НАША СЛОВА № 50 (1045) 14 снежня 2011 г.
XVI з'езд Саюза беларускіх пісьменнікаў
10 снежня ў Менску прайшоў ХVІ з'езд Саюза беларускіх пісьменнікаў. На момант пачатку з'езду зарэгістравалася 219 чалавек з 400 з нечым сяброў Саюза. У зале - Генадзь Бураўкін, Анатоль Вярцінскі, Уладзімір Някляеў, Мікола Аўрамчык, Аляксандр Фядута, Уладзімір Арлоў, Леанід Дранько-Майсюк, Адам Мальдзіс, Валер Санько, Віктар Шалкевіч і яшчэ многія знакамітыя і слынныя творцы Зямлі Беларускай. Сярод ганаровых гасцей амбасадар Швецыі Стэфан Эрыксан, старшыня ТБМ Алег Трусаў. Пасля гімна "Пагоня" М. Багдановіча адкрыў з'езд Генадзь Бураўкін: «Нам трэба аднавіць цікаўнасьць народа да чытання», - адзначыў паэт. -- «Без літаратуры мы не зможам авалодаць мовай. Каб чытаць беларускія кнігі, трэба ведаць мову. Але адкуль гэта возьмецца, калі мова не гучыць з экранаў тэлебачання, скарачаюцца курсы мовы і літаратуры ў школах. Неабходна выпрацаваць цывілізаваную моўную палітыку, не лямантаваць, што гіне мова. Нам патрэбна яднанне нацыі, згуртаванне вакол святыняў зямлі, у ліку якіх і родная мова. Паўстае і праблема незалежнасці....»
На парадку дня - справаздачны даклад старшыні ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў» Алеся Пашкевіча; справаздача Рэвізійнай камісіі, выступленні дэлегатаў і ганаровых гасцей з'езда; выбары кіраўніцтва; прыняцце выніковых дакументаў.
- Нацыянальная незалежнасць палягае ў беларускай мове. Загіне мова - заўтра будуць адпяваць і Рэспубліку Беларусь, - адзначыў Алесь Пашкевіч. - Будзе беларуская кніга - будзе і Беларусь.
Алесь Пашкевіч пералічвае новыя творы сяброў СБП, дзясяткі імёнаў і назваў
Выбары старшыні прайшлі на безальтэрнатыўнай аснове: вылучана была адна кандыдатура - Барыса Пятровіча (Сачанкі), які быў намеснікам Алеся Пашкевіча і галоўным рэдактарам часопіса «Дзеяслоў». Амаль аднагалосна (пры 11 галасах супраць) Сачанка Барыс Пятровіч абраны на пасаду старшыні Саюза беларускіх пісьменнікаў.
Была абрана Рада Саюза беларускіх пісьменнікаў у складзе 35 чалавек і Рэвізійная камісія ў складзе 5 чалавек.
- Для мяне гэтая праца не новая, усё такі я дзевяць гадоў працаваў з Алесем Пашкевічам. Бачу сваю задачу ў тым, каб працягваць тое, што рабілася ў апошнія гады, развіваць нашыя выданні, наш сайт, шчыльней працаваць з рэгіянальнымі арганізацыямі Саюза...
У свой час Саюз беларускіх пісьменнікаў ачольвалі Міхась Лынькоў, Пятрусь Броўка, Максім Танк, Вольга Іпатава...
16.12.2011 г. (пятніца) у межах праекта "Захаванне культурнай спадчыны праз удзел у краязнаўчай дзейнасці" ў сядзібе ТБМ (вул. Румянцава, 13) адбудзецца сустрэча з Антонам Астаповічам, старшынём Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Беларусі" Запрашаюцца ўсе ахвотныя. Пачатак аб 18.00.
80 гадоў Уладзіміру Логашу
ЛОГАШ Уладзімір Міхайлавіч нарадзіўся 10 снежня 1931 г. у вёсцы Ахонава Дзятлаўскага раёна.
Пасля заканчэння школы ў 1950 г. паступіў на будаўнічы факультэт Беларускага палітэхнічнага інстытута. Пасля заканчэння інстытута прыехаў у Ліду на сталую працу ў будаўнічае кіраванне і быў прызначаны на пасаду прараба.
Працаваў на многіх будоўлях пасляваеннай Ліды, непасрэдна ўдзельнічаў у адбудове і разбудове горада.
Калі У. Логаш пачаў работу, у горадзе жыло 20 тысяч жыхароў, а ў пачатку 1981 года ў час пераезду на работу ў Гародню горад налічваў амаль 75 тысяч.
У 1959 годзе У. Логаш як інжынер-будаўнік павінен быў даць заключэнне аб аварыйным стане касцёла на Слабадзе ў Лідзе, пасля чаго неадкладна трэба было чакаць зносу. У. Логаш даў заключэнне, што касцёл у добрым стане, і ён стаіць да гэтага часу.
У 1963 годзе Рашэннем калегіі Міністэрства прамысловага будаўніцтва У Логаш быў прызначаны начальнікам пускавога комплексу Лідскага лакафарбавага завода з адначасовым выкананнем абавязкаў галоўнага інжынера будаўнічага кіравання. 3 студзеня 1967 года У. Логаш быў прызначаны кіраўніком Будтрэста. 1 снежня 1969 года стаў старшынём Лідскага гарвыканкаму.
З восені 1973 года У.М. Логаш выступае адным з ініцыятараў рэстаўрацыі Лідскага замка. Праз некаторы час, калі ідэя пачала выспяваць і пашырацца, удалося ўключыць у план работ рэспубліканскай рэстаўрацыйнай майстэрні гэты аб'ект. У Логаш знайшоў агульную мову з археолагам А. Трусавым і аўтарам праекту рэстаўрацыі архітэктарам С. Багласавым, аказваў ім пастаянную дапамогу, арганізаваў мясцовую каманду работнікаў. І вось амаль праз 40 гадоў рэстаўрацыя Лідскага замка заканчваецца.
У пачатку 1981 года У.М. Логаш быў пераведзены на працу ў Гародню, але сувязяў з Лідай не разрывае да гэтага часу.
Уладзімір Міхайлавіч Логаш вядомы сваёй прыхільнасцю да беларшчыны, а газету "Наша слова" выпісвае ад 1-га нумара. Ен аўтар многіх краязнаўчых артыкулаў, якія піша па-беларуску.
Сакратарыят ТБМ, рэдакцыя "Нашага слова" віншуюць Уладзіміра Міхайлавіча з 80-годдзем, зычаць яму здароўя і пабольш радасцяў у жыцці.
Старшыні Грамадскага аб'яднання
"Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны"
Трусаву А.А.
Аб выпуску паштовых марак, мастацкага канверта і паштоўкі
Паважаны Алег Анатольевіч!
Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь разгледзела Вашы прапановы аб выпуску паштовай маркі і мастацкага канкерта, прысвечаных 120-годдзю з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Максіма Багдановіча, і паштовай маркі, прысвечанай Эдварду Вайніловічу...
Канверт з арыгінальнай маркай з'явіўся акурат да юбілею паэта.
Юбілей беларускага паэта Алеся Каско
"У Беларусі ёсць два паэты - Янка Купала і Якуб Колас. Яны пішуць проста, шчыра, задушэўна…". Такую высокую адзнаку некалі даў нашым песнярам вядомы рускі пісьменнік Максім Горкі. Цалкам верагодна, што калі б пісьменнік жыў у наш час, такія яго словы маглі б прагучаць і пра выдатных беларускіх паэтаў, даўніх сяброў - Віктара Гардзея і Алеся Каско. Абодва яны з Ганцаўшчыны, якая славіцца сваімі паэтамі, народнымі казкамі, легендамі, паданнямі, а іхнія прозвішчы ўвекавечаны на скульптурных завітках у цэнтры Ганцавічаў, на Алеі паэтаў. Аб Віктару Гардзею "Наша слова" сёлета пісала ў артыкуле "Мой выток - у нетрах Беларусі"("НС", №33). Заслугоўвае ўвагі чытача так-сама і вядомы на Беларусі паэт, перакладчык, эсэіст Алесь Канстанцінавіч Каско, якому 10 снежня спаўнілася 60 год з дня нараджэння.
Нарадзіўся Алесь Каско 10 снежня 1951 года, у сялянскай сям'і, у ганцавіцкай вёсцы Чудзін, дзе стваралі свае цудоўныя казкі чудзінскія казачнікі Дудар, Кулеш. Недалёка ад вёскі, на хутары, жыў і працаваў беларускі этнограф, фалькларыст Аляксандр Сержпутоўскі. Бацька паэта, Кастусь Рыгоравіч, славіўся на ўсю акругу як майстар на ўсе рукі. У часы вайны змагаўся з ворагам у партызанскім атрадзе, а затым на фронце. Маці, Аксеня, працавала ў мясцовым калгасе трактарысткай і паспявала выхоўваць шасцярых дзяцей. З вялікай любоўю Алесь Каско піша пра сваю родную вёску ў вершы - прысвячэнні: "Калі не цуд, што мой выток, мой Чудзін - палескіх казак даўні чарадзей". Алесь рос цікаўным, дапытлівым хлопчыкам, яшчэ да школы навучыўся чытаць і пісаць, захопліваўся чытаннем кніг. Дзіўная палеская прырода, багата насычанае фальклорам асяроддзе роднай вёскі паспрыяла таму, што Алесь пачаў пісаць вершы вельмі рана. Першы друкаваны верш Алеся "Пралескі" з'явіўся ў ганцавіцкай раённай газеце "Савецкае Палессе" у 1968 годзе, калі юнаку было 17 год.
Галоўным рэдактарам газеты ў той час працаваў таленавіты журналіст, пісьменнік Васіль Праскураў, пры якім у "раёнцы" была выпеставаная цэлая літаратурная кагорта. Літаратурнае аб'яднанне "Рунь", якое існавала пры газеце, узначальваў паэт Віктар Гардзей. Алесь Каско згадвае, што і Васіль Праскураў, і Віктар Гардзей, сталі яго першымі і самымі важнымі дарадцамі на яго пачатковым шляху ў паэзію. Ён і цяпер працягвае сябраваць са сваім старэйшым калегам па пяру - Віктарам Гардзеям. Мне давялося наведаць Ганцавічы на Дзень беларускага пісьменства, і я звярнуў увагу, што яны разам прысутнічалі на ўсіх урачыстых мерапрыемствах свята. Адметным перыядам у жыцці Алеся Каско была вучоба на філалагічным факультэце Берасцейскага педінстытута, дзе на яго вялікі ўплыў аказаў вядомы пісьменнік, прафесар, загадчык кафедры беларускай літаратуры Уладзімір Калеснік. У часы вучобы Алесь пасябраваў і са студэнтамі - паэтамі А. Разанавым, В. Жуковічам, М. Пракаповічам, якія таксама аказалі вялікі ўплыў на яго як паэта. У студэнцкія гады вершы Алеся з'явіліся і ў рэспубліканскім друку (газета"Чырвоная змена" і інш). Вучобу перапыніла служба ў Савецкай Арміі, пасля чаго ён выкладаў беларускую мову і літаратуру ў роднай Чудзінскай сярэдняй школе, і працягваў завочна вучобу, а з цягам часу перавёўся на стацыянарнае аддзяленне. Пасля заканчэння педінстытута Алесь Каско на працягу васьмі год працаваў карэспандэнтам жабінкаўскай раённай газеты "Сельская праўда",затым быў рэдактарам на Берасцейскай абласной студыі тэлебачання. У 1984 годзе Алесь Каско быў прыняты ў Саюз беларускіх пісьменнікаў, а з 1991 года ўзначальваў Берасцейскае аддзяленне пісьменнікаў. Вынікам плённай працы Алеся Каско на паэтычнай ніве з'явіліся паэтычныя зборнікі "Скразная лінія", "45 вершаў", "Трохкроп'е", а за кнігу "Час прысутнасці" паэт быў адзначаны Літаратурнай прэміяй імя А. Куляшова.У 2001 годзе Алесь Каско запісаў казкі землякоў-чудзінцаў і выдаў іх у зборніку "Чыстага ўсё нячыстае баіцца". Ён таксама лаўрэат прэміі У. Калесніка, і быў першы, хто атрымаў уведзенную на Берасцейшчыне незвычайную літаратурную мядовую прэмію - пуд мёду. Прэмію гэтую заснаваў паэт і пчаляр з Пружанаў Мікола Панека. Дарэчы, яму Алесь Каско прысвяціў свой цудоўны верш "Забыты вулей". Памятае паэт і пра малых чытачоў: для іх ён напісаў кнігу "Два сонцы". У сваёй пісьменніцкай дзейнасці Алесь Каско вылучыўся таксама як і выдатны перакладчык: шмат вершаў на беларускую мову ён пераклаў з польскай, нямецкай, рускай, украінскай, македонскай моваў. Сёлета яго вершы надрукавала найстарэйшае ў Расіі выданне - мастацкі часопіс "Сибирские огни". А зусім нядаўна, у Берасці, у выдавецтве "Альтэрнатыва" выйшаў у свет новы паэтычны зборнік Алеся Каско "Нічога больш". Чытаючы вершы зборніка, адчуваеш, якога глыбокага філасофскага розуму гэтая асоба. Уражвае верш "Не там", прысвечаны паэту Максіму Багдановічу, якому сёлета, 9 снежня - 120 год з дня нараджэння. У новай кнізе паэта, як у сучасным люстэрку, адбіліся высновы Максіма Багдановіча :"Беларусь, твой народ дачакаецца\\Залацістага яснага дня". Сугучныя радкі можна знайсці і ў вершы Алеся Каско "Ніва", дзе ён піша: "Іншае нівы ў радзімы няма.\\Што сёння ёсць - дык надзея на рунь". Чытаючы вершы новага зборніка паэта, уяўляеш сабе, што глядзіш у цемры на тлеючае вуголле: яно свеціцца, пераліваецца срэбрам і золатам, і верыцца, што зіхценне гэтае - яго вершы, вечнае, а цемра разыйдзецца. Глыбока за душу кранае верш "Не сустрэцца…", які паэт прысвяціў самаму дарагому чалавеку на свеце - сваёй матулі : "Больш ніколі не сустрэцца.\\Ты, вядома ж, за той брамай,\\з а якую з цяжкім сэрцам\\не пускаюць, мама.". Аўтару любы "Сад восеньскі, ціхі -\\з водарам празрыстых антонавак" (верш "Сад"). Глыбока філасофскі верш Алеся Каско "Няведанне", які навявае думкі аб сутнасці жыцця: "У маленстве\\ не ведаем, што жывём.\\ У юнацтве\\не ведаем, што нявечныя.\\У сталасці\\не ведаем, ці жыць варта.\\У старасці\\ не ведаем, ці паўторымся.\\ Не ведаем.\\Не ведаем…". Непакоіць паэта праблема знікнення палескіх вёсак :"На самотным, на зламаным хутары\\ шчэ скрыпіць замшэлы журавель"(верш "Кут мой карчуюць і выполваюць"). Алесь Каско бачыць сваю родную краіну не ў складзе ўсходніх ці заходніх суседзяў, а вольнай незалежнай. Аб гэтым ён піша ў вершы "Усходнія суседзі": "Што край мой на іхняй карце?\\ Абшару малесенькі ўскраек.\\ Яшчэ не ўтаптаны ў дарогу хлеба акраец". Паэт шануе сваю родную беларускую мову, размаўляе толькі на ёй, непакоіцца аб лёсе беларускай мовы. Вось радкі з яго верша "Мужная мова": "Шмат разоў спрабавалі чужынцы\\ Тваю музыку-спеў паланіць.\\ Ды звінела ты ветрам у жыце,\\ рэхам пушчаў і срэбрам крыніц". Зараз Алесь Каско жыве разам са сваёй надзейнай спадарожніцай жыцця-Людмілай Канстанцінаўнай, у Жабінцы, працуе ў раённай газеце "Сельская праўда", дзе на грамадскіх пачатках узначальвае літаратурную старонку "Плынь". Пры Жабінкаўскай раённай бібліятэцы Алесь Каско з'яўляецца куратарам літаратурнай студыі маладых. Ён часты госць у сярэдніх школах Жабінкі і раёна, у ліцэі. Не забывае ён і сваіх зямлякоў: сустракаецца з вучнямі Чудзінскай сярэдняй школы, з аднавяскоўцамі. Памятае Алесь Каско і аб тых паэтах Ганцаўшчыны, якіх няма зараз з намі. Многае ён зрабіў па ўпарадкаванні месцаў пахавання паэтаў Міхася Рудкоўскага, Івана Кірэйчыка. З яго дапамогай выйшла ў Берасці кніга пасля смерці аўтара, пісьменніка Васіля Праскурава "Наўсцяж вясковай вуліцы". Шмат добрых спраў на ліку паэта, Грамадзяніна Алеся Каско ў мінулым, і не менш іх чакаецца ў будучым. 10 снежня Алесю Канстанцінавічу споўнілася 60 год з дня нараджэння, і ў гэты ж дзень у г. Менску, у Палацы мастацтваў, адбыўся 16 з'езд Саюза беларускіх пісьменнікаў. Прыемна было бачыць, як сябры - літаратары на з'ездзе шчыра віншавалі паважанага паэта з яго юбілеем, жадалі яму новых творчых поспехаў, і падарылі юбіляру вялікі букет прыгожых духмяных кветак. З юбілеям цябе, Алесь, спадарожнага ветру ў твае паэтычныя ветразі, моцнага здароўя, сямейнага дабрабыту! Спадзяемся, што і ў будучым ты будзеш радаваць нас сваімі новымі літаратурнымі творамі.
Лявон Целеш, г. Дзяржынск.10.12.11 г.
Фота: 1. Алесь Канст. Каско. 2. А.Каско ў Ганцавічах, на свяце беларускай пісьменнасці.
ТЛУМАЧАЛЬНЫ СЛОЎНІК ПРЫКАЗАК
У выдавецтве Гарадзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы выйшаў «Тлумачальны слоўнік прыказак» І.Я. Лепешава і М.А. Якалцэвіч (695 старонак). У ім апісваецца каля 1800 найбольш ужывальных прыказак, тлумачыцца іх сэнс, пры неабходнасці даецца сітуацыйная і стылістычная характарыстыка. Выкарыстанне прыказак як моўных адзінак ілюструецца прыкладамі з мастацкіх і публіцыстычных тэкстаў 380 беларускіх пісьменнікаў, журналістаў, навукоўцаў. Паказана, у якіх парэміялагічных зборніках прыводзіцца пэўная прыказка ці яе разнавіднасці. Пры некаторых прыказках ёсць даведка пра іх паходжанне. У слоўніку адлюстравана варыянтнасць прыказак і сінанімічныя адносіны паміж імі.
Напрыклад, прыказка Абяцанкі-цацанкі, а дурню (дурному) радасць мае такую сэнсавую, стылістычную і сітуацыйную характарыстыку: «Няма надзей на здзяйсненне абяцанага. Кажуць іранічна ці з неадабрэннем, калі не вераць у хуткае выкананне кім-небудзь дадзеных ім абяцанняў». Паказана, што гэта прыказка ўступае ў сінанімічныя адносіны з іншымі: Абяцанага тры гады чакаюць; Абяцаная шапка на вушы не лезе; Абяцаў пан футра, ягоныя словы цёплыя. Ужыванне прыказкі ў сучасным літаратурным маўленні і яе характарыстыкі падмацоўваюцца чатырма цытатамі з твораў Я. Коласа, М. Лынькова, В. Каваленкі, Л. Левановіча. Пазначаецца, у якой форме прыказка фіксуецца ў зборніку І.І. Насовіча (1874, с. 117) і ў акадэмічным зводзе прыказак (1976, кн. 2, с. 247).
Кніга прызначаецца для спецыялістаў-мовазнаўцаў, літаратуразнаўцаў, пісьменнікаў, журналістаў, настаўнікаў, студэнтаў і шырокага кола чытачоў.
Слоўнік прадаецца ў сталічнай «Акадэмкнізе» і гарадзенскіх кнігарнях. Кошт слоўніка, па сённяшніх мерках, не вялікі: 42 тысячы рублёў. Пры жаданні слоўнік можна набыць накладной платай па адрасе: 230023, г. Гродна, завулак Тэлеграфны, 15а, выдавецтва.
Марыя Якалцэвіч.
Шаноўная рэдакцыя!
У газеце "Наша слова" за 9 лістапада змешчаны адказы міністра адукацыі Сяргея Маскевіча на пытанне, хто з'яўляецца аўтарам ідэі выкладаць гісторыю і геаграфію Беларусі на расійскай мове.
З адказу мы даведваемся, што цяперашні міністр, як і яго папярэднікі, з'яўляецца прыхільнікам беларускай мовы, але, можна зрабіць выснову, наш народ не хоча, каб выкладанне ў школах вялося па-беларуску. Быццам бы тое, што наш народ адрозніваецца ад іншых народаў, падцвярджае той фкат, што ў Польшчы, дзе на сваіх этнічных тэрыторыях жывуць літоўцы і беларусы, першыя маюць літоўскія школы, а другія беларускіх не маюць. Ва ўсіх краінах суседніх з Беларуссю дзяржаўнымі мовамі з'яўляюцца мовы тытульных народаў, а беларусы часусьці захацелі каб у іх краіне дзяржаўнай мовай была мова каланізатараў. І вось канкрэтныя бацькі, паводле слоў міністра, праз суд вырашылі дамагчыся, каб гісторыя і геаграфія ў расійскамоўнай школе выкладалася па-руску. Праўдападобна, што суд прызнаў слушнасць гэтага патрабавання, пасля чаго міністэрства адукацыі вырашыла перавесці навучанне гэтых прадметаў ва ўсіх школах краіны на расійскую мову. Я думаю, што ўпэўнена адказаць на пытанне, ці ў расійскамоўных школах усе прадметы павінны выкладацца на расійскай мове, ці не, не можа ніхто, нават суд. Але я ў сувязі з гэтым хачу прывесці іншы факт. Канкрэтны жыхар г. Гародні аддаў на вучобу сваю дачку ў беларускамоўную школу. У другой палове 1990-х гадоў міністэрства адукацыі робіць гэтую школу расійскамоўнай. Бацька праз суд дамагаецца права працягваць навучанне сваёй дачкі па-беларуску. З гэтага вядома нічога не атрымліваецца. Чаму ў гэтым выпадку міністэрства адукацыі не задаволіла права бацькоў навучаць сваіх дзяцей у сваёй краіне на сваёй мове і не пакінула ў кожным горадзе хаця б па адной беларускамоўнай школе. Чаму ж у Рэспубліцы Беларусь і ў Польшчы бацькі не патрабуюць стварэння беларускамоўных школ? Таму, што ў Беларусі няма беларускамоўных вышэйшых навучальных устаноў. У сувязі з вышэйсказаным я хачу задаць пытанне міністру адукацыі, чаму ў Беларусі няма беларускамоўнага навучання ў ВНУ, якое неабходна для:
- падрыхтоўкі настаўнікаў для беларускамоўных школ,
- працягу навучання ў ВНУ выпускнікоў беларускамоўных школ,
- атрымання вышэйшай адукацыі па-беларуску для беларусаў якія жывуць як на тэрыторыі Беларусі, так і ў іншых краінах?
Алесь Ступень .
Зорка Венера ўзышла над Лідай
9 лістапада вершы Максіма Багдановіча і песні на яго вершы разносіліся над Лідай. Імпрэзу "Час памяці. Зорка Венера ўзышла над зямлёю" да 120-годдзя класіка беларускай літаратуры на прыступках Лідскага гістарычна-мастацкага музея наладзіў Лідскі раённы метадычны цэнтр народнай творчасці. Пастаноўшчык і вядовец імпрэзы рэжысёр метадычнага цэнтра Юрый Карпук.
Вершы Максіма Багдановіча чыталі навучэнцы літаратурна-музычнай студыі "Пегас", якой кіруе паэтэса Васіліса Пазнухова.
Песні на словы М. Багдановіча выконвала метадыст цэнтра Лілея Колышка.
Вершы-прысвячэнні Максіму Багдановічу чыталі паэты Васіліса Пазнухова і Марыя Масла:
Памяці Максіма Багдановіча
Я цяпер зразумела, каму
Небасхіл усміхаецца зоркамі!
09.12.1995 г.
- Як завуць цябе, хлопчык? - Максім.
У адказ чую здіўлены голас...
I так хочацца крыкнуць усім:
Узышоў, прарастае твой колас!
Твае зерні - твая дабрыня
І любоў, што не ведае межаў.
Будзе шчодрай матуля-зямля,
Якой ты назаўсёды належаў!
Наш Максім Багдановіч,
Наша зорка нязгасная,
Васілёк наш блакітны,
Такі трапяткі!
Веру я, што і нашы сучаснікі
Твае веліч, святло пранясуць праз вякі!
А міма ішлі людзі. Нехта слухаў на хаду, некаторыя спыняліся і не маглі пайсці далей, пакуль усё не скончылася.
Кранальныя словы на роднай мове будзілі ў душах людзей беларускасць, заставаліся зярняткамі, з якіх вырастуць і каласы, і васількі.
Лілея Крупкіна.
У Гародні дзеці малявалі Багдановіча і герояў яго вершаў
У Гародні да 120-годдзя Максіма Багдановіча праводзіцца шэраг мерапрыемстваў з удзелам не толькі творцаў і навукоўцаў. У адмысловым конкурсе паводле творчасці паэта прымаюць ўдзел гарадзенскія школьнікі і гімназісты.
Кіраўніца дзіцячага аддзялення абласной бібліятэцы імя Карскага Таццяна Луцэвіч ужо падводзіць першыя вынікі.
- Гэта наш класік беларускі, мы вельмі яго любім. У часопісе быў аб'яўлены конкурс "Зорка Венера". Мы вырашылі ўключыцца ў гэты конкурс і 10 кастрычніка аб'явілі сярод сваіх вучняў і чытачоў бібліятэкі, што праводзім конкурс "Зорка Венера". Вы можаце забачыць, як дзеці намалявалі. У класах, школах узялі актыўны ўдзел.
Паводле меркавання Таццяны Луцэвіч, у конкурсе прыняло ўдзел трохі больш за сотню канкурсантаў. Пераможцамі сталі вучні 16-й школы і 10-й гімназіі Гародні.
Віктар Парфёненка.
"Глядзі, беларус, каб не згінуць, глядзі ў строгія чыстыя вочы Максіма"
Святкаванне 120-годдзя з дня нараджэння Максіма Багдановіча ў бібліятэках Лідчыны.
9 снежня 2011 года споўнілася 120 гадоў з дня нараджэння Максіма Багдановіча, выдатнага беларускага паэта, таленавітага літаратуразнаўца, гісторыка, крытыка і перакладчыка. Чалавек незвычайнага лёсу, ён набыў вядомасць сваім літаратурным, грамадзянскім і чалавечым вычынам. Да яго ніколі не згасала цікавасць грамадскасці. У сябе на радзіме, у Беларусі, Максім Багдановіч быў прызнаны і любімы даўно. Ужо для некалькіх пакаленняў беларускіх чытачоў ён - класік нацыянальнай літаратуры, якога заўсёды называюць першым пасля Янкі Купалы і Якуба Коласа. Бо на творах Максіма Багдановіча вучыліся роднай мове, вучыліся чытаць. Вершы Максіма дапамагалі чытачам адчуваць сябе людзьмі думкі, людзьмі, далучанымі да агульна-чалавечай культуры.
Юбілей паэта шырока адзначаўся ў бібліятэках Лідчыны на працягу года: быў складзены план мерапрыемстваў, рабіліся падборкі бібліяграфічных матэрыялаў, папаўняліся картатэкі, складаліся сцэнарыі. Аддзел бібліятэчнага маркетынгу ЦРБ падрыхтаваў да свята сцэнарый літаратурна-музычнай кампазіцыі "Будзь жа, век малады, поўны светлымі днямі", мультымедыйныя прэзентацыі "Нязгаснаю зоркай ты ў небе Радзімы навекі!" і "Віртуальнае падарожжа па музеях Максіма Багдановіча".
На сайце цэнтральнай бібліятэкі ў раздзеле "Чытаем беларускую кнігу" змешчаны матэрыял "Паэт кахання і красы" да юбілею паэта.
Ва ўсіх бібліятэках ЦБС дзейнічалі кніжныя выставы і прагляды літаратуры "У душы прапісаны заўсёды ты жывеш, паэт, сярод людзей", "Максім Багдановіч: жыццё і творчасць", "Паэт красы, святла, любові…", "Дзіўная зорка Максіма Багдановіча", афармляліся літаратурныя юбілейныя календары.
Гучаў лірычны і чысты голас паэта пад час правядзення Дня беларускага пісьменства, які праходзіў пад дэвізам "Вечнае святло Максіма Багдановіча".
Імя паэта і яго творчую спадчыну ўшаноўвалі на літаратурных гадзінах і ўроках паэзіі: "Незабыўны Максім Багдановіч" (ЦРБ), "Зорка Венера ўзышла" (Ф№1), "Паэт красы і святла" (Ф№2), "Паслухай голас той вясны" (Ф№5), "Свет паэзіі Максіма Багдановіча" (Ф№3), "Цвяток радзімы васілька" (Бярозаўская ГДБ).
Змястоўныя і насычаныя мерапрыемствы ў гонар юбіляра адбыліся ў лістападзе і ў першыя дні снежня. Голдаўская і Ходараўская сельскія бібліятэкі сумесна з клубнымі ўстановамі ладзілі літаратурна-музычную кампазіцыю "Нязгасная зорка паэта". Ваверская сельская бібліятэка падрыхтавала літаратурную імпрэзу разам з вучнямі мясцовай сярэдняй школы.
Бердаўская сельская бібліятэка запрасіла вучняў і настаўнікаў роднай мовы ў сваю літаратурную гасцёўню на літаратурнае свята "Чалавек чыстага сэрца".
Добры водгук у чытачоў Дзітвянскай сельскай бібліятэкі меў вечар-успамін "Светлы след будзе вечна жывы", які падрыхтавалі і правялі супрацоўнікі бібліятэкі, Дома культуры і мясцовай школы. Увагу прысутных прыцягвала па-мастацку аформленая зала і сцэна. Выступленні вядоўцаў і чытальнікаў перамяжаліся элементамі тэатралізацыі. Прагучалі песні на вершы Багдановіча ў выкананні самадзейных артыстаў.
Цэнтральная раённая бібліятэка імя Янкі Купалы падрыхтавала і правяла літаратурна-музычную вечарыну "Нязгаснай зоркай ты ў небе Радзімы навекі!" сумесна з лідскім музычным каледжам. Пранікнёна гучалі вершы, песні і рамансы на словы Багдановіча ў выкананні навучэнцаў музычнага каледжа. У "вянок Максіму" чытальнікі ўпляталі вершы-прысвячэнні Уладзіміра Караткевіча, Ніла Гілевіча, Сяргея Законнікава, Таццяны Дарошкі.
Мінойтаўская сельская бібліятэка прысвяціла юбіляру вечар-партрэт "Нязгаснай зоркай ты ў небе Радзімы навекі". Гаворка вялася пра лёс і асобу паэта. Прысутныя пазнаёміліся з кніжнай выставай "Максім Багдановіч: жыццё і творчасць", праслухалі вершы паэта, песні і рамансы на яго словы.
Гарадская бібліятэка-філіял №4 запрасіла на літаратурна-музычны вечар "Паэт стагоддзя" вучняў СШ №11. Для вучняў СШ №16 гарадская бібліятэка-філіял №6 імя Валянціна Таўлая падрыхтавала літаратурна-музычную кампазіцыю "Будзь жа век малады, поўны светлымі днямі!"
Заключным акордам юбілейных мерапрыемстваў стане літаратурнае свята " Глядзі, беларус, каб не згінуць, глядзі ў строгія чыстыя вочы Максіма", якое падрыхтавала ЦРБ імя Янкі Купалы і раённы палац культуры.
Галоўны бібліятэкар аддзела бібліятэчнага маркетынгу Лідскай ЦРБ імя Янкі Купалы Т.В. Чайко .
З беларускай мовай у Святой Зямлі
Добры дзень, паважаная рэдакцыя !
У 44-м нумары ад 2 лістапада ў невялікім артыкуле пра дошку з малітвай "Ойча наш" была дапушчана памылка, бо гэта, па-першае, не дошка, а табліца, а па-другое, яна не 130, а 162 сярод моў чалавецтва. Я была 25 кастрычніка ў Ерусаліме на тым свяце.
Вяршыняй сваіх пілігрымак лічу наведванне Святой Зямлі сёлета ў кастрычніку. Менавіта наведванне, а не падарожжа, бо не па дарозе мы туды дабіраліся, а ляцелі на самалёце. Не прайшло і чатыры гадзіны, а замест асенняй слаты нас ахінула цёплае паветра ў Тэль-Авіве. Змянілі вопратку, абутак і адчулі сябе як улетку. Адразу паехалі ў Віфлеем, там уладкаваліся ў гатэлі. Першы дзень наведвалі памятныя мясціны нараджэння Езуса Хрыста. Цікавае адчуванне было, калі ў царкве Раства Хрыста (першапачатковая пабудова была ў 326 годзе) наш экскурсавод Саід адкрыў люк і мы ўбачылі мазаіку падлогі чацвёртага стагоддзя - як быццам стаіш у плыні, і праз цябе праходзяць стагоддзі. Пасля наведвання Гары пастухоў паехалі ў Ерусалім. У другой палове дня адбылася самая адказная падзея - мы прайшлі Віа Далароза - Крыжовы шлях Езуса. Напластаванне стагоддзяў у будынках, мільгаценне людзей, дзеці на роварах, а мы ідзём за сваімі святарамі, спыняемся на кожнай стацыі, молімся. Вочы разбягаюцца ад размаітасці вакольнай прасторы (хоць вуліца вузенькая), вуха ловіць словы святара ці экскурсавода, а ў сэрцы - вялікае спачуванне да мук Езуса. У нашай групе тры святары і два біскупы: Антоні Дзем'янка і Казімір Велікаселец. Потым, калі вярталіся ў Віфлеем, падумала: вось яно якое, сучаснае жыццё зараз - раніцай нараджэнне, вечарам - завяршэнне зямнога шляху Госпада нашага Езуса Хрыста мы перажывалі ўсё ў адзін дзень.
На раніцы адбылася падзея, дзеля якой, менавіта, я і выбралася ў такую далёкую паездку.
Асвячэнне табліцы "Ойча наш" адбывалася 25.10.11 у кармеліцкім храме Pater Noster у Ерусаліме. Наша табліца сто шэсцьдзесят другая. Падчас урачыстай імшы, якую ўзначаліў мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, стан прысутных адзначаўся трапяткім хваляваннем добра зробленай працы. Потым, калі выйшлі да табліцы, асвяцілі ды знялі покрыў з яе, радасць перапаўняла нашы сэрцы, узрушана-ўзнёслыя пачуцці цераз хваласпеў замацоўваліся ў нашых душах. На заканчэнне набажэнства міртапаліт Кандрусевіч сказаў, што табліца гэтая будзе даваць падтрымку тым, хто стане маліцца каля яе, а таксама няхай яна праслаўляе беларускую культуру і нашу Бацькаўшчыну. Мы, беларусы, займелі сваё годнае мейсца сярод усіх моў свету.
Табліца сто шэсцьдзесят другая
На Божыя справы нас натхняе.
Сярод моў усяго чалавецтва
Маем падтрымку на шляху ў вечнасць .
А наперадзе яшчэ быў Іярдан, нешырокая рака з зеленаватай вадой, на самой справе вада зусім чыстая, але мае выразна зялёнае адценне. У Ізраілі ва ўсіх святых мейсцах вельмі многа людзей, і там, на Іярдане, калі мы, апрануўшы белыя кашулі, стаялі на беразе і спявалі песні на сваёй мове, то выклікалі цікавасць у прысутных. Усе абменьваліся прыязнымі усмешкамі.
Аднаўленне хросту у Іярдане
У белых кашулях стаялі ля рэчкі
Мы з назвай такой - Іярдан.
З вуснаў ляцелі ў прастору, у вечнасць
Родныя словы, што Бог нам даў.
*
Матчына мова ляцела ў неба,
Сэрцы лагодай і шчасцем цвілі.
Пэўна зрабілі тое, што трэба:
Божыя сцежкі сюды прывялі.
Песні хвалебныя Богу Магутнаму
Лёгка ў нябёсы плылі.
Божаму слову, калісьці пачутаму,
Мы тут адпаведны былі.
27.10.11 г.
Усе мясціны, якія мы наведалі, незабыўныя, але гара Кармель для мяне застанецца своеасаблівай вяршыняй. Там мірна суіснуюць іюдзеі, хрысціяне і прадстаўнікі самай маладой монатэістычнай рэлігіі - бахаі. Побач - прыгожы горад Хайфа, паўночная сталіца Ізраіля, галоўны порт дзяржавы. З аднаго боку - гара, з другога - Сяродземнае мора, прыгажосць неверагодная.
На кожным новым мейсцы, куды прыязджалі ці прыходзілі, мы збіраліся купкай каля сваіх святароў і маліліся на роднай мове: частку ружанца альбо літанію адпаведную, вяночак да Божай міласэрнасці альбо Анёл Панскі і асабістыя пацеры. Кожны дзень нашы святары ладзілі ў розных умовах святую літургію, і мы мелі моц і Божую падтрымку на цэлы дзень. Вялікі дзякуй за гэта нашым святарам!
Святая Зямля
Я была на Святой Зямлі,
Дзе калісьці хадзіў Хрыстос,
Галілейскія хвалі плылі,
Іярдан свае воды нёс.
Там Кармель на зялёных пагорках
Даў прытулак для бахаі.
Там наверсе пячора прарока,
Дзе месія з'явіўся Іллі.
І адтуль кармеліты босыя
Разыйшліся па ўсёй зямлі,
Ды на нашы палеткі росныя
Будаваць Божы дом прыйшлі.
Свет Фавора нам ззяе здалёку,
Паказаў дарогу Хрыстос.
Толькі ў сэрцы сваім, не звонку,
Затрымай на шчаслівы лёс.
Там заўсёды многа людзей
Хочуць праўду сваю адшукаць:
Ты з Аллахам, з Хрыстом альбо іюдзей -
Усе асновы дагэтуль стаяць.
Там пакровы Нябеснай Матулі
Над святынямі ціха ляжаць.
І мы, да Матулі прытуленыя,
Маглі годна, прыстойна спяваць.
Малітоўныя песні ляцелі
З нашых сэрцаў на ўвесь небакрай,
Атрымалі мы ўсё, што хацелі,
На Зямлі там сапраўдны рай.
Там прыйшло адчуванне такое,
Што святая - уся Зямля!
Святым Небам спатоленыя,
Мы змяняемся спакваля.
Кожная паездка нечым узбагачае чалавека. Гэта пілігрымка дала магчымасць кожнаму з нас лепш спазнаць сябе, адчуць падтрымку Неба. І я жадаю кожнаму - хай збываюцца вашы мары!
Ядвіся Рай, жыхарка Менска, удзельніца пешай поснай пілігрымкі ў Будслаў, а таксама ў Гудагай. Хай шчасціць вам!
За "Раніцу" давядзецца пазмагацца
Сп. У.У. Макею,
Кіраўніку Адміністрацыі
Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь,
220016, г. Мінск,
вул. К. Маркса, 38
Аб захаванні адзінай беларускамоўнай
дзіцячай газеты "Раніца"
Шаноўны Уладзімір Уладзіміравіч!
Са сродкаў масавай інфармацыі мы даведаліся аб фактычнай ліквідацыі адзінай дзіцячай беларускамоўнай газеты "Раніца" (былая "Піянер Беларусі"), якая мае 80-дзесяцігадовую гісторыю. Газету хочуць ператварыць у сціплы дадатак да "Настаўніцкай газеты", што азначае яе фактычнае знішчэнне. Дастаткова толькі ўспомніць трагічны лёс моладзевай беларускамоўнай газеты "Чырвоная змена". Прычым, чыноўнікі, якія ажыццяўляюць чарговы крок па русіфікацыі маладога пакалення беларусаў, спасылаюцца на фінансавыя цяжкасці.
Мы прапануем два варыянты станоўчага вырашэння гэтай праблемы.
1. Закрыць газету "Знамя юности", ператварыўшы яе ў дадатак папулярнай "Советской Белорусснн", а сэканомленыя грошы перадаць на выданне "Раніцы".
2. Перадаць газету ў выдавецкі холдынг "Літаратура і мастацтва" з адзіным апаратам кіравання, захаваўшы "Раніцу" у якасці асобнага выдання. Вядома, ёсць і іншыя варыянты.
У сувязі ў вышэйзгаданым просім Вас напярэдадні юбілейнага 2012 года (юбілеі Янкі Купалы, Якуба Коласа і Максіма Танка) захаваць газету "Раніца" і ўключыць яе у каталог падпіскі на наступны год як асобнае выданне. У сваю чаргу ТБМ парупіцца аб пашырэнні кола падпісчыкаў на дзіцячую газету на дзяржаўнай беларускай мове.
З павагай,
Старшыня ТБМ Алег Трусаў.
Старшыні рады ГА "Таварыства
беларускай мовыімя Ф. Скарьшы"
А. Трусаву
Аб разглядзе звароту
Паважаны Алег Анатольевіч!
Міністэрствам інфармацыі разгледжаны Ваш зварот адносна газет "Раніца" і "Знамя юности", накіраваны з Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
Інфармуем, што заснавальнікамі штотыднёвай газеты "Раніца" выступаюць Міністэрства адукацыі і ўстанова "Рэдакцыя газеты "Настаўніцкая газета". Гэта ўстанова таксама выконвае функцыі рэдакцыі-выдаўца газет для дзяцей і падлеткаў "Раніца" (на беларускаіі мове) і "Переходный возраст" (на рускай і беларускай мовах). Іх выпуск ажыццяўляецца за кошт сродкаў, атрыманых ад рэалізацыі саміх выданняў і "Настаўніцкай газеты", без прыцягнення субсідый з рэспубліканскага бюджэту.
Нягледзячы на меры, якія прымаюцца ў апошні час, фінансава-эканамічныя паказчыкі дзейнасці ўстановы па выпуску газеты "Раніца" вельмі нізкія, тыраж газеты на 1 кастрычніка 2011 года - усяго 1674 экз.
У гэтай сувязі заснавальнікамі было прынята рашэнне аб далейшым выпуску газеты "Раніца" у новым фармаце - у выглядзе штомесячнага ўкладыша ў газеце "Переходный возраст" на 8 палосах.
Абодва выданні арыентаваны на - адну ўзроставую чытацкую аўдыторыю, іх аб'яднанне дасць магчымасць павысіць арганізацыйны. кадравы і творчы патэнцыял рэдакцый для вырашэння інфармацыйна-выхаваўчых задач, будзе спрыяць папулярызацыі беларускай мовы, нацыянальнай культуры, ў тым ліку і ў асяроддзі рускамоўнай аўдыторыі газеты "Переходный возраст".
Акрамя таго, у выніку аб'яднання выданняў колькасць чытачоў газеты "Раніца" павялічыцца больш, чым у тры разы, паколькі наклад газеты "Переходный возраст" на 1 лістапада 2011 года складае 4463 экз.
Што тычыцца прапановы аб закрыцці газеты "Знамя юности", гэтае выданне з'яўляецца вядучай маладзёжнай газетай Беларусі, прыярытэтны накірунак дзейнасці якой - інфармацыйнае забеспячэнне дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі. Рэдакцыяй прыняты шэраг мер па аптымізацыі выдавецкага працэсу, падпісны тыраж выдання складае 28554 экз., аб'ём газеты павялічаны з 32 да 40 палос.
З улікам вышэйпададзенага рэалізацыю Вашай прапановы закрыцці газеты "Знамя юности" лічым нямэтазгоднай.
Намеснік Міністра У.У. Матусевіч
ДЫК ХТО ВІНАВАТЫ Ў ЗАКРЫЦЦІ «РАНІЦЫ»?
На зварот ТБШ у Міністэрства адукацыі аб выяўленні прычынаў закрыцця газеты «Раніца» атрымалі адказ, з якога вынікае, што «Газеты "Раніца" і "Переходный возраст" з 01.01.2010 не ўключаны ў пералік перыядычных выданняў, рэдакцыям якіх праз Міністэрства інфармацыі выдзяляюцца субсідыі з рэспубліканскага бюджэту на пакрыццё страт ад іх выпуску». Няўжо Міністэрства інфармацыі ўваходзіць у нейкую іншую партыю, а не ў партыю ўлады, якая, як усюды заяўляецца, праводзіць сацыяльна арыентаваную палітыку ў аносінах да слабейшых? А тут пашкадавалі грошай дзецям, тым самым слабейшым. Прынцып падтрымкі мацнейшых - дарога слабейшых.
Па-другое, калі ў нас канстытуцыйнае двухмоўе, то чаму субсідый больш выдзяляецца не на родную, карэнную, мову, а на іншую? Дзе справядлівасць? Пустаслоўе, абяцанкі, падман?.. «Дзяржаўная праграма развіцця беларускай мовы і іншых нацыянальных моў у Беларускай ССР» (1990 г.) - не выканана, «Праграма дадатковых мер па пашырэнні сферы выкарыстання беларускай мовы ў сістэме адукацыі» (2001 г.) - не выканана, чарговы «План мерапрыемстваў у сістэме Міністэрства адукацыі па папулярызацыі і пашырэнні сферы выкарыстання беларускай мовы ў жыцці грамадства на 2010 і наступныя гады» (12.03.2010 г.) ужо на самым пачатку ігнаруецца.
Пытанні, пытанні. А хто будзе на іх адказваць?
Алесь ЛОЗКА, старшыня ТБШ.
У Гародні юбілей Багдановіча адзначылі выставай
У Гародні працягваюцца дні адзначэння 120-гадовага юбілею класіка беларускай літаратуры Максіма Багдановіча. "Я хацеў бы спаткацца з Вамі" - так называецца выстава, што адчынілася ў Новым Замку.
Кацярына Міхеенка, загадчыца мастацкага аддзела гістарычна-археалагічнага музея, кажа, што на выставе пераважаюць творы менскіх мастакоў, але прысутнічаюць і мясцовыя.
- З фондаў трох музеяў Рэспублікі Беларусь. З нашага дзяржаўнага гістарычна-археалагічнага музея, з літаратурнага музея імя Максіма Багдановіча ў Менску і Гарадзенскага музея Максіма Багдановіча. Акрамя гэтага тут прадстаўлены копіі фотаздымкаў, дакументаў і рукапісаў пісьменніка. Розныя зборнікі з яго творамі, яго біяграфія, усё - што датычна творчасці і жыцця паэта.
На выставе экспануецца шмат твораў, якія ствараліся яшчэ да 90-годдзя паэта, але не згубілі сваёй вартасці і праз 30 год. Усяго больш за 35 твораў жывапісу, графікі, дзясятак скульптураў ды габелен. Гродзенскія мастакі будуць прэзентаваць свае творы на наступны дзень у выставачнай зале Саюзу мастакоў.
Віктар Парфёненка , Гародня. Фота аўтара.
Ахвяраванні на ТБМ
1. Палсцюк В.В. - 50000 р., г. Менск
2. Бацяноўскі А.Р. - 57000 р., г. Менск
3. Шафарэнка М.М. - 57000 р., г. Менск
4. Ліс Арсень - 20000 р., г. Менск
5. Шкірманкоў Фелікс - 30000 р., г. Слаўгарад
6. Фурс Антон - 50000 р., г. Паставы
7. Птушко Сяргей - 15000 р., в. Хільчыцы Жыткав. р-н.
8. Семянчук Уладзімір - 20000 р., г. Менск
9. Гвара Віктар - 10000 р., г. Лельчыцы
10. Некраш Л.В. - 10000 р., г. Гародня
11. Рагаўцоў Васіль - 40000 р., г. Магілёў
12. Саўко Міхаіл - 20000 р., г. Барысаў
13. Цынгалёў Васіль - 10000 р., г. Жлобін
14. Кісляк Васіль - 50000 р., г. Менск
15. Клікевіч С.П. - 20000 р., г. Менск
16. Безансон Людміла - 20000 р., г. Менск
17. Давідоўскі Ігар - 30000 р., г. Менск
18. Кукавенка Іван - 20000 р., г. Менск
19. Лазарук Т. - 20000 р., г. Менск
20. Леў Парэмскі - 4000 р., г. Менск
21. Павідайка В.М. - 70000 р., г. Менск
22. Сокал Сцяпан - 336000 р., г. Менск
23. Шчэпаў Аляксандр - 30000 р., г. Менск
24. Ляўчэня С.А. - 300000 р., г. Менск
25. Чайкоўскі Павел - 50000 р., г. Менск
26. Талерчык Тамара - 50000 р., г. Гродна
27. Раманік Т.І. - 50000 р., г. Менск
28. Садоўскі Мікола - 25000 р., г. Менск
Дзейнасць ГА "ТБМ імя Францішка Скарыны" па наданні роднай мове рэальнага статуса дзяржаўнай вымагае вялікіх выдаткаў. Падтрымаць ТБМ - справа гонару кожнага грамадзяніна краіны.
Просім Вашыя ахвяраванні дасылаць на адрас, вул. Румянцава, 13, г. Мінск, 220034, альбо пералічыць на разліковы рахунак ТБМ №3015741233011 у Аддзяленні № 539 ААТ "Беінвестбанка" код 739 (УНП 100129705) праз любое аддзяленне ашчадбанка Беларусбанк.
Валер Санько
Звіняць жаўрукі ў Чарнобыльскім небе
Фрагменты з дакументальнага рамана
(Працяг. Пачатак у папяр. нумарах.)
Узаемапераплеценае становішча ўсіх трох бакоў - сведчанне адсутнасці нават фармальнай незалежнасці іх аднаго ад другога, яны не маглі папоўніцы патрабаваць адзін ад другога выканання тых ці іншых палажэнняў, былі няздольныя даваць незалежную ацэнку бяспекі АЭС. Карэнным і прынцыповым чынам гэта не адпавядала агульнапрынятым патрабаванням, адлюстраваным у стандартах МАГАТЭ.
Нераздзяленне адказнасці паміж распрацоўшчыкам, канструктарам, эксплуатоўнікамі, рэгуліроўным органам стала грубай памылкай у СССР. Дырэкцыя АЭС магла адказваць толькі за выкананне прадпісанага ёй рэгламенту эксплуатацыі. Створаная ў краіне структура адказнасці за ядзерную бяспеку АЭС не садзейнічала фармаванню неабходнай культуры бяспекі ва ўсіх органаў, арганізацыяў, эксплуатацыйнікаў.
Асабліва небяспечным было такое становішча пры стварэнні і пабудове уран-графітавага кіпелага рэактара РБМК-1000. Тэхнічная прапанова пра стварэнне такіх рэактараў разгледжана ў снежні 1964 года. 29 верасня 1966 года план уводу энергетычных магутнасцяў з рэактарамі новага тыпу быў зацверджаны СМ СССР.
Месцам выбару Цэнтральна-Украінскай АЭС планавалі вёску Ладыжыны Вініцкай вобласці і вёску Капачы Кіеўскай вобласці. У студзені і ў лютым 1967 году месцам новай АЭС выбрана вёска Капачы. Пераважылі маланаселеная тэрыторыя, выдатнае водазабеспячэнне, малая прадукцыйнасць адчужваных земляў, блізкасць чыгункі (станцыя Янаў), шматлікія аўтамабільныя дарогі, спрыяльныя геаграфічныя і кліматычныя ўмовы.
Будоўля размяшчалася за васемнаццаць кіламетраў ад Чарнобыля, за сто пяцьдзесят ад Кіева. Атрымала назву Чарнобыльскай . 14 снежня 1970 года праектнае заданне на будаўніцтва першай чаргі ЧАЭС зацверджана СМ СССР.
Станцыя з рэактарам канальнага тыпу з графітавым запавольнікам і кіпелым цепланосьбітам, РБМК-1000, была трэцяй у краіне, пасля Ленінградскай і Курскай, запушчаных у 1973 і 1976 гадах. Важная перавага дадзенага рэактара перад папярэднім - магчымасць рэалізацыі большых магутнасцяў, палепшанне асобных паказчыкаў АЭС і, галоўнае, эканамічнасць. Станцыі з уран-графітавымі рэактарамі і вадзяным цепланосьбітам у краіне будаваліся - у Обнінску, Белаярску, Білібіне, Сібірская АЭС.
Прынцыповая асаблівасць канструкцыі канальных рэактараў - адсутнасць спецыяльнага трывалага корпуса, уласцівага рэактарам ВВЭР, спярша будаваным у СССР і шырока прыменьваным у іншых краінах.
Выраб унікальных высокатрывалых карпусоў вялікіх памераў стрымліваўся адсутнасцю неабходных вытворчых магутнасцяў у краіне і большай цаною.
Будаўніцтва танных канальных рэактараў РБМК дазваляла хутка развіваць атамную энергетыку, бо а) не патрэбна будаваць рэактарныя карпусы; б) хутка дасягалася большая магутнасць аднаго блока. Нашмат большая, чым у карпусных рэактараў ВВЭР.
З-за пагоні за таннасцю і хуткасцю распрацоўка метадаў фізічнага разліку РБМК праводзілася без стварэння поўнамаштабнай мадэлі, як гэта было пры распрацоўцы карпуснога рэактара, ВВЭР. Большасць эксперыментаў на фізічным стэндзе ўключалі ўстаўку ўсяго восемдзесят аднаго канала РБМК, што дазваляла вызначыць толькі асноўныя параметры рашоткі рэактара. Размеркаванне нейтроннага патоку і яго перакосаў па рэактары не маглі быць належна даследаваны на стэндзе. Тэмпературныя залежнасці фізічных характарыстык наогул нельга было даследаваць.
Праект чацвёртага блока ЧАЭС з рэактарнай устаноўкай РБМК-1000 меў істотныя адступленні ад нормаў і правілаў па бяспецы ў атамнай энергетыцы. Гэтыя адступленні распрацоўшчыкамі праекту не былі абгрунтаваныя і ўзгодненыя. Не былі распрацаваны арганізацыйныя і тэхнічныя мерапрыемствы па кампенсацыі гэтых адступленняў. Праект не быў прыведзены ў адпаведнасць з "Агульнымі палажэннямі забеспячэння бяспекі АЭС" (АПБ - 82).
Асаблівасці рэактара РБМК сталі асноўнымі прычынамі аварыяў на АЭС: 30.11. 1975 - на першым блоку Ленінградскай АЭС; 9.9.1982 - на першым блоку Чарнобыльскай АЭС; красавік 1993 - на трэцім блоку Ленінградскай АЭС.
Недахопы праекту РБМК выявіліся пры пусках АЭС у 1981 і 1983 гадах - трэцяга і чацвёртага блокаў ЧАЭС, першага блоку Ігналінскай АЭС (1985).
Распрацоўны бок ведаў пра недахопы рэактара РБМК. Яшчэ ў 1975 годзе А.П. Аляксандраў прапанаваў абавязкова пастаянна ўводзіць нейтронныя паглынальнікі ў ніжнюю частку актыўнай зоны.
У 1976 годзе камісія Мінсярэдмаша выдала рэкамендацыі па зніжэнні паравога каэфіцыэнта рэактыўнасці і хуткадзеянню СУЗ.
У 1980 годзе інстытут указаў на ўсе фізічныя недахопы рэактара, ацаніў яго негатыўныя эфекты і фактары, давёў да ведама распрацоўшчыка і канструктара.
У 1983 годзе навуковы кіраўнік прапануе дапрацаваць канструкцыю стрыжняў РР і АЗ, прааналізаваць пераходныя і аварыйныя рэжымы РБМК.
У 1984 годзе галоўны канструктар прапануе меры па кампенсацыі "эфекту выцясняльнікаў".
Усе гэты прапановы не былі выкананыя. Ужо праз паўтара месяца пасля аварыі на ЧАЭС распрацоўшчык прапанаваў перашачарговыя мерапрыемствы па павышэнні бяспекі рэактара. Яны абсалютна не адпавядалі афіцыйнай версіі аварыі, што яе прычына толькі памылкі персаналу. (3)
Міністэрскія, то бок урадавыя службы краіны Саветаў эканомілі, спяшаліся, засталіся вернымі сабе, а пасля выбуху няпраўдзілі і ў гэтым, самым відавочным акадэміку Лягасу.
VI
Храналогія выбуху
Да сённяшняга дня няма цалкам абгрунтаванага ўнутрана несупрацьлеглага сцэнарыя аварыі на ЧАЭС. Прынята раздзяляць аварыйны працэс на дзве фазы. Ад спрацоўвання АЗ-5 у адну гадзіну дваццаць тры хвіліны сорак секунд 26 красавіка 1986 года да катастрафічнага разгону магутнасці (моманту разбурэння паліва). І другая фаза - разбурэнне ТВЭЛаў, выбух і разбурэнне рэактара.
Доўга навукоўцы будуць канструяваць сам працэс выбуху. Гэта атрымаецца з цяжкасцю. Валерый Яўстафавіч Лягаса не будзе рады ўведанаму. Храналогія не проста цікаўная, магнітная, уражвальная. Яна засцерагальная.
Спецыялісты ІАЭ імя І.В. Курчатава ў 1986 годзе аналізавалі мажлівыя версіі аварыі рэактара. Аналіз быў пабудаваны на выяўленні супярэчнасцяў між чаканым эфектам аварыі і дадзенымі, зафіксаванымі праграмай "ДРЕГ". Пералік версіяў складаюць наступныя падзеі:
· выбух вадароду ў басейне барбатары;
· выбух вадароду ў ніжнім контуры ахалоджвання СУЗ;
· дыверсія;
· разрыў напорнага калектара ГЦН або раздатачна групавога калектара;
· разрыў барабан-сепаратара альбо параводных камунікацыяў;
· эфект выцясняльнікаў стрыжняў СУЗ;
· няспраўнасць АР;
· грубая памылка персаналу пры кіраванні рэактарам;
· кавітацыя ГЦН пры падачы паравадзяной сумесі ў тэхналагічныя каналы;
· кавітацыя на дросельна-рэгулёўных клапанах;
· захоп пары з барабан-сепаратараў у апусканыя трубаправоды;
· парацырконевая рэакцыя і выбух вадароду ў актыўнай зоне;
· траплянне сціснутага газу з барабанаў.
Усе пералічаныя версіі, як даказаў аналіз, супярэчаць наяўным аб'ектыўным дадзеным, апрача адной - эфекту выцясняльнікаў стрыжняў СУЗ. Усе версіі пра цечу цепланосьбітаў адхіленыя.
Ужо ў траўні 1986 года супрацоўнік ІАЭ імя І.В. Курчатава, начальнік групы па надзейнасці і бяспецы АЭС з РБМК В.П.Волкаў першым выклаў версію аварыі, якая абумоўлена не дзеяннямі абслуговага персаналу, а хібнай канструкцыяй актыўнай зоны і няслушным, няправільным разуменнем нейтронна-фізічных працэсаў у ёй стваральнікамі.
У тым жа месяцы групай спецыялістаў быў зроблены Дадатак да Акту расследавання аварыі на энергаблоку №4 ЧАЭС. Яны назвалі наступныя прычыны:
* прынцыпова няправільная канструкцыя стрыжняў СУЗ;
* дадатныя паравы і хуткі магутнасныя каэфіцыенты рэактыўнасці;
* вялікі расход цепланосьбіта пры малым расходзе вады;
* парушэнне персаналам рэгламентнага ОЗР, малы ўзровень магутнасці;
* недастатковасць у праекце сродкаў аховы і аператыўнай інфармацыі для персаналу;
* адсутнасць указанняў эксплуатацыйнікам у праекце і тэхналагічным рэгламенце пра небяспеку парушэнняў ОЗР.
Іх агульны вывад: аварыя класіфікуецца як віна арганізацыі-распрацоўшчыка.
У 1989 годзе інжынер-інспектар Дзяржатамнагляду СССР на Курскай АЭС А.А. Ядрыхінскі зрабіў аналіз праекта рэактарнай устаноўкі РБКМ-1000. Выявіў 32 парушэнні. Яго высновы найжорстка крытыкаваліся распрацоўшчыкамі - і сталі асноўнай прычынай для аб'ектыўнага незалежнага расследавання Дзяржатамнаглядам СССР, які пацвердзіў яго вывады.
Навукова-тэхнічны савет ГПАН СССР 15 лютага 1990, №8, зрабіў адназначную выснову, што "інкрыменаваныя персаналу парушэнні не з'яўляліся прычынай аварыі, не ўплывалі на ход, развіццё і маштабы наступстваў". Персанал дзейнічаў паводле эксплуатацыйнай дакументацыі, якая так ці інакш санкцыянавала гэтыя дзеянні. Адхіленні параметраў рэактара не маглі своечасова кантралявацца персаналам з-за недахопаў сістэмаў кантролю рэактара. У распараджэнні персаналу не было ніводнага параметра, па азначэнні якога ён мог бы зрабіць выснову, што рэактарная ўстаноўка ў нерэгламентным стане. (4)
Тым не менш, версія віноўнасці ў аварыі персаналу станцыі стала ў першыя пасля-чарнобыльскія гады афіцыйнай канцэпцыяй СССР. Усе супярэчныя версіі ёй былі засакрэчаныя, схаваныя нават ад спецыялістаў.
VII
Пасля першага прыезду з Кіева, Прыпяці, Чарнобыля кіраўнік Урадавай камісіі па ЧАЭС Барыс Акімавіч Шчарбінік адразу быў на прыёме ў Генеральнага сакратара ЦК КПСС Міхаіла Сяргеевіча Гарбачова.
- Панікёрства ўкраінцаў і беларусаў не мае межаў. На ўсіх індывідуальных дазіметрах дзвесце мілірэнтгенаў. Абсалютна на ўсіх. Усё ўладзіцца. Трэба перацярпець, перачакаць.
Барыс Шчарбінік выкрутліва не паведаміў гаспадару кабінета, што ўсе індывідуальныя дазіметры ў краіне не могуць паказваць болей двухсот мілірэнтгенаў. Нікому ў Кіеве і Маскве не расказаў пра выпадак у Прыпяці, які высвеціў яго ўласную выключную некампетэнтнасць і непісьменнасць.
Пасля першапачатковага абмяркоўвання аварыі Барыс Шчарбінік усямоцна аб'явіў: зараз усе на аўтамабілях паедуць з Чарнобыля да станцыі. Блізка, нейкія васемнаццаць кіламетраў; трэба самім паглядзець на тамашні рэзрух. Акадэміку Лягасу і генералу Бандарчуку кіраўніка Урадавай камісіі з цяжкасцю ўдалося адгаварыць ад паездкі. Радыяцыйны фон перавышае норму ў сотні разоў. Адзін неабаронены візіт да чацвёртага рэактара, і адведнік хутка навекі склеіць ласты.
- Няхай фон перавышае хоць на тысячы. Я прыехаў сюды на свае вочы пераканацца ва ўсім, - мужна настойваў Шчарбінік. Слухаў сухія навуковыя пярэчанні. - Быць поруч рэактара і не бачыць зблізу разбуранага чацвёртага - бязглуздзіца. Вы што? - а сам ужо адступаў. Сходу ўзгадаліся наступствы на Чалябіншчыне пасля выбуху ў Маяку пад Чалябінскам.
Кіраўнік і многія члены Урадавай камісіі СССР бачылі здымкі разбуранага рэактара ЧАЭС, аблётвалі зверху, нізка бліз станцыі і яе рэактараў не былі.
- Замежнікі ва ўсе званы б'юць адно і тое. Страшная катастрофа. - Гарбачоў падае Шчарбініку паведамленні пасольстваў, закрытых службаў, прэсы. - Нашы навукоўцы таксама звоняць. Непарадак. - Перабірае яшчэ некаторыя паперы. Рэзка: - Патрэбна кардынальнае рашэнне. Лепш перагнуць у абароне людзей, чым не дагнуць.
(Працяг у наступным нумары.)
Шаноўная рэдакцыя "Нашага слова"!
Дазвольце праз вашу і маю газету ( я не ведаю адраса Эрнеста Ялугіна) ўнесці ўдакладненне, даволі істотнае, у ягоны матэрыял "Успамінаючы аўтографы".
"Шаноўны Эрнест Васільевіч!
З цікавасцю прачытаў у "Нашым слове" "Успамінаючы аўтографы".Многіх з тых, каго Вы ўзгадваеце, ведаю. Так бы мовіць, прысутнічаў на сустрэчах. А Германа Кірылава-добра асабіста.Ен жыве ў Полацку, я ў Наваполацку. Ен працаваў намеснікам рэдактара Полацкай аб'яднанай газеты "Сцяг камунізму", а калі я заняў у ёй тую ж пасаду, ён быў уласным карэспандэнтам "Віцебскага рабочага", асвятляў жыццё паўночна - заходніх раёнаў Віцебшчыны.
Сам ён родам з Шаркоўшчыны. Нарадзіўся ў 1937 годзе, яшчэ ў Заходняй Беларусі. У 1959 годзе скончыў БДУ. Ні ў Глыбоцкай, ні ў Пастаўскай пасляваенных педвучэльнях, вядома, не займаўся і ў арганізаваных там суполках Саза патрыётаў Беларусі прымаць удзелу не мог. Да кнігі "Гарт", тытульны аркуш якой змешчаны ў "НС" № 48 ст. 7, мае самае непасрэднае дачыненне-ён яе напісаў і выдаў у 1997 годзе. Да гэтага правёў тытанічную работу. Але аб усім па-парадку.
Калі пасля адбыцця сталінскага пакарання і доўгіх гадоў мучэнняу і знявагі М. Бялевіч і А. Бялевіч прыехалі ў Полацк на пастаяннае месца жыхарства, Герман Іларыёнавіч пазнаёміўся з імі і стаў нібы чальцом іх дружнай сям'і. Ен дзень за днём запісваў іх успаміны пра нялюдскае жыццё у ГУЛАГу, наладжваў сустрэчы з вучнямі гарадскіх школ і тэхнікумаў, рабочымі і інтэлігенцыяй. Праз іх ён даведаўся адрасы іншых вязняў ГУЛАГу, якія трапілі туды за ўдзел у дзеянні СБП, а менавіта:акрамя наваных ужо М. і А. Бялевічаў гэта ўсе тыя, чые аўтографы стаяць на тытульным аркушы "Гарта" В. Мядзелец, А. Юршэвіч, А. Табола, Я. Сідаровіч, А. Бацяноўскі, Алеся і Антон Фурсы, А. Амельяновіч. Ёсць у іх шэрагу і аўтограф Германа Кірылава.Толькі яшчэ раз узгадваю, ён не вязень ГУЛАГу, а аўтар кнігі "Гарт", сябар Саюза беларускіх пісьменнікаў з 1981 года, Беларускага ПЭН-цэнтра. П'еса "У ноч на прадвесні" ўбачыла свет у 1974 годзе, аовесць "Сонца тваіх вачэй"-у 1981-м., раман "Пах жыта" у 1989. " Гарт" - годам раней. Герман Іларыёнавіч ездіў ад аднаго вязня да другога, спяшаўся занатаваць іх успаміны, каб яны сталі набыткам нашчадкаў, вучылі быць такімі ж мужнымі патрыётамі саёй Радзімы і рабілі ўсё магчымае дзеля таго, каб Беларусь заставалася беларускаю.
Герман Іларыёнавіч вельмі сціплы чалавек. Ен, калі і прачытаў " Успамінаючы аўтографы", то нічога не скажа і не напіша пра недакладнась, а толькі вінавата ўсміхнецца, нібыта сам дапусціў яе.
Юрась Касцюк, Сябра БАЖ і ТБМ імя Ф. Скарыны.
Чаму старэюць людзі?
Такую назву мае спектакль Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек... Прэм'ера адбылася 25 верасня 2009 года... Аўтар прыпавесці Анатоль Вярцінскі - славуты беларускі паэт, драматург, публіцыст, крытык і перакладчык. За кнігу "Нью-Ерская сірэна" Анатоль Вярцінскі стаў лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі БССР, а пасля яму было нададзена званне "Заслужаны работнік культуры Рэспублікі Беларусь". Трэба адзначыць, што спектакль ужо паспеў атрымаць узнагароду на фестывалі ў Польшчы...
Пастаноўку ажыцявіў славуты рэжысёр Аляксей Лепяўскі! Трэба адзначыць, што лялькі, флэш-анімацыю, сцэнаграфію і касцюмы зрабіла славутая Таццяна Нерсісян... Мне вельмі спадабалася муыка вядомага ў культурніцкіх колах гурта "Нагуаль"...
Спектакль разлічаны на дарослую аўдыторыю! Чаму старэюць людзі? Чаму так адбылося "можа таму. Што за дабро людзі сталі ліхам плаціць? Таму, што кожны на іншых, як на ворагаў пазірае? Чаму людзі не зважаюць на тое. што згода будзе, а нязгода руйнуе? І бачыць нават не жадаюць з-за чаго іх век хутка мінае, чаму з іхніх сэрцаў цеплыня знікае..."
Трэба адзначыць, што спектакль атрымаўся відовішчны і цікавы, дзякуючы артыстам... Шмат рэжысёрскіх знаходак сустракаем у гэтай сцэнічнай інтэрпрэтацыі п'есы А. Вярцінскага! Мне вельмі спадабалася як выконваюць свае ролі: Цімур Муратаў (Рыгорка") і заслужаны артыст Беларсі Уладзімір Грамовіч ("Дзед"), а таксама Святлана Цітохіна ("Бабка")... А вось Алесь Васько ("Змей") варты таго, каб атрымаць званне "Заслужаны артыст Беларусі", бо яго ігра - заўсёды цікавая. У спектаклі таксама задзейнічаны Дзмітры Рачкоўскі... Трэба адзначыць, што ў Беларускім Дзяржаўным тэатры лялек здаўна не прысвойваліся званні! Уладзіслаў Уласаў 40 гадоў адпрацаваў на гэтай сцэне, але пайшоў на пенсію толькі як "заслужаны"!
Трэба адзначыць, што спктакль "Чаму старэюць людзі?" з'яўляецца добрым падарункам класіку беларускай літаратуры. Анатолю Вярцінскаму, які днямі адсвяткаваў юбілей - 80 годдзе з дня народзінаў і знаходзіцца ў добрай творчай форме.
Аляксей Шалахоўскі, журналіст, гісторык культуры.
Летапісец нашай сучаснасці
Жыві! Працуй!
Твары свой лёс уласны!
Сам, сам сабе
дарогу пракладай!
І слова роднае
як дзень свой ясны
Да склону свету
пагасіць не дай!
Ніл Гілевіч.
Творчы вечар, прысвечаны 80-годдзю знакамітага беларускага паэта і грамадскага дзеяча Ніла Гілевіча, адбыўся 18 лістапада ў актавай зале абласной бібліятэкі імя Леніна. Ініцыятарам сустрэчы стала Магілёўская гарадская арганізацыя Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны. Вечарыну падтрымалі супрацоўнікі бібліятэкі, падрыхтаваўшы выставу выданняў паэта. У мерапрыемстве прынялі ўдзел студэнты навучальных устаноў, выкладчыкі, журналісты, вучні школ, грамадскія дзеячы, пісьменнікі і паэты, у тым ліку Яраслаў Клімуць, Віктар Арцем'еў і Тамара Аўсянікава, якія асабіста знаёмыя з Нілам Сымонавічам. Удзельнікі імпрэзы чыталі вершы і прозу пісьменніка, расказвалі аб сустрэчах з ім, дзяліліся ўражаннямі ад гутарак.
Выступоўцы, расказваючы пра творчасць паэта, найперш звярталі ўвагу на яго вялікую любоў да Радзімы і роднага краю, на клопат пра лёс беларускай мовы і культуры, духоўнасць народа, яго памяць і будучыню. Вера і надзея, каханне і роспач, захапленне і адчай, боль і гнеў, пяшчота і замілаванне, туга і папрок - пачуцці яго лірычных, філасофскіх і публіцыстычных вершаў, якія немагчыма зблытаць з творамі іншых дзеячоў культуры Беларусі.
Падрыхтаваны кінафільм распавёў пра малую радзіму і бацькоў паэта, даў магчымасць паслухаць жывое выступленне Ніла Сымонавіча і песні, напісаныя на яго вершы.
Талент паэта шчодры, багаты, разнастайны. За 65 гадоў творчай дзейнасці ім напісана больш за восемдзясят кніг у розных жанрах - паэзія, проза, драматургія, публіцыстыка. Ен аўтар рамана ў вершах "Родныя дзеці", зборнікаў сатыры і гумару, паэм для дзяцей. Таксама Ніл Сымонавіч займаўся перакладамі, фальклорам і літаратуразнаўствам. Зараз усё напісанае ён сістэматызуе і ўключае ў збор твораў у 23 тамах, 16 з якіх ужо выдадзена за яго ўласныя грошы.
Ніл Сымонавіч шмат сіл аддаў дзяржаўнай і грамадскай працы. Ён быў першым сакратаром Саюза пісьменнікаў БССР, старшынём Вярхоўнага Савета Беларусі па адукацыі, культуры і захаванні гістарычнай спадчыны, першым старшынём ТБМ, галоўным рэдактарам газеты "Наша слова".
За плённую працу і грамадскую дзейнасць пісьменнік узнагароджаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, Дружбы народаў, Кірыла і Мяфодзія I ступені (Балгарыя), Югаслаўскай зоркі са стужкай, ордэнам князя Яраслава Мудрага 2-й ступені (украінскай дзяржаўнай узнагародай), медалём Францішка Скарыны. Нілу Сымонавічу прысвоена званне заслужанага дзеяча навукі БССР і народнага паэта Беларусі.
"Ніл Гілевіч - глыбокі лірык, яго мова чыстая, народная, душэўная. У яго творах сустракаюцца словы, якія вы не знойдзеце ў беларускай літаратурнай мове, але ж яны жывуць у народзе, які карыстаецца імі і сёння," - адзначыла вядоўца імпрэзы, былая студэнтка Гілевіча Тамара Аўсянікава, на творчае станаўленне якой значны ўплыў мела яго творчасць і жыццёвыя прынцыпы.
Скончылася сустрэча агульным выкананнем песні на словы паэта "Вы шуміце, шуміце нада мною, бярозы."
Галіна Хітрыкава, г. Магілёў.
ПЕРШАЯ РАСІЙСКАЯ ІМПЕРАТРЫЦА - БЕЛАРУСКА ПА ПАХОДЖАННІ
У гэтым годзе споўнілася 305 гадоў ад часу, калі расійская імператрыца Кацярына Першая разам са сваім мужам Пятром Першым наведала сваю Айчыну - Беларусь, зямлю сваіх продкаў, у прыватнасці, Магілёўшчыну (лета 1706 г.). Наша зямля дала свету шмат вялікіх, выдатных вучоных, культурных дзеячаў, якія ўнеслі ў сусветную навуку, тэхніку і культуру велізарны ўклад. Былі сярод нашага народа і такія людзі, якія зрабілі значны ўнёсак у еўрапейскі і сусветны гістарычны працэс. На жаль, пра многіх ураджэнцаў Беларусі, якія ігралі вялікую, значную ці пэўную ролю ў гісторыі нашай зямлі або ў гістарычным працэсе іншых краін, мы яшчэ мала ведаем. Можна падаць колькі імён: А. Меншыкаў, Т. Касцюшка, І. Гурка, інш. Да гэтай катэгорыі можна, напрыклад, аднесці першую расійскую імператрыцу Кацярыну Першую. Мала хто з нас ведаў раней і ведае цяпер, што яна была беларуска па паходжанні. Сапраўднае ж яе імя і прозвішча - Марта Скаўронская (Скаўрон).
Давайце пройдземся жыццёвымі шляхамі гэтай беларускі. Марта была не з багатай, а з беднай беларускай каталіцкай сям'і. Яе бацьку Самуілу Скаўрону, двароваму князёў Сапегаў, ўдалося пакінуць ранейшае месца пражывання і пераехаць у Інфлянты (Ліфляндыю), дзе ён арандаваў фальварак каля Марыенбурга. З ранняга ўзросту Марта перажыла трагедыю: бацькі яе памерлі ў час эпідэміі, і яе ўзяў на выхаванне лютаранскі пастыр Э. Глюк (верагодна, немец) з Марыенбурга. Зразумела, што гэты святар пастараўся яе выхаваць набожнай і ў пратэстанцкім духу (перавёў з каталіцтва ў пратэстантызм). Калі споўнілася васямнаццаць гадоў, Марта выйшла замуж за шведскага драгуна Е. Рабэ. Але жаночае шчасце было кароткім: у хуткім часе яе каханы памёр і яна аказалася ўдавой.
Пасля заняцця Марыенбурга расійскай арміяй (пачатак верасня 1702 г.) Марта дасталася ў якасці трафея простым рускім жаўнерам, затым яе прыкмеціў фельдмаршал Б. Шарамецеў і забраў ў іх Марту. У хуткім часе прыгожую жанчыну заўважыў фаварыт Пятра Першага А.Д. Меншыкаў, і стары фельдмаршал вымушаны быў яе ўступіць сябру і паплечніку Пятра Першага. Але і Меншыкаў нядоўга цешыўся прыгажосцю беларускі. Ён ўступіў яе цару Пятру. Цар, відаць, моцна закахаўся ў Марту Скаўронскую, бо пастаянна павышаў, па сённяшняму кажучы, яе статус. Марта змяніла веравызнанне, прыняўшы праваслаўе, і атрымала імя Кацярыны Аляксееўны. І ў хуткім часе (з 1705 года) яна па сутнасці стала жонкай цара. Пётр добра ведаў тэмперамент сваёй жонкі і заўсёды яе вазіў з сабой.
Разам з Пятром Першым брала ўдзел у Пруцкім паходзе 1711 г., дзе, ахвяраваўшы свае каштоўнасці, правяла збор грошай сярод афіцэраў і жаўнераў для падкуплення турэцкага пашы, і гэта выратавала расійскую армію: яна выйшла з акружэння. Пасля паходу Пётр Першы ў 1714 г. заснаваў для ўзнагароджання жанчын ордэн святой Кацярыны.
У 1710 годзе Кацярыне быў нададзены тытул гасударыні. У лютым 1712 года яна афіцыйна пабралася з царом. Нарадзіла восем дзяцей, з якіх толькі дзве дачкі дажылі да сталага веку: Ганна, маці імператара Пятра ІІІ, і Лізавета, будучая расійская імператрыца. Кацярына мела ўплыў на цара-рэфарматара, ён з ёй лічыўся. Пры Кацярыне сфармавалася група ўплывовых вяльмож - землякоў, выхадцаў з Беларусі: А.Д. Меншыкаў, П.І. Ягужынскі, П.П. Шафіраў і інш. Як пішуць С. Куркоў і І. Пушкін у выданні "Могилевщина, легенды, события, люди (Мн., 2004. С. 65) "можна сцвярджаць, што ў той час "беларускі клан" граў вызначальную ролю" у палітычным жыцці Расіі. Кацярына І прымала ўдзел у змаганні супраць групоўкі царэвіча Аляксея Пятровіча, каб адхіліць яго ад трона і забяспечыць яго сваім дзецям. Ужо па ўсім гэтым бачна, што Кацярына І не была слабахарактарнай, як часам пішуць пра яе некаторыя даследчыкі.
Калі Кацярына Першая была каранавана як імператрыца (1725 г.), то яна дзяржаўнымі справамі ўжо не цікавілася. Галоўны яе клопат цяпер - выкуп з прыгону ў паноў Беларусі і Літвы братоў і сясцёр. Яны і іх нашчадкі ў 1742 г. ад імператрыцы Лізаветы Пятроўны атрымалі графскія тытулы. Мне падумалася: "От у каго трэба вучыцца любіць і клапаціцца пра сваіх родных і блізкіх".
Рускіх варта пахваліць у тым плане, што яны часта звяртаюцца да сваіх вялікіх, выдатных продкаў, хутка і ўмела ўвасабляюць іх вобразы ў паэтычных і празаічных, жывапісных і графічных, музычных і кінематаграфічных творах. Асабліва пашанцавала вобразу Пятра Першага. І як жа ім не вяртацца да вобраза гэтага дзеяча, які столькі зрабіў для Расіі. Пры ім Расія пачала іграць важную ролю ў еўрапейскім гістарычным, палітычным і культурным жыцці.
Успамінаецца вобраз Кацярыны Першай у фільме пра Пятра Першага (здаецца, ён дэманстраваўся ў другой палове 60-х - 70-я гады мінулага ст.), які, па ўсёй верагоднасці, так і называўся "Пётр Першы". Пэўнае месца ў ім адведзена і вобразу жонкі Пятра Першага - Марты Скаўронскай, пазней імператрыцы Кацярыны І, узаемаадносінам паміж імі. У той час нікому ў галовы не прыходзіла (акрамя, зразумела, вузкіх спецыялістаў і вельмі адукаваным, дасведчаных людзей), што Кацярына І была беларускай. Калі б мы пра гэта ведалі, то, безумоўна, і стаўленне да вобраза Кацярыны Першай у гэтай кінакарціне было б іншым, ды і нашы перажыванні былі б зусім інакшымі. У той час савецкія ўлады не былі асабліва зацікаўлены ў тым, каб беларусы і ўкраінцы нешта больш ведалі, чым ім належала ведаць пра сваю гісторыю і культуру.
Хочацца згадаць і пра фільм "Пётр Першы. Запавет.", які месяцы два таму назад ішоў па адным з расійскіх тэлеканалаў. Было паказана некалькі серый гэтага фільма. Гэта адзін з нешматлікіх расійскіх фільмаў, у якім пэўнае месца займае вобраз Кацярыны І, беларускі. Яшчэ раз паўтараю: "Не толькі беларусы, але і рускія ў сваёй масе не ведаюць, што Кацярына І была беларускай па крыві". Пра гэта расійскія сродкі масавай інфармацыі лічаць за лепшае маўчаць. А от пра Кацярыну ІІ чамусьці ўсе кажуць, што яна была немкай па паходжанні. Расійскае кінамастацтва і ў гэтым апошнім фільме праявіла сябе з самага станоўчага боку: на вядучыя ролі былі запрошаны лепшыя рускія артысты. Напрыклад, Пятра І іграў вядомы артыст Аляксандр Балуеў, а Аляксандра Меншыкава - народны артыст Расіі Аляксандр Філіпенка.
У фільме была цудоўна паказана сама эпоха з яшчэ паўфеадальнымі парадкамі, якія панавалі ў гэтай краіне пры Пятры Першым, з этнаграфічнай дакладнасцю адлюстраваны касцюмы, рэалістычна паказаны норавы людзей (якім часам было далёка да сапраўднай еўрапейскай адукаванасці і культуры) таго перыяду і інш. Вобраз першай рускай імператрыцы, беларускі па паходжанні, аказаўся паўнакроўным, і, мне здаецца, праўдзівым; яна ў фільме выведзена як валявая жанчына, якая, што б там ні было, гатова дабіцца свайго (болей за тое, нават знешні выгляд артысткі, якая выконвала ролю Кацярыны Першай, нагадваў, як здаецца, тыповую беларуску. Беларусы ж і рускія нярэдка антрапалагічна адрозніваюцца між сабой). Па смерці Пятра І, дзякуючы падтрымцы гвардзейскіх палкоў і новай знаці на чале з Меншыкавым, Кацярына І была абвешчана імператрыцай.
Веданне нашага гістарычнага мінулага, у тым ліку сваіх вялікіх або нават значных асоб узбагачаюць нас духоўна, развіваюць гордасць і гонар за сваю Айчыну, родны народ, прымушаюць задумвацца над сваім мінулым, сучаснасцю і будучыняй, фармуюць глыбокае пачуццё любові да сваёй Бацькаўшчыны.
Такім чынам, жыццё і дзейнасць Марты Скаўронскай - Кацярыны Першай служаць адной з крыніц вывучэння і далейшага развіцця, паглыблення, пашырэння не толькі беларуска - расійскіх, але нават і беларуска - усходнебалтыйскіх, у прыватнасці беларуска - нямецкіх, беларуска - латышскіх, гістарычна-культурных кантактаў, супрацоўніцтва, сяброўства.
А. Літвіновіч .