НАША СЛОВА № 31 (1130) 31 ліпеня 2013 г.
800-ты нумар "Нашага слова", выдадзены ў Лідзе
VI з'езд беларусаў свету
Шосты з'езд Згуртавання беларусаў свету "Бацькаўшчына" прайшоў 23-24 ліпеня ў Менску. Усяго ў з'едзе прынялі ўдзел дэлегаты беларускіх дыяспар з 21 краіны свету, сярод якіх больш за дзве сотні чалавек з замежжа і каля 140 чалавек з Беларусі. Тэмаю з'езду стала "Беларуская нацыя ва ўмовах глабалізацыі: выклікі і магчымасці".
На працягу двух дзён у Менску ішла зацікаўленая і шчырая гаворка пра сённяшні дзень і будучыню Беларусі ды беларусаў па ўсёй планеце.
Першы дакумент, які быў зацверджаны агульным галасаваннем, тычыўся дачыненняў беларусаў замежжа з уладамі, найперш неабходнасці прыняць закон "Аб беларусах замежжа". Гаворка пра яго неабходнасць вядзецца ўжо 20 гадоў - акурат ад першага з'езду, але ён дагэтуль не прыняты. Адпаведна, не замацаваны статус "беларус замежжа". Таксама была прынятая праграма "Беларусы замежжа" (2013-2017), якая ставіць мэту захаваць беларускую прысутнасць у свеце ў розных яе праявах, кансалідаваць беларускую нацыю і ўмацаваць грамадзянскую супольнасць у Беларусі.
Удзельнікі з'езду прынялі заяву "Аб акце добрай волі". Яны заклікалі ўлады Беларусі зрабіць акт добрай волі і вызваліць вязняў сумлення, якія знаходзяцца за кратамі за свае палітычныя перакананні.
Напрыканцы працы з'езда былі абраныя кіроўныя органы і прайшло першае паседжанне новаабранай Вялікай Рады. Кіраўніком ЗБС "Бацькаўшчына" была абраная Алена Макоўская, старшынёю Рады - Ніна Шыдлоўская. Намеснікамі старшыні Вялікай Рады сталі Валеры Герасімаў і Барыс Стук.
Таксама быў прыняты шэраг рэзалюцый, такіх як "Пра захаванне гісторыка-культурнай спадчыны", "Пра транслітарацыю найменняў беларускіх геаграфічных аб'ектаў" і "Беларуская мова - галоўны фактар захавання беларускай нацыі".
Радыё Рацыя.
Рыцары сабраліся ў Мсціславе
27 і 28 ліпеня ў Мсціславе ў шосты раз праходзіў фестываль сярэднявечнай культуры "Рыцарскі фэст. Мсціслаў-2013".
На два дні фестывалю цэнтральныя вуліцы Мсціслава ператварыліся ў кірмаш, а замчышча - у пляцоўку для рыцарскіх турніраў. На замчышчы ўдзельнікі фэсту разгарнулі і свае намёты.
Больш за трыццаць рыцарскіх клубаў узялі ўдзел у збройных турнірах, паказах строяў старадаўняй моды, выступілі з канцэртамі. Бальшыня мерапрыемстваў адбывалася на мсціслаўскім замчышчы. Традыцыйна фэст праходзіць на ўгодкі Грунвальдскай бітвы, на якой праславілася мсціслаўская харугва.
Галоўнымі персанажамі дзейства традыцыйна былі княгіня Анастасія Слуцкая ды князь Расціслаў Мсціслаўскі. Да грамады яны звярталіся на расейскай мове. Па-расейску прамаўлялі і іншыя ўдзельнікі ўрачыстасці. Славілі вычын беларускіх дружын, што ўдзельнічалі ў бітве пад Грунвальдам зноў жа на расейскай мове. Беларуская мова загучала, калі пачалі абвяшчаць назвы клубаў. Акрамя беларускіх клубаў, на Мсціслаўскі фэст прыехалі іхнія калегі з Украіны, Расеі ды Татарстана.
Упершыню фэст адбыўся ў 2007 годзе. Задумаў яго пробашч Мсціслаўскага касцёла Караль Тамэцкі. Ажыццявіць задуманае дапамагла нефармальная аналітычная група Агенцтва гуманітарных тэхналёгій з Менска. Дапамагалі і мясцовыя ўлады. Супрацоўніца Агенцтва Юліі Галіноўская адзначыла:
- Мы спрабавалі высветліць патэнцыял актыўнасці мясцовай грамадзянскай супольнасці. Мы хацелі, каб у фестывалі больш была задзейнічана мясцовая грамадскасць, аднак гэта не ўдалося ажыццявіць. Урэшце фестываль стаў простай забавай для насельніцтва, але добра, што ён жыве і ў такім выглядзе. Некаторыя нашы задумы ўключаюцца дагэтуль у праграму фэсту, і гэта радуе.
Непасрэдна перад пачаткам фэсту ў Мсціслаўскім музеі прайшла навукова-практычная канферэнцыя, прысвечаная 150-годдзю Ўладзіміра Гаўрылавіча Краснянскага, аўтара даследвання пра Мсціслаў. У канферэнцыі ўзялі ўдзел доктар гістарычных навук Ігар Мерзалюк, кандыдат гістарычных навук Алег Трусаў і кандыдат гістарычных навук Васіль Варонін. Алег Трусаў прадставіў сваю новую кнігу "Невядомая нам краіна. Беларусь у яе этнаграфічных межах", якая толькі што выйшла на беларускай і англійскай мовах. Васіль Варонін прэзентаваў сваю кнігу "Князь Юрый Лунгвенавіч Мсціслаўскі". Уся канферэнцыя ішла на беларускай мове.
Фестываль сярэднявечнай культуры ў Мсціславе - адзіны на Магілёўшчыне. Яго наведваюць сотні гасцей з іншых мясцін Беларусі і замежжа. Паводле мясцовых жыхароў, стары горад, калі адбываецца свята, ажывае.
Паводле "Радыё Свабода".
Іркуцкія беларусы не забываюць пра Радзіму
Беларусы Прыбайкалля напярэдадні З'езду беларусаў свету завіталі ў Гомель. У складзе іркуцкай дэлегацыі прыехаў спеўны гурт "Крывічы". Паводле Алега Рудакова (аднаго з кіраўнікоў Таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага), некаторыя з сібірскіх беларусаў трапілі на гістарычную Радзіму ўпершыню.
Алег Рудакоў распавёў:
- Нас запрасілі на з'езд беларусаў свету "Бацькаўшчына". І мы падумалі, што было б нядрэнна наведаць Гомель. Таму мы прама з самалёта, адразу як прыляцелі, паехалі ў гэты горад. Усё ж такі гэта вельмі цікавы рэгіён. У Сібіры ёсць шмат перасяленцаў з Гомельшчыны. Ёсць нават назвы вуліцаў. Напрыклад, у вёсцы Тарнопаль Балаганскага раёна ёсць вуліца Гомельская.
Беларускамоўная сібірачка ў пятым пакаленні Воля Галанава ў прыватнай размове прызналася, што марыць пераехаць з Сібіры ў Беларусь на сталае жыццё:
- Я нарадзілася ў сям'і беларусаў. З аднаго боку, былі Галанавы і Дарашкевічы. З другога - Афанассевы і Лук'янавы. Адныя апынуліся ў Сібіры ў часы Сталыпінскай рэформы, а другія - у 1936 годзе, уцякаючы ад калектывізацыі.
Вольга трапіла ў Іркуцкае Таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага 1 верасня 2003 года. З таго часу, паводле дзяўчыны, яна амаль штодзень спрабуе штосьці рабіць у таварыстве.
- Я займаюся спевамі, ткацтвам. Мы разам ладзім святы, у якіх я ўдзельнічаю абавязкова, - кажа Вольга Галанава.
Беларуская дыяспара ў Іркуцку - адна з найбольш заўважных сярод іншых нацыянальных меншасцяў. Алег Рудакоў узначальваў Іркуцкае Таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага з моманту заснавання ў 1996 годзе. Лідар іркуцкіх беларусаў распавёў, што для некаторых прадстаўнікоў іх таварыства Беларусь - гэта, як казка: "То бок гэта гістарычная радзіма продкаў".
Летась лідара беларускага зямляцтва ў Іркуцку на пасадзе замяніла сібірачка ў трэцім пакаленні Алена Сіпакова.
- Мае продкі ў пачатку ХХ стагоддзя патрапілі адсюль з Беларусі, з Магілёўшчыны, на іркуцкую землю. І вось там мы дагэтуль жывём. Але мая беларускасць засталася са мной. Таму што мае дзядуля і бабуля жылі ў вёсцы. І толькі ў 1980-х гадах перабраліся ў горад. Мой дзед не меў адукацыі. У бабулі было 3 класы. Паміж сабой яны размаўлялі па-беларуску.
Беларусы Прыбайкалля наведалі Гомель, каб паглядзець на мясцовыя славутасці і расказаць пра сваю дзейнасць. Ад Іркуцка да горада над Сожам - 5757 км. Між іншым, ад Гомеля да Парыжа - удвая меней км. Ад Масквы да Іркуцка цягнік едзе 3,5 сутак. У Іркуцку - суворы клімат. Зіма тут цягнецца 6 месяцаў. А сярэдняя тэмпература самага спякотнага месяца - ліпеня - 18 градусаў.
Сябра Таварыства Беларускай Культуры імя Яна Чэрскага Вольга Галанава распавяла пра ўражанні ад першага наведвання Беларусі. На той момант Вользе было 18 год.
- Першае маё ўражанне - калі я на лузе ўбачыла яблыню з яблыкамі. Яны яшчэ былі зялёныя. Але я ніколі ў жыцці не бачыла яблыкаў на дрэве. Мяне гэта так захапіла. Я глядзела на гэта доўгі час. І было так прыемна. Быццам бы ў казцы апынулася.
Паводле сябра Таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага Алега Рудакова, сярод прадстаўнікоў розных меншасцяў у Іркуцку найбольш актыўна сябе выяўляюць менавіта беларусы:
- Мы можам па-рознаму казаць у Беларусі: бульба альбо "картошка". Усе зразумеюць. Але калі ты прыязджаеш у Іркуцк, то цябе не разумеюць. Там не ведаюць, што гэта за слова - "бульба". Таму калі мы адчуваем сябе беларусамі, калі пачынаем вывучаць беларускую мову, калі пачынаем размаўляць на гэтай мове на вуліцы, у аўтобусе, то да нас пачынаюць ставіцца нават з пэўнай павагай, бо мы памятаем свае карані.
Іркуцкае Таварыства Беларускай Культуры імя Яна Чэрскага мае свае суполкі па ўсёй вобласці. Як паведаміў Алег Рудакоў, афіцыйна зарэгістравана 12 суполак. Ёсць некалькі ініцыятыўных групаў.
- Мы супрацоўнічаем з 14 раёнамі. Маецца вельмі шмат беларускіх вёсак у Іркуцкай вобласці. Мы намагаемся наладжваць кантакты, каб там з'яўляліся актывісты, якія б рабілі крокі па адраджэнні традыцыйнай культуры, узнікалі гурты. Гэтым разам у Беларусь прыехаў толькі адзін гурт - "Крывічы", які спявае аўтэнтычныя песні. А ўвогуле ў нас, у Іркуцкай вобласці, больш за 17 гуртоў, - кажа Алег Рудакоў.
Паводле дадзеных афіцыйнага перапісу насельніцтва, у Іркуцкай вобласці Расійскай Федэрацыі пражывае каля 8 тысячаў этнічных беларусаў. Аднак, на думку Алега Рудакова, колькасць беларусаў заніжаная ў некалькі разоў.
Алег Рудакоў лічыць, што беларускай дзяржаве трэба актыўней падтрымліваць нацыянальныя дыяспары.
- Тут нават не трэба шмат грошай на гэтую справу. Проста трэба зрабіць пэўныя нейкія праграмы па ўзаемадзеянні. Напрыклад, мы праводзілі навуковую канферэнцыю ў 2010 годзе, прысвечаную Сталыпінскай рэформе. Мы прасілі, каб ўрад даслаў пару навукоўцаў на гэтае мерапрыемства, каб падняць яе статус, зрабіць яе міжнароднай. Трэба было знайсці грошы, каб адправіць, можа, на цягніку. Але нам проста было адмоўлена. Маўляў, гэта нашая нейкая грамадская ініцыятыва. Але мы ўсё роўна правялі канферэнцыю. За свае грошы запрасілі навукоўца, аплацілі яму квіток на самалёт. Тым самым статус мерапрыемства быў падняты.
Беларускае зямляцтва ў Іркуцку займаецца асветніцкай працай сярод беларусаў з 1996 года. Летась расійскія праваахоўныя органы спрабавалі абвінаваціць Таварыства беларускай культуры ў экстрэмізме. З гэтай мэтай на офісе арганізацыі быў праведзены ператрус, у выніку якога былі канфіскаваныя пяць каляндарыкаў з выявамі беларускіх вайсковых дезячаў і манаграфія па антыбальшавіцкіх паўстаннях на Беларусі.
Творчая сустрэча з іркуцкімі беларусамі ў Гомелі прайшла ў памяшканні філіяла Веткаўскага музея стараабрадніцтва. Наведнікі імпрэзы праглядзелі некалькі відэасюжэтаў пра дзейнасць беларускай грамады ў Іркуцку, а таксама праслухалі народныя песні ў выкананні гурта "Крывічы". Гомельская моладзь з аб'яднання "Талака" зладзіла гасцям экскурсію па горадзе і правяла майстар-класы па народных танцах.
Беларусы Іркуцка заўважылі, што з задавальненнем бы наведалі рок-фестываль "Басовішча", якое арганізуюць іх суродзічы з Падлесся.
Мікола Бянько, Юлія Сівец, Беларускае Радыё Рацыя, Гомель
"Жывая мова" Юрася Бушлякова
23 ліпеня ў менскай управе БНФ прайшла прэзентацыя кнігі Юрася Бушлякова "Жывая мова".
"Жывая мова" Юрася Бушлякова - калекцыя практычных эсэ пра тое, як гаварыць па-беларуску правільна і прыгожа.
Цягам сваёй рэдактарскай працы на Радыё Свабода аўтар выяўляў складаныя, спрэчныя ці памылковыя моманты ў жывой мове, аналізаваў іх і даваў парады, якія склалі цыкл радыёперадач і леглі ў аснову кнігі.
Гэтую кнігу Юрась дапісваў і ўдасканальваў да апошніх дзён жыцця. Яна ўбачыла свет да саракавін з дня ягонай заўчаснай смерці.
На прэзентацыю прыйшлі Лявон Баршчэўскі, Пятро Садоўскі, Алег Трусаў, Зміцер Саўка, іншыя вядомыя людзі. Прэзентацыю вёў карэспандэнт Радыё Свабода Валер Каліноўскі.
Прысутныя праслухалі запіс голасу Юрася Бушлякова, адной з ягоных перадачаў "Жывая мова". Затым прысутныя праслухалі словы пра Юрася навуковай кіраўніцы ягонай дысертацыі Ірыны Шкрабы.
З Прагі праз "Скайп" на сувязь выйшаў кіраўнік беларускай службы Радыё Свабода Аляксандар Лукашук:
- Гэта першае выданне Бібліятэкі Свабоды за дзесяць гадоў, калі я не магу паціснуць руку аўтару і павіншаваць яго. Але звярнуцца да яго магу.
Час ад часу мы чуем пытанні ад начальства, ад кангрэсменаў у Вашынгтоне, ад журналістаў - чаму Радыё Свабода не пяройдзе на расейскую мову? Гэта мова ўлады і мова насельніцтва, больш людзей ў Беларусі гавораць, больш чытаюць, больш пішуць, больш разумеюць па-расейску - хіба не сам закон дэмакратыі прымушае зрабіць гэты пераход?
Насамрэч, гэта ілжэвыбар. Насамрэч, гэта дэмакратыя ў Беларусі немагчымая без беларускай мовы, як яна немагчымая без павагі да закону, без справядлівых выбараў, без свабоды слова.
Юрась не быў палітычным актывістам. Але як для кожнага, хто ў пэўны момант свайго гарадскога жыцця раптам збеларушчваўся, для яго не існавала падзелу паміж каштоўнасцю свабоды і каштоўнасцю мовы. Бо свабода - насамрэч гэта мова на якой чалавек гаворыць з Богам, а Бог з чалавекам. Гэтая кніга вучыць, як з Богам гаварыць па-беларуску правільна і прыгожа. Каб ён пачуў, зразумеў і палюбіў.
Дзякуй, Юрась, за кнігу любові.
Валер Каліноўскі нагадвае, што Юрась Бушлякоў быў суаўтарам яшчэ адной кнігі - "Беларускі клясычны правапіс". Слова бярэ іншы суаўтар гэтай кнігі - Вінцук Вячорка:
- Юрасёвы плён - гэта найлепшы доказ таго, якое мовазнаўства патрэбнае сёння Беларусі - тэрапеўтычнае, выратавальнае. Выбар Юрасём сваёй пазіцыі абумоўлены і навуковым і гуманістычным пачуццём. Аўтарытэтны, упэўнены, пры гэтым і далікатны - гэта пра Юрася. Непрыманне Юрасём сталінскага правапісу грунтавалася на разуменні, што правапіс чапляе сабой вельмі шмат чаго. Такой кнігі катастрафічна не хапала.
Прыйдзе час - зрэшты, ён ужо надышоў - калі мы можам сказаць: так вучыў Ластоўскі, так раіў Юрась Бушлякоў.
Алегу Трусаву Валер Каліноўскі прапанаваў у тым ліку выказаць сваё меркаванне пра лёс беларускай мовы:
- Я, напрыклад, таксама быў чалавек гарадскі, з горада Мсціслаў. Менавіта там Насовіч напісаў свой слоўнік. Юрась Бушлякоў быў вельмі актыўным сябрам ТБМ. Ён не толькі плаціў складкі, але і рэгулярна перадаваў уласныя ахвяраванні. Бушлякоў - прадстаўнік новага Адраджэння. І гэтая хваля, відаць, самая моцная за апошнія 200 гадоў, бо менавіта яна дала нам незалежнасць. Можа, мова і не будзе вечна жыць (бо вечным нічога не бывае), але пару тысяч гадоў яна пражыве.
Няма чаго хвалявацца. Трэба рабіць штодзённа тое, што рабіў Бушлякоў - гаварыць па-беларуску.
Паводле Радыё Свабода.
ЯКУБ КОЛАС У ЭМІГРАЦЫЙНЫМ ДРУКУ
22 ліпеня 2013 года да Шостага з'езду беларусаў свету ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа была адкрыта выстава "ЯКУБ КОЛАС У ЭМІГРАЦЫЙНЫМ ДРУКУ".
Беларуская эміграцыя шмат увагі аддавала друку. Эміграцыйныя выданні, як адзначаў Вітаўт Кіпель у кнізе "Беларусы ЗША", служылі аб'яднаўчым фактарам рассеянай масы беларускіх эмігрантаў, былі галоўнай крыніцай інфармацыі пра грамадскае і палітычнае жыццё беларускай эміграцыі, па гісторыі і культуры Бацькаўшчыны. Шмат матэрыялаў у эміграцыйным друку прысвечана Якубу Коласу, яго творам.
Вялікім дапаможнікам і "пуцяводнай зоркай" на небасхіле эміграцыйных і замежных выданняў стала бібліяграфія "Янка Купала й Якуб Колас на Захадзе", выдадзеная ў 1985 годзе Беларускім інстытутам навукі і мастацтва ў ЗША. Укладальнікі бібліяграфіі - вядомыя навукоўцы і дзеячы беларускай эміграцыі Вітаўт і Зора Кіпель. Дзякуючы гэтаму выданню сталі магчымыя мэтанакіраваны пошук і збіранне матэрыялаў эміграцыйнага друку, прысвечаных Я. Коласу.
Бацька Вітаўта Яўхім Кіпель быў асабіста знаёмы з Якубам Коласам па Інбелкульту. Яму належаць успаміны пра Якуба Коласа і яго ўдзел у беларускім нацыянальным жыцці 20-30 гадоў, якія друкаваліся ў розных эміграцыйных выданнях. На выставе прадстаўлены кніга Яўхіма Кіпеля "Эпізоды", ЗША, 1998 г., артыкул "с.п. Якуб Колас" ў часопісе "Аб'еднаньне" (Лондан), № 7, 1956 г. і артыкул "Беларуская Хатка", у часопісе "Беларуская моладзь", (Нью-Ёрк), № 5, 1960 г., у якім падаецца малюнак 20-х гадоў у Менску, адзначаецца дзейнасць клуба беларускай моладзі "Беларуская хатка", у якім Якуб Колас кіраваў літаратурнай секцыяй.
У выніку вайны Германіі з Польшчай у 1939 годзе ў Нямеччыне апынулася вялікая колькасць палонных беларусаў з польскай арміі. 3 снежня 1939 г. у Берліне пачала выходзіць тыднёвая беларуская газета "Раніца" (выходзіла да сакавіка 1945 г.). 3 сакавіка 1940 г. у газеце быў упершыню надрукаваны верш Якуба Коласа, у № 6 (70) ад 22 лютага 1942 г. Янка Купала і Якуб Колас узгадваліся ў артыкуле "Доля паэтаў усходняй Беларусі". На выставе прадстаўлены артыкул Андрэя Дубовіча "Новая зямля" - паэма сялянскае Беларусі" (Раніца, № 171, 175, 1944 г.). У артыкуле адзначаецца, што асноўнай сілай паэмы з'яўляецца стыхійная ідэалогія селяніна: "Свая зямля - вось што аснова", а малюнкі сялянскага жыцця ў паэме "Новая зямля" маюць пэўнае падабенства з творамі фламандскага паэта Эміля Верхарна.
З канца 1942 года ў Берліне пачаў выходзіць тыднёвік для новапрывезеных у Нямеччыну работнікаў з Беларусі (остабайтэраў) - "Беларускі работнік", які выдаваўся адначасова з "Раніцай" і пераважна тымі самымі сіламі (А. Шкутка, Ф. Акінчыц, В. Тумаш). У артыкуле, які быў прысвечаны паэту Уладзіміру Дудзіцкаму (№40, 1 кастрычніка 1944 г.), прыводзяцца ўспаміны аб Беларускім педтэхнікуме, частымі гасцямі якога былі Я. Купала і Я. Колас.
У 1942 годзе ў Празе Беларускім камітэтам самапомачы ў Берліне была выдадзена паэма Якуба Коласа "Сымон-музыка". Гэтае выданне даволі рэдкае, бо амаль увесь наклад быў канфіскаваны нямецкімі ўладамі.
Пасля капітуляцыі Нямеччыны на акупацыйных зонах пачалі арганізоўвацца ДП-лагеры, пераважна па нацыянальным прынцыпе. У лагерах арганізоўваліся дзіцячыя садкі, школы, арганізацыі і гурткі, скаўцкія арганізацыі, выдавецкія суполкі. Сярод першых беларускіх кніг, выдадзеных на эміграцыі, пераважалі школьныя падручнікі, скаўцкія выданні, дзе былі змешчаны творы Я. Коласа. Так, літаратурная чытанка "Наша краіна" (Ватэнштэт, 1948 г.) пачыналася словамі Я. Коласа: "О край родны, край прыгожы". У ёй былі таксама іншыя вершаваныя і празаічныя творы пісьменніка. На выставе прадстаўлены ксеракопіі скаўцкіх выданняў "Да мэты", "Наперад" і лагера Ватэнштэт "Шляхам жыцця".
З пасляваенных эміграцыйных перыядычных выданняў у Заходняй Еўропе трэба адзначыць газету "Бацькаўшчына" (выдавалася ў Остэргофэне, пасля ў Мюнхене ад кастрычніка 1947 да снежня 1966 г.). Яе заснавальнікамі, першымі рэдактарамі і адміністратарамі былі Антон Адамовіч, Лявон Савёнак, Васіль Кендыш, Наталля Арсеннева. Тут былі надрукаваны такія творы Я. Коласа, як "Думкі ў дарозе" і "Няшчасная маці" (1958. № 51), "Новая зямля" (1952. № 78-79, 80-81, 82, 112), "Сымон-музыка" (1954), "У палескай глушы" (1955) ды іншыя, а таксама вялікая колькасць артыкулаў, прысвечаных яго творчасці. Газета мела месячны дадатак для дзяцей "Каласкі", дзе таксама друкаваліся вершы Я. Коласа.
Газета мела і сваё ўласнае выдавецтва "Бацькаўшчына". Першым выданнем "Бацькаўшчыны" была паэма Коласа "Новая зямля" (1952 г.). У 1955 годзе выйшла паэма "Сымон-музыка", у 1957 годзе - "У палескай глушы" і "Беларускія казкі", куды ўвайшлі тры казкі Коласа - "Страшнае спатканне", "Як птушкі дуб ратавалі" і "Страказа".
Найбольш грунтоўна творчасць Якуба Коласа разглядалася ў даследваннях А. Адамовіча, сярод якіх варта адзначыць наступныя працы:
Уступны аналітычны артыкул да кнігі Я. Коласа "Новая зямля". Мюнхен: Бацькаўшчына, 1952. Новая зямля Якуба Коласа // Бацькаўшчына. 1952. № 42-48. Якуб Колас у супраціве саветызацыі. Мюнхен: Інстытут па вывучэнні гісторыі і культуры СССР, 1955. Да творчай гісторыі "Сымона-музыкі" // Бацькаўшчына. 1955. № 4-5.
Вялікую колькасць артыкулаў прысвяціў Я. Коласу С. Станкевіч (найбольш грунтоўны: Якуб Колас. Беларускі зборнік. Мюнхен, 1956. № 6).
Лістападаўскаму працэсу, які амаль не асвятляўся ў беларускім пасляваенным друку, прысвечаныя ўспаміны Аляксандры Саковіч (Бацькаўшчына. 1956. № 29-30). Вельмі цікавыя успаміны Масея Сяднёва ("Юбілейныя сустрэчы"), Аўгена Калубовіча ("Я. Колас і Я. Купала"). А. Калубовіч - укладальнік і рэдактар кнігі "Янка Купала й Якуб Колас: Вянок успамінаў пра іх", выдадзенай ў ЗША да 100-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа.
Рукапісы і кнігі паэта збіраліся і захоўваліся ў культурных установах беларускай эміграцыі. Так, у Беларускай бібліятэцы імя Ф. Скарыны ў Лондане знаходзяцца рэдкія выданні і наступныя рукапісы паэта: вершы "Антону Луцкевічу", "Доля батрачкі", "Поле", "Панскай Польшчы", дзве страфы верша "Водгулле", уступ да паэмы "Сымон-музыка", частка рукапісу кнігі "Другое чытанне для дзяцей беларусаў", рукапіс артыкула "Мова Лынькова па раману "На чырвоных лядах", рукапіс артыкула "Падумайце аб дзецях". Копіі гэтых рукапісаў былі перададзеныя дырэктарам бібліятэкі Аляксандрам Надсанам у фонды Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа. У бібліятэцы захоўваюцца рукапісныя і друкаваныя матэрыялы айца Льва Гарошкі, у тым ліку тэксты радыёперадач Ватыканскага радыё. 11.11. 1974 з Ватыкану выйшла перадача "Рэлігійны элемент у творчасці Якуба Коласа".
Першае беларускае выданне Вялікабрытаніі - "На Шляху" (1946-1951). У № 7 (верасень 1947 г.) апублікаваны артыкул "Асновы беларускага патрыятызму" (лацінкай), дзе прыводзяцца радкі Я. Коласа "О край родны, край прыгожы...." і адзначаецца, што у беларускай літаратуры шмат твораў аб Бацькаўшчыне і аб любові да яе. Матэрыялы, прысвечаныя Я. Коласу, друкаваліся таксама ў часопісах "Божым шляхам" (Парыж, Лондан; 1947-1980 гг.), "Аб'яднаньне" (Лондан, 1955-1966 гг.), "Тhe Journal of Byelarussian Studies" (1965-1988 гг.).
Сярод часопісаў ЗША трэба адзначыць "Беларускі сьвет" (Мічыган), які выдаваў Мікола Прускі. Там былі надрукаваны вершы Коласа, другая кніга трылогіі "У глыбі Палесся" (1977-1978), а так-сама кароткі ўспамін "Якуб Колас" М.Міцкевіча (1991, № 22).
З перыядычных выданняў ЗША - найбольш вядомая газета "Беларус", (выходзіць з 1950 г.) Сярод яе рэдактараў - вядомыя дзеячы беларускай эміграцыі - Лявон Галяк, Лявон Савёнак, Наталля Арсеннева, Міхась Міцкевіч, Вітаўт Тумаш, Станіслаў Станкевіч, Янка Запруднік, Зора Кіпель. "Беларус" надрукаваў нямала артыкулаў, прысвечаных жыццю і творчасці Я. Коласа, асвятленню юбілеяў Я.Коласа і Я. Купалы. Сярод прац Янкі Запрудніка "Вольная Беларусь і Язэп Лёсік" (Беларус, № 186, 1972), "Угодкі Янкі Купалы й Якуба Коласа" (Беларус, № 128, 1967), " 70-годдзе Нашай Нівы" (Беларус, № 235, 1976). Міхась Міцкевіч прысвяціў свайму старэйшаму брату Якубу Коласу наступныя артыкулы: "Вольная Беларусь і ейныя супрацоўнікі" (Беларус, № 59, 1957), "Да 50-годдзя Нашай Нівы" (Беларус, № 58, 1956), "Пацяклі, паплылі за гадамі гады" (Беларус, № 61, 1957) і іншыя. У часопісе "Голас Царквы", які на працягу некалькіх год выдаваў Міхась Міцкевіч, таксама друкаваліся вершы і ўрыўкі з паэмаў Якуба Коласа.
З перыядычных выданняў Канады з вершамі Якуба Коласа на выставе прадстаўлены "Беларускі голас", "Беларускі эмігрант" (Таронта), "Баявая Ускалось".
Эміграцыйныя матэрыялы даюць магчымасць паглядзець на творчасць і жыццё Я. Коласа з новых пазіцый, яны будуць каштоўным дапаўненнем да існых крыніц коласазнаўства. З другога пункту гледжання - матэрыялы вельмі значныя для вывучэння гісторыі самой эміграцыі, яе культурнага і духоўнага жыцця, бо ў іх адлюстраваны захапленні і расчараванні, ідэалы і пакуты людзей, якія апынуліся за межамі сваёй роднай краіны.
Марыя Міцкевіч. На здымках: госці з'езду ў музеі Я. Коласа.
Скарынаўскае свята ў Лідзе
25 ліпеня ў Лідзе прайшло Скарынаўскае свята, прымеркаванае да 20-годдзя ўстаноўкі ў горадзе помніка Францішку Скарыну. Тады 25 ліпеня 1993 года падчас працы 1-га з'езду беларусаў свету тут у Лідзе быў адкрыты першы манументальны помнік незалежнай Беларусі, помнік не цару-каралю, не палкаводцу, а менавіта першадрукару. У гэтага помніка ёсць канкрэтныя аўтары, і іх пакуль яшчэ ўсе памятаюць. Ідэя пастаноўкі помніка Ф. Скарыну ў Лідзе належыць старшыні моладзевай суполкі "Рунь" Марыі Саўкевіч (цяпер Марыя Мацко, дырэктар карціннай галярэі "Крыга" ў Гародні). Праводзіла ідэю ў жыццё Лідская гарадская аргані-зацыя ТБМ імя Францішка Скарыны, якую ў той час узначальваў Міхась Мельнік. Аўтар помніка скульптар Валяр'ян Янушкевіч, архітэктар Рычард Груша. Ну і, канешне, горад Ліда. Менавіта на горад (старшыня выканкаму ў той час - Уладзімір Малец) легла асноўная нагрузка і фінансавая і арганізацыйная.
Пра ўсё гэта і гаварылася падчас свята, ініцыятарам якога выступала Лідская цэнтральная раённая бібліятэка імя Янкі Купалы (дырэктар Ірына Саўсян), але былі задзейнічаны многія ўстановы культуры горада.
Вітаў удзельнікаў свята намеснік старшыні Лідскага райвыканкаму Віктар Пранюк.
Пранікнёную прамову ў падтрымку роднай беларускай мовы сказаў ксёндз лідскага Крыжаўзвіжанскага касцёла Вячаслаў.
Уся дзея з прыбылымі на свята Ефрасінняй Полацкай і самім Францікам Скарынам разгортвалася паводле сцэнару, распрацаванага супрацоўнікамі бібліятэкі Алесем Хітруном і Аленай Быстрыцкай
Вялі імпрэзу Юры Карпук і Алена Наваслаўская.
Згадваючы часы 20-гадовай даўніны Міхась Мельнік расказаў, якая палеміка ішла ў прэсе ў тыя часы, колькі ворагаў было ў помніка, хаця ворагі там былі не персанальна Скарыны, там былі ворагі ўсяго беларускага, любой праявы беларушчыны. Каму б помнік не ставілі, яны былі б супраць. Грошы збіраліся па ўсім горадзе, але толку ад доўгатэрміновага збору было мала, бо грошы тыя вельмі хутка абясцэньваліся. Але ж помнік ёсць.
Архітэктар помніка Рычард Груша расказаў, як за тыдзень да ўстаноўкі пры апрацоўцы ў Менску лопнуў камень-пастамент, і як прыйшлося на хаду ўсё мяняць, ехаць на Ўкраіну, купляць гранітныя пліты, везці ў Беларусь, заліваць бетонны маналіт і аздабляць плітамі ў апошнюю ноч перад адкрыццём.
Падчас свята іграў гурт сярэднявечнай музыкі "Скудрынка", выступалі лідскія паэты Марыя Масла, Пётр Макарэвіч, Тадэвуш Чарнавус, Алесь Мацулевіч, Станіслаў Суднік. Міхась Мельнік прачытаў вершы Алесі Бурак.
Вядомы лідскі бард Сяргей Чарняк пачаў свой выступ з песні на словы Францішка Багушэвіча "Малітва" (... каб я панам ніколі не быў...).
Як паведамілі ў ідэалагічным аддзеле Лідскага райвыканкаму, магчыма, што гэтае свята станецца першым у цэлым шэрагу пад агульнай назвай "Жывая гісторыя на вуліцах горада". А тэм і нагодаў у амаль 700-гадовай Ліды для такіх святаў больш, чым дастаткова.
Прыемна, што ўсё свята было зладжана на мове Скарыны - на беларускай мове.
Яраслаў Грынкевіч.
Да 1025-годдзя хрышчэння Русі
28 ліпеня на Менскім паштмпце адбылося гашэнне маркі і канверта Першага дня прысвечанае 1025-годдзю Хрышчэння Русі.
Рэспубліка Беларусь, Расійская Федэрацыя і Ўкраіна склалі дамову пра выпуск паштовых блокаў, канвертаў Першага дня, адмысловых паштовых штэмпеляў, прысвечаных 1025-годдзю Хрышчэння Русі.
Паштовы блок Расіі складаецца з адной паштовай маркі з малюнкам падрыхтоўчай кампазіцыі роспісу мастака В. М. Васняцова "Хрышчэнне Русі", 1885-1896 гг. (калекцыя Дзяржаўнай Трацякоўскай галярэі, Масква).
Паштовы блок Украіны складаецца з адной паштовай маркі з малюнкам фрэскі В.М. Васняцова "Хрышчэнне Кіеўскай Русі", 1885-1896 гг. (Свята-Ўладзімірскі кафедральны патрыяршы сабор у Кіеве).
Паштовы блок, падрыхтаваны беларускім бокам, складаецца з трох марак з малюнкам іконаграфічных выяў: "Не рыдай Мяне, Маці", сярэдзіна XIX ст.; "Тройца Старазапаветная", пачатак XVIII ст.; "Спас Уседзяржыцель", XVIII ст.
Колер масцікі спецгашэння - чорны. Мастак спецштэмпеля і канверта "Першы дзень" І. Лукін.
Беларускі блок і канверт аформлены па-беларуску.
Наш кар.
Віншуем сяброў ТБМ, якія нарадзіліся ў жніўні
Адамін Іван Адамчык Валеры Зянонавіч Азаранка Аляксандр Іванавіч Акіменка Антаніна Акрамава Іна Акрушка Яўген Анатольевіч Александровіч Ала Ібрагім. Альховік Надзея Васільеўна Аляксандровіч Валянціна Анацка Алег Андросенка Сяргей Андр. Андрэеў Ілля Аляксандравіч Антановіч Кастусь Уладзімір. Антанюк Раіса Рыгораўна Анціпенка Алесь Ілліч Арлоў Уладзімір Аляксеевіч Арэшкава Марыя Астапенка Анатоль Уладзім. Бандарчык Уладзімір Барадзіна Інга Мікалаеўна Бардашэвіч Яна Валер'еўна Барысік Таццяна Іванаўна Басанец Анастасія Ільінічна Басін Якаў Зіноўевіч Бахметава Святлана Бацюкоў Аляксей Мікалаевіч Блоцкая Ірына Мікалаеўна Бранішэўская Света Бубешка Антаніна Бураўкін Генадзь Мікалаевіч Бут-Гусаім Святлана Феадос. Вайноўскі Міхаіл Валатоўскі Вячаслаў Валянц. Варапееў Уладзімір Васіляўскайце Таццяна Васько Яніна Мікалаеўна Ваўранюк Ірына Ільінічна Воўк Яўген Вуек Уладзіслаў Уладзіслав. Вячорка Аляўціна Сямёнаўна Габец Ягор Валез'евіч Галаўнёў Мікола Іванавіч Галубовіч Ксенія Леанідаўна Гаплічнік Аксана Мікалаеўна Гаравая Ніна Віктараўна Гарэлікаў Уладзімір Марат. Глазырын Сяргей Грудніцкая Тамара Грудніцкі Рыгор Грыгенча Вераніка Грынюк Вольга Віктараўна Грышуніна Наталля Губскі Уладзімір Гудкова Вольга Уладзімір. Гундар Марына Юр'еўна Гядрэвіч Валянціна Дабравольскі Андрусь Дабрадзей Алеся Пятроўна Дакурна Генрых Фабіянавіч Дарафяюк Міхаіл Дваранчук Юры Дзергачова Любоў Рыгор. Дзешчыц Алена Аляксандр. Дзьячкова Ларыса Дзянісік Алена Догелева Ала Доўгі Уладзімір Драздоў Юры Дрыгайла Зміцер Ісаакавіч Дычок Сяргей Уладзіміравіч Жаркоў Аляксандр Іванавіч Жаўрыд Марына Аляксанд. Жукоўская Алеся Іванаўна Зайка Аляксандр Фаміч Запрудскі Сяргей Мікалаевіч Зверава Тамара Зуева Валянціна Дзмітрыеўна Іваноў Мікалай Аляксеевіч Іскарцкая Марына Каваленка Анастасія Уладзім. Кавалеўскі Яўген Казак Алег Камароўскі Мікалай Міхайл. Камароўскі Мікола Іванавіч Камянецкая Ірына Кананенка Тамара Міхайл. Кануннікава Ніна Паўлаўна Капціловіч Тамара Карабельнікава Алена Кароль Алег Карповіч Андрэй Уладзімір. Касаты Людвіг Канстанцінав. Кірвель Юзаф Юзафавіч Князева Часлава Вячаслав. Коваль Альвіна Козіч Ганна Леанідаўна Колесень Ірына Корбут Аляксандр Іванавіч Косінец Анатоль Краснік Вольга Краснова Наталля Краўчанка Пётр Кузьміч Крокас Ірына Круглая Марына Віктараўна Кузьміч Леанід Пятровіч Куксар Наталля Куль Дзмітры Кунцэвіч Святлана Купава Вітаўт Мікалаевіч Куплевіч Віталь Эдуардавіч Курловіч Аляксандр Адам. Кушаль Глафіра Васільеўна Леановіч Алена Георгіеўна Лойка Тамара Лук'янава Марыя Рыгораўна Ляскоўскі Уладзіслаў Канст. Ляўкевіч Наталля Міхайл. Ляшкевіч Таццяна Макарэвіч Віталь Сяргеевіч Малашчанка Уладлена Малей Кацярына Маліноўскі Макар Мальдзіс Адам Восіпавіч Мандрык Наталля Мандрыкін Раман Аляксанд. Марцынкевіч Андрэй Марчанка Дзяніс Васільевіч Марчык Віктар Машчэнская Алена Мінчук Уладзімір Міхайлоўская Анастасія Вяч. Міхайлоўская Таццяна Вас. Мішкевіч Аліна Міхайлаўна Мудроў Алег Муха Барыс Ібрагімавіч Мялешка Аляксей Алякс. Мясніковіч Юрый Навумец Яўген Часлававіч Навумовіч Іван Мікалаевіч Наліўка Лідзія Вячаславаўна Неткачава Валянціна Алякс. Нікіценка Мікалай Оліна Эла Ігараўна Пабірушка Надзея Палівода Святаслаў Мікіт. Папова Варвара Сяргееўна Патапчук Леанід Петухоў Алесь Піваварчык Сяргей Аркадз. Піскун Людміла Аляксееўна Плевака Валеры Сцяпанавіч Плотнікаў Уладзімір Правалінскі Віталь Пухоўская Юлія Аляксандр. Пучынскі Уладзімір Станісл. Пушкін Алесь Пшэннік Тамара Францаўна Пятровіч Ева Раманчык Надзея Дзмітр. Рамук Андрэй Раткевіч Лілія Рачко Віктар Рынкевіч В. У. Рысявец Уладзімір Аляксан. Рэйда Святлана Юр'еўна Сабаленка Алесь Савіцкая Ірына Канстанцін. Савосценка Ігар Садаўнічы Дзмітры В. Садоўская Анастасія Раман. Сак Міхал Міхалавіч Салодкіна Святлана Самайлюк Тамара Андрэеўна Саўко Марыя Сафонава Вольга Віктараўна Сека Васіль Сенькавец Ганна Сідарэвіч Наталля Скрыган Ігар Генадзевіч Сом Алена Уладзіміраўна Стамінок Наталля Стаціўка Алесь Канстанцін. Сташкевіч Яна Ігараўна Субоцін Аляксандр Супрановіч Віталь Канстанц. Сушчэўскі Алесь Аляксанд. Сцефановіч Здзіслаў Уладзіс. Торап Аляксандр Валер'евіч Трафімчык Дамініка Сярг. Трубач Таццяна Георгіеўна Трусаў Алег Анатольевіч Трухановіч Ларыса Тупянец Дзмітры Валянцін. Туронак Людміла Данатаўна Тэжык Ірына Утачкіна Людміла Федуковіч Васіль Фёдарава Таццяна Дзмітр. Філіпчык Васіль Іванавіч Фарнэль Кастусь Іванавіч Фралоў Валеры Халіпскі Рыгор Веніамінавіч Хітрун Аляксандр Чаславав. Царук Вольга Іванаўна Цвірко Іван Яўгенавіч Цімашэвіч Уладзімір Максім. Цыганкова Анастасія Дзмітр. Чабанава Таццяна Аляксанд. Чарнякоўскі Віталь Радзівон. Чэчат Алесь Віктаравіч Шаўчук Ігар Іванавіч Шумскі Андрэй Мікалаевіч Шчэрбіч Мікола Аляксандр. Шыла Святлана Юч Галіна Ясюк Іван Вітальевіч Яцкоўская Святлана Анатол.
Зажынкі на Лідчыне
даюць усе, а вось Зажынкі папулярныя менш, тым не менш праводзіцца гэты рытуал, а то і свята па ўсёй краіне. Не выключэнне і Лідчына, дзе Зажынкі адзначылі на пачатку мінулага тыдня. Дзякуй Богу, тут яшчэ і жаць не забыліся, і серп ёсць каму назубіць.
Першы сноп па старым патрыярхальным звычаі быў паднесены гаспадару раёна - старшыні райвыканкаму Аляксандру Астроўскаму.
Наш кар.
НОВЫЯ ВЫДАННІ
Нядаўна выйшлі ў свет дзве невялікія краязнаўчыя кніжкі, якія падрыхтаваны Пастаўскай раённай арганізацыяй Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны. Адна з іх - "Назвы нашых вёсак". Яе аўтар - краязнавец і пісьменнік, настаўнік пастаўскай гімназіі Ігар Пракаповіч. Кніга ўяўляе сабой айканімічны слоўнік: у алфавітным парадку падаюцца варыянты сэнсавага значэння і паходжання 480 назваў населеных пунктаў Пастаўскага раёна. Гэта першае выданне па тапаніміі гарадскіх паселішчаў і вёсак паўночна-заходняга рэгіёна Беларусі. Часткова некаторыя матэрыялы па назвах вёсак друкаваліся ў раённай газеце "Пастаўскі край".
Аўтарам другой кнігі, "Вёсачкі над Заражанкай", з'яўляецца настаўнік гісторыі Гуцкай школы Мікалай Арэх. У ёй сабраны матэрыялы пра гісторыю і побыт жыхароў невялікіх паселішчаў Манеўшчына, Харкі, Васілеўшчына і Кейзікі, якія выцягуліся ланцужком ўздоўж ракі Галбяіцы, ці як яе там называюць, Заражанкі. Гэтыя вёсачкі перажываюць далёка не лепшыя свае часы, некаторыя знаходзяцца на мяжы знікнення, таму, падаецца, вельмі важным, што аўтару ўдалося запісаць успаміны старажылаў гэтых мясцін і тым самым захаваць для нашчадкаў тое, што магло быць страчана назаўсёды.
Думаецца, новыя кнігі будуць карысныя ўсім, хто неабыякавы да мінуўшчыны роднага краю. На жаль, наклад выданняў невялікі, і набыць іх можна толькі ў мінскіх кнігарнях "Акадэмкніга" і "Кніжны салон", а таксама ў кніжным аддзеле "Культтавараў" і магазіне "Шкаляр" у Паставах.
Багдан Лава.
Ахвяраванні на ТБМ
Шчыра дзякуем за дапамогу!
1. Трафімчык Таццяна - 70000 р., г. Слонім
2. Харытончык Надзея - 70000 р., г. Слонім
3. Яніцкая Мая Міх. - 50000 р., г. Менск
4. Таболіч Юры - 100000 р. г. Менск
5. Пракапенка А.І. - 250000 р., г. Менск
6. Бубен Канстанцін - 5000 р., г. Менск
7. Літоўка Сяргей - 100000 р., г. Менск
8. Іваніцкі Павел - 100000 р., г. Менск
9. Шкірманкоў Фелікс - 50000 р., г. Слаўгарад
10. Касцюкевіч Зміцер - 50000 р., г. Чэрвень
11. Шруб Васіль - 218000 р., в. Хільчыцы
12. Барташ Валер - 100 грыўняў, г. Севастопаль
13. Васюніна Ганна - 100 грыўняў, г. Севастопаль
14. Лукашэвіч Валянціна - 200000 р., г. Менск
15. Калісінскі В.Ф. - 10000 р., г. Менск
16. Акуневіч Васіль - 400000 р., г. Вільня
17. Бураўкін Генадзь - 100000 р., г. Менск
18. Пальчэўскі Юрась - 30000 р., г. Менск
19. Пухоўская Юлія - 30000 р., г. Менск
20. сп. Гаева - 20000 р., г. Менск
21. Салавей Н.І. - 50000 р., г. Ліда
22. Кулецкі В.Н. - 30000 р., г. Менск
23. Раманік Т.І. - 100000 р., г. Менск
24. Сечка Зміцер - 50000 р., в. Грабоўка, Салігорскі р-н.
25. Маргуноў Віталь - 20000 р., г. Магілёў
26. Ражкоў О. - 350000 р., г. Менск
27. Мяшкова Наталля - 70000 р., г. Астравец
28. Шман Яўген - 30000 р., г. Менск
29. Сакалоўскі Віктар - 100000 р., г. Ваўкавыск
Дзейнасць ГА "ТБМ імя Францішка Скарыны" па наданні роднай мове рэальнага статусу дзяржаўнай вымагае вялікіх выдаткаў. Падтрымаць ТБМ - справа гонару кожнага грамадзяніна краіны.
Просім Вашыя ахвяраванні дасылаць на адрас, вул. Румянцава, 13, г. Мінск, 220034, альбо пералічыць на разліковы рахунак ТБМ №3015741233011 у Аддзяленні № 539 ААТ "Беінвестбанка" код 739 (УНП 100129705) праз любое аддзяленне ашчадбанка Беларусбанк.
З гісторыі правядзення Міжнароднага фестывалю духоўнай музыкі "Магутны Божа" ў Магілёве (1993-1998 гг.)
Да 20-годдзя фестывалю
(Працяг. Пачатак у папярэднім нумары.)
У конкурснай праграме прынялі ўдзел:
- хароў - 13, з іх 12 з Беларусі (Менск, Магілёў, Гародня, Барысаў, Маладзечна, Новаполацк, Браслаў, Бабруйск) і 1 з Польшчы;
- ансамбляў 9 (Беларусь, Польшча, Украіна);
- бардклуб з Магілёва (5 салістаў);
- вакалістаў - 8;
- аркестр - 1;
- выканаўцы-інструменталісты - 6 (фартэпіяна, віяланчэль, скрыпка);
- арган і вакал - 7.
Гран-пры І фестывалю "Магутны Божа" атрымаў мужчынскі камерны хор "Унія" (г. Менск, Беларусь).
На першым фестывалі былі афіцыйна акрэдытаваны прадстаўнікі наступных сродкаў масавай інфармацыі: беларускае тэлебачанне (3 чал.), тры радыёжурналісты з Менска, карэспандэнты газет "ЛіМ", "Народная газета", абласнога тэлебачання і радыё, карэспандэнты Магілёўскіх газет. Наступныя фестывалі рэгулярна асвятляліся ў друкаваных СМІ, на радыё і тэлебачанні Беларусі, Польшчы, Расіі, Украіны.
Другі Міжнародны хрысціянскі фестываль духоўнай музыкі адбыўся ў Магілёве 11-17 ліпеня 1994 года. Першы канцэрт - 11 ліпеня ў касцёле Св. Станіслава. Акрамя ўрачыстага адкрыцця (13.07., палац культуры ВА "Хімвалакно") і закрыцця (17.07.94 г.) адбылося 17 конкурсных і па-за конкурсных канцэртаў у памяшканні касцёла Св. Станіслава, на пляцоўцы каля касцёла, у ліцэі музыкі і харэаграфіі, выставачнай зале саюза мастакоў, у тым ліку і канцэрт артыстаў беларускай эстрады 16.07.94 г. у ПК ВА "Хімвалакно".
Пад час фестывалю 12.07.94 г. у выставачнай зале абласнога саюзу мастакоў адбылося адкрыццё выставы "Магутны Божа" твораў мастакоў. Працавала выстава музея гісторыі Магілёва "Хрысціянская культура Магілёва" у памяшканні музея імя В.К. Бялыніцкага-Бірулі.
У прыватнай мастацкай галерэі "Арт-Правіцыя" (дырэктар У. Гвоздзеў, па зав. Чарнышэўскага, 5) працавала выстава, якая была прысвечана фестывалю "Магутны Божа".
У той год у склад журы фестывалю ўвайшоў Гай дэ Пікарда (Англія).
У другім фестывалі ўдзельнічалі: 17 хароў з Беларусі, Польшчы, Галандыі, Расіі, Украіны; 1 аркестр з Германіі; 11 ансамбляў з Беларусі, Расіі; 6 выканаўцаў арганнай музыкі.
Гран-пры другога фестывалю "Магутны Божа" атрымаў камерны хор г. Вінніца (Украіна).
Трэці Міжнародны фестываль духоўнай музыкі "Магутны Божа" праходзіў у Магілёве 11-17 ліпеня 1995 года. Адкрыццё адбылося 13.07.95 г., закрыццё 17.07.95 г. Акрамя гэтага адбылося 11 конкурсных і па-за конкурсных канцэртаў у касцёле Св. Станіслава і ліцэі музыкі і харэаграфіі, у тым ліку і канцэрт лаўрэатаў ІІ фестывалю, якія былі спецыяльна запрошаны на фестываль (12.07.95 г.). 12 і 16 ліпеня адбыліся семінары для кіраўнікоў хораў у ліцэі. Пад час фестывалю ў памяшканні касцёла св. Станіслава музей гісторыі Магілёва (дырэктар І. Пушкін) арганізавалі тры выставы з фондаў музея: "Крокі фестывалю" (фотаздымкі і дакументы з гісторыі правядзення фестывалю), "Божае слова на кніжных старонках" (выстава кніг 18-19 стст.), "Водгукі мінуўшчыны" (прадметы культу 12-18 стст.). У прыватнай галерэі "Арт-Правінцыя" была арганізавана выстава дзіцячага малюнка "Вобразы Іерусаліму".
У трэцім фестывалі ўдзельнічалі: 12 хораў з Беларусі, Галандыі, Балгарыі, Украіны, Расіі, Польшчы; 11 ансамбляў з Беларусі, Польшчы, Украіны, Літвы; дуэт з Грузіі; 5 вакалістаў з Беларусі, Украіны, Камеруна.
Гран-пры ІІІ фестывалю "Магутны Божа" атрымаў Беларускі дзяржаўны акадэмічны хор імя Г. Цытовіча.
Найбольш урачыстым было адкрыццё ІІІ фестываля "Магутны Божа", у ім у якасці выканаўцаў было задзейнічана 504 чалавекі - 12 хароў (Беларусь, Балгарыя, Галандыя, Расія, Украіна, Польшча); 11 ансамбляў. На ўрачыстым закрыцці было багата прызоў, акрамя традыцыйных ад арганізатараў, Р. Факсінскага, былі ад: арганізацыі БНФ "Адраджэньне", дабрачыннага фонду "Сакавік", БКГ, фонду "Дзеці Чарнобыля" і г.д. Фестываль наведалі вядомыя ў Беларусі палітыкі.
Чацвёрты Міжнародны фестываль хрысціянскай духоўнай музыкі "Магутны Божа" адбыўся ў Магілёве 13-16 ліпеня 1996 года. Як адзначыў у сваім інтэрвію "Расійскай музыкальнай газеце" (№ 3, верасень 1996 г.) член журы прафесар А. Тэвасян: "У гэтым годзе ў арганізацыі свята актыўны ўдзел прынялі гарадскія ўлады: аргкамітэт ачоліў намеснік мэра, а на заключным канцэрце мітрапаліт Магілёўскі і Мсціслаўскі Максім і ксёндз Уладзіслаў Блін сядзелі побач".
У тым годзе аргкамітэт складаўся з: У. Цумарава - старшыні аргкамітэту, намесніка старшыні Магілёўскага гарвыканкаму Н. Падольскай - намесніка старшыні аргкамітэту, начальніка упраўлення культуры Магілёўскага гарвыканкаму А. Барысавай - намесніка старшыні аргкамітэту, Ж. Елфімавай - музычнага рэдактара, С. Стуканавай - старшыні фонду "Магутны Божа". З гэтага часу пачалося адхіленне грамадскасці ад працэсу падрыхтоўкі і правядзення фестывалю.
Урачыстае адкрыццё фестывалю адбылося 13 ліпеня, закрыццё 16 ліпеня. Адбыліся 12 канцэртаў у касцёле Св. Станіслава, ліцэі музыкі і харэаграфіі, на пляцоўках каля касцёла, у скверы "40-годдзя Перамогі", каля педагагічнага факультэта Беларускай акадэміі музыкі. У тым ліку: канцэрт менскага камернага хору "Санорус" (мастацкі кіраўнік А. Шут), на якім адбылася прэм'ера твора Ал. Хадоскі "Літургія св. Яна Златавуста"; канцэрт Дзяржаўнага Акадэмічнага народнага хору Беларусі імя Г. Цітовіча (мастацкі кіраўнік М. Дрынеўскі) у канцэртнай зале педфака Беларускай акадэміі музыкі.
У межах фестывалю 13.07.96 г. у выставачнай зале саюзу мастакоў адбылася прэзентацыя выставы мастакоў Магілёўшчыны "Святло душы". 14.07.96 г. у гарадскім цэнтры культуры адбылася выстава з фондаў музея гісторыі Магілёва "Хараство і прыгажосць старога Магілёва", у час яе адкрыцця быў выкананы монаспектакль Л. Кузьменкі "Жыціе Еўфрасінні Полацкай" (рэжысёр В. Ермаловіч). У кінатэатры "Чырвоная зорка" адбылася прэзентацыя дакументальнай кінастужкі "Успамін аб Міколе Равенскім".
Такая разнастайная музычная і мастацкая праграма IV фестывалю стала магчымай дзякуючы намаганням журналісткі А. Барысавай.
IV фестываль "Магутны Божа" стаў вядомы тым, што на ім была зроблена спроба цэнзуры тэкстаў выканаўцаў. Да таго ж, па ідэалагічных меркаваннях, гарадскія ўлады забаранілі імпрэзу "Крок насустрач. Беларускі рок - фестывалю "Магутны Божа".
16 ліпеня 1996 г. працавала творчая майстэрня з удзелам Гая дэ Пікарда і А. Тэвасяна.
На фестывалі, як раней і на наступных, адбываліся прэс-канферэнцыі і сяброўскія сустрэчы вакол вогнішча каля касцёла Св. Станіслава.
У IV фестывалі "Магутны Божа" прынялі ўдзел: 21 харавы калектыў з Беларусі, Расіі, Галандыі, Украіны, 4 ансамблі з Украіны, Беларусі, 7 вакалістаў з Беларусі, Расіі, Украіны, 2 калектывы з Польшчы.
Гран-пры фестывалю атрымаў мужчынскі муніцыпальны хор "Кафедра" з г. Казані (Расія).
Неабходна адзначыць, што пад час падрыхтоўкі ІІ - ІV фестываляў аргкамітэт прынімаў заяўкі ад 500-700 удзельнікаў штогод.
У сувязі з эканамічнымі абставінамі, стратаю шэрагу фундатараў, Фондам фестывалю "Магутны Божа" супольна з сябрамі журы конкурсу (В. Роўда, В. Скарабагатаў, Г. Каржанеўская, Л. Каспорская) было прынята рашэнне правесці V фестываль (юбілейны) у скарочаны тэрмін і без конкурснай праграмы, запрасіўшы ўладальнікаў гран-пры і лаўрэатаў папярэдніх фестываляў.
Пяты Міжнародны фестываль духоўнай музыкі праводзіўся 12-14 ліпеня 1997 года. У памяшканнях касцёла Св. Станіслава, ліцэя музыкі і харэаграфіі, на пляцоўках каля касцёла і фантанаў сквера "40-годдзя Перамогі" цешылі магілёўцаў сваім майстэрствам: мужчынскі камерны хор "Унія" (Магілёў), Гарадзенская харавая капэла, хор "Санорус" (Менск), хор царквы ў гонар абраза Маці Божай Усіх Тужлівых Радасці (Менск), хор касцёла Св. Станіслава, маладзёжныя ансамблі з Польшчы, ансамбль "Чысты голас" (Менск), ансамбль "Баграты" (Кутаісі, Грузія), ансамблі "Плата", "Палац" (Менск), вакалісткі Т. Цыбульская (Менск), Г. Хасцян і Л. Дарэнская (Львоў, Украіна), арганістка К. Кафанава (Расія), духавыя аркестры з Польшчы "Зволеня" і Магілёва.
Неабходна адзначыць, што на той час хор "Унія" атрымаў прапіску ў г. Магілёве, стаў калектывам Магілёўскай абласной філармоніі.
Гала-канцэрт лаўрэатаў і гасцей V фестывалю адбыўся 13 ліпеня ў касцёле Св. Станіслава. У той дзень зранку хор Гарадзенскай капэлы і мужчынскі камерны хор "Баграці" (Грузія) прынялі ўдзел у літургіі ў Магілёўскім праваслаўным саборы Трох Свяціцеляў, а Т. Цыбульская, хоры "Санорус" і "Унія" ва ўрачыстай Святой Імшы (набажэнстве) у касцёле Св. Станіслава.
Высокім узроўнем прафесійнага выканання найбольш уразіў магілёўцаў - мужчынскі камерны хор "Баграці" з горада Кутаісі (Грузія).
VІ Міжнародны фестываль духоўнай музыкі "Магутны Божа" адбыўся 11-15 ліпеня 1998 года. Улічваючы ўрачыстае адкрыццё і закрыццё фестывалю, адбылося 10 конкурсный і па-за конкурсных канцэртаў у касцёле, ліцэі музыкі і харэаграфіі, на пляцоўках каля касцёла і ў скверы "40-годдзя Перамогі". У выставачнай зале музей гісторыі Магілёва адкрыў выставу "Храмы Магілёва: мінулае і сучаснасць" (12.07.98 г.).
У фестывалі прынялі удзел: 5 хораў (Украіна, Беларусь, Расія), 3 ансамблі (Беларусь, Польшча), 7 вакалістаў. Гран-пры атрымаў Бранскі гарадскі акадэмічны хор (Расія).
У 2007 годзе ў межах фестывалю праходзіла Міжнародная навуковая канферэнцыя "Культура праз прызму духоўнасці", якая праводзілася Магілёўскім гарвыканкамам, аддзелам культуры гарвыканкаму, музеем гісторыі Магілёва. Да пачатку канферэнцыі былі выдадзены накладам толькі 30 асобнікаў матэрыялы канферэнцыі з дакладамі ўдзельнікаў. Усё добра. Але…
Для ўдзелу ў канферэнцыі быў напісаны на падставе дакументаў навуковы артыкул пра гісторыю стварэння і першыя гады існавання фестывалю "Магутны Божа". Без ведама аўтара хтосьці з арганізатараў і складальнікаў выкінуў з тэксту частку матэрыялу. Што ж не спадабалася?
Тое, што фестываль быў арганізаваны і напачатку праводзіўся без удзелу ўладаў, што гэта была ініцыятыва касцёла і грамадскасці, што фундатарамі правядзення і ўзнагарод былі недзяржаўныя ўстановы - фонд Сораса, Беларускі Народны Фронт "Адраджэньне", што пэўныя чыноўнікі перашкаджалі правядзенню фестывалю, што Магілёўскі архіепіскап Максім быў супраць, што гледачы канцэртаў шчыра віталі Зянона Пазьняка, над гледачамі луналі бел-чырвона-белыя сцягі і г.д. Гісторыя станаўлення папулярнага фестывалю "Магутны Божа" асабліва паказальна ў параўнанні з "Залатым шлягерам" на правядзенне якога ўладамі выдаткоўваліся велізарныя дзяржаўныя сродкі.
Таму публікуецца дадзены артыкул аб першапачатковай гісторыі фестывалю цалкам, без скарачэнняў, каб людзі мелі магчымасць даведацца аб тым, як пачыналіся і праводзіліся першыя фестывалі "Магутны Божа" ў Магілёве. У 2013 годзе ў дваццаты раз ў Магілёве быў праведзены Міжнародны фестываль духоўнай музыкі "Магутны Божа", які добра вядомы ў свеце і дзякуючы якому шмат хто даведаўся пра Магілёў і Беларусь.
На здымку: завяршэнне ХХ фестывалю "Магутны Божа.
І.А. Пушкін кандыдат гістарычных навук, дацэнт
Грэх на іх нязмыўны
Аповесць-уява
(Заканчэнне. Пачатак у папярэдніх нумарах.)
Эпілог
Нежыццёвец у зямным быцці, нерухлівец у Гэтым існаванні Карней Лапух не вылазіў з болю. Кожная часцінка цела трымцела ад іголак пякучкі. Пра існаванне/неіснаванне не думалася, не мог, а каб мог - не асільваў незямныя вымярэнні, складанасці. Ён Тут не быў акадэмікам, прафесарам, бацькам, настаўнікам. Тут ён быў нішто.
Да раю праведнаму цяжка дапаўзці, большасць трапляе ў пекла, з цяжкасцю ўсэнсовілася Карнею Лапуху. Самае страшнае не безграшоўе, непрыемная праца, неўладзь у сям'і, самае жахлівае, нават не знясільныя невылечныя хваробы. Чалавечыя натоўпы, у якім бы людстве, канфесіі і прафесіі не былі, любога ўзросту і нацыі, абсалютна памыляюцца, калі змагаюцца на маленькай зямной планеце за часовае - славу, грошы, пасады.
Што памеры лона жанчыны ў параўнанні з памерамі Зямлі, тое памеры Зямлі ў параўнанні з Тагасвеццем. Калі на Зямлі тры вымярэнні, цяпер даказваюць - чатыры, то ў Тагасвецці - безліч вымярэнняў. Матэрыя, рух, хуткасць, святло Тут могуць сумеснічаць, узаемадзяліцца.
Неба Тут не высі аблокаў і завоблакавасці, яно, выратавальнае, жаўруковае, складанасці недасяжнай. Заглянуць за яго краёк рэдкім дазволена.
У нявызначаным падвешаным становішчы Карней Лапух проста навобмацкна сэнсовіў уласную зямную памерласць і Тутэйшую нежыццёвасць. Ён у небыцці. Крэсліў надзвычай страшэннае - абсалютную ўласную нерухлівасць. Забойцу беларускага генія смаленне на пякельнай скавародцы Тут было б радасцю.
Нежыцю Карнею Лапуху ўсё адно каму скардзіцца - дрэвам, птахам, чарвякам. Абы пачулі, далі руху. Не чуе ніхто, Зямля, людзі, рэчы, каменне.
Генія нацыі, прарока нацыі, пакутніка за Беларусь Янку Купалу перакуліў, забіў Карней Лапух. Неістотна Тут, самахотнічаў ты ці выконваў заданне, баяўся парушыць слова, загад быў ад высокай інстанцыі ці нізкай, сумняваўся, хацеў не хацеў, Тут выніковіць адно. Ты - забойца, няпросты, вірутны. Азірніся, зловіш упобачкі кампрэсіі душ, што арганізоўвалі забойства генія нацыі, загадвалі. Вы ўсе ў адным нераце, бязслупным і нядротавым, прашчаміцца праз яго сеткі немажліва.
Боль ад мінулага, цяпершчыны працінае Карнея Лапуха. Усё прапала. Былі дзеці - не стала. З унукаў два засталіся, не ягоныя. Пісьмы жонкі хахалю ўсё пацвердзілі.
Наркаманскі боль спазнае Лапух, усе кропкі цела ломіць і разрывае пякучка. Не секунду, не гадзіну - разрываецца ўвесь час, штосекундна.
Недарэмна, недарэмна Карней Лапух адтэрміноўваў смерць, баяўся яе, адчуваў што паскудна зрабіў. Нацыя славіцца і цешыцца, працуе і песнявіцца, расце і выкрычваецца лепшымі. Смяртэльная кара кожнаму, хто рве яе струны, перацінае крык і звон нацыі, якой бы веры лепшыя ні былі.
Дакументацыя пра арганізатараў і выканаўцаў забойства Янкі Купалы можа быць знішчана/засакрэчана, як гісторыя знішчэння Рауля Валенберга. Савецкія і правапераемнікі савецкіх не захочуць перажыць занава сусветны сорам і тысячныя праклёны, як з забойствамі ў Катыні.
Фальсіфікаваць усё - яшчэ горай. Датычных да ўтойванняў падляцтва не адзінкі - дзясяткі, паўсотні, а то і сотня, у тым ліку ў ахоўных і судовых структурах. Толькі пачнуць махлярыць, знішчаць дакументы, толькі развяжацца мех - адразу вужамі выпаўзуць успаміны/сведчанні родных, блізкіх, сваякоў блізкіх, прыяцеляў, знаёмых знаёмых, пераказы пераказанага, чутага.
Адразу высвеціцца дробязнае гадства камуністычнай сістэмы. Семдзесят пяць гадоў, на якія закансерваваная справа пра гібель беларускага генія Янкі Купалы, прадоўжацца яшчэ на пяцьдзесят. А потым выпадкова яе з'ядуць пацукі ці залье з прарванай трубы гарачая вада.
Стачыліся дакументы пра старажытнасць Літвы (Беларусі), выхапленыя маскоўцамі з Полацкай Сафіі чатырыста з лішнім гадоў таму, знікнуць і гэтыя. Пракляло Тагасвецце род Івана Грознага за знішчэнне дакументаў з вялікай Сафіі, неўзабаве ганебна зніклі з Масковіі рускія Рурыкавічы, за імі Раманавы. Будзе такі ж праклён усім мондрым за сціранне янкакупалаўскіх дакументаў.
Будзе дадатковы ўдар рускай нацыі і персанальна родам знішчальнікаў, кожнаму з патайнікаў. Асобныя з цяперашніх кемкіх і малаабпечаных захочуць паборацца з Наймагутным Усёбачным Найдобрым, перад Якім любы чалавек трыльённая доля мурашкі.
Паспрабуйце.
- Калі гэта будзе, ды і ўвогуле мы такому не верым. Гэты свет, Той - не выдумляйце; пакажыце дзе пра такое напісана ў дакументах, сказана на з'ездах. Не паўтарайце папоўскую выдумаль, - пачуецца з Масковіі.
Адказ заможным, ступенеабдоктараным і абгенераленым, ахоўным, тым болей знаходнікам рабоча-сялянскага заводу адзін, адказ гэты яны ведаюць, проста не ўдумваюцца ў сэнс. Чатыры сотні мудрых і рашальных, упэўненых ва ўсёмоцы, ўласнай грашавітасці і ведах, чатыры сотні валявых упэўненцаў паспрабавалі пагуляцца ў кошкі-мышкі з Тагасвеццем; усё ведалі і маглі, але змоўна і нязмоўна вырашылі праверыць і праверыцца.
Вынік, па адной тэорыі ад Кастрычніка загінула і пацярпела трыццаць сем мільёнаў чалавек, па другой - дваццаць два мільёны, па трэцяй - дзесяць. Імперыя знікла, імператары Раманавы нашчэнт распыліліся.
Кожны можа ўзгадаць мноства падобнага з лёсу іншых дзяржаў і нацый, тым болей сем'яў, індывідыумаў.
Другі раз зажадалася маскоўцам праверыцца. Трэцяе пакаленне ад пераваротчыкаў, непамятнае на былое, руліла ў Расіі. Абяцала, запэўнівала. Вынік: за 1992-1995 гады адна Расія эканамічна страціла ў чатыры разы болей, чым увесь Савецкі Саюз за ўсе гады Вялікай Айчыннай.
Хто мае вочы і можа бачыць, вучыцца на вопыце ўласным і блізкіх. Не асмеліцца падвучыць ці намякнуць другому, тым болей самому знішчыць паперы пра смерць беларускага паэтычнага генія, яе расследаванне.
Усе вераемныя зямныя ўзнагароды вырваў Карней Лапух ад Саветаў. Любыя камуністычныя ўладаўцы лічыліся з ім, лабуніліся, ажно ўсё зямное Тут пена, трыльярдная доля ў параўнанні з Гэтасвеццем.
Як вырвацца Карнею Лапуху з пякельства няруху, скрануцца туды ці сюды - не цяміць. Згодны на тартарную жароўню, смаліцца і выпарвацца, смажыцца і выпальвацца абы не трухнець у нярухным вар'яцтве.
Грэх нязмыўны і няўмірны кожнаму крыўдзельніку нацыянальнага талента, талента любой нацыі, тым болей генія.
Карней Лапух у рыўках, у іржы ўціскаў. Троіцца, дзесяцірыцца вычуванне, думка, мільёніцца боль. Няма пачатку, канца, межаў.
Праўдзівяць шаптухі і вядункі, калі папярэджваюць малых і старых: параніў чалавека, праліў кроў - узяў яго грахі на сябе; забіў чалавека - забраў грахі яго роду на сябе і род. Тое ж з падбухторвальнікамі на раненні, забойствы. Дзяржаўнае пакаранне, выпадзе не выпадзе, заўжды нашмат меншае за Гэтаіснае.
Позна, ах як усё позна.
Тысячны паўтор фізічнага болю. Для чаго рваў, круціў, пакутаваў?..
Не ўразумеў асноўнае. Вялікі Вярнадскі цвердзіў, зямля і яе двуногія дзеці ўсяго ніткі сувязі з разумнымі і далёкімі, чалавек толькі антэна сувязі з іерархамі вышэйшых істот, планет, сузор'яў.
Несмяротнасць і геніяльнасць - акумуляцыя сумоўя ведаў думкіх і вешчуноў, прыкметаў і звычаяў - Тут праяўляецца ва ўсю моцу. Не для бязрухных.
Карней Лапух, як Самон Гарбун, не быў фанатыкам - стаў, не быў цынікам - стаў, не быў навуковым вырадкам - стаў, не быў палахліўцам - стаў. Як і даносчыкам. Выконваў патрэбнае любой дзяржаўнай установе, прамоўнічаў, фіглярніў. Пэўніўся, так усюды, без такіх ніводнай дзяржавы няма. Ажно ўсё друз.
Пазбегнуў нястач, пагроз, катаванняў, кары сабе і сям'і, а вынік - ні крэўных, ні дабрабыту.
Непадробная шчырасць пачуццяў, народнасць задушэўных вершаў Купалы ўбачыліся Карнею Лапуху позна. Як і асэнсавалася: новую форму панскага ярма - калгаснага - героі асцярожнага Купалы не крытыкуюць.
Янка могся і дабіўся ўмення гаварыць з тысячамі, авалодаў іх моваю, пачуццямі, марамі. Шэсцьдзесят гадоў - не ўзрост развалу і нямогласці, у Купалы гэта ўзрост паэтычнай маладой сталасці. Гнёткая шэрасць і ўладнае палітыканства стрымлівалі выказы душы Купалы, не зацэменцілі. Хлам аднапартыйных аблудстваў не дазваляў шырэй прабівацца ў яго расткам новага, але і не спарадзіў аднастайнасць камуністычнай пены.
Літаратурная мова раскрываецца і развіваецца толькі ў паноўнай нацыі, мову ўсіх астатніх паноўная прыгнятае. Купала творчасцю, паводзінамі, словамі цвердзіў беларускасць, развіваў яе, бараніў ад польскасці і рускасці.
З багатай моўнай кайстры прыгаршчамі рассыпаў слоўныя дыяменты. Не баяўся папрокаў: "няма слова ў слоўніку", "вучань не зразумее".
Кожны твор Янкі Купалы з адной кладоўкі, патоку народнай мовы. Купала сам патокам стаў. Душа вершаў Купалы, словаў, эпітэтаў, новатвораў - пярліны думкі забітага беларуса, не асэнсавалага ўласнай велічы.
Знойдуцца ўмекі, стануць кусаць народнага менавіта за гэта - навізну, вобразнасць, нечаканасць эпітэтаў, вывадаў.
Абярэгавыя самародкі адрозніць, тым болей дастаць з акіяна беларускай народнай стыхіі не кожны сумее. Купала змог.
Шмат Адсюль усэнсоўвалі нярухныя, кшталту Карнея Лапуха. Позная відушчасць не дазволіла зямному акадэміку Лапуху, а Тут горшаму з горшых, прачнуцца своечасова.
Дзеці ў лапушыным родзе малымі паміралі, Карней выжыў. Лепей бы малым не выжыў. Не прынёс бы няшчасця Беларусі.
Выліковец у зямным быцці, нерухлівец у Гэтым існаванні Карней Лапух не вылазіў з болю. Кожная часцінка цела трымцела ад іголак пякучкі. Пра існаванне/неіснаванне не думалася, не мог, а каб мог - не асільваў незямныя вымярэнні, складанасці. Ён Тут не быў акадэмікам, прафесарам, настаўнікам. Тут ён быў нішто.
Валер Санько
Памяць паўстання 1863 года на Лідчыне
28 ліпеня лідзяне ў 19-ты раз сабраліся каля магіл паўстанцаў 1863 года ў мемарыяле "Крыжы" паміж вёскамі Малое Ольжава і Мохавічы Лідскага раёна, каб скласці ахвяру падзякі і малітвы тым, хто 150 гадоў твму назад пайшоў паміраць за тое, каб мы сёння жылі ў незалежнай краіне.
Асаблівасцю сёлетняй імпрэзы было тое, што перад імшой чыталіся спісы паўстанцаў Лідскага павету і найбольш пацярпелых населеных пунктаў.
У спісе паўстанцаў пакуль 388 імёнаў. Сярод і Людвік Нарбут - галонакамандуючы войск ВКЛ у паўстанні, Валеры Ўрублеўскі - будучы генерал Парыжскай камуны, мастак Міхал Эльвіра Андрыёлі, Францішак Багушэвіч, які сфармуляваў беларускую нацыянальную ідэю, Марыя Ямант, дачка дакудаўскага эканома, нарачоная Кастуся Каліноўскага, Караліна Рыхлевіч, малодшая дачка Марылі Путкамер (Верашчакі) і іншыя, іншыя.
У спісе населеных пунктаў пакуль:
вёска Дубічы, дзе за пахаванне паўстанцаў Людвіка Нарбута знесены касцёл;
вёска Забалаць, дзе пасля зачытвання маніфесту паўстання ксендзам Зарэцкім больш за 300 сялян сабраліся на касцельным двары і тры дні чакалі зброю. Напалі на варту партыі рэкрутаў, якіх адпраўлялі ўглыб Расеі. Варту раззброілі, рэкрутаў распусцілі па хатах, самі, не прычакаўшы зброі, разышліся;
вёска Зубрава, за падтрымку паўстанцаў зішчаны ўсе пабудовы, усё насельніцтва саслана ў Сібір;
вёска Кракшлі, за падтрымку паўстанцаў зішчаны ўсе пабудовы, усё насельніцтва саслана ў Сібір;
вёска Лініца, за падтрымку паўстанцаў зішчаны ўсе пабудовы, усё насельніцтва саслана ў Сібір;
вёска Паддуб'е, за падтрымку паўстанцаў зішчаны ўсе пабудовы, усё насельніцтва саслана ў Сібір;
фальварак Шаўры бацькі паўстанцаў Тодара Нарбута спалены, месца, дзе ён стаяў, заарана плугам.
Пасля імшы прагучалі паўстанцкія і патрыятычныя песні ў выкананні слынных беларускіх бардаў Сяргея Чарняка (Ліда) і Андрэя Мельнікава (Гомель). Са святам 27 ліпеня павіншаваў сабраных старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч (Менск).
На завяршэнне ўдзельнікі ўрачыстасцяў праехалі па паўстанцкіх мясцінах Ліды і запалілі знічы перад мемарыяльнай дошкай Лідвіка Нарбута (мікрараён Індустрыяльны), на месцы расстрэлу ксендза Адама Фалькоўскага (гарадскі парк), на магіле Валерыі Цехановіч (старыя каталіцкія могілкі).
Арганізовала святкаванні Лідская гарадская арганізацыя ТБМ пры падтымцы Руху "За свабоду".
Яраслаў Грынкевіч.
20-ты Драздовіцкі пленэр на Глыбоччыне
На Глыбоччыне, у вёсцы Перадолы, недалёка ад Пунькаў - малой радзімы славутага беларускага мастака, этнографа, філосафа, адбыўся 20-ты мастацкі пленэр. Яго ладзіў Культурна-асветніцкі цэнтр імя Язэпа Драздовіча і яго нязменная кіраўніца, "маці пленэраў" Ада Райчонак.
Паводле спадарыні Ады, першапачатковай была задума сабраць на юбілейны, 20-ты пленэр тых, хто браў удзел у самым першым пленэры ў 1996 годзе. Тады ўдзельнікамі былі 20 мастакоў, чые імёны сёння шырока вядомыя - Алесь Марачкін, Алесь Шатэрнік, Мікола Купава ды іншыя. На жаль, пяцёра з тых дваццаці ўжо пайшлі з жыцця - гэта Яўген Кулік, Віктар Сташчанюк, Уладзімір Сулкоўскі, Сяржук Цімохаў, Уладзімір Раманоўскі.
І ў гэтыя ліпеньскія дні ў Перадолах сабраліся як прадстаўнікі старэйшага пакалення, так і маладзейшыя мастакі. Некаторыя прыехалі на пленэр, арганізаваны Адай Райчонак, упершыню. Яны з'ехаліся з Віцебска, Менска, Верхнедзвінска, Лепеля, Шаркоўшчыны, Глыбокага, кажа спадарыня Ада:
- Ужо 20-ты пленэр! Ён прысвечаны Язэпу Драздовічу. Сёлета юбілей Драздовіча, 125-годдзе, і мы будзем праводзіць цэлую серыю імпрэзаў, прысвечаных гэтаму мастаку. Наша грамадская арганізацыя носіць імя Язэпа Драздовіча, і мы ўсё зрабілі, каб вярнуць нашаму народу гэтае імя, якое было незаслужана забыта. Усе пленэры, якія мы праводзілі, мы называем "драздовіцкімі", хоць яны былі прысвечаныя розным выбітным асобам. Язэпу Драздовічу мы прысвяцілі 4 пленэры - гэты чацвёрты. Васілю Быкаву прысвяцілі тры. Іншыя прысвячалі незаслужана забытым нашым землякам. І быў яшчэ пленэр, прысвечаны нашаму жывому класіку Рыгору Барадуліну, нашаму салоўку беларускаму, любімаму нашаму паэту і майму самаму блізкаму сябру!
Мастакі натхняюцца краявідамі - тымі самымі, што некалі натхнялі і самога Язэпа Драздовіча, вандруюць па ваколіцах, якія абышоў амаль стагоддзе таму славуты мастак.
- Бачылі непадалёк у вёсцы Бабруйшчына парэшткі адзінага ў Беларусі драўлянага касцёла, што захаваўся да гэтай пары. Дзесяць год таму ў яго яшчэ быў дах, але потым на яго ўпала дрэва, і цяпер ужо праз яго растуць маладыя дрэвы... Проста хацелася плакаць! Але панавокал краявіды, азёры, крыху ўлагодзілі настрой... Я не ведаю яшчэ, які гэта будзе пленэр: сумны, з жалем па мінулым, або такі патрыятычны, натхняльны... Хачу ўсё паглядзець і маляваць, маляваць, маляваць, - падзялілася першымі ўражаннямі мастачка Святлана Баранкоўская.
Мастакоў прымае на сваёй сядзібе мясцовы актывіст Мар'ян Місевіч. Сёлета з ініцыятывы раённых уладаў яго пакаралі за тое, што намаляваў "Пагоню" на гаўбцы сваёй кватэры. Але тут, у Перадолах, ён мае ўласную сядзібу, над якой заўжды лунае бел-чырвона-белы сцяг.
Ёсць у пленэра і ўласны сімвал, свая харугва, зробленая паводле эскізу мастака Міколы Купавы. На цёмна-сінім полі колеру начнога неба - зоркі і плянэты, якія натхнялі мастака, і зямны прыстанак Драздовіча - выява ягонай хаты з ягонага ж малюнка. А ўнізе - аблямоўка: белы, чырвоны і зноў белы колеры.
Павіншаваць Аду Эльеўну Райчонак з чарговым, юбілейным пленэрам сабраліся госці - мясцовая паэтка Марыя Баравік, бард з Бешанковічаў Георгі Станкевіч, а таксама "калега" ў справе арганізацыі пленэраў, паэтка Лера Сом. Яна пэўная, што тая справа, якую робіць і ўжо зрабіла спадарыня Ада - проста неацэнная:
- Насамрэч гэта ўнікальная з'ява, калі на Беларусі ўжо 20-ты раз праводзіцца драздовіцкі пленэр. І як чалавек, які займаецца такой самай ці падобнай справай - я таксама ладжу пленэры, але не для знакамітых мэтраў, а для маладых нашых мастакоў - я ад душы віншую ўсіх з такой выбітнай насамрэч падзеяй.
Творы, напісаныя на пленэрах, пасля дапрацоўкі аўтарамі, а то і проста як ёсць, экспануюцца па ўсёй Беларусі. Частка з іх захоўваецца ў мастацкай галерэі, таксама створанай Адай Райчонак. Але і там яны не схаваныя ад гледачоў - спадарыня Ада ахвотна аддае іх для экспазіцый у музеях і выставачных залах.
Радыё Свабода. На здымках: 1. Ада Райчонак; 2. Сядзіба М. Місевіча; 3. Лера Сом; 4. Спявае Георг Станкевіч.
Высвятляць і асвятляцца
(Пленэр на Глыбоччыне суполкі "Пагоня" у год юбілею Язэпа Драздовіча)
Завяршыўся пленэр, які пачаўся 15-га ліпеня, калі мастакі спыніліся на сядзібе Мар'яна Місевіча ў Перадолах на Падсвільшчыне Глыбоцкай зямлі. Калі я трапіла на адкрыццё яго, то разважала наступным чынам: пленэр - творчая праца душы і пэндзля, прысвечаная памяці Язэпа Драздовіча, яго духоўнай незнікальнасці, прысутнасці для выяўлення мастацкага і патрыятычнага сэнсу, творчага натхнення. Бо сёлета спаўняецца 125 гадоў з дня нараджэння славутага мастака.
У "Нашым слове" ў гэты час мастак Алесь Цыркуноў піша: "Найлепшым сродкам адраджэння постацяў і вяртання іх у паўнавартасны ўжытак з'яўляюцца мастацкія пленэры" . Вынік іх - шырокі рэзананс. "Узнятыя асобы набылі належны навукова-даследчы розглас" .
Гэта значыць, што пленэр неабходны як для вышуку, вывучэння, помнасці, сцвярджэння таленавітасці Беларусі праз мінулае, так і для росту новага пакалення талентаў. Для жыцця годнай незалежнай Беларусі. Мэта рупліўцаў - духам адпавядаць ўсяму Язэпу Драздовічу, які і думкай, і позіркам на зоркі і на зямныя гістарычныя сляды, і слыхам прыпадаў да грудзей Радзімы.
Гэтым разуменнем кіруецца спадарыня Ада Райчонак - арганізатар творчай дзейнасці, руплівая гаспадарніца на пленэрах, штурхальніца і аналізатарка выніковай працы. Усцешаная вынікам сваіх намаганняў, яна пералічвае мне вуліцы ў гарадах і пасёлках, якія носяць імя Язэпа Драздовіча. Называе лічбы: "20-ты пленэр, каля 300 мастакоў прайшло праз пленэры. Вось Віктар Крук і Валянцін Шчасны стаялі ля вытокаў гэтых двух дзесяткаў творчых гадоў. І мэта жыла - сабраць усіх сёння, хто ўдзельнічаў цягам пленэрнага часу. Нажаль, няма ўжо Яўгена Куліка, Сяржука Цімохава, Уладзіміра Раманоўскага, Уладзіміра Сулкоўскага, Віктара Сташчанюка, Яўгена Шатохіна. Сірацее творчая суполка "Пагоня". Смутак вызначаецца ў поглядзе Эльеўны. "І трэба рыхтаваць моладзь. Шчыра вучаць маладых Марачкін і Шатэрнік," - кажа спадарыня Ада. Яна нагадвае мне, што помнік на магіле Драздовіча - працы Шатэрніка. Я думаю, дзе выток пленэраў.
- Пачынаў мой сын Міхась…
Эльеўна аддана цягне ягоную справу. Падхапіла матчына душа мару сына, каб духоўная спадчына жыла і ўзбуджала, натхняла новыя творчыя душы.
- Цяпер музей у Германавічах значыцца ў энцыклапедыях. А ў пачатку адзін пакойчык шкадавалі адвесці…
Ада Эльеўна радуецца, што ў Маскве выйшла кніга "Сто лепшых мастакоў свету", і ў ёй, хоць двума (Маркам Шагалам і Язэпам Драздовічам) прадстаўлена Беларусь. Яна раскрывае арганізацыйны план сёняшняй дзейнасці.
- Цяпер, - кажа, - задача кожнага мастака - сабраць эцюдны матэрыял. А 1-га кастрычніка, у дзень юбілейны, сустрэцца зноў на сядзібе Мар'яна - прадставіць вынікі пленэра. Выставы пройдуць па Беларусі.
Я разумею, што, часам, арганізацыйныя сілы вымагаюць празмернага напружання, каб стварыць камфорт для пленэраўцаў. Згадваю, як раней пры жыцці, Ірына Марачкіна была побач з Эльеўнай на Падсвільскай дзіцячай турбазе. Яны звыкла бачыліся мне ўдзвюх. Самотна, што няма Ірыны. На гэты раз у Перадолах дапамагае гаспадарнічаць глыбачанка Жана Лупач. І я бачу, што ў прытулку Мар'янавым усім утульна.
У першы вечар знаёмімся (тут мастакі з Віцебшчыны і з Менска). Алесь Саўчанка прыехаў з сынам з Лепеля. Ён захапляльна кажа:
- Мне вельмі падабаюцца пленэры. Я творча адпачываю душой і мару знайсціся творчай думкай.
Іншыя таксама. Яны рады, што ў цішы знойдуць мастацка-думную падкормку. Святлана Баранкоўская, напрыклад, хоча пазнаёміцца з наваколлем, адчуць поле боскай прыгажосці. Але адчула самоту, без таго касцёла ў Бабруйшчыне, які некалі клікаў парафіян на малітву, а цяпер у руінах. Марыць яна высветліць выток свайго прозвішча, намерваецца пахадзіць па могілках, вычытаць імёны на помніках. Я ёй кажу, што тут, у блізкасці ад пункту знаходжання, могілкі толькі ў Давыдках і Баярах. Сама думаю, што пра Баранкоўскіх не чула. Бачу, што ў мастакоў успыхвае (у каго якая зацікаўленасць). Пашуковая струнка іграе. Каранёвы покліч з'яўляецца. Ва ўсіх свае пытанні. І трэба, безумоўна, каб ззяла сувязь між творцамі ва ўсіх кірунках жыцця.
Пленэр - момант калектыўнага духоўнага натхнення
У апошні вечар пленэра наведала сядзібу Мар'яна. Ён дачакаўся поўнага задавальнення. Сцены ў двары ўпрыгожаны малюнкамі. І на першым месцы, злева, творы самага маладога. Іх найбольш. Ігара хваляць падкрэслена і шчыра за руплівасць пераможнай мастацкай працы і кажуць: "Пішыце пра яго…".
- Які б вы выбралі малюнак, каб купіць давялося? - Пытаецца Аляксей Марачкін, гледзячы на творы 22-гадовага мастака. - Я, кажа, выбраў бы два з верхняга кутка па вертыкалі. Хоць і з правага боку вельмі варты эцюд. Але ж і ўсе тут атрымаліся, глядзіце, як добра.
Дык гэта ж Марачкін ацэньвае. Згодна. Але я што? Я гляджу, і мне "Мар'янава Студня" ў вока лезе. Я разгубілася б у выбары. На другім эцюдзе ланцуг, які вужакай, як у нару, намерыўся ў студню. Усмешку маю прыціскае. Чаму? - думаю. На карціннай гэтай галерэі вачам маім утульна. Адценні колераў водзяць вочы па ўсёй выяве жыцця на эцюдах. Ці як яшчэ можна назваць гэтыя творы пленэрнага тыдня?
Малюнкі старэйшага Саўчанкі асобна размешчаны, на другім будынку. Тут мы размаўляем з аўтарам Алесем. Пра пейзаж. Я ў пейзажы бачу настрой, нібы, чую мелодыю…
- А пасярод чые творы? - пытаюся.
- Жэні Ліпскага. І Марачкіна.
Пры развітанні я зразумела, хто тут Жэня, чые малюнкі таксама прывітала.
А эцюды Святланы Баранкоўскай знаходзяцца ў хаце. Гаспадар ўжо адклаў у глыбейшы куток падараваны малюнак з царквой. Тут жа я разгледзела малюнкі Міколы Аўчыннікава і Рыгора Мяжуева. Марачкін падараваў нам з Мар'янам свае паэтычныя зборнікі "Калодзеж у жыце". На сядзібе адбывалася прэзентацыя. А Эльеўна паведаміла з узнёслым захапленнем пра вершаваную кніжку Люцыяна Шчаснага, якую даў ёй Зміцер Лупач. Ён звярстаў яе і выпусціў пры рэдакцыі газеты "Прэфект-інфо". На пярэдадні была прэзентацыя, арганізаваная Зміцерам як кіраўніком Глыбоцкай суполкі ТБМ.
Упэўнена: пленэр - гэта не толькі жывое маляванне. А пленэр суполкі "Пагоня" - ёсць сувязь роднамоўная, прыгожая плынь маўлення ў адухоўленым паветры спакою, сяброўства і зычлівай усмешкі, радасці, цеплыні. Пленэр - творчы момант сумеснасці, дзе людзі разам растуць ад сардэчнай і вуснай сувязі, дзе нараджаецца святло, фармуецца погляд і гартуецца дух. Маладым абавязкова трэба пабыць у дзеянні са старэйшымі сябрамі. Мне люба глядзець на бацьку і сына Саўчанкаў, Марачкіных. На пленэры "Пагоня" сапраўдная пагоня за святлом, натхненнем і задавальненнем, дзе гучыць непадробна: "Жыве Беларусь!".
Марыя Баравік.