Папярэдняя старонка: 2013

№ 22 (1121) 


Дадана: 30-05-2013,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 22 (1121) 29 траўня 2013 г.

24 траўня свет адзначыў Дзень славянскага пісьменства і культуры

Дзень славянскага пісьменства і культуры ўстаноўлены ў гонар Кірыла і Мяфодзія, якія праславіліся не толькі сваім духоўным жыццём, але і стварэннем кірыліцы - пісьма, якім свет карыстаецца і сёння. У гонар святых у Менску прайшлі традыцыйныя чытанні. У беларускіх храмах адбыліся літургіі. Ад менскага Свята-Духава кафедральнага сабора да Замчышча на беразе Свіслачы адбыўся святочны хрэсны ход.

Да гэтага дня з ініцыятывы ТБМ імя Ф. Скарыны "Белпошта" выпусціла блок з адной маркі і 24 траўня на Менскім паштампце правяла гашэнне маркі і канверта Першага дня.

Мастак Іван Лукін. Друк афсетны, дзве фарбы. Папера мялованая, гумаваная. Зуб. рамачная 131/2. Памер маркі ў блоку 29,6х52 мм. Памер блока 105х82 мм. Пры вырабе блока скарыстана тэхналогія тэрмічнага ціснення металізаванай фальгой залацістага колеру. Тыраж блока 15 тыс.

Наш кар.


Дзень славянскага пісьменнаства ў Лідзе

24 траўня ў Лідзе ўшанавалі памяць святых братоў Кірыла і Мяфодзія. А 18-й гадзіне каля памятнага знака ў гонар дзвюхтысячагоддзя хрысціянства (на скрыжаванні вуліц Камуністычнай і Машэрава) лідскім праваслаўным святарствам быў адпраўлены малебен роўнаапостальным братам. Служба вялася па-царкоўнаславянску, але Евангелле чыталі па-беларуску. Пасля малебну з словам да прысутных звярнуўся дабрачынны цэркваў Лідскай акругі протаіярэй Расціслаў Салаўёў, у якім адзначыў неацэнную ролю асветніцкай справы Кірыла і Мяфодзія і іх вучняў у станаўленні беларускай культуры.

На мерапрыемстве прысутнічалі прадстаўнікі раённай улады, настаўнікі і навучэнцы лідскіх школ, і простыя вернікі.

У канцы мерапрыемства протаіярэй Расціслаў агучыў вынікі першага конкурсу пісьмовых работ сярод навучэнцаў школ Лідскага раёна, прысвечанага 1150-годдзю стварэння славянскай азбукі. Конкурс быў ініцыяваны Лідскім дабрачынствам Наваградскай і Лідскай епархіі Беларускай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату. Мэтай конкурсу ставілася прыцягненне ўвагі раённай моладзі да асветніцкай справы выбітных дзеячоў беларускай культуры і гісторыі. Для напісання сачыненняў прапаноўваліся тры тэмы: "Дзейнасць святых Кірыла і Мяфодзія і іх значэнне для беларускага народа", "Свяціцель Кірыл Тураўскі як духоўны пісьменнік" і "Князь Канстанцін Канстанцінавіч Астрожскі і яго дзейнасць на славу Бацькаўшчыны, веры і асветы". Тэксты прымаліся як на беларускай, так і на расейскай мове. Сярод сямнаццаці ўдзельнікаў конкурсу былі вылучаны тры пераможцы, якім выдалі адмысловыя граматы і камплекты кніг у падарунак. Гэта: вучань 10 класа сярэдняй школы в. Тарнова Шыш Дзмітры, навучэнка 10 "А" класа СШ №15 Трошка Вераніка і навучэнка 9 "Б" класа СШ №8 Круповіч Анастасія. Дзмітры і Анастасія выканалі свае работы па-беларуску, а Вераніка, натхнёная творчасцю Кірыла Тураўскага, напісала па-расейску мастацкае апавяданне "Адраджэнне", у якім раскрыла ўздзеянне твораў даўняга беларускага прапаведніка на душу сучаснага чалавека. Акрамя трох пераможцаў, лістамі падзякі былі адзначаны яшчэ тры ўдзельнікі конкурсу: Дар'я Коска з в. Феліксава, Віктар Нічыпар з СШ №15 і Марыя Цывінская з СШ №8.

Дай Божа, каб гэты конкурс зрабіўся добрай штогадовай традыцыяй!

Уладзімір Камінскі.


80 гадоў з дня нараджэння Міколы Гайдука

Мікола ГАЙДУК (29 траўня 1933, в. Кабылянка каля Міхалова, цяпер Беластоцкае ваяв. Польшча - 2 верасня 1998) - беларускі пісьменнік, журналіст, гісторык, краязнавец, фалькларыст, педагог.

Нарадзіўся у сялянскай сям'і. Скончыў агульнаадукацыйны ліцэй у мястэчку Міхалова (1951). Два гады працаваў у гміннай управе. З 1953 г. вучыўся ў СССР на філалагічных факультэтах ва ўніверсітэтах Растова-на-Доне, Ленінграда. Скончыў БДУ (1959) працаваў у агульнаадукацыйным ліцэі з беларускай мовай навучання імя Б. Тарашкевіча ў Бельску спачатку як настаўнік беларускай і лацінскай моў, з 1965 г. - дырэктарам ліцэя. У 1959-1964 г. адначасова выкладаў беларускую літаратуру на беларускім аддзяленні завочнай настаўніцкай студыі ў Беластоку. З 1971 г. працаваў у газеце "Ніва" (Беласток), у 1971-1986 г. - публіцыст, у 1986-1988 г. - намеснік галоўнага рэдактара. Сябар Беларускага літаратурнага аб'яднання "Белавежа" (з 1958). Сябра Саюза польскіх пісьменнікаў (з 1985).

Дэбютаваў ў друку вершам на беларускай мове ў 1957 г. (газета "Ніва"). Аўтар зборніка вершаў на беларускай мове "Ціш" (Беласток, 1988), апавяданняў, аповесцей і гістарычных эсэ "Трызна", "Паратунак", "Брэсцкая унія", казак. На польскай мове выдаў "Белавежскія паданні" (Беласток, 1990). Выступаў як публіцыст, літаратуразнавец і перакладчык паэзіі з польскай на беларускую мову. Апублікаваў каля 600 уласных запісаў беларускіх песень з нотамі, краязнаўчы слоўнік. Сабраў у наваколлі Белавежы і апрацаваў зборнік беларускіх народных казак, легенд і паданняў "Аб чым шуміць Белавежская пушча" (1982). Суаўтар (з Л. Гайдук) падручнікаў па беларускай мове для 3, 4, 5 класаў (1962-1987; па 3 выданні) і "Граматыкі беларускай мовы для 5-8 класаў беларускай пачатковай школы" (1975). З'яўляўся шматгадовым сябрам рэдкалегіі, аўтарам беларускай старонкі ў месячніку "Przeglend Prawoslawny", складальнікам штогадовага "Праваслаўнага календара". Аўтар працы па гісторыі Праваслаўя "Брэсцкая царкоўнная унія 1596 года" (1996) і інш.

Узнагароджаны ордэнамі - Кавалерскі крыж ордэна Адраджэння Польшчы, Залаты крыж і Срэбны крыж заслугі - і медалямі. Заслужаны дзеяч культуры Польшчы (1986).

Вікіпедыя.


75 гадоў з дня нараджэння Міколы Федзюковіча

Мікола Федзюковіч (Мікалай Мікалаевіч Федзюковіч; 22 траўня 1943, вёска Гутава, Драгічынскі раён, Берэсцейская вобласць) - 8 студзеня 1997 г. - беларускі паэт, перакладчык.

Нарадзіўся ў сялянскай сям'і. Пасля заканчэння сярэдняй школы (1960) працаваў літсупрацоўнікам драгічынскай раённай газеты "Чырвоная зорка", фотакарэспандэнтам лунінецкай міжраённай газеты "Ленінскі шлях" на Берасцейшчыне. У 1962-1965 гг. служыў у Савецкай Арміі. У 1970 г. скончыў Літаратурны інстытут імя Горкага ў Маскве. З 1970 г. быў рэдактарам у выдавецтве "Народная асвета", з 1971 г. - літсупрацоўнікам, потым загадчыкам аддзела літаратуры і мастацтва газеты "Чырвоная змена", у 1975-1976 гг. - рэдактарам у рэдакцыі часопіса "Служба быту Беларусі", у 1979-1983 гг. - зноў у "Чырвонай змене". З 1993 г. літкансультант газеты "Белорусская нива" і адначасова кіраўнік літаб'яднання пры "Чырвонай змене".

Першыя вершы апублікаваў у 1962 г. (міжраённая газета "Ленінскі шлях"). Аўтар зборнікаў вершаў "Зямля-магніт" (1968), "Мілавіца" (1971), "Птушыны грай" (1976), "Макаў цвет" (1979). Перакладаў з рускай, французскай і ўкраінскай моў.

У 1976 годзе ў перакладзе І. Бурсава ў Маскве выйшла кніга паэзіі "Птичье дерево". Таксама вершы перакладаліся на літоўскую, украінскую і іншыя мовы.

У 2009 годзе ў серыі "Беларуская паэзія ХХ стагоддзя" выйшаў пасмяротны зборнік выбранай паэзіі "Красадзён" (уклададальнік Віктар Гардзей).

Вікіпедыя.


МНАГАЗНАЧНАСЦЬ ФРАЗЕАЛАГІЗМАЎ

Паўстагоддзя таму некаторыя даследчыкі фразеалогіі (напрыклад, Ю.Р. Гепнер) сцвярджалі, што фразеалагізмы, у адрозненне ад слоў, не могуць мець некалькі значэнняў і што яны заўсёды адназначныя. Але гэта быў час, калі фразеалогія як асобная лінгвістычная дысцыпліна толькі станавілася на ногі і калі яшчэ не было фразеалагічных даведнікаў ні ў рускай, ні ў англійскай, ні ў беларускай і ні ў іншых мовах. Аднак і сёння ў некаторых нядаўніх падручніках ці навучальных дапаможніках можна сустрэць сцвярджэнні, што "большасць слоў у лексіцы беларускай мовы складаюць мнагазначныя словы", што "фразеалагізмы ў значнай сваёй частцы монасемантычныя", "у параўнанні з мнагазначнасцю слоў полісемія фразеалагічных адзінак - з'ява абмежаваная".

На самай жа справе прыведзеныя вышэй сцвярджэнні не адпавядаюць аб'ектыўнай ісціне. Па-першае, у любой мове мнагазначных слоў не больш, а куды меней, чым адназначных. Так, у 1-м томе ТСБМ з 16354 апісаных тут слоў на долю мнагазначных прыпадае толькі 3908 слоў, у 2-м томе з 19269 слоў толькі 4222 мнагазначныя словы. Прыкладна такія ж колькасныя паказчыкі мнагазначнасці і адназначнасці і ў іншых мовах (напрыклад, рускай, украінскай, польскай, французскай): толькі чацвёртая частка слоў - мнагазначныя. Па-другое, мнагазначнасць у фразеалогіі не такая ўжо рэдкая і абмежаваная з'ява, як сцвярджаецца ў прыведзеных выказваннях. Вось адпаведныя колькасныя звесткі.

У беларускім двухтомным "Слоўніку фразеалагізмаў" (2008) апісана 6700 фразеалагічных адзінак. 890 сярод іх - мнагазначныя выразы, што складае 13% ад агульнай колькасці. Прыкладна такія ж паказчыкі і ў рускай фразеалогіі: у "Фразеалагічным слоўніку рускай мовы" (1986) на 4000 пададзеных тут фразеалагізмаў прыходзіцца 660 мнагазначных, або 17%.

Абсалютная большасць мнагазначных беларускіх фразеалагізмаў мае па 2 значэнні; напрыклад, як мокрае гарыць абазначае, па-першае, 'вельмі марудна, павольна, не спяшаючыся (рабіць што-небудзь)': "Адзін ідзе як мокрае гарыць, другі бяжыць уперад без аглядкі" (Т. Кляшторны) ; па-другое, 'дрэнна (жыць, весці справы і пад.)': "Жыла баба як мокрае гарыць, а цяпер апошні свет засланілі…" (І. Пташнікаў) . Або: сабакам сена касіць - 'бадзяцца дзе-небудзь, займаючыся пустой ці невядома якой справай' і 'знаходзіцца невядома дзе, хаваючыся ад сям'і'.

Трохзначных фразеалагізмаў - 130: канца-краю не відаць, віць <сабе, сваё> гняздо, высалапіўшы язык, дагары нагамі, як на далоні, круціць хвастом, на ўсе лады, птушынае малако, без нічога ніякага, памінай як звалі, з рук у рукі, з рукі, доўгія рукі (у каго), што ёсць сілы, як снег на галаву, станавіцца на ногі, так сабе, зямлі не чуць пад сабой, хоць бы што і г.д.

Чатырохзначных - 25; напрыклад, дай бог (божа) - гэта і 'вельмі добра': "Упарыць жа ясень трэба дай бог" (І. Пташнікаў) ; і 'вельмі добры': "Гаспадарка дай божа" (Т. Хадкевіч); і 'вельмі вялікі': "Сямейка дай божа" (М. Лобан) ; і 'вельмі многа': "Насушылі грыбоў дай божа" (С. Александровіч) . Яшчэ некалькі чатырохзначных выразаў: адкінуць хвост, будзь здароў, дзякуй богу, падымацца на ногі, развязваць язык, сам-насам, сыходзіць са сцэны, уваходзіць у сілу, усё роўна і інш.

Пяцізначных фразеалагізмаў - 7: на ўсе застаўкі, на нагах, падымаць на ногі, на ўвесь рост, на руках, сам па сабе, ставіць на ногі . Адзін выраз - разяўляць рот - мае 6 значэнняў: 1) пачынаць гаварыць што-небудзь, выказваць сваю думку; 2) не згаджацца, рэзка пярэчыць; 3) крайне здзіўляцца, быць моцна ўражаным; 4) быць крайне няўважлівым, рассеяным; 5) зазяваўшыся, пераставаць рабіць што-небудзь; 6) прагнуць, хціва жадаць чаго-небудзь. Апошняе, шостае значэнне, у адрозненне ад папярэніх, - канструктыўна абмежаванае, рэалізуецца толькі ў пэўнай канструкцыі: разяўляць рот на што; да прыкладу: "Толькі і знаюць, што разяўляць рот на чужое" (І. Мележ) .

Некаторыя аўтары мовазнаўчых прац лічаць, што мнагазначнасць найчасцей назіраецца сярод дзеяслоўных і прыслоўных фразеалагізмаў, значна радзей - сярод назоўнікавых і амаль неўласцівая выразам іншых семантычна-граматычных разрадаў. На самай жа справе наяўнасць ці адсутнасць мнагазначнасці наўрад ці залежыць ад таго, да якога структурна-семантычнага тыпу адносіцца той ці іншы фразеалагізм. Дзеяслоўныя фразеалагізмы колькасна (іх больш як 2400) пераважаюць над усімі іншымі разрадамі, а таму і мнагазначнасць сярод іх адпаведна часцейшая, чым сярод выразаў іншых тыпаў, а менавіта 360 дзеяслоўных фразеалагізмаў - мнагазначныя; напрыклад: сесці макам, цягнуць ката за хвост . Затым ідуць прыслоўныя фразеалагізмы, іх звыш 1700, сярод іх мнагазначных больш як 300: колькі было сілы, без нічога ніякага і інш. Пашыранасць полісеміі і сярод астатніх разрадаў амаль гэтак жа адпавядае ў працэнтных адносінах іх колькасным паказчыкам. Некалькі прыкладаў мнагазначных назоўнікавых фразеалагізмаў: манна нябесная, месца пад сонцам ; прыметнікавых: адзін пад адзін, падбіты ветрам ; мадальных: няма чаго казаць, па словах (каго); выклічнікавых: крый бог, вецер у спіну, несуадносных з часцінамі мовы: галава забіта (у каго чым), рука не падымаецца (у каго, чыя).

Хоць і сярод полісемантычных слоў пераважаюць двухзначныя, але сустракаецца нямала і такіх, якія за сваё шматвяковае жыццё развілі па некалькі дзясяткаў значэнняў. Так, семантычная структура дзеяслова ісці складаецца з 28 значэнняў і 35 сэнсавых адценняў, у слове браць - 53 значэнні (з адценнямі), у слове біць - 28. У фразеалогіі ж, як ужо гаварылася, колькасць значэнняў у полісемантычных выразах значна меншая.

Мнагазначнасць у лексіцы і фразеалогіі адрозніваецца і неаднолькавым узаемадзеяннем стылістычнай афарбоўкі з сэнсавай структурай полісемантычных слоў і фразеалагізмаў. Прыватныя значэнні полісемантычнага слова часцей за ўсё неаднародныя ў стылістычных адносінах. Інакш кажучы, расслаенне лексемы на некалькі значэнняў у большасці выпадкаў суправаджаецца і яе стылістычным расслаеннем. Напрыклад, слова заяц у зыходным значэнні 'звярок-грызун' нейтральнае і міжстылёвае, а ў значэнні 'безбілетны пасажыр' мае афарбоўку неадабрэння і належыць да размоўных сродкаў; дзеяслоў заваліцца , апрача зыходнага, нейтральнага 'ўпасці за што-небудзь', мае яшчэ 8 значэнняў і адценняў, некаторыя з іх размоўныя ('атрымаць многа чаго-небудзь'), а некаторыя ('улегчыся', 'бесцырымонна зайсці куды-небудзь') прастамоўныя.

Пераважная ж большасць полісемантычных фразеалагізмаў характарызуецца стылістычнай аднароднасцю, маналітнасцю іх стылістычнага значэння, тая ці іншая канатацыя звычайна ахоплівае ўсе іх значэнні. Стылістычнае адзінства ўласцівае, напрыклад, мнагазначным фразеалагізмам: кніжнаму з адкрытым забралам , функцыянальна не замацаваным выклікаць агонь на сябе, адкрываць сэрца, да апошняга, не за гарамі, размоўным не чуць ног пад сабой, ні даць ні ўзяць, апалоскваць костачкі, прастамоўным вочы на лоб лезуць, за будзь здароў, адварочваць нос . Усе 6 значэнняў фразеалагізма разяўляць рот маюць адценне неадабрэння і з'яўляюцца прастамоўнымі. Аднолькавыя як у функцыянальна-стылёвых, так і ў экспрэсіўна-ацэначных адносінах, напрыклад, прыватныя значэнні выразаў адлежваць бакі, брацца загрудкі, вымаць душу, якія ў слоўніку прыводзяцца з паметамі "разм., неадабр.".

Усе значэнні полісемантычнага слова звычайна звязаны паміж сабой і ўзніклі ў выніку развіцця або асноўнага, зыходнага, або папярэдняга вытворнага значэння шляхам метафарычнага, метанімічнага ці сінекдахічнага пераносу адной з'явы на другую. Пакажам гэта на двух прыкладах.

Найменшы элемент сэнсавай структуры слова называецца семай. Прамое, зыходнае значэнне назоўніка мора ('частка акіяна, адасобленая сушай, з гаркавата-салёнай вадой') змяшчае ў сабе шэраг сем: 'многа', 'гаркавата-салёная', 'на вялікай прасторы', 'ва ўпадзіне', 'звязана з акіянам'. Пры метафарычным пераасэнсаванні зыходнага значэння ўвага акцэнтуецца на адной ці дзвюх семах, якія выходзяць на першы план і актуалізуюцца, засланяючы астатнія элементы сэнсавай структуры. Другое значэнне слова мора 'вялікая прастора чаго-небудзь' ( залацістае мора пшаніцы ) утрымлівае ў сабе семы 'многа' і 'на вялікай прасторы', а трэцяе 'вялікая колькасць каго-, чаго-небудзь' (мора людзей, мора лясоў) - толькі сему 'многа'.

Назоўнік бульба - трохзначны: 1) агародная расліна ( сялянская хата з агародам для бульбы ); 2) падземныя клубні гэтай расліны ( маці падаіла кароўку і перамыла бульбу ); 3) страва, прыгатаваная з клубняў гэтай расліны ( усе мачалі бульбу ў сала на скавародцы і елі ). Тут ужо не радыяльная (як у папярэднім прыкладзе), а ланцужковая полісемія: метанімічным спосабам другое значэнне ўзнікла на аснове першага, а трэцяе - на аснове другога.

А як развіваецца мнагазначнасць у фразеалагізмах? Па ступені іх сэнсавай спаянасці, семантычнай злітнасці іх кампанентаў фразеалагізмы, як вядома, падзяляюцца на адзінствы (матываваныя выразы з цэласным значэннем, якія лёгка расшыфроўваюцца як пераносныя, вобразныя, з жывой унутранай формай) і на зрашчэнні (нематываваныя, абсалютна непадзельныя, нераскладальныя звароты, цэласнае значэнне якіх зусім не залежыць ад іх лексічна-кампанентнага складу). Вядомы рускі фразеолаг У.П. Жукаў пераканаўча паказвае, што развіццё новага значэння ў адзінствах адбываецца ў выніку паўторнай метафарызацыі таго самага свабоднага словазлучэння, на аснове якога склалася і першае значэнне гэтага фразеалагізма.

Такім спосабам узніклі, напрыклад, усе пералічаныя вышэй шэсць значэнняў фразеалагізма разяўляць рот . Тут адзін і той жа ёмкі вобраз, але кожны раз у пэўнай, адзінкавай канкрэтнай сітуацыі абагульняецца для выражэння розных паняццяў. Прычым звычайна цяжка сказаць, якое з гэтых значэнняў склалася раней, а якое пазней. Да прыкладу, два прыватныя значэнні мае фразеалагізм "жывёльнага паходжання" трымаць вуха востра : 1) апасаючыся чаго-небудзь, быць вельмі пільным, быць напагатове; 2) не давярацца каму-небудзь, быць асцярожным з кім-небудзь. Яны склаліся на аснове дзвюх розных канкрэтных сітуацый, звязаных з паводзінамі, звычкамі, скажам, каня, які ў розных абставінах і па розных прычынах натапырвае вушы. Французскі вучоны Шарль Балі ў 1909 г. пісаў: "Мы прыпадабняем абстрактныя паняцці да прадметаў пачуццёвага свету, бо для нас гэта адзіны спосаб пазнаць іх і пазнаёміць з імі іншых" . Аналагічна, на аснове падабенства прыкмет, як і ў двух папярэдніх прыкладах, у выніку метафарызацыі, абагульнення якога-небудзь аднаго вобраза для абазначэння розных паняццяў развілася мнагазначнасць у шмат якіх фразеалагічных адзінствах: віць сваё гняздо, выпускаць з сваіх рук, высалапіўшы язык, заварочваць аглоблі, круціць хвастом, па самую завязку, сыходзіць са сцэны, як завязаць і г.д. Пад паўторную метафарызацыю падпадаюць і шматлікія выразы з нерэальным, прыдуманым вобразам у іх аснове: без году тыдзень, сабакам сена касіць, з рукамі адарваць, хоць ваўкоў ганяй і інш.

Развіццё полісеміі ў выразах тыпу не браць у рот, у чатырох сценах адбывалася ў выніку паўторнага метанімічнага пераносу.

Некаторыя аўтары фразеалагічных прац (напрыклад, М.М. Шанскі), не робячы розніцы паміж адзінствамі і зрашчэннямі, сцвярджаюць, што "ў полісемантычных фразеалагізмах значэнні заўсёды суадносяцца адно з другім як прамое і пераноснае, як зыходнае і вытворнае". Але, як паказана вышэй, для адзінстваў прамым, зыходным значэннем заўсёды выступае свабоднае словазлучэнне, на базе якога ўтвараюцца фразеалагічныя значэнні. М.М. Шанскі піша, што калі суадносін "прамое і пераноснае, зыходнае і вытворнае" паміж значэннямі "зваротаў аднолькавага гучання не назіраецца, то перад намі - фразеалагізмы-амонімы". Ён, да прыкладу, лічыць, што валять дурака (бел. дурня валяць ), отдать концы (у рускіх і беларускіх слоўніках гэтыя зрашчэнні слушна даюцца як трохзначныя выразы) не полісемічныя фразеалагізмы, а дзве групы фразеалагізмаў-амонімаў.

Аднак звернемся, скажам, да выразу аддаць канцы з трыма яго значэннямі: 1) адвязваць канаты, трос або ланцуг, калі карабель адыходзіць ад прычала ў плаванне; 2) уцячы; 3) памерці. Выраз сваім першым значэннем прыйшоў у літаратурны ўжытак з прафесійнага маўлення маракоў, дзе замест афіцыйнага аддаць швартовы кажуць і аддаць канцы ( швартовы і канцы - 'канаты'). Вось прыклад з "Палескіх вандровак" Г. Пашкова: "Падняць якар. Шпурляй вяроўкі! Аддаць канцы!" Паміж гэтым першым і двума іншымі значэннямі няма ніякай ні сэнсавай, ні этымалагічнай сувязі, як гэта бывае амаль заўсёды, калі справу маем са зрашчэннямі.

Недакладныя сцвярджэнні пра ўзнікненне мнагазначнасці знаходзім і ў манаграфіі А.С. Аксамітава "Беларуская фразеалогія". Ён піша, што, напрыклад, у выразах адным вокам, без задніх ног "першыя значэнні з'яўляюцца зыходнымі, а другія - вытворнымі, якія ўзніклі на аснове першых". Насамрэч жа першы выраз ( адным вокам ) - фразеалагічнае адзінства "жывёльнага паходжання"; параўнаем, напрыклад: "Карова адышлася, пасецца побач ды толькі адным вокам за мной наглядае, ці не пайду куды ад яе далей" (У. Дубоўка) . Абодва значэнні гэтага выразу ўтварыліся як матываваныя, на аснове паўторнай (паралельнай) метафарызацыі аднаго і таго ж свабоднага словазлучэння "жывёльнага паходжання": 1) крыху, нядоўга, імгненна (глянуць, зірнуць і пад.); 2) спадцішка, адначасова з чым-небудзь (наглядаць за кім-небудзь). Што да другога выразу ( без задніх ног ), то гэта - зрашчэнне з нерэальным вобразам у яго аснове, яно не мае ніякага "зыходнага" значэння і суадноснага словазлучэння ў свабодным ужыванні.

Усе мнагазначныя зрашчэнні страцілі сваю ўнутраную форму, сваё першапачатковае значэнне, якое ў многіх выпадках аднаўляецца толькі шляхам этымалагічнага аналізу. Так, прыслоўна-акалічнасны фразеалагізм на ўсе застаўкі ў залежнасці ад таго, з якімі дзеясловамі ён спалучаецца, рэалізуе 5 розных значэнняў: 1) спаўна, як толькі можна (рабіць што-небудзь): "газаваць на ўсе застаўкі" (А. Макарэвіч); 2) вельмі гучна, голасна (храпці, захрапці): "храпуць на ўсе застаўкі" (А. Савіцкі); 3) вельмі хутка, імкліва (бегчы і пад.): "пёр на ўсе застаўкі" (З. Бядуля); 4) вельмі моцна, празмерна (хваліць і пад.): "на ўсе застаўкі расхвальваў" (В. Дайліда); 5) шырока, прыветліва (смяяцца і пад.): "на ўсе застаўкі ўсміхнуўся" (Я. Брыль). Выраз узнік у выніку пераасэнсавання свабоднага словазлучэння, дзе застаўкі абазначала 'шчыты для затрымання вады, якая падае на кола вадзянога млына'. На пачатку свайго жыцця выраз усведамляўся моўнікамі як матываваны і вобразны ў сваім першым значэнні, непасрэдна звязаным са шчытамі-застаўкамі.

Фразеалагізм на поўную катушку паходзіць з жаргону зняволеных, дзе катушка асацыюецца з тэрмінам асуджэння, зняволення каго-небудзь. Зыходнае значэнне - 'вельмі строга, на ўвесь тэрмін, прадугледжаны законам (асудзіць, пакараць і пад.)'. Два іншыя значэнні развіліся ў фразеалагізме, калі ён, маючы цьмяную ўнутраную форму, стаў спалучацца з дзеясловамі не "судовай" тэматычнай групы: 'па-сапраўднаму, як і трэба жыць, працаваць, шыкаваць і інш.)' і 'спаўна, як толькі можна (рабіць што-небудзь)'.

Зрашчэнне на шырокую нагу - трохзначнае: 1) багата, раскошна, без абмежаванняў у сродках (жыць, пажыць і пад.); 2) з вялікім размахам (гуляць, ставіць і інш.); 3) багаты, раскошны, без абмежаванняў (часцей пра жыццё). Гісторыя ж узнікнення гэтай ідыёмы наступная. У XII cт. у Заходняй Еўропе была мода насіць доўгі і вялікі абутак. Мяркуюць, што першы заказаў сабе такія чаравікі з загнутымі ўгору насамі кароль Англіі Генрых II, які зрабіў гэта, каб неяк прыхаваць нарасць на вялікім пальцы правай нагі. Абутак з доўгім носам стаў модай. Яна перакінулася ў іншыя краіны. Найбольш знатныя і багатыя асобы насілі чаравікі з асабліва вялікімі насамі. Пра такіх людзей у Германіі пачалі гаварыць, што яны жывуць "на вялікую нагу" (auf grossen Fusse). Як дакладная калька з нямецкай мовы фразеалагізм перайшоў у рускую мову. Але цяпер ужо ў слоўніках ён падаецца з паметай "устарэлы". Яшчэ ў XIX ст. замест незразумелага па сваёй вобразнасці на вялікую нагу сталі ўжываць на шырокую нагу , дзе прыметнікавы кампанент асацыяваўся з такім значэннем слова шырокі , як 'нічым не абмежаваны'. У такой форме фразеалагізм ужываецца і ў беларускай мове.

Мнагазначных зрашчэнняў - больш за 300. Ёсць сярод іх і выразы з кампанентам-некратызмам, неўжывальным за межамі толькі пэўнага фразеалагізма: біць лынды, з гакам, даваць пытлю, як дунай, збівацца з панталыку, збоку прыпёку, на пабягушках, тары-бары растабары, на цырлах і інш.

У нязначнай частцы зрашчэнняў мнагазначнасць развіваецца іншымі спосабамі. Адзін з іх - пераасэнсаванне першага значэння фразеалагізма. У такім разе другое ці другія значэнні складваюцца на базе першага, назва якога пераносіцца на іншыя сферы паняццяў.

Фразеалагізм бабіна лета мае 4 значэнні. На аснове яго першага значэння ('ранняя восень з яснымі цёплымі днямі') у выніку метанімічнага пераносу развілося другое значэнне ('срабрыстае павуцінне, што плыве над зямлёй у дні бабінага лета'). Вынікам метафарычнага пераносу, з актуалізацыяй патэнцыяльных сем ('нібыта зноў лета вярнулася'), сталі яшчэ два значэнні: 'астра новабельгійская (расліна, якая цвіце да глыбокай восені) і 'час прыліву новых сіл, творчай энергіі або ўзнікненне кахання ў пажылыя гады'. Вось прыклады на 2-4 значэнні: "Бабіна лета" плыло даўжэзнымі пасмамі ў паветры (Р. Мурашка) ; Блакітнае бабіна лета вытрымлівала першы снег і гінула толькі ў сапраўдны мароз (К. Чорны) ; У жыцці маім - бабіна лета, на душы маёй - квецень вясны! (П. Пруднікаў) .

Зрашчэнне дзявяты вал ужываецца са значэннямі: 1) самая моцная і небяспечная хваля ў часе марской буры; 2) грозная, нязломная сіла; 3) чаго; найбольшае праяўленне чаго-небудзь. Звычайна ў выразе выдзяляюць два апошнія значэнні, а першае лічаць тэрміналагічным, аднак гэта тыповае фразеалагічнае зрашчэнне, не звязанае са значэннямі кампанентаў. Назва дзявяты ідзе ад міфалагічнага ўяўлення пра дзевяць як свяшчэнны лік. На аснове гэтага зыходнага значэння развіліся метафарычным шляхам астатнія два значэнні.

Яшчэ некалькі зрашчэнняў, у якіх на базе першага значэння, звычайна суадноснага з канкрэтнымі з'явамі, узніклі новыя, больш адцягненыя значэнні: божая кароўка (калька з французскай мовы) - гэта і 'жучок чырвонай, жоўтай або белай афарбоўкі з плямамі', і 'ціхі, бяскрыўдны чалавек, які не ўмее пастаяць за сябе'; зялёны змей, косць ад косці, плоць і косць, хлеб надзённы, хлеб-соль .

У адным з параграфаў маёй "Фразеалогіі сучаснай беларускай мовы" (Мінск, 1998) апісваюцца 11 моўных паказчыкаў фразеалагічнай полісеміі, якія дазваляюць беспамылкова вызначыць прыватныя значэнні таго ці іншага выразу (з улікам яго нарматыўнага суб'ектнага і аб'ектнага акружэння, стылістычных асаблівасцей і г.д.) Скажам, размежаванне значэнняў у дзеяслоўна-выказнікавых фразеалагізмах даволі часта звязана з асаблівасцямі іх суб'ектнага акружэння, з тым, як выражаецца дзейнік з пункту гледжання адушаўлёнасці-неадушаўлёнасці, канкрэтнасці-абстрактнасці. Напрыклад, зрашчэнне сесці макам у першым значэнні ('пацярпеўшы няўдачу, аказацца ў няёмкім, смешным становішчы') ужываецца пры дзейніку са значэннем асобы, у другім ('спыніцца ў росце, звяць, засохнуць') - пры дзейніку, які абазначае назвы раслін, у трэцім ('прыйсці ва ўпадак, заняпасці') - пры дзейніку са значэннем абстрактнага прадмета.

Пры размежаванні полісеміі ўлічваюцца ўсе магчымыя крытэрыі. Так, у трохзначным фразеалагізме як адзін два значэнні рэалізуюцца ў сінтаксічнай ролі акалічнасці, а трэцяе выступае як азначэнне або выказнік. Першае значэнне ('без выключэння, абсалютна') ужываецца толькі пасля слова ўсе , другое ('аднадушна, дружна') - пры дзеясловах-суправаджальніках рабіць, стаць і пад., трэцяе ('зусім аднолькавыя і добрыя ў якіх-небудзь адносінах') - пры назоўніку са значэннем адушаўлёнага ці канкрэтнага прадмета. Першае і трэцяе значэнні ўступаюць ў сінанімічныя адносіны з іншымі выразамі, другое - сінонімаў не мае. Трэцяе значэнне мае афарбоўку адабрэння.

Іван Лепешаў, доктар філалагічных навук.


ТБМ патрабуе і прапануе

Кіраўніку Адміністрацыі

Прэзідэнта Рэспублікі БеларусьА.У. Кабякову

вул. К.Маркса, 38 г. Мінск

Аб візуальным афармленні

новага будынка рэзідэнцыі

Прэзідэнта Беларусі

Шаноўны Андрэй Уладзіміравіч!

У нашу арганізацыю паступаюць звароты беларускіх грамадзян, якія абураны тым, што візуальнае афармленне фасада новага будынка рэзідэнцыі Прэзідэнта Беларусі (які ў апошні час стаў называцца "Палац Незалежнасці") праводзіцца не на дзяржаўнай беларускай мове, мове тытульнай нацыі краіны, а на мове суседняй дзяржавы, кіраўнік якой у свой час прапанаваў аншлюс Беларусі шасцю губернямі.

Таксама нядаўна беспадстаўна быў адхілены мастацкі праект афармлення інтэр'ераў Палаца Незалежнасці, які мастацкімі сродкамі распавядаў пра тысячагадовую гісторыю нашай еўрапейскай краіны.

Складваецца ўражанне, што дзяржаўныя чыноўнікі, адказныя за будаўніцтва Палаца незалежнасці не падзяляюць думку Кіраўніка нашай дзяржавы, выказаную на ІV Усебеларускім народным сходзе: "Беларуская мова з'яўляецца важнейшым нацыянальным культурным здабыткам", і варожа ставяцца да ўсяго беларускага.

У сувязі з гэтым просім правесці грамадскае абмеркаванне праекта афармлення інтэр'ераў і фасадаў вышэйзгаданага будынка, а таксама зрабіць усю візуальную інфармацыю на беларускай мове.

З павагай,старшыня ТБМ А. Трусаў.



Начальніку Беларускай чыгункі

У.М. Марозаву.

вул. Леніна, 17

г. Мінск

Паважаны Уладзімір Міхайлавіч!

У нашу арганізацыю паступаюць заявы грамадзян Беларусі, якія абураны тым, што назвы чыгуначных станцый, а таксама візуальнае афармленне чыгуначных вакзалаў і прыпынкаў паступова пераводзяцца з беларускай на рускую мову.

Прывядзём канкрэтны прыклад. На Баранавіцкім напрамку нядаўна зніклі беларускамоўныя назвы чыгуначных станцый і прыпынкаў "Сталічны", "Воўчкавічы", "Памыслішча", "Бярэжа" і інш. Замест іх з'явіліся новыя, аформленыя толькі на мове суседняй дзяржавы, кіраўнік якой даўно марыць аб аншлюсе Беларусі шасцю губернямі. Ставіцца пытанне і аб прыватызацыі Беларускай чыгункі замежнымі інвестарамі.

Новыя электрацягнікі "Гарадскіх ліній", як і праязныя білеты на праезд у іх, зроблены таксама выключна не на дзяржаўнай беларускай мове, тытульнай мове нацыі нашай краіны.

Нас не можа не турбаваць ігнараванне дзяржаўнай беларускай мовы рознымі структурамі Вашага ведамства. Складваецца ўражанне, што Вашы падначаленыя не падзяляюць думку Кіраўніка нашай дзяржавы, выказаную на ІV Усебеларускім народным сходзе: "Беларуская мова з'яўляецца важнейшым нацыянальным культурным здабыткам".

У сувязі з гэтым мы прапануем тэрмінова вярнуць беларускамоўныя назвы чыгуначных станцый на Баранавіцкім і іншых напрамках, а таксама зрабіць інфармацыю на білетах "Гарадскіх ліній" БЧ на дзяржаўнай беларускай мове, як гэта зроблена на білетах ДП "Мінсктранс".

Дадаткі: Узоры білетаў, зробленых БЧ і Мінсктранс

З павагай, старшыня ТБМ А. Трусаў.


Сакратарыят ТБМ звяртаецца да грамадзян Беларусі: пры заўважванні праяў русіфікацыі хоць у якой вобласці жыццядзейнасці краіны самастойна і масава звяртацца ў адпаведныя органы ўлады. Мы народ. Паводле Канстытуцыі наша воля - гэта аснова жыццядзейнасці дзяржавы.


Кніга Валянціна Голубева

У мескім выдавецтве "Лімарыус" выйшла кніга сябра ТБМ, доктара гістарычных навук Голубева В.Ф. "Гісторыя Беларусі - даты, падзеі, асобы: інфармацыйна-метадычны дапаможнік".

Прыведзены даты важнейшых падзей гісторыі Беларусі ад старажытнасці да сённяшніх дзён, звесткі пра знакамітых людзей, звязаных з гісторыяй нашай краіны, іншыя гістарычныя факты.

Выданне будзе карысным для абітурыентаў, якія рыхтуюцца да цэнтралізаванага тэсціравання, для школьнікаў і студэнтаў, якія вывучаюць гісторыю Беларусі, а таксама для ўсіх, хто цікавіцца гісторыяй Бацькаўшчыны.

Знайсці кнігу можна ў Менску ў краме "Акадэмкніга".

Наш кар.


"Воз вёз лёс"

такой назваю пад тытулам выдавецтва "Радыёла-плюс" пабачыла свет унікальная кніжка Народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна.

Унікальная хаця б таму, што асобным выданнем хуткамоўкі выходзяць у Беларусі ўпершыню. Кніга віртуозных чатырохрадкоўяў, двухрадкоўяў і аднарадкоўяў павінна зацікавіць найперш лагапедаў, настаўнікаў пачатковай школы, выкладчыкаў рыторыкі, куль-туры мовы, акцёрскага майстэрства.

Апекваўся выданнем пераважна рэдактар кнігі, паэт і бард Алесь Камоцкі. Важкі ўнёсак належыць і Таццяне Мармыш, фотаздымкі якой аздабляюць кожную цотную старонку кніжкі.

Паспрабуйце колькі разоў запар прагаварыць хутка: "Сойка з узлеску шле салаўю эсэмэску", "Як знайсьці сваю сьпіну на патэльні уюну?" ці нават карацельку "Воз вёс лёс"!

Уладзімір Сіўчыкаў.


31 траўня (пятніца) у межах кампаніі "Будзьма" адбудзецца ўганараванне Міжнароднай прэміяй Міколы Ганька , паэта, галоўнага рэдактара часопіса "Верасень" Эдуарда Акуліна

Пачатак - 18. 00 гадзін. Румянцава, 13. Уваход вольны.


Нястомны адраджэнец

Так адгукаюцца пра Андрэя Андрэевіча Юшкевіча з Гарадзенскага раёна ўсе, хто яго ведае. Пры сустрэчы з ім звяртаюць на сябе ўвагу ягоны заклапочаны выраз твару, засяроджаныя на нечым вочы, якія пытліва прыглядаюцца да навакольнага жыцця. У іх быццам чытаюцца невыказаныя думкі і праблемы, што азмрочваюць яго погляд, хвалююць яго. Здаецца, нібы сам сабе задае пытанні, ці не паленаваўся, ці ўсё рабіў дзеля духоўнага адраджэння землякоў, іх мовы, культуры.

Шчыра прызнаем, што калі перажыванні ў яго і ёсць, то яны дарэмныя. Пра гэта сведчыць увесь яго жыццёвы шлях, калі ён пакінуў утульнае бацькоўскае гняздо ў вёсцы Козінцы былога Жалудоцкага (цяпер Шчучынскага) раёна. Папрацаваўшы год дырэктарам Гардзееўскага дома культуры, ён звыш сарака гадоў аддаў бездакорнай педагагічнай працы ў асноўным у Галавацкай васьмігадовай, а пасля сярэдняй школе. Калі б толькі шматлікія вучні выказалі яму ўдзячнасць за дапамогу абраць жаданы жыццёвы шлях, то і гэтага было б дастаткова, каб не засмучацца. Ён жа рабіў людзям заўсёды значна больш, чым патрабавалі прафесійныя абавязкі. Сваёй дзейнасцю, сваім прыкладам, словам ён самаадана вучыў любіць свой край, вывучаць і захоўваць яго культуру. Матэматык па адукацыі, ён у душы заставаўся лірыкам, самастойна набыў глыбокія веды па беларускай гісторыі і культуры. З пачуццём няздзейсненай мары ён гаворыць:

- А краіна наша прыгожая, багатая. Як бы я хацеў кожнага малалетку ўзняць у неба і паказаць зверху нашу цудоўную зямлю, прыгожую ва ўсе поры года, каб пранікнуцца з дзяцінства любоўю да яе, да нашага добрага народа, якому Бог даў багатую і спеўную мову!

І не толькі светлыя мары, але і добрыя справы напаўняюць жыццё Андрэя Андрэевіча, чалавека немаладога, актыўнага сябра Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны. Ён быў сярод тых, хто стаў заснавальнікам Таварыства ў Гарадзенскім раёне і ўсе гады ўваходзіў у склад раённай рады, актыўна ўдзельнічаў у яго рабоце. Ён сустракаўся з вяскоўцамі, школьнікамі ў Абухаве, Парэччы, Скрыбаўцах, з навучэнцамі Скідзельскага СПТВ № 199, з адпачыванцамі санаторыя "Парэчча" і расказваў пра лёс беларускай мовы, багацці беларускай культуры. Ён глыбока перажываў за стан беларускай мовы ў краіне, у адукацыі - ад дзіцячых садкоў да ўніверсітэтаў, адстойваў, дамагаўся пашырэння яе выкарыстання. У канцы 80-х гадоў не чакаў загадаў зверху, а хутка перайшоў да выкладання матэматыкі на беларускай мове, падаючы прыклад сваім калегам-настаўнікам. Ён лічыў, што асабісты прыклад - лепшая агітацыя, і таму карыстаўся роднай мовай у штодзённым жыцці, у зносінах з вяскоўцамі, у школе і афіцыйных установах. Занепакоены скарачэннем беларускамоўных школ у горадзе і ў сельскай мясцовасці, парушэннямі Закона аб мовах у адукацыі, Андрэй Андрэевіч пайшоў на прыём да міністра адукацыі С.А. Маскевіча і настойліва патрабаваў, даказваючы, прапануючы меры па выпраўленні сітуацыі, каб захавалася мова, нацыя, Беларуская дзяржава.

Турбуюць яго і праблемы захавання беларускай культуры, народных традыцый, ушанаванне памяці знакамітых землякоў. Нястомны Андрэй Андрэевіч з больш маладымі сябрамі Уладзімірам Трахімчыкам, Аляксандрам Лазовікам заняліся добраўпарадкаваннем ў невялікай вёсачцы Баброўня мясцін нараджэння двух вядомых беларускіх паэтаў Міхася Васілька і Макара Краўцова (Касцевіча), пасадкай дрэўцаў у іх памяць.

Але асаблівае месца ў працы спадара Андрэя па прапагандзе беларускай мовы і культуры займае стварэнне відэафільмаў, у якіх адлюстраваў і культурныя падзеі на Гарадзеншчыне, і гістарычныя мясціны, і жыццё знакамітых землякоў. Ён стварыў фільмы аб рабоце 5-га з'езда Таварыства беларускай мовы, 15-га з'езда Саюза беларускіх пісьменнікаў, аб жыцці ў Гародні Васіля Быкава і арганізацыі ягонага музея Мікалаем Мельнікавым. Знаны руплівец на ніве беларушчыны Алесь Белакоз, стваральнік народнаэтнаграфічнага музея ў Гудзевічах; жыццёвыя шляхі заходнебеларускіх паэтаў, землякоў Міхася Васілька і Макара Краўцова, гістарычна-культурныя мясціны Гародні, 1-ы фестываль нацыянальных культур у абласным цэнтры і фестываль беларускага фальклору ў Скідзелі, гісторыя і сталенне хора "Бацькаўшчына" - вось далёка няпоўная тэматыка ягоных відэафільмаў. Больш чым за два дзясяткі гадоў ім створана звыш 30 карцін. Многія з іх Андрэй Андрэевіч дэманстраваў у час сваіх выступленняў перад школьнікамі, моладдзю, землякамі. Ён упэўнены, што яны, фільмы, не павінны ляжаць мёртвым грузам, а расказваць аб нашай багатай культуры, фармаваць свядомага беларуса.

Гледзячы на гэтага нястомнага васьмідзесяцігадовага чалавека, задумваешся, адкуль бяруцца ў яго час, энергія і сілы і для хатніх гаспадарчых, і для грамадскіх спраў. Найперш, падаецца, фізічныя і духоўныя сілы яго грунтуюцца на непарыўнай сувязі з родным краем, яго зямлёй, прыродай. Нездарма ён у свой час навучаўся на гадавых курсах пчалярства, каб глыбей пазнаць жыццё і ўзаемасувязі чалавека і прыроды, і цяпер імкнецца абагаціць і ўпрыгожыць свой край.

Андрэй Андрэевіч - жыццялюб. Ён поўны аптымізму і веры ў справядлівасць і неабходнасць той працы на карысць беларускай мовы і культуры, якую робяць ён і яго аднадумцы. У гутарцы з ім часам чуецца:

- Як бы ні было цяжка выжываць нашай мове, але мне верыцца, што гэта скончыцца. Намаганні свядомых беларусаў, моладзі дарэмна не прападуць. Так здаралася і ў некаторых іншых народаў.

Вядуць яго па жыцці і надаюць упэўненасці і сілы словы малітвы святых Опцінскіх старцаў, якія ён часта паўтарае з верай у дапамогу: "Госпадзі, дай мне з душэўным спакоем сустрэць усё, што прынясе мне наступны дзень... На ўсякую гадзіну сяго дня ва ўсім настаў і падтрымай мяне... Кіруй маёю воляю і навучы мяне маліцца, верыць, спадзявацца, дараваць і любіць."

Хочацца пажадаць Андрэю Андрэевічу, нястомнаму працаўніку адраджэння, здзяйснення ягоных творчых планаў і надзеяў, перамогі беларускай справы, якую ён прыспешвае сваёй працай.

І. Буднік, сябар ТБМ імя Ф. Скарыны.


Увага!

У чэрвені сядзіба ТБМ працуе па летнім раскладзе.

Па панядзелках і пятніцах з 16.30 да 19.00,

па аўторках, серадах і чацвяргах з 15.00 да 19.00

(у гэтыя дні працуе кніжная выстава).

У суботу і нядзелю сядзіба не працуе.


Віншуем сяброў ТБМ, якія нарадзіліся ў чэрвені

Абужынская Ганна Аляксан. Ажар Таццяна Мікалаеўна Акудовіч Валянцін Васіл. Алейнікава Антаніна Андр. Алёшка Вячаслаў Часлававіч Аляхновіч Леанід Адамавіч Аляхновіч Ніна Паўлаўна Анапрыенка Юры Анацка Ганна Анацка Яўген Арэхаў Аляксандр Сяргеевіч Асмыковіч Міхась Мікалаев. Аўраменка Васіль Аляксеевіч Афанасьева Раіса Іванаўна Баеў Дзмітры Уладзіміравіч Баеў Павел Віктаравіч Базык Вольга Барнюк Аляксей Сяргеевіч Барысава Сафія Міхайлаўна Белавусава Валянціна Валян. Бельская Ірына Казіміраўна Біза Юльян Сцяпанавіч Булавінская Марыя Бурачонак Аляксандр Вячас. Бязмацерных Дар'я Аляксан. Бязмен Васіль Канстанцінавіч Бяласін Яўген Аляксандравіч Вайтовіч Сяргей Уладзімірав. Валабуеў Аляксей Вітальевіч Валошчык Лідзія Рыгораўна Валынец Таццяна Сяргееўна Варонік Святлана Аркадз. Васілевіч Наталля Мікал. Васільева Анастасія Вячасл. Гайдук Ірына Эдуардаўна Галіч Аляксей Эдуардавіч Гашко Ірына Аляксееўна Глушко Аляксей Віктаравіч Грыгор'ева Ірына Людвігаўна Грышко Людміла Гудкова Дар'я Уладзіміраўна Давыдчук Сяржук Данільчык Зінаіда Пятроўна Дземідовіч Ганна Дзічкоўская Настасся Дзюсекаў Павел Аляксандр. Дробыш Вадзім Міхайлавіч Дрожджына Ала Дуброўскі Валер Леанідавіч Жалдака Васіль Станіслававіч Жамойда Алена Жарнасек Вітаўт Ждановіч Таццяна Міхайл. Жук Ігар Васільевіч Жук Яўген Віктаравіч Заблоцкая Алена Аляксандр. Завадская Алена Аляксандр. Запалянская Вольга Васіл. Золаў Юрый Георгіевіч Іваноў Сяргей Ігнатовіч Марыя Іосіфаўна Ільіна Анастасія Аляксандр. Ішуціна Таццяна Вікенцьеўна Кавалеўская Наталля Леанід. Кавалеўская Стэфанія Сярг. Кавалёва Кацярына Кальчугін Віктар Канкоўская Святлана Капціловіч Іван Карашчанка Ігар Віктаравіч Каўко Зміцер Кісель Сяргей Леанідавіч Кісляк Васіль Сяргеевіч Кляпкоў Дзмітры Кобрусеў Дзяніс Аляксандр. Комар Юрый Мікалаевіч Конік Юлія Андрэеўна Косава Ганна Валер'еўна Кочман Тарэса Красоціна Тамара Іванаўна Краўчук Зміцер Краўчук Ірына Крол Аляксандр Уладзімір. Крываротаў Міхаіл Юр'евіч Кудрашова Лілея Кузікевіч Алена Кукуць Алена Аляксандр. Кукуць Уладзімір Часлававіч Куляшоў Дзмітры Віктаравіч Куніцкая Ганна Уладзімір. Курдо Павел Аляксандравіч Кутас Святлана Кухарчык Людміла Лабаты Алег Анатольевіч Ласкутнікаў Павел Сяргеевіч Лаўрыновіч Алесь Сяргеевіч Лендзянкоў Ігар Ліціна Фларыда Вакілаўна Лясько Аляксандр Аляксан. Макарэвіч Іна Макрыцкі Яраслаў Янавіч Максімава Наталля Малашчанка Аляксей Юр'ев. Маневіч Аляксей Манкевіч Таццяна Пятроўна Мароз Кацярына Мікалаеўна Мароз Уладзімір Вікенцьевіч Марозава Людміла Уладзім. Мархотка Леанід Андрэевіч Махлай Кастусь Мацюшэнка Ніна Мікалаеўна Машкала Іосіф Мельнічук Сяргей Місько Алег Пятровіч Міхайлоўская Данута Канст. Міхальчук Вераніка Пятр. Міхноўская Наталля Вячасл. Мішчанкоў Уладзімір Алякс. Насановіч Ларыса Уладзімір. Нішчык Алесь Уладзіміравіч Носаў Андрэй Палухін Уладзімір Мікал. Палянскі Андрэй Валер'евіч Панкевіч Юлія Аляксандр. Парчынскі Яўген Патапава Дзіяна Сяргееўна Паўловіч Анатоль Праневіч Кацярына Генадз. Пукель Алена Адамаўна Радзюк Валянціна Радэнка Кацярына Уладзімір. Раеўскі Аляксандр Рабчэня Таццяна Васільеўна Разжалавец Іван Разжалавец Сяргей Разумава Галіна Уладзімір. Рак Вольга Рыгораўна Раманава Ганна Аляксееўна Раманішка Вікторыя Уладзіл. Ролік Міхаіл Міхайлавіч Рудак Наста Юр'еўна Русць Максім Часлававіч Рэўтовіч Кірыла Васільевіч Савіч Сяржук Саевіч Павел Вячаслававіч Сакава Ніна Леанідаўна Сакалова Ніна Сакун Алена Васільеўна Салаўёва Людміла Мікал. Салоха Надзея Самстыка Сяргей Алегавіч Самусевіч Уладзімір Алякс. Свізуноў Вячаслаў Свірко Наталля Сігаеў Аляксей Уладзіміравіч Сідляр Андрэй Сіліч Аляксандр Анатольевіч Сільнова Ніна Сінкевіч Ірына Тадэвушаўна Славута Ніна Спасюк Рыгор Віктаравіч Станько Галіна Старавойтава Надзея Сямашка Ала Уладзіміраўна Сяменас Генадзь Мар'янавіч Сянкевіч Святлана Анатол. Сярова Зося Таўгень Людвіка Трухан Л. Траццяк Дзмітры Вітальевіч Туровіч Ірына Уладзіміраўна Урбан Аляксандр Фаміна Ірына Міхайлаўна Філічонак Ларыса Фурс Юры Антонавіч Хадзінскі Павел Сяргеевіч Харужая Вера Хашылёва Таццяна Аляксан. Хвацік Іван Міхайлавіч Хевук Ігар Цімафеева Ядвіга В. Цімошак Зінаіда Вячаслав. Ціханаў Аляксандр Валер. Ціхановіч Вольга Віктараўна Чабатарэўскі Барыс Дзмітр. Чагаева Ірына Вільданаўна Чарановіч Ніна Мікалаеўна Чаркасава Галіна Ільінічна Чашчына Вольга Мікалаеўна Шандроха Нона Эдмундаўна Шарман Аліна Шаўцоў Генадзь Уладзімір. Шахлевіч Юлія Віктараўна Шпілеўскі Вячаслаў Віктар. Шубіна Дар'я Алегаўна Шчарбачэня Вячаслаў Сярг. Шыпіла Уладзімір Аляксанд. Юркевіч Сяргей Іванавіч Юшкевіч Андрэй Андрэевіч Якаўлеў Юры Генадзевіч Яскевіч Алесь Юр'евіч Яшкіна Надзея Алегаўна


Увага!

З чэрвеня па жнівень у сядзібе ТБМ у межах кампаніі "Будзьма" пачынае працаваць летняя гістарычная школа "Гісторыя на вакацыях" пад кіраўніцтвам кандыдата гістарычных навук Алега Трусава.

На занятках можна будзе пабачыць і абмеркаваць гістарычныя фільмы, знятыя і паказаныя на БелСАце, будзе праводзіцца гістарычная віктарына, пераможцы якой атрымаюць цікавыя прызы.

Падчас заняткаў таксама прадугледжаны абмен думкамі наконт сучаснага стану беларускай мовы і яе функцыянавання ў грамадстве.

Такім чынам, удзельнікі змогуць павысіць свае веды па гісторыі Беларусі і папрактыкавацца ў веданні беларускай мовы.

У чэрвені заняткі адбудуцца: 3 чэрвеня (панядзелак),

17 чэрвеня (панядзелак), 21 чэрвеня (пятніца), 28 чэрвеня (пятніца).

Пачатак а 18-й на вул. Румянцава, 13. Уваход вольны.


Навуковая канферэнцыя, прысвечаная паўстанню 1863-64 гг., у Гародні

25-26 траўня ў Гародні праходзіла навукова-практычная канферэнцыя "Паўстанне 1863 года на Гарадзеншчыне: у навуковых даследаваннях і памяці народаў". Зарганізаваная супольнымі намаганнямі "Гарадзенскай бібліятэкі", руху "За свабоду", Генеральнага консульства РП у Гародні і Польскага Інстытута ў Менску канферэнцыя сабрала вядомых гісторыкаў з Беларусі і Польшчы. Навукоўцы двух краін супольна з мясцовымі краязнаўцамі абмяркоўваюць падзеі 150-гадовай даўніны, гістарычная памяць пра якія, па словах аднаго з арганізатараў канферэнцыі, гісторыка Эдварда Дмухоўскага, з кожным годам становіцца ўсё больш актуальнай:

- Гэтая тэматыка фальсіфікуецца самым дражлівым чынам, ідуць гістарычныя маніпуляцыі. Нават аўтары, якія 20 гадоў мелі адзін пункт гледжання, кардынальна яго змянілі на зусім іншы і ўводзяць праз афіцыйныя сродкі масавай інфармацыі людзей у зман.

Такі фармат канферэнцыі на думку гісторыка Алеся Краўцэвіча цікавіць значную частку гарадзенцаў.

- Гэта мне здаецца вельмі цікавы фармат, таму што гістарычная навука, якая не мае на мэце дайсці да людзей - гэта навука проста ялавая, яна ў пустэчу, яна да саміх гісторыкаў. Яны бавяцца ў навуку самі з сабой. А вось калі прыцягваць шырэйшае кола: краязнаўцаў, аматараў, зацікаўленых і нават даваць ім слова, гэта ёсць праўдзівая гістарычная навука. І яна выконвае сваю асноўную функцыю - гістарычную асвету грамадства.

У суботу 25 траўня прайшла дыскусія навукоўцаў "1863 год - канец Рэчы Паспалітай ці пачатак Беларусі?", а таксама круглы стол краязнаўцаў Гарадзеншчыны "Памяць паўстання 1863 года на Гарадзеншчыне: як мы ўшаноўваем памяць герояў".

Мовамі канферэнцыі былі беларуская і польская. Перакладчыкі не задзейнічаліся. Пры гэтым некаторыя палякі выступалі па-беларуску, а беларусы па-польску.

Выступілі чатыры, добра вядомыя, дактары гістарычных навук - Вячаслаў Швед (Гародня), Алесь Краўцэвіч (Гародня), Адам Даброньскі (Беласток) і Ежы Здрада (Кракаў), навуковыя ступені астатніх выступоўцаў не падкрэсліваліся.

У нядзелю, 26 траўня, удзельнікі канферэнцыі здзейснілі аб'езд памятных мясцінаў паўстання 1863 года на Гарадзеншчыне.

З нагоды правядзення канферэнцыі ў серыі "Гарадзенская бібліятэка" пабачыў свет даведнік "Адрасы паўстання 1863-2864 гадоў у Гародні і на Гарадзеншчыне", укладзеная гісторыкамі Прынёмання. Таксама выйшаў каталог помнікаў паўстання "Gloria victis, 1863-1864" аўтарства Юзафа Пажэцкага.

Як вынік усёй грамадскай актыўнасці з нагоды 150-х угодкаў паўстання 1863 г. было прапанавана выдаць усебеларускі каталог памятных мясцін паўстання.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня.


На Пружаншчыне была талака каля помніка паўстанцам Каліноўскага

Брацкая магіла 40 палеглых касінераў знаходзіцца на мяжы Ружанскай пушчы і ваеннага палігона.

Помнік цяжка знайсці таму, хто не ведае, кажа краязнавец Леанід Патапчук. У прыборцы бяруць удзел і грамадскія актывісты, і ўлады.

- Ездзілі, каб прыбрацца там. Бо з зімы смецця назбіралася. Святар быў. Раней яшчэ ўлады там прыклаліся, з аддзела культуры Пружанскага райвыканкаму. Гэты помнік, з беларускім надпісам, паставіла ў 1998 годзе Пружанская суполка Таварыства беларускай мовы. Вайскоўцы дапамаглі таксама, - сказаў Леанід Патапчук.

Стэлу, якая стаяла там да гэтага, нехта ў 1989 годзе літаральна расстраляў, таму давялося яе памяняць, дадаў краязнаўца.

Еўрарадыё.


Дзякуй за падтрымку!

Выказваем шчырую падзяку ўсім дабрадзеям, якія прыйшлі на дапамогу ТБМ

Ахвяраванні на ТБМ

1. Пабігушка Надзея - 30000 р., г. Менск

2. Спірыдовіч Міхась - 50000 р., г. Івянец

3. Мацішэўская Зінаіда - 50000 р., г. Фаніпаль

4. Усціновіч Васіль - 310000 р. п. Лясны, Менскі р-н.

5. Сярэдзіч Язэп - 30000 р., г. Менск

6. Кароль Галіна - 100000 р., г. Менск

7. Сыраваткаў Аляксандр - 30000 р., г. Менск

8. Бубен Канстанцін - 5000 р., г. Менск

9. сп. Лагода - 500000 р., г. Барысаў

10. Якшэвіч Алег - 100000 р., г. Менск

11. Шкода Аляксандр - 100000 р., г. Менск

12. Транчонак В.Л. - 50000 р., г. Менск

13. Бяліга Юры - 30000 р., г. Брэст

14. Тананка Алесь - 30000 р., г. Менск

15. Стэпановіч Язэп - 50000 р., г. Менск

16. Лягушаў Алег - 50000 р., ст. Ясень, Асіповіцкі р-н.

17. Навуменка Вольга - 100000 р., г. Менск

18. Мацвіенка А.А. -300000 р., г. Менск

19. Беражная Вольга - 100000 р., г. Ліда

20. Шкірманкоў Фелікс - 50000 р., г. Слаўгарад

21. Клімуць Жана - 50000 р., г. Магілёў

22. Мазура П.І - 100000 р.

23. Жыхары Менска - 160000 р.

24. Жыхары Менска - 125000 р.

25. Чарняўская С.С. - 100000 р., г. Менск

26. Яноўскі Г.В. - 50000 р., в. Дразды

27. Табалевіч Ю.С. - 100000 р., г. Менск

28. Гяцэвіч С. - 20000 р., г. Менск

29. Радзік Міхаіл - 100000 р., г. Менск

30. Рабцэвіч Светлана - 30000 р., г. Менск

31. Гаева А.Д. - 20000 р., г. Менск

32. Асмакоўская Алена - 50000 р., г. Магілёў

33. Якімовіч Алег - 20000 р., г. Барысаў

34. Крышнеў Юры - 10000 р., ПТ АКІ

35. Давідоўскі Ігар - 100000 р., г. Менск

36. Броднікаў Андрэй - 50000 р., г. Менск

37. Кукавенка Іван - 50000 р., г. Менск

38. Дзергачоў Міхаіл - 50000 р., г. Менск

39. Жыхар г. Менска - 500000 р.

40. Пляшко Генадзь - 200000 р., г. Менск

41. Шынкеіч С.А. - 10000 р., г. Орша

42. Чачотка Н.А. - 100000 р., г. Карэлічы

43. Навасельская Таццяна - 100000 р., г. Менск

44. Дробыш Георгі - 100000 р., г. Менск

45. Жураўскі Сяргей - 250000 р., г. Менск

46. сп. Міхась - 5000 р., г. Менск

47. Прывальчук Сяргей - 20000 р., г. Пінск

48. Розін Зміцер - 100000 р., г. Менск

49. Шапрунова І.В. - 10000 р., г. Менск

50. Чыжова Таццяна - 5000 р., г. Менск

51. Мяшкова Наталля - 50000 р., г. Астравец

52. Сагадзін Алег - 50000 р., г. Менск

53. ЛДПБ (Алег Гайдукевіч) - 2000000 р., г. Менск

54. Вячорка Франак - 50000 р., г. Менск

55. Раманаў В.Л. - 50000 р., г. Менск

56. Клуб "Прамова" - 150000 р., г. Менск

57. Віданава Ірына - 100000 р., г. Менск

58. Курылёнак Даніл - 50000 р., Глубоцкі р-н.

59. Баравік Марыя - 20000 р., м. Падсвілле

60. Курыловіч Пётр - 50000 р., г. Менск

61. Табушава Ірма - 100000 р., г. Менск

62. Прылішч Ірына - 50000 р., г. Менск

63. Кісялёва Людміла - 100000 р., г. Менск

64. Ліскуновіч Міхаіл - 5000 р., Глыбоцкі р-н

65. Скалуба І.В. - 50000 р., г. Магілёў

66. Шаміёнка Сяргей - 40000 р., г. Менск

67. Бумецкі П. В. - 100000 р., г. Менск

68. Адамкевіч В.М. - 300000 р., п. Усеж, Смалявіцкі р-н

69. Райчонак Ада - 100000 р., в. Германавічы

70. Грыбовіч С.Н. - 40000 р., г. Менск

71. Жукоўскі А.Н. - 50000 р., г. Менск

72. Ткачоў Ігар - 30000 р., г. Бабруйск

73. Прышчэпаў - 200000 р., г. Менск

74. Гвара Віктар - 300000 р., г. Лельчыцы

75. Пушкін Ігар - 100000 р., г. Магілёў

76. Мітнер Ю.К. - 12000 р., г. Менск

77. Клімовіч Н.В. - 12000 р., г. Менск

78. Восіпава Аляксандра - 70000 р., г. Гомель

79. Аўдзееў І.О. - 50000 р., г. Менск

80. Юшкова - 20000 р., г. Менск

81. Донаў Павел - 400000 р., г. Менск

82. Чыгір Е.А. - 50000 р., г. Менск

83. Нікановіч Васіль - 30000 р., г. Жыткавічы

84. Невядомыя - 220000 р., г. Менск

85. Краўчанка Анатоль - 300000 р., г. Менск

86. Янкін Ігар - 200000 р., г. Менск

87. Лукашук Марыя - 100000 р., г. Берасце

88. Якушаў Аляксанндр - 100000 р., г. Мікашэвічы

89. Пяткевіч Аляксей - 200000 р., г. Гародня

90. Дырда Уладлена - 250000 р., г. Кобрын

91. Квашко В.В. - 20000 р., г. Гародня

Дзейнасць ГА "ТБМ імя Францішка Скарыны" па наданні роднай мове рэальнага статуса дзяржаўнай вымагае вялікіх выдаткаў. Падтрымаць ТБМ - справа гонару кожнага грамадзяніна краіны.

Просім Вашыя ахвяраванні дасылаць на адрас, вул. Румянцава, 13, г. Мінск, 220034, альбо пералічыць на разліковы рахунак ТБМ №3015741233011 у Аддзяленні № 539 ААТ "Беінвестбанка" код 739 (УНП 100129705) праз любое аддзяленне ашчадбанка Беларусбанк.


Жахі рускага "лжэпатрыятызму"

Я - расеец, грамадзянін Расіі, беларус па нацыянальнасці, жыхар Іркуцка. Люблю Байкал, горы вакол Байкала, архітэктуру Іркуцка. Увогуле вось, як мне здаецца, я досыць патрыятычны жыхар нашай Расійскай дзяржавы. Але я памятаю пра свае беларускія карані. І таму я імкнуся як мага больш вывучаць гісторыю свайго народа. Напэўна, так робіць амаль кожны чалавек, які паважае сябе.

І, вядома ж, калі я сутыкаюся з няведаннем расейцаў пра культурна-гістарычную спадчыну беларусаў, (хоць, здавалася б, ведаць сваіх суседзяў, тым больш "братоў-славян", як многія лічаць, - архіважна!) я некалькі хвалююся. І вось ужо 28 гадоў, жывучы ў Расіі, я спрабую распавесці пра нашых беларускіх пісьменнікаў, філосафаў, палкаводцаў, асветнікаў, святых і да т.п.

Але няведанне - гэта толькі паўбяды. Калі чалавек не ведае, але гатовы слухаць, яму можна распавесці. Горш усяго, калі чалавек, штосьці ведае, але інтэрпрэтуе па-свойму!

А яшчэ горш, калі да гэтай інтэрпрэтацыі дадаецца "лжывы рускі патрыятызм", ды яшчэ прымешваецца нібы "палітыка Дзяржавы Расійскай". Тады ўсё! Кідай вёслы, ідзі на дно…

Вось нядаўна прачытаў я меркаванне не шараговага расійскага абывацеля, а намесніка дырэктара Інстытута краін СНД спадара Ігара Шышкіна. Важная персона, мяркуючы па ўсім! Аднак яго "адкрыцці", яго "веды" беларускай гісторыі прывялі мяне ў шок. Хоць многія не спрактыкаваныя расійскія чытачы, прачытаўшы "гэта" павераць яму і прымуць усё за чыстую манету!

Не магу быць абыякавым. Хачу даць адказ.

Пры гэтым я не буду казаць пра Ўкраіну. Бо зусім не ведаю сучасных падыходаў у гэтай дзяржаве да гістарычных падзей. Але што да беларускай гісторыі, я яе ведаю добра. Яшчэ ў школе (а я нарадзіўся і да 17 гадоў пражыў у Беларусі), быўшы савецкім школьнікам, я атрымліваў выдатныя адзнакі па гісторыі. А далей, больш. Гісторыяй я захапляўся ўсё сваё жыццё, і ўжо маючы дзве вышэйшыя адукацыі, я, каб удасканаліць свае веды, правучыўся шэсць гадоў (завочна) у Іркуцкім дзяржаўным універсітэце на гістарычным факультэце, а таксама паспеў тры гады папрацаваць настаўнікам гісторыі ў іркуцкай школе. Там, дарэчы, я імкнуўся, каб мае вучні вывучалі нароўні з гісторыяй Расіі і гісторыю Беларусі. Вядома ж, у значна меншых аб'ёмах. Але пра Полацкае княства, пра Вялікае Княства Літоўскае, пра Рэч Паспалітую - кожны мой вучань мог сказаць многае!

Такім чынам, мой адказ спадару Шышкіну:

Першае. У сучаснай Беларусі падручнікі па гісторыі мала чым адрозніваюцца ад савецкіх падручнікаў. Ніхто там гісторыю не змяняе! Вядома ж, ёсць, адпаведны рух. З'яўляюцца новыя манаграфіі, археалагічныя дадзеныя, розныя ўдакладненні і дадаткі, што, увогуле, з'яўляецца звычайным працэсам. Але, вучыўшыся ў савецкі час у савецкай школе, я, быўшы школьнікам ужо ведаў, што беларусы, украінцы і рускія - гэта самастойныя народы, якія адносяцца да групы ўсходніх славян. Ужо ў 9 стагоддзі ва ўкраінцаў з'яўляецца свой цэнтр - Кіеў, у беларусаў свой цэнтр - Полацак, у рускіх свой цэнтр - Ноўгарад. Тады, праўда ніхто гэтыя народы так не заве, таму што захоўваюцца шмат у чым яшчэ родаплемянныя сувязі. Але са з'яўленнем гэтых трох гарадоў, узнікаюць і першыя ўсходнеславянскія дзяржавы, якія летапісцы завуць "княжанні". Так-сама пачынаюць фармавацца і вышэйпералічаныя народы.

Дарэчы ўжо тады, паміж гэтымі цэнтрамі ішла барацьба, як у ваенных адносінах, так і ў плане эканамічнага ўплыву. Міф пра адзіную "Кіеўскую Русь" - гэта ўсяго толькі выдумка позніх "гісторыкаў". Ды і самай назвы "Кіеўская Русь" не існавала ў той час. Было "Кіеўскае княства".

Аб'яднання трох княстваў дамогся толькі Ўладзімір Чырвонае Сонейка - наўгародскі князь і то на нядоўгі час. У 980 годзе, наняўшы варагаў, ён змог сілай захапіць і Полацак, і Кіеў. Але ўжо з 1003 года ў Полацку аднаўляецца свая дынастыя Рагвалодавічаў і Брачаслаў Ізяслававіч - полацкі князь дамагаецца незалежнасці Полацкага княства.

Гляньце "Аповесць мінулых гадоў", а яшчэ лепш "Слова пра паход Ігараў", там усё пра гэта напісана. Барацьба паміж, так званымі "братэрскімі народамі" ішла не абыякая і са зменным поспехам. Полацкі князь Усяслаў Чарадзей і Кіевам адзін час кіраваў, а, скарыўшы Ноўгарад, званы з Сафійскага сабора зняў і ў Полацкай Сафіі іх павесіў! Вялікі быў князь. Усе беларусы і ў савецкі час, і ў цяперашні ганарацца ім! У сучасным Полацку помнік яму паставілі. Штосьці І. Шышкін гэтага князя замоўчаў. Бо ідучы па яго логіцы, гэты князь, як і яго бацька Брачаслаў, праводзілі антырускую палітыку і з рускімі князямі ваявалі фактычна 100 гадоў!

Але, вернемся да Шышкіна. Міф, што беларусы - галіна рускага народа, абсалютна нікчэмны.

Усе беларускія гісторыкі і вялікая частка рускіх гісторыкаў (не зашоранных "рускім ілжэпатрыятызмам") прыйшлі да высновы, што фармаванне ўсходнеславянскіх народаў адбывалася ў перыяд 6-8 стагоддзяў, у выніку "Вялікага перасялення народаў". Групы славянскіх плямёнаў прыйшлі на новыя землі і змешваліся з мясцовым насельніцтвам, а менавіта:

- славянскія плямёны: славене ільменскія і вяцічы прыйшлі на тэрыторыю, дзе жылі фіна-ўгры. У выніку асіміляцыі стаў фармавацца рускі народ.

- славянскія плямёны: паляне, драўляне, севяране, валыняне прыйшлі на тэрыторыю дзе жылі нашчадкі скіфаў. У выніку змешвання гэтых плямёнаў паўсталі ўкраінцы.

- славянскія плямёны: крывічы, дрыгавічы і радзімічы прыйшлі на тэрыторыю ўсходніх балтаў: дайнава, яцвягі, літва (не блытаць з сучаснымі літоўцамі, якія захавалі сваё гістарычнае балцкае паходжанне, і да 1919 гады зваліся жмудзіны, а іх тэрыторыя Жмудзь). У выніку гэтага змешвання з'явіліся беларусы.

Пазней усе гэтыя тры народы сталі зваць усходнеславянскімі.

Яшчэ раз падкрэсліваю, што назвы народаў - рускія, украінцы, беларусы - прыйшлі значна пазней, але фармаванне саміх этнасаў адбылося ўжо ў 6-8 стагоддзях! А зваліся яны тады: наўгародцы, палачане, кіяўляне. А іх дзяржавы зваліся "Наўгародскае княства", "Полацкае княства" і "Кіеўскае княства"!

Такім чынам, дык, з аднаго боку мы маем славянскае паходжанне, што нас уласна і аб'ядноўвае. Але з іншага боку кожны з трох народаў фармаваўся з "даданнем чагосьці яшчэ" і ў адзін і той жа час! Так што казаць, што спачатку сфармаваўся рускі народ, а затым "адлучыліся" беларусы і ўкраінцы зусім антынавукова!!!

Яшчэ раз падкрэсліваю: нашы народы фармаваліся адначасова!

І што да беларусаў, то ў нас цячэ кроў як усходнеславянская, так і балцкая! А значыць для нас "братамі" з'яўляюцца не толькі рускія і ўкраінцы (усходнія славяне), але і літоўцы і латышы (балты). Ды і палякі нам сваякі. Бо польскі народ сфармаваўся ў выніку змешвання заходніх славян з заходнімі балтамі!

І пра гэта, дарэчы, я ведаў яшчэ ў савецкі час!

Між іншым, і па вонкавым выглядзе і па характары ўсе гэтыя народы адрозніваюцца адзін ад аднаго, як раз дзякуючы "даданню чагосьці яшчэ".

Ідзём далей. Спадар Шышкін прыводзіць у прыклад так званыя нямецкія галіны прусакоў і аўстрыйцаў. Яшчэ да таго ж сцвярджае, што кожны аўстрыец і прусак - "гэта немец са знакам якасці". Ох, дазналіся б пра гэта аўстрыйцы…

Не ведаю, якімі крыніцамі і якімі навуковымі працамі аперуе І. Шышкін, але нас у Іркуцкім дзяржаўным універсітэце вучылі па-іншаму. Па-першае, немцы гэта наша руская назва. У 18 стагоддзі ў Расіі немцамі звалі наогул усіх заходнееўрапейцаў. Што ж датычыцца германскіх плямёнаў, то іх была вялікая колькасць, як і славянскіх. Уласна кажучы, гэтыя дзве групы спрыялі ўтварэнню многіх народаў і дзяржаў у сучаснай Еўропе. Я здзіўлены, што ж Шышкін не сказаў, што кожны француз і ангелец лічыць сябе ў душы немцам?! Бо франкі і англы - гэта германскія плямёны! Першыя прыйшлі на тэрыторыю галаў, перамяшаліся з імі і заснавалі дзяржаву Францыю, а таксама сфармавалі французскі народ! Другія прыехалі на выспу брытаў, асімілявалі іх, і вось яна Англія і ангельскі народ!

Аўстрыйцы таксама ўтварыліся ў эпоху "Вялікага перасялення народаў". Германскія плямёны з аднаго боку і славянскія плямёны з другога прыйшлі на тэрыторыю, дзе кельцкія плямёны былі перамяшаны з ілірыйцамі, якія ў сваю чаргу былі заваяваны рымлянамі. Вось у такім катле паступова сфармаваўся аўстрыйскі народ. Так што ў аўстрыйцаў цячэ як германская кроў, так і славянская! Так што яны нам таксама "браты"!

Што ж датычыцца так званых "прусакоў", то гэта да назвы народа ніякага дачынення не мае! Кожны добрасумленны школьнік як у савецкі час, так і ў сучаснай Расіі па гісторыі Сярэдніх вякоў вывучаў, што прусы - гэта заходняе балцкае племя. Самі прусы былі заваяваны германскім Тэўтонскім ордэнам у 13 стагоддзі, і праз некалькі дзесяцігоддзяў агерманіліся. Затым Тэўтонскі ордэн у 1410 годзе быў разбіты ў генеральнай бітве пад Грунвальдом аб'яднанымі беларускімі і польскімі войскамі. На яго аскепках паўстала герцагства Прусія, у якім ужо прусаў ніякіх не было, а былі самі германцы, якіх, па назве дзяржавы часам звалі "прусакамі". У 1701 г. Прусія ўмацавалася як дзяржава, і аб'яднала большасць германскіх плямёнаў. З гэтага года Прусія абвешчана каралеўствам (сталіца горад Берлін). А ў 1871г. прускі кароль Бісмарк "жалезам і крывёй" завяршыў аб'яднанне германскіх княстваў і абвясціў Германскую імперыю. Так што казаць пра тое, што кожны прусак - "гэта немец са знакам якасці", гэта таксама што заяўляць, што кожны "маскаль", (жыхар Маскоўскага княства) - гэта рускі са знакам якасці!

Ну а вось сцвярджэнне, спадара Шышкіна, што "беларусы - гэта рускія са знакам якасці" - поўны абсурд! І спасылка тут на словы А. Лукашэнкі зусім недарэчная. Нельга каньюктурнае выказванне ператвараць у аксіёму. Наогул, на мой погляд, гэта абражае адразу два народы. Беларусаў, таму што пазбаўляе іх сваёй нацыянальнасці, і рускіх якія застаюцца без "знака якасці". Гэта значыць яны недасканалыя? Асабіста я як беларус і грамадзянін Расіі абражаны ўдвая. Недасканалых і "якасных" народаў не бывае! Народы ўсё ўнікальныя і маюць сваю багатую традыцыю і гісторыю. І асабіста я ўсе народы паважаю! А Шышкін? Экстрэмізмам ад яго папахвае…

Пераходзім да наступнага сцвярджэння спадара Шышкіна. Ён кажа, што "заходнерускія землі былі захоплены літоўцамі".

Што ж дадзены міф існаваў і шырока сцвярджаўся ў царскую эпоху. Царызму было выгадна так сцвярджаць, каб апраўдаць сваю экспансію на беларускія землі. Часткова гэта сцвярджэнне перайшло і ў савецкую гістарыяграфію. Хоць ужо з меншым запалам.

Канчаткова дадзены міф быў выкрыты ў 1968 годзе (падказваю І. Шышкіну - гэта савецкі перыяд!). Тым часам выйшла даследаванне вядомага беларускага гісторыка Міколы Ермаловіча: "Па слядах аднаго міфа", дзе на добрай навуковай аснове, выкарыстоўваючы гістарычныя летапісы і хронікі, а таксама абапіраючыся на матэрыялы некаторых гісторыкаў, пачынальна з сярэдзіны 16 і да пачатку 20 ст., ён змог даказаць зваротнае: беларусы падпарадкавалі і асімілявалі балцкае племя "літва" (гістарычная), і ў гонар гэтай заваёвы назвалі сваю дзяржаву Літва! Як бачыце, напрошваецца паралель з германцамі, якія асімілявалі прусаў і назвалі сваю дзяржаву Прусія!

Пасля Ермаловіча гэтую тэму развілі і дапоўнілі сваімі даследаваннямі шматлікія беларускія і некаторыя рускія навукоўцы. У канцы 80-х дадзеная канцэпцыя ў беларускай гістарыяграфіі зацвердзілася канчаткова. Праўда, пасля развалу Савецкага Саюза, літоўскія і часткова рускія гісторыкі зноў вярнуліся да стэрэатыпнага ўяўлення гэтых падзей, прычым кожны ўжо імкнуўся выкарыстоўваць свой "ілжэпатрыятызм" на шкоду гістарычнай праўдзе. Літоўцы не жадалі губляць сваю "гістарычную веліч". А рускія "лжэпатрыёты" баяліся страціць свайго адзінага саюзніка (на момант 90-х гадоў) Рэспубліку Беларусь. Таму зноў загаварылі пра нібы захоп літоўцамі "братоў-беларусаў" у 13 стагоддзі.

Аднак сучасныя беларускія аўтары і падручнікаў, і розных дапаможнікаў, і манаграфій ужо цвёрда адстойвалі канцэпцыю 1968 года.

У чым яе сутнасць? Сцісла.

Гістарычная літва і сучасныя літоўцы розныя плямёны. Племя літвы жыло паміж беларускімі гарадамі Наваградкам і Менскам. Сучасныя літоўцы да 1919 года зваліся жмудзіны (жамойты). І толькі з 1919 г. з лёгкай рукі бальшавікоў, якія з лютага гэтага года абвясцілі пра стварэнне Літоўска-Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі, жмудзіны пачалі зваць сябе літоўцамі і прэтэндаваць на гістарычную спадчыну Вялікага Княства Літоўскага.

Полацкае княства, якое ў часы кіравання Брачыслава і Ўсяслава Чарадзея (1003 - 1101 гг.) ахоплівала амаль усю сучасную Беларусь, стала распадацца на ўдзельныя княствы. Дарэчы, дзіўная гістарычная падзея: два князі - бацька і сын - кіравалі амаль 100 гадоў! За гады іх кіравання беларускія землі атрымалі росквіт. Пачалі ўмацоўвацца перыферыйныя гарады і з'яўляцца новыя. Усяслаў пакінуў пасля сябе вялікую спадчыну. Кожнаму сыну ён аддаў горад "у княжанне", але Полацак паранейшаму адыгрываў ролю вялікакняскага пасаду. У той жа час пачалі ўзвышацца і іншыя беларускія гарады: Віцебск, Менск, Друцк, Лагойск, крыху пазней Наваградак і інш., у якіх кіравалі дзеці, унукі, праўнукі Ўсяслава. Вядома, узнікалі міжусобныя войны, але, як піша летапісец, перад вонкавым ворагам Полацкай зямлі Ўсяслававічы былі "заадно". У гэты перыяд раздробненасці ўсё актыўней паводзіць сябе балцкае племя літва (гістарычная). Некалі васальна залежнае ад Полацка, шмат у чым яно зараз выступае самастойна. І ўсё ж у большай ступені гэта саюзнікі палачан. Асабліва ў барацьбе з крыжакамі. Дарэчы, калі рускія ваявалі з крыжакамі толькі ў адной бітве (Лёдавае пабоішча), то беларусы змушаны былі ваяваць з "ваярамі Хрыста" на працягу 200 гадоў (з 1206 па 1410 гг.).

Таксама вядомыя і выступленні беларусаў сумесна з літвою і супраць манголаў. Так, напрыклад, летапісцы апісваюць вядомую бітву пад Крутогорьем (сучаснае Койданава Менскай вобласці), дзе супраць азіяцкіх заваёўнікаў "новгорожане, слонимчаны, пинщаны (жыхары беларускіх гарадоў Наваградка, Слоніма, Пінска) стаяли войска со жмондами и литвою" .

І ўсё ж часам літва нападала на беларускія гарады, як зрэшты, былі і зваротныя паходы. З гэтым трэба было штосьці рабіць. Перыяд раздробненасці павінен быў спыніцца. Гэта разумелі ўсё.

І вось тут на першае месца выходзіць беларускі горад Наваградак, які да пачатку 13 стагоддзя стаў адным з багатых селішчаў. У канцы 30-х гг. 13 стагоддзя ў летапісах згадваецца ўдалы паход князя Ізяслава Наваградскага ў саюзе з "літвой Міндоўга" супраць стаўленіка крыжакоў Конрада Мазавецкага. Удалыя паходы, выгаднае геаграфічнае размяшчэнне Наваградка дазваляюць яму паступова стаць уплывовым горадам "Полацкай зямлі". Вось цытата аднаго з савецкіх гісторыкаў Гурэвіч Ф.Д., якая ў Ленінградзе ў 1981 годзе выдала кнігу "Старажытны Наваградак": "У 12-13 стагоддзях Наваградак наводнены імпартнымі вырабамі. Горад, які па памерах сваіх умацаваных частак належаў да невялікіх…, па знаходках прадметаў раскошы супернічае з услаўленымі старажытнарускімі гарадамі, а ў шэрагу выпадкаў з'яўляецца ўладальнікам унікальных рэчаў".

Такім чынам, Наваградак меў усе ўмовы для пачатку аб'яднальнага працэсу гарадоў "Полацкай зямлі". Але, князь Ізяслаў Наваградскі, які быў паспяховы ў войнах супраць крыжакоў, кудысьці знікае. У летапісах пра гэта смутныя звесткі. Магчыма, яго падпільнавалі агенты крыжакоў і забілі.

Наваградскае веча шукае прэтэндэнта. Для багатага горада патрэбен моцны князь. І вось тут наваградчанам пашанцавала. У Іпацеўскім летапісе мы чытаем, што пасля няўдалага паходу Міндоўга ў 1245 годзе на крыжакоў і яго паразы пад цвердзю Амботэн, літва, страціўшы многіх сваіх ваяроў, выганяе Міндоўга. Той змушаны шукаць сховішча ў горадзе свайго былога саюзніка Ізяслава, гэта значыць у Наваградку. Наваградскія баяры нават гатовыя яго абраць князем, але з адной умовай, што ён прыме праваслаўе і прысягне на вернасць гораду. Што і адбываецца ў 1246 годзе. Гэты факт адзначаны ва ўсіх летапісах таго перыяду.

А зараз скажыце, ці мог язычнік Міндоўг "заваяваць" (як сцвярджае Шышкін) Наваградак і затым прыняць праваслаўную веру? Наўрад. А вось папрасіўшы сховішча ў наваградцаў і быўшы на вечы абраным князем, як умова абрання, прыняцце праваслаўя бачыцца лагічным.

Далей, у Іпацеўскім летапісе гаворыцца, што Міндоўг "Литву заня, поимана вся земля литовская" . Гэта значыць, кажучы сучаснай мовай Міндоўг пры падтрымцы наваградскага войска заваёўвае племя літву (гістарычную). Гэта адбываецца ў канцы 40-х - пачатку 50-х гг. 13 стагоддзя. І вось з гэтага моманту ўзнікае дзяржава Вялікае Княства Літоўскае (ВКЛ), а гістарычная літва канчаткова раствараецца ў славянскім этнасе. Зараз у летапісах Літва згадваецца толькі, як дзяржава і з вялікай літары, а не як балцкае племя. А ўсе жыхары гэтай дзяржавы завуцца: ліцвіны! Яшчэ раз, звяртаю Вашу ўвагу на паралель: прусы - балцкае племя; прусакі - германцы, грамадзяне германскай дзяржавы Прусія. Таксама: літва - балцкае племя; ліцвіны - беларусы, грамадзяне беларускай дзяржавы Вялікага Княства Літоўскага (ці коратка Літвы).

Паслядоўнікі Міндоўга паступова змаглі аб'яднаць усе ўдзельныя княствы Полацкай зямлі пад уладай ВКЛ. Прычым, уваходжанне гэтых земляў у склад ВКЛ было добраахвотным і ажыццяўлялася праз шлюбныя саюзы ці праз заключэнне дамоў ("радоў"). Дамоўныя абавязанні, якія бралі на сябе кіраўнікі Літвы і баярства далучаных земляў, давалі магчымасць захавання аўтаномнага статусу земляў, якія станавіліся складовымі часткамі Літоўскага княства. У канцы 13 - пачатку 14 стагоддзяў у склад ВКЛ уваходзяць Полацкае, Віцебскае і Менскае княствы.

Такім чынам, Вялікае Княства Літоўскае будуецца на федэратыўнай аснове! І ні пра якую "заваёву" літоўцамі беларусаў, вядома ж, і гаворкі не можа ісці.

У 15 - 16 стагоддзях настае "Залаты век" для ВКЛ. Гэта дзяржава разлеглася "ад мора да мора" - ад Чорнага мора да Балтыйскага. Дзяржаўная мова ў ВКЛ - старабеларуская. На ёй пішуць свае працы беларускія сярэднявечныя мысляры, пісьменнікі і філосафы: Мікола Гусоўскі, Францішак Скарына, Сымон Будны, Васіль Цяпінскі, Пётр Скарга і многія іншыя. На старабеларускай мове выходзяць і ўсе тры Канстытуцыі ВКЛ, так званыя "Статуты". Некаторыя палажэнні апошняга Статута 1588 гады дзейнічалі нават пасля далучэння беларускіх земляў да Расійскай імперыі, да сярэдзіны 19 стагоддзя. Практычна ўсе беларускія гарады ў "Залаты век" атрымалі "Магдэбургскае права" - самакіраванне!

Вось толькі адно замінае ВКЛ развівацца. Гэта экспансія Вялікага Княства Маскоўскага (ВКМ) на захад. Ужо ў канцы 14 стагоддзя і ўсё 15 стагоддзе паміж ВКЛ і ВКМ узнікаюць ваенныя канфлікты і спрэчкі за тэрыторыі. Той жа Зміцер Данскі, нягледзячы на тое, што атрымаў вялікую дапамогу ад беларусаў у 1380 годзе на Куліковым полі (тады браты-князі Андрэй Полацкі і Зміцер Бранскі прывялі каля 2000 ваяроў у падтрымку маскалёў і склалі Полк правай рукі і Запасны полк, якія не адышлі ні на крок перад манголамі), крыху пазней па сведчанні "Хронікі Літоўскай і Жамойцкай ужо марыў: "Дмитрий, великий князь московский … умыслил под Литвою Киевское, Витебское и Полоцкое князство войною доходити , обецуючы… Литву всю огнём и мечом звоевати…" . Праўда, у яго гэта не атрымалася.

Фактычна абодва княствы абвяшчалі сябе "збіральнікамі земляў рускіх". Пра гэта пісаў нават Карл Маркс у сваёй працы "Сценька Разін": "Русь тады была падзелена на дзве дзяржавы: Маскву і Літву", якія з'яўляліся двума цэнтрамі аб'яднання ўсходнеславянскіх земляў.

І ўсе ж ваенныя канфлікты 15 стагоддзя былі прэлюдыяй. А вось поўнамаштабныя войны паміж ВКЛ і ВКМ пачаліся 14 ліпеня 1500 гада, калі "зехалося войско литовское с московским на Ведрошы, и учинили межы собой бой и сечу великую, и побила Москва Литву" .

Менавіта пасля гэтай бітвы на працягу 167 гадоў паміж ліцвінамі (беларусамі) і маскалямі (рускімі) са зменным поспехам і з часовымі перамір'ямі пачалася кровапралітная вайна.

Адзін толькі факт: у 1563 годзе Іван Грозны пасля працяглай аблогі захапіў адзін з найуплывовых і найбагатшых гарадоў ВКЛ - горад Полацк. Насельніцтва самага горада і наваколляў было часткова пакарана (у жудасных пакутах), часткова вывезена ў Масковію (асабліва гэта датычылася рамеснікаў). Горад палілі, рабавалі і знішчалі насельніцтва. Горад спусцеў. Пасля гэтага пабоішча беларусы сталі зваць Івана IV "Жахлівым" - ("Жудасным").

На гэту трагедыю адгукнулася і ўся Еўропа. "Лятучыя лісткі" з апісаннем полацкай трагедыі выходзілі на нямецкай, чэшскай, ангельскай, французскай, галандскай і лацінскім мовах. Беларускі гісторык Генадзь Сагановіч прыводзіць словы аднаго з такіх выданняў якія выйшлі ў Нюрнберзе: "Вельмі страшная навіна прыйшла пра маскаля, які некалькі дзён таму з дзікім тыранствам захапіў і здушыў Полацак - высакародны горад і цвердзь Літоўскай зямлі…" .

Адбіць гэты горад стала для ВКЛ справай гонару. Але саматугам гэта было зрабіць цяжка. І менавіта гэты факт пхнуў Літву на звяз з Каралеўствам Польскім.

1 ліпеня 1566 г. была падпісана Люблінская ўнія, якая абвяшчала аб'яднанне Вялікага Княства Літоўскага і Кароны (як у тыя часы скарочана звалі Польскую дзяржаву).

Так была створана - Рэч Паспалітая, што ў перакладзе значыць "Рэспубліка", канфедэратыўная дзяржава "абодвух народаў", у якім кожная з бакоў захоўвала свае войскі, свае грашовыя сістэмы, межы і мытню. Дзяржаўных моў таксама было дзве: лацінская ў Кароне і старабеларуская ў Літве. Выдадзены 3-ці Статут ВКЛ у 1588 годзе ўжо пасля аб'яднання падкрэслівае суверэнітэт Літвы. Больш таго, у ім гаворыцца, што польскаму дваранству забараняецца набываць землі ў ВКЛ. Агульных толькі тры моманты: Агульнадзяржаўны Сойм (З'езд кіравальнага дваранства); кароль Польскі, ён жа і вялікі князь Літоўскі, але яго ўлада з'яўляецца намінальнай, ды да таго ж манарх становіцца не спадчынным, а выбарным на Сойме, і таксама агульным для Рэчы Паспалітай з'яўляецца вораг. Фактычная ўлада ў ВКЛ належыць гетманам і канцлерам, якія прызначаюцца і зацвярджаюцца Соймам ВКЛ, пры ўзгадненні з каралём, толькі з мясцовых беларускіх магнацкіх родаў.

Так што зноў ні пра які захоп палякамі бедных беларусаў і гаворкі ісці не можа. Гэта быў добраахвотны Звяз (Унія) перад вонкавым ворагам.

У выніку аб'яднанае польскабеларускае войска, на чале з нядаўна абраным каралём і вялікім князем Стэфанам Баторыем, пасля 16 гадоў рускага валадарства адбіла і вярнула ў Літву слаўны горад Полацк.

Вайна паміж ВКЛ і ВКМ скончылася толькі 30 студзеня 1667 гады, калі было падпісана Андрусаўскае перамір'е паміж Рэччу Паспалітай і Масквой. Гэта стала магчымым толькі таму, што для абедзвюх дзяржаў паўстаў новы вораг: туркі, аб'яднаныя з крымскімі татарамі. Да таго ж "дэмарш" украінскага казацкага гетмана Дарашэнкі, які 20 лютага 1666 года абвясціў, што ўся правабярэжная Ўкраіна пераходзіць у падданства Крымскаму хану, а ўвесну наступнага года ён быццам бы разам з Ардой пойдзе ваяваць левабярэжную Ўкраіну. Такая заява кранала палітычныя інтарэсы і Рэчы Паспалітай (РП) і Маскоўскай дзяржавы. Таму і стала магчымым дадзенае перамір'е.

16 траўня 1686 года быў падпісаны "Вечны мір" паміж гэтымі дзяржавамі. Усе беларускія гарады, за выключэннем Смаленска і Бранска засталіся ў складзе ВКЛ.

Аднак нацешыцца сапраўдным мірам беларусам не ўдалося. Неўзабаве пачалася Паўночная вайна паміж Расіяй і Швецыяй. Тэатрам ваенных дзеянняў ізноў стала Беларусь. ВКЛ у 1702 годзе склала дамову пра ваенна-наступальны саюз з Расіяй супраць шведаў. Аднак гэта толькі ўвяло нашу дзяржаву ў чарговае спусташэнне. Шведы, рускія, саксонцы, не пытаючы дазволу, уваходзілі на беларускія землі, рабавалі, палілі і знішчалі багацці іх жыхароў.

Вось адно са сведчанняў сучасніка: "Магутныя войскі як з таго, так і з другога боку бесперапынку пракатваліся па Рэчы Паспалітай, ад іх нападу ніводны чалавек любога стану… не быў абаронены. На шляху, хто б ім ні сустракаўся, губляў тое, што меў…".

Вынік гэтай вайны для беларусаў быў вельмі жаласным. У 1717 году насельніцтва беларускіх земляў ВКЛ складала 1,5 млн. чалавек.

Незадаволеныя акупацыйнымі паводзінамі рускіх войскаў на беларускіх землях, частка шляхты ВКЛ на чале з магнатамі Сапегамі пераходзіць на бок Карла ХII. А ў 1704 г. у Рэчы Паспалітай праходзіць Сойм, на якім большасць выбірае новага манарха Станіслава Ляшчынскага, які тут жа аб'яўляе пра саюз са шведамі. Але другая частка польскай і беларускай шляхты падтрымлівае "старога" караля Аўгуста II (саксонскага курфюрста). У Беларусі і Польшчы ўзнікае грамадзянская вайна. Адны ваююць на баку Расіі, другія на баку Швецыі. Пасля перамогі рускіх у Паўночнай вайне, пры непасрэдным ціску Пятра I праходзіць так званы "нямы" Сойм (1717 г.). Ён атрымаў такую назву, таму што "пад рускімі багнетамі" ўсе рашэнні на ім прымаліся без абмеркавання. У выніку Ляшчынскі выганяецца, і да ўлады зноў прыходзіць Аўгуст II. Але яго ўлада абмяжоўваецца. Нават колькасць войскаў была абмежавана да 18 тыс. у Польшчы і да 6 тыс. Літве.

Такім чынам, пасля Паўночнай вайны спачатку Расія, а потым Прусія і Аўстрыя бяруць пад кантроль вонкаваю і ўнутранаю палітыку Рэчы Паспалітай.

У выніку 25 ліпеня 1772 г. у Санкт-Пецярбурзе падпісваецца трактат паміж Аўстрыяй, Прусіяй і Расіяй пра частковы падзел Рэчы Паспалітай. У склад Расіі адыходзяць усходне-беларускія землі, у тым ліку Магілёў, Орша, Віцебск, Полацак. Ствараецца Беларускае генерал-губернатарства, у якое ўваходзяць дзве губерні: Магілёўская (куды пераходзіць і Орша) і Пскоўская (куды ўключаны Полацак і Віцебск).

У самай Рэчы Паспалітай, пасля абрання каралём Станіслава Аўгуста Панятоўскага, спрабуюць правесці рэформы. У 1788-1792 гг. збіраецца Чатырохгадовы (Вялікі) Сойм, на якім актыўна дзейнічаюць рэфарматары і праціўнікі Расіі. Сойм прыняў рашэнне пра павелічэнне войска да 100 тыс. чалавек, прыняў закон пра гарады, які пашыраў іх правы і ствараў спрыяльныя ўмовы для развіцця. А 3 траўня 1791 г. Сойм прымае Канстытуцыю, паводле якой уводзіцца спадчынная манархія, умацоўваецца цэнтральная ўлада, адмяняецца Люблінская ўнія, што прыводзіць да ліквідацыі дзяржаўнасці ВКЛ, ствараецца самастойная праваслаўная епархія, падпарадкаваная напроста канстанцінопальскаму патрыярху і інш. У цэлым Канстытуцыя мела шэраг прагрэсіўных рашэнняў, але меліся і яе праціўнікі. Дадзеную сітуацыю выкарыстала Расійская імперыя, якая ўбачыла ў гэтых рэформах умацаванне Рэчы Паспалітай. 12 студзеня 1793 года была складзена пруска-расійская дамова аб II падзеле Рэчы Паспалітай. Паводле гэтай Дамовы цэнтральная частка Беларусі з Менскам і, часткова ўкраінскія землі, пераходзяць пад юрысдыкцыю Расійскай імперыі. На пакінутай частцы Рэчы Паспалітай адмяняецца Канстытуцыя 1791 года і ўсе рашэнні Чатырохгадовага Сойму.

Вядома ж, гэтыя дзеянні "суседзяў" выклікаюць шок і крайняе абурэнне. Найболей актыўныя і рашучыя пласты грамадства (прычым не толькі шляхта, але і жыхары гарадоў - мяшчане, купцы і рамеснікі), некаторыя сяляне, аб'ядноўваюцца пад сцягі Андрэя Тадэвуша Касцюшка (выхадца з Берасцейшчыны), які 24 сакавіка 1794 гады аб'яўляе Акт паўстання. Яго галоўныя патрабаванні: аднаўленне Рэчы Паспалітай у межах 1772 года і працяг рэформаў. Кіраўнікі паўстання спрабавалі аб'яднаць інтарэсы перадавой часткі шляхты, гарадскога насельніцтва, рабілі крокі, на паляпшэнне становішча сялян.

На тэрыторыі Беларусі паўстанне ўзначальвае палкоўнік Якуб Ясінскі, які выказваў больш радыкальныя погляды. Яго самога і яго паплечнікаў звалі "віленскімі якабінцамі". Яны выступалі за ліквідацыю прыгоннага права, за раўнапраўе саслоўяў, падтрымлівалі рэспубліканскі спосаб кіравання дзяржавай. У пачатковы перыяд Якуб Ясінскі дамагаецца поспеху. Ён захоплівае горад Вільню, Гародню і некаторыя іншыя беларускія гарады, рассылае аддзелы па ўсёй тэрыторыі Беларусі, у тым ліку і за Менск. У яго аддзелах шмат сялян, якія, праўда, былі дрэнна ўзброены, мелі толькі косы ды вілы.

Аўстрыя, Прусія і Расія з трох бакоў накіроўваюць свае рэгулярныя войскі супраць Рэчы Паспалітай. Расійскімі войскамі камандуе Сувораў, які праводзіць тактыку "выпаленай зямлі". Надзеі паўсталых на дапамогу рэвалюцыйнай Францыі не апраўдаліся. Якуб Ясінскі гіне ў бітве каля Варшавы.

Пасля задушэння паўстання ў 1795 годзе адбываецца апошні 3-ці падзел Рэчы Паспалітай. Кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі адракаецца ад пасаду, атрымлівае прыстойнае жалаванне і з'язджае ў Пецярбург. Заходнія беларускія землі далучаны да Расіі, за выключэннем некаторых правінцый Берасцейшчыны, якія адыходзяць Аўстрыі і некаторых раёнаў Гарадзеншчыны, што адышлі да Прусіі.

Вось так скончыла сваё існаванне шляхочая рэспубліка - Рэч Паспалітая, якая праіснавала 229 гадоў.

Што ж датычыцца асобы Тадэвуша Касцюшкі - выхадца са старабеларускага шляхочага роду, то, безумоўна, гэта быў асвечаны патрыёт свайго краю. Па тых часах у яго былі досыць дэмакратычныя погляды. У маладосці ён прыняў удзел у грамадзянскай вайне за незалежнасць ЗША, за што атрымаў чын генерала. Там у яго гонар названы невялікі горад і пастаўлены помнік. Касцюшка ненавідзеў тыранію і абсалютную манархію. У сваім "Паланецкім" звароце да насельніцтва Рэчы Паспалітай ён абвяшчаў вызваленне сялян ад прыгоннай залежнасці і памяншэнне паншчыны. Вядома, ён ідэалізаваў шляхочую рэспубліку. У чымсьці ён апярэдзіў выступленне дзекабрыстаў з іх ідэаламі. У той жа час Андрэй Тадэвуш Касцюшка не бачыў магчымасці асобнага развіцця беларускага народа па-за звязам з палякамі, у адрозненні ад Якуба Ясінскага, якога звалі "ліцвінскім сепаратыстам". Якуб Ясінскі, Міхал Клеафанс Агінскі і іншыя беларускія дваране лічылі, што неабходна адрадзіць ВКЛ.

Што ж датычыцца генералісімуса Суворава, то ў народнай памяці беларускага народа, ён уяўляецца як рашучы і жорсткі палкаводзец, які быў бязмежна адданы інстытуту абсалютнай манархіі Расійскай імперыі. Менавіта ён, быўшы поўным антыподам Касцюшка, "задушыў у крыві" паўстанне.

(Заканчэнне ў наступным нумары.)

Алег Рудакоў


Першы пленэр імя Браніслава Яманта

Лідчына багатая на таленавітых людзей, нам ёсць, кім ганарыцца. Два гады таму, мы, можна сказаць выпадкова, пазнаёміліся з творчасцю нашага земляка, ураджэнца в. Дакудава Лідскага раёна мастака Браніслава Яманта .

Здарылася гэта падчас правядзення раённага дзіцячага пленэра, прысвечанага Вялікай Айчыннай вайне "Каб памяталі ...". Пленэр пачынаўся з наведвання экспазіцыі Дакудаўскага школьнага музея, дзе Агарка Святлана Аляксееўна горача і з любоўю распавядала пра землякоў, якія там ваявалі.

Ужо збіраючыся выходзіць, заўважылі ў куце пакоя мальберт і палітру з фарбамі, якія нас вельмі зацікавілі. Экскурсія прадоўжылася, мы даведаліся пра мастака з дзіўным творчым жыццём, талентам, якога захапляліся многія пакаленні.

Так і ўзнікла жаданне данесці да вучняў нашай школы інфармацыю пра таленавітага земляка, пазнаёміцца з яго творчасцю.

Стараннямі старшыні ГА "Таварыства польскай культуры на Лідчыне" А.Ч. Колышкі ў нас з'явіліся фотаздымкі жывапісных і графічных работ Б. Яманта, біяграфія яго цікавага, насычанага творчасцю жыцця.

А 17 траўня 2013 года на базе нашай Лідскай дзіцячай мастацкай школы стартаваў I Адкрыты конкурс дзіцячага малюнка "Пейзаж у маім сэрцы", прысвечаны творчасці Б. Яманта.

Конкурс праходзіў у два этапы. У першым этапе юныя мастакі малявалі пейзаж з архітэктурнымі збудаваннямі Гарадзеншчыны і па яго выніках лепшыя навучэнцы былі запрошаныя ў наш горад для ўдзелу ў выязным пленэры на радзіму Б. Яманта ў в. Дакудава.

Хлопчыкі і дзяўчынкі з задавальненнем малявалі прыгожыя берагі Нёмана, любаваліся выдатнай прыродай, якая натхняла на творчасць мастакоў і паэтаў. Атрымаліся выдатныя творы. Але конкурс ёсць конкурс, журы давялося нават паспрачацца, выбіраючы пераможцаў.

Мы рады, што Гран-пры, выраблены па адмысловай замове, застаўся ў нашым горадзе, быў заваяваны навучэнкай нашай школы Насцяй Дабрынінай. Вызначыліся выхаванцы мастацкіх школ Гародні, Мастоў, Шчучына, Іўя.

З'язджаючы, юныя мастакі і іх настаўнікі ўжо больш ведалі пра творчасць нашага земляка, захапляліся яго жывапіснымі і графічнымі працамі, дамаўляліся аб творчай сустрэчы на будучы год.

А мы, працягваючы творчы праект, прысвечаны Б. Яманту, адкрываем выставу работ пераможцаў у зале, ветліва прадстаўленай супрацоўнікамі гістарычна-мастацкага музея г. Ліды і запрашаем яе наведаць, каб яшчэ раз пераканацца ў прыгажосці тых месцаў, у якіх мы жывём.

Валянціна Грышкевіч. Фота аўтара і А. Колышкі.


Браніслаў Ямант, (5.08.1886 - 4.02.1957),

з вёскі Дакудава Лідскага раёна, плямяннік Марыі Ямант - нарачонай Кастуся Каліноўскага, мастак, прафесар універсітэтаў Стэфана Баторыя ў Вільні і Мікалая Каперніка ў Торуні, намеснік Фердынанда Рушчыца ў Вільні, заснавальнік і першы дэкан факультэта прыгожых мастацтваў універсітэта імя Мікалая Каперніка ў Торуні.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX