НАША СЛОВА № 28 (1127) 10 ліпеня 2013 г.
Дарагія сябры "Нашага слова"!
У гэтым квартале адбылося значнае сезоннае зніжэнне колькасці падпісчыкаў па ўсіх абласцях і асабліва па горадзе Менску. Стабільнасць дэманструе Слуцка-Салігорскі рэгіён, які захаваў свае высокія пазіцыі. Прадаўжае радаваць Кіраўск. Вырасла падпіска ў Жыткавічах, Асіповічах, Шклове, Барысаве і ў некаторых іншых раёнах.
Красавік Ліпень
Берасцейская вобласць:
Баранавічы р.в. 17 16
Бяроза р.в. 9 10
Белаазёрск р.в. 1 1
Бярэсце гор. 14 11
Ганцавічы р.в. 1 -
Драгічын р.в. 2 1
Жабінка р.в. 1 -
Іванава р.в 2 2
Івацэвічы р. в. 9 12
Камянец р.в. 2 2
Кобрын гор. 2 -
Лунінец гор. 2 2
Ляхавічы р.в. 1 -
Маларыта р.в. 1 -
Пінск гор. 11 7
Пружаны р.в. 9 10
Столін р.в. 3 1
Усяго: 87 75
Віцебская вобласць:
Бешанковічы р.в. 1 1
Браслаў р.в. 1 1
Віцебск гор. 27 23
Віцебск РВПС 2 1
Верхнедзвінск р.в. 5 2
Глыбокае р.в. 6 6
Гарадок р.в. 4 4
Докшыцы р.в. 1 1
Дуброўня р.в. 1 -
Лёзна р.в. 1 1
Лепель р. в. 1 1
Міёры р.в. 3 3
Новаполацк гор. 12 12
Орша гор. 1 2
Полацк гор. 7 5
Паставы р.в. 15 15
Расоны р.в. 1 1
Сянно р.в. 1 1
Талочын р.в. 1 1
Ушачы р.в. 2 2
Чашнікі р.в. 1 1
Шаркоўшчына р.в. 5 5
Шуміліна р.в. 1 -
Усяго: 100 89
Менская вобласць:
Беразіно р.в. 3 3
Барысаў гор. 6 8
Вілейка гор. 3 5
Валожын гор. 10 5
Дзяржынск р.в. 8 6
Жодзіна гор. 4 -
Клецк р.в. 1 1
Крупкі р.в. 7 6
Капыль р.в. 1 -
Лагойск 5 5
Любань р.в. - 1
Менск гор. 325 258
Менск РВПС 10 9
Маладзечна гор. 13 12
Мядзель р.в. 2 3
Пухавічы РВПС 4 4
Нясвіж р.в. 1 1
Смалявічы р.в. 1 2
Слуцк гор. 19 19
Салігорск гор. 73 71
Ст. Дарогі р.в. - 1
Стоўбцы р.в. 2 3
Узда р.в. 2 2
Чэрвень р.в. 3 4
Усяго: 503 429
Гомельская вобласць:
Буда-Кашалёва - 1
Брагін р.в. 1 1
Ветка р.в. 1 1
Гомель гор. 36 29
Гомель РВПС 1 2
Добруш р.в. 2 1
Ельск р.в. 1 -
Жыткавічы р.в. 7 11
Жлобін гор. 2 2
Калінкавічы гор. 1 -
Карма р.в. 2 1
Лельчыцы р.в. 1 3
Лоеў р.в. 1 1
Мазыр гор. 1 2
Акцябарскі р.в. - 1
Нароўля р.в. - 1
Петрыкаў р.в. 1 -
Рэчыца гор. 3 1
Рагачоў гор. 2 1
Светлагорск гор. 2 2
Хойнікі р.в. 1 1
Чачэрск р.в. - 1
Усяго: 66 63
Гарадзенская вобласць:
Бераставіца 5 4
Ваўкавыск гор. 10 11
Воранава р.в. 5 4
Гародня гор. 41 36
Гародня РВПС 18 20
Дзятлава р.в. 16 14
Зэльва р.в. 3 3
Іўе р.в. 2 1
Карэлічы р.в. 5 5
Масты р.в. 6 4
Наваградак гор. 5 4
Астравец р.в. 6 5
Ашмяны р.в. 7 3
Смаргонь гор. 7 5
Слонім гор. 8 7
Свіслач р.в. 5 4
Шчучын р.в. 4 2
Ліда 13 11
Усяго: 166 143
Магілёўская вобласць:
Бабруйск гор. 4 3
Бялынічы р.в. 1 -
Быхаў р.в. 1 1
Глуск р.в. 1 -
Горкі гор. 3 1
Дрыбін р.в. - 1
Кіраўск р.в. 20 20
Клічаў р.в. 1 1
Клімавічы р.в. - 1
Касцюковічы р.в. 1 2
Краснаполле р.в. - 1
Крычаў р.в. - 1
Круглае р.в. 2 2
Мсціслаў р.в. 1 2
Магілёў гор. 38 29
Магілёў РВПС 1 1
Асіповічы гор. 10 13
Слаўгарад р.в. 2 2
Хоцімск р.в. 1 -
Чэрыкаў р.в. 2 1
Чавусы р.в. - 1
Шклоў р.в. 1 3
Усяго 90 86
Усяго на краіне: 1012 885
400-годдзе прыбыцця абраза Маці Божай у Будслаў
Юбілейны фэст у Будславе сабраў рэкордную колькасць вернікаў.
Ён пачаўся вечарам 5 ліпеня. У начной службе, якую правёў мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, бралі ўдзел каля 300 святароў і больш за 50 тысяч вернікаў.
Перад літургіяй у Будславе адбылася працэсія з копіяй абраза Багародзіцы.
Адкрываючы службу, мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч прывітаў пілігрымаў, якія прыбылі на юбілейныя ўрачыстасці. Арцыбіскуп заклікаў прысутных звярнуцца з малітвай да Божай Маці і прасіць за Беларусь, каб "яна сапраўды была белай і святой", паведамляе catholic.by.
Ён згадаў пра пераследы, якія зазнаваў касцёл раней.
- У цяжкія часы ганенняў на царкву мы імкнуліся сюды, у знакаміты Будслаў, імкнуліся да Марыі, верачы, што яна папросіць ў свайго сына ласку свабоды веравызнання, - сказаў Тадэвуш Кандрусевіч. - Сёння мы знаходзімся тут, каб дзякаваць Богу за гэты дар свабоды і прасіць яго міласці і сілы мудра і адказна яе выкарыстоўваць.
У гэтым годзе спаўняецца 400 гадоў знаходжання абраза Божай Маці ў Беларусі.
Гэты абраз быў падораны ў 1598 годзе папам рымскім Кліментам VIII менскаму ваяводу Яну Пацу з нагоды яго пераходу з кальвінізму ў каталіцтва. Бернардынцы Літоўскай правінцыі ўсяляк прапагандавалі культ абраза, а з пачатку XIX стагоддзя друкавалі яго на гравюры. Пасля ліквідацыі кляштара ў 1859 папулярнасць абраза змяншалася.
З пачатку 1990-х гадоў адраджаецца культ абраза, арганізуюцца паломніцтвы, прымеркаваныя да 2 ліпеня - дня каранацыі абраза. 2 ліпеня 1996 года папскі нунцый арцыбіскуп абвясціў папскае пасланне, у якім Маці Божая Будслаўская названая захавальніцай Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі.
Духоўная падрыхтоўка да сёлетняга юбілею пачалася яшчэ тры гады таму і праходзіла пад дэвізамі: "Марыя - выбраная дачка Бога Айца" (2010 год), "Марыя - святыня Духа Святога" (2011 год), "Марыя - Маці Збаўцы" (2012 год) .
Важным акцэнтам цяперашняга юбілею стала сканчэнне перэгрынацыі копіі цудатворнага абраза Маці Божай Будслаўскай у парафіях Беларусі. У прысутнасці папскага легата Жана-Луі Тарана ў Будславе з гэтай нагоды асвечаныя крыж і памятны знак. Менавіта ад яго, як ад кардынала-протадыякана, увесь свет пачуў знакамітае "Habemus Papam" 13 сакавіка 2013 года, калі ён абвясціў аб абранні Папы Францішка. Жан-Луі Таран адслужыў асноўную імшу ў Будславе. Пераклад на беларускую мову рабіў сам арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Абраз з касцёла не выносілі.
Белпошта з нагоды 400-годдзя абраза ў Будславе выпусціла паштовы блок з адной маркі і 6 ліпеня правяла спецгашэнне маркі і канверта першага дня ў Будслаўскім аддзяленні паштовай сувязі.
Наш кар.
Паяднанне метраполіі з дыяспарай
(Да 20-годдзя Першага з'езду беларусаў свету. 8-10 ліпеня 1993 г.)
Сёлета ў трэцяй дэкадзе ліпеня краіну чакае далёка не шараговая падзея - Шосты з'езд беларусаў свету. У маёй жа публікацыі размова пойдзе пра такога роду падзею - I з'езд, які праходзіў роўна дваццаць гадоў таму, калі Беларусь яшчэ толькі асвойвала жыццё ў статусе суверэннай дзяржавы. І асвойвала прыстойна, бо інакш не адважылася б на правядзенне такога незвычайнага для яе форуму, на якім жыхары метраполіі павінны былі прыняць вялікую колькасць людзей з незаслужана навешанымі на іх бальшавіцкімі ідэолагамі ярлыкамі: "калабаранты", "ворагі беларускага народа", "здраднікі" і г. д.
Першыя гады дзяржаўнай незалежнасці Беларусі, як і трэба было чакаць, вызначаліся высокай актыўнасцю яе грамадзян. Ствараліся, разгортвалі актыўную дзейнасць рознага роду апазіцыйная партыі і рухі, рашучыя крокі рабіліся па спыненні дзяржаўнай палітыкі русіфікацыі, што асабліва прыкметна заўважалася на прыкладзе народнай сістэмы адукацыі. Карэнныя перамены адбыліся ў афіцыйным стаўленні да пасляваеннай эміграцыі, на якую без усялякага разбору дзясяткі гадоў глядзелі, як на штосьці варожае, агіднае.
Не памылюся, калі скажу, што пэўныя карэктывы ў гэтую несправядлівасць унесла ўжо Чарнобыльская бяда. Праўда, у першыя гады пасля той самай страшэннай у свеце тэхнагеннай катастрофы эмігранты маглі толькі паспачуваць сваім суродзічам, бо дзяржаўныя межы БССР заставаліся тады яшчэ на замку. Да лепшага змянілася становішча толькі ў апошнія перабудовачныя гады, дзякуючы чаму ў дыяспары з'явілася магчымасць ужо на справе дапамагчы ахвярам той нечуванай трагедыі. Матэрыяльныя і грашовыя сродкі пацярпелым эмігранты перадавалі галоўным чынам праз камітэт Беларускага народнага фонду "Дзецям Чарнобыля", які ўзначальваў народны дэпутат БССР Генадзь Грушавы. Да збору ахвяраванняў сярод эмігрантаў, для мабілізацыі іх на аказанне матэрыяльнай дапамогі чарнобыльцам пэўнае дачыненне мела і створанае ў 1990 годзе Згуртаванне беларусаў свету (ЗБС) "Бацькаўшчына", асабліва ў тых выпадках, калі хто-небудзь з яго сяброў выязджаў па розных пытаннях за мяжу ці калі даводзілася ў сябе на Радзіме прымаць эмігрантаў з прывезеным для ахвяр катастрофы грузам: лекі, медыцынскае абсталяванне, прадукты харчавання і г. д.
У канцы 1980-х гадоў ужо з'яўляўся цалкам звычайным прыезд у Беларусь па самых розных прычынах яе эмігрантаў. Радасць ад наведвання так даўно пакінутага ў часы ваеннага ліхалецця роднага краю была неверагодна вялікай, непадробленай, не ўсім удавалася ўстрымацца ад слёз. Але даводзілася сутыкацца і з тым, што прыносіла толькі адны расчараванні. Адукаваныя, з неразмытай нацыянальнай самасвядомасцю, з багатым жыццёвым досведам прадстаўнікі беларускай дыяспары, наведваючы радзіму, не маглі не заўважыць, што і напачатку 1990-х гадоў, калі іх любая краіна ўжо з'яўлялася суверэннай, сапраўднай ахілесавай пятой нацыянальна-культурнага адраджэння з'яўлялася беларуская мова. Яна амаль не чулася ні ў грамадскіх месцах, ні ў камунікацыйных зносінах людзей. Толькі ў тых службовых кабінетах, дзе за начальнікаў працавалі нацыянальна свядомыя беларусы, заўважалася яе прысутнасць. Такая трывожная сітуацыя непакоіла практычна ўсіх нашых эмігрантаў, таму імі было выказана так шмат меркаванняў, прапаноў па дадзеным пытанні. Балазе, тады афіцыйныя СМІ не ўхіляліся ад публічнага абмеркавання яго.
Па прыбыцці на незабыўную, дарагую Бацькаўшчыну эмігранты сустракаліся не толькі са сваімі роднымі і блізкімі, але і з уладнымі структурамі, грамадскімі арганізацыямі, знаходзячы для сябе цікавыя, актуальныя для размовы тэмы. Таму ніколькі не здзіўляе, што ў пачатку 1990-х гадоў усё часцей і часцей пачалі ўслых пагаворваць пра арганізацыю адмысловай, публічнай сустрэчы ў Менску з нашымі супляменнікамі з замежжа, не выключаючы і тых, хто ўлетку 1944 года, да прыходу войскаў Чырвонай Арміі ў Беларусь, у моц розных абставін, найперш за ўсё з прычыны не стаць ахвярай савецкіх рэпрэсій за супрацоўніцтва з нямецкімі акупацыйнымі ўладамі, пакінуў сваю Радзіму.
Абставіны склаліся так, што сустрэчу з супляменнікамі далёкага замежжа трэба было на пэўны час адтэрмінаваць. Неўзабаве пасля распаду СССР высветлілася, як багата сур'ёзных праблем узнікла ў беларусаў у краінах, створаных на постсавецкай тэрыторыі. З імі-то і вырашана было ў першую чаргу правесці ў Менску ў снежні 1992 года дзелавую, канструктыўную размову. Адным з асноўных ініцыятараў той адказнай сустрэчы з нашымі эмігрантамі блізкага замежжа было Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына", падтрыманае дзяржаўнымі структурамі. Галоўная роля ў гэтай справе належала ўжо вядомаму ў той час грамадскаму, культурнаму дзеячу, беларускаму пісьменніку Яўгену Лецку. Ён быў першым, каго абралі за старшыню Рады ЗБС "Бацькаўшчына".
Належнага досведу па арганізацыі такога мерапрыемства, як сход беларусаў блізкага замежжа, не было ні ў дзяржаўных структур, ні ў грамадскіх арганізацый. А ён абавязкова павінен быў адбыцца. Не трэба забывацца, што на тэрыторыях, утвораных пасля распаду СССР новых дзяржаў, знаходзілася вялікая колькасць беларусаў. Раней іх ніхто не вучыў, ніхто ім не спрыяў жыць паводле ўласных нацыянальна-культурных традыцый. Наадварот, іх усяляк схілялі, цалкам аддацца пад уплыў рускай культуры, з высокіх трыбун заяўляючы, што толькі ў яе адной дастаткова патэнцыялу задавальняць духоўныя патрэбы новай гістарычнай супольнасці людзей - савецкага народа. Існавала рэальная пагроза, што паводле такіх чужых стандартаў беларусам давядзецца ладзіць сваё культурнае жыццё і ў постсавецкі час, што толькі б спрыяла русіфікацыі, страце этнічнай самабытнасці. У такой сітуацыі, натуральна, куды важней, больш надзённым было ў першую чаргу правесці ў Менску форум беларусаў не з замежных капіталістычных краін, а са створаных на постсавецкай тэрыторыі дзяржаў. Лёс першых з названых катэгорый нашых суродзічаў не выклікаў асаблівай трывогі датычна іх этнічнага выжывання. У метраполіі добра ўпэўніліся ў гэтым па мове эмігрантаў далёкага замежжа, якія з канца 1980-х гадоў у такіх масавых маштабах спачалі наведваць даўно пакінуты бацькоўскі дом. Мова ж у іх, на здзіў многіх жыхароў нашай краіны, была па-сапраўднаму беларускай, вольнай ад паланізмаў і русізмаў, таму і яны самі сябе не блыталі з якім-небудзь іншым славянскім народам, з гонарам заяўлялі пра сваю беларускасць. У моўным плане ад беларусаў далёкага замежжа на некалькі парадкаў адставалі іх супляменнікі з блізкага замежжа, за што трэба "дзякаваць" самай прагрэсіўнай у свеце, як калісьці было прынята пісаць, ленінскай нацыянальнай палітыцы КПСС. Хутчэйшаму адыходу ад яе негатыўных наступстваў не мог не паспрыяць Першы сход беларусаў блізкага замежжа, паколькі ў эпіцэнтры ўсіх выступленняў на ім знаходзіліся пытанні аб прычынах страшэннага занядбання за савецкім часам святой беларускай нацыянальнай ідэі, і што трэба рабіць, каб народ пачаў жыць у поўнай адпаведнасці з ёю. Разумных думак, слушных прапаноў наконт гэтага выказалі нямала.
Засяроджанасць увагі дзяржавы, грамадскіх арганізацый на правядзенні Першага сходу беларусаў блізкага замежжа толькі аслабіла, але зусім не спыніла працу па падрыхтоўцы да Першага з'езду беларусаў свету. Варта адзначыць, што сама ідэя яго правядзення зарадзілася ў асяроддзі сяброў ЗБС "Бацькаўшчына", бо ніхто лепш за іх не ведаў рэальнага становішча беларускай дыяспары, не меў з ёю такіх цесных, разнастайных стасункаў, як яны. Добра паспрыяў сцверджанню такой ідэі прыезд у ліпені 1992 г. з ЗША ў Менск даволі вялікай па колькасць (каля 40 чалавек) групы беларусаў. Да таго ж яшчэ нацыянальна свядомых, актыўных. Незадоўга да гэтага ў Кліўлендзе заклалі вельмі папулярны ў нашых суродзічаў культурны цэнтр "Полацак". Сярод амерыканскіх гасцей былі і ўдзельнікі хору царквы Жыровіцкай Божай Маці. Яны ўважліва слухалі міністра замежных спраў Рэспублікі Беларусь Пятра Краўчанку, мелі магчымасць сустрэцца з грамадскасцю сталіцы, лідарамі палітычных партый. У розных крыніцах засведчана, што менавіта падчас той прадстаўнічай сустрэчы "і пачала абмяркоўвацца ідэя правядзення наступным летам Сусветнага з'езду беларусаў на Радзіме. Падрыхтоўчыя клопаты з агульнай згоды ўзяло на сябе Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына".
І хаця на шляху да такога з'езду патрэбна было яшчэ правесці запланаваны на снежань 1992 год Першы сход беларусаў блізкага замежжа, першае з названых мерапрыемстваў ніхто не збіраўся здымаць з парадку дня. І як тут не пазайздросціць нечуванай актыўнасці і палітыкаў, і інтэлігенцыі. Іх дзейнасць цалкам пасавала нацыянальнаму суверэнітэту маладой Рэспублікі Беларусь. Глыбокае ўсведамленне палітычным кіраўніцтвам краіны, прагрэсіўнымі коламі грамадства ўсёй важнасці гэтага мерапрыемства вынікае з таго, што ўжо летам 1992 года быў створаны Арганізацыйны камітэт па падрыхтоўцы і правядзенні першага ў гісторыі нашай краіны з'езду беларусаў свету. У Аргкамітэт увайшлі асобы, занятыя ў розных афіцыйных сферах, прычым на даволі прэстыжных пасадах. Што яны безадказна будуць выконваць волю ўлады, ніхто не сумняваўся. Сустаршынямі Аргкамітэта з'яўляліся народны пісьменнік Беларусі Васіль Быкаў і міністр замежных спраў РБ Пётр Краўчанка. Прадстаўнікі ад дзяржструктур у Аргкамітэце працавалі супольна з актывістамі ЗБС "Бацькаўшчына". Да адкрыцця з'езду адбылося больш як дзесяць пасяджэнняў. Усебаковая, у т. л. і фінансавая (выдзелена больш 60 млн. руб.) дзяржаўная падтрымка такога важнага для краіны мерапрыемства цалкам апраўдана. Дзякуючы найперш за ўсё афіцыйным СМІ людзі добра ведалі, як ішла падрыхтоўка, праходзілі пасяджэнні самога сходу. Дастаткова поўную інфармацыю далі грамадству пра змест прынятых на ім рашэнняў. Так, рэдакцыя газеты "Літаратура і мастацтва" не пашкадавала месца і змясціла 5 лютага 1993 года даволі аб'ёмны артыкул "Да Парламента і Ураду Рэспублікі Беларусь". Ён уяўляў сабою Заяву ўдзельнікаў Першага сходу беларусаў блізкага замежжа, у якой выказваліся слушныя прапановы па ўдасканальванні працы ўладных структур, грамадскіх арганізацый, асабліва ЗБС "Бацькаўшчына", з нашымі эмігрантамі.
У тым жа нумары газеты быў змешчаны і зварот удзельнікаў Першага сходу беларусаў блізкага замежжа да парламентаў і ўрадаў дзяржаў, якія раней уваходзілі ў склад СССР. Галоўная просьба да такіх палітычных органаў заключалася ў тым, каб яны аказвалі нашым супляменнікам "усебаковае садзеянне ў рэалізацыі іх нацыянальна-культурных запатрабаванняў… захаванні і пашырэнні сярод іх беларускай мовы, культуры, звычаяў, гістарычнай памяці". І такія запатрабаванні былі цалкам абгрунтаванымі, справядлівымі, бо любому народу нават на сваёй этнічнай тэрыторыі наканавана пагібель, калі ён не карыстаецца роднай мовай і культурай, адышоў ад сваіх звычаяў, не ведае айчыннай гісторыі.
Пасля толькі што праведзенага Сходу беларусаў блізкага замежжа, прычым праведзенага на належным узроўні, нягледзячы на даволі складаныя для краіны становішча, ЗБС "Бацькаўшчына" без усялякага перадыху разгарнула кіпучую дзейнасць па падрыхтоўцы да яшчэ больш адказнай акцыі - Першага з'езду беларусаў свету. Цешыла, што і на гэты раз у баку ад такой гістарычнай важнасці справы не збіраліся стаяць уладныя структуры са сваім параўнальна багатым інфармацыйным патэнцыялам. На старонках афіцыйнай прэсы проста няспынным патокам друкаваліся матэрыялы пра маючы адбыцца ў Менску грандыёзны форум беларусаў. Не маўчала радыё, тое-сёе пра яго перадавалася па тэлебачанні. З усіх газет найахвотней папулярызавалі гэтае ўнікальнае, адказнае мерапрыемства "Літаратура і мастацтва", "Звязда", "Голас Радзімы".
У тыя памятныя дні яшчэ большыя маштабы набываюць узаемавізіты беларускай метраполіі і замежжа. Такога яшчэ ніколі не назіралася ў нашай айчыннай гісторыі. Па ўсім адчувалася, што краіна жыве напярэдадні вялікай падзеі. На яе нават ніколькі не паўплывала прынятая 13 лютага 1993 года кіраўніцтвам Беларускага народнага фронту "Адраджэньне" Заява аб няўдзеле ў працы Першага з'езду беларусаў свету. Такую, бясспрэчна, памылковую пазіцыю падтрымалі толькі некаторыя з неафіцыйных выданняў. А вось рэдакцыя газеты "Літаратура і мастацтва" поўнасцю надрукавала падрыхтаваны 17 лютага таго ж года адказ Управы ЗБС "Бацькаўшчына" на дэструктыўную Заяву БНФ "Адраджэньне". Не пагаджаліся з ёю і многія жыхары нашай краіны, выказваючы гэта ў сваіх лістах у розныя газеты. Народ імкнуўся да паяднання.
Пераканаўчым сведчаннем шчырага жадання да сустрэчы беларусаў з-за супрацьлеглых бакоў барыкады можна лічыць адсутнасць хоць аднаго з выпадкаў, каб які-небудзь асяродак нашай дыяспары адмовіўся б удзельнічаць у працы Першага з'ёзду беларусаў свету. Нельга не адзначыць і такога, што наведаць Беларусь у час яго працы было куды больш ахвотнікаў, чым у звычайныя дні. Разам з дарослымі ехала і шмат дзяцей, што нарадзіліся, узгадаваліся на чужыне, але хацелі на ўласныя вочы пабачыць зямлю сваіх бацькоў. У тыя перадз'ездаўскія дні Беларусь не менш цікавіла і тых нашых эмігрантаў, якія па розных прычынах не маглі наведаць яе. Высокародны ўчынак здзейсніў наш амерыканскі бізнесмен А. Лук'янчык, перадаўшы ў траўні 1993 года праз міністра замежных спраў Пятра Краўчанку 10 тыс. долараў на рэстаўрацыю Мірскага замка.
Запрошаныя на Першы з'езд беларусаў свету не марудзілі з прыездам, бо жадалі як мага лепш пазнаёміцца з Радзімай. Радасці было нямала ад сустрэчы з ёй. Але хапіла і смутку, галоўным чынам з-за страшэннага дэфіцыту ўсяго беларускага. Наколькі жартам, наколькі ўсур'ёз, але наш супляменнік з Аўстраліі Міхась Лужынскі назваў Менск самым унікальным у свеце горадам, паколькі тут "не пачуеш беларускай мовы".
У датэрмінова завітаных на З'езд была шырокая магчымасць паўдзельнічаць у рознага роду культурна-асветніцкіх, забаўляльных мерапрыемствах. Самым масавым і па-свойму цікавым сталася правядзенне ў ноч з 6 на 7 ліпеня ў Стаўпецкім раёне (Высокі Бераг) Купалля.
Адкрыўся Першы з'езд беларусаў 8 ліпеня 1993 года ў Менску ў зале Дзяржаўнага тэатра оперы і балета. Удзельнікаў гэтага форуму не магло не радаваць тое, што ў першы дзень яго працы з асноўным дакладам ад ураду выступіла не якая-небудзь шараговая асоба, а сам намеснік старшыні Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь Міхаіл Дзямчук. Зразумела, у гэтай ролі мог бы быць і сам галава Вячаслаў Кебіч, тым больш, што і ён валодаў рабочай мовай З'езду - беларускай. У той нялёгкі, у многім яшчэ незразумелы паводле сваёй перспектывы час М. Дзямчук мог сказаць і такое, што сёння зусім не характэрна для практыкі, да прыкладу, у сферы адукацыі. Вось як яна пададзена ў дакладзе: "Нягледзячы на цяжкае эканамічнае становішча рэспублікі, застаецца прыярытэтнай для нас сфера адукацыі, якая на сённяшні дзень з'яўляецца асноўнай адраджэнцкай крыніцай, асноўным нашым спадзяваннем на нацыянальна-культурнае адраджэнне" (падкрэслена мною. - Л.Л. ). А што ж сёння ўяўляе сабой наша адукацыя? На пастаўленае пытанне няцяжка даць адказ: беларуская сістэма адукацыі ёсць асноўным антыадраджэнцкім фактарам, які адыгрывае галоўную ролю ў дасягненні поўнай русіфікацыі беларускай нацыі.
У першы ж дзень працы З'езду яго ўдзельнікі праслухалі таксама грунтоўны даклад віцэ-прэзідэнта Акадэміі навук Беларусі, сябра Рады ЗБС "Бацькаўшчына" Радзіма Гарэцкага "Беларуская ідэя і адбудова беларускай дзяржаўнасці". Старшыня рады ЗБС "Бацькаўшчына" Яўген Лецка асвятліў дзейнасць гэтай аўтарытэтнай грамадскай арганізацыі за перыяд з сакавіка 1990 года, паказаў яе рэальны ўклад у падрыхтоўку і правядзенне Першага з'езду беларусаў свету.
У гэтым плане прамоўцу цвёрдай нацыянальнай пазіцыі было што паведаміць. Таму зусім невыпадкова, калі М. Дзямчук у сваім дакладзе палічыў за неабходнае выказаць "словы вялікай падзякі" за падрыхтоўку З'езду чатыром грамадскім ды дзяржаўным арганізацыям і структурам, ён на першае месца паставіў ЗБС "Бацькаўшчына". За ім ішлі беларускае таварыства "Радзіма", нацыянальны культурна-асветніцкі цэнтр імя Францішка Скарыны, Беларускае таварыства дружбы і культурных сувязей з замежнымі краінамі.
Немалы імідж З'езду надалі прысутнасць і выступленне на ім прадстаўніка Арганізацыіі Аб'яднаных Нацый у Рэспублікі Беларусь Мэццю Каханэ. Калі б гэтае мерапрыемства належала да катэгорыі шараговых, такога высокага рангу асоба наўрад ці палічыла б патрэбным звярнуцца з прывітальным словам да яго ўдзельнікаў. На беларускай мове ён сказаў толькі два словы: "Паважанае спадарства!", на што сёння не адважыцца аніводзін з дзесяці (а, можа, і з дваццаці) самых высокіх палітычных дзеячаў. Нічога не зробіш. Краіна перажывае каласальны спад у нацыянальнай свядомасці дзяржаўнай эліты. Мэццю Каханэ заклікаў да стварэння такіх грамадскіх арганізацый, якія б мелі за мэту працаваць з усімі, "кто считается белорусом по корням, в какой бы стране он сейчас не жил и гражданином какого бы государства он не являлся" . Такога слушнага падыходу заўжды прытрымлівалася і сёння прытрымліваецца ЗБС "Бацькаўшчына".
Шмат карыснага давялося пачуць з выступлення Лявона Луцкевіча (Вільня), сына вядомага беларусага палітычнага і грамадскага дзеяча, гісторыка, публіцыста Антона Луцкевіча. Ён выказаў - і зусім справядліва - думку, "што эміграцыя лепш здолела захаваць сваю нацыянальную самабытнасць, прэстыж роднае мовы, пазбегнуць нацыянальнага нігілізму, які запанаваў у паняволенай Савецкай Беларусі і ў блізкім замежжы". Дарэчы, такое з беларусамі назіралася і ў самой Літве, чаго не мог не заўважыць і не выказаць Л. Луцкевіч у сваёй змястоўнай прамове. Афіцыйнае двухмоўе ён не называў інакш, як дыскрымінацыйным. Яму ж належаць і такія на ўсе часы праўдзівыя словы: "…народ загаворыць па-беларуску, калі на ёй загавораць уладныя структуры, урад і парламент (не гаворыць і сёння. - Л.Л. ), дзе на адпаведны нацыянальны ўзровень узнімуцца сродкі масавай інфармацыі" . Л. Луцкевіч не меў ступені кандыдата філалагічных, філасофскіх ці гістарычных навук, а выйшаў на ўзровень недасягальны амаль для бальшыні заангажаваных у дзяржаўную палітыку дактароў навук. Дый што дактароў: член-карэспандэнтаў акадэміі НАН Беларусі. Вось што значыць быць сапраўдным нацыянальным інтэлектуалам, шчыра адданым беларускай справе Чалавекам.
У першы дзень працы З'еўду слова для выступлення ўзяў старшыня БНФ "Адраджэньне" Зянон Пазняк, хаця менавіта па яго ініцыятыве фронтаўцы байкатавалі такое вялікае агульнанацыянальнай вартасці мерапрыемства. Ён даў крайне негатыўную адзнаку дзейнасці тагачасных ураду і парламенту, аднак, зусім не прадбачыў, што ім на змену можа прыйсці нешта і яшчэ больш рэакцыйнае. Выказаў упэўненасць, што некалі "мы дасягнём канчаткова нашага вялікага Адраджэння" .
На другі дзень працы З'езду яго ўдзельнікі, паводле свайго жадання, накіроўваліся на пасяджэнні "круглых сталоў", прысвечаных такім пытанням: "Беларуская культура", "Беларуская дзяржаўнасць", "Беларуская гаспадарка і прадпрымальніцтва", "Беларуская дыяспара". Самым масавым па колькасці ўдзельнікаў стаўся трэці з названых "сталоў", бо трэба ж было шукаць надзейныя шляхі выхаду краіны з цяжкага эканамічнага становішча і ведаць наконт гэтага думку многіх дасведчаных у дадзенай праблеме людзей. Часам спрэчкі насілі вельмі абвостраны характар.
Не ўсё было ціха і спакойна на пасяджэнні "круглага стала", дзе гаворка ішла пра дзяржаўнасць, паколькі з гэтым не ўсё ладзілася на самой практыцы. "Зала вітала апладысментамі выказанае адным з дэлегатаў меркаванне аб тым, што "нам патрэбен прэзідэнт такі, як Зянон Пазняк"" . Гэты ж дэлегат называў цяперашні беларускі парламент "бальшавіцкай хеўрай" , а беларускую армію - "пятай калёнай расійскіх шавіністаў" . З такой ацэнкай, вядома, ніяк не маглі пагадзіцца прысутныя ў зале прадстаўнікі ад афіцыйных структур, паколькі стаялі на зусім іншых пазіцыях.
Насычаным у працы стаўся апошні дзень (10 ліпеня) Першага з'езду беларусаў свету. Галоўным выступоўцам давялося быць міністру замежных спраў РБ Пятру Краўчанку, паколькі на адрас гэтага міністэрства прагучала нямала крытыкі. Як чалавек выразнай нацыянальнай пазіцыі ён не мог не закрануць і культурна-моўнай праблемы. Выклаў жа яе з яскрава аптымістычнай пазіцыі, што вынікае з наступных слоў дакладчыка: "Я хачу выказаць падыходы многіх членаў нашага ўрада (значыцца, не свае асабістыя. - Л.Л. ) да моўнай сітуацыі. Магу вам коратка і проста сказаць, што ўрад будзе рабіць усё магчымае, я перакананы, зробіць, каб на гэтай этнічнай тэрыторыі была толькі адзіная дзяржаўная мова - наша родная беларуская мова" . Такога не мог бы сказаць П. Краўчанка, калі б ва ўладаў тады не было цвёрдага намеру забяспечыць менавіта толькі для адной беларускай мовы статус дзяржаўнай, што, як вядома, было прадугледжана ў прынятым 26 студзеня 1990 года Законе "Аб мовах у Беларускай ССР".
10 ліпеня 1993 года пакінула за сабой след яшчэ і тым, што ў гэты дзень Першаму з'езду беларусаў свету надалі статус Першага з'езду ЗБС "Бацькаўшчына". Старшыня яго Рады Я. Лецка коратка, але змястоўна даклаў, што гэтай арганізацыяй было зроблена ад моманту яе заснавання, вызначыў абавязкі, парадак фармавання складу Вялікай і Малой радоў ЗБС "Бацькаўшчына" Аніякіх крытычных заўваг да сказанага Я. Лецкам не паступіла.
Як і трэба было чакаць, Першы з'езд беларусаў свету ўхваліў дзейнасць ЗБС "Бацькаўшчына" "па яднанні беларусаў свету, па наладжванні сувязей з грамадска-культурнымі суполкамі беларускага замежжа, па абмене інфармацыяй, прапагандзе культуры" і прапанаваў яму "прадоўжыць працу ў абраным кірунку, пашыраючы і ўзбагачаючы яе новымі формамі" .
Увагі заслугоўваюць прынятыя на З'ездзе выніковыя дакументы, са зместу якіх добра бачыцца глыбокае разуменне яго ўдзельнікамі тагачаснага становішча Беларусі і шляхоў яе далейшага развіцця. Усіх такіх дакументаў дзевяць. Кожны з іх напоўнены павышаным аптымізмам, цвёрдым перакананнем, што краіну чакаюць вялікія пазітыўныя перамены ў эканамічнай, палітычнай, культурнай сферах, што істотна павысіць яе аўтарытэт у свеце. "Мы ганарымся і радуемся, што Беларусь узышла на шлях нацыянальна-дзяржаўнага будаўніцтва" . Гэта сказ са звароту ўдзельнікаў З'езду з ліку замежных беларусаў. "Беларусь атрымала шанц набыць рэальную дзяржаўнасць, самастойнасць, поўны суверэнітэт" , - са Звароту да беларускага народа. "Таталітарная сацыяльна-палітычная сістэма ў Беларусі аб'ектыўна вычарпала свае магчымасці і не мае гістарычнай перспектывы" , - з Дэкларацыі аб прынцыпах нацыянальнага дзяржаўнага будаўніцтва. "Выкарыстоўваць асоб з беларускай дыяспары як ганаровых консулаў, віцэ-консулаў і консульскіх агентаў Рэспублікі Беларусь у краінах іх пражывання…" - са Звароту да Парламенту і Ўраду Рэспублікі Беларусь. "З'езд патрабуе ад Ўраду Беларусі рашучых захадаў па неадкладнай беларусізацыі войска і навядзення парадку ў ім ", - з Заявы па вайсковым пытанні. Наколькі спраўдзіліся прыведзеныя з выніковых дакументаў З'езду цытаты, пакідаю для адказу самім чытачам.
У заключны дзень працы З'езду прэзідэнтам ЗБС "Бацькаўшчына" абралі Радзіма Гарэцкага, старшынёй рады гэтага згуртавання - Ганну Сурмач. На развітанне новы прэзідэнт без усялякага сумніву заявіў: "Калі вы ў наступны раз прыедзеце сюды, у Менск, калі мы ўсе збярэмся, многія нашыя пажаданні будуць выкананы. І вы на вуліцах пачуеце мову беларускую, не так як цяпер, не толькі ў гэтай зале".
Трэба сказаць, што ўсе прысутныя на З'ездзе грамадска-палітычныя дзеячы, прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі, мо за выключэннем толькі пісьменніка В. Быкава, страшэнна памыляліся ў вызначэнні лёсу беларускай мовы, хаця яны не маглі не ведаць адмоўнага стаўлення да яе з боку даволі значнай часткі высокага рангу чыноўнікаў. Апошнія ж і тады адкрыта заяўлялі пра неабходнасць юрыдычнага надання статусу дзяржаўнай мовы і рускай, для чаго прапаноўвалі правесці рэферэндум, наперад ведаючы, што моцна абалваненыя русіфікацыяй людзі ў бальшыні сваёй падтрымаюць гэтую злачынную ідэю.
Пасля заканчэння З'езду афіцыйныя і неафіцыйныя сродкі масавай інфармацыі працягвалі асвятляць узнятыя на ім праблемы, прычым часта па ініцыятыве саміх удзельнікаў той сустрэчы, якія ахвотна дзяліліся сваімі ўражаннямі, уносілі прапановы па ўмацаванні супрацоўніцтва дыяспары з метраполіяй. Публічны абмен думкамі насіў узважаны, канструктыўны характар. Аднак дзесьці праз месяц-два афіцыйныя СМТ пачалі змяшчаць і крытычныя на адрас З'езду матэрыялы, а праз паўгода практычна цалкам спынілі ўзгадаванне пра яго. На практыцы ўладамі нічога не рабілася дзеля таго, каб неблагі патэнцыял нашай дыяспары паставіць на службу беларускаму агульнанацыянальнаму інтарэсу, што ніяк не магло быць апраўданым. З эміграцыяй працягвала працаваць толькі ЗБС "Бацькаўшчына". Цяжка такое прызнаць, але праз пэўны час пра З'езд пачалі забывацца і тыя, хто рыхтаваў ці ўдзельнічаў у яго працы. Належным чынам не адзначылі ні дзясятую, ні пятнаццатую гадавіны той падзеі, нібыта яна і не заслугоўвала такой павагі. Мы, беларусы, неяк не ўмеем шанаваць тое, што гэтага заслугоўвае, робіць нам вялікі гонар.
Гістарычнае значэнне З'езду, несумненна, заключаецца ў тым, што ён правільна вызначыў шляхі кансалідацыі беларусаў, незалежна ад месца іх пражывання. І каб дзяржава пайшла такім шляхам, пачала штосьці канкрэтнае рабіць дзеля дасягнення такой патрэбнай кансалідацыі, усё гэта вельмі станоўча адбілася б не толькі на эканамічным, сацыяльна-культурным жыцці, але і на росце прэстыжнасці Беларусі ў свеце, умацаванні яе нацыянальнага суверэнітэту, аздараўленні так знявечанай русіфікацыяй этнічнай свядомасці нашага народа.
Не выключана, што без правядзення ў Менску З'езду мы яшчэ і сёння коса глядзелі б без усялякага разбору на паваенную эміграцыю. Дзеля фармавання аб'ектыўнага погляду на яе не шкадавалі слоў многія прамоўцы і мелі на гэта рацыю.
Удзельнікам З'езду ў вялікую заслугу трэба паставіць глыбіннае высвятленне ролі беларускай мовы для лёсу карэннага насельніцтва нашай краіны. Да гэтага яшчэ ніводзін шматлюдны форум беларусаў не даваў такой праўдзівай ацэнкі дадзенаму фактару. І каб дзяржава пажадала прыслухацца да голасу разумных, шчыра ўлюбённых у роднае слова людзей, яна абавязкова цалкам выкінула б з галавы думку пра ўвядзенне ва ўсіх дачыненнях крайне непажаданага, небяспечнага для нас афіцыйнага беларуска-рускага двухмоўя. Такая ў той час мо ў нейкай ступені і празмерная канцэнтрацыя ўвагі на моўнай праблеме, відаць, не пайшла на карысць нацыянальнай згодзе паміж метраполіяй і яе дыяспарай, асабліва з пасляваеннай заходняй. Бо ці ж магло да апошняй ніткі зрусіфікаванае чынавенства, а яшчэ больш тыя ідэолагі, што так добра прыклалі руку да дэнацыяналізацыі духоўнага жыцця Беларусі, цяпер пад уплывам да канца не высветленых паводле сваіх настрояў эмігрантаў пацягнуцца да авалодання ледзь не амяртвелай беларускай мовай? Не выключана, што гэта магло з'явіцца адной з прычын рэзкага пахаладання афіцыйных уладаў да эмігрантаў ужо ў наступным пасля З'езду годзе, у якім, як вядома, усталявалася прэзідэнцкая сістэма кіравання краінай.
Нягледзячы на ўсе неспрыяльныя і ў першыя гады нашай суверэннай дзяржаўнасці фактары З'езд стаўся (зразумела, дзякуючы перш за ўсё эмігрантам) выключнай беларускамоўнай з'явай, прычым такой, якой у супольнай практычнай дзейнасці самой дзяржавы і грамадскіх арганізацый не назіралася ў БССР, за увесь пасляваенны перыяд. Такога, на вялікі жаль, не сустракалася і пазней, бо на чарговых другім-чацвёртым з'ездах беларусаў свету альбо зусім адсутнічалі афіцыйныя беларускамоўныя палітыкі, а калі і прысутнічалі, дык далёка не першых катэгорый. З пункту гледжання мовы праведзены ў 1993 годзе З'езд - гэта ўнікальная і наўрад ці паўторная ў бліжэйшыя дзесяцігоддзі з'ява, улічваючы амаль татальны вывад самой дзяржавай беларускай мовы з афіцыйнага жыцця, невалоданне ёю бальшынёй палітыкаў. Каб усю праўду ведалі сучаснікі і наступныя пакаленні, адзначу. што на Першым з'ездзе беларусаў свету на спрадвечнай для нашай зямлі роднай мове выступалі такія высокія дзяржаўныя асобы, як Старшыня Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь Станіслаў Шушкевіч, намеснік старшыні Савета Міністраў РБ Міхаіл Дзямчук, міністр замежных спраў Пётр Краўчанка, адукацыі - Віктар Гайсёнак. На ёй была складзена ўся прынятая на З'ездзе службовая дакументацыя. Беларуская мова паспяхова вытрымала іспыт быць у краіне адзінай дзяржаўнай мовай. Прагрэсіўныя колы грамадства гэта бясконца радавала, а антынацыянальныя сілы прыйшлі ў жах і пачалі тэрмінова рыхтавацца да чарговай схваткі з беларускай мовай, што і адбылося ў траўні 1995 года на карысць зрусіфікаванага шырокаразгалінаванага чыноўніцкага апарату. Рускай мовай на З'ездзе карысталіся толькі чатыры чалавекі: ужо вышэй згаданы мною прадстаўнік ААН Мэцью Каханэ, Георгій Усілоўскі з Комі (20 гадоў знаходзіўся ў зняволенні і не вярнуўся на сваю родную Магілёшчыну), Васіль Ярашчук з Аргенціны (родам з Камянецкага раёна, дзе да вайны былі распаўсюджаны беларускі, польскі, украінскі дыялекты; эміграваў у 1930-я гады), карэспандэнт газеты "Экспресс-контакт" Н. Данілава (дзяцінства яе прайшло па-за межамі Беларусі).
Усталяванае з гадамі абыякавае стаўленне самой дзяржавы да ідэй Першага з'езду беларусаў свету ніяк не можа перакрэсліць яго гістарычнага значэння. Не памылюся, калі скажу, што гэты форум можна смела параўнаць з самымі знакавымі падзеямі ў нашай гісторыі, у тым ліку і з Першым усебеларускім кангрэсам у Менску (снежань 1917 г.) Нічым нельга апраўдаць, што яшчэ і па сёння на сцяне будынка Нацыянальнага акадэмічнага тэатра оперы і балета Беларусі адсутнічае мемарыяльная шыльда ў гонар той падзеі, якая тут адбывалася 8-10 ліпеня 1993 года.
Сённяшня беларуская дыяспара, як неба ад зямлі, адрозніваецца не ў лепшы бок ад той, што была на момант правядзення Першага з'езду беларусаў свету. Пасля таго форуму з зямным жыццём развіталіся дзясяткі асоб, якімі магла б ганарыцца і метраполія: майстры мастацкага слова Наталля Арсеннева, Масей Сяднёў, Кастусь Акула, Анатоль Бярозка, літаратуразнавец, публіцыст Зора Кіпель (дзяв. Савёнак), медык, літаратуразнавец Вітаўт Тумаш, мовазнавец Валянціна Пашкевіч, прафесар медыцыны Міхась Навумовіч, нацыянальныя грамадска-палітычныя актывісты Раіса Жук-Грышкевіч, Мікола Ганько, Алег Шнэк, Расціслаў Завістовіч, Кастусь Калоша, Сяргей Карніловіч, Анатоль Лук'яновіч, Мітрапаліт БАНЦ Мікалай… Каласальныя, незаменныя людскія страты панесла беларускае блізкае замежжа: старшыня Беларускага грамадска-культурнага таварыства ў Санкт-Пецярбургу Валянцін Грыцкевіч, старшыня Таварыства беларускай культуры імя Ф. Скарыны ў Маскве Антон Сабалеўскі, пісьменнік Анатоль Кірвель (Санкт-Пецярбург)…
На стан нацыянальнай, грамадска-культурнай дзейнасці нашай дыяспары нішто так адмоўна, шкодна не ўплывае, як русіфікатарскі курс палітычнага кіраўніцтва нашай краіны, амаль поўная адсутнасць супраціву з боку народа да яго культурна-моўнай асіміляцыі.
Леанід ЛЫЧ, доктар гістарычных навук, прафесар.
Маці родная, Маці-Краіна!
Маці родная, Маці-Краіна!
Не ўсцішыцца гэтакі боль…
Гэтыя словы Максіма Багдановіча заўсёды прыходзяць на думку, калі ўспамінаю Першы з'езд беларусаў свету. Падзея гэта адбылася два дзесяцігоддзі назад, 8 - 10 ліпеня 1993 года ў Менску. У той час, па запрашэнні Згуртавання беларусаў свету "Бацькаўшчына", мне пасчасціла ўдзельнічаць у Вялікім Сходзе беларусаў.
Першы з'езд беларусаў пачаў работу ў Дзяржаўным акадэмічным Вялікім тэатры Беларусі пад мелодыю Багдановічавай "Пагоні". Франтон тэатра ўпрыгожвалі словы класіка: "На сход, на ўсенародны сход!" На сцэне тэатра і на значках, якія атрымалі дэлегаты, была эмблема з'езду - вобраз Святой Еўфрасінні Полацкай.
Адкрыў з'езд пісьменнік Васіль Быкаў. Ён сказаў наступныя словы: "Будаваць новую беларускую дзяржаву можна толькі ўсім разам - і тым, хто жыве на сваёй беларускай зямлі, і тым, хто далёка, але чыё сэрца баліць несціхаемым болем, імя якому - Беларусь!" З'езд віталі Станіслаў Шушкевіч і Ніл Гілевіч. З дакладам "Беларуская ідэя і адбудова беларускай дзяржаўнасці" выступіў акадэмік Радзім Гарэцкі. Таксама быў заслуханы даклад ад заходняй дыяспары, з якім выступіў Янка Запруднік (ЗША). Потым была справаздача аб рабоце аб'яднання беларусаў свету "Бацькаўшчына", выступленні дэлегатаў і вялікі канцэрт лепшых калектываў рэспублікі.
На другі дзень работа з'езду праходзіла па тэматычных секцыях. Мне давялося прысутнічаць на сустрэчы з прадстаўнікамі беларускай дыяспары, якая адбылася ў памяшканні тэатра юнага гледача. Кіравалі сустрэчай два вядомыя беларускія навукоўцы: прафесар Валянцін Грыцкевіч з Санкт-Пецярбурга і прафесар Янка Запруднік з Нью-Ёрка. На сустрэчы выступалі прадстаўнікі з Расіі, Украіны, Польшчы, ЗША, Кіргізіі, балтыйскіх рэспублік і іншыя. Выступоўцы з вялікай зацікаўленнасцю распавядалі пра дзейнасць беларускай дыяспры ў сваіх краінах, падымалі пытанні па самых вострых праблемах беларускай нацыянальнай палітыкі, эканомікі, культуры.
Асабіста на мяне гэты форум аказаў вельмі вялікі ўплыў, засталося шмат уражанняў, успамінаў. Слухаючы прамовы ўдзельнікаў з'езду, адчуваў з якой вялікай заклапочанасцю яны гаварылі аб далейшым лёсе нашай Радзімы, уносілі прапановы, абвастралі пытанні дзеля духоўнага, дзяржаўнага і эканамічнага адраджэння Бацькаўшчыны.
Уразіла мяне наша беларуская мова, на якой размаўлялі многія замежныя дэлегаты, бо адрознівалася ад тутэйшай сваёй мілагучнасцю, больш мяккім гучаннем. З вуснаў дэлегатаў заўсёды гучалі словы "спадар і спадарыня", калі трэба было звярнуцца адзін да другога. І пры гэтым усе як маладыя, так і старыя людзі, называлі іншых толькі па імя.
Мне асабіста давялося размаўляць з многімі дэлегатамі, у тым ліку з беларусамі з Канады, Аўстраліі, Польшчы, Украіны і многімі іншымі. Усе яны былі вельмі высокай культуры і адукацыі, вызначаліся моцнай нацыянальнай самасвядомасцю. З гэтых размоў даведаўся, як жывуць беларусы ў іншых краінах, як берагуць свае традыцыі, культуру, мову і галоўнае - беларускую духоўнасць. Напрыклад, высветлілася, што беларускія нацыянальныя асяродкі з навукова-культурнымі інстытутамі, бібліятэкамі, музеямі, рэлігійнымі ўстановамі працуюць у многіх замежных дзяржавах. Беларускія факультэты і аддзяленні дзейнічаюць у больш як дзесяці замежных універсітэтах. Шмат дзе выходзяць беларускія газеты і часопісы.
Вельмі здзівіла размова са святаром Якавам Гутманам з Нью-Ёрка. Ён паведаміў, што ў Злучаных Штатах у яго ёсць знаёмы навуковец, які працуе над доктарскай дысертацыяй пад назвай "Яўрэі Шклова". І такіх сустрэч было шмат. Пра ўсе расказаць немагчыма.
У гэты дзень я таксама прысутнічаў на адкрыцці мемарыяльнай дошкі беларускаму пісьменніку і навукоўцу Максіму Гарэцкаму. Урачыстасць адбылася каля ўвахода ў былы будынак інстытута Беларускай культуры - Інбелкульта (Менск, Рэвалюцыйная, дом 15), які дзейнічаў ў Менску ў 30-я гады і быў цэнтрам беларускага абуджэння і навукі.
Безумоўна, уражанняў было шмат. Але найбольш мяне ўразіў дэлегат з Польшчы. Ён распавядаў, што ў горадзе Гайнаўцы на Беласточчыне працуе беларускі музей. Залы музейнай экспазіцыі складаюць каля двух тысяч квадратных метраў. Пры музеі знаходзіцца гатэль, які заўсёды прымае ахвотных наведаць гэты культурны асяродак. У горадзе існуе беларуская гімназія і беларускі праваслаўны храм. Сваю прамову гэты беларус з Польшчы закончыў наступнымі словамі, якія вельмі кранулі душэўныя струны: "Сённяшні з'езд не дабавіць зарплаты, не палепшыць здароўя, не вырашыць іншыя праблемы, але абавязкова абудзіць беларусаў, менавіта тых, хто яшчэ спіць, прысароміць лянівых, дапаможа тым, хто стаміўся і ў роспачы, і сонца адраджэння павінна ўзысці над нашай Айчынай!"
На прыканцы форуму я бачыў радасць на тварах дэлегатаў. Калі пасля заканчэння святочнага канцэрту ўсе выходзілі з памяшкання тэатра, на плошчы з'явіліся агні салюту, у многіх дэлегатаў ў руках гарэлі свечкі, на ветры луналі старажытныя беларускія сцягі, герб "Пагоня", эмблема з'езду - вобраз Святой Ефрасінні Полацкай, і ўзнёсла гучалі неўміручыя словы Янкі Купалы: "ЖЫВЕ БЕЛАРУСЬ!"
Прайшлі гады, але словы, якія прагучалі на з'ездзе, па-ранейшаму застаюцца вельмі актуальнымі для беларусаў і ў сучаснасці. Асабіста я па-ранейшаму спадзяюся і веру, што " …не ўсцішыцца гэтакі боль…" і "сонца адраджэння, хай і паступова, але ўзыдзе над нашай Айчынай!"
Аляксандр Грудзіна, дэлегат з'езду ад Магілёўскай вобласці.
У гарадах Гомельшчыны і Магілёўшчыны не засталося ніводнага беларускамоўнага садка
Найбольш дзетак выхоўваецца
па-беларуску ў садках Гарадзеншчыны
Згодна з афіцыйнымі падлікамі, кожнае дзявятае дзіця ў садках Беларусі выхоўваецца па-беларуску.
За кошт чаго дасягаецца такая лічба? Статыстыку робяць вясковыя садкі.
Паводле падлікаў Белстату, у сельскіх населеных пунктах па-беларуску выхоўваецца 56,1% дзетак.
Найбольшая лічба на Гарадзеншчыне - 77,6%, найменшая на Гомельшчыне - 38,7%.
Што да гарадскіх садкоў, то па-беларуску выхоўваецца толькі 2,9% дзетак. І калі на Гарадзеншчыне паказчык дасягае 7,6% (і працягвае расці), то на Гомельшчыне і Магілёўшчыне сітуацыя крытычная - ніводнага гарадскога беларускамоўнага садка.
Я.М.
Пiсьменнiкi - сумленне народа
На офісе Руху "За Свабоду" адбылася сустрэча з пісьменнікам-эколагам і грамадскім дзеячам Васілём Якавенкам і даследчыкам тэмы рэпрэсіяў, пісьменнікам i энцыклапедыстам Леанідам Мараковым. Яны сталі героямі фотавыставы "Сейбіты Беларушчыны", якая працягвае дзейнічаць.
Для актывістаў Руху і грамады бацькоў студэнтаў-каліноўцаў быў вельмі важны досвед тых часоў, калі пісьменнікі і журналісты здолелі адхіліць шкодны экалагічны праект асушэння басейна Прыпяці. Аўдыторыя ўзгадала часы актыўнага выдання газеты "Набат". Артыкулы са зборніка публіцыстычных твораў В. Якавенкi "Прывіды Шанхая над Свіслаччу" засцерагаюць ад прыняцця паспешных рашэнняў, звязаных з будаўніцтвам новай АЭС.
Васіль Цімафеевіч распавёў таксама пра герояў рамана "Надлом" і трылогіі "Пакутны век". Раман "Пакутны век" атрымаў высокую адзнаку літаратурнай крытыкі як на Беларусі, так і ў замежжы. Пераклады гэтых твораў будуць зроблены на рускую і польскую мову. Многiя чытачы сталага веку заўважалi, што гэта менавiта тое, што яны перажылi i хацелi б выказаць.
Пісьменнік сустракаўся з выдатным вучоным Барысам Кітом ва Франкфурце. Ён замацаваў сяброўства з амерыканскімі лекарамі, наведваючы ЗША ў сувязі з чарнобыльскімі справамі.
Спадар Васiль распавёў, што збіраецца прысвяціць новую кнігу сучасным героям, якія ўвасабляюць беларускі характар і менталітэт. Гэта людзі трывалыя і мужныя, працавітыя і гаспадарлівыя, якім можна даверыць будучыню краіны.
Леанід Маракоў распавёў слухачам пра жыццёвыя гісторыі жыхароў галоўнай вуліцы Менска, якія сталі тыповымі для прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі 30-тых гадоў. Новая кніга "Галоўная вуліца Менска" - працяг шматгадовых даследванняў тэмы рэпрэсаваных дзеячаў культуры, навукі, асветы, медыцыны.
Даследчык i лiтаратар адзначыў, што зрабiў захапляльнымi апaвяданнi, увайшоўшыя ў зборнiк "Непамяркоўныя", надаў iм рысы прыгоднiцкага жанру i дэтэктыву, каб передаць не толькi смутак, але паказаць адвагу i мужнасць людзей , якiя зазналi пераслед з боку НКУС.
Сябры Руху "За Свабоду" падзякавалі Васілю Цімафеевічу за мужнае адстойванне экалагічных перакананняў і абарону беларускай мовы у друку i зваротах да парламентарыяў, а таксама спадару Леаніду Маракову за захаванне памяці пра рэпрэсаваных дзядоў і прадзедаў.
Э. Дзвінская, фота аўтара.
Зварот
Грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" да прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі Беларусі: паэтаў, кампазітараў, выканаўцаў, музыкаў
Шаноўнае спадарства!
У нашай краіне ігнаруецца беларуская мова ў творах, якія ўдзельнічаюць у адборы на конкурс "Еўрабачанне" . Мы звяртаемся да вас з заклікам: выкарыстоўвайце мілагучную беларускую мову ў сваёй творчасці!
Мы лічым, што песня на беларускай мове надасць нацыянальны каларыт і паспрыяе перамозе прадстаўніка нашай краіны на "Еўрабачанні".
Прынята Сакратарыятам ТБМ 04.07.2013 г.
Шчыра дзякуем за дапамогу!
Сакратарыят ТБМ выкаўвае шчырую падзяку ўсім грамадзянам Беларусі і замежнікам, якія адгукнуліся на нашу просьбу аб дапамозе, а таксама беларускім журналістам, якія распаўсюдзілі нашу просьбу ў СМІ, і паведамляем наступнае.
Па стане на 02.07.2013 г. на рахунку ТБМ знаходзіцца 32.531.383 рублі.
Таксама заплачана арэндная плата камунальныя паслугі, тэлефон і інтэрнэт за травень і чэрвень гэтага года. Дзякуючы Вам, сядзіба ТБМ можа спакойна функцыянаваць да кастрычніка.
Сакратарыят ТБМ.
Як Мінадукацыі спалучае права выбару з двухмоўем
Кіраўніку Адміністрацыі Прэзідэнта
Рэспублікі Беларусь
Кабякову А.У.
Аб неабходнасці абавязковага ЦТ
па дзвюх дзяржаўных мовах
Шаноўны Андрэй Уладзіміравіч!
Мы вельмі занепакоены вынікамі цэнтралізаванага тэставання па беларускай мове.
Калі на пачатку 2000-х гадоў ЦТ па беларускай і рускай мовах пісала прыблізна роўная колькасць абітурыентаў, то сёлета жадаючых здаваць ЦТ па беларускай мове амаль у два з паловай разы менш, чым тых, хто будзе пісаць экзаменацыйны тэст па рускай мове. Згодна статыстыцы на ЦТ па беларускай мове зарэгістравалася 33 тысячы 564 чалавекі, а па рускай - 83.829.
Паўплываць на сітуацыю магло б ўвядзенне абавязковай здачы ЦТ адразу па дзвюх дзяржаўных мовах.
Просім Вас садзейнічаць таму, каб у наступным годзе ў адпаведнасці з вынікамі рэферэндуму 1995 года была забяспечана рэальная роўнасць у выкладанні і веданні дзвюх дзяржаўных моў грамадзянамі нашай краіны.
Мы перакананы, што абавязковая здача ЦТ па дзвюх дзяржаўных мовах будзе падтрымана спецыялістамі ў галіне адукацыі, а таксама паспрыяе міжнароднаму аўтарытэту нашай краіны.
З павагай, старшыня ТБМ А.А. Трусаў.
Старшыні грамадскага аб'яднання
"Таварыства беларускай мовы
імя Францішка Скарыны"
Трусаву А.А.
Шаноўны Алег Анатольевіч!
Міністэрствам адукацыі разгледжаны Ваш зварот ад 6 чэрвеня 2013 г. № 40, які паступіў з Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Паведамляем наступнае.
Згодна з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь дзяржаўнымі мовамі ў Рэспубліцы Беларусь з'яўляюцца беларуская і руская мовы.
У адпаведнасці з Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб адукацыі асноўнымі мовамі навучання і выхавання ў Рэспубліцы Беларусь з'яўляюцца дзяржаўныя мовы Рэспублікі Беларусь. Дзяржава гарантуе грамадзянам права выбару навучання і выхавання на адной з дзяржаўных моў Рэспублікі Беларусь і стварае ўмовы для рэалізацыі гэтага права.
Незалежна ад мовы навучання ў V-ХІ класах устаноў агульнай сярэдняй адукацыі на вывучэнне вучэбных прадметаў "Беларуская мова", "Беларуская літаратура" і "Руская мова", "Руская літаратура" адводзіцца аднолькавая колькасць гадзін.
У сувязі з гэтым ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі прадугледжаны абавязковы выпускны экзамен па беларускай і рускай мовах за перыяд навучання і выхавання на II ступені агульнай сярэдняй адукацыі, а таксама - выпускны экзамен па адной з дзяржаўных моў (беларускай або рускай) на выбар вучняў на III ступені агульнай сярэдняй адукацыі. Таму выпускнікам устаноў агульнай сярэдняй адукацыі забяспечана права выбару тэстаў на рускай або беларускай мове пры праходжанні цэнтралізаванага тэсціравання.
Такім чынам, Міністэрства адукацыі лічыць нямэтазгодным увядзенне абавязковага тэсціравання па дзвюх дзяржаўных мовах.
Першы намеснік Міністра А.І. Жук.
Трагічна загінуў Ігар Міклашэвіч
3 ліпеня, на наступны дзень свайго 50-годдзя, трагічным чынам загінуў былы майстровец, прафесар, пісьменнік Ігар Міклашэвіч
Ігар быў доктарам навук, прафесарам, загадчыкам лабараторыі ў Тэхнічным універсітэце, пісьменнік (псеўд. Стах Дзедзіч). Са сваёй жонкай Рытай Гвоздзік пазнаёміліся трыццаць гадоў таму ў Беларускай Майстроўні. У Ігара застаўся сын Стах, які стаў менеджарам, і дачка Яважына - дызайнерка моды.
Паплечнік Вінцук Вячорка ўзгадвае Ігара Міклашэвіча:
- Гэта неверагодна, і так скажуць усе, хто ведаў Ігара. Што за праклён на нас накладзены, чаму зноў мы мусім казаць пра паплечнікаў у прошлым часе?!
Энергічны, фізік з адукацыі, Ігар унёс калісьці сваю энергію ў беларускі майстроўскі рух: інтэлектуальную і фізічную. Паслядоўны нацыянальны рамантык - пісьменнік Стах Дзедзіч - і ў той жа час грунтоўны беларус, укарэнены ў рэальнасьць і таму здольны змяняць яе вакол сябе: беларускамоўны прафесар Тэхнічнага ўніверсітэта... А сям'я! Беларуская і беларускамоўная сям'я, дзе шчасліва адбыліся і бацькі, і дзеці... Дай Божа вытрываць гэты нечуваны ўдар і найглыбейшыя спачуванні жонцы Рыце, дзецям Стаху і Яважыне...
Паводле Радыё Свабода
Епіскап Барысаўскі Веніямін:
"У вернікаў ёсць жаданне маліцца і чуць Божае слова па-беларуску"
У "Советской Белоруссии" выйшла вялікая гутарка з вікарным епіскапам Барысаўскім Веніямінам.
Нагода - падрыхтоўка да святкавання 1025-годдзя хрышчэння Русі. Аднак былі закранутыя і іншыя тэмы. У прыватнасці, прысутнасць беларускага слова ў праваслаўных цэрквах і рэлігійных выданнях.
Журналістка Галіна Уліцёнак сказала, што апошнім часам "усё часцей можна пачуць, як праваслаўныя святары, асабліва маладое пакаленне, упэўнена карыстаюцца беларускай мовай".
- У гэтым водгук на жаданне вернікаў маліцца і чуць слова Божае на роднай мове. Яшчэ ў 2007 годзе Біблейская камісія Беларускага экзархату здзейсніла пераклад і выданне богаслужбовага Евангелля на беларускую мову, а сёлета выдадзены малітваслоў па-беларуску. Хочацца верыць, што ў будучыні любоў да сваёй мовы, гісторыі і культуры будзе развівацца, - зазначыў уладыка Веніямін.
Раней епіскап Барысаўскі ў прэсе выказваўся супраць смяротнага пакарання.
* * *
Епіскап Веніямін (Віталь Тупека) нарадзіўся ў 1968 ў Лунінцы Берасцейскай вобласці. Вучыўся ў БДУ на факультэце радыёфізікі і электронікі, атрымаў дыплом па спецыяльнасці "інжынер-радыёфізік". Служыў у войску.
У жніўні 1992 г. паступіў на першы курс Менскай духоўнай семінарыі. У 1999 г. скончыў ужо навучанне ў Духоўнай акадэміі з вучонай ступенню "кандыдат багаслоўя". Высвечаны ў епіскапы ў сакавіку 2010 года. Рашэннем Сінода Беларускага экзархату ад 4 чэрвеня 2010 г. прызначаны старшынём Выдавецкай рады БПЦ.
Зміцер Панкавец.
У Маладзечне адрадзілі раённую арганізацыю ТБМ
У Маладзечне адроджана раённая арганізацыя "Таварыства беларускай мовы". Такое рашэнне было прынята на канферэнцыі рэгіянальнай структуры ТБМ. У яе рабоце ўдзельнічалі мясцовыя грамадскія актывісты, а таксама вядомы грамадскі дзеяч, сябар рэспубліканскай Рады ТБМ, філолаг Вінцук Вячорка.
Па словах старшыні Таварыства беларускай мовы Алега Трусава, вельмі добра, што раённая арганізацыя адраджаецца.
- Калісьці маладзечанская арганізацыя была адной з лепшых у Беларусі, але гэта было даўно. Яны мелі свае выданні. Пасля, як заўжды бывае, зніклі кіраўнікі: нехта памёр, нехта выехаў за мяжу, нехта страціў здароўе. Арганізацыя фактычна распалася. Як структура, яна ўжо некалькі гадоў не дзейнічала, хаця была афіцыйна зарэгістраваная. Тым не менш, асобныя сябры ў Маладзечне заўжды былі, складкі плацілі, газеты выпісвалі. Аднаўленне сведчыць пра тое, што ў Маладзечне з'явіліся новыя людзі. Дай Бог ім працаваць, як калісьці працавалі папярэднікі.
Старшынём Маладзечанскай раённай арганізацыі ТБМ абраны Генадзь Фарыно, які таксама ўзначальвае маладзечанскую арганізацыю АГП і аргкамітэт стваранага грамадскага аб'яднання "Рэгіянальны шлях". Па адукацыі ён юрыст і багаслоў. Як распавёў Генадзь Фарыно, Маладзечна і прылеглыя рэгіёны з'яўляюцца досыць камфортным асяроддзем для дзейнасці ТБМ.
- Мясцовае насельніцтва даволі актыўна выкарыстоўвае беларускую мову, а рэгіянальныя ўлады да яе адносяцца лаяльна. Сярод першачарговых планаў - паўплываць на тапанімічную камісію Маладзечанскага райвыканкаму для таго, каб цэлы шэраг вуліц горада атрымаў гістарычныя назвы, - сказаў Фарыно.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя.
Грэх на іх нязмыўны
Аповесць-уява
7 ліпеня - Дзень народзінаў Янкі Купалы.
(Працяг. Пачатак у папярэднім нумары.)
Грукат. Бухае ўніз цела. Ляціць кавенька. У выблакіце воч упалага згасае выцемрань болю, лагоднее твар.
Выбухі і плач вайны на Беларусі, у Падмаскоўі і пад Харкавам для краіны былі нароўні, а то і слабейшымі за глухі вышмяк цела беларускага паэта.
Янка Купала, як любы здольны і відушчы, нёс у душы і прамоўленых/напісаных словах асэнсаванне не адно ўласнага раю і пекла, - геній стаў сусветнымі варотамі ў нябеснасць, у панаднасць Таго свету. І вось зорныя вароты тупа і бяздарна зачынілі. Грэшнікі плюнулі ў агонь.
Крыкі з першага паверху.
- Грэх на табе няўмірны! - гадзюкаю сіпіць жанчына. - Гадзіна!
Жанчына і Карней Лапух гатовыя ўчапіцца ў каўтуны адно другога.
- Сама, як тут апынулася! Шваль! - Карней Лапух кульміжыць у дзверы нумара, з яго паўтары хвілі таму выскачыў. - Цябе не бачыў!
- Тут я не была! - Збялелая жанчына гадоў за сорак аўтаматычна папраўляе нямодны капялюшык, ляціць да застылага на паверсе ліфта.
Шчоўк замка за Карнеем Лапухом.
На падлозе сіроціць напаўрасшнураваны чаравік Янкі Купалы.
Яна ведала, на што згадзілася. Запалоханая маладзіца пэўнілася на выпадак, несур'ёзнасць планаў загаворшчыкаў, на звекавечнае жаночае хітруленства і ўдачу - будзе ўсяго міг трымаць сухую вату на твары Янкі Купалы, яна не паспее зашкодзіць народнаму.
Ад задання не адмовілася, заданне не выканала. Усё сарвалася не па яе віне.
Памылілася.
...Паляцела ўверх, а там да ліфта. Выбелелая раскудлатка імклівіла з ліфта ашалелаю расхрыстанаю ведзьмаю. На здзіўлены поклік выпадковага стрэчнага мужчыны нуль увагі.
Стралою выламалася з незакрытых яшчэ ўваходных дзвераў "Масквы".
У смерці славутых нярэдка падазраюць уладныя структуры. Памылка, у агульным і дэталях. Па Маскве шырыліся размовы пра паўсямесныя знішчэнні дэпэушаўцамі пасаджаных у турмы, неасуджаных, проста западозраных ў ненадзейнасці, непажаданых класавых элементаў перад уцёкамі Чырвонай Арміі ад немцаў. Купала ў час сустрэчаў з маскоўскай інтэлігенцыяй, асабліва украінскай, не раз удзельнічаў у кулуарных размовах. Яны тычыліся ганебшчыны павальных расстрэлаў нявінных. Не ведаў паэт, што на асобных паверхах асобных устаноў было вырашана дапытных размоўнікаў і нашэптнікаў астудзіць.
Што і здарылася пасля забойства Купалы, такія перамовы ў любых субяседдзях імгненна перапыніліся.
Дзіка меркаваць, быццам Купала перад самагубствам зняў адзін чаравік, а тады скокнуў. Спіною ўніз.
У нумары Міхася Ліня трывожны званок:
- Адзін ваш знаёмы разбіўся на лесвіцы.
- Як разбіўся? Хто звоніць? - У Ліня дрыжыць голас. Старшыня Саюза пісьменнікаў асэнсоўвае і не асэнсоўвае недарэчнасць плёткі.
- Гэта швейцар "Масквы". У лесвіцавым праёме ўпалы ляжыць. У шэрым касцюме. З ордэнам Леніна і значком дэпутата.
Упалатнелы Лінь не паспеў рвануцца з нумара, паглядзець хто ўпаў, як зновеш трызвоніць тэлефон. Хтосьці секунду таму пад выглядам швейцара злосна пажартаваў, зараз пачне выбачацца. Падаць Янка Купала не мог. Толькі што запрашаў усіх на банкет сёмага ліпеня. Заўтра Купалу выступаць па радыё са зваротам да беларусаў мацней змагацца з ворагам, удзень павінны атрымаць салідны ганарар за кнігу.
Жартаў не было, Самон Гарбун пацвердзіў словы швейцара, загадна распарадзіўся: бегчы Ліню не ўніз, пазіраць на разбітага Купалу, разбірацца, а ляцець у нумар да Гарбуна.
- З кім не сустрэўся - ні слова. Хутчэй да мяне.
Чаму Гарбун задзелавіціўся так хутка, першым, звоніць так уведна, адкуль што вычуў, Лінь задумаецца нашмат пазней.
22
У гатэлі роспыты, таўканеча. Перапіс сведкаў, першыя апытванні.
Гул ліфта. У нумар Ліня хоча ўвайсці Карней Лапух. Старшы інспектар дзяржпалітупраўлення, службоўцы пракуратуры і міліцыі пытаюць хто ён, правяраюць пасведчанне, цікавяцца ў растрывожаных пісьменнікаў ці той ён, за каго выдаецца. Ніхто не здзіўляецца, чаму найхутка з'явіліся следчыя.
- Пры ўваходзе заваруха і тутака. Што такое? - узрушана голасніць незадаволены Карней Лапух.
- Купала выпаў з нашага паверха, - Міхась Лінь прыкрывае заплаканы твар.
- Дзядзька Янка ўпаў... Як? - не долее выціснуць Карней Лапух.
- Уніз.
- Калі? Куды?
- Толечы што.
- Не можа быць, не можа быць! - выбельваецца разгублены Карней Лапух. Узгудвае, істэрычна трасецца. Заўздрыгвалі рукі.
Перажывае крытык, паэт і фалькларыст мацней за іншых пісьменнікаў, пачулых пра смерць дзевятнаццаць хвілін раней.
Сорак хвілін таму Карней Лапух пайшоў адсюль у горад, ліфтам паехаў, ход ліфта чулі ў нумары. Сустрэўся з важным чалавекам, вярнуўся і такое здарэнне. Жудасна, пачварна.
- Дзе і з кім вы сустракаліся? - выстрэльвае энкэуснік Іван Сініцын.
Упалоханы незнячэўнаю падзеяю, рэзкасцю тону следчага Карней Лапух адказвае без зодуму, сумленна азірае дапытніка, паплечнікаў. Сустракаўся бліз гатэля з работнікам маскоўскага выдавецтва, колькі гаварылі, не памятае. Пра што? Пра друкаванне сумеснага зборніка, у ім былі б вершы народнага Купалы і прысвечаныя народнаму Купалу. На носе вялікі юбілей у вялікага беларуса.
- Ды што вы трасяцеся. Смерць Купалы для ўсіх вялікая страта, - з свайго нумару "Масквы" сходу заяўляецца Самон Гарбун, звычна распараджаецца. - Вас не было ў гатэлі, разумеем, супакойцеся. Вытрыце слёзы.
Новыя людзі, новыя старыя пытанні, адказы Карнея Лапуха хуткія, правільныя.
- Усе павінны апісаць апошнія сустрэчы з незабыўным Іванам Дамінікавічам, першым беларускім народным, асабліва сённяшнюю, - выніковіць Самон Гарбун. - Не забудзьце пра свае эмоцыі, яго словы.
...Паліна Мядзёлка ў жалобны час і колаверці хаўтураў раз-поразу падыходзіла да пісьменнікаў. Хлопцы, не адводзьце вочы, не круціце хвастамі, прасіла жанчына, хоць мне што-кольвек скажыце, як ён загінуў, хто выкінуў. Замірала супраць кожнага, рознымі словамі дамагалася адказу. Хлопцы абнямелі, ім пазарывала языкі, звычна лёгкі пісьменніцкі слоўны паток знік. Апускалі галовы, адварочваліся, хаўтурна памоўчвалі хлопцы.
- Бачылі не бачылі, нешта чулі. Былі з ім таго вечара. Не маўчыце, - шчыра выпрошвала заплаканая разгубленка.
Не мелі адказу вушы і сэрца Паліны Мядзёлкі. Падлюжныя вінаватаўцы менавіта яе праз гады пастараюцца ўскосна выдаваць за колішнюю ўцякачку з гібельнага для Купалы паверху.
Цэлы тыдзень усім сведкам і закранутым смерцю беларускага генія прыйшлося адказваць на пытанні трох лініяў праверкі/пераправеркі - дэпэушнай і пракурорскай саюзных, маскоўскай міліцэйскай гарадской. Тры дні нумары 414 і 1034 былі абпячатаныя.
Смерць выказніка мараў і спадзяванняў цэлага народа, ардэнаносца, лаўрэата Сталінскай прэміі, певуна беларускай народнай іпастаснаці, смерць упярэдадзень абвешчанага юбілею, смерць у сталіцы самай дэмакратычнай дзяржавы страсянула ўсіх. Патрабавала ўсебаковага разбору.
24
Вуліца Вароўскага. Праўленне Саюза пісьменнікаў СССР. Поўдзень. Вузкае пасяджэнне сакратарыяту СП. Кабінет сакратара Аляксандра Фадзеева перапоўнены. Вайна, паўсямесны рэзрух і нястацтва народа, а жыць пісьменнікам трэба - пераезды, жыллё, картачкі на прадукты, рэчы, лекі, спробы атрымаць зароблены ганарар, кнігі.
Руцінна-бытавое паседжанне прайшло б з паскоранай шэрай будзённасцю, калі б не ўчарашняе, дваццаць восьмага чэрвеня, страшэннае здарэнне - самагубства народнага пісьменніка Беларусі Янкі Купалы, акадэміка, дэпутата.
На сценцы партрэцік Купалы ў чорнай акантоўцы. Пад ім словы Янка Купала . Меншым шрыфтам: Іван Дамінікавіч Луцэвіч (07.7.1882 - 28.6.1942).
...Паэт і здольны армейскі карэспандэнт Аляксандр Твардоўскі прыпазніўся. Па жэсту Фадзеева апусціўся на вольнае крэсла, поруч самога старшыні. Узяў са стала Аляксандра Аляксандравіча вузенькі хуткасшыўнік.
...Аляксандр Твардоўскі асунуўся тварам. Круціць здымак у руках. Пакладзе ў хуткасшыўнік, возьме, пакладзе, возьме, зноў утаропваецца. З Купалам пазнаёміўся Твардоўскі ў 1934. Не раз сустракаўся, і сёлета ў Маскве. Талент акадэміка безагаворачна прызнаваў.
...Пры выступленні ўкраінца Твардоўскі перадае здымак Фадзееву. Той каўзануў вокам па ім, адклаў, слухае выказніка.
Няўрымсціцца Твардоўскаму, алоўкам топчацца на адным месцы здымка.
Нарэшце Фадзееў узіраецца ў чатыры словы тэксту пад партрэтам Янкі Купалы, учытваецца ў неадасланы яшчэ праект некралога Саюза пісьменнікаў, узіраецца ў здымак таблічкі з назваю вуліцы падпольнага Мінска. Лабасты прыгожы твар хмурнее, губы сходзяцца ў лінію.
- Луцэвіч, - ледзь цішыць Аляксандр Твардоўскі.
- Луцкевіч, - сузгодніць Аляксандр Фадзееў, хавае здымак у папку.
Мімікрыю дваіх ніхто не разумее.
Выбачаецца Аляксандр Фадзееў, просіць працягваць абмеркаванне абвесткі. Маці Фадзеева беларуска, ён заўжды прыяў беларусам.
Выходзіць не праз уваходныя гмахкія кляновыя дзверы - праз фалёнкавыя, у тон шпалераў, дзверы за плячыма. Шчытна зачыняе.
Пакойчык вузкі, як пенал. Канапа, тумбачка, столік, шафа, два цвёрдыя крэслы. На століку-тумбе поруч вакенца два тэлефоны, адзін каляровы.
Прыглушана просіць Аляксандра Паскробышава злучыць яго з таварышам Сталінам. Напрамую званіць старшыні СМ СССР маглі выбраныя, кшталту адкрывальніка Курскай магнітнай анамаліі і вызначальніка сібірскіх нафтавых сховішчаў акадэміка Івана Губкіна.
- Як далажыць? Па якім пытанні? - прывычніць кіраўнік прыёмнай.
- Не магу сказаць, Аляксандр Мікалаевіч, не магу, выбачайце. Перадайце, Фадзееў просіць. Тэрмінова. Я рэдка таварышу Сталіну званю, ведаеце, прашу, злучыце.
З трох вялікіх сакратароў-памочнікаў Сталіна - Івана Таўстухі, Барыса Бажэнава, Аляксандра Паскробышава - найболей уладзіў яму Паскробышаў. Ён доўгія гады аберагаў патрона, адсейваў непатрэбную інфармацыю, рэдагаваў патрэбную, рэдзіў званкі, сустрэчы.
- Слюшаю, таварыш Фадзееў. Здраствуйця.
Пасля кароткага вітання Фадзееў перадае Генсеку, Старшыні Савета Народных Камісараў СССР, Старшыні Дзяржаўнага Камітэту Абароны сэнс турбавання. Народнаму Янку Купалу патрэбна наладжваць урачыстае пахаванне. Вуліца ў Мінску названа не ў яго гонар, Івана Луцэвіча, названа на адзнаку заслугаў асноўнага арганізатара Беларускай Народнай Рэспублікі ў 1918 годзе Івана Луцкевіча, тагачаснага дзеяча, тагачаснага ўрадаўца БНР, міністра.
Іосіф Сталін раздумвае. Перапытвае.
- Перада мной тэксты і здымак мінскай вулічнай таблічкі.
- На беларускай мове. Абодва здымкі наддомных таблічак разглядалі Жданаў, Малянкоў.
Моцны на памяць працаголік Сталін з думкай і меркаваннем Аляксандра Фадзеева лічыўся, як раней з рэкамендацыямі Горкага.
...- Розніца - адна літара. Лішняе к. Купала - Луцэвіч, віленскі даўно памерлы Іван, дзеяч беларускага адраджэння - Луцкевіч. Дубы нашыя і беларускія не разабраліся.
- Хто раскеміў?
- Твардоўскі. Толькі што прыйшоў, заўважыў.
Задышлівае маўчанне на абодвух канца проваду. Учарашняе даручэнне Сталіна своечасова перадалі Аляксандру Фадзееву - яшчэ раз абдумаць тэкст некралогу, форму пахавання Янкі Купалы.
- На пасяджэнне з'явіўся Аляксандр Твардоўскі. Усё занята, усеўся пры маім стале. Убачыў здымак таблічкі на доме вуліцы Івана Луцкевіча ў Мінску. Расшалопаў.
- Твардоўскі. - Маўчанне зацягваецца, гудзьма гудзіць... - А яны ўсе - дурні.
...У гады вучобы ў Гарыйскім духоўным вучылішчы Іосеб (Сосо) Джугашвілі займаў першае месца ў класе па ўсіх прадметах. Аднаму яму прызначылі стыпендыю. У царкве ён першы чытальнік і пеўчы. Шэсць вершаў маладога паэта, апублікаваных у шаснаццаць гадоў, шырока абмяркоўвалі ў Тбілісі, Грузіі.
У духоўнай семінарыі Іосеб таксама выдатна вучыўся. Наперадзе ззяла бліскучая паважная прафесія святара.
Пасля крывавых падзеяў на Хадынцы ў 1896 годзе, калі адзначалася ўступленне на імператарскі трон Мікалая ІІ і ў штурханіне загінула за паўтары тысячы мужчын, жанчын, дзяцей, а цар пайшоў на зараней аб'яўлены прыём і танцы ў замежнае пасольства, жалобу ў краіне не аб'явілі, - пасля падзеяў на Хадынцы адносіны грамадства з уладаю абвастрыліся, асабліва на ўскраінах.
...- Не проста дурні яны. Горш. Сволачы. Талента і дабрака не стала.
- Мы папросім дэталёва разабрацца. - Іосіф Сталін думае лішнюю секунду. - Згодны з вамі. Яны - не дубы, яны - сволачы. - Іосіф Сталін змоўчваецца. - Вы абавязаны ўсе справы пісьменнікаў нашмат раней праглядваць. Будзем вам іх рэгулярна прадстаўляць.
Лаецца. У службе Лаўрэнція ідыётаў болей, чым нам думаецца.
Пры чым тут служба Берыі, не кеміць Аляксандр Фадзееў. У пакой з засядалымі членамі пасяджэння ўваходзіць засмучаны.
29.6.1942 Уладзіслава Луцэвіч атрымлівае тэлеграму. У гасцініцы "Масква" паміж дзесятым і дзевятым паверхамі сарваўся ўніз Янка Купала. Памёр.
Паведамленне пра смерць Купалы ад кіраўніцтва Беларусі і Саюзаў пісьменнікаў СССР і БССР 30.6.1942 надрукавала газета "Известия". На беларускай мове "Савецкая Беларусь" паўтарыла іх другога ліпеня.
25
...- Разумееш, расстраляць я абавязаны цябе, расстраляць. Неадкладна.
Самон Гарбун калаціўся да сустрэчы, моцна. Цяпер у маленькім кабінеце вялікага чалавека тросся.
- На допытах пры Яжове быў. Перапытваю, на колькіх допытах быў?
- У вашых тут на двух. На вочнай...
- Не пра маскоўскія талкую, пра мінскія, тагдышнія. Не цягні гуму.
- Быў.
- Бачыў нямала.
- Нямала. - Самон Гарбун ведае болей, чым бачыў. Як у Платона выламвалі рукі, як Кузьму садзілі на ножку крэсла, як Змітра ў Пячэрскай псіхбальніцы пад Магілёвам са свету зводзілі.
- Сячэш, як ладненька твае нацдэмы падпісваюць усё пра ўсё. Адзін на аднаго.
- Бачыў, Лаўрэн Паўлавіч, ведаю.
- Сведчыў ганебшчыну іхняй працы?
- Сведчыў.
- І яны сведчылі. Падпісвалі ўсё на ўсіх.
У падвальным пакойчыку няма дваіх, гаворыць, пытае, адказвае адзін, камісар дзяржбяспекі Лаўрэн Берыя.
Колішні ідэалагічны сакратар ЦК КПБ Самон Гарбун стаў рэхам голасу, выдыху, жаданняў наймагутнага шэфа наймагутнага ведамства, дзяржкамісара, прыроўненага званнем да ваеннага маршала.
- Дык чаму, сволач, падвёў органы народнай справядлівасці, камісарыят унутраных справаў!
Нядаўні галоўны партідэолаг Беларускай ССР Самон Гарбун выпалатнеў, калоціцца.
- Хто дазволіў нас падводзіць пад дурня!
- Я ні разу. У думках не было.
- Не хацеў, а падвёў.
Берыя каторы раз углядваецца ў тэрміновае спецыяльнае паведамленне 29.6. 1942, №1154/Б. Паведамленне паслана таварышам Сталіну і Молатаву. Самому Сталіну.
Благія навіны наверх хітраман Берыя неўпяршынку сам не падпісвае. Праглядвае, візуе і не падпісвае.
Хто ён такі, начальнік трэцяга ўпраўлення НКУС Гарлінскі, каб асмеліўся напісаць таварышу Сталіну. Субардынацыю выконвае, абавязаны кожны выконваць. Над Гарлінскім тры начальнікі.
У спецпаведамленні вялікая памылка, яўная, усімвідочная, чатыры разы паўтораная. Прозвішча Купалы перахлушана. Падпісана вялікім службоўцам камісарыяту, прагледжана Берыем. Бязладства.
"Разаслаць:
т. Сталіну,
т. Молатаву.
29.VI-42 г.
№ 1154/Б
Народнаму камісару ўнутраных спраў СССР - таварышу Берыя.
Спецпаведамленне.
28 чэрвеня ў 22 гадзіны 30 хвілін у гасцініцы "Масква" упаў у лесвічную клетку і разбіўся насмерць паэт Беларусі Луцкевіч Іван Дамінікавіч, 1882 года нараджэння, літаратурны псеўданім Янка Купала.
Папярэднім разборам абставін падзення ніякіх дадзеных, сведчых пра змушаную смерць ці самагубства не ўстаноўлена.
Здарэнню папярэднічалі наступныя абставіны:
Прыкладна ў 21 гадзіну Луцкевіч быў запрошаны ў пакой №1034 (10 паверх той жа гасцініцы) да пражывалага там старшыні Саюза савецкіх пісьменнікаў Беларусі...
...Момант і абставіны падзення Луцкевіча ніхто не бачыў. Можна меркаваць, што ўпаў ён з 9-га паверха, бо пачынаючы з 7-га паверха ў лесвічнай клетцы выяўлены асобныя каплі крыві.
Пры аглядзе пакоя, займанага Луцкевічам, выяўлены поруч стала дзве пляшкі з-пад шампанскага і не прыбраны з стала посуд з пахам віна. Іншых дадзеных, звязаных са здарэннем, не выяўлена.
Следства вядзе Ваенны Пракурор гор. Масквы.
Начальнік 3 ўпраўлення НКУС СССР (Гарлінскі).
29 чэрвеня 1942 года.
№ 3/3/6661. (ДЛМЯнК, КП 17182).
Пазелянелы таўсмач папраўляе на пераноссі пенснэ. Прыўзняў галаву, апусціў.
- Ты не падумаў, ты раіў на лепшае. Вы ўчора стараліся, невіноўныя…
Гром ляціць з неба і з-пад зямлі. Органы дзяржбяспекі - сумленнасць і чысціня. Яны не памыляюцца. Калі памыляюцца - з-за такіх раздалбанаў, як ты, званар Гарбун. Мы трапляем у ганьбу, блёвіны, паняверку з-за гнілых Гарбуноў. Яны не ведаюць прозвішчаў нават сваіх народных. Хто ўладніць у савецкіх правінцыях...
- На допытах быў?
- Вы загада… Вашыя загадалі. Бббыў.
Удар кулаком па стале.
- Дык якога хрэна не долееш розніць прозвішча Луцэвіч ад Луцкевіч? Мне ў беларушчыне разбірацца ці табе, падла!
Удар па стале слабейшы.
- Двойчы, двойчы ты падпісваў паведамленні партызан і мінскіх падпольшчыкаў. Ты?
- Загадалі, - вымямлівае разбыхлы потны мужчына ў гімнасцёрцы. - Тройчы правяралі інфармацыю з Менска. Імем Купалы немцы назвалі вуліцу ў Менску…
Чалавек з высокімі ромбамі на рукавах гімнасцёркі і пятліцах зрываецца ад стала, б'е кулаком у гнюсную морду Гарбуна, злёту вопытна дадае.
Адсунуўся. Падніманага лейтэнантам збіцьку не бачыць.
- Гэта што? А гэта што?! - раве Берыя. Тыкае ў твар Гарбуна здымкі, таблічку.
Махае правай, застылы поруч дзвераў лейтэнант падлятае, дзяжыць Гарбуна нагцаком у жывот. Узмах камісара дзяржбяспекі, чарговыя два нагцакі.
На скураную канапу лейтэнант за валасы і подрукі ўстабырвае дрогкае тулава асуджанага да расстрэлу, змахна далоніць па шчоках.
- Гавары, мярзота, не сапі, гавары. Бо зноў будзеш доле.
- Прыйшлі паведамленні з Мінска і атрада. Гітлерцы назвалі вуліцу імем Івана Луцэвіча. Прыйшло пісьмовае пацвярджэнне. Яшчэ адно. Я падпісаў. Немцы дарэмна не ўзвялічваюць. Маці Купалы не прыцяснялі ў горадзе, паёк ёй нацдэмы выдавалі. Усё адно да аднаго. Я падпісаў.
Лаўрэн Берыя паказвае здымак.
- Фота я глядзеў, так-сама завізаваў.
- Падпісаў. Апрача подпісу напісаў: "Враг, враг Советской власти. Приветствовал Пилсудского, сейчас немцев".
Чэрвеньскія подыхі ветру праз фортачку, птушыныя галасочкі.
- Твой тэкст.
- Мой. - Глядзіць на фота лішнія секунды. Пасля разважлівага абдумства. - Не звярнуў увагі на лішню літару, кэ . Памыліўся, каюся.
Сакратар ЦК КПБ, ідэолаг усёй Беларусі не ведае сітуацыі, людзей, нават славутых, жыў як многія ў нацрэспубліках, па-быдляцку, вяршкамі. Пена і гніль заўжды будуць пенай і гніллю. Лаўрэн Берыя цяжка паднімае вочы ад паперы, паднімае, зноў углядваецца ў збітага пульхнача.
У прынцыпе энкэуснікам такія промахі дапускаць не дзіўна. Саўнаркам Беларусі 4.5.1921 у пасведчанні Янку Купалы двойчы напісаў прозвішча не Луцэвіч, а Луцкевіч. Плоймы ведкаў высокага ўзроўню недарэчнасць прагапілі, а што ўжо казаць нашым і міліцэйскім аблавушнікам, пням. Няўменне і немажлівасць самастойна дзейнічаць, нават мысліць у беларускіх кіраўнікоў праявілася з першых дзён удзяржаўлення Беларусі. 8.6.1922 мінскія дэпэупаўцы пасылаюць запыт Сталіну ў Палітбюро ЦК РКП(б) і Уншліхту ў ДПУ: як ім паводзіцца з епіскапам Мелхіседэкам - хваліць, падтрымліваць, накіроўваць, асаджваць. Мноства пазнейшай шэрасці і дурасці беларускай Берыя не ўспамінае.
- Значыць, так. - Хлоп па стале. - Сёння ўночы следчаму ўсё напішаш. Праўдзіва. Як выдаў толькі што мне. Праўдзіва. - Пальцы прыўзняліся, мякка апусціліся.
- Праўдалюбна выкажу, усё-ўсё.
- Адкажаш на пытанні, нашыя пытанні. - Устае, садзіцца. - Памыліліся вы, а вінаватыя мы. Адказваць нам.
У хітрага Самона Гарбуна засвяцілася надзея. Органы сябе тапіць не будуць. Напаверх нічога не ўсплыве. Усё сыйдзе аплявухамі, нагцакамі.
Мацней адкрылася фортка. Чэрвеньская ветраная духмянка не ахалоджвае падвальны пакой.
- Ясна растлумачыш вашую падтасоўку з выступленнем Купалы на з'ездзе славян. Пні, дабавілі ў яго тэкст лухту, пяць разоў адно і тое чаўпяце на старонцы. Народнага ловіце. Абрадаваліся - выкрасліў дзесяць радкоў барабаннай лаянкі на Гітлера. Ага, не хоча крыць Адольфа. Падабаецца. А мо' і здраду мысліць. Злавілі, выкрылі.
Ходзіць па кабінеце.
- Вы не аслы - ідыёты.
Рэзка:
- Вывесці!
Трасецца Самон Гарбун. У перадваенні спіскамі не расстрэльвалі, увойну таксама; узрываюцца няўгоднікі на мінах, гінуць ад бомбаў. Выпадковасці. На франтах і ў тыле з няўгоднымі выпадковасці.
Ах, як пякельна ісці Самону Гарбуну за грубым лейтэнантам. На колькіх допытах яму сёння яшчэ быць...
26
Нялёгкая задача перад палкоўнікам Багданам Бабулавым. Знайсці маральную і юрыдычную аснову сплавіць у Сібір, а то і глыбей усіх забойцаў народнага паэта Беларусі.
Сын Каўказа Бабулаў у літаратуры не разбіраўся. Аксіёмнае для яго шмат што, адно з іх - паважэнне старэйшых, звычаяў, народных паэтаў. Што ўвечылася нацыяй, любой нацыяй, абавязаны паважаць кожны, з любой нацыі.
Ціск на кнопку.
- Уводзьце.
Два сяржанты ўваліліся да памочніка Народнага Камісара ўнутраных спраў. Паміж імі высокі плячысцік, на ім мышавага колеру пінжак, кортавыя цёмныя штаны. Кашуля з беларускім узорам не зашпілена на верхнія два гузікі, іх няма.
- Бліжэй, ты, бліжэй.
Канваіры застылі поруч дзвераў. Твар грамілы ў вышытай кашулі сплавіцца ва ўсмешцы, прымерзне, расплывецца, зноў вылёдзьваецца ў разсінячанай застыласці.
- Чаму ты ўчора яго забіў?
- Я...
- Ты, ты. Не я і не яны. Ты. - Напружанасць намярзае ў цесным падвале. - Чаму выкінуў?
Карней Лапух дубее. Сярод крыку і густа сеяных мацюкоў просіць слова. Не прымайце рашэнне, выслухайце. Лапух можа ўсім давесці, яго віна невялікая, ён выканаўца.
- Двойчы адмаўляўся, тройчы. Усэнсовіў, Купала першы. На яго горы-даліны нарылі, цямнілі, а ён у беларусаў першы.
- Ён акын! Не проста лепшы, ён акын.
- Геній. Не хацеў я, адмаўляўся. Казаў двум вашым, Новікаву, Сініцыну. Нарэшце Панамара злавіў...
- Што той зпрахорыў? - цішэіць воблік Бабулава.
- Ворганы рашылі, я не перарэшваю. Даверылі - выконвай.
Глушыня ў пакоі. Бабулаў махнуў дваім бліз дзвераў; выйшлі.
- Дэталі Панамар не ўсэнсовіў?
- Не думаю. У агульным плане я сказаў яму, намёкна выказаўся. Маўляў, Купалу пагражае небяспека, не хвароба, горай. Хтосьці плануе штосьці нядобрае. Неабходна папярэдзіць здарэнне.
"У органы, тэрмінова!"
"Яны ведаюць".
"Чаму мне кажаш?"
"Памогі прашу. Каму яшчэ абазвацца, як не вам".
"У справы маскоўскіх органаў не ўлажу. Даверылі - выконвай".
"Не адзін я небяспеку ўведаў, не пры чым я".
"Не пры чым? Страхуешся. Ты мяне ні пра што не пярэдзіў, усёк?"
"Усёк".
- Мне распараджэнне. Не разбірацца ў вашых ля-ля - пакараць; паставіць да сценкі інфарматараў, нацкоўнікаў, выканаўцаў. Усіх умазаць у сценку.
Карней Лапух просіцца. Ад усінячанага расляка нязвычна чуць слёзныя выслоўі, бачыць потны лоб, шчокі.
- Адпраўце ў тыл, да партызанаў.
Спакайнее Багдан Бабулаў. Хто на Янку што наваліў, як думаеш?
- Мы паміж сабою мовіліся. Немцы вуліцу яго імем назвалі. Здарэмніцы не бывае. Гэта асноўнае.
Бабулаў адказвае на званок, чыркае на паперцы.
- Нездарэмніцы ўсё. Штось ім вядома болей пра Янку, немцам. Мо даўнейшыя архівы адкрылі. Вось і назвалі. - У дапытніка мацней старэе твар. - У дваццатых гадах Купала ў Германіі быў. Задумацца вашым было над чым.
У Карнея Лапуха рэзка прыгнечаны стан. Не раз падводзіў свядомы вынік жыцця. Не хоча зарана гнісці і гнаіць. Адмоўнае ў Лапуха ўсё, ва ўсім. Крытыка, вершы, фальклорныя запісы не радуюць. Задавальнення, станоўчага няма і не прадбачыцца. Стомленасць ад жыцця. Дадалася гэтая роспачная вымусілаўка.
- Апошні час Купала чуўся расчараваным. Уцякаў ад пустаты не ім пісаных выступаў, - выціскае Лапух.
Няхай адбудзецца лёсаванне. Наступныя крутыя пытанні Бабулава сустракае спакайней.
- Ты не стопрацэнтна віноўны ў перакульванні вечна народнага. Табе загадалі, - выгуджвае Бабулаў. - Хаця па каўказскіх традыцыях яна цябе чакала, чакае.
Лапух спужана:
- Хто?
Яшчэ болей спужаўся лаканізму палкоўніка:
- Куля! - Падае допытнаму два здымкі. - Усё правільна? - Праз секунд колькі перапытвае: - Усё на іх правільна?
Карней Лапух называе няправільнасць. На адным замест вуліца стаіць штрассе.
- Не маж, не круці.
- Спярша думаў адно і тое прозвішча на абодвух. Памыляўся - Сціскае далоні. - Дайшло ў таварышаў Берыі, Дэканозава. На абодвух у прозвішчы Купалы лішняе к .
- Ты можаш злавіць розніцу ў прозвішчах Бабулаў, Баббулаў, Баббуллаў, Вабулаў, можаш?
Адмоўніць Карней Лапух. У спецыфічным горскім вымаўленні розніцы не выявіў. Папрасіў паўтарыць прозвішча. Гучала яно адно, асабліва ў вымаўленні бязграматнага горца, які і ў палкоўніцкіх шпалах не засвоіў прамаўленне рускай мовы.
- Не магу. Адно і тое, ці што.
- Так і для нас - Луцэвіч, Лутэвіч, Луцкевіч, Люткевіч. Усё на адзін нос.
Пагаджальны ківок ужо не субяседніку - дапытванаму:
- На распыл, што такое? Адказвай.
- Распільваць, піліць дрэвы, палены...
- На распыл - пусціць непатрэбнага пылам, попелам, размазаць і сказаць, так было.
Карней Лапух кемкі даўно. Справы расстраляных, пісьмы высланых, апошнія запіскі распыленых прыходзілася трымаць у руках, іх не прабягаў - чытаў уважна, як чытае любы апошнюю болевую праўду смяротніка. У іх пра кожны дзень і ўздых нямала.
- За незберажэнне навуковых кадраў, знішчэнне навуковых распрацовак, паводле перадваенных палітпастаноў - турма, лагер, расстрэл. Не забыў?
- Такое не забудзеш.
- Ты падпісаў смерць народнаму, выканаў. Што параіш органам бяспекі рабіць з такім?
- Не падпісваў я, не падпісваў, - не вымаўляе, шэпча Карней Лапух. - Сведчыў, згаджаўся. З прымусу.
Багдан Бабулаў з шуфляды дастае некалькі старонак, пераварочвае:
- Роспіс твой?
- Завізаваў, з акупацыйны данос і мінскі здымак.
- Не данос - паведамленне падпольшчыкаў, рапарт. - Узнімаецца Бабулаў. - Твань! Як абзываеш службу, якая вас усіх беражэ ад шпіёнаў і здраднікаў, знешніх і ўнутраных ворагаў!
Бабулаў можа не дачакацца афіцыйнага рашэння. Пасля ці зараз, якая розніца, вось цяпер удрузіць беларускага ідыёта дзевяццю грамамі, упясочыць. Паддопытны схапіў прыбор, кінуў у палкоўніка, хацеў душыць, пры самаабароне ўз'ятраных дапытваных супакойвае стрэл.
Карней Лапух просіцца, выбачаецца.
- Хто вучыў?
- Як вучыў?
- Хто даваў заданні? - гусцее голас палкоўніка.
- Іваноў, Александровіч, Бэндас, Мучар. Вашыя - Капусцікаў, Новікаў, Сініцын... Казалі па-рознаму, ва ўсіх сітуацыях адно ціснулі, вялікую кару нацыяналістам Купалу, Ко...
- Трызню беларускую і разборкі на літаратурных субяседках ладзьце. Мне адказ - хто раіў, калі, як, дзе, што канкрэтна пра Купалу.
- Не раілі, загадвалі. Новікаў, Сініцын усё распрацавалі.
Гнеўным жэстам Бабулаў затыкае рот дапытванаму. Падрабязкі яму не трэба, ведае, чытаў, мусіў чытаць.
(Працяг у наступным нумары.)
Валер Санько
МЕСЯЦ ЧЭРВЕНЬ У ТБК ЛІТВЫ
29 чэрвеня ў Таварыстве беларускай культуры ў Літве адбылася традыцыйная імпрэза, на якой узгадалі найбольш знакавыя юбілейныя даты гэтага месяца.
Нягледзячы на тое, што было ўзгадана шмат якіх юбілейных дат, у дадзеным артыкуле хацелася б спыніцца толькі на некаторых, найбольш важных, паведамленнях, што прагучалі з вуснаў дакладчыкаў.
Старшыня ТБК, сп. Хведар, звярнуўся да найбольш трагічных падзей у нашай беларускай гісторыі - да Другой Сусветнай вайны і ў чарговы раз, як сведка, распавёў пра тыя далёкія падзеі. Гэтым разам ён засяродзіў увагу на найбольш слаўным моманце нашай гісторыі - заснаванні і дзейнасці Саюза беларускай моладзі:
- СБМ у акупаванай немцамі Беларусі быў створаны з дазволу нямецкіх уладаў, быў ён арганізацыяй, якой ніколі раней не было ў Беларусі, і спрыяў выхаванню, патрыятызму і нацыянальнай свядомасці моладзі ў духу антыкамунізму. Заснавальнікам СБМ быў Фабіян Акінчыц. У траўні 1943 года, нарэшце, быў атрыманы афіцыйны дазвол на заснаванне СБМ, падпісаны В. Кубэ і апублікаваны ў газетах. Ён спрыяў развіццю сеткі беларускіх сярэдніх і прафесійных школаў і семінарыяў.
Праз адсутнасць на пачатку акупацыі адукаванай нацыянальнай інтэлігенцыі цяжка было абудзіць нацыянальнае жыццё беларусаў. Беларускія кадры ў эміграцыі былі нешматлікія, таму кіраўніцтва мясцовай уладай выконвалі прыезджыя з Прыбалтыкі, альбо мясцовыя палякі. Вынікам былі шматлікія ахвяры беларусаў.
Будучы ў Польшчы, наведаў могілкі ў Гданску. На адным помніку быў надпіс, што прысвечаны палякам, загінуўшым ад беларускіх нацыяналістаў. Сам у той час пражываў у Беларусі, але не бачыў і нават ня чуў, каб беларусы забівалі палякаў. Наадварот, то шмат загінула невінных людзей. Пару прозвішчаў забітых беларусаў назаву, якіх асабіста ведаў:
Пётра Рандарэвіч - студэнт, навучаў моладзь беларускай мове і культуры;
Язэп Клышэвіч - настаўнік у беларускай школе;
Юрка Клышэвіч - настаўнік у беларускай школе;
Аляхновіч - праваслаўны святар у Ракавічах - забіты ў цяжкіх муках;
Аляхновіч - матушка святара ў Ракавічах .
Васюк - працаўнік БНС, забіты ў Шчучыне;
Беразоўскі - настаўнік беларускай школы;
Шляхтун - беларускі настаўнік;
Юльян Саковіч - працаўнік асветы
і шмат, шмат іншых.
Гаўляйтэр Кубэ задэкляраваў свабоднае развіццё гаспадаркі і культуры, нацыянальную сімволіку, павысіў кампетэнцыі Беларускай Народнай Самапомачы (БНС). Такім чынам спрыяў стварэнню апарату, які змог бы пераняць з нямецкіх рук кіраўніцтва ў Беларусі.
Ён асабіста кіраваў працэсам станаўлення і развіцця СБМ, з бюджэту фінансаваў яго дзейнасць і прызначыў для патрэб СБМ будынкі ў Менску і Драздах. Але цераз тры месяцы ад заснавання СБМ В. Кубэ быў забіты.
СБМ не быў інструментам вярбоўкі моладзі ў Нямеччыну, не займаўся вярбоўкай у "Люфтвафэ". Агітацыйныя плакаты пра гэта размяшчаліся па гарадах, у тым ліку і ў Вільні.
Вось выказыванне актывіста СБМ Міхася Сенькі: "Не, мы не думалі, што пад немцамі беларусы могуць стаць незалежнымі. Але больш за ўсё мы хацелі скарыстацца шанцам для ўмацавання беларускай свядомасці, каб падрыхтаваць кадры, якія не былі б папіхачамі ў чужынцаў, мелі б свой нацыянальны гонар. СБМ у гэтым кірунку зрабіў больш за ўсіх" . Марыя Ганько: "СБМ для таго пакалення маладых людзей - яркая старонка жыцця. У сваіх успамінах, як адзін, згадваюць агульны патрыятычны настрой, стварыць свабодную ад маскоўскага таталітарнага рэжыму і русіфікацыі Беларусь - няхай сабе і пад нямецкім пратэктаратам. Гэта быў час патрыятычнага ўздыму; беларускія школы і гімназіі, набажэнства ў храмах па беларуску".
Калі палітыку фашыстоўскай Нямеччыны лягчэй зразумець і крытычна ацаніць, то як зразумець палітыку немцаў у Першай Сусветнай вайне? Але ж было дакладна тое ж самае. Немцы адчынялі беларускія семінарыі каб рыхтаваць настаўнікаў беларускай мовы, масава закладалі беларускія школы. Нават у Літве ў гор. Шырвінтай у 1915 годзе пашпарты выдавалі на нямецкай і беларускай мове. Настаўніка, які заканчваў у той час беларускую семінарыю, а потым працаваў у школе я асабіста ведаў і з ім сустракаўся. Таксама ў ТБК ёсць нямецка-беларускі пашпарт 1915 года. Нажаль, толькі немцы, а не палякі ці саветы, стваралі ўмовы выхоўваць моладзь у беларускім нацыянальным духу, праз азнаямленне з гісторыяй Беларусі, вывучэнне роднай мовы і культуры, працавітасць і гераізм. Уплыў для выхавання мелі старыя і новыя беларускія песні, якія стваралі кампазітары: Мікола Шчаглоў, А. Камароўскі, Мікола Равенскі, М. Іваноў, Пётр Нядзведскі і інш.
Сябрамі СБМ маглі быць беларускія юнакі і юначкі ад 10 да 20 год. Дзеля гэтага належала дабраахвотна падаць заяву наступнага зместу:
"Прашу прыняць мяне ў шэрагі Саюза беларускай моладзі. Я маю шчырае жаданне вучыцца служыць Беларускаму народу і Бацькаўшчыне і забавязваюся выконваць усе загады і ўказанні маіх кіраўнікоў. Даю юнацкае слова гонару, што я арыйскага паходжання і беларускай нацыянальнасці".
Ёсць аснова меркаваць, што гэтым відныя беларускія палітычныя дзеячы праводзілі палітыку ўмацавання нацыянальных сілаў, каб у спрыяльных умовах змагацца за дзяржаўную незалежнасць Беларусі. Так Польшча Пілсудскага стварала свае легіёны ў аўстрыйскай імперыі, каб падчас вайны мець магчымасць аднавіць незалежнасць Польшчы, таму часова яны былі з немцамі і перамаглі.
За ўдзел і дзейнасць у СБМ савецкія ўлады каралі вялікімі тэрмінамі турэмнага зняволення і высылкай у канцлагеры Сібіры альбо на поўнач краіны.
На працягу дзесяцігоддзяў пра сапраўдную дзейнасць СБМ нават у друку вольнага свету не паведамлялася, а ў Беларусі гэтая падзея малявалася толькі ў чорных фарбах як калабаранства і здрада савецкай радзіме з прымусовай дэпартацыяй эмігрантаў у СССР.
Людзі, звязаныя з дзейнасцю СБМ вымушаны былі хавацца пад іншымі прозвішчамі, каб наладзіць новае жыццё на эміграцыі.
У Беларусі, як нідзе ў суседзяў, замоўчвалося ўсё што на самай справе тварылася падчас вайны , акрамя толькі таго што ўхвалялася змаганне беларускага народу за камуністычную савецкую айчыну.
Першымі, хто закрануў тэму фактычнай дзейнасці СБМ у часе вайны, былі беларускія эмігранты ў ЗША і Канадзе.
Відныя беларускія дзеячы і патрыёты: Мечыслаў Ракіцкі, Генрык Барановіч, Станіслаў Грынкевіч, Міхась Кавыль, Юзэфа Найдзюк, Ванда Махнач і інш. перадалі весткі пра сябе і дзейнасць, якія выдаў у друку Аляксей Вініцкі ў 1972 годзе. Кіраўнікі СБМ Надзея Абрамава, Уладзімір Гарэлік, Ядвіга Сарачанская , за выключэннем Міхася Лужынскага (дарэчы ён быў госцем ТБК Літвы пасля 2000 году), якія апынуліся ў вольным свеце баяліся публікаваць пра сваю дзейнасць, каб не трапіць у лапы нашчадкаў Цанавы.
Толькі пасля развалу СССР новае палітычнае становішча ў Беларусі давало надзею на рэабілітацыю СБМ. Вяртанне з забыцця культурнай дзейнасці, песень СБМ і прозвішчаў: Янкі Жамойціна, Веранікі Каткевіч, Надзеі Дземідовіч і іншых.
Большы матэрыял на гэту тэму можна прачытаць у кнізе Юры Туронка "Людзі СБМ".
22 чэрвеня споўніла 10 гадоў з дня смерці аднаго з самых вялікоў сыноў беларускай зямлі - Васіля Быкава . Апошнія дзесяцігоддзі менавіта ён быў сумленнем беларускай нацыі. Але сталася так, што ён чымсьці перашкодзіў беларускім уладам, і яму нават не знайшлося месца ў яго ўлюбёнай Беларусі, і Народны пісьменнік быў змушаны апошнія гады свайго жыцця правесці ўдалечыні ад Бацькаўшчыны, на якую ён вярнуўся, каб памерці. Яго лёс у нечым пераклікаецца з лёсам яго героя: Хведар Роўба ў "Аблаве" таксама перадолеў цяжкі, пакутлівы шлях на Радзіму, каб памерці. Відаць, такі лёс беларуса - памерці ён павінен на сваёй зямлі.
На жаль, як пры жыцці, так і пасля смерці імя Васіля Быкава не знаходзіць ніякага ўшанавання на беларускай зямлі, як, зрэшты, і імёны іншых беларусаў. Калі ехаць дарогамі Літвы, мы ўбачым вялізныя дарожныя ўказальнікі, якія паказваюць месцы, звязаныя з вялікімі літоўцамі. Калі ехаць па Беларусі, відаць, акрамя ўказальнікаў на Лініі Сталіна, іншых мы і не пабачым. Не пабачым не толькі таму, што не хочуць, каб насельнітцва ведала пра гэтыя месцы, а таму, што гэтыя людзі ніяк не ўшанаваныя на сваёй Радзіме: ні музеяў, ні помнікаў ім там няма. Такі цяжкі і пакутлівы лёс беларусаў, якія захацелі быць беларусамі і любілі Беларусь.
Але зразумела, што сёняшнім уладам будзе яшчэ сорамна за тое, што яны зрабілі з памяццю Быкава і з іншымі слыннымі дзецьмі зямлі беларускай. Гісторыі рот закрыць нельга, і будучыя пакаленні ўбачаць, як рэжым здзекваўся з тых, для каго Беларусь была святой. І тое, што быў Васіль Быкаў - гэта чарговае таму падцверджанне.
Важнасць Быкава для беларусаў у тым - што ён нёс пра іх веды ў свет. Нездарма, многія ведаюць спачатку Быкава і толькі пасля даведваюцца, што такое Беларусь. У яго шматлікіх творах - вобраз простага беларуса, з яго традыцыямі, светаўспраманнем і рытарычным пытаннем: "За што?". Праўда пра вайну, праўда пра беларусаў, праўда пра чалавека, якую пісаў Быкаў будзе вечнай і перажыве ўсе рэжымы.
Сёння для нас найбольш важнае захаваць памяць пра гэтых людзей. Калі мы яе захаваем і перададзім нашчадкам, мы захаваем і Беларусь. Таму ўзгадванне гэтых слаўных імёнаў не проста фармальнасць, а важны этап у захаванні беларускай нацыі ў гэты, бадай, самы чорны і зневажальны перыяд.
На імпрэзе прысутныя яшчэ раз закранулі пытанне пра Зоську Верас (Людвіку Войцік), перыяд яе сустрэч і сумеснай дзейнасці з Максімам Багдановічам. Гэта праца ў Камітэце дапамогі ахвярам Сусветнай вайны, заснаваным у 1915 годзе. Пазней Людвіка Войцік успамінала паэта, што быў ён вельмі простым і таварыскім, хутка сыходзіўся з людзьмі. Ён стараўся рабіць людзям толькі дабро.
Вялікую працу зрабіў журналіст Міхась Скобла, выдаўшы кнігу лістоў Людвікі Войцік "Я помню ўсё" пра надзвычай цікаваю і таленавітую асобу, прысвяціўшую сваё жыццё служэнню любімай Беларусі.
ТБК, аглядальнік. Вільня, 2 ліпеня 2013 г.
"БЭЎВУЛЬФ" па-беларуску
Бэўвульф / пер. са стараанглійскай мовы Антона Францішка Брыля. - Мінск: Зміцер Колас, 2013. - 130 с.
У беларусаў з'явіўся свой выдатны пераклад класічнага помніка сусветнай літаратуры, эпічнай паэмы даўніх англасаксаў.
Антон Францішак Брыль зрабіў яго з вялікай любоўю, стараннасцю і цярпеннем - больш за шэсць гадоў праседзеў над арыгінальным тэкстам паэмы. Гэта сапраўды важная падзея для ўсёй беларускай культуры і беларускай мовы. Што можна сказаць пра "Бэўвульфа", пра якога, як і пра "Слова пра паход Ігаравы", гавораць ужо дзвесце гадоў, пішуць манаграфіі дзясяткі даследчыкаў і вычарпалі ў сваіх штудыях ледзь не ўсе коскі і прапушчаныя склады арыгінала? Я толькі магу падзяліцца з чытачамі сваім адчуваннем ад перакладу.
Відавочна, узнавіць мысленне англасаксаў VIII стагоддзя праз сучасную беларускую лексіку даволі складана. Перакладчыку даводзілася выбудоўваць баланс паміж архаікай і ўласна паэзіяй. На маю думку, атрымалася гэта ў яго выдатна. "Бэўвульф" надзвычай добра дысцыплінуе перакладчыка: алітэраваны верш паэмы прадугледжвае разбіўку радка на два паўрадкі, прычым зычныя гукі ў пачатковых складах націскных стоп мусяць перагукацца з паўрадка ў паўрадок, такім чынам утвараючы своеасаблівую "рыфму" ў нерыфмаваным творы. Бадай, для перакладчыкаў, якія часам любяць крыху "разгуляцца" і "пахуліганіць", гэта амаль Берлінскі мур. Дзе ўжо тут разгуляешся, калі даводзіцца суадносіць нават пачатковыя склады перакладзеных слоў! А яшчэ ж можна ўспомніць пра даўжыню радка, пра неабходныя каментарыі да цмяных месцаў паэмы...
Такім чынам, можна гаварыць пра першае акадэмічнае выданне сусветнага эпасу, якое выйшла па-беларуску.
Паводле Ціхана Чарнякевіча.