НАША СЛОВА № 18 (1117) 2 траўня 2013 г.
Са святам Вялікадня!
Вялікдзень
Вялікдзень,
Вялікдзень -
Цудоўнейшы дзень!
Як сонейка ўзыйдзе,
Адступіцца цень.
Гэтым днём
Ісус Хрыстос
з мёртвых уваскрос.
Ён цяпер
Глядзіць на нас
З вышыні нябёс.
Хто ў нядолі,
хто ў бядзе -
Ён да тых ідзе,
бо шануе нас усіх
як дзяцей Сваіх.
Ён прыйдзе
Ён прыйдзе,
як чысты прамень.
А злодзей,
а злыдзень
зашыецца ў цень!
Вялікдзень,
Вялікдзень -
цудоўнейшы дзень!
А. Вольскі.
28 красавіка - дзень памяці Кірылы Тураўскага
"Жыццяпіс" Кірылы Тураўскага не паведамляе дакладных датаў пачатку і канца яго зямной дарогі. Вядома, што ён нарадзіўся роўна 900 гадоў назад, быў сынам багатых бацькоў, але "богатества" і "славы тленныя мира сего" яго не вабілі. "Жыццяпіс" паведамляе, што ён атрымаў высокую адукацыю, засвоіўшы веды і ідэі і візантыйскага, і рымскага свету, "добре извыче святых книг поучению".
Незадоўга да дня памяці Святога Кірылы Тураўскага ТБМ выпусціла мастацкую паштоўку да 900-годдзя з дня народзінаў выдатнага беларускага асветніка і багаслова.
Скарыстана карціна А. Марачкіна "Кірыла Тураўскі", 1987 года. Дызайн Ігара Марачкіна.
Наш кар.
100 гадоў з дня нараджэння Рыгора Рэлеса
РЭЛЕС Рыгор (Гірш) Львовіч, апошні пісьменнік Беларусі, які пісаў на ідыш. Нарадзіўся 23.04.1913 года ў г. Чашнікі Віцебскай вобласці ў сям'і службоўца.
У мястэчку была толькі беларуская школа-сямігодка. У школьнай насценгазеце з'явіліся першыя вершы Грышы Релеса - на беларускай мове. Бацька будучага пісьменніка, Лейба Рэлес, - меламед, які навучаў габрэйскіх дзетак не ў хедары, а на хаце. Сыну на ўсё жыццё параіў: "Пішы на роднай мове. Толькі тады патрэбныя словы знойдуцца". І Гірш выканаў запавет бацькі. Першы яго верш на ідыш быў апублікавана ў габрэйскай моладзевай газеце "Юнгер арбэтэр" ("Малады працоўны") у 1930 годзе. Скончыў Віцебскі педагагічны тэхнікум (1933), вучыўся на габрэйскім аддзяленні літаратурнага факультэта Менскага педагагічнага інстытута імя М. Горкага.
У габрэйскую секцыю Саюза пісьменнікаў БССР Р. Рэлеса прынялі ў 1936 годзе па рэкамендацыі Ізі Харыка і Зеліка Аксельрода. Але ўжо ў верасні 1937-га Харык быў рэпрэсаваны і ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 28 кастрычніка прысуджаны да вышэйшай меры пакарання. На наступную раніцу прысуд прыведзены ў выкананне. Не паспеўшы скончыць следства, расстралялі і адказнага сакратара часопіса, паэта З. Аксельрода. Релеса выключылі з Саюза пісьменнікаў БССР, звольнілі з рэдакцыі часопіса "Вожык". Насілу ўдалося яму ўладкавацца ў карэктарскую друкарні. А часы наставалі змрочныя. Пачаўся крыжовы паход на "бязродных касмапалітаў", якія мелі нават наймалое дачыненне да габрэйскай культуры. У 1937-1941 гг. працаваў выкладчыкам рускай мовы і літаратуры ў сярэдніх школах Слуцка і Наваградка. З чэрвеня 1941 г. - у Савецкай Арміі, а з 1942 г. - адказны сакратар шматтыражнай газеты "Строитель". У 1945 - 1947 гг. быў літработнікам у рэдакцыі піянерскай газеты "Зорька", а ў 1947 - 1973 гг. выкладаў рускую мову і літаратуру ў вячэрніх школах рабочай моладзі ў Менску. Узнагароджаны медалём.
Упершыню выступіў у друку ў 1931 г. Пісаў на ідыш і рускай мовах. Выдаў зборнікі вершаў на ідыш "Пачатак" (1940), "Вершы" (1941). У 1961 г. у перакладзе на беларускую мову выйшла кніга вершаў "Бяроза пад акном". Пастаянна друкаваўся на старонках габрэйскага часопіса "Саветыш Геймланд" ("Савецкая Радзіма", Масква). Першая аповесць "Пра тое, чаго не ведаюць вучні" надрукавана ў 1955 г. у часопісе "Полымя" ў перакладзе на беларускую мову. Аўтар аповесці "Запіскі майго калегі" (1960), "Цераз цяжкі парог", (1976), зборнікаў прозы "Сябры і знаёмыя" (1963), "За цеснымі партамі" (1966), "У родным кутку" (1972), "Пад кожнай страхой" (1979). У 60-х гадах яго вершы перакладаў на беларускую мову паэт Рыгор Барадулін, які сказаў пра свайго сябра так: "Яго ратаваў гумар. Смех скрозь слёзы...".
Апошнія гады жыцця Рэлес быў актыўны ў габрэйскай грамадзе Менска, вёў гурток для вывучальных ідыш. Памёр пісьменнік 18 верасня 2004 года ў Менску ва ўзросце 91 года.
Дапаможам ТБМ!
Паважаныя сябры і прыхільнікі роднай беларускай мовы! Да Вас звяртаецца сакратарыят ТБМ з просьбаю аб дапамозе.
Паводле новага Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, з 1 красавіка гэтага года кошт арэнды за сядзібу ТБМ павысіўся на 60 % і дасягнуў 9 мільёнаў 801 тысяча 600 руб. у месяц. Акрамя таго, мы мусім аплачваць тэлефон, камунальныя і паштовыя паслугі.
Нягледзячы на шматлікія звароты грамадзян Беларусі ў Адміністрацыю і Кіраўніцтва спраў Прэзідэнта з просьбай пакінуць для ТБМ ільготны кошт арэнды, мы не атрымалі станоўчага адказу.
Для таго, каб утрымаць сядзібу арганізацыі ў Менску ў гэтых умовах, нам неабходна штомесяц збіраць 10 мільёнаў беларускіх рублёў у выглядзе ахвяраванняў і складак сяброў і прыхільнікаў ТБМ. Калі пяць тысяч прыхільнікаў роднай мовы ахвяруюць штомесяц усяго дзве тысячы рублёў, наша арганізацыя не загіне і ў каторы раз прадэманструе сённяшняй уладзе сваю годнасць. Імёны асобаў, якія ахвяруюць пасільныя сродкі на падтрымку дзейнасці ТБМ, будуць надрукаваныя ў газеце "Наша слова", што стане гістарычным сведчаннем змагання грамадзян за права "людзьмі звацца".
Мы просім беларускіх журналістаў праявіць салідарнасць і давесці наш заклік да грамадзян Беларусі.
Рахунак ГА "ТБМ імя Францішка Скарыны" №3015741233011 ў Аддзяленні № 539 ААТ "Белінвестбанка", код 739
Зварот прыняты на пасяджэнні сакратарыяту ТБМ 25 красавіка 2013 г.
Падляшша ці Падлессе?
Шаноўны Станіславе,
маю тапанімічны клопат. Як я заўважыў, газета "Наша слова" з нейкага часу паслядоўна замяняе назву рэгіёну Падляшша на "Падлессе", а прыметнік Падляскі (або "Падляшскі" сталінскім правапісам) як частку тапонімаў: напр., Бельск-Падля(ш)скі - на Бельск-"Падлескі".
Я перакананы, што гэтая замена традыцыйнае назвы аднаго з буйных беларускіх этнічных рэгіёнаў беспадстаўная. Рэч нават не ў тым, што ў беларускіх гістарычных крыніцах і энцыклапедыях пануе форма Падляшша, што ў ВКЛ было Падляскае ваяводства, што не варта ўводзіць блытаніну з вёскамі Падлессе, якіх нямала ў розных раёнах. Падляшша - спрадвечны беларускі тапонім паводле формы і зместу, і ён, як і кожны помнік нашай культуры, падлягае зберажэнню і ахове.
Словаўтваральная мадэль пад-[корань]- jе добра вядомая беларускай народнай геаграфічнай тэрміналогіі. Параўн.:
падазер'е 'месца каля возера' Прапойскі р-н;
падалесьсе 'месца каля балота (алёсу) Гомельскі, Рэчыцкі р-ны;
падберажжа 'месца, якое прылягае да берага' Прапойскі р-н;
падбор'е 'месца каля бору' Прапойскі р-н;
падгароддзе 'сенажаць, якая знаходзіцца ніжэй за агароды' Прапойскі р-н;
падлессе 'поле (луг) каля лесу' Прапойскі р-н, Сма-леншчына і г. д. У: Яшкін І. Я. Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. Мн.: "Нав. і тэхн.", 1971.
Як добра відаць з прыкладаў, сэмантычна тэрміны такой мадэлі абазначаюць мясцовасць побач з (або - для моўцы - перад) аб'ектам, да якога адрасуе корань слова.
Прыстаўка/прыназоўнік пад(-) у складзе ўласна тапонімаў, калі яны абазначаюць прастору, як правіла, мае такое самае значэнне - лакалізацыя мясцовасці "па дарозе да" аб'екта, абазначанага коранем або назоўнікам:
Пад Літоўшчыну, поле. Стаўпецкі р-н; Пад Мазуроў, сцежка. Стаўпецкі р-н; Падрубежжа, урочышча. Лоеўскі р-н; Падтатары, поле. Стаўпецкі р-н; Падбалоцце, урочышча. Пружанскі, Дрысенскі р-ны і г д. У: Мікратапанімія Беларусі. Матэрыялы. Рэд. М. В. Бірыла, Ю. Ф. Мацкевіч. Мн.: "Нав. і тэхн.", 1974.
Такім чынам, прасторавы тапонім Падляшша мае празрыстую семантыку: зямля па дарозе да ляхаў, рэгіён побач з ляхамі (г. зн. палякамі). Цалкам відавочна, што такая назва магла быць дадзеная гэтай зямлі толькі беларусамі і ні ў якім разе не палякамі. Сумневаў у этымалёгіі слова Падляшша не пакідае яго літоўская форма Palenkе, утвораная паводле той самай мадэлі, што і беларуская, і ад кораня lenk-(as) 'лях, паляк'. Параўнай іншы літоўскі рэгіёнім Papruse - літаральна 'Падпруссе', памежжа Прусіі з літоўскага боку, але не сама Прусія.
Што да фанетычнага аблічча тапоніму, то ў крыніцах ён зафіксаваны з агаласоўкай - ля-, а ня -ле-. Гэта датычыць фіксацыяў як па-старабеларуску кірыліцай і лацінкай, так і па-польску: старадаўняе Podlasze, пазней Podlasie, прычым калі пачатная форма відавочна паходзіць ад кораню lach, то пазнейшую фанетычна і схематычна можна ўзводзіць як да кораню lach, так і да кораню las.
Калі лічыць тапонім Podlasie польскім, а не адаптаваным у польскай мове беларускім, - тады, сапраўды, узнікае варыянт перакладу польскага тапоніма на беларускую мову: Podlasie (калі ад las) - "Падлессе". Але з геаграфічнага гледзішча беларусаў "Падлессем" рэгіён не мог называцца, сярод іншага, і таму, што велізарныя пушчы (Аўгустоўская, Белавежская) знаходзяцца на ягонай тэрыторыі (або ў яе пачатку, калі рухацца з усходу на захад, - тады б ён быў "Залессем"). З вялікай доляй умоўнасці рэгіён маглі назваць Падлессем толькі палякі, для якіх ён мог успрымацца перадполлем вялікіх лясоў, калі рухацца з захаду на ўсход.
Такім чынам, замест спрадвечнабеларускай і матываванай формы Падляшша, якая пацвярджае этнічную беларускасць рэгіёну, выбіраецца штучная форма "Падлессе", перакладзеная з польскага Podlasie з памылковай этымалагізацыяй. Мяркую, органу Таварыства беларускай мовы трэба вярнуцца да беларускага слова.
З павагай Вінцук Вячорка.
Мы вельмі радыя, што ў газеты "Наша слова" ёсць такія ўважлівыя чытачы, як шаноўны і паважаны Вінцук Вячорка, які зусім слушна заўважыў, што з некаторага часу "Наша слова" пачало ўжываць тэрміны Падлессе і падлескі заміж Падляшша і падляшскі. "Наша слова" па магчымасці пазбягае слоў Падляшша і падляшскі з 1997 года ад моманту пераходу яго ў Ліду. Магчыма, не заўсёды паслядоўна, а, магчыма, зараз гэта стала больш прыкметным таму, што ў апошні час мы больш пішам пра гэты рэгіён.
Гэта не ёсць нейкая там спецыяльная пазіцыя, гэта ёсць фактам таго, на нашых тэрыторыях ніхто са звычайных людзей не ведаў і не ведае ніякага Падляшша і ніякіх падляхаў, якія б там жылі. Відавочна, таму, што ніякіх падляхаў там ніколі не было, як не было побач і ляхаў. Гэтыя землі заўсёды межавалі з мазурамі і, каб там хацелі неяк так вызначыць сваё месца, то назваліся б Падмазур'ем, ці яшчэ як, але пры чым тут ляхі. Гэтыя землі заўсёды называліся проста Бельская зямля, Драгічынская зямля, Медніцкая зямля і г.д. Назва Падляшша не з'яўляецца ні народнай, ні беларускай. Тэрмін падляскі, які дакладна абазначае падлескі, пачаў шырока ўжывацца з 1513 года, калі паводле прывілею Жыгімонта І было ўтворана Падляска-Берасцейскае ваяводства. Назва ваяводства мае канкрэтнае польскае паходжанне, незалежна ад таго ці існаваў тапонім падлескі да таго ці не. І ўсе наступныя запісы ва ўсе дакументы ідуць ад назвы ваяводства, а не ад чаго-небудзь іншага. У Перапісе войска Вялікага Княства Літоўскага за 1528 год, непасрэдна пасля 1513, запісана "Воеводство Подляское". Яшчэ ніхто не паспеў нічога змяніць: ні філолагі, ні навукоўцы, ні пісары, ні народ. Яшчэ ўсё аўтэнтычнае. У дакументах наступных часоў, асабліва пасля шматразовага перапісвання ў расейскіх канцылярыях шырока ідзе гэтае Падляшша, каб ясней акрэсліць месцазнаходжанне або паказаць прыніжаны статус беларускага насельніцтва, якое там знаходзілася пад дамінаваннем ляхаў. Нідзе ў польскіх дакументах такога тэрміну няма. Рэдактары польскіх газет, з якімі давялося гутарыць колькі дзён таму ніякага Падляшша ніколі не чулі.
Такім чынам назву Падлясе прымянілі палякі да ваяводства, менавіта таму, што, як слушна паказвае шаноўны Вінцук Вячорка, гэтыя землі знаходзяцца пад ( перад) найвялікім лесам Еўропы - Белавежскай пушчай.
Не выпадае спрачацца, што ў многіх крыніцах і энцыклапедыях Беларусі ўжываецца слова Падляшша, але ці варта за яго трымацца дзвюмя рукамі. Хто хоча падкрэсліць, што ён знайходзіцца пад ляхамі, пад маскоўцамі, пад ардой ці туркамі, няхай падкрэслівае. Калі хто не здольны падняцца над, то хай будзе пад.
Да нядаўняга часу беларусы спакойна і церпяліва зносілі слова бульбаш, і патрэбны былі 20 гадоў незалежнасці, каб хоць трохі пакрыўдзіліся і выступілі супраць "Бульбаш-хола" каля Курапатаў, каб пачалі ігнараваць гарэлку "Бульбаш", каб берасцейскія фанаты напісалі на расцяжках: "Мы - не бухія бульбашы..." І міліцыя забараніла ім гэтыя расцяжкі. А калі напішуць: "Мы - падрасейцы", то, мабыць, ніхто не забароніць.
Газета нікому не навязвае сваю пазіцыю, нікога не пераконвае і не крытыкуе. Мы пішам Падлессе і падлескі, бо менавіта так трэба пісаць па-беларуску, як было паказана, чыста польскія словы Podlasie i podlaski. Няхай паправяць нас перакладчыкі з польскай.
Рэдакцыя.
Зніжка - за беларускую мову
Будаўнічая кампанія "Славія" размясціла білборд з надпісам "Пры звароце на беларускай мове - зніжка - 10%". І гэта толькі пачатак рэкламнай акцыі. Акцыя арганізаваная ў Гомелі, накіраваная на тое, каб надаць больш высокі статус беларускай мове, а ініцыятарам такой ідэі выступіў грамадскі актывіст Пётр Філон, паведамляюць "Сильные новости".
Першы білборд, які анансуе зніжкі на корпусную мэблю, кампанія размясціла на вуліцы Галавацкага. У хуткім часе яшчэ адзін мае з'явіцца ў цэнтральнай частцы горада. Калі праект дасць пазітыўныя вынікі, кампанія плануе яго пашырыць на продаж ювелірных вырабаў.
Фота odsgomel.org.
Пра гісторыю беларускай астраноміі па-беларуску
Астраномія займае адно з самых галоўных месцаў у фундаменце сучаснай навукі. Веданне законаў Сусвету пашырае наш светапогляд ад межаў Зямлі да бяскрайняга Космасу, паказвае наша месца і прызначэнне ў ім.
Асаблівую цікавасць выклікае гісторыя развіцця гэтай навукі, поўная трагічных момантаў, фенаменальных адкрыццяў і рэвалюцый у нашай свядомасці. Свой вялікі ўклад у гэтую гісторыю зрабіла і беларуская астраномія. І менавіта развіццю нашай астранамічнай навукі прысвечаная кніга Леаніда Лаўрэша "І зорнае неба над галавой...", якая толькі што выйшла ў выдавецтве "Лімарыус".
У сваёй кнізе аўтар часцей за ўсё звяртаецца да развіцця навукі аб зорках у сценах Віленскага ўніверсітэта. Ён паказвае, што разам з поспехамі ў выкладанні гуманітарных навук, Галоўная літоўская школа (тагачасная назва ўніверсітэта) актыўна выкладала фізіка-матэматычныя навукі і ў першую чаргу, астраномію. Значная частка матэрыялу прысвечаная дзейнасці славутага беларускага астранома, рэктара ўніверсітэта Марціна Пачобута-Адляніцкага.
Кніга таксама ўзгадвае асобаў, якія былі звязаныя з беларускай астраноміяй праз мастацтва і літаратуру, праз творы, прысвечаныя вядомым астраномам. Яна стане цікавай навукоўцам, гісторыкам і проста неабыякавым да беларускай культуры людзям.
27 красавіка 2013 г. у Менскім планетарыі прайшла прэзентацыя кнігі. На сустрэчы прысутнічалі менскія аматары астраноміі, гісторыкі Алег Дзярновіч (аўтар прадмовы да кнігі) і Таццяна Вароніч, дырэктар выдавецтва "Лімарыус", якое выпусціла кнігу ў свет, Марына Шыбко, загадчык планетарыя Менскага палаца дзяцей і моладзі Аляксандр Мікуліч і інш. Адбылася паўтарагадзінная размова, падчас якой аўтар адказаў на шматлікія пытанні прысутных.
Прэзентацыя закончылася паказам зорнага неба і лекцыяй на беларускай мове, якую правёў Віктар Малышчыц.
На апошняй старонцы вокладкі змешчаны верш Максіма Багдановіча:
Я хацеў бы спаткацца з Вамі
на вуліцы
Ў цёмную сінію ноч
І сказаць:
"Бачыце гэтыя буйныя зоркі,
Ясныя зоркі Геркулеса?
Да іх ляціць наша сонца,
І нясецца за сонцам зямля.
Хто мы такія?
Толькі падарожныя -
папутнікі сярод нябёс.
Нашто ж на зямлі
Сваркі і звадкі, боль і горыч,
Калі ўсе мы разам ляцім
Да зор?"
Вялікія словы вялікага паэта, але ж колькі работы мы павінны зрабіць усе разам, каб усім разам ляцець не абы-куды, а да нашых, беларускіх зор. І кніга Леаніда Лаўрэша важкі камень у тым бруку, на той вуліцы, перад тымі зорамі.
Наш кар. Фота Таццяны Вароніч.
Прозвішчы Беларусі: онімы пісьменнікаў
Як адзначалася ў папярэднім артыкуле (Наша слова. № 41 (1088). 4 кастр. 2012 г.), прозвішчы сваім паходжаннем падзяляюцца на два вялікія разрады: 1) адымёнавыя прозвішчы - утварэнні ад каляндарных асабовых імёнаў (фіксаваліся у святцах - царкоўным календары), іх варыянтаў і формаў і 2) адапелятыўныя прозвішчы - утварэнні ад агульных назоўнікаў - найменняў рэаліяў і паняццяў на аснове пераносу іх назвы на асобу паводле адпаведных асацыяцыяў.
Для большай лаканічнасці выкладу і адэкватнага разумення сэнсу падаем тлумачэнне выкарыстаных у тэксце спецыяльных тэрмінаў.
Акцэнтаванне - спосаб утварэння новых слоў шляхам змены месца націску.
Анімізацыя - пераход у онім (уласнае імя) агульных назоўнікаў.
Антрапанімізацыя - пераход у антрапонім (уласнае асабовае імя) агульнага назоўніка.
Апелятыў - агульны назоўнік ці адэкватнае яму слова (прыметнік і іншая часціна мовы).
Бацькайменне - імя па бацьку (рас. отчество).
Дэрыват - вытворнае слова. Дэрывацыя - словаўтварэнне.
Празванне - тое, што і мянушка (клічка). Яно было папярэднікам прозвішча, не набыўшы яшчэ статусу сямейнага оніма.
Фармант - словаўтваральны сродак (суфікс разам з канчаткам: графіня).
Формула прозвішча - утварэнне прозвішча з паказаннем усіх яго этапаў (скарочана - ФП).
Найперш зазначым: пры апісанні прозвішчаў, іх паходжання могуць быць розныя версіі, бо самі сямейныя онімы цягам гісторыі маглі змяняць сваю форму пад уздзеяннем розных фактараў, розных варункаў - як палітычна-адміністрацыйных, так і індывідуальна-эмацыйных. Пра гэта вялася гаворка на старонках тыднёвіка ў артыкуле "Лапа і Лапо, Лялька і Лялько, Тычка і Тычко. Адкуль такія прозвішчныя формы і іх чыннікі?" (Наша слова. № 40 (1035), 5 кастрычніка 2011 г.). А таксама ў аўтаравым артыкуле "Пра некаторыя формы нашых прозвішчаў" (Роднае слова. - 2011. - № 11).
Крыніцай фактычнага матэрыялу стала выданне "Пісьменнікі Савецкай Беларусі. Кароткі бібліяграфічны даведнік. - Мінск: Беларусь, 1970. 440 с.".
Варта згадаць, што ў шэрагу выпадкаў сучасныя пісьменніцкія найменні - гэта псеўданімы; іх форма і семантыка - аўтарская творчасць. Такія прозвішчы нярэдка замянілі ўласнае імя (прозвішча). Да таго ж, межы артыкула не дазваляюць падрабязна разгледзець усе змешчаныя ў даведніку найменні. Спынімся на найбольш вядомых і вытлумачальных онімах.
Задача гэтага артыкула - апісанне адымёнавых пісьменніцкіх прозвішчаў. Паслядоўнасць іх разгляду адпавядае алфавітнай падачы ў названай кнізе.
Адамовіч (Алесь А.) - ад бацькаймення Ад амавіч 'сын Адама' з выкарыстаннем акцэнтавання: пераносу націску на антрапанімічны фармант -овіч. ФП: Адам - Ад амавіч - Адам овіч. Празванне Ад амавіч называла нашчадка Адама.
Ад а мчык (Вячаслаў А.) - ад імя Адам з выкарыстаннем памяншальна-ласкальнага суфікса -чык. ФП: Адам - Адамчык. Празванне мела значэнне 'нашчадак Адама' ці 'малы Адам', з выяўленнем пяшчоты, замілаванасці. Яшчэ К.С. Аксакаў пісаў, што "каб уявіць прадметы мілымі, каб выказаць ласкальныя адносіны, на іх як бы наводзіцца змяншальнае шкельца, і яны, змяншаючыся, становяцца мілымі".
Александровіч (Андрэй А., Сцяпан А.) - ад бацькаймення Аляксандравіч 'сын Аляксандра' - з пераносам націску. ФП: Аляксандр - Алякс андравіч - Александр овіч. Празванне мела значэнне 'нашчадак Аляксандра'.
Ал е шка (Антон А.) - ад гутарковай формы Алёшка кананічнага імя Аляксей; да скарочанай формы асновы Алё- далучаны фарманты -ш-ка. ФП: Аляксей - Алёша - Алёшка - Ал ешка (у расійскай графічнай форме Алешка).
Мажлівая і іншая версія: ад імя Алег - Алежка, памяншальна-ласкальная форма з аглушэннем зычнай асновы ( ж - ш). ФП: Алег - Алежка - Алешка. Празванне абазначала нашчадка Алега (з семантыкай пяшчотнасці).
Аляксееў (Мікалай А.) - ад імя Аляксей з далучэннем суфікса прыналежнасці -еў. ФП: Аляксей - Аляксееў. Пра-званне з семантыкай 'нашчадак Аляксея'.
Аляхновіч (Мікола А.) - ад Аляхно - гутарковай формы кананічнага імя Аляксандр; да скарочанай асновы Аля- далучаны фарманты -х-но - Аляхновіч. Прозвішча непасрэдна матывуецца бацькайменнем Ал ехнавіч і прозвішчным акцэнтаваннем на фарманце -овіч. ФП: Аляксандр - Аляхн о - Ал ехнавіч - Аляхн овіч. Празванне мела семантыку 'нашчадак Алехны'.
Асіп е нка (Алесь А.) - ад гутарковай формы кананічнага імя Іосіф, яго народных варыянтаў Осіп і Асіп (з канцавым націскам); да асновы далучаны антрапанімічны фармант -енка з семантыкай 'нашчадак названай асобы'- Асіпенка. ФП: Иосиф - Асіп - Асіп енка. Празванне абазначала 'дзіця Асіпа'.
Аст а пенка (Алесь А.) - ад імя Астап (кананічнага Яўстафій < Евстафий) з далучэннем антрапанімічнага фарманта -енка з семантыкай нашчадка. Празванне мела значэнне 'дзіця Астапа'. ФП: Яўстаф(-ій) - Астап - Аст апенка.
Аўр а мчык (Мікола А.) - ад імя Аўрам, якое фіксуецца ў сучасным "Арфаграфічным слоўніку беларускай мовы" (Аўтары-складальнікі А.Л. Баршчэўская, Л.П. Баршчэўскі. - Мінск: Радыёлаплюс, 2010. - 560 с. У раздзеле "Асабовыя ўласныя імёны" (с. 542) чытаем: "Аўрам, -ма, -ме". У кнізе "Слоўнік асабовых уласных імён. Складальнік М.Р. Суднік (Мінск: Навука і тэхніка, 1965. С.20): падаецца толькі " Аўрам, гл. Абрам". А ў гэтым жа артыкуле: " Абрам (разм. Абрась, Абрук)".
Як бачым, онім Аўрам знікае з беларускага іменаслоўя. Да асновы імя Аўрам далучаны патранімічны фармант -чык з семантыкай 'нашчадак'. ФП: Аўрам - Аўрамчык. Празванне выкарыстоўвалася як памяншальна-ласкальнае ўтварэнне, з адценнем пяшчотнасці, замілаванасці або (у пэўным кантэксце) з канатацыяй зніжанасці (асуджальнасці).
Ахр ы менка (Павел А.) -'з украінскага Охріменко - ад імя Охрім (варыянт Ефрем) з далучэннем патранімічнага фарманта -енка з семантыкай 'нашчадак'. ФП: Охрім - Ахрым - Ахрыменка. Празванне мела значэнне 'сын Ахрыма'.
Пісьменнік П. Ахрыменка нарадзіўся ў Палтаўскай вобласці. З 1950 г. жыў і працаваў у Гомельскім педінстытуце (універсітэце), доктар філалагічных навук, прафесар, загадваў кафедрай літаратуры. Яго імя падаецца (на с. 232-233) ў кнізе "Университет профессорский" - Гомель: УО "ГГУ им. Ф. Скорины. - 2005. - 384 с.".
Багушэвіч (Юрый Б.) - ад гутарковай формы Богуш кананічнага імя Багуміл. Найменне Богуш кваліфікуецца ў Слоўніку М. Судніка як размоўнае. У "Арфаграфічным слоўніку беларускай мовы" 2010 года наймення Багуміл няма, яно падаецца толькі ў раздзеле "Асабовыя ўласныя імёны, распаўсюджаныя па-за межамі Беларусі" у двух варыянтах: Багум іл і Б огуміл. Форма ж Богуш не падаецца зусім ні ў першым, ні ў другім раздзелах уласных асабовых імёнаў.
Прозвішча Багушэвіч - былое бацькайменне ад Б огушавіч з акцэнтаваннем на фарманце -эвіч. ФП: Богуміл - Богуш - Б огушавіч - Багуш эвіч. Празванне з семантыкай 'сын Богуша'.
Барысенка (Васіль Б.) - ад імя Барыс з далучэннем антрапанімічнага фарманта - енка з семантыкай 'нашчадак'. ФП: Барыс - Барысенка. Празванне называла сына Барыса.
Васіл е віч (Алена В.) - былое бацькайменне ад імя Васіль з пераносам націску на словаўтваральны фармант -евіч. ФП: Васіль - Вас ілевіч - Васіл евіч. Празванне з семантыкай 'нашчадак (дачка) Васіля'.
Васілеўскі (Іосіф В., Пятро В.) - ад імя Васіль з антрапанімічным фармантам - еўскі. ФП: Васіль - Васілеўскі. Дэрываты звычайна маюць адценне шляхетнасці. Яны ўзніклі, на думку даследчыкаў, пад уплывам польскай мовы. Параўн. Міхайлаў і польск. Міхалоўскі, Паўловіч і Паўлоўскі, Камар і Камароўскі, Ліс і Лісоўскі.
Васілёк (Міхась В.) - ад імя Васіль з памяншальна-ласкальным суфіксам -ёк. ФП: Васіль - Васілёк. Прозвішчы гэтакай структуры характэрныя для захаду Беларусі: Барысік, Лукашык. Найменне Васілёк стасуецца і з назвай расліны валошкі, якая ў беларускай мове мае назву васілёк ( васількі). Празванне было пяшчотнай назвай сына Васіля ці метанімічнай характарыстыкай асобы.
Васілёнак (Яўген В.) - ад імя Васіль з патранімічным фармантам -ёнак. ФП: Васіль - Васілёнак. Утварэнні на -онак/-ёнак характэрныя для ўсходу Беларусі. Празванне мела зна-чэнне 'нашчадак Васіля'.
Васюкова (Галіна В.) - ад гутарковай формы кананічнага імя Васіль з фармантамі-суфіксамі -юк (-ук) і -ова - Вас-юк-ов-а. Суфікс -ов- мае прыналежнае значэнне, а -ук (-юк) памяншальна-ласкальнае. Да-слоўнае значэнне наймення 'дачка Васюка' (малога Васі). ФП: Васіль - Вася - Васюк - Васюкова.
Вітка (Васіль В.) - ад гутарковай формы Вітка традыцыйна-царкоўнага імя Віталій, якое вядзе свой пачатак (сыходзіць) да кананічнага праваслаўнага і каталіцкага Віт. Гутаркова-побытавая форма імені пры пашпартызацыі набыла функцыю патранімічнага оніма. ФП: Віт - Віталь (Віталій) - Вітка.
Гаўрук (Юрка Г.) -ад гутарковай формы (з суфіксам -ук-) ад імя Гаўрыла: Гаўрук. ФП: Гаўрыла - Гаўрук. Пра-званне з значэннем 'нашчадак Гаўрылы (сын Гаўрылы)'. Імя набыло новую функцыю - сямейнага оніма.
Гаўрусёў (Сцяпан Г.) - ад гутарковай формы з суфіксам - усь і патранімічным фармантам -ёў ад кананічнага імя Гаўрыла: Гаўр-ус-ёў. Празванне выкарыстоўвалася з семантыкай 'нашчадак Гаўруся'. ФП: Гаўрыла - Гаўрусь - Гаўрусёў.
Гаўрылаў (Леанід Г.) -форма прыналежнага прыметніка з суфіксам -аў ад імя Гаўрыла. ФП: Гаўрыла - Гаў-рыл-аў. Пры субстантывацыі набыла значэнне назоўніка-прозвішча. Утварэнні тыповыя для ўсходу Беларусі.
Гаўрылкін (Леанід Г.) - ад імя Гаўрыла з фармантамі -к-, -ін. ФП: Гаўрыла - Гаўрылка - Гаўрылкін. Празванне Гаўрылкін мела значэнне 'нашчадак Гаўрылкі', а Гаўрылка- 'малы Гаўрыла (дзіця)'.
Герасімаў (Мікалай Г.) - ад імя Герасім з далучэннем суфікса прыналежнасці -аў: Герасімаў. Былы прыметнік Герасімаў (адказвае на пытанне чый?) субстантываваўся і стаў назоўнікам-прозвішчам. ФП: Герасім - Герасімаў. Празванне з значэннем 'нашчадак Герасіма'.
Глебка (Пятро Г.) - змяншальна-ласкальнае ўтварэнне з суфіксальным фармантам -ка ад імя Глеб. ФП: Глеб - Глебка. Празванне мела значэнне 'малы Глеб', 'сын Глеба'. Стаўшы прозвішчам, страціла першаснае значэнне і набыло антрапанімічную функцыю сямейнага оніма.
Даніл е нка (Міхась Д.) - ад імя Даніла з далучэннем атрапанімічнага фарманта -енка з семантыкай 'нашчадак'. ФП: Даніла - Даніленка. Празванне з значэннем 'малы Даніла', 'сын Данілы'.
Ермаловіч (Якуб Е.) - ад імя Ермалай, былога бацькаймення Ерм олавіч шляхам антрапанімічнага акцэнтавання (з націскам на антрапанімічным фарманце -овіч), набыло функцыю сямейнага оніма - Ермаловіч, фармант далучыўся да гутарковай формы Ярмол. ФП: Ермалай - Ярмола - Ярм олавіч - Ермал овіч.
Іваноў (Анатоль І.) - ад імя Іван з тыповым прыналежным суфіксам -оў: ФП: Іван -Іваноў. Празванне мела значэнне 'сын Івана'. Мадэль прозвішча тыповая для расіян, адзначаецца ў найменнях усходу Беларусі.
Ів а шын (Васіль І.) - дэрыват ад гутарковай формы Івась афіцыйнага імені Іван з далучэннем суфікса прыналежнасці -ін (-ын) і чаргавання с'-ш. ФП: Іван - Івась - Івасін - Івашын. Празванне мела значэнне 'нашчадак асобы з найменнем Івась'.
К а рпаў (Уладзімір К.) - прыметнікавая форма з суфіксам прыналежнасці -аў ад імя Карп. ФП: Карп - Карпаў. Празванне мела значэнне 'сын Карпа'. У слоўніку М. Судніка асноўнай формай гэтага імя выступае Карпа, яно ў загалоўку слоўнага артыкула, дзе фіксуецца і Карп. У "Арфаграфічным слоўніку" 2010 года імя Карп (ці Карпа) не фіксуецца.
Карп ю к (Аляксей К.) - ад імя Карп з далучэннем патранімічнага фарманта -юк. ФП: Карп - Карпюк. Празванне мела семантыку 'нашчадак Карпа' ('сын Карпа'). Онім Карпюк страціў першаснае значэнне, набыўшы функцыю родавага наймення.
Кірэ е нка (Кастусь К.) -ад ўласнага імя Кірэй з антрапанімічным фармантам -енк-а. ФП: Кірэй - Кірэенка. Празванне мела значэнне 'малы Кірэй', 'сын Кірэя'.
Клімашэўская (Ірына К.) - ўтварэнне ад імя Клім праз стадыю дэрывата ад гутарковага імя Клімаш з выкарыстаннем фарманта прэстыжнасці (шляхетнасці) -еўскі/-эўскі. ФП: Клім - Клімаш - Клімашэўскі (ая).
Клімковіч (Міхась К.) - ад бацькаймення Кл імкавіч з акцэнтаваннем на антрапанімічным фарманце -овіч. ФП: Клім - Клімка (Клімко) - Клімк авіч і Клімк овіч. Празванне мела значэнне 'нашчадак Клімка' ('малога Кліма, сына Кліма').
Кузьмічоў (Анатоль К.) - ад імя Кузьма праз ступень Кузьміч, з семантыкай 'нашчадак Кузьмы'; да асновы дэрывата далучаны фармант прыналежнасці -оў. ФП: Кузьма - Кузьміч - Кузьмічоў. Пра-званне абазначала сына Кузьміча.
Л а рчанка (Міхась Л.) - ад імя Іларыён, гутарковай яго формы Ларыён, што мела скарочаны варыянт Ларка ( Ларко); да асновы далучаны антрапанімічны фармант -анка (варыянт -енк-а), які надаваў семантыку 'нашчадак названай асобы'; форма Ларка мела варыянт Лар. ФП: Лар - Ларка - Ларчанка.
Левановіч (Павел Л.) - непасрэдна ад бацькаймення Ляв онавіч з акцэнтаваннем на антрапанімічным фарманце - овіч. ФП: Лявон - Ляв онавіч - Леван овіч. Празванне мела значэнне 'нашчадак (сын) Лявона'.
Л е ўчык (Гальяш Л.) - ад імя Леў з далучэннем памяншальна-ласкальнага фарманта -чык: Леўчык. Празванне мела значэнне 'нашчадак асобы з найменнем Леў'. Прозвішча Леўчык магло ўтварыцца і ад гутарковай формы імя Леў з далучэннем фарманта памяншальнасці -ка ( Леўка). ФП: Леў - Лёва - Леўка (Лёўка) - Леўчык.
Лявонны (Юрка Л.) - ад імя Лявон, яго прыметні-кавы дэрыват з суфіксам -н- Лявонны. ФП: Лявон - Лявонны. Празванне мела семантыку 'нашчадак Лявона' ці 'сын жанчыны Лявонны'.
Макарэвіч (Алесь М.) - ад імя Макар, праз стадыю яго бацькаймення Мак аравіч з наступным акцэнтаваннем на антрапанімічным фарманце - эвіч. ФП: Макар - Мак аравіч- Макар эвіч. Празванне мела семантыку 'нашчадак Макара'.
Маракоў (Валерый М.) - ад імя М арак праз стадыю бацькаймення М аракаў з наступным акцэнтаваннем на антрапанімічным фарманце -оў; ФП: М арак - М аракаў - Марак оў. Празванне мела семантыку 'нашчадак М арака'.
Імя М арак падаецца ў кнізе "Арфаграфічны слоўнік беларускай мовы / Аўт.-скл. А.Л. Баршчэўская, Л.П. Баршчэўскі. - Мінск: Радыёла-плюс. 2010. - 560 с.". На с. 552 у раздзеле "Асабовыя ўласныя імёны, распаўсюджаныя па-за межамі Беларусі" чытаем: " М арак, -рака, -раку". Прозві-шча Марак оў здатнае ўсведам-ляцца і як адапелятыўнае - ад агульнага назоўніка марак. ФП: мора - марак - Маракоў.
(Працяг у наст. нумары.)
Павел Сцяцко
У даўняй сяброўкі юбілей
80 гадоў споўнілася Маі Давыдаўне Львовіч, украінскай і беларускай паэтэсе, перакладчыцы. Яна нарадзілася 23 красавіка 1933 года ў Адэсе. Яе бацькі паходзілі з Гомельшчыны. Пасля вайны пераехалі ў вызвалены Харкаў, дзе Мая закончыла вучобу ва ўніверсітэце і пачала працаваць у выдавецтве "Прапор". Пачынала пісаць вершы спачатку па-руску, потым па-украінску. Наведаўшы радзіму бацькоў, зацікавілася беларускай літаратурай. Сустрэчы з Максімам Танкам, Уладзімірам Караткевічам, Варленам Бечыкам натхнілі яе на напісанне вершаў па-беларуску. У выніку двухмоўнымі былі выдадзены зборнікі вершаў "У зязюльчыным барку" (2002 г.) і "Жывая" (2008 г.)
Мая Львовіч пераклала на украінскую мову дзве кнігі беларускай прозы, вершы М. Багдановіча, Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Танка, У. Караткевіча, Р. Барадуліна, А. Пысіна, Н. Мацяш і інш. Летась наша даўняя сяброўка прыслала ў Менск сваю новую кнігу "Балагола", дзе прадстаўлены яе вершы, а таксама ўзоры габрэйскага фальклору ў яе перакладах на украінскую і беларускую мовы.
Я з Маяй Давыдаўнай знаёмы па перапісцы з львоўскіх 1960-х гадоў. У 70-х мы сустрэліся ў Доме творчасці "Каралішчавічы".
Дружба даўжынёю
ў паўстагоддзе...
Калі ўсё-усё на свеце рушыцца,
Дружба - не на адыходзе:
Паміж намі кружыцца",-
- пісала мне Мая з Харкава 2.01. 2011 года. З нашай паўвекавой перапіскі прапаную азнаёміцца з яе паэтычным наробкам, каб чытачы хоць такім чынам адчулі голас паважанай і дарагой для Беларусі юбіляркі.
Сяргей Панізнік.
Мая Львовіч
* * *
Зберагала ў душы я суніцу,
Прынесеную з лесу
Каралішчавіцкага ў святліцу.
Сорак год берагла,
А цяпер аддала
Вершу.
Хоць свайму, а шкада.
Бо суніцы -
Вершамі грашы - не грашы,
Лепш растуць у душы,
А не з кніжкамі на паліцы.
* * *
Ці памятаеш
позні свой прыезд?
Са мной быў
Каралішчавіцкі лес.
Так горка страціць веру.
Не зняверымся,
І не апусцім на той лес навес.
Былі мы там нядаўна,
ці даўно?
Ці так даўно,
што болей не паўторыцца?
Калі відно зялёненькае дно,
То памяць Каралішчавіч
не зморыцца.
29.05. 1997 г.
Віншуем сяброў ТБМ, якія нарадзіліся ў траўні
Абухоўскі Юры Адамковіч Аляксандр Эдм. Азарка Вольга Уадзіміраўна Акуленка Міхаіл Александровіч Разалія Адам. Алесіна Таццяна Міхайлаўна Аляшчэня Мікалай Мікал. Анапрыенка Ірына Анішчык Барыс Вітальевіч Апалька Жанна Віктараўна Арлоў Валянцін Мікалаевіч Аскерка Зміцер Астахновіч Андрэй Казімір. Бабіч Юры Міхайлавіч Бакшун Валянціна Баланчук Эдуард Мікалаевіч Баркун Юры Васільевіч Бародзіч Сямён Дзмітрыевіч Бароўскі Анатоль Мікалаевіч Богуш Святлана Яўгенаўна Бордак Уладзімір Адамавіч Брыцько Уладзімір Буднік Янка Фёдаравіч Буз Андрэй Віктаравіч Буката Людміла Аляксандр. Бушлякоў Юрась Сямёнавіч Быкава Надзея Мартынаўна Быстранкова Таіса Вікенц. Бяйдук Наталля Вайцэховіч А.Р. Валіцкая Іна Валошчык Мікола Антонавіч Валчок Ліля Вараб'ёў Уладзімір Раманавіч Васілеўская Кацярына Васільева Кацярына Васільчук Іван Дзмітрыевіч Вішнеўская Дар'я Дзмітр. Галубовіч Вольга Галустаў Эдуард Гарбачэўскі Васіль Гладкі Леанід Анатольевіч Гнеўка Анатоль Лявонавіч Грудзіна Аляксандр Пятров. Грумо Зміцер Грышкевіч Кірыла Уладзімір. Давыдзік Кацярына Канстан. Даніловіч Раіса Дзяконскі Аляксандр Алякс. Драўніцкая К.М. Драўніцкі Іван Пятровіч Дрозд Галіна Думанскі Аляксандр Жабінская Марыя Пятроўна Жукоўская Таццяна Яўген. Жураўлёва Таццяна Сярг. Іванова Анфіса Міхайлаўна Ісайкіна Вольга Юр'еўна Кабылка Віталь Кавальчук Галіна Тадэвуш. Казакевіч Юры Іосіфавіч Калакольцава Аліна Калацкая Вольга Калеснікава Алена Уладзімір. Каляда Ніна Фёдараўна Камко Наталля Юр'еўна Кампанеец Святлана Юр'еўна Кандракоў Міхаіл Валер'евіч Кандратовіч Ян Янавіч Кандрацьеў Андрэй Васіл. Карнееў Віктар Васільевіч Кароль Аляксей Сцяпанавіч Карпінская Юлія Карповіч Андрэй Іванавіч Карцель Настасься Касавец Іван Язэпавіч Касцюк Георгі Васільевіч Каўлярова Т. М. Клімуць Вольга Кляшторная Мая Тодараўна Корзан Сцяпан Уладзіміравіч Корзан Уладзімір Сцяпанавіч Корзан Яніна Браніславаўна Кот Алена Коўган Сяргей Яўгенавіч Кравец Дзмітры Юр'евіч Крук Віктар Фёдаравіч Кручкоў Сяргей Мікалаевіч Кудрашоў Віктар Лабачоў Яўген Дзмітрыевіч Лагун Вольга Эдвардаўна Лапо Аляксандр Іванавіч Латоцін Лявон Аляксандрав. Лебедзева Наталля Мікал. Леўшык Станіслаў Станіслав. Лук'янцаў Кірыла Лытнёў Міхаіл Ляскоўская Зоя Нікіфараўна Майсеня Людміла Іосіфаўна Макарскі Андрэй Георгіевіч Макарчык Уладзімір Малышава Галіна Малько Пётр Іванавіч Мальцава Ганна Валянцін. Марцінкевіч Яўгенія Мацвеева Тацяна Генадз. Мацвееў Максім Іванавіч Мекшыла Мікалай Міцкевіч Кастусь Міцкевіч Яўген Фаміч Моніч Алесь Мурашка Людміла Мікал. Мяснянкіна Ала Міхайлаўна Навасельская Таццяна Уладз. Нарушэвіч Міхаіл Алегавіч Натынчык Уладзімір Алякс. Ніжанкоўская Ірына Уладз. Нікіпорчык Віктар Отчык Андрэй Панізьнік Сяргей Сцяпанавіч Паплаўская Ірына Станіслав. Паўлаў Міхаіл Іванавіч Паўлініч Валеры Валерыевіч Пашкевіч Ігар Пералыгін Алесь Пожанька Ігар Леанідавіч Пратасавіцкая Марыя Георг. Праўдзін Віктар Аляксандр. Пуцікаў Ілля Пыжык Аляксей Пятрашка Мая Радзюк Алена Іванаўна Радзюк Уладзімір Сяргеевіч Рачэўскі Станіслаў Рыгоравіч Рубанік Таццяна Рухлова Тамара Сабуць Галіна Эдмундаўна Салаўёў Зміцер Сяргеевіч Салговіч Вольга Віктараўны Самасюк Ганна Сідар Маргарыта Сідаровіч Яніна Дзмітраўна Сілкова Раіса Іванаўна Сільвановіч Станіслаў Алёйз. Сіўко Франц Іванавіч Снітко Вольга Уладзіміраўна Снітко Галіна Мікалаеўна Станевіч Тамара Іосіфаўна Станевіч Юры Строкач Алякчандр Пятр. Стукаў Віктар Якаўлевіч Сцефановіч Рамуальд Счасная Нэлі Пятроўна Сяліцкая Рыта Талкачыкава Кацярына Ал. Таневіч Галіна Янаўна Цвікевіч Мікалай Аляксеевіч Шантар Дзіяна Георгіеўна Шыла Уладзімір Шыманіца Ала Іванаўна Шышкавец Ала Аркадзеўна Юрэвіч Генрых Іосіфавіч Якубчык Генрых Яніцкая Мая Міхайлаўна Яцыновіч Святлана
Выстава калекцыянера Сурмачэўскага
18 красавіка 2013 года ў нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь адкрылася выстава ўнікальных гістарычных помнікаў Вялікага Княства Літоўскага "Скарбы шляхецкіх архіваў".
На выставе прадстаўлены арыгінальныя помнікі картаграфіі, графікі, сфрагістыкі, жывапісу ХУ-ХІХ стст. са збору калекцыянера Ігара Сурмачэўскага.
Сярод прэзентаваных рарытэтаў карта Вялікага Княства Літоўскага Т. Макоўскага 1631 г., каралеўскія граматы і прывілеі, дзяржаўныя дакументы ХVІ-ХУІІІ стст. і іншыя помнікі.
Ігар Сурмачэўскі - мастак, дызайнер, рэстаўратар, калекцыянер. Нарадзіўся ў 1961 годзе ў в. Вязань Дзяржынскага р-на Менскай вобласці. У 1979-1984 - вучыўся ў Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце па спецыяльнасці мастак дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Удзельнік рэспубліканскіх і ўсесаюзных мастацкіх выстаў, удзельнік творчага аб'яднання "Галіна". З 1988 г. займаецца іканапісам і рэстаўрацыяй тэмпернага жывапісу. З 1977 г. пачаў збіраць прыватную ка-лекцыю, звязаную з гісторыяй і культурай Беларусі.
Ігар Вячаслававіч займаецца дабрачыннай дзейнасцю і вяртаннем на Беларусь культурных каштоўнасцей, імкнецца адрэстаўраваць і вярнуць з небыцця частку нашай гісторыі. Спрабуе працягнуць старадаўнюю шляхецкую традыцыю па зборы "Слаўнага мінулага і гонару" нашай Бацькаўшчыны, як некалі гэта рабілі Радзівілы, Сапегі, браты Тышкевічы, браты Луцкевічы.
Ігар Сурмачэўскі неаднаразова прэзентаваў шырокай грамадскасці Беларусі і за яе межамі каштоўныя артэфакты з прыватнага збору. Так, у 2011 годзе падзеяй стала выстава фотаздымкаў пачатку ХХ ст. беларускага святара Паўла Валынцэвіча. "Фоталетапіс даўжынёй ў паўстагоддзе", дзе была прадстаўлена частка калекцыі спадара Сурмачэўскага. 18 красавіка на вечарыне выступілі намеснік дырэктара музея Ніна Калымага, журналіст Пятро Васілеўскі, і іншыя беларускія калекцыянеры.
Выстава будзе працаваць па 12 траўня 2013 года.
Аляксей Шалахоўскі, гісторык, журналіст.
Другія Мельхісадэкаўскія чытанні
21 красавіка 2013 года ў прыходзе імя Святой Ефрасінні Полацкай БАПЦ адбыўся нядзельны малебен у гонар айцоў-заснавальнікаў БАПЦ і другія Мельхісадэкаўскія чытанні, прысвеча-ныя памяці Мітрапаліта Менскага і Беларускага Мельхісадэка (Міхала Паеўскага).
Са змястоўнымі і цікавымі дакладамі выступілі вернікі прыходу БАПЦ і госці, запрошаныя на чытанні: Мікола Бамбіза - "Жыццёвы шлях Мітрапаліта Мельхісадэка (М. Паеўскага)"; Гянадзь Драздоў - "Вобраз Мітрапаліта Мельхісадэка ў жывапісе" (Г. Драздоў прэзентаваў свой мастацкі твор для БАПЦ - партрэт Мітрапаліта Мельхісадэка); Анатоль Валахановіч - "Леў Сямёнавіч Паеўскі - святар, гісторык, археолаг, краязнавец, царкоўны дзеяч - бацька Мітрапаліта Мельхісадэка" і "Камянецкі Свята-Сямёнаўскі праваслаўны храм"; скульптар Генік Лойка - "Вобраз Мітрапаліта Мельхісадэка ў медальерным мастацтве" (Г. Лойка падрабязна распавёў прысутным, як ён увасобіў вобраз Мітрапаліта Мельхісадэка ў бронзавым медалі); Францішак Корзун - "Стан праваслаўнае царквы ў Беларусі-Літве ў пачатку XX стагоддзя"; пратаярэй Леанід Акаловіч - "Служка Божы Мітрапаліт Менскі і Беларускі Мельхісадэк" і "Радавод Паеўскіх і сямейныя фотаздымкі".
Старшыня парафіяльнае рады пратаярэй Леанід Акаловіч узнагародзіў медалямі прыхаджан суполкі - Гянадзя Драздова медалём "За Бога і Айчыну" і Міколу Бамбізу медалём "Мітрапаліт Менскі і Беларускі Мельхісадэк". Намеснік Старшыні Гянадзь Драздоў узнагародзіў айца Леаніда медалём "Мітрапаліт Менскі і Беларускі Мельхісадэк".
Алесь Спічак узнагароджаны медалём "Айцы-асветнікі". Вядомая даследчыца жыцця і дзейнасці Мітрапаліта Мельхісадэка Таццяна Процька за яе папулярызатарскую чыннасць і другое пашыранае выданне вялікай манаграфіі пра Мельхісадэка (2012 год) удастоена новага бронзавага медаля першай ступені "Мітрапаліт Менскі і Беларускі Мельхісадэк".
Слухачы даведаліся шмат новага, невядомага дагэтуль пра Мітрапаліта Менскага і Беларускага Мельхісадэка, пра яго бацьку Льва Паеўскага і пра іншыя цікавыя факты з жыцця Паеўскіх. Дакладчыкам быў зададзены шэраг пытанняў.
Другія Мельхісадэкаўскія чытаньні ў Менскай Ефрасінінскай суполцы закончыліся спяваннем царкоўнага гімну "Магутны Божа" і частаваннем.
Анатоль Валахановіч.
У Мастаўлянах з'явілася мемарыяльная дошка ў гонар Кастуся Каліноўскага
У вёсцы Мастаўляны, што на Беласточчыне, дзе нарадзіўся Кастусь Каліноўскі, адзін з кіраўнікоў паўстання 1863-1864 гг. на землях Беларусі і Літвы, адкрылі мемарыяльную дошку.
У мерапрыемстве ўзялі ўдзел жыхары вёскі, беларускія гісторыкі Вячаслаў Швед і Сяргей Токць, а таксама прадстаўнікі гарадоцкага самакіравання.
- Кастусь Каліноўскі вельмі важная постаць у гісторыі польскага і беларускага народаў, - адзначыў С. Токць.
Гісторык Вячаслаў Швед дадае:
- Тут ён нарадзіўся, правёў ранняе дзяцінства. Да Ялоўкі, дзе ён быў двойчы ахрышчаны, адсюль 7 кіламетраў. Магчыма ў часы паўстання ён тут бываў.
Гарадоцкі паэт Анатоль Парэмбскі згадвае:
- Мая прабабка служыла ў двары ў Мастаўлянах у часы паўстання. Яна бачыла Кастуся Каліноўскага раз ці два.
Адкрыццё мемарыяльнай дошкі ў гонар Кастуся Каліноўскага супала з ваяводскімі ўгодкамі выбуху паўстання 1863 года.
Ва ўрочышчы Перацёсы каля Гарадка пройдуць галоўныя ўрачыстасці звязаныя з гадавінай бітвы пад Перацёсамі.
Лукаш Леанюк , Беларускае Радыё Рацыя. Фота аўтара.
Галоўны ядзершчык БССР змагаўся з наступствамі Чарнобылю
Цяпер, калі праўдзівая інфармацыя пра Чарнобыль становіца больш даступнай, хочацца дадаць некалькі словаў пра мужнага і прынцыповага Васіля Барысавіча Несцярэнку (1934-2008), члена-карэспандэнта Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (1972), доктара тэхнічных навук (1968), заслужанага дзеяча навукі і тэхнікі БССР, стваральніка і краўніка інстытута радыяцыйнай бяспекі "Белрад".
На жаль, ён пайшоў з жыцця некалькі гадоў таму.
Мне даводзілася сустракацца і гутарыць з Васілём Барысавічам. Першая сустрэча адбывалася у той час, калі інстытут, выселены са свайго будынка, знаходзіўся на тэрыторыі Дома Міласэрнасці. Другі раз прафесар прымаў наведвальнікаў у новым катэджы інстытута на 2-ім Марусінскім завулку. Яго вочы былі светлымі, уражвала ў характары дабразычлівасць і жаданне дапамагчы людзям.
Васіль Несцярэнка нарадзіўся 2 снежня 1934 г. у гарадскім пасёлку Чырвоны Кут (Луганская вобласць, Украіна). У 1958 годзе ён скончыў Маскоўскую вышэйшую тэхнічную вучэльню імя Баўмана (цяпер Маскоўскі дзяржаўны тэхнічны універсітэт). У 1958-1962 гадах Васіль Несцярэнка быў навуковым супрацоўнікам Інстытуту рухавікоў АН СССР.
У 1963-1965 гадах ён загадваў лабараторыяй Інстытута цепла- і масаабмену АН БССР. З 1965 года ён кіраваў аддзелам і быў намеснікам дырэктара па навуковай рабоце, у 1977-1987 гадах - дырэктарам Інстытута ядзернай энергетыкі АН БССР. Адначасова ў 1971-1987 гадах ён з'яўляўся генеральным канструктарам перасоўнай атамнай электрастанцыі. Яму было даручана і ён паспеў запраектаваць атамную электрастанцыю "Памір", якая магла б транспартавацца на "аўтамабільнай шасі". Калі б СССР не абрынуўся, гэтае вынаходніцтва пастаўленае на паток, змяніла б эканамічную карту планеты.
Галоўным учынкам свайго жыцця ён лічыў сваю пазіцыю падчас аварыі на ЧАЭС. Ён быў галоўным фізікам-ядзершчыкам ў БССР на момант аварыі і найбольш кваліфікаваным ядзершчыкам. Чарнобыльская катастрофа і крах СССР з яго тэхналагічнай культурай змянілі прафесійную "нішу" В.Б. Несцярэнкі. Прафесар прыйшоў да высновы, што чалавецтва не гатова валодаць такой крыніцай энергіі, як АЭС.
З 1990 года Васіль Несцярэнка стаў заснавальнікам і дырэктарам Інстытута радыяцыйнай бяспекі "Белрад". У 1990-1994 гадах ён з'яўляўся старшынём аб'яднанага экспертнага камітэта Беларусі, Украіны і Расіі.
У сталым веку ён пакутаваў ад цяжкіх хвароб, звязаных з камандзіроўкамі ў Чарнобыльскія вёскі, але працягваў ствараць новыя праекты, навуковыя групы.
Па этычных меркаваннях ён адмовіўся ад кіраўніцтва ядзернымі праектамі і заняўся экалагічнымі даследаваннямі. 80 адсоткаў ўсёй незалежнай інфармацыі аб наступствах аварыі на ЧАЭС у Беларусі, якой карыстаецца свет - вытворчасці інстытута радыяцыйнай бяспекі "Белрад".
В.Б. Несцярэнка адхіліў прапановы ўзнавіць сваё вынаходніцтва - аўтаномную АЭС - у адной з заходне-еўрапейскіх краін. Ён адмовіўся таксама ўзначаліць будаўніцтва беларускай АЭС. Былі і іншыя прапановы таго ж тыпу.
Васіль Несцярэнка быў вядомы як аўтар больш за 300 навуковых прац, у тым ліку 15 манаграфій, больш за 320 вынаходак.
"Радыяцыйны маніторынг прадуктаў харчавання ў насельніцтва ў рэгіёнах, пацярпелых ад наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС". "Рэкамендацыі па мерах радыяцыйнай абароны насельніцтва і іх эфектыўнасць". "Радыяцыйны маніторынг жыхароў і іх прадуктаў харчавання ў Чарнобыльскай зоне Беларусі", - гэтыя даследванні мелі практычнае прымяненне.
У ім уражвала вера ў розум чалавека, у тое што, беларусы могуць пераадолець наступствы Чарнобылю з дапамогай навуковага падыходу, з улікам медыцынскіх рэкамендацыяў, самадысцыпліны, арганізаваннасці.
Разуменне таго, што калі імі будуць кіраваць не жарсці, і не гарэлкай яны будуць выводзіць радыяцыю, а прымаць пекцінавыя прэпараты, то узровень назапашанняў можна зніжаць, і тым самым здымаць перагрузку з сэрца, нырак, печані.
Супрацоўнікі лабараторыі спектраметрыі чалавека "Белрада" выязджалі ў забруджаныя рэгіёны, праводзілі замеры радыяцыі. Яны распарацоўвалі рэкамендацыі для школаў і дзіцячых садкоў, для ўстановаў грамадскага харчавання. Былі выданы кнігі і брашуры пра тое, як знізіць узровень радыяцыі ў прадуктах, як уберагчы дзяцей ад яе шкоднага ўплыву. Адна з такіх кніжак называецца "Як абараніць сябе і сваё дзіця ад радыяцыі". Разумныя людзі слухалі Васіля Несцярэнку і яго калегаў. Пасля таго, як ў Японіі адбылася аварыя на станцыі ў Фукусіме, японцы ўзялі на ўзбраенне досвед беларусаў, пераклалі кнігі нашых вучоных на японскую мову і выдалі вялікім накладам.
Зараз інстытут радыяцыйнай бяспекі " Белрад" знаходзіцца пад Менскам, у пасёлку Навінкі, па 2-ім Марусінскім завулку, дом 27, тэл. 289-03-83. У інстытуце можна прайці даследванне аб назапашваннях радыяцыі ў арганізме чалавека і атрымаць рэкамендацыі, як яе выводзіць. Інстытут праводзіць экалагічны маніторынг, прапануе насельніцтву пектынавыя прэпараты, якія зніжаюць дозы радыяцыйных назапашванняў.
Э. Дзвінская. На здымку: прафесар, член-карэспандэнт НАН РБ В.Б. Несцярэнка.
3 траўня 2013 года ў 12.00
Управа ГА БНФ "Адраджэньне", Менск, вул. Чарнышэўскага, 3
Прэзентацыя праекту "Тры партрэты Кастуся Каліноўскага"
3 траўня а 12-ай гадзіне на сядзібе БНФ у Менску (вул. Чарнышэўскага, 3) адбудзецца прэзентацыя ўнікальныай акцыі, прысвечанай угодкам нацыянальна-вызвольнага паўстання 1863-64 гг. Паводле ініцыятывы вядомага беларускага мастака Міколы Купавы на сядзібе БНФ у Менску будуць экспанаваныя тры ягоныя працы:
1. Кастусь Каліноўскі. Лінарыт. 290х198 мм. 1976 г.
2. Кастусь Каліноўскі. На пачатку. Лінарыт. 500х365 мм. 1977 г.
3. Партрэт Кастуся Каліноўскага. Каляровы лінарыт. 606х440 мм. 1978 г.
Творы Міколы Купавы будуць экспанавацца да канца траўня. На працягу гэтага часу можна будзе падаваць заяўкі на ўдзел у адкрытым аўкцыёне, які стане завяршэннем праекту. Ахвотных узяць удзел у аукцыёне просім тэлефанаваць на нумар +375-29-5513236 (МТС).
50% ад атрыманых на аукцыёне сродкаў мастак збіраецца перадаць на рахунак рэканструкцыі кляштара базылянаў у Воршы. Гэты помнік віленскага барока 1770 г. пабудовы (асвечаны ў 1774 г.) ужо дзесяць гадоў стаіць без даху і разбураецца ад снегу, марозаў, дажджоў і сонца.
Такі аўкцыён праводзіцца ў Беларусі ўпершыню.
Тайны ЧАЭСныя шырэй прыадкрываюцца
(Працяг. Пачатак ў папярэднім нумары.)
IX
Адгуклівыя не проста на ўчынак, прынесеную цукерку, нават не на слова добрае, адзыўныя на цёплую ўсмешку чалавека, спагадны ківок галавы дзеткі шаснаццатай палаты ўсё болей ніклі. Іх ела адзінота.
Крылле і дзюбкі востраць птушачкі аб воблакі, дзеткі палаты вастрылі носікі аб шыбкі ваконня.
Жахліва выказваць, яны ўжо рэдка прасілі бацькоў і знаёмцаў прыязджаць, нешта прывозіць. Ляжалі, дыхалі не дзяўчаткі - дошчачкі, яшчэ дыхлівыя, варушныя, а ўжо нежывыя дошчачкі, абгабляваныя выбельнымі фуганкамі.
Іх часта раздражняла людская мітусь, аднастайная слоўная пустэча. Хочуць моўклыя цішыні, прагнуць няруху, свядома моляць адлёту.
Дзяўчатачкі паміраюць. Гэта ведаюць усе, усэнсовілі яны, выкінутыя з дупла шпачаняты і жаўручаняты.
Плачуць, цякуць зсіненаю празрыстаю сінню дзявочыя вочкі, выбельваюцца на сыр лобікі. Узіраюцца ў засіненыя астральнасцю сівашэрыя цякуткія воблакі сіненькія сіроткі. Прыязджаюць да іх родзічы ўсё радзей, не падаюць рук, не туляцца, не цалуюць. Рэдзь у рэдзь. Заявіцца сяброўка - не абдымаецца, гаворыць знаводдаль, развітваецца - не пацалуе ў шчочку.
Вялыя пахі познавосеньскіх зрэзаных траваў букету, як выдыхі заспакойных словаў, не грэюць.
Пачуе каторая свежы голас у калідоры, сціскаецца радасцю - да яе; усё часцей на адказ чуе ад санітаркі - не перажывай, прыедуць.
Наўзрыдма рыдаюць у коўдру, душацца слязьмі не дзяўчатачкі Гомельшчыны і Магілёўшчыны - беларускае абрабаванае дзявоцтва. Плача Беларусь, асірацелая на мілых падстрэленых пташкаў. Дзіцяцтва і дзяцінства, падлеткавасць і юнацтва птушанят глыбей заворвалі сумота і адчай, квеласць і сціхасць.
Хто іх не гляне, спакойным не адыйдзе, заплача, калі не яўна, то ўпотайкі. Слоўна выкажацца дома і на працы.
Яны адкрыта ўсё часцей вымольваліся ў неба і народа. Дайце нам памерці неадзінокімі. Знайдзіце нам блізкіх. Чужыя стануць роднымі, абы наведвалі, мы прызнаем іх.
Раней дзеці асцерагалі крыўдзельнікаў татамі і мамамі, тыя маглі прыйсці ў школу і чужую хату, сказаць "не абражайце маю дачушку, яна не радыяцыйная", у дзіцяці была абарона, а ў бальнічнай чыстай палаце яны ўсім чужанітныя, далёкія, халодныя.
Вязаць нельга, няма з чаго, каму, ды і не ўмеюць. Шыць нельга, няма з чаго, каму, дый машыны няма. Чытаць апрыкла, размаўляць не хочацца, няма пра што, хадзіць неахвотна. Што рабіць?
Два хлопчыкі скокнулі з пятага паверха ўніз, на асфальт сцяжыны. Грэх самагубнічаць, грэх, яны скокнулі. Вырываліся з адзіноты і непатрэбнасці, хоць чым выказвалі характар і волю. Трапілі дурненькія ў вечную пякельнасць, як кожны самагубец.
Што рабіць, хто пачуе дзявочыя думы і стогны?
- Мы доўга маўчым, Вяруня, - азываецца першая.
- Давайце скажу, як мы ездзілі ў Мазыр, у тэатр, - Вера Нямковіч раздумвае даўгавата. Непадобныя, як не могуць быць падобнымі два баравікі, дзяўчаткі падобна варушацца, падобна думаюць.
- Казала. Тры разы, - трэцяя.
- Нічога, кажы, Верка, слухаць заўжды цікавасць. Лепей за маўчаньства.
Дзяўчынка павядае. З неадабрэньствам за пропускі дэталяў яе папраўляюць, суседкі ўспамінаюць варыяцыі Верынай паездкі, пра якія Вера не казала ні разу, іх не было. Вяруня згаджаецца з удакладненнямі.
Не прыручаная для прамаўлення і філасофскасці дзіцячая выдумка гучыць з шчырым наівам. Запаўняе страшэннейшыя пустэчы жывога неіснавання.
Прапоўз дзень, два, тыдзень, паўмесяца. Настаў час, калі дзяўчаткі перасталі чакаць любога госця. Яны радыя ўсмешцы нават старонняга, хоць іх усё меней. Жорсткую рэальнасць засвоілі. Нарэшце дарослыя перасталі прытварацца, заспакойнага слоўнага зманьства не стала ў палаце, на калідоры.
Уведаная непазбежная праўда, самае страшнае, смуціць болей за хлусню. Няхай бы прытвараліся, манілі як раней.
У памечаных радыяцыяй дзеткаў скалечанае здароўе, душы, лёсы. Іх стогны няшчасцяць нават відушчае неба, і настройваюць нябеснасць на выкананне маленняў дзятвы. - Жадаю, каб не хварэла мама. - Няхай паправіцца сястра і цялушка. - Казала няраз, усе прагнем здароўя, і я. - Мне здароўе не трэба, не патрэбна і ўсё. Ужо не баюся памерці. - Дзеўкі, перастаньце, ніхто не памрэ.
Дзяўчаткі паўтараліся ў словах, жаданнях. Вера Нямковіч адкрыла нарэшце прычыну свае хваробы. Сонца кліча на траву, на выган, у лес, а бацькі і настаўнікі асаджвалі - не бегай, сядзі ў хаце. Вось і ўцякала з-пад Мазыра да бабкі ў мілы Лубень. Бабка не хварэе і Вера не хварэцьме. Бабуля давала гарантыю, не шкадавала рублікаў.
Чыстая зона ёсць у зонні, слухайце радыё, чытайце газеты. Усё ў Беларусі добра з радыяцыяй, пад кантролем. Толькі ехаць дзецям туды нельга, тым болей у Лубень. Агідна, Айчыны не стала ў Вяруні. Паедзе. Лубень для бабкі і ўнучкі заўжды быў Айчынаю. Вера едзе туды радзімнасць узнаўляць, айчызнасць не забыць. Як бы ні прытваралася, Лубня для яе не Айчызна.
Аўтобус перастаў хадзіць у Лубень, там небяспечная зона, ахоўваецца міліцыянерамі. Што б ні было, Вяруня пойдзе пешшу, папаўзе, але штогод будзе ў Лубені, на Айчыне. Не месяц, два - дзень, два.
Мары Веры дапаўняе прыехалая з Крычава Зоська. Два гады раённыя кіраўнікі Крычава зусім не ўзгадвалі пра радыяцыю. Людзі хадзілі ў лес і ў рыбу бязбоязна. Раённая ўлада праўду ведала і подла не папярэджвала дарослых і дзяцей.
- Сябровачкі. Давайце паспяваем.
- Не-э, пашэпчамся.
- Пра што?
- Не ведаю.
Дзеці перашэптваюцца. Звычная млосная ціша засейваецца ў палатах, калідорах. Нават рэзка павярнуцца на ложку дзеткам цяжка, маўчаць. Усхліпне адна, другая, маўчаць. Уночы стогнуць, прачынаюцца. Ад ускрыкаў.
X
Нудотна цячэ дзень за днём. Паміж дзяўчыначкамі ўсё пераказана. Асабістыя кнігі сталі агульнымі. Разрэджаныя на макаўках валаскі прычэсваюць радзей.
У вакно глядзяць паасобку, разам, паасобку, па двое. Вышукваюць жаўрукоў, вераб'ёў, варон. Навучыліся птахаў распазнаваць, далі імёны. Радуюцца, калі знаёмкі падзёўбкамі корму на падваконніку, пахітваннямі галовак адказваюць на зразумелым дзяўчаткам дыялекце. Пявункае сузгоддзе птаства з абодвух бакоў шыбаў - дзіцячага і птахнага - стала ўзаемным.
Дзяўчынкі ўсё часцей хрысцілі птахаў, сваіх і чужых, абы жвавыя прыляталі, сагравалі галаскамі і запаволенымі рухамі ваконных наглядальнічкаў.
Фортка часта ўздыхае, часцей плача.
Зрэдку дзяўчынкі прымаюць лекі, без роспытаў, абгавораў.
Моляцца ўсе чацвёра. Як умеюць. Асобныя, як Люська, дачушка рабочага, і Светка, дачушка райкамаўца з Хойнікаў, ойчанашыцца не ўмелі, хрысціцца саромеліся, у шаснаццатай палаце навучыліся.
Паступова хворанькія знаходзілі ў прасторы неба ўласную малітву, не лепшую за храмавыя і не горшую. Малітва іх не была сузгоднена-велічнаю. Яна складалася з асобных рэплік, слоў, нават уздыхаў - Богу, а калі прааналізавалі - Багародзіцы, Дзеве Марыі, Стваральніку. У такім парадку.
Трывожны роспачны боль, ціхая слабасць усё мацней яднае дзяўчынак, адымае волю, бездапаможыць цела, душу. Вораг змусіў іх жыць у цемры хваробы. Не хавай, Божа, ад іх твар Твой, каб яны няхутка сталі тым, што заўжды маўчыць, бо яны ўжо і так на мяжы магілы і святла, на мяжы пераходу.
У Гомельскім дзіцячым радыяцыйным Цэнтры яны не пачуваліся ў зняволенні, у зоне, але і не на волі, хаця не ведалі пра гэта. Яшчэ не так даўно дзяўчаткі паводзіліся бліз родных аселішчаў, як дазвалялі дарослыя і жадалася самім - не баяліся вады, пяску, лесу. Колішнія дзявоцкія прыяцельствы, спаборніцтвы, іроніі, выстаўленні ў лепшым, посваркі - глупства зялёнае ў параўнанні з цяперашнімі хворасцямі, пачасцелымі смерцямі дзетак гэтага крыла, іхняга пакоя, слязьмі дарослых.
Дзяўчынкі ўжо не хочуць і не могуць сябе ашукваць. Акіяны дабра, зла і хлусні прынесла ім савецкая палітыка і аднапартыйнасць. Мамы і таты баяцца прывезці ў Цэнтр браціка ці сястрычку, хаця абяцалі. Самі радзей прыязджаюць. У дзяўчынак хворасцяў более. Неўсвядомлена, інстынктыўна малышкі часта просяць Бога і ўсё жывое памагчы ім. Гатовыя ўсё жыццё прысвяціць Богу, як аддаюць цяпер Яму малітвы, абы паправіцца.
- Войча, Божухна Наймілы, Прасвятая Багародзіца, прыміце нашу просьбу. Уладычніца, молім Цябе, выгані ад нас хваробы. У Бараўлянах, у анкалагічным інстытуце пакутавалі мы і нашыя аднакласніцы, не памаглося. Мы, чацвёра з гэтага пакоя, не ўсе былі там, памалу былі, у нас зусім маленькія хваробы, нам не трэба доўга лячыцца ў Мінску, мы здаровыя, памажы заздаравецца. Каб не пайшлі за прыяцелькамі з пакоя ў вырай далёкі.
Няхай цёмныя дактары стануць светлымі, дапамагаюць па-сапраўднаму. Клаўцы ў амбулаторыі на восьмы дзень пасля аварыі раілі ўжываць паўчайнай лыжкі ёду на дзень. Палову лыжкі замест некалькі кропляў. Не сказалі, які ёд, колькі дзён. Звярнуліся бацькі да доктара, а ён няведкае. Яго не праінструктавалі, з раёна дакладна не параілі, як пачуў ад некага, так людзям раіў.
- Не думаю пра смерць. Прагну, каб не хварэлі я, мама, брацікі. Жыцьму доўга, - нечаканіць Ніна.
- Пра жыццё не думаю. Хутчэй маме рукі развязаць, сысці з Верыным жаўруком, - сціхусенька ўздыхае Альбіна.
У лёсах дзяўчатак звініць, спявае, вымаркочваецца не адна радыяцыйная бяда - адвечная беларуская туга.
- Сябровачкі, давайце працягваць... нашу малітву. Як жыць - выжывем. Мы дужыя, мы разам.
Фаталістычны сум і адзінота ў палаце. Дзеці інстынктыўна адчуваюць, як сорамна не мець сяброў, гэтак жа сорамна мяняць іх часта. Як мяняюцца дзяўчаткі ў іхняй палаце. Словы Веры прыцішылі прыцярпелых да душэўнай журбы і цялеснага болю, заглыбілі малітву-ўспамін.
У паслявыбуховым траўні ў школах і кватэрах вокны і дзверы пазачынялі наглуха, а на вуліцы спякотна. Дзеці рвуцца на вуліцу, настаўнікі не пярэчаць. Ім самім душна. Нельга нікому загараць, дарослыя не выводзяць выскачылых з школы дзяцей з-пад сонца. У ваду нікому нельга, дзеці кульмільгна ўскочаць у рэчку, боўтаюцца, выводзіць іх з вады некаму, выводзяць не адразу.
На вакзалах натоўпы, цягнікі і аўтобусы народ бярэ штурмам. Усе хочуць выскачыць з радыяцыйнага пекла - да родных, блізкіх, знаёмцаў, абы далей ад ЧАЭСся, смерці. Людзі, як увойну, ратавалі ўласнае здароўе, дзяцей. Многія начальніцкія сем'і ціхом павывозіліся ў першыя дні аварыі.
За навучальную восеньскую чвэрць Альбінка Пакрова тры тыдні была ў школе, Ніна - месяц, практычна нікога гэта не трывожыла.
Змянілася формула крыві ў дзяўчынкі. Штотыдня з пальцаў бралі кроў, паколатых пальцаў яна практычна не чуе. Ёй неабходныя гранатавы сок і крывяная каўбаса. Дзе ўзяць сок маме бібліятэкарцы, за што купіць? Крывянка радыяцыйная, ды і апрыкрала дзяўчаняці.
У школах і бальніцах давалі дзеткам таблеткі, потым адмянілі, памылкова іх прапісалі. Вось цяпер наша лячэнне правільнае. Так некалькі разоў. На дзецях выпрабоўваюць лекі, спосабы, метады - савецкія і замежныя, - адразу на дзецях.
Бацькі пашумяць, нічога не дакажуць. Дактары вучацца самі, у іх не было досведу, яны ў пошуках; дзе лекі прайшлі патрэбныя выпрабаванні, не ведаюць; вы хочаце, каб лекі адразу памаглі, адразу ўсім - так не бывае. Дактары выкарыстоўваюць лепшыя рэкамендацыі, яны не жадаюць горшага дзецям і свайму Цэнтру.
Асобныя людцы нечакана завідушнічалі, начальнікі пачалі гаварыць пра жах сусветнай катастрофы на ЧАЭС, вялікія страты ад яе тром савецкім рэспублікам - і пра абавязковасць фінансавай дапамогі пацярпелым рэспублікам і сем'ям ад замежжа. Нават пра што раней прамаўлялася мала, бегла - пра недахопы. Савецкая наймагутная дзяржава ні на што, аказваецца, не мае сродкаў - на лекі, інструменты, апараты, комплексныя вітаміны.
Урэшце, не падабаецца ў нас, абласным Цэнтры, мы вам даўно раілі, пераводзьце дзіця ў райбальніцу. Там сапраўдны рай, вы сюды імкнулі, дык цярпіце, слухайце.
Ад няправільнага і слабага лячэння дзеткі надоўга трапляюць у бальніцы, дасягаюць гэтага Цэнтра, а вінаватых у колішніх і цяперашніх памылковых рэцэптах і лячэннях няма.
Тата Зоі ездзіў на Браншчыну ўладкоўвацца працаваць, механізатару ўсё роўна, дзе зарабляць, на Мазыршчыне перасяленцу-чарнобыльцу няма працы і талковага жытла. Там яму прапанавалі працу і для жыцця хаты навыбар, паўразбураныя, без вокнаў і падлогі. У нас бамжы ў такіх не жывуць.
Дзяўчынкі выказваюць горасці Богу і адна адной, вымольваюць у Найвышэйшага аблёгкі. Раней, да аварыі, яны выбіралі, што есці і піці, а цяпер просяць у Бога мажлівасці есці, хоць што. Каб прайшлі безвыходнасць і слабасць. Не будуць папаўняць сілы - памруць.
Дапамажы, Уладыка, выжыць усім нам, спадзяёмся адно на Цябе.
Спусташэнне зямлі, вады, паветра, спусташэнне душы прынёс маленькім беларускам Чарнобыль. Зона адчужэння не трыццаць кіламетраў - уся беларуская зямля. Чарнобыльская вайна нашмат страшней за Другую сусветную, за ўсе дасюлешнія. Вынікі Чарнобыля будуць зеўрацца тысячу гадоў. Праз стагоддзе беларусаў можа зусім не быць на Беларусі.
Бацька Ліны пажарнік, выратоўваў ад выбуху астатнія тры рэактары. Загінуў. Сям'я атрымала ордэн, пенсію на дзяцей. А грошай на бязбеднае існаванне сям'і героя ў дзяржавы СССР няма. Усіх патрэбных лекаў у раёне і Цэнтры Ліне няма.
Фон, бэр, кюры, зона, трыццаціпяцібэрная норма, рэнтген, дваццаціпяцібэрная канцэпцыя - не хочам знаць гэтыя словы і тэрміны. Хочам, каб паўсюдна на Беларусі можна было піць ваду, засяваць зямлю, дыхаць паветрам. Памажы ўсім нам, Божа, прагнаць няўпэўненасць і страх.
Гарадок Чарнобыль на пяцьсот гадоў старэй за створаную Пятром Першым новую сталіцу Расійскай імперыі, дык хай наша старабытная зямля не гіне, не прападае, як не прападае тая далёкая сталіца. Няхай вецер і дождж не будуць атрутай у беларускіх вёсках і гарадах. Мы хочам вярнуцца ў пакінутыя бабкамі і дзядамі сялібы, свае жытло.
Ніткамі чарадзейнымі ўздрыгваюць душы і целы дзяўчынак. Яны не ведаюць, колькі пражывуць, што зробяць, яны выстогніваюць сабе і зямлі беларускай доўгае існаванне. Паміраць нядаўна бесклапотным птушанятам, што вольнымі ластаўкамі лёталі па-над Сожам і Дняпром, Іпуццю і Прыпяццю, не хочацца, яны так мала бачылі, уведалі.
Мы паўтараемся, іначай не выходзіць. Божухна літасцівы, памажы нам, дзіцяткам Тваім сінявокім, слабым, хварабітным, ссохлым.
Не выраслі, не наўчыліся спяваць і танцаваць. Мы толькі плачам і молімся, выпрошваемся і стогнем. Мы не просім багацця, адно росту, незагібення. Памажы, Матка Божа. Злітуйцеся сілы Неба. Даруйце нашыя грахі і злітуйцеся. Дзева Марыя, заступніца жанчын і дзяцей, памажы…
Мы ўжо не ведаем, у каго прасіць здароўя. Толькі ў Вас, сілы Неба, Сонца і Зямлі!
А не можаце пачуць наш боль, хутчэй забярыце да Сябе. Нельга болей пакутнічаць родным і нам самім. Ад дарослых часта чуем, мы невінаватыя, не хацелі памыляцца, мы маленькія, - дык мы згодныя выкупіць іх віну. Згодныя стаць вінаватымі, абы не хварэлі маленькія беларусікі.
Пачуйце, Божа, Матухна, Ісусе Хрысце, нашую малесенькую ніцую малітвачку. Па-чуй-це… Злітуйцеся над намі, бацькамі, Беларуссю. Адна спадзея ў нас на Цябе, Божухна.
...Хорам, уголас або сціхотнаю ладнаю просьбачкаю дзяўчаняткі, у якіх радыяцыйная доза перавышае дапушчальна нарматыўную, рэдка выказваліся. Зачастую думка, слова адной улаўлівалася думкаю суседкі. Дзяўчаняткі станавіліся адной істотаю. Іх паводзінства, выстагны і рэдкія словы даўно былі малітваю для палаты. Сталі малітваю сёння для неба і зорак.
ХI
У двух слуццакоў і аднаго добрушца сугалосна балелі душы яшчэ па адной праблеме. Роўнай чарнобыльскай, большай за чарнобыльскую.
Кожны з трох мужчын - Раман Кавалёў, Ігар Бадановіч, Аляксей Бялько - у сумессі нячаста ўзмаўляліся пра стан беларускай мовы ў грамадстве і школе. Загаварвалі, але бегла, спехна, эківокна. Сёння, на Добрушчыне, яшчэ да вечаровай застоліцы, заспрачаліся пра мову, адносіны да яе беларуса, начальства.
- Увосень пайшла хваля чарговага пераводу беларускіх школаў на расейшчыну. Фізіку, хімію выкладай на расейскай. Не могуць забараніць беларускасць сілаю, кулаком, сорамна, дык на аб'езды. Падручнікаў беларускіх няма. Сваю школу адстаяў. У райана спытаў, зараз пісаць заяву ў Мінск і Маскву пра гэтае паскарэнне ў збліжэнні моваў ці пачакаць. Сказалі, ты са сваёй школай не пераводзься. А суседняя, дырэктар паляк, завуч рускі, перайшла. - Раман Кавалёў сузірае Іпуць, прамаўляе рэчцы, не двум субяседцам. - Сёлета адбіўся. На будучыню, пэўна, не змагу. Падручнікаў на беларускай своечасова не даюць. Забяспечыцца школа фізікай і хіміяй на рускай мове, а тады прыпаўзуць беларускамоўныя падручнікі. - Невялічкую ламезіну спіхвае па адхону берага ў вечаровую роўнядзь травы. - Загадчык райана выдаў праз дзень, дарэмна мы цябе зацвердзілі дырэктарам. Зноў нагарэла яму з Гомлі. - Зноў з-за цябе. - А з-за каго ж.
Ігар Бадановіч прыводзіў прыклады насмешак рускіх вучоных у аграрнай акадэміі Расіі з украінцаў за нацыяналізм, пахвальбу беларусам за вырачэнне беларушчыны:
- Адабраюць, у нас няма нацыяналістычнага гонару, а мне іх хвальбы - плявок на сэрца.
Прыводзіць выпадкі посмеху татарына, карэла, мардвіна з беларуса на канферэнцыях.
З накіпелага катла сарвала засланку. Аляксей Бялько выдае столькі набалелага - самому не верыцца. У нас ужо няма цягнікоў, хвілінаў, гатункаў, хуткасцяў, ялінаў, хваінаў, жыхараў, буйнай, моваў, Анатоль. Ёсць паязды, мінуты, сарты, скорасці, елкі, сосны, жыхароў, буйной, моў, Анатолій.
- У слоўніках суцэльная русіфікацыя. Кондавае беларускае слова ставіцца на другі-трэці план, пазначаецца як мясцовае, абласное, - з той жа паныласцю цягне Раман Кавалёў. - Напладзілі настаўнікаў-бязродавічаў, у маленстве дзеткі не карысталіся, бацькі якможна вызвалялі ад беларускай у школе, у інстытуце адчэпна выкладалі. Не ведаюць настаўнікі беларускай мовы, гісторыі краю і ніштавата пачуваюцца. Ужо яны, няўдаліцы і няўмекі, пнуцца тоніць у настаўніцкай, на педсаветах верхніць.
Самі таго не чакалі, размова набывала павышаную тэмпературу, азвоньвалася болем усіх траіх.
Пачалося ўсё вырачэньства з польскіх дабрахотаў, якія з Каронай Польскай прыліплі да тэрыторыі ўтрая большай за іхнюю, да ВКЛ, падкупамі і хітрыкамі паступова вывелі літоўскую (беларускую) мову з ужытку; з русіфікатарства царызму, калі слалі сюды з глыбіннай Расіі папоў, настаўнікаў, прыставаў. З энкэвэдэсцкіх расчысткаў пасля кастрычніка і вайны. З давённага страху беларуса перад адвечнымі грабілаўкамі і войнамі.
- З парткамуністычнай нянавісці да любой нацыянальнай праявы.
- З жадання маскавіта прыціснуць тых, з каго ён вылез - белага рускага і ўскраіннага русіна, акрайняга, украйняга, - звычаёвай акрэсленасцю чэша Аляксей Бялько. - Вялікаросы прысабечылі нашу назву, рускія, а цяпер нас ёю і душаць.
- Доктар, а табе што да мовы? У Мінску дзесяцігоддзі ніводнай беларускай школы, вы там маўчыце, сталічныя...
- Плыні людзей у бальніцах не меней, чым у тваёй, Рамане, школцы. У нас не дзеці, дарослыя, мацней за мяне выказваюцца. Пачытай партыйныя дакументы, хоць бы апошняга часу, перабудоўнага, і хопіць з цябе.
Аб'ектыўка. На XXVII з'ездзе КПСС (люты-сакавік 1986) канстатавалася непарушная дружба народаў СССР, нацэльваліся партарганізацыі "не адмяжоўвацца ад аб'ектыўнага працэсу ўзаемадзеяння і збліжэння нацыянальных культураў", асуджаліся "спробы ў ідылічных танах прадставіць нацыяналістычныя і рэлігійныя перажыткі, якія заўжды супярэчныя сацыялістычнаму ладу жыцця, навуковаму светапогляду".
- Нацыянальнае пытанне ў Савецкім Саюзе паспяхова вырашана. У краіне ідзе далейшы росквіт нацыяў і народнасцяў, іх няўхільнае збліжэнне, - найсур'ёзна пагуджвае настаўнік Кавалёў. - Збліжэнне нацыяў на аснове добраахвотнасці, роўнасці, братэрскага супрацоўніцтва. Адтуль жа.
Абодва мужчыны таўхаюць сябрука. Вопытны прапагандыст бачны здалёку, цытуе матэрыялы з'езду як па пісанаму. Утраіх смяюцца, выдаюць новыя прыклады гнёту беларушчыны на пракаветнай Беларусі.
Прайшоў усяго год і пяць месяцаў і на XIX усесаюзнай канферэнцыі КПСС (28 чэрвеня - 1 ліпеня 1988) схамянулыя камуністычныя бонзы раптам прызналі, што на ўсіх апошніх партз'ездах плялі не так пра збліжэнне нацыяў, нацыянальныя пытанні ў краіне дзесяцігоддзямі ігнараваліся, не атрымлівалі належнай партыйнай ацэнкі, узносу, здавённая руская шавіністычнасць шкодзіць.
Неабходна пашыраць правы саюзных рэспублік і аўтаномных утварэнняў.
Запланавалі ажыццявіць меры па далейшым развіцці і ўмацаванні савецкай федэрацыі на аснове дэмакратычных прынцыпаў.
А дасюль якія прынцыпы былі?
Было позна. У кожнай рэспубліцы СССР у 1989 годзе ўжо стварыўся, паводле расійскага гісторыка А. В. Шубіна, уплывовы нацыянальны рух, доказна выступаў за суверэнітэт нацыі.
Аб'ектыўка. На Пленуме ЦК КПСС 20 верасня 1989 г. адной з галоўных мэтаў нацыянальнай палітыкі кампартыі абвяшчалася фарміраванне міжнацыянальных адносінаў на новай аснове. Усё ў рэспубліцы і дзяржаве павінна забяспечваць арганічнае спалучэнне нацыянальных і інтэрнацыянальных каштоўнасцяў, інтарэсаў; стварэнне ўмоваў для свабоднага развіцця нацыянальных моваў і культураў.
Кампартыя СССР нарэшце адкрыта загаварыла пра зберажэнне ўсіх нацыянальных традыцыяў.
- Апамяталіся, як запалавеў дом, - не было зразумела, што ў словах тэрапеўта пераважвае: сум, радасць, прыгнечанае абыякаўства.
Інтэлігентная тройца ўзгадвае канфлікты паміж Армянскай і Азербайджанскай рэспублікамі ў 1988 годзе, пазней у Прыбалтыцы і Грузіі, Баку і Тбілісі. Хваляць выступленні старшыні Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР Георгія Таразевіча па аднаўленні і ўмацаванні прэстыжу беларускай мовы на Беларусі. Корань праблемы, доказніў Таразевіч, у аўтарытэце роднай мовы, слава любой культуры залежыць ад абароны рэспублікай і нацыяй сваёй мовы.
- Падумаць толькі, у бацькоў пыталі, ці патрэбна іхнім дзецям вывучаць беларускую мову, - гневаецца Раман Кавалёў. - Няхай бы папыталі, ці патрэбна вывучаць фізіку і матэматыку. Смех. Арганізуй настаўнік такое пытанне дзецям у рускага ці немца - выганяць са школы, забяруць дыплом.
Дажыліся беларусы, у 1987 годзе з 25 тысячаў заяваў аб прыёме першакласнікаў у школы двухмільённага горада толькі 113 дзецям бацькі выбралі класы з беларускай мовай навучання.
- Прыезджыя і мяшанцы не хочуць напругі дзеткам, рабоча-сялянская мясцовая беларуская цемра паядналася з інтэлігентным балбаценнем і ўздыхамі пра волю, нараканнямі на беднасць. Не разумее няшкрэбаная бульба асноўнага. Без мовы няма дзяржавы, то бок гаспадарства. Без дзяржавы ты ўсюды госць, прымак, горшы. Труновяць уласных дзяцей і сваю дзяржаву, сябе. Бязродавага не паважае сусед, бэрсаецца такім іншая дзяржава, - з жалем выніковіць Ігар Бадановіч.
Лёгкая азнаямляльная прагулка па Іпуці ў трох аднадумцаў ператварылася ў цяжкае шкадаванне пра сумысля творанае бяздумства на Беларусі.
У дзейснасць прынятага Вярхоўным Саветам закона "Аб мовах у Беларускай ССР" (26.01.1990) не надта верылі. Спадзяваліся на яго і, навучаныя жыццёвай беларускай практыкай, не надта верылі. У Беларусі заўсёды знойдуцца хітрамондрыя зваядышы, самае добрае слова пра беларускую мову пастараюцца выхаласціць, зацерці.
Могуць прыдумаць з падачы рускіх навукоўцаў і дзяржаўнікаў, уласных недальнабачанцаў любыя змены ў закон, абы не даць ходу беларускай мове на беларускай зямлі. Няма мовы - няма нацыі, народа.
Падвучальнікам на забойства чалавека, тым болей забіўцам кара на зямлі і яшчэ моцная на Тым свеце. Яшчэ большая бяда і кара труноўнікам нацыі, растваральнікам любога народа. Ведаць такое будзе кожны ўжо перад вагамі. Там зямныя пасады, грашоўнасць, заслугі на трэцім, дзесятым месцы.
XІІ
У ліпені 1987 года следствам матэрыялы пра віну праектантаў і канструктараў былі выдзелены ў асобную вытворчасць, для будучага самастойнага расследавання. (т. 47, л. д. 222-226). З гэтым двойчы злёту пагадзіўся суд - на судовых разборах і ў прыгавары 29 ліпеня 1987 года (т. 50, л. с. 360). (Другога суда так і не было).
У абвінаваўчым заключэнні (т. 48, л. с. 102) недахопы праектантаў на чале з А. П. Аляксандравым і канструктараў на чале з М. А. Даляжалем характарызуюцца ўсяго як нейкія "ўласцівыя рэактару асаблівасці і недахопы", адыгралыя ў аварыі зноў жа незразумелую "сваю ролю" (!?), а ў прыгавары суда як "некаторыя недакладнасці канструкцыі" рэактара (т. 50, л. с. 360).
Следства, пракуратура і суд цытуюць Даклад Урадавай камісіі і факты з яго як бясспрэчны юрыдычны доказ - калі патрэбна пацвердзіць віну персаналу ў парушэнні рэжыму, эксплуатацыі энергаблоку. Спасылкаў на сур'ёзныя праектныя і канструктыўныя недахопы рэактара, іх вырашальную ролю ў катастрафічнай разбуральнасці для прыроды і людзей, цытаваных у Дакладзе, у судовых спрэчках амаль няма. Трагічнасць катастрофы з-за недахопаў праектантаў і канструктараў замоўчвалася або да непазнавальнасці скажалася.
Як паказваюць матэрыялы следства, надзвычай несамавітую ролю ва ўтойванні праўды, распаўсюджванні хлусні аб прычынах Чарнобыльскай катастрофы адыгралі навуковыя, праектныя, канструктарскія манапалісты.
Стваральнікі аварыі і алілуйшчыкі на ўвесь свет выказвалі савецкую бязглуздасць і ў гэтым плане. Нашкодзім дзяржаве і праўдзе, абы зараз, вось-вось, цяпер, апраўдацца самім - асобам, інстытутам, арганізацыям, ведамствам. Усю віну за Чарнобыльскую катастрофу савецкая выдатная навука ўзваліла на персанал станцыі - рабацягаў, інжынераў, адміністрацыю. Ролю найсур'ёзных праектных і канструктарскіх недахопаў фактычна нізвялі да нуля. Або зусім не разглядвалі, як тыя ж будаўніцкія.
Гэтую ўцэментаваную версію на розныя лады паўтаралі на следстве, у судзе, газетах, тэлебачанні.
Разумныя людзі за хлусню і нацяжкі не баяліся суровай адказнасці сабе і блізкім - судовай, матэрыяльнай, турэмнай. Кандыдат тэхнічных навук дацэнт В. Міхан, начальнік аднаго з аддзелаў канструктарскага інстытута, даляжаляўскага, асабліва выстарваўся на судзе. (Вераемна пэўніўся: "А што, памылюся - паправяць. Прызнаю памылку. Не ведаў. Усёй фактуры не меў.")
Абараняльнікаў ведамстваў было шмат. Але не ўсе. Многія памоўчвалі, ўхіляліся, раз-пораз мянялі думкі.
- Ці пацвярджаюць вашыя цяперашнія эксперты вывады ранейшых галоўных спецыялістаў, што рэактар быў небяспечны? - ставілі пытанне на судзе многім абаронцам утрамбаванай аляксандраўскай ідэі.
Замест яснага адказу выкруцельства на выкруцельстве. Аргументацыя даходзіла да смехатурства: для падобнай гіпатэтычнай аварыі на АЭС не прадугледжваліся тэхнічныя меры па забеспячэнню бяспекі. (т.50, л. с. 152). - Чаму? - Не прадугледжваліся і ўсё тут. Аварыя немажлівая. - На стэндах не ўсё правяралася, нават з прадугледжанага правіламі. Чаму? - Так атрымалася. Стэндавая база ў краіне слабая. - Вы за яе адказваеце. Чаму слабая? - Ці бачыце…
Аляксандраўскія эксперты пэўніліся, увайшлі ў азарт, у патрэбных момантах абвяргалі нават афіцыйную версію, уласную, старанна абараняную імі ж на следстве і судзе: што рэактар РБМК-1000 "патэнцыйна выбухова небяспечны". Бо калі гэта так, тады рэактар зусім не адпавядаў патрабаванням ядзернай бяспекі. Яго патрэбна іначай праектаваць, канструяваць, будаваць.
Выкрунтаснымі адвяржэннямі/згодамі аляксандраўцы фактычна пацвярджалі вывады Урадавай камісіі, іншых спецыялістаў: ядзерная абарона рэактараў РБМК-1000, РБМК-1500 нездавальняльная.
Следчым і суду былі вядомыя нашмат ранейшая закрытая пастанова Саўміна СССР № 665-210 ад 14 ліпеня 1983 года, шматлікія звароты Дзяржкамітэту па нагляду за бяспечным вядзеннем ва Урад СССР, тым не меней іх як не бачылі.
Група відных спецыялістаў з Обнінска на чале з прафесарам Б. Г. Дубоўскім зрабіла страшны для патайнікаў вывад - "калі б аварыйная абарона рэактара РБМК-1000 хоць у якой ступені адпавядала свайму прызначэнню, усе парушэнні персаналу прывялі б усяго да тыднёвага прастою чацвёртага блока АЭС". Самае большае, што можна было персаналу паставіць у віну - нядбаласць, максімальнае пакаранне за якую - адміністрацыйнае.
Дырэктар вінаваты, сумысля ўтойваў факт значнага перавышэння радыяцыі, пасылаў персанал у небяспечныя зоны без неабходнай абароны, сваёй уладаю не прыняў рашэння пра спыненне працы АЭС, адразу пасля выбуху не даў каманды пра вываз людзей у чыстыя зоны. Але не вінаваты ў разбурэнні рэактара.
Следчых і судзейскіх абсалютна не зацікавіла і надзейнасць нейтроннай абароны рэактара. Паводле мінскіх спецыялістаў на чале з прафесарам Г. А. Шараваравым, групы В. М. Тарасенкі, паўторнага заключэння обнінскіх спецыялістаў на чале з прафесарам Б.Г. Дубоўскім, аварыйная абарона рэактара не адпавядала патрабаванням ПБЯ-74 і АПБ-82. Чарговая грубая памылка следства і суда выяскравіцца - потым, няраз.
(Працяг у наступным нумары.)
Валер Санько
У фанатэку паўстання
Песня пра Каліноўскага
Словы А. Цыхуна Музыка Я. Петрашэвіча
Гамоняць над Нёмнам дубы векавыя
Пра той незабыўны і мужны паход.
Прайшоў Каліноўскі шляхі баявыя,
І песнямі славіць паўстанцаў народ.
На плошчы Лукішскай пад сум люду вёскі,
Пад бой барабанаў і звон кайданоў.
Жыццё маладое аддаў Каліноўскі
За Белую Русь і за Волю братоў.
Над краем гады праплылі чарадою,
І голас жалейкі разнеслі вятры,
А слава аб нашым народным герою
Жыве, як святло прамяністай зары.
"Пасля свята"
Сэрца паэта заўсёды адгукаецца на ўсе праявы чалавечага жыцця. Яго тонкая, адкрытая душа спавядаецца перад аркушам паперы ў сваіх разважаннях аб гэтым жыцці, часта несправядлівым, невыносным, яна сумуе аб вечным супрацьстаянні дабра і зла, задумваецца аб прызначэнні чалавека на зямлі, спрабуе адказаць на незразумелыя часам пытанні: " Навошта я прыйшоў у гэты свет ? А што там, па-за ім?" Вось і ў новым зборніку вершаў Уладзіміра Папковіча "Пасля свята" аўтар разважае над адвечным.
Прэзентацыя кнігі, якая выйшла з друку ў выдавецтве "Логвінаў" у гэтым годзе, адбылася ў Віцебскай абласной бібліятэцы 16 красавіка. Уладзімір Папковіч - вядомы паэт, перакладчык, празаік, педагог, які жыве ў Віцебску, аўтар некалькіх зборнікаў вершаў. Чытачы добра ведаюць яго кнігі "На досвітку", "Зерне", "Самы кароткі цень", "На тым стаю","Вы будзеце смяяцца", ён лаўрэат гарадской прэміі творчай інтэлігенцыі "Сузор'е муз" (2002), лаўрэат прэміі У. Караткевіча (2004). Паэт, калі ён сапраўдны, мае заўжды сваю адметную грамадзянскую пазіцыю, і ў гэтым сэнсе У. Папковіч - не выключэнне, ён сапраўдны патрыёт сваёй Радзімы, які прысвяціў жыццё адданаму служэнню беларускай мове і паэтычнаму радку. На жаль, так сталася ў жыцці беларусаў, што пісаць, а тым болей, размаўляць на роднай мове сёння нешта накшталт вычыну.
Уладзіміра Папковіча любяць і паважаюць у пісьменніцкім асяродку, ім захапляліся і захапляюцца яго шматлікія студэнты. У гэты вечар завіталі да паэта шчырыя прыхільнікі яго паэтычнага і чалавечага таленту, бо Уладзімір Антонавіч вабіць заўсёды не толькі пісьменніцкімі здабыткамі, але і адметнымі чалавечымі рысамі, і перш за ўсё - душэўнай мяккасцю і дабрынёй. Стасавацца з такой асобай - заўжды шчасце, і чым далей жывеш, тым болей разумееш гэта. Нямала было сказана добрых слоў у адрас паэта,але кожны раз ловіш сябе на думцы, што нешта не сказалася самае галоўнае, ці найбольш важнае, амаль так, як у яго творы: "Хоць шмат гаварылі, а мала сказалі…" Але хочацца напрыканцы працытаваць вось такі верш з новай кнігі аўтара:
Мне сівізна на галаву,
Як іней на траву,
Кладзецца…
Трываю боль - але жыву,
Мне анікуды не падзецца.
Не раз даваў зарок: душу
Больш не адкрыю ліхадзею.
Зноў спатыкнуўся, зноў нашу,
Як птушаня ў крыві, надзею.
Упарта крочу на святло,
Мне ў змроку
бачацца прагалы.
Як можна дапусціць,
Каб зло
Нахабна так перамагала?
Шмат гадоў плёну, шаноўны Уладзімір Антонавіч !
Наталля Бондар (Галавач), г.п. Бешанковічы, Віцебская вобласць.
Прыходзьце ў тэатр!
Паверце, вы не змарнуеце свой час. Тэатр навучае так, як гэтага не зробіць тоўстая кніга. Тэатр - гэта не кіно, не эстрада, не тэлебачанне. Тэатр - гэта не аповяд пра каханне, ён сам - каханне. І значыць вас двое: акцёр і глядач.
Лідскі народны драматычны тэатр раённага Палаца культуры адзначае ў гэтым годзе сваё 65-годдзе.
Ля вытокаў першага самадзейнага тэатра ў Лідзе стаяў І.М. Шолк. Менавіта ён, як рэжысёр, артыст і педагог у 1948 годзе паставіў п'есу А.М. Арбузава "Шестеро любимых". Пасля былі іншыя шматлікія пастаноўкі.
У 1967 годзе за пастаноўку спектакля " Хто смяецца апошнім" па п'есе К. Крапівы калектыву было прысвоена ганаровае званне "народны".
За мінулыя гады калектыў неаднаразова станавіўся лаўрэатам і дыпламантам абласнога фестывалю народных (узорных) тэатраў. Яго спектаклі вядомы не толькі ў краіне, але і за яе межамі. Так, у 1998 годзе тэатр даваў прадстаўленні для жыхароў Падмаскоўя - Серпухава, Протвіна і Пушчына.
Значны ўклад у развіццё тэатра ўнеслі самадзейныя артысты С. Зялінскі, Р. Бутрымовіч, Г. Серабракоў, Л. Канчэўская, М. Малаховіч, Д. Квінто, С. Сліўко, М. Гораш, М. Клешчанка, Ю. Карпук і інш. За мінулыя гады тэатральны калектыў узначальвала цэлая плеяда рэжысёраў: П. Дакука, Д. Альпяровіч, В. Талкалін, В. Калбушкіна, В. Маёраў, У. Самсонаў, У. Хадарук, В. Мелехавец, У. Шчэлін. У 2010 годзе рэжысёрам тэатра стала Ірына Сільчанка.
Сёння пастаноўкі народнага драматычнага тэатра дэманструюць розныя творчыя кірункі: гэта мініяцюры, жывыя паштоўкі, інсцэніроўкі, тэатралізаваныя прадстаўленні, PR- прадстаўленні, і, зразумела, спектаклі для дзяцей, моладзі і дарослай аўдыторыі, што дазваляе пашырыць геаграфію гастрольнай дзейнасці.
Вядома, што юбілей - гэта нагода, каб азірнуцца назад, узважыць і ацаніць зробленае, улічыць памылкі і недапрацоўкі. Але юбілей - гэта яшчэ адзін этап у руху наперад, гэта мноства планаў, задумак.
А распачаўся юбілейны сезон тэатра спектаклем "Аперацыя "ЗАГС" па сучаснай п'есе А. Венедыктавай у перакладзе на беларускую мову. Рэжысёр-пастаноўшчык Ірына Сільчанка, мастак-пастаноўшчык - Алег Лазоўскі.
Выбіраючы для будучага спектакля менавіта гэты твор, кіраўнікі тэатра мелі жаданне, каб гледачы не толькі адпачылі, атрымалі задавальненне падчас прагляду, але і паглядзелі на сітуацыю, з якой мы сутыкаемся ў жыцці даволі часта, збоку, каб ацанілі паводзіны герояў і ўявілі сябе ў падобным становішчы. Нездарма ж некалі Уладзімір Маякоўскі заўважыў, што "тэатр - гэта павелічальнае шкло, а не люстэрка. У кожнага чалавека пад капелюшом - свой тэатр, дзе адбываюцца драмы, часта больш складаныя, чым тыя, што ставяцца ў тэатры. А скрозь прызму тэатра на іх можна паглядзець пад іншым вуглом".
Часам складана растлумачыць гледачам, колькі намаганняў, колькі нябачнай працы ў мастацтве акцёра, якое збоку выглядае такім лёгкім і прыемным. Артысты самадзейнага тэатра рэпеціруюць свае ролі кожную вольную ад працы хвіліну. Кажуць, што той, хто аднойчы паспытаў смак творчасці, ужо не шукае іншай асалоды. Магчыма так станецца з маладымі артыстамі Вольгай Пацягевіч і Ігарам Сачанкам, для якіх спектакль "Аперацыя "ЗАГС" стаў тэатральным дэбютам. Акрамя іх у пастаноўцы задзейнічаны Ала Чараватая і Тамара Зенюкевіч.
Калі вы адчуваеце ў сабе нераскрыты талент і маеце жаданне праверыць свае сілы і здольнасці на тэатральных падмостках у розных амплуа - мы сардэчна запрашаем вас у наш калектыў сяброў.
Сёння Лідскі народны драматычны тэатр рыхтуецца да IX абласнога фестывалю народных (узорных) тэатраў "Лідскія тэатральныя сустрэчы". Пажадайце нам поспеху!
Рэжысёр Лідскага народнага драматычнага тэатра Ірына Сільчанка.