Папярэдняя старонка: 2011

№ 52 (1047) 


Дадана: 19-03-2020,
Крыніца: pawet.net.



НАША СЛОВА № 52 (1047) 28 снежня 2011 г.

З Новым 2012 годам!


Янка Купала
З НОВЫМ ГОДАМ!

З Новым годам, з Новым годам!

З новай песняй, з новай казкай! Зачаруем мімаходам

Долі ходы думкай-краскай!


Кінем покліч гулказвонны

Ад аконца да аконца,

Свет паклічам мёртва-сонны

Аж да сонца, аж да сонца!


Для унукаў, для праўнукаў

Расцярэбім сцежкі-шляхі;

Хай пануюць над прынукай -

Каб аж к небу лёту ўзмахі!..


Над зямлёй зардзіць вясёлка

После бураў, ліхалеццяў;

Бацьку, маці жыць нялёгка, -

Хай жа лёгка жывуць дзеці!


З Новым годам, што крыніцай

Новай пойдзе ў пераходзе,

Беларуская зямліца!

Беларускі наш народзе!

1921 г.


Калядныя традыцыі жывыя і ў горадзе

Увечары 23 снежня на сядзібу ТБМ у Менску завіталі калядоўшчыкі: сябры Студэнцкага этнаграфічнага таварыства, студэнты БДУКіМ, БДУ. Хлопцы і дзяўчаты ў традыцыйных калядных строях і апранахах мядзведзя, доктара, казы, цыганкі, механошы, павадыра казы стварылі сапраўдны калядны настрой і нагадалі пра чароўнае свята. Дудой, танцамі, песнямі і варажбой наведвальнікаў сядзібы павесялілі і пазабаўлялі за сімвалічную плату: прысмакі і ласункі. Такім нечаканым і прыемным паваротам скончыўся вечар.

Юля Бажок.


175-гадоў з дня нараджэння Валерыя Ўрублеўскага

Валеры Антоні Ўрублеўскі (27 снежня 1836 - 5 жніўня 1908) - дзеяч беларускага, польскага і міжнароднага рэвалюцыйнага руху.

Нарадзіўся ў мястэчку Жалудок Лідскага павету у сям'і безмаянтковага шляхціца Антона Ўрублеўскага і Разаліі з роду Юраўскіх. Бацька яго працаваў лесніком, потым скарбнікам у графа Тызенгаўза.

Скончыўшы ў 1853 годзе Віленскую гімназію, паступіў у Пецярбурскі лясны інстытут. У час вучобы ўдзельнічаў у студэнцкім руху, быў сябрам нелегальнага рэвалюцыйнага гуртка, якім кіравалі рэвалюцыянеры-дэмакраты Зыгмунт Серакоўскі і Яраслаў Дамброўскі. У 1861 годзе Ўрублеўскі накіраваны інспектарам лясной школы ў вёску Саколка Гарадзенскай губерні (цяпер Польшча). У 1861-1862 гадах ён актыўна ўдзельнічаў у стварэнні нелегальнай рэвалюцыйнай арганізацыі на Гарадзеншчыне, вёў прапаганду сярод навучэнцаў школы. Разам з Кастусём Каліноўскім рэдагаваў, друкаваў і распаўсюджваў нелегальную рэвалюцыйна-дэмакратычную газету «Мужыцкая праўда».

У час паўстання 1863-1864 гадоў Урублеўскі кіраваў паўстанцкімі аддзеламі. Ён быў прыхільнікам левага крыла «чырвоных». У баі з казакамі 7 жніўня 1864 года Ўрублеўскі быў пасечаны шаблямі.

Падлячыўшыся, ён эміграваў у Францыю. У Парыжы кіраваў дэмакратычнымі арганізацыямі беларуска-польскіх эмігрантаў. Калі 18 сакавіка 1871 у Францыі адбылася рэвалюцыя і быў створаны рабочы ўрад Парыжская камуна, Урублеўскі, як і многія іншыя яго суайчыннікі, актыўна падтрымаў рэвалюцыйныя памкненні парыжан. У гэтым выступленні ён бачыў «сацыяльную рэвалюцыю, якая пры поспеху можа перавярнуць увесь парадак, што існуе цяпер у Еўропе...». У званні палкоўніка Урублеўскі прапанаваў камунарам свае паслугі і план ваенных дзеянняў. Неўзабаве яму было прысвоена званне генерала, і ён узначаліў адну з трох рэвалюцыйных армій, якая абараняла паўднёвую частку Парыжа. У баях Урублеўскі паказаў сябе ўмелым, разважлівым і прадбачлівым палкаводцам і змагаўся на чале арміі да апошняга дня існавання Парыжскай камуны. Версальцы завочна прыгаварылі яго да пакарання смерцю.

Урублеўскі эміграваў у Лондан, уступіў у I Інтэрнацыянал, стаў першым марксістам Беларусі. Пахаваны ў Парыжы на могілках Пэр-Ляшэз, ля сцяны Камунараў.


Выдадзены Гарадзенскі краязнаўчы каляндар

На пачатку снежня ў Гародні выйшаў "Беларускі настольны перакідны каляндар на 2012 год (на матэрыяле Гродзеншчыны).

Гэты каляндар - трэці выпуск Гарадзенскага абласнога краязнаўчага календара. У календары пададзена каля паўтысячы важных і цікавых датаў з гісторыі Гарадзеншчыны, што яшчэ раз пацвярджае яе багацце і напоўненасць падзеямі і асобамі праз гады і стагоддзі.

Каляндары на 2010 і 2011 гады мелі значны поспех і выклікалі вялікую зацікаўленасць на Гарадзеншчыне, у Менску і ў іншых мясцінах, куды траплялі, што і з'явілася асноўным стымулам для выдання каляндара на 2012 год.

Каляндар з'яўляецца пэўным крокам у развіцці гарадзенскага краязнаўства, паколькі нацэльвае краязнаўцаў з Гародні і рэгіёнаў на працу па пэўных датах і з пэўнымі людзьмі, якія адзначаны ў календары.

Складальнік календара А. Пяткевіч, рэдактар С. Суднік.

Наш кар.


План дзейнасці

грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны" на 2012 год

Праект

1. Асветніцка-педагагічная праца

- з бацькамі, дзеці якіх пойдуць у дзіцячыя садкі і першыя класы ў 2010-2011 навучальным годзе;

- з бацькамі і іх дзецьмі, якія навучаюцца ў рускамоўных і беларускамоўных адукацыйных установах;

- з арганізацыямі і ўстановамі з мэтай прапаганды беларускай мовы і літаратуры;

- правядзенне курсаў беларускай мовы і беларусазнаўства.

- звярнуцца да дзяржаўных і недзяржаўных тэлеканалаў

па дапамогу ў стварэнні беларускамоўных класаў.

2. Праца рэгіянальных арганізацый ТБМ па захаванні і адкрыцці беларускамоўных адукацыйных устаноў: збор подпісаў, лісты ў дзяржаўныя ўстановы, пікеты і інш.

3. Стварэнне інтэрнэт-партала ТБМ і забеспячэнне яго дзейнасці

4. Супрацоўніцтва з дзяржаўнымі структурамі па пытанні выкарыстання дзяржаўнай беларускай мовы, Міністэрствам сувязі па пытаннях выпуску беларускамоўнай прадукцыі.

5. Супрацоўніцтва з банкаўскімі структурамі па пытаннях афармлення на беларускай мове бланкаў, рэквізітаў і іншай банкаўскай прадукцыі.

6. Праца з прадпрыемствамі па ўкараненні беларуска-моўнага афармлення выпусканай прадукцыі.

7. Работа па пашырэнні кола падпісчыкаў і чытачоў на "Наша слова", "Новы час", "Верасень" і іншыя бела-рускамоўныя газеты і часопісы.

8. Правядзенне літаратурных сустрэч у межах кампаніі "Будзьма".

9. Святкаванне Міжнароднага дня роднай мовы.

Правядзенне пікетаў, сустрэчы з чытачамі (разам з пісьменнікамі і журналістамі). Першы этап Агульнана-цыянальнай дыктоўкі - 21 лютага (2-і этап - 15 сакавіка, 3-і этап -25 сакавіка).

10. Выданне "Правілаў дарожнага руху" на беларускай мове

11. Правесці рэспубліканскую навукова-практычную канферэнцыю "Сучасны стан беларускага краязнаўства і валанцёрскі рух.

12. Краязнаўчы фестываль.

13. Выдаць насценны і кішэнны календары з нагоды 150 угодкаў паўстання 1863 года.

14. Выдаць паштоўкі да юбілеяў Я. Купалы, Я. Коласа, М. Танка.

15. Адзначыць Еўрапейскі дзень моў

16. Адзначыць наступныя даты:

120 гадоў з дня нараджэння Адама Станкевіча , беларускага грамадска-палітычнага і культурнага дзеяча, гісторыка, каталіцкага духоўніка. Памёр у 1949 г.

120 гадоў з дня нараджэння Браніслава Тарашкевіча ,беларускага грамадска-палітычнага і культурнага дзеяча, акадэміка Беларускай Акадэміі навук. Загінуў у СССР у 1938 г.

120 гадоў з дня нараджэння Рыгора Шырмы , беларускага грамадскага і культурнага дзеяча, хормайстра, народнага артыста БССР і СССР, Героя сацыялістычнай працы. Памёр у 1992 г.

70 гадоў з дня нараджэння Міхася Ткачова , беларускага грамадска-палітычнага дзеяча, гісторыка, археолага, доктара гістарычных навук, прафесара. Памёр у 1992 г.

125 гадоў з дня нараджэння Алеся Гаруна , дзеяча беларускага нацыянальна-вызвольнага руху, пісьменніка. Памёр у 1920 г.

85 гадоў з дня нараджэння Вітаўта Кіпеля , беларускага грамадска-культурнага дзеяча на эміграцыі, доктара геалогіі, ганаровага доктара Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я. Купалы.

130 гадоў з дня нараджэння Янкі Купалы , беларускага паэта, народнага паэта Беларусі. Загінуў у 1942 г.

200 гадоў з дня нараджэння Юзафа Крашэўскага , беларускага польскамоўнага пісьменніка, гісторыка, грамадскага дзеяча. Памёр у 1887 г.

180 гадоў з дня нараджэння Людвіка Нарбута , аднаго з кіраўнікоў паўстання супраць Расіі ў 1863 г. Загінуў у 1863 г.

210 гадоў з дня нараджэння Ігната Дамейкі , беларускага і чылійскага педагога, геолага, мінеролага, этнографа, прафесара. Памёр у 1889 г.

100 гадоў з дня нараджэння Максіма Танка , беларускага паэта, народнага паэта Беларусі. Памёр у 1995 г.

120 гадоў з дня нараджэння Зоські Верас , беларускай грамадска-культурнай дзяячкі, пісьменніцы.

130 гадоў з дня нараджэння Якуба Коласа , беларускага пісьменніка, народнага пісьменніка Беларусі. Памёр у 1956 г.

75 гадоў з дня нараджэння Дануты Бічэль , беларускай паэткі.

100 гадоў з дня нараджэння Фрыды Гурэвіч , рускага археолага, кандыдата гістарычных навук. Памерла ў 1988 г.

17. Адзначыць юбілейныя даты сяброў ТБМ:

70 гадоў Анатолю Бароўскаму , пісьменніку, сябру ТБМ.

80 гадоў Адаму Мальдзісу , беларускаму культуролагу, літаратуразнаўцу, пісьменніку, краязнаўцу, доктару філалагічных навук, прафесару.


Віншаванні ТБМ з Новым годам

Віншуем з Калядамі і Новым Годам!

Пасольства Рэспублікі Польшча ў Мінску.

У пярэдадзень Новага года прыміце мае шчырыя пажаданні шчасця, здароўя і поспехаў. З Новым годам!

Цві Каэн-Лімант, Часовы Павераны ў справах Дзяржавы Ізраіль у Рэспубліцы Беларусь.

Шаноўныя сябры, партнёры і калегі!

Мы дзякуем Вам за добрую супрацу і віншуем са святам Божага Нараджэння і Новым Годам!..

Выканаўчае бюро Асамблеі НДА.

Шчыра віншуем вас з Калядамі і Новым годам!

Божай вам падтрымкі!

Сябры клуба "Спадчына" м. Дварэц.


Віншуем сяброў ТБМ, якія нарадзіліся ў студзені

Адаська Віктар Акуліч Аляксандр Алесіна Ганна Міхайлаўна Аліева Марыя Рыгораўна Аляхновіч Мікалай Мікал. Андрасовіч Наталля Валянц. Антаноўскі Мікалай Антанюк Ян Анціпенка Лявон Міхайлавіч Апейка Марыя Фёдараўна Аскірка Валянцін Фёдаравіч Ашкінадзэ Аляксандра Ал. Ашуева Вера Яўгенаўна Баброў Яўген Ігаравіч Багданкевіч Святлана Мікал. Багданчык Таццяна Бакіноўскі Валянцін Баркун Любоў Сяргееўна Барткевіч Таццяна Фёдараўна Барысаў Лявон Аляксеевіч Барысевіч Аляксандр Вітол. Батуеў Павел Батура Вольга Іванаўна Бахір Алена Белы Павел Аляксандравіч Бечка Антон Вацлававіч Благачынны Фларыян Мікал. Болбас Данута Вацлаваўна Булыга Міхаіл Бурбоўская Алена Уладзімір. Бяліцкая Ганна Сцяпанаўна Бяляева Кацярына Уладзімір. Варанцоў Міхаіл Ананіевіч Варатынская Галіна Аляксан. Варонька Ніна Адэльфонас. Васілевіч Алена Канстанцін. Віданава Ірына Аляксеўна Вінаградаў Віталь Водзіч Таццяна Вярбоўская Надзея Гайдук Марыя Галавач Яўген Гапеева Вальжына Міхайл. Гаравы Марат Гарадко Галіна Станіславаўна Гарановіч Віталь Рыгоравіч Гарбачова Тамара Валер. Гардзіенка Ала Андрэеўна Гасціловіч Уладзімір Всільев. Гацак Максім Віктаравіч Гедроіць Аляксандр Генадз. Герасёва Таццяна Андрэеўна Гільвей Валянціна Грышкевіч Лявон Іосіфавіч Грэбень Раіса Гурская Людміла Дзям'янаў Аляксандр Улазім. Доўнар Павел Віктаравіч Драздоў Уладзімір Дранжкевіч Марыя Дробаў Іван Міхайлавіч Дубовік Ганна Уладзіміраўна Дуброўская Наталля Дычок Рэгіна Янаўна Езавіт Т. В. Елісееў Андрэй Ефімовіч Аляксандр Вячасл. Жарнасек Ірэна Францаўна Жылінская Святлана Жынь Канстанцін Уладзімір. Заіка Зоя Міхайлаўна Закрэўская Ніна Зарубава Ганна Уладзімір. Захарава Кацярына Алякс. Збадоўскі Эдуард Іосіфавіч Землякова Ала Зімніцкая Ганна Ігараўна Зімніцкі Леанід Зубар Марына Уладзіміраўна Івановіч Кацярына Анатол. Ігнатчык Алег Уладзіміравіч Іпатава Вольга Міхайлаўна Кабышаў Зміцер Казак Валянціна Казак Міхась Мікалаевіч Казак Сяргей Іванавіч Казлоўскі Алег Феліксавіч Калесніковіч Максім Каліноўская Марыя Калядка Іна Канопкіна Таццяна Станісл. Канус Марыя Іванаўна Капарыха Мікола Капуста Алена Міхайлаўна Каратчэня Іван Адамавіч Карповіч Уладзімір Леанід. Картузава Яўгенія Юр'еўна Карэнька Людміла Мікал. Каспяровіч Ілля Алегавіч Кашчэева Людміла Каяла Уладзімір Іванавіч Кізееў Ігар Кісель Таццяна Аляксандр. Клімашонак Віталь Алегавіч Кліменценка Святлана Ульян. Клімуць Яраслаў Іванавіч Клямята Уладзімір Антонавіч Кніга Галіна Кожан Кліменці Арсенавіч Козел Алена Аляксандраўна Коласава Алена Аляксандр. Корнеў Павел Іванавіч Котаў Павел Аляксандравіч Красоўскі Лявон Мікалаевіч Красоцкі Ян Краўчук Ала Крол Вера Сяргееўна Крывальцэвіч Мікола Крыж Сяргей Аляксандравіч Кузьмянкоў Генадзь Адамав. Кулік Анатоль Курчанава Ларыса Вітал. Куцэпаленка Яўген Лабанава Наталля Андрэеўна Лабоха Канстанцін Валянцін. Лазарэнкаў Валянцін Лазюк Аляксандр Лакішык Аляксей Рыгоравіч Ларычаў Алег Васільевіч Лашук Алег Пятровіч Лісоўскі Дзмітры Ліцкевіч Наталля Ліцьвінчук Аляксей Ліцьвінчук Анатоль Лобан Павел Міхайлавіч Лобец Алесь Паўлавіч Лукашэнка Антон Уладзімір. Луцэвіч Аляксандр Лысенак Р.В. Лысы Аляксандр Уладзімір. Люліна Алена Канстанцінаўна Магалінскі Ігар Уладзімір. Магучава Таццяна Васіл. Магучая Галіна Малышава Людміла Яўген. Малышка Іпаліт Міхайлавіч Маляўка Марыя Маркоўская Кацярына Мік. Мароз Аксана Пятроўна Масакоўскі Уладзімір Генадз. Мацюшава Яна Аляксандр. Мельнікаў Юры Леанідавіч Мільнова Таццяна Мікал. Мінько Марына Міхалева Варвара Міхалькевіч Людміла Мікал. Міханчык Нэлі Мішкель Станіслаў Мішкоў Яўген Музычэнка Андрэй Мікал. Мускі Барыс Георгіевіч Муша Уладзімір Мікалаевіч Мялешка Віктар Александр. Навагродскі Мечыслаў Ал. Навахрост Кацярына Нагорны Юры Аляксандр. Нікалаеў Аляксандр Яўген. Нікіцін Аляксандр Новік Міхась Фаміч Норка Алеся Падабед Аляксандр Палубінская З. Г. Панізовіч Марат Яфімавіч Паплеўка Юлія Юр'еўна Патаранскі Сяргей Сяргеевіч Паўлючук Антон Пісарэнка Аляксандр Васіл. Пляхневіч Тамара Пракурат Яўген Андрэевіч Пратасеня Юры Аляксандр. Прымака Васіль Дзмітрыевіч Прыхач Віталь Іванавіч Прышчыц Валянціна Сцяпан. Пярвушына Галіна Сярг. Пясецкі Генадзь Леанідавіч Пячкоўскі Франц Уладзімір. Рабянок Дзяніс Радзюк Міхаіл Міхайлавіч Раковіч Аксана Уладзіміраўна Рамановіч Вераніка Роўкач Андрэй Рудак Таццяна Рудзіч Алена Руцкая Алена Вітальеўна Рымша Сяргей Савуліч Мікалай Самуйлік Яўген Рыгравіч Свістунова Алеся Аляксан. Семянчук Альбіна Сівіцкі Уладзімір Уладзімір. Сімбіраў Ігар Сіповіч Святаслаў Іосіфавіч Скрыпко М.А. Снітко Вера Снітко Тамара Стагначоў Уладзімір Судак Вікторыя Суша Тамара Мікалаеўна Сушчэня Анатоль Сытая Таццяна Сяргейчык Аляксей Мікал. Тамашоў Мікалай Тамашэвіч Тамаш Іосіфавіч Тычына Міхась Адамавіч Украінка Сяргей Сяргеевіч Фёдарава Вольга Дзмітр. Фёдарава Лілія Федаровіч Святлана Міхайл. Фядзюшка Надзея Фядотаў Феакціст Фёдаравіч Хадановіч Маргарыта Міх. Хадоркін Мікола Фёдаравіч Хамец Міхась Дзмітрыевіч Хмараў Сяргей Рыгоравіч Царкова Ніна Канстанцінаўна Цітоў Ігар Віктаравіч Цыбульская Людміла Віктар. Цяцёркін Мікалай Яўгенавіч Чайка Сяргей Чаркасава Любоў Восіпаўна Чарных Наталля Чарнякова Вольга Чачотка Анатоль Ілліч Чылек Міхаіл Паўлавіч Чырэка Алесь Шаклач Таццяна Шафарэнка Мікалай Мікал. Швец Алена Шыбека Аляксандр Сярг. Шыдлоўская Ніна Анатол. Шыман Дзмітры Валянцін. Шыманец Алена Шынкевіч Уладзімір Юранкова Марыя Віктараўна Якалцэвіч Марыя Антонаўна Якушава Аліна Мікалаеўна Янушкевіч Леанід Яўсеенка Жана Яцкевіч Уладзімір Антонавіч


"…НА СЛОВА, ДУША, АДГУКНІСЯ!"

Віншуем з юбілеем!

Старажытнае мястэчка Стрэшын… Надзвычай маляўнічы куток у Жлобінскім раёне: на правым беразе Дняпра, вакол лугі і лугавіны, лясы і ўзлескі… Тут доўгі час чэрпаў натхненне выдатны беларускі празаік Мікола Лупсякоў - майстар апавядальнага жанру ў беларускай літаратуры, чые творы вызначаюцца глыбокім псіхалагізмам і па-мастацку непаўторным апісаннем прыгажосці прыроды.

4 студзеня 1952 года тут нарадзіўся і знаны беларускі мовазнавец Васіль Рагаўцоў, доктар філалагічных навук, прафесар, загадчык кафедры беларускай мовы ў Магілёўскім дзяржаўным універсітэце імя А. Куляшова. Ён аўтар шматлікіх навуковых і навукова-метадычных прац (больш за 250), рэцэнзій на мовазнаўчыя кнігі, слоўнікі… Для студэнтаў філалагічных факультэтаў ВНУ краіны В. Рагаўцоў выдаў комплекс беларускамоўных навучальных дапаможнікаў (з грыфам Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь) па такіх тэарэтычных дысцыплінах, як "Уводзіны ў мовазнаўства", "Агульнае мовазнаўства", "Гісторыя мовазнаўства". Пытанні сінтаксісу падрабязна разгледжаны ў дапаможніку "Сінтаксіс беларускай і рускай моў: дыскусійныя пытанні" (Мінск, 2001), у якім аналізуюцца спрэчныя і найбольш складаныя пытанні сінтаксісу, што вывучаюцца ў ВНУ ў курсах сучаснай беларускай і рускай літаратурных моў.

Прыкметнае месца ў лінгвістычнай дзейнасці В. Рагаўцова займае лексікаграфія. Ён выдаў унікальны ў беларускім мовазнаўстве энцыклапедычны даведнік "Мовы свету" (Магілёў, 2009), у якім даюцца звесткі пра 400 найбольш распаўсюджаных моваў свету, больш за 150 сем'яў і групаў моў. Змяшчаецца інфармацыя аб прыблізнай колькасці моўнікаў, прыналежнасці мовы да той або іншай сям'і або групы, тэрыторыі пашырэння, асаблівасцях гукавога ладу, граматыкі, лексікі, часе з'яўлення пісьмовасці, найстаражытных пісьмовых помніках, сацыяльным статусе (афіцыйная / дзяржаўная мова, мова міжэтнічных або побытавых зносін і да т. п.), ступені даследаванасці і гісторыі вывучэння кожнай з моў.

Акрамя гэтага В. Рагаўцоў - сааўтар такіх грунтоўных даведнікаў, як "Матэрыялы да абласнога слоўніка Магілёўшчыны" (Мінск, 1981), "Руска-беларускі слоўнік па машынабудаванні" (Мінск, 1998), "Анамастычны слоўнік Магілёўшчыны" (Магілёў, 2000), біябібліяграфічны даведнік "Мовазнаўцы МДУ імя А.А. Куляшова: агульнае і славянскае мовазнаўства (1930-2001)" (Магілёў, 2002), "Слоўнік мікратапонімаў Магілёўшчыны" (Магілёў, 2004).

Аднак асноўны аб'ект навуковага даследавання В. Рагаўцова - вербальныя сродкі камічнага ў беларускай мастацкай літаратуры. Гэтай тэме прысвечана грунтоўная манаграфія "Маўленчае выражэнне камічнага ў беларускай драматургіі" (Магілёў, 2002), дзе ўпершыню ў беларускім мовазнаўстве зроблена спроба найбольш поўна выявіць і комплексна прааналізаваць сродкі маўленчага выражэння камічнага ў даўняй і сучаснай беларускай драматургіі (ХVІІ - ХХ стст.), а таксама акрэсліць найважнейшыя асаблівасці іх ужывання. Гэта тэма знайшла далейшае адлюстраванне і ў апошняй працы вучонага - "Слоўніку пра камічнае: мовазнаўчы аспект" (Магілёў, 2010), у якім тлумачыцца больш за 210 тэрмінаў, што маюць дачыненне да камічнага як адной з катэгорый эстэтыкі (сутнасць, асноўныя віды, сродкі, спосабы і прыёмы вербальнага выражэння). Дарэчы, навуковыя артыкулы і матэрыялы па праблеме вербальнага выражэння камічнага друкаваліся як у беларускіх часопісах і зборніках, так і замежных (расійскіх, украінскіх, польскіх).

У асобе В. Рагаўцова "гарманічна спалучаюцца" не толькі "акадэмічнае мовазнаўства", але і "далікатная, як пялёстак вішні, паэзія". Для пацверджання сваіх слоў складальнік анталогіі беларускай паэзіі ХХ ст. "Краса і сіла" (Мінск, 2003) М. Скобла падае некалькі вершаў сярод іх: "Дым / з лагодаю абвівае / садовыя дрэўцы, / каб паўтарыцца / у іх першацвеце"; "Ліхтар / у пустынным скверы… / Як свечка ля алтара. / Так і хочацца / пакланіцца"; "Рыпяць весніцы, / як у пару / маёй маладосці. / Толькі - / ад подыху ветру"; "З поўным вядром - / вітаюся, / парожняга - асцерагаюся… / Баюся вядра, / што ржавее ля студні".

Паэзія В. Рагаўцова атрымала высокую ацэнку сярод прызнаных у краіне крытыкаў і літаратуразнаўцаў. Так, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь А. Марціновіч, рэцэнзуючы ў часопісе "Маладосць" першы зборнік "Сутонне" (1995), звярнуў увагу на такую адметнасць вершаў паэта, як "філасафічная напоўненасць думкі": "З асцярогай ступаю / па роднай зямлі. / Бо рэха крокаў маіх / адгукаецца ў скронях / стогнамі продкаў забытых… / Няўжо ім баліць, / калі я ступаю / па роднай зямлі?"

Доктар філалогіі І. Штэйнер, гаворачы пра паэтычную творчасць В. Рагаўцова, адзначаў, што ён "тонка-далікатна адчувае слова, умее заглянуць у яго ўнутраную сутнасць", "майстар асацыяцый", схільны да "філасафізацыі рэчаіснасці": "Яловыя лапкі на дарозе… / Сірацеюць людзі. / Сірацее лес"; "Выгнаннікі / чужой Душы… / А яшчэ жахлівей, / калі - сваёй"; "Жабрак ля царквы. / На далоні - / першая міласціна: / залацісты кляновы лісток".

Паводле назіранняў вядомага мовазнаўца і крытыка прафесара В. Шура, у вершах паэта багата "трапных, вывераных жыццёвым досведам, часам нечаканых, аўтарскіх абагульненняў, якія вызначаюцца лаканізмам, змястоўнасцю", напрыклад: "Хто не забыўся на мінуўшчыну, / той беражэ і будучыню"; "Вялікія творцы / яшчэ большыя / сваёй адсутнасцю"; "Ніколі не стане / блізкім чужое, / калі счужынела сваё"; "Многія і на волі - / нявольнікі. / Чужой Душы".

З нагоды 50-гадовага юбілею паэта А. Пісьмянкоў так трапна вызначыў сутнасць яго творчасці: "Думка, пачуццё і адметная лексіка - вось тыя тры кіты, на якіх трымаецца паэзія Васіля Рагаўцова".

Апрача названага вышэй, В. Рагаўцоў выдаў яшчэ такія зборнікі, як "Долягляд" (1998), "Адмыслоўцы" (2007), "На роскрыжы дарог" (2008), "Імгненне і Вечнасць" (2010). Асобныя з вершаў змешчаны ў хрэстаматыі для вучняў старэйшых класаў "Сэрцам роднага слова краніся" (Мінск, 1998), дапаможніку для 10 класа Змушко А.М. "Беларуская мова і чытанне" (Мінск, 2007), літаратурных зборніках, часопісах "Полымя", "Маладосць", "Роднае слова", "Першацвет", рэспубліканскіх газетах, у тым ліку і "Нашым слове".

З нагоды 60-гадовага юбілею В. Рагаўцова хочацца пажадаць яму творчага неспакою - і як мовазнаўцу, і як паэту. І надалей радаваць філолагаў новымі навуковымі працамі, а прыхільнікаў прыгожага пісьменства - паэтычнымі творамі!

Мікола Даніловіч , доктар філалагічных навук, прфесар г. Гародня.


"Краязнаўчая газета" № 400

Сакратарыят ТБМ, рэдакцыя газеты "Наша слова" шчыра віншуюць калектыў рэдакцыі "Краязнаўчай газеты" з выхадам 400-га нумара.

Калісьці Ларыса Геніюш казала, што куфры ў нас яшчэ не поўныя, у сваю чаргу скажам, што нівы краязнаўства ў нас яшчэ слабаслаба ўзараныя. Таму мы зычым "Краязнаўчай газеце" сілаў і імпэту, каб на ўзараных ёю нівах рунелі ўсходы ведаў пра нашую мінуўшчыну, і каб менш было агрэхаў.


ТБМ на III Форуме грамадзянскай супольнасці краін-удзельніц Усходняга партнёрства

28-30 лістапада 2011 г. у Познані (Польшча) адбыўся трэці штогадовы Форум грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства. Форум праходзіў пад лозунгам "Партнёрства дзеля дэмакратычных рэформаў і еўрапейскай інтэграцыі" і сабраў каля 300 дэлегатаў і гасцей з ліку прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці Арменіі, Азербайджана, Беларусі, Грузіі, Малдовы, Украіны і Еўрапейскага саюза. У Форуме браў удзел намеснік старшыні ТБМ, Дзніс Тушынск.

Удзельнікі Форуму, апроч распрацоўкі тэматычных прыярытэтаў шматбаковага супрацоўніцтва, абмеркавалі і прынялі новую Канцэпцыю структуры і развіцця Форуму грамадзянскай супольнасці, што ў тым ліку замацавала легітымнасць дзейнасці Нацыянальных платформаў. Сярод выступоўцаў на Форуме ў гэтым годзе прымалі ўдзел Еўракамісар па пашырэнні і палітыцы добрасуседства Штэфан Фюле, міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі, афіцыйныя прадстаўнікі Еўрапейскай камісіі і краінаў ЕС, эксперты і дзеячы грамадзянскай супольнасці Ўсходняга партнёрства і ЕС.

Па выніках галасавання, тры беларусы ўвайшлі у склад Кіраўнічага камітэту Форуму грамадзянскай супольнасці на наступны год.

ТБМ было афіцыйна зарэгістравана як прадстаўнік Першай працоўнай групы: "Дэмакратыя і правы чалавека". Дзяніс Тушынскі прыняў удзел у пасяджэннях некалькіх падгруп, якія ўваходзяць у гэтую рабочую групу.

Асноўныя дасягненні ТБМ на форуме:

1. У афіцыйны план працы падгрупы па правах чалавека на будучы год ўключаны разгляд стану моўных правоў у краінах-сябрах Усходняга партнёрства (УП). Наша арганізацыя можа ўзначаліць дадзеную працу пры ўмове знаходжання партнёрскіх арганізацый у краінах-сябрах УП.

У наступную "Справаздачу аб парушэннях правоў чалавека ў краінах УП" (гэта галоўны прадукт дзейнасці гэтай падгрупы) павінны быць уключаны матэрыялы аб парушэннях моўных правоў у Беларусі.

2. Каардынатар падгрупы па СМІ прынцыпова пагадзіўся з уключэннем пункта аб прапарцыйнай прадстаўленасці моў пэўнай краіны ў яе СМІ ў "Індэкс дэмакратычнасці СМГ', які распрацоўваецца дадзенай падгрупай.

На пасяджэнні гэтай падгрупы была прадэманстравана электронная прэзентацыя (невялікая частка агульнай падрыхтаванай прэзентацыі), прысвечаная парушэнням моўных правоў беларускамоўных грамадзян Беларусі ў сферы СМІ.

3. Па ініцыятыве прадстаўніка ТБМ пытанне моўных правоў у Беларусі было ўзнятае на сустрэчы, прысвечанай выкананню рашэнняў Еўрапейскага суда па правах чалавека. Прадстаўнікі суда адзначылі, што заканадаўчых актаў, якія б дазволілі прымаць рашэнні па дадзенай тэме, бракуе. Маюцца толькі акты, якія рэгулююць моўныя правы меншасцяў.

4. З падачы прадстаўніка ТБМ пытанне парушэнняў моўных правоў і развіцця беларускай мовы былі шырока абмеркаваны на сустрэчы, прысвечанай выхаду "Справаздачы аб стане беларускай незалежнай культуры і недзяржаўных арганізацый". На гэтай сустрэчы наша пазіцыя атрымала падтрымку аднаго з каардынатараў 4-ай працоўнай групы "Кантакты паміж людзьмі". У перспектыве гэта можа прывесці да канкрэтнай падтрымкі нашых прапаноў.

5. На форуме было распаўсюджана каля 150 асобнікаў новага англамоўнага Інфармацыйнага ліста ТБМ. У прыватнасці, ліст быў перададзены асабіста ў рукі Еўракамісара па расшырэнні, сп. Штэфана Фюле. Пры стварэнні ліста быў у прыватнасці выкарыстаны тэкст выступу, падрыхтаваны спецыяльна для Форуму юрыстам арганізацыі, спняй Тыгрыцкай, а таксама прапановы і ўдакладненні сп. Трусава і сп-ні Анісім. Буклет у тым ліку змяшчаў:

- Інфармацыю пра нашу арганізацыю.

- Кароткую гісторыю беларускай мовы і яе сучасны стан.

- Асноўныя кірункі дзейнасці ТБМ і яго апошнія дасягненні.

- Справаздачу пра парушэнні моўных правоў у Беларусі па сферах: дзяржаўнае кіраванне і адміністрацыя, адукацыя, культура, СМІ і новыя тэхналогіі, сацыяэканамічная сфера.

- 10 прапаноў да арганізатараў Форуму.

Прапановы:

1) Арганізацыя маніторынгу парушэнняў моўных правоў у краінах-сябрах УП.

2) Прыняцце дэкларацыі з асуджэннем усіх праяў моўнай дыскрымінацыі ў краінах-сябрах УП.

3) Ініцыяванне даследаванняў лінгвістычнага дысбалансу і парушэнняў моўных правоў у Беларусі.

4) Распрацоўка рэкамендацый па ліквідацыі моўнага дысбалансу ў Беларусі, якія павінны быць перададзеныя айчынным уладам. Сярод рэкамендацый прапаноўвалася прыняцце Закона "Аб дзяржаўнай абароне беларускай мовы", адкрыццё Беларускага ўніверсітэта.

5) Распрацоўка праграмы падтрымкі беларускай мовы адпаведнымі арганізацыямі Еўразвязу.

6) Маніторынг таго, як пытанне моўных правоў прадстаўлена ў міжнародных пагадненнях.

7) Уключэнне пытання моўных правоў у павестку дня рабочых груп Форуму. Магчыма, стварэнне спецыяльнай рабочай падгрупы па пытаннях мовы і моўных правоў.

8) Пераклад інтэрнэт-старонкі УП на ўсе мовы краінаў-сяброў (зараз - толькі па-англійску і па-руску).

9) Запуск праграмы па выданні дзвюх- і шматмоўных слоўнікаў і размоўнікаў для моў краін-сяброў УП, а так-сама выпуск электронных перакладчыкаў.

10) Заклік да арганізацый-партнёраў з іншых краін да правядзення сумесных праваабарончых кампаній і іншых ініцыятыў.

6. Прадстаўнік арганізацыі зладзіў стэнд ТБМ на "Кірмашы недзяржаўных арганізацый", дзе прэзентаваў матэрыялы пра ТБМ і ўзоры нашай прадукцыі: размоўнікі, часопіс "Верасень", буклеты, апошнія нумары газет "Наша слова" і "Новы час".

Бліжэйшыя перспектывы:

1. У межах УП плануецца запуск 5-6 буйных праектаў, на якія будзе выдаткавана фінансаванне. Нашы прапановы могуць стаць асновай аднаго з іх.

2. Дзякуючы падачы намі інфармацыі аб парушэннях моўных правоў у Беларусі ў агульныя справаздачы па правах чалавека ў краінах УП, адпаведныя еўрапейскія структуры будуць у курсе нашых праблем.

3. Пры ўмове знаходжання намі партнёраў у краінах УП, ТБМ зробіцца лідарам ініцыятыў і праектаў ў галіне абароны моўных правоў, развіцця нацыянальных і меншасных моў, а таксама падтрымкі моўнай разнастайнасці ў краінах УП.

Наш кар.


Нясвіж стаў культурнай сталіцай Беларусі 2012 года

12 снежня ў Гомелі прайшла ўрачыстая цырымонія перадачы эстафеты ад культурнай сталіцы краіны 2011 года.

У ліку ганаровых гасцей мерапрыемства былі прадстаўнікі выканаўчай дырэкцыі Міждзяржаўнага фонду гуманітарнага супрацоўніцтва дзяржаў СНД, міністэрстваў культуры і інфармацыі Беларусі, заслужаныя дзеячы культуры і мастацтва краіны.

Намеснік міністра культуры Тадэвуш Стружэцкі паведаміў, што ў культурнай сталіцы Беларусі і СНД 2011 года праведзена больш за 220 выстаў, канцэртаў, акцый абласнога, рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўняў.

У ліку асноўных мерапрыемстваў 2012 у Нясвіжы Тадэвуш Стружэцкі назваў фестываль "Музы Нясвіжа", оперныя і балетныя вечары ў Нясвіжскім палацы і адкрыццё палацавага комплексу Радзівілаў.

Першым павіншавала новую культурную сталіцу "Белпошта", выпусціўшы мастацкі канверт з арыгінальнай маркай.

Наш кар.


Гарадзенскія мастакі прысвяцілі Максіму Багдановічу выставу

Выстава жывапісу, графікі і скульптуры «Блакiтны санэт», якая праходзіць у Гарадзенскай выставачнай зале, прысвечана 120-годдзю з дня нараджэння паэта Максіма Багдановіча. Імёны ўдзельнікаў даволі вядомыя: Аляксандр Сільвановіч, Валянціна Шоба, Юры Якавенка, Вікторыя Ільіна, два скульптары: Уладзімір Панцялееў і Андрэй Вараб'ёў (госць з Магілёва).

Аляксандр Сільвановіч: "Мы хацелі адысці ад ілюстрацыі, хацелі паказаць паэта такім, якім адчуваем яго самі, усё прайшло праз нашыя пачуцці. Ніякіх планаў загадзя не рабілі, проста Багдановіч у нас у сэрцы, пафасна кажучы, знаходзіцца. У мяне з'явілася ідэя трыпціха: лес, возера, ноч - які характарызуе творчасць... Есць карціны, якія адштурхваюцца ад Эраса. Маленькая серыя: зялёны месяц і чырвонае віно - шырокае адчуванне Сусвету, космасу, святла".

Юры Якавенка: "Было важна, каб працы атрымаліся паэтычнымі, паўтаралі цыклічную структуру санэта. Тут няма нічога пралетарскага, што апявала б сялянскую жыццё, і няма складанай філасофіі. Тут усё пра неба, пра зямлю, пра пачуцці, пра вечнае, пра тых, хто рана пайшоў, не паспеўшы сказаць усё. Я думаю, Максім Багдановіч да гэтага часу недаацэнены крытыкамі, гісторыкамі. А гэта ж наш Пушкін, паэт нумар адзін у Беларусі. Мой цыкл гравюр атрымаўся незавершаным, як незавершаны санэт, і цяпер я гэтаму рады".

Валянціна Шоба: "Рыхтавалася загадзя, рабіла малюнкі алоўкам. Мне хацелася, каб гэта было тонка і ўважліва да лініі, як Багдановіч ўважліва ставіўся да свайго слова. Мне хацелася перадаць рытмічную складанасць паэзіі: якая яна гарманічная, як сплятаецца ў адзіны вобраз. Перачытала зборнік і знайшла тое, што цяпер адпавядае майму настрою - сны. Мы заўсёды снім высокія ідэалы, дзе ўсё замяшана на глабальнай любові да слова, да сваёй прафесіі, да ўсяго, без чаго жыць не можаш".

Вікторыя Ільіна: "Тэма ўспрымалася як арнамент. Я імкнулася перадаць настрой і зыходзіць з тэматыкі Багдановіча, прасякнуцца духам яго паэзіі. Мы ў школе з дзецьмі вянкі рабілі, і выявілася, адна дзяўчынка жыве ў горадзе і ніколі не пляла вянкоў - не ведае, як гэта робіцца. Гэта няправільна".

Мастак з Друскенікаў Саўлюс Рудзікас вывучыў вершы Багдановіча, каб упісаць іх настрой у свае пастэльныя, напоўненыя ружовай імглой працы. Скульптуры Андрэя Вераб'ёва дадалі нотку эротыкі ў складаны свет лірыкі. Атрымаўся незвычайны праект без партрэтаў і рэалізму, пачуццёвы і загадкавы. Пасля Гародні выставу плануюць паказаць у Літве і Польшчы.

Паводле Іны Максімчык.


Пан Скіргайла ў Баранавічах

Па запрашэнні Баранавіцкай Рады Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарына 20 лістапада 2011 года наш горад наведаў пан Скіргайла, каб сустрэцца з аматарамі шляхетнай беларускай мовы і культуры. Імрэза ладзілася ў прыватнай кватэры па вуліцы Міцкевіча 65. Яна пачалася з цудоўных гукаў старажытнай дуды, якая ў эпоху Сярэднявечча суправаджала ліцвінаў у валцы (бітве). Кіраўнік творчай групы Алесь Стральцоў распавёў пра неабходнасць адмаўлення ад разумовай ляноты і папулярызаваць не мужыцка-сярмяжна-савецкую, а шляхецкую беларускую культуру. Затым выступіў пан Скіргайла, які бачыць сваё прыначэнне ў рэканструкцыяванні і прапагандаванні мовы Францішка Багушэвіча і Янкі Купалы. Пан Скіргайла пераканаўча паказаў, што шляхетнасць трэба выхоўваць найперш у сям'і: выхаванне шляхты - гэта выхаванне сваіх дзяцей, якіх трэба найчасцей бусець і мілаваць. Прысутныя з цікаўнасьцю даведаліся, што калі табе зрабілі дабро ці ласку, то варта сказаць слова "ачанькі", а калі трэба выказаць найвялікшую пашану да чалавека, то варта ўжыць зварот "ваша зацнасць", а словы "ваша міласць" - гэта традыцыйнае абыходжанне прадстаўнікоў шляхетнага стану. Гаварылі не толькі пра адраджэнне мовы і шляхетнасці, але і праглядзелі фрагменты батлейкі - беларускага народнага лялечнага тэатру.

Віктар Сырыца, старшыня Баранавіцкай рады ТБМ.


Галоўнае свята года

Імя Максіма Багдановіча трывала ўвайшло ў маё жыццё. Паэт з'явіўся для мяне прыкладам сапраўднага патрыёта. Калі мяне вучаць патрыятызму, я заўжды звяртаюся да яго твораў, да яго жыццёвага шляху, каб скарыстацца толькі яго парадай, толькі яго прыкладам любові да нашай шматпакутнай і мілай зямлі, да нашай самай прыгожай і мілагучнай мовы. Бываючы ў мясцінах, якія ашчасліўлены яго прысутнасцю, я заўважаю, што яны застаюцца і ў маім сэрцы, як самыя дарагія і жаданыя.

Сёлета, у юбілейны год Максіма, у душы жыло прадчуванне нечага незвычайнага і ўзнёслага. Але такі настрой мы стараліся стварыць сабе самі. Ды і сваім школьным сябрам. Бо адарваныя мы ад культурных цэнтраў краіны, не маем магчымасці сустрэцца з сучаснымі паэтамі, з тымі, чыёй творчасцю захапляемся.

Цэлы тыдзень мы прысвяцілі Максіму Багдановічу. Праводзілі завочныя падарожжы па шляху паэта ў школьным музеі для вучняў пачатковых класаў. А таксама падрыхтавалі выставу малюнкаў да твораў Багдановіча пад назвай "Я хацеў бы спаткацца з вамі…". 8 снежня прайшла чытацкая канферэнцыя. Самым цікавым мне падалося выступленне Лашкоўскай Паліны "Тэма беларускага Адраджэння ў творчасці Максіма Багдановіча". За падрыхтоўку такой грунтоўнай работы яна атрымала ў падарунак кнігу Дануты Бічэль "Хадзі на мой голас" і выглядала сапраўды шчасліваю.

9 снежня з ранку гучалі песні на вершы паэта. Пасля ўрокаў мы сабраліся ў памяшканні бібліятэкі, каб разам адзначыць вялікае свята. Быў конкурс чытальнікаў. Гучалі любімыя вершы і цёплыя словы пра іх аўтара. А яшчэ мы адказвалі на пытанні віктарыны. А нашы мастакі прэзентавалі свае творчыя працы. Кожны ўдзельнік свята атрымаў невялікі падарунак. Яно атрымалася вельмі змястоўным і цікавым, а ўсе мы яшчэ мацней паядналіся імем Максіма Багдановіча.

Алена Лашкоўская , сябра гісторыка-патрыятычнага клуба "Спадчына", вучаніца 6 класа, м. Дварэц.


У беларусаў Прыбайкалля

Іркуцкае Таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага выпусціла кішэнны каляндарык на 2012 год.

Для каляндарыка скарыстаны здымак з шэсця беларусаў у дзень горада.

Асаблівасцю каляндарыка з'яўляецца адсутнасць у ім дня суботы . Заміж суботы тут пасля пятніцы ідзе шасніца. Калі моцна хочацца, то чаму не?

Наш кар.


Звіняць жаўрукі ў Чарнобыльскім небе

Фрагменты з дакументальнага рамана

(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

X

Сярод акіяна матэрыялаў пра найвялікую ядзерную трагедыю ў свеце, выбух на Чарнобыльскай атамнай, было нямала такіх, дзе справядліва паказвалася пачуццё разгубленасці людзей, болю, вінаватасці; у многіх аб'ектыўна выгараджваліся бяздарныя памылкі дзяржсістэмы ў цэлым, праектантаў і эксплуатацыйнікаў у прыватнасці.

Самым эквілібрыстычнаганебным фокусам з'яўлялася жаданне некаторых выдаць выбух чацвёртага блока ЧАЭС землятрусам. Сейсмаграмы тагачасся на станцыях "Нарынск", "Падлубы", "Глушкавічы" чамусьці былі аб'яўлены "надзвычай сакрэтнымі". Ваенныя паставілі станцыі, каб лавіць рэха далёкіх ядзерных выбухаў на Семіпалацінскім палігоне, замежных. Вынікі Чарнобыльскага запісу старанна замоўчваліся. Па палітычных матывах. Каб не паказаць выключную абыякавасць аднапартыйнай сістэмы да атамшчыкаў, эксплуатацыйнікаў і, самае ганебнае, да жыхарства трох рэспублік.

Адзіны ў Савецкім Саюзе і ў Расіі ў той час спецыяліст па распазнаванні антрапагенных выбухаў сярод усёй масы запісваных землятрусаў, загадчыца сектара сейсмалогіі Цэнтра службы геадынамічных назіранняў у электраэнергетычнай вобласці Ганна Аляксандраўна Гадзіхоўская сцвярджала, што ядзерныя выбухі ў СССР вывучаюць цэлыя інстытуты, а прамысловыя выбухі нікога не цікавяць. Прынамсі не цікавілі да выбуху на ЧАЭС і дзесяцігоддзе пасля яго.

- Калі б мяне паставілі да сценкі перад выбухам на ЧАЭС і сказалі: памылішся ў вызначэнні, выбух ці землятрус - мы цябе расстраляем, - я б сказала: выбух, - адважніцца сумленка Гадзіхоўская.

Аб'ектыўка . Праз яе рукі прайшлі кіламетры плёнак з запісамі сейсмічных падзеяў, яна даказвае: выбух рэактара над зямлёю для сеймастанцыі быў не самым моцным, бо адкрыты. Першы выбух, нябачны, у закрытай поласці рэактара, стаў для прыбораў больш магутным, бо меў супраціўленне, сцены.

Перастаноўка асобнымі вірутнікамі паказчыкаў 2,5 - 3 магнітуды шкалы Рыхтара (магнітудная шкала) на 2,5 - 3 балы шкалы Рыхтара - наўмыснае подлае скажэнне рэальнасці. Магнітуда шкалы Рыхтара і бал шкалы Рыхтара абсалютна розныя паняцці. Фактычна тры магнітудныя паказчыкі - меней аднаго бала шкалы вымярэння землятрусаў. Людзі над агменем такога "землятрусу" нават не адчулі б яго; чацвёрты рэактар, пры ўсіх яго недахопах, па сейсмаўстойлівасці будынкаў ад такога штуршка не трэснуў бы, не надкалоўся, не тое што разбурыўся.

Гэтую ісціну нельга падмяніць напаўпраўдаю або прамым скажэннем фактаў. (11)

XI

На сумесных пасяджэннях Палітбюро ЦК КПСС і Савета Міністраў СССР Мікалай Слюнькоў быў рэдка. Этап вылучэння першага намесніка старшыні Дзяржплана СССР Слюнькова кіраўніком Кампартыі БССР на вузкім паседжанні Палітбюро ЦК КПСС тры гады таму, як у водблісках рэха, далёкая ўява.

Сёння ён пачуваўся б на адказным пасяджэнні падзелавому спакойна, калі б не тэма - выбух на ЧАЭС: прычыны, наступствы. Слюнькова і яшчэ трох кіраўнікоў з Беларусі запрасілі, бо рэспубліка пацярпела болей ад ўсіх, беларусы геройскі змагаюцца з бядою.

- Таварыш Аляксандраў, вам і таварышу Лягасу на паведамленні адведзена па пятнаццаць хвілін. Вы гаворыце дваццаць, - кіраўнік паседжання Міхаіл Гарбачоў прышлёпнуў далонню. Сёння генсек няўсміхлівы. - Тры хвіліны яшчэ дастаткова?

Тройчы Герой Сацыялістычнай Працы, прэзідэнт Акадэміі навук СССР Анатоль Аляксандраў просіць дзесяць, яму даюць пяць.

- Тэрміналогію, калі ласка, болей расшыфроўвайце. - Міхаіл Гарбачоў вывучае стол, галава прыўзнімаецца, зноў вывучае стол. - Паўтараю, улічвайце аўдыторыю. Расшыфроўвайце.

Мікалай Слюнькоў слухаў паведамленні Аляксандрава, Лягасы, Даляжаля і, сорамна прызнацца, не ўсё разумеў. ТВЭЛы, контуры, шматразовыя прымусовыя цыркуляцыі, стопарна-рэгуліраўныя клапаны, максімальная і звычайная праектная аварыя, сінхрафазатрон, тэрміны асаджвання… не асядалі высветнасцю ў мазгах. Пазіцыі вялікіх вучоных узаемасупярэчыліся. Адмысловы інжынер, вынаходнік і арганізатар вытворчасці, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Слюнькоў не мог вырашыць, хто з іх болей справядлівы.

Яны гавораць, адказваюць на пытанні, а Слюнькоў не разумее глыбіні довадаў. Бачыў, многія з прысутных таксама не спасцігалі чутага. Выступленне міністра Маёрца не зцяпліла сітуацыю.

- Болей за ўсё радыеактыўных ападкаў выпала на Беларусь. Меней ад усіх паступае скаргаў і просьбаў з Беларусі. У Кіеў пасылалі палівачныя машыны з Мінску. Нашых войскаў і цывільных ліквідатараў сама болей на Беларусі. Вось і паслухаем першым таварыша Слюнькова. - Генсек Гарбачоў просіць: - Не перавышайце рэгламент, Мікалай Мікітавіч. Хоць вы.

Навуковыя аргументы за пабудову рэактараў двух відаў выкладзеныя, усе прычыны аварыі - не. Да прыходу дырэктарам Слюнькова на МТЗ выпускалі чатыры віды трактароў, пасля яго сыходу - дзевяць, у праектаванні і канструктарскай распрацоўцы яшчэ сем. У тэхніцы і эканоміцы Слюнькоў штосьці мікіціць, аднак выслухаў паведамленні вучоных і не ўсё зразумеў. Праўдзівей, асноўнае не ўсёк.

- Дапусцім гэта мая асабістая недацямкасць у канструкцыях рэактараў, толькі хачу спытаць у таварыша Аляксандрава: хто вам дазволіў вызначаць прыярытэты дзяржавы? Наколькі я зразумеў, выбар танкасценавага рэактара РБМК1000 ваша ідэя. Вы пэўніцеся - рашалі правільна, узважвалі эканамічны бок справы, а памойму - няправільна.

Слюнькоў касянуў вокам на лісток з накідамі.

- Паўтараю, хто вам даў права рашаць за дзяржаву. Адказваю за вас, ніхто. Так, навуковыя распрацоўкі падалі ў адпаведнае міністэрства, іх вывучалі ў Саўміне. Вынікі мажлівай аварыі рэактара, спосабы ліквідацыі яе наступстваў падавалі? Не. Чаму? Ніхто не даў права ўводзіць урад у зман няпоўнаю інфармацыяй, а значыць недакладнай.

Рашучы жэст рукі Слюнькова ў маўклівага Аляксандрава.

- Анатоль Пятровіч, сітуацыю з любой распрацоўкай аўтар ведае лепей за ўсіх, найдасканала. Не патрэбна спасылацца на забыўлівасць, нястачу зараз важкіх даведак. Нам неістотна канкрэтная дата. Колькі разоў пра хібы танкасценавага рэактара вы паўторна нагадвалі міністэрствам, ураду?

Прэзідэнт акадэміі перастаў гартаць блакнот.

- Ні разу. Ведалі пра недахопы рэактараў дадзенага тыпу, ведалі. І маўчалі. Вучоны, герой, тройчы герой, грамадзянін, камуніст ведаў пра вераемны абвал, страшэнныя страты дзяржаве і адмоўчваўся. Нядобра думаць, сказаць мне яшчэ цяжэй - баяліся лішняй турботы? адказнасці? прызнацца ў памылковасці папярэдняга свайго праекта і рашэння?

Вы не выконвалі абавязак дырэктара інстытута - не білі ў званы пра мажлівую бяду?

Ведаць пра боль і страты ўласнаму народу, краіне і адмоўчвацца… Злачынства!

Унеслі прапановы па ўдасканаленні. Аднойчы. У сярэдмінмаш. Колькі разоў, паўторна настойваю на адказе, нагадвалі міністэрству і канструктарам пра тэрміновасць дапрацоўкі будаваных рэактараў і запушчаных на АЭСах?

Лысая галава Анатоля Аляксандрава ніжэй, ніжэй.

- Акадэмік Даляжаль, галоўны канструктар, мажліва вы ўзгадаеце, колькі разоў нагадваў вам таварыш Аляксандраў пра неадкладную дапрацоўку РБМК-1000? Вы самі, Даляжаль, не варушыліся, бо чакалі - вашу работу за вас выканае нехта іншы. Можа слесар ці я, няпісьменны ў атамстве, як той слесар, ці хто з ураду, ці мо генсек?

Акадэмік Даляжаль не чакаў грубай рэзкасці жэстаў, павышанага тону правінцыйнага лідэра. Узнімаецца, пачынае шматсловіць - адно пісьмовае паведамленне было, адно за тры гады; павольнасць працы савецкіх заводаў неабходна ўлічваць…

Гарбачоў яго асаджвае. Для ўдакладненняў і адказаў слова яшчэ вам будзе.

- Неабходна ўлічваць абпрамененых людзей трох рэспублік і вашу бяздарную павольнасць. Зза вашай невінаватасці, таварышы Аляксандраў і Даляжаль, краіна мусіць закупляць замежныя лекі і прыборы, - Нямоцны голас Першага сакратара ЦК КПБ набатна перакочваецца ў пранізлівасці цішыні. - Вагоны скаргаў у нас з большасці раёнаў. Хворых плоймы. Дзеці плачуць, бацькі. Ліквідатары ўжо не стогнуць - бастуюць. Над краінай хмары, згушчаюцца, грукочуць. З-за вашай невінаватасці, Аляксандраў і Даляжаль.

Калі на Саўміне СССР міністр Сініцын поўнасцю адвяргаў ідэю дырэктара мінскага трактарнага завода Слюнькова пра кааперацыю профільных заводаў, тады можна было бачыць не лагодніка і памяркоўніка дырэктара - валявога, сканцэнтраванага дзяржаўнага дзеяча. Тое ж паўтаралася сёння. З трыбуны гучалі не пытанні, дакоры, просьбы, з трыбуны выкрышталізоўваліся вывады дзяржаўнага кшталту.

- Пра дзяржаўны клопат любой галіны турбуецца шмат адказных таварышаў. Вы, навукоўцы, вы, мінатамаўцы і сярэднемашаўцы, недастойна неслі дзяржаўнай важнасці ношу, не спрабавалі нават толкам паднімаць. Хаця ўзялі яе на плечы самі.

Перавысілі вы паўнамоцтвы. Замест дзесяткаў сузгадненняў, праверак вырашалі ўсё ледзь не кулуарна. Утойвалі вынікі, не ўсе варыянты разглядвалі. Пасля аварыі кінуліся збольшага дапрацоўваць астатнія рэактары на ЧАЭС і, заўважце, доўгія сузгадненні не спатрэбіліся. А ўсім звоніце - вінаваты персанал, адзін персанал.

Дааварыйныя дакладныя Волкава вам невядомыя? Вядомыя. Утойвалі. Пасляаварыйныя доказы Волкава і Дзятлава змаглі абвергнуць? Не. Утойвалі. Усё вы ведалі, усё, і хавалі. Апраўдваліся. Занятасцю і безграшоўем. Як сёння апраўдваецеся. Не гадзіцца так.

Вялікая радзімная пляма на левай скроні і шчацэ Мікалая Слюнькова барвавее мацней, голас чаканіць словы.

- Так, гэта не аварыя - жахлівая тэхнагенная катастрофа. На стагоддзі. Будуць гаварыць, выдаткі навукі. Дапушчана яна вамі, акадэмік Аляксандраў. (Прэзідэнт акадэміі разумна памоўчвае.) І вамі, галоўны канструктар акадэмік Даляжаль. Яна створана вамі. У вас цяпер багата прапановаў па ліквідацыі, удасканальванняў, яшчэ болей новых апраўданняў. Яны, не кажу пра змест, позныя, лішнія. На карысць бедных. Вы дапусцілі не памылкі. Вы зрабілі не брак. Вы ўчынілі злачынства, так - злачынства, злачынства.

Хто вінаваты ў аварыі - каго вы можаце абвінаваціць? Нікога. Персанал вінаваціце. Смешна. Лётчык націскае кнопку, скідвае бомбу - і ён адказвае за колькасць вінцікаў у маторы, колькасць асколкаў ад бомбы, адлегласць іх разлёту. Смешна. Бяздарна!

Удых. Перадых.

- У абедзве камісіі па разбору прычынаў аварыі вы не ўключылі ні аднаго чалавека ад ЧАЭС. Адказ просты, баяліся. Пачуць доказнае слова праўды баяліся. Гэта несалідна, беззаконна. Злачынна.

Службоўцы міністэрстваў і партапаратаў не могуць ведаць тонкасці справы, як вы, высокія спецыялісты. А вы ў камісіі ўключылі палову чынавенаў.

Самі праектавалі, адабралі, будавалі. Зрабілі аварыю, і самі разбіралі. Ах як лоўка выкруціліся… Уводзілі ў зман урад, палітбюро, генсека.

Як такое кваліфікаваць? Сцвярджалі да аварыі, ваш рэактар надзейны, трывалы, можна ставіць на Чырвонай плошчы поруч Крамля. Можаце паўтарыць казанае? Не можаце. У былых разліках цяпер знаходзіце дробязныя выпадковыя промахі, недагляды. А хочаце, каб трактарыст і медсястра вам увесь час верылі.

У часы Іосіфа Вісарыёнавіча вы не былі б тут. Прынамсі не ў гарнітурах. Вы і астатнія стваральнікі страшэннага няшчасця для дзяржавы пасля суда зазналі б тое пекла, якое з вашай волі зазнаюць народы Расіі, Беларусі, Украіны. Пакутуюць сталыя і маладыя, у дзятвы ў школе з носа ідзе кроў. Бальніцы запоўненыя болем, а вы, акадэмікі, свяцілы - мы не падумалі, так атрымалася, тэхніка не ўсё можа, па прамой не развіваецца… Прамаўляйце жвачку ў дзетсадзіку.

Мікалай Слюнькоў далікатна адсоўвае шклянку з паднесеным чаем, выцірае лоб.

- Выбух гэты не ў рэактары - у сэрцах савецкіх людзей. У маім сэрцы. Зза вас я паўсюдна вінаваты.

Выгук Шчарбіцкага:

- І я віноўны перад усімі зза іх, Мыкалай Мыкытавіч.

Слюнькоў выцірае пот. Радзімная пляма на скроні выразна зафіялетавалася.

- Беларускія расшыраныя просьбы да Ураду краіны, да Палітбюро ў чарговы раз пададзеныя сёння. Паўтарацца няма сэнсу. Закончу адным, мажліва нечаканым для асобных прысутных. - Удых, выдых, удых, выдых. - Анатоль Пятровіч, неадкладна падайце заяву на звальненне. Найперш ад прэзідэнцтва.

Міхаіл Гарбачоў пратэстуе. Да кіраўніцтва акадэміі прэтэнзіяў няма.

- Вам нельга быць прэзідэнтам акадэміі, Аляксандраў. Шкло і бруд разбітай ЧАЭС вымазваюць не адно вас - акадэмію, савецкую навуку. Катастрофа нясіліць тры братнія рэспублікі. Усю дзяржаву. Нашу партыю.

- За прэзідэнта Аляксандрава ці супраць яго павінны выказвацца на паседжанні самой акадэміі, - апраўдальны голас вядоўцы сходу патанае ў шуме, уздыхах, выгаласках.

- З сённяшнім рашэннем Палітбюро ці заўтрашнім Саўміна там палічацца. Аператыўна прымуць рашэнне, - нязгодніць з генсекам старшыня Саўміна Мікалай Рыжкоў. - Другога траўня і трэцяга мне ўбачылася ў Чарнобылі многае, пачуў яшчэ болей. Не чакайце, таварыш Аляксандраў, штурхаля.

Ажыўленне ў зале. Разумным людзям узгадваць шырокаўжыўны народны выраз няма патрэбы.

- Рэжуць атамнікі нас пажывому, а самі ў кусты. Усё ў іх выпадковасці. Рэж так далей, Мыкола, - дапамагае Уладзімір Шчарбіцкі.

Слюнькоў застыў на трыбуне. Падагульняльную фразу-дзве не долеў выказаць. Па прапановах Мікалая Рыжкова і Ягора Лігачова цячэ імправізаванае галасаванне/выказванні членаў бюро - акадэміку Аляксандраву тэрмінова падаваць заяву з прэзідэнцтва.

Упершыню Мікалай Слюнькоў убачыў згодлівую вывертлівасць Гарбачова. Генсек раптам перастаў падтрымліваць Аляксандрава, пагаджаўся з агульнай думкай. У абодвух міністэрствах, Мінсярэдмашы і Атамэнерга, усё ведалі, маглі бяду прадухіліць і бюракратна не чухаліся. Патрэбна там навесці парадак.

Адчуванне бездапаможнасці самай высокай інстанцыі краіны перад закамянеласцю асталяванага бюракратызму не проста з'явілася ў Мікалая Слюнькова - вырасла.

Валер Санько

(Працяг у наст. нумары.)


Краязнаўчы рух на Беларусі пашыраецца

18 і 19 снежня ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь праходзілі два мерапрыемствы, зладжаныя ТБМ у межах праекта "Захаванне культурнай спадчыны праз удзел у краязнаўчай дзейнасці".

18 снежня адбылося ўрачыстае падвядзенне вынікаў Рэспубліканскага конкурсу па мікратапаніміцы "Ведаем свой край". Нагадаем, што ўдзел у ім можна было прыняць з кастрычніка 2010 г. па 30 верасня 2011 г. Першым адгукнуўся сп. Кастусь Верабей, які жыве ў ЗША. Усяго ж за гэты час паступіла 15 работ з розных рэгіёнаў Беларусі: з Магілёва, Ліды, Гародні, Менска, Маладзечна, Лагойска, з розных вёсак і мястэчак Магілёўскай, Гарадзенскай, Віцебскай абласцей. Матэрыялы, дасланыя на конкурс, ацэньвала аўтарытэтнае журы. У яго ўваходзілі дырэктар Нацыянальнага гістарычнага музея С.У. Вечар, вучоны сакратар Інстытута мовы і літаратуры НАН Беларусі, кандыдат філалагічных навук І.Л. Капылоў, выкладчык БДУ, кандыдат філалагічных навук А.І. Копач, першы намеснік старшыні ТБМ Алена Анісім. Узначальваў журы старшыня ТБМ Алег Трусаў. Было вызначана 5 пераможцаў. Імі сталі: спсп. Ганна Бародзіч з м. Дараганава Асіповіцкага раёна Магілёўскай вобласці, Валянціна Валяўка з Браслаўскага раёна Віцебскай вобласці, Яўген Ігнатовіч з Менска, Уладзіслаў Ляскоўскі з Шаркаўшчыны, Яніна Асіпцова з Магілёва. Ім былі ўручаны дыпломы, флэшкі і кнігі. Астатнія ўдзельнікі былі таксама адзначаны памятнымі дарункамі. Акрамя таго, кожны з удзельнікаў атрымаў насценны каляндар на 2012 г. На календарах адлюстраваны разнастайныя гістарычныя помнікі Ліды, Гомеля, Менска, некаторыя прысвечаны выдатным постацям з Лагойска, Заслаўя. Календары падрыхтаваны і выдадзены ў межах праекта, аўтар дызайна Ігар Марачкін.

Для ўдзельнікаў конкурсу згодна з праграмай была арганізаваная экскурсія па выставах музея, якую правяла супрацоўніца Ірына Зварыка. Святочны настрой прысутным паднялі музыкі, якія бралі ўдзел у імпрэзе. Народнымі спевамі парадавала Юля Карчагіна, гучаннем старажытных інструментаў напоўніў музейную залу Ігар Расолька, Аляксей Галіч актывізаваў удзельнікаў на сумесныя спевы. Вядомы бард і паэт Эдуард Акулін свой выступ прысвяціў Максіму Багдановічу.

Назаўтра 19 снежня адбыўся семінар па навучанні валанцёраў, у якім бралі ўдзел студэнты сталічных навучальных устаноў. Удзельнікі (звыш 20 чалавек) абмеркавалі пытанні сучаснага валанцёрскага руху, магчымасці далучэння да розных ініцыятыў. Падчас семінара прысутныя больш даведаліся пра дзейнасць Таварыства беларускай мовы, пазнаёміліся з супрацоўнікамі Нацыянальнага гістарычнага музея і іх справамі, наведаўшы новыя экспазіцыі. Многія з удзельнікаў вызначылі для сябе перспектывы асабістага ўдзелу ў валанцёрскім руху ў межах праекта ТБМ "Захаванне культурнай спадчыны праз удзел у краязнаўчай дзейнасці".

Застаецца дадаць, што вышэйназваны праект быў падтрыманы Праграмай малых грантаў Амбасады Злучаных Штатаў Амерыкі, зарэгістраваны ў Дзярждэпартаменце па гуманітарнай дзейнасці Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Афіцыйным партнёрам ТБМ па выкананні гэтага праекту з'яўляецца Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь. Падчас яго рэалізацыі будзе праведзена шмат сустрэч з вядомымі краязнаўцамі ў розных гарадах Беларусі. 16 красавіка 2012 г. запланавана канферэнцыя "Сучасны стан краязнаўства і валанцёрскі рух", а ў траўні адбудзецца краязнаўчы фестываль.

Наш кар.


Удакладненне да ўдакладнення

Адразу заўважу, калі я ўзяўся нарэшце пісаць нататкі-эсэ "Успамінаючы аўтографы" (гл. "Наша слова", № 46-48, 2011), то напачатку ставіў сабе задачу ўсяго толькі нязмушана паразважаць пра "падсвядомае" ў асабліва арыгінальных надпісах на падораных мне кнігах. Аднак хутка зразумеў неабходнасць пры гэтым грунтоўней згадваць пра адметнасць саміх твораў і іх аўтараў. Праўда, выбраная мною форма і колькасць "аб'ектаў" міжволі вымагала гранічнай лапідарнасці, таму пільны чытач можа недзе ўгледзець і пэўныя, на яго ва ўсякім разе думку, хібы, за што, канешне, прашу прабачэння.

А пішу гэта, азнаёміўшыся ў № 50 "Нашага слова" з адкрытым лістом" да мяне спадара Юрася Касцюка. Аўтар адзначае, што "з цікавасцю" прачытаўшы мае нататкі-эсэ "Успамінаючы аўтографы", знайшоў там і хіб, і на яго думку, "даволі істотны", у аповедзе пра кнігу "Гарт". Справа тычыцца яе аўтарства.

Я ўжо сказаў, што стараўся згадваць толькі самыя адметныя асаблівасці твораў. Асаблівасшсцю ж кнігі "Гарт" безумоўна з'яўляецца тое, што яе падрыхтавалі і знайшлі магчымасць выдаць цудам выжыўшыя ў душагубках сталіншчыны былыя палітычныя "зэкі", якія здолелі ўсё ж захаваць у сабе годнасць, інтэлігентнасць і жаданне ўдзельнічаць у грамадскім жыцці роднай Беларусі, дзеля шчасця якой ім з самага юнацтва давялося паспытаць столькі лютых пакут. I вось аднойчы ў рэдакцыю "Нашага слова", дзе, нагадаю, папярэдне друкаваліся іх пякучыя ўспаміны, з'явілася дэлегацыя ад гэтых легендарных змагароў і ўручыла мне ккігу "Гарт" з аўтографамі.

У маіх нататках пра гэта сказана: "Усе подпісы хачу згадаць". У тым ліку там было і прозвішча Германа Кірылава, чацвёртае па парадку. Ніводны з подпісаў мною не расшфроўваецца - быў чалавек "зэкам" ці не, і я толькі парадаваўся за Кірылава, што гэтыя, навучаныя сваім ліхім жыццём асцярожнасці ды абачлівасці людзі, прынялі, значыць, яго ў сваю грамаду. Чаму парадаваўся? Бо ведаў, напачатку да яго быў недавер. А ўвогуле, наколькі мне вядома, разглядалася тры кандыдатуры на ўкладальніка кнігі. Я паспытаўшы знаёмых полацкіх і віцебскіх літаратараў, адназначна выказаўся на карысць Германа Кірылава, і ён сапраўды зрабіў многае, каб кніга атрымалася якаснай.

А вось абвесціць Германа Кірылава адзіным аўтарам "Гарта", як настойвае сп. Ю. Касцюк... Возьмем кнігу і прачытаем на тытульным лісце: І/грыф: "Архіў найноўшай гісторыі" (гэта ж паўторана па-англійску); 2 / назва твора: "Гарт. 3 успамінаў пра Саюз Беларускіх Патрыётаў"; 3/ выдазец: "Наша Ніва", Менск, 1997". На адвароце вокладкі- важнае сведчанне так званага капірайта:"1/ "Выдавецтва "Наша Ніва", 2/ Архіў Найноўшай Гісторыі, 3/ Укладанне, літаратурная апрацоўка, прадмова - Герман Кірылаў... Нарэшце напрыканцы кнігі, пасля графы "Змест", яшчэ такая пазнака: "Гэтая кніга выйшла ў сьвет пры падтрымцы сп.сп. Бялевіча і Фурса".

Тым не меней падзя-ляю меркаванне Ю. Касцюка: аўтарства Г. Кірылава большае, чым афіцыйна ўказанана ў выхадных пазначэннях кнігі, яго можна параўнаць, магчыма, з аналагічнай творчасцю Святланы Алексіевіч. У тым ліку не толькі са зборам фактуры, але і працай над літаратурнай якасцю пісьма. Па сабе ведаю, колькі трэба пакласці аднаго здароўя, каб такое асіліць, бо толькі выслухаць і запісаць успаміны праз якое пекла давялося прайсці беларускім дзяўчаткам і юнакам спачатку ў гэбісцкіх катавальнях, а потым у ГУЛАГу, надарвеш сэрца. I вельмі шкада, што кніга "Гарт" не займела таго грамадскага розгаласу, якога заслугоўвае. Упэўнены, трэба было нашаніўцам, Архіву Найноўшай Гісторыі адразу ж знайсці магчымасць, фундатараў, каб перакласці яе на рускую, англійскую, германскую, польскую і іншыя мовы ды наладзіць адпаведную рэкламную кампанію, як атрымалася ў Святланы Алексіевіч. Ды і ПЭН-цэнтру ўсімі сродкамі падтрымаць, не ўсё ж раздаваць прэміі за пустыя гульні ў "элітную літаратуру".

Спадзяюся, Герман Кірылаў яшчэ дапоўніць кнігу новымі старонкамі пра мужную ахвярную дзейнасць маладых беларускіх патрыётаў у часы людажэрнай сталіншчыны астатніх аб'яднанняў, якія, наводле таго ж дакладу шэфа МГБ БССР Цанавы на XIX з'ездзе кампартыі Беларусі, меліся на тэрыторыі Баранавіцкай, Полацкай, Пінскай тагачасных абласцей і ў іншых месцах. У тым ліку будуць вернутыя з гістарычнага нябыту дзеянні патрыятычных суполак старшакласнікаў сярэдніх школ, пра што пакуль у нас, на вялікі жаль, здаецца, згадана толькі ў адным літаратурным творы - рамане Алеся Рыбака "Галаброды".

З павагай - Эрнэст Ялугін.


АДАМ МІЦКЕВІЧ

на паштоўках канца ХІХ - пачатку ХХ стагоддзя з калекцыі Ўладзіміра Ліхадзеева

Пад такой назвай 21 снежня адкрылася выстава ў Лідскім літаратурным музеі на Замкавай, 7. Выставу наладзілі Таварыства польскай культуры на Лідчыне, Польскі інстытут у Менску і Лідскі музей. Выстава заняла два пакоі, будзе працаваць да 19 лютага. Акрамя фатаграфій Міцкевіча і яго блізкіх прадстаўлена шмат ілюстрацый да твораў вялікага ліцвіна.

Лілея Крупкіна.


Песні філаматаў гучалі на Лідчыне

Сусветна вядомы паэт Адам Міцкевіч, пачынальнік новай беларускай літаратуры і фалькларыст Ян Чачот, паэт, грамадскі дзеяч і навуковец Тамаш Зан, дзекабрыст Міхал Рукевіч, вялікі вучоны і асветнік, нацыянальны герой Чылі Ігнат Дамейка, вучоны-арыенталіст, рэктар Казанскага ўніверсітэта Юзаф Кавалеўскі, гісторык, дырэктар Літоўскай метрыкі ў Пецярбурзе Францішак Малеўскі...

Што аб'ядноўвае гэтыя слаўныя постаці? Усе яны былі сябрамі таемнага студэнцкага таварыства філаматаў (аматараў навук), створанага ў Віленскім універсітэце ў 1817 годзе.

Галоўнаю мэтай філаматаў з'яўлялася асвета роднага краю - спрадвечных земляў Вялікага Княства Літоўскага, а на той час - заходніх губерній Расійскай Імперыі. У аднаўленні былой Рэчы Паспалітай, а ў яе рамках - Вялікага Княства Літоўскага, бачылі яны будучыню сваёй радзімы.

Праект "Хай радасць з вачэй нашых блісне..." Песні філаматаў і філарэтаў" мае на мэце наблізіць выбітныя імёны філамацкага кола да сучаснага гледача і слухача, абудзіць цікавасць моладзі да жыцця і творчасці сваіх аднагодкаў, аддзеленых двухсотгадовай часавай дыстанцыяй, і па вялікім рахунку скасаваць гэтую дыстанцыю, зрабіць памкненні, думкі і пачуцці беларускай духоўнай эліты пачатку 19 стагоддзя складовай часткай сучаснага інтэлектуальнага і культурнага дыскурсу Беларусі.

У аснове праекту ляжаць арыгінальныя песні філаматаў і філарэтаў з рукапіснага зборніка, складзенага жонкай Т. Зана Брыгідай Свентажэцкай у 1855 годзе і нядаўна знойдзенага ў віленскім архіве музыказнаўцам, супрацоў-нікам Беларускай акадэміі музыкі і творчага калектыву "Беларуская капэла" Святленай Немагай.

17 снежня ўдзельнікі праекту "Хай радасць з вачэй нашых блісне..." Песні філаматаў і філарэтаў" А. Жбанаў, З. Зданеўскі і А. Прохарава наведалі Лідчыну. Яны сустрэліся з вучнямі Крупаўскай школы ў музеі аднаго з філаматаў Ігната Дамейкі. Песні філаматаў у выкананні Аляксея Жбанава і Зміцера Зданеўскага гучалі вельмі натуральна, былі зразумелыя і ўспрымаліся з вялікай цікавасцю. Дарэчы, вучні паказалі надзвычай высокі агульны ўзровень Крупаўскай школы. Калі госці папрасілі каго-небудзь прачытаць санет Адама Міцкевіча па-польску, адна вучаніца ўстала і з ліста без падрыхтоўкі прачытала санет. Калі папрасілі каго-небудзь з дзяўчат праспяваць песню Марылі, то дзве дзяўчынкі на сваю мелодыю праспявалі песню Марылі і зусім паспяхова.

Паўтарагадзінная сустрэча не ўмясціла ўсяго, што прадугледжана праектам, а таму завяршэнне праекту адбывалася ў Лідскім літаратурным музеі.

Пасля Літаратурнага музея ўдзельнікі праекту наведалі Заполле, дзе адбываў ссылку самы малады з філаматаў Ігнат Дамейка і куды прыязджала яго стрыечная сястра Марыля Путкамер, балазе з Болценікаў сюды не так далёка.

Спакойная, прыязная Лідчына спадабалася гасцям і яны выказалі жаданне прыехаць яшчэ раз. А на Лідчыне ёсць яшчэ адна мясціна, звязаная з Дамейкам. 1 студзеня 1834 года І. Дамейка напісаў ліст з Парыжа да свайго сваяка Станіслава Лясковіча ў Няцеч, чым выклікаў вялікі клопат у царскіх жандараў, але гэта асобная тэма.

Лілея Крупкіна.


Беларускія гадавікі 2011 года

Сёлета пабачылі свет два грунтоўныя літаратурныя беларускія гадавікі. Перш за ўсё гэта 5-ты выпуск літаратурнага альманаха беларускіх пісьменнікаў замежжа "БЕЛАРУС" . Заснавальнік і выдавец Марат Клакоцкі.

На 240 старонках тут размешчаны творы:

БАРАВЫ Лявон . Вершы.

ВАРАБЕЙ Ірына . Пераклады

ВОРАНАЎ Віталь . Апавяданні. Коміксы.

ДАВЫДЗЕНКА Зміцер . Вершы.

ЖВАЛІКОЎСКІ Юры. Вершы і песні.

ЗАЙКА Віталь. Лысы.

КАВАЛЕЎСКІ Віктар. Залатыя пялёсткі аднаго з двух дажджоў. Пераклад.

КУЗЬМІЧ Аліна. Калі вецер.

ЛАПАТКА Якуб. Пераклады. Гіём АПАЛІНЭР. Тры аповесьці пра Божыя кары. Мануэль дэль КАБРАЛЬ. Вершы. Фэдэрыка Гарсія ЛОРКА. Вершы.

ЛІАКУМОВІЧ Цімох. Споведзь.

МАЎЧУН Анатоль. Мы і прырода.

РЫЖЫ Эмігідыюш. Шосты запавет.

СКІБА Міхась. Квартэт.

СНАРСКАЯ Іна. Два небы.

СОКАЛАЎ-ВОЮШ Сяржук. Граблі.

ТАРАНОВІЧ Аляксандар. Песня эмігранта, або Ліст да самога сябе.

ШАМЕЦЬКА Юрась . Вершы.

ШЧУР Макс. Урывак з элегіі. Экзекуцыя. Вяртаныне волі.

ЯКІМОВІЧ Валянціна. Дзяцінства майго бацькі.

Набыць сёлетні выпуск альманаха "БЕЛАРУС", а таксама нумары за папярэднія гады (2007-2010), можна наведаўшы старонку ў Інтэрнэце: e-krama.com.

Аплату можна зрабіць крэдытнымі карткамі. Дасылка па ўсім свеце.

Свае пытанні, заўвагі ці прапановы адносна выдання альманаху "БЕЛАРУС" ці яго распаўсюду дасылайце на наступны электронны адрас: zamova e-krama.com.

Допісы таксама можна слаць на паштовы адрас: BIELARUS, Р. О. Box 3225, Farming-dale, NY 11735 , USA.

У Лідзе выйшаў 7-мы выпуск літаратурна-мастацкага зборніка "Ад лідскіх муроў" . Зборнік заняў 244 старонкі. Рэдактары раздзелаў паэзіі Кірыл Сыцько і прозы Міхась Мельнік. Галоўны рэдактар Станіслаў Суднік.

Разам у зборніку - 37 імёнаў паэтаў, пісьменнікаў, літаратуразнаўцаў, кампазітараў і мастакоў, што зусім прыстойна для аднаго раёна.

У раздзел паэзіі былі ўключаны творы Алеся Стадуба, Пятра Макарэвіча, Хрысціны Лялько, Міхася Мельніка, Алесі Бурак, Ганны Серэхан, Станіслава Судніка, Кірыла Сыцько, Іосіфа Масяна, Івана Гушчынскага, Ганны Рэлікоўскай, Уладзіміра Нікуліна, Яўгена Лянцэвіча, Уладзіміра Бурака, Вольгі Цяслюк, Паўла Белавуса, Гражыны Хруль, Алесі Якубоўскай, Валеры Мацулевіча, Юзэфы Данілевіч, Алеся Дудзевіча. Усяго 21 аўтар.

У раздзел песень былі ўключаны творы Вячаслава Пыпеця і Уладзіміра Гарачова на словы Ганны Баборык, Леаніда Вінніка, Станіслава Судніка, Святланы Цішук, Лілеі Пушкаровай, Міхася Мельніка, Рычарда Грушы і Ўладзіміра Гарачова. Усяго 9 аўтараў - 2 кампазітары і 8 паэтаў (У. Гарачоў выступае і аўтарам музыкі і аўтарам словаў у дзвюх песнях).

У раздзел прозы былі ўключаны творы Сяргея Астраўца, Галіны Лаўрэш, Юльяна Місюкевіча, Уладзіміра Васько.

У раздзел крытыкі ўключаны артыкул Алеся Хітруна: "Лодка жыцця" Міхася Мельніка .

У раздзел жыццяпісаў уключаны артыкул Леаніда Лаўрэша: Антоні Гарэцкі: забыты паэт .

У раздзел "Мемарыял" уключаны артыкулы Адама Паморскага: Наш агульны сябар.Памяці Земавіта Фядэцкага (1923-2009) , Міхася Мельніка і Алеся Хітруна: Ён ведаў усіх лідскіх літаратараў. Памяці Алеся Жалкоўскага, 1933-2011.

У раздзел "Падзеі літаратурнага жыцця" ўключаны артыкул Станіслава Судніка: Літаратурны музей у Лідзе .

Ёсць яшчэ раздзел "Кнігапіс".

На вокладцы альманаха змешчаны рэпрадукцыі мастакоў Вадзіма Вераб'ёва і Міколы Лазоўскага.

Набыць зборнік можна ў Лідскім гістарычна-мастацкім музеі. Пачытаць можна ў бібліятэках, а таксама на сайтах pawet.net, kamunikat.org.

Безумоўна, зборнік не ахапіў усяго і ўсіх, але трэба спадзявацца, што выйдуць наступныя зборнікі, і прабелы будуць запоўнены. Матэрыялы для наступных выданняў просім пакідаць у Лідскім літаратурным музеі (Замкавая, 7), а таксама можна перасылаць па электроннай пошце на адрас sudnik@list.ru. Цікавасць для наступнага зборніка будуць уяўляць беларускамоўныя тэксты лідскіх аўтараў, апублікаваныя ў перыядычным друку і кнігах у 2011-2012 гадах, або якія не друкаваліся нідзе.

Лілея Крупкіна.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX