Папярэдняя старонка: 2013

№ 03 (1102) 


Дадана: 18-01-2013,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 3 (1102) 16 студзеня 3013 г.


Беларуская мова выходзіць на вуліцы

На вуліцах Менска ў рамках праекта "Родныя даты" з'явіліся білборды з выявай асветніцы Ефрасінні Полацкай. Вялізныя партрэты (8,4 і 6,3 метра) размешчаныя ў розных раёнах горада - на вуліцах Сурганава, Карла Лібнехта, на МКАД. Апроч стылёвай выявы самой святой, на іх напісаныя гады жыцця Ефрасінні - 1104-1167. Праект "Родныя даты" рэалізуе кампанія "Белзнешрэклама", тая самая, што ў 2011 годзе радавала мінчукоў праектам "Смак беларускай мовы". Як патлумачылі спецыялісты "Белзнешрэкламы", сёлета на працягу года на білбордах з'явіцца яшчэ некалькі постацяў з гісторыі Беларусі.

Ягор Марціновіч.

Магілёве з'явіліся білборды ў падтрымку беларускай мовы. Два з іх размешчаныя на вуліцы Каралёва ў кірунку з магілёўскага Задняпроўя ў цэнтар горада. У самім цэнтры такой рэкламы пакуль няма.

На білбордах прапанаваныя два варыянты першых прамоўленых малым хлопцам і бізнэсоўцам беларускіх словаў "сябар" і "поспех". "Якім будзе тваё першае слова на роднай мове?" - звяртаюцца з білборда да беларусаў.

На рэкламных выявах пазначаныя тры лагатыпы. Адзін з іх - Міністэрства культуры.

Наш кар.


490 гадоў з дня выхаду "Песні пра зубра" Міколы Гусоўскага

У 2013 г. спаўняецца 490 гадоў з дня выхаду ў Кракаве (1523) "Песні пра зубра" Міколы Гусоўскага. Да 485-годдзя падзеі "Белпошта" выдала мастацкую паштоўку. А што сёлета?


Міколу Чарняўскаму - 70

Чарняўскі Мікола , нарадзіўся 16.01.1943 г. у вёсцы Буда-Люшаўская Буда-Кашалёўскага раёна Гомельскай вобласці ў сялянскай сям'і.

У 1960 г. паступіў на вячэрняе аддзяленне філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і скончыў яго ў 1966 г. Адначасова працаваў рэдактарам Беларускага радыё. У 1966-1988 гг. - літсупрацоўнік, старшы рэдактар аддзела, адказны сакратар часопіса "Бярозка". З 1989 г. - літаратурны рэдактар часопіса "Вясёлка". Сябра СП СССР з 1972 г.

Першы верш надрукаваны ў 1958 г. у газеце "Піянер Беларусі". Выйшлі кніжкі паэзіі для дзяцей "Дзе лета канчаецца" (1963), "Апошні бой" (1967), "Сонца ў хованкі гуляе" (1970), "Кліча горн" (1974), "Адрас наш - дзіцячы сад" (1975), "Парад" (1976), "Залатая ніва" (1977), "Дзе пяцёркі прадаюцца?" (1978), "Я збіраюся на БАМ" (1979), "Хто сябруе з добрым днём?" (1981), "Звініць званок..." (1982), "Зоркі-зорачкі" (1984), "Навечна з сонцам" (1986), "Аб чым пяе крынічка" (1989), "Лёкса ў люксе" (1993), "У трох соснах" (1996), "Хто пакрыўдзіў кракадзіла?" (1999), "Колькі ў сонейка сяброў!" (2009), а таксама аповесці "Бегунок пачынае думаць" (1965) і "Акадэмія ... на колах, альбо За вясёлкай наўздагон" (1990).

Выдаў зборнікі паэзіі "Чалавечнасць" (1971), "Трывога" (1988) і сатыры і гумару "Казёл-моднік" (1978), "І не косяць, і не жнуць..." (1982), "Камар на матацыкле" (1985), "Нашто бабе агарод?" (1989).

Аўтар шэрагу тэкстаў піянерскіх песень і кантат.

На беларускую мову пераклаў творы пісьменнікаў народаў СССР - Г. Гуляма, М. Міршакара, Т. Уметаліева, А. Тактамушава, М. Мрэўлішвілі, Р. Фархадзі, Н. Джундубаевай, А.Рахманава, Х. Мянд, Г. Сар'яна, Х. Алі, А. Чакану, Ю. Семяндэра, П. Глазавога, П. Рабра, А. Юшчанкі, В. Юхімовіча, В. Маругі і інш.


Гарадзенскі краязнаўчы каляндар

У канцы 2012 года ў Гародні выйшаў "Беларускі настольны перакідны каляндар на 2013 год (на матэрыяле Гродзеншчыны)" .

Укладальнік - старшыня Гарадзенскай гарадской арганізацыі ТБМ, сябар Рады ТБМ, прафесар Аляксей Пяткевіч .

Каляндар утрымоўвае ўсе найважнейшыя даты з гісторыі Беларусі і Гарадзеншчыны, а таксама масу фактычнага матэрыялу для краязнаўцаў і аматараў Беларушчыны.

Гэта ўжо чацвёрты выпуск Гарадзенскага календара. Нажаль, ні адна вобласць ініцыятыву не падхапіла, а краязнаўчага матэрыялу дастаткова ў кожным рэгіёне, патрэбна толькі самаахвярная праца - такая, як у спадара Пяткевіча.

Наш кар.


АБГРУНТАВАНА І ПЕРАКАНАЛЬНА

Рагаўцоў В.І. Вербальныя сродкі камічнага ў беларускай драматургіі: канец ХVІ - пачатак ХХ стагоддзя: манаграфія / В.І. Рагаўцоў. - Магілёў : УА "МДУ імя А.А. Куляшова", 2012. - 260 с. - Тыраж 100 экз.

Прафесар Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.А. Куляшова В. Рагаўцоў больш як пятнаццаць гадоў плённа займаецца даследаваннем вербальных сродкаў камічнага ў беларускай драматургіі. Яскравае сведчанне таму - манаграфічнае даследаванне "Маўленчае выражэнне камічнага ў беларускай драматургіі" (Магілёў: МДУ імя А.А. Куляшова, 2002 - 304 с.), "Слоўнік пра камічнае: мовазнаўчы аспект" (Магілёў: МДУ імя А.А. Куляшова, 210. - 172 с.), шматлікія артыкулы і матэрыялы, змеш-чаныя ў энцыклапедычных выданнях, навуковых часопісах, зборніках.

І вось новае даследаванне В. Рагаўцова - манаграфія "Вербальныя сродкі камічнага ў беларускай драматургіі: канец ХVІ - пача-так ХХ стагоддзя" (Магілёў: УА "МДУ імя А.А. Куляшова", 2012. - 260 с.), якая выйшла накладам 100 асобнікаў. У працы ўпершыню ў беларускім мовазнаўстве максімальна поўна выяўлены і сістэмна прааналізаваны вербальныя сродкі камічнага ў беларускай драматургіі канца ХVІ - пачатку ХХ ст. (інтэрмедыі, батлейкавыя сцэнкі, народныя драмы, п'есы К. Марашэўскага, М. Цяцерскага, В. Дуніна-Марцінкевіча, К. Каганца, К. Вясёлага, Я. Купалы, Я. Коласа, М. Гарэцкага, Ф. Аляхновіча, Л. Родзевіча, У. Галубка).

Як адзначаецца ў прадмове (с. 5), аб'ектам навуковага апісання ў манаграфіі з'яўляюцца не самі па сабе вербальныя сродкі камічнага, спарадкаваныя ў класіфікацыйныя групы на аснове пэўных крытэрыяў, напрыклад, з улікам спецыялізацыі (спецыялізаваныя / неспецыялізаваныя) ці паводле прыналежнасці да тых або іншых тыпаў (напрыклад, тропы, стылістычнычныя фігуры, лексічныя, фразеалагічныя, граматычныя і камбінаваныя сродкі), а сродкі, ужытыя ў творах беларускай драматургіі ад пачатковага этапу яе прафесіяналізацыі па 20-я гг. ХХ ст. Аўтар свядома (і гэта, на нашу думку апраўдана) адступіў ад пашыранага ў навуковай практыцы спосабу даследавання навуковай праблемы ў кірунку "тып вербальных сродкаў - ілюстрацыйны матэрыял - яго інтэрпрэтацыя". Гэта можна растлумачыць тым, што асноўная мэта манаграфіі - даследаванне (аналіз) вербальных сродкаў камічнага драматургічных твораў вялікага гістарычнага перыяду - канца ХVІ - пачатку ХХ ст. Гэта, на нашу думку, дае магчымасць чытачу мець акрэсленае ўяўленне, якія моўныя сродкі выкарыстоўваюцца для стварэння камічнага эфекту ў розных творах, у тым ліку класічных (напрыклад, "Пінская шляхта" В. Дуніна-Марцінкевіча, "Модны шляхцюк" К. Каганца, "Паўлінка", "Раскіданае гняздо" Я. Купалы, "Пісаравы імяніны" У. Галубка).

Такім чынам, асноўным у манаграфічным даследаванні з'яўляецца прынцып аналізу, які прадугледжвае не толькі выяўленне ў творы вербальных сродкаў камічнага, але іх навуковае апісанне. Разам з тым гэты прынцып, як вынікае з манаграфіі, неад'емна звязаны з сінтэзам, паколькі кваліфікацыя (аднясенне пэўнага вербальнага сродку да таго або іншага тыпу або разнавіднасці) вымагае ад даследчыка папярэдняга асэнсавання сродку і ўключэнне яго ў пэўны класіфікацыйны разрад (групу, разнавіднасць). Дарэчы, на прынцыпе сінтэзу грунтуецца паказальнік вербальных сродкаў (дадатак 2), з якога вынікае, якія моўныя сродкі камічнага ўжываюцца ў прааналізаваных творах на розных этапах развіцця прафесійнай беларускай драматургіі (пачатковы этап - 20-я гг. ХХ ст.).

Так, ужо на этапе пачатковай прафесіяналізацыі (інтэрмедыі, батлейкавая драматургія, народная драма) у функцыі стварэння камічнага эфекту ўжываюцца такія спецызхялізаваныя вербальныя сродкі камічнага, як паранамазійныя, фразеалагічныя і полісе-мантычныя каламбуры, ірані-змы. З полісемантычным каламбурам сустракаемся, на-прыклад, у інтэрмедыі "Селянін і Вучань-уцякач", якая ўзнікла ў 1-й трэці ХVІІІ ст. і змешчана ў вядомым "Ковенскім зборніку":

[Вучань:] Але душа зэ мне вылезе.

[Селянін:] Што гэто пляцеш, я завязаў добрэ, а мех усюды цэлы, нігдзе дзіркі нет. Не вылезе душа, не вылезе! Сядзі гэтак. Утаі духа: ідзець хтось!

Выраз душа вылезе Вучнем ужываецца як фразеа-лагізм 'памру', а Селянінам успрымаецца як свабоднае словазлучэнне (паказчык - вербальны кантэкст мех усюды цэлы, нігдзе дзіркі нет, не вылезе душа, не вылезе ). У аснове камізму, такім чынам, "непаразуменне" паміж персанажамі.

Зрэдку сустракаецца такі спецыялізаваны сродак, як паратаксісныя аказіяналізмы - сінтаксічныя канструкцыі, у склад якіх уваходзяць кампаненты, звязаныя злучальнай сувяззю, але несумяшчальныя (далёкія) па семантыцы. Напрыклад, у інтэрмедыйнай сцэнцы "Мужык і Доктар-шарлатан" Мацей скардзіцца: быў я ў пана Бараноўскага на куцці, да як пад'еў куцці, дак не магу сапці! Што мая Ульяна ні рабіла - і гаршчок на пупе станавіла, - да і тое не памагло, да яшчэ горш прылягло. Парадзілі мне галасу, купервасу да бурачнага квасу, моху, чартапалоху і яшчэ нечага (забыўся) троху - усё гэта зелля скалаціць да выпіці. У пераліку назваў "лекавых" сродкаў адвольна, дзеля рыфмоўкі, падаюцца словы тэма-тычна разнародных груп: галасу - купервасу - (бурачнага) квасу; моху - чартапалоху . У народнай драме "Цар Максіміліан" Яўрэй запэўнівае Каза-ка (калі той бярэ шаблю і пагражае: Мерай верна! ): "Не будзе скверна, а будзе харашо. (Мерае.) Два аршыны, два вяршкі, тры гладышкі і чаты-ры куўшыны". Злучальнай сувяззю аб'ядноўваюцца (рыфмуюцца) далёкія па семан-тыцы кампаненты, два апошнія з якіх не маюць ніякага дачы-нення да адзінак меры даўжыні. Параўн.: аршын - 'мера даўжыні, роўная 71,12 см', вяршок - 'мера даўжыні, роўная 4,4 см' і гладышка (літ. гладыш ) - 'збан без ручкі', куўшын (літ. збан ) - 'высокая гліняная пасудзіна, якая звужаецца ўверсе і мае звычайна ручку').

Сярод неспецыялізаваных сродкаў найбольш ужы-вальнымі з'яўляюцца дылек-тызмы, бяссэнсавыя выразы, экспрэсіўна зніжаныя адзінкі, гіпербалізмы (у тым ліку сін-крэтычныя), іншамоўныя ўкрапіны, алагізмы, дэмінутывы, выклічнікі, кантрастывы. Да рэдкаўжывальных адносяцца сінтаксічныя аказіяналізмы, эўфемізмы, формулы маўленчага этыкету, антрапонімы, неалагізмы-паранамазы, ідыялектызмы і некаторыя іншыя. Напрыклад, у інтэрмедыі "Змітрок і Свірыд" у рэпліцы Змітрака ўжываюцца словы з малітвы, пазбаўленыя сэнсу: Слава цябе, Госпадзі, сушчую, часнейшую, ізбранны ваявода, радуйся, нявеста, усе чыны менашаскія, святая трапеза, іскрасення пабядзіцелю, Міхаілы-прарока і Міколы-мучаніка, трох свяціцелей, Кузьму і Дзяміда, заступі на царства мяне, Змітрака, і падружніцу, Пеклу Несцераўну, і кала і два-ра, і скацінкі і шарсцінкі, ала-луй нас да канца века. Амінь. І шарпні, Госпадзі, па душы і па целу, па жонкі і па дзеткам, святое сягодні, святое і заўтра. Як адзначае Я. Усікаў у кнізе "Беларуская камедыя: ля вытокаў жанру" (Мн.: Выш. шк., 1964, с. 117), смех выклікае гэты "недарэчны, бязглузды набор слоў, які з сур'ёзнай мінай выдаецца селянінам за ўзор "няпісьмяннай" малітвы".

У манаграфіі акрэслены асаблівасці ўжывання вербальных сродкаў камічнага ў новай беларускай прафесійнай драматургіі (сярэдзіна ХІХ - пачатак ХХ ст.). У прыватнасці, адзначаецца, што В. Дунін-Марцінкевіч першым у беларускай драматургіі ў функцыі камічнай характарыстыкі пер-санажаў пачаў мэтанакіравана ўжываць мянушкі ("Залёты"), прозвішчы, канцылярызмы, а таксама такую з'яву, як фразеалагічная алюзія ("Пінская шляхта"). К. Каганец упершыню ўжыў аманімічныя ка-ламбуры, лексічныя аказіяналізмы-кантамінанты і аксю-маран ("Двойчы прапілі"), Я. Купала - ідыялектныя клішэ ў ролі зваротка ("Паўлінка"), таўталагізмы ("Прымакі"), М. Гарэцкі - гіперызмы ("Гапон і Любачка"), Л. Родзевіч - парэмійныя каламбуры ("Збянтэжаны Саўка"), У. Галубок - амафонныя каламбуры ("Бязродны", "Суд"), літоту ("Пісаравы імяніны"), з'яву апелятывацыі ("Ганка"), выразы-рыфмаванкі ("Бязродны").

У манаграфічным да-следаванні паказваецца, што камічная канатацыя моўных (маўленчых) адзінак выяўля-ецца з дапамогай розных тыпаў вербальных (прэпазіцыйных і / або постпазіцыйных) і (радзей) сітуацыйных актуалізатараў - сродкаў, якія садзейнічаюць выяўленню камічнага эфекту ў моўнай або маўленчай адзінцы (слова, фразеалагізм, перы-фраза, прыказка, спалучэнне слоў, сказ). Напрыклад, у ка-медыі "Паўлінка" Я. Купалы ўжываецца такі каламбур:

[Паўлінка:] А цяпер... (Ідзе к абразу.) Пасядзі лепш, саколік [пра Якіма на фатаграфіі], за абразікам. Седзячы гэтак у бога за плячыма, меней будзеш мець грэшных думак у галаве, чымся песця-чыся тут [паказвае (на пазу-ху)] у маладой дзяўчыны.

Камізм каламбура абу-моўлены тым, што спалучэнне ў бога за плячыма ўжываецца Паўлінкай як устойлівае (разм. 'у поўнай бяспецы' [быць]) і свабоднае (сінтаксічнае). Актуалізатарам сінтаксічнага зна-чэння выступае разгорнуты постпазіцыйны вербальна-сітуацыйны кантэкст меней будзеш мець грэшных думак у галаве, чымся песцячыся тут [паказвае (на пазуху)] у маладой дзяўчыны.

Як вынікае з манаграфіі, камічны эфект можа дася-гацца вербальнымі сродкамі аў-тасемантычна, без актуаліза-тараў (унутранай формай моў-ных адзінак, іх алагічным зме-стам). Такія сродкі маюць ста-лую канатацыю іран. (іраніч-нае) або жарт. (жартаўлівае) як элемент-суправаджальнік лексічнага значэння слова або ўстойлівага выразу. З такімі канатацыямі могуць ужывацца лексічныя адзінкі ("Пісаравы імяніны" У. Галубка), фразеалагізмы ("Модны шляхцюк" К. Каганца, "Паўлінка" Я. Купалы, "Антон", "Гапон і Любачка" М. Гарэцкага, "Пакрыўджаныя", "Збянтэжаны Саўка", "Пасланец" Л. Родзевіча, "Бязвінная кроў", "Ганка" У. Галубка), парэміі ("Ідылія" В. Дуніна-Марцінкевіча). На-прыклад, у драме "Гапон і Любачка" М. Гарэцкага ўжываецца кампаратыўны фразеалагізм, які выражае камічны эфект аўтасемантычна, іраніч-най канатацыяй:

[ Любка (раптам):] Досыць флірту! Давайце будзем варажыць . (Дастае аракул, скруціла з прамакальнае паперы галачку і кідае.) Каму гэты раз.

[ Матушка :] Гапону Гапонавічу!

[ Любка :] Зараз! Гато-ва! (Крыкнула і чытае.) "Яна цябе любіць, як сабака палку…" (Прачытаўшы, з вялікай радасцю рагоча). Вылучаны фразеалагізм - разм.- іран. 'зусім не, ніколькі не' .

Аўтасемантычна камічнае можа стварацца таксама моўнымі (маўленчымі) адзінкамі з канатацыямі праст. (прастамоўнае), груб. (грубае), бо такія грубыя, лаянкавыя адзінкі маюць адценне знявагі, пагарды, неадабральнасці. Яны не зусім адпавядаюць эстэтычным нормам культуры маўлення і таму выклікаюць у чытача або слухача ўсмешку. Зніжаную экспрэсію могуць мець лексічныя адзінкі, свабодныя семантычна непадзельныя выразы, фразеалагізмы, праклёны як нефразеалагічнага, так і фразеалагічнага тыпу. З такімі адзінкамі сустракаемся, на-прыклад, у некаторых інтэрмедыях, п'есах "Ідылія" ("Сялянка"), "Пінская шляхта", "Залёты" В. Дуніна-Марцінкевіча, "Двойчы прапілі", "Модны шляхцюк" К. Каганца, "Паўлін-ка", "Прымакі", "Тутэйшыя" Я. Купалы, "Антон", "Гапон і Любачка" М. Гарэцкага, "Блуднікі", "Пакрыўджаныя", "Збянтэжаны Саўка", "Пасланец", "Конскі партрэт" Л. Родзевіча, "Апошняе спатканне", "Пісаравы імяніны", "Суд" У. Галубка і інш. Прыкладам ужывання слова з прастамоўнай канатацыяй можа быць на-ступны:

[ Даміцэля: ] Каб яна, гэта ахмістрыня, бельмачамі за маім не сачыла, ён жа б ніколі да яе ў прымы не пайшоў (Я. Купала. Прымакі). Экспрэ-сіў бельмачы - праст.- груб. 'вочы'. Не верачы словам Іўкі (К. Каганец. Двойчы прапілі), які падсцерагаў Хоўрачку, каб сустрэцца з ёю ( Так штось… маркотна. Сеў і задумаўся ), Астап адрэагаваў на яго адказ, ужываючы прастамоўны неадабральны фразеалагізм са значэннем 'хітруй': Віляй, віляй хвастом! Знаю, што задумаўся, і ведаю, аб чым. Для ўзма-цнення адмоўнай экспрэсіі дзеяслоўны кампанент фра-зеалагізма паўтараецца.

Як сведчыць прааналізаваны фактычны матэрыял, важнае значэнне ва ўзмацненні камічнага эфекту адыгрываюць інтэнсіфікатары, у ролі якіх ужываецца такі ўніверсальны прыём, як канцэнтра-ванае ўжыванне вербальных сродкаў, як правіла, са зніжанай экспрэсіяй. Такі прыём выкарыстоўваецца, напрыклад, у інтэрмедыі "Мужык", "Змітрок і Свірыд", "Камедыі" К. Марашэўскага, п'есах "Ідылія", "Залёты" В. Дуніна-Марцінкевіча, "Модны шляхцюк" К. Каганца, "Паўлінка", "Раскі-данае гняздо", "Прымакі", "Тутэйшыя" Я. Купалы, "Антось Лата" Я. Коласа, "Антон" М. Гарэцкага, "Збянтэжаны Саў-ка" Л. Родзевіча, "Пісаравы імяніны" У. Галубка і інш. Камічна насычанымі з'яўляюцца рэплікі з празмерна канцэнтраваным ужываннем як адна- , так і (часцей) разнатыпных вербальных сродкаў. Яскравым прыкладам канцэнтраванага ўжывання выклічнікаў можа быць маўленне "шчырага беларуса" Мікіты Зноска (Я. Купала. "Тутэйшыя"). Асабліва шчодра Мікіта выкарыстоўвае выклічнікі, калі ён знаходзіцца ў перапужаным стане. Яны выяўляюць яго душэўны стан (сполах) і, апрача таго, высту-паюць выразнікам камічнага:

- Аяяй! Оеей! Куды ж я падзенуся? Во, меджду протчым, папаўся, як мурза ў сту-дню. Оеей! Оеей! Як жа яму вытлумачыць, што я не генэрал, а калежскі рэгістратар? Пашукаю яшчэ ратунку ў слоўніках. (Шастае слоўнікам.) Генэрал… генэрал… пажарная каманда… Оеей! Оеей! Мая ты босая каманда. Няма ў слоўніку. Дзе той Спічыні? Які яго нячысцік выкруціў у гэтую небяспечную для меня хвіліну? Оеей! Оеей! Што ён нарабіў мне, гэты гэр профэсар з сваёй навукай! Оеей! Оеей!

А вось прыклад канцэнтраванага ўжывання раз-натыпных вербальных сродкаў:

[ Антось: ] Ну, ужо гэтага не спадзяваўся з цябе. Я перш думаў, што ты дружны хлопец, ажно - ануча з цябе, гной. Тфу!

[ Цыпрук: ] Эх, дзярэўня ты, дзярэўня. Сляпы ты, Антось, як шчанё, сляпы (Л. Родзевіч. Блуднікі).

Для стварэння камічнага ўжываюцца: ануча - перан. зневаж. 'бесхарактарны, бязвольны чалавек', гной - перан. зневаж. 'абы-што', выклічнік тфу! - як выказванне незадаволенасці, прыкрасці, дзярэўня - перан. зневаж. 'неадукаваны', параўнальны зварот сляпы, як шчанё (эпітэт сляпы рэалізуе пераноснае значэнне 'цёмны, неадукаваны' (чалавек).

У манаграфіі разглядаюцца не толькі ўзуальныя, але і аказіянальныя вербальныя сродкі камічнага (лексічныя, марфалагічныя, сінтаксічныя), якія рэалізуюць камічную канатацыю толькі ў пэўным кантэксце. З камічным эфектам ужываюцца лексічныя аказіяналізмы, якія выклікаюць смехавыя асацыяцыі:

[ Куторга: ] Ну, я гатоў вам [Куліне і Ціхану] саслужыць дружбу, толькі, як ваша дачка [Марыся] захімерычыцца ды адцураецца ад мяне, то што тагды? Дзеяслоў-аказіяналізм захімерычыцца ўтвораны на аснове польскага назоўніка chimeryk ('капрызнік') (І. Лепешаў) і абазначае 'закапрызнічаць, занаравіцца, заўпарціцца'. Важную ролю ў стварэнні камізму адыгрывае ўнутраная форма аказіяналізма.

Чытач, які не ведае, ад якога слова ўтвораны аказія-налізм, можа суаднесці яго з асацыятыўна звязаным, вядомым яму назоўнікам хімера ('у старажытнагрэчаскай міфало-гіі - пачвара, якая дыхае агнём, з ільвінай галавой, казліным тулавам і хвастом дракона').

Да марфалагічных аказіяналізмаў адносяцца, на-прыклад, аказіянальныя формы слоў з суфіксамі суб'ектыўнай ацэнкі:

[ Стораж: ] Б-у-удзе. Таго, што стражнік пабіў, - раз, гэтага - два, паненачку - тры, і трох вучоненькіх студэнтаў… усяго шэсць душ-душачак (У. Галубок. Апошняе спатканне).

Да сінтаксічных аказіяналізмаў належаць незвычай-ныя (аказіянальныя) спалучэнні слоў, выкарыстаныя з мэтай стварэння камічнага эфекту. Прыкладам такога аказіянальнага спалучэння можа быць тытул ваша благароднае сіяцельства! , якое з'яўляецца кантамінацыяй двух тытулаў ( ваша благароддзе і ваша сіяцельства ):

[ Куторга (зляканы):] Ваша благароднае сіяцельства! (В. Дунін-Марцінкевіч. Пінская шляхта). Як слушна адзначае І. Лепешаў ў вучэб-ным дапаможніку "Лінгвістычны аналіз тэксту" (Мінск: Выш. шк., 2009, с. 221), "ствараецца камічнае ўражанне, калі чытаеш, як Куторга, перапалоханы станавым прыставам Кручковым, звяртаецца да яго з тытулам, які ніколі не існаваў: "Ваша благароднае сіяцельства!"".

Аказіянальнымі, як вядома, з'яўляюцца і перыфразы. Як сведчыць фактычны матэрыял, яны могуць ўжывацца для аказіянальнага наймення персанажаў. Такія перыфразы, у адрозненне ад уласных імёнаў (за выключэннем гаваркіх), не толькі называюць, але і характарызуюць персанажаў, часцей за ўсё камічна. Гэта дасягаецца выкарыстаннем у перыфразах экспрэсіўна зніжаных слоў. Напрыклад, Паўлінка, персанаж аднайменнай камедыіі Я. Купалы, з дапамогай аказіянальнай перыфразы дае трапную характарыстыку Адольфу Быкоўскаму:

[ Паўлінка (ідучы к сталу, убок):] І собіла ж богу стварыць гэткую чапялу недарэчную!

Манаграфія В. Рагаўцова вызначаецца кваліфіка-ваным аналізам фактычнага матэрыялу і абгрунтаванымі высновамі. Яна разлічана на навуковых супрацоўнікаў, выкладчыкаў і студэнтаў ВНУ, настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры. Няма сумнення, што манаграфія будзе карыснай драматургам, асабліва пачаткоўцам, паколькі ў ёй разглядаюцца сродкі і прыёмы стварэння камічнага, што з'яўляецца неад'емным элементам драматургічнага твора і ў першую чаргу - камедыйнага жанру.

Мікола Даніловіч, загадчык кафедры беларускага і тэарэтычнагамовазнаўства Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы,доктар філалагічных навук, прафесар.


Пра выкарыстанне беларускай мовы ў сферы гандлю і паслуг

3 студзеня 2013 г. Таварыствам беларускай мовы імя Францішка Скарыны быў атрыманы адказ на зварот ад 12 снежня 2012 г., накіраваны ў Адміністрацыю Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, які тычыўся абавязковага выкарыстання англійскай мовы аб'ектамі прыдарожнага сэрвісу, з Міністэрства гандлю Рэспублікі Беларусь (далей - Мінгандлю).

У сваім адказе Мінгандлю абгрунтавала неабходнасць наяўнасці ў аб'ектах грамадскага харчавання меню на замежнай мове правядзеннем у 2014 годзе Чэмпіянату свету па хакеі ў г. Менску і паведаміла фактычна наступнае: устанавіць абавязковае для выканання суб'ектамі гаспадарання патрабаванне да наяўнасці ў аб'ектах грамадскага харчавання меню на замежнай мове можна, і для гэтага дастаткова нават нарматыўнага акта Мінгандлю, у той час як такое ж патрабаванне ў адносінах да беларускай мовы нібыта пацягне парушэнне канстытуцыйнай нормы аб яе дзяржаўнасці.

Зробленая Мінгандлю выснова, на наш погляд, пазбаўлена логікі. Але спачатку звернемся да аналізу існага моўнага заканадаўства ў азначанай сферы:

Дзяржаўнымі мовамі ў Рэспубліцы Беларусь з'яўляюцца беларуская і руская мовы (арт. 17, Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь).

Рэспублiка Беларусь забяспечвае ўсебаковае развiццё i функцыянаванне беларускай i рускай моў ва ўсiх сферах грамадскага жыцця (арт. 2, Закон Рэспублікі Беларусь "Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь").

На транспарце, у гандлi, у сферы медыцынскага i бытавога абслугоўвання ўжываецца беларуская або руская мова, а пры неабходнасцi - iншыя мовы (арт. 13, Закон Рэспублікі Беларусь "Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь").

Информация, предусмотренная пунктами 1 - 8 настоящей статьи (інфармацыя пра тавары (працы, паслугі) - заўвага аўт .), на белорусском или русском языке четким и разборчивым шрифтом доводится до сведения потребителя в документации, прилагаемой к това-рам (работам, услугам), на потребительской таре (упаковке), этикетках или иным способом, принятым для отдельных видов товаров (работ, услуг). Информация, сообщенная или переданная на иностранном языке, считается непредоставленной, за исключением случаев, когда она была сообщена или передана на иностранном языке по желанию потребителя (арт. 7, Закон Рэспублікі Беларусь "Аб абароне правоў спажыўцоў").

У адпаведнасці з Дадаткамі 7 і 8 да Інструкцыі па класіфікацыі гандлёвых аб'ектаў грамадскага харчавання, зацверджанай пастановай Мінгандлю ад 4 кастрычніка 2010 г. № 26, ва ўсіх рэстаранах, кафэ і барах катэгорый люкс і вышэйшай, а таксама рэстаранах хуткага абслугоўвання і ва ўсіх аб'ектах грамадскага харчавання прыдарожнага сэрвісу незалежна ад катэгорыі меню павінна быць надрукавана "на беларускай (рускай) мове і не менш як на 1 замежнай мове".

Цікава таксама, што на сённяшні дзень не адменены сумесны загад Мінгандлю з Беларускім рэспубліканскім саюзам спажывецкіх таварыстваў ад 1 кастрычніка 1997 г. № 128/117 "Аб увядзенні характарыстыкі рэстаранаў хуткага абслугоўвання замежнага прадпрыемства "Рэстараны "Макдональдс", у якой ёсць норма аб абавязковым афармленні ў згаданых рэстаранах меню коштаў на прадукцыю ў выглядзе светлавой рэкламы "ў т.л. на рускай і беларускай мовах".

Такім чынам, з аднаго боку, дзяржава абавязана клапаціцца пра ўсебаковае развiццё i функцыянаванне беларускай i рускай моў ва ўсiх сферах грамадскага жыцця, а з другога боку, у заканадаўстве адсутнічае норма, якая абавязвала б аб'екты грамадскага харчавання падаваць інфармацыю ў меню на беларускай мове.

Аднак у сваім адказе Мінгандлю, спасылаючыся на Канстытуцыю і ўласную Інструкцыю, падало іншую выснову, а менавіта: ўстанавіць патрабаванне да наяўнасці ў аб'ектах грамадскага харчавання меню на замежнай мове можна, а такое ж патрабаванне ў адносінах да беларускай мовы нібыта пацягне парушэнне канстытуцыйнай нормы аб яе дзяржаўнасці.

Заўважым, што ўстанаўленне патрабавання аб наяўнасці ў аб'ектах грамадскага харчавання меню на беларускай мове ніякім чынам не можа парушыць канстытуцыйную норму аб дзяржаўнасці беларускай мовы. Бо Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь - актам найвышэйшай юрыдычнай сілы і непасрэднага дзеяння - замацавана дзяржаўнасць беларускай мовы, а не што іншае (не права выбару суб'ектамі гаспадарання мовы іх дзейнасці).

Больш за тое, у сваёй дзейнасці Мінгандлю абавязана кіравацца Законам Рэспублікі Беларусь "Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь", у адпаведнасці з часткай другой арт. 2 якога Рэспублiка Беларусь забяспечвае ўсебаковае развiццё i функцыянаванне беларускай i рускай моў ва ўсiх сферах грамадскага жыцця.

Устанаўленне абавязковасці меню на замежнай мове без адначасовай наяўнасці яго ў аб'ектах грамадскага харчавання на беларускай мове прадастаўляе неабгрунтаваную перавагу замежнай мове, чым парушае і без таго хісткі моўны баланс у нашай краіне.

Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны ў чарговы раз вымушана апеляваць да рашэння Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь ад 4 снежня 2003 г. № П-91/2003 "Аб выкарыстанні беларускай і рускай моў у сферы абслугоўвання, абароту банкаўскіх пластыкавых картак і ў сістэме дзяржаўнага сацыяльнага страхавання", у якім Канстытуцыйны Суд звярнуў увагу на тое, што пры фармальна-юрыдычным раўнапраўі беларускай і рускай моў на практыцы баланс іх выкарыстання не вытрымліваецца, маюцца прыклады пераважнага выкарыстання рускай мовы, і такая сітуацыя патрабуе зменаў з мэтай забеспячэння фактычнай роўнасці дзяржаўных моў.

Мінгандлю ж сваёй пазіцыяй не толькі не спрыяе балансу ў фактычным выкарыстанні дзяржаўных моў, але стварае перакос на карысць замежнай мовы, якая не з'яўляецца дзяржаўнай у Рэспубліцы Беларусь.

З улікам гэтага Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны звярнулася да Міністра гандлю Рэспублікі Беларусь з прапановай, каб абавязковая наяўнасць у аб'ектах грамадскага харчавання меню на замежнай мове адбывалася пры ўмове яго наяўнасці на дзяржаўнай беларускай мове.

Юрыст ТБМ.



Разам з тым Менскі гарадскі выканаўчы камітэт у адрозненне ад Мінгандлю тыя самыя артыкулы беларускіх законаў і іншых прававых актаў трактуе зусім па-іншаму і абяцае беларускай мове яе законнае месца.


Старшыні грамадскага

аб'яднання "Таварыства

беларускай мовы

імя Францішка Скарыны"

Трусаву А.А.

Паважаны Алег Анатольевіч,

Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт, разгледзеўшы Ваш зварот, у межах кампетэнцыі інфармуе.

У адпаведнасці з пастановай Міністэрства гандлю Рэспублікі Беларусь ад 04.10.2010 № 26 "Аб зацвярджэнні Інструкцыі па класіфікацыі гандлёвых аб'ектаў грамадскага харчавання", выкладзенай у новай рэдакцыі пастановы Міністэрства гандлю Рэспублікі Беларусь ад 03.08.2012 № 22 (Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь 2010 год, № 292, 8/22996), якая набыла сілу 07.12.2012, у аб'ектах грамадскага харчавання прыдарожнага сэрвісу (рэстаранах, кафэ, барах) меню і карта він павінны быць надрукаваны на беларускай (рускай) мове і не менш чым на 1 замежнай мове (дадатак да Інструкцыі № 7 п.1.4).

Дадаткова інфармуем, што ў працэсе выканання работ па стварэнню брэнда г. Мінска лагатып і слоган горада будзе прадстаўлены на рускай, англійскай і беларускай мовах.

Намеснік старшыні І.В. Карпенка.


Галерэя Язэпа Драздовіча

Перад Новым годам у беларускім сеціве з'явіўся электронны рэсурс, прысвечаны асобе Язэпа Драздовіча, славутага беларускага мастака першай паловы ХХ стагоддзя. Сайт /drazdovich.by змяшчае калекцыю твораў "беларускага Леанарда", артыкулы і выказванні пра яго асобу, падборку прысвечаных мастаку вершаў. Гэта, бадай, самы поўны збор карцін Язэпа Драздовіча ў байнэце, хоць і не вычарпальны.

Сайт http://drazdovich. by створаны для ўсіх, хто цікавіцца гэтым незвычайным творчым чалавекам, вандроўнікам, грамадскім дзеячом. Галерэі сайта складаліся паводле ключавых тэм ці матываў у творчасці Язэпа Драздовіча. Напрыклад, галерэя "Касмавізіі" ўключае ўсе творы на касмічную тэму - як графічныя лісты, так і жывапісныя па-лотны; а галерэя "Партрэты" - творы і жывапісу, і драўлянай скульптуры. Асобна прадстаў-лены маляваныя дываны, кніжныя ілюстрацыі, выявы архітэктурных помнікаў і гістарыч-ных асоб, пейзажы, а таксама плён этнаграфічных экспедыцый Язэпа Драздовіча. Магчыма, мастацтвазнаўцам такі падзел здасца недастаткова дакладным, аднак ён дазваляе найбольш яскрава паказаць грані таленту творцы і яго мастацкія захапленні. Менавіта гэта і было мэтай праекта - прадставіць асобу Язэпа Драздовіча па-магчымасці поўна, цэласна.

Сайт некамерцыйны, створаны "людзям паспалітым дзеля добрай навукі". Стваральнікі рэсурсу не мастацтвазнаўцы, таму будуць удзячныя за любыя парады ці заўвагі, а таксама запрашаюць усіх да супрацоўніцтва: артыкулаў, водгукаў, экспрэсій.

Наш кар.


Беларуская мова пашырае сваю прысутнасць

З сённяшняга дня кожны ахвотны можа спампаваць тэставыя заданні па ПДР для мабільных прыладаў з аперацыйнай сістэмай Android і на беларускай мове.

play.google. com/store/apps/details?id=by.pdd. tasks. test&feature=apps_ topselling_free#?t=W251b Gws MSwxLG51b GwsImJ5LnBk ZC50YXNrcy 50ZXN0Il0.

У настройках праграмы неабходна выбраць мову (аўтаматычна стаіць руская).

Гэта стала магчымым дзякуючы ТАА "Новы паварот".

Наш кар.


Чысты пост

Аднойчы Ісус Хрыстос сказаў вучням Сваім: "Бласлаўлёныя вы, убогія духам, бо вам належыць Валадарства Божае " (Лк. 6, 20). Адзначым, што з ім, Валадарствам Божым, належыць і ўся прамудрасць, усяленскасць, вечнасць.

Словы, сказаныя Госпадам, адрасуюцца і нам з вамі, усім хрысціянам, хто глыбока веруе ў Госпада Бога і жыве па Законах Божых.

Дык у чым справа? Вось яны - дзверы, вароты сапраўднага пазнання, а не смакаванне даўкіх, аскомістых, кіслых пладоў з дрэва пазнання дабра і зла, жыцця і смерці.

Нам падчас зямнога жыцця вельмі патрэбна вера ў Госпада Бога, вера і надзея на міласэрнасць Божую, паколькі любоў прысутнічае на Нябёсах бясконца.

Жыццёвасць зямнога закона прыроды ў яго пастаянным цыкле і рытме: удых-выдах, работа-адпачынак, лета-зіма, дзень-ноч, ежа-вызваленне ад яе. Як бачым, без вызвалення няма руху наперад. Таму вельмі важна перыядычна ачышчаць свой арганізм знутры, ачышчаць постам, а лепш - чыстым постам.

Што такое чысты пост?

Гэта часовае ўстрыманне ад яды дзень ці некалькі дзён або штодзень з раніцы да 12.00 - абеду. Заміж ежы п'ём толькі чыстую падагрэтую да тэмпературы цела (36,6°) чыстую ваду. Прымаючы яе, ачышчаем сваё цела, увесь страўнікава-кішэчны тракт. Такім чынам арганізоўваем для свайго арганізма своеасаблівы санітарны дзень, ачышчаем яго ад нават самай лепшай, смачнай ежы, якая, аддаўшы арганізму ўсе карысныя патрэбныя рэчывы, назбіралася, застаялася.

А як было з ядой у старадаўнія часы на Святой Зямлі?

Адзначым, што рана брацца за ежу або піццё (як цяпер кава, чай, а яшчэ часам алкаголь - пахмелле) было справай даволі непрыстойнай і лічылася вялікай няўстрыманасцю. Прарок Ісаія сцвярджае: "Гора тым, хто з самага ранку шукае сікеры і да позняга вечара разгарачвае сябе віном" (Іс. 5, 11). У Кнізе Эклезіяста таксама чытаем: "Гора табе, зямля, калі цар твой ... і калі князі твае ядуць рана" (Экл. 10, 16). Тыя ж самыя адносіны да яды былі і ў апостальскія часы. Кніга Дзеянняў Святых Апосталаў аб гэтым нам паведамляе: "Паверце словам маім: яны не п 'яныя, як вы думаеце, бо цяпер толькі трэцяя гадзіна дня" (Дзн. 2, 15). Як бачым, да абеду ў яўрэяў не было прынята ні есці, ні тым больш ужываць спіртныя напіткі. I між тым людзі паспяхова жылі, шмат працавалі ў полі, даглядалі статак, будаваліся, вучыліся, рабілі адкрыцці. Нават ваявалі і ў бітвах перамагалі.

Такім чынам, першы раз на дзень жыхары Ізраіля елі ў поўдзень, перад абедам абавязкова маліліся. Аб гэтым сказана ў Старым Запавеце (1 Цар. 9, 13).

У век Ісуса Хрыста малітва была абавязковай як перад абедам і складалася з бласлаўлення, так і пасля абеду. У малітве пасля абеду выказвалася падзяка Госпаду Богу і праслаўленне Бога. Святы евангеліст Матфей расказвае, як " Ён [Ісус Хрыстос] загадаў людзям узлегчы на зямлю, узяў сем хлябоў і рыбу і, узнёсшы падзяку, ламаў і падаваў вучням, а вучні - людзям " (Мф. 15, 35-36). Мы чытаем пра тое, што Гасподзь загадаў людзям не сесці, а ўзлегчы на зямлю. Справа ў тым, што пасля Вавілонскага палону ў яўрэяў увайшоў звычай замест сядзення за сталом на дыванах - узляжанне. Дарэчы, жанчыны на Усходзе не запрашаліся за стол да мужчын, яны абедалі асобна.

А як быць нам, у наш час?

Вядома, прытрымлівацца посту, прычым чыстага посту. Гэта значыць, што да 12.00 - абеду замест традыцыйнага снедання - бутэрбродаў, кавы і ўсяго іншага - піць чыстую падагрэтую ваду, ачышчаць сябе. Мы ж раніцай, устаўшы, мыемся, чысцім зубы, а хто і душ прымае. Хочам быць чыстымі. А ў нашай сярэдзіне што? Застойныя шлакі... Іх, вядома, таксама трэба абавязкова вымываць, гэта значыць нашча прымаць чыстую цёплую ваду па некалькі шклянак да 12.00 - абеду, так, каб да канца дня прыпадала да 2-х літраў.

Вада дасць вялікую жыццёвую сілу. Яна вымые не толькі застойныя шлакі, але і нездаровыя новаўтварэнні клетак з усяго цела, ачысціць кроў і ўвогуле ўвесь арганізм. Знікне неабходнасць ужываць цыгарэты, папяросы, кальян, піва і абавязкова прывядзе да здаровага ладу жыцця. А гэта якраз тое, што патрабуецца ад хрысціяніна-верніка - чысты пост, пост з ужываннем чыстай вады да 12.00 - абеду.

Давайце задумаемся, наколькі стасуюцца словы Госпада да ўсіх знешне прыстойных людзей, але хворых ад пастаяннага пераядання, з вялікімі запасамі лішняй вагі ад тлустых, дастаткова каларыйных страў, ад бязмернага пераядання, пачынаючы з самай раніцы. У Евангеллі паводле Святога Матфея чытаем: "Гора вам, кніжнікі і фарысеі - крывадушнікі; бо вы дбаеце пра чысціню кубка і міскі знешне, а ў сярэдзіне яны поўныя драпежнасці і нястрыманасці" (Мф. 23, 25).

Арганізм раніцай просіць вады, каб ачысціцца, а мы яго заглушаем новай ядой. Вось і атрымліваецца тое, што маем.

Дастатковае і рэгулярнае абнаўленне колькасці вады ў арганізме - гарантыя чысціні і здароўя.

Калі захоўваецца дастатковая гігіена нашага арганізма, тады гэтая чыстая, гігіенічная аўра будзе паступова распаўсюджвацца на сям'ю, акаляючы нас свет, людзей і прыроду.

Няўжо, каб спартсмены былі моцнымі, здаровымі, вынослівымі, яны павінны шмат і часта есці? Няўжо перад выступленнем, асабліва на Алімпійскіх гульнях, яны наядаюцца да адвалу, каб было больш сілы, ці наадварот, для падтрымання добрага здароўя яны захоўваюць карысную норму?

Вялікае ўжыванне ежы - і ў выніку страўнікі разбітыя, жываты ўздутыя і празмерна расцягнутыя.

Пажадана памятаць, што з раніцы ідзе працэс ачышчэння арганізма. Таму ў гэты час вельмі карысны прыём чыстай вады 1,5-2 л. Раніцай, дзякуючы патрэбнай колькасці вады (1,5-2 л) арганізм ачышчаецца, насычаецца вільгаццю, жывіцца кіслародам.

Нагадаем яшчэ раз, што ваду трэба прымаць цёплую (каля 30-40"), набліжаную да тэмпературы цела. Такая вада паскарае фізіялагічны працэс і рэакцыі ў арганізме ў некалькі разоў. Такая вада лёгка п'ецца, арганізм не адчувае стрэсу, як ад халоднай вады.

Ад 12.00 да 20.00 - час прыёму ежы, запраўка арганізма спажыўнымі рэчывамі. Час абеду ў прамежку ад 12.00 да 14.30. Перад абедам пажадана выпіць шклянку соку, з'есці салату. Час вячэры - ад 18.00 да 20.30. Пажадана практыкаваць раздзельную ежу (адзін дзень - сок, салата + першая страва, другі дзень - сок, салата + другая страва) і ў суткі выпіваць 1,5-2 л чыстай вады. Такі чысты пост прымусіць цябе выправіць хваравітую памылку часта і лішняе есці, прымусіць раней ісці спаць і раней уставаць.

За кожныя тры дні ўстрымання ад ежы з раніцы да 12.00 - абеду, прымаючы толькі ваду, мы маем адзін дзень - суткі чыстага посту. За месяц мы маем восем дзён чыстага посту. Сто дзён чыстага посту на год за дванаццаць месяцаў. Гэта цудоўна!

Чым радуе чысты пост і прыём вады?

1. Ужо на другі-трэці тыдзень памяншаецца апетыт.

2. Памяншаецца патрэба шмат ужываць мясных і мучных страў, на ўсё выпрацоўваецца разумная мера.

3. Памяншаецца патрэба ў хлебе пры спалучэнні з іншымі стравамі.

4. Арганізму больш падыходзіць раздзельная яда.

5. Дзякуючы дастатковай колькасці вады знікае жаданне піць каву, чай, салодкія напіткі.

6. Супакойваецца цяга да цыгарэт, алкаголю.

7. Дзякуючы даабедзеннаму чыстаму посту ў арганізме адбываецца ачышчэнне, вымыванне.

8. Вада ачышчае не толькі страўнікава-кішэчны тракт, але і печань, ныркі, жоўцевы пухір, лёгкія.

9. Ачышчаецца ўся кроў, клеткі, капіляры.

10. Знікае непрыемны пах з рота, паколькі няма застою ежы ў страўніку.

11. Дыханне становіцца чыстым і лёгкім.

12. Прыходзіць у норму артэрыяльны ціск.

13. Дзёсны становяцца цвёрдымі і падцягнутымі.

14. Знікаюць сутаргі мускулаў.

15. Уся скура становіцца эластычнай, няма патрэбы ў крэмах.

16. Ніколі не баліць жывот, не бывае адрыжкі.

17. Адчуваецца жаданне творча працаваць, быць занятым добрымі справамі.

18. Знікае апатыя, крыўдлівасць, злосць, абыякавасць да ўсяго.

19. Хочацца рабіць людзям дабро.

20. Чысты пост і шчырая малітва чалавека ўзвышаюць.

Жадаю ўсім звярнуць увагу на чысты пост і ачышчэнне вадой. Гэта і ёсць той корань жыцця і даўгалецця, дзякуючы якому адкрываецца свет фізічнага здароўя, прыгажосці і духоўнай дасканаласці.

ЛІТАРАТУРА:

Андронова Т.Н. Каскад здоровья. - Спб., 2003.

Библия. - М., 2006.

Братмангхелидж Ф. Вода - натуральное лекарство от ожирения, рака, депрессии. - Мн., 2010.

Вениаминов П. Слово о постах как средстве, предохранительном от болезней. - М., 2011.

Войтович Г.А. Исцели самого себя. - Мн., 1990.

Глубоковский Н.Н. Библейский словарь. - Сергиев Посад, 2007.

Евангелле: Студыйны тэкст для унутраных патрэб парафіі касцёла Св. Сымона і Св. Алены г. Мінска. - Мн., 2007.

Елеонский Ф.Г. История израильского народа в Египте от поселения в селе Гесем до египетских казней. - Спб., 1884.

Законы общественных постов. - Сайт, "RU.CABAD. ОКG".

Ильин В.П. Впервые в храме. - Мн., 2011.

Кадыров-Боровский М.А. Христианство и наука. - Мн., 2012.

Католическая энциклопедия, т. 3. - М., 2007.

Краткая еврейская эн-циклопедия. - Иерусалим, 1992.

Малахов Г.П. Голодание. - Спб., 1996.

Никифоров, архимандрит. Библейская энциклопедия. - М., 1891.

Пособие к исповеди. - М., 2011.

Религии мира: Энци-клопедический словарь Ф.А. Брокгауза и И.А. Ефрона. - М., 2006.

Ксёндз-пробашч Мінскага касцёла Св. Сымона і Св. Алены У. Завальнюк , магістр тэалогіі, кандыдат гістарычных навук.



Віншаванні на адрас ТБМ

З Новым Годам!

Амбасада Славакіі ў Беларусі.



Шаноўныя сябры!

Дзякуй за віншаванне!

Віншую вас з Калядамі і Новым Годам!

Зычу ўстойлівасці і развіцця!

Жыве беларуская мова!

Жыве Беларусь!

Алесь Бяляцкі.


На зямлі мір і ў людзях добрая воля

Хрысціяне Беларусі мелі цудоўную магчымасць напоўніць душу радасцю Нараджэння Хрыстова цягам двух тыдняў разам з прадстаўнікамі ўсіх трох канфесіяў, узаемна ўзбагачаючы адзін аднаго, натхняючы духоўнымі гімнамі і спевамі. Калядныя спеўкі, чытанне вершаў, гульні стваралі цудоўны настрой дзецям і дарослым.

Віншаванні і зычэнні са святам на беларускай мове гучалі 25 снежня ў менскім касцёле Святых Сымона і Алены. Чырвоны касцёл убраны доўгімі зялёнымі гірляндамі з агенчыкамі і званочкамі. Падчас імшы чыталася ўрачыстае пасланне мітрапаліта Менскага і Магілёўскага Тадэвуша Кандрусевіча.

"Божае Нараджэнне, будучы бясцэнным дарам, адначасова з'яўляецца і заданнем. Няхай жа Бог дае нам прастату сэрца і імкненне да пазнання праўды, каб вачыма веры мы маглі ў Немаўляці, якое знаходзіцца ў яслях, убачыць бязмежнага Бога, які ў чалавечым целе прыйшоў у гэты свет, каб сваёй прысутнасцю яго змяніць. Тады мы вернемся да нашых дамоў з узмоцненай верай і з радасцю праслаўляючы Бога за ўсё, што чулі і бачылі (пар. Лк. 2, 20).

Праўда аб уцелаўленні Бога павінна аб'ядноўваць нас у веры і змаганнях дзеля яе чысціні, захавання хрысціянскіх каранёў, будавання жыцця на духоўных каштоўнасцях, што з'яўляецца нашым самым вялікім і актуальным заданнем у час крызісу веры."

Галоўная думка паслання была аб неабходнасці памнажэння веры і аб тым, каб несці святло Госпада секулярызаванаму свету. Трэба, каб сем'і беларусаў жылі па-божаму, каб Дух Святы прасвятляў сем'і беларусаў.

Радасна спявала моладзевая група праслаўлення ў менскай евангельскай царкве "Ян Прадвеснік" для вернікаў і гасцей.

"Ён узяў нашы хваробы

Прабачыў усе грахі,

Ён даў святло надзеі

І напоўніў алеем радасці!"

На служэнні было вельмі шмат дзетак, апранутых як анёльчыкі і сняжынкі. Творчая група разам з дзеткамі паказвала інсцэніроўку на тэму нараджэння Ісуса і з'яўлення анёлаў пастухам. Яны выступалі і спявалі па-беларуску. Усе дзеці атрымалі святочныя падарункі і дабраслаўленне бацькоў і родных.

У час Калядаў вернікі з гэтай супольнасці наведвалі са спектаклямі, віншаваннямі і падарункамі дзіцячыя дамы Менска

7 студзеня праваслаўныя браты і сёстры ўдзельнічалі ва ўрачыстай літургіі ў храме пры Доме Міласэрнасці і ва ўсіх цэрквах Менска. У вітальным слове да прыхаджанаў святар растлумачыў сэнс прыходу на зямлю Сына Божага.

"Для чаго прышоў на зямлю Ісус, прыняўшы чалавечае аблічча? З аднаго боку, каб спасцігнуць боль і пакуты людзей на зямлі вельмі блізка да сябе. З другога богу Ён прыйшоў, каб злучыць людскую прыроду з Боскай. У Хрысце ўся чалавечая прырода аднавілася. Таго, хто прычашчаецца Святых Тайнаў Хрыстовых, напаўняе і прасвятляе вялікая боская энергія. Адноўленыя ў Хрысце асобы нясуць энергію адраджэння."

Пасля літургіі дзеці з нядзельнай школы з сёстрамі міласэрнасці наведвалі хворых у палатах рэабілітацыйнага цэнтра, дзяліліся радасцю свята, спявамі для іх калядныя песні і дарылі падарункі, якія зрабілі ўласнымі рукамі.

З натхненнем навучэнцы нядзельнай школы чыталі вершы, паказвалі інсцэніроўкі для сваіх сяброў і бацькоў. Паглыбіць веды дапамагала віктарына па біблійнай гісторыі і геаграфіі.

У дзень, па-сапраўднаму чысты ад бялюткіх сняжынак і добрых думак, гучалі спевы, зімовыя вершы Максіма Багдановіча, Рыгора Барадуліна, Паўлюка Труса.

"Падаюць сняжынкi -

дыяменты-росы,

Падаюць бялюткi

за маiм акном...

Расчасалi вiшнi

шоўкавыя косы

I ўранiлi долу снегавы вянок."

Э. Дзвінская.

На здымках: Святкаванне Божага Нараджэння ў хрысціянскіх цэрквах і нядзельных школах.


Лідская пракуратура падтрымала Лідскую арганізацыю ТБМ

Лідская арганізацыя ТБМ неаднаразова звярталася да кіраўніцтва Лідскага піўзавода з патрабаваннем замяніць этыкеткі на прадукцыі завода на беларускамоўныя, а таксама прымяняць беларускамоўную рэкламу. Адказы з завода - традыцыйна толькі адмоўныя і пішуцца пад кальку, дакладней, з кампутара бярэцца той самы тэкст і ставіцца на новы бланк:

г. Лида, ул. Химгородок, д. 3, кв. 7

Анацко Л.Е.

Уважаемый Леон Евгеньевич!

ОАО "Лидское пиво" получено и рассмотрено Ваше обращение. Действительно, в наименованиях продукции предприятия и для ее продвижения мы используем только русский язык. Следует отметить, что использование русского языка не противоречит действующему законодательству Республики Беларусь.

Так, согласно Статьи 17 Конституции Республики Беларусь, государственными языками в Республике Беларусь являются белорусский и русский языки, а это значит, что существует свобода в выборе языка.

С уважением, Генеральный директор ОАО "Лидское пиво" А. Микшис.


Аднак, у апошні час беларускае заканадаўства змянілася, і старшыня Лідскай арганізацыі ТБМ Лявон Анацка звярнуўся ў пракуратуру, адкуль атрымаў адказ наступнага зместу:


Анацка Л.Я.

г. Ліда, вул. Хім-гарадок д. 3, кв. 7

Пракуратурай Лідскага раёна разгледжаны Ваш зварот аб парушэнні заканадаўства аб зваротах грамадзян ААТ "Лідскае піва".

Пры правядзенні праверкі факты, выкладзеныя ў Вашым звароце, знайшлі сваё пацверджанне. Устаноўлена, што 26 лістапада 2012 г. Вамі была напісана прапанова ў кнігу заўваг і прапаноў ААТ "Лідскае піва" на беларускай мове аб выкарыстанні беларускай мовы на этыкетцы прадукцыі ААТ "Лідскае піва".

У парушэнне патрабаванняў заканадаўства аб зваротах грамадзян Ваша прапанова разгледжана толькі 19.12.2012, і адказ Вам дадзены на рускай мове.

Па выніках праведзенай пракуратурай раёна праверкі, генеральны дырэктар ААТ "Лідскае піва" афіцыйна папярэджаны аб недапушчальнасці парушэнняў заканадаўства аб звароце грамадзян і юрыдычных асоб.

У выпадку нязгоды з прынятым рашэннем Вы маеце права абскардзіць яго ў пракуратуру Гродзенскай вобласці.

Пракурор Лідскага раёна старшы саветнік юстыцыі С.Ю. Дмухоўскі


Безумоўна, гэта ўсё не вырашае праблему з пераходам "Лідскага піва" на беларускую мову, але калі неабыякавыя грамадзяне Беларусі хочуць дапамагчы Лідскай арганізацыі ТБМ, то мусяць накіроўваць свае патрабаванні на адрас:

ААТ "Лідскае піва", 231300, Гродзенская вобл., г. Ліда, вул. Міцкевіча, 32.


БІ СВАІХ, КАБ ЧУЖЫЯ … НЕ БАЯЛІСЯ,

або Пра нашы педагагічныя справы і не зусім педагагічныя ўчынкі

Дзеля прыгожага слова ды не толькі дзеля яго прывяду яскравы народны афарызм пра тое, як б'юцца паміж сабою талерантныя і не зусім такія беларусы: "Біліся, біліся, дык я яго мяшком "бух! бух!", а ён мяне абушком "цюк!". Дык ён спалохаўся ды - бягом. А мяне як пана на насілках панеслі" . А высновы пакінем на далей ці, можа, зусім абыйдземся без нуднай маралізацыі.

У педагогаў ёсць добры прынцып: пачынаючы разбор нават няўдалага ўрока, імкнуцца знайсці ў ім нешта станоўчае, каб на пачатку падбадзёрыць настаўніка-пачаткоўца ці нават пабеленага сівізной калегу, каб зусім яго не забіць, не вытруціць веру ў свае сілы, пакінуць надзею. Гэты прынцып - яго можна назваць "не нашкодзь" - асабліва прыдатны ў сённяшняй сітуацыі ў Беларусі, калі партыйныя лідэры заміж кансалідацыі і рады, вельмі патрэбных складнікаў у мабілізацыі і да таго невялікіх сілаў, растрачваюць іх на ўнутраныя разборкі, гегеманісцкія амбіцыі.

На жаль, не знайшлося ў Беларусі і належнага цэнтра, які б змог кампетэнтна прымірыць і аб'яднаць разрозненыя сегменты нацыянальнага кола. Хоць спробы і прымаліся, але з-за тых жа самых прычын не дасягнулі мэты, не змаглі яго арганізатары ўзвысіцца над сваімі педагагічнымі слабасцямі. Ды і штучнае стварэнне лідэра - ці не марная справа?

У шматкроць узмацняецца негатыўны ўплыў у стабілізацыі сітуацыі з паяднаннем, калі тым жа самабічаваннем займаюцца і свае сродкі масавай інфармацыі. Гэтым зусім не хочацца кінуць цень на недатыкальнасць да пэўных асоб, на здаровую крытыку як важнейшы сродак дэмакратыі. Ідзе размова пра звычайныя прыстойныя межы.

Хачу тут заступіцца за свайго калегу Алега Трусава, выдатнага педагога, і кіраўніка грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны". Падобным яму, зразумела, не будзе росту ў службова-прафесійнай дзейнасці. Бачыце, не церпяць у нас яшчэ пакуль дзяржаўныя начальнікі побач з сабою лепшых за сябе. А тое, што А.А. Трусаў - таленавіты арганізатар і настаўнік - дык гэта навідавоку. Пад яго кіраўніцтвам ТБМ не толькі змагло ўтрымацца, выцерпець пасля шматлікіх адміністрацыйных наездаў (хоць узяць праблему з адстойваннем сядзібы арганізацыі), але і ісці ў наступ у справе беларусізацыі краіны.

На падпісаныя старшынём таварыства шматлікія лісты вымушаны адказваць, рэагаваць не толькі кіраўнікі рэспубліканскіх ўстаноў, але і міністры, адміністрацыя Прэзідэнта. І галоўнае, крок за крокам усё-такі ўдаецца адстаяць правы на мову ў розных сферах жыцця. Іншы раз на першы погляд вырашэнне крытычнай сітуацыі здаецца дробязным, але без такіх дробязяў не будзе сапраўднай перамогі. На этыкетках "Галіны Бланка", цукерках, хлебе… пачалі рабіць надпісы на беларускай мове, недзе чыноўніка паставілі на месца, а недзе адстаялі права атрымліваць дакумент, аформлены на дзяржаўнай мове, напрыклад, правы аўтамабіліста, квіткі, выйшлі вайсковыя статуты, іншая дакументацыя… Ды паглядзіце, вуліцам сталі даваць імёны ганаровых беларусаў. А як за гэта давялося пазмагацца, як і з абвесткамі ў транспарце. Многія патрабаванні ўлічаны ў моўнай рэформе. Паступова ідзе рэабілітацыя беларускай гісторыі. Станоўча ў дзяржаўных СМІ ужо гаворыцца пра БНР і інш. А штогадовыя нацыянальныя дыктоўкі…

Ён - археолаг, за плячыма якога дзесяткі палявых экспедыцый. У выніку - паспяховая абарона кандыдацкай дысертацыі па манументальнаму дойлідству Беларусі ХІ - ХVІІІ стагоддзяў, доўгі шэраг навуковых прац па гэтай тэматыцы, выкладанне гісторыі студэнцкай і вучнёўскай моладзі.

Разам з ім, бываючы за мяжою дзеля суправаджэння беларускіх школьнікаў, давялося бачыць і здзіўляцца яго выдатным урокам па віленскіх, варшаўскіх, кракаўскіх вуліцах. Яго выдатныя веды па гісторыі, мастацтве Еўропы, манументальнай архітэктуры, археалогіі прыводзілі да здзіўлення і замяшальніцтва замежных экскурсаводаў.

Вялізны ўнёсак у справу адраджэння Беларусі зроблены Трусавым і яго сябрамі ў час дэпутацтва ў Вярхоўным Савеце (1990 - 1995), дзе ён займаў пасаду намесніка старшыні Камісіі па адукацыі, культуры і захаванні гістарычнай спадчыны, старшыні Камісіі па забяспячэнні адзінай палітыкі выкарыстання дзяржаўных сімвалаў Рэспублікі Беларусь пры Прэзідыуме Вярхоўнага Савета. І неаднойчы цярпеў ад незаконнага вераломства… І цяпер ён трымае ў руках моўны пульс Беларусі, хвалюецца і турбуецца кожнай праявай антыбеларускасці, штодзень крочыць на працу ў сядзібу ТБМ, галоўны штаб будучыні краіны. Гэта - адна з арганізацый, якая паступова робіць сваю справу, якая застанецца ў гісторыі.

Выключна важнае значэнне набывае газета "Наша слова", інфармацыйны орган ТБМ, дэмакратычная трыбуна беларусаў, аўтарытэт і надзея.

Гэта ўсё гаворыцца дзеля справядлівасці і ў адказ на тыя "ўкусы", што часам робяцца не толькі ў дзяржаўных, але і ў незалежных сродках масавай інфармацыі. Заміж таго, каб разабрацца з яго вялікасцю чыноўнікам, журналісты робяць напады на тых, хто якраз і змагаецца з чыноўніцкім хамствам, уседазволенасцю, ігнараваннем законаў. Тактыка такая: у кароткім інтэрв'ю, часам у непрыдатны і нязручны час (напрыклад, у перапынак паміж лекцыямі па тэлефоне), задаць правакацыйнае пытанне і злавіць на дробязі, з якой затым раздзьмуць сапраўдную буру, зрабіць свае высновы.

Ну, напрыклад, А. Трусаў у асобных выпадках адсылае журналіста да свайго намесніка, які вядзе пэўны кірунак дзейнасці. І гэтата зразумела, не трэба з гэтага кпіць. Або вось матэрыял "Ці ведаеце Вы пра сітуацыю ў Магілёве і як яе змяніць?" ў газеце "Народная воля" выклікаў цэлую дыскусію. Але журналіст задае тон, у самым ужо пачатку робіць свае высновы, падказкі, хто "вінаваты" ў сітуацыі: "Ён, старшыня ГА "Таварыства беларускай школы" (гэта пра мяне - А.Л.), "толькі зараз даведаўся, што ў беларускамоўным класе ў Магілёве навучаецца толькі адна дзяўчынка" . Прыкра чуць гэта з вуснаў чалавека, які лічыцца грамадскім дзеячам. І шкада, што такіх "дзеячаў" у нас шмат. Вялікая колькасць шыльдаў, пасад, імёнаў… Няўжо так многа зарэгістравана? Пара Міністэрству юстыцыі закрываць? Во дагаварыліся. Безумоўна, хацелася б, каб вынікі дзейнасці ГА былі імгненныя. Колькі ж гадоў змагаемся. І вось следам за журналістам ў артыкуле таксама добрага абаронцы беларускай мовы чытаем: "Прызнаюся, мяне некалькі расчаравалі адказы на пытанні, скажам, такіх вядомых у краіне людзей, як старшыня ГА… Не адчуваецца ў іх глыбокага ўсведамлення ўласнай адказнасці за адсутнасць дзейснага ўплыву на бацькоў…" . Вінаватым нават аказаўся Зміцер Салаўёў, сябар ТБМ, ТБШ, БНФ, бацька адзінай вучаніцы ў Магілёве Ялінкі Салаўёвай.

Шаноўныя, пра што вы гаворыце. Вядома і так, хто вінаваты, навошта перакідваць віну на іншых. Няўжо думаеце, спадар журналіст, што вы першыя даведаліся аб сумнай сітуацыі ў Магілёве і іншых кутках Беларусі, а не сябры ТБМ, ТБШ, БНФ? І злараднічаеце. Гэта мы ўвесь час даём інфармацыю ў газеты пра стан беларускасці ў школах, часам адкопваючы яе ў Міністэрстве адукацыі, таемна. Гэта мы папярэджвалі грамадскасць праз незалежныя сродкі інфармацыі аб негатыўных зменах у праграмах па літаратуры, аб шкоднасці адукацыйнай рэформы, якую цяпер ужо стараюцца ў міністэрстве падправіць. А за "утечку информации" былі звольнены некаторыя адказныя супрацоўнікі, і была засакрэчана сама інфармацыя (стан навучання па-беларуску ў адукацыйных установах), не падаецца больш у афіцыйных статыстычных даведніках.

Нават у афіцыйных адказах на запыты грамадскіх аб'яднанняў аб стане адукацыі органы дзяржаўных структур як правіла даюць звычайныя адпіскі. РГА "ТБШ" напярэдадні новага навучальнага года адправіла ў Міністэрства адукацыі і Камітэт па адукацыі Мінгарвыканкама лісты наступнага зместу з канкрэтнымі пытаннямі, якія выцякаюць з прыманых дзяржаўных дакументаў: "Грамадскасць Мінска і Беларусі турбуе выкананне "Плана мерапрыемстваў у сістэме Міністэрства адукацыі па папулярызацыі і пашырэнні сферы выкарыстання беларускай мовы ў жыцці грамадства на 2010 год і наступныя гады", які быў зацверджаны 12.03.2010.

У прыватнасці цікавяць найперш наступныя пытанні:

1. Якім чынам была азнаёмлена педагагічная грамадскасць сталіцы Беларусі з азначаным дакументам? У якіх сродках масавай інфармацыі ён быў надрукаваны?

2. Якія канкрэтныя якасныя змены адбыліся ў працягу выканання Плана?

3. Як павялічылася сетка дашкольных устаноў (груп), колькасць класаў з беларускай мовай навучання, удзельная вага прадметаў, якія выкладаюцца на беларускай мове (па стану на 1 верасня 2012 г.).

4. Ці ва ўсіх установах быў праведзены першы ўрок навучальнага года на беларускай мове?".

Даў адказ першы намеснік старшыні М.С. Кіндзірэнка. "У межах сваёй кампетэнцыі (хацелася б ведаць, якім такім сакрэтным органам абмежавана Ваша кампетэнтнасць - далей у дужках нашы заўвагі, А.Л.) камітэт па адукацыі інфармуе, што ва ўсіх установах адукацыі арганізавана вывучэнне Закона Рэспублікі Беларусь ад 23 ліпеня 2008 года "Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі"". (Гэта добра, што арганізавана, то настаўнікі беларускай мовы будуць ведаць. Але ці здавалі экзамен Вы, шаноўны М.С.Кіндзірэнка і Вашы калегі, на веданне яго, каб згодна з вышэйшым Законам маглі выконваць дзяржаўныя абавязкі на дзяржаўнай мове? Мала таго, мы ж пытаемся не пра згаданы Закон, а пра міністэрскі план мерапрыемстваў, які Вы ігнаруеце. Далей называеце сухія факты). "Ажыццяўляецца камплектаванне бібліятэчнага фонду нарматыўнай прававой, вучэбна-метадычнай, даведачнай літаратурай у дапамогу педагогам, студэнтам, вучням па рэалізацыі палажэнняў Закона". (Пішаце пра аформленыя стэнды, Тыдні роднай мовы, рэгулярныя сустрэчы з пісьменнікамі, віктарыны, радыёчасопісы, насценныя газеты і інш. Чаму ж няма адказу на нашы 1 - 4 пытанні? У канцы, праўда, толькі лічбы). "На беларускай мове працуюць гімназіі № 4, 9, 14, 23, 28, гімназія-каледж мастацтваў, класы ў сярэдніх школах № 60 (чаму, напрыклад, установа змяніла статус з беларускай мовай навучання?), 68, 72, 108, 131, 180, 190, 205, 209; дашкольныя ўстановы № 187, 534, 136 груп, якія адкрыты ў іншых дзіцячых садках".

І ўсё-такі, большасць тых, хто адгукнуўся на вышэй згаданую інфармацыю ў "Народнай волі", робяць аб'ектыўныя высновы. Калі дырэктар сталічнай гімназіі № 23 Ніна Нікіціна яшчэ асцярожна заяўляе: "Віна ўсіх нас - бацькоў, настаўнікаў, можа, нават арганізатараў адукацыйнай сістэмы. Проста ўсяго грамадства" , то прафесар Леанід Лыч у водгуку "Нават пры фашыстах у Магілёве былі беларускамоўныя школы…" ўпэўнены, што "за поўны правал беларускамоўнай адукацыі бацькі, настаўніцтва, грамадства нясуць толькі сімвалічную адказнасць, уся адказнасць ляжыць на дзяржаўных уладных структурах" . У такім жа рэчышчы і артыкул, вельмі разважлівы і аргументаваны, былога дырэктара школы Міхаіла Баравулі з Крупскага раёна, дзе ён прама канстатуе: "не ведаеш дзяржаўную мову - не маеш ніякага права займаць дзяржаўную пасаду. Навошта трымаць ва ўладзе напаўадукаваных людзей ці гультаёў…" .

Дык ці будзем вось гэтак увесь час паміж сабой, браткі-беларусы, тузацца, чакаць, каго з нас на насілках панясуць, а хто, як заяц, уцячэ ў кусты. Зоймемся справай.

АЛЕСЬ ЛОЗКА, старшыня РГА "Таварыства беларускай школы",сябар ТБМ з пачатку яго стварэння



Прысвячаю Леаніду Міхайлавічу Лычу. З падзякай за яго нястомную працу на ніве беларускай нацыянальнай ідэі. Нагадаўшаму нам сённяшнім, сотні імён шчырых беларусаў, прысвяціўшым і аддаўшым жыццё адраджэнню Бацькаўшчыны.

Адмаўленне адмаўлення

Ёсць цікавы і моцны закон,

Ён заўсёды

ў прыродзе пануе:

Адмаўлення наступнага скон

Адмаўленне былое касуе.


Зерне колас адмовіць.

І што ж?

Глеба зерне сабой адмаўляе,

Разбураецца зерне, з яго

Моцны новы

расток прарастае.


Калі зерне здаровым было,

Узбуяе калоссе на ніве.

Так і з моцнай душою народ

Прыдзе некалі

к долі шчаслівай.


І адмовіць сабою тады,

Што вякамі яго адмаўляла.

Косяць пожню,

ды толькі заўжды

Прабівае да сонца атава.


Дзе-нідзе прарастаюць дубы,

Што схавалі рухавыя сойкі,

І бярозы, і хвоі, і мы,

Мы народ працавіты і стойкі.

Аляксандра Грыцкевіч.

Як у нашай грамадзе

Як у нашай грамадзе -

Няма такога больш нідзе -

Яшчэ дзень не надышоў,

А мужык ужо гатоў.


Не да працы - пачакае,

Мара бо ў яго не тая,

На дварэ дык ноч яшчэ,

А ўнутры ажно пячэ.


Бо ж учора так набраўся,

Што дадому ледзь дастаўся.

Ну а ў гэты ранні час

"Кропкі" адчыняюцца,

І усе, як пад заказ,

Там апахмяляюцца.


Падлячыўся - ў галаве

Адразу пасвятлела,

І у дзень, што надышоў,

Ты ўжо крочыш смела.


І праз нейкі час заўжды

Знойдзеш тых, хто трэба,

У каго, як і ў цябе,

Ёсць адна патрэба -

Перашкоды ўсе прайсці,

А да вечара знайсці

Жаданае зелле.


А назаўтра ўсё ізноў

Па звыклай завядзёнцы -

Абяцаеш больш не піць

На каленях жонцы,

Абы толькі, каб яна

Знайшла апахмяліцца,

І за гэта на яе

Ты гатоў маліцца.

Фелікс Шкірманкоў.


Падарыць другое жыццё

Адчуць сапраўдную каштоўнасць некаторых рэчаў можна толькі страціўшы іх. Гэтыя словы слравядлівыя ў дачыненні да кожнай нацыі, якая некалі не змагла ацаніць ці захаваць духоўную і матэрыяльную спадчыну сваіх папярэднікаў. Ёсць аб чым шкадаваць і нашай краіне. Жахі сусветных войнаў, часовыя ўплывы розных канфесій, знішчэнне ўзораў сакральнага мастацтва ў часы атэістычнай прапаганды - усё гэта зведала на сабе беларуская культура. Многія выдатныя помнікі страчаны беззваротна, аднак значная частка культурных скарбаў яшчэ можа быць выратавана.

"Банк БелВЭБ" прэзентаваў беларускі каляндар на 2013 год, які працягвае серыю "Жывая гісторыя", прысвечаную культурнай спадчыне Беларусі. Галоўная ідэя календара - прыцягнуць увагу ўпэўненага бізнэсу да неабходнасці ўдзелу ў аднаўленні твораў беларускага мастацтва, якія ў вялікай колькасці захоўваюцца і чакаюць рэстаўрацыі ў запасніках беларускіх музеяў.

Як вядома, без гісторыі няма будучыні, таму пачынаць будаваць "заўтра" сваёй краіны трэба з вяртання да вытокаў. Захаванне і развіццё традыцый народнай культуры заўсёды было і будзе прывілеяй тых, хто ўжо сёння зразумее яе значнасць для сучаснікаў і нашчадкаў.

Гэта пытанне акрэслена ў звароце да чытача і анатацыях на старонках календара, піша marketing.by.

У календары прадстаўлены розныя кірункі прыкладнога мастацтва (XVII-XIX ст.), у якіх беларускія майстры дасягнулі высокага прафесіяналізму і ўнікальнасці выканання.

Альбом створаны пры судзеянні Музея старажытнабеларускай культуры Нацыянальнай акадэмii навук.


Я - У СЦЭНАРЫ

Па ўгавору спадарыні Жаны

Усё яшчэ працягваецца Свята беларускага пісьменства ў Глыбокім. На гэты раз і я патрапіла ў сцэнар. Бібліятэкар - спадарыня Жана папрасіла адну з нейкіх маіх кніг для старшыні райвыканкаму А. В. Морхата. Маўляў, ён уключаны ў сцэнар прэзентацыі кнігі "Там, дзе возера Глыбокае", выпушчанай да Дня беларускага пісьменства, і будзе выступаць, казаць слова, і мы хочам зра-біць знак увагі падарункам. Мы падумалі, што ўручым кнігі сваіх, глыбачанскіх пісьменнікаў.

- А я калі на сцэну выходжу?

- Вы адразу пасля яго.

- Ну, раз я там буду прысутнічаць ды выступаць, можа тады мне самой гэта зрабіць? Толькі ці заці-кавіцца спадар Алег нашымі кнігамі. Звычайна добра дарыць таму, хто пытаецца пра яе, хоча набыць. Так і кажу Жане. Тым больш шчыра, што мы зусім незнаёмыя. Ні разу, нават, не размаўлялі.

- Ну, чаму? Ён чытае, - прафесійна адказвае яна.

- Падумаю, - кажу, спанталычаная такім яе ўгаворам. I ўжо вымалёўваецца ідэя, якую кніжку і як падару. "Поле долі" хіба? Сваю першую візітоўку ў свет. Бо вельмі дарэчы пажартаваць, супастаўляючы яе са зместам маіх старонак у сённяшнім прэзентавальным томіку "Там, дзе возера Глыбокае". Кніга дайшла да мяне пазней за ўсіх. I па заяве да старшыні райвыканкаму - спадара Алега: "Прашу падараваць...". Хоць, як дазналася, яна ціка-ва затрымалася ў паэта Жыгунова. I вось кніга ў руках. З Алесевых рук. А я не раскрываю. Кладу яе ў сумку, каб у спакоі разгарнуць і адчуць сілу Свята пісьменства на маёй Бацькаў-шчыне. I сваю годнасць у кнізе.

Колькі розных пачуццяў!..

Кнігу разгарнула ў цягніку, едучы дадому. О, колькі розных пачуццяў з'явілася на твары! Як у таго Івана Іванавіча (з аповесці Гогаля), які, пасварыўшыся з суседам Іванам Нікіфаравічам, падкрадваўся ноччу ў ягоны двор - падрэзаць гусятнік. Праўда, я не мела намер псаваць маё-масць паэта Алеся Жыгунова, які падмяніў дадзеную яму сучасную падборку вершаў для гэтага тома, на вершы 60-70 гадоў з кніжачкі "Поле долі".

Цяпер мяне казытнула ўсмешка. Гумар выручае ў любых абставінах. Калі праз столькі гадоў зноў прэзентацыя "Поля долі", значыць такая доля. Значыць, якая доля, такі і танец? I, калі ўжо наступіць падарункавая хвіля - няхай! Знаёмства! Праз "Поле долі"! Бо і спадара Алега закінула доля на наша поле... Во з усёй адказнасцю, стараўся рабіць святоч-ную пляцоўку да Свята беларускага пісьменства. Ну, а што ў кнізе?.. Не ён жа ўкладальнік.

Скажу:

Тут свет памылак напладзіў,

Кіраўнікоў... А ён - адзін...

А ён адзін, а ён - для ўсіх.

Адбіся, паспрабуй, ад іх.

Званкі! I кожны - нацянькі!

Лёс-доля, у яго, які?..

Прыехала. Іду ў ДК. Сучасная сіла музыкі ўразаецца ў перапонкі. Там ужо спявае Браніслаў Грамакоўскі. Там ужо ідзе відэапрэзентацыя. I вось табе - калі ласка: на экране Алег Віктаравіч чытае "Новую Зямлю" Коласа. На роднай мове. А я казала, навошта кнігі дарыць? Ці будзе ён іх чытаць?.. Я - зірк у залу. Мне адтуль малюецца захапленне. I аж заскакалі рыфмы.

Ці па радах, ці гэта іншы шорхат?..

I - цішыня. Як бы пачаць пара...

Бо "Новую зямлю" чытае Морхат.

Яго з усёй душой прыняў экран.

I чую ў зале - шэпчуць з захапленнем:

"Ён - не з дарогі, што на Гайсуны...

Ён нашу глебу мацае карэннем -

Як тры грыбочкі, у яго - сыны".

Вось, як наступіць урачысты момант, - думаю!.. Ды што я думала - гэта адно. Зусім другое сапсавала мне настрой. Бібліятэкар, са шкадаваннем, выбачальна шапнула: "Яго... не будзе".

Вось табе і на! Як жа цяпер, колькі хвілін назад, падпісаная кніга? I каму чытаць верш? Той, што пад-рыхтавала дома? А тут ужо вядоўцы праграмы крутанулі на сцэну. I я за-сталася бязбройнай.

...Прыкладна так, як свой вершаваны сюжэт мелася раскруціць асабіста я, раскруціў пасля мяне на сцэне, экспромт - сюжэт п'есы Уладзімір Сауліч. Шкада - на іншую тэму. I мне здалося, што ў параўнанні, мой стыль вершаванай прамовы ледзь ліпеў. Энергетыка слова не распаўсюджвалася. Яе не было. Ну, што гэта за энергетыка, калі не вышукваецца ха-рактарыстычнае слова для пенсіянеркі, якую спадар Алег Морхат, сам, вазіў у аблвыканкам, да спадара Аляксандра Косінца, з Падсвілля ў Віцебск? Напружылася выхапіць з памяці эпітэты. Ды не тут тое... Толькі тры і знайшла: "актыўная", "выбітная", "забойная".

Уражлівасць празмерная пад-вяла! Адчуваю, што з адчуваннем не магу справіцца. А вунь Ганна Зінкевіч умее. Яна так лірычна, мякка, спакой-на, упэўнена і прыхільна, зусім па-на-стаўніцку, дзячыць уладу за ўшана-ванне... на свяце беларускага пісьмен-ства. I я падумала, што гэта мой верш натхніў яе на такую гжэчную, крана-льную ўдзячную прозу, хоць і паэтка ж.

А настаўніца Ганна Пяткевіч таксама валодае сабой - няспешна, акцэнтуе ўвагу, і цёпла прамаўляе, акуратна зарыфмованыя, радкі! Галя Сутула!.. Якія тэксты рускіх песняў! I як мікрафон падхоплівае ейны, зусім сур'ёзны, упэўнены, самапераканаўчы голас і нясе яго ў залу. Там ужо нехта закахаўся. I стварыў экспромтам тры куплеты пра Галінку, і ціхенька мне прачытаў, потым на выхадзе: "Ці добра?".

А ўзяць Алеся Жыгунова, які робіць закругленне праграмнай мастацкасці, сабой... у вершах пра родны дом, на дзвярах якога - замок... I мне хочацца ў свой пакойчык, дамоў. Чаму, - думаю? Кніжка звяла ж нас ў зале, накіравала кожнага на сцэну. Але, бач, як ціхенька, шустра разбягаемся, не развітваючыся. Мусіць усе хочуць дамоў - мроіць... з пяром, пад Новы год... Мроі, часам, супакойваюць уражанні.

Дык з Новым годам, людзі! Пісьменнікі (паэты і празаікі), жур-налісты і артысты, бібліятэкары і чытачы, сябры ТБМ і ўсе людзі розных прафесій! I кіраўнікі! З Новымі адкрыццямі, поглядамі і верай. З Новым годам усе, хто за годнае шанаванне нашай роднай мовы! Давайце смялей мроіць! I дзейнічаць!

У Новы год, 13-ты ляцім

Ну - во: і год 12-ты пражыты,

На шкле вакна - марозная краса.

I мой камп'ютар,

што прыладзіў Шыталь,

Пяшчотна просіць думкі запісаць.


Як нам на "заўтра" выявіць прагноз,

Ці будзе Новы для пяра спрыяльны,

Каб нейкі Дзед Мароз не даў у нос,

I Новы год абняў нас абаяльна.


Хай для пісьменства зоймецца зара

Над нашым полем на свабодзе-волі!

Каб быў мароз святла, але не золі...

I радасна пісалася сябрам.

Стройна

Зямля снягамі белымі прашыта.

Трымайся стройна,

даражэнькі Шыталь!

Той, які шустры, той, які - Кастусь!

Які - весткар, які - за Беларусь!

Па курсу

Хоць зімавей марозны і калючы,

Ты падмацуй нам веру, Новы год!

Хай ТБМ трымаецца на кручы,

Па курсу годна крочыць у народ!

I Станіслаў, вядома ж,

той, хто - Суднік,

Хто ўсё нясе ў народ газетны стос,

Як традыцыйны мех свой Дзед Мароз, Хай адчувае свята думкі ў будні:

Што "Наша слова" любіць беларус.

I воз любові гэтай - нам не груз.

Віцебскаму беларускаму тэатру "Лялька"

Я маю гонар быць на вашай сцэне

Усмешлівым жыццём маіх герояў.

Тэатр ваш "Лялька"

мне аблашчыў мрою,

I Баравік узнёслы летуценіць...


I фабулу шукае пра грыбы,

Адразу, як натхненне ён здабыў.

Гартае свой імшысты чарнавік

Такі натхнёны сёння Баравік.


Для "Лялькі", кажа, я пісаць хачу,

Для той, якую сам стварыў Клімчук,

Якой жыццё ён удыхнуў і ўзняў.

Для "Лялькі"! I без вобраза - ні дня!


Разгледзела прыгожае выданне,

Разгледзела душой ваш карагод.

Іскрыцеся, як зоркі!

(Да спаткання!),

Для вас хай з неба зыйдзе Новы год!

Гірляндамі

I сціплым, добрым выдаўцам маім,

Што на глыбоцкай Мінскай, утраіх,

Каб Дзед Мароз накідаў тэлеграмаў,

I красаваўся тут букет рэкламаў,

Гірляндамі, на ёлцы, каля брамы.

Каб не ржавеў

I "Вольнаму Глыбокаму" таксама:

Каб з моцных рэек

не сыйшла рэклама!

I не ржавеў рэдактараў скрабок,

Які скрабе, у краязнаўчы бок,

На роднай мове.

Сам

Прыладзіла зіма свой мікрафон

I кажа выдаўцу "Прэфект-інфо":

"Я на шляху занесла розны хлам,

Утрамбавала сцежку для рэклам...",

Табе, хто ведае, чаго хацець,

Каму і ў вочы добра паглядзець...

Для праўды сцежку

Ты пракладвай сам".

Не забудзь

Зміцеру Лупачу ў Дзень нараджэння


Змітро! У беласнежны свет глядзі!

Мы ўсе бяжым цяпер пад маладзік..

I Ты, якраз, бяжыш цяпер уверх.

I пра Цябе заззяў у думках верш:


Па нараджэнні Ты зусім зімовы.

I я. Ды як паэтка - пад вясну.

Ты паспрыяй Баравіку і ў Новым

Спакойна, годна выйсці пад сасну.


У сціпласці сваёй зусім прыгожы,

Рэдактар, і вярстальшчык, і сямейнік,

Дэмграмады дзяяч, ва ўсім надзейны,

Ты, творчы чалавек,

I мроіць можаш...


Шаноўны Зміцер! Дарагі Змітрусь!

Ды будзе Слова! Каб - за Беларусь!

I за Цябе, бо мне з Табой званчэй!

I ўсмешка весялейшая з вачэй.


I крыху грошай - мару надтачыць.

Ты за паэткай не забудзь сачыць...

Каб не замёрз без мары Баравік

I ўсё паспеў занесці ў чыставік...

З мелодыяй Святла

Машы з гітарай "Свабода" і ўсім бардам


Гучы свабодна, думка, адмыслова!

Трымайма годнасць беларуса словам,

З мелодыяй Святла, у падмацунку!

У Навагоднім, светлым, накірунку!

Уверх

Усім сябрам Падсвільскае суполкі:

Мар'яну, Мікалаю і Людмілам...

Няхай надвор'е вам не будзе золкім -

Каб сонца ўверх пайшло і засвяціла!

Сустракайце!

Калі ночка - з месячным адлівам,

Каб не вешаць на душу замок,

Пашукайце ветлы і шчаслівы,

Навагодняй казкі церамок!


I знайдзіце ў ім сабе прытулак -

Кожны, акрыляй сваю душу,

Каб завея ветрам не кранула...

Да сяброў? I - пляшку, пад кажух!


Грэйма думкі родным словам, людзі!

Хай бруіцца ласка з вашых воч!

Бач, як Дзед Мароз расправіў грудзі

I падмаляваў разумна ноч.


Як - святло, то ў ім жа ззяе казка.

Стаўце мары смела ў карагод!

Сустракайце яснасць, калі ласка,

Як і Новы дзень, і Новы год!


Марыя Баравік

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX