НАША СЛОВА № 49 (1044) 7 снежня 2011 г.
20-я ўгодкі рэальнай незалежнасці Беларусі
8 снежня 1991г. ва ўрадавай рэзiдэнцыi "Вiскулi" ў Белавежскай пушчы кiраўнiкi Расii, Украiны i Беларусi падпiсалi Дагавор аб стварэннi СНД. 21 снежня на сустрэчы ў Алма-Аце адзiнаццаць былых рэспублiк абвясцілі аб канчатковам спыненні існавання СССР i заснаванні СНД з перавагай каардынацыйных функцый i без якiх-небудзь заканадаўчых, выканаўчых i судовых паўнамоцтваў. Мэтай заснаваня СНД, па заяве ініцыятараў, было палягчэнне пераходу рэспублік у іншы стан. Для каардынацыі дзейнасці суб'ектаў Садружнасці быў заснаваны вышэйшы орган - Савет кіраўнікоў дзяржаў. Рашэнне сацыяльна-эканамічных пытанняў даручалася Савету кіраўнікоў урадаў. Сумеснай сферай дзейнасці дзяржаў - членаў СНД вызначаліся: каардынацыя знешняй палітыкі; эканамічнае супрацоўніцтва як на тэрыторыі СНД, так і на рынках за яе мяжой; захаванне навакольнага асяроддзя; пытанні міграцыйнай палітыкі; барацьба з арганізаванай злачыннасцю.
Аднак з першых жа дзён існавання СНД сярод яго удзельнікаў з'явіліся рознагалоссі. Многія краіны былі незадаволены тым, што Расіі, засталіся матэрыяльная база дыпламатычнай сеткі былога саюза, большая частка маёмасці структур КПСС, агульнасаюзны залаты і алмазны фонд, грашова-фінансавая сістэма, шэраг іншых матэрыяльных і духоўных каштоўнасцяў, якія былі створаны народамі ўсіх рэспублік. Вострая супярэчнасць узнікла паміж Расіяй і Украінай па пытанні Чарнаморскага флоту.
І ўсё ж рэспублікі атрымалі самае галоўнае - паўнавартасны дзяржаўны статус і дзяржаўную незалежнасць.
Пагадненне аб стварэн-ні Садружнасці Незалежных Дзяржаў (1991) ад 8 снежня 1991 года пачынаецца словамі: "Мы, Рэспубліка Беларусь, Расійская Федэрацыя (РСФСР), Украіна як дзяржавы - заснавальніцы Саюза ССР, якія падпісалі Саюзную Дамову 1922 года ... канстатуем, што Саюз ССР, як суб'ект міжнароднага права і геапалітычная рэальнасць, спыняе сваё існаванне..."
Ад гэтага моманту суб'ектамі міжнароднага права і геапалітычнай рэальнасцю сталі новыя маладыя незалежныя краіны.
Пагадненне ад 08.12. 1991 г. "Аб стварэнні Садруж-насці Незалежных Дзяржаў" уступіла ў сілу для дзяржаў-удзельніц:
Беларусь і Ўкраіна - з 10 снежня 1991 года;
Расія - з 12 снежня 1991 года;
Казахстан - з 23 снежня 1991 года;
Туркменія - з 26 снежня 1991 года;
Узбекістан - з 4 студзеня 1992 года;
Арменія - з 18 лютага 1992 года;
Кіргізія - з 6 сакавіка 1992 года;
Таджыкістан - з 26 чэрвеня 1993 года;
Азербайджан - з 24 верасня 1993 года;
Грузія - з 3 снежня 1993 года;
Малдавія - з 8 красавіка 1994 года.
8 снежня 2011 года ў межах кампаніі "Будзьма!" адбудзецца сустрэча з дэпутатамі ВС Беларусі, прысвечаная 20-годдзю беларускай незалежнасці. Пачатак а 18-й гадзіне па вул. Румянцава, 13, г. Менск.
Падвядзенне вынікаў Рэспубліканскага конкурсу "Ведаем свой край" і ўзнагароджанне пераможцаў адбудзецца ў памяшканні Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь 18 снежня аб 11-й гадзіне па вул. К. Маркса, 12, г. Менск .
Запрашаем усіх удзельнікаў конкурсу прыняць удзел у мерапрыемстве. Аплата праезду гарантуецца. Аргкамітэт конкурсу.
«Ўсе мы разам ляцім да зор...»
Да 120-годдзя з дня народзін
Максім Багдановіч - паэт, празаік, перакладчык, крытык, публіцыст. Аўтар кнігі паэзіі "Вянок" (1913 г.). Нарадзіўся 9 снежня 1891 года ў Менску. Памёр 25 траўня 1917 года. Пахаваны ў Ялце.
Страцім-лебедзь беларускай паэзіі. Геній нацыянальнай літаратуры. Беларускі Ікар. Наш крывіцкі Ясон. Наш біблейскі Ісая. Прарок беларускага Адраджэння. Паэт з крынічнай душою. Самы малады беларускі класік. Паэт, Богам дадзены нам, як выкупленне за ўсе нашыя мінулыя і будучыя грахі. Усім гэтым для нас, беларусаў, вось ужо 120 гадоў з'яўляецца Максім Багдановіч.
Значэнне яго асобы ў гісторыі беларускай літаратуры і нацыянальнай гісторыі ўвогуле яшчэ як след не ацэненае, бо Багдановіч па словах Рыгора Барадуліна быў дадзены беларусам «навырост». I чым больш мінае часу, «чым болей сходзіць дзён начэй, тым імя мілае вышэй...». Тым бліжэй, тым даражэй нам сам Паэт. Магчыма, у гэтым і ёсць загадка Максіма Багдановіча.
На Багдановіча як на творцу нельга глядзець звычайнымі вачыма. Яго варта разглядаць у «вечным вымярэнні» як мастака агульначалавечага маштабу. Менавіта ён, Максім Багдановіч, здалеў узняць беларускую паэзію да касмічных вышыняў і пашырыў яе геаграфічныя межы да сусветных абсягаў. Ствараючы за крок ад крыку сваё паэтычнае Евангелле, ён авалодаў незвычайным майстэрствам абагаўляць словы, укладваць у іх першаісны біблейскі сэнс. I адсюль тая запаветная, біблейская інтанацыя іх гучання:
«Паміж пяскоў
Егіпецкай зямлі,
Над хвалямі сінеючага Ніла
Ўжо колькі тысяч год
стаіць магіла:
Ў гаршчку насення жменю
там знайшлі...»
Не выпадкова ж ён нарадзіўся ў сям'і Адама (першачалавека) і Марыі (Божай маці) Багдановічаў. Акурат як у Бібліі. I тая ж біблейская, трагічная наканаванасць лёсу. На сваю жыццёвую Галгофу паэт узышоў у 25 гадоў, пазначыўшы пройдзены шлях уласнай крывёй і прарочымі радкамі:
«Беларусь,
твой народ дачакаецца
Залацістага, яснага дня...»
На вялікі жаль, ніколі ўжо не прачытаем мы ягоных зборнікаў паэзіі: «Маладзік», «Красавік», «Пярсцёнак»... Бо іх паэт так і не паспеў напісаць. Застаўся адзін «Вянок» з васількоў сабраных сярод жыта, як вечны напамін аб тым, што «ўсе мы разам ляцім да зор...»
Эдуард Акулін.
Прарокі з'яўляюцца на зямлі…
Прарокі з'яўляюцца на зямлі тады, калі людзі забываюцца на свае каштоўнасці. Размераны ход жыцця, дзе матэрыяльнае перамагае духоўнае, парушаецца сыходам Хрыста з Апосталамі на абраную імі зямлю...
"АПОКРЫФ" Максіма Багдановіча - музычная прэм'ера 9 снежня на сцэне Вялікай залы Белдзяржфілармоніі . Аўтар ідэі і кампазітар - Л. Сімаковіч. Выканаўцы - Нацыянальны акадэмічны народны аркестр імя І. Жыновіча пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі, прафесара Міхаіла Казінца, Дзяржаўны камерны хор Рэспублікі Беларусь - мастацкі кіраўнік і дырыжор Наталля Міхайлава, фальклор-тэатр "Госьціца", артысты і майстры беларускай сцэны.
12 снежня 2011 года ў межах кампаніі "Будзьма!" адбудзецца мерапрыемства, прысвечанае 20-годдзю дзяржаўнасці гістарычнай беларускай сімволікі.Пачатак а 18-й гадзіне па вул. Румянцава, 13.
12 снежня 2011 года ў 19.30 у сядзібе ТБМ (Менск, Румянцава, 13) адбудзецца вечарына, прысвечаная юбілею Максіма Багдановіча з удзелам Аляксея Галіча.
Нязгаснаю зоркай ты ў небе Радзімы навекі
9 снежня спаўняецца 120 год з дня нараджэння Максіма Багдановіча, беларускага паэта, перакладчыка, літаратурнага крытыка, даследчыка і тэарэтыка літаратуры.
Сцюжны час, бязмежна суровы.
Спіць народ, нібы зерне ў раллі.
Ты прыйшоў
I гарачым словам
Рунь узняў на роднай зямлі.
Ты сказаў нам:
«Унукі Скарыны,
Дзе ваш гонар, моц і краса?
Ёсць і ў вас, як і ў іншых, святыня.
He давайце святыні псам!
He давайце з яе глуміцца,
Бо праспіць яна ясну зару,
Бо святы ізумруд заімгліцца
У пярсцёнку тваім, Беларусь».
Ты устаў на лютую сечу,
Бітву вечную сонца і хмар,
Узваліўшы на юныя плечы
Святагораў народны цяжар.
I не вынеслі жылы напругі:
Знік ты, лебедзь, у хвалях сівых,
Сплыў крывёю, загінуў «за другі»,
За мяне, за вас і за ўсіх.
I застаўся ты ў нашых душах,
Хоць навекі знік у палях,
Вечна светлы і вечна дужы,
Вечна юны, як наша зямля.
Мы табой ганарымся - і плачам.
Мы нясём цябе ў сэрцы праз дым.
Нізка голаў схіляю, юнача,
Перад вечным глаголам тваім.
Смела крочу цяпер у пяскі я
Перад светлай заветнай гарой,
Бо як ёсць у народа такія -
He загіне давеку народ.
/У. Караткевіч./
Максім Багдановіч - сонца беларускай паэзіі, гонар і сумленне нацыі, паэт незвычайнага лёсу і такога ж незвычайнага таленту, чые вершы не толькі ўзор класікі у яе сапраўдным азначэнні, яны - сцвярджэнне гуманізму, грамадзянскасці, патрыятычнага служэння Бацькаўшчыне.
Максіма Бадановіча не назавеш абраннікам лёсу. Ён жыў адарвана ад Беларусі, ад запаветнай роднай зямлі, свайго народа і памёр на чужыне, пакутна, адзінока.
Здавён ужо быў адзінокі ён.
Сам па сабе, сам па сабе ён быў:
Ад бацькоўскага краю далёка,
Адзінокі яго любіў.
Незайздроснасць пяснярскага лёсу:
Быў адзін, а любіў усіх:
Пагарджаных, пакрыўджаных,
босых,
Згаладнелых, сляпых, глухіх.
Так пражыў на зямлі, як бязродна,
Сам не засцячы людзям нідзе:
Жыў самотны, памёр самотны,
І хавалі амаль без людзей.
Нехта бег напрасткі да порта,
Нехта ставіў радні манумент...
Хто такі малады памёр там?..
Так... Якісьці прыезджы студэнт...
Усяго чвэртку веку пражыў паэт. Усяго дзесяць гадоў працягвалася яго творчая дзейнасць. Але яго духоўная спадчына можа найлепш упрыгожыць не толькі беларускую але і сусветную літаратуру.
Кніга лірыкі "Вянок" - адзіны прыжыццёвы зборнік Максіма Багдановіча - гэта гарманічны, цэласны свет чалавека і прыроды, чалавека і красы, адухоўленасці, чалавека і Сусвету. І сталася гэта на дваццаць першым годзе жыцця маладога паэта.
Сонца ціха скацілася з горкі;
Месяц белы заплаканы свеціць,
Аглядае бахматыя зоркі,
Цягне з возера срэбныя сеці.
У іх русалкі заблыталі косы, -
Рвуць і блытаюць срэбныя ніці;
Ноч плыве над зямлёй, сее росы,
Ноч шапоча русалкам: "Засніце".
Па-над белым пухам вiшняў,
Быццам сiнi аганёк,
Б'ецца, ўецца шпаркi, лёгкi
Сінякрылы матылёк.
Навакол ўсё паветра
Ў струнах сонца залатых, -
Ён дрыжачымi крыламi
Звонiць ледзьве чутна iх
I лiецца хваляй песня -
Цiхi, ясны гiмн вясне.
Цi не сэрца напявае,
Навявае яго мне?
Цi не вецер гэта звонкi
Ў тонкiх зёлках шапацiць?
Або мо сухi, высокi
Ля ракi чарот шумiць?
Не паняць таго нiколi,
Не разведаць, не спазнаць:
Не даюць мне думаць зыкi,
Што ляцяць, дрыжаць, звiняць.
Песня рвецца i лiецца
На раздольны, вольны свет.
Але хто яе пачуе?
Можа толькi сам паэт.
Вакол мяне кветкі
прыгожа красуюць.
Маркотна між іх я хаджу адзінок,
Аж бачу - мне сіняй галоўкай ківае
Наш родны, забыты ў цяні васілёк.
"Здароў будзь, зямляча!"
Чуць бачны ў даліне,
Панура, нявесела шэпча ён мне:
"Ўспамянем, мой дружа,
ў багатай чужыне
Аб беднай, далёкай сваёй старане".
Шмат у нашым жыцці ёсць дарог,
А вядуць яны ўсе да магілы.
І без ясных надзей, без трывог,
Загубіўшы апошнія сілы,
Мы сайдзёмся, спаткаемся там
І спытаем сябе: для чаго мы
Па далёкіх і розных пуцях
Адзінока йшлі ў край невядомы?
І чаму паспяшаліся так,
Напружаючы ўсе свае сілы,
Калі ціха паўзушчы чарвяк
Ўсё ж дагнаў нас ля самай магілы?
Жывеш не вечна, чалавек,
Перажыві ж у момант век!
Каб хвалявалася жыццё,
Каб больш разгону ў ім было,
Каб цераз край душы чуццё
Не раз, не два пайшло.
Жыві і цэльнасці шукай,
Аб шыраце духоўнай дбай.
І ў напружэнні паўнаты
Свайго шырокага жыцця
Без болю, ціха зайдзеш ты
У краіну забыцця.
Лірыка Максіма Багдановіча ў значнай меры біяграфічная. Аня Какуева - сястра таварыша Максіма, гімназістка, удзельніца вясёлых студэнцкіх вечарынак, на ўсё жыццё паланіла сэрца паэта. Гэта была вельмі прыгожая дзяўчына. Высокая стройная паненка з тонкімі рысамі твару, цёмна-карымі вачыма і доўгімі цёмнымі валасамі. Добра ведала некалькі замежных моў, цудоўна іграла на піяніна. Гэтая мілая, вясёлая дзяўчына прыцягнула ўвагу васемнаццацігадовага Багдановіча, які марыў пра чыстыя і светлыя пачуцці.
Мне доўгае расстанне з Вамі
Чарней ад Вашых чорных кос.
Чаму ж нядобры час прынёс
Мне доўгае расстанне з Вамі?
Я пабляднеў ад горкіх слёз
І трыялет пачаў славамі:
Мне доўгае расстанне з Вамі
Чарней ад Вашых чорных кос.
Учора шчасце толькі
глянула нясмела, -
І развеяліся хмары змрочных дум.
Сэрца чулае і млела, і балела,
Радасць душу мне шчаміла,
быццам сум.
Усё жыццё цяпер, як лёгкая завея,
Кнігу разгарнуў - а не магу чытаць.
Як зрабілася, што пакахаў цябе я, -
Хіба я знаю? Ды і нашто мне знаць?
Iзноў пабачыў я сялібы,
Дзе леты першыя прайшлі:
Там сцены мохам параслі,
Вясёлкай адлівалі шыбы.
Усё ў пылу. I стала мне
Так сумна, сумна ў цішыне.
Я ў сад пайшоў... Усё глуха, дзіка,
Усё травою зарасло.
Няма таго, што раньш было,
I толькі надпіс "Вераніка",
На ліпе ўрэзаны ў кары,
Казаў вачам аб тэй пары.
Расці, ўзмацовывайся, дрэва,
Як манумент жывы, ўставай
I к небу надпіс падымай.
Хай нерухомы словы спева:
Чым болі сходзіць дзён, начэй,
Тым імя мілае вышэй.
Зорка Венера ўзышла над зямлёю,
Светлыя згадкi з сабой прывяла...
Помнiш, калi я спаткаўся з табою,
Зорка Венера ўзышла.
З гэтай пары я пачаў углядацца
Ў неба начное i зорку шукаў.
Цiхiм каханнем к табе разгарацца
З гэтай пары я пачаў.
Але расстацца нам час наступае;
Пэўна, ўжо доля такая у нас.
Моцна кахаў я цябе, дарагая,
Але расстацца нам час.
Буду ў далёкім краю я нудзіцца,
Ў сэрцы любоў затаіўшы сваю;
Кожную ночку на зорку дзівіцца
Буду ў далёкім краю.
Глянь іншы раз на яе, - у расстанні
Там з ёй зліём мы пагляды свае...
Каб хоць на міг уваскрэсла каханне,
Глянь іншы раз на яе...
Маці Максіма - Марыя Апанасаўна Мякота - была дачкой наглядчыка павятовай бальніцы ў г. Ігумене (Чэрвені). Пазбаўленая сама многіх радасцей у дзяцінстве, Марыя Апанасаўна аддавала усю сваю цеплыню і пяшчоту дзецям. Яны сталі сэнсам яе жыцця, яе гонарам і надзеяй. Педагог па адукацыі, яна імкнулася ў выхаванні дзяцей абапірацца на найноўшыя дасягненні педагагічнай навукі. Прыдумваліся адпаведныя гульні, набываліся ці рабіліся ўсялякія "разумныя" цацкі, якія павінны былі развіваць інтэлект, памяць, абуджаць фантазію. Але Марыі Апанасаўне было адпушчана вельмі мала жыцця. Пасля нараджэння чацвёртага дзіцяці яна амаль адразу злягла, хутка развілася цяжкая хвароба - сухоты (туберкулёз). На дваццаць восьмым годзе жыцця яна назаўсёды пакінула зямны свет. Максіму было тады ўсяго пяць гадоў.
Бацька Максіма - Адам Ягоравіч - паходзіў з сям'і прыгонных сялян. Але з дзяцінства выявіў выдатныя здольнасці да навукі і паспяхова скончыў пачатковую школу і Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю. Адам Ягоравіч цікавіўся этнаграфіяй, збіраў і вывучаў беларускі фальклор.
Напачатку сям'я жыла ў Менску, дзе 9 снежня 1891г. і нарадзіўся Максім. Праз шэсць месяцаў Багдановічы пераехалі ў Гародню, а пасля смерці маці - у Ніжні Ноўгарад. Гэтае расстанне з радзімаю назаўсёды павязалася ў Максіма з адчуваннем сіроцтва. Ранейшай ласкі і ўтульнасці ён ужо не зазнае ніколі.
Сям'я жыла беднавата. Максім ніколі не меў добрай вопраткі і не звяртаў на гэта ўвагі. У Яраслаўскую гімназію прыехаў у форме, пашытай з мультану (гімназісты насілі форму з сукна). А да ўсяго ўжо з дванаццаці год да Максіма прылепіцца спадчынная хвароба - сухоты.
На шчасце Максіма ў Ніжнім Ноўгарадзе знайшлі прытулак і сем'і бацькавых сясцёр. І Максім любіў прападаць у цёткі Магдалены, дзе шанавалі беларускія звычаі і абрады: спраўляліся Дзяды, Каляды, Гуканне вясны, Вялікдзень, Сёмуха. Тут чуў ён беларускія песні, казкі, прыказкі і прымаўкі, крылатыя словы. Гэта была першая школа "беларусікі" будучага паэта.
Вучыцца Максім пачаў з шасці гадоў, пад наглядам бацькі. Пасля скончыў Ніжагародскую гімназію і, пад націскам бацькі, - Дзямідаўскі юрыдычны ліцэй у Яраслаўлі, хаця сам не хацеў быць ні суддзёй, ні адвакатам, ні пракурорам.
Паэтычны дар у Багдановіча прарэзаўся рана, у 10 - 11 гадоў. У "Нашай ніве" ужо ў 1907 годзе быў надрукаваны першы твор 16-гадовага Максіма а, пазней ён стаў яе пастаянным аўтарам. Ледзь не ў кожным нумары з'яўляліся яго вершы, затым і артыкулы, літаратурныя агляды, пераклады. І гэта натхняла маладога паэта, давала яму новыя сілы: ён рос на вачах, гэты Богам даны Багдановіч.
Усе, хто ведаў паэта, не праміналі кожны раз падкрэсліць, што гэта быў вельмі прыгожы юнак, высокі, з каштанавымі валасамі, што хваліста пераліваліся, з карымі вачыма, адухоўленым тварам. Хто б, калі і дзе не сустракаў яго, Максім амаль заўсёды хадзіў з кнігай у руках і пад пахай. За гэта бацька і сябры называлі яго Максімам-кніжнікам.
Яго моцна цягнула на радзіму, так хацелася пабачыць сваіх землякоў, пачуць з іх вуснаў жывую беларускую мову, якая была ў яго ў крыві, у свядомасці і падсвядомасці адначасова, пра якую ён сніў начамі, якая гучала непаўторнаю мелодыяй, анёльскай музыкай і ў вушах, і ў сэрцы.
І, нарэшце, у чэрвені 1911г. Максіму выдаліся два шчаслівыя летнія месяцы, якія ён пасля заканчэння гімназіі правёў у Беларусі, пераважна ў Ракуцёўшчыне.
Вялікаю падзеяй стала паездка ў Вільню па запрашэнні "Нашай нівы". Падняўшыся ўверх па Вастрабрамскай вуліцы, Багдановіч спыніў свой позірк на старажытнай сімволіцы, што засталася на старых мурах. Пазней паэт створыць верш "Пагоня" - выразны водгалас падарожжа менавіта таго лета.
Толькі ў сэрцы трывожным пачую
За краіну радзімую жах, -
Успомню Вострую Браму святую
І ваякаў на грозных канях.
Ў белай пене праносяцца коні, -
Рвуцца, мкнуцца
і цяжка хрыпяць …
Старадаўняй Літоўскай Пагоні
Не разбіць, не спыніць,
не стрымаць.
У бязмерную даль вы ляціце,
А за вамі, прад вамі - гады.
Вы за кім у пагоню спяшыце?
Дзе шляхі вашы йдуць і куды?
У віленскай калекцыі збіральніка нацыянальных каштоўнасцей Максім Багдановіч упершыню ўбачыў не толькі рэдкія манускрыпты далёкіх часоў, але і залатыя слуцкія паясы. Тут паэт пачуў і захапляльную гісторыю іх ткацтва. Свае ўражанні і неадольнае зачараванне мастацкай вартасцю адмысловых паясоў слуцкіх ткачых паэт спрасаваў ва ўпругія радкі верша пад назвай "Слуцкія ткачыхі".
У самым канцы верасня 1916 года, скончыўшы юрыдычны ліцэй, Максім зноў едзе ў Беларусь. У Менску ён стаў актыўным сябрам "Беларускае хаткі", якая з'яўлялася народным клубам, цэнтрам дзейнасці беларускай думкі. Ён ужо вядомы паэт, аўтар зборніка "Вянок", адчуваў сябе сваім сярод сваіх, бо рабіў тое, да чаго ляжала душа.
У канцы зімы 1917 года сябрам удалося сабраць грошы, каб адправіць Максіма ў Крым на лячэнне. Не дачакаўшыся на радзіме ні гракоў, ні пралесак, ён, ужо ў трэці раз, ехаў у Крым.
Але за Гомелем з-за моцных снежных завей цягнік спыніўся на маленькай бязлюднай станцыі. Тры дні холаду і голаду. Пасля таксама нялёгкая дарога. У краіне ўзвірылася рэвалюцыя. Тлум на станцыях. Чатыры перасадкі моцна даліся ў знакі.
Знясілены дарогаю, ён чатыры дні бясплённа будзе шукаць у Ялце кватэру і зняможаны пошукамі натрапіць на пакой, які здавалі на другім паверсе, ззаду дома, дзе ніколі не было сонца. Харчаваўся ў сталоўцы, а то купляў прадукты і еў сухама.
У красавіку Максіму стала зусім дрэнна, блізілася трагічная развязка. Паэт пра гэта ведаў і яшчэ больш настойліва працаваў: думкі і пачуцці, якімі ён жыў, так і прасіліся на паперу.
Ужо пара дадому збірацца, -
Вечар позны, а час не стаіць.
Ах, калі б ты магла здагадацца,
Як не хочацца мне ўхадзіць.
Там, на вулцы, ні сівер, ні бура,
Там адно толькі - мрок, самата.
Але як я маркотна, панура
Да свайго пацягнуся кута.
Думкі нудныя зноў закружацца.
Сэрца чулае зноў забаліць…
Ах, калі б ты магла здагадацца,
Як не хочацца мне ўхадзіць.
Вось як апісвае апошнія хвіліны жыцця Максіма Багдановіча Артур Вольскі.
"У маі, калі на кожным скрыжаванні прадаўшчыцы кветак рады былі за пяць капеек падаць букецік пахкіх ружаў, паэт зусім абнямог. І у сваім лісце раптам мужна рашыўся адкрыцца бацьку: "Добры дзень, стары верабей. Маладому вераб'ю блага… Макроты ў мяне шмат, тэмпературы высокія, два разы ішла кроў…, з гэтага крывапацёку з ложка ўжо не ўстаю - аслаб канчаткова. Хутка пачнуцца спёкі, трэба будзе ад'язджаць з Ялты, а як у такім стане паедзеш? …"
Ліст адняў столькі сілаў, што Максім так і не дапісаў яго. Бяссільна апусціўся на абрыдлы ложак. Адзінае, што ён змог, - пацягнуцца рукой да кніжкі…Ліст так і астанецца неадасланым. Бацька прачытае яго, калі ўжо ў Ялце сына пахаваюць".
Ты быў, як месяц, адзінокі:
Самотна жыў, самотна ўмёр.
Хоць свет і людны, і шырокі,-
Ты быў, як месяц, адзінокі.
Красу, і светласць, і прастор
Шукаў - і, ад усіх далёкі,
Ты быў, як месяц адзінокі:
Самотна жыў, самотна ўмёр.
25 траўня 1917 года ўночы "у краіне светлай… у белым доме ля сіняй бухты" ён назаўсёды развітаецца з жыццём, пражыўшы няпоўныя дваццаць шэсць гадоў.
"Раніцай мора нарэшце супакоілася. Гаспадыня, падняўшыся на другі паверх, глянула на кватаранта і адразу зразумела: усё. Ён быў у яе не першы. Але гэты нечым адрозніваўся ад тых, іншых. Яна сама не ўсведамляла - чым. Вось і зараз ён ляжаў такі заспакоены, без слядоў пакуты на твары. Крыху нават усмешлівы. А рука прыціскала да грудзей кніжку з кароткай назваю - "Вянок".
Ці на пахаванне вянок? Ці на славу? Мы ўжо ведаем на славу. На славу сабе. На славу свайму народу."
Далёка ад роднага краю,
Чый вобраз па кроплі збіраў,
У трызненні белага маю
Самотны паэт паміраў.
Ён ведаў, што болей не ўстане,
Апошнія злічаны дні.
Чаму ж аніхто не загляне
З вялікай і мілай радні?
Нячасная доля - памерці
У смутку-тузе аднаму.
Дзвярыма на першым паверсе
Хтось грукнуў, здалося яму.
Во - крочыць па ўсходках рыпучых,
Во - клямкаю бразгае ўжо.
І стала ад шчасця балюча:
Няўжо гэта праўда? Няўжо?
О божа! Сама Вераніка!
Яго Вераніка стаіць!
Галоўкаю русай панікла,
Журботна, тужліва глядзіць.
Букет васількоў і рамонкаў
Сціскае ля сэрца рукой...
Праклятая богам старонка
Зайшла да паэта ў пакой!
- Ну што ж ты стаіш, Вераніка?
Не бойся! Бліжэй падыдзі!
Я столькі гадоў цябе клікаў -
І ўсё заставаўся адзін.
Я зведаў хвіліну адчаю
У гэтай чужой старане.
Цяпер адзінота, я знаю,
Навечна пакіне мяне...
За вокнамі пеніўся буйна
Захмелены ялцінскі май.
За вокнамі ўсплёснула бухта:
- Не плач, Вераніка! Бывай!
Яшчэ ты паспееш самотна
Наплакацца ў горкай журбе,
Яшчэ ты адчуеш, як моцна
Яго не хапае табе.
/Н.Гілевіч. Апошняе спатканне з Веранікай./
Суцешым сябе, як звычайна суцяшаюць у такіх выпадках у народзе. Як ва ўсіх праведнікаў, можа, быў і ў Максіма лёгкі канец. Ціха ахінула сваёю наміткаю непрытомнасць. І прыйшла маці, такая як у маленстве, і паклікала. Ён хацеў спачатку ад яе адхінуцца рукой: памяць яшчэ як бы ў статні раз падказала - нядобра, калі да сябе кліча нябожчык... Але маці паклікала зноў. Голас ласкавы, пяшчотны, якога ён не чуў, але на які ўсё як бы спадзяваўся праз усе астатнія гэтыя дваццаць гадоў без яе. І ён, шчаслівы ўжо ўпершыню бесклапотны, падаўся насустрач ёй..
Паэтычная зорка Багдановіча зіхаціць над усім светам, і ўсё ў новых і новых сэрцах, сэрцах чуйных да сапраўднай паэзіі, загараецца яе святло. І ў паэтычны вянок прысвечаных яму вершаў уплятаюцца ўсё новыя і новыя радкі.
Вось валошкі, рамонкі, ўюнок.
Ціха крочу сцяжынкаю вузкай.
Для цябе я збіраю вянок
Сціплых кветак зямлі беларускай.
Я зрываю і ружы, і мак,
І, напэўна, зрываю не першай
Для цябе, беларускі юнак,
За твае незабыўныя вершы.
Мне балюча і горка зусім,
Што зрабіць мне,
каб кветкі не звялі?
Што зрабіць,
каб, наш любы Максім,
Мог бы жыць і тварыць ты і далей.
Ды каму гэты кінеш папрок?
Не паможаш ні смуткам,
ні плачам.
Ты прымі гэты сціплы вянок
Ад сучасных мадон, ад зямлячак
Я не ўсё, што хацела, сказала,
У нашых сэрцах жывеш ты, павер.
І кахання, што знаў гэтак мала,
У цябе вельмі многа цяпер.
І твае чарадзейныя словы
Даказалі даўно ўсяму свету,
Як пяшчотна гучыць наша мова
У сапраўдных вялікіх паэтаў.
Беларусы табой ганарацца,
Тут імя тваё дорага ўсім,
І так хораша нам называцца
Землякамі тваімі, Максім.
/ Т. Дарошка./ Лідская ЦРБ імя Янкі Купалы.
Максім Багдановіч і Францішак Багушэвіч
Мальдзісаў афарызм, дарэчы вельмі назіральны і дакладны, я б яго назваў і вельмі аналітычны: "Мы ўсе выйшлі з Багушэвіча", - цалкам стасуецца і да Максіма Багдановіча. Ён і нарадзіўся ў 1891 годзе як раз пад акорды "Дудкі беларускай". Ён яе равеснік, аднагодак. Яна, гэтая "Дудка" і разварушыла яго, як і шмат каго іншага. Дый прозвішчы абодвух творцаў вельмі між сабою параднёныя, сугучныя - Багушэвіч і Багдановіч. Аснова ў абодвух больш чым высакародныя, Максім і Францішак творы ад Бога. Таму ім і было наканавана ў колішняй грамадскай імперскай цемры прабіваць для беларусаў святло. Максім Багдановіч у шмат якіх сваіх публіцыстычных нататках досыць часта спасылаўся на Мацея Бурачка, Сымона Рэўку з-пад Барысава. Прыкладам, у публікацыі "Неслухоўскі", датаванай 1910-1911 гадамі, стар. 183 том другі, поўны збор твораў 1993 г., Максім Багдановіч згадвае Ф. Багушэвіча як Мацея Бурачка. Далей, разважаючы пра новае пакаленне беларускіх пісьменнікаў ён гэтае пакаленне называе як слой Багушэвічавых наследнікаў, прынамсі сюды ён стасуе і Янку Купалу. Цытую: "Пачаў ён з шурпатых вершаў амаль не зусім зліўшыся з тагачаснай беларускай паэзіяй, напісанай пад Бурачка..."
Максім Багдановіч у сваім артыкуле "Белорусское возрождение" называе Францішка Багушэвіча "интересным белорусским деятелем" (стар. 27). У гэтым жа артыкуле Максім Багдановіч даў і кароткія біяграфічныя звесткі пра Фр. Багушэвіча. У гэтым жа артыкуле Максім Багдановіч дае і аналітычную характарыстыку Багушэвічавай творчасці. Прынамсі. Пра творчасць Ф.Б. Максім Багдановіч у згаданым артыкуле напісаў: "Его произведения, глубоко проникнутые национальным и демократическим духом, не блещют изяществом отделки, но зато отличаются большой энергией выражения. Стих его прост и суров, изредка эта суровость сменяется юмором. В предисловиях к своим книжкам Богушевич едва ли не первый явился проповедником всестороннего национальнога возрождения белорусов, доказывая, что они представляют отдельный самостоятельный народ",
Але найбольш выразна і акрэслена Багушэвічаў дух вітае ў Максімавым публіцыстычным абразку "Хто мы такія?" Працытуем з яго што кольвек:
"- Хто вы такія? Што вы за народ?
Так пытаюцца ў нас, простых людзей. Але мы і самі не ведаем.
Вакол усе кажуць: я - паляк, я - літвін, я - жыд.
А мы нават імя свайго народа забыліся. Вось і адмаўляем: я - праваслаўны, я - католік. Але ж гэта названне нашай веры, а не нашага народа.
Каталікі часам спрабуюць звацца палякамі, бо вера ў іх тая ж. Але варта толькі пачуць польскую гаворку, каб пераканацца, што гэта не такі народ, як мы.
Другія, а надта праваслаўныя, называюць сябе рускімі. Але калі глянуць на рускіх з-пад Масквы або з-пад Кіева, дык шмат у чым пабачым рожніцу між намі ды імі.
Гэта таму, што рускіх народаў тры. Усе яны аднаго кораню. Але шмат часу жылі паасобку. І так сталася з іх тры розных рускіх народы; у кожнага - сваё найменне. Свая гаворка, свае звычаі, свае песні. Свая вопратка.
Адзін рускі народ жыве пад Масквою і далі; завецца ён велікарускім. Другі жыве пад Кіевам і завецца ўкраінскім.
Мы - трэці народ рускага кораню. Завемся беларусамі, і старонка наша завецца Беларусь. Ёсць паміж нас праваслаўныя, ёсць і каталікі, але народ з нас адзін, бо ўва ўсіх адна гаворка, адны звычаі, адны песні, адна вопратка, адзін лад жыцця.
Беларусы! Мы - вялікі народ, нас дванаццаць мільёнаў, шырока раскінуліся мы і спрадвеку жывём тут. Гэта наш край. Наша старонка. Калісьці ў нас было сваё гасударства. Скрозь чутно было нашу беларускую гаворку. У ёй пісалі законы, разбіралі справы па судах, вучылі ў школах, друкавалі кнігі, спраўлялі набажэнствы ў царквах ды касцёлах. І ўсе размаўлялі па-нашаму: і чыноўнікі, і папы, і паны над панамі, і вялікія князі, што правілі гасударствам.
Праз соткі год жылі мы так, не даючыся нікому; але,урэшце, перамаглі нас палякі і запанавалі ў нашай беларускай старонцы. А калі знішчылі Польшчу, дасталіся мы Расіі.
Жывём мы паміж палякаў і велікарусаў, народаў моцных, і маем шмат крыўды ад іх. Бо ёсць велікарусы, што намагаюцца, каб мы забыліся на ўсё сваё, беларускае, выракліся яго ды звярнуліся ў велікарусаў, гаварылі б і жылі па-іхняму. Ёсць і палякі, каторыя таксама хочуць змяніць нас на свой капыл, каб і мы сталіся палякамі.
Агляніцеся: усё наша роднае, беларускае, марнуецца, нішчыцца, знікае. Бо яго забіваюць, яго прыглушаюць, ім пагарджаюць, а чужое пануе, пашыраецца. Мае сабе пашану і павагу. І - хто ведае? - быць можа. пройдзе колькі часу, і не пазнаем мы ані нашага краю, ані нашых дзяцей. І будзе скрозь усё чужое, нязвычнае. А свайго роднага - нічога.
Дык няхай жа не станецца так! Не пакінем свае гаворкі, сваіх песняў, сваіх звычаяў - свайго кроўнага, спрадвечнага, беларускага. Не адракомся, не забудзем, не кінем на глум; будзема шанаваць, бараніць. Дзецям сваім аб тое запавядаць.
Нялёгка нам вытрываць. Мы людзі цёмныя, людзі бедныя. Цяжкае наша жыццё, горкі наш хлеб. Вялікую крыўду маем мы. Ёсць шляхі да лепшай долі, ды не бачым мы іх праз сваю цемнату. Але не ўсягды будзе так. Чытайма, браткі, кніжкі і газеты, пісаныя ў нашай беларускай гаворцы. Тады прыйдзе канец нашай цемнаце, праясняцца нашыя вочы, і кожны крок, што мы ступім па зямлі, будзе крокам да блізкага шчасця, да светлага жыцця.
(1915г.)
Пагадзіцеся, працытаваны Максімаў публіцыстычны абразок ці, мо лепей сказаць, публіцыстычная замалёўка, ввельмі сугучная з Прадмовай Мацея Бурачка да ягонай "Дудкі Беларускай"...
Невыпадкова, мусіць, менавіта гэтыя словы, гэты Максімаў тэкст, скарочаны былі прапанаваны сёлета для ўсебеларускай нацыянальнай дыктоўкі, каб яшчэ раз нагадаць беларусам, што яны беларусы і запэўніць, калі гэта адбудзецца, Беларусь дачакаецца "залацістага яснага дня" паводле слоў самога Максіма Багдановіча.
Між іншым, гэта, мусіць, знамянальнае супадзенне, што мы сёлета адзначаем з 120-цю гадовымі народзінамі Максіма і 120-ю - гадавіну "Дудкі Беларускай".
Сёлета, як і ў папярэднія гады. Таварыства беларускай мовы зладзіла дыктоўку года. Натуральна, тэмай сёлетняй дыктоўкі было абрана імя Максіма Багдановіча з нагоды яго стодваццацігоддзя. На згаданую дыктоўку прыйшоў і студэнт другога курса эканамічнага ўніверсітэта Сяржук Чылікін-Садэльскі з сваім вершам, прысвечаным Максіму Багдановічу, які вельмі пасуе да юбілею нашай паэтычнай Зоркі. Між іншым, у свае школьныя гады ён выдаў аж тры літаратурныя кніжачкі. Сярод іх і сваю любімую "Кветку маю Беларусь".
Уладзімір Содаль
Максіму Багдановічу
Хай мая будзе такая прадмова:
Не згіне ніколі беларуская мова,
Пакуль беларусы
яе будуць трымацца,
Краіну і культуру
шанаваць, не цурацца.
Не забываць тых вялікіх сыноў,
Што не шкадавалі сваіх светлых галоў.
Змагаліся на нашай зямельцы з благім.
І адзін з тых сыноў -
Багдановіч Максім.
Нядоўга давялося на свеце пражыць,
Але шмат чаго паспеў зрабіць
За свой імклівы яркі век
Наш беларускі Чалавек.
Маладым надрукаваны
ў "Нашай Ніве",
"Музыка" -
твор надзвычай праўдзівы.
Потым уласны зборнік "Вянок",
Але больш зрабіць не паспеў,
не змог...
Хвароба яго падкасіла.
Выцягнула ўсю жыццёвую сілу,
І хутка здарылася страшнае гора:
Пакінуў паэт жыццёвае мора.
Можа, яшчэ б тварыў і тварыў,
Але лёс па-другому выбар зрабіў:
Як зорка-знічка, асвятліў небасхіл
І знік сярод аднародных магіл.
Але бессямяротнасць ужо існуе,
Бо памяць людская вякамі жыве,
І не самотны наш паэт,
Вядомы на ўвесь беларускі свет.
Сяргей Чылікін-Садэльскі.
Літаратурныя сустрэчы да 120-годдзя Максіма Багдановіча
У сярэдняй школе вёскі Ганчары Лідскага раёна і ў Лід-скім каледжы прайшлі творчыя сустрэчы вучняў, студэнтаў і выкладчыкаў з беларускімі паэтамі Леанідам Дранько-Майсюком і Эдуардам Акуліным.
У перапоўненых аўдыторыях навучальных устаноў паэтаў горача віталі прыхільнікі іх творчасці і беларускай паэзіі. Моладзь пазнаёмілася з іх новымі творамі, а таксама з шэдэўрамі класіка беларускай паэзіі Максіма Багдановіча, 120-годдзе якога будзе адзначацца 9 снежня. Менавіта такім чынам, на думку Леаніда Дранько-Майсюка, варта знаёміць моладзь з паэзіяй Багдановіча:
- Я проста ўпэўнены, што пасля сённяшняй сустрэчы нашы дзеткі разгорнуць кнігі Максіма Багдановіча, пачнуць чытаць па-новаму, будуць вучыць на памяць вершы Максіма Багдановіча, якія па сваёй глыбіннай сутнасці з'яўляюцца нашай нацыянальнай беларускай рэлігіяй.
Таксама ў часе творчых сустрэч з моладдзю Лідчыны прайшла прэзентацыя пятага нумара літаратурнага часопіса "Верасень". Прэзентаваў часопіс яго галоўны рэдактар Эдуард Акулін.
Л. Дранько-Майсюк парадаваў вучняў Ганчарскай школы экспромтам пра в. Ганчары:
Для вас, шаноўныя сябры,
Зраблю такі акцэнт,
Што ваша вёска Ганчары -
Сапраўдны дыямент.
Такія экспромты паэт стварае для кожнай вёскі, у якую прыязджае, каб жа толькі хто запісваў.
З асаблівым энтузіязмам і вучні Ганчарскай школы, і навучэнцы каледжа прымалі лірычныя і патрыятычныя песні Эдуарда Акуліна.
Лілея Крупкіна.
У Гомелі паставілі спектакль, прысвечаны Максіму Багдановічу
Спектакль назвалі "Максім і Магдалена" - як адзін з найвядомых твораў беларускага класіка.
2 снежня ў Гомельскім абласным драматычным тэатры прайшла яго генеральная рэпетыцыя. А для тых, хто прыйшоў сюды, гэта быў амаль што прэм'ерны паказ. Сцэнарый драмы "Максім і Магдалена" быў адмыслова напісаны да святкавання 120-годдзя з Дня нараджэння беларускага паэта.
Прадстаўлены твор адлюстроўвае невялікі адбітак з жыцця класіка. З дапамогай гомельскіх акцёраў гледачы змогуць трохі наблізіцца да апошніх гадоў жыцця паэта, паслухаць вершы пад гукі фартэпіяна, прасякнуцца перажываннямі Багдановіча, які пакутаваў як фізічна, так і маральна.
У п'есе "Максім і Магдалена" пераплятаюцца сапраўдны лёс паэта, а таксама яго мары, якія збыліся і якія не спраўдзіліся .
Наш кар.
Віншуем сяброў ТБМ, якія нарадзіліся ў снежні
Абдулаева Святлана Іосіф. Адамоніс Валянцін Канстанц. Аксючыц Галіна Уладзімір. Аксючыц Ганна Аляксандр. Алейнік Віталь Андрасовіч Таццяна Валянц. Аношка Любоў Іосіфаўна Антаноўская Людміла Анцыповіч Мікалай Арцюшэнка Вікторыя Уладз. Атрахімовіч Вячаслаў Аўласка Ала Афанасенка Кацярына Уладз. Багінская Аўгіння Ніна Багнюк Любоў Баеў Канстанцін Генадзевіч Бандарчык Вікторыя Ігар. Бартошык Наталля Пятроўна Бацян Валянціна Бацяноўскі Аляксандр Рыг. Баярчук Алена Бедка Іван Іван Берняковіч Іна Бойка Валянцін Юр'евіч Буданаў Зміцер Львовіч Букачова Алена Уладзімір. Бурак Жанна Генадзеўна Бурносаў Раман Генадзевіч Бусловіч Святлана Анатол. Вабішчэвіч Аляксандр Мік. Вайдашэвіч Жанна Пятроўна Верабей Янка Міхайлавіч Водзіч Наталля Волкава Ала Гагуліна Юлія Аляксандр. Гайдаровіч Анжэліка Галіноўская Ніна Васільеўна Галкоўскі Аляксандр Алякс. Гарох Мікалай Гарэцкі Радзім Гаўрылавіч Гацкі Уладзімір Венядзімавіч Гінько Марыя Уладзімераўна Гнятуля Алег Аляксандравіч Гракун Валянціна Іосіфаўна Грамыка Алена Віктараўна Гром Ігар Віктаравіч Груздзеў Аляксандр Ігаравіч Грыневіч Ганна Грыцаў Тарас Грэйт Таццяна Міхайлаўна Грэская Браніслава Гук Уладзімір Пятровіч Гурыновіч Генадзь Аркадз. Дабрынец Аляксей Васіл. Давідовіч Дзмітрый Даманава Лідзія Дзмітрыеўна Дамарацкі Аляксандр Уладз. Дашкевіч Г. С. Дзвілянская Бэла Дземідовіч Ігар Славаміравіч Дзем'яновіч Т. А. Дзяменцева Ірына Донаў Павел Пяіровіч Доўжык Андрэй Ігаравіч Дрозд Юля Дунецкі Тадэвуш Віктаравіч Дучыц Людміла Егіпцава Таццяна Уладзімір. Ермалёнак Марыя Георгіеўна Еўдакіменка Святлана Жаўнярчук Ларыса Васіл. Жучкова Наталля Яўгенаўна Захарэвіч Андрэй Леанідавіч Зелянко Вольга Уладзімір. Зімніцкая Ірына Ільініч Дар'я Сяргееўна Каваленка Святлана Пятр. Кавалеўскі Сяргей Кажан Анатоль Лазаравіч Казачок Ларыса Калыска Ірына Каляда Ірына Камароўскі Андрэй Уладзім. Кардаш Глеб Каржэўскі Віктар Мікалаевіч Каркота Анэліка Кастанаў Аляксандр Кашчэеў Аляксандр Клімковіч Ірына Яўгенаўна Клок Валянціна Конан Генадзь Краўчук Сяргей Курневіч Лізавета Васільеўна Курчынскі Браніслаў Браніс. Курыльчык Мікалай Пятр. Кутырло Віталь Эдуардавіч Лабковіч Мікалай Мікалаевіч Лашук Міхаіл Лемцюгова Валянціна Пятр. Логаш Уладзімір Міхайлавіч Логвінава Вольга Іванаўна Лозка Алесь Юр'евіч Лукашэвіч Алена Лук'янцаў Алег Лявіцкі Ягор Вацлававіч Макарэыіч Нікадзім Алякс. Малахаў Зміцер Мамай Часлава Чаславаўна Марговіч Людміла Васіл. Матчэня Алег Мікалаеў Андрусь Васіл. Мілаш Валеры Уладзіслав. Міткавец Аляксандр Мішкевіч Інэса Вітольдаўна Мядзведзева Валянціна Мядзюта Аляксандр Ніканаровіч Генрых Нікіціна Зінаіда Новік Мікалай Аляксандр. Новік Таццяна Падгол Уладзімір Паляшчук Наталля Панцялей Аляксандр Уладз. Папека Мікалай Пархімовіч Сяргей Аляксан. Паўлавіцкі Станіслаў Пека Зоя Пятроўна Піменава Алена Анатольеўна Пішчулёнак Марына Плакса Ўладзімір Пантус Сяргей Іванавіч Поцька Віталь Станіслававіч Пракаповіч Ігар Міхайлавіч Прыбыльская Наталля Пятроўская Алена Аляксанд. Раеўскі Аляксандр Аляксанд. Русецкая Ала Рыжая Аляксандра Васіл. Савіцкая Тэрэза Міраслав. Садовіч Юры Аляксандравіч Сакалоў Багдан Анатольевіч Свідуновіч Галіна Севярынец Павел Канстанц. Семяненка Таццяна Леанід. Сівы Сяргей Скуратовіч Аляксей Анатол. Слінько Аляксандр Віктар. Сныткіна Вольга Анатол. Станішэўскі Віталь Валянцін. Станкевіч Наталля Аляксанд. Стралко Валер Васільевіч Супаненка Павел Ігаравіч Талерчык Аляксандр Сямён. Трафімчык Таццяна Уладзім. Трушко Уладзімір Урублеўская Лізавета Мікал. Фунт Аляксандра Халезіна Дзіяна Хальпукова Вольга Харак Анастасія Уладзімір. Хітыкава Галіна Уладзімір. Худанёнак Ірына Цівончык Мікалай Канстанц. Ціханчук Алена Ігараўна Цыва Андрэй Вітальевіч Цыцыліна Таццяна Міхайл. Чуйко Аляўціна Аляксееўна Шалахоўскі Аляксей Леанід. Шалкоўская Людміла Віктар. Шаравар Мікалай Лазаравіч Шаршун Алена Сяргееўна Швед Аляксандр Аляксандр. Шушкевіч Станіслаў Станісл. Шчэрбік Зміцер Васільевіч Шыманец Віржыня Шымук Марыя Дзмітраўна Шыцёнак Наталля Шышко Іван Валянцінавіч Шэпетаў Мікалай Васільевіч Юданаў Віктар Канстанцін. Юшкевіч Міхаіл Валянцін. Яўменаў Альберт Піліпавіч
Багдановічаву «Пагоню» ў Горках слухалі стоячы
У Горках вечарына да 120-х угодкаў Максіма Багдановіча адбылася з ініцыятывы мясцовага прадпрымальніка, сябра КХП-БНФ Віктара Каралькова.
Прапанову Каралькова падтрымала адміністрацыя раённага дома культуры, у якім і праходзіла вечарына. А напярэдадні дзесяць мясцовых бізнэсоўцаў абвясцілі акцыю - той, хто будзе мець квіток з імпрэзы, атрымае зніжку на іх тавары і паслугі.
Каралькоў: «Я хачу, каб людзі павярнуліся да Беларусі, каб беларушчына стала для іх абсалютнай каштоўнасцю. Мяне ўсцешыла, што іншыя прадпрымальнікі адгукнуліся на нашу прапанову. Спадзяюся, такім чынам мы закладзём традыцыю ахвяраванняў на карысць Бацькаўшчыны. Усцешыла мяне і тое, што на вечарыну прыйшло столькі людзей ды яшчэ ў такую непагадзь. І дзяцей многія прывялі. Гэта не апошняя імпрэза да юбілею Багдановіча - будуць яшчэ».
Паслухаць вершы ды песні на словы класіка, а так-сама прысвечаныя яму, у дом культуры прыйшлі больш за пяцьдзясят чалавек. Выступалі горацкія паэты Лідзія Мініч, Наталля Ніканчук, Людміла Дзерушкова ды менскія госці - спявачка беларускай дзяржаўнай філармоніі Тацяна Грыневіч-Матафонава з сынам Адасём.
А Багдановічаву «Пагоню», наш маральны гімн, людзі слухалі стоячы.
Наш кар.
Звіняць жаўрукі ў Чарнобыльскім небе
Фрагменты з дакументальнага рамана
(Працяг. Пачатак у папяр. нумарах.)
Івана Васільевіча Капітонава ў кабінеце не было. На паседжанні Палітбюро. Памочнік пачаў тлумачыць, як намесніку старшыні Дзяржплана СССР хуценька прайсці з гэтага будынка па доўгіх калідорах ЦК КПСС у суседні, дзе засядае Палітбюро. Раптам сам вызваўся правесці Мікалая Мікітавіча. На пасады памочнікаў і рэферэнтаў у такія ўстановы трапіць не так проста.
- Што мне там рабіць?
- Не ведаю. Скажуць. Высокія людзі вас выклікаюць.
У прыёмнай Генеральнага сакратара ЦК КПСС Юрыя Уладзіміравіча Андропава нямала людзей, Слюнькова сходу запрасілі ў кабінет.
Сур'ёзнасць, велічнасць і прастата абстаноўкі Палітбюро ўразілі. У гэтым кабінеце Слюнькоў першы раз.
- Пра смерць Ціхана Якаўлевіча вам сказалі?
- Пятнаццаць хвілінаў таму.
- Каго параілі б на пасаду першага сакратара цэка капэбэ?
Толькі што Слюнькоў разгубіўся ад тэлефонных незразумелых пытанняў Капітонава, яшчэ мацней разгубіўся ад цяперашняга, генсекаўскага.
- Усё жыццё я эканаміст. У Дзяржплане займаюся пытаннямі эканомікі. Баюся памыліцца з парадаю. У партыйных кадрах я… я… слабаваты… Выдатных кіраўнікоў у Мінску шмат.
- Выдатны чалавек і спецыяліст на такой пасадзе - гэтага мала. Дык усё-такі каго?
- Ей-Богу не ведаю, Юрый Уладзіміравіч. Эканаміст я ўсё жыццё, у партыйнай рабоце…
- Ей-Богу, ей-Богу, - твар генсека палагоднеў. - Наша галоўная палітыка цяпер - эканамічныя пытанні. Заржавелі мы моцна. - З мяккім прыціскам: - Мы сабраліся паслухаць вашу думку, запрасілі абмеркаваць сітуацыю.
Мікалай Слюнькоў не на Палітбюро, у горле доменнай печы. Горача, ледзь не задышна. Людзей бачыць і не бачыць. Дасведчаны чалавек, які няраз быў на кані і пад канём, чуе сэрцам і розумам, трэба асцерагацца з любым словам, асцярожніць у ацэнках, тым не меней не можа ўсё ясна ўсэнсоўваць. Прамаўляе вынашанае, адзіна неабходнае. Хваліць Беларусь, кіраўнікоў.
Некалькі прозвішчаў вядомых беларускіх дзеячаў назвалі Капітонаў і Андропаў. Усіх Слюнькоў ацаніў станоўча.
...Юрый Андропаў прыўзнімае пальцы левай, апускае.
- Мы рэкамендуем вас, Мікалай Мікітавіч. - Сузірк на членаў бюро, на Слюнькова. - Эканаміст вы, эканаміст; савецкая палітыка зараз найперш эканамічная. Вось і едзьце паднімаць эканоміку.
Жыццёвае кола мае здольнасць круціцца паўторна. Не так даўно, проста зусім нядаўна, нейкіх адзінаццаць гадоў таму Слюнькову прапаноўвалі ў Мінску стаць партработнікам, першым сакратаром Мінскага гаркама, адмаўляўся, цяпер усё паўтаралася. На большым вітку, агромністым вітку. Спужаўся не пасады - адказнасці.
Адмаўляецца Слюнькоў, паўтарае: ён эканаміст, чысты эканаміст.
- У вас будзе багата дарадцаў, памочнікаў. Мы паможам.
- Мікалай Мікітавіч працуе штосуботы, можа ў Мінску ў яго стане паболей выхадных, - задаволена смяецца Іван Капітонаў.
Не стала. Вялікая партыйная пасада яшчэ больш зменшыла ў Слюнькова колькасць выхадных.
У самым неверагодным чарадзейным сне сын беларускага селяніна Мікола Слюнькоў не мог уявіць, што праз нейкія пяць гадоў ад вырашальнай размовы з генсекам Андропавым, усяго пяць гадкоў ад імя ўсёй партыі камуністаў Савецкага Саюза, як дастойны з дастойных, ад Палітбюро ЦК КПСС ён выступіць з дакладам у гонар 71-й гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі - "Разгарнуць стваральныя сілы сацыялізму".
Уявіць не мог такое Слюнькоў, члены Палітбюро не маглі падумаць. Але так станецца. Замест генсека, з даверу генсека Гарбачова і сакратарыяту чытацьме даклад для краіны СССР Мікалай Слюнькоў.
…Кіраўнікі дзвюх вялікіх суседніх рэспублік практычна не ведалі сітуацыі на ЧАЭС. Масква заварыла кашу, Масква планавала ўсё, калі не ўтаіць, то спусціць на тармазах, балазе досведу набраліся ў Маяку пад Кыштымам неўздалёк ад Чалябінска. Гідрамет СССР ведаў, урад СССР ведаў, яны - нічога, амаль нічога. Яшчэ хвіліну беларус і ўкраінец паталкавалі пра сённяшнюю суботнюю працу. Адключыліся.
Суботні дзень цёк непрыкметна - паперы, званкі, сустрэчы. У нядзелю пра нязначную аварыю ў электрасетках і ЧАЭС ніхто Слюнькову не азываўся.
Дваццаць восьмага красавіка, панядзелак. У вялікім гмахкім Мінску ўжо ёсць людзі, іх адзінкі, якія не могуць хадзіць і размаўляць спакойна. Гэта працаўнікі радыелагічнага інстытута ў Соснах, прыгарадзе сталіцы. Яшчэ ў суботу яны звязаліся з сваім дырэктарам прафесарам Васілём Несцеруком, абмалявалі сітуацыю. Інстытуцкія дазіметры адзначалі моцна павышаную радыеактыўнасць.
- У нядзелю выязджаю ў Мінск, - вырашыў перапыніць камандзіроўку Несцярук.
З самай раніцы ў панядзелак у інстытуце пераканаўся пра значнае павышэнне радыяцыі не ў адным, двух, а ў многіх месцах, адобрыў, што супрацоўнікі пазакрывалі вокны, кроплямі ўжываюць ёд, папярэджваюць блізкіх.
Несцярук ехаў да прэзідэнта Акадэміі навук Беларусі Мікалая Барысевіча. Тэрмінова паведаміць пра ліхаманку на дазіметрах у Соснах. Зашкальвалі. Дзе ні мералі, фаніла.
Выпадкова праверыў фон у легкавіку - павышаны. Справа пахла вялікай газай. Няшчасце ўпала прама з неба. Думка пра мажлівасць аварыі на якім-небудзь атамным аб'екце.
Пакуль знойдзе прэзідэнта акадэміі, дачакаецца чаргі, пагавораць, страціцца дарагі час. Неабходна біць у званы.
Павярнулі да кіраўніка рэспублікі, першага сакратара ЦК КПБ. Паказаў партбілет - калі ласка, праходзьце. Ніхто не мог падумаць, што пройдзе некалькі пасляперабудовачных гадоў, і ў гэты дом зможа прайсці рэдкі наведнік, для праходу патрэбна будзе шмат рэгістрацыяў, сузгадненняў.
У прыёмнай першага тоўпіўся народ. Прыйшлося чакаць. Нарэшце Несцярук выкладае пра страхі радыяцыі, незразумеласць з'яўлення яе на чыстай Беларусі.
- Электрасвятло ў некалькіх раёнах Гомельшчыны ў ноч на суботу прападала. Украінскія сеткі выбівалі. Толькі што звязваўся з Шчарбіцкім. Нязначны пажар на ЧАЭС. Дзесяць чалавек загінулі, пажар ліквідавалі. Сітуацыя пад кантролем, - паведамляе навіны Несцеруку Слюнькоў, супакойвае.
Пра вялікую небяспеку Беларусі ад радыяцыі размовы практычна не было, як і думак пра гэта ў Слюнькова. Трывога славутага адказнага перад народам навукоўца перадалася партыйнаму кіраўніку. У прысутнасці Несцерука Слюнькоў зноў тэлефануе першаму сакратару кампартыі Украіны. Абодва выслухоўваюць дапаўненне да першага паведамлення Шчарбіцкага: дзевятнаццаць чалавек абпраменіліся, спецрэйсам павезлі ў Маскву.
- Чаму ў Маскву?
- Мабыць, сур'ёзна абпраменіліся. У Кіеве лячыць такіх яшчэ не ўмеюць. Сітуацыя пад кантролем. Вам, Мікалай Мікітавіч, першаму паведамлю любыя навіны. - Маўчанне. - Ад Ізраэля званілі нашым гідраметаўцам толькі што, супакойвалі. Прасілі не паднімаць панікі. Небяспекі ні для кога няма.
Уладзімір Шчарбіцкі паведамляе пра суботні вячэрні прыезд камісіі з Масквы. Узначальвае намеснік старшыні Урада СССР Барыс Шчарбінік, у камісіі міністр атамнай энергетыкі Маёрац.
- Ні з кім практычна не размаўлялі, нікуды не заязджалі. У легкавікі і ў Чарнобыль.
Васіля Несцерука дапаўненне размовы двух першых насцярожыла:
- Штосьці значнае. Утойваюць. Такія камісіі з-за драбязы не ствараюць тэрмінова.
Несцярук працягвае сваю лінію. Людзі з інстытута паехалі на Гомельшчыну, хутчэй трэба разабрацца. Хоць бы не было там што сур'ёзнае. Патрэбна папярэдзіць насельніцтва, няхай прафілактычна люд кроплямі ўжывае ёдную настойку.
- Чулі маю размову. Болей нічога дадаць не магу. Вы карысць і шкоду радыяцыі ведаеце, я - не. Толькі, Васіль Барысавіч, не падымайце панікёрнай хвалі.
- З ёдам, прафілактычна, як быць?
Сузіраюцца
- Не ведаю. Не ўзнімайце панікёрскую хвалю. Райцеся з службай Саўчанкі.
Мікалай Аўсеевіч Саўчанка - вядомы прафесар, міністр аховы здароўя Беларусі, аўтарытэтны ў народа доктар медыцынскіх навук,
Слюнькоў звоніць Кавалёву.
Несцярук з супрацоўнікамі інстытута едзе на Гомельшчыну. Без прынукі і каманды навукоўцы, як можна, мераюць радыяцыю.
Над ЧАЭС, прылеглымі раёнамі ноччу і ўдзень дваццаць шостага красавіка кругаляў незвычайны самалёт - радыеметрычная лабараторыя. Менавіта дадзеныя гэтай лабараторыі наймоцна ўстурбавалі міністра атамнай энергетыкі СССР Маёрца, старшыню Дзяржгідрамета СССР Ізраэля.
І старшыню ўрада краіны Мікалая Рыжкова. На заўсёдныя эківокна-нявызначаныя спасылкі генсека Міхаіла Гарбачова - трэба пачакаць, няхай сітуацыя на ЧАЭС усталюецца - ветлівы мяккі Рыжкоў адказаў валявым самастойным рашэннем. Дваццаць шостага красавіка ў дванаццаць гадзін дня Рыжкоў падпісвае пастанову пра стварэнне Урадавай камісіі па ацэнцы і ліквідацыі наступстваў недарэчнай аварыі, жахлівай катастрофы.
"Гэта была тэхнагенная катастрофа, выдаткі сусветнай навукі. Удар па ўсёй атамнай сістэме", - скажа аўтару праз гады асцярожны пенсіянер Мікалай Слюнькоў.
Аб'ектыўка. У гэты самы час, у панядзелак, дваццаць восьмага красавіка, адбылося вузкае паседжанне Палітбюро ЦК КПСС. Абмяркоўвалі адно пытанне, нечаканае, надта непрыемнае - як хутчэй і танна патушыць выбух на ЧАЭС. Што канкрэтна прапаноўваць па ліквідацыі аварыі. Яснасці ніякай. Прапановаў не зрабілі. Члена Палітбюро Уладзіміра Шчарбіцкага і кандыдата ў члены Палітбюро Мікалая Слюнькова не запрасілі.
На заўтрашнім паседжанні Палітбюро абодвух кіраўнікоў самых пацярпелых ад выбуху рэспублік зноў не было. Расшыраных паведамленняў, вырашылі, нікуды не даваць. Пра гэта не ведалі ні Слюнькоў ні Шчарбіцкі. Што ўтойвалі кіраўнікі КПСС нават ад сваіх давераных і прызначаных, невядома да гэтага дня.
Шмат не ведалі нават яны, кіраўнікі датычных да аварыі рэспублік.
У тую злашчасную суботу, усю нядзелю, да абеду ў панядзелак з Масквы ніхто Мінску не абазваўся пра выбух на ЧАЭС.
Урадавая камісія ў суботу праз Кіеў дабралася да Чарнобыля. Былі ў Слюнькова кароткія тэлефонныя стасункі з Шчарбіцкім, Кавалёвым, раніцаю ў панядзелак працяглая размова з Несцеруком, - а хоць якой яснасці па сітуацыі не было.
"Цяпер мне зразумелая абрыўкавасць інфармацыі. Ніхто ў краіне не ўяўляў маштабаў катастрофы. Толькі ў панядзелак пасля абеду з Масквы прыйшло першае тэлефоннае паведамленне - на ЧАЭС адбылася аварыя, сітуацыяй займаецца Урадавая камісія", - праз гады ўспамінаў пенсіянер Слюнькоў. - Ніякіх ацэначных рэкамендацый нам не далі".
У аўторак, ураніцы ніякіх папярэджванняў ні з адной арганізацыі Масквы пра радыяцыйную небяспеку ва Урад і ЦК КПБ зноў-такі не паступала.
Пройдуць месяцы, гады, няздарства сітуацыі стане ясна ўсім на Беларусі, людзі справядліва будуць абвінавачваць кіраўніцтва рэспублікі - утойвалі жахі радыяцыі, не папярэджвалі народ, нават ёдавую прафілактыку распачалі позна, а ўтойваць не было чаго. Украінскія ліквідатары з 731 спецыяльнага ўдарнага батальёна не маглі папярэджваць беларусаў, а каб маглі - не мелі дазволу, каманды.
Масква фактычна трое сутак не праясняла сітуацыю, пагульвала ў няведанне, нязначнасць здарэння. Беларускае кіраўніцтва, заўжды паслухмянае перад саюзным, як бы радавалася ўласнаму немацтву. Актыўнасці па вытлумачэнні сітуацыі не праяўляла. Чакала ўказанняў.
Пацерпіць здароўе людзей…
Пры чым тут здароўе, Маскве патрэбна лакалізаваць пажар, выкіды, з рэактарам дайце разабрацца, не лезьце з сваім беларускім драбноццем…
Мажліва, канкрэтна так не думаў ні адзін кіраўнік у саюзнай сталіцы, аднак паводзіліся многія менавіта так - непрыстойна, як чужынцы. Апраўданне, як пасля ў беларускіх і ўкраінскіх кіраўнікоў - яны не ведалі.
Чаму зараней не лічылі, чаму не ведалі?
Націсні на пару кнопак, і табе прынясуць разлікі ўсіх варыянтаў на стагоддзе наперад. Няведанне - апраўданне слабых і няздарных, апраўданне падначаленцаў і папіхічаў. А ты кіраўнік, не пешка; ты атрымаў не толькі крэсла, грошы і абслугу - адказнасць. Заняў пасад - вывуч толкам справы папярэднікаў, ранейшыя.
У краіне, дзе кіравалі рабочыя і сяляне, нахрапныя ваякі і партыйцы, занадта многае ішло па прынцыпах "сыйдзе; гэта не пры мне зачыналася, я нічога не абяцаў; не высоўвайся; будзе каманда - будзем варушыцца…"
Да бедаў здароўю малых і старых, нанесеных аварыяй, нячулыя кіраўнікі былі далёкія.
V
У краіне няма грошай. Атамную энергетыку развіваць патрэбна. Яна найболей хуткі спосаб атрымання таннай энергіі. Валерый Лягаса быў адным з выканаўцаў найважнага дзяржаўнага заказу, стварэння новых рэактараў, хаця на другарадных ролях. Пад кіраўніцтвам непасрэднага шэфа, прэзідэнта Акадэміі навук СССР Анатоля Аляксандрава распрацоўваў рэактар РБМК аддзел Аляксандра Калугіна. Гэта ён першы ў Маскве атрымаў сігнал "адзін, два, тры, чатыры" - ядзерная небяспека, радыяцыйная, пажарная, выбуховая. З чатырох мажлівых небяспекаў прысутнічалі ўсе чатыры.
Пагоня за танным і хуткім багаццем прывяла краіну да лагічнага завяршэння працы "на авось".
У краіне СССР адсутнічаў спецыяльны закон аб выкарыстанні ядзернай энергіі, гэта не замінала стварэнню двух відаў атамных рэактараў.
Базавымі арганізацыямі энерганагляду СССР былі Аддзел ядзернай бяспекі Фізіка-энергетычнага інстытута, у якім працаваў Валерый Лягаса, і Лабараторыя ядзернай бяспекі інстытута атамнай энергіі імя І.В. Курчатава. Аддзел (распрацоўшчык) і Лабараторыя (эксплуатоўны бок) падпарадкоўваліся аднаму міністэрству. Адначасова прадстаўлялі навуковае кіраўніцтва і былі адказныя за бяспеку АЭС. Разам з эксплуатацыйнікамі.
Валер Санько
Нагародавічы
Нагародавічы ў XVI - пачатку XVII ст. уласнасць сям'і Вельямінаў-Руцкіх. "Слоўнік геаграфічны..." піша, што тут адбыўся першы з'езд уніяцкай капітулы пад кіраўніцтвам мітрапаліта Іосіфа Руцкога. Першая драўляная царква была так сама пабудавана мітрапалітам Руцкім, аб чым сведчылі дакументы якія знаходзіліся ў царкве яшчэ на пачатку XX ст. Пра царкву "Слоўнік геаграфічны..." паведамляе, што да перабудовы 1894 г. яна захоўвала свой першапачатковы выгляд (Słownik Geograficzny Krуlewstwa Polskiego ... Warszawa . 1895. Т. 14. S . 558.) .
Гісторык Жуковіч П.Н. цытуючы першага біёграфа мітрапаліта Руцкога Рафаіла Корсака паведамляў: "Руцкі прыйшоў да думкі пра неабходнасць больш трывалай пастаноўкі ўсей справы ўладкавання жыцця манахаў, каб пасля яго смерці справы не прыпыніліся. З гэтай мэтай ён склаў статут Базыліянскага ордэна і на Нагародавіцкай кангрэгацыі палажыў заснаванне самага ордэна". І далей: " Як вядома, толькі да часу першай (Нагародавіцкай) базыльянскай кангрэгацыі 1617 г. Руцкі напісаў ...першы том правілаў манаскага жыцця" . У дакуменце ўніяцкай царквы 1824 г. "О средствах умножения в Греко-униатском духовенстве просвещения" ёсць такі адрывак: "Каля 1615 г. уніяцкі мітрапаліт Іосіф Вельямін Руцкі задумаў даць іншае ўладкаванне цэлай рускай іерархіі і ў ёй адукацыі духавенства. ...Таму па радзе езуітаў і па узору іх ордэна ён даручыў ордэну базыльянаў клопат аб свецкіх вучылішчах і на гэта атрымаў дазвол у папы Паўла V . 3 снежня 1615 г. ...мітрапаліт завёў такія вучылішча, а ў 1617 г. яны ўжо былі ў Наваградаку і ў Менску, як сведчыць пра гэта першы базыльянскі сход які адбыўся ў Навагародзічах (тут памылка - Нагародавічах, - Л.Л.)" (Жукович П.Н. Жизнеописание митр. Иосиф Вельямина Рутского, составленное митр. Рафаилом Корсаком, и сочинение Рутского об улучшении внутреннего строя униатской церкви / П.Н. Жукович // Христианское чтение. - 1909. № 8-9. С. 1099-1102.) . Цалкам, матэрыялы Першай Нагародавіцкай кангрэгацыі надрукаваны ў Т. 12 "Археографического сборника документов, издаваемого при управлении Виленского учебного округа".
У купчай ад 26 кастрычніка 1635 г., якая была складзена пры продажы мітрапалітам Руцкім фальварка Нагародавічы Яну Булгаку, напісана: "в держанье … подали есьмо фольваркъ наш, … зъ церковью въ томъ фольварку, до которое церкви и грунту придано волокъ пулторы, то есть: подъ свещенником волока одна, а под подданымъ его полъ волоки, которая то церковь вечными часы застовати маетъ …" (АВАК. Т.11. Вильна. 1880. С.114.) .
У 1635 г. Нагародавічы мітрапалітам Іосіфам Руцкім былі прададзеныя Булгакам. Потым сталі маёмасцю Сурынаў, Тызенгаўзаў, Глухоўскіх. У XVIIІ ст. Нагародавічы купляе генерал Мараўскі жонка якога была сястрой Караля Радзівіла "Пане каханку".
Маёмасць генерала была прададзеная за даўгі і гаспадыняй стала старасціна Ленская а з 1820 г. маёмасць пераходзіць Дмахоўскім. У Нагародавічах жыў Вінцэнт Дмахоўскі (1807-1862) - мастак, вучань Яна Рустэма і Казіміра Ельскага, удзельнік паўстання 1831 г. Нарадзіўся ў маёнтку Гаўя (належаў Брахоцкім) Ашмянскага павету. Належаў да герба Побуг, быў жанаты з паннай Саламеяй Арлоўскай якая паходзіла з Каралеўства Польскага. Аднак маёнтак па смерці бацькоў Вінцэнта перайшоў да яго нежанатага старэйшага брата, пасля смерці якога ўладальнікам Нагародавіч стаў сын Вінцэнта Дмахоўскага - Уладзіслаў (Bieliński Jуzef. Uniwersytet Wileński. Krakуw. 1899 - 1900. T. ІI. S. 747.).
Пачатковую адукацыю Вінцэнт атрымаў у піярскім вучылішчы ў Шчучыне (па некаторых звестках вучыўся у Наваградку.) і ў 1826 г. паступіў у Віленскі ўніверсітэт на філалагічны факультэт. Для шляхты лічылася прэстыжным атрымаць адукацыю юрыста, філосафа або літаратара. Разам з наведваннем лекцый на філалагічным факультэце, Вінцэнт бярэ ўрокі малявання ў Яна Рустэма. Жывучы сярод студэнтаў, будучы мастак удзельнічаў у абмяркаванні пытанняў літаратуры і мастацтва, духоўнай чысціні асобы. Спрэчкі разгараліся вакол рэвалюцыі ў Францыі, пра намер цара Мікалая I задушыць яе штыкамі польскага войска. Думкі прыводзілі да неабходнасці вызваленчай вайны палякаў разам з рускімі супраць царызму - «за нашу і вашу вольнасць». Вінцэнт асабіста ведаў Міцкевіча і яго сяброў, у ягоных Нагародавічах гасцяваў Адам Міцкевіч (Chlopicki, E. Kartki z teki podróżnej // Klosy.- 1869.- № 9.- S. 404.).
У 1829 г. Дмахоўскі кінуў навучанне ва ўніверсітэце, не закончыўшы поўны курс навук.
У лістападзе 1830 г. пачалося паўстанне ў Польшчы, якое перакінулася на Беларусь, Літву і Украіну. Вінцэнт Дмахоўскі апынуўся ў шэрагах паўстанцаў. Да канца лета 1831 г. царскія войскі разбілі паўстанцаў у Менскай і Віленскай губернях. Ратуючыся ад пераследаванняў, Вінцэнт эміграваў ва Усходнюю Прусію, і тут менавіта ўменне маляваць давала надзейны кавалак хлеба.
У 1837 г. цар аб'явіў амністыю былым паўстанцам. Вінцэнт Дмахоўскі вярнуўся ў Вільню і прафесійна заняўся мастацтвам. У гэтыя часы з'явілася карціна на гістарычную тэму - «Крыжакі пры аблозе цвердзі Пуня». Ен часта наведваўся свой маёнтак Нагародавічы і маляваў родныя мясціны Наваградчыны. У 1843 годзе з'явілася карціна «Радзіма» («Двор у Нагародавічах»): прасторны фальваркавы двор, зарослы гусінаю траўкаю і дробнымі пахучымі рамонкамі. Пад наглядам нянек гуляюць дзеці. Пасуцца куры і снежна бялеюць на гладзі рачулкі гусі. Сушыцца вымытае адзенне і бялізна. Удалечыні, у карэтніку, расчынены дзверы. Праз іх відаць аглоблі брычкі. У цяні - звычайны сялянскі воз. А яшчэ крыху далей - аднапавярховы драўляны прыземісты будынак фальварка пад насунутым высокім дахам. Перад будынкам - ліпы і свечкі пірамідальных таполяў, што ўскінуліся ў неба. За домам відаць кашлаты сад. Сучаснікі не ацанілі алейнай кампазіцыі Дмахоўскага, але спецыялісты годна ацэняць пазней, калі яго карціна «На радзіме (Двор у Нагародавічах)» з прыватнага збору графа Ігнацыя Корвін-Мілеўскага патрапіць на рэтраспектыўную львоўскую выставу 1894 г . (Малiноўская Т.Р. УСПАМІНЫ Я. БУЛГАКА І ТУГАНАВІЧЫ // ЯН БУЛГАК І КУЛЬТУРА ЗАХОДНЕБЕЛАРУСКАГА РЭГІЁНУ Ў КАНЦЫ XIX ст. ДА ДРУГОЙ СУСВЕТНАЙ ВАЙНЫ. Зборнік навуковых артыкулаў. Гродна. 2009. С. 57.)
Па замове археолага, гісторыка і этнографа Яўстаха Тышкевіча, у 1853 г. Дмахоўскі напісаў серыю відаў руінаў літоўскіх замкаў (Antoni Grzymała-Przybytko. Krótki przewodnik turystyczny po powiatach Lidzkim i Szczuczyńskim. Lida. 1936. S.30.). Сярод іх выява Лідскага замка, з якой, відочна, зроблена добра вядомая гравюра "Разваліны замка ў Лідзе", змешчаная ў 3-м томе "Жывапіснай Расіі". Частка з гэтых палотнаў - "Руіны замка ў Медніках", "Руіны замка на Трокскім возеры", "Руіны замка ў Гальшанах" захоўваюцца зараз у Нацыянальным музеі у Кракаве. Серыю малюнкаў літоўскіх замкаў Дмахоўскага успанімае Адам Кіркор у "Літоўскіх старажытнасцях": "Віленская губерня - цэнтр старажытнага Літоўскаго Княства багаты на помнікі мінулага. Дзякуючы таленавітаму віленскаму мастаку Вінцэнту Дмахоўскаму, нам удалося прадставіць хоць некалькі з гэтых помнікаў" (Адам Киркор. Литовския древности // Черты из истории и жизни литовского народа. Вильно, 1854. С. 7-20.).
Сучаснікі В. Дмахоўскага налічвалі ў яго больш за сто пейзажаў і жанравых карцін, якія знаходзілі эмацыйны водгук у мясцовай шляхты і былі папулярнымі ў наваградскіх шляхецкіх сядзібах, сярод іх: «Вуліца ў Вільні», «Замак у Крэве», «Дом Міцкевіча ў Наваградку», «Сядзіба ў Туганавічах», «На начлезе», «Каля пераправы», «Наваградак», «Возера Свіцязь» і інш. У першай палове 50-х гадоў Вінцэнт Дмахоўскі афармляў спектаклі ў Віленскім гарадскім тэатры («Галька» Манюшкі, «Італьянка ў Алжыры» Расіні, «Фаварытка» Даніцэці і інш.). Вінцэнта Дмахоўскага называлі «Клод Ларэн віленскіх ваколіц» (Клод Ларэн, 1600-1682, - знакаміты французскі жывапісец і гравёр пейзажаў) бо так-сама, як і знакаміты французскі жывапісец XVII ст. ён быў таленавітым мастаком - рамантыкам.
Каля 1840 г. у Вільні В. Дмахоўскі адкрыў мастацкую майстэрню, якая за 20 год працы стала своеасаблівай мастацкай школай, дзе вучыліся многія вядомыя майстры.
Памёр Вінцэнт Дмахоўскі 22 лютага 1862 г. у Вільні. Некралог з жыццярысам знанага мастака, напісаны Ўладзіславам Сыракомлем, быў надрукаваны ў "Курьеры Віленскім" № 18.
Вінцэнт Дмахоўскі меў сына - Уладзіслава Дмахоўскага (вядомы мастак і ілюстратар) і трох дачок (Bieliński Jуzef. Uniwersytet Wileński. Krakуw. 1899 - 1900. T. ІI. S. 747.) . Уладзіслаў Дмахоўскі (1838-1913) пачаў вучобу ў Вільні, а з 1857 г. вучыўся ў Парыжы. У 1862 г. ён вярнуўся на радзіму і ўдзельнічаў у паўстанні, за што быў арыштаваны і заключаны ў турму. З 1866 г. жыў у Варшаве, працаваў ілюстратарам часопісаў, а таксама выкладаў малюнак у Варшаўскім Інстытуце глухіх, і з 1873 г. - у гімназіі ў Чэнстахове. У 1884 г. ён атрымаў спадчынны маёнтак Нагародавічы і з тых часоў маляваў ўсё менш і менш, а галоўным чынам займаўся гаспадаркай.
Неабходна сказаць і пра яшчэ адзін сакральную пабудову ў Нагародавічах, пра якую піша "Слоўнік геаграфічны..." - старажытны кацёл у стылі італьянскага барока пабудаваны ў XVI ст. Першапачаткова гэта быў кальвіністкі збор (бацька мітрапаліта Іосіфа Руцкога - Фелікс Руцкі быў кальвіністам, і будучы мітрапаліт ў маладосці менавіта з кальвінізму перайшоў у унію). З часам касцёл быў закінуты і ператвораны ў склад, а часткова ў жылыя памяшканні і атрымаў назву "скарбец". Згодна са "Слоўнікам геаграфічным...", у варшаўскім часопісе "Каласы" за 1871 ці 1872 гг. друкаваліся малюнкі з відамі "скарбца " (Słownik Geograficzny Królestwa Polskiego... Warszawa. 1895. Т. 14. S. 558.). Часопіса пакуль знайсці не ўдалося, можна меркаваць, што малюнкі ўладальніка маёнтка, мастака Вінцэнта Дмахоўскага друкаваліся ў артыкуле Е. Хлапіцкага "Малюнкі з тэкі падарожнай" у 1869 г. (Chlopicki E. Kartki z teki podróżnej // Klosy. 1869. № 9. S. 404.) . Касцёл у Нагародавічах - гэта адна з першых пабудоў у стылі барока на Беларусі.
Дакладна вядома, што да 1939 г. "скарбец" яшчэ існаваў, бо гісторык і краязнаўца Антон Грыжайла-Прыбытка ў 1936 г. пісаў: "Жылы панскі дом з лістоўніцы, пабудаваны Тызенгаўзам ў сярэдзіне XVIII ст. і добра захаваны "скарбец" - былы кальвінскі збор і касцёл з паловы XVI ст., верагодна пабудаваны Руцкім... У 1569 г. перад Люблінскай уніяй тут быў праведзены з'езд дысыдэнцкіх біскупаў" (Antoni Grzymała-Przybytko. Krótki przewodnik turystyczny po powiatach Lidzkim i Szczuczyńskim. Lida. 1936. S.30.).
У канцы 1930-х гг. уладальнікам Нагародавіч быў Станіслаў Дмахоўскі, лёс якога невядомы.
Леанід Лаўрэш
Паэт яшчэ не перажыў свае жаданні
Новае выданне
Кандыдат філалагічных навук Уладзімір Сакалоўскі - мой зямляк са Слонімшчыны. Такім земляком я ганаруся, заўсёды радуюся яго новым творчым удачам і новым кнігам. У Беларусі і ў Германіі мойго земляка ведаюць, як перакладчыка і даследчыка літаратуры. Асноўная тэматыка яго даследаванняў - гісторыя развіцця і ўзаемадзеяння беларускай і нямецкай культур. За свой 81 год Уладзімір Сакалоўскі выдаў шмат кніг. Сярод іх - «Пара станаўлення» (1986), «Беларуская літаратура ў ГДР» (1988), «Беларуская савецкая літаратура за мяжой» (1988, у суаўтарстве), «WeiЯrussische Erzдhlungen» (2000, укладальнік), «WeiЯruЯland und Deutschland, Bd 1: Bibliographie» (2000). Пераклаў з нямецкай мовы кнігі А. Цеханавецкага «Міхал Казімір Агінскі і яго «сядзіба музаў» у Слоніме» (1993), Вернера Мюлера «Вырваны з агню» (2002). Аўтар больш за 150 навуковых артыкулаў па беларуска-заходнееўрапейскіх культурных сувязях.
А нядаўна Уладзімір Лявонцьевіч здзівіў мяне. Ён даслаў прыгожы зборнік сваіх… вершаў. Раней я і не ведаў, што акрамя даследаванняў беларуска-нямецкіх сувязей, гэты таленавіты чалавек піша і вершы. "У мяне напісана некалькі тысяч паэтычных радкоў. Пісаў я іх у вольны час. Пішучы вершы - я адпачываў. Цяпер перачытаў напісанае і лепшыя вырашыў выдаць асобным зборнічкам", - прызнаўся Уладзімір Лявонцьевіч. Гэты зборнічак аўтар назваў "Я перажыў свае жаданні". А выйшаў ён з друку ажно ў Нью-Ерку ў ЗША. Відаць, там ужо таней выдаваць кнігі, чым у нас, у Беларусі.
Умоўна кнігу вершаў Уладзіміра Сакалоўскага можна падзяліць на жанры: лірычны, філасофскі і гумарыстычны. Да лірычнага жанру, а ён распачынае зборнік, аўтар аднёс вершы пра каханне, прыроду, роздумы пра саму паэзію. Магчыма, найбольш паэзіі прызнаецца ў любові паэт, чым жанчыне ў каханні: "Твой прыход - чароўнае імгненне, мой наканаваны шлях і лёс". Так ён звяртаецца да Паэзіі.
Філасофскія разважанні паэта найперш у яго экспромтах. Экспромты - філасофія нашага жыцця:
Нават сонца не для ўсіх
Роўна свеціць, ззяе:
Адных лашчыць, сагравае,
Паліць і пячэ другіх.
Некаторыя філасофскія экспромты Уладзіміра Сакалоўскага пабудаваны на беларускіх прыказках і прымаўках, якія надаюць вершаваным радкам нейкае сімвалічнае хараство прыказкавых метафар і паэтычную абаяльнасць алегарычных параўнанняў:
Ой, не выйграць нам мільёны.
Свой ты беражы рубель.
Лепш сініца у далоні,
Чым у небе журавель.
Цыкл гумарыстычных твораў - гэта разважанні сталага чалавека, творцы, які пражыў нямала і сустракаў на сваім шляху розных людзей, як кажуць, рознага кшталту. З адных аўтар шчыра, без кпінаў смяецца, з іншымі - проста жартуе.
Звяртаюць на сябе ўвагу і вершы, прысвечаныя Германіі, якую паэт ведае не менш за Беларусь, дзе шмат гадоў працаў, якой прысвяціў свае навуковыя даследаванні. Гэта радкі пра Кёльнскі сабор, які "у велічы маўклівай стыне", пра Цюрых, які "да боскага святла нас далучаў", строфы пра Г. Гейнэ.
У адным з вершаў Уладзімір Сакалоўскі напісаў, што "я перажыў свае жаданні, я свае мары разлюбіў…". Мары разлюбіць немагчыма, так, як і перажыць свае жаданні. Няхай вам і надалей светла марыцца і добра пішацца. І ніколі вас не пакідюць жаданні.
Сяргей ЧЫГРЫН.
Слуцкі збройны чын - гераічная старонка ў гісторыі Беларусі
(Заканчэнне. Пачатак у папярэднім нумары.)
Штаб Слуцкай брыгады пасля адступлення з Семежава знаходзіўся ў вёсцы Грыцэвічы, за два кіламетры ад ракі Лані, у нейтральнай зоне, але на тэрыторыі, якая адышла да Польшчы.
Пасля вяртання чырвоных частак з нейтральнай зоны за дэмаркацыйную лінію падраздзяленні Слуцкай брыгады зноў пачалі напады на іх перадавыя пазіцыі. Так у ноч на 10 снежня жаўнеры брыгады зрабілі налёт на вёскі Крывасёлкі і Навасёлкі, а ў ноч на 12 снежня - на вёску Старынь. Потым была зробоена спроба выцесніць перадавыя часткі чырвоных з занятых імі пазіцый. Пачаты наступ на мястэчкі Семежава і Вызна.
У ноч на 13 снежня жаўнеры 1-га палка і кавалерыйскага аддзела пасля бою занялі мястэчка Семежава. Праціўнік, страціўшы забітымі і параненымі каля 50 чалавек, адступіў. Тут было захоплена шмат патронаў на складзе. Але, атрымаўшы падмацаванне, чырвонаармейцы контратакавалі і адбілі Семежава.
Эдвард Вайніловіч у сваіх мемуарах пісаў, што пасля баёў каля Вызны і Семежава чырвоныя войскі, наступаючы на падраздзяленні паўстанцаў, заходзілі далёка за лінію дзяржаўнай мяжы, пад Едчыцы, ужо на польскай тэрыторыі. Ен паведамляе, што польскія войскі спецыяльна адступілі, каб даць магчымасць расійскім войскам разграміць паўстанцаў.
Штаб Слуцкай брыгады, а з ім і Рада 15 снежня пераехалі ў вёску Морач (20 кіламетраў на захад ад Вызны), за адзін кіламетр ад мяжы на савецкім баку. У падраздзяленнях брыгады адчуваўся недахоп харчавання, а гэта вымусіла Раду рэквізаваць прадукты ў насельніцтва. Сярод жаўнераў распаўсюдзіліся хваробы, а лекаў было мала.
Нягледзячы на гэта, беларускія аддзелы працягвалі актыўна дзейнічаць. У ноч з 17 на 18 снежня яны зноў занялі Семежава і некалькі бліжэйшых вёсак. Узялі ў палон 25 чырвонаармейцаў, захапілі кулямёт, шмат вінтовак, конны абоз. У ноч на 19 снежня была ўзята Вызна. Брыгада прасунулася на ўсход.
Сабраўшы значныя сілы, раніцай 19 снежня часткі Чырвонай Арміі пачалі новы наступ, каб канчаткова задушыць супраціўленне. У гэты дзень чырвоныя войскі авалодалі Вызнай. Слуцкія жаўнеры адступілі да Морачы. 20 снежня чырвонаармейцы выбілі жаўнераў з Семежава.
Польская делегацыя на мірных перамовах у Рызе зноў дала згоду на ўвядзенне савецкіх войскаў у нейтральную зону і нават на польскую тэрыторыю для разгрому слуцкіх паўстанцаў.
Штаб Слуцкай брыгады вымушаны быў перабрацца ў вёску Заастравечча (цяпер у Клецкім раёне), ля ракі Лань, за якой стаялі польскія войскі. Тут збіраліся і падраздзяленні Слуцкай брыгады. Рада Случчыны дала дазвол на пераход на польскі бок. 28 снежня 1920 года асноўныя сілы Слуцкай брыгады перайшлі на польскі бок і былі інтэрнаваныя польскімі ўладамі. Гэты дзень і лічыцца заканчэннем дзеянняў Слуцкай брыгады. Праўда, 1 студзеня яшчэ адзін батальён перайшоў мяжу.
Адзін батальён, падзяліўшыся на дробныя групы, застаўся на Случчыне і пачаў партызанскую вайну супраць савецкай улады. Частка слуцкіх жаўнераў затрымалася ля Нясвіжа не здала зброі польскім уладам і пераходзіла на тэрыторыю БССР для вядзення партызанскай барацьбы. Слуцкія жаўнеры здалі зброю польскім уладам і былі накіраваныя ў лагер, спачатку ў мястэчка Сіняўка, потым у Беласток (ля Хелма). Вызвалены яны былі пасля падпісання канчатковага савецка-польскага міру (сакавік 1921 г.) у траўні 1921 года.
У Празе ў канцы верасня адбылася беларуская нацыянальная канферэнцыя, на якой абмяркоўвалася Слуцкае пытанне. У пастанове адзначалася, што беларускі народ выступіў са сцягамі "ні польскіх паноў, ні маскоўскіх камуністаў", а сам Слуцкі збройны чын быў задушаны абедзвюмя гэтымі сіламі.
Штогод 27 лістапада адзначаецца беларускімі патрыётамі ў розных краінах свету як Дзень Герояў. Адзначаецца гэты Дзень і беларускімі патрыётамі на сваёй Радзіме як сімвал барацьбы за незалежнасць Беларусі.
Анатоль Грыцкевіч, доктар гістарычных навук
АПОШНЯЯ ІМПРЭЗА ТАВАРЫСТВА БЕЛАРУСКАЙ КУЛЬТУРЫ У 2011 ГОДЗЕ
26 лістапада адбылася імпрэза, прысвечаная Слуцкаму Збройнаму Чыну - Дню Герояў. Старшыня ТБК Хведар Нюньнка зачытаў адмысловы Зварот да беларусаў свету Старшыні Рады БНР сп. Івонкі Сурвілы адзначыць вялікую падзею ў гісторыі Беларусі - збройнае паўстанне ў Слуцку супроць бальшавіцкай акупацыі Беларусі, ушанаваць памяць пра беларускіх змагароў у 1920 годзе.
Затым быў паказаны дакументальны фільм, дзе былы сябра Рады ТБК Валеры Місюк, нажаль трагічна загінулы, падрабязна распавёў пра ход Слуцкага паўстання.
Хведар Нюнька паказаў прысутным фотаздымкі помніка-капліцы на беларускіх могілках Мельбурна, дзе намаганнямі аўстралійскіх беларусаў 35 гадоў таму ў гонар Дня Герояў, была пабудавана гэтая капліца з надпісам: "На вечны ўспамін спачылых усіх ведамых і няведамых беларусаў". Гэта пакуль адзіная такая капліца загінуўшым беларусам у свеце. Выказываем удзячнасць аўстралійскім беларусам.
На імпрэзе выступіў з прамоваю старшыня грамадскага і палітычнага прадстаўніцтва Беларусі ў Літве Алег Мяцеліца, каардынатар выбарчага штабу кандыдата ў прэзідэнты Беларусі Уладзміра Некляева. Ен распавёў пра дзейнасць і планы арганізацыі. Дамовіліся аб цесным супрацоўніцтве з беларусамі Літвы ў акцыях за дэмакратызацыю і свабоду ў Беларусі.
Старшыня ТБК коратка распавёў пра юбілей віднага беларускага дзеяча ў міжваенны час у Вільні Янку Багдановіча, рэдактара часопіса "Шлях моладзі". За беларускую патрыятычную дзейнасць быў пакараны бальшавікамі і адсядзеў у сталінскіх лагерах. Пасля вызвалення вымушаны быў працаваць у польскіх школах. Памёр у 1990 годзе. На імпрэзе быў паказаны дакументальны фільм паховін, з развітальнымі словамі выступілі: Данута Бічэль-Загнетава з Гародні, Пятро Малафей з Салечнік і Аляксей Анішчык.
На імпрэзе прысутнічалі трое сяброў БХД з Беларусі. Каардынатар праекта "Пакаянне" Валерыя Чарнаморцава перадала прывітанне ад вельмі паважанага ў нас Паўла Севярынца і распавяла пра дзейнасць і мэты арганізацыі БХД.
Свае выступленні падзеям у Беларусі і Літве прысвяцілі сябры: Кастусь Манкус пра трагічныя 24 і 27 лістапада 1996 г., Алег Аблажэй - пра свой шлях да беларускага пісьменства. З прывітальным словам выступіў дырэктар фонду грамадзянскай абароны Стасіс Каўшыніс.
Заключным акордам на імпрэзе было святкаванне дня народзін сябра Рады ТБК, ганаровага войта (старасты) Вяркяйскай сянюніі Вільні Вацлава Гульбіновіча. Самыя шчырыя віншаванні і пажаданні паважанаму юбіляру выказывалі ўсе прысутныя за святочным сталом. З добрым настроем і жаданнем далей працаваць для беларускай справы развіталіся сябры да наступнай сустрэчы ўжо ў новым 2012 годзе.
Аглядальнік, Вільня.
Дзень Беларусі
(канадыйскія беларусы прэзентуюць Бацькаўшчыну)
Сёння ў межах Вялікага Таронта - адміністрацыйнага цэнтра найбуйнейшай канадыйскай правінці Антарыё пражываюць дзесяткі тысячаў беларусаў. Сваёю рупліваю працаю ў самых разнастайных галінах канадыйскае эканомікі яны робяць істотны ўнёсак у агульны дабрабыт канадыйскага грамадства.
Канада - краіна імігрантаў. Улады як на федэральным, так і на мясцовым узроўнях, праводзяць у жыццё палітыку шматкультурнасці, абвешчаную у свой час прэм'ер-міністрам П'ерам Трудо, не перашкаджаючы разнастайным этнічным групам, што складаюць насельніцтва Канады, падтрымліваць і развіваць свае нацыянальныя культурныя традыцыі, каштоўнасці.
У аздараўленчым цэнтры невялічкага 40-тысячнга гарадка з самым што ні ёсць канадыйскім назовам Мэйпл, што азначае "клён", ужо на працягу дзевяці год працуе медсястрою Света Кот, прыбыўшая са сваёю сям'ёю ў Канаду з Менска трынаццаць з паловаю год таму.
У знак пашаны за ейную добрасумленную доўгатэрміновую працу адміністрацыя цэнтра абвясціла 22 лістапада 2011 г. Днём Беларусі і папрасіла Свету рэпрэзентаваць краіну свайго паходжання перад медперсаналам і пацыентамі.
Света падрыхтавала выставу з рэчаў, што знайшліся на той час у хаце. Гэта фотаальбомы ''Музей старажытнае беларускае культуры'', пра Менск, пра беларускія замкі і палацы. На стале былі бачны кніга Уладзіміра Арлова ''Краіна Беларусь'', газеты ''Беларус'' (выдаецца ў ЗША), ''Беларускае Слова'' (газета канадыйскіх беларусаў). Так-сама былі раскладзены знятыя с хатніх сценаў керамічныя талеркі з выявамі архітэктурных помнікаў Беларусі, сабраныя эблемы гарадоў Пружаны, Бярэсце, Менск, гарадскога пасёлка Ружаны, дзе знаходзіцца палацавы комплекс Сапегаў, кубак з выяваю гербу знакамітага беларускага роду. На стэндах былі размешчаны раздрукаваныя выявы ўзораў беларускіх нацыянальных строяў розных часоў і рэгіёнаў Беларусі, мапа Беларусі з назовамі галоўных гарадоў, іншая друкаваная інфармацыя пра Беларусь. На асобным стэндзе былі прадстаўлены выявы бел-чырвона-белага сцяга і герба Пагоня.
Сабраныя з цікавасцю разгядвалі льняныя ручнікі, якія ад пасеву ільну і да вышывання арнаменту былі цалкам выраблены свякроўю Светы ў канцы саракавых гадоў мінулага стагоддзя. І, канешне, мацнейшае ўражанне на прысутных аказаў нацыянальны беларускі строй, у які перад пачаткам прэзентацыі хуценька перапранулася Света. Пасля сканчэння ейнага натхнёнага расповеду пра сваю краіну амаль увесь адміністрацыйны і медыцынскі персанал і тыя пацыенты, хто мог па стану здароўя, стаялі ў чарзе, каб зрабіць на памяць здымак са Светай. Некаторыя з іх потым прызнаваліся Свеце, што раней лічылі, быццам Беларусь і Малдова ёсць рэгіёнамі Ўкраіны(!).
Увага, падзякі з боку кіраўніцтва цэнтра і асабліва ад пацыентаў, дзеля якіх дзяржава і пабудавала гэтую цудоўную аздараўленчую ўстанову, асэнсаванне годнасці здзейсненага надаюць людзям унутранае сілы духоўна выжыць на чужыне.
Я. Трубец.
На здымках: 1. Света Кот ля свае выставы. 2. Света са сваім пацыентам-любімчыкам Эдмондам Лі (у нядаўнім мінулым прафесар гісторыі і мастацтва ўніверсітэта Таронта).