Папярэдняя старонка: 2013

№ 30 (1129) 


Дадана: 25-07-2013,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 30 (1129) 24 ліпеня 2013 г.


Вітаем удзельнікаў VI з'езду беларусаў свету

Басовішча-2013

Ва ўрочышчы Барык, што пад Гарадком, недалёка ад беларуска-польскай мяжы прайшоў штогадовы фестываль беларускай альтэрнатыўнай і рок-музыкі "Басовішча". Сёлета ён сабраў больш за 20 выканаўцаў з Беларусі, Польшчы і Ўкраіны.

Фестываль, які працягваўся два дні, быў падзелены на дзве часткі. Асноўную сцэну займалі музыканты, сярод якіх Akute, Pomidor/off і многія іншыя. На малой жа сцэне фестывалю ўсю ноч працавалі дзіджэі, сярод якіх DJ Nobel - адзін з самых вядомых у Беларусі.

"Басовішча" сёлета ўключала не толькі музычны складнік. Напярэдадні ў вёсцы Мастаўляны, дзе нарадзіўся Кастусь Каліноўскі, у межах фестывалю прайшоў паказ чорна-белага фільма 1927 года "Кастусь Каліноўскі".

Дапоўнілі фестывальную праграму дадатковыя мастацкія акцыі - кангрэс малявальшчыкаў і перформанс польскага рэжысёра Артура Жміеўскага. Па словах каардынатара "Басовішча" Паўла Грэся, гэта яшчэ адно вымярэнне свабоды

Як і штогод у час фестывалю з'явілася намётавае мястэчка. Там жыла і гуляла большая частка ўдзельнікаў мерапрыемства, якія прыехалі з Беларусі ды Польшчы.

Радыё Рацыя.


Беларусы пабілі крыжакоў у Дудутках

V міжнародны фестываль сярэднявечнай культуры, "Наш Грунвальд", які праходзіў у Дудутках 20-22 ліпеня, паспрабаваў аднавіць падзеі 1410 года, калі аб'яднанае беларуска-польскае войска дало адпор арміі Тэўтонскага ордэну пад вёскай Грунвальд. Эфект ад той перамогі цяжка перааацаніць - пасля паразы пад Грунвальдам нага нямецкага жаўнера не ступала на беларускую зямлю 500 год.

І гасцям, і ўдзельнікам свята давялося прайсці выпрабаванне надвор'ем - дождж і вецер усю суботу не дадавалі спакою, але арганізатары і ўдзельнікі фестывалю абяцанне стрымалі. Турнір, бугурты і ўласна рэканструкцыя бітвы пад Грунвальдам адбыліся.

Сяргей Балай, "Салідарнасць".


Базылю Камарову - 60

12 ліпеня споўнілася 60 год знакамітаму магілёўскаму мастаку Базылю Камарову . Нарадзіўшыся ў Магілёўскім раёне, Базыль (Васіль Васільевіч) вучыўся ў Рэспубліканскай школе-інтэрнаце па музыцы і выяўленчым мастацтве, пасля - на аддзяленні графікі Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута, а ў 1988 г. стаў сябрам Беларускага саюза мастакоў. Шмат увагі ў сваіх карцінах ён надае мінуламу Магілёва і ўсёй Беларусі; яскравай асаблівасцю ягонай творчасці з'яўляецца рамантычнае ўспрыманне гісторыі Айчыны, мастацкае бачанне роднага краю, шматлікія алегорыі, алюзіі на беларускую і сусветную літаратуру, у тым ліку на Біблію. Пры гэтым мастак захоўвае ў сваіх працах рэальна існуючыя планы горада, архітэктуру і пейзажы. Васіль Васільевіч з'яўляецца аўтарам наступных карцін і серый: "Краявіды зямлі магілёўскай" (1983-1985), "Магілёў старажытны" (1988), "Помнікі архітэктуры Магілёва" (1985-1986), "Славутыя магілёўцы" (1993). Так-сама Васіль Васільевіч з'яўляецца аўтарам многіх выяваў у Магілёўскім абласным краязнаўчым музеі імя Е.Р. Раманава. Зычым славутаму магілёўцу доўгіх год, натхнення і яшчэ многіх цудоўных карцін.

Аляксей Карпенка.


50 гадоў Алесю Бельскаму

Алесь (Аляксандр) Іванавіч Бельскі нарадзіўся 23 ліпеня 1963 г. у вёсцы Цімкавічы Капыльскага раёна Менскай вобласці.

Працаваў старшым піянерважатым Руднянскай васьмігадовай школы (1980-1981). Скончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1986). Працаваў настаўнікам у сярэдняй школе № 55 г. Менска, быў намеснікам дырэктара Слабадской васьмігадовай школы Менскага раёна (1985-1986). З 1986 г. па цяперашні час у БДУ: аспірант, выкладчык, дацэнт, загадваў кафедрай даўніверсітэцкай адукацыі, дактарант, з 1999 г. - прафесар кафедры беларускай літаратуры ХХ стагоддзя, з 2004 г. - прафесар кафедры беларускай літаратуры і культуры. У 2000-2002 гг. узначальваў лабараторыю літаратурнай адукацыі Нацыянальнага інстытута адукацыі. З 2001 г. адначасова галоўны рэдактар навукова-метадычнага часопіса "Беларуская мова і літаратура", з 2004 г. - намеснік галоўнага рэдактара навукова-метадычнага часопіса "Роднае слова".

Аўтар кніг "Пакуль баліць душа" (1995), "Жывая мова краявідаў" (1997), "Сучасная беларуская літаратура" (1997), "Свет ад травы да зор" (1998), "Краса і смутак" (2000), "Сучасная літаратура Беларусі" (2000), "Экалогія душы" (2003), "Гісторыя беларускай літаратуры ХХ стагоддзя: гісторыя і сучаснасць" (2005), "Класікі і сучаснікі ў школе" (2005), "Галасы і вобразы" (2008), звыш 400 публікацый у друку. Адзін з аўтараў "Гісторыі беларускай літаратуры ХХ стагоддзя" (2003, т. 4, кн. 2), вучэбных дапаможнікаў "Беларуская літаратура: ХI - ХХ стст." (1999, 2-е выд. - 2001), "Беларуская літаратура. 5 клас" (2002, 2003), "Беларуская дзіцячая літаратура" (2008), "Беларуская літаратура. 10 клас" (2009), "Беларуская літаратура. 11 клас" (2009) і інш. Пад псеўданімам Алесь Ветах выступае як празаік. Выдаў кнігі "Ружовая знічка" (1994), "Хроніка смутку" (1999, Літаратурная прэмія імя Івана Мележа), адзін з аўтараў калектыўных зборнікаў "Карані" (1994), "Вальс пад журлівымі таполямі" (2008), "У Храме зямнога кахання" (2009).


Ёсць такі народ - русіны

Ян Максімюк пагутарыў з Аннай Плішкавай - кіраўніком Інстытута русінскай мовы ў Прэшаўскім універсітэце ў Славакіі. Анна - першы чалавек у свеце, які напісаў і абараніў кандыдацкую дысертацыю на русінскай мове ("Списовный язык карпатьскых Русинів: проблемы становліня, кодіфікації, акцептації і сфер функціонуваня").

РУСІНЫ І РУСНАКІ

Максімюк: Спадарыня Плішкава, на пачатку я хачу запытаць у вас пра этнонімы "русіны" і "руснакі" ў Славаччыне. Як насамрэч называюць сябе людзі русін-скага паходжання ў вас на вёсцы? Ці не думаеце, што назва "русіны" ў адносінах да вашай меншасці шмат для каго ў свеце можа блытацца з русінамі, якія былі продкамі беларусаў і ўкраінцаў у Вялікім Княстве Літоўскім?

Плішкава: Што тычыцца этноніму, дык інакш падыходзяць да яго людзі на вёсцы, а інакш - інтэлігенцыя. Гэта кампраміс, да якога павінна была прыйсці русінская інтэлігенцыя ў Славаччыне пасля 1989 году. Тады была дыскусія, якую назву прыняць - такую, якую пераважна ўжываюць людзі, гэта значыць, руснакі, або такую, якую рэкамендавалі яшчэ ў ХІХ стагоддзі, напрыклад, русінскі нацыянальны абуджальнік Аляксандар Духновіч (1803-1865) і славацкі нацыянальны абуджальнік Людавіт Штур (1815-1856) - гэта значыць, русіны. Аляксандар Духновіч напісаў у сваім вядомым вершы "Я русін быў, ёсць і буду", і з гэтага якраз зыходзіла русінская інтэлігенцыя, калі ўводзіла ў жыццё этнонім "русін" пасля 1989 году.

Гэтая праблема вырашалася яшчэ і перад 1989-м годам, пасля вядомай "пражскай вясны", калі ў Чэхаславаччыне стала магчыма запісваць нацыянальнасць "русін". І хоць этнонім русін, так сказаць, пісаўся ў дужках, але я думаю, што якраз гэтым кіравалася русінская інтэлігенцыя пасля 1989 году. І я лічу, што народ атоесніў сябе з гэтым этнонімам. Ён ужываецца штораз часцей і людзьмі з-па-за кола русінскай інтэлігенцыі.

Максімюк: А ці назва "руснак" ня мае нейкай адмоўнай афарбоўкі для русінаў?

Плішкава: Не. Я думаю, што сёння гэтага ўжо няма. У гістарычнай літаратуры мы можам знайсці сведчанні, што слова "руснак" мела адмоўныя канатацыі, напрыклад, у часы мадзярызацыі і ў часы, так сказаць, нацыяналістычных памкненняў і эмоцый, якія выступалі ў нашым рэгіёне. Але ў сучаснасці назва "руснак" не мае негатыўных канатацый.

Максімюк: Вы згадалі, што русінам можна было запісацца і ў часы Чэхаславаччыны. І фактычна былі людзі, якія тады пісаліся русінамі?

Плішкава: Так, я ведаю старэйшых людзей, якім сёння ўжо больш за 80 гадоў, у якіх ва ўнутрыдзяржаўным чэхаславацкім пашпарце была запісана нацыянальнасць "русін".

ВАЙНА ЗА ДУШЫ

Максімюк: Цяпер я хачу запытацца ў вас пра перапісы насельніцтва ў сучаснасці, у незалежнай Славаччыне. Гэтыя перапісы сведчаць, што колькасць славацкіх русінаў увесь час большала: 17 тысяч у 1991 годзе, 24 тысячы ў 2001 годзе, 33 тысячы ў 2011 годзе. У гэтым самым часе колькасць славацкіх украінцаў меншала: з 13 тысяч у 1991 годзе да 7 тысяч у 2011. Чаму? Вы ваюеце з украінцамі за русінскія душы?

Плішкава: Безумоўна, мы ваюем за русінскія душы. Але мы не ставім сабе мэту, каб ваяваць з нейкай іншай нацыянальнасцю. Для нас большую цікавасць уяўляюць людзі - а такіх большасць сярод людзей русінскага паходжання - якія запісаліся славакамі. Значыць, калі можна казаць пра нейкую "вайну", дык мы ваюем толькі за тых русінаў, якія пішуць сабе славацкую нацыянальнасць. Пытанне русінаў, якія пішуць сабе ўкраінскую нацыянальнасць, менш важнае.

Максімюк: Вы кажаце, што большасць русінаў запісалася славакамі. Паводле вашай ацэнкі, колькі ў Славаччыне людзей, якія пры нейкіх больш спрыяльных для русінскага руху абставінах маглі б запісацца русінамі?

Плішкава: Я думаю, што нашмат болей, чым цяпер. Асабліва, калі возьмем пад увагу колькасьць людзей у Славаччыне, якія дэкляруюць прыналежнасць да праваслаўнай і грэка-каталіцкай цэркваў - больш за 300 тысяч. Гэта ж пераважна русіны. Так што я ацэньваю, што колькасць русінаў у Славаччыне значна перавышае 100 тысяч чалавек.

Максімюк: У Польшчы ў 2011 годзе таксама быў перапіс. У ім можна было запісаць сабе дзве нацыянальнасці, напрыклад, назваць сябе беларусам, але таксама далучыцца да польскай нацыянальнасці. Калі б такая падвойная нацыянальнасць была магчымая ў перапісе ў Славаччыне, дык ці не думаеце, што колькасць русінаў магла б значна ўзрасці за кошт тых, якія пісаліся б славакамі і русінамі адначасова?

Плішкава: Не ведаю, як Вам на гэта адказаць. Магчыма, трэба было б правесці апытанне, каб нешта сказаць пра такую перапісную альтэрнатыву. Але ў нас, як лічу, іншая праблема. У нас русінскую як родную мову дэкляравалі 56 тысяч чалавек. А русінскую нацыянальнасць - 33 тысячы. Нашым людзям, як мне здаецца, цяжка зразумець розніцу паміж нацыянальнай ідэнтычнасцю і дзяржаўнай прыналежнасцю. У гэтым пытанні людзі наогул дэзарыентаваныя. Таму я не ведаю, ці магчымасць падвойнай нацыянальнай ідэнтычнасці ў перапісе пабольшыла б колькасць русінаў.

КАРПАТАРУСКАЯ МОВА

Максімюк: Вы згадалі праблему роднай мовы русінаў. Як выглядала сітуацыя русінскай мовы ў Чэхаславаччыне, перад Другой сусветнай вайной і пасля яе? Гэтай мове вучылі ў школах? І пад якой назвай яна выступала?

Плішкава: Што тычыцца перадваеннага перыяду, дык у адносінах да нашай мовы ўжывалася назва "карпатаруская мова". Тут у нас, у Прэшаўскай вобласці, русафільскія традыцыі сярод русінаў былі наймацнейшыя, так што тая мова была мяшанкай расейскай мовы з мясцовымі дыялектамі, да таго яшчэ ў ёй была дамешка царкоўнаславянскіх тэрмінаў. У прынцыпе, якраз такой мове тут, у Прэшаўскай вобласці, вучылі ў школах. Але рэальная сітуацыя ў канкрэтнай школе залежала ад настаўніка гэтай мовы. Калі настаўнікам быў чалавек мясцовы, роднай мовай якога быў русінскі дыялект, дык ён аддаваў перавагу той мове, якую ён найлепш ведаў і на якой гаварыў дома.

Максімюк: А пасля вайны?

Плішкава: Пасля вайны сітуацыя дыяметральна змянілася. У таталітарным камуністычным рэжыме ў Чэхаславаччыне русінская нацыянальная ідэнтычнасць не была дазволеная, ажно да 1968 году. Дый, наогул, у той час ва ўсіх іншых краінах Усходняй Еўропы лічылася, што русіны - гэта частка ўкраінскай нацыі, а іхная мова - дыялект украінскай мовы. З гэтай пазіцыі арганізавалі школьніцтва для славацкіх русінаў пасля вайны - русінскія дзеці маглі вывучаць толькі ўкраінскую літаратурную мову, якая лічылася іх роднай мовай. Гэта адна з прычынаў, чаму русіны пачалі адыходзіць ад украінскай, а раней русінскай, ідэнтычнасці, і сталі пісацца славакамі ды пасылаць сваіх дзяцей ў школы са славацкай мовай навучання. Яны не атоеснілі сябе з украінскай мовай.

РУСІНСКІЯ МОВЫ СА ЗНАКАМ ЯКАСЦІ

Максімюк: У студзені 1995 года русіны ў Славаччыне ўрачыста абвясцілі, што кадыфікавалі сваю мову. У чым палягалі найважнейшыя розніцы паміж ранейшымі варыянтамі русінскай мовы, напрыклад, карпатарускай, і гэтай сучаснай, кадыфікаванай? На аснове якога дыялекту была кадыфікаваная ваша мова?

Плішкава: Галоўная розніца палягае ў тым, што кадыфікаваны ў 1995 годзе варыянт русінскай мовы абапіраецца на жывыя русінскія дыялекты ў Славаччыне, на жывую гутарковую мову. Дыялектная база кадыфікаванай русінскай мовы - гэта тэрыторыя, якая знаходзіцца больш-менш 100 кіламетраў на ўсход ад Прэшава, там, дзе знаходзяцца такія вёскі як Пхні, Чэленнэ, Гоставіцы, Зубнэ і іншыя...

Максімюк: А Ваша родная гаворка - яна з гэтага базавага арэалу кадыфікаванай русінскай мовы?

Плішкава: Так, я паходжу з вёскі Пхні (па-славацку Pichne).

Максімюк: А наколькі Ваша кадыфікаваная русінская мова адрозніваецца ад мовы лэмкаў у Польшчы або мовы русінаў у Закарпацкай вобласці Ўкраіны? Дарэчы, русіны ў Польшчы і на Закарпацці маюць кадыфікаваныя варыянты сваёй мовы?

Плішкава: Маюць. Калі навукоўцы і карыстальнікі русінскай мовы толькі прыступалі да яе кадыфікацыі, узнікла дыскусія, якім чынам гэта правесці. Ці адразу стварыць адну норму для ўсіх русінаў, ці пайсці за некаторымі рашэннямі ў іншых этнічных супольнасцях у Еўропе і стварыць некалькі варыянтаў пісьмовай мовы? Ну бо ёсць розніца паміж русінскімі гаворкамі ў Польшчы, Славаччыне і Ўкраіне - з аднаго боку, гэтая розніца абумоўленая ўплывам, так сказаць, мажарытарнай мовы, а з другога - гістарычнымі зменамі, якія ў гэтых гаворках адбыліся. У 1992 годзе, калі ў Славаччыне меў месца Першы кангрэс русінскай мовы, было пастаноўлена прыняць рэтараманскую мадэль кадыфікацыі - гэта значыць, у кожным рэгіёне русіны будуць кадыфікаваць уласны варыянт русінскай мовы, а потым, калі ўзнікне такая аптымальная сітуацыя, яны прымуць або створаць адзіную норму для ўсіх русінаў.

Цяпер сітуацыя такая, што ў 1995 годзе была кадыфікаваная русінская мова ў Славаччыне, у 2000 годзе - у Польшчы, а ва Ўкраіне было створана некалькі пісьмовых нормаў, але, як мне здаецца, ніводная з іх да гэтага часу не была прынятая ў якасці агульнай нормы. Розніца паміж гэтымі пісьмовымі варыянтамі ў трох краінах існуе, але яна не настолькі вялікая, каб русіны з розных краінаў не маглі паразумецца паміж сабою і каб у перспектыве не магла ўзнікнуць адзіная норма русінскай мовы.

ДЗЕ ЧУВАЦЬ РУСІНСКАЕ СЛОВА?

Максімюк: А як выглядае сітуацыя з русінскай мовай у школах у Славаччыне?

Плішкава: У нас існуюць школы з вывучэннем русінскай мовы і школы з навучальнай русінскай мовай. Гэтых першых, дзе русінская мова вывучаецца як прадмет, у нас 11 або 12. Але ў апошнія гады пачалі ўзнікаць школы з навучальнай русінскай мовай, дзе па-русінску, акрамя сваёй мовы, навучаюць таксама і некаторым іншым прадметам - напрыклад, музычнаму выхаванню і гісторыі.

Максімюк: А засталіся яшчэ школы, дзе вучаць украінскай мове?

Плішкава: Па-мойму, так. Але я не думаю, што іх будзе больш чым 10.

Максімюк: Вы - першая асоба ў свеце, якая напісала сваю кандыдацкую дысертацыю на русінскай мове і абараніла яе. У Вас не было праблемы з лексікай? Адкуль Вы бралі патрэбныя словы, калі іх не было ў жывых дыялектах - з славацкай мовы?

Плішкава: Ведаеце, я вывучала ва ўніверсітэце ўкраінскую мову і літаратуру ды славацкую мову ды літаратуру, і яшчэ вучылася расейскай мове, так што нейкіх праблемаў з тэрміналогіяй у мяне не было. Мая дысертацыя была па сацыялінгвістыцы, і я "перабірала" тэрміналогію як з славацкай мовы, так і з украінскай.

Калі справа датычыць агульнай праблемы канструявання навуковай і спецыяльнай тэрміналогіі для русінскай мовы ў Славаччыне, дык у першую чаргу мы бярэм словы з славацкай мовы.

Максімюк: Ці русінская мова існуе таксама на радыё і ў тэлевізіі?

Плішкава: Так, ужо доўгі час. На славацкім радыё ёсць рэдакцыя для нацыянальных і этнічных меншасцяў, а ў яе рамках дзейнічае асобная русінская група. У тэлевізіі таксама ёсць перадача на русінскай мове. У нас ёсць прафесіянальны русінскі тэатар, на русінскай мове выходзяць газеты і часопісы, кніжкі, падручнікі. У цэрквах таксама чуваць русінскую мову. Карацей, ёсць сферы, дзе карыстанне ўнармаванай русінскай мовай мае ўжо сваю традыцыю, запачаткаваную ў 1995 годзе.

ПЕРШЫЯ МАГІСТРЫ

Максімюк: Скажыце, калі ласка, некалькі словаў пра Інстытут русінскай мовы ва ўніверсітэце ў Прэшаве. У вас ёсць студэнты? Кім яны могуць працаваць, закончыўшы ваш універсітэт па спецыяльнасці "русінская мова"?

Плішкава: Інстытут русінскай мовы дзейнічае як самастойны інстытут ад 2008 года. Але русіністыка ў Прэшаўскім універсітэце пачала развівацца ўжо 1999 годзе. На дадзены момант наш інстытут ажыццяўляе дзве навучальныя праграмы настаўніцкага профілю - бакалаўрскую і магістарскую - па спецыяльнасці русінская мова і літаратура ў камбінацыі з іншымі прадметамі. Русінскую мову ў нас можна вывучаць у камбінацыі з 16 іншымі прадметамі. Інстытут праводзіць і педагагічную, і навуковую працу. Гэта два прыярытэтныя кірункі нашай працы. У гэтым годзе ў нас заканчваецца поўны цыкл акрэдытаванай магістарскай праграмы па спецыяльнасці русінская мова і літаратура. Мы будзем мець сваіх першых магістраў.

А дзе яны могуць знайсці працу? Паколькі яны закончаць настаўніцкую навучальную праграму, дык зразумела, што яны ў першую чаргу могуць працаваць у школьніцтве, у школах, дзе ўжо навучаюць русінскай мове, або могуць самі ініцыяваць такое навучанне ў рэгіёнах, дзе такіх школаў няма. У нас ёсць прафесійны тэатр, і некаторыя з нашых папярэдніх выпускніцаў сталі прафесіянальнымі акторкамі. У нас ёсць перыядычныя выданні - "Народныя навінкі" і часопіс "Русін" - так што яны могуць працаваць і там.

Максімюк: Колькі сваіх магістраў будзе ў вас сёлета?

Плішкава: У сярэднім мы маем па пяць студэнтаў на кожным курсе. Але некаторыя са студэнтаў, якія пачыналі вучобу пяць гадоў таму, з розных прычынаў яе перапынілі, і першых магістраў сёлета мы будзем мець толькі двое.

РУСІНЫ Ў СВЕЦЕ

Максімюк: Вы згадвалі пра Першы кангрэс русінскай мовы, які адбыўся ў Славаччыне гадоў 20 таму. Як разумею, у славацкіх русінаў ёсць кантакты з русінамі, раскіданымі па ўсім свеце. Ці маглі б вы сказаць колькі словаў пра гэтыя кантакты? І колькі наогул русінаў жыве на свеце?

Плішкава: Цяжка ўстанавіць агульны лік русінаў на свеце, таму што ад канца Другой сусветнай вайны амаль да канца ХХ стагоддзя русінаў у прынцыпе не адзначалі ў статыстыках. Русінская нацыянальнасць не адзначалася ні ў якой краіне, за выняткам русінаў у Ваяводзіне. Таму цяпер можна рабіць толькі ацэнкі. Я тут толькі магу спаслацца на працы гісторыка Роберта Магачы або іншых, якія ацэньваюць, што ў сучасным свеце можа быць каля паўтара мільёна людзей з русінскімі каранямі.

Станоўчым у гэтай сітуацыі ёсць тое, што пасля 1989 года русіны з розных краінаў свету пачалі кантактаваць адзін з адным, пачалі аб'ядноўвацца ў міжнародныя арганізацыі. Адной з найстарэйшых арганізацый, якая ўзнікла ў 1991 годзе, ёсць Сусветны кангрэс русінаў. Гэтая арганізацыя існуе да сённяшняга дня, і я лічу, што яна зрабіла вялікую працу дзеля ўзмацнення русінскай ідэнтычнасці і русінскай мовы ў шырокім, міжнародным кантэксце.

ЦІ МОЖНА НАГАДАВАЦЬ ПІСЬМЕНЬНІКАЎ?

Максімюк: Як выглядае сітуацыя з русінскай літаратурай і выдаваннем кніжак на русінскай мове ў Славаччыне? Ці славацкая дзяржава дапамагае вам у гэтым?

Плішкава: Ад самага пачатку, як толькі Славаччына прызнала русінскую нацыянальнасць як асобную нацыянальнасць і русінскую мову як самастойную мову, славацкая незалежная дзяржава, а раней і посткамуністычная Чэхаславаччына, падтрымлівала русінскую літаратуру, культуру і мову. Так што цяпер у Славаччыне мы маем русінскіх пісьменнікаў старэйшага пакалення, сярэдняга пакалення і, дзякуючы магчымасці вывучэння русінскай мовы ў нашым універсітэце, расце нам маладое пакаленне людзей, якое цікавіцца літаратурай і мае схільнасць пераносіць свае эмоцыі на паперу і нешта ствараць. Наколькі мне вядома, калі рэч датычыць прыгожага пісьменства, дык кожны год у Славаччыне выходзіць каля 10 кніжак паэзіі і прозы на русінскай мове. Без дапамогі дзяржавы гэткае развіццё русінскага пісьменства не было б магчымае.

Максімюк: Наколькі я вас зразумеў, за апошнія 20 гадоў русінская мова ў Славаччыне прайшла істотную трансфармацыю - з народнай, занядбанай мовы яна развілася ў мову высокай культуры, у мову ўніверсітэцкай адукацыі. Як Вы наогул глядзіце на далейшыя перспектывы развіцця Вашай роднай мовы?

Плішкава: У такой ацэнцы нам трэба зыходзіць з кантэксту, які існуе на сённяшні дзень. Ёсць людзі, студэнты, якіх мы спрабуем здабыць для літаратуры і публіцыстыкі ці, кажучы агульна, для пісанага русінскага слова. Ці здолеем ўзгадаваць у іх гэтыя схільнасці? Гэта шмат у чым залежыць ад дзяржаўнай падтрымкі культурам нацыянальных меншасцяў у Славаччыне, не толькі русінам, але і іншым. Значыць, тут два чыннікі. Першы - ці дзяржава будзе далей падтрымліваць развіццё русінскай мовы? Вырашэнне пытання, ці людзі будуць ведаць русінскую мову - гэта галоўным чынам наша заданне. Зразумела, дзяржава падтрымлівае Прэшаўскі ўніверсітэт у агульнасці і наш інстытут у прыватнасці. Але толькі ад нас залежыць, ці зможам мы далучыць гэтых маладых людзей да літаратурнага працэсу і дапамагчы ім знайсці сябе ў жыцці. На маю думку, калі гэтыя два чыннікі будуць і далей у наяўнасці, дык перспектывы развіцця русінскай мовы ў Славаччыне трэба ацаніць станоўча.

Максімюк: Вялікі дзякуй за размову.

На здымку: Анна Плішкава - кіраўнік Інстытута русінскай мовы.


У ФРАЗЕАЛАГІЧНЫ СЛОЎНІК

У маім "Этымалагічным слоўніку фразеалагізмаў" (2004) пра выраз прамываць мазгі (каму) сказана, што ён скалькаваны з англійскага складанага дзеяслова brainwash па яго частках - як двухкампанентны. А пра назоўнікавы фразеалагізм прамыўка мазгоў гаворыцца, што ён агульны для ўсходнеславянскіх моў і ўтварыўся ад суадноснага дзеяслоўнага прамываць мазгі .

Зварот жа да сучасных англійскіх слоўнікаў і навуковай літаратуры на іншых мовах змушае зрабіць папраўку. Аказваецца, што абодва памянёныя беларускія выразы з'яўляюцца калькамі з англійскай мовы, прычым найперш замацаваўся ў англійскай мове не дзеяслоўны, а назоўнікавы фразеалагізм brainwashing (прамыванне мазгоў). Як адзначаецца ў літаратуры, у верасні 1950 года амерыканская газета "Майамі ньюз" апублікавала сенсацыйны артыкул пад загалоўкам "Тактыка прамывання мазгоў", з гэтага часу тэрмін "прамыванне мазгоў" трывала ўвайшоў у міжнародны лексікон.

У беларускай літаратурнай мове фразеалагізм прамыўка (прамыванне) мазгоў выкарыстоўваецца з двума значэннямі. Адно з іх - 'ідэалагічная апрацоўка, уздзеянне на псіхіку чалавека'. Вось прыклады: У краіне [ЗША] разгорнута нябачная прамыўка мазгоў насельніцтву праз усе каналы тэлебачання, кіно, радыё, друк ("Полымя"); У нас такая "прамыўка мазгоў" цягнецца па сённяшні дзень. Дастаткова нагадаць фільм "Дети лжи" (Л. Баршчэўскі); - Няўжо Кубе больш не патрэбны спецыялісты? - Патрэбны, вядома. Але тутэйшае кіраўніцтва баіцца "прамыўкі мазгоў", і не без падстаў: тыя, хто пабываў у Саюзе, пачынаюць думаць па-іншаму (А. Брава); Фрыдман ведаў пра камуністычную прапаганду, пра абавязковыя палітінфармацыі, пра прамыванне мазгоў (А. Лукашук).

Другое значэнне фразеалагізма - 'строгая вымова, праборка, наганяй'; напрыклад: Мяккае крэсла Шалянок падсоўваў таму наведвальніку, да якога меў важную просьбу ці іншы інтарэс, а калі ўжо выклікаў на "прамыўку мазгоў", дык мяккага крэсла не прапаноўваў, добра калі кіне халодным вокам на цвёрдае (В. Карамазаў).

У ранейшых сваіх публікацыях, змешчаных у "Нашым слове", "Родным слове" і другіх выданнях, я ўжо апісаў шмат выразаў, якія або склаліся нядаўна, або па розных прычынах не трапілі ні ў "Слоўнік фразеалагізмаў", ні ў іншыя даведнікі. Яшчэ некаторыя выразы.

Апошнім часам у гутарковым маўленні і ў друку сустракаецца выклічнікавы фразеалагізм хавайся ў бульбу - іранічны вокліч імкнення, жадання ўхіліцца ад чаго-, каго-небудзь, зрабіцца нябачным. Напрыклад: Адзінае, чаго Карась не пераносіў, - гэта непарадак. Калі хто з падначаленых пераблытваў хоць адну лічбу - усё! Як кажуць: "Хавайся ў бульбу!" Што тут пачыналася! (К. Фядотава); Трэба, каб той стан, які адлюстроўваюць прымаўкі "мая хата з краю", "хавайся ў бульбу", адышоў у мінулае. Каб мы зразумелі, што страх і адсутнасць салідарнасці - гэта наша нацыянальная загана (В. Рымашэўскі).

Выразам блохі кашляюць насмешліва ацэньваюць чыё-небудзь бесталковае маўленне, выказванне: [Пасля прачытання аднаго газетнага артыкула] я, як былы перакладчык-тэкставік, спачатку падумаў: ці не чую я тут, як "кашляюць блохі"? (Л. Баршчэўскі). Гэты выраз фіксуецца і ў "Слоўніку дыялектных фразеалагізмаў Гродзеншчыны" М.А. Даніловіча.

Устойлівае спалучэнне крыжовы паход прыводзіцца ў "Тлумачальным слоўніку беларускай мовы" (т. 4, с. 131) толькі як састаўны тэрмін з паметай "гістарызм" і тлумачэннем: "захопніцкі паход феадалаў Заходняй Еўропы ў XI - XIII стст., які праводзіўся па пачыну каталіцкай царквы ў краіны Блізкага Усходу, у Прыбалтыку, супраць славянскіх народаў ва Усходняй Еўропе пад лозунгам барацьбы з "нявернымі", ерэтыкамі і пад.". Можна дадаць, што гэтыя паходы называліся крыжовымі таму, што на плашчах рыцараў-заваёўнікаў былі нашыты крыжы. Метафарычным шляхам, праз супастаўленне з апісанай гістарычнай з'явай, склаўся фразеалагізм крыжовы паход са значэннем 'арганізаваная бязлітасная барацьба з кім-, чым-небудзь'; да прыкладу: У эпіграме К. Крапівы "Чыжык" знайшоў увасабленне адзін з тыповых эпізодаў тагачаснай жорсткай рэчаіснасці, крыжовага паходу ў пошуках "ворагаў народа" ("ЛіМ"); Часы наставалі змрочныя. Пачаўся крыжовы паход на "бязродных касмапалітаў", якія мелі нават наймалое дачыненне да габрэйскай культуры" ("Наша слова").

Выраз зрабіць ногі ('кінуцца наўцёкі, імкліва ўцячы') у "Слоўніку фразеалагізмаў" (2008) (далей СФ) апісаны як аднатрывальны, з граматычна стрыжнёвым кампанентам у форме закончанага трывання. Але, як паказвае маўленчая практыка, выраз скарыстоўваецца і ў форме незакончанага трывання - рабіць ногі : Марудзіць нельга, пара было рабіць ногі, знікаць. Але на момант нешта прымусіла яго сцішыцца (У. Гніламёдаў); Праграмісты, педагогі, бізнесоўцы, урачы - усе з краіны робяць ногі. Хоць ты крычма закрычы! (Алесь Няўвесь).

Фразеалагізм біблейскага паходжання (час) збіраць камяні , што значыць '(час, пара) сумеснымі намаганнямі прыводзіць у пэўны парадак што-небудзь разбуранае, раскіданае, занядбалае', у СФ пададзены толькі з адным ілюстрацыйным прыкладам. Дадамо яшчэ два прыклады: Калі мы сапраўды хочам пабудаваць агульнаеўрапейскі дом, то кожны народ, кожны чалавек павінен пакласці камень у яго падмурак і сцены. Надышоў час не раскідаць, а збіраць камяні (С. Законнікаў); Сёння, калі прыйшоў час збіраць камяні, мы павінны адшукаць у літаратурнай "бурапене" і вярнуць людзям усё здаровае, праўдзівае, сапраўды мастацкае, што не хацела ўціскацца ў вузенькія рамкі сацрэалізму і не паддалося ідэалагічнаму дыктату (К. Цвірка).

На аснове гэтага дзеяслоўнага выразу ўнутрыфра-зеалагічным спосабам утварыўся суадносны з ім назоўнікавы выраз збіранне камянёў . Так, Ф. Піскуноў у прадмове да "Вялікага слоўніка беларускай мовы" піша: Наспеў і пераспеў час эклезіястаўскага "збірання камянёў: адшукаць, зафіксаваць, уратаваць ад знікнення ўсё ацалелае з моўнага багацця без чорных пазнак "разм.", "абл.", якія часта атрымлівала беларускае слова па шаблонах рускамоўных лексікаграфічных крыніц.

Аналагічнае з двума папярэднімі фразеалагізмамі можна сказаць і яшчэ пра два выразы. Фразеалагізм зацягваць (падцягваць) паясы - зацягнуць (падцягнуць) паясы ў СФ праілюстраваны толькі адным прыкладам. Дапоўнім яго ўжыванне іншымі цытатамі: 1) Зацягвае паясы не толькі сфера адукацыі ("Настаўн. газ."); 2) І застаецца [прэзідэнту] то іх [вярхоўнікаў] пакусваць, то вусы, прасіць народ не слухаць енку і … зноў падцягваць паясы (Р. Тармола - Мірскі); 3) Беларусам трэба будзе зацягваць паясы, бо плацяжы па раней узятых крэдытах ніхто не адмяняў (С. Пульша); 4) Калі мы хочам мець цывілізаваную эканоміку, краіне прыйдзецца зацягнуць паясы (Л. Заіка). Выкарыстоўваецца і назоўнікавае ўтварэнне на базе гэтага фразеалагізма - зацягванне паясоў : 1) Лідар французскіх леварадыкальных сіл крытыкуе свайго былога саратніка Аланду за палітыку зацягвання паясоў і аўтарытарныя спосабы кіравання ("Нар. воля"); 2) Трэба мець мужнасць уладзе прызнаць свае грубыя памылкі і пачаць зацягванне паясоў з сябе (Г. Чыгір).

Фразеалагізм цвёрды (моцны) арэшак - двухзначны, але ў СФ ілюструецца ўсяго адной цытатай. Яго першае значэнне - 'што-небудзь недаступнае, цяжкае для авалодання ім (горад, населены пункт і пад.)': Горад аказаўся моцным арэшкам. Яго здолелі ўзяць штурмам толькі 3 чэрвеня 1611 года (А. Марціновіч); Нямецкія Ме-109 і Фокевульф-190 былі моцным арэшкам нават для савецкіх лётчыкаў-асаў (М. Тычына). Другое значэнне фразеалагізма - 'стойкі ў сваіх перакананнях, намерах чалавек, які не паддаецца ўплыву іншых людзей': Кляновік аказаўся цвёрдым арэшкам, не з прасцякоў (У. Гніламёдаў); Папярэджваю - я яшчэ цвёрды арэшак, у мяне апломб, упартасць, вопыт (А. Федарэнка).

Далей пададзім шэраг фразеалагізмаў, якія ў СФ апісаны альбо з адной апраўдальнай цытатай-ілюстрацыяй, альбо, па незалежных ад складальніка прычынах, зусім без цытат. Пасля загаловачнага фразеалагізма змяшчаецца ў дужках тлумачэнне яго сэнсавага зместу, а іншы раз і сціслая этымалагічная даведка.

Ад яйца (ад яйка) (=з самага пачатку; калька з лацінскай мовы, у Старажытным Рыме абед пачынаўся з яец і канчаўся фруктамі). Калі пачынаць ад яйца, паслухай, кім я марыў стаць у дзяцінстве (У. Арлоў). Ад яйка, з Вялікадня, з дня ўваскрашэння ствараецца матчына слова прынесці душы суцяшэнне… (Р. Барадулін).

Акалачваць грушы (=гультаяваць, займацца пустымі справамі). [Людвіг:] Ты чаго тут грушы акалачваеш? [Ігар:] Трымай. 100 долараў. Яны твае. Разлічымся з даўгамі (Г. Марчук). Як член, каб акалачваць грушы, не чуў, што шэпчуць партнулі, яму развесістыя вушы партыйным воскам залілі (Р. Барадулін).

А ўсё-такі яна рухаецца (круціцца)! (=вокліч цвёрдай упэўненасці ў слушнасці свайго выказвання). Я пішу пра ўсё гэта не болей як з лёгкай іроніяй. І, як той Галілей, у любы момант гатова выгукнуць: "А ўсё-такі яна круціцца! (Р. Баравікова).

Бурыданаў асёл (=крайне нерашучы чалавек, які хістаецца, вагаецца ў выбары паміж двума раўнацэннымі рашэннямі ці раўназначнымі жаданнямі). Адчуваю сябе ў становішчы бурыданава асла паміж культуралогіяй і археалогіяй (Н. Здановіч).

Вада на млын каго, чый (=дапамога, садзейнічанне каму-небудзь; назоўнікавы выраз, утвораны на аснове дзеяслоўнага ліць ваду на млын чый, каго ). Актыўны быў толькі Ермачэнка, болей нават, чымсьці належала, але яго актыўная дзейнасць выразная - не на наш млын вада (Л. Геніюш). Лічу, што сам удзел у палітычнай гульні пад назвай "выбары" па сцэнарыі ўлад - гэта вада на млын тых, хто не хоча перамен (В. Жураўковіч).

Ездзіў у рыгу (=ванітавала каго-небудзь, звычайна пры моцным ап'яненні; выраз каламбурнага характару, пабудаваны на сугуччы няроднасных слоў Рыга і рыгаць са значэннем 'ванітаваць'). Нямецкія падафіцэры пазбіраліся ў садзе і п'янствавалі ды гарланілі да позніх гадзінаў. Шмат хто нават "ездзіў у рыгу", як прынялося казаць між жаўнераў (К. Акула). Потым з'ездзіў двойчы ў рыгу, а назаўтра ўстаў з пахмелля, - праклінае Антак "зелле" (К. Крапіва).

Жывы труп (=вельмі слабы, хворы, блізкі да смерці чалавек). Легальна з такім букетам хвароб мяне ніхто на працу не возьме, бо, па сутнасці, жывы труп… (В. Гарбузаў).

Забіць крыніцай (=пачаць бурна праходзіць, развівацца, праяўляцца). Крыніцай забіла тут жыццё… (М. Багдановіч).

За свет вочы ісці, ехаць і пад. (=вельмі далёка). Варта быо ехаць за свет вочы, каб разабрацца ў такім чалавеку (У. Навумовіч).

З плеч ды ў печ (трохзначны фразеалагізм, прыклад да ягонага трэцяга значэння 'зараз жа, неадкладна, не задумваючыся'). Вадзіма выклікаў старшыня радыёкамітэта і паўшчуваў, чаму, перш чым даваць нейкі матэрыял наверх, не параіўся з ім, не даў пазнаёміцца. Можа, і перадачу якую зрабілі б, а так - з плеч ды ў печ (А. Рыбак).

З усіх валасцей (ужываецца пры слове "гасцей" і абазначае 'вельмі многа і з розных мясцін'). Калі Куляшову надышоў 60-гадовы юбілей, натуральна, было гасцей з усіх валасцей (Р. Барадулін). Сустрэліся ў гасцініцы. Акінулі позіркам адзін аднаго, стары і маладзейшы… - Вы адкуль?.. - У нас тут гасцей з усіх валасцей (В. Якавенка).

Куды і кароль (цар) пяшком хадзіў (= у туалет). Новы год я ляжаў з гарачкай амаль 39, пульс 110 - 120, няроўны. І кожныя паўгадзіны і ўдзень, і ўночы мусіў хадзіць ці, лепш кажучы, бегаць куды і кароль пяшком ходзіць (М. Забэйда-Суміцкі). Размоў пасля было… Бабуля так каменціравала гэтую сцэну: ва ўсіх на вачах бацюшка пайшоў "куды і цар пешшу хадзіў" (Л. Тарасава).

Паляцець у тартарары (=змяніцца карэнным чынам, разваліцца, згінуць; назоўнікавы кампанент, неўжывальны па-за фразеалагізмам, з'яўляецца формай вінавальнага склону множнага ліку ад тартар - назоўніка, запазычанага з грэчаскай мовы, якім, паводле міфалогіі, называлася тая частка падземнага царства, дзе знаходзіцца пекла і куды пасля смерці перасяляюцца грэшнікі; у Тартар скінуў Зеўс тытанаў). Шмат гадоў у добрым суседстве жылі гэтыя людзі… І раптам уся іх шматгадовая дружба імгненна паляцела ў тартарары (В. Быкаў). Шчыра прызнаюся - баюся… баюся… Усё паляціць у тартарары - сям'я, кар'ера… усё ( Б. Пятровіч).

Пячы (спячы) ракаў (=чырванець, пачырванець ад сораму; выраз склаўся праз супастаўленне з ракамі, якія, калі іх зварыць, робяцца чырвонымі). Не раз, бывала, ксёндз Марціноўскі "пёк ракі" перад гасцямі з прычыны свайго бацькі (В. Адважны). Марыля… так дзіўна глядзела на мяне, небарака… Колькі спёк я там ракаў… (А. Гарун).

Іван Лепешаў.


Пра Еўропу па-беларуску

8 ліпеня ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце ў Вільні адбыўся фінал Х Нацыянальнага конкурсу школьных каманд "Што я ведаю пра Еўропу?", у якім прынялі ўдзел каманды з Наваградка, Маладзечна, Магілёва і Жодзіна. Менавіта гэтыя каманды ў даволі жорсткай канкурэнтнай барацьбе сталі пераможцамі адкрытых паўфіналаў, якія прайшлі напярэдадні ў розных беларускіх гарадах.

Тэма юбілейнага конкурсу была адпаведная: "Еўрапейскія і беларускія юбілеі і памятныя даты 2013: людзі, падзеі, арганізацыі". Трэба адзначыць, што ўсе дзесяць гадоў каманда арганізатараў конкурсу працуе на пашырэнне ведаў пра Еўропу і Беларусь нашых школьнікаў. Усведамленне беларусаў еўрапейцамі з багатай гісторыяй і культурай, разуменне таго, што ёсць Еўропа сёння, паважлівае стаўленне да розных народаў і культурных традыцый - галоўныя мэты Нацыянальнага конкурсу школьных каманд "Што я ведаю пра Еўропу?".

Нельга не адзначыць, што ад самага пачатку конкурс праводзіцца выключна на беларускай мове, што спрыяе ўмацаванню нацыянальнай ідэнтычнасці яго ўдзельнікаў, выхоўвае пачуццё патрыятызму і павагі да сваёй Бацькаўшчыны.

Дарэчы ідэйным натхняльнікам і нязменным кіраўніком конкурсу з'яўляецца намеснік старшыні партыі БНФ Ігар Лялькоў.

А вось непаўторную атмасферу фінальнай гульні дапамог стварыць вядоўца - знакаміты беларускі акцёр і падарожнік Юрась Жыгамонт.

На пачатку гульні ўдзельнікаў павітаў амбасадар Літоўскай Рэспублікі ў Беларусі Эвалдас Ігнатавічус, які адзначыў вялікі плён школьнага конкурсу "Што я ведаю пра Еўропу?" і добрыя вынікі супрацоўніцтва.

Аўтарытэтным быў склад журы, якое аб'ектыўна ацэньвала конкурсныя заданні, старанна лічыла балы, давала грунтоўныя і цікавыя каментары: вядомыя грамадскія і палітычныя дзеячы Улад Вялічка і Алесь Лагвінец, каардынатар праграм ЕГУ Ірына Луневіч і журналіст Вадзім Александровіч.

Сама фінальная гульня складалася з 5 конкурсаў, якія павінны былі вызначыць глыбіню ведаў пра Беларусь і Еўропу ў кожнай з каманд-удзельніц.

Для школьнікаў былі падрыхтаваны заданні па юбілейнай геаграфіі: прачытаўшы пытанне, трэба было знайсці на контурнай карце Еўропы адпаведны горад і краіну і падпісаць іх. З першага конкурса лідарства захапіла каманда з Наваградка, якая набрала ў ім максімальную колькасць балаў. Другі конкурс "Пазнай асобу" праверыў веды пра беларускіх і еўрапейскіх юбіляраў, таму што кожнай камандзе трэба было пазнаць па 4 асобы па 5 падказках, размеркаваных па ступені складанасці. Сярод асоб-юбіляраў былі і Кастусь Езавітаў, і Жуль Верн, і Якуб Наркевіч-Ёдка, і нават Джэймс Кук. Пасля гэтага конкурсу "Беларускае кола", паказаўшы найлепшыя веды, умацавала сваё лідарства.

У трэцім заданні "Рэха паўстання 1863-1864 гг. у Еўропе" школьнікам трэба было запоўніць карту-схему імёнамі і прозвішчамі ўдзельнікаў паўстання пад кіраўніцтвам К. Каліноўскага, якія пасля задушэння паўстання эмігравалі ў Еўропу і праявілі сябе там. У гэтым конкурсе найлепшы вынік паказалі магілёўцы і наваградцы, якія набралі толькі па 12 балаў з 20 магчымых. Гэта яскрава сведчыць, што ў сённяшняй беларускай школьнай адукацыі, нягледзячы на 150-гадовы юбілей паўстання і яго вялікі рэзананс для беларускай гісторыі, рэха паўстання амаль не гучыць, і таму малавядомымі застаюцца імёны Валерыя Ўрублеўскага, Міхала Андрыёлі, Фелікса Ражанскага, Зыгмунта Мінейкі і іх паплечнікаў.

Чацвёртым выпрабаваннем для фіналістаў стаў "Музычны куфэрак", які нечым нагадаў вельмі папулярную у свой час тэлегульню "Угадай мелодыю". Фіналісты праслухалі 20 фрагментаў з самых розных музычных кампазіцый (народных, сучасных, класічных), па якіх ім трэба было пазнаць тую ці іншую краіну ЕС. У дадзеным конкурсе найлепшую музычную эрудыцыю паказалі маладзечненцы, але наваградская каманда, нягледзячы на невысокі вынік, захавала лідарства.

Апошнім выпрабаваннем была традыцыйная "Медыяазбука", калі камандам па слайдах, якія суправаджаліся каментарамі-падказкамі вядоўцы, трэба было пазнаць тую ці іншую юбілейную падзею, асобу-юбіляра або арганізацыю, якая сёлета адзначае свій юбілей. Тут былі і Наталля Арсеннева, і Статут ВКЛ, і Радзівілаўская біблія, і Джордж Гордан Байран… У гэтым конкурсе каманды паказалі даволі роўныя вынікі.

Такім чынам, у фінале перамагла моцная і дасведчаная каманда "Беларускае кола" з Наваградка, якая і выйграла галоўны прыз: паездку у Брусель - сталіцу ЕС. Як адзначыла журы, перамога атрымалася вельмі сімвалічная: гулялі фінал ў Літве, якая ў гэтыя дні святкавала 760-годдзе каранацыі Міндоўга, першага і апошняга караля Літвы. Як вядома, першай сталіцай Вялікага Княства Літоўскага быў Наваградак, дзе і каранавалі Мінгоўга. Вось яна, наша супольная еўрапейская гісторыя!

Юрась Каласоўскі, Магілёў.


Залатыя яблыкі

У Менску ў выдавецтве Уладзіміра Сіўчыкава выйшла хрэстаматыя дзецям малодшага і сярэдняга школьнага ўзросту "Залатая яблынька. Казкі. Легенды. Паданні."

У чытанцы "Залатая яблынька" сабраныя народныя казкі, легенды і паданні, а таксама творы беларускіх пісьменнікаў.

Фальклорныя пярліны пераказалі такія майстры слова як Крыстына Лялько, Уладзімір Сіўчыкаў, Уладзімір Ягоўдзік і Алесь Якімовіч, а сярод арыгінальных твораў - тэксты Яна Баршчэўскага, Пятра Васючэнкі, Клаўдзіі Каліны, Якуба Коласа, Янкі Купалы, Максіма Танка, Станіслава Шушкевіча.

Укладальнікам тома выступіў пісьменнік Уладзімір Сіўчыкаў, а аздобіла яго сваімі малюнкамі мастачка Алена Карповіч.

Адрасуецца кніжка дзецям малодшага і сярэдняга школьнага ўзросту, іх бацькам, бабулям і дзядулям, а таксама навучэнцам педагагічных коледжаў, настаўнікам і выхавальнікам.

Чытачоў найперш павінны зацікавіць такія легенды як "Адкуль пайшлі беларусы", "Страцім-лебедзь", "Палешукі і палевікі", паданні "Возера Нарач", "Пра Нёман і Лошу", "Бярэсце", "Жодзіна", "Адкуль назва Івянец", "Браслаў", "Чорная дама", "Пане Каханку", "Бяздоннае багацце" і іншыя.

Алеся Сіўчыкава.


ЖОДЗІНА

У старадаўнія часы ці не самымі заможнымі ў нашым краі былі князі Радзівілы. Валодалі яны многімі гарадамі і крэпасцяці, вёскамі і мястэчкамі.

Адзін з іх, дваццацітрохгадовы князь Багуслаў, загадаў раскарчаваць лясныя дзялянкі і заснаваць на ажыўленым тракце, на ўсходняй ускраіне свайго маёнтка Смалявічы новае паселішча.

Назвалі яго людзі Жодзіна Слабада, бо князь той на дваццаць пяць гадоў дараваў нечуваныя "слабоды або свабоды" - вызваліў ад падаткаў гандляроў і рамеснікаў, каб сяліліся на ягонай зямлі. А слабаду тую звалі Жодзінай, бо стаяла яна на беразе булькатлівай і гаваркой рэчкі Жодзіна, дзе ўпадала яна ў Плісу.

Князёўна Ганна Марыя, што таксама была з Радзівілаў, нарадзіла свайму любаму Багуславу адзіную дачушку Людвіку Караліну і памерла маладою. Князь Багуслаў не вытрымаў расстання з каханаю і праз два гады следам за ёю сышоў у лепшы свет. Быў ён адважным ваяром, але загінуў не на полі бітвы, а памёр пад навагоднюю ноч на паляванні на курапатак.

Ягоная дачка Людвіка Караліна пасталела, уступіла ў правы і ў бацькаў гонар загадала іменаваць Жодзіну Слабаду не іначай як Багуслаў Поліс, што азначала Багуславаў горад.

Ішлі гады. Слабоды, дараваныя князем, мінуліся дый само паселішча перайшло да іншых гаспадароў. Доўгі час бытавалі поруч дзве назвы мястэчка, але потым засталася адна: Жодынь альбо Жодзін, а канчаткова - Жодзіна.

Пераказаў Уладзімір Сіўчыкаў.


Можа і пачуем беларускамоўную песню на Еўрабачанні

Сп. А.У. Кабякову,

Кіраўніку Адміністрацыі

Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь,

220016, г. Мінск,

вул. К. Маркса, 38

Аб беларускамоўным

выкананні песні ад Беларусі

на наступным конкурсе

"Еўрабачання"

Паважаны Андрэй Уладзіміравіч !

З кожным годам цікавасць да спеўнага конкурсу на "Еўрабачанні" сярод грамадзян нашай краіны павялічваецца. У гэтым годзе 34% усіх беларускіх тэлегледачоў глядзелі гэты конкурс на Першым канале БТ. Сёлета конкурс глядзелі ў 45 краінах свету, нават у Аўстраліі. З тэрыторыі Беларусі ў фінале конкурсу было зроблена 19939 званкоў і даслана 34709 sms.

Аднак нашыя прадстаўнікі не маюць вялікіх поспехаў на гэтым конкурсе.

Адна з галоўных прычын - поўнае ігнараванне дзяржаўнай беларускай мовы, адной з самых прыгожых і меладычных моваў Еўропы.

У сувязі з гэтым мы прапануем ужо зараз даручыць "Белтэлерадыёкампаніі" пачаць падрыхтоўку да наступнага конкурсу і зрабіць уласнанацыянальны тэлепраект на ўзор "Еўрабачання", які будзе доўжыцца цэлы год. У наступным годзе на "Еўрабачанні" выканаць песню на беларускай мове і, такім чынам, засведчыць ва ўсім свеце існаванне адметнай культуры ў цэнтры Еўропы. Дастаткова толькі прыгадаць вопыт "Песняроў", якія дзякуючы беларускай мове сталі адным з самых вядомых музычных ансамбляў не толькі ў тагачасным СССР, але і за яго межамі.

З павагай,

Старшыня ТБМ Алег Трусаў.



Старшыні грамадскага аб'яднання

"Таварыства беларускай мовы

імя Францішка Скарыны"

Трусаву А.А.

Шаноўны Алег Анатольевіч!

Ваш зварот, накіраваны ў Адміністрацыю Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, быў перададзены ў Белтэлерадыёкампанію і разгледжаны.

Адносна выканання песні на беларускай мове прадстаўніком нашай краіны на Міжнародным конкурсе "Еўрабачанне-2014" паведамляем наступнае.

Белтэлерадыёкампанія штогод праводзіць нацыянальны адборачны тур, арганізаваны па прынцыпе самога конкурсу "Еўрабачанне", падчас якога вызначаецца кандыдатура ўдзельніка ад Рэспублікі Беларусь, а таксама песня, якую ён будзе выконваць. Рашэнне залежыць ад меркавання кампетэнтнага журы, якое складаецца з вядомых кампазітараў, дзеячаў культуры і прафесіяналаў у сферы шоў-бізнесу, а таксама ад вынікаў галасавання гледачоў (50 на 50).

Усе названыя мерапрыемствы, у тым ліку ход падрыхтоўкі ўдзельніка і выбар песні, падрабязна асвятляюцца на тэлеканалах Белтэлерадыёкампаніі.

Мы цалкам падзяляем Вашу думку аб несумнеўных перавагах выступу на роднай мове прадстаўніка Беларусі перш за ўсё у мэтах папулярызацыі беларускай мовы і ўзняцця прэстыжу нашай нацыянальнай культуры ў Еўропе. Таму Белтэлерадыёкампанія гатова вынесці Вашу прапанову на разгляд журы конкурсу і ўлічваць выказаныя Вамі пажаданні пры адборы песні для прадстаўніка Рэспублікі Беларусь на Міжнародным конкурсе песні "Еўрабачанне-2014".

Дзякуй Вам за цікавасць да дзейнасці нашай кампаніі.

З павагай,

Намеснік Старшыні М.С. Маркаў.



"Белпошта" выпусціла мастацкі канверт да 400-годдзя Свята-Петра-Паўлаўскага сабора ў Менску.

Свята-Петра-Паўлаўскі сабор - самы старажытны ў сталіцы дзейны храм, помнік архітэктуры барока. Размешчаны ў цэнтры Менска.

Храм быў сведкам многіх гістарычных падзей, перажыў нямала драматычных калізій, але захаваў свой старажытны воблік да нашых дзён.

Наш кар.


Скрозь "Маладосць"

1 жніўня а 18-й у сядзібе ТБМ адбудзецца прэзентацыя выдання

"Скрозь "Маладосць". Не самая сумная кніжка пра грошы, чорны шакалад, пісьменнікаў і літаратуру"

…кнігі, напісанай як быццам з нагоды 60-годдзя часопіса "Маладосць", а на самай справе спецыяльна для цябе.

Думаеш, гэта звычайная кніжка? Шараговае прысвячэнне чарговаму літаратурнаму юбілею, якія ўжо, дальбог, сустракаць надакучыла? Маеш рацыю. Але толькі ў другой частцы сваёй, прабач, не дужа эксклюзіўнай думкі. Бо не такая ўжо яна звычайная. Не ў кожнай кніжцы спавядаецца ў граху прафесар Мальдзіс, а тут ён яшчэ і дзеліцца ўспамінамі пра… будучыню. Тут гучны акадэмік Гніламёдаў сумуе па радочках пра каханне: хто і калі, маўляў, апіша яго так, каб кропкі спрэс шматкроп'ямі паўсталі?.. Дайнека "коціць бочкі" на Бураўкіна. Саламаха пасылае Станкевіча "на зону"…

* * *

Ёсць кнігі, на якія шкода дрэваў. Ёсць дрэвы, вартыя стваральна-добрых кніг.

Цябе чакаюць:

1. Галоўны рэдактар часопіса "Маладосць" і ўкладальніца кнігі Святлана Дзянісава, гатовая адказаць на ўсе пытанні.

2. Стосік кніг, кожную з якіх можна набыць трошкі танней, чым ў кнігарні, - за 81850 рублёў. Яна каштуе гэтага, павер.

3. Падарункі! Часопіс робіць іх з нагоды свайго юбілею!

Часопіс "Маладосць".

Выдавецкі дом "Звязда ".


Шчыра дзякуем за дапамогу!

Ахвяраванні на ТБМ

1. Ткачоў Васіль - 200000 р., г. Менск

2. Краўчанка Анатоль - 200000 р., г. Менск

3. Вярбоўская Ірына - 80000 р., г. Менск

4. Місевіч Мар'ян - 600000 р., м. Падсвілле

5. Бусел Мікола - 20000 р., в. Дуброўна, Светлагорскі р-н

6. Панамароў Сяргей - 50000 р., г. Менск

7. Пашкевіч Алесь - 50000 р., г. Менск

8. Сагадзін Алег - 50000 р., г. Менск

9. Хадыка Юрась - 200000 р., г. Менск

10. Цярэшчанка Ігар - 10000 р., г. Менск

11. Коўчур Руслан - 100000 р., г Менск

12. Прылішч Ірына - 50000 р., г. Менск

13. Лазарук Тамара - 50000 р., г. Менск

14. Шынкевіч С.А. - 10000 р., г. Орша

15. Сныткіна Галіна - 50000 р., г. Менск

16. Турок В.Л. - 20000 р., г. Гародня

17. Антанюк Іван - 100000 р., г. Менск

18. Ляўшун Дзяніс - 150000 р., г. Менск

19. Петравецкі А.А. - 50000 р., г. Берасце

20. Меляшкевіч Ю.В. - 150000 р., г. Менск

Дзейнасць ГА "ТБМ імя Францішка Скарыны" па наданні роднай мове рэальнага статуса дзяржаўнай вымагае вялікіх выдаткаў. Падтрымаць ТБМ - справа гонару кожнага грамадзяніна краіны.

Просім Вашыя ахвяраванні дасылаць на адрас, вул. Румянцава, 13, г. Мінск, 220034, альбо пералічыць на разліковы рахунак ТБМ №3015741233011 у Аддзяленні № 539 ААТ "Беінвестбанка" код 739 (УНП 100129705) праз любое аддзяленне ашчадбанка Беларусбанк.


Да 20-годдзя фестывалю

З гісторыі правядзення Міжнароднага фестывалю духоўнай музыкі "Магутны Божа" ў Магілёве (1993-1998 гг.)

(Працяг. Пачатак у папярэднім нумары.)

Падчас першага фестывалю былі выпрацаваны асноўныя крытэрыі адзнакі выступленняў удзельнікаў фестывалю: 1) прафесійнае мастацтва, 2) лепшае выкананне літургічнай музыкі, 3) лепшае выкананне класічнага твору для хароў, 4) лепшая трактоўка твору, 5) лепшае сачыненне на духоўны беларускі тэкст, 6) лепшаму салісту дзіцячага хору, 7) самы юны ўдзельнік, 8) лепшы ансамбль: выкананне літургіі, класікі, духоўнай музыкі, 9) прафесіяналізм у выкананні: арганная, фартэпіянная, струнная музыка, вакал, 10) лепшае выкананне твору "Авэ Марыя", 11) за найбольш прафесійны падыход да духоўных тэкстаў, 12) лепшы дырыжор.

Па выніках конкурснай праграмы прысуджаўся гран-пры фестывалю, прысвойвалася званне лаўрэатаў, існавала шмат прызоў-узнагарод па розных намінацыях ад арганізатараў, фундатараў, гасцей, гледачоў і г.д.

Ган-пры Міжнароднага фестывалю хрысціянскай духоўнай музыкі "Магутны Божа" - абраз Маці Божай і грашовая прэмія. З абраза штогод для пераможцы рабілася копія, а сам арыгінал захоўваўся ў касцёле Св. Станіслава ў Магілёве.

Безумоўна, найбольшыя фінансавыя сродкі на арганізацыю і правядзенне фестывалю давалі фундатары. Панесла значныя выдаткі і рыма-каталіцкая грамада г. Магілёва.

Прыкладаліся намаганні, каб знайсці сродкі на фестываль і з боку ініцыятыўнай групы. Планавалася часткова вырашыць гэтае пытанне шляхам дабрачынных канцэртаў. Так, 12 красавіка і 8 траўня 1993 года ў Магілёве ў памяшканні касцёла Св. Станіслава і ў горадзе Бабруйску ў касцёле св. Апосталаў Пятра і Паўла адбыліся набажэнствы і дабрачынныя канцэрты. Сродкі, які былі сабраныя падчас правядзення канцэртаў, пайшлі на правядзенне фестывалю "Магутны Божа". У праграме канцэртаў значыліся выступленні: хору "Спадчына" (кіраўнік Ж. Елфімава), хору пад кіраўніцтвам С. Лішчанка, камернага ансамблю (кіраўнік В. Родаў), вакалісткі А. Гарбацюк, скрыпачкі Г. Гусарэвіч, арганіста Федаровіча.

Дакументы з архіву фестывалю захавалі фундатараў першага фестывалю: ВА "Стромаўталінія", Магілёўскі філіял Беларускага пратэзна-аднаўленчага цэнтру, камбінат кааператыўнай прамысловасці г. Шклоў, Магілёўскі філіял № 3 ВА"Пратэзіст", прафкам Магілёўскага аўтазавода імя С.М. Кірава, фірма "Святлана", царква "Віфанія", Беларуская Каталіцкая Грамада, Магілёўская арганізацыя БНФ "Адраджэньне". Як бачна грамадзянскую ініцыятыву магілёўцаў падтрымалі тыя, хто разумеў неабходнасць духоўнага і культурнага адраджэння. Акрамя пералічэння сродкаў на рахунак аргкамітэту, фундатары заснавалі шэраг спецыяльных узнагарод: спецыяльны прыз БНФ - хору "Унія", за арыгінальнасць праграмы дзіцячаму хору г. Браслава (БКГ), глядацкіх сімпатыяў ансамблю "СПЭС" (Польшча), прыз імя М. Равенскага за евангелізацыю і дапамогу падчас фестывалю ансамблю "Крэда" (Украіна) ад Р. Факсінскага і інш.

22.04.93 г. аргкамітэт звярнуўся па дапамогу ў "Фонд Сораса Беларусь". Трывалым фундатарам фонд стаў падчас арганізацыі і правядзення другога, трэцяга, чацвёртага фестываляў (1994-1996 гг.). У заяўцы фонду фестывалю на імя фонду Сораса на правядзенне V фестывалю прыведзены каштарыс выдаткаў на 16000 даляраў ЗША. У наступныя гады асноўныя сродкі на арганізацыю і правядзенне фестывалю забяспечвалі рыма-каталіцкая царква і Магілёўскі гарвыканкам.

Арганізатары першага фестывалю разумелі неабходнасць паразумення з органамі ўлады і прадстаўнікамі іншых рэлігійных канфесій, дзейнічалі заўжды згодна з існым заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

Перад пачаткам фестывалю арганізатары накіроўвалі адпаведны ліст у адрас Магілёўскага гарвыканкаму. Так, напярэдадні першага фестывалю 22.04.93 г. аргкамітэт у лісце, падпісаным пробашчам касцёла св. Станіслава У. Блінам, да старшыні гарвыканкаму І.Зайцава прасіў дапамогу ў вырашэнні наступных пытанняў: даць дазвол на размяшчэнне рэкламных шчытоў і афіш; дазволіць бясплатны праезд у гарадскім транспарце ўдзельнікам фестывалю з 11 па 17.07.93г.; дазволіць размяшчэнне намётаў для пілігрымаў у раёне вёскі Пашкава; садзейніцтва ў арганізацыі працы міліцыі, ДАІ, хуткай дапамогі, ваенна-палявой кухні; выдзяліць месца для стаянкі аўтатранспарту каля касцёла; аказаць дапамогу ў запраўцы палівам аўтатранспарту (тады быў дэфіцыт паліва ў краіне); аказаць дапамогу ў размяшчэнні ўдзельнікаў фестывалю ў інтэрнатах горада.

Неабходна адзначыць, што гарвыканкам адгукнуўся на зварот аргкамітэту і не стаў ствараць перашкод. 16 чэрвеня 1993 года Магілёўскі гарвыканкам прыняў рашэнне за № 93-26 "Аб аказанні дапамогі аргкамітэту па правядзенні Міжнароднага фестывалю духоўнай музыкі "Магутны Божа". У ім была прынята прапанова аб правядзенні фестывалю 11-17 ліпеня. Даручана аддзелу транспарту гарвыканкаму вырашыць пытанне аб арганізацыі аўтастаянкі. Дазволены, пры наяўнасці часовага пасведчання ўдзельніка фестывалю, бясплатны праезд у гарадскім транспарце з 11 па 17 ліпеня. Гарвыканкам дазволіў размясціць шчыты, афішы, выступленні на ўсіх заяўленых пляцоўках, за выключэнне плошчы імя У. Леніна. Адміністрацыям Магілёўскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута, машынабудаўнічага інстытута, будаўнічага тэхнікума, палітэхнікума, педвучылішча, вучылішча культуры было дазволена размясціць удзельнікаў фестывалю ў іх інтэрнатах з 11 па 17.07.93 г.

Неабходную дапамогу ўдалося знайсці на ўзроўні кіраўнікоў абласной і гарадской улады.

Непаразуменні ў аргкамітэту ўзнікалі з асобнымі прадстаўнікамі абласных уладаў і адміністрацыяй Ленінскага раёна г. Магілёва (старшыня Палякоў). Успрымаючы фестываль як каталіцкі форум, яны стваралі розныя перашкоды: не дазвалялі выступаць на тэрыторыі раёна, забаранілі праход пілігрымаў і г.д. Некаторыя спрэчныя пытанні ўдалося вырашыць сябрам аргкамітэту Г. Касцюкевіч, І. Пушкіну у аддзеле па справах рэлігій аблвыканкаму (І. Саўчанка) толькі з дапамогаю абласнога тэлебачання і А. Барысавай.

Непаразуменні на першых фестывалях былі з кіраўніцтвам Магілёўскай праваслаўнай епархіі. Архіепіскап Максім упершыню наведаў канцэрт адкрыцця толькі ў 1996 годзе, але хутка пакінуў залу. Дзякуючы намаганням В. Роўды, В. Скарабагатава, Л. Мішчанкі да 1995 года было знойдзена паразуменне з Мітрапалітам Менскім і Слуцкім, Патрыяршым экзархам Усяе Беларусі Філарэтам. Падтрымалі аргкамітэт у правядзенні фестывалю, акрамя рыма-каталікоў і грэка-каталікоў, шэраг пратэстанцкіх грамад, праваслаўныя вернікі. Як адзначала Ж. Елфімава ў сваім інтэрвію газеце "Веснік Магілёва" 10.07.1997 года: "Калі меркаваць па веравызнанні ўдзельнікаў, дык больш за ўсіх заўжды было праваслаўных. Толькі ў 1996 годзе выступіла восем хароў з праваслаўных храмаў Беларусі, Украіны, Расіі".

У рашэнні за № 11-4 ад 21.06.95 г. Магілёўскага гарвыканкаму "Аб правядзенні ІІІ-га Міжнароднага фестывалю духоўнай музыкі "Магутны Божа" з'явіўся пункт: "Аргкамітэту па правядзенні фестывалю духоўнай музыкі "Магутны Божа" (А. Аляксеенка) прыняць меры аб недапушчальнасці правядзення набажэнстваў, рэлігійных цырымоній і евангелічных сходаў па-за сценамі культавых пабудоў".

Фестываль "Магутны Божа" быў з захапленнем успрыняты магілёўцамі, на канцэртах і конкурсных праслухоўваннях быў заўжды аншлаг. Фестываль набыў папулярнасць як у Беларусі, так і за яе межамі. Наведаць канцэрты фестывалю прыязджалі з розных гарадоў Беларусі.

Асаблівай папулярнасцю фестываль карыстаўся ў патрыятычнай часткі насельніцтва горада і нашай дзяржавы. Падчас адкрыцця і закрыцця фестывалю, на канцэртах, слухачы размахвалі бел-чырвона-белымі сцягамі, асабліва на ІІІ і ІV фестывалях. Слухачы ІІІ фестывалю (1995 г.) ўрачыста і стоячы сустрэлі З. Пазьняка - лідара БНФ. Гэты нацыянальны патрыятызм напалохаў уладу, справакаваў улады на негатыўныя адносіны да фестывалю. Як адзначалі ў сваім лісце ад імя Фонду "Магутны Божа" А. Барысава і С. Стуканава ў 1997 г.: "Палітычныя і эканамічныя абставіны на Беларусі пазбавілі фестываль падтрымкі асноўных фундатараў. Не разлічвае Фонд і на падтрымку дзяржаўнай улады, бо яны заклеймавалі свята "ганебнымі", на іх погляд словамі "адраджэнчаскі" і "каталіцкі". Умовы, якія навязваюцца Фонду з'яўляюцца непрымальнымі, сведчаць аб непаразуменні, часам варожасці, супярэчаць самой ідэі фестывалю хрысціянскай духоўнай музыкі. Летась быў забаронены маладзёжны праект "Беларускі рок насустрач фестывалю "Магутны Божа", зараз прапануецца ўзгадненне спісу ўдзельнікаў і гасцей фестывалю".

Улады пачалі патрабаваць узгадненне складу ўдзельнікаў, тэкстаў спеваў і г.д. Каб нейкім чынам суцішыць павялічваныя супярэчнасці з уладамі, старшыня аргкамітэту А. Аляксеенка ад свайго імя накіраваў ліст прэзідэнту Беларусі (1995 год) з просьбай падтрымаць фестываль "Магутны Божа" і запрасіў яго на "наша свята духоўнасці і яднання".

Шмат непрыемнасцяў у той час з-за фестывалю зведаў ксёндз Раман Факсінскі, які безпадстаўна быў абвінавачаны ўладамі ва ўсіх недахопах і "парушэннях". Адбыўся раскол і ў складзе аргкамітэту.

Пачынаючы з пятага Міжнародны фестываль хрысціянскай духоўнай музыкі "Магутны Божа" знаходзіцца пад поўным кантролем дзяржаўнай улады і пераўтварыўся ў звычайны конкурс, якіх шмат праводзіцца ў розных гарадах Беларусі, згубіў сваё святочнае аблічча.

З моманту далучэння да падрыхтоўкі і правядзення фестывалю органаў дзяржаўнай улады, усталявання кантролю з іх боку, паціху зніклі ўсе абвінавачванні і перашкоды.

За гады існавання фестывалю ў ім прынялі ўдзел больш за 15 тысяч чалавек, а гэта - хары прафесійныя, аматарскія, прыходскія, дзіцячыя, маладзёжныя, ансамблі, салісты і госці з краін блізкага і дальняга замежжа: з розных куткоў Беларусі, з Расіі, Польшчы, Англіі, Малдовы, Украіны, Грузіі, Балгарыі, Літвы, Галандыі і іншых краін. І паколькі першапачатковай з'яўлялася аб'яднаўчая мэта фестывалю, то ўдзел у ім бралі калектывы каталіцкай, праваслаўнай і пратэстанцкай канфесій. Лаўрэатамі фестывалю ў розныя гады былі: Дзяржаўны акадэмічны хор імя Цітовіча, мужчынскі хор "Унія", квартэт "Чысты голас", Гарадзенская харавая капэла, Дзіцячы хор праваслаўнага кафедральнага сабора Пятра і Паўла з Гомеля (Беларусь), Ларыса Дарэнская і Гаянэ Хасцян з Львова, Акадэмічны Галіцкі хор "Еўшан" з Львова (Украіна), мужчынскі муніцыпальны хор "Кафедра" з Казані (Расія), калектывы з Грузіі, Балгарыі, Польшчы і інш.

Дзейнічаў рэгламент Міжнароднага хрысціянскага фестывалю духоўнай музыкі "Магутны Божа":

"1. Міжнародны хрысціянскі фестываль духоўнай музыкі "Магутны Божа" праходзіць штогод ў месяцы ліпені, у касцёле св. Станіслава і канцэртных залах горада Магілёва.

2. У фестывалі могуць прымаць удзел хоры, ансамблі, вакалісты ў наступных катэгорыях:

а) прыходскія ансамблі і хоры;

б) свецкія ансамблі і хоры: аматарскія і прафесійныя;

в) дзіцячыя ансамблі і хоры;

г) вакалісты прафесійныя (конкурс вакалістаў складаецца з трох тураў).

3. Праграма па-за конкурснага выступлення павінна складацца не менш чым на палову з музычных твораў той краіны, якую прадстаўляе калектыў. Максімальны час для выканання - 30 хвілін.

4. Абавязковым для ўсіх ўдзельнікаў фестывалю з'яўляецца выкананне твора М. Равенскага на вершы Н. Арсенневай "Магутны Божа" на беларускай мове ўдзельнікаў у зводным хоры канцэртаў адкрыцця і закрыцця фестывалю.

У дні праходжання фестывалю праводзяцца па-за конкурсныя канцэрты эстраднай музыкі, фотавыставы, мастацкія выставы, экскурсіі, семінары, майстар-класы, сустрэчы з выканаўцамі, канцэрты лаўрэатаў фестывалю".

Пачынаючы з першага фестывалю экскурсійнае абслугоўванне ўдзельнікаў і гасцей фестывалю забяспечваў калектыў музея гісторыі Магілёва.

Пад час фестывалю працавалі творчыя майстэрні, у якіх прынялі ўдзел вядомыя музыканты, дырыжоры, кампазітары з розных краін: прафесар В. Роўда (Менск, Беларусь), прафесар І. Маціеўскі (С. - Пецярбург, Расія), прафесар А. Тэвасян (Масква, Расія), доктар Гай дэ Пікарда (Лондан, Англія), дацэнт В. Скарабагатаў (Менск, Беларусь), прафесар Б. Грабоўскі (Гданьск, Польшча), прафесар У. Валасюк (Варшава, Польшча) і інш.

Першы Міжнародны фестываль хрысціянскай музыкі "Магутны Божа" адбыўся 11-17 ліпеня 1993 года (канцэрты з 12 па 17 ліпеня). Акрамя ўрачыстага адкрыцця і закрыцця фестывалю (канцэрты адбываліся ў палацы школьнікаў), было 10 канцэртаў (конкурсных і па-за конкурсных) у касцёле Св. Станіслава, палацы культуры КШТ, зале ліцэя музыкі і харэаграфіі, на пляцоўках каля лялечнага тэатра, дыягнастычнага цэнтра, кансерваторыі. 14.07.93 г. у ПК КШТ адбылася дыскатэка, 16.07.93 г. сяброўская сустрэча вакол вогнішча каля будынка касцёла Св. Станіслава.

На ўрачыстае адкрыццё фестывалю 13 ліпеня ў палацы школьнікаў сабралася больш за 600 чалавек (гэта вымусіла ў далейшым рабіць падобныя канцэрты ў зале палаца культуры ААТ "Хімвалакно" - сёння Палац вобласці). Падрыхтоўкай гэтага канцэрту займаўся рэжысёр І. Перапёлкін, музычны рэдактар Ж. Елфімава, А. Аляксеенка і інш. Вялі канцэрт В. Хомчанка, Р. Белацаркоўскі, З. Бандарэнка. Напачатку з уступным словам выступіў І. Пушкін, далей прывітанне ад гарадскіх уладаў, выступленне старшыні журы В. Роўды, старшыні аргкамітэту Р. Факсінскага. У канцэрце прынялі ўдзел выканаўцы, ансамблі, хоры, аркестры з Беларусі і Польшчы. На адкрыцці прысутнічалі ўдзельнікі пілігрымкі з Расіі. Іх маршрут пралягаў: 4.07 - цягніком з Масквы да Смаленска, затым 5.07. пешшу з Смаленска ў Катынь, 7.07. - у Смаленску, 8.07. - на мяжы з Беларуссю, 9.07. - у Воршы, 11.07. - Шклоў, 12 ліпеня прыбылі ў Магілёў. Наогул, у гэтай пешай пілігрымцы прынялі ўдзел каля 400 чалавек з: Расіі (каля 350 асоб), Тога, Украіны, Бяніна, Эфіопіі, Нікарагуа, Казахстана, Латвіі, Уганды, Бурундзі, Перу, Польшчы, Танзаніі.

У якасці гасцей на фестывалі прысутнічалі: віцэ-маршалак сената Польшчы А. Гжэшковяк, дэлегацыя арганізацыі "Касцёл у патрэбе" (Германія), дэлегацыя з Францыі (3 асобы), дэлегацыя з Германіі на чале з кс. Кавальчыкам, дэлегацыя святароў з Польшчы, дырэктар агульнапольскага фестывалю духоўнай музыкі Я. Пахусіньскі, генерал ордэну францішканцаў, дэлегацыя музыкантаў з Беластока, дэлегацыя дэпутатаў Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь.

(Працяг у наступным нумары.)

І.А. Пушкін кандыдат гістарычных навук, дацэнт


Грэх на іх нязмыўны

Аповесць-уява

(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

Карней Лапух падыходзіць да ўсталай з табурэткі жанчыны.

- Нікому ні слова. Зараз абдумаем дэталі.

Узіраецца ў пенсійную разгубленку, гладзіць яе плячо, кранальна шэпча:

- Дзесяць тысячаў. Дзесяць, ні рубля болей.

Маўчання секунды мігцяць сонечнымі іскрамі.

- У каго ёсць другі экзэмпляр слоўніка?

- Няма другога экзэмпляра.

- Ні ў кога?

Неўпадабань жанчынцы хуткая юрлівасць вачэй прафесара, застылая напруга галавы, шкрабанулася ў яе нутро. Цяперашнія бандзюгі, якія не вераць у Бога і прыкметы, Гэты свет і Той свет, за сотню рублёў гатовыя задушыць чалавека, а тут дзесяць тысяч рублёў. Грызе, грызе пацук левую лапатку беднай медычкі, спацела, шаломіцца галава.

- Экзэмпляра няма. Фотаздымкі ёсць, асобных літаравых раздзелаў. - Убачыла зблажэласць прафесара, дабівае пранцаватага. - Некаторыя літары. Родзіч адзін зрабіў. У сябе трымае. - Дабівае мацней. - Плёнкі і здымкі старонкаў у яго. - Думае. - Міхасёва прозвішча нідзе не пазначыцца на кнізе...

- Не пазначыцца. Ва ўводзінах вамі падпісаных, напішу іх я, узгадаеце мужыка цёплым словам, мелькам. Пашкадуеце загінулы ў вайну слоўнік.

Усё пойдзе як некалі з кандыдацкай, якая залічылася доктарскай. Ёлупні маладыя накінулі шэфу прыкіды аднаго выступлення, другога, а ён іх у артыкул, трэці, па суме артыкулы залічыліся кандыдацкаю. Каб лішне не вякалі, сунуў па сотні-другой рублёў кожнаму аўтару артыкульцаў, і яйцы ў рэшаце. Купіў сюжэт п'есы, выдатна зрабіў, не загінула ідэя графамана, няздольнага аформіць яе ў сцэнічную п'есу. Фельчарыца разгубілася ад шчасця.

- Аўтарства прадаю вам?

- Мне... Верце, з грашыма не падвяду. Сям'ю выручаеце, пры галадусе не да аўтарства і гонару, - інерцыйна яшчэ наступае Карней Лапух, хаця падсвядома ўжо чуецца, аперацыя Баграціён для немцаў той жа Сталінград, Курск.

- Не магу, не крыўдуйце.

Абедзве нагі Купалы пад локцямі Карнея Лапуха, прыпёр тулава паэта да балюстрады; адна нага з-пад локця нечакана вышчамілася. Дужы, цупкі ўдар Карнею Лапуху. Выстагн Купалы. Хрыпенне нападніка і абаронцы. Гукі барацьбы вось-вось учуюцца ўнізе.

- Не буду. Не магу прадаваць слоўнік. Нават за дзесяць тысячаў.

Выратавальная жаночая рука з атрутаю спірту ў ваце супыніла ўсё.

Міг, адзін міг рука з ватаю пульхнулася да твару паэта, адразу адліпла. Памочніца не ведала, што ў цыраце не простая вата, у яе хтосьці капнуў спірту.

- Дваццаць тысячаў, у даўгі залезу, вам усё выплачу. Падтрымаю зямляцкую сям'ю.

На тым жа ўздыху:

- Падкрэсліваю, дамо прадмову за вашым подпісам. Каб ніводзін сабака не кусануў. Абмазгуем, як усё падаць. У ёй узгадаеце, як мужык працаваў, арышт, як і калі ўсё згецнулася, у вайну здымела. Да яго арышту я з ім і вамі сустракаўся.

- Дваццаць тысячаў?

- Дваццаць. Сёння.

- Ні магу.

Лапух глядзь на карты, там ніводнага козыра.

Цела Янкі Купалы паляцела ўніз, дух узнёсся ў неба, да анёлаў.

Карней Лапух пры ўсёй знешняй паспяховасці з тагачасся жыве ў турме. З усімі хмуры, неразмоўны.

33

Прайшлі гады, Карней Лапух зрэдзь бачыць і чуе перашэпты магілёўцаў, мсціслаўцаў, слуццакоў, віцебцаў, гарадзенцаў, лідцаў. Ведаюць пра яго колішнюю няўдалую пакупку, спробу прысабецтва чужога слоўніка - і халера з перашэптамі, сузіркамі. Не стрымала бабёха язык. Нічым не дакажуць, ніводнай пісьмовай знакі, ніводнага магнітафоннага запісу. Усё глуха. Як з дысертацыяй, сюжэтам п'есы. Куплены не сюжэт, сама п'еса, недапісаная, неадшліфаваная, але п'еса, і ўсё сышло, сплыло.

Не тое з сыходам Янкі Купалы. Багата хлусні напісана, халера з ім. Ніхто праўды не ўведае. Там людзі надзейныя, нічога не ўсплыве. Боўбатні ідэалагічныя Панамар і Гарбун слова трымалі з бояззі, а органаўцы пра сваю падлянку маўчацьмуць да другога прышэсця. З абавязку службы. Падбухторвальнікі тыпу Бэндаса і Мучаркі не абазваліся; так званыя любіцелі беларушчыны і беларускага народа баяцца трапануцца языкамі-матавіламі пра собскую глыбозную нянавісць да ўсяго беларускага. Уладцы не асмеляцца гмахкі СССР і Беларусь мазаць і з гэтага боку, не будуць яшчэ раз уквэцваць вялікі рускі народ.

Усё глуха ў склепе, ёсць, будзе. Ніякія энкэусаўцы, мусаўцы, экстрасэнсы, варажбіты не памогуць раскапаць купалаўскі схрон.

Усё выверана, правільна, законна. Няма аднаго/двух вінаватых, разумее стары акадэмік, дзесяткі ўмазаныя ў гвалт знішчэння прарока беларускага адраджэння.

Згнібенасць духу, слабасць цела ў Карнея Лапуха не праходзяць.

Пачалося ўсё з колішняга няўдалага самаўтворанага аўкцыёну са слоўнікам Вуйковіча. Даўно ўсё было, як у тумане, было. Трывога і боль жруць акадэміка.

Ведаў горкі лёс свайго вядоўцы, упэўненага, рашальнага, засмучаўся паўсюднай аргументацыі пасміхачоў з Самона Гарбуна.

Каму мы верылі? За кім ішлі? Нават не за пустакветам - гніллю. Нельга верыць у моцу хаты, калі падваліны з вольхі, асіны.

Не, трэба Карнею Лапуху знябыціцца да развалу дзяржавы СССР, каб не зведаць ганьбоўнай атруты Самона Гарбуна. А ён будзе, развал, хутка будзе.

34

...За нездарэчную смерць беларускага генія жыццё завірушна адлёсавала не аднаму Карнею Лапуху. Нупрэя Капусцікава распылілі свае ж энкэусаўцы ў сорак чацвёртым за дробязную ў прынцыпе прамаху. Новікаў загінуў у партызанах. Паляцелі ў нябыт з гучным трэскам Берыя, Дэканозаў, Мяркулаў, Абакумаў, Кабулаў, Мільштэйн, Цанава, Фрыноўскі, Кедраў. Пачуваліся маршаламі, а зараз іх прозвішчаў гідзяцца ўсе людскія і дастойныя.

Маскоўскага следчага Сініцына ўвойну разарвала бомба. Не аднаго, з сям'ёй.


Жывую фізічную разваліну Карнея Лапуха жыццё літавала нездарма. Каб убачыў гніенне нашчадкаў, фізічнае і духоўнае іх знікненне, каб сам зведаў пакуты яшчэ ў зямным існаванні. Прывык да пакутніцтва, звыкся з штодзённым болем, які не знімаюць прыгаршчы таблетак, уколы, кропельніцы.

Ажно мала пакутаваў, не ўсё дапіў.

...Старэйшы сын загінуў на фронце, дачка адгніла ў псіхбальніцы. Другі сын з унукамі патануў у Дняпры. Двое ўнукаў ад другой дачкі абсалютна непадобныя на род Лапухоў, невядома па кім пайшлі. Усё ў іх ёсць, усё, а зваядышы ваююць - паміж сабою, суседзямі, на працы, з-за іх татка і бабка рана сышлі ў магілу. Дзеда ўсе гады тузаюць. Усё ім мала, мала, мала. Спекулююць аўтарытэтам дзеда.

Перад сыходам жонка шмат, часта выпрошвалася. Даруй, ды даруй. - За што? - Даруй, проста так, даруй. - За так не выбачаюцца гадамі, нячыстая ў яе справа, нездарма гніе... Не лез з распытніцтвам.

35

Ніводзін з унукаў не пайшоў пісьменніцкім, навуковым ці рабочым шляхам. Выраслі тхлымі рвачамі. Для чаго вылікваў, круціў, ашукваў, паслухмяніў, гроб узнагароды?

Усе дзеці ў родзе Лапухоў паміралі, Карней ацалеў. Дарэмна выжыў, пасля сябе нікога і нічога вартнага не пакіне.

Акадэмік ведае пра Той свет. Здавалыя ў маладосці прымітывам казкі рэлігіяў свету пра рай і пекла ў старасці аказаліся зусім не прымітыўнымі. Ужо чуў Карней Лапух пра вагі, неадзыўныя на просьбу, боль, слёзы, асабліва запозненыя. У сіле і розуме - тады рашай, а не калі стаў развалінаю, абсыпаўся балячкамі, просьбамі.

Баіцца ўжо загадчык аддзелу магілёўскага філіялу інстытута моваў, усяго баіцца.

37

...Нерухоміць над сталом твар у чырвоных прожылках і плямках. Высечаная з пясчанага валуна статуя болей слязіцца, шэрыя зрэнкі ўзбліскваюць малінавай ртуццю. Вялізныя мужыцкія рукі з набухлымі жыламі нясмела паўзуць па стале, хочуць крануць руку мінскага госця. Не дакратваюцца.

Мінскі пісьменнік Тарасюк прывёз у Магілёў пісьменніку Лапуху пераклад паэмы "Бірута" для маскоўскага выдання . Пераклад акадэмік адобрыў, падпісаў. Перад развітаннем Васіль Тарасюк нечакана спытаў пра новаўвядзенні ў беларускім правапісе.

- Колькі можна здзеквацца з няшчаснай беларускай мовы. Кожныя дзесяць гадоў яе паляпшаюць. Неўзабаве паляпшальнікі давядуць да поўнага абрусачніцтва школы, Беларусь.

- Не, не дойдзе. Вы не дазволіце, - з упэўненай добразычлівасцю выдаў гаспадар кватэры.

- Аўтарытэт у старэйшых. А вы ўжо набрыдзь і мясцовых тулягаў не асаджваеце за русіфікатарства.

- Балючая тэма. Ва ўсіх народаў моўныя камісіі ў парламентах ёсць, у савецкіх - і не блізка. Штосьці з гэтым бардаком трэба рабіць...

Састарэлы Карней Лапух забыў, што ў пару пасляваеннай актыўнасці некалькі разоў сам напісаў, а пасля і паўтараў - вымушаны, я быў гатоў, выбраны, быў рад, па дзясятае, выгнаны палякі, стаў сеч лес, існаваўшага.

- Як вы лічыце, надыходзіўшымі, хвалюючай падзеяй, быў сведкай, я быў гатоў па-беларуску? - абрадаваўся падтрымцы прыезджы госць.

- Трэба сведкам, да дзясятага, выгнаныя палякі, гатовы. Чаму гэта пытаеце?

- На вас спасылаюцца, вы аўтарытэт. Нідзе не паправілі сябе.

У пару калі Лапух рэзка ва ўсім абсякаў нацыяналістычныя тэндэнцыі, следаваў за БелАППам, русіфікатарскіх выказаў у яго зашматнела. Тагдышнія перлы ўкараняў у пасляваенную практыку. Чым болей набіраў пасаднасці і ўзнагароднасці, тым мацней уласнае і замаскаванае русіфікатарства ўдзёўбваў малодшым навукоўцам, настаўніцтву, а праз іх навязваў вёсцы, гораду.

З гадамі цяміў, "Закон аб..." горш, чым "Закон пра...". Адступаць лічыў ганьбоццем. Спытаюць дапытнічкі, калі быў праўдзівы...

Трэба выправіцца, разумеў, з кожным годам мацней усякаў, і ўсё адкладвалася. Брыдка нізіцца самому. Нядобра недаацэньваць сябе, упарта не прызнаваць сябе, паводле вечнага Янкі, як сцерпліваць ганебна абзыўную мянушку "бульбаш". Частае мінусаванне сябе і свайго апусціць цябе ў свет шчарбатых, гнілых.

- Вы разумееце...

- Давайце не будзем успамінаць далідальняе, - згортвае гаворку ўсаромлены гаспадар. Узнімаецца.

Тарасюк наўзгодна пахітваецца, складвае паперы.

38

У вачах Карнея Лапуха смутак адзіноты. Вясёлыя пералівы любімых беларускіх песняў, меладычныя ўздыхі акардэона з тэлескрынкі не духовілі. Гадамі дымеў касцёр прагі апраўдання ў душы забойцы, не дагараў, не атрымлівалася апраўдацца нават перад сабою.

Няўмольная трава забыцця прарасце на чэзлых лапуховых фальклорных пракосах, не будзе толку ў колішняй фізічнай працы на лецішчы. Няма кроўнага працягу, да жалю, няма. Так званыя засталыя два ўнукі - не Лапуховая крывіна, цяпер акадэмік ведае. Атрыманыя ад "жычліўцаў" пісьмы жонкі хахалю ўсё выявілі. Почырк яе не зблытваў.

Растворыцца Карней Лапух тлёю і мурашкаю. Яшчэ існуе, а ўжо сапсеў, развальваецца. Што чакае, у што перальецца...


Тэлеграфнымі ўзбочнымі слупамі прапаўзло болей трыццаці гадоў ад помнага дня гібелі Янкі Купалы. Унутры прафесара Карнея Лапуха звычная сумятнеча. Не цяміць дзе, як, хто і калі яго ўдарыць. У вечнасці Карнею Лапуху не быць. На зямлі параяваў, знаны і вядомы, а да ганка раю яму цяжка дапаўзці. Пасады, званні, ступені, узнагароды не пасобяць.

Ахоплены зямным існаваннем Карней Лапух біўся ў пошуках, прошуках, хватаннях, сяганнях, не ведаў чаго маліўся, каму. Падвучыць каго на забойства другога ці самога сябе - грэх вялізарны. Паводле паняццяў любой рэлігіі. Забіць чалавека - тым большы грэх. Карней Лапух забіў генія нацыі, грэх яго нязмыўны. Як і загаднікаў.

Не баяўся б пекла за самагубства, скокнуў бы з бачнага ў вакне высокага дняпроўскага моста. Баяўся смерці, не баяўся, шукаў яе, не шукаў...

Вось чаканая на парозе, Карней Лапух уводрыжна трасецца.

Паміраў - крычаў, зваў маму. Усё болей меншаў. Ад некалі рухлівага ўпэўненца засталося худзеразнае нярушнае цела. Пры іскрах свядомнасці не памятаў бацькоў, дзяцей, унукаў, кнігі і ўзнагароды, вёску і слаўны горад на Дняпры - толькі пракляты перакульны вечар, тузаніна, выкідванне Янкі. Забыў колькі гадоў цягнецца варажба з мёртвым; памятаецца схватка, геній Янкі Купалы, недарэчная гібель.

Не ўзгадвалася, як з усёй тонкасцю разумнага прасцяка-прытворцы даваў няцямкаму Купалу складаныя пытанні, з выпытнай бязлітаснасцю ў постаці і твары могся патрэбнага адказу. Карнея Лапуха не стала. Памёр.

Не грэшыць, хто ў зямлі гніе ці на небе лятае, некалі верылася акадэміку Лапуху. Памыляўся. Насельнікі Тутэйшасці таксама грэшаць, калі не долеюць памагчы зямным. Нежыць Лапух не мог памагаць, не ведаў як, не было каму.

39

Кастрычніцкі пераварот зрабілі габрэйскія мазгі, нямецкія і амерыканскія грошы, руская дурнята, пасобілі перавароту пераліцца ў кастрычніцкую рэвалюцыю латышскія, чэшскія і кітайскія штыкі, непастаўкі Францыяй і Англіяй белым арміям ужо аплачанай зброі, недазвол краінаў Антанты белым дзейніць болей рашуча, узаемадзейнічаць поўнасцю, супын ад наступу на Петраград арміі Манэргейма, кастрычніцкі пераварот зрабілі руская дурняцкая грызня і безадказнасць вярхоў, партыяў у сталіцах і правінцыях - усё стала вядома даследчыкам, таемнае і выпатаемнае.

Пра невыкананне краінамі Антанты галоўнай умовы для ўступлення Расіі ў вайну - перадачу ёй праліваў Басфор і Дарданелы, істотнай сушы прымор'яў Анатоліі, Каўказа, пра звышсакрэтныя дамовы Германіі і СССР у Рапала, 1922, і Маскве, 1939, - пра ўсё расказана ў сотнях кніг. Надрукаваны тысячы звышсакрэтных дакументаў.

А смерць Янкі Купалы, усяго толькі паэта, першага народнага паэта невялікай Беларусі, да гэтага часу не апісана нікім, бо архівы трох тагачасных праверачных ведамстваў не раскрытыя дасёння. Вылежваюцца, пэўнімся, не для выкідону, падробкі, фальсіфікацыі.

Народ незалежнай Беларусі дачакаецца асвятлення бываляшніх падзеяў з сапраўднай аб'ектыўнасцю.

(Заканчэнне ў наступным нумары.)

Валер Санько


На адным удыху

Імя Івана Фёдаравіча Будніка - гісторыка-краязнаўца, настаўніка, педагога-метадыста, гарачага партыёта Беларусі (і асабліва роднай і ўлюбёнай яго Гарадзеншчыны), паэта і публіцыста, актыўнага грамадскага дзеяча добра вядома прыхільнікам беларушчыны. Унушальны паслужны спіс яго грамадскіх і навукова-пошукавых работ. Гэта і стварэнне школьных музеяў, адпаведна з іх перамогамі на раённых і абласных конкурсах, турыстычных маршрутаў і каманд, і вяртанне забытых і напаўзабытых фактаў і імёнаў агульна-беларускай і рэгіянальнай (гарадзенскай) гісторыі і інш. У сваіх публіцыстычных творах ён высока прафесійна і навуковапапулярна піша пра знакавыя пастаці Гарадзеншчыны: Элізу Ажэшку, Яўхіма Карскага, Івана Лабанеўскага і інш. Літаратурна-краязнаўчая дзейнасць Івана Фёдаравіча, перадусім, базуецца на фактах, якія ён знаходзіць у кантактах з людзьмі, літаратурных крыніцах і, пераважна, у архівах. Больш падрабязна і разгорнута пра гэта распавядала "Наша слова" №18 ад 2-га траўня 2012 г. у сувязі з яго 75-ці гадовым юбілеем.

І вось перад намі яго новы твор - "Да падзей 1863 - 64 гадоў на Гарадзеншчыне", які з месяц таму выйшаў у свет у выдавецтве "ЮрСаПрынт" (Гародня). Сказаць, што кніга гэтая чытаецца на адным дыханні - сказаць не зусім дакладна. Яна чытаецца на адным удыху. А прычына тут адна і такая: амаль упершыню (прынамсі ў нас) так аб'ектыўна, так усебакова - аб'ёмна на аснове літаратурных крыніц і архіўных матэрыялаў распавядаецца ў выданні пра самаахвярную барацьбу і супраціў продкаў аўтара і яго землякоў з класічна адладжанай рэпрэсіўнай машынай царскай Расійскай Імперыі.

Ці многа імёнаў удзельнікаў паўстання 1863 -1964 гадоў на Беларусі пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага можна назваць кожны з нас?! Добра, калі пры напружанай памяці прыпомнім хаця б з дзесятак іх. А тут сотні і сотні. Тут на энцыклапедычны слоўнік цягне. У гэта ў адной толькі Гародні і прылеглых да яго тэрыторыях (былога павету і цеперашняга раёна.)

Літаратурныя крыніцы ("Мужыцкая праўда"; "Лісты з - пад шыбеніцы", Станіслаў Зялінскі "Bitwy i potyczki powstania styczniowogo"; "Гарадзенскія запісы" (вып. 1. 1993 г.); "Виленский вестник" (кн. VІ, 1915 г.); "Echo Grodzienskie" (№ 168,1921 г.) і інш.; а таксама архіўныя матэрыялы (спісы ўдзельнікаў падпольнай рэвалюцыйнай арганіцацыі і паўстанцкіх атрадаў; спісы асоб, што дапамагалі тым атрадам харчовымі прадуктамі, адзеннем, зброяй, грашыма, інфармацыяй; спіс удзельнікаў нападу на чыгуначную станцыю г. Гародні 2-га сакавіка 1863 г. (а дзеля чаго напад той быў здзейснены - чытайце кнігу!) раскрываюць нам праўду пра сацыяльны, нацыянальны, гендэрны, вяравызнаўчы, узроставы і іншыя склады ўдзельнікаў тых гераічна-драматычных падзей.

Адносна сацыяльнага складу паўстанцаў і іх сімпатыкаў. У ім прадстаўлены ўвесь спектр гэтага складу, што быў у мірны, дапаўстанцкі час. У шэрагах змагароў "За нашу і вашу свабоду" (за вольнасць кароны і княства) былі тры графы: Валіцкі Л. Валовіч В., Валовіч М, шляхта - абшарнікі, дробная шляхта, чыноўнікі, святары (каталіцкія), інтэлігенцыя (пераважна - дактары), сяляне, адстаўныя вайскоўцы (нават падпалкоўнікі) царскай арміі, салдацкія дзеці, студэнты і інш. Абвяржэннем афіцыйных прапагандысцкіх цверджанняў, што бунтавалі ў Паўночна-Заходнім краі ў асноўным польскія абшарнікі і шляхта, могуць служыць і афіцыйныя спісы вязняў, якія знаходзіліся у Гарадзенскай турме па справе падзей тых часоў. Так, на 01.10.1863 г. шляхты-абшарнікаў там было 264 чалавекі, сялян жа - 274; а на 01.11. 1863 г. шляхты - абшарнікаў - 259, селян жа - 339 (НГАЛБ у Гародні: Ф.3, в. 1, с. 26, стар. 176-178), Сярод гэтых дзвюх сацыяльных катэгорый там прадстаўлены ўсе вышэй пералічаныя саслоўі. Так што можна смела гаварыць: гэта быў усенародны паўстанцкі рэвалюцыйны рух. Гаворачы мовай высокай эстэтыкі, сярод паўстанцаў складвалася сітуацыя, блізкая да ідэальнай саслоўнай гармоніі.

Нацыянальны склад паўстання таксама адпавядаў стану гэтага складу ў дапаўстанцкі час. Большасць сладалі ліцвіны (беларусы), пераважна з'арыентаваныя на еўрапейскасць; палякі; яўрэі і інш. Дададзім да гэтага інфармацыю А. Вашкевіча з "Адрасоў паўстання (1863-1864) у Гародні і на Гарадзеншчыне" ("Гарадзенская бібліятэка"): "Сёння вядомыя прозвішчы больш чым трохсот расійскіх афіцэраў, салдат і казакоў, якія перайшлі на бок на паўстанцаў і ваявалі ў іх шэрагах. Дэмакратычная арганізацыя - "Камітэт рускіх афіцэраў у Польшчы" - выдавала і распаўсюджвала сярод рускіх войскаў адозвы з заклікам не змагацца супраць паўстанцаў".

Пра веравызнаўчы вектар у тых падзеях можна заўважыць, што там перавышалі, безумоўна, католікі грэка-католікі, актыўнымі былі і праваслаўныя, (асабліва сяляне) і інш. Праваслаўныя святары, у адрозненне ад каталіцкіх, там не былі заўважаны. Вольна ці міжвольна яны паслугавалі пануючаму царска-імперскаму рэжыму.

Але ў жыцці, асабліва беларускім, бывае самае рознае, самае адваротнае.

Так, у Слуцкім збройным чыне 1920 г. сярод яго ўдзельнікаў пераважна быў праваслаўны люд. І зброю паўстанцаў асвячаў праваслаўны святар. Каталіцкія святары там не былі. Яны пазіралі ў бок Польшчы. А паўстаўшая Случчына была супраць як Масквы, так і Варшавы.

Як бачым, ніяк Бог не збярэ беларусаў у адно цэлае, хай бы гэта было пакуль.

Не абыйдзем увагай і гендэрнае прадстаўніцтва ў тым паўстанцка-вызвольныя руху. Вядома, больш за дзевяноста адсоткаў там складалі мужчыны. Але ўдзельнічалі і жанчыны. Вось некаторыя іх імёны: Валіцкая Людвіка (пляменніца графа Л. Валіцкага), Валіцкая Людміла, Эйсмант Кацярына і інш.

Узроставы цэнз паўстанцаў і іх памочнікаў - пераважна ад 16 да 30 гадоў. Як бачым: гэта моладзь. Былі там і старэйшага веку людзі - да 50 - ці гадоў і болей. І ўсе ў асноўным, як кажуць, са становішчам у грамадстве. Але дамінавала ўсё ж моладзь. Таму ва ўсе часы і паўсюдна пануючыя рэжымы імкнуліся і імкнуцца ці зламаць яе, ці застрашыць, ці маральна разбэсціць і разлажыць.

Сярод удзельнікаў падзей 1863-1864 гадоў пазначанага рэгіёна сустракаюцца прозвішчы, якія і сёння на слыху там і па ўсёй Беларусі. Гэта: Абуховіч, Ажэшка, Белакоз, Высоцкі, Геніюш, Каліноўскі, Пачобут, Ромер, Саўка, Скірмунт, Солтан, Сямашка, Урублеўскі, Чарняўскі, Шантыр, Эйсмант і многія-многія іншыя і якія носяць многія нашы сучаснікі і суайчыннікі, і ў замежжы.

Якое ж мелі пакаранне ад царскіх уладаў паўстанцы і іх прыхільнікі? Гэта: расстрэл без суда і следства, адпраўка на катаргу, здача ў арштанцкія роты, турэмнае зняволенне, высылка на пасяленне ў Сібір, у глыб Расіі - у яе малаабжытыя раёны, каб абуджаць іх да жыцця, каб ствараць багацце гэтай краіны; для шляхты - пазбаўленне дваранскіх правоў, канфіскацыя на карысць дзяржавы іх маёмасці (і зямельнай - таксама) і пасяленне на ёй праваслаўных выхадцаў з Расіі, як правіла - разбэшчаных гарэлкай і гультайствам. Такі ж лёс чакаў землі і нерухомую маёмасць дробнай шляхты, аднадворцаў і мяшчан. Яшчэ карнікі скарыстоўвалі ў адносінах да паўстанцаў і тых, хто ім спачуваў, калектыўныя кантрыбуцыйныя зборы, "зачысткі" і тактыку выпаленай зямлі. Яны проста спальвалі рокашную вёску, а яе жыхароў гналі на катаргу. І рабілася гэта публічна-паказальна для ішых, незадаволеных акупацыйным рэжымам. Так адбылося з ваколіцай Шчукі.

Хто ж былі карнікі?! Вядома, царская, праімперскі настроеная ваеншчына, якая паслугавала татальнаму расійскаму рабству і зацверджанню рускага ўладарання і панавання ў так званым Паўночна-Заходнім краі - былой частцы ВКЛ. Сярод іх сустракаліся і тыпы з польскімі ліцвінска-татарскімі, польска-рускімі і іншымі прозвішчамі (палкоўнік Пенхяржэўскі, маёр Хазбіевіч, папячыцель Віленскай вучэбнай акругі Шырынскі-Шыхматаў і інш.). Часам, каб падзарабіць, мясцовыя здраднікі (знаходзіліся і такія) адлоўлівалі па лясах інсургентаў (паўстанцаў ) і здавалі іх царскім уладам. Такое дзеялася і на карэнных землях Польшчы (гл. творы Стэфана Жэромскага). Вось яны - своеасаблівыя прыкметы латэнгнай (скрытай) грамадзянскай вайны.

У выхадных дадзеных гэтага выдання яно пазначана як навукова-папулярнае. Насамрэч яно такім і з'яўляецца. Але адначасова ж - і сур'ёзная добра дакуменціраваная крыніца для даследчыка тых гістарычных гераічна-драматычных падзей і ўдзячны абсяг для творчых увасабленняў пісьменнікамі, мастакамі і іншымі ў іх творах самых розных фрагментаў не такой ужо і далёкай мінуўшчыны, якая міжвольна, хочам мы таго ці не, пэўным чынам праекцыруецца на нашы часы, на наша сённяшняе жыццё. Яны, фрагменты тыя, тут у вялікай колькасці. І выразна паказваюць, як складваліся паўстанцкія арганізацыі, а так-сама - іх кіраўніцтва, узаемаадносіны паміж людзьмі; як у рамках палітыкі татальнай русіфікацыі забаранялася ў прысутных месцах гаварыць на беларускай мове; як пераследавалі тых, хто быў апрануты ў адзенне з намёкам на салідарнасць з паўстанцамі і г.д. Толькі могуць служыць старонкі гэтага ж выдання на прадмет гарманічнага спалучэння ў сабе эмацыйнага аповеду і строгіх статыстычных дадзеных.

Выданне змястоўна праілюстравана, паліграфічна выканана таксама на годным узроўні. Што ж тычыцца тыражу, то ён, безумоўна, да крыўднага - малы. Але, як кажуць, "добра Янку і плотка", і "кропля і камень точыць". І яшчэ: сёння ж існуе інтэрнэт. Можна (ды і патрэбна!) паспрабаваць размясціць гэтую кнігу там ці ў якім дэмакратычнага кірунку грамадска-палітычным выданні. Скажам, у "Народнай волі". Вядома, з працягам у некальніх нумарах. Яна (кніга гэтая) гэтага заслугоўвае. І можна не сумнявацца, што ўдзячны чытач будзе толькі рады сустрэцца з ёй. Карацей: трэба рабіць, рабіць, хоць штосьці, а калі нічога не рабіць, то нічога і не будзе. Гэты дэвіз нашага слыннага гісторыка Анатоля Пятровіча Грыцкевіча ды бліжэй бы да сэрца кожнага беларуса! Што ж датычна І. Будніка, то ён робіць вялікую справу. Яго кніга па інтэлектуальна-маральнай скіраванасці і па сіле ўдзеяння на чытача, на наш погляд, знаходзіцца на адной лініі з кнігай І. Копыла "Нябышына. Вайна" хаця апошняя пра іншы час і іншыя падзеі. Але адна і другая маюць на мэце - актуалізаваць праблему абуджэння і дасканалення нацыянальнай свядомасці беларуса.

А напрыканцы нашага рэцэнзавання - шчырая падзяка аўтару, выдавецтву і ўсім, хто спрыяў з'яўленню такога доўгачаканага, сур'ёзнага, дакладна-грунтоўнага, аб'ектыў-наінфармацыйна насычанага, без залішніх патэтык і пафасу і без любых нацяжак выдання, якое, без сумневу, мае права размясціцца паміж сумленна і паспяхова выкананымі кандытацкай і доктарскай дысертацыямі.

Яўген Гучок.


Выйшаў зборнік замежнага дэтэктыўнага апавядання

У бібліятэцы часопіса "ПрайдзіСвет" "PostScriptum", а таксама ў бібліятэцы Саюза беларускіх пісьменнікаў "Кнігарня пісьменніка" выйшаў зборнік дэтэктыўнага апавядання "Злачынства, сэр!" (выдавецтва "Кнігазбор").

Зборнік часткова дублюе творы, змешчаныя ў дэтэктыўным нумары часопіса "ПрайдзіСвет" "Art detected" (27 сакавіка 2012), аднак уключае таксама новыя пераклады.

Пра кнігу.

Кніга "Злачынства, сэр!" складаецца з дзвюх частак: першая, аднайменная, змяшчае класічныя і сучасныя дэтэктыўныя апавяданні, другая, пад назвай "Бясчынства, сэр!", - пародыі на дэтэктыўны жанр. У дадатку прадстаўленыя два рэцэпты напісання добрых дэтэктыўных твораў. Прадмову да кнігі пад назвай "Пра бездакорнасць метаду" напісала Кацярына Маціеўская, укладальнік зборніка - Ганна Янкута.

Канцэпцыя зборніка "Злачынства, сэр!" грунтуецца на меркаванні, што дэтэктыўнае апавяданне - неабавязкова жанр масавай літаратуры. Для зборніка абіраліся творы, якія паказваюць дэтэктыў з розных бакоў, дэманструюць розныя эпохі і аўтарскія стылі і аб'ядноўваюцца нетрывіяльнасцю падыходу да прахаднога, здавалася б, жанру. У кнізе можна знайсці і так званы протадэтэктыў - апавяданне Э.Т.А. Гофмана "Мадэмуазель дэ Скюдэры" (пераклад Аляксея Жбанава), у якім толькі-толькі з'яўляюцца першыя прыкметы жанру, які неўзабаве зробіцца ці не самым папулярным, і два апавяданні аднаго з бацькаў дэтэктыву Эдгара По, і інш...

Вокладку для зборніка распрацавала дызайнер Марыя Мухіна.

Кнігу ўжо можна набыць у шэрагу кнігарняў Менска.

Наш кар.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX