Папярэдняя старонка: 2011

№ 34 (1029) 


Дадана: 19-03-2020,
Крыніца: pawet.net.



НАША СЛОВА № 34 (1029) 24 жніўня 2011 г.


ЧЫТАЕМ КАРАТКЕВІЧА!

Паважаныя чытачы!

Выдавецтва «Мастацкая літаратура» аб'яўляе прыватную падпіску на 25-цітомнае выданне ў 2012-2020 гадах твораў Уладзіміра Караткевіча.

Па ўмовах падпіскі трэба: унесці аплату за першы і апошні тамы ў паштовым аддзяленні. Кошт першага тома - 46800 руб., апошняга (25) - 58400 руб. Тэрмін аплаты да 1 снежня 2011 года. Накіраваць у выдавецтва ліст з паведамленнем аб аплаце. Інфармацыя аб выхадзе наступнага тома, кошце і тэрмінах аплаты будзе змешчана ў выдадзеным томе. Пералік грошай па наступных рэквізітах:

УП «Мастацкая літаратура»,

220004, г. Мінск, пр. Пераможцаў, 11,

р/р 3012001483810 аддзяленне №538 у г. Мінску

ААТ «Белінвестбанк», БІК 153001739, УНП 100055406, АКПА 02477775 «Падпіска на творы Караткевіча».

Даведкі патэлефонах: 203-83-63, 226-66-16.

Выдавецтва "Мастацкая літаратура ".


Паколькі ініцыятыва арганізацыі гэтай падпіскі належыць ТБМ, Сакратарыят ТБМ звяртаецца да сваіх сяброў і ўсіх, хто любіць творчасць У. Караткевіча, падтрымаць ініцыятыву і пад-пісацца на 25-томнік генія беларускай літаратуры.

Усіх, хто падпішацца, просім накіроўваць ксеракопіі плацёжных дакументаў на адрас: УП «Мастацкая літаратура», 220004, г. Мінск, пр. Пераможцаў, 11. Тым, хто падпішацца, і адашле ксеракопію пра гэта, выдавецтва за невялікія грошы прышле тамы У. Караткевіча.


"Белпошта" выдала мастацкі канверт да 500-годддзя надання г. Наваградку Магдэбургскага права

29 жніўня

у межах кампаніі "Будзьма"адбудзецца сустрэча па тэме

"Распрацоўка стандартаў беларускай лацінкі".

Адказная: А. Анісім.

Пачатак а 18 гадзіне. Уваход вольны.

Румянцава, 13.

31 жніўня

у межах кампаніі "Будзьма"адбудзецца сустрэча па тэме

"Новыя беларускія выданні для дзяцей".

Адказная: А. Анісім.

Пачатак а 18 гадзіне.

Уваход вольны.

Румянцава, 13.


ГЕНАДЗЮ БУРАЎКІНУ - 75

БУРАЎКІН Генадзь Мікалаевіч нарадзіўся 28.08.1936 г. у вёсцы Шуляціна Расонскага раёна Віцебскай вобласці ў сям'і службоўца, у 1959 годзе скончыў аддзяленне журналістыкі філалагічнага факультэта БДУ.

З'яўляючыся карэс-пандэнтам газеты «Правда» па БССР, у 1969 годзе спрыяў публікацыі артыкула Зянона Пазьняка ў абарону гістарыч-нага цэнтра Менска. Быў рэдактарам часопіса «Маладосць» (1972-1978), дзе друкаваў творы Васіля Быкава і Ўладзіміра Караткевіча, а так-сама кнігу Алеся Адамовіча, Янкі Брыля і Ўладзіміра Калесніка «Я з вогненнай вёскі».

З'яўляўся старшынём Дзяржтэлерадыё БССР (1978-1990), аднак за падтрымку дэмакратычных сілаў і прадстаўленне эфіру лідарам БНФ быў вызвалены ад пасады і накіраваны на дыпламатычную працу.

З'яўляўся пастаянным прадстаўніком Беларусі ў ААН (1990-1994). З 18 сакавіка 1994 году быў намеснікам міністра культуры і друку Рэспублікі Беларусь.

Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол. Дэпутат Вярхоў-нага Савету БССР 10 і 11 склікання (1980-1990), быў адным з ініцыятараў прыняцця Закона аб мовах. Быў старшынём ТБМ імя Ф. Скарыны (1997-1999). Лаўрэат дзяржаўнай прэміі імя Янкі Купалы.

Першыя вершы надрукаваў у 1952 г. Аўтар зборнікаў паэзіі «Майская просінь» (1960), «З любоўю і нянавісцю зямною» (1963), «Дыханне» (1966), «Выбраныя вершы» (1969), «Жніво» (1971), «Выток» (1974), «Вершы пяці кніг» (1976), «Варта вернасці» (1978), «Пяшчота» (1985), «Гняздо для птушкі радасці» (1986), «Узмах крыла», «Паміж зоркай і свечкай», «Чытаю тайнапіс вачэй» і іншых, а таксама кніжак для дзяцей «Тры казкі пра Зая» (1974), «Сінія арэлі» (1987). У 1986 г. выйшлі "Выбраныя творы" ў 2 тамах. Напісаў кнігу прозы «Тры старонкі з легенды» (1971).

Адзін з аўтараў (з У. Халіпам, Ф. Коневым) сцэна-рыя двухсерыйнага фільма «Полымя» (1974), аўтар сцэнарыяў дакументальных філь-маў «Апаленая памяць» (1975) і «Падарожжа па Беларусі» (1976). Укладальнік кнігі «Наш Быкаў» - першай кнігі ўспамінаў пра Васіля Быкава.

Перакладае з расейскай, украінскай, малдаўскай, балгарскай і іншых моў.

Чалец Бела-рускага ПЭН-Цэнтра, сустаршыня Ўсебеларускага з'езду за незалежнасць (2000), сябар Рады ТБМ, сябар Рады беларускай інтэлігенцыі.

Узнагароджаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, Дружбы народаў, медалямі.

Сакратарыят ТБМ, рэдакцыя газеты "Наша слова" шчыра віншуюць шаноўнага Генадзя Мікалаевіча з паважнай датайі зычаць такіх жа паважных вершаў і кніг.

У подлы час няпроста быць няподлым

Генадзь Бураўкін


У подлы час няпроста

быць няподлым,

Ісці сваёю цвёрдаю ступой,

Калі не вераць

Ні слязам,

Ні модлам

І гнуцца перад сілаю тупой.


Адкрыты шлях

Махлярству і халуйству,

Аддадзены махлярству

рубяжы:

Як хочаш мець

заўсёды хлеба лусту,

Дык пяты

ўсім начальнікам ліжы.


Але трывай,

У гневе зубы сцяўшы,

Не пакідай апошні свой акоп,

Як ні было б пакутліва і цяжка,

Як скрушліва

і крыўдна ні было б.


На такіх, як Ірына Марачкіна, трымаецца ўся духоўная Беларусь

Гэта зусім не перабольшанне. Яно так і ёсць на самой справе. Яна нарадзілася ў жніў-ні сорак першага. Тут сама жніво, а тут - народзіны, да ўсяго яшчэ і вайна. Ірына была ў сям'і трэцяя, так што ў яе матулі Надзеі была ўжо практыка догляду немаўлятак. Але тут вайна. І хочаш не хочаш, яна неяк і на немаўлятах адбілася. Тут немаўлятак трэба купаць, спавіваць, але яе матульку, як гэта нядзіўна, пра гэта першы раз чую! - немцы ганяюць разам са сваім немаўлём лес садзіць! І яна садзіла. Спаўе сваю дачушку і гэтак разам з сваім немаўлём на тую лесапасадку. Па-кладзе свой спавіток на зямельку і садзіць той лясок. Так што той лясок, што пры яе роднай вёсачцы Барсукі, амаль Ірынін ра-веснік. Сваім пошумам той барок нагадвае Ірыне генна пра яе ўваходзіны ў жыццё. Што яшчэ памятаецца Ірыне са свайго маленства? Прыгадвае: "Любілі гуляць у школу. Я пераважна была настаўніцай, за настаўніцу. Мусіць з гэтага і пачалася мая прафесіяналі-зацыя… Памятаецца і такое: у нас пасля вызвалення, як толькі вызвалілі Беларусь, мы, дзеці, бегалі па хатах і вучылі ўсіх непісьменных, бабулек і дзядулек, чытаць і пісаць ці хоць, каб распісвацца маглі". Гэтак асветніцай яна і пражыла ўсё жыццё. І тады, калі была метадысткай Міністэрства ас-веты, і тады, калі пачала працаваць у Таварыстве беларускай мовы, у апошні час - намеснікам Старшыні ТБМ і сакратаром Управы. Скрозь і ўсюды адчувала сябе асветніцай.

Родавае, дзявочае, яе прозвішча Грыдзюшка. Ірынай Марачкінай яна сталася з тае пары, як са знаным цяпер мастаком Аляксеем Марачкі-ным шлюбам пабраліся. З тае пары яны абодва аднадумцы, глыбока адданыя Беларусі, апантаныя Беларуссю. Толькі на гэтай глебе яны пачуваюць сябе паўнацэннымі грамадзянамі Беларусі. У гэтым рэчышчы рупіцца і іхні сынок Ігар. На такіх людзях, як Ірына Марачкіна і ўся яе сям'я, трымаецца духоўнае жыццё Беларусі. І гэта, яшчэ раз паўтаруся, не перабольшанне. Гэта не адво-льныя словы. У гэтым пераканана большасць творчых людзей. Дарэчы, будзе тут згадаць: Ірына Марачкіна творчая асоба. Ініцыятыўная. Перакананы, усім ці амаль усім памятаюцца яе глыбока пранікнёныя інтэрвію з шматлікімі дзеячамі культуры, якія друкаваліся ў "Нашым слове", у "Народнай волі". Будзем спадзявацца, што неўзабаве ўсе яе пранікнёныя і глыбокія публікаткі будуць сабраны пад вокладкай адной кніжкі.

Поспехаў табе, Ірына! Здароўя!

Шчыра,

Уладзя Содаль-Садэльскі,

твой калега і аднадумца.

Сакратарыят ТБМ, рэдакцыя газеты "Наша сло-ва" выказваюць шчырую падзяку Ірыне Сяргееўне за шматгадовую працу на ніве Беларушчыны і зычаць ёй зда-роўя ды доўгіх гадоў жыцця, ды не пакідаць ні на хвіліну справу ўсяго зямнога шляху, справу Беларускасці.


Пра беларускую асвету

("Kurier Litewski", № 196-1908 г.)

Пытанні так зв. нацыянальныя, а як у нас: літоўскае і беларускае, якія падымаюцца на старонках газет, выстаўляюцца ў такіх рознаколерных і адвольных асвятленнях і разглядаюцца найчасцей не цераз прызму на-вуковай нейтральнасці, а праз павялічальнае шкло рознародных пачуццяў, таму з такога іх асвятлення ўдаецца атрымаць не шмат карысці. Звычайна, гаворачы аб гэтых пытаннях, мы распальваемся, не можам ўтрымаць абавязковай у такіх выпадках раўнавагі. Некаторыя "нават выходзяць з сябе" з абурэння ад смеласці "нейкіх там" беларусаў або ліцвінаў пачуваць у сабе нацыянальную адметнасць. Альбо наогул ігнаруюць справу, прымаюць у такім выпадку тон іранічна - з'едлівы, стараючыся высмяяць кожны рух, скіраваны на ажыццяўленне мараў аб самастойнасці. Наколькі такая методыка паводзінаў правільная - не будзем на тым спыняцца. Здаецца ўсё-такі, што не спрычыніцца яна для раз'яснення сітуацыі і ўладкавання стасункаў паміж бакамі, Наадварот, можа толькі падрыхтаваць грунт пад пасеў непаразуменняў і ўзаемнай непрыязні.

Не туды дарога, шаноўныя панове! Пытанні такога значэння, як тыя, якія гавораць пра цэлую будучыню народаў, не адсоўваюцца нейкай дасціпнай фразай або больш-менш трапным нацягненнем гістарычных фактаў. У гэтым выпадку аргумен-таваць можна толькі на аснове дадзеных, якія маюць навуковую вартасць, непарушных, як скала, не забаўляючыся фразеалогіяй, годнай сярэднявечных схаластыкаў.

Жыццё супярэчыць амаль заўсёды ўсякім, найпрацавіцей і най-дасціпней сканструяваным тэорыям, і не раз насупраць нашым найгарачым жаданням, выводзіць нас на такія дарогі, пра кірунак якіх мы не мелі раней найменшага разумення. Належыць з тым лічыцца, бо іначай заслу-жым смех спачування, як той, хто б хацеў стрымаць вецер дзьмуханнем.

Народ, які абуджаецца да жыцця адасобленага, альбо мае столькі сілаў жыццёвых, што яго ніякія памаганні свету з дарогі яго не звернуць, альбо іх не мае. А тады без націску з чыйго-небудзь боку, будзе паглынуты чужымі культурамі, згіне з паверхні зямлі. Народ, які абуджаецца да супольнага жыцця па ўласнай мадэлі, не патрабуе нянек, як і тады, калі мае сілы, адмаўляе, не прымае ніякага націску і насуперак усяму выквітнее ён з часам цудоўнай кветкай цывілізацыі, уносячы новы элемент у духоўны даробак гэтай цывілізацыі.

Наш святы абавязак ёсць - не перашкаджаць у развіцці той кветкі, але дапамагаць ёй.

Уялякія супрацьядзеянні ёсць вартыя тых прадстаўнікоў улады, якіх не хвалюе дабро для людзей, а толькі захаванне выгадных для іх форм дзяржаўнасці. Мы, палякі, жывём тут на Літве і знаходзімся ў тым становішчы, што ніякага супрацьдзеяння выклікаць не ў стане і не павінны, хаця б з тых поглядаў, што нам трэба залучаць як найбольш сяброў, а не абуджаць нянавісць да сябе.

Нам вядома з уласнага досведу, якой цяжкай крыўдай і знявагай для чалавека ёсць прымус яго да прыняцця духоўнай ежы ў чужой мове. Вядома нам таксама, што гвалты, якія чыніліся над намі з мэтай змушэння нас да думання не па-польску, не прывялі да пажаданых вынікаў, а наадварот, выкапалі глыбокую прорву, якая не дапускае ні да якога паразумення.

Гісторыя вучыць нас, што народы незнішчальныя, што можна часова прыпыніць іхняе развіццё, але ніколі не ўдасца перамяніць істоту іх духу, забіць любоў да рэчаў айчынных, зацерці рысы адметнасці. Прыглушаная нават цяжкай рукой пераможцы, жорстка затрыманая ў сваім бегу раней ці пазней, а адшукае тая рыса сваё права і паўторнай хваляй разбурыць штучныя збудаванні чужых уплываў.

Прымус ніколі не мае права быць, асабліва ў галіне нацыянальных правоў.

Памыляецца той, які верыць у паспяховасць такой методы паводзін. Яшчэ больш памыляюцца тыя, якія лічаць, што ў нашых умовах мы можам думаць пра штучную асіміляцыю мільёнаў людзей. Дзяржавы, якія стаяць намнога вышэй ад нас культурна, якія маюць на падтрымку сваіх імкненняў матэрыяльную сілу, з цэлай сеткай дзяржаўных інстытутаў не раз спыняліся бяссільна перад адпорам этнічна прыгнечаных, а што ж ужо мы, расцярушаныя, бяссільныя, не здольныя зграмадзіцца дзеля салідарнага дзеяння.

Нам гавораць, што больш вы-сокія культуры ўбіраюць у сябе культуры больш нізкія, пра што павінна быццам бы сведчыць логіка гісторыі. Праўда, але робіцца гэта роўна на столькі, на колькі больш высокую культуру людзі, якія стаяць на больш нізкім узроўні цывілізацыі, прысвойваюць сабе дабраахвотна.

Гвалт, з хоць якой напругай, заўсёды параджае адпор, гэта з'яўляецца неадменным правам прыроды. Зрэшты, каб які-небудзь народ з карысцю для агульначалавечай справы цалкам прысвоіў сабе вышэйшую культуру, трэба спачатку прыняць яго такім, якім ён ёсць, навучыць яго цаніць святло ведаў у яго роднай мове .

Потым ён сам зробіць выбар і, калі ўжо прыме чужую культуру, то назаўсёды - на дзяцей, унукаў і праўнукаў.

Такая логіка гістарычная. Параўнаем толькі колькасць адпольшчаных немцаў, якія толькі пад націскам зрабіліся немцамі, з колькасцю аднямечаных палякаў з нямецкімі прозвішчамі - і зразумеем тую праўду.

Не трэба баяцца таго, што ў нас беларусы горнуцца да кніжак, якія даюць ім крошкі ведаў у іх роднай мове. Для польскасці няма ў тым руху небяспекі . Прынамсі, да тых, хто ім дапамагае падняцца духоўна ў іх уласнай мове, захаваюць яны пачуццё ўдзячнасці назаўсёды, і яны будуць ненавідзець кожнага, хто стане на шляху іх памкненняў або будзе выказваць непавагу да іх нацыянальнасці і мовы.

Праўда, што і да польскіх кніг горнуцца беларусы гэдак жа ахвотна. Гэта агульнае жаданне, імкненне да святла. Бо яны ўжо спазналі патрэбу ў навуцы і пачалі яе браць з усіх крыніц, якія пад рукой. Але навука, якая падаецца ў чужой мове, хоць і набліжанай, не так лёгка прыстасуецца да сутнасці жыцця, таму што ў беларусаў яна становіцца нечым іншым, чым у іх найбліжэйшых суседзяў - "польская", "панская", але не "мужыцкая", "беларуская".

Можна смяяцца з энтузіястаў, якія прагнуць зфарсіраваць беларускую справу, не лічачыся з абставінамі, можна іх называць "нянькамі" ці неяк яшчэ, але трэба памятаць, што калі мы не падтрымаем таго сімпатычнага - будзь што будзе - руху, то яго кірунак возьмуць у свае рукі нашы суседзі і выкуюць з яго меч на нас, бо маюць сілы і ўсякія магчымасці для таго. Прынамсі, усходня група праваслаўных беларусаў будзе цалкам страчана для нашага ўплыву, бо прыхіліцца да крэўнай сабе мовай і верай Вялікаросіі.

Іншая справа з беларусамі заходняй групы. Тут аснову народу складаюць такія розныя этнічныя фармацыі, што той свайго роду кангламерат нельга назваць нават ні Руссю Белай ні Чорнай. Бо каго толькі гэтыя наднёманскія пушчы і пяскі не бачылі. І палонных, як з Польшчы, так і з Маларосіі і нават з Чэхаў і ўцекачоў з-пад уціску з Маскоўскай дзяржавы і столькіх іншых, каго цягнула ў наш край свабода, гарантаваная кожнаму, хто схаваўся пад крыло нашай Пагоні.

Як пацвярджэнне тых вандровак народаў захаваліся да сёння прозвішчы, якія гучаць ані па-беларуску, ані па-літоўску: такія, як: Залускі, Квяткоўскі, Кучынскі, Яленскі. Вайцахоўскі, Сабалеўскі, Савіч, Налівайка, Матэйка, Швед і тысячы іншых. Акрамя гэтага маем тут засцянковую шляхту. Ладам жыцця яна не адрозніваецца ад сялян, толькі пастаянна ўжывае польскую мову. Тут прапаганда польскасці яшчэ мае права быць. Належыць дапамагчы тым адзінкам у захаванні сваёй нацыянальнай адметнасці, а іншым паказаць дарогу для павароту ў лона польскасці. Але нельга забываць і пра братоў беларусаў з крыві і косці, якія насуперак усяму самаўсведаляюцца і хочуць захаваць сваю нацыянальную адметнасць. Падтрымкі масаў мы пры гэтым не атрымаем, але спрычынімся да завязвання наймацнейшых сардэчных сувязяў, бо ўчынкі нашыя будуць адпавядаць справядлівасці і праўдзе.

Вандалін Шукевіч

Вандалін ШУКЕВІЧ - пачынальнік навуковай археалогіі на заходніх землях Беларусі. Нарадзіўся 10.12.1852 г. ў маёнтку Нача Лідскага павету. Адукацыю атрымаў у Вільні. З 1872 г. жыў у сваім маёнтку, заняўся даследаваннямі ў сельскагаспадарчай вытворчасці, потым - навуковай працай у галіне археалогіі, этнаграфіі, краязнаўства, антрапалогіі. Займаў, як відно, актыўную грамадскую пазіцыю.

У артыкуле В. Шукевіч пазіцыянуе сябе палякам, піша гэты артыкул для палякаў, але адстойвае інтарэсы беларусаў, іхняе права на адукацыю ў роднай мове і, наогул, заклікае палякаў не баяцца беларускага руху, а падтрымаць яго, што з сённяшніх пазіцый глядзіцца вельмі мудра і прадбачліва.


«НЕ ПЛЮЙ У КАРЫТЦА…» І ІНШАЕ

У акадэмічным двухтомным зводзе «Прыказкі і прымаўкі» (1976) выказ, які пачынаецца спалучэннем «не плюй» , падаецца ў некалькіх варыянтах: Не плюй у ваду: згадзіцца (прыйдзецца) напіцца; Не плюй у крыніцу: прыйдзеш па вадзіцу; Не плюй у калодзеж, мо прыйдзецца напіцца і інш. Янка Купала ж пяць разоў скарыстаў гэту прыказку толькі ў форме Не плюй у карытца - прыдасца напіцца . А ў трагікамедыі «Тутэйшыя» прыказка ўжыта ў крыху змененым выглядзе; Янка Здольнік кажа Мікіту Зноску: «Ці не паспяшаліся, пане рэгістратар, пляваць у карытца - каб не прыйшлося напіцца» . Ва ўсіх шасці Купалавых кантэкстах прыказка абазначае «Не рабі шкоды каму-небудзь, каб пасля гэтым самым не зрабіць горш для самога сябе».

Першы ж раз яна была ўжыта ў ягоным вершы «Не плюй у ка-рытца…», напісаным 15 студзеня 1922 года. Верш ні пры жыцці паэта, ні ў яго пасмяротных выданнях нідзе не друкаваўся. Упершыню ён пабачыў свет толькі ў 2003 годзе - у Поўным зборы твораў (т. 9, кн. 2, с. 7-8). Чаму паэт нават і намеру не меў здаваць верш у друк, а толькі, як сведчыць М.М. Улашчык, даверліва даваў яго чытаць сваім сябрам, - тлумачыцца ідэйным зместам твора і небяспекай пакарання за верш.

Калі ў ліпені 1920 года пачалася расійска-польская вайна, бальшавіцкія ўлады РСФСР паўторна абнародавалі «Дэкларацыю аб абвяшчэнні незалежнасці Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь» (у скарачэнні - ССРБ). І дыктавалася гэта не надзённымі задачамі беларускай нацыі, не імкненнем стварыць найбольш спрыяльныя ўмовы для развіцця эканомікі і культуры беларускага народа, а палітычнай зламыснай тактыкай і міжнароднымі абставінамі. Гэта ССРБ, наша «Бацькаўшчына-маці», як называў Янка Купала, аж да 1924 года была абрэзана з усіх бакоў. Заходняя Беларусь паводле Рыжскага дагавора 1921 г. адышла ад Польшчы, а на ўсходзе мяжа з РСФСР праходзіла за Бары-савам, ля Бабруйска і Мазыра. Складалася ССРБ з шасці няпоўных паветаў Менскай губерні: Бабруйскага, Барысаўскага, Мазырскага, Чэрвеньскага і частак Менскага і Слуцкага. Тэрыторыя ССРБ займала 52 398 квадратных кіламетраў з насельніцтвам крыху больш як паўтара мільёна чалавек, г.зн. была не нашмат большая за сучасную Гарадзенскую вобласць па плошчы і колькасці жыхароў.

З душэўным болем і горкай іроніяй пісаў Янка Купала ў вершы «Не плюй у карытца…»:

Бах, нашу Айчыну

Без нашае волі,

Як тую аўчыну

Ў шматкі папаролі.

А нам чужы стбтут

Паднёс пяць паветаў, -

Жыві і ўладай тут!

Ну, дзякуй за гэта!..

Не плюй у карытца -

Прыдасца напіцца.

Гэты верш складаецца з пяці васьмірадковых строфаў. Кожная з іх завяршаецца рэфрэнам-прыказкай: «Не плюй у карытца - прыдасца напіцца» . Думаецца, што Купалаў варыянт, змацаваны ўнутранай рыф-май і чатырохстопным амфібрахіем, найбольш прымальны сярод іншых.

І яшчэ адно паэтычнае выказ-ванне Я. Купалы - Дум не скуеш ланцугамі - ператварылася ў звычайную прыказку, стала шырока-ўжывальным у літаратурнай мове, уключаецца ў нарматыўныя слоўнікі, абазначае «Мысленне, думкі не мо-гуць быць падуладныя каму-небудзь» . А паходзіць яно з паэмы «Курган» (1910), дзе гусляр адказвае грознаму князю: «Сілен, княжа, караць, галаву сілен зняць, - не скуеш толькі дум ланцугамі» . Вось прыклад выкары-стання гэтай прыказкі: «Дум не скуеш ланцугамі - гэтыя словы былі ці не заўсёднымі ў вуснах Ф. Ждановіча ў спрэчках па надзённых пытаннях тэ-атральнай творчасці» (Б. Бур'ян).

У артыкуле «Прыказкі, аўтарства якіх вядомае», змешчаным у «Краязнаўчай газеце» (2011, № 21), я апісаў дзесяць ўласна беларускіх прыказак - з паказам, хто іх стваральнік, з якога твора выказ пачынаў сваё жыццё, што ён абазначае і як ужываецца ў сучаснай беларускай літаратуры. Гэта былыя крылатыя выразы з твораў Я. Коласа, К. Крапівы, М. Багдановіча, І. Пташнікава. Да гэтага можна дадаць яшчэ два пісьменніцкія наватворы, якія зрабілі крок па дарозе ў літаратурную мову і пачынаюць ужывацца без спасылкі на іх аўтараў. Калі ўжывальнасць актуальных наватвораў (слоў, фразеалагізмаў, прыказак) «выходзіць за межы аўтарскага тэксту, - пісаў вя-домы расійскі прафесар А.М. Бабкін, - іх месца ў тлумачальных слоўніках бясспрэчнае».

Верш Уладзіміра Дубоўкі «Ніколі праўда не ўмірае» (1929) пачынаецца радкамі: «Жыццё закон нязломны мае: ніколі праўда не ўмірае» . Гэтыя радкі набылі ці на-бываюць крылатасць, гаворацца з упэўненасцю і верай у перамогу справядлівасці, уключаны ў «Тлумачальны слоўнік прыказак» (2011), што і пацвярджаецца прыкладам з аповесці Н. Бабінай «Рыбін горад»: «- Я і спадзяюся, што, як Сяргей паздаравее, я змагу сваю сілу паказаць гэтым [нягоднікам]… Жыццё закон нязломны мае - ніколі праўда не ўмірае, - задуменна сказала Аксана нібы сама сабе, калі мы развітваліся» .

У адным з эпізодаў п'есы Кандрата Крапівы «Партызаны» (1937) кулак Маргун (перад прыхо-дам польскіх акупантаў у вёску) пытаецца ў Батуры: «А табе ж чаго баяцца? Гэта ж вашы… Ты ж паляк, здаецца?» Батура адказвае, «загадкава падміргваючы», іранічным выказам-неалагізмам: «Не пазналі сваіх нашы, бярозавай далі кашы» . Першая частка гэтага сказа - крыху зменены варыянт старадаўняй прыказкі з евангельскага тэксту: «Своя своих не познаша» (Іаан, 1, 10-11). Другая частка выказу - фразеалагізм «(даць) бярозавай кашы». Сэнс выказвання - «Бывае, што даводзіцца цярпець пабоі ці іншыя непрыемнасці не ад чужых людзей, а ад сваіх жа» . Пра-ілюструем ужыванне гэтай прыказкі прыкладам з мемуараў У. Калесніка «Доўг памяці»: «Неўзабаве па нашай пазіцыі пачала прыстрэльвацца [наша] артылерыя. Камандзір… не ведаў страху. Ён і цяпер пачаў смяяцца з таго, што не пазналі сваіх нашы, бярозавай даюць кашы».

Іван Лепешаў.


Гародня. Заявы бацькоў у беларускія классы

Даўно скончыўся чэрвень - самы першы актыўны месяц сярод бацькоў будучых першакласнікаў. У ліпені і першай палове жніўня сітуацыя амаль не змянілася. Вынікі першага месяца (чэрвеня) па звестках раённых аддзелаў адукацыі і вынікі на сярэдзіну жніўня. Афіцыйныя і неафіцыйныя.


Кастрычніцкі раён.

На жаль, з 70 бацькоў Кастрычніцкага раёна , якія па звестках аддзела адукацыі жадалі вучыць дзяцей па- беларуску заявы падалі 7 чалавек. Ёсць спадзяванні, што да канца жніўня ахвотных стане больш. Пералік навучальных устаноў, дзе пададзены заявы ў першы беларускі клас у чэрвені:

Гімназія №4- 1(вул. Рэпіна);

СШ №19-1 (Ласосна);

СШ №31-1 (Вішнявец);

СШ №33-1 (вул. Томіна, Сла-вінскага);

СШ №34-2 (Вішнявец);

СШ №35-1 (Паўднёвы).

На сярэдзіну жніўня па звестках аддзела адукацыі колькасць пададзеных заяў не змянілася.

Па звестках аддзела адукацыі базавай школай для адкрыцця беларускага класа ў Кастрычніцкім раёне плануецца зрабіць СШ №34. Побач СШ №31 і недалёка СШ №33, СШ №35, дзе таксама ёсць за-явы на вучобу дзетак у беларускім класе. Будзе выдатна, калі тыя, хто падаў заявы ў іншыя школы, падтрымаюць спробу стварэння беларускага класа і напішуць заяву ў беларускі клас СШ №34.У мікрараёне "Вішнявец" і "Дзевятоў-ка" для маленькіх дзетак з ба-цькамі плануецца пусціць аўтобус "Бацькоўскі марш-рут" па звычайных коштах. Па апошніх звестках гараддзела адукацыі адкрыццё гэтых "бацькоўскіх маршрутаў" плануецца 29 жніўня, а не 15, як планавалася раней. Аддзел адукацыі на прапановы ТБМ даць кантактныя дадзеныя бацькоў, якія хочуць вучыць сваіх дзетак на роднай мове, катэгарычна адмовіў, спаслаў-шыся на канфідэнцыйнасць такой інфармацыі. У сваю чаргу яны абяцалі самі правесці размовы з бацькамі іншых школ раёнаў аб падачы заяў у нейкую адну школу (магчыма №34) для фармавання беларускага класа. Таварыства бела-рускай мовы просіць бацькоў праінфармаваць аб усіх магчы-мых зменах пры напісанні новых заяў. Гэтак жа раім паступіць і бацькам Ленінскага раёна.


Ленінскі раён.

Пасля змяншэння колькасці пададзеных заяў (на сярэдзіну жніўня) у СШ №32 захаваць яе як базавую стане праблематычна.А як лічаць бацькі? Захаваць яе як база-вую, ці абраць іншую навучальную ўстанову з большай колькасцю заяў?

Затое ў другі беларускі клас гэтай школы з пачатку лета аб'яўлены дадатковы набор дзетак, дзе паспяхова навучаецца адна вучаніца.

Па звестках гараддзела адукацыі ў першы беларускі клас (Ленінскі раён) на першае ліпеня пададзена 5 заяў. Гэта наступныя навучальныя ўстановы:

Гімназія №6-1 (вул. Дзяржынскага, 111);

СШ №7-1 (вул. Камарова,15);

СШ №32-3 (Ліможа,11).

На сярэдзіну жніўня ў СШ №32-1 (Трое іншых бацькоў, якія жадалі вучыць сваіх дзяцей па-беларуску, заявы ў гэтую школу пакуль не напі-салі).

Па неафіцыйных звестках ТБМ яшчэ 3 заявы пададзены бацькамі ў ПШ №1 на вуліцы Горкага. Магчыма, гэ-тая пачатковая школа-гімназія магла б стаць базавай?

Чытайце аб'яву на сайце "Радыё рацыя"- "Беларускія класы ў Гродне".


Тэлефон сакратара школы №32: 41-31-92 (Баяр-чык Гелена Вацлаваўна).

Завуч пачатковай школы №32: МТС- 787-43-54 (Багдановіч Валянціна Іва-наўна).

Прадстаўнік бацькоўскага камітэта па адкрыцці беларускага класа: 70-62-89, пас-ля 18.00 (Астроўская Аксана).

Тэлефоны начальніка аддзела адукацыі гарвыканкама: 72-05-58, 72-04-02 (Бла-жэй Сяргей Валяр'янавіч).

Тэлефон Кастрычніц-кага раённага аддзела адукацыі: 52-05-66 (Аляксандра Ўладзі-міраўна).

Тэлефон Ленінскага раённага аддзела адукацыі: 72-10-65 (Аксана Сяргееўна).

Тэлефоны гарадзен-скага абласнога ГА "Таварыства беларускай мовы": Вэл-кам - 943-58-09 (Крой Аляксандр Ільіч), МТС-285-93-07 (Буднік Іван Фёдаравіч).

Алесь Крой.


Беларускамоўны летнік пад Гомелем

12-14 жніўня пад Гомелем адбыўся беларускамоўны летнік. Удзельнікам (а ўсяго было больш за 30 чалавек) была прапанаваная насычаная праграма: дыскусіі на моўную і гістарычныя тэматыкі, беларускія танцы пад дуду і нацыянальная вячэра, экскурсія ў Хальчанскі палац, рухавыя і інтэлектуальныя гульні, а так-сама выступленне беларускіх бардаў.

Моладдзю была ахвотна падтрыманая ідэя папулярызацыі роднай мовы, а самыя актыўныя атрымалі прызы і падарункі. Пра гэтае мерапрыемства, арганізаванае мясцовым ТБМ, можна было даведацца на сайце kli4nik.іnfo. Актывісты арганізацыі адзначаюць неабходнасць правядзення падобных летнікаў і гарантуюць яшчэ больш раз-настаіць праграму ў наступным годзе.

Наш кар.

На здымках: 1. Дзяўчаты трымаюць майкі з надпісам "Мая мова беларуская"; 2. Спявае бард Андрусь Мель-нікаў.


Беларускія маляванкі

Напярэдадні чарговага навучальнага года супрацоўнікі "ЖЖ" (жаночага часопіса) парадавалі беларускіх дзетак дзвюмя прыгожымі маляванкамі. Першая беларуская ма-ляванка выйшла ў свет у канцы чэрвеня і з'яўляецца дадаткам да вышэйзгаданага часопіса. Маляванка складаецца з сямі беларускамоўных і рускамоўных тэкстаў з малюнкамі да іх, якія дзеткі змогуць размаляваць на свой густ адпаведна зместу. У тэксце "Чароўны ўзор" размова ідзе пра беларускую гістарычную сімволіку. Тэкст пад назвай "Карта-зубр" прысвечаны сучаснай геаграфічнай мапе нашай краіны. "Мірскі замак" паведамляе пра тое, што з'яўляецца адным з сімвалаў Беларусі. Яго выяву дзеткі будуць размалёўваць з асалодай. У кніжцы ёсць месца і для маленькіх паданняў, чы-таючы якія дзеткі даведаюцца пра цікавыя беларускія словы - тэкст "Па жаданні кажана". У чароўную краіну легендаў запрашае і "Па-параць-кветка". Пра некаторыя асаблівасці бе-ларускай мовы паведамляе "Літара Ў". На заканчэнне кніжкі дзеткі могуць пазнаёміцца з кароткай версіяй выдатнай беларускай народ-най казкі "Коцік, пеўнік і лісічка".

Другая маляванка выйшла праз месяц пасля першай і ўжо зарэгістравана як асобнае выданне з назвай "Маляванка беларуская" №1. Яна прызначана "для гарэзаў хлопчыкаў і ціхунь дзяўчынак". Першы тэкст апавядае пра "Бела-рускі лён". А вось "Прыгажуні-вужалкі" раскрываюць старажытнае паданне пра Змяінага цара - валадара ўсіх змей у лясах і палях. Пра адметнае беларускае мастацтва выцінанкі расказвае наступны тэкст. Што цікава, дзеткі могуць як размаляваць, так і паспрабаваць самі выразаць з паперы прыгожы малюнак. Пра глыбокую мінуўшчыну і звычаі нашых продкаў распавядае тэкст "Барысаў камень". Зараз гэты сведка нашай гісторыі знаходзіцца ў Полацку каля Сафійскага сабора. Сённяшнія гарадскія дзеці зусім не ведаюць таго, як даўней на вёсцы жанчыны рабілі масла. Прачытаўшы тэкст "Як рабілі масла" і размаляваўшы адпаведны малюнак, атрымаеш сапраўднае ўяўленне пра гэты працэс. Наступны тэкст - пераказ вядомай беларускай казкі "Каток - залаты лабок". Напрыканцы кніжкі дзетак запрашаюць у музей цягнікоў, які знаходзіцца ў горадзе Берасці, непа-далёк ад знакамітай цвердзі.

Застаецца дадаць, што наклад кожнай з гэтых маляванак складае па 8 тысяч асобнікаў, і яны ёсць у вольным продажы.

Грамадскае аб'яднанне "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" вы-казвае вялікую падзяку галоўнаму рэдактару часопіса Юліі Дарафеевай і ўсяму аўтарскаму калектыву выдання.

Алег Трусаў,

Алена Анісім.


Без стомы працаваць для Беларусі

У нядзелю 14-га жніўня за акіянам адбылося святкаванне 85-х угодкаў з дня нараджэння слыннага беларуса доктара Янкі Запрудніка. Пасля набажэнства на банкет сабралася больш за 60 чалавек, у тым ліку дзеткі. Функцыю тамады выконваў Вітаўт Кіпель, з якім на сёлета ў імянінніка прыпала 65-годдзе працавітага сяброўства. Прамаўлялі, апрача Вітаўта, дочкі Вера і Ніна, Ала Кузьміцкая (Шчэцька), Вячка Станкевіч, Юзік Рагалевіч, Валя Трыгубовіч. А яшчэ доктар Запруднік атрымаў больш за 50 віншаванняў у паштоўках, у тэлефанічных званках ды імэйлах. Да абеду і пасля яго ў зале прыемна гучала музыка, забяспечаная таленавітымі Валянцінам і Таняй Дзямешчыкамі, рэгентамі мясцовага царкоўнага хору.

Вялізны каравай жончынай выпечкі (удзел у мяшан-ні цеста прымаў сам імяніннік), які на возіку дружна выкацілі з кухні дзеткі, адразу ж прыцягнуў увагу фатографаў. Усе пяць свечак на ім імяніннік патушыў адным дзьмухам.

У сваёй прамове Янка Запруднік згадаў кавалак мудрасці, пачутай, яшчэ быўшы студэнтам, ад бельгійскага ма-наха, які апекаваўся студэнцкай грамадой. Па-французску гэта гучала: Vivre c'est d'кtre fatiguй, даслоўна: жыць - гэта быць змучаным, а больш адпаведна, і нават паэтычна - жыць да стомы . А пакуль Янка Запруднік жыве і працуе для Беларусі без стомы . Многія леты!

Наш кар.


УКЛАД БЕЛАРУСАЎ У СУСВЕТНУЮ ЦЫВІЛІЗАЦЫЮ

(Заканчэнне. Пачатак у папярэднім нумары.)

Найбольш творчы патэнцыял нашага народа прая-віўся, канешне, ў часы існаван-ня Полацкага, Турава-Пінска-га, Наваградскага княстваў, ВКЛ (Ф. Скарына, С. Будны, Л. Сапега і інш.), а таксама БНР, БССР і Рэспублікі Бела-русь. Дзяржаўнасць жа свед-чыць аб жыццяздольнасці і энергічнасці народа, яго слаў-ных гістарычных і культурных традыцыях.

Па-другое, хочам мы гэта прызнаць ці не хочам, беларускі генафонд узбагацілі прадстаўнікі іншых народаў, якія ўдзельнічалі ў беларускім этнагенезе (продкі сучасных украінцаў, палякаў, рускіх, літоўцаў (у прыватнасці Жа-мойці), жыхары Нальшчанаў і выхадцы з Дзяволтвы і латы-шоў, а таксама даўніх яцвягаў, прусаў, немцаў, галандцаў, шатландцаў, скандынаваў, чэ-хаў, вугорцаў, французаў, іранскіх і цюрскіх этнасаў і інш.). Беларускі генафонд, з аднаго боку, здавалася б, значна аслаблены ў Еўропе ў сувязі са шматлікімі войнамі, паўстаннямі, вельмі цяжкімі эканамічнымі ўмовамі жыцця народа ў дарэвалюцыйны і паслярэвалюцыйны час, рэ-прэсіямі царскіх і савецкіх ча-соў і інш. неспрыяльнымі фак-тарамі, якія зведалі наша зямля і людзі. З другога ж боку, ад-нак, дзякуючы жыццяздоль-насці нашага народа, яго не-звычайнай трываласці і стой-касці, працавітасці, дысцыплі-наванасці, сур'ёзным адносі-нам да справы, дзелавітасці, кемлівасці, рацыянальнай ар-ганізацыі працы, побыту, адпа-чынку, харчавання і інш. сваім станоўчым якасцям і рысам характару, а таксама, вера-годна, асіміляцыі ў яго (у бе-ларускі народ - А.Л.) інша-этнічных элементаў генафонд стала аднаўляўся, узбагачаўся і ў канцавым выніку ўзмац-няўся. І беларускі народ паста-янна нараджаў таленавітых, а калі хочаце, нават геніяльных людзей. І такі народ павінен жыць і будзе жыць далей. Да-рэчы, асіміляцыя прадстаўні-коў іншых этнасаў у беларусаў сведчыць не толькі пра нашу жыццяздольнасць, але перад усім пра дзяржаўнасць.

Па-трэцяе, захаванню нашай дзяржаўнасці і народа садзейнічала тое, што бела-рускае або беларуска-літоў-скае (гаворка ідзе пра ВКЛ) пануючае саслоўе арыента-валася на ўсё перадавое ў на-вуцы, тэхніцы і культуры еўра-пейскага Захаду. Таму і не дзіў-на, што ў шэрагу галін (ваен-ная справа, культура і інш.) беларусы апярэджвалі ў свой час не толькі народы Ўсход-няй, але часам і Цэнтральна-Заходняй Еўропы. Напрыклад, у пэўных бітвах беларусы, дзя-куючы выкарыстанню еўра-пейскага ўзбраення і ваеннай тактыкі, палкаводчай мудрасці і смелым, неардынарным ра-шэнням баявых задач, гераізму воінаў атрымлівалі перамогі над большым па колькасці непрыяцельскім войскам (біт-вы пад Клецкам 1506 г., Ор-шай 1514 г., на р. Ула 1564 г., Кірхгольмам 1605 г., Шкловам 1654 г., інш.) гл.: Сагановіч Г.М. Войска Вялікага Княства Літоўскага ў ХVІ - ХVІІ стст.- Мн., 1994. С. 50-59.

Уршуля Францішка Радзівіл заснавала першы ў гісторыі ўсходніх і заходніх славянаў прыватнаўласніцкі свецкі аматарскі тэатр. Або такія факты. Адным з першых культавых помнікаў барока на еўрапейскім кантыненце быў касцёл Божага Цела ў Нясвіжы. Статут ВКЛ 1588 г. з'яўляўся ў той час найбольш даскана-лым кодэксам юрыдычнай думкі ў Еўропе і аказаў уплыў на прававую думку суседніх і іншых народаў (рускіх, укра-інцаў, палякаў, немцаў) Еў-ропы.

Па-чацвёртае, у бела-русаў значны адсотак насель-ніцтва займала шляхта (12-13 адсоткаў), у рускіх ўсяго - 2-3 адсоткі. У шляхты генафонд, так скажам, не самы горшы сярод беларусаў. І выхадцы з беларускай шляхты ўнеслі годны ўклад у сусветную на-вуку, тэхніку, культуру (асаб-ліва гэта тычыцца 16 - па-чатку 21-га ст.). Праўда, гена-фонд у сялян таго ці іншага рэгіёна Беларусі мог быць не горшым за генафонд шляхты.

Ярмоленка спыніўся ў публікацыі на дасягненнях беларусаў не толькі дарэва-люцыйнага, але паслярэвалю-цыйнага (савецкага) перыяду і сучаснасці. Калі пра некаторых вучоных, гістарычных і куль-турных дзеячаў з беларускімі каранямі мы ўжо тое-сёе або шмат ведаем (І. Гурко, І. Чэр-скі, С. Кавалеўская, В. Каша-варава-Руднева, Ю. Тарыч, І. Стравінскі, П. Сухі, інш.), то пра іншых нічога не ведаем або вельмі мала што ведаем. От возьмем, напрыклад, Рамана Кандраценку. Гэты генерал з'яўляўся легендарным аба-ронцам Порт-Артура ў час руска-японскай вайны 1904-1905 г. Дарэчы, у Полацку, як сцвярджае В. Ярмоленка, ста-яў помнік гэтаму герою, аднак потым ён быў знесены. Або ўзяць Уладзіслава Старэвіча. Гэты творчы чалавек мае за-слугі перад сусветным кінема-тографам. Ен у 1911 г. упер-шыню стварыў "мульцікі". Наш зямляк Аляксандр Чы-жэўскі адкрыў ролю сонечнай радыяцыі ў жыццядзейнасці біясферы. Заснавальнікам су-светнай псіхіятрыі з'яўляецца таксама наш суайчыннік Іван Балінскі (1827-1902). Тут жа Валеры Ярмоленка згадвае і пра заснавальніка сусветнай індыяністыкі Каэтана Касовіча, Скірмунта - патрыярха рус-кага прадпрымальніцтва, ён першы заклаў аснову вінароб-ства ў Крыме, пабудаваўшы ў Ялце цяпер знакаміты завод "Масандра". Асноўная заслуга ў адкрыцці нафты і газу ў За-ходняй Сібіры належыць на-шаму земляку Трафімуку, Курыльскія астравы адкрыў ураджэнец Беларусі Іван Ка-зырэўскі і інш.

Тут я хачу заўважыць, што вялікі ўклад у сусветную навуку, тэхніку, культуру зрабілі яўрэі з беларускімі каранямі, лаўрэаты Нобелеў-скай прэміі: Сайман Кузнец, Аарон Клуг, Зельман Ваксман, Рычард Фейнман, Ілля Пры-гожын, Шэлдан Лі Глэшаў, Марцін Перл, Фрэдэрык Рай-нес, Алан Хігер і інш. Гл.: Иоффе Э.Г. Нобелевские лау-реаты с белорусскими кор-нями.- Мн., 2008.


В. Ярмоленка - першы, хто так грунтоўна паставіўся да нашага ўкладу ў сусветную навуку, тэхніку, культуру. Ужо тое, што беларускі народ унёс такі вялікі ўклад у су-светную цывілізацыю можа сведчыць дадатковым аргу-ментам на карысць даўніх традыцыяй беларускай дзяр-жаўнасці, бо толькі ў такім разе можна захаваць свой генафонд і высокі інтэлектуальны па-тэнцыял. На самай справе, высновам В. Ярмоленкі можна верыць, бо беларусы з даўніх часоў былі жыццяздольным, з магутнай творчай сілай, наро-дам, пра гэта сведчаць не толькі былыя, але і цяперашнія нашы поспехі ў навуцы, тэхніцы, культуры, спорце. Вялікае значэнне мае папулярызацыя ў цяперашні час дасягненняў нашых выдатных землякоў на старонках газет, часопісаў, на тэлебачанні, радыё.

Анатоль Літвіновіч, кандыдат філалагічных навук


Ліпень у Таварыстве беларускай культуры ў Літве

У суботу 30 ліпеня ў Таварыстве беларускай куль-туры адбылася традыцыйная імпрэза, на якой абмеркавалі пытанні адносна сітуацыі ў Беларусі, а таксама ўзгадалі пятую гадавіну з дня смерці народнага пісьменніка Янкі Брыля і ІІІ з'езд беларусаў свету, з часу правядзення якога ў ліпені споўнілася 10 год.

Імпрэзу распачаў стар-шыня Таварыства Хведар Ню-нька. У сваёй прамове ён рас-павёў аб правядзенні ІІІ з'езду беларусаў свету і ўзгадаў гіс-торыю правядзення папя-рэдніх. Варта адзначыць, што спадар Хведар быў удзель-нікам усіх з'ездаў.

Распавядаючы пра ІІІ з'езд Хведар Нюнька звяр-нуўся да гісторыі правядзення папярэдніх. У сваёй прамове ён адзначыў, што толькі першы з'езд праводзіўся на належным дзяржаўным узроўні. Тады ў Беларусь змаглі прыехаць тыя, якія каля паўстагоддзя не ба-чылі сваёй этнічнай зямлі. Па расповяду многіх, некаторыя з іх цалавалі зямлю і практычна на вачах ва ўсіх былі слёзы. Але другі раз Бацькаўшчына іх ужо не прыняла прыветліва. Пасля 1994 года яны зноў сталі непатрэбнымі. І тады, у 1997 годзе, адбылася спроба падзя-ліць беларусаў на "чэсных" і "нячэсных". І знайшліся "юды", якія за трыццаць срэб-нікаў прадаліся і паспрыялі расколу беларусаў.

Трэці з'езд праводзіў-ся ў яшчэ больш складаных умовах. Практычна да апош-няга часу не было зразумела, ў якім памяшканні ён адбу-дзецца. Такім чынам улады хацелі яго цалкам сарваць. Распавядаючы аб гэтым, спа-дар Хведар зачытаў тую пра-мову, з якой ён выступіў на ІІІ з'ездзе беларусаў. У ёй ён акцэнтаваў увагу на праблеме беларусаў Літвы і на тым, што яны цалкам там пакінутыя. Калі палякам дапамагае іх этнічная бацькаўшчына і выдзяляе ім велізарнейшыя грошы, будуе школы, дамы культуры, то беларусы не маюць дапамогі ніадкуль. Таму і не прэстыжна ў Літве быць беларусам. Калі ў першыя класы польскіх школ у Вільні праводзяцца конкур-сы, то ў беларускай школе стаіць праблема, каб набраць хаця б мінімальную колькасць вучняў у першы клас. І такіх прыкладаў шмат. Пакуль у Беларусі не будзе шанавацца беларуская мова і культура, датуль яна будзе не патрэбнай і ў Літве. І як прыклад, мы сёння назіраем практычна поў-ную спаланізаванасць Вілен-скага краю. Там, дзе яшчэ паў-стагоддзя назад размаў-лялі па-беларуску, сёння гучыць польская мова. Польская школа і польскі касцёл зрабілі сваю спра-ву. І гэта ў іх вельмі лёгка атрымалася, бо за імі ста-яла дзяржава, якая была зацікаўлена ў захаванні польскасці ўсходніх тэры-торый. Беларуская ж дзяржава зацікаўленая выключна ў адным - у дэнацыяналізацыі бела-русаў.

У гэтым месяцы споўнілася пяць год з дня смерці беларускага пісь-менніка Янкі Брыля. На-лежыць адзначыць, што за сваю любоў да Беларусі ён быў пакараны: яго смерць афіцыйныя сродкі маса-вай інфармацыі практыч-на абышлі маўчаннем і так-сама пазбавілі яго магчы-масці быць пахаваным у Менску. Янка Брыль на-лежаў да кагорты старога пакалення беларускіх пі-сьменнікаў, якія змаглі стварыць сапраўдную бе-ларускую літаратуру вы-сокага ўзроўню, што пе-ракладалася на шматлікія мовы і чыталася ва ўсім свеце. Варта адзначыць, што менавіта ў гэты час узгадаваліся такія глыбы ў беларускай літаратуры і куль-туры як Караткевіч, Быкаў, Навуменка, Мележ, Шамякін і інш. І ўсім ім трэба аддаць належнае, бо яны стварылі са-праўдную беларускую літара-туру, дзе галоўны герой бела-рус з яго светабачаннем, жыц-цёвым досведам і праблемамі. Да таго ж, дзякуючы ім будзе захавана для будучых пакален-няў беларуская мова, на якой яны стваралі свае творы. І яны паказалі, што і на гэтай сялян-скай, халопскай, простай мове можна ствараць вялікія рэчы і шэдэўры, і што яна нічым не горшая за іншыя.

Янка Брыль, як і боль-шасць пісьменнікаў таго часу пісаў пра Другую Сусветную вайну, якую ён ведаў з акопаў, бо сам ваяваў. У ягоных творах герой, просты беларус, часта пастаўлены ў няпростую псі-халагічную сітуацыю, дзе даводзіцца выбіраць паміж жыццём і смерцю і вельмі часта яго герой выбірае чалавеч-насць.

На імпрэзе не абмінулі і становішча ў Беларусі. Палі-толагі Кастусь Манкус і Ар-тур Юдзіцкі распавялі як пра эканамічны крызіс, так і пра палітычныя моманты. Кастусь крыху спыніўся на маўклівых пратэстах, так званай рэва-люцыі праз сацыяльныя сеткі. Затым крыху распавёў пра дажынкі, якія мусяць адбыцца ў Маладэчне ў гэтым годзе. Да іх рыхтуецца ўвесь горад.

Артур больш увагі звярнуў на эканамічны крызіс у Беларусі. На яго думку ў Беларусі ўжо адбыўся дэфолт, толькі ён пакуль не аформ-лены юрыдычна. Як лічыць палітолаг, да восені даляр будзе каштаваць 25000 беларускіх рублёў.

У ТБК былі і госці. Гэтым разам Таварыства наведаў карэспандэнт Радыё Ра-цыя Зміцер Кармазін, які кора-ценька распавёў аб сваёй працы і пазнаёміў прысутных са сваёй асобай.

Таксама Таварыства наведалі госці з Маладэчна, прадстаўнікі дабрачыннага фонду "Паўночныя Афіны", якія займаюцца вяртаннем Агінскага ў айчынную куль-туру. Як яны лічаць, асоба Агінскага аб'ядноўвае тры на-роды: беларускі, літоўскі і польскі. Сёння задача, знахо-дзіць агульныя кропкі ў гэтым пытанні, выпрацоўваць агульную тактыку па пашырэнні і папулярызацыі Агінскіх у све-це. І Агінскі гэта тая асоба, якая не раз'ядноўвае, а аб'ядноўвае нас. І сёння той час, калі яго трэба вяртаць і беларусам.

Не магчыма, каб зямля, якая столькі дала свету людзей і столькі адпакутавала, проста вось так знікла: Ad Astra per aspera.

Алесь Адамковіч, Вільня.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX