НАША СЛОВА №32 (1027) 10 жніўня 2011 г.
КАНАНІЗАЦЫЯ Ў ЛІДЗЕ
Такога ў Лідзе не было ніколі. 4 жніўня ў лідскім Свята-Міхайлаўскім саборы адбыўся чын кананізацыі (далучэння да ліку святых). Спiс беларускiх святых папоўнiўся iмем святапакутнiка Кiпрыяна Клiмуца.
Кiпрыян Клiмуц, ураджэнец вёскi Альхова Гарадзенскага павету, служыў святаром у межах цяперашняй Наваградскай епархii. Чын кананізацыі ў Наваградскай епархіі апошні раз праходзіў 500 гадоў назад. Тады да ліку святых прылічылі Святого Елісея Лаўрышаўскага, аднаго з заснавальнікаў ВКЛ, сына караля Міндоўга князя Войшалка.
Урачыстае набажэнства i акт кананiзацыi ў Лiдскiм храме ўзначалiў Мiтрапалiт Менскi i Слуцкi Фiларэт Патрыяршы Экзарх усяе Беларусi.
Але пачаліся ўрачыстасці яшчэ на ўездзе ў Ліду. Тут Мітрапаліт Філарэт асвяціў паклонны крыж. Крыж выраблены ў форме крыжа Святой Ефрасінні Полацкай на Лідскім заводзе "Ліпласт" (дырэктар Ігар Рышкевіч, узнагароджаны летась адной з найвышэйшых узнагарод Беларускай праваслаўнай царквы медалём Свяціцеля Кірылы Тураўскага). Мітрапаліт Філарэт павіншаваў усіх, сабраных тут, беларускімі словамі: "Са святам".
Пасля чына кананізацыі адбылося яшчэ і асвячэнне па-мятнага знака да 2000-годдзя нараджэння Хрыстова, вянчае які таксама "ефрасіннеўскі" крыж.
Падрыхтавала Рыта Крупкіна.
Гістарычная даведка.
Кіпрыян Клімуц нарадзіўся ў 1897 годзе ў вёсцы Альхова на Гарадзеншчыне. Вучыўся ў Варшаўскай духоўнай семінарыі. Рукапакладзены на святара ў 1921 годзе. Служыў у розных прыходах Гарадзеншчыны. У 1934-м стварыў Праваслаўнае народнае брацтва, якое стала папулярным сярод моладзі і выклікала незадавальненне сярод камуністычных актывістаў. З прыходам саветаў партыйцы напісалі на святара данос. 10 кастрычніка 1939 года іярэя Кіпрыяна арыштавалі і неўзабаве засудзілі на восем гадоў ГУЛАГу. Пакаранне ён адбываў на Архангельшчыне ў Каргапальскім лагеры, дзе 9 верасня 1942 года сканаў ад голаду і катаванняў.
180 гадоў з дня нараджэння Вінцэся Каратынскага
КАРАТЫНСКІ Вінцэсь Аляксандравіч (15.8 1831, в. Селішча Карэліцкага р-на - 7.2.1891) беларускі паэт і журналіст. Працаваў хатнім настаўнікам каля Любчы (Наваградскі р-н), з 1850 сакратаром У. Сыракомлі. Друкаваўся з 1856. У 1857-58 супрацоўнік час. «Teka Wilenska» («Віленскі зборнік»), а 1860 газ. «Kurier Wilenski» («Віленскі веснік»). У 1862 падарожнічаў па Беларусі з М. Лясковым. З 1866 у Варшаве, супрацоўнік «Gazety Warszwskiej» («Варшаўская газета»), з 1886 у час. «Tygodnik Ilustrowany» («Ілюстраваны штотыднёвік»). Аўтар артыкулаў, тэматычна і праблематычна звязаных з Беларуссю («Карціны з берагоў Нёмана», «Некалькі падрабязнасцяў пра сям'ю, месца нараджэння і маладосць Адама Міцкевіча», «Саламон Рысінскі», «Канстанцін Тышкевіч», «Яўстафій Тышкевіч», «Рамуальд Зянькевіч»). Шмат матэрыялаў пра бел. гарады напісаў у энцыклапедыю Аргельбранта. З бел. спадчыны зберагліся вершы «Уставайма, братцы, да дзела, да дзела», «Далі богто, Арцім...» (прысвечаны А. ВярыгуДарэўскаму), элегія «Туга на чужой старане». Магчыма, быў аўтарам «Гутаркі старога дзеда» і «Гутаркі двух суседаў». На польск. мове выдаў зборнік вершаў «Чым хата багата, тым рада» (Вільня, 1857), паэму «Таміла» (Вільня, 1858), вершаваны маралізатарскі памфлет «Выпіў Куба да Якуба» (Вільня, 1859). Выступаў супраць эстэцтва, за лру, арыентаваную на праблемы жыцця, у сваіх творах развіваў ідэйнамаст. традыцыі Сыракомлі. Эстэт. погляды выклаў у каментарах да паэмы «Таміла»; рэалізаваў іх у паэт. творчасці, апісваючы жыццё бел. вёскі дарэформеннага перыяду. Дэмакратызм, гуманіст. пафас, асаблівасці паэтыкі К. (разнастайнасць строфікі, рытму, фалькл. рэмінісцэнцыі, сінтэз элегічнай інтанацыі і алегарычнага стылю) зрабілі ўплыў на станаўленне новай бел. лры. Перакладаў на польск. мову творы Ж. П. Беранжэ, А. Пушкіна, М. Лермантава, Л. Талстога, Г. Гейнэ, выдаў 10томны збор твораў Сыракомлі (1872), з А. Плугам падрыхтаваў выданне «Выбранай паэзіі» У. Сыракомлі (т. 1-5, 1890). На бел. мову творы К. перакладалі Р. Барадулін, У. Мархель, Г. Тумас.
155 гадоў з дня нараджэння Ўладзіміра Дабравольскага
ДАБРАВОЛЬСКІ Уладзімір Мікалаевіч (11.8. 1856, с. Краснасвяцкае Пачынкаўскага р-на Смаленскай вобл., Расія - 7.5.1920), бел. і рускі этнограф, фалькларыст, краязнавец, лексікограф. Скончыў Маскоўскі універсітэт (1880). У 1880-83 выкладаў у Смаленскай жаночай гімназіі. З 1887 член-супрацоўнік, пасля дзейны член Імператарскага Таварыства аматараў прыродазнаўства, антрапалогіі і этнаграфіі пры Маскоўскім універсітэце. З 1918 чытаў лекцыі па этнаграфіі і гісторыі тэатра ў Бел. нар. універсітэце (Масква), у Віцебскім інстытуце нар. асветы, Смаленскім аддзяленні Маскоўскага археалагічнага інстытута. Быў знаёмы з П. Шэйнам. Акрамя Смаленскай даследаваў Віцебскую, Гарадзенскую, Магілёўскую і Менскую губерні. З 1880х г. збіраў нар. песні, казкі, легенды, паданні, прыказкі і прымаўкі, інш. жанры вуснай нар. творчасці. Вывучаў нар. тэатр, звычаі і абрады, святы і вераванні, нар. прыкметы, збіраў розныя прадметы матэрыяльнай культуры, якія дасылаў у Рускае геаграфічнае таварыства. У сваёй асноўнай працы «Смаленскі этнаграфічны зборнік» (ч. 14, 18911903) змясціў апавяданні сялян пра сваё жыццё, казкі, паданні, легенды, былі, матэрыялы па нар. медыцыне. Сацыяльным зместам напоўнены казкі «Як пан адабраў у мужыка пірог ды гуся, а мужык за гэта пабіў пана», «Як поп казлом зрабіўся», «Як мужык свайго бацюшку падмануў», «Як мужык з салдатам паноў губілі» і інш. Апублікаваў радзінныя, вясельныя песні (673 адзінкі), каля дзесятка апісанняў розных абрадаў гульняў, матэрыялы звычаёвага права (сямейныя звычаі) і г.д.; тэматычна раскласіфікаваныя прыказкі і прымаўкі, больш за 1500 песень, пераважна каляндарнаабрадавых і лірычных пазаабрадавых (калядак, пятроўскіх, жніўных, карагодных, гульнявых, бяседных, любоўных, танцавальных, дзіцячых, бытавых, салдацкіх, чумацкіх, турэмных, разбойніцкіх, балад і інш.), прыпевак, духоўных вершаў і інш. Разам з М.Бэрам запісаў больш за 500 мелодый сабраных ім песень [адшуканы 182 запісы, 9 напеваў упершыню ўвайшлі ў том БНТ «Балады» (кн. 2, 1978)]. Выданне данесла чытачу найбагацейшы матэрыял пра традыцыйную духоўную культуру народа, найперш Смаленшчыны, адлюстравала яго востры розум, назіранні над жыццём чалавека і прыроды, нар. досціп, вясёлы гумар, вострую сатыру, высокамастацкую творчасць. Д. адшукваў і знаходзіў таленавітых інфарматараўапавядальнікаў, напрыклад, В. Міхайлава. Фалькл. матэрыял, пераважна прыказкі і прымаўкі, выслоўі, фразеалагізмы як своеадметнасць мовы ўвайшлі ілюстрацыйным матэрыялам у яго фундаментальны «Смаленскі абласны слоўнік» (1914). Даследаваў нар. гукаперайманні, варажбу, музычныя інструменты.
Алег Трусаў, кандыдат гістарычных навук
Рой Мядзведзеў і беларуская мова
Нядаўна ў Маскве ў рамках выдавецкай праграмы Маскоўскага ўраду выйшла кніга вядомага рускага гісторыка Роя Мядзведзева "Александр Лукашенко. Контуры белорусской модели».
Кнігу выдалі да дваццацігоддзя незалежнасці Беларусі з мэтай даказаць, што беларуская эканамічная мадэль самая эфектыўная ў параўнанні з эканомікамі іншых краін СНД. Рой Мядзведзеў лічыць, што гэтая мадэль створана Аляксандрам Лукашэнкам і таму большасць раздзелаў кнігі прысвечана менавіта яму. Праца Р. Мядзведзева ўбачыла свет у 2010 годзе і зараз, калі краіна ўступіла ў зацяжны эканамічны крызіс, чытаць яе вельмі цікава, бо на вачах усё, пра што піша і чым захапляецца рускі гісторык рассыпаецца і марнее.
Але мяне ў гэтай кнізе найбольш цікавілі стаўленне яе аўтара да беларускай мовы і культуры - той складовай дамінанты нашага грамадства, без якой сапраўдная незалежнасць проста немагчымая.
Пачнём з назвы нашай краіны. У кнізе Рой Мядзведзеў выкарыстоўвае два варыянты назвы "Белоруссия" ці "Белорусская ССР" (БССР), калі разглядаецца час існавання рэспублікі ў складзе СССР і "Беларусь" ці "Республика Беларусь" - пасля ўтварэння незалежнай краіны. Варта нагадаць, што сённяшняя назва Беларусі зацверджана ВС БССР 19 верасня 1991 года.
У прадмове аўтар паведамляе, што ў Беларусі адсутнічае "этнический национализм" і што руская і беларуская мовы маюць тут статус дзяржаўных. Пра фактычную няроўнасць гэтых моваў Мядзведзеў прама не піша, але па некаторых яго выказваннях пра гэта можна здагадвацца. Ён паведамляе пра катастрафічныя наступствы Другой Сусветнай вайны і лічыць, што пасля вайны тэрыторыя Беларусі стала самай разрабаванай і знішчанай у пасляваеннай Еўропе. У вайне загінуў кожны трэці беларус, кожны шосты паляк, восьмы украінец і кожны дзясяты югаслаў. Пра страты рускага насельніцтва ў вайне нічога не сказана, а таксама маўчыць Мядзведзеў і пра Халакост. Ёсць інфармацыя, што беларускія партызаны ў 19421944 гг. знішчылі і паранілі больш варожых салдатаў, чым войскі Англіі і ЗША ў Паўночнай Афрыцы і Італіі. Ён таксама адзначае, што Беларусь найбольш пацярпела ад Чарнобыльскай катастрофы 1986 года і страціла каля 230 млрд. даляраў у супастаўных коштах і курсах валют. Ён лічыць, што чарнобыльская катастрофа дала магчымасць беларускай культуры маральна абгрунтаваць сваё самастойнае існаванне і права ацэньваць ступень маральнасці іншых культур. За перыяд з 1996 па 2008 гг. Беларусь вылучыла на ліквідацыю наступстваў Чарнобыля болей за 20 млрд. даляраў. Дапамога зза мяжы, паводле словаў гісторыка, была мізэрнай. Не вельмі шчыравала ў гэтым кірунку і "саюзная" Расія. Дарэчы, менавіта Расія - правапераемніца СССР, якая непасрэдна адказная за Чарнобыльскі выбух за межамі Беларусі. Мядзведзеў лічыць, што менавіта чарнобыльская катастрофа выратавала Беларусь ад "либеральнодемократической революции" ў Расіі і яе негатыўных наступстваў.
Беларусь захавала свае буйныя заводы і гіганты індустрыі, не прадала іх за дробныя грошы "цёмным" дзялкам і захавала цэнтралізаваную планавую эканоміку дзякуючы А.Р. Лукашэнку, якога Р. Мядзведзеў называе "камендантам Беларускай крэпасці". Цікава, ці вытрымае гэтая крэпасць чарговы наступ алігархаў з "братняй" Расіі, якія даўно хочуць прыватызаваць Беларусь і ператварыць яе ў адну з федэральных акругаў Расійскай Федэрацыі.
Але вернемся да моўных праблемаў. Вельмі ўхваляючы сучасную беларускую эканамічную мадэль, Мядзведзеў вяртаецца да яе вытокаў, да сітуацыі ў краіне ў 1994 годзе. Ён піша, што беларускія "радыкалнацыяналісты" былі малалікія, але вельмі галасістыя, і прайгралі таму, што не мелі сваёй эканамічнай праграмы "500 дзён", а іх хвалявалі ў першую чаргу праблемы мовы. Пра гэта ён сціпла апускае той факт, што за Пазняка і Шушкевіча прагаласавала больш за мільён выбаршчыкаў (цэлая Эстонія) і эканамічныя праграмы ў іх былі даволі грунтоўнымі. Але прыхільнікі Лукашэнкі чакалі кампенсацыі сваіх "спаленых" у часы перабудовы грашовых укладаў і чакаюць іх па сённяшні дзень, у той час, калі літоўскія "нацыяналісты" даўно гэта зрабілі за грошы прыватызацыі. Тым не менш Мядзведзеў мусіць разгледзець феномен беларускай незалежнасці, растлумачыць, чаму беларусы не засталіся ў складзе братняй Расіі. Таму ён напісаў спецыяльны, другі раздзел кнігі - "Станаўленне суверэннай дзяржавы".
Аналізуючы выбары 1990 года ў ВС БССР, Мядзведзеў паведамляе, што той так і не быў да канца абраны, як і шматлікія раённыя і гарадскія саветы. Указвае, што беларускія камуністы ў адрозненне ад Казахстана ці Узбекістана не мелі моцнага лідара пасля смерці Пятра Машэрава, але не піша, што галоўнай прычынай была амаль поўная русіфікацыя партыйнай беларускай эліты, і беларускіх нацыяналкамуністаў, такіх, як Бразаўскас у Літве, былі лічаныя адзінкі. Давялося расказаць нарэшце пра апазіцыю на платформе БНФ і яе лідара Зянона Пазняка. Вось яго характарыстыка: "Паэт і фатограф, лідар створанага ў канцы 1988 года Беларускага Народнага Фронту (БНФ), Пазняк займаўся таксама этнаграфіяй і культуралогіяй беларускай нацыі, і ёсць пэўная логіка ў яго эвалюцыі да радыкальнага нацыяналізму, падобна Гамсахурдзіі ў Грузіі або Эльчыбею ў Азербайджане (яны таксама былі філолагамі, этнографамі і культуролагамі)." Пры гэтым ні слова пра навуковую ступень Пазняка - кандыдат мастацтвазнаўства, ды і розніцу паміж археалогіяй і этнаграфіяй рускі гісторык не бачыць, а можа не хоча бачыць. Бо каб не раскопкі Пазняком сталінскіх брацкіх магіл у Курапатах, ніякая этнаграфія ці фальклор не зрабілі б яго нацыянальным лідарам.
Далей ідзе аналіз праграмы БНФ, прычым даволі дакладны, за выключэннем мовы, бо аўтар піша, што БНФ патрабаваў надаць статус беларускай мове адзінай дзяржаўнай у БССР. Але гэта было толькі да студзеня 1991 года, калі гэта зрабіў ВС ІІ склікання, дзе не было апазіцыі. Дэпутаты БНФ патрабавалі выканання "Закона аб мовах" у БССР, а не яго прыняцця. Мядзведзеў называе праграму БНФ "радыкальнаэкстрэмісцкай і нацыяналістычнай", якую беларускі народ, вядома, не падтрымаў. А далей паведамляе, што фракцыя камуністаў у ВС не змагла супрацьпаставіць БНФ якойнебудзь цэласнай і пераканаўчай платформы. Праўда, не тлумачыць, чаму каля трохсот дэпутатаў пад кіраўніцтвам Малафеева не здолелі гэта зрабіць. І вось тут на сцэну рускі гісторык выводзіць "незалежнага дэпутата, дырэктара саўгаса "Гарадзец" А. Р. Лукашэнку, забыўшыся сказаць, што ён быў у КПСС да жніўня 1991 г. і нават меў сваю дэпутацкую групу "Камуністы за дэмакратыю".
Цікава апісвае Мядзведзеў падзеі жніўняверасня 1991 г. Прывядзём толькі некалькі цытат. "Хоць большая частка дэпутатаў Вярхоўнага Савета былі членамі КПСС, яны дружна прагаласавалі за прыпыненне дзейнасці партыі на тэрыторыі рэспублікі" . Варта дадаць, што Мядзведзеў забыўся пра камсамол. 19 верасня ВС змяніў назву краіны і прыняў новую нацыянальную сімволіку па прапанове дэпутатаў БНФ. "Так, вядома, БНФ меў мала сілаў, каб кіраваць усёй рэспублікай, але навязаць сваю волю Вярхоўнаму Савету ён мог," - піша аўтар. І куды толькі тады глядзеў беларускі народ, які так не любіў БНФ?
На некалькіх старонках Р. Мядзведзеў апісвае гісторыю нашага сцяга і герба. І, як заўжды, густа перамешвае праўду з няпраўдай. Прывяду толькі адну цытату: "У свядомасці і ідэалогіі радыкальных нацыяналістаў Смаленскія землі - гэта частка старажытных беларускіх тэрыторый." А хіба гэта не праўда, спадар Мядзведзеў? Тым больш, што і зараз значная частка Вялікага Княства Смаленскага, самастойнага дзяржаўнага ўтварэння ХІІ - ХІV стст. уваходзіць у склад Рэспублікі Беларусь і аўтар гэтай публікацыі нарадзіўся ў г. Мсціславе. Хіба Мсціслаў не беларуская зямля?
Пры апісанні прэзідэнцкіх выбараў 1994 года зноў аўтар найбольш крытыкуе З. Пазняка за тое, што той нібыта сказаў, што калі да ўлады прыйдзе БНФ, усе павінны будуць размаўляць на беларускай мове. Я не памятаю, каб Пазняк дакладна так казаў, але што кепскага, спадар Рой, калі ў Літве ўсе гавораць палітоўску, а ў шматнацыянальнай Расіі - паруску? Зноў да пытанняў мовы Рой Мядзведзеў вяртаецца ў раздзеле "Цяжкасці нацыянальнай і гістарычнай самаідэнтыфікацыі". Ён піша, што беларускі народ складаўся з розных плямёнаў на мяжы І і ІІ тысячагоддзяў, з чым можна пагадзіцца. Далей ён адзначае, што ў ВКЛ нават дзяржаўнай мовай была старажытная беларуская мова, якую тады называлі "рускай". Беларуская мова стала мовай і амаль усёй літоўскай кіруючай эліты. Аднак пасля ста гадоў існавання Рэчы Паспалітай у выніку паланізацыі статус дзяржаўнай мовы атрымала мова польская. Носьбітамі беларускай мовы заставаліся амаль выключна сяляне. Беларуская мова існавала ў ХV ст. у асноўным як народная, але развівалася як мова культуры. Першадрукаром кніг на беларускай мове стаў Францішак Скарына. Мова "Бібліі" Скарыны была беларускай рэдакцыяй стараславянскай, але Скарына называў яе "рускай". Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай на Беларусі аднавілі праваслаўе, а месца польскай шляхты занялі рускія дваране. У адукаваных пластах грамадства запанавала руская мова.
Здаецца, усё напісана памяркоўна, даволі дакладна. Беларускі народ існуе тысячу гадоў, як і яго старажытная мова, дык чаму гэтаму не радавацца, не пашыраць беларускую мову ва ўсе сферы жыцця? Але тут зноў на сцэну выходзіць Зянон Пазняк і яго хаўруснікі, якія не даюць спакойна спаць рускаму гісторыку. Зноў цытата: "Так, вядома, пасля распаду СССР, нават у апошнія гады яго існавання, у Беларусі ўтварылася невялікая, але вельмі актыўная, нават агрэсіўная нацыяналістычная фракцыя парламента, якая абвінавачвала свой народ у тым, што ён страціў памяць аб вялікім мінулым, забыў уласную гісторыю і таму адмовіўся нават ад беларускай мовы. Гэтая фракцыя, аснову якой складаў БНФ пад кіраўніцтвам З. Пазняка (унука вядомага нацыяналістычнага дзеяча даваеннай Беларусі), зрабіла спробу перапісаць гісторыю краіны і навязаць народу выгадныя ёй міфы. Аднак, гэта спроба не ўдалася - БНФ панёс паразу, бо народ не падтрымаў радыкалнацыяналістаў".
Самае смешнае тут тое, што крыху раней Мядзведзеў выклаў версію беларускай гісторыі, якую напісалі беларускія гісторыкіпатрыёты, сябры і прыхільнікі БНФ і, значыць, пагадзіўся з ёю. Дарэчы, дзякуючы гэтым гісторыкам, Мядзведзеў нават ведае, што БНР была абвешчана ў Менску не ў час, а напярэдадні нямецкай акупацыі - у 1918 годзе. Але пазней аўтар кнігі пераходзіць на пазіцыі Лаўрэна Абэцэдарскага і лічыць дзіўнай спробу "некаторых радыкальных дзеячоў" БНФ аб'явіць ВКЛ гістарычнай беларускай дзяржавай, і піша наступнае: "Няма ніякага сумневу, што ў тым княстве (г.зн. ВКЛ - А.Т) уплыў беларускай мовы і культуры, якія тады называліся "рускімі", быў вялікім. Але яго кіруючая дынастыя, была не славянскага, а літоўскага паходжання".
Дык, ці існавала паводле гэтых аргументаў раней Руская дзяржава, або Расійская імперыя? Якога паходжання была Кацярына Другая? З якіх краін паходзяць жонкі рускіх імператараў ХІХ ст., і асабліва жонка апошняга з іх - Мікалая ІІ? Калі ж вярнуцца да гісторыі ВКЛ, то маці Ягайлы, вялікага князя ВКЛ і польскага караля - цвярская княжна Ульяна, яго апошняя жонка - Сафія Гальшанская - беларуска. Ад яе і пайшла дынастыя Ягелонаў, якая гаварыла спачатку толькі пабеларуску, а потым і на іншых мовах (але літоўскай мовы, мовы сённяшніх літоўцаў або летувісаў, Ягелоны не ведалі).
Аднак нядоўга Мядзведзеў быў прыхільнікам Абэцэдарскага, бо ўжо на наступнай старонцы піша, што "падзелы Польшчы, у выніку якіх беларускія землі адышлі да Расійскай імперыі, не былі ўспрынятыя большай часткай народа як нацыянальная катастрофа, але не лічыліся ўз'яднаннем (падкрэслена - А.Т.) двух братніх народаў" .
За выступленне супраць уз'яднання брацкіх народаў у савецкія часы Рою Мядзведзеву мала б не было. Адразу б запісалі ў "белбурнацы" з адпаведнымі наступствамі: або турма ці лагер, або наогул расстрэл у Курапатах.
Далей ідзе яшчэ большая крамола. Чытаем: "у паўстанні 186364 гг. беларус Кастусь Каліноўскі быў адным з лідараў. Ён узначаліў найбольш радыкальнае крыло паўстанцаў і быў пакараны смерцю ў 1864 г. Усе пакаленні беларусаў лічаць яго нацыянальным героем". Мабыць, не ведае аўтар кнігі, што некаторыя "прыдворныя" гісторыкі на Беларусі запісалі Каліноўскага ў палякі, а яго забойцу графа Мураўёва назвалі "таленавітым адміністратарам". Далей Рой Мядзведзеў зусім "разышоўся". Разгорнем старонку 106: "У тым, што датычыцца выкладання падзей 19201940 гг., у Беларусі захоўваецца максімальная колькасць былых "савецкіх" вызначэнняў. На жаль, тэма сталінскіх рэпрэсій і злоўжыванняў "суцэльнай калектывізацыі" не знайшлі яшчэ належнай ацэнкі і падрабязнага асвятлення ў афіцыйных беларускіх падручніках. Варта адзначыць, што на Беларусі няма такіх помнікаў ці мемарыялаў ахвярам сталінскіх рэпрэсій, якія збудаваныя, напрыклад, у Казахстане. 30 кастрычніка, якое адзначаецца не толькі ў Расіі, але і на Беларусі як Дзень памяці ахвяраў палітычных рэпрэсій, да апошняга часу было асаблівым днём толькі для апазіцыі і апазіцыйнай прэсы." Далей аўтар адзначае артыкул Паўла Якубовіча 29 кастрычніка 2009 г. у газеце "Советская Белориссия", дзе гаворка ідзе пра Курапаты. Нам застаецца толькі дадаць, што праўду пра Курапаты ўвесь свет, у тым ліку П. Якубовіч, даведаліся дзякуючы Зянону Пазняку. Як кажуць у такім выпадку - кола замкнулася.
Рой Мядзведзеў нават напісаў спецыяльную старонку пад назвай "Руская і беларуская мовы". Але сам тэрмін "Древняя Русь", "Древнерусское государство" і "древнерусская народность" быў прыдуманы сталінскімі гісторыкамі пасля Другой Сусветнай вайны. Цікава, ці ведае пра гэта змагар са сталінізмам - Рой Мядзведзеў?
Далей ён тлумачыць, чаму руская мова расквітнела, а беларуская заняпала, лае паланізацыю, а пра русіфікацыю не згадвае, але намякае, што яна адыграла станоўчую ролю, бо замяніла паланізацыю.
Не падабаецца яму і палітыка "беларусізацыі" ў БССР у 20я гады ХХ ст. Аднак ён адзначае, што ступень захаванасці беларускай мовы зараз вышэйшая за ірландскую, і лічыць, што і цяпер беларуская мова захавалася і развіваваецца.
Далей ён прыводзіць цікавы факт змагання ТБМ (праўда назву гэтую ён не згадвае) з "Дойчэ Вэлле", калі гэтая нямецкая радыёстанцыя з верасня 2005 года пачала спецыяльнае вяшчанне на Беларусь, але толькі паруску. Ён адзначае, што пад ціскам грамадскасці немцы сталі дубляваць свае перадачы пабеларуску. Называе ён і газету "Новы час" (заснаваную ТБМ - А.Т.) і параўноўвае яе наклад у 2009 г. (5 тысяч асобнікаў) з "Народнай воляй" (40 тысяч асобнікаў), якая большасць матэрыялаў друкуе паруску.
Цікава, што зараз наклад "Новага часу" павялічыўся да 7 тысяч асобнікаў, а "Народнай волі" зменшыўся да 26 570 асобнікаў. Дык, што, беларуская мова пачынае перамагаць?
Далей Рой Мядзведзеў закранае лёс Васіля Быкава. Ён называе яго самым вядомым беларускім пісьменнікам другой паловы ХХ ст., які пісаў свае аповесці на беларуская мове, а потым сам перакладаў іх на рускую мову, альбо ўважліва сачыў за перакладам. Аўтар адзначае ролю Васіля Быкава ў стварэнні БНФ, але здзіўляецца, чаму Быкаў падтрымаў Белавежскія пагадненні і выступы Зянона Пазняка.
Адзначае ён і апошнюю аповесць Быкава "Час шакалаў", напісаную ў Фінляндыі, а таксама пахаванне яго ў Менску, на якое прыйшлі тысячы людзей, белчырвонабелы сцяг на труне вялікага пісьменніка. Мядзведзеў слушна адзначае, што для рускай палітычнай і культурнай традыцыі і сённяшняй, нават і слабой, Расіі заканамерна жаданне забраць Беларусь у "сям'ю суб'ектаў федэрацыі", як гэта прапанаваў Пуцін у 2002 годзе. Апошні раз Пуцін выказаўся за "аншлюс" Беларусі 1 жніўня г.г. на моладзевым форуме "Селігер2011".
Аўтар прапануе падчас магчымай анексіі Беларусі пакінуць беларусам крыху суверэнітэту, як гэта было ў ВКЛ, Рэчы Паспалітай і нават у СССР. Вельмі добрыя перспектывы - нічога не скажаш.
Значная частка кнігі прысвечана пабудове "Саюзнай дзяржавы", у якой нічога няма агульнага: ні валюты, ні парламента, ні Канстытуцыі, нават, сцяга і герба, але Беларусь і Расія ўпарта яе будуюць, і Рою Мядзведзеву вельмі падабаецца гэты бясконцы працэс. У раздзеле "Сувязі з рэгіёнамі Расіі", можна прачытаць цікавую інфармацыю пра Смаленскую вобласць, на тэрыторыі якой, паводле расійскага перапісу 1897 года, большасць насельніцтва складалі беларусы. Праз сто год яны некуды зніклі, хоць у Канаду ці Аўстралію масава не перасяляліся.
Вось якую характарыстыку рускай часткі Смаленшчыны дае гэты рускі гісторык: "Смаленская вобласць - гэта адна з датацыйных і бедных абласцей. Не шанцуе ёй з губернатарамі, улада часта змянялася, умацаваліся карупцыя і крымінал. Насельніцтва скарачалася, асабліва ў сельскай мясцовасці - шмат якія палеткі стаялі неапрацаваныя, зарасталі пустазеллем і хмызам." "У шматлікіх і раней не зусім багатых вёсках калгасы і саўгасы распаліся яшчэ ў 1990я гады, большая частка моладзі выехала ў гарады, у тым ліку і за межы вобласці. Карціна была жахлівай - палі неўзараныя, закінутыя, заваленыя смеццем, пахіленыя хаты, паваленыя платы, завалы ржавага металалому, шкілеты камбайнаў і трактароў. Самае цяжкае становішча было ў памежных з Беларуссю раёнах - Дзямідаўскім, Вяліжскім, Краснянскім, Руднянскім".
Дарэчы, менавіта у гэтых раёнах беларусаў у ХХ ст. было найбольш.
Далей ідзе аповяд, як Беларусь дапамагае суседскім Смаленшчыне і Браншчыне падняцца з каленяў.
Дык, ці не чакае гаротны лёс Смаленшчыны ўсіх беларусаў, калі брацкія народы злучацца ў глыбокім пацалунку, збудуюць Саюзную дзяржаву і занясуць на клады нікому непатрэбную беларускую мову?
"Дык не пакідайце ж роднай беларускай мовы, каб не ўмёрлі!" Гэтымі словамі Ф. Багушэвіча я і хачу закончыць водгук на кнігу Роя Мядзведзева.
Напісана ў Гданьску на вуліцы Смаленскай.
22.07.2011 г.
Алег Трусаў, кандыдат гістарычных навук
Спатканне праз стагоддзе
Вось ён ужо імкліва рухаецца да завяршэння, гэты 2011 год. Для мяне ён стаўся годам майго любімага паэта М. Багдановіча. І не толькі таму, што гэта юбілейны год з дня яго народзінаў. Сто гадоў таму паэт наведаў Беларусь. Пасля шматгадовага растання ён нарэшце зноўку ўдыхнуў па-ветра Радзімы.
Ізноў пабачыў я сялібы,
Дзе леты першыя прайшлі:
Там сцены мохам параслі,
Вясёлкай адлівалі шыбы.
Усё ў пылу. І стала мне
Так сумна, сумна ў цішыне…
Моцным і неадольным было яго імкненне пракласці свой след па дарогах Бацькаўшчыны, якую пакінуў ён у раннім дзіцячым узросце. Бо самым гарачым і трапяткім пачуццём у душы юнака Максіма была любоў да яе, да маціБеларусі. У 1911 годзе ён прыязджае ў сталіцу сваёй Радзімы - Вільню. Гэта сустрэча пакінула ў душы паэта глыбокі след. Вось як пра гэта пісаў яго бацька: "Паездкай ён быў вельмі задаволены, і, вядома, яна была надзвычай удзячнай для яго паэтычнай дзейнасці. Калі вярнуўся, ён шмат расказваў пра падзвіжнікаў беларускай літаратуры, аб тых няшчасцях, якія яны перажываюць, аб недахопах сродкаў, аб бескарысным служэнні роднаму слову шматлікіх работнікаў, галоўным чынам з асяроддзя настаўнікаў, …пра Вільню і яе старыну і пра тое ўражанне, якое яна зрабіла на яго, пра віленскія калекцыі слуцкіх паясоў, якія ён там бачыў і якія натхнялі яго дапісання "Слуцкіх ткачых".
У Вільні асабліва адчуваецца прысутнасць Максіма Багдановіча. Калі крочыш праз Вострую браму, твае гулкія крокі зліваюцца ў неўміручую і грозную музыку з рэхам пошчаку старадаўняй літоўскай Пагоні, якой " …не разбіць, не спыніць, не стрымаць…". І ў сэрцы гучаць словы Максіма:
…У бязмерную даль вы ляціце,
А за вамі, прад вамі - гады.
Вы за кім у пагоню спяшыце?
Дзе шляхі вашы йдуць і куды?
Мо яны, Беларусь, панясліся
За тваімі дзяцьмі ўздагон,
Што забылі цябе, адракліся,
Прадалі і аддалі ў палон?..
Сэрца паэта не можа змірыцца, што людзі, нарадзіўшыся на гэтай зямлі, успоеныя яе паветрам, узгадаваныя на яе хлебе, так лёгка адмаўляюцца ад мовы, ад звычаяў продкаў і за ласы кавалак гатовыя прадаць і самую сваю родную старонку, з гонарам вызнаўшы сябе за чужынцаў.
Бійце ў сэрцы іх - бійце мячамі,
Не давайце чужынцамі быць!
Хай пачуюць, як сэрца начамі
Аб радзімай
старонцы баліць…
Сёння мы, школьнікі, шчыра закаханыя ў паэзію Багдановіча, не маем магчымасці прайсці вуліцамі Вільні, каб роўна праз стагоддзе сустрэцца там з памяццю Максіма, каб сэрцам судакрануцца з мінулым, "…каб загаіць на сэрцы раны, забыцца долі горкі глум" . Тымі вуліцамі крочаць іншыя. Цікава, ці адчуваюць яны прысутнасць Багдановіча, падымаючыся ўверх па пры-ступках да Маці Божай Вострабрамскай? Ці адчуваюць, што яны ў самым сэрцы сваёй вялікай прарадзімы? Ці напаўня-юцца іх сэрцы святой самаахвярнасцю:
…Маці родная, Маці-Краіна!
Не ўсцішыцца гэтакі боль…
Ты прабач.
Ты прымі свайго сына,
За Цябе яму ўмерці дазволь...
На шчасце, Беларусі належыць святая для нас раку-цёўская зямля. Стагоддзе яна чакае крокаў таго, хто так замі-лавана і пяшчотна апяваў яе красу. Яна памятае яго вочы, тут лунаюць яго мары :
…У родным краю ёсць крыніца
Жывой вады.
Там толькі я змагу пазбыцца
Сваёй нуды.
Калі ж у ім умру-загіну,-
Не жалюсь я!
Не будзеш цяжкая ты сыну
Свайму, зямля…
Яна і сёння бруіцца тут - Максімава крыніца. І сёння наталяе прагай жыць і дзейнічаць нашыя засмяглыя душы. І абуджае жаданне прамаўляць радкамі вершаў Багдановіча. Вялікае шчасце прачытаць услых тут радкі любімых вершаў, каб Максім парадаваўся за нас, не загінуўшых у бяспамяцтве. Гэтая мясціна дае сэрцу столькі пачуванняў, што яны перапаўняюць яго і ліюцца вонкі вершамі, шчырымі радкамі на найдаражэйшай у свеце мове!
Вялікая ўдзячнасць у нашых сэрцах жыве і да тых, хто адрадзіў сядзібу Лычкоўскіх у Ракуцёўшчыне, хто ўпарадкаваў яе, хто высаджваў лясок на схіле ўзгорка. Дзе тыя пісьменнікі, што заклалі Максімаў сад, як жывецца ім, што адчуваюць яны сёння і аб чым мараць?
Кветкі, што найболей пасуюць Максіму - вядома, валошкі. Яны кладуцца да яго ног з нашых рук да помніка ў Траецкім, да памятнага каменя на ракуцёўскай зямлі. Яны напамін нам аб найлепшым з сыноў зямлі гэтай. І няма ніводнай кветкі на зямлі нашай прыгажэйшай і мілейшай сэрцу беларуса. "Няма красы без спажытку, бо сама краса і ёсць той спажытак дзеля душы." Сёння беларусы часам у штодзённым клопаце аб матэрыяльным, у прагматычным імкненні вылучыцца дабрабытам між іншых забываюць аб духоўным. Не заўважаюць высілкаў тых, хто побач, хто пакутуе за будучыню Радзімы, а не толькі сваю ўласную. Тых, хто словам, справаю, думкамі зберагаюць беларускасць, не даюць канчаткова ўпасці ў духоўную летаргію рупліўцам уласнага дабрабыту. Але сказаў Багдановіч: "Я ж гавару вам:добра быць коласам; але шчасліў той, каму давялося быць васільком. Бо нашто каласы, калі няма васількоў?" І ў гэтым найвялікшая ісціна беларускай існасці.
Як і штогод, мы прайшліся ракуцёскімі вуліцамі і сцяжынкамі, каб захаваць на цэлы год пачуццё паяднанасці з Максімам Багдановічам у імкненні да Беларусі. Доўгі, халодны год цяпло гэтай паяднанасці будзе саграваць душу надзеяй і верай.
Сто гадоў Максім жыве ў Ракуцёўшчыне. Жыве ў шолаху травы, у ласкавым цёплым подыху ветрыку, у белых воблачках у бязмежжы блакіту. Адзінокай і самотнай зоркай ён глядзіць на нас штовечар з паўднёвага ўскрайку цёмнага глыбокага неба. Максім Багдановіч жыве ў сэрцах тых, хто штогод не па абавязку, а па поклічу душы імкнуцца на святую ракуцёўскую зямлю.
Свой допіс закончу словамі выдатнага паэта Сяргея Законнікава:
…Стагоддзе прайшло,
мы ж дасюль на крыжы,
А воля і слава ўсё міма і міма…
І болем, якому
няма ўжо мяжы,
Цямнеюць журботныя
вочы Максіма.
Стагоддзе прайшло,
а на нашай зямлі
Лятуць і лятуць
неўтаймоўныя коні…
Ды тыя,
што зноў Беларусь прадалі,
Дагэтуль не бачаць,
не чуюць Пагоні…
…Спакою і страху
сваім не гадзі,
Бо з імі нам звацца
людзьмі немагчыма…
Глядзі, беларус,
каб не згінуць, глядзі
У строгія чыстыя
вочы Максіма.
Крысціна Баравік, старшыня рады гістарычна-патрыятычнага клуба "Спадчына", м. Дварэц.
15 жніўня
у межах кампаніі "Будзьма"адбудзецца сустрэча па тэме
Закон "Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб". Перспектывы яго рэалізацыі.
Адказная: А.Анісім. Пачатак а 18 гадзіне. Уваход вольны. Румянцава, 13.
Ахвяраванні на ТБМ
1. Янучок М.І. - 25000 р., г. Менск
2. Джэйгала У.В. - 100000 р., г. Менск
3. Прылішч І.А. - 20000 р.
4. Талуць Станіслаў - 20000 р., г. Гомель
5. Стома Ларыса - 5000 р., г. Менск
6. Максімаў В. Я. - 15000 р., г. Менск
7. Рымар Роза - 10000 р., г. Гродна
8. Некраш Ларыса - 10000 р., г. Гродна
9. Гвара Віктар - 10000 р., г. Лельчыцы
10. Новік Максім - 11000 р., г. Гомель
11. Бакіноўскі Валянцін - 10000 р., г. Менск
12. Трухін Уладзімір - 18000 р., г. Менск
13. Пушкін Ігар - 20000 р., г. Магілёў
14. Цынгалёў Васіль - 10000 р., г. Жлобін
15. Ляскоўскі Уладзіслаў - 20000 р., г. Шаркаўшчына
16. Восіпава Аляксандра - 20000 р., г. Гомель
17. Пожанька Ігар - 10000 р., г. Менск
18. Павідайка В.Н. - 20000 р., г. Менск
19. Восіпава Аляксандра - 20000 р., г. Гомель
20. Чачотка Анатоль - 10000 р., г. Менск
21. Пуцікава Лідзія - 50000 р., г. Менск
22. Лічка Ганна 13000 р., г. Менск
23. Шкірманкоў Фел. - 30000 р., г. Слаўгарад
24. Сіўковіч В. М. - 20000 р., г. Менск
Дзейнасць ГА "ТБМ імя Францішка Скарыны" па наданні роднай мове рэальнага статуса дзяржаўнай вымагае вялікіх выдаткаў. Падтрымаць ТБМ - справа гонару кожнага грамадзяніна краіны.
Просім Вашыя ахвяраванні дасылаць на адрас, вул. Румянцава, 13, г. Мінск, 220034, альбо пералічыць на разліковы рахунак ТБМ №3015741233011 у Аддзяленні № 539 ААТ "Беінвестбанка" код 739 (УНП 100129705) праз любое аддзяленне ашчадбанка Беларусбанк.
Браніслаў Ямант - носьбіт традыцый Віленскай школы
(125 гадоў з дня народзінаў)
Культурная атмасфера Вільні - інтэлектуальнай сталіцы краю - фармавалася на працягу стагоддзяў з рознабаковай дзейнасці шматлікіх выдатных людзей свайго часу, сярод якіх быў і мастак Браніслаў Ямант (5.08.1886 - 4.02.1957).
Жыццёвы шлях Б. Яманта стаў тыповым для таленавітага маладога чалавека, што нарадзіўся на зямлі Беларусі і вымушаны быў рэалізоўваць свой творчы патэнцыял далёка ад радзімы.
М.А. Загідуліна.
Браніслаў Ямант (1886-1957), звязаны ў астатнія гады свайго жыцця з Торунем, быў адной з галоўных постацяў Віленскага мастацкага асяродка ў міжваенным дваццацігоддзі. Асяродак віленскіх мастакоў, якія групаваліся ў тым акрэсе галоўным чынам вакол Факультэта Прыгожых матацтваў універсітэта Стэфана Баторыя, скансалідаваў дадаткова паўсталае ў 1920 г. Віленсае таварыства мастакоў-пластыкаў, на чале якога стаяў Людамір Сляндзінскі. Ямант быў сябрам - заснавальнікам ВТМП, у кіраўніцтве таварыства заставаўся да канца яго існавання, а ад 1920 года браў удзел навучальных устаноў. Але беларусам яшчэ адкрываць і адкрываць Браніслава Яманта - мастака і чалавека. Гэта Ямант разам з Ежым Гапэнам і Стэфанам Нарэмбскім перанёс ажно ў пяцідзесятыя гады жывыя традыцыі сістэмы навучання, а крыху і сістэмы каштоўнасцяў, укладваныя ў студэнтаў прафесарамі з кола віленскай школы. Працуючы інтэнсіўна і сістэматычна ў віленскай, а пазней у торуньскай майстэрнях, як і ў час шматлікіх падарожжаў, стварыў сотні карцін і малюнкаў, а ў канцавы перыяд таксама і гравюр. Творчасць Яманта будзіла зацікаўленне - і спазнанне - тагачасных мастацкіх крытыкаў, якія прызнавалі яго аднагалосна за аднаго з найвыбітнейшых і адначасова аднаго з найбольш арыгінальных прадстаўнікоў так званай Віленскай школы; выставы, арганізаваныя пасля вайны, умацавалі яго пазіцыі жывапісца (апошнія найбуйнейшыя выставы адбыліся ўжо пасля смерці мастака у 1957 і 1986 гадах у Акруговым музеі ў Торуні). Знаёмства і зацікаўленасць яго мастацтвам не выклікала аднак да пэўнага часу пачатку больш грунтоўнага яго вывучэння. Існуе патрэба ў запаўненні тога прабелу ў карціне мастацкіх з'яваў міжваеннага перыяду, тым больш, што творчасць Яманта з сённяшняга пункту гледжання ёсць вельмі цікавая, дзякуючы адкрыццю многіх характэрных рысаў для плыні арганізаваных даследванняў мастацтва трыццатых гадоў. Плыні, як да гэтай пары найменей даследаванага ў польскай гісторыі, мастацтва, у адрозненне, напрыклад ад польскага авангарду таго часу. Нешматлікія і часцей выпадковыя выставы, на якіх энкспанаваліся фрагменты даробку мастака, арганізаваныя ў апошні час (да сёння не дачакалася рэалізацыі зборная выстава, якая раней планавалася Нацыянальным музеем у Варшаве) зза сваіх фрагментарнасцяў і выпадковасцяў не маглі аддаць належнага карціне яго творчасці, а часцей яе толькі замазвалі. Пазнанне творчасці Яманта і яе аналіз значна абцяжарана, як раскідаласцю працаў, так і адсутнасцю комплекснага, абапёртага на навуковы грунт каталогу яго прац. Гэта ўсё вядзе да таго, што як мастацтва, так і постаць гэтага, шанаванага пры жыцці, мастакалаўрэата многіх узнагарод айчынных і замежных - з кожным годам становяцца ўсё менш вядомымі сучаснаму аматару. Ужо ў 1957 годзе Ежы Рэмер, пішучы пра творчасць Яманта з аказіі гэтай пасмертнай выставы, заўважыў: "... кожнае выказванне павінна абапірацца на дакументацыю. Цяжка было б аднак на гэтым месцы правесці глыбокі аналіз аўры мастака, які заслугоўвае манаграфіч-най апрацоўкі з выкарыстаннем поўнага мастацка-навуковага апарату".
І далей:
"... маем надзею, што сабраныя на выставе працы спрычыняцца да рэалізацыі такога прадпрыемства, дзякуючы альбомам эскізаў, якія адкрываюць нам, як "таямнічасць" яго мастацкага прызвання, так і мастацкага рамяства, творчасць Яманта становіцца для нас яшчэ бліжэйшай, яшчэ больш зразумелай і яшчэ больш людскай".
Тым не менш, да гэтага часу такая праца не з'явілася - нягледзячы на прынятыя меры самім мастаком, які пераказаў Нацыянальнаму музею ў Варшаве амаль усю сваю мастацкую спадчыну - у тым ліку 48 альбомаў з эскізамі. Сённяшні артыкул мае заданне паказаць (коратка) стан даследванняў мастацкай творчасці Яманта, а таксама знаёмства са зборам прац гэтага мастака (графіка, малюнкі), якія знайходзяцца ва ўніверсітэцкай бібліятэцы ў Торуні. Аднак перш, чым перайсці да гэтага, належала б для асвяжэння памяці прысвяціць некалькі слоў самому мастаку. Як пісала Ірэна Калашынская ".. быў ён абдораны якасцямі задумаў і характарам, якія аб'ядноўвалі сімпатыі да яго і прызнанне сярод моладзі".
Згаданая аўтарка так акрэслівае асобу мастака: "Самотны. Замкнёны ў сабе, меў характар нелюдзімы, толькі ў кампаніі выпрабаваных сяброў станавіўся дабрадушным, дасціпным, сардэчным. Пры блізкім знаёмстве з Ямантам можна было зпаўна ацаніць яго інтэлегентнасць і вялікую асабістую культуру. Без астатку заняты і праняты сваім мастацтвам ён з запалам і не шкадуючы часу пасвячаў сябе працы педагагічнай. Яго адносіны да моладзі былі сардэчныя. Ён застаецца жывым у словах адной са слухачак факультэту:" Цешуся, што спазнала, які ён быў добры і адданы вучням" .
Браніслаў Ямант нарадзіўся 5 жніўня 1886 года ў вёсцы Дакудава пад Лідай на Віленшчыне. У 1907 годзе скончыў класічную гімназію ў Вільні - адначасова наведваў Віленскую школу малюнка, якою кіравалі акадэмікі Трутнеў і Рыбакоў. Наступныя два гады пасля гімназіі вучыў права ў Пецярбургу не парываючы аднак з удасканаленнем сваіх мастацкіх здольнасцяў, наведваў вячэрнія заняткі па малюнку пры Акадэміі прыгожых мастацтваў. У 1909 годзе пад час свайго першага падарожжа ў Кракаў і Закапанэ Ямант сутыкнуўся з творчасцю Яна Станіслаўскага і яго "школай". Нарэшце праз год кінуў вучобу на факультэце права і вярнуўся ў Вільню. Матэрыяльная сітуацыя прымусіла яго шукаць заробку як настаўніка малюнку ў падвіленскіх дварах. Не занядбаў аднак і ўласнай мастацкай працы. У 1915 годзе першы раз выставіў свае працы ў Вільні.
Першая Сусветная вайна пагнала мастака ў колькі-гадовае бадзянне: пазней, у 1916-1919 гадах працаваў вы-кладчыкам малюнку ў віленскіх гімназіях і вывучаў жывапіс на розных курсах. Прызванне педагога, здаецца цалкам яму адпавядала і прынамсі ў пэўнай ступені развівала яго творчасць. Кінуў аднак гэтую працу і прысвяціў сябе выключна жывапісу. Да такога рашэння, безумоўна, спрычыніўся першы значны поспех мастака, які Ямант займеў у 1919 годзе падчас выставы ў варшаўскай Захэнці (купілі тады дзве яго працы). Што раз больш маляваў, а працы яго выстаўляліся не толькі на віленскіх выставах, а здабывалі адзнакі і ўзнагароды і на паказах агульнапольскіх. У 1924 годзе за карціну "Пейзаж з каскадам" ён быў узнагароджаны вялікім залатым медалём, а праз чатыры гады ў Захэнці атрымаў найвышэйшую адзнаку.
Творчасць Яманта, якая дынамічна развівалася, здабывала што раз большае прызнанне ў Польшчы і паза яе межамі - як у Еўропе, так і ў Амерыцы. Ад 1930 года выстаўляўся ў Інстытуце прапаганды мастацтва ІРS а за мяжой на выставах Таварыства пашырэння польскага мастацтва на чужыне (ТОSSРО). Яго карціны прэзентаваліся на выставах у Парыжы, Бруселі, (1928-1929), Гаазе, Амстардаме (1929), Бухарэсце (1930), Ка-пенгагене (1930-1931), Гданьску (1930), Маскве (1933). Рызе (1934), Берліне і Манака (1935). Прымаў таксама ўдзел у прэзентацыі польскага мас-тацтва па міжнародных выставах жывапісу, арганізаваных Інстытутам Карнегі ў ЗША (Пітсбург - 1931-1932, 1934, 1937-1938: Сант-Луіс - 1932, Балцімор - 1932, 1935, Сан-Францыска - 1934.)
У трыццатыя гады Ямант дасягнуў поўнай мастацкай сталасці. Былі гэта гады поўнай аддачы творчай працы і найбольшых дасягненняў і поспехаў мастака. Сенат універсітэта Стэфана Баторыя прызначаў яму два разы грашовую ўзнагароду з фонду імя Маршала Пілсудскага за карціны "Касцёл Францішканцаў у Вільні" (1933) і "Царква ў Драгабучы" (1934), таксама падчас 32 Міжнароднай выставы жывапісу ў Пітсбургу Інстытут Карнегі купіў яго "Старыя дамы ў Вільні". Матэрыяльныя варункі Яманта значна паправіліся, дзякуючы чаму ён мог зрэалізаваць даўнюю мару аб выездзе за мяжу. У 1928 годзе Б. Ямант здзейсніў падарожжа ў Парыж і Брусель, а праз два гады з'ездзіў у Італію, дзе наведаў галоўным чынам Рым і Фларэнцыю. У 1928 годзе Ямант зноў пайшоў вучыцца жывапісу на Факультэт Прыгожых мастацтваў універсітэта Стэфана Баторыя ў Вільні, дзе займаўся з перапынкамі да 1934 года, і дзе пасля здачы працы з вынікам вельмі добрым атрымаў ступень дыпламаванага мастакажывапісца. Своечасова, бо ўжо ў 1931 годзе стаў старшым асістэнтам на Кафедры пейзажнага жывапісу у прафесара Фердынанда Рушчыца. У сувязі з хваробай прафесара Ямант ужо з акадэмічнага года 1932-1933 фактычна кіраваў кафедрай, фармальна заняў яе пасля смерці Рушчыца ў 1936 г., у наступным годзе атрымаў званне і пасаду надзвычайнага прафесара пейзажнага жывапісу: на гэтай пасадзе заставаўся да моманту закрыцця ўніверсітэта 15.ХІІ.1939 г. У час акупацыі - хоць у надзвычайных умоваах - стараўся працягваць працу мастацкую і педагагічную. Браў удзел у таемных паседжаннях сяброў былой Рады Факультэта Прыгожых мастацтваў універсітэта Стэфана Баторыя.
Пасля 2-й Сусветнай вайны Баніслаў Ямант асеў у Торуні. Тут ён актыўна ўключыўся ў адбудову мастацкага жыцця і творчасці ад асноў мастацкага школьніцтва на базе ўніверсітэта, найперш арганізаваў секцыю Прыгожых мастацтваў пры Гуманітарным факультэце ўніверсітэта Мікалая Канперніка і ад 23.VІІІ. 1945 г. быў прадэканам. Калі ў студзені 1946 г. секцыя ператварылася ў Факультэт Прыгожых мастацтваў, Ямант стаў яго першым дэканам. У жніўні таго самага года ён стаў звычайным прафесарам пейзажу і мёртвай прыроды, праз сем гадоў атрымаў званне доктара мастацтвазнаўства.
У перыяд пасля 2-й Сусветнай вайны, цесна звя-заны з Торунем і яго мастацкім жыццём, жывапісец удзель-нічаў у лакальных выставах у Торуні, акруговых выставах Саюза польскіх мастакоў-пластыкаў (ZРАР) у Быдгашчы, у агульнапольскіх выставах і спецыяльных экспазіцыях, як напрыклад, выстава торуньскіх пластыкаў у рамках Года Каперніка (Торунь-Быдгашч, 1953 і інш.), акрамя таго меў пяць індывідуальных выстаў - у Торуні ў 1947, 1950, 1955, 1957 гг., а таксама ў Быдгашчы ў 1948 г. Памёр Б. Ямант пасля цяжкай хваробы сэрца 4 лю-тага 1957 года. Праз месяц па-сля смерці Яманта Стэфан Нарэмбскі - блізкі сябар мастака - пісаў: "Адышоў выбітны мастак. З уласным абліччам, якога ведалі і цанілі, які дар свайго таленту прысвяціў бакоўскай зямлі і падаў у сваёй мастацкай інтэрпрэтацыі сканцэнтаваную праўду жыц-ця"
Ян Катлоўскі.
(Падрыхтавала да друку Р. Крупкіна.)
Цалкам артыкул Яна Катлоўскага з аналізам творчасці Браніслава Яманта будзе апублікаваны ў "Лідскім летапісцы" № 55.