НАША СЛОВА № 10 (1109) 6 сакавіка 2013 г.
Дарагія жанчыны, чароўныя кветкі нашай краіны!
Таварыства беларускай мовы віншуе Вас з прыгожым і светлым святам Вясны!
Наша гісторыя багатая на славутых, знакамітых жанчын, захавальніц роднага слова: Рагнеда, Ефрасіння Полацкая, Сафія Слуцкая, Уршуля Радзівіл, Саламея Русецкая, Эмілія Плятар, Эліза Ажэшка, Цётка, Палута Бадунова, Наталля Арсеннева, Ларыса Геніюш, Стэфанія Станюта і шмат іншых. Многія сучасныя жаночыя постаці складаюць гонар беларускай культуры і сваёй руплівасцю, талентам напаўняюць нашу нацыянальную духоўную скарбонку.
Мы жадаем усім жанчынам нашай краіны моцнага здароўя, бадзёрасці, духоўнай натхнёнасці. Няхай святло роднай мовы дорыць Вам шчаслівыя моманты. Няхай у Вашым доме звініць-пераліваецца ўсімі фарбамі і адценнямі мілагучнае роднае слова. Няхай мужчыны, што знаходзяцца побач з Вамі, атуляць Вас клопатам і ўвагай. А цеплыня Вашага сэрца напоўніць дабром і пяшчотай наш агульны дом - Беларусь!
Сакратарыят ТБМ.
75 гадоў з дня нараджэння Міхася Чарняўскага
7 сакавіка Беларусь павінна была адзначыць 75-годдзе Міхася Міхайлавіча Чарняўскага, але колькі дзён таму адзначыла 40 дзён з дня смерці.
Усё сваё свядомае жыццё Міхась Чарняўскі быў актыўным абаронцам і прапагандыстам роднай мовы. Нават у савецкі час усе яго кнігі, у тым ліку чыста навуковыя, выходзілі выключна на беларускай мове.
Ён быў у ліку сяброў арганізацыйнага камітэта Беларускага народнага фронту, ТБМ і Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады.
Міхась Чарняўскі пакінуў багатую навуковую і творчую спадчыну, якую ўжо пачынаюць усведамляць і асэнсоўваць, але спатрэбяцца гады і дзесяцігоддзі, каб Беларусь зразумела зробленае для яе ейным сынам.
На сядзібе БНФ прайшла вечарына памяці Міхася Чарняўскага
Падчас яе прэзентавалі перавыданне кнігі гісторыка пра моладзевае антыкамуністычнае падполле "Не бойцеся ахвяраў і пакут". Яна выйшла накладам 500 асобнікаў.
Каардынатар перавыдання, менеджар культурніцкіх праектаў Алесь Мазанік паведаміў у каментары Радыё "Свабода", што наклад выйшаў дзякуючы супольным намаганням неабыякавых людзей. Яны падтрымалі апошнюю волю Міхася Чарняўскага і ахвяравалі сродкі для перавыдання яго кнігі.
На вечарыне выступіла ўдава Міхася Чарняўскага Святлана. Яна распавяла, што да апошніх сваіх дзён гісторык меў безліч творчых планаў, да апошніх сваіх гадзінаў працаваў. Пісьменнік і гісторык Уладзімір Арлоў адзначыў, што Чарняўскі вельмі шмат зрабіў для яго і для цэлага пакалення гісторыкаў і пісьменнікаў. На завяршэнне вечарыны выступілі музыкі Аляксандр Памідораў, Зміцер Бартосік і Андрэй Мельнікаў.
Еўрарадыё. Фота - svaboda.org.
130 гадоў з дня нараджэння Францішка Аляхновіча
Аляхновіч Францішак , нарадзіўся 09.03.1883 г. у горадзе Вільні ў сям'і музыканта.
Вучыўся ў віленскай гімназіі, хіміка-тэхнічнай школе, Драматычнай школе (Кракаў), школе Музычнага таварыства (Варшава). З 1904 г. ездзіў па Польшчы з вандроўнай тэатральнай трупай. У 1908 г. вярнуўся ў Вільню, працаваў рэпарцёрам у польскіх газетах. Выдаваў гумарыстычны часопіс "Пэркунас", у якім змясціў антыцарскі артыкул. Быў прыцягнуты да адказнасці, але ўцёк у Галіцыю, дзе іграў у розных тэатрах. У 1913 г. (пасля амністыі з нагоды святкавання 300-годдзя дома Раманавых) вярнуўся ў Вільню. Але за антырэлігійны выпад у тым жа артыкуле быў прыгавораны да года турэмнага зняволення. Выйшаўшы на волю, працаваў мулярам, пажарным, настаўнікам, наладжваў тэатральныя прадстаўленні. У 1918 г. прабраўся праз лінію фронту ў Менск. У 1919-1920 гг. - дырэктар і галоўны рэжысёр менскага "Беларускага тэатра". З 1920 г. жыў у Вільні. У 1921-1923 гг. рэдагаваў газету "Беларускі звон". У 1926 г. нелегальна перайшоў у БССР і хутка быў арыштаваны і сасланы на 10 год на Салавецкія астравы. У 1933 г. быў абменены ўладамі на заходнебеларускага палітвязня Б. Тарашкевіча. Вярнуўся ў Вільню, выступаў у польскай газеце "Слова" з артыкуламі аб беларускім тэатры і драматургіі.
У час фашысцкай акупацыі рэдагаваў тыднёвік "Беларускі голас" (1942-1944).
3 сакавіка 1944 г. забіты невядомымі на кватэры ў Вільні.
У друку пачаў выступаць з 1917 г. (газета "Гоман"). Драматург, празаік, паэт, публіцыст. Супрацоўнічаў так-сама ў газетах і часопісах "Беларускае жыццё", "Грамадзянін", "Рунь". Асобнымі выданнямі выйшлі п'есы "Калісь", "На вёсцы", "Страхі жыцця" (усе - Вільня, 1919, апошняя пастаўлена ў 1918), "Цені" (1920, пастаўлена ў 1919), "Заручыны Паўлінкі" (Вільня, 1921, пастаўлена ў 1918), "Няскончаная драма" (Вільня, 1922), "Птушка шчасця" (пастаўлена ў 1920), "Шчаслівы муж" (Вільня, 1922), "Пан міністар" (Вільня, 1924), "Дрыгва" (Вільня, 1925), казка ў 1 акце для дзяцей "У лясным гушчары" (Рыга, 1932, пастаўлена ў 1917). У зборніках, перыядычным друку апублікаваны п'есы, драматычныя абразкі "Манька", "Чорт і баба" (пастаўлена ў 1918), "Базылішк", "Перад святам", "На Антокалі" (усе ў 1918), "Дзядзька Якуб", "На вёсцы" (абедзве ў 1919), "Лес шуміць" (1920), "Бутрым Няміра" (1918, пастаўлена ў 1918), "Круці ні круці, а трэба памярці" (пастаўлена ў 1943). Напісаў аповесці "Пісьмы да яе" (газета "Гоман", 1918), "Страшны суд" (часопіс "Новы шлях", 1944). Даследаванне "Беларускі тэатр" (Вільня, 1924), кнігу ўспамінаў "У кіпцюрох ГПУ" (Вільня, 1937).
Вікіпедыя.
ВІКТАРУ СЫРЫЦУ - 60
Таварыства беларускай мовы шчыра віншуе свайго адданага сябра з юбілеем! Жадаем Вам вясновага настрою, творчага натхнення, здзяйснення ўсіх задум і планаў.
Сакратарыят ТБМ.
Віктар Сырыца нарадзіўся 5 сакавіка 1953 года на Нясвіжчыне. Шмат гадоў з'яўляецца кіраўніком Баранавіцкай гарадской арганізацыі ТБМ, лепшай рэгіянальнай структуры ТБМ на Берасцейшчыне. Спадар Віктар таксама сябра Рады ТБМ. Наш шаноўны сябра займае актыўную грамадскую пазіцыю, займаецца праваабарончай, асветніцкай і краязнаўчай дзейнасцю ў Баранавічах і Баранавіцкім раёне.
Падрабязна пра дзейнасць Баранавіцкага ТБМ глядзі на партале Таварыства беларускай мовы (tbm-mova.by/city_6.html).
Беларусь адзначыла Міжнародны дзень роднай мовы
У Берасці афіцыйна адзначылі свята роднай мовы
у абласным грамадска-культурным цэнтры праходзілі разнастайныя мерапрыемствы, прымеркаваныя да Міжнароднага дня роднай мовы. Гэта абласны тур конкурса маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні, паэтычна-музычная вечарына з удзелам лепшых калектываў і салістаў вобласці, а таксама этнадыскатэка. А дзеля прэзентацыі падлесскай літаратуры сюды прыехаў кіраўнік Музея малой Бацькаўшчыны ў Студзіводах Дарафей Фіёнік, які пазнаёміў мясцовую аўдыторыю з многімі перыядычнымі і аднаразовымі выданнямі Беласточчыны. На погляд дзеяча, іх шматстайнасць сведчыць увогуле пра стан культуры і літаратуры польскіх беларусаў.
- Калі глядзець на такую малую тэрыторыю, то я думаю, што мы маем сваю літаратуру, якую можна назваць беларускай літаратурай у Польшчы. Маем некалькі дзясяткаў сапраўды добрых паэтаў, празаікаў менш. Некаторыя з іх высока цэняцца ў польскім літаратурным асяроддзі.
Абласное свята роднай мовы "Жывыя вытокі" праводзіцца ў Берасцейскім ГКЦ другі год з ініцыятывы дырэктара ўстановы Святланы Каржук пры падтрымцы абласнога ўпраўлення культуры. Да гэтага аднойчы яно арганізоўвалася ў трэцім сектары, прамоўтарам Зміцерам Назаравым.
Алеся Лугавая , Беларускае Радыё Рацыя, Берасце.
У Берасці "Белая Русь" падаравала дзецям з беларускага класа кніжкі
У Берасці ў Міжнародны дзень роднай мовы прадстаўнікі грамадскага аб'яднання "Белая Русь" кожнаму вучню ў адзіным у Берасці беларускамоўным 2Б класе школы №34 падарылі па дзве кніжкі. У класе вучацца пяць дзетак.
Маці аднаго са школьнікаў, Маргарыта Вялічкіна, сказала, што кніжкі спадабаліся. Адна - чытанка для 2-га класа на беларускай мове, другая - беларускі слоўнік.
Перад Новым годам кнігі падараваў дзецям дырэктар беларускай службы Радыё "Свабода" Аляксандр Лукашук, ураджэнец Берасця. Цяпер такі ж падарунак зрабіла праўладная арганізацыя. І гэта добра, мяркуе бацька вучня Уладзімір Вялічкін.
Акрамя кніжак дзеткам з беларускага класа дасталося па шакаладцы ад прафесуры ўніверсітэта імя Пушкіна. Надта спадабаўся і ім, і бацькам святочны канцэрт.
Еўрарадыё. Фота - spring96.org.
Дзень роднай мовы ў Баранавічах
Баранавіцкія сябры Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны 21 лютага 2013 года павіншавалі адзіны ў горадзе беларускамоўны клас СШ № 14 з Міжнародным днём роднай мовы. У трэцім класе гэтай школы навучаюцца тры дзяўчынкі: Аліса Філіпчык, Вераніка Міхальчук і Яся Малашчанка. Да іх прыйшлі сябры ТБМ Віктар Сырыца, Галіна Ярашэвіч, Мікалай Падгайскі і Таццяна Малашчанка. Госці павіншавалі дзяўчынак і настаўніцу Ірыну Міхальчук са святам роднай мовы і ўручылі кожнай школьніцы каляровыя маляванкі, паштоўкі з выяваю Янкі Маўра і шмат розных прысмакаў. Падчас распівання гарбаты сябры ТБМ апавядалі цікавыя гісторыі, а настаўніца спадарыня Міхальчук арганізавала для сваіх вучаніц і гасцей цікавыя конкурсы і забавы.
Вітусь Свабодскі, г. Баранавічы.
У Бярозе адзначылі Дзень роднай мовы
У Бярозаўскай гарадской бібліятэцы адзначылі Міжнародны дзень роднай мовы. Бібліятэкар Ала Гук падрыхтавала для дзяцей сярэдняй школы № 2 свята беларускай кнігі пад назвай "Старонкі з моўнай скарбонкі". Праграма свята была даволі насычай і зацікавіла дзяцей, кажа Ала Гук:
- Спачатку я расказвала пра гэтае свята, пра нашу мову, у якім яна стане знаходзіцца цяпер, якая гісторыя была ў мовы нашай. Потым мы ўжо размаўлялі пра беларускія кнігі, таму што ўсё такі свята беларускай кнігі. Лепшыя кнігі беларускіх аўтараў пра прыроду, загадкі, прыказкі, прымаўкі, віктарыны пра прыроду, конкурс знаўцаў прыроды. Птушкі, жывёлі і расліны яны пісалі, добра напісалі, без памылак і гэта таксама радуе.
Святы, якія заахвочваюць да беларускай мовы, як паведаміла бібліятэкар Ала Гук, праводзяцца работнікамі бібліятэкі не толькі ў Міжнародны дзень роднай мовы.
Беларускае Радыё Рацыя.
Актывісты Слоніма звярнуліся да прадстаўнікоў СМІ
Пад дзень роднай мовы на адрас "Слонімскага весніка" накіраваны калектыўны зварот. У ім засяроджваецца ўвага на адсутнасці ў газеце беларускай мовы і крытычных матэрыялаў. Падпісанты просяць выправіць сітуацыю. Ініцыятарам звароту выступіў каардынатар Партыі "Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя" ў Слоніме Іван Бедка. Подпісы пад ім паставілі 39 чалавек:
- Гэта газета амаль што поўнасцю выходзіць на рускай мове. Зварот накіравалі да галоўнага рэдактара. У "Газеце слонімскай" з роднай мовай таксама вельмі дрэнна. Я думаю, што мы звернемся і да другой газеты, але яна прыватная. Таму рэдактар скажа: "Як захачу, так і зраблю". А гэта газета дзяржаўная.
Дзяржаўная газета "Слонімскі веснік" пачала выходзіць у 1939 годзе, і з першых дзён свайго існавання газета звярталася да жыхароў Слонімшчыны на роднай мове. Аднак з пэўнага часу беларуская мова пачала знікаць са старонак выдання, гаворыцца ў звароце.
Вадзім Батура , Беларускае Радыё Рацыя.
Сустрэча з Мірай Лукшай з нагоды Дня роднай мовы
Незвычайны ўрок з нагоды Дня роднай мовы прайшоў у пачатковай школе № 6 Гайнаўкі. На ўрок запрасілі госця - пісьменніцу Міру Лукшу. Па словах настаўніцы Гражыны Паўлючук, такая сустрэча павінна падштурхнуць вучняў да ўласнай творчасці.
- Калі дзеці пачнуць пазнаваць такіх людзей, як Міра Лукша, можа самі пачнуць пісаць, можа пачнуць пісаць у "Ніву". Ведаю, што некаторыя з іх пішуць.
Міра Лукша ахвотна прымае запрашэнні на сустрэчы з дзецьмі. Яны, кажа жанчына, даюць адмысловую энергію і натхненне.
- Дзеці падтрымліваюць дзіцячы дух ува мне. Пасля такіх сустрэч, я маю натхненне, каб напісаць штосьці файнае. Бачу, якія даць ім вершыкі. Раптам бывае, што такая фраза залятае ў галаву, у сэрца і потым узнікае верш. Цешуся вельмі, што сустрэлася са школай.
Сутрэлася Міра Лукша і з жыхарамі Гайнаўкі. Сустрэча адбылася ў гарадской бібліятэцы, дзе быў прадстаўлены зборнік вершаў, намінаваны на Літаратурную ўзнагароду прэзідэнта Беластока імя Веслава Казанецкага.
Наталля Герасімюк, Беларускае Радыё Рацыя.
СВЯТА РОДНАЙ МОВЫ Ў ПАСТАВАХ
У чацвер, 21 лютага ў канцэртнай зале школы мастацтваў, што па вуліцы Чырвонаармейскай у Паставах, сабраліся прыхільнікі беларускай мовы, каб разам адзначыць Міжнародны дзень роднай мовы. Увазе прысутных была прадстаўлена літаратурна-музычная кампазіцыя "Пагавары са мной на мове…", якую падрыхтавалі супрацоўнікі дзіцячай раённай бібліятэкі сумесна з раённай суполкай Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны. Імпрэзу адкрыла яе ініцыятар і арганізатар Людміла Сяменас, прачытаўшы верш І. Пракаповіча "Пагавары са мной на мове", які стаў як бы эпіграфам вечарыны. Потым на сцэну выйшлі вядоўцы - сімпатычныя адзінаццацікласніцы пастаўскай гімназіі Каця Дунец і Даша Гуцалюк. Беларуская мова, аздобленая пяшчотнымі галасамі дзяўчат, гучала шчыра і пранікнёна. Цікавая інфармацыя пра беларускую мову, якую расказвалі вядоўцы, арганічна дапаўнялася вершамі, выступленнямі і песнямі ўдзельнікаў імпрэзы. Прысутныя змаглі ўбачыць некалькі кароткіх відэаролікаў, адзін з якіх быў зняты адмыслова тэлекампаніяй "Паставы-ТV" і ў якім сваімі думкамі пра родную мову дзяліліся пастаўскія школьнікі і студэнты ВНУ. Потым на сцэну былі запрошаны пераможцы абласной алімпіяды па беларускай мове, вучаніцы адзінаццатых класаў Ганна Пракаповіч (СШ №2), Надзея Дзямідка (СШ №1), Юлія Казаровец (Гуцкая школа). Яны атрымалі падарункі ад начальніка аддзела па справах моладзі Пастаўскага райвыканкама Наталлі Субко, якая на добрай беларускай мове не толькі павіншавала дзяўчат з выдатнымі дасягненнямі, але і артыстычна прачытала некалькі беларускіх вершаў.
Па запрашэнні вядоўцаў, з невялікай прамовай да ўдзельнікаў свята звярнуўся старшыня раённай суполкі ТБМ, пісьменнік і настаўнік Ігар Пракаповіч, які напрыканцы свайго выступлення прачытаў уласны верш "Мы - беларусы!"
Цікавай была і музычная частка праграмы. Слухачы прыязна сустрэлі дэбютантаў "вялікай" сцэны Алену Вітко з Гуты, якая праспявала песні "Купалінка" і "Танцуй", і Стася Цыбульскага, які пад гітару выканаў багдановічаву "Пагоню". Як і заўсёды зачаравала прысутных сваім голасам вучаніца гімназіі Валерыя Пронька. У яе выкананні ўзрушана прагучала песня "Спадчына" на словы Янкі Купалы. Арыгінальнай імправізацыяй вызначалася выступленне Ірыны Лапко, якая ў стылі рэп паказала гледечам беларускую народную песню "Чаму ж мне не пець".
Святочная імпрэза завершылася на высокай мастацка-патрыятычнай ноце: дзве дзяўчынкі, вучаніцы гімназіі Каця Каравацкая і Віялета Сяменас, у прыгожых белых строях шчыра і пранікнёна прачыталі знакаміты верш Уладзіміра Караткевіча "Дзе мой край?".
Вечарына прайшла нязмушана і пачуццёва. І вельма важна тое, што беларускія словы, як зярняты, засяваліся на палетках адкрытых душ. Зразумела, што многія з іх засохнуць, не прымуцца, счэзнуць ў пыле будзённасці. Але будуць і тыя, што дадуць трывалыя парасткі і расквітнеюць. І ў гэтым будзе вялікая радасць для тых, хто ладзіў гэтае свята, хто прамаўляў, чытаў вершы, спяваў. А таксама і для беларускай мовы. Для Беларусі.
І. Пракаповіч.
Канцэрт Андрэя Мельнікава да Дня роднай мовы
20 лютага ў Лідскай школе мастацтваў прайшоў канцэрт слыннага беларускага барда Андрэя Мельнікава, прысвечаны Міжнароднаму дню роднай мовы.
Канцэрт арганізоўвалі Лідская гарадская арганізацыя ТБМ імя Ф. Скарыны сумесна з Лідскім дабрачыннем Беларускай праваслаўнай царквы.
У канцэрце прагучала мноства цудоўных беларускіх песень як блізкіх да праваслаўнай тэматыкі, так і чыста свецкіх. Многія песні суправаджаліся патрыятычнымі каментарамі спевака.
Трэба сказаць, што перад канцэртам Андрэй Мельнікаў для пробы паказаў і адну з будучых сваіх песень "Песню Літоўскага легіёна" на словы Юліюша Славацкага ў перакладзе на беларускую мову Станіслава Судніка.
Наш кар.
Міжнародны дзень роднай мовы ў Курапольскай базавай школе
" Пагавары са мной на мове,
На нашай роднай, не чужой.
Адчуеш ты: у кожным слове
Душа яднаецца з душой…."
Ігар Пракаповіч.
Па запрашэнні настаўніцкага калектыву Курапольскай базавай школы Пастаўскага раёна 22 лютага група сяброў раённай суполкі грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" начале з яе старшынём, краязнаўцам і паэтам Ігарам Пракаповічам прыняла ўдзел у мерапраемстве, прысвечаным Міжнароднаму дню роднай мовы. У склад "агітбрыгады" ўвайшлі творчыя асобы Людміла Сяменас, Наталля Пракаповіч, Стась Цыбульскі, Вольга Лісіцкая.
Ва ўтульным кабінеце беларускай мовы і літаратуры, напоўненым святлом сонечных промняў і добразычлівымі ўсмешкамі, сабраліся настаўнікі і вучні гэтай невялікай вясковай школы. Арганізатар мерапрыемства, настаўніца беларускай мовы і літаратуры Зоя Генрыхаўна Рудая, шчыра прывітала ўдзельнікаў творчага дыялогу "Споведзь душы", падкрэсліла значнасць творчай сустрэчы словамі вядомага дзеяча беларускага нацыянальнага адраджэння, пісьменніка і паэта Францішка Багушэвіча, якія ён напісаў у прадмове да "Дудкі Беларускай": "…Наша мова для нас святая, бо яна нам ад Бога дадзеная". Зоя Генрыхаўна сказала пра неабходнасць дасканалага вывучэння сваёй роднай мовы, зберажэння нацыянальных традыцый, выказала засмучэнне станам беларускай мовы на сённяшні дзень. У заключэнні настаўніца адзначыла, што мова - адзенне душы, люстэрка жыцця і працы народа, паказчык духоўнай сталасці, і толькі, шануючы мову продкаў, можна разлічваць на ўдзячнасць нашчадкаў.
Вучні - Кухальская Алёна, Краміч Анастасія, Руткоўскі Уладзіслаў, Купрыянаў Руслан - з хваляваннем і натхненнем прачыталі вершы Ігара Пракаповіча. Далей творчую эстафету ўпэўнена падхапіла Людміла Сяменас. Пад чароўныя гукі музыкі яна прачытала вершы І. Пракаповіча, распавяла пра гісторыю святкавання Міжнароднага дня роднай мовы, прадэманстравала пазнавальныя відэаролікі беларускай тэматыкі, адзін з якіх, дарэчы, быў створаны Пастаўскім тэлебачаннем сумесна з дзіцячай бібліятэкай імя У. Дубоўкі пры ўдзеле раённай суполкі ТБМ. Вялікую цікавасць сярод дзяцей выклікала віктарына па веданні беларускай мовы. Пераможцам віктарыны Людміла ўручыла сімвалічныя падарункі.
Трэба адзначыць, што кожнага з выступоўцаў прысутныя слухалі з вялікай увагай і шчодра адорвалі апладысментамі. І гэта не дзіўна, бо сцэнар мерапрыемства быў насычаным і разнастайным.
Вочы вучняў свяціліся захапленнем, калі пад меладычныя акорды гітары Стась Цыбульскі выконваў песні на вершы знакамітых беларускіх паэтаў Максіма Багдановіча ("Пагоня"), Якуба Коласа ("Асадзі назад").
Настаўніца замежнай мовы Наталля Пракаповіч, якая да таго ж выкладае асновы рэлігіі ў нядзельнай царкоўнай школе, звярнула увагу на чысціню беларускай мовы, расказала пра сілу і моц добрага слова, прывяла цікавыя жыццёвыя прыклады і прыпавесці.
Прыемна адзначыць вялікую актыўнасць і неабыякавасць дзяцей. Пасля таго, як Ігар Пракаповіч прачытаў свае вершы і расказаў пра краязнаўчую дзейнасць, якой ён займаецца разам з вучнямі на працягу 30 год, дзеці літаральна засыпалі яго пытаннямі. Сапраўды, вершы Ігара, напоўненыя жыццёвай мудрасцю, патрыятызмам, сонечнымі промнямі гумару, нікога не могуць пакінуць абыякавым. А пабываць у краязнаўчай вандроўцы марыць шмат вучняў. Ігар Пракаповіч прадставіў свае зборнікі краязнаўчых работ, паэтычных твораў і некаторыя з іх падарыў школе.
Цёплая душэўная размова працягвалася і пасля заканчэння афіцыйнага мерапрыемства.
У валошкавы вяночак беларускасці была ўплецена яшчэ адна кветка.
PS.
Невялічкае адступленне. Я упершыню была у Курапольскай школе. І яна ўразіла мяне цеплынёй, дамашняй утульнасцю і святлом.
Святлом, якое шчодра струменілася праз вялікія вокны ў гэты сонечны перадвясновы дзень; святлом дабразычлівасці, непадробнай цікавасці і шчырасці, якім свяціліся вочы настаўнікаў і вучняў. Выкажу сваю думку. Зараз існуе тэндэнцыя да закрыцця маленькіх школ. Мне здаецца, што закрыць такую школу - значыць пагасіць святло. А без святла вёска не зможа жыць доўгі час. Такі закон прыроды.
Вольга Лісіцкая.
Люблю і ведаю беларускую мову
Бэз, каралі, слоік, плот, цукеркі… Завіруха, навальніца, сцюжа… Клопат, пяшчота, сяброўства, каханне…
З самага ранку 21 лютага гэтыя і іншыя словы радавалі позірк усіх, хто ішоў калідорамі нашай школы. Дзверы кабінетаў і жалюзі на вокнах ўпрыгожвалі каляровыя малюнкі з адлюстраваннем значэння напісанага на іх слова. Не было, напэўна, ніводнага чалавека, якога б не зацікавілі яркія надпісы. І вучні, і супрацоўнікі школы, праходзячы побач з развешанымі малюнкамі, абавязкова спыняліся і ўчытваліся ў беларускія словы, а таксама прамаўлялі іх уголас, пэўна, спрабуючы "адчуць смак беларускай мовы". Хтосьці ўсміхаўся, нехта здзіўляўся. Аднак абыякавым не заставаўся ніхто. На працягу дня і дзеці, і дарослыя актыўна абмяркоўвалі тыя словы, якія падаліся найбольш цікавымі ці былі дагэтуль малазнаёмымі. Але асаблівае ўражанне ў многіх выклікала слова "хмарачос" . Некаторыя аднесліся да яго з недаверам, але ў большасці яно выклікала сапраўднае захапленне.
Да Дня роднай мовы мы развесілі ў школе ўлёткі з заклікамі гаварыць па-беларуску і рэкламай беларускай мовы. Але асабліва прывабна выглядалі чырвоныя сэрцайкі на лістках з прызнаннямі ў любові да беларускай мовы.
Напрыканцы дня для вучняў 5 і 6 класаў праводзілася гульня ў форме поля цудаў, якая мела назву "Я ведаю беларускую мову!". У адборачных турах мы перакладалі з рускай мовы на беларускую і пазнавалі словы па іх значэнні. А самыя дасведчаныя з нас сталі ўдзельнікамі трох асноўных тураў, у якіх, як і ў сапраўднай гульні "Поле цудаў", па літарах адгадвалі словы. Пераможцам фіналу стаў вучань 6 класа Балтрукевіч Арцём, які прадэманстраваў найлепшае веданне беларускіх словаў.
Усе ўдзельнікі гульні атрымалі невялікія салодкія пачастункі, а яшчэ - прыгожыя паштоўкі, якія спецыяльна падрыхтавала наш школьны бібліятэкар Наталля Міхайлаўна Ляўкевіч. Дзякуючы ёй мы яшчэ раз успомнілі пра паходжанне Дня роднай мовы і прачыталі адрыўкі з вершаў беларускіх пісьменнікаў.
Кацярына Сідорчык , сябра клуба "Спадчына", 5 клас, м. Дварэц.
Беларусь піша 6-ю Агульнанацыянальную дыктоўку
ПАД ЗНАКАМ САКРАЛЬНАГА ДУХУ АПОСТАЛА СВАБОДЫ
Як вядома 21 лютага ва ўсіх цывілізаваных краінах адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Сябры Салігорскай суполкі "ТБМ імя Ф. Скарыны" ў колькасці 15 чалавек, якія ў сваёй большасці з'яўляюцца сябрамі розных незалежных партый і арганізацый (АГП, БАЖ. БНФ-КХП, БНП, БХК, БХД), і аматары роднага слова адзначылі гэты Дзень напісаннем дыктоўкі, які праходзіў пад знакам сакральнага духу Апостала Свабоды Кастуся Каліноўскага. У якасці тэксту для дыктоўкі быў абраны адзін з "Лістоў з-пад шыбеніцы" Кастуся Каліноўскага - змагара за незалежнасць Айчыны ад гнёту імперскай Расіі. Перад напісаннем дыктоўкі з кароткай інфамацыяй аб падзеях, звязаных з гэтым днём і 150-мі ўгодкамі паўстання 1863-64, выступіў намеснік суполкі ТБМ спадар У.Г. Масакоўскі. Затым мною быў зачытаны мой верш "Парада Яські", прысвечаны Апосталу Свабоды.
Пасля напісання дыктоўкі абмяркоўваліся пытанні аб стане роднай мовы ў асяроддзі замбіраванага хлуснёй цярплівага і абыякавага да рэчаіснасці люду, асабліва ў навучальных установах, у якіх выкладанне беларускай мовы зведзена ў ранг замежнай. На маё пытанне: "Якія вывучаеце замежныя мовы?" адна з гімназістак горада мяне вельмі ўзрушыла: "О! Мы изучаем аж три иностранных языка: анлийский, французский и белорусский!" Вось да якога ўсведамлення матчынай мовы выхоўваецца наша моладзь. Вынікамі абмяркавання стану роднай мовы з'явіліся два звароты: адзін - у Палату Прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу РБ "Аб стане выкладання роднай мовы ў навучальных установах", а другі - у райвыканкам "Аб прыкрым становішчы роднай мовы, якое склалася ў раённай газеце "Шахцёр".
Сакральны дух напісання дыктоўкі вызначыўся яшчэ і тым, што суполка папоўнілася новымі аматарамі роднага слова. Ігар Клішэвіч, Аляксей Скрыпаль і Андрэй Тычына сталі новымі сябрамі ТБМ! З чым мы іх ад душы і віншуем! Родная мова з матчыным маўленнем не знікне!
Мікола Шаравар.
Дыктоўку пішуць (злева направа): Аляксей Валабуеў, Алена Калоднікава, Мікола Шаравар, Ларыса Насановіч, Уладзімір Шыла, Мікола Зімін, Валеры Гарбацэвіч, Уладзімір Масакоўскі, Зміцер Тычына, Ігар Клішэвіч і інш.
Фота Андруся Тычыны - новага сябра ТБМ.
Агульнанацыянальная дыктоўка ў Івянцы
21 лютага, ў Міжнародны дзень роднай мовы, ў Івянецкай пасялковай бібліятэцы адбылася шостая Агульнанацыянальная дыктоўка, якую пісалі сябры ТБМ мясцовай суполкі. Можна было б аб гэтай, звычайнай для сяброў ТБМ, падзеі і не пісаць, калі б не адна акалічнасць. Упершыню ў Івянцы ў напісанні дыктоўкі ўдзельнічала супрацоўніца пасялковага выканкама Ірына Ахрэм. Ірына Альфонсаўна добра ведае родную мову, размаўляе на ёй дома і не саромеецца гэта рабіць на працы. Нам, сябрам ТБМ, было вельмі прыемна пазнаёміцца з гэтай цудоўнай жанчынай, якая бясконца любіць сваю краіну, родную мову.
Словы падзякі трэба сказаць і загадчыцы пасялковай бібліятэкі Святлане Клімашэўскай. Яна ўжо другі год гасцінна расчыняе дзверы бібліятэкі сябрам ТБМ для напісання дыктоўкі. Святлана Мар'янаўна не цураецца роднага слова, з ёю заўсёды прыемна размаўляць па-беларуску, на роднай мове яна робіць усе справаздачы аб мерапрыемствах, якія адбываюцца ў бібліятэцы. Дык, можа, у Івянцы і Валожынскім раёне няма праблем з беларускамоўнасцю, калі дзяржаўныя службоўцы ўдзельнічаюць у Агульнанацыянальнай дыктоўцы? На жаль гэта не так. Нашыя раённыя чыноўнікі не хочуць размаўляць па-беларуску, хаця многія добра ведаюць родную мову. Пераканаўся ў гэтым асабіста, калі атрымліваў адказы на свае звароты ў райвыканкам ад намесніка старшыні Пятра Бібіка выключна па-беларуску; калі напрыканцы 2012 г. зрабіў заўвагу, што не ўжываецца беларуская мова на сходзе жыхароў Івянца, і ўжо праз некалькі хвілін старшыня раённага Савета дэпутатаў Марына Іода сваю прамову на сходзе зрабілі цалкам па-беларуску. Ведаю і іншых раённых чыноўнікаў, якія добра валодаюць беларускай мовай. Вось толькі застаецца незразумелым, чаму яны саромееюцца размаўляць на роднай мове кожны дзень: і на працы, і дома? Няўжо, каб размаўляць на мове, ім трэба чыйсьці дазвол, ці ўказ?
На памяць аб сумесным напісанні дыктоўкі з "Мужыцкай праўды" Кастуся Каліноўскага, сябры ТБМ падарылі Ірыне Ахрэм і Святлане Клімашэўскай некалькі асобнікаў газеты "Наша слова", а самы старэйшы сябар Івянецкай суполкі ТБМ Мікалай Мікалаевіч Куксо (яму ужо пайшоў дзевяты дзясятак), падарыў ім свае вершы пра гаротны стан роднай мовы ў нашай краіне.
Напрыканцы сустрэчы ўдзельнікі дыктоўкі абмяняліся сваімі меркаваннямі пра прычыны заняпаду беларускай мовы ў грамадстве і дамовіліся аб далейшай працы на карысць беларускасці.
Міхась Спірыдовіч, сябар Івянецкай суполкі ТБМ.
У Варшаве пісалі дыктоўку "пад Пазьняка"
28 лютага ў Варшаве прайшла беларуская дыктоўка.
Арганізатарам мерапрыемства выступіла "Беларуская Нацыянальная Памяць", а прачытаў дыктоўку Зянон Пазняк.
Старшыня Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ у якасці тэксту дыктоўкі агучыў "Ліст з-пад шыбеніцы" Кастуся Каліноўскага. Гістарычны твор быў абраны невыпадкова: сёлета адзначаецца 150-годдзе паўстання пад кіраўніцтвам Каліноўскага.
Дыктоўка адбылася ў Collegium Civitas. Напісалі яе каля 40 чалавек. Сярод іх вядомыя беларускія дзеячы - Алесь Міхалевіч ды Алесь Лагвінец. Дарэчы, у польскай сталіцы дыктоўка прайшла ўжо шосты раз запар.
Еўрарадыё.
Агульнанацыянальная дыктоўка ў Глыбокім
У Глыбокім у Дзень роднай мовы пісалі беларускамоўную дыктоўку.
Зміцер Лупач.
Вынікі 6-й Агульнанацыянальнай дыктоўкі ў Лідскім каледжы
Падведзены вынікі 6-й агульнанацыянальнай дыктоўкі, якая была напісана навучэнцамі Лідскага каледжа 20 лютага 2013 г.
1-е месца:
Шостак Катажына (гр. 91 па, выкладчык беларускай мовы Некраш Людміла Міхайлаўна);
2 месца:
Кенць Надзе я (гр. 68 да, выкладчык беларускай мовы Яныш Марына Ўладзіміраўна);
Дудо Вікторыя (гр. 66 да, выкладчык беларускай мовы Некраш Людміла Міхайлаўна);
3 месца:
Задарожная Каця (гр. 67 да, выкладчык беларускай мовы Яныш Марына Ўладзіміраўна);
Жыдзіс Ганна (гр.92 па, выкладчык беларускай мовы Яныш Марына Ўладзіміраўна);
Будзько Юлія (гр.92 па, выкладчык беларускай мовы Яныш Марына Ўладзіміраўна).
Інфармацыя пра 6-ю Агульнанацыянальную дыктоўку ў Лідскім каледжы размешчана на афіцыйным сайце Лідскага райвыканкаму lida.by .
Наш кар.
15 сакавіка
у межах кампаніі "Будзьма" адбудзецца 2-гі этап
6-й Агульнанацыянальнай дыктоўкі
Імпрэза праводзіцца на сядзібе ТБМ
па вул. Румянцава, 13.
Пачатак - 18. 00 гадзін. Уваход вольны
Беларусь адзначыла Міжнародны дзень роднай мовы
У Магілёве адсвяткавалі Дзень роднай мовы
21 лютага ў Магілёве адбыліся адразу дзве вечарыны з нагоды Міжнароднага дня роднай мовы. Гэтыя імпрэзы праведзеныя дзякуючы Магілёўскаму аддзяленню СБП, а таксама Магілёўскай філіі ТБМ.
Магілёўская гарадская бібліятэка правяла вечарыну "Размаўляй са мной па-беларуску", прысвечаную Дню роднай мовы. На імпрэзу былі запрошаны пісьменніцы, сябры ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" Тамара Аўсяннікава і Таццяна Барысік.
У той жа дзень у Магілёўскім дзяржаўным бібліятэчным каледжы імя А. Пушкіна адбылася вечарына, прысвечаная творчасці вядомага магілёўскага пісьменніка Івана Аношкіна, які, на вялікі жаль, нядаўна пайшоў ад нас.
Успамінамі пра Івана Архіпавіча падзяліліся сябры СБП Яраслаў Клімуць і Мікола Яцкоў, а таксама калега па сумеснай працы Мікалай Ножнікаў. Добрыя словы сказаў старшыня магілёўскага аддзялення ТБМ Алег Дзьячкоў. Навучэнцы каледжа падрыхтавалі інсцэніроўкі апавяданняў Івана Аношкіна, і было бачна, што творчасць гэтага цікавага пісьменніка ім даспадобы, а вечарына зойме сваё месца ў скарбонцы нашай агульнай памяці.
Ул. інф. Магілёўскага абласнога аддзялення СБП.
Літаратурныя сустрэчы прайшлі ў школах Магілёўшчыны
Нядаўна ў межах Тыдня роднай мовы і з нагоды Міжнароднага дня роднай мовы ў вёсках Княжыцы Магілёўскага раёна і Лапацічы Слаўгарадскага раёна адбыліся літаратурныя сустрэчы з удзелам магілёўскіх пісьменнікаў.
21 лютага ў школе вёскі Княжыцы Магілёўскага раёна ў рамках святкавання Дня роднай мовы адбылася сустрэча з пісьменнікамі - старшынём Магілёўскага аддзялення ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" Міколам Яцковым, а таксама з Алесем Казекам.
Прысутныя з цікавасцю паслухалі выступы пісьменнікаў. Спецыяльна для гасцей гучалі іх вершы ў выкананні вучняў. Было шмат пытанняў - аб роднай мове і літаратуры. Напрыканцы ўсе дружна спявалі песні на вершы Коласа і Купалы. І было выказана ўзаемнае пажаданне часцей сустракацца - каб разам ісці да мовы і беларускай свядомасці.
У межах тыдня роднай мовы адбылася сустрэча пісьменніка, сябра СБП Фелікса Шкірманкова з вучнямі сярэдняй школы вёскі Лапацічы Слаўгарадскага раёна. Фелікс Уладзіміравіч распавёў прысутным пра значэнне роднай мовы ў нашым жыцці, пра неабходнасць больш шырока яе ўжываць у паўсядзённасці. Гучалі вершы паэта-франтавіка ў аўтарскім выкананні. Гэта ўжо не першая сустрэча спадара Шкірманкова з лапаціцкімі школьнікамі, і такія паэтычныя вечарыны будуць тут ладзіцца і надалей.
Ул. інф. Магілёўскага абласнога аддзялення СБП.
Памёр Мікола Арочка
2 сакавіка пайшоў з жыцця Мікола Арочка, паэт, перакладчык і літаратуразнаўца. Яму было 82 гады.
Выказваем шчырыя спачуванні яго блізкім і ўсім, хто добра ведаў спадара Міколу.
Арочка Мікола (Мікалай Мікалаевіч) нарадзіўся 10.12.1930 г. у вёсцы Вецявічы Слонімскага раёна Гарадзенскай вобласці ў сялянскай сям'і.
У 1951 г. скончыў Азярніцкую сярэднюю школу Слонімскага раёна і паступіў на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Пасля заканчэння ўніверсітэта (1956) працаваў у часопісе "Сельская гаспадарка Беларусі" (1956-1960) і ў газеце "Літаратура і мастацтва" (1962). У 1966 г. скончыў аспірантуру пры Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР. З 1966 г. - навуковы супрацоўнік гэтага інстытута. Доктар філагічных навук. Сябра СП СССР з 1958 г.
У друку з вершамі пачаў выступаць з 1949 г. (баранавіцкая абласная газета "Чырвоная звязда").
Выступаў як перакладчык з расейскай, латышскай, польскай, ангельскай моў.
Бібліяграфія:
"Не ўсе лугі пакошаны" (1958 г.), "Ветраломная паласа" (1962 г.), "У птушынай вёсцы" (1964 г.), "Хай расце маладая таполя" (1964 г.), "Крылатае семя" (1967 г.), "Кветкі бяссмертніка" (1972 г.), "Матчына жыта" (1978 г.), "Колас на ржышчы" (1980 г.), "Курганне. Крэва" (1982 г.), "Бяздоннае" (1985 г.).
Ахвяраванні на ТБМ
1. Лазарук Тамара 40000 р., г. Менск
2. Кісляк Васіль - 100000 р. в. Смолле, Барысаўскі р-н
3. Магучава Таццяна - 20000 р., г. Менск
4. Беражная В.В. - 10000 р., г. Ліда
5. Восіпава А.Я. - 50000 р., г. Гомель
6. Павідайка В.М. - 70000 р., г. Менск
7. Руткоўскія Антаніна і Яўгенія - 50000 р., г. Менск
8. Невядомы - 100000 р., г. Менск
9. Птушко Сяргей - 20000 р., в. Хільчыцы, Жыткавіцкі р-н
10. Ждановіч Міхась - 50000 р., г. Менск
11. Казлоўская Іна - 40000 р., г. Менск
12. Міцкевіч Я. - 37000 р., г. Менск
13. Шкірманкоў Фелікс - 50000 р., г. Слаўгарад
14. Вяргей Валянцін - 15 дол. США, г. Менск
15. Міхальчанка Тамара - 90 000 р., г. Менск
16. Джэйгала Уладзімір - 100000 р., г. Менск
17. Мартынчык Зміцер - 300000 р., г. Гародня
18. Стэпчанка Наталля - 70000 р., г. Менск
19. Тарніцкі Я.А. - 5000 р., г. Менск
20. Раманік Т.Н. - 100000 р., г. Менск
21. Беражная В.В. - 100000 р., г. Ліда
22. Пухоўская Юлія - 30000 р., г. Менск
23. Бяляева Кацярына - 40000 р., г. Менск
24. Шумскі Ягор - 100000 р., г. Менск
25. Талерчык А.С. - 50000 р., г. Гародня
26. Бабкова Вольга - 43000 р., г. Менск
27. Фурс Антон - 90000 р., г. Паставы
28. Невядомы - 60 дол. ЗША, Расія
Дзейнасць ГА "ТБМ імя Францішка Скарыны" па наданні роднай мове рэальнага статуса дзяржаўнай вымагае вялікіх выдаткаў. Падтрымаць ТБМ - справа гонару кожнага грамадзяніна краіны.
Просім Вашыя ахвяраванні дасылаць на адрас, вул. Румянцава, 13, г. Мінск, 220034, альбо пералічыць на разліковы рахунак ТБМ №3015741233011 у Аддзяленні № 539 ААТ "Беінвестбанка" код 739 (УНП 100129705) праз любое аддзяленне ашчадбанка Беларусбанк.
Музеі Старадарожчыны. Старадарожскі гістарычна-этнаграфічны музей
Старадарожскі раённы гістарычна-этнаграфічны музей створаны ў г. Старыя Дарогі ў адпаведнасці з рашэннем Старадарожскага раённага выканаўчага камітэта ад 25.03. 1999 г. Першы дырэктар - Ігар Іванавіч Лізура.
Першапачаткова музей размяшчаўся ў драўляным будынку (належаў аддзелу культуры) па вуліцы Кірава.
Экспазіцыя музея падзялялася на 3 раздзелы:
- першы - графіка з калекцыі А.Я. Белага (93 адзінкі). Работы былі падараваны ўладальнікам гораду, пры адкрыцці музея перададзены для экспанавання;
- другі - жывапісныя палотны мастака, заслужанага дзеяча мастацтваў БССР І.Н. Стасевіча (103 адзінкі), перададзеныя ў музей блізкімі;
- трэці - работы І.І. Лізуры - разьбы па дрэве (каля 50 адзінак).
На момант адкрыцця штат музея складаўся з дырэктара і галоўнага захавальніка фондаў. З ліпеня 2001 г. музей размяшчаецца ў будынку Палаца культуры. На 2008 г. у музеі налічвалася каля 2500 адзінак захоўвання.
У фондах захоўваюцца дакументы, фотадакументы і асабістыя рэчы удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны і вайны ў Афганістане, перадавікоў вытворчасці, дзеячоў літаратуры, навукі і мастацтва.
У перыяд з 2001 па 2011 гг. большая частка фондаў выкарыстоўвалася на часовай выставе па гісторыі Старадарожчыны, якая была разгорнута ў экспазіцыйнай зале музея. Тут працавалі тры раздзелы: Вялікай Айчыннай вайны, вайны ў Афганістане, этнаграфіі і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.
Нягледзячы на тое, што музею ўжо 14 гадоў, пастаяннай экспазіцыі няма. Але супрацоўнікі вялі актыўную працу па выпраўленні становішча. Яны займаліся даследчай працай у архівах, музеях Менска і Менскай вобласці, у выніку чаго былі сабраны фота, фона- і дакументальныя матэрыялы рознай тэматыкі, у тым ліку матэрыялы для афармлення пастаяннай экспазіцыі "Гісторыя дарог і паштовай службы" (а менавіта: шэраг архіўных матэрыялаў, фотаздымкаў і дакументаў па гісторыі дарог і паштовай службы, узораў адзення і абутку, прылад працы і вырабаў каваля, рэчаў побыту). Для здзяйснення задумы музеем у 2011 г. быў выйграны конкурс грантаў у падтрымку найбольш значных праектаў у галіне культуры і мастацтва (які быў аб'яўлены Менскім абласным выканаўчым камітэтам). На рахунак музея паступіла грашовая сума ў памеры 85 млн. беларускіх рублёў. Сумесна з Менскім абласным краязнаўчым музеем былі распрацаваны навуковая канцэпцыя і тэматыка-экспазіцыйны план, якія зацверджаны Нацыянальным гістарычным музеем Рэспублікі Беларусь.
В.А. Макарчуком (мастак малога прадпрыемства "Цэнтр МАІР" г. Менска) распрацаваны эскіз-макет музея, які прадугледжвае экспазіцыю музея пабудаваць па тэматыка-ансамблевым прынцыпе праз інтэр'еры паштовай станцыі: карчму, гасцявы пакой, абозню і кузню. Гэта значыць, што наведвальнікі змогуць пабываць у трох залах. Першая ўяўляе сабой паштмайстарскую, дзе па задумцы аўтараў музейнай канцэпцыі на ўваходзе гасцей будзе сустракаць паштмайстар. Частку экспанатаў перадаў раённы вузел сувязі (паштовыя маркі, паштоўкі, сургучніцу і іншыя). Другая зала - гэта двор паштовай станцыі, кузня. У ёй ужо ўсталявалі горан, кавальскія мяхі, хутка з'явіцца кавадла, калекцыя падкоў і іншых кованых вырабаў, адрэстаўраваная паштовая брычка, якая напэўна стане аб'ектам для фатаграфавання. Завершыцца экскурсія ў карчме.
Школьныя музеі
У Старадарожскім раёне таксама працуюць 8 школьных музеяў, з іх 5 краязнаўчых: СШ № 1, Залужскай СШ, Горкаўскай СШ, Языльскай СШ, Паставіцкай СШ; 3 музеі баявой славы: Крываноскай СШ, Сінягоўскай СШ і Пасецкай СШ. Узначальваюць працу школьных музееў настаўнікі гісторыі.
Прыватны мастацкі музей А.Я. Белага
Акрамя вышэйзгаданых музеяў у горадзе створаны яшчэ адзін вельмі цікавы музей - прыватны мастацкі музей А.Я. Белага. Сваім узнікненнем музей абавязаны Анатолю Яўхімавічу Беламу (нарадзіўся 10.12.1939 г.). Неабходна расказаць пра яго.
Гэтага чалавека ведалі многія як на малой радзіме і на ўсёй тэрыторыі нашай краіны, так і далёка за яе межамі - нават у Злучаных Штатах Амерыкі. Ён - грамадска-культурны дзеяч, вучоны, калекцыянер, краязнавец, заснавальнік і старшыня культурна-асветніцкага клуба "Спадчына"(1984), сябра Саюза мастакоў Беларусі (1995) і Саюза беларускіх пісьменнікаў (1999), дыпламант Міжнароднага Кембрыджскага цэнтра (Англія, 1999), ганаровы член Міжнароднай акадэміі навук Еўразіі (МАНЕ, 2005), у свой час працаваў вучоным сакратаром музея Вялікай Айчыннай вайны, быў першым дырэктарам музейных комплексаў "Хатынь" і "Курган Славы".
Неабходна адзначыць, што А.Я. Белы выступіў як арганізатар шэрагу тэматычных выстаў: "Кастусь Каліноўскі і студзеньскае паўстанне 1863 года ў Беларусі" (Менск, 1986, 1990, 1991; Магілёў, 1988, 1991), "Францішак Скарына" (Менск, Яраслаўль, ЗША, 1985, 1986, 1990, 1991), "Максім Багдановіч" (Менск, 1996), "Дзеячы беларускага замежжа" (Менск, 1994, 1996), "Уладары старажытнай Беларусі" (Менск, 1996), "Любіць Радзіму - шанаваць родную мову" (Менск, 1990, 1991, 1994, 1996), "Гісторыя Беларусі ў мастацкіх вобразах і партрэтах" (Менск, ЗША, 1990, 1991, 1996), "Медальернае мастацтва Беларусі" (Менск, 1984).
Таксама А.Я. Белы - арганізатар і адзін з фундатараў усталявання помнікаў М. Багдановічу ў Яраслаўлі (1994, аўтар С. Вакар); А.Я. Багдановічу ў г.п. Халопенічы (1998, аўтар У. Лятун); помнікаў у дворыку Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Францішку Скарыну (1998, аўтар С. Адашкевіч), Міколу Гусоўскаму (1998, аўтар У. Панцялееў), Кірылу Тураўскаму (1996, аўтар А. Прохараў), Ефрасінні Полацкай (1999, аўтар І. Голубеў), "Дыспут: В. Цяпінскі і С. Будны" (2000, аўтар І. Голубеў); у Менскай праваслаўнай епархіі - Кірылу Тураўскаму (1995, аўтар Ю. Платонаў); у Полацку - Ефрасінні Полацкай (2000, аўтар І. Голубеў); у г. Зэльва Гарадзенскай вобласці - Ларысе Геніюш (2002, аўтар М. Інькоў); у гарадах Старыя Дарогі і Маладзечна - Міколу Ермаловічу (2002, аўтар У. Мелехаў) і інш. Найбольш плённай стала дзейнасць па ўстаноўцы помнікаў на сядзібе музея ў горадзе Старыя Дарогі. На сённяшні дзень тут знаходзяцца дзясяткі помнікаў дзеячам беларускай гісторыі і культуры.
А.Я. Белы прымаў непасрэдны і актыўны ўдзел у выданні альманахаў "Спадчына "Спадчыны" (1994), "Скрыжалі "Спадчыны" (1996, 1998, 2006, 2007), плакатаў-календароў "Радавод полацкіх і вялікіх беларускіх (літоўскіх) князёў" (1995), "Старажытная Беларусь часоў Вітаўта Вялікага" (1996), "Яго чакала Беларусь чатыры стагоддзі" - зборнік дакументаў і матэрыялаў да 85-годдзя з дня нараджэння М.І. Ермаловіча (у суаўт. 2007). Таксама ім падрыхтаваны 5 каталогаў, даведачная літаратура, звыш 150 артыкулаў пра беларускае мастацтва і яго гісторыю.
За сваю дзейнасць на ніве нацыянальнага Адраджэння і захавання нацыянальнай спадчыны ўшанаваны ордэнам "Гонар Айчыны" (1997); ордэнам Кірылы Тураўскага, дзвюмя граматамі Мітрапаліта Менскага і Слуцкага Філарэта; медалём імя Яна Масарыка Міністэрства замежных спраў Чэшскай Рэспублікі як падзяка за карыснае супрацоўніцтва ў паглыбленні беларуска-чэшскіх стасункаў (2007), медалём Міжнароднай акадэміі навук Еўразіі (2009).
Памёр 14. 11. 2011 г. у выніку цяжкага захворвання ў Менску.
Ну а зараз неабходна распавесці пра сам музей.
Працэс стварэння музея быў доўгім і складаным. А.Я. Беламу прыйшлося перажыць шмат выпрабаванняў, прыкласці досыць намаганняў, каб увасобіць у жыццё мару аб стварэнні музея. Але вынік працы гэтага чалавека мае важнае значэнне ў розных сферах: развіцці музейнай справы нашай краіны, калекцыянаванні, мастацтвазнаўстве, гісторыі Беларусі, выхаванні патрыятызму грамадзян, заахвочванні да вывучэння гісторыі сваёй Радзімы і шмат іншага.
Пачатак збору калекцыі сям'і Белых быў пакладзены дзедам А.Я. Белага Васілём. Менавіта ад яго былі атрыманы некалькі старажытных манет з выявай герба Пагоні, на якія калекцыянер набыў ў сярэдзіне 1970-х некалькі мастацкіх твораў для сваёй будучай калекцыі. Калекцыянаванне ў блізкім да нас разуменні пачаў бацька Анатоля Яўхімавіча Яўхім Васільевіч Белы, які ў вясковай сядзібе пачаў збіраць творы мастацтва з беларускай тэматыкай.
А захапленне збіральніцтвам у самаго Анатоля Яўхімавіча пачалося са звычайнага кнігазбору ў студэнцкія гады. З цягам часу веданне мастацтва падштурхнула да калекцыянавання твораў адпаведнай галіны. Спачатку малады чалавек захапіўся медальёнамі; яны падштурхнулі да збору графікі; апошняя ў сваю чаргу - да жывапісу. Паколькі Анатоль Яўхімавіч быў сябрам многіх мастакоў - яны дарылі яму карціны.
У выніку збіральніцкай дзейнасці за некалькі дзесяцігоддзяў колькасць сабранага была настолькі вялікай, што не магла змясціцца ў асабістым жыллі А.Я. Белага і кватэрах сяброў. Але шматлікія звароты да ўладаў аб наданні памяшкання пад музей, якія рабіліся і раней, былі задаволены толькі ў пачатку 1980-х, калі калекцыянер здолеў атрымаць некалькі пакойчыкаў у раённым домакіраўніцтве для арганізацыі экспазіцыі сваёй мастацкай калекцыі. Гэта быў пачатак прыватнага мастацкага музея Анатоля Белага ў Старых Дарогах. Але ў выніку разыходжання меркаванняў з уладамі праз пэўны час калекцыя засталася без памяшкання.
У 1990 г. калекцыянер вырашыў стварыць музей на базе дома сваіх бацькоў у Старых Дарогах. Ён перапланаваў будынак, дабудаваў некалькі памяшканняў і паверх, і перавёз свой збор на 10 аўтобусах з Менска ў чатыры двухпавярховыя будынкі, зведзеныя ў адзін.
Урачыстае адкрыццё музея адбылося 10.12.1999 г.
Аснову мастацкай калекцыі склаў асабісты збор А.Я. Белага: жывапіс, графіка, скульптура, медальернае мастацтва (каля 600 адзінак) і нумізматыка (самым старажытным экспанатам з'яўляецца каранацыйны медаль караля Аўгуста ІІІ, датаваны 1730 годам).
Музей мае 7 тэматычных залаў, якія размяшчаюцца на экспазіцыйнай плошчы каля 500 м2.
У зале "Жывапісная Беларусь" экспануюцца творы беларускіх мастакоў Г. Вашчанкі ("Беларускі краявід", 1983), М. Карпука ("Асеннія палеткі", 1992), І.Рэя ("Зялёны краявід", 1985), У. Стальмашонка ("Слёзы Адама", 1992; "Першыя і апошнія каралі Рэчы Паспалітай", 2003), Б. Ціханава ("Маці касманаўта Клімука", 1980), Г. Ціхановіча ("Веру - уваскрэснеш", 1997), Я. Ціхановіча ("Уладзіслаў Галубок", 1944; "Партызаны ў разведцы", 1995) і інш.
У зале "Гісторыя Беларусі ў мастацкіх вобразах і партрэтах" сабраны партрэты ўсіх беларускіх князёў, святых, асветнікаў, палкаводцаў Вялікага княства Літоўскага (ВКЛ), дзеячаў "нашаніўскага" перыяду і беларускага замежжа, выявы помнікаў архітэктуры старажытных гарадоў Беларусі, карта часоў вялікага князя Вітаўта, радавод полацкіх князёў і князёў ВКЛ. Экспануюцца творы беларускага мастака А. Крывенкі, У. Стальмашонка, А. Цыркунова і інш.
У зале "Творы мастака А. Пятрухны" сабрана каля 150 твораў жывапісу, графікі, акварэлі. Тут знаходзяцца стэнды, прысвечаныя беларускаму пісьменніку В. Быкаву: кнігі, ілюстрацыі мастакоў да яго твораў, асабістыя рэчы.
Зала "Сябры клуба "Спадчына" змяшчае партрэты сяброў клуба, іх кнігі, артыкулы ў часопісах і газетах, асабістыя рэчы, афішы, дыскі, запісы выступленняў і інш.
Зала "Скульптура і медальерная кераміка" прадстаўлена творамі беларускіх скульптараў і майстроў медальернага мастацтва: М. Кандрацьева, У. Мелехава, М. Несцярэўскага і інш.
Зала "Гісторыя Беларусі ў графіцы" мае тры раздзелы. У раздзеле "Старажытная Беларусь" прадстаўлены постаці дзеячаў нацыянальнай культуры і адраджэння Беларусі: Е. Полацкай, К. Тураўскага, М. Гусоўскага, С. Буднага, В. Цяпінскага і інш. У раздзеле "Змагарная Беларусь" жывапісныя і графічныя партрэты ўдзельнікаў паўстанняў 1794 і 1830-31, Т. Касцюшкі і яго паплечнікаў, філарэтаў і філаматаў, А. Міцкевіча, К. Каліноўскага, жанчыны-палкоўніка Э. Плятар. Раздзел "Маладая Беларусь" змяшчае творы медальернага мастацтва, прысвечаныя Ф. Скарыну, М. Гусоўскаму, Я. Купалу, Я. Коласу, Цётцы, К. Каганцу.
У зале "Любіць Радзіму, шанаваць родную мову" экспануюцца партрэты дзеячаў беларускай культуры: М. Багдановіча, Ф. Скарыны і інш., творы заходнебеларускіх мастакоў Я. Драздовіча, М. Сеўрука, П. Сергіевіча.
Па-за будынкам музея дэманструюцца помнікі - скульптуры (77 адз.) вялікім літоўскім князям Міндоўгу, Віценю, Вітаўту, Ягайлу, а так-сама Л. Сапегу, Ф. Скарыну, К. Каліноўскаму, Ф. Багушэвічу, Адаму і Максіму Багдановічам, М. Улашчыку, В. Быкаву, А. Бярозку і іншым дзеячам гісторыі і культуры Беларусі. Таксама на тэрыторыі сядзібы знаходзяцца камень Мовы (з 100 імён беларусаў-змагароў за родную мову) і камень Гісторыі (100 імён гісторыкаў і публіцыстаў).
У музеі часта ладзяцца выставы. Найбольш значныя: "Любіць Радзіму - шанаваць родную мову", "Гісторыя Беларусі ў мастацкіх вобразах", "Беларускія Калумбы" і інш.
Экспазіцыі мастацкага музея пастаянна мяняюцца: з'явіліся асобныя раздзелы, прысвечаныя Кастусю Каліноўскаму і Францішку Скарыну, царкоўным дзеячам Беларусі. У музеі шмат эміграцыйных выданняў, кніг Н. Арсенневай, А. Бярозкі, Я. Кіпеля, "Запісы БІНІМ", "Конадні", "Полацак" і іншыя.
У музеі ёсць стэнд з творамі мастакоў Заходняй Беларусі першай паловы XX стагоддзя: Я. Драздовіча, П. Сергіевіча, В. Жаўняровіча. Пры тым, на творы В. Жаўняровіча ў музея маюцца дакументы, якія сведчаць, што гэтыя творы выстаўляліся ў самых прэстыжных залах Францыі.
Таксама ў Старадарожскім музеі А. Белага выстаўлены арыгінал твору знакамітага беларускага мастака XIX стагоддзя Валенція Ваньковіча, а таксама рарытэтны бюст гэтага мастака. Гэта адзіны арыгінальны твор Валенція Ваньковіча ў Беларусі. На шыльдзе пад творам пазначана, што гэта дар беларускаму народу ад мастака Арлена Кашкурэвіча.
Такім чынам, можна зрабіць выснову, што асоба Анатоля Яўхімавіча Белага з'яўляецца даволі значнай як у маштабе невялікага горада Старыя Дарогі, дзе ён заснаваў і адкрыў музей, так і ў маштабе ўсёй Рэспублікі Беларусь. Дзякуючы намаганням, жаданню і прыхільнасці да калекцыянавання гэтага чалавека быў адкрыты яго ўласны мастацкі музей, шматлікія помнікі знакамітым і значным дзеячам нашай краіны ў розных кутках Беларусі і за яе межамі. Яго ўклад у развіццё нацыянальнай культуры невымерны.
Прыватны мастацкі музей у Старых Дарогах знаходзіцца ў ліку нешматлікай колькасці (каля 10) прыватных музеяў Беларусі. Тут здзейснены падзел на тэматычныя залы (усяго 7), назіраецца вялікая цікавасць да працы музея не толькі ў звычайных наведвальнікаў, але і ў прадстаўнікоў СМІ і шматлікіх замежных дэлегацый. Адзінай, але вельмі сур'ёзнай праблемай з'яўляецца тое, што музей, на жаль, не працуе ў звычайным рэжыме: там адсутнічаюць супрацоўнікі і ніхто не пражывае. Непасрэдны ўладальнік і заснавальнік памёр, а яго блізкія (жонка, дачка, унукі) пражываюць не ў Старых Дарогах і не маюць магчымасці займацца музеем. Таму хацелася б, каб знайшліся неабыякавыя людзі (пажадана з кіраўніцтва раёна), якія б дапамаглі музею функцыянаваць па звычайным графіку працоўнага тыдня.
Юлія Дражына, студэнтка 4 курса БДУКіМ.
Учора і сёння
За дваццаць пяць год існавання Таварыства Беларускай Культуры ў Літве не было выпадку, каб не адбылося мерапрыемства, запланаванае на апошнюю суботу кожнага месяца, адзначыў неяк старшыня ТБК Хведар Нюнька. Кожны месяц ёсць нагода, каб сустрэцца, адзначыць юбілеі вядомых беларускіх дзеячоў, абмеркаваць падзеі Бацькаўшчыны. У лютым шмат было нагод. Першая - традыцыйнае святкаванне дня гімназіі, кожны год пасля развалу савецкай імперыі. Заснаваная ў 1919 годзе (1 лютага) па ініцыятыве вядомага беларускага археолага, калекцыянера, грамадскага дзеяча Івана Луцкевіча, яна дзейнічала да 1944 г., пакуль не была зачынена савецкімі ўладамі, што рабілі ўсё, каб знішчыць усялякія беларускія сляды ў горадзе, які праславілі Францішак Скарына, Леў Сапега, Кастусь Каліноўскі, Францішак Багушэвіч і іншыя беларусы. Значэнне Віленскай Беларускай Гімназіі прызнавалі ўсе: і сябры і ворагі. Для першых яна была "кузняй беларускай свядомай інтэлігенцыі", для другіх - "гняздом беларускіх нацыяналістаў". На працягу 25 г. існавання, гімназія перажывала і пад'ёмы і спады, працавала пры розных рэжымах, была прыватнай, а ў 1933 г. стала дзяржаўнай, фактычна страціўшы незалежнасць, зрабіўшыся філіяй польскай гімназіі імя Ю. Славацкага. У 1939 г. каб захаваць ВБГ, дзякуючы намаганням ксяндза Адама Станкевіча і Адольфа Клімовіча, удалося набраць вучняў, але гэта не была поўная гімназія, а прагімназія, бо ў ёй былі толькі два першыя класы, замест чатырох. Падчас нямецкай акупацыі прагімназія зноў пераўтварылася ў гімназію. У 1944 г. гімназія ўрачыста адсвяткавала сваё 25 годдзе і ў гэтым годзе, пасля заняцця Вільні савецкай арміяй, гімназія была зачынена. Савецкая ўлада палічыла не патрэбным лічыцца з беларускім грамадствам Вільні і Віленскага краю. На працягу 25 год працы гімназіі мяняліся дырэктары: імі былі Мікола Кахановіч, Браніслаў Тарашкевіч, Антон Неканда-Трэпка, Радаслаў Астроўскі, Фелікс Стацкевіч, В. Кавалевіч, Барыс Кіта, кс. Адам Станкевіч, Мікола Анцукевіч і Францішак Грынкевіч. Кожны год у дзень заснавання ВБГ беларусы Вільні і вучні віленскай беларускай школы імя Фр. Скарыны, якая ў лютым гэтага года атрымала статус гімназіі, ўскладаюць кветкі на магілу заснавальніка гімназіі Івана Луцкевіча на могілках Росы, а таксама на Ліпаўцы, дзе пахаваны дырэктары гімназіі, настаўнікі, сярод іх і настаўніца беларускай мовы Алёна Сакалова-Лекант, якая працавала ў гімназіі 25 г. Алёна Сакалова-Лекант і кс. Адам Станкевіч працавалі ў гімназіі ўсе 25 гадоў ейнай дзейнасці. Дзякуючы прафесіяналізму выкладчыкаў у гімназіі панавала атмасфера нацыянальнай і рэлігійнай талерантнасці, узгадоўваўся беларускі нацыянальны дух. Пэўны час прыходзіў у Таварыства Беларускай Культуры сын Міколы Анцукевіча Алег Анцукевіч, гэтым разам на нашым мерапрыемстве ўпершыню прысутнічаў унук Міколы Анцукевіча Мікола Анцукевіч, названы ў гонар дзеда, а таксама выкладчыца Літоўскай Акадэміі музыкі, сябар ТБК Тацяна Скарэне, дачка Юрыя Зямніцкага, якая ўжо на працягу 10 год уручае лепшаму вучню 12 класа за любоў да роднай мовы прэмію імя бацькі, шчырага беларуса, заснавальніка і першага кіраўніка хору "Сябрына". Пра ВБГ распавяла Леакадзія Мілаш.
У лютым споўнілася 45 год з дня адкрыцця краязнаўчага музея ў Гудзевічах. Актывісты таварыства некалькі разоў наведалі Гудзевічы, ездзілі не толькі, каб паглядзець экспанаты, але і найперш, каб сустрэцца з яго заснавальнікам Алесем Белакозам, надзвычай цікавым чалавекам, патрыётам, настаўнікам, захавальнікам спадчыны. У музеі знаходзіцца і экспанат Віленскай Беларускай Гімназіі, адзіны ў свеце глобус на беларускай мове, лісты ад Зоські Верас і шмат іншых экспанатаў, якія сёння маюць ужо гістарычную каштоўнасць. Мы да гэтага часу п'ём лекавую крамянёвую ваду. Я ў Гудзевічах была мо разоў пяць і сваімі ўражаннямі падзялілася на імпрэзе. Нават была прапанова яшчэ раз наведаць Гудзевічы.
Улютым споўнілася 70 год, як былі закатаваны каталіцкія святары ў Росіцы. Пра іх жыццё і святарскую дзейнасць напісала кнігу Ірына Жарнасек, а на імпрэзе распавёў даследчык, навуковец Алесь Адамковіч.
Агляд жыцця і творчасці Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, якому ў лютым споўнілася 205 г. з дня нараджэння зрабіў Артур Юдзіцкі. Ён жа напрыканцы зрабіў кароткае паведамленне аб апошніх навінах з Беларусі.
На мінулай імпрэзе Валера Радзюкевіч падрабязна распавёў пра творчасць ансамбля "Песняры", наш журналіст Андрусь Старавойтаў зрабіў добрую перадачу на радыёхвалях Літвы пра калектыў, якая мела станоўчы водгук сярод слухачоў Літвы. На лютаўскай імпрэзе В. Радзюкевіч распавёў аб творчай дзейнасці былога саліста ансамбля Лявона Барткевіча.
Вядома, што ў ТБК цікавяцца не толькі гісторыяй мінуўшчыны, але і падзеямі, якія адбываюцца ў Беларусі і Літве цяпер. Хрысціна Балаховіч у захапленні ад выставы моды Аляксандра Васільева, якая праходзіць у мастацкай галерэі Вільні. Яна таксама падзялілася ўражаннямі з прысутнымі.
23 лютага ў сталіцы Літвы адкрылася фотавыстава беларускага святара Паўла Валынцэвіча. Некаторым здымкам 100 г., а ўсяго на выставе каля 70 фатаграфій, па іх можна вывучаць жыцьцё і побыт беларускіх сялян, погляд святара на свет. На кожным здымку усяго на кароткае імгненне спынілася жыццё на цэлых 60 год. Сваімі ўражаннямі ад выставы падзялілася аўтарка гэтых радкоў.
Жыццё цікавае і кожны дзень напоўнены падзеямі, сутрэчамі. І нашыя імпрэзы ў Таварыстве Беларускай Культуры з'яўляюцца непоўторнымі, а часам і гістарычнымі.
В.а.старшыні ТБК Леакадзія Мілаш, Вільня.
СПЯВАЙ, ДУША НАРОДНАЯ
27 лютага ў бібліятэцы імя А.С. Пушкіна (г. Менск) адбыўся канцэрт ансамбля "Мінскі гармонік" пад кіраўніцтвам Івана Раманчука з Любані.
- Мэта сёняшняга выступу, - кажа Іван Мікалаевіч, - сустрэцца з землякамі, якія жывуць у Менску і нагадаць пра мілы кут, адкуль яны родам, з'яднацца ў пачуццях да радзімы.
І сапраўды, гэта было цудоўнае мастацкае спатканне. Бо як вясновая навальніца прыходзіць для радасці жывога свету, так беларускае слова і мелодыя ідзе з душы Івана Раманчука і яго ансамбля.
Прагучалі песні на словы беларускіх паэтаў і асабістыя, аўтарскія творы кіраўніка ансамбля. Пачаўся канцэрт з сола Вячаслава Статкевіча, які адразу захапіў увагу залы непаўторным тэмбрам і прачулым выкананнем. А пасля натхнёна і пяшчотна ліліся песня за песняй, і здавалася, што далёкае дзяцінства вяртаецца валошкамі і адгалоскам дзіцячай усмешкі.
Я зразумела, што стваральнік музыкі - Іван Раманчук - валодае добрым густам да слова, уважліва выбірае і кампануе вершы, каб стварыць дасканалы твор. Гадоў васямнаццаць таму ён сумеў недзе знайсці і мой зборнік. Прагучалі песні на словы з кнігі "Вір пяшчоты і журбы", светла закранулі пачуцці. Я ўдзячная яму за пошук слова і ўсім ягоным таленавітым выканаўцам. І асабліва за роднасць праз мову, адпаведную музыку да яе.
Гэтая сустрэча адзначылася цікавым знаёмствам: загадчык аддзела культуры Любанскага райвыканкама Васіль Сцяпанавіч Каткавец уразіў шчырасцю і прыхільнасцю да музычнага мастацтва і народнай песні. Адчуваецца, што калектыву "пад яго крылом" утульна працуецца ў культуры.
Напрыканцы сустрэчы гледачы атрымалі ў падарунак кнігу вершаў Івана Раманчука "Матуліна святло" і дыскі з запісамі гурта "Мінскі гармонік".
Марыя Баравік.
Вечарына памяці
25 лютага 2013 года ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры адбылася вечарына памяці славутага паэта Алеся Пісьмянкова (1957-2004гг).
Вядоўцай мерапрыемства была супрацоўніца ўстановы Лідзія Шагойка.
Перад прысутнымі выступалі: Анатоль Вярцінскі, Віктар Шніп, Васіль Жуковіч, Валеры Стралко, Анатоль Зэкаў, Навум Гальпяровіч, Аксана Ярашонак і Вольга Шпакевіч.
Аляксей Нежавец і Зміцер Пятровіх спявалі песні пад гітару. На мерапрыемстве прысутнічла творчая інтэлігенцыя г. Менска. Было цікава.
Аляксей Шалахоўскі.
АБ'ЯВА
У сакавіку сядзіба ТБМ працуе штодня, акрамя нядзелі, з 15 да 19 гадзін. Запрашаем!
АБВЕСТКА
Пачынаюцца заняткі для школьнікаў 7-х-10-х класаў па вуснай і пісьмовай беларускай мове з вядомымі філолагамі, а таксама па гісторыі са знакамітымі гісторыкамі ў сядзібе Таварыства беларускай мовы. (вул. Румянцава, 13, ст. метро "Плошча Перамогі").
Арганізацыйны сход - 11 сакавіка (панядзелак). Пачатак: 17.30.
Беларусь будзе патрымліваць беларусаў Падлесся
Міністэртва культуры Беларусі будзе падтрымліваць беларускія арганізацыі на Беласточчыне і не супраць, каб Польшча патрымлівала свае арганізацыі ў Беларусі, - паведаміў намеснік міністра культуры Тадэвуш Стружэцкі на фестывалі "Беларуская песня" ў Беластоку.
Беларускія арганізацыі на Падлессі таксама падтрымліваюцца мясцовымі ўладамі і гэта адметна - заўважае чыноўнік.
- Ведаю сітуацыю ў іншых краінах і магу сказаць: добра, што тут ёсць падтрымка на месцах з боку кіраўніцтва ваяводства і збоку паветаў, гмін. Я бачу вельмі многа знаёмых бурмістраў, войтаў гмін, з якімі мы сустракаемся ўжо дзясяткі гадоў, сваёй прысутнасцю яны засведчваюць сваю ўвагу.
Апошнія кадравыя змены ў міністэртве культуры Беларусі не паўплываюць на ранейшую палітыку ведамства ў справе падтрымкі беларускіх арганізацый на Падлессі, - сказаў намеснік міністра культуры Тадэвуш Стружэцкі.
Мы выдатна разумеем, наколькі важна падтрымліваць нашы нацыянальныя меншасці ў розных краінах. Мы з разуменнем ставімся да той падтрымкі, якая аказваецца польскай нацыянальнай меншасці з боку Польшчы, як і іншых дзяржаў.
Паводле беларускага амбасадара ў Польшчы Віктара Гайсёнка, які таксама прысутнічаў на фэсце, - дзяржава найбольш актыўна супрацоўнічае з Беларускім грамадска-культурным таварыствам ў Беластоку, якое праводзіць фестываль "Беларуская песня" і іншыя імпрэзы. Гэтая падтрымка - як фінансавая, так і арганізацыйная. Сёлета на ХХ юбілейным фестывалі народная песня ўпершыню гучала ў будынку Падлесскай оперы і філармоніі, дзе выступілі каля 300 выканаўцаў - хораў, калектываў і салістаў.
Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя