НАША СЛОВА №43 (1038) 26 кастрычніка 2011 г.
ХІ з'езд ТБМ
23 кастрычніка ў канферэнц-зале Чырвонага касцёла Менску адбыўся чарговы ХІ з'езд Грамадскага аб'яд-нання "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны".
На з'езд прыбылі каля 120 дэлегатаў, некалькі дзясяткаў ганаровых гасцей, прадстаўнікоў творчай і навуковай інтэлігенцыі - народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка, паэт Анатоль Вярцінскі, мастак Аляксей Марачкін, ксёндз Уладзіслаў Завальнюк, перакладчык Лявон Баршчэўскі ды іншыя. Былі і замежныя госці з Беласточчыны. Прысутнічалі прадстаўнікі Міністэрства культуры і Міні-стэрства адукацыі. У прэзідыюме - Алег Трусаў, Радзім Гарэцкі, Алена Анісім.
Са справаздачным дакладам пра зробленае за апошнія 3 гады выступіў старшыня ТБМ Алег Трусаў.
У судакладзе намеснік старшыні ТБМ старшыня менскай гарадской арганізацыі Алена Анісім распавяла пра шматлікія навуковыя і адука-цыйныя праекты.
Са справаздачамі вы-ступілі намеснік старшыні Рэвізійнай камісіі Мікола Лавіцкі і рэдактар газеты "Наша слова" Станіслаў Суднік.
З кароткімі паведамленнямі выступілі кіраўнікі абласных філіяў ТБМ, моладзевых структур, галоўны рэдактар тыднёвіка "Новы час" Аляксей Кароль, дэлегаты з'езду.
Праведзены выбары новага кіраўніцтва ТБМ.
Старшынём Таварыства беларускай мовы зноў абраны Алег Трусаў.
Першым намеснікам абрана Алена Анісім - старшыня Менскай гарадской аргані-зацыі. Намеснікам абраны Дзяніс Тушынскі.
Былі абраны Рада ТБМ і Рэвізійная камісія ТБМ з 5 чалавек. Старшынёй Рэвізій-най камісіі абрана Вера Канка-ловіч.
Рэдактарам газеты "Наша слова" на чарговыя тры гады абраны Станіслаў Суднік.
Дэлегаты абмеркавалі канцэпцыю закона "Аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы ў Рэспубліцы Беларусь" і зацвердзілі рэдакцыйную камісію з пяці чалавек з задачай завяршыць працу над праектам закона да 15 снежня, а да 25 снежня прадставіць яго ў органы ўлады.
Дэлегаты з'езду ТБМ выступілі са зваротамі да ўладаў Беларусі аб абвяшчэнні 2012 года "Годам беларускай мовы", аб прыняцці закона "Аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы", аб выкладанні гісторыі і геаграфіі Беларусі ва ўсіх школах па-беларуску, аб неабходнасці мець у Беларусі адзін цалкам беларускамоўны тэлеканал, а на астатніх палова эфірнага часу павінны займаць беларускамоўныя перадачы, і прынялі адпаведныя пастановы.
Зварот удзельнікаў XI з'езду ТБМ да ўладаў Беларусі
Удзельнікі XI з'езду ТБМ прапануюць абвясціць наступны, 2012 год, "Годам беларускай мовы" ў гонар юбілеяў класікаў беларускай літаратуры Янкі Купалы і Якуба Коласа, а ўраду Беларусі распрацаваць і ажыццявіць канкрэтную праграму падтрымкі беларускай мовы ў розных сферах грамадскага жыцця нашай краіны.
Зварот удзельнікаў XI з'езду ТБМ да заканадаўчых органаў улады Беларусі
Дэлегаты XI з'езду ТБМ звяртаюцца да прадстаўнікоў органаў заканадаўчай улады Рэспублікі Беларусь з прапановай распрацаваць і прыняць у бліжэйшы час закон "Аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы".
Пісьменнік Васіль Цімафеевіч Якавенка добра вядомы чытачам на раману "Надлом" і трылогіі "Пакутны век". 4 лістапада ў памяшканні Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны, Менск, вул.Румянцава, д.13, адбудзецца прэзентацыя яго новай кнігі "Прывіды Шанхая над Свіслаччу". Запрашаюцца чытачы.
Пачатак імпрэзы а 17 гадзіне.
У Кіеве адкрыты помнік Уладзіміру Караткевічу
20 кастрычніка ў Кіеве адкрыты помнік класіку беларускай літаратуры Ўладзіміру Караткевічу.
Ва ўрачыстай цырымоніі прынялі ўдзел міністры культуры Беларусі і Ўкраіны Павел Латушка і Міхаіл Кулы-няк, дзеячы культуры і мас-тацтваў дзвюх краін.
П. Латушка адзначыў, што Ўладзімір Караткевіч адыграў вялікую ролю ў беларускай культуры: ён даў бела-русам разуменне таго, што беларускі народ мае багатую гісторыю, якая з'яўляецца часткай еўрапейскай гісторыі.
Па словах міністра, помнік фактычна стане сімвалам яднання беларускага і ўкраінскага народаў.
Ён падкрэсліў вялікі ўплыў украінскай культуры на творчасць Уладзіміра Караткевіча. "У сваіх шматлікіх мастацкіх творах і літаратуразнаўчых артыкулах пісьмен-нік звяртаўся да ўспамінаў аб жыцці ва Ўкраіне, даследаваў творчасць Тараса Шаўчэнкі, Лесі Украінкі, Івана Франка і іншых", - сказаў Латушка.
Як нагадвае прэс-служба Міністэрствы культуры, помнік Уладзіміру Караткевічу ў Кіеве збудаваны ў мэтах выканання дамоўленасці прэзідэнтаў Беларусі і Ўкраіны. Помнік створаны беларускімі скульптарамі Кастусём Селіханавым, Алегам Варвашэням і архітэктарам Аляксандрам Корбутам.
Фінансаванне работ па стварэнні помніка ажыццяў-лялася за кошт сродкаў рэзер-вовага фонду прэзідэнта Беларусі. Работы па ўсталяванні помніка ў Кіеве і добраўпа-радкаванні прылеглай тэры-торыі праводзіліся на сродкі кіеўскай мэрыі.
Паводле СМІ.
75 гадоў з дня нараджэння Віктара Турава
Віктар Цімафеевіч Тураў (25 кастрычніка 1936, в. Брылі Магілёўскага раёна - 5 лістапада 1996, Менск) - беларускі кінарэжысёр, народны артыст СССР (1986), народны артыст БССР (1979), уганараваны Дзяржаўнай прэ-міяй Рэспублікі Беларусь, узнагароджаны медалём Францыска Скарыны.
Скончыў рэжысёрскі факультэт Усесаюзнага дзяржаўнага інстытута кінематаграфіі (1961, майстэрня А. Даўжэнкі і М.Чыаўрэлі). З 1959 рэжысёр кінастудыі «Беларусьфільм». Выкладаў у Беларускай акадэміі мастацтваў. У 1976-1981 першы сакратар праўлення Саюза кінематаграфістаў Беларусі. Этапнымі работамі Т. сталі экранізацыі «Палескай хронікі» І. Мележа («Людзі на балоце», 1982; Дзяржаўная прэмія СССР 1984; «Подых навальніцы» (1983), тэлефільм паводле апавядання І. Тургенева «Жыццё і смерць двараніна Чартапханава». Сярод іншых фільмаў, прысвечаных тэме вайны і гісторыі, - «Я родам з дзяцінства» (1966), «Сыны ідуць у бой» (1969), «Пераправа» (1987), «Чорны бусел» (1993), «Шляхціц Завальня, ці Беларусь у фантастычных апавяданнях» (1994) і інш. Яго мастацкія стужкі неаднаразова атрымлівалі ўзнагароды на ўсесаюзных і замежных кінафестывалях. Называўся сярод сотні лепшых кінарэжысёраў свету. Творчай манеры Турава ўласцівы эпічная глыбіня, востры драматызм у спалучэнні з лірычнымі інтанацыямі, імкненне да разнастайнасці жанраў. Віктар Цімафеевіч вельмі клапаціўся аб развіцці беларускага нацыянальнага кінамастацтва, быў адданы яму да канца. Мастацка-вытворчае аб'яднанне "Юнацтва" - яго турбота і гонар, кінастудыя "Беларусьфільм" - адзінае месца працы майстра.
Справаздача
Старшыні ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" Алега Трусава аб дзейнасці арганізацыі з кастрычніка 2008 па кастрычнік 2011 года
Шаноўныя спадарыні і спадары!
Гэтыя гады былі для нас гадамі цяжкай, але стваральнай працы як у Менску, так і ў рэгіёнах нашай краіны. Найбольш актыўна працавалі рэгіянальныя актывісты Магілёва, Віцебска, Гародні, Ліды, Наваполацка, Баранавічаў, Гомеля, Пружанаў, Фрунзенскага раёна горада Менска, мястэчка Падсвілле Глыбоцкага р-на і іншых. У нашы шэрагі актыўна ўступала моладзь, асабліва ў Менску. Пра гэта рэгулярна пісала "Наша слова", "Новы час" і іншыя сродкі масавай інфармацыі. Добра дзейнасць ТБМ асвятляў тэлеканал Белсат, радыё "Свабода", радыё "Рацыя" і іншыя радыёстанцыі. Таму я спынюся толькі на найбольш важных момантах.
Пачнём з супрацоўніцтва з рознымі дзяржаўнымі арганізацыямі. Дзякуючы намаганням ТБМ, 600-годдзе перамогі пад Грунвальдам упершыню было адсвяткавана на дзяржаўным узроўні. З'явіліся памятныя манеты, маркі, памятныя знакі. Вуліцы ў многіх гарадах былі названыя ў гонар гэтай падзеі. На БТ быў паказаны пяцісерыйны фільм, прысвечаны Вялікай вайне з крыжакамі, зняты на беларускай мове. Да гэтай слаўнай падзеі ТБМ выдала кішэнны і насценны календары на гэты год з выявай графічнага ліста Міхася Басалыгі "Бітва пад Грунвальдам", а таксама ўпершыню выдала перакідны настольны каляндар на 2010 год, прысвечаны гістарычна-культурнай спадчыне Гарадзеншчыны.
Дзякуючы намаганням маладых супрацоўнікаў БТ, была створана рэгулярная перадача, прысвечаная гісторыі беларускіх слоў і выразаў (выходзіць кожны аўторак і чацвер на АНТ).
Беларуская мова паступова вяртаецца ў выпускі навінаў, асабліва на мясцовым тэлебачанні.
З кастрычніка 2009 г. дзейнічаў праект "Дыялог", у якім удзельнічалі сотні сяброў ТБМ з Менска і рэгіёнаў. Пра гэта падрабязна раскажа кіраўнік праекту А. Анісім.
За апошнія гады на тэрыторыі Беларусі і за яе межамі адбыліся тры Агульнанацыянальныя дыктоўкі. У акцыі ўзялі ўдзел амбасадары розных замежных краін, журналісты, навукоўцы, выкладчыкі ВНУ, студэнты і вучні.
У студзені 2010 года адбылася прэзентацыя часопіса "Верасень" (галоўны рэдактар Эдуард Акулін), ужо выйшла чатыры нумары, а неўзабаве пабачыць свет і пяты.
Актывізавалася праца курсаў па вывучэнні беларускай мовы для розных групаў насельніцтва. Праходзілі заняткі па беларускай мове, гісторыі і літаратуры для вучняў 7 - 11 класаў пад кіраўніцтвам Лявона Баршчэўскага.
У траўні - чэрвені і кастрычніку - лістападзе 2010 г. адбыліся курсы па вывучэнні гутарковай беларускай мовы для дарослых пад кіраўніцтвам Аляксея Шэіна. Зараз моўныя заняткі для беларускай моладзі праводзіць Вінцук Вячорка.
У гэтым годзе актыўна працуе клуб беларускага красамоўства "Прамова", кіраўнік - Вера Канкаловіч.
Разам з іншымі грамадскімі арганізацыямі ТБМ актыўна ўдзельнічае ў праекце "Будзьма беларусамі". У Менску і ў іншых гарадах адбылося больш за 100 розных мерапрыемстваў. Сярод актыўных арганізатараў і выступоўцаў трэба адзначыць Алену Анісім, Эдуарда Акуліна, Станіслава Судніка.
Найлепшымі нашымі партнёрамі ў змаганні за Беларушчыну з'яўляюцца ЗБС "Бацькаўшчына", Саюз бела-рускіх пісьменнікаў, БАЖ, ТБШ, Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры.
У чэрвені-верасні 2009 года сябры ТБМ правялі шэраг мерапрыемстваў па святкаванні 20-х угодкаў ТБМ. Да юбілею ТБМ быў надрукаваны "Летапіс ТБМ 1989-2009", юбілейны кішэнны каляндарык, значок, а таксама сцяжкі, буклет, налепкі, кан-верты.
У сакавіку 2010 г. мы ўрачыста адзначылі 20-я ўгодкі нашай газеты "Наша слова": выдалі юбілейны нумар, правялі ўрачыстае мерапрыемства. На жаль, сітуацыя з падпіскай магла б быць лепшай. Колькасць падпісчыкаў не дасягае нават тысячы чалавек, а каб газета нармальна існавала, іх павінна быць каля пяці тысяч. Таму я звяртаюся да прысутных. Сябры! Неабходна ўсім разам узяцца за пашырэнне кола падпісчыкаў. З гэтай нагоды хачу выказаць словы падзякі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, якая на працягу 2009-2011 гадоў выдзяляе каля 2 мільёнаў рублёў штогод на падпіску раённых і школьных бібліятэк і музеяў краіны на беларускамоўныя выданні.
Значна пашырыліся нашы міжнародныя кантакты. Дзякуючы офісу АБСЕ ў Менску і яго амбасадару Бенедыкту Халеру, ТБМ, разам з дзяржаўнымі структурамі, прыняло ў 2010 г. актыўны ўдзел у праекце па перайманні досведу суіснавання розных дзяржаўных моў у краінах ЕС. Прадстаўнікі ТБМ наведалі Ірландыю і Фінляндыю, прынялі ўдзел у міжнародным семінары на гэтую тэму 15 лістапада ў Менску.
Усталяваліся добрыя кантакты з амбасадамі ЗША, Швецыі, Украіны, Польшчы, Літвы, Чэхіі, Славакіі, Ізраіля, Вялікабрытаніі і Германіі.
У кастрычніку мінулага года на паседжанні Кансультацыйна-каардынацыйнай рады пры Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь быў разгледжаны стан беларускай адукацыі на розных узроўнях. Давялося выступіць з адпаведным дакладам і мне. Асноўныя тэзісы выступу адлюстраваны на старонках "Народнай волі", цалкам даклад надрукаваны ў "Нашым слове". Выступ меў шырокі розгалас і падтрымку сярод грамадскасці і прафсаюзных колаў.
Дзякуючы вялікім намаганням бацькоў і грамадскасці, з'явіліся першыя вучні, якія навучаюцца па-беларуску ў Магілёве, Берасці, Баранавічах, Гародні, Лідзе, Смаргоні, Ашмянах і іншых гарадах у першую чаргу Гарадзенскай вобласці. Аднак сітуацыя вельмі цяжкая, бо кіраўніцтва Міністэрства адукацыі не вельмі жадае займацца пашырэннем беларускамоўнай адукацыі. Таму нашу дзейнасць у гэтым кірунку неабходна актывізаваць.
У 2010 годзе нарэшце выйшлі з друку беларускамоўныя Статуты Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. У гэтым вялікая заслуга маладых хлопцаў, сяброў ТБМ, якіх гвалтоўна забралі ў войска. Асабліва трэба адзначыць Франка Вячорку.
Разам з ЗБС "Бацькаўшчына" і Саюзам беларускіх пісьменнікаў ТБМ годна адзначыла сотыя ўгодкі Ларысы Геніюш. Да юбілею мы выдалі прыгожы кішэнны каляндарык. Аднак праца такога роду патрабуе адпаведных выдаткаў. А ўлічваючы сённяшнюю інфляцыю, неабходна прызнаць, што настаў час павя-лічыць памер сяброўскіх складак і актывізаваць збор ахвяраванняў на дзейнасць ТБМ.
Вынікі фінансавай дзейнасці ТБМ за справаздачны перыяд будуць агучаны ў дакладзе рэвізійнай камісіі.
Хочацца цёплым словам адзначыць нашых фундатараў і ахвярадаўцаў. Сярод іх - Павел Падкарытаў з Екацерынбурга, сям'я Прыгожыных з Масквы, Фелікс Шкірманкоў са Слаўгарада, Іна Казлоўская, Павел Чайкоўскі, Тамара Лазарук, Іван Кукавенка з Менска, Васіль Цынгалёў са Жлобіна, Тамара Талерчык, Роза Рымар, Лілея Некраш з Гародні, Васіль Рагаўцоў з Магілёва, Антон Фурс з Паставаў, Сяргей Птушко з в. Хільчыцы Жы-ткавіцкага раёна, клуб "Спадчына" з в. Дварэц Дзятлаўскага раёна, сябры клуба "Прамова" з Менска, Мар'ян Місевіч з м. Падсвілле Глыбоцкага раёна і многія іншыя.
Пасля доўгіх намаганняў сяброў ТБМ у новым Законе "Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб", што цалкам уступіць у дзеянне напрыканцы гэтага года, у артыкуле 18 з'явіўся запіс, які гарантуе кожнаму грамадзяніну Беларусі, хто звяртаецца да чынавенства па-беларуску, права атрымаць адказ менавіта на дзяржаўнай беларускай мове. Мы спадзяёмся, што гэты запіс пашырыць ужыванне беларускай мовы сярод службоўцаў розных узроўняў.
7 кастрычніка 2011 года пасля паўгадавых перамоў з беларускімі ўладамі быў нарэшце зарэгістраваны грант на рэалізацыю праекта "Захаванне культурнай спадчыны праз удзел у краязнаўчай дзейнасці", выдзелены ТБМ Дзяржаўным дэпартаментам ЗША. Праект будзе рэалізоўвацца на працягу года. Я заклікаю ўсіх сяброў ТБМ прыняць актыўны ўдзел у ажыццяўленні гэтага праекту. Рэальную дапамогу ў яго рэалізацыі нам абяцала аказаць Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.
Зараз мы актыўна працуем над стварэннем інтэрнэт-партала ТБМ з мэтай абароны лінгвістычных правоў беларускіх грамадзян. У гэтым партале будуць прадугледжаны старонкі для 10-ці рэгіянальных структур ТБМ. Таму просім вас тэрмінова прыняць удзел у гэтай працы, каб нашыя рэгіёны былі належным чынам прадстаўлены на агульным партале арганізацыі.
На жаль, не ўсе нашы рэгіянальныя структуры актыўна працуюць. Мяне вельмі цікавіць лёс Маладзечанскай раённай і гарадской арганізацый, Ваўкавыскай раённай арганізацыі, Мазырскай гарадской арганізацыі, а таксама Барысаўскай, Клецкай, Хоцімскай і Бешанковіцкай суполак ТБМ. Спадзяюся, што ў бліжэйшы час агульнымі намаган-нямі мы здолеем аднавіць іх дзейнасць. Неабходна як мага хутчэй стварыць і зарэгістраваць Берасцейскую абласную арганізацыю ТБМ, тым больш, што месца для юрыдычнага адрасу даўно вызначана. Асаблівыя спадзяванні я ўскладаю на нашу моладзь. З пяці з паловай тысяч актыўных сяброў ТБМ моладзь складае больш за палову. Менавіта ад яе залежыць далейшы лёс нашай арганізацыі.
Дзякуй за ўвагу.
Даклад
Рэвізійнай камісіі XI з'езду ГА "ТБМ імя Ф.Скарыны"
23 кастрычніка 2011г.
На папярэднім з'ездзе ТБМ Рэвізійная камісія была абра-на у наступным складзе: І. Грузноў Валерый 2. Качаноўская Наталля 3. Лавіцкі Мікола 4. Мухіна Леанарда - старшыня 5. Ялугін Эрнест.
Фактычна камісія працавала ў складзе трох сяброў. Па невядомых прычынах адмовілася працаваць Леанарда Мухіна. Не прысутнічаў на паседжаннях Валерый Грузноў, таму што жыве ў Магілёве,а ў Менску бывае зрэдку.
За справаздачны перыяд адбылося 9 паседжанняў. Усе запратакалаваны, маюць подпісы вядоўцы паседжання і сакратара, якім была Наталля Качаноўская.Рэвізійная камісія ТБМ ажыццяўляла сваю дзейнасць у адпаведнасці са Стату-там. У камісію не паступала заяў, скаргаў, прапаноў ні вус-ных, ні пісьмовых па дзейнасці выканаўчых органаў ГА.
Камісія праводзіла праверкі: фінансава-гаспадарчай дзейнасці, стану справаводства, захавання маёмасці, паўнамоцтваў паседжанняў Рады і Сакратарыяту.
Камісія адзначае планавую работу Рады і Сакратарыяту. Усе паседжанні выканаўчых органаў праходзілі ў адпаведнасці з патрабаваннямі Статута і мэтазгоднасці, былі правамоцнымі, а прынятыя на іх рашэнні паўнамоцныя. Ад-значаецца станоўчае вядзенне справаводства. Усе пратаколы ў наяўнасці. Вядзецца кампутарны улік сяброў Таварыства. Кіраўніцтва ТБМ пастаянна трымае пад кантролем надзей-насць захавання грашовых сродкаў і маёмасці. Маецца інвентарызацыйны спіс. Перыядычна па патрабаванні камісіі прдстаўлялася бухгалтарская справаздача, якая разглядалася на паседжаннях. Сакратарыятам наладжана рэгістрацыя паступлення ахвяраванняў, якія уносяцца у ведамасць. Спіскі ахвярадаўцаў друкуюцца ў газеце "Наша слова".
Дазвольце давесці да вашага ведама фінансавую спрваздачу бухгалтэрыі за перыяд ад X да ХІ з'езда:
На рахунак за 3 гады паступіла 119.769.018 рублёў. З іх ахвяраванні 99.030.980 р. Складкі 20.738.038 р.
З гэтых сродкаў былі зроблены наступныя выплаты на агульную суму 144.366.828 рублёў.
Арэнда - 119.756.723 р.
Тэлефон - 2.335.490 р.
Аплата працы - 2.735.130 р.
Аплата ў ФСАН - 1.042.897 р.
Аплата падпіскі СМІ - 4.493.010 р.
Аплата за ваду - 341.399 р.
Аплата канферэнц-залы - 1.628.128 р.
Цэнтр нерухомасці - 340.670 р.
Аплата за прэзентацыю раз-моўнікаў - 330.000 р.
Аплата падаходнага падатку - 206.911 р.
Ахвяраванні на выданне часо-піса "Верасень" - 5.500.000 р.
Іншыя выплаты - 749.158 р.
Затраты на дзейнасць ГА ТБМ склалі 118.049.385 рублёў.
Даклад зацверджаны на паседжанні Рэвізійнай камісіі 14 кастрычніка 2011г., пратакол № 9.
Мікола Лавіцкі.
Паседжанне Рады ТБМ
23 кастрычніка ў канферэнц-зале Чырвонага касцёла Менску адбылося першае паседжанне Рады грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны", абранай ХІ з'ездам ТБМ.
Рада ўстанавіла новыя памеры сяброўскіх складак, змяніўшы іх у бок павялічэння.
Рада перайменавала Тапанімінімічную камісію ТБМ ў Анамастычную камісію ТБМ і абрала яе кіраўніком Вінцука Вячорку.
Рада абрала Сакратарыят Грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" і новую рэдакцыйную калегію газеты "Наша слова". У яе ўвайшлі: Алена Анісім, Юрась Бабіч, Вінцук Вячорка, Юрась Каласоўскі, Ірына Ма-рачкіна, Леакадзія Мілаш, Максім Новік, Язэп Палубятка, Алесь Петрашкевіч, Аляксей Пяткевіч, Уладзімір Содаль, Станіслаў Суднік, Павел Сцяцко, Алег Трусаў.
Чарговае паседжанне Рады ТБМ прызначана на 22 студзеня 2012 года. На пасе-джанне Рады будзе вынесены план дзейнасці ТБМ на 2012 год.
Наш кар.
Даклад
намесніка старшыні ТБМ, старшыні Менскай гарадской арганізацыі ТБМ Алены Анісім
Паважаныя дэлегаты, шаноўныя госці!
Дзейнасць нашай грамадскай арганізацыі ў справаздачны перыяд была, на маю думку, даволі плённай. Прыгадаем некаторыя канкрэтныя справы.
Сіламі Менскай гарадской арганізацыі ў 2009 г. была арганізаваная "Юрыдычная школа ТБМ", падчас якой слу-хачы на працягу некалькіх месяцаў мелі магчымасць даведацца пра свае правы. На сустрэчах разам з кваліфікаванымі юрыстамі і актывістамі арганізацыі яны практыкаваліся ў складанні дакументаў (заяў) у розныя інстанцыі з мэтай абароны лінгвістычных правоў на падставе сённяшняга заканадаўства. Узоры такіх заяў і зваротаў друкаваліся ў "Нашым слове".
Трэба прыгадаць так-сама той факт, што ў 2009 г. на-ша арганізацыя выйграла грант Праграмы малых грантаў Амбасады ЗША, які быў зарэгістраваны ў Дэпартаменце па гуманітарнай дзейнасці пры Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, на правядзенне праекта "Дыялог". У межах гэтага праекта было праведзена шмат сустрэч з мовазнаўцамі, падчас якіх абмяркоўваліся змены ў арфаграфіі беларускай мовы, зацверджаныя законам, што ўступіў у сілу 1 верасня 2010 г. Працаваў дыскусійны клуб, на пляцоўках якога прайшло абмеркаванне актуальных праблем эканомікі і шляхоў развіцця нашай краіны. Адбыліся паседжанні, на якіх навед-вальнікі разам з вядомымі краязнаўцамі рабілі завочныя падарожжы па цікавых мясцінах Беларусі. Знакамітыя фалькларысты дапамагалі (найперш моладзевай аўдыторыі ТБМ) спасцігнуць сутнасць беларускай ментальнасці, навучыцца некаторым традыцыям: у прыватнасці, правядзенню абрадавых святаў. Значнай падзеяй "Дыялога" стала правядзенне ў студзені 2010 г. канферэнцыі "Сучасны стан беларускай мовы і дзей-насць грамадскіх аб'яднанняў па яго паляпшэнні", у якой бралі ўдзел прадстаўнікі дзяржаўных структур, навукоўцы, грамадскія дзеячы, а таксама выдадзены ўслед за гэтым зборнік матэрыялаў канферэнцыі.
Хочацца нагадаць пра створаны сіламі грамадскай ар-ганізацыі ў межах праекту "Дыялог" "Беларуска-англійскі і англійска-беларускі размоўнік", прэзентацыя якога адбылася восенню 2010 г. у "Кніжным салоне". Гэта справа моладзевай плыні ТБМ. Сёлета на аснове беларускай часткі падрыхтавана і перададзена ў пасольства Швецыі электрон-ная версія "Беларуска-шведскага размоўніка" (ажыццявілі пераклад шведскай часткі так-сама маладыя сябры нашай ар-ганізацыі). Пра іншыя справы моладзі ТБМ, а іх было за гэты перыяд нямала, я спадзяюся, раскажуць яе прадстаўнікі ў сваім выступе.
Нашым пастаянным клопатам была і застаецца сфера выхавання і адукацыі. Пытанне ўжывання беларускай мовы ў садках і школах надзвычай балючае. Але ўздымаць яго і дабівацца нейкіх зрухаў без удзелу бацькоў практычна немагчыма. Таму мы шчыра рады вітаць ства-рэнне ў Менску бацькоўскага камітэта, які апякуецца найперш праблемамі маладых бацькоў і іх дзетак у мікрараёне Сухарава. Хочацца, каб іх досвед у адстойванні свайго права даць дзецям адукацыю і выхаванне ў дзяржаўных дзі-цячых установах на беларускай мове быў скарыстаны і іншымі бацькамі. Каб такія бацькоўскія згуртаванні паўсталі і ў іншых рэгіёнах нашай краіны. І ў гэтым я бачу адпаведны кірунак нашай працы. Мы гатовы паспрыяць усёй моцай нашай арганізацыі дзеля таго, каб сённяшняя моладзь і наступныя пакаленні маленькіх беларусаў паўсюль чулі беларускую мову і каб яна для іх насамрэч была роднай. І кожную ініцыятыву грамадзян, скіраваную на гэтыя мэты, будзем падтрымліваць. У сувязі з гэтым хачу прыгадаць ініцыятыву сп. Віталя Воранава, які даследаваў мову шыльдаў з назвамі геаграфічных аб'ектаў на тэрыторыі Глыбоччыны і зрабіў запыты да адказных асоб, паколькі на іх адсутнічала дзяржаўная беларуская мова. Адказы паступаюць на адрас нашай сядзібы. Можна спадзявацца, што пад такім грамадскім націскам шыльды на Глыбоччыне будуць прыведзены ў адпаведнасць з сучасным законам аб геаграфічных назвах. Калі ўсе сябры нашай шматлікай арганізацыі будуць такімі ж актыўнымі ў адстойванні права дзяржаўнай беларускай мовы прысутнічаць у кожным мястэчку, у кожнай установе, на кожнай шыльдзе, Беларусь зменіць сваё замшэлае савецкае аблічча на натуральнае і даўно чаканае беларускае.
Паважаныя сябры!
Ад нашага папярэдняга з'езду прайшло даволі шмат часу, адбылося багата розных падзей у жыцці краіны. Выснова, якую мы мусім зрабіць адназначна: арганізацыя павінна ўлічваць у сваёй дзейнасці стан развіцця грамадства. Нам неабходна асвойваць новыя формы і метады працы, чуйна рэагаваць на патрэбы грамадзян, аператыўна адгукацца на выклікі сучаснасці. У сувязі з гэтым хачу спыніцца на наступнай сферы нашай дзейнасці. У гэтым годзе мы ўзяліся за ажыццяўленне важнага праекту: пераклад Правілаў дарожнага руху на беларускую мову. Складанасць гэтай працы палягае ў тым, што ажыццёўлены пераклад павінен быць уведзены ў дзеянне Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Таму і зацікаўлены мы ў шчыльнай супрацы з адпаведнымі дзяржаўнымі структурамі дзеля рэальнага пашырэння ўжывання беларускай мовы ў такой галіне, якая датычыцца кожнага грамадзяніна нашай краіны, паколькі мы ўсе з'яўляемся ўдзельнікамі дарожнага руху. Свае намаганні мы гатовы каардынаваць з усімі зацікаўленымі асобамі.
У сённяшняй рэчаіснасці нам не абысціся без мабільнай прысутнасці нашай арганізацыі ў інтэрнэт-прасторы. Таму яшчэ адзін наш клопат: у самы бліжэйшы час стварыць сучасны інтэрнэт-партал ТБМ. Ажыццяўленне гэтага праекту дазволіць нам вырашыць наступныя задачы: 1) па-першае, размясціць інфармацыю пра гісторыю ТБМ, пра яго структуры, дзейнасць; 2) па-другое, аператыўна рэагаваць на выпадкі парушэння лінгвістычных правоў грамадзян; 3) па-трэцяе, выхад на іншыя пласты грамадства, наўпрост незаангажаваныя ў дзейнасць нашай арганізацыі і некаторыя іншыя.
Напрыканцы свайго выступлення хачу сказаць наступнае: іншых, лепшых умоў для дзейнасці ў нас не будзе. Таму давайце будзем ладзіць свае адносіны з усімі партнёрамі на аснове ўзаемапавагі, асабістай адказнасці за сказанае і зробленае. Калі мы будзем шанаваць і берагчы адно аднаго, дапамагаць у канкрэтных справах, а не шукаць выключна недахопы і промахі ў дзейнасці, мы даб'ёмся значных вынікаў у сваёй працы. Я пераканана, што ў нас шмат прыхільнікаў, а нашыя мэты падзяляюць шы-рокія пласты грамадства. Трэба проста да іх дайсці.
Я жадаю ўсім удзельнікам ХІ з'езду здароўя, поспехаў у асабістым жыцці. Будзем крочыць з беларускай мовай па жыцці - будзем жыць годна і заможна!
ДАКЛАД
рэдактара газеты "Наша слова" Станіслава Судніка ХІ з'езду ТБМ
У перыяд паміж Х і ХІ з'ездамі газета "Наша слова" выходзіла штотыднёва, накладам 2000 асобнікаў, аб'ёмам 4 паласы. Фармат А-3. Адзін колер. Некалькі разоў мы павялічвалі аб'ём з нагоды пэўных памятных датаў і юбілеяў (4 сакавіка 2009 г. - 900-ты нумар, 17 сакавіка 2010 г. - "Нашаму слову" 20 гадоў, 2 лютага 2011 г. - 1000-ны нумар). Некалькі разоў былі затрымкі нумароў на 1-3 дні, у выпадках адхілення ад графіку друку. Газета ўключалася ў каталогі падпіскі "Белпошты", прадавалася ў шапіках "Саюздруку" Гарадзенскай вобласці і трох гарадоў Берасцейскай вобласці.
І я хацеў бы пачаць даклад з выказвання падзякі Лідскаму райвыканкаму, Гарадзенскаму аблвыканкаму і Магілёўскаму аблвыканкам, "Белпошце" і "Саюздруку" за самую сур'ёзную падтрымку ў выданні і распаўсюджанні газеты "Наша слова", а таксама Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі за рэгулярную фінансавую падтрымку. Таксама я хачу выказаць падзяку ўсім ахвярадаўцам, якія сваімі не лішнімі тысячамі падрымлівалі ТБМ і газету, і ўсім аўтарам, якія пішуць у газету без усякіх ганарараў.
Асаблівую падзяку хачу сказаць старшыні ТБМ Алегу Трусаву, які пастаянна зайходзіў сродкі для падтрымкі газеты.
Выхад газеты арганізоўваўся і фінансаваўся Установай інфармацыі "Выдавецкі дом ТБМ", якая знаходзіцца па адрасу: 231293, Гарадзенская вобл., Лідскі р-н, в. Даліна. З нагоды такога свайго размяшчэння УІ "Выдавецкі дом ТБМ" уваходзіць у Асацыяцыю выдаўцоў рэгіянальнай прэсы "Аб'яднаныя МасМедыі".
18 снежня 2009 года газета "Наша слова" прайшла чарговую перарэгістрацыю і была зарэгістравана ў дзяржаўным рэестры сродкаў масавай інфармацыі за № 908.
На працягу трох гадоў газета друкавала самыя розныя матэрыялы. Асабліва шмат увагі ўдзялялася перапісцы кіраўніцтва ТБМ з рознымі ўладнымі структурамі, а так-сама юбілейным датам найвыбітнейшых дзеячоў нашай гісторыі і сучаснасці. Усе тры гады мы пачыналі з друку гістарычнага каляндара, які складаў супрацоўнік "Беларускага гістарычнага часопіса" Сымон Барыс і народнага каляндара, які рыхтаваў Алесь Лозка. І менавіта нашыя каляндары, нягледзечы на іхнюю немаляўнічасць, віселі і вісяць у офісах многіх грамадскіх арганізацый арыентырамі для дзейнасці. Магчыма, мы і лішку ўвагі ўдзяляем юбілейным датам, але, як мне падаецца, у такім фармаце і такім аб'ёме падобнай работы не робіць ні адно выданне, а нацыянальная памяць - гэта вельмі важны кірунак усёй нашай дзейнасці.
Мы друкавалі планы дзейнасці ТБМ, справаздачы кіраўніцтва, справаздачы кіраўнікоў рэгіянальных арганізацый, інфармацыю пра ўсебеларускія акцыі, напрыклад: агульнанацыянальная дыктоўка, беларускае пяціборства, конкурс "Беларускі настаўнік года", 600-годдзе Грунвальда, асвятлялі дзейнасць арганізацый з усёй краіны (Віцебск, Полацк, Наваполацк, Магілёў, Дварэц, Баранавічы, Слонім, Пружаны, Гародня, Ліда і інш.) і замежжа (Вільня, Прыбайкалле, Севастопаль, Беласточчына) і г.д.
Мы штоквартальна друкуем вынікі падпіскі па раёнах, і ўсе бачаць, які стан з падпіскай. Сёння мы стаім на ўзроўні 900 асобнікаў. Мы трымалі ўвесь час нізкую цану, каб газета была больш даступнай. На жаль, на першы квар-тал 2012 года чакаецца рост цаны. Але мы таксама чакаем што з 1 снежня 2011 г. або з 1 студзеня 2012 года газета стане 8-мі палоснай. У гэтым кірунку зроблены пэўныя захады.
Рэгулярна асвятлялася дзейнасць"Белпошты" па прапагандзе беларушчыны, праца менскіх хлебазаводаў па беларускай маркіроўцы тавараў, праца беларускіх аграсядзібаў, рэкламаваліся беларускія выданні, у т.л. "Еўраграматыкі" і інш.
Быў надрукаваны шэраг навукова-папулярных артыкулаў, у тым ліку артыкулы пра беларускіх астраномаў Леаніда Лаўрэша "Марцін Пачобут-Адляніцкі", "Ян Снядэцкі", "Вітольд Карлавіч Цэраскі", "Ціхаў Гаўрыіл Андры-янавіч", а таксама "Паўстанне 1831 года" і іншыя краязнаўчыя матэрыялы. Рэгулярна друкаваліся мовазнаўчыя абразкі прафесара Паўла Сцяцко ў агульнай рубрыцы "Мовазнаўчы досвед" і артыкулы прафесара Івана Лепешава. У газеце выступалі відныя беларускія навукоўцы, гісторыкі, краязнаўцы, дактары і кандыдаты навук.
Друкавалі асобныя літаратурныя творы.
З друкам вялікіх пазнавальных і навуковых матэрыялаў былі пэўныя праблемы з-за недахопу плошчы, але калі газета стане 8-мі палоснай, гэтыя праблемы здымуцца.
З 2-га квартала 2009 года (8 красавіка) газета мае штрых-код. За яго хуткае атрыманне выказваем падзяку амбасадзе Францыі.
Ад 7 ліпеня 2010 года да прозвішча і імя рэдактара ў выхадных дадзеных дадалося імя па бацьку. Зроблена гэта на патрабаванне Міністэрства інфармацыі. УІ "Выдавецкі дом ТБМ" атрымала пісьмовае папярэджанне за адсутнасць імя па бацьку рэдактара ў часопісе "Лідскі летапісец" (там былі і іншыя прэтэнзіі), і мы ўжо не сталі чакаць пакуль пап-ярэдзяць яшчэ і за "Наша слова". Такім чынам, юрыдыч-на "Наша слова" папярэджан-няў не мае, але выканаць патра-баванне мы былі павінны.
З 4 па 7 траўня 2010 года газета "Наша слова" прымала ўдзел у выставе "СМІ ў Беларусі". У выставе мы ўдзе-льнічалі ў складзе Асацыяцыі выдаўцоў рэгіянальнай прэсы "Аб'яднаныя МасМедыі". У 2011 годзе Асацыяцыя да выставы дапушчана не была, быццам бы з-за недахопу месца, адпаведна і "Наша слова" ў выставе не ўдзельнічала.
З сакавіка 2011 года быў зменены рэжым падачы газеты ў друк. Калі раней мы самі ажыццяўлялі вывад на кальку і вазілі калькі ў друкарню, то цяпер газета пасылаецца электроннай поштай у рэжыме PDF. З-за гэтага перыядычна ўзнікаюць праблемы з якасцю.
За справаздачны перыяд міжнародных, дзяржаўных і іншых прэмій газета "Наша слова" не атрымлівала. У 2011 годзе газету "Наша слова" ўзнагародзіў граматай клуб "Спадчына" вёскі Дварэц Дзя-тлаўскага раёна за папуляры-зацыю дзейнасці клуба.
Сайт газеты "Наша слова". Стварыць сайт газеты "Наша слова" мы спрабавалі некалькі разоў. У гэтым нам дапамагала ў асноўным лідская моладзь. Але рэжым арганізацыі дзейнасці кожны раз устанаўліваўся малапрыймальны. Газета - у Лідзе, адміністратар сайта - у Вільні або Санкт-Пецярбурзе, паролі не перадаваліся. Працаваць было крайне складана. Мы паспрабавалі атрымаць сайт цераз сяброўскія структуры, але нам не дапамаглі. У канцы 2010 года на нас выйшаў партал "Інтэрнэт - сталіца", які выдзеліў нам бясплатна старонку аб'ёмам у 1 Мбайт, перадаў пароль. Мы сумелі паставіць туды выяву помніка Скарыны, навучыліся працаваць, але ўмяшацца ў афармленне старонкі і замяніць тыя рускія словы, якія там прысутнічаюць, на беларускія не змаглі. Таму сайт nasha-slovа.mns.by існуе ў тым выглядзе, у якім існуе. На жаль, мы не змаглі выйсці на правайдараў партала. На сайце выстаўляюцца ў рэжыме Word апошнія нумары "Нашага слова". Усе нумары выстаўляюцца на лідскім сайце pawet.net. Гэты ж сайт вядзе выстаўленне ўсяго захаванага архіву "Нашага слова" з 2005 года. Больш раннія нумары не захаваны ў электронным выглядзе. У кампутарах тых часоў элементарна не хапала памяці.
У бліжэйшы час запрацуе паўнавартасны, сучасны сайт ТБМ. Абяцана, што распрацоўшчыкі прадугледзяць магчымасць выстаўлення "Нашага слова" на гэтым сайце. Туды будуць выстаўляцца PDF i Word версіі. Паступова будуць выстаўлены і раннія нумары, якія ёсць. Магчыма, зробім і поўны архіў.
На завяршэнне я прашу прабачэння ва ўсіх, чый матэрыял не пайшоў у друк, чый матэрыял затрымалі, або дапусцілі пры друку якую памылку.
Гурт Re1ikt прысвяціў новы кліп ўсім, хто змагаецца
Беларускі progressive rock гурт Re 1 ikt рыхтуецца да выхаду новага альбома і прэзентуе відэакліп на загалоўную кампазіцыю дыска. «Рэкі прабілі лёд» - так называюцца будучы рэліз і відэа, знятае гомельскім VJ Medwedsky . Музыкі прысвячаюць новую працу ўсім тым, хто змагаецца і, нягледзячы ні на што, пераадольвае цяжкасці.
Кліп здымаўся ў Гомелі, бо менавіта ў рок-сталіцы Беларусі прайшла значная частка творчага шляху гурта Re1ikt: «Хоць пачыналі мы ў Светлагорску, але менавіта на гомельскім лэйбле упершыню выйшаў наш альбом, у Гомелі мы выпусцілі DVD «Акустычная тэрапія ». Там жа запісалі наш трэці альбом, які выходзіць на Вігма пры падтрымцы BMA ».
Гомельскія музыкі і іншыя дзеячы андэграўнду з вялікім цяплом і павагай ставяцца да калег, таму ласкава пагадзіліся ўдзельнічаць у здымках кліпа «Рэкі прабілі лёд». Яны папераменна выконваюць новую песню, як бы даючы зразумець, што выбар ёсць у кожнага. І кожны можа нешта зрабіць у гэтым жыцці, галоўнае - захацець.
На мінулым тыдні музыкі выклалі ў сеціва ролік, які адлюстроўвае здымачны пра-цэс. За гэты час яго прагледзелі больш за 1 000 разоў!
Аляксандр Дземідзенка, бубнач: «Я вельмі рады, што кліп і кампазіцыя выклікалі такую цікавасць у слухачоў. Таму што наш новы альбом будзе вельмі прыгожым і мастацкім. Пры стандартным для рок-музыкі наборы інструментаў мы шмат эксперыментавалі, выкарыстоўвалі розныя эфекты і атрымалі на выхадзе незвычайную музы-ку».
Паглядзець і cпампаваць новы кліп Re1ikt можна з афіцыйнага сайта гурта www.re1ikt.com.
А паслухаць, якім атрымаўся новы дыск Re1ikt , можна будзе 30 кастрычніка ў рамках канцэртнай прэзентацыі альбома "Рэкі прабілі лёд» у менскім клубе Re: Рublic .
У канцэрце возьмуць удзел беларускія гурты «Рокаш» і Partyzone, чые альбомы таксама выйшлі ў гэтым годзе.
Алесь Плотка.
Фестываль беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі AD.NAK! ідзе ў рэгіёны
Другі Фестываль беларускамоўнай рэкламы і каму-нікацыі AD.NAK! распачаў серыю рэгіянальных прэзента-цый. Першая з іх адбылася 13 кастрычніка ў Гародні. Узяць удзел у праграме семінараў, прысвечанай вынікам сёлетняга AD.NAK-2 і асноўным тэндэнцыям на рэкламным рынку Беларусі і ў свеце, былі запрошаныя рэкламісты, ды-зайнеры і вольныя мастакі Гарадзеншчыны.
Галоўным партнёрам рэгіянальных прэзентацый AD.NAK! стала кампанія "Атлант-М Вест", імпарцёр Ford у Рэспубліцы Беларусь. Партнёрам прэзентацыі ў Гародні выступіла паліграфічная кам-панія "Зебра".
Асноўная мэта правядзення такіх сустрэч - заахвоціць прадстаўнікоў рэклам-нага бізнэсу Гарадзеншчыны да ўдзелу ў Фестывалі і ўвогуле звярнуць іх увагу на тое, што рэклама на беларускай мове можа быць цікавай, крэа-тыўнай і сучаснай. Работы пе-раможцаў першага і другога фестываляў, якія былі паказаныя ўдзельнікам падчас прэзентацыі, гэта пацвярджаюць.
- Рост колькасці ўдзельнікаў удвая і рост заявак амаль у тры разы за адзін год - вельмі добры паказчык, - кажа Алена Макоўская, адзін з арганізатараў Фестывалю, каардынатар кампаніі "Будзьма беларусамі! - Падчас падрыхтоўкі Другога фестывалю вялікую зацікаўленасць выка-залі рэгіянальныя рэкламісты. Але не ўсе здолелі даехаць да сталіцы. Менавіта таму мы вырашылі зрабіць серыю прэзен-тацый у рэгіёнах - каб людзі маглі абмеркаваць актуальныя пытанні беларускай рэкламы "не адыходзячы ад касы".
У наступным годзе Фестываль пройдзе ўжо трэці раз, і арганізатары чакаюць шмат работ ад рэгіянальных прад-стаўнікоў рэкламнай галіны ў намінацыях і конкурсах.
- Мы упэўненыя, што рэгіянальныя рэкламісты робяць шмат работ на беларускай мове, але яны з розных прычы-наў не бачныя сярод прадстаў-нікоў прафесійнай суполкі, таму і вырашылі падрабязна расказаць пра Фестываль, - азначае Сяргей Скараход, кі-раўнік праекту Marketing.by. - Акрамя гэтага, трэба ўпэўніць рэкламістаў, якія жадаюць рабіць свае работы на бела-рускай мове, што яны могуць паспрабаваць свае сілы ў роз-ных конкурсах, якія ладзяцца аргкамітэтам падчас падрыхтоўкі Фестывалю.
Са сваімі прэзентацыямі выступілі: Сяргей Скараход, кіраўнік інтэрнэт-праекту Marketing.by (прэзента-цыя Фестывалю AD.NAK! і пераможцаў найбольш вядомых сусветных фестываляў рэкламы гэтага года), Андрэй Эзерын, кіраўнік камунікацыйнага агенцтва EZERIN' COM (майстар-клас "Сучасныя трэнды і тэхналогіі пабудовы камунікацыі ў рэкламе і маркетынгу") а таксама Алена Макоўская і Ніна Шыдлоў-ская, каардынатары культурніцкай кампаніі "Будзьма беларусамі!" (прэзентацыя брэнда і ўнікальных праектаў кампаніі).
Алесь Плотка.
Кніга для тых, хто марыць пра ўласны дом
Васіль Якавенка «Прывіды Шанхая над Свіслаччу», Мн., 2011, «БелСаЭС Чарнобыль», стар. 1-268.
Пасля нашумелай маштабнай трылогіі «Пакутны век» пісьменнік Васіль Якавенка для многіх стаў персонай №1 у мастацкай літаратуры, новых твораў якога чакалася. І вось на паліцах кнігарняў з'явіўся крыху экзатычна аздоблены ягоны томік «Прывіды Шанхая над Свіслаччу». Хтосьці падумае пра містыку, хтосьці пра фантастыку, але можаце быць пэўнымі - пісьменнік Васіль Якавенка здзіўляе чытача найперш рэалізмам, цвярозым ды пранікнёным поглядам на нашае сучаснае жыццё.
Зрэшты, я не адразу рызыкнуў набыць гэты салідны том публіцыстыкі. Палохала нават тое, што гэта быў збор пераважна публікаваных выступаў у беларускіх газетах і часопісах, а я, паддаўшыся на слушныя парады булгакаўскага прафесара Прэабражэнскага, не давяраю сучасным барзапісцам, якія ператварылі журналістыку ў банальны піяр, у нейкае рэкламнае агенцтва неўпіхваных грамадству сацыяльных ідэй. Баяўся таксама расчаравацца ў тым, што мяне так уразіла летась.
І ўсё ж, дзякаваць Богу, ёсць сябры: то паэт Яўген Гучок захоплена пытаецца «Чытаў новую кнігу Якавенкі?»; то былы менеджар гурта «Мроя» Юрась Мурашка бянтэжыць нестрыманым подзівам. І вось «Прывіды Шанхая над Свіслаччу» прачытаны, што дало адназначную выснову: мацак! (у сэнсе магутняк!) Каб гэтую кнігу чыталі нашы палітыкі, мы б даўно жылі ў іншай краіне і не марылі даць цягу адсюль пры першай зручнай нагодзе. А было ж такое, што не марылі, нават да нас пёрлі мігранты з Еўропы і Азіі яшчэ ў памятныя часіны Вялікага Княства Літоўскага: калі ўсход стагнаў пад пятой Залатой Арды, аблізваючы боты акупанту ўласным языком, а захад віраваў у цемрашальстве інквізіцыі, наш дух сілкаваў найбольш дэмакратычны звод законаў нават сучаснага свету - «Статут ВКЛ».
Не скажу, аднак, што кніга ўся гэтак сходу і захапляе. Калі «Пакутны век» не адпускае чытача ад першых старонак, дык тут я спярша нудзіўся дакладна старонак 90, гатовы нават цалкам расчаравацца. І не скажу, што тэмы напачатку кнігі такія ўжо чужыя для мяне: тут і свой погляд на чарнобыльскую катастрофу напярэдадні 25годдзя трагедыі, тут і гутаркі з адмыслоўцамі на тэмы захавання архітэктурнай спадчыны беларускіх гарадоў у аспекце міграцыйнай экспансіі сучаснага свету, тут і актуальная праблема атамнай энергетыкі ў аспекце таго ж Чарнобылю і нядаўняй трагедыі ў Фукусіме... Але ведаючы, што Якавенка з тых пісьменнікаў, якія здольны здзіўляць, я і чакаў здзіўлення. І дачакаўся.
Не скажу, што я баяўся чужой экспансіі ў свой устаялы свет. Акурат быў гатовы да таго, каб сустрэць аргументаванага апанента. Дык вось якраз Якавенка цалкам змяніў мой погляд на кнігу аналітыка беларускага нацыяналізму Анатоля Астапенкі «... І гдзе зродзіліся і ўскормлены суть по Бозе». Кніга, відаць, насамрэч заслугоўвае ўвагі.
А вось сваім нестандартным поглядам на творчасць папулярных, але чужых для мяне нашаніўскіх філосафаў Акудовіча і Бабкова, новая кніга Васіля Якавенкі шчыра парадавала. Аказваецца, я не адзін такі, неўпісваны ў попстандарты. І ў Якавенкі надзвычай пераканаўчыя довады. А як ён цяроза разлажыў каштоўнасці марксізму! А як грунтоўна даў адпор нямецкаму аналітыку беларускіх падзеяў Бернгарду К'яры!
Эфектна чытаюцца і аналітычныя матэрыялы аб творчасці пісьменніка Леаніда Дайнэкі, даследчыка беларусканямецкіх літаратурных кантактаў Уладзіміра Сакалоўскага, гутаркі з дзеячамі нацыянальных культур Арменіі, Нагорнага Карабаху, Расіі. Усё гэта здольнае сілкаваць акурат нашыя беларускія душы ў памкненні да адбудовы ўласнага грамадскага дому. Ці хто не марыць ужо пра ўласны дом? Дык Якавенка навучыць вас пільна трымаць свой ключ ад яго, не руйнуючы традыцыйнай беларускай гасціннасці.
Вітаўт МАРТЫНЕНКА.
У Германіі выйшлі беларускія паштоўкі
У нямецкім горадзе Франкфурт-на-Одэры выйшла з друку серыя беларускіх краязнаўчых паштовак. Паштоўкі з'явіліся дзякуючы мясцоваму Інстытуту прыкладной гісторыі, рэспубліканскаму фонду імя Льва Сапегі і Таварыству беларускай мовы.
Паштоўкі падрыхтавалі беларускія краязнаўцы, якія жывуць у розных рэгіёнах нашай краіны. На паштоўках адлюстраваны беларускія гістарычныя мясціны, людзі і прырода. Гэта - Лунна - вёска наднёманскіх легендаў, Дзятлаўшчына на скрыжаванні часоў, Слонім, Паставы, Гародня, храмы беларускага Палесся, Верхнядзвіншчына, шляхамі Яўхіма Карскага і Элізы Ажэшкі і іншыя тэматычныя паштоўкі. Над паштоўкамі працавалі краязнаўцы Лявон Карповіч, Уладзімір Хільмановіч, Валеры Салаўёў, Уладзімір Трахімчык, Алесь Крой, Святлана Агарка, Павел Руткоўскі, Ігар Пракаповіч, Фёдар Красюк і іншыя.
Прыгожыя выданні бясплатна распаўсюджваюцца сярод тых, хто цікавіцца гісторыяй нашай Бацькаўшчыны.
Сяргей ЧЫГРЫН.