Папярэдняя старонка: 2013

№ 14 (1113) 


Дадана: 04-04-2013,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 14 (1113) 3 красавіка 2013 г.


Бог ніколі не пакідаў Беларусі

Велікоднае віншаванне Апостальскага Нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Клаўдыё Гуджэроці

Ваша Эксцэленцыя, паважаны арцыбіскуп Тадэвуш, шаноўныя святары і дыяканы, законнікі і законніцы, і ўсе вы, дарагія браты і сёстры ў Хрысце!

У гэты святочны вечар я перадаю вам вестку, велікодныя віншаванні і дабраслаўленне папы Францішка, які, як і апостал Пётр, пакліканы ўмацоўваць сваіх братоў у веры.

У гэтыя дні ён няспынна паўтарае тую самую евангельскую вестку - добрую навіну пра тое, што мы збаўленыя Божаю любоўю. Ён таксама няспынна нагадвае нам наступнае: або гэтую любоў відаць у нас праз простыя жэсты, якія перамяняюць і асвятляюць нашае жыццё, або мы з'яўляемся ежаю без солі і свечкаю без агню.

У гэтую святую ноч здзяйсняюцца таямніцы нашага збаўлення. Як мы чуем у адной з сённяшніх малітваў, вельмі старажытнай, цяпер да нас прыходзіць новы супакой. Гэта не нейкая часовая палітычная згода або гандлёвая дамова; гэта свет, які Хрыстус у гэтую ноч стварае нанава. Бог не пашкадаваў, што калісьці стварыў свет; Ён аднаўляе сваё стварэнне з такою самаю любоўю: руіны дзівосным чынам пераўтвараюцца ў цудоўныя палацы, усё састарэлае і аслаблае аднаўляецца, напаўняючыся марамі і спадзяваннямі, а ўсё тое, што здавалася непатрэбным і бессэнсоўным, у Хрысце зноў набывае сэнс, прыгажосць і важнасць, займаючы належнае месца ў гармоніі адзінства. Гэта вестка, што нясе радасць Касцёлу і якую Касцёл скіроўвае да ўсяго свету; нават да тых, хто да яго не належыць, бо мір і надзея прызначаны для ўсіх. Кожны, хто мае веру, цалкам у гэтым перакананы, бо ў гэтым нас запэўнівае Бог, які без ваганняў паслаў свайго Сына на крыжовую смерць, каб разбурыць усе крыжы і адкрыць крыніцу жыцця.

Гэтая вестка гучыць таксама і на беларускай зямлі, якая яшчэ і ў гэтыя дні пад сваім снежным покрывам хавае ў сабе безліч ахвяраў. Усе яны ў смерці сталіся братамі, бо былі без адрознення забітыя сляпою нянавісцю: каталікі, праваслаўныя, пратэстанты, а таксама шматлікія габрэі разам з тымі, хто не належаў ні да якой рэлігіі, але ў добрым сумленні шукаў шлях да праўды. Гэтая вестка напаўняе Беларусь надзеяй, адкрывае яе для будучыні, кажа ёй, што Бог ніколі яе не пакідаў, а таксама абяцае яе народу шчасце, якое Айцец зберагае для сваіх узлюбленых дзяцей.

Няхай жа з гэтай зямлі, заручанай з Панам, як сказаў бы прарок Ісая, нашае віншаванне, нібы нябачная хваля, дасягне ўсіх братоў і сясцёр, якія ў розных кутках свету падзяляюць гэтую радасць, што з'яўляецца радасцю ўсяго Касцёлу. Узрадуйцеся ж і ўзвесяліцеся: усялякая смерць пераможана, кожная сляза асушана, усялякая несправядлівасць выпраўлена, кожнае расчараванне пераменена ў шчасце!

Хрыстос уваскрос! Хрыстос уваскрос! Хрыстос уваскрос!"

Клаўдыё Гуджэроці.


Фарбы Велікоднай радасці

У дзяржаўным музеі гісторыі рэлігіі ў Гародні адкрылася выстава велікодных пісанак "Фарбы Велікоднай радасці".

Яны экспануюцца як творы сучаснага дэкаратыўнага мастацтва, кажа навуковая супрацоўніца музея Галіна Хамко:

- Сама старажытнае - гэта васкаванне, прычым васкаванне двухколернае. Мы паказваем яйкі з нашых фондаў, гэта яйкі з Сапоцкіна, ад Алены Зайко, яна фарбавала ў кары дуба, вольхі, у іржавым жалезе, у капусным расоле. Яны атрымоўваюцца такія белачорныя. Вельмі старажытная тэхніка - гэта гравіраванне.

На выставе гарадзенцаў пазнаёмілі са сваімі вербачкамі майстрыхі-сёстры Сарасек. Таксама наведнікі маглі папрысутнічаць на майстар-класе па вырабе пісанак.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя.


Адкрыты Купалаўскі тэатр

У пятніцу 29 сакавіка пасля рэканструкцыі адкрыты Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы. Першай п'есай абноўленага тэатра стала славутая купалаўская "Паўлінка".

Нагадаем, што рэканструкцыя Купалаўскага тэатра працягвалася больш за два гады. Згодна з задумай аўтараў праекта, будынак наблізіўся да свайго першапачатковага выгляду.

Еўрарадыё.


220 гадоў з дня нараджэння Канстанціна Радзівіла

Канстанцін РАДЗІВІЛ (5 красавіка 1793, Рым - 6 красавіка 1869, Паланечка), палітычны дзеяч, мецэнат, адзін з першых беларускіх фалькларыстаў.

Сын Мацея Радзівіла. Атрымаў у спадчыну маёнтак Паланечка ў Наваградскім пав., які быў адным з культурных асяродкаў у краі. Збудаваў Паланечкаўскі палац, побач з якім быў разбіты "французскі" парк. Сабраў значную бібліятэку (4 тыс. тамоў), архіў, калекцыю твораў мастацтва, у якой былі партрэты прадстаўнікоў роду Радзівілаў, карціны Ю. Пешкі, Я. Рустэма, гравюры, габелены, медалі. Камергер імператарскага двара. У 1820 уступіў у тайнае палітычнае таварыства "Нацыянальнае масонства", а ў 1821 далучыўся да яго пераемніка - Патрыятычнага таварыства (член Камітэта Літоўскай правінцыі). Пасля задушэння паўстання дзекабрыстаў 1825 быў арыштаваны. У 1850-х г. даслаў у Рускае геаграфічнае таварыства "Статыстычны нарыс Наваградскага павета" і "Этнаграфічныя звесткі пра жыхароў Наваградскага павета" (зберагаюцца ў архіве таварыства). Ахарактарызаваў беларускую мову ("кривицкое наречие"), склаў слоўнічак мясцовых слоў, апісваў адзенне, абрады на Купалле, Дзяды, куццю, вяселле наваградскіх сялян; запісаў 84 прыказкі, калядную, 2 купальскія і 27 вясельных песень.

Вікіпедыя.


80 гадоў з дня нараджэння Віктара Шымука

Віктар (Вікенцій) Мікалаевіч ШЫМУК (нар. 2 красавіка 1933, в. Змяёўцы, цяпер Дзятлаўскі р-н Гарадзенскай вобл. - 1998) - беларускі пісьменнік, перакладчык.

Нарадзіўся ў сялянскай сям'і. Сям'я жыла бедна, мела 3 га зямлі, бацька зарабляў на лесапілцы ў Дзятлаве. Пасля ўз'яднання Заходняй Беларусі з БССР (1939) бацьку абралі старшынём калгаса імя Молатава, быў на гэтай пасадзе да пачатку 2-й Сусветнай вайны. В. Шымук пайшоў у школу ў Янаўшчыне. Пасля вайны скончыў 8 класаў у Дзятлаўскай школе. У 1949-1951 г. працаваў адказным сакратаром дзятлаўскай раённай газеты "За новую вёску", адначасова вучыўся ў вячэрняй сярэдняй школе. Аддзяленне журналістыкі БДУ скончыў завочна ў 1957 г. Адначасова працаваў у рэдакцыі газеты "Калгасная праўда", потым - літсупрацоўнікам рэдакцыі газеты "Звязда" (1967-1971), адказным сакратаром штотыднёвіка "Літаратура і мастацтва" (1974-1977). З 1977 г. - намеснік галоўнага рэдактара Галоўнай рэдакцыі літаратурна-драматычнага вяшчання на Беларускім радыё. Сябар Саюза пісьменнікаў Беларусі (з 1964).

Вікіпедыя.


ДЫКТОЎКА АД БОГА

Тры гады таму я ў перадачы радыё Свабода выказаў ідэю: перапісаць усім нам Біблію па-беларуску. Гэта значыць падзяліць Біблію на часткі, размяркаваць і кожны, хто жадае сваёй рукой перапіша частачку Бібліі. Прайшло тры гады, і вось нечакана тая мая прапанова атрымала водгук. Да мяне пачалі звяртацца розныя людзі і задаваць пытанні: А ці многа людзей ужо перапісала Біблію, а калі скончыце, а як можна далучыцца. І ўсе дзівіліся, чуючы адказ, што ніхто пакуль не пачынаў перапісваць. Нечаканая цікавасць да дыктоўкі з Бібліі ўзнікла як раз напярэдадні пачатку святкаванняў угодкаў народзінаў Каліноўскага і 95-х угодкаў БНР. Я ўзгадаў, што першую агульнанацыянальную дыктоўку па-беларускай мове я прыдумаў пісаць у гонар 90 годдзя БНР. І яна тады адбылася, а зараз стала нашай нацыянальнай традыцыяй. І вось напярэдадні 95-х угодкаў БНР пасля шматлікіх зваротаў цікаўных беларусаў пра лёс перапісвання Бібліі я звярнуўся з адкрытым лістом праз незалежныя СМІ з прапановай абмяркаваць ідэю перапісвання Бібліі прычым, як у сэнсавым аспекце, аналізуючы пытанні: "А навошта нам гэта трэба? Ды што гэта дасць?" да пытанняў тэхналагічнага характару: "А як гэта рабіць? Хто будзе кіраваць ды размяркоўваць?".

Покуль абмяркаванне ішло прыватным не публічным парадкам шмат хто з беларусаў, не чакаючы адказаў на пытанні, сэрцам адчуў патрэбу ў супольным перапісванні Бібліі. Душа шмат каго захацела талакой рабіць перапіс і людзі запатрабавалі ад мяне выдзеліць частку Бібліі для перапісвання.

На сёння ўжо звыш 150 чалавек з усіх куткоў зямной кулі перапісваюць Псалмы Псалтыра, а шмат хто перапісаў. Аднымі з першых былі літаратурны перакладчык Васіль Сёмуха, Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла, выдавец Бібліі і ўладальніца аўтарскіх праў на беларускую Біблію Алеся Сёмуха-Грынберг, Народны паэт Рыгор Барадулін, Генадзь Бураўкін, рэжысёр Валеры Мазынскі, мастак Аляксей Марачкін, паэт Сяргей Законнікаў, Лявон Баршчэўскі. На сёння псалмы перапісалі каля 100 чалавек. Па парадзе Васіля Сёмухі - перакладчыка Бібліі па-беларуску мы пачалі менавіта з гэтай кнігі, бо Псалтыр быў да рэвалюцыі букваром, да таго ж ён прымальны вернікамі ўсіх канфесіяў у тым ліку і габрэяў іудзейскай веры. Так псалмы перапісалі вельмі шаноўныя ў грамадстве габрэі Міхаіл Шурым і Барыс Хамайда. Шурым пісаў і ад маці, якая была выкладчыцай беларускай мовы і літаратуры. Хамайда пісаў і ад прадзеда Пейцаха, які быў равінам. Дарэчы, пад час вайны з гітлераўцамі ў вёсцы Колышкі пад Лёзна фашысты вялі на расстрэл габрэяў. У калоне ішла будучая маці Хамайды і ягоная бабуля. Да іх падбег настаўнік беларускай літаратуры, вывеў з калоны і сказаў эсэсаўцу: "Гэта мае родныя, адпусціце іх!" - "Праўду кажаш?" спытаў афіцэр. - "Так!" І павёў да хаты. Так беларус выратаваў габрэяк, і яны далі жыццё Хамайдзе, якому было наканавана стаць беларускім нацыяналістам.

Дык вось я хачу прывесці свае аргументы, якія некалькі год запар не давалі мне забыцца пра перапіс Бібліі рукой і зараз пераконваюць мяне ў неабходнасці гэтага.

Напачатку гэтай ідэі былі аповеды з найноўшай і старажытнай гісторыі. Неяк Сёмуха распавёў мне, што калі армян выразалі ворагі, яны ж і палілі іхнія кнігі. Тады вернікі, ратуючы самую старажытную Біблію, разабралі яе па старонках ды схавалі. Калі разня ды калатнеча скончыліся, яны сабралі ўсе старонкі разам і ніводная не згубілася, не загінула. Зараз гэтая Біблія захоўваецца ў спецыяльным музеі Ерэвана.

Другі выпадак распавёў мне былы кіраўнік амбасады Славакіі Любамір Рэгак. Некалькі год таму ў Бруселі чэхі адзначалі дзень сваёй незалежнасці. Яны прывезлі з Прагі самую старажытную Біблію, паклалі на стол у амбасадзе, а побач кнігу з чыстымі лістамі. І кожнаму госцю прапаноўвалі перапісаць частачку Бібліі ў чыстую кнігу. Усе рабілі тое з ахвотаю.

І вось я ўявіў, што мы - беларусы перапісалі сваю Біблію па вершах, па радках (бо шмат хто вельмі дрэнна бачыць) і стварылі такі культурны помнік. Скажыце, а ці не ўзнікне ў кожнага, чыёй рукой перапісана частка Бібліі ў адну кнігу новае пачуццё роднасці, еднасці, салідарнасці? Такое, якое бывала ў сялянаў, калі талакой будавалі дом маладым, пабраўшымся шлюбам. Думаю, што ўзнікне. І калі нашы людзі пачалі перапісваць і прыносіць Псалмы, ды распавядаць як гэта рабілася, абмяркоўвалася, якія пачуцці ўзнікалі, я адчуваў, што робім добрую патрэбную нам і нашчадкам справу.

Нехта можа сказаць, што перапісванне Бібліі - гэта дзіцячая забава. І такія каментары былі на інтэрнэт-сайтах з нагоды маёй прапановы. Але паслухайце такі аповед. Адзін з тых, хто захапіўся ідэяй перапісвання Біліі - Алесь Таўстыка, перапісаў і прапанаваў гэта зрабіць знаёмаму - чалавеку з вышэйшай адукацыяй, свядомаму. А той раптам напалохаўся і пытаецца: "А мяне за гэта не расстраляюць?" Вось тады я зразумеў, якое панаванне страху ў душах нашых суайчыннікаў. У мяне тады ўзнікла ідэя перапісаць Псалму і дадаць, што я перапісаў ад сябе, маці-нябожчыцы і рэпрэсаваных Падголаў. На адваротным баку Псалмы я прывёў прозвішчы ўсіх пастраляных, сасланых Падголаў, якія надрукаваў сайт радыё Свабода. І тыя з Вас, хто возьме ўдзел у перапісванні Бібліі таксама можа прысвяціць свой перапіс каму-небудзь з родзічаў. Чаму я прысвяціў перапісаную Псалму маці? Яна мне - маленькаму падкладала абраз Багародзіцы пад матрасік, каб абраз бараніў мяне. А я - тады свядомы акцябронак даставаў абраз і аддаваў ёй, і прасіў, каб больш гэтага не рабіла. І вось лёс так склаўся, што і раман мне давялося напісаць "Куля для прэзідэнта", дзе стрыжнем ёсць барацьба сілаў д'ябла з Богам за душы беларусаў і стаць ініцыятарам перапісвання Бібліі. Такіх, як я, шмат набярэцца. Вось і Валеры Шчукін, які 70 год пражыў з вераю ў камуністычныя ідэалы ды бараніў іх, як мог, выказаў намер перапісваць Біблію.

Па адной са сваіх прафесіяў я аналітык, палітолаг. Я бачу, як замежныя дарадцы ўрадаў ЗША, краінаў ЕС інфармуюць кіраўніцтва сваіх дзяржаваў пра тое, што беларускай нацыі няма, супраціў паглынанню Беларусі Расеяй можа зладзіць толькі Лукашэнка. І тады я ўяўляю, як мы перапісалі Біблію і паказалі гэты супольны твор усяму свету: зрабілі ксеракопіі нашай рукапіснай Бібліі і падарылі іх кіраўнікам ЗША і краінаў ЕС. І тады, калі недасведчаныя палітолагі будуць звягаць пра нашу адсутнасць, нямогласць, нерашучасць у галіне абароны нашай незалежнасці, тады кіраўнікі дэмакратычных цывілізаваных дзяржаваў змогуць тыцнуць плявузгалам у пысу нашу Біблію, напісаную талакой.

А ў ёй будзе боль і мальба маці і родных рэпрэсаваных палітыкаў. Такіх як Галіна Сіўчык, Валянціна Аліневіч, Буланава Клаўдзія, Вольга Завадская, Шарамет Людміла, Яўгенія Астрэйка, Ганна Сіўчык.

А што пагроза незалежнасці стаіць вельмі сур'ёзна дык гэта - факт. На сёння ўладар нашых лёсаў уцягнуў Беларусь у мытны еўразійскі хаўрус, і мы страцілі эканамічную незалежнасць. У 2015-м уладары Крамля плануюць утварыць еўразійскія эканамічны і палітычны хаўрус, і тады нашай незалежнасці - капцы.

Перапісаная намі Біблія можа стаць адным са сродкаў абароны нашай незалежнасці, маніфестам усяму свету аб нашым існаванні і намеры "людзьмі звацца" і ў Бібліі пісацца. І перапісаную намі Біблію мы мусім абавязкова падарыць уладарам Крамля і зрабіць гэта вельмі крэатыўна, каб пабачыў увесь свет. Зрабіць свой "падарунак" трэба так, каб у іх і мову адняло, калі задумаюць нас праглынуць. Па-асобку гэты яны зрабіць змогуць. А вось усю нашу біблейскую талаку ды разам з перапісанай Бібліяй - падавяцца.

Біблія ад рукі - Народная Біблія мусіць быць і творам мастацтва. Мастакі суполкі "Пагоня" мяркуюць аздобіць старонкі Бібліі малюнкамі.

Магія лічбаў.

Пачалі перапісваць Біблію ў 2013-м пад 95 угодкі БНР.

У 2017 годзе споўніцца 500 гадоў, як Скарына надрукаваў Псалтыр. Гэта ўнікальная дата. Магчыма, варта арыентавацца на яе, вызначаючы канчатковы час заканчэння перапісвання Бібліі. Другая дата - 100-годдзе БНР у 2018 годзе.

Паміж каталіцкім і праваслаўным вялікаднямі (31 сакавіка - 5 траўня) мы плануем зрабіць урачыстую прэзентацыю пачатку перапісвання Бібліі. Чакаем тэксты перапісаных беларусамі Псалмаў з Канады, Вашынгтона ды Прагі.

Пра месцазнаходжанне. Скажам, паэт і кіраўнік агенцыі БелаПАН Алесь Ліпай рэстаўруе свой старажытны куфар для гэтай Бібліі. Інфармагенцтва БелаПАН, якім кіруе сябра аргкамітэту паэт і журналіст Ліпай мы плануем зрабіць месцам захавання Бібліі, перапісанай нашымі рукамі. Магчыма, у будучай дэмакратычнай Беларусі яна зойме пачэснае месца ў музеі. Час пакажа.

А покуль ахвочым далучыцца да нашай талакі раю пачытаць Біблію па-беларуску. І ў бліжэйшы час, прадаставіўшы грамадству перапісаны Псалтыр, мы пачнём перапісваць Новы запавет і хутчэй з Дзеяў апосталаў.

Што думаюць пра гэтую незвычайную акцыю прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі? Меркаванні сябраў аргкамітэту мастака Аляксея Марачкіна і рэжысёра Валерыя Мазынскага.

Аляксей Марачкін: "Я лічу, што гэта выдатная ідэя. Па-першае, так мы далучаемся да беларускага слова. На беларускай мове гучыць Біблія, гучаць Псалтыр і Новы Запавет. Такім чынам мы разбіваем ушчэнт выказванне вядомага палітыка і праваслаўнага атэіста, які сказаў, што на беларускай мове нельга выказаць мудрых і значных думак. Па-другое, мы засведчваем сябе ў часе і ў прасторы - кожны перапішчык ставіць сваё імя, пазначае, што ён пісаў, дзе і калі. Гэта таксама важна. Бо можа пісаць чалавек, які сядзіць сёння за кратамі. Па-трэцяе, мы нібы вяртаемся на тысячагоддзі назад, у даскарынаўскія часы, калі існавалі толькі рукапісныя кнігі. Ёсць творцы, якія гатовыя зрабіць аклад для будучай Бібліі, інкрустацыі будуць, магчыма, са срэбра. Гэтым пагадзіліся займацца майстры з майстэрні, дзе працуе цяпер Юры Гудзіновіч. Паўтаруся, гэтая акцыя вельмі важная. Яна павінна з'яднаць нас, беларусаў.

Валеры Мазынскі: "Можна не верыць у Бога, але калі ўсур'ёз нехта пытаецца пра яго, ці калі пачынаеш сам усур'ёз пра яго думаць, то лепш згадзіцца, што ён ёсць. Так і ў гэтым пытанні. Мне памятная адна прыбалтыйская акцыя, калі ўсе прыбалты выйшлі і ўзяліся за рукі. Розныя людзі выйшлі, відаць: і злодзеі, і паскудныя людзі, і злыя, і ненавіснікі. Але яны выйшлі на дарогу і ўзяліся за рукі. З верталёта іх здымалі, і гэтыя кадры я не магу глядзець без узрушэння. Я лічу, што мы ніколі ня возьмемся за рукі, калі глядзець прагматычна. Але так хочацца... І вось перапісванне Бібліі - гэта спроба ўзяцца за рукі. Спроба, у якую я не веру розумам. А ў душы так хочацца, каб гэта адбылося!

Уладзімір Падгол, дацэнт філасофіі, кандыдат філасофскіх навук


Берасце: ускладанне кветак і гульня пра БНР

Берасцейскія дэмакраты ўшанавалі тутэйшага дзеяча БНР Адама Трыпуса, пахаванага на Трышынскіх могілках у абласным цэнтры.

Да яго магілы ўсклалі кветкі. Выступілі з прамовамі краязнаўцы і палітыкі. Ушанавалі і ахвяраў палітычных рэпрэсіяў, помнік якім таксама стаіць на Трышынскіх могілках.

Пасля акцыі моладзь з агенцтва рэгіянальнага развіцця "Дзедзіч" і партыі БНФ зладзілі гульню гарадскога арыентавання "БНР і Берасце". Яе ўдзельнікі шукалі пэўныя пункты, дзе трэба было адказаць на пытанні з гісторыі БНР, а па заканчэнні яна атрымалі падарункі. Такая гульня ладзілася ў Берасці ўжо другі раз.

У мерапрыемствах, прысвечаных 95-м угодкам абвяшчэння БНР у Берасці, узялі ўдзел некалькі дзясяткаў чалавек. Акцыя сабрала сяброў розных палітычных партый і рухаў.

Радыё Свабода.


У Глыбокім адзначылі ўгодкі БНР

У Глыбокім мясцовыя актывісты адзначылі Дзень Волі, ушанаваўшы памяць Вацлава Ластоўскага, абранага ў 1919 годзе прэм'ер-міністрам Беларускай Народнай Рэспублікі, а таксама дыпламата, аўтара бел-чырвона-белага сцяга Клаўдзія Дуж-Душэўскага. Людзі, якія сабраліся, усклалі кветкі да памятных знакаў.

Як адзначае глыбоцкі актывіст Яраслаў Берніковіч, Глыбоччына - адметнае месца, адсюль паходзіць шмат вядомых дзеячаў, якія працавалі на ўмацаванне беларускай незалежнасці:

- Глыбокае мае самае непасрэднае дачыненне да абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі, бо тут нарадзіліся два выбітныя дзеячы - гэта Ластоўскі, які найбольш дакладна акрэсліў шматвекавую прагу мільённага люду: "Няхай жыве незалежная Беларусь у яе этнаграфічных межах!", і Дуж-Душэўскі.

Гісторык Аляксандр Гронскі мяркуе, што менавіта Вацлаў Ластоўскі сканструяваў "беларускасць" Кастуся Каліноўскага і паспрабаваў скласці яго біяграфію, як ідэальнага беларускага героя. Вацлаў Ластоўскі быў аўтарам-складальнікам шэрагу "чытанак", прызначаных для дзяцей і моладзі. Праз іх Ластоўскі ўпершыню ўвёў у навуковы ўжытак "гістарычныя песні".

Дуж-Душэўскі на падставе гістарычных сведчанняў, колераў народных строяў, а таксама арнаментаў, стварыў эскіз сцяга БНР. У снежні 1917 года ў Менску падчас Усебеларускага з'езда бел-чырвона-белы сцяг быў прызнаны нацыянальным сімвалам Беларусі.

Беларускае Радыё Рацыя

Дзень Волі ў Горацкай сельгасакадэміі

25 сакавіка многія студэнты Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі пачалі дзень з віншаванняў. Мясцовыя актывісты ў некалькіх месцах акадэмічнага гарадка раздавалі паштоўкі да Дня Волі. Многія студэнты пра гадавіну абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі даведваліся ўпершыню з невялікага тэксту ў паштоўцы.

Сваю віншавальную акцыю актывісты распачалі а палове на восьмую раніцы, калі студэнты ішлі на заняткі. Мала хто з навучэнцаў адмаўляўся ад паштовак. Некаторыя тут жа іх чыталі, некаторыя хавалі ў кішэні. Акцыя доўжылася меней за гадзіну.

Радыё Свабода.

Дзень Волі ў Гомелі

У Гомелі ўшанавалі памяць дзеяча антысавецкага супраціву Цімоха Вострыкава. На магіле ўпаўнаважанага прадстаўніка Рады БНР была ўсталяваная беларускамоўная шыльда.

Цімох Вострыкаў - чалавек з галівудскай біяграфіяй. Нарадзіўся ў міжваенны час у вёсцы Баршчоўка, што пад Гомелем. У гады ІІ Сусветнай вайны трапіў у нямецкі палон, з якога ўцёк. Ратуючыся ад рэпрэсій камуністаў, у канцы вайны трапіў на Захад, дзе нават паступіў ва ўніверсітэт. Але маладзён імкнуўся на Радзіму. У 1952 годзе яго дэсантавалі з борта амерыканскага самалёта як упаўнаважанага прадстаўніка Рады БНР у складзе групы байцоў. Але разгарнуць узброены супраціў на тэрыторыі Беларусі ім не ўдалося. Праз тыдзень усіх дэсантнікаў арыштавалі органы МГБ. Чвэрць стагоддзя Цімох Вострыкаў правёў у сталінскіх лагерах. Пасля вызвалення ён жыў у Гомелі, пахаваны на могілках у вёсцы Раманавічы.

На Дзень Волі гамельчукам нагадалі пра славутую зямлячку - міністра Рады БНР Палуту Бадунову. На месцы, дзе калісьці стаяў дом славутай дзяячкі, з'явіліся кветкі. Іх прынеслі прадстаўнікі Гомельскай кааліцыі дэмакратычных сілаў. Намеснік старшыні Аб'яднанай грамадзянскай партыі Васіль Палякоў падчас прамовы выказаў надзею, што ў Гомелі ўсё ж такі з'явіцца вуліца імя Палуты Бадуновай.

Мікола Бянько, Гомель, Радыё Рацыя.


Дзень Волі ў Лідзе і Воранаве

25 сакавіка грамадскія актывісты з Ліды і Бярозаўкі ўшанавалі памяць дзеячоў Беларускай незалежніцкай партыі ў Лідзе і міністра БНР генерала Кіпрыяна Кандратовіча ў Воранаве.

У Лідзе на праваслаўных могілках пахаваны дзеячы БНП Юльян Саковіч, Валянцін Ваўчок, Леанід Маракоў, Ілья Кіслы, Язэп Пінкевіч, Кастусь Кішкель. палеглыя ад рук АК-цаў і савецкіх партызан. Кіраўніцтва БНП вывела іх з-пад нямецкага пераследу, схаваўшы ў аддаленых мясцінах Лідчыны, але ліхі беларускі лёс дагнаў і тут. Магілы іх лёгка знайсці - усе падпісаны па-беларуску, і на ўсіх напісана: "Загінуў за Бацькаўшчыну".

У мястэчка Воранава, каб ўшанаваць памяць міністра БНР Кіпрыяна Кандратовіча, грамадскія актывісты з Ліды і Бярозаўкі прыязджаюць ужо многія гады. Былі запаленыя знічы, узнятыя нацыянальныя бел-чырвона-белыя сцягі. Міхась Бурачэўскі, распавёў, як магіла генерала вандравала з Ліды на Воранаўскія могілкі і вось сюды, на цвінтар каля Воранаўскай праваслаўнай царквы.

Нявырашальнай пакуль задачай застаецца імкненне гісторыкаў пазнаёміцца з архівам К. Кандратовіча, які знаходзіцца ў Лондане ў унукаў генерала, але спадзяванні на доступ да яго ёсць.

Наш кар.


Беларусь завяршыла 6-ю Агульнанацыянальную дыктоўку

Беларуская дыктоўка ў Бярозе

Дыктоўка паводле тэксту Кастуся Каліноўскага "Ліст з-пад шыбеніцы" выклікала ў бярозаўскіх актывістаў розныя пачуцці, якія навязваюць і да сучаснай сітуацыі ў Беларусі. Пра гэта казалі ў час абмеркавання напісанага, паведамляе ўдзельнік дыктоўкі Ігар Меншыкаў:

- З цяжкім сэрцам пісалі. Я неяк адчуў тыя апошнія дні, якія адбываў на гэтым свеце Кастусь, і засталося цяжкае ўражанне. Да сённяшняга дня нічога не змянілася.

Андрэй Кавалевіч:

- Прыклад Кастуся Каліноўскага дэманструе, як трэба да апошняй кроплі крыві змагацца за незалежнасць Беларусі.

Адмысловыя лісты з выявай Кастуся Каліноўскага і напісанымі тэкстамі дыктоўкі прысутныя забралі з сабой на памяць.

Ганна Васілевіч, Беларускае Радыё Рацыя. Фота аўтара

Дыктоўка ў Менску

25 сакавіка ў сядзібе ТБМ у Менску прайшоў 3-ці, заключны этап 6-й беларускай Агульнанацыянальнай дыктоўкі, які пасутнасці завяршыў дыктоўку ў краіне і дыяспрах. І можна смела гаварыць, што геаграфія дыктоўкі не звузілася, па формах правядзення дыктоўка стала больш разнастайная. Найбольш масавай дыктоўка была ў Гародні. Дыктоўку чыталі відныя людзі Беларусі. Можна спадзявацца, што гэтая акцыя яднання нацыі будзе набіраць размах.

Наш кар.


Дзень Волі ў Беларускім ліцэі ў Бельску Падлескім

Турнір, конкурс беларускіх нацыянальных страў ды сустрэчы з вядомымі беларусамі - у такой форме праходзілі святкаванні Дня Волі ў Беларускім ліцэі ў Бельску Падлескім. Па словах апекуна клубу польска-беларускіх спраў Уладзіміра Вавульскага, такая форма святочных мерапрыемстваў адрасавана вучням першых класаў ліцэя, большасць з якіх дагэтуль не была знаёма са значэннем даты 25 сакавіка ў жыцці беларусаў.

- Першыя класы гэтага свята яшчэ не ведаюць. І мы ў нашай школе праз турнір, праз нацыянальныя стравы, праз гумар паказваем гэтае свята. Мы стараемся, каб свята не асацыявалася з афіцыйнымі мерапрыемствамі, прамовамі, вершамі, а каб была радасць, быў смех і зацікаўленасць саміх вучняў у тым, каб падрыхтаваць сцэнкі, казкі, каб падрыхтаваць беларускі стол. Я думаю, што яны запомняць гэта на нейкі час і будуць ведаць, што 25 сакавіка - гэта дзень незалежнай і вольнай Беларусі.

Класы-пераможцы турніру і конкурсаў у якасці ўзнагароды могуць выбраць адзін дзень, падчас якога настаўнікі не будуць мець права правяраць хатнія заданні і выклікаць вучняў да адказу.

Наталля Герасімюк, Беларускае Радыё Рацыя, Бельск Падлескі, фота аўт.


Гданьск далучыўся да адзначэння ўгодкаў БНР

Беларусы Памор'я адзначылі ўгодкі абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі, сустрэўшыся на гарнізонных могілках Гданьска каля магілы аднаго з заснавальнікаў БНР Лукі Дзекуця-Малея. Там былі ўскладзены кветкі ды запалены знічы, паведаміла старшыня Беларускага культурнага таварыства "Хатка" ў Гданьску Лена Глагоўская.

- Пасля паехалі пад камень Купалы і там таксама ўсклалі кветкі. Наша Аня Куклік праспявала песню "Явар і каліна", каб добра раслі явар і каліна, якія мы пасадзілі ў 2010 годзе. І прачыталі верш Янкі Купалы 1920 года "25 сакавіка". А затым сустрэліся ў сядзібе нашага таварыства, дзе працягнулі святкаванне.

Удзельнікі сустрэчы таксама прачыталі трэцюю Устаўную грамату, прадставілі далейшую гісторыю і прыгадалі, як святкавалі ўгодкі БНР, пачынаючы з 1920 года найперш у Менску, а пасля ў Вільні і Празе. На сустрэчы прысутнічаў сын рэлігійнага дзеяча, паэта і публіцыста Міколы Дварэцкага, які апошнія гады жыцця правёў у Лембарку непадалёк ад Гданьска, дзе збіраў сяброў і святкаваў 25 сакавіка.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя


25 сакавіка адзначылі ў Канадзе

24 сакавіка Згуртаванне беларусаў Канады адзначыла 95-я ўгодкі абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі.

Галоўнай тэмай святочнай імпрэзы стала 150-годдзе паўстання пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага. Акрамя традыцыйных дакладаў, быў паказаны кліп Ляпіса Трубяцкога "Ня быць скотам" і мультфільм "Будзьма беларусамі!". Падчас імпрэзы адбылася тэлефонная размова з Паўлам Севярынцам, у якой ён павіншаваў беларусаў Канады са святам і падзякаваў за падтрымку.

Сёлета Згуртаванне беларусаў Канады павіншавала палітвязняў з Днём Волі самаробнымі паштоўкамі і сімвалічнымі птушкамі Волі, зробленымі адмыслова да свята сябрамі ЗБК. Святкаванне скончылася гімнам "Магутны Божа".

Радыё Свабода. Здымкі Алены Лявончанкі.


Дык што ж будзе з беларускай лацінкай?

Сп. М. А. Ладуцьку,

Старшыні Мінскага гарвыканкама

220030, г. Мінск,

пр-т Незалсжнасці, 8

Паважаны Мікалай Аляксандравіч!

У Грамадскае аб'яднанне "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" паступаюць дзясяткі зваротаў ад грамадзян Беларусі, якія заклапочаны тым, што беларуская лацінка, на якой аформлены назвы станцый метрапалітэна, падвяргаецца рэвізіі з боку некаторых чыноўнікаў Мінгарвыканкама.

Хочам нагадаць, што гэта сістэма перадачы назваў сродкамі лацінскай графікі распрацавана навукоўцамі на аснове практыкі, яна атрымала высокую ацэнку Міжнародных арганізацый.

Складваецца ўражанне, што асобныя чыноўнікі ў аб'яўлены Год беражлівасці гатовы беспадстаўна марнатравіць дзяржаўныя сродкі. Мабыць, яны не падзяляюнь думку Кіраўніка Беларускай дзяржавы: мНа Беларусі ніколі не перасохнуць крыніцы народнай мудрасці, таленту, любові да роднай мовы, культуры і традыцый Бацькаўшчыны".

Просім Вас як мага хутчэй зацвердзіць напісанне назваў станцый метрапалітэна сродкамі традыцыйнай беларускай лацінкі, узаконенай беларускім урадам, і выкарыстоўваць менавіта гэтую версію лацінкі ў візуальным афармленні нашай сталіцы.

З павагай, Старшыня ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" Алег Трусаў.



Алегу Трусаву,старшыні ГА "ТМБ імя Ф.Скарыны"

У Мінскім гарадскім выканаўчым камітэце разгледжаны Ваш чварот ад 28.02.2013 "аб спыненні транслітарацыі станцый метро з беларускай мовы".

Інфармуем Вас, што прававыя асновы па выяўленні, нармалізацыі, прысваенні найменняў геаграфічным аб'ектам і іх перайменаванні вызначаны ў Законе Рэспублікі Беларусь "Аб назвах геаграфічных аб'ектаў".

У адпаведнасці з артыкулам 17 дадзенага Закона правілы і спосабы перадачы найменняў геаграфічных аб'ектаў з беларускай мовы на рускую, з рускай мовы на беларускую, а таксама з беларускай і рускай моў на іншыя мовы вызначаюцца Дзяржаўным камітэтам па маёмасці Рэспублікі Беларусь.

Артыкулам 9 вышэйназванага нарматыўнага прававога акта ўстаноўлена, што Дзяржаўным камітэтам па маёмасці Рэспублікі Беларусь таксама вызначаюцца правілы транслітарацыі найменняў геаграфічных аб'ектаў літарамі лацінскага алфавіту.

Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 02.03.2011 № 262 зацверджаны Палажэнне і склад Тапанімічнай камісіі пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь. На падставе дадзенага Палажэння камісія ажыццяўляе каардынацыю дзейнасці па фарміраванні адзінага падыходу да выяўлення, нармалізацыі, прысваенні найменняў геаграфічным аб'ектам і іх перайменаванні.

Намеснік старшыні І.В. Карпенка.


Берасцейскія заўзятары бароняць беларускамоўныя банеры

Прыхільнікі футбольнага клуба "Дынама-Брэст" з адкрытым лістом звярнуліся ў Асацыяцыю "Беларуская федэрацыя футболу". Яны выступілі з патрабаваннем спыніць пераслед беларускай мовы на футбольнай атрыбутыцы. Берасцейцы ўзгадалі апошні інцыдэнт у час матчу Кубка Беларусі паміж "Менскам" і "Дынама", кажа прадстаўнік аб'яднання футбольных заўзятараў Максім Усцінчук:

- Мы ліст напісалі менавіта пасля кубкавага матчу. Быў забаронены банер, які афіцыйна знаходзіцца ў нашым афіцыйным рэестры. Нам было сказана, што гэты рэестр сапраўдны па ўсёй Беларусі. Майкі з нармальнымі надпісамі здымалі з нас, забіралі таксама і шалікі. У канцы матчу нам іх нават не аддалі.

Прадстаўнікі АМАПу забаранілі размясціць на трыбунах банер "Дынама-Брэст ад калыскі - да пагоста з імем, якое ніхто не адыме". Пад забарону трапілі і кашулькі "Мы не бухія бульбашы! Мы моцныя беларусы!" і "Дынама-Брэст - мой гонар, маё жыццё, усё, што кахаю і чым ганаруся".

Вадзім Батура, Беларускае Радыё Рацыя. Фота fans-edge.info.


Баранавіцкія сябры ТБМ сабралі 156 подпісаў за тэрміновы рамонт помнікаў у гонар паўстанцаў 1863 года

Баранавіцкія сябры ТБМ сабралі 156 подпісаў за тэрміновы рамонт помнікаў у гонар паўстанцаў 1863 года і накіравалі іх старшыні Мілавідскага сельскага савета (Баранавіцкі раён) Ірыне Сушчык. У звароце паведамляецца, што ў вельмі дрэнным стане знаходзіцца пляцоўка ля Мілавідскага памятнага знака ў гонар касінераў Кастуся Каліноўскага, якую ў студзені пашкодзіў п'яны мясцовы кіровец. Зусім кепскі вонкавы выгляд мае і каталіцкая капліца, у якой вецер моцна пашкодзіў дах, і сарваная бляха валяецца на зямлі.

Таму сябры ТБМ просяць Мілавідскі сельскі савет арганізаваць працу па рамонту помнікаў і добраўпарадкаванні тэрыторыі з нагоды 150-х угодкаў Мілавідскай бітвы 1863 года.

- Мы не толькі просім, але і самі прымем удзел у добраўпарадкаванні. Як толькі сыдзе снег і падсохне зямля прадстаўнікі грамадскасці Баранавічаў прыбяруць смецце і пасадзяць кветкі ля помнікаў у гонар касінераў Кастуся Каліноўскага. Мы абавязкова арганізуем талаку па добраўпарадкаванні тэрыторыі ля Мілавідскіх помнікаў у гадавіну такой слаўнай падзеі, - адзначыў старшыня Баранавіцкай Рады ТБМ Віктар Сырыца.

Вітусь Свабодскі.

Фота: 1). Разбураная пляцоўка ля Мілавідскага памятнага знака (Баранавіцкі раён) усталяванага ў 1993 годзе 2). Разбураны дах каталіцкай капліцы 3) Сарваная бляха з каталіцкай капліцы валяяцца на зямлі


Дзень Волі-2013 у Нью-Ёрку

25 сакавіка больш за 60 чалавек узяло ўдзел у святкаванні 95-х угодкаў з дня абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі, якое было арганізавана Беларуска-Амерыканскім Задзіночаннем (БАЗА) і парафіяй Св. Кірылы Тураўскага. Святкаванне адбылося ў грамадскай зале сабора Св. Кірылы Тураўскага Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы ў нью-ёркскім раёне Брукліне.

Прагучалі віншаванні ад Прэзідэнта Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Івонкі Сурвілы, Згуртавання беларусаў свету "Бацькаўшчына", Таварыства беларускай мовы, Аляксандра Мілінкевіча, а так-сама ад 17 арганізацыяў беларусаў з усяго свету, выступы старшыні БАЗА Ганны Сурмач, былых кіраўнікоў арганізацыі Антона Шукелойця і Вячкі Станкевіча ды інш.

Пасля заканчэння афіцыйнай часткі адбыўся святочны канцэрт, у якім узялі ўдзел як беларусы з Нью-Ёрка, так і госці з Канады - святкаванне наведаў музычны дуэт "Кантабіле" ўскладзе Ўлады Шамецькі і Міхася Рыкава, а таксама беларускага паэта Юрася Шамецькі.

У Нью-Джэрсі святочны дзень распачаўся з раніцы ў царкве Жыровіцкага абраза Маці Божай у Хайлэнд-Парку. Святар Беларускай Аўтакефальнай Царквы айцец Зінові адправіў малебен за Беларусь ды ўвесь беларускі народ. Святкаванне працягнулася ў гатэлі Hyatt у Нью-Брансвіку. Віншаванні беларусам даслалі кангрэсмен Крыс Сміт, сенатары Франк Лаўтэнберг і Роберт Менендас ды губернатар Крыс Крысці.

Наш кар. Фота Дз. Шчыгельскага.


Паўстанне 1863 г. на Лідчыне

За нашу і вашу свабоду*

(Працяг. Пачатак у папяр. нумары.)

Сам Людвік Нарбут так апісаў гэты бой у рапарце да Нацыянальнага Ўраду:

"Рапарт ваеннага начальніка Лідскага павету ад 16.IV.

