Папярэдняя старонка: 2013

№ 01 (1100) 


Дадана: 05-01-2013,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 1 (1100) 2 студзеня 2013 г.


З Калядамі і Нараджэннем Хрыстовым!

СВЯТЫ ВЕЧАР

Каляда, Каляда, на зямлі - Святы Вечар,

нарадзіўся у яслях Збавіцель і Бог.

І пасталі бярозаў танклявыя свечкі

паабапал заснежаных, белых дарог.


Халадно. Мо таму, што зіма на парозе,

адчуваецца лютасць суровай пары,

а у полі пустым па шырокай дарозе

плачуць нечаму сумна ліхія вятры.


Чым жа сэрцы сагрэць,

як той холад адужаць?

Ці агеньчыкам цьмяным у сялянскім акне,

Калядою святой, што насуперак сцюжам

цеплынёй чалавечыя сэрцы кране?


Каляда, Каляда... Нават зорам трывожна.

Па заблытаных сцежках крутога жыцця

да сваіх ў гэты вечар спяшаецца кожны,

дзе ў сям'і за сталом нас чакае куцця.


Сена пах, яліны, стаяць розныя стравы.

прытаміўшыся, маці шчасліва маўчыць.

Садавяцца сыны на шырокія лавы,

што сышліся дамоў, каб душой адпачыць.


Добра сесці разом, слязу радасці ўцерці,

адчуваць, што ў застоллі,

што побач браты,

у душы чысціня і узнёслыя сэрцы,

бо з людзьмі разам Бог

ў гэты Вечар Святы.


Сёння сэрцам з усімі куццю раздзяляем,

хто за стол наш не змог на вячэру прыйсці,

ўсіх далёкіх і родных сваіх спамінаем

і дабра ўсім, і шчасця жадаем ў жыцці.


Няхай вера ў любоў, свая мова ў застоллі,

а у думках - зямля, дзе спачылі дзяды,

няхай ўсюды ласкава спрыяе вам доля,

а любоў, чалавечнасць мацуе рады!

Ларыса Геніюш.


Навагодняе віншаванне беларусам ад Івонкі Сурвілы

Дарагія суродзічы!

Бог нам даў цудоўны край, які нарадзіў безліч вялікіх мастакоў, музыкаў, паэтаў, добрых людзей. Бог нам даў адну з найпрыгажэйшых моваў у свеце. Наш народ працавіты, таленавіты, жыццяздольны. Сёння мы маглі б жыць заможна і шчасліва ў цэнтры Еўропы. Цяжка зразумець, чаму мы сталіся апошняй дыктатурай Еўропы, і як мы пагадзіліся з гэтым...

У гісторыі, аднак, не адных нас напаткаў такі лёс. З жахам чытаю пра досвед іншых народаў, былых ахвяраў імперыялізму XIX і XX стагоддзяў. І як ні дзіўна, яны таксама перажылі доўгія перыяды дэнацыяналізацыі. І яны хацелі зраўняцца з каланізатарамі, адмаўляючыся ад сваіх каранёў, ад сваёй мовы, ад сувязяў са сваімі змагарамі за волю. Заміж каб любіць і паважаць іх, яны бачылі ў іх абліччы толькі сваю ўласную бяду.

Дарагія суродзічы! Дзялюся з Вамі гэтымі думкамі напярэдадні Новага году з надзеяй, што задумаемся разам над тым, да чаго нас давяла доўгая няволя. Магчыма, каб цаніць, любіць і паважаць адзін аднаго, нам трэба прыпомніць, што мы ўсе сыны і дочкі тае самае беларускае зямлі. Мо хапіла б гэтага, каб адчуць у нашых сэрцах салідарнасць між намі і моц гэтае салідарнасці.

Беларусь - незалежная краіна. Мы маем права вымагаць, каб тыя, што намі кіруюць, шанавалі нас, каб ставіліся з павагай да нашай волі і цанілі нашыя каштоўнасці. Мы маем права гаварыць, што хочам, збірацца, калі хочам, працаваць і вучыцца, дзе хочам. Мы ёсць гаспадарамі нашае зямлі.

Калі мы гэта зразумеем, мы шмат наблізімся да здзяйснення нашых летуценняў пра вольную і заможную Беларусь. І край наш зможа нарэшце заняць сваё пачэснае месца між іншымі паўнавартаснымі краінамі сусветнай сям'і народаў. З глыбіні сэрца жадаю ўсім нам, каб гэта сталася ўжо ў Новым, 2013 годзе.

Жыве Беларусь!


Не магу жыць без крыл…

7 студзеня 2013 года ў сталічным Палацы мастацтва адбудзецца юбілейная вечарына Эдуарда Акуліна "Не магу жыць без крыл…" У імпрэзе бяруць удзел: Ніл Гілевіч, Анатоль Вярцінскі, Леанід Дайнека, Генадзь Бураўкін, Уладзімір Някляеў, Сяргей Законніаў, Леанід Дранько-Майсюк, Міхась Скобла, Мікола Яцкоў, Кастусь Герашчанка, Таццяна Беланогая і іншыя вядомыя беларускія паэты і барды.

Пад час імпрэзы адбудзецца прэзентацыя новай кнігі Э. Акуліна "Малітва воч" і кампакт-дыска "Не магу жыць без крыл…".

Святочны настрой і калядныя цуды - гарантуюцца!

Пачатак вечарыны - а 16-ай гадзіне.

Уваход вольны.


275 гадоў з дня нараджэння Казіміра Нарбута

Казімір (Даніэль) НАРБУТ (3 студзеня 1738, маёнтак Яшнец Лідскага павету, цяпер Лідскі раён - 17 сакавіка 1807), мысліцель-асветнік, прадстаўнік эклектычнага кірунку ў філасофіі эпохі Асветніцтва ў Вялікім Княстве Літоўскім.

Паходзіць з роду Нарбутаў. Вучыўся ў піярскай школе ў Шчучыне, потым у Любяшоўскім навіцыяце і ў піярскім калегіюме ў Дубровіцы, з 1759 у піярскім калегіюме ў Вільні, каля 4 гадоў - у піярскай вучэльні ў Рыме. У 1764 вярнуўся на радзіму, прызначаны прафесарам і прэфектам піярскага калегіюма ў Дубровіцы. Пасля жыў у Вільні, чытаў лекцыі па філасофіі, быў прэфектам піярскай друкарні. Пробашч Лідскі ў 1784-86 г.

У 1769 выдаў у Вільні падручнік па логіцы ("Логіка, або Навука разважання і меркавання пра прадметы навукі", на польскай мове). Аўтар курса "Эклектычнай філасофіі" і рукапісаў на лацінскай мове. Пераклаў з французскай мовы на польскую кнігу "Ваенная навука прускага караля для яго генералаў" (1771). У прадмове да яе выказаў сваё захапленне грамадскімі мерапрыемствамі, што ажыццяўляліся ў тагачаснай Беларусі, у прыватнасці будаўніцтвам Пінскага канала. Як сябар Адукацыйнай камісіі, займаўся рэформай школьнага навучання ў Беларусі і Літве. Сябар "Таварыства па складанні элементарных кніг", напісаў два раздзелы для школьнага "Статута парафіяльных школ" і настаўленне "Аб інспектаванні школ".

Выступаў за вызваленне філасофіі ад схаластыкі і багаслоўя, за развіццё навукі. Крытыкаваў сістэму адукацыі ў акадэміях і калегіюмах ордэна езуітаў, выступаў за свецкую сістэму адукацыі.

Пахаваны ва ўніяцкай царкве ў Радзівонішках (Лідскі раён). Магіла не захавалася.

Пра яго кніга Ірэны Стасевіч-Ясюковай "Казімір Нарбут (1738-1807)", 2004 г.

Вікіпедыя.


Беларускі народны каляндар - 2013

Народны каляндар - гэта сістэма сталых ці рухомых свят, прысвяткаў, абрадаў, гульняў, звычаяў, што замацаваны ў быце і фальклоры. Гэта пераважна спалучэнне язычніцкай і хрысціянскай культуры. Ён уключае традыцыйныя арыенціры (хранонімы) на сельскагаспадарчыя работы і адпачынкі ў гадавым, сезонным, месячным і іншых цыклах-рытмах. Утрымлівае традыцыйныя феналагічныя, метэаралагічныя, агранамічныя, астранамічныя, астралагічныя і іншыя каляндарныя веды, атрыманыя пераважна шматгадовым досведам.

У народным календары на 2013 год прадстаўлены асноўныя святы і прысвяткі з магчымымі кароткімі тлумачэннямі, прыкметамі і г. д. Дні, якія адзначаюць беларусы-католікі, выдзелены курсівам. У праваслаўных яны замацаваны за старым, юліянскім календаром, што мае 13 лішніх дзён. Зорачкай /*/ пазначаны святы "рухомай" царкоўнай пасхаліі. У наступным, 2014 годзе, праваслаўны і каталіцкі Вялікдзень прыпадаюць на 20 красавіка.

Умоўныя абазначэнні: п - панядзелак, а - аўторак, с - серада, ч - чацвер, пт - пятніца, сб - субота, н - нядзеля. Даўжыня дня і моманты ўсходу і захаду падаюцца для Менска. Больш падрабязна пра значэнне хранонімаў календара можна прачытаць у нашай кнізе "Беларускі народны каляндар" (Мінск, 2002).


Студзень

1. а. Новы год. ВКЛ перайшло на студзеньскі стыль у 1550 г., Расія - з 1700 г.

6. н. Першая, Посная куцця. Перадкалядная вячэра. Які дзень, такі і год. Тры Каралі . Католікі праводзілі маскаваны абрад "Тры каралі" або "Гэроды".

7. п. Божае Нараджэнне . Пачатак Каляд . "Ой, Калядачкі, бліны-ладачкі…". Калядавалі. Насілі "зорку". Паказвалі батлейку. На Каляды праводзілі ігрышчы ("вадзілі казу", "жанілі Цярэшку", "пяклі ката", гулялі ў "Яшчура" і інш.).

8. а. Зімні пакроўчык, Маладзёны (Бабіны) . Частавалі бабу-пупарэзніцу.

9. с. Сцяпан . "На Святога Сцяпана вышэй слуга за пана". Дзень найму парабкаў, слуг.

13. н. Шчодрая куцця . Пачатак Шчодрага тыдня . "Мароз, хадзі куццю есці".

14. п. Васілле . Новы год па праваслаўным календары. "Сею, сею пасяваю, з Новым годам вас вітаю".

17. ч. Марк . Калі на Марка пакласці ў зямлю на кароткі час насенне морквы, то летам яно хутчэй прарасце.

18. пт. Трэцяя, Галодная, Вадапосная куцця . Апошнія дні Каляд. "Каляда ад'язджае".

19. сб. Вадохрышча (Кшчэнне). "Святое Кшчэнне ваду ксціла..., свет ачысціла і ваду наверх пусціла". "На Вадохрышча завіруха - на Вялікдзень таксама".

20. н. Прывадохрышча - заканчэнне Каляд. Пачатак Малой Вясельніцы (да посту).

24. ч. Аксіння . "Аксіння дарогу перамяце, а корм падмяце". Фядос . "На Фядоса цёпла".

25. пт. Таццяна . Свята студэнтаў. Павел . "Вее вецер - будзе вайна".

31. ч. Апанас, Гусінае свята . Свята свойскай жывёлы. "Хавай нос у апанасаўскі мароз".


Люты

1. с. Ігнат . "На Святога Ігната зіма багата".

2. сб. Грамніцы, Стрэчанне . "Калі на Грамніцы нап'ецца певень вадзіцы, то на Юр'я наесца вол травіцы", "Грамніца - хлебу палавіца...".

5. а. Агата . Каровіна свята. "Хлеб і соль Святой Агаты не пусціць бяды да хаты".

6. с. Аксіння Паўзіміца . "На Аксінні мяце". Дарота . "Па Дароце высахнуць хусты на плоце".

11. п. Ігнат. "Ігнат Грамніцам рад".

13. с. * Серада Папяльцовая (пач. Вялікага посту ў католікаў).

14. ч. Трыфан . "На Трыфана зорна - вясна позняя". Валянцін . Свята закаханых.

15. пт. Грамніцы, Стрэчанне . "Зіма з летам сустракалася...", "На Грамніцы палавіна зіміцы".

18. п. Агата . Каровіна свята.

21. ч. Пятро . "Калі на Пятра цёпла, зіма працягнецца да Вялікадня".

23. сб. Прохар . "Ласі скідаюць рогі", "Прыйшоў Прохар ды Улас - скора вясна ў нас".

24. н. Улассе . Свята жывёлы. Мацей . "На Мацея дарога пацее", "На Мацея адліга - будзе мароз".

26. а. Фаціння . Заступніца ад хвароб.


Сакавік

2. сб. Фёдар Ціран. Заступнік ад зладзеяў.

4. п. Казімір . "Святы Казімір дровы сякець".

9. сб. Янка, Паўраценне . Мядзведзь паварочваецца ў бярлозе на другі бок. Наглядалі за зімоўкай пчол.

11. п. * Рабы тыдзень, Вясельніца , Развітальны тыдзень. Тыдзень перад Масленіцай.

12. п. Рыгор . "На Святога Рыгора ідуць рэкі ў мора".

13. с. * Лысая серада . Праталіны-залысіны. Васіль Капальнік . Са стрэх капае.

14. ч. * Блакітны чацвер . Тумановы дзень. * Валосы (Крывы чацвер) . Свята жывёлы. "На Волосого бліны пыклы ці оладкы, коб булы вылы гладкы". Аўдоцця Вясноўка . Гуканне вясны . "На Аўдокі голы бокі". (1.03 ст. ст. Новы год у мінулым, сакавіцкі каляндарны стыль).

15. пт. * Масляныя Дзяды, Дзедава пятніца. Хвядот . "На Хвядота занос - усё сена знясе".

16. сб. * Дзедава субота (Бабы) . "Дзяды не зналі бяды, а ўнукі зазналі мукі".

17. н. * Масленіца. *Гуканне вясны . "Сей пшаніцу ва ўсю руку, калі Масленіца ў маладзіку" (16.03). Герасім Гракоўнік . "Герасім гракоў прыгнаў". Вясенняе раўнадзенства. Даўжыня дня - 11.58, усход - 6.19, захад - 18.17.

18. п. * Паласказуб . Першы дзень Вялік. посту. Паласкалі зубы гарэлкаю. Вясенняе раўнадзенства . Даўжыня дня - 12.02, усход - 6.16, захад - 18.19. Марка . На Марка грак вяртаецца з выраю.

19. а. Язэп . "Святы Язэп сярод посту шлюб дае прахвосту". "На Язэпа пагода - год ураджайны".

20. с. * Уступная серада . Каб урадзіў лён, мылі верацёны ці калаўроты, гулялі ў карчме і пераскаквалі цераз пень.

22. пт. Саракі . Свята птушак. Прылятае 40 выраяў. "Святыя Саракі ў поле саху валаклі". (Адзін з годаў/летаў).

23. сб. * Зборава субота . Абрад "споведзі дзежкі".

24. н. * Зборніца (Ізбор) . Пачатак збору ў поле. "А Святы Ізбор - бяжыць вада з гор". (Адзін з годаў/летаў). * Вербніца (Пальмовая Нядзеля) .

25. пн. Рыгор . "На Рыгора зіма ідзе ў мора". Феафан . Калі дзень пачынаецца з туману, то варта чакаць добрага ўраджаю льну і канопляў. Дабравешчанне (Звеставанне) . Выкарыстоўваўся як Новы год у краінах Еўропы. "І птушка гнязда не кладзе". Прылёт бусла. Гуканне вясны .

28. ч.* Вялікі (чысты) чацвер . Мыліся самі і вымывалі хаты.

30. сб. * Вялікая (Чырвоная) субота . Аляксей Цёплы . "На Цёплага Аляксея рыба ідзе на нераст, карова на верас, а бортнік на хвою". Дзень рыбалова.

31. н. * ВЯЛІКДЗЕНЬ у католікаў. "Хрыстос уваскрос!" - "Сапраўды ўваскрос!". (Быў Новым годам/летам найбольш у ХІV ст.).


Красавік

1. п. Дар'я Вясенняя . Адбельвалі палотны.

4. ч. Васіль Сонечнік . "Васіль Сонечнік ледзяшы са стрэх здымае".

5. пт. Арына (Ірына) . "На Арыну сей капусту ў рассадніках".

6. сб. Камаедзіца . Свята мядзведзя. Благавеснік . Пярэдадзень свята.

7. н. Благавешчанне . "Благавешчанне без ластавак - халоднае лета". Абрад "стралы".

8. п. *Пачатак Храстовага тыдня . Пяклі "храсты". Абрад "жаніцьбы коміна". Благуста . "На Благусту сій капусту".

9. а. Матрона . "На Матрону шчупак хвастом лёд прабівае".

10. с. * Серадапосце . Выпякалі "храстцы".

14. н. Прабуджэнне хатніка. Мар'я. На Мар'ю - разводдзі.

15. п. Пачатак * Пахвальнага тыдня . "Дзікая качка яйцом пахваліцца". Палікарп . Пачатак бясхлебіцы.

16. а. Мікіта . "Калі на Мікіту крыгаход, то няма ні клёву, ні лову рыбакам".

19. пт. * Пахвальная пятніца . Мыццё хлебных дзежак.

20. сб. * Пахвальная субота . Не грымелі кроснамі, каб не грымеў гром.

21. сб. Руф . Руф рушыць снягі.

23. а. Юры (Ежы). Войцах. "Святы Вайцеху выпусціў жаўранка з меху".

24. с. Анціп - ахоўнік зубоў.

25. ч. Марк . "Дождж на Марка, дык зямля як скварка.

28. н. * Вербніца . "Вярба б'е, не я б'ю". Пуд . Калі Руф рушыць снягі, то Пуд пужае.

29. п. * Чысты (блакітны) панядзелак . Пачатак * Белага (Вялікага, Страснага) тыдня. Арына . "На Арыну сей капусту".

30. а. * Чысты аўторак . "У Чысты панядзелак і аўторак не можна ў хаце трымаць чаго-небудзь нечыстаго, бо на людзей і на говядо нападуць паршы". Зосім - ахоўнік пчол. Андрыянава ноч . Варажылі на каноплях: "Святы Андрэю, канапелькі сею".


Травень

1. с. * Дравяная страсць . Мылі ўсё драўлянае. Кузьма. "Май Кузьма з морквінай сустракае, а Пахом з гурком".

2. ч. * Чысты чацвер . У лазню. Абрад "мыцця дзежкі".

3. пт. * Чырвоная (Велікодная) пятніца . Сеялі гарох.

4. сб. * Вялікая (Чырвоная) субота . Фарбавалі яйкі. Канец Вялікага посту.

5. н. * ВЯЛІКДЗЕНЬ у праваслаўных. Ляльнік . Свята Лялі - дачкі Лады.

6. п. * Другі дзень Вялікадня . Хадзілі валачобнікі. "Першы дзень пірагі маюць, а сярэдні дзень пагуляюць, а апошні дзень выпраўляюць". Юр'е . Свята жывёлы. "Як дождж на Юр'я - хлеб будзе і ў дурня". Абрад "страла".

7. а. Алісей . "Прыйшоў Алісей - авёс пасей".

8. с. * Градавая серада. Праводны, Мёртвы, тыдзень. Марк. Станіслаў. "Сей лён на Станіслава - вырасце як лава". Бабскія розбрыкі . Скокі жанчын і качанні па зямлі дзеля ўрадлівасці.

9. ч. * Вялікадне мёртвых (Наўскі чацвер) . Наведвалі могілкі. * Ушэсце . Унебаўшэсце пана Езуса.

10. пт. Ярылавіца . Свята Ярылы.

11. сб. Пранціш . Які дзень, такое і лета.

12. н. * Праводная нядзеля . "Ідзі, зіма, да Кучава, як ты нам надакучыла".

13. п. * Радунічныя Дзяды. Якуб. "На Якуба грэе люба".

14. а. * Радаўніца. "На Радаўніцу да абеду пашуць, па абедзе плачуць, а к вечару скачуць". Макарэй . Абрады ля вады.

15. с. Барыс . Апякун поля і жывёлы.

19. н. * Сёмуха (Зялёныя святкі) . Свята зеляніны. Антоній . "На Святы Антоній сей авёс для коней, а як удасца дык і прадасца".

21. а. Іван Веснавы . Апякун земляроба. "На Івана каласок, а на Пятра піражок".

22. с. Мікола Веснавы . Свята пастухоў. Алёна . "Сей лён на Алену вырасце па калена".

24. пт. Макей . "Мокра на Макея - і лета не прасушыць..." Кірыла і Мяфод .

27. п. Пачатак * Пераплаўнага, Чарвівага тыдня . Не трэба садзіць, бо заядуць чэрві. Сідары . "Прыйшлі Сідары - прыйшлі і сіверы".

28. а. Пахом . "Святы Пахом павее цяплом". "Сей агуркі на Пахом - будзеш насіць мяхом".

29. с. * Пераплаўная, Градавая, серада. Магдалена . "Магдалена зязюльку прысылае".

30. ч. * Божае цела .

31. пт. Шэсць дзеў . "Лён сей позні на Шэсць дзеў". Канапелька Матруна . "Канапелька Матруна ў зямлю махнула". Фядот .


Чэрвень

3. п. Алёна, Ульяна. Дзень ільну.

4. а. Васіліск . "Ад Васіліска і салавей блізка".

5. с. Дзень Ефрасінні Полацкай .

7. пт. * Градабойцы (Ледавіты дзень) . Ян . "Рой перад Янам - пчаляр будзе панам".

13. ч. * Ушэсце . Дзень агляду жыта. Абрад "страла". Ерамей. Антоні . "Антоні, аддай коні".

14. пт. Юстын і Харытон . "Юстын цягне ўверх каноплі, а Харытон - лён".

21. Тодар . "На Тодара раса - канапель паласа". Дзень (19-24) астранамічнага сонцастаяння. Даўжыня дня - 17.07 гадз., усход - 4.37, захад - 21.45. Поўня з 20.06.

22. сб. * Сёмушныя Дзяды, Духавая, Зялёная субота. Кірыла . На Кірылу з усяе моцы Зямля імкнецца да Сонца.

23. н. * Сёмуха (Тройца) . Культ продкаў і расліннасці. "Павядзём Куста пад гай зялёненькі...". Купала . У старажытнасці - Новы год/лета, прыпадала да дня сонцастаяння.

24. п. * Русальніца. Гранны тыдзень. Праводзіны вясны. "На Граннай нядзелі Русалкі сядзелі...". Ян Купальны. "Сонца грае".

25. а. * Конскі Вялікдзень . Свята коней. Анапрэй . "Хто на Нупрэя пасее грэч, той будзе бліны печ".

26. с. * Градабой (Серада Русаль) . Засцерагаліся ад граду. Здабывалі агонь з ясеня. Акуліна Грачышніца (Задзярыхвост) .

27. ч. * Наўская Тройца . Памінанне. * Абліваха . Абліваліся вадою, каб пайшоў дождж.

28. пт. Амос . "Прыйшоў Амос - цягне ўгору авёс"

29. сб. Пятрок . "Да Пятра зязюльцы кукаваці". "Прыйшоў Пятрок - апаў лісток, прыйдзе Ілья - ападуць і два".

30. н. * Русальчыны розыгры . Засцерагаліся русалак. Данат . "Святы Данат коскi точыць, сянцо косiць".


Ліпень

4. ч. * Дзевятнік . Перавод уніятаў у праваслаўе.

5. пт. * Дзевятуха . Свята ад навальніцы. За тыдзень да Пятра садзілі рэпу на Смаленшчыне.

6. сб. Купалле . Свята Сонца і кахання.

7. н. Іван Купала . "Учора была Купала, а сёння Іван".

10. с. Самсон Сенагной . Сем братоў. "На Самсона дождж - сем тыдняў то ж". "Сем братоў варожаць, колькі тыдняў пагоды".

11. ч. * Дзесятнік . "Дзесятнік гнаі возіць". Канец Пятроўкі.

12. пт. * Дзесятка . "Косы точыць". "Жыта паспявае". Пятро . Свята заканчэння Купалля. "Да Пятра дзеўка хітра, а на Пятры - хоць твар ёй падатры".

13. с. Паўпятро . Дзень талакі. Сымон .

14. н. Кузьма і Дзям'ян . Свята кавалёў. "Святы Пятро жыта спеліць, св. Кузьма сярпы робіць, а св. Дзям'ян сена грабе".

17. с. Андрэй . "Авёс у світцы, а на грэчцы і кашулі няма". "Андрэй усіх мудрэй".

18. ч. Свята Месяца . "Месяц гуляе".

21. н. Казанская . "Будзеш вазіць сена на Казанскую, то гумно да другое Казанскае не дастаіць". Градавы дзень . Засцерагаў ад нябесных стыхій, ад хвароб вачэй і галавы. Пракоп . "Пракоп бок прыпёк".

25. ч. Якуб . "На Якуба хлеба поўна губа", "Які Якуб да паўдня, такая да снежня зіма" .

26. пт. Гаўрылей . Засцерагаліся, каб град не пабіў каноплі. Ганна . "Свята Ганна снапы кладзе", "Калі на Ганну раніца халодная, то і зіма будзе ранняя і халодная".

29. п. Афінаген . Заціхаюць птушкі. Серпавіца, Шыпілінка (пятніца перад Іллёю). Дзень "зазубрывання" сярпоў, падрыхтоўкі да жніва. "Шыпілінка ў кузню ідзець сярпы зубіць".


Жнівень

1. ч. Макрыны . "Глядзі восень па Макрыні", "Калі ў дзень Макрыны дождж, то ўсё лета і восень будзе мокра, а калі суха, то восень сухая".

2. пт. Ілля . Свята дажджоў і навальніц. "Ілля нарабіў гнілля", "Укінуў у ваду кусок ільду", "Да Іллі ўсё і пад кустом сохніць, после Іллі - і на кусту не сушыць".

4. н. Мар'я (Магдалена) . "Магдалена - вады па калена".

6. а. Спас. Барыс і Глеб (Барыс Палікоп). "На Глеба і Барыса хлеба напарыся і за раллю бярыся", "Святы Барыс снапы зносіць, Святыя Ганны дамоў возяць".

7. с. Ганны. "Святыя Ганны бабкі стаўляюць". Макар. "Макар налье ў рукаў".

9. пт. Палікоп. Дзень жніва. Панцеляймон . Лекар ад хвароб галавы. "З Панцялея капуста пачынае ў качан завівацца", "Хто з Панцялея працуе, таму не пашанцуе".

11. н. Лаўрын . "На Лаўрына спяшай да млына".

12. п. Сіла . "Хто на Сілу жыта пасее, у таго на хлеб надзея".

13. а. Спасаўскія запускі . Пярэдадзень Спасаўскага посту.

14. с. Макавей, Першы Спас, Мядовы Спас. Свята маку і мёду. Спасаўка . Пост да 28 жніўня.

15. ч. Базыль . "Базыль авечкам воўну дае". Прачыстая, Зельная. "Прыйшла Прачыста - стала поле чыста".

16. пт. Антоны Віхравеі. Рох. "Кірмаш на паненак".

17. с. Аўдоцця Сенагнойка .

19. п. Яблычны Спас . Свята садавіны.

23. пт. Лаўрэн - свята млынара.

24. сб. Баўтрамей . "Святы Баўтрамей высылае буслоў па дзяцей". "Прыйшоў Баўтрамей - жыта на зіму сей".

27. а. Міхей. "Лёгкі вецер у гэты дзень - будзе пагодлівая восень, моцны - дажджлівая і халодная".

28. с. Прачыстая . Свята ўраджаю.

29. ч. Трэці Спас. Свята хлеба. "Па Трэцім Спасе трымай рукавіцы ў запасе". Ян Сценцель . "Ян па лета прыйшоў і ўжо восень знайшоў", "А Ян Сценцель руней сцеліць" .

30. пт. Міроны Ветрагоны.

31. сб. Флор і Лаўр (Храл і Ягор'е) . Свята коней. "На Храла і Ягор'я ня ткуць і ня пашуць".


Верасень

5. ч. Лупа . "Сей на Лупа - будзе жыта купа".

7. сб. Баўтрамей . "Жыта на зіму сей".

8. н. Багач (Другая Прачыстая) . "Меншая Прачыста - канчай сеяць начыста".

10. а. Мацей . Абаронца ад п'янства.

11. с. Калінавік (Іван Крываўнік).

13. пт. Кіпрыян . Журавель збіраецца ў вырай.

14. сб. Сымон . (1 вер. Новы год/лета ў ВКЛ з канца ХV cт.). Абрад "жаніцьбы коміна". Узвіжанне. Закрыванне зямлі. Бабіна лета (і ў іншыя дні).

19. ч. Цуды (Міхал) . "Міхал з поля спіхаў".

21. сб. Багач (Нараджэнне Божае Маці) . Свята заканчэння ўборкі зерневых. Засідкі.

24. а. Тадора . "На Тадору ўсякае лета заканчваецца".

25. с. Раўнадзенства. Дзень астранамічнай восені. Усход - 7.00, захад - 19.00.

26. ч. Стаўроўскія Дзяды .

27. пт. Звіжанне. Свята закрывання зямлі на зіму. Гадзюкі збіраюцца ў кучу.

29. н. Міхал . "Калі на Міхала з поўначы вецер вее, то не май на надвор'е надзеі". Сіцыян . "Святы Сацыян да ляны пасцілаў".


Кастрычнік

2. с. Зосім . Журавіны на Зосіма ўздымаюцца - мароз на Пакровы ўдарыць.

3. ч. Астап (Астаф'я) . Прыкметы па ветру.

4. пт. Пранцішак (Францішак) . "На Пранцішка зярнят шукае ў полі мышка".

8. а. Сяргей. Жалезны тыдзень.

9. с. Іван Шаптун (Іван Кураед, Багаслоў) . Шапталіся свахі пра нявест.

14. п. Пакровы (Трэцяя Прачыстая) . Вясельная пара. "Свята Пакрова, пакрый зямельку лісточкам, а галоўку - вяночкам". "Пакровы - зарыкалі каровы".

21. п. Трыфан, Палагея . "Трыфан кажух латае, Палагея рукавічкі вяжа". Зміцер . "Зміцер зямлю выцер, на груды пабіў, каб ніхто не хадзіў".

25. пт. Марцін - свята млынароў. Млынары частаваліся на каменным крузе гусяцінай.

28. п. Сымон і Юда . "Сымон з Юдаю працу ў полі канчаюць, хаты аглядаюць".

29. а. Лонгін. Збавіцель ад хвароб вачэй. Параскева Пятніцкая .

30. с. Паклоны . Адбівалі паклоны пакутніку Андрэю Крыцкаму.

31. ч. Лука . "Хто сее да Лукі, не будзе мець ні хлеба, ні мукі". Дзень іканапісцаў. Юльян - ахоўнік дзяцей.


Лістапад

1. пт. Усе святыя . Памінальны дзень у католікаў.

2. сб. Задушны дзень (Дзяды) . Памінальны дзень. Змітраўскія Дзяды. Асяніны. "Святыя Дзяды, завём вас...".

4. п. Казанская . "Хто на Казанскую жаніхаецца, той не пакаецца".

8. пт. Зміцер. "Да Змітра дзеўка хітра". Канец надзеі выйсці замуж у гэтым годзе.

9. сб. Тодар. "На Тадора поўна камора".

10. н. Параскі . Апякунка жанчын і рукадзелля.

11. п. Настуся . Настуся стрыжэ авечкі. Марцін . Свята млынароў. Мядзведзь кладзецца ў бярлогу.

12. а. Артошка . Пачатак прадзення.

14. с. Кузьма-Дзям'ян . Апякун земляробства, кавалёў і вяселля.

21. ч. Міхайлаў дзень . Абаронца ад грому. Мядзведзі ідуць у спячку.

22. пт. Матрона. "З Матроны становіцца зіма".

24. н. Хвёдар Студзянец . "Хвёдаравы вятры галоднымі ваўкамі скуголяць".

25. п. Іван Міласцівы . Дзень падарункаў. Кацярыны . "Кацярына забрала лета".

27. с. Юстыніян . Піліп - пярэдадзень Піліпаўскага посту (да 7 студзеня).

28. ч. Піліпаўка - перадкалядны пост.

29. пт. Мацей . "На Мацея зіма пацее".

30. сб. Андрэй . Дзявочае свята.


Снежань

1. н. Адвент . Чатырохтыднёвы пост.

4. с. Увядзенне . Водзяцца ваўкі. Барбара . "Барбара ноч урвала, а дзень надтачыла".

5. ч. Пракоп. "Прыйдзе Пракоп хмуры - раскапае гуры". Савы. "Барбара мосціць, Сава цвікі войстрыць, а Мікола прыбівае".

6. пт. Матрыхваны. Не пралі. Мікола .

7. сб. Кацярыны. "Забрала край лета".

9. п. Юр'е Зімовае. Юра мосціць. Ганны. "Ад Ганнаў да Каляд два тыдні і два дні".

13. пт. Андросы, Андрэйкі. Варажылі.

14. сб. Навум. "Навум наставіць на вум". Пачыналі вучыцца.

17. а. Варвары. "Мікола і Варвара ноч урвалі".

18. с. Савы, Міколін бацька . "Сава мосце, а Мікола гвоздзе".

19. ч. Мікола Зімовы . "Без Міколы не бывае ні зіма, ні лета". "Мікола марозам гвоздзіць".

22. н. Ганны. "Ганкі - сядайце на санкі". Зімовае сонцастаянне (і 21.12). Даўжыня дня 7.23, усход 9.26, захад 16.50.

24. а. Посная куцця. Пачатак Каляд (да 6 ст.)

25. с. Спірыдон Сонцаварот. Божае Нараджэнне (Каляды). (Адзін з дзён Навагоддзя ў мінулым).

26. ч. Сцяпан. "Кожны сабе пан".

31. а. Марк. "Марка да Варка - няхай будзе парка". Багатая куцця (Шчадрэц). Сільвестр .

Алесь Лозка.


Апостальскі пост. Пост Успенскі.

З гісторыі свят

Як мы ўжо ведаем, хрысціянскі пост - гэта не толькі ўстрыманне чалавека пэўны час ад ежы або некаторых яе відаў, але ў першую чаргу ўтаймаванне сваіх прыродных інстынктаў, пераадоленне ў сабе рэальных сіл зла.

Шматдзённы хрысціянскі пост адзначаюць чатыры разы на год. Мы ўжо разгледзелі шматдзённы пост Калядны, які бывае перад Днём Божага Нараджэння, і шматдзённы Вялікі пост перад Пасхай.

У гэтым артыкуле пойдзе размова пра шматдзённы пост Апостальскі і шматдзённы пост Успенскі. Нагадаем пра гісторыю ўзнікнення свят.

Апостальскі пост, або пост у гонар Святых Апосталаў Пятра і Паўла. Чаму Пятроў пост яшчэ называецца Апостальскім?

Апостал - грэчаскае слова, у перакладзе на нашу мову азначае пасланнік . Цікава, што на самым пачатку слова апостал было тэрмінам, звязаным з мораплаваннем і з ваеннымі экспедыцыямі. Яно азначала адпраўленне флатыліі або арміі ў паход. Паступова ім пачалі называць любую марскую экспедыцыю, затым - групу людзей, накіраваных выканаць якую-небудзь справу, напрыклад, заснаваць калонію. Гэтым словам называлі і кіраўніка экспедыцыі.

Адзначым, что слова апостал з'яўляецца хрысціянскай інавацыяй. Гэта пацвярджаецца тым, што лацінскі тэрмін apostolus трансліруецца і не перакладаецца ні на якія мовы свету.

У Новым Запавеце словам Апостал называецца кожны з дванаццаці вучняў Ісуса Хрыста. Лік дванаццаць сімвалічны, ён мае на ўвазе дванаццаць кален Ізраілевых. У Евангеллі паводле Св. Матфея чытаем: "Ісус жа сказаў ім: "Праўду кажу вам, што ў новым жыцці, калі Сын Чалавечы сядзе на прастоле славы Сваёй, вы, хто пайшоў за Мною, сядзеце таксама на дванаццаці тронах" (Мф. 19, 28), каб судзіць жывых і памерлых."

Лік 12 заўсёды заставаўся нязменным, часта Апосталаў проста называлі Дванаццаць, хоць імёны іх у Кнігах Евангелля падаюцца дакладна (Мф. 10, 1-4; Мк. 3, 13-19; Лк. 6, 12-16).

Апосталаў Ісус Хрыстос выбраў Сам для распаўсюджання Свайго вучэння. Яны былі пастаяннымі спадарожнікамі і вучнямі Сына Божага, а пасля Яго смерці сталі на чале хрысціянскіх супольнасцяў - Цэркваў.

Самастойная дзейнасць Апосталаў пачалася ад дня сашэсця на іх Святога Духа і была спачатку сканцэнтравана ў Іерусаліме. Потым Апосталы пачалі распаўсюджваць хрысціянства і сярод язычнікаў. Звесткі пра дзейнасць Апосталаў да 64 г. знаходзяцца ў кнізе "Дзеянняў Апостальскіх".

Вядома, што, акрамя дванаццаці Апосталаў, у Ісуса Хрыста было яшчэ семдзесят. Сярод іх, напрыклад: а) евангеліст Марк, епіскап Александрыйскі; б) евангеліст Лука; в) Матфей, выбраны на месца Іуды; г) Ананія, епіскап Дамаскі, які хрысціў Саўла - Паўла, і інш.

Нарэшце, Апосталамі ў Хрысціянскай Царкве называюцца яшчэ і некаторыя асобы, служэнне і выбранне якіх наблізілася да апостальскага служэння. Такімі, напрыклад, з'яўляюцца роўнаапостальная Марыя Магдаліна, роўнаапостальныя Канстанцін і яго маці Алена, роўнаапостальная Ніна - асветніца Грузіі, Св. Кірыл і Мяфодзій і інш.

Св. Апостал Пётр - адзін з праслаўленых вучняў Ісуса Хрыста, зрабіў вялікі ўклад у развіццё хрысціянства. Родам з Галілеі, рыбак па прафесіі, усёй душой аддаваўся місіянскай ідэі. Св. Пётр першым назваў Сына Божага Хрыстом, Сынам Бога Жывога (Мф. 16, 16). Гасподзь бачыў вялікую сілу веравання Пятра, яго дзейнасць, шчырую адданасць справе і аднойчы сказаў: "Вось і Я кажу табе: "Ты - Пётр [камень], і на гэтым камені Я пабудую Царкву Маю, і брамы пякельныя не адолеюць яе" (Мф. 16, 18).

Пасля Уваскрэсення Сына Божага Пётр стаў адным з галоўных кіраўнікоў хрысціянскага грамадства і самаахвярна працаваў на ніве распаўсюджання Слова Божага на прасторы ад Вавілона да Рыма. У Рыме пры імператары Нероне яго напаткала пакутніцкая смерць праз укрыжаванне ўніз галавой. Апостал Пётр быў першым епіскапам Рыма, ён перадаў кіраўніцтва ў хрысціянстве Рымскім Папам.

Св. Апостал Павел - найвялікшы прапаведнік хрысціянства сярод язычнікаў у I ст. Сын заможных іудзейскіх бацькоў, якія належалі да партыі фарысеяў. У юнацтве атрымаў добрую адукацыю. Першапачатковае імя яго было Саўл, ці Саул, відаць, у гонар першага ізраільскага цара. На першых парах не прызнаваў Ісуса Хрыста, падтрымліваў ганенні супраць хрысціянства. Але аднойчы па дарозе ў Дамаск у свядомасці Саўла адбыўся вялікі пералом. З ярага ганіцеля хрысціянства ён ператварыўся ў вялікага прапаведніка вучэння Хрыстовага. Пасля такога пераўвасаблення ён безупынна ажыццяўляў прапаведніцкую дзейнасць на вялікай прасторы, ад глыбіні Азіі да Рыма. Дзякуючы яго пропаведзям утварыліся хрысціянскія цэнтры на азіяцкай прасторы і па ўсім паўночным узбярэжжы Міжземнага мора. Самаахвярнае жыццё Апостала Паўла закончылася ў Рыме пры Нероне, дзе ён быў асуджаны на смерць праз адсячэнне галавы. Пакутніцкую смерць прыняў Апостал Павел адначасова з пакараннем Апостала Пятра.

Такім чынам, у гонар Святых Апосталаў Пятра і Паўла былі ўзаконены свята і пост. Пачатак посту залежыць ад свята Пасхі, па часе можа быць розным, то карацейшым, то больш працяглым. Першыя ўпамінанні пра гэты пост прыгадваюцца ў Апостальскіх пастановах.

Успенскі пост прысвячаецца Святой Багародзіцы. З гісторыі вядома, што пасля Узнясення Ісуса Хрыста на неба Прасвятая Дзева засталася пад апекай Св. Іаана. Увесь час малілася і пасціла. Дзень канчыны Ёй быў адкрыты Госпадам. К таму часу да Яе ў Іерусалім сабраліся ўсе Апосталы, якія прапаведавалі Евангелле ў розных краінах свету. Не было толькі Апостала Фамы. I калі ён з'явіўся і хацеў развітацца з Ёю, паглядзець, як Яна пахавана, Цела не знайшлі: яно было ўзята на неба.

Свята Успення Багародзіцы бярэ пачатак са старажытных часоў хрысціянства. У IV ст. яно ўжо з'яўляецца паўсямесным, як гэта відаць са сведчанняў Грыгорыя Турскага і з успамінаў яго ва ўсіх найстаражытнейшых календарах. Усеагульнае святкаванне яго ўстаноўлена падчас праўлення імператара Маўрыкія ў 582 г.

Як бачым, апісаны дзве вялікія падзеі, у сувязі з якімі ўстаноўлены святы. Перад кожным святам вызначаны шматдзённы пост. У католікаў і праваслаўных час правядзення посту залежыць ад царкоўнага календара, якога прытрымліваецца Царква, - юліянскага ці грыгарыянскага.

Ісус Хрыстос усіх заклікае, каб пост ажыццяўляўся не для ўхвалення набожнасці людзьмі, а Богам. Больш таго, пост павінен быць радасным. Мы павінны быць цярплівымі адзін да аднаго, умець прабачаць, дараваць. Аб гэтым нас папярэджвае сам Гасподзь (Мф. 6, 16-18). I, галоўнае, пост абавязкова павінен спалучацца з добрымі справамі і малітвамі.

(Працяг будзе.)

Ксёндз-пробашч Менскага касцёла Св. Сымона і Св. Алены У. Завальнюк,

магістр тэалогіі, кандыдат гістарычных навук.



Вельмі ўзрадаваны, хай сабе і невялікай, але ж перамогай у справе па афармленні надпісаў на Беларускай чыгунцы.

Мы паслалі па поште у адрас міністэрства зварот ад жыхароў вёскі Кіявец і з Масквы ад грамадзян РФ. Поспехаў Вам! У. Сяргееў.


Віншаванні на адрас ТБМ

Паважаныя сябры!

У светлы час Калядаў, напярэдадні Новага года хочам падзякаваць Вам за плённую супрацу (з надзеяй на далейшую супольнасць) і сардэчна жадаем здароўя, штодзённай радасці, дабрабыту, гармоніі ў душы, і, безумоўна, новых творчых здзяйсненняў.

Найшчыра,

ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў".


Віншуем з Калядамі і Новым годам! Лешэк Шэрэпка, Надзвычайны і Паўнамочны Пасол Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь.


Шаноўныя сябры!

Ад імя Управы і супрацоўнікаў Згуртавання беларусаў свету "Бацькаўшчына" сардэчна віншуем Вас з Калядамі і Новым годам!

Хай нават у самыя моцныя маразы Ваша сэрца саграюць усмешкі родных і сяброў, Хай у Вашай хаце будзе цёпла і ўтульна, а пад Вашымі стрэхамі назаўжды паселіцца птушка шчасця.

Жадаем Вам гармоніі з сабой і Сусветам, сіл, здароўя і мужнасці, каб быць беларусамі ў любым куточку свету.

Шчаслівых Калядаў і Новага году!

Управа МГА "ЗБС "Бацькаўшчына".


Віншуем з Калядамі і Новым Годам!

Амбасада Фінлядыі.


Шаноўныя сябры, партнёры і калегі!

Віншуем Вас з Божым Нараджэннем і Новым годам! Перадусім, шчыра дзякуем за плённае супрацоўніцтва.

Хочацца пажадаць новых дасягненняў на ніве грамадзянскай дзейнасці на карысць нашае Беларусі ды ўсяго бсларускага грамадства.

Штогод нас - грамадска актыўных - становіцца ўсё болей.

Няхай гэтая традыцыя захаваецца і ў наступным годзе.

Цікавых падзеяў і добрых зменаў у 2013 годзе!

Выканаўчпе бюро Асамблеі няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў Беларусі.


Жыццё, як паходня

Прайшло ўжо дзевяць дзён, як у светлы дзень Мікалая Угодніка, раніцай 19 снежня перастала біцца вялікае і шчырае сэрца нашай любай і паважанай сяброўкі Ірыны (Іраіды - па-царкоўнаму) Васільеўны Кісялёвай.

Памерла яна - нібы заснула. Ці ж гэта не прызнанне яе заслуг не толькі перад людзьмі, а і перад Богам?

Ірына Васільеўна Кісялёва была з той кагорты людзей, што адразу пранікліся праблемай, якая прыйшла ў Беларусь з нагоды Чарнобыльскай навалы. У гэтай на выгляд кволай жанчыне было столькі сілы, столькі жадання данесці ўсяму свету праўдзівую інфармацыю пра Чарнобыльскую катастрофу, што здзіўляла часам яе напорыстасць і цвёрдасць. Яна кіравалася тэзай: калі не я, то хто ж? Асноўная тэма яе журналісцкай працы - гэта дзеці, якіх напаткала чарнобыльская бяда. Ірына рабіла канкрэтную справу: пісала ў розныя інстанцыі лісты аб шкодзе выкарыстання ў дзіцячых установах касцявых булёнаў, аб атручвальных выкідах у паветра цэнтра горада Менска труб завода імя Кірава і інш.

І як мы радаваліся разам з Ірынай (а як ганарыліся ёю!), калі былі адменены тыя булёны і перасталі дымець трубы!

Не пералічыць спраў, якія Ірына Васільеўна рабіла дзеля сваёй Бацькаўшчыны. Звыш дваццаці гадоў яна жыла справамі клуба "Спадчына", была побач з А. Белым. Таму за чатыры дні да сваёй смерці са смуткам гаварыла аб заўчасным адыходзе ў іншы свет А. Белага і цікавілася працай клуба на сучасным этапе.

Я стаяла ля труны і ўспамінала, як больш за сорак гадоў таму я сустрэлася з маладой і вельмі прыгожай жанчынай, як за кароткі час зразумела, што мне пашчасціла стаць сяброўкай разумнай, добрай і актыўнай асобы. Ірына стала факелам, які асвятляў мой жыццёвы шлях, і я шчыра прызнаюся, што вельмі многія яе ўчынкі, яе погляды, яе перакананні сталі для мяне прыкладам. Ірына Васільеўна была цікавым і патрэбным чалавекам не толькі для сваіх аднагодкаў, але, што вельмі здзіўляла, станавілася дарадцам і сябрам значна маладзейшых людзей.

І ў труне Ірына ляжала прыгожая, са спакойным тварам чалавека, які не імкнуўся рознымі сродкамі прадоўжыць сваё існаванне на гэтай зямлі: яна прыняла набліжэнне канца як ісцінная хрысціянка.

Няхай яе душа аберагае ЎСІХ і ЎСЁ, што яна так любіла!

Ала Саскавец , пісьменніца, сябра клуба "Спадчына"

P.S. За дзейнасць сваю заслугоўвае пашаны не толькі з боку сяброў клуба.



У МУС з мовай усё добра

Старшыні грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" Трусаву А.А.

вул. Румянцава, 13,

220034, г. Мінск

Паважаны Алег Анатольевіч!

Міністэрствам унутраных спраў Рэспулікі Беларусь Ваша прапанова аб неабходнаці арганізацыі курсаў беларускай мовы для супрацоўнікаў органаў унутраных спраў разгледжана.

Паведамляем, што Міністэрствам унутраных спраў Рэспублікі Беларусь праводзіцца шэраг мерапрыемстваў па пашырэнні выкарыстання беларускай мовы супрацоўнікамі ў сваёй дзейнасці. Ва ўстановах адукацыі МУС курсанты вывучаюць дысціпліну "Беларуская мова (прафесійная лексіка)", прымаюць удзел у віктарынах, літаратурных конкурсах і тэматычных вечарынах, прысвечаных творчасці беларускіх пісьменнікаў. Таксама для курсантаў і супрацоўнікаў органаў унутраных спраў арганізаваны факультатыўныя заняткі па вывучэнні беларускай мовы, якія праводзяцца выкладчыкамі кафедры беларускай і замежных моў Акадэміі МУС і Магілёўскага вышэйшага каледжа МУС.

Кіраўніцтва тэрытарыяльных органаў унутраных спраў пастаянна проводзіць сустрэчы супрацоўнікаў з народнымі пісьменнікамі, артыстамі Беларусі, выкладчыкамі беларускай мовы і літаратуры вышэйшых навучальных устаноў, супрацоўнікамі Інстытута мовы і літаратуры імя Я.Коласа і Я. Купалы НАН Беларусі. Каб пазбегнуць непарузуменняў, выкліканых асаблівасцямі выкарыстання беларускай мовы пры выканнанні службовых абавязкаў, для супрацоўнікаў спецыяльна падрыхтаваны і выдадзены вучэбна-метадычны дапаможнік "Беларуская мова (прафесійная лексіка)".

Такім чынам, з улікам вышэйзгаданага, неабходна адзначыць, што ў МУС Рэспублікі Беларусь свораны ўсе неабходныя ўмовы для павышэння ўзроўню валодання і выкарыстання супрацоўнікамі органаў унутранных спраў беларускай мовы ў службовай дзейнасці.

Намеснік Міністра А.А. Курылец.


Смачнае і беларускае ад "Слодыча"

Менская фабрыка "Слодыч" адгукнулася на прапановы ТБМ і пачала выпуск цудоўнага печыва пад прыгожай назвай "Да падвячорка". Афармленне пачка беларускае.

Наш кар.


Нацыянальныя сшыткі

ААТ "Чырвоная зорка" выпускае школьныя сшыткі, аформленыя ў нацыянальным стылі. Для афармлення выкарыстоўваюцца ілюстрацыі выдавецтва "Мастацкая літаратура". Аформлены сшыткі на 100 адсоткаў па-беларуску.

Наш кар.


Каляды ў вялікім горадзе

"Усе нашы традыцыі прывязаныя да вясковага асяроддзя, а вось як святкаваць Каляды ў вялікім горадзе ніхто не задумваўся. Мы прапануем свой варыянт" , - заяўляе Алег Хаменка, які ў 2013 годзе аднаўляе свой праект "Калядныя сустрэчы". Вялікі канцэрт з гэтай нагоды адбудзецца 7 студзеня ў клубе Loft. Сам Алег прадставіць разам з музыкамі праграму "Кола грукатала" ў клубным фармаце. Святочную атмасферу пакліканы стварыць гурты Dzivasil i Guda.

"Калядныя сустрэчы" Алег Хаменка з паплечнікамі пачаў праводзіць яшчэ ў 1997 годзе. "Намі прыдумаўся такі фармат - нешта сярэдняе між фэстам і сяброўскай вечарынай, на якую мы запрашалі, як рок-, так і поп-зорак" , - распавядае музыкант. Такія канцэрты праводзіліся на розных буйных пляцоўках - у палацы культуры, Тэатры эстрады, Купалаўскім тэатры, аднак сёлета Алег вырашыў зладзіць свае "Калядныя сустрэчы" у клубным фармаце. І вось чаму.

"Важна не толькі царкоўнае святкаванне, важна, каб свята Раства адзначалася яшчэ і грамадскім чынам. Нашы традыцыі прывязаныя да вясковага асяроддзя, а вось як святкаваць Каляды у вялікім горадзе ніхто не задумваўся. Мы хочам увесці такую традыцыю, каб кожны гарадскі жыхар ведаў, як можна калядаваць, якія песні спяваць, якія стравы спажываць" , - распавядае музыкант. 7 студзеня ў клубе Loft ён разам з калегамі прадставіць адзін з галоўных беларускіх альбомаў 2012 году "Кола грукатала". У канцэрце таксама возьме ўдзел гурт Dzivasil, які працуе ў стылістыцы этнаэмбіент. Разам з гледачамі будуць калядаваць удзельніцы ўнікальнага беларускага гурта Guda. Акрамя спеваў, конкурсаў і сюрпрызаў гледачоў чакае адмысловае меню, кожны зможа замовіць традыцыйныя беларускія калядныя стравы.

Інфармацыя для анонса:

7 cтудзеня (панядзелак). 19.00. Loft cafе

(вул. П. Броўкі, 22).

"Калядныя сустрэчы з Алегам Хаменкам і сябрамі": спевы, гульні, конкурсы, сюрпрызы, каляднае меню.

Адмысловы госць: Dzivasil

Кошт квітка - 80 000 руб. (уваход),

100 000 руб. (столік).

Квіткі на ўваход можна набыць у касах KVITKI BY і замовіць он-лайн

http://www.kvitki.by/by Замовіць столік можна загадзя па тэл. +375 29 38 000 10 (аплата століка на ўваходзе!)

Тэл. для даведак : + 375 29 6872093.


Ён родам з Сіняўкі: нацыянальныя прыярытэты ў асабістым жыцці і навуковай дзейнасці Васіля Тоўстага (Талстога)

12 студзеня 1928 года ў багатым на гістарычныя падзеі мястэчку Сіняўка, што на Клеччыне, у звычайнай сялянскай сям'і з'явіўся на свет хлопчык, якому далі тыповае для тых мясцін імя Вася. Тады Сіняўка знаходзілася ў складзе Другой Рэчы Паспалітай, была цэнтрам гміны Наваградскага павету. Як надышоў час вучыцца, Вася паступіў у мясцовую польскую школу, бо беларускіх тады не існавала. Такім школам рэдка калі ў нас шанцавала. Сёння ёсць дастаткова падстаў меркаваць пра іх канчатковае знікненне ўжо ў агляднай перспектыве, калі дзяржава карэнным чынам не зменіць сваю палітыку ў сферы адукацыі. І ўсё ж Васю, як і яго аднагодкам, давялося ў міжваенны перыяд два гады павучыцца ў беларускамоўнай школе. Такую радасную магчымасць дало далучэнне ў верасні 1939 года "ўсходніх крэсаў" Польшчы да савецкай Беларусі. Праўда, у будучым, калі ўжо Вася стане прафесійным гісторыкам, атрыманыя ім веды ў польскай школе па гісторыі і культуры Польшчы, неблагое валоданне польскай мовай адыграюць надзвычай станоўчую ролю для яго навуковай дзейнасці.

Давялося два гады павучыцца і ў цяжкіх умовах фашысцкай акупацыі. Нягледзячы на моцны супраціў крайне нацыяналістычных польскіх сіл, навучанне ў Сіняўскай школе вялося на беларускай мове, чаму ў вырашальнай ступені паспрыяла і сама палітыка акупацыйных уладаў у сферы адукацыі. Васем ніколі не забываліся ўчыненыя фашыстамі лютыя здзекі з нічым невінаватага мясцовага цывільнага насельніцтва, асабліва з яўрэяў. Праведзеныя ў чэрвені 1942 года масавыя акцыі пазбавілі жыцця каля 700 чалавек.

Пасля атрымання сярэдняй адукацыі Вася безпамылкова з'арыентаваў сябе на вучобу ў Менскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя Максіма Горкага, бо, як я пераканаўся ад сталых кантактаў з гэтым чалавекам, ён спаўна валодаў усім наборам якасцяў, неабходных для плённай працы настаўніка. На гэты жаданы і адначасова адказны шлях Васіль Тоўсты стаў у 1954 годзе. Але не надоўга, бо маладога педагога вабіла да сябе гістарычная навука, зацікаўленасць да якой добра выявілася ўжо ў гады вучобы ў педінстытуце. Гэтай мары неўзабаве пашчасціла спраўдзіцца: з 1960 года ён ужо паступіў з адрывам ад вытворчасці на вучобу ў аспірантуру Інстытута гісторыі Акадэміі навук БССР. У тым годзе сюды набралі ажно восем чалавек, палова з якіх пазней стала дактарамі навук. Тэма кандыдацкай дысертацыі В. Тоўстага мела назву "Сотрудничество Белорусской ССР и Польской Народной Республики (1944-1963 гг.)". Як вынікае з назвы навуковага даследавання, выконвалася яно ў рускай мове, хаця датычыла Беларусі і Польшчы. Выбар мовы быў зроблены зусім не яе аўтарам. Проста ў пасляваенныя гады невядома па чыёй ініцыятыве трывала ўсталявалася ні чым не апраўданая практыка пісаць кандыдацкія і доктарскія дысертацыі толькі на рускай мове. Ніколькі не сумняваюся, што каб такой супярэчнай беларускаму нацыянальнаму інтарэсу практыкі не існавала, В. Тоўсты пісаў бы сваю навуковую працу на роднай мове і не меў бы патрэбы так часта выдумваць прычыны для адказу на пытанні шматлікіх польскіх калег, чаму карыстаецца не беларускай, а рускай мовай. Такі факт расцэньваўся імі, як грубае парушэнне нацыянальных правоў беларускага народа. В. Тоўстага яны не абвінавачвалі, бо лічылі, як і многіх яго калег, за ахвяру самай справядлівай, як у той час лічылася, ленінскай нацыянальнай палітыкі КПСС.

Калі ў снежні 1962 года я амаль ужо ў 34-гадовым узросце ўліўся ў калектыў Інстытута АН БССР, але толькі ў якасці яго старшага лабаранта, В. Тоўсты ў той час быў у сапраўдным зеніце сваёй аспіранцкай славы. Яшчэ і да сёння добра запамяталіся абмеркаванні на Сектары камуністычнага будаўніцтва (такое найменне было выклікана ўступленнем СССР, як тады скрозь сцвярджалася, у паласу разгорнутага будаўніцтва камунізму) паасобных раздзелаў дысертацыі В. Тоўстага. Запамяталіся не яго абгрунтаваныя, пераканаўчыя адказы на крытычныя заўвагі рэцэнзентаў, а тое, што рабіліся яны па-беларуску, хаця дысертацыя была напісаная на рускай мове, на ёй прамаўлялі ўсе выступоўцы, вялося само паседжанне Сектара. Такое мяне проста ашаламіла. Я да паступлення ў Інстытут працаваў у адной з менскіх беларускамоўных школ-інтэрнатаў, выкладаў на беларускай мове (хутчэй за ўсё на сумнавядомай трасянцы) гісторыю, геаграфію, а па-за ўрокамі, як і ўсе настаўнікі школы, карыстаўся і з дзецьмі, і з калегамі па працы толькі рускай мовай, а тут на табе ў такой высокааўтарытэтнай установе, як акадэмічны інстытут, яго аспірант, як ні ў чым не бывала спакойненька вядзе дыялог па-беларуску, нікога не здзіўляючы з прысутных, мо апроч толькі мяне. З цягам часу і я прызвычаіўся да такой моўнай сітуацыі, асабліва не задумваўся над тым, наколькі яна да месца.

Мінаў месяц за месяцам, а дыстанцыя паміж мною і В. Тоўстым ніколькі не скарачалася. У маім уяўленні ён ужо быў амаль што прафесійным гісторыкам-навукоўцам, а я займаўся выпіскамі з архіўных крыніц матэрыялаў, патрэбных для супрацоўнікаў Сектара. Суцяшала толькі завочнае навучанне ў аспірантуры і тое, што па рэкамендацыі навуковага кіраўніка, кандыдата гістарычных навук, вельмі паважанага мною Чалавека Івана Ягоравіча Марчанкі абраў тэму для сваёй будучай кандыдацкай дысертацыі. Прысвячалася яна гісторыі чыгуначнага транспарту БССР у перыяд сямігодкі (1959-1965 гг.).

Пасада старшага лабаранта ніколькі не стрымлівала майго жадання наведваць рознага роду мерапрыемствы, што ладзіліся не толькі нашым Інстытутам, але і Акадэміяй навук БССР у цэлым. А яны праводзіліся даволі часта і, як правіла, выклікалі ў мяне (усяго-толькі пасіўнага наведвальніка) вялікую зацікаўленасць. Рабілася ж усё гэта ў паблажлівыя гады "хрушчоўскай адлігі", калі трохі парасплюшчваліся вочы ў людзей на далёка не дэмакратычную савецкую рэчаіснасць. Неяк усё так здаралася, якое б я не наведваў мерапрыемства, у ім абавязкова ўдзельнічаў і В. Тоўсты. Здаралася і такое, што з дзесяціпятнаццаці выступоўцаў, прычым занятых у сферы грамадскіх навук, толькі ён адзін прамаўляў на беларускай мове. Не выключаю, што на тых мерапрыемствах В.Тоўсты іншым разам заўважаў і маю прысутнасць, што, аднак, не паслужыла падставай да ўсталявання паміж намі цесных сяброўскіх дачыненняў. Відаць, тут адмоўную ролю адыграў факт, што пры запаўненні ўсіх неабходных для працаўладкавання ў Інстытут дакументаў, я не ўтойваў сваёй кароткатэрміновай службы ў органах Міністэрства ўнутраных спраў СССР. Іх антыдэмакратычнай у гады сталінізму дзейнасцю былі не задаволеныя вельмі многія, не выключаючы і гісторыкаў. Вынесеная на калідор канцылярыстамі Інстытута звестка пра Лыча як сталінскага чэкіста пэўны час перашкаджала майму збліжэнню з калегамі па працы. Такой адчужанасцю я быў вельмі не задаволены. Таму мяне моцна здзівіла запрашэнне В. Тоўстага прыйсці на застолле, зладжанае з нагоды паспяховай абароны ім кандыдацкай дысертацыі. Запрашэнне прыняў з вялікім задавальненнем і ад таго застолля вынес нямала чаго такога, над чым нельга было не задумацца. Гэта найперш беларускамоўныя выступленні многіх сяброў В. Тоўстага. Наколькі памятаю, менавіта пасля таго застолля мы пры сустрэчы пачалі падаваць адзін аднаму рукі і хоць на некалькі хвілін затрымліваліся для размоў на самыя розныя тэмы, не чапляючы, аднак, нацыянальнага пытання. Размовы вяліся на дзвюх мовах: беларускай (ён) і рускай (я). Можа гэта крышку і перашкаджала ўсталяванню цеснага, шчырага сяброўства паміж намі, але галоўная прычына палягала ў тым, што я, будучы ўсяго толькі старшым лабарантам, свядома не дазваляў сабе ўшчыльную наблізіцца да асобы са ступенню кандыдата навук.

Лёд прыкметна скрануўся, калі я за паўгода здаў усе тры кандыдацкія мінімумы. Не толькі В.Тоўсты, але і ўсе астатнія супрацоўнікі Сектара палічылі, што ў свае амаль 34 гады я пагадзіўся на самую нізкую пасаду ў калектыве старшага лабаранта не з-за якіх-небудзь праблем разумовага развіцця, а па зусім іншых прычынах. Неўзабаве ў перыядычным друку пачалі з'яўляцца першыя ў маім жыцці артыкулы. Такое заўсёды ставілі ў заслугу навукоўцам. Няблага атрымлівалася ў мяне з рэцэнзаваннем прызначаных для абмеркавання на Сектары навуковых прац. Аднойчы давялося чытаць і напісаную В. Тоўстым. Пры абмеркаванні на Сектары я не зрабіў амаль ніякіх крытычных заўваг, затое, застаўшыся адзін на адзін з аўтарам, выказаў іх у поўным аб'ёме, за што атрымаў словы падзякі. З усіх членаў Сектара В. Тоўсты праяўляў самую вялікую актыўнасць па пераводзе мяне з пасады старшага лабаранта ў малодшыя навуковыя супрацоўнікі. Адбылося такое дзесьці ў другой палове лета 1963 года. Ад вялікай радасці быў аж на сёмым небе, прычым не таму, што трохі прыбавілася ў зарплаце, а таму, што ад гэтага часу мог з поўным правам называць сябе такім дарагім, прэстыжным для мяне не толькі тады, але і сёння словам "навуковец".

Абароненую кандыдацкую дысертацыю В. Тоўсты інтэнсіўна рыхтаваў да друку, папаўняючы яе многімі новымі матэрыяламі. У выхадзе яе ў свет, акрамя самога аўтара, былі зацікаўленыя і Інстытут, і акадэмічнае выдавецтва "Навука і тэхніка". Беларусь жа рыхтавалася ўрачыста адзначыць 20-годдзе вызвалення ад нямецкай акупацыі, а праз год разам з усёй краінай - дваццацігоддзе з дня перамогі над гітлераўскай Германіяй. У сувязі з такімі юбілеямі ў рэспубліцы, акрамя святочных мерапрыемстваў, праводзіліся і навуковыя канферэнцыі, прысвечаныя паказу ратнага і працоўнага вычыну беларускага народа. Не забываліся і пра паказ яго супрацоўніцтва з іншымі народамі і, само сабой зразумела, - з польскім. Тут у В. Тоўстага было шырокае поле дзейнасці. І ён яго максімальна выкарыстоўваў сваімі частымі і заўжды цікавымі, змястоўнымі выступленнямі на міжнародных навуковых канферэнцыях, што паспрыяла яго збліжэнню з многімі польскімі калегамі. Важную ролю адыграла і дасканалае валоданне В. Тоўстым польскай мовай. Словам, у свае трыццаць пяць гадоў ён ужо здабыў сабе даволі шырокую вядомасць у навуковых колах і Беларускай ССР, і Польскай Народнай Рэспублікі. У такім ўзросце мала каму з навукоўцаў дасягальна падобнае. Да аўтарытэту В. Тоўстага шмат дадаў выхад у свет у 1966 годзе кнігі "Братское сотрудничество белорусского и польского народов. 1944-1964 гг." Рэцэнзіі на яе былі самыя станоўчыя як у беларускім, так і польскім друку. Я быў моцна ўзрадаваным, што такую кнігу з сяброўскім аўтографам падараваў яе аўтар і мне.

І ўвогуле з сярэдзіны 1960-х гадоў нашыя ўзаемадачыненні набылі шчыры, сяброўскі характар. Пад гэты час ён паспеў пазнаёміць мяне з многімі сваімі надзейнымі сябрамі: Генадзем Кісялёвым, Арсенем Лісам, Львом Мірачыцкім, Міколам Прашковічам і інш. Дарэчы, беларускамоўнымі, цвёрдай нацыянальнай арыентацыі, чаго я ніяк не мог не заўважыць, над чым не мог не задумацца. Але якой-небудзь выразнай думкі і самому зрабіць хоць невялічкі крок у бок беларускай мовы ў мяне, як моцна зрусіфікаванай асобы, не зараджалася. І па сёння здзіўляюся, як толькі беларускамоўны В. Тоўсты трываў каля сябе такога адарванага ад родных каранёў чалавека. Зразумела, падобнае вечна не магло доўжыцца. Пакласці яму канец мой сябра наважыўся ў адзін з вясновых дзён 1965 года. За 10-15 хвілін да сканчэння працоўнага дня ён наблізіўся да мяне і напаўголаса прамовіў: "Лёня, у мяне ёсць пільная нагода хаця б на гадзіну застацца з табой пасля працы."

Кіўком галавы я даў згоду, і неўзабаве мы ўсчалі гаворку, якая, чаго ніяк не мог прадбачыць, з гадамі цалкам, крута змяніла маё стаўленне да беларускасці. Даслоўна ўзнавіць змест той лёсавызначальнай для мяне гаворкі сёння з-за працягласці часу практычна не магчыма, але ў асноўным мы вялі яе ў такім рэчышчы.

- Я рады, Лёня, - пачаў першым мой калега, - што ты з поспехам працуеш над дысертацыяй.

- У мяне, - кажу, - трохі іншае стаўленне да гэтага. Кіраўнік Іван Марчанка ўсяляк стрымлівае мой рух наперад, тлумачачы, што ў практыцы Інстытута яшчэ не мелася выпадкаў, каб хтосьці датэрмінова выходзіў на абарону. Прапаноўвае дачакацца канца 1965 года і каб ужо пасля гэтага асвятліць гісторыю развіцця чыгуначнага транспарту БССР за увесь перыяд сямігодкі (1959-1965 гг.).

- Не выключаю, што тут ты яго не пераканаеш, бо ён, хаця і былы франтавік, вельмі ўжо асцярожны, нерашучы чалавек. На сабе такое не раз зведаў. Я ніколькі не сумняваюся, што вось-вось станеш дыпланаваным навукоўцам, але каб цалкам адпавядаць такому высокаму статусу, трэба не толькі ведаць, але і паўсюдна карыстацца роднай мовай народа, гісторыю якога ты пішаш і тым больш, калі сам да яго належыш. Без такога ўзважанага падыходу да моўнага пытання ты ніколі па-сапраўднаму не адчуеш сябе беларусам, не станеш асобай са здаровай, трывалай нацыянальнай самасвядомасцю, а ў горшым выпадку "праславішся" нацыянальным нігілістам з дыпломам кандыдата гістарычных навук у кішэні.

Ад пачутага, у мяне ажно галава хадыром пайшла. Як толькі мог пераконваў Васю ў непрымальнасці, нерэальнасці такога нялёгкага шляху для мяне. Беларускай жа мовы я свядома пачаў цурацца з 1945 года (год паступлення на вучобу ў Менскі статыстычны тэхнікум) , калі ад выкладчыцы рускай мовы (прысланай з Масквы) пачуў, што толькі праз апошнюю можна стаць высокаадукаваным чалавекам, авалодаць усімі найважнейшымі дасягненнямі чалавецтва ў галіне навукі, тэхнікі і культуры. Пачуўшы такое, гарачым жалезам пачаў выпякаць беларускія словы і выразы са сваёй лексікі падчас вучобы яшчэ ў тэхнікуме, затым у Афіцэрскай школе МУС СССР (Менск, Ашхабад), службы ў адміністрацыйных органах гэтага міністэрства, працы ў навучальных установах Башкірыі. Пусціць пад нож усе гэтыя такімі вялікімі высілкамі набытыя веды па рускай мове і на 37-м годзе жыцця пачаць вяртацца да практычна цалкам выключанай з майго ўжытку беларускай мовы, палічыў, што няма ніякага сэнсу.

Пра ўсё гэта не раз даводзіў Васі, а ён упарта настойваў на сваім. Час-ад-часу дарыў кнігі беларускіх пісьменнікаў і навукоўцаў-філолагаў, у тым ліку і слоўнікі. Быў вельмі ўдзячны за атрыманую ад яго кнігу Фёдара Янкоўскага "Беларускія прыказкі, прымаўкі, фразеалагізмы" (Мн., 1962) з такім аўтографам: "Уплятай, як мага больш у сваіх прамовах" (7.IV.67).

Сур'ёзныя намёкі на неабходнасць вяртання да беларускай мовы рабілі мне і сябры-аднадумцы Васі журналіст Леў Мірачыцкі, аспірант Міхаіл Біч (маладзей за мяне на сем гадоў). Не раз здаралася, што за абедзеным сталом даводзілася ці то выпадкова, ці то назнарок сядзець побач з зацятым беларускамоўцам, таксама аспірантам, Міхасём Чарняўскім. Замест таго, каб гаварыць пра смакавыя якасці стравы, нас займала толькі моўнае пытанне. Пачаў заўважаць, што яно і мяне пачынала ўсё больш цікавіць. Не-не дый устаўлю некалькі беларускіх слоў у час размовы з Васем. І здзівіла, і абрадавала, што аднойчы яшчэ да абароны мною кандыдацкай дысертацыі, ён запрасіў мяне разам з жонкай Ефрасінняй (працавала інспектарам Дашкольнага аддзела Міністэрства народнай адукацыі БССР) да сябе ў госці. З радасцю згадзіўся. Па-сапраўднаму ўразіла, што не толькі Вася, але і яго жонка, доктарка па прафесіі, дзеці размаўляюць па-беларуску. На гэта не магла не звярнуць увагу і мая жонка, руская па нацыянальнасці (ураджэнка Сібіры). Як педагог, яна вельмі вітала такое стаўленне да беларускай мовы ў сям'і Тоўстых. Ну і на мяне гэта зрабіла адбітак, зразумела, пазітыўны.

(Заканч. у наст. нумары.)

Леанід Лыч


Калядкі ад Яўгена Петрашэвіча

Батлеемская зорка

Батлеемска зорка

Засвяціла ярка.


Прыпеў: Каляда, Каляда,

Каляда, Каляда.


Ярка, засвяціла,

Свет узвесяліла.


Прыпеў.


Дзісь Божая матка

Радзіла дзіцятка.


Прыпеў.


Лажыла дзіцятка

У яслі да ягнятка.


Прыпеў.


Дзіця невялічка,

Роўна з рукавічку.

Прыпеў.


Волхвы трох сталіцаў

Прышлі пакланіцца.


Прыпеў.


Прынеслі па дару

Малому ўладару.


Прыпеў: Каляда, Каляда,

Каляда, Каляда.


Дзед Мароз

Дзед Мароз,

Дзед Мароз.

З лесу ёлачку прынёс.

Ёлка красуня,

Наша прыгажуня.

Дзед Мароз,

Дзед Мароз.

Што на Новы год прынёс?

Ўсім падарункі,

Смачныя ласункі.

Дзед Мароз,

Дзед Мароз.

У цябе чырвоны нос.

Нос на марозе

Крышку прымарозіў


Ёлачка, ёлка

Ёлачка, ёлка,

Зялёна іголка.

Ёлачка, ёлка,

Зялёна іголка.


Прыпеў:

ДзедМароз,

Дзед Мароз

З лесу ёлачку прынёс.


Весела грайце,

Песні спявайце.

Весела грайце,

Песні спявайце.


Прыпеў:

ДзедМароз,

Дзед Мароз

З лесу ёлачку прынёс.

Радасна дзецям

У цэлым свеце.

Радасна дзецям

У цэлым свеце.


Прыпеў:

ДзедМароз,

Дзед Мароз

З лесу ёлачку прынёс.


Хадзі, бабка, каля печкі

Хадзі, бабка, каля печкі. Гэй, Каляда.

Пашукай нам перапечкі. Гэй, Каляда.

Ваша ласка, ваша воля. Гэй, Каляда.

Падарыце нам што кольвек. Гэй, Каляда.

Дай цукерак на талерцы. Гэй, Каляда. Звесяліце нашы сэрцы. Гэй, Каляда.

Адрэж сала, не скупіся. Гэй, Каляда.

Каб ячмень твой урадзіўся. Гэй, Каляда.

I пшанічка ўрадзілася.Гэй, Каляда.

I скацінка вадзілася. Гэй, Каляда.

Будзьце шчодры і багаты. Гэй, Каляда.

З калядой ідзем да хаты. Гэй, Каляда.


Жыла-была яліначка

Жыла-была яліначка,

У хвойнічку расла.

Зімой і летам стройная,

Зялёная была.


Мяцеліца ёй песеньку

Спявала баю, бай.

Мароз сняжком ахутываў - Глядзі, не замярзай.


Пужлівы зайка шэранькі Вакол яе скакаў.

Падчас і воўк, сярдзіты воўк Трусцою прабягаў.


Імчацца лёгка саначкі,

А ў санках мужычок

Вязе для нас яліначку, Паклаўшы на бачок.


I вось яна прывабная

У госцейкі прыйшла.

I шмат пацехі-радасці

Для дзетак прынясла.


(Пераклад на беларускую мову Яўгена Петрашэвіча.)


СА СВЯТАМІ І НОВЫМ 2013 ГОДАМ ВАС ДАРАГІЯ НАШЫЯ СЯБРЫ І АДНАДУМЦЫ!

У калядны вечар у ТБК

З радасцю і верай будзем адзначаць іх сярод сваіх сем'яў і блізкіх, але не забудзем пры гэтым, што не мала нашых людзей, сапраўдных беларускіх патрыётаў на Бацькаўшчыне, пазбаўлены волі, альбо знаходзяцца на ўліку спецорганаў.

Амаль дваццаць гадоў захоўваецца там палітыка русіфікацыі навуковых і адміністрацыйных установаў. Драматычны лёс незалежных беларускіх пісьменнікаў і паэтаў, якія пазбаўлены свабоды слова і дзяржаўнай падтрымкі, не маюць магчымасці выкарыстаць свой талент на ўслаўленне роднай Беларусі.

Таму, з пажаданнямі здароўя, поспехаў у працы і асабістага шчасця, жадаем Вам і нам знакавых перамен па дэмакратызацыі грамадскага жыцця ў нашай Бацькаўшчыне - Беларусі.


Рада Таварыства беларускай культуры ў Літве.

Вам - пакорным рабам -

не вясны,

Рукі накрыж злажыўшы

чакаці,

А пад гоман паўночнай зімы

Яму ў полі сабе будаваці .

Янка Купала.

У калядны вечар 29 снежня сябры Таварыства беларускай культуры ў Літве сабраліся, каб правесці апошнюю імпрэзу ў гэтым годзе. Распачаў яе сябра рады ТБК Валеры Радзюкевіч, які і быў у гэты раз вядоўцам.

Першым выступіў актыўны сябра Таварыства, рэдактар беларускай праграмы на літоўскім радыё Андрусь Старавойтаў, які распавёў пра святога Яўстафія, аднаго з трох віленскіх пакутнікаў, парэшткі якіх знаходзяцца ў Святадухавым праваслаўным манастыры Вільні. Яго выступ складаўся з дзвюх частак. У першай Андрусь распавёў пра афіцыйную гісторыю святога Яўстафія, а ў другой - падзяліўся сваімі думкамі адносна самаго культу парэшткаў трох пакутнікаў у манастыры. Афіцыйная гісторыя сцвярджае, што святы Яўстафій быў закатаваны пры літоўскім князе Альгердзе за праваслаўную веру. І так сталася, што пасля пакутніцкай смерці ён праславіўся, і яго парэшткі сталі нятленнымі. З таго часу яны захоўваліся з большага ў Вільні, непрацяглы час у Маскве. Варта дадаць, што парэшткі трох віленскіх пакутнікаў былі раздзелены, і частка іх захоўвалася ў Візантыі. Далей Андрусь дзяліўся думкамі наконт самога культу Трох віленскіх пакутнікаў. На яго думку, лепш было б, каб мошчы захоўваліся дзесьці ў сутарэннях кляштара і не былі выстаўленымі на агульнае агляданне, бо што карысці з таго, што людзі бачаць мёртвыя, хаця і нятленныя, целы. Ці не прасцей было б проста да іх звяртацца ў сваіх малітвах. Ды і самі пакутнікі ці былі б задаволеныя з такога ўсеагульнага аглядання, пакланення, а ў дадатак і раздзялення іх целаў на кавалкі, якія пасля перадаюцца ў іншыя цэрквы і манастыры для пакланенняў: для Бога больш важна шчырая малітва, а не бессэнсоўнае цалаванне парэшткаў мёртвага чалавека.

Сярод многіх беларускіх дзеячоў, пісьменнікаў існуе думка, што святы Яўстафій быў беларусам, з чым не пагадзіўся выступоўца Андрусь Старавойтаў. Ён адзначыў, што ў афіцыйных дакументах на гэта няма ніякіх указанняў. І другі факт, які яго схіляе да гэтай думкі - Масква вельмі паважна ставіцца да культу трох віленскіх пакутнікаў, а як вядома, яна вельмі неталератная да чужой культуры, традыцый, вераванняў. Таму, па яго словах, калі б ён быў бы беларусам, Масква проста знішчыла б цела, і культ трох віленскіх пакутнікаў быў бы забытым.

У снежні споўнілася 70 гадоў з моманту пакутніцкай смерці аднаго з найбольш слаўных сыноў беларускай зямлі ксяндза Вінцэнта Гадлеўскага. Яго служэнне было прыкладам самаахвярнай адданасці Бацькаўшчыне і сведчаннем яго ўсеабдымнай і неабсяжнай любові да Беларусі. На жаль, сёння не хапае святароў такога кшталту. У тыя складаныя гады міжваеннай Беларусі ў Польшчы ён не толькі прапаведваў Слова Божае на беларускай мове, але дапамагаў беларусам быць беларусамі. Вядома, яго дзейнасць не падбалася польскім уладам, за што ён неаднаразова пераследваўся і судзіўся польскімі ўладамі. У 1927 годзе за сваю дзейнасць быў асуджаны на два гады турмы.

За што ж польскія ўлады судзілі беларускага святара? Прывяду толькі цытату з пратакола судовага паседжання, якое адбылося ў Вільні 12 чэрвеня 1926 г.:

"Ад сведкаў устаноўлена, што, будучы пробашчам Жодзішскай парафіі цягам 4-5 гадоў, пры кожнай магчымасці сустракаючыся з людзьмі сваёй парафіі, якія пераважна беларускай нацыянальнасці, ці ў Каляды, ці аказваючы хворым рэлігійныя паслугі, ці ў іншых акалічнасцях, прыватных размовах, казаў, што ўсё, што польскае - злое: польскіх настаўнікаў называў псамі, той жа мянушкай "псы" называў паліцэйскіх функцыянераў і казаў, што іх трэба гнаць у Варшаву; адвучваў людзей гаварыць па-польску, а загадваў ужываць беларускую мову (сведка Ян Санюк); аб польскай школе казаў, што яна псуе дзяцей; заклікаў не плаціць падаткі і не даваць жаўнераў у польскае войска, тлумачыў, што як будзе Беларусь, гэтага не трэба будзе рабіць, што мясцовым жаўнерам не патрэбна будзе ісці ў Варшаву, а лепей заставацца сярод сваіх; каб нявыплата падаткаў не цягнула за сабой рэпрэсіі, раіў "арганізоўвацца", што значыць, іншымі словамі - раіў супраціўляцца выплаце падаткаў не па аднаму, а арганізаванай масай; высмейваў беднасць людзей, якія добраахвотна плацяць падаткі, спецыяльна з той мэтай, каб выклікаць у іх нежаданне іх выплочваць: нічым іншым нельга патлумачыць яго выказванне ў аднаго хворага: "У мяне (г. зн. у кс. Гадлеўскага) войт пастаяў і выйшаў, а вы, дурні, плаціце падаткі" (сведка Міхал Мурашка).

Наступным фактам агітацыі супраць выплаты падаткаў можна лічыць такі факт: калі прадаваўся маёнтак за нявыплату падаткаў, кс. Гадлеўскі падбухторваў насельніцтва, каб не куплялі таго маёнтка, а купленае казаў вяртаць. Далей, як казалі сведкі, сваёй мэтай кс. Гадлеўскі ставіў аддзяленне Беларусі ад Польшчы, пры чым гэта так прапагандаваў: трэба праводзіць агітацыю ў народзе і такім чынам даведвацца, хто якой нацыянальнасці, а калі прыдзе хвіліна і выбухне вайна, або які іншы "бунт", выйграем "вайну", "выйграем Беларусь", "злучымся з літоўцамі ці бальшавікамі, бо гэта лепш, чым з палякамі. Як за часамі Расіі мы "былі" нявольнікамі Расіі, так зараз "з'яўляемся" нявольнікамі Польшчы", павінны палякаў перамагчы і хоць за дзесяць гадоў, але "даб'емся" незалежнасці. Узгаданы ў гэтай справе Рогач са слоў кс. Гадлеўскага казаў, што калi будзе паўстанне, бальшавікі прыйдуць на дапамогу (сведак Ігнат Мілашэўскі). Для паўстання незалежнай Беларусі найперш трэба, казаў кс. Гадлеўскі, "стварыць" беларускія школы, а калі гэтыя пляцоўкі паўстануць, тады тут жа выбухне рэвалюцыя. "Польскага арла, казаў кс. Гадлеўскі Дамініку Шэнберу, калі асвячаў яго дом, абвінавачаны, "выкінь пад ногі і патапчыся, а лепш на гэтым месцы абраз павесь".

Такія дзеянні сведчаць аб яго антыдзяржаўнай дзейнасці. Вынікае, што гэта не былі спробы ўзбудзіць нацыянальную свядомасць беларускага насельніцтва з мэтай захавання бацькоўскай мовы і стварэння беларускіх школ як культурна-асветніцкіх асяродкаў, а спробы падбухторыць беларускае насельніцтва супраць усяго польскага, супраць польскай дзяржаўнасці, агітацыі тых, хто хоча стварэння незалежнай Беларусі не дарогай эвалюцыі, а рэвалюцыі. І гэтая варожая дзейнасць кс. Гадлеўскага знаходзіла водгук сярод людзей - бо не толькі ў адной Жодзішскай парафіі, але і ў суседніх парафіях наступіў раскол паміж палякамі і беларусамі, які 26 красавіка 1925 года прывёў да бойкі паміж беларусамі і палякамі пад час беларускага казання. Беларусы палякаў называлi ваўкамі, выходзячы з касцёла казалi, што палякаў хутка будуць драць. Словам, агітацыя кс. Гадлеўскага прывяла да такога варожага стаўлення беларусаў да палякаў, што, як дакладна казаўся сведка Юзаф Мілашэўскі, у "нас зараз такі тэрор, што "боязна" прызнацца аб польскасці, як і за расійскім часам"."

Старшыня ТБК Хведар Нюнька ўзгадаў пра вядомага літоўскага навукоўца Тадэвуша Іваноўскага (Тадаса Іванаўскага), які паходзіў са славутага беларускага роду і быў родным братам вядомага беларускага дзеяча Вацлава Іваноўскага. Так сталася, што гэта сям'я дала дзеячоў для трох народаў: беларусаў, палякаў, літоўцаў. Так скаліся абставіны, што спадар Хведар быў знаёмы з Тадасам Іванаўскасам, які ў яго быў выкладчыкам, калі ён навучаўся ў Коўні. Там Тадас Іванаўскас выкладаў дысцыпліну, звязаную з птушкамі. Варта адзначыць, што ён высока цаніўся ў Літве і СССР як навуковец і быў даволі багатым. Сам жа Хведар Нюнька шкадуе, што нягледзячы на тое, што змог з ім пасябраваць, аднак да канца так і не зблізіўся з гэтай асобай і не з'ездзіў з ім на яго радзіму ў Беларусь.

Артур Юдыцкі ў сваім дакладзе закрануў праблему знішчэння беларускай мовы ў БССР, а таксама і ў сёняшняй Беларусі. Яго выступ быў прысвечаны з'яўленню ў 1957 годзе ў ЛіМе артыкула Барыса Сачанкі супраць ігнаравання беларускай мовы ў школьным навучанні, які першым на ўвесь голас падняў трывогу ў канцы 1957 году ў сваім артыкуле "Шанаваць родную мову". Сачанка, на довад сваіх цверджанняў аб дэградацыі беларускай мовы, прывёў шмат аўтэнтычных фактаў. Між іншым, ён пераказаў размову з адной настаўніцай з Магілёўшчыны, якая яму расказала наступнае:

"Я з вёскі з-пад Магілёва, вучылася ў беларускай школе, здаецца, да паступлення ва ўніверсітэт нядрэнна і гаварыла па-беларуску. А там забыла ўсё. Ды гэта і не дзіўна. Пяць год не было чуваць на лекцыі беларускага слова!" Каментуючы гэтыя словы, Сачанка далей засцерагае: "Куды-б ты не паступаў - у тэхнікум або інстытут - беларускай мовы і літаратуры здаваць не трэба. Зайдзі ў любую арганізацыю, у любую ўстанову - усе справы вядуцца на рускай мове. Родная мова амаль ня ўжываецца ні на шыльдах, ні на этыкетах". Каб надаць большае палітычнае вагі сваім словам ды, відаць, застрахавацца перад абвінавачаннем у "нацыянальнай абмежаванасці і вылучнасці", аўтар, зацытаваўшы словы Леніна: "Члены РКП на тэрыторыі Ўкраіны павінны на справе праводзіць права працоўных мас вучыцца і гаварыць ува ўсіх савецкіх установах на роднай мове, усяляк процідзейнічаючы русіфікатарскім спробам адцясніць украінскую мову на другі план, ператвараючы яе ў сяродак камуністычнай адукацыі народных мас" - заканчвае свой артыкул высновай: "Гэта ленінскае палажэнне поўнасцю адносіцца і да нашай беларускай мовы".

Аднак, нягледзячы на ўсё гэта, сферы ўжывання беларускай мовы ўвесь час звужаліся.

Крыўдна і іншае, тое, што сёння яна таксама цалкам ігнаруецца, прычым, не толькі афіцыйнымі ўладамі, але і беларускай апазіцыяй.

Вядовец Валеры Радзюкевіч ў сваім выступе распавёў пра вядомага беларускага паэта, вязня канлагераў Сяргея Грахоўскага. У заключэнні сваёй прамовы, ён зачытаў верш "Шлюб" гэтага паэта з тым, каб прадэманстраваць талент генія.

На вялікі жаль, у сённяшняй Беларусі беларускія паэты не шануюцца і малавядомыя. Таму наш абавязак прапагандаваць іх імёны як мага шырэй.


Варта зазначыць, што беларусы сёння не ведаюць слаўных імёнаў сваёй зямлі. Мы ганарымся тым, што ведаем Пушкіна, Талстога, Дастаеўскага, але нават не звяртаем увагі на той момант, што сваіх айчынных пісьменнікаў, паэтаў, мастакоў мы не ведаем, альбо ведаем вельмі мала, а яшчэ менш знаёмыя з іх творчасцю. Таму, з аднаго боку беларуская культура вельмі багатая, створана надзвычай шмат, але яна не вядомая, перадусім, самім беларусам. Таму хочацца спадзявацца, што ўсё ж такі пакрысе мы будзем пазнаваць разам з дзеямі сусветнай культуры і дзеі сваёй зямлі, якая нас нарадзіла, ускарміла. А мы аказаліся яе няўдзячнымі сынамі. Таму будзьма беларусамі, будзьма чытаць вершы сваіх паэтаў, кнігі беларускіх пісьменнікаў і вывучаць беларускую гісторыю не праз прызму рускай, а як сваю.

Напрыканцы імпрэзы сваім выступам нас парадаваў украінскі хор "Світліца". Сталася ўжо добрай традыцыяй, што ўкраінскія сябры стала нас наведваюць. І вельмі прыемна ў іх бачыць родныя душы, бо ў многім праблемы, з якімі сёння сутыкнуліся беларусы, падобныя і да ўкраінскім, перадусім русіфікатарскія працэсы, якія працякаюць на нашых землях.

І ў заканчэнні Таварыства віншуе ўсіх з Калядамі і Новым 2013 года і заклікае беларусаў быць беларусамі і да далейшага супрацоўніцтва ў Новым годзе.

В.а. старшыні ТБК Валер Радзюкевіч , сябар Рады Алесь Адамковіч.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX