НАША СЛОВА № 9 (1108) 27 лютага 2013 г.
Беларусь піша 6-ю Агульнанацыянальную дыктоўку
Міжнародны дзень роднай мовы Беларусь адзначыла традыцыйна Агульнанацыянальнай дыктоўкай. Ініцыятыву дыктовак падтрымалі незалежныя СМІ і шматлікія навучальныя ўстановы, як у Беларусі, так і за мяжой.
Дыктоўкі пісаліся ў асноўным паводле твораў Кірылы Тураўскага, Кастуся Каліноўскага, Максіма Гарэцкага, якія прапанавала ТБМ.
З кожным годам Агульнанацыянальная дыктоўка ў Беларусі становіцца ўсё больш масавай, усё больш шырокай геаграфічна.
Праводзіліся таксама іншыя мерапрыемствы.
Зварот ГА "ТБМ імя Францішка Скарыны" з нагоды Міжнароднага дня роднай мовы
Шаноўнае спадарства, грамадзяне Рэспублікі Беларусь!
Віншуем вас з Міжнародным днём роднай мовы, які наша краіна разам з сусветнай супольнасцю чарговы раз адзначыць 21 лютага. Па добрай традыцыі ў многіх установах Беларусі ў гэты дзень пройдуць акцыі ў падтрымку беларускай мовы: Агульнанацыянальная дыктоўка, "Размаўляем па-беларуску", сустрэчы з пісьменнікамі, прэзентацыя твораў і кніг на беларускай мове.
Мы прапануем кожнаму з вас далучыцца да гэтых мерапрыемстваў або ініцыяваць сваё для таго, каб беларуская мова трывала ўвайшла ў наша жыццё.
Жадаем вам, каб штодня вас атуляла шчырае беларускае слова, спрыяла вашаму поспеху і засцерагала ад непрыемнасцяў.
Пакуль гучыць беларускае слова, існуе незалежная беларуская дзяржава, якая мае тысячагадовую гісторыю.
Сакратарыят ТБМ , 18 лютага 2013 года.
6-я Агульнанацыянальная дыктоўка ў сядзібе ТБМ
Увечары 21 лютага, у Міжнародны дзень роднай мовы, на сталічнай сядзібе ТБМ пісалі VI Агульнанацыянальную дыктоўку па беларускай мове.
Першы намеснік старшыні грамадскага аб'яднання Алена Анісім чытала тэкст "Максімава зязюля", падрыхтаваны доктарам філалагічных навук Міхасём Тычынам паводле класіка беларускай літаратуры Максіма Гарэцкага, 120-годдзе з дня нараджэння якога адзначалася 18 лютага.
Старшыня ТБМ Алег Трусаў павіншаваў усіх са святам і адзначыў, што грамадскае аб'яднанне шосты год прымае ўдзел у дыктоўцы, ініцыятарам якой з'яўляецца актывіст ТБМ, кандыдат філасофскіх навук Уладзімір Падгол. У гэтым годзе дыктоўка пачалася 2 лютага ў сувязі з адзначэннем 150-годдзя нацыянальна-вызвольнага паўстання 1863-1864 гадоў і 175-годдзя з дня нараджэння нацыянальнага героя Беларусі Кастуся Каліноўскага, сказаў старшыня ТБМ. Паводле ягоных слоў, дыктоўкі пішуць у шматлікіх гарадах і вёсках Беларусі. "Дыктоўкі ўжо напісалі сябры Завадской раённай рады ТБМ ў Менску, у Баранавічах, Бабруйску і Лідзе, заўтра будуць пісаць у Гомелі", - паведаміў Трусаў.
Ён нагадаў, што 15 сакавіка - у дзень прыняцця першай Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь - удзельнікам дыктоўкі будзе прапанаваны тэкст, падрыхтаваны беларускамоўнымі святарамі Беларускай праваслаўнай царквы паводле слова Кірылы Тураўскага, а 25 сакавіка - у 95-я ўгодкі БНР - паводле "Мужыцкай праўды".
Алена Анісім выказала ўдзельнікам дыктоўкі вялікую ўдзячнасць за тое, што "вы здзейснілі сапраўдны грамадзянскі чын і выказалі свае паважлівыя адносіны да роднай мовы, а таксама пашану да тых выбітных асоб айчыннай гісторыі, якія зрабілі свой ўнёсак у развіццё беларускай мовы".
Паводле М. Гаравога. Фота М. Гаравога.
135 гадоў з дня нараджэння Казіміра Малевіча
Казімір Малевіч , мастак-авангардыст, адзін з заснавальнікаў супрэматызму - кірунку ў абстрактным мастацтве, нарадзіўся 23 лютага 1878 года на Капыльшчыне, у сям'і беларускага этнографа і фалькларыста Севярына Малевіча (са словаў мастацтвазнаўца Сяргея Харэўскага, радавы маёнтак ягоных бацькоў - Малева знаходзіўся пад Нясвіжам (зараз вёска Малева). Пачатковую мастацкую адукацыю ён атрымаў у Кіеўскай мастацкай школе Н.І. Мурашкі. Кар'еру мастака Малевіч пачаў з імпрэсіянізму. Пазней Малевіч стаў адным з актыўных удзельнікаў футурыстычных выстаў.
Казімір Малевіч тройчы (у 1905, 1906 і 1907 гадах) паступаў у Маскоўскую вучэльню скульптуры і жывапісу і тройчы правальваўся на экзаменах. Як лічаць даследчыкі, з прычыны недастатковай падрыхтоўкі ў галіне акадэмічнага малюнка. Яму дазволілі наведваць лекцыі на правах вольнага слухача.
У 1919-22 гадах Казімір Малевіч выкладаў у Народнай мастацкай школе "новага рэвалюцыйнага ўзору" ў Віцебску, адзін са стваральнікаў арганізацыі "Сцвярджальнікі новага мастацтва". У 20-я гады ўдзельнічаў у афармленні спектакляў У.У. Маякоўскага "Містэрыя Буф". З 1923 па 1927 год - дырэктар Ленінградскага дзяржаўнага інстытута мастацкай культуры. Быў чальцом "Аб'яднання сучасных архітэктараў" (АСА).
Малевіч быў паслядоўным прапагандыстам уласнай тэорыі. Вакол яго з часам утварылася група аднадумцаў ("Зацвярдзіцелі новага мастацтва").
Малевіч удзельнічаў у выставах з эпатажнымі назвамі: "Званковы валет", "Асліны хвост", "Футурызм 0,10". На выставе "Трамвай В" супраць нумароў 21-25, якія заканчвалі спіс яго работ, у каталогу было пазначана: "Змест карцін аўтару невядомы".
Самы знакаміты маляўнічы твор Малевіча - "Чорны квадрат".
Аўтар кніг "Ад кубізму і футурызму да супрэматызму", "Супрэматызм", "Бог не скінуты: Мастацтва, царква, фабрыка".
Паводле тастаманту, пасля смерці цела Малевіча было крэміравана ў супрэматычнай дамавіне, зробленай па ўласным эскізе Малевіча. Урна з прахам была пахаваная пад любімым дубам мастака ў Нямчынаўцы. Над магілай быў усталяваны кубічны бетонны манумент з намаляваным чорным квадратам. У гады вайны магіла была згубленая.
(Вікіпедыя. На здымку -"Аўтапартрэт".)
ЛЕАНІДУ ЛАЎРЭШУ - 50
Лаўрэш Леанід нарадзіўся 1 сакавіка 1963 г. у Лідзе.
У 1985 г. скончыў электратэхнічны факультэт Беларускага політэхнічнага інстытута (зараз энергетычны факультэт Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта).
Займаецца краязнаўствам і гісторыяй прыродазнаўчых навук на Беларусі.
Аўтар больш за 80 артыкулаў і 3 кніг: "Лiда на старых малюнках, паштоўках, фотаздымках" (у суаўтарстве, 2001), "Генерал Кіпрыян Кандратовіч (Дзеячы Беларускай Народнай Рэспублiкi)" (2007), "Грэка-каталіцкая (уніяцкая) Царква на Лідчыне" (2012), і на выхадзе чацвёртая кніга "I зорнае неба над галавой…: Нарысы з гiсторыi астраномii". У планах кніга пра ўсе паўстанні на Лідчыне.
Сталы аўтар газеты "Наша слова" і часопіса "Лідскі летапісец".
Леанід Лаўрэш - краязнавец новага пакалення, які бліскуча асвоіў сучасныя метады пошуку і апрацоўкі інфармацыі. Робіць высокаякасныя пераклады з польскай мовы.
Стваральнік і адміністратар аднаго з найстарэйшых беларускіх гістарычных сайтаў "Павет" (з'явіўся ў сеціве ў 1999 г.) Вартасцю "Павета" з'яўляецца тое, што на ім няма ні аднаго артыкула, які б не прайшоў цераз папяровую версію, цераз прафесійнае выдавецтва. На "Павеце" можна знайсці практычна любы матэрыял па гісторыі Лідчыны.
Удзельнік многіх навуковых краязнаўчых і гістарычных канферэнцый, друкуецца ў тэматычных зборніках.
Жыве ў Лідзе. Жанаты, мае сына.
(Пра Леаніда Лаўрэша чытайце на ст. 7.)
6-я Агульнанацыянальная дыктоўка на офісе руху "За свабоду"
21 лютага ў Міжнародны дзень роднай мовы 6-ю Агульнанацыянальную дыктоўку на Менскім офісе руху "За свабоду" пісалі сябры гэтай грамадскай арганізацыі.
Наш кар.
VI Агульнанацыянальная дыктоўка ў Віцебску
21 лютага ў Віцебску, як і па ўсёй краіне, нацыянальна арыентаваная частка грамадства адзначыла Дзень роднай мовы. Прыемна, што і абласное тэлебачанне не праігнаравала гэтае свята, а падрыхтавала невялікі, але змястоўны сюжэт пра прымеркаваныя да названай падзеі імпрэзы, а таксама пра факультэт беларускай філалогіі і культуры Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М. Машэрава.
А на працягу дня ў розных месцах горада - "Еўрапейскім клубе", у студэнцкім інтэрнаце, чытальнай зале бібліятэкі і нават у кватэрах актывістаў - прыхільнікі роднага слова пісалі Агульнанацыянальную дыктоўку. Праўда, толькі напісаннем справа не абмяжоўвалася. Бо была добрая магчымасць, у тым ліку за кубкам кавы ці гарбаты, абмяняцца думкамі пра сучасны стан беларускай мовы, падзяліцца досведам у плане заахвочвання да беларускамоўнай камунікацыі тых, хто пакуль вагаецца, саромеючыся ўласнага, яшчэ не вельмі дасканалага маўлення.
На прапанаваных здымках адлюстраваны моманты напісання дыктоўкі актывістамі таварыства, сярод якіх старшыня Віцебскай абласной арганізацыі Іосіф Навумчык, сакратар Алена Сакалова, вядомы пісьменнік і перакладчык Уладзімір Папковіч, грамадскі дзеяч Анатоль Гнеўка, педагог Алена Хлыстова, студэнт Януш Ціхенка.
Юрась Бабіч, намеснік старшыні Віцебскай абласной арганізацыі ТБМ.
Агульнанацыянальная дыктоўка ў Гомелі прайшла пры аншлагу
Агульнанацыянальная дыктоўка ў Гомелі прайшла пры аншлагу. Офіс аб'яднаных дэмакратычных сілаў па вуліцы Палеская наведалі актывісты і сябры грамадскіх арганізацыяў і палітычных партыяў. Некалькі дзясяткаў чалавек схілілі галовы над аркушамі паперы, каб напісаць пад дыктоўку Уладзіміра Арлова другі "Ліст з-пад шыбеніцы" Кастуся Каліноўскага.
На думку аднаго з арганізатараў мерапрыемства - намесніка старшыні Аб'яднанай грамадзянскай партыі - Васіля Палякова, дыктоўкі дапамагаюць беларусам усвядоміць сябе беларусамі.
- Гэта нагадванне і сабе, і іншым людзям пра тое, што мы - беларусы, што трэба нешта змяняць. Вельмі дзіўнае становішча атрымліваецца, што ёсць на мапе Еўропы такая краіна, як Беларусь. Але выкарыстанне беларускай мовы тут зведзенае да мінімуму.
Дыктоўку зачытваў Уладзімір Арлоў. Праўда, не ўласнай перасонай, а ў відэазапісе.
- Мы вырашылі, што лепей будзе, калі вядомая асоба правядзе гэтую дыктоўку. Але, на жаль, не атрымалася каго-небудзь запрасіць. Таму мы выкарысталі запіс, дзе Уладзімір Арлоў распавядае пра паўстанне 1863 года, пра Каліноўскага. А потым дыктуе "Ліст з-пад шыбеніцы", - тлумачыць Васіль Палякоў.
Сябар Таварыства беларускай мовы Яўген Якавенка расказаў, як узнікла ідэя правядзення дыктоўкі.
- Сама ідэя дактоўкі, калі не памыляюся, была прыдуманая ў Францыі для яднання нацыі. І людзі па ўсёй краіне пісалі адначасова адзін і той жа тэкст. І гэта быў такі кансалідуючы факт. Напрыклад, як спяванне разам гімна. Напісанне дыктоўкі - рэч, якая яднае людзей вакол усведамлення сябе ў дадзеным выпадку беларусамі.
Юлія Сівец, Беларускае Радыё Рацыя.
Агульнанацыянальная дыктоўка ў Дварцы
У суботу 23 лютага ў Дварэцкай СШ Дзятлаўскага раёна адбылася Агульнанацыянальная дыктоўка, прымеркаваная да Дня роднай мовы і 150-годдзя паўстання пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага. 16 вучняў з 5-9 класаў прагледзелі відэазапіс выступаў Уладзіміра Арлова, Уладзіміра Някляева і дзеячаў беларускага замежжа, якія прачыталі ўрывак з "Ліста з-пад шыбеніцы". Натхнёныя прыгожай беларускай мовай з вуснаў вядомых беларусаў, школьнікі напісалі пад дыктоўку тэкст Кастуся Каліноўскага "Адкуль узялася паншчына".
Пераможцамі сталі Лашкоўская Алена і Якшук Аляксандр з 7 класа. 2-е месца ў Лашкоўскай Паліны з 9 класа. На 3-м месцы Кець Аляксандр з 5 класа.
Каця Сідорчык.
Мая шостая дыктоўка
Сёлета я напісала шостую Агульнанацыянальную дыктоўку. Штогод мой удзел у ёй - прызнанне ў любові да роднай мовы. Самыя розныя тэксты, што прапаноўвала ТБМ, добра помняцца і абуджаюць жаданне ўдасканальваць веданне роднай мовы. Усе яны належаць самым шчырым, самым слынным творцам, героям Радзімы. Я заўжды імкнуся вельмі пісьменна выканаць ганаровую справу напісання дыктоўкі. Бо вялікі сорам - жыць на зямлі гэтай і дрэнна валодаць роднаю мовай.
Вельмі хацелася б, каб традыцыя дыктовак жыла заўжды, каб найболей беларусаў сведчылі аб сваёй адданасці роднай мове.
Паліна Лашкоўская, сябар клуба "Спадчына", 9 клас, м. Дварэц.
Беларуская дыктоўка з нагоды Дня роднай мовы ў Беластоку
Свята ў непублічнай пачатковай школе імя Кірыла і Мяфодзія ў Беластоку. Міжнародны дзень роднай мовы вучні навучальнай установы адзначылі дыктоўкай. У польскай школе гучыць беларуская мова, якую вучні асобных класаў прызнаюць роднай.
Цікавасць да беларускай мовы, кажа настаўніца Яна Марко, не выпадковая: "Праз мову большасць дзяцей спазнаюць мову краіны сваіх бацькоў і гісторыю сваякоў".
- Для іх сам факт, што будзе дыктоўка па беларускай мове з нагоды Дня роднай мовы, то гэта ўжо штосьці вялікае. Нават калі кагосьці не было па прычыне хваробы, то сёння спецыяльна прыйшоў, каб напісаць яе.
Дыктоўка на беларускай мове абавязкова атрымае працяг, кажа Яна Марко. Пакуль ёй надаюць грамадскае аздабленне, аднак, праз некалькі гадоў, упэўненая настаўніца, гэта будзе сапраўдная праверка ведаў. Першым іспытам для іх стаў сёняшні Міжнародны дзень роднай мовы.
Вадзім Батура, Беларускае Радыё Рацыя
22 лютага пасля дыктоўкі Яна Марко, настаўніца беларускай мовы з Непублічнай праваслаўнай школы імя Кірыла і Мяфодыя ў Беластоку была госцяй Радыё Рацыя.
РР: Учора вы таксама далучыліся да Міжнароднага дня роднай мовы. Як вы гэта адзначалі ў сваёй школе?
- У нас у школе адбылася дыктоўка. Амаль палова дзяцей, якія вывучаюць беларускую мову, захацелі прыняць у ёй удзел. 30 асобаў пісалі гэтую дыктоўку. Мы падрыхтавалі 2 тэксты, таму што былі дзве групы. Адна - гэта маленькія дзеці з класаў 1-3, а другая - старэйшыя з класаў 4-6. Маю надзею, што ў наступным годзе мы таксама далучымся да Дня роднай мовы і што яшчэ больш дзяцей возьме ўдзел у дыктоўцы.
РР: Учора таксама быў рэгіянальны конкурс па беларускай мове для пачатковых школ. Вашыя вучні так-сама там прымалі ўдзел?
- Гэта быў апошні этап, з нашай школы было 6 асобаў, якія былі фіналістамі, а ўчора яны сталі лаўрэатамі конкурсу па беларускай мове. Дзеці доўга рыхтаваліся. Ужо ад першага этапу мы рыхтаваліся і ў школе, і ў хаце. 2-3 месяцы была цяжкая праца. У нас вельмі добрыя таленавітыя дзеці. Яны самі хацелі прыняць удзел і быць лаўрэатамі, таму моцна вучыліся. І ўчора дзеці атрымалі ўзнагароду за сваю цяжкую працу.
РР: Вы працуеце не ў звычайнай школе гэта школа непублічная, заснаваная бацькамі, адзіная такога тыпу школа ў Польшчы. Скажыце пра спецыіку сваёй школы, хто туды аддае сваіх дзяцей?
- Гэта не звычайная школа. Туды ідуць дзеці, якія звязаныя з праваслаўнай верай. Дзеці вывучаюць абавязкова мову меншасці, беларускую, альбо ўкраінскую. Але ў нас амаль усе дзеці вывучаюць беларускую мову. Бацькі гэтых дзяцей вельмі свядомыя. Ёсць многа людзей звязаных з беларускай культурай на Беласточчыне. І гэта таксама пераходзіць на дзяцей. Лягчэй працаваць з такімі дзецьмі.
РР: На настаўніку беларускай мовы ў Польшчы ляжыць яшчэ дадатковы абавязак, гэта не проста 45 хвілін на ўроку, а трэба неяк заахвоціць дзетак, паказаць шырэй не толькі мову, але і культуру. Што ў вас у школе адбываецца па-за ўрокамі?
- Трэба шмат працаваць па-за ўрокамі. Добра, што ёсць шмат конкурсаў па беларускай мове. Мы пачынаем рыхтаваць тэатр, у панядзелак будуць элімінацыі да конкурса "Роднае слова" - будзем рабіць першы школьны этап. Дзеці рыхтуюцца да конкурсаў, якія праходзяць па ўсіх школах. Будзем рыхтаваць экскурсію, дзеці яе вельмі чакаюць. У святочны час у нас адбываюцца калядкі, на 5-годдзе нашай школы мы таксама спявалі на беларускай мове. Думаю, што ў наступным годзе зробім яшчэ больш.
Гутарыў Мікола Ваўранюк , Беларускае Радыё Рацыя
6-я Агульнанацыянальная дыктоўка на Лідчыне
Міжнародны дзень роднай мовы на Лідчыне адзначылі напісаннем 6-й Агульнанацыянальнай дыктоўкі.
20 лютага дыктоўку пісалі навучэнцы гуманітарнага крыла Лідскага каледжа. У адну аўдыторыю сабралася больш за 30 чалавек лепшых знаўцаў беларускай мовы з малодшых курсаў. Дыктоўку пісалі па "Слове пра чалавека і пра нябесныя сілы, нашто быў створаны чалавек на зямлі" Кірылы Тураўскага. Святар лідскай царквы Ўсіх Святых Уладзімір Камінскі спачатку прачытаў слова нашага святога на старабеларускай мове, каб дзеці змаглі пачуць, як гэта гучала амаль 900 гадоў таму назад, а потым адбылася менавіта сама дыктоўка тэксту, адаптаванага да сучаснай беларускай мовы. Гэтую адаптацыю сам Уладзімір Камінскі і зрабіў для Ліды і для ўсёй Беларусі.
Навучэнцы пісалі дыктоўку на адзнаку, што было вельмі няпроста, бо знакі прыпынку ў аўтарскім тэксце расстаўлены ў адпаведнасці з інтанацыйнымі асаблівасцямі чытання, аднак тут жа былі сабраны лепшыя знаўцы мовы, то будзем спадзявацца, што і пасля праверкі выкладчыкамі каледжа дыктовак святочны настрой у дзяцей не прападзе, і адзнакі акажуцца высокімі, пра што мы даведаемся толькі праз тыдзень, бо трэба праверыць 32 дыктоўкі.
А час, які застаўся пасля дыктоўкі скарыстаў бард Андрэй Мельнікаў, які прыехаў у Ліду на Міжнародны дзень роднай мовы ажно з далёкага Гомеля. Высокадухоўныя, высокамаральныя і высокамастацкія беларускія песні Андрэя Мельнікава вельмі пасавалі і да падзеі, і да тэмы дыктоўкі, і да аўдыторыі, якая ў глыбокай цішыні з найвялікшай увагай слухала мо ніколі раней не чутыя словы ў такім выдатным выкананні.
На завяршэнне айцец Уладзімір дабраславіў усіх прысутных на старанную вучобу, а ўсе навучэнцы прынялі дабраславенне, перажагнаўшыся ў адказ.
Ну то з Богам - да мовы!
23 лютага 6-ю Агульнанацыянальную дыктоўку пісалі ў Бярозаўскай гарадской бібліятэцы Лідскага раёна. Дыктоўку па тэксту з "Мужыцкай праўды" - "Адкуль узялася паншчына" пісалі 12 чалавек. Чытаў старшыня Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ Станіслаў Суднік.
Па выніках дыктоўкі пераможцам стала Вольга Ашурак - хатняя гаспадыня, другое месца заняла старшакласніца адной з Бярозаўскіх школ Дамініка Трафімчык, На трэцім месцы з аднолькавымі баламі аказаліся інжынер Сяргей Дычок і яго сын Віктар Дычок - пяцікласнік. Дарэчы бацька і сын сядзелі паасобку, і адзін у другога не спісвалі.
Дыктоўка ў Бярозаўцы праводзіцца ўжо далёка не першы раз і стала тут трывалай традыцыяй. Кожны год на дыктоўцы з'яўляюцца новыя людзі, і не тухне вера ў светлую будучыню нашай мовы, бо народ ад яе не адступіцца.
24 лютага дыктоўку пісалі ў Лідскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы. Асаблівасць гэтай дыктоўкі, што яна ўжо каторы год уключаецца ў план працы бібліятэкі. Сёлета супрацоўнікі бібліятэкі нават размясцілі каля ўваходу спецыяльную абвестку.
Пісалі тэкст "Адкуль узялася паншчына", чытаў Станіслаў Суднік.
Пераможцам сёлетняй лідскай дыктоўкі стала Наталля Ляўкевіч - кіраўнік клуба "Спадчына" Дварэцкай СШ Дзятлаўскага раёна. Другое месца заняла настаўніца беларускай мовы Дварэцкай СШ Вікторыя Воўкава. На трэцім месцы вучаніца Лідскага ліцэя Надзея Буката. Будучыня ў мовы ёсць.
Наш кар.
Адкрыты ліст галоўнаму рэдактару газеты "Вечерний Минск" сп. Пяткоўскаму С.П.
Ці варта ездзіць на бясплатным "траянскім кані"?
Паважаны Сяргей Пятровіч!
Вечарам 21 лютага, пасля правядзення VI Агульнанацыянальнай дыктоўкі з нагоды Міжнароднага дня роднай мовы, я, вяртаючыся дахаты, зайшоў на станцыю метро. Народ якраз разбіраў Ваша бясплатнае выданне - газету "Вечерний Минск", заснаваную Мінскім гарвыканкамам. Узяў і я ў рукі гэтую тоўстую, аж 32 старонкі, каляровую газету, якая выйшла ў свет акурат у дзень роднай мовы. Уважліва яе перагледзеў. Пра дзень роднай мовы ні слова, таксама ніводнага, нават самага маленькага артыкула на дзяржаўнай беларускай мове! У чым справа, шаноўны Сяргей Пятровіч? Чаму Вы так пагарджаеце беларускім словам, нашай мовай, якая мае тысячагадовую гісторыю, нават у дзень, спецыяльна ёй прысвечаны?
Хачу Вам нагадаць, што нават у савецкія часы, калі ў Мінску не было ніводнай беларускай школы, "Вечерний Минск" меў цалкам беларускамоўную версію, якая свабодна прадавалася і была ў каталогу падпісных выданняў. Праўда, у метро яе бясплатна не раздавалі, і мела яна даволі сціплы выгляд. Можа, справа якраз у гэтым? Можа, сярод Вашых спонсараў, якія не шкадуюць вялізных грошай на бясплатную раздачу чарговага "траянскага каня" русіфікацыі жыхароў беларускай сталіцы, а не губернскага горада "Северо-Западного края", ёсць тыя, хто марыць аб ліквідацыі незалежнай Беларусі і аб далучэнні яе да суседняй краіны "шасцю губернямі"?
Як тут не прывесці некалькі цытатаў знакамітых рускіх інтэлектуалаў на іх роднай мове. Возьмем, да прыкладу, Канстанціна Паўстоўскага:
"По отношению каждого человека к своему языку можно совершенно точно судить не только о его культурном уровне, но и о его гражданской ценности". "Истинная любовь к своей стране немыслима без любви к своему языку. Человек, равнодушный к родному языку, - дикарь. Он вредоносен по самой своей сути. Потому что его безразличие к языку объясняется полнейшим безразличием к прошлому, настоящему и будущему своего народа".
Аднак я маю надзею, што Вы і рэдактарскі калектыў не сталі "манкуртамі" і "Иванами не помнящими родства", захавалі ў глыбіні свайго сэрца павагу і любоў да роднага беларускага слова, мовы вашых продкаў і, спадзяюся, мовы Вашых нашчадкаў.
Чаму б Вам, выпускаючы бясплатную газету накладам 108039 асобнікаў (№ 8 ад 21.02.2013 г.) не аднавіць добрую традыцыю і не зрабіць у адпаведнасці з вынікамі рэферэндуму 1995 г. аб поўнай роўнасці дзвюх дзяржаўных моваў у нашай краіне палову накладу "Вечернего Минска" па-беларуску?
Спадзяюся, што жыхары Мінска падтрымаюць гэтую ініцыятыву і будуць у першую чаргу разбіраць шточацвер у метро менавіта беларускамоўную версію газеты, як гэта яны робяць перад святамі з беларускамоўнымі віншавальнымі паштоўкамі.
З павагай, старшыня ТБМ Алег Трусаў.
Беларускія навукоўцы прынялі ўдзелу канферэнцыі ў Рыме
Ала Андрэеўна Кожынава, доктар філалагічных навук, дацэнт кафедры теарэтычнага і славянскага мовазнаўства Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта ў лютым прымала ўдзел у канферэнцыі славістаў у Рыме, прысвечанай 1150 годдзю славянскай азбукі.
- Гэта былі трэція Кірыла-Мяфодыеўскія чытанні, якія праводзіла Расійская Акадэмія навук разам з Рымскім і Фларэнцыйскім універсітэтам і Асацыяцыяй італьянскай славістаў, - падзялілася ўражаннямі Ала Андрэеўна. - Чытанні былі прысвечаныя юбілею славянскай азбукі. Мерапрыемства мае адукацыйны фармат. На чытанні прыязджаюць вучоныя, якія чытаюць даклады, звязаныя з праблемамі рэлігійных тэкстаў, тэкстаў Літургіі, герменэўтыкай і талкаваннем духоўных тэкстаў.
З другога боку туды прыязджае шмат студэнтаў, якія спрабуюць рабіць свае вучнёўскія даклады. У гэта раз пленарнае паседжанне праходзіла ў Рыме, потым усе ўдзельнікі канферэнцыі пераехалі ў Фларэнцыю ў памяшканне філалагічнага факультэта Фларэнцыйскага ўніверсітэта. Там прагучалі вельмі цікавыя даклады, якія рыхтавалі філолагі, гісторыкі, спецыялісты па пытаннях тэалогіі.
Мая тэма была прысвечана перакладу лексем, якія абазначаюць паняцце "працы" у Псалтырах XVI стагоддзя на ўсходне-славянскіх мовах. Мая калега, выкладчыца з з кафедры тэарэтычнага мовазнаўства Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Вольга Патапава рабіла даклад аб этнастэрэатыпах у слоўніках XIX-га стагоддзя. Яна даследвала, якія этнічныя стэрэатыпы складаліся ў XIX-тым стагоддзі, і як гэта адбілася ў аўтарскім светапоглядзе і ў слоўніках, калі яшчэ не было моцнай цэнзуры.
Студэнты МДУ і іншых універсітэтаў рабілі змястоўныя выступленні, яны былі добра падрыхтаваны, выкарыстоўваліся розныя тэхнічныя сродкі. Некаторыя вучнёўскія даклады былі лепшымі, чым у дарослых, - адзначыла спадарыня А. Кожынава.
Даклады беларускіх навукоўцаў былі ўспрыняты з вялікай цікавасцю, і яны атрымалі запрашэнні ў наступным годзе прывезці сваіх студэнтаў на падобную канферэнцыю.
Э. Оліна.
Марыя Баравік выдала першую дзіцячую кнігу
На Глыбоччыне выйшла ў свет кніга для дзяцей вядомай паэткі Марыі Баравік пад назвай "Ціт". "Гэта першая асобная кніга для дзетак. Раней мае дзіцячыя творы друкаваліся толькі ў зборніках, - кажа Марыя Баравік, - гэта занатоўкі вершамі і маімі малюнкамі жыцця дзяцей".
Марыя Баравік:
- Мне прыйшла такая задума - напісаць вясёлыя вершы. Я ж працавала з дзецьмі, псіхалогію іхнюю ведаю, у мяне быў нават лялечны тэатр - міні-тэатр "Смяшылка". Усялякія выпадкі, якія адбываліся са мной і з дзецьмі, я занатавала. Прэзентацыю абавязкова зробім, асабліва ў тым месцы, дзе патрэбна сказаць пра беларускае слова.
Марыя Баравік плануе правесці некалькі прэзентацый кнігі на Глыбоччыне, а таксама ў Менску.
У кнізе галоўны герой - хлопчык Ціт, які трапляе ў розныя вясёлыя прыгоды і сваволіць. А паэтка-назіральніца далікатна, асцярожна карэктуе яго паводзіны. У кожным вершы ёсць павучальны намёк, які аўтарка прапануе знайсці чытачу.
Беларускае Радыё Рацыя. Фота westki.info
Віншуем сяброў ТБМ, якія нарадзіліся ў сакавіку
Адаміна Алена Азарчык Раман Уладзіміравіч Анацка Ганна Антонава Алена Аляксеўна Арочка Ларыса Іванаўна Асіпчук Аксана Мікалаеўна Аскерка Анатоль Астаповіч Галіна Канстанцін. Астроўскі Аляксандр Алякс. Аўсяннікава Тамара Аляксан. Барэль Таццяна Уладзімір. Баўсюк Мікола Марачкін Аляксей Антонавіч Місевіч Мар'ян Баброўская Людміла Бажыцка Алег Аляксандравіч Бандарэнка Юлія Дзмітр. Бараноўскі Сяргей Бародзіч Ганна Сцяпанаўна Баршчэўскі Лявон Пятровіч Бахцізіна Кацярына Георг. Белякоў Аляксандр Бермант Раіса Барысаўна Богдан Вадзім Бойка Сяргей Васільевіч Бубула Вольга Бугай Казімір Іосіфавіч Булак Аляксандр Бутылін Міхась Уладзімір. Бяляева Наталля Уладзімір. Васільчанка Мікола Рыгор. Вашкевіч Ігар Пятровіч Войшніс Фаіна Сцяпанаўна Вянгура Ніна Фёдараўна Вячорка Францішак Валянц. Гарасюк Аляксандр Гардзей Н. М. Гаркавая Людміла Гарэлікава Ларыса Эдуард. Герасімовіч Валянцін Іванавіч Гоўша Сяргей Канстанцінавіч Гук Ганна Іванаўна Гуркоў Канстанцін Уладзімір. Дабратвор Ілля Мікалаевіч Дайлідка Юры Дапкюнас Жанна Казіміраўна Дарашкоў Сяргей Дзіцэвіч Рычард Мікалаевіч Дзмітруковіч Вольга Фёдар. Другакова Марына Уладзім. Дрык Людміла Дубіцкі Уладзімір Пятровіч Дэдышка Ніна Дэц Алена Георгіеўна Занкевіч Сяргей Міхайлавіч Здзітавец Алена Уладзімір. Зінавенка Сяргей Леанідавіч Зянькевіч Барыс Барысавіч Іванова Бярнарда Пятроўна Ішчанка Галіна Мікалаеўна Каваль Ірына Віктараўна Кавальчук Дзмітры Леанід. Кадушка Вера Уладзіміраўна Казлова Аляксандра Віктар. Каліновік Вольга Фёдараўна Капковіч Вольга Карабач Марыя Каралёва Таццяна Іванаўна Карась Ганна Аляксандраўна Карлінскі Віктар Адамавіч Карпіцкі Максім Юр'евіч Кашкур Іосіф Станіслававіч Кечанкоў Мікалай Мікал. Кіслая Вольга Юр'еўна Клімавец Яўгенія Антонаўна Клімус Андр. Козел Ларыса Міхайлаўна Конічава Галіна Корань Вольга Красніцкі Віктар Яўгенавіч Крол Цімур Аляксандравіч Крук Ларыса Васільеўна Кулішча Эдуард Францавіч Кунцэвіч Уладзімір Курбацкі Аляксандр Міхайл. Кухаронак Валянціна Іван. Кухто Васіль Іванавіч Лапенка Аляксей Купрыян. Лапіцкі Аляксей Іванавіч Латушка Ірына Леўшукоў Андрэй Ліннік Мікалай Міхайлавіч Лісоўскі Станіслаў Аляксан. Лісоўскі Тарас Станіслававіч Ліцьвінчук Наталля Лукашук Марыя Пракопаўна Лукашэвіч Аляксей Пятровіч Луханіна Алена Альбінаўна Мазанік Аляксадр Віктаравіч Макакеў Аляксандр Віктар. Макар Юры Уладзіміравіч Макарэвіч Сяргей Іосіфавіч Малахава Людміла Віктар. Малашанка Зміцер Васільевіч Малышчыц Мікалай Васіл. Мамонька Алена Мамчыц Эдуард Іосіфавіч Марус Алена Мельнікава Анжэла Мельнікава Святлана Мінава Вера Міхалькевіч Віталь Генрых. Міхалькевіч Уладзіслаў Ген. Міхнавец Дзіна Мікалаеўна Мухіна Надзея Аляксандр. Мяцюн Таццяна Мар'янаўна Мазанік Аляксадр Віктаравіч Несмяянава Людміла Даніл. Падгайскі Мікалай Вячасл. Пазняк Марыя Пальчэўскі Юры Леанідавіч Панкевіч Аляксандр Паўлавец Зміцер Паўлюковіч Ніна Пералайка Мікалай Уладзім. Праконіна Вера Уладзімір. Родзік Анатоль Леанідавіч Руткоўская Антаніна Фадз. Садоўская Алена Станіслав. Садоўскі Раман Сушко Вера Іванаўна Тамулёнак Мікалай Іванавіч Трайнель Віктар Трацяк Іван Іванавіч Трашчанка Уладзімір Яўхім. Турок Марыя Аляксандр. Уазіз Амін Узлоўскі Валянцін Федаровіч Валеры Васільев. Філіпаў Мікалай Альбертавіч Хабян Вольга Хамрэнка Ірына Алегаўна Харашылава Тамара Пятр. Храпавіцкі Васіль Сяргеевіч Цвяткова (Русак) Надзея Ів. Цыркуноў Аляксандр Іван. Чакур Анатоль Міхайлавіч Чаляпін Аляксей Чашчына Наталля Мікал. Чэчат Сяргей Аляксандравіч Шагулін Алег Іванавіч Шадыра Вадзім Шаргаева Святлана Міхайл. Шарэйка Вольга Шахоўская Святлана Уладзім. Шышкіна Алена Сяргееўна Шышук Андрэй Іванавіч Шэга Іван Шэметава Алеся Аляксандр. Якубоўская Таццяна Якубук Наталля Раманаўна Яноўская Марыя Януковіч Вікторыя Эдуард. Янчанка Алена Рыгоаўна Яўдошына Ларыса Іванаўна
75 гадоў з дня нараджэння Надзеі Мярцалавай
1 сакавіка сёлета 75 год Надзеі Фёдараўне Мярцалавай (01.03.37-13.10.10). На вялікі жаль мінула два гады як гэтай шчырай жанчыны сярод нас няма. Сышла у іншы свет у кастрычніку 2010 г., ціха з' ехаўшы да сястры ў горад свайго цяжкога дзяцінства Воршу. Даведаліся мы аб гэтай сумнай падзеі толькі праз некалькі месяцаў. Спадарыня Надзея была сябрам ТБМ, ахвяравала граштовыя сродкі на падтрымку Таварыства са сваёй мізернай пенсіі. Адна з нашых з ёй сумесных акцый - падпіска школ і навучальных устаноў Наваполацка на газету "Наша слова". Карані яе этнічнага паходжання з Украіны, але яна ўсім сэрцам жадала Беларусі хутчэй стаць вольнай і сапраўды незалежнай краінай, пранікнутай роднай мовай і нацыянальнай культурай. Магчыма калі-небудзь вернецца ў такую Беларусь яе улюбёная ўнучка Ганна Мярцалава - выдатніца Наваполацкай гімназіі і каледжа ў Оксфардзе, выдатніца ўніверсітэта ў Манчэстары (Англія), якая разам з універсітэцкім дыпломам атрымала ганароваю падзяку як "Лепшая сярод выпускнікоу" з зямель Вялікага Княства Літоўскага за апошнія 500 (пяцьсот) год! Але зараз Ганна працуе ў Лондане. Вельмі любіла Надзея Фёдараўна творчасць Уладзіміра Арлова - была асабіста з ім знаёмая. Хай жа гэты невялікі артыкул будзе знакам павагі і пашаны ў памяць да юбілею, якога на жаль, яна не дачакалася.
Алесь Рымша, сябар рэспубліканскай Рады ТБМ, старшыня Наваполацкай арганізацыі ТБМ.
АБВЕСТКА
Пачынаюцца заняткі для школьнікаў 7-х-10-х класаў па вуснай і пісьмовай беларускай мове з вядомымі філолагамі, а таксама па гісторыі са знакамітымі гісторыкамі ў сядзібе Таварыства беларускай мовы (вул. Румянцава, 13, ст. метро "Плошча Перамогі").
Арганізацыйны сход - 11 сакавіка (панядзелак). Пачатак: 17.30.
Да 120-годдзя Максіма Гарэцкага
ХХІ ГАРЭЦКІЯ ЧЫТАННІ
У паканні Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры адбылася навукова-практычная канферэнцыя "ХХІ Гарэцкія чытанні".
Да арганізацыі мерапрыемста спрычыніліся Рэспубліканскі фонд братоў Гарэцкіх і ДНУ "Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры нацыянальнай акадэміі навук Беларусі". Чытанні былі прысвечаны 120-годдзю з дня нараджэння Максіма Гарэцкага.
З уступным словам выступіла дырэктар Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Лідзія Макарэвіч.
З прывітаннямі слова бралі: паэт Васіль Зуёнак, а так-сама пісьменнік, старшыня Грамадскай назіральнай камісіі пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь па ахове гістарычна-культурнай спадчыны Анатоль Бутэвіч.
На пленарным паседжанні старшынствавалі: акадэмік НАН Беларусі Радзім Гарэцкі і член-карэспандэнт НАН Беларусі Міхась Мушынскі. Прысутныя з цікавасцю выслухалі даклад Ганны Запартыкі (Менск) пад назвай "Максім Гарэцкі ў дакументах віленскіх грамадскіх арганізацый і перыядычных выданняў 1919-1923 гг.".
Потым 50 дакладчыкаў падзяліліся для працы па 3-х секцыях: у "Гасцёўні Уладзіслава Галубка", літаратурным музеі Максіма Багдановіча і Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры. Я застаўся ў памяшканні апошняга на 1 секцыі. Яе кіраўнікамі былі кандыдаты філалагічных навук Таіса Грамадчанка і Вольга Козіч. У секцыях выступалі прадстаўнікі г. Менска. Полацка, Гомеля, г. Баранавіч, Віцебска, Беразіно, Мазыра і Гародні.
Мне было вельмі цікава паслухаць даклад Розы Зінавай (кандыдата геолагамінералагічных навук) пад назвай "Лёс Галіны Гарэцкай у маім успрыманні". Вялікія спрэчкі выклікаў даклад маладой даследчыцы Траццяк Зоі (Полацк) пад назвай "Пераасэнсаванне талстоўскай традыцыі ў творах М. Гарэцкага і Э. Хеменгуэя пра Першую Сусветную вайну". Прагучаў змястоўны даклад Зінаіды Драздовай "Рэлігійная тэматыка ў творах Максіма Гарэцкага".
Прайшло заключнае пленарнае паседжанне, а потым адбылося ўскладанне кветак да помніка М. Гарэцкаму.
Матэрыялы канферэнцыі будуць надрукаваны асобным зборнікам.
Аляксей Шалахоўскі.
Выстава да 120-годдзя М. Гарэцкага
Выстава "Сябры майго далёкага юнацтва", прысвечаная 120-годдзю з дня нараджэння беларускага пісьменніка Максіма Гарэцкага і яго жонкі Леанілы Чарняўскай, адчынілася 19 лютага ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа.
У экспазіцыі каля 30 прадметаў - гэта выданні твораў, сямейныя фота з дарчымі надпісамі, хрэстаматыі беларускай літаратуры, расейска-беларускі слоўнік, які Максім Гарэцкі ствараў разам з братам Гаўрылам.
Назву выставы арганізатарам падказалі радкі з ліста Якуба Коласа Гаўрылу Гарэцкаму і яго жонцы Ларысе. "Ён менавіта так і звяртаўся да іх. Праўда, потым сам сябе паправіў, маўляў, сябры не юнацтва, а сталасці. Пра юныя гады можна даведацца з яго кнігі "На ростанях", якую ён ім даслаў з дарчым подпісам", - распавяла галоўны захавальнік фондаў музея, праўнучка Якуба Коласа Васіліна Міцкевіч.
Асаблівае месца нададзена спецыяльнай інсталяцыі, дзе прадстаўлены яшчэ адзін ліст беларускага песняра сваім сябрам. "Якуб Колас піша Гарэцкім пра тое, што вельмі моцна хварэе на грып і не можа спусціцца па лесвіцы на першы паверх - лекары забараняюць. Ён абяцае даслаць кнігу "Рыбакова хата" адразу, як толькі яна выйдзе ў друк. Сваё абяцанне паэт стрымаў", - працягнула спецыяліст.
Экспазіцыя служыць наглядным пацвярджэннем цёплых сяброўскіх адносінаў паміж сем'ямі Коласа і Гарэцкіх. "Такімі яны застаюцца і па сённяшні дзень", - падсумавала Васіліна Міцкевіч.
Праца выставы працягнецца да канца лютага.
БелТА. Фота М. Гаравога.
Імпрэза памяці М. Гарэцкага
22 лютага ў сядзібе ТБМ на Румянцава, 13 у Менску прайшла вечарына, прысвечаная памяці Максіма Гарэцкага.
Пасля ўступнага слова старшыні ТБМ Алега Трусава і першага намесніка старшыні ТБМ Алены Анісім рэй вёў акадэмік, былы віца-прэзідэнт НАН Беларусі Радзім Гарэцкі.
Падчас імпрэзы прайшла прэзентацыя кнігі Радзіма Гарэцкага "Браты Гарэцкія", паштоўкі, выдадзенай ТБМ да 120-годдзя Максіма Гарэцкага, нумара газеты "Наша слова" з артыкулам пра музей Гарэцкіх ў Малой Багацькаўцы.
Акадэмік Радзім Гарэцкі - адзін з заснавальнікаў ТБМ, сябар Рады ТБМ распавёў пра нялёгкі лёс дзядзькі і бацькі, пра іхняе імкненне на Радзіму і адказаў на шматлікія пытанні, паставіў аўтографы на кнізе.
Мерапрыемствы па ўшанаванні памяці беларускага Рэмарка і Камю ў адной асобе - Максіма Гарэцкага ў яго юбілейны год будуць працягвацца.
Наш кар.
Не стала Сакрата Яновіча
Уноч з 16 на 17 лютага ў родным доме ў Крынках памёр пісьменьнік, інтэлектуал, адзін з лідараў беларускай меншасці ў Польшчы Сакрат Яновіч. Сакрату Яновічу было 76 гадоў.
Сакрат Яновіч нарадзіўся 4 верасня 1936 году ў Крынках на Беласточчыне. Працаваў перакладчыкам у тыднёвіку беларусаў Польшчы "Ніва", а затым журналістам. У 1970-м быў звольнены з "Нівы" "за беларускі нацыяналізм", застаўся беспрацоўным, нейкі час працаваў грузчыкам, тэхнікам бяспекі працы. У 1973 годзе скончыў завочны факультэт польскай і славянскай філалогіі Варшаўскага універсітэта.
Дэбютаваў апавяданнем у 1956-м ("Ніва", Беласток). Пісаў на беларускай і польскай мовах. Аўтар зборнікаў апавяданняў і мініяцюр. Аўтар 30 кніг.
Сакрат Яновіч стаяў ля вытокаў той сягоння ўжо неверагоднай эпохі ў гісторыі беларусаў Беласточчыны, калі ў 1956 годзе ў Беластоку ўзнік беларускі тыднёвік "Ніва" і ў больш, чым у сотні вёсак пачалося навучанне беларускай мовы. Ён прыйшоў працаваць у "Ніву" ў пачатку яе існавання, калі насамрэч усе на Беласточчыне яшчэ толькі вучыліся пісаць па-беларуску. У 1958 годзе, як адзін з тых, хто найхутчэй навучыўся граматна і культурна пісаць на беларускай мове, ён стаў заснавальнікам Беларускага літаратурнага аб'яднання "Белавежа". Працаваў журналістам у "Ніве", дзе пісаў усялякую журналісцкую падзёншчыну, але час ад часу публікаваў і нешта вартае большай увагі, на літстаронцы "Белавежы", якая ў той час з'яўлялася ў беларускім тыднёвіку рэгулярна раз на месяц. У 1969 годзе, калі яму было 33 гады, выйшла ягоная першая кніга - мініяцюры і апавяданьні пад назовам "Загоны". З сённяшняй перспектывы асабліва выразна відаць, што была гэта гістарычная дата, нешта накшталт часавага водападзелу ў беларускай літаратуры ў Польшчы. Да з'яўлення "Загонаў" у нас на Беласточчыне мы мелі толькі вершы - прытым, зусім неблагія і паводле сённяшніх мерак, як, прыкладам, зборнік "Жнівень слоў" Алеся Барскага з 1967 году - але Сакрат Яновіч першы паказаў, што ў нас можа быць і першакласная беларуская проза. Беларуская літаратура ў Польшчы, якая нарадзілася ўсяго дзясятак гадоў перад публікацыяй "Загонаў", з гэтай кніжкай увайшла ў пэрыяд свайго сталеньня.
У Прачысценскай царкве ў Крынках адслужылі паніхіду па Сакрату Яновічу, пасля чаго адбылося пахаванне на мясцовых праваслаўных могілках. Труна з целам памерлага была накрытая бел-чырвона-белым палотнішчам. Беларускія нацыянальныя сцягі з чорнымі стужкамі таксама луналі над жалобным шэсцем, у царкве і на могілках спявалі гімн "Магутны Божа".
Паводле СМІ.
Пайшоў з жыцця лінгвіст Віктар Мартынаў
25 студзеня 2013 г. пайшоў з жыцця адзін з самых арыгінальных беларускіх лінгвістаў другой паловы ХХ і пачатку ХХІ стагоддзя Віктар Мартынаў. Здарылася гэта ў 89-ы дзень народзінаў даследчыка.
Віктар Мартынаў нарадзіўся ў Адэсе. Пехацінцам прайшоў франты Другой Сусветнай. У Менск ён трапіў у 1960, пасля навучання і выкладання ў Адэскім і Львоўскім універсітэтах.
У беларускай Акадэміі навук Мартынаў змяніў свае цікавасці: быў літаратуразнаўцам, даследаваў польскую паэзію, а тут заняўся лінгвістыкай - славістыкай і індаеўрапеістыкай.
Адна з самых важных высноваў Мартынава "беларускага перыяду" - гэта тое, што праславянская мова сфармавалася на базе заходнебалцкага моўнага арэала з наслаеннем на яго італійскага элемента, блізкага да лаціны.
Канцэпцыя, якая выводзіць праславянаў з заходне-балцкага маргінэзу, была крытычна сустрэтая часткай навуковай грамадскасці. Але спецыфічныя адносіны балтыйскіх і славянскіх моваў, і ў першую чаргу беларускай мовы, заўсёды заставаліся ў коле зацікаўленняў Мартынава, у тым ліку пры рабоце над "Этымалагічным слоўнікам беларускай мовы". Гэты слоўнік - унікальны праект, які пачаў ажыццяўляцца пад кіраўніцтвам Мартынава.
Першы том выйшаў у 1978, сёння мы маем 13-ы том, і выданне працягваецца. Яшчэ ў праспекце да першага тома Віктар Мартынаў катэгарычна не прымаў афіцыйна прапагандаваны тэзіс пра адзіную калыску ўсіх усходнеславянскіх моваў і народаў. Гэта патрабавала пэўнай смеласці, каб выступіць супраць пазіцыі, якая адстойваецца пераважна расейскімі вучонымі, што беларусы, украінцы і расейцы былі некалі адным цэлым, а потым разышліся і ўтварыліся тры народы і тры мовы
Таксама Мартынаў браў удзел у т.зв. Палескіх экспедыцыях. Зыходзячы са сваёй канцэпцыі прарадзімы славян, В. Мартынаў лічыў Палессе, дакладней, Заходняе Палессе, тэрыторыяй першай славянскай міграцыі на ўсход.
Ён належаў да той школы лінгвістыкі, якая даследуе працэсы камунікацый. Гэта вельмі перспектыўная школа, якая, па сутнасці, стала развівацца толькі з 60-х гадоў. І ён быў прызнаным аўтарытэтам у гэтай сферы. Вялікая колькасць аспірантаў займалася ў яго і абаранялася, быў ён і навуковым кансультантам не аднаго доктара навук.
У 1960-я ў даследчыка з'явілася яшчэ адна сфера зацікаўленняў - лінгвістычныя аспекты штучнага інтэлекту. Любая мова чалавецтва настолькі разнастайная і багатая, што амаль кожнае выказванне хавае ў сабе няпэўнасць, неканкрэтнасць. А ў кантактах з машынай гэта стварае праблемы па-разумення. Віктар Мартынаў і спрабаваў зняць гэтую няпэўнасць, вылучыўшы ў словах "кванты" семантычнай (сэнсавай) інфармацыі ды правілы іх спалучэння. Праз такую фармалізацыю мовы Мартынавым быў створаны УСК - Універсальны Семантычны Код. У 1970-я гэта было адно з самых выразных дасягненняў беларускіх лінгвістыкі і інфарматыкі.
Да сваіх апошніх дзён Віктар Мартынаў не пакідаў заняткаў навукай. Як гуманіст ён спрыяў паразуменню паміж людзьмі і шмат чаго зрабіў для пашырэння ведаў пра беларускую навуку і Беларусь у свеце.
Алег Дзярновіч.
"Не магу жыць без крыл", або дваццаць абзацаў з майго жыцця
З Днём народзінаў мне пашчасціла. Нарадзіўся я акурат у адзін дзень, ці дакладней, у адну ноч з Госпадам-Богам, 7 студзеня1963 года. Праўда, не ў стайні, а ў роднай хаце, якая на той час прытуліла яшчэ адну божую істоту - маленькае цялятка. Бо ў шчодры калядны вечар ацялілася карміліца, як мая бабуля Таццяна Канстанцінаўна Акуліна, заўсёды з любоўю называла нашу карову Лыску. А здарылася гэта знамянальная ў маім жыцці падзея ў вёсцы Вялікія Нямкі, што прыгожа прымасцілася на правым, крутаярым беразе Бесядзі на старажытнай Веткаўскай зямлі. Адразу ж агаваруся, што ніякага дачынення да веткаўскіх старавераў я не маю. Хрышчаны быў праваслаўным святаром, які жыў на нашай Старасельскай вуліцы і спраўляў усе хрысціянскія абрады ў сваёй хаце, бо Нямкоўскую Пакроўскую царкву, якая была збудаваная яшчэ ў 1876 годзе спалілі падчас кастрычніцкай смуты ў 1917 годзе, спалілі мясцовыя камуністы, адзін з якіх, праз 60 гадоў пасля свайго варварскага ўчынку выпадкова, ці не зусім, згарэў сам... Колючы вепручка, ён захацеў даліць вадою чыгун з бульбай , які стаяў у печы, а ў вядры аказаўся бензін, падрыхтаваны для смалення… Вось і не вер пасля гэтага ў Божы промысел…
Памятаю сябе з тых часоў, калі любіў, яшчэ нават не ўмеўшы хадзіць, падпаўзці да дзеда Цімоха (мужа бабулінай сястры) і пагушкацца на ягонай назе. Запомніўся яшчэ адзін "яркі" эпізод з маленства. Дакладней, наадварот. Бо электрычнасць у Вялікія Нямкі яшчэ не правялі. Хату ж па вечарох асвятляла звычайная газніца. Амаль такая ж, як у Багдановічаўскім вершы. Памятаеце? "Ноч. Газніца гарыць-чырванее. І гарбата, астыўшы стаіць…" Што да праўды, дык гарбаты ў сапраўдным сэнсе мы тады і не ведалі. Заміж яе мы пілі, або кампот з "крышанямі"(сушанымі яблыкамі), або кіпень, запараны маладымі вішнёвымі галінкамі… А крыху пазней, ужо на другім годзе майго жыцця, калі ўзімку, перавязаны, як франзузскі жаўнер падчас адступлення з Масквы, у шарсцяную бабуліну хусту, я падышоў на небяспечную адлегласць да каровы Лыскі, а тая, відаць, зблытаўшы мяне з сабачанём, убрыкнула задняй нагой так, што я ажыццявіў першы ў сваім жыцці міжпадворкавы пералёт. Дзякуй Богу, што зімы ў маім маленстве былі па-мележаўску завейна-снежныя, і таму маё прызямленне аказалася даволі мяккім… З "эратычных" згадак маленства запомнілася хаджэнне ў лазню, як у нас казалі, з "бабамі", гэта значыць, у жаночы заход. Праўда, акрамя страшэнна гарачай вады, у якой мяне заўсёды мыла, пасадзіўшы ў таз, сваімі парэпанымі ( або, як Сыс Толя казаў "фрэскавымі") ад працы далонямі мама і ўедліва-горкага гаспадарчага мыла, якое штораз трапляла ў вочы, я нічога больш не запоўніў… А з двух гадоў мяне залічылі ў дарослыя, і я пачаў наведваць лазню разам з мужчынамі. Дарэчы, мыццё ў лазні для нас нямкоўцаў - своеасаблівы рытуал, штосуботняе свята душы. Менавіта душы, а не цела. Бо, як казаў наш сусед, заядлы лазеншчык, дзед Маркун: "Ото ж, душа. Яна і чарку прыгубіць любіць. Яна і шкварку прыгалубіць... А прыйдзе субота - ёй у лазню ахвота!.."
Маё маленства, самая шчаслівая і бесклапотная пара ў жыцці кожнага чалавека, было азмрочана дзвюма сумнымі падзеямі. Спачатку, калі мне было ўсяго шэсць гадоў, развяліся мае бацькі Лявон і Марыя. Я не памыліўся, напраўду Лявон, або, як яго звалі аднавяскоўцы - Грыцаў Лёнька (Грыцавы - наша вулічная мянушка, якая захавалася ад прапрадзеда Грыца). Аляксандравічам я стаў, дзякуючы памылцы сельсавецкага работніка, які ў бацькоўскім пасведчанні аб нараджэнні заміж Леанід напісаў Аляксандр. Амаль што Багушэвіцкая гісторыя з Аляндаркам атрымалася… А праз паўтары гады (у 1971 годзе) пры трагічных аб-ставінах загінуў бацька - у дарожна-транспартным здарэнні. Яму было ўсяго трыццаць тры гады. Як потым я напісаў у адным са сваіх нідзе неапублікаваных вершаў: "А ў трыццаць тры - паміраюць Хрысты, мой бацька памёр у столькі"… Божа мілы, якім прыгожым і таленавітым быў мой тата! Яшчэ ў вайну, у пяцігадовым узросце ён навучыўся граць на гармоніку, ды так віртуозна, што да яго, дванаццацігадовага падшыванца, на гранне вяселля станавіліся ў чаргу ўсе навакольныя вёскі. Пасля ён закончыў Веткаўскую музычную вучэльню па класе баяна і працаваў у саўгасе загадчыкам клуба і арганізатарам культурна-масавага жыцця вёскі. А як ён любіў маму! Ды яшчэ больш ён любіў музыку… Нідзе і ніколі я не бачыў, каб так, як мой тата, яшчэ нехта іграў… Ён сядаў на канапу, заплюшчваў вочы і, паклаўшы голаў на плячо баяна, пачынаў іграць. Мог іграць так гадзіну, дзве, тры запар, быццам хацеў пачуць не проста музыку, а самую яе душу, схаваную ў грудзях баяна…
"Мая Муза - даярка на ферме" - вершаваны радок Міколы Купрэева, нібыта напісаны пра маю маму. Яна магла запраста стаць Музай нашага паэта-пілігрыма, бязногага палескага бусла… Бо, па-першае, была вельмі прыгожая і, не проста вельмі, а страшна прыгожая. Яна жыла зводдаль ад вёскі, на зарэчным хутары з пасекай, і калі вечарам ішла, прапахлая мёдам, са свайго пчалінага раю на "пятачок" у Нямковічы (старажытны назоў Вялікіх Нямкоў), хлопцы між сабой перашэптваліся:
- Глянь, глянь, Царыца ідзе…
Вось так, ні больш, ні менш - Царыца… Але адукацыі ў Яе Вялікасці было толькі два класы… Я пытаўся ў маці пасля:
- Чаму толькі два? (Бацька закончыў сямігодку).
На што, яна заўсёды адказвала:
- Бабуля твая зусім чытаць не ўмела. А з мяне і двух класаў хапіла, бо некалі вучыцца было. Трэба было працаваць…
Вось чаму, як і гераіня верша Міколы Купрэева, мама ўсё жыццё прапрацавала даяркай на ферме. Што да праўды, працавала добра. Нават ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга за сваю працу ад савецкай улады займела. Толькі не займела сямейнага шчасця, ды доўгага жыццёвага веку. У пяцьдзясят гадоў мамы не стала… І, як запозненае пакаянне, напішацца верш "Авэ, Марыя", прысвечаны памяці мамы:
Час прыйшоў за грахі вініцца...
Памяць паліць гады на тло.
Ды часцей стала
мама сніцца -
не сама, а яе Святло.
Мне на гэта Святло маліцца -
покуль будзе мой шлях відзён...
- Мама, імя тваё свяціцца -
хай ад сёння - да скону дзён.
Гэта ж ты мяне нарадзіла.
Што змагла -
то ў жыцці дала...
Ты і ёсць для мяне Радзіма.
Не прывыкну казаць - была.
Шкада, што гэты верш мама не прачытала пры жыцці. Бо з дня разрыву паміж бацькамі ў маёй дзіцячай душы пасялілася крыўда на маці. Я лічыў, што гэта яна вінаватая ў заўчаснай смерці бацькі… І калі маці, прыехаўшы з Гомеля, дзе жыла пасля разводу з бацькам, захацела забраць мяне да сябе, я катэгарычна (у свае восем гадоў) адмовіўся. Застаўся на выхаванні ў бабулі Таццяны. Бабуля ж выхоўвала мяне досыць строга. Часам магла паўшчуваць не толькі словам, а і матузамі ад хвартуха, а здаралася і лазінавым дубцом. За што я цяпер ёй бязмежна ўдзячны. Бо неаднойчы мог, як у нас у Нямках кажуць, страціцца - ці то падчас вясновага крыгаходу, калі перабягаў Бесядзь па плывучым крохкім лёдзе, ці, заклаўшыся на пяць рублёў з аднакласнікам, залез на ўроку працы на трыццацімятровы комін школьнай качагаркі…
А яшчэ за тое, што яна мяне навучыла шанаваць працу і людзей. Каб пракарміць Лыску, ужо з 12 гадоў разам з бабуляй я хадзіў улетку "касіць на працэнты". Гэта значыць - у найміты да саўгаса. Бо, каб атрымаць тых жа дзесяць сотак атавы на перазіміны для Лыскі, нам з бабуляй трэба было скасіць, высушыць і завезці на саўгасную ферму цэлы гектар сенакосу. Хто выкошваў за дзень хоць бы сорак сотак, той мяне зразумее, што гэта была за праца… Касіў я "сяміручкай", пакідаючы за сабой мятровы пракос. Стараўся - колькі мог, бо самай вялікай пахвалой для мяне тады былі словы дарослых касцоў: "Малайчына, хлапец ! Добра косіць. Пад самы корань…" А яшчэ былі бульбяныя соткі (узары, прапалі, палі атрутай ад каларадскіх жукоў, пасля скапай, прывязі з поля дадому, закапай у капец), а потым узарві ў пуні гной (пагрузі на тачку, вывезі ў гарод, раструсі…), напілуй і накалі дроў і г.д . І так дзень за днём, год за годам да самай... Смерць бабулі была пакутнай. Аплакаўшы мужа, які загінуў на фронце ў 1944-м, а потым двух дарослых дзяцей (дачку і сына), падарваўшы здароўе ў галодныя пасляваенныя гады, яна не здалела перажыць Чарнобыль. У верасні 1986 года (у сямідзесяцігадовым узросце) бабуля перанесла інсульт, які прыкаваў яе да ложка ажно на цэлых пяць гадоў…
Сваё паэтычнае прызнанне, хай сабе і ў межах роднай вёскі, я атрымаў у дванаццаць гадоў, калі газета "Зорька" надрукавала мой верш "Радзіма", напісаны па-руску. Пад вершам змясцілі хатні адрас аўтара, і цягам месяца я атрымаў больш за трыста лістоў з усіх куткоў былога Савецкага Саюза, у тым ліку, з Чэхіі, Балгарыі і ГДР. Тады ж у мяне з'явілася і першая пашанотная мянушка - Паэт. Настаўнік роднай мовы і літаратуры Пятро Паўлавіч Раманаў, даведаўшыся пра гэта, аднойчы паклікаў мяне да сябе ў кабінет і прапанаваў для чытання некалькі кніг беларускіх аўтараў: Максіма Танка, Пімена Панчанку і Максіма Багдановіча. Чамусьці вершы Максіма-кніжніка мяне ўразілі больш за ўсіх. А даведаўшыся, які жыццёвы шлях прайшоў паэт, у свае чатырнаццаць гадоў я пакляўся больш ніколі не пісаць на чужой мове… І ўжо ў 1979 годзе ў часопісе "Бярозка" надрукаваў свой першы верш на беларускай мове "Бесядзь". Я нават стаў пераможцам літаратурнага конкурсу "Я табе, Беларусь, шчыра песню пяю!" і ў якасці ўзнагароды ад рэдакцыі часопіса атрымаў некалькі кніг з аўтарскімі аўтографамі. І па сёння ў хатняй бібліятэцы я захоўваю адну з іх - паэтычны зборнік Юрася Свіркі "Паўшар'е блакіту" з лаканічным подпісам: "Дарагі Эдзя, шчыра жадаю поспехаў у творчасці…"
Атрымаўшы дабраславенне Юрася Мікалаевіча Свіркі, я для сябе іншай дарогі ў жыцці, акрамя як у паэзіію, ужо не бачыў. Нягледзячы на тое, што бабуля, як магла, схіляла мяне да такой запатрабаванай на вёсцы прафесіі, як трактарыст, я цвёрда вырашыў паступаць у Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт. Але гэта было пасля сканчэння дзясятага класа… А ўвесь дзясяты клас я пражыў на аблоках… першага кахання, надкусіўшы грахоўны яблык першага пацалунку і перажыўшы трагедыю першай у жыцці здрады… Але сёння аб гэтым не шкадую, бо, насамрэч, калі б не было ў маім жыцці гэтай шэкспіраўскай фабулы, то не нарадзілася б пазней адна з самых любімых мною песень - "Жоўтая вяргіня". Жоўтая вяргіня расцвіла ў маёй душы з болю аб страчаным каханні…
Разрыў з каханай адбыўся проста на выпускным балі. Таму тым жа ранкам, нават не паспаўшы, я першым рэйсам аўтобуса накіраваўся ў Гомель, каб здаць дакументы для паступлення на гістарычна-філалагічны факультэт. Аддзяленне выбраў, не вагаючыся, - беларускарускае. І "аканфузіўся" адразу ж на першым іспыце. Справа ў тым, што, каб апраўдаць высокае званне паэта, якое за мной замацавалася з дванаццаці гадоў, сачыненне па беларускай літаратуры я вырашыў напісаць у вершах… Гэта была ваенна-патрыятычная паэма "Сэрца маці". Але за свае "высокапатрыятычныя" намеры я атрымаў ледзь не самы нізкі ацэначны бал - тройку. Дзякуй Богу, хапіла розуму рускае сачыненне напісаць на чацвёрку, а гісторыю СССР і беларускую мову здаць на пяцёркі. Так збылася мара… абітурыента - я стаў студэнтам.
Студэнцкія гады - гэта жыццё ў жыцці. І яго нельга пераказаць у адным абзацы. Таму заштрыхую толькі самыя важныя эпізоды. Яшчэ на падрыхтоўчых курсах я пазнаёміўся з Алесем Бяляцкім, ці, як мы яго любоўна тады называлі, - Белым. Алесь стаў самым блізкім маім сябрам. Сябрам - на ўсё астатняе жыццё… Пазней, у першы ж дзень заняткаў да нас першакурснікаў проста пасярод пары ў аўдыторыю прасунуў галаву Анатоль Сыс і, не звяртаючы ўвагі на лектара, гучна запытаўся:
- Паэты ёсць?
- Ёсць! - не стрымаўся самы тэмпераментны і шабутны сярод нас, Анатолеў зямляк і цёзка, Сяржук Сыс.
- Праў - да - а? - у расцяжку з іранічнай інтанацыяй выгукнуў Анатоль. На што ўся аўдыторыя, пераважна дзявочая, узарвалася нястрымным маладым смехам. А Толя, як сапраўдны артыст, вытрымаўшы паўзу, сказаў:
- Ну, тады прыходзьце сёння на паседжанне "Крынічкі"…
Так Анатоль Сыс увайшоў у маё жыццё, каб застацца там назаўсёды…
Ён стаў нашым літаратурным кумірам, а да мяне, даведаўшыся аб тым, што я бязбацькавіч, наогул ставіўся, як да сына. Неаднойчы плаціў за мой абед у студэнцкай сталоўцы, заводзіў да старшакурсніц на бліны… І вельмі часта так і называў - "сынок". Мы бралі з Анатоля прыклад ва ўсім: у паэзіі, у паводзінах, у манеры апранацца і танчыць, і нават у манеры чытаць вершы… Але Анатоль Сыс - гэта тэма цэлага рамана, бо ён - не проста Сыс, ён - Ісыс (як ён сам сябе называў) беларускай паэзіі, прабач, Гопадзі яго грэшную душу…
А я… А я толькі вучыўся быць паэтам. Хаця нешта і ў мяне атрымоўвалася. Памятаю, як на адным з паседжанняў "Крынічкі", якую вёў Віктар Ярац, я прачытаў верш з радком " Сонца ў хмары язём нырае…"Адразу пасля паседжання Анатоль папрасіў падарыць яму гэты радок.
- Я з яго верш добры напішу, а ў цябе ён проста прападзе…
Я пашкадаваў радка. А цяпер шкадую, што пашкадаваў. Бо Анатоль умеў, адштурхнуўшыся ад нечыйга радка, напісаць сапраўдны паэтычны шэдэўр. А ў мяне гэты радок сапраўды прапаў… Памятаю таксама, як напісаў сваю першую песню зімой 1980 года. Яна так і называлася "Памятаю, як ты…". Дарэчы, гэтую песню прылюдна раскрытыкаваў, пачуўшы ў адной з перадач Гомельскага тэлебачання, Сяргей Дубавец. І я, з душой чыстай, як вада ў святых нямкоўскіх крыніцах, даў сабе зарок больш ніколі яе не выконваць… Але з таго часу прайшло 33 гады, і, дзякуй Богу, які мяне прасвятліў, я скінуў з сябе зарок, і свой новы кампакт-дыск пад назовам "Не магу жыць без крыл" пачаў з гэтай песні. Бо менавіта яна калісьці якраз і падарыла мне гэтыя крылы… Божа! Якімі маладымі, якімі апантанымі і няўрымслівымі мы былі! Як акрылена жылі і тварылі для Беларусі. Ці гэта быў першы на Беларусі рок-гурт "Баскі"(заснаваны ў 1981 годзе), ці гэта былі археалагічныя раскопкі ў Мірскім замку, дзе мы працавалі разам з Алесем Бяляцкім, ці вандроўкі ў Нясвіж, Наваградак, Ішкалдзь, Вішнева ў пошуках, як нам тады здавалася, страчанай гістарычнай спадчыны, а, насамрэч, у пошуках саміх сябе… З 1982 года, пасля наведвання магілы Максіма Багдановіча, мы адзін адному ўрачыста пакляліся нідзе і ніколі не размаўляць па-расейску. Менавіта тады і напісаліся вершаваныя радкі, якія сталі маім жыццёвым і творчым крэда: " Помні гэтыя словы: Радзіма, Народ, Мова!"
І я ніколі пра іх не забываўся. І тады, калі настаўнічаў у Дуброўскай васьмігодцы, і за мной стала замацавалася новая мянушка "нацыяналіст". А гэта, кажучы словамі крымінальнага кодэкса, цягнула на адпаведны артыкул. Артыкула я не атрымаў, а вось пільную апеку галоўнага кэдэбіста Рэчыцкага раёна займеў, як і пазнейшую ганаровую прапанову, бо "не кожнаму такі давер" аб "творчым" супрацоўніцтве. Я падзякаваў за давер, але катэгарычна адмовіўся, спаслаўшыся на недахоп таленту ў такога рода "творчасці"… А потым была вучоба ў аспірантуры НАН Беларусі. Уваход у аб'яднанне "Тутэйшыя". Пераезд у 1990 годзе ў Менск. Праца ў "Беларускай хатцы" цягам 11 гадоў. Прыём у 1992 годзе ў сябры СБП з рэкамендацый Анатоля Грачанікава і Раісы Баравіковай. Праца ў часопісах "Перашацвет" і "Полымя". Зыход у "дзеяслоўную" невядомасць. Пасада намесніка Старшыні Саюза беларускіх пісьменнікаў. Пасада - без акладу, пасада - без прынадаў. Бо ні кніг па-за выдавецкай чаргой, ні Дзяржаўных прэмій па кіраўнічым ліміце, ні замежных камандзіровак, як было ў ранейшыя часы, нічога, якрамя згубленага для ўласнай творчасці часу, мне не свяціла…У 1991 годзе, называючы свайго другога сына імем Верас, я і падумаць не мог, што праз васямнаццаць гадоў у мяне з'явіцца трэцяе дзіця - часопіс "Верасень", які вярнуў у маю душу веру ў людзей і непахісную веру ў "залацісты ясны дзень" для роднай Беларусі.
1 снежня 2012 г.
Эдуард Акулін.
Мае адкрыцці Леаніда Лаўрэша
Пяць гадоў таму ў Гарадзенскай абласной бібліятэцы імя Я. Карскага мне давялося рыхтавацца да навуковай канферэнцыі, якая мела адбыцца ў Лідзе і Лідзе была прысвечана. Супрацоўніца краязнаўчага аддзела, вельмі добразычлівая і клапатлівая да чытачоў Любоў Іванаўна Турмасава дапамагала мне падбіраць літаратуру па старажытнай гісторыі Ліды. Аказалася, што пры мностве газетных артыкулаў кніг па гісторыі Ліды ёсць усяго адна. Яна называлася "Ліда на старых паштоўках ..." і мела сваім аўтарам невядомага мне даследчыка пад загадкавым прозвішчам Лаўрэш.
Хто ён такі? Цікава, гэта сапраўднае прозвішча або псеўданім? Зразумела, айконім выклікаў асацыяцыі з Войшалкам-Лаўрышам ХІІІ стагоддзя. Чаму Лаўрэш піша пра Ліду, калі гістарычна імя звязана з Наваградкам. Як гэта я не ведаю такога гісторыка? Вось з такога невялікага недаўмення пачалося тады маё знаёмства са згаданай кнігай і імем, якое за ёй стаяла. Але разбірацца з усім гэтым не было часу - трэба рыхтавацца да канферэнцыі.
Пасля прачытання гэтай невялікай, але цікавай, напісанай з добрым веданнем справы кніжкі - у той яе частцы, што мяне цікавіла, - пытанне пра аўтара паўстала зноў. Сур'ёзны даследчык, але хто ён? Любоў Іванаўна, якая ў сваім "бібліятэчна-краязнаўчым ведамстве" выдатна ведае ўсё, што выдадзена пра Гарадзеншчыну, і ўсіх, хто пра яе піша, сказала: "Гэта лідскі краязнавец". Вось такой інфармацыяй абмежаваліся тады мае веды пра аўтара, чыё імя я адкрыла для сябе ў бібліятэцы. Гэта было прыемнае адкрыццё. Яго друкаваная праца зрабіла добрае ўражанне. Яе нават параіла паглядзець калегам, якія таксама да канферэнцыі шукалі матэрыялы пра розныя старонкі гісторыі Лідчыны. Для іх гэта таксама было новае імя.
А праз некалькі дзён я адкрыла і самога гэтага чалавека. На той лідскай канферэнцыі 2008 г. ён прадставіў даклад пра месца заключэння Востраўскага пагаднення 1392 г. Праблемнае пытанне, вакол якога точацца дыскусіі, - гэта так смела! Храналогія - XIV ст., у якое далёка не кожны гісторык асмеліцца "ўлезці", - гэта па-навуковаму "крута! Пераканаўчае абгрунтаванне сваёй пазіцыі - яму можна давяраць! Усім гэтым Леанід Лаўрэш адразу выклікаў цікавасць да сябе і павагу. Што да мяне, я наогул схіляю галаву перад тымі даследчыкамі, якія ўсур'ёз займаюцца XIV-XV - першай паловай XVІ ст., - часам, ад якога захавалася так мала гістарычных крыніц, да таго ж пісаных на цяжка зразумелай сёння мове. Не буду гаварыць пра Х-ХІІІ ст.; іх вывучаць - гэта наогул навуковы подзвіг!
Так я і мае калегі па кафедры гісторыі Беларусі Гарадзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы "адкрылі" для сябе лідскага краязнаўца Леаніда Лаўрэша. У нас у тым 2008 годзе быў цэлы навуковы "дэсант" у Ліду. Зразумела, не кожны год кафедра гэтак "масава" перамяшчаецца ў нейкі гістарычны райцэнтр.
Тое маё знаёмства з Леанідам Лявонцьевічам было, можна сказаць, мімалётнае. Мае навуковыя шляхі ў той жа вераснёўскі дзень павялі мяне далей - у Магілёўскую вобласць. Там на міжнародным узроўні адзначалас 300-годдзе знакамітай бітвы пад Лясной, у якой у Паўночную вайну руская армія разграміла 16-тысячны шведскі корпус генерала Левенгаўпта, што ішоў з Рыгі на дапамогу войску Карла ХІІ. Пад Магілёвам мне было чаму падзівіцца. Хоць бы тым, што шведскі пасол, які, здаецца адзіны на тых мемарыяльных урачыстасцях, што праходзілі на былым полі бітвы, гаварыў на беларускай мове, прасіў прабачэння за сваіх продкаў, а потым афіцыйна запрошаным гасцям дарыў кнігу "Шведы ў гісторыі Беларусі". Так што ўражанняў ад той трохдзённай паездкі Ліда - Магілёў - Лясная было шмат. Уражанняў, удакладню, пачынаючы з Ліды. Па вяртанні дахаты абменьваліся ўражаннямі з калегамі: працяг навуковых падзей у Лідзе; юбілей пад Лясной. На гэты раз ужо прысутныя на той канферэнцыі выкладчыкі годна ацанілі лідскага краязнаўцу.
Так мая кафедра зрабіла для сябе прыемнае адкрыццё і знаходку ў асобе гэтага даследчыка. Завязаліся карысныя дзелавыя сувязі: навукова-даследчыя, краязнаўчыя, а таксама … у сферы сучасных інфармацыйных тэхналогій. Сустрэчы - не частыя. Затое сучасныя сродкі сувязі дапамаглі нам гэтыя кантакты развіваць, умацоўваць. Завязалася сяброўства. Лідскі краязнаўца стаў сябрам нашай кафедры. З часам ён адкрываўся нам сваімі новымі рысамі: чалавек слова; у краязнаўчых даследаваннях зыходзіць з яго вялікасці факту; грунтуе свае палажэнні і высновы выключна на гістарычных крыніцах і аўтарытэтных даследаваннях; "прасунуты" ў інфармацыйных тэхналогіях; шырокая сфера зацікаўленняў; цікавіцца астраноміяй і нават назірае зоркі ў тэлескоп; усё, чым бы не цікавіўся ў сферы гісторыі, цікавіцца найперш у прывязцы да свайго краю, вялікім патрыётам якога з'яўляецца. Характарыстыкі можна працягваць, але абмяжуюся абагульненнем - з кожнай новай адкрытай рысай мая і маіх калег павага да гэтага чалавека расла, як і ўзмацнялася разуменне яго неардынарнасці. Для мяне, ды і не толькі, сяброўства з гэтым чалавекам - падарунак навуковага лёсу.
Ёсць у сусветным сеціве гістарычны сайт "Павет" (http://pawet.net), які з'явіўся там яшчэ ў 1999 г. Гэта ці не самы першы беларускі гістарычны сайт. На ім назапашана шмат цікавых, а часта і ўнікальных матэрыялаў па гісторыі Лідчыны, Гарадзеншчыны, Беларусі. Па сваёй назве сайт геаграфічна нібыта абмяжоўваецца гісторыяй Лідскага краю і таму, на першы погляд, здаецца, што прызначаны для вузкага кола аматараў лідскай гісторыі. Але назва "ўводзіць у зман". На сайце сканцэнтраваны найбагацейшыя інфармацыйныя рэсурсы па гісторыі Вялікага Княства Літоўскага, Рэчы Паспалітай, Расійскай Імперыі і г.д. і гісторыі нашага краю (Лідчыны, Гарадзеншчыны) у іх кантэксце.
На гэтым сайце створаны і папаўняюцца асабістыя старонкі многіх беларускіх гісторыкаў. Тут знаходзяцца электронная версія часопісаў "Лідскі летапісец", "Ziemia Lidzka", тэкставы архіў газеты "Наша слова". Ідзе ўжо другое дзесяцігоддзе, як сайт служыць гістарычнай навуцы, краязнаўству, адукацыі і асвеце. Стваральнікам і адміністратарам гэтага сайта з'яўляецца Леанід Лаўрэш. Гэта яшчэ адно маё адкрыццё інжынера Лаўрэша.
Вельмі важна, што сайт не застылы, а пастаянна папаўняецца. Спадар Леанід у пастаянным пошуку новай інфармацыі. Таму на "Павеце" вы знойдзеце як рарытэтныя выданні ХІХ - першай паловы ХХ ст., так і навейшыя публікацыі, якія ў сувязі з невялікім накладам многіх беларускіх выданняў (аўтарскія манаграфіі, матэрыялы канферэнцый і інш.) адразу пасля выхаду ў свет становяцца ледзь не букіністычнай рэдкасцю. Леанід Лаўрэш - умелы здабытчык інфармацыі. Ён заўсёды знаходзіцца ў курсе навінак беларускай гістарычнай літаратуры і ў пошуках электронных версій выданняў - "разынак" для даследчыкаў і аматараў гісторыі. Сайт "Павет" для нас нярэдка з'яўляецца адзіным месцам захоўвання даступнай рарытэтнай інфармацыі. Дзякуй Леаніду Лаўрэшу за гэты сапраўды ўнікальны сайт.
Колькі разоў было, што патраціўшы час у пошуках патрэбнай гістарычнай інфармацыі для навуковых або навучальных мэтаў і не атрымаўшы болей за "вікіпедычныя" веды, звярталася да Леаніда Лявонцьевіча па дапамогу. З зайздроснай аператыўнасцю мне паступаў дзесятак-другі спасылак на інтэрнэт рэсурсы. І ўсе яны былі на сайт "Павет". Там усё можна знайсці! Часам здаецца, што спадар Леанід усю гісторыю Усходняй і Цэнтральнай Еўропы туды паставіў! Гэтак жа неаднойчы пераадрасоўвала да адміністратара "Павета" студэнтаў, калег. Усе заставаліся задаволены!
Так крок за крокам складвалася і развівалася наша супрацоўніцтва з лідскім краязнаўцам. Яго добра ведаюць на факультэце гісторыі і сацыялогіі і з павагай да яго ставяцца выкладчыкі, аспіранты і студэнты. Многім з іх ён аказаў каштоўную дапамогу.
Ужо традыцыяй стала запрашэнне Леаніда Лаўрэша на рэспубліканскія і міжнародныя навуковыя канферэнцыі і "круглыя сталы", якія арганізуе кафедра гісторыі Беларусі. Ведаем, у яго заўсёды шмат цікавых лідскіх сюжэтаў, заснаваных на гістарычных крыніцах. Акрамя агульнага краязнаўства Лідчыны, ён даследуе біяграфіі вядомых ураджэнцаў свайго краю. Ёсць у яго яшчэ адна асаблівая сфера навуковых зацікаўленняў: гісторыя прыродазнаўчых навук на Беларусі, біяграфіі сусветна вядомых астраномаў беларускага паходжання. Зараз ён завяршае працу над чарговай кнігай, яе назва "І зорнае неба над галавой…" (нарысы з гісторыі астраноміі).
Выступленні лідскага краязнаўцы заўсёды з вялікай цікавасцю ўспрымаюцца навуковай публікай. Прафесар А.М. Пяткевіч зацікавіўся і самім краязнаўцам пасля яго выступлення ў Гарадзенскай абласной бібліятэцы імя Я. Карскага. А потым папрасіў яго біяграфічныя данныя. Здаецца, прафесар рыхтуе новае выданне сваёй вядомай кнігі "Людзі культуры з Гродзеншчыны". Так што, Леанід Лаўрэш - гэта і яго адкрыццё новага "чалавека культуры з Гродзеншчыны", аўтара чатырох кніг і каля сотні артыкулаў, якімі ён унёс важкі ўклад у веды па гісторыі нашага краю і краіны.
Супрацоўніцтва з Леанідам Лаўрэшам перавярнула мой погляд на краязнаўства і краязнаўцаў. Раней яны мне здаваліся людзьмі, якія "корпаюцца" вузка ў гісторыі сваёй вёскі/райцэнтра. На прыкладзе збіральніцкай, даследчай працы Леаніда Лявонцьевіча, а так-сама пастаўленых ім на службу гістарычнай навуцы і краязнаўству інфармацыйных рэсурсаў, я ўбачыла, адчула, рэальна спазнала, як краязнаўства дапамагае "вялікай" гісторыі краіны, дапамагае пазнанню месца свайго краю ў еўрапейскім гістарычным кантэксце.
І яшчэ адно адкрыццё Леаніда Лаўрэша вельмі важнае як для мяне, даследчыка канфесійнай гісторыі Беларусі, я зрабіла ў апошнія два гады. Ён, акрамя іншага, вывучае гісторыю хрысціянства на Лідчыне! І робіць гэта, як і ўсё астатняе, грунтоўна, глыбока, па-навуковаму прафесійна. Дзесяцігоддзе збіраў, як іголкі ў стозе сена, факт да факту і атрымалася цікавае даследаванне царкоўна-рэлігійных працэсаў, што адбываліся на Лідчыне ў мінулым, у кантэксце аналагічных усходнееўрапейскіх працэсаў. Гэта пра аўтарскую кнігу "Грэка-каталіцкая (уніяцкая) Царква на Лідчыне" (Полацк, 2012. 128 с.), заснаваную на багацейшым фактычным матэрыяле. Яе прэзентацыя, што адбылася вясной мінулага года, выклікала шырокі навуковы і грамадскі рэзананс, які выліўся і ў сусветнае сеціва. Таму не выпадкова Леаніду Лявонцьевічу было прапанавана ўвайсці ў склад універсітэцкага творчага калектыву, які працуе над праблематыкай канфесійнай гісторыі Беларусі. У гэтага крэатыўнага чалавека заўсёды ёсць ідэі. Ён валодае інфармацыяй - а гэта дарагога каштуе.
Леанід Лаўрэш. Чалавек, які для сваіх чытачоў, наведвальнікаў сайта "Павет", лідзян і не толькі пастаянна адкрывае вочы на тое, што гісторыя робіцца не толькі ў сталіцах, буйных палітычных, культурных, рэлігійных цэнтрах. На матэрыяле аднаго кутка Беларусі, сваёй роднай Лідчыны, ён паказвае, як нашы продкі - ад "сильных мира сего" да шараговых сялян і гараджан - "круцілі" гэта кола гісторыі. "Раскрутка" лідскай гісторыі, чым займаецца, акрамя сваёй асноўнай прафесіі, Леанід Лаўрэш, настолькі магутная, што не-не, ды і здаецца: уся гісторыя робіцца на Лідчыне. Сёння яе робіць і Леанід Лаўрэш.
Cвятлана Марозава, доктар гістарычных навук, прафесар, загадчык кафедры гісторыі Беларусі Гарадзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.
Абуджаная памяць
19 лютага ў Лідскім літаратурным музеі (Домік Таўлая, вул. Замкавая, 7) адкрылася выстава "Абуджаная памяць" з нагоды 15-годдзя выхаду першага нумара лідскага краязнаўчага, гістарычна-літаратурнага часопіса "Лідскі летапісец" і адначасова з нагоды выхаду 60-га нумара часопіса.
Што праўда 15 гадоў выхаду 1-га нумара часопіса споўнілася ў верасні 2012 года.
Менавіта ў жніўні 1997 года часопіс быў падрыхтаваны да друку, а ў верасні быў надрукаваны.
На выставе прадстаўлены ўсе 60 нумароў часопіса ад № 1 да № 60, а таксама экспанаты, звязаныя з выданнем часопіса: адзін з першых кампутараў, факс, які ў тыя годы, калі практычна яшчэ не было электроннай пошты, нёс асноўную нагрузку па прыёму і перадачы інфармацыі, фотаапарат "Зеніт", якім карысталіся да з'яўлення лічбавых фотаапаратаў. На выставе прадстаўлены пасведчанні аб рэгістрацыі часопіса, гранкі, рукапісы і інш.
На адкрыццё выставы прыйшлі аўтары "Лідскага летапісца" і чытачы, перш-наперш тыя, якія карыстаюцца часопісам па працы, як крыніцай інфармацыі.
Прысутнічаў і выступіў адзін з найстарэйшых краязнаўцаў, аўтар дзвюх кніг Мікола Дзікевіч, а таксама Віктар Кудла, Леанід Лаўрэш, Анастасія Каладзяжная, лідскія літаратары, якія пішуць у часопіс і пра якіх пішуць, супрацоўнікі Лідскага гістарычна-мастацкага музея і аддзела культуры Лідскага райвыканкаму. Арганізоўвала выставу і вяла імпрэзу навуковы супрацоўнік Лідскага гістарычна-мастацкага музея Наталля Валынец.
Нагадаем, што заснавальнікам часопіса з'яўляецца старшы навуковы супрацоўнік Лідскага музея Валеры Сліўкін, а рэдактарам Станіслаў Суднік.
Выстава разгорнута на працяглы перыяд. Тут можна і проста пачытаць любы нумар часопіса.
Наш кар.
Выйшаў першы нумар літаратурнага альманаха "Новы Замак"
З'явіўся першы выпуск гарадзенскага літаратурнага альманаха "Новы Замак".
У ім - творы дваццаці аднаго аўтара. Апроч вершаў і прозы, публікуюцца таксама пераклады паэзіі, крытыка, дзённікі. Альманах - выданне Гарадзенскага абласнога аддзялення грамадскага аб'яднання "Саюз беларускіх пісьменнікаў". Выйшаў ён у выдавецтве "Кнігазбор" накладам дзвесце асобнікаў.
Назва альманаха мае ўвасабляць духоўныя каштоўнасці Гарадзеншчыны: у Новым каралеўскім замку захоўваюцца музейныя зборы, калекцыя старадрукаў і фонды Абласной бібліятэкі імя акадэміка Яўхіма Карскага.
Першы выпуск быў падрыхтаваны да друку прыканцы 2012 года. Сёлета плануецца выдаць другі нумар гадавіка.
Апроч вершаў і прозы, у "Новым Замку" публікуюцца пераклады паэзіі, крытыка, дзённікі, хроніка. Прафесар Аляксей Пяткевіч у "Крэсках з мае дарогі" ўспамінае, як у Горадні адбывалася змаганне за беларускую школу. Апошні запіс дзённіка пазначаны 19 верасня 1991 года, аўтар нібы міжволі спыніўся: "Пачынаецца новы адлік гісторыі на маёй зямлі. Сёння Беларусь перастала быць савецкай. Яе афіцыйная назва - "Рэспубліка Беларусь", яе сцяг - бел-чырвона-белы, яе герб - "Пагоня".
У Горадні двойчы - у 1956 і 1958 гадах - выходзіў абласны літаратурны альманах "Нёман". У 1986-м "Мастацкая літаратура" выдала зборнік твораў літаратараў з Гарадзеншчыны "Краю мой Нёман". Філія СПБ, якім кіруе Мікалай Чаргінец, выпускае свой альманах "На нёманскай хвалі".
svaboda.org.
Зорка гісторыка Гужалоўскага
14 лютага 2013 года ў кніжным салоне па вуліцы Калініна адбылася творчая сустрэча з гісторыкам Гужалоўскім. У 2004 годзе ён напісаў цудоўную кнігу "Музеі Беларусі 1941-1991гг.", пра якую я пісаў у 2006 годзе ў СМІ.
У салоне грамадскасць сабралася з нагоды яго новай кнігі "Чырвоны аловак: нарысы па гісторыі цэнзуры ў БССР" .
У дыскусіі прынялі ўдзел Анатоль Вялікі, Эмануіл Іофэ, Сяргей Тарасаў, Алесь Карлюкевіч і іншыя асобы. Кнігу выдала рэдакцыя газеты "Звязда". Яе наклад 1100 асобнікаў!
На грунце вялікага аб'ёму архіўных дакументаў, перыёдыкі, сучасных даследаванняў у кнізе ўпершыню паказана гісторыя стварэння і функцыянавання сістэмы партыйна-дзяржаўнага інфармацыйнага кантролю ў БССР у 1919-1941 гг. чытачы зазірнуць у "святая святых" савецкай ідэалогіі - Галоўлітбел і Галоўрэперткам, якія доўгія гады ажыццяўлялі інфармацыйную і культурную палітыку камуністычнай партыі, даведаюцца пра цэнзурныя лёсы літаратурных і мастацкіх твораў, сродкаў масавай інфармацыі і культурнай спадчыны Беларусі...
Рэцэнзентамі кнігі з'яўляюцца доктар гістарычных навук, прафесар, акадэмік НАН Беларусі М.П. Касцюк і доктар філалагічных навук, член - карэспандэнт НАН Беларусі М.І. Мушынскі.
Трэба адзначыць, што Алесь Гужалоўскі некаторы час жыў і працаваў у ЗША, а гэтую кнігу пісаў тры гады. Выданне ажыццёўлена па заказу і пры фінансавай падтрымцы Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь.
Кніга адрасавана гісторыкам, філолагам, журналістам, культуролагам, студэнтам гуманітарных спецыяльнасцей, а таксама шырокаму колу чытачоў, якія імкнуцца глыбей зразумець гісторыю Беларусі. Мерапрыемства закончылася аўтограф - сесіяй славутага і таленавітага гісторыка Алеся Аляксандравіча Гужалоўскага.
Аляксей Шалахоўскі, гісторык.
Конкурс "Беларуская гавэнда" ў беларускім ліцэі ў Гайнаўцы
Гаваруны і расказчыкі са школ Гайнаўкі і ваколіц сабраліся ў беларускім ліцэі на конкурс "Беларуская гавэнда". Паўтара дзясятка вучняў пачатковых школ, гімназій і ліцэя прадстаўляюць сваё майстэрства красамоўства. Па словах ініцыятара конкурсу настаўніка беларускай мовы ў Гайнаўскім беларускім ліцэі Янкі Карчэўскага, ідэя агляду простая - даць магчымасць моладзі выступіць перад публікай у больш свабоднай форме.
- Даць вучням чарговую магчымасць, каб выступіць на сцэне у больш свабоднай форме, дзе могуць карыстацца не толькі словам, але таксама і жэстамі, дзе важны кантакт з публікай. Яны больш свабодна могуць сябе адчуваць, чым у такіх традыцыйных дэкламатарскіх конкурсах. Тут яны выступаюць з тэкстамі на беларускай літаратурнай мове і на мясцовай гаворцы, так што яшчэ адна магчымасць і таксама папулярызацыя беларускіх тутэйшых легендаў, расказаў, апавяданняў, беларускай літаратуры як і ўласных нейкіх тэкстаў.
Конкурс беларускай гавэнды праходзіць у Гайнаўцы ўжо 14-ы раз. Як зазначыў Янка Карчэўскі, у наступным годзе пры нагодзе юбілею конкурсу, яго формула будзе пашырана.
Наталля Герасімюк, Беларускае Радыё Рацыя, Гайнаўка. Фота Ганны Пятроўскай .