Папярэдняя старонка: 2011

№ 38 (1033) 


Дадана: 19-03-2020,
Крыніца: pawet.net.



НАША СЛОВА №38 (1033) 21 верасня 2011 г.


Варшаўскай кафедры беларусістыкі - 55 гадоў

Кафедра беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэта адзначае 55-годдзе існавання. З гэтай нагоды ў Гайнаўцы прайшла навукова-практычная канферэнцыя з удзелам даследчыкаў з Польшчы, Беларусі і Нямеччыны.

Як зазначыў шматгадовы загадчык кафедры, прафесар Аляксандр Баршчэўскі, калі паглядзець на гісторыю існавання беларускага руху ў Польшчы, а таксама на гісторыю кафедры, то можна сцвердзіць, што часы росквіту ўжо мінулі:

- Перыяд рамантычны ў беларускім руху прайшоў, яго ўжо няма. Ён быў тады, калі нашыя пісьменнікі правялі 30 тысяч аўтарскіх сустрэч, на якія прыходзілі тысячы людзей. Сёння сабе не ўяўляю, каб нешта такое магло б адбывацца. Гэта ж датычыць і студэнтаў - набор на беларускую філалогію і ў Варшаве, і ў Беластоку, і ў Любліне на жаль не ўзрастае, а памяншваецца. Але нягледзячы на гэта, усё-такі ў нас утрымліваюцца ўсе гадавікі Кафедры, і яна існуе не толькі як дыдактычная пляцоўка, але таксама як навуковая.

Сёлета кафедра беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэта прыняла 42 заявы ахвотных вучыць беларускую мову, літаратуру, гісторыю і культуру, з якіх толькі невялікі адсотак - выпускнікі школ Падлесся.

Наш кар.


МЕНСКАЯ АБЛАСНАЯ КАНФЕРЭНЦЫЯ ТБМ

17 верасня ў Менску адбылася справаздачна-выбарчая канферэнцыя Менскай абласной арганізацыі грамад-скага аб'яднання "Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны".

Абрана новае кіраўніцтва абласной арганізацыі. Старшынём Менскай абласной арганізацыі ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" стаў кіраўнік слуцкай арганізацыі сп. Курыльчык. Намеснікам старшыні абраны сп. Шаравар з Салігорска.

Абраны пяць дэлегатаў на з'езд ТБМ, які адбудзецца 28 кастрычніка.

Наш кар.



27 верасня у межах кампаніі "Будзьма"адбудзецца прэзентацыя кнігі Міхася Тычыны

"ВЯЛІКІЯ І МАЛЫЯ ТЫЧЫНЫ"

Адказная: А.Анісім.

Пачатак -18. 30.

Уваход вольны.

Румянцава, 13.



УЛАДЗІМІРУ КОЛАСУ - 60

Пра Уладзіміра Коласа, які ў гэтыя дні адзначае свой юбілей, можна сказаць адно: гэта прадстаўнік той не вельмі шматлікай часткі нашага сучаснага грамадства, якая пастарому называецца "інтэлігенцыя" і ў аснову ўсяго жыцця якой пакладзена паняцце каштоўнасцяў. Сярод такіх каштоўнасцяў я ў першую чаргу назваў бы любоў да свабоды, павагу да думак іншых людзей, непахісную веру ў выратавальную місію нацыянальнай культуры і мовы.

Уладзімір Колас прыйшоў на свет 22 верасня 1951 года ў Менску. Але калі б ён быў старэйшы на гадоў пяць, месцам яго нараджэння беларуская сталіца ніяк бы зрабіцца не змагла. Яго бацька, будучы вядомы тэатральны крытык і публіцыст Георгій Колас, яшчэ двухгадовым дзіцём, быў разам з бацькамі вывезены з роднай для яго Ігуменшчыны на спецпасяленне ў КоміПярмяцкую нацыянальную акругу, што на самым поўначы Расіі. З расповедаў сваіх дзеда і бабулі Уладзімір Колас запомніў жахлівую карціну: як шматдзетную сям'ю карнікі НКВД высадзілі з грузавіка проста ў тундры і далі загад… не паміраць адразу, а з наступнага дня выходзіць на працу. Старая сялянская загартоўка дапамагла ім не памерці. Але падзеі 30х, першай паловы 40х гадоў назаўсёды ўрэзаліся ў памяць Георгія Коласа. І абодва яго сыны - Уладзімір і Зміцер (сёння гэта вядомы беларускі выдавец, перакладчык, кавалер французскага ордэна "За заслугі перад культурай") - з самага дзяцінства выхоўваліся ў атмасферы, якую можна ахарактарызаваць як "пазбаўленне ад савецкіх ілюзій". Сям'я Георгія Коласа блізка сябравала з сем'ямі Валянціна Тараса, Навума Кісліка, іншых мінскіх інтэлігентаў, якія заўсёды захоўвалі крытычнае мысленне.

Закончыўшы звычайную менскую школу, Уладзімір Колас здолеў паступіць на вельмі прэстыжны ў свой час перакладчыцкі факультэт Менскага педынстытута замежных моў (аддзяленне французскай мовы). Размеркавання за мяжу - якое атрымлівалі іншыя аднакурснікі - не атрымаў: кантралёрам у цывільным падавалася занадта падазроным паходжанне новаспечанага перакладчыка з французскай і англійскай моў. Замест гэтага Уладзіміра Коласа чакала настаўніцкая праца ў маленькай вясковай школе на Талачыншчыне. Гэтая праца не была працяглай (Уладзімір Колас быў мабілізаваны на службу ў тагачасны т.зв. "Беларускі полк"), але першы каштоўны педагагічны досвед усё ж такі быў набыты. Пасля заканчэння вайсковай службы нерэалізаваныя датуль творчыя памкненні прывялі Уладзіміра Коласа на маскоўскія Вышэйшыя рэжысёрскія курсы, дзе ён займаўся ў класе вядомага расійскага рэжысёра Аляксандра Міты. Вярнуўшыся ў Менск, Уладзімір Колас атрымоўвае магчымасць працаваць на "Беларусьфільме". З'яўляюцца яго першыя фільмы, "Дрэвы на асфальце", "Хочаце - кахайце, хочаце - не" і інш. Запрашаючы здымацца ў сваіх фільмах вядомых расійскіх актораў (напрыклад, Аляксея Булдакова), Уладзімір Колас усё ж такі аддае прыярытэт беларускім. Запамінальныя вобразы ў яго фільмах ствараюць Галіна Макарава, Таццяна Мархель, Павел Кармунін; у фільмах пачынае гучаць беларуская мова (што, трэба пагадзіцца, і цяпер бывае нячаста).

У другой палове 80-х гадоў Уладзімір Колас пачынае здымаць і дакументальныя стужкі, здабываючы ўзнагароды на конкурсах і фестывалях (адна з апошніх, прэстыжная галоўная ўзнагарода VIII Міжнароднага фестывалю дакументальных фільмаў у французскай Ля-Рашэлі, атрыманая ўжо ў 2008 годзе за стужку "Галерэя Ады"). У канцы 80х гадоў, узначальваючы здымачную групу "Беларусьфільма", ён наведвае шэраг школ і ліцэяў Беласточчыны, у якіх выкладаецца беларуская мова. Гэтая паездка прымушае Уладзіміра Коласа задумацца над пытаннем: а чаму ж у беларускай сталіцы няма сярэдніх школ, дзе так нязмушана і натуральна гучыць родная мова? І калі на пасяджэнні рады Савецкага раёна незадоўга перад тым створанага Таварыства беларускай мовы тагачасны кіраўнік рады Алег Трусаў ставіць пытанне: хто можа заняцца стварэннем у Менску беларускага ліцэя, на гэта адгукаюцца не прысутныя на ім педагогі са стажам, а ён, Уладзімір Колас, які ўжо быццам бы памяняў ранейшую прафесію на "больш прэстыжную". Увесь 1990 год і пачатак 1991га Уладзімір Колас ходзіць па чыноўніцкіх кабінетах не толькі ў Менску, але і ў Маскве… Урэшце, ён знаходзіць падтрымку ў асобах тагачаснага новага міністра адукацыі Беларусі Міхаіла Дземчука і начальніка аддзела перспектыўнага развіцця таго самага міністэрства Аляксандра Казуліна. Вырашальным аказваецца спрыянне шэрагу дэпутатаў новавыбранага Вярхоўнага Савета БССР, Ніла Гілевіча, Алега Трусава, Станіслава Шушкевіча і інш., а таксама камісіі па адукацыі Мінгарсавета на чале з Вольгай Кузьміч.

Міністэрства адукацыі даручае Уладзіміру Коласу стварэнне Беларускага гуманітарнага адукацыйнакультурнага цэнтра (лістапад 1990 г.) і ліцэя пры ім (верасень 1991 г.). Апошняя ўстанова робіцца першым у сусветнай гісторыі ліцэем, у якім усе дысцыпліны выкладаюцца пабеларуску. З кожным годам беларускі гуманітарны ліцэй набірае аўтарытэту: конкурс на паступленне часам перавышае дзесяць чалавек на месца! Гэта не ўсім падабаецца ва ўладах, асабліва пачынаючы з сярэдзіны 90х гадоў. Адміністрацыя прэзідэнта спрабуе забраць у Беларускага гуманітарнага адукацыйнакультурнага цэнтра яго будынак, што па вуліцы Кірава ў Менску. Ліцэісты, настаўнікі, іх бацькі вядуць змаганне на працягу ўсяго лета 1997 года, і, урэшце, ліцэй застаецца ў будынку. Наступнае лета (1998 год) зноў праходзіць у змаганні, бо ліцэй БГАКЦ спрабуюць далучыць да ліцэя БДУ. Урэшце, адукацыйнакультурны цэнтр улады ліквідуюць, але на яго месцы ствараюць Нацыянальны дзяржаўны гуманітарны ліцэй імя Якуба Коласа. Тагачасны віцэпрэм'ер Уладзімір Замяталін зацвярджаць Уладзіміра Коласа дырэктарам гэтага ліцэя не хоча, але потым, пад ціскам грамадскасці і часткі чыноўнікаў, пагаджаецца зрабіць яго кіраўніком ліцэя, хоць фармальна пасада Уладзіміра Коласа з гэтага часу называецца "намеснік дырэктара".

Новы наступ уладаў на Ліцэй пачынаецца ўвесну 2003 года. Калектыў ліцэя выказвае поўны давер свайму кіраўніку (які, у міжчассе, на першым з'ездзе беларускай інтэлігенцыі быў выбраны старшынёй яе Рады).

Нягледзячы на гэта, 25 чэрвеня таго самага года, Савет міністраў прымае рашэнне аб юрыдычнай ліквідацыі ліцэя на чале з Коласам. Тым разам пратэсты бацькоў, настаўнікаў, вучняў нікім не пачутыя…

Уладзімір Колас мае магчымасць заняцца іншай працай, але бацькоўская рада і абсалютная большасць выкладчыкаў заклікаюць яго не кідаць справы адзінага ў свеце ліцэя з беларускай мовай навучання. Колас бярэ ініцыятыву зноў у свае рукі і, з дапамогай калег, арганізоўвае навучанне дзяцей у неафіцыйным статусе. У гэты час ён займае пасаду кіраўніка творчай лабараторыі Таварыства беларускай школы "Еўрапейская школа - ХХІ стагоддзе". На грамадскіх пачатках ён выконвае абавязкі старшыні Беларускага камітэта каледжаў міжнароднай супольнасці, уваходзіць у Рэспубліканскую Раду Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны, Раду Таварыства беларускай школы. Пры яго зычлівым спрыянні найлепшыя вучні і выпускнікі Беларускага гуманітарнага ліцэя і сярэдніх школ з розных гарадоў Беларусі паступаюць у прэстыжныя сярэднія і вышэйшыя навучальныя ўстановы ў розных краінах свету…

І сёння Уладзімір Колас лічыць, што адпачываць на лаўрах яму зарана. Ён плённа працягвае сваю педагагічную і мастацкую працу. У гэтай працы добрым апірышчам для яго ўвесь час былі і ёсць жонка Таццяна, а тасама сын Мікіта і дачка Вольга, самі колішнія выпускнікі гуманітарнага ліцэя. Хочацца верыць, што наперадзе ў спадара Уладзіміра - новыя педагагічныя, творчыя ўдачы.

Думаю, што да віншаванняў з нагоды юбілею Уладзіміра Коласа сёння далучацца сотні выпускнікоў Беларускага гуманітарнага ліцэя, шматлікія педагогі, кінематаграфісты, мастакі, літаратары і проста сябры, якіх у яго ёсць нямала ў розных краінах свету. Ён гэтага, безумоўна, заслужыў: перадусім сваім цвёрдым чалавечым стрыжнем, а таксама сваім прафесіяналізмам і вельмі патрэбным у наш час аптымізмам.

Лявон Баршчэўскі.


Вяртанне творчай спадчыны пісьменніка-святара

Нядаўна ў выдавецтве "Кнігазбор" пабачыла свет кніга "Выбранае" Вінцука Адважнага. У ёй прадстаўлены найбольш значныя творы вядомага беларускага пісьменніка-святара, айца-марыяніна Язэпа Германовіча (1890-1978). Грунтоўную кнігу, аб'ёмам 592 старонкі, уклала, напісала прадмову і каментар Ірына Багдановіч.

У кнігу ўвайшлі вершы, проза, успаміны, публіцыстыка і лісты айца Я. Германовіча, а таксама дадатак, у якім змешчаны разважанні пра яго жыццё і творчасць беларускіх святароў Адама Станкевіча, Уладзіслава Талочкі і Часлава Сіповіча. Том змяшчае блок фотаздымкаў, якія разам з рукапісамі лістоў і ўспамінаў перадаў а. Аляксандар Надсан. Упершыню друкуюцца лісты і ўспаміны пра бацькоў з лонданскага архіву паэта. Праз сваю творчую спадчыну вяртаецца на Радзіму яшчэ адзін з забытых слаўных сыноў Зямлі Беларускай.

Прапануем рэцэнзію на гэтае выданне гарадзенскага гісторыка Алеся ГОРНАГА.


ДУМКІ ЎСЛЫХ

(З нагоды выдання збору твораў Вінцука Адважнага)

Сёлета серыя "Беларускі кнігазбор" як заўсёды парадавала аматараў беларускай мінуўшчыны новымі выданнямі. Доўгачаканы збор твораў Уладзіслава Сыракомлі быў цёпла сустрэты айчыннымі чытачамі, якія, не паспеўшы перагарнуць апошнюю старонку гэтай кнігі, атрымалі ад выдавецтва партыю свежай літаратуры. Не памылюся, калі заяўлю, што новы 58ы том серыі з творамі Вінцука Адважнага ўжо стаў значнай з'явай у беларускім літаратурным жыцці. І калі імя і творчасць Сыракомлі яшчэ можна сустрэць у нашых школах ды ў назвах вуліц, то імя Язэпа Германовіча наўрад ці штонебудзь скажа звычайнаму абывацелю, а яго творы, перавыдадзеныя ў апошнія часы, ужо даўно сталі бібліяграфічнай рэдкасцю. Таму зразумелы гэты вялікі інтарэс, які выклікае, і, упэўнены, будзе выклікаць згаданае выданне. Важнасць яго заключаецца таксама і ў тым, што гэта фактычна першы комплексны збор твораў гэтага каталіцкага святара ўсходняга абраду, выдадзены ў Беларусі. Хоць слова "першы" тут можа гучаць з пэўным камізмам - на двары ўжо 2011 год. Хочацца проста вымавіць - нарэшце!

Увогуле трэба без ваганняў прызнаць, што літаратурная традыцыя Заходняй Беларусі (да якой і адносіўся Вінцук Адважны) яшчэ недастаткова даследаваная і малавядомая сучаснаму грамадству. Здавалася б, прайшло дзесьці 7080 гадоў, яшчэ жывыя людзі, якія помняць той перыяд, а мы так мала ведаем пра яго ды толькі зараз адкрываем імёны тых, хто працаваў у складанай заходнебеларускай рэчаіснасці. Заходняя Беларусь міжваеннага часу - гэта кульмінацыя і апагей беларускага нацыянальнага руху, гэта бліскучыя перамогі і ганебныя паражэнні беларускіх эліт, гэта паланізацыя і неаунія. У ва ўсім гэтым віры жыцця - непаўторная беларуская літаратура, якая развівалася без Галоўліта ды сацрэалізму.

Літаратура Заходняй Беларусі бясспрэчна была арганічным працягам нашаніўскай культурнай традыцыі, працягам больш дасканалым і гарманічным. Нездарма маладыя творцы, якія пачалі пісаць на гэтай тэрыторыі (у тым ліку і а. Язэп Германовіч), выхоўваліся на творах Багушэвіча і нашаніўскіх пісьменнікаў. Гэта было сапраўднае пакаленне беларускага "Sturm und Drang". Тут не было спрэчак "Маладняка" з "Узвышшам", але тут нарадзіліся і ўдасканальваліся тыя жанры, якім у БССР было наканавана загінуць. Палымяная публіцыстыка, філасофскаэстэтычнае мысленне, хрысціянскія ідэалы - вось бадай няпоўны спіс таго, што пакінулі сваім нашчадкам заходнебеларускія пісьменнікі. Пры гэтым іх творчасць уяўляе вялікую цікавасць не толькі для аматара літаратуры ці акадэмічнага літаратуразнаўцы, але і для даследчыка гісторыі, бо стварае непаўторную карціну светапогляду і паўсядзённага жыцця заходняга беларуса. Таму выданне твораў айца Язэпа Германовіча (Вінцука Адважнага), безумоўна, узбагаціць нашыя веды і прыадкрые заслону таямніцы над яшчэ адной старонкай беларускай гісторыі.

Пад вокладкай 58га тома "Беларускага кнігазбору" знайшлі месца творы Германовіча розных часоў: вершы заходнебеларускага і эмігранцкага перыяду, публіцыстыка пачатку 1920х гадоў, апавяданне "Адам і Анэлька", аповесць "Хлапец", артыкулы з часопіса "Божым шляхам", успаміны, лісты. З усяго зместу бачна, што ўкладальнік рабіў націск на азнаямленне чытача менавіта з прозай пісьменніка, якая складае даволі значны адсотак у яго творчасці. Вяртанне ў беларускую літаратуру такога скарбу, як аповесць "Хлапец" - велізарны плюс гэтага выдання.