Выконваючы марш з маім аддзелам у паўднёвай частцы Лідскага павету, быў атакаваны маскалямі ў лесе Даўніна, паміж маёнткамі Глыбокае і Дубічы. 10 красавіка стаў на пазіцыю і паслаў кавалерыйскую частку да Берштаў знішчыць мост на рацэ Котра, каб перапыніць камунікацыю ад чыгуначнай станцыі Парэчча, пра што маскалям адразу стала вядома. Раніцай 11 красавіка з'явіўся вораг у колькасці 5 рот пяхоты і казацкай сотні.

Высланая выведка паведаміла пра набліжэнне рускіх войскаў. Хоць мясцовасць мне не спрыяла, і я не меў дакладнай інфармацыі пра сілу ворага, вырашыў прыняць бой. Бог дабраславіў нашу зброю. Вораг, маючы больш жывой сілы лепшую зброю, пачаў націскаць. Я зразумеўшы, што магу быць акружаны, загадаў адыходзіць, адыход быў праведзены вельмі ўдала, бо прыйшлося адыходзіць на вачах у ворага на працягу 6 вёрст адкрытым полем. Страцілі ў баі 1 забітага і 5 параненых, вораг страціў 15 забітых і 13 параненых, паміж імі паранены адзін ад'ютант і палкоўнік.

Ваенны начальнік Лідскага павету Нарбут".


Пасля гэтага бою Лідскі ваенны начальнік палкоўнік Амсараў так апісаў тактыку паўстанцаў: "Хеўра гэтая добра арганізавана і ўзброена, падчас дзеянняў яны высылаюць ланцугі і з дасканаласцю карыстаюцца мясцовасцю, нават уладкоўваюць засекі для ўласнай абароны. Не маючы абозу, лёгка апранутыя, знаёмыя з мясцовасцю, яны займаюць ў лесе цяжка даступныя пазіцыі. Пры набліжэнні войскаў, хоць не і выяўляюць вялікага супраціву, але сустракаючы войскі яны ... хутка адыходзяць у гушчар і зноў займаюць іншую пазіцыю, пры гэтым ... нашы войскі, не маючы магчымасці нагнаць іх у густым лесе, могуць несці безкарысныя страты...". Амсараў прапанаваў пазбавіць паўстанцаў магчымасці пераходзіць з аднаго лесу ў другі і для гэтага накіроўваць супраць іх адначасова некалькі атрадаў урадавых войскаў.

На наступны дзень рускія войскі займаліся эвакуацыяй параненых у шпіталі Вільні і пахаваннем забітых. Забітыя былі пахаваны з вялікай пашанай, у трунах абабітых атласам. Таксама назаўтра, пасля бою, салдаты абшукалі маёнтак Глыбокае Валенты Мікуліцкага, пры гэтым яны разрабавалі яго гаспадарку на 13 000 зл. Быў арыштаваны Стэфан Янкоўскі з Дубічаў: "... раніцай казакі атрада ўбачылі каляску, з якой пры іх набліжэнні выйшаў спадар і распарадзіўся, каб каляска працягвала ехаць далей. Сам жа ён пайшоў на сустрэчу казакам і прасіў іх накіравацца ў блізкі лес, дзе, ён як быццам, толькі што бачыў, як некалькі чалавек адлучыліся ад хеўры мяцежнікаў. Казакі не паддаліся на зман, і не давяраючы словам спадара, затрымалі яго, а потым дагналі каляску ў якой знайшлі больш за пуд пораху і зброю" . Мікуліцкага і Янкоўскага аддалі пад суд і саслалі ў Сібір.

Нарбут выкарыстоўваў наступны пасля бою дзень для адыходу: у Якубавічах паўстанцы раскідалі за сабой мост і далей праз Зубрава і Ганелькі атрад адышоў да Нацкай пушчы, да свайго старога лагера паміж Дубічамі і Грыбашамі, на так званай "гары Сеніца". Паводле неапублікаваных запісак Вандаліна Шукевіча, менавіта тады насельніцтва вёскі Зубрава дапамагло Нарбуту арганізаваць удалую засаду, за што вёску спалілі, а жыхароў выслалі ў Сібір.

Генерал-губернатар Назімаў у першы дзень Вялікадня заявіў, што ўсё скончана - на Літве адноўлены парадак, бо застаўся толькі адзін Нарбут.

Бітва пад Кавалькамі

Кавалькі - вёска над ракой Нача.

Адразу пасля Вялікадня рускія зноў выступілі на пошукі Нарбута наступнымі сіламі:

1. Капітан Цімафееў ішоў з Новага Двара на Собакінцы на чале дзвюх рот Паўлаўскага палка пяхоты і звяза 42-га казачага палка, разам 550 чалавек.

2. Палкоўнік Вернер загадзя выступіў з Гародні на Новы Двор на чале трох рот Калужскага палка пяхоты, эскадрона Курляндскага палка ўланаў, звяза казакоў, разам 850 чалавек.

3. Палкоўнік Алхазаў, чарговы ваенны начальнік Лідскага павету, сабраў у Лідзе атрад з роты Фінляндскага палка пяхоты і эскадрона казакоў лейб-гвардыі, разам каля 300 чалавек і рыхтаваўся выступіць з імі на Дубічы, для сумесных дзеянняў з атрадам Цімафеева.

4. З поўначы, з боку адзінай у той час у нашых краях чыгункі, з Алькенік, выйшаў лятучы атрад капітана Кавера ў складзе роты Неўскага палка пяхоты, паўэскадрона Курляндскага палка ўланаў і паўзвяза казакаў, разам 300 чалавек. Ён павінен быў не дазволіць Нарбуту адступіць з Рудніцкай пушчы на поўнач.


Палкоўнік Вернер праз Новы Двор прыбыў у Бершты і тут даведаўся, што паўстанцы стаяць лагерам каля вёскі Шумы. Далей, 17 красавіка ён праз Зубрава рушыў дзвюмя калонамі, а менавіта: 1 калона - дзве роты пяхоты, рушыла праз вёску Мастэйкі і чыгуначную станцыю Марцінканцы, 2 калона - уся астатняя частка атрада, праз вёску Даржэлі да чыгуначнай станцыі Марцінканцы. Злучыўшыся, далей, атрад пайшоў да вёскі Шумы.

Пяхота Алхазава 18 красавіка ўвайшла ў Дубічы, а яго кавалерыя ў Начу і Салтанішкі. У гэты ж дзень пяхота Вернера заняла Рудню, а кавалерыя - Грыбашы. У 19-00 адбылося сутыкненне расійскага патруля з выведкай паўстанцаў каля вёскі Дручміны. З раніцы 20 красавіка, расейцы апытвалі мясцовае насельніцтва, каб даведацца дзе знаходзяцца галоўныя сілы інсургентаў, але "ні пагрозы, ні пераконванне на іх не падзейнічалі" . У гэты момант Нарбут меў у аддзеле ад 200 да 300 ваяроў. Зразумеўшы што бою не пазбегнуць, ён адышоў у яшчэ больш лясістую і багністую частку пушчы - да вёскі Кавалькі. Гэта месца не было ідэальным для бою, бо з тылу ішлі велізарныя балоты, а на правым флагзе было возера Думбля, і адпаведна, не было манеўру для адступлення. Тут паўстанцы размясціліся ў гатоўнасці да бою: тры звязы стральцоў размясціліся паўколам, камандзір з карабінерамі размясціўся пасярэдзіне, а касінеры занялі пазіцыю ззаду ўсіх. У такім стане аддзел правёў ноч з 18 на 19 красавіка, байцы спалі са зброяй, гатовыя ў любы момант да бою. Раніцай на выведку з патрулём быў высланы Пілецкі.

Вернер, разумеючы, што мясцовае насельніцтва сочыць за ім, пакінуўшы толькі некалькі казакоў для падтрымання гарэння вогнішчаў на стаянцы, увечар рушыў у бок Начы. З Начы 20 красавіка ён адправіў кавалерыю праз Салтанішкі на Дубічы з мэтай абыйсці пазіцыі Нарбута і не даць яму магчымасць адступіць, а сам з пяхотай пайшоў на вёску Буды. У Будах былі выяўлены сляды аддзела паўстанцаў, якія вялі да балота каля возера Думбля. Схоплены ляснік з вёскі Буды па прозвішчы Мядзведскі не вытрымаў катавання і пагадзіўся правесці войскі да лагера Нарбута.

У 15-30 Вернер выслаў пяхотны звяз да вёскі Паддуб'е і роту да вёскі Кавалькі. Селянін Мацкевіч распавёў рускаму афіцэру пра тое, што яго сусед, ляснік Барталамей Кандрат з Паддуб'я, дапамагае Нарбуту як выведнік і кур'ер. Ляснік быў арыштаваны, а вёска Паддуб'е разрабаваная. Далей войскі рушылі да Кавалек, дзе і былі абстраляныя патрулём Пілецкага. Руская рота тры разы хадзіла ў штыкавы бой, але была тры разы адбіта. Даведаўшыся пра гэта, Вернер адправіў да Кавалек падпалкоўніка Манцейфеля з ротай пяхоты на дапамогу, па дарозе падпалкоўнік павінен быў аб'яднацца з кавалерыяй. Сам Вернер з іншай пяхотнай ротай рушыў на гук стрэлаў і праз 2 кіламетры патрапіў пад абстрэл паўстанцаў. Скаардынаваўшы свае дзеянні, войскі пачалі наступаць па ўсёй лініі абароны Нарбута. Але наступаць у такой у багністай мясцовасці было складана, салдаты правальваліся ў багну, і паўстанцы стрымлівалі націск. Да канца бою з боку Дубічаў падышоў атрад падпалкоўніка Манцейфеля і таксама адразу ўступіў у бой.

Пад націскаў усіх сіл непрыяцеля, паўстанцы пачалі адыходзіць, выкарыстоўваючы пры гэтым сваю перавагу ў веданні мясцовасці. Адарваўшыся ад войскаў, у Дубіцкай пушчы, Нарбут падзяліў аддзел на часткі і паведаміўшы кожнаму камандзіру пра месца збора ў Гарадзенскай пушчы, загадаў адыходзіць паасобна. З-за наступіўшай цемры і стомленасці, царскія войскі не змаглі пераследаваць інсургентаў па багністай мясцовасці і таму заначавалі ў Дубічах. "За выключэннем некалькіх стрэльбаў і кінутых катлоў на вазах, іншых трафеяў не было" - пісалася ў афіцыйным паведамленні. Паўстанцы страцілі 7 чалавек забітымі і 5 параненымі.

А вось як бой пад Кавалькамі апісаў яго удзельнік Міхал Эльвіра Андрыёлі: "Акружаныя і заціснутыя маскалямі, якія мелі за справу гонару разбіццё аднаго аддзелу, які меў славу на Літве, цэлую ноч адступалі без дарог, змучаныя, галодныя, замёрзлыя. Ксёндз Гарбачэўскі, Краінскі, Нарбут і праваднік са свечкаю ў руках шукаюць дарогі па пушчы. Мы парамі, хістаючыся ад стомы і сплючы на маршы, чапляючыся за калоды і вываратні, сунемся следам за агеньчыкам. Бываюць хвіліны, што нашы праваднікі губляюцца ў вялізарнай пушчы, кажуць аддзелам спыніцца, а самі разыходзяцца шукаць слядоў дарогі: тады адны стоячы, другія прысеўшы, іншыя абапёршыся зноў засынаюць чуткім сном. Зноў каманда: "Марш" - і цягнецца сонная, змучаная дружына.

Пад раніцу, пераканаўшыся, што кружым вакол, кідаем асцярожнасць і галодныя спыняемся недалёка ад хаты лесніка ва ўрочышчы Лакштунцы. Пра выбар пазіцыі няма гаворкі. Бо мы думаем, што маскалі, збітыя нашым начным бадзяннем, пакінуць нас у спакоі. Затрымаліся ў сярэдзіне вялізнага лесу, маючы за сабой балота, а перад вачамі невялікую прасеку, цераз якую вілася сцежка да лесніка. Сонца пачынае прыпякаць, пад адзінаццаць раніцы становіцца горача. Кожны размясціўся, як мог, захоўваючы, аднак, баявую лінію, павернутую фронтам да прасекі. Адны спяць, другія ядуць, іншыя выграваюцца на сонцы, некаторыя чытаюць кніжкі альбо лісты.

Каля другой пазіцыі ад паўдня зменены пікеты, цішыня ў лагеры нечуваная, чуцён піск мух і камароў. Нарбут на хвіліну адышоў за зараснік, звыклая пільнасць на гэты раз аслабла, цяпло і стома апанавалі ўсімі.

Раптам стрэл здалёку, а за ім два іншыя: "За зброю, за зброю!". Нарбут ужо паміж намі. Забурліла, як у катле, падхопліваюцца задрамаўшыя... пытанні, неспакой, замяшанне. Толькі начальнік спакойны, гаворыць пасунуцца наперад на 300 крокаў і заняць баявую лінію па трое ўздоўж краю лесу і прасекі.

Пераканаліся тады, што можа халодная адвага аднаго чалавека. Усе, хвіліну назад трывожныя, неспакойныя, гатовыя ўцякаць, зараз прытомныя, зручна пазаймалі прызначанае сабе месца. Касінеры з афіцэрам у баявой калоне залеглі праз 200 крокаў за стралкамі. Тыя ж, хаваючыся за пнямі і ў кустах, галавой наперад з руляй перад сабой і пальцам на спуску, чакалі каманды да стральбы, а здалёку ўжо гралі маскоўскія трубы баявы сігнал: "Рассыпались молодцы! За камни, за кусты, по два в ряд!" Знаёмы той сігнал дагэтуль гучыць у вушах. У лесе, дзе кожны куст, кожнае дрэва хавае засаду, дзе ніколі нельга палічыць непрыяцеля, дзе кожнаму здаецца, што толькі ён і некалькі бліжэйшых яшчэ бароняцца, а рэшта ўжо ўцякла, дзе рэха сто разоў паўтарае стрэлы і рык маскалёў, а небяспека, здаецца, атачае з усіх бакоў - вайсковая труба робіць немалое ўражанне. "Пане Пілецкі, - гукае Нарбут, - вазьмі 10 чалавек і марш на рэкагнасцыроўку, - а праз хвіліну: - Калі ласка, не рызыкуй". Пілецкі, былы студэнт Пецярбуржскага ўніверсітэта, смелы, талковы, разважлівы, а прытым ветлівы і далікатны хлопец, быў улюбёнцам усяго аддзела. Яму то Нарбут давяраў найрызыкоўнейшыя справы, пэўны ў тым, што той з іх смела і разважліва выйдзе.

Пасля адходу Пілецкага наступіла ціша, якой нават маскоўская труба не прарывала. Толькі сэрцы біліся хутчэй. Нарбут перабягае ўздоўж усёй лініі з шашкай у адной і шапкай у другой руцэ, спыняецца, слухае і зноў выглядае, ці ўсе на месцы.

Страшную цішу неспадзявана разрываюць выбухі некалькіх стрэлаў, загралі трубы і даляцела: "Ура-Ура", якое лес падхапіў і на тысячу таноў паўтарыў. Зашамацелі кусты, і з стрэльбамі, якія яшчэ дыміліся, выскачылі нашы рэкагнасцыроўшыкі. Твары белыя, дыханне прыспешанае: "Пане начальнік! Ідуць шасцёркамі, лінія вялізарная, займаюць крылы!" - Добра! На месца! Ціха... ніякіх галасоў! Хто крыкне - расстраляю! Страляць прыцэльна! Чакаць, пакуль не загадаю! Каб мне ніхто не піскнуў! А ад стрэлаў маскоўскіх здавалася, што ломіць лес, кулі капаюць зямлю. Ужо сям-там чуваць: "Езус, Марыя! Правядзіце мяне на воз!" Але загадана не страляць. І кожны сэрцам, што гучна б'ецца, з стрэльбай наперад чакае, пакуль яму пакажацца маскаль.

Гулка грыміць лес. Стрэлы і крыкі ў 100 раз гусцейшыя і бліжэйшыя, ломяцца галіны, чуваць марш цяжкай масы. Праз хвіліну ўбачым маскоўцаў, а перад намі прасека, ціхая аблітая сонцам.

Замігалі шэрыя шынялі, бліснула зброя і белыя акруглыя аблочкі на фоне лесу. Маскалі займаюць супрацьлеглы край прасекі. Хаваюцца за дрэвы, але наперад, нягледзячы на загады афіцэраў, не рухаюцца. Відаць, іх непакоіць ціш з нашага боку. Нарэшце з трэскам і стрэламі рухаюцца шасцёркамі. Была то хвіліна збавення, сэрцы біліся гвалтоўна, яшчэ 40 крокаў, і вытнуць у штыкі, але раздаўся знаёмы нам моцны голас: "Агонь, хлопцы, усёй лініяй!" І ад канца да канца праляцеў выбух больш сотні стрэлаў, а потым ціша і дым.

Не граюць трубы, маўчыць "Ура!".

- Добра, добра, спраўна, набіць зброю, востра, хлопцы! - гукае расчырванелы Нарбут, абабягаючы ўсю лінію.

Зноўку граюць трубы, і чуваць маскоўская каманда, зноўку грымяць стрэлы і "Ура, вперёд, ребята!". Ломяцца кусты. Прымушаныя гнаныя сілай паслушэнства, кідаюцца маскалі галавою ўніз з штыкамі наперад. Ужо, ужо сядзяць нам на карку. Яшчэ хвіліна - і ўсе кінемся наўцёкі. Але на выгук: "Агонь, прыцэльна!" запаляюцца 150 стрэльб на нашай лініі. Воблака дыму закрывае ўсё, уціхае трэск, чуваць толькі енкі параненых і канаючых з абодвух бакоў.

Але не доўга трывае цішыня, падходзіць падмога. Зноў заенчыў лес, стрэлы, крыкі, паніка... Даём агню некалькі разоў, яшчэ трымаемся. Раптам пабегла левае крыло, зламанае націскам маскалёў, стараемся ўтрымацца, але ўжо позна. Кідаемся направа, за малое балотца, дзе ўсё фармуецца вакол начальніка. ...Агонь аддаляецца, чуваць толькі адзіночныя стрэлы, галасы ціхнуць, лес замаўкае, ціша, але як адрозніваецца ад ранейшай. Бітва скончылася. Пунцовае сонца села за лесам. Здалёк даходзіць да нас глухі шум размоў, водгалас трубы і ад часу да часу далёкі стрэл. Ноч..." .


Карбоўскі дае інфармацыю пра гібель у гэтай бітве 7 інсургентаў, у тым ліку крэўнага Людвіка Нарбута - Войцаха Нарбута, былога капітана расійскай арміі і Уладзіслава Навіцкага, жыхара Міхайлаўкі. Палкоўнік Вернер у рапарце пры гэту сутычку піша пра удзел у ёй уз'яднаных сіл двух аддзелаў - Нарбута і Навіцкага, прычым называе Навіцкага камандзірам над уз'яднанымі сіламі і дакладвае пра яго гібель і гэтай бітве. Навіцкі і яго аддзел - да гэтага часу загадка ў справе гісторыі паўстання на Лідчыне. Пра гэты аддзел няма ніякай інфармацыі ад абодвух бакоў тых падзей, пры тым, што аддзел Навіцкага удзельнічаў і вялікай сутычцы з царскімі войскамі на полі паміж вёскамі Малое Ольжава і Мохавічы: тут паўстанцы панеслі вялікія страты і адступілі праз балоты ў бок Нёмана.

(Працяг у наступным нумары

* Друкуецца ў скарочаным варыянце. Поўны тэкст будзе надрукаваны ў часопісе "Лідскі летапісец" № 2 (62) за 2013 год.

Леанід Лаўрэш


Гісторыя наша з французскіх гравюр

На іх увекавечаны нашы продкі, удзельнікі паўстання

У Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь адкрылася выстава, прысвечаная 150-годдзю паўстання 1863-1864 гг. На ёй дэманструюцца творы графікі, кнігі, дакументы і іншыя помнікі ХІХ ст, прадстаўлена больш за 30 арыгінальных гравюр з французскага часопіса "Le Monde illustrе", друкаваныя выданні і рукапісныя дакументы - апублікаваныя ўспаміны сучаснікаў падзей, творы грамадска-палітычных дзеячаў, гістарычныя даследаванні, узоры фалерыстыкі і сфрагістыкі.

Адзін з галоўных стваральнікаў выставы, Таццяна Мірановіч, расказала аб тым, што ідэя зрабіць выставу, прысвечаную падзеям паўстання 1863 - 1864 гг. з'явілася яшчэ год таму, але, на жаль, яшчэ не было магчымасці яе ажыццявіць. І тады на дапамогу Нацыянальнаму гістарычнаму музею Рэспублікі Беларусь прыйшлі Нацыянальная бібліятэка Беларусі, Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі, Беларускі дзяржаўны архіўмузей літаратуры і мастацтва. Сабралася выдатная калекцыя гравюр, якая заслугоўвае асобай увагі. Уся калекцыя скаладаецца з 34 асобнікаў, якія датуюцца 1863 - 1864 гг., некаторыя з іх маюць канкрэтную каляндарную прывязку. На гэтых выявах вачыма еўрапейцаў можна ўбачыць падзеі 1863-1864 гг., што адбываліся на землях сучаснай Беларусі, Літвы, Польшчы. Гравюры выконвалі ролю своеасаблівых рэпартажных фотаздымкаў, яны суправаджалі невялікія паведамленні ў хроніцы і нярэдка былі больш інфарматыўнымі і яскравымі, чым самі артыкулы. На прадстаўленых выявах можна ўбачыць батальныя сцэны, замалёўкі з паўсядзённага жыцця варагуючых бакоў, тылу, драматычныя эпізоды заканчэння і паразы паўстання - высылка, эміграцыя. У шэрагу гравюр, сярод краявідаў Польшчы, Літвы, Расіі сустракаюцца знаёмыя мясціны і ваколіцы - Менск, Гародня, Наваградак, Барысаў, Слуцк.

Выдатная калекцыя гравюр была дапоўнена іншымі цікавымі экспанатамі. Пра іх расказала ў пачатку святочнай імпрэзы дырэктар Беларускага дзяржаўнага архіву-музея літаратуры і мастацтаў Ганна Запартыка. Яна зазначыла, што выяўлена шмат арыгінальных і ўнікальных рукапісаў таго часу. Перш за ўсе, яны ўзяты з фонду беларускага пісьменніка, мастака, грамадскага дзеяча Казіміра Кастравіцкага, больш вядомага пад псеўданімам Карусь Каганец. Яго сям'я далучылася да паўстання самым актыўным чынам і прыняла трагічны лёс, разам з многімі паўстанцамі, якія былі арыштаваны, высланы ў далёкія губерніі Расіі. З тых далёкіх часоў засталіся ўнікальныя дакуметы, якія ў пачатку 1990-х гг. трапілі з Масквы ў Беларусь. Гэтыя дакументы складаюць вялікую каштоўнасць архіву. Дэманструюцца, напрыклад, "Летапіс Быхаўскай царквы", аўтограф Антона Луцэвіча і інш.

Паўстанне нацыянальна-рэвалюцыйных сіл у 1863 - 1864 гг. на частцы зямель колішняй Рэчы Паспалітай - тэрыторыі сучасных Беларусі, Літвы і Польшчы аказала значны ўплыў на ажыўленне грамадска-палітычных сіл, рэвалюцыйнага руху ў суседніх краінах.

150-ыя ўгодкі паўстання - гэта вялікая падзея ва ўсёй нашай гісторыі, для гісторыі нашай дзяржаўнасці. Без паўстання вельмі складана ўявіць гісторыю Беларусі, часам і трагічую, і гераічную, і рамантычную… як і асобу Кастуся Каліноўскага. Паўстанне засведчыла, што тут, на гэтай зямлі павінна быць асобная дзяржава і грамадзяне гэтай краіны гатовы шмат чым ахвяраваць, каб гэта сталася, зазначыў у сваім выступленні кандыдат гістарычных навук Ігар Унучак. І яшчэ ён дадаў: "Добра, што ёсць людзі, для якіх гэта цікава, для якіх гэта важна."

Іван Бяляцкі, супрацоўнік Інстытута культуры Беларусі.


Гісторыя музейнай справы Беларусі

29 сакавіка ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь адбылася прэзентацыя вучэбна-метадычнага дапамаможніка "Гісторыя музейнай справы Беларусі" аўтарства А.А. Гужалоўскага.

У дапаможніку ўпершыню выкладаецца шматвяковая гісторыя айчыннай музейнай справы. У комплексе прааналізаваны юрыдычныя, адміністрацыйныя, навуковыя. захавальніцкія, адукацыйныя і іншыя аспекты дзейнасці музеяў Беларусі. Паказана карціна іх развіцця на розных этапах - ад музейнага збіральніцтва да нашага часу.

Вучэбна-метадычны дапаможнік прызначаны для студэнтаў вышэйшых навучальных устаноў. якія навучаюцца па спецыяльнасці 1-23 01 12 "Музейная справа і ахова гісторыка-культурнай спадчыны (па напрамках)". Кніга будзе цікавай і для музейных работнікау, спецыялістаў у галіне аховы помнікаў калекцыянераў.

Музеялагічная падрыхтоўка заклікана навучыць моладзь арыентавацца ў сучасным свеце, асэнсоўваць яго як сукупнасць культурных дасягненняў чалавечай супольнасці. Прадстаўнікі музейнай прафесіі павінны спрыяць узаемаразуменню і прадуктыўнаму дыялогу розных культур. У працэсе вывучэння курса "Гісторыя музейнай справы Беларусі" студэнты атрымліваюць уяўленне пра шматвобразнасць і самакаштоўнасць айчынных музеяў на розных этапах іх гістарычнага развіцця, спрабуюць прымяняць свае веды на практыцы, будаваць прагнастычныя мадэлі музейнай сферы.

Сёння музейную тэорыю і практыку можна развіваць толькі з улікам карысных шматгадовых набыткаў. Разгляд гістарычнага досведу музеяў неабходны для распрацоўкі сучасных пытанняў музеялогіі. Падобны падыход дазваляе сфармаваць рацыянальнае разуменне: мінулае музея праз дзень сённяшні накіравана ў будучыню.

У працэсе вучобы студэнты спасцігаюць гісторыю музейнай справы, практыку работы музеяў, а таксама развіццё навуковай думкі на розных этапах пройдзенага шляху. Гэта галіна гістарычнай навукі мае свае ключавыя паняцці і характарыстыкі, свае крыніцы і гістарыяграфічныя даследаванні. Яе перыядызацыя вызначаецца асаблівасцямі існавання музейных устаноў у канкрэтных сацыяльна-эканамічных, палітычных і культурных умовах. Гісторыя музейнай справы выкарыстоўвае метады гістарычнай навукі, дапаможных дысцыплін, мастацтвазнаўства, помніказнаўства, культуралогіі.

Вучэбна-метадычны дапаможнік "Гісторыя музейнай справы Беларусі" знаёміць студэнтаў з вузлавымі пытаннямі станаўлення і развіцця айчынных музеяў - ад стварэння першых дамузейных збораў у эпоху Сярэднявечча да цяперашнягачасу. Упершыню выкладаецца шматвяковая гісторыя музейнай справы Беларусі. Матэрыял згрупаваны па асноўных перыядах гісторыі краіны, што дае ўяўленне аб паступальным развіцці айчынных музеяў, а таксама матэрыяльнай і духоўнай культуры беларускага народа. Унутры кожнага з перыядаў музеі сістэматызаваны паводле іх ведамаснай прыналежнасці. а з пачаткам іх спецыялізацыі - па профільных групах. У дапаможніку ўлічаны сучасныя тэарэтыка-метадалагічныя падыходы да музейнай дзейнасці, у прыватнасці музей разглядаецца як форма трансляцыі культур назапашанага сацыяльнага досведу.

Аўтар імкнуўся ўзнавіць рэальную карціну дамузейнага збіральніцтва і музейнай справы, паказаць залежнасць стварэння музеяў ад сацыяльна-эканамічных, палітычных і культурных умоў жыцця грамадства, вызначыць ролю і месца музеяў сярод іншых сацыяльна-культурных інстытутаў.

Вялікі набытак у выглядзе фондавых калекцый, метадаў і прыёмаў іх апрацоўкі, вывучэння і прадстаўлення публіцы сведчыць аб самаадданай працы музейных работнікаў. У гэтай кнізе расказваецца пра найбольш яркіх асоб, сапраўдных падзвіжнікаў музейнай справы.

Дапаможнік уключае наступныя раздзелы:

ЗАРАДЖЭННЕ МУЗЕЙНАЙ СПРАВЫ Ў ХІ - ПАЧАТКУ ХХ ст.

1.1. Прыватнае збіральніцтва.

1.2. Музеі навучальных устаноў.

1.3. Музеі навуковых таварыстваў.

СТАНАЎЛЕННЕ МУЗЕЙНАЙ СПРАВЫ Ў 1917-1941 гг

2.1. Дзяржаўныя музеі БССР.

2.2. Грамадскія краязнаўчыя музеі БССР.

2.3. Музеі Заходняй Беларусі.

РАЗВІЦЦЁ МУЗЕЙНАЙ СПРАВЫ Ў 1944-1991 гг.

3.1. Краязнаўчыя музеі.

3.2. Гістарычныя музеі.

3.3. Мастацкія, літаратурныя і прыродазнаўчыя музеі.

У заключэнні разглядаецца пастаноўка музейнай справы на мяжы XX і XXI стст.

Наш кар.


ГУЖАЛОЎСКІ Аляксандр Аляксандравіч , доктар гістарычных навук прафесар кафедры этналогіі. музеялогіі і гісторыі мастацтваў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Сконныў аспірантуру Расійскага інстытута культуралогіі (Масква). Стажыраваўся ў Смітсанаўскім інстытуце (Вашынгтон), Рэйнвардскай акадэміі (Амстэрдам). Аўтар трох манаграфій - "Нараджэнне беларускага музея. Музеі Беларусі. 1918-1941", "Музеі Беларусі 1941-1991", двух вучэбных дапаможнікаў. больш за 100 артыкулаў. прысвечаных розным аспектам музейнай справы, а таксама гісторыі культуры Беларусі. Член Міжнароднага савета музеяў (ІСОМ), Рэспубліканскага навукова-метадычнага савета па пытаннях музейнай справы. савета па абароне дысертацый пры БДУ, рэдакцыйнай рады "Беларускага гістарычнага часопіса".


Свята на бобрыкаўскай зямлі

Апошняя нядзеля лютага. Раніца. Яе цішыню парушаюць гукі музыкі. Дынамікі, якія ўсталяваны на ганку школы, зазываюць жыхароў Бобрыка і гасцей на свята провадаў зімы. Яго афіцыйна назвалі "Масленіца". Крышку апярэдзілі народную хрысціянскую традыцыю святкавання "Масленіцы". Але што зроблена, тое зроблена. I свята ёсць свята. А адсвяткаваць яго сабраліся у Бобрыку аж чатыры сельсаветы: Парахонскі, Пагост-Загародскі, Навадворскі і Бобрыкаўскі.

Узброіўшыся пяром і папераю, я задумаўся, у якой форме падаць чытачу падзеі, што адбываліся на свяце. I ні адзін газетны стыль у чыстым выглядзе мне падаўся не прыдатным. А па гэтай прычыне будзе тое, што атрымаецца.

Але ж час вяртацца да самога свята, да таго, што адбываецца на імправізаванай сцэне і ў вялікай прыроднай зале. Менавіта тут будуць граць музыкі, спяваць самадзейныя артысткі, спаборнічаць у розных відах спорту вясковыя хлопцы і мужчыны, будуць частавацца пахучай наварыстай рыбнай юшкаю, смачнымі блінцамі і шашлыкамі. I, вядома ж, як і водзіцца на святах, будзе квас, піва і гарэлка.

Народу сабралася шмат. Але ўсё ідуць і ідуць вяскоўцы, пад'язджаюць усё болей і болей госці. Здаецца, тут усе: і старыя, і малыя. Хіба што няма зусім старых і хворых, альбо тых, для каго свет клінам сыйшоуся у тэлевізійнай скрыні, альбо тых, хто не любіць грамаду, альбо тых, хто ў гэтай грамадзе любіць толькі самога сябе.

А шго ж дзеецца на сцэне? А там пакуль што з кута ў кут хаты з лямантам носіцца жвавая бабуля, якая стараецца разкатурхаць свайго дзеда, што ўлёгся на канапе у сваіх брудных валёнках і храпе ва ўсе свае дзюркі. Бабуля падганяе свайго дзеда, каб не спазніцца на свята. Ды не, не спазніліся. Прыйшлі якраз у самы той момант, калі да мікрафонаў важна не ідуць, а выплываюць дзве статныя жаночыя постаці ў прыгожых народных строях. Гэта і ёсць яны - вядоўцы. Дзве Алены - Кулеш і Міхалевіч, якія і разпачынаюць свята пад воплескі шматлікай аўдыторыі:

Добры, дзень,

госцейкі дарагія!

Сталыя і маладыя,

Румяныя і свежыя,

Мясцовыя і прыезджыя,

Госці званыя і жаданыя


Ой, добры дзень вам

Дарагім сябрам!

Сёння свята ў нас,

Будзем зіму праваджаць,

Вясну сустракаць.

Вас на свята запрашаем

і вясселе абяцаем!

Тут сумотам будзе пуста,

А ўсмешкам, жартам - густа!


Хто на свяце сумуе,

Таму ў годзе не шанцуе.

Будзем сёння забаўляца,

I блінамі сілкавацца.

Так, зайграйце, музыкі,

Бо настаў дзень вялікі!

Хай вяселле звініць навакол!

Хай жа нашае свята

Войдзе ў кожную хату.

Над сцэнай у афармленні прыгожых ручнікоў два словы: "Сардэчна запрашаем". Гэтак жа сардэчна і цёпла, па-гаспадарску, запрашаюць усіх на свята і вядоўцы. Іх сонечныя ўсмешкі і шчырыя словы яскрава гаварылі: "Свята завітала на Палессе".

Вядоўцы перадалі канцэртную эстафету самадзейным калектывам з вёсак Пласкінь і Ліпнікі. Ансамбль народнай музыкі і песні "Суседзі" сваёй песняй "Прывітальная" запрашалі і віталі гасцей па гэтым свяце. У іх выкананні гучалі песні "Ой, зіма-зіма", "Вёсачка мая". "Ой, мяцеліца" і задорныя беларускія прыпеўкі. А скончылі сваё выступленне песняй "Чарка на пасашок".

Сапрауды народны калектыў прыехаў на свята з Ліпнік, які прывёз свае абрадавыя песні "Прыйшла зіма", "Прыйшлі калядкі" і "Веснавая". Было б несправядліва не назваць гэтых вясковых жанчын-пявунь. Гэта Клімавец Марыя, Домась Вольга, Камановіч Ганна, Калесніковіч Вольга, Шляжка Зіновія, Трынько Ганна. I іх арганізатары Лінкевіч Галіна і Шляжка Наталля.

А тым часам на спартовых пляцоўках мераліся сіламі і спрытам валейбалісты і гіравікі, шашысты і лыжнікі, гульцы ў настольны тэніс і дружыны па перацягванні каната. Сярол васьмі гіравікоў самым дужым аказаўся Арцём Завадскі (Бобрык). Ён штурхнуу 24 - кілаграмовую гіру 59 раз. На многа апярэдзіў сваіх супернікаў.

Валейбалісты былі прадстаўлены дзвюмя камандамі: Навадворскага і Бобрыкаўскага сельсаветаў. Лёгкую перамогу над валейбалістамі з Бобрыка атрымалі госці з Новага Двара. У лыжнікаў лепшымі стала каманда з Бобрыка. Яны перамаглі ў эстафеце 3 па 200 м. У складзе каманды былі Багамаз Максім, Кавалевіч Яўген і Кірыковіч Мікалай. Спартсмен Банцэвіч з П-Загародска стаў пераможцам у гульні ў настольны тэніс. Уладзімір Сідарэвіч добра спраўляецца не толькі на ніве хлебнай, на поле бульбяным і кукурузным, але і на полі шашачным. I ў выніку ён стаў "залатым" прызёрам.

Са сваёю канцэртнаю праграмаю на свята прыехалі спявачкі ансамбля народнай песні "Маладзіцы" з Парахонска. Яны падарылі слухачам і гледачам свае песні: "У нас на Палессі", "Бульба", "Ой, калі ж той вечар", "А нашы мужыкі" і іншыя. Баяністы ансамбля Ігар Караткевіч і Аляксандр Галавач не толькі акампанавалі дзяўчатам, але і прыгожа праспявалі песню "Сказаў, як звязаў". Былі і прыпеўкі. Але на жаль яны рускамоуныя. Сваю праграму гэты прыгожы і пявучы калектыў завяршыў песняй "За Беларусь!". Гэтая песня была ўспрынята аудыторыяй як гімн роднай старонцы. Кіруе гэтым таленавітым калектывам Ларыса Цэван. Вяла канцэртную праграму Вольга Галавач. Знаёмім і са спявачкамі: Вольгай Шушко, Галінамі Самуйлік, Казлоўскай і Даманцэвіч, Ірынай Сашнянінай.

Заслужыў увагу і павагу фальклорны калектыў Навадворскага сельсавета пад кіраўніцтвам Алены Мемех. Песні "Хлеб ды соль", "Салавей у садзе", "Празднікі" (з рэпертуару Анатолія Ярмоленкі) і "Чарка на пасашок" падарылі гледачам спявачкі Алена Рабкавец, Лідзія Селюжыцкая, Таццяна Лінкевіч, Тамара Свірыд, Таццяна Кахнюк, Вера Папіціч і Валянціна Ярашэвіч, якая і вяла праграму. Дзмітры Нарывончык і Віталь Петруковіч задорна акампанавалі на сваіх гармоніках.

Найбольш заўзятараў сабрала пляцоўка для перацягвання каната. Чатыры дружыны вясковых асілкаў прынялі ўдзел у гэтым турніры. У фінал выйшлі дружыны з Парахонска і Бобрыка. I вось апошняя схватка. Не здарма ж пяецца ў песні: "Апошні бой, ён самы цяжкі". Каманды ў баявой гатоўнасці. Канат нацягнугы быццам балалаечная струна. Вось-вось здаецца лопне. Усё замерла ў чаканні свістка суддзі. I свісток Анатоля Шапялевіча парушыу цішыню. Чырвоная стужачка спачатку на некалькі сантыметраў падалася ў бок парахонскіх асілкаў. Пляцоўка выбухнула: "Бобрык! Бобрык!". I стужачка пасунулася на сваё месца. I зноў пачулася: "Бобрык! Бобрык!". I чырвоная стужачка павольна папаўзла ў бок дружыны Анатоля Брадніцкага (Бобрык). Зноў стужачка замерла на месцы. А потым пачала павольна рухацца ў бок асілкаў з Бобрыка. I вось яна! Жаданая перамога! Радуюцца асілкі і іх заўзятары. Дружына з Бобрыка ўжо радасна пазіруе перад аб'ектывамі фотарэпарцёраў.

Свята працягвалася гульнямі, танцамі, спевамі. I гучнымі тостамі за сяброўства і каханне.

Уладзімір Гук, старшыня Пінскай раённай арганізацыі ТБМ,вёска Бобрык.


Моўныя канверты ад Лявона Карповіча

Такія самаробныя канверты выпускае сябра ТБМ, знакаміты беларускі філатэліст Лявон Карповіч. Кожны прыхільнік роднага слова можа сам зрабіць такі канверт і даслаць сваім знаёмым.

Старшыня ТБМ Алег Трусаў.


Вій. Жахлівая помста.

У 1981 годзе ў Гарадзенскім абласным тэатры лялек адбылася першая прэм'ера - спектакль "Людвіг і Тута" В. Богача і С. Хрыстоўскага па кнізе Я. Экхальма ў пастаноўцы славутага рэжысёра-лялечніка Сяргея Фёдаравіча Юркевіча (1964-2002) і сцэнаграфіі вядомага мастака Леаніда Быкава.

Прайшоў 31 тэатральны сезон. У рэпертуарнай калекцыі тэатра спектаклі як для дзяцей ("Васіліса Прыгажуня" Е. Чарняк, "Папялушка" Я. Шварца, "Чароўны пярсцёнак" па Б. Шаргіну, "Піліпка і Ведзьма" С. Кавалёва, "Залаты ключык " па А. Талстому, "Кошкін дом" С. Маршака), так і для "дарослага" рэпертуару ("Трагедыя пра Макбета, "Сон у летнюю ноч", "Зімняя казка" У. Шэкспіра, "Паэма без слоў" і "Тутэйшыя" па творам Я. Купалы, "Магічнае люстра пана Твардоўскага" С. Кавалёва, "Пікавая дама" па аповесці А. Пушкіна ды оперы П. Чайкоўскага.

Сваю 100 прэм'еру "Вій. Страшэнная помста", якая адбылася 7 снежня 2011 года тэатр адрасуе моладзі і даросламу гледачу! Пастаноўку ажыцццявіў таленавіты рэжысёр Алег Жугжда, а сцэнаграфію - Валеры Рачкоўскі. Музыку напісаў Віталь Лявонаў, а касцюмы цудоўна зрабіла Алёна Гулько... Спектакль вяла Людміла Паўлоская.

Мне асабіста спадабалася, як выконвае сваю ролю Хамы Брута Алесь Радзько. Таксама ў спектаклі задзейнічаны: Зміцер Гайдзель, Алесь Енжыеўскі, Аляксандра Ліцвінёнак, Валеры Карышаў, Наталля Дацэнка, Яўгенія Рамановіч, Вольга Авасілька.

Лялькі і дэкарацыі зрабілі ў майстэрнях тэатра: Вікторыя Анціпіна, Насця Крукоўская, Павел Асадчы, Таццяна Панасік.

Спектакль быў паказаны ў рамках творчай лабараторыі тэатраў лялек Беларусі. Было шмат кветак. Гучалі апладысменты, а потым крытыкі і журналісты абмеркавалі пастаноўку на гогалеўскія тэмы. Было вельмі цікава.

Аляксей Шалахоўскі.


У бацькоў-беларусаў больш шанцаў аддаць дзіця ў садок

У Беластоку больш за сорак дашкольных навучальных установаў, сярод іх ёсць садок і з беларускімі групамі.

Сёлета Беластоцкая кураторыя асветы ўвяла новую форму набору ў адпаведнасці з колькасцю пунктаў. Найбольшая колькасць пунктаў паводле новай сістэмы павялічвае шанцы на ўладкаванне дзіцяці ў садок.

У дзіцячых садках існуе недахоп месцаў, кажа дырэктар беларуска-польскага садка №14 у Беластоку Люцына Німяровіч:

- Трэба вельмі спакойна і ўважліва запаўняць гэтую анкету, каб атрымаць як найбольш пунктаў. Важным у гэтай анкеце з'яўляецца пункт - спецыфіка . Таму тыя з бацькоў, хто хоча, каб іх дзіця трапіла ў беларускую групу, павінны гэта пазначыць, тады яны атрымаюць больш пунктаў.

У гэтым навучальным годзе ў беластоцкім дзіцячым садку №14 каля 100 дзяцей навучаюцца па-беларуску. У межах праграмы дзеці знаёмяцца з беларускай культурай ды традыцыямі.

Дзіцячы садок №14 у Беластоку запрашае ўсіх на дні адкрытых дзвярэй з 3 па 5 красавіка. Набор у беластоцкія дзіцячыя садкі працягнецца да 16 красавіка.

Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX