Папярэдняя старонка: 2011

№ 41 (1036) 


Дадана: 19-03-2020,
Крыніца: pawet.net.



НАША СЛОВА № 41(1036) 12 кастрычніка 2011 г.


Дарагія сябры "Нашага слова"!

У гэтым квартале адбылося чаканае сезоннае павышэнне колькасці падпісчыкаў, але яно аказалася не такім значным, як чакалася. Падпіска значна вырасла ў Менску, Бярэсці, Паставах, Слоніме. Нязначна вырасла падпіска ў многіх раёнах краіны. Разам з тым абсалютна алагічна ўпала падпіска ў Магілёўскай вобласці. Больш стала раёнаў, дзе "Наша слова" не выпісваюць зусім.

Ліпень Кастрычнік

Берасцейская вобласць:

Баранавічы р.в. 13 13

Бяроза р.в. 7 8

Белаазёрск р.в. 1 1

Бярэсце гор. 15 20

Ганцавічы р.в. 2 2

Драгічын р.в. 1 1

Жабінка р.в. 2 2

Іванава р.в 2 2

Івацэвічы р. в. 10 8

Камянец р.в. 3 5

Кобрын гор. 2 2

Лунінец гор. 4 3

Ляхавічы р.в. 2 3

Маларыта р.в. 2 1

Пінск гор. 12 12

Пружаны р.в. 6 8

Столін р.в. 1 1

Усяго: 85 92


Віцебская вобласць:

Бешанковічы р.в. 2 2

Браслаў р.в. 1 1

Віцебск гор. 21 23

Віцебск РВПС 2 1

Верхнедзвінск р.в. 5 5

Глыбокае р.в. 5 6

Гарадок р.в. 4 -

Докшыцы р.в. 1 1

Дуброўня р.в. 1 1

Лёзна р.в. 1 1

Лепель р. в. 2 2

Міёры р.в. 2 2

Новаполацк гор. 17 15

Орша гор. 3 1

Полацк гор. 9 10

Паставы р.в. 10 15

Расоны р.в. 1 1

Сянно р.в. 1 2

Талочын р.в. 1 1

Ушачы р.в. 2 2

Чашнікі р.в. 1 1

Шаркоўшчына р.в. 7 5

Шуміліна р.в. - -

Усяго: 99 98


Менская вобласць:

Беразіно р.в. 3 3

Барысаў гор. 6 6

Вілейка гор. 1 1

Валожын гор. 9 9

Дзяржынск р.в. 5 5

Жодзіна гор. 4 3

Клецк р.в. 1 -

Крупкі р.в. 3 3

Капыль р.в. 1 1

Лагойск 1 1

Любань р.в. - -

Менск гор. 279 296

Менск РВПС 10 12

Маладзечна гор. 14 16

Мядзель р.в. 4 3

Пухавічы РВПС 6 5

Нясвіж р.в. 1 1

Смалявічы р.в. 2 2

Слуцк гор. 6 6

Салігорск гор. 5 6

Ст. Дарогі р.в. 1 -

Стоўбцы р.в. 3 4

Узда р.в. 2 2

Чэрвень р.в. 3 4

Усяго: 368 389


Гомельская вобласць:

Буда-Кашалёва - -

Брагін р.в. 1 1

Ветка р.в. 2 2

Гомель гор. 32 34

Гомель РВПС 2 2

Добруш р.в. 1 1

Ельск р.в. 1 1

Жыткавічы р.в. 7 7

Жлобін гор. 1 1

Калінкавічы гор. 2 1

Карма р.в. 2 2

Лельчыцы р.в. 2 2

Лоеў р.в. 2 2

Мазыр гор. 4 3

Акцябарскі р.в. - 1

Нароўля р.в. - -

Петрыкаў р.в. 2 2

Рэчыцца гор. - 1

Рагачоў гор. 1 1

Светлагорск гор. 2 3

Хойнікі р.в. - -

Чачэрск р.в. - -

Усяго: 64 67


Гарадзенская вобласць:

Бераставіца 3 3

Ваўкавыск гор. 8 8

Воранава р.в. 5 5

Гародня гор. 34 35

Гародня РВПС 7 8

Дзятлава р.в. 15 15

Зэльва р.в. 3 3

Іўе р.в. 3 2

Карэлічы р.в. 7 9

Масты р.в. 6 6

Наваградак гор. 8 7

Астравец р.в. 5 5

Ашмяны р.в. 4 5

Смаргонь гор. 7 7

Слонім гор. 8 11

Свіслач р.в. 5 5

Шчучын р.в. 4 4

Ліда 11 12

Усяго: 143 150


Магілёўская вобласць:

Бабруйск гор. 5 3

Бялынічы р.в. 1 1

Быхаў р.в. 1 1

Глуск р.в. 1 1

Горкі гор. 1 1

Дрыбін р.в. - -

Кіраўск р.в. 1 1

Клічаў р.в. - -

Клімавічы р.в. - -

Касцюковічы р.в. 1 3

Краснаполле р.в. - -

Крычаў р.в. - -

Круглае р.в. 1 1

Мсціслаў р.в. 2 2

Магілёў гор. 62 61

Магілёў РВПС 4 2

Асіповічы гор. 8 9

Слаўгарад р.в. 1 1

Хоцімск р.в. 2 2

Чэрыкаў р.в. 1 1

Чавусы р.в. - -

Шклоў р.в. 9 4

Усяго 101 94

Усяго на краіне 860 890


215 гадоў з дня нараджэння Міхала Без-Карніловіча

Без-Карніловіч Міхал Восіпавіч (10.10. 1796-19.1.1862), беларускі гісторык, краязнавец і этнограф, вайсковы тапограф, статыстык, генерал-маёр. Нарадзіўся ў шляхецкай сям'і ў Магілёўскай губерні. Скончыў 1-ы кадэцкі корпус (1816). Пад яго кіраўніцтвам у 1831-47 праводзілася тапаграфічнае і вайскова-статыстычнае вывучэнне Менскай, Наўгародскай, Віцебскай, Валынскай губерняў і Беластоцкай акругі. У час знаходжання на Беларусі збіраў гістарычны і этнаграфічны матэрыялы, на падставе якіх выдаў кнігу "Гістарычныя звесткі пра выдатныя мясціны на Беларусі..." (СПб., 1855), дзе таксама разгледжаны пытанні этнічнай тэрыторыі, побыту і культуры беларусаў. Тэрыторыю Беларусі абмяжоўваў Віцебскай і Магілёўскай губернямі, астатнія землі называў Літвой. Беларусамі лічыў толькі "нашчадкаў крывічоў", гаварыў пра беларусаў як пра асобны народ і ставіў іх у адзін шэраг з суседнімі народамі. Адзначаў згуртаванасць Полацкай зямлі ў 1230-40-я гады ў барацьбе з нямецкай агрэсіяй, даказваў паходжанне вялікага князя Вялікага Княства Літоўскага Віценя з роду полацкіх князёў. Даў даволі аб'ектыўную характарыстыку беларускага народа, апісаў яго цяжкае жыццё. Асобныя раздзелы кнігі прысвяціў апісанню народных абрадаў, звычаяў, вытворчай дзейнасці, народнай метэаралогіі. М.Г. Чарнышэўскі лічыў гэту кнігу "не бескарыснай для тых, у каго пад рукамі няма добрага збору кніг па рускай гісторыі".


115 гадоў з дня нараджэння Міколы Шчакаціхіна

Шчакаціхін Мікола (Мікалай) Мікалаевіч (1(13) кастрычніка 1896, Масква - 1 красавіка 1940, Белебей Башкірскай АССР), беларускі мастацтва-знавец, гісторык і тэарэтык мастацтва, педагог.

У 1914-1918 вучыўся ў Маскоўскім універсітэце. З 1922 у Менску. У 1922-1924 працаваў у БДУ, дацэнт; у 1925-1928 - у Інбелкульце (стварыў пры Інбелкульце Камісію па гісторыі мастацтва), у 1929-1930 - у БелАН. Адзін з заснавальнікаў беларускага мастацтвазнаўства; вывучаў старажытныя фрэскі, абразы, манументальнае дойлідства 11-18 ст., гравюры Ф. Скарыны, творчасць мастакоў В. Ваш-чанкі, М. Філіповіча, В. Вол-кава, А. Грубэ, І. Ахрэмчыка, У. Кудрэвіча. Упершыню ў беларускім мастацтвазнаўстве выпрацаваў навуковую канцэпцыю гісторыі беларускага мастацтва, зрабіў яго перыядызацыю. У 1928 выдаў т. 1 сваёй галоўнай працы "Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва". Прадоўжыць гэтае выданне не здолеў, бо 18.7.1930 быў арыштаваны ДПУ БССР па справе «Саюза вызвалення Беларусі». Падчас арышту навуковы супрацоўнік БелАН, дацэнт БДУ, гадаваў дваіх дзяцей. Па пастанове Калегіі АДПУ СССР ад 10.4.1931 як «член контррэвалюцыйнай арганізацыі», высланы ў Белебей Башкірскай АССР тэрмінам на 5 гадоў. Працаваў статыстыкам, планавіком у кааперацыі, выкладаў у сярэдніх навучальных установах. У 1937 годзе сталінскія ўлады прысуджаюць яму яшчэ адзін тэрмін. У 1940 годзе Мікола Шчакаціхін памірае ў Белебеі ад сухотаў, якія ён набыў пасля чарговага «прафілактычнага» арышту да чарговага камуністычнага свята. Рэабілітава-ны ў 1956 годзе.


Першыя беларуска-польскія ўказальнікі ў гміне Орля

У Арлянскай гміне Беластоцкага ваяводства Польшчы распачалася замена табліц з назвамі мясцовасцяў на двухмоўныя. Орля - першая гміна ў рэгіёне, дзе размешчаны табліцы з польска-беларускімі назвамі мясцовасцяў.

Указальнік з надпісам на польскай і беларускай мовах стаіць ужо на ўездзе на дарогу ў Орлю з Бельска Падлескага. Двухмоўныя беларуска-польскія шыльды ўсталяваны таксама на ўездах і выездах вёсак Спічкі і Вулька той жа гміны.


ЦАРКОЎНАЯ ЛЕКСІКА ЎСХОДНІХ СЛАВЯН

Лексіка - слоўны запас пэўнай мовы.

Многія царкоўныя словы, асабліва запазычаныя з грэцкай мовы ( Біблія, ікона, літургія і інш.), на мовах славян гучаць практычна гэтак жа. Некаторыя словы па-рознаму вымаўляюцца ў залежна-сці ад канфесійнай прыналежнасці чалавека: праваслаўным уласціва вымаўляць іх на грэцкі і рускі лад, католікам - на лацінскі і польскі. Напрыклад: епіскап і біскуп , л ітургія і мш а або імша (відазмененае слова "меса" ), манастыр і кляштар … Доўгі час у слоўніках беларускай мовы прысутнічала слова анёл , але цяпер з'явілася і ангел , што для пра-васлаўных звычайней. У "Пачаеўскіх лістках" на ўкраінскай мове таксама пішацца ангел , хаця свецкія слоўнікі і Укра-інскае Біблейскае таварыства ўжываюць ангол . На рускай мове некаторыя аўтары пішуць аггел . Дыякан або д'якан ? Першае слова мае афіцыйны ўжытак, другое - размоўны. Гэтак жа і па-руску: диакон і дьякон .

У мастацкай літаратуры можна сустрэць і больш сваеасаблівыя словы. Так, псалом Максім Багдановіч у вершы "Кніга" называе псальма : Вось псальма слічная.

"Як той алень шукае

Крыніцы чыстай,

так шукаю Бога я".

Ідэя верша ўзятая з Псалтыра: "Як лань прагне патокаў вады, так прагне душа мая да Цябе, Божа" (Пс. 41, 2).

Ніжэй прыводзяцца некаторыя царкоўныя словы на беларускай, рускай і ўкраінскай мовах, чыё гучанне і напісанне больш-менш адрозніваецца.


Абраз / Образ / Образ

Адпяванне / Отпевание / Відспівування

Алтар / Алтарь / Вівтар

Ангел, анёл / Ангел / Ангел, ангол

Асвячэнне / Освещение / Освячення

Ахвярнік / Жертвенник / Жертовник


Багаславенне, блаславенне / Благословение / Благословення

Багаслоўе / Богословие / Богослов'я


Вавілонская вежа / Вавилонская башня / Вавилонська башта

Вера / Вера / Віра

Веравызнанне / Вероисповедание / Віровизнання

Вербная нядзеля / Вербное воскресенье / Вербна неділя

Вянчанне / Венчание / Вінчання

Грэх / Грех / Гріх

Грэхападзенне / Грехопадение / Гріхопадіння


Дабравешчанне / Благовеще-ние / Благовіщення

Дабрадзея / Добродетель / Добродія

Дзеянні Святых Апосталаў / Деяния Святых Апостолов / Дії Святих Апостолів

Дыякан / Диакон / Диякон


Евангелле / Евангелие / Євангеліє, Євангелія

Елеасвячэнне / Елеосвящение / Єлеосвячення

Епархія / Епархия / Єпархія

Епіскап / Епископ / Єпископ

Еўхарыстыя / Евхаристия / Євхаристія


Запаведзь / Заповедь / Заповідь

Звон / Колокол / Дзвін


Каджэнне / Каждение / Кадіння

Кадзіла / Кадило / Кадило

Капліца / Часовня / Каплиця

Кніга Быцця / Книга Бытия / Книга Буття

Крыж / Крест / Хрест


Малебен / Молебен / Молебень

Міласціна / Милостыня / Милостиня

Мірапамазанне / Миропомазание / Миропомазання


Набажэнства, багаслужэнне, багаслужба / Богослужение / Богослужіння

Новы Запавет / Новый Завет / Новий Завіт, Новий Заповіт

Нядзельная школа / Воскресная школа / Недільна школа


Ойча наш / Отче наш / Отче наш


Падсвечнік / Подсвечник / Свічник

Паломніцтва / Паломничество / Паломництво

Памесная царква / Поместная церковь / Помісна церква

Паніхіда / Панихида / Панахида

Пост / Пост / Піст

Праваслаўе / Православие / Православ'я

Пропаведзь / Проповедь / Проповідь

Прычасце / Причастие / При-частя

Прэабражэнне Гасподняе / Преображение Господне / Преображення Господнє, Переобрбження Господнє

Пяцідзясятніца / Пятидесятница / П'ятидесятниця


Радаўніца / Радуница / Раду-ниця

Распяцце / Распятие / Розп'яття

Раство/ Рождество / Різдво


Сабораванне / Соборование / Соборування

Сашэсце Святога Духа на апосталаў / Сошествие Святого Духа на апостолов / Зішестя Святога Духа на апостолів, Сходження Святога Духа на апостолів

Свята / Праздник / Свято

Святар / Священник / Священик

Сімвал веры, Верую / Символ веры, Верую / Символ віры, Вірую

Сінайскае заканадаўства / Си-найское законодательство / Синайське законодавство

Споведзь / Исповедь / Сповідь

Стары Запавет / Ветхий Завет / Старий Завіт, Старий Заповіт

Стрэчанне Гасподняе / Срете-ние Господне / Стрітення Господнє

Сусветны патоп / Всемирный потоп / Всесвітний потоп


Тайная Вячэра / Тайная Вечеря / Тайна Вечеря

Тройца / Троица / Троїця, Трійця

Трысвятое / Трисвятое / Три-святе


Уваскрэсенне Хрыстовае / Воскресение Христово / Воскресіння Христове

Уваход Гасподні ў Ерусалім (Ерусалім) / Вход Господень в Иерусалим / Вхід Господа в Ієрусалим (Єрусалим)

Увядзенне ў храм Прасвятой Багародзіцы / Введение во храм Пресвятой Богородицы / Вве-дення в храм Пресвятої Бого-родиці

Уздзвіжанне Жыватворнага Крыжа Гасподняга / Воздвижение Животворящего Креста Господня / Воздвиження Животворящого Хреста Господнього

Узнясенне Гасподняе, Увазнясенне Гасподняе / Вознесение Господне / Вознесіння Господнє

Успенне Божай Маці / Успение Божьей Матери / Успіння Божої Матері

Успрыемнік / Восприемник / Восприемник


Харугва / Хоругвь / Хоругва

Хроснае знаменне / Крестное знамение / Хресне знамення

Хросны ход / Крестный ход / Хресний хід

Хросныя бацькі, Хрышчоныя бацькі / Крёстные родители / Хрещені батьки

Хрысцянін / Христианин / Християнин

Хрышчэнне / Крещение / Хрещення


Царква / Церковь / Церква


Уладзіслаў ЛУПАКОЎ,

прахаджанін праваслаўнага храма ў гонар Ціхвінскай іконы Божай Маці,

г. Брэст.


Паходня Свабоды ў гонар Ніла Гілевіча

1-га кастрычніка 2011 года ў 15 гадзін на мысе Гвардзейскім (Кардон) Севастопальскай бухты пад срэбнымі зоркамі помніка Славы была запалена сімвалічная Паходня Свабоды ў гонар беларускага паэта і грамадскага дзеяча Ніла Сымонавіча Гілевіча. Юбілею паэта была прысвечана беларуская перадача Севастопальскага мясцовага радыё, якую вядзе Ганна Малахоўская-Васюніна. У сядзібе таварыства каля абраза святой Ефрасінні Полацкай нябеснай заступніцы і асветніцы Беларусі была запалена свечка за здароўе Ніла Сымонавіча і прачытана малітва.

Здароўя Вам, дарагі беларускі Волат, творчых поспехаў на карысць Бацькаўшчыны беларускай па духу і зместу. Дзякуючы такім, як Вы, выдужае беларускасць на нашай Радзіме.

Старшыня Севастопальскага таварыства беларусаў імя Максіма

Багдановіча "Пагоня" Валер Барташ.


Канферэнцыя арганізацыі ТБМ Лідскага каледжа

5 кастрычніка 2011 г. у Лідскім каледжы прайшла справаздачна-выбарная канферэнцыя арганізацыі ТБМ каледжа, як складовай часткі Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ.

Дэлегаты канферэнцыі заслухалі справаздачу намесніка старшыні арганізацыі Наталлі Курсевіч. Дзейнасць арганізацыі прызналі станоўчай.

Была абрана Рада арганізацыі ТБМ Лідскага каледжа ў складзе 4 чалавек: Наталля Курсевіч - старшыня, Таццяна Гурын - намеснік старшыні, Кацярына Жамойда - скарбнік і Арцём Маліноўскі. Рэвізорам абраны Аляксей Бараненка. Абраны дэлегаты на справаздачна-выбарную канферэнцыю Лідскай гарадской арганізацыі - усе сябры рады і старшыні суполак. Былі рэкамендаваны кандыдатуры сяброў арганізацыі на з'езд ТБМ - Наталля Курсевіч і Арцём Маліноўскі.

На канферэнцыі выступіў намеснік дырэктара каледжа па выхаваўчай працы А.М. Сямашка, які прапанаваў арганізацыі супрацоўніцтва з адміністрацыяй каледжа, зрабіў шэраг прапаноў па праектах, якія б маглі рэалізоўвацца сумесна, у прыватнасці - выпуск электроннай газеты ТБМ каледжа, арганізацыя літаратурных сустрэч і г.д.


СПРАВАЗДАЧА

намесніка старшыні арганізацыі ТБМ Лідскага каледжа Наталлі Курсевіч за 2009-11 гг.

Апошняя канферэнцыя арганізацыі ТБМ Лідскага каледжа прайшла ў кастрычніку 2008 года. Тады на ўліку стаяла 560 чалавек. Старшынём арганізацыі быў абраны Міхась Іванавіч Мельнік.

З 1 верасня 2010 г. у сувязі з выхадам на пенсію Міхася Мельніка абавязкі старшыні выконвала Наталля Курсевіч.

У 2010 годзе ў склад арганізацыі ТБМ Лідскага каледжа ўваходзілі 16 суполак -каля 320 чалавек.

На сёння засталіся арганізацыі ў групах:

- гр. 64 да - старшыня Вольга Банцэвіч;

- гр. 65 да - старшыня Наталля Курсевіч;

- гр. 88 па - старшыня Святлана Кавалевіч;

- гр. 4 ск - старшыня Максім Грышкевіч;

- гр. 6 с - старшыня Аляксей Бараненка;

- гр. 7 ск.

- гр. 183 т - старшыня Артур Кійко;

- гр. 23 л - старшыня Павел Лабоцька;

- гр. 13 у - старшыня Кацярына Анацка;

- гр. 182 т - старшыня Павел Сурага;

- гр. 13 в - старшыня Павел Вільбік;

- гр. 5 дак - старшыня Вераніка Кіеня;

- гр. 6 дак - старшыня Кацярына Жамойда;

- гр. 91па - старшыня Таццяна Гурын;

- гр. 67 да.

Пры гэтым пасля 1 верасня 2011 года створаны 4 суполкі (5 дак, 6 дак, 91 па, 67 да). Усяго на ўліку стаіць 15 суполак, прыблізна 200-250 чалавек.

Арганізацыя ТБМ Лідскага каледжа дзейнічала ў складзе Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ, прымала ўдзел у мерапрыемствах гарадской і рэспубліканскай арганізацыі.

Сябры арганізацыі прымалі актыўны ўдзел у 2-й, 3-й і 4-й Агульнанацыянальных дыктоўках.

22 лютага 2009 года ў ІІ Агульнанацыянальнай дык-тоўцы ў Лідзе 1-е месца занялі навучэнцы каледжа: Падчашы Яўген і Васюк Сяргей; 2-е мес-ца занялі: Кійко Артур і Сыцько Кірыл; 3-е месца заняла Шарафановіч Ірына.

21 лютага 2010 года ў ІІІ Агульнанацыянальнай дыктоўцы 1-е месца заняла Ібрагім Мар'яна; 2-е месца занялі: Дукач Аляксандра і Ясюкевіч Настасся; 3-е месца занялі: Навакунскі Іван і Курсевіч На-талля.

20 лютага 2011 года ў ІV Агульнанацыянальнай дыктоўцы пераможцамі сталі наву-чэнцы каледжа: Надзея Анацкая, Вольга Урбановіч, Івона Тарасюк.

Найбольш падрыхтава-ныя навучэнцы каледжа і правяралі ўсе дыктоўкі, у тым ліку і дасыланыя з в. Дварэц Дзятлаўскага р-на.

Уся моладзь ТБМ, якая прымала ўдзел у мерапрыемствах ТБМ - гэта ў асноўным навучэнцы каледжа.

2009 год

На пачатку года ў каледжы выдавалася газетка (лісток) ТБМ "Прадмова", заснавальнік і рэдактар Кірыл Сыцько (гр. 2 дак).

27 лютага лідская моладзь запаліла знічы на магілах паўстанцаў 1863 года

25 сакавіка лідская моладзь наведала магілу генерала Кіпрыяна Кандратовіча ў Воранаве і ўсклала кветкі.

22 красавіка ў актавай зале Лідскага каледжа прайшла сустрэча з віцебскім пісьменнікам і перакладчыкам Арцёмам Арашонкам з Віцебска. Сустрэча арганізавана маладымі сябрамі ТБМ каледжа.

У траўні пачалася вялікая акцыя за беларускія класы. Ад каледжа бралі ўдзел: Міхась Мельнік, Кірыл Сыцько, Аліна Шурмей, Наталля Шышкіна, Іван Навакунскі. Быў выпушчаны вельмі моцны буклет. Выступілі ва ўсіх садках мікрараёна вул. Рыбіноўскага. Прайшлі па кватэрах першакласнікаў мікрараёна Слабада. Сустрэліся з дырэктарамі і завучамі школ: 6, 10, 14, 15, 16, 17. Сустрэліся з загадчыкамі садкоў на Слабадзе.

26 ліпеня сябры арганізацыі прынялі ўдзел у набажэнстве каля крыжоў паміж М. Ольжавам і Мохавічамі.

15 верасня прынялі ўдзел у сустрэчы з пісьменнікамі Міхасём Скоблам і Крысці-най Лялько ў Лідскай цэнтраль-най раённай бібліятэцы.

30 верасня прынялі чынны ўдзел у прэзентацыі кнігі Міхася Мельніка "Лодка жыцця" ў Цэнтральнай біблі-ятэцы. Бралі ўдзел каля 60 навучэнцаў каледжа.

1 лістапада ў Лідскай музычнай школе прайшлі "Музычныя зазімкі" з удзелам Алеся Камоцкага, Зміцера Казлоўскага і Тацяны Беланогай. Арганізоўвала моладзь ТБМ.

У лістападзе моладзь ТБМ у Лідзе раздавала марлевыя павязкі супраць грыпу.

28 лістапада сябры Лідскай арганізацыі ТБМ правялі літаратурную сустрэчу ў Дварцы Дзятлаўскага раёна. Удзельнічалі сябры арганізацыі

2 снежня ў каледжы ў актавай зале па Савецкай прайшла літаратурна-музычная сустрэча з Эдуардам Акулі-ным і Леанідам Дранько-Майсюком.

2010 год

7 студзеня бралі ўдзел у прэзентацыі часопіса "Верасень" у Чырвоным касцёле ў Менску.

25 сакавіка сябры ТБМ усклалі кветкі на магілу Адама Фалькоўскага ў Лідзе і генерала Кіпрыяна Кандратовіча ў Воранаве.

Вясной быў праведзены збор подпісаў за перайменавання вуліц горада. У прыватнасці дабіваліся вуліцы Грунвальдскай.

У канцы чэрвеня навучэнцы групаў 65 да, 6 с, 7 ск, 5 дак, 89 па, 84 т Лідскага каледжа здавалі экзамены за курс сярэдняй школы. Дзеці мусілі пісаць пераказ па-беларуску або па-руску. І звыш 90% выбралі беларускую мову. Канкрэтна ў групе 65 да (дашкольная адукацыя) усе 27 чалавек пісалі пераказ па-беларуску, у групе 6 с (будаўнікі) па беларуску пісалі 21 чалавек з 24, у групе 7 ск (будаўнікі) беларускую мову для экзамена выбралі 24 чалавекі з 27. Выкладалі беларускую мову ў гэтых групах Анаровіч Т.І. і Мельнік М.І.

25 ліпеня прынялі ўдзел ў набажэнстве ва ўрочы-шчы "Крыжы" ў памяць паўстанцаў 1863 года і герояў Грунвальда.

5 верасня прынялі ўдзел у сходзе моладзі ТБМ у Менску.

2011 год

25 сакавіка сябры ТБМ з Ліды і Бярозаўкі ўсклалі кветкі да магілы генерала Кіпрыяна Кандратовіча ў Воранаве.

28 траўня ў Лідскім гістарычна мастацкім музеі прынялі ўдзел у імпрэзе "Хай радасць з вачэй вашых блісне. Песні філаматаў і філарэтаў".

31 ліпеня ва ўрочышчы "Крыжы" прынялі ўдзел у набажэнстве ў памяць паўстанцаў 1863 года.

Штогод плацілі сяброўскія складкі. Арганізоўвалі падпіску на "Наша слова".


Нобелеўскую прэмію па літаратуры атрымаў Тумас Транстромер, найбуйнейшы шведскі паэт XX стагоддзя

Нобелеўскую прэмію Тумас Транстромер атрымаў за тое, што праз свае «змястоўныя празрыстыя вобразы ён дае нам новае разуменне рэчаіснасці». Пра гэта, а 14.00 6 кастрычнiка 2011абвесціў на прэс-канферэнцыі пастаянны сакратар Шведскай акадэміі Петар Энглунд.

Тумасу (Томасу) Транстромеру - 80 гадоў (ён нарадзіўся 15 красавіка 1931 г. у Стакгольме). Найбуйнейшы шведскі паэт XX стагоддзя.

Паводле асноўнай прафесіі - лекар-псіхолаг; працаваў у гэтай якасці спачатку ў турме для непаўнагадовых, пазней - з асобамі, якія атрымалі цяжкія (часам невылечныя) калецтвы на працоўных месцах.

Прафесійны піяніст.

Транстромер - лаўрэат усіх асноўных літаратурных прэмій, што прысуджаюцца ў Скандынавіі. Яго вершы вы-йшлі ў зборніках «17 вершаў» (1954), «Таямніцы ў дарозе» (1958), «Няскончанае неба» (1962), «Гукі і сляды» (1966), «Змрочназоркі» (1970), «Сце-жкі» (1973), «Балтыйскія моры» (1974), «Бар'ер ісціны» (1978), «Дзікі рынак» (1983), «Жывым і мёртвым» (1989) ды іншых.

Дазнаўшыся пра тое, што яго ўганаравалі Нобелем, Транстромер быў «здзіўлены і ўражаны».

Т. Транстромер стаў восьмым прадстаўніком Швецыі, хто атрымаў Нобеля па літаратуры. Прэмію ў літара-туры атрымлівалі: Сельма Лагерлёф (1909), Карл Густаў Вернер фон Хейдэнстам (1916), Эрык Аксель Карлфельт (1931), Пер Лагерквіст (1951). Эйвінд Юнсан і Хары Марцінсан (1974), у 1966 г. Нобеля атрымала Нэлі Закс - немка, што ў 1940 г. эмігравала ў Швецыю.

Перакладчык Лявон Баршчэўскі перастварыў вершы Тумаса Транстромера па-беларуску пры канцы 1990-х: «Зборнік паэта выпадкова трапіў у рукі, некаторыя творы натхнілі - вырашыў перакласці». Пераклады былі апублікаваныя ў альманаху «Annus Albarutenicus (Год беларускі)» № 3, 2002, што выдаецца на Беласточчыне.

- Транстромер - паэт вельмі традыцыйны, вельмі скандынаўскі. Чытаючы, адчуваеш усю гэтую шырыню - мора, скалы, неба… З іншага боку, адчуваецца і непаспешлівы скандынаўскі тэмперамент: многа гэтых вершаў запар не прачытаеш.

Шторм

Раптам дуб вандроўніку напаткаўся

Старажытны - як лось скамянелы ў кароне

Перад крэпасцю вераснёўскага мора

Чорна-зялёнай.


Шторм паўночны. Пара, калі ў арабінаў

Гронкі вянуць. І той, хто не спіць уночы,

Чуе тупат сузор'яў у стойлах высока

Па-над тым дрэвам.

Вечар - ранак

Мачта поўні згніла, скамечаны ветразь.

Кірля п'яная прэч над вадой памкнула.

Увесь абвуглены ў моста язык. Змаглося

У цемры кустоўе.


Прэч па сходах. Золак грукае ў браму

Мора б'ецца ў граніт. Сонца чутно паблізу.

Богі лета ў смузе, што вісіць над морам,

Вобмацкам ходзяць.

Ostinato*

Коршак кропкай у небе кружляе. Пад ёю

Мора хвалі ў святло з грукатаннем коціць,

З фукусу аброць жуе ды шпурляе

Пенай на бераг.


Змрок ахутаў зямлю -яго вымяраюць

Кажаны. Коршак сціх, стаў самотнай зоркай.

Коціць мора з грукатам хвалі і шпурляе

Пенай на бераг.

* ostinato (іт.) бесперапыннае.

Гогаль

Пінжак пацёрты як воўчая зграя.

Твар як мармуровая пліта.

Ён сядзіць у коле свайго пісьма ў гаі

што шалясціць

насмешліва і памылкова,

а душа раздзімаецца нібы папера негасціннымі

пасажамі.


Вось сонца крадком, як лісіца,

заходзіць над гэтым краем,

запальвае на ймгненне траву.

Сусвет запоўнены рагамі ды ўюкам а пад імі

коціцца вазок прывідна сярод бацькавых

асвечаных уладаранняў.


Пецярбург размешчаны на тым самым

градусе шыраты што і знішчэнне

(ці бачыў ты прагажосць

гэтай вежы нахільнай?)

і паўз заледзянелыя кварталы

яшчэ плыве нібы мядуза

бядняк у сваім шынялі.

І тут, захутаны ў пасты,

ён як даўней аточаны гуртамі смеху,

ды яны даўным-даўно выправіліся

ў мясціны далёка па-над межамі дрэваў.


Хісткі людскі каўчэг.

Зірні, як морак амаль што апальвае

зімовую вуліцу душаў.

Таму сядзь у сваю вогненную калясніцу

і пакінь зямлю!

Асамотнены шведскі дом

Гармідар чорных хвояў

і дымных промняў поўні.

Тут паніклая хатка стаіць,

здаецца, без прыкмет жыцця.


Пакуль росы ўранку звіняць,

і стары дрыготкай рукою

расчыняе вакно і адпускае

ды выпускае яго.


А недзе на свеце стаіць

хатка новая выпараючыся

азёрным матыльком,

што ўецца пры яе рагу


пасярод лесу што пры смерці

там, дзе гніццё чытае

праз акуляры соку

высвідраваны ў кары пратакол.


Лета з бялявымі дажджамі

альбо навальнічная хмара ў самоце

над сабакам што брэша і брэша.

Зерне ўбіваецца ў зямлю.

Усхваляваныя галасы, твары

лятуць па тэлефонных дратах

на крылцах маленькіх імклівых

праз тарфянікаў доўгія мілі.


Дом на выспе рачной. У падмурку

змрочна маўчаць камяні.

Куродым няспынны-паляць

паперы лесу таемныя.


Дождж вяртаецца ў неба.

Святло ўздоўж ракі віецца.

Хатка на строме назірае

за белымі быкамі вадаспаду.


Восень са шпачынаю хеўрай,

што трымаюць золак у страху.

Закалянелыя людзі

рухаюцца ў тэатры ценяў.


Хай адчуюць яны без страху

тыя нябачныя крылы

ды Боскую энергію,

што вызвалілася ўначы.

До-мажор

Калі ён па спатканні пайшоў долу вуліцай

снег кружляў у паветры.

Зіма надышла пакуль яны

ляжалі ў абдымках адно ў аднаго.

Ноч зіхцела белізною.

Ён пайшоў ад уцехі.

Увесь горад каціўся пад адхон.

Усмешлівыя мінакі -

Пасміхаліся ўсе з-за настаўленых каўняроў.

Было вольна!

І ўсе пытальнікі заспявалі пра

Боскае існаванне.

Гэтак думаў ён.

Прарвалася музыка

і доўгімі крокамі рушыла

ў снежную замець.

Усё ў вандроўцы да ноты до

І стрэлка дрыготкая компасу

настроілася на до .

Гадзіна звышпакутаў.

Было лёгка!

Пасміхаліся ўсе з-за настаўленых каўняроў.

З гары

Я стаю на гары і гляджу на затоку.

Лодкі ляжаць на паверхні лета.

"Мы самнамбулы. Рухаемся за месяцам", -

Так кажуць белыя ветразі.


"Мы падкрадаемся да соннага дому.

Мы стукаемся наверх, у дзверы.

Мы схіляемся да свабоды", -

Так кажуць белыя ветразі.


Адзін раз я ўбачыў,

як жаданні плывуць пад ветразем.

Яны трымаюцца таго самага курсу -

толькі быць на плаву.

"Мы цяпер разбітыя. І нікога з намі", -

Так кажуць белыя ветразі.

Павольная музыка

Дом зачынены.

Сонца прабіваецца ў яго праз шыбы

і награвае верх пісьмовага стала,

што досыць моцны, каб трымаць цяжар чалавечых лёсаў.


Сёння мы стаімо на доўгім разлеглым адхоне.

Шмат хто апрануты ў чорнае.

Можна заставацца на сонцы і драмаць,

і ведаць, як яно павольна дзмецца наперад.


Я зрэдку падыходжу да вады. Ды цяпер я тут,

сярод вялікіх камянёў з ціхамірнымі хрыбтамі,

камянёў што паціху прыблукалі назад

і выйшлі наверх із хваляў.

Пераклад Лявона Баршчэўскага,


НЯДРЭМНАЕ ВОКА ЦЭНЗУРЫ

А. Твардоўскі ў адным з эпізодаў сатырычнай паэмы «Тёркин на том свете» паказвае, як рэдактар «Гробгазеты»

Весь в поту, статейки правит,

Водит носом взад-вперед:

То убавит, то прибавит,

То свое словечко вставит,

То чужое зачеркнет.

То его отметит птичкой,

Сам себе и Глав и Лит,

То возьмет его в кавычки,

То опять же оголит.

Знать, в живых сидел в газете,

Дорожил большим постом.

Как привык на этом свете,

Так и мучится на том.

Вот притих, уставясь тупо,

Рот разинут, взгляд потух.

Вдруг навёл на строчки лупу,

Избоченясь, как петух.

И последнюю проверку

Применяя, тот же лист

Он читает снизу кверху,

А не только сверху вниз.

Гэтыя радкі прыходзяць на думку, як толькі прыгадваю час, калі ў выдавецтве «Беларуская Энцыклапедыя» рэдагавалі ў 2008 годзе мой двухтомны «Слоўнік фразеалагізмаў». Ужо даводзілася пісаць у «Нашым слове» (2009. 8 крас.), што рэдакцыя, кіруючыся сваімі цэнзурнымі меркаваннямі, па-першае, не ўключыла ў слоўнік некалькі выразаў, шырокая ўжывальнасць якіх пацвярджалася дзясяткамі прыкладаў; па-другое, змясціла 58 выразаў у «аголеным» выглядзе - без ілюстрацыйных прыкладаў; па-трэцяе, у цэлым выкрасліла больш за 500 апраў-дальных пацвярджальных цытат-ілюстрацый, непрымальных на погляд рэдактараў.

У «Слоўніку фразеалагізмаў» на с. 32-37 даецца спіс аўтараў, з твораў якіх браўся ілюстрацыйны матэрыял - сказы. Гэты спіс змяшчае 470 прозвішчаў (пераважна пісьменнікаў, зрэдку - літаратуразнаўцаў, мовазнаўцаў, журналістаў). Чытаючы гэты спіс, няцяжка заўважыць, што ў ім чамусьці няма прозвішчаў некаторых даволі вядомых аўтараў.

А няма іх таму, што для дырэктара выдавецтва яны аказаліся непажаданымі і былі выкраслены са спісу. Рэдактары, адпаведна з гэтым, усюды ў тэксце слоўніка выкідалі прыклады-цытаты забракаваных аўтараў. Пералічу тых, хто трапіў пад цэнзарскую выбракоўку: Святлана Алексіевіч, Уладзімір Арлоў, Сяргей Астравец, Ларыса Геніюш, Сяргей Дубавец, Сяргей Законнікаў, Аляксандр Лукашук, Іван Макало-віч, Вінцэсь Мудроў, Уладзімір Някляеў, Вольга Паўлава, Алесь Пашкевіч, Барыс Пятровіч, Міхась Скобла, Масей Сяднёў.

У «Спісе іншых крыніц слоўніка» (с. 37) даюцца 20 назваў перыядычных выданняў (часопісаў, газет). Але ў яго не ўвайшлі (былі выкінуты) часопіс «Дзеяслоў», газеты «Народная воля», «Наша ніва», «Наша слова», «Ніва» (Беласток), «Свабода».

Характэрна, што чатырма гадамі раней, калі ў 2004 годзе ў тым самым выдавецтве друкавалі мой «Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў», яшчэ не было падзелу аўтараў на «чэсных» і «нячэсных» і цэнзура не была такой напорыстай, бескампраміснай і жорсткай: у гэтым слоўніку ўпамінаюцца многія з пералічаных вышэй пісьменнікаў і перыядычных выданняў. Як хутка мяняецца час! У горшы бок...

Іван Лепешаў.


У Шанхаі створаны Цэнтр культуры Беларусі

На базе Ўсходне-кітайскага педагагічнага ўніверсітэта ў Шанхаі створаны Цэнтр культуры Беларусі, паведаміў галоўны інспектар кіравання замежных сувязяў Міністэрства адукацыі Герман Артамонаў 5 кастрычніка на прэс-канферэнцыі ў Менску.

Па яго словах, задача цэнтра - папулярызацыя, распаўсюджванне інфармацыі аб нацыянальнай культуры, самабытнасці беларускага народа, яго традыцыях і звычаях. Стварэнне цэнтра вялося на працягу апошняга года.

БелаПАН.


Ці стане Мір зноў горадам?

Сёння, у наш складаны час, калі ў краіне назіраецца сістэмны крызіс, адным з варыянтаў развіцця нашай эканомікі з'яўляецца турызм, асабліва - замежны. Сёння турызм падзяляецца на рэкрэацыйны адпачынкавы, лячэбны (медыцынскі) спартыўны, пазнавальны (культурны), дзелавы (прафесійны), кангрэсны (навуковы), рэлігійны (паломніцтва) і этнічны. Сярод вышэйпералічаных відаў турызму вядучую ролю займае культурнапазнавальны турызм. Паводле дадзеных статыстыкі, яго доля сярод іншых відаў складае 60%. У адпаведнасці з Хартыяй ЮНЕСКА па культурнаму турызму, прынятай у лістападзе 1974 года, культурны турызм мае мэту азнаямленне з помнікамі і славутымі мясцінамі.

Сёння адным з асноўных цэнтраў культурнага турызму з'яўляецца Мірскі замак. Па выніках рэстаўрацыйных работ 1993 г. Мірскі замак быў узнагароджаны дыпломам заслугі "EUROPA NOSTRA", што дало яму магчымасць атрымаць вядомасць за межамі краіны ў якасці аднаго з найлепшых архітэктурных аб'ектаў Еўропы.

У 2000 г. названы аб'ект уключаны ў Спіс сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны ЮНЕСКА.

Першых турыстаў замак пачаў прымаць яшчэ ў снежні 2008 года, калі ў паўднёвазаходняй вежы былі адкрыты для наведвальнікаў шэсць невялікіх экспазіцый.

Урачыстае адкрыццё ўсяго музейнага комплексу адбылося ў снежні 2010 г. з удзелам Кіраўніка краіны і міністра культуры. Калі журналісты спыталі ў Аляксандра Лукашэнкі, чаму Беларусь ніяк не можа стаць еўрапейскім цэнтрам культурнага турызму, які можа прынесці немалы даход у дзяржаўны скарб, той адказаў наступнае: "Іншыя краіны могуць гэтым пахваліцца, таму што яны з гісторыяй, якая адбылася. Нам жа пакуль яшчэ ранавата хваліцца, але ўжо ёсць што паказаць свету". "У нас гэта пакуль што яшчэ не стала бізнэсам - гэтаму трэба вучыцца. А ў тым, што гэты бізнэс будзе, я зусім не сумняваюся, таму што кожны год удвойваецца колькасць людзей, якія прыязджаюць на падобныя аб'екты".

Аднак звернемся да сусветнай статыстыкі і возьмем за аснову такі паказчык, як колькасць замежных турыстаў на 1000 жыхароў краіны. Беларускія журналісты палічылі, што ў Польшчы гэты паказчык роўны 400 турыстам, на Украіне - каля 500, у Літве каля 850, у Расіі - 160, а на Беларусі толькі 9 чалавек на 1000 жыхароў. Вось і адказ, чаму ў нас зараз праблема з набыццём замежнай валюты.

Вядома, зараз Мір наведваюць тысячы турыстаў, але гэта у асноўным жыхары Беларусі. Білеты для іх нятанныя. Для дарослых каля 23 тысяч рублёў, для дзяцей - 12 тысяч. Таксама трэба грошы каб даехаць да Міра, паесці, набыць сувеніры. Такім чынам мясцовы турызм не ў стане прынесці вялікія даходы, асабліва калі людзі не маюць вялікіх грошай на культурныя праграмы.

У сваім інтэрвію газеце "Комсомольская правда в Белоруссии» у сакавіку 2011 года намеснік дырэктара дэпартамента па турызму Міністэрства спорту і турызму Андрэй Мартынаў паведаміў, што арганізаваных замежных турыстаў, якія прыехалі ў Беларусь праз турфірмы ў 2009 г. было 95,5 тысяч, а ў 2010 г. крыху болей за 120 тысяч, прычым большую частку турыстаў складаюць грамадзяне Расіі.

Адным з фактараў павелічэння замежнага турызму можа быць развіццё не толькі асобных турыстычных аб'ектаў, але і гістарычнага наваколля вакол іх. У якасці прыкладу разгледзім гарадскі пасёлак Мір. зараз у ім пражывае 2300 чалавек, дзейнічае адно прамысловае прадпрыемства (філіял Гарадзенскага лікёрагарэлачнага завода "Неманофф") і адно сельскагаспадарчае прадпрыемства (птушкафабрыка "Чырвонаармейская").

Асноўнай каштоўнасцю пасёлка Мір, яго візітнай карткай з'яўляецца замкавы комплекс "Мірскі замак", на базе якога дзейнічае ўстанова "Музей "Замкавы комплекс "Мір"", які ў 2010 годзе прыняў 170 тысяч турыстаў. У 2011 годзе прагназуецца павелічэнне іх ліку ў два разы. У межах пасёлка дзейнічае 5 аграсядзіб, якія прадстаўляюць паслугі па харчаванні, пражыванні, арганізацыі экскурсій. працуе гасцініца 1 разраду Карэліцкага РУП ЖКГ на 25 месцаў, 3 аб'екты харчавання размешчаны побач з замкам, прыватнае гандлёвае ўнітарнае прадпрыемства "Пузатая Хата Мір", прадстаўляе паслугі па харчаванні і арганізацыі экскурсій.

У дадзены момант гарадскі пасёлак Мір уключаны ў больш за 17 турыстычных маршрутаў пазнавальнага, аграэкалагічнага, аздараўленчага турызму (аўтамабільны, роварны, пешаходны, камбінаваны).

Уключаны, то уключаны, але глядзець у Міры замежным турыстам пакуль няма чаго, бо ўнікальныя гістарычныя аб'екты Міра альбо знаходзяцца ў стадыі доўгагадовай рэстаўрацыі, альбо не ахоўваюцца дзяржавай наогул і паступова разбураюцца.

На мае прапановы беларускім уладам надаць г.п. Мір статус горада атрыманы адмоўны адказ. Вось што піша на гэты конт старшыня гарадзенскага абласнога выканкаму Сямён Шапіра. "Гродзенскі абласны выканаўчы камітэт сумесна з Міністэрствам культуры і Міністэрствам спорту і турызму Рэспублікі Беларусь, Карэліцкім райвыканкамам разглядзеў Ваш зварот, які быў накіраваны ў Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь, па пытанні прысваення статусу горада гарадскому пасёлку Мір Карэліцкага раёна. Па дадзеным пытанні паведамляем наступнае.

У адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь ад 5 мая 1998 года "Об административнотерриториальном делении и порядке решения вопросов административнотерриториального устройства Республики Беларусь», населеныя пункты Рэспублікі Беларусь адносяцца да пэўных катэгорый у залежнасці ад колькасці насельніцтва, узроўню развіцця і спецыялізацыі вытворчай і сацыяльнакультурнай інфраструктуры, дзяржаўных функцый, якія ажыццяўляюцца на дадзенай тэрыторыі.

Гарадамі раённага падпарадкавання з'яўляюцца населеныя пункты з колькасцю насельніцтва звыш 6 тысяч чалавек, якія маюць прамысловыя арганізацыі, арганізацыі сацыяльнакультурнага і бытавога прызначэння, з перспектывамі далейшага развіцця і росту колькасці насельніцтва.

У адпаведнасці з гэтымі прававымі крытэрыямі г.п. Мір нельга аднесці да катэгорыі горада". "Адначасова паведамляем, што гістарычна гарадскі пасёлак Мір быў "мястэчкам" у адрозненне ад горада Турава, які з'яўляецца культурным цэнтрам Тураўскага княства, дзе ўзнікла адна з першых на Русі епіскапія на грэчаскі ўзор".

Асабліва здзіўляе апошняе выказванне. Дастаткова проста прачытаць апошнія энцыклапедычныя выданні. каб паставіць гэта сцвярджэнне пад сумнеў. Прывяду адно некаторыя факты. Як населены пункт Мір упершыню згадваецца ў пісьмовых крыніцах ў 1395 годзе.Ужо ў пятнаццатым стагоддзі Мір стаў горадам і быў абнесены лініяй гарадскіх умацаванняў. З 1486 года горад належаў роду Ільінічаў, якія ў 1555 годзе зрабілі яго цэнтрам Мірскага графства. З 1568 года горад стаў уладаннем Радзівілаў. З 1579 года Мір мае няпоўнае магдэбургскае права, з 1589 г. - у складзе Нясвіжскай ардынацыі.

У сярэдзіне 16 ст. горад складаўся з дзвюх частак: Старога і Новага местаў. У ВКЛ местам назваліся толькі гарады, а не мястэчкі.

У горадзе была Троіцкая царква (1533 - 1580), драўляны (а з 1605 г. - мураваны) касцёл, мураваная ратуша, шпіталь і іншыя гарадскія будынкі.

Новыя гарадскія ўмацаванні г. Мір атрымаў у канцы 16 - пачатку 17 стст. Гэта быў земляны вал са сцяной і роў. У горад вялі чатыры мураваныя вежы-брамы (Віленская, Менская. Нясвіжская і Слонімская). Дарэчы, падмуркі дзвюх з вышэйзгаданых брамаў знойдзены пад час археалагічных раскопак.

Нягледзячы на заняпад у 19м стагоддзі, у 1897 годзе ў Міры жыў 5401 чалавек. З 1940 года Мір - раённы цэнтр Баранавіцкай вобласці , з 1954 па 1956 - раённы цэнтр Гарадзенскай вобласці. У мястэчка Мір канчаткова пераўтварыўся, калі перастаў быць раённым цэнтрам.

Паколькі Мір знаходзіцца на мяжы трох абласцей, ён можа стаць рэгіянальным цэнтрам аграрнага, вясковага пешага, коннага і роварнага турызму.

У Міры можна пабудаваць гатэль, некалькі танных турыстычных комплексаў, а таксама добраўпарадкаваць шматлікія помнікі гісторыі і культуры.

Мір заўжды быў унікальным горадам, дзе доўгі час мірна суіснавалі беларусы (каталікі, уніяты і праваслаўныя), яўрэі, татары і цыганы. На дзяржаўны ўлік варта паставіць комплекс будынкаў былой школы для падрыхтоўкі равінаў (талмудычнай акадэміі) і старажытныя яўрэйскія могілкі. Часткай матэрыяльнай культуры мірскіх татараў з'яўляюцца мусульманскія могілкі (мізар), якія таксама вартыя дзяржаўнай аховы.

Неабходна скончыць рэстаўрацыю помніка архітэктуры канца XVI ст. касцёла Святога Міхаіла з прылеглай тэрыторыяй, а таксама правесці дэтальнае вывучэнне падмуркаў мясцовай царквы, якія могуць датавацца XVIІ ст.

Ужо зараз можна прапанаваць наступныя пешыя і роварныя маршруты: Мір - Паланечка - касцёл XV ст. у в. Ішкальдзь; Мір - Нясвіж; Мір - Завоссе (сядзіба, дзе нарадзіўся Адам Міцкевіч).

Таксама можна часткова аднавіць гарадскія ўмацаванні Міра, рэшткі якіх выявіў архітэктар Дзмітры Бубноўскі. Дарэчы, ён зрабіў графічныя рэканструкцыі забудовы горада на розныя перыяды яго існавання. Дакументы 16 - 17 стагоддзяў сведчаць, што горад быў абнесены валамі і меў чатыры мураваныя вежыбрамы. Брамы не захаваліся на паверхні, але пад час земляных работ у 1987 г. выяўлены Віленская і Слонімская брамы. У 1988 г. археолаг Алесь Краўцэвіч даследаваў іх рэшткі. Такім чынам, іх месцазнаходжанне можна зафіксаваць на мясцовасці і паказваць турыстам.

У 1981 г. на ўскрайку гарадской плошчы, паміж касцёлам і царквой, адкрыты рэшткі вялікага мураванага будынка, магчыма, ратушы. На гэтым месцы можна паставіць памятны знак. На жаль, у адказе С. Шапіры, мае ранейшыя прапановы ніяк не разглядаюцца.

У адным з будынкаў 19 ст. можна зрабіць музей гісторыі беларускіх цыганоў. Пасля аднаўлення і прыстасавання да сучаснасці згаданых помнікаў Міра сюды несумненна паедуць турысты з еўрапейскіх краін, а таксама з Ізраіля і краін мусульманскага свету. Было б добра вярнуць вуліцам Міра іх спрадвечныя гістарычныя назвы.

Наданне Міру статусу горада стане лагічным увасабленнем дзяржаўнай палітыкі, скіраванай на развіццё гарадоўспадарожнікаў, якую актыўна падтрымлівае Кіраўнік нашай дзяржавы.

Добрую падтрымку ідэі вяртання Міру статусу горада зрабіла газета "Советская Белоруссия». 25 чэрвеня ў ёй з'явіўся артыкул Віктара Корбута "Мир твоему дому», у якім ён падтрымаў маю ідэю і таксама прапанаваў унесці ў Дзяржаўны спіс гістарычнакультурных каштоўнасцяў будынак былой школы для падрыхтоўкі равінаў, які паступова разбураецца і чакае рэстаўрацыі.

Зноў да гэтай тэмы Віктар звярнуўся 9 ліпеня ў дадатку да «СБ», які мае назву «Субботний собеседник». Ён наведаў малыя беларускія гарады Дзісну (Міёрскі раён), дзе жыве 1950 чалавек і Тураў, які атрымаў статус горада ў 2004 годзе, сустрэўся з мясцовымі ўладамі, якія расказалі, як важна іхнім населеным пунктам мець гарадскі статус. Потым ён з'ездзіў у Мір і Карэлічы, дзе размаўляў пра маю ідэю з мясцовымі жыхарамі і раённым начальствам. Думкі былі розныя, але са станоўчых аргументаў Корбут прыводзіць літоўскі горад Тракай (гістарычная назва Трокі), дзе зараз жыве толькі 5600 чалавек. Ён лічыць, што Тракай - горад самадастатковы і каларытны, а вось Мір зараз цалкам залежыць ад Замка і гарадскі статус быў бы яму не лішні. З гэтым пагаджаюцца і мясцовыя жыхары Міра, якіх я апытаў у ліпені. Зараз справа за беларускай уладай.

Алег Трусаў,

кандыдат гістарычных навук.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX