НАША СЛОВА № 15 (1114) 10 красавіка 2013 г.
Дарагія сябры "Нашага слова"!
У гэтым квартале адбылося некаторае сезоннае павышэнне колькасці падпісчыкаў, але заслуга ў гэтым перш за ўсё г. Менска, Менскай, Гарадзенскай і Магілёўскай абласцей. Асабліва трэба адзначыць Слуцка-Салігорскі рэгіён, які захаваў свае высокія пазіцыі. Прадаўжае радаваць Кіраўск. Вырасла падпіска ў Валожынскім, Дзяржынскім і ў некаторых іншых раёнах. Зусім нечакана рэзка ўпала падпіска ў Гомельскай вобласці
Студзень Красавік
Берасцейская вобласць:
Баранавічы р.в. 19 17
Бяроза р.в. 9 9
Белаазёрск р.в. 1 1
Бярэсце гор. 15 14
Ганцавічы р.в. 1 1
Драгічын р.в. 2 2
Жабінка р.в. 1 1
Іванава р.в 2 2
Івацэвічы р. в. 9 9
Камянец р.в. 2 2
Кобрын гор. 1 2
Лунінец гор. 2 2
Ляхавічы р.в. - 1
Маларыта р.в. 1 1
Пінск гор. 10 11
Пружаны р.в. 10 9
Столін р.в. 2 3
Усяго: 87 87
Віцебская вобласць:
Бешанковічы р.в. 1 1
Браслаў р.в. 1 1
Віцебск гор. 26 27
Віцебск РВПС 3 2
Верхнедзвінск р.в. 5 5
Глыбокае р.в. 5 6
Гарадок р.в. 4 4
Докшыцы р.в. 2 1
Дуброўня р.в. 2 1
Лёзна р.в. 1 1
Лепель р. в. 2 1
Міёры р.в. 2 3
Новаполацк гор. 13 12
Орша гор. 1 1
Полацк гор. 7 7
Паставы р.в. 14 15
Расоны р.в. 1 1
Сянно р.в. 1 1
Талочын р.в. 1 1
Ушачы р.в. 2 2
Чашнікі р.в. 1 1
Шаркоўшчына р.в. 5 5
Шуміліна р.в. - 1
Усяго: 100 100
Менская вобласць:
Беразіно р.в. 2 3
Барысаў гор. 6 6
Вілейка гор. 1 3
Валожын гор. 7 10
Дзяржынск р.в. 5 8
Жодзіна гор. 4 4
Клецк р.в. 1 1
Крупкі р.в. 5 7
Капыль р.в. - 1
Лагойск 4 5
Любань р.в. 1 -
Менск гор. 296 325
Менск РВПС 9 10
Маладзечна гор. 13 13
Мядзель р.в. 3 2
Пухавічы РВПС 5 4
Нясвіж р.в. - 1
Смалявічы р.в. 1 1
Слуцк гор. 21 19
Салігорск гор. 75 73
Ст. Дарогі р.в. - -
Стоўбцы р.в. 2 2
Узда р.в. 2 2
Чэрвень р.в. 4 3
Усяго: 467 503
Гомельская вобласць:
Буда-Кашалёва 2 -
Брагін р.в. 1 1
Ветка р.в. 1 1
Гомель гор. 36 36
Гомель РВПС 1 1
Добруш р.в. 4 2
Ельск р.в. 1 1
Жыткавічы р.в. 12 7
Жлобін гор. 2 2
Калінкавічы гор. 1 1
Карма р.в. 2 2
Лельчыцы р.в. 1 1
Лоеў р.в. 1 1
Мазыр гор. 4 1
Акцябарскі р.в. - -
Нароўля р.в. - -
Петрыкаў р.в. 1 1
Рэчыцца гор. 3 3
Рагачоў гор. 2 2
Светлагорск гор. 3 2
Хойнікі р.в. - 1
Чачэрск р.в. 2 -
Усяго: 80 66
Гарадзенская вобласць:
Бераставіца 5 5
Ваўкавыск гор. 10 10
Воранава р.в. 6 5
Гародня гор. 38 41
Гародня РВПС 19 18
Дзятлава р.в. 15 16
Зэльва р.в. 3 3
Іўе р.в. 2 2
Карэлічы р.в. 5 5
Масты р.в. 5 6
Наваградак гор. 5 5
Астравец р.в. 5 6
Ашмяны р.в. 6 7
Смаргонь гор. 7 7
Слонім гор. 9 8
Свіслач р.в. 5 5
Шчучын р.в. 4 4
Ліда 12 13
Усяго: 161 166
Магілёўская вобласць:
Бабруйск гор. 4 4
Бялынічы р.в. 1 1
Быхаў р.в. 1 1
Глуск р.в. 1 1
Горкі гор. 2 3
Дрыбін р.в. - -
Кіраўск р.в. 20 20
Клічаў р.в. - 1
Клімавічы р.в. - -
Касцюковічы р.в. 1 1
Краснаполле р.в. - -
Крычаў р.в. - -
Круглае р.в. 2 2
Мсціслаў р.в. 1 1
Магілёў гор. 33 38
Магілёў РВПС 1 1
Асіповічы гор. 8 10
Слаўгарад р.в. 3 2
Хоцімск р.в. 1 1
Чэрыкаў р.в. 2 2
Чавусы р.в. - -
Шклоў р.в. 2 1
Усяго 83 90
Усяго на краіне: 978 1012
У Смаленску будзе беларускае зямляцтва
У Смаленску адбыўся сход з нагоды адкрыцця рэгіянальнага прадстаўніцтва Таварыства беларускай мовы.
Таксама прынятае рашэнне стварыць у Смаленску філію беларускага зямляцтва. Смаленскае прадстаўніцтва будзе насіць імя Францішка Скарыны, у ім будуць вывучацца беларуская мова і культура, яно будзе дапамагаць беларусам Смаленшчыны знайсці вучобу, працу і месца жыхарства.
Паводле перапісу насельніцтва ў 2010 годзе, беларусамі сябе назвалі 12 тысяч 12 чалавек, што пастаянна жывуць у Смаленску і маюць пашпарт грамадзяніна Расеі. Цікавая статыстыка, што датычыцца адукацыі ў Смаленску. У горадзе вучыцца 511 студэнтаў з замежжа, прычым 499 - гэта беларусы. Вялікая частка беларускіх студэнтаў у Смаленску - аршанцы.
Аршанскі рэгіянальны партал.
ХВЕДАРУ НЮНЬКУ - 85
Старшыні Таварыства беларускай культуры Літвы, сябру прэзыдыюму Рады БНР Хведару Нюньку споўнілася 85 гадоў.
Хведар Нюнька нарадзіўся 6 красавіка 1928 года ў вёсцы Алешавічы ў гміне Каменка (цяпер Мастоўскі р-н), у сялянскай сям'і. У 1943 годзе сям'я пераехала ў Вільню, у якой спадар Нюнька ў 1948 годзе скончыў расейскую гімназію. Вучыўся на лясным факультэце Літоўскай сельскагаспадарчай акадэміі (скончыў у 1953 годзе). Працаваў па спецыяльнасці да 1959 году. У 1959-1992 гадах - супрацоўнік праектных інстытутаў Вільні, спецыяліст па каштарысах. З 1980-х гадоў вядзе актыўную грамадска-культурную працу па адраджэнні беларускасці ў Літве У апошніх трох абзацах кнігі "Мае ўспаміны" Хведар Нюнька піша:
- Падсумоўваючы свае ўспаміны, асабліва за апошнія 12 гадоў, трэба нагадаць пра асноўны напрамак дзейнасці ТБК Выдадзена 6 кніг, устаноўлена 6 помнікаў і 7 мемарыяльных табліц, наладжваліся шматлікія пікеты і рабіліся заявы пратэсту. Адбылося безліч сустрэч з літоўскімі ўладамі на ўсіх узроўнях. Шмат часу займае пошук мінімальных сродкаў для існавання ТБК.
На жаль, праблема адраджэння ці стварэння музеяў Івана Луцкевіча, Якуба Коласа і Пётра Сергіевіча пакуль не зрушылася з месца. Усе нашыя намаганні не прынеслі плёну.
Перада мною і маімі аднадумцамі Лявонам Луцкевічам, Леванідам Каралём, Кастусём Шышэям і другімі стаяла адна мэта - усе свае сілы, веды і магчымасці аддаць справе Свабоды і Незалежнасці нашай Беларусі дзеля памяці тых, што пайшлі паміраць, каб жыла Бацькаўшчына. Гэтай ідэі верна і самаахвярна служылі да канца жыцця Лявон Луцкевіч і Леванід Кароль. А той, хто застаўся жыць, будзе надалей змагацца, бо верыць, што "Ночка цёмная на свеце вечна не пануе, зерне, кінутае ў ніву, усходзе ды красуе".
Аршанскія краязнаўцы ўзгадалі ўдзельнікаў паўстання К. Каліноўскага
Нацыянальна-вызвольнае паўстанне Кастуся Каліноўскага адбывалася і на Аршаншчыне. Расейская і савецкая гістарыяграфія залічвала Каліноўскага да барацьбіта за польскія інтарэсы на тэрыторыі Беларусі. Але паўстанне шырока разгарнулася на Аршаншчыне. Менавіта пра гэта і гаварылі краязнаўцы і неабыякавыя людзі.
У адным з грамадскіх памяшканняў сабралася каля 20 чалавек, якія вырашылі ўзгадаць пра паўстанне, 150-я гадавіна якога адзначаецца ў гэтым годзе.
Першым перад прысутнымі выступіў былы мэр горада Барань, а сёння старшыня Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны на Аршаншчыне Юры Нагорны. Сваю прамову ён пачаў са словаў, якія Кастусь Каліноўскі ў свой час адрасаваў усяму беларускаму народу. Праз колькі фразаў Юры Аляксандаравіч перадаў слова краязнаўцу Юрыю Копціку. Юры распавёў пра паўстанне на Аршаншчыне, пра тое як яно было арганізавана, і якія пакаранні яго ўдзельнікі потым атрымалі ў выніку разгрому паўстання. Значную частку свайго выступу Юры пасвяціў пытанню стаўлення розных уладаў да паўстання. Паводле словаў Копціка да 1905 года да паўстання ставіліся адназначна кепска і таму не было сур'ёзных гістарычных работаў на гэтую тэму. У 1905 да яго пачалі ставіцца нейтральна - па сутнасці спрабавалі забыць, бо яно было антырасійскім. А пасля рэвалюцыі 1917 года тэма паўстання і асоба Каліноўскага стала зноў актуальная. У прыватнасці Юры прывёў зафіксаваны прыклад, калі ксёндз у сёняшнім Сенненскім раёне (у часы паміж рэвалюцыяй 1905 і 1917) пайшоў збіраць сродкі на адну са сваіх ідэяў сярод сялянаў, яму ў адказ казалі: "А што, новае паўстанне рыхтуецца, бо мінулы раз ксёндз іншы хадзіў на паўстанне грошы збіраць?"
Наступным па чарзе выступіў Ігар Казмерчак, які распавёў пра аднаго з камандзіраў паўстання на Аршаншчыне Ігната Будзіловіча. Калі Каліноўскі быў павешаны ў 25 год, то Ігнат Будзіловіч быў расстраляны ў 22 гады ў Аршанскай турме - на той час Езуіцкім калегіюме, сёння гарадской галярэі. Косткі яго да гэтае пары знаходзяца на тэрыторыі таго былога комплексу.
Пасля краязнаўчых выступаў адбыўся маленькі канцэрт у тры песні Андрэя Мельнікава. Андрэй праспяваў песні датычныя паўстанцаў. У асноўным ён спяваў песні, якія былі перакладзеныя ў свой час з іншых моваў Рэчы Паспалітай, якую і хацелі аднавіць паўстанцы. Адна з песень - "Песня літоўскага легіёна" Юліюша Славацкага ў перакладзе на беларускую мову Станіслава Судніка.
Наш кар.
Ад плачу Яраслаўны да ўсенароднага абмеркавання
Сёння мы друкуем падрыхтаваны Леанідам Лычом для газеты "ЛіМ" артыкул "Ад плачу Яраслаўны да ўсенароднага абмеркавання", якому па розных прычынах не знайшлося месца на яе старонках.
На старонках друку, у электронных сродках масавай інфармацыі дый проста ў размовах паміж людзьмі даволі часта даводзіцца сустракацца з меркаваннем, што ў аснове сучаснага незайздроснага, бесперспектыўнага стану беларускай мовы ляжыць непадуладная волі чалавека аб'ектыўная, гістарычная заканамернасць. Нешта падобнае да такіх меркаванняў знаходзім і ў артыкуле Віктара Кунцэвіча "Дзяржаўных дзве, а родная - адна" ["Літаратура і мастацтва", 24 жніўня 2012 г., с. 16], які падштурхнуў мяне паразважаць наконт гэтай архіскладанай, надзвычай актуальнай праблемы.
Калі сучаснае бядотнае становішча беларускай мовы тлумачыць аб'ектыўнай заканамернасцю, нам тады нічога не трэба рабіць дзеля яго выпраўлення, шукаць нейкіх віноўнікаў. Так, маўляў, гістарычна склалася - і баста! Свядома ж супраціўляцца гэтаму "аб'ектыўнаму" працэсу дый яшчэ ў апоры на дзяржаву не варта, бо можна толькі нашкодзіць беларускаму народу. Няхай сабе жыве паводле занесеных з усходу у яго край культурна-моўных стандартаў. Дык няўжо і сапраўды ў глыбокім заняпадзе беларускай мовы і яе непазбежны вынік і беларускай культуры трэба бачыць толькі нейкую боскую наканаванасць, гістарычную заканамернасць, што ў гэтым няма аніякай віны тых, хто такі працяглы час кіраваў, як толькі хацеў распаражаўся лёсам нашай Бацькаўшчыны? На мой погляд віна ёсць дый яшчэ якая вялікая! Нават лагічна цягне на суровае пакаранне.
Зусім не маю намеру даць глыбокі аналіз культурна-моўнай палітыцы свецкіх і духоўных уладаў Расійскай імперыі на далучаных у канцы XVIII стагоддзя беларускіх землях, бо на сёння гэта ўжо грунтоўна асветлена айчыннымі гісторыкамі, публіцыстамі. Чытачоў толькі папрашу ўсур'ёз задумацца ці хоць трохі паспрыялі гэтыя ўлады беларускай мове? Каб аблегчыць адказ на пастаўленае пытанне , заўважу, што аж да кастрычніка 1917 года яны ў нашым краі не адкрылі аніводнай беларускай школы, не выдалі за свой кошт на беларускай мове аніводнай газеты ці кнігі, а Руская праваслаўная царква не правяла ў нас на роднай мове сваіх прыхаджан аніводнага набажэнства. І як пасля усяго гэтага мы называем такое злачынства ў дачыненні да беларускай мовы гістарычнай заканамернасцю, а не свядомым, гвалтоўным выкараненнем яе (мовы) з грамадскага жыцця з мэтай асіміляцыі беларусаў і зліцця іх з рускім народам? Думаецца, пытанне з ліку самых элементарных і ні для кога не стварае цяжкасці правільна адказаць на яго. Увесь час знаходжання беларусаў пад уладай царскай Расіі (а доўжылася ж такое амаль паўтара стагоддзя!) іх адвучвалі быць самімі сабою. І нямала чаго з гэтага атрымалася, асабліва ў прылеглых да этнічнай тэрыторыі Расіі беларускіх губернях з іх пераважна праваслаўным насельніцтвам. Духавенства гэтай канфесіі ўсяляк пераконвала сваіх прыхаджан, што яны рускія, што ў іх не можа быць аніякай іншай мовы, як толькі рускай. І многія пагаджаліся.
З распадам СССР у нас вельмі шмат крытыкі выказана - дзе справядліва, а дзе і несправядліва - на адрас яго нацыянальнай палітыкі. Павінен сказаць, што ў першыя дзесяцьпятнаццаць гадоў існавання савецкай улады саюзныя рэспублікі СССР і разам з імі БССР перажылі сапраўдны бум у сваім нацыянальна-культурным развіцці. Зараз нават добра дасведчаным у айчыннай гісторыі людзям з цяжкасцю верыцца, што ў перыяд міжваеннай беларусізацыі (1924 - пачатак 1930-х гадоў) у дзейнасці партыйна-савецкага апарату ўсіх узроўняў, адміністрацыйна-гаспадарчых службаў, у навуцы выкарыстоўвалася пераважна беларуская мова. За год-два ёю паспявалі авалодаць, пачыналі выкарыстоўваць на службе нават некаторыя прысланыя Маскоўскім Крамлём у БССР першыя сакратары ЦК КП(б)Б небеларускай нацыянальнасці. У нашыя дні такога і сярод чынавенства беларускага паходжання не заўважаецца.
А як добра ўпісалася беларуская мова ў сістэму адукацыі, культуру! Для вышэйшых навучальных устаноў узорным прыкладам у гэтым служыў іх флагман - Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. Артысты Беларускага тэатра оперы і балета не зведвалі аніякіх цяжкасцяў, нязручнасцяў ставіць на беларускай мове нават заходнееўрапейскую класіку! Прычым глядзельная зала запаўнялася да адказу. Каб майстрам опернага мастацтва сёння прапанавалі так пасябраваць з беларускай мовай, дык можа палова з іх пазвальнялася б з працы.
Такі лёгка вытлумачальны нацыянальны ажыятаж усё ж не выклікаў радасці ў бальшавіцкай партыі, якая пад той час ўжо стала галоўнай палітычнай сілай ў СССР. Гэта па яе віне ў другой палове 1930-х гадоў на ўсю моц зашугала полымя масавых фізічных рэпрэсій. У ім, без перабольшвання, загінула амаль уся краса беларускай навуковай, творчай педагагічнай інтэлігенцыі - шчырых, актыўных носьбітаў беларускай мовы. Ад тае пары яна ўжо ніколі больш не карысталася такой вялізнай папулярнасцю ў гэтых элітарных колах інтэлігенцыі. Мілае многім нашым людзям і тады і зараз слова "беларусізацыя" адным махам выключылі з афіцыйнага ўжытку больш як на паўстагоддзе. Знялі з яго табу толькі падчас Гарбачоўскай перабудовы.
Зусім не ў кантэксце гістарычнай заканамернасці, а мэтанакіравана, прычым найчасцей па ўказцы агульнасаюзных інстытуцый, ішло абмежаванне выкарыстання беларускай мовы ў грамадскім жыцці БССР у пасляваенныя гады. Многія апраўдвалі гэта тым, што ў яе дзяржаўным, партыйным кіраўніцтве, адміністрацыйна-гаспадарчым апараце знаходзілася шмат накіраваных Масквою людзей небеларускай нацыянальнасці, што і сапраўды цалкам адпавядала рэчаіснасці. У якасці доказу згадаю першага сакратара ЦК Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларусі (гэта самая вялікая пасада ў палітычным кіраўніцтве) Панцеляймона Панамарэнку (родам з Кубані), гразу рэпрэсіўных органаў Лаўрэнція Цанаву (родам з Кутаіскай губерні). Звярнуцца да яго па-беларуску не адважваўся ніхто нават з беларускіх пісьменнікаў, уключаючы і іх шаноўнага патрыярха паэта Якуба Коласа. З палітычных лідэраў першых пасляваенных гадоў шчырым носьбітам беларускай мовы быў толькі старшыня Вярхоўнага Савета БССР, затым старшыня Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР Васіль Казлоў (ураджэнец Рагачоўскага павета). Беларуская мова панавала нават у яго сям'і, чым можна патлумачыць, што ў ёй вырасла добра вядомая ў беларускай філалогіі даследчыца Вольга Казлова.
Адсутнасць перадусім у практычнай дзейнасці савецкіх і партыйных органаў беларускай мовы рабіла немэтазгодным выкарыстанне яе ў педагагічным працэсе сярэдніх спецыяльных і вышэйшых навучальных устаноў. Навязаны Масквою рэжым жыцця для Беларусі вымушаў іх падрыхтоўваць маладых спецыялістаў на той мове, якая абслугоўвала дзяржаўна-партыйны апарат, адміністрацыйна-гаспадарчыя службы і іншыя сферы грамадскай дзейнасці чалавека, г. зн. на рускай. Сярод прафесарска-выкладчыцкага складу было нямала асобаў, якія выдатна разумелі, што падрыхтоўкай рускамоўных спецыялістаў мы пазбаўляем беларускі народ такога ва ўсе часы патрэбнага пласта людзей, як нацыянальная інтэлігенцыя, якую справядліва называюць соллю нацыі. Тагачасныя выпускнікі ССНУ і ВНУ БССР, за рэдкім выключэннем, не з'яўляліся носьбітамі нацыянальнай мовы яе тытульнага насельніцтва, а таму не маглі быць і актыўнымі носьбітамі беларускай культуры, аддавалі перавагу рускай, што толькі ліло ваду на кола русіфікацыі. Не жадаючы бачыць свой беларускі народ яе бязвіннай ахвярай, хтосьці з найбольш смелых выкладчыкаў, прафесароў стараўся дыпламатычна, у самай асцярожнай форме давесці дзяржаўна-партыйнаму кіраўніцтву рэспублікі, якія цяжкія наступствы выкліча для яе поўная адсутнасць беларускамоўнай вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай школы. Іх голас застаўся марным лямантам у пустыні. Болей за тое, некаторыя шчырыя рупліўцы беларускага слова ў навучальна-выхаваўчым працэсе ССНУ і ВНУ панеслі несправядлівую суровую меру пакарання.
Маючы ўсебаковую падтрымку з боку палітычнага кіраўніцтва БССР, рускамоўная сярэдняя спецыяльная і вышэйшая школа спакойна пачувала сябе гаспадыняй на нашай зямлі аж да канца існавання СССР. Палітыкі, ідэолагі, што не жадалі бачыць беларускі народ народам самабытным, адметным ад іншых, усяляк стараліся ўвесці рускую мову і ў яго культуру - у гэтую адну з самых важных этнастваральных сфер. У газеце "Новы Час" ад 31 жніўня 2012 года на мае вочы трапіў фотаздымак 1957 года з надпісам: "Б. - Кракотской библиотеке им. Я. Купала - 30 лет". Знаходзілася яна на тэрыторыі Слонімскага раёна, г. зн. там, дзе ў той час не так здэнацыяналізавана было культурнае жыццё. І тут на табе: назву такой культурнай установы дый яшчэ імя народнага паэта Янкі Купалы ў дзень святкавання яе 30-гадовага юбілею не маглі інакш напісаць, як толькі па-руску. Не выключана, што такое рабілі па ўказцы кагосьці з раённых кіраўнікоў выразнай рускай арыентацыі ці самога загадчыка бібліятэкі, прысланага з-за межаў Беларусі. Такое тады вельмі часта практыкавалася. І яшчэ такая на першы погляд мо і другарадная дэталь: на гэтым здымку назва бібліятэкі пачынаецца са слова "Б. - Кракотская…", г. зн. "Большая…" Пераклад з беларускай назвы "Вялікая…", якую трэба было б захаваць і ў рускім напісанні. Думаецца, ад усяго гэтага вельмі няўтульна пачувалася запрошаным на тое свята жонцы Янкі Купалы Уладзіславе Луцэвіч і паэту Максіму Лужаніну.
На працягу ўсіх сарака гадоў пасляваеннага перыяду ў дзейнасці партыйных і савецкіх органаў БССР не адшукаць аніводнага факціка, які сведчыў бы пра іх павагу да беларускай мовы, а разам з ёю і да нацыянальнай культуры. У ніводнай з саюзных рэспублік так паслядоўна не праводзілася палітыка КПСС па збліжэнні і зліцці культур і моваў савецкіх нацый і народнасцяў, як у БССР, што вельмі паспрыяла распасюджванню на яе тэрыторыі рускай культуры і мовы. Заўважу, што ў гэтым даволі актыўны ўдзел бралі і самі беларускага паходжання прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі. Гарбачоўская перабудова і выкліканае ёю беларускае нацыянальна-культурнае Адраджэнне прыпыніла далейшае ўзмацненне рускага ўплыву на культуру нашай краіны, але не надоўга. З сярэдзіны 1990-гадоў усё вярнулася на сваё колішняе месца. Сёння сацыяльная роля беларускай мовы ніколькі не вышэй. чым напярэдадні Гарбачоўскай перабудовы, хаця наша краіна стала незалежнай, суверэннай.
Дзяржаўны чыноўніцкі апарат Рэспублікі Беларусь, яго ідэолагі не скупіліся на абяцанні, што ў выніку пераходу пасля майскага (1995 г.) рэферэндуму да афіцыйнага двухмоўя знікнуць усялякія праблемы з выкарыстаннем беларускай мовы раўналежна з рускай ва ўсіх сферах грамадскай дзейнасці чалавека. На вялікі жаль, на практыцы такога не атрымалася. А яно і не павінна было атрымацца. Сусветны досвед пераканаўча сведчыць, што ў адначассе на тэрыторыі краіны з адным тытульным народам немагчыма суіснаванне дзвюх моў незалежна ад таго, з'яўляюцца яны дзяржаўнымі ці не. У выніку канкурэнцыі паміж сабой - я сказаў бы назвычай жорсткай, бескампраміснай - у абавязковым парадку перамагае адна з іх. Вось чаму ва ўсіх еўрапейскіх краінах з адной тытульнай нацыяй выкарыстоўваецца толькі адна дзяржаўная мова - мова гэтай нацыі. Шматкроць пацверджана праўдзівасць сфармуляванага вядомым тэарэтыкам нацыянальнага пытання Карлам Каўцкім (1854 - 1938) меркавання на двухмоўе. Апошняе разглядалася ім не больш, як "толькі пераходнай стадыяй. Там, дзе кожны валодае дзвюмя мовамі, заўжды ўрэшце агульная перавага па тых ці іншых прычынах будзе аддадзена адной з іх - ці таму, што гэтая мова больш багатага і моцнага народа, ці таму, што яна адкрывае доступ да больш дасканалай культуры, якая зусім адсутнічае ў другога народа". Прэтэндаваць на такую перавагу ў рускай мовы было куды больш падстаў, чым у беларускай. Апошняя ж з першых пасляваенных гадоў на нявызначаны час была свядома выключана кіраўніцтвам БССР з яе палітычнага і эканамічнага жыцця, значна ўступала рускай у сферы адукацыі, культуры, навукі, таму існавала ў вялікім адрыве ад сваіх прыродных носьбітаў. У К. Каўцкага было і такое надзвычай карыснае для беларусаў - прычым не толькі тагачасных - меркаванне: нацыя знікае, калі "яна перастае гаварыць на сваёй мове, паколькі лічыць другую мову для сябе мэтазгоднай" . Пад такую нацыю ўжо ў сярэдзіне мінулага стагоддзя цалкам дапасоўваліся беларусы і што самае страшнае - і іх дзяржаўныя, партыйныя дзеячы, найбольш элітарная частка грамадства. Прасвятленне іх галоў, моцна задураных палітыкай КПСС па збліжэнні і зліцці савецкіх нацый і народнасцяў, пачалося ў гады Гарбачоўскай перабудовы, нацыянальна-культурнага Адраджэння канца 1980 - пачатку 1990 гг., але было вельмі кароткачасовым, таму зрабіць штосьці надзвычай важнае для павышэння сацыяльнай ролі беларускай мовы не ўдалося.
Насуперак трывала ўсталяванай, бездакорнай моўнай практыцы на еўрапейскім кантыненце чыноўніцкі апарат супольна са сваімі ідэалагічнымі службамі, бюджэтнай часткай інтэлігенцыі ўзялі на сябе залішнюю смеласць шляхам правядзення ў маі 1995 года рэферэндуму паводле жаданага імі сцэнарыю, увесці ў Рэспубліцы Беларусь з яе толькі адной тытульнай нацыяй дзяржаўнае беларуска-рускае двухмоўе. Недастаткова дасведчанае ў гэтым архіскладаным, далікатным пытанні насельніцтва падтрымала ідэолагаў і непасрэдных арганізатараў рэферэндуму. А вось яны нават і пальцам не кранулі, каб усталяваць у краіне рэальнае, фактычнае афіцыйнае двухмоўе. Далей за прарэкламаванне юрыдычнай (на паперы!) роўнасці дзвюх дзяржаўных моў палітычнае кіраўніцтва краіны не пайшло, затое яно тут жа ўзяло пад свой надзейны пратэктарат рускую мову, максімальна нагрузіўшы яе функцыямі рабочай ва ўсіх сферах грамадскай дзейнасці. Беларускую ж мову, так аслабленую за савецкім часам, сюды свядома не пусцілі. Таму проста не карэктна гаварыць і пісаць пра нейкае існаванне ў нас афіцыйнага руска-беларускага двухмоўя, як гэта сцвярджае і Віктар Кунцэвіч: "…большая частка насельніцтва нашай краіны карыстаецца ў побыце рускай мовай (зразумела, з прычыны таго, што яна з'яўляецца ў нас фактычна адной - адзінай дзяржаўнай мовай. - Л. Л.), таму мне асабіста бачыцца дарэчным існаванне дзвюх дзяржаўных моў". Ну і ну! Хваліць дзяржаўнае двухмоўе за тое, што яно паспрыяла ледзь не поўнаму выцясненню беларускай мовы з ужытку паміж людзьмі і амаль адзіным сродкам іх зносін зрабіла рускую, ёсць нішто іншае, як яскравая праява беларускага нацыянальнага нігілізму. Хваліць дзяржаўнае двухмоўе ў нашай краіне можна было б толькі ў тым выпадку, калі б яно прывяло да поўнага панавання беларускай мовы ў побыце людзей, што рэальна толькі ў варунках бесканкурэнтнага абслугоўвання ёю ўсіх сфер грамадскага жыцця. Пра гэта мараць сёння мо толькі супераптымісты.
Я ж цвёрда прытрымліваюся такой пазіцыі: пасля майскага рэферэндуму ў нас з дапамогай чыноўніцкага апарату ўсталявалася і спрэс функцыянуе ў статусе дзяржаўнай толькі руская мова. Беларускую ж мову толькі з вялікай нацяжкай, чыста сімвалічна, па прывычцы можна назваць роднай, паколькі яна, будучы мэтанакіравана выштурхнутай з грамадскага ўжытку і таму стаўшы бесперспектыўнай, амаль цалкам страціла аўтарытэт сярод сваіх прыродных носьбітаў, практычна зусім не гучыць у публічных месцах. Ну якая ж яна тады нам родная, калі мы адцураліся ад яе, няхай сабе і па волі чыноўнікаў. Што ж датычыць рускай мовы, яна ніколі не была, не з'яўляецца і не будзе натуральна роднай для беларусаў. Для іх руская мова - гэта мова прыўладная, прэзідэнцкая, вертыкальная, рэферэмдумная ці яшчэ якая-небудзь, толькі не родная, бо яе законныя носьбіты ў суседняй нам краіне - Расійскай Федэраціі.
Як ніколі архіскладанае на сёння становішча з беларускай мовай не дае аніякай падставы апускаць рукі, аддаваць гэтую лёсавызначальную для нашай любай Бацькаўшчыны справу на самацёк. Давайце нарэшче спынімся хаваць галовы ў пясок ці пад венік! За час пасля майскага рэферэндуму мы ж ні на дзяржаўным, ні на агульнанацыянальным узроўні ні разу ўсур'ёз не пагаварылі пра відавочны нават самым шараговым людзям поўны заняпад беларускай мовы! Што ў нас зусім перавялася эліта, адсутнічаюць далёка-абачлівыя, са здаровай нацыянальнай самасвядомасцю палітыкі, каб не знайсці надзейныя шляхі па выратаванні роднай мовы ад пагібелі?! Ва ўсіх жа краінах Еўропы знайшлі такі надзейны сродак, і кожны іх тытульны народ зрабіў сваю родную мову юрыдычна і фактычна дзяржаўнай. Ці не павінна нас не насцярожваць, не хваляваць, што ва ўсёй Еўропе толькі мы, беларусы, жывём не паводле трывала ўсталяваных у ёй моўных стандартаў? Трэба поўнасцю выкінуць шкодную думку з галавы, што ўсе еўрапейскія краіны памыліліся ў развязванні моўнай праблемы, а толькі Беларусь выбрала дзеля гэтага з усіх пунктаў гледжання "правільны" варыянт: рускамоўную сістэму адукацыі. Думаю, што ва ўсім свеце няма такой дзяржавы, дзе б выпускнікі сярэднеспецыяльных і вышэйшых навучальных устаноў не валодалі б роднай мовай. У Беларусі - гэта ўзаконеная норма, трывала ўсталяваная традыцыя, якую не пахіснулі нават крутыя перамены ў нацыянальна-дзяржаўным развіцці краіны. Гэта ж трэба, яна ўжо больш за дваццаць гадоў з'яўляецца незалежнай, суверэннай, а сярод яе высокіх палітыкаў, знаных тэарэтыкаў не знайсці аніводнага разумнага, смелага чалавека, які выступіў бы за карэнную ломку моўнага рэжыму ў сістэме адукацыі і асабліва ў яе сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай школе, якая і ў нашыя дні куе кадры, зусім няздольныя нармальна жыць, працаваць паводле беларускіх культурна-моўных стандартаў. І які найвялікшы, унікальны парадокс: практычна стопрацэнтная адсутнасць ў незалежнай краіне беларускамоўнай інтэлігенцыі, ад якой так многа залежыць у лёсе беларускай нацыі, нікога не хвалюе, у тым ліку і самі ўлады. Наадварот, усё гэта яны ўсур'ёз разглядаюць як неаспрэчнае дасягненне ў культурна-моўным развіцці беларускай нацыі, ніяк не жадаюць пагадзіцца з тым, што поўнае выключэнне беларускай мовы з навучальна-выхаваўчага працэсу ССНУ і ВНУ заканамерна зрабіла яе абсалютна непатрэбнай для агульнаадукацыйнай школы, а разам з апошняй і для дашкольных устаноў. У такіх неспрыяльных варунках беларускай мове наканавана канчаткова згубіць сваю прэстыжнасць у сем'ях, бо навошта вучыць дзяцей таму, што зусім не патрэбна ў дашкольных і школьных установах, тэхнікумах і інстытутах, практычным жыцці. Замест таго, каб у такой яўна пройгрышнай для беларускай мовы сітуацыі біць у званы, рабіць якія-небудзь практычныя захады выратавальнага характару, на вялікі здзіў амаль усе палітыкі супольна з адданай ім інтэлектуальнай элітай бачаць у гэтым гістарычную заканамернасць, непазбежнае наканаванне шчаслівага лёсу для беларускага народу. Я ж стаю на зусім процілеглых пазіцыях і ніколі не пагаджуся з ужо вышэй прыведзенымі словамі Кунцэвіча: "Так ужо гістарычна склалася, што большая частка насельніцтва нашай краіны карыстаецца ў побыце рускай мовай…" Без усялякай меры, на вялікую бяду, карыстаемся мы ёю паводле зусім іншых прычын, пра што дастаткова было сказана мною яшчэ да гэтага.
Палітыкам усіх рангаў, ідэолагам і інтэлігенцыі, што знаходзяцца на поўным фінансавым утрыманні беларускага народа, павінна быць сорамна, што яны нічога не зрабілі і не збіраюцца рабіць па забеспячэнні яго роднай мове сапраўднага рэальнага статусу дзяржаўнай, што ім надзелена выключна толькі мова суседняй краіны - руская. Спадзявацца, што ў такой на ўсе сто працэнтаў стратнай для беларусаў сітуацыі яны выжывуць, застануцца самабытным народам, здольным сваёй нацыянальнай культурай узбагіціць цывілізаваны свет, могуць толькі круглыя невукі. Сярод мною вышэй пералічаных катэгорый людзей такіх няма. Значыцца, умяшацца ў моўную сферу краіны ім перашкаджаюць нейкія іншыя прычыны, пра што не ведае беларускі народ.
Многія ўжо не адзін дзесятак гадоў аплакваюць так усім відавочную пагібель беларускай мовы, ад чаго ні на ёту не паляпшаецца яе становішча. Дык мо ўжо прабіў час перайсці ад плачу Яраслаўны да падключэння розуму ўсяго народа дзеля пошукаў надзейнага шляху выратавання роднага беларускага слова ад скону? Сорамна ж будзе перад усімі тытульнымі нацыямі краін Еўропы, што яны маюць родныя мовы, а мы з ласкі чыноўніцкага апарату, высокага рангу палітыкаў Рэспублікі Беларусь сцвярджаемся ў чужой і дзеля ліпавага апраўдання перад самімі сабой спачатку называлі яе другой роднай мовай, а зараз проста роднай, бо для абсалютнай бальшыні жыхароў краіны, не выключаючы палітыкаў, інтэлектуальнай эліты, беларуская мова ўжо даўно стала мёртваю. Але выратаваць яе мы, найперш задзейнічаныя ва ўладныя структуры асобы, абавязаны. Хто з іх не здольны, не жадае ўзяць удзел у такім выратаванні, таму лепш сыйсці з дзяржаўнай пасады. Час вымагае да тэрміновых, рашучых, смелых дзеянняў!
Я не бачу больш адказнай, больш важнай для кіраўніцтва краіны, усёй нацыі справы, як вынясенне на агульнанароднае абмеркаванне моўнага пытання. Мы павінны любой цаной выратаваць занядбаную родную мову нашай суверэннай дзяржавы ад так рэальнай смерці. Гэта наш святы абавязак не толькі перад самімі сабой, але і перад усёй сусветнай цывілізацыяй. Калі вернем да жыцця беларускую мову, будзе жыць як самабытная, суверэнная дзяржава Рэспубліка Беларусь, будзем жыць і мы самі. Працаваць, старацца ёсць дзеля чаго. Ход усенароднага абмеркавання моўнага пытання ў Рэспубліцы Беларусь павінен, на маю думку, весціся на старонках газеты "Літаратура і мастацтва" як перыядычнага органа творчай інтэлігенцыі. Дарэчы, гэтай газеце ўжо двойчы даводзілася ўзнімаць у такім шырокім фармаце дадзеную праблему: у канцы 1950-х гадоў, калі бацькам далі права выбіраць мову навучання сваіх дзяцей у школах, і ёю ва ўсіх гарадах, гарадскіх пасёлках станавілася руская, дзякуючы яе шырокаму, неабмежаванаму выкарыстанню ў грамадскім жыцці. Дыскусія пачалася з ініцыятывы яшчэ зусім маладога беларускага пісьменніка Барыса Сачанкі. Чарговае другое франтальнае абмеркаванне моўнага пытання прыпала на гады Гарбачоўскай перабудовы, якая ўскалыхнула і шырокія колы беларускага грамадства. Выказаныя тады на старонках газеты "Літаратура і мастацтва" меркаванні датычна выратавання беларускай мовы не страцілі свайго значэння і ў нашыя дні. Аўтар гэтых радкоў таксама браў актыўны ўдзел у тагачаснай дыскусіі, прычым першы яго даволі вялікі паводле памеру артыкул меў такую нязвыклую для бальшыні людзей назву: "Беларускай мове - статус дзяржаўнай" (28 красавіка 1989 года). У той час дадзеную праблему так прынцыпова не ставіў аніводзін з органаў перыядычнага друку, бо бальшавіцкія ідэолагі ўсяляк падтрымлівалі, распаўсюджвалі ў народзе погляд, што такая функцыя ў БССР павінна быць цалкам замацавана толькі за рускай мовай, што сёння ў нас практычна з'яўляецца непажаданай, небяспечнай сваімі негатыўнымі наступствамі рэальнасцю. Непажаданай таму, што гэта немінуча вядзе да скону беларускай мовы.
Леанід Лыч, доктар гістарычных навук, прафесар.
А ля нашых ля варот усё ідзе наадварот
Як кажуць, з песні словы не выкінеш. Днямі набыў доўгачаканы "Вялікі беларуска-рускі, руска-беларускі слоўнік", складзены паводле новых "Правілаў арфаграфіі і пунктуацыі". Узяў кнігу ў рукі, і здзіўленню майму не было межаў. Чытаю:
"Булыко А.И., Булыко Х.П., Полещук Н.В. Большой белорусско-русский, русско-белорусский словарь". Издание подготовлено в соответствии с новыми "Правилами белорусской орфографии и пунктуации". 46000 слов."
І так усе выходныя дадзеныя - на рускай мове. Зазірнуў у форзац, шукаючы хто ж аўтары і кім выдадзены гэты дапаможнік. Аказалася, што месца выдання горад Мінск, выдавец - Беларуская Акадэмія Навук і яе супрацоўнікі. Мяне гэта яшчэ больш здзівіла. Чаму нават беларускі слоўнік "апранулі" ў "чужую вопратку"? Калі ў нас існуе канстытуцыйнае двухмоўе, якое я лічу бязглуздзіцай, дык і пішыце, калі ласка, у такіх выпадках на дзвюх мовах - беларускай і рускай. Наша ж дзяржава незалежная, суверэнная і называецца Беларусь. А мова, на мой погляд, роўна як дзяржаўны сцяг, герб і гімн - дзяржаўны сімвал.
Чаму я лічу двухмоўе ва ўмовах Беларусі - беларускае і рускае - бязглуздзіцай? Таму што ў ім няма ні патрэбы ні падстаў для яго. Першапачаткова рускія мігранты з'явіліся на тэрыторыі сённяшняй Беларусі дзесьці ў ХV-ХVІ стагоддзях. Гэта былі "ваенные служывыя людзі", "панцырныя баяры" і пасяляліся ўздоўж межаў ВКЛ. Больш шырока рускія мігранты пачалі рассяляцца ў канцы ХVІІІ стагоддзя пасля ІІІ падзелу Рэчы Паспалітай. Колькасць іх значна павялічылася пасля таго, як расійская імператрыца Кацярына ІІ сваім высачайшым Указам ад 25 снежня 1795 года далучыла беларускія землі да Расіі.
І асабліва распаўсюдзіліся пасля Вялікай Айчыннай вайны. Прынамсі, у заходніх абласцях Беларусі.
У спрэчках мае апаненты, апраўдваючы двухмоўе, спасылаюцца на прыклады Швейцарыі і Канады, а таксама іншых краін Еўропы і свету.
На мой погляд, яны блытаюць божы дар з яечняй. Немцы і французы, мовы якіх з'яўляюцца дзяржаўнымі ў Швайцарыі, - карэнна-этнічныя народы швейцарскай дзяржавы. Сёння на нямецкай мове размаўляюць больш за 65% жыхароў краіны, звыш 20% - на французскай, 12% - на італьянскай (рэтрараманскай) мове. Нарэшце, швейцарскай мовы не існуе ў свеце вогуле.
У этнічных немцаў і французаў, што кампактна, пражываюць на швейцарскай тэрыторыі, праз вякі ўсталяваўся свой, уласцівы толькі ім, лад грамадскага жыцця.
У рускіх на Беларусі нічога падобнага не знайсці. Бо рускія на Беларусі - мігранты. Жывуць звычайна па гарадах. У сельскай мясцовасці толькі выконваюць службовыя абавязкі (маю на ўвазе перш за ўсё яе заходнія вобласці), як правіла, на адміністрацыйных пасадах. А што беларусы і рускія - адзіны народ, то гэта хутчэй выдумка, калі не шкодная хлусня.
Двухмоўе ў Канадзе мае іншыя карані - гэта не што іншае, як каланіяльная спадчына.
Я - не мовазнавец, але беларус і сваю родную мову люблю і, як магу, усімі даступнымі мне сродкамі, гатоў берагчы і бараніць.
Якое маё станаўленне да доўгачаканай і вельмі патрэбнай працы? Дваякае На жаль, больш адмоўнае, чым станоўчае.
Вось што давялося прачытаць у самым пачатку - у "Прадмове": "Калі загаловачнае слова ўжыта..." Якое "загаловачнае слова" , адкуль яно тут узялося? Тут відавочны даслоўны пераклад з рускай мовы на беларускую рускага: "Если заглавное слово употреблено...". А чаму не ўжыць тут іншы выраз? Але ж над ім трэба думаць. А навошта? Добра вядома, што пры даслоўным перакладзе з адной мовы на іншую, здараюцца, такія бяглуздзіцы, што знарок цяжка прыдумаць. Дарэчы, ў самым слоўніку я ніякага "загаловачнага" слова не знайшоў.
Беларуская мова шматпакутная. Была яна "тарашкевіцай", была "наркамаўкай". І кожны раз яе чамусьці дастасоўвалі да якой - небудзь суседняй - польскай ці рускай, і кожны раз яна станавілася менш мілагучнай, губляла сваю мяккасць, меладычнасць гучання, што адрознівалі яе заўсёды ад іншых моў. Як назавём яе зараз?
Чаму ўсё ў нас так адбываецца? На мой, дылетанцкі погляд - таму, што ўсё, што тычыцца мовы, як і шмат чаго іншага, робіццца келейна, у кулуарнай глыбі, без парады з самым носьбітам мовы - народам. Прыняўшы закон аб двухмоўі, забыліся пра яго выкананне, пусцілі ўсё на самацёк. А на што здольны наш чыноўнік, вядома ўсім. Сёння пажынаем тое, што самі пасеялі.
Чаму так упіраюцца і не хочуць карыстацца беларускай мовай рускія, што дзесяцігоддзямі жывуць у Беларусі? На мой погляд, тут дзве прычыны, якія караняцца ў глыбі мінуўшчыны і зліваюцца ў адну. Першая - залішнее ўсхваленне "великого и могучего" і пагарда да іншых моў. Бадай, больш яскрава не скажаш за К. Рылеева ў ягоным выказванні адносна беларускай мовы: "Наречие по-польски холопское" .
Другая - шчырая падтрымка рускай мовы беларускім чынавенствам усіх узроўняў, якое, мабыць, забылася, што мы самастойная, незалежная, суверэнная дзяржава. І што беларускі народ варты больш высокай павагі. А зараз маем тое што маем.
Канешне, гэта першае мае павярхоўнае ўражанне. Больш грунтоўна змагу сказаць пасля дасканальнага вывучэння.
Уступаць у спрэчку з навукоўцамі, тым больш з акадэмікамі, якія да таго маюць такую магутную падтрымку, вельмі рызыкоўна - утопяць у віры словаблуддзя.
У канцы хачу спытацца ў рускіх, якія пражываюць на працягу многіх дзесяцігоддзяў у Беларусі і ва Украіне: "Чаму вы так упірыста не хочаце вывучаць мову народа, з якім побач жывіцё, а дамагаецеся так званага "канстытуцыйнага двухмоўя"? Доўга ўпіраліся вашаму напору ўкраінцы ды дарэмна. Вельмі няроўнымі аказаліся "вагавыя катэгорыі". "Вірус двухмоўя" прасачыўся і на зямлю Шаўчэнкі.
Чаму нашы "старэйшыя браты" так старанна стараюцца вынішчыць сваім двухмоўем (гэта ўжо добра відаць на прыкладзе Беларусі) беларускую і ўкраінскую мовы, якія спрадвеку складалі цудоўнае суквецце славянскіх моў?
Анатоль Кулеш.
Памёр стваральнік "Вялікага слоўніка беларускай мовы"
5 красавіка ў веку 63 гадоў пасля цяжкай хваробы пайшоў з жыцця беларускі лінгвіст Фёдар Піскуноў - аўтар беспрэцэдэнтнага аб'ёмам лексікаграфічнага даведніка - "Вялікага слоўніка беларускай мовы" (2012).
У арфаграфічна-граматычны слоўнік, над укладаннем якога аўтар працаваў больш за 12 гадоў, увайшло блізка 223 тысяч словаў.
У беларускую лінгвістыку Піскуноў, хімік з адукацыі, прыйшоў на пачатку 2000-х. Займаўся даследаваннямі ў галіне кампутарнай лексікаграфіі, прыкладной марфалогіі і ўніфікацыі беларускага правапісу. На чале групы супрацоўнікаў стварыў першую прафесійную праграму праверкі беларускай арфаграфіі "Літара" (pravapis.tut.by). Упершыню ў беларускай лінгвістыцы апісаў поўную марфалагічную класіфікацыю парадыгмаў беларускіх дзеяслова і назоўніка, на аснове якіх стварыў электронны слоўнік "Парадыгма" аб'ёмам звыш 134 тысяч лексем.
Апошнімі месяцамі рыхтаваў выхад вялікага адваротнага слоўніка беларускай мовы. У перспектыве планавалася і дапоўненае перавыданьне "Вялікага слоўніка беларускай мовы".
Мовазнаўца, першая намесніца старшыні ТБМ Алена Анісім лічыць, што постаць Фёдара Піскунова многа значыць для беларускага мовазнаўства:
- Тое, што яму ўдалося зрабіць, гэта, канешне, вельмі і вельмі многа значыць. Ён здолеў акумуляваць і паказаць усе набыткі беларускай мовы, фактычны яе сённяшні стан. І здолеў зрабіць гэта ўсё на высокім узроўні. Ягоная постаць многа значыць.
Ён не "чысты" мовазнаўца. Але я не бачу ў гэтым заганы. Ён як бы з іншага боку ўсё павярнуў і паказаў магчымасці і шляхі, куды можа развівацца мова.
Спадар Фёдар паказаў, што кожны чалавек, незалежна ад яго адукацыі, толькі па сваім духоўным пакліканні, можа зрабіць многае для развіцця мовы. І за гэта яму вялікі дзякуй, вялікая пашана і вялікі паклон.
Развітанне з Фёдарам Піскуновым адбылося а 14-й гадзіне ў нядзелю, 7 красавіка, у рытуальнай зале менскай клінічнай бальніцы № 9 (вул. Сямашкі, 8). Пахавалі Фёдара Піскунова на яго радзіме ў вёсцы Раманавічы Гомельскага раёна.
Як далёка ад банка да мовы
Аб інфакіёсках
Паважаны Сяргей Мікалаевіч!
Па сутнасці Вашага звароту ў ААТ "ААБ Беларусбанк" паведамляем наступнае.
Дзякуем Вам за ўвагу, праяўленую да ААТ "ААБ Беларусбанк", у прыватнасці, у арганізацыі работы з інфакіёскамі банка.
Магчымасць выкарыстання ў інфакіёсках дзвюх дзяржаўных моў разглядалася банкам. Аднак, паколькі большая частка даных, якія выводзяцца на экраны інфакіёскаў пры здзяйсненні плацяжоў, прадастаўляецца банку пастаўшчыкамі паслуг (атрымальнікамі плацяжу) і фарміруецца на рускай мове, банк не валодае паўнамоцтвамі па ажыццяўленні перакладу дадзенай інфармацыі на беларускую мову. У сувязі з гэтым рэалізацыя магчымасці правядзення плацяжоў на беларускай мове ў інфакіёсках можа быць здзейснена пры ўмове прадастаўлення банку інфармацыі пастаўшчыкамі паслуг (атрымальнікамі плацяжу) на беларускай мове.
Атрымаць кансультацыю па пытаннях, якія Вас цікавяць, можна ў Кантакт-цэнтры ААТ "ААБ Беларусбанк" па нумары 147.
Дырэктар Кантакт-цэнтра А.М. Корбут.
Хлеб "Ракаўскі гасцінец"
Дзяржаўнае прадпрыемства "Хлебазавод №1 г. Мінска" асвоіла выпуск бохана хлеба на аснове пшанічнай мукі першага гатунку вагой 700 г. Энергетычная каштоўнасць 233 ккал/ 975 кДж. Тэрмін захоўвання 48 гадзін. Хлеб адпавядае СТБ 1009. Хлеб атрымаў назву "Ракаўскі гасцінец" (дарэчы і завод знаходзіцца на вуліцы Ракаўскай). Назва хлеба напамінае пра мястэчка Ракаў, размешчанае амаль пасярэдзіне паміж Менскам і Валожынам і вядомае з XV ст.
Мікола Ліннік.
Можна беларусізаваць і небеларускае
Пяльмені - прадукт і слова заведама не беларускія, хаця папулярныя і шырокаўжывальныя. Нават, як напісаць гэтае слова, трэба падумаць. У наваградскім ААТ "ПравітБел" падумалі і напісалі ў адпаведнасці з новымі правіламі арфаграфіі, хаця ўсе слоўнікі, у тым ліку і акадэмічны, падаюць гэтае слова як "пельмені", ігнаруючы правіла "якання" ў першым складзе перад націскам. Відавочна, і тут тая сітуацыя, што народ ведае сваю мову лепш за акадэмікаў і, як чуе, так і піша. І навошта тая акадэмія, калі на любым заводзе ў любым райцэнтры мову ведаюць лепш.
Наш кар.
Беларусы Вільні ўшанавалі 95-ю гадавіну абвяшчэння БНР
Беларускае грамадства Вільні шырока адзначыла 95 гадавіну абвяшчэння Беларусі незалежнай дзяржавай. Гэтым разам,як і многія мінулыя гады, сабраліся ўсе, для каго Беларусь яшчэ засталася ў сэрцы і зазначылі ўсяму свету аб тым, што абвешчаныя 95 гадоў таму назад ідэалы пабудовы незалежнае, беларускае і дэмакратычнае дзяржавы жывыя да сёння і чакаюць свайго ўвасаблення ў жыццё.
Трэба адзначыць, што традыцыя святкавання даты абвяшчання БНР у Вільні мае глыбокія карані і штогод святкавалася ў Вільні, па-сутнасці, ад самаго моманту абвяшчэння новай дзяржавы. У міжваеннай Польшчы гэта было самае вялікае беларускае свята, якое аб'ядноўвала беларусаў розных кірункаў і збірала ў адну супольнасць. Сёння гэтым, на жаль, пахваліцца не можам.
У 1924 г. беларуская газета Вільні так апісвала святкаванне шостай гадавіны абвяшчэння БНР: "А 10 гадзіне раніцы (…) пайшлі ў касцёл Св. Міколы, куды сабралася ўсё беларускае грамадзянства. Урачыстую Мшу адправіў Прафэсар Віленскае каталіцкае семінарыі кс. Я. Рэшуць. Натхнёнае слова навукі сказаў кс. Адам Станкевіч на эвангельскі тэкст: "Шчаслівыя шукаючыя і прагнучыя справядлівасці, бо тыя насыцяцца". А 11 гадзіне ўсё грамадзянства і вучні сабраліся ў царкве Сьв.-Траецкіх муроў, дзе Архімандрыт Піліп у саслужэнні з Архімандрытам Палікарпам і чатырма свяшчэннікамі адправіў урачысты малебен. (…) Перад пачаткам Малебну слова сказаў сябра Духоўнай кансысторыі Свяшчэннік А. Сурвіла. Эвангелле было прачытана і мнагалецце сказана ў беларускай мове. Пяяў хор вучняў Духоўнай Семінарыі, а малітву за Бацькаўшчыну выканаў хор Драматычнай майстэрні."
Гэтым разам, на жаль, набажэнстваў не было ні ў праваслаўнай, ні ў каталіцкай цэрквах. На вялікі жаль, беларускае грамадства Вільні так і не мае сваіх душпастыраў, якія маглі б рупіцца духоўнымі патрэбамі беларускага народа.
Урачыстае святкаванне 95-й гадавіны пачалося з ускладання вянка і кветак да магілы братоў Луцкевічаў на Віленскіх могілках Росы. Менавіта Луцкевічы належалі да тых, хто тады, 95 гадоў таму спрычыніўся да абвешчання БНР. Прыйшла зусім невялікая колькасць людзей, якая падкрэсліла, што беларускае грамадства Вільні з кожным годам усё больш і больш абыякава ставіцца да сваіх нацыянальных святаў.
Ля ўмоўнай магілы братоў Луцкевічаў выступілі Кірыл Атаманчык, Хведар Нюнька, Станіслаў Шушкевіч. Усе яны адзначылі важнасць гэтага свята і выказалі спадзяванне на адраджэнне Беларусі.
Святу 25 сакавіка папярэднічала чарговая гадавіна з дня смерці Кастуся Каліноўскага, калі віленскае беларускае грамадства і госці Вільні ўшанавалі памяць аднаго з найслаўнейшых сыноў беларускай зямлі. Менавіта паўстанне Кастуся Каліноўскага дало штуршок да адраджэння беларускага народа і можна сказаць, што гэта таксама і быў імпульс, які пасля перарос у абвяшчэнне БНР. 23 сакавіка ў Віленскай грэка-каталіцкай царкве Св. Тройцы прайшла паніхіда за душу Кастуся Каліноўскага, якую адслужыў грэка-каталіцкі святар з Гародні а. Андрэй Крот. У сваёй прамове ён адзначыў важнасць асобы Кастуся Каліноўскага для беларускага народа і з сумам зазначыў той факт, што сёння шмат хто вядзе псеўда-спекуляцыі на тэму, а ці існаваў і змагаўся Кастусь за беларускі народ. Але дастаткова прачытаць "Мужыцкую праўду", каб усё зразумець. Пасля паніхіды ў грэка-каталіцкай царкве распачалося ўрачыстае шэсце ад месца пакарання Кастуся Каліноўскага смерцю на Лукішскім пляцы да яго ўмоўнай магілы на гары Гедыміна. Не ў аднаго з удзельнікаў хвалявалася сэрца ад вялікай колькасці бел-чырвона-белых сцягоў на галоўным праспекце літоўскай сталіцы. І гэтым беларусы ў чарговы раз засведчылі аб сваім існаванні і аб тым, што і ў гэтым горадзе яны маюць частку сваёй гісторыі. Таксама трэба адзначыць, што ўдзел у мерапрыемстве ўзяла маленькая колькасць віленчукоў і калі б не госці з Менска і Варшавы, то можна было б сказаць, што віленскага беларускага грамадства ўжо не існуе. Трэба зазначыць, што ў шэсці прынялі ўдзел два каталіцкія святары: грэка-каталіцкі а. Андрэй Крот і рыма-каталіцкі а. Даніла Сваяк, а таксама дэлегацыя Руху Салідарнасці "Разам".
Арганізатарамі шэсця сталі Беларуская нацыянальная памяць (Варшава) і Таварыства беларускай культуры ў Літве.
Крыху іншай была сітуацыя з урачыстым святкаваннем 95 гадавіны БНР ў Віленскай ратушы і на святочным фуршэце. Там сабралася значная колькасць удзельнікаў, сярод іх вядомыя літоўскія палітыкі і грамадскія дзеячы: мэр Вільні Артурас Зуокас, чалец літоўскага Сойму Гедымінас Кіркілас, чалец літоўскага Сойму Эмануэліс Зінгерыс, Саўлюс Пячэлюнас, Стасіс Каўшыніс і інш. З беларускага боку былі Станіслаў Шушкевіч, Хведар Нюнька, Аляксандр Каўбаска.
Прамаўляючыя галоўным чынам засяроджвалі ўвагу на самой даце 25 сакавіка і важнасці падзеі абвяшчэння незалежнасці БНР як для беларускага, так і літоўскага народаў. Не мала гаварылася і пра тое, што літоўцы павінны дапамагчы беларусам у іх шляху да волі. Эмануэліс Зінгерыс у сваім выступленні засяродзіў увагу на тым, што неабходна прадаўжаць санкцыі супраць беларускага рэжыму, перадусім візавыя, бо так не павінна быць, калі лукашэнскія чыноўнікі на роўных сустракаюцца з еўразвязаўскімі. Тыя, хто прымае ўдзел у парушэнні правоў чалавека і яго свабод у Беларусі, павінны ігнаравацца палітыкамі з дэмакратычных краін.
Старшыня ТБК Хведар Нюнька ад імя прэзідэнта БНР Івонкі Сурвілы зачытаў святочнае віншаванне.
Святочнае мерапрыемства завяршылася канцэртам фальклорнага гурта "Akana NHS". У іх спевах адкрыўся свет тысячагадовых беларусаў з іх вераваннямі і традыцыямі. Удзельнікі гурта гасцей святочнага мерапрыемствва парадавалі старажытнымі архаічнымі песнямі, якімі жылі беларусы тысячагоддзі і такім чынам захаваліся як народ. Магчыма, усе нашыя сённяшнія беды ад таго, што зракліся традацый і мовы сваіх прашчыраў.
У доме правоў чалавека ў Вільні 27 і 28 сакавіка праводзіўся паказ аўтарскіх фільмаў. Першае ўражанне ад прагляду 27 сакавіка: да нас завіталі госці з расійскай правінцыі і прадставілі нам сваё мастацтва. Адзінае выключэнне: фільм Андрэя Такінданга. Сумна, што беларусы настолькі зрусіфікаваліся, што не тое лічаць, а ўжо нават ўспрымаюць як аксіёму, што беларуская мова зусім непатрэбная. Непатрэбная яна і ў сучасным мастацтве. Асіміляцыя беларусаў адбылася. На жаль і самі не заўважылі таго, як аказаліся расійскай правінцыяй не толькі ў палітычным, але ўжо і культурным кантэксце.
Беларускі тыдзень у Вільні завяршыўся 30 красавіка. У першай палове адбыўся дзень адчыненых дзвярэй у Еўрапейскім гуманітарным універсітэце і сустрэча з адміністрацыяй. Увечары ў віленскім клубе LOFTAS прайшоў фэст "Feel Free!" з удзелам беларускіх музычных гуртоў "Крамбамбуля" і "Нейра Дзюбель", а таксама літоўскай музычнай групы "Biplan". Варта адзначыць, што клуб быў напоўнены маладымі людзьмі, гэта ў чарговы раз засведчыла, што моладзь літоўскай сталіцы ў той ці іншай ступені ўсё ж такі цікавіцца беларускай культурай, у той час, як у Беларусі гэтая культура становіцца цалкам непатрэбнай і паступова пераўтвараецца ў прыдатак да суседняй рускай культуры.
Гэтым разам можна сказаць, што святкаванне Дня Волі ў Вільні стала не толькі традыцыйным, але перарасло ў больш шырокае і маштабнае мерапрыемства, якое адзначаецца цягам тыдня. А гэта дае падставы верыць і ў хуткае адраджэнне Беларусі.
Віншуем усіх беларусаў з гэтым самым вялікім святам у нашай гісторыі.
Жыве Беларусь!
Інф. ТБК, Вільня.
ЁН СТВАРАЎ БЕЛАРУСКІ ТЭАТР
Суполка імя Адама Станкевіча пры ТБМ адзначыла 130-ыя ўгодкі "бацькі беларускага тэатра" Францішка Аляхновіча. Ён быў тэатральным дзеячам і драматургам, змяніў шмат месцаў жыхарства і прафесій, збіраўся будаваць новую Беларусь, а трапіў на сем год у салавецкі лагер. На трыццаць гадоў раней за Салжаніцына Аляхновіч сказаў праўду пра антычалавечую сутнасць савецкай сістэмы ў сваёй знакамітай біяграфічнай аповесці "У капцюрох ГПУ".
Пра жыццё пісьменніка, багатае на драматычныя падзеі, распавяла Валерыя Чарнаморцава. На творчасці - п'есах для дарослых і дзяцей - спыніўся літаратуразнаўца і гісторык Анатоль Трафімчык. Ад удавы знакамітага рэжысёра Мікалая Трухана Соф'і Русак мы даведаліся пра асаблівасці пастановак па Аляхновічу тэатра "Дзея?"
Аздобілі вечарыну народныя песні і музыка ў выкананні ўдзельнікаў гурта "Гуда", а завяршыў яе ўрывак па п'есе Аляхновіча "Заручыны Паўлінкі", увасоблены самадзейнымі артыстамі з суполкі ТБМ.
Наш кар .
Паўстанне 1863 г. на Лідчыне
За нашу і вашу свабоду*
(Працяг. Пачатак у папяр. нумары.)
20 красавіка аддзелы Алхазава і Цімафеева, якія так-сама дзейнічалі супраць Нарбута, злучыліся, і, даведаўшыся пра бітву пад Кавалькамі, рушылі на Рудню і Шумы, каб не даць паўстанцам адысці да Гарадзенскай пушчы. Каля Каняваў былі выяўлены сляды адной з груп аддзела Нарбута (камандзір - Чудоўскі), войскі ішлі за гэтай групай да вёскі Станюнцы. Тут 21 красавіка паўстанцы былі атакаваны, забіты 12 інсургентаў, астатнія рассыпаліся на дробныя групкі, у палон патрапілі Канапацкі (хутка памёр ад ран), Франскевіч і Цымерман (вучань Віленскай гімназіі).
23 красавіка Вернер прайшоў участак ад Рудні да Марцінканцаў, але паўстанцаў не знайшоў. Нарбут з малым аддзелам прабіраўся лясамі да Гарадзенскай пушчы, і ваяры ўсімі магчымымі спосабамі хавалі свае сляды. У пушчы, недалёка ад Зубрава, група Нарбута каля тыдня адпачывала.
Пасля бітвы пад Кавалькамі імя Нарбута праславілася на ўсю Літву: з годнасцю вытрымаў ён сутыкненне са значана пераўзыходзячым яго па колькасці праціўнікам. Нацыянальным Урадам Нарбуту было прысвоена званне палкоўніка, у дэкрэце аб прысваенні звання было напісана: "Маючы на ўвазе відавочныя заслугі перад справай незалежнасці … ваеннага начальніка Лідскага павета афіцэра Людвіка Нарбута … намінаваць палкоўнікам паўстанцкага войска … з прымацаваннем да сіл віленскага ваяводства".
Расейскі афіцэр пісаў "Але Нарбут не быў яшчэ забіты і дзякуючы энергіі гэтага чалавека, ужо пад 20-е красавіка (на пачатку траўня па новым стылі - Л.Л. ), ён з'явіўся на чале адборнай і выдатна ўзброенай хеўры" .
Параза пад Дубічамі
Пошукамі Нарбута, акрамя сталага лідскага гарнізона, займалася значная частка дывізіі лейб-гвардыі генерала Вельямінава (Паўлаўскі полк пяхоты, эскадрон Курляндскага палка ўланаў, эскадрон драгун лейб-гвардыі, сотня казакаў, дзве батарэі палявой артылерыі (8 гармат), палова батарэі лёгкай коннай артылерыі (дзве гарматы), у цэлым каля 3000 чалавек. 1 траўня войскі маршам ішлі ад Эйшышак на Дубічы. Спыніўшыся каля леснічоўкі недалёка ад Дубічаў, вайскоўцы дапыталі лесніка Адама Карповіча - сталага сувязнога Нарбута. Яго доўга збівалі, адначасова абяцаючы добрую ўзнагароду, і прымусілі паказаць месца стаянкі інсургентаў у раёне Станюнцаў. Пасля начлегу ў Дубічах, войскі па гасцінцы праз Начу дэманстратыўна рушылі на поўнач, тым часам меншая частка, пад камандай капітана Цімафеева (тры стралковыя роты, звяз казакаў 42 данскога палка - каля 700 чалавек), засталіся каля Дубічаў у засадзе.
1 траўня Людвік напісаў апошні ліст да жонкі:
"Мая Найдаражэйшая.
Дзякуй табе стокротна за тое, што памятаеш пра мяне, ліст, напісаны тваёй каханай ручкай, праз Тосю дайшоў да мяне і напоўніў вялікай радасцю маё зпрагнёнае сэрца весцю пра Маю Найдаражэйшую котачку. Ужо пачаў сумнявацца, ці кахаеш мяне, але сёння Тося ўпэўніла мяне, што памятаеш пра мяне і кахаеш яшчэ больш, чым раней. Гэта для мяне вялікая шчасце і гэта дае моцы і далей несці пакуты за край і за цябе, мой анёл. Бясконца рады, што тваё здароўе, мой малыш, палепшылася, я таксама на сваё не магу наракаць. ... Цалую і абнімаю цябе, маю Наймілейшую і Найдаражэйшую, мільён разоў. Думаю пра цябе і ў думках размаўляю з табой. Бог ласкавы, Матка яго Святая, што бароніць Нашу Літву, можа дазволіць нам дачакацца той шчаслівай хвіліны, калі мы зноў сустрэнемся і будзем кахаць адзін аднаго і дзякаваць Найвышэйшага творцу за дабрыню яго да нас. Сумна мне, што мушу скончыць свой ліст, бо і хвіліна ў мяне на ўліку. У цябе ўкаханы, заўжды моцна і шчыра, прывязаны да сваёй Дарагой.
Людвік".
Развітваючыся з сястрой Тосяй, Людвік сказаў ёй: "… вяртайся той жа дарогай. Мы пяройдзем бліжэй да Дубічаў, там нам прывязуць хлеб. Потым, можа, пойдзем пад Гародню. З-пад Дубічаў будзе мала што чуваць пра нас, перадай вось гэтыя кветкі бацьку і жонцы". Людвік правёў сястру да краю лесу і развітаўся, потым сеў пад дрэва і нейкі час сядзеў задуменны і сумны… .
2 траўня Нарбут, пакінуўшы падпаленыя вогнішчы, сышоў са стаянкі каля Станюнцаў. Аддзел, пераправіўся цераз Котру і перамясціўся на 10 кіламетраў на поўдзень. На поўдзень ад возера Пеляса, паміж Дубічамі і Раманавым аддзел спыніўся. Тут уначы з 2-га на 3-га траўня Нарбут атрымаў важныя загады ад Нацыянальнага Ўраду, у тым ліку маніфест Ураду Літвы ад 30 сакавіка, які заклікаў народы Літвы і Беларусі да паўстання 3 траўня. Атрымаў палкоўнік і наступны дакумент: "Нацыянальны Ўрад намінуе грамадзяніна Людвіка Нарбута вярхоўным камандуючым узброеных сіл Вялікага Княства Літоўскага ўсюды, дзе такія будуць з ім у кантакце ...".
Адзін з біёграфаў Нарбута пісаў, што з самага моманту атрымання загаду Нацыянальнага Ўраду пра ўсеагульнае паўстанне, Людвік страціў свой звычайны спакой і запаў у нейкую цяжкую задуменнасць, якая ўжо не адпускала яго да апошняй бітвы. Нешта яго гняло і адбірала жыццёвую энергію. Можна выказаць здагадку, што палкоўнік разумеў, што ўсеагульнага народнага паўстання не будзе, што і на гэты раз агульная справа будзе прайграная. Што ж, яму заставалася толькі да канца выканаць свой абавязак. Пэўна ён ужо прадчуваў сваю хуткую смерць, нездарма атрымаўшы ад сястры Тосі новую чамарку, сказаў, што знасіць яе ён ужо не паспее.
Тым не менш у той дзень Нарбут разаслаў загады да зноў арганізаваных груп паўстанцаў пад Лідай, Трокамі (камандзір - Віславух), Ашмянамі (камандзір - Парадоўскі), Наваградкам, Слонімам і т.д. Атрадам была пастаўлена задача рухацца да Дубічаў, далей палкоўнік планаваў сустрэцца з царскімі войскамі каля балот Котры і Пелясы і даць там рашучы бой.
Становішча паўстанцаў у непраходнай Дубіцкай пушчы было амаль што ідэальным, пачуваючы сябе ў бяспецы, аддзел займаўся баявой падрыхтоўкай, а дубіцкі пробашч і мясцовая шляхта пераконвалі Цімафеева, што чутныя часам стрэлы - гэта стрэлы паляўнічых-старавераў.
Адам Карповіч ад сялян дазнаўся, што аддзел Нарбута знаходзіцца ў Дубіцкай пушчы каля возера Пеляса і данёс уладам. Цімафееў таемна вярнуўся з Забалаці, раніцай 4 траўня войскі адпачылі ў Дубічах, і досвіткам увайшлі ў пушчу. З дапамогай падкупленых сялян Адама Карповіча і Антона Талікоўскага (ці Талочкі), былі знойдзены сляды інсургентаў. На раніцы аддзел Цімафеева праходзіў праз мястэчка Забалаць, дзе "абывацелі ... глядзелі на нас звярамі, ад іх, зразумела, звестак пра хеўру мы не атрымалі. Толькі роты сталі выходзіць з паселішча, як прыскакаў казачы раз'езд, ... які перадаў, што Нарбут хаваецца недалёка Дубічаў каля возера Пеляса; пасля гэтай весткі аддзел хутка накіраваўся да возера Пеляса, куды хутка прыбыў і размясціўся ў Дубічах, якія аддзяляліся ад лясоў ракой Котрай" . Для пошуку паўстанцаў, быў пасланы на другі бераг выведнік, вярнуўшыся, ён расказаў, што за ракой ёсць пікет паўстанцаў. Выведніку з мясцовых не асабліва давяралі і таму штабс-капітан Рэнвальд, камандзір 1-й стралковай роты, вызваўся праверыць гэтае данясенне. Пераапрануты паляўнічым, ён ўзяў з сабой стрэльбу і сабаку і, сеўшы ў човен, загадаў двум веслярам, таксама ўзброеным стрэльбамі, плыць уніз па рацэ. Пад'ехаўшы да таго месца, дзе першы выведнік бачыў пікет, афіцэр выйшаў з лодкі і пачаў аглядаць процілеглы бераг, быццам бы адшукваючы дзічыну, і неўзабаве ўбачыў пікет інсургентаў. Складзеныя ў сошкі стрэльбы з развешанай на іх бялізнай даказвалі, што паўстанцы не чакалі з'яўлення выведніка. Аднак вартавы заўважыў Рэнвальда і прыцэліўся ў яго, тады афіцэр хутка знік з берага, дабег да чоўна і паплыў да сваіх .
Нарбуту паведамілі пра з'яўленне нейкіх падарожнікаў са стрэльбамі, ён нават агледзеў іх у бінокль. "Паляўнічыя, нічога больш, ідуць на качкі" - сказаў камандзір і пайшоў у іншую частку леса .
4 траўня, каля 17-00 рускія войскі рушылі да лагера паўстанцаў, вёў іх Адам Карповіч, чалавек які дасканала ведаў мясцовасць. Пераправіўшыся цераз Котру па кладках і на лодках, яны пачалі акружаць лагер Нарбута. Першымі ішлі салдаты, апранутыя ў сялянскую вопратку, у балоцістай мясцовасці ім часам даводзілася ісці па пояс у вадзе.
Нарбут як раз у гэты час каля пікету з некалькімі інсургентамі чакаў транспарт з хлебам. Паўстанцы заўважылі "сялян", якія ішлі ў іх бок, Андрыёлі сказаў камандзіру, што за шмат тых сялян ідзе, і нейкія яны дзіўныя. Нарбут агледзеў ідучых у бінокль і ўбачыў што вядзе "сялян" Адам Карповіч, свой для паўстанцаў чалавек. Тым не менш, палкоўнік загадаў байцам пікета падрыхтавацца да бою. Калі "сяляне" падышлі бліжэй, Карповіч, літаральна паўтараючы словы Юды паказаў камандзіра, сказаўшы: "Вось гэта Нарбут". Салдаты выхапілі зброю і з крыкамі "Ура!" кінуліся наперад. Камандзір амаль адразу быў паранены ў нагу, але кіраваў боем: ён загадаў адыходзіць назад і ўлева. Пасля рукапашнай сутычкі інсургенты вырваліся да дубіцкіх балот. Тым часам другая рота ўрадавых войскаў выцягнулася ланцугом правей ад першага, атакуючага атрада і не дала паўстанцам магчымасці адыходзіць убок. Удзельнік бою з расійскага боку, падпаручнік Воранаў пісаў пра гэта: "Жадаючы прыціснуць хеўру да возера і вынішчыць яе, начальнік атрада загадаў камандзіру 2-й роты штабс-капітану Лорыс-Мелікаву высунуцца направа і ахапіць іх левы фланг. … мяцежнікі пачалі адыходзіць. На адкрытых месцах, іх ланцуг і рэзервы адыходзілі надзвычай павольна, каля кустоў, усе яны рассыпаліся і адкрывалі ўзмоцнены агонь ...". Штабс-капітан Рэнвальд, жадаючы паказаць, як трэба страляць, узяў штуцар ў параненага салдата, і прыцэліўся ў ляжачага за купінай паўстанца, які пасля стрэлу застаўся ў ранейшай позе. Рэнвальд думаў, што прамахнуўся, стрэліў другі раз - і тое самае, калі ж ён з ланцугом салдатаў кінуўся наперад, то ўбачыў, што ў інсургента ў галаве дзве кулі.
Па словах Цімафеева, паўстанцы змагаліся так ўпарта і па-майстэрску, што ён здзівіўся. "Нарбут распараджаўся малайцом: загадаў адыходзіць перакатамі, г зн. у дзве лініі: адна залягала ззаду, другая, адстрэльваючыся, перабягала за першую, пасля чаго другая лінія пачынала стральбу, і гэтак далей. Але паўстанцы былі дрэнна ўзброены, большай часткай паляўнічымі стрэльбамі, таму вельмі баяліся нашых стралковых рот, якія былі названыя імі "чорныя паясы". Рускія штуцары рабілі поўнае спусташэнне ..." . Калі ж паўстанцы пабеглі, Нарбут скамандаваў: "Спакайней! З годнасцю панове, непрыяцель нас бачыць!". Вакол палкоўніка сабралася групка самых верных байцоў. Яны адыходзілі, падтрымліваючы камандзіра і адстрэльваючыся. На гэту групку быў накіраваны агонь большай часткі салдатаў. Амаль што ўсе, хто быў разам з Нарбутам былі забіты. Апошнімі да палкоўніка падбеглі Уладзіслаў Клімантовіч і Севярын Якубоўскі, яны і пачулі яго апошнія словы: "Dulce est pro patria mori" ("Салодка памерці за Радзіму") . Пра тое ж самае Воранаў: "... яны не гублялі бадзёрасці пакуль Нарбут, іх начальнік, быў з імі. Калі куля трапіла яму ў лапатку, ён яшчэ ішоў, прычым яго падтрымлівалі прыхільнікі. Гэта прыцягнула да яго стрэлы нашага ланцуга і ён, прабіты чатырма кулямі, упаў мёртвы. Калі Нарбут зваліўся, то пяць чалавек моладзі з яго хеўры кінуліся ратаваць яго цела, але зраненыя ў сутычцы яны патрапілі ў палон. Са смерцю Нарбута бурылася надзея не толькі людзей, якія складалі банду, але ў ва ўсіх мяцежнікаў Літвы. Пераслед мяцежнікаў працягваўся да самай поўначы і скончыўся недалёка ад вёскі Дварчаны".
Капітан Цімафееў дакладаў свайму камандзіру дывізіі: "Восем разоў з крыкам "Ура!" атрад пад моцным агнём аднаўляў наступ і, ... пераследаваў мяцежнікаў па куп'істым, вышэй калена балоце, якое пазарастала высокай і густой лазою, і наогул па мясцовасці да крайнасці цяжкай. Пераслед працягваўся да наступлення цемры … атрад нейкі час блукаў у балотах … і нарэшце пад 3 гадзіны ночы сабраўся на начлег у м. Дубічы.
Нарбут забіты і хеўра знішчана, у ліку 61 забітых і ўзятых у балотах і лясах, акрамя Нарбута выяўлены: яго памочнік Леў Краінскі, Ігнат Тарашкевіч, Франц Бразоўскі, Ян Ёдка, Сцяпан Губарэвіч і інш. Параненымі ўзяты: Пётр Янкоўскі, лекар Цыпрыян Пясецкі, Андрэй Навагондскі (гімназіст з Вільні) , Фелікс Войша і інш., акрамя таго ўзята 6 палонных, з якіх адзін, 14-ці гадовы хлопчык Іосіф Жэлягоўскі … . Захоплены без зброі ў в. Салтанішкі Жукоўскі прызнаўся, што ён таксама быў у хеўры" .
На месца бітвы, каб аказаць дапамогу параненым, прыехалі жанчыны з закрытымі густымі вэлюмамі тварамі. "Паміж імі былі дзве сястры Нарбута; малодшая ўбачыўшы цела брата заплакала, але старэйшая прысароміла яе за гэта (памылка, гэта была сястра Нарбута з сяброўкай, гл. ніжэй - Л.Л. ). Абедзве яны прасілі выдаць забітага ..." . Пры Нарбуце знойдзена сцяг, які меў выгляд харугвы, шмат розных папер, асабісты дзённік, а таксама каса аддзела і малітоўнік. Сярод папер была знойдзена і цыдулка наступнага зместу: "Камандзір. З Вільні паслалі з паўлаўцамі капітана Цімафеева. Беражыся! Яму загадана дастаць цябе жывога ці мёртвага" . Салдаты ўшчувалі палонных - мемуарыст апісвае такія сцэнкі: "Чаго вы бунтуецеся, што вам трэба, грошы ў вас ёсць, фальваркі ёсць - глядзі якое ў цябе пуза, пан. Відаць ужо ты з тлушчу ў "сургенты" пайшоў", салдат паказвае на палоннага 14-ці гадовага хлопчыка Жэлягоўскага: "Ну, глядзіце браткі, які ж ён ваяр, ён зусім хлопчык". "Доўгі і хударлявы паўстанец з энергічным тварам злосна пазірае на нашага ўгаворшчыка, які, убачыўшы яго погляд, сказаў: "Ох, ты, пан, пан, што ты на мяне так злосна глядзіш, вось сам ты якую кашу заварыў, a што выйграў? Цябе ж павесяць". Палонныя інсургенты былі прыведзены на станцыю Марцінканцы, і адпраўленыя ў Вільню.
На наступны дзень на поле бітвы целы забітых інсургентаў сабралі сяляне і перавезлі пад касцёл у Дубічы. Потым Цімафееў расказваў, што Нарбут быў сціпла апрануты, у "чамарцы шарачковай", без усякіх адрозненняў, абуты ў доўгія боты, твар меў прыгожы, з высокім чалом і правільнымі рысамі, а на твары застыла задуменная ўсмешка.
Знаёмая сям'і Нарбутаў - Антаніна Табенская, папрасіла дазвол на пахаванне паўстанцаў у Дубічах. Генерал-губернатара Назімаў даў дазвол тэлеграмай, дазволіў ён і правесці набажэнства. Сястра Нарбута Тадора, разам з Антанінай Табенскай, доктарам Тэраевічам з Салтанішак і мясцовым пробашчам кс. Ставіцкім, заняліся арганізацыяй пахаванняў. Весткі хутка разышліся па ўсяму павету, і таму ў дзень пахавання, 6 траўня, у Дубічы з'ехалася каля 300 чалавек. Нефарбаваныя труны ў касцёле былі ўсталяваны пірамідай: 6 трун на нізе, зверху на іх яшчэ 4 труны, вышэй - 2 і на самым версе труна з целам Людвіка Нарбута. Пасля службы ў касцёле ўсе труны былі пастаўлены ў рад у адной магіле і пахаваны. Усю велізарную магілу людзі засыпалі кветкамі. Аднак ледзь скончылася пахаванне, як у Дубічы увайшоў казачы атрад атамана Уласава, які меў заданне не дапусціць вялікі сход людзей, а калі людзі сабраліся - разагнаць іх. Але казакі спазніліся і толькі зраўнавалі уровень з зямлёй магільны ўзгорак.
Мірон-Браніслаў Нарбут так апісаў пахаванне: "У 1863 годзе, калi пачалося народнае паўстанне, лiдскi аддзел пад кіраўніцтвам Людвiка Нарбута часта быў у Дубiцкіх лясах, i ў гэтых лясах ... адбылася бітва з расейцам на чале з Цiмафеевым, у ходзе якой цэлая партыя паўстанцаў здолела перайсці ў іншае месца, але яе кіраўнік з трынаццаццю ваярамi з блізшага атачэння лiдскай шляхты паляглі. Маскоўскія салдаты абадралі трупы на полі бітвы i да Дубiч прывезлі iх голыя целы. Тагачасны генерал-губернатар вiленскi Назімаў дазволіў ушанаваць памерлых пахаваннем у касцёле. Была сабрана патрэбная вопратка i зроблены труны. Целы гэтыя ляжалі тры днi ў касцельным бабiнцы. Рыцарскi катафалк з дванадцацi простых трун паставiлi ў касцёле, а слёзы люду вiленскага i грамадства, енкі мацярок, сясцёр i сірот палеглых, былі найвыразнейшай мовай на iх пахаванні. Усе прысутныя мелi за гонар несцi гэтыя дарагія труны да места iх вечнага спачывання i ўложаныя яны усе былi ў адной агульный магіле пры касцёле, а людзi ўпрыгожылі гэтае месца найпрыгажэйшым помнiкам, бо курган быў насыпаны уласнымi рукамі з роднай зямлі. Магіла абаронцаў Волі была страшнай для ворагаў: людзі збiралiся ля магілы i чыталі малітвы. Рускія зняслі касцёл i, не баючыся святакрадства, раскiдалi курган, зруйнаваўшы яго з зямлёй. Аднак не згінула праз гэта памяць пра верных сыноў Краю, захоўваецца яна ў сэрцах усiх справядлівых i годных лiцвiнаў ..." .
Нарбут меў гэткую папулярнасць, што доўга па Лідчыне хадзілі чуткі пра тое, што насамрэч ён не забіты, і дзесьці яго ўжо бачылі, і хутка ён вернецца з новым аддзелам.
Праз 70 гадоў магіла паўстанцаў выдзялялася толькі адным каменем з надпісам "Лявон Краінскі, 1863", які ўсталявала сям'я аднаго з 13 пахаваных тут паўстанцаў. У 1933 годзе, па ініцыятыве жаўнераў і афіцэраў 76 Лідскага палка пяхоты ў Дубічах паставілі помнік памяці Людвіка Нарбута і палеглых паўстанцаў. Сродкі на яго пабудову былі сабраны спецыяльным Камітэтам Лідчыны, на чале якога стаяў генерал Эдвард Рыдз-Сміглы. Праект помніка выканаў Фердынанд Рушчыц.
* * *
Па прыбыцці ў Вільню, атрад Цімафеева быў сустрэты генерал-губернатарам, Назімавым, начальнікам дывізіі генерал-ад'ютантам Быстромам і камандзірам палка Світы Яго Вялікасці генерал-маёрам Вельямінавым з аркестрам і ў прысутнасці велічэзнага натоўпу жыхароў горада, якія дазнаўшыся пра смерць знакамітага Нарбута былі ахоплены жахам. Губернатар расцалаваў начальніка атрада, падзякаваў афіцэрам і салдатам за паход і хвацкія справы. Потым было адслужаны набажэнства. Хутка начальнік атрада капітан Цімафееў атрымаў чын палкоўніка і быў адпраўлены з данясеннем пра сваю перамогу ў Пецярбург. "Тут ён меў шчасце прадставіцца Яго Імператарскай Вялікасці, пры чым Гасудар Імператар сказаў: "Дзякую за хвацкую справу, і прызначаю цябе флігель-ад'ютантам. Уладзімір будзе другою ўзнагародаю за другую справу". Потым Яго Імператарская Вялікасць падаў палкоўніку Цімафееву руку і сказаў: "Яшчэ раз дзякую". Неўзабаве пасля гэтага, палкоўнік Цімафееў прысутнічаў на прыёме імператарам генерала-ад-інфантэрыі Мураўёва, прызначанага губернатарам у Літву. Цар, прадставіўшы Цімафеева Мураўёву, сказаў: "Вось чалавек, які будзе табе карысны".
Шмат афіцэраў і шарагоўцаў атрада было ўзнагароджана, за бой паміж маёнткамі Дубічы і Глыбокім:
Штабс-капітанам Рэнвальду і Лорыс-Мелікаву - Св. Ганны 3-й ст. з мячамі і бантам.
Св. Ганны 4-й ст. з надпісам за адвагу - паручнікам: Шталю, Зубараву, падпаручнікам: фон Эндэну, Леўману і Арбузаву 2-му.
Георгіеўскія крыжы 4-й ступені: фельдфебелю Яфрэмаву, унтар-афіцэрам: Фірсаву, Любімаву, Ліцвінаву і ша-рагоўцам: Малацілаву і Бушмялёву.
За бой пад Дубічамі:
Штабс-капітанам Рэнвальду і Лорыс-Мелікаву - Св. Уладзіміра 4-й ст. з мячамі і бантам.
Св. Ганны 3-й ст. з мячамі і бантам: паручнікам Шталю, Зубараву, Леўману, Шэрнвалю і падпаручніку фон Эндэну.
Георгіеўскія крыжы 4-й ст.: фельдфебелю Каравіну, унтар-афіцэрам: Верашчагіну, Фёдараву, Лабачову і шарагоўцам - Пятрову, Міронаву, Серыкову, Недаступу, Канстанцінаву, Палатаву, Жукаву і Бандарчуку.
Вось так высока ацэньваўся факт разбіцця "нейкай хеўры" на Лідчыне.
Апошнія падзеі паўстання на Лідчыне
Ваяры адной часткі аддзела Нарбута схаваліся ў лесе і праз некаторы час далучыліся да іншых аддзелаў інсургентаў. Другую частку аддзела брат Людвіка - Баляслаў Нарбут сабраў у Гарадзенскай пушчы. Але ён не меў ваеннага досведу і не мог замяніць старэйшага брата. 12 траўня рускія войскі пад камандаваннем ваеннага начальніка Лідскага павета палкоўніка Алхазава знайшлі атрад пад Ганэлькамі (над ракой Котра) і зноў разбілі паўстанцаў. Толькі нямногія байцы змаглі пазней далучыцца да аддзела Астрогі-Парадоўскага. Сам Баляслаў Нарбут быў арыштаваны каля Друскенікаў і адвезены для ваеннага суда ў Гародню.
Археолаг Вандалін Шукевіч запісаў у сваім дзённіку цікавы выпадак вясны 1863 г. у Лідзе. На падставе загадаў Нарбута, выдадзеных на стаянцы ў лесе пад Дубічамі, Лідскі Рэвалюцыйны Камітэт арганізаваў новую партыю паўстанцаў пад камандаваннем Станіслава Калясінскага і вахмістра Каэтана Дарашкевіча. Збор атрада быў прызначаны на 27 красавіка ў лесе каля Крупава, куды агенты Камітэта Тамаш Шукевіч і Стэфан Вільбік загадзя даставілі зброю і харчаванне, а ў Гудэлях падрыхтавалі лодкі для пераправы на другі бераг Дзітвы. У землеўладальніка Зяновіча ў вёсцы Аўсядава сабраліся кіраўнікі зноў арганізаванай партыі інсургентаў. Тут здраднік Ігнат Каліноўскі напалохаў людзей аповядамі пра тое, што з Ліды сюды ўжо выйшлі казакі з салдатамі, і таму паўстанцы хутка разышліся па хатах. Дарма Нарбут чакаў гэтай партыі паўстанцаў у Дубіцкім лесе. Не абышлося і без элементарнага казнакрадства: швагер Ігната Каліноўскага - Баляслаў Шукевіч, родны брат Тамаша Шукевіча, сябра Лідскага Камітэта, завалодаў мандатам скарбніка Камітэта, які належаў Ансэльму Патрыкоўскаму, і прысвоіў сабе 30 000 рублёў - грошы перададзеныя з Вільні і складкі, сабраныя ў Лідзе. За ўчынак Баляслава, да адказнасці быў прыцягнуты яго брат, Тамаш Шукевіч. Завочным прысудам Нацыянальны Ўрад прысудзіў іх абодвух да смерці. Прысуд не быў выкананы, але Тамаш Шукевіч быў высланы ў Сібір ўладамі.
1 чэрвеня па прысудзе Нацыянальнага Ўраду ў вёсцы Мантаты быў павешаны Адам Карповіч. Потым былі запісаны апошнія словы Карповіча, і мы ведаем на якой мове паўстанцы размаўлялі паміж сабой. Калі інсургенты шукалі вяроўку, каб павесіць здрадніка, ён сказаў ім літаральна наступнае: "Паны, нашто шукаеце вяроўку, я маю дзяжку, тай павесьце" , у тэксце кнігі за гэтымі словамі, запісанымі лацінкай, ідзе польскі пераклад. Здраднік вісеў два тыдні перад хатай Баневіча ў Мантатах, пакуль яго не знялі рускія салдаты.
Пераслед сям'і Нарбутаў
Пасля паразы пад Дубічамі рэпрэсіям падверглася сям'я Людвіка Нарбута.
Бацька, вялікі гісторык Літвы Тодар Нарбут, у гэты час жыў у Вільні, у жонкі сына Людвіка і быў настолькі слабы, што нават не ўставаў з ложка. Браты Францішак і Баляслаў ваявалі ў шэрагах паўстанцаў. У Шаўрах тым часам жылі маці Крыстына, дачка Тадора Манчунская і малодшы брат Станіслаў .
З акту справы віленскай следчай камісіі № 148 пра знаходжанне зброі ў маёнтку Нарбутаў Шаўрах:
Стараста вёскі Шаўры Георгі Чаркоўскі паведаміў, што фурман Нарбутаў - Томаш Радзюк ведае дзе закапана зброя. Радзюка прымусілі прызнацца, і ён паказаў месца ў вазоўні, адкуль была выкапана 18 бутэлек пораху і каля 20 фунтаў волава. Потым ён паказаў іншае месца за ? вёрст ад двара, каля леснічоўкі Клеменса Банюшкі, дзе былі выкапаны 2 гарматы, загорнутыя ў рагожу, і бочка пораху вагой каля 3 пудоў. У наступных прызнаннях, Тамаш Радзюк паведаміў, што гэта зброя была прывезена спадарынямі Манчунскай і Табенскай з Вільні, з хаты Верблеўскага. Яны таксама залучылі ў партыю 2 расійскіх афіцэраў і прывезлі іх з Вільні ў Шаўры.
Радзюк прызнаўся, што Ізабела Альшэўская, стрыечная сястра Людвіка Нарбута, разам з Радзюком ездзіла да суседзяў і заклікала іх далучацца да паўстання. Так-сама збірала правіянт і адзежу для партыі і Антаніна Табенская, якая працавала настаўніцай у Сярбянішках, дзе жыла жонка Людвіка Нарбута, якая сябравала з Манчунскай, яна залучыла ў партыю Скірмунта.
Віленская Следчая Камісія пасля заканчэння следства пастанавіла:
1) Удава Тадора Манчунская з дома Нарбутаў - вінаватая у тым, што прымала чынны ўдзел у фармаванні партыі яе брата Людвіка Нарбута, даставіла ў Шаўры 2 гарматы, порах і волава і намовіла 2 афіцэраў да ўступлення ў партыю паўстанцаў: падпаручніка Нікалаі і другога, прозвішча якога невядома. Аднак, Манчунская ўцякла невядома куды, таму … аддаць яе пад суд завочна … .
2) Антаніна Табенская ужо асуджана ваенна-палявым судом за дастаўку распараджэнняў рэвалюцыйнага камітэта, гэта яна учыніла пад уплывам кахання ды аднаго з паўстанцаў, … вінаватая ў тым, што падтрымлівала кантакт з Манчунскай, прывозіла ў Шаўры гарматы і порах і вербавала ў партыю невядомага пакуль па прозвішчу расійскага афіцэра. Пакаранне, раней накладзенае ваенна-палявым судом, падлягае ўзмацненню ў жорсткасці.
3) Удава Ізабела, дачка Адольфа, Альшэўская з дома Нарбутаў, гадоў 50, вінаватая ў закліках да ўдзелу ў паўстанні і павінна быць аддадзена пад ваенна-палявы суд.
4) Крыстына Нарбут, гадоў 60. Як бачна са справы не магла быць не датычнай да паўстання: двое яе сыноў сфармавалі атрад, адзін быў начальнікам, другі - у ім афіцэрам, дачка Манчунская і пляменніца Альшэўская дапамагалі фармаваць партыю, Манчунская дастаўляла зброю і амуніцыю, у цэлым маёнтак Нарбутаў у Шаўрах служыў складам для паўстанцаў.
Усё гэта не магло не быць вядома і Тодару Нарбуту, які хоць і ў пажылым узросце, але не мог не бачыць што робіцца ў яго ў хаце, і відавочна адмыслова выехаў з Шаўроў у Вільню … . У сувязі з вышэй апісанымі справамі сям'і, ён вінаваты ў тым, што як гісторык Літвы, даў сям'і такі шкодны кірунак выхавання.
Камісія пастанавіла аддаць пад ваенна-палявы суд: Крыстыну Нарбут і яе мужа Тодара Нарбута паводле II катэгорыі …, для таго, каб іх маёнтак перадаць ва ўласнасць ураду, а хату, для прыкладу і застрашвання іншых знішчыць, месца дзе яна стаяла заараць плугам.
Хутка прыступілі да выканання гэтага прысуду. Аднак Тодар Нарбут ужо не ўставаў з ложка і яго, каб весці у ссылку "патрэбна было б толькі разам з ложкам уладкаваць у кібітцы". Мураўёў-вешальнік вырашыў сам убачыць Тодара. Сведкам гутаркі вялікага гісторыка і ката быў князь Шырынскі-Шахматаў. Па яго словах, калі прынеслі старца, Мураўёў вітаў яго бруднымі абразамі, але гісторык быў глухі і не дачуў генерала, як потым стала вядома, ён зразумеў толькі асноўныя моманты гутаркі. "А ведаеш, падлец, твой сын забіты!" - сказаў Мураўёў у канцы. "Маю яшчэ некалькі сыноў і ўсіх іх выхоўваў любіць Радзіму" - адказаў гісторык. "Прэч," - закрычаў Мураўёў і аддаў каманду вынесці Нарбута.
Вялікі гісторык Літвы памёр 26.11.1863 г. і быў пахаваны каля свайго парафіяльнага касцёла ў Начы.
Маці Людвіка, Крыстына, афіцыйна абвінавачаная ў "няправільным выхаванні" сваіх дзяцей, за гэта была арыштаваная палкоўнікам Алхазавым, які кіраваў пяратрусам маёнтка і "хворая, выдраная з ложка без неабходнай адзежы", яна была вывезена на суд у Вільню, адразу пасля суда трапіла ў турэмную лякарню, а пасля яе адпраўлена па этапе ў Сібір. Пяць гадоў знаходзілася ў Пензенскай губерні, потым ёй было дазволена вярнуцца ў родны край, дзе яна і памерла 16 ліпеня 1899 г.
Брат Людвіка - Баляслаў пайшоў у паўстанне адразу пасля гімназіі. Перад самай бітвай пад Дубічамі ён быў пасланы па дапамогу да Віславуха, і верагодна, таму выжыў. Арыштаваны ў Друскеніках, ваенны суд у Гродна прысудзіў яго да смерці, аднак з-за непаўналецця (яму было 17 гадоў), прысуд змянілі на высылку ў Краснаярскую губерню. Пасля амністыі вярнуўся ў родны край з падарваным здароўем і памёр у 1889 г.
Другі брат Людвіка - Францішак, пасля заканчэння шляхочага інстытута ў Вільні вучыўся на юрыдычным факультэце Пецярбургскага ўніверсітэта. За ўдзел у падпольнай арганізацыі ў 1861 г. быў арыштаваны і быў змушаны хавацца за мяжой. Пасля вучобы ў ваеннай школе для паўстанцаў, арганізаванай эмігрантамі ў італьянскім горадзе Гунэа, вярнуўся дахаты і ваяваў у атрадзе Лангевіча, дзе атрымаў званне капітана. Пасля паразы паўстання эміграваў у Аўстрыю. Памёр у Венгрыі ў 1892 г.
Сястра Тадора, удава службоўца Манчунскага, як адзначалася вышэй, брала чынны удзел у паўстанні. "Людвік Нарбут дасылаў да сястры розныя даручэнні і заяўкі для атрада, якія яна заўсёды хутка і дакладна выконвала, не гледзячы на небяспеку. Праз яе ішла да інсургентаў розная інфармацыя, харчаванне, зброя і амуніцыя. Мела ва ўсіх ваколіцах адданых сабе людзей, мела сваіх інфарматараў і даверных асоб, паслугамі якіх карысталася там, куды не магла патрапіць сама. З адвагай, якой маглі б пазайздросціць мужчыны, ішла яна на самыя небяспечныя аперацыі" - пісаў сучаснік. Была аддадзена пад ваенны суд, але здолела ўцячы, спачатку хавалася ў Гародні, потым жыла ў Парыжы. Пражыла вялікае жыццё, напачатку 1920-х гадоў польскі ўрад, ёй, як удзельніцы паўстання, даў пенсію і ўзнагародзіў ордэнам "Адраджэння Польшчы". Памерла ў 1925 г. у Кракаве і там жа пахавана.
Леанід Лаўрэш
Дзень памяці паўстанцаў у Плябані
Дэлегацыя вілейскіх краязнаўцаў прыняла ўдзел у Дні памяці паўстанцаў 1863 года, які прайшоў у в. Плябань Маладзечанскага раёна.
Ад Вілейкі на мерапрыемстве пабывалі прадстаўнікі Таварыства аховы помнікаў і выдання "ВОЛАТ".
Напачатку былі наведаны мясцовыя могілкі, на якіх пахаваны ўдзельнікі паўстання. Пасля была вечарына з музыкамі і гістарычнымі расповедамі. Вечарына адбывалася ў мясцовай Мастацкай галярэі аддзела культуры Маладзечанскага райвыканкама.
Даведка.
21 сакавіка 2013 года спаўняецца 150 гадоў з таго дня, як у бітве каля вёсак Свечкі і Плябань, ля Маладзечна, падчас раптоўнага ар'ергарднага бою з царскімі карнікамі-казакамі па-геройску загінулі ўдзельнікі вызвольнага паўстання 1863-1864 гадоў: кіраўнік паўстання на Маладзечаншчыне і Вілейшчыне Юльян Бакшанскі, Рафал Малішэўскі, Людвік Ямант, Леапольд Банькоўскі ды 15-гадовы Ігнацы Сулістроўскі.
Наш кар.
"Краіна майстроў. Рамесныя цэхі Беларусі: ХVІ - канец ХVІІІ стст."
Такую назву мае кніга беларускага гісторыка і геральдыста Анатоля Кірылавіча Цітова.
У змястоўным выданні асвятляецца гісторыя ўзнікнення рамесных брацтваў-цэхаў у такіх гарадах як Бярэсце, Віцебск, Гародня, Камянец, Капыль, Кобрын, Магілёў, Мазыр, Менск, Мір, Нясвіж, Ворша, Пінск, Полацк, Слонім, Слуцк, Шклоў і іншых. У кнізе распавядаецца пра працэсы ўзнікнення цэхаў, дакументы, на аснове якіх яны дзейнічалі, прадстаўлены прыкметы геральдыкі беларускіх рамесных брацтваў.
Разглядаюцца структура, этапы функцыянавання цэхаў, унутраны парадак і галоўныя вырабніцтвы. Таксама даецца пералік кніг як старажытных, так і сучасных, якія выкарыстоўваліся ў працэсе стварэння кнігі.
У кнізе таксама прыведзены тлумачальны слоўнік старажытных назваў рамесных спецыяльнасцей, якія існавалі на землях Беларусі.
У кнізе выкарыстаны матэрыялы нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі, Віцебскага абласнога краязнаўчага музея, Гарадзенскага абласнога краязнаўчага музея, Гарадзенскага музея гісторыі рэлігіі, Магілёўскага абласнога краязнаўчага музея, краязнаўчых музеяў Воршы, Нясвіжа, Пінска, Слуцка, а таксама тое, што назапашана мастакамі Ёста Амана, Аляксандрам Тарасевічам і іншымі.
На прэзентацыі кнігі ў кніжным салоне выступілі: галоўны рэдактар выдавецтва "Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі" Ларыса Языковіч, супрацоўнік гэтай жа ўстановы Юры Бажэнаў, а таксама гісторык Леў Казлоў.
Наклад кнігі 1100 асобнікаў. Яна каштуе 195000 рублёў, але аўтар спадзяецца, што яна разыдецца за некалькі месяцаў, бо мае цікавы змест.
Аляксей Шалахоўскі.
Бітва на Сіняй Вадзе ў філатэліі
Пра бітву на Сіняй Вадзе засталіся сведчанні ў летапісах, напісаны навуковыя працы беларускіх, украінскіх, літоўскіх і расійскіх навукоўцаў, створаны значныя літаратурныя і мастацкія творы. Бітва 1362 года стала самай значнай вайсковай падзеяй XIV стагоддзя і пачаткам вызвалення Еўропы ад татарскага прыгнёту.
Нельга сказаць, што на Беларусі юбілей гэтай бітвы прайшоў незаўважана. Створаны ў звязку з памятнай датай Быў створаны Грамадскі камітэт, праведзена навуковая канферэнцыя, выставы Беларускага саюза мастакоў, конкурсы дзіцячага і маладзёжнага малюнка, літаратурных твораў, прысвечаных перамозе на Снівадзе, канцэрт майстроў мастацтваў Беларусі і Украіны, шмат чаго іншага. 18 лютага ў Менску адбылося ўрачыстае святкаванне 650-й гадавіны перамогі войскаў ВКЛ над татарамі падчас бітвы на Сініх Водах. Але Белпошта на гэту падзею не адрэагавала, чаго не скажаш пра пошту Летувы і Украіны. Так пошта Украіны выпуціла ў абарот марку, прысвечаную 650-й гадавіне бітвы на Сініх Водах, а таксама Канверт Першага Дня (КПД) з спецыяльным гашэннем. Не адстала ад Украіны і Пошта Летувы.
Філатэлістам Беларусі застаецца толькі зайздросціць.
Лявон Карповіч.
У вянок памяці
У малой зале імя Рыгора Шырмы Беларускай дзяржаўнай філармоніі 29 сакавіка 2013 г. адбылася вечарына "А ўжо птушкі пяюць усюды" да 150-годдзя паўстання 1863-1864 гг. і 175-годдзя з дня нараджэння Кастуся Каліноўскага. У выкананні ансамбля салістаў "Класік-авангард (мастацкі кіраўнік - заслужаны дзеяч мастацтваў Уладзімір Байдаў), камернага мужчынскага хору "Унія" (мастацкі кіраўнік - Кірыла Нісаеў), постфальклорнага гурта "Страла" (мастацкі кіраўнік - Эвеліна Шчадрына), лаўрэатаў міжнародных конкурсаў Ільі Сільчукова, Янаша Нелепы, Сяргея Лазарэвіча прагучала музыка, прысвечаная тэматыцы паўстання. Чытальнікі Валянціна Ласоўская і Аляксей Яравенка прачыталі вершы беларускіх паэтаў і ўрыўкі з "Мужыцкай праўды". Цікава вёў вечарыну Віктар Скарабагатаў у ролі апавядальніка.
Намаганнямі грамадскага аб'яднання "Беларускі саюз мастакоў" была разгорнута выстава мастацкіх твораў, прысвечаных паўстанню, а Польскі інстытут і Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі паказалі выставу дакументальных матэрыялаў, якая ўжо дэманстравалася 28 лютага 2013 г. у памяшкання бібліятэкі.
Мікола Ліннік.