гэтага не трэба саромецца, гэта абсалютна нармальна і прыгожа. Патрэбна прапаганда, з якой адзінкавым энтузіястам не справіцца, а вось ідэалагічным службам упаўне па сілах.
Ідэолагі правільна гавораць, што ніхто нікому не забараняе размаўляць пабеларуску. Толькі сама псіхалагічная сітуацыя гэтаму не спрыяе. Некалькі дзесяцігоддзяў, калі не стагоддзяў, у грамадстве - стыхійна або мэтанакіравана: пытанне спрэчнае і негалоўнае - падтрымліваўся стэрэатып непрэстыжнасці беларускай мовы. Былыя вяскоўцы, перабіраючыся ў мястэчкі і гарады, саромеліся свайго маўлення, стараліся загаварыць "правільна". А ў выніку часцей за ўсё атрымлівалася пародыя і на "гарадскую" мову, і на сваю вясковую. Моўныя працэсы ў грамадстве доўгі час застаюцца пушчанымі на самацёк. У выніку колькасць носьбітаў жывой гутарковай беларускай мовы пастаянна змяншаецца.
Чаму б, наадварот, мэтанакіравана не падтрымліваць захаванне самабытнай мовы, прыстасоўваючы яе і да гарадскіх умоў? Карацей кажучы, чаму б не кіраваць моўнымі працэсамі на карысць беларускай мовы пры поўнай павазе да тых, хто хоча размаўляць, чытаць і вучыцца паруску? Гэта было б проста цывілізавана. Дарэчы, як такое рабіць, сацыялагічная навука ведае.
Важнае значэнне ў гэтай справе мае чалавечы фактар. Некаторыя пасіянарыі вылучаюцца агрэсіўнасцю і максімалізмам, а гэта выклікае непрыяцце іхніх ідэй. Ёсць і такія "адраджэнцы", на якіх без слёз немагчыма глядзець. Як горача яны абараняюць сваю мову… за зачыненымі дзвярыма, у асяроддзі тых, каго пераконваць не трэба! Але ўжо за дзвярыма куды толькі выпараецца ўся іхняя гарачыня?
Я прынцыпова не магу пагадзіцца з тымі, хто ў сваім няўменні гаварыць пабеларуску вінаваціць Расію. Так, была імперская эпоха з сваёй ідэалогіяй. Але колькі часу ўжо мінула? Я ніводнага дня не вучыў вашу мову ў школе, але мне хапіла паўгода, каб на пустым месцы навучыцца свабодна размаўляць і пісаць на чужой для мяне мове. У іх пасля 11ці школьных гадоў яшчэ знаходзяцца нейкія апраўданні! Можа, не трэба падманваць сябе? Уся справа ў жаданні!
Я памятаю, што псіхалагічная сітуацыя ў грамадстве не на карысць беларускай мовы. Таму з вялікай пашанай стаўлюся да тых, хто не саромеецца выглядаць "белымі варонамі". Гэтыя людзі здзяйсняюць сапраўдны вычын. Іхні душэўны парыў трэба не глушыць, а выкарыстоўваць у дзяржаўным будаўніцтве. Агоў, ідэолагі! Які стваральны патэнцыял вы не выкарыстоўваеце, на якіх людзей не спяшаецеся абапірацца! Ды за такіх саюзнікаў варта было б трымацца зубамі!!! Або грамадскі дыялог - гэта не ваша праца?
Паспрабуйце зірнуць на моўную сітуацыю ў сваёй краіне вачыма расіяніна. Знешняе меркаванне часта бывае тым "халодным душам", якім не могуць стаць унутраныя погляды.
Расіянам многае падабаецца ў Беларусі: чысціня на вуліцах, дарогі, аграгарадкі, спартыўная база для аматараў…
Шчыра скажу: многіх, у тым ліку мяне, раздражняе гвалтоўнае ўціскванне ў плынь рускіх слоў слова "Беларусь", а не «Белоруссия», якое ў рускай мове нарадзілася і даўно стала яе неад'емнай часткай. Як перадаваць назву краіны на іншых мовах, для якіх што "Беларусь", што "Белоруссия" - усё адно знешняе, размова не ідзе. Мы ж не патрабуем пісаць пабеларуску назву нашай Радзімы праз "о" і з дзвюма "с": мы лічымся з традыцыямі вашай мовы. А вы са сваім статутам лезеце ў наш манастыр. Звонку гэта выглядае як гульня для маленькіх і павагі не прыбаўляе. Заўважце, у Еўропе ў гэтую гульню ўлезлі толькі Беларусь і Малдавія, усім астатнім хапіла самапавагі. Як засведчыў час, уключэнне слова "Беларусь" у рускае (дакладней, псеўдарускае, крэольскае) маўленне стала псіхалагічнай улоўкай для тых, хто здрадзіў беларускай мове, але хоча пры гэтым захаваць прыстойны выгляд. Пачын, на мой погляд, была абсалютна пусты.
Ну, пазахапляліся мае землякі беларускай рэчаіснасцю, а праз некалькі дзён пытанні ўсё ж узнікаюць:
А ў іх свая мова ёсць?
Быццам бы ёсць.
А чаму яе незаўважна?
Большасць на ёй гаварыць не ўмее, а пісаць і не думае.
А яны яе хоць у школе вучаць?
Вучаць.
А колькі гадоў?
Ну, колькі вучацца, столькі і вывучаюць.
І тут узнікае нямая сцэна, ну проста як напрыканцы камедыі Гогаля "Рэвізор". Захапленне чысцінёй, канешне, застаецца. Але на фоне непаразумення, здзіўлення і абурэння.
Некалькі месяцаў таму «Российская газета» з шкадаваннем адзначала, што ў беларускіх гарадах, у прыватнасці Магілёве, няма нават класаў з тытульнай мовай навучання.
У Расіі палічылі б псіхічна хворым чалавека, які, разважаючы пра родную мову, гаварыў бы: якая розніца, якой мовай карыстацца? Так, у вас дзве дзяржаўныя мовы, але адна з іх яшчэ і наша. А вось як "сувенірна" вашы ідэолагі ўспрымаюць уласна сваю мову, нам, баюся, гэтага ніколі не зразумець і не апраўдаць.
Мне прыходзілася прысутнічаць на некаторых афіцыйных беларускамоўных мерапрыемствах, пра якія гаварылі пінскія ідэолагі. Сказаць шчыра? Уражанне знешняга назіральніка: фарс. Са сцэны гаварыліся прыгожыя і пранікнёныя словы пра любоў да роднай мовы, але ні гледачы, ні арганізатары, ні нават удзельнікі паза сцэнай гэтай самай мовай, як правіла, не карысталіся. Якая ж дзіўная любоў! Мовусувенір яны, можа, і любяць, але ў якасці сродка зносін ва ўласнае жыццё яе не ўпускаюць, уцякаюць ад яе, як ад праказы.
Тое ж самае можна сказаць і пра выкладанне беларускай мовы. Мовасувенір на ўроках прысутнічае. А вось якасць выкладання яе як сродка зносін не проста недастатковая, а нездавальняльная! Калі большасць выпускнікоў на гэтай мове не могуць свабодна і зразумела выказаць свае думкі, весці на ёй размову, не адчуваюць у гэтым патрэбы нават у гутарцы з настаўнікам дадзенай мовы, то на што тады патрачаны вучэбны час? Няўжо цэлых 11 гадоў трэба, каб навучыць толькі ўстаўляць прапушаныя літары ў практыкаваннях? Гэта сведчанне непавагі настаўнікаў да свайго прадмета. За што ж яны малююць добрыя адзнакі?
Трэба мяняць не праграмы, падручнікі, методыкі, а саму псіхалогію адносінаў да гэтага прадмета. Правілы, практыкаванні, дыктоўкі - толькі сродкі яго засваення, тэставанне - сродак кантролю. Але мэтай яго выкладання можа быць толькі свабоднае маўленне гадаванцаў і патрэба іх у гэтым. Іначай над узроўнем мовысувеніра не ўзняцца.
Беларусаведы, не пазбаўляйце дзяцей практыкі вуснага маўлення пабеларуску ў зносінах з вамі - па сутнасці, гэта тое, за што вы атрымліваеце зарплату. Справа не ў тым, наколькі насычаныя ў вас урокі і колькі гадзін вы да іх рыхтуецеся, колькі часу правяраеце сшыткі, якія методыкі выкарыстоўваеце, якія папкі і стэнды ёсць у вашых кабінетах, якія пазакласныя мерапрыемствы праводзіце - усё гэта толькі сродкі. Не падмяняйце сродкамі мэту. Калі лічыце, што я пішу нешта дзіўнае, перачытайце ў любым падручніку педагогікі раздзел "Дыдактыка" - там напісана тое ж самае.
Увогуле, мне як прадстаўніку нацыі, для якой родная мова з'яўляецца сродкам зносін і адной з галоўных святыняў, цяжэй за ўсё ў вас зразумець псіхалогію настаўнікаўбеларусаведаў. На ўроках яны з замілаваннем распавядаюць пра любоў да роднага слова. А празвінеў званок - і дзе тая любоў, дзе тое слова? Што, роля выканана, "фініта ля камедыя"? Паверце, знешне гэта выглядае менавіта так - як няшчырасць і хлусня, нават калі даюцца добрыя "сувенірныя" веды. Падумайце самі: калі б фізрукп'яніца заклікаў вучняў да здаровага ладу жыцця, каго б кранулі ягоныя словы? Тут амаль тое ж самае.
Крэольская (змяшаная) мова, што распаўсюджана ў Беларусі, уяўляе сабою нешта сярэдняе паміж рускай і беларускай мовамі. Гэтая мова не спрадвечная, яна ўтварылася адносна нядаўна, дзякуючы распаўсюджанню адукацыі, імклівай урбанізацыі і пры некіруемасці моўнымі працэсамі. Крэолам зыходныя мовы бачацца прызначанымі толькі для высокіх слоў, а не для звычайнага маўлення. Вось і думаецца ім, што калі паруску і беларуску пішуцца вершы, то абедзве мовы квітнеюць і праблем з імі няма. Але для носьбітаў зыходных (спрадвечных) моў крэольскасць заўжды бачыцца з'явай трэцягатунковай, паказчыкам нізкага культурнага ўзроўню. Гэта не адносіны паміж дыялектамі і літаратурнай мовай, гэта штучнае змяшанне моў пры неразвітай культуры карыстання мовамі. Раю, найперш за ўсё ідэолагам, пагледзець на феномен крэольскасці звонку і самім зрабіць высновы.
Калі ў сярэдзіне 90х гадоў гаварылася, што руская мова ў Беларусі стала дзяржаўнай зза павагі да суседзяў, у Расіі гэта многім падабалася. Пазней пачалі афіцыйна гаварыць, што руская мова для беларусаў таксама родная. Як небеларус, ад каментараў устрымліваюся. Але адно пытанне і ў мяне, і ў многіх маіх землякоў застаецца: а дзе ж абяцанае двухмоўе? Чаму яно такое ж сувенірнае, як сувенірны рэальны статус адной з дзяржаўных моў? Інтэлектуальную эліту, уключаючы ідэолагаў, гэта не зневажае? Прабачце, зразумець не магу…
Я не спрабую вырашыць тыя праблемы, якія нікому, акрамя саміх беларусаў, вырашыць не ўдасца. Але на вобраз Беларусі ў Расіі моўны фактар уплывае. Расія на вышэйшым узроўні падтрымлівае ва ўсім свеце цікаваць да сваёй мовы і культуры - Беларусь нават ва ўласных межах не дае сваёй тытульнай мове хады далей за неабавязковую сувенірную ролю. Для нас, рускіх, патрыятызм і родная мова як сродак зносін нераздзельныя - у вас аказваецца магчымым іх раздзяліць.
Я згодны з беларускімі ідэолагамі, што не трэба адмаўляцца ад рускай мовы. На ёй напісаны шэдэўры сусветнай літаратуры, назапашана вялікая колькасць навуковай і тэхнічнай інфармацыі, яна гістарычна мае хаджэнне ў Беларусі. Але чаму адно абавязкова павінна прыніжаць другое? Навошта такая прафанацыя? Двухмоўе дык двухмоўе: толькі дзе яно? У Брэсце ёсць установа, якая так афіцыйна і называецца: "Баня "Лазня". Паспрабуйце зірнуць на сутнасць гэтай назвы вачыма знешняга назіральніка. Гэта што, узор або нават вяршыня двухмоўя? Проста смешна.
Для Расіі важна, як у ХХІ стагоддзі ўспрымаць сваіх суседзяў па СНД: як былыя калоніі або партнёраў. Мы самааддана шануем сваю мову, і нам лягчэй зразумець тых, хто шануе сваю. Заўважце: Украіне ніхто з сур'ёзных палітыкаў не прапаноўваў згубіць суверэнітэт "абласцямі", хаця там ёсць цэлыя вобласці, дзе гістарычна пануе руская мова, але і ўкраінскую не забываюць. Вы самі зрабілі непазбежнымі такія прапановы, а потым за іх крыўдзіліся. Ідэолагам варта было б над гэтым задумацца.
Калі беларуская мова не патрэбна вам, то яна патрэбна нам. У расійскіх універсітэтах (Уральскім, Іркуцкім, Бранскім і інш.) яна нават выкладаецца. Таму захавайце яе хаця б дзеля нас.
Магчыма, недзе ў маіх выказваннях прысутнічала рэзкасць. Але гэта погляд не знутры, а менавіта звонку. Прыміце яго як дадзенасць.
З павагай, Уладзіслаў ЛУПАКОЎ, ураджэнец г. Чыты.
Шляхам Караля Вайтылы
Штомесячнае паседжанне клуба маладых хрысціянскіх літаратараў было прысвечана веры і творчасці Яна Паўла II. Прысутныя прагледзелі змястоўную прэзентацыю пра жыццёвы шлях і літаратурныя творы К. Вайтылы, яго захапленне філалогіяй, паэзіяй і тэатрам. Былі ўзгаданы яго п'есы "Ёў", "Ерэмія", зборнікі вершаў "Славянская кніга" (1938), "Каханне і адказнасць" (1960), цыклы паэзіі " Вігілія Пасхі" (1966), зборнік "Паэзія і драма" (1986) і ншыя.
"Не бойцеся, адчыніце дзверы Хрысту!" такім быў дэвіз ў жыцці, душпастырскай працы, у творчасці Яна Паўла II.
Дыскуссія, арганізаваная Аляксеям Шэінам і Уладзімірам Гоманам паміж сябрамі клуба закранула яшчэ такую важную тэму: "Якой будзе хрысціянская літаратура на Беларусі праз 20 гадоў".
У дзейнасці клуба прымаюць удзел прадстаўнікі ўсіх канфесій і розных менскіх цэркваў. Іх думкі супалі ў тым, што хрысціянская літаратура будзе працягваць традыцыі Рыгора Барадуліна, інака Мікалая і іншых вядомых пісьменнікаў і паэтаў, будзе абапірацца на біблійную думку і выкарыстоўваць усе выразныя мастацкія сродкі, будзе разнастайнай і ўплывовай.
Пытанне станоўчага героя мусіць быць вырашана на сучасным матэрыяле. Будуць створаны кнігі для дзяцей і юнацтва, з захапляльным зместам, пакрыты недахоп літаратуры для дзяцей на беларускай мове, уяўляюць сабе будучыню маладыя адораныя паэты.
Хрысціянскія літаратары відавочна будуць гуртавацца вакол касцельных і царкоўных часопісаў і газетаў, такіх як "Наша вера"," Голас душы"," Крыніца", магчыма, арганізуюць свой літаратурны часопіс. Калі мы далучымся да Еўропы, то можна будзе пераняць лепшы досвед еўрапейскіх краінаў, дзе выдаецца больш сучаснай рэлігійнай літаратуры ў розных жанрах, напрыклад, у Польшчы, так мяркуе Зміцер Пятроўскі і іншыя сябры клуба хрысціянскіх літаратараў.
Вядомыя аўтары будуць размяшчаць свае нарысы, аповесці і раманы ў інтэрнэце.
Свае вершы на сустрэчы прачыталі Наталля Бордак з Нясвіжа, Алег Чудакоў з Менска, вучаніцы ліцэя БДУ Кацярына і Караліна. У паседжанні прыняў удзел ксёндз Чырвонага касцёла Валянцін. Ён падзячыў маладых паэтаў за цікавыя выступленні, пажадаў плёну ў творчасці, а галоўнае усім быць прыкладам хрысціянскага жыцця, выканання сваіх сямейных, бацькоўскіх і прафесійных абавязкаў.
Э. Оліна
Кожную беларускамоўную паперку з боем
Актыўны сябар ТБМ Ю.М. Магонаў звярнуўся ў ЖРЭА Савецкага раёна г. Менска са звычайным зваротам і папрасіў даць яму адказ на дзяржаўнай беларускай мове, а калі яму ў гэтым адмовілі зрабіў запіс у Кнігу заўваг і прапаноў. На запіс у Кнізе атрымаў ліст парасейску наступнага зместу.
Магонаву Ю.М.
вул. Цнянская, д. 5, кв. 39 г.
Мінск, 220100
Паважаны Юрый Мікалаевіч!
УП "ЖРЭА Савецкага раёна г. Мінска" на Ваш запіс у Кнігу заўваг і прапаноў прадпрыемства паведамляе наступнае.
Закон Рэспублікі Беларусь "Аб зваротах грамадзян" ад 06.06.1996 за № 407ХІІІ не рэгламентуе пытанне, якое тычыцца мовы пісьмовага адказу на зварот грамадзяніна.
Адсутнічае спецыфіка рашэння гэтага пытання і ва Ўказе Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 15.10.2007 № 498 "Аб дадатковых мерах па працы са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб".
У арт. 17 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь замацавана, што дзяржаўнымі мовамі з'яўляюцца беларуская і руская мовы.
Законам Рэспублікі Беларусь "Аб мовах Рэспублікі Беларусь" ад 26.01.1990 за № 309411 гарантуецца грамадзянам права карыстання нацыянальнай мовай. Паводле ч. 2 арт. 3 вышэйпаказанага закона рашэнне па сутнасці звароту афармляецца на беларускай або рускай мове.
Такім чынам, права выбару мовы адказу на пісьмовы зварот грамадзяніна належаць органу, які разглядае зварот, што паступіў да яго.
Галоўны інжынер прадпрыемства А.М. Самуйлік.
(Пераклад з расейскай мовы.)
Ю.М. Магонаў звярнуўся ў ТБМ з лістом наступнага зместу:
У ТБМ
ад Магонава Юрыя Мікалаевіча
Прашу паспрыяць у справе атрымання адказу на роднай мове ад УП "ЖРЭА Савецкага раёна г. Мінска на падставе паперы № 10М ад 19.05.2011 г.
Прашу прыняць адпаведныя меры па прадухіленні падобных з'яў.
23.05.11. (Подпіс.)
Старшыня ТБМ Алег Трусаў звярнуўся ў Адміністрацыю Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь:
Сп. У.У. Макею,
Кіраўніку Адміністрацыі
Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь,
220016, г. Мінск,
вул. К. Маркса, 38
Аб нежаданні дзяржслужбоўцаў
карыстацца дзяржаўнай беларускай мовай
Шаноўны Уладзімір Уладзіміравіч!
У ГА "Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны" звярнуўся Юрый Магонаў, які скардзіцца на тое, што галоўны інжынер прадпрыемства ЖРЭА Савецкага раёна сп. Самуйлік адмовіўся даць яму адказ на дзяржаўнай беларускай мове і вельмі своеасабліва тлумачыць "Закон аб мовах у Рэспубліцы Беларусь".
У сувязі з гэтым просім Вас растлумачыць сп. Самуйліку неабходнасць валодання і выкарыстання дзяржаўнай беларускай мовы, асабліва тады, калі да яго на гэтай мове звяртаюцца.
Было б добра, каб Адміністрацыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь распрацавала і выдала для ўсіх дзяржаўных службоўцаў інструкцыю аб неабходнасці аднолькава добра валодаць і карыстацца абедзвюма дзяржаўнымі мовамі.
Дадатак на дзвюх старонках.
З павагай,
Старшыня ТБМ Алег Трусаў.
Спадар А . Трусаў атрымаў адказ ад адміністрацыі Савецкага раёна :
Старшыні ГА "Таварыства
беларускай мовы імя Францішка
Скарыны"
Трусаву А.А.
220034, г. Мінск,
вул. Румянцава, 13
У адміністрацыі Савецкага раёна г. Мінска разгледжан Ваш зварот, накіраваны ў Адміністрацыю Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, і паведамляем, што пісьмовы адказ Магонаву Ю.М. на беларускай мове накіраваны.
Па сутнасці пытання лічым, што падрыхтоўка адказу на рускай мове, калі зварот накіраваны на беларускай мове, не пярэчыць заканадаўству Рэспублікі Беларусь.
Разам з тым, у адпаведнасці з артыкуламі 35 Закона "Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь" ад 26.01.1990 №• 3094ХІ лічым мэтазгодным накіроўваць адказы на звароты на той мове, на якой яны былі выкладзены.
У сувязі з чым з супрацоўнікамі УП "ЖРЭА Савецкага раёна г. Мінска" праведзена гутарка аб недапушчальнасці надалей падобных фактаў.
Намеснік кіраўніка адміністрацыі Л.В. Шыпай.
І нарэшце спадар Ю.М. Магонаў атрымаў адказ са ЖРЭА Савецкага раёна пабеларуску, праўда адказ адмоўны, але ўсё ж...
Магонаву Ю.М.
вул. Цнянская, д.5, кв.39
г. Мінск, 220100
Паважаны Юрый Мікалаевіч!
УП «ЖРЭА Савецкага раёна г. Мінска» на Ваш зварот па пытанні пастаноўкі дома на капітальны рамонт паведамляе наступнае.
На аснове распрацаванай праграмы па капітальнаму рамонту жыллёвага фонду УП «ЖРЭА Савецкага раёна г. Мінска» на перыяд 2005/2015 гады, зацверджанай адміністрацыяй Савецкага раёна г. Мінска, капітальны рамонт жылога дома № 5 па вул. Цнянскай да 2015 года не запланаваны.
Асноўнымі нарматыўнымі дакументамі, рэгламентыруюшчымі пастаноўку жылых дамоў на капітальны рамонт, з'яўляецца Тэхнічны кодэкс усталяванай практыкі (ТКП 451.04142005 (02250) «Тэхнічкая эксплуатацыя жылых і грамадскіх будынкаў і збудаванняў. Парадак правядзення».
Просім прабачэння за прычыненыя нязручнасці.
Дырэктар прадпрыемства А.А. Ярашэвіч.
Нешта ў нашай краіне не так , калі элементарную паперку з адмоўным адказам ад звычайнага ЖРЭА трэба атрымоўваць цераз Адміністрацыю Прэзідэнта. Хіба ў Адміністрацыі іншай работы няма? Хіба на ўсё гэтае ЖРЭА не знайшлося ні аднаго разумнага чалавека, каб вырашыць гэтае элементарнае пытанне самастойна? А мы ад іх хочам якасці абслугоўвання, якасці таго ж рамонту. Якая якасць, калі людзі элементарна непісьменныя.
У ЛIПЕНI ВЫСТАВА
БЕЛАРУСКІХ КНІГ І МУЗЫКІ на Румянцава, 13
ПРАЦУЕ Ў 17.0019.00 ШТОЧАЦВЕР
Даведкi па тэл. 80296154776
У краінах блізкага замежжа з'явяцца беларускія культурныя цэнтры
Беларускія культурныя цэнтры плануецца стварыць у краінах блізкага замежжа. Аб гэтым паведаміў журналістам намеснік міністра культуры Тадэвуш Стружэцкі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Упершыню ў дзяржпраграму развіцця культуры краіны на 20112015 гады ўключаны вялікі раздзел, які тычыцца працы з беларускім замежжам", сказаў Тадэвуш Стружэцкі.
Намміністра падкрэсліў, што беларусы, якія пражываюць за мяжой, гэта людзі, якія ствараюць імідж Беларусі ў свеце, якія гатовыя рэалізоўваць не толькі культурнаадукацыйныя, але і важныя эканамічныя праекты. У сумесных планах стварэнне грамадскіх арганізацый, фірм, удакладніў Тадэвуш Стружэцкі і выказаў надзею, што сувязі з беларусамі замежжа будуць захоўвацца. Таксама ён распавёў, што ідэя фэсту мастацтваў беларусаў свету, які праводзіцца ўпершыню ў рамках "Славянскага базару ў Віцебску", з'явілася вельмі даўно. Мэта падтрымаць беларускія аб'яднанні, што існуюць за мяжой, а таксама паказаць жыхарам Беларусі творчасць іх землякоў.
У фэсце прымаюць удзел больш за 230 прадстаўнікоў беларускай дыяспары. Гэта калектывы, асобныя выканаўцы, мастакі, майстры народных промыслаў, фотамастакі, празаікі і паэты беларускіх аб'яднанняў 12 краін свету: Арменіі, Казахстана, Кыргызтана, Малдовы, Галандыі, Латвіі, Літвы, Польшчы, Расіі, Украіны, Эстоніі і ЗША.
Таксама ў рамках фэсту 9 ліпеня ў Віцебску прайшло другое паседжанне Кансультатыўнай рады па справах беларусаў замежжа пры Міністэрстве культуры.
2-ая Міжнародная навуковапрактычная канферэнцыя: "100-годдзе Сталыпінскай рэформы самага масавага перасялення беларусаў у Прыбайкалле"
Іркуцкае таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага абвяшчае аб пачатку прыёму прац для ўдзелу ў 2й Міжнароднай навуковапрактычнай канферэнцыі, прысвечанай 100годдзю Сталыпінская рэформы самага масавага перасялення беларусаў у Прыбайкалле. Канферэнцыя адбудзецца 17 снежня 2011 г. у Іркуцку.
Кароткая гістарычная даведка
Сталыпінская аграрная рэформа рэформа сялянскага землеўладання ў Расіі, праходзіла з 1906 па 1917 гады, хоць падрыхтоўка да гэтай рэформы пачалася яшчэ ў 1902 годзе.
Названая па імені яе ініцыятара П. А. Сталыпіна. Дазвол выхаду з абшчыны на хутары (указ ад 9 лістапада 1906), умацаванне Сялянскага банка, прымусовае землеўпарадкаванне (законы ад 14 чэрвеня 1910 года і 29 траўня 1911) і ўзмацненне перасяленчай палітыкі (перамяшчэнне сельскага насельніцтва цэнтральных і заходніх раёнаў Расіі на пастаяннае жыхарства ў маланаселеныя ўскраінія мясцовасці Сібір, Далёкі Усход і Стэпавы край як сродак унутранай каланізацыі) былі накіраваны на ліквідацыю сялянскага малазямелля, інтэнсіфікацыю гаспадарчай дзейнасці сялянства на аснове прыватнай уласнасці на зямлю, павелічэнне таварнасці сялянскай гаспадаркі.
Асноўная маса сялян да рэформы паставілася адмоўна. За 190715 гг. у еўрапейскай частцы Расіі з абшчыны выйшла толькі 24% надзельных двароў. Але беларускія сяляне ўспрынялі рэформу як магчымасць набыцця зямлі на бязмежных прасторах Сібіры. Маючы вялікія сем'і (1217 дзяцей) і маленькія зямельныя надзелы, беларусы ўспрынялі заклік агітатараў аб перасяленні ў Сібір як выратаванне і магчымасць выжывання.
Па некаторых дадзеных ад 800 тысяч да 1,5 мільёна беларускіх сялян перасяліліся ў Сібір. Прыбайкалле таксама засялялася беларусамі ў вялікай колькасці. Узнікалі цэлыя анклавы размешчаных блізка адна да адной беларускіх вёсак. Так, па архіўных дадзеных, толькі ў Тулунскім раёне Іркуцкай вобласці з 157 вёсак, утвораных падчас правядзення Сталыпінскай рэформы, 124 вёскі ўтварылі беларусы. Беларусы ва Усходняй Сібіры ўнеслі велізарны ўклад у сельскагаспадарчае асваенне гэтага рэгіёна.
1. Асноўныя палажэнні канферэнцыі:
Мэта: збор і вывучэнне гістарычнага, этнаграфічнага, фальклорнага матэрыялу, а таксама фотадакументаў і прадметаў матэрыяльнай культуры, вывучэнне сучасных жыццёвых працэсаў беларусаў на тэрыторыі Усходняй Сібіры.
Задачы:
1. Аб'яднаць існы матэрыял аб перасяленні беларусаў у Прыбайкалле ў гады Сталыпінской рэформы.
2. Развіць больш цеснае міжрэгіянальнае і міжнароднае супрацоўніцтва ў галіне навуковага вывучэння пытання аб перасяленні беларусаў і іх ролі ў асваенні Усходняй Сібіры.
3. Стымуляваць вывучэнне пытання аб перасяленні беларусаў у Прыбайкалле сярод навукоўцаў і студэнтаў іркуцкіх і іншых ВНУ.
4. Падняць цікавасць да краязнаўчай працы настаўнікаў гісторыі і іншых спецыялістаў, якія вывучаюць гісторыю стварэння і развіцця сёлаў і вёсак Прыбайкалля, утвораных у Сталыпінскі перыяд.
2. Дата правядзення: 17 снежня 2011 г.
3. Удзельнікі канферэнцыі: навукоўцы, студэнты, краязнаўцы, гісторыкі, супрацоўнікі музеяў і бібліятэк і іншыя зацікаўленыя спецыялісты.
4. Парадак падачы работ: Тэксты ў электронным выглядзе і пісьмовыя заяўкі на ўдзел прымаюцца да 25 лістапада 2011 г. па адрасе: 664011, г. Іркуцк, вул. Чэхава, дом 2. Рэгіянальная грамадская арганізацыя "Іркуцкае таварыства Беларускай культуры імя Я.Д. Чэрскага" (ІТБК). Тэлефон: (3952) 201172, мабільны тэл.: 890 21706830. Email: malanka2000@mail.ru.
Аб'ём пісьмовых работ неабмежаваны, але даклад на канферэнцыі да 10 хвілін. Арганізатары пакідаюць за сабой права рэдагавання і скарачэння працы ў выпадку вялікага аб'ёму па ўзгадненні з аўтарам для публікацыі ў аднайменным з канферэнцыяй зборніку.
Пісьмовая заяўка падаецца ў адвольнай форме, але ў абавязковым парадку павінна адлюстроўваць тэму даклада, прозвішча, імя аўтара, у тым ліку яго вучоныя ступені, досвед працы ў гэтым кірунку, месца пражывання, вочная ці завочная форма ўдзелу ў канферэнцыі.
Работы, якія былі пададзены на 1ю Канферэнцыю, паўторна да разгляду не прымаюцца.
5. Кіраўніцтва і фінансаванне канферэнцыі. Усе арганізацыйныя пытанні, уключаючы аплату пражывання іншагародніх удзельнікаў канферэнцыі, бярэ на сябе арганізацыйны камітэт па правядзенні канферэнцыі. Праезд і харчаванне за кошт камандзіруючага боку.
6. Форма правядзення канферэнцыі:
а) Пленарнае пасяджэнне
б) Падвядзенне вынікаў за круглым сталом
7. Тэматыка работ:
а) Асноўныя этапы перасялення беларусаў у Прыбайкалле.
б) Беларускія перасяленцы і сельскагаспадарчае асваенне Усходняй Сібіры.
в) Роля чыгункі ў Сталыпінская рэформе.
г) Этнаграфія (кухня, адзенне, фальклор, прадметы побыту і г. д.).
д) Гісторыя населенага пункта, утворанага беларусамі ў Сталыпінскі перыяд.
е) Асоба Сталыпіна і яго роля ў перасяленні беларусаў.
ж) Узаемаадносіны беларусаў і мясцовага насельніцтва Прыбайкалля.
з) Сямейны партрэт у гісторыі (радаводы) і інш.
8. Парадак правядзення: Акрамя пленарнага паседжання і работы круглага стала будзе арганізавана канцэртная праграма з удзелам фальклорных калектываў ІТБК, якія выканаюць песні беларускіх перасяленцаў. Таксама для гасцей Іркуцка адбудзецца экскурсійная паездка на возера Байкал. Магчымыя і некаторыя іншыя экскурсіі.
9. Конкурс для студэнтаў: У рамках канферэнцыі будзе праведзены Конкурс для студэнтаў па тэме Канферэнцыі. Журы, у склад якога ўваходзяць прадстаўнікі асноўных ВНУ Іркуцка і некаторыя сябры Абласной Рады ІТБК, адбярэ лепшыя працы для публікацыі іх у зборніку. Таксама будуць прысуджаны прэміі: 1 ступені 2000 расійскіх рублёў, 2 ступені 1000 расійскіх рублёў, 3 ступені - 500 расійскіх рублёў.
10. Конкурс для школьнікаў: У рамках канферэнцыі будзе праведзены Конкурс для школьнікаў па тэме Канферэнцыі. Журы адбярэ лепшыя працы для публікацыі іх у зборніку. Таксама будуць прысуджаны прэміі: 1 ступені - 1000 расійскіх рублёў. 2 ступені - 500 расійскіх рублёў, 3 ступені - 300 расійскіх рублёў.
11. Праграма:
16 снежня: заезд.
17 снежня: 10-00 - 12-00 - пленарнае паседжанне.
12-00 - 12-30 - кавапаўза.
12-30 - 14-00 - пленарнае пасяджэнне.
14-00 - 15-00 - падвядзенне вынікаў за круглым сталом.
15-00 - 16-00 - абед.
16-00 - 17-30 - канцэрт фальклорных калектываў ІТБК, якія выконваюць песні беларускіх перасяленцаў Сталыпінскага перыяду.
18 снежня (для іншагародніх): 1000 - 1800 - экскурсія на Байкал.
19 снежня: ад'езд.
Паводле інфармацыі ІТБК імя Я. Чэрскага.
Сядзіба ТБМ у сотні адрасоў свабоды
У бібліятэцы Беларускай службы радыё "Свабода" выйшла кніга "Сто адрасоў свабоды".
«Сто адрасоў свабоды» - сто экспедыцыяў на выспы супраціву, дзе здабывалася незалежнасць Беларусі і працягваецца змаганне за свабоду. Кніга ахоплівае перыяд ад пачатку 1980х гадоў да 19 снежня 2010 года і можа служыць дапаможнікам будучым экскурсаводам, краязнаўцам і мясцовым уладам для ўсталявання мемарыяльных шыльдаў. Тры старонкі прысвечаны сядзібе ТБМ на Румянцава, 13 у Менску:
"Сядзіба Таварыства беларускай мовы, Менск, вуліца Румянцава, 13.
У гэтым доме з 1989 года месціццаТаварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны - масавае грамадскае аб'яднанне для прапаганды і пашырэння нацыянальнай мовы і культуры, дэмакратычных каштоўнасцяў.
На хвалі перабудовы пры канцы 1980х гадоў ідэя стварыць Таварыства беларускай мовы была з энтузіязмам падхопленая літаратарамі, мастакамі, навукоўцамі, настаўнікамі. Устаноўчы з'езд БНФ 25 чэрвеня 1989 году ў Вільні прыняў рэзалюцыю ў падтрымку стварэння Таварыства, а праз дзень - 27 чэрвеня 1989 года - у Менску прайшоў устаноўчы з'езд ТБМ, які выбраў першым старшынём арганізацыі яе ініцыятара паэта Ніла Гілевіча. У Таварыства запісваліся сотні, тысячы чалавек па ўсёй краіне.
Стаўленне дзяржавы да новага аб'яднання тады не было варожае. ТБМ імя Скарыны заняло офіс у самым цэнтры сталіцы.
I хоць у Менску Таварыства беларускай мовы ўсе дваццаць гадоў знаходзіцца ў адным і тым жа офісе, утрымацца ў ім было няпроста, - узгадвае гісторык Алег Трусаў, які кіруе ТБМ з 1999 года:
"У 1998 годзе ТБМ за даўгі выкінулі з гэтага офісу. Даўгоў нам дзяржава налічыла ў пераліку на даляры каля 15 тысяч. Апячаталі офіс. На трактары вывезлі ўсю мэблю, усе нашыя архівы закінулі ў нейкі вільготны падвал. Думалі, што ніхто туды больш не вернецца. Тым не меней тагачасны старшыня ТБМ Генадзь Бураўкін арганізаваў збор сродкаў за мяжой і ў Беларусі. Мы заплацілі і вярнуліся. Гэта ўнікальны выпадак для Беларусі, калі недзяржаўная арганізацыя вяртаецца ў свой офіс. Напачатку 2000х гадоў нас таксама хацелі выкінуць. У адказ мы сабралі 50 тысяч подпісаў грамадзянаў, і нас не выкінулі. Наша сядзіба таксама вытрымала некалькі нападаў прафашыстоўскіх арганізацыяў. Яны абмазвалі фарбамі нашую шыльду, малявалі свастыку. Мы не раз звярталіся ў КДБ, міліцыю выклікалі. Вядома, нікога не знайшлі. А аднойчы самі ўлады ў нас бомбу шукалі».
Але сапраўдныя цяжкасці пачаліся пасля рэферэндуму 1995 года пра мову і дзяржаўную сімволіку. Таварыства перажыло цяжкі крызіс.
Адрадзілася ТБМ і ўздыхнула з палёгкай у часе перапісу насельніцтва 1999 года. Высілкі актывістаў у прапагандзе мовы далі плён: дзве траціны насельніцтва назвалі беларускую мову роднай, 37 адсоткаў заявілі, што размаўляюць на беларускай мове. З гэтага моманту пачынаецца ўздым ТБМ, які працягваецца па сённяшні час", - кажа яго старшыня Алег Трусаў:
"Мы можам сабраць дзясяткі тысяч подпісаў, каб, напрыклад, загучала пабеларуску чыгунка. Усю чыгунку, усе электрычкі перавялі былі на расейскую мову. Калі я першы раз напісаў ліст кіраўніцтву чыгункі, мне сказалі, што купілі ў Маскве праграму, і «она побелорусски не понимает». Мы паслалі ім дзесяць тысяч лістоў грамадзянаў, прыходзіць нам ліст з паведамленнем, што праграма пачала «понимать». Яшчэ пяцьдзясят паслалі, і праграма не толькі «поняла», але і загаварыла.
Жыве мова - жыве народ."