НАША СЛОВА № 12 (1111) 20 сакавіка 2013 г.
25 сакавіка - Дзень Волі
95-я ўгодкі Беларускай Народнай Рэспублікі
Новы беларускі вэб-часопіс "Сакавік"
Паважаныя сябры газета "Наша слова".
Маю гонар прадставіць выхад у свет 14 сакавіка 2013 г. першага нумара новага вэб-часопіса "САКАВІК", стваральнікам якога я з'яўляюся.
Часопіс "САКАВІК" заснаваны як незалежнае перыядычнае on-line выданне, прызначанае для абмеркавання праблем беларускай культуры і развіцця беларускасці.
Часопіс змяшчае аналітычныя артыкулы, эсэ, а так-сама абгрунтаваныя дыскусіі і каментары па гісторыі, мове, літаратуры, сацыялогіі, традыцыях і іншых пытаннях, якія маюць дачыненне да развіцця беларускай нацыі.
На нашым вэб-сайце sakavik.net/ будуць таксама змешчаны тэматычныя старонкі з найбольш цікавымі матэрыяламі аб сучасным і будучым Беларусі.
Часопіс запрашае да супрацоўніцтва ўсіх зацікаўленых.
З павагай,
Пётра Мурзёнак.
25 сакавіка у межах кампаніі "Будзьма" адбудзецца 3-ці этап 6-й Агульнанацыянальнай дыктоўкі. Пішам тэкст паводле Кастуся Каліноўскага
Пачатак - 18. 00. Уваход вольны. Румянцава, 13
80 гадоў з дня нараджэння Алены Яновіч
Беларускі мовазнавец А. I. Яновіч нарадзілася 18 сакавіка 1933 г. ў Гомелі. У 1955 г. скончыла Маскоўскі ўніверсітэт. Доктар філалагічных навук (1984). Прафесар (1987). У 1958-68 гг. працавала ў Інстытуце мовазнаўства імя Я. Коласа АН Беларусі, з 1968 - у БДУ.
А. I. Яновіч - аўтар каля 60 навуковых прац па беларускай і рускай мовах, параўнальна-гістарычным і тыпалагічным вывучэнні славянскіх моў (гістарычная граматыка, гісторыя літаратурнай мовы, гістарычная і сучасная лексікалогія і лексікаграфія, гістарычнае словаўтварэнне, старажытныя ўсходнеславянскія мовы, структура і стылістыка тэксту). Найбольш значныя работы прысвечаны гісторыі беларускай літаратурнай мовы новага перыяду, лексікалагічнаму апісанню і лексікалагічнай распрацоўцы слоўнікавага складу старажытнай беларускай мовы, даследаванню структуры і стылістыкі тэкстаў скарынаўскіх выданняў.
У манаграфіі "Прыслоўе ў гісторыі рускай мовы: Генезіс і функцыянаванне асноўных марфалагічных тыпаў вытворных прыслоўяў" (1978), дапаможніках для студэнтаў "Гістарычная граматыка рускай мовы" (1986) і іншых у супастаўляльна параўнальным плане ўводзяцца ў навуковы ўжытак русістыкі факты старажытнай і сучаснай беларускай мовы. Шэраг яе артыкулаў пра дзеяслоўнае трыванне, метралагічную, вайсковую і грамадска-палітычную лексіку, развіццё прыслоўяў старажытных пісьмовых помнікаў і мову першадрукаў Ф. Скарыны адзначаны медалём Ф. Скарыны (1990). А.І. Яновіч - суаўтар акадэмічных выданняў "Гісторыя беларускай літаратурнай мовы" (т. 2, 1968), "Гістарычная лексікалогія беларускай мовы" (1970), "Руска-беларускі слоўнік грамадска-палітычнай тэрміналогіі" (1970), "Гістарычны слоўнік беларускай мовы" (вып. 10, 1990).
М. Г. Булахаў.
УЛАДЗІМІРУ ГІЛЕПУ - 75
ГІЛЕП Уладзімір Аляксандравіч (н. 11.3.1938, в. Вострава Капыльскага р-на), беларускі гісторык, краязнавец, дзяржаўны дзеяч Беларусі. Бацька быў вайскоўцам, на вайне 5 разоў паранены, але, на шчасце, усё-такі вярнуўся. Сям'я пераязджала з месца на месца, і Ўладзімір пераходзіў з адной школы ў другую: у Германіі, у Расіі, на Украіне.
Скончыць школу давялося ў Слуцку. У. Гілеп - выпускнік першай у Беларусі агульнаадукацыйнай навучальнай установы - Слуцкай школы № 1 (сёння гэта гімназія), якую адкрыў яшчэ адзін з Радзівілаў і якой не так даўно споўнілася 390 гадоў. Далей былі праца на заводзе запасных частак у Менску, тры гады службы ў арміі. Скончыў БДУ (1965). У 1964-69 навуковы супрацоўнік, вучоны сакратар, намеснік дырэктара Дзяржаўнага музея БССР. З 1969 намеснік дырэктара Бел. музея гісторыі Вял. Айч. вайны, у 1974-82 у ЦК КПБ. У 1982-96 1-ы намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь. За гады працы У. Гілепа ў Міністэрстве створана100 новых музеяў і філіялаў. Сапраўдны музейны бум! Недзе 70-ццю з іх ён займаўся асабіста, выязджаючы на месцы, месяцамі працуючы ў рэгіёнах. З 1996 старшыня "Беларускага фонду культуры", з 2002 - грамадскага аб'яднання "Беларускі камітэт Міжнароднага савета па помніках і мясцінах". 3 2003 гал. рэдактар "Краязнаўчай газеты". У 1995-97 старшыня Савета па культ. супрацоўніцтве краін СНД, адначасова з 1996 чл. Нац. камісіі Рэспублікі Беларусь па справах ЮНЕСКА. З 2010 член Рэспубліканскага савета па справах культуры і мастацтва пры СМ Рэспублікі Беларусь.
І дзе б Уладзімір Гілеп ні працаваў - на пасадзе музейнага супрацоўніка, першага намесніка міністра культуры Беларусі ці кіраўніка грамадскай арганізацыі, - ён заўсёды рабіў значную справу: ствараў музеі, дбаў пра адраджэнне помнікаў, ушанаванне славутых імёнаў Бацькаўшчыны, вяртанне культурных каштоўнасцей - увогуле пра гістарычную памяць.
Ах, энцыклапедысты!
Эх, энцыклапедысты...
Падчас працы ХХ Мінскай міжнароднай кніжнай выставы набыла каштоўнае выданае "Беларусы ў фотаздымках Ісака Сербава 1911-1912", якое на Нацыянальным конкурсе "Мастацтва кнігі" было адзначана як лепшае выданне ў спецыяльнай намінацыі "За ўклад у захаванне духоўнай спадчыны". Выдавецтва "Беларуская энцыклапедыя імя П. Броўкі", 2012. Тэксты і каментары да здымкаў на беларускай, літоўскай і ангельскай мовах. Выданне сапраўды ўнікальнае, яно прымушае нас пільна ўглядацца ў побыт стогадовай даўніны Палескага краю. Словы не могуць перадаць таго, што для нашай гісторыі зафіксавала камера беларускага этнографа сто гадоў таму. Гэта проста трэба бачыць! Тут неабсяжная прастора для нвуковых даследаванняў. Я ж проста шараговы чытач - аматар, закаханы ў Палессе.
Такія выданні каштуюць не танна! (На выставе я заплаціла за яго 220.000 рублёў).
І, зразумела, бліжэйшым часам перавыданне такога альбома наўрад ці прадбачыцца.
Яшчэ раз падкрэсліваю: намінацыя "За ўклад у захаванне духоўнай спадчыны".
А хіба наша мова не з'яўляецца духоўнай спадчынай беларусаў? Відаць, не ...
Бо шаноўная камісія па ўганараванні кніг не звярнула ўвагу на неахайнасць і непісьменнасць літаральна на кожнай старонцы гэтага выдання. Гэта не толькі зніжае каштоўнасць кнігі, перашкаджае ўспрыманню тэкста, але ставіць пад сумненне давер да самага аўтарытэтнага выдавецтва краіны. І памылкі гэтыя на сумленні ўкладальніка, аўтара ўступнага артыкула і каментароў (дарэчы, кандыдата мастацтвазнаўства) а таксама рэдактара і карэктара ў адной асобе.
Каб не быць галаслоўнай, прывяду найбольш тыповыя памылкі. Пра пунктуацыю казаць не буду, там так-сама шмат пытанняў. Спынюся на арфаграфічных памылках.
Больш за ўсіх дасталося літарам І-Ў , с. 4, 5, 12, 13. Вільнюскі універсітэт і Вільнюскі ўніверсітэт .
С. 14. ... вызначалася унікальнасць...
С. 14. ... моманту узнаўлення...
С. 15. ... непасрэдна у час ...
С. 25. ... фотаздымкі у Слуцкім...
С. 25. ... рубеж стст. Ў асяроддзі...
С. 30. ... галаўныя уборы...
С. 33. ... стагоддзяў ўласнай ...
С. 13, 14. Пасля знакаў прыпынку: ўваходзяць, ўзнікненне.
На слыху яшчэ непрыемная гісторыя з тэкстам на помніку ў Брэсце, дзе таксама вельмі вольна абышліся з літарай Ў .
Выпраўленне каштавала грошай. Але чужыя памылкі нас не вучаць...
Па-новаму трактуецца ў кнізе правіла акання-якання.
С. 12. ... дз есяткаў. ..
С. 30. ... падп яразаных ...
С. 33, 28 ... н я страчанай і н е поўная ...
С. 27. ... в ялізарным ...
С. 28. ... кодак ом і кодакам ...
С. 33. ... в ерхоўях ...
С. 226. ... в ятрачок ...
С. 30. ... Любяш аў і Любяш оў ...
Есць выпадкі, калі адсутнічае дапасаванне. Парушаны іншыя прынцыпы сувязі слоў у сказе.
С.33. Паводле выдатны м фізічных якасцей ...
С.30. ... паміж ганчаром і мясцовы мі перакупшчыка мі - яўрэ ям .
С.12. ... фотаздымк і (мн.л.)... значыл ася (адз.л,)...
С.15. ... перашкодзіл і (мн. л,) таму пераш ая сусветн ая вайна (адз.л,) ...
С.14. ... абодвух калекцый ...
С.12. ... беларускім фалькларыстам Цішчанк а ...
С.28. ... у адрозненн і ад сваіх папярэднікаў ...
С. 4 і 52. ... Прэзідэнт Рэспублікі Беларус ь і ... у гістарычным музеі Рэспублікі Беларус і...
Не пашанцавала так-сама прылоўям.
С. 28. ... на відавоку ...
С. 29, 14, 35. ... урэшце і у рэшце ...
... пад час і падчас .
Ёсць памылкі, што тычацца перакладу.
С. 61. ... падрадзіўся адве сці мяне ў Сямёнавічы (канём - адве зці ).
С. 14. ... сапраўднае (замест: гэтае ) кароткае апісанне ...
С. 30. ... прамысловы . Лепш - промыславы .
Пералік недакладнасцяў можна доўжыць і доўжыць.
С. 65. Ме йсца пераправы і месца ...
С.13. Віл ьнюскі ўніверсітэт і Віл енскі ...
С.13,14. Інтэрн эт і Інтэрн ет.
29. ... сам ахвярны ...
с.13. ... роз глас ...
с. 27. ... заез дны дом ...
І. Сербаў подпісы пад здымкамі рабіў на рускай мове, максімальна набліжаючы напісанне імёнаў і прозвішчаў да мясцовых гаворак. І рабіў ён гэта непасрэдна на здымках, таму чытач можа прасачыць, як жа яны даюцца аўтарам каментароў.
Прыклады.
У подпісах І. Сербаў паўсюль захоўвае форму імя Настя . У каментарах жа падаецца дваяка - Нас ця і Нас та . С. 190, 270, 271, 271, 440. Нас та і Нас ця Старпычук і інш.
С.199. Юст ин я - Юстын а.
С. 201. Ка тарына - Ка цярына .
С. 203. Одарка Св ищук - Адарка Св яшчук .
С. 205. Иван Ко нонович - Іван Ка лановіч .
С. 116, 117. Канц ел ерчик - Гануся Канц ел ярчык, Канц ел ерчык, Канц эл ерчык .
С. 146, 199. Лу ца Хвляютич - Лу ца і Лу цца .
С. 174, 176. Улляна Багн о - Улляна Багн о і Багн а.
С. 273, 274. Поля Стар пычук - Поля Стар ыйчук і Стар пычук .
С. 194. Пала жка Полика рпчук - Палікапчук .
С. 196, 194, 239, 243, 244, 274 - імя Пала жка . У перакладзе яно перадаецца праз Ш . Тут праігнаравана правіла чаргавання г-ж : Палагея - Палажка .
С. 380. Юденко - без перакладу! Юденко .
С. 415, 416. Адам Холодок - Холадок.
С. 252. Верохо - вельмі выразна напісана! - Верака замест Вяроха .
Нашчадкі гэтага мужчыны з такім прозвішчам і сёння жывуць у Гарадной.
С. 426, 431, 432, 436. У подпісах не хапае па адной дужцы. Такое ўражанне, што дужкі скончыліся, і іх проста эканомілі.
У тэксце на ангельскай мове ігнаруецца правіла транслітарацыі на лацінскую графіку беларускіх геаграфічных назваў, што зацверджана адпаведнай пастановай ураду Беларусі. (С. 8-11 і далей па ўсім тэксце).
Дастаткова. Відаць, я і так стаміла чытача сваім допісам.
Бадай што адзіная старонка, якая цешыць вока, гэта вітальнае слова Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі. Тут у гармоніі і пранікнёнае слова да чытача, і веданне мовы, яе законаў.
А энцыклапедысты?...
Аляўціна Вячорка, сябар ТБМ, г. Мінск.
БЯСПЛАТНЫЯ ЗАНЯТКІ ДЛЯ ШКОЛЬНІКАЎ 7-х-10-х класаў
па вуснай і пісьмовай беларускай мове з вядомымі філолагамі, а таксама па гісторыі са знакамітымі гісторыкамі ў мінскай сядзібе Таварыства беларускай мовы (вул. Румянцава, 13, ст. метро "Плошча Перамогі").
Заняткі праводзяцца кожны панядзелак і кожную сераду з 16.00. да 18.50.
РАЗВАГІ І ДУМКІ ПРАФЕСАРА ЛЕПЕШАВА
Яркае зімовае змярканне. Сонца праглядвае праз прыгожую арку нахіленага высокага дрэва, якому ўжо не падняцца. На заднім плане - тое ж, як цень, як водгулле, але ўжо ў іншых, змрочных колерах і ў іншым часава-прасторавым вымярэнні. Так выглядае вокладка новай кнігі І.Я. Лепешава "Перад змярканнем" , куды ўвайшлі артыкулы, што пабачылі свет у розных перыёдыках мінулага 2012 году. І гэты здымак, і асабліва назва навяваюць смутны матыў стратаў, непазбежнасці, наканаванасці.
Страты, змярканне прачытваюцца ў кнізе ў розных сэнсах. Найперш гэта стан, які трывае беларуская мова - найвялікшы сённяшні боль вучонага-патрыёта, які выказаны ў адным з цэнтральных артыкулаў кнігі з выразнай назвай: "Горай было толькі пры царызме", дзе змешчана інтэрв'ю, дадзенае журналісту радыё "Свабода" паэту Міхасю Скоблу. Гэтае інтэрв'ю мела даволі шырокі розгалас, было надрукавана ў "Літаратурнай Беларусі". Нагодай да размовы сталася тая жорсткая палітычная цэнзура, якую зведала выданне "Слоўніка фразеалагізмаў", адкуль былі выкінуты некалькі фразеалагізмаў і каля паўтысячы ілюстрацыйных прыкладаў. Як слушна сцвярджае М. Скобла, "у "крамольныя" яны трапілі найперш таму, што ў слоўнікавых артыкулах падаваліся са спасылкай на творы "нядобранадзейных" (з гледзішча ўлады) пісьменнікаў". Сітуацыя з тым цэнзураваннем складвалася настолькі недарэчная, што вартая б стацца тэмай для тэатру абсурду, калі выкідаліся нават цытаты з твораў народных пісьменнікаў. Колькі сілаў, колькі намаганняў прыклаў аўтар, спрабуючы адстаяць, адваяваць тое, што знішчалася! Але "жалезныя" аргументы няўмольнага рэдактара Пашкова, які ведаў, што небяспечна пускаць у друк, бралі верх, бо яны цалкам адпавядалі жанру таго ж тэатру. Прафесар Лепешаў яшчэ раз сцвердзіў сваю бескампрамісную пазіцыю што да значэння мовы і яе стану ў грамадстве: "Якая ж гэта дзяржава без сваёй мовы? Толькі ў Беларусі можна аплёўваць мову з самых высокіх трыбунаў. Толькі ў Беларусі мову паставілі ў такое ганебнае становішча" .
Наогул, імкненне адстойваць праўду, нежаданне мірыцца з недобрасумленнасцю выяўляюцца ў асобе аўтара ва ўсіх сферах. Асабліва гэта мае дачыненне да ягонай працы, да фразеалогіі, якой прысвяціў многія гады свайго жыцця. Вучоны не можа пакінуць без увагі памылкі ў навуковых выданнях, якія ў сваю чаргу спараджаюць новыя недарэчнасці, справядліва лічачы, што тэрміну даўнасці тут быць не можа. Так, у артыкуле "Пра слоўнік фразеалагізмаў з твораў Якуба Коласа" І.Я. Лепешаў звяртаецца да выдання, якое пабачыла свет у 1993-ім годзе і, утрымліваючы значныя недахопы, прывяло да шматлікіх памылак у працах карыстальнікаў. Пазіцыя навукоўцы тлумачыцца найперш высокай асабістай адказнасцю за стан развіцця айчыннай навукі: "Некаму ж трэба, нарэшце, сказаць праўду пра гэты слоўнік ды нагадаць, што карыстацца ім трэба з аглядкай".
А з якой смеласцю і бескампраміснасцю выступае прафесар Лепешаў супраць тых, што зладжаным хорам не проста спяваюць пра небывалы росквіт у Беларусі, але імкнуцца цынічна "прымясціцца" поруч з вялікім Купалам, выкарыстаць у якасці аргументаў ягоную спадчыну. У зачынным артыкуле з выразнай назвай "Няўжо і праўда, што "заняла Беларусь свой пачэсны пасад між народамі"?" шаноўны аўтар выступае з рэзкай крытыкай спробы афіцыйнага паэта Міколы Мятліцкага асучасніць Купалу сцверджаннем, што мары вялікага паэта спраўдзіліся. Стыль артыкула становіцца і едкім, і востразнішчальным, бо "прэтэндэнт" пераспяваць Купалаў матыў таго варты: "Верш… "Спадчына"… напісаны такім самым вершаваным памерам…, як і Купалава "Маладая Беларусь". Калі чытаеш "Спадчыну", дык здаецца, што яе аўтар з прэтэнзіяй на ўласную парнаскую велічнасць і нейкае панібрацтва з самім Купалам перафразуе радкі несмяротнага Песняра пра матчыну мову, гаворыць, што беражэ яе, "прымнажаючы спадчыну", сцвярджае, выхваляючыся: усё, пра што марыў Купала, - ужо здзейснена стараннямі такіх "прымнажальнікаў спадчыны", як Мятліцкі!"
Іван Якаўлевіч радуецца кожнаму добраму твору, не прапускае ні аднаго новага нумара перыёдыкаў. Спяшаецца і пра іх выказаць свае ўражанні. Так, у мінулым годзе ён пазнаёміўся з раманам Кастуся Акулы "Гараватка", што выклікаў праўдзівую навальніцу думак і пачуццяў, якую перадаў у артыкуле "Гараватка" Кастуся Акулы". Аўтар нагадаў чытачам пра аднаго з самых вядомых празаікаў беларускага замежжа, а для кагосьці, магчыма, дапамог адкрыць гэтае імя, бо сёння пра літаратуру эміграцыі згадваецца нячаста. У цэнтры ўвагі аўтара раман "Гараватка", які да гэтага часу ў Беларусі так і не выйшаў. Галоўныя высновы да твора грунтуюцца на ўспрыняцці яго глыбока патрыятычнага пафасу: "Няма сумнення, што амаль кожны, хто прачытае гэтую трылогію, калі ён не зачарсцвелы, закаранелы "савок" з каланіяльнымі мазгамі, дык таксама знойдзе, як і Янук Бахмач, адказ на пытанне: хто ж мы ёсць? Таксама… стане "акрыленым духам", з сапраўднай, непахіснай любоўю да Бацькаўшчыны, і з роздумам пра яе ранейшы ды і сённяшні стан".
Што б ні чытаў прафесар-мовазнаўца, ніколі ягоную ўвагу не абыйдзе выкарыстанне ў тэксце фразеалагізмаў, прыказак. Так, у рамане Кастуся Акулы "Заўтра ёсць учора" сустракаецца старая народная прыказка: "Тата, тата, чорт у хату! - Няхай, сынку, абы не маскаль" , што і стала нагодай, каб у чарговым артыкуле патлумачыць сэнс прыказкі, яе паходжанне, ужыванне. А разам і нагадаць чытачам пра гэты цікавы твор, што стаў па сваім з'яўленні ў далёкай Канадзе лепшым бестселерам 1968 года.
Такія свае артыкулы Іван Якаўлевіч часам з гумарам называе "дрындушкамі". Вядома, адкуль такі назоў. Але вядома і іншае: як адказна і сумленна ставіцца ён да кожнай сваёй працы, хай гэта будзе вялікае ва ўсіх сэнсах выданне ці зусім невялікі артыкул.
Цікавасць да нядаўняга і далёкага мінулага нашай краіны часта выклікае ў прафесара-мовазнаўцы жаданне выказаць сваю думку пра гістарычныя, культурныя падзеі, назвы, творы, кнігі. Так паўсталі артыкулы пра "Слова аб палку Ігаравым", пра забытую Беларусь, пра аўтарства герба і інш.
Змест кнігі выразна падзяляецца на два раздзелы: артыкулы на грамадска-палітычныя, гістарычна-літаратурныя тэмы і мовазнаўчыя даследаванні. Але аўтар, укладаючы зборнік, не палічыў патрэбным адлюстраваць гэта.
Кніга "Перад змярканнем" хораша ўпісваецца ў шэраг ранейшых выданняў такога ж плану, якія вось ужо каторы год укладае і выдае прафесар Гарадзенскага ўніверсітэта: "Дазнанні" (2000 г.), "У пошуках ісціны" (2007 г.), "Літаратура, мова, гісторыя: Надзённае" (2010 г.), "Упоравень з часам" (2012 г.). Усе гэтыя кнігі, як пісаў пра першую з названых прафесар І.В. Жук, прывабліваюць "той унутранай свабодай развагаў, што даецца не адразу і вельмі няпроста, - з досведам, з жарсцю ўласнага сведчання пра час, труднымі бясконцымі думкамі, укладзенымі ў гарачую далонь рупліўца".
Ніхто з нас, хто ведае Івана Якаўлевіча, не жадае пагадзіцца з тым, што і асабісты матыў знайшоў адбітак у назве кнігі, бо так шмат сілаў у гэтым моцным чалавеку, чыё кволае цела трымае ў сабе магутны дух няскоранасці, цікаўнасці да жыцця ў розных ягоных праявах.
Ала Петрушкевіч
Будзем абвяшчаць Слова
"Дык дзе ж, дзе корань нацыянальнага нігілізму?" - крычала ўва мне пытанне. І тут адкрылася мне дзікая, але простая, як Божы дзень, і ўсёвы-тлумачальная думка: "Корань - у нас саміх!" Так, перш за ўсё самі і вінаватыя ў бяспамяцтве гэтым. Падумаць сабе: толькі за апошні месяц, толькі ў гэтай камеры сядзелі тры барацьбіты за новае жыццё, і ні ад кога - ні ад кога з іх! - не пачуў Валодзя беларускага слова!
Ну добра, Эдуарда, з якім сядзеў генерал, я не лічу - ён толькі з войска, з якога за пару месяцаў да выбараў прыйшоў у М.Ф. Я і сам, калі далучыўся да руху, з паўгода пераадольваў свае комплексы і псіхалагічныя бар'еры, каб перайсці на матчыну мову. Таму зразумець я магу сябра майго, які ўжо з зоны пачаў пісаць лісты толькі па-беларуску.
А як жа з тымі трыма быць?
L. МФавец нулявых, па-геройску бараніў Курапаты, на Акрэсціна ўсе камеры выкачаў, гутарыў па-беларуску. I што, вось ён на Валадарцы, і ён знямеў? Так, на жаль, знямеў, але толькі на беларускую мову.
N. МФавец цяперашні. На "фронце" ахвяраваў усім - і вучобай, і стасункамі з роднымі, па-беларуску заўсёды, як рэпу грызе. І вось ён у турме - і што? Знямеў? Божа, знямеў, але таксама толькі на беларускую мову.
А гэты - кандыдат R., ледзь не самы галоўны патрыёт у нядаўнім мінулым, за якім свядомыя стаялі тысячнымі шэрагамі, і ягоныя выбары скончыліся ў камеры. Што з ім? Ён знямеў? Так. Ён знямеў па-беларуску. Як і ўвесь народ наш.
Дык, а што мы патрабуем ад людзей паспалітых? Мы дамагаемся іншых законаў, канстытуцыйных фармулёвак і нават улады, прыкрываючы ўсё гэта ідэаламі адраджэння Бацькаўшчыны, тады як для адраджэння Бацькаўшчыны не трэба нічога - ні законы, ні канстытуцыя, ні нават улада. Для адраджэння Бацькаўшчыны трэба толькі адно - каб патрыёты мовы пачалі на гэтай мове размаўляць. І ўсё! І з гэтым лічыліся б і тыя, хто Беларушчыну ненавідзіць. Калі б заўтра на вуліцах нашых гарадоў хаця б кожны трэці загаварыў на роднай мове, дык "рускі са знакам якасці" сам бы перапісаў імгненна і законы, і канстытуцыю.
Аднак якой можна трызніць беларусізацыяй, калі самыя пасвячоныя адважваюцца на геройства размаўляць па-беларуску толькі ў партыйных офісах?! Дзіка? Дзіка. Дзічэй і не прыдумаць.
Але не, што гэта я брашу, даруй Божа! Прыдумаць можна і яшчэ дзічэй. Дзічэй - гэта калі эліта - людзі, якія прэтэндуюць на ролю настаўнікаў для амаль 10-мільённага народа, на ролю лідараў перамен, баяцца, саромеюцца па-беларуску размаўляць нават у офісах партыйных, і зноўку, гаворка ж не пра тых, хто, пачуўшы мову Купалы, можа цвердзіць адно толькі: "Ненавижу! Ненавижу! Ненавижу!", гаворка пра альтэрнатыўную афіцыйнай нацыянальную і палітычную эліту! Дастаткова ўключыць Радыё Свабода, каб пераканацца, як шмат у Беларусі гэтых "сімвалаў новага жыцця", якім нават у эфіры РС сорамна пару слоў адкаменціць па-беларуску. I іх жа ніхто не прымушае ўсё жыццё сваё мяняць на беларускі лад, не. Але ж пару слоў па-беларуску на беларускае пытаннечка можна? Канешне можна! І пару слоў можна, і напоўніць усё жыццё новай зямлі сваёй, якой ты служыць бярэшся, таксама можна. Было б жаданне! і прыкладаў - тысячы! Але - не. Як жа, сорамна і ганебна!
Госпадзі, пад якім жа мы ўсе комплексам жывём - комплексам нацыянальнай непаўнавартаснасці! Мы лічым сябе, зямлю сваю, старажытную мову - усё тое, чым адарыў Ты нас, - і, адпаведна, народ свой лічым - непаўнацэннымі! Пра якія перамены можна гаварыць? Хто іх даможацца? Хто павядзе да духоўнага і нацыянальнага адраджэння? Тыя, хто лічыць сябе другасортным?
Дык як жа быць?..
Не, мы не расчаруемся ў блаславенствах Тваіх. Яны непаўнацэннымі быць не могуць. Яны цудоўныя, і не кожны, далёка не кожны народ так шмат і ў такой прыгыжосці іх мае. Таму мы будзем абвяшчаць Слова. Мы не знямеем. Мы не засаромеемся. Нават калі будзе цяжка. Нават, калі будзе невыносна. Мы будзем гаварыць.
Я намыліў твар і амыў яго халоднай вадой.
Будзем. Нават, калі першым давядзецца атрымаць гумовым тапкам па мордзе, тым, хто ідзе за намі, будзе прасцей.
Зміцер Дашкевіч, Мазыр, ПК-20. ("Народная воля" ад 22.02.2013 г.)
Француз пра беларускую мову
Мішэль Буішэ прыехаў у Менск з горада Каркасон, што на поўдні Францыі і даў інтэрвію карэспандэнту "Народнай волі"
- Мне вельмі падабаецца беларуская мова, людзі, - падзяліўся сваімі ўражаннямі Мішэль. - Беларусы - талерантныя, не грубыя, ласкавыя. У адносінах паміж сабой шчырыя. У вас няма, як на Захадзе, штучнай цікавасці да спраў іншага чалавека, суседа, калегі па працы. Усё мне тут зразумела, таму што беларусы гавораць па-руску, а гэтую мову я ведаю. Хоць, з другога боку, гэта дрэнна. Вы ж беларусы! Толькі адзін раз - у цягніку Варшава-Менск - я чуў, як жанчына размаўляла на беларускай мове. І ў вашай рэдакцыі гавораць па-беларуску. Больш нідзе не сустракаў... Я пытаўся ў маладых людзей: "Чаму вы не размаўляеце на сваёй роднай мове?" Яны адказваюць: "На рускай прасцей. Мы разумеем па-беларуску, чытаем, а гаварыць - гэта складана".
Мне не зразумелая такая пазіцыя. Я лічу, што без мовы няма культуры, няма нацыі. У мове народ як бы акумулюе свае ранейшыя жыцці, развагі, досвед, мова дапамагае захаваць самабытнасць народа, яго ідэнтычнасць. Знікае мова. - знікае народ... А беларуская мова - адна з найпрыгажэйшых моў свету. Яе трэба захаваць. Сёння ў Францыі мы імкнёмся захаваць нават дыялекты, гэта становіцца модным - ведаць мову сваёй мясцовасці, народнасці. Напрыклад, мы з бацькамі размаўлялі на нашай мясцовай мове "Ок". Гэтая мова бліжэй да каталонскай, французы яе не разумеюць, сёння яна памірае, але, да шчасця, ёсць нямала людзей, якія імкнуцца яе захаваць.
Прыйдзе час - і па-беларуску народ вам прачытае прыгавор!
Напрыканцы снежня мінулага года я звярнуўся да нашага дэпутата ад Маладзечанскай сельскай выбарчай акругі № 73 Станіслава Куляша з просьбай, каб ён ініцыяваў (а дэпутат, згодна з артыкулам 99 Канстытуцыі РБ, мае права заканадаўчай ініцыятывы) разгляд Палатай Прадстаўнікоў праекта Закона РБ "Аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы", які быў распрацаваны ТБМ імя Францішка Скарыны. Аб тым, што беларуская мова мае патрэбу ў дзяржаўнай падтрымцы, сёння часта гаворыцца ў грамадстве. Пра гэта сведчаць і несуцяшальныя для мовы статыстычныя звесткі: у краіне ў беларускамоўных садках налічваецца ўсяго 45 тыс. дзяцей (11,4%), у беларускамоўных класах навучаецца толькі 16,4% вучняў, у краіне няма ніводнай беларускамоўнай вышэйшай навучальнай установы. Аб такім гаротным стане дзяржаўнай беларускай мовы ведаюць усе чыноўнікі-вертыкальшчыкі. У іх беларускае слова і абцугамі не выцягнеш з языка. Гэта вядома і больш за 5 млн. беларусам, якія ў час перапісу 2009 г. беларускую мову назвалі роднай, але ж сёння саромеюцца на ёй размаўляць, дагаджаючы сваім абруселым гаспадарам.
Улічваючы ўсе гэтыя абставіны, а іх можна яшчэ пералічваць і пералічваць - паперы не хопіць, разгляд такога закона павінен мець найпершую перадумову. Гэта павінна было б быць гонарам для дэпутата: абараніць ад русафілаў, падтрымаць для 5 млн. беларусаў іх родную мову. Але ж, відаць, пачуццё гонару нашым дэпутатам бракуе. 8 студзеня гэтага года я атрымаў наступны адказ дэпутата: "Інфармую, што Ваша прапанова адносна дзяржаўнай падтрымкі беларускай мовы перададзена для разгляду ў камісію па адукацыі, культуры і навуцы Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь" . І подпіс: С.Ф. Кулеш . Атрымаўшы гэты ліст я доўга думаў і да сённяшняга дня ніяк не магу ўцяміць, што ж мне рабіць далей? Ці мне чакаць адказу з камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты Прадстаўнікоў? Дык ужо ўсе тэрміны згодна Закону РБ "Аб зваротах грамадзян..." для адказу закончыліся. Ці мне асабіста звяртацца ў гэтую камісію па адукацыі, культуры і навуцы?.. Шаноўны дэпутат, а далей што будзе з маім зваротам да Вас? Адганяю ад сябе думку, што гэта быў канчатковы Ваш адказ на мой зварот. Гэта ж адпіска на ўзроўні сакратаркі-машыністкі савецкага сельсавета. У савецкія часы дэпутаты з гонарам называлі сябе слугамі народа. Сёння гэтыя слугі прагнуліся ў дугі і ад народа ўсяляк адмахваюцца, ім жа трэба служыць і дагаджаць свайму заступніку-гасудару.
Асабіста я ўжо дасканала ведаю, што дэпутаты супраць падтрымкі дзяржаўнай беларускай мовы ў маёй Беларусі. Усе як адзін. І ім не сорамна. Гэтыя товарищи топчуць беларускасць, здзекліва ставяцца да беларускага слова, да беларускай культуры, да гісторыі нашых продкаў. "Але час прыйдзе , - пісаў Народны паэт Беларусі Максім Танк у адным з сваіх вершаў, - і на гэтай мове народ вам прачытае прыгавор" .
Міхась Спірыдовіч , г.п. Івянец.
Беларускую мову выціскаюць з "раёнак"
Сябры партыі БХД на Гарадзеншчыне ладзяць кампанію за беларускую мову на старонках раённых газетаў. У лістах, скіраваных у рэдакцыі, яны патрабуюць, каб палова матэрыялаў друкавалася на беларускай мове. Рэдактары газетаў іхняй заклапочанасці не падзяляюць.
З 17 раённых газетаў на Гарадзеншчыне цяпер толькі адна дзятлаўская "Перамога" выходзіць пераважна на беларускай мове, і нават сайт выдання, у адрозненне ад іншых газетаў, цалкам зроблены па-беларуску.
Палова астатніх раёнак, нягледзячы на тое, што ў рэгістрацыйным пасведчанні маюць дзве мовы - беларускую і расейскую, друкуюцца па-расейску. І палова прытрымліваецца афіцыйнага дзвюхмоўя.
Сябры БХД накіравалі ў абласную і некаторыя раённыя газеты лісты з подпісамі чытачоў, патрабуючы, каб палова матэрыялаў у іх друкавалася на беларускай мове. Актывіст са Слоніма Іван Бедка ўзгадвае, што яшчэ гадоў дзесяць таму іх раёнка была цалкам беларускамоўная:
- Мы патрабуем, каб газета выходзіла хоць напалову па-беларуску. У нас жа афіцыйна дзве мовы, а яна выдаецца толькі па-расейску, хоць раней на старонках газеты друкаваліся матэрыялы на дзвюх мовах, а яшчэ раней - выключна па-беларуску.
Рэдактар "Слонімскага весніка" Кірыл Ляшчэнка абгрунтоўвае перавагу расейскай мовы на старонках газеты наступным чынам:
- Што датычыць публікацый, то ў нас журналісты пішуць на той мове, на якой лічаць патрэбным. Праўда, пажаданні чытачоў схіляюцца да расейскай мовы. Мы неаднойчы праводзілі даследаванні шляхам запаўнення анкетаў і вулічныя апытанні - і гэта факт.
Чытач мастоўскай раёнкі "Зара над Нёманам" Уладзімір Каўшовік распавядае, што разам з сябрамі прааналізавалі гадавую падшыўку газеты. Тое, што родная мова знікла з яе старонак - гэта яшчэ не ўсё:
- Раней газета цалкам выходзіла па-беларуску, прычым заўсёды была літаратурная старонка, дзе маглі друкаваць свае творы мясцовыя паэты, літаратары. А цяпер няма нават і гэтых старонак, усё друкуецца толькі па-расейску.
Намесніца галоўнага рэдактара мастоўскай раёнкі Наталля Шэўчык не бачыць у гэтым праблемы.
- Кожны журналіст выбірае для сябе, на якой мове пісаць: нехта піша па-расейску, нехта па-беларуску. У чым тут справа, я не разумею? У нас дзве дзяржаўныя мовы, і таму не бачу тут праблемы.
Слонімскі журналіст і пісьменнік Сяргей Чыгрын, аналізуючы сітуацыю з беларускай мовай у раёнках, звяртае ўвагу на тое, што апошнія гады з нейкіх прычынаў нават сталыя журналісты, якія ўсё жыццё пісалі па-беларуску, раптам пачалі пісаць на расейскай мове. Праўда, на яго думку, гэта нічога не дадало самім выданням:
- Чытачы чытаюць цікавыя матэрыялы, а калі раёнкі ўсе аднолькавыя цяпер, то няхай яны выдаюцца хоць па-ангельску ці па-кітайску - яны ўсе цяпер нецікавыя. Калі публікуюцца вострыя матэрыялы, журналісцкія расследаванні любыя, чытачы на раёне будуць чытаць іх па-беларуску. І няважна, колькі ім гадоў - 18 альбо далёка за 70.
Міхал Карневіч.
У Бабруйску выступаюць за пашырэнне беларускай мовы
Пашырыць ужыванне беларускай мовы. Пад такім заклікам актывісты партыі "Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя" пачалі збор подпісаў пад зваротам у раённую газету "Бабруйскае жыццё". Ужо сабрана каля ста подпісаў. Кажа каардынатарка партыі па Магілёўскай вобласці Таісія Кабанчук:
- Вельмі добра ўсе жыхары ставілі подпісы і казалі: "Мы хоць і не патрыёты, але хочам, каб беларускай мовы было больш у нашай дзяржаўнай газеце "Бабруйскае жыццё". Назва газеты да гэтага часу на беларускай мове друкуецца. Калісьці газета цалкам была беларускамоўнай. Мы былі б задаволеныя, калі яны пайшлі б нам насустрач. Няхай бы на пачатковым этапе ўся афіцыйная інфармацыя заставалася рускамоўнай, бо многія жыхары ўвогуле не размаўляюць на рускай мове. Але каб усе астатнія матэрыялы былі па-беларуску.
Ініцыятары ліста просяць рэдакцыю "Бабруйскага жыцця" стварыць адмысловую старонку для асвятлення пытанняў беларускай мовы, гісторыі і культуры. А таксама стварыць літаратурную старонку, на якой можна будзе публікаваць мастацкія творы мясцовых літаратараў.
Анна Шайкоўская, Беларускае Радыё Рацыя
Вестачка з часоў БНР
Падчас апошніх рамонтных работаў у тэатры імя Янкі Купалы ў Менску адзін з рабочых знайшоў пад нейкай з верхніх бэлек кучку паперак, якая складалася з абрыўкаў газет, білетаў і іншага. Маючы добрае ўяўленне пра гісторыю будынка, рабочы палічыў, што ў гэтых паперках можа быць нешта цікавае і вартае. Не ведаючы, куды звярнуцца са знаходкай, рабочы прынёс пакецік у ТБМ і перадаў старшыні, кандыдату гістарычных навук Алегу Трусаву, балазе - недалёка. За гэта яму асаблівы "Дзякуй".
Пры першасным разборы самай цікавай знаходкай, якая там аказалася, уяўляецца картка з карычнева-шэрага картону памерам 3,9х5,5 см з каляровай выявай бел-чырвона-белага сцяга і надпісам "Нехай жыве Вольная Беларусь!" Што гэта? Магчыма нейкі пропуск, магчыма, мандат, але з якіх часоў? Беларускія мерапрыемствы ў тэатры праходзілі не адзін раз.
Паглядзім, што яшчэ ёсць у паперах, што б можна было датаваць. Абгортка ад карамелі "Царская" фабрыкі Г. Ландрына, яўна дарэвалюцыйная. Дарэчы, карамелькі Г. Ландрына далі ў беларускую мову слова "ляндрынкі", якім называюць зусім дробненькія ледзянцы. Так жа ад назваў фірм-вытворцаў прыйшлі ў беларускую мову словы "ровар", "жылетка" і інш.
Некалькі абгортак са словам "Петраград". Санкт-Пецярбург стаў Петраградам 18 жніўня 1914 года пасля пачатку вайны з Германіяй і быў Петраградам да 1924 года. Немцы ўвайшлі ў Менск у сакавіку 1918 года, таму петраградскія цукеркі маглі трапіць у Менск недзе ў 1915-18 гадах.
Знойдзены таксама білеты і адарваныя талоны Менскага гарадскога зімовага тэатра. На адным стаіць дакладная дата - 21 красавіка 1918 г.
Знойдзены абрывак нямецкага білета ў Менскі гарадскі тэатр. Білет не датаваны, але гэта недзе 1918-19 гг.
Знойдзены абрывак нейкага дакумента на адрас: "Управляющего Центрального Управления Косвенных налогов Литовско-Белорусской Социалистической Советской Республики". Дакумент дакладна датаваны - 24 чэрвенем 1919 г.
Разам былі абрыўкі газет на ідыш, на польскай мове, ёсць і савецкія.
Відаць нейкі скразняк падхопліваў тое, што яму траплялася і сцягваў у пэўны куток тэатра, дзе гэтыя шматкі затрымліваліся. Але вернемся да нашай карткі. Калі яна магла аказацца ў такой кампаніі? Найбольш верагодны час - гэта час І Усебеларускага кангрэсу.
Папярэднія спробы ўстанавіць прыналежнасць карткі па характары надпісу, па матэрыялу, з якога выраблена картка, не даюць магчымасці сказаць абсалютна дакладна, з якой эпохі гэтая картка, але абсалютна дакладна, што мы маем унікальны дакумент, пра існаванне такіх картак раней ў беларускай гістарычнай літаратуры не згадвалася, прынамсі, у вядомай літаратуры.
Падобна на тое, што і мандаты ці прапускі з І Усебеларускага кангрэсу не апісваліся, ды ці было каму апісваць такую дробязь. А разам з тым наяўнасць такой карткі, калі яна сапраўды з І Усебеларускага кангрэсу, пацвярджае вельмі важную тэзу: дэлегатам Кангрэсу ўсё было ясна з сімволікай будучай Беларусі, значыць у многім ім было ясна, што, калі ў іх свой уласны сцяг, то яны ўжо не Расія, яны нешта іншае, магчыма, яны сапраўды - тая Беларуская Народная Рэспубліка, пра якую на Кангрэсе толькі пачыналі гаварыць.
Так ці не, знаходкі будуць перададзены ў архіў-музей у Менску, у спецыялістаў будзе магчымасць пацведзіць або абвергнуць усё што тут напісана, акрамя таго, што картка сапраўды знойдзена ў тэатры.
Яраслаў Грынкевіч.
Вітаем новае выданне!
Выйшла ў свет кніга В.К. Раманцэвіч і К.В. Раманцэвіч, якая называецца "Дапаможнік для слухачоў адукацыйна-хрысціянскіх курсаў беларускай мовы". Гэта рабочыя матэрыялы з курсаў, якія праводзіліся ў Менскім касцёле Св. Сымона і Св. Алены з блаславення пробашча-дэкана Уладыслава Завальнюка.
Дапаможнік цікавы сваёй структурай. Складаецца з 30-ці ўрокаў, кожны ўрок падзелены на 2 часткі. I частка - тэарэтычны і практычны матэрыял па выпрацоўцы культуры вуснай і пісьмовай мовы. Шырока выкарыстаны творы мастацкай літаратуры, этнаграфічны матэрыял і інш. У аснову пакладзены тэматычны матэрыял, напрыклад: "Дом. Двор. Сядзіба.", "Ежа", "Посуд", "Адзенне" і інш.
II частка мае на мэце падрыхтоўку слухачоў да больш глыбокага і дакладнага ўспрыняцця зместу Святога Евангелля. Адзначым, што Дапаможнік мае агульнахрысціянскі характар, ён не скіраваны ні на адну з якіх-небудзь канфесій, паколькі як Сонца адно і дае цяпло для ўсіх, як і сучасная беларуская мова для ўсіх нас адна, так і адно Святое Пісанне, Евангелле, выдадзенае на сучаснай беларускай літаратурнай мове - для ўсіх.
У II частку ўрока ўключаны такія пытанні, як радавод Ірада Вялікага, іудзейскія партыі часоў зямнога жыцця Ісуса Хрыста, паведамленне пра Понція Пілата і інш., а так-сама даецца тлумачэнне некаторых звычаяў, абрадаў, выказванняў, паняццяў, прынятых у іудзеяў, напрыклад: ігольнае вушка, геена вогненная, вясельнае адзенне і інш. Разглядаюцца шматлікія пытанні з побыту яўрэяў.
Дапаможнік адрасуецца кіраўнікам курсаў па навучанні беларускай мове. Яго могуць выкарыстоўваць настаўнікі-мовазнаўцы для арганізацыі тэматычных урокаў, кіраўнікі гурткоў па выпрацоўцы культуры вуснага маўлення, а таксама педагогі пры правядзенні факультатыўных заняткаў па азнаямленні навучэнцаў з Новым Запаветам.
Дадаткі ўключаны як даведачны матэрыял, у іх змешчаны слоўнік лінгвістычных тэрмінаў, правапіс вялікай і малой літар, правапіс абрэвіятур і скарачэнняў, правілы пераносу слоў, правілы пунктуацыі.
Кнігу можа атрымаць кожны, хто звернецца да ксяндза-пробашча Уладыслава Завальнюка на адрас: вул. Савецкая, 15, 220050 або патэлефануе аўтару Валянціне Карлаўне (vel. (029) 323-24-10; х. 245-11-04).
Наш карэспандэнт.
Хвала Ісусу Хрысту.
На векі вечныя.
Амэн.
ШАНОЎНЫЯ
катэхеты, настаўнікі, выхавацелі і навучэнцы.
Дзякаваць Добраму Богу, што ў нашай краіне настаў час асэнсавання і ацэнкі духоўных дабротаў у святле хрысціянскай навукі і культуры. Радуе, што паўсюль бачым адноўленыя і новазбудаваныя велічныя храмы, і што ў іх ёсць людзі. Гэта з'ява матэрыяльнага кшталту, якая вядзе да духоўных вышыняў чалавека, да згоды, культуры і паразумення. Лічу, што для Беларусі настаў час залатога веку духоўнага і культурнага адраджэння, так як маем ўсе магчымасці да дзейнасці.
Менавіта цяпер мы становімся сведкамі, калі Слова Божае гучыць у школе і праяўлясцца на старонках падручнікаў, псраплятаецца залатой ніццю духоўнай чысціні звычаяў, сілаю духу, веры, хрысціянскасці і радасці жыцця.
Зразумела і вельмі лагічна, што ў навучальных установах Слова Божае гучыць на роднай мове, бо і ў жыцці дзіця спачатку чуе голас маці, а потым ужо ў школе вучыцца чытаць, пісаць, лічыць, знаёміцца з многімі сур'ёзнымі навукамі, вывучае прыроду зямлі, астраномію - будову цэлага Сусвету.
Дай Божа, каб гэты першы пачын - Дапаможнік - заняў сваё ганаровае месца сярод вашых кніг па розных прадметах, рыхтаваў да сур'ёзнага ўспрыняцця Слова Божага, чытання Евангелля, каб кожны змог дастойна прайсці сваё жыццё.
Уладыслаў Завальнюк, пробашч парафіі Святога Сымона і Святой Алены, магістр тэалогіі, кандыдат гістарычных навук.
Пра помнік У. Мулявіну ў Менску
Сп. Б. Святлову,
Міністру культуры
Рэспублікі Беларусь
пр. Пераможцаў, 11,
220004, г. Мінск
Шаноўны Барыс Уладзіміравіч!
26 студзеня 2013 года мінула роўна дзесяць год з дня трагічнай смерці знакамітага беларускага спевака Уладзіміра Мулявіна. Яго роля ў пашырэнні беларускай мовы не толькі ў Беларусі, але і ва ўсім свеце надзвычай вялікая. У сувязі з гэтым, просім Вас устанавіць бюст Уладзіміра Мулявіна насупраць Беларускай Дзяржаўнай філармоніі, месца, дзе ён не раз выступаў з канцэртамі.
З павагай, старшыня ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" А. Трусаў.
Грамадскае аб'яднанне "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны"
Аб стварэнні помніка-бюста У.Г. Мулявіна
Міністэрства культуры разгледзела зварот грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" аб стварэнні помніка-бюста народнага артыста СССР і Беларусі Уладзіміра Георгіевіча Мулявіна ў г. Мінску і паведамляе наступнае.
Міністэрства культуры падтрымлівае ідэю ўвекавечвання памяці У.Г. Мулявіна.
Інфармуем, што ў 2005 - 2006 гг. за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту ў г. Мінску былі створаны надмагільны помнік і мемарыяльная дошка У.Г. Мулявіну.
Разам з тым, у цяперашні час Міністэрства культуры ініцыявала стварэнне помніка У.Г. Мулявіну на яго радзіме, у г. Екацярынбургу.
У сувязі з вышэйпададзеным, пытанне аб стварэнні помніка-бюста У.Г. Мулявіна ў г. Мінску можа быць разгледжана пасля ўстаноўкі яму помніка ў г. Екацярынбургу.
Намеснік Міністра Т.І. Стружэцкі.
Канферэнцыя памяці Галіны Малажай
У Берасцейскім універсітэце імя А.С. Пушкіна адбылася рэспубліканская канферэнцыя памяці лінгвіста, прафесара гэтага ўніверсітэта Галіны Малажай. Менавіта сёлета Галіна Мікалаеўна адзначала б свой 75-гадовы юбілей.
Гэта аўтар шматлікіх навуковых прац, укладальнік школьных падручнікаў па беларускай мове, метадычных дапаможнікаў для студэнтаў і настаўнікаў. Сама вучаніца славутага Фёдара Янкоўскага, Галіна Мікалаеўна заснавала цэлую навукова-педагагічную школу. Сярод яе наступнікаў - загадчыца кафедры беларускага мовазнаўства Марыя Новік, якая гаворыць, што і праз 8 год пасля заўчаснай смерці прафесара яе працы застаюцца актуальнымі:
- Застаюцца запатрабаванымі тыя падыходы, якія былі актуальныя для Галіны Мікалаеўны Малажай. Той падыход, які выявіўся ў шматлікіх навуковых працах, дапаможніках і падручніках для школы. І гэтаму сёння немагчыма не здзіўляцца, і гэтым нельга сёння не захапляцца.
Прыкметай запатрабаванасці навуковай спадчыны Галіны Малажай з'яўляецца тое, што зусім нядаўна выйшаў "Школьны тлумачальны слоўнік беларускай мовы" пад аўтарствам гэтага прафесара і дацэнта Ларысы Яўдошынай. Працу над ім пачала сама Галіна Мікалаеўна, аднак выпусціць яго пры жыцці не паспела. Слоўнік грунтуецца найперш на лексемах, якія рэдка ўжываюцца ў актыўным пласце мовы, але сустракаюцца ў мастацкіх творах школьнай праграмы.
Алеся Лугавая, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце.
Фота аўтара.
Магілёўская адметнасць Дня роднай мовы
Ужо другі год традыцыйная беларуская дыктоўка да Дня роднай мовы ў Магілёве дапаўняецца беларускім пяціборствам для дарослых. Каля шасцідзесяці магілёўцаў прыйшлі 3 сакавіка ў белую залу абласнога палаца культуры пісаць тэкст Максіма Гарэцкага пад дыктоўку настаўніка беларускай мовы Юрася Каласоўскага, які толькі што перамог у гарадскім конкурсе "Настаўнік года-2013". 34 з іх узялі ўдзел у пяціборстве. Чаму не ўсе? У людзей, асабліва сталага веку, яшчэ з часоў савецкай школы засталося ў свядомасці такое: калі я нечага не ведаю, то я дурань. На жаль, нярэдка і зараз, калі вучань прыйшоў у школу з непадрыхтаваным хатнім заданнем, настаўнік накідваецца на яго з словамі "дурань", "дэбіл", "недавумак" ды інш. Але тут варта ўспомніць славутага ўкраінскага настаўніка Васіля Сухамлінскага, які аднойчы звярнуўся да сваіх калегаў-настаўнікаў з заклікам: "Паважайце няведанне!" Сапраўды, няведанне - не грэх і не загана. І калі чалавек лічыць сваё няведанне недахопам свайго развіцця, то ад гэтага недахопу сёння можна без цяжкасці пазбавіцца. Дапамагчы людзям усвядоміць хібы сваёй адукацыі і часткова залапіць іх па найбольш істотных пазіцыях чалавечага развіцця і ёсць галоўнай мэтай праекта "Беларускае пяціборства".
Па заканчэнні спаборніцтва кожны спаборнік атрымаў аркуш з адказамі, адкуль даведаўся (калі не ведаў раней) і пра асаблівасці націскаў у беларускіх словах, і пра магілёўскіх паплечнікаў Каліноўскага, і пра найбольш выбітных сяброў рады БНР, і пра пісьменнікаў, якія маюць дачыненне да Магілёўшчыны, і пра тое, калі трэба і калі не трэба баяцца навальніцы, ды пра шмат што яшчэ. А тыя, хто што-нішто з гэтага ведаў і зарабіў сваім веданнем высокія балы, атрымалі прызы пяціборства.
Першае месца заняў старшыня гарадской арганізацыі ТБМ Алег Дзьячкоў, дзякуючы высокім балам у гуманітарных намінацыях (лепшыя адказы ў намінацыях "гісторыя" і "літаратура"). На другім месцы ўжо памянуты тут Юрась Каласоўскі. Трэцяе месца заняў малады хлопец Іван Вус, які ў гуманітарных намінацыях атрымаў мала балаў, але быў лепшым у матэматыцы і прыродазнаўстве. Будзе штуршок для хлопца падмацаваць свае веды ў гісторыі сваёй краіны, яе мове і літаратуры. Але найбольш здзівіла галоўны архітэктар праектнага бюро ўпраўлення архітэктуры гарвыканкаму Ала Маскалькова, якая перамагла ў намінацыі "Мова". Перамагла, нягледзячы на тое, што ў спаборніцтве бралі ўдзел некалькі настаўнікаў беларускай мовы.
Удзел у беларускім пяціборстве ўзяў і палітык Рыгор Кастусёў з дачкой. І паказаў някепскія вынікі - VI месца. Астатняя інфармацыя - на фотаздымках. Варта звярнуць увагу на фота, дзе спаборнікі чытаюць аркушы з адказамі - дзеля гэтай хвіліны і задумана беларускае пяціборства.
Міхась Булавацкі, г. Магілёў.
Паўстанне 1863 г. на Лідчыне
За нашу і вашу свабоду*
(Працяг. Пачатак у папяр. нумары.)
У першы лагер нарбутаўцаў, заложаны за тры вярсты ад Начы, у ноч з 13 на 14 лютага з групай у сем чалавек прыйшоў Леан Краінскі з Грышанішак. Усе разам перайшлі ва ўрочышча Сабалюнцы, хутка сюды ксёндз-вікары Эйшышскага касцёла Стэфан-Юзаф Гарбачэўскі прывёў з сабой 17 сялян і такім чынам аддзел вырас да 32 ваяроў . Да канца лютага аддзел павялічыўся да 70 чалавек і ў Сабалюнцах ксёндз Гарбачэўскі прывёў ваяроў да прысягі. Палова аддзела складалася з дробнай шляхты Лідскага і Ашмянскага паветаў, другой паловай былі школьная моладзь, адстаўныя вайскоўцы і сяляне.
Сяляне забяспечвалі аддзел харчаваннем і паведамлялі пра перасоўванні рускіх войскаў. За дапамогу Нарбуту, пасля паразы паўстання было пакарана ўсё насельніцтва чатырох вёсак: Паддуб'е, Кракшлі, Зубрава і Лініца - знішчаны ўсе пабудовы гэтых вёсак а сем'і сасланыя ў Сібір.
Галоўным зброяй аддзела былі паляўнічыя стрэльбы, шмат хто быў узброены толькі косамі. Лепшага узбраення таго часу - штуцараў і карабінаў з наразной руляй было не шмат, у асноўным гэтую палепшаную зброю закуплялі за мяжой ці здабывалі ў баі. Галоўны склад зброі аддзел меў у Як'янцах (каля Шаўроў) у лесніка Юзафа Банюшкі , былі склады ў Казіміра Гедройця ў маёнтку Казіміраўка і ў Альфонса Шэлкінга з Забалаці.
Аднастайнага абмундзіравання не было. Большасць амуніцыі ішло ад Віленскага камітэта праз доктара Тэраевіча з Салтанішак, пастаўкамі займалася і сястра Людвіка Тадора Манчунская (у расейскіх дакументах - Манджунская). Яна разам са сваёй сяброўкай Антанінай Табенскай тры разы ездзіла ў Вільню да агента Камітэта Вярблеўскага . У яго яна брала порах і свінец а потым цэлымі вазамі прывозіла ў атрад. Адзін раз Тадора прывезла нават дзве гарматы. Гэтыя дзве мужныя жанчыны залучылі ў аддзел двух расійскіх афіцэраў - падпаручнікаў Мікалаі і Клімантовіча , праз іх прыйшлі да Нарбута і некалькі літоўскіх патрыётаў ( Скірмунт і інш.). Рэгулярна прадукты падвозіў стары селянін з Шаўроў - Мацей Някратовіч . За ўсе пастаўкі ад сялян Нарбут плаціў гатоўкай.
Любыя выпадкі недысцыплінаванасці, дэзерцірства і непаслушэнства з самага пачатку камандзір сурова караў. Паказальным стаў выпадак з дэзертырам шляхціцам Рылам з фальварка Рубікі (з-пад Тарнова). Ён далучыўся да аддзела напачатку паўстання і служыў пры камандзіры як выведнік. Разам з селянінам па прозвішчы Ікасала , яны прыйшлі да пробашча Дубічскага касцёла Калікста Ставіцкага , і перадалі яму, нібы просьбу Нарбута, аддаць камандзіру гадзіннік, бо свой ён нібыта страціў. Калі ксёндз адмовіўся аддаць гадзіннік, дэзертыры адвялі яго ў пушчу і прывязалі да дрэва, а самі вярнуліся ў плябанію і абрабавалі яе. Якраз у момант рабавання яны былі арыштаваны ваярамі аддзела. Пасля кароткага ваенна-палявога суда рабаўнікоў высеклі розгамі і пакаралі: яны сабе самі выкапалі магілу і былі жыўцом закапаныя дагары нагамі.
Малады паўстанец Навіцкі (20 гадоў) заснуў на пасту, і суд прысудзіў яго да расстрэлу. Толькі заступніцтва ксяндза-капелана Гарбачэўскага выратавала жыццё маладому ваяру, але назаўтра, пад час бітвы пад Руднікамі, Навіцкі гераічна загінуў. Нарбут даводзіў мясцовым жыхаром, што злачынцаў і рабаўнікоў трэба затрымоўваць і перадаваць паўстанцам, а калі паўстанцаў побач няма, дык перадаваць іх нават камандзірам частак рускага войска для пакарання.
Людвік Нарбут не шкадаваў і сябе. Па усёй Літве людзі пераказвалі наступную гісторыю: "Паўстанцы даведаліся, што адзін са зборшчыкаў грошай - здраднік, які ў чаканні, што да яго па грошы прыедзе сам камандзір, схаваў у сябе 40 казакоў. Ведаючы гэта, паўстанцы атачылі двор здрадніка, і толькі пасля гэтага камандзір разам са сваім ад'ютантам Краінскім прыехаў да яго. Гаспадар радасна сустрэў Нарбута з ад'ютантам і правёў яго ў хату, дзе паўстанцы былі схоплены казакамі. Афіцэр казакоў, дэманструючы сваю павагу да палоннага Нарбута, прапанаваў яму, як баявому афіцэру, застрэліцца, і таму пакінуў палоннага аднаго ў пакоі з рэвальверам. Нарбут зачыніў дзверы і … стрэліў у акно. У двор з усіх бакоў уварваліся паўстанцы і хутка раззброілі казакаў. Тады прыйшоў час Нарбуту выявіць шляхетнасць. Ён адпусціў ўсіх і нават аддаў казакам здрадніка, якога яны самі правучылі бізунамі".
З-за таго, што большасць байцоў не мела баявой вывучкі, аддзел стаў лагерам у Нацкай пушчы (ва урочышчы Сеніца), паміж Дубічамі і Грыбашамі, і Нарбут пачаў навучаць сваіх ваяроў вайсковай справе.
Падчас знаходжання ў Дубіцкім лагеры Нарбут зрабіў са свайго аддзела баявую адзінку: прызначыў афіцэраў і ўнтар-афіцэраў, даў людзям першасную баявую падрыхтоўку.
Прыкладная структура аддзела:
Пяхота:
2-3 звязы стральцоў. Не больш за 250 чалавек;
3-4 звязы касінераў;
1 звяз карабінераў.
Кавалерыя:
1-2 звязы. Каля 30 шабель.
Тыл, штаб і г.д.:
20 чалавек.
Усяго: Каля 300 чалавек.
Штаб складаўся з:
- ад'ютанта камандзіра які быў адначасова начальнікам штаба - Леан Краінскі з Грышанішак;
- другога а'ютанта, Баляслава Нарбута, роднага брата Людвіка;
- інтэнданта, так званага ваеннага камісара - Ансельм Патрыкоўскі з Ліды;
- капелана аддзела, ксендза Стэфана-Юзафа Гарбачэўскага ;
- лекара аддзела - доктар Аляксандр Бразоўскі з Гурнофеля;
- майстра па зброі аддзела - невядомы паўстанец.
Камандзірамі звязаў былі Баляслаў Францкевіч , Аляксандр Скавінскі , Уладзіслаў Пілецкі, Уладзіслаў Навіцкі, Пётр Янкоўскі, Уладзіслаў Мікалаі і інш. Наогул афіцэрскі корпус у асноўным складаўся з былых афіцэраў рускага войска, але быў і эмігрант, выпускнік школы падхарунжых у Гунео - Бразоўскі . Непасрэдна падчас баявых дзеянняў, за заслугі, афіцэрамі сталі Міхал Андрыёлі, Баляслаў Нарбут, Пілецк і.
Касінеры, узброеныя косамі, паходзілі ў асноўным з сялян. Каса выстаўленая паралельна тронку, была звыклай сялянскай халоднай зброяй, пры рукапашнай сутычцы, касой рабіліся страшэнныя раны. Падчас бою мастацтва камандзіра складалася ў тым, каб не падставіць касінераў пад агонь агнястрэльнай зброі і ўвесці іх у бой толькі для рукапашнай сутычкі. Па-за боем, касінеры неслі вартавую і выведвальную службу, прычым часта іх выкарыстоўвалі парамі са стральцамі: адзін касінер і адзін стралец.
Стральцы аддзела паходзілі з шляхты і леснікоў. Зброя - паляўнічыя стрэльбы, на якія мацавалі самаробныя багнеты для рукапашнага бою.
Карабінеры - адборная пяхота паўстанцаў, большасць карабінераў раней служыла ў войску. Узброены былі ненаразнымі карабінамі і наразнымі штуцарамі, зброя для іх адмыслова закуплялася або здабывалася у баі. З-за малой колькасці ўзбраення карабінераў было не шмат.
Кавалерыя - галоўным чынам шляхта на ўласным кані, з уласным рыштункам і зброяй. Узброены кавалерысты паўстанцаў былі па-рознаму, галоўным чынам - паляўнічыя стрэльбы, рэвальверы або старыя пісталеты, шаблі.
Ваяры абозу, тылу, дапаможны аддзел, пры неабходнасці ваявалі як звычайная пяхота.
Пра паўстанцаў напісаў сябар Народнага ўраду Гілер: "… ад станка, ад плуга, са школы, з бацькоўскай хаты … кожны з іх ведаў, што калі яго зловяць маскалі, то ён будзе павешаны або высланы ў Сібір. І ледзь апынуўшыся ў лесе, быў змушаны неадкладна ваяваць, не валодаючы зброяй і не ведаючы тактыкі бою" .
У 1863 г расійскае войска на нашай тэрыторыі складалася з дывізіі лейб-гвардыі генерала Быстрома, якая прыбыла з Пецярбурга ў Вільню і з 1-га карпуса пяхоты генерала Лабанцава, які складаўся з трох дывізій пяхоты, дывізіі кавалерыі, карпусной артылерыі і некалькіх палкоў казакаў. Корпус размяшчаўся па ўсім краі, ад Лібавы да Менска і Смаленска. Агульная колькасць расійскага войска ў гістарычнай Літве была каля 60 000 чалавек, гэтыя войскі былі добра ўзброеныя, абучаныя і мелі рэальны баявы досвед.
У сувязі з выбухам паўстання ў Царстве Польскім, генерал-губернатар Назімаў 10 лютага ўвёў ваеннае становішча. Даведаўшыся пра "хеўру", генерал-губернатар Назімаў яшчэ 18 лютага выслаў аддзел штабс-капітана Струкава ў складзе роты пяхоты і паўэскадрона ўланаў "для ачышчэння Лідскага павету ад бунтароў". Але Струкаў не знайшоў паўстанцаў. Тады быў высланы лятучы атрад палкоўніка Вімберга ў складзе роты пяхоты і 30 казакаў.
У канцы лютага, ад паселішча да паселішча, начуючы ў шляхоцкіх фальварках, аддзел Нарбута пайшоў ў Рудніцкую пушчу, натуральны стан якой рабіў з яе прыродную цвердзь. Недалёка ад Начы за інфармаванне расійскі ўладаў, паўстанцамі быў павешаны нацкі тысячнік Антоні Казёл . У 1933 г. у Кавальках быў запісаны аповяд селяніна гэтай вёскі Францішка Сянкевіча (84 гады). Ён распавёў, што тысячнік Казёл пісьмова паведамляў уладам пра аддзел Нарбута. Калі пра гэта стала вядома, Нарбут дараваў яму жыццё, прыняў ад яго прысягу і далучыў да аддзела. Пад час знаходжання аддзела ў Салтанішках, Казёл знаходзіўся ў пікеце. Калі па дарозе праходзіў жабрак, ён перадаў праз яго цыдулку расійскім уладам з інфармацыяй пра месцазнаходжанне аддзела. Жабрака затрымаў на дарозе іншы паўстанец і знайшоў цыдулку. За здраду Казёл быў павешаны каля населенага пункта Высокае. З рапарта начальніка штаба 2-й гвардзейскай пяхотнай дывізіі ад 2 (15) сакавіка 1863 г.: "Хеўра гэтая, ідучы з вёскі ў вёску, начуючы ў абшарніцкіх фальварках і шляхецкіх ваколіцах, аб'яўляла сялянам розныя пракламацыі рэвалюцыйнай партыі і вербавала саўдзельнікаў...". А вось як апісваў перасоўванне аддзела Нарбута адзін з ягоных інсургентаў: "Наперадзе аддзела, хутка рухаліся два маладыя байцы. Карабіны іх гатовыя да бою, канфедэраткі схаваны, яны ўважліва аглядаюць мясцовасць. За імі на адлегласці 300-400 крокаў ідзе авангард аддзела, за авангардам - асноўныя сілы. … паўстанцы па рознаму апрануты, што надае аддзелу дзіўны выгляд, вось шляхціц у сіняй вопратцы з накінутай на плечы лісінай футрай, у яго дарагая паляўнічая стрэльба, новы рэвальвер і прадзедаўская шабля на баку. Побач з ім селянін. На ім доўгая, да калень белая камілька, падпяразаныя чорным поясам, блакітная канфедэратка абабітая чорным футрам, праз плячо на шпагаце замест паса старая крамнёвая стрэльба … і побач з імі маленькі, худы яўрэй..."
(Працяг у наступным нумары.)
* Друкуецца ў скарочаным варыянце. Поўны тэкст будзе надрукаваны ў часопісе "Лідскі летапісец" № 2 (62) за 2013 год.
Леанід Лаўрэш
Яўген фон Гротэ дэ Буко - першы кіраўнік беларускага руху ў Лідзе
Да 95-годдзя БНР
У 2009 г. рэдактар "Нашага слова" Станіслаў Суднік пісаў: "Арганізатарам беларускага руху ў Лідзе, як ні дзіўна, быў былы расійскі спраўнік Яўген Аляксандравіч фон Гротэ дэ Буко. (Яўген Аляксандравіч фон Грота дэ Буко (1862 - пасля 1920), Лідскі павятовы спраўнік. Жонка яго Вольга Мікалаеўна 1872 г.н. Дзеці іх: Кацярына 1896 г.н., Аляксей 1905 г.н. Прозвішча фон Грота-дэ-Буко было вядомае ў Расіі. ... ). У 1918 годзе лідская беларуская арганізацыя спрабавала заявіць пра сябе і мела пэўны поспех. Фон Гротэ дэ Буко сябраваў з нямецкім штадтгаўптманам Альбертсам, падтрымліваў сувязь і арыентаваўся на беларускіх правых: Р. Скірмунт, К. Кандратовіч, А. Радзівіл, Э. Вайніловіч. Аднак пасля 27 снежня 1918 года, калі немцы пакінулі Ліду, беларуская арганізацыя аказалася ў істотнай меншасці ў параўнанні з іншымі, і пра яе дзейнасць нічога не вядома. Нажаль нічога больш не вядома і пра Я.А. фон Грота дэ Буко. Лідскія краязнаўцы звяртаюцца да гісторыкаў і краязнаўцаў Беларусі і ўсяго свету з просьбай падзяліцца любой інфармацыяй пра лёс Я.А. фон Грота дэ Буко і яго сям'і. Звесткі просім дасылаць у "Наша слова".
Аўтару, які таксама з'яўляецца лідскім краязнаўцам, удалося знайсці пачатковую інфармацыю пра гэтага чалавека, і пошук інфармацыі пра гэтую заслужаную перад Бацькаўшчынай асобу патрэбна працягваць.
Верагодна, бацька Яўгена Аляксандравіча - Аляксандр фон Гротэ дэ Буко (? -1883) пахаваны на 4-м участку Данскога манастыра ў Маскве.
Лепшы знаўца гісторыі Лідчыны першай паловы ХХ ст. Міхал Шымялевіч пісаў, што на чале павятовай паліцыі перад Першай Сусветнай вайной стаяў павятовы спраўнік, капітан рэзерву Яўген Гротэ дэ Буко. Гэта ж бачна з "Памятных кніжак Віленскай губерні": з 1906 г. па пачатак 1915 г. ён узначальвае павятовую паліцыю і Лідскае пажарнае таварыства, г.зн. адказваў за пажарную бяспеку часта гарэўшага горада, а бліжэй да пачатку вайны быў сябрам апякунскага савета Лідскай прыватнай жаночай гімназіі Ф.Л і В.С. Навіцкіх.
Спраўнік - вышэйшая паліцэйская ўлада ў павеце. Павятовае паліцэйскае кіраванне складалася з павятовага спраўніка і яго памочніка. Павятовы спраўнік прызначаўся і звальняўся губернатарам і быў абавязаны назіраць за аховай грамадскай бяспекі, за дакладным выкананнем усімі "вернападданніцкага абавязку", за правільным і хуткім вядзеннем спраў, якімі займаюцца чыноўнікі павятовай паліцыі. Спраўнік павінен быў стала знаходзіцца ў павятовым горадзе, але не меней, як два разы ў год ён павінен быў агледзець увесь павет. Пры гэтым, спраўнік кантраляваў працу падначаленых яму станавых прыставаў і садзейнічаў ім у выкананні іх абавязкаў, асабліва па прывядзенні ў падпарадкаванне непаслухмяных, па пераследу злодзеяў, разбойнікаў, ваенных дэзертыраў і ўсіх уцекачоў, па спагнанні падаткаў, па спыненні заразных хвароб. Аглядаючы павет, спраўнік звяртаў ўвагу на спраўнасць дарог, на якасць будаўніцтва пабудоў і т.д. Спраўнік павінен быў "наводзіць на розум сельскіх абывацеляў каб яны добра выконвалі свае абавязкі і заахвочваць іх да працавітасці, паказваючы ім выгады распаўсюджвання і ўдасканалення земляробства, рамёстваў і гандлю, асабліва ж у захаванні імі добрых нораваў і парадку" .
Чын армейскага капітана быў роўны званню сучаснага маёра, бо пасля адмены маёрскага чыну ў траўні 1884 г. капітан падняўся ў "Табелі аб рангах" на ўзровень VIII класа (чын капітана гвардыі роўны званню армейскага падпалкоўніка). У цывільнай службе Расіі таксама меўся чын роўны чыну капітана пяхоты - калежскі асэсар з 1884 года (тытулярны дарадца да 1884).
З "Памятнай кніжкі Віленскай губерні" за 1906 г. бачна, што Яўген Аляксандравіч меў чын калежскага асэсара. Гэта чын VIII класа ў "Табелі аб рангах". Да 1884 г. гэты чын адпавядаў чыну маёра, а пасля адмены маёрскага чыну ў войску так і застаўся ў прамежку паміж капітанам і падпалкоўнікам - Гротэ дэ Буко перайшоў з арміі ў паліцыю з падвышэннем на палову чыну.
Чыны ў царскай паліцыі адпавядалі цывільным чынам Расійскай Імперыі. Пры гэтым, у адрозненне ад сучаснай беларускай міліцыі яны не з'яўляліся званнямі, але пры пераходзе з аднаго ведамства ў іншае захоўваліся за іх уладальнікамі. Таму некарэктна было б казаць, напрыклад, "калежскі асэсар паліцыі". Тым не менш, у адрозненне ад чыноўнікаў большасці цывільных ведамстваў, якія мелі знакі адрознення на пятліцах, чыноўнікі паліцыі насілі пагоны. Але ад пагонаў службоўцаў іншых ведамстваў, напрыклад, чыгуначнікаў, гэтыя пагоны таксама адрозніваліся - пагоны паліцэйскіх чыноўнікаў былі падобныя на вайсковыя і адрозніваліся ад іх шырынёй, якая складала тры чвэрці ад шырыні армейскага пагона. Але пры пераходзе ў паліцыю з вайсковай службы за афіцэрам захоўваўся яго вайсковы чын, і ён насіў пагоны армейскага ўзору. Лідскі спраўнік, насіў, канешне, армейскія пагоны.
У "Памятнай кніжцы Віленскай губерні" за 1907 г. Яўген Аляксандравіч фон Гротэ дэ Буко ўжо надворны дарадца - праз год паліцэйскай службы ён атрымаў наступны чын, VII класа, які адпавядаў падпалкоўніку ў арміі. Афіцыйны зварот да надворнага дарадцы: "Ваша высокаблагароддзе".
У "Памятнай кніжцы Віленскай губерні" за 1914 г. напісана: "Павятовы спраўнік - калежскі дарадца Яўген Аляксандравіч фон Гротэ дэ Буко" . Лідскі спраўнік атрымаў ужо чын VI класа, які адпавядаў чыну армейскага палкоўніка.
Летам 1914 г. атрымалася так, што галоўная асоба павету - маршалак шляхты граф Людвік Грабоўскі (дарэчы прамы нашчадак апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Панятоўскага ад марганатычнага шлюбу з Эльжбетай Грабоўскай), які павінен быў узначаліць мабілізацыю у павеце, ад вясны лячыўся ў Пецярбурзе, ён меў камяні ў жоўцевым пухіры і ў нырках. Яго абавязкі выконваў земскі начальнік 1-га ўчастка Міхаіл Трафімаў. Павятовы спраўнік фон Гротэ дэ Буко яшчэ да пачатку вайны падаў у адстаўку па ўзросту і чакаў загад аб выхадзе на пенсію і знаходзіўся ў адпачынку. У сувязі з набліжэннем вайны, віленскі губернатар Вяроўкін перапыніў яму адпачынак і загадаў выконваць свае абавязкі. Таму асноўны цяжар арганізацыі мабілізацыі на Лідчыне лёг на спраўніка і Міхаіла Трафімава.
Вось як апісвае пачатак Першай Сусветная вайны непасрэдны сведка падзеяў Шымялевіч: "На вуліцы Віленскай (зараз Савецкая - Л.Л. ) горада сабраліся групкамі гараджане, яны чыталі толькі што атрыманыя з цягніка газеты, і кожны на свой капыл каментавалі бягучаю сітуацыю у свеце. Мабілізацыя яшчэ не пачалася, і агульным перакананнем было тое, што Расія толькі робіць дэманстрацыю сваёй магутнасці, а насамрэч вайны не будзе, бо ніхто яе не хоча. … Над Лідай выконваючы вучэбны палёт, нізка кружыў аэраплан "Фарман". Ён зрабіў круг над рынкам (сучасная плошча Леніна) і паляцеў на ўсход. Раптам аэраплан пачаў хутка зніжацца і падаць. Натоўп зявак думаючы, што аэраплан упадзе каля рэчкі Лідзейкі, кінуўся ў бліжэйшыя завулкі - Шкляны, Камерцыйны, Паліцэйскі (яны вялі ў бок рэчкі - Л.Л. ). Але пілот выраўняў машыну, і яна зноў узвілася пад аблокі. Зявакі пачалі вяртацца да цэнтру, і як раз у гэты час па Віленскай вуліцы на дрожках да паліцэйскай управы імчаўся, трымаючы ў руцэ дэпешу, павятовы паліцэйскі спраўнік Гротэ дэ Буко. Адразу ўсе зразумелі: мабілізацыя! У імгненне вока вуліца апусцела. Да позняй ночы горад не спаў. Кожны зразумеў, што вайна непазбежная, і нікога яна не абміне" .
Да канца невядома, як ужо немалады лідскі спраўнік трапіў на фронт. Пасля жорсткіх баёў 1914-15 гг. кадравая армія была выбіта, на фронце не хапала афіцэраў, і фон Гротэ дэ Буко пайшоў на фронт добраахвотнікам. Але ёсць адно пытанне, чаму лідскі спраўнік, які ў 1914 г. меў чын VI класа, што адпавядаў чыну армейскага палкоўніка ў загадзе ад 9 верасня 1915 г., паводле якога яго ўзнагародзілі ордэнам Св. Георгія 4-й ст. за асабістую храбрасць фігуруе як падпалкоўнік. Па якой прычыне лідскі спраўнік быў паніжаны ў чыне?
Гротэ дэ Буко трапіў ў 6-ты Фінляндскі полк, які ўваходзіў у 2-ю Фінляндскія стралковую брыгаду, якая ў сваю чаргу падпарадкоўвалася 22-му армейскаму корпусу. З 1914 па 1915 г. 6-м Фінляндскім палком камандаваў палкоўнік Кялчэўскі Анатоль Кіпрыянавіч, з жніўня 1915 па люты 1917 г. гэтым палком камандаваў Свечын Аляксандр Андрэевіч, будучы буйны ваенны тэарэтык, расстраляны бальшавікамі ў 1938 г. Пад пагрозай акружэння, рускія войскі да восені 1915 г. пакінулі Польшчу і частку Заходняй Беларусі, пры адступленні рускія войскі ўжывалі тактыку выпаленай зямлі, казакі палілі вёскі, а сялян адпраўлялі ўглыб Расеі. У пачатку верасня 1915 г. нямецкія войскі прарвалі лінію фронту ў раёне Свянцянаў, нямецкая конніца хлынула ў тыл рускай арміі. Як раз у гэтых баях удзельнічаў 6-ы Фінляндскі полк і, як раз за мужнасць у гэтых баях падпалкоўнік Гротэ дэ Буко атрымаў ордэн Св. Георгія 4-й ст. і георгіеўскую зброю (загад ад 21.11. 1915).
Свечын пісаў у сваёй кнізе "Мастацтва кіравання палком...": "Афіцэрскі склад у маім палку быў надзвычай ўдалы. У мяне было некалькі выдатных памочнікаў у асобе камандзіраў батальёнаў. ... выдатным камандзірам з'яўляўся падпалкоўнік Гротэ дэ Буко. Гэта быў бязхітрасны стары, перад вайной лідскі спраўнік, які па сваёй добрай волі прамяняў сваю спакойную паліцэйскую пасаду на цяжкую прафесію - спачатку камандзіра роты, потым батальёна. Добрая воля, добразычлівасць, досыць моцныя нервы, а затым сівізна - рабілі на салдатаў захапляльнае ўражанне. Салдаты яшчэ не вызваліліся ад кайданоў патрыярхальных уяўленняў і для іх дзядуля Гротэ з'яўляўся несумнеўным правадыром-старэйшынам; слухалі яны яго з глыбокай павагай і любоўю, і пасля штурму афіцэры 1-га батальёна распавядалі, пра тое, што яны назіралі салдатаў, якія хапалі дзядулю ў крытычную хвіліну за фалды і хавалі яго ў вырву, салдаты баранілі яго сваімі целамі. Маладосць - сіла, але ў пэўнай абстаноўцы сівая барада, прыстаўленая да добрай галавы, таксама з'яўляецца буйной маральнай сілай, пры ўмове непасрэднага судакранання з салдацка-сялянскай масай".
26 сакавіка 1916 г. былы лідскі спраўнік атрымлівае званне палкоўніка а загадам ад 20 кастрычніка 1916 г. - ордэн Святога Станіслава 2-й ст. з мячамі. З Статута ордэна Святога Станіслава: "Права на ўзнагароду ордэнам Св. Станіслава прадстаўляецца ўсім тым з вернападданых Расійскай Імперыі ..., хто ... ў Хрысціянскіх дабрадзейных справах або выдатнай рэўнасцю да службы на ніве ваеннай, як на сушы, так і на моры, ці ... вычынам на карысць чалавецтва, або грамадства, ці краю, у якім жыве, ці цэлай Расійскага дзяржавы, зверне на сябе асаблівую ўвагу Імператарскай і Царскай Вялікасці".
Пасля кастрычніка 1916 г. інфармацыі пра былога лідскага спраўніка знайсці пакуль не ўдалося.
Лёс фон Гротэ дэ Буко на працягу 2-х гадоў, да канца 1918 г. невядомы, але найбольш верагодным горадам, дзе ён мог зблізіцца з дзеячамі беларускага руху, быў Менск. Верагодна, пасля развалу арміі, у 1917 г. былы лідскі спраўнік жыў у гэтым горадзе, але ніякай дакладнай інфармацыі ў мяне няма.
З'явіцца ў Лідзе фон Гротэ дэ Буко зноў мог толькі пасля заключэння так званага "Берасцейскага міру", раней ён быў бы неадкладна арыштаваны. Менавіта ўвесну 1918 г. з акупаванага немцамі Менска ў Ліду пачалі вяртацца бежанцы.
Немцы не маглі вызначыцца, каго прызнаць пасля сябе ўладай у павеце, таму што апрача палякаў свае прэтэнзіі на ўладу адначасова выказвалі бальшавікі, беларусы і літоўцы. Юзаф Дзічканец, аўтар кнігі "Самаабарона Лідскай зямлі" і відавочца тых падзеяў пісаў: "Самым небяспечным канкурэнтам для палякаў у справе атрымання зброі ад немцаў побач з яўрэямі быў арганізатар беларускага руху ў Лідзе, былы расійскі "исправник" фон Гротэ-дэ-Буко, які па прычыне свайго нямецкага прозвішча меў пэўныя перавагі ў штадтгаўптмана (начальніка павету). Толькі ён мог прыняць рашэнне аб выдачы зброі. Досыць доўгі час працягваліся спробы атрымання зброі" . Далей Дзічканец адзначае: "Дзіўна, што рускіх, якія перад вайной мелі прэтэнзіі да Ліды як да "истинно русского города", у гэты час у Лідзе не было. За выключэннем толькі невялікай групкі, амаль усе "истинно русские люди" пакінулі чужы для іх край і горад, накіроўваючыся да сапраўднай сваёй Бацькаўшчыны - Расіі. Былы лідскі спраўнік фон Гротэ дэ Буко, і той пакінуў шэрагі расіян".
Пры канцы 1918 г. палітычнае становішча ў горадзе і павеце рэзка абвастрылася. Мясцовыя палітычныя фракцыі - польская, яўрэйская і ў меншай ступені - літоўская імкнуліся да таго, каб германскія акупанты пры сваім адыходзе перадалі ўладу менавіта ў іх рукі. 29 снежня 1918 г. у Лідзе быў створаны павятовы рэўкамітэт. Яго членамі сталі 9 чалавек: 5 камуністаў - Утроб (Чэхаў), Лазараў, Вацлаў Калясінскі (селянін з Ёдкаў), Адольф Сцяпанавіч Сегень (селянін вёскі Вінькаўцы), Камінскі, Камянецкі, і 4 сацыял-дэмакраты інтэрнацыяналісты. Рэвалюцыйны камітэт заняў дом бежанца ў гады вайны, мясцовага купца Ілютовіча, які размяшчаўся па вуліцы Садовай. Бальшавікі захапілі склад са зброяй, якая належала мясцоваму аддзяленню літоўскай партыі - 100 вінтовак і стварылі гарадскі атрад народнай міліцыі колькасцю каля 100 чалавек, абсалютную большасць членаў міліцыі складалі лідзяне яўрэйскай нацыянальнасці.
Сыходзячы з горада, згодна з Берасцейскай дамовай, нямецкія войскі ўсё ж перадалі зброю мясцоваму рэвалюцыйнаму камітэту. У ноч з 27 на 28 снежня 1918 г. часткі германскіх войскаў пачалі пакідаць Ліду, і 3 студзеня 1920 года нямецкія войскі пакінулі тэрыторыю Лідскага павету. За тры дні праз чыгуначную станцыю прайшло больш за тры дзесяткі цягнікоў са зброяй, амуніцыяй, фуражом і іншым вайсковым абсталяваннем. Дарэчы, камандаванне бальшавікоў прызнавала, што на тэрыторыі павету і горада адыход нямецкіх войскаў не суправаджаўся марадзёрствам і псаваннем чыгуначнай маёмасці, а наадварот, пакідаючы горад, нямецкія салдаты арганізавалі рэвалюцыйны мітынг салідарнасці з мясцовым насельніцтвам. Такія ж мітынгі адбыліся і шэрагу іншых населеных пунктаў Лідчыны.
Польская "Самаабарона" таксама разлічвала ўзяць пад кантроль горад і павет. Аднак 5 студзеня 1919 года ў Ліду ўвайшлі эскадроны перадавой выведкі Чырвонай Арміі, таму польскія жаўнеры былі змушаныя часова пакінуць горад.
Апошнюю інфармацыю пра Гротэ дэ Буко мы знаходзім у мемуарах лідскага ксяндза Гіпаліта Баярунца, адкуль даведваемся, што пры другім "нашэсці бальшавікоў на Ліду", у Лідзе засталіся яслі і прытулак для старых, "якія пры бальшавіках цярпелі вялікую нястачу, бо галоўнае кіраўніцтва над імі пераняла габрэйка Камянецкая і былы колішні спраўнік расейскі Гротэ дэ Буко" .
Як стаўся далейшы лёс першага лідара беларускага руху ў Лідзе невядома, трэба працягваць пошукі, але фактам застаецца тое, што першым у гісторыі кіраўніком беларускай грамадскай арганізацыі ў Лідзе быў менавіта Яўген Аляксандравіч фон Гротэ дэ Буко.
Леанід Лаўрэш
Прэзідэнцкая бібліятэка ўшанавала Кастуся Каліноўскага.
Экспазіцыя "За годнасць! За Радзіму!", прымеркаваная да 175-годдзя з дня нараджэння Кастуся Каліноўскага і 150-годдзя паўстання 1863-1864 гадоў, адкрылася ў Прэзыдінцкай бібліятэцы Рэспублікі Беларусь.
Як паведаміла БЕЛТА супрацоўніца аддзела старадрукаваных і рэдкіх выданняў бібліятэкі Вераніка Мітракова, у аснове выставы - кнігі і часопісы з фонду аддзелу старадрукаў і рэдкіх выданняў бібліятэкі. У экспазіцыі прадстаўлена каля дваццаці зборнікаў 1863-1910 гадоў. Можна пабачыць адно з першых даследаванняў гісторыі паўстання "Звесткі аб польскім бунце 1863 году ў паўночна-заходняй Расіі", складзенае генералам В. Ратчам, а таксама публікацыі ўспамінаў пра падзеі таго часу.
Сярод экспанатаў - выдадзены ў 1927 годзе зборнік дакументаў пра паўстанне "1863 год на Меншчыне", а таксама першая беларуская манаграфія на гэтую тэму "1863 год на Беларусi" Ўсевалада Ігнатоўскага.
У бібліятэцы захоўваюцца і замежныя выданні, прысвечаныя першай беларускамоўнай газеце - "Мужыцкай праўдзе", якая выходзіла ў час паўстання, у тым ліку каментаваныя тэксты "Мужыцкай праўды" і "Лістоў з-пад шыбеніцы" Каліноўскага, падрыхтаваныя Янкам Запруднікам і Т. Э. Бэрдам.
Выставу, якая працягнецца па 30 красавіка, дапаўняюць грунтоўныя даследаванні сучасных гісторыкаў і навуковыя артыкулы, падрыхтаваныя ў апошнія гады.
БЕЛТА.
У Гародні прайшоў "круглы стол", прысвечаны пастаўнню 1863 года
"Паўстанне 1863 года. Гісторыя і памяць". Гарадзенскі дзяржаўны ўніверсітэт супольна з абласной бібліятэкай, гістарычна-археалагічным музеем і мясцовай філіяй Нацыянальнага архіву Рэспублікі Беларусь зладзілі "круглы стол" па гэтай тэме.
На мерапрыемстве, прысвечаным 150-годдзю паўстання 1863 года, гісторыкі, студэнты і навукоўцы дыскутавалі. Закраналіся тэмы постаці Кастуся Каліноўскага і яго гістарычнай ролі ў барацьбе за незалежнасць краіны, сучасны погляд на тыя падзеі, рэпрэсіі супраць удзельнікаў паўстання, ролі духавенства і дваранства ў барацьбе супраць царызму; зроблены і аналіз дакументаў і артэфактаў паўстання. На думку прафесара Вячаслава Шведа, падзеі 150-ці гадовай даўніны для сучаснай Беларусі былі лёсавызначальнымі і заслугоўваюць глыбокага вывучэння і шанавання.
- Лічу, што на сённяшні дзень многа рознага напісана пра паўстанне, а вось пра асобаў, канкрэтна пра тых людзей, якія жылі побач з нашымі продкамі, не зроблена. Ёсць прозвішчы, напрыклад, Маркевічаў, Мацкевічаў ці Пачобутаў... А яны адыгрывалі ролю і тады, 150 год таму назад.
Гарадзенская абласная навуковая бібліятэка імя Яўхіма Карскага зладзіла падчас працы "круглага стала" адкрыты прагляд кніг пра паўстанне Кастуся Каліноўскага.
Беларускае Радыё Рацыя.
Адкрыццё выставы
6 сакавіка 2013 года ў музеі гісторыі горада Менска адбылося адкрыццё выставы жывапісу Ларысы Зарубінай "Букет для Марыі".
На выставе прадстаўлена 35 жывапісных работ, створаных на працягу апошніх пяці гадоў. Праект прысвечаны маці мастачкі, якую звалі Марыя Осіеўна.
Зарубіна Ларыса Іванаўна - мастак-педагог, працуе ў дзяржаўнай установе адукацыі "Дзіцячая музычна-мастацкая школа мастацтваў № 1 г. Менска" ўпраўлення культуры Менгарвыканкама з 1989 года, з 2011 года - загадчык мастацкага аддзялення...
Ларыса Іванаўна з'яўляецца ўдзельнікам многіх гарадскіх, рэспубліканскіх і міжнародных выставак, узнагароджана дыпломамі і граматамі кіравання культуры Менгарвыканкаму.
Экспануюцца жывапісныя кветкавыя кампазіцыі, нацюрморты, дзе аўтар з дапамогай колеравых суадносін, рэфлексаў, рытму раскрывае асаблівы свет гармоніі прыроды і чалавека, напоўнены гукамі мелодыі. Здаецца, што мастак вядзе нябачны дыялог з некім вельмі блізкім!
На мерапрыемстве прадстаўлены таксама пейзажы з выявамі менскіх прадмесцяў, гістарычных мясцін і архітэктурных помнікаў Беларусі - "Стары горад", "У Лошыцкім парку", "Возера ў Астрашыцкім", "Таямніая алея", "Легенды Мірскага замка", "Нясвіж".
Сваім мастацкім праектам аўтар карцін заклікае задумацца, спыніцца, азірнуцца навокал, каб адчуць гармонію навакольнага жыцця, дзе пейзаж, чалавек, жывёльны свет, птушкі, кветкі - усё гэта з'яўляецца бясцэнным дарам прыроды, які неабходна вывучаць, захоўваць і аберагаць...
Да таго ж трэба дадаць, што Ларыса Іванаўна - вельмі прыгожая жанчына! Яе выстава будзе працаваць да 31 сакавіка 2013 года. На мерапрыемстве прысутнічала творчая інтэлігенцыя г. Менска, калегі і прыхільнікі творчасці мастачкі!
Аляксей Шалахоўскі.
Таямніцы "Дома масонаў"
Сёння ў так званым "Доме масонаў", што знаходзіцца ў "Верхнім горадзе", па Музычным завулку, дом 5, размяшчаецца Дзяржаўны музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Рэспублікі Беларусь. Але так было не заўсёды… Даходны дом, яўрэйская вучэльня, рэкруцкі набор, жылыя кватэры - чаго толькі не бачылі яго сцены за 200 год існавання, і сёння, як і ў пачатку ХІХ ст., гэты адметны будынак прыцягвае ўвагу сваёй таямнічай гісторыяй. Ужо яго назва, якая трывала замацавалася сярод гараджан, сведчыць аб неардынарнасці дома.
Неаднаразовыя змены уладальнікаў і архітэктурныя трансфармацыі, магчымасць (верагоднасць) знаходжання ў будынку Масонскай ложы абумовілі вялікую цікавасць да яго гісторыі. І сёння мы разам з вамі маем унікальную магчымасць запоўніць белыя плямы ў біяграфіі "Дома масонаў", каб адлюстраваць яго гісторыю ў адпаведнай выставе.
Звяртаемся да ўсіх, хто жыў у гэтым доме, ці меў да яго дачыненне, быў тут госцем у сваякоў, знаёмых, сяброў. Калі Вам ёсць што расказаць ці паказаць, калі ў Вас ёсць жаданне падзяліцца ўспамінамі, якія тычацца гэтага будынка, Вы маеце фотаздымкі, цікавыя, інтрыгуючыя ці самыя звычайныя рэчы, якія сведчаць аб гісторыі яго бытавання, ведаеце цікавыя лёсы, звязаныя з ім - не стрымлівайцеся, тэлефануйце, прыходзьце і раскажыце нам ўсё, што ведаеце! Нам ўсё цікава!!!
Наш тэлефон:
+375 (17) 220 26 67.
Наш адрас: г. Мінск, зав. Музычны, 5.
Е-mail:
asvetnik tut.by.
Гісторыя беларускай кнігі
Пабачыла свет кніга Ларысы Доўнар "Гісторыя беларускай кнігі: вучэбны дапаможнік".
Дапаможнік адпавядае праграме курса Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў. Матэрыял выкладзены ў храналагічным парадку: ад узнікнення пісьменства і з'яўлення першых рукапісных кніг, якія дайшлі да нашага часу, і да сучаснага стану развіцця беларускай кнігі. Уводзяцца новыя крыніцы, заснаваныя на даследаванні архіўных дакументаў і кніжных выданняў у кантэксце сучасных кнігазнаўчых ведаў
Прызначаецца студэнтам вышэйшых навучальных устаноў. Можа быць выкарыстаны спецыялістамі ў галіне кніжнай справы і гісторыі кніжнай культуры Беларусі.
"Гісторыя беларускай кнігі" з'яўляецца адным з раздзелаў вучэбнай дысцыпліны "Гісторыя кнігі", якая ўваходзіць у курс "Тэорыя інфармацыі і дакументалогія".
Гісторыя кнігі як навука набывае ў сучаснасці якасна новы ўзровень асэнсавання. Кніга разглядаецца ў адзінстве духоўнага, мастацкага, матэрыяльнага, у эвалюцыйным бесперапынным працэсе развіцця грамадства. Аб'ектам пры вывучэнні гісторыі кнігі выступае кніжная культура, а яе прадметам - гісторыя феномена кнігі.
Галоўнай мэтай вывучэння гісторыі кнігі з'яўляецца сцвярджэнне нацыянальнай ідэнтычнасці праз пазнанне здабыткаў культурнай спадчыны чалавецтва, што нясуць у сабе кнігі.
У вучэбным дапаможніку "Гісторыя беларускай кнігі" разглядаюцца ўзнікненне, станаўленне, развіццё кнігі і кніжнай справы Беларусі з моманту з'яўлення пісьма і да сённяшняга часу. Зараджэнне і развіццё беларускай кнігі, непарыўна звязанае з сусветнымі працэсамі развіцця чалавечага грамадства, мае спецыфічныя асаблівасці і рысы, сфармаваныя пад уплывам гістарычных абставін і ўласнай нацыянальнай культуры. Вывучэнне гісторыі кнігі дапамагае фармаванню прафесійнай кнігазнаўчай культуры будучых спецыялістаў у галіне інфармацыйна-дакументных камунікацый, здольных садзейнічаць адраджэнню і развіццю нацыянальнай культуры, зберажэнню яе як часткі агульначалавечай культурнай спадчыны. Асноўнымі задачамі "Гісторыі беларускай кнігі" з'яўляюцца:
характарыстыка гістарычных перыядаў і этапаў развіцця кнігі, вызначэнне асноўных тэндэнцый фармавання пісьменства і кнігі ад рукапіснай да друкаванай (а сёння і да электроннай), у тым ліку асаблівасцей яе матэрыяльнай формы, афармлення, зместу;
раскрыццё ўяўленняў аб развіцці разнастайных тыпаў і відаў кнігі, яе рэпертуару (тэматыкі, мовы, графікі);
авалоданне ведамі аб сістэме кніжнай справы ў яе гістарычным развіцці і на сучасным этапе; буйнейшых дзеячах, помніках кніжнай культуры.
Вучэбны даламожнік складаецца з васьмі раздзелаў, якія адлюстроўваюць тэарэтычныя аспекты вывучэння гісторыі беларускай кнігі, асаблівасці тэрміналогіі і метадалогіі, перыядызацыі і тыпалогіі, спецыфіку айчыннага кнігазнаўства.
Наш кар.