НАША СЛОВА № 5 (1104) 30 студзеня 2013 г.
Амбасадар Беларусі ў Варшаве прыняў удзел у святкаванні 150-годдзя Студзеньскага паўстання 1863 года
22 студзеня ў сталіцы Польшчы прайшлі ўрачыстасці з нагоды 150-годдзя пачатку паўстання 1863 года.
На цырымоніі ў Варшаве прысутнічалі паслы Беларусі, Украіны, Літвы і Латвіі. Пасол Гайсёнак стаіць за прэзідэнтам Камароўскім (першы справа ад харцара са знічом). Фота prezydent.pl.
- У 1863 годзе людзі розных моваў, культур і рэлігій разам пайшлі ў бой за свабоду, - сказаў прэзідэнт Польшчы Браніслаў Камароўскі ў часе ўскладання вянкоў да помніка паўстанцам 1863 года на могілках Павонзкі ў Варшаве.
Ва ўшанаванні ўзялі ўдзел прадстаўнікі дзяржаўных уладаў Польшчы і духавенства розных канфесій, у тым ліку каталікі і праваслаўныя. Свечкі прынесла таксама моладзь і прадстаўнікі беларускай, украінскай ды літоўскай дыяспар у Польшчы.
У пасольстве Беларусі ў Варшаве паведамілі, што Цэнтр беларускай культуры ў Варшаве рыхтуе выставу да 150-годдзя паўстання, якое палякі называюць "Студзеньскім паўстаннем", а ў Беларусі больш вядомага як Паўстанне Каліноўскага.
- Паўстанне 1863 года было апошнім акордам супольнага змагання за свабоду ўсіх народаў, якія некалі ўтваралі супольную дзяржаву, а пасля разам арганізавалі барацьбу за вызваленне.
На помніку ёсць герб Польшчы, і ёсць герб "Пагоня", і ёсць герб Русі, - адзначыў прэзідэнт Польшчы на Павонзках.
Нацыі, якія бралі ўдзел у Паўстанні 1863 года, зазначыў ён, а таксама і расіяне, цяпер будуюць "сваю свабоду, сваё пачуцце тоеснасці, сваю добрую будучыню". Яны, сказаў прэзідэнт Камароўскі, адсылаюць нас да традыцый выступу 1863 года, хоць і кожны народ па-свойму. "Напрыклад, для нас, палякаў, паўстанне 1863 года - гэта нацыянальнае паўстанне. А вось для літоўцаў гэта пачатак дарогі да самастойнасці, да ўтварэння сучаснай літоўскай нацыі з асобнай дзяржавай", - падкрэсліў ён.
Тое самае адносіцца і да беларусаў. Менавіта ў часе паўстання пачала выходзіць першая газета на беларускай мове: "Мужыцкая праўда" - што стала важным этапам у самаўсведамленні беларусаў беларусамі.
Адбылася экуменічная малітва і цырымонія пачэснай варты. Пасля гэтага Браніслаў Камароўскі запаліў свечку на магіле генерала паўстанцаў Эдмунда Тачаноўскага (1822-1879).
На цырымоніі на Павонзках прысутнічалі і беларусы Варшавы з бел-чырвона-белым сцягам.
Сяргей Макарэвіч, Мікола Бугай.
У Свіслачы правялі мерапрыемствы з нагоды паўстання Кастуся Каліноўскага
150-ыя ўгодкі Студзеньскага паўстання на тэрыторыі Беларусі не забытыя.
21 студзеня ў Свіслацкай гімназіі, якая носіць імя кіраўніка Студзеньскага паўстання ў Беларусі Кастуся Каліноўскага, прайшло адмысловае мерапрыемства, - паведаміў прэс-сакратар беларускага пасольства ў Польшчы Аляксей Зелянко.
- На працягу года таксама будуць праходзіць розныя мерапрыемствы з удзелам мясцовых уладаў, таксама магчыма будуць удзельнічаць улады больш высокага ўзроўню.
22 студзеня пасол Польшчы ў Рэспубліцы Беларусь Лешак Шарэпка, Генеральны консул Рэспублікі Польшча ў Гародні Анджэй Хадкевіч, прадстаўнікі літоўскай і латышскіх пасольстваў у Менску, лідэр "Руху за свабоду" Аляксандар Мілінкевіч з сябрамі, а таксама свіслацкія актывісты і прадстаўнікі непрызнанага беларускім ўладамі Саюзу палякаў усклалі вянкі да помнікаў Рамуальду Траўгуту і Кастусю Каліноўскаму - лідэрам паўстання.
Наш кар.
425 гадоў з дня зацверджання Статута ВКЛ 1588 года
Пацверджаннем дзяржаўнай самастойнасці Вялікага Княства Літоўскага стала прыняцце ў 1588 г. III Статута ВКЛ. Ён быў зацверджаны прывілеем караля і вялікага князя Жыгімонта ІІІ Вазы і выдадзены ў віленскай друкарні, якая належала братам Мамонічам.
Гэты збор законаў быў падрыхтаваны камісіяй пад кіраўніцтвам канцлера Астафія Валовіча і падканцлера Льва Сапегі.
III Статут Вялікага Княства Літоўскага ігнараваў акт Люблінскай уніі , замацоўваў незалежнасць Княства. Ён абавязваў урад вярнуць адрынутыя ад ВКЛ землі, забараняў прызначаць на дзяржаўныя пасады і надзяляць зямлёй "чужакоў і загранічнікаў", у тым ліку палякаў, захоўваў адасобленасць дзяржавы. У тэксце ні разу не згадваецца Люблінская ўнія. Па зместу гэтага дакумента Вялікае Княства Літоўскае выступала самастойнай дзяржавай.
Статут ВКЛ 1588 г. складаўся з 14 частак і 488 артыкулаў. У ім знайшла адлюстраванне тэорыя падзелу ўлады на заканадаўчую (сойм), выканаўчую (вялікі князь, службовыя асобы) і судовую (Трыбунал ВКЛ, земскія і падкаморскія суды). Ва ўступе падканцлер Леў Сапега сфармуляваў галоўную ідэю прававой дзяржавы - падначаленне ўсіх адзінаму праву.
З аднаго боку, артыкулы Статута абавязвалі вялікага князя праводзіць палітыку верацярпімасці, забяспечваць спакой усіх жыхароў краіны. Збор законаў прадугледжваў адказнасць шляхты за забойства простага чалавека, забараняў перадачу ў няволю вольнага чалавека за даўгі ці злачынствы, абмяжоўваў пакаранне непаўнагадовых да 16 гадоў.
III Статут ВКЛ складзены на старабеларускай мове новай фармацыі, якую разумела большасць жыхароў краіны. Леў Сапега з гонарам пісаў: "Не чужой якой моваю, але сваёю ўласнай правы пісаныя маем" . Дарэчы, першы артыкул IV часткі вызначаў дзяржаўны статус старабеларускай мовы.
Пасля смерці Стэфана Баторыя новы кандыдат на трон Рэчы Паспалітай шведскі прынц Жыгімонт Ваза хацеў заручыцца падтрымкай на сойме прадстаўнікоў ВКЛ. Таму ён пагадзіўся зацвердзіць Статут, паколькі польскія паслы не хацелі разглядаць гэты дакумент на вальных соймах. На беларускіх землях Статут 1588 г. як збор законаў дзейнічаў аж да 1840 г.
(Вікіпедыя.)
Студзеньскі "Верасень"
Выйшаў з друку чарговы нумар літаратурна-мастацкага часопіса "Верасень". Сёмы нумар атрымаўся па-зімоваму "шчодрым" на паэзію і прозу. У ім друкуюцца вершы: Святланы Богуш, Кацярыны Глухоўскай, Усевалада Чорнага, Юліі Цяльпук, Алеся Емяльянава-Шыловіча, Святланы Куль, Васіля Дэбіша, Алеся Разанава… Проза прадстаўлена творамі Надзеі Філон, Андрэя Дзічэнкі, Юліі Бажок, Рамана Абрамчука, Аляксандры Сымановіч, Стаса Ільіна, Лявона Валасюка. У раздзеле "Пераклады" Павел Надольскі знаёміць чытачоў з вершамі класіка польскай паэзіі Цыпрыяна Норвіда. "Крытыку" ў нумары прадстаўляюць артыкулы Алены Свечнікавай, Святланы Калядкі, Алы Петрушкевіч … Старонкі з "вісбійскага " дзённіка друкуе Уладзімір Сіўчыкаў. Сталая аўтарка "Верасня" Марына Яўсейчык гутарыць з вядомай грамадскай і культурнай дзяячкай Любоўю Уладыкоўскай. Аб перспектывах нацыянальнага тэатра і кіно разважае ў сваёй гутарцы з Альдонай Мартыненка знакаміты драматург і сцэнарыст Андрэй Курэйчык. Размовай аб першых кроках у літаратуру Анатоля Вярцінскага распачала новую рубрыку "Выток" на старонках выдання журналістка Наста Грышчук. Анатоль Трафімчык разважае пра паэзіію Якуба Коласа - вольную і зняволеную ў нетрах Пішчалаўскага замка. З рэцэнзіяй на першую кнігу Надзеі Філон выступае крытык і літаратуразнаўца Таццяна Мацюхіна. Па традыцыі заканчваецца нумар аглядам навінак айчыннай дыскаграфіі, які бліскуча робіць вядомы знаўца беларускай музычнай культуры Вітаўт Мартыненка.
Пытайце часопіс "Верасень" № 7 на сядзібе ТБМ, у Акадэмкнізе, кнігарні выдавецтва "Логвінаў".
Чытайце часопіс "Верасень" на старонках Беларускай інтэрнэт-бібліятэкі kamunikat.org а таксама на сайце ТБМ імя Францішка Скарыны.
Пастанова Рады ТБМ імя Ф. Скарыны "Аб перарэгістрацыі сяброў ТБМ у 2013 годзе"
Мінск 20 студзеня 2013 г.
Рада ТБМ пастанаўляе:
У сувязі з магчымымі зменамі ў заканадаўстве Рэспублікі Беларусь правесці на працягу 2013 г. перарэгістрацыю ўсіх сяброў ТБМ.
Адказныя - старшыні рэгіянальных арганізацый ТБМ.
Анкета сябра ТБМ
1. Прозвішча, імя, імя па-бацьку
2. Дакладная дата і месца нараджэння
3. Кароткія біяграфічныя дадзеныя, уключаючы звесткі:
3.1. Дакладны хатні адрас: Вуліца, дом, корпус, кватэра, горад, паштовы індэкс
3.2. Хатні, мабільны тэлефон, e-mail.
4. Нумар пасведчання сябра ТБМ (калі ёсць)
5. Месца працы і пасада
6. З якога году з'яўляецеся сябрам ТБМ
Хто адкажа за знішчэнне дзяржаўнай уласнасці?
Са сродкаў масавай інфармацыі і зваротаў грамадзян стала вядома, што ў некаторых месцах паздымалі толькі што ўстаноўленыя бігборды "Мама = мова. Любіш маму?" Журналістам не ўда-лося высветліць, хто і паводле чыйго загаду гэта зрабіў. Старшыня ТБМ Алег Трусаў звярнуўся з гэтай нагоды да Генеральнага пракурора Бела-русі.
Cпадару А. У. Конюку,
Генеральнаму пракурору
Рэспублікі Беларусь
220050, г. Мінск, вул. Інтэрнацыянальная, 22
Аб свядомым знішчэнні дзяржаўнай маёмасціі нелюбові да дзяржаўнай беларускай мовы
Паважаны Аляксандр Уладзіміравіч!
У грамадскае аб'яднанне "Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны" звярнуліся грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія абураны фактамі знішчэння ў горадзе Мінску і некаторых іншых гарадах Беларусі бігбордаў, заказаных і аплочаных Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь. Мэта гэтых бігбордаў - заахвоціць грамадзянаў нашай краіны не саромецца размаўляць на роднай мове. Найбольш абурае іх знішчэнне рэкламных шчытоў з надпісам "Мама=мова".
Са сродкаў масавай інфармацыі мы даведаліся, што ўстаноўка гэтых шчытоў была ўзгоднена з мясцовымі ўладамі. Звычайна рэкламны шчыт стаіць на вызначаным для яго месцы каля паўгоду. Але, напрыклад, у Мінску азначаны вышэй рэкламны шчыт "Мама=мова" не прастаяў і некалькіх дзён. Пры тым, ніхто не ведае, хто яго зняў і па якой прычыне.
У сувязі з гэтым просім Вас правесці пракурорскае расследванне па факце наўмыснага знішчэння дзяржаўнай маёмасці. Складваецца ўражанне. што асобы, якія загадалі таемна зняць згаданыя бігборды, не паважаюць дзяржаўную беларускую мову і не падзяляюць думку, выказаную Кіраўніком нашай дзяржавы на ІV Усебеларускім народным сходзе: "Беларуская мова з'яўляецца важнейшым нацыянальным культурным здабыткам".
Было б добра, каб імёны гэтых асоб сталі вядомыя шырокай грамадскасці.
З павагай,
Старшыня ТБМ Алег Трусаў.
Кіраўніцтва ТБМ раіць жыхарам гарадоў, дзе заўважаны факты знішчэння толькі што ўстаноўленых бігбордаў, звяртацца ў пракуратуру сваіх гарадоў і раёнаў з аналагічнымі лістамі, каб і мясцовыя пракуроры паўдзельнічалі ў навядзенні парадку ў краіне ў пытанні недапушчэння дрымучай беларусафобіі, якая ўсё часцей дае пра сябе знаць у розных "славянскіх маршах", антыкаліноўскіх канферэнцыях і вось яшчэ і ў нахабным знішчэнні маёмасці дзяржавы Беларусь.
Вынікі "Беларускага пяціборства - ХІІ"
16 студзеня ў Магілёве адбылося "Беларускае пяціборства-ХІІ". Развязваць сваёй мовай матэматычныя задачы, адказваць на пытанні з прыродазнаўства, гісторыі Беларусі, беларускай літаратуры і мовы сабраліся 23 навучэнцы 8-11 класаў з розных гарадоў і вёсак Магілёўшчыны. 23 спаборнікі гатовы былі даказваць, што атрымалі ў сваіх установах годную адукацыю. У некаторых гэта атрымалася, хаця тут варта дадаць слова "адносна", таму што выніковыя балы невялікія, асабліва ў гуманітарных намінацыях.
Адмысловы прыз за лепшы развязак матэматычных задач атрымае Лаўрэнаў Ягор з вёскі Пудаўня Дрыбінскага раёна. Маці, настаўніца матэматыкі, змагла далучыць сына да гэтай мудрай навукі. Але высокі бал у матэматыцы не вывеў Ягора ў прызёры спаборніцтва, бо балы ў гуманітарных намінацыях амаль нулявыя. Трэцяе месца заняла васьмікласніца магілёўскай гімназіі № 1 Пілецкая Марыя . Яна не змагла развязаць матэматычныя задачы, але паказала высокія вынікі ў мове і літаратуры (настаўніца - Ганна Бандарэнка ), чым і заслужыла свой прыз. Марыя атрымае і адмысловы прыз за лепшы адказ на пытанне па літаратуры. Такі ж прыз будзе ўручаны і яе аднакласніку Зміцеру Юркову .
Другое месца ў адзінаццацікласніцы бабруйскай гімназіі № 3 Жыркевіч Настассі . Наста ўвогуле застанецца легендай беларускага пяціборства, бо ўдзельнічала ў гэтым спаборніцтве чатыры разы і кожны раз займала прызавыя месцы - два першых месцы (2010 і 2012) і два другіх (2011 і 2013). На гэты раз яна прывяла з сабой сястру Ангеліну , васьмікласніцу той жа гімназіі. І малодшая перамагла, атрымаўшы больш высокія балы, чым у старэйшай сястры, па ўсіх намінацыях, акрамя мовы. У Насты ж па мове самы высокі бал, і яна атрымае адмысловы прыз за лепшую мову. Ангеліне Жыркевіч, акрамя галоўнага прыза, будзе ўручаны адмысловы прыз за лепшыя адказы на пытанні з прыродазнаўства. Гэткі ж прыз атрымае васьмікласнік магілёўскай гімназіі №1 Алесь Гаўрыленка.
Адмысловы прыз за лепшыя адказы на пытанні з гісторыі Магілёўшчыны журы вырашыла не прысуджаць. Чарговы раз можна выказаць шкадаванне аб нізкай якасці гуманітарнай адукацыі ў школах Беларусі, асабліва адукацыі тычнай гісторыі, мовы і літаратуры сваёй краіны.
Міхась Булавацкі, старшыня журы. Фота Надзеі Бацілавай .
ПРА ДЗВЕ ІДЫЁМЫ
Нярэдка ў мовазнаўчых і літаратуразнаўчых працах, у вусным і пісьмовым маўленні тэрміны "фразеалагізм" і "ідыёма" атаясамліваюць, ужываюць як абсалютныя сінонімы. Але такое ўжыванне - недакладнае, няправільнае. Слова "ідыёма" - запазычанае з грэчаскай мовы ( idiоma ), дзе гэты тэрмін абазначаў 'адмысловы, своеасаблівы выраз'. Шарль Балі, В.У. Вінаградаў, Б.А. Ларын, А.А. Рэфармацкі, У.П. Жукаў, М.І. Гурскі і многія іншыя вучоныя ставілі знак роўнасці толькі паміж фразеалагічным зрашчэннем (паводле вядомай класіфікацыі акад. В.У. Вінаградава) і ідыёмай. Параўнаем, напрыклад, і ў вучэбным дапаможніку В.І. Рагаўцова "Уводзіны ў мовазнаўства" (2004, с. 182): "Фразеалагічныя зрашчэнні, або ідыёмы, - семантычна непадзельныя выразы, цэласнае значэнне якіх не матываванае…". Прыкладна такое ж азначэнне даецца слову ідыёма і ў ТСБМ (т. 2, с. 528). Зрашчэнні (ідыёмы) істотна адрозніваюцца ад фразеалагічных адзінстваў - вобразных, матываваных адзінак тыпу: жаваць жвачку, віляць хвастом, правая рука .
Далей размова пойдзе пра дзве ідыёмы беларускай літаратурнай мовы (у стылістычных мэтах замест "ідыёма" будзем выкарыстоўваць яе заменнікі - "зрашчэнне", "фразеалагізм" (як родавае паняцце ў адносінах да зрашчэнняў і адзінстваў) або проста "выраз").
Першая ідыёма - як піліп з канапель . Яна абазначае 'зусім нечакана, знянацку, раптоўна' і ўжываецца пры дзеяслове-суправаджальніку "выскачыць". Вось толькі тры прыклады з вялікага мноства ўжыванняў ідыёмы ў нашай мове: "[Язва:] Прашу слова для нечарговай заявы. [Галасы:] Як гэта бястактна! - Хто ён такі? - Выскачыў як піліп з канапель" (К. Крапіва); "Мохарт не любіў выскакваць як піліп з канапель, каб паказацца перад другімі" (А. Алешка); "Не стрымаўся і Колька і як піліп з канапель выскачыў наперад" (Л. Дайнека).
Як бачым, гэты фразеалагізм характарызуецца семантычнай непадзельнасцю, немагчымасцю вывесці значэнне цэлага з яго кампанентаў. Ён, як і іншыя ідыёмы, - "хімічнае злучэнне нейкіх раствораных і з пункту гледжання сучаснай мовы аморфных лексічных частак" (В.У. Вінаградаў). Гэта нематываваны, бязвобразны фразеалагізм, які патрабуе этымалагічнага аналізу, высвятлення матываў яго ўзнікнення.
З сярэдзіны XIX ст. бытавала, па сутнасці, анекдатычнае, са сферы народнай этымалогіі, вытлумачэнне, як узнік гэты выраз. П.М. Шпілеўскі ў часопісе "Москвитянин" (1852, ч. 4, кн. 2, с. 127) пісаў, што "Каноплі" - гэта засценак на Ігуменшчыне (цяперашні Чэрвеньскі раён), а шляхціц Піліп (Филипп) з Канапель аднойчы на сейміку К. Радзівіла нечакана і недарэчы выказаўся і быў востра абсмеяны. Як вынік гэтага, нібыта і склаўся выраз "(выскачыў) як Піліп з Канапель".
Аднак выраз існаваў у жывой народнай мове яшчэ ў XVI ст. Так, у нядаўна апублікаванай манаграфіі В.І. Рагаўцова "Вербальныя сродкі камічнага" (2012, с. 14) змешчаны ўрыўкі з інтэрмедыі часоў Вялікага Княства Літоўскага "Літарат, Селянін і Самахвальскі" (датуецца 1651 годам). На рэпліку аднаго персанажа ("… вырвал сен Філіп з конопі") Селянін адказвае: "Не знаеш, маспане, не ўмееш, хоць ты мудрэц, не Піліп я, а Гаўрыла".
Фразеалагізм фіксуецца ў "Зборніку беларускіх прыказак" (1874, с. 22) І.І. Насовіча: "выскачыў, як Піліп з канапель". Ёсць ён у польскай і ўкраінскай мовах. У беларускай мове яго трэба лічыць запазычаннем з польскай мовы (jak filip z konopi), дзе слова filip і сёння - другая назва зайца; напрыклад, у "Польска-беларускім слоўніку" (1962, с. 152): filip (з паметамі "рэгіянальнае, паляўнічае") - заяц .
Выраз склаўся ў асяроддзі паляўнічых, якія не раз бачылі ў часе палявання, як, уцякаючы і забегшы ў каноплі ў перыяд іх цвіцення, заяцпіліп не вытрымліваў іх цяжкага, дурманнага, ап'яняльнага паху і стрымгалоў выскокваў адтуль. Узнікшы як параўнальны зварот, зрашчэнне ўжываецца з абавязковым прыфразеалагічным словам "выскачыць", у якім адначасова суіснуюць два значэнні: 'выбегчы' і 'недарэчна ўмяшацца ў што-небудзь': "З-за апошняй лаўкі выскачыў як піліп з канапель Аверкаў Калеснік ды як ляпне: - Хапайце іх і вяжыце!" (С. Грахоўскі).
Забыццё першапачатковай вобразнасці прывяло да пераасэнсавання слова "піліп", якое нярэдка ўспрымаецца як уласнае імя і беспадстаўна пішацца з вялікай літары. І ў ТСБМ (т. 2, с. 616) чытаем: "як Піліп з канапель". Адпаведна і карэктары, кіруючыся паказаннем нарматыўнага даведніка, папраўляюць аўтараў. Гэтак жа зрабілі і ў "Слоўніку фразеалагізмаў" (2008, т. 2, с. 214): ва ўсіх ілюстрацыйных прыкладах кампанент "піліп" далі з вялікай літары. Праўда, у гэтым жа томе на с. 653 (у артыкуле "як чорт з табакеркі") не заўважылі, не "выправілі", пакінулі так, як і трэба: "як піліп з канапель".
Другая ідыёма - што называецца . Яна такая ж семантычна непадзельная, нематываваная, бязвобразная, як і іншыя ідыёмы. У "Слоўніку фразеалагізмаў" (т. 2, с. 78) яна апісваецца як мадальны выраз са значэннем 'як прынята гаварыць' і сінтаксічнай паметай "у ролі пабочных слоў". Некалькі прыкладаў яе рэалізацыі ў маўленні: "Бой, што называецца, кіпеў" (Я. Колас); "Людзі былі рупныя і працавітыя, дык вось праз некалькі гадоў яны абрабілі гэтую зямлю добра і зажылі, што называецца, багата" (З. Бядуля); "Гэтае раніцы Дзераш быў, што называецца, не ў гуморы" (Х. Шынклер).
З такім жа адзіным значэннем гэты фразеалагізм фіксуецца і ў ТСБМ (т. 3, с. 251). Але, як паказвае маўленчая практыка, гэта ідыёма мае яшчэ адно значэнне - прыслоўна-акалічнаснае 'выдатна, грунтоўна, капітальна'. Напрыклад, у камедыі К. Крапівы "Хто смяецца апошнім", у адным з яе эпізодаў, Гарлахвацкі, замкнуўшыся ў сваім кабінеце з Зёлкінай і пачуўшы, як жонка грукоча ў дзверы, замітусіўся і ў роспачы кажа Зёлкінай: "Ах чорт! Уліплі мы што называецца. Чуеце, як бушуе мая ведзьма?" Яшчэ прыклады: "Пры стале і мы сваёй працы не пашкадавалі. Падмацаваўшыся што называецца, падышлі да касы. Нам сказалі заплаціць па паўтары маркі з брата" (Я. Купала); "Міхась і Іван - леснікі. Зайшлі яны да цёткі Хрумы і трынкнулі што называецца. А цяпер ішлі дадому" (Я. Колас). "Вось і вяселле ў нашага Фэлькі. У дзела захоплены міскі, талеркі. Што называецца музыка рэжа…" (Я. Купала).
Паводле ж паходжання гэта ідыёма - калька з французскай мовы (ce qu'on appelle).
Іван Лепешаў.
Да 1150-годдзя кірыліцы
Альбом-каталог "Книги кирилловского шрифта XVI - нач. XX в. в собрании Национального художественного музея Республики Беларусь" (аўтары Г.В. Кірэева; Н.Я. Трыфанава) - першае выданне ў краіне, якое ўяўляе поўнае апісанне кніг музейнай калекцыі.
Кніжны збор Нацыянальнага мастацкага музея пачаў фармавацца ў 1954 г. з паступлення ў фонд рукапіснага "Евангелля" XVI ст. У цэлым ён налічвае 189 адзінак захоўвання. Калекцыю кірылаўскага друку ўяўляюць 66 кніг, выдадзеных у XVI - пачатку XX ст. у Беларусі, Украіне, Расіі.
Фармаванне калекцыі кніг кірылаўскага друку звязана з экспедыцыйнай дзейнасцю, пачатай музеем у 1950-я гг. Абследаванні культавых аб'ектаў выявілі багацце і разнастайнасць кніжных калекцый у храмах Беларусі. Працяг працы навуковых экспедыцый у 1970-1980 гг. спрыяў папаўненню кніжнага фонду музея.
Кнігі набываліся ў прыватных асоб, былі перададзены дзяржаўнымі ўстановамі, атрыманы ў дарунак. Часам закупляліся праз букіністычныя крамы.
Большасць кніг калекцыі - набажэнскага і рэлігійна-маральнага зместу. Гэта праваслаўныя, уніяцкія, стараверскія выданні. Многія асобнікі цікавыя запісамі рознага характару, мастацкім афармленнем вокладак.
Калекцыя ўключае 10 беларускіх выданняў, з якіх найболей раннім з'яўляецца Евангелле 1600 г. з друкарні братоў Мамонічаў у Вільні. Рэдкае выданне - "Акафісты ўсесядмічныя" 1698 г., надрукаванае Максімам Вашчанкам у Магілёве Яно ўключае гравюры высокага мастацкага ўзроўню. Маюцца выданні канца XVIII ст. вядомых друкарняў Вялікага Княства Літоўскага - Віленскай Траецкай і Гарадзенскай каралеўскай друкарні.
Кніжная прадукцыя Ўкраіны XVII - пачатку XX ст., адрозная асаблівым афармленнем, прадстаўлена 28 выданнямі львоўскай, кіеўскай, ноўгарад-северскай, чарнігаўскай, пачаевской друкарняў.
Шэраг музейных асобнікаў дае ўяўленне пра характар выданняў XVII-XIX стст. маскоўскага Друкарскага двара - Сінадальнай друкарні, цэнтра кнігадрукавання Расійскай дзяржавы. У калекцыі маюцца таксама кнігі, надрукаваныя ў Клінцах, Маскоўскай стараверскай друкарні.
Аўтары альбома-каталога правялі сур'ёзную навукова-даследчую дзейнасць па атрыбуцыі кніг, расшыфроўцы імёнаў гравёраў, вызначэнні іконаграфічных сюжэтаў. Выдавецтва "Белпрынт" паклапацілася пра годнае мастацкае афармленне выдання (мастак Гоманаў Л.М.). У дадзеным варыянце прадстаўленая навуковая праца без сумневу прыцягне ўвагу як спецыялістаў у вобласці кніжнай культуры, так і шырокае кола аматараў і знаўцаў мастацкай творчасці.
Наш кар.
Шануйце родную мову
Каляндарык з Полацка
Полацкая гарадская арганізацыя ТБМ выдала кішэнны каляндарык на 2013 год.
У якасці ілюстрацыі скарыстана вокладка кнігі Ўладзіміра Арлова "Краіна Беларусь".
Наш кар.
Па мову
…Ішлі яны берагам.
Лес дзе-нідзе…
І раптам сустрэў іх
дапытлівы дзед:
- Куды вы так, хлопцы?
Пяшком… Басанож…
- Па мову, дзядуля.
- Па мову?
- Няўжо ж.
Бо ў горадзе штосьці
яе не чуваць.
Мы пойдзем па вёсках
белмову шукаць.
Ці ёсць яна ў Зблянах?
- Ды, кажуць, жыве.
А хто ж ад народа
яе адарве?!
Яшчэ Панямонцы
гукаюць на ёй,
збіраючы ў лесе
грыбы за ракой.
- А Пескаўцы?
Хочам і там
мы пабыць.
- І ў Пескаўцах,
думаю, будзе шчэ жыць.
Гамоняць на ёй
Шаўдзіні і Шаршні,
Бурносы, Дакудава,
Орля, Гузні.
- Мы хочам дабрацца
яшчэ і туды,
бо родная мова
з крынічнай вады.
Ну дзякуй, дзядуля.
- Бывайце, браткі.
Сціскайце ў дарозе
мацней кулакі.
І хлопцы ўздоўж Нёмна
ідуць і пяюць.
А сосны ім водар
і сілы даюць.
Вітаюць іх зыкі
пчалы і чмяля,
і бусел крылом ім
махае здаля.
Задуму іх дуб
старажытны ўхваліў
і сэрцы агнём
векавым распаліў.
І дзяцел адобрыў
Іх смелы імпэт.
А гэта былі
музыкант і паэт.
І хораша хлопцам
так крочыць было,
дзе ўсё наваколле
буяла, цвіло.
Ды раптам аднекуль
ці звер, ці мо чорт
узнік на сцяжынцы,
скрывіўшы свой рот.
І мовіў так брыдка,
так гадка, няўлад:
- Ану, лабатрасы,
шуруйце назад!
Задумалі мову
Па вёсках шукаць?!
Ды мне на яе
і на вас напляваць.
Хіснуўся падбел
маладзенькі ў бакі -
і сціснулі хлопцы
мацней кулакі.
- Ну, што, пабаксуем,
стары прайдзісвет? -
і ў лоб засандаліў
злачынцу паэт.
Музыка ляўшою
ў плячо садануў -
і чорта як вецер
наднёманскі здуў.
І зноўку пакрочылі
хлопцы далей,
ды ўжо пачалі
прыглядацца пільней,
каб зноў на шляху
не ўзнік ліхадзей,
не зблытаў іх карты,
не ўкраў іх надзей.
У вёсках над Нёмнам
ва ўсіх пабылі,
збіралі па слоўцу,
дзе толькі маглі:
на вуліцы, ў хатах,
у полі, ў лужку -
і мовы набралі
па поўным мяшку.
Уладзімір Васько.
Хрысціянскі аздараўленчы пост як сродак у практыцы масавай разгрузачна-дыетычнай прафілактыкі
(Даклад на славянска-балтыйскім медыцынскім форуме "Санкт-Пецярбург - ГАСТРА - 2012")
Хвала Ісусу Хрысту!На векі вечныя.
Аман!
Па блаславенні і з дазволу Яго Высокапраасвяшчэнства Мітрапаліта Менска- Магілёўскага Архіепіскапа Тадэвуша Кандрусевіча, які 16 гадоў служыў у гэтай паўночнай сталіцы Расіі, і ад імя ўсіх хрысціян-католікаў Беларусі я выступаю на гэтым знакамітым Форуме прагрэсіўных медыкаў-прафесіяналаў з розных краін свету.
У Еўропе, ЗША, СНД у цяперашні час назіраюцца складаныя сацыялагічныя абставіны, якія характарызуюцца няўстойлівасцю шлюбу, нізкай нараджальнасцю, зніжэннем колькасці насельніцтва і, як вынік, пагаршэннем экалагічных, духоўных і сацыяльных абставін.
Парушаюцца ўмовы працы, не хапае рабочай сілы сярэдняй і пачатковай кваліфікацыі.
Прасочваецца вялікая і амаль некіраваная міжнародная міграцыя ў пошуках любой працы. Зараз лягчэй знайсці медыка-прафесіянала, чым прыбіральшчыцу. Усё гэта безумоўна прыцягвае ўвагу рэлігійнай і навуковай грамадскасці з мэтай выбаўлення чалавецтва ад пагрозы нацыянальнай бяспекі, якая вядзе да выраджэння нацыі.
Ваш суайчыннік А.Б. Красільнікаў арганізаваў грамадскі рух "За захаванне нацыі". На прэзентацыі гэтага руху ў Екацерынбурзе прывёў такія факты: штогод краіна губляе ад 500 тысяч да мільёна чалавек, а на чатыры смерці прыходзіцца толькі трое народжаных. Ён лічыць, што неабходна аб'яднаць тры вялікія сілы. А якія гэта сілы? Дзяржава, грамадства, Царква.
Праблемы, паднятыя на Форуме, не новыя, яны дакладна вывучаны ў трафалогіі, у галіне агульнай фізіялогіі арганізма, нутрыцыялогіі, сацыяльнай псіхалогіі, этнагенезе, у навуцы аб наасферы. Гэтыя навуковыя дысцыпліны створаны такімі выдатнымі вучонымі, як Веніямінаў, Пашуцін, Выгодскі, Гумялёў, Вярнадскі, Угалеў, Арынчын, Нікалаеў, Какосаў, Максімаў, Гурвіч, Харашылаў, Мураўёў і многія іншыя, якія плённа працуюць і сёння.
У Расіі пашыраецца афіцыйная сетка здраўніц і цэнтраў з прымяненнем РДТ, а ў Санкт-Пецярбурзе нават ёсць цэнтр падрыхтоўкі, удасканалення медыкаў-прафесіяналаў па спецыяльнасці РДТ.
Але з імі, медыкамі, няма афіцыйнай Царквы!
У нас, у Беларусі, Царква актывізуе практыку ачышчальна-прафілактычнага посту, але з ёй няма афіцыйнай медыцыны.
У Расіі лекары самі, а ў Беларусі Царква сама. Хіба гэта не парадокс?
У прыватнасці, у Беларусі сфармавана канцэпцыя захавання здароўя грамадзян, яна ўхвалена Прэзідэнтам.
Усім вядома, што за апошні час у Беларусі пабудавана значная колькасць сучасных спартыўных комплексаў, і наша невялікая краіна па некаторых відах спорту складае пэўную канкурэнцыю на міжнародным узроўні.
Ідэя захавання здароўя грамадзян станоўча сустрэта і ў клерыкальных колах Беларусі. Так, я маю гонар перадаць вам блаславенне Яго Высокапраасвяшчэнства Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча, які цалкам падтрымлівае гэты кірунак.
У Беларусі хрысціян-католікаў каля трох мільёнаў. Праваслаўных хрысціян у нашай краіне значна больш.
Неабходна адзначыць, што ўпершыню ў Беларусі Міністэрства аховы здароўя правяло бясплатную патранажную падтрымку вернікам у правядзенні чыстага посту. Было праведзена шэсць відаў аналізаў у групе з 58 чалавек, якія пасціліся. Камісія, у якую ўваходзілі лекары вышэйшай катэгорыі, кандыдаты і дактары навук, пасля дэталёвага аналізу прызнала гатовымі тых, хто пасціўся, да 10-дзённага посту на вадзе.
Вынікі папярэдняга і канчатковага амбулаторнага аналізу пераканалі нас у тым, што ўдзельнікі гэтага ўзвышанага аздараўленчага хрысціянскага акту атрымалі высокія вынікі ачысткі ўласнага арганізма. 90% удзельнікаў прызналі сваё самаадчуванне выдатным. Нездавальняльных вынікаў не назіралася.
Такім чынам, у Беларусі стварыліся ўмовы, якія заключаюцца ва ўзмацненні кансалідацыі дзяржавы і Царквы ў рабоце па масавым правядзені хрысціянскага посту ў рамках царкоўнага календара.
Неабходна пашыраць практыку ачышчальна-аздараўленчага посту насельніцтва, які заключаецца ў прыняцці чыстай вады з раніцы да 12.00 - абеду. Разумею, што гэта маленькія крокі, але яны даступныя кожнаму. Пост павінен радаваць людзей сваімі станоўчымі вынікамі, тым больш, што практыка пашчэння падтрымліваецца не толькі Царквой, але і Дзяржавай.
Ежа для тых, хто посціцца, павінна быць экалагічна чыстай, са свежых прадуктаў.
Неабходна на працягу года арганізоўваць абслугоўванне з боку медыцыны тых вернікаў, паломнікаў, якія посцяцца і пры гэтым імкнуцца наведаць Святыя мясціны.
Такім чынам, размова ідзе аб новай індустрыі аховы здароўя, пры развіцці якой можа быць выкарыстаны як дзяржаўны, так і прыватны капітал.
Вынікі такой дзейнасці дадуць грамадству выхаваных людзей, здаровыя сем'і і ўдзячных нашчадкаў - дзяцей.
Зыходзячы са сказанага вышэй, мы лічым сваім абавязкам звярнуцца да ўдзельнікаў Форуму (каля 600 чал.) з наступнымі прапановамі:
1. Распрацаваць палажэнне аб захаванні здароўя людзей як мэты развіцця сучаснага грамадства на ўсёй прасторы СНД.
2. Увесці ў адпаведныя праграмныя дакументы Саюзнай дзяржавы палажэнне:
а) аб здаровай нацыі;
б) аб нацыянальнай бяспецы;
в) аб удасканаленні выхавання здаровага пакалення.
3. Распаўсюдзіць гэта палажэнне на праграмныя дакументы аб сям'і і дзяцінстве, на праграмы ўстаноў адукацыі вышэйшай і сярэдняй школы, на армейскія статуты.
4. Увесці ў практыку ўсіх канфесій Саюзнай дзяржавы палажэнне аб пашырэнні этнічных форм посту ў саюзе з кіраўнічымі медыцынскімі органамі кожнага рэгіёна.
5. Арганізаваць ільготныя падаткі для ўсіх рэзідэнтаў пры ўмове падтрымання імі канфесійнага посту.
6. Увесці ў статуты дзейнасці ўсіх прыватных, дзяржаўных адукацыйных устаноў палажэнне аб падтрымцы аховы здароўя грамадзян, якое сыходзіць як з прыватных, так і канфесійных ініцыятыў.
7. Падрыхтаваць праект адпаведных прэферэнцый па факце сумеснай дзейнасці органаў аховы здароўя, устаноў адукацыі, лячэбных устаноў і акадэмічных клінік па пытаннях аховы здароўя.
8. На дзяржаўным узроўні праводзіць сіламі акадэмічных і іншых клінічных устаноў маніторынг па асновах РДП і РДТ, а таксама па навейшых дасягненнях валеалогіі.
9. Ва ўсіх відах масавай інфармацыі (тлебачанне, прэса, кнігадрукаванне, інтэрнэт) не менш 10% часу прысвяціць названым вышэй пытанням.
10. Прызнаць адхіленне ад указаных мерапрыемстваў парушэннем правоў грамадзяніна СНД.
Дазвольце перадаць Вам словы маёй мамы, якой у гэтым годзе спаўняецца 99 гадоў: "Усім вам жадаю здаровага даўгалецця".
Хрысціянін.
(Пераклад з рускай мовы. Скарочана.)
Віншуем сяброў ТБМ, якія нарадзіліся ў лютым
Абраменка Эдуард Якаўлевіч Азаронак Вікторыя Андруцэвіч Станіслаў Вячас. Ануфрыенка Валянціна Аскерка Валянціна Валянцін. Аўкштулевіч Тамара Яўген. Аўсеенкава Кацярына Валер. Ахрамчук Віктар Георгіевіч Бабічаў Антон Вячаслававіч Багдановіч Эвеліна Паўлаўна Багдзевіч А.І. Баравік Марыя Якаўлеўна Бардош Іна Анатольеўна Барысік Мікалай Богуш Мікалай Болбас Вадзім Іванавіч Бубен Уладзімір Бублікава Лілея Бубновіч Іна Іванаўна Бузо Алег Леанідавіч Бязрукая Аксана Юр'еўна Бяліста Марына Бярэзіна Надзея Уладзімір. Вабішчэвіч Таццяна Іванаўна Васючэнка Пятро Васільевіч Ваўрышук Наталля Юр'еўна Вашкевіч Марына Верхачуб Уладзімір Васільев. Войткун Галіна Вотэхаўна Вярцейка Алесь Галякевіч Яўген Ціханавіч Гаравы Леанід Антонавіч Гарбацэвіч Валер Гарнастай Алена Гарэлава Ганна Гарэцкі Іосіф Аляксандравіч Гільвей Вацлаў Голуб Аксана Уладзіміраўна Грынь Сяргей Іванавіч Грышан Мікола Паўлавіч Губарэвіч Настасся Уладзім. Губарэвіч Юры Іванавіч Гуцалік Галіна Дамашэвіч Уладзімір Макс. Дземідовіч Вольга Валер'еўна Дзенісевіч Павел Алегавіч Дзеружынскі Авяр'ян Авяр. Дзмітручына Ганна Мікал. Добыш Генадзь Канстанцін. Драгун Павел Якаўлевіч Драздова Марыя Аркадз. Дубіцкі Віктар Сымонавіч Емяльянава Аляксандра Вік. Жаўняровіч Ганна Дзмітр. Жук Мікалай Жукоўская Л. С. Забаўская Святлана Засім Тамара Заяц Генадзь Мікалаевіч Іваніцкі Павел Яўгенавіч Ігнаценка М.І. Іжохіна Надзея Іванаўна Іжохіна Таццяна Мікалаеўна Калядка Таццяна Рыгораўна Камесніковіч Вольга Камінская Аліна Аляксандр. Канановіч Ірына Канашэнка Рыгор Канойка Ігар Карбановіч Сяргей Карнеева Алена Віктараўна Касаржэўскі Віктар Іванавіч Касцючык Валянціна Міхайл. Качура Яўген Кірэеў Антось Мікалаевіч Кішкурна Уладзімір Герасім. Клімовіч Наталля Клімчык Генадзь Кляшчонак Алена Ковель Уладзімір Корзан Ала Вікеньцеўна Краснабаеў Артур Мікал. Красоўскі Сяргей Уладзімір. Крук Алена Крываногава Святлана Крыванос Алеся Крывапуст Дзмітры Валер. Крысюк Людміла Крэйніна Людміла Міхайл. Кузьмянкова Наталля Алег. Курыленка Юлія Кур'ян Астап Андрэевіч Кухаронак Аляксандр Дзміт. Кухарэнка Настасся Кучаравенка Паліна Уладзім. Кучынскі Віталь Паўлавіч Лабада Анастасія Лагодская Ірына Ладыга Сяргей Паўлавіч Лазарэвіч Аляксандр Лашкоўская Рэгіна В. Ліс Тамара Літаш Вольга Літвінава Людміла Сямёнаўна Лопух Таццяна Уладзіміраўна Лукашонак Тамара Лукашэвіч Тамара Георгіеўна Лыч Леанід Міхайлавіч Лявончыкава Дз. Ляшчынскі Іван Купрыянавіч Мазынскі Валер Яўгенавіч Макарэвіч Аляксандр Васіл. Маліноўская Таццяна Рыгор. Марачкін Ігар Аляксеевіч Мартынаў Мікола Рыгоравіч Маслюкова Алена Аляксанд. Матавілава Кацярына Ігар. Матэлёнак Леанід Аляксанд. Машнюк Тацяна Аляксанд. Мінько Жанна Мірановіч Міхаіл Місуна Раман Мішчанкова Юлія Анатол. Мудроў Максім Мурашка Ігар Мянькоў Юры Уладзіміравіч Мяцельскі Мікалай Міхайл. Надакунева Ірына Наскоў Міхаіл Андрэевіч Нікіценка Таццяна Пятроўна Нікіцін Віталь Новікава Яна Нялепа В. Падашвялёў Дзмітры Алякс. Памецька Ніна Казіміраўна Панізоўцаў Сямён Сямёнавіч Парфёнаў Аляксандр Іван. Паўкштэла Сюзана Алегаўна Петрашкевіч Аляксандр Ан. Петрашкевіч Часлава Петрушкевіч Ала Мікал. Піўко Юры Плітко Віктар Васільевіч Працко Святлана Аляксанд. Прыгожын Аркадзь Ілліч Пухоўская Таццяна Фёдар. Пяткевіч Марына Пяткевіч Уладзімір Сцяпан. Пятровіч Аксана Іванаўна Пятроўскі Аляксандр Ражкоў Леанід Мікалаевіч Райчонак Аляксандр Алег. Ракевіч Мікалай Раманцэвіч Валянціна Карл. Рачко Мікалай Рудніцкая Яніна Ружыцкі Павел Аляксандр. Русак Андрэй Рымко Вольга Рысявец Раіса Рыгораўна Савасцеева Людміла Савіцкі Мікалай Іванавіч Садоўская Яна Францаўна Сакалова Алена Георгіеўна Сарока Андрэй Іванавіч Сахута Яўген Міхайлавіч Свістун Сяргей Серада Алеся Сяргееўна Сідарук Лілея Мікалаеўна Сіманёнак Людміла Іванаўна Сіплівеня Жана Сямёнаўна Старавойтаў Сяргей Мікал. Старжынскі Андрэй Стома Анастасія Страчук Аляксандр Сярг. Строганаў Вадзім Вячаслав. Стэпановіч Язэп Міхайлавіч Сучок Міхась Сцепанішчава Вера Андр. Сцефановіч Галіна Іванаўна Сяменас Людміла Францаўна Сянкевіч Мікалай Іванавіч Тарэлка Міхаіл Уладзіміравіч Трубкін Аляксей Анатольев. Туровіч Алесь Тэрэз Віктар Утохіна Наталля Ушакоў Сяргей Аляксандрав. Філюта Ніна Рыгораўна Хадневіч Васіль Хацкевіч Анатоль Канстанц. Хмянчук Марыя Іванаўна Ходар Аляксандр Цімохін Леанід Аляксандрав. Ціткоўскі Ігар Адамавіч Цішакіна Ірына Пятроўна Цэдрык Ганна Васільеўна Цярэнцьеў Зміцер Ігаравіч Чарнышова Зоя Чарняўскі Сцяпан Чыбісаў Мікола Чылік Ніна Аляксандраўна Шалкевіч Віктар Антонавіч Шаўчук Аляксандр Мікал. Шашута Алесь Шпакаў Фелікс Шундрык Георг Шчарбакоў Ян Сяргеевіч Шчасная Марыя Шырвель Андрэй Раманавіч Язукевіч Ганна Чаславаўна Яканюк Данат Лявонавіч Янушэўскі Віктар Пятровіч Ярмусік Эдмунд Станіслав. Яшчэня Ірына Яшын Дзмітры Іванавіч
Магілёў - культурная сталіца Беларусі
РУП "Белпошта" выпусціла канверт "Магілёў - культурная сталіца Беларусі 2013 г." На адвароце пазначана:
"Магілёў - старажытны горад на ўсходзе Беларусі, які прывольна раскінуўся на маляўнічых берагах ракі Дняпро. Упершыню ў пісьмовых крыніцах Магілёў згадваецца ў XIV ст.
Зараз Магілёў з'яўляецца адміністрацыйным, эканамічным і культурным цэнтрам Магілёўскай вобласці. Разгалінаваная сетка чыгуначных і шашэйных дарог злучае яго з буйнейшымі прамысловымі і культурнымі цэнтрамі Беларусі, Расіі, Украіны. У 2013 г. Магілёў аб'яўлены культурнай сталіцай СНД і Беларусі.
Памяці Рагнеды Аляхновіч
Нарадзілася Рагнеда Вінцэнтаўна (па пашпарту Вікенцьеўна) Аляхновіч (дзявочае прозвішча Грышкевіч) 9 жніўня 1931 года ў Вільні. Бацькі Ксенія Лапіцкая і Вінцэнт Грышкевіч. У 1954 годзе закончыла БДУ імя Леніна. З 15.08.1952 па 07.09.1954 працавала настаўніцай беларускай мовы і літаратуры ў сярэдняй школе вёскі Моўчадзь Гарадзішчанскага раёна Берасцейскай вобласці. З 16.09.1954 працавала настаўніцай беларускай мовы і літаратуры ў СШ № 23 г. Менска. 10.12.54 пераведзена працаваць настаўніцай беларускай мовы і літаратуры ў ШРМ №15, 20.09.1954 пераведзена працаваць настаўніцай беларускай мовы і літаратуры ў СШ №43. З 01.08.1967 была метадыстам ГІУН (Гарадскі інстытут удасканальвання настаўнікаў) па беларускай мове і літаратуры. 15.08.1970-03.01.1972 працавала настаўніцай беларускай мовы і літаратуры ў СШ №19. З 03.01.1972 навуковы супрацоўнік НДІ педагогікі МП БССР. 1.10.1987 выйшла на пенсію.
Аўтар падручнікаў ("Родная літаратура". 6 клас. 1990 г. і інш.), метадычных дапаможнікаў ("Янка Брыль у школе" і інш.), метадычных распрацовак, чытала лекцыі настаўнікам.
Узнагароджана Ганаровымі граматамі, значком "Выдатнік народнай асветы".
Вяла актыўную грамадскую работу. З 30.01.1993 сябра БНФ "Адраджэньне", таксама была сябрам Усебеларускага Міжнароднага Фонду Святой Ефрасінні Полацкай, узначальвала ТБШ Фрунзенскага раёна, была сябрам Канцылярыі ТБШ, Згуртавання беларусаў свету "Бацькаўшчына".
Але актывістку шматграннай грамадскай работы спыніла цяжкая невылечная хвароба. 13.01.2013 Рагнеда Вінцэнтаўна памерла.
"2101 год. Лета. Зямля Беларусі сіняя-сіняя, як у апошніх мроях інсургента з вядомага апавядання Караткевіча. Сінее безліч азёраў, рэкаў, ставаў з чыстай, празрыстай вадою. Сінеюць бяскрайнія палеткі лёну, якія толькі-толькі зацвілі. Вакол гэтай сінечы - мурожныя сенажаці, дагледжаныя палі, сівыя пушчы, гонкія гаі, маладыя дубровы.
А над такой пекнатою ўзносяцца ў неба чырвона-брунатныя і белыя вежы замкаў, ратушаў, бажніцаў…
…У ратушах, як і шмат вякоў таму - магістраты. Беларусь - шматканфесійная краіна. У касцёлах ды цэрквах моляцца ўніяты, рыма-католікі, пратэстанты, праваслаўныя, у мячэтах - мусульмане. Але ўсе славяць Бога па-беларуску…
… Гэтак цягам гадоў у Беларусі знову ўзнавілася яе спрадвечная аўра.
Беларусы пачуліся дзецьмі Айчыны, нязмушана вярнуліся да сваёй мовы, культуры, ладу жыцця…"
Рагнеда Аляхновіч. Краіна замкаў. НН № 25, 18.06. 2001 г. с.7
Мова - тое, што можа аб'яднаць беларусаў
У маскоўскай кавярні Старбакс (метро "Кузнецкі мост") адбыўся вечар беларускай мовы. Вольных месцаў не было: сабралася больш за 50 чалавек.
Карэспандэнт Радыё Свабода Франак Вячорка пагутарыў з арганізатаркай - журналісткай Кацярынай Кібальчыч, аўтаркай дакументальнага фільма "Беларуская мара" пра Плошчу 19 снежня 2010 года.
Вячорка:
- Спадарыня Кацярына, інфармацыя пра дні беларускай мовы ў Маскве премна здзівіла. На каго гэтая ініцыятыва разлічана?
Кібальчыч:
- "Мова ці кава" - гэта курсы для такіх людзей, як я, расейскамоўных беларусаў. І такіх, як вы, Франак, беларускамоўных. Таму, што практыка - гэта тое, чаго не хапае і мне, і, здаецца, вам. Усё выглядае, як такі "ангельскі" клуб, дзе людзі збіраюцца на каву. І ёсць адно правіла - размаўляць на беларускай, нягледзячы на ўзровень валодання мовай. З другога боку, гэта курсы, дзе мы паставілі амбітную задачу бяз сшыткаў і падручнікаў навучыць людзей гаварыць. Гэта не дні беларускай мовы, як вы сказалі: пшык і да пабачэння.
Вячорка:
- Як людзі рэагавалі. ці чакалі, што будзе аншлаг?
Кібальчыч:
- Насамрэч беларускамоўных у Маскве прыйшло мала, некалькі чалавек. У асноўным былі трасянкамоўныя і чатыры чалавекі ўвогуле расейцы з нулявым узроўнем. Парачка палякаў. Мы ведалі, што будуць расейцы і падрыхтавалі для іх нават адмысловае заданне. Але мы не чакалі такой колькасці людзей. Я думала, што максімум 20. Мы паралізавалі працу Старбакса амаль. Яны былі вымушаныя зачыніць адзін уваход, таму што мы яго ўсё роўна перакрылі. З такой колькасцю людзей цяжка працаваць выкладчыку. І добра, што на першым занятку іх было два. Гэта Васіль Дранько-Майсюк і дзяўчына Вольга Вербіловіч. Яны далей павінны весці заняткі па чарзе. Але разам яны таксама добра выглядаюць: ён у вобразе актора, яна - такая сьціплая сельская настаўніца-прыгажуня. Пад канец занятка нам прыйшлося разбіць людзей на дзьве групы, каб гуляць у мафію. Калі наступны раз прыйдуць столькі ж чалавек - проста ня ведаю, што з імі рабіць. Цяжка так вучыцца.
Вячорка:
- Наколькі беларусы Масквы згуртаваныя? Ці мова - тое, што іх можа аб'яднаць?
Кібальчыч:
- Пра беларусаў Масквы магу сказаць, што пакуль што няма арганізацыі актыўнай. Я не з'яўляюся дасведчаным чалавекам па гэтым пытанні. А мова ўвогуле можа аб'яднаць беларусаў, не толькі Масквы. Галоўнае, што я зразумела пасля першага занятку - што трэба неяк абмяжоўваць колькасць удзельнікаў у Менску. Ато раптам 100 чалавек прыйдуць? Вось як гэта зрабіць элегантна, пакуль не вырашыла...
Вячорка: Праект, выходзіць, доўгатэрміновы?
Кібальчыч: Кожны панядзелак, мінімум да лета. З лютага будзем браць Менск.
На здымках: 1. Кацярына Кібальчыч, 2. Беларусы ў Маскве.
Да 100-годдзя першай пастаноўкі "Паўлінкі"
Выстава "Не загаснуць зоркі ў небе", прысвечаная 100-годдзю першай пастаноўкі п'есы "Паўлінка", адкрылася ў Вільні. Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы прадставіў матэрыялы, прысвечаныя віленскаму перыяду жыцця і творчасці паэта і драматурга.
Асобная частка выставы адлюстроўвае гісторыю стварэння і пастановак самой камедыі, паведаміла загадчыца аддзела культурна-асветніцкай работы музея Вольга Пархімовіч.
- У 1913 годзе яна была ўпершыню пастаўлена ў клубе "Сокал". І праз сто гадоў музей Янкі Купалы адкрывае выставу, якая прысвечана віленскаму перыяду жыцця і творчасці Янкі Купалы і яго п'есе, менавіта ў сценах таго самага будынка, дзе і адбылася прэм'ера "Паўлінкі". Зараз тут Дом настаўніка.
На адкрыцці можна было пабачыць адрыўкі з п'есы у выкананні актораў Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы.
Упершыню "Паўлінка" была пастаўлена 27 студзеня 1913 г. ў Вільні ўдзельнікамі Бепарускага музычнадра - матычнага гуртка. Сярод узрушаных гледачоў быў сам Янка Купала, якому віленскія беларусы падаравалі залаты гадзіннік. Неўзабаве адбылася пецярбуржская прэм'ера камедыі, ажыццёўленая Беларускім навукова-літаратурным гуртком. У галоўнай ролі выступіла Паўліна Мядзёлка. У тым жа годзе, 15 жніўня, "Паўлінка" была паказана і ў старадаўнім мястэчку Радашковічы. Спектакль арганізавала і паставіла выязная трупа Фларыяна Ждановіча.
3 адкрыццём у 1920 г. Беларускага дзяржаўнага тэатра спектакль, сыграны ў Радашковічах, пасля некаторых дапрацовак, зробленых рэжысёрам Е. Міровічам, быў перанесены на сцэну новага тэатра.
Бел. Радыё Рацыя.
Ахвяраванні на ТБМ
1. Бураўкін Аляксей - 75000 р., г. Менск
2. Сінкевіч Дар'я - 25000 р., г. Менск
3. Самсонаў Аляксандр - 100000 р., г. Магілёў
4. Осіпава Аляксандра - 50000 р., г. Гомель
5. Лазарук Тамара - 30000 р., г. Менск
6. Давідоўскі Ігар - 100000 р., г. Менск
7. Надзя і Янка Запруднікі - 100 дол. ЗША.
8. Валер Савіч - 100000 р., г. Пінск
9. Павідайка В.М. - 70000 р., г. Менск
10. Гашноўская Т.В. - 15000 р., г. Менск
11. Зянькевіч Барыс - 20000 р., г. Менск
12. Талерчык - 50000 р., г. Гародня
13. Місовіч Мар'ян - 360000 р., Падсвілле
14. Ахрамчук Віктар - 30000р., г. Светлагорск
15. Восіпава Александра - 50000 р., г. Гомель
16. Цішкоўская Ірына - 50000 р., г. Жыткавічы
17. Райчонак Ада - 50000 р., г. Шаркаўшчына
18. Гарэцкі Р.Г. - 75000 р., г. Менск
Суполка Цэнтральная - Наваполацак
1. Кулік Анатоль - 40000 р.
2. Фарнэль Кастусь - 30000 р.
3. Рындзевіч Вячаслаў - 50000 р.
4. Шэвяка Аляксандр - 50000 р.
5. Пісарэнка Алесь - 50000 р.
6. Сідараў Сяргей - 50000 р.
7. Рымша Алесь - 200000 р.
8. Кунцэвіч Уладзімір - 70000 р.
9. Гацкі Уладзімір - 70000р.
10. Паўловіч Віктар - 70000 р.
11. Гняткоў Валеры - 70000 р.
12. Мельнікаў Юрась - 50000 р.
13. Рымша Сяргей - 30000 р.
14. Мудроў Алег - 70000 р.
г. Салігорск
1. Шаравар Мікалай Лаз. - 20000 р.
2. Тарбацэвіч Валер Аляксандр. - 10000 р.
3. Назарына Ларыса - 10000 р.
4. Даўмантовіч Іван Ул. - 40000 р.
5. Чувахова Алена Ўладз. - 10000 р.
6. Казакоў Ігар Яўмен. - 45000 р.
7. Малочка Віктар Уладз. - 30000 р.
8. Малочка Александр Віктар. - 45000 р.
9. Нагін Павел Пятровіч - 10000 р.
10. Лапановіч Андрусь Вас. - 40000 р.
11. Ігнашэвіч Вадзім - 25000 р.
Дзейнасць ГА "ТБМ імя Францішка Скарыны" па наданні роднай мове рэальнага статуса дзяржаўнай вымагае вялікіх выдаткаў. Падтрымаць ТБМ - справа гонару кожнага грамадзяніна краіны.
Просім Вашыя ахвяраванні дасылаць на адрас, вул. Румянцава, 13, г. Мінск, 220034, альбо пералічыць на разліковы рахунак ТБМ №3015741233011 у Аддзяленні № 539 ААТ "Беінвестбанка" код 739 (УНП 100129705) праз любое аддзяленне ашчадбанка Беларусбанк.
Паўстанне 1863 г. на Лідчыне*
(Працяг. Пачатак у папяр. нумары.)
Да такога дакумента цяжка яшчэ нешта дадаць, такому паслужному спісу пазайздросціў бы любы афіцэр, але цікава, што ягоная жаўнерская служба пачалася з таго, што камандзіру роты, які абазваў яго "палякам - бунтаром" Нарбут адказаў аплявухай. Ён быў аддадзены пад ваенны суд, але, на шчасце, нейкі з указаў цара Мікалая I забараняў такімі словамі зневажаць салдат, таму Людвік адкараскаўся толькі арыштам і пераводам 05.08. 1854 г. у полк, які адпраўляўся на Каўказскі фронт. Потым, у лістах з Каўказа ён прасіў сястру Тадору прыслаць хаця б засушаную кветку або жытні каласок з родных палёў.
Падчас службы ў войску Нарбут адбыўся як прафесійны вайсковец высокага класу, удзельнічаючы ў супрацьпартызанскіх дзеяннях рускага войска, да тонкасцяў спасціг мастацтва партызанскай вайны. Усё гэта яму хутка спатрэбіцца.
У 1859 г., у чыне падпаручніка Нарбут звальняецца са службы, з-за "хатніх акалічнасцяў" і напачатку красавіка 1860 г. ён ужо ў родных Шаўрах. За час яго адсутнасці ў сядзібе нічога не змянілася. Тая ж шляхочая хата з ганкам на падмурку, тыя ж гаспадарчыя пабудовы, той жа лес навакол. Моцна пастарэў бацька, ён амаль аглух, пастарэла маці, вырасла і стала прыгожай паненкой сястра Тэся. Людвік заняўся гаспадарскімі справамі, занава, як сталы чалавек перазнаёміўся з суседзямі, а праз некаторы час на паўгода паехаў у Варшаву і Кракаў.
У самым блізкім суседстве з Шаўрамі знаходзіўся маёнтак Сербянішкі які належаў маладой удаве Амелі Седлікоўскай (з Кунцэвічаў). Амеля вылучалася сярод жанчын свайго кола добрай адукацыяй. Яшчэ раней яна сябравала з сям'ёй Нарбутаў і часта бывала ў Шаўрах, таму пасля вяртання Людвіка, маладыя людзі хутка зблізіліся і ў 1861 г. пабраліся шлюбам, пасля чаго маладая сям'я пасялілася ў маёнтку Сербянішкі. Іх адзінае дзіця - дачка Марыя памерла немаўлём.
Гэтыя некалькі гадоў, калі Людвік вёў жыццё жанатага чалавека, займаўся гаспадаркай, чытаў кнігі і газеты, вёў перапіску з сябрамі, паляваў, праляцелі вельмі хутка. Кім бы ён мог стаць, калі б не паўстанне?
Невядома.
Але менавіта ў гэты кароткі перыяд свайго жыцця ён пачаў пісаць вершы і артыкулы для прэсы і, хто ведае, можа быць з часам атрымаў бы вядомасць не меншую, чым яго бацька? Але толькі досвед аднаго занятку гэтага перыяду - палявання хутка спатрэбіўся баявому афіцэру. Менавіта падчас палявання, Нарбут вывучыў кожную сцежку на Лідчыне і пазнаёміўся з многімі людзьмі.
Мірон-Браніслаў Нарбут у невыдадзенай частцы сваіх мемуарах так апісваў Людвіка: "Бачыў яго, здаецца, у 1860 г. у Лідзе на кантрактах, быў ён невялікага росту, худы, лысаваты бландын, з меланхалічным выразам на твары, прычым адрозніваўся вялікай разважлівасцю, пачцівасцю і павагай да людзей - гэта былі яго галоўныя якасці. Негаманлівы, сціплы, гатовы дапамагчы кожнаму, быў ён усімі паважаны гэтак жа, як і яго бацька" . Падчас паўстання, стаў ён "як бы іншым чалавекам, знікла меланхолія, а ўсё яго аблічча выяўляла ... радасць ад таго, што ён дачакаўся горача жаданага часу, пра які марыў раней" .
У 1862 г. да яго з Вільні прыехаў брат Баляслаў, каб перадаць адозву варшаўскага Цэнтральнага Народнага Камітэта. На наступны ж дзень Людвік паехаў у Вільню, сустрэўся з сябрамі рэвалюцыйнага камітэта і выказаў ім сваё жаданне прыняць удзел у будучым выступе, пасля чаго вярнуўся дахаты і пачаў чакаць загаду пра ўзброенае паўстанне.
Перад паўстаннем
У 1855 г. памірае цар Мікалай І, Расея атрымлівае ганебную паразу ў Крымскай вайне. Сітуацыя ў якой новы цар Аляксандр II уступаў на пасад у 1855 г., адназначна дыктавала неабходнасць рэформаў і лібералізацыі рэжыму. Улады на той момант не мелі праграмы пераўтварэнняў, але "польскае пытанне" непазбежна адразу апынулася ў цэнтры іх увагі. Расея прайграла Крымскую вайну, але на Парыжскай мірнай канферэнцыі расійскі прадстаўнік граф А.Ф. Арлоў рашуча адмовіўся разглядаць "польскае пытанне" як міжнароднае. Але Крымская вайна скончыла з Венскай сістэмай міжнародных адносін, заснаванай пасля паразы Напалеона на альянсе Раманавых, Габсбургаў і Гогенцолернаў. А імператар французаў Напалеон III дэклараваў сабе як абаронца правоў нацыянальнасцяў.
У студзені 1856 г. памёр найсвятлейшы князь Варшаўскі намеснік Паскевіч І.Ф., які для Царства Польскага сімвалічна быў амаль такой жа фігурай, як цар Мікалай I для ўсёй імперыі. Яго змяніў князь М.Д. Гарчакоў які добра ставіўся да палякаў, ён імкнулася знайсці агульную мову з мясцовай свецкай і касцельнай арыстакратыяй, прыцягнуць яе да ўдзелу ў кіраванні краем. Напачатку траўня 1856 г. Аляксандр II упершыню пасля ўзыходу на пасад наведаў Варшаву. Гэта было буйной палітычнай падзеяй еўрапейскага маштабу, у Варшаве Аляксандр прыняў спецыяльных прадстаўнікоў вялікіх дзяржаў, якія віталі яго як новага цара. Прысутнічала і еўрапейская радня імператара. Прымаючы эліту Царства Польскага - сенатараў і вышэйшых іерархаў каталіцкага касцёла, Аляксандр выступіў на французскай мове і запэўніў аўдыторыю, што прыбыў "забыўшы мінулае, натхнёны найлепшымі намерамі для краю, ... перапоўнены рашучасці працягнуць справу свайго бацькі" . Найболей гучнай фразай царскага выступу, былі двойчы ці нават тройчы вымаўленыя словы перасцярогі: "Pas de reveries" , г.зн. "ніякіх летуценняў" . Тым не менш неўзабаве серыя дзяржаўных мер, асцярожна, але выразна карэктавала былую палітыку Мікалая I.
Традыцыйная для пачатку новага царствавання палітычная амністыя вярнула з высылкі дзекабрыстаў, удзельнікаў украінскага Кірыла-Мефодзіеўскага брацтва, петрашэўцаў, удзельнікаў паўстання 1830-1831 гг. Было адменена ваеннае становішча ў Царстве Польскім і ў заходніх губернях. У 1858 г. у Віленскай, а ў 1860 г. у Кіеўскай навучальных акругах аднавілася вывучэнне польскай мовы (па выбары саміх навучэнцаў) як адной з замежных. Важныя наступствы меў дазвол у 1857 г. на адкрыццё ў Варшаве Земляробчага таварыства (Towarzystwo Rolnicze) на чале з графам Анджэем Замойскім, плямяннікам А. Чартарыйскага. Яно прыступіла да працы ў студзені 1858 г. і ўжо неўзабаве налічвала каля чатырох тысяч сяброў - дваран-землеўладальнікаў. Таварыства мела аддзяленні прыкладна ў 80 паветах Царства і планавала распаўсюдзіцца на Вільню і Кіеў, але ўлады згоды не гэта далі. Не планавалі ўлады і аднаўленне аўтаноміі Царства ў ранейшым аб'ёме, асабліва з самастойным войскам. У канцы 1850-х і пачатку 1860-х гг. у Расіі складалася сітуацыя, тыповая для перыяду лібералізацыі цвёрдых аўтарытарных рэжымаў: улады не давяралі падданым а грамадства - уладам.
Тым не менш як жэст прыязнасці манарха грамадскасцю было ацэнена прызначэнне ў канцы 1855 г. новага генерал-губернатара Віленскай, Ковенскай і Гарадзенскай губерняў. Ім стаў даўні прыбліжаны Аляксандра, адзін з яго ваенных настаўнікаў у маладыя гады, генерал-ад'ютант У.І. Назімаў. Ён ужо меў у нас добрую рэпутацыю: яшчэ ў 1840 г., калі Мікалай І паслаў яго ў Вільню для палітычнага дазнання пра быццам бы выяўленую тагачасным генерал-губернатарам Ф.Я. Мірковічам шырокую змову. Тады Назімаў разабраўшыся на месцы, не даў ходу высунутым абвінавачванням, чым уратаваў шмат чалавечых лёсаў. Назімаў здолеў усталяваць добрыя адносіны да сябе і сваіх блізкіх вайсковых і цывільных супрацоўнікаў з боку мясцовай арыстакратыі. Балі, прыёмы, абеды з удзелам самых бліскучых дам вышэйшага свету (за адной з іх пры Назімаве нават замацавалася свецкая мянушка "krоlowa litewska" (літоўская каралева) спачатку стварылі атмасферу даверу і ўмацавалі ў мясцовай шляхце меркаванні пра сябе як пра партнёра расейскай адміністрацыі. Адным з буйных адміністрацыйных поспехаў Назімава стала падахвочванне віленскага, ковенскага і гарадзенскага дваранства да выступу з ініцыятывай адмены прыгоннага права. Аляксандр II, ўлетку 1858 г. здзейсніў паездку па шэрагу губерняў і ў выступах перад прадстаўнікамі дваранства ў Вільні быў падкрэслена ласкавы і міласцівы: "Вы першыя паказалі прыклад, і ўся Імперыя за вамі рушыла ўслед. … . Мне прыемна бачыць сябе, аточаным вамі" .
Лідчына перад паўстаннем
Параза паўстання 1930-31 гг. дэмаралізавала, увяла наш Край у поўную апатыю. Пра агульны маральны стан гараджан Мірон-Браніслаў Нарбут, аўтар найцікавейшых мемуараў, чалавек адукаваны і назіральны, ўмеючы пісаць цікава і з гумарам заўважае: "Пасля падзелу Краю пры панаванні Аляксандра І, на якога ліцвіны ўскладалі вялікія надзеі паляпшэння будучыні Краю, існавалі шумныя казіно і забавы. Пазней з гэтага развілося шулерства, разбэшчанасць і п'янства так, што гэтыя беды панавалі тут болей, чым дзе-нeбудзь у другім месцы" . Мемуарыст маляўніча апісвае "вінярню" яўрэя Азіка. Гэтую ўстанову, Нарбут памятаў яшчэ з часоў наведвання ім павятовай шляхецкай вучэльні. Шынок наведвалі прыезджыя ў горад людзі, каб падсілкавацца, а некалькі жыхароў горада праводзілі тут цэлыя дні. Гэтыя "агульнікі" - пастаянныя наведвальнікі, шынкару плацілі стабільную плату "поўную квоту" і "мелі права піць у яго гарэлку без разліку, зразумела, нікога не частуючы. Гаспадар шынка дасканала ведаў ступень жадання і мажлівасці кожнага дарослага жыхара наваколля і таму ніколі не меў страт" . Апісвае Нарбут і адмысловую гульню, якая "праводзілася толькі ў вінярні Азіка". Кола гуляк - "бібулаў" сядала вакол стала, у келіхі налівалася віно, а потым ў поўным маўчанні, з вялікай увагай, пільнаваўся палёт мух: на чый першы келіх сядала муха, той выйграваў і "меў права выпіць віно з усіх налітых келіхаў. Гульня гэтая называлася "мушка". Страціўшых прытомнасць гулякаў, Азік укладаў спаць у асобым "алькове" і потым, калі жонкі прыходзілі шукаць сваіх мужоў, выдаваў ім з алькова іхніх гуляк. Таксама мемуары Нарбута данеслі да нас адмысловы "Гімн перад піццём гарэлкі":
Вітай змест над крышталём!Усе цябе хваляць.
Ты суцяшаеш у смутку.
Ты саграваеш у халадрыгу.
Цябе паны, цябе пані
За пасілак маюць ранні,
Табе цэлае людское племя,
Носам рыючы, б'е ў землю,
О радасць, о вяселле!
Поўнай губай піце смела!
Гэты гімн склаў жыхар горада Маркевіч "чалавек, які меў востры розум і язык" . Ён жа быў і заснавальнікам "Трубна-Бібулярнага" таварыства, для якога напісаў статут, які складаўся з вельмі камічных парадаў для сяброў. Сам Маркевіч быў маршалкам гэтага таварыства. "Аднаго разу, вяртаючыся ад знаёмага ўранку, заехаў да касцёла на рараты (пачатак а 8-й раніцы), і, усеўшыся на лаўку, убачыў увайшоўшага ў касцёл хіcткім крокам мажнога і напалову п'янага мужчыну, які сеў на суседнюю лаўку. Гэта быў граф Плятар, дзедзіч Шайбакполя і знаўца Бахуса". Пасля набажэнства Маркевіч зайшоў да гвардыяна францішканаў на гарэлку і зноў сустрэўся там з графам і з іншымі наведвальнікамі касцёла. Гвардыян пазнаёміў Маркевіча і Плятара. "Маркевіч аддаўшы паклон спытаў Плятара: "Пане граф! Міла мне ў асобе пана пазнаць мужа сапраўднай дасканаласці. Дагэтуль я быў маршалкам Таварыства Трубна-Бібулярнага і ўпіваўся звычайна каля 10-й раніцы, першым за любога іншага сябра; сёння я пераканаўся, што нягодны гэтай пасады і аддаю яе ў больш прыстойныя рукі пана, які ўмее быць п'яным ужо на раратах. Прашу толькі распавесці як можна дайсці да такой дасканаласці?" На што ўзрадаваны Плятар адказаў: "Вельмі проста - наогул не трэба ніколі цверазець". Потым былі моцныя пацісканні рук, абдымкі і запрашэнні Маркевіча з суседзямі ... дзе Плятар паіў усіх адборным віном тры дні" .
(Працяг у наст. нумары.)
* Друкуецца ў скарочаным варыянце. Поўны тэкст будзе надрукаваны ў часопісе "Лідскі летапісец" № 1 (61) за 2013 год.
Лаўрэш Леанід
Хачу быць як Леў Сапега і Напалеон Орда
5 студзеня ў Беларусі адзначаўся Дзень супрацоўнікаў банкаўска-фінансавай галіны. Да гэтай падзеі быў надрукаваны адукацыйны каляндар "Тэхнабанка", які трэці год падтрымлівае таленавітых школьнікаў. Некаторыя з юных падапечных банка і трапілі на старонкі календара.
Наш кар.
75 гадоў з дня нараджэння Ўладзіміра Высоцкага
Уладзімір Сямёнавіч Высоцкі (25 студзеня 1938, Масква, СССР - 25 ліпеня 1980), музыка савецкага перыяду з беларускімі каранямі, акцёр, паэт, аўтар сотняў песень на ўласныя вершы.
У якасці аўтара і выканаўца песень уласнага складання пад гітару заваяваў шырокую папулярнасць. У 70-я гады XX стагоддзя, грамадзяне СССР куплялі магнітафоны (дарагая па тых часах купля, больш за месячную зарплату) адмыслова для таго, каб слухаць песні Ўладзіміра Высоцкага. Многія яго песні сталі народнымі (гэта значыць іх ведала практычна ўсё насельніцтва СССР), а імёны герояў гэтых песень сталі намінальнымі. І гэта нягледзячы на тое, што ні яго песні, ні само яго імя ў афіцыйных сродках масавай інфармацыі СССР практычна не згадваліся.
Высоцкі напісаў каля 700 песень і вершаў, сыграў каля трыццаці роляў у фільмах, іграў у тэатры, аб'ездзіў з канцэртамі ўсю краіну і свет. Высоцкі закранаў у гады строгай цэнзуры забароненыя тэмы (напрыклад, у раннія гады выконваў блатныя песні), спяваў аб паўсядзённым савецкім жыцці і аб Вялікай Айчыннай вайне - усё гэта і прынесла яму шырокую папулярнасць.
Інаходзец
Я скачу, але скачу іначай -
Па камнях, па лужах, па расе.
Кажуць тут:
ён інахаддзю скача.
Гэта значыць, што не як усе.
Ды наезнік мой ліхі на мне
Страмянамі б'е мяне са злом...
А я бегаць хочу ў табуне
Без аброці і не пад сядлом!
Калі з ножнаў
шаблю не вымаюць,
Шабля зможа
рэзаць толькі глей.
Вось мяне стрыножваюць,
сядлаюць,
Рот ірвуць жалезінай цуглей!
Мне набілі раны на спіне!..
Я дрыжу бакамі ля вады!..
Як я бегаць хочу ў табуне -
Без сядла, аброці і нуды!
Сёння зноў
я стану пераможцам!
Скачкі! - Я, канешне, фаварыт!
Ставяць смела ўсе на інаходца.
Ды не я, -
жакей на мне хрыпіць!
Ён усадзіць шпоры
ў рэбры мне!
Скаляць зубы першыя рады...
А я бегаць хочу ў табуне -
Без сядла, аброці і нуды!
Танчаць, танчаць
скакуны на старце
Ў злосці, аж не могучы стаяць,
У шаленстве, лютасці, азарце,
І пускаюць пену, як і я!
У трыбун жакей мой у цане -
Здатны майстра
верхавой язды!
Ох, як бегаў я б у табуне
Без сядла, аброці і нуды!
Не, не будуць залатымі горы!
Я апошнім рысу прасяку!
Я яму прыпомню тыя шпоры!
Запсую! Адстану на скаку!
Звон-сігнал! -
Жакей ужо на мне.
Хмыліцца, не чуючы бяды...
Ах, як бегаў я б у табуне
Без сядла, аброці і нуды!
Што са мною?
Што раблю?! Што чую?!!
Што ж я?!
Зноў яму дапамагу?!
Я сабою проста не кірую!
Я прыйсці не першым не магу!!
Што ж рабіць
тут застаецца мне?
Вышпурнуць наезніка свайго!
І пабегчы, нібы ў табуне,
Хоць і пад сядлом, ды без яго!
Я прыйшоў, а ён сапе пад сонцам
Па камнях, па лужах, па расе...
Першы раз
не быў я інаходцам!
Я імкнуўся выйграць, як усе!
1970
Дайце свабоду!
Дайце сабакам мяса -
Хай яны пагрызуцца!
П'яніцам - хмельнага квасу:
Можа яны перап'юцца.
Зерне ў зямлю схаронім -
Можа мы з хлебам будзем.
Каб не сыцець варонам,
Болей стаўляйце пудзіл.
Трэба кахаць - каханым,
Дайце хоць кут на абодвух.
Добра, я буду рахманым -
Дайце ж вы мне свабоду!
Псам мясныя аб'едкі
Кінулі - псы не грызуцца.
П'яніцам далі гарэлкі -
Тыя не п'юць, смяюцца.
Людзі варон пужаюць,
А вараннё не баіцца.
Пары злучаць, - злучаюць!
А ім бы - каб разлучыцца.
З зерня не выйшлі ўсходы!
Што за такія цуды?!
Далі мне ўчора свабоду...
Што я рабіць з ёю буду?
1965
Пераклад Міхася Булавацкага.
ДАСЛЕДАВАННІ МЯСЦОВАГА ФАЛЬКЛОРУ
У Лідскім раёне 276 населеных пунктаў, у некаторых з іх засталося па два-тры жыхары. Праз некалькі гадоў іх ужо можа не быць, а разам з імі знікае і найбагацейшая народная культура. Даследаваць і захаваць яе вельмі важна. Таму Лідскім раённым метадычным цэнтрам народнай творчасці (РМЦНТ) і раённым Цэнтрам рамёстваў і традыцыйнай культуры (РЦРіТК) арганізоўваюцца даследчыя работы па Лідскім раёне.
Сёлета на посную куццю даследаванне мясцовага фальклору адбылося ў вёсцы Дакудава. Узброіўшыся дыктафонам, відэакамерай і паперай для запісу, работнікі культуры пачалі сваю вандроўку ў цудоўны свет этнічнай культуры. Адбывалася даследчая работа ў форме - вячорак, дзе ў простых абставінах вялася размова з жыхаркамі вёскі Дакудава (Мацюта Л.І. (1926), Кушаль В.А. (1936), Слесар Р.А. (1934), Мацюта В.П. (1932)). Бабулямі гэтая сустрэча ўспрымалася, як магчымасць трошкі адпачыць ад гаспадарчых клопатаў, успомніць маладосць, бацькоў, ды і проста пагутарыць з аднавяскоўцамі і работнікамі культуры.
З вялікім захапленнем, цікавасцю і ўзбуджанасцю расказвалі яны, як праходзілі вячоркі ў іх вёсцы. Як доўгімі восеньскімі і зімовымі вечарамі дзяўчаты і хлопцы збіраліся ў нечыяй хаце, з прасніцамі, верацёнамі і іншымі прыладамі. Пралі лён на кужаль, світкі, воўну на дываны. А на так званым калектыўным бытаванні хлопцы займаліся больш размовамі, ды і жартавалі над дзяўчатамі (кужаль падпаляць, скінуць з калаўрота шнур і г.д.). Тыдзень у адных адпрадуць, а другі тыдзень да другой хаты пераходзяць.
Прыкладна адзін раз у месяц (звычайна гэта прымяркоўвалася да рэлігійных святаў) наладжваліся вячоркі з музыкай. Да іх рыхтаваліся асобна. Запрашалі "свайго" гарманіста, а калі і з суседняй вёскі, і тады ўжо моладзь танцавала "да ўпаду".
Асабліва цікава было глядзець і слухаць, як жыхаркі з цудоўнай вёсачкі Дакудава расказваючы пра вячоркі, пралі на верацяно і калаўротак. На жаль, кроснаў не знайшлося, але жанчыны вельмі добра распавядалі пра ўсе ўзоры, вырабы, схемы, сыравіну ткацтва. Гаспадыня хаты (Мацюта Л.І.), нават са сваёй шафы пачала дэмантстраваць тканы кужаль і яркакаляровыя дываны. Прыгожыя ўзоры і яркія колеры дываноў здзівілі ўсіх прысутных на вячорках. Па тэме ткацтва вялі размову майстры РЦРіТК Яўген Маркевіч і Дар'я Маташук. З усёй сур'ёзнасцю ўзгадвалі носьбіты традыцыйнай культуры ўсё, чаму вучылі іх бацькі і бабулі.
Успаміналі аб былым, апавядалі розныя прыгоды са сваімі вяскоўцамі, распявадалі, якія былі танцы, варожбы, гульні, прыкметы, нават прагучала адна царкоўная песня ("Неба і зямля"), якую і раней спявалі ў пост.
Прайшло ўсяго каля двух - трох гадзін, а ў багажы работнікаў культуры ўжо быў не адзін дзесятак фальклорных адзінак з гэтай цудоўнай вёскі, з своеасаблівым пачуццём гумару.
Праводзяцца экспедыцыі, вывучаюцца абрады рэгіёна, народныя рамёствы. Падчас гэтых паходаў на свае вочы можна пераканацца, што вёскі і дагэтуль застаюцца невычэрпнай крыніцай фальклору, этнаграфіі, народных промыслаў.
Н. ВАЙЦЮКЕВІЧ метадыст па этнаграфіі і фальклоры Лідскага раённага цэнтра
народнай творчасці.
Музей Максіма Гарэцкага на Мсціслаўшчыне
Радзіма і ўвесь свет пачынаецца для кожнага чалавека, асабліва пісьменніка, з роднае хаты, з роднага кутка, - ці то вёска, ці горад.
Г.І. Гарэцкі.
Літаратурны музей Максіма Гарэцкага заснаваны 15 студзеня 1993 года у вёсцы Малая Багацькаўка Мсціслаўскага раёна паводле загаду Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і рашэння Мсціслаўскага раённага Савета дэпутатаў. Да нядаўняга часу з'яўляўся філіялам Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, у канцы 2010 г. падпісан указ аб перадачы музея ва уласнасць Мсціслаўскага гістарычна-археалагічнага музея.
У стадыі стварэння музей прайшоў вельмі доўгі шлях перад тым як уліцца ў рэальнае жыццё. Усё пачалося з часоў так званай "хрушчоўскай адлігі". Людзі пачалі казаць, асабліва Уладзімір Караткевіч, што трэба стварыць мемарыяльны музей у Малой Багацькаўцы на радзіме братоў Гарэцкіх. Караткевіча асабліва цікавіла гэтая тэма таму, што ў гэты час ён пісаў кнігу па гісторыі Мсціслаўшчыны, а яго маці нарадзілася ў Мсціславе.
Аднак у той час стварыць музей было фактычна немагчыма, бо для гэтага была патрэбна згода не толькі беларускай улады, але і дазвол з Масквы. Трэба было зацвержанне ўраду СССР і ЦК КПСС. Доўгі час вяліся размовы, а справы не рабілася. Аднойчы сакратар ЦК КПБ, які адказваў за культуру, Аляксандр Трыфанавіч Кузьмін, падышоў да плямянніка М. Гарэцкага, Радзіма Гаўрылавіча Гарэцкага, які на той час быў ужо дырэктарам і выказаў жаданне стварыць музей усіх Гарэцкіх. Аднак Гаўрыла Іванавіч Гарэцкі малодшы брат Максіма, даведаўшыся аб гэтым, сказаў што калі рабіць музей, то ён будзе прысвечаны толькі Максіму Гарэцкаму. А.Т. Кузьмін быў вельмі адданым патрыётам Беларусі, і ён узяў гэтую справу ў свае рукі. Ён дае загад сакратару райкаму і кіраўніку мясцовага калгаса, каб пачалі будаваць музей.
Гаўрыла Гарэцкі зрабіў падрабязны план роднай хаты. I па гэтым плане яе адбудавалі. Экспазіцыю даручылі зрабіць Музею гісторыі беларускай літаратуры ў Менску, дзе на той час дырэктарам быў Л.Т. Хадкевіч, а саму экспазіцыю рабіла Лідзія Камінская, але яна атрымалася не вельмі цікавая, і тады за гэтую справу бярэцца Міхаіл Іванавіч Пратасевіч.
У 1993 годзе з нагоды святкавання 100-годдзя з дня нараджэння Максіма Гарэцкага, выдаецца указ аб стварэнні музея. Аднак, нажаль, на святкаванне адчыніць яго не удалося. Толькі ў 1995 годзе адбылося ўрачыстае адкрыццё музея. Прыехала вялікая дэлегацыя з Менска, Магілёва, Горак і Мсціслава. Нілу Гілевічу і Радзіму Гарэцкаму даручылі урачыстае адкрыццё - перарэзаць ганаровую стужку.
Калі наведаць зараз гэтую мясціну мы убачым драўляную хату. Каля яе на бетонным падмурку трохкутнік - паказальнік з надпісам "Музей - сядзіба Максіма Гарэцкага". Побач стаіць калодзеж з жураўлём, пра які старажылы ўзгадваюць, як пра самы старажытны помнік у вёсцы. Падняўшыся на ганак хаты злева ўбачым мемарыяльную дошку, аўтарам якой з'яўляеца Э. Астаф'еў. На дошцы адлюстраваны М. Гарэцкі у 1893 г., калі ён скончыў Горацкую каморніцкую вучэльню і надпіс "Тут стаяла хата, у якой нарадзіўся класік беларускай літаратуры М. Гарэцкі" .
I вось нарэшце адчынім дзверы: "Добры дзень гасцям музея!" Заходзім у першую залу, нам у вочы кідаецца фотапартрэт М. Гарэцкага, злева і справа аблямаваны ільнянымі ручнікамі з беларускім арнаментам. Першы пакой складаецца са стэндаў на якіх адлюстравана жыццё пісьменніка. Усяго ў зале 9 стэндаў:
1. Багацькаўскі і першы горацкі перыяды жыцця М. Гарэцкага ( 1893-1913).
2. Віленскі перыяд жыцця (07.1913-07.1914). М. Гарэцкі - салдат царскай арміі (1914-1917).
3. М. Гарэцкі у час Першай сусветнай вайны. Смаленскі перыяд жыцця.
4. Віленскі перыяд жыцця і творчасці М. Гарэцкага.
5. Менскі перыяд жыцця і творчасці М. Гарэцкага.
6. Горацкі перыяд жыцця і творчасці М. Гарэцкага.
7. Менскі перыяд жыцця і творчасці М. Гарэцкага.
8. Ссылка ў г. Вятку.
9. Трагічная гібель М. Гарэцкага.
Другая зала адлюстроўвае этнаграфічна - бытавую экспазіцыю. У цэнтры невялічкая сялянская печ , засланая дзвюмя посцілкамі. Каля яе лапата для хлеба, чапяля, сякач, дзежка, карэц для вады. Злева ад печы на паліцах спарышы, глякі, міскі і іншыя гаспадарчыя рэчы. Справа вісяць ручнікі, ільняныя фартухі, саматканыя спадніцы. Вісіць дзіцячая люлька. У покуце абраз, упрыгожаны самаробным набожнікам. Пад абразом стаіць стол з самаварам і металічны кубак. У асобным куце змешчаны рамесныя інструменты.
Літаратурны музей М. Гарэцкага на гэты час знаходзіцца у цяжкім становішчы. Але як было сказана раней, музей перададзены новаму ўласніку. I ўжо распрацоўваецца план яго адраджэння. Першае што плануюць зрабіць мясцовыя музейшчыкі, гэта рэканструяваць будынак, уцяпліць і зрабіць добрыя ўмовы для захавання экспазіцыі. Так-сама адбудзецца перапрацоўка экспазіцыі. Тым больш што паводле дзяржаўнай праграмы "Культура Беларусі" на 2011 - 2015 г. былі пастаўлены задачы: Забеспячэнне захаванасці Музейнага фонду Рэспублікі Беларусь і агульнадаступнасці музейных прадметаў, на якія плануецца выдзеліць у 2012 годзе каля адзінаццаці мільёнаў рублёў.
Мы спадзяёмся, што пэўная сума будзе выдзелена і на аднаўленне музея М. Гарэцкага.
Аліна Якушава , студэнтка 450 гр. БДУК і М.