Але я, прызнаюся, быў трохі расчараваны, калі не ўбачыў у кнізе твору, які там павінен быў быць. Справа ў тым, што ў кожнага спевака ёсць аднадзве песні, па якіх яго найбольш пазнаюць і якія ён выконвае заўсёды напрыканцы сваіх канцэртаў. Таксама і ў пісьменніка ёсць некалькі твораў, якія з'яўляюцца як бы яго візітнай карткай. Думаю вы здагадаліся, што такой візітоўкай для Вінцука Адважнага з'яўляецца паэма "Унія на Палессі".

Калі паглядзець на спіс твораў заходнебеларускага перыяду творчасці гэтага пісьменніка, то можна ўбачыць, што паэма вылучаецца сярод іх нават знешне: яна адзіная надрукавана кірылічным шрыфтам. Выдадзеная ў 1932 г. езуітамі ў Альбярціне, "Унія на Палессі" стала сапраўдным помнікам таго супярэчлівага часу. Калі б раптам стваралася якаянебудзь "Хрэстаматыя беларускай літаратуры найноўшага часу", то, ўпэўнены, паэма Германовіча заняла б там належнае месца. Праз гэты твор мастак быццам праклаў мост у стагоддзі, гіпатэтычна вяртаючы нас да той рэлігійнай палемікі, якая панавала ў беларускай літаратуры ў пачатку XVII ст. Але гэтае "вяртанне", зразумела, было аздоблена новымі рэаліямі жыцця, звязанымі і ў тым ліку з праблемамі нацыянальнага Адраджэння.

"Вершаваная дыскусія" (менавіта так аўтар вызначыў свой твор) паміж уніятам, праваслаўным манахам і каталіцкім ксяндзом закранула спрадвечную праблему хрысціянскага свету - праблему міжканфесійнага дыялогу і еднасці Царквы. І хоць Германовіч, як каталіцкі святар усходняга абраду, вырашае гэтую праблему пасвойму, што можа прыйсціся не да спадобы многім (прызнаем, што ў пэўным сэнсе твор меў і прапагандысцкі характар), але сама яе пастаноўка ўжо вылучае паэму з творчасці пісьменніка. Зрэшты, аўтар пакідае кожнаму права самому выбраць той ці іншы погляд - альбо праваслаўнага манаха (ягоным прататыпам верагодна быў святар з ДавыдГарадка Дз. Перапечын), альбо уніята (грэкакаталіцкі святар з Альпеня Вацлаў Аношка), альбо каталіцкага ксяндза (магчыма Пётр Татарыновіч).

Між іншым, "Унія на Палессі" была перавыдадзена ў 2004 годзе Берасцейскай гарадской радай ТБМ, але зза малога накладу гэтая кніга даўно ўжо згубілася нават у бібліятэчных фондах. Перавыданне паэмы сёння дапоўніла б пачатую раней справу, а збору твораў надалала б завершанасць і цэласнасць.

Але зразумела, што ў 600старонкавы том не магло змясціцца ўсё тое, што выйшла зпад пяра айца Язэпа Германовіча ў розныя часы. Спадзяюся, што ў будучыні мы ўсё ж такі пабачым поўны збор твораў пісьменнікасвятара, дзе будуць у поўнай меры паказаны яго погляды і талент; дзе будуць надрукаваны невядомыя сёння творы. Працаваць яшчэ ёсць над чым.

Напрыклад, вельмі цмяным уяўляецца харбінскі перыяд жыцця айца Германовіча, хаця ў згаданым зборы былі зроблены неблагія намаганні адлюстраваць яго праз творчасць пісьменніка. Архіў Германовіча ды творчыя напрацоўкі, якія, безумоўна, рабіліся ў Харбіне, як падаецца, бясследна загінулі, але верагодна штосьці можа і захоўвацца ў бібліятэках і сховішчах (напрыклад, у Рыме ў архіве Ордэна Марыянаў, у "Русікуме" ці ў архіве Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў). Айцец Германовіч займаў пасаду дырэктара харбінскага Ліцэя св. Мікалая, таму ў Рыме могуць захоўвацца шматлікія лісты і справаздачы, звязаныя з працай гэтай установы.

Акрамя гэтага, у Харбіне святар выявіў таксама і свае багаслоўскапалемічныя здольнасці. У часопісе "Католический вестник", які выдаваўся харбінскай усходнекаталіцкай япархіяй, у нумарах за 1935 год быў змешчаны цыкл ягоных артыкулаў пад агульнай назвай "Где истинная Церковь?" (за подпісам "иеромонах Иосиф"), у якіх пісьменнік палемізуе з праваслаўнымі багасловамі і прыводзіць шмат фактаў з гісторыі ўзаемаадносінаў праваслаўя і каталіцтва.

Да харбінскага перыяду творчасці пісьменьніка можна аднесці таксама і падарожныя нататкі, зробленыя ім падчас пераезду ў Манчжурыю. У 1937 годзе яны былі надрукаваны асобным выданнем "На Далёкі Ўсход". Праз тры гады нататкі айца Германовіча таксама надрукавала "Крыніца". Дарэчы, ён быў не адзіны, хто пакінуў апісанне сваіх прыгодаў на шляху да харбінскай місіі. Трохі раней, а. Фабіян Абрантовіч змясціў у "Хрысціянскай думцы" серыю нататак пад назвай "З Друі ў Харбін". У гэтых творах паказана гісторыя ўсіх тых нягодаў, якія прыйшлося перажыць місіянерам на чужыне, паказаны іх пачуцці і ўражанні, якія ўзнікалі пры сустрэчы з "іншым" светам. Гэтыя нататкі - важная першакрыніца пры вывучэнні дзейнасці беларускіх святароў усходняга абраду сярод расейскай эміграцыі ў Кітаі. Але, трэба заўважыць, чамусьці нават ва ўводным артыкуле да збору твораў звесткі пра іх увогуле адсутнічаюць, хоць яны і займаюць арыгінальнае месца ў творчай спадчыне Германовіча.

Не адлюстравана ва ўступным артыкуле і яшчэ адна праблема, звязаная з творчасцю пісьменнікасвятара. У 1939 годзе ў Вільні выйшла кніжка "Добраму і Бог памагае: фантастычнанародная басьня". Яе аўтар хаваўся за псеўданімам "Унук Вінцук". Паводле біёграфаў, гэты псеўданім ніколі раней не сустракаўся ў творах Вінцука Адважнага, але аўтарства байкі ўсё роўна прызнаецца за ім. Некаторыя ж лічаць, што аўтарам твору з'яўляецца Антон Падзява - яшчэ адзін выхаванец Друйскага кляштара марыянаў. Да 1939 году ён фактычна не праяўляў ніякіх літаратурных здольнасцяў, тым больш у такім спецыфічным жанры, як байка, таму аўтарства яго малаверагодна. Дэтальны аналіз байкі ды яе супастаўленне з іншымі працамі Германовіча, мяркую, прывядзе да вырашэння гэтай праблемы.

Але, нягледзячы на некаторыя невялікія недахопы, збор твораў у цэлым укладзены даволі змястоўна. Большменш добра ў ім паказаны ўсе этапы творчага і жыццёвага шляху Вінцука Адважнага: заходнебеларускі, харбінскі, савецкі і эмігранцкі.

У дадатку змешчаны рэцэнзіі ксяндзоў Адама Станкевіча і Ўладзіслава Талочкі на творы пісьменьніка, а таксама два біяграфічныя артыкулы біскупа Часлава Сіповіча. Адносна вялікую частку па аб'ёму складаюць мемуары. Упершыню выдаюцца ўспаміны "Мае мама і тата", перавыдаецца малавядомы раней твор "Учора, сягоння, заўтра". Дзякуючы ім можна перанесціся ў свет дарэвалюцыйнай Беларусі, прасачыць узаемаадносіны людзей таго часу.

Ну і, вядома ж, збор твораў не мог абысціся без знакамітага твору "КітайСібірМасква", які стаў скарбам не толькі беларускай, але і сусветнай мемуарыстыкі. Пра ГУЛАГ успаміналі шмат, але прынамсі ў Беларусі пра яго так моцна напісалі толькі двое - Аляхновіч ды Германовіч. Упершыню выдадзеныя ў 1962 годзе, успаміны сталі своеасаблівым летапісам пакутлівага шляху святара, і адначасова, прысудам савецкай рэчаіснасці сталінскіх часоў. Нездарма яны былі перакладзены на іншыя мовы свету.

Дарэчы ў 1997 годзе, дзякуючы намаганням былых вучняў Ліцэя св. Мікалая ў Мельбурне, быў надрукаваны расейскамоўны пераклад успамінаў "КітайСібірМасква" з прадмовай архімандрыта Георгія Бенігсена, у якой, між іншым, падкрэслівалася: "Поскольку воспоминания эти захватывают много лет трагической русской истории, знакомы многим и написаны с одной стороны с большим реализмом, а с другой, с неподражаемым и беззлобным юмором, я считаю, что и русскому читателю они будут не безинтересны". Былыя вучні Германовіча захавалі і магчымы рукапіс мемуараў свайго настаўніка. Згодна з даследаваннямі рукапіс пад аўтарскай назвай "Споведзь. Запіскі з мёртвага дома" ужо пасля смерці айца Язэпа быў перададзены былому ліцэісту Аляксандру Лаўрушыну, які даслаў яго свайму аднакласніку П. Івачову ў Хабараўск. Апошні даў да рукапісу ўласныя каментары, у якіх ахарактарызаваў многіх прадстаўнікоў харбінскай каталіцкай місіі. Магчыма, гэты рукапіс з каментарамі П. Івачова быў пакладзены ў аснову мельбурнскага выдання.*

Жыццё і творчасць Вінцука Адважнага патрабуюць больш глыбокага і грунтоўнага даследавання, што, безумоўна, з'яўляецца справай будучыні. Выяўленне новых твораў гэтага пісьменніка ды выданне поўнага збору яго творчасці - вось тая задача, што паўстае перад сучаснымі даследчыкамі. І гэта датычыцца не толькі асобы Язэпа Германовіча. Як і раней, імёны многіх творцаў застаюцца ў забыцці, хоць яны і ўнеслі значны ўклад у адраджэнне сваёй Бацькаўшчыны. Чамусьці асабліва забыты сёння творы ўніяцкіх святароў, якія сваімі працамі ўзбагацілі скарбонку беларускай рэлігійнай і гістарычнай думкі. У гэтым сэнсе выданне збору твораў Вінцука Адважнага стала добрым пачаткам, але ці пойдзе праца ў гэтым кірунку далей?

Паранейшаму не бачна нават аднатомнага збору твораў айца Льва Гарошкі. Яго пісьмовая спадчына без перабольшанняў магла б скласці 34 тамы, а то і болей. Каталіцкія выданні часта ўзгадваюць уніяцкіх святароў Б. Пачопку, Ф. Абрантовіча, але на сваіх старонках не змяшчаюць іх творы. Думаю, тыя ідэі і думкі, якія паклалі ў сваіх працах гэтыя людзі, будуць актуальнымі і ў нашыя часы, а таксама карыснымі ў справах адраджэння беларускай культуры. І не важна, як мы ставімся да уніі як рэлігійнай з'явы, не важна, каго мы шануем - Папу альбо Патрыярха - вера ў дабро і любоў агульная для ўсяго чалавецтва, і мы павінны ведаць тых, хто нёс гэтую веру на сваіх сцягах.

* Падрабязней пра гэта гл.: Красноштанов С. И. О мемуарах отца Иосифа, преподавателя Харбинского католического лицея // Дальний Восток России - СевероВосток Китая: исторический опыт взаимодействия и перспективы сотрудничества. Материалы международной научнопрактической конференции, посвященной 60летию Хабаровского края, 100летию со дня строительства КВЖД и города Харбина. Хабаровск: Изд. дом "Част. коллекция" 1998. - С. 157160.


Развіталіся з Эвелінай Блінавай

25 жніўня 2011 г. пасля цяжкай хваробы памерла актыўны сябар ТБМ імя Ф. Скарыны, кандыдат філалагічных навук, дацэнт, вядомы лінгвіст і педагог Эвеліна Данілаўна Блінава, якая 50 гадоў сваёй навукова-выкладчыцкай дзейнасці аддала Менскаму дзяржаўнаму педагагічнаму ўніверсітэту імя Максіма Танка.

Напрыканцы мінулага 2010 года Эвеліна Данілаўна адзначыла сваё 80-годдзе. Яна цяжка хварэла, але спадзявалася на выздараўленне, трымалася бадзёра, не здавалася хваробе. І вось сумная вестка: не стала цудоўнага чалавека, нашай любімай Настаўніцы! Яе памятаюць тысячы былых студэнтаў, з пашанай узгадваюць калегі. Імя Эвеліны Блінавай - педагога і патрыёта Бацькаўшчыны - навечна застанецца ў памяці тых, хто яе ведаў, хто ў яе вучыўся і хто з ёй працаваў.

Хай яе душы будзе лёгка ў нябёсах роднай Беларусі, а зямля будзе пухам. Выказвае спачуванні родным і блізкім нябожчыцы.

Былыя студэнты і калегі.


У Варшаве ўзгадалі памяць нарачонай К. Каліноўскага Марыі Ямант

Па ініцыятыве руху «Беларуская Нацыянальная Памяць» варшаўскія студэнты праграмы імя Кастуся Калі-ноўскага ўзгадалі памяць нарачонай Каліноўскага Марыі Ямант. Анатоль Міхнавец распавёў аб жыцці Марыі і зачытаў ліст Каліноўскага адрасаваны каханай. Усе прысутныя адгаварылі малітву і паставілі да помніка памятныя знічы.

Таксама "каліноўцы" наведалі магілы нашых землякоў: Яна Булгака, Тадэвуша Даленгі-Мастовіча і Часлава Мілаша, якія знайшлі спачын у Варшаве. Пасля таго ўдзельнікі накіраваліся ў офіс, дзе прайшла прэзентацыя руху "Беларуская Нацыянальная Памяць», на якой так жа «навабранцы» праграмы імя Каліноўскага змаглі атрымаць практычную кансультацыю на тэму «парады адносна навучан-ня і пражывання ў Польшчы» ад Анатоля Міхнаўца, а ў заключнай частцы Ігар Коктыш выступіў са сваёй апошняй кам-пазіцыяй «Мой выбар Свабода».

Наш кар.


Выйшаў зборнік твораў Юркі Віцьбіча

У серыі "Бібліятэка Бацькаўшчыны" выйшла кніга даваеннай прозы беларускага пісьменніка і публіцыста, дзеяча эміграцыі ў Амерыцы Юркі Віцьбіча пад назвай "Лшоно Габоо Бійрушалайм".

Кніга складаецца з найбольш адметных твораў даваеннай прозы, якія ўпершыню ў Беларусі публікуюцца асобным выданнем. Гэтыя тэксты сведчаць пра своеасаблівы стыль пісьменніка, што выразна вылучаўся з канонаў тагачаснага савецкага пісьменства. Акампануюць ім успаміны Юркі Віцьбіча пра літаратурнае згуртаванне "Узвышша", сябрам якога ён быў, ды лісты, прысвечаныя міжваеннай беларускай літаратуры.

Назву кнізе дало адно з апавяданняў Юркі Віцьбіча. "Лшоно Габоо Бійрушалайм" - гэта вядомае габрэйскае выслоўе, якое ў перакладзе з старажытнагабрэйскай мовы азначае "У наступным годзе ў Ерусаліме".

У якасці ўкладальніка кнігі выступіў Лявон Юрэвіч. Ён жа напісаў і прадммову да кнігі. Рэдактары - Ціхан Чарнякевіч і Наталля Гардзіенка.

Змешчаныя ў зборніку творы былі ўпершыню апублікаваныя на пачатку 1930-х гг. Пра іх распавядае Наталля Гардзіенка:

"Арцыбіскуп і смерд" - гэта прыклад своеасаблівай гістарычнай прозы. "Смерць Ірмы Лаймінг" і "Лшоно Габоо Бійрушалайм" распавядаюць пра першыя гады савецкай улады ў Беларусі, паказваюць іх адрозна ад таго, як гэтага патрабавала савецкая прапаганда. У творы, што даў назву зборніку, адлюстраваны непаўторны каларыт габрэйскага мястэчка, ягоны свет, разбураны рэвалюцыйнымі падзеямі. Менавіта таму Юрка Віцьбіч быў абвінавачаны крытыкамі ў нацдэмаўшчыне і сіянізме і не быў прыняты нават у кандыдаты ў Саюз савецкіх пісьменнікаў БССР. Зразумела, што пазней у Савецкай Беларусі гэтыя творы больш не перавыдаваліся, а асоба самога Юркі Віцьбіча, што ў паваенны час жыў у ЗША, малявалася выключна чорнымі фарбамі. Таму шырокаму колу чытачоў змешчаныя ў зборніку творы былі невядомыя".

Па словах рэдактара кнігі Ціхана Чарнякевіча, "у артыкулах, нарысах, шматлікіх лістах Віцьбіч аднаўляе ўсе перыпетыі літаратурнага побыту і гістарычных варункаў, у якія яму давялося жыць да вайны. Кніга "Лшоно Габоо Бійрушалайм", такім чынам вельмі каштоўны матэрыял не толькі для філолага, але і для гісторыка, краязнаўца, які цікавіцца Віцебшчынай".

Выданне з'яўляецца новай спробай вяртання творчай спадчыны Юркі Віцьбіча ў Беларусь і разлічана як на літаратуразнаўцаў і гісторыкаў, так і на ўсіх аматараў беларускай літаратуры.

Інфармацыйны цэнтр МГА "ЗБС "Бацькаўшчына".


Не стала Галіны Сямдзянавай

18 верасня ад цяжкай хваробы памерла Галіна Сямдзянава, дэпутат Апазіцыі БНФ у Вярхоўным Савеце 12-га склікання, адна з лідараў беларускай дэмакратычнай незалежніцкай апазіцыі.

Галіна Георгіеўна Сямдзянава нарадзілася 28 лютага 1947 году ў Гдыні (Польшча), у сям'і ўдзельнікаў вайны - марскога афіцэра і старшай аперацыйнай сястры ваеннага шпіталя. Айчым Якаў Іванавіч Казлоў, які выхоўваў Галіну, быў вайсковым лётчыкам. У вайну ягоны самалёт быў збіты, сам ён сур'ёзна паранены, аднак вярнуўся ў шыхт. Пасля вайны служыў таксама ў Беларусі, закончыў службу генерал-маёрам.

Галіна Сямдзянава закончыла Куйбышаўскі палітэхнічны інстытут, працавала ў абароннай прамысловасці на інжынерскіх пасадах, але сумавала па Беларусі, з якой былі звязаныя найлепшыя ўспаміны дзяцінства.

Вярнуўшыся ў Беларусь, Галіна Сямдзянава пачала працу ў Камітэце народнага кантролю, узначальвала Наваградскі раённы КНК.

Яе сумленнасць, чуласць да людзей забяспечылі ёй вялікі аўтарытэт, і ў 1990 годзе Галіна Сямдзянава была выбраная народным дэпутатам Вярхоўнага Савету Беларускай ССР ад Наваградскай выбарчай акругі № 262.

У Вярхоўным Савеце Галіна Сямдзянава стала адным з найбольш прафесійных і запатрабаваных дэпутатаў. Яна зрабіла свой ідэйны выбар: увайшла ў Дэпутацкую групу БНФ у Вярхоўным Савеце, была старшынёй яе Рэвізійнай камісіі. Працавала ў Камісіях Вярхоўнага Савету па экалогіі і рацыянальным выкарыстанні прыродных рэсурсаў; па таварах народнага спажывання, гандлі і паслугах насельніцтву; у Часовай камісіі Вярхоўнага Савету па прывілеях.

Галіна Сямдзянава - адна з тых, хто дамогся абвяшчэння незалежнасці Беларусі ў 1991 годзе. Неацэнныя заслугі Галіны Сямдзянавай у стварэнні заканадаўчай базы незалежнасці нашай краіны. Яна суаўтар Канцэпцыі пераходу Беларускай ССР да рынкавай эканомікі (восень 1990). Удзельнічала ў распрацоўцы і прыняцці дзясяткаў заканадаўчых актаў, у тым ліку Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Рэспублікі Беларусі, законаў для спецыяльнай сесіі Вярхоўнага Савету 24-25 жніўня 1991 году, калі была абвешчаная незалежнасць.

Яна была аўтарам заканадаўчых прапановаў, накіраваных на стварэнне арміі Рэспублікі Беларусі. Старшынявала ў Беларускай асацыяцыі вайскоўцаў "Вяртанне", якая пасля распаду Савецкага Саюзу дапамагла вярнуцца ў Беларусь больш як чатыром тысячам вайскоўцаў, у тым ліку з зонаў узброеных канфліктаў.

У 1996-1997 гадах уваходзіла ў Сакратарыят Вярхоўнага Савету 13-га склікання, які працягваў працу пасля гвалтоўнага разгону 1996 году.

У Партыі БНФ Галіна Сямдзянава была адным з найбольш аўтарытэтных лідараў і экспертаў. Займала пасады намесніцы старшыні (2002-2006), старшыні Юрыдычнай камісіі, старшыні Рэвізійнай камісіі (да 2010).

У 2008 годзе была накіраваная ад БНФ у Цэнтральную камісію па выбарах і рэспубліканскіх рэферэндумах, у 2010-м - у Менскую гарадскую камісію па выбарах прэзідэнта. Прынцыпова адстойвала законнасць, прафесійна выкрывала фальсыфікацыі, адважна заяўляла асобную думку. За гэта не раз цярпела пераслед і спробы запалохвання ад уладаў. Але з ёй былі вымушаныя лічыцца нават зацятыя апаненты.

Ад нас адышоў выдатны чалавек, гістарычная постаць. Мы жывём у незалежнай краіне і дзякуючы Галіне Сямдзянавай. Светлая памяць.


Памёр Уладзімір Хрышчановіч

15 верасня ў Лідзе на 67-м годзе жыцця пайшоў у іншы свет беларускі нацыянальны дзеяч Уладзімір Канстанцінавіч Хрышчановіч.

Уладзімір Хрышчановіч прыйшоў у беларускі нацыянальны рух у пачатку 90-х гадоў. У 1994 годзе быў абраны намеснікам старшыні Лідскай гарадской арганізацыі БНФ "Адраджэньне", а пасля заснавання Партыі БНФ - намеснікам старшыні Лідскай гарадской арганізацыі Партыі БНФ. Адначасова быў кіраўніком Лідскай Слабадской суполкі ТБМ.

У 1999 годзе падчас сумнавядомага расколу БНФ Уладзімір Хрышчановіч застаўся на пазіцыях Зянона Пазьняка і быў абраны старшынём Лідскай гарадской арганізацыі Кансерватыўна-Хрысціянскай партыі БНФ (з 2004 года Лідскай раённай арганізацыі), а таксама сябрам Сойму КХП БНФ.

Уладзімір Хрышчано-віч быў ініцыятарам і рухальнай сілай многіх адраджэнцкіх праектаў на тэрыторыі г. Ліды і Лідскага р-на.

У. Хрышчановіч прымаў непасрэдны ўдзел ва ўстаноўцы крыжоў на магілах паўстанцаў 1863 года паміж вёскамі М. Ольжава і Мохавічы, крыжоў на магіле ксендза Адама Фалькоўскага ў Лідзе і на месцы бітвы лідскай шляхты з войскамі ваяводы Хаванскага ў Беліцы.

За адраджэнцкую дзейнасць неаднаразова прыцягваўся да адказнасці. За ўдзел ва ўстаноўцы крыжа на магіле ксендза Адама Фалькоўскага ў 1997 годзе У. Хрышчановіч (праваслаўны) быў прысуджаны да штрафу.

Займаўся краязнаўствам, збіраў краязнаўчыя матэрыялы, выступаў з артыкуламі ў друку. Ненадрукаваным застаўся яго матэрыял пра дзеячоў Беларускай незалежніцкай партыі Саковіча, Маракова, Ваўчка. Апекваўся магіламі беларускіх патрыётаў.

Працуючы на Лідскай дыстанцыі шляхоў зносін вёў пастаянную прапагандысцкую дзейнасць сярод лідскіх чыгуначнікаў, распаўсюджваючы вялікі аб'ём адраджэнцкай літаратуры. Апошнія шэсць гадоў, пасля выхаду на пенсію, штотыднёва распаўсюджваў 35 нумароў газеты "Наша слова" і некалькі нумароў "Лідскага летапісца" (часопіс купляў за свой кошт).

Трымаўся на нагах да апошняга. Памёр, але з шыхту не выйшаў. Хай будзе суцяшэннем яму і нам, што памёр у незалежнай Беларусі, якую так моцна любіў.


Архітэктура народнага рамантызму на Лідчыне

(Заканчэнне. Пачатак у папярэднім нумары.)

В 1923-24 гг. на вайсковых лідскіх могілках каля сучаснага Паўночнага гарадка, была пабудавана вельмі прыгожая драўляная капліца ў новазакапанскім стылі. У капліцу на набажэнствы, якія праводзіў капелан 77 палка ксёндз Шабельскі, прыходзілі не толькі польскія вайскоўцы але і жыхары бліжніх раёнаў горада. Праіснавала капліца не доўга, яна прыйшла ў заняпад і была разбурана разам з вайсковымі могілкамі пасля Другой Сусветнай вайны. На жаль, інфармацыі пра яе не шмат.

У 1920-х гадах у Заходняй Беларусі пачалі будавацца калоніі дамоў для польскіх урадоўцаў. Для будаўніцтва "калоніі ўжанднічай" у Лідзе быў куплены пляц на так званым "выгане", у той час за горадам. Праглядаючы праекты дамоў калоній урадоўцаў, нельга не заўважыць, што значная частка дамоў павінна быць пабудавана ў новазакапанскім стылі ці з элементамі гэтага стылю. У Лідзе ў новазакапанскім стылі быў пабудваны дом лідскага старасты, аўтар праекту - інжынер Ежы Бэйл (Jerzy Beill). Моцна перабудаваны, гэты дом сёння з'яўляецца гарадскім ЗАГСам. Па гэтым жа праекту павінны былі будавацца дамы для стараст ў Баранавічах, Драгічыне, Глыбокім, Нясвіжы, Наваградку, Слоніме, Стоўбцах, Валожыне, і аўтару вядома, што як мінімум у Валожыне і Глыбокім гэтыя дамы захаваліся і не былі перабудаваныя да непазнавальнасці, як у Лідзе.

Дом павятовага лекара Вітольда Стасевіча (1900-1975) быў пабудаваны да 1935 г. (вул. 11-га Лістапада, д.4, зараз вул. 7-га Лістапада). Дом мае выразныя рысы новазакапанскага стылю - малыя пакойчыкі на паддашшы і высокі "ламаны" мансардны дах з выгнутымі кроквамі. Дачка лекара Стасевіча - прафесар Ірэна Стасевіч-Ясюкова (1929-2011) пісала пра радзінны дом: "Бацькі вырашылі пабудаваць уласны дом прыстасаваны да іх патрэб. Акрамя жылых пакояў у доме павінен быў быць асобны лекарскі кабінет з пачакальняй, каля дома быў пабудаваны гараж (сям'я доктара валодала аўтамабілем "Фіят" - Л. Л.), каля дома быў сад - гарод ... Не ведаю, у якім годзе паўстаў дом, але памятаю, што ў 1935 г. мы ўжо жылі ў ім, і бацька займаў пасаду павятовага лекара... Як выглядаў той мураваны дом пры вуліцы 11 лістапада? Дом стаяў на невялікім прыгорку і меў два ўваходы. Перад дваймі уваходнымі дзвярамі было некалькі прыступак, адны д зверы вялі ў чатыры жылыя пакоі з кухняй і ванным пакоем, другія дзверы вялі ў маленькі калідорчык, з якога быў уваход у лекарскую пачакальню а з пачакальні - у кабінет лекара, дзе працаваў мой бацька... практычна ён працаваў цэлы дзень з кароткім перапынкам на абед і гадзінным адпачынкам".

Пабудовы новазаканскага стылю ў міжваенны час з'явіліся і па ўсёй гістарычнай Лідчыне.

Цудоўны прыклад драўлянай пабудовы ў новазакапанскім стылі - дом Вадэйкаў у Галавічполі. Пабудаваны ў 1920-х гадах, зараз выконвае ролю каталіцкай капліцы, што дае надзею на захаванне гэтай "пярліны" амаль чысцюткага новазакапанскага стылю.

Прыгожай бажніцай ў новазакапанскім стылі была капліца ў Цвермах, пабудаваная да 1935 г. па праекту лідскага павятовага архітэктара Вацлава Гаўліка. Капліца была пабудавана з дрэва (12х8,7 м). Мела вальмавы дах з выгнутымі і далёка выступаючымі за асноўны аб'ём кроквамі, выявы сонца на ўсіх трох франтонах, з невялічкімі люкарнамі і адкрытым ганкам з навесам. Праект капліцы ў Цвермах вельмі нагадвае праект дома Стэфана Жаромскага ў Наленчаве, пабудаваны Янам Кошыцам у 1905 г. (Ян Кошыц Віткевіч (1882-1958) - адзін з заснавальнікаў закапанскага стылю, плямяннік Станіслава Віткевіча). Капліца, якая славілася сваім цудатворным крыжам з фігуркай Хрыста, была знішчана ў 1960-ым годзе.

Каплічка на заходняй ускраіне в. Мохавічы пабудавана у 1930-х гадах. Мае 2-х схільны дах з выгнутымі кроквамі з 4-граннай шатровай сігнатуркай. На трохвугольным франтоне маецца салярны знак, гарызантальныя ашаляваныя бакавыя сцены прарэзаны паўкруглымі люкарнамі. Сяло Мохавічы ў 1609 г. запісаў за белагрудскім касцёлам Ян Завіша. Да 1892 г. у Мохавічах знаходзілася плябанія пробашча белагрудскага касцёла, а за 70 крокаў ад плябаніі была прыватная капліца. У 1930 г. замест струхлелай старой капліца пабудавалі сучасную.

Таксама на гістарычнай Лідчыне, з "закапанскай" архітэктуры да нашага часу засталіся плябанія ў Беняконях і леснічоўка ў Радуні.

Менавіта на падмурках закапанскага стылю засноўваў нацыянальны "беларускі стыль" у архітэктуры беларускі архітэктар Лявон Вiтан-Дубейкаўскі (пра "беларускі стыль" у архітэктуры гл. артыкул Сяргея Харэўскага "Беларускі стыль у будаўніцтве 1921-1939 гг. "Беларускі Гістарычны Зборнік № 18).

Цікавы факт - у Закапанэ ў "Народнай Польшчы" пасля Другой Сусветнай вайны атрымаў далейшае развіццё новазакопанскі стыль ужо як адгалінаванне сацрэалізму, і ўзоры гэтага стылю сёння вельмі высока шануюцца. Мясцовыя архітэктары своеасабліва падышлі да ідэі, і можна сказаць, што гэта, мусіць, адзіны ў гісторыі выпадак, калі сацрэалізм прынёс дзіўны творчы плён.

Леанід Лаўрэш

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX