Папярэдняя старонка: 2013

№ 17 (1116) 


Дадана: 25-04-2013,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 17 (1116) 24 красавіка 2013 г.


Адноўлена мемарыяльная дошка памяці Людвіка Нарбута ў Лідзе

21 красавіка ў лідскім мікрараёне Індустрыяльны была адкрыта і асвечана адноўленая мемарыяльная дошка памяці Людвіка Нарбута - вайсковага начальніка Лідскага павету падчас паўстання 1863 года, паўстанцкага палкоўніка, прызначанага за некалькі дзён да смерці галоўнакамандуючым войскаў ВКЛ.

Дошку адкрывалі біскуп Аляксандр Кашкевіч, генеральны консул Польшчы ў Гародні Анджэй Хадкевіч, лідскі дэкан Вінцэнт Лісоўскі, пробашч Фарнага касцёла айцец Уладзімір Гуляй, пробашч касцёла Святога Юзафа Каласантага айцец Ян Асіповіч. Менавіта каля новазбудаванага касцёла ордэна піяраў на імя Святога Юзафа Каласантага ў форме адмысловай капліцы (праект Рычарда Грушы) і была ўстаноўлена мемарыяльная дошка з 1938 года.

Дошка прайшла разам з Лідай цяжкі гістарычны шлях. Устаноўленая да 75-годдзя паўстання ў 1938 годзе на піярскім касцёле па вул. Сувальскай, у ноч з 17 на 18 верасня 1939 года, перад прыходам Чырвонай Арміі яна была затынкавана жыхарамі горада. У 1989 годзе тынк быў зняты. У 1996 годзе пасля вяртання будынка праваслаўным дошка была знятая і перададзеная ў музей. У 1997 годзе з ведама дырэктара музея Рыгора Жалезнага дошка была вывезена і схаваная на тэрыторыі аднаго з касцёлаў. Прайшло амаль 16 гадоў. Быў пабудаваны новы піярскі касцёл у Лідзе. Чатыры гады ішлі перамовы з ордэнам піяраў, пакуль правінцыял ордэна не дабраславіў устаноўку дошкі, і вось адкрыццё і асвячэнне.

Многія, з тых, хто змагаўся за вяртанне дошкі, не дажылі да гэтага дня, то хай яна будзе помнікам не толькі Людвіку Нарбуту, але і ўсім лідзянам - патрыётам Бацькаўшчыны і горада, хай мацнее ў Лідзе вера ў Бога і Беларусь.

Яраслаў Грынкевіч.


Віншуем з юбілеем Валянціну Аксак

Валянціна Іванаўна АКСАК (АРЛОВА) нарадзілася 28 красавіка 1953 года ў вёсцы Смалічы Нясвіжскага раёна. Скончыла гістарычны факультэт БДУ (1975). Працавала карэспандэнтам, аглядальнікам у газетах, загадчыкам аддзела культуры часопіса "Беларусь". Карэспандэнт "Радыё ...". Сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў (з 1994). Лаўрэат прэміі "Залаты апостраф" (2008). Сябар Рады ТБМ. Жыве ў Менску.

Дэбютавала вершамі ў Наваполацкай шматтыражцы "Хімік". Аўтар зборнікаў паэзіі "Цвінтар" (1992), "Капліца" (1994), "Антычны дождж" (1999), "Віно з Каліфорніі" (2003), "Ружоўніца" (2008).

Сакратарыят ТБМ шчыра віншуе спадарыню Валянціну з круглай датай і зычыць надалей плённа служыць Беларусі.

За аселіцай

Рукі ружоўніцы -

гэта не тое,

што рукі маркізы -

духменяць іначай,

Гётэ засведчыў

розніцу ў выбары.

Воддаль дрэваў вялікіх -

кветкам раскоша,

і я

штовесну

новы загон

за аселіцай

засаджваю ружамі,

але па-ранейшаму

ў шатах тваіх

гуляе маркіза.

Валянціна Аксак.

(З кнігі "Ружоўніца")


60 гадоў часопісу "Маладосць"

"Маладосць" - беларускі літаратурна-мастацкі і грамадска-палітычны ілюстраваны часопіс.

Выдаецца з красавіка 1953 года. Выйшла крыху менш за 700 нумароў. Наклад (на пачатак 2011 года) - каля 2,5 тысяч асобнікаў. У 2002-2012 гадах уваходзіў у склад рэдакцыйна-выдавецкай установы "Літаратура і Мастацтва". Цяпер у складзе Выдавецкага дома "Звязда". Друкуе творы беларускіх пісьменнікаў, публіцыстычныя і літаратуразнаўчыя артыкулы, рэцэнзіі, матэрыялы на навуковыя і грамадска-палітычныя тэмы.

З 1988 года да пачатку 2000-х гадоў выдавалася "Бібліятэка часопіса "Маладосць" (12 кніг у год), дзе былі надрукаваныя першыя кнігі шэрагу беларускіх пісьменнікаў.

Дарагая рэдакцыя часопіса "Маладосць"!

Сябры ТБМ шчыра віншуюць вас з юбілеем! Жадаем вам творчых поспехаў, багатых мецэнатаў, прызнання чытачоў, шматлікіх накладаў і доўгіх гадоў працвітання!


Шаноўнае спадарства!

Грамадскае аб'яднанне "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" запрашае сяброў і прыхільнікаў роднага слова ад 18 гадоў да 65 гадоў прыняць удзел у даследчай працы па вывучэнні рукапісных сімвалаў беларускай мовы. Трэба будзе паўдзельнічаць у запаўненні падрыхтаваных анкет з напісаннем беларускіх слоў, некаторых фраз і г.д.

Увесь удзел зойме 30 хвілін.

Праца будзе весціся ў наступныя дні:

7 траўня 13.00 -13.30; 13.30 - 14.00; 17.00 - 17.30; 17.30-18.00.

8 траўня 13.00 -13.30; 13.30 - 14.00; 15.00 -15.30; 15.30 -16.00

9 траўня з 11.00 -11.30; 11.30-12.00; 12.00-12.30; 12.30-13.00; 13.00-13.30; 13.30-14.00; 14.00-14.30; 14.30 -15.00.

Для ўдзелу неабходна паведаміць сваё імя, прозвішча, зручны для Вас час па эл. адрасе: siadziba gmail.com з пазнакай "праект" да 3-га траўня і затым падысці на сядзібу (Румянцава, 13) у абраны Вамі час.


Зноў пра беларускую "трасянку"

Пасля выхаду ў свет майго інтэрв'ю "Нашай Ніве", якое без майго ведама маладая журналістка назвала "Лупіце на трасянцы", вырваўшы з кантэкста інтэрв'ю некалькі маіх жартаўлівых слоў, тэма трасянкі стала вельмі папулярнай у СМІ, асабліва ў інтэрнэце.

Прачытаўшы матэрыялы на розных блогах і каментары да іх, адразу хачу сказаць наступнае: разглядаючы розныя формы "трасянкі" як складовыя часткі беларускай мовы, я з павагай стаўлюся да тых людзей, якія размаўляюць на трасянцы, але імкнуцца, падкрэсліваю, імкнуцца, праз яе паступова перайсці да шырокага ўжывання сённяшняй літаратурнай беларускай мовы.

Але я ніколі не заклікаў на ёй свядома пісаць, як гэта мне прыпісаў адзін вядомы журналіст у сваім блогу. Калі гэта не частка мастацкага твора з мовай персанажа, то пісаць трэба адразу на сучаснай літаратурнай мове, а не займацца "дрындушкамі".

У якасці прыкладу прывяду досвед маскоўскай журналісткі Кацярыны Кібальчыч, якая называе сябе "трасянкамоўнай" і вырашыла спачатку ў Маскве, а потым у Менску стварыць курсы па вывучэнні беларускай мовы для такіх, як і яна, "трасянкамоўных". Гэта ініцыятыва атрымала вялікую падтрымку і шырокі розгалас. І гэта зусім невыпадкова.

Звернемся да гісторыі пытання. Трасянка як лінгвістычны тэрмін з'явіўся ў 90-я гады ХХ ст. Магчыма, што першым яго пачаў выкарыстоўваць Зянон Пазняк.

З'явілася яна як польска-беларуская моўная з'ява сярод нашых магнатаў і шляхты ў XVII і асабліва ў ХVIII ст. Дастаткова прыпомніць славутую прамову "Мялешкі" ў сойме ў XVII ст., які заклікаў дэпутатаў гаварыць па-беларуску. Пасля ліквідацыі Рэчы Паспалітай, у пачатку ХІХ ст., паланізацыя на Беларусі пры спрыянні Аляксандра І яшчэ больш узмацнілася, і гарадская эліта перайшла на польскую мову, якую сапраўдныя палякі называлі "красовай", альбо "простай", бо беларускі ўплыў у ёй моцна адчуваўся. Дастаткова пачытаць Міцкевіча або Крашэўскага.

Але ў сярэдзіне ХІХ ст. і асабліва ў канцы ХІХ-пачатку ХХ ст. "трасянкамоўная", "ліцвінская" беларуская шляхта стварае на яе грунце і на аснове розных дыялектаў беларускіх сялянскіх гаворак новую літаратурную беларускую мову. У гэты час ўзнікае ў нашых гарадах і руска-беларуская трасянка.

Хачу прыгадаць, што Купала пачынаў пісаць вершы па-польску, а Колас - па-руску. Першыя іх беларускія тэксты мелі шмат польскіх і рускіх слоў, але паступова яны зніклі і замяніліся іншымі. Так, слова "гасударства" было заменена на "дзяржаву", а "граніца" на "межы" і г.д.

На тэму "трасянкі" праведзена шмат розных лінгвістычных даследаванняў. Так, у 2010 г. чэшскі ўніверсітэт з горада Усці над Лабай выдаў на рускай мове манаграфію Іны Каліты пад назвай "Современная Беларусь: языки и национальная идентичность", дзе прыводзяцца розныя асаблівасці сучаснай беларускай трасянкі. На гэтую ж тэму ёсць публікацыі С. Запрудскага і іншых даследчыкаў. Таму нам не мае сэнсу паглыбляцца ў філалагічныя дыскусіі. Лепш звернемся да гістарычных фактаў.

Новая хваля татальнай русіфікацыі захліснула Беларусь пасля 1959 года, калі дазволілі вызваляць па просьбе бацькоў дзяцей ад вывучэння беларускай мовы ў рускамоўных школах. У гарадах былі зачынены ўсе беларускамоўныя школы, а ў Менску нават беларускую літаратуру выкладалі па-руску. Цікава, што ў СССР беларуская трасянка і ўкраінскі суржык (чытай, побытавае маўленне) жорстка высмейваліся, з мэтай канчаткова перавесці іх носьбітаў на "великий и могучий". Асабліва гэта было ў войску і ВНУ. Сітуацыя пачала змяняцца ў часы перабудовы, калі трасянка пачала выходзіць з падполля і пачала паступова мець не толькі адмоўнае, але і станоўчае значэнне, калі носьбіт трасянкі імкнуўся не канчаткова адмовіцца ад усяго беларускага, а наадварот, стаць сапраўдным беларусам, які валодае сучаснай беларускай мовай і штодня ёю карыстаецца. Я праходзіў гэты шлях два гады: з 1980 па 1982 год. У гэтыя гады я пачаў працаваць са студэнтамі і заахвочваў іх гаварыць спачатку на трасянцы, а потым пераходзіць на прыгожую літаратурную мову.

Сярод маіх вучняў зараз ёсць дактары і кандыдаты навук, людзі, якімі ганарыцца наша эліта, пачыналі са звычайнай трасянкі, бо нельга рускамоўнаму беларусу адразу загаварыць як Гілевіч ці Караткевіч. Што тычыцца пісьмовай мовы, то тут трасянка выключаецца, бо ёсць слоўнікі, і кожную памылку можна хутка выправіць.

Дарэчы, у нашай гісторыі быў цікавы выпадак, калі на трасянцы гаварыў і вёў паседжанні Вярхоўнага Савета БССР у 1990-1991 гадах яго старшыня Мікалай Дземянцей. Было смешна, але не па-руску, і тады дэпутаты загаварылі па-беларуску і зрабілі ў 1994 годзе адзінай дзяржаўнай мовай у першай Канстытуцыі незалежнай Беларусі беларускую.

Згодна з сацыялагічным апытаннем (2009 год) на трасянцы ў Беларусі размаўляе 22,5 %, а толькі па-беларуску - 4,3 %.

Таму зараз трасянка на Беларусі павінна быць не "шашалем", як у часы Рэчы Паспалітай ці СССР, а бінтом на ранах здратаванай Беларушчыны, пераходным мастком да сапраўднай еўрапейскай незалежнай і дэмакратычнай Беларусі, дзе будзе адна дзяржаўная мова - беларуская, дзе людзі будуць ведаць розныя мовы, карыстацца імі, але дома і на працы, з дзецьмі і бацькамі гавораць на роднай беларускай мове.

Старшыня ТБМ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт, дэпутат ВС Беларусі ХІІ склікання Алег Трусаў.


Не класічна на клясычнай

Жыў - быў сціплы чалавечак ( г.зн. я,) пісаў, як умеў гэткія ж сціплыя тэксты. Ажно высветлілася, што пішу нЯ клЯсЫчна. А трэба пісаць прагрэсЫўна,так, як пісалі гадоў сто таму назад. Што ж, вырашыў паспрабаваць. Аказваецца, гэта не складана. Не ведаеш, як пішацца тое ці іншае слова - зазірні ў слоўнік. Але не ў беларускі. У польскі.

НЯ ЗЬ

(філёлягічны этуд)

Палячыя выйшлі на балькон. Сы.. адразу прыкмеціў сылюэт Зь... Яна выкшталцона паліла даўгую цыгарэту.

Сы... залюбаваўся адсьлігаванымі нагамі Зь... "Дасьціпна выглядаеш!" - мовіў Сы... "Я ж стуардэса, мушу мець добры выгляд. І ня толькі я. Мая аднаклясьніца перад візытам у клюб "Ганалюлю" спраўджвае кальготкі празь люпу!"

Яны прыселі на зялезную лаўку. "Можа, філіжанку кавы?" - прапанаваў Сы... "Я б лепей хацела зупы... або вувогуле ўзбэцкага плёву! Жэрці хочацца..." Тут, у гэтым мейсцы, такога няма. Вазьмі пакуль чакалядку" - сказаў Сы... і падаў пушку. "А можа, якогась алькаголю?" "Ахвотна!" - усьцешылася Зь... "Хачу тэкілі! Мы аднойчы хадзілі ў тэатар на мюзыкал "Тэкіля". Так аплядавалі, так кляскалі!" Сы... прынёс трунак. "Апавядзі пра сябе" - прапанаваў Сы... "Трэці раз замужам, першы муж быў мэталюрг, другі філёзаў, а трэці псыхоляг, але я яго заву проста псых. А я то ў Сыбіры, то ў Сырыі, то ў Баўгарыі, то на Баўканах... неўзабаве ляцім у Аўганістан... Што ж, для гэтага я і вырвалася са свйго каўгаса! А ты як?" "Скончыў гімназыю, потым атрымаў гадукацыю плякатыста. Пра пэнсыю пакуль ня думаю!" "Дык ты мастак? - здумелася Зь...- Цудоўна! Намалюй зь мяне этуд ну!" Шчыгульна паголены твар Сы... расплыўся ў радаснай усьмешцы. "Заўтра прыходзь да мяне ў працоўню. Я якраз скончыў карціну "Паляваньне на гільвоў"!

У маціцовым небе чуўся пошчак шпакоў.

"А цяпер хачу кавы зь лікворам!" - капрызна надзьмула вусны Зь... Сы... кінуўся выконваць просьбу.

"Ты згубіў кубэрту!" - крыкнула Зь... "Ой, дзякуй, гэта пэтыцыя ў парлямант Гішпаніі супраць зьдзеку зь быкоў. Я належу да грэтакаталіцкай царквы, а яна гэтага не ўхваляе. Я ж ляяльны вернік"

Моўчкі пілі ськлізкі ліквор і астыглую каву. "Але ж мне пара!" - спахапілася Зь.., схапіла футэрак, цмокнула Сы... ў шчаку і зьнікла.

Сы... выліў рэшткі тэкілі і ліквору ў філіжанку і каўтануў. У галаве зашумела. Пара было сыходзіць. Ногі ў бэльбэтавых штроксах падгіналіся, і Сы... пляснуўся на клюмбу зь флёксамі. Ляжаць было прыемна. Высока ў небе гуў геліякоптар. Сы... думаў пра Зь... "Чаму яе няма побач? Чаму я ня зь ёю? Ня зь..." Вочы зачыніліся і Сы... соладка заснуў пасярод клюмбы.

Празь вокны гіранічна глядзелі мяйсцовыя мяшканцы.

Алег АБЛАЖЭЙ.


Ці замовіць імбрычак гарбаты?

У газеце амерыканскіх беларусаў "Беларус" у лютым 2013 г. (№ 597) быў надрукаваны вялікі матэрыял беларускай журналісткі і грамадскага дзеяча Валянціны Трыгубовіч, якая зараз стала жыве ў ЗША, уражанні ад прыезду на Бацькаўшчыну летам мінулага года. Мы прапануем нашым чытачам фрагмент вышэйзгаданага артыкула, прысвечаны стану беларускай мовы на Беларусі.

Старшыня ТБМ Алег Трусаў.

Калі я вярнулася ў Амерыку, то знаёмыя найперш пыталіся пра выбары і пра стан мовы. Што гаварыць пра выбары, якіх не было? Амаль ніхто з тых, з кім я там камунікавала, на выбарчыя ўчасткі не хадзіў. "Навошта марнаваць час на пустое?" Яны не называлі гэта байкотам і ў большасці не ўсведамлялі сябе пратэстоўцамі. Проста праігнаравалі. Аднак актыўныя ў грамадскім жыцці людзі часта былі назіральнікамі на выбарчых участках, таму вялі гаворку пра тэндэнцыі, матывы і іншае. Ну, але ж я паабяцала распавядаць толькі пра штодзённасць...

Практычна ўсюды я паслугоўвалася беларускаю моваю. Вядома, мае знаёмыя, былыя калегі па працы ці грамадскай дзейнасьці, - гэта людзі беларускамоўныя, на скрайні выпадак - беларускаарыентаваныя. Але я гаварыла гэтак сама і ў крамах, і ў транспарце, і на пошце... Ні разу не сутыкнулася з негатыўным стаўленнем. На рынках дык гэта мне яшчэ і дапамагала, бо часам нават грошы ашчадзіла. Варта было завесці з нейкай прадавачкаю прыязную гамонку (адкуль яна, як жывецца-маецца, ці добра ідзе гандаль), як да нас пачыналі прыслухоўвацца суседзі і далучацца да размовы. Кожны пры гэтым імкнуўся прапанаваць свой тавар. Яны паслугоўваліся "трасянкаю", часам хтосьці апраўдваўся, што цяпер жа ўсе "па-гарадскому" хочуць, і часта казалі: "Вы мусіць былі настаўніцаю?" О, каб жа ўсе нашы настаўнікі беларускай мовы былі яе паслядоўнымі носьбітамі, мы мелі б іншую сітуацыю! Магчыма... Аднак гэтыя мае суразмоўцы былі яшчэ з таго пакалення, якое мела бацькоў або бабуль у вёсках ды мястэчках. Маладзенькія прадавачкі ў крамах або афіцыянткі ў кавярнях, узгадаваныя цалкам "на асфальце", ужо маюць праблему з моваю. Яны проста не разумелі сэнсу некаторых словаў, перапытвалі, перасмыкваючы плячамі, праўда, адмоўных эмоцый не агучвалі. Можа, яны паблажліва ставіліся да мяне з прычыны ўзросту ("што возьмеш з гэтых старых, не ўмеюць па-руску!")? Але і я была цярплівай ды ветлівай, тлумачыла незразумелае, не праяўляла да іх агрэсіўнасці, не паводзіла сябе на манер тых маладзёнаў, якія імкнуцца падкрэсліваць моваю сваю выключнасць ("Замаўляю імбрычак гарбаты на дзве філіжанкі!"). Дый у мове неафітаў мне часам пагрозліва рэзалі слых небеларускія "р" і "ч". Усё ж галоўнае: яны пачалі. Навучацца...

Агулам, культура мовы - ніжэй калена, як сказаў адзін вядомы сучаснік. Гэта шкодная ілюзія, што ўсе добраахвотна і лёгка перайшлі на расейскую і калі б гэтыя клятыя нацыяналісты не патрабавалі "вярніце нашу мову нам!", дык тут была б ціша і "процветание". Калі пажывеш у рознамоўным асяроддзі, вуха лепш чуе... У Менску пануе не расейская мова, а яе беларускі дыялект, яе спрошчаны і абкалгаснены варыянт. Што на вуліцы, што ў высокіх установах. Як бы хто ні стараўся гэта маскаваць. Натуральную расейскую ў Менску выпадала пачуць гэтак жа рэдка, як і чыстую беларускую.

Паколькі мяне моўнае пытанне займае, дык з рэпертуару Купалаўскага тэатра выбрала для прагляду спектакль "Тranslation", пастаўлены нядаўна. Сюжэт вельмі пасуе да беларускай сытуацыі. Дзея разгортваецца ў Ірландыі, калі яе пачынаюць калнізаваць ангельцы. Адпаведна, на сцэне ірландцы гавораць па-беларуску, ангельцы ды ірландцы-калабаранты - па-расейску. Выразная гульня актораў, поўная зала гледачоў... I вельмі стрыманая рэакцыя публікі, якая ўсё разумела, але не запальвалася. Мы з сяброўкай пасля спектаклю ўсю дарогу дахаты спрабавалі знайсці адказ на пытанне: чаму? I мне думаецца, частковы адказ - у гэтым самым дыялекце. Бо паміж той беларускай і расейскай мовамі, якія гучалі са сцэны, не было выразнага адрознення, не было маўленчага "бар'ернага рыфу". Амаль аднолькава гучала "г" што ў "ірландцаў", што ў "ангельцаў". Мовы размазаліся... I вобраз супрацьстаяння знік. А з ім і галоўнае ў гэтым спектаклі, дзе адзінай узрушальнай сцэнай для публікі стала вечарына з вясёлымі ірландскімі скокамі.

Другі тэатральны прыклад - з Опернага. Пасля вялікай рэканструкцыі тэатар не пазнаць. Мармур, пазалота, оперы ставяцца на мове арыгіналу. А каб публіка разумела, што дзеецца, пра што спяваюць, па экране над аркестрам бяжыць светлавы тэкставы радок. Мы глядзелі "Сівую легенду" Дзмітрыя Смольскага на лібрэта Ўладзіміра Караткевіча. Уражанні цудоўныя! Такія шыкоўныя дынамічныя дэкарацыі, такія масавыя мізансцэны! Натуральна, спявалі па-беларуску, то тэкставыя радкі былі па-расейску і па-ангельску. Нічога не скажу пра ангельскі тэкст, але расейскі нас з сяброўкай проста смяшыў. (Добра, што нам ён быў без патрэбы, але ж нехта спадзяваўся праз пераклад зразумець тое, што дзеялася на сцэне.) У тэксце была безліч беларусізмаў. Адчуваецца, перакладчык проста браў яму незнаёмыя тэрміны з лібрэта, не шукаючы расейскія адэкватнікі.

Прадчуваю, мне скажуць: "Сёння форма не важная, важны змест". Але ў мове змест і форма знітаваныя. I калі высокія ўрадавыя чыноўнікі падчас выступу проста "жуюць жуйку" перад публікаю, то гэта ў чарговы раз сведчыць, што сярэдняя і вышэйшая школа ў краіне знаходзяцца на вельмі нізкім адукацыйным узроўні. Няма масавай беларускай школы, няма нацыянальнага ўніверсітэта. Пануе дыялект, "трасянка" - моўная, ідэйная, эстэтычная. Выпускнікі нават простыя тэксты пішуць з памылкамі, яны гавораць пераважна штампамі службовых інструкцый, зусім не ўмеюць весці дыялог, увесь час навязваючы слухачам доўгія ды пустыя маналогі. Так, прамоўніцкія здольнасці не кожнаму дадзеныя, аднак ясна і проста выкласці сваю пазіцыю або меркаванне павінен умець кожны адукаваны чалавек. I тут зноў паўстае праблема выбару мовы. Калі ты пераходзіш на чужую мову (у нашым варыянце - на расейскую), мусіш гадзінамі сядзець у лінгвістычным кабінеце, як гэта робяць сёння маладыя, што вучаць ангельскую, нямецкую ці якую іншую, каб належна адаптавацца ў глабалізаваным свеце. А без гэтых высілкаў не пніся "говорить по-рюски", усёроўна ў табе будуць бачыць "бульбаша". Лепш шліфуй сваю адвечную беларускую мову, якая дзесьці ў падсвядомасці яшчэ жыве, авалодвай яе граматычнымі нормамі і лексічным багаццем ды пачувайся гаспадаром у сваёй краіне. "Будзь сам сабою, і людзі да цябе пацягнуцца" - любіў паўтараць адзін мой калега. Слушна.


Аб вывучэнні беларускай мовы ў Парыжы

12 красавіка 2013 года ў Нацыянальным інстытуце моў і цывілізацый г. Парыжа (Institut national des langues et civilisations orientales, INALCO) адбылася сустрэча Пасла Беларусі ў Францыі Паўла Латушкі з прэзідэнтам INALCO Мануэль Франк (Manuelle Franck), кіраўніком аддзела па міжнароднаму супрацоўніцтву INALCO Мары-Сібіль дэ Віен (Marie-Sybille de Vienne), а таксама кіраўніцтвам факультэта, дзе вывучаецца беларуская мова.

У ходзе размовы была дасягнута папярэдняя дамоўленасць аб устанаўленні супрацоўніцтва паміж INALCO і адной з вышэйшых навучальных устаноў Беларусі.

З боку Пасольства Беларусі ў Францыі будзе сфармавана і перададзена бібліятэка беларускай класічнай і сучаснай літаратуры, выданняў па гісторыі і кульутры Беларусі для выкарыстання ў навучальным прцэссе.

П. Латушка паінфармаваў прэзідэнта INALCO аб заснаванні Пасольствам Беларусі ў Францыі заахвочвання для лепшага студэнта Інстытута, які вывучае беларускую мову. Пасольства накіруе за кошт беларускага боку лепшага студэнта ў азнаямляльную паездку ў Беларусь з мэтай наведвання беларускіх гістарычных мясцін і ўстаноў культуры.

Акрамя таго, дасягнута дамоўленасць аб правядзенні для студэнтаў INALCO культурных мерапрыемстваў з мэтай папулярызацыі беларускай культуры і мовы ў студэнцкім асяроддзі, а таксама па арганізацыі дэманстрацыі ў Інстытуце мастацкага фільма "У тумане" па аповесці народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава.

Парыжскі Нацыянальны інстытут моў і цывілізацый з'яўляецца буйнейшай навучальнай установай Еўропы па вывучэнні замежных моў. На сённяшні дзень у INALCO вядзецца выкладанне 93 замежных моў краін Усходняй і Цэнтральнай Еўропы, Азіі, Акеаніі, Афрыкі і народаў Амерыкі.

Паведамленне для прэсы Пасольства Рэспублікі Беларусь у Францыі.


Нацбанк запусціў новую версію сайта - у тым ліку паўнавартую беларускамоўную

Запушчана абноўленая версія афіцыйнага інтэрнэт-сайта Нацыянальнага банка Беларусі.

Мадэрнізаваная версія сайта мае новы дызайн, які прыведзены ў адпаведнасць з патрабаваннямі пастановы праўлення Нацбанка ад 24 студзеня 2012 года №19 "Аб устанаўленні элементаў фірменнага стылю Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь і зацвярджэнні Інструкцыі па ўжыванні элементаў фірменнага стылю Нацбанка".

Распрацоўшчыкам новага дызайну сайта стала беларуская кампанія, паведамляе прэс-служба банка. У працэсе мадэрнізацыі сайта ўдасканалена структура рэсурсу, упарадкавана і аптымізавана яго інфармацыйнае напаўненне, дададзены новыя інфармацыйныя блокі.

nn.by.


Да 450-годдзя "Радзівілаўскай бібліі"

Белпошта выпусціла маркаваны мастацкі канверт да 450 годдзя "Берасцейскай бібліі". "Берасцейская біблія" ("Радзівілаўская біблія") - шэдэўр кнігадрукавання эпохі Рэнесансу. Выдадзена ў 1563 годзе ў Бярэсці на сродкі Мікалая Радзівіла Чорнага, старасты берасцейскага. У Бібліі змешчаны поўны тэкст Старога і Новага Запаветаў.


Лідзянін, які канкурыруе з Google

Яны ствараюць Беларусь

Кожны дзень сотні наведвальнікаў з Беларусі, Расіі, ЗША, Польшчы і іншых краін заходзяць на старонку сайта "Белазар", каб перакласці тэкст з рускай на беларускую мову ці наадварот. Але наўрад ці хто з карыстальнікаў ведае, каму менавіта ён абавязаны магчымасцю зрабіць гэта хутка і дастаткова якасна. Насамрэч стваральнікам гэтай вядомай праграмы з'яўляецца лідзянін Алег Азароўскі (на здымку).

Па меркаванні самаго Алега (наладзіць кантакт з якім давялося з дапамогай Інтэрнэта), сённяшняму школьніку стаць праграмістам нашмат прасцей. У наш час нават тэлефоны маюць больш магутныя працэсары, чым тыя камп'ютары, на якіх ён у школе вывучаў інфарматыку. Так, напрыканцы 1980-х, калі Алег вучыўся ў старэйшых класах, у СШ № 6 нават не было персанальных ЭВМ. Таму на заняткі па інфарматыцы яму разам з аднакласнікамі даводзілася хадзіць у СШ № 7 (цяпер - гімназія № 1), дзе быў абсталяваны камп'ютарны клас. Магчымасцямі гэтай тэхнікі хлопец быў зачараваны. Алег скупляў усе кніжкі па інфарматыцы і праграмаванні, якія можна было знайсці ў нашай кнігарні. I вось так паступова далучаўся да сваёй будучай прафесіі.

Не дзіва, што пасля заканчэння школы малады чалавек мэтанакіравана паступіў на факультэт прыкладной матэматыкі БДУ. Атрымаўшы ж вышэйшую адукацыю, лідзянін працаваў у Воранаўскай мытні, дзе прымаў удзел у першапачатковай аўтаматызацыі мытнага кантролю на памежных пастах. Справа гэта была новая і вельмі цікавая. Цяпер жа Апег Іванавіч займаецца маркетынгам і часам праграмаваннем на адным з прадпрыемстваў Ліды.

- Алег, што падштурхнула Вас да стварэння праграмы "Белазар"? - пацікавілася я ў аўтара.

- Адсутнасць у Інтэрнэце руска-беларускага камп'ютарнага перакладчыка наогул. Нейк прыкра стала. А натхніла да гэтай працы любоў да роднай мовы, якую з дзяцінства прывіла мне маці, настаўніца беларускай мовы. Адзначу, што гэта быў сапраўдны прарыў у беларускай камп'ютарнай лінгвістыцы. "Белазар" для Windows можна было сустрэць на кожным пірацкім дыску, які з'яўляўся ў продажы напачатку 2000-х гадоў.

- Цяпер гэта ўжо далёкая гісторыя?

- Так. У камп'ютарнай сферы сітуацыя хутка змяняецца - у сувязі з тым, што ўсё большае распаўсюджанне набываюць персанальныя камп'ютарныя прылады новага пакалення: разумныя тэлефоны (смартфоны), планшэты, тэлевізары з убудаваным аглядальнікам Інтэрнэту, з мабільнымі аперацыйнымі сістэмамі Андроід і IOS, якія не падтрымліваюць праграмы Windows. Такім чынам, каб мець магчымасць перакладаць беларускія і рускія тэксты на кожнай камп'ютарнай прыладзе з доступам да Сеткі, летам 2009 года была запушчана першая версія анлайн-перакладчыка "Белазар". Дарэчы, амаль адначасова з'явіўся беларускамоўны кірунак і на вядомым серверы перакладаў Google Translate.

- Алег, ці спынілася на гэтым праца над руска-беларускім перакладчыкам?

- Не. Напачатку 2013 года анлайн-перакладчык Belazar.info значна абнавіўся: была палепшана падтрымка мабільных прылад з невялікімі экранамі, абноўлены алгарытм перакладаў. Напэўна, гэта бясконцы працэс. Слоўнікавая база "Белазара" ўвесь час пашыраецца і паляпшаецца. На сённяшні дзень яна мае 180 тысяч слоў і словазлучэнняў у беларускай частцы і 210 тысяч у рускай і ахоплівае бадай што ўсю агульнаўжывальную лексіку. Перакладчык прытрымліваецца афіцыйнага беларускага правапісу 2010 года, аднак можа перакласці на рускую мову і "тарашкевіцу", а таксама тэкст, напісаны старым афіцыйным правапісам, што дзейнічаў да 2010 года. Акрамя таго, наколькі гэта магчыма, у зыходным тэксце перад перакладаннем выпраўляюцца арфаграфічныя хібы.

- Але карыстальніку трэба быць уважлівым. "Белазар" таксама можа памыліцца...

- На жаль, ніводны машынны перакладчык пакуль не можа паспрачацца з якасцю працы чалавека-лінгвіста. У "Белазара" дагэтуль ёсць праблемы з перакладам назоўнікаў у спалучэнні з лічэбнікамі "два", "тры", "чатыры": рускае "три стола" ён перакладае як "тры стала" (правільна - "тры сталы"). Ёсць цяжкасці з абраннем слушнага варыянту перакладу для слова ў кантэксце: напрыклад, рускае "надевать шубу" перакладаецца як "апранаць футра", але "надевать носки" будзе перакладзена як "апранаць шкарпэткі", у той час як правільна сказаць - "надзяваць". Шмат якіх праблем у перакладзе можна пазбегнуць, папярэдне праверыўшы зыходны тэкст на наяўнасць памылак, скараціўшы сказы, спрасціўшы іх будову. Парады па карыстанні перакладчыкам ёсць на сайце Belazar.info

- Ці была Ваша праца адзначана матэрыяльна?

- "Белазар" распачынаўся і дагэтуль развіваецца як цалкам бясплатны праект. Планы зарабляць грошы з дапамогай сэрвісу перакладаў ёсць, але пра гэта казаць яшчэ рана. У любым выпадку "Белазар" застанецца бясплатным для карыстальнікаў.

- Алег, якія ў Вас планы на бліжэйшы час? Ці ёсць жаданне стварыць яшчэ якую-небудзь каысную праграму?

- Планаў шмат, але, на жаль, вольнага часу на іх ажыццяўленне заўсёды не хапае. Трэба паляпшаць пераклад слоў у кантэксце сказу. Трэба больш актыўна задзейнічаць дапамогу карыстальнікаў ва ўдасканаленні слоўніка праграмы. Можна дадаць у "Белазар" элементы статыстычнага машыннага перакладу, такога, які выкарыстоўваецца на сэрвісе Google Translate. А яшчэ ёсць жаданне зрабіць асобны перакладны анлайн-слоўнік, не перакладчык.

Лілея Лапшына, "Лідская газета".


Зайграла вясёлка над Лідай

18 красавіка ў літаратурным аддзеле Лідскага гістарычна-мастацкага музея адбылася вялікая ўрачыстасць. Тут сабраліся прыхільнікі дзіцячай творчасці на адкрыцці выставы "Вясёлка творчасці", якую сумесна арганізавалі Лідская дзіцячая мастацкая школа і Лідскі гістарычна-мастацкі музей.

Вядома: тое, што створана дзецьмі, ажыўляе ў нашых сэрцах радасць, захапленне, весялосць. Дзеці - людзі, як і мы, дарослыя. Больш таго, яны - наша надзея, наш гонар, наш галаўны боль. А яшчэ яны - нашы суддзі, настаўнікі і нашчадкі. Яны толькі ростам маленькія, а маюць амаль усе якасці дарослых. Яны дасціпныя і хітрыя, добрыя і злосныя, старанныя і гультаяватыя, верныя і падманлівыя. У іх, як і ў прыроднай вясёлцы, - розныя колеры.

На адкрыцці выставы былі запрошаны вядомыя літаратары Лідскай зямлі, Марыя Масла, Тацяна Сямёнава і дзеці са школы № 11 разам з настаўніцай Ганнай Леанардаўнай Рэлікоўкай. Нечакана, на адкрыцці з'явіўся казачны персанаж Нязнайка, які пачаў вучыць прысутных складанню вершаў.

Пасля прадмовы супрацоўніка музея, а па сумяшчальніцтве, кіраўніка літаратурнага аб'яднання "Суквецце" пры рэдакцыі "Лідскай газеты" Алеся Хітруна, слова было дадзена гасцям імпрэзы.

Масцітыя літаратары давалі парады як па жыццёвым, так і па літаратурным шляху ў лёгкай сяброўскай атмасферы, пад усмешкі і добры настрой. З вуснаў гасцей ліліся, нібы тая вясёлка, і гумар, і лірыка, і нават экспромт.

У заканчэнні дырэктар Лідскай дзіцячай мастацкай школы прэзентавала невялічкую кніжку "Творчество, окрашенное в радугу".

Наогул, адкрыццё прайшло на адным уздыху. Арганізатыры выказалі надзею, што выстава не застанецца без свайго наведвальніка.

Выстава будзе працаваць на працягу некалькi месяцаў.

Па ўсiх пытаннях звяртацца па тэлефонах у Лідзе: 53 05 52 або 53 22 94.

Алесь Хітрун, Мікалай Іода. Фота: Мікалай Іода.


У Заслаўі адкрылася выстава ўнікальных гравюр ХІХ стагоддзя

У Музейна-выставачным комплексе "Гісторыка-культурнага музея-запаведніка "Заслаўе" адкрылася выстава ілюстрацый французскага часопіса "Le Monde illustrе", прысвечаных Паўстанню Кастуся Каліноўскага.

Паўстанне 1863-1864 года ў Беларусі і Літве - адна з найбольш знакавых падзей у гісторыі Беларусі. Яно аказала вялікі ўплыў на фармаванне нацыянальнай самасвядомасці беларусаў у ХІХ ст. Аднак доўгі час імперскай і савецкай русіфікацыі амаль знішчыў у беларусаў усведамлення значэння таго ўзброенага ўздыму для нашай краіны.

У савецкай Беларусі ўспаміналі пра паўстанцаў 1863 года і іх лідара Кастуся Каліноўскага, аднак толькі ў кантэксце барацьбы з царызмам і самадзяржаўем. Усе нацыянальныя матывы ў "першай дзяржаве працоўных і сялян" былі забаронены.

Часы змяняліся, і ў пачатку 1990-х гадоў Беларусь стала незалежнай краінай. У айчынную гістарыяграфію пачалі вяртацца раней забароненыя сюжэты, у тым ліку і гісторыя Паўстання 1863-1864 гадоў. Пазней, у сувязі з вядомымі падзеямі, айчынную гісторыю ізноў пачалі "перапісваць". Увесь гэты час беларускае грамадства заставалася ў нейкім гістарычным вакууме.

Сярод беларусаў штучна працягвалі культываваць комплекс прыналежнасці да савецкага грамадства. Негатыўныя наступствы гэтага мы можам назіраць і зараз. Разам з тым, нават не гледзячы на гэтыя негатыўныя фактары, працэс фармавання беларускай нацыянальнай свядомасці сёння ідзе і мае досыць аб'ектыўны характар.

Гэты юбілейны год распачаўся непрыемнай падзеяй, звязанай з правядзеннем у Беларусі "навуковай канферэнцыі", прысвечанай гісторыі Паўстання 1863-1864 гг., падрыхтаванай адэптамі імперскага заходнерусізму ў Беларусі. На фоне таго, што афіцыйна Беларусь ніяк не адрэагавала на 150-гадовы юбілей Паўстання Кастуся Каліноўскага, гэты "шабаш" выглядаў сапраўдным здзекам над гістарычнай мінуўшчынай Беларусі.

Аднак у сакавіку 2013 года адбылася буйная навуковая канферэнцыя, падрыхтаваная Інстытутам беларускай гісторыі і культуры, на якой асвятлялася праўдзівая гісторыя Паўстання 1863-1864 гг. ў Беларусі. Рыхтуюцца і адбываюцца музейныя і быбліятэчныя выставы, прасвечаныя гэтай, вельмі важнай падзеі ў гісторыі Беларусі.

19 красавіка 2013 года у будынку Музейна-выставачнага комплексу "Гісторыка-культурнага музея-запаведніка "Заслаўе" адкрылася выстава ілюстрацый французскага выдання "Le Monde illustrе", прысвечаных Паўстанню Кастуся Каліноўскага ў Беларусі і Літве. Мерапрыемства падрыхтавана сумесна з Нацыянальным гістарычным музеем Рэспублікі Беларусь.

Увазе гледачоў прадстаўлена калекцыя гравюр з французскага часопіса "Le Monde illustrе", якія дазваляюць уявіць тое, як Паўстанне Кастуся Каліноўскага ўбачылі еўрапейскія журналісты, якія працавалі ў той час на тэрыторыі Расійскай Імперыі. Гэтыя малюнкі былі ілюстрацыямі да артыкулаў, што публікаваліся ў французскай газеце. На іх можна ўбачыць не толькі батальныя сцэны, але побыт паўстанцаў, царскія рэпрэсіі і дэпартацыі ўдзельнікаў паўстання.

Варта падкрэсліць, што гэтыя гравюры з'яўляюцца каштоўнымі крыніцамі па гісторыі тых лёсавызначальных для Беларусі падзей.

Выстава будзе працаваць да 15 траўня 2013 года.

Месца правядзення: ДУ "Гісторыка-культурны музей-запаведнік "Заслаўе".

Адрас: Заслаўе, вул. Рынкавая, 8а, Беларусь.

Наш кар.


Яснасці не дадалося

Грамадскае аб'яднанне "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны"

Аб размяшчэнні сацыяльнай рэкламы


Мінскі гарвыканкам па пытанні размяшчэння на тэрыторыі г. Мінска сацыяльнай рэкламы "Размаўляй на роднай мове" інфармуе.

Згодна з патрабаваннямі артыкула 24 Закона Рэспублікі Беларусь "Аб рэкламе" рэклама-распаусюджвальнікі абавязаны ажыццяўляць размяшчэнне (распаўсюджванне) сацыяльнай рэкламы, прадастаўленай яе рэкламадаўцамі, у межах пяці працэнтаў гадавога кошту прадстаўляемых імі паслуг па размяшчэнні (распаўсюджванні) рэкламы, якая разлічваецца па выніках папярэдняга фінансавага году.

Дзейнасць арганізацый або грамадзян па размяшчэнні (распаўсюджванні) сацыяльнай рэкламы, а таксама перадачы сваёй маёмасці іншым арганізацыям або грамадзянам для размяшчэння (распаўсюджвання) сацыяльнай рэкламы ажыццяўляецца на бязвыплатнай аснове.

Прапанаваныя рэкламадаўцам сацыяльнай рэкламы ўмовы, якія датычаць часу і спосабу яе размяшчэння (распаўсюджвання), з'яўляюцца абавязковымі для рэкламараспаўсюджвальніка, калі рэкламадавец звяртаецца да яго не пазней чым за месяц да меркаванага тэрміну яе размяшчэння (распаўсюджвання). Калі размяшчэнне (распаўсюджванне) сацыяльнай рэкламы ў прапанаваны рэкламадаўцам час забаронена заканадаўствам або на дадзены час запланавана размяшчэнне (распаўсюджванне) іншай сацыяльнай рэкламы, заяўка на размяшчэнне (распаўсюджванне) якой была пададзена раней, рэкламараспаўсюджвальнік абавязаны праінфармаваць аб гэтым рэкламадаўцу і прапанаваць яму іншы час размяшчэння (распаўсюджвання) сацыяльнай рэкламы.

Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ва ўстаноўленым парадку з'яўляецца рэкламадаўцам сацыяльнай рэкламы "Размаўляй на сваёй мове".

Праекты плакатаў "Размаўляй на сваёй мове" ўзгоднены Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь як сацыяльная рэклама для размяшчэння на сродках вонкавай рэкламы і разгледжаны Мінгарвыканкамам ва ўстаноўленым парадку. Парушэнні заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб рэкламе не выяўлены.

Узгодненыя рэкламныя эскізы "Размаўляй на сваёй мове", вырабленыя за кошт сродкаў членаў Асацыяцыі рэкламных арганізацый, размяшчаюцца да гэтага часу на тэрыторыі г. Мінска на сродках вонкавай рэкламы.

Інфармацыя аб спыненні тэрмінаў размяшчэння сацыяльнай рэкламы "Размаўляй на сваёй мове" на сродках вонкавай рэкламы ад Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь у адрас Мінгарвыканкама не паступала.

У адпаведнасці з артыкулам 20 Закона Рэспублікі Беларусь "Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асобаў" вы маеце права абскардзіць прынятае па звароту рашэнне ў суд.

Намеснік старшыні І.В. Карпенка.

"Беларусы ў фотаздымках Ісака Сербава. 1911-1912 гады"

Такую назву мае новае выданне з серыі "Энцыклапедыя рарытэтаў Выдавецтва "Беларуская Энцыклапедыя імя Пятруся Броўкі", прэзентацыя якога адбылася 10 красавіка 2013 года ў Нацыянальнай бібліятэцы.

Аснову альбома складаюць здымкі беларускага этнографа Ісака Абрамавіча Сербава, якія былі зроблены вучоным пад час экспедыцыі па тэрыторыі Беларусі ў 1911-1912 гадах, якая праводзілася па загаду Паўночна-Заходняга аддзела Імператарскага Рускага геаграфічнага таварыства... Увазе чытачоў прадстаўлены 442 унікальныя фотаздымкі, якія адлюстроўваюць традыцыйную культуру гістарычна-этнаграфічных рэгіёнаў Заходняга і Ўсходняга Палесся і паўночна-ўсходняй часткі Цэнтральнай Беларусі.

Калекцыя фотаздымкаў І. Сербава ў нашы часы захоўваецца ў аддзеле рукапісаў бібліятэкі Віленскага ўніверсітэта.

Большасць фотаздымкаў у альбоме зроблена ў факсімільным фармаце! Іх каментуе вядомы беларускі этнолаг, кандыдат мастацтвазнаўства Вольга Лабачэўская.

На мерапрыемстве ў Нацыянальнай бібліятэцы выступілі: дырэктар дэпартамента па архівах Міністэрства юстыцыі Ўладзімір Адамушка, кіраўнік Нацыянальнай бібліятэкі Раман Матульскі, супрацоўнік бібліятэкі Віленскага ўніверсітэта Валянціна Карпава, галоўны рэдактар выдавецтва "Беларуская Энцыклапедыя імя Пятруся Броўкі" Ларыса Языковіч, этнолаг Вольга Лабачэўская.

Альбом мае наклад 2000 асобнікаў і каштуе 220 тысяч рублёў на мерапрыемстве прысутнічала творчая інтэлігенцыя г. Менска.

Аляксей Шалахоўскі.


Шаноўнае спадарства!

Як нам паведамілі з ААТ "Новы паварот" у некаторых аўташколах з'явілася магчымасць выбіраць мову падчас вывучэння Правілаў дарожнага руху.

"З сённяшняга дня усе кампутарныя класы Цэнтральнага аўтавучэбнага камбіната абсталяваны нашай экзаменацыйнай праграмай па ПДР, і навучэнцы маюць магчымасць выбіраць мову пры карыстанні праграмай па ПДР. Акрамя таго, яшчэ ў двух аўташколах часткова абсталяваны класы нашай новай праграмай. Некалькі дзён таму мы завяршылі працу над тэставай праграмай па ПДР для iOS (iPhone, iPod, iPad), дзе карыстальнікі таксама маюць магчымасць выбіраць мову навучання"


Памяці Міхася Тычыны

Напрадвесні - 8 красавіка мінулага года - са смуткам мы праводзілі ў незваротны шлях патрыярха слуцкай журналістыкі, сябра грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" Міхася Адамавіча Тычыну.

З думкаю пра лепшую будучыню Беларусі - Бацькаўшчыны аўтар мноства карэспандэнцый, каментарыяў, нарысаў, эсэ ў сваёй жыццесцвярджальнай творчасці азіраўся ў мінулае, аналізаваў сучаснасць, заглядваў наперад - у новы перыяд жыцця краіны, пакінуў нашчадкам багатую гістарычную спадчыну. Свой прафесійны почырк, пасля заканчэння ў 1958 годзе факультэта журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Міхась Адамавіч засведчыў у якасці адказнага сакратара слуцкай раённай газеты "За сацыялістычную Радзіму". Пад яго кіраўніцтвам 7 лістапада 1959 года выйшла першая салігорская газета "За коммунистический труд" (цяпер "Строитель Солигорска") накладам 3000 асобнікаў. Актуальнасць і своечасовасць матэрыялаў рэдактара натхняла будаўнікоў горада шахцёраў у Беларусі. М.А. Тычына працаваў уласным карэспандэнтам газеты "Мінская праўда", быў аўтарам "Народнай волі", "Нашага слова" і іншых перыядычных выданняў. У журналісцкіх матэрыялах ён апавядаў пра дасягненні, спадзяванні і мары, псіхалагічны стан сваіх герояў, з якімі жыў і крочыў побач. Яго прафесійная дзейнасць адзначана дзяржаўнымі ўзнагародамі, падзякамі.

Як сябра грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" спадар Міхась быў нястомным барацьбітом за незалежнасць Беларусі, беларускасць, пашырэнне ўжытку мовы тытульнай нацыі ва ўстановах культуры і адукацыі, у паўсядзённым жыцці грамадства. Ён клапаціўся аб наяўнасці ў кнігарнях і бібліятэках кніг і перыядычных выданняў на беларускай мове. Інтэлігентнасць, мудрасць шчырага, адданага беларускай справе, сумленнага чалавека вабіла моладзь да спадара Міхася, пакінула аб ім светлую памяць.

Менская абласная арганізацыя грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" з нагоды гадавіны памяці выдатнага слуцкага ветэрана-журналіста, былога сябра нашага таварыства Міхася Адамавіча Тычыны і ў сувязі з абвяшчэннем 2013 года "Годам Кастуся Каліноўскага" традыцыйна прапануе рэдакцыям рэгіянальных дзяржаўных і незалежных выданняў правесці 3 траўня 2013 года - у Сусветны дзень свабоды друку 6-ю Агульнанацыянальную дыктоўку, прысвечаную М.А. Тычыне (ён быў актыўным удзельнікам усіх папярэдніх дыктовак). Да ўдзелу варта запрасіць пазаштатных карэспандэнтаў і ўдзельнікаў школы маладых журналістаў. Можна выкарыстаць адзін з артыкулаў аўтара М.А. Тычыны (Кутнявецкага) у любым перыядычным выданні.

Старшыня Менскай абласной арганізацыі грамадскага аб'яднання "ТБМ імя Францішка Скарыны" М.П. Курыльчык.


Ахвяраванні на ТБМ

1. Юфераў В.П. - 100000 р., г. Менск

2. Павідайка В. М. - 70000 р., г. Менск

3. Бабак В.А. - 20000 р., г. Менск

4. Зубкевіч І.В. - 300000 р., г. Менск

5. Філіпчык Васіль - 100000 р., г. Менск

6. Шкірманкоў Фелікс - 50000 р., г. Слаўгарад

7. Невядомы - 50000 р., г. Менск

8. Шынкевіч Уладзімір - 50000 р., г. Менск

9. Цвілік Вячаслаў - 100000 р., г. Беразіно

10. Валочка А.М. - 25000 р., г. Менск

11. Катлярова Раіса - 30000 р., г. Магілёў

12. Лугавы Сяргей - 100000 р., г. Менск

13. Азарка Вольга - 50000 р., г. Менск

14. Раманік Т.І. - 100000 р., г. Менск

15. Пухоўская Юлія - 30000 р., г. Менск

16. Лазарук Тамара - 40000 р., г. Менск

17. Кухаронак Аляксандр - 20000 р., г. Смілавічы (Чэрвенскі р-н)

18. Казакевіч Юра - 100000 р., г. Менск

19. Гарэцкі Язэп - 20000 р., г. Менск

20. Невядомы - 100000 р., г. Менск

21. Ахрамчук В.Г. - 30000 р., г. Светлагорск

22. Голубеў Уладзімір - 200000 р., г. Менск

23. Лойка Н.С. - 165000 р., г. Менск

24. Мартынчык Л.І. - 300000 р., г. Гродна

25. Давідоўскі Ігар - 100000 р., г. Менск

26. Войнава Аляксандра - 50000 р., г. Гомель

Дзейнасць ГА "ТБМ імя Францішка Скарыны" па наданні роднай мове рэальнага статуса дзяржаўнай вымагае вялікіх выдаткаў. Падтрымаць ТБМ - справа гонару кожнага грамадзяніна краіны.

Просім Вашыя ахвяраванні дасылаць на адрас, вул. Румянцава, 13, г. Мінск, 220034, альбо пералічыць на разліковы рахунак ТБМ №3015741233011 у Аддзяленні № 539 ААТ "Беінвестбанка" код 739 (УНП 100129705) праз любое аддзяленне ашчадбанка Беларусбанк.


Тайны ЧАЭСныя шырэй прыадкрываюцца

(Працяг. Пачатак ў папярэднім нумары.)

V

З фермы на ферму ветэрынар Іван Нямковіч мог дабірацца веласіпедам, матацыклам, уласным "Масквічом". Сёння хітраваў. Ясным чэрвеньскім поўднем пешыў на ферму ў Запаль праз луг і лес неспраста. Дажджы і цяпло выгналі з травы і лісця мноства лісічак, трэба паглядзець грыбкоў.

Яшчэ не падняў пару жоўценькіх, не парадаваўся восьвосьнаму ўраджаю чарніцаў, як замёр на месцы. Атарапеў. Бліз травяністай густой паляны, на ёй бэзава каласілася жыта, убачыў трох мёртвых лісянятаў.

Атручваліся аміячнай салетрай і выкінутай падлай з фермаў лясныя насельнікі і раней. Не паміралі. Звярыны інстынкт самазахоўвання, навучэнні вопытных лісаў, веданне лекавых траваў дазвалялі лясной малышні змалку пазбягаць поўных салетры траваў, не кідацца на атручаную здыхляціну парасятаў і цялятаў.

Сто разоў прасіў вопытны ветэрынар экалагічную і санітарную службы Нараўляншчыны дабудаваць меркаваны магільнік непадалёк Запальскага лесу. Ганяў супрацоўнікаў фермаў, каб выкінутую з фермаў здыхляціну сюды звозілі, своечасова глыбока засыпалі. Сёння, а не заўтра. Выкідаеш адно парася - адразу засып зямлёю ў магільніку. Нельга дапускаць гідоцце на зямлі, пладзіць мух і чарвякоў на падле, паўсюдзіць тхліну ў паветры.

Строгасць ветэрынара Нямковіча ў калгасе ведалі. Калі ў апаросныя тыдні здыхалі трое-чацвёра парасят, фермерскія іх не проста вывозілі ў магільнік - адразу хларыравалі, закапвалі, надзейна засыпалі. Каб не выграблі ваўкі.

Летась і сёлета на вясковы маладняк напаў подзіў. На ўсіх чатырох фермах калгаса імя Фрунзе парасяты і цяляты, арцельныя пчолы і нават хатнія кураняты адсыпаліся тручанымі мухамі. Кармілі як звычайна, нават лепей, лячылі маладняк лепей колішніцы, а падзёж рос, рос, рос.

- Чарнобыльства паўсюль гадзіць, - у кулуарах любой раённай нарады перамаўляліся спецыялісты.

Камуніст Іван Нямковіч чуткі не ўспрымаў. Верыў газетам і радыё, супакойвальна ўпэўненым распараджэнням раённага і абласнога начальства, не плёткам зласнюкоў.

Ішоў цяпер па лесе, ускрай гайка, высочваў ужо не грыбы. Асцярожныя лісяняты раней не дохлі. Мух над здохляю звычайна рой, а цяпер зусім мала. Штосьці ў аселіцы не так.

Трывожны посвіст зайчыхі мужчыну амаль не здзівіў. Патупаў напрасцік да кусцістай паляны, хваляваўся. Так і ёсць, мёртвае зайчаня, неўздалёк другое.

Гульні, сумессе хітранькіх лісянятаў бачыць раней ніколі не даводзілася, ліса малышню з нары не выпускала. Зайчаняткаў раней бачыў секунду, другую. Сёння яны не шыліся пад купіны і кустоўе, сёння зайчаняты не спяшаліся. Вылежваліся, нават вочкі не заплюшчылі. Мух няма, мурашкі па вачах.

Нямковіч азіраў у рознатраўі апруцянелых звяркоў, сэрца тужнілася.

- Не ўзірайцеся, доктар, доўга. Пасля маленькага чарнобыльскага выбуху ў лес прыйшла вялізарная пошасць. Нават ваўчаняты і вепраняты дохнуць, - падходзіць да ветэрынара пастух Мікіфар.

Пастухі раіліся з людам розных вёсак і гаспадарак, у даўнейшыя гады лясное звярунства таксама на лясны звярыны могільнік пахаджала, не акачурвалася. Без чарнобыльскай заразы смерці не насцігалі б дужых зверанятаў.

- Чаму мне не казалі?

- Вы не пыталі. - Стары пастух узіраецца ў галоўнага свайго начальніка, паспешна апраўдваецца. - Меркаваў, дайшло.

Івану Нямковічу расхацелася хадзіць па лесе, высочваць грыбы. Міленькія мордачкі невінаватых зайчанятаў і лісянятаў стаялі ўваччу.

VI

На бюро райкама партыі Івана Нямковіча амаль не слухалі. Пачалося яно ў дзевяць, да персанальных справаў прыкаціла к гадзіне. Стаміліся члены бюро, запрошаныя, асабліва цяжка ў гожы лістападаўскі дзень персанальнікам, чые асабістыя справы запланаваныя да разбору на партыйным бюро.

- Вы не згодны з вымоваю, мы разумеем. Толькі скажыце, калі ласка, чаму высакакласны спецыяліст перастаў выконваць партыйныя даручэнні? - Другі сакратар райкама партыі паўтарае толькі што выказаныя прэтэнзіі інструктара райкама партыі і сакратара калгаснай партыйнай арганізацыі. - Вас папярэджвалі не адзін раз. Адмовіліся праводзіць лекцыі і гутаркі. Цераз раз ходзіце на партыйныя сходы. Рэдзіце са з'яўленнем на раённыя...

- ...зборні.

Нечаканы выгук ветэрынара Нямковіча насцярожыў прывычных да сухіх паседжанняў і строгіх ацэнкаў чужых лёсаў райкамаўцаў. Член бюро асуджальна ўзіраюцца ў непалахлівага; нарываецца на вымову.

- У жніўні вас браў да сябе ў машыну старшыня калгаса, разам паехалі б на партактыў. Адмовіліся. У кастрычніку ў ветлабараторыю і аграснаб таксама не паехалі. ("Быў заняты".) Старшыня бярэ, вы не маглі спасылацца, што няма бензіну...

- Тры гады я спасылаюся на такія няхваты. Па фермах езджу сваёй машынай і бензінам. Каб атрымаць дабаўкі жывёле і лекі, трэба пяць разоў з'ездзіць у Нароўлю. З году на год горш з бензінам, запчасткамі. Дамаўляцца, выбіваць, прывозіць. Бензін, запасныя часткі, рамонты надта часта за свае кошты. Ніхто страты не вяртае. Абяцанні, абяцанні. У Гомель на ўласным езджу. Арцельнае ўсё дабітае. Скокні, аддамо. І ўсё на месцы.

- Вашыя цяжкасці разумеем...

Невыхаваны калгаснік зноў невыхавана не даў дагаварыць сакратару райкама партыі, на гэты раз першаму сакратару Хадарцову.

Нестандартнасць і дробязнасць сітуацыі чуюць вопытныя кіраўнікі. Старшыня райвыканкама хіліцца да другога сакратара, першага.

Услых націскае на заўсёдную важнасць інтэлігентнасці і вытрымкі спецыялісту такога ўзроўню. Як бы паводзіўся доктар Нямковіч, калі б з ім, галоўным у раёне, так гаварыў хто з гаспадаркі. Запланаваную вымову з занясеннем у парткартачку Нямковіча старшыня прапануе замяніць на вымову без занясення.

- Працуеце выдатна, прывагі лепшыя, падзёж невялікі. Праз год напішаце заяву, знімем вымоўнік.

- Я не піянер, не трэба за вяровачку абяцанняў тузаць. Не згодны.

- Не жадаеце ўслухоўвацца ў сэнс казанага. Прапаную вымову - без занясення. Зноў па жывому рэжаце.

- Не я, вы. - Іван Нямковіч глыбокаглыбока ўздыхнуў, узіраецца ў першага сакратара райкама Хадарцова. - Уздыхае. - Негабляваны дурань з вобласці вас усіх тузануў, падставіў, а вы і клешні ўверх. Падумаеш, прынізілі нейкага ветэрынара. Сыйдзе, перацерпіць.

- Мы вас ведаем як...

Нямковіч з націскам перапыняе Хадарцова. Калі запішаце вымову, любую, з занясеннем ці без, Нямковіч будзе ведаць, што рабіць.

- Вы нам пагражаеце. Я правільна зразумеў? - з твару рашучага, як і большасць кіраўнікоў раёнаў Гомельшчыны, Хадарцова сходзіць прысарамотная чырвань, выбельваецца, жалязнее.

- Не пагражаю. Мы самі ўсё робім сабе. Чатыры месяцы таму я ў лесе бачыў здохлых лісянятаў і зайчанятаў. Мінск і Гомель локшыну на вушы вешаюць, у нас усё спакойна, неістотная радыяцыя. Істотная. Раней не здыхалі. А вы ўсе баіцеся вобласці і Мінску абазвацца. Дзеці хварэюць, у маёй Вяруні шчытавідка паехала, звяр'ё здыхае, чаго адродзь не было, а мы ўсё супакойваем і супакойваемся.

У прасторным кабінеце паседжанняў райкама ватная цішыня. Няўрымсліва парушае яе Іван Нямковіч:

- Аб'яўляеце вымовы часта, кожнаму выязджаламу з раёна. Бацькі-спецыялісты выехалі, ратуюць дзяцей, а вы ўзнагароджваеце вымоўнікамі... Радыяцыйных палеткаў наадчужвалі, наспісвалі, а раённыя паказчыкі ў здачах растуць. Большыя за дачарнобыльскія. За радыяцыйныя прыпіскі сорамна. Для чаго хітрулеціць у вялікім, поспехах, а дробязнае раздзьмухваць…

Загаварылі многія, упярэбіўку, члены бюро і не члены. Кіраўнікі раёна ўсё кемілі. Агульны тон нападкаў з упарціка Нямковіча пераключыўся на сакратара партарганізацыі калгаса.

У перабудовачны час дазваляецца пенсіянерам не наведваць партсходы, не плаціць узносы. Нямковічу да пенсіянерства доўга, аднак абставіны ў партарганізацыі трэба ўлічваць. Сёння абмяжуемся вусным папярэджаннем старанніка ветэрынара, няхай і ён зробіць вывады.

- Паўтараю яшчэ раз, не крыўдуйце, калі ласка. - Ад прамога і рэзкага дасюль Нямковіча не чакалася падкрэсленага далікацтва. - Вымову я не прыму, папярэджванне так-сама. Любое не заслужыў. Алкашам і нясунам вымову, зладзеям раённага і абласнога маштабу вымову - і мне. Нязгодны з папярэджваннем.

- Ніхто вам заносіць вымову не будзе, няўжо па абмеркаванні не зразумелі. Мы ўдзячныя вам за паднятыя праблемы. - Хадарцову на сённяшнім паседжанні мацней высвеціліся дапушчаныя памылкі. - Але мы абавязаныя ўлічваць волю партарганізацыі. Без занясення, вядома, без занясення... Папярэдзіць.

- У нашай партарганізацыі засталіся кіраўнікі і парушальнікі...

- Вы зноў за сваё. Перабіваеце, нязгоднічаеце. Папярэдзіць!

- Будзе вымова ці папярэджванне, я з партыі выйду. - Іван Нямковіч нечакана змоўк, сціснуты ў кулаку аловак пераламаўся. Хвароба Вяруні, памерлыя лісяняты і зайчаняты, пачасцелыя падзяжы на фермах гаспадаркі вызвоньваліся ў ветэрынара нязгодніцтвам з райкамаўцамі. - Выходжу з кампартыі. Няпраўды і выкруцельствы згадзелі. Стаміўся. Выходжу. Чарнобыльства вы не бачыце.

Ашаламіў райкамаўцаў і другою заяваю: паедзе шукаць працу. На пагрозы, не будзе станоўчай характарыстыкі, не дадуць перасяленцкага талона, не выплацяць за сад і прысядзібства, - рэзнуў коратка:

- Суд у часы перабудовы законы краіны лепей выконвае. Чарнобыльскія пастановы ўрада не ў райкамах адмяняць.

- З вамі ў гаспадарцы пагавораць. Думаем, заменіце, Іван Хвядосавіч, рашэнне.

- Вы сваё не можаце змяніць, а мне раіце, - не пярэчыць Хадарцову Нямковіч і не згаджаецца.

У сэрцы Івана Нямковіча крык бабулі Паліны на абласнога начальніка: "Мы вывезлі б адсюль дзяцей без вас, чаму не дазвалялі? Маглі сказаць, тут вялікая радыяцыя, не сказалі. Марочылі нам галовы ўсёнармальным, застрашвалі, а цяпер варонамі няведкаеце!" Урэзаліся слёзы і лаянка яшчэ рушнай старой.

- Змянілі. Няма вам вымовы. Ніякай. Папярэдзілі толькі. Гэта…

Гарадскі чалавек Хадарцоў працаваў у сельскім раёне, адвечна палескім, і не разумеў вяскоўцаў. Слухаў упартага казла і поўніўся гневам асветнага, які мусіць штосьці даказваць цемрыве. На апошняй нарадзе ў Гомлі сам Бама растлумачыў: у Беларусі шмат дажджоў, праз год-два радыяцыю змые, пойдзе ў зямлю. Хадарцоў з Нямковічам яшчэ болей рэзкі.

- Мне папярэджанне не трэба.

- Гэта драбноцце.

- Дык чаго вешаеце…

На бюро райкама амбітныя людзі звычна падтрымалі амбітнага сакратара партарганізацыі калгаса, свайго прызначэнца, не ветэрынара. Нямковічу надакучыла.

Вызваленне ад камуністычных путаў прынесла ветэрынару незалежнасць і волю, але не выбавіла ад крызісу фінансавага, што прынеслі сям'і і краіне камуністычныя павучанні, абмежаванні, ланцугі.

Тройчы з упарцікам Нямковічам гаварыў старшыня калгаса, спецыялісты з райвыканкама і раённага аграпрамысловага аб'яднання, угаварвалі не з'язджаць у другое месца. Падстрашвалі, прасілі. Гразілі выкуплены сям'ёю дом зноў укалгасіць. Бескарысна.

Практыка, які шмат зрабіў для калгаса і яго вёсак, свядома і несвядома гадамі шпынялі мясцовыя і раённыя начальнічкі, прывыкла тузалі паслушнага. Яму ўсё згадзела. Нават мясцовая пешка, радавы бухгалтар, на пасадзе парторга стаў на Нямковічу вастрыць зубы, займеў права крытыкаваць, вучыць, падказваць.

Гаспадарка і Нароўля страцілі нармальнага спецыяліста і выдатнага гаспадарніка, нічога не атрымалі ўзамен.

Нараўлянскую вёску Лубень Нямковічы замянілі на вёску Лубня бліз Мазыра.

VІІ

У словах і вывадах акадэміка Яўгена Канопліча дзелавітае непрыняцце камуністычнай сістэмы, як і ў глебазнаўца. Бадановіч сузгоднена ківае галавою, просіць удакладненняў усяго двойчы.

- Вашыя словы - нектар майму сэрцу. Ніводны нармальны не можа быць слепаком. Куды яны кіруюць… Усе ж бачаць, ляцім да прорвы развалу.

- Чаго развалу? - Канопліч застывае.

- Краіны, чаго. - Бадановіч прысядае, акадэмік ашаломлена апускаецца поплеч. - У нас усё ідзе, як у Рымскай імперыі перад сыходам у нябыт. СССР можа пракарміць сябе тройчы, а пры Хрушчове пачалі закупляць збожжа, так званыя разавыя закупы. З пачатку Брэжнева сталі купляць пастаянна, шмат, планава. З-за савецкай безалабернасці. Амерыка і Канада не ведаюць куды падзець збожжа, Еўропа плаціць аграрнікам за незасеяныя палеткі, абмяжоўвае пасевы. Мы закупамі іх выручаем. Элеватары і склады пабудаваць не можам. Мы сваю вёску труновім. Безгаспадарнасцю, дзікай меліярацыяй.

Самадысцыпліна на розум прафесара, доктара сельскагаспадарчых навук Ігара Адамавіча Бадановіча прыйшла, язык дасюль унімаць не навучыўся.

Аб'ектыўка. З 1971 да 1985 года толькі ў водагаспадарчае будаўніцтва (меліярацыю) у СССР укладзена амаль 132 млрд. долараў. Уведзена 11,7 млн. га абводненых і 11,5 млн. га асушаных земляў. Адначасова мільёны га былі выведзены з карыстання, да адной траціны ад уведзеных. Выраслі выдаткі на меліяраваны гектар зямлі звыш планавага амаль у 1,8 раза. Скарацілася абвадненне пашаў - з 44,2 млн. га да 19 млн. га. Пры нарматыўным тэрміне акупнасці затрат на меліярацыю ў восем гадоў фактычны тэрмін, з вывадаў самога Мінводгаса СССР, склаў 25,6 года; а пры аб'ектыўных разліках - акупнасць перавышае тэрмін сто гадоў.

Неабходнасць гіганцкіх затратаў на меліярацыю 1971-1985 абгрунтоўвалася абяцаннямі нябачнага дасюль павелічэння ўраджаяў. Памылкі ў 10%, нават 15% можна неяк вытлумачыць. Хоць гэта правалы Але памылкі склалі 250-300% - па ўраджаях збожжавых, кармах. Па бульбе замест абяцаных 41% росту, атрымалі 5% (памылка ў 8,2 разы) (!), па агародніне замест 42% - 8% (памылка - 5,2 разы).

Пабялелы Яўген Канопліч не варухне пальцам. Паўторна тэзісна глебазнаўцам усё праказана, дзейнічае страшна. Канопліч не абзываецца. Цішыня зацягваецца. Закранулі балючую кропку, усім нармальным балезную. Даказвацца няма сэнсу - спрачацца, пацвярджацца, нязгодніць няма пра што, няма з кім. Факт б'е сам па сабе. Вучоным баліць і ўсё тут. Як Валерыю Лягасу - за слабае развіццё атамнай навукі, тэхнікі, укусы бесталанных, Раману Кавалёву - за выбіванне беларускай мовы з народа, перавод фізікі з беларускай на рускую.

Асяроддзе стварае чалавека, шліфуе дух. Два галавастыя залішне перамоўчваюцца. Як некалі анархісты заўжды прапаведавалі "Усё для асобы", так гэтыя два чакалі, чакаюць непазбежных і неадхільных зменаў у грамадстве. Усё планаваць і размяжоўваць у Савецкім Саюзе магла толькі адна інстанцыя - КПСС; на ўсіх паверхах яе ўлада і... правалы. Ад крызісу з тытунём да крызісу мыйных парашкоў, туалетнай паперы. Краіну душыць, як увойну і пасляваенні, талонная сістэма. Пераводзяць паперу, дарагі час спецыялістаў; картачкі, картачкі, картачкі - на масла, крупы, алей, тытунёвыя, гарэлку, віно, прамтавары. На ўсіх узроўнях у адказ на бязладства хвалямі ідуць адкрытыя народныя выбухі шалёнага гневу - у Сумгаіце, Фергане, Алма-Аце, Вільнюсе, Рызе, Тбілісі.

Паднімаецца з прысценнай канапы акадэмік АН БССР, кансультант дзіцячага Цэнтра, ён жа дырэктар нядаўна ўтворанага НДІ радыяцыйнай медыцыны і экалогіі чалавека Яўген Хрысціянавіч Канопліч. Добра, размова была ў калідоры, не ў кабінеце. Ён баіцца сур'ёзных размоваў у кабінеце, адчуваў, нешта прафесар Бадановіч выдасць, такое не мыслілася.

- З акадэмікам Лягасам гаварыў. Першае лета і восень ён у нас месяцавіў. Лятаў я з ім на верталёце. Такой жа думкі пра сістэму, - наўзгодніць нарэшце Канопліч.

- Аднапартыйную.

- Праўда, у яго міжволі напрошваўся другі вывад. Не толькі савецкая расхлябанасць, шкурніцтва і цяпляпства прычыны выбуху. Спецыяльна ўсё рабілася. З далідальняга прыцэлу. Як плоскія дахі дамоў, абагравальнікі ў сценах. Замест нармальных крэслаў, з прамымі спінкамі, паўсюдна сталі ўжытковіцца адкідныя спінкі, як на тэатральных. Як на такіх працаваць? Вось і звіхтоўвае народ спіны. - Канопліч перадыхвае. - Нехта сумыснае шкодніцтва пад выглядам эканоміі і моды планаваў, адабраў, будаваў, будуе.

- Як сіласныя вежы з Нявады. Амерыканцы ў сябе адмовіліся ад іх, ім абы прадаць, нам закінулі нажыву, а беларускія міністэрскія клюнулі. За магнітафоны і тэлевізары. Наставілі вежаў па ўсёй Беларусі. Каб праз пятнаццаць гадоў асягнуць амерыканскую практычнасць - адмовіцца і ў нас ад вежаў. Праз пятнаццаць гадоў... Колькі сродкаў выкінулі, людзей зверху назрывалася ўніз за тысячу... - няма іроніі на твары Ігара Бадановіча. - Даляглядцы і ўмекі навязвалі, а савецкія безгаловікі пераймалі, купляліся на нажыўку.

- Савецкія дураломы з ЧАЭС вінаватыя. Праектанты ўсё вялі да выбуху, канструктары вялі, міністэрскія. Сумысля ці не сумысля, іншая справа. Хто плаціў, хто атрымліваў грошы за будучую ўкраінска-беларускарускую катастрофу, вераемна, не даведаемся.

Франтаватаму модніку Яўгену Каноплічу даўно здавалася, ён адзін увесь час ходзіць у новым, часта зменным - думкі, вопратка, чаравікі. Адзін ён нестабільны, незакансерваваны. Памыляўся, знайшоў аднадумніка. Выказваўся сёння гарэтнаму глебазнаўцу і на душы святлела.

Хто канкрэтна вінаваты - праектанты, абыякаўцы-партыйцы, эксплуатацыйнікі, габрэі, славянскія прадажнікі, замежныя хціўныя эксперыментатары і дальнабачанцы - Лягаса не называў. Самі думайце, казаў, самі. Прамы адкрыты маскоўскі акадэмік, а да канца не выказваўся. За праніклівасць і прамізну мо таму і атруцілі ці застрэлілі Лягасу, а звалілі на самагубства. Замежнае збройнае падляцтва таксама перанялі ў СССР.

- Што надумалі галовы беларускіх акадэмікаў? - Ясна і нязнаку, такое пытанне Бадановіча вымагае рады з многімі, датычнымі чарнобыльскай язвы, а не адно лягасаўскай ці канопліцкай.

- Думаюць. Згоднічаюць. Маскоўскія ў нас рэдка. А беларускія ў дэталях атамшчызны ў асноўным не сякуць. Толькі Несцярэнка і Мікітчанковіч ваююць, дык і Несцярэнка па эксплуатацыі і рамонту АЭС, як я ў вашых глебах.

- Несправядлівіце.

- Магу памыляцца.

Смяюцца. Абодва прафесары задаволеныя зацяснелым суразмоўствам, непазбежным паміж імі дружбацтвам, абавязковым пасля абменаў патаемнымі думкамі, сузгодніцтва ў вялікім.

VIІІ

Подзвіг нярэдка - звычайнае пераадольванне страху. Перад начальнікам, абставінамі, акадэмікам, алкашом мужам, гультаём сынам, шызоіднаю суседкаю.

Прафесар Ігар Бадановіч, бадай, упершыню за апошнія гады геройнічаў не з кім удваіх ці на адзіноце. Выказваўся Івану і Хрысціне Нямковічам, прафесару Каноплічу, шафёру Андрэю Ярмаковічу, які прывёз яго сёння з Мінска:

- Толькі за дзесяць гадоў, з 1974 да 1984 года, у краіне прынята дзвесце трынаццаць рашэнняў партыі і ўраду па сельскай гаспадарцы. Па адной сельскай. Удумайцеся: дзвесце трынаццаць за дзесяць гадоў. Абмяркоўваліся пытанні сельскай гаспадаркі на партыйных з'ездах, пленумах, канферэнцыях. Калі не цалкам, дык часткова. Закраналася вёска і яе боль у рашэннях ураду.

Даўно збіраныя сумненні, думкі, згадкі Бадановіч сістэматызаваў доўга. У шэрых размовах, асабліва з малазнаёмымі, многае ўтойвалася. Сёння прарвала, сыпаў смела, нібыта перад канцом свету.

- Вышэй ураду і цэка інстанцыяў няма, - ахкае ўражаная Хрысціна Нямковіч. Жанчынка не пытае, хто падсумаваў звесткі, адкуль яны.

Сябруй, размаўляй з умелымі, значнымі, у іх нечаму навучышся. А перамовы з гультайствам, яно асабліва зайздроснае да наймалай свежай думкі і поспеху, пасяброўства з бесталанню - лішаі не адно на табе, гэта язвы і п'яўкі на тваіх, мазгах, сям'і, працоўным калектыве.

- Толку з высокіх пастановаў, - Яўген Канопліч не пытанне задае, працягвае бязрадасную выснову калегі.

- Даходзіць да маразму. Пенсію павялічваюць. Пастанова Урада ў лістападзе 1974 года. У асноўным малааплатным і няздольнікам. У каго заробку меней за пяцьдзесят рублёў на чалавека. У іх няма адукацыі, прафесію абое з сям'і не набылі. Трэба такім дапамагаць. Згодзімся. Але як павышаюць? У агульны пяцідзесяцірублёвы зажытак вясковай, прымястэчкаванай, прыгараднай сям'і залічваюць выкапанае, зжатае, сабранае на прысядзібных дзялібах. Нізкія фокусы дзяржавы. Ірвецца гаспадар, жонка і дзеці ў выхадныя і вечарамі на сотках, а гэта аказваецца яго звышпрыбытак. Зарплата. У яе ўваходзіць усё. У астатніх саюзных сельгаспастановах - аналагічныя пенсійнай важныя пытанні. І такія ж вынікі.

Як на Чарнобыльскай атамнай. Злачынная халатнасць і нядобрасумленства праектантаў, канструктараў, будаўнікоў АЭС фактычна не пакараныя. У Мінску аб'явілі пра аварыю пазней замежных радыёгаласоў, днём 28 красавіка некалькі няцямных фразаў па радыё, праз дзень увечары па тэлевізіі. Што за аварыя, якія выкіды, куды, колькі ўсіх пацярпелых - невядома. Як паводзіцца людзям у надзвычайным радыяцыйным становішчы - ні слова, своечасова не растлумачылі - ніхто не пакараны. Радыяцыйную зямлю ў зонах поўнасцю, а пры зонах на дзве трэці нельга араць - зачастую прызонне аруць, сеюць; ніхто не пакараны.

Радыяцыйныя магільнікі няправільна зробленыя, тым не меней запоўненыя; ніхто не пакараны. Многія не абазначаліся - і пагубіліся. Да двухсот. Ці шасцідзесяці.

Хрысціна Нямковіч узрушана дапаўняе Бадановіча:

- У каго няма нічога, хаты і яблыні, хто на заводзе папіхайла і ў вёсцы рукі не так прышпіленыя, працы не знаходзіць, такому большыя пенсдаплаты ідуць. Лайдакоў падтрымліваем.

- Вышэй урадавых і цэкакапээсэсаўскіх пастановаў няма, павінны выконвацца. Усімі. А ў нас яны скубуцца, дапаўняюцца ў міністэрствах - і ўсё топчацца на месцы, зніжаецца. Ніхто не караецца, - падтрымвае жонку мужык. - Беднаму хлебаробу нарэшце сталі плаціць пенсію, гарэтную, капейкавую. І тую нясуць праз вуха.

- На дзяржаўным узроўні калі не тармазіцца, то і належна не развіваецца медыцына, інжынерства, вясковае гаспадарства, - не ўсміхаецца Яўген Канопліч.

Ігар Бадановіч выдатна ўсведамляў цяжкасць хворасці сельскай гаспадаркі Беларусі, СССР. Ён доўга не здагадваўся, што гэтаксама рэзка і даўно мяркуе, проста крэсліць прафесар Канопліч пра стан савецкай медыцыны. Папрасіў яго патлумачыцца далей.

- Назаву вярхі. Бо ўпадзяце ніц, як я ад вашых словаў, - Канопліч надзіва сур'ёзны.

За дзевяноста гадоў нараджальнасць у Беларусі знізілася ў 3,5 разы. У большасці развітых краін затраты на ахову здароўя 7-8% валавога нацыянальнага прадукту. На зарплату медыкам ад гэтых працэнтаў ідзе дзесятая частка, у СССР з прыблізна чатырох працэнтаў - больш паловы ідзе на зарплату. Гэта сведчыць аб перавагах ручной працы і нізкай тэхнічнай абсталяванасці савецкіх медыцынскіх установаў.

У СССР медсістэму перавялі на ўзровень сферы абслугоўвання, а не галіны народнай гаспадаркі. Дзяржаве патрэбна не дэкляраваць, а расціць чалавека здольным захоўваць уласнае здароўе. Гэта адна з перадумоваў асабістага яго шчасця і поспехаў дзяржавы. Рэшткавы прынцып фінансавання медыцыны забяспечвае ўсяго выжыванне галіны. Выдаткі на медыцыну ў Беларусі летась, у 1990 годзе, склалі 3,6% валавога нацыянальнага прадукту.

Сацыяльна-эканамічныя праблемы ў СССР улічваліся мала. Многія гарады, нават маладыя, становяцца крыніцамі экалагічных нечыстотаў. Вуглевадароды, бензапірэн, нафталін, бензол, талуол, акралеін, фенол, фармальдэгід, азон, зварачныя аэразолі, газапылавыя, цвёрдыя і вадкія асацыяцыі хрому, кадмію, ртуці, мыш'яку, цынку, свінцу, нікелю, марганцу, ванадыю... у залішняй колькасці над намі. Не дзіва, што ўсяго пятае дзіцё нараджаецца абсалютна здаровым. Закон Рэспублікі Беларусь "Пра сацыяльную абарону грамадзянаў, пацярпелых ад катастрофы на ЧАЭС" шмат у чым не выконваецца.

- Расце колькасць псіхічна хворых, самагубцаў, дэгенератаў...

- Калі чалавек прыняў рашэнне парушыць волю Бога, перапыніць жыццё, нідзе не заслугоўвае ўспамінаў пра сябе, - і на гэты раз устаўляе сваё, супыняе павольныя развагі Канопліча дапытніца Хрысціна Нямковіч. Перабівае казырамі Аляксея Бялько.

Расце колькасць хваробаў крыві, анкалогіі, дзяцей-хронікаў, не проста хронікаў, а з чатырма-пяццю хваробамі ў кожнага трэцяга. Людзі не ведаюць, як можна штодзённа выводзіць радыенукліды з арганізма. Пот выводзіць радыенукліды, трэба часцей мыцца, бо ўсё з цела ўсмоктваецца ў кроў. Адзін школьны перапынак з сапраўднай фізкультураю на 20-25 хвілін павялічвае статус здароўя шкалярства на 60-70%. Гэта не ўкараняецца.

У Беларусі амаль дванаццаць тысяч дзяцей-інвалідаў да шаснаццаці гадоў. Сённяшнія праграмы тэлебачання бясконца рэкламуюць конкурсы прыгажосці, забавы, цыгарэты, спіртное, шоў, але мала гавораць, як зберагчы слых, зрок, чысціць зубы, як даглядаць дзяцей, пра здаровы лад жыцця, пра малако і гародніну, чаму нельга хадзіць увосень і ўзімку без шапкі, улетку ў чорных акулярах... Ствараецца ўражанне, хтосьці свядома рэкламуе ўсё, што ідзе на шкоду здароўю беларускага чалавека, любога чалавека.

Прынятая нацыянальная праграма прафілактыкі генетычных наступстваў катастрофы на ЧАЭС мала што зрухнула. На тысячу цяжарніцаў дзесяць пладоў з прыроджанымі заганамі развіцця. На распазнаванне плодавай анамаліі ў цяжарнай патрэбныя выдаткі ў два даляры, у нас няма рэактываў. Мы, высока-прафесійныя медыкі Беларусі, пры нашых мажлівасцях выяўляем толькі чатыры падобныя выпадкі з дзесяці. Астатнія дзеці нараджаюцца. На ўтрыманне дзіцяці з адхіленнямі ў спецыялізаванай установе ідуць страшэнныя грошы, а ў нас няма нікчэмных двух долараў на ўтробнае вызначэнне бракуса і дэгенерата.

- Бытавое смецце Мінска фактычна на першым месцы па пастаўцы шкодных другасных амінаў у атмасферу горада. А яны спадарожнікі канцэрагенаў, - паціху працягвае Канопліч. - Выводзяцца водазаборы, рэкі, большая частка замкнёных вадаёмаў. Дабіраемся да падземных водаў. Хлор і нітраты, пестыцыды і коліфагі ўжо ў нас на стале.

- Што такое коліфагі? - цікавіцца жанчына.

Прафесары смяюцца, не тлумачаць.

- Пасля фермы, што ў цябе на руках? - ухмыляецца Іван Нямковіч.

- Страшная сёння размова.

Упершыню засмяяліся ўсе разам.

- Дапамога замежнікаў нашым чарнобыльцам бывае палкаю з двума канцамі. Прыляцеў нядаўна ў Беларусь са Злучаных Штатаў транспартны самалёт з лекамі. Прывезлі і сем вялізарных скрыняў нікрастыну, яго хапіла б усёй Беларусі на цэлы год. Тэрмін годнасці застаўся два месяцы.

- І што вы? - не ўтрымвае дапытнасць жанчына.

- Выкручваліся. Дзякавалі. Не зняслаўліваць жа ахвярадаўцаў. Тым болей, асноўная дапамога замежнікаў, асабліва амерыканцаў - выдатная.

Патрэбы беларускай медыцыны каласальныя. Няма эласпарагеназы (лейкемія), вепезіду (лейкемія), галаксану (лімфаформы), блеаміцыну, цысплаціны (рак шчытавіткі, саркомы). Усе прэпараты валютныя, для жыцця дзяцей найнеабходныя. Грошай няма ў СССР.

- Калега, твае думкі і факты...

- ...нароўні з тваімі сельскагаспадарчымі стаць не могуць. Ты, Адамавіч, капаеш глыбей, у памерах СССР. Але і мы нешта робім.

Не вытрываў Канопліч, узарваўся:

- Акадэмік Лягаса паўсюдна паўтараў - мы не скажам, не зробім, то хто. Сек усім напрапалую. Начальнічкі любога ўзроўню з ім баяліся талкаваць. Вы, мама хворанькай Веры, цяжкасць жыцця зніжаеце і суцяшаеце вераю ў Бога. Сцірае Ён у вас няўдачы. А што казаць нам, бедным з бедных медыкам беларускім?

Хрысціна Нямковіч заспяшалася, запэўнівае вучоных і мужыка, усё на Беларусі наладзіцца, задабрэе. Мы жывём, працуем - вырулюецца на лепшае.

- Быць таго не можа, каб не перамаглося чарноцце і нядобрасці, - уздыхае маладзіца.

- Давайце закончым. Адчуваю, у вас абодвух мінусавай фактуры хопіць на цэлы воз. А то і вагон, - выніковіць Іван Нямковіч.

Прапануе навукоўцам прывезеную з-пад Мазыра каўбасу. Глядзіць - будуць муляцца, брацьмуць ахвотна ці не.

Прафесары, медык і аграрнік, пасмакавалі, дружна расхвалілі вясковую прывозку.

(Працяг у наступным нумары.)

Валер Санько


Лёс жыхароў галоўнай вуліцы Менска стаў блізкі Леаніду Маракову

Сябар Рады Саюза беларускіх пісьменнікаў і сябар Саюза журналістаў, актыўны ТБМ-авец Леанід Уладзіміравіч Маракоў 19 красавіка ў беларускім ПЭН-цэнтры прадставіў новае энцыклапедычнае выданне "Галоўная вуліца Мінска, 1880-1940 ".

Кніга пабачыла свет у 2012 годзе ў выдавецтве "Мастацкая літаратура" накладам 1000 асобнікаў.

На прэзентацыі прысутнічалі шаноўныя госці, якія павіншавалі Леаніда Уладзіміравіча з 55-гадовым юбілеем, які прыўшоўся на 15 красавіка, і са стварэннем высакаякаснага даведніка.

Леанід Маракоў нарадзіўся ў 1958 годдзе. У 1986-м ён скончыў Менскі рыдыётэхнічны інстытут. Працаваў інжынерам-наладчыкам на заводзе ЭВМ, у АН БССР. Напачатку 1990-х гадоў змяніў род заняткаў, імпартаваў побытавую радыёэлектроніку. Шмат падарожнічаў па Поўначы, Сібіры, Казахстане, Далёкім Ўсходзе, па Заходняй Еўропе і ААЭ, быў бізнесоўцам.

У сярэдзіне 1990-х г. Леанід Уладзіміравіч зноў змяніў від дзейнасці, звярнуўся да вышукаў звестак пра свайго расстралянага бальшавікамі дзядзьку, улюбёнага вучня Народнага паэта Беларусі Я. Купалы, легендарнага паэта 1930-х г. Валера Маракова. Расследаванне біяграфіі паэта, пра каго пазней Л. Маракоў напісаў манаграфію, іншых рэпрэсаваных сваякоў перайшло ў планамернае і прафесійнае даследаванне гісторыі ўсіх пацярпелых у часы кіравання Сталіна дзеячоў культуры і грамадскасці Беларусі. Тое стала магчымым дзякуючы атрыманню кароткачасовага доступу да сакрэтных архіваў КДБ Беларусі.

Леанд Маракоў - аўтар унікальнага энцыклапедычнага даведніка ў 10 тамах "Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія i культурныя дзеячы Беларусі. 1794-1991", у якім прыводзяцца біяграфіі больш за 20000 расстраляных або загінулых у сталінскіх канцлагерах (ГУЛАГу) дзеячоў беларускай культуры. Іншыя значныя працы, апублікаваныя Мараковым: "Вынішчэнне" - кніга, прысвечаная даследаванню рэпрэсіяў супраць беларускіх літаратараў; "Ахвяры і Карнікі" - дакументальнае даследаванне лёсаў ахвяраў і іх катаў у часы масавых расстрэлаў 1930-х гг.; двухтамовы энцыклапедычны даведнік "Рэпрэсаваныя праваслаўныя свяшчэнна- і царкоўнаслужыцелі Беларусі. 1917-1967", "Рэпрэсаваныя каталіцкія духоўныя, кансэкраваныя і свецкія асобы Беларусі. 1917-1960", "Рэпрэсаваныя медыцынскія і ветэрынарныя работнікі. 1920-1960".

Леанід Маракоў увасобіў сумленнасць цэлага народа ў адносінах да гістарычнай памяці, аднавіў біяграфіі некалькіх пакаленняў нашых продкаў, аддаў ім пачэсны гонар і годнасць. Тое, што кожны чалавек мусіць сам даведацца пра сваіх папярэднікаў і прадзядоў, ён знайшоў, сабраў і ўвекавечыў, што сведчыць пра яго гуманізм і чалавечнасць. Таму столькі добрых слоў падзякі складаюць яму на гасцявой старонцы сайта www.marakou. by. "Дзякуй Вам за Вашу працу. Блаславі Вас Езус. Молімся за Вас.- Ад імя парафіянаў і пробашча касцёла св. Антонія Падуанскага ў Віцебску. Ігар."

- Працуючы над сотнямі біяграфіяў рэпрэсаваных, я не аднойчы натыкаўся на назву вуліцы Савецкая ў Менску, - узгадваў Л. Маракоў. Да 1922-23 гадоў вуліца насіла назву Захар'еўскай ад імя першага губернатара Захарыя Карнеева. У грозныя 30-тыя гады на вуліцы Савецкай не было дома, які б не наведалі нязваныя госці ў сініх галіфэ з чырвонымі кантамі і кабурой з наганам.

Пісьменніку цягам трох гадоў ўдалося праналізаваць, хто жыў і працаваў амаль ў 200 дамах вуліцы (на самай справе, у 500-600, бо да кожнага дома прымыкаў кавалак зямлі, на якім стаялі яшчэ некалькі будынкаў) на працягу трыццаці гадоў, спраўдзіць дакладную нумерацыю дамоў, якая мянялася некалькі разоў. У кнізе змешчаны архіўныя фотаздымкі будынкаў, планіроўкі кватэр, звесткі пра жыхароў.

Пад час працы над новым томам Леаніда Маракова наведвалі яго сябры і калегі. Уладзімір Іванавіч Раманоўскі, які нарадзіўся ў ГУЛАГу, дапамагаў яму выпісаць на карткі прозвішчы 120 жыхароў вуліцы Савецкай. Гісторык і краязнаўца Анатоль Валахновіч прызнаў дабрасумленнасць, фундаментальнасць і глыбіню працы даследчыка. Энцыклапедычны характар новага даведачнага выдання высока ацаніў доктар філалагічных навук Арсень Ліс.

- Леанід Маракоў робіць святую і дабратворную справу, - падкрэсліў на прэзентацыі кнігі паэт Анатоль Вярцінскі.

Старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Барыс Пятровіч высока ацаніў празаічныя творы свайго калегі і пажадаў яму поспеху на гэтай ніве.

- За сваю кнігу пра рэпрэсаваных святароў Леанід Маракоў заслужыў узнагароду ад царквы - медаль "Айцы-асветнікі", - адзначыў святар Беларускай Аўтакефальнай царквы, айцец Леанід Акаловіч. - Праца яго - ілюстраваная, дакументаваная. Памяць пра героеў такіх кніг будзе сапраўдным светачам, будзе натхняць на пошукавую працу ў рэгіёнах. Жадаем Вам, спадар Леанід, настрою, здароўя, доўгага веку, каб Ваша працавітасць дапамагала Вам як грамадскаму дзеячу, пісьменніку і сем'яніну.

Э. Оліна, Фота аўтара. На здымку: 1. Л.У. Маракоў знаёміць з новай кнігай 2. Вокладка новага выдання 3. Былы рэпрэсаваны У. Берыла вітае 55-гадовага юбіляра.


Пятру Макарэвічу - 75

15 красавіка ў Лідскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы прайшла імпрэза з нагоды 75-годдзя аднаго з найбуйнейшых лідскіх паэтаў Пятра Макарэвіча. Творчасць П. Макарэвіча настолькі рознабаковая, а сам ён настолькі розны ў розны час і розных абставінах, што яго - сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў і сябра Лідскай рады ТБМ з юбілеем павіншавалі і Саюз беларускіх пісьменнікаў і Саюз пісьменнікаў Беларусі, і газета "Народная воля" і дзяржаўныя "Лідская газета" ды Лідскае тэлебачанне, а на саму імпрэзу прыехала галоўны рэдактар каталіцкага выдавецтва "Про Хрысто" Крысціна Лялько.

Прыйшлі рэдактар газеты "Наша слова" Станіслаў Суднік, паэт Уладзімір Васько, архітэктар Вацлаў Матэйка, прадстаўнікі Лідскага аб'яднання вайсковых маракоў і Клуба маржоў. І ўсім было, што сказаць, што згадаць.

Нарадзіўся Пётр Макарэвіч 15 красавіка 1938 года, у вёсцы Шынкі Крупскага раёна, што на Меншчыне, на беразе рэчкі Можа. Сама прырода прабудзіла ў ім паэтычны дар, які з нараджэння жыў у ім, каб у пэўны момант выліцца на паперу. Гэтаму спрыяла і прырода родных мясцін, якая зачароўвала будучага паэта, западала ў душу. Але, на жаль, не такім ужо і сонечным было дзяцінства Пятра Макарэвіча, асабліва ранняе. Яму ішоў чацвёрты гадок, як пачалася Вялікая Айчынная вайна, бацьку і дзвюх старэйшых сясцёр вывезлі у Германію. На долю адной маці выпаў клопат пра астатніх пецярых дзяцей: двух хлапчукоў і траіх дзяўчынак. У сям'і ж ўсяго было сем чалавек.

Далей у Макарэвіча ўсё ішло так, як ў большасці беларускіх хлопцаў: вучоба ў школе, служба ў арміі, вучоба ў педагагічным інстытуце імя Горкага (бібліятэчны факультэт). Будучы студэнтам трэцяга курса ён звязаў сваё жыццё з прыгожай маладой дзяўчынай Янінай, ураджэнкай в.Дубчаны, што на Лідчыне. Праз два гады нарадзілася дачушка Юля, а яшчэ праз два ў 1966 г. - Дзіна.

У 1964 г. пасля заканчэння вучобы быў накіраваны на пасаду загадчыка Лідскай раённай бібліятэкі, дзе працаваў каля года. Затым пасада інструктара райкама КПБ, потым перайшоў на працу ў органы дзяржаўнай бяспекі. Праз пяць гадоў звальняецца, папярэдне адсядзеўшы ў каталажцы. Пасля ўсяго гэтага вельмі цяжка было знайсці працу.

У 1971 годзе каля года адпрацаваў на Лакафарбе грузчыкам, а затым каля трыццаці гадоў аддаў працы карэспандэнта ў рэдакцыі мясцовай газеты "Уперад" (зараз "Лідская газета").

Пятро Макарэвіч аўтар трох кніг "Злітак: лірыка" (1997), "Расінкі беларускіх слоў: вершы, пераклады" (2008), "Птица свободы: антология одного стихотворения" (2012). Апошняя кніга - пераклады вершаў 100 беларускіх паэтаў на расейскую мову. І трэба сказаць, што прысутныя на імпрэзе найбольш прыхільна адзначалі менавіта пераклады Пятра Макарэвіча як на беларускую мову, так і з беларускай.

І ўсе жадалі юбіляру моцнага здароўя, доўгіх гадоў жыцця ды плёну ў творчасці.

Яраслаў Грынкевіч.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX