Папярэдняя старонка: 2013

№ 21 (1120) 


Дадана: 13-11-2022,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 21 (1120) 22 траўня 2013 г.


Да 900- годдзя з дня нараджэння Кірыла Тураўскага

Кафедральны храм асвечаны ў Тураве

У Тураве 11 траўня, адбылося асвячэнне кафедральнага сабора ў гонар свяціцеляў Кірыла і Лаўрэнція Тураўскіх. Архітэктурны праект быў асабіста зацверджаны Патрыярхам Маскоўскім і ўсяе Русі Кірылам. Узвядзенне сабора ажыццяўлялася пры падтрымцы Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі.

З Турава распаўсюджвалася Евангельская вестка па тэрыторыі ўсёй Усходняй Еўропы больш за 1000 гадоў таму. Тут захаваўся падмурак старажытнага сабора, які датуецца ХІІ стагоддзем. Сучасны сабор пабудаваны недалёка, у самым цэнтры невялічкага гарадка, дзе калісьці налічвалася да 70 цэркваў. Падчас татарскіх набегаў былое ўдзельнае Тураўскае княства страціла палітычнае значэнне, але не страціла духоўнага аўтарытэту. На працягу некалькіх стагоддзяў Тураў заставаўся кафедральным горадам, і пытанне пра будаўніцтва новага сабора падымалася неаднаразова. Так, на пачатку ХХ стагоддзя па ініцыятыве архіепіскапа Менскага і Тураўскага Мітрафана (потым - свяшчэннапакутніка) пачаўся збор сродкаў на будаўніцтва сабора. Але Першая сусветная вайна і далейшыя трагічныя для праваслаўнай царквы гістарычныя падзеі не далі гэтым планам здзейсніцца. Будаўніцтва было адтэрмінавана на цэлае стагоддзе.

У 2008 годзе па асабістым указанні Аляксандра Лукашэнкі быў выдзелены зямельны ўчастак пад будаўніцтва сабора. Тры гады таму Мітрапалітам Менскім і Слуцкім Філарэтам быў закладзены першы камень у падмурак, а сёлета ў студзені адбылося асвячэнне і ўзняцце званоў на пабудаваную званіцу.

У вітальным адрасе мітрапаліта Філарэта адзначаецца роля святога Кірыла Тураўскага для нашчадкаў: "Свяціцель Кірыл Тураўскі вылучаецца сярод многіх іншых услаўленых святых шматграннасцю сваёй асобы і багаццем здольнасцяў. Ён - настаўнік набожнасці і арганізатар адукацыі. Ён - выдатны прапаведнік і аўтар багаслоўскіх твораў. Ён - выдатны паэт і строгі аскет..."

Чын асвячэння сабора і літургію ўзначаліў кіраўнік справамі Беларускай Праваслаўнай Царквы архіепіскап Наваградскі і Лідскі Гурый. Разам з ім служылі пяць епіскапаў, якія прыехалі ў Тураў з Беларусі і Ўкраіны.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.


Паштовы блок і канверт першага дня

11 траўня 2013 года Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь выпусціла ў зварот паштовы блок "Выдатныя асобы Беларусі. Кірыл Тураўскі".

Друк афсетны, поўнакаляровы. Папера мялованая, гумаваная. Зуб. рамачная 131/2: 133/4. Памер маркі ў блоку 26х37 мм. Памер блока 97х70 мм. Пры вырабе блока скарыстана тэхналогія тэрмічнага ціснення металізаванай фальгой залацістага колеру. Тыраж блока 15 тыс. Мастак Іван Лукін.

Выданне здзейснена з ініцыятывы ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны".

Гашэнне маркі і канверта першага дня адбылося на АПС г. Турава. Колер масцікі - чорны. Мастак спецштэмпеля і канверта "Першы дзень" І. Лукін.

Наш кар.


75 гадоў з дня нараджэння Ўладзіміра Карызны

Уладзімір Іванавіч Карызна (25 траўня 1938, в. Закружка, Менскі раён) - беларускі паэт, перакладчык.

Нарадзіўся ў сялянскай сям'і. Пасля заканчэння філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1961) працаваў выкладчыкам беларускай і рускай мовы і літаратуры ў Опсаўскай сярэдняй школе на Браслаўшчыне (1961-1967), у гэты час узначальваў літаратурнае аб'яднанне пры раённай газеце "Браслаўская звязда". Пазней рэдактар, старшы рэдактар, загадчык аддзела беларускай музыкі Рэспубліканскага радыё (1967-1980), рэдактар аддзела навукі і мастацтва часопіса "Полымя" (1980-1981), старшы рэдактар, загадчык рэдакцыі літаратуры для дашкольнікаў выдавецтва "Юнацтва" (1981-2001), намеснік галоўнага рэдактара часопіса "Крыніца" (2002).

Першы верш надрукаваў у 1956 г. (газета "Чырвоная змена"). Аўтар зборнікаў паэзіі "Край мой сінявокі" (1963), "Жураўліны досвітак" (1969), "Святло ліўня" (вершы і паэма, 1972), "Цеплыня" (паэма, вершы, песні, 1977), "Цішыня баразны" (вершы і паэма, 1981), "Шумяць вербы" (вершы, песні, 1982), "Музыка ў свеце" (1985), "Расколіна на Звоне Свабоды" (1986), "Душы разгуканай мелодыя" (вершы, паэмы, песні, 1988), "Хвіліна святла" (Выбранае, 2003), "Доля Русь наша Белая" (выбранае ў серыі "Беларускае паэзія ХХІ стагоддзя", 2007).

Аўтар кніжак вершаў для дзяцей "На сяле ў бабулі" (1975), "Кыонг і яго сябры" (1982), "Малююць дзеці" (з А. Вольскім, 1984), "Зямля - два паўшар'і" (1988), "Мір і сонейка для ўсіх" (1990).

Больш за дзве сотні вершаў пакладзена на музыку лепшымі беларускімі кампазітарамі. З Карызнам супрацоўнічалі Юры Семяняка, Яўген Глебаў, Дзмітры Смольскі, Ігар Лучанок, Эдуард Ханок, Леанід Захлеўны, Уладзімір Карызна-малодшы. Выдадзены зборнікі песень "Клубныя вечары" (1979), "Люблю цябе, Белая Русь" (1984), "Салавей спявае" (1990).

Пераклаў зборнік вершаў А. Матуціса "Мамін пірог" (1986), шматлікія вершы дзіцячых пісьменнікаў для серыі "Бібліятэка дзіцячай літаратуры народаў СССР".

Аўтар слоў да гімна Беларусі.

Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь (1996). Узнагароджаны ордэнам Францыска Скарыны (2002) Лаўрэат літаратурнай прэміі "Залаты купідон" (2007).

Вікіпедыя.


Іспыт па беларускай мове - самы папулярны ў Польшчы сярод нацменшасцяў

16 траўня ў Польшчы прайшлі іспыты для сёлетніх абітурыентаў па мовах нацыянальных меншасцяў. Для вучняў школ для нацыянальных меншасцяў пісьмовы тэст па гэтым прадмеце абавязковы. Акрамя гэтага кожны вучань мусіць здаць польскую мову, сучасную замежную мову і матэматыку. Польская "матура" - гэта адначасова выпускны іспыт і іспыт на паступленне ў ВНУ, нешта кшталту ЦТ, але дадатковай магчымасці здаваць іспыты ў школе, каб палепшыць атэстат, польскія вучні не маюць.

Іспыт па беларускай мове стаў самым папулярным у параўнанні з іншымі мовамі нацыянальных меншасцяў. Яго здавалі 233 вучні, для параўнання украінскую мову здавалі 90 чалавек, а літоўскую 31, піша партал tvn24.pl.

А вось на паглыбленым узроўні здаваць беларускую вырашылі ўсяго 16 чалавек. Наперадзе ў выпускнікоў таксама вусны экзамен.

У межах іспыту па беларускай мове вучні адказвалі на пытанні па публіцыстычным тэксце Дарыюша Шчэпаньчыка пра таблоіды. Тэкст быў размешчаны ў часопісе "Arche" ў 2010 годзе. Таксама трэба было напісаць сачыненне на адну з тэмаў - або па вершы Янкі Купалы "Не шукай", або па фрагменце твору "Споведзь" Ларысы Геніюш.


Праблемы адукацыі вачыма настаўніка

17 сакавіка 2010 года газета "Звязда" надрукавала ліст настаўніка з Віцебшчыны "Самаадданасць педагога нельга эксплуатаваць бясконца". Журналісты звярнуліся да настаўнікаў, каб тыя дасылалі ў рэдакцыю свае пытанні, агучвалі праблемы школы. Рэдакцыя абяцала перадаць усе пытанні і прапановы Міністэрству адукацыі і надрукаваць адказ.

Артыкул збіраў і збірае водгукі настаўнікаў больш за паўтара года. На сённяшні дзень настаўнікі даслалі 326 лістоў. Рэдакцыя перадала гэтыя водгукі ў Міністэрства адукацыі, каб тое адрэагавала на праблемы школы і настаўніка, але рэакцыі не дачакалася.

Я паспрабавала сістэматызаваць сказанае ў каментарах, каб выявіць, што думалі самі настаўнікі пра стан адукацыі. Звяртаю ўвагу, што гэтае абмеркаванне было яшчэ да крызісу, які ўдвая знізіў заробкі педагогаў, і яшчэ да невялікіх перамог, калі РІКВ (Рэспубліканскі Інстытут кантролю ведаў) распачаў масавыя суды на настаўнікаў, якія абмяркоўвалі з дзецьмі заданні рэпетыцыйнага тэставання ў інтэрнэце, нібыта за парушэнне аўтрарскіх правоў. Аднак атрымаў аб'яднанне настаўнікаў з усёй Беларусі і наступ на РІКВ у адказ.

Некаторыя высновы ілюструюцца цытатамі з настаўніцкіх лістоў на мове арыгіналу.

Праблемы (пазначаныя настаўнікамі ў каментарах):

- нізкі заробак і, як наступства, фемінізацыя школы;

- шмат папераў;

- прыпіскі (існуе ціск начальства пры выстаўленні адзнак, каб школа добра выглядала);

- паборы (суботнікі, у дадатак адлічэнне дзённага заробку ў фонд суботніка, падпіскі на "Юный спасатель", "Советскую Белоруссию", "Настаўніцкую газету", зараблянне школай грошай);

- навязванне планавага задання па платных паслугах;

- хамства адміністрацыі. Дырэктары і начальнікі запалохваюць, пагражаюць. Улюбёная фраза: "Вплоть до увольнения без права восстановления";

- малая ўвага адукацыйнай функцыі ў школе: ("дырэктар ператварыўся ў гаспадарнiка, якi павiнен займацца найперш вырашэннем фiнансава-гаспадарчых пытанняў, а не арганiзацыяй адукацыйнага працэсу ў школе");

- вялікая колькасць і пагардлівае стаўленне правяраючых інспекцый;

- абавязковыя шматлікія конкурсы, праекты і г.д.;

- адсутнасць абароны (сапраўдных прафсаюзаў);

- выкананне ненастаўніцкай працы (дзяжурствы на дыскатэках, "всеобуч", праца з сацыяльна-небяспечнымі сем'ямі, дагляд іх дзяцей, рамонт школы, спагнанне грошай з бацькоў, праца на прышкольных участках і ў калгасах, выбары (зверка спісаў, стаянне ў пікетах);

- жытло ("аграгарадкі пабудавалі для даярак. Настаўнік, які працуе ў аграгаадках не можа прэтэндаваць на жытло");

- непрыняцце новых падыходаў у навучанні.

Настроі:

- нявера ў змены;

- любоў да прафесіі;

- пачуццё прыніжанасці;

- страх перад бучыняй;

Вось некалькі цытатаў у пацверджанне:

"І не папракайце, калi ласка, мяне ў маладушнасцi i непрынцыповасцi, бо на нязгодных заўсёды знаходзiцца ўправа (ды яшчэ якая!). За сябе ўжо не баюся, аднак у школе вучацца мае дзецi."

"Шкада, што ўся намі тут напісаная праўда нікому непатрэбна. За месяц з лішнім, што цягнецца данная дыскусія, ... ніхто нават не паспрабаваў праверыць праўдзівасць інфармацыі. А яна на 100% (нават 200%) праўдзівая!!! Вы сабе пішыце - нікому гэта ваша праўда непатрэбна."

"Прочитал почти все высказывания. К кому мы обращаемся?... Поэтому, все эти действительно "крики души", только для нас - учителей возможность "выкричать" свою боль."

"Только наплевать всем высокосидящим на это. Как было, так и останется. Придумают еще кучу конкурсов и бумаг, чтобы не было времени в Интернете сидеть и образование наше порочить."

"Дзякуй "Звяздзе" хаця б за прадстаўленую магчымасць выпусціць пару, якая назбіралася ўжо за колькі гадоў."

"Вспомните, как обошлись с профильным обучением. Зимой все на педсоветах восхваляли и пропагандировали его, отчитываясь о результатах и мониторингах, а весной объявили вредным и нерезультативным."

Хто вінаваты?

- Кіраўніцтва (чыноўнікі).

"На мой погляд, як раз тут "сабака і закапаны". Нашым кіраўнікам, відаць, зручна, калі настаўнік будзе так загружаны, што і галавы падняць не здолее. Тады з яго вяроўкі віць можна, а калі паабяцаць грашовую падачку ці пару адгулаў, дык ён і зорку з неба дастане."

"Cколько нам ожидать, ... чтобы уровень образования упал настолько, чтобы чиновники, наконец, признали, что "у нас в образовании существуют некоторые проблемы"?"

- Самі настаўнікі.

"Тут то мы пишем, изливаем душу, но своё настоящее имя не называем. Вот где зарыта собака."

"Ліст, які я чытаю ўверсе, ўвесь прасякнуты сутнасцю, прабачце, раба. Дзе і калі Вы так пачалі папускацца, што і не заўважылі, як імі сталі..."

- Сістэма.

"Всё дело в том, что школа - это зеркало общества."

"Кто не хотел прогибаться под систему, того уволили, или сам ушёл. Остаются только пенсионеры, которым уже деваться некуда, молодые, которых силой распределили и те, которые равнодушно относятся к тому, чем они занимаются. "

"Да, мы не подписываемся. Любого из нас любой чиновник в порошок сотрёт, если узнает. И причину найдёт очень просто - несоблюдение какой-нибудь инструкции."

"Учитель - продукт общества. Наивно звучит, что учителя сами виноваты в своем положении. В такое уж положение нас поставили. Перефразируя слова известной песни группы "Кино": "Умные, храбрые, да сильные все погибли в школе, в бою...". Сколько замечательных учителей, чувствуя, что они борются с ветряными мельницами, что они не нужны обществу, ушли и уходят из школ. А вы предлагаете оставить нас наедине со своими проблемами."

Шляхі вырашэння:

- барацьба памяркоўнымі метадамі (негвалтоўны супраціў);

- нельга маўчаць: трэба падаваць скаргі ў суд, пракуратуру ды інш.;

- кансалідацыя;

- вывучаць паспяховы досвед іншых педагогаў;

- пачынаць з сябе: заняць уласную пазіцыю (у першую чаргу маральную);

- звальняцца;

- уносіць прапановы Міністэрству адукацыі.

"Впрочем, ничто ведь вам всем не мешает с этим бороться - хотя бы нашими памяркоўными методами. На все кандидатуры, выдвигаемые в профлидеры - против. Голосовать за 18-20% премии - и вы увидите, что уважения к вам прибавится сразу. Можно сказать, в разы."

"Лепш маўчалівае супраціўленне, чым стагнаць на форумах і кухнях!"

"И правильно здесь многие говорят - нельзя молчать. Есть суд, прокуратура, можно писать жалобы начальникам на их самих же. И показав что на шею сесть не даешься, и трогать тогда больше не будут, не будут мешать работать, не будут издеваться."

"Я 17 лет отработала в городской школе, но проблемы знакомые."

"Вот уже 2 года работаю в иной сфере, и только теперь почувствовала себя человеком."

"Так вот - раба в себе сначала подавить надо, а потом уж глобально проблему решать... А знаете что - а давайте пригласим коллег (может, есть ещё смелые) рассказать свои победительные истории работы в школе. Наверняка же есть такие! Ребята, не бойтесь вы, - никто вам ничего не сделает, просто расскажите, как удалось остановить чиновнический произвол на местах цивилизованно и убедительно. Может, комуто пригодится, и тогда "вопящих в пустыне" меньше станет.

"Мы пишем, бедствуем, жалуемся, но беда в том, что мы себе ни в чём помочь не можем, ни нам помочь не могут. Всё возвращается на круги своя. Все пишущие говорят правду, которая никому не нужна."

"Наверное, пора все высказанное на форуме и написанное в газете, представить официально Министерству образования и ЦК профсоюзов образования и науки. Приглашать на круглый стол учителей и просить высказаться о правдивости написанного, нереально, у человека сработает чувство самосохранения."

"Для нас сейчас главное - это консолидация. если мы будем сейчас в одиночку сражаться каждый в своей школе против всей этой системы, то нас просто переломают по одному как спички. "

"Мушу заўважыць: у пэўным сэнсе нас ужо зламала гэтая самая сістэма. І цяпер казаць пра кансалідацыю зарана - не саспела сітуацыя."

"Праблема больш глабальная, чым яна падаецца асобным настаўнікам. Створаная пачварна-бюракратычная сістэма разбурае этычны падмурак, на якім мусіць базавацца сфера адукацыі. Яна штораз прапануе настаўніку зрабіць маральны выбар далёка не лепшага гатунку. Падаваць тую бязглуздую справаздачу альбо не падаваць, падпісвацца на газеты, што навязваюцца, альбо не падпісвацца, здаваць кожны веснавы месяц грошы ў фонд суботніка альбо не здаваць... І настаўнік ідзе супраць сумлення - робіць тое, што хоча сістэма (і яе прадстаўнікі!). Падставовы маральны іммунітэт страчаны, яго заступіў рэфлекс самазахавання. Дзеля яго мы ўжо гатовыя здрадзіць усяму, нават святому. Загадаюць нам перавесці выкладанне з роднай мовы на расійскую - моўчкі пагодзімся. Скажуць, дык супраць закону не папрэш, так схацелі бацькі вучняў. Яно ж так, на жаль. Але, дзе наша ўласная пазіцыя?"

Тамара Мацкевіч


Літаратурна-музычныя сустрэчы на Дзятлаўшчыне

У Дзятлаўскай гімназіі № 1адбылася трэцяя адкрытая раённая навукова-практычная канферэнцыя "Старт у навуку". У ёй прынялі ўдзел не толькі вучні і настаўнікі гуманітарных прадметаў, але настаўнікі і вучні з Мастоўскага, Лідскага, Ваўкавыскага раёнаў.

На канферэнцыю былі запрошаны таксама паэт і публіцыст Міхась Скобла і артыстка Белдзяржфілармоніі Таццяна Матафонава з сынам Адасем.

Міхась Скобла цікава распавёў сабраным пра родную мову, пра тое, што нам, беларусам, трэба любіць родную мову і заўсёды на ёй размаўляць. Бо той, хто паважае сваю мову і размаўляе на ёй - доўга жыве, як, напрыклад, японцы. Госць з Менска распавёў таксама пра сваю літаратурную творчасць, адказаў на пытанні вучняў і настаўнікаў.

Таццяна Матафонава разам з сынам Адасем праспявала песні на словы беларускіх паэтаў, прысвечаныя роднай мове, школе і людзям.

Пасля выступлення ў Дзятлаве, менскія госці наведалі і Казлоўшчынскую сярэднюю школу Дзятлаўскага раёна, дзе іх таксама чакалі вучні і настаўнікі. Вучні гэтай школы актыўна прымалі ўдзел у конкурсах, якія цікава праводзілі спадар Міхась і спадарыня Таццяна. Пераможцы конкурсаў атрымлівалі каштоўныя беларускія падарункі.

Пасля сустрэч, педагогі Дзятлаўшчыны шчыра запрашалі і прасілі, каб беларускія літаратары і спевакі часцей бывалі ў школах раённых цэнтраў.

Міхась Акулка

У Дзятлаўскай гімназіі № 1адбылася трэцяя адкрытая раённая навукова-практычная канферэнцыя "Старт у навуку". У ёй прынялі ўдзел не толькі вучні і настаўнікі гуманітарных прадметаў, але настаўнікі і вучні з Мастоўскага, Лідскага, Ваўкавыскага раёнаў.

На канферэнцыю былі запрошаны таксама паэт і публіцыст Міхась Скобла і артыстка Белдзяржфілармоніі Таццяна Матафонава з сынам Адасем.

Міхась Скобла цікава распавёў сабраным пра родную мову, пра тое, што нам, беларусам, трэба любіць родную мову і заўсёды на ёй размаўляць. Бо той, хто паважае сваю мову і размаўляе на ёй - доўга жыве, як, напрыклад, японцы. Госць з Менска распавёў таксама пра сваю літаратурную творчасць, адказаў на пытанні вучняў і настаўнікаў.

Таццяна Матафонава разам з сынам Адасем праспявала песні на словы беларускіх паэтаў, прысвечаныя роднай мове, школе і людзям.

Пасля выступлення ў Дзятлаве, менскія госці наведалі і Казлоўшчынскую сярэднюю школу Дзятлаўскага раёна, дзе іх таксама чакалі вучні і настаўнікі. Вучні гэтай школы актыўна прымалі ўдзел у конкурсах, якія цікава праводзілі спадар Міхась і спадарыня Таццяна. Пераможцы конкурсаў атрымлівалі каштоўныя беларускія падарункі.

Пасля сустрэч, педагогі Дзятлаўшчыны шчыра запрашалі і прасілі, каб беларускія літаратары і спевакі часцей бывалі ў школах раённых цэнтраў.

Міхась Акулка



31 траўня (пятніца) у межах кампаніі "Будзьма" адбудзецца ўганараванне Міжнароднай прэміяй Міколы Ганька паэта, галоўнага рэдактара часопіса "Верасень" Эдуарда Акуліна. Пачатак - 18.00 гадзін. Румянцава, 13. Уваход вольны.


У Менску прайшоў нацыянальны бацькоўскі сход

У Менску прайшоў нацыянальны бацькоўскі сход, прысвечаны праблемам беларускамоўнай адукацыі. У ім акрамя беларусазнаўцаў, педагогаў і актывістаў ТБШ прынялі ўдзел бацькі беларускамоўных дзяцей з розных куткоў Беларусі, якія на ўласным досведзе пераканаліся ў тым, што на практыцы самыя лепшыя палажэнні заканадаўства ў галіне мовы ды адукацыі, а таксама цалкам канкрэтныя праграмы Міністэрства адукацыі ў гэтай сферы не дзейнічаюць альбо дзейнічаюць зусім наадварот. Удзельнікі казалі пра цяжкасці з статусам роднай мовы ў навучальных установах, падрыхтавалі пакет прапановаў у дзяржустановы і да законатворцаў, які мог бы паспрыяць у пашырэнні беларускай мовы ў сістэме выхаваўча-адукацыйных установаў, а таксама спыніць фактычна ўзаконеную на сёння дыскрымінацыю па моўнай прыкмеце.

Дэклараванае ўладамі двухмоўе на справе азначае фактычнае выцісканне беларускай мовы з ужытку, працоўнай жа мовай робіцца руская. Згодна з афіцыйнай статыстыкай, у 2011-2012 навучальных гадах агульную сярэднюю адукацыю па-беларуску атрымлівалі 18% навучэнцаў, сярэднюю спэцыяльную - 1%, вышэйшую - 0,9%.

У Жодзіне, напрыклад, зліквідаваны беларускамоўны статус адзінай на ўвесь рэгіён гімназіі №1, і ў горадзе на сёння не засталося ніводнай беларускамоўнай выхаваўчай групы, ніводнага класа ў школе, гімназіі, ліцэі... Пры гэтым, толькі 6 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі ў Менску, паводле статутаў, акрэслілі асноўнай мовай навучання і выхавання беларускую. Статуты яшчэ 10 установаў прадугледжваюць дзвюхмоўе (пры гэтым ніводная не мае нават беларускамоўных класаў), а больш за 230 школаў і гімназіяў абыходзяцца рускай.

На сутрэчы выступалі мовазнаўца Вінцук Вячорка, бацькі дзяцей, якія бароняць свае правы на навучанне дзяцей па-беларуску, Зміцер Салаўёў (Магілёў), Аляксей Лапіцкі (Жодзіна), скульптар Генік Лойка (пакараны на 5 сутак адміністратыўнага арышту 21 лютага за "несанкцыяванае масавае мерапрыемства" у абарону мовы), пазбаўленыя працы за грамадскую актыўнасць і праявы іншадумства настаўніца з Талькі Наталля Ільініч, выкладчык юрыдычнага факультэта Гарадзенскага ўніверсітэта Ігар Кузьмініч, заставальнік і дырэктар зычыненага ў 2003 годзе Беларускага гуманітарнага ліцэя Уладзімір Колас, намесніца старшыні Таварыства беларускай школы Тамара Мацкевіч.

Як адзначыў Вінцук Вячорка :

- Статутны статус, даруйце за каламбур, школы не расшыфроўваецца ў практычным плане. Іншымі словамі, калі школа з беларускай мовай навучання і выхавання, то што канкрэтна з гэтага вынікае ў штодзённых моўных паводзінах педагогаў, тэхнічак і г.д. - абсалютна няясна. Калі падняцца на прыступку вышэй у адукацыйным заканадаўстве, то палажэнне аб установе агульнай сярэдняй адукацыі, якое павінна, на добры лад, вычарпальна дэталізаваць, як рэалізуецца канстытуцыйнае моўнае права на беларускамоўнае навучанне, абмяжоўваецца толькі сцвярджэннем: выбар мовы навучання ажыццяўляецца ў адпаведнасці з артыкулам 90-м Кодэкса аб адукацыі ды іншымі актамі заканадаўства.

Праваабаронцы ПЦ "Вясна", Аляксей і Святлана Лапіцкія, праз аналагічныя выпрабаванні прайшлі яшчэ раней - іх Янка быў першым беларускамоўным вучнем у Жодзіне ў той час, як працэс ліквідацыі апошніх беларускамоўных выхаваўча-адукацыйных асяродкаў прывёў да поўнага вынішчэння беларускамоўнай адукацыйнай прасторы ў горадзе. Аляксей засведчыў, што за апошні час сітуацыя не палепшылася:

- Праблема ў тым, што не адкрываюцца новыя беларускія класы - з канкрэтнымі, а не дэклараванымі абрысамі, не ажыццяўляецца набор дзяцей. Гэтак жа, як і не даецца хада прыватным ініцыятывам бацькоў. А гэта, у адпаведнасці з існым заканадаўствам, павінна рабіць менавіта ўлада. Нічога гэтага не адбываецца. Пры тым, што праграма Міністэрства адукацыі "Аб пашырэні беларускай мовы ва ўстановах адукацыі...", якая прымалася яшчэ пры міністры адукацыі сп. Стражаве, не выконваецца. Яе адпаведныя нарматывы, прапісаныя ў Кодэксе, абавязваюць: у кожным горадзе, раёне павінны ўтварацца школы, гімназіі менавіта беларускамоўныя. Але нічога падобнага не робіцца. Праграма наўпрост сабатуецца. І, як мы высветлілі пры апытанні, самай незацікаўленай катэгорыяй у адкрыцці такіх класаў з'яўляецца настаўніцтва, супрацоўнікі сістэмы адукацыі. У адрозненні ад дзяцей і бацькоў, сярод якіх большасць (разам да 76 адсоткаў) выказаліся за беларускамоўнае навучанне, толькі 22 адсоткі настаўнікаў выказалі жаданне выкладаць па-беларуску нават у тых умовах, калі ўлады нарэшце забяспечаць нармальныя ўмовы для развіцця і пашырэння роднай мовы ў сітэме адукацыі.

У сваю чаргу Уладзімір Колас засведчыў, што "рэформы будуць магчымыя разам са "знішчэннем як класа" найперш кіраўнікоў школьных адміністрацый, якія цяпер цягнуць усю адукацыю ў ідэалагічную багну" :

- Такое ўражанне, што яны паводле пэўнага біятыпу адбіраюцца. Гэта павінны быць людзі, якія паслухмяна рэагуюць на "ўказілаўкі" вышэйшых інстанцый, займаючы становішча ніжэй за плінтус. Прыкра, што з усім школьным калектывам яны абыходзяцца гэтак жа - заганяюць падначаленых пад той жа плінтус. Таму спрабаваць да нечага іх схіліць такім шляхам, нават апелюючы да заканадаўства, на маё меркаванне, справа досыць праблематычная. Гэта нават мякка кажучы, бо канструктыўнае супрацоўніцтва з імі немагчымае.

Але, на думку намесніцы старшыні Таварыства беларускай школы Тамары Мацкевіч, спрабаваць супрацоўнічаць з настаўніцтвам усё ж трэба - каб праз "пераадукаваныя" кадры падвышаць узровень самасвядомасці вучняў:

- Ёсць такая сістэма, методыка, якая называецца "Актыўная ацэнка". Яна вучыць дзяцей ставіць перад сабой мэты, дасягаць іх, падвышаць свае амбіцыі, рабіць узаемную ацэнку, самаацэнку і такім чынам спрыяць свайму поспеху. Бо калі не будзе амбіцый, не будзе амбітных беларусаў, а будуць проста разумныя, то будзе ў нас Лукашэнка век кіраваць, разумееце? Таму што ў любым выпадку зной-дуцца людзі, якія будуць з амбіцыямі, але не беларусы.

На падставе выслуханых меркаванняў удзельнікі сходу ўхвалілі шэраг прапановаў для ўнясення зменаў у дзейсныя праўныя акты і заканадаўства, каб паспрыяць беларусізацыі ў адукацыйнай сферы.

Алесь Лета


Прэзентацыя кнігі "I зорнае неба над галавой…: Нарысы з гiсторыi астраномii"

Велiчная карцiна зорнага неба прыцягвае ўвагу чалавека сваёй непаўторнай прыгажосцю. Чалавецтва заўсёды спрабавала i спрабуе асэнсаваць, якое месца яно займае ў Сусвеце, што такое гэты Сусвет, як ён уладкаваны, як паўстаў i цi заўсёды iснаваў. Аднак астранамiчныя веды акрамя высокага сэнсу - спасцiжэння Сусвету - заўжды мелi i ўтылiтарны характар i былi неабходныя для паўсядзённага жыцця. Менавіта пра развіццё астранамічнай навукі і ролю нашых суайчыннікаў у гэтым і расказваецца ў новай кніге Леаніда Лаўрэша ("I зорнае неба над галавой…": Нарысы з гiсторыi астраномii / Леанiд Лаўрэш. - Мінск: Лімарыус, 2013.).

Прэзентацыя адбылася 16 траўня 2013 г. у Гарадзенскай абласной навуковай бібліятэцы імя Карскага. Уступнае слова сказала дырэктар бібліятэкі Лідзія Мальцава. У форме вольнага дыялогу прэзентацыю вяла доктар гістарычных навук, прафесар Святлана Марозава. Сярод іншага, яна сказала, што раней аўтар быў добра вядомы як даследчык гісторыі свайго краю, таму новая яго кніга - нечаканы для нас паварот, прысвечана гісторыі астраноміі. Нельга разглядаць гісторыю астраноміі Беларусі, ВКЛ, Рэчы Паспалітай, Расіі, СССР ізалявана, без еўрапейскай, сусветнай астраноміі. Асаблівасць навуковага почырка Лаўрэша - даследаванне гісторыі Гарадзеншчыны, Лідчыны ў еўрапейскім кантэксце. З другога боку, як Еўропа, еўрапейскія тэндэнцыі, працэсы бачыцца скрозь прызму нашага краю.

Новая кніга расказвае пра гісторыю навукі праз біяграфіі вучоных і навуковых інстытуцый, аўтар апісвае як развіццё еўрапейскія навукі уплывала на аналагічныя працэсы у нас. У кнізе - багацейшая фактура, прапрацаваны вялізны пласт літаратуры на сямі мовах. У канцы кнігі, у раздзеле дадаткі, шмат паэзіі знакамітых аўтараў, прысвечанай нашым астраномам, і наогул аўтар спрабуе паказаць, што па вялікаму рахунку навукі гуманітарныя і прыродазнаўчыя - адзіныя.

Аўтару прышлося адказаць на шматлікія пытанні. Сярод іншага ён сказаў, што кніга пачалася з абурэння, калі гадоў з 10 таму ён прачытаў артыкул у энцыклапедыі пра нашага славутага земляка Марціна Пачобута-Адляніцкага, дзе было напісана, што Пачобут адкрыў сузор'е. Але сузор'е адкрыць нельга, бо гэта проста пляцоўка на небе.

Вельмі цікава выступілі першыя чытачы кнігі, студэнты-гісторыкі ГрДУ Ігар Кіркоўскі і Вольга Кірысава.

У прэзентацыі сярод іншых прынялі удзел прафесар Аляксей Пяткевіч, краязнаўца і фізік Алесь Госцеў, дацэнт Наталля Івашчанка, дацэнт Іна Соркіна, гісторык Ігар Трусаў, гаспадыня галерэі "Крыга" Марыся Мацко, дактарант Інстытута гісторыі навукі Польскай акадэміі навук Андрэй Ціхаміраў.

Прэзентацыя, як заўжды, закончылася прыемным для аўтара рытуалам падпісання сваёй кнігі.

Наш кар.


Каляровая паштоўка ў гонар Кастуся Каліноўскага

Баранавіцкія сябры ТБМ зрабілі і надрукавалі каляровую паштоўку у гонар 175-х угодкаў з дня народзінаў кіраўніка паўстання 1863 года Кастуся Каліноўскага. На бела-чырвона-белым фоне змешчана выява правадыра паўстання Кастуся Каліноўскага і яго радавы герб "Калінова". Паштоўку ўпрыгожвае заклік паўстанцаў 1863 года, пра які пісаў Уладзімір Караткевіч у рамане "Каласы пад сярпом тваім": "Каго любіш? - Люблю Беларусь! - То ўзаемна!"

- Зрабіўшы такую прыгожую паштоўку, цяпер мы маем магчымасць павіншаваць не толькі сяброў ТБМ і грамадскіх актывістаў, але і шырокае кола грамадзян, якія любяць і шануюць сваю гісторыю са слаўнай і гераічнай датай у нашай гісторыі, - адзначыў старшыня Баранавіцкай Рады Таварыства беларускай мовы Віктар Сырыца.

Вітусь Свабодскі.


Кветкі на магілу паўстанцаў 1863-га года

Побач з вёскай Кадыш Гарадзенскага раёна актывісты кампаніі "Гавары праўду" прыбралі магілу паўстанцаў 1863 года і ўсклалі на ёй кветкі.

Баі паўстанцаў з царскімі войскамі адбыліся ў гэтых мясцінах у траўні 1863 года. І гэтыя баі былі пераможныя для паўстанцаў. Загінулых пахавалі побач са сваёй вёскай мясцовыя жыхары.

Гарадзенцы нанова ўпарадкавалі магілу паўстанцаў 21 траўня 2011 года. На месцы спарахнелага крыжа ўсталявалі новы крыж і помнік. Фундавалі гэтую дзейнасць дзве гарадзенскія фірмы: "Свідравіна" і "Крыга".

Зараз магіла паўстанцаў знаходзіцца ў памежнай зоне і патрапіць туды можна толькі з экскурсіяй праз турыстычную фірму, альбо набыўшы пропуск для праезду ў памежную зону.


На Палессі не забываюць пра паўстанне 1863 года

У вёсцы Калоднае, што ў Столінскім раёне, вучні мясцовай школы ўзялі пад апеку помнік і крыж, усталяваныя ў гонар бою аддзела паўстанцаў пад кіраўніцтвам Рамуальда Траўгута з расійскім войскам.

Вёска рыхтуецца да свайго юбілею і разам з тым плануецца спалучыць 150-гадовыя ўгодкі бою. Помнік пастаўлены яшчэ ў савецкі час з адным надпісам - "1863 г.", а крыж усталяваны праўнукам паўстанца з аддзела Траўгута ў 2000 годзе.

Настаўніца беларускай мовы Наталля Базар кажа, што вучні з ахвотай даглядаюць за гістарычнымі помнікамі размешчанымі ў вёсцы:

- Ёсць тры помнікі. Адзін з іх воінам-аднавяскоўцам, загінуўшым у гады Вялікай Айчыннай вайны, другі - гэта помнік заснаванню вёскі Калоднае, і трэці помнік пастаўлены на месцы баёў 1863 года. Догляд гэтых помнікаў ажыцяўляецца, на жаль, толькі вучнямі і настаўнікамі каладнянскай школы. Мы хацелі прыцягнуць да гэтай справы і сельскі савет.

Столінскія ўлады паабяцалі ўладкаваць месца бою паўстанцаў да ліпеня. Да мерапрыемстваў у Калодным збіраюцца далучыцца прадстаўнікі польскай супольнасці і грамадскія актывісты з Пінска і Берасця.

Пятро Савіч


У Жалудку ўшаноўваюць памяць Валерыя Ўрублеўскага

Валеры Ўрублеўскі (27 снежня 1836, Жалудок - 5 жніўня 1908) - найбольш таленавіты паўстанцкі камандзір 1863-64 гг., дзеяч міжнароднага рэвалюцыйнага руху.

Нарадзіўся ў мястэчку Жалудок непадалёк ад Шчучына на Лідчыне. Скончыў Віленскі дваранскі і Пецярбуржскі лясны інстытуты. У часы студэнцтва завязаў знаёмства з многімі рэвалюцыянерамі, пасябраваў з К. Каліноўскім. З 1857 г. працаваў памочнікам загадчыка, а пасля загадчыкам лясной школы ў Саколцы на Гарадзеншчыне. Актыўна дапамагаў Каліноўскаму ў ягонай падпольнай працы, у тым ліку ў выданні і распаўсюджванні "Мужыцкай праўды".

Падчас паўстання кіраваў вайсковымі дзеяннямі інсургентаў. Быў начальнікам штаба паўстанцаў, пазней - камандуючы сіламі Гарадзенскага, Люблінскага і Падлескага ваяводстваў. Паранены ў жніўні 1864 г.,выехаў у Францыю.

У 1871 г. - генерал Парыжскай камуны, камандуючы паўднёвым фронтам. Пасля паразы камунараў завочна прысуджаны да смерці. Вымушаны выехаць у Лондан, дзе пасябраваў з К. Марксам і Ф. Энгельсам. З восені 1871 г. член Генеральнага савета І-га Інтэрнацыяналу. Пасля амністыі дзеячам Камуны вярнуўся ў Францыю. Пахаваны каля сцяны камунараў на парыжскіх могілках Пер-Лашэз.

З усіх паўстанцаў найбольш ушанаваны на радзіме. Асаблівая размова пра тое, як увекавечваецца памяць Валерыя Ўрублеўскага ў Жалудку. У гонар земляка названа адна з вуліц пасёлка, яго імя з гонарам носіць школа. Па ініцыятыве мясцовай улады што-год праводзяцца турніры па міні-футболе, прысвечаныя памяці В. Ўрублеўскага. А яшчэ ў Жалудку энтузіясты і патрыёты жывуць ідэяй стварыць музей, дзе цэнтральнае месца абавязкова зойме экспазіцыя "мясцовага" генерала Парыжскай Камуны.

У 2011 годзе жалудокцы заклалі малады сквер з нагоды 175-х угодкаў Валерыя Ўрублеўскага і паставілі знакавы камень - вялікі валун памяці пра вялікага чалавека.

Ініцыятарам і рухальнай сілай ўшанавання памяці Валерыя Ўрублеўскага ў Жалудку выступае мясцовая грамадскасць на чале з старшынём сельсавета Генадзем Іванавічам Цывінскім. Эх, ім бы яшчэ фінансавую падтрымку.

Яраслаў Грынкевіч.

На здымках: 1. Памятны камень; 2. Сквер імя В. Урублеўскага ў Жалудку паміж вуліцамі Ўрублеўскага і Чырвонапартызанскай; 3. Шыльда на вул. Урублеўскага; 4. Будынак будучага музея. (Здымкі: травень 2013 г.)


Урок беларускай мовы з Цішкам Гартным

16 траўня ў Магілёве актывісты Таварыства беларускай мовы зладзілі талаку на магіле літаратара, грамадскага дзеяча Цішкі Гартнага.

Памятны знак яму ўсталяваны ў Пячэрскім лесапарку, непадалёк ад псыхіятрычнай лякарні, у якой паводле даследнікаў, Зміцер Жылуновіч скончыў самагубствам у 1937 годзе.

Актывісты прыбралі смецце, а потым правялі свой штотыднёвы гурток беларускай мовы, які прысвяцілі творчасці Цішкі Гартнага. Чыталіся ягоныя творы і творы, прысвечаныя яму. Гаварылі пра жыццёвы шлях першага кіраўніка ўраду Савецкай Беларусі, які гвалтоўна абарваўся ў вар'ятні.

Месца пахавання Змітра Жылуновіча адшукаў старшыня магілёўскага аддзялення таварыства "Мартыралог Беларусі" магілёўскі актор Валянцін Ермаловіч. Медсястра лякарні паказала яму брацкую магілу, у якой мог быць пахаваны Жылуновіч. У 1989 годзе на ёй актывісты адраджэнцкіх арганізацыяў горада ўсталявалі памятны знак у выглядзе кратаў, у сярэдзіне якіх было змешчанае "разбітае сэрца". У магілёўскую вар'ятню Зміцер Жылуновіч патрапіў пасля засценкаў НКВД.

Штогод магілу закатаванага пісьменніка наведваюць актывісты грамадскіх і апазіцыйных палітычных арганізацый. У Магілёве ўлады абяцаюць, што з'явіцца вуліца, названая імем пісьменніка.


"Гэтую кнігу напісаў чалавек шчаслівы": У Менску прэзентавана новае выданне Аляксандра Л.

15 траўня ў кнігарні "ЛогвінаЎ" адбылася прэзентацыя кнігі люстрацыяў Аляксандра Л. "Зкімбы-зымбы", якая выйшла ў Бібліятэчцы часопіса "Дзеяслоў".

Пісьменнік, журналіст, публіцыст Аляксандр Лукашук пачаў сустрэчу з гумарыстычна-самакрытычнага аповеда пра тое, як адбываўся працэс падрыхтоўкі кнігі. Вечарына была абмежаваная 45 хвілінамі, як школьны ўрок, і таму выступоўцы мусілі быць лаканічнымі.

Цягам прэзентацыі спадар Аляксандр агучваў фрагменты з кнігі і запрашаў да выступу калег, сяброў, паплечнікаў, ахвотных падзяліцца з гледачамі меркаваннем пра новую кнігу.

Празаік, старшыня ГА "Саюза беларускіх пісьменнікаў", галоўны рэдактар часопіса "Дзеяслоў" Барыс Пятровіч прызнаўся:

- Папярэдняя кніга ў Бібліятэчцы нашага часопіса выходзіла два гады таму. Мы радыя, што серыя папоўнілася новым выданнем. Быў я хутчэй не рэдактарам кнігі Аляксандра Л., а ўдзячным чытачом. Вельмі прыемна было пазнаваць людзей, пра якіх пісаў аўтар, сачыць за яго іроніяй і самаіроніяй. Мела месца не рэдактарская праца, а прыемнае чытанне.

Спадар Барыс распавёў і пра сваё знаёмства з аўтарам у рэдакцыі газеты "Звязда" ў 1990 годзе, калі Аляксандр падаў заяву на выхад з камуністычнай партыі, што на той момант было вельмі рашучым і адказным крокам.

Уладзімір Арлоў падзяліўся сваімі ўспамінамі пра падзеі, апісаныя ў кнізе "Зкімбы-зымбы", жартоўна зазначыўшы, што быў адным з яе герояў і таму ведае, як усё было насамрэч. Ягоная часткова агучаная прамова была напісаная ў іранічна-гратэскавай форме.

Філосаф і культуролаг Валянцін Акудовіч паставіўся да асэнсавання кнігі Аляксандра Л. больш сур'ёзна і выказаў захапленне першай, аўтабіяграфічнай часткай "Зкімбы-зымбы", напісанай, на ягоны погляд, настолькі жыва, што спадар Валянцін згадаў уласнае вясковае дзяцінства і юнацтва. Філосаф выказаўся наконт структуры выдання, пад вокладкай якога змясцілася некалькі рознатэматычных раздзелаў, кожны з якіх можа стаць асобнай кнігай.

Уладзімір Някляеў распавёў, што прачытанне кнігі Аляксандра Л. падзейнічала на яго, як анестэзія, і змагло пазбавіць зубнога болю:

- Сапраўдная беларуская мова, беларускі сінтаксіс, накідана столькі дэталяў і вобразаў, - асабліва гэта датычыць, канешне, першай часткі. Тыя, хто пішуць прозу, ацэняць вартасці гэтай кнігі.

Пятро Садоўскі звярнуўся да раздзела новай кнігі, дзе змешчаныя матэрыялы, прысвечаныя Васілю Уладзіміравічу Быкаву. Тут можна прачытаць інтэрв'ю пісьменніка для Радыё "...", ліставанні Васіля Быкава і Аляксандра Лукашука.

- Гэтую кнігу напісаў чалавек шчаслівы, ці, прынамсі, амаль шчаслівы, - падсумаваў спадар Пятро.

Тэкст: Віка Трэнас. Фота: ВЛ і Алена Казлова. Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў.


Дзякуй за падтрымку!

За мінулы тыдзень ахвяраванні на ТБМ паступілі яшчэ ад 71 чалавека, за што выказваем усім дабрадзеям шчырыю падзяку.


Шаноўнае спадарства!

Па вашых шматлікіх просьбах мы з дапамогай нашых маладых сяброў і прыхільнікаў з іншых грамадскіх арганізацый, за што мы ім выказваем вялікую ўдзячнасць, стварылі электронны кашалёк.

Цяпер можна ахвяраваць сродкі на дзейнасць Таварыства беларускай мовы ў рознай валюце электронным спосабам праз інтэрнэт на рахункі Webmoney: B113622712368 (беларускія рублі), E283244759093 (еўра), B113622712368 (даляры).

Пералічыць грошы таксама можна праз любое аддзяленне Белпошты на тыя ж рахункі Webmoney.


Ахвяраванні на ТБМ

1. Ярашук Віктар - 50000 р., г. Пінск

2. Давыдовіч П.В. - 20000 р., г. Берасце

3. Какоева А.Н. - 5000 р., г. Берасце

4. Жук Уладзімір - 50000 р., г. Менск

5. Зянько Вадзім - 50000 р., г. Фаніпаль

6. Бурко А.В. - 50000 р., г. Менск

7. Свяцкі Зміцер - 50000 р., г. Менск

8. Талапіла Алена - 40000 р., г. Ліда

9. Сутулаў Глеб - 30000 р. г. Менск

10. Клімовіч Алена - 4500 р., г. Менск

11. Пракаповіч Юры - 50000 р., г. Менск

12. Тусак Аляксандр - 85000 р., г. Менск

13. Мячынскі Віталь - 50000 р., г. Менск

14. Горнава Т.А. - 100000 р., г. Менск

15. Сячко Зміцер - 50000 р., в. Грыбоўня, Салігорскі р-н

16. Шульган Ігар - 40000 р., г. Менск

17. спадар Андрэй - 100000 р., г. Менск

18. Суднік Генадзь - 150000 р., г. Магілёў

19. Цыганкова Таіса - 50000 р., г. Менск

20. Сідэнка Вера - 50000 р., г. Менск

21. Прэснякова Ніна - 50000 р., г. Менск

22. Зайка Юры - 10000 р., г. Менск

23. Лойка Кірыл - 10000 р., г. Менск

24. Хлыстова Алена - 50000 р., г. Віцебск

25. Ляўшук Дзяніс - 150000 р., г. Менск

26. Калячонак В.В. - 5000 р., г. Менск

27. Бойса І. Б. - 200000 р., г. Ліда

28. Кануннікава Ніна - 500000 р., г. Гародня

29. Цеплякоў Арцём - 100000 р., г. Менск

30. Благачынны Ф. - 100000 р., г. Маладзечна

31. Франкоў Юры - 50000 р., г. Віцебск

32. Лабыка Зміцер - 30000 р., г. Менск

33. Касцюкевіч Зміцер - 50000 р., г. Чэрвень

34.Васенда М.М. - 5000 р., г. Мазыр

35. Міклашэвіч Адэлаіда - 50000 р., г. Менск

36. Шульган Ігар - 40000 р., г. Менск

37. жых. з Кунцаўшчыны - 50000 р., г. Менск

38. Яроха А.В. - 70000 р., г. Менск

39. Гацак Максім - 100000 р., г. Менск

40. Мартынчык Зміцер - 300000 р., г. Гародня

41. Трафімовіч М.Л. - 50000 р., г. Менск

42. Харлап Ірына - 20000 р., г. Менск

43. Лабада С.І. - 25000 р., г. Менск

44. Маскаленка Павел - 20000 р., г. Менск

45. Лешчанка Юры - 30000 р., г. Менск

46. Грышчанка В.Л. - 50000 р., г. Менск

47. Лепешаў Іван - 100000 р., г. Гародня

48. Забалотны В.А. - 150000 р., г. Менск

49. Стэпановіч Язэп - 50000 р., г. Менск

50. Вярцінскі Анатоль - 100000 р., г. Менск

51. Світка Алег (ад маці Сватко Ніны і сястры Марыны Бельскай) - 120000 р., г. Менск

52. Бамбіза Мікола - 500000 р., г. Менск

53. Нагулевіч В.С. - 20000 р., г. Гародня

54. спадар Андрэй - 100000 р., г. Менск

55. Чарнёнак Андрэй - 20000 р., г. Менск

56. Вяроўкін Сяргей - 20000 р., г. Менск

57. Лазоўская Ніна - 20000 р., г. Менск

58. Музычэнка Уладзім. - 150000 р., г. Гомель

59. Прыходзька Яўген - 145000 р., г. Воранава

60. Тацьянін А.В. - 50000 р., г. Магілёў

61. сп. Сухоцкі - 50000 р., г. Гародня

62. Броднікаў Андрэй - 50000 р., г. Менск

63. Крывашэін М. В. - 10000 р., г. Менск

64. Каверына К.І. - 50000 р., г. Менск

65. Рудовіч А.Н. - 200000 р., г. Менск

66. вучні СШ №64 - 164000 р., г. Менск

67. Лапацін Уладзімір - 100000 р., Менскі р-н

68. Трусевіч Віктар - 50000 р., г. Івянец

69. Пракапенка Ўладзім. - 100000 р., г. Менск

70. Курыла Данута - 10000 р., г. Менск

71. Равінскі Віталь 100000 р., г. Менск

Дзейнасць ГА "ТБМ імя Францішка Скарыны" па наданні роднай мове рэальнага статуса дзяржаўнай вымагае вялікіх выдаткаў. Падтрымаць ТБМ - справа гонару кожнага грамадзяніна краіны.

Просім Вашыя ахвяраванні дасылаць на адрас, вул. Румянцава, 13, г. Мінск, 220034, альбо пералічыць на разліковы рахунак ТБМ №3015741233011 у Аддзяленні № 539 ААТ "Беінвестбанка" код 739 (УНП 100129705) праз любое аддзяленне ашчадбанка Беларусбанк.


Нацыянальна-культурная аўтаномія беларусаў як варыянт захавання іх этнакультурнай самабытнасці

(Заканчэнне. Пачатак у папярэднім нумары.)

У мяне больш чым дастаткова падстаў для сумненняў датычна прыняцця людзьмі выказаных вышэй меркаванняў па выратаванні тытульнай нацыі ад этнічнага вымірання праз стварэнне БНКА ці ЛНКА (ніжэй буду карыстацца толькі першай абрэвіатурай). Крытыкаваць будуць як адпетыя прыхільнікі сучаснага палітычнага рэжыму, ніяк не пагаджаючыся з маімі меркаваннямі пра яго поўную неадпаведнасць нацыянальнаму інтарэсу карэннага насельніцтва краіны, так і шчырыя, патрыятычна настроеныя адраджэнцы, якія працягваюць усё яшчэ верыць і хоць штосьці сімвалічнае робяць на практыцы па выратаванні беларускага народа ад канчатковай нацыянальнай дэградацыі, і лічаць, што дзеля ўхілення ад яе зусім не патрэбная аніякая тэрытарыяльная трасплатацыя яго месца пражывання, у чым я, наадварот, бачу на сёння пакуль што адзіны сродак выратавання беларусаў ад этнічнай смерці.

Я цалкам адмоўлюся ад усяго напісанага мною вышэй, калі прачытаю чые-небудзь больш канструктыўныя, больш узважаныя і рэальныя прапановы па выратаванні ўсяго ці часткі беларускага народа ўжо можна смела сказаць не ад уяўнага, а сапраўднага этнічнага вымірання. Пакуль жа не наткнуся на такія прапановы, буду лічыць, што на сёння ад гэтай злыбеды няма болей дзейснага сродку, як утварэнне ў межах Рэспублікі Беларусь Беларускай нацыянальна-культурнай аўтаноміі. На ўсе сто працэнтаў упэўнены, што сучаснае палітычне кіраўніцтва і кроку не зробіць, каб хоць у чымсьці аслабіць сваю дзяржаўную палітыку русіфікацыі. Вы толькі падумайце, колькі пасля ўсталявання ў краіне прэзідэнцкай сістэмы кіравання з'явілася ў сродках масавай інфармацыі, прычым не толькі ў неафіцыйных, крытычнага матэрыялу датычна нацыянальнай палітыкі, а ўлады нават і адным словам не адгукнуліся на іх. Не думайце, што такі матэрыял адразу ж пасля паступлення кладзецца пад сукно і зусім не вядомы афіцыйным аналітыкам. Яны глыбока вывучаюць яго, але толькі не дзеля таго, каб выпрацаваць адпаведныя захады па забеспячэнні культурна-моўнаму жыццю беларусаў нацыянальнага аблічча. Наадварот, такі матэрыял аналізуецца толькі дзеля таго, каб рашуча пакончыць з беларускасцю. І такое ў яе праціўнікаў атрымліваецца. Адсюль выснова: сучасны дзяржаўны чыноўніцкі апарат не з'яўляецца выразнікам беларускай нацыянальнай ідэі, таму будзе вялікай памылкай чакаць ад яго нейкіх крокаў па этнічным выратаванні беларусаў. У чарговы раз паўтаруся: адзінае выйсце для тых, хто не хоча сканаць у багне русіфікацыі, - гэта стварэнне Беларускай нацыянальна-культурнай аўтаноміі.

Хацелася б, каб дзяржаўныя дзеячы не думалі, што ў выніку рэалізацыі маіх прапаноў на аддадзенай пад аўтаномію тэрыторыі будзе закладзены нейкі новы, прынцыпова адрозны ад Беларусі-метраполіі лад палітычнага, сацыяльна-эканамічнага жыцця і яшчэ мо нават уведзена ўласная грашовая сістэма. У гэтым няма аніякай практычнай патрэбы, як і ў тым, каб БНКА стала нейкай новай, другой, акрамя Рэспублікі Беларусь дзяржавай. Аўтаномія будзе знаходзіцца ў складзе РБ, але толькі як спецыфічны нацыянальна-культурны рэгіён, дзе ўсё жыццё ладзіцца паводле беларускіх культурна моўных стандартаў. Яе ўладныя структуры будуць пільна сачыць, рабіць усе неабходныя захады, каб гэтым стандартам не пагражалі дэнацыяналізацыяй аніякія пабочныя, чужыя, не ў меру разбуральныя ўплывы: рускі, польскі, а таксама ўкраінскі, літоўскі і інш., каб на гэтай святой этнічнай беларускай дзлянцы ўсё да апошняй нітачкі было беларускім. Гэта зусім не значыць, што тэрыторыя БНКА будзе намертва адгароджана ад іншых культур. Тут іх прагрэсіўным набыткам адвядуць належнае месца, але з адной абавязковай умовай: не выпхнуць імі на абочыну, як гэта зроблена ў Рэспубліцы Беларусь, нацыянальную культуру. У межах БНКА яна з'яўляецца дамінантнай, знаходзіцца па-за ўсялякай канкурэнцыяй, не кажучы ўжо пра якую-небудзь форму дзяржаўнай дыскрымінацыі. Хопіць, што ёю беларускі народ быў сытым за царскім і савецкім часамі, не вызваліўся з-пад яе абдымкаў яшчэ і пасёння. У БНКА такога здзеку з беларускай культуры і мовы не будзе.

Што датычыць эканомікі, палітыкі ў гэтым павінна існаваць поўная тоеснасць паміж БНКА і Рэспублікай Беларусь. Неабходна толькі будзе прадумаць пра стварэнне для БНКА беларускамоўных секцый (сектараў) у самых высокіх уладных структурах і іншых уплывовых органах краіны. Культурна-моўныя правы грамадзян БНКА максімальна павінны ўлічвацца сістэмай адукацыі, гэтай самай галоўнай нацыяўтваральнай сферай, якая ў нас стагоддзямі выступала ў ролі нацыянальнай душагубкі і такой з'яўляецца сёння. Думаецца, найлепшы варыянт тут стварэнне на тэрыторыі БНКА Беларускага нацыянальнага ўніверсітэта, дзе ўвесь навучальна-выхаваўчы працэс павінен будавацца толькі на беларускай мове. Універсітэту належыць надаць профіль пераважна гуманітарны, культуралагічны, як найбольш адпаведны самой ідэі стварэння Беларускай нацыянальна-культурнай аўтаноміі. Па ўсіх астатніх спецыяльнасцях кадры для яе рыхтуюць рускамоўныя навучальныя ўстановы Рэспублікі Беларусь. Выхадцам з БНКА неабходна дазволіць здаваць уступныя і выпускныя іспыты, залікі і экзамены, пісаць па ўсіх прадметах, акрамя рускай і замежных моў, рэфераты, курсавыя працы, дыпломы на іх роднай беларускай мове.

Існаванне нацыянальна-культурнай аўтаноміі, несумненна, запатрабуе ўзважанага падыходу да развязвання вайсковага пытання. Было б крайне неразумным моладзь гэтай аўтаноміі пасылаць служыць у рускамоўныя вайсковыя падраздзяленні краіны, што можа лёгка прычыніцца да ўзнікнення на гэтай глебе сур'ёзных моўных канфліктаў. Адшукаць выйсце з гэтай сітуацыі не ўяўляе сабой аніякай складанасці: неабходна з моладзі НКА ствараць выключна аднамоўныя, г. зн. беларускамоўныя аддзяленні, звязы, батальёны і іншыя тыпы невялікіх па колькасці салдат вайсковых адзінак. Усё іх звязанае з выкананнем прамых вайсковых абавязкаў жыццё, як і вольны час павінны абслугоўвацца выключна на роднай мове. Упэўнены, што гэта дазволіць нам ва ўсіх жыццёвых сітуацыях засцерагчы здаровыя нацыянальныя сілы маладых пакаленняў беларускага народа ад моўнай дыскрымінацыі ў любой яе верагоднай форме. Што датычыць аховы дзяржаўных межаў з Літвой і Латвіяй (лічу, што менавіта да гэтых краін будзе прылягаць тэрыторыя БНКА) - гэтая ганаровая місія павінна цалкам знаходзіцца ў руках беларусаў - аўтанамістаў, бо ніхто лепш за іх не будзе ведаць мясцовай спецыфікі.

Цяжка прызнаць, але мы практычна змазалі беларускую нацыю. А змазалі таму, што варожыя апошняй палітычныя рэжымы вымусілі яе жыць паводле чужых (рускіх) культурнамоўных стандартаў. Таму тэрыторыю БНКА неабходна кітайскім мурам ізаляваць ад функцыянавання руйнавальнай антынацыянальнай русіфікатарскай культурна-моўнай палітыкі сучаснай Рэспублікі Беларусь. Калі сёння на яе тэрыторыі ўсе сферы грамадскага жыцця абслугоўваюцца толькі рускай мовай, амаль спрэс гучаць толькі рускамоўныя песні, у БНКА трэба будзе ўсё будаваць толькі на прыроднай для Бацькаўшчыны культурна-моўнай аснове. Зразумела, перад рускай песняй ніхто не апусціць шлагбаум, але ёй ніколькі больш не будзе адведзена месца, чым культурам суседніх нам славянскіх краін - Украіны і Польшчы. Асаблівую ўвагу на тэрыторыі БНКА трэба будзе надаць распаўсюджванню духоўных культур усіх славянскіх народаў, што сёння так не характэрна для Рэспублікі Беларусь. Такой увагай да славянскіх культур мы знойдзем у іх народаў так неабходныя нам падтрымку і ўзаемаразуменне дзеля здзяйснення сваёй гістарычнай місіі: выратавання беларускага народа ад канчатковай русіфікацыі. Пакончыць жа з гэтым злом не проста, бо яно ёсць галоўнай мэтай адарванага ад родных каранёў палітычнага кіраўніцтва Рэспублікі Беларусь.

Па зразумелых прычынах я не мог паставіць перад сабой мэты падрабязнае апісанне арганізацыйна-прававой структуры БНКА, яе шматграннай канкрэтнай дзейнасці, бо гэта, лічу, падуладна толькі цэламу калектыву добра дасведчаных у дадзеным досыць няпростым пытанні прафесіяналаў. Таму дазволіў сабе толькі ў агульных рысах паразважаць над некаторымі аспектамі праблемы. Пры адпаведным складзе дэпутатаў Нацыянальнага схода РБ яна магла б стаць самай актуальнай, самай першачарговай у яго заканадаўчай дзейнасці, бо размова ж ідзе аб тым - жыць ці не жыць беларусам, як самадастатковаму этнасу.

Існаванне БНКА дазволіць хоць невялічкую частку беларусаў выратаваць ад ненажэрнай русіфікацыі, заслупаваць за імі хоць нейкі лапік спрадвечнай бацькоўскай тэрыторыі на этнічнай карце свету. Будучыня не прадказальная. Мо гэтыя беларусы-магікане на цэлыя стагоддзі працягнуць сваё жыццё ў якасці адметнага, самабытнага беларускамоўнага народа, а не бязродных іванаў, што ўжо сёння практычна цалкам адцураліся ад бацькоўскай культуры і мовы.

У нараджэнні, функцыянаванні нацыянальнай аўтаноміі на нашай зямлі я не бачу аніякіх магчымых негатыўных наступстваў для дзяржаўнай цэласнасці Рэспублікі Беларусь з-за пражывання на яе асноўнай, суцэльнай тэрыторыі рускамоўных беларусаў (іх бальшыня), а ў БНКА - беларускамоўных беларусаў (іх меншыня). Затое гэта дасць хоць нейкую надзею захаваць апошніх у якасці самабытнага народа няхай сабе і ў так непажаданым для яго варыянце з-за істотнага ўразання ліку жыхароў. Усё ж лепш мець хоць гэта, чым спрэс, да апошняй падваліны зруйнаваных русіфікацыяй беларусаў.

Пасля ўтварэння нацыянальна-культурнай аўтаноміі беларусаў у межах Рэспублікі Беларусь яна будзе ў многім нагадваць Канаду з яе англа- і франкамоўным насельніцтвам з той толькі розніцай, што там паводле культурна-моўнага фактару тэрытарыяльна падзелены два асобныя народы, а ў нас з высокароднай мэтай такое адміністрацыйнае расчляненне выканана ў дачыненні да аднаго і таго ж народа дзеля выратавання хоць бы дзясятай часткі яго ад этнічнай пагібелі.

Створаная ў межах Рэспублікі Беларусь БНКА моцна спатрэбіцца нацыянальным сілам на выпадак канчатковага сфармавання адзінай саюзнай расійска-беларускай дзяржавы. Беларусь з-за амаль поўнай страты сваёй нацыянальнай адметнасці, татальнага пераходу на рускі культурна-моўны лад жыцця пратрымаецца ў гэтай супольнай дзяржаве ў якасці самастойнга палітычнага суб'екта не больш як пяць гадоў. Яна будзе выдзелена ў нейкі безэтнічны рэгіён Расійскай Федэрацыі хутчэй за ўсё ў статусе дурной памяці Паўночна-Заходняга краю альбо раскроена на паасобныя губерні, падпарадкаваныя непасрэдна Маскве. Усялякая нацыянальна-беларуская праца з жыхарамі нашага краю будзе выключана з практыкі, бо з імі і сёння свядома ніхто не займаецца гэтым. Затое прынцыпова па-іншаму будзе ладзіцца жыццё людзей у БНКА і не выключана, што Масква не будзе асабліва перашкаджаць ёй, як гэта яна робіць са сваім нацыянальнымі аўтаноміямі Паволжа, Паўночнага Каўказа, Сібіры, Далёкага Усходу і інш. Не сумняваюся, што БНКА працягне існаванне беларусаў да лепшых часоў і іх (беларусаў) будуць лічыць ва ўсім свеце самабытным народам нягледзячы нават на іх мізэрную колькасць. Такіх жа міні-народаў нямала на планеце Зямля, асабліва ў Афрыцы, Азіі, Лацінскай Амерыцы. У БНКА прападуць усялякія шанцы на выжыванне ў сумеснай расійска-беларускай дзяржаве толькі ва ўмовах, калі ўлада ў ёй апынецца ў руках крайне нацыяналістычных, шавіністычных сіл. Апошнімі гадамі яны ўсё гучней і гучней заяўляюць пра сябе. Многімі палітыкамі Расіі публічна выказваюцца думкі пра неабходнасць ліквідацыі ўсіх яе нацыянальных аўтаномій і надзялення апошніх статусам звычайных губерняў. Такое немінуча напаткае (хутчэй за ўсё ў першую чаргу) і нацыянальна безаблічны, але другі па значэнні суб'ект саюзнай дзяржавы Беларусь, хаця яе назва ўваходзіць у найменне гэтага федэратыўнага дзяржаўнага арганізма. Тады і Беларусь, і яе адзіны ў сваім родзе нацыянальны прыдатак БНКА так-сама бясследна растворацца ў велізарным, паўнаводным, сцюдзёным рускім культурна-моўным акіяне.

Спяшацца здаровым сілам беларускага грамадства са стварэннем нацыянальна-культурнай аўтаноміі абавязвае ўстойлівая, нязменная праруская палітыка кіраўніцтва краіны ў сферы культуры. Ад часу майскага рэферундуму 1995 года яшчэ ніколі не назіралася, каб улады паспрабавалі хоць штосьці карыснага зрабіць для беларускага нацыянальна-культурнага руху. Чыноўнікі, мо, як нічога іншага, страшэнна баяцца яго ўзмацнення, бо многія абавязкова пазбавяцца ўтульнага службовага памяшкання, прыстойнай заработнай платы. Не дзе-небудзь на нізах, а ў самых высокіх эшалонах дзяржаўнай улады склалася ў сакавіку 2012 года такая на ўсе сто працэнтаў антыбеларускай запіска для службовага карыстання. Ёю ад імя нядаўняга галоўнага архітэктара русіфікацыі нашай сістэмы адукацыі, а сёння першага намесніка кіраўніка адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Радзькова абавязалі старшыню Брэсцкага аблвыканкама К. Сумара "принять конкретные меры по недопущению проведения руководителями государственных органов, иных организаций политики принудительной белорусификации и искусственного сокращения русского языка в их деятельности". Цяжка паверыць, каб у час, калі ўсе чыноўнікі так баяцца на службе выказваць свае думкі непрэзідэнцкай мовай, хтосьці з іх асмеліўся замяніць яе беларускай. Гэта адразу пацягнула б за сабой звальненне з працы. А тут, бачыце, знайшліся смельчакі прымусова ўводзіць беларусізацыю, штучна скарачаць выкарыстанне рускай мовы ў сваёй дзейнасці. Не. Ва ўсім гэтым ні на ёту няма віны нашых чыноўнікаў, бо яны здольныя толькі на русіфікацыю жыцця беларусаў, трыманне іх роднай мовы ў запечку. А на добры ж лад нашай краіне нішто так сёння не патрэбна, як мэтанакіраваная, сістэмная беларусізацыя грамадскага жыця, выцясненне (толькі не стыхійнае, а планавае, усвядомленае) з яго рускай мовы. Чаму рускай? - можа хтосьці задацца такім пытаннем. Ды таму, шаноўны, што ў такім жыцці пануе толькі руская мова. Каб у яго чыноўнікі зацягнулі польскую, нямецкую, французскую ці яшчэ якую-небудзь іншую мову, дык такую практыку давялося б увесці для кожнай з пералічаных, прычым не выключаючы ўжывання і адміністрацыйных метадаў. Раю ўсім не забывацца, што менавіта з іх дапамогай руская мова замацавалася ў грамадскім жыцці Беларусі. У часы царызму гэтую мову ўкаранялі выключна тыповымі каланізатарскімі метадамі, таму зусім не карэктна прапаноўваць сучасным нацыянальным адраджэнцам праводзіць беларусізацыю толькі ў белых пальчатках.

Якімі метадамі заносілі рускую мову ў наш край, такімі метадамі трэба і пазбаўляцца ад яе. Такое ж падуладна здзейсніць толькі ў апоры на дзяржаву. Толькі не на такую, што маем сёння. Яе чыноўніцкі апарат касцьмі ляжа, але па вядомых прычынах не пойдзе на беларусізацыю і не ў апошнюю чаргу таму, што яму ў сотні разоў мілей увагнаць у магілу сваю тытульную нацыю, чым удыхнуць у яе жыццё роднае слова. Я зусім не веру, што ў бліжэйшай перспектыве наша дзяржава зоймецца нацыянальнай стваральнай працай, каб не даць этнічна загінуць беларусам. Гэтай справай займаліся і будуць займацца толькі неадарваныя ад родных каранёў патрыёты роднага краю, шэрагі якіх так моцна парадзелі, сталі проста празрыстымі. І гэта ў варунках, калі ўлады праводзяць такую сістэмную антынацыянальную палітыку ў галоўнай этнаўтваральнай культурна-моўнай сферы, абапіраючыся на магутны, таўшчэразны пласт зрусіфікаваных інтэлектуалаў і саміх прадстаўнікоў творчай эліты! Катастрофа! Таму, не чакаючы яшчэ больш горшага, давайце паспяшаемся з усталяваннем у якім-небудзь шчаслівым куточку Бацькаўшчыны Беларускай нацыянальна-культурнай аўтаноміі.

Упэўнены, што я ніколькі не памыляюся, не бачачы аніякага іншага выйсця з сучаснага амаль па ўсіх пазіцыях правальнага становішча, каб больш-менш яшчэ нацыянальна-здаровую частку беларускага народа вылучыць з тоўшчы дашчэнту зрусіфікаванага натоўпу і стварыць ёй на спецыяльна адведзенай у краіне тэрыторыі неабходныя ўмовы для прыстойнага жыцця ў поўнай адпаведнасці з нашымі спрадвечнымі прыроднымі этнакультурнымі традыцыямі. Да крайнасці мізэрную колькасць беларусаў з традыцыйным нацыянальным укладам жыцця трэба як мага хутчэй і надзейна захаваць ад той велізарнай масы іх братоў па крыві, па паходжанні, якія поўнасцю страцілі нацыянальную самапавагу, перайшоўшы - пад прымусам ці добраахвотна - на спажыванне чужой культуры і мовы. Зразумела, у будучым гэтым этнічна абяздоленым ніяк нельга будзе перагароджваць выратавальны шлях у Беларускую нацыянальна-культурную аўтаномію, калі ў іх раптам прабудзіцца нацыянальная самапавага, пацягнецца сэрца да беларускай культуры, загаворыць душа па-беларуску. У мяне ёсць пэўны спадзеў на падобнае прасвятленне, прычым даволі значнай колькасці зрусіфікаваных людзей.

Не выключаю, што шчырых прыхільнікаў нацыянальна-культурнай аўтаноміі знойдзецца нямала сярод тых, хто па розных прычынах будзе не ў стане пераехаць на сталае жыццё на яе тэрыторыі - святой запаветнай зямлі беларусаў. Такіх не адарваных ад беларускасці людзей трэба пастарацца прылучыць да збору грошай на патрэбны нацыянальна-культурнай аўтаноміі, бо ў яе з гэтым заўжды будуць існаваць архісур'ёзныя праблемы. Важна толькі, каб да распараджэння фінансавымі сродкамі не дарваліся, як гэта ў нашым грамадстве даволі часта здараецца, асобы з калматымі, валасатымі рукамі, бо яны ўраз загубяць ідэю нацыянальна-культурнай аўтаноміі.

Хочацца верыць, што пры здзяйсненні маёй задумы ўтвораная Беларуская нацыянальна-культурная аўтаномія абавязкова верне на Бацькаўшчыну многіх з тых, хто па самых розных прычынах кінуў яе, такую знямоглую, і падаўся шукаць шчасце на чужыне. Матэрыяльна там мо яны і ўзбагаціліся, але толькі не духоўна. Такое рэальна толькі на роднай зямлі, уросшыя з галавой у яе спрадвечнае нацыянальна-культурнае жыццё. Эміграцыя часоў незалежнага існавання Рэспублікі Беларусь добра ўелася нам у косці. Здавалася, што такі паважаны палітычны статус, як суверэнная дзяржава, паслужыць надзейным фактарам стрымання нашых людзей ад эміграцыі. Атрымалася ж, наадварот. У міграцыйным руху на першае месца выйшла не іміграцыя, а эміграцыя, а гэта ўжо надзвычай сур'ёзная падстава засумнявацца ў выверанасці, узважанасці сацыяльна-эканамічнай, нацыянальна культурнай палітыкі, дэмакратычным характары створанай у нас дзяржавы. Бо, каб у ёй жыццё будавалася па ўсёй справядлівасці, улічваліся інтарэсы грамадзян, шанаваўся ўласцівы нашаму народу нацыянальна-культурны лад, беларусы не пакідалі б, а вярталіся ў бацькоўскі дом. З апошняй з'явай нам не даводзілася і думаю пры існым палітычным рэжыме наўрад ці давядзецца сутыкнуцца, нягледзячы на тое, што рээміграцыя нам вельмі патрэбная. Хаця, як ужо не раз пісалася, БНКА ствараецца на ўласных землях, ёй вельмі карысна даведацца ад сваіх эмігрантаў пра арганізацыю імі нацыянальна-культурнага жыцця на чужыне.

Такія бязрадасныя, трывожныя рэаліі склаліся ў незалежнай Рэспубліцы Беларусь для яе тытульнага насельніцтва. І лютаму ворагу не пажадаеш таго, з чым нам, нацыянальна самасвядомым, актыўнай адраджэнскай пазіцыі беларусам, даводзіцца штодня сутыкацца.

Палітычнае кіраўніцтва Рэспублікі Беларусь зусім не займаецца нацыястваральнай дзейнасцю. Ад моманту ўсталявання прэзідэнцкай сістэмы кіравання краінай адбыліся такія страшэнныя разбурэнні этнакультурнай самабытнасці беларускага народа, якіх ён не зведаў ні за адзін аналагічны па часе перыяд сваёй нацыянальнай гісторыі. Якіх-небудзь прыкмет, што дзяржава адумаецца і ўскладзе на свае плечы нацыястваральную функцыю, я асабіста не бачу. Ёю і раней ад заканчэння Другой сусветнай вайны не займаліся партыйныя і савецкія органы. Але тады такая добра ўсвядомленая бяздзейнасць у значнай меры кампенсавалася "дэмаграфічнымі набыткамі" вёскі. Сёння вёскі ў яе традыцыйным фармаце амаль няма. Да таго ж яшчэ і самі жыхары сельскай мясцовасці з-за выключэння з яе грамадскага жыцця беларускай мовы не валодаюць апошняй.

Балюча, бязрадасна становіцца на душы ўсіх нацыянальных патрыётаў ад усведамлення таго, што даўно і беззваротна пакінуў нас той у пэўнай ступені спрыяльны час, калі незвычайна здольная дэмаграфічна аднаўляцца вёска на замену засіміляваных, галоўным чынам неўласцівымі, чужацкімі ўмовамі жыцця ў гарадах, давала радзіме ўсё новыя і новыя ўзгадаваныя ў прыродных нацыянальна-культурных традыцыях пакаленні, і народ працягваў захоўвацца як самабытная этнічная супольнасць. Сучасная вёска перастала быць нацыястваральным фактарам, з прычыны чаго амаль увесь беларускі народ нібыта ўсёй талакой удзельнічае ў самарусіфікацыі. Дзіця яшчэ ляжыць у пялёнках, а яго ўжо вучаць разумець, размаўляць на рускай мове. Толькі на ёй дзеткі вучацца ў школах і больш высокіх тыпах навучальных устаноў. Роднай беларускай мовы яны не пачуюць, як стануць дарослымі, увальюцца ў працоўныя калектывы. Ці ж гэта не сведчанне ўдзелу ўсёй талакой у правядзенні русіфікацыі, чаму такі шырокі шлях адкрыла сама дзяржава сваёй антынацыянальнай палітыкай? Не ведаю, якім яшчэ трэба быць фанатам, аптымістам, каб верыць, што беларусаў і пры такіх экстрэмальных варунках не чакае этнічнае выміранне і таму, маўляў, няма аніякіх сур'ёзных падстаў рупіцца, рабіць нейкія незвычайныя, нетыповыя захады па іх выратаванні, у тым ліку і па стварэнні на нашай роднай зямлі Беларускай нацыянальна-культурнай аўтаноміі.

Бяздзейнічаць, спадзявацца, што беларускай культуры і мове, так занядбаных дзяржавай, а ўслед за ёю амаль усім нашым грамадствам, дапаможа выратавацца ад смерці нейкі цуд - гэта ёсць не больш, як толькі самападман. Мовы жывуць, квітнеюць толькі тады, калі яны запатрабаваны жыццём. Намаганнямі кіраўніцтва суверэннай Рэспублікі Беларусь яе родная мова выключана з усіх сфераў грамадскай дзейнасці людзей, таму і знаходзіцца на стадыі поўнага вымірання. З ёю адбудзецца тое, чаго не ўдалося вытрымаць за савецкім часам дзясяткам моў: у 1926 годзе ў СССР было 194 мовы, а на час яго распаду - каля 140. Разам з мовамі пазнікалі і іх народы. Сёння пра іх ведаюць далёка не ўсе навукоўцы-этнолагі. Дык ці ж можам мы, беларусы, жывучы ў такой па ўсіх прыкметах сённяшняй цалкам безнадзейнай моўнай сітуацыі, спаць у шапку, толькі скардзіцца на свой гарапашны лёс і нічога не рабіць па выратаванні хоць нейкай часткі беларусаў ад этнічнай смерці праз утварэнне БНКА?

Не сумняваюся, што беларускамоўны пласт тытульнай нацыі РБ, набыўшы сабе тэрытарыяльную нацыянальна-культурную аўтаномію, зможа з дапамогай сваіх уладных структур надзейна адгарадзіць сябе ад любога шквалу русіфікацыі, што будзе ўдзень і ўначы навальвацца на яго з боку метраполіі і гэтым самым здабудзе сабе найвялікшую павагу ў цывілізаванага свету. Патрабаванні да кіраўніцтва Рэспублікі Беларусь нязгодных растварыцца ў рускім этнасе беларусаў па стварэнні для іх БНКА выглядаюць вельмі сціплымі ў параўнанні з тымі, што ставяцца нацыянальнымі патрыётамі перад уладамі ў іншых краінах свету, у т. л. і ў Расіі. Родныя мовы сваіх найбольш буйных нацыянальных аўтаномій яна больш паважае, чым улады нашай краіны беларускую.

Спробы нацыянальна-патрыятычных сіл Рэспублікі Беларусь выратаваць хоць частку яе тытульнага народа ад канчатковай русіфікацыі, упэўнены, ухваляць і не выключана мо нават падтрымаюць матэрыяльна, фінансава зацікаўленыя ў культурнай разнастайнасці планеты Зямля міжнародныя арганізацыі і ў першую чаргу ЮНЕСКА, якая апошнімі гадамі прыняла шэраг важных дакументаў у абарону народаў ад негатыўных наступстваў сусветнай глабалізацыі. Зразумела, для паспяховай рэалізацыі плана выратавання беларусаў ад такой рэальнай на сёння канчатковай русіфікацыі яшчэ большае значэнне мела б, калі б задуму па стварэнні нацыянальна-культурнай аўтаноміі для неасіміляванай часткі іх падтрымаў насуперак сваёй даведзенай да крайняй рысы зрусіфікаванасці сам народ Рэспублікі Беларусі і можа нават браў бы прыклад з жыхароў БНКА, якія паставілі перад сабою такую высокародную місію не стаць ахвярай рускай культурна-моўнай асіміляцыі, стараўся б на спляжанай ёю тэрыторыі ствараць хоць невялічкія аазісы беларускасці, рэгулярна пасылаў бы ў аўтаномію для азнаямлення з яе жыццём тых, у каго хоць штосьці мала прыкметнае з беларускага захоўваецца ў душы. Так і хочацца сказаць: прачынайцеся, браткі-беларусы! Не будзьце маўклівымі сведкамі сваёй этнічнай смерці!

Перад тым як паставіць кропку ў канцы апошняга сказа свайго артыкула, хацеў бы яшчэ раз патлумачыць, што я не лічу прапанаваны мною варыянт па выратаванні беларусаў ад поўнай этнічнай дэградацыі адзіным правільным у прыродзе шляхам, што толькі так, а не інакш неабходна ставіцца да развязвання разгляданай праблемы. Я з вялікай ахвотай пазнаёмлюся, унікну ў сэнс кожнай прапановы сваіх апанентаў. Нічога так не жадаў бы, каб яны не абмяжоўваліся толькі голым адмаўленнем, а не дык і з'едлівымі выказваннямі датычна маёй пазіцыі, а пастараліся выкласці свой погляд на яе з усёй сур'ёзнасцю і адказнасцю, больш прафесійна, чым гэта ўдалося зрабіць мне. Лішнім было б кагосьці пераконваць, што праблема да такой ступені складаная і адказная, што над развязваннем яе павінен працаваць адмысловы цэнтр высокакваліфікаваных спецыялістаў з ліку палітыкаў і інтэлектуалаў, прычым як след адданых беларускай нацыянальнай ідэі. Размова ж ідзе не пра збудаванне чарговага лёдавага палаца, правядзенне дажынак, дня пісьменнасці, а пра забеспячэнне беларускаму народу ўсіх неабходных умоў для самадастатковага нацыянальна-культурнага, моўнага развіцця, з тым, каб нарэшце надзейна адгарадзіць яго ад любых формаў асіміляцыі як знадворнага, так і ўнутранага парадкаў. Не зрабіўшы ўсяго гэтага, выцягнуць сучасных беларусаў з асіміляцыйнай ямы непадуладна будзе аніякім сілам і нават самому Усявышняму.

Прыход да жыцця БНКА ніколькі не будзе азначаць, што з'явілася магчымасць для аслаблення нацыянальнага руху ў межах Беларусі - метраполіі. Наадварот, неабходна будзе ўсяляк імкнуцца да яго актывізацыі, каб ён не быў такім сонным, пасіўным, як сёння. Пасля стварэння БНКА нескранутых з месца людзей нацыянальнай арыентацыі застанецца нямала. Думаецца, яны намнога актыўней павядуць сябе, ведаючы, што ў нас цяпер ёсць такі надзейны, жаданы нацыянальны асяродак, як БНКА. У маім ідэале будучая Беларусь - гэта спрэс беларускамоўная краіна. Паводле аб'ёму выкарыстання роднай мовы ў грамадскім жыцці яна не павінна ні ў чым уступаць Польшчы, Чэхіі, Славакіі, Балгарыі, Германіі і ўсім астатнім аднанацыянальным еўрапейскім краінам. Каб такое стала рэальнасцю, трэба нарэшце забіць асінавы кол у самае нутро русіфікацыі - гэтага сапраўднага божага дару для палітычнага кіраўніцтва Рэспублікі Беларусь, яе велізарнага дзяржаўнага чыноўніцкага апарату, таўшчэразнага пласта афіцыйнай здэнацыяналізаванай інтэлігенцыі.

Леанід ЛЫЧ, доктар гістарычных навук, прафесар


У ПАДМАЦУНАК

(задуме Міколы Купавы на аднаўленне аршанскага помніка)

На віленскім барока

уселася сарока:

руінаў тут - валока,

на сорак сотак - друз.

А мы такія людзі:

калі дзе ёсць - не будзе!

Пры алтары, ў арудзе

знішчаем "панскі" груз.

Ці ж родны быў нам Рурык,

ці нейкі хан-прыдурак?

І янычарны турак

не ўсеўся на каршэнь.

Сваёй гадоўлі зграі

некропалі раскралі,

святыні зааралі...

У нас вякі - мішэнь.

"Падумаеш: без даху

той кляштар. Знялі бляху -

і базыляну-ляху

з амвона не глядзець!"

Без даху ты, уздыху,

мой землячок. Скінь пыху,

зірні на Воршу, Быхаў...

Дзяржава - не павець!

Ты ёй паслужыш? Доўга?

Мо зноў пазваць Міндоўга,

каб ён таму даў поўху,

хто беларус ледзь-ледзь.

.........................................

... І пасяліў у клець:

хоць клеці ацалець.

Сяргей Панізьнік.


Помнік Альгерду

Як гляну наўпрост

на Пагоню,

Зямлі непакоранай

Віцебскай герб,

Паўстае прад вачыма

твар мужны ягоны -

Слаўны вой, мудры князь

наш Альгерд.


Ён край наш

праславіў навекі:

Арду разбіў ля Сіняй Вады. Братоў-украінцаў

узяў пад апеку.

I Маскву правучыў на гады.


З яго жыватворнай крыніцы Грунвальдская гучная

слава ўзрасла.

I сягоння ёй

беларус ганарыцца,

У ёй мужнасці столькі,

святла.


Гаспалар і палітык абачны, Узвысіў горад

Марыі-княгіні,

Гэткіх замкаў і храмаў

Віцебск не бачыў,

Фарпост дзяржавы няўгінны.


Падумаць пара

ўтрапёным нашчадкам,

Як гораду вярнуць

Альгердаву славу.

Збудаваць яму помнік

патрэбна спачатку,

Каб ведалі добра ў свеце

нашу дзяржаву!

Мар'ян Даргель.


* * *


"Жыву ў Беларусі

і тым ганаруся", -

Чуем, бывае, выраз мы гэты.

Ды ганаровей быць беларусам

Тут і ўсюды, нават за светам.

Верыць і дбаць,

аддаваць свае сілы

Праз перамогі,

сумненні і страты, -

Быў каб наш край дарагі,

сэрцу мілы,

I беларускім, і вольным,

й багатым.

Г. Шундрык.


ЖЫВЕ І ПАПАЎНЯЕЦЦА МУЗЕЙ ЛІЦЭЯ

18 траўня - Міжнародны дзень музеяў

8 траўня 2005 года адчыніў свае дзверы гістарычна - краязнаўчы музей Шклоўскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя №12. Падчас адкрыцця і за наступныя гады ў скарбонку музея падаравана шмат прадметаў і дакументаў ад дабрадзеяў, якія цікавяцца і клапоцяцца жыццём маладога музея. Нагадаю толькі некаторыя прозвішчы. Немагчыма было б здзесніць задуманнае без шчырай і бескарыснай дапамогі ў першую чаргу дэпутата былога выхаванца нашай вучэбнай установы Сяргея Уладзіміравіча Харланцьева. Гэты неабыякавы чалавек і аматар гісторыі, асабліва ваеннай, перадаў музею шмат экспанатаў, якія маюць непасрэднае дачыненне да Вялікай Айчыннай вайны. Значную частку экспанатаў часу апошняй вайны перадаў музею ваенна - патрыятычны клуб "Пошук", які ўзначальвае Валеры Мікалаевіч Сёмушкін. Актыўна дапамагаюць нашаму музею непасрэдна навучэнцы і многія інжынерна - педагагічныя работнікі.

Як жа пражыў гэты час музей? Якія вынікі яго дзейнасці? Першы вынік - музей наведала шмат гасцей. У кнізе водгукаў можна пабачыць запісы не толькі жыхароў Шклоўшчыны, але і гасцей з Магілёва, Менска, Гомеля іншых куткоў Беларусі. Наведалі наш музей госці з Масквы, Санкт - Пецярбурга, Мурманска, нават госці са Швецыі. Але галоўны вынік - музейную экспазіцыю пабачыла шмат моладзі і ў першую чаргу навучэнцы нашага ліцэя. Назіраючы за моладзю, можна ўпэўнена канстатаваць: у агульнай большасці з іх убачанае выклікала сапраўдную цікавасць. Безумоўна, гэта застанецца ў памяці і магчыма паўплывае ў будучым на жыццёвы шлях.

З улікам створанага музея ў нашай навучальнай установе склалася адпаведная сістэма выхаваўчай работы. Да пачатку навучальнага года на пасяджэнні Савета музея разглядаецца план работы музея і краязнаўчага гуртка "Родны край", існуючага пры ім, на новы навучальны год. Як паказала практыка, першакурснікі патрабуюць да сябе больш пільнай увагі. І гэта зразумела, таму што імі зроблены першы крок у самастойнае жыццё. Менавіта для тых, хто ўпершыню пераступіў парог ліцэя, куратары груп у першы месяц вучобы арганізуюць экскурсію ў гісторыка - краязначы музей ліцэя. Навучэнцы робяць агляд дзвюх яго залаў: "Вялікая Айчынная вайна" і "Этнаграфія і быт". Потым першакурснікі ўдзельнічаюць у распрацаванай музеем пешаходнай экскурсіі па цэнтральнай частцы горада пад назвай "Залатое кола, або залаты квартал Шклова".

Акрамя вышэй згаданых экскурсій, навучэнцам прапаноўваюцца паходы - экскурсіі ў музеі іншых устаноў нашага раёна, экскурсіі да помнікаў гісторыі і культуры. Для навучэнцаў, якія жывуць у інтэрнаце, распрацаваны паход выхаднога дня пад назвай: "Па высокім беразе". Працягласць турыстычнага маршрута - 6 кіламетраў, па маляўнічым левым беразе ракі Днепр з прыпынкамі каля двух помнікаў падзеям Вялікай Айчыннай вайны і помніка прыроды рэспубліканскага значэння "Ніжнінскі роў".

У адпаведнасці з планам работы кожны год у ліцэі праходзяць канферэнцыі, круглыя сталы і віктарыны па гістарычна - краязнаўчай тэматыцы. За апошнія гады прайшлі канферэнцыі і круглыя сталы пад назвамі: "Хрысціянскія святыні Шклова" з удзелам праваслаўнага і каталіцкага святароў, "Трагедия еврейского населения города Шклова в начальный период Великой Отечественный войны" з удзелам сведкаў тых жудасных падзей, "Мой родны кут", "Мой радавод, мая сем'я", "Вуліцы нашага дзяцінства" і іншыя.

Стварэнне музея дало новыя магчымасці педагагічнаму калектыву. У выкладчыкаў прадметаў гуманітарнага цыклу і ўвогуле ў выхаваўчай працы з'явілася магчымасць выкарыстоўваць музейную экспазіцыю і існыя экспанаты для правядзення ўрокаў і выхаваўчых гадзін. Экспанаты музея, якія мелі дыненне да гістарычных і культурных падзей, выклікаюць асаблівае духоўнае пачуццё. Тут заўсёды чалавек дакранаецца да багацця свайго краю, адчувае подых падзей. На роднай зямлі, якая, на першы погляд, добра знаёма, заўсёды знойдзецца шмат цікавага: помнікі гісторыі, культуры, прыроды, легенды і паданні, знакамітыя людзі. Таму цікава прайшлі ўрокі гісторыі з выкарыстаннем музейных дакументаў пад назвамі "Знакамітыя людзі Шклоўшчыны" і "Гісторыя Шклоўскай машына - трактарнай станцыі".

Найбольш актыўныя ўдзельнікі краязнаўчага гуртка праводзяць даследчую работу. Так, навучэнцы Аляксей Ткаленка і Аляксей Цітоў па ўспамінах сведкаў і гітарычных крыніцах падрыхтавалі працу "Этот день Победы… " , дзе падрабязна апісалі вызваленне Шклова ў 1944 годе. Гэтая праца адзначана Дыпломамі 6-га Рэспубліканскага маладзёжнага конкурсу па айчыннай гісторыі ў гонар 65 - годдзя вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка - фашысцкіх захопнікаў. Даследчая работа пад назвай "Лёс яўрэйскага насельніцтва ў кантэксце гістарычнага, эканамічнага і культурнага жыцця горада Шклова" была адзначана інстытутам гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук і ўключана ў праграму Міжнароднай навукова - практычнай канферэнцыі, якая праходзіла 27 - 28 лістапада 2008 года ў горадзе Менску.

У ранейшыя гады, найбольш папулярнай працай ў навучэнцаў ліцэя на працягу некалькі сезонаў - быў удзел у археалагічных раскопках горада Шклова. Выконваючы цяжкую фізічную работу разам з навукоўцамі, юныя даследчыкі атрымлівалі не толькі цікавыя ўражанні, але і дадатковыя веды па гісторыі роднага краю. Гэта абавязкова застанецца ў юнацкай свядомасці.

Гістарычна - краязнаўчы музей выпускае насценную газету "Краязнаўчы аркуш" з перыядычнасцю адзін раз ў месяц. Асобныя матэрыялы краязнаўчай тэматыкі друкаваліся ў перыядычным друку: "Настаўніцкая газета", "Краязнаўчая газета", раённая газета "Ударны фронт".

Музеем ліцэя праводзіцца і іншая разнастайная работа. Напрыклад, у прайшоўшым навучальным годзе экспазіцыя музея папоўнілася невялікай выставай пад назвай "З гісторыі вымяральна - вылічальнай тэхнікі". На ёй прадстаўлены прадметы, пры дапамозе якіх людзі лічылі і рабілі разнастайныя вымярэнніі. Пачынаюць выставу старадаўнія вагі (бязмены), якія з'яўляюцца таксама гербам нашага горада. Тут можна пабачыць лічыльнікі, якія раней выкарыстоўваліся ў гандлёвых кропках, арыфмометр, першыя калькулятары, лагарыфмічныя лінейкі, і як вынік тэхнічнага прагрэсу, завяршае выставу - кампутар.

У сучасны момант Саветам музея праводзіцца работа па набыцці старажытных і рэдкіх кніг і афармленні адпаведнай музейнай выставы. Сярод музейных экспанатах кнігі займаюць асобую каштоў-насць. Яны паведамляюць не толькі тое, пра што ў іх напісана. Кожная кніга валодае дадатковай інфармацыяй - прозвішча і звесткі пра аўтара, год і месца выдання, асаблівасці друку. На кнігах магчымы штампы разнастайных устаноў, надпісы аўтара і чытачоў. Усё гэта расказвае пра гістарычную эпоху, калі кніга з'явілася на свет і актыўна выкарыстоўвалася чытачамі.

Першыя кнігі для нашага музея прапанаваў навучэнец ліцэя Вадзім Шолахаў. Гэта знакамітае выданне Уладзіміра Даля "Толковый словарь живого Великорусского языка". Потым з'явіліся іншыя прапановы і сёння ўжо ў нашай скарбонцы ёсць рэлігійнае выданне 19 стагоддзя, падручнік па гісторыі, які пабачыў свет у горадзе Петраградзе у 1917 годзе, цікавыя кнігі сярэдзіны 20 стагоддзя і іншыя.

Музей супрацоўнічае з раённым гістарычна - краязнаўчым музеем. Распрацаваны і зацверджаны адпаведны сумесны план дзейнасці. Добрыя сяброўскія адносіны склаліся з іншымі школьнымі музеямі Шклоўскага раёна. Пры музеі існуе першасная суполка Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры.

На сучасны момант гістарычна - краязнаўчы музей размяшчаецца ў памяшканні інтэрната ліцэя. Агульная плошча - 31,3 метра. Па стану на 1 студзеня 2013 года ў музеі захоўваецца 180 адзінак асноўнага фонду і 17 - дапаможнага фонду. Праца вельмі складаная, патрабуе шмат ўвагі і адказнасці. Многія пытанні вырашыць вельмі складана і намаганнямі навучальнай установы амаль немагчыма.

Яшчэ ў пачатку стварэння нашага музея навучэнцы прынеслі і перадалі ў фонд музея старадаўні абраз. Абраз намаляваны на дошках, прыкладна ў пачатку 19 стагоддзя і заўсёды выклікае цікавасць у наведвальнікаў. Але яго стан паступова стаў пагаршацца, фарба пачала асыпацца. На рэстаўрацыю гэтага экспаната неабходны былі вялікія грошы, і навучальная ўстанова самастойна гэта вырашыць не змагла. Таму, на пасяджэнні Савета музея, была вырашана вярнуць абраз вернікам. У мінулым годзе гэта ўрачыстасць адбылася ў шклоўскім касцёле Святых апосталаў Пятра і Паўла.

Між тым, як бы складана нам ні было, сёння можна з пэўнай адказнасцю сказаць, што музей ліцэя жыве і папаўняецца.

Аляксандр Грудзіна, кіраўнік гістарычна-краязнаўчага музея УА "ШДПЛ №12"

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX