Папярэдняя старонка: 2013

№ 23 (1122) 


Дадана: 05-06-2013,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 23 (1122) 5 чэрвеня 2013 г.

Адам Мальдзіс узнагароджаны ордэнам Францыска Скарыны

7 траўня знаны дзеяч беларускай культуры, літаратуразнавец, гісторык, пісьменнік, журналіст, доктар філалагічных навук, сябар Саюза беларускіх пісьменнікаў і Беларускага ПЭН-цэнтра, сябар Рады ТБМ імя Ф. Скарыны, прафесар Адам Мальдзіс атрымаў з рук кіраўніка дзяржавы ордэн Францыска Скарыны.

Сакратарыят ТБМ, рэдакцыя газеты "Наша слова" шчыра віншуюць Адама Восіпавіча з даўно заслужанай узнагародай.


У Беластоку ўзгадалі Кірыла і Мяфодзія

Cёлета адзначаюць 1150 гадоў з пачатку місіянерскай дзейнасці святых Кірыла і Мяфодзія на славянскіх тэрыторыях. З гэтай нагоды на Кафедры праваслаўнай тэалогіі ў Беластоку зладзілі міжнародную канферэнцыю "Культурная і духоўная спадчына місіі Святых Братоў".

Паводле гісторыка, прафесара Антона Мірановіча, святыя Кірыл і Мяфодзій значна паўплывалі на цывілізацыйнае развіццё славянскай часткі Еўропы:

- Славяне атрымалі каштоўны дар - навучыліся чытаць і пісаць. Дзякуючы гэтай місіянерскай дзейнасці пачаўся імклівы рост пісьменнасці. Хрысціянства і евангалізацыя дадзенай тэрыторыі - гэта не толькі новая вера, але і агульнае цывілізацыйнае развіццё гэтай часткі Еўропы.

У канферэнцыі прымалі ўдзел тэолагі, мовазнаўцы і гісторыкі з Польшчы, Украіны, Расіі ды Грэцыі. Браты Кірыл і Мяфодзій вялі місіянерскую дзейнасць на тэрыторыі Балгарыі ды Маравіі ў другой палове ІХ стагоддзя. Стварылі першы славянскі алфавіт. Браты Кірыл і Мяфодзій з'яўляўцца святымі каталіцкай і праваслаўнай царквы ды патронамі Еўропы.

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток. Фота pravmir.ru.


210 гадоў з дня нараджэння Адольфа Янушкевіча

Адольф Міхал Валяр'ян Юліян Янушкевіч (9 чэрвеня 1803, Нясвіж - 18 чэрвеня 1857, маёнтак Дзягільна Менскага павету Менскай губерні, цяпер у Койданаўскім раёне Менскай вобласці) - беларускі і польскі паэт, этнограф, пісьменнік.

Нарадзіўся ў Нясвіжскім замку ў небагатай шляхецкай сям'і Міхала Мэрло Янушкевіча і Тэклі з Сакалоўскіх, якія жылі пры двары Радзівілаў. Старэйшы брат паэта Яўстаха Янушкевіча.

Вучыўся ў дамініканскай школе ў Нясвіжы. У 1823 годзе скончыў філалагічны факультэт Віленскага ўніверсітэта. Быў сябрам Таварыства блакітных, блізкага да філарэтаў. У студэнцкія гады пісаў па-польску вершы ў сентыментальнай стылістыцы.

У 1823-1826 гг. жыў у Камянцы-Падольскім і ў сямейным маёнтку Дзягільна, быў дэпутатам грамадзянскай палаты ў Галоўным судзе. Пабываў у Нямеччыне, Францыі, Італіі; сустракаўся з Адамам Міцкевічам, Антонім Адынцом, Юліюшам Славацкім, Ёганам Гётэ. Адам Міцкевіч выкарыстаў асобу А. Янушкевіча ў паэме "Дзяды" ў якасці прататыпа героя Адольфа.

Вярнуўся на радзіму ў 1830 годзе, прымаў удзел у паўстанні 1830-1831 гг. Увайшоў у створаны камітэт Легіёна Літвы, Вільні, Падолля і Ўкраіны, ахвяраваў на паўстанне 1000 злотых, быў адным з кіраўнікоў паўстанцкага легіёна. У сакавіку 1831 г. прыняў удзел у баі каля Мацяёвіцаў, дзе быў паранены і трапіў у палон. Паводле выраку суда ад 4 сакавіка 1832 года быў прыгавораны да смяротнага пакарання. Праз нейкі час прысуд заменены вечнай ссылкай у Сібір з пазбаўленнем шляхецтва і канфіскацыяй маёмасці. Адбываў зняволенне ў табольскім астрозе, пасля ў вёсцы Жалякова пад Ішымам (цяпер у паўночным Казахстане). У 1835 пераехаў у Ішым, пасябраваў з Густавам Зялінскім і Аляксандрам Адоеўскім, які прысвяціў яму свае вершы.

Пераклаў "Гісторыю заваявання Ангельшчыны нарманамі" Агюстэна Ц'еры. Падарожнічаў па Сібіры, Казахстане, Кіргізіі. У часе экспедыцыі ў 1846 склаў "Дзённік паездкі ў Сібір", важную крыніцу па гісторыі Казахстана. Быў памілаваны і вярнуўся ў Беларусь у 1856 г.; пасяліўся ў родавым маёнтку Дзягільна. На наступны год памёр ад сухотаў.

Вікіпедыя.


150 гадоў таму назад адбылася бітва пад Мілавідамі

у лагеры пад Мілавідамі (Слонімскі пав., цяпер Баранавіцкі раён) сканцэнтравалася некалькі паўстанцкіх аддзелаў.

Лагер паўстанцаў знаходзіўся ў лесе паблізу шашы Берасце-Бабруйск. Камандаванне аб'яднанымі сіламі ўзяў на сябе А. Лянкевіч. 21 траўня паўстанцкія сілы ў мілавідскім лагеры інспектаваў Кастусь Каліноўскі. 22 траўня (3 чэрвеня) расійскія войскі з розных бакоў атакавалі лагер. Бой працягваўся некалькі гадзін, паўстанцы вытрымалі ўсе атакі. Калі стала цямнець, царскія войскі адступілі на зыходныя пазіцыі, страціўшы 50 чал. забітымі і параненымі. Такім чынам, паўстанцы засталіся ў гэтым баі пераможцамі, іх страты - 18 чалавек.

Наш кар. На здымку: паштоўка Баранавіцкай рады ТБМ.


Даль аб межах беларускай мовы і яе ўплыве на рускую

" Тлумачальны слоўнік жывой вялікарускай мовы", складзены рускім навукоўцам Уладзімірам Далем, уяўляе цікавасць і пры вывучэнні мовы беларускай, у тым ліку яе распаўсюджанасці ў сярэдзіне XIX стагоддзя. Тым не менш, у беларускім масавым друку пра гэта практычна нічога не гаворыцца. Тэлеграф вырашыў паспрабаваць крыху выправіць сітуацыю.

Складанне слоўніка праходзіла ў часы, калі беларускі нацыянальны рух толькі пачынаў рабіць свае першыя крокі ў спробе зараджэння, таму папракнуць вучонага ў якой-небудзь палітычнай ангажаванасці ў дачыненні да беларускай мовы (Уладзімір Даль называў яе беларускай гаворкай) не выпадае. Ды і сам лексікограф ставіўся да мовы беларусаў з пэўнай непрыязнасцю. "Гэта заходняя беларуская нелюбоў да гука "о" і прымусовы перавод яго ў "а", роўна як і адваротнае гэтаму, на ўсходзе, дзівіць вуха наша непрыемна, асабліва брыдка першае" , - пісаў ён (Даль В. Толковый словарь живого великорусского языка. Том I: А-З. - М.: Государственное издательство иностранных и национальных словарей, 1955, стар. 50).

Разам з тым дадзеная цытата дазваляе выказаць здагадку, што прыпіскамі на карысць беларускай мовы навуковец не займаўся.

Такім чынам, згодна з Уладзімірам Далем, гаворка "беларуская, або смаленская, ідзе ад Масквы на захад і незаўважна пераходзіць у чыстую беларускую, на якую ўжо значна намякае нават гаворка ў Валакаламску, Рузе, Мажайску (цяпер заходняя частка Маскоўскай вобласці РФ - Тэлеграф )" ( стар. 74). "Без усялякай нацяжкі можна ўключыць сюды ўсе заходнія губерні нашы, і тады да гаворкі гэтай будуць належаць губерні: Смаленская, Віцебская, Магілёўская, Ковенская, Віленская, Гарадзенская, Мінская; адны толькі паны, шляхта, гавораць там па-польску (верагодна, у разлік не браліся неславянскія мовы - Тэлеграф )", - гаворыцца ў слоўніку (стар. 74-75).

"У суседніх губернях Ржэў, Зубцоў (Цвярская вобласць РФ - Тэлеграф ), Валакаламск, Мажайск (Маскоўская вобласць - Тэлеграф ), Мядынск, Масальск (Калужская вобласць - Тэлеграф ) носяць на сабе болей або меней прыкмет беларускай або смаленскай гаворкі" , - адзначыў вучоны (с. 76).

У якасці ўзору гэтай беларускага гаворкі, ён прыводзіць наступныя выразы: Яж табе казав, ня бяри больши ад яднаго воза; ну и увзяу ба адзин; Як хто хочиць, так па сваём бацьку и плачиць; Каб ня дзирка у роци, хадзиу ба у злоци; Абицанка, цацанка, дурняги радасць; Ды сягодни и у городи жидау нетуци, дык и торгу нема , і г.д.

Па словах Даля, беларуская мова "распаўсюджваецца на захад, да польскіх губерняў, на поўдзень да маларускіх гаворак, адрозніваючыся ў розных мясцовасцях некаторымі асаблівасцямі і прымаючы, па суседстве словы, звароты і гаворку польскую, маларускую або вялікарускую, апошняе перадусім адносіцца да губерні Смаленскай; а моцны ўдзел беларускай чуваць у Чарнігаўскай, Арлоўскай, Калужскай, Цвярской, і асабліва ў Пскоўскай" (с. 76).

Больш за тое, піша Даль (с. 76), "можна сказаць, што яна (беларуская гаворка - Тэлеграф ) чуецца і ў Маскве, таму што аканне, ці высокая гаворка наша, якая стала агульнай, вядома паходзіць ад сумесі наўгародскай са смаленскай". Такім чынам, згодна з навукоўцам, сучасная руская мова ў значнай ступені паўстала пад уплывам беларускай мовы. Гэта таксама абвяргае меркаванне шэрагу людзей аб тым, што беларуская мова з'яўляецца сумессю рускай з польскай, паколькі сама беларуская аказала істотны ўплыў на рускую.

Беларускі моўны ўплыў Уладзімір Даль адзначае і на наўгародскай мове, у якую, па яго словах (с. 51), "словы гэтыя зайшлі на поўнач... з Белай Русі, праз Цвер і Пскоў" . Якія словы трапілі ў наўгародскія землі з беларускіх, відаць на прыкладах асаблівых слоў, якія прыводзіць вучоны. Так, для Наўгародскай губерні характэрныя наступныя адметныя словы: пончохи - чулки - панчохі, черевики - башмаки - чаравікі, свитка - сермяга - світка, швец - портной - шавец, почекать - подождать - пачакаць, позвонец - колокольчик - званочак, домовище - гроб - дамавіна, орать - пахать - араць, дековаться - насмехаться - здзекавацца, пеун - петух - певень, чуть - чуять, слышать - чуць, даси - дашь - дасі і г.д. Для Цвярской: трохи - мало - трохі, сподобить - полюбить - спадабаць, досыть - довольно - досыць, полица - полка - паліца, шкода - изъян - шкода, зробить - сделать - зрабіць, уперши - впервые - упершыню, торба - мешок - торба, толока - помочь - талака, горелка - водка - гарэлка, хата - изба - хата, вжахнуться - испугаться - ужахнуцца, дужа - очень - дужа, знайти - найти - знайсці, цубуля - лук - цыбуля, хувать - прятать - хаваць, сопсовать - испортить - сапсаваць, поратовать - спасать - уратаваць і г.д. (стр. 51).

У Цвярской губерні, на думку Уладзіміра Даля, уплыў беларускай мовы найбольш моцны ва ўжо згаданым Ржэве ( "цокаюць, дзэкаюць, г прамаўляюць прыдыханнем, ставяць х замест ф , і наадварот , у замест в , я замест е ; ы замест о ; падвойнае ш замест щ " (с. 55)), у Пскоўскай - "Апочка і Вялікія Лукі - [належаць] Беларусі, хаця і не столькі, як Цвярское Заволжа" (с. 56). "Масальскі павет выдатна суседнічае з беларусамі... у смаленскай палове жывуць палехі, зусім адрозныя скажонай гаворкай, падобнай больш да дрэннай смаленскай" (с. 70). Прысутнічаюць беларускія асаблівасці і ў мове іншых рэгіёнаў.

Характэрна, што ўсе землі, на якія мела ўплыў беларуская мову, у розныя перыяды сваёй гісторыі ўваходзілі ў склад Вялікага Княства Літоўскага, або былі пад яго пратэкцыяй.

Акрамя таго, Уладзімір Даль у раздзеле аб Смаленскай (беларускай) гаворцы (стр. 74-76) апісаў шэраг граматычных i фанетычных асаблівасцяў беларускай мовы, асаблівасці ўтварэння імёнаў па бацьку і гэтак далей. Мноства беларускіх слоў і пісьмовыя тлумачэнні іх значэнняў можна знайсці і ў самім слоўніку з паметай зах. або запд .


Такім чынам, як мы бачым, "Тлумачальны слоўнік жывой вялікарускай мовы" можа быць цікавы для аматараў беларускай мовы і гісторыі. Да таго ж на падставе слоўніка можна скласці і невялікі слоўнік беларускай лексікі XIX стагоддзя, часткова ўжо забытай.

Максім Гацак , telegraf.by.


Максім ГАЛКІН: Любі мову па-французску або Чаму слабее "великий и могучий"

Я з дзяцінства вучыў французскую мову.

Вучыць яе пачаў таму, што гаркавіў. Вымаўленне мне, шасцігадоваму, выправіла лагапед, але грасіраванне засталося. Не прападаць жа такому багаццю - вось і пачаў вучыць французскую. І ведаеце, што мяне больш за ўсё ўразіла ў гэтай мове? Што французы не паленаваліся прыдумаць свой французскі аналаг для слова "кампутар" - l'ordinateur. І не толькі прыдумаць, але і рэгулярна выкарыстоўваць яго, у той час як увесь свет, уключаючы нас, ужывае англіцызм. Такое трапяткое стаўленне да сваёй гаворкі - не асобны выпадак, а вынік паслядоўнай дзяржаўнай палітыкі захавання мовы.

Мы, вядома, цяпер менш за ўсё ў краіне думаем пра наш "великий и могучий". Мы любім сказаць нешта высакамоўнае пра тое, якое багацце нам дасталося, але ў побытавай і нават у афіцыйнай інфармацыйнай сферах неміласэрна засмечваем яго каравымі запазычаннямі, спрашчаем і збядняем.

Мы пачалі менш чытаць, але пры гэтым, як ні дзіўна, больш пісаць, дзякуючы развіццю сацсетак. Як у старым анекдоце: "Чукча не чытач, чукча - пісьменнік".

Яшчэ пятнаццаць гадоў назад у публічным доступе былі эпісталярныя тварэнні толькі тых, хто атрымаў добрую адукацыю і адрозніваўся калі не талентам, то хоць бы пісьменнасцю.

Зараз жа пішуць усе. Пры гэтым у большасці чатаў, форумаў і твітараў руская мова - гэта ўжо нейкае скажонае адлюстраванне ў крывым люстэрку, якое назаўжды страціла пунктуацыю, часткова развіталася з арфаграфіяй і ўшчэнт збяднела лексічна.

Дайшло да таго, што пісьменнасць стала нямоднай. Прыдумалі нават "олбанскую мову" - наўмыснае скрыўленне рускай. Ведаеце, чаму гэта так званая мова "падонкофф" карыстаецца такой папулярнасцю? Гэта самы просты спосаб схаваць сваю малапісьменнасць. Усё адно, што схаваць дрэва ў лесе.

І бяда не толькі ў тым, што так многія пішуць. Бяда ў тым, што яшчэ больш нашых сучаснікаў чытаюць і фіксуюць у сябе ў галаве гэта моўнае скрыўленне як норму. Далей гэта пераносіцца на вусновую гаворку. Звычка скарачаць думку да кароткіх паведамленняў, прапанову - да аднаго слова, слова - да набору з дзвюх літар прыводзіць да беднасці ў размоўнай рускай.

Вось прыклад са сферы абслугоўвання. Большасць афіцыянтаў, якія размаўляюць на рускай мове, няхай гэта будзе Расія ці Ўкраіна, даступны рэстаран ці дарагі, ужо некалькі гадоў як перасталі прамаўляць поўную фразу "Прыемнага апетыту!". Зараз паўсюдна кажуць: "Прыемнага!" Думаю, не за гарамі скарачэнне і гэтага слова. Урэшце можна проста цмокнуць губамі, каб паказаць, як будзе смачна.

Вы, можа быць, скажаце, што ўсё гэта дробязі. Падумаеш, на адно слова менш, і так усё зразумела. Падумаеш, непісьменна напісаў у блогу - вы ж зразумелі, пра што. Ды вось толькі з такіх дробязяў складаецца цэлая моўная культура. А мова - гэта ядро нацыянальнай самаідэнтыфікацыі. І калі мы не будзем штодзённа адваёўваць сваю родную мову ва ўласнай ляноты, у агрэсіўнай ангельскай, у сучасных тэхналогій, мы проста знікнем як нацыя.

КП.


Опера Манюшкі, якая сабрала аншлаг у Менску, прыедзе ў Гародню

Камерны музычны спектакль паводле Verbum Nobile ("Слова гонару") Станіслава Манюшкі ў пастаноўцы менскага тэатра "Галерэя" ўпершыню быў паказаны 30 траўня ў Менску, а ўжо 20 чэрвеня адбудзецца паказ у гарадзенскім Тэатры лялек.

Прэм'ера гэтай оперы Манюшкі адбылася ў Польшчы яшчэ ў 1861 годзе, а вось у Беларусі яна дагэтуль выконвалася толькі аматарамі ў часы савецкага застою.

"Verbum Nobile" ў выкананні "Галерэі" гэта аднаактавая камедыйная опера з дынамічным сюжэтам у суправаджэнні камернага аркестра. Прадзюсер акадэмічнай музыкі, прадпрымальнік Аляксандр Чахоўскі лічыць, што цяперашняя версія "Слова гонару" больш універсальная, чым класічная опера.

Аляксей Табяшэўскі.


Ці застанемся мы беларусамі?

Перш, чым выказаць свае думкі і меркаванні, хачу спыніцца на сумных фактах нашага жыцця, а менавіта непавагі, ігнаравання роднай беларускай мовы, асновы нашай нацыянальнай ідэнтычнасці, з чым мы ужо звыкліся і думаем, што так павінна і быць.

Дзяржава з прэзідэнтам, урадам, з усімі дзяржаўнымі установамі, вытворчасцю, установамі навукі, адукацыі, выхавання, фінансаў, сувязі, армія, сілавыя структуры, тэлебачанне, на 95% сродкі масавай інфармацыі, побытавае абслугоўвонне, ахова здароўя, гандаль - усё рускамоўнае.

Разам з роднай мовай гіне, адкідваецца ў бок нацыянальная культура. Забываюцца народныя песні, святы, абрады, прымаўкі.

Рускамоўныя песні самай рознай мастацкай каштоўнасці (папса) гучаць на канцэртах, з вокнаў і балконаў дамоў, з аўтамабіляў, з пераносных радыёпрыёмнікаў моладзі.

Артыстычная моладзь выхоўвалася ў рускамоўных садках, школах, ВНУ і практычна не ведае і не хоча ведаць беларускую мову і ёй карыстацца, ухіляецца ад беларускамоўнага рэпертуару.

На розных шоў-праграмах па ТБ аніводнага беларускага слова, а чуеш: "Дамы и господа!", "Господин ведущий".

На ўвогуле цікавай, серыйнай передачы "Один против всех" знатакі, якія дапускаліся да гульні пасля неабходнага адбору, у час гульні блытаюць лён з канюшынай, ці большасць не ведае, хто напісаў паэму "Новая зямля" з дадзеных варыянтаў - Броўка, Танк, Колас.

Ва ўсіх гульнях, шоў, якія праводзяцца на ТБ амаль усе пытанні для разгадвання звязаныя з расійскай культурай, гісторыяй, з расійскімі пісьменнікамі, мастакамі, кампазітарамі, дзяржаўнымі дзеячамі. Быццам у нас сваіх беларускіх няма і ніколі не было.

Наогул дамінуе ў нас культ рускіх, (рускіх-савецкіх) дзяржаўных дзеячоў, вучоных, пісьменнікаў, мастакоў, кампазітараў, ваеннаначальнікаў.

У кнігарнях, розных кіёсках завалена, застаўлена друкаванай рускамоўнай прадукцыяй самай рознай якасці, кірункаў і кошту. Падабраць нешта патрэбнае беларускамоўнае немагчыма.

Купляем, што ёсць і ... перавыхоўваемся на рускіх.

Гарады нашы не адрозніваюцца ад расійскіх - рускамоўныя шыльды, рэклама, а ў большасці і назвы вуліц.

Не дзіўна, што нярэдка чуем з высокіх трыбун, што мы і рускія - гэта адзін народ, адна рэлігія, адна мова, адна эканоміка, аналагічнае заканадаўства, адна культура. Калі адзін народ, то гэта народ рускі. З гэтага наступны вывад (выснова) - беларускага народа няма, і ці патрэбны дзве самастойныя дзяржавы для аднаго народа?

Улада і беларуская мова

У афіцыйных колах лічаць, што беларуская мова ў Беларусі не запатрабавана, людзі ёй амаль не карыстаюцца і дзяцей сваіх не хочуць пасылаць у беларускамоўныя школы, класы ці групы ў садках, хоць маюць на гэта законнае права. Прычына тут вядомая. Калі ва ўсёй краіне ўсё і ўсюды на рускай мове, калі прыхільніку і тым больш абаронцу роднай мовы пры ўсіх станоўчых характарыстыках могуць аказаць недавер, абвінаваціць у нелаяльнасці да існага дзяржаўнага ладу і калі яму не свеціць павышэнне па службе, ці стаць дэпутатам, у такіх выпадках людзі разумныя, зусім лаяльныя да эканамічнай, гаспадарчай і замежнай палітыкі сваёй дзяржавы не хочуць ускладняць жыццё сабе, сваім дзецям і ўнукам. Вучыцца па-руску, дык па-руску.

Нонсенс, але факт. Прачытаў у газеце, што у адным абласным цэнтры дзейнічае толькі адна беларускамоўная група ў дзіцячым садку, у якой адзін выхаванец.

Так мы грамадзяне суверэннай Беларусі перастаем быць беларусамі. Разам са сваёй уладай, якую мы перыядычна выбіраем, свядома ці не зусім, трацім сваю родную мову, культуру, нацыянальную адметнасць.

Унікальны перыяд нашай гісторыі - 20 гадоў незалежнасці мы патрацілі не для ўмацавання нашай нацыянальнай свядомасці, а каб здзейсніць нацыянальнае самагубства і стаць рускімі "са знакам якасці".

Ці магчымы нейкі круты, ці паступовы паварот, каб захаваць ад знікнення беларускую нацыю і незалежную дзяржаву?

Гэта не ў стане зрабіць невялікая колькасць сапраўдных патрыётаў, прыхільнікаў роднай мовы, культуры, у тым ліку творчай і працоўнай інтэлігенцыі, згуртаваных у малалікіх арганізацыях ТБМ. Гэта не пад сілу нашай разрозненай апазіцыі.

Гэта можа зрабіць толькі дзяржаўная ўлада на чале з прэзідэнтам. Народ наш законапаслухмяны. Маем дэмакратычную канстытуцыю і адпаведнае ёй заканадаўства. Улада карыстаецца павагай большасці грамадзян.

Патрэбна добрая воля, разуменне людзьмі, якія маюць бязмежную ўладу, дэпутатамі парламента, міністрамі, тымі хто прызваны выхоўваць моладзь і фармаваць грамадзянскую свядомасць і патрыятызм, важнасці захавання, умацавання нацыянальнай свядомасці - асновы існавання нацыі і дзяржавы, яе аўтарытэту ў Еўропе і свеце.

Захаваць, вярнуць прэстыж роднай беларускай мовы - надзвычай важная задача нашага часу.

Афіцыйна супраць гэтага ніхто і не выказваецца, але і нічога не робіць каб устрымаць русіфікацыю і зрабіць беларускую мову не фармальна, а па-сапраўднаму дзяржаўнай. Для гэтага патрэбны змены ў законах і іншых прававых актах.

Многа гадоў нацыянальна свядомая грамадскасць, у тым ліку ТБМ дамагаюцца прыняцця закона аб дзяржаўнай падтрымцы дзяржаўнай беларускай мовы.

Хто і як гэта можа зрабіць?

Права законадаўчай ініцыятывы маюць Прэзідэнт, урад, усе дэпутаты парламенту. На вялікі жаль ніхто з дэпутатаў апошніх скліканняў не захацеў ці не асмеліўся праявіць ініцыятыву, каб парламент разглядзеў пытанне аб падтрымцы беларускай мовы. Зразумела, усе яны, дэпутаты, рускамоўныя, ды залежныя ад тых, каму родная мова стала непатрэбнай, хто садзейнічаў, каб яны сталі дэпутатамі.

Некалькі гадоў запар застаюцца непачутымі прапановы ТБМ і грамадскасці каб аб'явіць наступны год годам беларускай мовы. Дарэмна

Але ж будзем спадзявацца на лепшае. На мой погляд, ТБМ, значная частка нацыянальна свядомай інтэлігенцыі і наогул грамадскасці, моладзі будуць рабіць усё магчымае, каб захаваць родную мову і нацыянальную культуру, гонар і годнасць беларускага народа і дзяржавы.

Гарады нашы зрусіфікаваныя амаль цалкам. Каб кардынальна змяніць сітуацыю патрэбна добрая воля ўладаў, нямалыя фінансавыя сродкі і час. Дзяржава паступова але настойліва можа справіцца з праблемаі беларусізацыі навучальных устаноў, кіравальных структур, СМІ.

Больш беларускасці засталося ў сельскай мясцовасці. Насельніцтва пераважна гаворыць па-беларуску ці на трасянцы. У вёсках (аграгарадках) захаваліся беларускамоўныя школы

Хоць многія з іх ўсё больш трацяць сваю беларускасць. Было б добра, каб тут, у апошніх беларускіх школах спыніўся працэс русіфікацыі, каб вучоба і выхаванне вяліся на беларускай мове і нацыянальных традыцыях. Сельскія беларускія школы могуць і павінны стаць крыніцамі (вытокамі) будучых педагагічных кадраў для навучальных устаноў, творчай і працоўнай інтэлігенцыі, СМІ.

На мой погляд ёсць магчымасць пры сельскіх школах арганізаваць першасныя арганізацыі ТБМ. Іх сябрамі маглі бы быць настаўнікі, у тым ліку і тыя, хто на пенсіі, вучні старэйшых класаў, сельская інтэлігенцыя, іншыя прыхільнікі роднай мовы.

Вядома, для гэтага павінны быць неабходныя ўмовы - згода і падтрымка кіраўнікоў органаў асветы і вырашэнне, хто гэтай справай будзе непасрэдна займацца. Безумоўна, патрэбна дамова аб гэтым кіраўніцтва ТБМ з Міністэрствам адукацыі.

Было б вельмі карысна захаваць у вёсках, аграгарадках тое, што ўжо страчана ў гарадах.

Як яно будзе далей, не ведаем, і ўсё будзе залежаць ад дзяржаўнай улады і адносін кожнага з нас да ўсяго роднага, блізкага - мовы, культуры, гісторыі, спадчыны, традыцый.

Дзякуй Богу, на фоне агульнай русіфікацыі ёсць станоўчыя прыклады разумення нацыянальных інтарэсаў з боку кіраўнікоў дзяржаўных і грамадскіх структур і грамадзян.

Хачу прывесці некалькі фактаў ці прыкладаў.

Наша беларускае тэлебачанне і радыё гэта адна вялікая дзяржаўная сістэма. ТБ за невялікімі выключэннямі рускамоўнае, у тым ліку навіны, каментарыі, шоў-праграмы, трансляцыя расійскіх праграм, нават свае праекты як "Песні года Беларусі", "Я люблю Беларусь", "Я пою" і іншыя патрыятычнага кірунку перадаюцца на рускай мове.

Наадварот, на Беларускім радыё ў значнай ступені захаваўся беларускі моўны фон. За гэта я, асабіста люблю амаль усе праграмы БР. Вядоўцы, дыктары, каментатары дасканала валодаюць як беларускай, так і рускай мовамі, лёгка, прыгожа пераходзяць з адной мовы на другую, у залежнасці, на якой мове атрымана пытанне, заяўка на песню і пажаданне родным ці блізкім. За гэта працаўнікам БР мая падзяка і захапленне.

Тут нельга не спыніцца на заяўках грамадзян на выкананне па радыё песень. Можа, 99% заявак ад грамадзян паступае на выкананне рускамоўных песень савецкіх кампазітараў, рускіх народных і сучасную расейскую папсу. Чаму не замаўляем свае беларускія песні? Мала іх ведаем. Чаму мала ведаем? А таму, што яны рэдка выконваюцца па радыё і ТБ. Зачарованае кола.

Каталіцкі касцёл перайшоў на беларускую мову пры адпраўленні набажэнстваў (літургіі) у святынях і ў кантактах з вернікамі. Беларускае радыё штотыднёва ў нядзелю вядзе трансляцыю нядзельнай імшы на беларускай мове.

У праваслаўных цэрквах гэтага пакуль няма, за выключэннем некаторых маладых святароў, якія размаўляюць са сваёй паствай па-беларуску.

Станоўчы прыклад хачу прывесці з нашай царквы у вёсцы Міжэвічы Слонімскага раёна. Раней настаўніца, цяпер пенсіянерка Галіна Іванаўна Латар выконвае абавязкі царкоўнага старасты. Як у царкве, так і за яе сценамі кантактуе з вернікамі на прыгожай чыстай беларускай мове і карыстаецца вялікай павагай аднавяскоўцаў і многіх іншых, хто яе ведае.

Спыняюся яшчэ на двух прыкладах супрацьлеглых адносін кіраўніцтва ўстаноў да роднай ды і дзяржаўнай беларускай мовы.

У Слоніме па-суседству знаходзяцца вакзал чыгуначны, нядаўна капітальна адрамантаваны. Там расклады руху цягнікоў і іншая інфармацыя для пасажыраў і вонкавыя шыльды выкананы на беларускай мове. У суседзяў на аўтобусным вакзале нядаўна пабудаваным і звонку, і ў сярэдзіна ўся інфармацыя, шыльды, расклады руху аўтобусаў - усё на рускай мове.

Другое параўнанне. У тым жа Слоніме некалькі гандлёвых аб'яднанняў. У адным з іх з назвай "Світанак", дзе доўгі час кіраўніком быў паважаны ў горадзе Васіль Духоўнік, усе шыльды на магазінах і іншых аб'ектах аб'яднання выкананы па-беларуску. На магазінах іншых гандлёвых арганізацый, у тым ліку і спажывецкай кааперацыі - усё на рускай мове.

Вядома, і беларуская, і руская мовы дзяржаўныя. Няма права некага крытыкаваць, але ж у Беларусі і для беларусаў найбліжэйшай і найраднейшай хіба свая, беларуская.

Чытаем у газетах, у тым ліку і ў "Нашым слове", што нешта робіцца для захавання беларускай мовы і нацыянальнай свядомасці ў Польшчы на Беласточчыне, у Літве на Віленшчыне, нават у Сібіры, у Казахстане, дзе воляй лёсу аказаліся нашы землякі.

Гэта мы належна ўспрымаем - ведай нашых.

Разам з тым большасць з нас абыякава глядзіць, як затухае беларуская мова, што роўназначна самагубству беларускасці ў Беларусі.

Было б вельмі добра і карысна каб газета "Наша слова" ў меру сваіх магчымасцяў на сваіх старонках паказвала станоўчыя факты, дзе рэальна рэалізуюцца планы, намеры, ТБМ па беларусізацыі нашага жыцця, хоць і ў невялікім маштабе.

Вось такімі сваімі асабістымі думкамі і разважаннямі я вырашыў падзяліцца з чытачамі газеты "Наша слова", якую я чытаю многа гадоў і заўсёды салідарны з яе аўтарамі і з лініяй (палітыкай ці тактыкай) кіраўніцтва ТБМ.

Эдуард Арочка.


Выпуск у беларускамоўнай гімназіі

У беларускамоўнай гімназіі № 23 у Менску прагучаў апошні званок. Гімназія знаходзіцца ў самым цэнтры. Калектыў тут амаль сямейны - усяго каля чатырох сотняў вучняў. Каб трапіць на заняткі ў гімназію, дзе вучаць па-беларуску, дзеткі ездзяць з усяго горада. Нават з Каралёвага Стану.

Выпускны клас у гэтым годзе ўсяго адзін.

- Нашая гімназія асаблівая, - распавядае класная кіраўніца выпускнікоў Ларыса Асацыяні, - бо ў нас навучанне на беларускай мове. Вельмі вялікая прага культуры, беларускай мовы. Асноўная мэта - захаваць тое, што нам дадзена ад нашых продкаў. Дзякуючы нашай гімназіі мы выконваем загад нашай дзяржавы.

Што праўда, навучэнцы гімназіі пра любоў да Беларусі і яе культуры кажуць шчыра. І зусім не завучанымі словамі. Веданнем беларускай мовы ганарацца, аднак знайсці ёй практычнае прымяненне ў будучыні мала хто спадзяецца.

Амаль усе апытаныя намі выпускнікі тэставанне збіраюцца здаваць па-беларуску. А вось планы на паступленне ў ВНУ ва ўсіх розныя.

Павел будзе паступаць у БДУ на эканамічную інфарматыку. На пытанне, чаму, адказвае: "Бо вельмі люблю нашую краіну". Праўда, тэсты будзе здаваць па-расейску, бо так лягчэй.

- Мне здаецца, што беларускамоўная адукацыя - гэта хутчэй плюс, - кажа ён. - Мы лепш ведаем родную мову, але з будучай кар'ерай гэта ніяк не звязана.

Ізольда, мама выпускніцы Марыі, распавядае, што дачка паступае на "эканамічную інфарматыку". Спецыяльнасць гэтая новая, хочуць паглядзець, што гэта такое. Ва ўніверсітэце ёсць некаторыя выкладчыкі, якія праводзяць заняткі па-беларуску. За гэта Ізольда не хвалюецца. А вось падрыхтоўка да паступлення абышлася дорага - займаліся і на курсах, і ў рэпетытараў:

- Усё адно няўпэўнена сябе пачуваюць дзеці, хочуць нечага большага, большай трываласці ведаў. Зразумела, што школа дае базу, якую трэба прывесці ў сістэму. Хадзілі мы да рэпетытараў, займаліся па ўсіх трох прадметах.

Мікіта збіраецца ў Варшаву, ва ўніверсітэт Лазарскага на маркетынг:

- Там перспектываў болей.

Навучанне ў "Лазарскім" далёка не таннае. Мікіта кажа, што пакуль будуць плаціць ягоныя бацькі, але ўпэўнены, што хутка і сам пачне зарабляць...

Радыё "Свабода".


У абдымках славянскай паэзіі…

З 20 па 26 траўня ў Балгарыі адбыўся фестываль славянскай паэзіі "Славянскія абдоймы". Як звычайна прэстыжны паэтычны форум, які ў гэтым годзе праходзіў у сёмы раз, быў прымеркаваны да штогадовага свята ў гонар славянскіх першаасветнікаў Кірылы і Мяфодзія. Гэта свята стала для балгараў агульнанацыянальным і па традыцыі адзначаецца 24 траўня. Сёлетні фестываль быў прадстаўнічым, як ніколі. Прэзентаваць свае творчыя здабыткі ў Варну сабраліся прадстаўнікі 12 славянскіх літаратур. У тым ліку: балгары, сербы, славенцы, славакі, харваты, чарнагорцы, македонцы, косаўцы, палякі, украінцы, малдаване, расіяне. Усяго каля шасцідзесяці чалавек. Беларусь у гэтым годзе на свяце славянскай культуры прадстаўляў паэт, перакладчык, бард, галоўны рэдактар часопіса "Верасень" Эдуард Акулін, які і падзяліўся сваімі ўражаннямі аб сёлетнім фестывалі.

- Ідэя правядзення згаданага фестывалю належыць вядомай балгарскай паэтцы, старшыні "Славянскай літаратурна-мастацкай акадэміі", галоўнаму рэдактару часопіса "Знакі" Элцы Няголавай. А галоўнай задачай форуму з'яўляецца захаванне славянскіх моваў, умацаванне літаратурных сувязяў і духоўнае ўзаемаўзбагачэнне суседскіх славянскіх літаратур. Уся праграма фестывалю была падпарадкавана гэтай высакароднай мэце. Ужо на другі дзень, пасля ўрачыстага адрыцця форуму на самай прэстыжнай сцэне горада Добрыча, пачалася сур'ёзная і крапатлівая праца. Спачатку госці прынялі ўдзел у паседжанні круглага стала з вельмі красамоўнай назвай " Мая мова - мая Айчына", дзе мелі магчымасць выказаць свой погляд на азначаную тэму. Затым распачала працу "Перакладчыцкая лабараторыя", прадчас якой удзельнікі фестывалю пазнаёміліся бліжэй, каб у перспектыве праз перакладчыцкую дзейнасць ладзіць больш цесныя літаратурныя стасункі. Былі запрошаны госці фестывалю і ў горад Балчык, дзе адбылося адкрыццё дакументальнай выставы Нацыянальнага літаратурнага музея "Шматлікая Баграна", прысвечаная 120-годдзю класіка балгарскай паэзіі Елізаветы Багране. Ну і зразумела, праходзілі шматлікія творчыя сустрэчы з чытачамі, прычым не толькі ў Варне і Добрычы, як цэнтрах сёлетняга святкавання, а і далёка за іх межамі. Мне асабіста запомніўся цёплы і гасцінны настрой адразу трох такіх сустрэч: у Зялёным цэнтры горада Шабла, у старажытнай сталіцы Балгарыі - Вялікім Праславе і ў Шуманскай публічнай бібліятэцы. Фіналам фестывалю стала прэзентацыя дзясятага, юбілейнага нумара літаратунага часопіса "Знакі" з перакладамі на балгарскую мову твораў усіх удзельнікаў фестывалю. Прыемным было тое, што ў мастацкім афармленні "Знакаў" былі выкарыстаны працы Дар'і Бунеевай, маладой беларускай мастачкі, якая плённа супрацоўнічае з часопісам "Верасень". І асабліва прыемна было тое, што падчас закрыцця фестывалю, калі ўручаліся прэстыжныя ўзнагароды "Славянскай акадэміі" сярод прадстаўнікоў харвацкай, косаўскай, украінскай і рускай паэзіі заслужана аказаўся Народны паэт Беларусі Ніл Сымонавіч Гілевіч. Мне выпала ганаровая місія атрымаць узнагароду "Срэбнае лятучае пяро" і сказаць вітальнае слова ад імя лаўрэата. Таксама на закрыцці фестывалю былі абвешчаны новыя члены "Славянскай літартурна-мастацкай акадэміі", мне пашчасціла апынуцца ў іх ліку. Я разумею, што для мяне гэта адначасова - і вялікі гонар, і вялікі аванс. Бо наперадзе яшчэ столькі працы па ўмацаванні літаратурных і культурных сувязяў паміж нашымі братнімі народамі. Але мяне суцяшае тое, што ёсць з каго браць прыклад…

Ул. інф. На здымках: 1. Адкрыццё фестывалю ў канцэртнай зале "Добрыч"; 2. Э. Акулін перад выступам у "Зялёным цэнтры" г. Шабла.


Гісторыя пад знакам Пагоні

"Гісторыя пад знакам Пагоні" - гэта цыкл праграмаў тэлеканала "Белсат" пра найважнейшыя падзеі, з'явы і постаці беларускай гісторыі. На гэтым DVD сабраныя серыі, якія распавядаюць пра XVII стагоддзе, надзвычай цяжкое для нашых продкаў і багатае на падзеі. У тэлевізійнае падарожжа ў часе вас возьмуць выбітныя аўтары - пісьменнік Уладзімір Арлоў і доктар гістарычных навук Алесь Краўцэвіч. Іхнія веды ў спалучэнні з сучаснай прывабнай формаю прэзентацыі пакажуць гісторыю як захапляльную вандроўку. Цыкл будзе цікавы настаўнікам, вучням, наогул шырокаму колу гледачоў, якія цікавяцца малавядомымі старонкамі айчыннай гісторыі- гісторыі пад гербам "Пагоня".

ДЫСК 1. 1. Бітва пад Кірхгольмам; 2. Апошняя бітва вялікага гетмана; 3. Мацей Стрыйкоўскі - першы гістарыёграф Вялікага Княства Літоўскага; 4. Язафат Кунцэвіч; 5. Яээп Руцкі; 6. Мацей Казімір Сарбеўскі; 7. Лаўрэнцій Зізаній; 8. Лісоўчыкі; 9. Уладзіслаў IV Ваза; 10. Святы Андрэй Баболя; 11. Януш Радзівіл; 12. Павел Ян Сапега; 13. Сімяон Полацкі

ДЫСК 2. 1. Бітва пад Палонкаю; 2. Магілёўскае паўстанне 1661 г.; 3. Вінцэнт Гасеўскі 4. Партызанскі край XVII ст.; 5. Андрусаўскае замірэнне 1667 г.; 6. Ян Казімір Ваза; 7. Міхал Карыбут Вішнявецкі; 8. Liberum veto; 9. Казімір Лышчынскі, беларускі Джардана Бруна; 10. Ян III Сабескі; 11 Грамадзянская вайна ў Вялікім Княстве Літоўскім; 12. Бітва пад Венаю.

Фільмы будуць дэманстравацца падчас Летніх заняткаў па гісторыі ў сядзібе ТБМ на Румянцава, 13 у Менску ў адпаведнасці з раскладам заняткаў.

Там жа можна знайсці і самі дыскі.

Наш кар.


Калі за адраджэнне мовы, чытай, спадарства,"Наша слова"!

Шаноўныя сябры, ідзе падпіска на другое паўгоддзе 2013 года. У каталогу інфармацыя пра газету знаходзіцца на ст. 71. Цана змянілася нязначна. Да канца 2013 года мы спадзяёмся выходзіць на васьмі палосах. Газета мае добры рэдакцыйны партфель і плануе для друку тэксты самых розных матэрыялаў, з рознымі поглядамі і падыходамі, у тым ліку і адрознымі ад пазіцыі рэдакцыі. Мы будзем працягваць друк мовазнаўчых і гістарычных матэрыялаў у выкладанні тых аўтараў, якіх вы не знойдзеце на старонках іншых выданняў. Мы не стараемся навязваць чытачу сваю думку ці погляды. Мы падаём факты. Чытайце, даведвайцеся, думайце. Будзьце з намі, і вы будзеце з усёй Беларуссю.


Клопат пра Хатынь

Кіраўніку Адміністрацыі Прэзідэнта

Рэспублікі Беларусь

Кабякову А.У.

К. Маркса, 38,

г. Мінск, 220016

Аб рэканструкцыі мемарыяльнага комплекса "Хатынь"

Шаноўны Андрэй Уладзіміравіч!

У гэтым годзе споўнілася 70 гадоў з дня Хатынскай трагедыі. Сотні тысяч гасцей наведваюць гэты мемарыяльны комплекс, адзін з лепшых помнікаў ахвярам апошняй вайны ў Еўропе.

Аднак, ёсць праблемы, якія трэба тэрмінова вырашыць.

1. Адсутнічаюць прамыя аўтобусныя рэйсы Мінск - Хатынь.

Таму мы прапануем, каб у Хатынь, асабліва ў выходныя дні заязджалі маршрутныя аўтобусы Мінск-Лагойск і Мінск-Плешчаніцы.

2. У той час, калі ў Мінску на праспекце Незалежнасці падсветка працуе рэгулярна, то ў Хатыні гэта робіцца толькі тры разы на год. Мы прапануем уключаць падсветку з мая па верасень на выходныя і святочныя дні.

3. Трэба паклапаціцца і пра такі від турызму, як караванінг і абсталяваць каля Хатыні адпаведную стаянку для аўтатурыстаў.

4. Неабходна выдаць прыгожы альбом, прысвечаны Хатынскай трагедыі, на беларускай, нямецкай, англійскай і рускай мовах, каб забяспечыць ім усіх жадаючых.

5. Варта збудаваць невялікі двухпавярховы будынак для навуковай працы музейных супрацоўнікаў, харчавання турыстаў і продажу сувеніраў.

6. Прыняць і зацвердзіць перспектыўны план развіцця мемарыяльнага комплекса "Хатынь" на бліжэйшыя 5-10 гадоў.

Таму мы прапануем да 9 мая падрыхтаваць і выдаць адпаведны прэзідэнцкі ўказ, які вырашыць усе вышэйзгаданыя намі пытанні.

З павагай,

Старшыня ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" А. Трусаў.

220034, г. Мінск

вул. Румянцава,13

старшыні ГА ТБМ імя Ф. Скарыны

Трусаву А.А.



Паважаны Алег Анатольевіч!

Ваш запыт, адрасаваны кіраўніку Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Кабякову А.У., разгледжаны Мінскім абласным выканаўчым камітэтам. Па сутнасці пастаўленых у звароце пытанняў паведамляем.

Устанаўленне прамых аўтобусных маршрутаў Мінск - Хатынь прызнана эканамічна нямэтазгодным з тых меркаванняў, што жадаючых наведаць мемарыял абслугоўваюць розныя турыстычныя фірмы, у тым ліку такія вядомыя, як "Мінсктурыст", "Віаполь", "Нарачанскі парк", "Дартур". За студзень - сакавік 2013 года ДМК "Хатынь" наведала каля 18 тыс. экскурсантаў. Зарэгістравана 215 аўтобусных і больш 2 тыс. так званых сямейных наведванняў на прыватным транспарце.

На тэрыторыі комплекса абсталяваны 2 бясплатныя аўтастаянкі агульнай плошчай 18,5 тыс. кв. м, якія цалкам задавальняюць патрэбы наведвальнікаў у машынамесцах.

Падсветка на тэрыторыі мемарыяла нясе сімвалічную нагрузку ў мэтах падкрэсліць трагедыю Хатыні і, па тэхнічных магчымасцях, можа выкарыстоўвацца толькі пад час правядзення масавых мерапрыемстваў і дзяржаўных свят.

У мэтах папулярызацыі комплекса як важнага экскурсійнага аб'екта ў 2011 годзе ў выдавецтве "Рыфтур" выйшла кніга "Хатынь - святыня нацыянальнай памяці" (на беларускай і рускай мовах). Да 70-годдзя з дня трагедыі Хатыні ў 2013 годзе кніга была перавыдадзена. Зараз рыхтуецца выданне яе на рускай і англійскай мовах. У перспектыўны план уключана таксама падрыхтоўка фотаальбома па Хатыні. На тэрыторыі мемарыяла вызначана месца па продажы сувенірнай і друкаванай прадукцыі.

Цяпер вядзецца прапрацоўка праекта стварэння на аснове мемарыяла Цэнтра еўрапейскай памяці ахвяр нацызму. Ідэя гэта ініцыявана ўдзельнікамі навукова-практычнай канферэнцыі "Хатынь: 1943 - 2013. Падзеі. Людзі. Памяць", якая адбылася ў Мінску 20-21 сакавіка г.г. з удзелам прадстаўнікоў навуковых колаў і грамадскасці 6 краін свету.

Начальнік упраўлення Р.І. Трухан.


150 год паўстанню 1863 года на Беларусі

1-я Лідскія чытанн і, прысвечаныя 150-м угодкам паўстання 1863 г. на Беларусі, адбудуцца 6 чэрвеня ў Лідскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы.

Пачатак ў 10.00. Запрашаюцца ўсе неабыякавыя да гісторыі нашай Бацькаўшчыны.


Бюст Максіма Багдановіча ў дар музею

Гарадзенскі літаратурны музей Максіма Багдановіча атрымаў падарунак ад філалагічнага факультэта Купалаўскага ўніверсітэта Гародні - бюст класіка нацыянальнай паэзіі ў выкананні знанага гарадзенскага мастака і скульптара Алеся Ліпеня.

Перадача бюста - даніна памяці скульптару, які быў доўгія гады беларускай душой Гародні. "30 траўня - дзень ягонай памяці", - кажа дырэктар музея Святлана Рапецкая.

- Гэта вельмі знакавы момант для нас, такім чынам мы не толькі ўшаноўваем памяць Алеся Ліпеня, але як бы вяртаем Максіма Багдановіча ў нашыя родныя сцены. Спадзяюся, што бюст зойме пачэснае месца ў нашым музеі.

Гіпсавы бюст Максіма Багдановіча пасля рэстаўрацыі, на думку Святланы Рапецкай, зойме месца ў экспазіцыі музея.

Якуб Сушчынскі , Беларускае Радыё Рацыя, Гародня. Фота Савелія Малчанава.


Дзякуй за падтрымку!

Выказваем шчырую падзяку ўсім дабрадзеям, якія прыйшлі на дапамогу ТБМ.

Ахвяраванні на ТБМ

1. Бацяноўскі А. - 100000 р., г. Смалявічы

2. Шафарэнка М. - 100000 р., г. Менск

3. Каралькоў Мікола - 50000 р., г. Менск

4. Прыхільнік ТБМ з Канады -100 Е.

5. Какрыцкая Зоя - 100000 р., г. Барысаў

6. Вяргей Валянціна - 15 дол., г. Менск

7. Вяргей Аляксандра - 100000 р., г. Менск

8. Ахрамчук В.Г. - 30000 р., г. Светлагорск

9. Баброў Аляксандр - 50000 р., г. Менск

10. Сутулаў Глеб - 35000 р., г. Менск

11. Сауліч Мікола - 100000 р., м. Падсвілле, Глыбоцкі р-н

12. Пракапенка А.І. - 150000 р., г. Менск

13. Рак Аляксандр - 30000 р., г. Менск

14. Буднік Іван - 50000 р., г. Гародня

15. Місцюкевіч Алесь - 100000 р., г. Гародня

16. Краўцоў Васіль - 150000 р., г. Гомель

17. Рымач Мікола -50000 р., г. Івацэвічы

18. Раманік Т. - 100000 р., г. Менск

19. Нікіцін Аляксандр - 30000 р., г.п. Смілавічы

20. Нікіцін Віталь - 30000 р., г.п. Смілавічы

21. Кухаронак Аляксандр - 20000 р., г.п. Смілавічы

22. Дземідовіч С.П. - 25000 р., в. Мікалаеўшчына, Стаўпецкі р-н

23. Петракевіч О. - 15000 р., г. Менск

24. Лазарук Тамара - 60000 р., г. Менск

25. Бойса І.Б. - 20000 р., г. Ліда

26. Чылек Міхаіл - 420000 р., г. Бярозаўка

27. Міхалькевіч Людміла - 50000 р., г. Бярозаўка

28. Міхалькевіч Віталь -20000 р., г. Бярозаўка

29. Трафімчык Дамініка -7000 р., г. Бярозаўка

30. Пяткевіч Аляксей - 200000 р., г. Гародня

Дзейнасць ГА "ТБМ імя Францішка Скарыны" па наданні роднай мове рэальнага статуса дзяржаўнай вымагае вялікіх выдаткаў. Падтрымаць ТБМ - справа гонару кожнага грамадзяніна краіны.

Просім Вашыя ахвяраванні дасылаць на адрас, вул. Румянцава, 13, г. Мінск, 220034, альбо пералічыць на разліковы рахунак ТБМ №3015741233011 у Аддзяленні № 539 ААТ "Беінвестбанка" код 739 (УНП 100129705) праз любое аддзяленне ашчадбанка Беларусбанк.


Жахі рускага "лжэпатрыятызму"

(Заканчэнне. Пачатак у папярэднім нумары.)

Зараз пяройдзем да паўстання Кастуся Каліноўскага, якое адбылося ў 1863 годзе, праз 68 гадоў пасля далучэння беларускіх земляў да Расійскай імперыі.

І тут ізноў хочацца запярэчыць спадару Шышкіну, які сцвярджае, што ў "новай незалежнай Беларусі" паўстаў "культ нейкага Каліноўскага".

Адказваю. Кастусь Каліноўскі і ў савецкі час, і ў цяперашні з'яўляецца Героем беларускага народа. Адзін з першых, яшчэ нямых фільмаў у БССР (Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка), быў прысвечаны гэтаму Герою. Гэта быў 1927 год.

У БССР імем Кастуся Каліноўскага зваліся вуліцы, школы, калгасы і да т.п.

А ў 1963 годзе, роўна на 100-годдзе паўстання, рускі савецкі гісторык Смірноў Анатоль Філіпавіч выдаў сваё даследаванне, тоўстую кнігу, якая завецца: "Паўстанне 1863 г. у Літве і Беларусі". Кніга была выдадзена ў Маскве. Выдавецтва Акадэміі навук СССР. Сур'ёзная праца! І сур'ёзнае выдавецтва! І зноў жа ў Маскве, а не дзесьці ў "сепаратысцкіх землях". І заўважце, ён яе назваў не "Польскае паўстанне 1863 года", як многія цяперашнія рускія "лжэпатрыёты" называюць гэтую падзею!

У гэтай жа кнізе Смірноў А.Ф. піша: "Паўстанне было накіравана супраць сацыяльнай і нацыянальнай палітыкі царскага ўраду" . Падкрэсліваю: "не супраць рускіх", а супраць царызму, як сістэмы! Між іншым, уся перадавая руская інтэлігенцыя: Чарнышэўскі, Герцэн, Агароў, Дабралюбаў і іншыя падтрымалі гэта паўстанне! Лозунг паўсталых "За вашу і нашу волю!" насіў агульнадэмакратычны характар.

У лісце выдаўцоў "Колокола" (рускі часопіс, які выдаваўся за мяжой) "Рускім афіцэрам" гаварылася: "Зямля сялянам, самастойнасць абласцям - на гэтай аснове і толькі на ёй можа ўсталёўвацца дзейсны саюз ваш з польскімі братамі… Скажам разам з палякамі, быць Літве, Беларусі і Ўкраіне, з кім яны быць захочуць ці ні з кім, толькі б волю іх убачыць - не падробленую, а сапраўдную" ("Колокол", кастрычнік 1862 года).

Вядома ж, царызм, баючыся распаўсюджання паўстання на рускія губерні, тут жа ўключыў агітацыйную машыну. Выпускалася мноства брашур і пракламацый, дзе сцвярджалася, што "паны польскія хочуць вярнуць прыгоннае права", і таму сялянам належыць гэтых інсургентаў лавіць і выдаваць урадавым войскам. У той жа час у Беларусь выязджае для задушэння паўстання граф М.Н. Мураўёў, якога Герцэн і Чарнышэўскі назавуць "Вешальнікам", бо ён усталёўваў уздоўж усіх асноўных дарог Беларускіх губерняў шыбеніцы. І падарожнічаючы па іх дзівіўся, калі яны пуставалі. Нават некаторыя манархічныя гісторыкі, напрыклад Н. Берг, асуджалі залішнюю жорсткасць Мураўёва. І ўсё ж афіцыйная царская прэса ўсхваляла былога дзекабрыста, за яго адданае "служэнне васпану".

Смірноў А.Ф. піша: "Паўстанне 1863 года ў Літве і Беларусі малявалася дваранскай гістарыяграфіяй, якая адмаўляла сам факт існавання беларускай, літоўскай, украінскай нацый, як праявы "польскай, панскай інтрыгі", як барацьба польскіх абшарнікаў супраць "цара-вызваліцеля" за аднаўленне шляхоцкай "Рэчы Паспалітай" у межах 1772 года з мэтай падзяліць і загубіць Расію… У падобнага роду творах з асаблівым стараннасцю фальсіфікавалася праграма паўстанцаў".

Дык хто такі быў гэты "нейкі Каліноўскі", і да чаго ён імкнуўся?

Кастусь Каліноўскі нарадзіўся 21 студзеня 1838 года ў вёсцы Мастаўляны Гарадзенскага павету ў сям'і беззямельнага шляхціца. На момант паўстання яму было ўсяго 25 гадоў. У 1860 годзе ён скончыў юрыдычны факультэт Пецярбуржскага ўніверсітэта, дзе браў удзел у таемных студэнцкіх рэвалюцыйных гуртках. Нават па сведчанні царскага генерала В. Ратча, які ўдзельнічаў у "расследаванні" паўстання 1863 года мы даведваемся, што Каліноўскі "падзяляў федэратыўныя тэорыі "Колокола" і "настойліва праводзіў ідэю пра самастойнасць Літвы" .

У сакавіку 1861 года Кастусь вяртаецца на Радзіму і пачынае ствараць Гарадзенскі рэвалюцыйны камітэт, куды ўваходзяць Урублеўскі, Мілевіч, Сангін, Ражанскі і іншыя.

Да лета 1862 года Каліноўскі разам з В. Урублеўскім і Ф. Ражанскім арганізавалі на Гарадзеншчыне падпольную друкарню і выданне першай беларускай нацыянальнай рэвалюцыйна-дэмакратычнай газеты "Мужыцкая праўда", якая была адрасавана сялянству. Выходзіла яна на беларускай мове ў форме гутарак, прысвечаных набалелым для сялян пытанням. Гутаркі гэтыя падаваліся ад імя "Яські - гаспадара з-пад Вільні". Першы нумар з'явіўся ў канцы чэрвеня - пачатку ліпеня 1862 года. Гэта было вялікай справай у гісторыі не толькі беларускага вызвольнага руху, але і нацыянальнай культуры, мовы. Каліноўскі выдатна валодаў народнай, гутарковай гаворкай і па-майстэрску карыстаўся ёю ў мэтах рэвалюцыйнай асветы сялян: вельмі складаныя грамадска-палітычныя пытанні газета асвятляла сцісла, лагічна, паслядоўна, іншы раз наўмысна па-вясковаму грубавата, выкарыстоўваючы адпаведныя прыёмы і метады агітацыі, разлічанай на сялянскае асяроддзе.

Гэта газета была рупарам поглядаў і асноўных прынцыпаў Каліноўскага і яго прыхільнікаў.

Варта сказаць, што ўжо пры падрыхтоўцы да паўстання, змоўшчыкі падзяліліся на тры лагеры: "белыя", "правыя чырвоныя" і "левыя чырвоныя".

Першыя былі выразнікамі інтарэсаў абшарнікаў і вярхоў буржуазіі, сваю будучыню яны звязвалі з рэстаўрацыяй Рэчы Паспалітай у межах 1772 года, пры гэтым разлічвалі, што заходнія краіны Францыя, Англія і Аўстрыя акажуць дыпламатычны ціск на Расію. Аграрнага пытання "белыя" не дакраналіся.

"Чырвоныя" ўяўлялі сабою розныя саслоўі: дробная і беззямельная шляхта, інтэлігенцыя, вучнёская моладзь, мяшчане. Яны таксама марылі пра незалежнасць, але з рашэннем аграрнага пытання.

Прычым "правыя чырвоныя" лічылі асноўнай сілай рэвалюцыйнага паўстання - дваранства, а аграрную праблему прапанавалі вырашаць шляхам надавання сялянам зямлі, пры ўмове выкупу дзяржавай гэтай зямлі ў абшарнікаў.

"Левыя чырвоныя" лічылі, што толькі ўсеагульнае паўстанне можа прынесці поспех. Заклікалі сялян уключыцца ў барацьбу і дамагчыся бясплатнай перадачы ім зямлі. Таксама "левыя чырвоныя" стаялі за самавызначэнне беларусаў і ўкраінцаў і прапанавалі дзейнічаць сумесна з расійскімі рэвалюцыянерамі.

Кастусь Каліноўскі быў "левым чырвоным". Больш таго ён выступаў супраць саслоўнай няроўнасці і за дэмакратычную рэспубліку.

У плане ж нацыянальнага самавызначэння Каліноўскі казаў, што беларусы павінны стварыць сваю незалежную ад царскай улады, дзяржаву, але дамагацца гэтага неабходна ў саюзе з нашымі братамі палякамі і рускімі.

Даведаўшыся, што ў студзені 1863 года ў Варшаве паднялося паўстанне, Каліноўскі з таварышамі лічыў, што яно пачалося занадта рана. Што яшчэ мала было праведзена агітацыйнай працы. Але ў той жа час, узначальваючы Літоўскі правінцыйны камітэт (ЛПК), ён аб'яўляе пра падтрымку паўстанцаў.

1 лютага 1863 года ЛПК аб'яўляе пра тое, што ўсю ўладу на тэрыторыі Беларусі ён бярэ на сябе. У выдадзеным маніфесце ад імя ЛПК насельніцтва краю заклікаецца да паўстання. Пры гэтым усе жыхары Беларусі без адрознення веры, племені, паходжання і саслоўя аб'яўляюцца вольнымі і раўнапраўнымі. У сялянскую ўласнасць пераходзяць зямельныя надзелы (бязвыплатна), якімі яны карысталіся, а абшарнікі павінны атрымаць кампенсацыю ад дзяржавы. Беззямельныя ж сяляне надзяляліся 2,1 га землі, пры ўмове, што яны прымуць удзел у паўстанні. Рэкруцкая павіннасць замяняецца 3-гадовай усеагульнай вайсковай павіннасцю. Аднаўляецца ўніяцкая царква, якая вяла свае набажэнствы на беларускай мове і да т.п.

Як піша Смірноў у сваёй кнізе: "Нельга не адзначыць больш радыкальны выклад аграрнай праграмы паўстання ў маніфесце Літоўскага правінцыйнага камітэту ў параўнанні з дэкрэтам Часавага Нацыянальнага ўраду" , які знаходзіўся ў Варшаве.

На момант пачатку паўстання рэвалюцыйная арганізацыя ў Беларусі налічвала да 3000 чалавек. Але пасля абвяшчэння Маніфесту ў шэрагі паўстанцаў запісваліся дзясяткамі тысяч. Асабліва паспяхова папаўняліся аддзелы Віленшчыны і Гарадзеншчыны. Сяляне, гараджане, моладзь ішлі ў лясы і рыхтаваліся да бітваў з царскімі войскамі.

Цікавы пароль устанавіў Каліноўскі для нанава прыбылых. На пытанне: "Каго любіш?"; трэба было адказаць "Люблю Беларусь!"

Каліноўскі адпраўляе сваіх паплечнікаў і ў іншыя раёны Беларусі. Пэўных поспехаў дамагаецца А. Трусаў на Меншчыне і Л.Звяждоўскі на Магілёўшчыне. Апошні пры ўдзеле студэнтаў земляробчага інстытута захоплівае беларускі горад Горкі Магілёўскай губерні. У Віцебскай губерні ў аддзелы паўстанцаў запісваецца 15 тысяч чалавек.

Каліноўскі ўжо пачынае марыць пра ўсеагульнае сялянскае паўстанне. Ён адпраўляе сваіх эмісараў-агітатараў на Волгу і ў іншыя раёны Цэнтральнай Расіі. Але тут яго чакае няўдача.

Царскі ўрад здолеў ахаваць гэтыя тэрыторыі ад уплыву паўстанцаў. У той жа час карныя атрады разгортваюць шырокамаштабныя ваенныя дзеянні супраць беларускіх інсургентаў. Тыя вёскі, якія аказвалі дапамогу паўстанцам цалкам спальваліся. Маёмасць жыхароў прадавалася з аўкцыёнаў. А самі жыхары высяляліся ў Сібір. Адначасова шырыўся распаўсюд агітацыйных улётак дэмагагічнага зместу, дзе паўстанне, звалася бунтам польскіх паноў супраць рускага цара-бацечкі. З трэцяга боку царызм пайшоў на пэўныя саступкі беларускім сялянам. У прыватнасці адмянялася часоваабавязанныя павіннасці сялян перад абшарнікамі, паніжалася стаўка выкупных плацяжоў і да т.п.

На тэрыторыі Польшчы царскі ўрад пайшоў далей. Ён прапанавала ўсёй шляхце, хто складзе зброю, амністыю.

Усе гэтыя меры падзейнічалі. У канцы жніўня Польскі рэвалюцыйны ўрад прыняў рашэнне пра спыненне ваенных дзеянняў.

Кастусь Каліноўскі з гэтым не згаджаецца і аб'яўляе пра стварэнне "Літоўска-беларускага чырвонага ўраду". Яго аддзелы, якія ўзначальваюцца вернымі памочнікамі аказваюць супраціў яшчэ цэлы год. Толькі ўлетку 1864 года былі раскрыты і разгромлены апошнія рэвалюцыйныя арганізацыі Беларусі.

Сам Кастусь быў арыштаваны 29 студзеня 1864 года. Ваенна-палявы суд прысудзіў Каліноўскага да расстрэлу, але Мураўёў замяніў расстрэл павешаннем. Пакаранне смерцю адбылося 10 сакавіка гэтага ж года. Зачытваючы прысуд, Каліноўскага назвалі дваранінам, на што ён выгукнуў: "У нас няма дваран, у нас усе роўныя".

Мноства беларусаў было пакарана, некаторыя як Ян Чэрскі былі аддадзены ў рэкруты, больш за 850 чалавек былі асуджаны на катаргу, а 12,5 тысяч жыхароў Беларусі сасланы ў Сібір.


Праўда, дзіўная рэч, царская агітацыйная машына спраўна працавала і ў Сібіры. Усіх сасланых у Сібір беларусаў-удзельнікаў гэтага паўстання звалі тут няйначай як "палякамі". У самой жа Беларусі выйшлі царскія ўказы, якія забараняюць назва "беларускія". Усе губерні гэтага краю (Гарадзенская, Менская, Віцебская, Магілёўская) зараз зваліся "Паўночна-заходнім краем". А самі беларусы зваліся проста - "жыхары Паўночна-заходняга краю".

Таму, якія могуць быць "беларусы" ў ссылцы? Ізноў жа не "рускімі" ж іх зваць! Значыць сапраўды - "палякі"!!!

Хоць самі ссыльныя, галоўным чынам звалі сябе "ліцвінамі" (у Іркуцку, напрыклад, так сябе звалі Ян Чэрскі і Бенедыкт Дыбоўскі), іншыя ўсе ж звалі сябе "беларусамі" (у Іркуцку так сябе зваў Віткоўскі). Але службоўцы былі непахісныя. Ва ўсіх дакументах ссыльныя значыліся, як "палякі"!

Ды і сёння мы прытрымліваемся ў Іркуцку старых стэрэатыпаў. Вось, напрыклад, "Польскім касцёлам" завуць храм не толькі абывацелі, не толькі службоўцы, але і большасць іркуцкіх "навукоўцаў", і гэта нягледзячы на тое, што цяпер там вісіць таблічка, што гэта "Рымска-каталіцкая царква"!


Напрыканцы хочацца яшчэ раз падкрэсліць, што калі беларус па нацыянальнасці Андрэй Тадэвуш Касцюшка, падымаючы паўстанне ў 1794 годзе, рупіўся за шляхочую рэспубліку - Рэч Паспалітую ў межах 1772 года, у склад якой уваходзяць і беларусы, на правах аўтаномнага краю, то Кастусь Каліноўскі ў 1863 годзе выступаў за незалежную дэмакратычную Беларусь, як самастойную дзяржаву! Менавіта таму паўстанне Каліноўскага было задушана больш жорстка. І Мураўёў "заслужыў" званне "вешальніка". А Сувораў да гэтага звання не дацягнуў.

У той жа час той жа Мураўёў, пачаў праводзіць цвёрдую русіфікатарскую палітыку ў Беларусі. Яму належыць вядомае выслоўе: "Што не зрабіў рускі штык, тое зробіць руская школа!".

У навучальным дапаможніку для студэнтаў беларускіх ВНУ, ухваленым Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь гаворыцца, што пасля задушэння паўстання 1863 года "палітыка царызму ў Беларусі мела тыповы каланіяльны характар. Мэтай яе было татальная русіфікацыя краю".

Рускі савецкі гісторык Смірноў А.Ф. у сваёй кнізе, выдадзенай у 1963 годзе кажа: "Паўстанне 1863 года ў Літве і Беларусі непарыўна злучана з агульным ходам рэвалюцыйнай барацьбы народаў Расіі і Польшчы супраць самадзяржаўя і прыгону, за сацыяльную справядлівасць і нацыянальную волю".

Яшчэ раз звяртаю вашу ўвагу, што паўстанні і Касцюшкі, і Каліноўскага былі накіравана супраць царызму, як сістэмы, а не супраць рускага народа.

Таму сцвярджэнні спадара Шышкіна могуць толькі падкрэсліць, што ён стаіць на цвёрдай манархічнай платформе і рупіцца за аднаўленне царскай сістэмы ў Расіі.

Што ж тады яго аргументы могуць мець месца. У адваротным выпадку, калі мы кажам пра Дэмакратычную Расію, то супраць яе ніхто з вышэйназваных паўстанняў не падымаў.

Нам, наогул, не трэба баяцца гістарычнай праўды. Усім вядома, што Англія і Францыя ваявалі паміж сабой 100 гадоў у сярэднія вякі. Але ж зараз гэта добрасуседскія краіны!

Ці бліжэйшы прыклад. Цяпер паміж Расіяй і Манголіяй досыць сяброўскія адносіны. Пры гэтым мы памятаем з гісторыі пра мангольскае нашэсце і шматгадовую няволю!

Толькі вывучыўшы праўдзівую гісторыю ўзаемаадносін беларусаў і рускіх, мы зможам выбудоўваць развіццё сяброўства паміж нашымі народамі!

У гэтым я цвёрда перакананы.


Хлусня, стэрэатыпы, ці як кажа Шышкін "палітычная гісторыя" падштурхоўваюць нас да ўзаемных крыўд і неразумення.

Няўжо спадар Шышкін сур'ёзна верыць у тое, што сучасныя беларусы змогуць перастаць лічыць сябе самастойным народам?

Няўжо вычын беларусаў у Вялікую Айчынную вайну не выклікае павагі да нашага народа?

Дык чаму, скажыце вы мне, кожны беларус ведае класікаў рускай літаратуры (Пушкіна, Лермантава, Талстога і іншых). А далёка не кожны нават высокаадукаваны рускі ведае класікаў беларускай літаратуры (Купалу, Коласа, Багдановіча і іншых)?

Адкуль такое грэбаванне?

І ўсё ж я веру, што нашы народы будуць выбудоўваць сяброўскія адносіны на грунце ўзаемапавагі. І дапаможа нам у гэтым Праўдзівая гісторыя.

Толькі вывучыўшы яе, мы пачнём разумець сябе і сваіх братоў-суседзяў!

Алег Рудакоў. г. Іркуцк.


25 гадоў таму назад выйшаў артыкул пра Курапаты

25 гадоў назад, 3 чэрвеня 1988 года, у газеце "Літаратура і мастацтва" выйшаў артыкул "Курапаты - дарога смерці". Беларусь упершыню дазналася пра жах, які дзеяўся ва ўрочышчы пад Менскам.

У 1988 годзе ніхто не пісаў у загалоўках "Шок!" ці "Сенсацыя!", але гэтыя дзве друкаваныя старонкі фармату А3 былі менавіта такімі: сенсацыйна-шакавальнымі. Навіна пра тое, што ва ўрочышча пад Менскам мірных беларусаў тысячамі расстрэльвалі не салдаты ў варожай форме, а супрацоўнікі НКУС, перавярнула свядомасць тады яшчэ савецкіх людзей.

- Гэты артыкул мне прынеслі Зянон Пазняк і Яўген Шмыгалёў. Звычайныя лісточкі, надрукаваныя на машынцы… Я памятаю, як сядзеў позна ўвечар вось у гэтым самым пакоі, чытаў іх. Вядома, уражанне было вельмі моцнае, ад радкоў літаральна прабіла дрыготка, - распавядае Анатоль Вярцінскі, з якім я размаўляю ў яго менскай кватэры. У 1988-м ён быў галоўным рэдактарам "ЛіМа", якую чытала ўся беларуская інтэлігенцыя, настаўнікі, супрацоўнікі міністэрстваў. Тыраж аднаго нумара быў каля 30 тысяч асобнікаў.

На каленях Вярцінскага - кнігі, выразкі з газет, папяровыя папкі. На кожнай - загаловак "Курапаты". Пасля таго як выйшла "…Дарога смерці", пра Курапаты пісалі шмат.

- Але пачалося ўсё менавіта з гэтага артыкула! Так, мы яшчэ студэнтамі зналі з падручнікаў і пра сталінскія рэпрэсіі, і пра тое, што людзей расстрэльвалі. Але ўсё гэта было неяк далёка, суха, абстрактна… А тут, у гэтых радках, усё было настолькі блізка, рэальна, з прозвішчамі відавочнікаў, цытатамі, моцнымі выявамі… Я не выправіў ніводнага слова!

Раніцой вырашыў, што нікому, акрамя свайго намесніка, не буду казаць пра артыкул, каб не было лішняй агалоскі. Мне вельмі хацелася, каб артыкул патрапіў у нумар, і я разумеў, што трэба праяўляць асцярожнасць. На рэдактарскай планёрцы мы пра Курапаты проста прамаўчалі. І нумар павезлі ў Дом друку. Там знаходзіўся Галоўліт - так тады зваўся цэнзурны орган, ад якога можна было чакаць усяго, чаго заўгодна. Артыкул маглі зняць. Але "Курапаты…" ён прапусціў! Думаю, агульны дух часу ўсё-такі даваў пра сябе знаць: у Савецкім Саюзе Гарбачоў праводзіў перабудову, казаў пра галоснасць, плюралізм…


Назаўтра пасля выхаду газеты чакалі рэакцыі. Вярцінскаму патэлефанаваў памочнік старшыні прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР Георгія Таразевіча, папрасіў даць нумар для вывучэння. Праз некалькі дзён прымчаўся з Масквы спецкар найбуйнейшай японскай газеты "Асахі", каб рыхтаваць вялікі матэрыял пра Курапаты. У рэдакцыю пачалі прыходзіць лісты. Шакаваныя людзі распавядалі, як знікалі ў 30-х гадах іх сваякі, задаваліся пытаннем: "Можа, яны таксама там, у Курапатах, палеглі?"

- Тады яшчэ былі жывыя ўсе тры дочкі Тодара Кляшторнага, беларускага паэта, расстралянага ў 1937 годзе ў Курапатах. Яны сказалі "дзякуй" за артыкул: "Нам варта было выжыць хоць бы дзеля таго, каб прачытаць гэта!" Вось гэтыя іх словы вельмі запалі мне ў душу… - успамінае Вярцінскі.

Пазней у іншых газетах з'явіліся артыкулы, што "ЛіМ" паспяшаўся з публікацыяй, што занадта рэзка ўсё напісана, што разгойдвае становішча ў краіне… Але замоўчваць трагедыю Курапат ужо ніхто не адважыўся.

Ужо 14 чэрвеня 1988 года, усяго праз 11 дзён пасля артыкула, выйшла пастанова Савета Міністраў пра стварэнне ўрадавай камісіі па расследаванні таго, штоздарылася ў Курапатах. 19 чэрвеня ў Менску каля 10 тысяч чалавек выйшлі на мітынг памяці ахвяр сталінізму. 19 кастрычніка ў Чырвоным касцёле былі створаны "Мартыралог Беларусі" і БНФ. А 30 кастрычніка ў Менску прайшлі "Дзяды" пад знакам Курапат. Акцыя была жорстка разагнана: міліцыя ўжывала слезагонны газ, людзей кідалі ў міліцэйскія машыны …

У 1988 годзе беларусы чакалі, што хутка з'явіцца спіс забітых у Курапатах. Яго няма дагэтуль…

Вольга Анцыповіч , "Камсамольская праўда ў Беларусі".

На здымках: 1. Анатоль Вярцінскі і сёння захоўвае ў хатнім архіве артыкулы пра Курапаты. У 1988 годзе ён быў галоўным рэдактарам газеты "Літаратура і мастацтва"; 2. Тыя самыя старонкі, якія перавярнулі беларускую гісторыю.


ТРАВЕНЬ - ТБК У ВІЛЬНІ

Напачатку траўня ў ТБК адзначылі дзень народзін заслужанага сябра - шматгадовага бібліятэкара ТБК Ніны Брылеўскай . Ёй споўнілася 93 гады. Але ейнай светлай галаве і выдатнай памяці могуць пазайздросціць і маладыя.

Былая настаўніца школы, вялікі беларускі патрыёт і крыштальнай чэснасці чалавек, якая праз усё жыццё пранесла любоў да беларускасці, ахвяруючы на гэта асабістае жыццё. Яна родная сястра вядомага грамадскага дзеяча на Бацькаўшчыне, а пазней у ЗША Уладзіміра Брылеўскага.

Разам з Нінай адзначылі таксама дзень народзін сябра ТБК вядомага мастака Алега Аблажэя, які ўносіць значны ўклад у працу ТБК і карыстаецца вялікай павагаю людзей.


25-га, як заўсёды, у апошнюю суботу месяца адбылася імпрэза, прысвечаная відным асобам і падзеям у гісторыі Беларусі.

Госць з Менска, Вячаслаў Піліпук распавёў пра высакародную справу ўшанавання памяці героя Беларусі Юркі Моніча, якую ажыцявіў мастак Алесь Пушкін.

Юрка Моніч нарадзіўся ў 1890 годзе ў сялянскай сям'і. На вайне за асабістую мужнасць атрымаў Георгіеўскі крыж. Дэмабілізаваны ў званні падпаручніка, кіраваў антыбальшавіцкім рухам у цэнтральных раёнах Беларусі з 1919 да 1924 года, быў кіраўніком штаба партызанскага беларускага аддзела войскаў БНР. У часе Слуцкага збройнага чыну быў блізкім паплечнікам Лукаша Семенюка.

Пасля смерці Лукаша аддзел пад камандаваннем Моніча, апераваў пад выглядам атрада міліцыі ў раёне Барысаўскага, Лепельскага і Аршанскага паветаў.Займаўся вяртаннем сялянам забранага ў іх праз харчразвёрстку харчу, здзейсняў напады на камуністычныя аб'екты і функцыянераў. Супраць атрада Юркі Моніча быў кінуты спецаддзел ГПУ. Да канца года было арыштавана 75 чалавек, 22 з іх у лютым 1924 г. прыгавораныя да вышэйшай меры пакарання.

23 траўня 1924 г. Моніч загінуў падчас перастрэлкі з атрадамі ЧОН. Ягонае знявечанае цела доўга вазілі па навакольных вёсках, каб запалохаць магчымых прыхільнікаў. Месца пахавання Юркі Моніча невядомае.

Алеь Пушкін ставіць крыжы ў мажлівых месцах забойства Моніча, але ў гэтым яму шкодзяць і караюць мясцовыя ўлады. Да слова сказаць, што ў такім духу, пашаны да герояў, выхоўвае Алесь Пушкін і свайго сына.

Тэкст выступлення Алега Аблажэя "Прышпільная мова" прачытаў Сяргей Ільін, бо сам аўтар знаходзіцца цяпер за мяжою і чакае рэакцыі чытачоў.

На імпрэзе абмяркоўвалі кнігу лістоў Зоські Верас "Я помню ўсё", якую падрыхтаваў і выдаў Міхась Скобла. Нажаль, унук Зоські Верас - Слава Войцік захварэў і не мог прысутнічаць. Вырашылі прэзентацыю кнігі, з удзелам унука, прадоўжыць на імрэзе наступнага месяца.

Пра жыццё і дзейнасць Рамана Скірмунта распавёў Хведар Нюнька.

Раман Скірмунт, 7.05. 1868 г., дэпутат 1 Дзярждумы Расеі, старшыня Беларускага Нацыянальнага Камітэту ў 1917 годзе. У 1918 г. сябар Рады БНР, старшыня ўраду.

Выступаў супраць беларуска-польскага канфлікту, у 1908-1909 годзе арганізуе і ўзначальвае арганізацыю, якая павінна была быць выкарыстана ў духу беларуска - польскага сужыцця. Аднак, справа да канца не была даведзена.

Прыход немцаў у 1915 г. Раман Скірмунт вітаў і спрычыніўся да адражэння беларускасці на акупаваных тэрыторыях.

Прысутнасць у Беларусі корпуса генерала Доўбара-Мусніцкага, абаронца буйной польскай зямельнай уласнасці, іх карныя экспедыцыі супраць сялян, зрабілі палякаў ворагамі ў вачах беларусаў.

Пасля абвяшчэння аб незалежнасці Беларусі прадстаўнікі земстваў начале з Раманам Скірмунтам выйшлі з Рады БНР. Гэтым аслабілі Раду БНР, якой пагражаў заняпад. Толькі пасля Сакратарыяту Івана Серады, з прыходам да ўлады Антона Луцкевіча ў 1918 г. удалося аб'яднацца і захаваць Раду БНР. Бальшавікі згаджаліся прызнаць акт незалежнасці, калі ў Беларусі будзе ўведзены савецкі лад.

Лёс Рамана Скірмунта склаўся трагічна. Пасля прыходу ў Беларусь Чырвонай арміі, вясковыя актывісты 20 кастрычніка 1939 г. расстралялі Рамана Скірмунта ў яго ўласным маёнтку.

Напрыканцы імпрэзы быў паказаны новы фільм "Беларускі антысавецкі супраціў 1944-1953 гг."

Аглядальнік, Вільня, 27 траўня 2013 г

На здымках:

1. Ніна Брылеўская сярод блізкіх сяброў

2. Тэкст чытае Сяргей Ільін

3. Выступае Вячаслаў Піліпук.


Бела-чырвона-белыя вянкі ў памяць паўстанцаў Каліноўскага

28 траўня споўнілася 150 гадоў бітве, якая прайшла ў 1863 годзе каля вёскі Ўладыкі пад Вілейкай.

Аддзел пад кіраўніцтвам Вінцэнта Козела супрацьстаяў расійскім карным войскам. Вялікая частка паўстанцаў, у тым ліку і іх камандзір, загінулі ў бітве. Вінцэнта Козела пасля бітвы пачалі зваць "Літоўскім Леанідам" - па аналогіі са спартанскім царом, які спыніў персаў пад Фермапіламі.

Вялікая частка загінулых была пахаваны ў брацкай магіле недалёка ад вёскі. Напярэдадні ўгодак вілейскія краязнаўцы абнавілі надмагілле і ўсталявалі побач з ім інфармацыйны стэнд. А 1 чэрвеня да магілы прыйшлі людзі, каб ушанаваць памяць загінулых, піша сайт vialejka.info.

Пад гукі дуды ўсе сабраліся каля пахавання. Спачатку некалькі слоў сказалі мясцовыя краязнаўцы Дзяніс Канецкі, Зміцер Хаценчык і Аляксей Лужынскі. Яны распавялі пра мерапрыемствы, прымеркаваных да 150 годдзя паўстання, якія былі праведзены выданнем "Волат" і Таварыствам аховы помнікаў. Пасля надмагілле высвянціў мясцовы святар Анатоль Парахневіч.

Пасля ўскладання кветак перад прысутнымі выступіў унук аднаго з удзельнікаў падзей 1863 года з-пад Браслава.

vialejka.info.


У Браславе адвіраваў фэст "Меч Брачыслава"

Шмат людзей з Беларусі, Расіі, Латвіі прыехалі 2 чэрвеня ў Браслаў, каб наведаць фэст сярэднявечнай культуры "Меч Брачыслава". Ён праходзіць чацвёрты год запар на Замкавай гары і налічвае ўсё больш удзельнікаў і гледачоў. На фэсце было прадстаўлена каля 10 рыцарскіх клубаў з трох краін.

Як кажа краязнавец, адзін з пачынальнікаў аднаўлення сярэднявечнай культуры на Браслаўшчыне, Кастусь Шыдлоўскі, ужо здаўна закладвалася ідэя стварэння падобнага фэсту.

- Гадоў 15 таму мы пачалі займацца такімі справамі - проста ажыўляць гісторыю па сваіх кірунках. Праводзілі летнікі для дзяцей, калі гэта яшчэ было мажліва. Затым пачалі выязджаць на фестывалі - не толькі ў Беларусі, калі гэта таксама было папулярна, але і ў краіны Балтыі, Польшчы.

Рыцарскія клубы паказалі, на што яны здатныя ў баях і розных конкурсах, напрыклад, здабыванні агню старажытным спосабам. Таксама былі прадстаўлены розныя віды сярэдневечнага рамяства. Госці маглі набыць ганчарныя, скураныя вырабы, біжутэрыю з металу, пасмакаваць стравы той эпохі.

Беларускае Радыё Рацыя


З пленэра - на выставу

30 траўня ў Лідскім гістарычна-мастацкім музеі адкрылася выстава жывапісных работ з 1-га Лідскага пленэра імя Браніслава Яманта.

На адкрыццё выставы прыйшлі вучні Лідскай мастацкай школы. У асноўным яны і ёсць аўтарамі работ, выстаўленых у музеі. У некаторых гэтая выстава першая. Прыйшлі настаўнікі і бацькі юных талентаў, а таксама зацікаўленыя госці.

На сёння ў Лідзе ёсць музычны конкурс імя лідскага кампазітара Канстанціна Горскага, вось з'явіўся пленэр імя лідскага мастака Браніслава Яманта, а лідзяне ўжо думаюць пра фальклорны фестываль імя лідскага фалькларыста Земавіта Фядэцкага, а то чалавека, які данёс да Еўропы "Песні Атлантыды", так назвалі беларускія народныя песні ў Італіі, проста ўзялі і не ўключылі ў энцыклапедыю "Беларускі фальклор".

Пры адкрыцці выставы ўсімі прысутнымі выказвалася цвёрдая ўпэўненасць, што пасля першага пленэра будзе і другі і наступныя, ёсць мара зрабіць пленэр міжнародным і праводзіць яго сумесна з такой жа мастацкай школай польскага горада Торуня, дзе Браніслаў Ямант пражыў другую частку свайго жыцця.

Наш кар.

На здымках: 1. Дырэктар Лідскай мастацкай школы Вялянціна Грышкевіч і супрацоўніца Лідскага гістарычна-мастацкага музея Тацяна Нікіфарава адкрываюць выставу; 2. Маладыя таленты са сваімі настаўнікамі і бацькамі.


Зорка Галіны Каржанеўскай

27 красавіка 2013 года ў Менскай гарадской бібліятэцы імя А.С. Пушкіна адбылася сустрэча са славутай паэткай Галінай Каржанеўскай, якая прэзентавала сваю новую кнігу "Што варта радасці і слёз"... Гэта біяграфія ў вершах і нарысах.

У кнізе адлюстраваны два перыяды жыцця Г. Каржанеўскай - ранні, звязаны са Случчынай, і пазнейшы, калі яна вучылася, а пасля жыла і настаўнічала ў Лагойскім раёне - вёсцы Янушкавічы і мястэчку Плешчаніцы. Рэдактарам кнігі з'яўляецца славуты літаратар Барыс Пятровіч.

У кнізе выкарыстаны фотаздымкі з асабістых архіваў І. Каржанеўскай, Р. Беразоўскай, І. Пачкоўскай, А. Капарыхі, Н. Рыльчыкавай, К. Жардзецкай і з сайта "Наследие Слуцкого края". Наклад літаратурна-мастацкага выдання 300 асобнікаў.

На мерапрыемстве было цікава прысутнічаць! Выступілі калегі літаратаркі: Алесь Пашкевіч, Раіса Баравікова, Ніна Галіноўская, Фелікс Баторын, настаўніца матэматыкі Соф'я Русак (жонка заўчасна памерлага Міколы Трухана), Барыс Пятровіч.

Славутая журналістка Надзея Чэрня ўзнагародзіла спадарыню Галіну другой прэміяй як ветэрана журналістыкі, у конкурсе ўдзельнічалі 39 чалавек.

Музейны супрацоўнік Ірына Шматкова, якая напісала манаграфію пра Е. Лось, Н. Мацяш і Г. Каржанеўскую, хораша і навукова распавяла пра творчую дзейнасць паэткі

У мерапрыемстве прымаў удзел гурт "Сёмуха", а таксама акторкі Марына і Віка сыгралі сцэнку пра катоў.

У зале прысутнічалі асобы, якія не паспелі ўзяць слова. Гэта Эрнэст Ялугін, Сымон Барыс, Людміла Паўлікава і Вера Буланда.

У канцы адбылася аўтографсесія Галіны Каржанеўскай. Можна было танна набыць новую кнігу з аўтографам аўтаркі.

Аляксей Шалахоўскі, гісторык, журналіст, краязнавец.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX