НАША СЛОВА № 48 (1043) 30 лістапада 2011 г.
91-я ўгодкі Слуцкага Збройнага Чыну
З нагоды ўгодкаў Слуцкага Збройнага Чыну Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла звярнулася да беларусаў.
"Дарагія Суродзічы! Ад імя Рады Беларускай На-роднай Рэспублікі, вітаю Вас з вялікай падзеяй у жыцці нашага народа - Слуцкім Збройным Чынам, ці, як яго называе Юрка Віцьбіч, Слуцкім Фронтам БНР", - гаворыцца ў звароце. - Цытую далей Юрку Віцьбіча: "Меліся ў нас паўстанні і больш колькасныя па ліку, як Вяліжскае, і не горш арганізаваныя, як Гомельскае, і не менш зацятыя, як Парэцкае, Барысаўскае, Івянецкае, Койданаўскае, Мірскае, Рагачоўскае, Панкоўска-Будаўскае, Бешанковіцкае і шмат, шмат іншых. Аднак ні адно з гэтых паўстанняў не выявіла ў такой ступені наш нацыянальны супраціў расейскім акупантам, як Слуцкае".
Дык заклікаю усіх Вас, дарагія суродзічы, адзначыць гэтую вялікую падзею. Адначасна заклікаю кожнага з Вас, у Беларусі і ўва ўсіх беларускіх асяродках у свеце, ушанаваць памяць не толькі герояў Случчыны, якія "першыя паўсталі і пайшлі паміраць, каб жыла Бацькаўшчына", але і ўсіх Вам ведамых і няведамых змагароў за незалежнасць Бацькаўшчыны і Вашую волю. Дзякуючы ім мы яшчэ існуем як нацыя, нягледзячы на шматлікія намаганні нашых суседзяў, каб сцерці з паверхні Зямлі незалежную дзяржаву Бела-русь. Жыве Беларусь!» - гэтымі словамі завяршыла свой зварот старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла.
Слуцк адсвяткаваў 91-я ўгодкі Чыну
У Слуцку адбыліся ўрачыстыя імпрэзы з нагоды 91-х угодкаў Слуцкага збройнага чыну. Актывісты Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ, руху "Салідарнасць", іншых дэмакратычных партый і рухаў, а таксама неабыякавыя да беларускай гісторыі людзі з бел-чырвона-белымі сцягамі праехалі па месцах баёў слуцкіх паўстанцаў з войскамі чырвонай арміі.
Удзельнікі святкавання наведалі вёску Грозава, Семежава, Вызна (Чырвоная Слабада) і Слуцак. Каля памятных крыжоў і знакаў у гонар паўстанцаў былі ўскладзеныя бел-чырвона-белыя кветкі, запаленыя знічы. Разам з бардам Аляксеем Галічам удзельнікі акцыі праспявалі песні слуцкіх паўстанцаў.
У Слуцку каля будынка мясцовага краязнаўчага музея адбыўся мітынг. Месца мітынгу выбрана не выпадкова: у будынку, дзе цяпер месціцца Слуцкі краязнаўчы музей, у лістападзе 1920 года адбыўся з'езд Рады Случчыны. Лідары КХП БНФ, якія бралі слова, Юрась Беленькі, Алесь Чахольскі, Сяргей Папкоў, у сваіх прамовах нагадалі пра паўстанцаў-случчакоў, іх гераічны збройны чын, а так-сама зазначылі, што іх змаганне за свабоду і незалежнасць ёсць годным прыкладам для пераймання і ў наш час. Мітынг, удзел у якім прынялі каля двухсот чалавек, завяршыўся спевам малітоўнага гімну "Магутны Божа", а таксама песнямі слуцкіх паўстанцаў.
Наш кар.
Сакратарыят ТБМ шчыра віншуе стршыню Менскай абласной і Слуцкай раённай арганізацый ТБМ імя Ф. Скарыны Міколу Курыльчыка з 60-годдзем.
Мы зычым спадару М. Курыльчыку здароўя, сілаў і імпэту на ніве змагання за Беларушчыну.
120-гадоў з дня нараджэння Янкі Станкевіча
СТАНКЕВІЧ Ян (Янка), псеўданімы Брачыслаў Скарынін, Ян Янушонак (26 лістапада 1891, в. Арляняты, Ашмянскі павет - 16 жніўня 1976, ЗША) - беларускі мовазнаўца, гісторык, палітычны дзеяч, брат Адама Станкевіча. Доктар філасофіі (1926).
Падчас І Сусветнай вайны змагаўся ў расейскім войску, патрапіў у аўстрыйскую няволю. Ян Станкевіч у 1917-1918 гадах актыўна ўключыўся ў дзейнасць нацыянальных беларускіх арганізацый. Скончыў беларускую гімназію ў Вільні (1921), Карлаў універсітэт у Празе (1926). Доктар славянскай філалогіі і гісторыі (1926). Працаваў выкладчыкам беларускай мовы ў Варшаўскім (1928-1932) і Віленскім (1927-1940) універсітэтах.
Я. Станкевіч быў паслом сойму ІІ РП (1928-1930). Як палітык з'яўляўся прыхільнікам польска-беларускага збліжэння, за што яго не раз крытыкавалі беларускія групоўкі.
У 1940 годзе Янка Станкевіч выехаў у Варшаву, дзе далучыўся да дзейнасці Беларускага камітэту. Я. Станкевіч супрацоўнічаў з Вацлавам Іваноўскім, наладзіў кантакты з польскім антыфашысцкім падполлем, стварыў канспірацыйную групу пад назвай Партыя беларускіх нацыяналістаў (ПБС). Стратэгічнай мэтай гэтай дзейнасці з'яўлялася адбудова беларускай дзяржаўнасці ў апоры на Польшчу.
З восені 1941 года Я. Станкевіч жыў у Менску, куды перамясціўся і ЦК ПБН. Станкевіч быў чальцом Бела-рускай народнай самапомачы, навуковага аддзела Беларускай цэнтральнай рады, адным з заснавальнікаў Беларускага на-вуковага таварыства.
З 1944 году Я. Станкевіч апынуўся на эміграцыі. У Нямеччыне ён аднавіў дзейнасць Беларускага навуковага таварыства. З 1949 года Я. Станкевіч жыў у ЗША, займаўся навуковай і грамадскай дзейнасцю ў беларускай дыяспары. З'яўляўся папулярызатарам т. зв. «крывіччыны».
Выдаў Беларуска-расійскі (Вяліка-літоўска-расійскі) слоўнік.
Пахаваны на могілках у Саўс-Рыверы, штат Нью-Джэрсі, ЗША.
У Оршы адзначылі 81-я ўгодкі Уладзіміра Караткевіча
26-га лістапада - дзень народзінаў Уладзіміра Караткевіча, беларускага пісьменніка, паэта, драматурга. Кожныя ўгодкі славутага земляка традыцыйна адзначаюцца на яго малой радзіме, у Оршы.
Святочныя імпрэзы, якія праходзілі ў Оршы цягам мінулага тыдня, былі арганізаваныя супрацоўнікамі музея Ўладзіміра Караткевіча і дзіцячай бібліятэкі, якой нададзена імя пісьменніка.
На традыцыйнае ўскладанне кветак да помніка пісьменніку-земляку прыйшлі вучні гімназіі №2 - былой першай сярэдняй школы, дзе некалі вучыўся Ўладзімір Караткевіч. Дзеці чыталі вершы, са сваімі творамі выступілі і мясцовыя літаратары.
З кветкамі да Караткевіча прыходзілі і звычайныя гараджане, і прадстаўнікі мясцовых дэмакратычных сілаў, якія ўсклалі да помніка вянок ад моладзевай суполкі "Звяз" і суполкі ТБМ.
Пасля літаратурных чытанняў каля помніка ўсіх ахвотных запрасілі ў музей Уладзіміра Караткевіча.
Наш кар.
Воз беларускасці трэба не падмалёўваць, а рухаць
Старшыні грамадскага аб'яднання
"Таварыства беларускай мовы
імя Францішка Скарыны"
Трусаву А.А.
Міністэрства адукацыі сумесна з Міністэрствам культуры і Белтэлерадыёкампаніяй у межах сваёй кампетэнцыі разгледзелі Ваш зварот, які паступіў з Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Паведамляем наступнае.
У сітуацыі двухмоўя, калі ва ўсіх ці многіх сферах жыцця грамадства выкарыстоўваюцца дзве мовы, асаблівую важнасць набывае праблема заканадаўчага ўрэгулявання моўнага жыцця грамадства. Менавіта ад таго, як гэтае пытанне вырашана на дзяржаўным узроўні, залежыць не толькі рэальная запатрабаванасць той ці іншай мовы ў камунікатыўнай, культурнай і інфармацыйнай сферах, але і ў цэлым бесканфліктнае развіццё грамадства.
Сёння дзяржаўнымі мовамі ў нашай краіне з'яўляюцца беларуская мова як мова тытульнай нацыі і руская мова як найбольш пашыраная ў камунікатыўных адносінах мова. Гэта замацавана Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь. Больш дэталёва дадзенае канстытуцыйнае палажэнне раскрываецца ў Законе Рэспублікі Беларусь "Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь" (Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 13 ліпеня 1998 г. № 187-3). Кожны мае права карыстацца роднай мовай, выбіраць мову зносін. Дзяржава гарантуе ў адпаведнасці з законам свабоду выбару мовы выхавання і навучання.
Сведчаннем дзяржаўнага рэгулявання ў сферы моўнай палітыкі і практыкі з'яўляецца ўвядзенне ў дзеянне з 1 верасня 2010 г. Закона Рэспублікі Беларусь ад 23 ліпеня 2008 г. "Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі" (далей Закон). Правілы беларускай арфаграфіі і пунктуацыі ў новай рэдакцыі садзейнічаюць стабілізацыі правапісных норм беларускай літаратурнай мовы, забяспечваюць пераемнасць традыцый пісьмовай беларускай мовы, што ў выніку павышае прэстыж у грамадстве беларускай мовы як дзяржаўнай мовы Рэспублікі Беларусь.
Пасля прыняцця Закона Урадам краіны быў распрацаваны План мерапрыемстваў па рэалізацыі Закона Рэспублікі Беларусь ад 23 ліпеня 2008 г. "Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі", які зацверджаны намеснікам Прэм'ер-міністра Рэспублікі Беларусь 3 верасня 2008 г. і адпаведна - Прапановы па арганізацыі выканання Плана мерапрыемстваў па рэалізацыі Закона Рэспублікі Беларусь ад 23 ліпеня 2008 г. "Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі" на 2010 - 2013 гады, зацверджаныя Міністрам адукацыі 17 лістапада 2009 г.
Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 25 кастрычніка 2011 г. №487 зацверджаны План мерапрыемстваў, прысвечаных 130-годдзю з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа. Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 17 верасня 2011 г. № 1245 зацверджаны План мерапрыемстваў, прысвечамых 100-годдзю з дня нараджэння Максіма Танка. Адпаведныя плапы на святкаванні юбілеяў названых пісьменнікаў распрацаваны Міыістэрствам адукацыі і накіраваны ва ўпраўленні адукацыі аблвыканкамаў і камітэт па адукацыі Мінгарвыканкама для выканання.
З мэтай пацвярджэння аднолькавага статусу беларускай і рускай моў у апошні час ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі на ІІ і ІІІ ступенях агульнай сярэдняй адукацыі адводзіцца аднолькавая колькасць гадзін на вывучэнне вучэбных прадметаў "Беларуская мова", "Беларуская літаратура" і "Руская мова", "Руская літаратура".
З 1993/1994 навучальнага года гісторыя Беларусі і геаграфія Беларусі выкладаліся ва ўсіх установах агульнай сярэдняй адукацыі толькі на беларускай мове. Але ў Міністэрства адукацыі перыядычна паступалі звароты адносна таго, што вучні не маюць магчымасці вывучаць гэтыя прадметы на рускай мове. Пачынаючы з 2006/2007 навучальнага года, выкладанне гісторыі Беларусі і геаграфіі Беларусі ажыццяўляецца на беларускай і рускай мовах (ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі з беларускай мовай навучання - на беларускай мове, ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі з рускай мовай навучання - на рускай мове).
У сістэме адукацыі створаны адпаведныя ўмовы для рэалізацыі права выбару мовы навучання і выхавання. Усе наву-чальныя ўстановы забяспечаны адпаведнай вучэбнай літаратурай. Падручнікі і вучэбныя дапаможнікі па ўсіх прадметах выдаюцца на беларускай і рускай мовах.
Распрацаваны вучэбна-метадычпыя комплексы (вучэбная праграма, дыдактычныя матэрыялы, метадычныя рэкамендацыі) для правядзення факультатыўных заняткаў па беларускай мове "Вывучаем беларускі правапіс" для вучняў V-ІХ класаў і "Практыкум па арфаграфіі беларускай мовы" для вучняў Х-ХІ класаў.
Падрыхтаваны метадычныя рэкамендацыі для настаўні-каў беларускай мовы і літаратуры V - XI класаў, настаўнікаў I - IV класаў, настаўнікаў-прадметнікаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі з беларускай мовай навучання па арганізацыі адукацыйнага працэсу, якія размешчаны ў інструктыўна-метадычных пісьмах Міністэрства адукацыі і апублікаваныя ў "Настаўніцкай газеце", навукова-метадычных прадметных часопісах.
З мэтай павышэння якасці літаратурнай адукацыі і забеспячэння аптымальнага доступу вучняў да літаратурных праграмных твораў адноўлена выданне кніг серыі "Школьная бібліятэка", якая адпавядае патрабаванням вучэбных праграм па беларускай і рускай літаратурах.
Белтэлерадыёкампанія вядзе пастаянную працу, накіраваную на папулярызацыю і пашырэнне сферы ўжывання бела-рускай мовы. Вяшчанне першага нацыянальнага канала Беларускага радыё, радыёканала "Культура" і радыёстанцыі "Сталіца" ажыццяўляецца цалкам па беларускай мове. Аб'ём беларускамоўнага вяшчання міжнароднай радыёстанцыі "Беларусь" складае каля 20 працэнтаў. На тэлеканалах Белтэлерадыёкампаніі ў 2011 годзе на беларускай мове выходзяць наступныя праграмы:
Першы канал ("Беларусь 1") - "Навіны рэгіёна", рубрыка "Навіны надвор'я" ў межах выпускаў навін, цыкл дакументальных стужак "Зямля беларуская", відэачасопіс "Футбол. Ліга чэмпіёнаў УЕФА", рубрыка "Родны край" у праграме "Добрай раніцы, Беларусь!", асобныя сюжэты ў выніковай інфармацыйнай праграме дня "Панарама", аб'ём якіх скдадае да 30 працэнтаў;
Тэлеканал "ЛАД" ("Беларусь 2") - "Пра мастацтва", "Гаспадар", "Лабірынты", "Калыханка", "Навіны надвор'я", "Страсці па культуры", "Альбарутэнія";
Тэлеканал "Беларусь-ТВ" - "Палескі пачастунак", "Скарбніца Міншчыны", "Скарбніца Гродзеншчыны", "Скарбніца Берасцейшчыны", "Скарбніца Гомельшчыны", "Адлюстраванні", "Найменні і вобразы", "У рэху імені твайго", "Пра мастацтва", "Тысячаголдзе", "Навіны надвор'я", "Зямля беларуская", "Маем рэчы", "Карані", "Страсці па культуры", "Гаспадар", "Лабірынты".
У 2011 годзе былі створаны і выдадзены ў эфіры наступныя беларускамоўныя дакументальныя фільмы вытворчасці Агенцтва тэлевізійных навін - "Кандрат Крапіва. Тайны біяграфіі", "Модная Масленіца", "Карані дзяржаўнасці", "Ад-вечная песня", "Яны прыйдуць у прайм-тайм". Акрамя таго, было паказана каля 30 беларускамоўных мастацкіх і дакументальных стужак вытворчасці РУП "Нацыянальная кінастудыя "Беларусьфільм" і ВГРУП "Беларускі відэацэнтр".
У далейшым плануецца паступова павялічваць аб'ём беларускамоўных перадач на тэлеканалах "Беларусь 1" і "Беларусь 2". Белтэлерадыёкампанія ў 2012 годзе плануе стварыць новы пазнавальны тэлеканал. Усе перадачы ўласнай вытворчасці на гэтым канале будуць выходзіць на беларускай мове. Аднак адкрыццё гэтага тэлеканала ва ўмовах абмежаванага бюджэтнага фінансавання будзе залежыць галоўным чынам ад наяўнасці дадатковых фінансавых сродкаў, зарабіць якія Белтэлерадыёкампанія здолее толькі пры стабільнасці на рэкламным рынку краіны.
Асноўнымі задачамі Міністэрства культуры з'яўляюцца захаванне культурных традыцый і стварэные належыых умоў для іх далейшага развіцця і шырокай папулярызацыі. Беларуская мова з'яўляецца адным з важнейшых складальнікаў айчыннай культуры і этнадэтэрмініруючых яе рыс.
Традыцыйным для Беларусі стала правядзенне Дня беларускага пісьменства з мэтай прапаганды беларускай мовы і лепшых твораў айчыннай культуры, удзел у якім прымаюць усе ўстановы культуры і сістэмы адукацыі. Свята накіравапа на паказ нспарушнага адзінства беларускага друкаванага слова і гісгорыі бсларускага народа, яго славянскіх вытокаў. Ва ўстановах адукацыі ў гэты час праводзяцца тэматычныя ўрокі, урокі-падарожжы, лекцыі, семінары, навукова-практычныя канферэнцыі, звязаныя з імёнамі вялікіх песьняроў, літаратурныя гасцёўні, арганізуюцца творчыя сустрэчы дзяцей і моладзі з народнымі майстрамі, фалькларыстамі, навукоўцамі, пісьменнікамі, дзеячамі мастацтва і іншымі прадстаўнікамі беларускай культуры, гутаркі-віктарыны, конкурсы чытачоў, мастацкіх твораў, сачыненняў. У музеях і бібліятэках ствараюцца экспазіцыі, у якіх шырока выкарыстоўваецца мясцовы краязнаўчы матэрыял, гісторыка-культурныя традыцыі кожнага рэгіёна.
З мэтай захавання мовы як культурнай спадчыны беларускага народа штогод 21 лютага адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. У межах правядзення свята ва ўстановах адукацыі праводзяцца навуковыя канферэнцыі, дні і тыдні беларускай мовы, алімпіяды, конкурсы, тэматычныя выхаваўчыя гадзіны, арганізуюцца выставы мастацкай літаратуры на беларускай мове.
Святы - Дзень беларускага пісьменства, Міжнародны дзень роднай мовы - з'яўляюцца значнымі падзеямі ў культурным жыцці нашай краіны і спрыяюць захаванню нашай моўнай спадчыны.
У выкананне даручэння Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 13 кастрычніка 2011 г. № 11/105-837 Міністэрствам культуры ўнесена прапанова аб аб'яўленні 2012 г. "Годам культуры", што будзе садзейнічаць папулярызацыі беларускай мовы, усведамленню яе ўнікальнасці ў кантэксце еўрапейскай і сусветнай культуры, пашырэнню яе выкарыстання.
Намеснік Міністра В.В. Якжык.
Мовазнаўчы досвед
Унёсак, уклад. "Мікола Паўлавіч Лобан пісьменніцкай і навуковай дзейнасцю зрабіў вялікі ўнёсак у беларускую літаратуру. культуру, у мовазнаўчую навуку" (Роднае слова. 2011. № 10. С.31). "Ды гісторыя не пра камп'ютар, хаця ён таксама ўнёс сваю долю ў нашыя адносіны" (Маладосць. 2011. № 10. С.15).
Акадэмічныя слоўнікі падаюць толькі першае слова - супольнае з усесаюзным стандартам (вклад). Хоць нату-ральным ад унесці / уносіць сваю долю ў штосьці ёсць унёсак - з высокапрадукцыйным суфіксам - -ак , які ў жывой народнай мове ўтварае назоўнікі разнастайнай семантыкі ( у іх ліку і назоўнікі як вынік адпаведнага дзеяння: адкормак. пярэзімак, пералетак, падранак (падстрэлены заяц) , выдзірак (поле на месцы пашы) , шчынак (ад шчыняць) 'пласт сена' , абцінак, асмалак, вылівак, ахапак, апорак, аскробак, наедак, прытулак, абутак, адзетак (ад цэлай формы інфінітыва абуць, адзець , з чаргаваннем ц'/ т) і іншыя .
Як сведчаць матэрыялы нашай кнігі "Беларускае народнае словаўтварэнне. Афіксальныя назоўнікі" (Мінск: Навука і тэхніка, 1977. - 320 с.), слова ўнёсак наўрад ці трэба залічваць да пазычання з суседніх (украінскай ці польскай) моваў, як гэта свярджаецца ў "Слоўніку новых слоў беларускай мовы" (Mінск, 2009, с.381). Унёсак - натуральнае слова беларускай мовы; належыць яно да прадукцыйнага словаўтваральнага тыпу аддзеяслоўных дэрыватаў з семантыкай 'вынік дзеяння, названага ўтваральным словам'. Дарэчы тут будзе нагадаць, што ў чэшскай і славацкай мовах гэтае паняцце азначаецца аднакаранёвым словам prinos: prinos do vědy - ' ўнёсак у веды, навуку'.
Цнота, нйрушавасць. "Хараство ж немагчыма без чысціні. Нерушавасці . Увасабленнем такой чысціні і нерушавасці і з'яўляюцца ў вершы" ("Слуцкія ткачыхі" Максіма Багдановіча ) простыя беларускія дзяўчаты" (Полымя. 2011. №10. С.123). У слоўніках бачым першае слова загалоўкавага шэрагу: "Цнота, ж. 1. Чысціня маральных адносін. 2. Дзявочая нявіннасць" (Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы. 1996, с.733).
Новае слова нйрушавасц ь паходзіць ад прыметніка нйрушавы (дарэчы, змешчанае ў згаданым "Слоўніку новых слоў беларускай мовы", з тлумачэннем: "прыметнік . Нерушны". С.242), - утварэння з прадукцыйным суфіксам -ав- ад назоўніка неруш 'што-небудзь некранутае, першароднае'. Ланцужок утварэння: неруш > нерушавы > неру-шавасць. Такім чынам, у мове з'явілася выразна матываванае слова для азначэння паняцця, якое перадаецца нематываваным словам цнота.
Ваяр - ваярка, воін - ... "Такімі паўстаюць гістарычныя дзеячы Вялікага Княства Літоўскага Вітаўт Вялікі і Леў Сапега, асветніца нашай зямлі Святая Еўфрасіння Полацкая, мужная ваярка за волю Айчыны Эмілія Плятэр, правадыр вызвольнага паўстання 1863 года несмя-ротны Кастусь Каліноўскі" (Наша слова. № 46. 16 лістапада 2011 г. С.8).
Слова ваярка - жаночая форма ад ваяр (як і змагарка ад змагар і пад.). Яно сведчыць, што ваяр натуральнае для беларускай мовы, бо мае свой жаночы эквівалент (форму з фемінінным суфіксам -к-а ), чаго не стае ўсесаюзнаму стандарту воін.
Супастаўленчы, супастаўляльны. " Супастаўленчы аналіз асобных твораў гэтых драматургаў - яшчэ адзін аспект шырокай тэмы "Дунін-Марцінкевіч і Украіна" (Полымя. 2011. №9 С.153). Слоўнікі падаюць толькі другое слова загалоўкавага шэрагу. Аднак у нацыянальным друку Беларусі ўсё часцей сталі ўжывацца аднакаранёвыя адэкваты з суфіксам -ч-ы : вызваленчы, мысленчы і пад. Іх утваральныя словы - аддзеяслоўныя назоўнікі на -нне : супастаўленне > супастаўленчы .
Жаўранак, жаўрук, жаўр. "Пакуль сэрца жаўрам заспявае" (Полымя. 2011. №8. С.73). Слоўнікамі засведчаны першыя два словы. А вось іх першасны, сыходны варыянт - бяссуфіксавы - не фіксуецца. А менавіта ад яго паходзяць слоўнікавыя лексемы: жаўрук - утварэнне з суфіксам -ук , які мае ў народнай мове і значэнне 'сын таго, хто названы ўтваральным словам': Змітрук 'сын Змітра'; а таксама жаваранак і жаўранак - з суфіксам -ан-ак (-онак) з тым самым значэннем (этымалагічна); параўн. у гаворках усходу Беларусі: бусел і буслёнак, зубр - зубронак, казёл > казлёнак.. .
Бітком і бітма (набі-ты). "Але штурхацца ў бітма набітым аўтобусе не хацелася - спяшалася на працу другая змена" (Маладосць. 2011. № 9. С.52). Слоўнікі падаюць толькі першае слова: " бітком : "бітком набіты - напоўнены так, што вельмі цесна" (Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы. 1996, с.88). Між тым устойлівыя словазлучэнні з аднакаранёвымі словамі, дзе першы кампанент прыслоўе на -ма , досыць пашыраныя ў беларускай мове: кішма кішэць, лежма ляжаць, седзьма сядзець, стойма ста-яць і пад. Таму форма бітма (набіты) - рэальна функцы-янальная. Дарэчы, яна падаецца ў "Беларуска-расійскім слоўніку" М. Байкова і С. Некрашэвіча (1926, с.45): "бітма - битком" .
Павел Сцяцко
У Гародні прайшоў фальклорны фестываль
Восень 2011 года прынесла радасную вестку для аматараў і прыхільнікаў вусна-паэтычнай творчасці і народнага мастацтва. 14 - 15 кастрычніка Гарадзенскі ГДК вітаў удзельнікаў і гасцей ХІІІ гарадскога фестывалю нацыянальнага фальклору, арганізаванага сіламі метадычнага цэнтра народнай творчасці аддзела культуры Гарадзенскага гарвыканкаму. Мэтай правядзення фестывалю было «вывучэнне, адраджэнне, захаванне, развіццё і прапаганда традыцыйнай народнай творчасці Панямоння».
Гарадзенскі «фальклорны марафон» праходзіў у два этапы на працягу амаль цэлага месяца. На першым этапе ажыццяўлялася праца па адборы лепшых выступоўцаў для ўдзелу ў фестывалі, другі - заключны - этап прадугледжваў спаборніцтва паміж пераможцамі першага тура. У конкурсе бралі ўдзел творчыя калектывы і індывідуальныя выканаўцы Гарадзеншчыны, якія здолелі ў сваіх выступленнях своеасабліва і па-майстэрску ўвасобіць традыцыі сваёй нацыянальнай культуры. Абмежаванняў па ўзросце, нацыянальнасці, прафесійным статусе канкурсантаў арганізатарамі імпрэзы прадугледжана не было. У гэтай сувязі двухдзённая праграма фестывалю падаравала гледачу шмат прыемных сустрэч: у шэрагу канкурсантаў - беларусы і палякі, школьнікі і дарослыя, медыкі і хімікі.
У складзе журы былі найбольш аўтарытэтныя знаўцы-прафесіяналы з розных сфер культурнага жыцця горада, якія маюць непасрэднае дачыненне да папулярызацыі народнага мастацтва і актыўна прапагандуюць захаванне самабытнай беларускай культурнай спадчыны. Па традыцыі Ганаровую Раду конкурсу ўзначальваў фалькларыст, кандыдат філалагічных навук, дацэнт Руслан Казлоўскі.
Цэлыя два дні на фестывальнай сцэне шчыравалі, не лічачы індывідуальных выканаўцаў, каля 30 фальклорных калектываў Панямоння. Сярод іх народны ансамбль песні і танца «Нёман» і народны ансамбль беларускай музыкі і песні «Гасцінец», вядомыя далёка за межамі вобласці і краіны, а таксама дзіцячы ўзорны ансамбль танца «Вярбіначка» гарадской гімназіі з эстэтычным ухілам № 5 і інш. Заяўленыя ў праграме нумары былі прысвечаны не толькі традыцыйным каляндарным (Калядам, Гуканню вясны, Вялікадню, Купаллю, Жніву), сямейным (Вяселлю) ці пазаабрадавым (Провадам у войска) святам. Мастацкаму калектыву з музычнага каледжа, напрыклад, удалося досыць арыгінальным чынам зладзіць паказ асобнага рытуалу варажбы. Іншыя ж канкурсанты не забыліся і пра свята млынароў, Пакроўскі кірмаш і беларускую батлейку. А ўбаку ад асноўнай дзеі разгарнулі свае дываны народныя ўмельцы: ткачыхі і лялечніцы. Яны з радасцю распавядалі пра свае рамёствы падчас кароткіх перапынкаў у працы фестывалю.
Пры ацэнцы конкурсных выступленняў кампетэнтным журы ўлічвалася найперш арыентацыя аўтараў праграмы на выкарыстанне аўтэнтычнага і гістарычнага матэрыялу, мясцовага рэпертуару, валоданне рэгіянальнай манерай рэалізацыі тэматычнай пастаноўкі, эмацыйнасць і непасрэднасць выканання, рэжысёрскае майстэрства, сцэнічная культура і этнаграфічная чысціня нацыянальных строяў. Апрача гэтага, у поле зроку журы трапляла дакладнае веданне кампазіцыі танца ці карагода, музычная тэхніка і дэкарацыі, ужытыя ў спектаклі.
Кульмінацыйным момантам фестывалю стала абвяшчэнне вынікаў конкурсу і ўзнагароджванне пераможцаў. Гран-пры ХІІІ Гарадзенскага гарадскога фестывалю-конкурсу нацыянальнага фальклору атрымаў фальклорны гурт каледжа мастацтваў «Кужаль» за выдатную песенную нізку «Юр'еўскія песні Гарадзенскага Панямоння» (салістка - Аліна Кныш). Званне лаўрэата фестывалю надавалася па некалькіх намінацыях. Першую пазіцыю ў песенным рэйтынгу заняла беларуская народная песня «Ох, ішоў казак з Дону» ў выкананні Андрэя Чапялюка. За абрадавы купальскі танец дыпломам лаўрэата ўзнагароджаны ансамбль «Хабры». У намінацыі «Сцэнічнае ўвасабленне абрада ці свята» перамог мастацкі калектыў вучняў і настаўнікаў спецыяльнай школы-інтэрната для дзяцей з парушаным зрокам («Гуканне вясны»), а найлепшае «Сцэнічнае ўвасабленне народнай гульні» ажыццявіў мастацкі калектыў вучняў СШ № 7 («Беларускі кірмаш»). Былі заўважаны і высока ацэнены членамі журы акцёрскае майстэрства ўдзельнікаў тэатральнага гурта «Няўрымслівыя дзеткі» з Цэнтра пазашкольнай працы «Прамень», а таксама рэжысёрскі прафесіяналізм І.В. Шафрановіч - мастацкага кіраўніка калектыву 18-й СШ горада. У намінацыі «Фальклорны ансамбль (да 16 чалавек)» журы быў вылучаны гурт «Квецень» з каледжа мастацтваў, а лідарам у намінацыі «Мастацкае слова» заслужана стаў вучань СШ № 11 Ілля Мячын з літаратурна-фальклорным творам «Прамова».
Спецыяльныя прызы фестывалю атрымалі ўзорны ансамбль танца «Вярбіначка» гімназіі № 5 («прыз глядацкіх сімпатый»), ансамбль народнай песні «Росніца» адкрытага акцыянернага таварыства «Азот» («за лепшае спалучэнне харэаграфічнага і вакальнага жанраў у сцэнічнай пастаноўцы свята ці абраду»), народны ансамбль беларускай музыкі і песні «Гасцінец» («за пераемнасць і дзейсную папулярызацыю абрадавых і святочных традыцый Гарадзенскага Панямоння»), народны ансамбль польскай песні і танца «Лехіці» («за самабытнасць і адметнасць выканальніцкага стылю»), мастацкі калектыў СШ № 36 («за захаванне традыцый і іх сучасную інтэрпрэтацыю»), майстар тэкстыльнай лялькі В.П. Кудрашова («за лепшае адлюстраванне рэгіянальных традыцый у выставе народнай творчасці»).
Правядзенне фестывалю нацыянальнага фальклору ў Гродне стала прагрэсіўным крокам ў справе захавання нацыянальных традыцый і абрадаў у культурным побыце горада. І гэта асабліва радасна, бо вяртанне і папулярызацыя забытых звычаяў і рытуалаў менавіта ў гарадскім асяродку - спадзеў на наша нацыянальнае адраджэнне.
Надзея Чукічова, г .Гародня.
Руска-беларускі тлумачальны слоўнік медыцынскіх тэрмінаў
2011 год стаў у пэўнай ступені юбілейным для кафедры рускай і беларускай моў УА "Гродзенскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт". Споўнілася 20 год, як выкладчыкі кафедры пачалі выкладаць беларускую мову. Спачатку гэта быў факультатыў для студэнтаў, якія не вывучалі родную мову ў сярэдняй школе. Затым быў уведзены ў праграму вышэйшай школы курс "Беларуская мова. Прафесійная лексіка". Якраз да гэтай круглай даты ў выдавецкім аддзеле ГрДМУ выйшла новая кніга старшага выкладчыка кафедры рускай і беларускай моў Варанца Віктара Іванавіча "Руска-беларускі тлумачальны слоўнік медыцынскіх тэрмінаў". Гэта першы слоўнік падобнага тыпу ў беларускай лексікагарафіі. Ён змяшчае пераклад на беларускую мову трох тысяч медыцынскіх тэрмінаў, прычым больш за дзве тысячы маюць уласнабеларускі эквівалент. Апроч гэтага, да кожнага тэрміну і паняцця даецца тлумачэнне на беларускай мове.
Адгезня - прымацава/нне (н.р.), адгезі/я (ж.р.) - злучэнне дзвюх розных паверхняў, напрыклад, паверхняў суставаў, пры дапамозе валакністай злучальнай тканкі, якая ўтвараецца на месцы запалення ці траўмы.
Боярышннк - глог (м.р.) - калючае дрэва ці хмызняк сямейства ружовакветкавых, некаторыя віды якога выка-рыстоўеаюцца як зялёная загарадзь, дэкаратыўныя расліны, а плады ў фармакалогіі.
Волчанка - ваўча/нка (ж.р.) - цяжкая форма сухот скуры, пры якой, звычайна на твары, узнікаюць грудкі з наступным утварэннем язваў і шнараваннем.
Каб пазбегнуць памылак пры ўжыванні тэрмінаў з канструктыўна абмежаваным значэннем, пры словах падаецца іх займеннікавы паказальнік.
Болеть - хварэ/ць - I) (на што, чым і без дап.) Быць хворым на якую-н. хваробу; 2) (за каго-што) Трывожыцца, непакоіцца аб кім-, чым-н.; 3) (на што і чым) Мець дрэнную схільнасць да чаго-н.; 4) (за каго-што) Хвалявацца за чые-н. поспехі (спартсмена, артыста і пад.).
Як гаворыць Варанец В.І:
- Такога слоўніка ў нас увогуле ніколі не выдавалі. У беларускай лексікаграфіі няма другога прыкладу. Прынамсі, я не ведаю, хаця, здаецца, я перакапаў усё магчымае ў гэтай галі-не. Па-другое, можа, не зусім звычайная і сама назва. Атрымлі-ваецца сімбіёз 2-х слоўнікаў - і тлумачальны, і перакладны.
Для зручнасці карыстання слоўнікам у канцы кнігі падаецца яшчэ і кароткі беларуска-рускі слоўнік.
"Руска-беларускі тлумачальны слоўнік медыцынскіх тэрмінаў" прызначаны для студэнтаў і выкладчыкаў медыцынскіх навучальных устаноў, медыцынскіх работнікаў, усіх, хто цікавіцца родным словам.
Наш кар.
ЯК ПАЧУЛІ КАЗАННЕ Ў СВАЁЙ МОВЕ, ДЫК АД РАДАСЦІ АЖ ЗАПЛАКАЛІ
( З гісторыі беларускай мовы на Шклоўшчыне)
Так, будзем помніць
мы ў кайданах,
Падняўшы сэрцы ўгару,
Што так,
як Бог ускрыжаваны,
Уваскрэсне наша Беларусь.
Ларыса Геніюш.
Уздым нацыянальнага руху на Беларусі ў пачатку 90-х гадоў нарадзіў надзею, што нарэшце насталі спрыяльныя ўмовы для адраджэння беларускай мовы. Але працэс гэты быў нядоўгім, і ў хуткім часе надзею змяніла роспач. Неаднаразова аналізуючы моўныя падзеі на Беларусі, у думках міжволі ўзнікала пытанне: "А ці з'яўляецца беларуская мова ўвогуле "матчынай мовай" менавіта для нас, жыхароў Шклоўшчыны?".
Як вядома, першыя помнікі, напісаныя па-беларуску, захаваліся з 13 стагоддзя і паходзяць з земляў Полацкай і Смаленскай. У 14 стагоддзі беларуская мова стала гаспадарчай у новым беларускім гаспадарстве, вядомым у гісторыі пад назвай Вялікае Княства Літоўскае. Шклоў мае непасрэднае дачыненне да гэтых зямель.
Найбольш ранняе паведамленне непасрэдна аб мове ў тутэйшых мясцінах можна знайсці, азнаёміўшыся з працай Ганны Запартыкі "Страчаныя скарбы манастырскіх бібліятэк", надрукаванай у часопісе "Спадчына" за 1997 год. Аў-тарка паведамляе пра рукапісныя манастырскія скарбы і ў тым ліку пра царкоўную кнігу "Чэцці-мінеі", напісаную ў 1669 годзе па-беларуску. Гісторыю гэтага рукапісу раскрываюць надпісы на старонках: "Сию книгу глаголемую житие святыхъ отецъ на монастырь Кутеенский панъ Иван Касабуцкий мещанин Шкловский". Можна спадзявацца, што шклоўскі мешчанін Іван Касабуцкі, працуючы ў Куцеінскім манастыры каля Оршы, прадоўжыў справу беларускага першадрукара Францішка Скарыны і рабіў свой пачэсны ўклад у распаўсюджванне кніг на зразумелай "люду паспалітаму" мове.
Беларуская мова была дзяржаўнай у Вялікім Княстве Літоўскім да канца 17 стагоддзя. Аднак у сувязі з палітычнымі абставінамі ў далейшым пачаўся яе заняпад. Першымі перасталі гаварыць па-беларуску магнаты, а далей і звычайныя панове. Носьбітамі роднай мовы засталіся сяляне, збяднелае мяшчанства і шляхта. Аднолькавыя працэсы адбываліся і ў шклоўскім наваколлі. Пасля наведвання ў 1792 годзе Шклова вядомы рускі генерал С.А.Тучкоў напісаў: "Мы покинули Беларусь... Язык, употребляемый простым народом и земледельцами или крестьянами, весьма разнится от настоящего польского, употребляемого дворянством. Он ближе подходит русскому и не имеет такого набора латинских и немецких слов".
Яшчэ доўгі час беларуская мова захоўвалася ў набажэнствах Уніяцкай царквы і асобных рыма-каталіцкіх парафіях. Вось што паведамляла газета "Наша Ніва" ў кастрычніку 1908 года пра вёску Фашчаўка сучаснага Шклоўскага раёна: "Тутака (у Фашчаўцы) скрозь жывуць беларусы, але ёсць і трохі літвінаў. Вось, у тутэйшым касцёле завёўся цяпер парадак, што казанні ксяндзы кажуць па-польску, па-літоўску і па-беларуску; таксама спявае народ песні касцёльныя ў гэтых трох мовах. Беларусы тутэйшыя, як пачулі першы раз казанні ў сваёй мове, дык ад радасці аж заплакалі". Наведаў у свой час гэтую парафію святар Канстанцін Стэповіч, вядомы у беларускай літаратуры як паэт Казімір Сваяк, і вось што ён напісаў: "Стройны касцёл, найвялікшы на Беларусі, ёсць асяродкам парафіі. Вакол расселася дзевяць вёсак каталіцкіх. Кругом гавораць чыстай мовай беларускай. Айцы Езуіты калісьці далажылі вялікай працы, каб беларус не страціў сваёй мовы. Выдалі яны беларускі катэхізм, навучалі па-беларуску, вучылі песняў... Хвашчоўка так добра перахапіла свой беларускі характар, што сялянкі дагэтуль убіраюцца ў строі народныя".
Новая хваля беларускага адраджэння пачынаецца ў пачатку 20 стагоддзя. 25 сакавіка 1918 года была абвешчана Беларуская Народная Рэспубліка, а ў 1919-1920 гадах - Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка. На дзяржаўным узроўні пачынаецца праца па адраджэнню беларускай мовы. Як сведчыць "Справаздача аб дзейнасці Магілёўскага акруговага выканаўчага камітэта Савета рабочых, сялянскіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў" ад 20 сакавіка 1927 года, у 1925 годзе ўсе школы ў акрузе, якія мелі пераважную колькасць вучняў беларусаў, былі пераведзены на родную мову. Амаль што ўсе ўстановы ў справаводстве перайшлі на беларускую мову. У 1925 годзе ствараліся беларускія курсы, якія працавалі пры розных установах... Актывізавалася дзейнасць у гэтым кірунку краязнаўчага таварыства. Пашыралася работа па эканамічным, этнаграфічным даследванні Магілёўшчыны, збіранні слоў жывой беларускай мовы.
Часопіс "Прафесійны рух Беларусі" ў артыкуле "Бярыце прыклад" паведамляў: "15 траўня ў Шклове адбыўся выпуск слухачоў курсаў беларускай мовы пры прафесійным Бюро. Калі раней селянін, прыходзячы з вёскі па сваіх справах у тую ці іншую ўстанову, чуў толькі расейскую мову, незразумелую для яго, ён пачынаў скардзіцца. Селянін думаў пры гэтым: "Навошта яго дзеці вучацца на роднай мове, калі яна нідзе не ўжываецца, акрамя школы і вёскі, калі ёй і па сучасны момант ганьбуюць, лічачы яе мовай мужыцкай. Цяпер жа, дзякуючы таму, што працаўнікі савецкіх устаноў г. Шклова добра ўявілі сабе беларускую мову, селянін наш пачуе сваю матчыну мову не толькі ў школах, але і ў іншых нашых установах. Ён будзе цяпер атрымліваць розныя паперы з рады на сваёй мове, якая раней, пры царскай уладзе, была затаптана ў гразь разам з селянінам, ужываўшым яе. Трэба толькі пажадаць, каб нашы адпаведныя кіраўнікі пайшлі гэтым шляхам і хутка ўявілі сабе мову селяніна - мову таго народу, ад якога мы ўтварыліся, сярод якога прымушаны працаваць. Бо колькі б мы ні працавалі на чужой мове, не ведаючы сваёй сучаснай і мінулай гісторыі жыцця нашага народу, наша праца не будзе карыснай".
Выдатнае значэнне ў аднаўленні літаратурнай мовы ў гэты час паклалі беларускія пісьменнікі. Сярод гэтых дзеячоў знаходзіцца і Міхась Зарэцкі (Касянкоў). Дзяцінства будучага пісьменніка прайшло на Шклоўшчыне ў вёсцы Зарэчча. Менавіта пад уражаннем вёскі, якая раскінулася на супрацьлеглым ад Шклова беразе Дняпра, нарадзіўся і пісьменніцкі псеўданім. Але праца гэтая не была завершаная. Напрыканцы 20-х гадоў бальшавіцкія ўлады абвінавацілі мовазнаўцаў у шкодніцтве і за некалькі хваляў рэпрэсій вынішчылі іх фізічна. Не мінуў гэты лёс і Міхася Зарэцкага. У 1933 годзе беларускай мове спешна, без грамадскага абмеркавання, дэкрэтам навязалі рэформу. Мэтай яе была "ліквідаваць штучны бар'ер паміж беларускай і рускай мовамі", гэта значыць спыніць развіццё беларускай мовы, пазбавіць яе непаўторнага аблічча.
Аднак мова не памерла. Ужо ў пасляваенны час Шклоўшчына нарадзіла новых пісьменнікаў. Гэта паэты Сцяпан Гаўрусёў, Яўген Крупенька, Анатоль Сербантовіч, Аляксандр Жыгуноў, празаік Уладзімір Шыцік і іншыя. Шмат гадоў працуе на Шклоўшчыне літаратар Лявон Анціпенка. Апошні раз сваю нязломную волю да выжывання беларуская мова яскрава засведчыла падчас перапісу насельніцтва Беларусі ў 1999 годзе, калі 86 працэнтаў насельніцтва Рэспублікі Беларусь назвалі беларускую мову сваёй роднай, а 37 працэнтаў - афіцыйна засведчылі, што яны штодня размаўляюць па-беларуску.
Дык ці з'яўляецца беларуская мова для нас матчынай мовай? Мовай, якую, нягледзячы ні на што, нашы продкі пранеслі праз польскую і расейскаю экспансію? Так! Гэта наша спрадвечная мова. Справа гонару для нас - перадаць яе наступным пакаленням.
Аляксандр Грудзіна, г. Шклоў.
Крыж Святой Ефрасінні Полацкай яднае канфесіі
Прадстаўнікі асноўных хрысціянскіх канфесій Беларусі асвяцілі ў Лідзе памятны знак "2000-годдзя хрысціянства".
Каля знака, які быў усталяваны летась на супольныя сродкі праваслаўных і католікаў, сабраліся сотні вернікаў, такім чынам адзначыўшы, што хрысціяне ўсіх канфесій у Лідзе жывуць у згодзе. Абрад асвячэння супольна праводзілі епіскап Лідскі і Наваградскі Гурый і біскуп Гарадзенскі Аляксандр Кашкевіч:
- Гэта знак хрысціян. І добра, што ён знаходзіцца на гэтым месцы, пры ўездзе ў Ліду. Усе будуць бачыць, што тут жывуць хрысціяне, якія вераць у Ісуса Хрыста. Я вельмі рады, што мяне запрасілі, і што мы разам з епіскапам Гурыем асвяцілі гэты знак, - сказаў А. Кашкевіч.
Ва ўрачыстай цырымоніі асвячэння памятнага знака ўзялі ўдзел і свецкія ўлады: кіраўнікі Лідскага райвыканкаму Аляксандр Астроўскі і Гарадзенскага аблвыканкаму Сямён Шапіра, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Тамара Клебан, расійскі бізнесмен і мецэнат Андрэй Чыжык, кіраўнікі прадпрыемстваў горада, якія ўнеслі ўклад у пабудову святыні.
Знак мае форму высокай стэлы з фігурамі чатырох евангелістаў. На ніжнім паверсе размешчаны скрыжалі (каменныя пліты) з вытрымкамі з евангелляў на грэчаскай, стараславянскай і беларускай мовах.
Вянчае стэлу купал з крыжам Святой Ефрасінні Полацкай - апякункі ўсёй Беларусі і ўсіх беларусаў.
Лілея Крупкіна.
Кніга Сяргея Чыгрына пра Альбярцін
Новае выданне
У Менску ў выдавецтве "Кнігазбор" выйшла з друку кніга Сяргея Чыгрына са Слоніма "Альбярцін". Яна прысвечана былому пасёлку Альбярцін (цяпер гэта мікрараён Слоніма).
Кніга даволі цікавая па зместу, таму што аўтар здолеў сабраць унікальны матэрыял пра гісторыю былога маёнтка Пуслоўскіх, пра тыя падзеі, які там адбываліся на працягу двух стагоддзяў, а таксама пра людзей, лёс якіх быў непасрэдна звязаны з гэтым мястэчкам.
Кніга пачынаецца аповедам пра Пуслоўскіх, род якіх меў непасрэднае значэнне да заснавання Альбярціна, пашырэння яго, як з эканамічнага боку, так і з боку рэлігійна-культуралагічнага.
Чытачы знойдуць у кнізе новыя звесткі пра суперыёраў і выкладчыкаў ўсходняй місіі айцоў езуітаў у Альбярціне (1924-1942 гг.), пра Саюз беларускай моладзі (СБМ), які дзейнічаў у Альбярціне падчас Другой Сусветнай вайны, пра гісторыю прадпрыемстваў і помнікі Альбярціна.
Лёс многіх вядомых людзей Беларусі быў непасрэдна звязаны з Альбярцінам. Пэўны час там жылі: Васіль Быкаў - пасля вайны, паэт Тодар Лебяда - у 1960-х гадах, пісьменнікі Уладзімір Бутрамееў, Алена Руцкая і іншыя. У Альбярціне нарадзіўся Мікалай Казакевіч - маршалак Сейма Польшчы. Пра гэта і многае іншае можна даведацца ў кнізе Сяргея Чыгрына "Альбярцін".
Кацярына ЯНУШЭВІЧ.
«І толькі сівенькі стары, які мог быць прарокам…»
17 лістапада па запрашэнні суполкі «Рубон» Наваполацкай гарадской арганізацыі Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны на Полаччыне адбыліся творчыя сустрэчы, прысвечаныя 100-годдзю ад нараджэння лаўрэата Нобелеўскай прэміі па літаратуры 1980 года, паэта і перакладчыка Чэслава Мілаша.
Адзін з арганізатараў праекту «Чэслаў Мілаш у Беларусі» вядомы беларускі паэт, літаратар, перакладчык Андрэй Хадановіч выступіў перад досыць разнароднымі аўдыторыямі. Першая сустрэча адбылася перад навучэнцамі гімназіі №2 г. Полацка, другая - перад аматарамі беларускай культуры ў бібліятэцы імя Я. Коласа ў Наваполацку.
Перад уважлівымі слухачамі разгарнуліся поўныя трагізму старонкі доўгага жыцця аднаго з апошніх духоўных грамадзянаў Вялікага Княства Літоўскага, які праз увесь свой амаль векавы бег, бег ад бальшавіцкай навалы, ад польскага вялікадзяржаўнага шавінізму, людажэрнага гітлерызму, савецкага таталітарызму пранёс уражлівую і адкрытую душу, поўную спачування, цярпімасці і талерантнасці да іншых людзей, народаў, культураў, пранёс амаль нерэальны ў дадзеных умовах жыццёвы аптымізм.
У сваёй «роднай» Усходняй Еўропе Чэслаў Мілаш столькі разоў бачыў як надыходзіць "канец свету", што яму не трэба быць прарокам, каб зразумець, што канец свету - гэта не грукат анёльскіх трубаў, а вынік чалавечай нянавісці ды абыякавасці.
Падчас сустрэчы адбылася прэзентацыя беларускага чатырохтомніка Чэслава Мілаша: «Выратаванне», «Даліна Ісы», «Родная Еўропа» і «Зямля Ульра», які адлюстроўвае творцу ва ўсіх сферах ягонай дзейнасці - паэзіі, эсэістыцы, прозе і філасофіі, а таксама аўдыёкнігі Чэслава Мілаша «Чалавек шматпавярховы».
Ад Наваполацкага ТБМ і грамадзянскай ініцыятывы «Будзьма беларусамі» найбольш актыўныя ўдзельнікі сустрэчы атрымалі падарункі - кнігі, дыскі, паштоўкі і інш.
Зміцер Шчэрбік .
Звіняць жаўрукі ў Чарнобыльскім небе
Фрагменты з дакументальнага рамана
(Працяг. Пачатак у папяр. нумары.)
III
Намеснік дырэктара інстытута атамнай энергіі імя Курчатава акадэмік Валерый Яўстафавіч Лягасаў ў тым стане пасаднасці і духоўнасці, што кожны яго дзень на разрыў. У сённяшнюю суботу, 26 красавіка 1986 года, яму патрэбна было ехаць у Маскоўскі ўніверсітэт на сваю кафедру, быць на партыйна-гаспадарчым актыве, паехаць за горад на дачу.
Паехаў на актыў. На першым перапынку Лягасу паведамілі, што ён уключаны ва Урадавую камісію па разбору аварыі на ЧАЭС.
У чатыры гадзіны дня ва Унукаве былі ўсе, апрача Барыса Акімавіча Шчарбініка, старшыні Урадавай камісіі, старшыні Бюро па паліўна-энергетычным комплексе Савецкага Саюза, намесніка старшыні Савета Міністраў СССР. Ён праводзіў партактыў за Масквою.
За гадзіну палёту да Кіева Лягаса расказаў Шчарбініку пра аварыю ў ЗША на Тры Майл Айленд у 1979 годзе. Там радыяцыя не разляцелася, бо зараней над рэактарам пабудавалі наймоцны саркафаг.
У Кіеве, Прыпяці, Чар-нобылі самае вялікае ўкраінскае начальства, якое ездзіла ў шыкоўных чорных урадавых аўтамабілях, абсалютна нічога не магло сказаць, заўважыць. Як і большасць членаў Урадавай камісіі.
Зааўтарытэтнічалі ў Чарнобылі акадэмік Лягаса і прафесар Эрліх, генерал Бандарчук. Вёў пасяджэнне камісіі ва ўласцівай яму энергічнай манеры Барыс Шчарбінік. Перабіваў дакладчыкаў і суразмоўнікаў, часта удакладняў, а калі прыйшлося да канкрэтыкі, спаважнец звярнуўся да Лягасы:
- Куды цяпер рухацца?
- Стварыць групы. У кожную ўключыць нашых прадстаўнікоў і ўкраінскіх. Кожнай канкрэтнае заданне, тэрмін выканання - гадзіна.
Шчарбінік з эксплуатацыйнікамі і прадстаўнікамі грамадзянскай абароны удакладніў, колькі патрэбна хімічных войск, верталётчыкаў. Звязваўся з Масквою, Кіевам. Распараджэнні намесніка старшыні Савета Міністраў СССР выконваліся імгненна.
Малінавае зарыва, ня-меркнае ў вечаровай зацемні, падсвечвала пакоі, вытрывожвала твары людзей. Кіраўнікі Мінэнерга і Чарнобыльскай АЭС імкнуліся не апраўдвацца - наступаць. Шчарбінік з такімі ўмеў талкаваць.
- Вашу правату і старанне мы ўсе бачым. Не раздражняйце!
Валерый Лягаса ўзначаліў групу выпрацоўкі мерапрыемстваў па лакалізацыі аварыі. Абмеркаванне любога пытання непазбежна сутыкалася з праблемай высялення людзей з небяспечнай зоны.
На паседжанні праз дзве гадзіны кіевец Нічыпар Мікалаеў у сваім стылі:
- Пароць гарачку не трэба. Ніякіх высяленняў.
У напятай цішыні двойчы паўтарыў выказванае сёння ўранку.
Атамнікаў з ЧАЭС ніхто не хоча бачыць, не тое што слухаць. Першыя словы дырэктара ЧАЭС Бруханава перапыніў жэстам старшыня Урадавай камісіі Барыс Шчарбінік. У валявога Бруханава хапіла розуму памаўчаць.
Міжволі ўсе галовы не на Шчарбініка - на акадэміка Лягасу.
- Высяляць прыйдзецца. Такое разбурэнне і выкіды… - затрымка секунды чатыры, - …на стагоддзі.
Дабівае ўсіх, партыйных утайвальнікаў найперш:
- Цэзію і плутонію не загадаеш. - Ціхі вывад гучыць стрэлам з гарматы: - Аварыя на стагоддзі пацягне.
Вечаровыя аблёты поўнасцю разбуранага чацвёртага блока, рэактара, ваколля. Лягаса сходу зразумеў, адбыўся аб'ёмны выбух. З рэактара выходзіў белабарвовы высокі слуп дыму. Гарэлі графіт, пліты, блокі рэактара.
На пытанне, ці працуе ўзарваны рэактар, ці працягваецца працэс напрацоўкі радыеактыўных ізатопаў ці не, адказу Лягаса не меў. Прыборы паказвалі, быццам існуюць магутныя нейтронныя выпраменьванні.
- Вашы прапановы, Валерый Яўстафавіч? - не пытае, просіць, раіцца намеснік старшыні Саўміна СССР.
У крытычных сітуацыях выяўляецца прызнаная ўсімі дзяржавамі, але старанна зачастую замоўчваная ў краіне рабочых і сялян - важнасць навукоўцаў; яны дзяржак і стрыжань любой дзяржавы.
- Трэба мне ехаць да рэактара. Неадкладна. Не адзін раз. - Акадэмік маўчыць задаўгавата. - У бронетранспарцёры. Пажадана абсвінцаваным.
- На вас спадзяёмся, - выдзякваецца старшыня Урадавай. Патрэбны транспарт заўтра будзе.
Шчарбінік належна ацэньвае самаахвярнасць акадэміка. Яна не ніжэй за працу пажарнікаў, што ў першую ноч аператыўна і дакладна ліквідавалі пажары ў машыннай зале. Масла і вадарод у генератарах залы без высілкаў пажарных маглі ўзарвацца, нарабіць велізарнай шкоды, узарваць трэці блок рэактара, балазе ён быў пад адным дахам з чацвёртым.
На трэцім імправізаваным пасяджэнні Урадавай камісіі абмяркоўвалі імклівы ў нябесную вышыню магутны струмень газаў і полымя з чацвёртага рэактара. Слану ясна, струмень - вылеты рэшткаў гарэлага графіту, вылеты велізарнай радыеактыўнасці. Не спыніць гарэнне - абняшчашчваць зямлю і людзей. У чацвёртым блоку графіту дзве з паловай тысячы тон, адна тона гарыць гадзіну. Пры поўным згарэнні закладзенага графіту - сто пяць дзён - радыеактыўнасць ветрам разнясецца на паўзямлі.
Лягаса, Шчарбінік рэгулярна звязваліся з Анатолем Аляксандравым у Маскве, супрацоўнікамі інстытута атамнай энергіі, спецыялістамі Міністэрства энергетыкі.
Тэлеграмы з-за мяжы з варыянтамі пагашэння разпалавелага графіту рознымі сумесямі разглядваліся най-сур'ёзна.
Яшчэ не ўсе члены камісіі і ўкраінскія ўрадаўцы вярнуліся з аблётаў, а старшыня Кіеўскага аблсавета нардэпаў Іван Плюшчык перад кожным настойвае на сваім: як быць з горадам Прыпяць. Не заўважае спасцярожлівых махаў рукі Нічыпара Нікалаева, "не ўзнімайся", падымае руку, выказваецца:
- Прыпяцьцы адукаваныя. Былі дэлегацыі. Забастоўкі наладзяць. Усюды. Аб'явілі. Перасяляцца трэба.
Барыс Шчарбінік удакладняе, праглядвае пададзеныя заявы. Нечаканіць:
- Прыпяці і станцыі Янаў з заўтрашняга дня - эвакуацыя. - Паварочваецца да Лягасы. - Правільна, Валерый Яўстафавіч?
- Абсалютна. Гэта непазбежна. Для многіх.
- Болей ніякіх эвакуацыяў і высяленняў, - тым жа тонам рэжа старшыня Урада-вай камісіі.
Страшна ўспамінаць акадэміку Лягасу, але на ЧАЭС не было неабходнай колькасці ахоўных рэспіратараў, індывідуальных дазіметраў. На сучаснай новай станцыі ўвогуле адсутнічалі аўтаматы знешней дазіметрыі, толькі яны маглі аўтаматычна выдаваць тэлеметрычныя дадзеныя пра радыяцыйнасць на глебе і ў паветры на дзесяткі кіламетраў ад станцыі. Не было ў багатай краіне радыёкіраваных самалётаў з дазіметрычнымі прыборамі. Расхлябанасць і не-дальнабачнасць дзяржавы прыходзілася закрываць пілотамі і верталётчыкамі, як у атацы выпраўляць памылкі маршалітэту целамі байцоў і сяржантаў.
Пры адзначэнні першамайскіх святкаванняў у СССР увечары паказалі па ўсесаюзным тэлебачанні дэманстрацыі ў сталіцах рэспублік; ад Беларусі святочныя дэманстрацыі паказалі двух гарадоў - Мінска і Хойнікаў. Абласныя беларускія цэнтры з іх разнастайнай прамысловасцю і шматлікім насельніцтвам у Маскве не заўважылі, а выстойваных на плошчы хойніцкіх мужчын і жанчын з дзецьмі поруч і на руках паказалі ўсяму свету.
Хтосьці разумны і двурушны ў Маскве нізка ігнараваў не толькі паказанні айчынных вучоных і радыяцыйных дазіметрыстаў, а і ўсё большыя сведчанні з Польшчы, Германіі, Швецыі, Англіі пра радыяцыйную савецкую заразу. Ігнараваў аб'ектыўнасць, бо таксама не баяўся асабістых матэрыяльных стратаў і стратаў тэлевізіі, як кіеўскія нядаўнія візіцёры.
ІV
Чорная прадстаўніцкая "Чайка" яшчэ не супынілася поруч адметнага дома на вуліцы Карла Маркса, а бліз яе выструніўся міліцыянер, казырае. Другі стаіць наводдаль, таксама казырнуў.
Насустрач шыкоўнай прадстаўніцкай машыне прышпарвае чалавек у прыгожым гарнітуры, сіняя папка пад локцем.
Мікалай Мікітавіч Слюнькоў, гаспадар чорнай "Чайкі", секунды ператалкоўваецца з сакратаром Брэсцкага абкама партыі, мелькам праглядвае дастаную з сіняй папкі паперу, расстаюцца.
У гэтым будынку ў суботу на працу выходзяць нямногія. У першага сакратара Цэнтральнага камітэта кампартыі Беларусі Мікалая Слюнькова такое - амаль правіла.
Сённяшняя субота ў кіраўніка Беларусі пачалася звычайна, працягвалася незвычайна. Некалькі званкоў былі пра адно і тое. У многіх раёнах Гомельшчыны без папярэджання ноччу дваццаць шостага красавіка адключалі электрасвятло на цэлых тры гадзіны. У хірургічным аддзяленні Брагінскай бальніцы ўзніклі праблемы, аперацыю ледзь-ледзь закончылі, баяцца пра зыход.
- Міхаіл Васільевіч, пацікаўся, калі ласка, што здарылася на электралініях. Перазвані, - просьба Слюнькова старшыні Савета Міністраў Беларусі Кавалёву. Слюнькоў ведаў, субота ў таго таксама працоўная.
Міхаіла Кавалёва знешне і ўнутрана Слюнькоў моцна паважаў. Дабрак і надзвычайны працаўнік Кавалёў гадоў колькі таму адмовіўся ад прапановаў Мінска і Масквы стаць намеснікам старшыні Дзяржплана СССР.
- Нічога страшнага, звычайная памылка дыспетчараў кіеўскіх электрасетак, - паведаміў Кавалёў. - Хутка ўсё нармалізавалася. Украінскіх і беларускіх вінаватаўцаў пазбавяць прэміяў.
- Мне дадаткова паведамілі, - звоніць Кавалёў хвілінаў праз дзесяць. - Штосьці ў нас на мяжы, у Чарнобылі, адбылося, на атамнай. Я табе перазваню.
Мікалай Слюнькоў, прысадзісты, блакітнавокі, з вялікай выразнай радзімай плямай на левай скроні, з кранутай сівізной прыгожай галавой, у малапрыкметных залысінах, жыцейскі дасведчаны чалавек. Навошта чакаць, пакуль беларускія здатнікі разбяруцца, сузгодняцца, дазвоняцца да прэм'ер-міністра. Набірае Уладзіміра Шчарбіцкага:
- Уладзімір Васільевіч, у вас штосьці ў Чарнобылі?
Першы сакратар ЦК кампартыі Украіны Шчарбіцкі таксама лаканічны:
- Навіна з нязвычных. Дробязная, але непрыемная. Уночы пажар на атамнай, Чарнобыльскай. Зразу патушылі. Два чалавекі загінулі. Абстаноўка пад кантролем, нармалізуецца.
Перад абедам член Палітбюро ЦК КПСС Шчарбіцкі пазваніў Слюнькову. На ЧАЭС дзесяць чалавек атрымалі прамянёвы ўдар.
- Прамянёвы… удар…
- Абпраменіліся залішне. Павезлі ў Маскву спецсамалётам. Вы таксама працуеце ў суботу. Доля наша такая.
- У нас многія лічаць партыйную працу просценькай і лёгкай, бо не смакавалі партыйнага хлеба.
Да партыйнай працы руплівы Мікалай Слюнькоў, слесар і брыгадзір, майстар і дырэктар заводаў, у тым ліку гіганта савецкага машынабудавання Мінскага трактарнага, чыя прадукцыя славіцца на ўвесь свет, таксама не меў выхадных.
…У адзін з прыгожых красавіцкіх дзён 1972 года дырэктара Мінскага трактарнага завода Слюнькова запрасілі ў самы важны партыйны дом.
- Прыязджайце, - з весялосцю паведаміў Пётр Машэраў. - Будзем абмяркоўваць. Персанальна.
- Каго? - гумарок тону гумарком, а калі першы сакратар ЦК КПБ, гаспадар рэспублікі, сам звоніць - неспраста, у дырэктара завода мароз на спіне. Партыю трактараў забракавалі замежнікі, а можа хто з кіраўнікоў МТЗ набедакурыў.
- Вас, вас будзем абмяркоўваць. Прыязджайце, тэрмінова.
У кабінеце старшыня Савета Міністраў Беларусі Ціхан Кісялёў, другі сакратар ЦК КПБ Васіль Аксёнаў.
- Не станем мучыць нявызначанасцю. Ёсць думка перавесці вас першым сакратаром Мінскага гаркаму партыі, - Машэраў сама сур'ёзнасць.
Па ўсіх канонах і падзелах мінскія гарадскія арганізацыі і ўстановы роўняцца абласным, хаця пераўзыходзяць у многім. У Мінску камуністаў болей, чым у любых двух абласцях разам, заводаў болей, інстытутаў нашмат болей. Усемажлівыя росказні пра дэмакратычнасць і справядлівасць выбараў у савецкай краіне не для людзей такога ўзроўню.
Слюнькоў запратэставаў. Ён эканаміст, машынабудаўнік, за ўсё жыццё ні разу не быў на партыйнай рабоце, нават сакратаром партячэйкі не выбіралі.
- Ведаем, працуеце ў выхадныя, ідэі ў вас заўсёды. Такія партыі трэба. У нас так-сама будзеце захватваць выхадныя, - усміхаўся Аксёнаў. - Партыйную працу засвоіце, паможам.
Усе аргументы і аднекванні Слюнькова тры галоўныя кіраўнікі рэспублікі адрынулі. Нам патрэбна рухаць эканамічныя пытанні, гаваруны і алілуйшчыкі апрыклі. На роздум два дні.
Кола закруцілася, з чэрвеня Мікалай Слюнькоў - першы сакратар Мінскага гаркаму КПБ.
…Жыццёвыя дарогі любяць паўтарацца - сямейныя, прафесійныя, духоўныя. Адзінаццатага студзеня 1983 года намесніку кіраўніка Дзяржплана СССР Мікалаю Слюнькову а палове адзінаццатай патэлефанаваў сакратар ЦК КПСС па кадрах Іван Капітонаў:
- Вы яшчэ не ведаеце, сёння ноччу памёр Ціхан Якаўлевіч Кісялёў?
- Не чуў. Зямля пухам. - Людзі на такіх узроўнях у савецкай краіне рэлігійныя пытанні не зачэпвалі, у ацэнках абыходзілі. Сялянскі сын Слюнькоў вялікія беларускія народныя традыцыі стараўся не парушаць, сялянскі сын Капітонаў вялікія рускія народныя традыцыі таксама шанаваў, паўтарыў словы Слюнькова.
- Пухам. Што вы скажаце пра Аксёнава?
Слюнькоў расхваліў. Станоўча адазваўся яшчэ пра трох беларускіх кіраўнікоў. Выдзеліў Кавалёва. З Міхаілам Васільевічам разам працавалі на мінскіх гарадскіх лесвіцах: Кавалёў быў старшыня гарвыканкаму, Слюнькоў першы сакратар гаркаму партыі. Працавіты Кавалёў надзвычайна, да нельга інтэлігентны.
- Тэрмінова прыязджайце ў ЦК, тэрмінова.
- У мяне народу шмат. Паседжанне праводжу. Прыехалі з абласцей. Можна выехаць хвілінаў праз сорак?
- Ніякіх сорак. Машына па вас паехала. - Капітонаў звярае гадзіннік. - Папрасіце ў прысутных прабачэння. Пра навіну нікому ні слова. Проста да мяне, у кабінет.
(Працяг у наст. нумары.)
Валер Санько
УСПАМІНАЮЧЫ АЎТОГРАФЫ
(Закан. Пачатак у пап. нум.)
З Нілам жа Гілевічам мы былі знаёмыя яшчэ з часу, калі я быў студэнтам старшых курсаў Белдзяржуніверсітэта - ён, выкладчык, праэкзаменаваўшы мяне па беларускаму фальклору, акрамя добрай адзнакі ў заліковай кніжцы, надпісаў "на добры ўспамін" яшчэ і кніжачку сваёй выдаткай лірыкі. Блізка ж сышліся значна пазней, калі ён у якасці старшыні Таварыства беларускай мовы запрасіў мяне ўзначаліць новую, "моўную" газету - "Наша слова". У выніку я атрымаў кнігу эсэ "Вяртанне і працяг" з надпісам: "Дарагому Эрнесту Васільевічу Ялугіну на ўспамін пра супольнае змаганне за "Наша слова" і на ўсё добрае. Са шчырай павагай - Ніл Гілевіч. 24.1.91 г."
О, той памятны 1991-шы!
Затым я атрымаў важкі том грамадзянскай публіцыстыкі Паэта - "Толькі мы самі": "Дарагому Эрнесту Васільевічу Ялугіну - мае бунтоўныя, гнеўныя, балючыя словы. З вялікай павагай - Ніл Гілевіч".
Асабліва ж узрушыла, калі Паэт захацеў падарыць мне самы інтымны свой твор, кніжачку пранізліва-прасветленых вершаў, прысвечаных памяці сваёй жонкі - "На флейце самоты": "Дарагому Эрнесту Васільевічу Ялугіну ў знак самай шчырай павагі. Ніл Гілевіч".
А кніжачку вершаў "У ноч на Пакровы", выдадзеную накладам унікальнасціплым для паэта такога рангу - 100! асобнікаў, я атрымаў ад яго па пошце (з прычыны хваробы). 3 адмысловай візітоўкай і аўтографам: "Дарагому Эрнесту Васільевічу Ялугіну - паплечніку ў Вялікім Змаганні за беларускую Беларусь. З нязменнай павагай - Ніл Гілевіч. І8.7.08".
Час ад часу перачытваю ваеьмірадкоўнік, што даў назву ўсёй кніжцы:
У ноч на Пакровы
Вось і холад. Скора снег
Сцежкі зацярусіць.
А чаму чуццё віны
Точыць - не заўмею.
Што я мог, ды не зрабіў
дзеля Беларусі?
Божа моцны, падкажы -
Мо яшчэ паспею...
Ёсць яшчэ ягоны аўтограф, пашыраны і вельмі для мяне ганаровы - водгук на "Алжырскую пастку", ды гэта ўсё ж іншы фармат, чым гэтыя нататкі.
А тут у пэўны працяг майго ўласнага пачуцця, гэтак вобразна-пранізліва акрэсленага Паэтам, хачу згадаць яшчэ адзін нечаканы і хвалюючы аўтограф. Тым болей, што падзея мае напасрэдную сувязь з маёй працай галоўным рэдактарам газеты "Наша слова". Толькі дадам, што я ўжо быў і аўтарам кнігі пра трагедыю беларускай інтэлігенцыі ў часы сталінскага масавага душагубства і ўваходзіў у арганізацыйны камітэт па стварэнні Руху за вяртанне з нябыту імён ахвяр гэтага дзікага дзяржаўнага злачынства - Мартыралог Беларусі. Вось тады адзін з маіх надзейных сяброў навуковец-інтэлектуал, кнігавыдавец Зміцер Санько падказаў як адшукаць сведкаў-удзельнікаў падпольнага руху студэнтаў педагагічных вучэльняў (каледжаў пацяперашняму), якія ўзніклі пасля вайны з гітлераўцамі ці не ў кожным, калі не другім, то трэцім райцэнтры Беларусі, асабліва на заходніх землях. У кожным месцы, скажам, Баранавічах, Слоніме, Полацку ці Маладзечне, аб'яднанні называліся па-рознаму, аднак усе яны па духу былі падобнымі да тых, што дзейнічалі ў педвучэльнях гарадоў Паставы і Глыбокае - "Саюз беларускіх патрыётаў" і мелі аднолькавую мэту - мірным асветніцтвам супрацьстаяць татальна-імперскай русіфікацыі роднага краю, імкнучыся ўрэшце да незалежнасці Беларусі. Згодна, дарэчы, існай Канстытуцыі. Расправа "чэкістаў" над гэтымі 16-18-гадовымі разумнымі і таленавітымі юнакамі і дзяўчаткамі была страшэнна-бязлітаснай. Лідараў пасля катаванняў расстралялі, астатніх загналі ў ГУЛАГ і яны дзесяцігоддзямі! гібелі на катаржных работах у канцлагерах Поўначы і Сібіры, уключна з далёкаўсходняй Калымой. Так што знясільвальнай працай у холадзе і голадзе, потам, крывёю, урэшце касцямі і беларускай маладой эліты ўмацаваныя там дарогі, золатакапальні з прамысловымі зонамі...
Ацалелі і вярнуліся нямногія. Хворыя і знясіленыя. Я стараўся праз газету дапамагчы ім сустрэцца, паяднацца, друкаваў іхнія жудасныя ўспаміны. У вайну з гітлераўцамі мне, зусім малому, давялося зблізку бачыць канцлагеры для савецкіх ваеннапалонных, у тым ліку ў зімовых умовах, штабялі мёрзлых трупаў, дык сталінскія, па сведчанні тых, хто там гніў, выглядалі гэтак жа.
Ажно дзівіла, як пасля шматгадовых нялюдскіх здзекаў і выпрабаванняў амаль з падлеткавага ўзросту гэтыя вязні ГУЛАГу здолелі захаваць у сабе чалавечую годнасць, нельга было не захалляцца мудрай інтэлігентнасцю, ведаючы іх зэкаўскія "ўніверсітэты". Яны імкнуліся быць карыснымі Айчыне, удзельнічалі ў грамадскім жыцці, урэшце здолелі выдаць кнігу памяці аб сабе, назваўшы яе "Гарт". I аднойчы прынеслі мне свой супольны пякучы твор з надпісам: "Эрнэсту Ялугіну, рэдактару "Нашага слова"... са шчырай падзякай за смеласць у адкрыцці хаванай праўды пра СБП" . Усе подпісы хачу згадаць: В. Мядзелец, М. Бялевіч, А. Бялевіч, Г. Кірылаў, А. Юршэвіч, А. Табола, Я. Сідаровіч, А. Бацяноўскі, Алеся Фурс, Ант. Фурс, А. Амельяновіч. Каб меў магчымасць, папрасіў бы святароў усіх храмаў на Беларусі, незалежна ад канфесіі, хаця б на Радуніцу і восеньскія Дзяды гучна ўспомніць і памаліцца за юнакоў і дзяўчат, што ахвяравалі сабой за тое, каб насельнікі роднага краю змаглі людзьмі звацца, а не капцілі неба з веку ў век у якасці пасуугачоў-халуёў і чыёсьці рабочай сілы.
Можа, выклічу абуранасць у феміністак, але кнігі з аўтографамі творцаў-жанчын у мяне абасобленыя, і асабліва пад старасць я пачаў берагчы іх, як пагарэлец клунак. Нешта ў іх такое закладзена хваляўнічае, нават у самых простых. Ва ўсякім разе ад мужчынскіх яны адназначна адрозныя. Сваёй часта нават падсвядомай эмацыйнасцю, нязмушанасцю, якая мужчынам не дадзена, няхай яны і ўжываюць часам прыслоўе "шчыра" зусім здавалася б шчыра. Словам, чароўная жаноцкасць, і ўсё тут. Прырода! Дар Божы.
У гэтай сувязі ўспамінаюцца развітальныя пацалункі маіх былых мілых аднакласніц, калі адбылася сустрэча ажно праз чвэрць стагоддзя. Тут ніяк не згадваю, само сабой, пацалункі (як і аўтографы), атрыманыя ў працэсе, так бы мовіць, збліжэння на ніве юнацкага заляцання. Гэта іншае. Хоць усё роўна авеянае асаблівым чараваннем.
Прыкладам, бяру прысланую мне з Масквы аповесць Наталлі Калінінай, дарэчы, дачкі аўтара знакамітага рамана і сцэнарыя тэлесерыялу "Цыган", і ў дарчым сяброўскім надпісе асабліва вылучаю дзеяслоў "абдымаю", згадваючы ажно на ўзроўні падсвядомасці, што гэта зроблена не толькі аўтарам таленавітай прозы і выдатнай перакладчыцай з англійскага Курта Ванегута, а "Наташай" - вытанчанай прыгажуняй-казачкай, і няхай сабе сэрца якой аддадзена шчасліўцу, з кім мы бралі сяброўскую чарку, але ж... О, слова ж для нас, па-разанаўску кажучы, таксама існасць.
Ці не маючы гэта на ўвазе, асцярожлівая, як і належыць аўтарам гістарычных твораў, Вольга Іпатава і на кніжачцы сваіх цудоўных вершаў "Задарожжа" ў дарчы надпіс унесла імя мужа. Атрымалася арыгінальна-цікава: "Любімаму мной, Ягорам і многімі іншымі Эрнесту Ялугіну - Вольга" .
Нешта падобнае чытаю і на тытульным лісце тома ўжо гістарычных раманаў "Альгердава дзіда": "Эрнесту Ялугіну - пісьменніку з вялізным творчым патэнцыялам, якому я жадаю многіх новых кніг і здароўя. З любоўю - Вольга Іпатава (і Ягор)" .
Ну, пане Ягор, табе, браце, ёсць чым ганарыцца.
Але ж і мне гэтае "з любоўю", хоць і абсалютна платанічнае, а душу грэе. Прырода, кажу, нешта містычнае.
Кніжка ўспамінаў і вершаў былога вязня ГУЛАГу "Бывай, Ярашоўка!"... Аўтар - Платон Крэнь, але ў пэўным сэнсе і ягоная дачка - Ірына Крэнь, якая тэксты сабрала, адрэдагавала, а нешта і пераклала з рускай мовы на беларускую, нарэшце здолела за свой кошт выдаць. Мне з аўтографам: "Эрнесту Васільевічу Ялугіну на добры ўспамін і з пажадакнем здароўя, творчых удач. З любоўю і пашанай - Ірына Крэнь".
Спадзяюся, я хоць крыху нечым заслужыў у Ірыны Платонаўны такую душэўную дабрыню і шчодрасць.
Было, памятаю, таксама прыемнай нечаканасцю, калі да мяне зайшла Святлана Алексіевіч, ужо авеяная першай заслужанай творчай славай, падтрыманая Васілём Быкавым, Алесем Адамовічам, гатовая да еўрапейскана трыумфальнага палёту. Яе аўтограф на кнізе "У вайны не жаночы твар" хоць і стрыманы, аднак жа афарбаваны чыста жаноцкай прыязнасцю, так мужчыны не ўмеюць: "С чувством искреннего уважения, Эрнест Васильевич, - эту народную и немножко мою книгу. С. Алексиевич. 12.111.84 г." Чамусьці ёй патрэбна было так зрабіць.
Цяпер апошні з "жаноцкіх" аўтограф, які ў самотны час перачытваю разам з барадулінскім "барбудасам", - ад Алены Яскевіч, на яе першай кніжцы таленавітай маладой даследчыцы нетраў філалогіі "Словам скароны свет": "Шаноўнаму Эрнесту Васільевічу - у захапленні ад Вашай прозы, падвіжніцкай дзейнасці. З павагай - аўтар".
У лік кніг для "тэрапіі" душы мною далучана яшчэ адна кніга, падораная Аленай Яскевіч, унікальная па зместу - "Падвіжнікі і іх святыні". Гэта дзякуючы ёй з'явілася патрэба пайсці ў бібліятэку, каб перачытаць паэму знакамітага паэта-лацініста Сярэдневечча Яна Вісліцкага "Пруская вайна" і выпісаць адтуль радкі, на якія спасылаецца даследчыца, разважаючы пра падвіжніцтва трэцяй жонкі караля Ягайлы Соф'і Гальшанскай:
"Дзівосная знойдзена дзева, Дачка зямлі Беларускай,
слынная,
Слаўная ва ўсіх краінах..."
Так, аказваецца, Ян Вісліцкі абвесціў яшчэ ў 1516 годзе, некаторыя ж нашы "суперліцвіны" да гэтага часу ўсё пішуць-лямантуюць: "Беларусь" прыдумала расійская імператрыца Кацярына Другая, для ганьбы краю".
Вось сабраў нарэшце падораныя мне на працягу жыцця кнігі з аўтографамі ў адну "кагорту" (раней яны былі растаўленыя на паліцах па тэматыцы) і сам дзіўлюся: якое духоўнае багацце назапасілася! У гэтых нататках згадаў у асноўным тое, што адпавядала тэме пра падсвядомае, падтэк-сты. А і яшчэ ж нямала застаецца не меней дарагога сэрцу, багатага на асацыяцыі, пра кожны аўтограф можна напісаць навэлу.
Скажам, пра аўтографы Віктара Карамазава - адметнага пісьменніка, мастака, з якім мы ў Крычаве яшчэ ў адной школе вучыліся. Дык зноў у Крычаве, папярэдне дамовіўшыся, амаль праз паўстагоддзе сустрэліся і паехалі на яго легендарнай "Ніве" ў старажытную вёску Бель пад Крычавам, дзе котлішча маіх блізкіх суродзічаў па бацькоўскай лініі, і сам я, малы, у вайну ратаваўся і цудам выжыў. А ў Белі такая сардэчная сустрэча з землякамі адбылася. Якім добрым вінаградам частавалі! А на развітанне - вялікіх гарбузоў з паўтузіна і нават сухіх бярозавых дроў некалькі бярэмцаў. Дык пылаў гаючы агонь з тых бельскіх дроў у грубцы гасціннай бацькоўскай хаты Карамазава, а той на тытульным лісце сваёй выдатнай кніжкі пра мастакоў "Звясной у адным вагоне" аўтограф ствараў: "Эрнесту Ялугіну па-сяброўску і па-зямляцку, у завяршэнне цудоўнай паездкі ў вінаградна-гарбузовую Бель. Сардэчна-Віктар Карамазаў. Крычаў".
Ніводнага штампавана-дзяжурнага слова! I з добрай усмешлівасцю. Сапраўды што - шчыра.
Хочацца падрабязней успомніць і першы аўтограф ад "сапраўднага" пісьменніка, Аляксея Кулакоўскага. У зусім "маладым" Салігорску, куды я з авеянага сівой даўніной Мсціслава перабраўся, каб самому адчуць і пабачыць, як узнікае пасярод палескіх балот "камуністычны" горад будучыні, убіраючы, раствараючы ў сабе навакольныя старажытныя паселішчы, у тым ліку "малую радзіму" Кулакоўскага - цудоўную ў садах вёсачку Кулакі. Там пісьменнік дорыць мне сваю кнігу з надпісам - "салігорцу ад салігорца" . Толькі цяпер напоўніцу разумею, як у аўтара шчымела сэрца.
А яшчэ ж аўтографы незабыўныя - ад паэтаў, гісторыкаў, археолагаў, дактароў філалогіі, матэматыка-нацыяналіста... і нават аднаго мудрага даследчыка беларускіх балот - чамусьці "з благодарностью". За што - далібог, не помню, а ўсё роўна прыемна, нешта добрае такі зрабіў для чалавека, хоць я ж быў ніякі не начальнік, а толькі літаратар.
I пра самы першы аўтограф навэлку б, а значыць пра Міхаіла Мельнікава з Крычава. Гэта ж у яго я атрымаў першыя ўрокі аматарскага, але апантанага краязнаўства. Словам, цікавая кніжачка магла б атрымацца, мяркую. То раптам яшчэ ды паспею.
Эрнэст Ялугін
Літары ў расе ад Сяргея Панізьніка
У Менску ў выдавецтве Віктара Хурсіка выйшаў зборнік вершаў для дзяцей паэта Сяргея Панізьніка "Літары ў расе".
На асобніку, дасланым у рэдакцыю "Нашага слова" рукой аўтара напісаны імянны аўтограф:
"Наша слова" у вазе:
Грузныя старонкі!
Хай і "Літары ў расе"
Напаўняюць гронкі.
Не, не ўсохне Слова наша:
Мова - вір і Мова - паша.
Мае збожадайны груз
Словалюбны беларус!
Беларускасці, беларускаму слову прысвечаны і многія вершы з кніжачкі:
Беларусы
Людзі ветлыя.
Мы не бедныя:
рэкі - з русламі.
Беларусы мы!
Неба - божае,
Сэрца гожае,
з перагрузкамі...
Беларусы мы!
Між суседзямі
не мядзведзямі
заскарузлымі.
Беларусы мы!
Мы таланныя,
людзі знаныя,
свой Каруза быў...
Беларусы мы!
Слава - позняя.
Ніва - росная,
зерне грузнае.
Беларусы мы!
Адборныя зярняты слоў
Мова - скарбніца, казна,
поле векавое.
Дзе - у словах - збажына,
думай галавою
"У мінулым годзе..." - сказ
калькаю завецца
"Летась..." - добры пераказ:
лашчыцца да сэрца.
Смела йдзеш у магазін,
а да крамы - воўкам?
Карандаш ну хоць адзін
замяні алоўкам.
Мытня ёсць, таможня ёсць,
тратуар і ходнік...
На Радзіме ты не госць, -
субяседнік-моднік.
Будзе чуйнаю душа, -
мову не паб'е іржа!
Пяру Сяргея Панізніка належыць многа кніг, у тым ліку і кніга для дзяцей малодшага школьнага ўзросту "Золкая зёлка".
Лілея Крупкіна.
Слуцкі збройны чын - гераічная старонка ў гісторыі Беларусі
Адной з гераічных старонак нашай гісторыі з'яўляецца Слуцкі збройны чын 1920 года, у якім удзельнічалі сяляне Слуцкага павету і жыхары горада Слуцка. Адбыўся ён у напружаны перыяд заканчэння савецка-польскай вайны і абвясціў абарону незалежнасці нашай краіны ад савецка-расійскіх і польскіх акупантаў. У наш час афіцыйныя гісторыкі стараюцца прайсці далей; фактычна не звяртаючы на яго дастатковай увагі.
1. Канец савецка-польскай вайны 1919-1920 гадоў.
Папярэднічала збройнаму чыну беларусаў развіццё ваенных падзеяў на савецка-польскім фронце. Пасля разгрому савецкіх армій ля Варшавы і на Нёмане чырвоныя вайскі адыходзілі на ўсход. Настрой байцоў быў дрэнны. Частка падраздзяленняў, сфармаваная з маладых сялян цэнтру Расіі і Сібіры не хацела ваяваць, бо на іх радзіме ўспыхвалі сялянскія паўстанні супраць рабаўніцкай палітыкі "ваеннага камунізму". Настрой савецкіх байцоў з Сібіры быў прыдушаны: "Навошта трымацца за нейкі горад ці рэчку. Вось адыдзем да Дняпра і там замацуемся. У нас у Сібіры 10 ці 20 кіламетраў не лічыліся важнымі". Частка савецкіх байцоў у верасні пачала здавацца ў палон.
А ў гэты час у сталіцы Латвіі вяліся мірныя перамовы паміж савецкай расійска-ўкраінскай дэлегацыяй і дэлегацыяй Польшчы. Савецкая Беларусь, адноўленая 31 ліпеня 1920 г., не атрымала запрашэння, бо ў савецкай дэлегацыі быў план аддаць тэрыторыю БССР Польшчы за ўступкі на Украіне. У самыя апошнія дні вайны польскія войскі занялі Слуцк і тэрыторыю Слуцкага павету.
12 кастрычніка 1920 г. ў Рызе быў падпісаны дагавор аб перамір'і і аб прэлімінарных (папярэдніх) умовах міру, які быў падпісаны ў сакавіку 1921 года.
Паводле папярэдняга міру ад 12 кастрычніка 1920 г. савецкая дэлегацыя адмаўлялася ад Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны на карысць Польшчы. А Польшча прызнавала незалежнасць Беларускай і Украінскай ССР. Устанаўлівалася мяжа паміж Польшчай і гэтымі савецкімі рэспублікамі, якая праходзіла за 35-45 кіламетраў на захад ад Менску і Слуцку. Толькі пасля ратыфікацыі дамовы войскі павінны былі заняць пазіцыі за 15 кіламетраў ад мяжы.
Дагавор аб перамір'і дазваляў польскім войскам на поўдзень ад Менска яшчэ наступаць на працягу шасці сутак. Польскія войскі выкарысталі гэтую магчымасць і занялі значныя раёны на поўдні Беларусі. Нават на два дні пасля перамір'я (15-17 кастрычніка) захапілі Менск, каб афіцэры польскай разведкі маглі выкапаць у пэўным месцы свае сакрэтныя матэрыялы і звесткі пра спецагентаў разведкі ў Беларусі і Расеі, якія схавалі ў Менску, адступаючы на захад у ліпені 1920 года. Як толькі дакументы былі знойдзеныя, польская група адышла з Менска, і ў Менск вярнуліся савецкія войскі, што стаялі на Магілёўскай шашы.
Толькі на пачатку лістапада 1920 г. польскія вайсковыя ўлады перадалі цывільную ўладу ў Слуцку і ў павеце Беларускаму нацыянальнаму камітэту, што існаваў у Слуцку і ў павеце. У складзе камітэта былі прыхільнікі генерала С.Н. Булак-Балаховіча, якія выступалі за саюз Беларусі з Польшчай, і прадстаўнікі Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПС-Р), што выступалі за поўную незалежнасць і ад Польшчы, і ад Расіі. А некаторыя сябры камітэту схіляліся да пагаднення з савецкай Расіяй. Па ініцыятыве прадстаўнікоў ад БПС-Р пачалася падрыхтоўка да склікання Беларускага з'езду Случчыны.
Беларускі з'езд адбыўся ў Слуцку ў вялікай зале дома багатага памешчыка, Эдварда Вайніловіча (1847-1928). На з'езд выбіралі дэлегатаў: па пяць дэлегатаў ад кожнай воласці і па аднаму ад беларускіх культурна-асветніцкіх гурткоў, асяродкаў беларушчыны ў горадзе і вёсках. Усяго было абрана 107 дэлегатаў ад Слуцка і павету з правам пастанаўляючага голасу і 10 дэлегатаў з правам дарадчага голасу.
2. З'езд Случчыны.
З'езд адкрыўся 14 лістапада а 12 гадзіне дня ў багата прыбранай зале і працягваўся да 10 гадзін вечара 15 лістапада. Зеляніна ўперамешку з нацыянальнымі бела-чырвона-белымі сцягамі запаўняла залу і трыбуну. Панаваў святочны, прыўзняты і ўсхваляваны настрой. Кіравалі з'ездам беларускія эсэры. Старшынём быў абраны Васіль Русак, а віца-старшынём Уладзімір Пракулевіч.
У першы дзень выступалі дэлегаты ад сельскай мясцовасці. Потым паручнік Янка Мацэлі выступіў з прапановай пачаць барацьбу з бальшавізмам. А ў гэты час у зале з'явіліся дэлегаты, якіх раней паслалі да генерала С. Балаховіча. Зала сустрэла іх воплескамі. Капітан Антон Самусевіч у сваім выступе падкрэсліў, што генерал С. Булак-Балаховіч змагаецца за незалежнасць Беларусі і даручыў яму сфармаваць Слуцкі полк для арміі Булак-Балаховіча. З заклікам да барацьбы выступіў і брат Станіслава Булак-Балаховіча - палкоўнік Юзаф Булак-Балаховіч. Яго выступ выклікаў энтузіязм дэлегатаў.
Пасля яго выступіў Павел Жаўрыд, які прапанаваў стварыць асобнае войска Беларускай Народнай Рэспублікі са слуцкіх ваяроў. Гэтая прапанова была сустрэта апладысментамі.
З'езд Случчыны абвясціў Слуцкі павет часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. У сваёй пастанове з'езд заявіў: "Першы Беларускі З'езд Случчыны, скліканы ў колькасці 107 дэлегатаў, вітае Раду Беларускай Народнай Рэспублікі і сведчыць, што ўсе свае сілы аддасць на ўзнаўленне сваёй Бацькаўшчыны.
З'езда катэгарычна пратэстуе супраць акупацыі родных зямель чужаземнымі нападамі і супраць самазванай Савецкай улады, як урада Кнорына, так і іншых, што стварыліся ў Беларусі."
З'езд прыняў рэзалюцыю аб мабілізацыі для сама-аховы ад бальшавікоў і для барацьбы з імі.
14 лістапада з'езд выбраў павятовую Раду БНР у складзе 17 сяброў і 5 кандыдатаў у сябры. Ёй з'езд даверыў цывільную ўладу ў горадзе і павеце, даручыў утварэнне нацыянальнага войска. Старшынём Рады быў абраны эсэр Уладзімір Пракулевіч (суддзя па прафесіі). Рада лічылася паўнамоцным часовым органам улады БНР на тэрыторыі Слу-цкага павету. Яна стала органам палітычнага кіравання Слуцкім збройным чынам.
У Слуцкую Раду ўвайшлі 8 эсэраў і спачуваючых ім, другой групай у Радзе былі прыхільнікі Балаховіча. Былі і нейтральныя людзі. Рада пачала працу адразу ж, з 16 лістапада. Быў абраны прэзідыюм (7 чалавек) створаны камісіі: юрыдычная, фінансавая, зямельная, харчовая і адміністратыўных органаў.
У выніку дэбатаў усе сябры Рады згадзіліся весці ўзброеную барацьбу за незалежнасць Беларусі.
21 лістапада Слуцкая Рада выдала дэкларацыю, звернутую да сялянства, з заклікам да ўзброенай барацьбы.
3. Слуцкая брыгада.
Пры актыўнай падтрымцы сялянаў і гараджанаў "вайсковая тройка" Слуцкай Рады ў складзе Паўла Жаўрыда, капітана Анастаса Анцыповіча і паручніка Янкі Мацэлі за тры дні сфармавала з дабраахвотнікаў (з беларускай міліцыі ды іншых) 1-ы Слуцкі полк Слуцкай брыгады стральцоў Беларускай Народнай Рэспублікі.
У гэты полк уступілі не толькі жыхары Слуцкага павету, але і партызаны і дэзерціры-чырвонаармейцы з Бабруйскага павету.
Камандзірам 1-га палка Рад прызначыла былога капітана расійскай арміі Паўла Чайку, які з 31 лістапада 11 каст-рычніка (пры бальшавіках) служыў памочнікам начальніка Слуцкага павятовага ваенкамата.
Спешка з фармаваннем палка залежала ад таго, што праз некалькі дзён польскія войскі, паводле пагаднення з савецкім бокам мусілі адыйсці за ліню сваёй мяжы. 26 лістапада апошнія польскія жаўнеры адыйшлі за лінію новай дзяржаўнай мяжы, а 29 лістапада савецкія войскі занялі сваю дэмаркацыйную лінію: мястэчкі Вызна (цяпер Чырвоная Слабада), Леніна (назва з ХVІ ст.) і занялі Слуцк. Да канца лістапада дыслакацыя часцей 16-й расійскай арміі ў Слуцкім павеце была такой: 22-я брыгада 8-й стралковай дывізіі састаяла на лініі Пясочнае-Капыль-Ванялевічы-Ліядна-Жаваглодавічы-Вызна, увяго да 80 кіламетраў. 23-я брыгада 8-й СД размяшчалася на лініі Вызна-Капацэвічы-Ясковічы-Залюцічы (на рацэ Случ) - мястэчка Леніна, таксама 80 кіламетраў. Далей на поўдзень стаяла 24-я брыгада 17-й СД на лініі Леніна-Тураў.
І польскія і савецкія войскі мелі перад сабой участкі ў 15 кіламетраў нейтральнай зоны, куды войскі не мелі права заходзіць, а ўсяго 30 кіламетраў. Там для парадку павінны былі працаваць міліцыя і паліцыя, на сваіх участках.
Войскі Слуцкай брыгады адступілі ў Семежава, дзе і завяршылася фармаванне двух палкоў брыгады - 1-га Слуцкага і 2-га Грозаўскага палкоў. У канцы лістапада 1920 г. быгада налічвала 4 тысячы жаўнераў, а разам з рэзервам - да 10 тысяч чалавек. Узбраенне Слуцкай брыгады ў снежні 1920 г. налічвала 2 тысячы вінтовак і 10 кулямётаў, прынесеных з сабой паўстанцамі. Камандзірам брыгады, як адзначалася, быў прызначаны капітан Анастас Анцыповіч. У Семежаве знаходзіўся штаб брыгады - капітаны А. Анцыповіч. Я. Мацэлі, Кудзінскі, Сакалоў і прапаршчык Зарыц.
Пры штабе знаходзі-ліся аддзелы разведкі і контрразведкі. 1-м Слуцкім палком камандаваў капітан Павел Чайка, а 2-м Грозаўскім палком - капітан Лукаш Семянюк. У 1-м палку было чатыры батальёны, у 2-м - тры. Кожны батальён складаўся з трох рот.
Быў таксама сфармава-ны конны атрад, створаны палковыя абозы і майстэрня для ўзбраення. Быў таксама і асо-бны атрад (дзве роты). Лекар А. Паўлюкевіч арганізаваў па-лявы шпіталь, а сябар рады Іван Біруковіч - вайсковы суд. Адкрылася падафіцэрская школа. Некалькі дзясяткаў маладых людзей адправілі ў Лодзь, дзе Беларуская Вайсковая Камісія накіравала іх у афіцэрскую школу. Літаральна за некалькі дзён была разгорнута самастойная вайсковая частка са сваімі тыламі. Паступова Слуцкая брыгада набывала новую зброю - часткова ў баях, часткова ад Беларускай Вайсковай Камісіі з Лодзі, адкуль былі прысланыя і некалькі афіцэраў. А вось артылерыі ў Слуцкай брыгадзе не было, што абмяжоўвала яе дзеянні. Забяспячэнне жаўнераў брыгады харчаваннем было спачатку добрым, бо сяляне ахвотна забяспечвалі часткі, дзе служылі іх сыны. Але, калі тэрыторыя пад кантролем брыгады скарацілася, то з'явіліся праблемы і з харчаваннем.
4. Баявыя дзеянні Слуцкай бырагады.
Ваенныя дзеянні Слуцкай бырагады супраць войскаў 16-й савецкай арміі працягваліся месяц, ад канца лістапада да канца снежня 1920 года. Ваенныя дзеянні адбываліся ў цяжкіх палітычных вайсковых і міжнародных умовах. Слуцкая брыгада ўступіла ў барацьбу асобна ад арміі Балаховіча, які дзейнічаў на Палессі. Ужо дзейнічала савецка-польскае перамір'е, і чакаць адкрытай дапамогі ад Польшчы было немагчыма. Адчуваўся недахоп людзей і зброі.
Тым не менш кіраўніцтва і жаўнеры дзейнічалі з энтузіязму. Пад кіраўніцтвам Макара Краўцова (1891-1939), аўтара беларускага гімна "Мы выйдзем шчырымі радамі", выдаваліся газеты і ўлёткі. Разам з тым у складзе Рады і брыгады ўзніклі супярэчнасці паміж беларускімі эсэрамі і прыхільнікамі генерала Булак-Балаховіча. Штаб брыгады не запрашаў на свае паседжанні прадстаўнікоў Слуцкай Рады. Былі і непаразуменні ў афіцэрскім асяродку паміж прыхільнікамі дзвюх плыняў. Баявыя дзеянні Слуцкая брыгада пачала 27 лістапада, калі падраздзяленні 1-га палка атакавалі часткі 8-ай стралковай дывізіі 16-й арміі. Напад быў зроблены на адзінкі дывізіі, на яе палявыя варты і заставы на дэмаркацыйнай лініі.
Гэта быў пачатак Слуцкага збройнага чыну. Гэты дзень - 27 лістапада - адзначаецца як Дзень Слуцкага збройнага чыну 1920 г., як Дзень Герояў, як Дзень Узброеных Сілаў Беларускай Народнай Рэспублікі.
У наступныя дні паўтараліся безупынныя атакі з ней-тральнай зоны не толькі на фронце 1-га Слуцкага палка, але і на ўчастку 2-га Грозаўскага палка. Асабліва моцна атакавалі праціўніка жаўнеры 1-га і 2-га палкоў на ўчастку Капыль-Цімкавічы-Вызна, працягласцю 60 кіламетраў.
Тады камандаванне 16-й савецкай арміі вырашыла ачысціць нейтральную зону ад паўстанцаў. Польскія ўлады далі дазвол на ўвод савецкіх войскаў у нейтральную зону на тры дні.
Аднак карная аперацыя Чырвонай Арміі дала мізэрны вынік: было затрымана каля 50 дэзерціраў і 15 перабежчыкаў. Камандаванне Слуцкай брыгады, карыстаючыся падтрымкаю насельніцтва, вывела асноўныя сілы з-пад удару савецкіх войскаў. Толькі ў раёне Семежава частка беларускіх атрадаў была разбітая і 7 снежня перйшла лінію нейтральнай зоны на польскі бок. Польскія вайсковыя ўлады раззброілі 30 афіцэраў і 400 жаўнераў Слуцкай брыгады. У гэты час рознагалоссі прывялі да змены камандавання брыгадай. Камандзір 1-га Слуцкага палка капітан Павел Чайка быў арыштаваны па абвінавачанні ў здрадзе. П. Чайка праз аднаго старога спрабаваў перадаць пакет з сакрэтнымі дакументамі на савецкі бок. Аднак стары быў затрыманы, а пасля быў арыштаваны і П. Чайка. Пры дапамозе свайго сябра паручніка А. Мірановіча, начальніка контрразведкі, П. Чайка здолеў уцячы з-пад арышту ў Слуцк да "чырвоных", але там ён быў арыш-таваны за здраду савецкай уладзе і па прысуду "тройкі" асобага аддзела 16-й арміі расстраляны 9 студзеня 1921 года.
Рада Случчыны сабра-лася на надзвычайнае пасе-джанне і пастанавіла замяніць камандзіра брыгады і начальніка контрразведкі. Камандзірам 1-й Слуцкай брыгады 3 снежня 1920 г. быў прызначаны штабс-капітан Антон Сокал-Кутылоўскі, а камандзірам 1-га палка - падпалкоўнік Ахрэм Гаўрыловіч (раней камандзір 4-га батальёна гэтага палка). Начальнікам контрразведкі быў прызначаны паручнік Тодар Янушэнка. Камандзіру брыгады Рада Случчыны перадала дыктатарскія паўнамоцтвы.
(Заканчэнне ў наст. нумары.)
Анатоль Грыцкевіч, доктар гістарычных навук